Папярэдняя старонка: 2013

№ 36 (1135) 


Дадана: 04-09-2013,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 36 (1135) 4 верасня 2013 г.


8 верасня - Міжнародны дзень пісьменнасці


Дзень беларускага пісьменства

1 верасня 2013 года Дзень беларускага пісьменства адзначылі ў Быхаве

Дзень беларускага пісьменства праводзіцца штогод у першую нядзелю верасня. Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі.

Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праходзіць у гарадах, якія з'яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Упершыню, у 1994 годзе, святочныя мерапрыемствы адбыліся ў старажытным горадзе Полацку. Затым сталіцамі свята сталі такія гістарычна значныя культурныя цэнтры краіны, як Тураў, Наваградак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае.

Горад Быхаў ў якасці сталіцы Дня беларускага пісьменства быў абраны невыпадкова. Менавіта з быхаўскай зямлёй звязана гісторыя стварэння аднаго з самых значных помнікаў беларускага летапісання пачатку XVII стагоддзя - Баркалабаўскага летапісу. Баркалабаўскі летапіс храналагічна ахоплівае перыяд з 1545 па 1608 гады.

Менавіта тут, на Быхаўшчыне, доўгі час жылі і тварылі Мялецій Сматрыцкі і Лаўрэнцій Зізаній - вядомыя навукоўцы, царкоўныя і грамадскія дзеячы XVII стагоддзя. "Граматыка" Сматрыцкага і "Азбука" Зізанія мелі вялікае значэнне для развіцця славянскіх моў, а іх з'яўленне стала знакавай падзеяй у духоўным і культурным жыцці Беларусі таго часу.

З быхаўскай зямлёй звязана жыццё і творчасць многіх вядомых пісьменнікаў, паэтаў і літаратуразнаўцаў. Такіх як Міхаіл Іосіфавіч Мушынскі - вядомы літаратуразнаўца, тэкстолаг, крытык, доктар філалагічных навук, член-карэспандэнт НАН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя. Я. Коласа; Іван Міхайлавіч Баранкевіч - пісьменнік, перакладчык, аўтар адной з першых прыжыццёвых біяграфій У.І. Леніна, вядомы, як перакладчык на рускую мову твораў Я. Коласа; Міхаіл Паўлавіч Пазнякоў - паэт, празаік, перакладчык, крытык, літаратуразнаўца; Барыс Васільевіч Стральцоў - публіцыст, пісьменнік, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, кандыдат гістарычных навук, доктар філалагічных навук, прафесар, адзін з заснавальнікаў тэорыі сучаснай айчыннай журналістыкі; Васіль Юр'евіч Ткачоў - празаік , паэт, драматург, публіцыст.

На тэрыторыі горада Быхава і Быхаўскага раёна размешчаны шэраг гістарычна-культурных каштоўнасцяў. Сярод іх Быхаўскі замак, які з'яўляецца помнікам архітэктуры XVII стагоддзя, сінагога, Грудзінаўскі палацава-паркавы ансамбль, Свята-Узнясенскі жаночы манастыр у аграгарадку Баркалабава. З апошнім з названых гістарычных аб'ектаў звязана гісторыя адной з самых паважаных беларускіх праваслаўных святынь - цудатворнага абраза Маці Божай Баркалабаўскай.

А да Дня пісьменства адразу тры новыя скульптурныя кампазіцыі з'явіліся ў Быхаве - "Баркалабаўскі летапіс", "На ростанях", "Пастушок".

"Пастушок" - падарунак Быхаву ад жыхароў горада Магілёва. Скульптура размясцілася ля ўвходу ў замкавы парк. На цэнтральной плошчы знайшлося месца помніку Баркалабаўскаму летапісу. Скульптурная кампазіцыя, устаноўленая каля чыгуначнага вакзала, мае трайную назву: "На ростанях. Сустрэча. Развітанне". Такая задумка скульптара Андрэя Вераб'ёва.

Наш кар. На здымку: помнік Баркалабаўскаму летапісу ў Быхаве.


120 гадоў з дня нараджэння Юзюка Фарботкі

Юзюк Фарботка (сапр.: Язэп Аўгусцінавіч Фарботка, 5 верасня 1893, вёска Налібокі, Менскі павет, Менская губерня, цяпер Стаўпецкі раён, Менская вобласць, - 8 чэрвеня 1956, Лодзь) - беларускі паэт, літаратуразнавец, перакладчык, удзельнік грамадска-палітычнага руху Беларусі пачатку ХХ ст..

Скончыў Менскую класічную гімназію ў 1914 г., да 1918 года вучыўся ў Кіеўскім універсітэце. Юзюк Фарботка паказаўся як беларускі паэт, літаратурны крытык і грамадска-палітычны дзеяч падчас І Сусветнай вайны, хаця першы верш апублікаваў у "Нашай Ніве" ў 1912 г. Наступныя публікаваліся таксама ў іншых беларускіх выданнях: "Лучынка", "Беларусь", "Вольная Беларусь", "Сьветач", "Беларускі Шлях", "Белорусское Эхо", "Школа і Культура Савецкай Беларусі". У 1920 г. у Менску выйшла друкам яго кніга "Беларусь у песьнях". У 1918-1920 гадах уключыўся ў беларускі палітычны і культурны рух у Менску і на Ўкраіне. Быў сакратаром місіі БНР у Кіеве. У 1920-1924 гг. вучыўся ў Віленскім універсітэце, пасля працаваў там выкладчыкам заалогіі. У 1932 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. Займаўся мастацкай фатаграфіяй і дзейнічаў у "Віленскім фотаклубе" Яна Булгака. Працаваў таксама ў Ваяводскай управе ў Вільні ў сельскагаспадарчым аддзяленні. Пасля вайны арыштаваны і сасланы ў Данбас. У канцы 1945 г. пасяліўся ў Лодзі.

Вікіпедыя. (Пра Юзюка Фарботку чытайце на ст. 7.)


90 гадоў з дня нараджэння Мікалая Бірылы

Мікалай Васільевіч Бірыла нарадзіўся 10 верасня 1923 года ў вёсцы Скварцы Дзяржынскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і. Яшчэ ў школьныя гады праявіў цікавасць да роднага слова, і таму зусім натуральна, што скончыўшы ў 1940 годзе Станькаўскую сярэднюю школу, ён паступіў на філалагічны факультэт Менскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. У гады вайны М. Бірыла змагаўся з фашысцкімі захопнікамі ў партызанскім атрадзе. Інстытут закончыў у 1947 годзе і паступіў на працу ў сектар дыялекталогіі Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР. З гэтай пары далейшы лёс яго быў звязаны з Акадэміяй навук, мовазнаўствам. З прыступкі малодшага навуковага супрацоўніка М. В. Бірыла вырас да акадэміка-сакратара Аддзялення грамадскіх навук, якое ўзначальваў працяглы час.

У 1956-1958 гг. прафесар кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. З 1959 г. у Інстытуце мовазнаўства АН Беларусі, з 1977 г. адначасова выконваў абавязкі акадэміка-сакратара. У 1982-1992 гг. акадэмік-сакратар Аддзялення грамадскіх навук АН Беларусі. Навуковыя працы ў галіне беларускай дыялекталогіі, сучаснай беларускай літаратурнай мовы, анамастыкі і лексікаграфіі. За час сваёй навуковай дзейнасці Мікалай Васільевіч Бірыла напісаў і апублікаваў звыш 200 навуковых работ. Аўтар манаграфіяў "Беларуская антрапанімія" (т. 1-3, 1966-1982), "Націск назоўнікаў у сучаснай беларускай мове" (1986). Сааўтар прац "Дыялекталагічны атлас беларускай мовы" (1963) і "Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак" (1968-1969; Дзяржаўная прэмія СССР 1971), "Беларуская граматыка" (ч. 1-2, 1985-1986), "Лексічны атлас беларускай мовы" (т. 1, 1992) і інш. Прымаў удзел у падрыхтоўцы і рэдагаванні слоўніка "Славянская анамастычная тэрміналогія" (Скопле, 1983), "Слоўніка беларускай мовы" (1987). Пад яго кіраўніцтвам напісана і абаронена 20 кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Узнагароджаны ордэнам "Знак Пашаны" (1976), Заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1978).

Вікіпедыя.


У Менску завяршыўся XV Міжнародны з'езд славістаў

Каля 600 даследчыкаў цягам тыдня абмяркоўвалі ў Менску навуковыя пытанні, звязаныя са славянскімі мовамі і літаратурамі ў розных краінах свету, што для Беларусі было надзвычай важным і актуальным.

Яшчэ на пачатку з'езду ўдзельнікі форуму ад беларускай дэлегацыі выказвалі спадзяванні, што міжнародная навуковая супольнасць, акрамя пытанняў агульнаславянскіх, засяродзіць увагу на праблемах беларускай мовы, літаратуры і культуры. Падставай для гэтага - іх цяперашні заняпад. Пісьменніца Ганна Кісліцына кажа, што яе спадзяванні на з'езд спраўдзіліся часткова:

- Там так мала літаратуразнаўцаў было. Калі няма, па сутнасці спецыялістаў па беларускай літаратуры - там іх на пальцах адной рукі можна было пералічыць - то зразумела, што я незадаволеная. Бо пяць чалавек не могуць прэзентаваць усю беларускую літаратуру. Мне не хапіла жывога абмеркавання сучасных праблем.

Але тое, што на з'ездзе было мала секцый, дзе можна было б падыскутаваць па праблемах сучаснай беларускай літаратуры, абсалютна не азначае, што з'езд не атрымаўся. Гэта спецыфіка з'езда славістаў, там заўсёды вядуць рэй лінгвісты. Саму арганізацыю з'езда я лічу выдатнай!

Практычная арганізацыя з'езда - яшчэ адзін важны складнік прадстаўнічага форуму. У Менску яе забяспечвалі вышэйшыя ўладныя структуры, такія, як урад, Нацыянальная акадэмія навук, Менгарвыканкам. Тут без недахопаў таксама не абышлося, кажа яшчэ адзін удзельнік, пісьменьнік Васіль Якавенка :

- З'езд быў нібыта закрытым. Да прыкладу, мне нават не дасталося праграмы. Я быў запрошаны, лічыў сябе ўдзельнікам, але пасля высветлілася, што праграма і ўсе дакументы з'езда выдаюцца толькі дакладчыкам. Калі казаць пра першыя паседжанні, уступныя словы і даклады, то там яскрава гучала думка, што ў нас усё добра, усё развіваецца: культура, мова, а таму з'езд і было вырашана правесці ў Беларусі, што яна мае станоўчы досвед. Досвед у нас ёсць, але з адмоўным знакам, асабліва ў галіне мовы і культуры агулам. Інакш і не магло быць, бо з'езд праходзіў пры ўдзеле і пад патранажам уладаў. Тым не менш я сустракаўся з нямецкімі калегамі, а яны даволі добра ведаюць сітуацыю, дык вось яны канстатавалі, што ўлады недастаткова ўвагі аддаюць развіццю беларускай мовы. Вось гэтая заўвага надзвычай актуальная. Таму гэты з'езд мог бы ўзбагаціць нас дадатковым вопытам і практыкамі. Але ў нас не прывыклі - найперш улады - прымаць пад увагу тое, што адбываецца ў свеце, што ў нас павінна быць, і рабіць нейкія карэктывы. У нас гэта ўсё ўжо даўно і назаўсёды вырашана. Таму, калі адбываецца распад беларускай мовы, то ў вярхах пра гэта і клопат невялікі.

На тое, што Міжнародны з'езд славістаў перадусім мае прынесці плён у перспектыве, спадзяецца госць форуму, паэт Генадзь Бураўкін :

- Гэтая падзея вельмі важная, бо ёсць магчымасць вачыма нашых сяброў, а ўсе дэлегаты і ўдзельнікі - бясспрэчна нашы сябры і сябры беларускай мовы, культуры і гісторыі, - паглядзець, як развіваецца наша беларуская літаратура, культура і што нас чакае ў будучыні. Мне падаецца, што вельмі важнымі былі выступы, якія ўсе высока ацэньвалі магчымасці беларускай мовы. Па-другое, усе яны з трывогай казалі, што ў развіцці беларускай мовы, дзяржаўнай мовы беларусаў ёсць штосьці трывожнае. Калі з адказнасцю думаць пра будучыню Беларусі, то гэта павінна вымусіць высокіх чыноўнікаў - перадусім Міністэрства культуры, адукацыі - задумацца. Магчыма, за тымі заліхвацкімі заявамі пра росквіт, пра развіццё розных праграм хаваюцца вельмі непрыемныя рэчы, якія яшчэ магчыма выправіць. І ў гэтым зацікаўленыя не толькі мы, а ўвесь славянскі свет. Таму вось гэты з'езд павінен вымусіць наша высокае дзяржаўнае чынавенства задумацца пра тую нацыянальную палітыку, якая праводзіцца ў нашай беларускай нацыянальнай дзяржаве. А таксама пра тое месца, якое ва ўсім гэтым займае беларуская нацыянальная мова.


Міжнародныя з'езды славістаў - буйныя навуковыя форумы, прысвечаныя праблемам развіцця славянскіх моваў, літаратураў, культураў, фальклору ў іх узаемадзеянні. Такія форумы праводзяцца з 1929 года кожныя пяць гадоў у розных славянскіх краінах.

Галіна Абакунчык.


Крайнія аўтары і выдавецтвы

Міністру адукацыі

Рэспублікі Беларусь

Маскевічу С. А.

вул. Савецкая, 9,

220010, г. Мінск

Аб тэрміновым выданні на беларускай

мове школьнага падручніка

Шаноўны Сяргей Аляксандравіч!

Да нас звяртаюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь са скаргай на тое, што не гледзячы на абяцанні Міністэрства адукацыі ў нашай краіне адсутнічае беларускамоўны падручнік па інфарматыцы для 6-га класа.

Таксама не выдаваліся і адпаведныя спецыяльныя рабочыя сшыткі на беларускай мове. Пра гэта пішуць і сродкі масавай інфармацыі (ЛіМ № 28, 19 ліпеня 2013 г., с.8).

У сувязі з гэтым просім Вас да 1-га верасня гэтага года надрукаваць вышэйзгаданыя матэрыялы і забяспечыць імі ўсе беларускамоўныя навучальныя ўстановы нашай краіны.

Мы спадзяемся, што па гэтым пытанні нам не давядзецца звяртацца ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

З павагай,

Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" А. Трусаў.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

У Міністэрстве адукацыі сумесна з Навукова-метадычнай установай "Нацыянальны інстытут адукацыі" Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь разгледжаны Ваш зварот аб выданні на беларускай мове вучэбнага дапаможніка па вучэбным прадмеце "Інфарматыка" для VI класа і рабочых сшьіткаў па названым вучэбным прадмеце. Паведамляем наступнае.

У сувязі з распрацоўкай новай рэдакцыі вучэбнай праграмы па вучэбным прадмеце "Інфарматыка" (пункт 3 Плана мерапрыемстваў па распрацоўцы новай рэдакцыі вучэбнай праграмы па вучэбным прадмеце "Інфарматыка" на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі для VI - XI класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі) тэрмін фандавання вучэбнага дапаможніка "Інфарматыка" для VI класа працягнуты да 2015 года. Новы вучэбны дапаможнік па інфарматыцы для VI класа будзе выдадзены на беларускай і рускай мовах у адпаведнасці з Перспектыўным планам падрыхтоўкі падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі на 2010-2015 гады.

Рабочыя сшыткі па інфарматыцы выдаюцца за кошт уласных сродкаў выдавецтва "Аверсэў". Мова выдання вызначаецца выдавецтвам і аўтарам.

Намеснік Міністра С.В. Руды.


Іржы Марван: "Беларускую мову разглядаю ў кантэксце лінгваэкалогіі"

Чэшскі прафесар-лінгвіст Іржы Марван браў удзел у ХV з'ездзе славістаў у Менску. У Лінгвістычным універсітэце ён разам з калегамі прэзентаваў зборнік артыкулаў чэшскіх і беларускіх аўтараў "Чэшскае ўсведамленне Беларусі", які выйшаў накладам 500 асобнікаў у Празе і ўтрымлівае ў сабе матэрыялы з беларускай лінгвістыкі і філалогіі, а таксама культуры, гісторыі, фалькларыстыкі і эканомікі. Са спадаром Марванам пагутарыў карэспандэнт Радыё Свабода.

- Чаму чэхі цікавяцца беларускай мовай і культурай? У чым гэтая цікавасць выяўляецца?

- Беларусістыка ў Празе заснаваная на тым, што ў нас вельмі моцная ўкраіністыка. А калі ёсць моцныя ўкраіністы, то яны імгненна пачынаюць цікавіцца і беларускай мовай. Дарэчы, у адрозненне ад іншых краінаў, у Чэхіі іншымі славянскімі мовамі займаюцца самі чэхі. А, напрыклад, у Польшчы беларускую мову даследуюць пераважна беларусы ці ўраджэнцы Беларусі.

- Вы інспіравалі стварэнне зборніка "Чэшскае ўсведамленне Беларусі" і прысвяцілі яго З'езду славістаў у Менску. Чаму Вам персанальна цікавая наша мова?

- Мяне вельмі хвалююць мовы, якія знаходзяцца ў цяжкай сітуацыі. Я разглядаю іх у кантэксце лінгваэкалогіі і лінгваэтыкі. Лічу вельмі важным этычны падыход да моваў. Бо калі разглядаць мову выключна як інструмент камунікацыі і мыслення, то нам не патрэбная моўная разнастайнасць. Нават ёсць тэорыя, паводле якой да канца гэтага стагоддзя застанецца толькі тры мовы: ангельская, гішпанская і кітайская. Я не падзяляю такі падыход. Наадварот, я веру, што родная мова кожнага чалавека - гэта частка яго душы.

- Чаму самім беларусам у большасці не цікавая свая мова?

- Гэтае пытанне вы павінны задаваць у першую чаргу сабе. Замежнікі не могуць ведаць шмат пра ваш народ. Але я думаю, што гэта натуральны працэс постсацыялістычнага перыяду. Псіхалогія сацыялізму, матэрыялізму палягала ў тым, каб ігнараваць духоўныя аспекты жыцця чалавека. Ідэя была ў тым, што іншыя мовы не патрэбныя, калі ўсе разумеюць па-расейску і могуць будаваць камунізм, карыстаючыся адной агульнай мовай. Але беларуская мова - гэта парадокс, таму што яна панесла найбольшую шкоду ў Савецкім Саюзе. Відаць, гэта адбылося таму, што яна найбліжэйшая да расейскай мовы. Армянская ці казахская мова настолькі далёкія ад расейскай, што немагчыма стварыць "трасянку" ці нейкага іншага моўнага вырадка. Другая прычына - тое, што Беларусь была часткай расейскай імперыі, дзе беларуская мова лічылася дыялектам, прычым не каштоўным. Я мяркую, што беларусы доўгі час лічылі, што не належаць да цэнтра грамадства. І каб нейкім чынам далучыцца да гэтага цэнтра, яны імкнуліся перайсці на расейскую мову. Гэта не феномен: нешта падобнае можна назіраць у сітуацыі лужычанаў, якія, каб трапіць у майнстрым, імкнуцца да нямецкай мовы, нямецкага грамадства.

- Што далей будзе з беларускай мовай?

- Нягледзячы на мноства неспрыяльных фактараў, я аптыміст. Ёсць некалькі тэорыяў узнаўлення моваў, якая бліжэйшая да Беларусі - цяжка сказаць. Але дакладна можна сцвярджаць, што гэтая справа - справа маладога пакалення, людзей, якія выхоўваюць сябе і іншых. Гэта заўсёды элітная меншасць. Але ад іскры пачынаецца полымя. Чым больш вы станеце еўрапейцамі, тым больш вы станеце беларусамі. Праблема ў тым, што тут застаецца жалезная заслона, якую зруйнавалі палякі і ўкраінцы і павінны зруйнаваць беларусы.

- Апроч падабенстваў у лінгвістычнай плоскасці, што яшчэ яднае чэхаў і беларусаў?

- Чэхія даволі далёкая, але яна можа добра дапамагчы беларусам. Напрыклад, сваім прыкладам узнаўлення мовы. У Чэхіі прыязна ставяцца да беларусаў. У Празе шмат месцаў абазначаныя як тыя, якія звязаныя гістарычна з Беларуссю. Асобы, якія яднаюць нашыя краіны, гэта Францішак Скарына, Васіль Захарка, Міхась Забэйда-Суміцкі, Пётра Крэчэўскі, Ларыса Геніюш, Васіль Быкаў і шмат іншых.

- Некалькі супрацоўнікаў Радыё Свабода таксама спрычыніліся да стварэння зборніка "Чэшскае ўсведамленне Беларусі"…

- Найперш вялікі ўнёсак зрабіў Юрась Бушлякоў. Мы з укладальнікам Міхалам Вашэчкам прыходзілі на Радыё Свабода разоў пяць, там Юрась пазнаёміў нас з іншымі сябрамі рэдакцыі. Адзін з іх стаў нашым аўтарам - гэта Ян Максімюк, які, з майго лінгвістычнага пункту гледжання, падрыхтаваў самы сенсацыйны матэрыял для зборніка: ён сам сканструяваў новую мікрамову - падлескую. Таксама дзякуючы Юрасю мы звязаліся з Генадзем Бураўкіным, які напісаў цікавую прадмову да выдання. Юрась Бушлякоў да канца жыцця моцна перажываў за беларускую мову, нягледзячы на хваробу.


ТАПОНІМЫ - ВОЧЫ КРАІНЫ

Ні ў адной цывілізаванай краіне свету нацыянальная тапанімія не зазнала такога глумлення, як у Беларусі. Яшчэ і сёння на ёй ляжыць адбітак дзейнасці польскай і расійскай канцылярыі. Але найбольшы здзек над ёй учынілі савецкія ўладныя структуры. Вось як гэта здзяйснялася на практыцы.

Аматарскі ператрус

Як заўважыў яшчэ байкапісец Іван Андрэевіч Крылоў, безнадзейна чакаць добрых вынікаў у выпадку, калі не за сваю справу бяруцца аматары-саматужнікі. Беларусы маюць свой горкі досвед такога кшталту.

Без элементарнага ўяўлення пра значнасць тапаніміі як гістарычна-культурнага помніка і носьбіта каштоўнай інфармацыі падобныя аматары распачалі маштабную кампанію па знішчэнні нашых старажытных, нярэдка ўнікальных, адзінкавых тапонімаў.

Колькі непапраўных страт нанесена беларускай тапаніміі ў выніку бяздарных перайменаванняў! Знішчалася ўсё тое, што не адпавядала чыноўніцкаму ўсведамленню новай ідэалогіі або гучала як быццам не вельмі прыстойна. Але, да прыкладу, што ідэалагічна шкоднае неслі ў сабе беларускія тапонімы Ліхтэрня, Паташня, Гута, Майдан, Радацэнь ? Амаль усе яны непаўторныя і пераважна месцяць у сабе назвы старажытных беларускіх промыслаў: гута 'прадпрыемства, дзе вырабляецца шкло', майдан 'смалакурня; печ для апальвання цэглы', паташня 'паташны завод', ліхтэрня 'прадпрыемства, на якім выраблялі ліхтэры - невялікія грузавыя караблі тыпу баржы'. А што непрыстойнае пачулася некаму ў назве Гавязна Стаўпецкага р-на? У яе аснове ні што іншае, як назва травяністай расліны гавяз (націск на першым складзе), якая звычайна расце па берагах рэчак і вадаёмаў. Не зразумела так-сама, дзеля чаго і дзеля каго стала ахвярай старажытная назва Мондзін (першае ўпамінанне 1559 год). Спачатку яе перайменавалі на Сиреневка , якая, па сведчанні Я. Адамовіча, па-беларуску стала пісацца Сярэнеўка . Відаць, гэта і змусіла чыноўнікаў паўторна перайменаваць яе ў Чаромушкі. У аснове тапоніма Мондзін нямецкае слова монд 'месяц'. У размоўным ужыванні так называецца лысіна чалавека, якая нагадвае па форме дыск месяца. Значыць, заснавальнікам або ўладальнікам паселішча быў чалавек з такой лысінай.

А хіба можна чым-небудзь растлумачыць замену цалкам нейтральных тапонімаў Барок, Гарбы, Двор Левандоўскага, Германава, Адверніца, Мікалаеўка, Хацееўка, Хаткі, Куравічы, Шаламы, Пляцянічы, Крыжовы Лог, Падгоранка, Каўшоўка, Божы Дар і шмат іншых?

Ні ў адным з афіцыйных спісаў тапонімаў не быў прастаўлены націск, з-за чаго тапонімы нярэдка прачытваліся памылкова і нават траплялі ў лік абразлівых. Прыкладам могуць служыць Мартышк і (націск на апошнім складзе) і Х о луй (націск на першым складзе). У выніку пераносу націску яны па асацыяцыі з мартышкамі і халуямі падпалі пад перайменаванне. Між іншым сэнс іх зусім бяскрыўдны. Мартышк і паходзяць ад асабовага імя Мартын , якое ўяўляе сабой размоўную форму ад афіцыйнага імя Марцін , а назва Холуй паходзіць ад слова холуй 'пясчаны нанос на беразе ракі'.

Па гэтай жа прычыне знікла назва Язвы. Паходзіць яна зусім не ад слова язва (націск на першым складзе), а ад язва (націск на апошнім склдзе) 'пратока, праточная балаціна, якая не замярзае зімой'.

Прыкладам тапанімічных кур'ёзаў сталі перайменаванні тапонімаў Морач у Савецкую Морач і Алёс у Чырвоны Алёс . Атрымаўся ідэалагічны казус, бо морач азначае цёмнае змрочнае балота, а алёс - альховае балота.

Шматлікія пераназовы спрадвечных назваў (і на рускай, і на беларускай мове) запалымнелі ідэалагічнай чырванню: Красная Плошчадзь, Красны Пахар, Красны Лес, Красны Рог, Красны Свет, Красны Май, Красны Партызан, Чырвоны Барэц, Чырвоная Звязда, Чырвоная Знаменка, Чырвоная Кветка, Чырвоны Агарод, Чырвоны Агароднік, Чырвоны Змагар, Чырвоны Клін, Чырвоны Пільшчык, Чырвоны Сцяг, Чырвоны Шлях, Чырвоны Вапняк, Чырвоны Рубеж, Чырвоны Гонтаўшчык, Чырвоная Харкаўка.

Ніколькі не лепшы лёс напаткаў тыя тапонімы, якія засталіся жыць. У працэсе пераафармлення беларускай тапаніміі на арфаграфію рускай мовы многія тапонімы страцілі свой першасны сэнс, форму, структурнае аблічча, арыгінальнасць. Так, на тэрыторыі Беларусі неаднаразова паўтараецца назва Пральня , якая паходзіць ад беларускага слова пральня 'памяшканне, дзе мыюць бялізну'. Па-расейску яна пераагучана ў Пряльня 'памяшканне, дзе прадуць'. А тапоніму Пранікі 'людзі, якія займаюцца мыццём бялізны' нададзена гучанне Пряники 'пернікі'.

Шматлікія спрадвечныя назвы бязвінна знішчаны і заменены нейкім ідэалагічным сурагатам тыпу Пралетарыя, Вішнёвая, Рамашкі, Залог Пяцігодкі, Першамай, Вазраждзенне, Надзежда, Пабеда, Акцябр, Кастрычнік, Звязда, Зоранька, Рассвет, Лучазарная, Перадавы, Працоўная, Новае Жыццё, Новы Лад, Чырвоная Зара, Партызанаўка, Прагрэс, Пражэктар, Труд, Бальшавік, Камсамолец ! Хіба гэта паўнавартасныя назвы для населеных пунктаў? Гэта пустыя штучныя знакі, якія не маюць ніякіх адносін ні да гісторыі паселішчаў, ні да аб'ектаў іх наваколля. Напрыклад, што атрымаецца, калі ў паселішчах з пералічанымі назвамі з'явіцца школа, крама, дзіцячы садок? Як яны будуць называцца? Як будуць называцца людзі, якія там жывуць? Ці падумаў хто пра гэта? І тым не менш такія назвы прыйшлі на месца тысяч тапанімічных сведак нашай гістарычнай мінуўшчыны, якія маглі б шмат чаго расказаць не толькі лінгвісту, але і гісторыку, географу, эканамісту, этнографу.

Маючы на ўвазе тапанімію, нямецкі філолаг Вільгельм Грым пісаў: "Ёсць больш жывыя сведчанні пра народы, чым косці, дамавіны і зброя, - гэта іх мова" . У нас жа на руінах шматвекавой народнай творчасці забуяла пышная рускамоўная фантазія.

Вёска (вуліца), як цябе называць?

Увесь гэты набор наватвораў на рускай і беларускай мове затым пачалі даслоўна перакладаць з мовы на мову, што ўнесла страшэнную блытаніну і разнабой у сістэму беларускай тапаніміі. У выніку ўзнікла такая з'ява, як двухназоўе ( Двигатель - Рухавік, Красный Пахарь - Чырвоны Араты, Ромашки - Рамонкі, Октябрь - Кастрычнік і інш.), і тапонімы фактычна перасталі выконваць сваю асноўную намінатыўную функцыю - служыць адназначным арыенцірам на мясцовасці. Падчас дыялекталагічных экспедыцый мне даводзілася гутарыць з жыхарамі двухназоўных паселішчаў. У адказ на пытанне, як усё ж такі называецца іх вёска, напрыклад, Победитель ці Пераможац , яны толькі паціскалі плячыма.

Надзвычайная тапанімічная блытаніна ўзнікла ў выніку перакладу тапонімаў з кампанентам Красны - Чырвоны . Назвы тыпу Красный Большевик, Красный Маяк, Красный Октябрь пры перакладзе зрабіліся чырвонымі: Чырвоны Бальшавік, Чырвоны Маяк, Чырвоны Кастрычнік . А тыя пераназовы, якія афіцыйна засведчаны па-беларуску (ёсць і такія), пры перакладзе на рускую мову сталі краснымі. У гэтай каламуці ўжо цяжка вылучыць беларускія спрадвечныя красныя назвы, якія ніякіх адносін да кастрычніцкай рэвалюцыі не маюць. Яны паходзяць ад старажытнага прыметніка красны 'адметны прыгажосцю, хараством, маляўнічасцю наваколля'. Напрыклад, Красная Слабада, Красны Двор, Краснаполле . Першыя ўпамінанні аб іх у пісьмовых крыніцах адносяцца да 14-16 стагоддзяў, а ўзніклі яны значна раней.

Але не толькі пераклады, а і звычайная нядбайнасць можа прыводзіць да двухназоўя. Па ўсёй Беларусі сустракаюцца выпадкі, калі літаральна на двух суседніх шыльдах назва адной і той жа вёскі пішацца па-рознаму: Валеўка і Валяўка , Астрашыцы і Астрошыцы , Трашчыцы і Трошчычы , Більцэвічы і Більцавічы і пад.

Ад савецкіх часоў пануе анархія і блытаніна ў перакладной частцы назваў нашых вуліц. Нават добры знаўца беларускай і рускай моў не ў стане прызвачаіцца да двухмоўя: Крынічная - Родниковая, Вясёлкавая - Радужная, Шпалерная - Обойная, Чыгуначная - Железнодорожная, Яравая - Овражная, Будаўнікоў - Строителей, Бэзавая - Сиреневая, Усходняя - Восточная, Паўночная - Северная, Калгасная - Колхозная і інш. Вядома нямала казусаў, якія ўзнікаюць на глебе перакладаў. Так, напрыклад, на вуліцы Крынічнай адбылося здарэнне. Міліцыянер аформіў пратакол, указаўшы назву вуліцы, напісаную на шыльдзе, - Крыничная . Залішне адукаваны следчы ўнёс гэтую назву ў паперы ўжо ў перакладным варыянце - Родниковая . У выніку з залы суда дакументы вярнуліся на даследаванне, бо суддзя цалкам законна пабачыў розначытанні пры вызначэнні месца здарэння. Некаторыя самадзейныя пераклады нагадваюць анекдот. Дзяўчына напісала ліст сяброўцы. Узялася падпісваць канверт і задумалася, як назва вуліцы Вялікі Гасцінец будзе гучаць па-руску. Урэшце напісала: улица Большой Подарок . Паштоўка вярнулася з прыпіскай, што такой назвы ў горадзе няма.

Горш за ўсё, што далёка не ўсе і афіцыйныя пераклады можна прызнаць адэкватнымі, бясспрэчнымі. Да прыкладу вуліца Цагельная перакладаецца як Кирпичная . А хіба вытворная аснова гэтага прыметніка цэгла ? Калі так, то вуліца называлася б Цагляная , а не Цагельная . Цагельны - гэта прыметнік ад назоўніка цагельня - кирпичный завод. А значыць правільны пераклад - Кирпичнозаводская .

Вуліца Дыяментавая перакладаецца як Алмазная . Але ж алмаз - гэта сыры прыродны мінерал, а дыямент - апрацаваны, адшліфаваны пэўным спосабам алмаз. У рускай мове ёсць эквівалент беларускага слова дыямент - гэта диамант . То адкуль узяўся рускі адпаведнік Алмазная для беларускай назвы?

Вуліца Яравая па-руску перакладаецца як Овражная . Але ў рускай мове ёсць слова яр , прычым яно з'яўляецца мнагазначным: 'крутой обрывистый берег реки, озера, склон оврага; обрыв', 'овраг, лощина'. Чаму з усіх эквівалентаў пры перакладзе быў абраны менавіта овраг?

І такіх выпадкаў сотні.

Замежныя госці блудзяць у Беларусі

Замежныя грамадзяне, прыязджаючы ў Беларусь, дзівяцца і абураюцца з нашага вынаходніцтва па перакладзе назваў вуліц. Прыгадаем хаця б два эпізоды.

У савецкі час двое ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі (у Мінску) пажадалі схадзіць у кіно. Наш супрацоўнік купіў ім білеты, паклаў іх у канверт і на канверце напісаў: кінатэатр "Перамога" ("Победа"). Ад суправаджэння нашыя госці адмовіліся. Прачытаўшы надпіс, разгубіліся. Што за рэбус? У які кінатэатр ім кіравацца? Звярнуліся да дзяжурнай гасцініцы, але тая ім не дапамагла. На вуліцы нехта, відаць, не разабраўшыся, што ім патрэбны кінатэатр, скіраваў гасцей на Плошчу Перамогі. Толькі там міліцыянер растлумачыў, што ў Беларусі кінатэатры маюць дзве назвы, але на сеанс яны ўжо спазніліся і абураныя вярнуліся ў гасцініцу. А назаўтра вылівалі ўвесь свой гнеў на гаспадароў канферэнцыі.

А вось зусім нядаўні выпадак. Двое маскоўскіх студэнтаў завіталі ў Мінск на музычны канцэрт. Купілі карту мінскага метро, падлічылі, колькі станцый ім трэба праехаць, каб перайсці на іншую лінію. На карце гэтая станцыя абазначалася як Октябрьская , а калі выйшлі з вагона, яна аказалася Кастрычніцкай . Разгубіліся хлопцы. "Што гэта за прамежкавая станцыя, якая не трапіла на карту", - падумалі яны. Патэлефанавалі сябрам і толькі тады дазналіся, што ў Беларусі, як яны выказаліся, так прыкра жартуюць з прыезджых.

"Внести изменения, предусматривающие использование прямого перевода при передаче географических названий с белорусского языка на русский".

Такое распараджэнне прыйшло ў Тапанімічную камісію пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь.

А ці магчыма ўвогуле ажыццявіць прамы (г.зн. даслоўны) пераклад нацыянальнай тапаніміі на іншую мову? У сусветнай практыцы такога прэцэдэнта яшчэ не было і, мусіць, ніколі не будзе, бо такі пераклад - справа непад'ёмная, нават калі б за яе рызыкнуў узяцца сам Бог.

Да тапонімаў нельга падыходзіць так, як да звычайных слоў, для перакладу якіх можна заўсёды адшукаць патрэбны эквівалент у перакладных слоўніках. Сэнс тапонімаў схаваны пад тоўшчай вякоў і дабрацца да яго вельмі няпроста. Гэта тлумачыцца тым, што многія словы, якія задзейнічаны ў тапаніміі, даўно выйшлі з ужытку або жывуць, але ўжо зусім у іншых значэннях. Галоўнай перашкодай для перакладу нацыянальнай тапаніміі на любую іншую мову з'яўляецца адсутнасць храналагічна і сэнсава адэкватных адпаведнікаў у іншых мовах, бо кожная нацыя развівалася па сваім, толькі ёй уласцівым сцэнарыі. Сутнасць назваў, якімі мы карыстаемся сёння, раскрываецца толькі ў кантэксце рэалій той эпохі, якая іх спарадзіла. Напрыклад, безнадзейна шукаць эквіваленты для перакладу тапонімаў Валокі, Маргі, Засценкі, Клеткі, Сярэдняе Сяло, Прыдаткі, Наддаткі, Рэзкі, Рыскі і інш., спароджаныя зямельнай рэформай "Устава на валокі" 1557 г. На тэрыторыі Расіі аналагаў у яе не было.

Калі не ўлічыць гэтыя абставіны, так званы прамы пераклад у дачыненні да тапонімаў ператвараецца ў фікцыю. Возьмем, напрыклад, беларускія тапонімы Вялікі Двор, Вялікае Сяло, Вялікая Слабада. У княжацкі перыяд назвы Великий Двор, Великое Село, Великая Слобода даваліся не за тое, што яны вызначаліся сваімі памерамі, а за тое, што належалі вялікім князям. Пацверджаннем гэтаму служаць тэксы старажытных пісьмовых крыніц: " А Слобода Великая - то отчина великих князей", "Князь Андрей Дмитриевич дал игумену Кириллу село свое Великое" . А ў Лаўрэнцеўскім летапісе (1377 г.) паведамляецца, што вялікі князь Вячаслаў сядзеў у Кіеве "на Великом дворе" . У эпоху Кіеўскай і Маскоўскай Русі апрача вялікіх князёў да вышэйшага саслоўя належалі таксама "большие бояре". Іх паселішчы, у адрозненне ад вялікакняжацкіх, называліся Большой Двор, Большое Село . На беларускай этнічнай тэрыторыі такога высокага баярства не існавала, а таму гістарычна апраўданымі для беларускай тапаніміі з'яўляюцца толькі назвы, у якіх словы двор, сяло, слабада спалучаюцца з прыметнікам вялікі і не ўтвараюць антанімічную пару з прыметнікам малы . У дадатак у расійскай тапаніміі без перакладу функцыянуюць назвы з кампанентам Великий (Великий Устюг, Великие Луки) і Большой (Большой Бор, Большое Село, Большой Иван). Адпаведна пераклад Вялікае Сяло на Большое Село з'яўляецца скажэннем, адступленнем ад гістарычнай праўды. Крыху іншая сітуацыя ў назвах, што ўтвараюць процілеглыя пары: Вялікае Сяло - Малое Сяло, Вялікія Лепі - Малыя Лепі. Але і ў гэтым выпадку не трэба спяшацца Вялікі замяняць на Большой , паколькі ў перыяд узнікнення назваў Вялікі ў іх складзе ўжываўся не ў сэнсе 'значны паводле сваіх памераў', а ў сэнсе 'галоўны, асноўны'.

Ці яшчэ адзін прыклад. Назва Гай перакладаецца як Роща . Здаецца, звычайныя словы. А на самай справе тут крыецца сур'ёзная праблема. Слова гай у беларускай мове абазначае не адно, а некалькі паняццяў. У "Тлумачальным слоўніку беларускай мовы" гай - гэта невялікі лес, звычайна лісцёвы; дуброва. У беларускіх дыялектах гай - гэта: 1. лясок сярод поля; 2. малады хваёвы лес; 3. невялікі прыгожы змешаны лясок ці частка лесу. Якое з гэтых паняццяў легла ў аснову назвы, высветліць практычна немагчыма. Тады чаму Гай - гэта менавіта Роща , а не Барок , Хвойнік, Дуброва , проста Лясок ? Больш таго, у рускай мове ёсць слова гай . То ці варта наогул рабіць пераклад?

Ці ёсць выйсце з гэтай тупіковай сітуацыі? Ёсць. Трэба ачысціць нацыянальную тапанімію ад наноснага сурагату, вярнуць нашыя спрадвечныя назвы, а тыя, якія сапраўды нясуць у сабе нейкі негатыў, перайменаваць у духу народных традыцый. Так і меркавалася зрабіць падчас працы над даведнікам "Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь" у шасці тамах. Але нас не падтрымалі мясцовыя ўлады. Ды і сама працэдура вяртання страчаных найменняў аказалася надзвычай складанай.

Па-руску назвы паселішчаў і вуліц варта перадаваць спосабам транслітарацыі (палітарна). У наш час, калі пры ААН створана Група экспертаў па нацыянальнай стандартызацыі, якая выпрацавала рэкамендацыі па перадачы тапаніміі з адной мовы на другую, проста несалідна займацца сумніўнымі перакладамі.

Тапонімы - вочы краіны. З глыбіні вякоў яны высвечваюць гістарычны лёс народа, яго культурныя і духоўныя набыткі, яго менталітэт. І зусім ужо непрыстойна ператвараць нацыянальную тапанімію ў разменную манету.

Думаецца, што і нашай уладзе, і ўсім нам не ўсё роўна, што будуць высвечваць гэтыя вочы: гісторыю і культуру народа, яго незалежнасць, самабытнасць мовы або нашу нядбайнасць, бяспамяцтва, рабалепства, невуцтва і бескультур'е.

Доктар філалагічных навук, прафесар В. П. Лемцюгова.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў верасні

Анацка Лявон Яўгенавіч Анісім Алена Мікалаеўна Анішчанка М.І. Арэх Мікалай Уладзіміравіч Асіпенка Аляксандр Георг. Багдановіч Алена Іванаўна Барада Людміла Баран Павал Барысенка Аляксандр Анат. Барэйка Юры Мікалаевіч Батура Людміла Віктараўна Баршчун Валянціна Дзмітр. Баршчэўская Алеся Баярэвіч Ксенія Аляксандр. Белакоз Алесь Бізгень Людміла Бондар Юлія Сяргееўна Бубновіч Ніна Булатава Зоя Міхайлаўна Булаўская Марына Булыга Анастасія Ваніслаўчык Дзмітры Варановіч Крысціна Васілеўскі Валянцін Васільева Галіна Іванаўна Васілючак Міхаіл Вікенцьев. Вінакурава Кацярына Войніч Вікторыя Іосіфаўна Вочка Ірына Пятроўна Высоцкая Таццяна Валянцін. Вяргей Валянціна Габрусевіч Сяргей Гадзюка Юрась Аляксандр. Гайдучэнка Алег Сяргеевіч Галубовіч Зміцер Галянкова Альбіна Валер. Гідлеўская Людміла Гілевіч Ніл Сымонавіч Грынько Вольга Ігараўна Гуркоў Алесь Уладзіміравіч Данілюк Алег Іванавіч Даўгашэй Франц Дземідовіч Андрэй Дземянцей Наталля Ермал. Дзмітрыева Зося Дзягілеў Лявон Дзям'яненка Ванда Баляслав. Дранец Алена Дробыш Алёна Сяргееўна Дрык Юлія Дубоўская Кацярына Дуганаў Алег Міхайлавіч Дэц Аксана Аляксандраўна Еўстратоўскі Уладзімір Пар. Ехілеўская Кацярына Леанід. Жолудзеў Анатоль Пятровіч Жук Мікалай Мікалаевіч Жукоўскі Барыс Жытко Канстанцін Іванавіч Жышкевіч Людміла Зайка Антаніна Іванаўна Занкевіч Зміцер Сяргеевіч Збірэнка Алена Зяновіч Ганна Аляксандраўна Іванова Вольга Аляксандр. Ісаевіч Наталля Анатольеўна Ісенава Марыя Ісмаілава Тамара Якаўлеўна Казак Мікалай Мікалаевіч Казлоўская Іна Іосіфаўна Каладынская Вольга Эдвард. Калбасіна Ірына Канановіч Алена Кандраценка Артур Сяргеев. Кануннікаў Дзмітры Сяргеев. Карпека Андрэй Валер'евіч Карповіч Сямён Іванавіч Карценька Алена Карэнька Зінаіда Іванаўна Кашчэеў Алесь Квандзель Таццяна Уладзім. Кіенка Генадзь Колас Уладзімір Георгіевіч Корбут Віктар Андрэевіч Котчанка Уладзімір Коўзель Ян Уладзіміравіч Кошчанка Уладзімір Алякс. Краснагір Аляксей Рыгор. Краўцоў Андрэй Краўчанка Ала Крот Кацярына Міхайлаўна Круглік Юлія Віктараўна Кузьміна Галіна Кузьміч Вольга Аляксандр. Купчык Мікола Курдзя Антаніна Юр'еўна Курдо Антон Васільевіч Лагун Таццяна Лазко Любоў Іванаўна Лапухова Часлава Чаславаўна Лапцік Валянціна Лісай Уладзімір Аляксеевіч Літвін Уладзімір Ліхашэрст Макар Васільевіч Ліцьвінчук Алена Лужкоўская Юлія Юр'еўна Лукашэнка Любоў Яўгенаўна Лунёва Настасся Лызо Дмітры Сяргеевіч Ляшкевіч Сяргей Іосіфавіч Малочка Таццяна Маляўка Андрэй Фёдаравіч Мандрык Канстанцін Алякс. Марзалюк Ігар Аляксандр. Маркелаў Валер Анатольевіч Марозаў Валеры Марук Мікалай Анатольевіч Марцінкевіч Ганна Масла Марыя Мацкевіч Васіль Васільевіч Мацулёў Мікалай Пракоп. Мельнікава Зоя Пятроўна Мельнікаў Мікалай Алякс. Міхайлоўская Вікторыя Люд. Міхалькова Алена Мудрова Таццяна Мудроў Вінцэсь Леанідавіч Мурашка Надзея Мусік Святлана Валянцін. Навумік Зінаіда Новік Дзіяна Новік Марыя Іванаўна Пабірушка Таццяна Валер. Панкрат Пётр Аляксеевіч Паўлініч Ліза Паўловіч Наталля Юр'еўна Паўлоўская Марыя Ігараўна Пацялежка Андрэй Петрыкевіч Валеры Міхайл. Піваварчык Ірына Вайцех. Пінчук Мікалай Фёдаравіч Піткевіч Алесь Пятроў Дзяніс Валер'евіч Пранікава Тамара Прасольная Вольга Анатол. Прыстаўка Яніна Ігараўна Птушка Алена Міхайлаўна Пузанкевіч Вікенці Пянкрат Пётр Аляксеевіч Пяткевіч Тамара Сымонаўна Рабкоўскі Валянцін Разжалавец Ніна Рамашэўскі Барыс Іванавіч Савостава Наталля Юр'еўна Салавей Лія Мацвееўна Саламевіч Кацярына Алякс. Салдатава Аліса Сяргееўна Сарока Надзея Свяколкін Антон Віктаравіч Сенчанка Наталля Сідар Павел Сідарчук Яўгенія Сідарэвіч Сяргей Паўлавіч Сметаненка Александр Смольнік Вольга Георгіеўна Содаль Уладзімір Ілліч Станілевіч Б.А. Станкевіч Вячка Суднік Алена Вячаславаўна Суднік Арцём Станіслававіч Сусла Мікалай Валянцінавіч Сухаверхая Кацярына Мін. Сцяжко Канстанцін Ігаравіч Сяльверстава Святлана Яўг. Тарасевіч Пётр Пятровіч Ткачоў Максім Трапашка Аляксей Усеня Ўладзімір Мікалаевіч Усцімчук Мікалай Мікалаев. Фёдарава Ірына Пятроўна Флярко Сяргей Аляксандр. Хляба Ігар Вітальевіч Цімохаў Сяргей Цыбулька Аляксандр Георг. Чаркасаў Л.І. Чэчат Лілія Пятроўна Шаміёнка Сяргей Эдуардавіч Шпірыч Раіса Сяргееўна Штанюк Наталля Аляксандр. Шульчанка Вольга Анатол. Шэметава Вікторыя Якавец Т. Я. Янкоў Дзмітры Уладзіславав. Ярмушчык Антаніна Яфрэмаў Алег Анатольевіч Яшкін Уладзімір Уладзімір.


Да дня пісьменства ў Лідзе

1 верасня да Дня беларускага пісьменства Лідскі літаратурны музей правёў комплекснае мерапрыемства з трох вельмі каларытных частак. На першым паверсе гасцей сустракае выстава графічных работ лідскага мастака Пятра Цімафеева. На выставе прадстаўлены партрэты літаратараў і выдатных людзей Беларусі, а паколькі ў нас кожны значны чалавек - трохі літаратар, то выстава аказалася якраз да Дня пісьменства. Прадстаўлены партрэты Кастуся Каліноўскага, Анатоля Сыса, Францішка Аляхновіча, Рыгора Барадуліна, Васіля Быкава, Генадзя Бураўкіна, Барыса Кіта, Уладзіміра Караткевіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Ларысы Геніюш, Яўгеніі Янішчыц, Зоські Верас і Алаізы Пашкевіч (Цёткі).

Пётр Цімафееў нарадзіўся 4 чэрвеня 1965 года ў Лідзе. У 1980 г. закончыў 8 класаў СШ №3, вучыўся ў вучэльні №55 г. Ліды. З 1983 па 1985 год служыў у Савецкай Арміі, пасля працаваў у Лідзе. Зараз вольны мастак. Жанаты, двое дзяцей, Унук Ваня ўжо малюе з дзедам. У 2002 годзе прымаў удзел у выставе "Трохкутнік" у Лідзе. У 2012 годзе персанальная выстава "Партрэты музыкантаў".

На другім паверсе лідскі скульптар Вадзім Вераб'ёў прадставіў партрэт беларускага першадрукара Яна Карцана (? - 1611), які родам з Вялічак Лідскага павету. Аўтар паабяцаў, што за партрэтам на чарзе і бюст Яна Карцана.

Вадзім Вераб'ёў нарадзіўся 29 ліпеня 1964 года ў г. Лідзе. У 1983 годзе закончыў Бабруйскую мастацкую вучэльню, а ў 1992 годзе - Акадэмію мастацтваў. Скульптар-педагог. Працуе мастаком-канструктарам на Лідскім ліцейна-механічным заводзе. Скульптуры Вадзіма Вераб'ёва ўстаноўлены ў Беларусі, Германіі, Францыі.

А на завяршэнне была прэзентавана новая кніга Ўладзіміра Васько "Лясная рапсодыя". Аўтар трох паэтычных кніг парадаваў чытачоў зборнікам прозы з аповесці, якая дала назву кнізе, а таксама апавяданняў і ўспамінаў.

Уладзімір Васько нарадзіўся ў вёсцы Ліпічанка Шчучынскага раёна. Працаваў у рэдакцыі "Лідскай газеты" з 1972 па 2000 г. Жыве ў Лідзе. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Друкаваўся ў газетах, часопісах, калектыўных зборніках паэзіі, публікаваў празаічныя творы і ўспаміны. Аўтар паэтычных кніг "Прасветленасць" (1981), "На схілах берагоў" (1997), "Кругаварот жыцця" (2011).

На імпрэзу прыйшлі лідскія літаратары, аматары прыгожага пісьменства. Парадаваў прысутных сваім майстэрствам слынны лідскі бард Сяржук Чарняк.

Рыхтавалі імпрэзу супрацоўнікі Лідскага музея Анастасія Каладзяжная, Алесь Хітрун і Тацяна Нікіфарава.

Наш кар.


Магілёўскія ўлады за беларускую мову

Старшыні

грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.

Магілёўскі гарадскі выканаўчы камітэт, разгледзеўшы Ваш зварот, паведамляе наступнае.

Ва ўстановах аддзела культуры гарвыканкама праводзіцца сістэматычная работа па папулярызацыі беларускай мовы, твораў класічнай і сучаснай літаратуры, традыцыйнай народнай спадчыны.

Беларуская мова выкарыстоўваецца ва ўсіх сферах бібліятэчнай дзейнасці: выступленнях на вытворчых нарадах, семінарах, пры правядзенні масавых мерапрыемстваў, распрацоўцы метадычных матэрыялаў, афармленні нагляднай рэкламы беларускай літаратуры.

У 2013 годзе на базе бібліятэк, у мэтах папулярызацыі творчасці беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, будуць рэалізаваны бібліятэчныя мэтавыя праграммы, віртуальныя праекты, цыклы бібліятэчных аглядаў літаратуры. Запланаваны сустрэчы з беларускімі аўтарамі В. Тарасевіч, Г. Марчуком, С. Тракіменкам, у электроннай і друкаванай форме будзе створаны бібліятрансформер, прысвечаны жыццю і творчасці Я. Маўра, буклеты серыі "Пісьменнікі-юбіляры".

На працягу года прадоўжыцца работа аматарскіх аб'яднанняў, спрыяючых набыццю ведаў па беларускай культуры і гісторыі: клуба аматараў гісторыі Магілёва "Магіляўчане", гісторыка-краязнаўчага факультатыва "Спадчына", прэс-гасцёўні "Рэха", клуба аматараў паэзіі "Под сенью муз", дзіцячай акадэміі "Юны магілёвец", арганізавана работа гісторыка-краязнаўчага факультатыва "Беларусам я завуся, родным краем ганаруся".

Клубнымі ўстановамі культуры горада шмат увагі надаецца правядзенню тэматычны мерапрыемстваў з выкарыстаннем сцэнарыяў распрацаваных на беларускай мове:

- тэатралізаванае свята "Каляда" - 7 студзеня 2013 г. у Пячэрскім лесапарку;

- 22 студзеня ў Палацы культуры вобласці быў пастаўлены спектакль народнага тэатра Палаца культуры вобласці "Выйсце крыніц" па творах У. Караткевіча;

- 20 лютага 2013 г - святочны канцэрт для ўдзельнікаў урачыстага схода прадстаўнікоў працоўных калектываў па выніках сацыяльна - эканамічнага развіцця г. Магілёва за 2012 год, з нагоды ўручэння гораду Магілёву сертыфіката аб наданні статуса "Культурная сталіца Садружнасці - 2013 г.", які адбыўся ў Палацы культуры вобласці горада Магілёва;

- 2 сакавіка 2013 г. - тэатралізаванае прадстаўленне народнага клуба "Барысфен" УК "Магілёўскі гарадскі Цэнтр культуры і вольнага часу". Клуб займаецца вывучэннем гісторыі беларускага сярэднявечча, мовы, культуры адносін і ўкладу жыцця беларусаў;

- 15 сакавіка ва ўстанове культуры "Магілёўскі гарадскі Цэнтр культуры і вольнага часу" была праведзена акцыя "Мы - грамадзяне Беларусі", прысвечаная Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь;

- шэраг мерапрыемстваў міжнароднага фестываля духоўнай музыкі "Магутны Божа";

- мерапыемствы у рамках Свята горада (Фестываль сярэднявечнай культуры, фальклорнае свята ў этнаграфічнай вёсцы і г.д.);

- святочныя мерапрыемствы да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і г.д.

Усе канцэртныя і гульнёвыя праграмы на гарадскіх кірмашах, якія праходзяць у Магілёве, заўсёды праводзяцца на беларускай мове (каля 26 мерапрыемстваў).

З 2008 года вядзецца інтэграваная база дадзеных устаноў культуры г. Магілёва на беларускай мове.

У 2013 годзе ва ўстановах адукацыі працягваецца работа па папулярызацыі беларускай мовы. На аснове Нацыянальнай праграмы "Пралеска" ва ўстановах дашкольнай адукацыі праводзіцца работа по далучэнні дзяцей дашкольнага ўзросту да вытокаў беларускай мовы і культуры, штодзённа праводзяцца "гадзінкі" беларускай мовы.

Працягваецца ў 2013 годзе работа школьных і гімназічных гурткоў, клубаў, аб'яднанняў на беларускай мове, праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне прэстыжу беларускай мовы, шанаванне нацыянальнай культуры - штогадовыя тыдні, дэкады беларускай мовы і літаратуры, у межах якіх арганізаваны адкрытыя ўрокі, літаратурныя чытанні, конкурсы на лепшага чытальніка, іншыя пазакласныя мерапрыемствы. Праведзены мерапрыемства да Міжнароднага дня роднай мовы, ідзе падрыхтоўка да святкавання Дня беларускага пісьменства. Забяспечана правядзенне інфармацыйных выхаваўчых гадзін на беларускай мове. На сайтах устаноў сярэдняй адукацыі размешчаны віртуальныя музеі гасцёўні.

У 2012/2013 навучальным годзе ў горадзе знаходзяцца 48 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (47 - з рускай мовай навучання, 1 - з беларускай і рускай мовай навучання), у дзяржаўнай установе СШ №1 г. Магілёва" створаны адзін беларускамоўны клас. Інфармацыя аб паштовых адрасах устаноў размешчана на старонцы "Адукацыя" афіцыйнага сайта гарвыканкама (city.mogilov.by).

Тэхнічная падтрымка сайта Магілёўскага гарвыканкама ажыццяўляецца МГКУП "ЦГІС", асноўная стужка навін сайта перакладаецца на беларускаю мову. Зроблена беларускамоўная версія сайта ўстановы культуры "Музей гісторыі Магілёва". Прэміруюцца работнікі музея, якія выкарыстоўваюць беларускую мову ў сваёй працоўнай дзейнасці. Часткова па-беларуску вядзецца справаводства ўстановы. Планамерна праводзяцца мерапрыемствы па папулярызацыі беларускай мовы.

Справаводства ў гарвыканкаме рэгламентуецца інструкцыяй па арганізацыі і вядзенню справаводства ў Магілёўскім гарадскім выканаўчым камітэце і яго структурных падраздзяленнях, зацвержанай рашэннем гарвыканкама ад 20.05.2008 №10-31 (далей - Інструкцыя), адпаведна Інструкцыі справаводства вядзецца на рускай альбо на беларускай мове.

Магілёўскі гарвыканкам разгледзіць канструктыўныя грамадскія ініцыятывы і прапановы, накіраваныя на пашырэнне выкарыстання і папулярызацыі роднай мовы.

Адпаведна артыкулу 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнымі мовамі ў нашай краіне з'яўляюцца руская і беларуская мовы. Гарвыканкам не ўпаўнаважаны загадваць уладальнікам рэкламных банераў і інфармацыйных шыльдаў, на якой з дзяржаўных моў рэкламаваць свае паслугі, таму прыняць меры да таго, каб вуліцы Магілёва ў адзіны момант набылі беларускамоўнае гучанне, не з'яўляецца магчымым.

У выпадку нязгоды з дадзеным адказам Вы маеце права абскардзіць яго ў судовым парадку.

Намеснік старшыні Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта М.У. Міхаленя.


"ПрайдзіСвет" у Магілёве

19 жніўня ў Магілёве адбылася прэзентацыя інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры "ПрайдзіСвет" і кніг "Маска Чырвонае Смерці" (пераклады твораў Э.А. По, выйшла ў 2011 годзе), "Злачынства, сэр!" (зборнік дэтэктыўнага апавядання, які выйшаў сёлета). У горад завіталі перакладчыцы, якія працуюць над інтэрнэт-часопісам - Алеся Башарымава, Кацярына Маціеўская і Ганнна Янкута. Гэта была змястоўная размова пра творчасць Эдгара По - амерыканскага пісьменніка-рамантыка, паэта і разам з тым пачынальніка дэтэктыўнага жанру, гаворка ішла і пра сам гэты жанр, а таксама пра асаблівасці перакладчыцкай працы. Пачулі і пераклады шведскіх казак, зробленыя Алесяй Башарымавай.

А 22 жніўня адбыўся чарговы гурток беларускай мовы, у гэты раз на магілёўскай Замкавай гары (у парку Горкага). На жаль, не абышлося без сумнай ноты: хвілінаю маўчання ўшанавалі памяць паэта і барда Ігара Сімбірова. Узгадалі ранейшых і сучасных паэтаў Беларусі і Магілёўшчыны, заслухалі вершы Тамары Аўсянікавай, Таццяны Барысік, Яніны Асіпцовай, Аляксея Карпенкі.

Аляксей Карпенка. Фота Надзеі Бацілавай.


У Менску з'явіцца каледж тэалогіі

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка ўручыў Мітрапаліту Менска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі "Менскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля", паведамляе партал catholic.by.

Духоўная навучальная ўстанова Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі заснавана мітрапалітам на базе "Цэнтра падрыхтоўкі катэхэтаў". Дырэктарам каледжа прызначаны ксёндз доктар Ян Крэміс.

У каледжы можна будзе атрымаць веды ў галіне тэалогіі, філасофіі, катэхізацыі, біблістыкі, літургіі, гісторыі, касцельнага права, дабрачыннасці, сямейнага жыцця, рэлігійных сродкаў масавай камунікацыі.


17 школаў на Беласточчыне атрымалі беларускі "Лемантар"

17 школаў на Беласточчыне атрымалі "Лемантар" аўтарства настаўніцы беларускай мовы пачатковай школы №4 у Беластоку Аліны Ваўранюк.

Новы падручнік беларускай мовы для 2-га класа пачатковай школы надрукаваны тыражом у паўтары тысячы экзэмпляраў. Для вучняў ён бясплатны, - паведаміла Агнешка Куць з аддзела адукацыі ў Беластоку.

"Лемантар" надрукаваны за сродкі Міністэрства адукацыі Польшчы і для вучняў - бясплатны, згодна з пастановай пра навучанне на мове нацыянальнай меншасці. Унёсак у Міністэрства адукацыі Польшчы падало Аб'яднанне бацькоў у карысць дзяцей, якія вывучаюць беларускую мову "АББА".

Аліна Ваўранюк выказвае падзяку мастаку-ілюстратару "Лемантара" Міраславу Здрайкоўскаму і тэхнічнаму рэдактару Адаму Паўлоўскаму, а таксама ўсім, хто спрычыніўся да стварэння падручніка. Добрым дататкам да падручнікаў стануць дыскі з беларускімі песнямі ў выканані дзяцей.

Радыё Рацыя.



7 верасня (субота) у межах кампаніі "Будзьма" адбудзецца прэзентацыя кнігі Алега Трусава "Невядомая нам краіна". У прэзентацыі бярэ ўдзел Станіслаў Суднік, галоўны рэдактар газеты "Наша слова" і часопіса "Лідскі летапісец". Пачатак - 15.00 гадзін. Румянцава, 13. Уваход вольны.


16 верасня (панядзелак) у межах кампаніі "Будзьма" адбудуцца заняткі гістарычнай школы з Алегам Трусавым "Гісторыя ў падзеях і малюнках". Пачатак - 18.00 гадзін. Румянцава, 13. Уваход вольны.


Графіня Гелена Ромер-Ахянкоўская

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

У 1884 годзе бацькі запісалі яе навучэнкай згаданага пансіёна. Адпраўляць на вучобу адзіную дзевяцігадовую дзяўчынку адну без дарослых бацькі не рызыкавалі. Тым больш, што Гелена з дзяцінства вызначалася прыроджанай гордасцю, нястрымнай імклівасцю, імпульсіўнасцю, азартам, схільнасцю да рызыкі, авантур і бяспечнасцю. З ёй паехаў у Кракаў бацька, каб быць апекай і спрыяць выхаванню дачкі. Прабыў у Кракаве з дачкой увесь час, пакуль яна вучылася. У 1892 годзе Гелена скончыла вучобу ў пансіёне з адзнакай. Акрамя адукацыі, якую давалі ў пансіёне, бацька прыкладаў намаганні выхаваць яе гарманічна развітай, шляхетнай, патрыёткай. Ён наведваў з ёй тэатры, літаратурныя імпрэзы, выставы мастакоў, музеі, знаёміў з гістарычнымі помнікамі Кракава. Гелена, будучы ў Кракаве, мела магчымасць бачыць вялікіх людзей свайго часу: вучоных, артыстаў, мастакоў, якія не раз гасцявалі ў Альфрэда Ромера.

У знакамітым родзе Ромераў было 6 мастакоў-прафесіяналаў і яшчэ 11 таленавітых мастакоў-аматараў. Як яе дзядуля і бацька, Гелена мела прыроджаную здольнасць да выяўленчага мастацтва, добра малявала. Бацька заахвочваў гэтыя яе здольнасці і дапамагаў іх развіваць. У выніку яна намалявала некалькі карцін. Захаваліся яе работы "Партрэт Міхала Казіміра Ромера", "Коні на лузе", "Каровы ў бярозавым гаі", "Вуліца шкляроў у Вільні", "Пейзаж з трысцём", "Пейзаж", "Плошча і касцёл Усіх Святых у Вільні", "Палаткі на полі". У 1911 годзе выстаўляла свае эцюды і пейзажную карціну "Дарога ў лесе". Работы былі станоўча ацэнены спецыялістамі.

Асветніцкая і грамадская дзейнасць

Адразу пасля вучобы Гелена, не гледзячы на пагрозу моцнага пакарання, маладая і поўная энергіі васямнаццацігадовая патрыётка, пачала прымаць актыўны ўдзел у адкрыцці бібліятэк, чытальняў, у арганізацыі тэатраў і народных прадстаўленняў. Яна прысвячала гэтай працы ўсю сваю нявыкарыстаную энергію і сродкі, якімі распараджалася. Яна імкнулася прынесці сваім землякам як мага больш карысці. У Камаях адкрыла гарбацярню, якая служыла прыкрыццём асветніцкай работы. Там не толькі частаваліся гарбатай, але і вучыліся непісьменныя дарослыя, пазычаліся і прадаваліся кніжкі, распаўсюджваліся часопісы і календары. Яшчэ яна арганізавала 5 перасоўных бібліятэк: у Каралінове, Камаях, Кабыльніку (зараз Нарач), Свіры, Лынтупах і Вішневе.

Глыбока перакананая, што адным са шляхоў да культурнага і эканамічнага ўздыму краіны з'яўляецца асвета народа, занялася пашырэннем асветы сярод сялян Камайшчыны. За свой кошт адкрыла тры школы: у Камаях, Канябічах і Каралінове, у якіх займалася па 50-60 вучняў. Школы працавалі таемна, бо царскія ўлады не дазвалялі адкрываць прыватныя школы. Заняткі ў Караліноўскай школе вяла сама.

У 1897 годзе памёр яе бацька. Гелена ўзяла на сябе клопат па гаспадарцы, пачала прыводзіць у парадак багатую творчую спадчыну бацькі, але не забывалася дбаць пра асвету народа. У час працы ў школе Гелена адчула недахоп папулярнага прыродазнаўчага падручніка. Каб выправіць становішча, маладая аўтарка напісала і выдала для школ падручнік па геаграфіі (1905) пад назвай "Што ёсць на небе і на зямлі". Падручнік аказаўся вельмі ўдалым, яго да 1926 года перавыдавалі восем разоў накладам па некалькі тысяч экзэмпляраў.

Гелена Ромер-Ахянкоўская была камунікабельным чалавекам, свабодна размаўляла на простай (беларускай), польскай, расійскай, нямецкай і французскай мовах. Гэта дазваляла ёй не толькі вывучаць жыццё мясцовага люду і кантактаваць з ім, але і здабываць веды ў Еўропе, каб потым прымяняць іх на карысць сваіх землякоў. Асвета ў царскай Расіі не вызначалася прагрэсіўнасцю, а ў адносінах да далучаных губерняў насіла непрыкрыты русіфікатарскі характар. З мэтай вывучэння замежнага педагагічнага досведу і ўдасканалення сваіх педагагічных ведаў Гелена выехала за мяжу. Два гады (1906-1908) вучылася ў школе вышэйшых сацыяльных навук (Ecole des Hautes Etudes Sociales пры вуліцы de la Sorbоnne) у Францыі, дзе падрыхтавала педагагічнае даследаванне пра французскую сістэму адукацыі - "Szkola Batiniolska w Paryzu". Потым вучылася ў Бельгіі. У час вучобы ў Бельгійскім універсітэце напісала курсавую работу на тэму: "Immigration allemands en Russie et en Pologne" ("Нямецкая іміграцыя ў Польшчу і Расію"). У выніку ў філіяле журналістыкі і грамадскіх навук атрымала дыплом, які даваў права займацца журналісцкай дзейнасцю. З замежжа пастаянна дасылала допісы ў газету "Віленскі кур'ер", так-сама змяшчала публіцыстычныя матэрыялы, вершы і навелы ў іншых перыядычных выданнях.

З 1912 года Гелена Ромер прымала актыўны ўдзел у арганізацыі і падтрымцы "Незалежнай польскай вайсковай арганізацыі". У гэты час пазнаёмілася з Ю. Пілсудскім, які зрабіў на маладую актывістку вялікае ўражанне. Яна раздзяляла яго ідэю незалежнасці ад Расійскай імперыі, не толькі прапагандавала яе, але выконвала розныя даручэнні: захоўвала і перавозіла зброю, карэспандэнцыю, грашовыя складкі. У мемуарах яна з цеплынёй успамінала Ю. Пілсудскага: "Пілсудскаму была вернай з той хвіліны…, калі заглянула яму ў нашы ліцвінскія вочы... Ён нагадаў мне дзядулю і бацьку, штосьці найдаражэйшае і найглыбейшае. Святыя справы і мары майго жыцця, тыя, у якіх выхавалася. Не штурхалася да яго дзеля славы ці кар'еры, як другія, але служыла яго ідэі, не вагаючыся, няўхільна і беспаваротна".

Першая сусветная вайна застала яе ў Каралінове. Нямецкія ўлады дазвалялі на акупаваных тэрыторыях адкрываць нацыянальныя школы. Ромер-Ахянкоўская адкрыла чатыры школы, у тым ліку ў Каралінове і Камаях. У гэтых школах, акрамя свецкіх дысцыплін, кожны тыдзень праводзіліся ўрокі рэлігіі (катэхізіс, святая гісторыя, касцельныя абрады) і спевы, дзе поруч з народнымі песнямі дзеці вывучалі і рэлігійны спеў. Арганізоўвала ў наваколлі бібліятэкі, аказвала санітарна-медыцынскую дапамогу і забеспячэнне людзей харчаваннем, бо ў наваколлі 10 км ад фронту панаваў голад. Па прычыне голаду пасылала дакладныя запіскі, рапарты ў Варшаву, у швейцарскія газеты з просьбай аказаць дапамогу галадаючым.

У 1915-1916 гадах у Вільні выкладала гісторыю Польшчы на папулярных рамесніцкіх курсах Зыгмунта Наградскага, а ў Народным універсітэце імя А. Міцкевіча навучала польскай мове малапісьменных дарослых. У канцы 1916 года паехала ў Варшаву, дзе працавала ў "Гуртку полек", ладзіла бібліятэкі, займалася раздачай ежы для галадаючых, супрацоўнічала з Чырвоным Крыжам. Дасылала допісы ў "Ілюстраваны тыгоднік", "Свет", "Плюшч" і іншыя, прымала гарачы ўдзел у палітычным жыцці, бяззменна стоячы на баку Ю. Пілсудскага, ездзіла некалькі разоў у Вільню з поштай і паперамі ПАВ (Польская Арганзацыя Вайсковая), паспяхова пераадольваючы кантроль палявой нямецкай ваеннай паліцыі.

Восенню 1917 года яна вярнулася ў Каралінова і зноў узялася за пашырэнне асветы сярод сялянскіх дзяцей: напісала некалькі папулярных п'есак, у тым ліку "Камедыйку для дзяцей вершам". У 1919 годзе пачала працаваць у газеце "Наш край", дзе вяла вельмі важны мясцовы аддзел.

У пасляваенны час на змену рускім "мураўёўцам" адбыўся наплыў у Крэсы Усходнія (так палякі называлі Віленшчыну) прышлых людзей з Польшчы, якія кішэлі ўсюды, але нічога не ведалі пра традыцыі і мінулае Віленшчыны. Гэты "наплывовы элемент" быў чужым для карэнных жыхароў краю. З імі красовым інтэлігентам прыйшлося весці барацьбу. Свае адносіны да "наплывовага элементу" Гелена выразіла катэгарычна: "Пазбыліся Мураўёва, пазбудземся і іх подлых" . Пісьменніцу заўсёды выводзілі з цярпення, раздражнялі асобы, якія вылучаліся недахопам патрыятызму, які яна пры ацэнцы людзей ставіла на першае месца. Гелена Ромер-Ахянкоўская на працягу 20 гадоў змагалася супраць польскіх асімілятараў. давала належны адпор журналістам, якія змяшчалі некарэктныя публікацыі ў адносінах да красавякаў (беларусаў). Гэтае змаганне прыносіла ёй шчасце і шмат горычы. "Пераканалася, што належу да асоб, якім нічога дарма не прыходзіць, якія нічога не выйграюць выпадкова на латарэі жыцця, а маюць толькі тое, што здабудуць працай" , - пісала яна пазней.

14 ліпеня 1920 года бальшавікі ў Вільні арыштавалі Гелену Ромер-Ахянкоўскую, рыхтавалі расправу. Толькі дзякуючы заступніцтву літоўцаў Міхала Біржышкі і А. Алекнавічуса, яе адпусцілі, але вымушана была хавацца. Калі бальшавікі пакінулі Віленшчыну, Гелена Ромер-Ахянкоўская зноў пачала прымаць актыўны ўдзел у літаратурным і журналісцкім жыцці краю. У Вільні пачала выходзіць "Краёвая газета", у якой да 1923 года Гелена працавала сакратаром.

(Працяг у наст. нумары.)

Ясь Драўніцкі


Юзюк Фарботка - забыты фатаграфік

Калі я ў пачатку 90-ых гадоў зацікавілася Юзюком Фарботкам, вельмі мала пра яго было вядома. У пятым томе "Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі" (Мінск 1985) я знайшла біяграфічныя звесткі пра яго ў вельмі абмежаваным выглядзе, падпісаныя Віталём Скалабанам. Было гэта і так шмат на той час - як для мяне - звестак. Пазнаёміўшыся падчас частых паездак у Беларусь з аўтарам біяграмы Юзюка Фарботкі, шмат мы гадалі пра яго далейшы лёс, але ўсё гэта было тады бесперспектыўна. Юзюк Фарботка не аб'явіўся ў беларускай літаратуры міжваеннага часу, хаця падчас І сусветнай вайны паказаўся як беларускі паэт, літаратурны крытык і грамадска-палітычны дзеяч. Першы верш апублікаваў у "Нашай Ніве" ў 1912 г. Наступныя публікаваліся таксама ў іншых беларускіх выданнях: "Лучынка", "Беларусь", "Вольная Беларусь", "Сьветач", "Беларускі Шлях", "Белорусское Эхо", "Школа і Культура Савецкай Беларусі". У 1920 г. у Менску выйшла друкам яго кніга "Беларусь у песьнях". Усё гэтыя звесткі можна прачытаць у беларускіх энцыклапедыях і даведніках: "Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі", "Беларускія пісьменнікі", у анталогіях літаратуры і гісторыі беларускай літаратуры. Вядома таксама, што Юзюк Фарботка перакладаў на беларускую мову фрагменты "Пана Тадэўша" Адама Міцкевіча.

Біяграфічныя звесткі пра Юзюка Фарботку ў даведніках адносіліся перад усім да канца І Сусветнай вайны. Наконт далейшага яго жыцця ставіліся адны пытальнікі або прыводзіліся ўскосныя звесткі: "паводле ўскосных звестак жыў у Польшчы, займаўся навуковай дзейнасцю" . Год смерці падавалася з пытальным знакам - 1945 (?), паясняючы, што: "месца і дакладная дата яго серці не ўстаноўлена" . Непрысутнасць пасля І Сусветнай вайны так актыўнага прадстаўніка беларускага нацыянальнага і літаратурнага руху доўга не давала мне спакою. У пошуках па архівах і бібліятэках удалося ўдакладніць яго біяграфію таксама з перыяду І Сусветнай вайны, напрыклад яго заангажаванне і ўдзел у дыпламатычнай місіі Беларускай Народнай Рэспублікі (сакратар), якая вясной 1918 г. вяла перамовы ў Кіеве з уладамі Украінскай Народнай Рэспублікі.

У 1918 г. Юзюк Фарботка пісаў пра беларускую паэзію часоў вайны ў кіеўскай газеце "Беларусскае Эхо", а пазней у 1919 г. у Менску ў часопісе "Школа і Культура Савецкай Беларусі". Калі летам 1919 г. палякі занялі Менск, Юзюк Фарботка быў адміністратарам беларускага тэатра - да 20 лютага 1920 г. Іграў так-сама ў ім як акцёр побач з Францішкам Аляхновічам, Флар'янам Ждановічам, Стэфановічам, Злотнікавым, Верай Тарасік, Верасам і Бравічам, м. інш. у спектаклі "На Антокалі" Францішка Аляхновіча, які быў тады дырэктарам тэатра. Умовы развіцця тэатра тады былі даволі складанымі: польская цэнзура абмяжоўвала рэпертуар, не хапала фінансавых сродкаў, спектаклі можна было паказваць толькі ў буднія дні, паколькі нядзелі і святы былі прызначаныя для польскага тэатра. Ці сталіся яны прычынай адмаўлення Юзюка Фарботкі ад адміністравання тэатра, ці можа нейкія іншыя? У лісце ў рэдакцыю газеты "Беларусь" абвяшчаў пра сваю пастанову: "Паважаны пане рэдактар! У звязку з тым што да мяне часта звяртаюцца па выясненні аб Беларускім Тэатры, лічучы мяне за адміністратара Тэатра, маю гонар прасіць Вас надрукаваць у Паважанай Вашай газеце для агульнага ведаму, што ад 20 лютага г.г. не лічуся адміністратарам Беларускага Тэатра і ніякіх супольных з адміністратарствам спраў не маю. Іншыя газеты прашу надрукаваць. З вялікай пашанай Я. Фарботка" . Магчыма гэтым лістом Юзюк Фарботка закончыў сваю прыгоду з беларускім рухам. З пасведчання, выдадзенага 26 красавіка 1922 г. Універсітэтам Стэфана Баторыя ў Вільні вынікае, што ў летнім семестры 1919-1920 г. распачаў навуку на Матэматыка-прыродазнаўчым факультэце.

У 1920 г. у Менску была выдадзеная літаратуразнаўчая кніга (95 старонак) Юзюка Фарботкі "Беларусь у песьнях. Літаратурна-гістарычны нарыс". Аўтар ва ўступе да яе пісаў: "Хочучы азнаёміць нашае грамадзянства, а асабліва моладзь, закінутую сваёю доляю на чужыну і адарваную, дзякуючы гістарычным абставінам ад родных хат, лясоў і поля, але ўсёю душою адданую свайму роднаму краю і народу, з тым абразом, які павінен быць ёй найдаражэйшым і найхарашэйшым, з абразом які выяўляе сабою ўсё, што толькі можа быць мілым у сваёй Бацькаўшчыне, мы пачалі на страніцах Кіеўскае газеты "Беларускае Эхо" друкаваць свой студыум беларускае новае літаратуры. Гэты студыум і ёсць той абраз, які, складаючыся з рознакалёрных і рознатонных асколкаў новае беларускае паэзіі, паэзіі першых беларускіх песняроў, можна назваць "Беларуссю ў песьнях". На жаль артыкул друкам дакончыць не ўдалося. Цяпер, карыстаючыся з магчымасці выпусціць яго друкам у асобнай кніжцы, мы, перагледзеўшы і паправіўшы ўвесь матар'ял, згладзіўшы тую аднабокавасць і дапоўніўшы новымі аддзеламі-этапамі аж да апошніх часоў, выпушчаем у свет сваю скромную працу не толькі для моладзі, закінутае на чужыну, але ў першы чарод для грамадзянства, жывучага на самой тэрыторыі Беларусі" . Кніга складаецца з васьмі частак, зложаных храналагічна. Прадстаўлена ў ёй развіццё беларускай літаратуры да І Сусветнай вайны і падчас яе трывання. Юзюк Фарботка апрача аналізу беларускага літаратурнага руху ў кнігу ўключыў вершы розных аўтараў. Гэтая кніга да нядаўна была апошнім вядомым фактам з яго жыцця.

"Супярэчныя звесткі" пра далейшы лёс Юзюка Фарботкі пачалі высвятляцца зусім выпадкова. 14 снежня 1992 г. у Гданьскай галерэі фатаграфіі, дзякуючы намаганням яе кіраўніка Стэфана Фігляровіча, адкрылася выстаўка "Віленскія працы" ("Prace wilenskie") Баляславы і Эдмунда Зданоўскіх. Гэтыя вядомыя фатографы пасля ІІ Сусветнай вайны прыехалі ў Гданьск і далей займаліся фатаграфіяй. Іх даваенныя працы захаваліся ў архіве іх дачкі Альдоны, якая пражывала ў Эльблонгу. На выстаўцы ў 1992 г. знайшліся перад усім фатаграфіі, на якіх прадстаўлена даваенная Вільня. Сярод іншых знайшоўся таксама партрэтны здымак Максіма Танка. Паэт успамінаў Зданоўскіх у сваіх "Картках з каляндара". На адным з выставачных здымкаў прадстаўленыя былі сябры "Віленскага фотаклуба". Паводле апісання здымка, адным з іх быў Юзюк Фарботка. І гэта быў першы след у пошуках далейшага лёсу нашаніўскага паэта. Нажаль, ніхто з прысутных на адкрыцці выстаўкі нічога не ведаў пра Юзюка Фарботку. Дачка Зданоўскіх успомніла толькі пра вершаваны "Спісак сяброў Віленскага Фотаклуба" (на 1 сакавіка 1937 г.), захаваны ў бацькоўскім архіве, які канчаўся вельмі перспектыўна для пошукаў:

"Liste ulozyl ten, co

Przypnie latka kazda zwrotka,

A nazywa sie ... Farbotko".

Пасля ўспомненай выстаўкі калекцыя здымкаў Зданоўскіх трапіла ў Нацыянальную бібліятэку ў Варшаве. Атрыманыя ад Стэфана Фігляровіча тэлефоны і адрасы сем'яў (дзяцей) былых сяброў Віленскага фотаклуба (Уладзіміра Крукоўскага, Зыгмунта Вжэсьнёўскага, Яна Місевіча) не дапамаглі ў пошуках - прозвішча Фарботкі было ім невядомае, а іх бацькоў даўно ўжо не было ў жывых.

Чарговую надзею прынесла выстаўка "У крузе Віленскага фотаклуба і Польскага фотаклуба. Вайцех Буйко (1882 - пасля 1941 г.)", сарганізаваная ў красавіку 1997 г. у Музеі гісторыі фатаграфіі ў Кракаве. У каталогу выдадзеным з гэтай нагоды знайшліся фрагменты з польскіх даваенных фатаграфічных часопісаў ("Fotograf Polski", "Polski Przeglаd Fotograficzny"), у якіх упамінаўся Вайцех Буйко, выбраны ў 1929 г. на старшыню Віленскага таварыства аматараў фатаграфіі. Тады ж скарбнікам у ім стаўся Юзюк Фарботка. Гэтая звестка стала падказкай, каб перагледзець успомненыя часопісы і пры нагодзе скантактавацца з успомненым кракаўскім музеем.

У 1998 г. на Ягелонскім універсітэце пачала вучыцца мая дачка Агата. Ёй прышлося скантактавацца з Музеем гісторыі фатаграфіі. А я ў міжчасе перагледзела ў Гданьскай галерэі фатаграфіі "Przeglаd Fotograficzny", "Almanach Fotografiki Wilenskiej" (1931), "Almanach Fotografiki Polskiej (1934 i 1937), каталогі даваенных міжнародных фатаграфічных выставак, якія падарыла сям'я Зданоўскіх. Аказаліся яны вельмі багатай крыніцай інфармацыяў пра Юзюка Фарботку і яго дзейнасць у галіне мастацкай фатаграфіі. Знайшліся ў іх рэпрадукцыі фатаграфіяў Юзюка Фарботкі: "Pustkowie" ("Пустэча"), "Stary mlyn" ("Стары млын"), "Fale Baltyku" ("Балтыйскія хвалі"), "Rybacy" ("Рыбакі"), "Koronka" (Каронка"), "Ster" ("Стырно"). На адным са здымкаў Юзюка Фарботкі пазначана і ягоная навуковая ступень доктара - кандыдата навук (dr. Jоzef Farbotko). Так зусім нечакана паявілася новая звестка, якой не паяснялі вышэй успомненыя часопісы. Юзюк Фарботка нечакана аб'явіўся як апантаны аматар мастацкай фатаграфіі. Быў адным з заснавальнікаў успомненага вышэй Віленскага фотаклуба. У хроніцы фотаклуба запісаўся як яго скарбнік, удзельнік шматлікіх агульнапольскіх і міжнародных фатаграфічных выставак і конкурсаў. Скарбнікам быў праўдападобна да 1938 г., калі заступіў яго на гэтай пасадзе Вайцех Буйко. У 1938 г. у конкурсе "Прыгажосць Вільні і Віленшчыны" ("Piеkno Wilna i Wilenszczyzny") Юзюк Фарботка за здымак "Рыбак з Зялёных азёраў" "Rybak z Zielonych Jezior" атрымаў 20-ую ўзнагароду (на 127 прысланых прац) - гадавую падпіску на часопіс "Przeglad Fotograficzny".

Старшынём Віленскага фотаклуба быў вядомы фатограф Ян Булгак. З яго ініцыятывы зімой 1927 г. заснавалася гэтая элітная сяброўская арганізацыя. Ян Булгак успамінаў, што заснавальнікам было само жыццё: "Паўстаў незаўважна і цішком, без праграмы і ўзору, узнік самадзейна, як натуральнае і канчатковае наступства стасункаў некалькіх чалавек, збліжаных супольнымі зацікаўленнямі. (...) Пачалося з таго, што то той, то гэты з незнаёмых мне яшчэ ў той час віленскіх аматараў фатаграфіі прыходзіў да мяне з негатывамі або адбіткамі ў кішэні па крытыку або параду. Звыклы да таго часу да поўнай самотнасці ў маёй працы, я прымаў тых гасцей з распасцёртымі рукамі і ахвотна дзяліўся тым, чым хата была багата. Неўзабаве я з вялікім задавальненнем пераканаўся, што таварыскасць у працы ёсць незаменна каштоўная і надае ёй новыя якасці; што стварае яна пэўную атмасферу з'яднанасці, у якой працуецца шпарчэй і больш прадуктыўна. З часам, калі я заўважыў, што гэтыя мілыя пасядзелкі забіраюць у мяне больш часу, чым яго меў у распараджэнні, і калі колькасць таварышаў фатаграфічнай катэгорыі павялічылася, я прыйшоў да думкі ўрэгуляваць тую справу з двухбаковай карысцю. Я прапанаваў сваім новым знаёмым, што заміж таго, каб выспеўваць дуэты, у якіх першы голас быў заўжды нязменны, паспрабаваць стварыць аркестр. Маючы досыць вялікую бібліятэку і падборку спецыяльных выданняў, параіў, каб усе збіраліся ў мяне раз на тыдзень у адпаведныя вячэрнія гадзіны, пасля працы. Такім чынам узніклі "Чацвяргі" фотаклуба, на якія паміж 9 і 12 вечара сходзілася спачатку па некалькі, а потым больш за дзесяць чалавек. Назва Віленскага фотаклуба знайшлася па ходу сама, а няпісаны статут быў зрэдагаваны з аднаго адзінага параграфа, які абвяшчаў, што наступныя сябры фотаклуба могуць прымацца няйначай, як аднагалосна. Мела гэта за мэту ўтрыманне ў таварыства паважнага мастацкага ўзроўню і цеснай таварысцкай салідарнасці. (...) Поспехам (...) мы абавязаны не толькі апантанай і руплівай дзейнасці ўсіх сяброў, якім тут належыць аддаць даніну, але перад усім - сапраўды бяспрыкладнай ахвярнай, руплівай і кампетэнтнай працы двух стаўпоў Таварыства ВФ - сакратара пана Казіміра Лялевіча і скарбніка пана Юзафа Фарботкі, працы, якая заслугоўвае найвышэйшага прызнання і ўдзячнасці ўсёй віленскай фатаграфічнай супольнасці. Смела можна гаварыць, што без поўнай самааддачы тых двух чалавек не здолелі б здзейсніць такі паважны колькасцю і якасцю лік спраў, не хочучы і не могучы разабрацца, на рахунак якога таварыства належала запісаць тую або іншую пазіцыю, паколькі ўсе былі абавязаны сваім існаваннем заўсёды тым самым асобам, якія толькі выступалі то як сябры ТВФ, то як сябры фотаклуба."

У гадавой справаздачы, мабыць зложанай Юзюком Фарботкам, апісваліся сябры фотаклуба і іх працы. Адна са зваротак прысвечаная Юзюку Фарботку:

"У Фарботкі - рыбак, хваля,

дубок, пясок, кавалак неба.

Ну квіты, і больш дэталяў

называць тут без патрэбы."

Рыбак, хваля, дубок, пясок, кавалак неба - гэта асноўныя лейтматывы яго здымкаў. "Квіты" (квітанцыі) адносяцца да яго пасады сакратара ў Віленскім фотаклубе. Юзюк Фарботка пісаў пра дзейнасць фотаклуба ў часопісе "Przeglаd Fotograficzny" ("Фатаграфічны агляд"), які выдаваўся з 1935 г. Гадавая справаздача яго аўтарства была апублікаваная ў снежанскім нумары: "2. ХІІ адбыўся чарговы сход сяброў ФКВ, на якім апрача размовы пра найпільнейшыя бягучыя справы, была зроблена ацэнка працы згодна з пар. 11 Статуту. Сход, як апошні ў гэтым годзе, завяршае цыкл гадавога даробку ўсяго фотаклуба. Варта падаць хоць коратка склад прац абвешчаных для ацэнкі на працягу 1935 г. Параграф 11 Статуту ФКВ гаворыць, што да абавязкаў сябра ФКВ, м. ін. належыць: 1) прадстаўленне для ацэнкі сходу не менш, як адной новай уласнай фатаграфічнай працы, якая б адпавядала мастацкаму ўзроўню аўтара; 2) зачытванне або прадстаўленне на пісьме тэарэтычнай працы з вобласці фатагафікі ці эстэтыкі, або 3) выплата пяці злотых у фонд ФКВ. Вышэй азначаны парадак абавязковы для кожнага сябра фотаклуба на кожным месячным сходзе за выключэннем двух летніх месяцаў. У 1935 годзе на 10 сходах прадстаўлена 14 аўтарамі на грамадскую ацэнку агулам 213 прац, з якіх прызнаныя за добрыя 167 здымкаў. Акрамя таго прачытана некалькі рэфератаў. У траўні ФКВ разам з Клубам праўнікаў (юрыстаў) арганізаваў у Вільні выставу фотаработ памерлага ў гэтым годзе свайго сябра с.п. Станіслава Туровіча, а акрамя таго ў лістападзе г.г. арганізаваў 5-тыднёвы курс "Лейкі", на які хадзіла 35 слухачоў, акрамя сяброў клуба. ФКВ адсылаў свае падборкі на Міжнародны салон у Варшаве і на краёвыя выставы ў варшаўскім Захэнці ў траўні г.г. і ў Станіславове ў верасні г.г. Акрамя таго ФКВ зарганізаваў з выбраных прац сяброў "Вандроўную замежную папку", якую будзе адсылаць у асобныя фатаграфічныя асяродкі за мяжой. Першай спробай такога роду кантакту віленскіх фатаграфікаў з замежнымі будзе перасылка "Вандроўнай замежнай папкі" ФКВ, якая ўтрымоўвае, звыш сотні фотаработ, у Вену і ў Галандыю. ФКВ мае намер высылаць свае "гадавыя папкі" ў фатаграфічныя асяродкі краіны".

(Працяг у наст.нумары.)

Лена Глагоўская


Памёр мастак Арлен Кашкурэвіч

26 жніўня ўвечары пасля цяжкай хваробы на 84-м годзе жыцця памёр вядомы мастак Арлен Кашкурэвіч.

У Арлена Кашкурэвіча засталіся два сыны - таксама мастакі Ігар і Тодар.

Арлен Кашкурэвіч - мастак-графік, народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужаны дзяяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь.

Ён нарадзіўся 15 верасня 1929 года. У вайну быў з бацькамі ў Расеі, у эвакуацыі.

У 1953 годзе скончыў Менскую мастацкую вучэльню. У 1959 - аддзяленне графікі Беларускага Дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Ад 1959 да 1969 выкладаў у гэтым інстытуце.

Працаваў у жанры станковай графікі, афармляў кнігі. Прафесар-візітатар ЕГУ.

Творчая біяграфія Арлена Кашкурэвіча ахоплівае цэлую эпоху. Менавіта ў аздобе гэтага мастака мы ведаем сотні кніг беларускіх і еўрапейскіх пісьменнікаў. Яскравую характарыстыку стылю гэтага мастака даў ягоны сябар Уладзімір Караткевіч: "Даўно, яшчэ з самага пачатку, калі ён зрабіў ілюстрацыі да Халдоўра Лакснеса, - я зразумеў, што перад намі мастак суровы, паўночны. І, адначасова, беларускі, мяккі - калі можна гаварыць пра мяккасць нашага народу, - добры, наш" .

А сам Арлен Кашкурэвіч гаварыў:

- Заўсёды я быў дысідэнтам. Тое, што іншым здавалася ясным і светлым, для мяне было нечым трагічным. Я добра памятаю канец 30-х гадоў. Мая цётка працавала ў НКУС. Дзякуючы ёй, удалося ўратаваць бацьку, на якога быў данос… Але я ведаў, што стала з іншымі. І ўжо калі гэта ўсё прайшло, была "адліга", настала адносная стабільнасьць, можна было ўжо не гэтак баяцца, ува мне заставалася адчуванне таго папярэдняга часу. Праз гэта і драматызм у маіх творах...


Кальварыя

(Гісторыя і сучаснасць)

…У 1982 годзе наша сям'я атрымала кватэру ў раёне Кальварыі, а ўжо ў 1984 годзе мы з маці наведалі гэты гістарычны аб'ект і могілкі, якія займаюць тэрыторыю 14 гектараў. Да гісторыі Кальварыі звярталіся вядомыя асобы: Адам Мальдзіс, Віктар Жыбуль, Анатоль Грыцкевіч, Ала Сакалоўская, Вольга Бабкова, Адам Глобус, Алег Дзярновіч…

Кальварыйскія могілкі, якія налічваюць больш за 30000 пахаванняў, узніклі ў XVIII стагоддзі. Апошні бачаны мною помнік гэтага перыяду, на жаль, абрынуўся гадоў дзесяць таму…

З тых надмагілляў, што захаваліся да сённяшняга дня на Кальварыі, найстарэйшае належыць Юзэфе Амульскай, якая памерла 205 гадоў назад. Помнік знаходзіцца ў адносна добрым стане. Тут жа ў 1824 годзе пахавана яе сястра Тэафілія Амульская. Дакументаў па справах Кальварыі і яе гісторыі ў XVIII стагоддзі не захавалася. У сваёй кнізе "Кальварыя" Ала Сакалоўская піша, што могілкі былі заснаваныя ў 1800 годзе на зямлі двараніна Васіля Макаровіча. Яго зямля была занятая пад могілкі ў тым жа годзе, калі Васіль Макаровіч быў яшчэ малалеткам.

Межы могілак сцёртыя ў выніку таго, што яны ўвесь час пашыраліся і займалі сумежную зямлю, якая належала Макаровічу… Васіль Макаровіч 19 верасня 1823 г. прадаў гораду яшчэ 6056 кв. сажняў зямлі і дом пад багадзельню. Ён атрымаў у 1824 г. ад Гарадской Думы 5500 рублёў. У іншым прашэнні спадар Макаровіч скардзіўся, што яму не даплацілі грошы за 2764 сажні.

10 жніўня 1832 года духавенства звярнулася з пытаннем аб дадатковым адвядзенні зямлі пад каталіцкія могілкі - Кальварыю. Надворнаму радцу Багдановічу было даручана адмераць зямлю.

У 1827 годзе былі спробы адрамантаваць касцёл: пакрылі новы дах, аднавілі вежу, але гэтага хапіла не на доўга! У 1830 годзе драўляны касцёл быў разабраны. Яшчэ ў 1800 годзе ў гэты касцёл ксёндз-біскуп Дадэрка перавёў ксяндзоў-францішканцаў.

Епіскап і кавалер Ліпскі патрабаваў, каб дазволілі пабудаваць па-за межамі Менска на могілках замест драўлянага мураваны касцёл. Будоўля павінна была весціся за ахвяраванні двараніна Паўлікоўскага, а сума ахвяраванняў складала 5000 рублёў. Духоўная кансісторыя адказала, што не супраць пабудовы касцёла. Трэба адзначыць, што не толькі касцёл, але і брама з'яўляюцца помнікамі архітэктуры XIX стагоддзя.

У 1899 годзе касцёл быў адрамантаваны. Кальварыйская плябанія, пабудаваная ў 1841 годзе, была адноўлена ў пачатку ХХ стагоддзя. У 1833 і 1866 гадах касцёл абкрадалі.

У 1990-я гады на Кальварыі адбылося некалькі актаў вандалізму. У 1995 годзе у ноч на Дзяды было разбурана каля 40 помнікаў як сучасных, так і старадаўніх.

У 30-я гады ХХ стагоддзя касцёл быў зачынены, а пасля вайны ў ім да 1980 г. размяшчаліся майстэрні аднаго вядомага скульптара. Прыблізна 35 гадоў людзі маліліся каля храма, і ў 1980 г. службы ў ім аднавіліся. Настаяцелем гэтага касцёла быў прызначаны ксёндз Ян Адамовіч.

Трэба адзначыць, што на Кальварыі ўражвае не толькі касцёл, але і Кальварыйская брама - помнік Юзэфе Кабылінскай з роду Барташэвічаў, жонцы Юрыя Кабылінскага, які таксама пахаваны на Кальварыі.

Хто такі Юры Кабылінскі? Гэта адметная асоба ў культурным асяроддзі Менска першай паловы XIX стагоддзя. Ён меў чын калежскага асэсара, сябраваў са шматлікімі дзеячамі культуры, у тым ліку з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам. Літаратар увекавечыў яго ў "Вечарніцах" i ў "Пінскай шляхце". Юры Кабылінскі - літаратар-аматар, таксама быў вядомы як здольны мастак, які займаўся рэстаўрацыяй старажытных абразоў. Адзін з іх - абраз Божай Маці - пасля аднаўлення Кабылінскі ахвяраваў Кафедральнаму касцёлу.

У ХIX стагоддзі Кальварыя лічылася элітнымі каталіцкімі могілкамі. Тут спачываюць прадстаўнікі шматлікіх шляхецкіх родаў: Вайніловічы, Валіцкія, Ваньковічы, Віткевічы, Вярыгі-Дарэўскія, Горваты, Грыгаровічы, Доўнары, Кабылінскія, Камоцкія, Кярсноўскія, Ланеўскія, Лычкоўскія, Макаровічы, Навіцкія, Неслухоўскія, Паўлікоўскія, Паўлюці, Пішчалы, Храптовічы, Чараповічы, Эйсманты, Янушкевічы. У 1840 годзе тут жа была пахавана і Рэўт Ружа (мае продкі былі Рэўты з Лепельшчыны!)

Ёсць пахаванні мужа і жонкі Чачотаў. З таго ж роду - пахаваныя тут Віктар, Марцыяна, Валерыя, Канстанцыя, Марыя, Юзаф (калежскі асэсар). Род жа Вайніловічаў (на пачатку ХХ ст. Эдвард Вайніловіч фундаваў будаўніцтва ў Менску Чырвонага касцёла) прадстаўлены на Кальварыі Антонам, Кацярынай, Анастассяй, Барбарай, Хрысцінай, Францішкай, Юзэфай, Юліяй.

Пад алтаром Кальварыйскага касцёла пахаваны Ян Дамель (1780-1840) - прафесар Віленскага ўніверсітэта, мастак, які ў 1822-1840 гг. жыў у Менску, памёр 18 (30) жніўня 1840 г. і пакінуў значны след у мастацтве Беларусі…

Ала Сакалоўская сцвярджае, што мастак пражыў 50 гадоў, але гэта не так: згодна з "Энцыклапедыяй гісторыі Беларусі", ён нарадзіўся ў 1780 г.

Трэба таксама адзначыць, што недалёка ад касцёла пахаваны прадстаўнікі роду Неслухоўскіх…

Янка Лучына - паэт-дэмакрат канца XIX стагоддзя. Яго творчасць вывучаюць у школе на ўроках беларускай літаратуры. У 1903 г. выйшаў яго пасмяротны зборнік "Вязанка". Неслухоўскі-Лучына збіраў беларускі фальклор, а запісы дасылаў П. В. Шэйну. Побач з паэтам пахаваны яго родныя, у адной магіле - бацька Люцыян, а другая цяпер безыменная. Ёсць версія, што яна належыць маці Янкі Лучыны.

Ля цэнтральнай алеі могілак пахаваны Ян Баляслаў Луцкевіч (15 траўня 1831 г. - 4 верасня 1895 г.) - бацька вядомых дзеячаў беларускай гісторыі Івана і Антона Луцкевічаў. Луцкевіч быў прадстаўніком старадаўняга збяднелага беларускага шляхецкага роду герба "Навіна" (у ХХ ст. Антон Луцкевіч прыме псеўданім "Антон Навіна"). Сваёй зямлі Ян Баляслаў не меў. Ён вызначыўся тым, што браў удзел у Крымскай вайне (1854-1856 гг.).

Злева ад касцёла, за агароджай некалькі гадоў таму з'явіўся помнік, на які збірала грошы свядомая грамадскасць. Гэта магіла Вацлава Іваноўскага (1880-1943), вучонага, грамадскага і палітычнага дзеяча, які поплеч з братамі Луцкевічамі стаяў ля вытокаў Беларускага Адраджэння.

Іваноўскі нарадзіўся на Лідчыне ў сям'і мясцовай шляхты. Скончыў Пецярбуржскі тэхналагічны інстытут (1904), атрымаў ступень доктара тэхнічных навук. Быў прафесарам Варшаўскай Палітэхнікі і Віленскага ўніверсітэта…

Ён з'яўляецца заснавальнікам Беларускай рэвалюцыйнай грамады (1903) і Беларускай сацыялістычнай грамады (1905). Актыўна супрацоўнічаў з газетай "Наша Ніва", аўтар шматлікіх папулярных артыкулаў і брашур, а таксама першага беларускага ўніверсітэцкага курсу хіміі. У лістападзе 1941 г. немцы прызначылі Іваноўскага бургамістрам г. Менска. 6 снежня 1943 г. ён быў цяжка паранены і на наступны дзень памёр. Хавалі В. Іваноўскага праваслаўныя святары. На цырымонію развітання з ім прыйшло каля 2000 чалавек.

На Кальварыі пахаваны некалькі дзясяткаў святароў, у тым ліку Ян Віткевіч - менскі біскуп, Юзаф Ваявоцкі - пробашч Менскай катэдры ў 1886-1887 гг., а таксама Фларыян Шыткевіч (ксёндз), Станіслаў Рудніцкі, Яцына Х. - вікарый менскай катэдры, пробашч Чырвонага касцёла, Людвіка Тэлічана (прадстаўляе цікавы род) і іншыя.

У 1967-1997 гг. могілкі былі зачыненыя для пахаванняў. У 80-я гг. ХХ ст. на пустым участку (0,5 га) у паўднёва-заходняй частцы могілак збіраліся пабудаваць кааператыў па вырабе помнікаў. Але ідэя не атрымала падтрымкі. Пры-кладна ў той жа час, у 1980-я гг., у кагосьці з чынавенства ўзнікла ідэя знесці могілкі. Як сведчыць мой сябар, юрыст Алесь Яроменкаў, людзі, чые родныя знайшлі спачын на Кальварыі, даглядалі чужыя пахаванні, упрыгожвалі закінутыя магілы кветкамі, каб стварыць выгляд дагледжанасці!

У 1989-1990 гг. у Кальварыйскім касцёле служыў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, які шмат зрабіў для добраўпарадкавання тэрыторыі могілак.

У 1998 годзе на Кальварыі зноў пачалі хаваць нябожчыкаў. Адным з першых вядомых людзей Беларусі, пахаваных тут пасля адкрыцця, быў рэктар універсітэта імя Сахарава прафесар Алесь Люцко. У тым жа годзе на Кальварыі знайшоў вечны спачын протапрасвітар, дэкан БГКЦ Ян Матусевіч (21 чэрвеня 1948 г. - 2 верасня 1998 г.). Побач ляжыць ягоная маці Анастасся Матусевіч (8 сакавіка 1915 г. - 8 снежня 1999 г.).

У 1999 годзе менавіта тут паўстаў неверагоднай прыгажосці помнік Машы Іньковай (18 кастрычніка 1983 г. - 30 траўня 1999 г.) - увасабленне памяці ўсіх ахвяр трагедыі на Нямізе. Недалёка ад гэтага помніка пахаваны Ядвіга Паўлаўна Навуменка (3 лютага 1929 г. - 28 сакавіка 2000 г.) і яе муж, славуты літаратар, народны пісьменнік Беларусі, акадэмік Іван Якаўлевіч Навуменка (16 лютага 1925 г. - 17 снежня 2006 г.). У калумбарыі (побач з цэнтральным уваходам) знаходзіцца урна з прахам іншага знакамітага літаратара - Алеся Асташонка (1 чэрвеня 1954 г. - 7 верасня 2004 г.). На Кальварыі пахавана і жонка Ніла Гілевіча - Ніна Іванаўна (3 чэрвеня 1931 г. - 24 ліпеня 2003 г.). Таксама Кальварыйскія могілкі сталі месцам апошняга прытулку для славутага мастака з суполкі "Пагоня" Яўгена Сяргеевіча Куліка (31 кастрычніка 1937 г. - 12 студзеня 2002 г.) і для цудоўнага паэта, колішняга галоўнага рэдактара часопіса "Вожык" i штотыднёвай газеты "ЛіМ" Алеся Пісьмянкова (25 лютага 1957 г. - 23 красавіка 2004 г.)…

Помнік на магіле Вячаслава Уладзіміравіча Адамчыка зроблены на еўрапейскі манер. Гэты пісьменнік нарадзіўся 1 лістапада 1933 г., а памёр 5 жніўня 2001 г.

У 2005 годзе на Кальварыі быў пахаваны Алесь Пятровіч Траяноўскі (22 верасня 1925 г. - 2005). Ён працаваў галоўным рэдактарам часопіса "Мастацтва", быў сябрам Саюза журналістаў і вельмі таленавітым чалавекам.

У 1991-2008 гг. на Кальварыі служыў ксёндз Альберт Масальскі, які з 1994 г. з'яўляўся настаяцелем Кальварыйскага касцёла. Кс. Альберт нарадзіўся ў Менску 2 траўня 1932 г. у шляхетнай сям'і роду Масальскіх. Ахрысцілі яго ў Кальварыі ў 1936 г. Памёр святар 29 красавіка 2008 г.

У 2002 годзе на тэрыторыі Кальварыі, на магіле Балаша Ігара Анатольевіча (13 красавіка 1976 г. - 1 снежня 2002 г., сын вядомага інжынера-будаўніка) з'явілася капліца, абсаджаная рэдкімі і шыкоўнымі кветкамі. А ўвосень 2008 г., калі адзначалася 65-годдзе з часу ліквідацыі Мінскага гета, на вуліцы Прытыцкага, усутыч з могілкамі (за агароджай з заходняга боку), пабудавалі помнік 14 тысячам вязняў гета, знішчаным у 1941-1943 гг.

Вось такая багатая і загадкавая гісторыя Кальварыі!


Аўтар выказвае падзяку Алесю Яроменкаву, Ільясу Хусаінаву, Базылю Ермаловічу, а таксама даследчыцы Але Сакалоўскай.

Аляксей Шалахоўскі

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX