Папярэдняя старонка: 2013

№ 33 (1132) 


Дадана: 14-08-2013,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 33 (1132) 14 жніўня 2013 г.


Віншуем Алеся Чэчата

17 жніўня спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння Чэчата Алеся Віктаравіча - выдатнага прафесіянала педагагічнай працы, настаўніка беларускай мовы і літаратуры, выкладчыка лінгвагуманітарнага каледжа ўстановы адукацыі "Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт", дзе ўжо каля 20-ці гадоў вучыць і выхоўвае будучых педагогаў. Алесь Віктаравіч - кіраўнік суполкі ТБМ імя Ф. Скарыны Фрунзенскага раёна г. Менска, узначальвае яе больш за дзесяць гадоў. Адносіцца да працы шчыра, сумленна. Яго суполка з'яўляецца адной з лепшых у Беларусі. Ён - сябар рэспубліканскай Рады ТБМ, сябар Сакратарыяту ТБМ.

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" шчыра віншуюць Алеся Віктаравіча з круглай датай і зычаць яму здароўя, сілаў на ніве служэння Беларусі, а таксама асабістага шчасця.

(Пра А.В. Чэчата чытайце на ст. 4.)


Шыльду К. Каліноўскага вярнулі на вуліцу яго імя

Памятную дошку са скульптурным партрэтам Каліноўскага і яго кароткай біяграфіяй усталявалі на будынку Менскага гарадскога цэнтру алімпійскага рэзерву па барацьбе імя Аляксандра Мядзведзя. Зрабілі гэта ў сярэдзіне ліпеня без асаблівых урачыстасцяў.

Гэтая дошка з 1988 па 1998 гады вісела на будынку кінатэатра "Вільнюс", але потым знікла. Пасля яе адшукалі і перадалі на захаванне і аднаўленне ў Першамайскае ЖРЭА, таму што будынак быў на рэканструкцыі. Цяпер кінатэатар "Вільнюс", што па вуліцы Каліноўскага, 55, пасля рэканструкцыі ператварыўся ў Палац барацьбы.

- Пасля адкрыцця гэтага будынка шыльда зноў вярнулася на ранейшае месца, таму ніякіх урачыстасцяў і прэзентацыяў мы не рабілі, - расказаў сайту "Арт-сядзіба" намеснік кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна Аляксей Каштальян.

Вуліца ў гонар кіраўніка паўстання 1863 года Кастуся Каліноўскага зўявілася ў Менску ў 1963 годзе, праз сто гадоў пасля паўстання.

Нядаўна моладзевая арганізацыя "Альтэрнатыва" правяла кампанію за ўсталяванне помніка Кастусю Каліноўскаму на названай у яго гонар менскай вуліцы. Зварот у гарвыканкам быў накіраваны 9 ліпеня. Актывісты даслалі лісты кіраўніку Менскага гарсавету, міністру культуры, старшыні Менгарвыканкаму.

Усяго было сабрана 4000 подпісаў за помнік Каліноўскаму ў Менску, 3500 з іх былі пасланыя ўладам.

Кампанію збору подпісаў сярод жыхароў Менска за тое, каб паставіць помнік лідару нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863-1864 гадоў Кастусю Каліноўскаму, правялі актывісты грамадскай арганізацыі "Альтэрнатыва". Яны ж і прапанавалі месца будучага помніка: сквер, які пачынаецца з вуліцы Каліноўскага, побач з праспектам Незалежнасці. Паблізу - Усходнія могілкі, дзе пахаваны дзеячы беларускай культуры, штогод тут праходзіць шэсце ў Курапаты.

Адказ на імя ініцыятара, Алега Корбана, днямі прыслаў намеснік старшыні менскага гарвыканкаму Ігар Карпенка.

Спадар Карпенка паведамляе, што ў адпаведнасці з заканадаўствам помнікі выбітным дзеячам усталёўваюцца на падставе заключэнняў Міністэрства культуры і пасля ўзгаднення з кіраўніком дзяржавы ды вызначэння крыніц фінансавання.

Менскі навукова-даследчы інстытут сацыяльна-эканамічных праблем распрацаваў навуковую канцэпцыю, у сувязі з якою ў Менску запланаваныя да ўсталявання ў 2012-2017 гадах канкрэтныя творы манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва.

"Гэтай канцэпцыяй не прадугледжана ўстаноўка ў Менску помніка К. Каліноўскаму. Аднак, прымаючы да ўвагі неаднаразовыя звароты грамадзян па гэтым пытанні, інстытуту даручана даць заключэнне аб мэтазгоднасці ўсталявання такога помніка ў горадзе Менску", - напісаў Карпенка.

Радыё Свабода.


100 гадоў з дня нараджэння Анатоля Багатырова

Анатоль Васільевіч БАГАТЫРОЎ (13 жніўня 1913, г. Віцебск - 19 верасня 2003, г. Менск) - беларускі савецкі кампазітар, педагог і грамадскі дзеяч. Заслужаны артыст Беларусі (1940). Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1944). Прафесар (1960). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1969). Народны артыст РСФСР (1981). Народны артыст БССР (1968). Лаўрэат Сталінскай прэміі другой ступені (1941). Ганаровы грамадзянін Віцебска (2002).

Закончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класу кампазіцыі прафесара В. А. Залатарова ў 1937. З 1948 года выкладчык кампазіцыі ў Беларускай акадэміі музыкі, у 1948-1962 гады яе рэктар. У 1938-1949 гадах старшыня праўлення СК БССР. Дэпутат ВС БССР (1938-1959).

Належаў да першага пакалення беларускіх кампазітараў, творчасць якіх фармавалася ў рэчышчы савецкага музычнага мастацтва. Кампазітарскаму мысленню Багатырова ўласцівыя шырокі дыяпазон вобразнага мыслення, схільнасць да ўвасаблення глыбока жыццёвых канцэпцый, дэмакратычная накіраванасць. Анатоль Багатыроў - адзін з заснавальнікаў нацыянальнай беларускай оперы. Ён значна узбагаціў жанры кантаты, хору а капэла, рамансу ў беларускай музыцы. Багатырова лічаць заснавальнікам беларускай нацыянальнай кампазітарскай школы. Сярод твораў А.В. Багатырова оперы "У пушчах Палесся" - па аповесці "Дрыгва" Я. Коласа, пастаноўка 1939, "Надзея Дурава" (1946), пастаноўка Ансамблем савецкай оперы Усерасійскага тэатральнага таварыства (1947), араторыя "Бітва за Беларусь" і інш.

А. Багатыроў - буйны педагог, які на працягу больш, чым 50 гадоў вёў клас кампазіцыі ў Беларускай Акадэміі музыкі. Ён выхаваў цэлую плеяду беларускіх кампазітараў. Сярод вучняў А. Багатырова - народныя артысты СССР, народныя артысты Рэспублікі Беларусь, заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларусі лаўрэаты Дзяржаўных прэмій, лаўрэаты ўсесаюзных і рэспубліканскіх конкурсаў - Я. Глебаў, І. Лучанок, Г. Вагнер, Ю. Семяняка, Д. Смольскі, С. Картэс, А. Мдзівані, Р. Сурус, Э. Тырманд, У. Буднік, В. Войцік, У. Солтан, Л. Захлеўны, М. Літвін, Э. Казачкоў, А. Хадоска, П. Альхімовіч, Л. Мурашка і інш.

Вікіпедыя.


Ігару Лучанку - 75

Ігар Міхайлавіч Лучанок (6 жніўня 1938, Менск), беларускі кампазітар. Скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю (1961, клас А. Багатырова). У 1982-1986 працаваў рэктарам Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. З 1980 года - старшыня праўлення Беларускага саюза кампазітараў. Народны дэпутат СССР (1989-1991). Быў адным з ініцыятараў стварэння Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, Таварыства народнай дыпламатыі. Жанаты, мае дзвюх дачок.

Працуе ў розных жанрах (вакальна-сімфанічным, камерна-інструментальным, камерна-вакальным). Найболей плённа - у песенным. Асноўная вобразная сфера яго песеннай творчасці - лірыка-рамантычная. Ягонай музыцы ўласцівыя яркі меладызм і нацыянальная самабытнасць.

Асноўныя творы: кантаты "Курган" на словы Я. Купалы і "Салдацкае сэрца" (1962); паэма-паданне "Гусляр" (1979), вакальна-сімфанічная паэма "Вайна не патрэбна" (1983), Уверцюра-фантазія для сімфанічнага аркестра (1975), струнны квартэт, саната для габоя і фартэпіяна, саната і прэлюдыя для фартэпіяна; вакальныя цыклы "Сіні колер" (1965), трыпціх "Чалавеку патрэбна цішыня" (1966); песні "Памяць сэрца", "Мой родны кут", "Жураўлі на Палессе ляцяць", "Спадчына", "Алеся", "Вераніка", "Верасы", "Хатынь", "Калі б камяні маглі гаварыць", "Ліст з 45-га", "Майскі вальс", "Пакуль на Зямлі існуе каханне", "Дарагія мае землякі" і іншыя; хоры, творы для эстраднага аркестра; музыка да драматычных спектакляў, радыё- і тэлепастановак, тэле- і кінафільмаў; музыка для дзяцей.

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамолу Беларусі (1967), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1976). Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1973), народны артыст Беларусі (1982), народны артыст СССР (1987).

Вікіпедыя.


Праграма "Беларусы замежжа" (2013 - 2017 гг.)

Зацверджана Малой Радай МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" 18 ліпеня 2013 г.

Прынята Шостым з'ездам беларусаў свету МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" 24 ліпеня 2013 г.

Змест праграмы:

1. Уводзіны.

2. Мэты праграмы.

3. Задачы праграмы.

4. Арганізацыйна-прававая дзейнасць.

5. Дзейнасць у галіне культуры.

6. Дзейнасць у галіне навукі і адукацыі.

7. Дзейнасць у галіне інфармацыйнага абмену.

8. Фінансавая аснова рэалізацыі праграмы.

1. УВОДЗІНЫ

1.1. Праграма "Беларусы ў свеце" распрацавана на падставе прапановаў, якія паступілі на адрас МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" ад сяброў аб'яднання.

1.2. Праграма прадстаўляе стратэгічныя кірункі развіцця ўзаемадачыненняў дыяспары і Радзімы - Рэспублікі Беларусь.

1.3. На падставе гэтай праграмы распрацоўваюцца гадавыя планы дзейнасці МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" і рэкамендацыі для дзяржаўных органаў і ўстановаў Беларусі.

2. МЭТЫ ПРАГРАМЫ

Асноўнымі мэтамі праграмы з'яўляюцца:

2.1. Захаванне беларускай прысутнасці ў свеце ў розных яе формах і праявах.

2.2. Кансалідацыя беларускай нацыі дзеля духоўнага, эканамічнага і дзяржаўнага развіцця Беларусі.

2.3. Умацаванне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

3. ЗАДАЧЫ ПРАГРАМЫ

Для дасягнення пастаўленых мэтаў неабходна вырашыць задачы:

3.1. Стварэнне ўмоваў для захавання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў у краінах пражывання.

3.2. Забяспечанне рэалізацыі палажэнняў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, што датычаць нацыянальных, этнічных, рэлігійных і моўных меншасцяў, якая была ўхвалена на 47-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН, і іншых міжнародных дакументаў што да прадстаўнікоў беларускіх нацыянальных меншасцяў.

3.3. Аказанне канкрэтнай дапамогі беларускім арганізацыям замежжа ў забяспечанні іх нацыянальна-культурных патрэбаў, абароне іх правоў, падвышэнні ўзроўню іх актыўнасці ў галіне культуры і адукацыі.

3.5. Актуалізацыя праблем беларусаў замежжа на дзяржаўным узроўні.

4. АРГАНІЗАЦЫЙНА-ПРАВАВАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

4.1. Унесці прапанову пра стварэнне ў складзе Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь асобнай структуры па справах беларусаў замежжа (Камітэт па справах беларусаў замежжа).

4.2. Унесці прапанову пра стварэнне ў Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь камісіі па справах беларусаў замежжа.

4.3. Унесці прапанову пра стварэнне асобных пасадаў у пасольствах і консульствах Рэспублікі Беларусь па справах беларускай дыяспары, а таксама цэнтра юрыдычнай дапамогі замежным беларусам.

4.4. Актывізаваць працу над законам Рэспублікі Беларусь "Аб беларусах замежжа" і адпаведнай дзяржаўнай праграмай, дзе для замежных беларусаў былі б прадугледжаныя магчымасці:

- атрымліваць бясплатныя візы для наведвання Беларусі;

- адмяніць працэдуру рэгістрацыі для беларусаў замежжа пры ўездзе ў Рэспубліку Беларусь;

- зменшыць консульскі збор пенсіянерам і інвалідам, што пражываюць за мяжой, для атрымання пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь;

- атрымліваць на ільготных умовах сярэднюю і вышэйшую адукацыю ў Беларусі;

- атрымліваць права набываць маёмасць у Беларусі;

- атрымліваць працу ў Беларусі без абмежаванняў і г.д.

4.5. Прапанаваць заснаваць у складзе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі спецыяльную навуковую структуру (цэнтр/інстытут) для вывучэння і аналізу тэндэнцый развіцця беларускіх дыяспараў у розных краінах свету.

4.6. Звярнуцца да дзяржаўных структур Беларусі па пытанні аднаўлення ў Мінску ў прыстасаваным для гэтага памяшканні сталай працы Беларускага дома МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" і на яго базе:

- інфармацыйна-аналітычнага цэнтра беларускага замежжа,

- культурна-асветніцкага цэнтра,

- музея беларускага замежжа,

- архіва беларускага замежжа,

- бібліятэкі беларускага замежжа.

4.7. Дапамагаць у правядзенні з'ездаў беларусаў Еўропы, міжнародных форумаў і іншых мерапрыемстваў беларусаў замежжа.

4.8. Аказваць неабходную арганізацыйную і метадычную дапамогу ў стварэнні беларускіх культурна-асветніцкіх цэнтраў у месцах кампактнага пражывання беларусаў.

4.9. Звяртацца да ўплывовых міжнародных арганізацый (ААН, АБСЕ і інш.) дзеля забяспечання на міжнародным узроўні абароны правоў беларускай дыяспары.

5. ДЗЕЙНАСЦЬ У ГАЛІНЕ КУЛЬТУРЫ

5.1. Арганізаваць/дапамагаць у выданні навуковых, навукова-папулярных, мастацкіх (у тым ліку дзіцячых) і іншых кніг, прысвечаных беларускім дыяспарам, іх гісторыі, рэлігійнаму жыццю, нацыянальнай адукацыі і інш.

5.2. Падтрымліваць беларускіх пісьменнікаў замежжа і выданне іх твораў.

5.3. Падтрымліваць выданне кніг па гісторыі і культуры Беларусі.

5.4. Дапамагаць беларускім бібліятэкам у замежжы папаўняць фонды.

5.5. Садзейнічаць адкрыццю новых бібліятэк пры дзейных грамадскіх арганізацыях і культурных цэнтрах беларусаў замежжа.

5.6. Арганізоўваць і дапамагаць у правядзенні творчых сустрэч, семінараў, канферэнцый з удзелам навукоўцаў, пісьменнікаў і іншых дзеячаў беларускай культуры ў асяродках беларускага замежжа.

5.7. Рэалізоўваць сумесна з асяродкамі беларусаў у замежжы культурна-асветніцкія праграмы абмену досведам нацыянальнага, грамадскага, культурна-асветніцкага і іншага характару.

5.8. Арганізоўваць і дапамагаць у правядзенні фестываляў і літаратурна-музычных конкурсаў з удзелам беларусаў замежжа і іх фальклорных калектываў.

5.9. Арганізоўваць гастролі беларускіх мастацкіх калектываў і асобных выканаўцаў у асяродках беларускага замежжа.

5.10. Аказваць метадычную падтрымку беларускім мастацкім калектывам замежжа, спрыяць ім у набыцці беларускіх касцюмаў, музычных інструментаў, выданні альбомаў.

5.11. Дапамагаць у правядзенні выставаў мастакоў беларускага замежжа ў Беларусі.

5.12. Дапамагаць грамадскім арганізацыям беларусаў свету ў арганізацыі і правядзенні нацыянальных святаў.

5.13. Пашыраць кантакты з моладдзю з беларускіх дыяспараў праз правядзенне сумесных мерапрыемстваў культурна-асветніцкага характару.

5.14. Падтрымліваць нацыянальную культурніцкую кампанію "Будзьма беларусамі", садзейнічаць далучэнню да гэтай кампаніі асяродкаў беларускага замежжа.

5.15. Спрыяць развіццю нацыянальнага турызму праз арганізацыю падарожжаў і адпачынкаў у Беларусі для беларусаў замежжа і іх дзяцей.

6. ДЗЕЙНАСЦЬ У ГАЛІНЕ НАВУКІ І АДУКАЦЫІ

6.1. Стымуляваць правядзенне навуковых даследаванняў у наступных накірунках:

- вывучэнне прычын эміграцыі з беларускіх зямель у мінулым і сучаснасці;

- вывучэнне праблем адаптацыі беларусаў у іншакультурнай прасторы;

- вывучэнне рэлігійных аспектаў жыцця беларускай эміграцыі;

- выяўленне агульных рысаў беларускіх дыяспараў і іх рэгіянальнай спецыфікі;

- аналіз дзейнасці культурных таварыстваў, арганізацый, саюзаў і цэнтраў беларусаў за мяжой;

- ацэнка ўзаемаўплыву культураў метраполіі і замежжа;

- вывучэнне штодзённага жыцця беларускіх дыяспараў;

- вывучэнне гісторыі і сучаснага стану беларускай музейнай і архіўнай справы ў замежжы;

- аналіз становішча беларускай культуры ў краінах пражывання, а таксама на памежных з Беларуссю тэрыторыях;

- вывучэнне ўкладу беларусаў замежжа ў сусветную гісторыю і культуру.

6.2. Праводзіць навуковыя сустрэчы, семінары, канферэнцыі, прысвечаныя вывучэнню праблематыкі беларускага замежжа, і публікаваць іх матэрыялы.

6.3. Спрыяць стварэнню і пашырэнню ў замежжы беларускамоўных школ і класаў, увядзенню ў школьныя праграмы беларускай мовы і літаратуры як прадмета.

6.4. Дапамагаць ужо наяўным беларускім школам у замежжы.

6.5. Спрыяць прыняццю нарматыўных актаў, якія б вызначалі квоту для беларускай моладзі замежжа ў атрыманні сярэдняй і вышэйшай адукацыі ў Беларусі.

6.6. Арганізаваць павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў беларускай мовы, літаратуры, гісторыі замежных навучальных установаў у адпаведных інстытутах Беларусі.

6.7. Падтрымаць выданне спецыяльных падручнікаў і навучальных дапаможнікаў для замежных беларускіх школ і самастойнага навучання.

6.8. Праводзіць агульнабеларускія конкурсы беларусазнаўчага накірунку з прыцягненнем дзяцей і моладзі беларускага замежжа.

7. ДЗЕЙНАСЦЬ У ГАЛІНЕ ІНФАРМАЦЫЙНАГА АБМЕНУ

7.1. Сістэматычна інфармаваць беларускія дыяспары пра навіны ў Беларусі.

7.2. Распаўсюджваць інфармацыю пра жыццё беларускага замежжа ў СМІ метраполіі.

7.3. Папаўняць базу дадзеных па беларускіх арганізацыях, выданнях, дзеячах замежжа.

7.4. Збіраць, аналізаваць і распаўсюджваць матэрыялы пра парушэнне правоў чалавека і беларускай нацыянальнай меншасці ў краінах пражывання беларусаў.

7.5. Ажыццяўляць падтрымку, метадычную і інфармацыйную дапамогу выданням беларускай дыяспары.

7.6. Інфармаваць беларусаў замежжа пра апублікаваныя і запланаваныя да выдання кнігі па беларускай гісторыі, культуры і навуцы, а таксама кнігі, прысвечаныя дыяспаразнаўчай праблематыцы.

7.7. Зрабіць неабходныя захады па павелічэнні колькасці беларускамоўных праграм для спадарожнікавага вяшчання дзеля забяспечання вольнага доступу беларусаў замежжа.

7.7. Актывізаваць дзейнасць інфармацыйна-аналітычнага цэнтра, створанага пры МГА "ЗБС "Бацькаўшчына", у тым ліку электроннай бібліятэкі.

7.8. Ажыццяўляць абмен інфармацыяй паміж асяродкамі беларускага замежжа.

8. ФІНАНСАВАЯ АСНОВА РЭАЛІЗАЦЫІ ПРАГРАМЫ

Рэалізацыя праграмы патрабуе:

8.1. Выдзялення бюджэтных сродкаў на рэалізацыю пунктаў праграмы, якія датычаць дзяржаўных органаў і ўстановаў.

8.2. Прыцягнення фінансавых сродкаў беларускіх асяродкаў у замежжы, сяброў МГА "ЗБС "Бацькаўшчына", а таксама міжнародных арганізацый і фондаў.


Гарадзенскі медуніверсітэт прапанаваў студэнтам вучыцца па-беларуску

440 першакурснікам Гарадзенскага медуніверсітэта прапанавалі вучыцца на беларускай мове. Як паведамілі ў ВНУ, бацькі і абітурыенты масава не падтрымалі ініцыятыву кіраўніцтва, піша euroradio.by. Пакуль толькі шасцёра студэнтаў далі згоду на беларускамоўнае навучанне.

Ці з'явіцца ў універсітэце першая беларускамоўная група, будзе вядома ў канцы жніўня. Навучанне на беларускай мове ўвядуць пры ўмове, што на адной спецыяльнасці пэўнага факультэта набярэцца не менш за 8-10 чалавек. З-за розніцы ў праграмах навучання ўніверсітэт не зможа аб'яднаць у групы меншую колькасць ахвотных.

У звычайную рускамоўную групу ўваходзіць каля 14-16 студэнтаў. На сённяшні дзень у Гарадзенскім універсітэце выкладанне вядзецца на рускай і англійскай мовах. Беларуская мова можа стаць трэцяй мовай, на якой змогуць вучыцца студэнты медыцынскай ВНУ.

Вось дзе б прыкласці намаганні Гарадзенскім гарадской і абласной арганізацыям ТБМ. Як гэта зрабіць? Каб жа быў той адзіны рацэпт. Але спосабы ўздзеяння на будучых студэнтаў трэба шукаць.

Еўрарадыё.


РАДЗІМА ВЕЧНАЯ, ЯК І МОВА...

Не спяшаючыся крочу па адной з вуліц свайго райцэнтра. Мяне пераганяе жанчына прыкладна 30-цігадовага ўзросту, а з ёю трое дзяцей: два хлопчыкі ад 9-ці да 12-ці гадоў і дзяўчынка гадоў сямі. "Шчаслівая сямейка", - падумалася адразу ж. Дзятва нешта ўзбуджана абмяркоўвала з маці, якая на дзіцячыя пытанні, што гучалі па-расейску, адказвала трасянкай, перамешваючы рускія словы з беларускімі. І я тут жа лаўлю сябе на думцы: вось яна - тэндэнцыя, вось ён - працэс перараджэння нашай роднай мовы. Калі ад старых людзей, перш за ўсё вясковых, можна яшчэ пачуць беларускае слова, ад людзей сярэдняга ўзросту - ужо закаранелую трасянку, дык з вуснаў падлеткаў усё больш гучыць "русская речь". Яна і толькі яна чуецца сёння і на школьным двары, і на спартыўнай пляцоўцы, і ля дзіцячых садкоў, на розных афіцыйных вулічных імпрэзах.

Вось ён - плён дзяржаўнага двухмоўя! Той, хто ўводзіў яго (рэферэндум тут не ў разлік), добра ведаў, што гэта нішто іншае як парушэнне існай Канстытуцыі. Як ведаў і іншае: пастаўленая мэта будзе дасягнута, і ён зноў пераможа - "великий и могучий". А як вядома, у каго мова - у таго і ўлада.

Як тут не ўспомніць мудрыя словы Народнага паэта Беларусі (народна не па званні, а па зместу) Ніла Гілевіча: "Свабоду для Беларусі і для беларускай мовы можа здабыць толькі народ, узброены родным словам". А далей - папярэджанне: "Ваяваць гэтым словам трэба цяпер, каб не спазніцца".

Так папярэджвае чалавек, які пражыў вялікае жыццё, кожная клетачка душы якога насычана беларускасцю, а сёння яшчэ і болем за лёс гэтай самай беларускасці. Яна, як ніколі, сёння ў небяспецы, бо ў небяспецы галоўны носьбіт яе, ці, як казаў Ніл Сымонавіч, першаэлемент нацыянальнай культуры - мова. І небяспека гэта за апошнія гады, па сутнасці, за апошнія амаль два дзесяцігоддзі ўзрастае нібы той снегавы камяк, набывае памеры сапраўды пагражальныя. Пагражальныя для існавання нацыі, пагражальныя нават для незалежнасці. Яшчэ Карл Каўцкі папярэджваў: "Нацыя знікае, калі перастае гаварыць на сваёй мове". Але да гэтага мо больш пераканаўча сказаў наш Францішак Багушэвіч: "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі".

Як жа так? З высокіх даяржаўных трыбун, няхай не так ужо і часта, але ўсё ж прамаўляюцца высакапарныя словы пра незадежнасць, пра захаванне беларускай нацыі, а на справе мы бачым адваротнае: ідзе пагалоўная, мо ўжо пераўзыходзячае некалішнія Мураўёўскія часы, русіфікацыя беларусаў. Беларуская мова даўно ўжо пакінула дзіцячыя садкі, павырасталі тыя дзеткі, якія з задавальненнем штодня віталі і дзякавалі сваіх выхавальніцаў і бацькоў па-беларуску, а сёння ў лепшым выпадку карыстаюцца трасянкай, а больш - расейскай мовай. Знікаюць беларускамоўныя школкі, дый адкуль ім быць, калі знікаюць, амаль ужо пазнікалі беларускамоўныя першыя класы - гэтыя крынічкі, з якіх выцякаюць вялікія рэкі.

Дык куды ж мы ідзём, куды рухаемся? Няўжо да поўнага свайго знікнення як беларусаў, а значыць да смерці сваёй поўнай? Ці не ад гэтага, прадбачачы такую небяспеку, засцерагалі нас многія слынныя папярэднікі? Той жа Максім Багдановіч, неўміручы Янка Купала, людзі з трагічным лёсам Язэп Лёсік і Ларыса Геніюш.

А мне вось ужо за сорак гадоў стаіць у вушах такое ж папярэджанне, але ўжо ад звычайнага чалавека, да ўсяго ўкраінца, якое прагучала ў мой адрас у адным з нумароў гатэля "Мінск" падчас маёй некалішняй камандзіроўкі: "Што ж вы, беларусы, гэткія без'языкія, мову сваю не адстойваеце? Ці не сорамна вам пасля гэтага? Сябе ж страціце некалі..." Гэтыя словы, якія, шчыра прызнаюся, яшчэ недастаткова краналі мяне ў тыя сямідзесятыя гады ўжо мінулага стагоддзя, кідаў у мяне, нібы каменне, 30-гадовы кіяўлянін, кандыдат фізіка-матэматычных навук.Забылася і прозвішча яго, і імя, а вось сказанае ім не магу забыць і па сёння, бо і цяпер гэтыя пытанні-папрокі апякаюць мяне сваёй жорсткай праўдай. На той час ужо давялося мне пабыць у заходне-ўкраінскіх Луцку і Ковелі, праехаць на "бэтээрах" падчас вядомых вайсковых вучэнняў "Дняпро" шмат якія ўкраінскія сяленні, і ўсюды не без уражання і, хутчэй, з нейкай інтуітыўнай, чым усвядомленай радасцю за нашых суседзяў я слухаў і слухаў паўсюдна адну ўкраінскую гаворку - ад старых і малых, ад вяскоўцаў і гараджан, ад інтэлігенцыі і моладзі. Слухаў іх пявучую мову і зайздросціў ім, душа гатова была закрычаць у роспачы: "Чацу, чаму мы, беларусы, не такія?!."

Словы-папрокі ці, нават, абвінавачванні, кінутыя мне некалі ў менскім гатэлі маладым вучоным з Кіева толькі асвяжылі ў памяці тыя мае некалішнія пачуцці, але ўсё ж не дайшлі, відаць, да самага донца маёй свядомасці. Бо тады і я, як і многія беларусы, быў проста савецкім чалавекам, падуладным тагачаснаму ідэалагічнаму ўздзеянню, а дакладней, перавыхаванню ў "Ивана, не помнящего родства".

Сёння не ўкдадваецца ў маё разуменне тое, што і я, як і мае калегі па раённай газеце, працуючы ў беларускамоўным выданні, карыстаўся ў сваіх зносінах расійскай мовай. "Абсурд нейкі", - падаецца цяпер. Але не, гэта было тым, пра што пісаў некалі ў "Народнай Волі" кампазітар Алесь Рашчынскі: "Заблудзіўшыся ў дзвюх мовах, беларусы заблудзіліся ў сваіх думках, пачуццях і дзеяннях".

І садраўды ж, заблудзіліся. І блудзім дагэтуль. Але тады, напрыканцы 80-х быў штуршок, каб выйсці з гэтага блуду (падумалася: якое ж шматсэнсоўнае гэта слова). Спачатку мы, раённыя газетчыкі, цвёрда вырашылі карыстацца толькі беларускай мовай на рэдакцыйных планёрках і сустрэчах з пазаштатным актывам, потым пачалі весці пабеларуску партыйныя сходы і адпаведную дакументацыю. На старонках раёнкі ўсё часцей пачалі з'яўляцца артыкулы пад рубрыкай "Мова - душа народа", з якімі выступалі як журналісты, так і многія чытачы самых розных прафесій. Болем за лёс роднай мовы быў прасякнуты кожны радок тых газетных выступаў. Здавалася, такое высакароднае памкненне людзей ужо нічым не спыніць, дык не ж... Сёння няма на старонках мясцовай раёнкі такіх артыкулаў. Быццам на выраз "Мова - душа народа" негалосна накладзена кімсьці нябачнае табу. Прыціхлі ў гэтым кірунку і іншыя афіцыйныя газеты. "Крый Божа, падалей ад бяды", - калі не гаворыцца ўслых, дык думаецца многімі з сённяшніх беларусаў, якія працягваюць чуйна трымаць нос па ветры. Вунь жа пераследуюць за, здавалася б, найвысакародны лозунг "Жыве Беларусь!" А што і мова родная беларуская не ў пашане ў сённяшніх уладаў - дык гэта ж увачавідкі. Доказных прыкладаў таму больш, чым трэба. Іншымі словамі, падалей ад бяды - лічаць памяркоўныя і талерантныя беларусы, у якіх і памяркоўнасць, і талерантнасць нібы звіхнуліся, набылі іншы, амаль адваротны змест. А калі гаварыць проста, без хітрыкаў, падмяніліся самай звычайнай абыякавасцю з яе гнюснымі пастулатамі: "Мая хата з краю...", "Каб не нашкодзіць сабе...", "Абы не было вайны...".

Так, многія беларусы (і такіх на жаль, сёння нямала) не толькі саромеюцца, але і пачынаюць баяцца роднай мовы. А тых, хто не саромеецца і не баіцца, не так ужо і шмат. На іх той-сёй глядзіць як на дзівакоў ці іншапланяцян. Вось прыклад. Доўга азіраліся людзі з чаргі на жанчыну, якая на роднай мове пералічвала, што жадае, каб падала ці ўзважыла ёй дзяўчына-прадавец. Хітравата пераглядваліся, нібы пытаючыся адзін у аднаго: "І адкуль яна такая разумная?"А мне наадварот хацелася падысці да той жанчыны і сказаць ёй: "Малайчына вы, ой якая малайчыыа. Абняць за гэта вас хочацца і нават пацалаваць".

Не зрабіў такога, людзей, відаць пасаромеўся. Але ж які гэта хлуслівы сорам? І пакуль ён жыве ў нас, пакуль тым, хто паўсюдна карыстаецца беларускай мовай, будуць здзіўляцца і нават здзекліва называць "разумнікамі", не зрушыцца з месца да лешага становішча з нашай мовай. Аніяк не зрушыцца, і надалей будуць існаваць людзі, для якіх "чарка і скварка" - найгалоўная жыццёвая каштоўнасць, альбо якія па-халопску ці па даўняй савецкай прывычцы кіравацца "генеральнай лініяй партыі. Ну, ужо не той, вядома, партыі, а іншай... і ўжо не партыі нават, а амаль нябачнай, але існай на яву сіле, для якой улада, а не нацыянальная самасвядомасць, не мова як яе першаэлемент, а толькі ўлада з'яўляецца найпершай мэтай і каштоўнасцю. А даказана ж спакон веку, што ўлада такая нібы той сасуд з вельмі тонкага шкла, яе можна і не данесці, што здаралася ўжо не аднойчы. І тады можна страціць усё, што набыта не толькі несумленным, што яшчэ ой як мае месца, а і сумленным шляхам.

Чаму б сёння ўсур'ёз не задумацца нашаму праўладнаму чынавенству? Чаму яно не імкнецца стаць па-сапраўднаму нацыянальным, той соллю нацыі, якая забяспечвае яе жыццястойкасць і росквіт? Ці не таму, як пісаў у адным са сваіх шматлікіх артыкулаў у абарону мовы гісторык і прафесар Леанід Лыч, што "ўсё, што робіцца супраць беларускай мовы і Крамлём, і рускай праваслаўнай царквой, і, што асабліва крыўдна, уласным чынавенствам, гэта не гістарычная заканамернасць, а свядомае, гвалтоўе выкараненне яе з грамадскага жыцця з мэтай асіміляцыі беларусаў і зліцця з рускім народам". Страшна, нават, ад думкі, што гэта сапраўды так.

Дарэчы, што тычыцца праваслаўнай царквы... Сапраўды, у ёй, мо за рэдкім выключэннем, не гучыць беларуская мова, хаця асноўнымі наведвальнікамі яе з'яўляюцца старэнькія людзі, узгадаваныя на родным слове. Дый адкуль чакаць нечага іншага, калі я, як кажуць, на ўласнай скуры, пераканаўся, што не па душы праваслаўнай царкве наша мова. Нейкі час я сябраваў са святаром, які скончыў не толькі духоўную семінарыю, але і акадэмію, і які, з'яўляючыся такім вось падкаваным адпаведнымі ведамі, на поўным сур'ёзе пераконваў мяне, што беларускай мовы не існавала ўвогуле, што яна - гэта толькі дыялект польскам мовы, як і не існавала ніколі беларусаў, бо яны - не хто іншыя як заходнія русіны, якія і месцяцца на заходніх ускраінах Расіі. Сказаць, што было непрыемна чуць такое з вуснаў святара, значыць не сказаць нічога. Мне падалося, што сам д'ябал аднекуль здзекуецца нада мной, беларусам, народжаным беларусамі-бацькамі з глыбокімі беларускімі карэннямі. Маё, на шчасце, непрацяглае сяброўства з гэткім служкам Бога (толькі вось якога) скончылася тым, што я прыпаднёс яму праз некалькі дзён самаробную кніжку з выразак публікацый тагачаснай "Народнай газеты", якая з нумара ў нумар змяшчала на сваіх старонках выдатную сумесную працу многіх сучасных гісторыкаў і літаратараў, людзей, падкрэслю, сумленных, пад агульнай назвай "100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі". Маўляў, чытай, святы ойча, каб зведаць усю праўду пра наш край, і каб людзей не каламуціць бессаромнай выдумкай расійскіх шавіністаў. Бо не па-Боску гэта, ой як не па-Боску.

Маё ж асабістае перакананне ў тым, што адродзімся мы як беларусы, ці пачнём адраджацца толькі пасля таго, як і мова наша загучыць з царкоўных амвонаў, і чынавенства наша ў рэшце рэшт пачне карыстацца ёю як вусна, так і пісьмова. Цалкам згодзен са старшынём Таварыства беларускай мовы, вучоным-гісторыкам Алегам Трусавым, які сцвярджае, што дасканалае веданне дзяржаўнымі чыноўнікамі ўсіх рангаў нашай мовы "будзе найперш сведчыць пра іх інтэлектуальны ўзровень, а да-другое, сведчыць, што яны прадстаўляюць беларускую краіну, беларускую ўладу, і нічыю іншую".

Ад сябе дадам: "А вось якую ўладу яны прадстаўляюць цураючыся роднай мовы, родкай гісторыі, - гэта вялікае пытанне, на якое з цягам часу абавязкова будзе дадзены жорсткі, але справядлівы адказ, падобны на прысуд. І вынясе яго найсправядлівы суддзя - Яго вялікасць Час. Як ужо даў адказы на многія іншыя пытанні нашай гісторыі, такім чынам замацаваўшы перамогу праўды над хлуснёй.

Сёння сапраўды наша жыццё перанасычана барацьбой накшталт таго бясконцага змагання дабра са злом, пра якое ў маленстве мы чыталі ў шматлікіх казках. Там першае заўсёды перамагала другое. Так будзе, абавязкова будзе і ў жыцці, што шматкроць пацвярджалася і пацвярджаецца на вачах многіх пакаленняў людзей.

Тое ж будзе і з нашай мовай. Кажу так, бо неаднойчы пераконваўся ў тым, што павага і нават любоў да роднай мовы жыве ў душах многіх маіх знаёмых. Няхай у сілу многіх розных прычынаў (пераважна надуманых, беспадстаўных) яны не выкарыстоўваюць яе як сродак зносін з людзьмі, але паважліва, чаго не ўтойваюць, адносяцца да тых, хто размаўляе па-беларуску. А гэта сведчыць, што родная мова закладзена ў кожным з нас генетычна. Яна сядзіць недзе глыбока і чакае, калі адкрыецца той шлюз, які вынясе яе на паверхню. Ці не таму яна даецца так лёгка тым беларусам, хто, не гледзячы на свой сталы ўзрост, раптам запаліўся жаданнем засвоіць мову сваіх продкаў? А як лёгка засвойвалі яе пяці- шасцігадовыя дзеткі ў дзіцячых садках у мінулыя 80-я - 90-я гады. Здавалася тады, што вось мінуць нейкія паўтара-два дзесяцігоддзі - і паўсюдна загучыць наша мова. Тым шасцігадовым сёння амаль па дваццаць. Толькі, дзе яны, чаму нібы растварыліся ў раскамоўным асяроддзі, зліліся з ім?

А магло ж быць інакш. Не расійскае, а беларускае слова паўсюль, ва ўсіх сферах жыцця панавала б, грэючы наш слых, калі б дзейнічаў той, некалішні Закон аб дзяржаўнасці беларускам мовы, каб не быў ён, па сутнасці, перакрэслены тымі, хто дапаў да ўлады і, ап'янёны ёю, адразу ж забыўся дра свае карані, пра сваю адказнасць перад продкамі і будучымі пакаленнямі беларусаў. Нездарма ж кажуць, што мова - падмурак любой нацыі, дый дадмурак Дзяржаўнасці таксама.

І беларусы тут не выключэнне. Толькі мова з паўсюдным яе выкарыстаннем забяспечыць нашу стабільнасць, назаўсёды адаб'е ахвоту розных вонкавых сіл падпарадкаваць сабе Беларусь - гэты дастаткова прынадны, спакуслівы кавалачак Сярэдняй Еўропы, а яшчэ будзе гарантаваць далейшае існаванне і росквіт як дзяржавы. Ужо дэмакратычнай, а значыць цывілізаванай еўрапейскай дзяржавы. І не інакш.

Хочацца верыць, дый немагчыма не верыць, бо дзеля чаго тады жыць, што толькі з беларускай мовай мы станем народам са сваёй годнасцю, са сваім гонарам і, нарэшце, людзьмі звацца будзем. Раз і назаўседы. Бо, як выкаўаўся некалн вялікі Канфуцый, "на роднай мове выхоўваецца чалавек, на чужой - драпежнік".

І яшчэ абавязаны помніць кожны з нас, сённяшіх беларусаў: "Жыццё кароткае. Радзіма вечная". Дзеля яе і жыць павінны, а калі спатрэбіцца - і змагацца. Як і было ва ўсе часы.

Мікалай Рымач, г. Івацэвічы.


З юбілеем віншуем Вас, Алесь Віктаравіч!

У бягучым годзе 17 жніўня спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння Чэчата А.В. - выдатнага прафесіянала педагагічнай працы, Настаўніка беларускай мовы і літаратуры, выкладчыка лінгвагу-манітарнага каледжа ўстановы адукацыі "Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт", дзе ўжо каля 20-і гадоў вучыць і выхоўвае будучых педагогаў.

Алесь Віктаравіч скончыў Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага. Ён - выхаванец агульнавядомых вучоных-выкладчыкаў Ф.М. Янкоўскага, А.У. Рагулі, М.С. Яўневіча і Э.Д. Блінавай, у многіх выпадках стараецца быць падобным да іх.

Пачынаў педагагічную дзейнасць па накіраванні ў Замосцкай сярэдняй школе Слуцкага раёна. У яго засталіся светлыя ўспаміны ад гэтай працы сярод калектыву мудрых педагогаў на чале з дырэктарам Цімошак В.В., завучамі Палуян Л.А., Кучук В.Г., яны дапамаглі яму паверыць, што стане сапраўдным настаўнікам.

Затым была праца ў школе №150 г. Менска. Тут прымаў актыўны ўдзел у стварэнні музея маладых паэтаў і пісьменнікаў, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Першы выпуск Алеся Віктаравіча ў школе быў у складзе 44 чалавек. Ён і цяпер памятае гэтых вучняў і пра кожнага з іх можа расказваць гадзінамі.

Калі прапанавалі перайсці на працу ў педкаледж №1, ён прыняў прапанову з задавальненнем, паколькі тут на той час вучыліся будучыя настаўнікі беларускай мовы і літаратуры. Праца ў каледжы давала Алесю Віктаравічу магчымасць у поўнай сіле рэалізаваць свае здольнасці, перадаць свае глыбокія веды і прывіць навучэнцам любоў да беларускай мовы і літаратуры, да кнігі, мастацкага слова.

Любімы прадмет у Алеся Віктаравіча - гісторыя беларускай літаратуры. І адзначым, што, як дасведчаны педагог, ён не проста выкладаў навучэнцам нейкі канкрэтны матэрыял, а вучыў працаваць з кнігай, прапаноўваў ім паназіраць за кожнай канкрэтнай тэмай у сістэме развіцця беларускай літаратуры, вучыў свядома арыентавацца ў багацці і разнастайнасці высокага мастацкага пісьменства.

Алесь Віктаравіч - педагог ад Бога. Ён актыўна дзеліцца досведам сваёй працы з калегамі, выступае ў навукова-педагагічных выданнях, змяшчае матэрыялы з досведу работы. А выпускнікі каледжа - навучэнцы Алеся Віктаравіча - заўсёды вызначаліся і вызначаюцца глыбокім веданнем гісторыі беларускай літаратуры.

У сям'і Чэчатаў вялікая, багатая дамашняя бібліятэка, якой карыстаюцца аспіранты, навукоўцы для напісання дысертацый.

Частка гэтых кніг, а таксама ўсе навукова-метадычныя часопісы знаходзяцца ў кабінеце беларускай літаратуры каледжа, якім загадвае Алесь Віктаравіч. Да ўсіх кніг і матэрыялаў навукова-метадычнага часопіса "Роднае слова" складзена дакладная картатэка па літаратуры, методыцы выкладання літаратуры. На аснове гэтай картатэкі Алесь Віктаравіч выпрацоўвае ў навучэнцаў бібліяграфічную пісьменнасць, вучыць будучых педагогаў карыстацца каталогамі і правільна афармляць спісы літаратурных крыніц.

Алесь Віктаравіч - адзін з сааўтараў кнігі "Беларускія пісьменнікі на старонках часопісаў Роднае слова" (Мн., 2008). Менавіта яго ўласная картатэка па літаратуры і методыцы выкладання літаратуры памянёнага часопіса дапамагла яму стаць актыўным удзельнікам у складанні гэтай унікальнай кнігі.

У пазаўрочны час Алесь Віктаравіч праводзіць цікавую працу па развіцці творчых здольнасцей навучэнцаў. Быў створаны літаратурны гурток "Маладзічок". Тут навучэнцы вучыліся арыентавацца ў стылях мовы, пісаць уласныя артыкулы, вершы, апавяданні, казкі і інш. Творы гурткоўцаў паспяхова друкаваліся ва ўсіх дзіцячых перыядычных выданнях Беларусі, нават і ў ЛіМе. Была змешчана падборка вершаў маладзічкоўцаў у часопісе "Роднае слова".

На аснове працы гуртка пачала выходзіць газета "Веснік каледжа", дзе рэгулярна змяшчаліся творы сяброў "Маладзічка".

Праца ў гуртку праводзілася мэтанакіравана, падпарадкоўвалася канкрэтнаму літаратурнаму жанру ці тэме, і ў кожным канкрэтным выпадку праводзілася адпаведная падрыхтоўчая работа.

Варта прыгадаць працу гуртка па тэме, прысвечанай расліннаму свету Беларусі. Пасля таго, як тэма была ўзгоднена з гурткоўцамі, быў складзены рэестр раслін, якія можна ўбачыць вакол каледжа, пры дарогах, на палях і ў лясах Беларусі. Кожны з гурткоўцаў выбіраў адну з іх, апісваў уласцівасці ў любым жанры, а вынікі былі падведзены на канферэнцыі з запрашэннем супрацоўнікаў Батанічнага саду.

Або яшчэ прыклад. Па праграме за курс сярэдняй школы ёсць заданні апісаць скульптурны помнік. Пасля таго, як навучэнцы азнаёміліся з асаблівасцямі такой працы з вучнямі тэарэтычна, ім было прапанавана наведаць мемарыяльны музей З.І. Азгура, праслухаць там паведамленне экскурсаводада кожнай са скульптурных выяў, выбраць сабе скульптурны помнік, яго апісаць. Абарона прац гурткоўцаў была праведзена зноў-такі ў музеі ў прысутнасці вучонага-мастацтвазнаўцы.

Усе лепшыя творы гурткоўцаў друкаваліся ў газеце "Веснік каледжа".

Такім чынам, пад крылом дасведчанага педагога А.В. Чэчата выхаваліся не толькі здольныя настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, але і творчыя людзі, якія пасля заканчэння педкаледжа, затым універсітэта звязалі свой лёс з літаратурай. Напрыклад, Грыгаровіч Андрэй цяпер працуе выкладчыкам у БДУ і піша дысертацыю на літаратурную тэму. Мельнікаў Юрый выдаў кнігу прозы "Калі сны здзяйсняюцца…" (М., Эксмо, 2006), мае шмат публікацый у прэстыжных рэспубліканскіх выданнях. Некаторыя былыя навучэнцы А.В. Чэчата працуюць у рэдакцыях газет.

Цяпер каледж змяніў профіль сваёй працы, няма аддзялення, дзе б рыхтаваліся настаунікі беларускай мовы і літаратуры. Аднак пад кіраўніцтвам Алеся Віктаравіча па-ранейшаму праводзіцца цікавая пазакласная праца: арганізуюцца экскурсіі па літаратурных мясцінах, музеях, адбываюцца сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, з вядомымі беларускімі пісьменнікамі, вучонымі, журналістамі, наведваюцца літара-турныя музеі, выставы, Дом дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі. Плённа супрацоўнічае з гарадской бібліятэкай імя Францішка Багушэвіча, прычым у мерапрыемствах навучэнцы Алеся Віктаравіча прымаюць самы актыўны ўдзел.

Алесь Віктаравіч - кіраўнік суполкі ТБМ імя Ф. Скарыны Фрунзенскага раёна г. Менска, узначальвае яе больш за дзесяць гадоў. Адносіцца да працы шчыра, сумленна. Яго суполка з'яўляецца адной з лепшых у Беларусі. Ён - сябар рэспубліканскай Рады, сябар Сакратарыяту.

Мама Алеся Віктаравіча - Таццяна Мінаўна - вельмі задаволена сынам, заўсёды цікавіцца яго працай, поспехамі, а ён у сваю чаргу - чулы, клапатлівы сын.

У Алеся Віктаравіча трывалая педагагічная сям'я, ва ўсім яго падтрымлівае жонка Лілея Пятроўна - таксама настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Ёсць сыны Сяргей і Віктар, абодва жанатыя. У яго склаліся добразычлівыя, даверлівыя адносіны з нявесткамі. А ўнук Лёша і ўнучка Настачка вельмі любяць свайго дзядулю і заўсёды чакаюць сустрэчы з ім.

Напярэдадні юбілею мы жадаем Алесю Віктаравічу Чэчату і яго дружнай сям'і здароўя, доўгіх гадоў жыцця, шчасця, дабрабыту і далейшага творчага натхнення.

Калегі, сябры суполкі ТБМ Фрунзенскага раёна г. Менска.


Магілёўскае ТБМ запрашае

15 жніўня ў Магілёве, у капліцы на Віленскіх могілках адбудзецца чарговы гурток беларускай мовы, зарганізаваны гарадской арганізацыяй ТБМ імя Францішка Скарыны. Прысвечаны гурток будзе дзейнасці ордэна дамініканцаў на Беларусі. А 24 жніўня пачнецца двухдзённая вандроўка па мясцінах, звязаных з жыццём Мацея Бурачка - Францішка Багушэвіча. Плануецца наступны маршрут (цалкам 1200 кіламетраў): Магiлёў - Менск - Ашмяны - Гудагай - Астравец - Малi -Астравец - Варняны - Варона - Гервяты - Солы - Кушляны - Жупраны - Менск - Магiлёў. У Ашмянах плануем наведаць касцёл Св. Міхала Арханёла, а таксама неагатычную сiнагогу. Далей наведаем Гудагайскi касцёл з цудадзейным абразом; у мястэчку Астравец пабачым два храмы: касцёл Святых Касмы і Даміяна i касцёл Адшукання Святога Крыжа. Таксама наведаем мястэчка Малі. З 1867 выйшаў у адстаўку і жыў у маёнтку Малi Восіп Антонавіч Гашкевіч - дыпламат, навуковец-мовазнавец, даследчык Японіі і Кітая, натураліст, арыенталіст; тут ёсць невялiкi краязнаўчы музей. Першы дзень скончыцца ў Варнянах, дзе пабачым касцёл Святога Юр'я. У Варнянах убачым прыгожае возера, на беразе якога паставiм свае намёты. А гатаваць ежу будзем на незвычайным востраве, дзе захавалася старадаўняя вежа. А каб патрапiць на востраў, прыйдзецца пераходзiць па адзiным у Беларусi развадным мосце. Начаваць будзем у намётах, таму неабходна з сабой мець адпаведны рыштунак. У другi дзень вандроўку пачнём з мястэчка Варона, дзе захаваўся рэнесансны касцёл. У Жупранах наведаем месца пахавання Багушэвіча i невялiчкi касцёл. Пасля наведаем незвычайнае мястэчка Гервяты, потым накiруемся ў Солы, дзе нас чакае чароўны неабарочны касцёл Маці Божай Ружанцовай. На заканчэнне нашай вандроўкi ад дырэктара сядзiбы ў Кушлянах спадара Алеся Жамойцiна пачуем расповед пра беларускага пiсьменнiка Францiшка Багушэвiча.

Выезд з Магілёва а 7.00 рані-цы. У маршруце магчымыя змены.

Аляксей Карпенка.


У Зэльве ўшанавалі Ларысу Геніюш

10 жніўня люднага паломніцтва на магілу Ларысы Геніюш не было. Штогод з нагоды гадавіны з дня яе народзін у Зэльву прыязджала мноства людзей, сталічныя літаратары, палітыкі. Сёлета прыехала толькі невялікая група гарадзенцаў, на месцы іх чакаў жыхар Зэльвы Яўген Скрабутан.

Разам прайшлі міма дома паэткі, узняліся па прыступках да царквы, якую яна некалі наведвала. У куту цвінтара бюст Ларысы Геніюш, усталяваны некалі з дазволу мітрапаліта Філарэта. Усклалі кветкі, пісьменнік Віктар Сазонаў прачытаў напамяць адзін верш паэткі.

Раней некалькі грамадскіх арганізацый змагаліся за права наладзіць урачыстае мерапрыемства, успамінае Яўген Скрабутан. Але гэта ў мінулым. З боку ўладаў тым больш імпэту няма, каб належна ўшанаваць імя самай вядомай жыхаркі Зэльвы. У раённай бібліятэцы існуе куток, прысвечаны яе творчасці. Аднак вуліцу Савецкую, на якой царква і дом, дзе жыла Геніюш, пераназваць не дазволілі. Жыхары падпісаліся, каб вуліца набыла імя паэткі. Але ветэранская арганізацыя выступіла супраць, улады паслухмяна выканалі прыхамаць пенсіянераў. Хаця сваю згоду дала тапанімічная камісія пры Cаўміне і гарадзенскае абласное начальства, кажа Скрабутан.

Затым былі могілкі: Ларыса Геніюш пахаваная побач з мужам Янкам.

Нехта раней паклаў на надмагільле каласкі, прыціснуўшы каменем.

Запалілі знічы, успомнілі сужэнцаў, якія былі вялікімі беларускімі патрыётамі. Успомнілі аб тым, як МГБ пасля вайны арыштавала іх у Празе і дэпартавала ў СССР, у ГУЛАГ.

Радыё Свабода.


У Варшаве знойдзеная магіла беларускага этнографа

Магілу беларускага фалькларыста Міхала Федароўскага на Павонзскіх могілках Варшавы знайшлі сябры "Беларускай нацыянальнай памяці". Раней было вядома, што навуковец пахаваны на гэтых могілках, але, дзе дакладна, заставалася таямніцай.

Нарадзіўся Міхал Федароўскі 1 верасня 1853 года ў Варшаве. Яго бацька Адольф па нацыянальнасці быў кашубам, прымаў актыўны ўдзел у паўстанні 1863-1864 гадоў, пасля якога эміграваў у Францыю і хутка пакінуў сям'ю.

Пад канец 1877 года Міхал Федароўскі пераехаў жыць у ваколіцы Пружан, дзе пачаў вывучаць мясцовы фальклор. У выніку ў Беларусі ён правёў 27 год. За гэты час Федароўскі напісаў шматтомны зборнік "Люд беларускі", у якім усебакова апісаў беларускую народную культуру.

Еўрарадыё.


Аўдыёкніга з творамі Янкі Маўра

З нагоды 130-гадовага юбілею класіка дзіцячай літаратуры Янкі Маўра інтэрнэт-крама беларускіх тавараў www.Prastora.by і кампанія BelTonMedia выпусцілі дыск з аповесцямі "Палескія рабінзоны" і "У краіне райскай птушкі". Творы начытаў Уладзімір Козічаў, аформіў выданне выдатны мастак з Полацка Іван Іваноў.

Набыць аўдыёкнігу, як і шматлікія іншыя беларускія тавары, можна наўпрост у выдаўцоў - у інтэрнэт-краме Prastora.by - у Менску або з дасылкаю поштай па ўсёй краіне. Кошт выдання: 49900.


Гурткі беларускай мовы ў Магілёве

1 жніўня ў Магілёве адбыўся гурток беларускай мовы, прысвечаны вершам маладых паэтаў - пачаткоўцаў Магілёўшчыны. Падчас яго былі прачытаныя вершы Алі Ерашэнкі, Яніны Асіпцовай, Аляксея Карпенкі, а таксама Зінаіды Ляўчэні. Таксама былі праслуханыя два вершы - аўдыёзапісы Алега Снега. Сярод крытыкаў былі прафесіяналы ў вершаскладанні - Міхась Булавацкі і Мікола Яцкоў. Задачай гуртка было не толькі падзяліцца вершамі аднаму з адным, але выбраць найбольш прыдатныя для другога этапу магілёўскай акцыі "Паэзія ў метро".

А 8 жніўня гурток быў праведзены каля старадаўняга млына, які мае назву "Млын Папенгута". На вуліцы, ля самога млына, дзе размясціліся ўдзельнікі, была магчымасць не толькі убачыць сам млын (дарэчы, большасць прызналася, што бачыць яго ўпершыню), але і палепшыць узровень валодання беларускай мовай. А ўсё таму, што артыкул, які зачытвалі па чарзе, быў напісаны па-руску і ўдзельнікі гуртка меліся з ходу перакласці тэкст на беларускую мову. Прыйшло прыблізна 20 чалавек, сярод іх былі і тыя, хто ўпершыню трапіў на гурток, а таксама журналісты.

Напрыканцы ва ўсіх была магчымасць уважліва агледзець будынак і сфатаграфавацца каля яго.

Яніна Асіпцова.


Шчыра дзякуем за дапамогу! Ахвяраванні на ТБМ

1. Красноўскі Аляксандр - 20 000 р., г. Менск

2. Рабека Мікола - 200 000 р., г. Менск

3. Чайкоўскі Павел - 60 000 р., г. Менск

4. Чыгір Е.А. - 20 000 р., г. Гародня

5. Невядомы - 100 000 р., г. Менск

6. Бунецкі П.В. 100 000 р., г. Менск

7. Маслюкоў Віктар - 20 000 р., г. Пінск

8. Гарэлікава Л.Э. - 100 000 р., г. Салігорск

9. Скалуба Ігар - 50 000 р., г. Магілёў

10. Давідоўскі Ігар - 100 000 р., г. Менск

11. Кухаронак Аляксандр - 20 000 р., г.п. Смілавічы

12. Мартынюк Зміцер - 300 000 р., г. Гародня

13. Дзеружынскі Р.Н. - 25 000 р., г. Менск

14. Зяцько Вадзім - 20 000 р., г. Менск

15. Барцэвіч Іван - 100 000 р., г. Менск

16. Антанюк Іван - 100 000 р., г. Менск

17. Ляснеўская Алена - 50 000 р., г. Менск

18. Галубоўскі Георг - 40 000 р., г. Менск

19. Давідовіч П.У. - 30 000 р., г. Берасце

20. Панамароў Сяргей - 50 000 р., г. Менск

21. Павідайка В.М. - 70 000 р., г. Менск

22. Камінская Алена - 100 000 р., г. Менск

23. Міхальчанка Т.А. - 200 000 р., г. Менск

24. Лагуціна Марына - 50 000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Баляслаў Колышка - двойчы павешаны

(Заканчэнне.)

У сутычцы пад Місюнамі паўстанцы панеслі аднак сур'ёзныя страты. Страцілі частку пік, шабель, пісталетаў рознага роду, запасы прадуктаў, а таксама частку папер, забраных у гміннай управе ў Эйраголе. Тут загінуў Тадэвуш Нямчэўскі, вучань Канстанцінаўскай школы падхарунжых, адзін з найбольш актыўных паўстанцаў, які прывёў у аддзел Колышкі найбольш дабраахвотнікаў.

Тадэвуша Нямчэўскага называе расейскі рапарт і ўсе польскія крыніцы. Расейскі рапарт называе яшчэ двух з боку паўстанцаў, прозвішча аднаго не ўстаноўлена, прозвішча другога - Крукоўскі.

Расейцы, паводле расейскага рапарту, страцілі толькі двух, памерлых ад нанесеных ран, затое польскія крыніцы называюць 6 забітых. Колышка ж у сваім рапарце падае, што расейцы страцілі 8-10 забітых і параненых.

Праз пару гадзін пасля бітвы дабраўся да Колышкі аддзел Жджарскага (Жарскага). Паўстанцы дакладна здавалі сабе справу з таго, што расейцы з пераважнай сілай не адступяць ад намеру разбіць партыю Колышкі, таму Колышка зрабіў спробу адступлення за Дубісу.

Пасля перапавы цераз Дубісу паўстанцы спаткалі пасланца, які паінфармаваў Колышку пра планы расейскіх войскаў, і што расейцы намерваюцца атакаваць яго 15 красавіка. Колышка зноў адступіў у лясы, каб адцягнуць увагу непрыяцеля ў выпадку, калі б зноў мусіў перапраўляцца цераз Дубісу. Манёўр удаўся. Расейскія войскі вярнуліся на свае сталыя месцы побыту.

Аднак сітуацыя ў паўстанцаў не была найлепшай. Неўзабаве Колышка зноў атрымаў інфармацыю, што расейскае войска з Кейдан у колькасці 2 рот пяхоты і 1 эскадрона кавалерыі намерваецца выцяць на яго. Колышка прыняў бліскавічнае рашэнне - перайшоў Дубісу амаль на вачах расейскіх салдатаў. Неўзабаве зноў спаткаў пасланца, які парадзіў яму сысці ў Расіенскі павет або схавацца ў Панявежскіх лясах. Колышка выбраў Панявежскія лясы.

Расейцы наблізіліся да паўстанцкага лагера і такім чынам зрабілі паўстанцам немажлівым дабрацца да Панявежы. У гэтай сітуацыі Колышка перасунуў свой аддзел так, што аказаўся каля дарогі, якая вяла з Расіен на Эйраголу. Дарогу тую Колышка вырашыў перайсці ноччу - хоць бы мусіў прабіваййа сілай цераз суцэльныя вайсковыя лагеры.

Вечарам расейскія войскі адышлі да Эйраголы. Колышка скарыстаўся з той магчымасці - перайшоў дарогу і пераправіўся цераз Дубісу. Каб замаскаваць свой адварот, пакінуў малы конны аддзел, які меў ноччу напасці на Эйраголу, устрывожыць расейскае войска, а затым злучыцца з рэштаю аддзела. Хітрасць удалася. Расейцы, даведаўшыся, што частка паўстанцаў пераправілася цераз Дубісу, былі перакананы, што гэта толькі малы аддзел быў высланы па прадукты. Таму раніцай 15 красавіка смела падышлі да пакінутага лагера. Пераканаўшыся ў сваёй памылцы, рушылі ў пагоню.

Адзін аддзел, кіруючыся на Бейсаголу, рушых у бок Шаўлёў, другі накіраваўся на Кіманты. Трэці, падумаўшы, што, можа, Колышка рушыў на Панявежу, павярнуў у бок Крокаў.

Колышка, ішоўшы цэлую ноч, аказаўся перад світаннем у Кімантах, і, каб унікнуць набліжаўшайся ў той бок пагоні, пасля паўнадзённага маршу павярнуў на ўсход і перайшоў Шушву. У той час расейскае войска, кіруючыся на Крокі, не асмелілася лезці ў лясы, якія акалялі Лешчу і затрымалася. Колышка мог адпачыць - з тога боку не пагражала небяспека.

Колышка са сваім аддзелам адпачыў суткі ў Крокаўскіх лясах, затым фарсіраваным маршам перайшоў дарогу, якая вяла з Панявежы на Кейданы, пераправіўся цераз Нявежу каля Кейдан і павярнуў на Крамянцішкі, дзе намерваўся злучыцца з аддзелам Зыгмунта Серакоўскага.

Паўстанцы правялі на вельмі цяжкім маршы 3 дні і 4 ночы і 18 красавіка злучыліся з Серакоўскім.

Жаўнеры былі змучаны доўгім маршам, але гэта быў найбольшы аддзел, прыведзены ў лагер Зыгмунта Серакоўскага (быў гэта другі дзень Велікодных святаў).

Гэтае спатканне будзе пазней з энтузіязмам апісана яго сведкамі, якія выжылі.

Праз гады напіша пра гэта жонка Зыгмунта Серакоўскага Апалонія з Далеўскіх Серакоўская:

"Паводле слоў сведкаў, якія прыбывалі з рапартамі ў Вільню, узрушвальным быў від спаткання тых правадыроў і жменяк моладзі ў глыбокай пушчы, сярод голых, яшчэ бязлістых дрэваў, на зямлі, пакрытай снегам, а месцамі граззю. Радасць біла з вачэй усіх, калі тыя правадыры сталі насупраць адзін аднаго. Колышка сагнуў калена, кладучы зброю да ног Даленгі (псеўданім Серакоўскага, заўв. А.А.Б.) са словамі прысягі ісці з ім па жыццё або смерць за Айчыну. Гарачыя словы Даленгі, іх сардэчныя, братэрскія абдымкі заэлектрызавалі моладзь, якая з захапленнем віталася, абдымалася.

Колышка - вучань Уладзіслава Касоўскага з Кунеа - ведаў Зыгмунта".

Далучэнне аддзела Колышкі замыкала першы этап арганізацыі вялікага згрупавання партызан на Ковеншчыне.

Другі этап, на жаль, трываў коратка. Разам з Серакоўскім Колышка браў удзел у бітвах пад Генетынямі і Каршакішкамі.

Аднак паўстанцы не мелі шчасця. У цяжкай бітве пад Біржамі, калі сілы слаблі, а ксёндз Антоні Мацкевіч са сваім аддзелам не здалеў прыйсці з дапамогай, аб'яднаная партыя паўстанцаў была дашчэнту разбіта.

Баляслаў Колышка і схованы ў хаце лесніка паранены Зыгмунт Серакоўскі былі ўзяты ў палон, перавезены ў Вільню і прыгавораны да смерці.

Як сапраўды было з тым арыштам?

Паводле прызнанняў самога Колышкі перад следчай камісіяй і расійскіх рапартаў было так:

Пасля паразы пад Біржамі Колышка разам з пяццю чалавекамі адышоў у бок пушчы Зялёнкі. Пасля цэланочнага маршу паўстанцы дабраліся да лесу паблізу ад мястэчка Попел. Псіхічна надламаныя паразай, змардаваныя доўгім маршам, заснулі ў пушчы. Тут акружыў іх і ўзяў у палон атрад расейскіх войскаў пад камандаваннем капітана Казакевіча. Паўстанцаў прывезлі ў Попел, адтуль адаслалі ў вёску Дашэйкі, дзе знаходзілася ў той час галоўная кватэра генерала Ганецкага. Потым Колышку адвезлі ў Вільню і там заключылі ў цытадэлі ў гмаху № 14.

Ва ўспамінах жонкі Зыгмунта Серакоўскага, Апалоніі Серакоўскай, абапёртых на словы аднаго з непасрэдных сведкаў арышту, паўстанца Доніча была замацавана ў крыніцах версія дыяметральна адрозная.

"Апавядаў мне Доніч пасля вяртання з Сібіры, таварыш Колышкі ў момант арышту апошняга. "Пасля бітвы, пасля адходу Зыгмунта ў Скробішкі (Зыгмунт Серакоўскі атрымаў у той час сур'ёзныя раны - заўв. А.А.Б.), пасля збору раскіданых аддзелаў, першыя словы Колышкі былі: "Дзе камандзір? Хто яго суправаджае?" Пачуўшы адказ, выгукнуў: "Недарэкі, пагубім яго! За мной - дзесяць чалавек з майго аддзелу. Паспяшым яму на дапамогу! Да бяспечнага месца толькі шэсць гадзін дарогі, перанясём яго лясамі на руках". Наблізіўшыся да Сербанішак, зайшоў Колышка па больш дакладную інфармацыю ў прыдарожную хаціну. Амаль у тую ж хвілю ўскочыла гаспадыня гукаючы: "Уцякайце! Маскалі ідуць!" Некалькі суправаджаўшых Колышку паўстанцаў выскачыла цераз акно ў бок лесу. Калі Колышка намерваўся зрабіць тое ж самае, пачуў ужо каля хаты словы салдата: "Теперь, когда Доленга (псеўд. Серакоўскага) пойман...". Колышка ўпаў на лаву са словамі: "Няма ўжо чаго ўцякаць - усё страчана - камандзір узяты!" Салдаты ўварваліся. На пытанне, кім ёсць? - адказаў: "Колышка, якога ад даўна шукаеце".

А якім чынам арыштавалі Зыгмунта Серакоўскага? Піша яго жонка Апалонія Серакоўская.

"Раніцай аглядзелі раны паўторна, моцная гарачка яшчэ ўзмацнілася, у канцы Зыгмунт заснуў сном цяжкім, гарачкавым.

Недалёка ад Скробішак Юзаф Касцялкоўскі меў роднага брата Ільдэфонса Касцялкоўскага, да яго тры разы пасылалі суправаджаўшых Зыгмунта паўстанцаў па воз і каня, на іхнія ўзмоцненыя ўгаворы жонка Ільдэфонса адказвала рэзкай адмовай. Нарэшце пайшоў сам Юзаф, забраў воз і каня сілай (...) Пасля забрання каня Юзафам жонка Ільдэфонса пайшла да спраўніка Сясіцкага, дзе ў той час знаходзіўся генерал Ганецкі (паводле апісання жонкі Сясіцкага, якраз у хвілю яе прыбыцця піў каву на ганку). Не зважаючы на прысутнасць генерала. Ільдэфонсіха голасна прасіла спраўніка, каб яе не прыцягвалі да адказнасці за ўзяты воз і каня для раненага Даленгі, які ў гэты час знайходзіцца ў Камароўскіх у Скробішках. Ганецкі адышоў, каб арганізаваць неадкладны арышт Даленгі.

Колышка пасля арышту быў адпраўлены ў Мядэйкі. Туды таксама адразу пасля арышту ў Скробішках быў прывезены Зыгмунт Серакоўскі. 29 красавіка (10 траўня) ўсе: Зыгмунт Серакоўскі, Баляслаў Колышка і некалькі дзесяткаў арыштаваных разам з імі маладых паўстанцаў, у тым ліку Траскоўскі, Юзаф Касцялкоўскі і Касакоўскі пад моцнай вартай з жандармскім палкоўнікам Собіным экспрэсам прывезены ў Вільню."

Апісанні арышту ў пазнейшых успамінах сведкаў розняцца таксама - у дэталях і не толькі ў дэталях. Падобна, што Серакоўскім перад арыштам апекаваўся доктар Сатурнін Якубоўскі. Але з іншых крыніц вядома, што Якубоўскі быў у той час таксама цяжка паранены ў бітве пад Мядэйкамі каля Біржоў і ляжаў не ў двары, а ў хаце лесніка ці мужыка і адтуль быў узяты расіянамі і разам з Серакоўскім перавезены ў Вільню. Магчыма, што і Серакоўскі мог быць туды перавезены са Скробішак яшчэ раней сваімі апекунамі (для бяспечнага ўкрыцця, да таго пакуль Ганецкі арганізаваў яго арышт).

Каму верыць?

Пачуццёва - бліжэйшая нам, мабыць тая рамантычная версія: Колышка, зламаны пасля страшнай паразы, на вестку, што Даленгу (Серакоўскага) злавілі, здае сабе дакладна справу, што ўсё страчана, і што, паколькі так нядаўна кляўся свайму любімаму камандзіру ісці з ім на смерць і на жыццё, выбірае дарогу "ісці на смерць" і ганарова здаецца ў рукі расіян. Гэтая версія адпавядала б яго гарачаму маладому тэмпераменту...

Але з прызнання самога Колышкі і з расейскіх вайсковых рапартаў гэты арышт выглядае цалкам іначай.

Мы мусім хутчэй верыць версіі, той, на жаль, празаічнай. Не "літаратурнай", не "фільмовай".

Можа хто калі замахнецца на здымкі пра Колышку ігравога фільма. У ігравым вобразе ўсё можна. Ствары тут яшчэ якую лінію пра яго каханне да дзяўчыны, прыгожай напрыклад, панны з Карманішак, Бутрымцаў ці Эйшышак, гарачай патрыёткі (праводзіць яго з букетам белых ружаў, ён ужо на кані, нахіляецца, бярэ, цалуе... Яна яму дае нейкі медальёнчык ці стужку... Аднекуль там далятаюць гукі апошняй мазуркі...).

А так, напраўду, мабыць не меў той хлопец ні адной дзяўчыны, не хапіла яму часу.

Выракам палявога суда Баляслаў Каятан Колышка быў прыгавораны на смерць цераз расстрэл. Мураўёў - Вешальнік кару тую замяніў на больш паніжальную - смерць цераз павешанне. Загад той выканалі 28 траўня (па старым стылі, па новым 9 чэрвеня 1863 г.) у Вільні на Лукішскім пляцы. Колышка ў апошняе імгненне жыцця, калі надзелі яму пастронак на шыю, сам выпхнуў лаўку з-пад ног; шнур парваўся. Вешалі яго два разы. Нават у найбольш варварскіх краінах у падобных выпадках паўторна не вешалі, вінаватаму даравалі жыццё...

Зыгмунт Серакоўскі быў павешаны на тым самым Лукішскім пляцы 16 чэрвеня (27 па новым стылі) 1863 года.

Браты Баляслава так-сама ўдзельнічалі ў паўстанні, з якіх побач з Баляславам асабліва праславіўся Фелікс Генрык.

Фелікс нарадзіўся ў 1838 годзе. Пасля заканчэння гімназіі ў Вільні служыў у расейскім войску, ваяваў на Каўказе з горцамі Шаміля. У 1859 годзе па ўласнай просьбе быў пераведзены ў рэзерв у званні маёра. Вярнуўся на Літву. Спачатку пасяліўся ў Кейданах, дзе працаваў на будоўлі адрэзка Вільня-Коўня-Вярбалава Пецярбуржска-Варшаўскай чыгункі. У 1862 годзе пасяліўся ў Вільні, працаваў на чыгунцы. У адказ на вестку пра выбух паўстання стаў на бок сваіх. Быў адным з найбольш таленавітых камандзіраў паўстання на Літве. Змагаўся ў паўстанцкай партыі, ім жа арганізаванай, у Рудніцкай пушчы, на тэрыторыі Троцкага павету пад Кашадарамі, Алькенікамі, Аранамі; у злучэнні з іншымі партыямі, аддзеламі біўся ў сутычках пад Аўгустовым. Быў у вялікім згрупаванні паўстанчым Яна Судка, Аляксандра Стаброўскага, Аляксандра Парандоўскага. У верасні 1863 года з прычыны хваробы перадаў свой аддзел Мітрафану Кіянскаму і выехаў у Германію, потым у Францыю. Абарочваўся там у польскіх эміграцыйных колах, працаваў у чыгуначнай адміністрацыі. Памёр у Мантане ў Францыі ў 1889 годзе.

Можа шчасце ўсмешкі мілай,

Можа кветку на магілу

Нам рыхтуе час.

Баляславу Колышку ані "мілай усмешкі", ані кветкі ніхто да гэтага часу не паклаў.

Целы Баляслава Колышкі, Зыгмунта Серакоўскага, ксендза Ішоры царскія каты таемна пахавалі па загадзе Мураўёва на Замкавай гары. У тыя часы доступ цывільных людзей быў туды забаронены.

Пра тыя магілы захавалася вусная памяць, таму пасля адступлення расіян з Вільні ў 1915 годзе было пацверджана, што фактычна спачываюць там целы страчаных у 1863 годзе, якія для цяжкасці распазнання былі заліты вапнай па загадзе Мураўёва. Пляцоўка з магіламі герояў у той час была аздоблена клумбай з крыжам пасярэдзіне, выкладзеным з кветак.

Упрыгожана таксама кветкамі месца на Гары Трох Крыжоў, дзе быў пахаваны страчаны таксама на Лукішскім пляцы ксёндз Зямацкі.

У першым "Правадніку па Вільні", выдадзеным у першым (1919) годзе вызвалення (аднаўлення Польшчай незалежнасці), яго аўтар, дырэктар Віленскага архіву Вацлаў Гізберт-Студніцкі піша, што на Замкавай гары былі пахаваны таксама іншыя браты Баляслава Колышкі.

Якія браты? Ці ўдасца гэта гісторыкам калі-небудзь устанавіць. Акрамя Баляслава Каятана і Фелікса Генрыка, былі яшчэ два браты: Ян Вінцэнт (нар.1834) і Ўладзіслаў (1836), найстарэйшы з братоў Колышкаў Браніслаў памёр у дзяціным узросце.

У зборах Літоўскага дзяржаўнага архіву ў Вільні захоўваецца здымак аднаго з братоў Колышкаў. Безыменны, з подпісам па-расейску: "Брат повешенного". Каторы гэта можа быць з братоў, сёння цяжка ўстанавіць. Здымак знайшоў у архіве віленскі гісторык Чэслаў Малеўскі.


Баляслаў Каятан Колышка быў ахрышчаны ў Бутрыманскім касцёле пв. св. Арханёла Міхаіла 10 кастрычніка 1837 года. Хрышчонымі бацькамі былі: Барталамей Юндзіл, межавы суддзя і Люцыя Сумарок.

16 чэрвеня 2013 года званілі званы за душы с.п. Баляслава Колышкі і ўсіх тамтых Колышкаў з суседніх Карманішак. Ніколі дагэтуль "з той аказіі" званы ў Бутрыманцах не званілі. У тамтых змрочных часах глуха маўчалі. Можа толькі білі за здароўе такога або такога цара і яго сям'і (Аляксандра ІІ, Аляксандра ІІІ).

2013 год. 150-я ўгодкі студзеньскага паўстання. Касцёл св. Арханёла Міхаіла ў Бутрымцах годна ўшанаваў памяць Баляслава Каятана Колышкі. Гэтая прыгожая постаць няўхільна звяртае ўсё большую ўвагу гісторыкаў, пісьменнікаў і іншых творчых асяродкаў. Пра Колышку больш вядома на тэрыторыі даўняга Ковенскага павету, на Жмудзі, чым на яго роднай зямлі - бо там на тым гарачым паўстанцкім абшары вёў баі і замацаваўся ў памяці таварышаў па зброі. З'явяцца потым успаміны пра яго тых, хто выжыў.

Датошныя гісторыкі вычапяць у архівах выданні з 1863-64 гадоў (расейскія і польскія), дабяруцца да вайсковых рапартаў. Праца гэта сізіфава, а даўжэйшае часаёмкае капанне грунтоўна адаб'е ахвоту нават найцярпліўшаму даследчыку. "Аўтэнтычныя" аповесці занатаваныя факты выразна спрачаюцца між сабой. У архіве, так зв. "Мураўёўскім" у Вільні ёсць прызнанне самога Колышкі, пасля яго арышту складзенае перад мураўёўскай следчай камісіяй пад кіраўніцтвам генерала Веселіева. Але і ім таксама нельга верыць да канца, бо з пэўнасцю ўсёй праўды непрыяцелям не выдаў. На думку тых, якія яго ведалі, "падаў прозвішчы толькі тых, якія загінулі ў паўстанні, з жывых нікога не назваў".

Альвіда Антаніна Баёр


Аграсядзібы "Ліцвінаў кут" - культурна-аздараўляльны адпачынак на "тэрыторыі беларускай мовы"

3 жніўня 2013 года адбылася прэзентацыя турыстычнай аграсядзібы "Ліцвінаў кут", гаспадаром якой з'яўляецца сябар Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Віктар Мезяк. Сядзіба месціцца ў самым сэрцы старажытнай Літвы паміж Завоссем і Наваградкам, паблізу маляўнічага возера Свіцязь і таямніча схаванай Варуты (на думку гісторыка 19 ст. Тодара Нарбута менавіта тут была летняя рэзідэнцыя першага караля ВКЛ Міндоўга).

Святочную імпрэзу адкрыў сам гаспадар, які паказаў прысутным прыгажосць мясцовых краявідаў і распавёў пра свае турыстычныя задумы. Затым паэт Аляксей Белы прэзентаваў свой новы зборнік вершаў "Прыватны сектар", а гарадзішчанскі музыка Міхась Баранік прыемна здзівіў гасцей сядзібы сваімі спевамі пад гітару. Вельмі спадабаліся прысутным песні на вершы Алеся Белага ў выкананні Галіны Ярашэвіч і Таццяны Малашчанкі, прысвечаныя 150-м угодкам Мілавідскай бітвы 1863 года.

Старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ Віктар Сырыца падараваў гаспадару шмат беларускіх кніжак з мэтаю стварэння хатняй бібліятэкі і вывучэння роднай мовы і гісторыі.

- Я вельмі хацеў бы, каб вясковая хатка "Ліцвінаў кут" стала не толькі месцам адпачынку людзей, але і месцам вывучэння роднай мовы. Мару пра тое, каб мая сядзіба стала, калі мажліва так сказаць, тэрыторыяй беларускай мовы, - паведаміў Віктар Мезяк.

Таму гаспадар сардэчна запрашае на адпачынак усіх ахвотных, а таксама тых, хто хоча вывучыць родную мову, навучыцца размаўляць, думаць і пісаць па-беларуску.

Хатку "Ліцвінаў кут" можна арэндаваць на некалькі гадзін ці дзён. Таксама запрашаюцца адпачыванцы з намётамі. Выгоды пакуль што звычайныя - вясковыя, але хваёвы водар і краявіды проста цудоўныя.

"Ліцвінаў кут" Віктара Мезяка месціцца у Баранавіцкім раёне ў вёсцы Мікулічы. Ад яго да возера Свіцязь некалькі кіламетраў. Даехаць да вёскі можна з аўтавакзалаў Баранавіч і Наваградка.

Віктар Сырыца, старшыня Баранавіцкай рады ТБМ. Фота Віктара Сырыцы


Летняя гістарычная школа "Гісторыя на вакацыях"

У жніўні ў сядзібе ТБМ у межах кампаніі "Будзьма" працягвае працаваць летняя гістарычная школа "Гісторыя на вакацыях" пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Алега Трусава.

Заняткі пройдуць 26 жніўня (панядзелак) на вул. Румянцава, 13.

Пачатак а 18-й. Уваход вольны.


Бітва за відэапрастору

Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Пра найменні элементаў

вулічна-дарожнай сеткі

Паважаны Алег Анатольевіч!

Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь (далей - Дзяржкаммаёмасць) разгледзеў Вашы звароты ад 24 чэрвеня № 48, 49 і паведамляе наступнае.

У адпаведнасці з артыкулам 11 Закона Рэспублікі Беларусь ад 16 лістапада 2010 года №190-3 "Аб найменнях геаграфічных аб'ектаў" (далей - Закон), на прысваенне найменняў, а таксама перайменаванне састаўных частак гарадоў, да якіх належаць элементы вулічна-дарожнай сеткі, упаўнаважаны гарадскія Саветы дэпутатаў.

Рашэнні, прынятыя мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ўлады (далей - мясцовыя органы ўлады), лічацца ўведзенымі ў дзеянне пасля іх рэгістрацыі ў Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь і афіцыйнага апублікавання на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале. Рашэнні Баранавіцкага і Гомельскага гарадскіх Саветаў дэпутатаў прайшлі працэс афіцыйнага ўводу ў дзеянне, і Дзяржкаммаёмасць не правамоцны іх адмяніць. Аднак мясцовым органам улады былі дадзены рэкамендацыі аб выпраўленні дапушчаных памылак праз прыняцце новых рашэнняў аб перайменаванні элементаў вулічна-дарожнай сеткі.

У сваю чаргу Дзяржкаммаёмасць з мэтай здзяйснення адзінай дзяржаўнай палітыкі ў галіне найменняў геаграфічных аб'ектаў вядзе работы з мясцовымі органамі ўлады па тлумачэнні норм заканадаўства. Зараз сумесна з Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь распрацоўваецца рэкамендацыйнае пісьмо аб правільнай рэдакцыі рашэнняў аб найменнях.

Акрамя таго, мясцовым органам улады былі адпраўлены лісты з рэкамендацыямі Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (далей - Тапанімічная камісія) па прысваенні наймення адпавядаючых патрабаванням артыкула 16 Закона, іх правапісу транслітарацыі з беларускай мовы на рускую. Члены Тапанімічнай камісіі прытрымліваюцца пункту гледжання, што такія назвы, як "Зорная", "Лірычная", "Блакітная", "Ясная", "Цяністая" і ім падобныя, не ўлічваюць геаграфічныя, гістарычныя, нацыянальныя, этнаграфічныя, сацыяльныя, культурныя ўмовы і асаблівасці мясцовасці і з'яўляюцца безасабовымі.

Дзяржкаммаёмасць выражае Грамадскаму аб'яднанню "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" падзяку за праяўленую цікавасць да пытання нацыянальнай тапаніміі і аховы геаграфічных назваў як гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.

Старшыня Г.І. Кузняцоў.


Родная мова вяртаецца ў Глыбоцкі край

На Глыбоччыне адбыліся станоўчыя змены. Надоечы большасці вёсак рэгіёна былі вернутыя беларускія назвы. Дарожныя шыльды, з назвамі населеных пунктаў раёна, якія раней былі аформленыя на рускай замененыя цяпер ізноў на беларускамоўныя. Аналагічныя змены адбыліся так-сама на Вушаччыне. Прычым там шыльды былі проста перафарбаваныя, а на Глыбоччыне замененыя на сучасныя, з дадатковым відарысам, які інфармуе кіроўцаў пра ўезд у населены пункт. Нагадаем, што арганізацыі, адказныя за ўсталяванне дарожных знакаў у Віцебскай вобласці, інфармавалі, што шыльды будуць заменены толькі пасля іх зносу, прыкладна праз дзесяць гадоў ад іх усталявання. Новыя рускамоўныя надпісы з'явіліся да 2010 году, калі была прынятая афіцыйная пастанова, што з 1 кастрычніка 2010 усе новыя шыльды афармляюцца выключна па-беларуску. Мясцовыя ўлады звярнулі на гэтую недарэчнасць увагу пасля пісьмовых зваротаў грамадзян і Таварыства беларускай мовы. Замененыя яшчэ не ўсе шыльды, але бачна, што працэс пайшоў і тэндэнцыі ў раёне, прынамсі ў гэтым аспекце, збольшага пазітыўныя. Галоўнае, што Глыбоччына спакваля вяртае сабе беларускае аблічча. Больш за тое, гэты выпадак можа паслужыць карысным прыкладам для іншых рэгіёнаў. Самавольнае, супрацьзаконнае ўсталяванне знакаў з надпісамі гарадоў, вёсак і вуліц на рускай мове павінна тут жа трапляць у фокус неабыякавай грамадскасці.

Радыё Свабода.


Нарэшце "Жаўрукі" на чытацкіх паліцах

Урыўкі з дакументальнага рамана Валера Санько "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе" не раз друкавала "Наша слова". Шматлікія станоўчыя вусныя і пісьмовыя водгукі, тэлефанаванні і эсэмэскі вельмі часта заканчваліся пытаннем: калі выйдзе кніга?

Нарэшце выйшла - 612 стар., 50 экз. Ні ў кожную бібліятэку трапіць асобнік. Аўтар тры гады шукаў спонсараў у Беларусі і замежжы. Вынік нулявы.

Мы перакананыя, такой дакументальнай фактуры пра чарнобыльскія падзеі не было ні ў аднаго даследчыка з Беларусі, Украіны, Расіі, тым болей з замежжа. Кніга вартая ўвагі чытача любой прафесіі, узросту.

Упершыню ў сучаснай літаратуры лагічна і праўдзіва, з дакументальнай пранізлівасцю гаворыцца аб прычынах выбуху на ЧАЭС, ліквідатарскіх і перасяленцкіх праблемах. Удала яднаецца лёс канкрэтных сем'яў (Нямковічы, сёстры Антаніна Макарэня і Тамара Пакрова), трох навукоўцаў (Лягаса, Бадановіч, Канопліч), ліквідатара Рамана Кавалёва, вешчуна Аляксея Бялько з падзеямі красавіка 1986 года і пасляаварыйнымі. Асноўнае месца жыцця і дзеянняў герояў - Гомельшчына.

Дынамізм падзеяў, лаканізм падачы, наватарства літпрыёмаў шмат у чым узмацняецца друкаваннем заставак/аб'ектывак з дакументаў, архіваў, навуковай літаратуры.

Першы дакументальны чарнобыльскі раман у гісторыі Беларусі, СНД і новага свету многім недасведчаным у даўняй і сучаснай гісторыі СССР, Беларусі расплюшчыць вочы. Твор яшчэ раз папярэджвае заходнееўра-пейскіх, рускіх, украінскіх і беларускіх фінансістаў: тэрмінова не з'явіцца трывалы саркафаг над і пад ЧАЭС - можа рвануць сусветны Армагедон. Супыніць ці забетанаваць радыяцыйныя працэсы практычна немагчыма. Успыхне пад чацвёртым рэактарам выбуховая рэакцыя, заможным ЗША, Еўропе, бедным Беларусі і Украіне нічога не будзе патрэбна. Пад попелам фізічна ўсе роўныя, асабліва пад радыяцыйным. Дакументальныя ўстаўкі ўдала дапаўняюць тэкст.

Прыдзірлівы чытач можа заўважыць асобныя нестыкоўкі: такая падзея адбылася, але не ў гэты час, а трошкі раней/пазней. Пра гэта напісана падрабязна, пра такое ж раўназначнае - мала. У аднаго героя прозвішча мае лёгкаўзгадны аб'ектыўны прататып, у другога і не блізка. Акадэмік Лягаса, член-карэспандэнт Адамовіч разважаюць пра факт ці падзею тры, чатыры разы, прафесары Мікітчанковіч, Пятраеў - раз, два, і тое бегма. Асобныя думкі, факты паўтараюцца.

У літаратурным творы час спрасоўваецца, расцягваецца, былая падзея чалавеку ўяўляецца па некалькі разоў. Па волі даследчыка і самога героя. Можа герой думаць стандартна, па ўсемагчымых падзелах і аддзелах, у двукоссях і працяжніках, а можа з хацення ўласнага і аўтарскага абыходзіцца без літдаўніны. Як было і ёсць у многіх аўтараў замежжа, Расіі, Беларусі. Тое ж тычыцца назваў асобных устаноў.

Спіс выкарыстаных дакументаў, навукова-даследчыцкай і папулярнай літаратуры вялікі, але прыводзіцца не цалкам: калі прыводзіць усё - ён перавысіць памер рамана, бо адзін факт і чалавек па-рознаму ўзгадваюцца ў сотнях дакументаў, артыкулаў, літаратурных твораў.

Яраслаў Грынкевіч.


Прапануем вашай увазе апошні раздзел рамана - эпілог.


Няўжо Еўропа, ЗША і Кітай ляцяць у самазнішчэнне

Ад навін, як ад сябе, не ўцячэш. Чым болей чатыры беларускія дапытнікі сутыкаліся з чарнобыльскімі ўдарамі па людзях і калектывах, уведвалі пра няпраўды дзяржаўцаў СССР, а потым Расіі, Украіны, Беларусі, тым мацней іх непакоіла яшчэ адна праблема.

Блізкая да чарнобыльскай па мажлівых выніках, жахлівых, незваротна фатальных.

Ваенная.

Яна здольная лёгка перасягнуць Чарнобыльскую вынікамі, нашмат перавысіць, бо ўзмацніцца за кошт удараў і напасцяў ад узарваных атамных станцыяў.

Ваенная - неймаверная, усёзжэрная.

Стварэнне СОІ ў амерыканцаў, "Булавы" ў рускіх - практычна гэта аддача лёсу сям'і, краіны ў рукі кампутараў, любы з якіх часта дапускае тэхнічныя збоі.

Пры цяперашнім развіцці тэхнікі ўсім пара ўцяміць: бяспекі для цябе асабіста, тваёй нацыі і дзяржавы ў ядзерным каламуцці не будзе. Чалавек - дух матэрыі - можа не заўважыць, як згубіць душу і цела не толькі персанальна, паляціць з ім і за ім усё чалавецтва, наймілая Зямля. Гаспадара і парабка, адвагу і палахлівасць, рупнасць і гультайства, грашавітасць і бамжатніцтва аднолькава праглыне ядзернае горла.

Беларускія дзяды і бабулі ўсвядомлена, як амаль усе Нобелеўскія лаўрэаты, баяцца любой вайны, асабліва атамнай, светлага ядзернага туману. Страх перад ядзернымі выбухамі ахоплівае беларускіх ліквідатараў гэтаксама, як цікаўнасць таленавітага навукоўца. Плач невінаватых дзяцей і травы на Гэтым і Тым свеце дастане асцярожных палітыкаў і арапістых ваенных, хітрамондрых мільярдэраў і сціхіх святароў.

Чалавецтва загнала сябе ў тупік атамных рэактараў і бомбаў, пра што на абодвух ліквідатарскіх сходах напрамую і ўскосна ператалкоўваліся беларускія ліквідатары, пацярпелыя.

...Каторы раз тэрапеўту і доктару народнай медыцыны Аляксею Бялько ўторыцца, дзесяціторыцца жудасны канец планеты. На адзіноце і полюддзі, паасобку і ў сумессі, у лагоддзі хуткай ці кароткай сустрэчы, пры тэлефанаваннях яго супакойваюць Ігар Бадановіч, Раман Кавалёў, Іван Нямковіч. Бескарысна.

Неўзабаве Еўропе не патрэбна будзе ганарліва казырыцца старажытнай культурай. Кіраўнікі дзяржаў самай высокай часткі свету ўласныя краіны і ўвесь разумны еўрапейскі свет падводзяць пад капялюш дурня, разважае Аляксей Бялько. Насадзілі дзвесце атамных рэактараў. Звар'ятным тэрарыстам у Еўропе раздолле. Пару самалётаў нават з неядзернымі бомбамі на рэактар - і пачнецца ланцуговая рэакцыя: напалі на нас - удар у адказ, ударылі - атрымайце ад нас большы падарунак.

А калі яшчэ палыхне бомбачка ў чамадане рызыканта, на целе самагубца, у аўтамабілі - старой Еўропы не стане. Маладой не будзе.

Другі варыянт гібелі кантынента таксама яскравіцца доктару Бялько. З падлодак, падземных сховішчаў і палігонаў пусцяць у Еўропу ракеты з ядзернымі бомбамі рускія, мусульманцы, кітайцы, на якіх толькі што накіраваліся бомбы з Еўропы. Адказ за ўяўленыя ці сапраўды пушчаныя нябесныя пасылачкі ім з тэрыторыі Еўропы.

З'яднанае калашмоцце станцыйна-аэснага атама і пушчанага сюды ваеннага з Еўропы, Арктыкі, Амерыкі, Азіі… скалатне шарык.

Жах асягаць далейшае.

Усе запэўніванні былых і цяперашніх кіраўнікоў еўрадзяржаў пра добрыя намеры, былыя і цяперашнія запэўніванні - "мы думалі, планавалі, вучоныя разлічвалі, ніхто не меркаваў…" - стануць блюзненнем. Смеццем, пылам. Як самыя міністры, упаўнаважанцы, усе еўрапейцы. Як сталі нікчэмнасцю апраўдальныя вывады двух аляксандраўскіх сходаў у чэрвені 1986, калі на аргументоўным сур'ёзе разумнымі дзядзькамі з выкрутлівай подласцю даказвалася невінаватасць праектантаў, канструктараў у ЧАЭСнай катастрофе.

Не стане саміх еўрапейскіх кіраўнікоў, падпісаных імі дамоваў пра размяшчэнне радараў, станцыяў назірання, такіх малалікіх і нявінных ваенных часцей з іншых дзяржаў. Нікога не будуць цікавіць нядаўнія і пазнейшыя цвёрдыя запэўніванні еўракіраўнікоў, што размяшчэнне чужых ракет і станцый назірання ніякай дзяржаве і нацыі не пашкодзіць.

Чарнобыльскія праектанты на судах і пазавуголлю, канструктары, эксплуатацыйнікі наплялі кашы з лапцямі апраўданняў, даказваліся ва ўласнай невінаватасці. Вынік слюнцяйскай акадэмічнай і міністэрскай невінаватасці - пакутуе пяць мільёнаў чалавек. СССР страціў мільярды, дзяржава хутчэй паімклівіла да прорвы развалу. Тысячы, сотні тысяч дзяцей і сталых людзей памерлі ў пакутах, існуюць на жабрацкія інвалідныя пенсіі. Паўнацэнна не развіваўся народ трох дзяржаў.

Праклёны зніклых нацый, народаў, дзяржаў узваляць на свае духоўныя абалонкі ў Тагасвецці цяперашнія выбраныя кіраўнікі еўракраін, калі з-за іх слюнява-дабрачных "не думалася, нас запэўнівалі…, мы зусім не хацелі прыцягнуць удар аддзякі" разбурацца гарады, ракетаю ўзнімецца планета.

Вечна на распаленай скавародцы ў пекле смажацца душы не адных самагубцаў, няправільных суддзяў і няправедных святароў, забойцаў і падбухторваннікаў на забойства, вечна ў пекле на распаленай скавародцы сквірчаць душы мяккенькіх і добразычлівенькіх, што загубілі хоць адно дзіцё, аднаго невінаватага перад Астралам адухоўленага працаўніка.

А тут справа ідзе пра народы, уласную нацыю, кантынент Еўропа, планету.

Расплата, горкая расплата чакае ЗэШэАўцаў, рускіх, яшчэ болей хітрамондрых кітайцаў, якія з ветлівымі ўсмешкамі і ліслівымі слоўцамі, з таннай нядоўгатэрміновай прадукцыяй металёваю іржою распаўзаюцца па свеце, вычэкваюць самаедства белай расы, - расплата чакае французаў, англічан, немцаў, чэхаў, іспанцаў, палякаў, шведаў, нідэрландцаў, італьянцаў.

Няўжо кемкія кіраўнікі разумных нацый не ўпетраць прасцей простае. Дзе б рыўкова не ўзбушаваліся рэактары (не дай Бог яшчэ бомбы), накрыецца ўся планета. Розніца неістотная: хто загнецца раней на дзень, месяц, хто пазней - праз квартал, паўгода.

Аляксей Бялько ў нервовай сутарзе сціскае губы. Не хоча доўжыць думанае, баіцца заглыбляцца ў вераемную АЭСную калатнечу. Мажліва і абавязкова пераплеценую з бомбаваю.

Першыя ракетныя ўдары (а значыць і выбухі АЭСаў), з якога боку не ўпалі б, на якую частку кантынета не абрынуліся б, сарвуць Зямлю з восі. Дзвесце ўспыхлых сонцаў спародзяць апраметную цемру, разбураць паветраную абарону і супрацьсонечную.

Колішні жорсткі вывад думкіх палітыкаў і высокіх акадэмікаў, астролагаў і экстрасэнсаў - на планеце назапашана атамнай зброі на саракаразавае знішчэнне ўсяго жывога - стане ўздыхам дрэва над апалым лістком. Фікцыяй, познай бяздаршчынай.

Не трэба сорак знішчэнняў, дастаткова аднаго. Душы хапае аднаго ўзвіву з цялеснай абалонкі. Куды дух адправіцца, не яму вызначаць; двухразавага ці саракаразавага ўзгару не бывае.

Кампутары і сінхрафазатроны, свядомасць і асэнсаванні розуму двуногіх, чатырохногіх і шматногіх істот нікому не стануць патрэбныя. Як Еўропе, ЗША, Кітаю непрыдатныя цяпер перажыванні істот Марса, Цэнтурыі-2. Радыяцыя ўсё залье.

Жахотна ўяўляць мажлівы непрацяг існавання чалавецтва. Еўропа ўсё адкрыла, развіла, усё і закрые, утруновіць, упясочыць.

...Стварэнне СОІ ў амерыканцаў, "Булавы" ў рускіх - гэта аддача лёсу сям'і, краіны, жыццё нацыі ў рукі кампутараў, любыя з якіх часта самі па сабе дапускаюць памылкі. Пры цяперашнім развіцці тэхнікі ўсім пара ўшалопіць: бяспекі для цябе, тваёй нацыі, дзяржавы ў ядзерным каламуцці не будзе. Чалавек - дух матэрыі - можа не заўважыць, як згубіць душу і цела не толькі сам, згіне чалавецтва, наймілая Зямля. Ядзернае пекла аднолькава сажрэ гаспадара і парабка, адвагу і палахлівасць, працавітасць і гультайства, грашавітасць і бамжатніцтва.

Планета рухне ў астэроіднае існаванне. Мурашоў на планеце не застанецца. Верагодныя разумныя іншапланетцы будуць шукаць на зямным астэроідзе бактэрыі, кроплі вады ў глыбінях.

Людзі з Тагасвецця не змогуць маліцца за родных, калегаў, нацыю. На планеце Зямля нічога не будзе - травы, людзей, бактэрый. Усё стане небыццём.

1987, 1990, 1998, 2009-2013.

Аўтар спадзяецца знайсці ўсё-такі спонсараў на друкаванне твора людскім накладам. Для сувязі з аўтарам - 8-029-568-88-93 (МТС). П/с 315, 220113, Мінск.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX