Папярэдняя старонка: 2013

№ 39 (1138) 


Дадана: 13-11-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 39 (1138) 25 верасня 2013 г.


26 верасня - Еўрапейскі дзень моў

Еўрапейскі дзень моў адзначаецца 26 верасня, быў абвешчаны Саветам Еўропы (і падтрыманы Еўрапейскім саюзам) падчас Еўрапейскага года моў - 6 снежня 2001 г. Паняцце "еўрапейскія мовы" больш шырокае, яго не трэба блытаць з афіцыйнымі мовамі краін-удзельніц Еўрасаюза. Асноўная мэта дня - заахвочванне вывучэння і засваенне розных моў як у школах, так і па-за іх межамі на працягу ўсяго жыцця чалавека.

Захаванне і развіццё моў, уключаючы малыя, дэкларуецца ў якасці афіцыйнай моўнай палітыкі Еўрасаюза. Сярод спосабаў дасягнення гэтага звычайна называюцца вывучэнне больш, чым адной замежнай мовы і працяг вывучэння моў у спелым узросце. Асабліва падкрэсліваецца неабходнасць вывучэння некалькіх замежных моў, а не толькі англійскай, якая абсалютна дамінуе з пачатку 1990-х, засмечваючы многія мовы непатрэбнымі запазычаннямі.


Беларускае свята ўраджаю "Багач"

21 верасня ў Вязынцы праходзіў восеньскі фэст "Багач"

Арганізатар мерапрыемства "Студэнцкае этнаграфічнае таварыства", ладзіць імпрэзы, звязаныя з традыцыйнымі святамі, ўжо не першы год. Апавядае Анастасія Глушко, адна з суарганізатараў свята:

- Даўней гэтае свята было цэнтральным абрадам, святам, звязаным з дажынкамі, з зернем, са зборам ураджаю. "Багач" быў кульмінацыяй восеньскіх святаў, каранямі сягаў у старажытныя часы да аднаго з чатырох асноўных астранамічных святаў - свята асенняга раўнадзенства. Зараз на сто адсоткаў аднавіць гэтае свята мы, на жаль, не можам. За часам ужо згубіліся дэталі. Але асноўнае мы ведаем. "Багач" - гэта зерне, сабранае з усёй вёскі ў час свята.

На сёлетняй імпрэзе ў Сядзібе-музеі Янкі Купалы сабралася больш за 100 чалавек. Гэта - аматары беларускай даўніны і традыцыяў. На фэсце можна прайсці майстар-класы па ткацтву, кавальству, пакаштаваць крупнік і беларускія стравы, а таксама набыць вырабы народнай творчасці. Акрамя выступу этнагуртоў, наведавальнікі магуць узяць удзел у абрадах і танцах.

З задавальненнем трэба адзначыць, што Багач не забыты і ў рэгіёнах. Эпізадычна Багач адзначаецца, да прыкладу, на Нясвіжчыне. У некаторых месцах на гэты дзень прымяркоўваюць мясцовыя "Дажынкі".

Яўген Скрабец


120 гадоў з дня нараджэння Паўліны Мядзёлкі

Паўліна Вінцэнтаўна МЯДЗЁЛКА (12 (24) верасня 1893, мястэчка Будслаў Вілейскага павету Віленскай губерні (цяпер Мядзельскі раён Менскай вобласці) - 13 лютага 1974, Будслаў) - беларуская артыстка, педагог, мемуарыстка. Псеўданім: Паўлінка; крыптанім: М..

У 1898 сям'я пераехала ў Глыбокае. Тут Паўліна Мядзёлка скончыла Глыбоцкую царкоўнапрыходскую вучэльню. З 1907 у Рызе, вучылася на вечаровых курсах для дарослых. З 1909 у Вільні, займалася ў прыватнай жаночай гімназіі. Пазнаёмілася з Янкам Купалам, А. Бурбісам, Ядвігіным Ш., Цёткай, З. Бядулем, К. Каганцом, стала ўдзельніцай сацыялістычных гурткоў. Увосень 1912, пасля сканчэння гімназіі, накіравалася ў Пецярбург на Вышэйшыя камерцыйныя курсы, якія скончыла ў 1914. У 1913 выканала ролю Паўлінкі ў пецярбуржскай прэм'еры п'есы Я. Купалы.

У кастрычніку 1917 па дамоўленасці з княгіняй Магдаленай Радзівіл арганізавала беларускую школу ў вёсцы Жорнаўка Ігуменскага павету. Пасля таго, як у сакавіку 1918 школа была закрытая, перабралася ў Менск. Працавала настаўніцай, удзельнічала ў пастаноўках Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. 20 ліпеня 1919 арыштаваная польскімі ўладамі за ўдзел у выданні газеты "Родны край" (Гародня), дзе, дарэчы, і друкавалася.

З пачатку 1920 у Менску, кіравала беларускай жаночай школай. Зноў арыштавана разам з мужам Т. Грыбам польскімі ўладамі ў траўні 1920. Перад наступленнем Чырвонай Арміі вывезена ў Варшаву, сядзела ў турме Вронкі на Пазнаншчыне. Пасля вызвалення накіравана на жыхарства ў Лодзь з забаронай пераязджаць на "ўсходнія крэсы". Па падробных дакументах выехала ў Вільню, потым (у лютым 1921) трапіла ў Летуву.

22 траўня 1925 разам з братам прыехала ў БССР. Працавала ў сектары мастацтва Інбелкульту. У 1927-1930 выкладала бел. мову ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Арыштаваная ГПУ БССР 18 ліпеня 1930 па справе "Саюза вызвалення Беларусі"; высланая ў Казань. Улетку 1947 пераехала ў Будслаў. Да 1958 працавала настаўніцай. Тут напісала свае мемуары "Сцежкамі жыцця".

Вікіпедыя.


100 гадоў з дня нараджэння Сяргея Грахоўскага

Сяргей Іванавіч ГРАХОЎСКІ (нар. 12 (24) верасня 1913, с. Нобель, Пінскі павет, Менская губерня, цяпер Зарэчненскі раён, Ровенская вобласць, Украіна - 11 снежня 2002, Менск; Псеўданімы: М. Асіповіч; Сяргей Івановіч; С. Каршун; Парамон Паромскі) - беларускі паэт, празаік і перакладчык

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. У 1914 разам з бацькамі пераехаў у мяст. Глуск на Магілёўшчыне. У 1930 пачаў працаваць рабочым на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце. У 1931-1932 працаваў карэктарам у Дзяржвыдавецтве БССР, у газеце "Чырвоная змена". Скончыў газетна-выдавецкае аддзяленне літаратурнага факультэта Менскага педагагічнага інстытута (1935), працаваў рэдактарам на Беларускім радыё, выкладчыкам літаратуры на рабфаку пры БДУ. Арыштаваны 20.10.1936 у Менску па адрасе: вул. Цнянская, д. 28а, кв. 1. Асуджаны пазасудовым органам НКУС 2.10.1937 як "член контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі" і за "антысавецкую дзейнасць" да 10 гадоў ППК. Верагодна, некаторы час знаходзіўся ва Унжэнскім канцлагеры НКУС Горкаўскай вобл. (ст. Сухабязводная). Вызвалены 19.10.1946. Пасля вызвалення выкладаў рускую мову і літаратуру ва Ўрэцкай сярэдняй школе Слуцкага р-на (1946-1949). У 1947 з С. Грахоўскага знята судзімасць, але 19.5.1949 ён быў паўторна арыштаваны. Асуджаны асобай нарадай МДБ СССР 27.8.1949 на пасяленне ў Навасібірскай вобл., дзе працаваў настаўнікам. Рэабілітаваны па першай справе прэзідыумам Вярхоўнага суда БССР 19.10.1955, па другой - 21.10. 1955. З 1956 у Менску. У 1957-1973 працаваў у часопісах "Бярозка" - загадчык аддзела рэдакцыі (1957-1959), "Вясёлка" (1960-1973); літкансультантам СП БССР (1959-1960). У 1973-1974 адказны сакратар Камітэта па дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Сябар Саюза пісьменнікаў СССР з 1956. З 1974 на пенсіі.

Дэбютаваў вершам у 1926. Аўтар зборнікаў паэзіі "Дзень нараджэння" (1958), "Чаканне" (1960), "Табе зайздросціць сонца" (1963), "Памяць" (1965) і інш.

Вікіпедыя.


Вячку Целешу - 75

Вячка ЦЕЛЕШ (нар. 25 верасня 1938, п. Краснасельскі, Ваўкавыскага раёнаа, Гарадзенскай вобласці, - беларускі мастак, гісторык і пісьменнік у Латвіі. Сябар Саюза мастакоў Беларусі і Латвіі.

У 1961 навучаўся ў мастацкай вучэльні. У 1961-1964 служыў ў Савецкім войску ў Вільні. Пад час службы працягваў наведваць мастацкую студыю Палаца чыгуначнікаў. У 1975 скончыў жывапісна-педагагічнае аддзяленне Латвійскай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў імя Т. Залькална.

Удзельнічаў у больш за сотню выставаў.

На яго карцінах выбітныя беларускія і латышскія дзеячы: Францішак Скарына, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Максім Багдановіч, Янка Купала, Яніс Райніс. Ён стваральнік серыі экслібрысаў выдатных дзеячаў беларускай гісторыі і культуры - Зоська Верас, Уладзімір Караткевіч, Адам Мальдзіс.

Яго карціны маюцца ў музеях і прыватных зборах Беларусі, Даніі, ЗША, Ізраіля, Канады, Кітая, Латвіі, Партугаліі, Расеі, Румыніі, Францыі, Чэхіі, Швейцарыі.

Яму прысвячалі вершы Рыгор Барадулін, Станіслаў Валодзька, ацэньвалі творчую працу Улазімір Арлоў, Зянон Пазьняк, Эрнэст Ялугін, Адам Мальдзіс...

Працуе дацэнтам кафедры культуры і мастацтва Інстытута менеджменту інфармацыйных сістэмаў. Ініцыятар адкрыцця беларускай школы ў Рызе, якая ўжо існуе амаль 20 гадоў. У 2006 годзе ўзнагароджаны найвышэйшай узнагародай Латвіі - Ордэнам Трох Зорак.

Кнігі:

"Гарады Беларусі на старых паштоўках",

"Менск на старых паштоўках",

"Рыга на старых паштоўках".

Вікіпедыя.


ПАД КРОНАЙ РАДАСЛОЎНАГА ДРЭВА

Вячку Целешу на 75-годдзе

Знікалі крыжакі з кіпучых вежаў…

І толькі з Вячкам зноў паўстаў пасад!

Натхняльніку крывіцкі рум належаў;

у Тэрветэ, у Сігулдзе цвіў сад.

О, з Вячаславам лёгка веча славіць

і з продкамі на гутаркі хадзіць.

Да скарбаў радаслоўя ён уставіць

кругляк - і Неба скрозь Беларусь глядзіць.

Асветленыя Славікам абліччы

будзіцеляў і ваяроў зямлі.

З табою, draugs, мы новы дзень прыклічам,

каб латышы з балткрэвамі жылі

на Даўгаве-Дзвіне не як сатыры,

а як пялёстачкі твайго штрыха.

І хай ад Вячкі Целеша - у вырай

не вымкне краснасельская страха.

Ты з-пад яе айчыннікам адкрыўся,

Францішка, Янку з Янісам сустрэў,

Ларысе, Зосьцы верас абагрэў;

Максіма лік тваёй рукой спавіўся.

Жыццё ідзе ў падбег, а "Маю гонар!"

ты прамаўляеш, патрыёт, здаўна.

Трымціць душа!

А для гадоў разгону

ў цябе ёсць радаслоўная струна!

Сяргей Панізьнік. Менск, 3.09. 2013 г.


У Менску прайшла вечарына, прысвечаная 70-годдзю паэткі Ніны Мацяш

20 верасня ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАН Беларусі прайшла сумесная вечарына з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры "Шчаслівай долю назаві…", прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння паэткі, перакладчыцы, грамадскай дзяячкі Ніны Мацяш.

Да імпрэзы аддзелам рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі падрыхтавана міні-выстава "Агмень яе душы".

- Гэта вельмі цікавы і незвычайны чалавек, выдатная паэтка, якая зрабіла вялікі ўнёсак у развіццё беларускай літаратуры і грамадскай думкі, - расказала БелаПАН загадчык аддзела навуковай асветы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Шагойка. - У студэнцкія гады, калі Ніна Мацяш вучылася ў Інстытуце замежных моваў, яна трапіла ў аварыю, з-за чаго была прыкутая да інваліднага крэсла. Але аптымістка па натуры, яна сваім прыкладам паказала, як трэба жыць у самых складаных, здаецца, неверагодных абставінах. Да творчасці Ніны Мацяш у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры мы ўжо звярталіся ў красавіку мінулага года, калі ў нас адкрывалася выстава "Апякункі паэтычных нябёсаў", дзе былі прадстаўленыя дзевяць паэтак другой паловы ХХ стагоддзя. У дзень нараджэння гэтай выдатнай паэткі яе слова гучала не толькі тут, але і на яе радзіме ў Белаазёрску, дзе сёння праходзіць свята "Бабіна лета". Менавіта Ніна Мацяш была яго заснавальніцай, і туды выправілася вялікая дэлегацыя пісьменнікаў, якія ведалі Ніну Язэпаўну, сябравалі з ёй.

Ніна Мацяш нарадзілася 20 верасня 1943 года ў вёсцы Нівы Бярозаўскага раёна Берасцейскай вобласці. Скончыла Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моваў.

Лаўрэат фестывалю "Берасцейская зорка-98", Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова, заслужаная дзяячка мастацтваў Беларусі. У літаратурнай скарбонцы пісьменніцы сем зборнікаў паэзіі, 15 кніг перакладаў з французскай, нямецкай, польскай, украінскай.

Дзякуючы Ніне Мацяш беларускія чытачы пазнаёміліся з творчасцю Жана Аліўе, Жоржа Сімянона, Антуана дэ Сент-Экзюперы, Віславы Шымборскай і іншых.

Сем кніжак падрыхтавала пісьменніца дзеткам, напісала некалькі тэлесцэнарыяў і п'ес для тэатра. Не стала Ніны Мацяш 19 снежня 2008 года.

БелаПАН.


"Мова ці кава" ў Менску...

Першы занятак праекту "Мова ці кава" другога сезону сабраў у Менску 17 верасня больш за 110 чалавек.

Прыкладна палова - новыя слухачы, рэшта - "другагоднікі". Месца і час правядзення заняткаў не змяніліся - кожны панядзелак, 19.00, Галерэя "Ў" (Незалежнасці, 37а).

Нечаканым пытаннем да выкладчыкаў Алесі Літвіноўскай і Глеба Лабадзенкі стала: "Ці праўда, што вы тут вучыце трасянцы?" Адказ быў такі, што за трасянку на курсах не караюць, бо гэта - крок да беларускай мовы!

Нечакана трасянку пачала абараняць і мінулагодняя выпускніца курсаў, японка Сіёры Кіясава. Сіёры год навучалася ў БДУ і паралельна наведвала "Мову ці каву":

- Мне вельмі падабаецца талерантная атмасфера на курсах. Як сёння казаў адзін мужчына, тут не трэба баяцца размаўляць на трасянцы. Гэта вельмі важна. Бо звычайна ў Беларусі неяк "нязручна" пачаць размаўляць адразу па-беларуску…

Алеся Літвіноўская адзначае:

- Звычайна мову выкладаюць больш акадэмічна. А маладыя людзі схільныя да эксперыменту - яны хочуць інтэрактыўнага шоў, а не проста ўрока, дзе настаўнік па адзін бок барыкадаў, а студэнты - па іншы. Менавіта інтэрактыўны характар заняткаў прапануе "Мова ці кава".

Курсы "Мова ці кава" распачала пры канцы 2012 года беларуская журналістка Кацярына Кібальчыч, якая жыве ў Маскве. Цяпер заняткі адбываюцца паралельна ў Менску і Маскве.

... і ў Маскве

У Маскве пасля летніх вакацыяў аднаўляюцца курсы беларускай мовы "Мова ці кава". Пра адметнасці сёлетняга сезону распавядае ініцыятарка праекту, карэспандэнтка Першага расейскага тэлеканалу, рэжысёрка дакументальнага фільма "Беларуская мара", прысвечанага падзеям снежня 2010 года, Кацярына Кібальчыч.

У Маскве сустрэчы аматараў беларускай мовы плануецца ладзіць па аўторках, а 20-й гадзіне. Першыя пасля лета заняткі - 24 верасня. Як кажа Кацярына Кібальчыч, на якой па-ранейшаму ўвесь арганізацыйны і фінансавы цяжар, гэтым разам маскоўская "Мова ці кава" змяняе пункт прыпіскі:

- У нас будзе новае месца - не "Старбакс", дзе мы раней збіраліся, а кавярня, якая называецца "ОГИ у Мейерхольда".


У ВІЦЕБСКАЙ ГАРАДСКОЙ АРГАНІЗАЦЫІ ТБМ

11-га верасня ў Віцебску адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя гарадской арганізацыі ТБМ. З выніковым дакладам выступіла Любоў Лукашэнка , якая ўзначальвала гарадскую раду апошнія гады. Яна расказала пра зробленае мясцовымі актывістамі ТБМ, спынілася на праблемах, акрэсліла перспектывы.

У спрэчках па дакладзе выступілі, сярод іншых, старшыня абласной арганізацыі Іосіф Навумчык, а таксама шматгадовы кіраўнік гарадской арганізацыі Валянцін Арлоў. Іосіф Адамавіч адзначыў, у прыватнасці, што ў горадзе склалася надзвычай неспрыяльная сітуацыя з вонкавым моўным афармленнем не толькі прыватных аб'ектаў, але і дзяржаўных устаноў. Часта беларуская мова элементарна ігнаруецца на шыльдах, і насуперак заканадаўству назвы некаторых дзяржорганаў падаюцца толькі па-руску. Таму сябры ТБМ мусяць актыўней працаваць з гарадскімі ўладамі, каб выправіць падобнае абсурднае становішча.

Валянцін Мікалаевіч Арлоў засяродзіў увагу на неабходнасці больш шчыльнай працы з моладдзю, з настаўнікамі. Ёсць нямала хлопцаў і дзяўчат, якія хацелі б мець магчымасць трывалай камунікацыі па-беларуску, але проста не ведаюць, як пачаць гаварыць. Дапамогу ў плане пашырэння колькасці беларускамоўных могуць аказаць і неабыякавыя настаўнікі. І на іх нельга забывацца.

Была абраная новая рада гарадской арганізацыі, якую ўзначаліла вядомая віцебская паэтка і журналістка Ірына Лобан .

Юрась Бабіч , намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ.


Беларускамоўныя класы - удакладненне

Паводле старшыні Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ першы клас з беларускай мовай навучання адкрыўся сёлета ў Гародні не ў школе № 37, а ў школе № 34.


Прозвішчы Беларусі: Онімы пісьменнікаў (адапелятыўнае і адтапанімічнае ўтварэнне)

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Галубок (Уладзіслаў Г.) - семантычны антрапанімічны дэрыват ад апелятыва галубок - памяншальна-ласкальнай формы (з суфіксам -ок ) ад намінацыі голуб 'птушка пераважна з шэра-блакітным ці белым апярэннем і вялікім зобам' або ад прозвішча Голуб ( Галубок ). Апелятывы-намінацыі птушак досыць частыя ў славянскіх мовах найменні асобы, што перайшлі (праз стадыю празванняў) у антрапонімы-прозвішчы. Прозвішча Голуб мае 33 фіксацыі ў "Слоўніку прозвішчаў Зельвеншчыны", у іх ліку і Юрка Голуб (гл. ніжэй). ФП: голуб - Голуб і галубок - Галубок .

Гамолка (Мікола Г.) - семантычны антрапанімічны дэрыват ад апелятыва г о малка , зафіксаванага ў "Вялікім слоўніку беларускай мовы" Ф. Піскунова (2012, с. 238) з пераносам націску на наступны склад. ФП: г о малка - Гам о лка .

Гарбац э віч (Васіль Г.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Гарбач з пераносам націску на антрапанімічны фармант -эвіч : Гарбач э віч - Гарбац э віч ("ц" - вынік дысіміляцыі: чч - цч ). ФП: горб - гарбаты - гарбач - Гарбач - Гарбачэвіч - Гарбац э віч .

Гарбук (Вісарыён Г.) - антрапанімічны дэрыват ад апелятыва горб 'ненармальная пукатасць на спіне або на грудзях чалавека, а таксама нармальная пукатасць на спіне ў некаторых жывёл (напр. у вярблюда)'; да асновы горб далучаны суфікс -ук , які ў антрапонімах (паўднёвага захаду Беларусі) мае і значэнне 'нашчадак названай асобы': Змітр-ук, Лазар-ук, Краўч-ук (ад Кравец ). Відаць, існавала родавае найменне Горб , якое дало дэрыват Гарбук (Параўн.: хлопец - хлапчук 'невялікі хлапец, падлетак'. Форма Гарбук магла ўспрымацца з семантыкай недаросласці, памяншальнасці. ФП: горб - Горб - Гарбук .

Гартны (Цішка Г.) семантычны антрапанімічны дэрыват ад апелятыва гартны ; прыметнік гартны - утварэнне з суфіксам -н- ад гарт (з ня-мецк. hart 'цвёрды'), якое мае значэнне (пераноснае) 'стойкасць, вынослівасць, набытыя ў барацьбе з цяжкасцямі, неспрыяльнымі ўмовамі; сіла волі', г.зн. валявы, стойкі, вынослівы. Такі пісьменніцкі онім Змітра Жылуновіча - сведчанне суровасці лёсу чалавека, што адлюстраваўся ў субстантываваным прыметніку гартны ( гартн-ы 'загартаваны'). ФП: гарт - гартаваць - гартны - Гартны .

Гарулёў (Мікалай Г.) - прыналежны прыметнік з суфіксам -ёў ад антрапоніма Гаруль . У аснове антрапоніма апелятыў гарулёў з семантыкай 'сын гаруля', асабовы назоўнік гаруль 'той, хто гаруе (церпіць гора), гаротнік' - утварэнне з суфіксам -уль ад назоўніка г о ра 'няшчасце, бядота' (Як і рагуль (ад рогі ), гарбуль (ад горб )), або ад дзеяслова гараваць (з адцінаннем -ава- ): гар(ава)-уль (як і маргуль (ад моргаць ), ківуль ад ківацца )). ФП: гора - гараваць - гаруль - Гаруль - Гарулёў.

Гарэцкі (Максім Г.) - семантычны адтапанімічны дэрыват ад наймення паселішча Горы / Горкі (параўн.: Горы - Горацкая школа) з суфіксам - цк-і (< кск- ): Горкі (Р. скл. Горак < рус. Горек ) + -ск- : Горекский - Горецкий - Га-рэцкі . ФП: горы - горкі - Горкі - Гарэцкі . Даслоўная семантыка 'жыхар Горак'.

Гілевіч (Ніл Г.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Гіль з пераносам націску на словаўтваральны фармант - е віч : Гіль - Г і левіч ('сын Гіля ') - Гіл е віч . У аснове прозвішча апелятыў гіль ('птушка снягір'), які набыў антрапанімічную семантыку шляхам пераасэнсавання. ФП: гіль - Гіль - Гілевіч .

Грамовіч (Іван Г.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Гром з пераносам націску на словаўтваральны фармант - о віч : Гром - Гр о мавіч - Грам о віч . У аснове наймення апелятыў гром 'грукат і трэск, якія суправаджаюць маланку ў час навальніцы'. Шляхам семантычнай дэрывацыі апелятыў атрымаў асабовае значэнне - функцыю сямейнага, родавага абазначэння асобы-прозвішча. ФП: грымець - гром - Гром - Громаў (сын) - Гр о мавіч - Грам о віч.

Грам ы ка (Міхайла Г.) - семантычны дэрыват ад апелятыва грамыка 'той, хто грыміць - размаўляе гучна (нібы гром грыміць)'. Асабовыя найменні ўтвараюцца ад дзеяслоўных асноў з выкарыстаннем старадаўняга фарманта - ыка : хадзіць - хадыка ('хадок, хадуха'), уладаць - уладыка ('валадар') (П.У. Сцяцко. Беларускае народнае словаўтварэнне. Мінск, 1977, с. 76). ФП: грымець - гром - грамыка - Грамыка .

Грахоўскі (Сяргей Г.) - семантычны дэрыват ад апелятыва-прыметніка на -оўскі , утворанага ад паланізаванай формы слова гарох ( грох groch ): Грахоўскі ; звычайна гэта ўтварэнні адтапанімічныя ( Масты - мастоўскі, в. Гра-бава - грабаўскі (жыхар)). Асновай для антрапоніма магло быць найменне паселішча Грахова . ФП: грох (гарох) - Грахова - Грахоўскі.

Грач а нікаў (Анатоль Г.) - дэрыват з суфіксам прыналежнасці -аў ад прозвішча Грачанік ( Грачанікаў ). Ант-рапонімам стаў апелятыў грачанік - утварэнне ад грэчка , грачаны з семантыкай 'аматар грачанай стравы, яды з грэчкі'. ФП: грэчка - грачаны - грачанік - Грачанік - Грачанікаў (параўн. Смятанікаў - смятанік - смятана ).

Губарэвіч (Кастусь Г.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Губар з націскным антрапафармантам - э віч : Губар - Губ а равіч - Губар э віч . Апелятыў губ а р - характарыстычная назва асобы паводле інтэнсіўнай прыметы канстытуцыі цела, у прыватнасці губ ; даслоўнае значэнне 'губасты, губаты чалавек'. ФП: губы - губар - Губ а равіч - Губар э віч .

Гурскі (Ілья Г.) - семантычны дэрыват з суфіксам -ск- ад тапоніма Гуры (польск. G o ry ): Гуры - Гурскі ; параўн. Горы - Горскі ; даслоўнае значэнне 'жыхар з Гораў (гарыстай мясціны)'. ФП: гара - Горы - Гуры - Гурскі .

Гус а к (Сяргей Г.) - семантычны дэрыват ад апелятыва гусак 'самец гусі'. Дэрываты ад свойскіх птушак нярэдка становяцца празваннямі (мянушкамі) і набываюць функцыю сямейных онімаў-прозвішчаў у мовах свету, у прыватнасці ў славянскім свеце: Гусь, Гусак, Качар, Певень, Пятух .

Гусеў (Сілан Г.) дэрыват з суфіксам -еў ад про-звішча Гусь (мужч. род; параўн. руск.: Как с гуся вода): Гусеў 'які належыць Гусю '. Антрапонім утвораны ад прозвішча Гусь з выкарыстаннем прыналежнага суфікса -еў , што далучаўся да асновы назоўнікаў мужчынскага роду: Гусь - Гусеў.

Г у тараў (Іван Г.) - дэрыват з суфіксам -аў ад антрапоніма Гутар : Гутараў . У аснове антрапоніма - апелятыў аманімічнай структуры гутар 'той, хто гутарыць, размоўца', нульсуфіксавае ўтварэнне: гутарыць - гутар (-ыць) . ФП: г у тарыць - г у тар - Гутар - Г у тараў.

Гутковіч (Аляксандр Г.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Г у тка з пераносам націску на антрапафармант - овіч : Г у тка - Г у ткавіч - Гутк о віч . У аснове прозвішча магло быць апелятыўнае найменне гутка 'невялікая гута', а гута - даўнейшая назва шклозавода. ФП: гута - гутка - Гутка - Г у ткавіч - Гутк о віч .

Дайліда (Віктар Д.) - семантычны дэрыват ад старабеларускага апелятыва дойлида 'цясляр', 'дойлід' - пазычання з літоўскай мовы: dailide 'тоесама' (Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Мінск, 1985, т. 3, с. 140-141). Агульны назоўнік дайліда (сучасн. дойлід ) праз ступень празвання набыў функцыю сямейнага оніма, стаў прозвішчам. Ад гэтага прозвішча ўзнікла вытворнае - Далідовіч (Генрых), Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа.

Дарожны (Сяргей Д.) - семантычны дэрыват ад апелятыва - субстантываванага прыметніка дарожны - ўтварэння ад дарога: дарож ( г/ж-ны ). ФП: дарога - дарожны - Дарожны . Даслоўнае значэнне антрапоніма 'дарожны чалавек' (напр. 'абходчык').

Даўгапольскі (Цодзік Д.) - дэрыват з суфіксам -ск- ад тапоніма Даўгаполле ; даслоўнае значэнне оніма 'жыхар з Даўгаполля'. ФП: доўгае поле - Даўгаполле - Даўгапольскі .

Дзеружынскі (Авар'ян Дз.) - дэрыват ад тапоніма Дзяруга (Дзяругі) з антрапанімічным суфіксам -ынскі ( -інскі ) або ад Дзяружына з антрапафармантам -скі . ФП: дзяруга - Дзяруга (Дзяругі) - Дзяр у жына - Дзяр у жынскі - Дзеруж ы нскі.

Дзюбайла (Павел Д.) - семантычны дэрыват ад апелятыва дзюбайла - ўтварэння ад дзеяслова дзюбаць 'дзяўбаць' (пра птушак) або ад назоўніка дзюба 'ў птушак: рагавое ўтварэнне з дзвюх падоўжаных сківіц'. Даслоўнае значэнне апелятыва дзюбайла 'жывіна (птушка), якая дзюбае, дзяўбе' або 'дзюбатая птушка'; параўн. доўгі - даўгайла . ФП: дзюба - дзюбаць - дзюбайла - Дзюбайла.

Дзягцяр (Мота Дз.) - семантычны дэрыват (з су-фіксам -яр ) ад апелятыва дзягцяр 'той, хто гоніць ці прадае дзёгаць'. ФП: дзёгаць - дзягцяр - Дзягцяр . Апелятыўнае найменне рамесніка набыло функцыю прозвішча.

Дзярг а й (Сяргей Дз.) - семантычны дэрыват ад апелятыва дзяргай - утварэння ад дзёргаць 'тузаць', 'шморгаць', 'рваць' з семантыкай 'асоба-тузан, шмаргун, дзярун'. Мадэль утварэння "дзеяслоўная аснова + суфікс -ай ": дзёргаць - дзяргай . Параўн. вадз і ць - ваджай 'канавод', лягчаць - лягчай 'канавал' (П. Сцяцко. Беларускае народнае слова-ўтварэнне. Мінск, 1977, с. 23). Апелятыў набыў функцыю прозвішча праз ступень празвання. ФП: дзёргаць - дзяргай - Дзяргай.

(Працяг будзе.)

Павел Сцяцко


Чытаючы артыкул "Тапонімы - вочы краіны"

Валянціна Лемцюгова плённа займаецца даследаваннем беларускай тапаніміі і ўжо некалькі дзесяццігоддзяў. Радуе, што апошнім часам навукоўца ўсё больш актыўна выходзіць на пазіцыі абароны спрадвечных, натуральных беларускіх назваў, выступае ў друку з грунтоўнымі артыкуламі па гэтай праблеме, імкнецца пераканаць грамадскасць, у тым ліку чыноўнікаў, якое вялікае значэнне мае правільнасць, дакладнасць формы тапонімаў, як адказна трэба ставіцца да перайменавання населеных пунктаў. За гэта ёй вялікі дзякуй!

Не буду прыводзіць прыкладаў, яны добра пададзены і пракаментараваны ў новым артыкуле (Наша слова. 4.09.2013). бадай, толькі адна мясціна патрабуе ўдакладнення (цытую).

"Не зразумела..., дзеля чаго і дзеля каго стала ахвярай старажытная назва Мондзін (першае ўпамінанне 1559 год). Спачатку яе перайменавалі на Сиреневка, якая, па сведчанні Я. Адамовіча, па-беларуску стала пісацца Сярэнеўка. Відаць, гэта і змусіла чыноўнікаў паўторна перайменаваць яе ў Чаромушкі".

Спасылка на Я. Адамовіча мною ўспрынялася як не пераканальная. І вось чаму.

Я быў блізка знаёмы з Яўгенам Міхайлавічам Адамовічам, амаль два гады жылі ў адным аспіранцкім пакоі на вуліцы Кірава ў Мінску. Тады, у першай палове 1960-х, Я. Адамовіч ведаў (і паважаў) Валянціну Пятроўну, таксама, як і ён, тапаніміста-пачаткоўца. Часам з гарэзлівасці, жартоўна вымаўляў яе прозвішча з падкрэсленым я- каннем: Лямцюгова. Магла падпасці пад ягонае арфаэпічнае эксперыментаванне і назва Сірэнеўка (пазней, пасля з'яўлення гэтага наватавора). Але каб так, паводле вымаўлення, пісаць Сярэнеўка ? Не паверылася. Звярнуўся да навуковых тэкстаў Я. Адамовіча. У артыкуле "Берагчы тапанімію роднага краю" ("Пытанні беларускай тапанімікі", 1970) чытаю:

"... Часам новыя назвы даюцца непрадумана, паспешліва, без уліку лексічных асаблівасцяў беларускай мовы; у многіх выпадках яны непісьменныя: Атрадная, Лучазарная (Сенненскі), Сярэнеўка (Драгічынскі), Холмічы (Брэсцкі), Рошча (Глыбоцкі), Светлая Рошча (Буда-Кашалёўскі), Сцяпная (Лёзненскі), Зернавая (Нясвіжскі), Лужайкі (Полацкі). Хіба на Беларусі ёсць стэпы, што вёску трэба было назваць Сцяпной?"

Тут пракралася недакладнасць што да слова Сірэнеўка . Але яна павінна была насцярожыць навукоўцу пры звароце да гэтага тэксту.

Параўнаўшы ўрыўкі з артыкулаў Я. Адамовіча і В. Лемцюговай, бачым: у першым гаворыцца пра ўтварэнне, узнікненне назвы, у другім - пра яе ўжыванне ў пісьмовай мове. Таму словы Я. Адамовіча не могуць брацца як сведчанне таго, што "Сиреневка па-беларуску стала пісацца Сярэнеўка" ( В. Лемцюгова ).

Іншая рэч - мажлівасць, рэалізацыя такога вымаўлення. Пра гэта пісалася за пяць гадоў да публікацыі артыкула Я. Адамовіча.

Лявон Падгайскі і я, у той час аспіранты, надрукавалі нататку "Берагчы добрыя, ствараць лепшыя (ЛіМ. 26.01.1965).

Прывёўшы прыклады недарэчнасцяў у афармленні назваў мінскіх вуліц (у адным канцы называецца Грамадская , у другім - Общественная ; можна сустрэць надпісы на дамах: Чырвонаармейская і Краснаармейская ), аўтары адзначаюць: "Такая неўладкаванасць назіраецца і ў спісе новых назваў вёсак і паселішчаў, перайменаваных у мінулым годзе Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. Шматлікія назвы ў беларускім тэксце Указа маюць адзін выгляд, у рускім - другі: Чырвоны партызан - Красный партизан. Паўднёвая - Южная, Пераможная - Победная. Першамай - Первомай. Чырвоны ўсход - Красный восход. У той жа час назвы, утвораныя не на беларускай аснове (Знамя, Рощино, Рассветная, Восточная), перакладу не маюць. Дарэчы, сярод такіх назваў ёсць немілагучныя, цяжкія па вымаўленню (у аўтарскай рэдакцыі было: цяжкія на вымаўленне. А.К.): Сірэнеўка, Заобаль. Гэтыя назвы вёсак прыдуманы да таго ж без уліку фанетычных асаблівасцей мовы іх насельнікаў".

Калі мы рыхтавалі згаданую нататку, давалі ацэнку назве Сірэнеўка і шукалі форму яе выказвання, успомніўся эпізод з майго студэнцтва, які пацвярджае верагоднасць вымаўлення ў гэтым слове першага складу ся- .

У 1955 годзе трое першакурснікаў МПІ імя А.М. Горкага ішлі на заняткі з-за чыгункі, дзе на вуліцы Грамадскай, 48 кватаравалі. Ішлі напрасткі, сцежкамі, мінаючы хлеўчукі, будкі, іншыя спаруды, без якіх не абыходзяцца людзі. Зямля пасля зімы ў ценю яшчэ сырая. Але дрэвы ўжо распусціліся. Зацвітаў бэз. Мякка свяціла сонца. Адзін з хлопцаў, Валік Рабкевіч (родам з-пад Грэска), захоплена выгукнуў: "Сярэнню пахне!" Мы з Лёнем Анціпенкам пераглянуліся, засмяяліся: нашы насы болей улавілі не духмянасць квету, а той непрыемны пах, што ішоў ад забруджанай зямлі, ад патрэбных чалавеку дашчаных дамкоў.

На заканчэнне допісу не лішне зазначыць, што ў якасці прыкладу няўдалага пераназывання (які бярэ пачатак з 60 - х гг.) слова Сірэнеўка не раз упаміналася ў друку.

Алесь Каўрус


"Дзевяноста першы" Сяргея Навумчыка

16 верасня на сядзібе БНФ у Менску адбылася прэзентацыя кнігі "Дзевяноста першы", 42-га выдання з серыі "Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе".

Пасля Курапатаў, Хатыні і Чарнобылю незалежнасць Беларусі выглядала як цуд, які мае нябеснае паходжанне. Але як зерне ўродзіць толькі на апрацаванай глебе, гэтак і цуды звальваюцца толькі туды, дзе іх чакаюць, рыхтуюць і гатовыя прыняць.

Дэпутаты апазіцыі ў 1991 годзе зрабілі больш, чым маглі. Зрэшты, гісторыя робіцца толькі так.

Вышыні прыцягваюць маланкі, дзікі вецер палітыкі не адрознівае колераў, і асабістыя лёсы дэпутатаў незалежнасці падобныя да лёсаў іх папярэднікаў, хоць, на шчасце, не паўтараюць іх.

Яны зрабілі ўсё, каб трэцяе ў ХХ стагоддзі, пасля 1918 і 1919, нараджэнне Беларусі як нацыянальнай дзяржавы стала апошнім.

Таму год незалежнасці - 1991 - варта пазначаць так, як пазначаюцца ў гісторыі Еўропы тысячагоддзі і вякі, рымскімі лічбамі: MCMXCI.

Гэтыя лічбы, паводле правіла, не могуць паўтарацца больш за тры разы. У гэтай сістэме няма знаку толькі для адной лічбы - нуля. І не будзе.

Прэзентацыю роўна а 18-й гадзіне пачаў карэспандэнт Свабоды Валер Каліноўскі:

- Давайце ўявім, што за акном не 2013, а 1991 год, год пераменаў, яркіх падзей, год распаду СССР і атрымання Беларуссю незалежнасці. А мы з вамі знаходзімcя ў Aвальнай зале Вярхоўнага Савету, ну, калі гэты пакой замалы, то тады ў 363-м пакоі будынка Дома ўраду, на трэцім паверсе, дзе была штаб-кватэра апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце.

Тым знамянальным падзеям і таму пераломнаму году і прысвечаная новая, 42-я кніга з Бібліятэкі Свабоды - кніга Сяргея Навумчыка "Дзевяноста першы, - кажа Каліноўскі.

Зала перапоўненая, усе ахвотныя не могуць трапіць у адносна невялікі пакой сядзібы БНФ, таму людзі стаяць у праходах і нават спрабуюць назіраць за прэзентацыяй з калідора.

Валер Каліноўскі знаёміць прысутных з біяграфіяй аўтара кнгі Сяргея Навумчыка. Слова перадаецца Навумчыку, які прамаўляе да прысутных з экрана праз відэасувязь з Прагі.

Сяргей Навумчык апавядае пра галоўныя задачы, якія ён ставіў перад сабой, ствараючы кнігу. "У мастацкім творы пісьменнік стварае новую рэальнасць з дапамогай прыдуманых персанажаў, прыдуманых сітуацый. У дакументальнай (мемуарнай) літаратуры не можа быць прыдуманых персанажаў і прыдуманых сітуацый. Твая мэта - максімальна дакладна перадаць, што было, чаму было, і хто ў гэтым браў удзел. Калі б я пісаў гэтую кнігу ў дэмакратычнай Беларусі, дзе б кожны студэнт мог сказаць, хто такі Пазьняк, Беленькі, Голубеў, Баршчэўскі - там бы я мог расслабіцца і пісаць толькі пра свае ўласныя адчуванні. Але ў нашай сітуацыі я быў вымушаны не забывацца і на функцыю грамадска-палітычную, асветніцкую, разумеючы, што ў маладога пакалення проста няма адкуль даведацца пра тыя падзеі - і нагадваць храналогію падзеяў, даваць цытаты з дакументаў. Увогуле, я ў кнізе, нават калі даваў ўласныя ацэнкі, заўсёды абапіраўся на нейкія дакументы".

Сяргей Навумчык сабраў унікальны архіў першых гадоў незалежнасці, дзейнасці Вярхоўнага Савету, шмат дакументаў і фатаграфій ён выкарыстаў пры падрыхтоўцы сваёй кнігі, - кажа Валер Каліноўскі. Прысутныя праглядаюць некаторыя з тых здымкаў, якія перадаюць незабыўную атмасферу 1991-га, нагадваюць нам тыя падзеі і асоб, якія бралі ў іх удзел.

Да прэзентацыі, падчас прэзентацыі і пасля яе многія прысутныя і адсутныя выказаліся пра кнігу.

Зянон Пазьняк:

- Выхад кнігі - вельмі добрая падзея. Бо кніга прысвечанавельмі важнай з'яве ў нашай гісторыі. Фактычна - гэта найвялікшая з'ява, якая адбылася за 200 гадоў акупацыі, гэта - здабыццё незалежнасці. Сяргей Навумчык быў удзельнікам тых падзеяў. Таму каштоўнасць гэтай кнігі ў тым, што, з аднаго боку, паказаны асабістыя адчуванні чалавека, які прайшоў праз усё гэта. З другога боку, кніга заснавана на фактах і дакументах і грунтуецца на сур'ёзным аналізе. Калі я быў у Празе, то заўважыў, што ў Сяргея Навумчыка вельмі добра арганізаваны архіў, і гэта выдатна. Мы перажываем цяжкі час, і па гэтай тэме многія не хочуць пісаць. І таму з'яўленне гэтай кнігі - вельмі важная падзея для нашай культуры і для нашай гісторыі.

Лявон Баршчэўскі:

- Ацэнкі мае не змяніліся, іншымі яны не могуць быць. Так, мы пакуль не маем той Беларусі, пра якую марым. Але мы заклалі падмурак. Я з адным не згодны - не ўсе былі героямі, і я б сказаў некалькі добрых словаў і пра іншых дэпутатаў, - кажа Баршчэўскі, які таксама перадаў прысутным вітанні ад дэпутата Валянціна Голубева, які не змог прыйсці на прэзентацыю.

Алег Трусаў:

- Кніга майго старога сябра Сяргея Навумчыка ўнікальная тым, што яна дакументальная. І галоўная яе вартасць у тым, што аўтар зрабіў храналагічны парадак, усё дадзена па месяцах і вельмі шмат стэнаграмаў, іншых дакументаў, якія гавораць самі за сябе. Таму ўсе людзі, якія прачытаюць гэтую кніжку, могуць самі зрабіць высновы, што адбывалася ў Беларусі на працягу лёсаноснага 1991 году.

А ўжо ў той частцы, дзе сам Навумчык піша, там ёсць маленькія недакладнасці, ёсць яго сімпатыі-антыпатыі. Дарэчы, вось Ніл Сымонавіч Гілевіч надрукаваў у "Народнай волі", што Навумчык яму прыпісаў тое, чаго не было. Тут Навумчыку трэба было быць крышачку больш абачлівым, таму што нельга так выразна выстаўляць свае сімпатыі-антыпатыі да ўдзельнікаў таго працэсу. Гэта, я лічу, - маленькі недахоп.

Але паколькі аўтарскага тэксту ў кнізе мала, а ў асноўным тэкст дакументальны, можна сказаць, што Навумчык - гэта сучасны найноўшы гісторык, якіх на тэрыторыі Беларусі проста няма. Трэба пажадаць яму моцы, здароўя, і хай ён напіша яшчэ такую кнігу і пра дзевяноста другі, дзевяноста трэці, асабліва - пра дзевяноста чацвёрты год. Так што магу толькі поспехаў яму пажадаць.


Памяці Васіля Шруба

4 верасня 2013 года памёр Шруб Васіль Ануфрыевіч, актыўны сябра ТБМ, намеснік старшыні Жыткавіцкай раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.

Ён нарадзіўся 14 красавіка 1951 года ў вёсцы Хільчыцы Тураўскага раёна Палескай вобласці, цяпер гэта Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласці.

Родная вёска Хільчыцы размешчана паблізу аднаго з самых старажытных, авеяных легендамі беларускіх гарадоў, горада Турава. Магчыма па гэтай прычыне Васіль Ануфрыевіч быў захоплены, замілаваны нашай роднай зямлёй і не толькі сваёй малой Радзімай, а і ўсёй Беларуссю.

Пасля заканчэння ў 1966 годзе, тады яшчэ васьмігадовай Хільчыцкай школы, ён паступае ў Пінскую педагагічную вучэльню і паспяхова яе заканчвае ў 1970 годзе. З гэтага часу пачалася яго настаўніцкая праца, якая заняла цэлых 43 гады да апошніх дзён жыцця. Быў толькі двухгадовы перапынак, калі ён служыў тэрміновую службу ў Савецкай Арміі.

За гэты час ён паспеў папрацаваць у школах Пінскага і Баранавіцкага раёнаў Берасцейскай вобласці, на Гарадзеншчыне - у Наваградскім раёне, быў настаўнікам геаграфіі Юркевіцкай сярэдняй школы Жыткавіцкага раёна.

Працуючы ў школах прайшоў усе пасады: быў настаўнікам роднай мовы і літаратуры, пачатковых класаў, арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай работы, дарэктарам школ. Паралельна з педагагічнай працай працягваў вучобу.

У 1974-1980 гадах завочна заканчвае геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1989 года ён пачынае працу ў роднай вёсцы Хільчыцы, у Хільчыцкай сярэдняй школе, восем класаў якой ён калісьці скончыў. Прапрацаваўшы два гады на настаўніцкіх пасадах, ён з 1992 года па 2012 год цэлых 20 гадоў працуе намеснікам дырэктара школы. На гэтай пасадзе ў поўнай меры праявіўся яго талент як арганізатара педагагічнага і вучнёўскага калектываў школы на розныя карысныя і цікавыя справы.

Па яго ініцыятыве і пры падтрымцы і актыўным удзеле дырэктара школы Лясько Ўладзіміра Якаўлевіча, настаўнікаў школа пачынае працаваць па праграме "Спадчына".

Вучні пад кіраўніцтвам настаўнікаў вывучаюць гістарычнае мінулае Хільчыц, а таксама паселішчаў рэгіёна школы, пачынаючы з самых старажытных часоў, традыцыйную культуру жыхароў Хільчыц і Тураўшчыны, складаюць радаводы сем'яў.

Вынікам гэтай шматгадовай працы сталі падрыхтаваныя дапаможнікі па розных кірунках краязнаўства, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў арганізацыі адукацыйнага працэсу і выхаваўчай работы з вучнямі школы. Досвед работы з вучнямі школы ў гэтым кірунку выкарыстоўваюць іншыя навучальныя ўстановы і настаўнікі Жыткавіцкага раёна. Але ж галоўнае, гэта тое, што ў вучняў школы, якія займаліся і займаюцца, гэтай працай: збіраючы дакументы, прадметы побыту, іншыя элементы матэрыяльнай і духоўнай культуры, запісваючы ўспаміны ветэранаў і старажылаў; павышаецца, цікавасць як да мясцовай, так і агульнанацыянальнай гісторыі і культуры, роднай мовы, фармуецца нацыянальная самасвядомасць, узрастае матывацыя да вучобы ўвогуле.

Разам з выкананнем абавязкаў намесніка дырэктара школы Васіль Ануфрыевіч і дзейны настаўнік геаграфіі: вядзе ўрокі, геаграфічны гурток. Ён і яго вучні вывучаюць геаграфію родных мясцін, складаюць геаграфічныя карты, запісваюць назвы, якія маюць паселішчы, урочышчы, вадаёмы, даюць ім тлумачэнне. Зацікаўленні яго самога і яго гурткоўцаў распаўсюджваюцца і на землякоў: даследваюцца прозвішчы, імёны людзей, якія жылі і жывуць у Хільчыцах і навакольных вёсках. Чым жылі людзі, якім быў эканамічны стан родных мясцін, у што яны апраналіся, якія прадметы побыту мелі, усё гэта цікавіць яго самога і яго вучняў.

І не толькі мінулае. Юных даследчыкаў і іх настаўніка цікавіць і сучаснасць, перспектывы далейшага развіцця іх мясцовасці. Даследчыцкая дзейнасць паспрыяла стварэнню падручніка па геаграфіі сваёй мясцовасці, а так-сама дапаможнікаў, прысвечаных суб'ектам гаспадарання як існаваўшым ў мінулыя часы, так і сучасным.

Шруб і яго вучні не замыкаліся самі ў сабе, яны падарожнічаюць, наведваюць знакамітыя мясціны Беларусі, а яшчэ яны пастаянныя ўдзельнікі краязнаўчых чытанняў і спаборніцтваў. Сам Васіль Ануфрыевіч шматгадова ўдзельнік настаўніцкіх, краязнаўчых педагагічных чытанняў на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Настаўнік і яго вучні шчодра дзяліліся тымі краязнаўчымі ведамі, якія яны атрымалі ў час сваіх даследванняў, тым самым прапагандуючы не толькі ўласна сябе, а і сваю школу, сваю вёску, Тураўшчыну, Жыткаўшчыну.

Аповед пра гэтага чалавека не будзе поўным, калі не адзначыць яго адданасць роднай мове, Беларушчыне. Ён актыўны сябра ТБМ імя Ф. Скарыны з самага ставарэння Жыткавіцкай раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы, якое адбылося ў 1993 годзе, неаднаразова ўдзельнічаў у з'ездах ТБМ, іншых мерапрыемствах. Ладзіў разам з настаўнікамі святы роднай мовы ў сваей школе. "Я за беларускую мову", - часта паўтараў ён.

Яго самаадданая праца на педагагічнай ніве неаднаразова адзначалася. Быў узнагароджаны граматамі аддзела адукацыі Жыткавіцкага райвыканкама і кіравання адукацыі Гомельскага аблвыканкама, граматай і ганаровай граматай Міністэрства адукацыі нашай краіны, шматлікімі падзячнымі лістамі, дыпломамі грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў, з якімі ён супрацоўнічаў, куды дасылаў свае матэрыялы.

Яго зыход з жыцця цяжкая страта для ўсіх: яго родных і блізкіх знаёмых, аднавяскоўцаў, яго вучняў, калег па рабоце, усёй педагагічнай супольнасці Жыткавіцкага раёна і не толькі яго.

Безкарысны і безадмоўны чалавек ён дапамагаў усім, хто да яго звяртаўся: калегам у роднай школе, завучам школ, асабліва тым, хто толькі пачынаў гэтую нялёгкую школьную працу: настаўнікам геаграфіі школ раёна, кансультуючы іх па пытаннях выкладання прадмета; супрацоўнікам аддзела адукацыі, калі трэба было выступіць па краязнаўчай ці ўвогуле адукацыйнай праблематыцы ў раённай аўдыторыі, ці падрыхтаваць, даслаць нейкія матэрыялы ў вышэйшыя арганізацыі; супрацоўнікам краязнаўчых устаноў Гомельскай вобласці, зноў жа, калі трэба было падрыхтаваць нейкі матэрыял па пытаннях краязнаўчай работы ці недзе з ім выступіць.

Многія яго вучні выбіралі педагагічную працу, у тым ліку вучыліся і на геаграфічных факультэтах вышэйшых навучальных устаноў. Іх кансультаванне, дапамога ў падрыхтоўцы курсавых работ ці дыпломных праектаў - гэта таксама была і яго работа.

У сваё апошняе лета ён правёў перарэгістрацыю суполкі сяброў ТБМ сваёй школы, сабраў і адаслаў сяброўскія складкі за гэты год.

Падрыхтаваўся і выступіў на жнівенскай секцыі настаўнікаў геаграфіі.

- Ну вось, - гаварыў ён, - не буду больш працаваць намеснікам дырэктара. З гэтага навучальнага года будзе ў мяне шэсць гадзін геаграфіі, буду вучыць дзяцей. Мне пенсіянеру дастаткова.

Не атрымалася. Найвышэйшая улада вырашыла па іншаму.

Светлая памяць Светламу чалавеку!

Старшыня Жыткавіцкай раённай арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Васіль Нікановіч.


Выстава і навуковая канферэнцыя да 150-х угодкаў паўстання 1863-1864 гг.

19 верасня ў беларускім Нацыянальным гістарычным музеі адкрылася архіўная выстава "Mors Sola Victris Gloria Victis" прысвечаная паўстанню 1863 - 1864 гг. Выстава была падрыхтаваная Галоўным архівам старажытных актаў сумесна з Дырэкцыяй Дзяржаўных архіваў і іншымі дзяржаўнымі архівамі Польшчы.

Мэта выставы - напомніць пра трагічныя для польскага народа падзеі 1863 - 1864 гг., людзей, якія жылі ў той складаны час, а таксама ўвекавечыць памяць пра барацьбу за незалежнасць палякаў супраць Расіі, якая, хоць і не мела шанцаў на перамогу, ахапіла шырокія пласты польскага грамадства.

Падрабязней пра выставу сказаў надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Рэспублікі Польшча ў Беларусі Лешак Шарэпка:

- Гэтая выстава падрыхтавана з нагоды 150-годдзя паўстання. Як казаў на адкрыцці пан міністр, патранат над выставай узяў прэзідэнт Польшчы. Выстава падрыхтавана з архіўных матэрыялаў, дзякуючы супрацы з дырэкцыяй архіваў у Польшчы. На выставе прадстаўлена найлепшае, што захоўваецца ў нашых архівах, датычнае паўстання. Як паведаміла куратар выставы, гэтая экспазіцыя хутчэй пра людзей, а не пра палітыку.

Выставу можна паглядзець кожны дзень у Нацыянальным гістарычным музеі Менска.

20 верасня ў Менску прайшла беларуска-польская навуковая канфэрэнцыя "Да 150-годдзя паўстання 1863-1864 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага". Канферэнцыя праходзіць пры ўдзеле навукоўцаў абедзвюх краін, а таксама прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу Польшчы. У рамках канферэнцыі яны ўсклалі кветкі да мемарыяльнай шыльды Кастусю Каліноўскаму.

Беларуска-польская канферэнцыя да юбілею паўстання Кастуся Каліноўскага ў Менску - пятая гістарычная канферэнцыя, якая арганізаваная і праходзіць пры непасрэдным удзеле навуковых і дыпламатычных прадстаўніцтваў Польшчы: амбасады Рэспублікі Польшча ў Беларусі, Польскага інстытута ў Менску, а таксама ўнівэрсітэта ў Торуні. Гэтым разам, акрамя амбасадара Лешака Шарэпкі, уступнае слова на адкрыцці прамовіў і кіраўнік канцылярыі прэзідэнта Польшчы Яцэк Міхалоўскі.

Акрамя навуковых дакладаў на названай тэме, у праграме канфэрэнцыі - выезд на Гарадзеншчыну. Гісторыкі праехалі па месцах, звязаных з паўстаннем каліноўцаў. Таксама ў рамках канферэнцыі польскія дыпламаты пабывалі ў Курапатах, дзе Яцэк Міхалоўскі і Лешак Шарэпка запалілі свечкі і ўсклалі кветкі да крыжа і памятных знакаў ахвярам сталінскіх палітычных рэпрэсіяў. Суправаджаў дэлегацыю намеснік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі.

Вольга Чарных


Сонечны верасень, кветкі і Празарокская школа

Яшчэ ў траўні я напрасілася ў Празарокскую школу для сустрэчы з вучнямі, каб пазнаёміць іх са сваёй творчасцю. Мне хацелася прэзентаваць сваю дзіцячую кніжку "Ціт". Але была фінішная навучальная пара, і мы дамовіліся на восень.

Я ўжо і не спадзявалася на сустрэчу. А яна сталася такой светлай хвілінай у вераснёўскім сонцы, квецені і ў роднамоўнай душэўнай сувязі.

- Прыедзем па кветкі да падсвільскай жанчыны і вас прыхопім. І назад адвязём, - раздаўся ветлівы тэлезванок Валянціны Раманаўны Баранчук, якая кіруе выхаваўчай працай у школе.

Святочны дзень жыцця: едзем з дачкой (два сябры суполкі ТБМ) у школьным мікрааўтобусе, напоўненым хрызантэмамі. Вядзём ахвотлівую гутарку са спадарыняй Валянцінай.

- Вы ўбачыце школу, абяцаю экскурсію. Яна ж у нас сёння вельмі прыгожая.

Я кажу спадарыні Валянціне, што некалі (яшчэ, мабыць, у старой школе) пачынала свой педагагічны шлях мая незабыўная настаўніца рускай літаратуры - Людміла Яўгенаўна Далецкая і яе муж - Міхаіл Нікіфаравіч. Яны менавіта тут сустрэліся і пажаніліся. І я яшчэ ў маладосці чытала тут свае вершы вучням. Была і на плошчы падчас адкрыцця помніка Буйніцкаму. А свята пісьменства ў Празароках прапусціла.

І вось - школа. Адразу зразумела, дзе будуць працягваць жыццё прывезеныя хрызантэмы. "Сад адпачынку", - кажа дэкаратыўная брамка. Ззяюць кветкі гваздзіковай пароды.

- Гэтыя пасадзім з таго вунь боку - дапоўнім "Сад", - кажа Валянціна Раманаўна.

"Сонца, кветкі і Празарокская школа", - так запамінальна высвецілася субота 7-га верасня.

Зала ўтрымлівае ранішняе сонца і беларускую аўру. Бачым выставу, прымеркаваную да сустрэчы: "Слова роднае - святое, незабыўнае". Тут і прагучалі мае сціплыя словы, выбраныя творы і песня пад гітару дачкі Марыйкі (Марыі Новікавай), і ўзаемна-сустрэчнае прывітанне вучняў: Алёны Булах, Каці Маціеўскай, Алены Парфяновіч і песня (мяккі, ласкавы голас) Аніты Гугуновай, якая працуе ў мясцовым ДК. Слухалі вучні 2-іх-11-ых класаў і настаўніцы пачатковых класаў, рускай мовы, гісторыі, англійскай мовы, матэматыкі, бібліятэкар - спадарыня Аліна.

- Пакажу вам школу, пайшлі, - сказала Валянціна Раманаўна. Яна - "беларусістка", але працавала ў пачатковых класах. Сёлета даручылі весці беларускую мову. Чалавек дзейны, зацікаўлены сваёй працай. Свеціцца гэта з вачэй і слова. І калі яна праводзіла нас па ўсіх школьных пакоях, дзе адлюстравана думка школьнага кіраўніцтва і творчасці настаўнікаў, вельмі шчыра, дбайна, годна імкнулася паказаць плён школы. Школа беларуская. Яна ганарыцца сваімі асветнымі і культурнымі здабыткамі. Школа, пад таленавітым кіраўніцтвам Вольгі Дзмітрыеўны Гінько і з працалюбівым калектывам былых і цяперашніх настаўнікаў, мае выразную адметнасць.

- Вольга Дзмітрыеўна - творчы кіраўнік, - абгрунтоўвае экскурсійны паказ спадарыня Валянціна, - ёй сёлета ўручаны медаль Францішка Скарыны.

Наш экскурсавод пазначае ўвагай школьных асветнікаў і майстроў. Асабліва спыняецца на музеі Ігната Буйніцкага. Распавядае пра дапамогу школе - экспазіцыйную працу дызайнера Ігара Куржалава пры стварэнні музея.

Нашы ўражанні квітнеюць ў школьных пакоях: роднай мовы, дзе - "Беларуская хатка", у пакоях "Спадчына", "Радзіма", "Прыгажосць", "Дом" (школьны сямейны клуб). І, галоўнае, квітнеюць радасцю роднага слова, паветра.

Мы вяртаемся ў Падсвілле. Зноў вязе нас спадар Пётр. Таксама з хрызантэмамі і юргінямі. Падарункавымі. У гэты дзень 7-га верасня мы - у квецені.

Марыя Баравік, м. Падсвілле.


Самае цікавае - людзі

Экскурсавод Алег Дзьячкоў напоўніцу скарыстоўвае сваю прафесію на карысць ТБМ, гарадской арганізацыяй якога ён кіруе ўжо восем год. Вось і гэтае лета скончылася двухдзённай вандроўкай на Астравеччыну, у сядзібу Багушэвічаў. Па дарозе спыняліся ў розных гарадах, мястэчках, аглядвалі храмы, палацы ці іх парэшткі, помнікі. Сустракаліся з цікавымі людзьмі, якімі - дзякаваць Богу! - Беларусь багатая.

Найбольшае ўражанне - ад знаёмства ў Варнянах з мясцовым краязнаўцам Алесем Юркойцем. Пра сваё мястэчка, яго доўгую гісторыю, пра касцёл Святога Юр'я, пра людзей, якія ў розныя часы мелі дачыненне да мястэчка і касцёла, Алесь можа распавядаць суткамі. Тут пачуеш на яскравай, жывой беларускай мове і пра войны, якія пранесліся праз Варняны, і пра інтрыгі ў князёўскіх асяродках, і пра розныя гісторыі кахання, і пра яшчэ шмат што. Юркойць - супрацоўнік мытні, але краязнаўства нельга назваць яго хобі. Гэта нейкае пакліканне, якое стала істотнай часткай яго жыцця, магчыма, нават самай важнай часткай яго душы, натуральна, пасля жонкі і трох дачушак.

Па яго парадзе намёты мы паставілі на выспе невялічкага возерка, над якой узвышаецца вежа-альтанка ХІХ ст. Цудоўныя краявіды, адсутнасць куслівай жамяры і смачная вячэра пад расповяды Юркойця залагодзілі душы, стварылі лірычны настрой. Зверху - зорнае неба, знізу - вогнішча з прыемнымі людзьмі. "Якія яшчэ пытанні?" - усміхаецца Алесь. - "Пытанняў шмат. Але ж вас чакаюць тры дачкі і жонка." - "Пачакаюць. Не так часта сустрэнеш цэлы аўтобус людзей, якія размаўляюць па-беларуску, і якім цікавая наша гісторыя..."

На наступны дзень новая нечаканка. У Гярвятах вельмі прыгожы касцёл Святой Тройцы. Збудаваны адносна нядаўна, на пачатку ХХ стагоддзя, ён чамусьці (мабыць, з-за яго "маладосці") не ўпамінаецца ў турыстычных даведніках. Але палюбавацца на такое дзіва варта.

Ксёндз Леанід крыху паразмаўляў з намі, потым некуды знік. І тут каля аргана з'явіўся чалавек. "О! Дык, можа, мы яшчэ і арган паслухаем!" Здагадка аказалася слушнай. Ксёндз выйшаў, запрасіў нас сесці - і паліліся густыя гукі аргана, у якія мы зачаравана ўслухоўваліся. Праз некаторы час яшчэ адна прыемная нечаканка - арганіст пачаў спяваць цудоўным оперным голасам духоўныя творы - на лаціне, польскай, беларускай і рускай мовах.

"Хто гэта?" - зацікавіліся мы пасля канцэрта-падарунка. Выявілася, што граў і спяваў мясцовы жыхар Андрэй Міхневіч, супрацоўнік атамнай станцыі.

Алесь Жамойцін, загадчык музея Багушэвіча ў Кушлянах, нас крыху зачакаўся. Але сустрэў прыязна. І далей быў цікавы расповяд пра выдатнага нашага продка, аднаго з пачынальнікаў беларускай паэзіі, рэвалюцыянера, які, атрымаўшы юрыдычную адукацыю, найперш абараняў простых людзей.

Па дарозе дадому Алег сказаў мне: "Мы неяк правялі апытанне вандроўнікаў: што самае цікавае для іх у такіх вандроўках. Самы папулярны адказ: людзі." Так, самае цікавае - не храмы, не прырода, не помнікі. Самае цікавае: людзі, якія ствараюць храмы і помнікі, якія нясуць у сабе Беларусь, і якімі Беларусь жыве.

Міхась Булавацкі, г. Магілёў.


Графіня Гелена Ромер-Ахянкоўская

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Аналізуючы жыццё і творчасць Гелены Ромер-Ахянкоўскай, я прыйшоў да высновы, што маюцца ўсе падставы аднесці яе да беларускіх польскамоўных пісьменнікаў.

Па-першае, усё яе свядомае жыццё было звязана з Караліновам, (зараз Беларусь), толькі на два гады перад смерцю, з-за пагрозы высылкі, эмігрыравала ў Торунь.

Па-другое, матэрыял для сваіх літаратурных твораў чэрпала з жыцця мясцовага люду - беларусаў. Апаненты мне могуць запярэчыць: пісала ж яна на польскай мове. А хіба няма беларускіх пісьменнікаў, якія пішуць на іншых мовах? Абсурднасць факту непрыняцця яе творчасці да нашай культурнай спадчыны з-за мовы паспрабую раскрыць сваімі разважаннямі пра літаратурную творчасць. Па маім меркаванні, літаратурная творчасць - гэта працэс, а напісаныя творы - яго вынік. Калі твор адлюстоўвае нашы беларускія рэаліі і створаны нашым земляком, то гэта з'ява беларускай культуры. Мова толькі інструмент, хаця і спецыфічны. У свой час за "тутэйшасць", чытай, за беларускасць, творчасць Гелены Ромер-Ахянкоўскай цалкам замоўчвалі польскія і рускія асімілятары. Па-мойму, час паправіць гэтую несправядлівасць і знайсці месца ў скарбонцы нашай беларускай культуры для яе сціплага ўкладу.

Гелена Ромер-Ахянкоўская як педагог

Сама Гелена Ромер-Ахянкоўская навучалася ў элітным пансіёне Кракава, дзе бачыла, як там вялося навучанне, вучылася ў Францыі, дзе напісала даследаванне пра французскую сістэму навучання, пэўны час настаўнічала ў Караліноўскай школе. Потым з улікам ўласнага педагагічнага досведу напісала метадычку "Парады для народных настаўнікаў". У прадмове да яе пісала: "Вясковая школа не павінна быць толькі механізмам, які запіхвае ў маладыя мазгі пэўную колькасць абавязковых навуковых звестак, але быць агменем асветы, разліваючым промні святла ведаў і цеплыні, грамадскай любові вакол сябе. Школа павінна быць выхавальніцай не толькі розуму, але найперш характару: недахоп ведаў можна папаўняць у пазнейшым веку, недахоп прынцыпаў, недахоп цывілізаванага развіцця не папоўніцца ніколі, калі ў маладым веку над гэтым не працавалася".

Не ставячы мэту рабіць аналіз яе педагагічных поглядаў і метадычнага досведу, я зраблю толькі пералік яе парад, змешчаных у рабоце "Парады для народных настаўнікаў". Гэты пералік дасць уяўленне пра Гелену Ромер-Ахянкоўскую як настаўніцу і метадыста пачатковага навучання.

Чытанне.

Чытанне - першы ключ да скарбаў ведаў, таму патрэбна выклікаць у вучняў цікавасць да "чорных значкоў" (літар), праз якія ім адкрыецца цуда - уменне чытаць кніжкі;

- пачынаць вучыць чытанню з аднаскладовых слоў гукаскладальным метадам;

- не спяшацца ісці ўперад, не засвоіўшы папярэдні матэрыял;

- расказваць прачытанае толькі сваімі словамі;

- пры чытанні асвятленне павінна быць толькі злева;

- вучыць чытаць з адпаведнай інтанацыяй.

Пісьмо.

Навучаць пісьму адначасова з чытаннем;

- пачынаць з кароткіх слоў;

- прывучаць, каб пры пісьме дзеці не схіляліся, не прыціскалі грудной клеткі;

- практыкаваць пісьмо пад дыктоўку або вывучанага на памяць;

- навучаць прыгожай каліграфіі;

- пісаць пераказы па плане, пісаць пісьмы;

- практыкаваць узаемаправерку выкананых работ.

Гісторыя.

Мэта - выхаваць любоў да радзімы. На занятках вывучаць правы і абавязкі ў адносінах да свайго краю, гістарычныя падзеі. Не зацыклівацца на войнах і ўладарах, але звяртаць увагу на ўзнікненне гарадоў, міжкласавыя адносіны, побыт, звычаі, адзенне, народныя паданні;

- выкарыстоўваць малюнкі, ілюстрацыі;

- выкладаць гісторыю аб'ектыўна;

- вывучэнне гісторыі звязваць з геаграфіяй;

- пры вывучэнні дзей-насці пісьменнікаў, вучоных падкрэсліваць іх значны ўплыў на развіццё грамадтва.

Геаграфія.

Пачынаць вывучэнне з таго, што дзеці бачаць, з вядомых аб'ектаў (хата, вёска, дарога, лес, рэчка);

- старацца, каб выкладанне не было "сухім", выкарыстоўваць адрыўкі з мастацкай літаратуры, малюнкі, мапы, практыкаваць вылепліваць віды рэльефу з гліны;

- далучаць гістарычныя звесткі, звязаныя з вывучаным краем (легенды, выпадкі, знакамітыя людзі, промыслы, карысныя выкапні);

- расказаць пра банкі, кааператывы, дзяржаўныя ўстановы;

- не рабіць вялікі націск на вывучэнне назваў гарадоў, заліваў, астравоў, а больш звяртаць увагу на звычаі і побыт народаў;

- вывучэнне геаграфіі цесна ўвязваць з вывучэннем прыроды;

- пачынаць вывучэнне прыроды з аб'ектаў сваёй мясцовасці, імкнуцца, каб самі дзеці расказвалі пра іх;

- пачынаць расказваць пра жывёльны свет з вядомых дзецям жывёл (кот, сабака, птушкі, рыбы);

- выхоўваць у дзяцей беражлівыя адносіны да прыроды, жывых істот;

- вывучаць мясцовыя глебы, навучаць даглядаць расліны, вырошчваць гародніну, збіраць ягады, грыбы;

- праводзіць тэматычныя экскурсіі ў прыроду;

- вучыць асновам гігіены, уплываць, каб дзеці прытрымліваліся яе правіл;

- здзяйсняць палавое выхаванне.

Арыфметыка.

Навучаць лічэнню на дыдактычным матэрыяле. Лічбы не павінны быць чымсьці абстрактным, не прадстаўляючым прадметы;

- лічэнне, арыфметычныя дзеянні дэманстраваць, выкарыстоўваючы прадметы (арэхі, фасолю);

- спачатку колькасць запісваць літарамі-словамі (два, тры), а потым знакамі-лічбамі - 2, 3;

- навучаць рабіць вы-мярэнні, узважваць, вучыць куплі-продажу;

- даваць элементарныя веды па практычнай геаметрыі.

Рысаванне.

Вучыць дзяцей маляваць простыя малюнкі, вясёлых і сумных коцікаў, свінак;

- рабіць ілюстацыі да слоў (кубак, шклянка, ліст, конь);

- рысаваць план хаты, вёскі, узораў для вышывання;

- рысаванне спалучаць з выцінаннем.

Спевы.

Лепш вучыць спевам пад акампанемент музычнага інструмента;

- найперш добра вывучыць словы песні;

- пачынаць навучанне з прасцейшых мелодый;

- выявіць дзяцей з добрым голасам і слыхам, на іх рабіць апору, а астатнія хай падтрымліваюць мелодыю;

- доўга не мучыць спяваннем, даваць адпачынак;

- рэкамендаваць дзецям спяваць дома.

Ручная праца.

Навучаць латаць, цыраваць адзенне, прышываць гузікі;

- вучыць вязаць кручком, вышываць крыжыкам, рабіць выкрайкі фартушка, спаднічкі;

- хлопчыкаў таксама навучаць рамантаваць адзенне;

- вучыць хлопчыкаў пляценню з саломы, лазы, вырабу матаў;

- пераконваць, што прышыць адарваны гузік ці зашыць парванае адзенне нават у нядзелю не з'яўляецца грахом, а неабходнасцю.

Гімнастыка.

Гімнастыка павінна насіць практычны характар, навучаць дзяцей прыгожай асанцы, хадзьбе;

- не мучыць падоўгу практыкаваннямі, прымяняць розныя віды: хадзьбу, бег, гульню, вучыць правільна дыхаць;

- спалучаць фізкультуру са спевамі;

- вясною, восенню праводзіць урокі на свежым паветры;

- вучыць дзейнічаць пры пажары, ратаваць тапельцаў, пераносіць пакалечаных, будаваць пераправу цераз рэчку.

Школьны рэжым.

Перад заняткамі малітва стоячы;

- працягласць урока-40-50 хвілін, перапынак да 10 хвілін, абедзены - даўжэйшы - да 20 хвілін;

- у класе мець не больш за 30 вучняў;

- не ўдзяляць на ўроку зашмат увагі слабейшым вучням за кошт астатніх. Для карэкцыі іх ведаў выкарыстоўваць моцных вучняў ці дапамагаць ім пасля заняткаў;

- патрэбна пераконваць дзяцей, што асвета - сапраўднае дабрадзейства, вялікае шчасце;

- умовай спакою ў класе і паслухмянасці вучняў з'яўляецца лагодная катэгарычнасць, з дробных дзіцячых разборак не рабіць гісторый;

- трымаць сувязь з бацькамі;

- прывучаць хлопчыкаў да джэнтэльменскіх адносін да дзяўчынак;

- у нядзелю школа адкрыта для дзяцей. За парадкам сочыць выбраны вучань "гаспадар школы". У нядзелю дзеці могуць рыхтавацца да канцэртаў, святаў, гуляць у настольныя гульні, пад кіраўніцтвам бацькоў займацца справамі па зацікаўленнях.


У арганізаванай Геленай школе ў тыдзень было па 30 урокаў (па 5 кожны дзень). На чытанне і пісьмо адводзілася 12 урокаў; геаграфію і прыроду - 6; рэлігію - 3; арыфметыку - 3; гісторыю - 2; рысаванне і працу - 2; спевы і гімнастыку - 2. У суботу дабаўлялася некалькі хвілін на падвядзенне вынікаў за тыдзень.

У час працы ў школе Гелена адчула недахоп папулярнага прыродазнаўчага падручніка. Каб выправіць становішча, маладая аўтарка напісала і выдала для школ падручнік па геаграфіі (1905) пад назвай "Што ёсць на небе і на зямлі". Падручнік аказаўся вельмі ўдалым, яго да 1926 года перавыдавалі восем разоў накладам па некалькі тысяч экзэмпляраў.

Яе педагагічныя погляды былі вельмі прагрэсіўнымі для свайго часу, многія парады не страцілі сваёй актуальнасці і зараз. Яе педагагічная спадчына можа служыць для вывучэння станаўлення адукацыі ў Беларусі.

(Працяг у наступным нумары.)

Ясь Драўніцкі


Паўстанне 1863-64 гг. у Гарадзенскім павеце

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

З сярэдзіны красавіка аддзел пачаў дзейнічаць у паўднёва-ўсходняй і ўсходняй частцы Гарадзенскага павета. Дрэнна ўзброеныя, кепска забяспечаныя прадуктамі, фуражом, транспартам, слаба арганізаваныя паўстанцы шукаюць зброю і неабходныя сродкі ў лясніцтвах, валасных управах, іншых дзяржаўных установах, у памешчыцкіх маёнтках. Першай баявой аперацыяй толькі што арганізаванага аддзела А. Лянкевіча колькасцю ў 36 чалавек, узброенага толькі пяццю ружжамі, быў разгром 20 красавіка дзяржаўнага лясніцтва і валасной управы ў Азёрах. Паўстанцы захапілі 60 розных ружжаў, 3 пісталеты, увесь знойдзены порах і кулі, а так-сама 600 руб грошай. У фальварках графа Леапольда Валіцкага Вільянова і Задуб'е каля Азёр са згоды ўладальніка атрымалі 9 коней, 2 фургоны, "наклаўшы на іх прадуктовыя прыпасы і авёс для коней" . Аддзел Лянкевіча папоўніўся дваровымі людзьмі, жыхарамі Азёр і навакольных вёсак і размясціўся ў балоціста-лясной мясцовасці Рускай пушчы пад назвай "Святое балота" за 10-12 км на ўсход ад Азёр. Праз два дні тут адбыўся цяжкі бой толькі што створанага аддзела з рэгулярным расійскім войскам пад камандай падпалкоўніка Мантэйфеля. Дрэнна ўзброеныя, слаба абучаныя паўстанцы былі разбіты і панеслі вялікія страты: адны загінулі ад куль ворага, іншыя прапалі ў топкім багністым балоце. Рэшткі аддзела адступілі ў бок Парэчча і ў Ваўкавыскі павет. Падпалкоўнік Мантэйфель устрымаўся ад пераследу, баючыгя загінуць у балоце, і паспяшаўся адрапартаваць "наверх", што "шайка мяцежнікаў у 200 человек на чале з Лянкевічам разбіта..." .

Аддзел А. Лянкевіча, хаця і пацярпеў паражэнне ў пачатку свайго стварэння, але прадаўжаў папаўняцца і паспяхова дзейнічаў у Гарадзенскім, Ваўкавыскім, Слонімскім, Аўгустоўскім паветах і на поўдні Літвы, падтрымваючы сувязі з тамашнімі аддзеламі. У траўні каля вёскі Мілавіды Слонімскага павета сабраліся асноўныя паўстанцкія сілы Гарадзенскага (А. Лянкевіч), Ваўкавыскага, Слонімскага (Ф. Юндзіл) паветаў, каб аб'яднанымі сіламі даць бой расійскім карнікам. Агульнае камандаванне прыняў на сябе найбольш спрактыкаваны ў ваеннай справе падпалкоўнік царскай арміі А. Лянкевіч. У лагер пад Мілавідамі змаглі прыехаць, нягледзячы на небяспеку быць арыштаванымі па дарозе, К. Каліноўскі з Э. Заблоцкім з мэтай навядзення парадку ў арганізацыях Ваўкавыскага і Слонімскага паветаў і пашырэння паўстання. Тут Каліноўскі правёў агляд паўстанцкіх сіл. На наступны дзень, 22 траўня, каля тысячы паўстанцаў, узброеных стрэльбамі, пісталетамі, косамі, паспяхова змагаліся з рэгулярнымі войскамі. Ім сурацьстаялі пад камандай палкоўніка А. Чартова тры роты Стараінгерманландскага пяхотнага палка, сотня казакаў, артылерыя. Паўстанцы нанеслі супраціўніку значныя страты, і царскі палкоўнік запрасіў падмацавання. Аслабленыя паўстанцкія аддзелы пакінулі поле бою і сышлі ў суседнія паветы.

У чэрвені - ліпені паўстанцы яшчэ актыўна дзейнічалі на тэрыторыі павета: каля ст. Парэчча, лясных вёсак Узбераж, Глушнева, Бабіна, Баброўня, Бандары, вакол Скідзеля, Мількаўшчыны, Каменкі, у Сапоцкінскай зоне Аўгустоўскага павета. Яны нападалі на канторы лясніцтваў, паштовыя станцыі, валасныя ўправы, уступалі ў сутычкі з карнымі камандамі. Паўстанцкія аддзелы і асобныя групы ў многіх месцах карысталіся падтрымкай мясцовых жыхароў. Аб гэтым сведчаць і прадстаўнікі ўлады. Так, палкоўнік Шчарбацкі, які служыў у штаце пры губернатары, дакладаў 5 ліпеня ў Гарадзенскую следчую камісію, што ён ужо тры дні рухаецца разам з воінскай камандай па паўднёвай частцы павета і не можа атрымаць "от многих жителей какие бы то ни было сведения о шайках мятежников, безвыходно находящихся в этих местах уже несколько недель, и не смотря на то, что на каждом шагу встречаются здесь несомненные и свежие следы шайки, до сих пор она не могла быть открыта и истреблена, хотя для этай цели постоянно направляются отряды из Гродно, Лиды и Волковыска".

Паўстанцкія аддзелы і іх камандзіры набывалі баявы досвед, удасканальвалі тактыку, праяўлялі стойкасць і вынаходлівасць. На задушэнне паўстання царскі ўрад накіраваў вялікую вайсковую моц рэгулярнай арміі. Па няпоўных падліках расійскіх ваенных гісторыкаў ("Виленский вестник", 1915 г., кн. VІ, стр. 61, на задушэнне паўстання ў Паўночна-Заходнім краі была накіравана 90-тысячная расійская армія (69 розных палкоў і 19 асобных частак усіх радоў войск), якая дзейнічала супраць 77 тыс. чалавек паўстанцаў.

Дысцыплінаванай. добра ўзброенай і абучанай воінскай камандзе рэгулярнага войска не маглі супрацьстаяць слаба арганізаваныя, неабучаныя, не нюхаўшыя пораху сялянскія хлопцы і шляхціцы, узброеныя косамі і зрэдку стрэльбамі, хаця і праяўлялі гераізм і стойкасць.

У сярэдзіне 1863 г. у выніку рэпрэсій і карных вайсковых аперацый, эканамічных і прапагандысцкіх мер з боку ўраду адбываецца спад баявых дзеянняў паўстанцкіх аддзелаў. Некаторыя з сяброў Гарадзенскай паўстанцкай арганізацыі былі арыштаваны і знаходзіліся ў турме, пад ціскам рэпрэсій частка шляхты і абшарнікаў пачала адыходзіць ад паўстання. У сувязі з арыштамі сяброў віленскага Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы ў пачатку чэрвеня ў Вільню быў выкліканы К. Каліноўскі і ўведзены ў яго склад. Адначасова адбыліся змены і на Гарадзеншчыне: на месца ваяводскага камісара Кастусь Каліноўскі, прыехаўшы ў Гародню, прапанаваў назначыць Эразма Заблоцкага, цывільным ваяводскім начальнікам быў намінаваны Станіслаў Сільвястровіч, павятовым начальнікам - Іван Каменскі. "Чырвоныя" ў Вільні зноў ўзмацнілі свой уплыў на ход паўстання, а сваімі зваротамі да сялянства імкнуліся актывізаваць яго ўдзел у барацьбе.

Царскія ўлады ў цэнтры і на месцах прымалі энергічныя меры для задушэння паўстання, выкарыстоўваючы тактыку "бізуна і перніка", "падзяляй і ўладар", каб не дапусціць пашырэння паўстання, утрымаць сялянскую масу ад выступлення. Супраць паўстанцаў у Гарадзенскім і суседніх паветах вялі баявыя дзеянні пяхотныя палкі Калужскі, Неўскі, Пскоўскі, Велікалуцкі, Стараінгерманландскі, лейб-гвардыі Сямёнаўскі, Курляндскі полк уланаў, Данскі 33-і казацкі полк. З іх складаліся воінскія каманды, куды ўключалі 2-3 пяхотныя роты, роту уланаў, паўсотні або некалькі дзесяткаў казакаў, некалькі гарматаў. Такі склад карных камандаў дазваляў весці як абарончыя, так і наступальныя дзеянні, забяспечваць ачыстку тэрыторыі і пераследаванне "мяцежнікаў" у конным шыхце.

1 сакавіка 1863 г. імператар Аляксандр II выдаў указ, згодна з якім адмяняліся ў Беларуска-Літоўскіх губернях часовыя павіннасці сялян на карысць абшарнікаў, уводзіўся абавязковы выкуп сялянскіх надзелаў, выкупныя плацяжы за атрыманую зямлю зніжаліся на 20%. Цар выступаў у якасці абаронцы сялян ад абшарнікаў і клапатлівага бацькі сваіх падданых, што паўплывала на паводзіны сялян. Генерал-губернатар М. Мураўёў 15 траўня 1863 г. накіраваў гарадзенскаму губернатару графу Бобрынскаму дасканала распрацаваныя і зацверджаныя царом правілы аб парадку накладання спагнанняў на мяцежнікаў. Усе паўстанцы ад кіраўнікоў і асобаў, захопленых са зброяй у руках, да саўдзельнікаў падзяляліся на 5 катэгорый. I кожнай з іх была вызначана мера пакарання: ад расстрэлу да адпраўкі ў арыштанцкія роты або пад нагляд паліцыі; удзельнікі паўстання, захопленыя ў палон у час баявых дзеянняў, расстрэльваліся без суда на месцы. Усім сельскім жыхарам, дзяржаўным службоўцам, абшарнікам строга загадана выяўляць і неадкладна паведамляць уладам аб з'яўленні "мяцежніцкіх шаек", іх перамяшчэнні, аб асобых паўстанцах. У выпадку невыканання загаду накладваліся штрафы на ўсіх жыхароў вёскі. Суровыя меры прымяняліся да абшарнікаў, якія дапамагалі паўстанцам харчаваннем, фуражом або інфармацыяй аб карніках ці не дакладвалі аб з'яўленні аддзелаў у іх маёнтках. Іх маёнткі падлягалі кафіскацыі або секвестру без судовага рашэння. Ад сялян і дваровых людзей патрабавалася сачыць за паводзінамі памешчыкаў, іх аканомаў і прыказчыкаў і пры падазрэнні на сувязь з паўстанцамі неадкладна даносіць паліцыі. За вылоўліванне паўстанцаў, за начныя варты ў вёсках была ўстаноўлена плата. I ў архіве ёсць такія факты "заробкаў" за затрыманне "мяцежнікаў".

Пад пільным наглядам расійская ўлада трымала каталіцкую шляхту, чыноўнікаў, вучнёўскую моладзь. Распараджэннем М. Мураўёва і гарадзенскага губернатара было ўведзена абмежаванне на паездкі і перамяшчэнне жыхароў у межах павета і губерні. Ім было забаронена пакідаць месца свайго пастаяннага пражывання, а для паездкі патрэбна звяртацца па дазвол да вайсковага начальніка павета, указаўшы мэту паездкі, яе працягласць і месца накіравання. Забаронены былі і прыватныя грашовыя і матэрыяльныя зборы, сходы абшарнікаў і шляхты без адпаведнага дазволу. Нават на вяселлі пры выдачы замуж ці жаніцьбе дзяцей патрэбна было атрымаць дазвол для запрашэння сваякоў і суседніх абшарнікаў. Але ўрад лічыў больш важным эканамічны ціск на землеўладальнікаў: канфіскацыя зямельнай і нерухомай уласнасці, увядзенне штрафаў, пастойнай павіннасці, секвестр (забарона на карыстанне). Па царскім указе ад 15 сакавіка 1863 г. зямельныя ўладанні ўдзельнікаў паўстання або тых, хто дапамагаў "мяцежнікам", падлягалі канфіскацыі або секвестру без судовага рашэння. Тэрмінова былі канфіскаваны маёнткі васьмі абшарнікаў, у трох - канфіскацыя адкладзена з-за іх нераздзеленасці.

Эканамічны ціск на маёмасныя саслоўі выражаўся і ў пасылцы воінскіх каманд для пастою ў недабранадзейных вёсках, шляхецкіх ваколіцах, маёнтках і ў накладанні штрафаў на ўсіх жыхароў вёсак, мястэчак, маёнткаў, якія хавалі ад уладаў перамяшчэнні "мяцежнікаў"; ва ўвядзенні кантрыбуцыйных збораў у памеры ад 1,5% да 8,5 % ад гадавога прыбытку. Такія зборы былі ўведзены з пачаткам паўстання на абшарнікаў, падтрымаўшых яго, а з 1865 г. - на ўсіх абшарнікаў, шляхту, аднадворцаў, домаўладальнікаў у гарадах - усіх асобаў каталіцкага веравызнання. У Гарадзенскім павеце яго наклалі на 773 асобы, у тым ліку 149 абшарнікаў і 624 чалавекі дробнай шляхты і аднадворцаў. Па павеце за перыяд з 1863 па 1 лістапада 1965 г. спагнана рознага роду кантрыбуцыйных збораў 135 447 руб. 28 кап. Напрыклад, з маёнтка Мількаўшчына Элізы Ажэшкі ён склаў у 1865 г. 324 руб. 80 кап., у 1866 г. - 552 руб. 16 кап. (Даволі вялікія грошы, таму што, да прыкладу, 1 чвэрць - 102 кг - жыта, ячменю, гароху каштавалі 2 руб., бульбы - 75 кап.).

Царская ўлада прыбегла і да спецыфічнай меры пакарання - "зачысткі" тэрыторыі ад "мяцежных элементаў" з мэтай не толькі пакараць адных і напалохаць іншых, але і падрыхтаваць месцы для перасялення надзейных "русских хлебопашцев" з цэнтральнай Расіі. У Гарадзенскім павеце ў ліпені 1863 г. была спалена шляхецкая ваколіца Шчукі, а жыхары (16 сем'яў) выселены ў цэнтральную Расію, трохі пазней у той жа год былі выселены ў Расію 8 сем'яў ваколіцы Эйсманты Надтабольскія і 3 сям'і з вёскі Шумы, 11 сем'яў з вёскі Зуброва расселены па Гарадзенскім павеце. Надзеі ўладаў на перасяленцаў з Расіі не спраўджваліся.

У снежні 1863 г. Віленскі Выканаўчы Аддзел прыняў рашэнне спыніць барацьбу да вясны наступнага года.

Да станоўчага выніку паўстання можна аднесці аблягчэнне ўмоў выкупу сялянамі атрыманых зямель, атрыманне зямлі беззямельнымі.

Але наступствы яго паражэння для краіны былі і цяжкія, і працяглыя. Узмацнілася татальная русіфікацыя нашага краю: выхадцы з Расіі за бясцэнак скуплялі зямельныя ўгоддзі ў павеце і краіне; чыноўнікі, святары, настаўнікі з Расіі давяршалі тое, што не зрабіў расійскі штык - поўнае пакарэнне краю, што адчуваецца да нашых дзён.

З аналізу падзеяў паўстання ў павеце можна зрабіць некаторыя вывады:

1. Нягледзячы на царска-расейскую прапаганду аб шляхецкім і польскім характары паўстання трэба прызнаць яго агульнанароднай барацьбой мясцовых жыхароў, а не прышлых валанцёраў. У адным аддзеле ваявалі католікі (пераважалі), і праваслаўныя, і іудзеі (мала), і палякі, і беларусы, абшарнікі і сяляне, чыноўнікі і мяшчане. Аб сацыяльным складзе ўдзельнікаў паўстання сведчыць колькасць арыштаваных і зняволеных у Гарадзенскай турме ў 1863 г.

Знаходзіліся ў Гарадзенскай турме

На 1.10. На 1.11. У лістдзе У снежні

1863 г. 1863 г. 1863 г. 1863 г.

ксяндзоў 12 13 3 4

шляхты-абшарнікаў 264 259 75 49

сялян 274 339 54 65

аднадворцаў 7 2

афіцэраў 6 4

чыноўнікаў 17 7

мяшчан 9 5

ніжніх чыноў 3 4

яўрэеў 2 2

замежных грамадзян 4 1

Усяго*: 550 661 180 143

*НГАБ у Гродне: ф.З, в.1, с.26, стар. 176 - 178.

2. Удзел у паўстанні не быў прымусовым, а насіў дабраахвотны характар. Аб гэтым сведчаць і паводзіны яго ўдзельнікаў. Пры адступленні, пры выхадзе з бою аддзел часта дзяліўся на дробныя групы (па 10-15 чалавек), а праз дзень-другі зноў збіраўся ў зараней вызначаным месцы. Пры прымусовым характары малыя групы маглі б разбягацца, аднак аддзел зноў збіраўся ў новым месцы.

3. Паўстанне насіла нацыянальна-вызвольны характар. Аб гэтым сведчаць і выказванні некаторых паўстанцкіх камандзіраў. Так, Аляксандр Лянкевіч, выступаючы перад сялянамі ў маёнтку Талочкі Гарадзенскага павета, гаварыў: "Уся моладзь Царства Польскага, Літвы і Маларосіі выйшла на поле бою супраць нашаго непрыяцеля, які загроб нашу Айчыну і сячэ нашую Божую Маці ў касцёлах. Будзем змагацца за Айчыну, веру і свободу!"

Праблемы паўстання не ўсе вырашаны і патрабуюць далейшага вывучэння.

Іван Буднік


"Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах"

У чарговы раз лідзян парадаваў фестваль фальклору

На працягу двух дзён Лідчына святкавала сваё 690-годдзе і ў рамках свята горада таксама прымала ўдзельнікаў ІІІ фестывалю фальклору "Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах" пры міжнароднай тэхнічанай дапамозе Еўрапейскага Саюзу ў рамках праекту трансмежавага супрацоўніцтва паміж Латвіяй, Літвой і Беларуссю.

Адразу пасля вялікага святочнага шэсця фальклорныя калектывы Троцкага рэгіёна накіраваліся на цэнтральную пляцоўку г. Ліды для таго, каб павітаць ды павіншаваць сваёй творчасцю жыхароў Лідчыны. Там ужо панаваў святочны настрой. Жыхары г. Ліды ў гэты дзень радаваліся не толькі адкрыццю свята горада, але і фестывалю фальклору, квасу і іншым мерапрыемствам. На святочных пляцоўках працавалі дзіцячыя атракцыёны, гандлёвыя рады, выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, старажытных прылад працы і інш.

На другі дзень фестываль фальклору "Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах" пачаўся каля паўдня. Каб павіншаваць ўдзельнікаў фестывалю, на сцэну падняліся шаноўныя госці мерапрыемства: дырэктар Цэнтра культуры Троцкага рэгіёна Дарыюс Нядвецкас і кіраўнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканка-му Інэса Генадзеўна Белуш, якія павіншавалі са святам і адзначылі важнасць падобных мерапрыемстваў.

З арыгінальным рэпертуарам літоўскай народнай творчасці - народнай музыкай, песнямі, танцамі, а таксама абрадам "Жніво" - прысутных знаёмілі ўдзельнікі польскага ансамбля народнай песні і танца "Poluk-nianie", лендва-рыйскай групы народнага танцу "Lend-vare" і троцкага ансамбля інструментальнай музыкі "Serenada".

На Лідчыне ўмеюць і любяць спяваць. Дастаткова было паслухаць выступленні на фестывалі нашых народных і самадзейных калектываў, каб упэўніцца ў гэтым. Лепшыя канцэртныя нумары прадставілі: народны хор "Скарбніца" ААТ " Завод "Оптык", узорны ансамбль танца "Крышталікі" Бярозаўскага ГДК, народны ансамбль "Журавінка" Першамайскага ДК, народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў Бердаўскага ЦКВЧ, а таксама выступленне фальлорных аматарскіх калектываў Лідскага раёна.

Адзін фальклорны калектыў змяняўся на іншы. Цудоўнае выкананне народных песень, абрадаў дазволіла гледачам не толькі перанесціся думкамі ў мінулае, але і ў чарговы раз адчуць непарыўную сувязь са сваімі гістарычнымі каранямі.

Пасля завяршэння канцэртнай праграмы пачалася цырымонія ўзнагароджання. Усе фальклорныя калектывы атрымалі ад арганізатараў мерапрыемства дыпломы і памятныя падарункі. Аднак, па словах саміх выканаўцаў фальклору, галоўным для іх стала непасрэдна сустрэча, абмен досведам і ведамі, а таксама сяброўскія зносіны, якія за гэты час існавання фестывалю "Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах" сталі самымі моцнымі і непарыўнымі.

Адным словам, праграма фальклорнага фестывалю "Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах" у чарговы раз парадавала яе ўдзельнікаў, падкрэсліла неабходнасць захавання гістарычнай спадчыны для наступных пакаленняў.

Н. ВАЙЦЮКЕВІЧ, метадыст па этнаграфіі і фальклоры Лідскага раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці. Фотаздымкі А. Пецікава.


Кніга рэкордаў Лідчыны

У 2012 годзе рэдакцыя "Лідскай газеты" (галоўны рэдактар Кацярына Серафімовіч) пачала працу над новым праектам - "Кніга рэкордаў Лідчыны". Ідэя яго стварэння належыць рэдактару аддзела фотаілюстрацыі раённага выдання Лілеі Лапшыной.

На працягу года журналісты збіралі ўнікальны матэрыял, звязаны з гісторыяй Лідчыны, дасягненнямі яе жыхароў. Са шматлікімі цікавымі фактамі чытачы мелі магчымасць пазнаёміцца на старонках раённага выдання, а да 690-годдзя горада своеасаблівыя рэкорды былі сістэматызаваны і падрыхтаваны для асобнага зборніка. Матэрыялы рыхтавалі супрацоўнікі "Лідскай газеты" Лілея Лапшына, Яўген Арэхва, Вольга Мацеша, Вольга Яхантава, Вікторыя Русілевіч, Святлана Талмачова, Тацяна Кудрашова, Жанна Лінеўская, Алесь Мацулевіч.

У гэтае выданне "Кнігі рэкордаў Лідчыны" ўвайшлі далёка не ўсе выбітныя з'явы і праявы. Тут зроблены раздзел толькі з катэгорыі "Самы...", а яшчэ ёсць катэгорыі "Першы...", "Адзіны...". Таму калектыў газеты працягне працу над пошукам эксклюзіўных матэрыялаў па разнастайнай тэматыцы. Яна абяцае быць плённай і папоўніць старонкі раённага выдання новымі рэкордамі. Залог таму - багатая спадчына Лідчыны, яе выдатныя людзі...

Многія пакаленні стваралі дабрабыт сваёй малой радзімы, і нашым сучаснікам таксама ёсць чым ганарыцца. Сваю ж задачу калектыў выдання бачыў у тым, каб данесці да чытача інфармацыю, якая стала вядомай, каб захавалася яна як даніна ўдзячнай памяці тым, хто жыў у мінулыя эпохі, і тым, хто будзе памнажаць дасягненні ў розных сферах жыцця дарагой усім Лідчыны.

Кніга выйшла накладам у 300 асобнікаў. Інфармацыя ў кнізе змешчана на беларускай і рускай мовах, але першая і асноўная мова - беларуская.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX