НАША СЛОВА № 42 (1141) 16 кастрычніка 2013 г.
19 кастрычніка - 25 гадоў з моманту стварэння аргкамітэта Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне"
Беларускі Народны Фронт "Адраджэньне" быў першай альтэрнатывай камуністычнай партыі ў Беларусі. БНФ узнік на хвалі нацыянальнага ўздыму, беспасярэднім штуршком да якой стала адкрыццё двума археолагамі, Зянонам Пазьняком і Яўгенам Шмыгалёвым, масавых пахаванняў ахвяраў сталінскага рэжыму ў Курапатах пад Менскам. 3 чэрвеня 1988 году ў газеце "Літаратура і мастацтва" друкуецца сенсацыйны артыкул З. Пазьняка і Я. Шмыгалёва аб масавых расстрэлах у Курапатах. 19 чэрвеня праходзіць дэманстрацыя, у якой бяруць удзел каля 10 000 чалавек; улады вымушаныя стварыць камісію па расследаванні масавых пахаванняў. 19.10.1988 адбываецца ўстаноўчы сход беларускага гістарычна-асветнага таварыства памяці ахвяраў сталінізму "Мартыралог Беларусі", заснавальнікамі якога выступілі Саюз пісьменнікаў, Саюз кінематаграфістаў, Саюз мастакоў і рэдакцыя газеты "Літаратура і мастацтва", і на гэтым сходзе з прапановы З. Пазьняка ствараецца аргкамітэт БНФ "Адраджэньне", канцэптаванага як грамадска-палітычны рух за дэмакратычнае рэфармаванне грамадства і адраджэнне беларускай нацыі, у якім могуць браць удзел як асобныя грамадзяне, так і грамадскія аб'яднанні. Аргкамітэт апублікаваў праграмную заяву, у якой акрэсліў скіраванасць руху (дэмакратычныя рэформы, рэальны суверэнітэт Беларусі, нацыянальнае адраджэнне, правы чалавека). Устаноўчы з'езд БНФ, на якім прысутнічала каля 400 дэлегатаў, адбыўся 24-25.6.1989 у Вільні, бо правесці яго ў Менску не дазволіў Прэзідыюм ВС БССР.
У 1990 годзе БНФ бярэ ўдзел у выбарах у прадстаўнічыя органы ўлады БССР. Пасля выбараў у Вярхоўным Савеце ўтвараецца фракцыя БНФ - 37 чалавек з 345 дэпутатаў. Фракцыя БНФ у парламенце, дзе пераважная бальшыня дэпутатаў была камуністамі, утварыла ядро дэмакратычнай апазіцыі. Сябры фракцыі БНФ ініцыююць прыняцце Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі, наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай мовы, абвяшчэнне незалежнасці Беларусі. Нягледзячы на колькасную перавагу камуністаў у парламенце, пасля паразы жнівеньскага путчу ў Маскве дэпутатам ад БНФ нават удалося дабіцца часовага прыпынення дзейнасці Камуністычнай партыі Беларусі.
Прайшло 25 гадоў, і што мы маем у выніку? Пра гэта добра сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы на прэс-канферэнцыі з расейскімі журналістамі 11.10.2013 г.
- Гэта (Беларусь. - Заўв. БЕЛТА ) была ўскраіна, правінцыя. Так, развітая, добрая, зручная. Не скажу, што ў нас у савецкія часы дрэнная была рэспубліка. З адпаведнымі недахопамі. Але не было дзяржавы. Людзі нават не думалі, псіхалагічна, ментальна мы да гэтага не былі падрыхтаваны. І мы з разрухі, падхапіўшы краіну на краю прорвы, яе захавалі, людзей апранулі і накармілі, наколькі маглі, мадэрнізавалі гэтую краіну, вытворчасці. І паралельна, гэта вельмі цяжка, мы стварылі суверэнную і незалежную дзяржаву.
Хто тут да чаго прылажыў розум і рукі, можна гаварыць шмат, але ў аснове і сённяшняй незалежнасці, і сённяшняй дзяржавы ляжаць ідэі, сфармуляваныя менавіта БНФ "Адраджэньне".
280 гадоў з дня нараджэння Адама Станіслава Нарушэвіча
НАРУШЭВІЧ Адам Тадэвуш Станіслаў (польск. Adam Tadeusz Stanislaw Naruszewicz; 20 кастрычніка 1733, каля мястэчка Лагішын Пінскага павету - 6 ліпеня 1796, Янаў-Падлескі) - рэлігійны і дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, гісторык, паэт і асветнік.
Прадстаўнік шляхецкага роду Нарушэвічаў гербу "Вадвіч", сын Юрыя, лоўчага пінскага, і Паўліны з Абрамовічаў.
Скончыў Пінскі езуіцкі калегіюм (1748) і Віленскую езуіцкую акадэмію (1754). Уступіў у Ордэн езуітаў у 1748 у Пінску. Ад 1758 навучаўся ў Ліёне (Францыя), у Італіі і Нямеччыне. 17 жніўня 1762 высвечаны на ксяндза ў французскім горадзе Віен. Выкладаў лаціну ў Віленскай акадэміі, заняў там кафедру паэтыкі, дзе выкладаў стылістыку і гісторыю літаратуры. Пазней выкладаў у Collegium Nobilium і ў Рыцарскай школе ў Варшаве. У гэты час стаў вядомы як паэт.
Па скасаванні Ордэна езуітаў парафіяльны святар у Нямянчыне каля Вільні і ў Анікштах. 13 сакавіка 1775 прызначаны тытулярным біскупам Эмаўскім і дапаможным Смаленскім, кансакраваны 25 траўня 1775. Біскуп Смаленскі ад 28 лістапада 1788-1790, Луцкі ад 29 лістапада 1790.
У 1764 прадстаўлены Станіславу Аўгусту Панятоўскаму, надалей ягоны паплечнік, дарадца ад 1771. Ад 1770 рэдактар часопіса Zabawy Przyjemne i Pozyteczne. Пісар вялікі Літоўскі ад 1781, сакратар Пастаяннай Рады ў 1781-1786. Суправаджаў Гаспадара ў ягоных паездках па Беларусі і Украіне, якія апісаў у кнігах "Дыярыюш падарожжа найяснейшага караля Станіслава Аўгуста на Гарадзенскі сойм" (1784), "Дыярыюш падарожжа Станіслава Аўгуста, караля польскага, на Ўкраіну" (1787, другое выданне - 1788).
Як сенатар браў удзел у працы Чатырохгадовага сойму 1788-1792. Прыхільнік Канстытуцыі 3 траўня 1791, быў адным з заснавальнікаў Згуртавання прыхільнікаў урадавай канстытуцыі. Разам з вялікім князем паставіў подпіс пад актам Таргавіцкай канфедэрацыі. Адмовіўся ад удзелу ў Гарадзенскім сойме 1793, які зацвердзіў другі падзел Рэчы Паспалітай.
Перакладаў лацінскіх аўтараў, адным з першых зрабіў пераклад Карнелія Тацыта на славянскую мову (польскую). На прапанову Станіслава Аўгуста і з яго дапамогай пачаў выдаваць "Гісторыю польскага народа". У 1780-1786 выйшлі тамы 2-7, якія ахоплівалі падзеі ад часоў князя Мешкі (Х ст.) да абрання на польскі сталец Ягайлы (1386). Том 1, пра найстаражытнейшую гісторыю Польшчы, выйшаў пасмяротна (ч. 1-2, 1824).
Вікіпедыя.
Іосіфу Навумчыку - 75
НАВУМЧЫК Іосіф Адамавіч , грамадскі дзеяч, нястомны змагар за родную мову, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ нарадзіўся 21 кастрычніка 1938 года ў вёсцы Яцавічы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. Пасля вайны пайшоў у першы клас пачатковай школы. У 1952 годзе Іосіф Адамавіч скончыў беларускую сямігодку. Потым былі чатыры гады навучання ў педвучылішчы. У 1956 годзе ён атрымаў дыплом настаўніка.
Асноўную частку сваёй прафесійнай дзейнасці І.А. Навумчык прысвяціў камсамольскай і партыйнай працы. Два гады (1986-1987) Іосіф Адамавіч знаходзіўся ў службовай камандзіроўцы ў Афганістане.
Актыўна падтрымаў ідэю стварэння Таварыства беларускай мовы, быў дэлегатам Устаноўчага з'езду ТБМ у 1989 годзе. З вялікім энтузіязмам і надзеяй на адраджэнне роднай мовы сустрэў прыняты ў студзені 1990 года Закон аб дзяржаўнасці беларускай мовы.
У 1997 годзе па прапанове тагачаснага старшыні ТБМ, нашага знакамітага паэта Генадзя Бураўкіна, Іосіф Адамавіч быў абраны старшынём Віцебскай абласной арганізацыі і бяззменна знаходзіцца на гэтай пасадзе да сёння. Сябар рэспубліканскай Рады ТБМ.
Сакратарыят ТБМ шчыра віншуе Іосіфа Адамавіча з паважным узростам і зычыць сілаў і імпэту, каб і надалей заставацца на перадавых рубяжах змагання за беларускую мову і беларускую Беларусь.
Быў цёплы кастрычніцкі дзень...
19 кастрычніка 1988 г. у цёплы сонечны дзень бабінага лета пасля працы я ішоў каля Дома кіно (зараз касцёл Святых Сымона і Алены) на вакзал, каб купіць білет і паехаць у чарговую камандзіроўку. У 1988 годзе маё жыццё ішло да лепшага вялікімі крокамі. У 1981 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю ў прэстыжным доктарскім савеце па архітэктурнай археалогіі, выйшла мая першая манаграфія, якую прыхільна сустрэлі ў Маскве і Ленінградзе, у Рызе, Кіеве і Вільні. У 1988 годзе зацвердзілі тэму доктарскай дысертацыі. З 1976 г. я працаваў у сістэме беларускай археалогіі, кіраваў аддзелам комплексных гістарычных даследаванняў, правёў раскопкі ў Лідскім, Крэўскім і Мірскім замках, вывучаў архітэктуру Менска, Гародні, Мсціслава і іншых беларускіх гарадоў. У 1983 годзе пасля доўгай чаргі і чакання на прыватнай кватэры атрымаў у Серабранцы ўласную двухпакаёўку, паставіў на ногі любімую дачушку Надзейку, якая раней моцна хварэла.
У канцы 70-х - пачатку 80-х гадоў далучыўся да руху чарговага адраджэння, з 1982 года канчаткова на працы і ў сям'і перайшоў на беларускую мову. З 1978 года у КПСС, у 1988 годзе сакратар партыйнай арганізацыі беларускіх рэстаўратараў, арганізацыі, якая першая ў Менску перавяла партыйную дакументацыю на беларускую мову (аб гэтым напісала партыйная газета "Звязда").
Я актыўна падтрымаў перабудову, выпісваў і чытаў усе саюзныя дэмакратычныя газеты і часопісы, асабліва "Московские новости" і "Огонёк".
І вось іду я па білет на вакзал, каб ехаць у чарговую камандзіроўку, і раптам каля Чырвонага касцёла сустракаю на вуліцы свайго старэйшага сябра і земляка Міхася Ткачова. Павіталіся, пачалі гаворку. Міхась спытаў, куды я іду. Я адказаў. Ткачоў і гаворыць:
- Слухай, Алег! Білет купіш заўтра, а зараз пайшлі са мною на вельмі важнае і цікавае мерапрыемства ў Дом кіно. Пра ўсё даведаешся ў зале і павер мне, ніколі аб гэтым не пашкадуеш!
Пайшлі мы. Зайшлі ў залу на другім паверсе. Шмат народу, ледзь знайшлі два вольныя месцы побач. Селі. Я звярнуў увагу на маладых хлопцаў-дружыннікаў з бел-чырвона-белымі павязкамі на рукавах. Такое я бачыў упершыню. На паседжанні спачатку стваралі "Мартыралог Беларусі" на чале з Зянонам Пазняком, а потым нечакана для значнай колькасці прысутных (таксама для мяне) сталі выбіраць Аргкамітэт па стварэнні БНФ. Пачалі вылучаць кандыдатуры, але некаторыя вельмі паважаныя людзі ветліва адмовіліся. Потым абралі ў Аргкамітэт Міхася Ткачова, які пра стварэнне БНФ ведаў загадзя і спецыяльна ў гэты дзень прыехаў у Менск з Гародні. І раптам, пасля адмовы чарговай асобы, прапанавалі маю кандыдатуру. Я крыху разгубіўся, паглядзеў на майго сябра Міхася і - нечакана для сябе - згадзіўся.
Але ведаў, які цяжар і адказнасць на сябе трэба ўзяць, будучы ў адной камандзе з Васілём Быкавым, Рыгорам Барадуліным і Нілам Гілевічам. Таксама разумеў, што маё жыццё пойдзе зусім у іншы бок, і не вядома, чым ўсё для мяне скончыцца. Так і здарылася.
Пасля сходу сябры Аргкамітэта засталіся і дамовіліся неўзабаве сустрэцца, каб абраць старшыню.
У наступны панядзелак, як заўжды, прыйшоў я ў Савецкі райкам КПБ на чарговую планёрку, якую ладзіла традыцыйна кіраўніцтва райкама з усімі сакратарамі партыйных арганізацый раёна.
Поўная зала прысутных. На трыбуне сакратар райкама, які паведамляе, што ў Менску 19 кастрычніка варожымі сіламі створаны аргкамітэт БНФ, што КПБ не дапусціць, каб гэтая дэструктыўная арганізацыя існавала на Беларусі. Зачытаў спіс сяброў аргкамітэта БНФ, асабліва дасталося Васілю Быкаву, які пайшоў не туды. Пасля паведаміў, што з Савецкага раёна Менска ў аргкамітэт увайшоў толькі адзін чалавек, нейкі Трусаў, але партыя неўзабаве з ім разбярэцца. Гэта мяне вельмі абурыла, я падняў руку, папрасіў слова, выйшаў да трыбуны і сказаў, што Трусаў - гэта я, і папрасіў даць крыху часу, каб патлумачыць сваю пазіцыю. У зале пачаўся шум і вэрхал, але выказацца мне далі. Я коратка распавёў пра мэты і задачы БНФ, сказаў, што большасць з 35 сяброў аргкамітэта камуністы, якія і ёсць "лепшыя сілы КПСС", што разам з Гарбачовым за перабудову, але на Беларусі ёсць шмат людзей, якія погляды Гарбачова не падзяляюць і ўсяляк яму перашкаджаюць. Слухачы ў зале падзяліліся прыкладна на тры групы: першыя выступілі супраць мяне, другія падтрымалі, а астатнія проста разбегліся, і планёрка на гэтым скончылася. Да мяне падышлі некалькі знаёмых, найперш сакратары партарганізацый з ВНУ і абяцалі падтрымку. Дарэчы, адзін з іх потым, у 1990 годзе быў старшынём выбарчай акругі, дзе я абіраўся ў народныя дэпутаты ВС БССР і вельмі сумленна, з дакладнасцю да аднаго, палічыў галасы выбаршчыкаў. Я перамог у другм туры і набраў 50,1 % галасоў, толькі на 157 галасоў болей, чым было неабходна для перамогі.
Адразу пачаўся розны ціск на сяброў аргкамітэта, камуністаў абяцалі выключыць з партыі, беспартыйных палохалі па-іншаму, але ніхто з 35 абраных чалавек афіцыйна не заявіў аб сваім выхадзе. Толькі некалькі чалавек пасля першых паседжанняў Аргкамітэта перасталі на іх хадзіць, але аб выхадзе не казалі.
На першым паседжанні аргкамітэта, якое адбылося ў Доме літаратара (Фрунзе, 5) з ініцыятывы Васіля Быкава старшынём абралі пісьменніка, сябра КПСС Васіля Якавенку, але пазней яго замянілі на Зянона Пазьняка, які пасля 30 кастрычніка 1988 года, пасля паходу ў Курапаты стаў на доўгі час лідарам не толькі БНФ, але і ўсёй тагачаснай апазіцыі Беларусі.
Працаваць было цяжка. Пасля першых паседжанняў у Доме літаратара пускаць туды нас перасталі, і збіраліся мы ў розных месцах, паўлегальна. Дапамог нам мой сябар, вядомы архітэктар Сяргей Багласаў і дазволіў збірацца ў яго майстэрні, у драўляным доме на вуліцы Кузьмы Чорнага, непадалёк ад Акадэміі навук. Збіраліся мы вечарамі, на вокнах майстэрні былі глухія чорныя фіранкі, і з вуліцы ніхто нас не бачыў.
Асноўная частка сяброў Аргкамітэта была з Менска, і таму кворум на ўсіх паседжаннях быў. Даволі часта прыязджаў з Горадні і Міхась Ткачоў.
Дзякуючы партыйнай прапагандзе і адпаведным артыкулам у прэсе, асабліва пасля скандальнай публікацыі ў газеце "Вячэрні Мінск" "Пена на хвалі перабудовы" пра нас хутка даведаліся людзі і пачалі масава ствараць на працы і па месцы жыхарства суполкі па падтрымцы БНФ. Кожны сябар Аргкамітэта меў свой раён. Мне (па месцы жыхарства) даручылі курыраваць Ленінскі раён. Першымі актывістамі тут сталі Станіслаў Гусак і Уладзімір Бордак, які потым доўга кіраваў раённай арганізацыяй БНФ. Людзі прыходзілі да мяне дахаты, вялі доўгія гутаркі, атрымлівалі ўлёткі і розныя абвесткі. Частка сяброў Аргкамітэта наладзіла друкаванне розных газетак і бюлетэняў, асабліва людзі любілі "Навіны БНФ".
За паўгода ў БНФ ўступілі тысячы чалавек, асабліва ў Менску і вялікіх гарадах. Сярод іх былі камуністы і беспартыйныя, людзі розных нацыянальнасцей і веравызнанняў, розных узростаў, ад ветэранаў вайны да студэнтаў і рабочай моладзі. Значная частка з іх размаўляла па-руску альбо на трасянцы, але паспяхова ўспамінала беларускую мову, а некаторыя, асабліва прыезджыя, авалодалі ёю за пару гадоў.
Аргкамітэт паспяхова закончыў сваю працу летам наступнага, 1989 года, калі ў Вільні адбыўся першы з'езд БНФ, дзе быў абраны Сойм, у які ўвайшла частка сяброў аргкамітэта. БНФ узначалілі Зянон Пазьняк (старшыня), Міхась Ткачоў і Юры Хадыка (намеснікі).
Цікава, што пра дзейнасць аргкамітэта няма пакуль ніводнай грунтоўнай публікацыі, не апублікаваны пратаколы паседжанняў, гэтым не цікавяцца журналісты і прафесійныя гісторыкі. Відаць, камусьці вельмі хочацца сцвярджаць, што незалежнасць звалілася беларусам, як манна нябесная, раптоўна і нечакана, ніхто за яе не змагаўся, і таму можна кола гісторыі павярнуць назад. Але 19 кастрычніка 1988 г. назаўжды застанецца ў беларускай гісторыі. Цікава, што менавіта ў 1988 годзе ў СССР, дзякуючы Гарбачову змянілася палітыка ў адносінах да рэлігіі. Было дазволена святкаваць 1000-годдзе Хрышчэння Русі, будаваць новыя і вяртаць вернікам забраныя ў іх храмы.
У гісторыі не бывае выпадковасці. І, відаць, не выпадкова Аргкамітэт быў створаны ў храме, у будынку касцёла св. Сымона і Алены, і менавіта там выйшаў з нябыту наш нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, сцяг адроджанага хрысціянства, колеры якога так шануе каталіцкая і асабліва праваслаўная царква.
І зараз, калі я заходжу ў адноўлены храм на пл. Незалежнасці і чую, як сотні вернікаў спяваюць наш духоўны гімн "Магутны Божа", разумею, што 25 гадоў змагання за лепшы лёс Беларусі не прайшлі марна.
Алег Трусаў , сябра аргкамітэта БНФ.
Прозвішчы Беларусі: Онімы пісьменнікаў(адапелятыўнае і адтапанімічнае ўтварэнне)
(Працяг.)
Куніцкі (Сымон К.) - мажлівы дэрыват ад тапоніма Куніцы з суфіксам -ск : Куніцы < Куніцскі - Куніцкі . ФП: куніца ('невялікі драпежны звярок сямейства куніцавых з каштоўным футрам') - Куніцы ('мясціна, дзе вяліся куніцы') - Куніцкі . Не выключана і форма шляхетнасці з суфіксам -ск ( -іскі, -інскі, -оўскі ): Куна > Куніцкі .
Купала (Я. Купала) - дэрыват ад купалле - 'старажытнае свята летняга сонцастяння ва ўсходніх славян, якое святкуецца ў ноч з 23 на 24 чэрвеня старога стылю' (новага - 7 ліпеня). Спрыяла оніму пісьменніка і супадзенне дня яго народзінаў з гэтым святам.
Курто (Яўген К.) - зын а чаная форма антрапоніма Курта - дзеля адмежавання апелятыва курта 'пра куртатую жывёлу (з кароткім або адцятым хвастом)', а таксама пераносна 'пра невялікага росту, малога чалавека'. Слова куртаты ад курта з далучэннем суфікса -ат ('няпоўная якасць').
К у чар (Алесь К.) - семантычны дэрыват у форме адзіночнага ліку ( кучар ) ад апелятыва кучары 'кучаравыя або завітыя валасы'. Даслоўнае значэнне ' кучаравы '.
Ліпнёвы (Алесь Л.) - семантычны дэрыват ад апелятыва ліпнёвы 'ўласцівы месяцу ліпеню '. ФП: ліпень - ліпнёвы - Ліпнёвы .
Ліс (Арсень Л.) - семантычны дэрыват ад апелятыва ліс 'самец лісы'. У жывой народнай мове гэтым словам называюць досыць кемлівага, з вялікім умельствам чалавека, а таксама хітруна. Антрапонім досыць пашыраны на Беларусі. У Польшчы вытворны ад яго антрапонім з суфіксам -оўск-і (-owsk-i) - Лісоўскі (Lisowski) . Некаторыя беларускія каталікі з часам набылі формы прозвішчаў з гэтым "прэстыжным" фармантам, адчуваючы сябе шляхцюкамі: замест Казёл, Камар, Ліс - Казлоўскі, Камароўскі, Лісоўскі і падобныя. Да гонару Арсеня Ліса, выбітнага беларускага навуковага і культурнага дзеяча, гэтая спакуса абышла яго.
Ліхадзі е ўскі (Сцяпан Л.) - шляхетная форма з акцэнтным суфіксам -еўск-і ад антрапоніма Ліхадзей - семантычнага дэрвата ад апелятыва ліхадзей 'той, хто чыніць ліха'. ФП: дз е яць ліха - ліхадзей - Ліхадзей - Ліхадзіеўскі .
Лобан (Мікола Л.) - семантычны дэрыват ад апелятыва лаб а н 'прамысловая рыба сямейства кефалей'; перанос націску з суфікса -ан- на кара-нёвую марфему ( лаб а н - л о бан ) абумоўлены неабходнасцю адмежаваць прозвішча ад апелятыва, што ў сучаснай антрапаніміі набывае ўсё большае пашырэнне і замацоўваецца ў афіцыйных выданнях. Глядзі ў гэтым нарысе: Дуд о , К о зел, Курт о … Можна бачыць тут і ўплыў графічнай формы расійскай мовы: " Лоб а н 1. Прост. лабач , -ча м.; 2. зоол. лаб а н , -на, м. (Русско-белорусский словарь, 1993, т. 1, с. 730)".
Лойка (Алег Л.). М. Бірыла звязвае паходжанне антрапоніма з апелятывам лой 'нутраны тлушч'; але бяздоказна. На нашую думку, гэта аддзеяслоўнае ўтварэнне з фармантам -ко : лаяць - лайк о , як і хваліцца - хвальк о , будзіць - будзьк о і пад. (Гл. П. Сцяцко. Беларускае народнае словаўтварэнне, с. 46 - 47). Пацвярджаецца гэта вымаўленнем прозвішча з націскам на фарманце -ко - Лайко - у родзічаў пісьменніка (Алега Л.), што жылі побач з вёскай Грабава (радзіма П. Сцяцко) на былым хутары Нябайкі, а таксама ў вёсцы Крывічы, што за тры кіламетры ад в. Грабава. Антрапонім пісьменніка падпаў пад акцэнтаванне польскай мовы, дзе націск у словах на перадапошнім складзе (параўн.: вад а і w o da ), а таксама імкненне адмежаваць антрапонім (прозвішча) ад апелятыва, у выніку першаснае Лайк о набыло форму Л о йка (Алег Лойка).
Лось (Еўдакія Л.) - семантычны дэрыват ад апелятыва лось 'буйная жывёліна сямейства аленевых з шырокімі разложыстымі рагамі'. ФП: лось - Лось . Заалагічныя найменні нярэдка ў беларусаў становяцца антрапонімамі (праз стадыю празвання): Бобрык, Голуб, Гусак, Ліс і падобныя.
Лупсякоў (Мікола Л.) - дэрыват з прыналежным суфіксам -оў ад Лупсяк - Лупсякоў , якое ад апелятыва лупсяк 'пра чалавека з вялікімі лупсямі '. ФП: лупа (мн. л у пы ) - л у псі (экспрэсіўнае ад лупы ) - лупсяк - Лупсяк - Лупсякоў .
Лынькоў (Міхась Л., Рыгор Л.) - прыметнікавая форма з суфіксам прыналежнасці -оў ад утваральнага антрапоніма Лынько ( Лынька ). Лынько - семантычны дэрыват ад лыньк о з фармантам -ко ад апелятыва лыніць 'знімаць з лыка верхнюю кару' ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова (2012, с. 485). ФП: лыніць - лынько - Лынько Лынькоў .
Лютава (Вера Л.) - прыметнікавая форма з прыналежным суфіксам -ав-а ад антрапоніма Люты ( Лютава ) - семантычнага дэрывата ад люты 'злы, бязлітасны'. ФП: люты - Люты - Лютава .
Ляльчук (Сямён Л.) - семантычны дэрыват ад апелятыва ляльчук 'сын лялі, лялькі 'распешчанай дзяўчыны'. ФП: ляля - лялька - ляльчук - Ляльчук .
Ляпёшкін (Уладзімір Л.) - дэрыват з суфіксам -ін- ад антрпоніма Ляпёшка ( Ляпёшкін ), якое ад апелятыва ляпёшка - ўтварэнне з -ешк-а ад л я паць 'кідаць што-небудзь густое, ліпкае'. ФП: ляпаць - ляпеш - ляпешка (ляпёшка) - Ляпешка - Ляпёшкін.
Макаёнак (Андрэй М.) - дэрыват з суфіксам - о нак/-ёнак ад антрапоніма Макай ( Макайонак ) - утварэння з суфіксам -ай ад макаць : макай 'той, хто макае '- назва асобы паводле дзеяння пры вырабе аўчын - апускае іх у вадкасць - ' макае '. ФП: макаць - макай - Макай - Макаёнак .
Мак а ль (Пятрусь М.) - семантычны дэрыват ад апелятыва макаль 'той, хто макае - намочвае рэч пры вырабе (напрыклад, аўчын)', утвораны з выкарыстаннем суфікса -аль : макаль ; як і каваль, стругаль і стрыгаль (хто стрыжэ) і інш. ФП: макаць - макаль - Макаль .
Махнач (Алесь М.) - семантычны дэрыват ад апелятыва махнач - утварэння з суфіксам -ач ад махнаты 'аброслы поўсцю, валасамі, касматы '. ФП: махнаты - махнач - Махнач .
М е леж (Іван М.) - семантычны дэрыват ад апелятыва м е леж ' мелін а , нізкая мясціна, балота'; апелятывы з суфіксам -еж утвараюцца ад назоўнікаў і прыметнікаў і звычайна абазначаюць прастору: тонеж 'месца, багатае т о нямі '; глыбокі - глыбеж 'глыбокае месца ў рацэ', 'бездань' (Гл. П. У. Сцяцко. Беларускае народнае словаўтварэнне. С. 97 і інш.). Відаць, не выпадкова І. Мележ стварыў цудоўны твор "Людзі на балоце", бо і само прозвішча пісьменніка звязана з балотам.
М о ркаўка (Аркадзь М.) - семантычны дэрыват ад апелятыва м о ркаўка - памяншальна-ласкальнае ад морква 'агародная расліна'. ФП: морква - моркаўка - Моркаўка .
Муравейка (Іван М.) - семантычны дэрыват ад апелятыва муравейка - памяншальна-ласкальнае ад мурав а 'маладая сакавітая трава' (з суфіксам -ейка ): мурав-ейка ; параўн. сонейка .
Мур а шка (Рыгор М.) - семантычны дэрыват ад апелятыва мурашка 'невялікая насякомае, якое жыве вялікімі згуртаваннямі'.
Мыслівец (Валянцін М.) - семантычны дэрыват ад апелятыва мыслівец (утварэнне ад мыслівы < мысліць ) з семантыкай 'мысляр', 'разумнік'. Словы мыслівы і мыслівец падаюцца "Вялікім слоўнікам беларускай мовы" Ф. Піскунова (2012, с. 532).
Нёманскі (Янка Н.) - дэрыват ад Нёман з выкарыстаннем суфікса -ск-і : Нёманскі . Даслоўнае значэнне 'з-пад Нёмана'.
Новік (Ганна Н.) - дэрыват з суфіксам -ік ад антрапоніма Новы : Новік . Прозвішчы з фармантамі -ск/-ык пашыраны на захадзе Беларусі: Лук а шык , Д а нік і пад.
Новікаў (Іван Н.) - дэрыват з суфіксам -аў , які паказвае на прыналежнасць названай асобе; нашчадак асобы з прозвішчам Новік : ФП: новы - Новік - Новікаў.
Няхай (Рыгор Н.) - семантычны дэрыват ад слова няхай . Антрапонім мог узнікнуць ад частага ўжывання слова няхай у маўленні асобы.
Палескі (Вячаслаў П.) - адтапанімічны дэрыват ад Палессе : Палессе + -ск - Палескі . ФП: лес - палессе - Палескі.
Папоў (Георгій П.) - дэрыват з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Поп : Папоў 'нашчадак з роду Поп '.
Півавараў (Зяма П.) - утварэнне з суфіксам -аў ад Півавар : Півавараў 'нашчадак Півавара '.
Пінчук (Аркадзь П.) - семантычны дэрыват ад апелятыва пінчук 'жыхар Пінска'. ФП: Пінск - пінчук - Пінчук .
Піятуховіч (Міхась П.) - ашляхетная форма ад Пятуховіч (< Петуховіч ) - бацька-йменне ад антрапоніма Пятух : ФП: Пятух - Пят у хавіч - Петух о віч . Зыначанне звязана з адмежаваннем антрапоніма ад апелятыўнай лексемы. Як і Курто ад Курта , К о зел ад Казёл і пад.
Прыходзька (Пятро П.) - семантычны дэрыват ад апелятыва прыходзька (утварэнне з суфіксам -к-а ад прыходзіць ) з семантыкай 'хто прыходзіць (рэгулярна)'; параўн. радзіць - радзька, прасіць - проська і пад.
Пташнікаў (Іван П.) - утварэнне з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Пташнік ( Пташнік-аў ) з семантыкай 'нашчадак Пташніка '.
Пушча (Язэп П.) - семантычны дэрыват ад апелятыва пушча 'вялікі і густы, цяжкапраходны лес'. Антрапонім матывуецца і асаблівасцю маўлення асобы, дзе часта сустракаецца лексема пушча .
Пшыркоў (Юліан П.) - утварэнне з прыналежным суфіксам -оў ад Пшырка ( Пшыркоў ) з семантыкай 'нашчадак (сын) асобы з прозвішчам Пшырка '.
Пысін (Аляксей П.) - дэрыват з суфіксам -ін ад антрапоніма Пыса ( Пысін ) з семантыкай 'нашчадак асобы з прозвішчам Пыса '.
Радзевіч (Леапольд Р.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Радзь ( Радзевіч ) з пераносам націску на антрапафармант. ФП: р а дзіць - Р а дзь - Р а дзевіч - Радз е віч.
Ракіта (Сяргей Р.) - семантычны дэрыват ад апелятыва ракіта 'дрэва або вялікі куст сямейства вярбовых'. Параўн. Вярба, Пушча, Крапіва ў ролі прозвішчаў.
Ракітны (Мікола Р.) - дэрыват з суфіксам -н- ад Ракіта 'лес, зараснік, дзе расце ракіта '. ФП: ракіта - Ракіта - Ракітны.
Рудзько (Юрый Р.) - семантычны дэрыват ад апелятыва рудзьк о ('руды') з словаўтваральным фармантам -ко : руд ы - рудзько . Параўн. ням ы - нямк о . ФП: руда - руды - рудзько - Рудзько.
Рудкоўскі (Міхась Р.) - мажлівы дэрыват з фармантам -оўскі ад Рудзько як выява шляхетнасці, а таксама як адтапанімічнае ўтварэнне ад Рудкі (паселішча) з семантыкай 'жыхар з Рудкоў '.
Рунец (Пятро Р.) - дэрыват з суфіксам -ец ад Рунь ( Рунец ). Утваральнае слова можа мець два значэнні: 1) асоба з прозвішчам Рунь ; тады Рунец - 'нашчадак'; 2) Рунь - тапонім, тады дэрыват Рунец мае значэнне 'жыхар з Руні '.
Русак (Адам Р.) - семантычны дэрыват ад апелятыва русак 'шэры заяц, які захоўвае аднолькавую афарбоўку зімой і летам'. Найменне зайца стала мянушкай чалавека паводле адпаведнай асацыяцыі, затым празванне замацавалася як родавае, сямейнае і стала прозвішчам. ФП: русы - русак - Русак.
Русецкі (Аляксей Р.) - ашляхетненая форма ад Русы (з суфіксам -ецк- ): Русы - Русецкі . Або адтапанімічны дэрыват ад Русь : Русецкі .
Рылько (Алесь Р.) - магчымы дэрыват з суфіксам - к-о ад антрапоніма Рыль з семантыкай недаросласці, няпоўнай якасці: Рыль - Рылько 'нашчадак, дзіця Рыля '.
Сабал е нка (Раман С.) - дэрыват ад антрапоніма Собаль з суфіксам -енк-а і семантыкай 'нашчадак Собаля '. Прозвішча Собаль у форме множнага ліку Сабалі стала тапонімам - назвай вёскі, дзе нарадзіўся пісьменнік.
Сабалеўскі (Анатоль С.) - мажлівыя дзве версіі паходжання прозвішча: 1) адтапанімічнае ўтварэнне - ад назвы вёскі Сабалі : Сабал-еўскі ; 2) форма шляхетнасці ад Собаль з -еўскі : Собаль - Сабалеўскі .
Садоўскі (Яфім С.) - утварэнне з коранем сад- і суфіксам шляхетнасці -оўск-і : Садоўскі . Або ад садовы (працаўнік) - Садоўскі .
Салавей (Леў С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва салавей 'буравата-шэрая маленькая пеўчая птушка атрада вераб'іных, якая вылучаецца прыгожым спевам'. Апелятыў найперш стаў мянушкай чалавека па адпаведнай асацыяцыі, а затым праз ступень празвання набыў функцыю прозвішча. Ад яго нярэдка ўтвараюцца вытворныя прозвішчы: Салавейка, Салавейчык, Салаўёў і інш.
Свірка (Юрась С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва свірка ( свірко ) 'той, хто свіркае , пераймае спеў птушак'. Як і цвірко 'той, хто цвіркае '.
Сіняўскі (Іван С.) - дэрыват ад тапоніма Сіняўка з суфіксам -ск-і : Сіняўкскі - Сіняўскі 'жыхар (нараджэнец) в. Сіняўка '.
Сіпак о ў (Янка С.) - дэрыват з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Сіпак : Сіпакоў 'нашчадак Сіпака '.
Сіўцоў (Іван С.) - дэрыват з прыналежным суфіксам - оў ад антрапоніма Сівец : Сівец (Р. Сіўца ) - Сівецоў - Сіўцоў .
Скрыган (Янка, Ян) - семантычны дэрыват ад апелятыва скрыган - утварэння з - ан ад дзеяслова скрыгаць, скрыгатаць : скрыган - Скрыган . Апелятыў скрыган мае семантыку 'той, хто скрыгае ( скрыгоча ) - утварае гукі скрыгату ', а пераносна 'той, хто выказвае незадаволенасць, злосць'. Даслоўнае значэнне апелятыва скрыган 'злосны, незадаволены' ( скрыгоча зубамі).
Скрыпка (Міхась С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва скрыпка 'чатырохструнны смычковы музычны інструмент высокага тэмбру'. Антрапонім Скрыпка і Скрыпко можа матывавацца і дзеясловам скрыпець 'утвараць с крыпучыя гукі', 'гаварыць скрыпучым голасам', а таксама (перан.) 'жыць абыяк, з цяжкасцю падтрымліваючы свае сілы'. Форма Скрыпко найбольш цесна звязваецца з дзеясловам скрыпець як дэрыват ад яго з фармантам -ко ( Скрыпко ).
Слесарэнка (Аляксей С.) - дэрыват з суфіксам -энк-а (-енка) ад антрапоніма Слесар з семантыкай 'нашчадак Слесара '.
Смагаровіч (Марк С.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Смагар з пераносам націску на антрапафармант - овіч : Смагаровіч .
Стар ы (Улас С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва-прыметніка стары 'які дасягнуў старасці'. Гэтым словам часта называюць у сям'і бацьку дзяцей і ўнукаў, асабліва ў якасці зваротку.
Стральцоў (Міхась С.) - дэрыват з суфіксам прыналежнасці -оў ад антрапоніма Стралец : Стралец (Р. Стральца ) - Стральцоў .
Стэльмах (Уладзімір С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва стэльмах 'майстар, які робіць калёсы', 'калёснік'.
Сурначоў (Мікола С.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Сурнач : Сурначоў 'нашчадак Сурнача '.
Танк (Максім Т.) - семантычны дэрыват ад апелятыва танк 'баявая браняваная машына на тракавым хаду, з вялікай праходнасцю, узброеная пушкай і кулямётамі, устаўленымі ў рухомай гарматнай вежы'. Гэты пісьменніцкі онім добра стасаваўся з яго грамадска-палітычнай дзейнасцю (асабліва ў Заходняй Беларусі, што была пад уладай Польшчы).
Ткачоў (Мікола Т., Павел Т.) - дэрыват з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Ткач : Ткачоў з семантыкай 'нашчадак Ткача '.
Трус (Паўлюк Т.) - семантычны дэрыват ад апелятыва трус 'невялікі хатні грызун сямейства зайцавых', а таксама трус 'чалавек, які лёгка паддаецца пачуццю страху, баязлівец'. ФП: трусіць - трус - Трус .
Усікаў (Якуб У.) - дэрыват з суфіксам прыналежнасці -аў ад антрапоніма Усік - Усік-аў з семантыкай 'нашчадак', 'з сям'і Усіка '. ФП: ус (вус) - усік - Усік - Усікаў.
Ушакоў (Андрэй У.) - дэрыват з суфіксам прыналежнасці - о ў ад антрапоніма Ушак : Ушакоў . ФП: ушы (вушы) - ушак - Ушак - Ушакоў.
Хадкевіч (Тарас Х.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Хадко : Хадкевіч з семантыкай 'сын Хадка '. ФП: хадзіць - ходка - Хадко - Х о дкавіч - Хадкевіч .
Хадыка (Уладзімір Х.) - семантычны дэрыват ад апелятыва з старадаўнім фармантам -ыка : хадыка 'той, хто ходзіць (часцей пра малых дзяцей, якія пачынаюць хадзіць)'. Мадэль утварэння тая, што і ў антрапоніма Грамыка .
Хурсік (Сымон Х.) - дэрыват з суфіксам -ік ад антрапоніма Хурс з семантыкай нашчадка ці дзіцяці Хурса .
Цвірка (Кастусь Ц.) - семантычны дэрыват ад апелятыва цвірка 'той, хто цвіркае ', ' цвіркун '. ФП: цвіркаць - цвірка ( цвірко ) - Цвірка (і Цвірко - у БелСЭ).
Чавускі (Міхась Ч.) - дэрыват ад тапоніма Чавусы з суфіксам -ск-і : Чавусскі - Чавускі з семантыкай 'з Чавусаў (дзе нарадзіўся ці жыў)'.
Чарнушэвіч і Чарнышэвіч (Нічыпар Ч., Аркадзь Ч.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Чарнуш , Чарныш з суфіксам -эвіч і семантыкай 'сын названай асобы' і пераходам націску на гэты антрапафармант. ФП: чорны - чарнуш, чарныш - Чарнуш, Чарныш - Чарнушэвіч, Чарнышэвіч .
Чарняўская (Леаніла Ч.) - ашляхетненая форма на - скі (-аўскі) ад антрапоніма Чорны (-ая) . ФП: чорны - чарнявы - Чарняўская. Параўн. Чорны Кузьма (гл. далей).
Чарот (Міхась Ч.) - семантычны дэрыват ад апелятыва чарот 'высокая вадзяная або балотная расліна сямейства асакавых, а таксама зараснік гэтай расліны'.
Чорны (Кузьма Ч.) - семантычны дэрыват ад субстантываванай формы прыметніка чорны з разнастайнай семантыкай, у прыватнасці 'не парадны', 'цяжкі, змрочны', 'чарадзейскі', 'з простага народа', 'некваліфікаваны' і інш.
Чыгр ы наў (Іван Ч.) - дэрыват з прыналежным суфіксам -аў : ад антрапоніма Чыгрын ( Чыгрынаў ) з семантыкай 'нашчадак з роду Чыгрына ' ( Чыгрынаў ).
Чэркасаў (Анатоль Ч.) - дэрыват з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Чэркас ( Чэркасаў ) з семантыкай 'нашчадак Чэркаса ', з роду Чэркаса (Чэркасаў) . ФП: чэрк е с (мн. чэрк е сы 'народ Карачаева-Чаркесіі') - Ч э ркас (акцэнтацыя: чэркес - ч э ркас ) - Чэркасаў .
Шамякін (Іван Ш.) - дэрыват з суфіксам прыналежнасці -ін ад антрапоніма Шамяка з семантыкай 'нашчадак асобы з найменнем Шамяка ' ( Шамякін ). Параўн. шемякин суд - шамякаў суд (Русско-беорусский словарь. 1993, т. №, с. 745). Форма шамякін < рас. шемякин .
Шапавалаў (Іван Ш.) - дэрыват з суфіксам прыналежнасці -аў ад антрапоніма Шапавал з семантыкай 'нашчадак асобы з найменнем Шапавал ( Шапавалаў )': Шапавал - ад апелятыва шапавал 'майстар, які вырабляе вал е ннем шэрсці капелюшы і іншыя рэчы'. ФП: шапавал - Шапавал - Шапавалаў .
Шарахоўскі (Янка Ш.) - дэрыват ад тапоніма Шарахова з антрапанімічным фармантам -(оў)скі і семантыкай 'той, хто нарадзіўся або жыў у паселішчы Шарахова (або Шарахі ці Шэрахі )' - як і ашляхетненая форма з прозвішчам Шар а х - нульсуфіксавага ўтварэння ад дзеяслова шарахцець 'тое, што і шархацець - утвараць шорхат , шум, шапацець'. ФП: шархацець - шарахцець - шарах і шорах - Шарахоўскі .
Шахавец (Уладзімір Ш.) - дэрыват з суфіксам -ец ад тапоніма Шахава : Шахавец 'з паселішча Шахава ' або ад антрапоніма Шахаў - Шахавец 'сын Шахава ' (як і Адамец ад Адам ).
Шашалевіч (Васіль. Ш.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Шашаль з пераносам націску на фармант - е віч : Шашалевіч . Антрапонім Шашаль ад апелятыва шашаль (семантычны дэрыват) 'насякомае атрада жукоў, лічынкі якога жуюць скуры, футра, точаць дрэва'.
Шашкоў (Алесь Ш.) - дэрыват з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Шашка : Шашкоў .
Шведзік (Генадзь Ш.) - дэрыват з суфіксам -ік ад антрапоніма Швед : Шведік - Шведзік з семантыкай 'нашчадак Шведа '.
Шкр а ба (Рыгор Ш.) - семантычны дэрыват ад апелятыва шкраба - нульсуфіксавага ўтварэння ад дзеяслова шкрабаць - фанетычнага варыянта ад скр а баць ' скрабучы , драпаючы чым-небудзь, рабіць шум'. ФП: скр а баць - шкр а баць - шкр а ба ('той, хто шкрабае ') - Шкраба .
Шушкевіч (Станіслаў Ш.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Шушка з антрапанімічным суфіксам -евіч : Шушкевіч ; семантыка дэрывата 'сын асобы з найменнем Шушка '.
Шчарбатаў (Георгій Ш.) - утварэнне з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Шчарабаты : Шчарбатаў з семантыкай 'нашчадак Шчарбатага '.
Шыловіч (Георгій Ш.) - форма бацькаймення з суфіксам -овіч ад антрапоніма Шыла . ФП: шыла - Шыла - Ш ы лавіч - Шыловіч .
Ш ы рма (Рыгор Ш.) - семантычны дэрыват ад апелятыва ш ы рма 'пакаёвая, складная перасоўная перагародка з рамаў-створак, абцягнутых тканінай, паперай' і перан. 'прыкрыццё чаго-небудзь (звычайна непрыгожага, нядобрага'.
Заўвага!
У наступных нарысах аўтар мяркуе выйсці на больш шырокі абсяг пісьменніцкіх онімаў, адлюстраваных у шматтомніку "Беларускія пісьменнікі", і разгледзець тыя, што не трапілі ў выданне 1970 года.
Павел Сцяцко
ЮБІЛЕЙ РУПЛІЎЦА РОДНАГА СЛОВА
21 кастрычніка адзначае юбілей старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ Іосіф Адамавіч Навумчык . Грамадскі дзеяч, нястомны змагар за родную мову, чалавек, добра вядомы не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.
Іосіф Адамавіч нарадзіўся ў 1938 годзе ў вёсцы Яцавічы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. Вёска была пераважна каталіцкай, і гаварылі жыхары, натуральна, пабеларуску. З маленства хлопец чуў сакавітую родную мову, з замілаваннем услухоўваўся ў трапныя народныя выслоўі, якімі так багата перасыпаныя нашы паўночна-заходнія гаворкі.
Пасля вайны пайшоў у першы клас пачатковай школы. Настаўніцай у яго была жонка роднага брата класіка беларускай літаратуры Максіма Танка Францішка Адамаўна Скурко, якая шчыра прывівала любоў да роднага беларускага слова, заахвочвала дзяцей саміх пісаць па-беларуску вершы, апавяданні ці проста рабіць замалёўкі. У 1952 годзе Іосіф Адамавіч скончыў беларускую сямігодку. Потым былі чатыры гады навучання ў педвучылішчы. У 1956 годзе ён атрымаў дыплом настаўніка.
Іосіф Адамавіч успамінае, што амаль усе прадметы ў вучэльні выкладаліся па-беларуску. Таму моладзь і гаварыла па-беларуску не толькі падчас заняткаў, але і пасля, калі ладзіліся розныя імпрэзы, ды проста ў побыце. А як жа інакш… Беларускую мову, літаратуру, музыку ў вучэльні выкладаў цудоўны педагог Мікалай Макаравіч Пятрэнка, які потым стаў вядомым кампазітарам.
Асноўную частку сваёй прафесійнай дзейнасці І.А. Навумчык прысвяціў камсамольскай і партыйнай працы. Але закладзеныя ў дзяцінстве і юнацтве парасткі беларушчыны заўсёды давалі пра сябе знаць. Ён згадвае пра першы свой публічны выступ па-беларуску ў якасці камсамольскага кіраўніка. Гэта было ў літоўскім Швянчонісе на ўрачыстым сходзе, прысвечаным 20-годдзю камсамолу Літвы, у чэрвені 1960-га года. У той час сённяшні юбіляр працаваў першым сакратаром Пастаўскага райкама камсамолу. І выступ гэты запомніўся яшчэ і надзвычай цёплай рэакцыяй усіх прысутных, якія апладысментамі віталі прамоўцу. "Няёмка мне было выступаць па-руску, - кажа Іосіф Адамавіч, - бо літоўцы ўсе гаварылі на сваёй мове, а няўжо ж мы горшыя?"
На камсамольскай і партыйнай рабоце сп. Навумчык знаходзіўся ажно да выхаду на заслужаны адпачынак. "Прызнацца, усё ж не вельмі часта карыстаўся тады беларускай мовай, - самакрытычна кажа Іосіф Адамавіч. - Час быў такі, што на ўсіх афіцыйных мерапрыемствах ужывалася руская мова". Але ж тут варта дадаць, што адной з найбольш яскравых старонак у працы нашага юбіляра была арганізацыя розных культурніцкіх праектаў, у прыватнасці, сустрэч з пісьменнікамі ў Віцебску. Ён прыгадвае, як паводле службовых абавязкаў неаднойчы суправаджаў падчас наведвання Віцебшчыны нашых знакамітых творцаў, напрыклад, Петруся Броўку, Івана Шамякіна, што балатаваліся ў якасці дэпутатаў у Вярхоўны Савет СССР. І вось тады душа Іосіфа Адамавіча цешылася напоўніцу, бо была цудоўная магчымасць пагаварыць па-беларуску, абмеркаваць розныя творчыя праблемы з творчымі людзьмі. А колькі літаратурных сустрэч было арганізавана потым: з Генадзем Бураўкіным, Рыгорам Барадуліным, Нілам Гілевічам, Уладзімірам Караткевічам, Еўдакіяй Лось, Піменам Панчанкам, Васілём Быкавым, Сяргеем Законнікавым ды іншымі знакавымі асобамі беларускай літаратуры! Можна толькі здагадвацца, колькі людзей дзякуючы руплівай працы Іосіфа Адамавіча пабачылі на свае вочы знакамітых творцаў, непасрэдна далучыліся да літаратурных здабыткаў, да высокай беларускай культуры.
Нельга не сказаць пра пастаянную ў свой час апеку нашым юбілярам Драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Колькі гадоў запар сп. Навумчык не прапускаў партыйных ды творчых сходаў у тэатры, прысутнічаў падчас здачы спектакляў, дапамагаў у вырашэнні і мастацкіх, і чыста бытавых, жыццёвых праблем. І зноў жа - магчымасць пагаварыць па-беларуску з творчымі людзьмі… А артысты, супрацоўнікі тэатра выразна бачылі неабыякавасць да беларускага слова прадстаўніка высокага абласнога кіраўніцтва, што надавала моцы і імпэту для яшчэ больш плённай працы на творчай ніве.
Два гады (1986-1987) Іосіф Адамавіч знаходзіўся ў службовай камандзіроўцы ў Афганістане. Не трэба казаць, якія гэта былі часы. Але і там, далёка ад Радзімы, ён з нецярпеннем чакаў навінаў з роднай Віцебшчыны, прасіў калег дасылаць у далёкую азіяцкую краіну газету "Віцебскі рабочы", якая тады выходзіла толькі па-беларуску. Гэта было тым нешматлікім, што звязвала яго з Беларуссю.
У час перабудовы беларуская мова стала асноўнай у камунікацыі для Іосіфа Адамавіча. Пры яго непасрэдным удзеле былі арганізаваныя курсы роднай мовы ў Віцебску, ён шмат выступаў у сельскіх раёнах перад настаўнікамі, бібліятэкарамі, іншымі прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі. Актыўна падтрымаў ідэю стварэння Таварыства беларускай мовы, быў дэлегатам Устаноўчага з'езду ТБМ у 1989 годзе. З вялікім энтузіязмам і надзеяй на адраджэнне роднай мовы сустрэў прыняты ў студзені 1990 года Закон аб дзяржаўнасці беларускай мовы. Пры яго непасрэдным удзеле ў абкаме быў распрацаваны план мерапрыемстваў па рэалізацыі "Закона аб мовах". Для сябе Іосіф Адамавіч лічыў абавязкам займацца гэтай пачэснай справай. Ён кажа, што як партыйны функцыянер адчуваў сваю віну і адказнасць за стан роднай мовы ў Беларусі, а таму імкнуўся ўсімі магчымымі сродкамі спрыяць пашырэнню сферы выкарыстання беларускага слова. І як лагічны вынік яго дзейнасці ў 1997 годзе была створана Віцебская абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы. Па прапанове тагачаснага старшыні ТБМ, нашага знакамітага паэта Генадзя Бураўкіна, Іосіф Адамавіч быў абраны старшынём абласной арганізацыі.
За гэты час у розных раёнах Віцебшчыны былі створаны мясцовыя структуры ТБМ, кожны год, няхай і павольна, але расце колькасць сяброў арганізацыі. Іосіф Адамавіч па-ранейшаму актыўна працуе на ніве беларушчыны, ладзіць пры падтрымцы сваіх аднадумцаў творчыя сустрэчы, сустракаецца з моладдзю. У гэтым яму дапамагае верная спадарожніца, яго жонка Роза Ягораўна. У іх доме заўсёды гучыць беларускае слова, тут заўжды рады гасцям. Цудоўна ведаюць беларускую мову і дзеці Іосіфа Адамавіча і Розы Ягораўны: сын Сяргей і дачка Святлана.
Валодаючы выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі, маючы неацэнны досвед працы з людзьмі, Іосіф Адамавіч гуртуе вакол сябе аматараў роднага слова, дапамагае каштоўнымі парадамі, імкнецца зрабіць так, каб у кожным раёне Віцебскай вобласці дзейнічалі суполкі Таварыства. І ў гэтую юбілейную дату хочацца ад імя ўсіх прыхільнікаў сакавітай беларускай мовы пажадаць шаноўнаму Іосіфу Адамавічу здароўя, бадзёрасці, вытрымкі і новых здзяйсненняў на ніве беларушчыны. Бо такія людзі - прыклад для пераймання, гонар нашай нацыі, узор служэння свайму роднаму краю.
Юрась Бабіч, намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ. На здымку: Іосіф Навумчык і Лявон Баршчэўскі на прэзентацыі кнігі Сяргея Навумчыка пра 91-шы год.
Фотавыстава ў Менску
1 кастрычніка 2013 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася фотавыстава Хельгі Парыс. Спецыяльна на яе адкрыццё прыбыла сама аўтар фотаработ , а таксама куратар выставы Інка Шубе, якія асабіста правялі экскурсію і адказалі на пытанні прысутных.
Мерапрыемства адбылося дзякуючы Інстытуту імя Гётэ ў Менску. Выстава ўключае 133 чорна-белыя працы фотамастака, зробленыя з 1968 па 1996 год. Канцэпцыя выставы належыць Інстытуту міжнародных сувязяў (Германія). Сусветная прэм'ера адбылася 7 лістапада 2012 года ў Галерэі сучаснага мастацтва горада Ляйпцыг. Адразу пасля прэм'еры выстава адправілася ў сусветнае турнэ, адным з этапаў якога стаў Менск.
У сваіх творах Хельга Парыс адлюстравала некалькі дзесяцігоддзяў пасляваеннай гісторыі Ўсходняй Германіі. Мастачку цікавяць паўсядзённыя, часам банальныя, моманты жыцця ў калектыве і сам-насам з сабой: паставы, пагляды, жэсты, рухі.
З 1996 года Хельга Парыс з'яўляецца сябрам Берлінскай акадэміі мастацтваў. Ёй 75 гадоў.
Больш за сотня прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі г. Менска завітала 1 кастрычніка ў Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь. Было цікава.
Аляксей Шалахоўскі, гісторык, журналіст.
Паэты правялі ўрок беларускай мовы з бярозаўскімі школьнікамі
Незвычайны ўрок сучаснай беларускай мовы і літаратуры прайшоў у Бярозе, у сярэдняй школе №1 для вучняў 5-х класаў. Правялі яго не педагогі, а знакамітыя беларускія паэты Леанід Дранько-Майсюк, Эдуард Акулін і Валянціна Восіпава.
Вучні не толькі слухалі вершы і прамовы паэтаў, але чыталі з імі вершы і спявалі песні.
Эдуард Акулін сказаў:
- Такія сустрэчы неабходныя, яны ўздымаюць беларускі дух.
Усе засталіся задаволеныя ўрокам. Наогул школа №1 прымала шмат беларускіх паэтаў, кажа дырэктар Мікола Жуковіч:
- Сустракаліся з рознымі паэтамі - гэта і Васіль Жуковіч, бард Алесь Камоцкі, з Леанідам Дранько-Майсюком, Эдуардам Акуліным, Нінай Мацяш. Сёння прысутнічалі дзеці, якія ўпершыню былі на падобнай сустрэчы, менавіта паэзіі. Была такая мэта, каб маладое пакаленне прывучалася да паэзіі.
На развітанне вучні атрымалі аўтографы паэтаў на памяць пра гэтую сустрэчу.
Ганна Васілевіч , Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.
Брацтва Святога Даўмонта
6 кастрычніка брацтва праваслаўнай моладзі ў гонар Святога Даўмонта пры прыходзе Хрыста Збаўцы г. Ліды (настаяцель Вадзім Рубан) сабралася для размоў і разважанняў над тэкстам Евангелля. Гэтым разам Нядзельная сустрэча праходзіла не ў прыходскім доме, а ў маляўнічым месцы на беразе ракі Нёман.
Сонечнае надвор'е, меладычныя пералівы рачной вады, фарбы восеньскага лесу заахвоцілі ўдзельнікаў сустрэчы да падзякі Творцу: быў праспяваны акафіст "Дзякуй богу за ўсё", якіўўзначаліў святар Аляксей Глінскі. Затым была трапеза, прыгатаваная на кастры, чытанне і абмеркаванне Евангелля, застаўся час і для гульняў.
Сайт Лідска-Наваградскай епархіі.
Беларуская мова выратавала школу ў Залуках
Пачатковая непублічная школа ў Залуках (Польшча) адзначыла сваё пяцігоддзе. Пляцоўку ўлады гміны хацелі зачыніць па эканамічных матывах. Дзякуючы сацыяльна актыўным жыхарам вёскі, ужо пяць гадоў школай паспяхова кіруе Таварыства "Залукі над Супрасляй".
Як адзначыла старшыня таварыства Ірэна Каранкевіч, дзякуючы школе развіваецца таксама вёска.
- Гэта не толькі школа - гэта цэнтр культуры ў нас. Мы звязаныя з гэтай школай. Я вучылася ў гэтай школе, мае дзеці, мае ўнукі вучацца. Мы будзем рабіць у тым кірунку, каб яна і далей была. 100 працэнтаў дзяцей у нас вучацца беларускай мове. Мы атрымліваем датацыю, і нам хапае грошай.
Святкаванне пяцігоддзя школы было спалучанае з вучнёўскай прысягай першакласнікаў.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя.
Сустрэча з Нілам Гілевічам
6 кастрычніка сябры магілёўскай гарадской суполкі ТБМ завіталі да народнага паэта Беларусі, першага старшыні ТБМ Ніла Сымонавіча Гілевіча. Ніл Сымонавіч прыняў невялікі падарунак ад магілёўскай арганізацыі, падзяліўся сваімі думкамі пра праблемы, што стаяць сёння перад беларусамі, у тым ліку пра крызіс сям'і і пагрозу спойвання нацыі. Расказаў і пра магілёўскі край: "На Магілёўшчыне ў мяне было і ёсць шмат сяброў, - кажа Ніл Сымонавіч. - Шмат паплечнікаў, якія разумеюць мяне, падзяляюць мой клопат пра Беларусь і пра Магілёў у тым ліку. На Магілёўшчыне з'явілася і першая абласная арганізацыя ТБМ".
Шчыра дзякуем Нілу Сымонавічу за сардэчны прыём і добрае слова, а таксама за творчасць, зычым сілаў і здароўя.
Аляксей Карпенка.
Ахвяраванні на ТБМ
1. Дубоўскі Валер - 170000 р., г. Менск
2. Пілецкая Галіна - 50000 р., г. Менск
3. Шалахоўскі А. - 80000 р., г. Менск
4. Раманюк Т.І. - 100000 р., г. Менск
5. Гаева А.Д. - 20000 р., г. Менск
6. Мартынчык Д. - 300000 р., г. Гародня
7. Бубен К.К. - 5000 р., г. Менск
8. Давыдовіч П.В. - 20000 р., г. Берасце
9. Талуць С.Ф. - 50000 р., г. Гомель
10. Ганна - 200000 р., г. Баранавічы
11. Сянчук Т.А. - 25000 р., г. Менск
12. Жылко З.В. - 100000 р., г. Гародня
13. Сечка Д.М. - 100000 р., п. Грыбоўня, Салігорскі р-н., Менск. вобл.
14. Сяргееў В.Б. - 200000 р., в. Кіявец, Крупскі р-н
15. Мікола Бусел - 20000 р., в. Пружанішчы
16. Якубоўская Т.В. - 50000 р., г. Менск
17. Рэбека Мікола - 200000 р., г. Менск
18. Давыдоўскі Ігар - 100000 р., г. Менск
19. Лягушоў Алег - 50000 р., ст. Ясень, Асіповіцкі р-н
20. Райчонак Ада - 100000 р., в. Германавічы Шаркаўшчынскі р-н.
21. Ляскоўскі Ул. - 10000 р., г. Шаркаўшчына
22. Рыбачонак А.М. - 150000 р., в. Міханевічы, Менскі р-н
23. Лагуціна Марына - 50000 р., г. Менск
24. Давідовіч П. В. - 30000 р., г. Берасце
Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.
Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.
Вяртанне культурных і духоўных каштоўнасцяў на Беларусь - патрэба часу
Цяжка сёння ўявіць любую незалежную краіну без яе гісторыка - культурных каштоўнасцей, які ствараюць прывабнасць з боку замежных турыстаў, а таксама ўплываюць на самасвядомасць грамадзян. У выніку шматлікіх войнаў і катаклізмаў, якія абрынуліся ў мінулым на Беларусь, шмат нацыянальных скарбаў краіны знаходзяцца за межамі краіны. Сёння крок за крокам адбываецца "збіранне камянёў" - вяртанне на Радзіму вывезенных каштоўнасцей заходнімі ці ўсходнімі суседзямі. Адным з тых, хто прыкладае шмат намаганняў па вяртанні каштоўнасцей, з'яўляецца даследчык беларускай мінуўшчыны, доктар філалагічных навук, прафесар Адам Мальдзіс, які шмат гадоў узначальвае камісію "Вяртанне" пры Беларускім фондзе культуры. Сёння надзённым з'яўляецца пытанне вяртання з Польшчы каштоўнага абраза - Божай Маці Юравіцкай Міласцівай, якая лічыцца апякункай Палесся, і аднолькава шануецца як праваслаўнымі, так і католікамі. Арыгінал абраза знаходзіцца ў г. Кракаве, у касцёле Святой Барбары. Грамадкасць Гомельшчыны не аднойчы ўзнімала пытанне пра вяртанне арыгінала абраза на Беларусь, паколькі ў в. Юравічы Калінкавіцкага раёна, у старажытным манастыры знаходзіцца яго копія. Калі паважаны Адам Мальдзіс удзельнічаў у Кракаве ў беларуска - польскім "круглым стале" "Спадчына і яе ахова", ён наведаў касцёл Святой Барбары і меў размову з езуітамі, гаспадарамі касцёла аб абмене абразоў - арыгінала на копію. Айцы езуіты станоўча ўспрынялі прапанову, зазначыўшы, што гэта магчыма, калі будзе на тое воля Божая і дамоўленнасць міністраў культуры Беларусі і Польшчы. У айцоў езуітаў Адам Мальдзіс даведаўся, што за часы знаходжання абраза Божай Маці ў Кракаве там не было зафіксавана ніякіх цудаў, хаця раней, калі абраз знаходзіўся на Беларусі, такія выпадкі мелі месца. Перад паездкай у Польшчу Адам Мальдзіс звяртаўся да кіраўніцтва Каталіцкай і Праваслаўнай цэркаў у нашай краіне, каб яны паспрыялі вяртанню святыні. З той пары пытанне засталося не вырашаным. Неяк паважаны прафесар звярнуўся да мяне з прапановай, каб я з'ездзіў у Мазыр да епіскапа Тураўскага і Мазырскага, Праасвяшчэннейшага ўладыкі Леаніда, з мэтай выявіць яго мяркаванне наконт вяртання абраза і аб прыняцці якіх - небудзь захадаў з гэтай нагоды. Мазыр - мая малая Радзіма, а в. Юравічы - радзіма маіх продкаў па бацькавай лініі, таму я з вялікай ахвотай прыняў прапанову. У першы дзень майго прыезду ў г. Мазыр мяне прыняў у сваёй рэзідэнцыі ўладыка Леанід, якому я перадаў часопіс "Наша вера" з надрукаваным у ім артыкулам А. Мальдзіса пра абраз. У час гутаркі ўладыка Леанід заўважыў, што Гомельшчына знаходзіцца ва ўмовах радыяцыйнай забруджаннасці, і вяртанне на Радзіму арыгінала цудатворнага абраза магло б прынесці людзям больш карысці, чым яго копія. Ён адзначыў, што будзе ўздымаць пытанне аб абмене абраза Божай Маці Юравіцкай.
Вось ужо некалькі год запар, у першыя дні верасня, абраз выстаўляюць у г. Мазыры, у Свята - Міхайлаўскім кафедральным саборы. А затым у выніку хроснага ходу, святая апякунка Палесся вяртаецца дадому, у Юравіцкі манастыр. На другі дзень, пасля сустрэчы з уладыкам Леанідам, я ўпершыню прыняў удзел у хросным ходзе. Суботнім днём, у Свята - Міхайлаўскім саборы г. Мазыра, пры вялікай колькасці вернікаў, адбылася Божая Літургія, якую ўзначаліў Праасвяшчэннейшы ўладыка Леанід, епіскап Тураўскі і Мазырскі.. Пасля Літургіі, ад Свята-Міхайлаўскага сабора са святыняй на руках пачаўся хросны ход. Мяне прыемна ўразіла шэсце па вуліцах майго роднага горада амаль 300 вернікаў. Гэта - добрая прыкмета духоўнага адраджэння! Пасля 5 кіламетраў, пройдзенных пешшу, удзельнікі хроснага ходу працягнулі падарожжа ў аўтобусах, затым пешшу прайшлі па в. Юравічы. Тут, перад уваходам у манастыр Раства Прасвятой Багародзіцы, уладыкам Леанідам быў праведзены малебен, пасля чаго абраз вярнуўся на сваё ранейшае месца - у манастыр.
Упершыню ў гістарычных хроніках адлік складаннай гісторыі абраза Божай Маці Юравіцкай пачынаецца з Львоўшчыны, а згадваецца абраз з 1630 года, калі запарожскія казакі змагаліся з войскамі Вялікага Княства Літоўскага, якія часта памылкова называюць польскімі войскамі. Казакі грамілі маёнткі шляхты, рабавалі і забівалі мірнае насельніцтва, не шкадуючы ні дзяцей, ні цяжарных жанчын. Свае сямейныя скарбы шляхціцы хавалі ў бяспечных месцах. Нават вялікі гетман Канецпольскі аддаваў каштоўныя рэчы на захаванне. Сярод сямейных каштоўнасцяў ён меў абраз Багародзіцы, якую аддаў айцам езуітам. Да абраза падыходзілі хворыя людзі, якія пасля малітвы перад ім раптам ачунялі. Слава пра цудоўны абраз разышлася далёка за межы Львоўшчыны, ён стаў вельмі шанаваным. Вясной 1673 г. душпастырскія справы ксендза львоўскага калегіюма Марціна Тыраўскага прывялі на Палессе, у мястэчка Юравічы. Пры ім быў абраз Багародзіцы, які ўжо тады займеў вядомасць як цудатворны. Легенда сведчыць, калі місія айца Марціна скончылася, ён выехаў коньмі з Юравіч на дарогу. На ўскрайку вёскі, на ўзгорку, з якога адкрываліся цудоўныя краявіды, коні спыніліся, як укопаныя. Айцец Марцін пачаў звяртацца з малітваю да Божай Маці, просячы дапамогі: павозка зрушылася з месца, і коні вельмі шпарка пабеглі па дарозе. Місіянер пачуў аднекуль голас, што пара тут спыніцца. Ён зразумеў, што гэта быў голас абраза Божай Маці , і пабудаваў на гэтым месцы каплічку, дзе быў змешчаны славуты абраз. Народныя паданні сведчаць пра шмат цудаў, якія адбываліся з дапамогай абраза. Пачаліся масавыя паломніцтвы (пілігрымкі) ў Юравічы. Абраз стаў вядомым у Кіеўскім, Чарнігаўскім, Менскім ваяводствах. З цягам часу на месцы невялічкай каплічкі быў пабудаваны вялікі мураваны касцёл, які разам з абразом стаў сапраўдным духоўным цэнтрам Палесся. Апошнім пробашчам касцёла да 1864 года быў ксёндз - канонік Гуга Гадзецкі, які ў тыя смутныя часы, клапоцячыся аб зберажэнні каштоўнага абраза, вырашыў замяніць яго на дакладную копію, якую стварыла таленавітая мастачка з Піншчыны Алена Скірмунт, а сапраўдны абраз перадаў на захаванне вядомай у акрузе, вельмі набожнай жанчыне Габрыелі Горват. Яна два дзесяцігоддзі зберагала ў сябе святыню, а незадоўга да свайго скону адправілася ў г. Кракаў, і перадала абраз у дэпазіт у мясцовы езуіцкі калегіюм, з умовай, што з надыходам спрыяльных часоў айцы езуіты вернуць у Юравічы арыгінал абраза Божай маці Юравіцкай. Прадбачанні Гугі Гадзецкага збыліся: царскім указам была скасавана каталіцкая парафія ў Юравічах, а касцёл быў перададзены праваслаўным. Пазней, на змену нецярпімаму царызму, які ў каталіцкім касцёле бачыў пагрозу самадзяржаўю, прыйшлі бязбожныя саветы. Храм быў зачынены. Калегіюм прыстасавалі пад гаспадарчыя патрэбы. Унікальныя будынкі кляштара былі часткова разбураныя, расцягнутыя па цагліне. У 1993 годзе ўсе ацалелыя будынкі ўлады перадалі Тураўскай епархіі, і цяпер тут дзейнічае манастыр. Сёння, можна лічыць, спрыяльныя часы для вяртання цудадзейнага абраза на Радзіму насталі. Таму час паклапаціцца і святарам, і беларускаму ўраду аб вяртанні святыні. Быў час раскідваць камяні, зараз час збіраць іх.
Лявон Целеш, г. Дзяржынск. Фотаздымкі: 1. Абраз Божай Маці Юравіцкай. 2. Шэсце з абразам па вуліцы г. Мазыра. 3. Абраз у Юравічах. 4. Юравічы. Уладыка Леанід у час малебна.
Успаміны з неспакойнага часу на Літве ў 1861-1863 гадах
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
У Кейданы мы прыбылі на змярканні. Гэта было вельмі вялікае, населенае пераважна яўрэямі, мястэчка. У ім знаходзілася сямікласная гімназія, у якой выкладанне ў гэты час спынілася з-за сыходу большай часткі вучняў "да лясу".
Як я ўжо гаварыў, у Кейданах стаялі дзве нашыя роты пад камандай маёра Г-віча, і адна з іх пайшла на пошукі да размешчанага за некалькі вёрст ад Кейдан паселішча, у якім быў бровар. Пасля нашага прыходу афіцэры з кейданскага атрада расказалі нам забаўны выпадак з іхнім камандзірам. Маёр Г-віч кватараваў з адным афіцэрам, выконваўшым пры ім абавязкі ад'ютанта. Займаная імі кватэра складалася з двух пакояў і сяней. Па начах у сенях па распараджэнні маёра знаходзіліся некалькі салдатаў з ружжамі; у пакоі, у які быў ход з сяней, спалі дзеншчыкі, і, нарэшце, у наступным была спальня маёра і яго ад'ютанта. Неяк ноччу гэты апошні ў сне пачаў крычаць і ўскочыў з пасцелі; прачнуўшыся, маёр з перапугу падумаў, што ўварваліся паўстанцы, схапіў шаблю і кінуўся на яго; прачнуліся салдаты ў сенях і дзеншчыкі ў наступным пакоі; маёр з адчаяннымі крыкамі бегаў па пакоі за афіцэрам; салдаты ламаліся з сяней у дзверы ратаваць начальства, дзеншчыкі, думаючы, што гэта паўстанцы, прымянялі ўсе намаганні, каб не пускаць іх; нарэшце справа неяк раз'яснілася.
Камандзір палка заняў кватэру на другім паверсе аднаго дома, а ўнізе ў тым жа доме памясціўся я з двума афіцэрамі; у сенях на выпадак трывогі знаходзіўся барабаншчык. Салдатам было загадана не распранацца, і былі ўказаны месцы, куды павінны збірацца роты па трывозе; драгунам загадана расцугляць коней, але не рассёдлываць. Мне нешта доўга давялося правазіцца са складаннем і перапіскай данясення пра наш рух ад Коўні да Кейдан і загаду па атрадзе. Канешне, я і мае таварышы не распраналіся на ноч, абмежаваўшыся толькі тым, што знялі зброю, паліто і мундзіры. Было ўжо за поўнач, калі да нас з'явіўся маёр Г-віч, прыкметна ўстрывожаны і перадаў мне, што, непакоячыся за працяглае невяртанне роты з пошуку, ён паслаў казака паглядзець, ці не ідзе яна, і што казак роты не сустрэў, а бачыў нейкі падазроны натоўп, што ішоў да Кейданаў. Пасланы маёрам казак і мне распавёў, што, ад'ехаўшы вярсты тры ад мястэчка, ён заўважыў нейкі бязладны натоўп, які ішоў яму насустрач; натоўп гэты нешта гучна галдзеў, і ён, не адважыўшыся падпусціць яго бліжэй, паспяшаўся назад у мястэчка. Маёр патрабаваў, каб я ў тую ж хвіліну разбудзіў палкоўніка і далажыў яму. Патрывожаны мною ада сну палкоўнік, хоць і выразіў недавер, што заўважаныя казаком людзі маглі быць паўстанцы, аднак загадаў паслаць у эскадрон загад зацугляць коней і быць у гатоўнасці. Толькі я сышоў ад палкоўніка ўніз і пачаў аддаваць загад у драгунскі эскадрон, як забег у страшным перапудзе маёр Г-віч з крыкам: "Ракашане на плошчы! Ракашане на плошчы! Бяжыце да палкоўніка!" Я зноў кінуўся наверх да камандзіра палка; барабаншчык затрашчаў трывогу; зрабіўся страшны перапалох; на вуліцы пачулася бегатня, устрывожаныя галасы; раптам зноў з'явіўся Г-віч з задаволеным і радасным крыкам: "Свае! Свае!". Гэта была рота, якая вярталася з пошуку, паўстанцаў яна не сустрэла, а знайшла любезны прыём на бровары, парадачна падгуляла і ішла назад у самым вясёлым настроі, разбудзіўшым у казака падазрэнне.
Прыстаў польскага ці літоўскага паходжання, які жыў у Кейданах, з'явіўшыся да палкоўніка, на яго распытванні далажыў, што ёсць чуткі пра з'яўленне ў навакольных лясах шаек, але, дзе менавіта, яму не вядома, і па гэтым прадмеце ён працягвае, як ён выказаўся, збіраць яшчэ даведкі. Палкоўнік даволі сурова зрабіў яму ўнушэнне, каб даведкі тыя збіраліся з большай энергіяй і вялі да больш карысных вынікаў, чым гэта было да таго часу. Прыстаў абяцаў прыкласці ўсе намаганні, аднак прайшлі дні тры ці чатыры, а звестак пра паўстанцаў ніякіх не атрымлівалася, і мы, сумуючы ад бяздзеяння, як гаворыцца, сядзелі каля мора і чакалі пагоды.
Аднойчы вечарам мне сказалі, што мяне хоча бачыць нейкага чужога палка салдат па сакрэтнай справе. З'віўся шараговец у гарнізоннай форме і заявіў, што ён мае перадаць вельмі вялікі сакрэт і таму хоча гаварыць са мной адзін-на-адзін. Жаданне яго было выканана, і ён прыступіў да паведамлення свайго сакрэту. Расказ яго чамусьці ўрэзаўся ў мяне ў памяць, і я пастараюся, канешне, прыблізна, перадаць яго ўласнымі словамі, як яны мне цяпер праз шмат гадоў прыпамінаюцца.
- Я, Вашае высакароддзе, - пачаў ён чыстай рускай моваю, - шараговец Рыжскага батальёна ўнутранай варты, католік, ураджэнец тутэйшай губерні і павету; начальства адпусціла мяне на некалькі дзён у адпачынак, і я прыйшоў пагасціць да роднай сястры маёй, якая замужам за лесніком скарбовай дачы і жыве з мужам у лясной вартоўні. Пагасціў я, Вашае высакароддзе, у сястры дні тры; неяк днём уздумалася мне, прабачце, Ваша высакароддзе, пайсці на гарышча, памацаць кур, якія з яйцом; толькі раптам бачу з гарышча - імчаць да вартоўні пяць чалавек верхавых, як ёсць ва ўсёй польскай амуніцыі; сястра сказала мне, што ў лесе ў іх стала неспакойна, бадзяюцца паны-здраднікі; ёкнула ў мяне сэрца: ну думаю, неадменна гэта па мяне, чую - пытаюцца ў сястры: а дзе ў цябе тут рускі салдат? Сястра было адмаўляцца: "Няма ў мяне, - гаворыць, - ніякага салдата". Яны давай яе пужаць: "Расказвай, - гавораць, - а то самі знойдзем - бяда табе будзе." Тут я, Вашае высакароддзе, шкадуючы сястру, сам спусціўся да іх; гавару: "Вось я, паны, што вам трэба?" "Ну, - гавораць, - ідзём з намі, начальства цябе патрабуе". Павялі мяне недалёка ў Храпавіцкія лясы, і тут, Вашае высакароддзе, я ўбачыў іхнюю многалікую армію", - тлумачыў салдат, упадаючы ў некалькі кніжны склад і націскаючы на словы "многалікая армія" з вымаўленнем у першым складзе літары "о" ў абодвух выпадках. - "Прывялі мяне да іхняга начальніка, - працягваў ён, - той давай мяне дакараць: "Як жа, - гаворыць, - братка, ты католік, ліцвін, а служыш...", - прабачце Вашае высакароддзе, - гэта яны сказалі... - " служыш, - гаворыць, маскалям, супраць сваіх ідзеш." "Што ж, - гавару, - Вашае высакароддзе ці правасхадзіцельства, не ведаю, маўляў, як Вас велічаць, нашая справа паднявольная." "Служы, - гаворыць, - нам." Я яму ў ногі: "Адпусціце, - гавару, Вашае правасхадзіцельства, пашкадуйце беднага чалвека, зловяць мяне разам з вамі, не мінуць мне злой смерці." "Не, - адказвае, - цяпер ужо мы цябе не адпусцім, ты ў нас усё бачыў, прымай прысягу." Прывялі ксендза, няма чаго рабіць - прысягнуў. Прабыў я ў іх дні тры, ды ноччу і ўцёк проста сюды. Што ж, Вашае высакароддзе, я хоць і прысягнуў ім, ды тая прысяга - не прысяга, не законная, законная прысяга, значыць, гасудару імператару." Закончыў салдат свой расповед і заявіў, што ён правядзе наш атрад да месца размяшчэння шайкі. Я ў той жа час адвёў яго да палкоўніка, якому ён паўтарыў усё, паведамленае мне, а на другі дзень 15 сакавіка, на світанні, атрад наш у складзе трох рот пяхоты, некалькіх казакаў і драгунскіх вершнікаў (раней называліся - фланкеры) пры афіцэры, маючы за правадніка явіўшагася салдата, пад начальствам камандзіра палка выступіў у кірунку да паселішча Новабіржа каля Храпавіцкіх лясоў. Ніжнім чынам з ночы была падрыхтавана гарачая мясня ежа; перад выступленнем яны паснедалі поліўкай, а мяса разабралі на рукі для закускі на прывале; сухароў было ўзята на тры дні. Такі парадак харчавання вёўся ва ўвесь час нашых экспедыцый. Абоз наш складаўся з дзвюх падводаў для кашавараў з ротнымі катламі і правіянтам для ніжніх чыноў і адной падводы з кухарам і кухняй нашага хлебасола-палкоўніка, які ў гэтых паходах частаваў ад сябе афіцэраў атрада гарбатай, абедам і вячэрай.
Было гадзін каля дзесяці раніцы, калі мы ўбачылі паселішча Новабіржу, а за ім на нязначнай ад яго адлегласці цягнуліся абшырныя лясы, якія насілі назву Храпавіцкіх. Камандзір палка спыніў атрад і загадаў рассыпаць ланцугі так, што яны ўтварылі карэ, за фасамі якога знаходзіліся ў самкнутым шыхце рэзервы. У такім парадку мы рушылі далей з драгунскімі вершнікамі ў авангардзе. Паселішча Новабіржа засталося ў нас злева, але паміж ім і лесам, да якога вёў нас праваднік, знаходзілася зусім блізка ад лесу вялікая панская сядзіба, наш шлях ляжаў міма яе, і панская дворня выйшла паглядзець на праходзіўшы атрад; драгуны выхапілі з асяроддзя гэтай дворні, як потым аказалася, кухара і загадалі яму паказваць, дзе тут хаваюцца ракашане. Авангард увайшоў у лес, як раптам пачуліся стрэлы; гэта авангард наткнуўся на конны паўстанцкі пікет, які, выстраліўшы, кінуўся назад, пераследваны драгунамі. Пяхота беглым крокам уступіла ў лес; у ім аказалася нешта ў родзе засекаў з ссечаных і паваленых папярок дарогі вялікіх дрэваў; гэтыя перашкоды, канешне, не спынілі наступлення, і мы, хутка прайшоўшы гэтую частку лесу, выйшлі на абшырную ў некалькі дзесяцін паляну; управа ад нас стаяў дом лесніка, а насупраць нас, на супрацьлеглым баку паляны, каля самага ўскрайку, бачыўся ў разгорнутым фронце з конніцай па флангах аддзел паўстанцаў. Як толькі салдаты ўбачылі іх, раздалося аглушальнае, нязмоўкнае:"Ура!", і ланцугі, трацячы парадак, у якім яны рухаліся, бягом кінуліся амаль без стрэлу на ракашан; апошнія не вытрымалі гэтага, можна сказаць, шалёнага наступлення; як нейкім віхрам змяло іх усіх у лес, перш чым дабеглі да іх садаты; нашы кінуліся за імі, і ў лесе пачалася ажыўленая, якая суправаджалася гучнымі крыкамі, перастрэлка. Мы з палкоўнікам засталіся на паляне з рэзервамі, драгунамі і казакамі. На ўскрайку валялася некалькі забітых паўстанцаў. У гэты час я заўважыў каля дома лесніка зборышча салдатаў; я паскакаў туды; на зямлі валялася велізарна вінная бочка з выбітым дном, і каштоўная вільгаць ужо ўсмакталася амаль у зямлю; на тварах атачаўшых салдат і казакаў было напісана непрытворнае шкадаванне, нехта з афіцэраў здагадаўся выбіць дно і выпусціць гарэлку. З дома выносілі мяса, кумпякі, хлеб, проса; відно было, што дом служыў для шайкі складам харчовых прыпасаў. Пакуль я стаяў тут, з гарышча дома пачуліся крыкі: "Ваша высакароддзе, тут ракашанін!" - "Дык бяры яго", - адказаў я. - "Дык ён хоча страляць!" - "Ну сам страляй у яго!" Цераз хвіліну з хаты ў суправаджэнні салдата, які нёс паляўнічую стрэльбу, выйшаў малады чалавек у канфедэратцы, чамарцы шэрага сукна, такіх жа портках, запраўленых у высокія боты, рэкамендаваўся шляхціцам Кагнавіцкім і, як бы са здзіўленнем прыслухоўваючыся да раздаваўшыхся ў лесе стрэлаў, спытаў: "Што гэта за стральба?". Я адказаў, што "яму павінна быць добра вядома, што гэта за стральба". На гэта палонны пачаў запэўніваць, што ён нічога не ведае, ні да якой справы не належыць (nie do czego nie nalezam), што ён прыехаў на паляванне да лесніка і заснуў на гарышчы. Акрамя стрэльбы пры ім былі знойдзены яшчэ і пісталеты. Я здаў яго драгунам, пад наглядам якіх ужо знаходзілася з дзясятак палонных, прыведзеных з лесу; адзін быў ранены штыком у жывот, з якога віселі нейкія акрываўленыя шматкі. Атрадны лекар аглядзеў яго і безнадзейна махнуў рукой.
Між тым перастрэлка ў лесе пачала сціхаць, і камандзір палка загадаў біць адбой. Салдаты выходзілі з лесу з ажыўленымі разгарачанымі тварамі, несучы паўстанцкую агнястрэльную і халодную зброю. Атрад зшыхтавалі, зрабілі праверку, аказалася двое забітых, абодва з адной роты, і пяцёра параненых. Забітыя засталіся ў лесе, і палкоўнік загадаў ротнаму камандзіру адправіцца з людзьмі і вынесці целы для належнага пахавання. Ракашане ўжо рассеяліся, стральба зусім перапынілася, і забітыя былі вынесены бесперашкодна. Паклаўшы на падводы забітых, захопленыя правіянт і зброю, забраўшы палонных, мы крануліся ў зваротны шлях. Пасля выхаду з лесу атрад размясціўся на прывал; салдаты пачалі закусваць; камандзір палка загадаў расцягнуць у выглядзе будана сваю бурку, паставілі барабаны, дзяншчык палкоўніка прынёс віна і закускі, за якія мы і прыняліся з асаблівым апетытам, узмоцненым перажытымі хваляваннямі. У гэты час пад'ехаў да нас у выдатным рэсорным экіпажы уладальнік той сядзібы, міма якой мы праходзілі, чалавек ужо пажылы, і пачў выгаворваць, навошта салдаты схапілі яго кухара, павялі з сабой, і цяпер ён вярнуўся са смяртэльнай ранай у грудзі штыком, што ён сам адстаўны гвардзейскі афіцэр, здраднікам не быў, кухара яго забілі дарэмна, ён не паўстанец. Палкоўнік адказваў, што ў ваенны час бываюць такія, вартыя шкадавання, выпадкі, але што гэта віна тых, хто выклікаў вайну, і дзіўна, што пан абшарнік, былы афіцэр нічога не ведаў пра такую блізкасць да яго сядзібы паўстанцаў і не данёс пра тое. На гэта абшарнік нічога не знайшоўся сказаць і паехаў. Хто і за што параніў няшчаснага, сапраўды, відаць, ні ў чым не вінаватага кухара, адкрыць не ўдалося.
Аказалася, што мы мелі справу са злучанымі шайкамі ксендза Мацкевіча і Колышкі; апошні быў забіты ў гэтай сутычцы*. Рассеяўшыеся шайкі зноў былі сабраліся, але ў той жа дзень на другі бок лесу наткнуліся на атрад камандзіра стралковага батальёна палкоўніка Бажаранава, зноў пацярпелі паражэнне, пасля якога канчаткова рассеяліся, і імя ксендза Мацкевіча ўжо не згадвалася больш, як імя правадыра значнай шайкі, а сустракалася зрэдку, як імя начальніка невялікай коннай партыі жандармаў-вешальнікаў. У канцы 1863 года ён быў злоўлены і павешаны, здаецца, у Панявежы.
У Кейданы мы прыбылі пры наступленні цемнаты. Доўга прыйшлося мне складаць і перапісваць данясенне пра нашую сустрэчу з ракашанамі, так што я лёг спаць даволі позна. На світанні мяне разбудзіў барабан; білі трывогу. Было гразка, пахмурна, падаў частымі, вялікімі камякамі снег. Часткі атрада хутка сабраліся і занялі прызначаныя ім месцы; палкоўнік у маім суправаджэнні аб'ехаў войскі; дапытаў казака, падняўшага трывогу; казак, відаць, з моцнага пахмелля патлумачыў, што ўчора ён адстаў ад атрада і, пад'язджаючы да Кейданаў, убачыў вялікую партыю ракашан, якая ішла да мястэчка, зрабіў стрэл, на аванпастах адбылася трывога, якую падхапілі ў самім мястэчку. Былі пасланы конныя раз'езды ў наваколлі і, між іншым, у размешчаную за чатыры вярсты ад Кейданаў мызу графа Чапскага. Аднак нідзе, ніадкуль не відно і не чутно не было непрыяцеля. Праўда выявілася потым. Казак здабыў недзе ў паўстанцкім скарбе бутэльку рому, выпіў яе, ахмялеў і, адстаўшы ад атрада, заначаваў у полі недалёка ад Кейданаў. Раніцай з цяжкай ад пахмелля галавой ён набліжаўся да мястэчка і прыняў мільгаўшы між камякамі снегу плот за наступаўшых паўстанцаў. Расказвалі, што за гэтую трывогу, разнепакоіўшую стомлены атрад атаманы-маладцы (так данскія казакі называлі адзін аднаго) расквіталіся з вінаватым па своему - сырамятнымі павадамі. Пакуль справа не раз'яснілася, і мы з палкоўнікам, у чаканні вяртання раз'ездаў, стаялі каля адной з сшыхтаваных рот, мы ўбачылі шэсце, якое набліжалася да нас. Наперадзе ішоў сярэдніх гадоў чалавек, у крытым паўкажушку, картузе і, не гледзячы на гразь, у адных туфлях; твар яго выражаў крайняе незадавальненне. За ім з сур'ёзным выглядам чалавека, выканаўшага важную дзяржаўную справу, ехаў верхам казак; ён трымаў у руках паляўнічую стрэльбу, патранташ, ягдташ і расшыты золатам камергерскі мундзір.
(Працяг у наст. нумары.)
* Тут памылка, Колышка, канешне ж, не быў забіты ў гэтым баі. Паводле гэтых успамінаў даволі цяжка таксама ідэнтыфікаваць і сам бой, бо дата не названая, а геаграфічныя месцы розныя аўтары называюць, як хочуць. Не факт, што Колышка зусім удзельнічаў у гэтым баі. У страху вочы вялікія.
М.П. Мяжэцкі
Зблянскія матывы Ўладзіміра Мельнікава
З нагоды 75-годдзя мастака
Уладзімір Мельнікаў нарадзіўся 9-га кастрычніка 1938 года ў г. Краснагвардзейску Ленінградскай вобласці. Яго бацька Сяргей Іванавіч у той час курсант Гатчынскага авіяцыйнага вучылішча, пасля афіцэр, які храбра змагаўся на франтах Іспаніі і загінуў у 1944 годзе на Першым Беларускім фронце. Маці мастака Ніна Андрэеўна была дачкою вядомага на Віцебшчыне народнага лекара Андрэя Прышчапёнка, нарадзілася ў шматдзетнай сям'і (сем дачок) у вёсцы Заполле Полацкага раёна. Па расказах маці прадзед быў заможным землеўласнікам, утрымліваў чацвёра выязных коней. Рэшткі падмурка былой яго сядзібы захаваліся ў весцы Мігуліна дагэтуль.
Маляваць Валодзя пачаў рана. Спачатку дапамагаў айчым, потым наведваў студыю пры Каўнаскім мастацка-прамысловым тэхнікуме, затым паступіў у Талінскі мастацкі інстытут на вячэрняе аддзяленне па спецыяльным распараджэнні Палітаддзела Чырвонасцяжнага Балтыйскага флоту. Мельнікаў тады праходзіў службу авіямеханікам на Талінскай авіяцыйнай базе.
Пасля службы застаўся працаваць на базе вольнанаёмным, каб працягваць вучобу. Але здараецца прыкры выпадак, які крута мяняе лёс. Яго адлічваюць з інстытута за бойку, у якой ён не прымаў удзелу. Гэта быў цяжкі ўдар. Валодзя кідае ўсё і вяртаецца ў Полацк, каб назаўсёды выкрасліць жывапіс са свайго жыцця.
За 25 гадоў памяняў некалькі прафесій. Працаваў памочнікам майстра на Полацкім заводзе "Шкловалакно", майстрам вытворчага навучання ў Лідскім тэхнікуме, інструктарам Лідскага райвыканкама, літаратурным супрацоўнікам Лідскай газеты "Уперад". Тут, як ні дзіўна, у Мельнікава праявіўся талент журналіста і апавядальніка.
Хтосьці вельмі справядліва сказаў: лёс не падманеш. Пасля ваганняў і роздуму Мельнікаў бярэ ў рукі пэндзаль і піша свой партрэт. Цяпер трэба вярнуць страчанае. Днём ён выкладчык выяўленчага мастацтва ў СШ №14 з архітэктурна-мастацкім ухілам, а з вечара да раніцы - жывапісец. Так на працягу больш за 20 гадоў.
Неаднойчы сардэчныя прыступы кідалі на бальнічны ложак, але гэта ўжо не магло спыніць мастака. Выставы адбываюцца адна за адной. Прыходзіць вядомасць. Пра яго пішуць, паказваюць па тэлебачанні. За 22 гады майстар стварыў дзесяткі палоцен, якія прынеслі Мельнікаву папулярнасць. Яго партрэтная галерэя - унікальная з'ява ў сучасным выяўленчым мастацтве. Сярод цудоўных партрэтаў - партрэты Ніла Гілевіча, Анатоля Ярмоленкі, Уладзіміра Мулявіна, Віктара Вуячыча, Ігара Лучанка,Валянціна Таўлая, Ганны Радзько, Барыса Кіта, Канстанціна Горскага ...
За адносна невялікі адрэзак часу мастак правёў звыш 30-ці выстаў у гарадах: Ліда, Гародня, Наваградак, Менск, Віцебск, Полацк. Ён прымае ўдзел ва ўсіх буйнейшых выставах, якія арганізоўвае Саюз мастакоў Рэспублікі Беларусь
Над чым зараз працуе мастак? Гэта майстар пакуль трымае ў таямніцы. Рыхтуецца да персанальнай выставы, піша карціны аб Лідзе, аб яе багатым гістарычным мінулым, а таксама аб знакамітым сяле Збляны і яго дзіўна адораных людзях. Адну з карцін з серыі "Зблянскія матывы" мастак прадаставіў для нашай публікацыі.
Уладзімір Васько. На здымку: Карціна Ўладзіміра Мельнікава "Зблянскія сяляне на Нёмане ў 18-м стагоддзі".
Дом, у якім пабыў Язэп Драздовіч
МЯЛОК ДЗЯДЗЬКІ ЯЗЭПА
Більдзюгі ў вайну не спалілі,
Божа Маці ўзяла пад крыло.
Тры разы абразом абнасілі,
Як у краі вялося даўно.
Мелі конікаў тут і каровак,
Гаспадаркі з напругай вялі,
Стаў патрэбен і нейкі абновак,
Ліхалецці ж усё падмялі.
Па вёсках у час той хадзілі
Рознага кшталту майстры:
Дамы будаваць, боты шылі,
Малявалі, былі разьбяры.
Аднойчы, прыпомніць бы толкам,
Завітаў да нас дзядзька-дзівак,
Прынёс, нейкую скрынку-катомку,
Шапнула суседка - дывановы мастак.
У Більдзюгах вядомы -
маляваў карціны.
Але ж хто іх у вёсках дзе меў?
I міскі, збаны - усё было з гліны,
Саломаю крылі і хату, і хлеў.
Покуль карміла дзядзьку бабуля,
Я на паклажу цікава глядзеў.
Мяне штось дужа цягнула,
Паглядзець, што ўнутры, я хацеў.
Дзядзька, паеўшы,
ласкава ўсміхнуўся,
Ён бачыў цікавасць маю,
Да мяня лагодна,
з хітрынкай звярнуўся:
"Ці хочаш убачыць
цудоўную скрынку маю?
Залезь у яе і закрыйся,
Прасі, каб цукерак дала,
Сядзі, чакай, і не варушыся,
Яны і прыйдуць самі табе да стала"
А я ж - малое дзіцятка,
Рэдка цукерачкі еў,
Адразу палез, а тады
ірвануў без аглядкі,
Быццам мяне нехта з'есці хацеў.
Смеху многа было тады ў хаце -
Праз цёцю цукерак я атрымаў,
Сеў за каптуром, на палацях,
За дзядзькам чужым наглядаў.
Далей ён стаў сур'ёзны,
Перажагнаўся, на калені ўстаў,
На абразы маліўся набожна,
На ложку пасля адпачываў.
Назаўтра, прачнуўшыся зранку,
Паціху палез я з печы.
Дзядзька пакінуць збіраўся стаянку,
Скрынку закідваў за плечы:
"Бывай, палахлівец, я ўжо пайду!
I браць, не бойся, не стану цябе,
Вазьмі вось каляровую крэйду,
Ды малюй на здароўе сабе".
I пайшоў, сказаўшы "Дзякуй" бабулі,
Я маляваў, ды згубіў падарунак,
А мо думаў: ён уцёк.
Па смерці бабулі
хусцінку яе разгарнулі -
Знайшлі ружовы мялок.
"Крэйда Драздовіча Юзафа", -
Пляснула цёця рукамі.
Ды расказам мяне крыху сканфузіла,
Але ж ганаруся я сустрэчаю той
цяпер перад вамі.
Язэп Нарцызавіч Драздовіч - чалавек больш геніяльны, чым Шагал, Пэн ці Малевіч, але, як цяпер кажуць, не раскручаны. Ён не толькі мастак, але і літаратар, філосаф, гісторык, этнограф, настаўнік, першы з мастакоў, які да палёту ў космас чалавека адкрыў у мастацтве касмічную тэму. Але родная Беларусь тады не мела магчымасці аддаць належнае свайму генію пры жыцці. Ды і не дастаткова гэтае імя вядомае маладым беларусам. Дык чаму ж мы не можам, або некага баімося годна адзначыць сваіх знакамітых землякоў?
Мне ў маленстве пашанцавала сустрэцца з гэтым вялікім і ў той няпросты час добрым і годным чалавекам. Я напісаў верш пра гэтую сустрэчу, але больш са слоў сваёй цёці - Касцюкевіч Веранікі, бо сам памятаю толькі скрынку, у якую хацеў залезці, цукерак ды мялок, якім маляваў. Нашую вёску Більдзюгі не не спалілі, але не раз яна была на валасок ад гэтага. Бо ноччу партызаны палілі масток цераз рэчку Бялу і так-сама спалілі школу, збудаваную пры паляках сялянскай суполкай (казалі: каб немцы не занялі). Немцы і паліцаі ў сваю чаргу гразіліся за гэта спаліць усю вёску.
Пасля вайны Сталін у Заходняй Беларусі не распачынаў калектывізацыі да 1949-50 гг. Гэта на некаторы час змягчыла напругу ў грамадстве, і ў нас не было такога голаду, як ва ўсходніх раёнах. Але страх быў у кожным доме, усе баяліся сказаць лішняе слова. Я памятаю, як у нашай хаце сядзелі франтавікі (мой бацька, Даргель Міхал, таксама быў на фронце) і пра нешта гаварылі, а потым адзін дзядзька прыклаў палец да вуснаў і сказаў: "Тсс - шпіён", - і паказаў на мяне пальцам. Я доўга не разумеў гэтае слова. У нашай хаце збіраліся многія людзі, бо хата была новая, збудаваная перад самай вайной. Прыходзіў і Шэўчык Мікалай, ён быў удзельнікам антыбальшавіцкага паўстання ў 1919 г, меў сталы ўзрост і ў нашай хаце гаварыў адкрыта, што "Сталин и Гитлер - родные братья, только повздорили". Памятаю, як у 1953 годзе ў вёску наехалі салдаты, за рэчкай на хутары распачалася стральба. Потым дома казалі, што разбілі банду, забілі нейкага Мішку - верхавода тых бандытаў. Той час быў вельмі неспакойны і небяспечны. Гаварылі ў нас і пра арышт у Глыбокім маладых навучэнцаў, і пра тое, як у Вільні і Віленскім краі прымусова ламаюць беларусаў на палякаў ці літоўцаў (у нас былі сваякі ў Вільні). У той час было вельмі шмат абяздоленых людзей, якія вандравалі ад вёскі да вёскі, жабравалі. Бабуля і цёця былі набожнымі кабетамі (яны выхоўвалі мяне малога, бо бацькі працавалі ў Шаркоўшчыне), спачувалі і, чым маглі, дапамагалі бедным, давалі прытулак, кармілі тым, што і самі мпажывалі.
Вось так і трапіў да нас Язэп Нарцызавіч, які таксама вандраваў. Што ён рабіў у нашай вёсцы, дакладна не вядома, мо хто прывёз па якой патрэбе, бо сам мастак на той час (як цяпер вядома) меў слабое здароўе. Але ж ад Германавіч да Більдзюг усяго 15 км, людзі ездзілі на кірмаш яшчэ далей - у Лужкі. Ды хто скажа дакладна, дзе вандраваў Драздовіч? У той час падвезці падарожнага было святым абавязкам кожнага, хто ехаў на вазку. Да таго ж многія ў нашай вёсцы яго ведалі асабіста, сустракаліся з ім. На вялікі жаль, я мала памятаю пра тую сустрэчу, каб цёця не расказала, знайшоўшы мялок у хусцінцы бабулі, то я і не ведаў бы пра гэта.
Прыходзіў да нас часцей яшчэ адзін стары, вельмі цікавы чалавек - Кадушка. Бабуля казала: ён быў даўней настаўнікам, вельмі цікава расказваў, а яшчэ меў маленькі вазок, у якім вазіў свой скарб, і гэты вазок мне вельмі падабаўся. Потым гэтых вандроўнікаў не стала, цяпер вядома, што дзяржава іх усіх уладкавала ў прыюты (нават прымусова).
Драздовіч больш да нас не прыходзіў, а калі мы пачулі, што ён памёр, усёй сям'ёй адмовілі за яго малітву.
У той час адбываўся масавы выезд у Польшчу, сябар майго бацькі паехаў і прыслаў візу для нашай сям'і. Але бацькі параіліся і не паехалі. Яны гаварылі, што вялікі грэх прысвойваць чужую маёмасць, бо ў Польшчы беларусамі засялялі тыя землі, з якіх былі выгнаны немцы. Ды і там было неспакойна. Так, у 1954 г. загінуў мамін дваюрадны брат - Касцюкевіч Адам, які быў ваяводам у Познані. Ды ў сялян была слабая надзея на тое, што саветы доўга не ўтрымаюцца. Час паказаў, што з гэтым яны памыліліся. Але, дзякуй Богу, мы засталіся беларусамі на роднай зямлі.
Я не стаў мастаком, хаця атрымаў мялок ад самога Драздовіча, але ж нейкую Божую іскру ён ува мне запаліў - маю цягу да мастацкага слова, а старэйшая дачка Тацяна закончыла мастацка-графічнае аддзяленне Віцебскага ўніверсітэта, зараз працуе выкладчыкам выяўленчага мастацтва ў гімназіі. Спадзяюся, што і яна можа запаліць у нейкім вучні новы вялікі талент. Насенне, кінутае дзядзькам Язэпам, і сёння дае свае ўсходы.
Беларусь - незалежная дзяржава, і мы павінны зрабіць усё, каб сабраць у нацыянальны пантэон такіх геніяў, як Язэп Драздовіч, бо ён, як справядліва сцвярджаюць, наш беларускі Леанарда да Вінча, і мы, беларусы, павінны ганарыцца, што наша зямля дала такога чалавека!
Мар'ян Даргель.