Папярэдняя старонка: 2013

№ 43 (1142) 


Дадана: 23-10-2013,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 43 (1142) 23 кастрычніка 2013 г.


У Новым замку ў Гародні ўзгадалі часы караля і вялікага князя Сцяпана Батуры

17-18 кастрычніка з ініцыятывы Гарадзенскага дзяржаўнага гістарычна-археалагічнага музея прайшла навуковая канферэнцыя "Гародня часоў Стэфана Баторыя". Шаснаццаць выступоўцаў, сярод якіх Генадзь Семянчук, Аляксей Шаланда, Юры Бохан і інш., закранулі на працягу двух дзён тэмы архітэктуры, нумізматыкі, вайсковай справы, датычныя гісторыі Гародні другой паловы XVI ст. Адным з першых выступіў Уладзімір Бачкоў, аўтар праекту рэстаўрацыі Старога замка. Сапраўды, падчас дыскусій аб мажлівых варыянтах аднаўлення каралеўскага замка паўставала пытанне: якую эпоху ўзяць за прыклад? Як вядома, у 1579 г. пачалася перабудова гатычнага замка Вітаўта ў рэнесансны замак Баторыя, які паўстаў па праекце архітэктара Санці Гучы. Прааналізаваўшы гравюру Тамаша Макоўскага 1600 г., а таксама аналагічныя працы Гучы ў Еўропе, Бачкоў прапанаваў праект рэканструкці замка ў стылі рэнесанс. Алег Трусаў, які займаўся археалагічнымі даследваннямі Старога замка ў 1980-х, прысвяціў свой даклад печам і кафлярству ў замку Баторыя. Дарэчы, старшыня ТБМ заўважыў, што беларусам слушна было б ужываць форму "Сцяпан Батура" (якая зафіксаваная ў беларускіх крыніцах), замест польскага варыянту "Стэфан Баторы". Сапраўднае імя караля - Іштван Батары - як бачым, прыняло на яго новай радзіме адразу некалькі формаў.

Алесь Кіркевіч. Здымкі Яна Лялевіча. Твой стыль.


Пра мову, за мову

"Дыяблог пра мову з Навумам Гальпяровічам", - так называецца новая праграма, якая пачала выходзіць на тэлеканале " Беларусь-3".

Пытанні функцыянавання беларускай мовы ў грамадстве, яе гісторыя і сённяшні дзень, праблемы моўнага навучання ў школе, роля роднай мовы ў духоўным развіцці чалавека на гэтыя і іншыя пытанні вядовец спрабуе знайсці адказ у тых, для каго мова - неадменны атрыбут у штодзённым ужытку - людзей розных узростаў і прафесій. Сярод іх вучоныя і настаўнікі, спартсмены і мастакі, студэнты і журналісты, медыкі і хатнія гаспадыні…

Навум Гальпяровіч і яго госці таксама адказваюць на пытанні інтэрнэт-карыстальнікаў, бо інфармацыйны партнёр праграмы - партал TUT. BY, на якім размешчаны блог аўтара.

Сярод тых, хто ўжо ўзяў удзел у гаворцы, член-карэспандэнт НАН Аляксандр Лукашанец, амерыканскі прафесар Курт Вулхайзер, выкладчык БДУ Віталь Макарэвіч , першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім. Плануюцца сустрэчы таксама з прафесарам з Лондана Арнольдам Макміліным, членам прэзідыума Беларускага фонду культуры Тадэвушам Стружэцкім, намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесем Сушам, выкладчыкам БДУ Данатам Яканюкам, магістрантам Інстытута журналістыкі Мікітам Найдзёнавым, мастакамі Міколам Бушчыкам і Рыгорам Сітніцам ды іншымі.

Глядзець "Дыяблог пра мову" можна па панядзелках а дзесятай раніцы і ў дваццаць дзве гадзіны на тэлеканале " Беларусь-3" і высылаць водгукі на Блог Навума Гальпяровіча на партале TUT.BY.

Наш кар.


190 гадоў з дня нараджэння Адама Плуга

Адам ПЛУГ , сапр.: Антоні Антонавіч ПЯТКЕВІЧ (23 кастрычніка 1823, в. Замосце, Слуцкі павет - 2 лістапада 1903) - польскі і беларускі пісьменнік, публіцыст.

Скончыў Слуцкую гімназію (1842), вучыўся ў Кіеўскім універсітэце (1845-1846). З 1831 жыў у в. Жукаў-Барок над Нёманам на Стаўбцоўшчыне, дзе пасябраваў з У. Сыракомлем. Працаваў настаўнікам на Падоллі. У 1856 у Менску сустракаўся з В. Дуніным-Марцінкевічам, С. Манюшкам. За ўдзел у антыўрадавых маніфестацыях зняволены (1864-66, Кіеў). З 1874 у Варшаве. Адзін з арганізатараў беларускага літаратурна-асветнага гуртка. У 1879-90 рэдактар часопіса "Klosy" ("Каласы") і аўтар шматлікіх матэрыялаў пра Беларусь у ім. У 1891-1903 галоўны рэдактар "Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі", адначасова літаратурны кіраўнік часопіса "Wаdrowiec" ("Вандроўнік", 1894-99), уваходзіў у склад рэдакцыі газеты "Kurier Warszawski" (1899-1903).

Як літаратар дэбютаваў у 1847. У 1849 напісаў на беларускай мове 4 апавяданні і адну легенду (захавалася апавяданне "Кручаная баба", апубл. ў 1918). Першы паэтычны зборнік "Родны загон" (1854) заснаваны на рэаліях беларускага жыцця. У зборніку "Каласы з роднай нівы" (1856) фальклорныя і хрысціянскія матывы. Аўтар артыкулаў і нарысаў пра культурнае жыццё Беларусі ("Некалькі ўражанняў з падарожжа на Літву", 1858; "Уладзіслаў Сыракомля", 1862; "Манюшка ў Менску", 1896, і інш.), вершаваных прысвячэнняў В. Дуніну-Марцінкевічу і У. Сыракомлю. Адзін з першых пераклаў на польскую мову творы В. Дуніна-Марцінкевіча, Г. Гейнэ, В. Гюго, А. С. Пушкіна, У. Шэкспіра. Творы Адама Плуга друкаваліся ў Менску (у зборніку "Голас з Літвы", 1859). Сумесна з В. Каратынскім падрыхтаваў выданне "Выбранай паэзіі" У. Сыракомлі (т. 1-5, 1890).

Вікіпедыя.(Пра А. Плуга чыт. на ст. 2.)


Выйшаў каляндар "Родны край"

У Менску ў выдавецтве "Беларусь" выйшаў адзіны ў краіне адрыўны беларускамоўны каляндар "Родны край".

Каляндар у 2014 годзе расказвае пра маляўнічыя куткі Беларусі, гаючыя крыніцы, сівыя муры. Тут можна знайсці звесткі пра славутых продкаў, даведацца, чым славілася наша старонка ў мінулым, і як сучаснікі шануюць памяць і працягваюць лепшыя традыцыі. Адчуваючы сябе нашчадкам славутага Скарыны, герояў вызвольных войнаў, можна парадавацца, што мы з'яўляемся сучаснікамі касманаўтаў-беларусаў П. Клімука, У. Каваленкі, А. Навіцкага і многіх выдатных працаўнікоў гарадоў і вёсак. Пазнаёмімся з дасягненнямі беларускай навукі і культуры, народнымі ўмельцамі. Знойдзем у календары матэрыялы пра духоўна-маральныя ідэалы, сямейныя каштоўнасці. Можна будзе пашырыць веды пра царкоўныя і дзяржаўныя святы, бо ёсць апісанні традыцыйных святаў, абрадаў мінуўшчыны і сённяшніх. Упершыню чырвоным колерам у календары 21 лютага пазначаны Міжнародны дзень роднай мовы, які з ініцыятывы ТБМ паступова робіцца святам усіх беларусаў.

Здароўе нацыі - адна з важнейшых задач дзяржавы. З улікам гэтага ў календары даюцца парады ад афіцыйнай медыцыны і народных лекараў, парады псіхолагаў. Ёсць матэрыялы, звязаныя з юбілейнымі датамі. Гаспадыні і дачнікі таксама знойдуць каштоўныя звесткі.

Выпуск выдання ажыццёўлены па замове і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

На жаль, сёлета наклад календара паменшыўся яшчэ на адну тысячу і складае ўсяго 6 000 асобнікаў. Каляндар ужо паступіў у продаж. Цана каля 17 тысяч рублёў.

Наш кар.


Адам Плуг: "І адной кроплі з Нёмана не аддам за ўсе воды Днястра, Буга і Дняпра"

Радзіма беларускага і польскага пісьменніка, публіцыста і журналіста Адама Плуга (псеўданім Антона Антонавіча Пяткевіча; 23 кастрычніка 1823 года - 2 лістапада 1903 года) - вёска Замосце на Случчыне. Уладзіслаў Сыракомля ўспамінаў: "Таварыш яго дзіцячых гадоў, я добра помню маладога паэта ў акружэнні прыстойнай шляхецкай сям'і, у абдымках братоў і добрай маткі; помню той садок у квецені і тыя добрыя сэрцы, гледзячы на якія чалавек з замілаваннем думаў пра сціплую прастату продкаў". Гэтыя словы адносяцца да таго часу, калі Антон з бацькамі пераехаў (у 1831 годзе яго бацька атрымаў пасаду падлоўчага ў радзівілаўскіх уладаннях) з Замосця ў вёску Жукаў Барок (цяпер у Стаўпецкім раёне Менскай вобласці). Дарэчы, Уладзіславу Сыракомлю Адам Плуг прысвяціў свой першы верш "Гара Замчышча", у якім выкарыстаў матывы беларускіх народных казак.

У час вучобы ў Слуцкай гімназіі Антон Пяткевіч напісаў сваё першае апавяданне "Пра тое, як людзі час марнуюць", у якім выкрываў п'янства, паразітызм некаторых жыхароў мястэчка. Скончыўшы гімназію ў 1842 годзе, ён працаваў хатнім настаўнікам на Падоллі (Украіна), у 1845 - 1846 гадах вучыўся на філасофска-літаратурным факультэце Кіеўскага ўніверсітэта. Вучоба доўжылася нядоўга, бо не хапала матэрыяльных сродкаў, таму Антону зноў давялося заняцца настаўніцкай працай. У 1856 годзе ён прыязджаў у Вільню, быў у Менску, дзе пазнаёміўся з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, Станіславам Манюшкам. Ажаніўшыся ў 1857 годзе з Людвікай Сержпутоўскай, узяў у арэнду вёску Паток каля Вінніцы, аднак у 1859 годзе адмовіўся ад арэнды і пераехаў у Жытомір. Там разам з жонкай заснаваў мужчынскую гімназію з пансіёнам, але ў 1861 годзе ўлады пазбавілі іх правоў на ўтрыманне гімназіі. У 1862 годзе жонку арыштавалі за ўдзел у антыўрадавых маніфестацыях, а ў 1864 - 1866 гг. і сам А. Плуг знаходзіўся пад арыштам у Жытоміры, потым - у Кіеве.

Лёс нашага земляка склаўся так, што з 1874 года да апошніх дзён жыцця ён жыў і працаваў у Варшаве. У 1875 - 1879 гадах быў сурэдактарам, а ў 1879 - 1890 гадах - рэдактарам часопіса "Каласы", на старонках якога змяшчаў шматлікія матэрыялы пра Беларусь. Калі выданне часопіса было спынена, А. Плуг стаў галоўным рэдактарам "Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі" (1891 - 1903), адначасова працаваў літаратурным кіраўніком часопіса "Вандроўнік" (1894 - 1899), уваходзіў у склад рэдкалегіі газеты "Варшаўскі веснік" (1899 - 1903). У Варшаве Адам Плуг удзельнічаў у рабоце некалькіх дабрачынных, навуковых і літаратурных таварыстваў і камітэтаў, актыўна садзейнічаў арганізацыі беларускага літаратурна-асветніцкага гуртка. У 1905 годзе ў варшаўскім касцёле святога Крыжа быў устаноўлены бюст Адама Плуга.

Яшчэ ў час працы настаўнікам Адам Плуг адначасова займаўся літаратурнай творчасцю, і ў 1847 годзе адбыўся яго дэбют у друку. У 1849 годзе стварыў на беларускай мове чатыры апавяданні і адну легенду. Многія творы Адама Плуга напісаны на польскай мове, але заснаваны на фальклорным беларускім матэрыяле - паданнях, казках, песнях, легендах. У вершах "Жукаў Барок", "Родная песенька", "Сарока", паэме "Зачараваныя скарбы", аповесцях "Споведзь", "Дзетазабойца", раманах "Дух і кроў", "Афіцыяліст" пісьменнік з любоўю апісаў беларускія краявіды, паказаў цяжкае жыццё сялянства, выступаў з асуджэннем палітыкі царскіх уладаў. Адметна тое, што герой рамана "Афіцыяліст" Зазулевіч у размове часта выкарыстоўвае беларускія народныя прыказкі.

Энцыклапедыяй беларускага народнага побыту можна назваць вершаваны "Урывак успамінаў вашмосці пана Якуба N", які быў апублікаваны ў зборніку "Родныя гоні" (1854, Вільня). Аўтар зрабіў тут каларытныя апісанні Купалля, Куцці, шчадровак, вячорак, узгадаў найбольш вядомыя беларускія народныя казкі і легенды. У рамане "Няня", падзеі якога адбываюцца ў ваколіцах Слуцка, Адам Плуг расказаў, як прыгонныя сяляне цалуюць панам рукі і ногі і нават збіраюць грошы, каб выкупіць ім маёнтак. Разам з тым аўтар высмейвае саслоўную забабоннасць шляхты, сквапнасць прадстаўнікоў маладой буржуазіі (гандляр Рыгор у рамане "Няня").

Характэрным для творчасці Адама Плуга з'яўляецца апавяданне "Кручаная баба", напісанае ў 1849 годзе (прачытаць яго можна ў чацвёртым нумары часопіса "Спадчына" за 1992 год). Сваім зместам апавяданне нагадвае бытавую казку, якая трапна высмейвае заганы чалавечага характару. Гэтым творам аўтар пачаў у беларускай літаратуры традыцыю апрацоўкі гумарыстычна-сатырычных народных апавяданняў. Традыцыю, якую пазней прадоўжылі на больш высокім узроўні Францішак Багушэвіч, Ядвігін Ш. і некаторыя іншыя беларускія пісьменнікі. Асобныя творы А. Плуга ў Беларусі былі змешчаны ў зборніку "Голас з Літвы" (Мінск, 1859), у анталогіі "Раса нябёсаў на тутэйшай зямлі" (Мінск, 1998). Да сучаснага чытача некаторыя яго творы дайшлі ў перакладах з польскай мовы на беларускую, якія выканалі Пятро Бітэль, Уладзімір Мархель, Кастусь Цвірка.

Адам Плуг - аўтар артыкулаў і нарысаў пра культурнае жыццё Беларусі ("Некалькі ўражанняў з падарожжа на Літву", "Уладзіслаў Сыракомля", "Манюшка ў Менску" і іншых). Ён адным з першых пераклаў на польскую мову творы Віктора Гюго, Іагана Вольфганга Гётэ, Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, Уільяма Шэкспіра. Разам з Вінцэсем Каратынскім Адам Плуг падрыхтаваў пяць тамоў "Выбранай паэзіі" Уладзіслава Сыракомлі, якія выйшлі ў свет у 1890 годзе. Сваёй літаратурнай творчасцю Адам Плуг нямала зрабіў для развіцця польскай журналістыкі, падрыхтоўкі маладых літаратараў, заняў прыкметнае месца ў гісторыі польскай літаратуры. Яго раманы і аповесці ў многім "падрыхтавалі глебу для прозы польскага крытычнага рэалізму другой паловы ХІХ стагоддзя".

Адам Плуг - патрыёт свайго роднага краю - Беларусі, хоць і жыў доўгі час на чужыне. У аповесці "Споведзь" ён пісаў: "Я заўсёды буду ўздыхаць па Палессі і Літве, па тых адвечных пушчах, балотах і пясках, лугах і азёрах. І адной кроплі з Нёмана не аддам за ўсе воды Днястра, Буга і Дняпра. Зрэшты, праслаўляйце ўжо сабе Падолію, слаўце Украіну, але не ўспамінайце, калі ласка, пра нейкую там Італію, нейкую Швейцарыю". Чытаючы гэты твор, можна "пабываць" у лясах каля Бабруйска, "пачуць" беларускія народныя песні, адчуць дух беларускасці.

Анатоль Жук, жыхар горада Слуцка.


ЯК РЭЦЭНЗАВАЎСЯ РУКАПІС

Перабіраючы свае папкі з паперамі мінулых гадоў, натрапіў я на тры аўтарскія даведкі (каля 50 машынапісных старонак), якія рабіў у 1990 - 1992 гг., калі ў выдавецтве "Беларуская Энцыклапедыя" рыхтавалі да друку мой двухтомны "Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы". Слоўнік выйшаў у другой палове 1993 года. Тыраж 15 тысяч экз. (на піку тагачаснага Адраджэння слоўнік раскупілі за паўгода). А машынапісны рукапіс (больш як 2500 старонак) быў аддадзены выдавецтву ў снежні 1988 года.

Адзін экзэмпляр рукапісу амаль цэлы год рэцэнзаваў доктар філалагічных навук А.С. Аксамітаў, а пасля на працягу некалькіх месяцаў - кандыдаты філалагічных навук Н.В. Гаўрош і Т.М. Трыпуціна. Другі экзэмпляр уважліва прачыталі, з улікам заўваг, зробленых рэцэнзентамі, загадчык рэдакцыі І.У. Саламевіч і намеснік дырэктара І.П. Хаўратовіч.

Дапрацоўваючы рукапіс, я ўлічыў шмат якія заўвагі рэцэнзентаў і рэдактараў. Больш як на 300 старонках зроблены тыя ці іншыя папраўкі. Вось частковы іх пералік.

1. Выкінуў (часта - з найвялікшым шкадаваннем) 43 слоўнікавыя артыкулы: адпраўляць у штаб Духоніна, зялёныя берэты, выводзіцца на арбіту, ні пава ні варона, у поце твару свайго, не фунт ізюму…

2. Скараціў многія ілюстрацыйныя прыклады, апусціў або замяніў некаторыя ілюстрацыі-цытаты.

3. Апусціў у загалоўках слоўнікавых артыкулаў каля сотні варыянтаў.

4. Унесены некаторыя змены, звязаныя з семантычнай, граматычнай і стылістычнай характарыстыкай фразеалагізмаў, а таксама зроблены нешматлікія папраўкі арфаграфічнага ці пунктуацыйнага характару.

Астатнія досыць многія заўвагі рэцэнзентаў і рэдактараў я не прыняў і абгрунтаваў гэта ў сваіх аўтарскіх даведках. І з маімі аргументамі пагадзіліся.

Не можа быць ніякага сумнення, што рэцэнзаванне, калі яно кваліфікаванае і кампетэнтнае, - вельмі патрэбная справа. А між тым апошнім часам даволі многія кнігі выдаюцца без папярэдняга рэцэнзавання, часам з паметай "у аўтарскай рэдакцыі".

Як напаўзабыўты ўспамін пра мае адказы на вялізнае мноства заўваг, далёка не заўсёды слушных, выказаных рэдактарамі і рэцэнзентамі, спынюся толькі на двух урыўках з маіх аўтарскіх даведак.

Адна з заўваг абгрунтоўвалася спасылкай на перакладны "Руска-беларускі слоўнік" (выданне 2-е, 1982). Маўляў, РБС не дае такога фразеалагізма, які ёсць у Вашым рукапісе. Або: у РБС пададзена інакш, гл. РБС, т. 1, с. … Вось невялікі ўрывак з адной маёй аўтарскай даведкі.

"Я складаў слоўнік на аснове сваёй 90-тысячнай картатэкі (з твораў 382 беларускіх аўтараў), якая адлюстроўвае стан беларускай фразеалогіі і пацвярджае існаванне таго ці іншага выразу ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Дык, чаму ж я павінен абавязкова глядзець на "Руска-беларускі слоўнік", складзены ў 1953 годзе і перавыдадзены ў 1982 годзе без якіх-небудзь змяненняў у яго фразеалагічнай частцы? Агульнавядома, што гэты слоўнік складаўся без апоры на картатэку. Не было тады і тлумачальнага ці яшчэ якога нарматыўнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы. Пераклад рускіх фразеалагічных адзінак рабіўся адвольна, браўся, што называецца, са столі. Дык хіба ж можа быць такі даведнік эталонам правільнасці?! А чаму тады ўбаку застаўся "Польска-беларускі слоўнік" ці "Украінска-беларускі слоўнік"?!"

Далей у маёй аўтарскай даведцы прыводзіліся прыклады, якія пацвярджалі, што ў галіне фразеалогіі спасылацца на РБС, як на пуп зямлі аніяк нельга. Вось толькі некаторыя з іх.

1. У маім рукапісе на с. 2176 каля фразеалагізма ні даць ні ўзяць ёсць заўвага рэдактара: "Гл. РБС, т. 1, с. 91". Гляджу і бачу, што тут ни дать ни взять перакладаюць так: якраз як дзве кроплі вады. А цяпер паглядзім у маім рукапісе на с. 671 ( ні даць ні ўзяць - мае д в а значэнні) і на с. 1090 (падобны як дзве кроплі вады). Яны нават не сінонімы. Гэта зусім розныя выразы са сваім уласным акружэннем і семантыкай. І абодва ёсць у сучаснай беларускай мове. Былі яны ў нас і ў мінулым стагоддзі. У "Зборніку беларускіх прыказак" (1874) І.І. Насовіч (с. 111) дае: ні даць ні ўзяць. У ананімнай паэме "Тарас на Парнасе" чытаем: "Авохці мне! Ні даць ні ўзяць як у казарме тых салдатаў - багоў…"

2. На с. 2359 каля выразаў чын чынам, чын чынаром заўвага: "Гл. РБС, т. 2, с. 593". А вось Ф. Янкоўскі ў сваёй народна-дыялектнай "Беларускай фразеалогіі" (1968, с. 416) дае як занатаванае ў народнай мове: чын чынам, чын чынаром. А ў маім слоўніку ўжыванне гэтых выразаў пацвярджаецца прыкладамі з Брыля, Мележа, Лужаніна, Лобана… Дык ці трэба абапірацца на гэты руска-беларускі "лексікон"?

3. У РБС (т. 1, с. 430) не змяшчаюць фразеалагізма ў імгненне вока. Таму, маўляў, і я не павінен даваць яго. Але ж гл. у маім "Этымалагічным слоўніку фразеалагізмаў" (1981, с. 136), дзе сказана, што гэты выраз ужываўся яшчэ ў XVI ст., напрыклад, у "Катэхізісе" С. Буднага (і далей прыводзіцца цытата).

4. На с. 2067, дзе апісаны выраз ні к сялу ні к гораду, даяце адсылку да РБС і раіце глядзець прадмову да РБС, дзе на с. 6 сказана, што складальнікі РБС да некаторых фразеалагізмаў знайшлі больш дакладныя адпаведнікі: ни к селу ни к городу - ні ў сеч ні ў печ. - Але ж выраз ні ў сеч ні ў печ нідзе ў беларускай літаратуры не ўжыты ніводнага разу. Ён фіксуецца толькі як дыялектны - з Карэліцкага раёна - у зборніку "Жывое слова" і з гэтага зборніка ў "Выслоўях" (с. 84). Атрымліваецца, што ўжо няма розніцы паміж літаратурнай мовай і дыялектнай?.. Дарэчы, дыялектны выраз ні ў сеч ні ў печ не з'яўляецца ні адпаведнікам, ні сінонімам да фразеалагізма ні к сялу ні к гораду. Апошні фіксуецца ў працах XIX ст. - Насовіча, Сержпутоўскага. А найлепшае сведчанне яго жыцця ў мове - маўленчая практыка аўтарытэтных аўтараў: 1) Дужа мне прыкра, што п. старшына не лічыўся з маёй просьбай і па-свойму папраўляў лірніка, дзе ён рыфмуецца з другім словам. Значыцца, выйшла ні к сялу ні к гораду (Я. Купала); 2) Замест "благодарю" ляпне Міхалка ні к сялу ні к гораду - "дзякую" (Я. Колас); 3) Гаворка ў абодвух іх выходзіла складна, але ні к сялу ні к гораду (К. Чорны).

Яшчэ пра адну заўвагу. Яе выказаў А.С. Аксамітаў. Ён істотным дэфектам майго слоўніка палічыў тое, што ў яго не ўвайшлі "многія агульнавядомыя размоўнага характару фразеалагізмы". Пры гэтым рэцэнзент не абмяжоўваецца заўвагай агульнага кшталту, а канкрэтызуе яе: падае на с. 15 - 17 спіс фразеалагізмаў, якія "не трапілі ў слоўнік" і якія трэба ўключыць і апісаць. У гэты спіс увайшло 224 (!) выразы. Адзначаны рэцэнзентам "дэфект" выклікаў пэўны непакой і ў рэдакцыі. Як паведаміў мне І.У. Саламевіч, "самая складаная заўвага - наконт папаўнення слоўніка вядомымі фразеалагізмамі. Мы думаем (і галоўная рэдакцыя!), што яе варта прыняць".

У сваёй аўтарскай даведцы, а пасля і ў размове з рэдактарамі я паведаміў ім, адкуль удалося Аксамітаву набраць больш, як 200 "прапушчаных" выразаў.

Справа тут вось у чым. Аксамітаў быў рэцэнзентам не толькі "Фразеалагічнага слоўніка беларускай мовы", але і другой маёй працы, якая тады знаходзілася ў выдавецтве "Вышэйшая школа" і мела назву "З народнай фразеалогіі: дыферэнцыяльны слоўнік". У гэты дыялектны слоўнік уключана каля 700 выразаў, якія я сабраў на працягу апошніх 30 гадоў у розных раёнах рэспублікі, і якія належаць да фразеалагічнай нерушы: яны не апісваліся ні ў нарматыўных слоўніках літаратурнай мовы, ні ў даведніках беларускай народна-дыялектнай фразеалогіі (працах Ф.М. Янкоўскага, Г.Ф. Юрчанкі, Е.С. Мяцельскай і Я.М. Камароўскага), ні ў асобных публікацыях з фразеалагізмамі, зафіксаванымі ў тым ці іншым раёне рэспублікі.

Вось, напрыклад, адзін слоўнікавы артыкул з гэтага дыферэнцыяльнага даведніка:

Не ідзе сучка баразной . У безас. ужыв. Іран. Ніяк не выходзіць, не атрымліваецца што-н. так, як трэба. Вот кыланіца нейкыя: ня йдзець сучка быразной! Дубр., Іск. (Далей прыводзяцца яшчэ дзве пашпартызаваныя ілюстрацыі з гаворак Горацкага раёна.)

Гэты ж дыялектны фразеалагізм, у ліку іншых 224-х, узятых са слоўніка, называе і Аксамітаў. На якой жа падставе і якім чынам можна апісаць гэты выраз у фразеалагічным слоўніку літаратурнай мовы, калі і да сённяшняга дня няма ніводнай пацвярджальнай цытаты з яго выкарыстаннем у пісьмовых беларускіх крыніцах?!

І толькі калі ў канцы 1991 года ў выдавецтве "Вышэйшая школа" выйшаў гэты слоўнік (тыраж 2400 экз.), рэдакцыя "Беларускай Энцыклапедыі" пераканалася, што выяўлены Аксамітавым "дэфект" не варты выедзенага яйка, а ўчынак рэцэнзента нельга прызнаць ні прыстойным, ні добрасумленным. Кажучы фразеалагізмам, рэцэнзент знайшоў сякеру пад лаўкай. Мне ж напісанне аўтарскіх даведак (з абвяржэннем бязглуздых заўваг і парад, дарэчы, у абедзвюх рэцэнзіях) каштавала многіх дзён і вечароў напружнай працы. Каб давесці, што ты не вярблюд…

Іван Лепешаў.


У панядзелак 14 кастрычніка пайшоў з жыцця беларускі паэт Мікалай Віняцкі. Яму было 74 гады.

Мікалай Фёдаравіч Віняцкі нарадзіўся 13 красавіка 1939 года ў вёсцы Чыгірынка Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. Пасля заканчэння мясцовай сямігодкі вучыўся ў Менскім політэхнікуме.

Працоўны шлях пачаў тапографам. Без адрыву ад вытворчасці скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, аспірантуру пры Беларускім тэхналагічным інстытуце. Усё сваё далейшае жыццё прысвяціў тапографа-геадэзічнай дзейнасці. Кандыдат тэхнічных навук па спецыяльнасці "Геадэзія". Да выхаду на пенсію працаваў галоўным рэдактарам Беларускага картографа-геадэзічнага аб'яднання "Белгеадэзія". Быў жанаты, меў дваіх дзяцей. Літаратурнай дзейнасцю займаўся са школьных гадоў. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Аўтар кніг паэзіі:

"Пад крылом лебядзіным…" (1996),

"Каб не пагасла зорачка надзей…" (1998),

"Загойвай боль, сінь яснавокай зоркі" (1999),

"Адзвінелі жытоў каласы" (2001),

"Залатое пачуццяў руно" (2004).

Сярод літаратурных дасягненняў Мікалая Фёдаравіча можна вылучыць стварэнне вянка вянкоў санетаў (кніга "Загойвай боль, сінь яснавокай зоркі"). Акрамя таго аўтар выкарыстоўваў у сваёй паэзіі цэлы шэраг экзатычных жанраў: тэрцэты, квінцілы, секстыны, септымы, ноны, дэцымы і г.д.

Апошнія 10 год ён пакутаваў ад перанесеных прыступаў інсульту.


ВЫТОКІ ФРАЗЕАЛАГІЗМАЎ - ПАДСЕЧНА-АГНЯВОЕ ЗЕМЛЯРОБСТВА

Пачынаючы з ХІХ ст., лінгвісты спрабуюць растлумачыць паходжанне фразеалагізмаў у чорта на кулічках, да чорта на кулічкі. Калі сэнс першага назоўнікавага кампанента гэтых фразеалагізмаў быццам бы не выклікае сумнення, то другі назоўнікавы кампанент кулічкі для сучасных носьбітаў мовы - пэўная загадка.

Існуе некалькі этымалагічных гіпотэзаў утварэння згаданых фразеалагізмаў. Яны сабраны разам у кнізе "Словарь русской фразеологии: историко-этимологический справочник" (СПб, 1998).

1. У Маскве пры царкве Кіра і Іаана ў Куліжках патрыярхам Іовам была пабудавана багадзельня. У ёй пасяліўся д'ябал, які пасля быў выгнаны малітвамі прападобнага Іларыёна. Пра свавольствы гэтага д'ябла існавала многа легендаў, якія, магчыма, і паслужылі нагодай адносіць усё, што прапала, да чорта на кулічкі (Н.Я. Ермакоў).

2. У чорта на кулічках - грубы выраз, запазычаны з польскай мовы, дзе kuliczki - нецэнзурнае слова (А.В. Ісачэнка).

3. Слова кулічкі у выразе да чорта на кулічкі мае сувязь з абласным словам кулічкі 'ватрушкі, вясельны пірог, куліч' (А.А. Нікольскі).

4. Слова кулічкі ( куліжкі, кулігі) абазначае 'прагаліны, паляны, балоцістыя мясціны ў лесе'. Паводле народных павер'яў, гэтыя глухія мясціны - аблюбаваны прыстанак нячыстай сілы (Н.С. Дзяржавін).

5. Шэраг даследчыкаў (Э.А. Вартаньян, І.Я. Лепешаў, В.М. Макіенка, С.В. Максімаў,М.І. Міхельсон) слова кулічкі ( <куліжкі, <кулігі, <куліга) тлумачаць наступным чынам. Гэта выпаленыя і расчышчаныя пад ворыва лясныя мясціны пры падсечна-агнявой сістэме землекарыстання. Высечаны лес спальваўся, і некалькі гадоў на гэтым месцы аралі і сеялі. Затым поле пераставалі апрацоўваць. Яно хутка зарастала лесам. Менавіта на такіх далёкіх і дробналесных кулічках, паводле забабонаў, вадзіліся чэрці.

З усіх прапанаваных версій бліжэй да ісціны ў плане растлумачэння значэння слова кулічкі апошняя. Як сведчаць дыялектныя слоўнікі, куліжка ( куліжкі, кулічкі) - памяншальная форма слова куліга.

Слова куліга (і вытворныя ад яго) першапачаткова мела значэнне 'ўчастак з-пад лесу, расчышчаны пад ворыва, часам луг'. Пасля яно развіло ў розных гаворках іншыя значэнні і адценні значэнняў, большасць з якіх мае дачыненне да сельскагаспадарчых мясцінаў у лясной мясцовасці, напрыклад: 'поле і луг у лесе', 'уклінены ў лес участак поля ці лугу', 'расчышчанае месца ў лесе, дзе расстаўляюць лён для прасушкі', 'месца ў лесе, дзе паміж кустамі ці на дзялянках можна касіць траву', 'невялікая лясная паляна', 'невялікі лес сярод палёў', 'участак зямлі'.

З коранем куліч ( куліж, куліш, кулік, куліц) захавалася да нашага часу нямала мікрата-понімаў, якія абазначаюць пераважна лясныя ці сельскагаспадарчыя аб'екты. Вось некаторыя прыклады з беларускіх і польскіх дыялектных слоўнікаў: Кулік - поле і сенажаць, Кулікава - поле, Кулікава поле - урочышча, Кулікі - сенажаць, Кулікоўская - поле, Куліцкія - поле, Кулячкы - урочышча, Кулікі - сенажаць, Кулікова поле - поле, Кулікоўка - лес, Кулікоўскі лес - лес, Кулікоўшчына - поле, Кулікішкі, Кулікушкі - сенажаць, Kuliszki - лес, выселкі, Kaliczki odpadek - лес.

Кулічкі ў часы падсечна-агнявога земляробства распрацоўваліся, па ўсёй верагоднасці, удалечыні ад населеных пунктаў, бо вакол паселішчаў ужо былі асвоеныя пад сельскую гаспадарку плошчы. Пра гэта сведчаць і некаторыя значэнні, якія развіліся ў слове куліга ( куліжка) - 'разараная палянка ў лесе далёка ад вёскі ці поля', 'лес, які знаходзіцца далёка ад населенага пункта', 'аддаленае поле', 'вёска ў лесе, удалечыні ад іншых населеных пунктаў', жыць на кулізе - 'жыць на выселках, не ў вёсцы'.

Такім чынам, элементам фонавага значэння слова кулічкі з'яўляецца ўяўленне пра адлегласць, далечыню, што знайшло рэалізацыю ў фармаванні фразеалагічнага значэння: у чорта на кулічках - 'вельмі далёка, у аддаленых мясцінах (быць, жыць, знаходзіцца і пад.)', да чорта на кулічкі - 'невядома куды і для чаго (ісці, ехаць і пад.)'.

Цяпер паўстае пытанне, чаму ў вобразнай аснове фразеалагізмаў фігуруе чорт. Этымолагі тлумачаць гэта тым, што на кулічках праз некалькі гадоў землекарыстання ўрадлівасць глебы вычэрпвалася. Людзі кідалі гэтыя мясціны, і такія пусткі любілі асвойваць чэрці. Аднак у згаданым тлумачэнні можна заўважыць пэўную лагічную неадпаведнасць. Паводле народных уяўленняў, улюбёным месцам чорта з'яўляецца не суша (поле выраблялася на сушы), а балота, і гэта адлюстравана ў шэрагу фразеалагізмаў і прыказак, напрыклад: у чорта на болоце, чорт з балота 'невядома хто', як чорт з балота 'зусім нечакана, знянацку (выскачыць)', 'вельмі хутка, імкліва (выбегчы)', 'вельмі брудны, запэцканы хто-н.'; У ціхім балоце чэрці водзяцца, Балота без чорта не бывае, Было б балота, а чэрці знойдуцца. Адпаведна народным уяўленням, на закінутых кулічках, якія знаходзіліся часцей у лесе, на незабалочаных мясцінах, лагічней было б "пасяліць" не чорта, а, напрыклад, лесуна ( лесавіка, лешага) ( лясун - лясны дух) або ляда ( ляд - нячысцік, які жыве ў закінутым лядзе; ляда - расчышчанае месца ў лесе пад ворыва; тое самае, што і кулічкі). Але са словамі лясун ( лесавік, лешы) і ляд, як сведчаць літаратурныя і дыялектныя слоўнікі ўсходнеславянскіх моў, няма варыянтаў фразеалагізмаў у чорта на кулічках, да чорта на кулічкі, у той час як фразеалагізмы іншых мадэлей, іншай пазамоўнай матывацыі такія варыянты маюць, напрыклад: рус. на кой чёрт ( леший, ляд).

Магчыма, пры ўтварэнні фразеалагізма у чорта на кулічках першы назоўнікавы кампанент абазначаў не чорта? Гэтае пытанне ўзнікла пры знаёмстве з іншымі фразеалагізмамі падобнага лексічнага складу.

У беларускіх, украінскіх і некаторых заходнерускіх гаворках слова кулічкі выкарыстоўвалася яшчэ і ў фанетычным варыянце кулачкі (з націскам на другім складзе). У часы актыўнага функцыянавання варыянт кулачкі замацаваўся ў шэрагу фразеалагізмаў, якія ўжываюцца і сёння. У гэтых фразеалагізмах, большасць якіх мае тэмпаральнае значэнне 'вельмі рана, перад світаннем', першым назоўнікавым кампанентам выступае слова чэрці: яшчэ чэрці на кулачках не біліся, шчэ чэрци на ўкулачках не бились, ещё черци на кулачках не билися, ще [й] чорти навкулачки <не> б'ються, ще чорти навкулачки б'ються, яшчэ чэрці на кулачкі не ідуць, <яшчэ> чэрці на кулачкі не выходзілі (не браліся, не біліся).

На першы погляд, тут кампанент чэрці не што іншае як назва міфічнай істоты чорт у множным ліку. Аднак спалучэнне яго з дзеяслоўнымі кампанентамі біцца, ісці, выходзіць, брацца наводзіць на шэраг роздумаў. Чаму чэрці павінны біцца? У фальклоры шмат сюжэтаў, якія паказваюць, што чэрці чыняць усялякія непрыемнасці людзям, але ў сваім асяроддзі, паміж сабой яны жывуць больш-менш згодна. І адкуль яны павінны ісці, выходзіць і чаму менавіта на кулачкі, а не ў іншае месца? І ўжо зусім незразумела, як гэта чэрці могуць брацца і што гэта азначае.

Усе гэтыя пытанні вымушаюць больш уважліва прыгледзецца да кампанента чэрці. Магчыма, першапачаткова сваім значэннем ён не быў звязаны з уяўленнем пра нячысцікаў? Каб адказаць на гэта, неабходна звярнуцца да некаторых рэаліяў падсечна-агнявога земляробства.

Каб падрыхтаваць тэрыторыю пад кулігі ( куліжкі, кулічкі, кулачкі), перш трэба было выпаліць участак лесу і выкарчаваць пні. Сыры лес гарыць кепска, і таму перад спальваннем яго імкнуліся засушыць. Для гэтага на ствалах рабілі чэрць ( чэрці, чарцёж, чарцяжы): " Черти, чертежи - так у даўніну называліся засечкі на дрэвах, якія трэба было засушыць, а пасля спаліць, і такім чынам падрыхтаваць лясную дзялянку пад ворыва" (В.П. Лемцюгова). Пазней слова черть ( черти, чертежи) у выніку метанімічных пераносаў набыло значэнні: 'праведзеная лінія, мяжа ў выглядзе вырубкі ў лесе', 'вырубаны ўчастак лесу', 'паласа, участак зямлі, вырабленай у лесе пад ворыва ці сенажаць'. Параўн.: "Рабілі чарцёж: кожнае дрэва абчэсвалі кругом, каб яно пасохла. Праз некалькі гадоў - якую плошчу зачарцілі - лес падсыхае... дзе-небудзь на новым месцы чарцілі лес, а пасля будаваліся на чарцяжы" (В. А. Жучкевіч); " Чэрцы - участак лесу, які засушвалі на корані (абчэсвалі кару, і дрэва засыхала), а потым ссякалі і будаваліся" (І.Я. Яшкін). Пра гэта ўказваюць і помнікі старабеларускага пісьменства. Некалькі прыкладаў з картатэкі "Гістарычнага слоўніка беларускай мовы", якая захоўваецца ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі: Одъ семи лhтъ почалъ черти, а одъ чотырехъ якъ почалъ косити распраставши лhсъ... (АВАК, ХІ, 1556, 31, Вільна); ...Они мhли… роспашы и чертежы новыи собh почынити (РКП, с. 248, 1545, Пінск); …Ты самъ, пане, и подданыи твои николи чертежу не розробливали (АВАК, ХІ, 1556, 30, Вільна); ...Чертежи по той горh есть наши (Арх. Зб. І, 61, 1546).

Варта таксама звярнуць увагу на тое, што для абазначэння працэсаў і дзеянняў, звязаных з чэрцямі, выкарыстоўваўся дзеяслоў біць. Дыялектныя слоўнікі падаюць многа значэнняў гэтага дзеяслова. Найбольш цікавымі для нас з'яўляюцца такія значэнні, як 'адрываць, аддзяляць, здымаць, драць (кару з дрэва)', 'распрацоўваць участак лесу пад ворыва', 'разбіваць, дзяліць зямлю на ўчасткі'. Параўн.: з рускіх слоўнікаў - бить бересто ( у) 'здзіраць бяросту з бярозы', бить лядо 'распрацоўваць месца ў лесе пад пасевы', бить землю (полосы, участки) 'дзяліць, разбіваць, раздрабляць', бить землю 'дзяліць зямлю (на індывідуальныя участкі пры аднаасобнай гаспадарцы)'; з беларускіх слоўнікаў - біць зямлю 'дзяліць зямельныя ўчасткі', біць на ўчасткі 'раздзяляць на ўчасткі поле'.

Прыведзеныя вышэй звесткі даюць выразнае ўяўленне пра ўнутраную форму фразеалагізма яшчэ чэрці на кулачках не біліся ( не браліся, не выходзілі). Можна меркаваць, што часавае значэнне гэтага фразеалагізма сфармавалася на падставе таго, што праца з чэрцямі была цяжкая, і людзі пачыналі біць чэрці з самай раніцы, на світанні. Паколькі чэрці знаходзіліся далёка ад жылля, то каб дайсці да іх і пачаць працу на світанні, патрэбна было прачынацца яшчэ ноччу, перад світаннем. Магчыма і такая версія: дзе-небудзь яшэ чэрці на кулачках не біліся, не браліся, не дзяліліся, а чалавек на тым месцы ўжо пачынаў будавацца. Верагодна, фразеалагізм з'яўляецца "абломкам" якой-небудзь прыказкі.

Такім чынам, кампанент чэрці ў фразеалагізмах з тэмпаральным значэннем першапачаткова не меў ніякай сувязі з назоўнікам чорт. Гэта дае падставу меркаваць, што і ў фразеалагізме з прасторавым значэннем у чорта на кулічках першы назоўнікавы кампанент меў выгляд черть ( черти) (рэканструкцыя: у чhрти на куличкахъ). Абодва тыпы фразеалагізмаў маюць агульную экстралінгвістычную аснову, яны зарадзіліся ў асяроддзі людзей, якія займаліся падсечна-агнявым земляробствам.

Пазней, калі падсечна-агнявое земляробства адышло ў нябыт, звязаная з ім непасрэдна прафесійная лексіка пачала страчвацца. Слова чэрць ( черці) састарэла і стала незразумелым, хоць фразеалагізмы з гэтым ужо цьмяным словам працягвалі выкарыстоўвацца. Цьмянасць кампанента спарадзіла неадпаведнасць пераменным сінтаксічным адзінкам, прывяла да зацямнення ўнутранай формы фразеалагізмаў. Носьбіты мовы імкнуцца адрадзіць двухпланавасць фразеалагізмаў. І тут у сілу ўступае народная этымалогія. У выніку паранімічнай ці аманімічнай трансфармацыі незразумелы кампанент "падцягваецца" да фармальна падобнага слова чорт (у множным ліку чэрці), а ў слове кулачкі націск перасоўваецца на апошні склад, і фразеалагізмы атрымліваюць новае вобразнае напаўненне. Гэтаму ў пэўнай ступені спрыяла і тое, што ў некаторых гаворках слова чорт выкарыстоўваецца з мяккай асновай - чорць, напрыклад: Кажу: а чорць вас беры, такая журба па вас, аж децца негдзе; У нас гавораць: чорць з рагамі ("Дыялектны слоўнік Лоеўшчыны"); Каб ета ў мяне старыкоўска здароўя, дак я, чорць ё бяры, уставіў бы зубы. У мяне от адзін зуб сядзіць, дак к яму, чорць ё ведая, што можна прыкрапіць! ("Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча").

Набыўшы новую ўнутраную форму, фразеалагізмы сталі развіваць адпаведныя ёй варыянтныя разнавіднасці: укр. у чорта на куличках, де трава не росте, чорти навкулачки підіймають каго 'хто-н. рана ўстае', ще чорти в булки не грають; бел. яшчэ чэрці на кулачках спяць, (устаць) бы чэрці на кулачку; рус. черт кулачку не бьет, черти в кулачки не бьют, ещё черти на кулачки не дрались.

Такім чынам, абследаванне і гістарычных з'яў, і лінгвістычных фактаў з суседніх моў даказвае, што вытокі згаданых фразеалагізмаў з кампанентам чорт ( чэрці) звязаны не з народнай міфалогіяй, а з вельмі пашыраным працоўным заняткам нашых продкаў - падсечна-агнявым земляробствам.

Мікола Даніловіч.


Магілёў прыняў да ведама

Сп. У.М. Цумараву,

Старшыні Магілёўскага гарвыканкама

212030, г. Магілёў,

вул. Першамайская, 28а

Паважаны Уладзімір Міхайлавіч!

Дзякуй Вам за дасланы адказ на наш ліст.

Зважаючы на тое, што ў вашым горадзе 8,6 % шыльдаў аформлены на англійскай мове, якая не з'яўляецца дзяржаўнай, просім Вас прапанаваць уладальнікам інфармацыйных шыльдаў і рэкламных банераў зрабіць версію на дзяржаўнай беларускай мове. Менавіта з гэтага вуліцы вашага горада пачнуць набываць беларускае аблічча.

З павагай, старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алег Трусаў.



Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

вул. Румянцава, 13

220034, г. Мінск


Разгдезеўшы Ваш зварот Магілеўскі гарадскі выканаўчы камітэт паведамляе наступнае.

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 10.05.2007 г. №255-3 "О рекламе" вонкавая рэклама на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь распаўсюджваецца толькі на беларускай або рускай мове за выключэннем выпадкаў прадугледжаных заканадаўствам. Выбар беларускай або рускай мовы пры распрацоўцы вонкавай рэкламы з'яўляецца выключным правам рэкламараспаў-сюджвальніка.

Адначасова паведамляем, што Вашы пажаданні прыняты да ведама.

Намеснік старшыні гарвыканкама С.У. Дзядовіч.


"Буся" для самых маленькіх

Мамы, папы,бабулі і дзядулі, - РАДУЙЦЕСЯ!

Выйшаў у свет і паступіў па падпісцы (індэкс 00142, кошт 10 тыс.) першы нумар новага беларускамоўнага каляровага часопіса "БУСЯ". Тыраж 3037 экз. Заснавальнік: рэдакцыя вядомага часопіса "Вясёлка". Часопіс друкуецца на мелаванай паперы. Галоўным рэдактарам ёсць вядомы дзіцячы пісьменнік Уладзімір Ліпскі.

Лічу, што "БУСЯ" - часопіс для дзетак кожнай беларускай сям'і. Гэта чытанка-маляванка для дашкольнікаў. Такі часопіс сем'і і выхавальнікі дашкольных устаноў чакалі даўно. Адпаведна ўзросту пасля часопіса "БУСЯ" пераходзім да часопіса "Вясёлка". На вялікі жаль і неразуменнездзіўленне, на сёння, гэта адзіныя беларускамоўныя часопісы ў дзяржаве Беларусь.

Прыемна, што першы нумар адкрываецца казкай вядомай і любімай чытачамі паэтэсы Раісы Баравіковай і Ўладзіміра Ліпскага "Чароўныя літары". Змешчана цудоўная "Калыханка" Сяргея Грахоўскага. Добры прафесійны густ мастакоў-афармляльнікаў Валянціны Чэпік, Віталя Дударанка і Ўладзіміра Жука.

Шчаслівай дарогі на творчым шляху, праз гушчары і зараслі суцэльнай русіфікацыі на гістарычнай ніве беларусаў! На сёння на нашым хмурным небе ТОЛЬКІ дзве зоркі "Буся" і "Вясёлка". Яны дапамагаюць беларускім дзеткам не аслепнуць і захавацца беларусамі.

Мікола Савіцкі, прафесар, дзядуля трох унучак.


ЛІСТ ДА РОДЗІЧАЎ

Пасля адведзін

Дарагія нашы!

Тая наймілейшая краіна, дзе завязана пупавіна. Няма большага духовага задавалення, як адведкі родных на роднай зямлі. Мы з Надзяй ўдзячныя Богу, што нам пасля чатырохгадовага перапынку пашчасціла пабачыцца з вамі, пабыць у розных мясцінах Беларусі, пажыць успамінамі, пацешыць вочы незабыўнымі краявідамі, але адначасова з болем у сэрцы пераканацца ў адыходзе з практычнага ўжытку таго, што нам найдаражэйшае - роднай мілагучнай мовы.

Дарога назад у Амерыку была камфартабельнай. Польская авіялінія абнаўляе цяпер свой флот, і з Варшавы ў Нью-Ёрк мы ляцелі новым Боінгам-787. Гэта той, у якога на пачатку года сёлета былі ўсё нейкія праблемы з батарэямі. Нарэшце наладзілі. Боінг-787 - гэта вялічэзная прасторная махіна. На борце 400 пасажыраў. Выгодныя сядзенні, індывідуальныя тэлеэкраны з багатым выбарам праграмаў, добрая яда (да выбару дзве стравы, розныя напоі, уключна з віном і гарэлкай). Словам, ад старту да фінішу ўсё наша ліпеньска-жнівеньскае падарожжа - 10 дзён у Польшчы з Беластокам і 20 у Беларусі - прайшло гладка, прыемна і памятна. Хочацца верыць, што сустрэча наша была не апошняй...

Цяпер тут знаёмыя пытаюцца: "Ну, як там у Беларусі?" Пытанне ёмістае. Можа і вам будзе цікава пачуць наш адказ.

Мушу сказаць, што за мінулыя чатыры гады змены ў вас відавочныя. Значна пашырыўся і мадэрнізаваўся Менскі аэрапорт (з ім мы пазнаёміліся пры адлёце): значна пашырэла электроннае табло з новымі рэйсамі, больш кіёскаў з сувенірамі, крамаў з замежнымі бутэлькамі алкаголю і парфумерыі, перакусачная, банкаўскае акно ды іншае.

Пабольшала аўтастрадаў. Новыя, чыстыя, з гладкімі палосамі траўнікаў паабапал. Далейшая хада дарожнага будаўніцтва навідавоку. Прыбыло будаўнічай тэхнікі. Галоўнае, чаго не стае - гэта аўтамабільнай і турыстычнай абслугі. Дзясяткі кіламетраў без рэстаранчыка, без заправачнай станцыі, без месца адпачынку. Па-ранейшаму скупыя, або блытаныя, або зусім адсутныя на бакавых дарогах паказнікі кірунку.

У Менску адразу ж кідаюцца на вочы гмахі новых жыллёвых кварталаў. Гарадскія ўлады ўжо нават робяць захады, каб прыпыніць крыху будаўнічы бум.

На вуліцах сталіцы пабольшала аўтамабіляў з павышанай доляй навейшых. Амаль у кожнага пешахода пры вуху мабільнік. Людзі выглядаюць крыху лепш апранутымі. І ўсе паранейшаму з авоськамі або мешкаватымі чыноўніцкімі партфелямі.

Мадэрнізацыйныя змены заўважаюцца і ў правінцыі. З'явіліся кватэрныя туалеты там, дзе іх яшчэ нядаўна не было, душы з цёплай вадой, машыны да мыцця бялізны. Мы былі прыемна здзіўленыя, пабачыўшы ў раённых Жыткавічах гіпермаркет (па-нашаму - супермаркет). Вялікі выбар прадуктаў, хуткая абслуга. У суседнім Тураве пабудаваны італьянскі завод малочных прадуктаў; тут жа побач і новенькая крама з малочнымі і мяснымі вырабамі. Праўда, калі гаварыць пра заработкі і цэны, то ружовы колер знікае. Вочы бачаць, а кішэня не дазваляе. Сямейныя бюджэты трашчаць. Уздоўж дарогаў (падобна, як і на Беласточчыне) сёй-той залатвае бюджэтныя дзіркі продажам "дароў" лесу. Але ж такіх прадаўцоў знікомая колькасць. Лес далёка не ўсім даступны. Дый транспарт каштуе. Шмат якія гараджане займаюцца "нелегальным вулічным гандлем" (тэрмін менскай адміністрацыі), змагацца з якім улады заклікалі нядаўна міліцыю ды падаткавую інспекцыю.

Як вынік сацыяльнай дыферэнцыяцыі і росту жыццёвага ўзроўню часткі насельніцтва, растуць і цэны. А рост цэнаў даймае якраз найбяднейшых. Жанчына ў харчовай краме: "А што ж гэта такое?! Учора батончык быў пяць тысячаў, а сёння ўжо сем! Вось табе і падвысілі пенсіі...". Адна рука дае, другая забірае.

Часткова прыватызаваная камерцыя закідала рынак замежнымі таварамі, асабліва галантарэйнага кшталту (крэмы, туалетныя прылады, біжутэрыя і г.д.). Паправілася тэхналогія апрацоўкі і абсталявання кватэраў. Замежныя тавары нагэтулькі пераважаюць сваімі якасцямі, што ўрад мае праблему з гандлёвым дэфіцытам: валюта ўцякае за мяжу. Урад змагаецца з гэтымі ўцёкамі рознымі спосабамі, у тым ліку этыкеткамі ў крамах: "Зроблена ў Беларусі". Беларусы, будзьце патрыётамі!

За мяжу ўцякае не толькі валюта, а і маладыя людзі ў пошуку нармальных бытавых умоваў. Наяўны прыклад: настаўнік-пачатковец з месячнай зарплатай 175 даляраў шукае кватэры ў Менску і даведваецца, што найтаннейшая аднапакаёўка будзе каштаваць яму 200 даляраў. Вось і ўладкуй свой быт, калі не маеш дапамогі ад бацькоў з дзядамі.

Густой заслонай над беларускай зямлёй павісла расейская мова і русіфікаванае маўленне. Дэнацыяналізацыйныя ўплывы дабраліся ўжо да фанетыкі, да цвёрдых і фрыкатыўных гукаў беларускай мовы. У моўна знявечаным Менску засталіся адно бледныя сляды нацыянальнага моўнага скарбу - на некаторых шыльдах, на вулічных табліцах, дзяржаўных будынках ды ў гарадскім метро, дзе яшчэ лашчыць слых прыемны мужчынскі барытон: "Асцярожна! Дзверы зачыняюцца. Наступная станцыя Купалаўская". Пры ўсім гэтым варажнечы да нашай беларускай мовы, якою мы ўсюды карысталіся, мы не адчулі. Папулярнасць расейскае мовы, апрача ўсяго іншага, падтрымліваецца фактам, што Расея застаецца, як сказаў адзін суразмовец (які займаецца вырабам мэблі), "бяздонным рынкам збыту тавараў". Рынкавая мова - мова бытавых патрэбаў, штодзённай практыкі, мова масаў. А мова нацыянальнай спадчыны, калі яе актыўна не падтрымлівае ўрад і мясцовыя ўлады, застаецца аб'ектам абароны з боку лічаных адзінак і малалікіх групаў грамадзянаў. Трэба падкрэсліць, што такая абарона паступова пашыраецца ў выніку праводжання, у дадатак да агульных заяваў пра русіфікацыю, канкрэтных практычных абарончых мерапрыемстваў, як гэта робіць Таварыства беларускай мовы (ТБМ) пад старшынствам сп. Алега Трусава, або Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" пад старшынствам сп-ні Алены Макоўскай. Абаронцы беларушчыны апіраюцца на заканадаўства ці проста праводзяць мерапрыемствы, што не пярэчаць законам. Падобныя захады даюць пазітыўныя вынікі, як нам было сказана. З псіхалагічнага боку такая тактыка вельмі карысная, бо яна дае, хоць і малыя, але наяўныя вынікі, якія трымаюць абаронцаў на духу.

Не выключана, што акцыя маламаштабнай абароны мовы ўздзейвае на змяншэнне беларусафобіі. Не трэба так-сама выключаць з аналізу і магчымага пашырэння ў грамадстве разумення беларускай гістарычна культурнай анамаліі - існаванне тытульнай дзяржаўнасці без тытульнай мовы.

Несамавітым аднак застаецца яшчэ сярод многіх беларусаў інтэлектуальны вывіх у паглядзе на нацыянальную мову. І на самой рэчы: з далёкіх вякоў як і з нядаўніх дзесяцігоддзяў гучаць ва ўнісон галасы найвыдатнейшых постацяў айчыннай гісторыі, што родная мова Богам дадзеная. Пра гэта казалі і кажуць Францішак Скарына, Леў Сапега, Францішак Багушэвіч, Янка Купала, Рыгор Барадулін ды мноства іхніх сучаснікаў. Але мазгі ў нашых людзей нагэтулькі затуманеныя русіфікацыяй (або паланізацыяй), што нават тыя, хто глыбока вераць у Бога, не разумеюць свайго першароднага грэху, калі яны здаюць на пагібель Божы дар, родную мову.

На гэтым пакуль што спынімся. Паспрабуем прасеяць праз сіта развагі ўсё бачанае і чутае. Ды будзем жыць далей думкамі і мроямі пра родную Беларусь.

Янка Запруднік. Самэрсэт, кастрычнік 2013 г.


25-годдзе БНФ "Адраджэньне" ў Менску

25 гадоў ад заснавання Руху БНФ "Адраджэньне" адзначылі 18 кастрычніка ў Менску сябры Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ.

Урачыстасць адбылася ў банкетнай зале канцэрна "Амкадор". Сабралася больш за 100 сяброў арганізацыі. Перад пачаткам імпрэзы кіраўніцтва банкетнай залы папрасіла прысутных прыбраць бел-чырвона-белыя сцягі, аднак удзельнікі запратэставалі і сцягі пакінулі як на сцэне, так і ў зале. Але праз гадзіну ад пачатку, пасля пагрозаў выклікаць міліцыю, сцягі згарнулі.

Сябар Сойму КХП-БНФ Валер Буйвал зачытаў віншаванне-зварот старшыні КХП-БНФ Зянона Пазьняка. Зварот утрымліваў пералік найважнейшых датаў у гісторыі незалежнай Беларусі, якія непарыўна звязаныя з дзейнасцю БНФ. Напрыканцы прагучала наступнае:"БНФ дамогся ліквідацыі камунізму і прыходу незалежнасці ў Беларусь. Мінула 25 гадоў, калі запаліўся агонь свободы. І прыйдзе час, калі іскры гэтага агню разгарацца ў вялікае полымя. Жыве Беларусь!".

Акадэмік Радзім Гарэцкі падзяліўся ўспамінамі пра пачатак дзейнасці БНФ, у якім ён браў актыўны ўдзел:

- Тая хваля была вельмі кароткай, менш за 10 гадоў, але яна была вельмі яркай і распачала незалежнасць Беларусі. Гэта цуд, што гэта быў рэвалюцыйны час, але гэта быў час без крыві. Менавіта тады пачалі стварацца Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Згуртаванне беларусаў свету, іншыя арганізацыі. Я перакананы, што справы, якія рабіў БНФ, упішуцца ў гісторыю навечна.

З прапановы Юрася Беленькага ўдзельнікі святкавання прагаласавалі за вылучэнне Зянона Пазьняка на Нобелеўскую прэмію міру. Прагаласавалі адзінагалосна.

Радыё Свабода.


19 кастрычніка ў мастацкай майстэрні на вуліцы Старажоўскай у Менску ладзілася ўрачыстае святкаванне 25-годдзя БНФ. Удзельнічалі бальшыня сябраў таго самага гістарычнага аргкамітэту 1988 году. Сярод іншых, выступілі Аляксей Марачкін, Мікола Купава, Вінцук Вячорка і Юрась Беленькі, Валянцін Голубеў і Лявон Баршчэўскі, Пятро Садоўскі і Алег Трусаў, гісторыкі Валянцін Мазец і Уладзімір Ляхоўскі.

Адметна, што ў святкаванні ўдзельнічалі прыхільнікі розных плыняў БНФ: як Зянона Пазьняка, так і Баршчэўскага, і Вячоркі, і Янукевіча. Падчас імпрэзы згадваліся тыя фронтаўцы, якія адышлі ў лепшы свет і знаходзяцца ў няволі.

Адась Матафонаў і Тацяна Матафонава-Грыневіч выканалі песні на словы Сержука Сокалава-Воюша і Зянона Пазьняка.

Лявон Баршчэўскі падсумаваў у інтэрвію Радыё Свабода вынікі святкавання:

- Я лічу, гэта было аўтэнтычнае святкаванне. Сабраліся і выступілі менавіта сябры першага аргкамітэту, якія вялі рэй у 1988 годзе. Іх выступы былі самыя яркія, гэта былі выступы, не толькі звернутыя ў мінуўшчыну, але і будучыню. Казалі пра ідэалы БНФ, пра тое, як, нягледзячы на ўсе неспрыяльныя ўмовы, важна даходзіць да людзей і да народу. Сустрэча і выступы паказалі, што не трэба шукаць сякеру пад лавай. Тое, што прыдумана ў 1988 годзе, на 90 працэнтаў актуальнае і зараз. Гэта пакінула вельмі прыемнае ўражанне.

Да юбілею выпушчаны насценны каляндар, падрыхтаваны выпуск часопіса "Спадчына".

Радыё Свабода.


19 кастрычніка ў Менску адбылося паседжанне Сойму Партыі БНФ і ГА БНФ "Адраджэньне". Побач з вырашэннем бягучых пытанняў кіраўнічы орган партыі і аб'яднання прымеркаваў сваё паседжанне да адзначэння 25-х угодкаў заснавання Беларускага Народнага Фронту.

Ва ўрачыстай частцы прынялі ўдзел сябры Сойму, ветэраны-фронтаўцы, прадстаўнікі арганізацыйных структураў партыі і руху, госці ад сяброўскіх грамадска-палітычных арганізацыяў, а так-сама сябры аргкамітэту БНФ і дэпутаты фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, журналісты.

У сваёй прамове Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч акцэнтаваў увагу на значнасці гістарычнай місіі Фронту і на тых задачах, якія палягаюць перад БНФ у будучыні. З прамовамі выступілі сябар Аргкамітэту БНФ і дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання Алег Трусаў, намеснік старшыні Партыі БНФ і экс-кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў, прадстаўнікі фронтаўскай моладзі і ветэраны руху.

Алег Трусаў прадставіў святочны каляндар, прысвечаны 25-годдзю БНФ і параіў сённяшнім гісторыкам шукаць вытокі БНФ не ў 80-х гадах 20-га стагоддзя, а ў эпоху Кастуся Каліноўскага. Фронт пачаўся адтуль.

Адзін з самых прыемных момантаў святкавання - выступ Паўла Севярынца, чыё вызваленне прыпала на дату слаўнага юбілею, і які прыйшоў у сядзібу БНФ.

Наш кар.


Навіны з Магілёва

3-га кастрычніка магілёўская суполка ТБМ імя Ф. Скарыны правяла гурток беларускай мовы, прысвечаны памяці паэта, празаіка і перакладчыка Сяргея Грахоўскага, аўтара трылогіі "Такія сінія снягі" - "Зона маўчання" - "З воўчым білетам". Галоўны расповед вёў Міхась Булавацкі, у гуртку прымалі плённы ўдзел таксама Ніна Осіпава, Тацяна Барысік, Аляксандр Сабалеўскі ды іншыя прысутныя. Чыталіся вершы, проза аўтара, узгадвалася агульная трагедыя многіх народаў - эпоха сталінскіх рэпрэсій.


А 14-га кастрычніка адбыўся візіт у Магілёў папулярызатара беларускай гісторыі і стваральніка арганізацыі "Інстытут беларускай гісторыі і культуры" Анатоля Тараса. Гаворка вялася пра выданні на гістарычную тэматыку, спецыфіку выдавецкай працы ў гэтай галіне і пра планы на будучыню. Анатоль Яўхімавіч заўважыў што з часам доля беларускамоўных выданняў інстытута становіцца ўсё большай і большай, гэтая тэндэнцыя назіраецца і ў планах. Таксама адбыўся змястоўны дыялог з аўдыторыяй.

Аляксей Карпенка.


У ліцэях Польшчы з дадатковым вывучэннем беларускай мовы з'явіцца новы прадмет

"Гісторыя і культура нацыянальнай меншасці" - такі дадатковы прадмет уведзены ў ліцэях з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы і Бельску Падлескім. Ён скіраваны на вучняў 2-х класаў ліцэя. Прадметная праграма напісана настаўнікам беларускай мовы Гайнаўскага белліцэя Янкам Карчэўскім:

- Тут элементы гісторыі і культуры Беларусі, культуры матэрыяльнай і духоўнай. Бяром пад увагу перыяд перадусім пасля Другой сусветнай вайны. Пакуль гаворым пра гісторыю, пра найдаўнейшую гісторыю Беларусі. Потым пяройдзем да культуры, дзе будзе пра адукацыю, пра беларускае школьніцтва, сродкі масавай інфармацыі, пра мастацтва, жывапіс, архітэктуру. Найбольшая ўвага тут звяртаецца на беларускую меншасць у Польшчы.

"Гісторыя і культура нацыянальнай меншасці" - гэта адзін занятак у тыдзень, які дапаўняе заняткі беларускай мовы. Яго ўвядзенне дазволіў міністр нацыянальнай адукацыі Польшчы.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя.


Беларусь на шляху з "варагаў у грэкі"

Размешчаная амаль у самым цэнтры Еўрапейскага кантынента Беларусь і ў мінулым была перакрыжаваннем розных шляхоў з іх рознымі адгалінаваннямі як з захаду на ўсход, так і з поўначы на поўдзень, а таксама "прыёмнікам" як станоўчых, так і адмоўных дасягненняў-тэндэнцый тых чатырох бакоў свету і тых часоў. Не абмінуў нашу тэрыторыю ў свой час і знакаміты старажытны водны шлях з "варагаў у грэкі" і, вядома, назад - з "грэкаў у варагі". Шлях той звязваў Балтыйскае (Варажскае) мора з Чорным (Рускім) морам і адпаведна Скандынавію ("варагаў") і Заходнюю Еўропу з Візантыяй ("грэкамі") і краінамі Ўсходу.

Даўжыня яго, калі меркаваць візуальна, складала каля трох тысяч кіламетраў, частка якіх праходзіла і праз нашы землі. Калі ж улічваць што ён ніколі не быў адзінай і суцэльнай магістраллю, а распадаўся на часткі, то яго даўжыня намнога перавышала названую вышэй лічбу і складала больш за 3 (тры) тысячы кіламетраў. Што ж датычна яго працягласці на тэрыторыі Беларусі, зноў жа з улікам розных частак і адгалінаванняў ад іх, дык тут ён меў працягласць больш за тысячу кіламетраў. Вядома, маецца на ўвазе плошча сучаснай Беларусі - Рэспублікі Беларусь.

Шлях з "варагаў у грэкі" ўпершыню ўзгадваецца ў недатаванай частцы летапісу "Аповесць мінулых гадоў", дзе распавядаецца пра яго пачатак з Фінскага заліва Балтыйскага мора на рацэ Нява - у Ладажскае возера, адтуль - па рацэ Волхаў у возера Ільмень, з яго - па рацэ Ловаць і яе прытоку рацэ Сярожа. Далей караблі волакам перацягвалі да ракі Таропа, а на ёй - у Заходнюю Дзвіну і па яе прытоку рацэ Каспля - да возера Каспля, адкуль зноў жа волакам - у вярхоўе Дняпра. Па Дняпры ён ішоў далей - да самага Чорнага мора. Аб наяўнасці і інтэнсіўнасці руху на "варажка-грэцкім" шляху з Прыбалтыкі ў Міжземнае мора сведчаць скарбы арабскіх, візантыйскіх і заходне-еўрапейскіх манет.

Шлях выкарыстоўваўся як з гандлёвымі, так і з ваеннымі мэтамі з ІХ ст., а найболей актыўна - у Х - першай палове ХІ ст. вывозілі па ім з Русі і больш паўночных тэрыторый футра, шкуры, мёд, воск; здаралася - і рабоў, прывозілі ж з "грэкаў" і Ўсходу залатыя і срэбныя ўпрыгожанні, каштоўныя тканіны, экзатычную садавіну, віно, прыправы, вырабы са шкла і эмалі. Вядома, тавары з гэтых кірункаў траплялі ў Крым і на Каўказ і адначасова маглі папаўняцца тамтэйшым асартыментам.

Калі гаварыць пра "варажска-грэцкі" шлях у басейне Заходняй Дзвіны, то ён (летапісны) лічыцца адным з самых значных адгалінаванняў; пры тым ён жа і сам меў свае ўласныя адгалінаванні. Гэта: у тым ліку па рэках Ула і Усвятка (Усвяча), адкуль - традыцыйна па сушы волакам у раку Друць і - далей у Дняпро. У гэтым жа басейне рака Сергуч злучалася з усходняй Бярэзінай і разам яны цяклі ў Дняпро. Гэта датычна зямлі крывічоў і басейнаў Заходняй Дзвіны і верхняга Падняпроўя.

Не абмінуў "варажска-грэцкі" шлях і землі радзімічаў. Тут, у сярэднім Падняпроўі, праз волакі (значна ніжэй ад Смаленска) ён з Дняпра трапляў у Сож, а потым ужо на паграніччы сярэдняга ніжняга Падняпроўя зноў сустракаўся з Дняпром. А яшчэ ніжэй (ніжэй ад Чарнігава) яго чакала рака Дзясна. А далей шлях той быў звязаны з прытокамі Дона, Акі і Волгі.

Шлях з "варагаў у грэкі" быў "знаёмы" і з землямі дрыгавічоў праз Нёман і Буг з іх прытокамі і, вядома, волакамі. Дарэчы, гэты шлях дзесьці супадаў з бурштынавымі адкладаннямі, што трапляліся і трапляюцца сёння ў зямлі па шляхах з Балтыкі на заходнюю частку Беларускага Палесся. Вядома, не ў такіх памерах і аб'ёмах, як на самой Балтыцы - на ўзбярэжы мора, каб іх лёгка знаходзіць, а тым болей здабываць прамыслова. У басейне Нёмана з пераходам яго ў Прыпяцкі басейн у якасці водных транспартных артэрый "варажска-грэцкага" шляху былі задзейнічаны рэкі Буг, Прыпяць, Мухавец, Піна, Морач, Случ і іншыя - і ўсе, канешне, са сваімі прытокамі.

І, зразумела, там, дзе гэта было неабходна, былі яны паміж сабой "павязаны" волакамі, да прыкладу, Мухавец і Піна, Нёман і Морач і інш. Між іншым, не будзе памылкай ці нацяжкай, калі басейн Прыпяці выдзеліць у самастойную і значную галіну "варажска-грэцкага" шляху. Гэты пасыл. Яго верагоднасць можа пацвердзіць і факт заснавання ўзбоч яго, а дакладней на берагах Прыпяці такіх гарадоў, як Тураў (980 г.), Пінск (1097г.), Мазыр (1155г.) і іншых паселішчаў. А вось назва ракі Случ і адпаведна горада Слуцка, верагодней усяго, паходзяць ад слова "злучаць". Нёман праз волак злучаецца з ракой Морач, а тая - упадае ў Случ. Крыху ніжэй ад гэтага ўпадзення ўжо ў самую Случ упадаюць такія яе прытокі, як Бычок, Вясейка, Тройча, Лань, Лакнея і іншыя атожылкі. І вось у цэнтры гэтых злучэнняў, можна меркаваць, у свой час утварыўся і Случэск, Слуцак, Слуцк (паводле летапісу - у 1116 г.; па сведчанні ж архімандрыта Трызны, Случэск быў прыпісаны да Тураўскай епіскапіі ў 1005 г. як бачым, ёсць усе падставы меркаваць, што гэты горад узнік і значна раней названай прыпіскі). Пасля ўсю гэтую злучаную ваду Случ несла ў Прыпяць, потым - у Дняпро, і - у Чорнае мора. А ўжо адтуль "дзеці" басейнаў Нёмана, Прыпяці і Дняпра траплялі ў Міжземнае мора і - прама ў "грэкі". Варта, як кажуць - у тэму, заўважыць, звярнуць увагу на назву паселішчаў паблізу Слуцка - Грэск і Буда Грэская. Усё ж у нейкай ступені і фанетычна праглядаецца ў гэтых тапонімах "грэцкі", "грэчаскі" след (Грэцк і Буда Грэцкая).

А цяпер колькі слоў пра волакі на нашай зямлі. Волакі - гэта па тым часе населеныя пункты, якія пры сваім заснаванні знаходзіліся паблізу тых месцаў, дзе з адной ракі ў другую - з аднаго воднага басейна ў другі па сухадолу, водмелях або нізкіх забалочаных месцах перацягвалі (валаклі) рачныя караблі, чаўны на катках або перавозілі на фурманках ці пераносілі выгружаныя з іх тавары. Даўжыня тых волакаў вагалася ад 20 да 30 кіламетраў. І сёння добра вядома пра волакі, напрыклад, паміж Лукомлем і Друцкам, Віцебскам і Оршай і інш. Яны, нібы муфты, злучалі рэчкі Сергуч і Эсу, Улу і Друць, Заходнюю Дзвіну і Дняпро і іншыя, менш значныя прытокі і атожылкі. Не рэдкасць у нас і "волачныя" тапонімы. Найдаражэйшай мясцінай на зямлі для Алеся Петрашкевіча - знакамітага вучонага і пісьменніка, палымянага патрыёта Беларусі - вёска Перавалачная Талачынскага раёна - яго малая Радзіма. Вёскі Перавалокі і сёння існуюць у Браслаўскім і Рэчыцкім раёнах, а Волак - у Уздзенскім раёне, Валокі - у Карэліцкім і Маладзечанскім раёнах і інш. Праўда, трэба мець на ўвазе, што не ўсе назвы з асновай "волак", а тым болей "валок", якія сустракаюцца на ўсёй Беларусі маюць водападзельнае значэнне. Яны, большасць з іх, больш маюць цягу да паняцця зямельнай меры. Хаця не выключана, што паміж існуе ці існавала ў старажытнасці ўнутраная сувязь у цэнавым вымярэнні - сегменце.

Як правіла, у паўночнай частцы Беларусі на волаках жыло славяна-скандынаўскае насельніцтва. І шлях той там кантраляваўся варагамі сумесна з полацкімі князямі.

Агульны лёс таго, што мае пачатак, росквіт і фінал, не абмінуў і шлях з "варагаў у грэкі". У ХІ - ХІІ стст. у сувязі з далейшым драбленнем Русі, з'яўленнем ў ніжнім Падняпроўі полаўцаў, устанаўленнем гандлёвых сувязей Заходняй Еўропы з Бліжнім Усходам праз Міжземнае мора, іншымі фактарамі славуты шлях з "варагаў у грэкі" пачаў страчваць і канчаткова страціў сваё значэнне і існаванне.

Бывай, старонка і нашай далёкай гісторыі!

Яўген Гучок.


На Мёршчыне ўшанавалі памяць паўстанца і літаратара

У Мёрскім раёне з'явіліся мемарыяльныя шыльды ў гонар славутых землякоў - удзельніка паўстання 1863 года, скульптара Генрыка Дмахоўскага і пісьменніка Яна Гушчы.

На шыльдзе ў гонар Генрыка Дмахоўскага давялося пазначыць, што ён "славуты зямляк і скульптар". Згадваць пра тое, што ён быў удзельнікам вызвольнага паўстання, мясцовыя ўлады не дазволілі.

З ініцыятывай ушанаваць памяць Дмахоўскага і Гушчы ў Мёрскі райвыканкам звярнуліся вучні школы № 3, мармур для шыльдаў за ўласныя грошы набыла Валянціна Атрошка, дырэктарка гэтай школы. Шыльды бясплатна вырабілі і ўсталявалі прадпрымальнік Аляксандр Чарняўскі і ягоны бацька, дырэктар мастацкай школы Баляслаў Чарняўскі.

Калі ў 1863 годзе распачалося паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, ураджэнец Мёршчыны Генрык Дмахоўскі ўдзельнічаў у яго падрыхтоўцы, быў прызначаны камісарам Дзісенскага павету. Ён сабраў атрад паўстанцаў і сам яго ўзначаліў. У адным з першых баёў з царскімі войскамі ён загінуў. Здарылася гэта ў траўні 1863 года каля маёнтка Парэчча на тэрыторыі цяперашняга Докшыцкага раёна. На Докшыччыне, на могілках каля вёскі Бірулі, Дмахоўскага і пахавалі. Дзе магіла паўстанца, сёння ведаюць толькі нешматлікія мясцовыя жыхары ды краязнаўцы.

- Знайсці магілу няцяжка, калі ведаеш, дзе шукаць. Яна знаходзіцца ў бярозавым гаі каля старажытнага могільніка, узбоч сцежкі ў бок возера. І адзначана хіба толькі старым каменным крыжам, усталяваным на пачатку мінулага ці напрыканцы пазамінулага стагоддзя. Вядома, што за польскім часам памяць Дмахоўскага ўшаноўвалі вучні і настаўнікі школы, што ў суседняй вёсцы Несцераўшчына. На пачатку 2000-х гадоў на месцы гэтай магілы праводзіліся гістарычныя раскопкі. Знайшлі тры шкілеты, адзін з іх належаў чалавеку вышэйшага, у параўнанні з іншымі, росту - верагодна, якраз Генрыку Дмахоўскаму. Бо, паводле ўспамінаў, гэта быў высокі чалавек. Былі знойдзены і жалезныя кулі - прычына смерці гэтых людзей, якія ўсе трое, найверагодней, і былі ўдзельнікамі паўстанцкага атрада. На нейкі час знойдзеныя чалавечыя парэшткі перазахавалі на бліжэйшых могілках, але потым вярнулі на ранейшае месца - пад стары крыж, - апавёў краязнаўца і журналіст Кастусь Шыталь.


Генрык Дмахоўскі браў удзел у трох паўстаннях - 1830-31 гадоў, 1848-49 гадоў і 1863 года. Паміж паўстаннямі жыў у замежжы, займаўся мастацтвам - вырабіў бюсты Касцюшкі, Вашынгтона, Франкліна, Джэферсана, якія стаяць у будынку Сенату ЗША.

Мемарыяльная шыльда ў памяць Генрыка Дмахоўскага, паўстанца і скульптара, цяпер вісіць на будынку клуба ў вёсцы Забалацце. Гэты будынак быў пабудаваны на падмурку сядзібы Дмахоўскіх.

Шыльду ў гонар Яна Гушчы, пісьменніка, журналіста і перакладчыка, змясцілі на жылым будынку ў Дзісне. Ян Гушча, які нарадзіўся ў фальварку Загасцінне на Мёршчыне, жыў у гэтым доме з 1930 да 1934 года, калі вучыўся ў Дзісенскай гімназіі.

Абедзве шыльды адкрывалі ўрачыста, з удзелам вучняў мясцовых школаў. На адкрыцці выступіў мёрскі краязнаўца Вітольд Ермалёнак, які настойваў на неабходнасці ўшанаваць памяць славутых землякоў яшчэ ў савецкі час. Праз больш, як 30 гадоў ягоныя надзеі збыліся, дзякуючы ініцыятыве і неабыякавасці землякоў.

Радыё Свабода.


Успаміны з неспакойнага часу на Літве ў 1861-1863 гадах

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

- Памілуйце, палкоўнік, што гэта такое адбываецца? - загаварыў па-руску пан у туфлях. - Я тутэйшы павятовы маршалак шляхты, прыехаў у маёнтак графа Чапскага для развёрсткі з сялянамі, і раптам мяне схапілі з пасцелі і ледзь не ў адной бялізне і басіком пагналі сюды! Ці магчыма так рабіць?

- Хлусіць ён, Вашае высокаблагароддзе, - знайшоў патрэбным умяшацца казак, - гэта самы іхні галоўны начальнік і ёсць; у яго над ложкам і кафтан гэты самы, і стрэльба, і сумка віселі.

Палкоўнік папрасіў прабачэння, спаслаўшыся на непазбежнасць у ваенны час такіх непрыемных непаразуменняў і ўказаўшы, што не мы вінаватыя ў такім становішчы спраў у краі. Маршалак пайшоў пяшком, як і прыйшоў, але ўжо без канваіра. Мундзір графа Чапскага быў павешаны на ранейшае сваё месца, а войскі распушчаны па кватэрах.

На гэты ж дзень было прызначана пахаванне забітых салдат-католікаў. Палкоўнік загадаў ксендзу, каб пахаванне адбылося з усемагчымай урачыстасцю; загад гэты, хоць і з бачнай неахвотай, ксендзам быў выкананы. Касцёл быў ярка асветлены, іграў арган, труны за святарствам неслі афіцэры, мяняючыся з ніжнімі чынамі, працэсію суправаджаў атрад пяхоты і кавалерыі. Дні цераз тры ці чатыры пасля гэтага прайшоў цераз Кейданы атрад у складзе лейб-гвардыі стралковага батальёна імператарскай фаміліі з камандзірам палкоўнікам М.І. Чартковым, адной казачай данской сотні і дзвюх гармат коннай артылерыі пад агульным начальствам нашага начальніка дывізіі барона Ягора Іванавіча Майдаля (памёр у 1881 г. у чыне генерала ад інфантэрыі камендантам Петрапаўлаўскай цвердзі). Гэта быў начальнік, які таксама пакінуў пасля сябе адны добрыя ўспаміны. Служба Ягора Іванавіча да прызначэння яго ў 1858 г. начальнікам нашай 1-ай пяхотнай дывізіі прайшла на Каўказе; пад час няўдачнага штурму Карса калона Ягора Іванавіча выканала сваё прызначэнне ўварваўшыся ў цвердзь, але не падтрыманая павінна была адступіць, пры чым Ягор Іванавіч атрымаў дзве раны. У стасунках з падначаленымі Майдаль вызначаўся ўважлівасцю, ветлівасцю і поўнай адсутнасцю патрабавальнасці па частцы утончанай муштры, раўнення, чыстаты ружэйных прыёмаў і да т.п. Усё гэта гэта было і для нас афіцэраў, і для ніжніх чыноў прыемнай навіною, пасля тых генералаў, якія перад тым камандавалі дывізіяй, і Майдаль неўзабаве набыў шчырыя сімпатыі падначаленых. Як узор яго службовых адносін прывяду адзін асабіста мяне датычны выпадак. У Вільні, у канцы траўня, Ягор Іванавіч праводзіў інспектарскі агляд нашага палка. Два батальёны ён агледзеў раніцй, а агляд трэцяга батальёна і стралковых рот адклаў да наступнай раніцы. Я не ўслухаўся ў загад, які аддаваў мне камандзір палка, і заміж таго, каб выводзіць людзей на агляд у 5 гадзін раніцы на наступны дзень, я перадаў у роты загад выводзіць у 5 гадзін па паўдні таго ж дня. Роты зшыхтаваліся на пляцы перад казармамі; я таксама выйшаў у параднайй форме; у гэты час на балконе сваёй кватэры, выходзіўшай на тую ж пляцоўку, паказаўся палкавы камандзір. Упікнуўшы мяне за зроблены промах і ведаючы добра Майдаля яшчэ па Каказе, ён паслаў мяне да яго, загадаўшы растлумачыць зробленую мною памылку і спытаць, ці не будзе яго волі цяпер жа агледзець падрыхтаваных да агляду людзей. Ягор Іванавіч ні адным словам не выказаў мне вымовы ці незадавальнення і загадаў сказаць, каб роты вялі на месца агляду, куды ён зараз прыдзе. Агляд, як заўсёды, прайшоў паспяхова, і ўсе былі звышзадаволены, што адкараскаліся ў адзін дзень ад гэтай працэдуры.

Пасля даволі працяглага прывалу атрад начальніка дывізіі з песнямі пакінуў мястэчка і накіраваўся на Расіены. Як мы потым даведаліся, атрад гэты прызначаўся супраць высадкі, якую планавалі зрабіць каля Палангена (Палангі) ехаўшыя на караблі польскія эмігранты, але карабель той бурай закінула да шведскіх берагоў, і высадка не адбылася.

На другі дзень на світанні выступілі і мы ў складзе трох рот пяхоты, некалькіх казакаў і эскадрона драгун пад начальствам нашага палкоўніка на падмацаванне атрада Майдаля.

Цяпер мы ішлі без правадніка, распытваючы суседніх сялян, а таксама ў размешчаных па дарозе паселішчах, ці не хаваюцца дзе паўстанцы; паўсюль атрымоўвалі адны адмоўныя адказы. Так прайшлі мы ўвесь той дзень, пераначаваўшы ў нейкім паселішчы з усёй перасцярогай ваеннага часу, выставіўшы падалей конныя пікеты, а бліжэй да паселішча ланцуг аванпастоў. На світанні мы зноў выступілі ў паход. Гэта было 21 сакавіка. Стаяў сонечны вясновы дзень. Пасля паўдня мы ішлі па роўнай, адкрытай мясцовасці; здалёк на гарызонце з усіх бакоў віднеліся лясы, якія то прыбліжаліся, то ўдаляліся ад дарогі, па якой мы ішлі; сяды-тады з гэтых лясоў выскоквалі нейкія вершнікі, як бы назіраўшыя за атрадам, і хаваліся зноў у гушчар; па гэтых прыкметах мы заключылі, што непрыяцель недзе блізка. У гэты час з авангарду прывялі пяцярых сялян: гэта былі соцкі з двума мужыкамі, якія пры фармальнай паперы ад найвышэйшага сельскага начальства вялі на расправу да начальніка шайкі двух чалавек, абвінавачаных у кражы. Такім чынам аказвалася, што правадыры паўстанцаў пачалі ўжо прысвойваць сабе ў краі і цывільную ўладу; у той жа паперы паведамлялася, што на блізка размешчаным млыне зроблена вялікая нарыхтоўка мукі для народнага апалчэння. Соцкі сцвярджаў, што яму загадана было давесці зладзеяў толькі да млына і там чакаць паўстанцаў, а, дзе яны, яму не вядома. Атрад паспяшыў да млына. Людзей там нікога не аказалася, але сапраўды было знойдзена мноства мяшкоў з мукой. Палкоўнік загадаў пакідаць усе гэтыя мяшкі ў ваду. Пакуль салдаты займаліся гэтым, нехта закрычаў, што на нас ідуць ракашане; у той жа час эскадрон драгун пераправіўся на той бок рэчкі і тут убачыў, што прыкладна за вярсту ад нас па дарозе да ляжаўшага наперадзе лесу рухаўся не на нас, а наадварот, адыходзячы ад нас, нейкі натоўп. Пяхота паспяшалася закончыць з мяшкамі, і, як толькі яна пераправілася, атрад паспяшаўся наўздагон за адыходзячымі паўстанцамі, якія тым часам паспелі ўвайсці ў лес. Час набліжаўся да заходу сонца. Тая частка лесу, куды схаваліся паўстанцы, уяўляла сабой выступаўшы з агульнай масы лесу мыс, які цягнуўся ўлева ад нас і перарываўся, не даходзячы да размешчанага непадалёку паселішча Ленчы; направа, у тым месце, дзе мыс злучаўся з астатнім лесам, віднелася палянка, і на ёй сабраўся значны натоўп. Палкоўнік загадаў эскадроннаму камандзіру ісці ў атаку на гэты натоўп, а між тым пяхота рассыпалася ў ланцуг, маючы ззаду рэзервы, з пальбой пачала наступленне, каб заняць ускраіну той часткі лесу, якую я назваў мысам. З лесу пачалі пасвістваць кулі, але наступленне вялося хутка, і мы без страт занялі ўскраіну. Між тым эскадрон крануўся рыссю і не паспеў перайсці ў кар'ер, як ракашане паспяшаліся ачысціць палянку; частка іх адышла ўправа ў глыбіню лесу, часка ўлева на мыс; эскадрон стаў на палянцы, пяхотныя ланцугі залеглі на ўскрайку. Рэзервы і мы з палкоўнікам заставаліся на адкрытым месцы. Час ад часу над намі праляталі з завыўным гудзеннем кулі. Палкоўнік са мной пад'ехаў да ланцуга, у гэты час над намі праляцеў цэлы рой куляў; аказалася, што ракашане надумалі атакаваць наш ланцуг; у гэтым месцы лес, які складаўся з вялікіх дрэваў, быў даволі рэдкі, так што рух непрыяцеля можна было выразна бачыць; на нас рухалася самкнутая калона касінераў, маючы па флангах нешта кшталту стралковага ланцуга; наперадзе калоны ішоў малады чалавек у чамарцы і белай канфедэратцы. Палкоўнік загадаў зусім спыніць стральбу і ўмацаваць ланцуг людзьмі з рэзерву, так што ўтварыўся амаль разгорнуты фронт. Ракашане працягвалі пасоўвацца. Раптам выцяў з нашага боку дружны залп. Чалавек у белай канфедэратцы ўпаў, у суправаджаўшым яго натоўпе хто ўпаў, хто спаткнуўся на ўпаўшых, словам узнікла каша, і касінеры, кідаючы косы, кінуліся ўцякаць; тыя хто кінуўся направа да паляны трапілі пад шашкі драгун, а бегшыя ўлева - пад выстралы займаўшых ускраіну салдатаў; яны беглі і, на бягу здымаючы шапкі, кланяліся ў бок салдатаў, выражаюы гэтым мальбу аб літасці. Шайка рассеялася. Пры забітым маладым чалавеку, які вёў касінераў, аказалася пасведчанне Кіеўскага ўніверсітэта на імя студэнта, прозвішча якога я забыўся. Страты нашыя ў гэтай сутычцы абмежаваліся двума ці трыма параненымі. Пачынала ўжо вечарэць і атрад заняў паселішча Ленчу, дзе і заначаваў.

На другі дзень на прывале мы далучыліся да атрада начальніка дывізіі і рухаліся з ім далей у кірунку да пруска-літоўскай мяжы. За вярсту ад дарогі, па якой мы ішлі, знаходзілася абшарніцкая сядзіба; меліся звесткі, што ўладальнік яе забяспечваў харчамі паўстанцаў. Палкоўнік загадаў мне з дваццаццю казакамі адправіцца ў гэтую сядзібу, узяць лепшага быка, колькі акажацца печанага хлеба і даганяць атрад, які ўжо набліжаўся да месца начлегу. У сядзібе мяне сустрэў сам уладальнік, чалавек дабрадушна-вясёлага віду, які не праявіў ніякага незадавальнення, калі я абвясціў яму мэту майго прыезду. Пятнаццаць казакаў я пакінуў на дварэ, загадаўшы ім не спешвацца, а сам з ураднікам і чатырма казакамі ў суправаджэнні гаспадара агледзеў дом і ўсе надворныя пабудовы. У амбарах аказалася шмат боханаў печанага хлеба, а на пытанне маё, для чаго так шмат напечана, гаспадар адказаў, што ў яго шмат рабочых. На жывёльным двары казакі выбралі самага лепшага быка, гаспадар адобрыў гэты выбар і распарадзіўся па маім патрабаванні снарадзіць падводу, на якую мы паклалі боханы хлеба, а ззаду прывязалі быка. Усё гэта заняло з гадзіну ці больш, і атрад паспеў за гэты час аддаліцца. Гаспадар прапаноўваў мне выпіць і закусіць, а таксама пачаставаць і казакаў, але я рашуча ад усяго гэтага адмовіўся. Калі мы рушылі ў дарогу, гаспадар, развітваючыся са мною, ці ў насмешку, ці жадаючы выпрабаваць, якое гэта зробіць на мяне ўражанне, сказаў, што здзіўляецца нашай смеласці, як мы адважыліся ў такой нязначнай колькасці заехаць сюды; хіба не магла тут хавацца шайка, нават у гэтую хвіліну ён не можа ручацца, што раптам паўстанцы не наскочаць адкуль-небудзь. Я адказаў, што знаходзячыся ўвесь час пры мне, ён быў для мяне лепшай аховай, а ў выпадку чаго і першай ахвярай.

Пераначаваўшы з атрадам барона Майдаля, на другі дзень мы яшчэ прайшлі некалькі гадзін разам, а затым аддзяліліся і накіраваліся па другой дарозе. За дзень да таго кавалерысты з атрада начальніка дывізіі злавілі выскачыўшага на іх знянацку з лесу коннага паўстанца. Ён аказаўся беглым юнкерам нейкага пяхотнага палка і камандзірам невялікай коннай партыі. Барон Майдаль перадаў яго ў наш атрад для адпраўкі ў Коўню ў распараджэнне засядаўшай там ваенна-судовай камісіі. Яго канешне чакаў, як дзезерціра і здрадніка, сумны лёс, тым больш, што за кароткі час сваёй дзейнасці ён паспеў са сваёй партыяй навесці жах на навакольнае насельніцтва, пераважна на сельскія ўлады. Са сваёй партыяй ён раз'язджаў сёлах і вёсках, пабоямі і розгамі вымагаючы ў сельскага начальства і больш зажытачных сялян грошы. Мы спыніліся на начлег у нейкім паселішчы; камандзір палка размясціўся ў адной хаце са мной, а палонны паўстанец на тым жа двары ў асобнай нежылой хаце пад узмоцненай вартай з чатырох шарагоўцаў з унтар-афіцэрам.

Ноччу ўпаў моцны туман, так што з два крокі нельга было нічога разабраць. Чуць толькі пачало світаць, як мяне разбудзіў вартавы пры палонным унтар-афіцэры і ўстрывожаным голасам аб'явіў: "Няшчасце, ваша высакароддзе! Паўстанец уцёк!" Вось як гэта здарылася: палонны папрасіў вывесці яго на двор для натуральнай патрэбы; салдаты вывелі яго і сталі на некаторым аддаленні; як я ўжо сказаў, быў моцны туман, якім палонны і скарыстаўся, каб выслізнуць з-пад вачэй вартавых і ўцячы. Была адпраўлена ў розныя бакі пагоня, але ўцякач знік бясследна; знайшлі толькі ў полі боты яго, якія ён, верагодна скінуў, для больш хуткага бегу.

Пад вечар мы вярнуліся ў Кейданы, а цераз некалькі дзён перайшлі ў Коўню. Тут мы даведаліся пра разгром у лясах каля м. Біржы ля граніц Курляндыі генералам Ганецкім дзесяцітысячнага зборышча пад начальствам Даленгі-Серакоўскага, пра ўзяцце яго самога ў палон, а таксама пра прызначэнне генерал-губернатарам і камандуючым войскамі Міхаіла Мікалаевіча Мураўёва.

У Коўні мы прабылі нядоўга, не больш за тыдзень, было атрымана распараджэнне пра перавод палкавога штаба ў Шаўлі. Саставілі велізарны абоз; спераду ішла таксама накіраваная ў Шаўлі пешая батарэя палкоўніка Марэншыльда ў поўным складзе з усёй сваёй і салдацкай маёмасцю, затым нашы патронныя скрынкі, царкоўныя, лазарэтныя фуры, палкавая грашовая скрынка, канцылярыя, музыкі, краўцы, лазарэтныя службоўцы і цэлая калейка абывацельскіх падводаў з рознай палкавой, афіцэрскай і салдацкай маёмасцю; увесь гэты абоз расцягнуўся вярсты на дзве, і для прыкрыцця яго былі толькі дзве роты. Будзь у паўстанцаў больш прадпрыймальныя правадыры і больш надзейныя ў баявым сэнсе людзі, нам не ўдалося б так спакойна здзейсніць гэты, амаль у дзвесці вёрст, паход ад Коўні да Шаўлёў.

У Шаўлях знаходзіўся атрад з дзвюх рот нашага палка пад начальствам маёра Свірскага. У самы дзень уступлення нашага ў Шаўлі атрад гэты меў удачную справу з шайкай, якая сфармавалася з мясцовых абшарнікаў і дробнай шляхты і займала панскую сядзібу вёрст за дваццаць ад горада. Многія з гэтых абшарнікаў былі забітыя, некаторыя цяжка паранены і прывезены ў горад, дзе памерлі ад ранаў. Абшарнікі гэтыя пазнаёміліся з нашымі афіцэрамі, незадоўга да сутучкі куцілі з імі ў шынку і ўзялі слова, што на Вялікдзень, які хутка павінен быў наступіць, афіцэры прыедуць у госці менавіта ў тую сядзібу, дзе адбылося потым сутыкненне з войскамі.

Кватэру я заняў у адным доме з камандзірам палка - ён наверсе, я ўнізе; цераз двор у другім доме размяшчалася канцылярыя. Між тым пачалі ўжо прыводзіцца ў выкананне першыя распараджэнні М.М. Мураўёва. Губерня была раздзелена на аддзелы з некалькіх паветаў; аддзеламі загадвалі генералы са званнем "начальствуючы над такім-та аддзелам такой-та губерні", паветамі - камандзіры палкоў і батарэй са званнем "ваенны начальнік такога-та горада з паветам"; у станах былі прызначаны обер-афіцэры са званнем "ваенны начальнік стана"; усе цывільныя ўлады ў горадзе і павеце былі цалкам падпарадкаваны вайсковаму начальству. Наш палкоўнік барон Далінсгаўзен быў прызначаны вайсковым начальнікам г. Шаўлі з паветам, а начальнік дывізіі барон Майдаль начальнікам аддзела, да якога належаў Шавельскі павет; месцазнаходжаннем сваім ён выбраў Шаўлі. Спачатку пры вайсковых начальніках паветаў не было памочнікаў, і мне давялося весці перапіску і па палку і па новай пасадзе нашага камандзіра, г.зн. па званні вайсковага начальніка. У Шаўлях была ўтворана пры кіраванні вайсковага начальніка ваенна-судная камісія па палітычных справах. Адной з першых спраў , якая разбіралася ў гэтай камісіі, была справа аб пяцісоцкім з дробнай шляхты Сцыпіёне і падначаленым яму соцкім з сялян. Начальнік аднаго з нашых атрадаў даручыў гэтаму пяцісоцкаму перадаць у другі наш атрад запіску з прапановай напасці злучанымі сіламі на высачаную шайку паўстанцаў. Пяцісоцкі адправіў гэтую запіску з соцкім, але не ў наш атрад, а да паўстанцаў, у выніку чаго задуманы напад на шайку не мог адбыцца. Гэты ўчынак Сцыпіёна і яго падначаленага неяк адкрыўся, і ваенны суд прыгаварыў яго да расстраляння. Аўдытар, у абавязку якога было абвяшчэнне на месце страты прыгавора, патлумачыў нашаму палкоўніку, што па слабасці нерваў ён баіцца самлець і прасіў пазбавіць яго ад абавязку чытаць прыгавор. Палкоўнік, паддаўшыся на яго просьбу, даручыў мне замяніць аўдытара. Такім чынам мне давялося прысутнічаць пры выкананні смяротнай кары.

(Працяг у наст. нумары.)

М.П. Мяжэцкі


ПЯЦЬ ЭКСПЕДЫЦЫЙ ПА МЯСЦОВЫ ФАЛЬКЛОР

У рамках праекту трансмежавага супрацоўніцтва паміж Латвіяй, Літвой і Беларуссю "Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах" пры міжнароднай тэхнічнай дапамозе Еўрапейскага Саюзу рэалізоўваецца шэраг экспедыцый для вывучэння мясцовага фальклору.

Праект распрацоўваўся для правядзення фестываляў, семінараў і экспедыцый, бо гэта адзін з эфектыўных метадаў распаўсюджвання нацыянальнай культуры. Метад рэалізацыі праекту заснаваны на тым, што ў двух гарадах (Троках і Лідзе) былі пабудаваны 2 з 5 літоўскіх мураваных замкаў, якія цяпер адноўлены і прыцягваюць турыстаў сваёй гісторыяй. У абодвух рэгіёнах ёсць шмат іншых прыгожых і прывабных месцаў, якія маюць сваё гістарычнае мінулае і якія яшчэ не знаёмыя турыстам.

У Лідскім раёне ўзначалілі і праводзяць экспедыцыі асістэнты праекту Наталля Вайцюкевіч (метадыст Лідскага раённага метадычнага цэнтра народнай творчаці) і Алена Шчэліна (дырэктар Лідскага раённага цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры). Паралельна з вывучэннем і узнаўленнем этнакультурных каштоўнасцей будзе праводзіцца і пошук аб'ектаў матэрыяльнай культуры (ручнікі, ткацкія варштаты, посуд, вышыўка і г.д.)

У маршрут ўключаны вёскі Панямонцы, Збляны, Дворышча, Бердаўка, Ігнаткаўцы, Бабры, Цвермы, Дакудава і іншыя. Выбар вёсак абумоўлены аддалёнасцю ад цэнтральных сядзібаў, там мінімальна адчуваецца змешванне сучаснай культуры і фальклорных традыцый.

Ужо паспяхова прайшлі дзве экспедыцыі, дзе былі сабраны звесткі пра традыцыйнае беларускае вяселле, нацыянальную кухню, ткацтва, вышыўку, традыцыйную апрацоўку ільну і кужалю; запісаны відэа і фотоматэрыял па вырабе глінянай цацкі-свістулькі (майстар Гаўрык А.М.), майстар-клас па маркетры (майстар Прышчэпа А.М.); сабраны відэаматэрыял па гістарычнай архітэктуры ў вёсцы Дворышча і Бердаўка.

Плануецца яшчэ тры фальклорныя экспедыцыі для збору гістарычнага матэрыялу, фота і відэаматэрыялу аб традыцыйных рамёствах, фальклорных святах, кулінарнай спадчыны і г.д.

Матэрыял, сабраны ў экспедыцыях, з'яўляецца неад'емнай часткай Троцкага і Лідскага рэгіёнаў і варты гонару, аднак ён малавядомы грамадскасці. Важна захаваць старадаўнюю гісторыю, рамёствы і кулінарную спадчыну і перадаць іх будучым пакаленням. Кулінарная спадчына так-сама з'яўляецца часткай рэгіянальнай культуры, таму падчас экспедыцый наведваюцца толькі тыя вёскі, якія могуць расказаць пра найбольш тыповыя стравы рэгіёну.

Канчатковай мэтай праекту "Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах" ставіцца стварэнне буклетаў і DVD, якія будуць мець доўгатэрміновую культурную каштоўнасць.

Н. ВАЙЦЮКЕВІЧ, метадыст па этнаграфіі і фальклоры Лідскага раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці. На фота А. Пецікава: 1. Граюць Лябецкі С.І. і Гомза В.І., хутар Збляны; 2. Майстар-клас ад Гаўрык А.М., в. Навасёлкі; 3. Сустрэча з жыхарамі в. Панямонцы; 4. Экспедыцыя ў в. Бердаўка.


"Сто лят" творчасці жадалі Анатолю Брусевічу лідскія паэты

За вокнамі залатая восень, а ў Лідзе ў доміку Таўлая па вуліцы Замкавай - пачатак новага цыклу цікавых літаратурных сустрэч з мясцовымі і прыезджымі аўтарамі. Днямі ў доміку гасцяваў паэт, перакладчык, кандыдат філалагічных навук з Гародні Анатоль Аляксандравіч Брусевіч. Сустрэча з ім адбылася ў рамках чарговага пасяджэння літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты".

Як навуковец Анатоль Брусевіч - даследчык гісторыі польскай літаратуры, польска-беларускіх літаратурных сувязяў, дацэнт кафедры польскай філалогіі Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Як паэт друкуецца з 1989 года ў беларускіх і замежных выданнях. З 2013 года - сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў. Аўтар кніг паэзіі "Дуэль" (1992), "Падаю ў неба" (2006), "Апошні дзень" (2013). Вершы Анатоля Брусевіча перакладаліся на рускую, польскую, літоўскую, грузінскую, англійскую мовы.

Сам жа Анатоль Аляксандравіч - аўтар перакладаў таксама з некалькіх моў. На беларускую мову ім перакладзены драма Георгія Каніскага "Уваскрэсенне мёртвых", "Трэны" Яна Каханоўскага, асобныя вершы Адама Міцкевіча, Лейбы Найдуса, Рымантаса Ванагаса, Іраклія Какабадзе. Дарэчы, "Трэны" ў перакладзе Анатоля Брусевіча - першы ў Беларусі пераклад твораў Яна Каханоўскага.

З мэтай прэзентацыі свайго новага зборніка вершаў "Апошні дзень" Анатоль Аляксандравіч арганізаваў невялікае турнэ па гарадах Беларусі і Польшчы. У маршрут паэта трапіў і наш горад Ліда. Ліда стала адным з прыпынкаў Анатоля Брусевіча ў яго паездцы дзякуючы кіраўніку літаратурнага аб'яднання "Суквецце" Алесю Хітруну, які ў бягучым годзе скончыў ГрДУ і чыім выкладчыкам да нядаўняга часу быў Анатоль Аляксандравіч. Ды і Ліда, па прызнанні шаноўнага госця, горад для яго не чужы, з ёй у яго звязаны толькі добрыя ўспаміны: у Лідзе Анатоль Брусевіч дапісваў сваю кандыдацкую дысертацыю, з Ліды родам яго жонка, тут да нядаўняга часу жыла яго цешча (зараз жыве ў Гародні). Наш горад згадваецца ў асобных вершах паэта. А яшчэ Анатоль Аляксандравіч расказваў, што ягоны дзед па мацярынскай лініі пры "польскім часе" трымаў у Лідзе краму.

Перад лідскімі калегамі па паэтычнаму "цэху" Анатоль Брусевіч чытаў вершы са свайго новага зборніка, адказваў на пытанні прысутных, разважаў з імі аб паэзіі.

У кнігу "Апошні дзень" увайшлі вершы, напісаныя паэтам у розныя гады. Сам паэт называе сябе неадэкадэнтам. Верш, на яго думку, нельга скласці розумам - павінна быць праца душы, панаванне эмоцый, перажыванняў. У многіх вершах паэта прысутнічае вобраз шляху, дарогі, блізкі кожнаму чытачу, які крочыць у сваім жыцці да нейкай мэты.

Назву зборніка - "Апошні дзень" - Анатоль Брусевіч просіць не лічыць сумнай, змрочнай, песімістычнай. Наадварот, яго вершы жыццесцвярджальныя, а апошні дзень у кантэксце аўтара - гэта час падвядзення вынікаў, падсумоўвання здабыткаў на пэўным адрэзку жыцця. "Кожны дзень трэба пражываць як апошні, каб не разменьваць жыццё на дробязі, каб яно было поўным, змястоўным, яркім", - такая жыццёвая філасофія паэта.

У заканчэнне варта дадаць, што на сустрэчы з Анатолем Брусевічам у Лідзе, акрамя паэтаў, прысутнічаў і бард Сяржук Чарняк, які зрабіў госцю з Гародні прыемны падарунак - пад гітару выканаў песню-экспромт на адзін з вершаў паэта. Крыху пазней разам з бардам усе прысутныя праспявалі для даследчыка польскай літаратуры вядомае "Сто лят!"

Алесь МАЦУЛЕВІЧ.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX