НАША СЛОВА № 44 (1143) 30 кастрычніка 2013 г.
150-я ўгодкі паўстання 1863-64 гг. адзначылі ў Свіслачы
27 кастрычніка ў Свіслач ушанаваць паўстанцаў 1863 года прыехала каля за 50 чалавек. Пераважна гэта былі гарадзенцы, актывісты з Ваўкавыска, Лідчыны, мясцовыя актывісты і адзіны мянчук - кіраўнік партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
Урачыстасці адбываліся традыцыйна: усклалі кветкі на магіле Віктара Каліноўскага - брата Кастуся Каліноўскага на гарадскіх могілках, затым арганізавана прайшлі па Свіслачы да помніка Кастусю Каліноўскаму, а таксама да помніка Рамуальду Траўгуту і ўсклалі там кветкі.
Прамовы выступоўцаў былі кароткія і зводзіліся да таго, што героі Беларусі не забытыя і будуць заўсёды шанавацца нашчадкамі. У Свіслачы зусім не выкарыстоўвалася нацыянальная сімволіка, паводле мясцовых актывістаў, міліцыянты загадзя аб гэтым папярэдзілі.
Пасля Свіслачы ўсе арганізавана пераехалі ў Якушоўку, на сядзібу Каліноўскіх. Усклалі кветкі каля крыжа, разгарнулі бел-чырвона-белыя сьцягі і прасьпявалі "Магутны божа". Адбыўся невялікі канцэрт. А пасля зрабілі традыцыйны агульны здымак на памяць.
Фактычна на гэты год мерапрыемствы па ўшанаванні герояў 1863 г. завяршыліся.
Да 225-годдзя Івана Насовіча
"Белпошта" выпусціла мастацкую паштоўку да 225 угодкаў з дня нараджэння знакамітага беларускага мовазнаўца, лексікографа, этнографа і фалькларыста Івана Насовіча.
Наш кар.
75 гадоў з дня нараджэння Янкі Саламевіча
Янка САЛАМЕВІЧ (поўн. - Іван Уладзіміравіч Саламевіч; 29 кастрычніка 1938, в. Малая Кракотка, Слонімскі раён, Гарадзенская вобласць - 31 ліпеня 2012) - беларускі літаратуразнавец, фалькларыст, бібліёграф, перакладчык. Кандыдат філалагічных навук (1971). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне навукі (1976).
Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. У 1955 скончыў сярэднюю школу ў в. Вялікая Кракотка. Вучыўся на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта БДУ (1955-1960). Працаваў карэктарам, тэхнічным рэдактарам выдавецкага аддзела Дзяржаўнай бібліятэкі БССР (1960-1962), рэдактарам рэдакцыі вучэбнай і метадычнай літаратуры, да 1964 старшым рэдактарам грамадска-гуманістычных навук выдавецтва Міністэрства вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесіянальнай адукацыі БССР (цяпер "Вышэйшая школа"). У 1967 скончыў аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры БДУ. З 1968 старшы навуковы рэдактар рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі, у 1976-1992 - загадчык навуковай рэдакцыі народнай асветы і беларускіх слоўнікаў Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, з 1992 яе вядучы рэдактар, з 1994 вядучы рэдактар рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі БелЭн. Абараніў кандыдацкую дысертацыю "Міхаіл Федароўскі - фалькларыст". У 1987-1997 выкладаў у БДУ. У 1979-1988 разам з іншымі філолагамі вёў тэлечасопіс "Роднае слова". З 1989 старшыня рады Таварыства беларускай мовы Першамайскага раёна г. Менска.
Узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР. Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за ўдзел у стварэнні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.
Пачаў друкавацца ў 1955 у слонімскай раённай газеце "Вольная праца".
Аўтар першага на Беларусі "Слоўніка беларускіх псеўданімаў (XVI-XX стст.)" (1983), манаграфіі "Міхал Федароўскі" (1972). Склаў бібліяграфічны даведнік "Беларускі фальклор (1926-1963)" (1964), кнігу "М. Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы" (1984, з А. Лісам), зборнікі Г. Леўчыка "Доля і хлеб" (1980, з Н. Ляшковіч), М. Арла "Лірнік" (1991), Я. Купалы "Вершы і паэмы" (1991, на расейскай мове), "П'есы XIX - пачатку XX ст." (1998), выбраныя творы Я. Чачота "Свіцязь" (1999), зборнікі "Беларускія загадкі" (1982, 1989), "Мама Мышка сушыла шышкі: Беларускія народныя скорагаворкі" (1983), літаратурна-мастацкі каляндар "Кола дзён" (1987, 1988, у сааўт.), "Каляндар памятных дат 2001" (2001).
Шмат перакладаў.
Вікіпедыя.
Віншуем Людмілу Дзіцэвіч
Вельмішаноўная спадарыня Людміла!
Таварыства беларускай мовы ад шчырага сэрца віншуе Вас - педагога, настаўніцу, грамадскую дзяячку, сябра рады ТБМ - з круглай датай ад Дня народзінаў.
У Вашай асобе акумулююцца добрая энергетыка, чуллівасць і гуманнасць, чалавечнасць і спагада, патрабавальнасць і дабрыня, прыгажосць душы і добры мастацкі густ.
Мы жадаем Вам добрага здароўя. Хай здзейсняцца ўсе Вашыя планы і задумы. Няхай Ваша жыццё будзе такім жа прыгожым і забяспечаным, як тая багатая асенняя пара, якая падарыла Вас сваёй краіне.
Хай цеплыня Вашай душы сагравае знявераных, а святло Вашага сэрца асвячае іх жыццёвы шлях, дае надзею і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.
Сакратарыят ТБМ.
Людміла Мікалаеўна Дзіцэвіч нарадзілася 4 лістапада 1953 года ў в. Погіры Дзятлаўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сям'і настаўніка. Хрышчана ў касцёле Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Дзятлаве. Закончыла філфак БДУ (1976). Вучылася ў аспірантуры Інстытута літаратуры АН БССР (1981-1983). З 1976 года працавала ў СШ № 183 г. Менска, гімназіі № 5 (1991- 1995). Выкладала бел. мову ў Беларускім камерцыйным універсітэце кіравання (1995-1997). З 1996 года працавала ў ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" спачатку адказным сакратаром пры першым старшыні ТБМ Ніле Гілевічы, потым намеснікам другога старшыні ТБМ Генадзя Бураўкіна, першым намеснікам старшыні ТБМ Алега Трусава. Вяла заняткі па культуры мовы, з 2000 года праводзіла семінары па практычнай псіхалогіі "Я магу жыць лепей". Займаецца асветнай і культурніцкай працай.
XV Міжнародны з'езд славістаў: погляд звонку
З выбарам часу для правядзення ў Беларусі чарговага XV Міхнароднага з'езду славістаў яго арганізатары вельмі спазніліся. Няхай бы на нашай зямлі ён адбываўся 50-60 гадоў таму, калі амаль спрэс беларуская мова гучага на вёсцы і сям-там у горадзе. Сённяшняя Беларусь, дзякуючы старанням уладаў, дружнай падтрымцы іх інтэлігенцыяй, асабліва педагагічнай, - гэта, бадай што, скрозь рускамоўны мацярык. Ну ці ж можна ім ганарыцца перад шаноўнымі славістамі свету? Але сам факт прыезду іх у рускамоўную Беларусь адбыўся, і скажам: "Вялікі дзякуй!" арганізатарам гэтага, бясспрэчна, знакавага форуму за праведзеную працу. Можа яго ідэі хоць крыху адтэрмінуюць канчатковую пагібель беларускай мовы, нягледзячы на няспыннае змаганне з гэтым злом (мужыцкаю моваю) нашага зрусіфікаванага дзяржаўнага чыноўніцкага апарату.
Паводле дакументаў аб адукацыі дый і ў самім прафесійным жыцці я не мовазнавец. Не з'яўляюся і славістам. Але звязаныя з гэтым тэрмінам праблемы мяне не толькі цікавяць, але і дужа хвалююць. Прычым, не першы год. Сваімі нярадаснымі думкамі пра іх даволі часта дзяліўся з удзельнікамі навукова-практычных канферэнцый, з чытачамі газет і часопісаў. Не будучы прафесійным мовазнаўцам, у сваіх публікацыях заўжды свядома абыходжу чыста лінгвістычны аспект. Стараюся выказаць, галоўным чынам, свой погляд датычна прычын заняпаду сацыянальнай ролі беларускай мовы ў краіне, прычым нават і тады, калі яна стала суверэннай і яе ўлады павінны былі рабіць усё дзеля шырокага выкарыстання роднай мовы тытульнага народа ў грамадскім жыцці, чым толькі і можна гарантаваць ёй прыстойнае існаванне, высокі аўтарытэт у народа.
Я выдатна разумею, чаму гэтую надзвычай актуальную праблему свядома не хочуць заўважаць афіцыйныя даследчыкі: у яе закладзена вялікая палітыка, а яны ж атрымліваюць грошы (няхай сабе і мізэрныя) з дзяржаўнай казны. Тут ужо ніяк не выпадае крытыкаваць, абвінавачваць улады. Усім гэтым ніколькі не абцяжараны я, таму імкнуся асвятляць яе так, як яно ёсць у сапраўднасці. Меў жаданне паразважаць над ёю і на XV Міжнародным з'ездзе славістаў, але не ўдалося: сказалі, што спазніўся. А жадаў выступіць таму, што замежныя славісты, звычайна будучы добра дасведчанымі ў розных чыста моўных пытаннях, маюць вельмі бедныя веды, а то і памылковыя ўяўленні пра сучасны стан роднай мовы ў грамадскім жыцці нашай краіны, пра дзяржаўную палітыку ў дадзенай лёсавызначальнай сферы. А тут у нас такое адбываецца, што хоць у званы бі, крычы: "Ратуйце!" Айчынныя ж бюджэтныя навукоўцы асабліва не заб'юць у іх і не закрычаць, а на з'ездзе, не сумняваўся, нагавораць сваім калегам такога, што многія проста пазайздросцяць "райскаму жыццю" беларускай мовы і нацыянальнай культуры.
Дарэчы, пра такое нібыта нічым не абцяжаранае жыццё нашага роднага слова паспелі тое-сёе сказаць яшчэ да адкрыцця з'езду. Больш за ўсіх, вядома ж, пастараўся пра гэта сам Старшыня Міжнароднага і Беларускага камітэтаў славістаў, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Лукашанец. У інтэрв'ю для газеты "Минский курьер" (14 жніўня 2013 г.) на пытанне "А белорусский язык не исчезнет?" (пытанне вельмі надзённае, выкліканае самім жыццём) адказаў так: " Об этом говорят на протяжении более ста лет, а белорусский язык живет (ворагу не пажадаў бы такога жыцця! - Л.Л. ) и продолжает занимать существенное место в коммуникативном пространстве белорусов (гэта будучы выключаным з абслугоўвання палітычнай і эканамічнай сфер, навукі, вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай школы і г. д.?!)… В настоящее время белорусский язык становится языком интеллектуальной элиты (відаць, мовазнаўца № 1 краіны рэдка слухае радыё і глядзіць тэлебачанне, у перадачах якіх беларускую мову амаль не чуваць нават з вуснай кіраўнікоў усіх звёнаў народнай адукацыі і культуры, не кажучы ўжо пра падначаленых ім працаўнікоў)… У нашего народа достаточно высокий уровень белорусскоязычной компетенции (каб было падобнае, ён у такой вялікай меры не карыстаўся б чужой мовай дый адкуль такому ўзроўню быць, калі пасля праведзенага ў маі 1995 года ліхой памяці рэферэндуму не адбылося ва ўсім краі ніводнай публічнай лекцыі, ніводнай радыё- і телеперадачы пра вырашальную ролю беларускай мовы ў фармаванні здаровай нацыянальнай самасвядомасці, захаванні этнакультурнай самабытнасці краіны, умацаванні яе палітычнага суверэнітэту), не хватает только разговорной практики и соответствующей языковой среды" . Вось гэтым-то словам ніяк нельга запярэчыць. Меў усе падставы А. Лукашанец заявіць, што ў беларускай мовы ёсць праблемы з рэальным выкарыстаннем у афіцыйных сферах зносін, а калі ж не назваў прычыны такога становішча, ведаем, чаму.
* * *
Што ў Менску павінен адбыцца XV Міжнародны з'езд славістаў, загадзя ведалі ў Адміністрацыі Прэзідэнта краіны і ад яго імя, як прынята ў падобных выпадках, падрыхтавалі прывітанне. Цёплае, прасякнутае вялікай павагай да ўсіх удзельнікаў форуму. Але калі глыбока ўнікнуць у сэнс складзенага прэзідэнцкімі ідэолагамі прывітання, у ім знойдзеш і такое, што далёка не цалкам упісваецца ў рэчаіснасць. Хоць я і вельмі моцна люблю родную мне Бацькаўшчыну, страшэнна перажываю за страту ёю сваёй этнакультурнай самабытнасці, у чым і грама няма віны народа, усё ж ніяк не магу пагадзіцца з такімі словамі прывітання: "Сімвалічна, што месцам правядзення юбілейнага форуму абрана Беларусь - сэрца славянскай цывілізацыі (падкрэслена мною. - Л.Л. ), якая ўносіць важкі ўклад у захаванне яе каштоўнасцей і ідэалаў" . Беларусі, каб быць на справе такім сэрцам, трэба развівацца на сваёй культурна-моўнай аснове. Па вядомых для ўсіх адукаваных людзей прычынах яна ў нас амаль адсутнічае з-за панавання ў духоўным жыцці краіны рускага культурна-моўнага пачатку. Ну ці ж можна ў такіх архінеспрыяльных умовах "уносіць важкі ўклад у захаванне яе (славянскай цывілізацыі. - Л.Л. ) каштоўнасцей і ідэалаў" . Вядома, што не. Такое рэальна было б толькі тады, калі беларусы развівалі сваю нацыянальна-моўную культуру, а не пераважна рускую, на ніве якой сёння занята досыць вялікая колькасць таленавітых прадстаўнікоў нашай творчай інтэлігенцыі. Такая адмоўная, крайне небяспечная практыка моцна закранула нават мастацкую літаратуру, журналістыку, якім так многа абавязаны беларускі народ, што да канца не загінуў за савецкія часы ў выніку бальшавіцкай культурна-моўнай русіфікацыі.
У прыведзенай цытаце мне не падабаецца само яе першае слова "сімвалічна" . Ну што пад ім трэба разумець: ці што ЮНЕСКА занесла беларускую мову ў Чырвоную Кнігу, ці што сёння толькі каля аднаго працэнта студэнтаў атрымлівае вышэйшую адукацыю на беларускай мове?. Такой сімвалічнасці не жадаю ніводнаму не толькі славянскаму, але і ўсім астатнім народам планеты Зямля.
Мала адпавядаюць рэчаіснасці прыведзеныя ў прывітанні словы, што беларусы берагуць сваю спадчыну (ад сваёй жа культурна-моўнай спадчыны амаль зусім выракліся, праўда, не па ўласным жаданні), што разумеюць сэнс "унікальнасці кожнай нацыі", бо каб разумелі, жылі б сваімі, не чужымі духоўнымі каштоўнасцямі, якія толькі бязлітасна нішчаць нацыянальную адметнасць народа, вядуць яго да этнічнага вымірання. Калі па правадным радыё віншуюць людзей з якімі-небудзь важнымі для іх падзеямі, дык з дзесяці песень не заўсёды прагучыць хоць адна беларуская. Беларусаў, адарваных ад роднага слова з-за сур'ёзных заганаў дзяржаўнай моўнай палітыкі, мала цікавіць усё тое, што арганічна звязана з ім. Яно капітальна выціснута не толькі з грамадскага, але і асабістага жыцця.
Складальнікі прэзідэнцкага прывітання толькі ў яго трэцім ззаду радку згадалі слова "мова", хаця непасрэдна звязаная з ёю гэтая надзвычай складаная ў мінулым і на сучасным этапе праблема разглядалася на трох секцыях з'езду славістаў! У прывітанні яна пададзена ў такім кантэксце: "…гэты з'езд дапаможа… аб'яднаць намаганні ў вывучэнні гісторыі, моў і кульур нашых народаў" . Усё правільна, але ці гэтая мэта галоўная сёння для нас. У тэарэтычным плане, здаецца, нямала чаго ведаем і пра мову, і пра культуру, а вось на практыцы і ў першай, і ў другой больш чужога (рускага), чым свайго (беларускага), у выніку чаго духоўнае жыццё краіны дэнацыяналізуецца, яе тытульнае насельніцтва губляе прыродную этнакультурную адметнасць, што супярэчыць інтарэсам славянскай супольнасці народаў. Культурна-моўнай русіфікацыяй беларусаў, якой з такой любоўю, стараннасцю займаецца сама дзяржава, мы не толькі не ўзбагацім, а наадварот, духоўна збяднім, абяскровім гэтую супольнасць, зробім яе менш здольнай супрацьстаяць руйнавальным уплывам сусветнай глабалізацыі. Апошняй куды лягчэй падмяць пад сябе Беларусь з рускамоўнай культурай, чым Беларусь са сваёй роднай нацыянальнай культурай і мовай.
Такую знакавую падзею, як XV Міжнародны з'езд славістаў, у дзясяткі разоў паўней павінны былі б асвятляць афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі, хаця б у такіх маштабах, як пісалі і гаварылі пра забой свінней з прычыны афрыканскай чумы ці пра канфлікт уральскіх і салігорскіх калійшчыкаў. Я часта слухаю правадное радыё, а вось пачуць прэзідэнцкае пасланне славістам, так і не давялося. З нагоды іншых падзей яно часам па некалькі разоў перадаецца на дзень. Гэта ж трэба было ўтойваць ад такой вялізнай колькасці радыёслухачоў і тэлегледачоў, думаю, прыемную для многіх з іх падзею, што павінна была ўпершыню і можа ў апошні раз адбыцца на нашай зямлі! Гэтыя віды афіцыйных электронных СМІ вельмі бегла асвятлялі і сам ход з'езду. Не ведаю, як у каго, а ў мяне сфармавалася ўражанне, што да яго працы не было патрэбнай зацікаўленасці ні ў Адміністрацыі Прэзідэнта краіны, ні ў кіраўнікоў дзяржаўных СМІ. Візуальнае афармленне ў Менску з'езду славістаў было на многа бядней выканана, чым у дні, калі выбіраюць "міс" прыгажуню Беларусі ці праводзяць якое-небудзь іншае менш значнае мерапрыемства.
З'езд не знайшоў належнага адлюстравання і ў апазіцыйнай прэсе. Калі б давялося вызначаць перыядычны орган, дзе паўней, лепш асвятлялася гэтае мерапрыемства, я назваў бы афіцыйнае выданне "Звязду", асабліва змястоўныя, цікавыя публікацыі ў ёй Ларысы Цімошчык.
* * *
Паколькі XV Міжнародны з'езд славістаў - гэта надзвычай важная, унікальная ў гісторыі Беларусі падзея, дык у час яго адкрыцця ў прэзідыуме абавязкова павінен быў бы знаходзіцца хтосьці з першых трох самых высокіх палітыкаў краіны, а найлепш за ўсё сам яе Прэзідэнт. Мы добра ведаем, з якім вялікім жаданнем ён з'яўляецца на людзях. Знаходзіць нават час, каб адкрыць нанова пабудаваную агульна-адукацыйную школу. Ні на адкрыцці, ні ў дні працы з'езду на ім не прысутнічалі палітычныя лідары краіны. Такой вялікай павагі да сябе ён цалкам заслугоўваў. Да таго ж праводзіўся ў славянскай краіне, якая займае актыўную пазіцыю, выступае з рознымі ініцыятывамі па ўмацаванні садружнасці славянскіх народаў. Гэта не абавязкова, хаця таксама пажадана, каб падчас правядзення такога форуму ў якой-небудзь неславянскай краіне ў зале пасяджэння прысутнічаў яе кіраўнік. Дарэчы, калі сёлета ў чэрвені ў Беларусі праходзіў XV Сусветны кангрэс рускай прэсы, у ім цалкам апраўдана прыняў удзел Прэзідэнт нашай дзяржавы. Міжнародную рускую прэсу, бяспрэчна, трэба падтрымаць, бо з паглыбленнем глабалізацыйных працэсаў шмат складаных праблем узнікла і ў рускай мовы, да таго ж нават і на так добра засвоенай ёю постсавецкай прасторы. Прысутнасць Прэзідэнта на тым Кангрэсе, несумненна, прыдала ўпэўненасці замежным гасцям, якія пішуць па-руску, што ў гэтай мовы ёсць надзейная падтрымка ў палітычным кіраўніцтве не толькі Расіі, але Беларусі. Вось так бы, думаецца, і прысутнасць Прэзідэнта на XV Міжнародным з'ездзе славістаў пазітыўна паўплывала б на настроі яго беларускамоўных замежных удзельнікаў. Іх бы так не расчароўвала бесперспектыўнасць беларускай мовы, якую яны так і не пачулі на мінскіх вуліцах, якую не без падстаў ЮНЕСКА, паўтаруся, занесла ў Чырвоную Кнігу. Калі б у залу пасяджэння завітала першая палітычная асоба, палічылі б, што нейкія практычныя захады, відаць, будуць рабіцца па выратаванні роднага слова тытульнай нацыі краіны, і яе чыноўніцкі апарат нарэшце адмовіцца ад ходкай ў яго асяроддзі памылковай думкі нібыта сур'ёзныя рэчы нельга выказаць на беларускай мове (дарэчы, у свой час нешта падобнае сцвярджаў беларускага паходжання дыктатар Польшчы Юзаф Пілсудскі), абавязкова перагледзіць вынікі майскага 1995 года рэферэндуму, які спецыяльна праводзілі дзеля загнання беларускай мовы на той свет. А яна ж, як не кажыце, гэта тая мова, на якой першы ў гісторыі нашай айчыны яе Прэзідэнт прысягаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, чаго да гэтага ніколі не здаралася ў нас. Пра ўсё гэта ў высокіх эшалонах улады ніхто не думаў падчас працы XV Міжнароднага з'езду славістаў. А варта было б думаць. Жахлівы стан беларускай мовы не дае права нікому, тым больш вядучым палітыкам, марудзіць з прыняццем рашучых захадаў па яе выратаванні.
Маглі быць і іншыя прычыны няяўкі палітычных вярхоў на пленарнае паседжанне з'езду. Гэта і не простыя для адказу цалкам заканамерныя пытанні кшталту: "Чаму ў дзяржаве з адной тытульнай нацыяй увялі афіцыйнае двухмоўе, чаго не практыкуе ніводная перадавая, рэальна суверэнная краіна Еўропы?" Вядомы тэарэтык па нацыянальным пытанні Карл Каўцкі (1854-1938) амаль сто гадоў таму пісаў, што ўсякае двухмоўе мае часовы характар, бо рана ці позна адна з моў (найбольш багатая і распаўсюджаная) абавязкова атрымае верх над другой. Гэтага не маглі не ведаць нашыя высокаадукаваныя палітыкі і ідэолагі, аднак кіраўніцтва краіны пайшло на ўвядзенне афіцыйнага двухмоўя, у выніку якога беларуская мова апынулася па-за грамадскім жыццём, стала амаль зусім незапатрабаванай. У сувязі з гэтым удзельнікі з'езду маглі б задаць і такое пытанне: "Што ў бліжэйшы час збіраецеся рабіць па выратаванні тытульнай мовы сваёй краіны ад поўнага амяртвення?" Думаю, мала хто з нашых высокіх палітыкаў даў бы аб'ектыўныя адказы на такія пытанні, і асабліва апошняе, паколькі ў краіне і раней, і цяпер улады нічога не збіраюцца рабіць па забеспячэнні беларускай мове рэальнага статусу дзяржаўнай. Каб такое рабіць, трэба мець зайздроснай сілы беларускую нацыянальную самасвядомасць, хоць збольшага ведаць і любіць роднае слова тытульнага народа. Каб меліся ў нас такія палітыкі, яно, напэўна ж, не было б выкінутае на звалку гісторыі.
Мне асабіста не вядома ані з якіх крыніц, каб каго-небудзь з удзельнікаў з'езду дзеля абмеркавання архіняпростай моўнай сітуацыі запрасілі выступіць перад чыноўнікамі Адміністрацыі Прэзідэнта краіны, Савета Міністраў РБ, Менскага абласнога ці гарадскога выканкамаў. Ад такіх жа дасведчаных у моўных пытаннях людзей ім можна было пачуць нямала чаго карыснага і для практычнай дзейнасці. А такімі пытаннямі трэба займацца, бо калі загіне беларуская мова, што вельмі рэальна, за гэта будуць абвінавачваць не народ, а ўсіх рангаў - асабліва самых высокіх - палітыкаў, ідэолагаў, нацыянальную эліту.
(Заканч у наст. нумары.)
Леанід ЛЫЧ, доктар гістарычных навук, прафесар
МАДЭЛЯВАННЕ - ТРАДЫЦЫЙНЫ СПОСАБ НАЗАПАШВАННЯ ФРАЗЕАЛАГІЗМАЎ
Фразеалогія беларускай мовы ў значнай ступені папаўняецца адзінкамі, утворанымі з дапамогай такога спосабу, як мадэляванне, г. зн. "стварэнне новых выразаў па гатовай мадэлі на ўзор тых, якія ўжо ёсць у мове" (І. Я. Лепешаў). Пад фразеалагічнай мадэллю разумеецца структурна-семантычны інварыянт, які мае пэўную сінтаксічную канструкцыю і адносна стабільную семантыку.
Па мадэлях утворана вялікая колькасць фразеалагізмаў. "Менавіта мадэляванасць фразеалогіі стымулюе пастаяннае абнаўленне яе складу, з'яўленне новых фразеалагічных серый на базе старых структурна-семантычных схем" (В. М. Макіенка).
Спынімся на вельмі прадстаўнічай фразеалагічнай мадэлі "назоўнік + асабовы займеннік у вінавальным склоне + дзеяслоў ведае (знае) " са значэннем 'невядома', напрыклад, няшчасце яго ведае (тут і далей прыводзяцца фразеалагізмы, выпісаныя з дыялектных слоўнікаў беларускай мовы, а таксама сабраныя аўтарам гэтага артыкула за апошнія трыццаць гадоў з жывых гаворак, пераважна на Гродзеншчыне; фразеалагізмы падаюцца так, як яны былі запісаны ад носьбітаў гаворак, без падгонкі пад літаратурную норму). У нашай картатэцы маецца 65 фразеалагізмаў (без уліку вульгарных) такой мадэлі. Карані гэтай мадэлі сягаюць у глыбокую старажытнасць і звязаны з табуізацыяй зносінаў чалавека з навакольным асяроддзем. Як піша Б.А. Ларын, "яшчэ на стадыі першабытных вераванняў у сілу табу пачынаюць развівацца самыя старажытныя эўфемізмы, дазволеныя і прыстойныя найменні, па прыродзе сваёй перафрастычныя ці вобразныя, якія прыхоўваюць свой прадмет, адцягваюць ад яго пазнавання, быццам ператвараюць сілай словатворчасці злыя якасці, дзеянні ў спрыяльныя, пажаданыя ці хаця б бясшкодныя".
На стадыі міфалагічнага мыслення чалавек не выдзяляў сябе з навакольнага свету, ён адчуваў "сваю кроўную, непарыўную еднасць з усёй прыродай, наіўна, але прыгожа, паэтычна "ачалавечваючы" не толькі жывёлаў, расліны, але і "нежывыя" прадметы" (У. І. Коваль). У часы язычніцтва створаны цэлы пантэон міфічных багоў і істотаў, якім прыпісвалася наднатуральная моц. Неразуменне шматлікіх таямніцаў прыроды, праяваў нараджэння і смерці, залежнасці ад хваробаў і прыродных стыхіяў вымушала чалавека верыць у тое, што ёсць сілы, мацнейшыя, разумнейшыя, мудрэйшыя за яго. Гэтыя сілы ведаюць усё, чаго нельга і што непадуладна ведаць чалавеку. Звяртаючыся да іх з дапамогай табуістычнай формулы, чалавек як бы засцерагаў сябе, падкрэсліваючы сваю нікчэмнасць перад іх усемагутнасцю, і адначасова апраўдваў сваю недасведчанасць.
Сілы, да якіх апеляваў чалавек, падзяляліся на добрыя і злыя. У беларускай міфалогіі тыпізаваным прадстаўніком дабра выступае Бог, а зла - чорт. Са словамі Бог і чорт у беларускай дыялектнай мове налічваюцца сотні фразеалагізмаў. На нашу думку, фразеалагізмы Бог яго ведае і чорт яго ведае належаць да ліку першых у названай вышэй фразеалагічнай мадэлі.
Пры аднолькавым значэнні гэтыя фразеалагізмы маюць супрацьлеглую ацэначнасць: першы - станоўчую, другі - адмоўную. Адмоўную характарыстычную функцыю выконваюць і амаль усе іншыя фразеалагізмы гэтай мадэлі, за выключэннем ацэначна нейтральных, якія пачынаюцца займеннікавым кампанентам ( хто яго ведае ) і граматычна і семантычна неакрэсленым кампанентам ( хоць яго ведае ): Хто яго ведая, сынок, паець паглядзі. Калі добраё [паліто], то купі, зіма йдзе, халадэ (Мачулкі Баранавіцкага р-на). А хоць яе ведае, можа і пахадзіўшы [карова]. А не, так перадойкай астанецца. Такой бяды (Заборцы Астравецкага р-на).
Колькасная перавага фразеалагізмаў з адмоўнай ацэначнасцю тлумачыцца тым, што дабро з'яўляецца як штосьці само сабой зразумелае, як норма, і акцэнтаваць на ім увагу няма неабходнасці, а зло - негатыў, які непажаданы, які нясе небяспеку, знаходзіць сваю рэалізацыю ў самых розных праявах і таму заслугоўвае ўвагі для асуджэння праз розныя вербальныя сродкі, у тым ліку фразеалагізмы.
Адмоўная канатацыя фразеалагізмаў ствараецца дзякуючы назоўнікаваму кампаненту, які на лексічным узроўні ў нацыянальна-культурнай традыцыі атрымаў таксама адмоўную семантыку.
Такія назоўнікі можна размеркаваць тэматычна (пакажам іх у складзе фразеалагізмаў, утвораных і ў далёкім мінулым, і адносна нядаўна): 1. Жыццёвыя нягоды, мукі, нястачы: гора его знае, немач яго ведае, покута его ведае, упадак яго ведае, смуткі яго ведаюць . 2. Нячысцікі, злыя сілы: д'ябал яго ведае, злыдні яго ведаюць (знаюць), нячысцік яго ведае . 3. Прыродныя з'явы, стыхіі, небяспечныя для чалавека: агонь іх зная, бура яго ведае, вада яго ведае (знае), віры яго знаюць, віхар яго ведае, гром яго ведае, грымоты яго ведаюць, пярун яго ведае (знае) . 4. Шкодныя насякомыя: машкары яго ведаюць, слата яго ведае . 5. Хваробы: крываўка яго ведае, скула яго ведае, трасца яго ведае, халера яго ведае, хвароба яго ведае. 6. Сродкі забойства, смяротнага пакарання: бомба яго ведае (знае), вяроўка яго ведае, ражон яго знае, страла іх знае . 7. Смерць, гібель: здыхата яго ведае, канцы яго ведаюць. 8. Месца пахавання чалавека: зямля яго ведае, яма яго ведае.
Па прычыне таго што фразеалагічная мадэль са значэннем 'невядома' існуе ўжо цэлыя стагоддзі, яна напаўнялася лексічным матэрыялам розных гістарычных эпох. Шэраг раней актыўна ўжывальных слоў выйшаў са свабоднага ўжытку. Аднак у фразеалагізмах яны захаваліся да нашага часу. Гэта пацвярджае слушнае і цікава сфармуляванае выказванне А. Д. Райхштэйна, што "фразеалагічная сістэма выступае ў якасці своеасаблівага музея моўных некратызмаў, архаізмаў і да т.п." Нярэдка фразеалагізмы выступаюць адзінымі крыніцамі, якія данеслі да нас забытыя словы, і таму маюць выключную інфармацыйную каштоўнасць, важнае значэнне для гістарычнай лексікалогіі, з'яўляюцца асновай і стымулам этымалагічных пошукаў.
Сярод фразеалагізмаў вызначанай у гэтым артыкуле мадэлі амаль трэцяя частка мае лексічныя кампаненты, якія вымагаюць этымалагічнага аналізу, высвятлення іх актуальнага значэння. Адны з іх цалкам выйшлі з ужытку, другія ўстарэлі, трэція выкарыстоўваюцца як рэгіянальныя дыялектызмы ў асобных гаворках. Спынімся на некаторых фразеалагізмах.
дох яго ведае . Слова дох у лексічнай сістэме беларускай мовы не ўжываецца. Яно функцыянуе толькі як кампанент устойлівых выразаў на поўдні Беларусі: до доха, дох его ведае . Хутчэй за ўсё гэта даўняе запазычанне з украінскай мовы, параўн. укр. дох 'падзеж'.
ванцач цябе ведае (знае) . Слова ванцач мае яшчэ варыянты вансач, ванцак, вансак, ванцах . Кваліфікуецца як не да канца асвоенае лексічнай сістэмай беларускіх гаворак запазычанне з польскай мовы - wаsad, wаsacz 'боль у крыжы'. Ужываецца ў гаворках паўночна-заходняй Беларусі са значэннямі 'заварот кішак' і 'конская хвароба'. Лакалізуецца ва ўстойлівых выразах, напрыклад: Каб цябе ванцак кінуў! Каб цябе ванцач! Каб цябе ванцах хапіў! Каб ванцак узяў!
гарончка (гароншка, гароньшка, гарончыха, гарончык, гаручка) яго ведае. Слова гарончка запазычана з польскай мовы - gorаczka 'высокая тэмпература', 'тыф', 'грып'. З лексічнай сістэмы беларускіх гаворак выцясняецца, але захоўваецца ва ўстойлівых выразах: Каб цябе гарончка ўзяла! Хай іх гарончка! Каб гарончка (гарончыка) узяла (забрала)!
дыба яго ведае . Дыба - гістарызм са значэннем 'прылада для катавання'. У сучаснай дыялектнай мове слова захавалася толькі ў складзе фразеалагізмаў: якая дыба каму , якая дыба прыгнала каго , дыба ганяіць каго.
кадук яго ведае . Кадук - запазычанне з лацінскай мовы: cadukus 'хворы на падучку'. З гэтым значэннем яно ўжывалася і ў беларускай, украінскай і польскай мовах, але прыкладна з ХVІІІ ст. набыло іншае значэнне - 'чорт, д'ябал, нячысцік'. Сёння гэта сэнсава зацемнены кампанент з неакрэсленым значэннем, які абслугоўвае каля дзясятка фразеалагізмаў: кадук яго вазьмі, кадук не бярэ каго , кадуке прынеслі каго , хай кадук задуша каго , каб цябе кадук, хай кадук возьме каго , кадук не браў каго , ідзі к кадукам і інш.
карбунак яго ведае . Карбунак (карбунец, карбунка, карбунаўка, карбуліца) 'гнойнае запаленне верхніх слаёў скуры, фурункулёз' - запазычанне з лацінскай мовы (Carbunkulus). У гаворках выходзіць з ужытку, актыўным застаецца толькі ў фразеалагічных канструкцыях: каб карбунец заеў (пабраў) каго , каб карбунка ўзяла каго , каб карбунка ўссела на каго , каб карбунка рушыла каго , каб карбуніц напаў на каго.
нагла яго ведае . Назоўнік нагла 'раптоўная, ненатуральная смерць' утварыўся канверсійным спосабам ад словазлучэння нагла(я) смерць з такім самым значэннем.
паморак яго ведае . Паморак - устарэлае слова са значэннем 'мор', ужываецца ў выразах поморок ёго ведае, коб поморок найшоў на каго , поморок не возьме каго , хай яго паморак, паморку няма на каго , паморак занёс каго.
паветра яго ведае . Старажытнае слова паветрые (паветра) 'эпідэмія, хвароба, мор' паводле паходжання належыць да агульна-славянскай лексікі. Захавалася яно з такім значэннем у асобных гаворках на Міншчыне, у іншых гаворках засведчана толькі як кампанент фразеалагізмаў. Параўн. таксама аднакаранёвыя дзеяслоўныя ўтварэнні ў выклічнікавых фразеалагізмах: каб ты запаветрыўся (спаветраў), няхай яго запаветрыя.
пляга яго ведае . Пляга - запазычанне з лацінскай мовы (plaga 'ўдарэнне'), параўн. польск. plaga 'бяда, няшчасце', літоўск. pliaugа 'слата'. У беларускай мове мае значэнні 1) 'слата', 2) 'чорная пляма на целе', 3) 'бяда, няшчасце'. Паступова выходзіць з ужытку. Замацавалася ў адмоўных пажаданнях тыпу: Ніхай яе пляга возьме! Німа на цібе якой плягі! Падзе на цібе пляга! Бадай на цябе якая пляга надышла!
пранцы яго ведаюць . Пасля напалеонаўскай вайны 1812 года ў Беларусі распаўсюдзілася заразная венерычная хвароба пранцы 'сіфіліс', занесеная французскімі вайскоўцамі. Лютавала яна больш за паўстагоддзе, загубіўшы дачасна шмат жыццяў. Пра хваробу захавалася нямала сведчанняў. Напрыклад, беларускі гісторык Сяргей Токць у кнізе "Беларуская вёска ў эпоху зьменаў" (с. 213) прыводзіць архіўны дакумент, у якім адзначаецца, што лекар палаты Гарадзенскага лясніцтва ў 1843 годзе пры выбарачным аглядзе жыхароў вёскі Бершты (цяпер яна ў межах Шчучынскага раёна) выявіў 63 чалавекі, якія маюць запушчаную венерычную хваробу. Лекар даводзіў, што пасля поўнага агляду такіх хворых будзе больш за сто. Таму неабходна заснаваць у вёсцы часовую лякарню. З гнездавым словам пранцы ў беларускай дыялектнай мове склалася цэлае гняздо фразеалагізмаў, напрыклад: на пранцы 'навошта', няхай яго пранцы 'выказване адмоўных пачуццяў', пранцы яго ведаюць 'невядома', каб це пранцы з'елі 'выказванне адмоўных пачуццяў', пранцы не возьмуць каго 'нічога кепскага не зробіцца з кім-н.'
рэзачкая яго ведае. Слова рэзачка , якое бытуе ў гаворках Гомельскага Палесся са значэннямі 'дызентэрыя, крывавы панос', 'рэзкі боль у жываце', запазычана з украінскай мовы, параўн. укр. різачка 'рэзь'. У гэтых жа гаворках яно выкарыстоўваецца і ў такіх выразах: крывава резачка, екое резачкі каму- чаму, резачка напала на каго, шчоб цебе рэзала рэзачка по кішках.
Адзначаная традыцыйная структурна-семантычная мадэль з'яўляюцца крыніцай актыўнага папаўнення фразеалагічнага фонду беларускай мовы. Вакол яе групуюцца фразеалагізмы розных гістарычных эпох. Яна выступае захавальніцай лексем старой якасці і ў гэтым плане мае выключную каштоўнасць для гістарычнага мовазнаўства.
Мікола Даніловіч
Беларускамоўны баск: "Нам таксама прыемна, калі замежнікі вучаць нашу мову"
Generation.by працягвае адзначаць на планеце гарачыя беларускамоўныя кропкі. Наступны малады герой з Краіны баскаў, якая шукае сваю свабоду пад гарачым сонцам паміж Іспаніяй і Францыяй. Roncero Toledo Kristian размаўляе і піша па-беларуску, але дагэтуль ўражваецца "цеканню" і "дзеканню" нашых краёў. Ён распавёў пра тое, з чым сутыкнуўся падчас вывучэння нашай мовы
"Дык ты хочаш вывучаць беларускую мову? Ох! Бог з табой!"
- Матывацыі для вывучэння беларускай мовы ў мяне былі розныя. З аднаго боку, было цікава, бо я ў той момант ўжо вывучаў рускую і польскую мовы. Потым мае першыя сябры ў Беларусі калісьці размаўлялі паміж сабой па-беларуску, слухалі беларускую музыку, і мне хацелася быць часткай гэтага. Потым у мяне ўзнікла жаданне застацца ў Беларусі (хоць на годзік), і я разумеў, наколькі вартая адаптацыя ў гэтую культуру. Я - баск, і нам таксама прыемна, калі замежнікі вывучаюць нашую мову, не гледзячы на тое, што мы выдатна разумеем французскую ці іспанскую.
Я шукаў усе магчымасці для навучання беларускай мове, і гэта рэальна было складана.
Спачатку, пакуль я атрымліваў сваю першую адукацыю, я атрымаў дзве стыпендыі, каб вучыцца летам у МДЛУ з рэпетытарам (гэта быў цуд!). Пачаў слухаць музыку, паспрабаваў чытаць нешта.
Потым, я захацеў больш сістэмна вывучаць, шукаў па ВНУ ў Менску такую магчымасць, але не знайшоў. Нейкая важная жанчына ў адным вартым універсітэце паглядзела на мяне і сказала: "Дык ты хочаш вывучаць беларускую мову? Ох! Бог з табой!"
І ўрэшце, мне прыйшлося амаль у сярэдзіне кастрычніка пачынаць першы курс беларускай філалогіі ў Берасцейскім дзяржаўным універсітэце, хаця я амаль не ведаў мову.
"Цеканне" і "дзеканне"
- Што самае складанае ў вывучэнні беларускай мовы? Усё. Шмат: нейкія гукі, лексіка, досвед. Напэўна, самае складанае для мяне (акрамя склонаў, якія з іншага свету) былі фанетычныя правілы: асабліва "цеканне" і "дзеканне".
"Дзьмухавец" - напэўна самае смешнае беларускае слова. Таксама падабаюцца "лазня", "гуртаваць", "гучанне", "сябар/сяброўка", "хлопец".
Каб вучыць беларускую мову, вельмі добра падыходзяць беларускія народныя казкі - яны вельмі цікавыя. Замежнікі могуць там пабачыць культурныя рознасці і падабенствы з сваёй радзімай. І песні заўсёды дапамагаюць.
У Беларусі спачатку бываў некалькі разоў і потым вучыўся год у Берасці. Зараз не маю магчымасці вяртацца туды, бо вучуся ў аспірантуры ў Лэоне (Іспанія).
У Берасці было некалькі людзей, з якімі я мог размаўляць. Усе астатнія саромеліся карыстацца сваёй мовай (не разумею чаму, бо я сам замежнік, і я раблю памылкі).
Зараз я маю мала магчымасцяў размаўляць па-беларуску. Раз у тыдзень здараецца гаворым з сябрамі па скайпу, і бываюць часам магчымасці скарыстацца мовай. Але, праўда, што часткова мы ўжо пабудавалі нашы камунікацыі на рускай мове, і складана перайсці на беларускую. Мы пачынаем, і адразу яны пераходзяць на рускую, бо ім прасцей.., а з часам і я таксама. Хаця гэта кепска!
Я баск, і ў нас адмысловая моўная палітыка, і робяцца ўсе намаганні, каб наша мова не знікла, і яны вельмі моцныя. А ў Беларусі я сустрэў шмат людзей, якія саромеюцца размаўляць сваёй мовай (асабліва тыя, хто з Палесся). Я нават чуў ад людзей, што беларуская мова не прыгожая, як украінская, ці руская. Я лічу, што гэта самае жахлівае, што можна сказаць. Бо твая мова - гэта тваё нутро: думкі і адчуванні, мы ўсе абавязкова пражываем іх па-рознаму, гэта наша асаблівасць, наш сусвет.
Калі я размаўляю па-беларуску, ці калі нехта са мной гаворыць, нешта ў душы свеціць.., не магу гэта апісаць.., але падобна на эмоцыі, якія я маю, калі размаўляю па-баскску.
Калі адродзяцца "Літоўскія Афіны"?
Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта
Рэспублікі Беларусь
Кабякову А.У.
К. Маркса, 38,
г. Мінск, 220016
Аб ушанаванні памяці Міхала Клеафаса Агінскага
Паважаны Андрэй Уладзіміравіч!
У 2015 годзе споўніцца 250 гадоў нашаму славутаму земляку Міхалу Клеафасу Агінскаму.
У сувязі з гэтым мы прапануем:
1. Уключыць у рэспубліканскі бюджэт неабходную колькасць сродкаў, каб у наступным годзе скончыць аднаўленне сядзібы Агінскага ў вёсцы "Залессе" Смаргонскага р-на (работы вядуцца ўжо вядуцца некалькі дзясяткаў гадоў).
2. Паставіць у Мінску каля Опернага тэатра помнік Агінскаму і назваць у яго гонар вуліцы ў Мінску і Смаргоні.
3. Стварыць мемарыялыіы музей Агінскага ў вёсцы "Залессе".
З павагай, старшыня ТБМ Алег Трусаў.
Старшыні грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
Трусаву А.А.
Аб ушанаванні памяці М.К. Агінскага
Паважаны Алег Анатольевіч!
Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт, разгледзеўшы Ваш зварот, дасланы з Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб ушанаванні памяці Міхала Клеафаса Агінскага" ад 30.09.2013 № 73 паведамляе.
Рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы па аднаўленні ансамбля былога палаца Агінскіх ў вёсцы Залессе Смаргонскага раёна вядуцца Смаргонскім будаўніча-мантажным трэстам № 41 па Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме за кошт сродкаў кансалідаванага бюджэту і праграме транспамежнага супрацоўніцтва "Беларусь-Літва". Тэрмін сканчэння работ - снежань 2013 года.
Па пытанні стварэння мемарыяльнага музея Агінскага паведамляем, што ў сядзібе плануецца стварэнне мемарыяльных пакояў, прысвечаных жыццю кампазітара.
Адна з вуліц горада Смаргонь носіць імя Агінскага.
З павагай, Намеснік старшыні І.Г. Жук.
Старшыні грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
Трусаву А.А.
Аб ушанаванні памяці М.Агінскага
У Міністэрстве культуры па даручэнні Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 кастрычніка 2013 г. № 10/535-101 разгледжаны зварот аб ушанаванні памяці Міхала Клеафаса Агінскага.
Намеснікам Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Русым М.І. 15.07.2013 № 05/206-198 зацверджаны План рэалізацыі мерапрыемстваў, якія прымеркаваны да святкавання 200-годдзя з дня нараджэння І.А. Гашкевіча і 250-годдзя з дня нараджэння М.К. Агінскага (далей - План).
У адпаведнасці з Планам прадуглядаецца ажыццявіць рэалізацыю наступных мерапрыемстваў.
Падпункт 2.1. Правядзенне работ па рэстаўрацыі палаца М.К. Агінскага ў в. Залессе Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці.
З 2011 года ў рамках Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы праводзяцца рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы па дадзеным аб'екце. Завяршэнне работ і ўвод быў запланаваны ў 2013 г. з прыстасаваннем пад музейную функцыю. Аднак, з улікам інвестыцыйных магчымасцей рэспубліканскага бюджэту ўвод перанесены на 2014 год.
Падпункт 2.2. У 2014-2015 гг. - стварэнне музейнай экспазіцыі ў палацы М.К. Агінскага ў в. Залессе.
Падпункт 2.13. Правядзенне ў красавіку 2015 г. конкурса на стварэнне помніка М.К. Агінскаму і яго адкрыццё ў в. Залессе ў верасні 2015 г.
Падпункт 2.14. У снежні 2015 г. закончыць работу па наданні адной з вуліц г. Мінска імя М. Агінскага.
Намеснік Міністра А.А. Яцко.
Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў лістападзе
Абрагімовіч Марына Яўген. Аліхвер Людміла Уладзісл. Амінава Святлана Андрэйкавец Надзея Дмітр. Анціфораў Алег Мікалаевіч Асецкі Аркадзь Атрахімовіч Іосіф Канстанц. Бабак Вольга Бабкова Ганна Ігараўна Баранаў Аляксандр Георгіев. Бародка Зміцер Міхайлавіч Бартасевіч Людміла Баўтовіч Міхась Бахвалаў Дзмітрый Бекіш Віктар Андрэевіч Белакоз Вера Беляўская Таццяна Борын Алег Мікалаевіч Булаш Алена Быцкевіч Сяргей Аляксандр. Ваданосава Фаіна Аляксандр. Васько Віктар Вячаслававіч Ветчынаў Сяргей Вікторчык Ніна Сяргееўна Віценя Алег Аляксандравіч Вішнеўскі Павел Уладзімір. Волкаў Алег Вярцінскі Анатоль Ілліч Галяшоў Зміцер Ганчарова Тацяна Гарлуковіч Яўген Дзмітрыев. Гівоіна Вольга Міхайлаўна Гнедчык Алег Горбач Аляксандр Клаўдзіев. Груша Дар'я Уладзіміраўна Грыб Ян Янавіч Грыгаровіч Андрэй Анатол. Губарэвіч Віктар Дзмітрыев. Гур'ян Алена Барысаўна Дабравольскі Аляксандр Ал. Давыдзька Святлана Данішэвіч Вольга Дацэнка Аляксандр Кірыл. Длатоўская Аліна Аляксандр. Дзербянёва Анжаліка Дзіцэвіч Людміла Мікалаеўна Домаш Валянціна Іосіфаўна Досіна Алена Драгун Данута Дрыга Святлана Мікалаеўна Дубко Ганна Міхайлаўна Дубовік Іна Пятроўна Дуброў Алег Анатольевіч Дзядзюля Вера Есьман Рыгор Міхайлавіч Еўсіевіч Наталля Анатол. Ефіменка Ганна Сяргееўна Ждановіч Міхаіл Васільевіч Зайкоўскі Эдвард Міхайлавіч Зарэцкая Вера Якаўлеўна Здановіч Уладзімір Васільев. Зуева Галіна Паўлаўна Ігнатчык Андрэй Валер'евіч Іокша Марыя Мікалаеўна Кавалёў Аляксей Аляксандр. Кадыш Любоў Кажамякін Генадзь Вячаслав. Казакоў Алесь Казачонак Сяргей Казлоўскі Руслан Канстанц. Калатоўкіна Ларыса Анатол. Калчанаў Алег Аляксеевіч Капойка Уладзімір Карповіч Ірына Іванаўна Касцюк Таццяна Уладзімір. Кацяшоў Дзмітры Сяргеевіч Кірэева Алена Уладзіміраўна Клікун Таццяна Козел Валеры Козел Галіна Маркаўна Корнеў Аляксандр Касьян. Кошкіна Людміла Чаславаўна Круглік Уладзімір Анатол. Крук Валянціна Іосіфаўна Крыжаноўская Вольга Аляк. Кудлацкая Валянціна Кужанава Вольга Кузьма Аляксандр Кузьміч Мікалай Пятровіч Купрэева Таццяна Уладзімір. Кучынская Галіна Лапіцкая Святлана Лапкоўская Браніслава Міх. Левіт Зміцер Лепяцюхіна Ганна Лісіцкая Вольга Мікалаеўна Літоўчык Святлана Міхайл. Лойка Алег Паўлавіч Лубянава Тацяна Віктар. Лысова Таіса Макарэвіч Наталля Міхайл. Маковіч Дзіна Маліноўскі Віктар Леанідавіч Марговіч Антон Антонавіч Мароз Жана Мікалаеўна Марозава Святлана Валянц. Мацкоўская Наталля Васіл. Мацюкевіч Паўлюк Іванавіч Мельнік Міхась Іванавіч Мельнікаў Аляксандр Мельнікаў Андрэй Міхайл. Мельнікаў Юрась Сяргеевіч Меляшкевіч Юры Віктаравіч Міжурына Раіса Канстанц. Мілаш Леакадзія Міхалевіч Мілана Міхайл. Моніч Зміцер Мухіна Леанарда Станіслав. Нагін Павел Несцераў Аляксей Нікіціна Ліля Нікіціна Людміла Канстанцін. Пагрэбіцкі Алег Падасетнікаў Васіль Паляшчук Тацяна Панюціч Аляксандр Паражынскі Аляксандр Паросава Марына Пашкевіч Валеры Васільевіч Пракаповіч Мікалай Мікал. Пракопчык Марына Міхайл. Пугаўка Алена Пугачэўскі Аляксандр Вікт. Пыльчанка Яўген Аляксандр. Пячкова Яўгенія Якаўлеўна Радзіон Ірына Радкоў Генадзь Андрэевіч Ралько Леанід Міхайлавіч Раманюк Наталля Розумаў Анатоль Якаўлевіч Русецкі Марцін Ігаравіч Руткоўская Яўгенія Карпаўна Савіцкая Яніна Іосіфаўна Савіч Аляксандр Аляксандр. Сарнацкі Ігар Севасцян Павел Сергіевіч Дзмітры Сімакова Рэгіна Іосіфаўна Сітнікаў Арцём Сяргеевіч Скрыпнічэнка Георгі Сярг. Скуратовіч Аркадзь Сойка Мікалай Уладзіміравіч Сталярова Вера Станкевіч Ларыса Фёдараўна Стасюкевіч Дзіна Сурко Анатоль Сцепулёнак Эма Антонаўна Сцямпкоўская Хрысціна Тарасава Святлана Міхайл. Таўгень Антон Тозік Эдуард Трафімец Ульяна Святаслав. Трафімчык Алена Веніямін. Турцэвіч Паліна Віктараўна Тыгрыцкая Вольга Аляксан. Тычына Дзмітры Валянцін. Тышко Іван Іванавіч Уласава Дар'я Уласевіч Дар'я Федаровіч Кацярына Федаровіч Надзея Фралоў Аляксей Валер'евіч Фядзюшын Ягор Ягоравіч Хамінскі Міхась Аляксандр. Хвошч Галіна Хляба Глеб Ігаравіч Царкоў Мікалай Прохаравіч Цвяткова Алена Мікалаеўна Цехановіч Святлана Цімаховіч Аляксандра Іван. Цярэшчанка Ігар Барысавіч Чарнаморцаў Валер Чаховіч Г. Г. Чашун Уладзімір Шнітоўскі Міхась Шпак-Рытскі Юрась Шчурко Галіна Аляксандр. Шчурко Лідзія Іванаўна Шыманчык Святлана Мікал. Шымкус Рычард Эдуардавіч Ючкавіч Аксана Станіслав. Ялугін Эрнест Васільевіч Яніцкі Міхаіл Іванавіч Яскевіч Аляксей Юр'евіч
Новы арыгінальны раман
Ён мае назву "Поўдзень - 3". Яго аўтарам з'яўляецца Зміцер Гуд, які нарадзіўся ў 1986 годзе ў Гомелі, з 2004 года жыве ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Другую адукацыю завочна атрымаў у Менскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце на факультэце англійскай мовы. Працаваў навуковым супрацоўнікам у беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту. На дадзены момант працуе тэсціроўшчыкам праграмнага забеспячэння ў камерцыйнай структуры.
Раман "Поўдзень - 3" зацікавіць беларускую моладзь! Дзеянне рамана адбываецца ў адным са спальных мікрараёнаў горада. Самотная тыповая забудова мікрараёна з'яўляецца як бы дэкарацыяй да драмы, у эпіцэнтр якой трапілі дзве вельмі неадназначныя, але па-свойму цікавыя асобы. Гісторыя гэтых двух насельнікаў рабочай ускраіны вялікага прамысловага цэнтра быццам прымушае паверыць у тое, што прынамсі некаторых людзей лёс зводзіць зусім невыпадкова.
Двум сябрам наканавана адыграць вельмі вялікую ролю ў жыцці адзін аднаго. Гэтыя два п'яніцы, два маргіналы, два антысацыяльныя элементы нібыта рыбакі, якія апынуліся ўдваіх у адной лодцы сярод бурнага і неспакойнага мора жыццёвых выпрабаванняў. Гэта раман пра цяжкія жыццёвыя абставіны - раман пра жыццё і смерць!
Рэдактарам твора з'яўляецца славуты Юрась Барысевіч. Кніга пабачыла свет у выдавецтве "Галіяфы". Дызайн зрабіла Яўгенія Багдановіч. На вокладцы выкарыстаная карціна Віталя Чарнабрысава "Трое ў лодцы". Наклад літаратурна-мастацкага выдання - 500 асобнікаў.
Раман танна можна набыць у кнігарнях беларускай сталіцы (напрыклад на К. Маркса і іншых).
Аляксей Шалахоўскі гісторык, краязнавец.
Мова з вушацкім прысмакам - выйшла новая кніга Рыгора Барадуліна
Пабачыў свет "Вушацкі словазбор" Рыгора Барадуліна. Гэтае выданне стала 47 выпускам серыі "Кнігарня пісьменніка" Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў. Прадмову да кнігі напісаў Уладзімір Някляеў, фрагменты з яе публікаваліся ў часопісе "Дзеяслоў" № 65. Укладальнікам выдання стала Наталля Давыдзенка, рэцэнзентам - Кастусь Цвірка.
"Вушацкі словазбор" - спроба сабраць за адным бяседным сталом хоць крышачку непераўзыдзенага шматгалосся роднае мне зямлі, шматгалосся, якое, на жаль, пачынае глухнуць" , - піша Рыгор Іванавіч ва ўступным слове да кнігі, прысвечанай "Светлае памяці мамы Куліны".
Нездарма на вокладцы змешчанае фота роднай хаты дзядзькі Рыгора - Народны паэт склаў не проста слоўнік адметнай лексікі Вушаччыны, ён імкнуўся перадаць "паганскія карані і біблейскае неба", "чысціню бачання свету", галасы "мамы Куліны, крэўных і блізкіх".
Першая частка "Слоўнік" змяшчае ўстойлівыя выразы, параўнанні, прыказкі і прымаўкі ў алфавітным парадку. Раздзел "Ізборнік" з'яўляецца сапраўднай калекцыяй звычаяў, страваў, прыкметаў, лекавання, прыгаворак і зычэнняў, дзіцячых гульняў, хуткамовак, загадак - усяго таго, што адлюстроўвае мысленне і побыт нашых продкаў. Трэці раздзел "Жывое слова, або Жыццё, як яно ёсць" утрымлівае запісы жывой вушацкай гаворкі, якія перадаюцца з улікам аўтэнтычнага вымаўлення.
Гэтая кніга, апублікаваная выдавецтвам "Кнігазбор", узбагаціць любую бібліятэку і будзе даспадобы не толькі спецыялістам-мовазнаўцам - дзякуючы таму, што гэта навукова-папулярнае выданне, у якім - жывая памяць народа, уважліва захаваная і перададзеная Рыгорам Барадуліным.
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".
СУСТРЭЧА З ГЕНАДЗЕМ БУРАЎКІНЫМ У ВІЦЕБСКУ
24-га кастрычніка ў Віцебску адбылася творчая сустрэча са знакамітым беларускім паэтам, грамадскім дзеячам Генадзем Бураўкіным. Творцы такога маштабу апошнім часам нячаста наведваюць паўночны рэгіён нашай краіны, таму спаткання з Генадзем Мікалаевічам - нашым земляком - чакалі шматлікія прыхільнікі яго творчасці з асаблівым нецярпеннем. Сустрэча была арганізаваная Віцебскай абласной радай ТБМ пры непасрэдным удзеле супрацоўнікаў абласной бібліятэкі. У фае была наладжана выстава твораў Генадзя Бураўкіна, ля якой спыняліся прыхільнікі яго таленту, абменьваліся думкамі, згадвалі знаёмыя радкі з вершаў.
У прызначаны час больш за 170 аматараў чароўнага беларускага слова шчыльна запоўнілі залу Віцебскай абласной бібліятэкі. На пачатку імпрэзы старшыня абласной арганізацыі ТБМ І.А. Навумчык прадставіў публіцы госця. Іосіф Адамавіч адзначыў, што перад намі не толькі знакаміты паэт, але і чалавек, які доўгі час узначальваў Белтэлерадыёкампанію, быў прадстаўніком Беларусі ў ААН.
Генадзь Мікалаевіч чытаў свае новыя вершы, а таксама творы, напісаныя раней. Гучалі паэтычныя радкі на розныя тэмы: прыгажосць, каханне, маральнасць, сяброўства, здрада… У некаторых творах прысутныя пазнавалі і рэальных асобаў, па-майстэрску паказаных аўтарам праз адмысловыя мастацкія прыёмы.
Потым былі пытанні слухачоў і трапныя, дасціпныя адказы Генадзя Мікалаевіча. А цікавіла прысутных шмат што: хто Вашы ўлюбёныя пісьменнікі? Як Вы ставіцеся да творчасці Святланы Алексіевіч? Чаму, на Вашу думку, кіраўнік Беларусі не гаворыць па-беларуску? Якой ідэалогіі прытрымліваецца цяперашняе беларускае тэлебачанне?.. На гэтыя ды многія іншыя пытанні Генадзь Мікалаевіч адказваў дзе з гумарам, дзе цалкам сур'ёзна.
Напрыканцы сустрэчы ўдзячныя аматары творчасці паэта ўручылі госцю букеты кветак. Яшчэ хвілін сорак наш славуты майстар падпісваў усім ахвотным кнігі, даваў аўтографы, адказваў на пытанні, якія зноў і зноў задавалі прысутныя.
Зала воплескамі дзякавала Генадзю Мікалаевічу за сустрэчу, за тыя цудоўныя дзве гадзіны, якія прыхільнікі прыгожага пісьменства правялі разам з Паэтам. Сапраўды, гэта быў вечар паэзіі, які нікога не пакінуў абыякавым.
Юрась БАБІЧ , намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ.
Увага
У лістападзе ў сядзібе ТБМ у межах кампаніі "Будзьма" працягвае працаваць гістарычная школа "Гісторыя ў падзеях і малюнках" пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Алега Трусава.
Заняткі будуць прысвечаны вывучэнню сучаснай гісторыі Беларусі ў ХХ - пач. ХХІ ст.
На занятках будуць праводзіцца гістарычныя віктарыны, пераможцы якой атрымаюць цікавыя прызы.
Падчас заняткаў таксама прадугледжаны абмен думкамі наконт сучаснага стану беларускай мовы і яе функцыянавання ў грамадстве.
Такім чынам, удзельнікі змогуць павысіць свае веды па гісторыі Беларусі і папрактыкавацца ў веданні беларускай мовы.
У лістападзе заняткі адбудуцца: 4 лістапада (панядзелак), 11 лістапада (панядзелак),
18 лістапада (панядзелак), 25 лістапада (панядзелак).
Пачатак а 18-й на вул. Румянцава, 13. Уваход вольны
А некалі ў Беларусі нават махорку падпісвалі па-беларуску
Калі сёння ТБМ і ін-шыя арганізацыі, а таксама неабыякавыя грамадзяне вядуць наколькі безперапынную, настолькі і безпаспяховую барацьбу за маркіроўку прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў па-беларуску, аказваецца ў далёкія ўжо 40-я і 50-я гады ХХ стагоддзя такіх праблем не было. Віцебская махорачная фабрыка і тая падпісвала сваю прадукцыю па-беларуску. І куплялі. Хіба што на экспарт, мабыць, такі ўнікальны прадукт не пастаўлялі
На аўкцыёне eBay на продаж выстаўлены 50-грамовы пакунак махоркі, вырабленай на фабрыцы ў Віцебску.
Лот прадаецца па фіксаваным кошце ў 28 долараў, знаходзіцца ён у Таліне (Эстонія), пішуць "Народныя навіны Віцебска".
Як памятаецца, у савецкі час (60-я гады) такі пачак махоркі каштаваў нешта каля 10 капеек.
То, можа, і не ўсё адно толькі дрэннае для беларускай мовы можна згадаць з савецкага часу?
Паводле Еўрапейскага радыё.
Ахвяраванні на ТБМ
Шчыра дзякуем за дапамогу!
1. Осіпава А.Я. - 50000 р., г. Гомель
2. Панамароў С.М. - 50000 р., г. Менск
3. Турок В. - 20000 р., г. Гародня
4. Кухаронак А.Д. - 20000 р., г. Смілавічы
5. Ляснеўская А.Ц. - 50000 р., г. Менск
6. Зуёнак К.В. - 100000 р., г. Менск
7. Браты Мяцельскія - 400000 р., г. Менск
8. Курова Тамара Андр. - 30000 р., г. Менск
9. Данілік Віктар - 30000 р., г. Менск
10. Пухоўская Юлія - 30000 р., г. Менск
11. Плакса Ўладзімір - 100000 р., г. Менск
12. Шкірманкоў Фелікс - 50000 р., г. Слаўгарад
13. Коўчур Руслан - 100000 р., г. Менск
14. Усціновіч В.В. - 100000 р., п. Лясная, Менскі р-н.
15. Лазарук Тамара - 50000 р., г. Менск
16. Прылішч Ірына - 50000 р., г. Менск
17. Чайкоўскі Павел - 65000 р., г. Менск
18. Карлінскі В.А. - 250000 р., г. Баранавічы
19. Сныткіна Г.А. - 50000 р., г. Менск
20. Лабада С.І. - 50000 р., г. Менск
21. Ахрамчук В.Г. - 30000 р., г. Светлагорск
22. Краўцоў Васіль - 140000 р., г. Гомель
23. Цвілік Вячаслаў - 103000 р., г. Беразіно
24. Буднік І.Ф. - 50000 р., г. Гародня
25. Касцюкевіч Зміцер - 50000 р., г. Чэрвень
26. Астравейскі А.А. - 50000 р., г. Берасце
27. Грышкевіч Л.І. - 50000 р., в. Рагазы
28. Ляўшун Дзяніс - 197000 р., г. Менск
29. Павідайка В.М. - 70000 р., г. Менск
30. Гяцэвіч С.Ю. - 80000 р., г. Менск
31. Бандарчык Уладзімір - 50000 р., г. Менск
32. Цярохін Уладзімір - 50000 р., г. Менск
33. Чырун Сяргей - 50000 р., г. Менск
34. Варанцоў Міхал - 50000 р., г. Менск
35. Патаповіч Зміцер - 50000 р., г. Менск
Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.
Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.
Тут бачу свой край
(Баравецкія і навакольныая тапонімы)
I вось Луцэвічы пасля сумнага і горкага расстання з Селішчам (там яны пахавалі свайго гаспадара Купалавага тату Дамініка і яго дзвюх сястрычак і адного брата) апынуліся ў Малых Бараўцах на колішняй сядзібе пані Стржалкавай. Як і належыць навасёлам, пачалі абжывацца, аглядацца; спазнаваць мясціну, яе наваколле, як гэта колісь рабіў В. I. Дунін-Марцінкевч, набыўшы пасля Менска Малую Люцінку. Ён зведаў найперш усе навакольныя шляхі, сцяжынкі, ручаінкі, і, толькі гэта асэнсаваўшы, гаспадар Люцінкі напісаў сваю славутую паэму "Люцінка". Менавіта гэтак рабілі і Луцэвічы, пераехаўшы ў 1904 годзе ў Малыя Бараўцы.
Вось недалёка ад Малых Бараўцоў ёсць лес. Як вы думаеце, які ён меў і мае назоў? Тураўка ці Тураўскі лес . Назоў нечаканы і загадкавы для сучаснага чалавека. Загадкавы ён быў і для Луцэвічаў, і для самаго Янкі. Дзе той горад Тураў на Палессі, а тут паблізу Менска, поруч з Бараўцамі, Тураўскі лес. Ды яшчэ які вялікі! I нават адзін лясны пагорак Тураўкай завецца. Няўжо паблізу Менска каля Бараўцоў колісь туры вадзіліся. Сама ж назва за сябе гаворыць. Не з неба ж яна звалілася.
Мечыслаў Папкоўскі, ураджэнец Бараўцоу, які, як і я, цікавіцца Купалавым пабытам, ды ўсіх Луцэвічаў у Бараўцах, аўтарытэтна сцвярджае: у свой час, у сваю пару, не за нашымі часамі ў Бараўскім лесе вадзіліся туры. Хадзілі тут цэлымі статкамі. Цяжка ў гэта паверыць, але гэтак было. Пра гэта і назоў Баравецкага лесу сведчыць. Вось у якой мясціне выпала жыць Луцэвічам з Янкам. Ды і ўсе іншыя мясціны ў ваколіцах і наваколлі Бараўцоў, іх назовы інтрыгавалі Купалу. Напрыклад, вёска Паперня . На яго шляху ў Сёмкаў Гарадок трапляў і такі назоў. IIIмат думак з нагоды такога назову мроілася ў юнай галоўцы беларускага творцы. Не быў юны Купала абыякавы і да назову Пільніца (вёска). Ды якой дарогай не пойдзеш з Бараўцоў, дык самыя розныя нечаканкі. Ну, хаця бы той дарогай, што злучае Бараўцы з Менскам. Непадалёку ад Бараўцоў, кіламетры за тры-чатыры, жылі краўцы, шылі кажухі. То і вёсачка тая адпаведна за Купалавым часам называлася Кажухава , а пасля яе Бальшавіком ахрысцілі. А далей там была веска Цна Ёдкава і Шалімаў лес .
Паблізу Малых Бараўцоў была і Радзькаўшчына , сядзіба Купалавага творчага апекуна - Уладзіслава Самойлы. Так што і сама прырода, і яе насельнікі спрыялі творчаму росту таленту Яна Луцэвіча.
Прывабліваў Луцэвічаў і недалёкі ад Бараўцоў вясковы пасёлак Чарцяж . Ян Луцэвіч услухоўваўся ў гучанне назоваў, намагаючыся спазнаць іх паходжанне, гісторыю. Ды як было іх не спазнаць, калі яны гучалі гэтак замілавана, як напрыклад Мар'яліва , Дафарэнцыя . Нешта ў той Дафарэнцыі быццам ад Італіі. Але гэтая італьянскасць больш простага паходжання. Поблізу Бараўцоў пасяліўся фельчар Фарэнц, і з усёй ваколіцы да яго цягнуліся людзі. Яны пыталіся ў тутэйшых, як дайсці да Фарэнца. Адтуль і назва: да Фарэнца - Дафарэнцыя .
Зусім іншыя думкі і настроі апаноўвалі маладога Луцэвіча, калі ён хадзіў у Астрашыцкі Гарадок . Напачатку яго шлях з Бараўцоў ішоў па колішнім Старым Віленскім тракце . Тут ён пераходзіў так званы Касы Мост . За Касым Мостам яго шлях ішоў паўз так званыя Яначковы пагоркі , парослыя хваёвым лесам. Сама назва пагоркаў была сугучная маладому Янку Луцэвічу. Пры нагодзе ён пацікавіўся, чаму, у гонар якого Яначкі замацаваўся такі назоў. Пачуў, што гэтаму Яначку колісь належалі гэтыя пагоркі. Ён быу іх гаспадаром. То і назва адпаведная замацавалася. Не бяру на сябе такой смеласці і адвагі, але гэты назоў у нейкай ступені паўплываў на Янку Луцэвіча ў абранні яго паэтычнага імя.
От пахадзіўшы, нахадзіўшыся па Бараўцоўскіх сцежках можна было прысесці на прыганкавыя лавачкі і пацешыцца прыдваровым прысядзібным наваколлем. А яно было экзатычнае. Сцежачка ад ганка вяла да невялікай балацянкі з азярком. На яго калінікалі прылятала самае рознае птаства: гусі, качкі. На сухой грудзянцы, на гэтай балацянцы за Купалавым часам расло колькі дубкоў.
Бараўцоўскія мясціны былі гарыстая, пагоркавыя. Нездарма ж ці не сам Купала пісаў: "I туды гара, і сюды гара!". Ды і ў нашых песнях пра гэта спяваецца. Між іншым і ў Купалавым вершы "Шэпчацца явар з калінаю", напісаным у Бараўцах, які стаўся папулярнай песняй у беларусаў, сказана, што гэты явар адзінокі расце за пакутнай гарою. Шкада, што Купала не растлумачыў нам, чаму тая гара пакутная, мабыць, нейякае баравецкае паданне, легенда.
Ведаў Купала і ўсе баравецкія грыбныя мясціны. Адно з іх называлася Пазьвішча . От баравецкі дыялог:
- Дзе, панок, грыбоў набраў?
- А ў Пазьвішчы!
Ведаў Янка Купала і баравецкае Белае балота - лясное возера, і лясны ручаёк Сіняя вада , які цёк у лагу, і Ліпаў капец , якісь баравецкі хутарок, і Адамава балота ...
Луцэвічы, як ужо не адзін раз згадавалася, арандавалі сядзібу Малыя Бараўцы з 1904 па 1909 год. Асноўны цяжар гэтай арэнды ляжаў, вядома, на плячах Купалавай матулі. Яе сынок Ясь напачатку ёй толькі дапамагаў. I то гэта было на першым часе, а так яго неўтаймаваная душа прагла кудысь у больш людную мясціну. Паблізу Бараўцоў было некалькі бровараў. Там усё трохі іншае. Іншы ўклад жыцця і неўзабаве мы яго бачым у Вялікіх Бакштах пад Радашкавічамі . Праз год ён ужо завіхаўся ў нейкім, больш вірлівым месцы. Балазе, вакол Бараўцоў і паблізу ад іх было некалькі невялікіх бровараў і неўзабаве Ясь Луцэвіч працаваў на адным з іх.
Шкада, што Янку Купалу не выпала самому напісаць згадак пра Бараўцы, пра Бараўскія тапонімы, але я перакананы: чуйны да слова, да яго гучання, да яго сэнсу, ён не мінаў самыя дробныя мікратапанімічныя назвы, знаходзячы ў іх глыбокі сэнс.
Наколькі былі дасведчаныя, мы, як маглі, распавялі пра баравецкія, бараўскія мікратапонімы. Да гэтай пары не стае пакуль яшчэ аднаго мікратапоніма ў Бараўцах. Якога спытаецеся? Няўжо не здагадваецеся? Так, не стае Луцэвічавага мікратапоніма, Луцэвічавай гары (узгорка).
У наступным 2014 годзе, якраз будзе роўна сто гадоў, як Луцэвічы з Селішча пераехалі ў Бараўцы. Янка Купала тут прычакаў свой паэтычны зборнік "Жалейка".
Тут жа ён напісаў і апублікаваў свою "Адвечнаю песню", верш "Явар", які стаўся любай беларусам песняй.
Шмат чаго і іншага ён спазнаў з баравецкай рэчаіснасці і яе наваколля.
Бараўцы - гэта першае Купалава літаратурнае гняздо, але якое! Як гэта ні дзіўна, да гэтай пары аніяк не ўшанавана, не ўганаравана. Паўтаруся, у Вязынцы Ян Луцэвіч толькі нарадзіўся, а ў Бараўцах ён Янкам Купалам стаў беларускім песняром. I таму, хай хоць той пагорок, на якім Луцэвічы бралі арэнду ў пані Стражалкавай, завецца Купалавым. На гэта не патрэбны ні сродкі, ніякія іншыя захады. Гэта ўсё ў руках мясцовай улады. То хай так і будзе. Паблізу Астрашыцкага гарадка ёсць Яначкавы пагоркі. То хай і ў Бараўцах будзе яшчэ адзін тапанім - Купалава гара , Купалаў пагорак .
Званок з Бальшавіка
З Кжухава, цяперашняга Бальшавіка да Бараўцоў - чатыры ці пяць кіламетраў. У так званым Бальшавіку ёсць школа, якая, як не дзіўна, завецца Дубаўлянскай. Колісь яна і напраўду была ў Дубаўлянах. Толькі як яе перавялі з Дубаўлянаў у Бальшавік, яна гэтак і засталася з сваім ранейшым назовам. Не называць жа яе Бальшавіцкай. Гэта і тады і пасля гучэла б гістарычным дысанансам.
Згаданая школа магла б і павінна была б узяць хоць якое пасільнае шэфства над Купалавымі Бараўцамі, над яго паэтычным гняздом.
Кажуць: "Дык нічога ў Бараўцах не ацалела з Купалавых часоў". Так, нічога матэрыяльнага не ацалела: ні забудовы, ні якіхсьці іншых прыкметаў колішняга фальварка. Але дакладна вядомы той пагорак, на якім мясцілася арандаваная Луцэвічам сядзіба пані Стржалковай. Але ацалелі і ўсе тыя краявіды, якія атулялі колішнюю сядзібу з азярком-лугавінай перад сядзібным пагоркам. То хоць на ўскрайку таго пагорка хоць бы пасадзіць тое дрэўка, якое колісь апеў Купала - явар. Яго так не стае ў Бараўцах. А гэтак была б згадка пра песню "Шэпчацца явар з калінаю", якая была напісана Купалам менавіта тут. А пры явары тым і каменьчык якісь некалі б. I не дорага было б. Заўсёды была б згадка пра Янку Купалу ў Бараўцах.
Кажуць, што недалёка ад Бараўцоў і Папярнянская школа. Але гэта ўжо, здаецца, Лагойскі абшар. То ж ёсць нешта слушнае ў нашай прапанове. Між іншым, шмат хто з новага пакалення баравецкіх людзей не мае уяўлення пра гэты явар... Хай бы хоць гэтак згаданы явар нагадваў усім пра Купалаву бытнасць у Бараўцах, пра ягонае першае літаратурнае гняздо і ягоную песню "Шэпчацца явар з калінаю".
Ці згодныя з гэтай маёй ініцыятывай настаўнікі і вучні згаданых ля Бараўцоў школак?
Уладзімір Содаль
Чарговае свята паэзіі на радзіме Анатоля Сыса
У вёсцы Гарошкаў, што пад Рэчыцай, прайшло свята паэзіі. Ля роднай хаты паэта Анатоля Сыса сабраліся вядомыя літаратары, барды і паэты, якія згадвалі аднаго з найбольш яскравых прадстаўнікоў беларускай паэзіі.
Паводле літаратуразнаўца Івана Штэйнера, Анатоль Сыс у сваёй лірыцы адлюстраваў спецыфічнасць беларускага менталітэту.
- Ён на пачатку новай эпохі, новага тысячагоддзя зусім па-іншаму паказаў, як беларусы глядзяць на гэты сусвет. Ён стварыў адметныя, незвычайныя вобразы - і той самы Змяіны Бог, і ваўчыца, якая палюе на аленяў - гэта ўсё неяк па-новаму паказала нашую звыклую, здавалася б, зямлю, усё тое, што ёсць у светапоглядзе беларусаў.
Сёлета імпрэза ў гонар паэта Анатоля Сыса мелася адбыцца ў мясцовай школе. Аднак за некалькі дзён да правядзення свята адміністрацыя навучальнай установы перадумала прадастаўляць памяшканне. Таму афіцыйная частка мерапрыемства прайшла на падворку роднай хаты паэта.
Хто крочыць з Радзімай да шчасця, да волі
У Менскім выдавецтве "Чатыры Чвэрці" выйшла новая кніга вершаў "Нацянькі" Слаўгарадскага актывіста ТБМ, франтавіка, геолага і пісьменніка Фелікса Шкірманкова.
Папярэдні яго паэтычны зборнік выйшаў у 2011 годзе над назвай "Дажынкі". Не прэтэндуючы на абсалют, аўтар імкнецца данесці да чытача свае бачанне рэчаіснасці, даць парады па надзённых пытаннях. Дзень за днём стары мудры чалавек занатоўвае свае назіранні з паўсядзённага жыцця. Ветэрана хвалюць і эканамічныя пытанні (касмічны рост цэнаў, пошук мужчынамі працы за мяжой),турбуе і галоўны клопат: што будзе з Радзімай, з роднай мовай?
Непакоіць паэта, што родную мову слаба вывучаюць у школах і дзіцячых садках. У вершы "Не магу маўчаць" ён крытыкуе дзвюхмоўе, якое прывяло да змяншення асяродку ўжытку беларускай мовы. Ветэрану і патрыёту хочацца, каб кожны мог даражыць духоўнай спадчынай, скарбам продкаў. Ён узгадвае пра прашчураў, што жылі паміж Сожам і Проняй, і хацеў бы, каб нашчадкам засталася праўдзівая памяць. Вершы прысвечаны пошукам шляхоў да волі і лепшага жыцця.
У вершы " Закон бумеранга" паэт піша пра тое, як важна рабіць дабро, і ніколі не адказваць злом на зло, а дараваць, трымаючыся годнасці. Быццам светлы струменчык бруіць з радкоў, падбадзёрвае, абуджае сумленне.
"Толькі з марай пра лёс Беларусі
Адчуваю я радасць жыцця".
У кнізе шмат аптымістычных вершаў, добрага гумару. Байкі пра Івана з Апанасам ды іншыя суцяшаюць у скрусе. Назіранні за дзяўчатамі падказваюць, у чым сапраўдная прыгажосць, душэўная краса, а дзе - пустазелле.
Адзін з вершаў прысвечаны Нілу Гілевічу. Франтавік жадае дарагому чалавеку трымацца, і жыць памяццю пра доўгія гады чыстага і светлага кахання да жонцы.
Па вялікім рахунку кніга прасякнута ўдзячнасцю лёсу, жыццю і роднай старонцы з яе неацанімымі багаццямі: рэкамі, рачулкамі, азёрамі, лясамі, працавітым і мужным народам. Чытач, як і марыў паэт, сапраўды адчувае ўздым і "творчых сілаў магутны прыліў".
Э. Дзвінская.
Успаміны з неспакойнага часу на Літве ў 1861-1863 гадах
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
За горадам, у полі, былі выкапаны побач дзве магілы, на краі якіх укопаны слупы ў рост чалавека. Вакол гэтых магіл, пакідаючы свабоднай даволі вялікую прастору, размясціліся чатырохвугольнікам войскі. Быў цудоўны, сонечны вясновы дзень. Гадзін у дзевяць раніцы з горада паказаліся асуджаныя; яны ішлі побач з ксендзам, трымаўшым у руках распяцце, акружаныя моцным канвоем з казакаў і пяхотных салдатаў; за імі валіў густы натоўп народа. Асуджаных увялі ў карэ, акружаўшае магілы са слупамі; я стаў перад імі з прыгаворам у руках; канвойныя салдаты акружалі нас, трымаючы ружжы на руку; войскі ўзялі на фронт, раздаўся і змоўк дроб барабанаў; я пачаў чытаць прыгавор. Сцыпіён, худашчавы, сярэдніх гадоў чалавек, з разумным, энергічным тварам, хаця і пакрытным смяротнай белізной, глядзеў аднак бадзёра, з поўным самавалоданнем; не тое ўяўляў з сябе яго таварыш; ад жаху ён, здаецца, страціў усведамленне ўсяго, што вакол яго тварылася, упаў у поўную апатыю і рухаўся як аўтамат, падпарадкоўваючыся - куды стаць, куды ісці - чужой, накіроўваўшай яго руцэ. Чытанне прыгавора скончылася. Сцыпіён звярнуўся з просьбай не завязваць яму вочы, але просьба гэтая не была ўважана. Зноў раздаўся барабанны бой, які не змоўк да самага заканчэння страты. На асуджаных надзелі доўгія палатняныя кашулі з доўгімі рукавамі і башлыком і павялі да слупоў, там нахлабучылі ім на вочы башлыкі, а рукавамі прывязалі да слупоў; затым з шэрагаў войскаў выйшлі стралкі і сталі па дванаццаць чалавек супраць кожнага асуджанага; афіцэр махнуў хустачкай, раздаўся залп, і ў тое ж імгненне мне падалося, што з грудзей Сцыпіёна вырвалася нібыта пара, і тут жа грудзі афарбаваліся шырокай крывавай плямай; абодва асуджаныя неяк заваліліся назад і ў бок каля сваіх слупоў і ў той жа час як бы слізганулі па іх уніз; да іх падбеглі салдаты, яшчэ далі па аднаму выстралу ва ўпор у галаву і адвязалі целы, якія адразу рухнулі ў магілы; іх тут жа закідалі зямлёй, зараўнялі, слупы знялі, і войскі прайшлі вакол месца страты, і да самых кватэр у шэрагах салдат, насуперак звычайнаму, царыла глыбокае маўчанне; усе выглядалі неяк пахмурна, нявесела; было прыкметна, што толькі што бачанае відовішча на ўсіх зрабіла цяжкае ўражанне.
У канцы красавіка ці ў пачатку траўня; неяк вечарам, дзяншчык далажыў мне, што мяне хоча бачыць нейкі пан. Я загадаў прасіць. Да майго крайняга здзіўлення перада мной з'явіўся паўстанец у забруджанай чамарцы і портках, у высокіх, аблепленых граззю ботах. Гэта быў невысокага росту чалавек гадоў 25-ці, вельмі сімпатычнай знешнасці бландын. Ён адракамендаваўся абшарнікам Шавельскага павета Станкевічам. Я запрасіў яго сесці. "Мне няма чаго, канешне, тлумачыць, - пачаў наведвальнік па-руску, - адкуль я з'яўляюся да Вас; мой гарнітур дастаткова сведчыць пра тое. Захоплены агульным рухам, я паступіў у адну з партый, сфармаваных у нашым павеце. Неўзабаве я прыйшоў да пераканання, што з гэтага пачыну нашага нічога не выйдзе. Гэтыя бязмэтавыя блуканні па лясах; боязнь сустрэчы з рускімі атрадамі, якая выклікала пастаянныя пераходы з месца на месца; знаходжанне ў ранні вясновы час у сырых, балоцістых мясцінах, нярэдка галоднымі, баючыся развесці агню, у мокрай, бруднай вопратцы і бялізне, - усё гэта неўзабаве астудзіла маё захапленне, тым больш, што ў сэнсе патрыятычным і палітычным уяўлялася рашуча безвыніковым. Але становішча было бязвыхаднае; самавольнае пакіданне партыі пагражала бязлітаснай помстаю з боку інсургентаў і не пазбаўляла адказнасці перад урадам, калі ён даведаецца пра мой удзел у рокашы. Нарэшце, не так даўно да нас у лясы дайшло паведамленне, што ўрад абвясціў амністыю ўсім, хто пакіне шэрагі паўстаўшых да 1 красавіка (амністыя гэтая сапраўды была абвешчана яшчэ ў сакавіку месяцы). Хоць тэрмін і быў прапушчаны, аднак я пачаў гаварыць таварышам пра безкарыснасць нашых дзеянняў, немагчымасць жаданага аднаўлення польскай дзяржавы, і што нам лепш за ўсё разысціся. Але думка гэтая не знайшла прыхільнікаў. Між тым я пачаў кашляць, адчуваў прыпадкі рэўматызму, з-за чаго і пачаў прасіцца, каб мяне адпусцілі. Спачатку не згаджаліся, але нарэшце, бачачы, што я і на самай справе нездаровы, адпусцілі. Я адправіўся верхам на ўласным кані ў сваю сядзібу. Толькі што я паспеў увайсці ў свой дом, як прыслуга пракрычала, што да сядзібы імчаць верхавыя інсургенты. Я падумаў, што таварышы раздумалі адпускаць мяне, што мяне хочуць зноў забраць у партыю, ускочыў ізноў на таго ж каня і пагнаў сюды. Загнаны мною конь зваліўся за тры вярсты ад горада, і я ўжо пяшком з'явіўся да вас. Я прашу, як міласці, неадкладна пасадзіць мяне ў турму і трымаць там, пакуль не сціхне паўстанне. Калі інсургенты даведаюцца, што я дабраахвотна з'явіўся да начальства, яны неадменна спаляць маю сядзібу". Я павёў Станкевіча да нашага палкоўніка, які выслухаўшы яго, загадаў выканаць ягоную просьбу пасадзіць у турму і падробна данесці пра яго М.М. Мураўёву. Перад гэтым данясеннем была зроблена праверка тлумачэння Станкевіча, якое і пацвердзілася; здохлы конь знойдзены за тры вярсты ад горада; у сядзібу ён сапраўды вярнуўся і адразу ж умчаўся пры набліжэнні конных паўстанцаў, якія прыехалі ў сядзібу шукаць яго там. М.М. Мураўёў загадаў трымаць Станкевіча ў турме, але пад суд не аддаваць, а ў 1864 годзе, калі рокаш заціх, загадаў вызваліць яго зусім. Станкевіч з'явіўся да мяне радасны, у заліхвацкім, агульнапрынятым гарнітуры, дзякаваць мне, што я дапамог яму, па яго словах выйсці з небяспечнага і непрыемнага становішча. Наўрад ці каму яшчэ даводзілася атрымоўваць падзяку за пасаджанне ў турму ад самога пасаджанага!.
У чэрвені месяцы вышлі ўзнагароды за справы з ракашанамі ў Храпавіцкім лесе і каля Ленчы; камандзіру палка было прысвоена званне генерал-маёра, мне прысвоена наступнае званне паручніка, усе без выключэння афіцэры атрада ўзнагароджаны або званнямі, або ордэнамі; у роты і эскадроны выслана па некалькі георгіеўскіх крыжоў; канешне не забыты быў і наш праваднік, шараговец Рыжскага батальёна. Больш мне не давялося быць у справах з паўстанцамі; палкавы камандзір наш ужо не прымаў удзелу ў экспедыцыях, якія праводзілі невялікія часткі ў складзе адной ці дзвюх рот пад начальствам малодшых штаб афіцэраў.
За гэты час самай буйной справай у нашым раёне была справа лейб-гвардыі стралковага Яго Вялікасці батальёна, якая на жаль закончылася са значнай стратай у людзях. Атрад у складзе дзвюх рот стралковага Яго Вялікасці батальёна і дзвюх рот Эстляндскага палка пад начальствам палкоўніка Данілава сустрэўся з шайкай Ябланоўскага. Гэтая шайка складалася з абучаных і добра ўзброеных наразной зброяй людзей; як гаварылі, яна рыхтавала інструктараў для іншых шаек. Пры сустрэчы з нашымі войскамі шайка займала ўскраек лесу, перад якім цягнулася даволі вязкае балота. Гвардзейскія стралкі і эстляндцы бадзёра павялі наступленне, але трапілі ў балота, якое некалькі затрымала іхні рух, у гэты час паўстанцы з лесу далі залп, які зрабіў значнае апусташэнне ў нашых шэрагах. Шмат было раненых і забітых афіцэраў і ніжніх чыноў; апошніх забіта звыш трыццаці чалавек. Пасля адходу атрада, паўстанцы, як расказваюць сведкі, выскоквалі з лесу і дабівалі раненых, якія засталіся ў балоце, так, распавядалі, загінуў паручнік стралковага Яго Вялікасці батальёна Гогель. Але начальніку шайкі Ябланоўскаму, калі атрад канчаткова адступіў, удалося выратаваць двух нашых параненых салдат, па яго загадзе доктар, які знаходзіўся ў шайцы, зрабіў ім перавязку, а потым іх адвезлі ў наш атрад. Гэта была адзіная няўдачная для нас справа. Па распараджэнні начальніка аддзела генерала Майдэля ў той жа час было сфармавана некалькі атрадаў і накіравана з розных бакоў на на шайку Ябланоўскага. Некаторы час яму ўдавалася выслізгваць ад гэтых атрадаў, накіроўваючыся да пруска-літоўскай мяжы, але нарэшце яго нагналі каля мястэчка Кражы атрадам з двух ротаў нашага палка пад начальствам падпалкоўніка Пушкіна (камандзіры рот штабс-капітаны Пінько і Жукевіч-Стош).
Шайка была разбіта ў пух, пакінуўшы на месцы больш за паўтараста забітых; нашы страты заключаліся ў сямі забітых і дзевятнаццаці параненых. Пераможцам дасталіся трыццаць два кані і шмат добрай агнястрэльнай зброі.
Яшчэ многія роты нашага палка мелі справы з паўстанцамі, усе яны ўдачна скончыліся. З іх асабліва прыкметная па суправаджаўшых яе абставінах справа капітана Тумкоўскага ў мястэчку Ворні. У мястэчку гэтым меў месцазнаходжанне з невялікай камандай вайсковы начальнік стану. Даволі значная шайка конных і пешых паўстанцаў, добра абмундзіраваных і на добрых конях, пад начальствам нейкага Нячуя - верагодна, псеўданім - уварвалася ў мястэчка з мэтай нападу на вайсковага начальніка і яго людзей. Але ў гэты самы час нечакана ўступіла ў мястэчка рота капітана Тумкоўскага, якая канваявала пошту, між іншым і з грашовымі ўкладаннямі амаль на сто тысяч рублёў. Завязалася ўпартая справа. Паўстанцы аказаліся людзьмі храбрымі і абучанымі. Давялося дзейнічаць штыкамі і самому ротнаму камандзіру секчы шашкай. Частка ракашан засела ў дамах; салдаты падпалілі іх, пажар распаўсюдзіўся, і ўсяго разам з занятымі ракашанамі хатамі згарэла да дваццаці хат, якія належалі яўрэям, і іхняя школа. Шайка амаль уся загінула, часткай у баі, часткай у полымі.
Я ўжо гаварыў, што на прапанову ўраду афіцэрам польскага паходжання перайсці ў палкі, размешчаныя ва ўнутраных губернях, з нашага палка згадзіліся вельмі нямногія, не больш за пяць чалавек. Тыя ж афіцэры, якія засталіся ў палку - палякі і ліцвіны - бездакорна выконвалі свае абавязкі на працягу ўсяго часу рокашу. Адзіным з іх журботным выключэннем быў прапаршчык Мікалаі, ураджэнец г. Вільні, паўнямецкага-паўпольскага паходжання, нават не католік, а лютаранін. Застаўшыся ў Вільні ў шпіталі, ён пасля выздараўлення ў полк не вярнуўся, а паступіў у шайку Серакоўскага*. Пры разгроме гэтай шайкі генералам Ганецкім, Мікалаі быў паранены і ўзяты ў палон. Сапраўднае сваё прозвішча і званне ён, канешне, схаваў, і паранены ляжаў у бальніцы пад выдуманым іменем. Адзін з афіцэраў нашага палка наведаў для нечага бальніцу, дзе ляжаў Мікалаі, і, не ведаючы пра яго здраду, так сказаць, мімавольна выдаў яго, назваўшы сапраўдным прозвішчам і пачаўшы распытваць. Пасля залечвання раны Мікалаі быў аддадзены пад суд, па прыгавору якога быў расстраляны.
Аднойчы, калі я абедаў у палкавога камандзіра, далажылі пра прыход нейкага салдата, які хацеў нешта патлумачыць. Салдата паклікалі; ён аказаўся шарагоўцам нашага палка, прыбыўшым з Панявежскага лазарэта, і патлумачыў, што ішоў з Панявежы з чатырма іншымі салдатамі розных палкоў, якія таксама былі на лячэнні ў лазарэце. Не даходзячы вёрст дзесяці да Шаўлёў, яны спыніліся на начлег у мястэчку Шадаў. Ноччу ў мястэчка з'явілася шайка, дазналася, што тут рускія салдаты, забрала іх і павяла ў лес. На світанні да кожнага з гэтых салдатаў падышлі два паўстанцы і развялі іх у розныя бакі. Канвойныя расказчыка вывелі яго з лесу, паказалі кірунак на Шаўлі, сказалі, каб ён памаліўся за іх, і загадалі, як можна хутчэй уцякаць. Калі ён некалькі адышоў, пачуліся два стрэлы. Па ўказанні гэтага салдата быў агледжаны той лес, куды завялі яго з таварышамі паўстанцы, і ў ім былі знойдзены трупы чатырох застрэленых салдатаў.
У ліпені месяцы мы развіталіся з нашым камандзірам баронам Эдуардам Карлавічам Дэлінсгаўзенам, які атрымаў прызначэнне ў Адэскую акругу. Яго замяніў палкоўнік І-неў, які ўяўляў ва ўсіх адносінах поўную супрацьлегласць папярэдняму камандзіру. Я паспяшаўся пакінуць полк, і ўжо 31 жніўня 1863 г. адбыўся загад пра перавод мяне ў лейб-драгунскі Маскоўскі Яго Вялікасці полк, размешчаны ў горадзе Тэльшы, але адправіцца туды мне не давялося, таму што па распараджэнні начальніка аддзела я атрымаў прызначэнне ў члены ваенна-суднай камісіі, а з 27 снежня ў памочнікі вайсковага начальніка г. Шаўлі з паветам. Першай амаль справай, расследаванай у камісіі пры маім удзеле, была справа аб нейкім Кучынскім з мясцовай дробнай шляхы. Вось у чым заключалася яго справа. Яшчэ летам у самы разгар рокаша ў адно паселішча з'явіўся верхам узброены паўстанец таксама з мясцовай шляхты, які быў да рокашу валасным пісарам, добра вядомы сялянам гэтага паселішча. Паўстанец гарцаваў перад сабранымі мужыкамі на кані, калі да яго падышоў адзін з сялян, чалавек высокага росту і моцнага складу і пачаў хваліць каня і абмундзіроўку пана пісара; затым раптам схапіў паўстанца, суб'екта даволі хліпкага, скінуў з сядла на зямлю і маментальна абяззброіў, выхапіўшы ў яго з-за пояса пару пісталетаў і адарваўшы шаблю; на патрабаванне яго падаць вяроўку, каб звязаць паўстанца, ніхто з быўшых тут сялян не адазваўся, і вяроўку падала родная сястра смелага жмудзіна.
Паўстанца адвезлі да вайсковага начальніка стану, які апасаючыся помсты паўстанцаў, пераконваў сяляніна заставацца пакуль пры ім, але той з-за наступаўшых палявых работ не згадзіўся. Апасенні вайсковага начальніка апраўдаліся. Праз некаторы час у паселішча з'явілася чалавек пятнаццаць паўстанцаў пад начальствам Кучынскага. Паўстанцы запатрабавалі селяніна, які арыштаваў былога пісара. Ён аказаўся ў полі; па яго паслалі пяцярых паўстанцаў. Заўважыўшы іхняе прыбліжэнне, селянін кінуўся ўцякаць да недалёкай панскай сядзібы, а, калі паўстанцы даганялі яго, ён біў пугай, што была ў яго ў руках, па мордах коней даганятых; коні шалелі, скідвалі седакоў на зямлю, а селянін тым часам працягваў бегчы. Аднак выратавацца яму не ўдалося; ён быў схоплены, прыведзены ў паселішча і павешаны на адным дрэве з сястрой сваёй насупраць дома гэтай апошняй. Хоць сяляне і схавалі, хто быў начальнікам гэтых вешальнікаў, але вайсковаму начальніку стану ўдалося сабраць негалосным шляхам звесткі пра прыметы гэтага начальніка, і што гэта быў Кучынскі. У верасні месяцы, калі рокаш пачаў ужо заціхаць, затрымалі і даставілі да таго ж вайсковага начальніка стану паўстанца, у якім ён па прыметах западозрыў Кучынскага. Спачатку арыштаваны адмаўляўся, што ён Кучынскі, а называўся іншым іменем, але пасля прызнаў сябе Кучынскім і сазнаўся, што камандаваў той партыяй, якою быў павешаны селянін з сястрой, выклаў усё гэта ў падрабязным уласнаручна напісаным ім паказанні. Сяляне таго паселішча, дзе было здзейснена гэтае злачынства, адазваліся, што яны не могуць прызнаць у Кучынскім правадыра вешальнікаў. Такім чынам, для рашэння ваенна-судовай камісііі ў якасці матэрыялу было адно ўласнае прызнанне абвінавачанага, якога належала судзіць у дваццаць чатыры гадзіны. На судзе Кучынскі, чалавек яшчэ малады, моцнага складу, грубай і адпіхвальнай знешнасці, прызнаючы, што ён сапраўды Кучынскі, адмаўляў свой удзел у павешанні, сцвярджаючы, што ён пры гэтым зусім не быў, а дадзенае ім вайсковаму начальніку паказанне патлумачыў тым, што начальнік дапрошваў яго з прымяненнем сілы, пад ударамі казачых нагаек. Сапраўды, пры аглядзе ў камісіі, на спіне Кучынскага аказалася некалькі сіне-барвовых палос, відаць, слядоў нагаек. З прычыны гэтых новых абставінаў камісія пастанавіла ўстрымацца ад рашэння і прадставіць справу на разгляд камандуючаму войскамі. М.М. Мураўёў, вяртаючы справу, прадпісаў камісіі судзіць у дваццаць чатыры гадзіны па наяўных у справе дадзеных. Па прыгаворы Кучынскі быў падвергнуты страце цераз павешанне.
(Заканчэнне ў наст нумары.)
* На самай справе падпаручнік Мікалаі ваяваў у аддзеле Людвіка Нарбута. Прывялі яго туды з Вільні Тося Нарбут і Антаніна Табенская.
М.П. Мяжэцкі
Апрануцца сучасна і па-беларуску можна ў Лідзе,
а дапамогуць у гэтым супрацоўнікі Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры "Спадчына", якія ствараюць калекцыю адзення з элементамі беларускага ткацтва
Майкі, якія носіць сучасная моладзь, "крычаць": "Інтым не прапаноўваць, я кахаю мужа", "Сапраўдны мужчына на дарозе не валяецца, а валяецца на канапе" і да т.п. Што можна падумаць пра носьбітаў гэтых рэчаў? Як мінімум - уявіць той самы "інтым". Можна прыводзіць яшчэ шмат прыкладаў - моладзь расхоплівае і лічыць за "моду" ўсё тое, што прывезена з-за мяжы. Чаму так? Існуе ж у нас і свая, беларуская мода... Рашэнне гэтай праблемы знайшлі супрацоўнікі лідскага Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры "Спадчына", якія ствараюць калекцыю адзення для моладзі з элементамі беларускага традыцыйнага ткацтва. Новая калекцыя аб'яднала дзве эпохі: мінулае і сучаснае. Але самае галоўнае - гэтае адзенне можна насіць: хоць зараз апранай і ідзі на вуліцу.
У той час, калі ўмельцы ўзнаўляюць беларускія нацыянальныя касцюмы і выкарыстоўваюць іх ва ўстановах культуры ў якасці дэманстратыўных экспанатаў, лідскія майстры, адзіныя на Гарадзеншчыне і адны з нямногіх у краіне, прыстасавалі іх да паўсядзённага жыцця сучаснай моладзі. На нядаўнім фестывалі "Скарбы Гродзеншчыны" ў цэнтры "Спадчына" адбыўся паказ часткі калекцыі - у выніку знайшліся людзі, якія тут жа гатовыя былі гэтае адзенне купіць. Сёння, зараз! Гэта яшчэ раз сведчыць аб тым, што творцы на правільным шляху.
- Калекцыя прадугледжвае 25 мадэлей, - расказвае яе аўтар, малодшы навуковы супрацоўнік Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры "Спадчына" Ірына Вашкевіч. - Пакуль жа створаны шэсць з іх.
У працэсе група супрацоўнікаў, а гэта Ірына Вашкевіч, якая стварае эскізы, майстар па ткацтву Дар'я Маташук, майстры па шыццю Валянціна Сільвановіч і Таццяна Грыцук, вывучаюць энцыклапедычныя варыяцыі, арнамент, падбіраюць колеравую гаму, разлічваюць, як можна ўкрапіць у будучы камплект адзення нацыянальную сімволіку, спалучыць элементы ручнога ткацтва, вышыўкі, набіўнога малюнка і сучасную тканіну. Здараецца, у працэсе аўтары адыходзяць ад эскіза - усяго адзін лапік вытканай уручную тканіны можа стварыць зусім новы эфект, і касцюм бачыцца ўжо па-іншаму. Што тычыцца матэрыялу, то разглядаецца эканамічны варыянт: касцюм з тканіны ручнога ткацтва нятанны, таму спалучаюцца віскоза, паўсуконная тканіна, скура і, вядома, палатно.
Ірына Вашкевіч паказвае мадэлі, якія можна ўжо сёння прымяраць і выходзіць на вуліцу. Вось хаця б футболка: звычайная, маладзёжная, але ўпрыгожаная старажытным арнаментам у форме манішкі. Верхнюю частку замест стандартных узораў упрыгожвае арнамент - у комплексе глядзіцца стыльна, эфектна. Або - мужчынскія порткі з элементамі галіфэ: з сучаснага матэрыялу, які імітуе джынс, са скуранымі ўкрапленнямі і заклёпкамі па баках. Побач - кашуля: тканіна - цалкам ручное ткацтва, аздобленае ўзорам. Між іншым, гэтая ж кашуля -сучаснай формы з адваротнымі рукавамі, якія зашпільваюцца вышэй локця на гузік. У мужчынскі падлеткавы камплект уваходзяць брыджы, завужаныя знізу, і жакет з кароткім рукавом і капюшонам. У жаночых камплектах вельмі часта можна ўбачыць шнуроўку, якая нагадвае традыцыйны гарсэт. Прыгожа глядзіцца спадніца, выкананая метадам лапікавага шыцця з кавалачкаў тканіны розных ткацкіх тэхнік. Яшчэ адзін жаночы касцюм - шырокія порткі і баваўняны жакет - імітацыя гарсэта са шнуроўкай ззаду і замочкам спераду. З тканіны выкарыстаны лён, паўсукно, тканае палатно. У якасці аксэсуараў - тканыя паясы, якія потым трансфармуюцца ў рамяні і ручкі да сумачак, падвескі.
- У распрацоўцы калекцыі ўлічваліся розныя густы, - расказвае Ірына, - сваё адзенне знойдзе ў ёй той, хто аддае перавагу спартыўнаму стылю, і той, хто носіць класіку. Асноўная ідэя - паказаць, якія розныя варыяцыі ёсць у спалучэнні сучаснага і традыцыйнага элементаў. Гэта стыльна і прыгожа, гэта тое, чым бепарусам можна ганарыцца.
Першая калекцыя як першая ластаўка. Зразумела, невялікі калектыў цэнтра рамёстваў не зможа наладзіць прамысловы выпуск такога адзення і забяспечыць ім кожнага лідзяніна, хто пажадае яго ў свой гардэроб. А вось швейным фабрыкам варта было б узяць яе на заметку, каб урэшце парадаваць беларусаў беларускім.
Вольга ЯХАНТАВА, "Лідская газета "