Папярэдняя старонка: 2013

№ 38 (1137) 


Дадана: 19-09-2013,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 38 (1137) 18 верасня 2013 г.


На Дні горада Менска беларускай мовы стала больш

Сёлета Дзень горада ў Менску святкавалі 14 і 15 верасня. Традыцыйна свята адкрылася з ускладання кветак да стэлы "Менск - горад-герой".

Менгарвыканкам у Дзень горада ўручыў аўтамабілі воінам-інтэрнацыяналістам. Ключы ад аўтамабіляў уручаў старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька.

Традыцыйна ў канцэртнай зале "Верхні горад" адбылася цырымонія шлюбу дзевяці пар з усіх раёнаў Менска.

Праект "Гістарычны каляндар Менска" прадставілі ў Менскай гарадской ратушы. У Музеі гісторыі Менска, размешчаным тут, адкрыўся картаграфічны кабінет. Экспазіцыя "Менск у гістарычнай прасторы" паўстала ў выглядзе кабінета, у якім змешчаны больш за 10 рэканструкцый карт. На іх намаляваны беларускія землі з часоў першых згадванняў даследнікамі, Менск прадстаўлены як адміністрацыйна-тэрытарыяльны цэнтр.

Дапаўняюць атмасферу навуковых адкрыццяў адмысловыя прыборы: компас, сонечныя гадзіны, тэлескоп, чарцёжныя прыборы і прылады для картаграфічных прац.

Свята "Менск гістарычны" з удзелам прадстаўнікоў рыцарскіх клубаў дапоўніла Дзень горада. Мерапрыемствы фэсту ўзнавілі атмасферу высакароднага сярэднявечнага рыцарства.

Жыхары горада адзначаюць шырокае ўжыванне беларускай мовы ў афармленні горада і рэкламе свята.

Наш кар.


120 гадоў з дня нараджэння Андрэя Мрыя

Сёлета спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка, аўтара запамінальных "Запісак Самсона Самасуя" Андрэя Шашалевіча, вядомага ў літаратуры пад псеўданімам Андрэй Мрый. Меркаваная дата народзінаў - 13 верасня. Дакладна вядомая, на жаль, толькі дата смерці - у ссылцы, у лагеры на Поўначы.

Андрэй Антонавіч Шашалевіч нарадзіўся ў 1893 годзе ў вёсцы Палуж Краснапольскага раёна ў сям'і валаснога пісара. Пасля заканчэння ў 1914 г. Магілёўскай духоўнай семінарыі вучыўся ў Кіеўскай духоўнай акадэміі. У 1916 г. мабілізаваны ў царскую армію. У 1918-1921 гг. служыў у Чырвонай Арміі. У 1921-1926 гг. выкладаў гісторыю і французскую мову ў Краснапольскай школе ІІ ступені. У 1926-1930 гг. - інспектар Цэнтральнага бюро краязнаўства БССР, член літаратурнага аб'яднання "Узвышша".

У 1934 г. рэпрэсаваны, асуджаны на 5 гадоў ссылкі. Зноў арыштаваны ў 1940 г. Пакаранне адбываў у Карагандзе, Валагодскай, Мурманскай абласцях. Працаваў бухгалтарам у леспрамгасе, рыбным кааператыве, выкладчыкам літаратуры ў школе. Усё створанае ў ссылцы (раман "Жывы дом", аповесці, навелы), было канфіскавана.

Памёр у лагеры на Поўначы 8 кастрычніка 1943 года. 6 студзеня 1961 г. рэабілітаваны.

Першы твор апублікаў у 1924 г. у газеце "Савецкая Беларусь". Друкаваўся ў "Голасе беларуса" (Вільня), "Узвышшы", "Чырвоным сейбіце". Аўтар першага ў беларускай літаратуры сатырычнага рамана "Запіскі Самсона Самасуя" (1929), нарысаў і апавяданняў. Пераклаў на беларускую мову "Тыса гаворыць" Б. Іллеша (1932), "Шляхамі ўзбочнымі" П. Загаруйкі (1932).

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"


110 гадоў з дня нараджэння Наталлі Арсенневай

Наталля Арсеннева (Кушаль; 20 верасня 1903, Баку - 25 ліпеня 1997, Рочэстэр, Нью-Ёрк, ЗША) - беларуская паэтэса, перакладчыца, драматург. Аўтарка несмяротнага гімну ўсіх беларусаў "Магутны Божа".

Нарадзілася ў сям'і начальніка Бакінскай мытнай акругі і былой настаўніцы ў Баку. Хутка пасля яе нараджэння сям'я пераехала ў Вільню. Падчас 1-ай Сусветнай вайны (1914) сям'я Арсенневых жыла ў бежанстве ў Яраслаўлі, дзе будучая паэтэса напісала свой першы верш на рускай мове. У 1920 сям'я вярнулася ў Вільню, там Наталля Арсеннева скончыла Віленскую беларускую гімназію, паступіла ва ўніверсітэт. На яе паэтычныя здольнасці звярнуў увагу М. Гарэцкі. У 1922 Наталля Арсеннева выйшла за Францішка Кушаля, якога, як афіцэра польскага войска, накіравалі служыць у заходні рэгіён Польшчы. Пасля верасня 1939 Наталля Арсеннева жыла ў Вілейцы, працавала ў абласной "Сялянскай газеце". У красавіку 1940 як жонка палоннага польскага афіцэра была выслана з сынамі ў Казахстан. У траўні 1941 вярнулася з ссылкі ў Менск, дзякуючы заступніцтву між іншых Янкі Купалы. Тут яе напаткала вайна. У акупаваным Менску супрацоўнічала з "Беларускай газетай". Напісала некалькі лібрэта да опер, займалася перакладамі. У 1944 эмігравала ў Германію, актыўна ўдзельнічала ў культурнай і асветніцкай дзейнасці ў лагерах ДП, была выкладчыцай у Беларускай гімназіі імя Я. Купалы, з 1949 жыла ў ЗША. Працавала ў эмігранцкай беларускай газеце "Беларус", на радыё "Свабода", у Беларускім інстытуце навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

Друкавалася з 1920 г.

Выдала пяць зборнікаў паэзіі. Напісала лібрэта да опер М. Шчаглова "Лясное возера", "Усяслаў Чарадзей" і аперэты "З выраю". Супрацоўнічала з А. Кецкам у падрыхтоўцы зборніка "Евангельскі хрысціянскі спеўнік".

З сярэдзіны 1980-х г. яе творы зноў робяцца вядомымі і папулярнымі на радзіме. Выйшаў том паэткі ў "Беларускім кнігазборы".


Алесю Белакозу - 85

Белакоз Алесь (11.09.1928, в. Ляткі Ваўкавыскага пав. (цяпер Мастоўскі р-н)), настаўнік, краязнавец, музеязнавец. Нарадзіўся ў сям'і малазямельнага селяніна, які ў сярэдзіне 1920-х ездзіў на працу ў Бразілію, а па вяртанні на заробленыя грошы пабудаваў дом у в. Ляткі і адчыніў сваю краму. Белакоз амаль усё жыццё пражыў у роднай вёсцы, якая з часам злілася з больш вялікімі Гудзевічамі. Тут атрымаў і пачатковую адукацыю. Да нямецкай акупацыі скончыў 5 класаў Гудзевіцкай няпоўнай сярэдняй школы. У часе вайны вучыўся пад кіраўніцтвам роднай сястры Веры.

У кастрычніку 1944 Белакоз пачаў вучыцца ў восьмым класе расейскае школы № 1 Ваўкавыска, якую скончыў у 1947. З 1949 завочна навучаўся на беларускім аддзяленні Гарадзенскага педагагічнага інстытута.

- Я заўсёды любіў матэматыку, - узгадваў Алесь Мікалаевіч - і хацеў стаць матэматыкам, але лічыў, што найпершы абавязак кожнага чалавека, а тым больш настаўніка, добра ведаць родную мову.

З часоў навучання Белакоз успамінаў:

- Найбольшае ўражанне на мяне зрабіў выкладчык беларускай літаратуры Браніслаў Ржэўскі, які мужна нёс патрыятычнае слова сярод крыжоў па задушанай мове, культуры, гісторыі Беларусі. Патрыёта Ржэўскага за беларускі патрыятызм у час праўлення Хрушчова засудзілі на сем гадоў зняволення. Тады я зразумеў, што палітыка забойства беларускай мовы - гэта палітыка партыі.

Падчас вучобы Белакоз працаваў у розных школах: 1953-1954 - настаўнік пачатковых класаў у Струзе, 1954-1955 - выкладчык фізікі і матэматыкі ў Тупічанскай семігодцы, 1955-1959 - выкладчык беларускай, нямецкай моваў у Радзявіцкай семігодцы. Па заканчэнні інстытута ў 1958 уладкаваўся выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Гудзевіцкай сярэдняй школе.

У 1968 на базе кабінета беларускай мовы і літаратуры быў адчынены літаратурна-краязнаўчы музей, які складаўся з літаратурнага, этнаграфічнага аддзелаў, аддзела гісторыі Гудзевіцкай школы, а таксама "небяспечных" аддзелаў гісторыі Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады і КПЗБ.

З 1990 Гудзевіцкі літаратурна-этнаграфічны музей мае статус дзяржаўнага і налічвае больш за 12 тысяч экспанатаў, сабраных Белакозам разам з вучнямі.

У 2012 годзе Алесь Белакоз уганараваны прэміяй "За свабоду думкі".


Вызначаны пераможцы конкурсу "Экслібрыс" імя Янкі Маўра

10 верасня былі падведзены вынікі конкурсу "Экслібрыс" імя Янкі Маўра. Сябрам журы было вельмі няпроста вызначыцца з пераможцамі - сярод твораў, пададзеных на конкурс, былі і коміксы, і пераклады, і цэлыя праекты кніг.

Сярод 117 удзельнікаў было шмат таленавітых і вартых увагі, адзначылі ўсе пісьменнікі, якія ацэньвалі іх. У выніку гарачых абмеркаванняў нарэшце названыя 12 фіналістаў: тры пераможцы і дзевяць дыпламантаў.

Першае месца атрымлівае Вольга Гапеева з казачнымі гісторыямі "Сумны суп", а разам з ім - планшэт ад кампаніі Prestigio (lit-bel.org/by/news/3938.html) і выданне кнігі.

Другім месцам уганароўваецца Дар'я Вашкевіч з казкай "Баваўняная дзяўчынка" (твор быў ілюстраваны мастачкай Аленай Медзяковай ). Пераможца атрымае рыдэр ад нашых партнёраў і магчымасць выдаць кнігу.

Трэцяе месца займае пераклад "Чараўніка краіны Оз" Фрэнка Баўма, пераствораны на беларускую мову Сержуком Мядзведзевым , якому таксама дастаецца рыдэр.

У дзявятку дыпламантаў уваходзяць (у алфавітным парадку):

Праект кнігі Сяргея Календы, Дашы Заічанкі і Ліды Наліўкі "Дзе жывуць беларускія пачваркі";

Надзея Кандрусевіч з перакладам твора Сары Лундберг "Віта Белая Крэска";

Павел Касцюкевіч з перакладам "Аўтаспынам па Галактыцы" Дугласа Адамса;

Алесь Квіткевіч з перакладам першай кнігі "Хронікі Нарніі" Клайва Стэплза Льюіса (кніга мае назву "Нябож Чарадзея");

Глеб Лабадзенка з кнігай дзіцячых моўных малюнкаў "Дзіцячая заМова" і з працягам гэтага праекта;

Элеанора Ляхновіч з казкай "Турба-Элік і яго сябры" (твор быў ілюстраваны аўтарам);

Мілана Пасанен з дзённікавымі гісторыямі "Королева рулета", якая сталася сапраўдным адкрыццём конкурсу. Аўтарцы ўсяго толькі 13 гадоў, але яе літаратурныя здольнасці, адчуванне стылю і пачуццё гумару прыемна ўразілі сябраў журы.

Наталля Рудак з перакладам "Маленькай вядзьмаркі" Отфрыда Пройслера;

Ксенія Шталянкова з працягам прыгодніцкага рамана для падлеткаў "Адваротны бок люстра".

Усе фіналісты атрымаюць дыпломы і спецыяльныя прызы ад ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".

Урачыстае ўзнагароджанне лаўрэатаў конкурсу "Экслібрыс" адбудзецца 12 кастрычніка ў галерэі сучаснага мастацтва "Ў". Пачатак у 18.00.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"


У Магілёўскім ТБМ

5-га верасня ў Магілёве адбылася прэзентацыя кнігі гісторыка Алеся Белага "Хроніка Белай Русі: Імагалогія Беларусі XII-XVIII ст." Апроч аўтара прысутнічалі таксама рэдактары часопіса "ARCHE: Пачатак" Валер Булгакаў і Алесь Пашкевіч. Вялікая частка прэзентацыі была аддадзеная расповеду аўтара пра сваю працу, ствараную цягам 20 гадоў і першы раз выдадзеную ў 2000 годзе. Пытанні ж слухачоў датычыліся часцей за ўсё сучасных праблем беларускай ідэнтычнасці (ці ідэнтычнасцяў) і пошукам шляхоў паразумення паміж носьбітамі розных поглядаў на гісторыю нашай краіны.

Аляксей Карпенка.


У Быхаве лічаць: беларускамоўная гімназія ў раёне немэтазгодная

Старшыні Быхаўскага райвыканкама

сп. Д. М. Калееву

213352, г. Быхаў,

вул. Леніна, 31

Шаноўны Дзмітрый Міхайлавіч!

Віншуем Вас з надыходзячым святам "Дзень беларускага пісьменства", якое неўзабаве адбудзецца ў вашым горадзе. Дасылаем зварот Сакратарыяту ТБМ і вельмі просім паспрыяць адкрыццю ў горадзе Быхаве беларускамоўнай гімназіі. Гэта цалкам адпавядае выказванню Кіраўніка нашай дзяржавы: "На Беларусі ніколі не перасохнуць крыніцы народнай мудрасці, таленту, любові да роднай, культуры і традыцый Бацькаўшчыны".

Дадатак на 1 стар.

З павагай, старшыня ТБМ А. Трусаў.



ГА "Таварыстна беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

вул. Румянцава, 13

220034, г. Мінск

IIІаноўнае спадарства!

На Ваш зварот па пытанні адкрыцця беларускамоўнай гімназіі ў г. Быхаве паведамляем наступнае.

На тэрыторыі раёна функныянуюць 7 устаноў адукацыі (ДУА "СШ №1 г. Быхава", ДУА "СШ №2 г. Быхава", ДУА "СШ №3 г. Быхава", ДУА "Гімназія г. Быхава", ДУА "СШ в. Чырвоная Беларусь", ДУА "Вараніноўскі ВПК д/с-БШ", ДУА "Гадылёўскі ВПК д/с-СШ"), у якіх выкладанне прадметаў ажыццяўляецца на рускай мове, 16 (ДУА "Баркалабаўскі ВПК д/с-СШ", ДУА "Грудзінаўскі ВПК д/с-СШ", ДУА "Глухскі ВПК д/с-СШ", ДУА "Дунайкоўскі ВПК д/с-СШ", ДУА "Лудчыцкі ВПК д/с-СШ", ДУА "Макранскі ВПК д/с-СШ", ДУА "Ніканавіцкі ВПК д/с-СШ", ДУА "Навабыхаўскі ВПК д/с-СШ", ДУА "Абідавіцкі ВПК д/с-СШ", ДУА "Палянінавіцкі ВПК д/с-СШ", ДУА "Следзюкоўскі ВПК д/с-СШ", ДУА "Смаліцкі ВПК д/с-СШ", ДУА "Станцыйнатошчыцкая СШ", ДУА "Чарнаборскі ВПК д/с-СШ", ДУА "Дуброўскі ВПК д/с-БШ", ДУА "Чырвонаслабодскі ВПК д/с-БШ") - на беларускай мове.

Анкетаванне бацькоў і вучняў школ, размешчаных у гарадской мясцовасці, паказала, што 89 % ад апытаных не жадаюць, каб іх навучанне агульнаадукацыйным прадметам ажыццяўлялася на беларускай мове.

ІІрыём дзяцей у гімназіі ажыццяўляецца на конкурснай аснове праз уступныя выпрабаванні, гэта азначае, што ў гімназію паступаюць лепшыя дзеці раёна. На тэрыторыі раёна функцыянуе і ліцэй, што цалкам задавальняе адукацыйныя запатрабаванні навучэнцаў.

Таму лічым немэтазгодным адкрыццё беларускамоўнай гімназіі на тэрыторыі г. Быхава.

З павагай, Намеснік старшыні райвыканкама Н.У. Шунькіна.


Беларускамоўныя класы: Гародня паднялася, Ліда правалілася

Першы клас з беларус-кай мовай навучання адкрыўся сёлета ў школе № 37 Гародні. Вучняў у ім пяцёра. У гэтай жа школе ёсць і адзін трэці беларускамоўны клас - там тры вучні. У школе запэўнілі, што праблемаў з навучаннем у гэтых дзетак няма, бо ёсць і беларускія падручнікі, і добрыя настаўнікі.

Сябры Таварыства беларускай мовы сёлета правялі ў гарадзенскіх школах больш за 50 сустрэч, агітуючы бацькоў, каб тыя аддавалі сваіх дзяцей у беларускамоўныя класы. Але вынікі - нязначныя.

Старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ Алесь Крой сам правёў шмат сустрэчаў з бацькамі і настаўнікамі. Ён называе аб'ектыўныя прычыны і дадае, што ў школах не сустракаў варожага стаўлення да сябе, і прыходзіць да высновы, што праблема найперш - у грамадскай свядомасці:

- Цяжка пра гэта казаць, але асноўная прычына ў тым, што мы не сталі яшчэ беларусамі, пакуль яшчэ не сталі, бо не ўсведамляем, што гэта вельмі важна. Гэта асноўная прычына, калі ўсё падсумаваць. А гэта працэс, гэта не нараджаецца за адзін дзень.

У Лідзе сёлета адкрыўся толькі адзін першы беларускамоўны клас - у СШ №16. У класе 9 чалавек. Акрамя таго гэта клас з вывучэннем польскай мовы, як прадмета. Таму клас адразу пачалі называць беларуска-польскім.

Летась у Лідзе былі адкрыты тры беларускамоўныя класы: у 12-й школе - 5 чалавек, у 16-й школе - 8 чалавек, у 17-й школе - 11 чалавек.

Пазалетась былі адкрытыя два класы - у 12-й і 15-й школах. Класы былі маламерныя - 2 і 3 чалавекі.

Як бачна малюнак даволі стракаты. Практычна няма сістэмы, і нельга спрагназаваць, дзе і што будзе на наступны год. Ёсць пэўныя спадзяванні на 16-ю школу, паколькі побач знаходзіцца этнасадок. Але як паказалі мінулыя гады беларускамоўныя этнасадкі і беларускамоўныя класы аўтаматычна наўпростава ніяк не звязваюцца. Значыць трэба шукаць кожны год новыя і новыя шляхі.

Наш кар.


Прозвішчы Беларусі: Онімы пісьменнікаў

(адапелятыўнае і адтапанімічнае ўтварэнне)

У папярэдніх артыкулах намі разглядаліся пісьменніцкія онімы адымёнавага паходжання (Наша слова. № 18 за 2 траўня 2013 г. і № 19 за 8 траўня 2013 г.). У першым падавалася і тлумачэнне тэрмінаў, якія выкарыстоўваюцца пры апісанні ўтварэння гэтых слоў; у далейшым тэрміны падаюцца без іх дэфініцыі (тлумачэння).

У гэтым і наступных нарысах апісваюцца ўтварэнні (дэрываты), якія ўзніклі на базе апелятываў - агульных найменняў прадметаў і паняццяў рознага кшталту, а таксама адтапанімічныя дэрываты - ўтварэнні ад уласных геаграфічных назваў.

Матэрыялам даследа-вання выступаюць, як і раней, пісьменніцкія онімы, зафіксаваныя ў кнізе "Пісьменнікі Савецкай Беларусі: Кароткі біябліяграфічны даведнік". - Мінск : Беларусь, 1970. - 440 с.

Паслядоўнасць апісання онімаў адпавядае іх алфавітнай падачы ў кнізе.

Ав е чкін (Аляксандр А.) - дэрыват з суфіксам прыналежнасці -ін ад антрапоніма Авечка : Авечкін з семантыкай 'нашчадак асобы з прозвішчам Авечка ' (як і Кароўкін ад Кароўка ). Утваральнае слова Авечка - семантычны дэрыват ад апелятыва ав е чка 'свойская жвачная жывёла, якая дае воўну, мяса; самка барана'. Такога кшталту прозвішчы нярэдкія ў славянскіх мовах: Баран, Бык і Бычок, Вол, Казёл, Кароўка і пад., што тлумачыцца вялікай пашанай да свойскіх жывёл, якія ў старажытнасці абагаўляліся чалавекам. ФП (формула прозвішча): авечка - Авечка - Авечкін .

Агняцвет (Эдзі А.) - семантычнае ўтварэнне ад апелятыва агняцвет 'аднагадовая расліна з жоўтымі кветкамі'; 'братаўка (братоўка)'.

Арабей (Лідзія А.) - магчымы семантычны дэрыват ад апелятыва верабей (з адпадзеннем пачатковага "в", параўн. гарабей 'верабей' на Зэльвеншчыне) з семантыкай 'невялікая птушка атрада вераб'іных з карычнева-шараватым апярэннем, якая жыве пераважна паблізу чалавека'. Параўн.: стрэлены або стары верабей 'пра дасведчанага, бывалага чалавека'. Найменні птушак нярэдка становяцца прозвішчамі: Ластаўка, Сініца, Чыж, Шпак .

Астрэйка (Анатоль А., Сяргей А.) - семантычны дэрыват ад апелятыва астрэйка ( вастрэйка ) - утварэння ад астрыць (варыянта ад вастрыць ) з фармантамі -эй і -ка : вастрыць - вастрэй 'той, хто вострыць (начынне)', як і варажыць - варажэй, маніць - маней 'хлус'. Да першага дэрывата Астрэй далучаны памяншальна-ласкальны фармант -ка : Астрэйка . Можна бачыць тут і складаны фармант -эйка , які надаваў дэрыватам значэнне 'асоба, што выконвае дзеянне, названае ўтваральным словам': астрыць - астрэйка . Як і варажэйка, пахваляцца - пахвалейка . Празванні (мянушкі) пазней набылі функцыю родавага наймення, сталі прозвішчамі. ФП: астрыць (< вастрыць ) - астрэй і астрэйка - Астрэйка . Празванне Астрэйка магло абазначаць і вастраслова - чалавека, які любіць і ўмее вастрасловіць.

Баг у н (Міхась Б.) - семантычны дэрыват ад батанічнага тэрміна багун 'вечназялёны балотны зараснік з рэзкім дурманным пахам'. Празванне магло ўзнікнуць паводле адпаведнай асацыяцыі з багуном ці ад частага выкарыстання гэтай лексічнай адзінкі ў маўленні чалавека. Па асацыяцыі батанічнае найменне перанесена на асобу, стала яго мянушкай, а пазней прозвішчам. ФП: багун - Багун .

Бажк о (Алесь Б.) - утварэнне з суфіксальным фармантам -ко ад слова бог 'адмысловы спецыяліст'. Дэрыват-празванне мела памяншальна-ласкальную семантыку. Параўн. на Карэліччыне (радзіме пісьменніка) прозвішча Чартко - утварэнне ад чорт ( Чартко ) з семантыкай 'чорцік, чарцяня'. На Зэльвеншчыне з гэтым значэннем выкарыстоўваецца ўтварэнне з суфіксам -ок Чарток . На радзіме аўтара гэтых радкоў (у вёсцы Грабава) адпаведна бытавалі антрапонімы-мянушкі Папок 'маленькі поп' і Попка жаночая форма ад яго. Згаданыя моўныя факты даюць мажлівасць бачыць у структуры прозвішча Бажко ўтварэнне з фармантам -ко . ФП: бог - бог-ько - бож-ко - Бажко .

Банд а рына (Зінаіда Б.) - жаночая форма антрапоніма да прозвішча Бондар ( Банд а р) , утвораная з выкарыстанем антрапанімічнага фарманта -ына : Бандарына . Параўнаем антрапонімы: Аляксандр - Аляксандрына, Васіль - Васіліна, Павел - Паўліна . Прозвішча Бондар узнікла ад апелятыва б о ндар 'майстар у вырабе драўлянага посуду (бочак, дзе-жак, цэбраў і пад.)' шляхам пераходу агульнага назоўніка ва ўласны - Бондар . Празванне (мянушка) перадавалася па спадчыне на ўсіх членаў сям'і і стала прозвішчам. У апелятыўный лексіцы такім фемінінным ("жаночым") фармантам выступае -ыня (-іня) : спадар - спадарыня, філолаг - філалагіня, бог 'выдатны спецыяліст у якой-небудзь справе' - багіня (Напр.: багіня цырку ). Зінаідзе Аляксандраўне Бандарыне як супрацоўніцы кінастудыяў і тэатраў Масквы, Архангельска і іншых гарадоў вельмі пасавала гэтакая "жаночая форма" з фармантам -ына , узвышаючы яе як асобу. Дадамо асабістае. Нам, гарадзенцам, вельмі прыемна і вялікі гонар мець такую славутую землячку-гарадзенку!

Барадулін (Рыгор Б.) - утварэнне з суфіксам -ін ад антрапоніма Барадуля . Апелятыў барадуля 'чалавек з барадой ('барадаты')' узнік ад слова барада з выкарыстаннем пяшчотлівага фарманта -уля : барадуля . Як і матуля, татуля, дзядуля … Непасрэдная матывацыя антрапоніма Барадулін - 'нашчадак (сын, спадчыннік, дзіця) Барадулі '. Барадуля першасна было мянушкай чалавека барадатага ('барадача'). З часам мянушка стала родавым сямейным найменнем - прозвішчам. ФП: барада - барадуля - Барадуля - Барадулін .

Бар а навых (Сымон Б.) - утварэнне ад прыметніка Ба-ранавыя ў форме роднага склону множнага ліку; слова-форма абазначала аднаго з членаў сям'і з прозвішчам Баранавыя - 'з роду Баранавых '. Антрапонім паходзіць ад апелятыва баран з суфіксам прыналежнасці -ав- . ФП: баран - Бар а навыя - Бар а навых .

Бар а шка (Іларый Б.) - семантычны дэрыват ад апелятыва бар а шка (расійскае) 'пра воблакі, хвалі' (белар. баранчыкі ) ці як заалагічны тэрмін 'бакас', 'баранчык' (Руска-беларускі слоўнік. 1993, т. 1, с. 75). ФП: барашкі - барашка - Барашка .

Бач ы ла (Алесь Б.) - семантычны дэрыват ад апе-лятыва бач ы ла - формы множнага ліку бач ы лы 'вочы' (орган зроку), утворанага ад бачыць з выкарыстаннем суфікса -л- (-а, -ы) : Бачы-л-а(-ы) . ФП: бачыць - бачылы - Бач ы ла. Антрапонім мог узнікнуць і як гукапераймальны выраз: бач ы ла - бач ы ла !!, які замацаваўся як найменне за асабой, што часта карысталася ім.

Бобрык (Янка Б.) - семантычны дэрыват ад апелятыва бобрык 'малы бабёр', 'дзіцяня бабра' або ад Бобр . Прозвішчамі з словаўтваральным фармантам -ік/-ык нярэдка выступаюць найменні-заонімы: Лосік (Лось), Мядзведзік, Зай-чык, Чыжык і пад. А таксама ўтварэнні ад уласных асабовых імёнаў (Гродзеншчына): Лук а шык (Лукашык), Петрык (Пётр, Пятро), Паўлік (Павел, Павал), Данік (Дань і Дана), Янік (Ян і Яна). ФП: бобр - бобрык - Бобр - Бобрык .

Брыль (Янка Б.) - семантычны дэрыват ад апелятыва брыль 'казырок шапкі', 'капялюш з палямі'. Антрапонім мог замацавацца за асобай, якая карысталася гэтым галаўным уборам або, калі слова было частотным у яе маўленні.

Бугаёў (Дзмітрый Б.) - утварэнне з фармантам -ёў , які паказвае на прыналежнасць асобе, названай утваральным словам: Бугай - Бугаёў . Апелятыў бугай мае два значэнні: 1) тое, што і бык; 2) начная балотная птушка сямейства чапляў, якая, апусціўшы дзюбу ў ваду, утварае гукі, падобныя да рову бугая. Апелятыў бугай (у розных яго значэннях) таксама мог стаць этымонам для ўласнага сямейнага оніма (прозвішча), ад якога пазней утва-рылася прыметнікавая форма. ФП: бугай - Бугай - Бугаёў .

Бураўкін (Генадзь Б.) - дэрыват ад прозвішча Бураўка , а таксама мажлівае ўтварэнне ад апелятыва бураўка (з выкарыстаннем прыналежнага суфікса -ін ) як пяшчотлівага назову каровы бураватай масці ( бураўка - бураўкін ). Апелятыўныя найменні па адпаведнай асацыяцыі маглі быць перанесены на асобу, якая займалася доглядам "малочніцы" - каровы бураўкі . ФП: буры - буравы - бураўка - Бураўка - Бураўкін.

Бурносаў (Васіль Б.) - прыметнікавая форма з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Бурнос : Бурнос-аў . Яго ўтваральнае слова-апелятыў бурнос 'даўгаполая з шырокімі рукавамі сялянская вопратка з саматканага сукна' стала антрапонімам - уласным найменнем асобы, што карысталася гэтай вопраткай ці часта ўжывала лексему ў сваім маўленні. ФП: бурнос - Бурнос - Бурносаў .

Бурсаў (Іван Б.) - прыметнікавая форма з суфіксам - аў ад антрапоніма Бурса : Бурсаў . Апелятыў бурса называў духоўную вучэльню з інтэрнатамі ў 18 ст. і першай палове 19 ст. Ён мог набыць антрапанімічную семантыку - стаць найменнем асобы, якая мела дачыненне да гэтай вучэльні ці часта карысталася лексемай у сваім маўленні. ФП: б урса - Бурса - Бурсаў .

Бур'ян (Барыс Б.) - семантычны дэрыват ад апелятыва бур'ян 'буйнасцяблёвае пустазелле'. Матывацыяй для набыцця апелятывам антрапанімічнай семантыкі магло стаць частотнае выкарыстанне такой намінацыі ў маўленні асобы ці пэўныя дачыненні асобы ў сваёй дзейнасці да абазначанага паняцця, рэаліі.

Быкаў (Васіль Б.) - дэрыват з суфіксам прыналежнасці -аў ад антрапоніма Бык : Быкаў . Апелятыў бык і яго дэрыват бычок часта набывалі антрапанімічную семантыку, называючы асобу паводле адпаведнай асацыяцыі. Нярэдка такія прозвішчы былі пераважнымі сярод насельнікаў пэўнага паселішча, якое і само стала так называцца. Гэтак сталася і з радзімай Васіля Быкава - вёскай Бычкі . Прозвішчы Бык, Быкаў, Бычак нярэдкія ў славянскіх мовах. ФП: бык - Бык - Быкаў .

Бядуля (Змітрок Б.) - семантычны дэрыват ад апелятыва бядуля 'той, хто бядуе , каго апанавала бяда '. Апелятыў-мянушка, стаўшы псеўданімам, набыў функцыю антра-поніма (прозвішча пісьменніка). ФП: бяда - бедаваць - бядуля - Бядуля .

Бял е віч (Антон Б.) - дэрыват у форме бацькаймення ад антрапоніма Белы з пераносам націску на суфіксавы фармант - е віч ; ФП: белы - Белы - Б е лавіч - Б е лявіч - Бял е віч .

Бярозкін (Рыгор Б.) - дэрыват ад антрапоніма Бярозка (з прыналежным суфіксам -ін : Бярозкін ), а гэтае прозвішча - семантычны дэрыват ад апелятыва бярозка 'травяністая расліна сямейства бярозавых з павойным сцяблом і белымі ці ружовымі кветкамі'. Утваральнае слова бярозка набыло значэнне празвання (паводле пэўнай асацыяцыі) і стала сямейным онімам-прозвішчам, ад якога і паходзіць Бярозкін : даслоўна 'нашчадак бярозкі '. ФП: бярозка - Бярозка - Бярозкін .

Ваданосаў (Мікола В.) - складанасуфіксавы дэрыват ад словазлучэння ваду насіць з -аў ( ваданос-аў ). Суфікс -аў мае прыналежнае значэнне і сведчыць, што намінацыя Ва-даносаў паходзіць ад Ваданос 'той, хто належыць Ваданосу '. Утваральнае слова-апелятыў ваданос праз ступень празван-ня набыло значэнне антрапоніма - сямейнага оніма (прозвішча), ад якога і ўтварылася прозвішча Ваданосаў . ФП: ваду насіць - ваданос - Ваданос - Ваданосаў .

Валасевіч (Эдуард В.) - бацькайменне ад антрапоніма Волас з націскам на фарманце - е віч : Валас е віч . ФП: волас ('валасаты') - Волас - Валасевіч.

Валкадаеў (Пётр В.) - дэрыват з суфіксам -еў ад ан-трапоніма Валкадаў - 'хто належыць да роду Валкадава ' з наймення вёскі Кажамякі (Куйбышаўская вобласць, Расія). Заснавальнікі рода - кажамякі - былі паляўнічымі, займаліся вырабамі з звярынай скуры ( ваўкоў ). Апелятыў волкодав з суфіксам -еў набыў форму валкадаў-еў , якая спрасцілася ў валкадаеў . Утваральнае слова валкадаў таксама пераасэнсавалася, стала сямейным онімам-прозвішчам Валкадаў , ад якога і ўзнікла Валкадаеў . ФП: волков давить - волкодав - валкадаў - Валкадаў - Валкадаеў.

Вішнеўскі (Мікола В.) - дэрыват ад антрапоніма Вішня ці тапоніма Вішнёўка . У першым выпадку да асновы назоўніка вішня далучыўся -еўскі - суфікс з семантыкай прэстыжнасці, шляхетнасці (як Грушэўскі - ад Груша ці Лісоўскі - ад Ліс ); у другім - ад Вішнёва ( Вішнёўка ) узнікалі прозвішчы з антрапанімічным фармантам -еўскі/-оўскі/-скі/-цкі . ФП: вішня, Вішнева - Вішнёўка - В і шнеўскі - Вішнеўскі .

Вольны (Анатоль В.) - дэрыват ад апелятыва вольны 'свабодны, незалежны, нічым не абмежаваны, бязмежны, свабодалюбны'. Субстантываваны прыметнік пераасэнсваваўся ў антрапонім, стаў пісьменніцкім онімам Анатоля Ажгірэя. ФП: воля - вольны - Вольны .

Вялюгін (Анатоль В.) - дэрыват з суфіксам прыналеж-насці -ін ад антрапоніма Вялюга , даслоўна 'нашчадак Вялюгі'. Антрапонім паходзіць ад апелятыва вялюга , які матывуецца дваяка: 1) з павелічальным значэннем 'надта вялікі' (параўн. ваўчуга 'вялікі воўк'), 'велікан'; корань тойсама, што ў словах вялізны і вельмі , 2) утварэнне ад віл я ць 'вагацца ў разважаннях, ухіляцца ад не-пасрэднага адказу' (з чаргаваннем е/і ). Апелятыў праз стадыю празвання (мянушкі) набыў функцыю прозвішча - Вялюга і Вілюга , ад якога і онім пісьменніка (Анатоль Вялюгін). Дарэчы, прозвішча Вілюга таксама вядомае (зафіксаванае ў БелСЭ). ФП: віляць - вілюга - Вілюга - Вілюгін - Вялюгін ; або: вял(ікі) - вялюга - Вялюга - Вялюгін .

Вярба (Вера В.) - се-мантычны дэрыват ад апелятыва батанічнага наймення вярба 'дрэвавая і кустовая расліна сямейства вярбовых з разложыстымі галінамі і вузкім лісцем.' ФП: вярба - Вярба . Найменні дрэва нярэдка становяцца сямейнымі, родавымі онімамі (прозвішчамі) паводле адпаведных асацыяцый: Арэка, Вярба, Груша, Ліпа, Хвоя, Яліна, Ялінка і пад.

Вярцінскі (Анатоль В.) - дэрыват ад апелятыва з коранем верц- ( верч- ); параўн. кругаварот 'бесперапынны рух, змяненне чаго-небудзь' і кругаверць (падаецца ў "Вялікім слоўніку беларускай мовы (2012, с. 452) Ф. Піскунова); суфікс -(ін)ск- далучаўся да тапанімічных найменняў: Астрынскі (з в. Астрына), Азярынскі і Азёрскі (в. Азёры), Парэчынскі (в. Парэчча), Зарэчынскі (в. Зарэчча). Мажлівае адтапанімічнае ўтварэнне ад Верці , Верча . Або як прэстыжны, шляхетны варыянт ад антрапоніма Верць , Верч , у аснове якіх апелятывы верт, вяртун 'хто верціцца', 'непаседа'. ФП: вярцець ('круціць') - верць - Верць - Вярцінскі .

Галавач (Платон Г.) - семантычны антрапанімічны дэрыват ад апелятыва галавач 'прэснаводная рыба сямейства карпавых з тоўстай і шырокай галавой.' Спачатку найменне рыбы галавач было перанесена на асобу (па асацыяцыі канстытуцыі цела): галавачом назвалі галавастага ( галаватага ) чалавека 'асобу з вялікай галавой, а таксама разумнага, здатнага да глыбокага роздуму мыслёвіка, мысляра'. Потым апелятыў галавач 'галавасты, кемлівы, разумны чалавек' набыў семантыку сямейнага оніма - прозвішча. ФП: галава - галавач - Галавач.

(Працяг у наступным нумары.)

Павел Сцяцко


ЛІДЗЕ - 690

14-15 верасня Ліда адзначала 690-я ўгодкі са дня заснавання. Праграма свята была надзвычай насычаная і пачалася з ушанавання лепшых людзей раёна. 10 чалавекам прысвоена званне "Ганаровы грамадзянін Лідскага раёна". Сярод іх усе годныя людзі, прычым годнасць гэтая не аднабокая: былы пракурор А. Жураўскі ў сваю бытнасць не выпісаў ні аднаго ордэра на ператрусы ў сяброў апазіцыі, былы старшыня Лідскага райвыканкаму А. Худык падчас "Дажынак" перабудаваў горад і ў свой час вывез у Ліду бібліятэку Саюза пісьменнікаў, былы старшыня Бердаўскага калгаса А. Каранюк ператварыў Бердаўку ў аграгарадок, садзейнічаў стварэнню Бердаўскага музея ды напісаў кнігу ўспамінаў "Сэнс жыцця" на беларускай мове і г.д. 21 чалавек быў адзначаны ў намінацыі "Гонар Лідчыны". Сярод іх: Вячаслаў Статкевіч, саліст ансамбля "Свята", скульптар Р. Груша, кампазітар С. Бугасаў, мастак па шклу Ў. Мурахвер і інш. Перад Лідскім музеем устаноўлены памятны знак з іхнімі імяннымі зоркамі.

Гісторыя Ліды была тэатралізавана прадстаўлена на цэнтральная плошчы. Уся дзея ішла на беларускай мове.

Турнір "Меч Лідскага замка" працягнуў эпоху Сярэднявечча. Арганізатар турніру Мікола Шаўчэнка - кіраўнік лідскага клубу "Dies Magna", што азначае "Дзень велічы". Чаму клубаў не так многа? Атрымалася, што сёння адзначаюць дзень горада ў сталіцы, у Рэчыцы, у Мазыры, у Гомелі, а таксама 690-годдзе ў Лідзе. Ды яшчэ вяселлі ў гэтыя выходныя гуляюць самі рыцары, што перашкодзіла чатыром клубам прыбыць у Ліду, патлумачыў Шаўчэнка. Збіраліся пазмагацца за меч Лідскага замка і некалькі клубаў з-за мяжы, у іх ліку палякі і літоўцы, але здолелі прыехаць толькі маскоўскія клубы.

Аднак у Ліду прыбылі ўдзельнікі зборнай Беларусі па гістарычных баях, а таксама ўдзельнікі такой жа зборнай з Расеі. Сёлета рыцарскія баі праходзілі ў Францыі, удзельнічалі 38 краінаў. Беларусы апынуліся на трэцім месцы.

У Лідзе першыя два турніры былі найбольш масавымі - у 2005-м і 2007-м гадах, удзельнічалі нават конныя рыцары, што лічыцца даволі дарагой справай. У 2010-м турнір праходзіў падчас дажынак, да якіх быў адноўлены цалкам замак - другая вежа і дзве з чатырох сценаў. Невялі-кія рыцарскія фэсты адбываюцца ў замку штогод.

У праграме свята так-сама - фестываль квасу, конкурс падворкаў на лепшы сноп, лепшы каравай, фальклорныя выступленні калектываў Ліды і Трокаў.

Свята авіятараў адбы-лося на найстарэйшым у Беларусі Лідскім аэрадроме 15 верасня. Аэрадром адзначае сёлета 100-годдзе. У неба падняліся самалёты Міг-29, Су-25, верталёты Мі-24. На самалётах Л-39 сваё майстэрства прадэманстравала пілатажная група "Белая Русь". Гледачы ўбачылі выступы парашутыстаў, дэльтапланерыстаў і авіямадэлістаў. У праграме таксама быў паказ авіяцыйнай тэхнікі, выступленне роты ганаровай варты і святочны канцэрт. Да 100-годдзя аэрадрома ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі разгорнута выстава.

Наш кар.


Прэзентацыя кнігі пра Ліду

Лідчына - зямля з маляўнічымі краявідамі і багатай гісторыяй. На лідскай зямлі нарадзіліся альбо былі звязаны з ёй лёсам нямала вядомых людзей. І калі Лідзе, лідскаму краю захоча прысвяціць свае вершы паэт, то, паверце, ён заўсёды знойдзе што адлюстраваць у сваіх творах, бо тэма роднага горада, яго мінуўшчыны і сучаснасці адкрывае шырокае поле дзейнасці для мастака прыгожага і трапнага слова, тым больш калі ён улюбёны ў свой горад. Таму ўжо не першы раз актыўна адклікаюцца на прапанову прыняць удзел у конкурсе вершаў, прысвечаных Лідзе, мясцовыя творцы.

Пяць гадоў назад, да 685-годдзя горада, быў выдадзены зборнік вершаў лідскіх аўтараў "Мой любы горад Ліда". А сёлета, калі горад святкуе 690-гадовы юбілей, убачыла свет яшчэ адна кніга вершаў, прысвечаных Лідзе, - "Мой горад - гонар мой". У кнігу ўвайшлі вершы каля дваццаці лідскіх аўтараў, прасякнутыя любоўю да роднага горада, імкненнем асэнсаваць яго мінулае і сучаснасць.

Прэзентацыя кнігі адбылася ў мінулую суботу, 14 верасня ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы.

Адкрылі прэзентацыю некалькі песень у выкананні кампазітара з Астраўца, ураджэнца нашага горада Аляксандра Якіменкі, сярод якіх - "Песня пра Ліду", напісаная кампазітарам на адзін з вершаў, змешчаных у кнізе. Затым перад прысутнымі выступіла ўкладальнік кнігі, галоўны рэдактар "Лідскай газеты" Кацярына Серафіновіч. Кацярына Адамаўна адзначыла сімвалічнасць падзеі - прэзентацыі зборніка, - з якой пачаўся абшырны цыкл мерапрыемстваў у рамках святкавання юбілею горада. Пазней слова ўзяла госць мерапрыемства - галоўны рэдактар часопісаў "Ave Maria" і "Наша вера", паэтэса і пісьменніца, наша знакамітая зямлячка Хрысціна Лялько. Яна павіншавала ўсіх са святам горада і прэзентавала кнігу вядомага польскага святара Яна Твардоўскага "Разам з табою", якую яна сумесна з яшчэ адной нашай вядомай зямлячкай - Данутай Бічэль - пераклала з польскай мовы.

Чыталі прысвечаныя Лідзе вершы некаторыя з аўтараў. Патрыятычныя песні выконвалі саліст хору "Майскія зоры" Славамір Шкленнік, педагог музычнага каледжа Віктар Нядзелька. Праз мульты-медыйныя сродкі прысутныя пачулі сугучныя па тэматыцы песні ў выкананні ўдзельнікаў музычнай майстэрні "Родник" музычнага каледжа.

Публікацыя твораў лідскіх аўтараў у агульным зборніку, выдадзеным накладм 500 асобнікаў, - добры стымул да далейшага напісання вершаў, якія ўслаўляюць Ліду, яе людзей, яе прыгажосць, яе дасягненні. І ёсць упэўненасць, што мы яшчэ не раз пачуем і прачытаем таленавітыя радкі мясцовых літаратараў, прысвечаныя гораду, які багаты таксама і майстрамі прыгожага пісьменства.

Алесь МАЦУЛЕВІЧ.


Лідзянам - здароўя, Лідзе - дзесяцітысячагоддзя!

Воляй лёсу і жыццёвых абставінаў апошнія сем гадоў я жыву ў Менску тры-чатыры дні на месяц, у Лідзе - 27-28 дзён. Горад і людзі падабаюцца ўсё болей.

Тут закончыў кнігу пра забойства Янкі Купалы (адна глава прысвечана наведванню Купалам Ліды), дакументальны раман пра Чарнобыльскую катастрофу (першы ў Беларусі) "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе". У жычлівай лагоднасці і спакоі Ліды думаецца лягчэй, творыцца хутчэй.

...Некалі здаўным-даўно, яшчэ да пачатку Гедзімінаўскай будоўлі мясцовага славутага замка, сюды прыйшлі людзі. У прыдатных мясцінах лясныя і хмызовыя засевы раскарчавалі на ляды, дзялкі, паляны. Пасеялі проса, на раскарчоўках яно надзвычай добра родзіць. Адвечная назва беларусамі першай лясной выкарчоўкі - ляда, лада, ладнасць, ладніцца. У выгуках і перазовах народам і рэхам даўніна пераназвалася - ля-а-да, ла-а-а-да, лі-і-да-а.

Даўнінны пераназоў мясціны хораша, запамінальна пераўвялічыўся, пераліўся ў Ліду, Ліда. З бывалішніх і новых варыянтаў назвы горада такі праўдзіўна-гожы нельга забываць.

Няхай слаўнаму гораду і месцічам, якія днямі годна адзначылі яго 690-годдзе, шчасціць на шараговых працаўнікоў, жычлівых настаўнікаў і лекараў, думкіх службоўцаў, адказных кіраўнікоў.

Шчыра зычу ўсім лідзянам - здароўя, Лідзе - дзесяцітысячагоддзя.

Валер Санько, пісьменнік, доктар народнай медыцыны.


Гісторык-патрыёт

(да 80-годдзя Міхаіла Васілючка)

А ці можа быць іншым гісторык? На вялікі жаль, можа. У наш час у гістарычнай навуцы з'явілася нямала спецыялістаў, якія вельмі старанна дэманструюць сваю ідэалагічную правільнасць, аб'ектыўнасць, нават своеасаблівы пурызм. Такім чынам ладзіцца дыстанцыя, што аддзяляе цябе ад тваіх пачуццяў да Бацькаўшчыны. Больш за тое, пэўная частка гісторыкаў палічыла, што прыйшоў іх час, і можна бэсціць нацыянальных герояў Беларусі, зневажаць ідэалы барацьбы за незалежнасць і проста перапісваць беларускую гісторыю ў адпаведнасці з пост-бальшавіцкімі догмамі. Так што на палетках гістарычных пошукаў зараз добра высвятляецца пытанне, хто ёсць хто? Мой жа прадмет гаворкі - гісторык Міхаіл Вікенцевіч Васілючак, калега па вышэйшай школе - адназначна заангажаваны ў беларускасці. I гэта пры тым, што доўгія гады выкладаў гісторыю КПСС. Ці няма тут парадоксу? Пэўна няма. Бо ўсё залежыць ад чалавечай асобы, ад таго, як глыбока закладзены ў ёй маральныя каштоўнасці свайго народа.

М. Васілючак належыць да таго пакалення, якое станавілася на ногі перад вайною ў заходнебеларускай вёсцы, дзе моцнаю яшчэ была традыцыйная народная культура. А яна зацвярджала, акрамя ўсяго іншага, адданасць свайму роду, сваёй зямлі, духоўнаму ладу яе жыцця. Гэтым найбольш вымяралася ў штодзённых буднях людскіх дачыненняў чалавечая прыстойнасць. Ад родных маральных вытокаў пачыналася і працягвалася жыццёвая сцежка Міхаіла Васілючка.

Нарадзіўся 23 верасня 1933 года ў вёсцы Малыя Князікоўцы Іўеўскага раёна. Тут скончыў 7-годку. Сярэднюю школу - у вёсцы Бердаўка Лідскага раёна. Служыў у войску (1953-55). Настаўнічаў у вёсцы Карпавічы на Іўеўшчыне (1955-56). Скончыў гістарычна - геаграфічны факультэт Менскага педінстытута (1962). Быў дырэктарам сярэдняй школы ў вёсцы Голдава Лідскага раёна (1962-67). А з 1969 года, калі скончыў аспірантуру ў Менскім педінстытуце, пакрочыла наперад шматгадовая выкладчыцкая праца кандыдата гістарычных навук, дацэнта М. Васілючка. Спачатку ў Гомельскім універсітэце (1969-70), а з 1970 года - у Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце, дзе выкладаў гісторыю КПСС. У 1978-93 гг. М. Васілючак працуе прарэктарам па завочным навучанні Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. З 1994 года - на кафедры гісторыі Беларусі гэтага ўніверсітэта. I толькі нядаўна пайшоў ён, нястомны працаўнік, на гэтак званы заслужаны адпачынак. Але яго рухавую постаць вельмі часта можна спаткаць у галоўным корпусе ўніверсітэта: М. Васілючак - нязменны старшыня савета ветэранаў гэтай навучальнай установы, і клопаты зноў і зноў клічуць сюды. Трэба прызнаць, што Міхаіл Вікенцевіч шмат робіць для таго, каб універсітэт матэрыяльна хоць крыху падтрымліваў былых сваіх выкладчыкаў, каб яны мелі магчымасць тут сустракацца. За гэта яго па-сапраўднаму паважаюць.

Немалыя навуковыя здабыткі ў дацэнта М. Васілючка. Ён выдаў кнігу пра заходнебеларускую рэчаіснасць 1939-41 гг. ("У сям'і адзінай", 1977). Ён сааўтар даследаванняў "Ліда. Гістарычна-эканамічны нарыс"(1967, 2-е выд. 1980), "Іўе. Гістарычна-эканамічны нарыс" (1991), "Гродна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 1941-1944 гг." (1995, 2-е выд. 1996) і інш. Надрукаваў мноства артыкулаў.

З ім заўсёды прыемна сустрэцца і перакінуцца словам пра жыццё, якое так хутка бяжыць. Ён добра ведае цану чалавечаму быццю: сам перанёс цяжкія ўдары лёсу - трагічную страту сына, затым жонкі. Ды выстаяў і збярог у сабе жывую трапяткую душу. Вочы яго заўсёды свецяцца прыязнасцю і зычлівасцю, а ў гаворцы - нязменная і балючая трывога за сённяшні стан беларускай мовы ў Беларусі.

Многіх і ясных табе гадоў наперадзе, дарагі калега!

Аляксей Пяткевіч.


450-гадовы юбілей "Берасцейскай бібліі"

4 верасня 2013 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа адбылася прэзентацыя выставы "450-годдзе Берасцейскай бібліі".

Найкаштоўнейшыя старадрукаваныя кнігі захоўваюцца ў фондах Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі. Найстарэйшыя з іх "пражылі" больш за 500 гадоў, іншыя яшчэ набліжаюцца да такога паважнага ўзросту. Сярод іх - "Берасцейская біблія", якой 4 верасня споўнілася 450 гадоў. Да нашага часу дайшло каля 40 асобнікаў гэтага знакамітага выдання, якія ў сілу гістарычных абставінаў захоўваюцца ў кнігасховішчах Расіі, Польшчы, Літвы, і толькі адзін - на радзіме, у Беларусі.

Выданне польскамоўнага перакладу Святога Пісання было ідэяй магната Вялікага Княства Літоўскага Мікалая Радзівіла Чорнага. На здзяйснення сваёй мэты ён не пашкадаваў грошай - 10 тысяч дукатаў. Кніга выйшла ў свет у Берасцейскай друкарні ў 1563 годзе накладам больш за 500 асобнікаў. Пасля смерці Мікалая Радзівіла Чорнага частка кніг трапіла ў бібліятэку Віленскага евангелісцка-рэфармацкага сінода. Сярод іх быў і асобнік, што захоўваецца ў ЦНБ НАН Беларусі.

Наведвальнікі бібліятэкі змогуць пабачыць гэты рарытэтны асобнік, адчуць прыгажосць яго мастацкага афармлення, даведацца пра асабісты лёс кнігі. На розныя пытанні можна было атрымаць адказы айчынных навукоўцаў: Аляксандра Сцефановіча і Алены Яцыны. Разам з асобнікамі "Берасцейскай бібліі" выстаўлены даследванні айчынных і замежных навукоўцаў.

На мерапрыемстве прысутнічала творчая інтэлігенцыя г. Менска (журналісты, гісторыкі і краязнаўцы.) Было вельмі цікава.

Аляксей Шалахоўскі.


Вінцэсю Мудрову - 60

Мудроў Вінцэсь (11. 09.1953, Полацак), беларускі літаратар і журналіст, актыўны ўдзельнік руху самвыдату ў 1970-1980-я, крытык камуністычнай нацыянальнай папітыкі, цярпеў ад пераследаў з боку КДБ.

Дзяцінства і юнацтва Мудроў, сын савецкага афіцэра (расейца па нацыянальнасці), правёў на радзіме маці ў Беларусі. У старэйшых класах сярэдняй школы № 2 Наваполацка ён ужо быў вядомы ў моладзевым асяродку як чалавек, што крытычна ставіўся да савецкае рэчаіснасці і адчуваў у сувязі з гэтым ціск з боку адміністрацыі, непасрэднай прычынай для якога паслужыла вывешванне на школьнай дошцы аб'яваў праграмаў перадачаў "Голаса Амерыкі", "Радыё Саабода" і іншых заходніх радыёстанцыяў. .

У перыяд вучобы ў Наваполацкім політэхнічным інстытуце стаў ініцыятарам выдання рукапіснага літаратурна-мастацкага часопіса "Блакітны ліхтар". Разам з групай аднадумцаў (Валеры Шлыкаў, Анатоль Рыбікаў, Андрэй Грабаў і інш.) выпусціў у 1971-1974 15 нумароў часопіса. Нумар, цалкам падрыхтаваны Мудровым, змяшчаў ягоныя меркаванні па праблеме беларускай мовы і яе перспектываў ва ўмовах СССР. Поруч з чыста літаратурнымі матэрыяламі ў часопісе пастаянна змяшчаліся публіцыстычныя творы, дзе крытыкавалася праводзімая ў Беларусі палітыка русіфікацыі. У адным са сваіх вершаў Мудроў параўнаў беларусаў са зніклым народам этрускаў.

Часопіс паступова павялічыў лік аўтараў і акрамя Полацка і Наваполацка дастаткова шырока чытаўся і меў рэзананс у Беларускім дзяржаўным універсітэце і іншых менскіх вышэйшых установах. У 1974 на след часопіса выйшаў КДБ. У вачах гэтай інстытуцыі ўяўляла грамадскую небяспеку ўжо сама беларуская мова моладзевага альманаха, які выходзіў у "інтэрнацыянальным сацыялістычным горадзе", у якасці якога Наваполацак паказваўся афіцыйнай прапагандай. Усе нумары "Блакітнага ліхтара" былі канфіскаваныя. З Мудровым і інш. выдаўцамі былі праведзеныя "прафілактычныя гутаркі", у выніку чаго выпуск часопіса прыпыніўся.

У 1976 Мудроў скончыў Наваполацкі політэхнічны інстытут. Па прычыне палітычнай ненадзейнасці яму было адмоўлена ў прыёме на працу на Наваполацкі завод "Вымяральнік", які належаў да ліку "абаронных" прадпрыемстваў.

У другой палове 1970-1980-х Вінцэсь Мудроў актыўна займаўся капіяваннем і распаўсюджваннем забароненай у СССР літаратуры, у прыватнасці, твораў М. Булгакава "Ракавыя яйкі" і "Сабачае сэрца". Асаблівае месца ў гэтай дзейнасці займала нелегальнае распаўсюджванне недаступных беларускаму чытачу навуковых і публіцыстычных матэрыялаў нацыянальнага характару: "Расейска-крыўскага (беларускага) слоўніка" В. Ластоўскага, беларускага часопіса "Крывіч"; антыкамуністычных вершаў і паэмаў вязня ГУЛАГу паэткі Ларысы Геніюш. Мудроў наведваў Л. Геніюш у яе доме ў Зэльве Гарадзенскай вобл.; у 1983 удзельнічаў у пахаванні паэткі, якое адбылося пад татальным кантролем КДБ.

Працаваў на прадпрыемствах Наваполацка, а пасля Ямала-Нянецкай аўтаномнай акругі РСФСР. Пастаянна адчуваў увагу КДБ. У 1986 супрацоўнікі КДБ падчас чарговай "прафілактычнай гутаркі" пагражалі выслаць Мудрова з Ямала-Нянецкай акругі за антысавецкую дзейнасць.

У канцы 1980-х Мудроў вярнуўся ў Беларусь і цяпер жыве ў Наваполацку. Ён займае актыўную грамадскую пазіцыю: з 1990 - сябра Беларускага Народнага Фронту, удзельнічае ў акцыях дэмакратычнай апазіцыі. З 1995 - карэспандэнт "Радыё Свабода" па Полацкім рэгіёне. Вядомы таксама як аўтар некалькіх кнігаў мастацкай прозы і перакладчык з албанскай і расейскай моваў. Сябра Беларускага ПЭН-Цэнтра.

Уладзімір Арлоў.


Анімацыя "Будзьма беларусамі!" працягвае перакладацца.

Цяпер і па-чэшску!

Анімацыйны фільм "Будзьма беларусамі!" цяпер даступны і па-чэшску. Аўтары ўпэўненыя, што анімацыя стане добрай падтрымкай міжкультурных зносінаў паміж Беларуссю і Чэхіяй, дзе не так даўно беларусы афіцыйна атрымалі статус нацыянальнай меншасці. Паглядзець мультфільм можна на партале ... .org. Пераклад тэксту быў зроблены Максімам Бяляўскім і адрэдагаваны Веранікай Наватнюк. Гэта ўжо пятая моўная адаптацыя мультфільма (дагэтуль пабачылі свет руская, польская, англійская і шведская версіі).

Анімацыя мае ўзнагароды фестываляў AD.NAK! Festival, Uzupis International Film Festival, One short film fest, White Square festival, Кіеўскага міжнароднага фестывалю рэкламы. Мультфільм удзельнічаў у фестывалях KROK International Animation festival, Varna International Animation festival, Balkanima International Animation festival, ANIMEST International Anima-tion festival, HIROSHIMA, Tindirindis і Klik!, меў ратацыі ў чацвёртым туры кароткіх фільмаў тэлеканала Eurochannel, які вядзе вяшчанне па ўсім свеце. Міжнародным поспехам мультфільм абавязаны крэатыву рэкламіста Юліі Ляшкевіч, майстэрскай працы Юліі Рудзіцкай, саўндтрэку ў выкананні Аляксандра Памідорава, (аўтар - Лявон Вольскі) і зладжанай працы каманды кампаніі "Будзьма беларусамі!". Мультфільм зрабіўся сацыяльным імператывам, выклікаўшы ў большасці гледачоў пачуццё гонару за сваю краіну, паказаў агульныя дасягненні, рэальных герояў гісторыі і паспрыяў разбурэнню негатыўных шаблонаў.

Грамадская культурніцкая кампанія "Будзьма беларусамі!" спрыяе пераадоленню раз'яднанасці беларускага грамадства праз узмацненне нацыянальнай ідэнтычнасці. Аднайменны анімацыйны фільм быў створаны дзеля пераадолення стэрэатыпаў пра беларускую "памяркоўнасць" і меркаванне пра тое, што ў беларусаў гісторыя пачынаецца толькі з 1917 года. Больш чым за год "жыцця" фільм стаў сапраўднай візітнай карткай Беларусі ў свеце, сабраўшы агулам больш за 1 млн праглядаў на розных відэахостынгах.

Алесь Плотка, PR-мэнэджар кампаніі "Будзьма беларусамі!"


Графіня Гелена Ромер-Ахянкоўская

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)


Гелену Ромер-Ахянкоўскую і С. Мацкевіча падзяляла розніца поглядаў. Публіцыстка на працягу ўсяго жыцця была дэмакраткай, выказвала левыя памяркоўныя лозунгі. Галоўны рэдактар цаніў Гелену Ромер-Ахянкоўскую як здольную журналістку, прабачаў ёй левізну, меркаваў, што касерватыўныя погляды ўрэшце возьмуць верх.

"Пані Гелена Ромер-Ахянкоўская - цудоўная пісьменніца, нестар віленскай публіцыстыкі, з'яўляецца асобай выразных тэндэнцый і перакананняў", - пісаў пра яе С. Мацкевіч. У "Слове" Гелена Ромер-Ахянкоўская вяла аддзел тэатральных рэцэнзій, любіла сваю працу, шмат і плённа працавала.

Аб сваіх поглядах Гелена Ромер-Ахянкоўская пісала ва ўспамінах: "Яны мяне разглядалі як рэнегатку шляхецкай сферы, бо стаяла ў дэмакратычным лагеры, а я іх - рэнегатамі народных традыцый, шляхетнасці. Абшарніцкае паходжанне стварала для мяне пэўную цяжкасць знаходзіцца ў тым асяроддзі, у якім прыбывала. "Якая з Ромераўны можа быць дэмакратка?"- гаварылі больш чырвоныя, чым дзеячы-сацыялы. Гэта мяне прыводзіла да шаленства".

Не складаліся ў яе добрыя адносіны і з супрацоўнікам газеты Чаславам Янкоўскім, які, як яна меркавала, капае ёй ямкі. Творчыя набыткі Янкоўскага былі вельмі значныя ў адкрыцці і папулярызацыі духоўных сіл "тутэйшых" людзей. Галоўны рэдатар яго высока цаніў, лічыў аўтэнтычным пісьменнікам. Гелена так-сама не раз карысталася яго ўказаннямі і парадамі, але лічыла яго хітрым чалавекам, які запанаваў у "Слове", і адчувала сябе пакрыўджанай, адсунутай убок. Хаця адчувала сябе чужой сярод супрацоўнікаў газеты, але заўсёды была сама сабой, з грамадзянскай смеласцю выказвала свае перакананні. У кожным асяроддзі заўсёды захоўвала поўную свабоду і ўпэўненасць у сабе.

Апрача розніцы ў палітычных поглядах, агульным для Ромер-Ахянкоўскай і галоўнага рэдактара было тое, што працавалі ў адной газеце і належалі да "тутэйшых". Цяжка меркаваць, чаму паміж людзьмі, якія адыгрывалі важную ролю ў публіцыстычным свеце, часамі былі непаразуменні.

У 1922 годзе, каб пазбегнуць канфліктаў з галоўным рэдактарам, Ромер-Ахянкоўская паехала ў Варшаву на курсы бібліятэкараў і пазашкольнай адукацыі дзеля атрымання магчымасці працаваць ва ўніверсітэцкай бібліятэцы. Меркавала парваць супрацоўніцтва са "Словам".

Але пасля курсаў, нягледзячы на ўсе расчараванні, зноў узнавіла супрацоўніцтва са "Словам". Парваць з журналістыкай не магла, лічыла, што гэта стала прывычкай. Напісала для газеты сем артыкулаў "Лісты з падарожжа" і зноў узначаліла аддзел тэатральных рэцэнзій. Як потым успамінала, што не пакінула працы ў газеце па дзвюх прычынах: "мела патрэбу ў грашах" і не хацела "сысці са сцэны і быць нулём". Любіла тэатр і працу рэцэнзента. Ёй імпанавала, што артысты згаджаліся з яе заўвагамі і сцвярджалі, што яна сапраўдны знаток тэатра. Хаця супрацоўнічала з газетай "Слова", але свайго меркавання і ацэнкі палітычнаму кірунку газеты не змяніла.

У 1925 годзе пакінула працу ў "Слове" і ўвайшла ў склад рэдакцыі "Віленскага кур'ера", які быў канкурэнтам "Слова" за папулярнасць сярод чытачоў. Тут яна не толькі пісала тэатральныя і літаратурныя рэцэнзіі, але ўважліва сачыла за дзейнасцю "Слова" і востра крытыкавала яго кансерватызм. Яе артыкул у "Віленскім кур'еры" (1939.18.02) "Перамагаю антыалкагольную прапаганду" выклікаў вялікі рэзананс і дыскусію ў грамадстве. Усю палеміку разам з заключным словам Гелены Ромер-Ахянкоўскай З. Грыневіч змясціў у часопісе "Цвярозасць".

Публіцыстка папракала ўсіх, хто чытаў і выпісваў "Слова", нават свайго родзіча Антона Ромера, што не выпісвае газеты, у якой яна працуе, а чытае кансерватыўную прэсу. Яна і далей востра крытыкавала "Слова" і назад не вярнулася. Як сама пісала, па дзвюх прычынах: па-першае, у "Віленскім кур'еры" займала вельмі незалежнае становішча, дзе ніхто яе не прымушаў пісаць тое, чаго не хацела пісаць, за што паважала галоўнага рэдатара К. Акуліча, а па-другое, не хацела мець нічога агульнага са сваім ідэйным праціўнікам С. Мацкевічам.

Даючы вострую характарыстыку палітычнаму кірунку "Слова", Гелена разумела і згаджалася з меркаваннем, што "Слова" было лепш рэдагаванае, было вышэйшае, багацейшае і смялейшае. А. Ромер лічыў, што "Слова" і "Віленскі кур'ер" - гэта "два грыбы ў баршчы". На яго думку, у калектыве "Слова" было больш таленавітых супрацоўнікаў і Гелена прынесла б больш карысці, супрацоўнічаючы з ім. Па запрашэнні Гулевіча В. Гелена Ромер-Ахянкоўская спрабавала свае сілы ў радыёперадачах. Напісала сцэнарыі радыёперадач "Віленская Вялікодная ютрань", "Віленская батлейка", "1863 год на Літве", "Вігілія ў Наваградку ў Міцкевічаў".

Шкада, што нямілая атмасфера і неспрыяльныя ўмовы працы, якія склаліся для Гелены Ромер-Ахянкоўскай у "Слове", сталі прычынай пакінуць газету. Але яе журналісцкі талент пры гэтым не пацярпеў. Яна пакінула пасля сябе цудоўныя артыкулы, "перлы рэгіянальнай літаратуры", у якіх апісаны найважнейшыя эпізоды жыцця Віленшчыны. Мяркую, што багаты і разнастайны змест публіцыстычнага даробку Гелены Ромер-Ахянкоўскай яшчэ прыцягне ўвагу не аднаго даследчыка.

"Тутэйшая"? А можа беларуская пісьменніца?

Гелена Ромер-Ахянкоўская, "настаўніца беларускай басоты", як яе называлі дамарослыя прарасійскія русіфікатары і польскія нацыяналісты, марыла і траціла свае сілы і сродкі на тое, "каб дачакацца такой пацехі, калі кніжкі патрапяць пад сялянскія стрэхі". Малой радзімай яе было Каралінова Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. Жывучы сярод простых людзей, бачыла варожае стаўленне царскіх улад да мясцовага люду за прыналежнасць да каталіцкага веравызнання, бачыла эканамічны прыгнёт, русіфікацыю і паланізацыю. Атрымаўшы адукацыю, вывучыўшы гісторыю змагання мясцовай эліты з царызмам, у тым ліку і сваіх продкаў Ромераў і Сулістоўскіх, і ў выніку кантактаў з аднадумцамі, якія змагаліся за незалежнасць, стала прыхільніцай "краёвасці", "тутэйшасці".

Што такое "краёвасць"? Этымалогія тэрміну "краёвасць" зыходзіць ад тэрміну "Паўночна-Заходні край", якім царызм назваў захопленыя землі ў выніку падзелу РП. Карэннае насельніцтва, дваранства і інтэлігенцыя гэтыя землі менавалі проста як "Край", які поўнасцю асацыяваўся з землямі былога Вялікага Княства Літоўскага, бо знешнія межы апошняга амаль супадалі са знешнімі межамі "Паўночна-Заходняга краю". Краёвасць выцякала з памяці карэннага насельніцтва аб былым адзінстве гэтай тэрыторыі ў часы ВКЛ і імкнення захаваць і ўмацаваць тое адзінства і надалей.

Стрыжнем краёвай ідэалогіі была ідэя палітычнай нацыі: усе карэнныя жыхары гістарычнай Літвы (Беларусі), якія ўсведамляюць сябе "грамадзянамі Краю", належаць да адзінай нацыі незалежна ад этнічнага паходжання, культурнай і рэлігійнай прыналежнасці. Краёвасць - гэта рыса свядомасці грамадзян краю, які стаў Радзімай для беларусаў, літоўцаў, палякаў, яўрэяў, татар, рускіх, а вызначальнымі нацыянальнымі рысамі лічыліся патрыятызм і любоў да краю.

Скірмунт Раман : "Сутнасць ідэалогіі "краёвасці" заключаецца ў тым, што ўсе, хто адчувае сябе "грамадзянамі Краю", належаць да адзінай супольнасці, незалежна ад паходжання і ўжыванай мовы (польскай, літоўскай, беларускай ці рускай)".

Людвік Абрамовіч : "Усе краёўцы ведаюць, адчуваюць, што тут гэта наш край, а там гэта або Расея альбо Польшча. Усе яны мелі сваю геаграфічную салідарнасць, усе хочуць мець і любіць сваю зямлю, хаця яна бедная, неўрадлівая".

Рудовіч С. : "Краёвасць" узнікла на глебе рэч-паспалітаўскага патрыятызму, дзе адбывалася беларускае "культурнае назапашванне": выданне беларускіх лемантароў, з'яўленне беларускамоўных твораў Я. Чачота, Я. Баршчэўскага, А. Рыпінскага, У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча".

Краёвасць шырокіх народных мас, як супраціў любой асіміляцыі, супадала з паняццем "тутэйшасць".

Канстанцыя Скірмунт : "Тутэйшасць - гэта сувязь з роднай зямлёю, гэта патрыятызм… Толькі асвета на роднай мове гарантуе годнае супрацьстаянне русіфікацыі мас".

Ю. Бардах : "У вёсцы, перш за ўсё беларускай, там, дзе сустракаліся розныя мовы, веравызнанні, уплывы розных культур, "тутэйшасць" азначала форму адмовы ад пэўнага выбару, нежаданне прызнаць сваю прыналежнасць да таго або іншага этнасу. Была боязь, што такі выбар можа парушыць традыцыйныя формы сумеснага жыцця і прывесці да канфліктаў".

Рымантас М : "Рэгіяналізм вышэй стаіць за нацыяналізм і аб'ядноўвае, яднае супольнасць".

Такім чынам, "тутэйшасць" была рэакцыяй як супраць русіфікацыі, так і польскага нацыяналізму. Паняцце "тутэйшы", у цэлым, Я. Купала трактаваў пазітыўна.

- Хто ты гэткі?

- Свой, тутэйшы.

- Чаго хочаш?

- Долі лепшай.

* * *

Я не чыноўнік

і не граф, не князь,

Таксама - я не турак і не грэк.

І нават не паляк і не маскаль,

А проста я -

тутэйшы чалавек.

* * *

Калі ж каго бы

стрэліла спытаць:

- Якой ты веры?

Ужо ж бы так адсек:

- Тутэйшай веры я,

каб не салгаць,

Бо я і сам - тутэйшы чалавек!

* * *

А як завуць

край гэты родны мой -

Забыўся ўжо

праз свой прыгон і здзек,

Мабыць забраны,

ці тутэйшы ён

Я ж сын яго -

тутэйшы чалавек!

* * *

А як памру,

то буду спаць, як пан,

I сніць, што я -

тутэйшы чалавек!

Паэт дбаў пра нашу незалежнасць: "Наша незалежнасць соллю ў ваччу для нашых суседак - Польшчы і Расіі, бо і адна, і другая хацелі б нашу незалежнасць утапіць у лыжцы вады сваёй". (Я Купала, газета "Беларусь". 28 лістапада 1919 года, артыкул "Незалежнасць").

Калі паэт заўважыў, што не пра незалежнасць і свабоду мараць некаторыя нашчадкі колішняга магутнага Вялікага Княства Літоўскага, што горды і вольны народ ператвараецца ў прыслужнікаў-рабоў, у роспачы напісаў трагікамедыю "Тутэйшыя", у якой адлюсраваў дзве плыні тутэйшых: нацыянальных здраднікаў-прыстасаванцаў і сапраўдных свядомых патрыётаў.

А.І. Мальдзіс раскрывае генезіс паняцця "тутэйшыя". "…Чалавек…найперш быў патрыётам сваёй хаты, потым - патрыётам сваёй вёскі, затым - патрыётам сваёй мясцовасці, межы якой акрэсліваліся сваім царкоўным ці некалькімі прыходамі, кірмашом, дзе спатыкаўся з родзічамі. Карацёй кажучы, гэта наваколле, дзе жылі "тутэйшыя"…. Гэты тэрмін акрэслівае першапачатковую, не зусім асэнсаваную належнасць да нечага".

Гелена Ромер-Ахян-коўская таксама звярталася да праблемы "тутэйшасці". У апавяданні "Тутэйшы" паняцце "тутэйшы" аўтарка тлумачыць наступным чынам: "Азначэнне "тутэйшы" перад вайной было адзінай характарыстыкай, якой чалавек Віленшчыны ідэнтыфікаваў сябе.

- Хто ты? - пыталіся. - Паляк?

- Не. Я з простых. Тутэйшы.

- Значыць, беларус?

- Ды не, я не рускі, а католік, я тутэйшы.

Слова гэтае ўтрымлівае ў сабе нейкае кароткае і моцнае прызнанне прыналежнасці да зямлі, краявідаў, атачэння. Тутэйшы. Тут народжаны, жывучы і тут уміручы. У гэтай "старане"… Тутэйшы, урослы ў найбліжэйшае акружэнне і ваколіцу".

Трапна апісаны пісьменніцай некаторыя рысы тутэйшых. З аднаго боку быццам крыху наіўныя, адсталыя, неадукаваныя, а з другога боку годныя здзіўлення за ўпартасць, настойлівасць, з якой яны абараняюць каштоўнасць сваёй тоеснасці: веры, роднай мовы, звычаяў, маральнасці. Падмеціла крэсавую ментальнасць. Тутэйшы чалавек стойка бароніцца ад кожнай навізны, хаця яна была б яму карыснай, бо "не прывыкшы", а пераносіць без наракання кожную нядолю, бо "прывыкшы".

Як жа выглядае ў кан-тэксце вышэй сказанага асоба і дзейнасць самой нашай зямлячкі Гелены Ромер-Ахянкоўскай?

Гелена Ромер-Ахянкоўская была паліглот. Для напісання навуковых прац паслугавалася французскай і нямецкай мовамі, з сялянамі размаўляла па-беларуску, з рускімі чыноўнікамі па-расейску, а, працуючы ў польскамоўным часопісе "Віленскі кур'ер", змяшчала ў ім свае допісы і творы на мове часопіса.

(Працяг у наст. нумары.)

Ясь Драўніцкі


Паўстанне 1863-64 гг. у Гарадзенскім павеце

Для разгортвання паўстання ў павеце ў папярэднія гады была праведзена значная арганізацыйная работа. Намаганнямі Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў была створана падпольная рэвалюцыйная арганізацыя, выдавалася газета "Мужыцкая праўда" , дзе жыхарам павета тлумачыліся мэты паўстання. Газету распаўсюджвалі і сам Кастусь Каліноўскі, і сябры рэвалюцыйнай арганізацыі Станіслаў Сангін , Фелікс Ражанск і, Баляслаў Заблоцкі і іншыя ў час шматлікіх паездак па губерні. У Гарадзенскім павеце яе чыталі жыхары вёсак Грандзічы і Капцёўка, заштатнага горада Адэльск і мястэчка Кузніца, мяцежніцкія пракламацыі знаходзілі жыхары каля вёсак Дубавая і Няцечы. За распаўсюджанне "Мужыцкай праўды " быў высланы ў Пермскую губерню жыхар вёскі Скраблякі былы студэнт Іосіф Гарчак , а мешчанін Адэльска Мацей Цюхна расстраляны ў г. Саколка 6 чэрвеня 1863 г.

Хаця кіраўнік паўстання апору рабіў на сялянства, просты люд, аднак ён разумеў, што без дэмакратычна настроенай, нацыянальна свядомай шляхты і шырокай падтрымкі ўсяго народа пастаўленых мэтаў не дасягнуць. Таму да кіраўніцтва рэвалюцыйнай арганізацыяй, паўстанцкімі атрадамі былі прыцягнуты і шляхта, і адстаўныя вайскоўцы, і чыноўнікі. У Гарадзенскім павеце цывільным начальнікам быў намінаваны ў сакавіку 1863 г. Станіслаў Сільвястровіч , 30-ці гадоў, які з братам Казімірам валодаў даволі вялікім маёнткам Гожа - Пералом. Ён скончыў Дэрпцкі ўніверсітэт, быў чалавекам дэмакратычных поглядаў, за што карыстаўся павагай гарадзенскай моладзі. Пасля адмены прыгоннага права ў 1861 г. гожскія сяляне былі пераведзены на самы ўмераны аброк і атрымалі ў валоданне больш, чым па 16 дзесяцін зямлі. Бываючы ў Гародні, ён зблізіўся з братамі Заблоцкімі - чыноўнікам Эразмам і доктарам Баляславам , якія ўваходзілі ў рэвалюцыйную арганізацыю. Па прапанове Эразма Заблоцкага, стаўшага ваяводскім цывільным начальнікам, Станіслаў Сільвястровіч быў зацверджаны павятовым цывільным начальнікам.

Вайсковым начальнікам павета быў зацверджаны чалавек дасведчаны ў ваеннай справе падпалкоўнік царскай арміі Лянкевіч Аляксандр Алойзавіч , 40 гадоў, якому Літоўскі правінцыяльны камітэт надаў зване палкоўніка. Ён выйшаў у адстаўку і разам з братам валодаў невялікім (109 дзес.) нераздзеленым маёнткам Панюкі каля Скідзеля.

Да пачатку паўстання для аператыўнасці ў яго падрыхтоўцы павет быў падзелены на 5 акругаў і прызначаны іх кіраўнікі, а таксама былі вызначаны адказныя за кірункі дзейнасці (рэферэнты). Акруговымі начальнікамі сталі:

у Індурскай акрузе - Эмільян Рэдых , аканом маёнтка Свіслач памешчыка В. Пуслоўскага,

у Лунненскай акрузе - Іван Каменскі , уладальнік з сёстрамі маёнтка Міневічы,

у Крынскай акрузе - памешчык Кандрат Дашкевіч ,

у Азёрскай акрузе - Пётр Пакубята з маёнтка Заблаць каля Гародні, чыноўнік грамадзянскай палаты,

у Скідзельскай акрузе - Андрэй Чаповіч , ксёндз-пробашч Мастоўскай парафіі.

Адказнымі за пэўныя ўчасткі дзейнасці (рэферэнтамі) з'яўляліся: касірам - Севярын Ромер , уладальнік маёнтка Губінка, былы павятовы маршалак шляхты, ваенным - Восіп Вайсятыч , аканом з маёнтка Краснік, былы міравы пасярэднік, рэферэнтам камунікацый - Люцыян Завістоўскі , уладальнік маёнтка Алекшыцы, рэферэнтам апекі - Франц Багатка , уладальнік маёнтка Котра в. Кашубінцы, па надзяленні сялян зямлёй - Іван Каменскі (маёнтак Міневічы), былы міравы пасярэднік.

Надзейным памочнікам павятовага, а пасля і ваяводскага начальніка Станіслава Сільвястровіча быў яго стрыечны брат 18-гадовы Сігізмунд Урублеўскі , які вёў усю канцылярыю і перапіску. Студэнт-першакурснік Кіеўскага ўніверсітэта, ён пакінуў вучобу, як толькі даведаўся аб выбуху паўстання ў Польшчы і Беларусі. З'явіўшыся ў Гародні, ён шукаў магчымасці далучыцца да паўстанцаў і ўступіць у які-небудзь аддзел, але С. Сільвястровіч пераканаў яго застацца і весці канцылярыю ды трымаць сувязі з паўстанцкімі аддзеламі і іншымі паветамі.

Павятовай арганізацыі давялося вырашаць дзясяткі розных практычных пытанняў: і набор у паўстанцкія аддзелы, і пошукі, збор грошай для іх, і набыццё і выраб зброі, забеспячэнне харчаваннем, адзеннем, медыкаментамі, і выкананне пастаноў Часовага правінцыяльнага ўраду і шмат іншых.

Перад выбухам паўстання грамадская атмасфера ў Гародні накаляецца: мяшчане, шляхта, гімназісты адкрыта дэманструюць сваю незадаволенасць жорсткай палітыкай уладаў. Калі пачалося паўстанне ў Варшаве, у Гародні пайшла агітацыя сярод моладзі і чыноўнікаў з заклікам запісвацца ў паўстанцкія аддзелы. Праз дзесяць дзён пасля выступлення Варшавы 1 лютага 1863 г. Літоўскі правінцыяльны камітэт заклікаў да паўстання ў Беларусі і Літве. Баявыя дзеянні паўстанцаў планавалася Гарадзенскім ваяводскім ваенным начальнікам Ануфрыем Духінскім пачаць у лютым 1863 г., але да гэтага не ўсе паветы падрыхтаваліся. Раней іншых выступіў у Лідскім павеце аддзел пад камандаваннем Людвіка Нарбута . У лютым 1863 г. на Гарадзеншчыне пачалі дзейнічаць першыя паўстанцкія аддзелы. У канцы месяца на тэрыторыі Гарадзенскага павета ў Рускай пушчы каля Берштаў і Парэчча з'яўляюцца пададдзелы з аддзела Людвіка Нарбута. І многія жыхары горада і павета маладога і сярэдняга ўзросту пачалі далучацца да яго.

Трывожную ноч правялі гарадзенцы з суботы 2 сакавіка на нядзелю 3 сакавіка 1863 года. Суботнім вечарам вялікая група (ад 70 да 100 чалавек) жыхароў горада (вучнёўская моладзь, рабочыя, чыноўнікі) здзейсніла ўзброены напад на чыгуначную станцыю з мэтай захапіць цягнік і рушыць у Парэчча для далучэння да паўстанцаў Людвіка Нарбута. Вось як па гарачых слядах у той жа вечар гарадзенскі губернатар фон Галер дакладаў тэлеграмай генерал-губернатару У. Назімаву ў Ві-льню: "У 10 гадзін вечара зроблены быў сёння напад на Гарадзенскую станцыю чыгункі. Мяцежнікі, карыстаючыся незвычайнай цемраю ночы, пры садзеянні начальніка станцыі паляка Кульчыцкага і з ім разам, захапіўшы цягнік, з'ехалі ў Парэчча. Ранены два чыноўнікі... Захоплена таксама два... Па словах аднаго з арыштаваных, мяцежнікі, збіраючыся коля Парэчча, намераны зрабіць на Гародню моцны напад."

Планавалася, захапіўшы цягнік, адправіць тры каманды (яшчэ адна - ад Брыгідскага моста ў Гародні, а трэцяя - з палустанка Капліца), але змаглі ад'ехаць на захопленым паравозе толькі каля 20 чалавек разам з Лявонам Кульчыцкім . Паравоз быў пакінуты на станцыі Рыбніца пад Парэччам, паўстанцы далучыліся да аддзела Л. Нарбута. Лявон Кульчыцкі ўдзельнічаў у баях з расійскімі войскамі і памёр ад атрыманых ранаў летам 1863 г.

Следчая камісія закончыла разбор гэтай справы 29 траўня 1863 года, і ўсе матэрыялы былі накіраваны ў Вільню генерал-губернатару М. Мураўёву для прыняцця канчатковага рашэння. 17 верасня 1863 г. ён падпісаў канфірмацыю, згодна з якой 25 чалавек былі пакараны і высланы ў Сібір (16 з іх, гімназісты, адпраўлены ў Сібірскія і Амурскія лінейныя батальёны), 38 з-за недастатковасці доказаў пакінуты на радзіме, але ўсе ўзяты пад нагляд паліцыі, некаторыя звольнены з пасадаў.

Аб з'яўленні атрада Л. Нарбута недалёка ад Парэчча паведамляў гарадзенскі губернатар фон Галер у Беласток камандзіру 2-й дывізіі генералу З. Манюкіну 31 сакавіка: "Сёння ў 6 раніцы была справа з шайкаю Нарбута каля вёскі Дубічы за станцыяй Парэчча. Там дейнічала гвардыя..." . Але поспехаў, відадь, не мела, таму што тут жа паведамляў і генерал-губернатару ў Вільню: "Невядома, куды пасля таго шайка накіравалася..." . Не гледзячы на баі з карнымі камандамі аддзел Л. Нарбута працягваў знаходзіцца ў Гарадзенскай (Рускай) пушчы, перамяшчаючыся на поўнач павета. Да яго далучаліся ўсё новыя і новыя жыхары павета. Як прызнаваўся пазней Міхаіл Эйсмант , былы рабочы Парэцкай чыгуначнай станцыі, толькі ў ноч на 24 красавіка ўцяклі да паўстанцаў з Парэчча 13 чалавек. Схоплены карнікамі Восіп Высоцкі , былы наглядчык вартаўнікоў на чыгунцы ў раёне м. Парэчча, прызнаваўся следчай камісіі, што ён 29 красавіка за чатыры вярсты ад вёскі Салацце паступіў у аддзел Л. Нарбута, які стаяў на хутары Анэлькі. Разам з ім пайшлі ў аддзел яго брат Уладзіслаў , былы наглядчык работ пры станцыі Ільцэвіч , рабочыя Восіп і Іван Клімовічы , Іван Саўка і інш.

У пачатку сакавіка 1863 г. паўстанцкія атрады з'яўляюцца на левабярэжнай частцы Гарадзеншчыны - у Сапоцкінскай зоне, пранікаючы з Царства Польскага. Ішло да іх папаўненне праз Нёман з Гарадзенскага павета, хаця царскія ўлады прымалі меры для іх недапушчэння. Невялікія групы і атрады, аб якіх дакладваў губернатар, маглі быць з аддзелаў А. Духінскага або Вавера , якія ў сакавіку перамясціліся ў Аўгустоўскую пушчу і канцэнтраваліся паміж Ліпскам і Сапоцкінам. Сюды, у паўстанцкія аддзелы, збіралася навакольная шляхта, мяшчане, вучнёўская моладзь, сяляне. Сюды ад навакольных памешчыкаў падвозілася харчаванне, адзенне, іншая дапамога.

Мясцовыя ўлады апасаліся захопу паўстанцамі Гародні і іншых гарадоў губерні. Пра гэта паведамляў тэлеграмай губернатар фон Галер міністру ўнутраных спраў 3 сакавіка 1863 г. у С.-Пецярбург: "Па свежа атрыманых звестках цераз лазутчыкаў вялікія шайкі мяцежнікаў збіраюцца ў Царстве Польскім каля Ліпска з намерам, як гавораць, ісці на Гародню. Насустрач войскам, пасланым Аўгустоўскім губернатарам, паслаў... калону па чыгунцы да Парэчча, а адтуль пераходам у 10 вёрст да Ротніцы для агароджвання берагоў Нёмана і перашкаджання для пераправы. У Гародні спакойна." А 5 сакавіка губернатар з трывогай дакладваў у Вільню, што "партыя мяцежнікаў за сем вёрст ад Гародні, я выступіў з атрадам спыніць іх" , што "конныя раз'езды адной [шайкі] лазутчык сам бачыў на 5 вярсце ад Гародні, за Нёманам. Другая, гавораць, ідзе па Скідзельскім тракце... Намер напасці на Гародню быў з учарашняга дня... На Скідзельскі тракт пасланы раз'езд уланаў, а за Нёман невялікі атрад" . Аднак паўстанцы не мелі дастаткова сіл для нападу на Гародню.

Расійскае камандаванне сцягвала свае войскі, каб не дапусціць аб'яднання паўстанцаў з Аўгустоўскай і Гарадзенскай пушчаў. У пачатку красавіка ў раён Ліпска - Галынкі былі пасланы тры роты Лібаўскага палка, эскадрон уланаў і 10 казакаў пад камандаваннем палкоўніка Пенхяржэўскага. Але палкоўнік не быў упэўнены ў сіле сваёй каманды, тры дні заставаўся ў Конюхах і прасіў падмацавання з пяхоты і артылерыі. Адсюль ён дакладваў 4 красавіка: "У Ліпск не пайшлі. Але гавораць, што каля Ліпска ёсць вялікія шайкі, туды посылаюць правізію і збіраецца з розных бакоў шляхта". Толькі атрымаўшы падмацаванне, вайсковая каманда палка Пенхяржэўскага выступіла з Галынкі супраць паўстанцаў. Паблізу вёскі Ястржэмбка (цяпер у Польшчы) адбыўся жорсткі бой рэгулярных войск з паўстанцамі, якія страцілі звыш за 24 чалавекі забітымі і параненымі, 2 палоннымі і адступілі ў глыб Аўгустоўскай пушчы. Адступілі, але не былі разбітыя, пра што дакладваў 14 красавіка губернатар у Вільню, што ў бок Сапоцкіна з поўначы рухаецца аддзел Камінскага.

Жорсткія баі паўстанцкіх аддзелаў Духінскага і Вавера з рэгулярнымі войскамі адбываліся пазней на мяжы Гарадзенскага павета, Царства Польскага і сучаснай Літвы. У канцэнтрацыі паўстанцкіх сілаў на гэтай тэрыторыі бачыла вялікую небяспеку камандаванне Віленскай ваеннай акругі і пасылала вайсковыя каманды з Беластока, Сувалак, Сейнаў, Аўгустова, каб акружыць і знішчыць гэтыя аддзелы. 20 траўня аддзел Вавера знаходзіўся ў раёне вёскі Грушкі на поўдзень ад Аўгустоўскага канала, дзеючыя сумесна з ім паўстанцкія аддзелы Брандта і Віктара Гласкі - на другім беразе канала ў раёне Ігоркі па абодва бакі дарогі з Копцева (суч. Капчамяйціс у Літве) у Кадыш. 21 траўня 1863 г. на поўнач ад вёскі Кадыш адбыўся жорсткі бой аб'яднаных атрадаў Брандта і В. Гласкі з расійскімі войскамі пад камандай капітана Кулакова, наступаўшага ад Сейнаў. Паўстанцы адступілі, страціўшы 14 чалавек забітымі і 2 палоннымі. Сярод загінуўшых цяпер сталі вядомы 4 чалавекі: афіцэр шляхціц з Гарадзенскага павета Іосіф Гласка , Пронашка , Буткевіч і Верпахоўскі , на месцы пахавання якіх устаноўлены памятны крыж і мармуровыя дошкі.

3 красавіка Аляксандр Лянкевіч пачаў фармаваць паўстанцкі аддзел з навакольнай шляхты, аднадворцаў, мяшчан, дваровых людзей з навакольных вёсак і шляхецкіх ваколіц, памешчыцкіх маёнткаў Абуховічы, Талочкі, Юравічы, Эйсманты Надтабольскія, Шчукі, Вільянова, Задуб'е, Кашубінцы і мн. інш. У лістападаўскай 1863 г. інфармацыі губернатара ў Вільню чытаем: "Ля Канеўскага Лянкевіч гаварыў прамову для пабуджэння да паўстання: "Уся моладзь Царства Польского, Літвы і Маларосіі выйшла на поле бою супраць нашага непрыяцеля, які заграбастаў нашу Айчыну і сячэ нашу Божую маці ў касцёлах."

(Працяг у наступным нумары.)


Іван Буднік


Сябар ТБШ Міхал Шымялевіч

Міхал Шымялевіч (1879?-196?, Szymielewicz Michal) - лепшы знаўца гісторыі Лідчыны ХХ-га ст.

Пра Міхала Іванавіча Шымялевіча вядома зусім мала. Па-беларуску, пра яго ёсць толькі артыкул Станілава Судніка ў "Лідскім Летапісцы".

У адным са сваіх артыкулаў - "Borcie i wlosc Borcianska" - ён паведаміў, што ягоны продак, барцяк Міхал Шымялевіч жыў у вёсцы Паўлока, у яго было два сыны Марцін і Ян, які перасяліўся ў Падзітву. Міхал Марцінавіч Шымялевіч нарадзіўся ў Паўлоцы ў 1801 г., у 1822 г., ажаніўся з Мар'янай Вішнеўскай і жыў на зямлі сваёй жонкі ў Пелясе.

Міхал Шымялевіч скончыў Лідскую павятовую вучэльню. Каля 1890 г., падчас яго вучобы, у Лідскім двухкласным павятовым вучылішчы выкладалі: штатны наглядчык (дырэктар), выкладчык матэматыкі і геаграфіі, надворны саветнік Сцяпан Сямёнавіч Свідэрскі, протаіерэй Каяловіч Іосіф Восіпавіч - настаўнік праваслаўнага веравызнання, ксёндз Іосіф Дэксніс - настаўнік каталіцкага веравызнання, настаўнік рускай мовы і гісторыі Уладзімір Паўлавіч Юзафовіч, настаўнік чыстапісання, чарчэння і малявання Мікалай Канстанцінавіч Кастанцінаў.

З памятнай кніжкі Віленскай губерні за 1901 г. бачна, што Шымялевіч працаваў у Лідскай судова-міравой акрузе, канцылярыі з'езду міравых суддзяў памочнікам сакратара (... на пасадзе з 12 сакавіка 1898 г., каталіцкага веравызнання), у 1908 г. ён часова працуе выканаўцам абавязкаў сакратара павятовага з'езду. У гэты час чыноўнік Шымялевіч працаваў у двухпавярховым цагляным будынку на 12 вокнаў з двума гаўбцамі на другім паверсе, мезанінам з балкончыках на трэцім, ляпнымі барэльефамі пад карнізамі, які быў пабудаваны ў ХІХ ст. ў старасвецкая стылі і належаў Камянецкім. Акрамя павятовага суда, павятовай паліцыі, тракціра з півам Мейлаха Носелевіча Пупко, у гэтым жа будынку знаходзіўся павятовы з'езд, якім кіраваў прадвадзіцель лідскага дваранства граф Людвік Грабоўскі.

Верагодна першай надрукаванай працай Шымялевіча была кніга "Горад Ліда і Лідскі замак", надрукаваная ў 1905 г., а праз год перавыдадзеная ў штогодніку "Віленскі каляндар". Гэтая праца не страціла сваёй навуковай каштоўнасці да нашага часу (напрыклад, на яе спасылаецца Алег Трусаў у кнізе "Старадаўніх муроў адраджэнне. Мінулае і сучаснасць Лідскага замка" ), і сталася падмуркам лідскага краязнаўства. Колькасць выкарыстанага аўтарам матэрыялу не можа не ўражваць. Але, можа, самае галоўнае, што ў гэтай працы таксама цытуюцца дакументы з асабістага архіву Шымялевіча, якога ўжо няма, што яшчэ больш падвышае яе каштоўнасць.

У снежні 1906 г. у Лідзе было створана сельскагаспадарчае таварыства (Kolko rolnicze), заснавальнікамі яго сталі: Міхал Шымялевіч, Адольф Сегень, Ян Грышэль, Міхал Каміц, Антон Клышэйка, Баніфацы Жак, Ігнат Кудаш, Ян Кучынскі і Юзаф Змітровіч.

У 1915 г. Шымялевіч пакінуў родны горад, стаў бежанцам. Стары лідзянін Юзаф Хруль успамінаў: "Калі Шымялевіч уцякаў ад немца ў Першую Сусветную вайну, ён свае рэчы адвёз на захаванне ў Ёдкі, дык у яго толькі кніг быў поўны воз!" .

У 1920-я гады Шымялевіч вярнуўся ў Ліду. У тыя ж гады ён стаў сябрам "Таварыства беларускай школы" - арганізацыі, створанай ў 1921 г. у Вільні. ТБШ імкнулася распаўсюджваць веды і дапамагаць асвеце сярод беларусаў, пашыраць беларускія школы і беларускую асвету наогул, у статуце арганізацыі было напісана: "Пашыраць і памагаць асвеце ў беларускім нацыянальным, людскім і хрысціянскім духу" .

У 1927 г. Міхал Шімялевіч як сябр ТБШ удзельнічаў у выбарах у Раду г. Ліды. На гэтых выбарах беларусы выставілі свой асобны спісак і правялі свайго кандыдата. Цікава, што ў Лідзе пад час гэтых выбараў, польская хадэцыя прапанавала беларусам тры месцы, з умовай зблакавацца з імі супраць яўрэяў. Але беларусы на гэта не пагадзіліся. Беларуская газета "Наша праўда" пісала пра гэту падзею: "Услед за Вільняй і ў Лідзе зроблены першы крок да заваявання места - 17.VII адбыліся выбары ў мястовую Раду і па сьпісу Беларусаў і тутэйшага працоўнага жыхарства прайшоў у Раду адзін беларус - Сябра Нагляднае Рады Лідзкае Акр. Упр. Т-ва Бел. Школы Міхал Шымялевіч. .. Самастойнае выступленне беларусаў мае вялізарнае значэнне: 1) гэта - першая спроба ў больш шырокай меры, што паказала абуджэнне нацыянальнай сьвядомасьці ў тутэйшага жыхарства; 2) беларусы усё-ж такі маюць аднаго прадстаўніка ў Радзе (сабралі галасоў на 1,5 раднага); 3) выявіліся ўсе прадажныя і падлізьніцкія элементы нашага грамадзянства, якія аканчальна скампрамітаваліся ў вачох грамадзян места Ліды. Рэзультаты выбараў наступныя: №1 (выбарчы спіс №1 - Л.Л.). Дэмакратычныя хрысьціянскія мяшчане, ўрадоўцы і ўмысловыя працаўнікі (Група бурмістра Бэрмана), 3 мандаты; №2. Прафэс. Саюзы, працоўная інтэлігенцыя, дробныя дамаўласнікі і неарганіз. работ (P.P.S.), 3 манд. ; Блёк Хрысьц. (N.D. i Ch.D.) 6 манд.; №4. Беларусы і тутэйшае працоўнае жыхарства, 1 мандат; №5. Земляробы і дамаўласнікі - жыды (Група заступніка бурмістра Вінцукоўскага), 1 мандат; №6. Жыдоўскі нац. блёк, 9 манд.; №7. Жыдоўскі Работ. блёк, 1 манд." .

У 1930 г. Міхал Шымялевіч быў сябрам Акруговай выбарчай камісіі № 62 у Лідзе і пражываў у той час па вуліцы Каляёвай.

У 1936-39 гг. Шымялевіч быў сябрам рэдакцыйна - выдавецкага камітэта часопіса "Лідская зямля" ("Ziemia Lidzka"), дзе ён апублікаваў каля 30-ці краязнаўчых артыкулаў, яго матэрыял друкаваўся у кожным нумары. Гэтыя артыкулы былі розныя па тэматыцы: гістарычныя, геаграфічныя, этнаграфічныя, усе яны грунтаваліся на велізарным фактычным матэрыяле. Наогул у "Лідскай зямлі" былі надрукаваны дзесяткі арыгінальных, цікавых артыкулаў па гісторыі Ліды і яе наваколля, па гісторыі вызвольных і палітычных рухаў, аб асаблівасцях укладу мясцовага жыцця, народных звычаях, эканамічным стане і іншых пытаннях. З артыкулаў часопіса паўставала гісторыя вёсак, маёнткаў, мястэчак, культавых установаў усіх канфесій, распавядалася пра даследаванні курганоў і іншых археалагічных і архітэктурных помнікаў, трагічныя падзеі паўстання 1863-1864 гг., ваенных дзеянняў 1918-1921 гг., асвятлялася самае шырокае кола сучасных праблем: стан сельскай гаспадаркі, эканамічнага жыцця горада, культуры. Напрыклад у артыкуле М. Шымялевіча "Горад Ліда ў 1938 годзе" прадстаўлена найпадрабязнейшая характарыстыка эканомікі, бюджэту горада і яго выкарыстання, адміністратыўнай сістэмы, этнічнага, сацыяльнага, прафесіянальнага і канфесіянальнага складу яго жыхароў. Значэнне "Лідскай зямлі" выразіў вядомы спецыяліст па краязнаўству прафесар Віленскага ўніверсітэта М. Ліманоўскі, які напісаў, што часопіс "спрабуе адваліць магільную пліту забыцця з Лідчыны і на свет дзённы дастаць багацці гэтай зямлі".

Каштоўную інфармацыю пра гісторыка расказаў старажыл горада Хруль Юзаф Іосіфавіч: "Я ведаю, што ён быў з Пелясы, і быў адукаваны. Прыхільна ставіўся да левых партый і таму меў праблемы з уладай. Потым ягоная дачка выйшла замуж за лідскага старасту … і тады Шымялевічу стала лягчэй жыць, аднак і перастаў быць левым. Мой стрыечны брат, Адам Хруль, з ім сябраваў... Яны нярэдка ў Януша Сегеня сустракаліся, тут на Зарэччы. Шымялевіч валодаў натарыяльнай канторай ў Лідзе, кантора зарэгістравана была на іншага чалавека, але ўсе ведалі, што кантора яго. Адам Хруль расказваў, … што адзін раз сядзелі…, пілі гарбату ў Януша Сегеня, сын Сегеня быў яшчэ падлеткам, і разгаварыліся пра шляхту, пра гербы, сын Сегеня запытаў ў Шымялевіча: "А якога пан гербу?", стала ціха, ціха ... Шымялевіч трохі памаўчаў і кажа: "А я герба вэнджанага селядца! Пяляскі мужык!" ... Дом яго ў Лідзе да апошняга часу стаяў. Вось як падыходзіш да мосціка па Энгельса , па леваму баку, … бокам да вуліцы, ён ужо ўрос у зямлю …" .

Дом дзе жыў Міхал Шымялевіч захаваўся да нашага часу, лідзянка Е. Ярмантовіч успамінала: "На скрыжаванні вуліц Гражыны і Гарыстай стаяў дом Шымялевічаў. Дом быў драўляны, дагледжаны, адгароджаны ад вуліцы прыгожым плотам" . Цікавым было нацыянальнае самавызначэнне гісторыка. "Я ніколі не бачыла ўладальніка гэтага дома, але добра ведала яго па расказах бацькоў. Калі пана Шымялевіча пыталіся пра яго нацыянальнасць, той заўсёды адказваў, што ён "тутэйшы". Гэта быў, на нашу думку арыгінальны, але досыць поўны адказ. Ён побытам тутэйшы, здаўна жыве ў гэтым горадзе, і яго не цікавілі нацыянальнасці іншых жыхароў".

Нейтральнае вызначэнне сваёй нацыянальнасці кажа пра адыход Шымялевіча ад палітычнай дзейнасці. Але і напрыканцы 1930-х гг. Ліда заставалася беларускім горадам. Як пісаў нейкі "Я.Н." у часопісе "Шлях Моладзі": "Беларускасць Ліды характарызаваў мне нядаўна адзін літоўскі інтэлігент, каторы жыў там нейкі час і гэтак казаў: - У Лідзе жыхары хрысціяне, пераважна работнікі, з заробкам да 200 зл. у месяц, - усе беларусы. Язык беларускі пануе ўсюды, за выняткам дзяржаўных установаў. - Ліда, трэба ведаць, зьяўляецца вялікімі фабрычным работніцкім асяродкам і заработкі работнікаў там невялікія, як і ўсюды ў нашым краю".

У 1940 г. Міхал Шымялевіч быў вывезены ў Казахстан, ягоны дом у Лідзе быў канфіскаваны, у ім жылі настаўнікі, якія прыехалі з СССР. Важным матэрыялам, з якога можна атрымаць звесткі пра лёс Міхала Шымялевіча быў яго ліст, апублікаваны ў газеце "Ziemia Lidzka". 13 красавіка 1940 года быў вывезены разам з сваёй жонкай і малодшай дачкой, жонкай польскага афіцэра на ўсход, пасялілі ў Палудзінскім раёне Паўночна-Казахстанскай вобласці, за 40 кіламетраў ад Петрапаўлаўска. Жыў у самаробнай мазанцы, атрымаў працу пры інжынерах, якія шукалі нафту ў стэпах Казахстана. Хадзіў з усёй партыяй па стэпах, начаваў у палатках. Адмовіўся браць савецкі пашпарт, за гэта яго пасадзілі ў вязніцу на дзесяць гадоў. У канцы сакавіка 1948 г. па амністыі разам з іншымі нездольнымі да працы вывезлі Польшчу.

У канцы жыцця жыў і Сопаце, дзе і быў пахаваны.

У 1992 г. Шімялевіч быў рэабілітаваны, вось тэкст кароткай даведкі пра яго рэабілітацыю:

"Шымялевіч Міхаіл Іванавіч. Нарадзіўся ў 1879 г., Польшча, Навагрудскае ваяводства, Ліда, паляк, адукацыя сярэдняя;

Пражываў: Паўночна-Казахстанская вобл., Бішкульскі р-н, в. Фурманаўка;

Арыштаваны 20 сакавіка 1943 г. Палудзінскім РА НКУС.

Прысуджаны: СК аблсуда 15 чэрвеня 1943 г., абвінавачване: 58-2 УК РСФСР.

Прысуд: 10 гадоў ППЛ.

Рэабілітаваны 23 чэрвеня 1992 г. Генпракуратурай РК. Указ Прэзідэнта СССР ад 13.08.1990.

Крыніца: Звесткі ДКНБ РК па Паўночна-Казахстанскай вобл.".

Леанід Лаўрэш

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX