Папярэдняя старонка: 2013

№ 48 (1147) 


Дадана: 28-11-2013,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 48 (1147) 27 лістапада 2013 г.


93-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну

93-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну адзначылі 24 лістапада на Случчыне. Напярэдадні з нагоды знамянальнай падзеі да беларусаў звярнулася старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла:

"Дарагія Суродзічы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, вітаю Вас з угодкамі Слуцкага Збройнага Чыну - Днём Герояў Беларусі.

Кожны год, мы святкуем гэты восеньскі дзень, каб прыпомніць і аддаць чэсць тым адважным случчакам, якія ўзялі на сябе заданне абараніць сваю зямлю ад бальшавіцкай навалы.

Дарагія Суродзічы! Случчакі жывуць таму, што мы іх памятаем. А таму, што мы іх памятаем, і мы жывём! І ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Усе мы ведаем пра ролю памяці ў жыцці кожнага народа.

У канадскай правінцыі Квебек, дзе я жыву, народным дэвізам ёсць JE ME SOUVIENS! (Я ПАМЯТАЮ). Нашую памяць акупанты стараліся выкараніць на працягу двух стагоддзяў, бо ведалі, што без памяці народ памрэ. Аднак нашая нацыянальная сведамасць, па якой і свае і чужыя не раз адпраўлялі паніхіды, перамагла ўсе спробы генацыду. Памяццю мы даказалі нашую жыццяздольнасць.

Апошняя надзея нашых ворагаў - выкараніць з памяці народа беларускую мову. Ня ведаю як Вам, але мне падаецца, што і тут яны прайграюць! Я моцна веру, што і тут пераможа нашая генетычная памяць, бо наш цярплівы народ не адмовіцца ад жыцця. Выратуем мы і нашую цудоўную мову.

Жывуць Случчакі! Жыве Беларусь! Будзе жыць беларуская мова! Бо мы памятаем!

Івонка Сурвіла,

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі".


Прадстаўнікі Партыі БНФ, Руху "За Свабоду", "Маладога Фронту", грамадскай групы "За Волю", руху салідарнасці "Разам" сабраліся ў Слуцку. Тут прайшоў мітынг, дазволены ўладамі. На мітынгу Партыі БНФ выступілі Аляксей Янукевіч, сустаршыня Маладога Фронту Андрэй Цянюта, сустаршыня руху салідарнасці "Разам" Алесь Макаеў. Бард Андрэй Мельнікаў праспяваў некалькі песень. Гаварылася аб важнасці памятаць пра гістарычную мінуласць Беларусі. Сам мітынг прайшоў без здарэнняў, хаця на шляху ў Слуцк аўтобус Партыі БНФ быў спынены ў вёсцы Грозава, міліцыя затрымала аднаго з актывістаў, Алеся Макаева, для тлумачэння, мясцовыя ўлады палічылі, што ў Грозаве адбыўся несанкцыянаваны мітынг. Там аўтобус сапраўды спыніўся на 10 хвілін і былі ўскладзены кветкі да Крыжа паўстанцам Слуцкага збройнага чыну. Таксама пасля мітынгу ў Слуцку кіраўніцтва Партыі БНФ на чале Аляксеем Янукевічам было запрошана ў мясцовы аддзел унутраных спраў для тлумачэнняў.


У мястэчку Чырвоная Слабада, што ў Салігорскім раёне, адбыўся ўрачысты мітынг з удзелам сяброў Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ. Раней гэтае мястэчка называлася Вызна, і некаторыя меркаванні мясцовых людзей сведчаць пра тое, што пасля Слуцкага збройнага чыну была ідэя перайменаваць гэтае месца, і ў савецкія часы гэта было зроблена. Маршрут памяці Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ па мясцінах славы ваяроў Слуцкага збройнага чыну складаўся з трох пунктаў - мястэчка Грозава, Семежава, Чырвоная Слабада, і канчатковы мітынг у самім Слуцку.

Паводле Радыё Рацыя.


225 гадоў з дня нараджэння Казіміра Буйніцкага

БУЙНІЦКІ Казімір Андрэевіч (30.11.1788, в. Дагда Даўгаўпілскага р-на, Латвія - 14.7.1878), пісьменніх, публіцыст, краязнавец. Ганаровы куратар школ Віцебскай губерні У 1842-49 выдаваў часопіс "Rubon" ("Рубон"), супрацоўнічаў у часопісе "Tygodnik Petersburski" ("Пецярбургскі штотыднёвік"), "Athenauom" ("Атэнэум") і інш. Актыўны член Віленскай ар-хеалагічнай камісіі. Садзейнічаў адкрыццю Віленскага музея старажытнасцей, якому перадаў сваю калекцыю знаходак з Падзвіння і матэрыялы апісання Заходняй Дзвіны. Шмат вандраваў па Падзвінні, апісаў значную колькасць населеных пунктаў краю. Апублікаваў этнаграфічна-краязнаўчы нарыс "Падарожжа па малых дарогах" (т. 1-2, 1841), аповесці "Сястра Гертруда" (1842), "Новая вандроўка па малых дарогах" (т. 1-2, 1852), "Старая паненка" (1855), якія часткова заснаваны на беларускім матэрыяле. Аўтар вершаванай "Камедыі", апавяданняў і вершаў на польскай мове.

Г.А. Каханоўскі.


110 гадоў з дня нараджэння Піліпа Пестрака

ПЕСТРАК Піліп Сямёнавіч (27 лістапада 1903, в. Сакоўцы Слонімскага павета Гарадзенскай губерні, цяпер Івацэвіцкі раён Берасцейскай вобласці - 22 жніўня 1978, Менск) - беларускі паэт, празаік, публіцыст, крытык. Псеўданімы П. Гайдук, Звястун, П. Звястун.

Вучыўся ў мясцовай двухкласнай школе. З пачаткам 1-й Сусветнай вайны сям'я з'ехала ў Самарскую губерню, дзе Піліп Пестрак атрымаў сярэднюю адукацыю. Працаваў памочнікам справавода крэдытнага таварыства, памочнікам бухгалтара ў валасным выканкаме. Пасля вучобы на рабфаку паступіў на сацыяльна-гістарычны факультэт Самарскага ўніверсітэта.

У 1921 разам з бацькамі вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. У 1921-1924 працаваў лесніком Косаўскага лясніцтва; у 1924-1926 служыў у войску. У 1926 уступіў у БСРГ і КПЗБ; з 1927 сакратар Косаўскага падпольнага райкаму КПЗБ.

Арыштаваны польскімі ўладамі ў 1929; зняволены ў Гарадзенскай вязніцы. Пасля вызвалення ў 1933-1934 гадах інструктар ЦК КПЗБ па Пінскай акрузе. У 1934 зноў арыштаваны. Сядзеў у турмах Пінска, Вільні, Гародні; змяшчаў вершы ў нелегальным рукапісным часопісе "Краты", які выдаваўся палітвязнямі. Вызвалены савецкімі ўладамі пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у верасні 1939.

Чалец Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1939; абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР (1940-1946). У 1940-1941 старшыня Беластоцкага аддзялення СП Беларусі.

У 1942-1943 гадах удзельнік партызанскага руху. Як дэпутат Вярхоўнага Савету СССР быў перапраўлены самалётам на Вялікую зямлю. У Маскве працаваў начальнікам Управы па справах мастацтва пры СНК БССР (1943-1945), у Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР (1946-1948), літкансультантам СП БССР (1948-1951). З 1951 на творчай працы. У 1971-1975 - дэпутат Вярхоўнага Савету БССР.

Пахаваны на Ўсходніх могілках Менску.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1964) за раман "Серадзібор". Заслужаны дзеяч культуры БССР (1968). Узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Дружбы народаў, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам "Знак Пашаны" і медалямі.

У друку выступіў у 1927 годзе пад псеўданімам Звястун. У 1940 годзе апублікаваў першы зборнік вершаў "На варце". Выйшлі зборнікі паэзіі "За сваю Айчыну" (1946), "Падарожнае" (1962), паэма "Слова пра Мінск" (1968), зборнікі апавяданняў "Першыя ўсходы" (1951), "Неспадзяванак" (1957), "Лясная песня" (апавяданні і нарысы, 1958), апавяданне "Камень" (1960), "Сярод чаротаў" (1964), "Апавяданні" (1970), раманы "Сустрэнемся на барыкадах" (1954), "Серадзібор" (1963). Перакладаў на беларускую мову творы Элізы Ажэшкі, У. Бранеўскага, С. Дабравольскага, Ежы Путраманта, Івана Франко, Лесі Ўкраінкі і інш.

Вікіпедыя. (Пра П. Пестрака чытайце на ст. 6.)


Зміцер Бейнарт-Саладуха: "Мару пра час, калі білінгвізм стане перавагай нашай культуры"

Мова, на якой мы размаўляем, нашая гаворка, яе багацце ці беднасць - дакладны індыкатар працэсаў, якія адбываюцца ў грамадстве. Ці можа білінгвізм быць здаровым, і ці будзе працаваць такая сітуацыя ў выпадку з Беларуссю? Наколькі багаты слоўнікавы запас сучаснага беларуса? Ці такія страшныя мат і трасянка, якімі іх малююць? Хто можа зрабіць родную мову модным трэндам? Пра ўсё гэта - у гутарцы са Змітром Бейнарт-Саладухам , рэжысёрам, прадзюсарам і неабыякавым грамадзянінам сваёй краіны. Чарговае інтэрвію праекта "Культура паляпшае жыццё! "


- Мне здаецца, калі б Люся Лушчык або іншая эфектна апранутая медыйная персона, выходзячы са свайго ўседарожніка, папрасіла на чыстай беларускай "прыпаркаваць аўтамабіль на паўгадзінкі", гэта стварыла б эфект нечаканасці, а потым было б успрынята грамадствам і, па законах уплыву знакамітасцяў на звычайных грамадзян, стала б трэндам. Пытанне ў тым, ШТО трэба, каб у медыйных персон нарадзілася патрэба загаварыць пабеларуску. І гэта мусіць быць не проста жаданне выпендрыцца. Трэба зразумелае, хай нават прагматычнае тлумачэнне, чаму веданне роднай мовы робіць жыццё лепшым, якім чынам дапамагае павысіць культуру грамадства, на скрайні выпадак, чым гэты навык можа быць карысны канкрэтна ім, медыйным персонам, якую адказнасць яны ўскладаюць на сябе, якую грамадзянскую пазіцыю займаюць…

- А чаму нашыя вядомыя і заможныя грамадзяне не гавораць па-беларуску? Чаму няма на тое моды?

- Калі б сканструяваць канкрэтна гэты трэнд было лёгка, я думаю, зацікаўленыя даўно б знайшлі магчымасць прыцягнуць увагу грамадства да моўнага пытання. Асноўная складанасць сітуацыі ў тым, што большасці трэба прыкласці шмат намаганняў, каб лёгка, выразна, не змяняючы сабе, не скажаючы сутнасці сваёй думкі, мець зносіны на мове, якая ім не ўласцівая і не арганічная.

- Ці бачыце вы наогул нашу эліту беларускамоўнай?

- А наша эліта - гэта хто? Мы сёння на поўным сур'ёзе задаёмся пытаннем: а ці ёсць у нашым грамадстве эліта? Я маю на ўвазе не фармальна, не намінальных нібыта лідараў, а людзей, якія сваім меркаваннем, самім фактам свайго існавання ўплываюць на значную частку беларускага грамадства. Калі мы пад элітай будзем мець на ўвазе людзей паспяховых, пытанні мовы і культуры - гэта не да іх. Цяпер поспех часцей за ўсё звязваецца з грашыма, уладай, магчымасцямі. Чалавек, які сядзіць у міністэрскім крэсле або вядзе сур'ёзны бізнэс, гэтыя магчымасці мае. І хоць спосабы іх дасягнення часта сумнеўныя з пункту гледжання маралі, яны прывабныя для абывацеля. Таму што калі ты маеш усё вышэйпералічанае, у цябе ёсць патэнцыял, а больш і не трэба. Аднак часцяком тыя, хто ў гэтым сэнсе паспяховыя (грошы, улада, становішча), сёння паняцця не маюць, хто такі "культурны чалавек". У іх асяроддзі гэта хутчэй выключэнне.

- Але, напэўна, ва ўрадзе, у дзяржаве ёсць людзі, здольныя ўплываць на грамадскую думку…

- Яны прысвоілі сабе такое права, але рэалізуюць яго не праз сваё ўласнае жыццё, не праз учынкі, а праз заканадаўчыя акты і дэкрэты. Яны прымушаюць нас рабіць тое, што трэба ім. Атрымліваецца, гэта таксама не эліта, а нешта іншае. Калі прыгледзецца, даверу да дзяржавы няма. Для многіх людзей - магчыма, нават для большасці - яна не сапраўдны аўтарытэт. Таму і словы, якія гаворацца прадстаўнікамі ўлады, часцяком проста не дасягаюць мэты.

У гэтай праблемы ёсць яшчэ адзін важны аспект. Наша грамадства не персаніфікаванае, яму ў прынцыпе не хапае яркіх, харызматычных людзей. Таму ў нас і няма адчування прысутнасці эліты. Ёсць нейкія афіцыйныя асобы - і ўсе астатнія.

Што ж да эліты і моўнага пытання… Я ўспамінаю свайго айчыма, які мне вельмі нагадвае дзейнага кіраўніка дзяржавы. Ён быў self-made man, які неўзабаве пасля вайны прыехаў у Мінск з маленькай вёскі і стаў адным з прыкметных спецыялістаў у айчыннай абаронцы. І вось ён з неймавернай упартасцю пазбаўляўся сваёй беларускасці, бо яна ў той час у нятворчым асяроддзі лічылася прыкметай правінцыйнасці, неадукаванасці, вузкасці далягляду. Ён пабудаваў кар'еру і дамогся прызнання не дзякуючы, а насуперак свайму паходжанню і нацыянальнай ідэнтычнасці. Мая мама, інтэлігентная жанчына, казала пра беларускую мову: "Божа, якая жудасная мова, якая смешная і недарэчная".

- Сітуацыя застаецца прыкладна такой жа?

- Ужо, на шчасце, не. Маркер беларускай мовы цяпер не асацыюецца з правінцыйнасцю.

- Мне здаецца, што сёння беларуская мова выконвае не культурную, а сацыяльную функцыю. І прынята лічыць, што калі чалавек гаворыць па-беларуску, то ён або "апазіцыянер, або юродзівы падлетак, або такі ж юродзівы інтэлігенцік, нейкі выкладчык хутчэй за ўсё"…

- Але ж яшчэ ёсць даволі значная частка грамадства - творчыя людзі: мастакі, музыкі, літаратары…

- А чаму большасць сфармавалася менавіта рускамоўнай?

- Не будзем забываць, што гісторыя Беларусі ХХ стагоддзя - гэта гісторыя перанасялення і перазасялення. Падчас Другой сусветнай вайны практычна ўсе буйныя гарады і асабліва Мінск страцілі значную частку насельніцтва. Гэтую нішу занялі прыезджыя з розных куткоў Савецкага Саюза. Беларусь, як і іншыя рэспублікі, свядома засялялі прадстаўнікамі іншых народнасцяў, каб размыць нацыянальны фонд і, вядома ж, нацыянальную мову. Так, "вялікая, магутная руская мова" на працяглы час стала "роднай і агульнай для ўсіх нас".

- Калі беларуская мова не выконвае функцыі нацыянальнага адрознення, у чым тады яе значэнне і каштоўнасць?

- Сапраўды, пакуль не выконвае. Але вось што цікава: беларусы (гэта маё суб'ектыўнае адчуванне) - самая загадкавая нацыя сярод усіх славян. Ёсць у нас загадкі, якія розумам не ахапіць. Я не лінгвіст, я кажу толькі пра ўласныя адчуванні, якія маюць нейкую эмпірычную аснову. У беларускай мовы, акрамя добрых якасцяў, уласцівых любой мове, ёсць яшчэ адна, вельмі цікавая, на маю думку. У параўнанні з мовамі нашых суседзяў-славян (рускіх, украінцаў, палякаў) яна самая архаічная і менш за ўсё падвяргалася вонкавым уплывам. Яна была закансерваваная ў правінцыі. І таму для моваў суседзяў беларуская - як нейкая першапачатковая мова, якая дазваляе ўбачыць, якімі яны былі даўным-даўно. Чаму я так лічу? Як беларус, які добра валодае роднай мовай, я лёгка разумею паляка, рускага, украінца, чэха, славака, славенца… Ім жа значна цяжэй мяне зразумець.

- А ці няма імавернасці, што закансерваваная мова памрэ?

- Нашая мова мае такі шанец ужо трэцяе стагоддзе. Гэта адзін з маркераў містычнай асаблівасці Беларусі. Існуе-існуе, але… як бы і не існуе.

- Хачу пагаварыць пра трасянку, якая ўсё захапіла. Чым кепская прысутнасць і не рускай, і не беларускай, а нейкай трэцяй мовы?

- Я не думаю, што гэта можа мець значныя доўгатэрміновыя наступствы. Гэта сутнасць моманту: трэцяя мова, гутарковая, вульгарная, тая, што адлюстроўвае агульны стан культуры ў грамадстве. Гэта нармальная з'ява. Мне здаецца, існаванне трасянкі - проста праява таго, як ідуць нашыя справы ў гэтым сэнсе.

- І як жа яны ідуць?

- Сумна. Але гэта можна паправіць, варта толькі дзяржаве распрацаваць і ўкараніць узважаныя комплексныя праграмы па адраджэнні беларускай мовы, па яе гарманічным выкарыстанні ў розных сферах, варта толькі з'явіцца на гэтым полі людзям, якія будуць успрымацца пазітыўна - і сітуацыя пачне змяняцца вельмі хутка і лёгка. Прыклад адраджэння чэшскай мовы пасля аўстра-венгерскай рэзервацыі выдатна паказвае, як мала часу спатрэбілася, каб ініцыятыва літаральна некалькіх чалавек прывяла да незваротнага рэнесансу.

- Ці можаце Вы ацаніць, наколькі багаты сёння слоўнікавы запас беларуса?

- Вельмі бедны. Я звязваю гэта з падзеннем агульнай культуры і доўгім працэсам замяшчэння спецыялістаў пакорлівымі выканаўцамі. Сёння мы маем наймагутнейшы кадравы крызіс ва ўсіх галінах. Паглядзіце: нават ва ўрадзе адны і тыя ж постаці бясконца мяняюцца месцамі, а новыя не прыходзяць. Няма кампетэнтных спецыялістаў! Кадравы крызіс - гэта сведчанне таго, што адукацыя ўжо не адпавядае патрабаванням рэальнасці. Вось, напрыклад, сітуацыя: мая дачка паступае ў Акадэмію мастацтваў, творчы конкурс, малы набор, усё як мае быць. А потым, не правучыўшыся і семестра, кажа: "Гэта не адукацыя", заяўляе пра жаданне пакінуць курс. І гэта галоўная творчая ВНУ. Вось і маем культурнае збядненне. Гэта датычыць не толькі мовы, а і ўзроўню адукаванасці суайчыннікаў у цэлым. Адсюль і бедны слоўнікавы запас.

- І рэч не ў тым, што мы сталі менш чытаць, не ў прыходзе новых тэхналогій?

- У гэтым таксама. Я думаю, яшчэ гадоў восем таму інтэрнэт, падвысіўшы інфармаванасць, істотна панізіў агульны культурны ўзровень. З іншага боку, інтэрнэт усё ж дазваляе чытаць і нават правакуе гэта рабіць.

- А калі ўзяць так званую падонкаўскую мову, якая прыйшла з інтэрнэту? Сёння многія карыстаюцца ёй. Як яе ўплыў адбіваецца на нашай культуры мовы, маўлення?

- Думаю, гэтая з'ява не будзе мець фатальных наступстваў, калі, вядома, "афтар жжот" не зможа выцесніць усе іншыя варыянты вербальнага ўзаемадзеяння. Таму я стаўлюся да гэтага спакойна, як да часткі нейкай субкультуры.

- Пытанне пра ўзровень валодання замежнымі мовамі ў Беларусі. Ён вельмі нізкі. Гэта зноў праблема Міністэрства адукацыі?

- Не Міністэрства адукацыі, а канкрэтнай палітычнай сітуацыі. Прагматыка сённяшняга дня не падштурхоўвае беларусаў вывучаць замежныя мовы. Прыток турыстаў у краіну невялікі. Многія беларусы не маюць матэрыяльнай магчымасці падарожнічаць. Для іх нават кудысьці недалёка, у Варшаву, напрыклад, з'ездзіць - гэта адчувальны ўдар па бюджэце. А тут яшчэ пагроза платы за выезд засвяцілася. У цэлым гэта праблема недастатковай камунікацыі: культурнай і дзелавой, фармальнай і нефармальнай. Што хаваць: каб нам паехаць у Заходнюю Еўропу, даводзіцца прайсці праз серыю знявагаў, атрымліваючы візу, праз боязь нейкіх спісаў яшчэ і ўнутры краіны. Гэтая зона не стымуляваная, а наадварот, максімальна ўскладненая. А вось сітуацыя ў суседняй Літве зусім іншая. Паглядзіце: руская мова забылася, англійская - у дасканаласці. Усё змянілася літаральна за 20 гадоў.

- Вось яшчэ што характэрна: беларус неахвотна ідзе на зносіны з незнаёмцам. Чаму так?

- Я думаў пра гэта. Гэта наступствы татальнай несвабоды, якая разлітая ў беларускім паветры. Калі чалавек не адчувае сябе свабодным, ён робіцца агрэсіўным, займае абарончую пазіцыю ў любой прасторы.

- А якое сёння стаўленне да нецэнзуршчыны ў нашым грамадстве?

- Мне здаецца, цяпер робіцца спроба маргінальнай легалізацыі гэтай з'явы. І гэта адбываецца праз няправільную пабудову іерархіі культурных каштоўнасцяў і каштоўнасцяў наогул. Слова "прыстойнасць" - калі яно гучала з якіх-небудзь трыбун? Слова "мараль" - ледзь не лаянка сёння. Людзям яшчэ тлумачыць трэба, хто такі "гэты мараль". Пры тым у нас адсутнічае сапраўдная эліта. Мы гаварылі ўжо, што ёсць людзі, якія спрабуюць прысвоіць сабе гэты статус. Але яны не могуць запоўніць яго належным зместам. Ёсць фармальная таблічка "эліта". А ўнутры - у найлепшым выпадку пустата. А ў найгоршым - кавалак лайна. Яны часам дазваляюць сабе тое, што ні адзін прыстойны чалавек сабе не дазволіў бы. Гэта датычыць і паводзін, і прынцыпаў, і гаворкі. Усё гэта мутным патокам цячэ ў народ. А народ глядзіць і думае: ага, вось як трэба, каб у эліту вылезці. І гэта шлях найменшага супраціву: калі чалавек абмяжоўвае сябе, ён адчувае дыскамфорт, а каб замяніць мат якім-небудзь словам, яго трэба мець у сабе, яго трэба знайсці. Цяжка. Значыць, зноў "бл***".

- У нас дзве афіцыйныя мовы - руская і беларуская. Наша краіна ў гэтым сэнсе не ўнікальная. Ці можаце Вы параўнаць сітуацыю ў Беларусі і ў іншых краінах з некалькімі дзяржаўнымі мовамі? Ці добры для нас білінгвізм?

- Мне цяжка меркаваць пра тое, якая сітуацыя ў іншых бі-, трылінгвістычных краінах. Але ёсць відавочная агульная заканамернасць. Калі такая сітуацыя ўспрымаецца грамадствам як нармальная, калі яна не навязаная, калі няма канфліктаў на моўнай глебе, значыць, усё ў парадку. У нашай краіне мова некалькі дзесяцігоддзяў была падставай для палемікі і канфліктаў. Значыць, нешта не так. Таму параўнанні з Бельгіяй або Швейцарыяй некарэктныя. У нас не тое ж самае. У нас склаліся зусім іншыя гістарычныя абставіны.

Што да білінгвізму, то з аднаго боку, гэта добра: чым больш мы ведаем і ўмеем, тым мы багацейшыя і больш гарманічныя. Гэта відавочна. Але асноўная бяда ў тым, што беларуская мова ўжо некалькі стагоддзяў існуе ў стане ўмоўнай забароны. Жорстка дэклараванай або завуаляванай, але ўсё ж забароны. Я мару пра той час, калі ў Беларусі білінгвізм будзе перавагай, сапраўднай каштоўнасцю нашай культуры. І хацелася б, каб побач з беларускай мовай паўстала з часам польская, украінская… Каб яны вывучаліся з цікавасцю. Але каб галоўнай мовай, якая вызначае нас як народ, была беларуская. Мы ўсё ж беларусы.

- Што кардынальна зменіцца ў нашым жыцці, калі беларуская мова стане галоўнай?

- У першую чаргу з'явіцца ментальнае адчуванне самадастатковай супольнасці, гатовай абараняць свае каштоўнасці. Сапраўдныя каштоўнасці часта падвяргаюцца агрэсіі і ўмацоўваюцца праз спробы іх абараніць. Яны дазваляюць вызначыць, хто мы і што мы, у чым мы гнуткія, а ў чым - цвёрдыя, як камень. Нацыянальная мова - адна з такіх каштоўнасцяў. Напэўна, самая важная.

Гутарылі: Ганна Трубачова, Вольга Блажэвіч. Фота - Аляксандр Tarantino Ждановіч(журналісцкае агенцтва "Таранціны і сыны") . Сайт "Будзьма беларусамі".


Як "Світанак" узняўся над Рыгай

Сёння, 27 лістапада спаўняецца 25 гадоў з дня заснавання Латвійскага таварыства беларускай культуры "Світанак". Сябар Рады ЛТБК "Світанак", сябар Вялікай Рады МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" Вячка Целеш расказвае пра тое, як паўставала Таварыства.


Быў цікавы час - 1988-89 гады - час Атмоды (Адраджэння) ў Латвіі, гарбачоўская вясна (перабудова) прынесла хвалю ветру свабоды як латышам, так і прадстаўнікам іншых нацыянальнасцяў Латвіі з еўрапейскімі дэмакратычнымі поглядамі і ідэаламі. Той вецер абуджаў, прымушаў не сядзець, а ісці на плошчы, каб разам адрадзіць незалежную Латвійскую дзяржаву. Захапіў вецер Атмоды і беларусаў Латвіі. У першую чаргу гэта была інтэлігенцыя: настаўнікі, медыкі, мастакі, інжынеры, а таксама простыя людзі, якім балела за нашу беларушчыну, якія бачылі, што з аднаўленнем Латвійскай дзяржавы ім даецца магчымасць адрадзіць беларускую школу, беларускую культуру, родную мову, што існавала ў Латвіі ў 1920-30-х гадах.

Тады быў час цікавы, але і час напружаны. Безумоўна, не ўсе беларусы асмельваліся далучацца да тых падзеяў. Да гэтага часу існавала таталітарная савецкая дзяржава СССР са сваёй камуністычнай ідэалогіяй, у якую ўваходзіла і Латвія. Афіцыйныя ўлады імкнуліся спыніць развал савецкай імперыі, іх падтрымлівала пэўная частка савецкіх людзей. У асноўным гэта была наменклатура камуністычнай партыі, патрыёты савецкай дзяржавы, яны стварылі Інтэрфронт для падтрымкі існай улады. Для таго каб супрацьстаяць Інтэрфронту і аднавіць незалежную Латвію, інтэлігенцыяй Латвіі быў створаны Народны Фронт, у які ўваходзілі і латышы, і таксама многія прадстаўнікі рускіх, палякаў, беларусаў, украінцаў і іншых нацыянальнасцяў. Народны Фронт таксама дапамагаў нацыянальным меншасцям у стварэнні нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі на аснове закону аб нацыянальнай культурнай аўтаноміі.

У 1988 годзе ў Рызе пачалі стварацца таварыствы польскай, летувіскай, нямецкай і іншых культур. Знайшліся і прадстаўнікі ў трох усходне-славянскіх нацыянальнасцяў, якія вырашылі стварыць таварыства не па нацыянальным прызнаку, каб беларусы і ўкраінцы не разышліся па сваім нацыянальных кватэрах, як яны тады казалі, а былі ўсе разам. Яны прапанавалі стварыць Балта-славянскае культурнае таварыства. Я таксама быў запрошаны на той сход, але калі я тады адчуў і зразумеў, што ў тым аб'яднанні ізноў будзе дамінаваць, як і ў савецкі час, расейская мова, культура і гісторыя, ізноў будзе галоўным старэйшы брат, то я вырашыў не ўступаць у гэтую арганізацыю: я - не балта-славянін, я - беларус. Так нарадзіліся думкі, і прыспела рашэнне аб стварэнні свайго беларускага таварыства, дзе будзе гучаць нашая мова, дзе мы будзем працягваць справу нашых папярэднікаў беларусаў, якія заклалі падмурак нашай беларускай хаты ў Латвіі яшчэ ў дасавецкія часы. Гэта зразумелі і таксама не ўступілі ў тое таварыства яшчэ некаторыя беларусы, што былі на тым сходзе, хоць некаторыя беларусы засталіся з так званымі балта-славянамі.

У той час у Рыгу наведаўся з Менска мой сябар - вядомы беларускі паэт Сяргей Панізьнік. Калі ён зайшоў да мяне ў майстэрню, я расказаў пра ўсю сітуацыю і пра намер арганізаваць беларускае таварыства культуры. Пасля нашай сустрэчы ён пабываў на свяце 100-годдзя выдання эпасу "Лачплесіс" Андрэя Пумпуры, і там пры сустрэчы з Янісам Пэтэрсам Сяргей расказаў пра намер беларусаў Рыгі заснаваць Беларускае таварыства. Яніс Пэтэрс 11 кастрычніка 1988 года падчас выступлення на Ўстаноўчым сходзе Народнага Фронту Латвіі, прапанаваў падтрымаць, дапамагчы беларусам у стварэнні Латвійскага таварыства беларускай культуры, як некалі нас падтрымаў Яніс Райніс.

Пасля гэтага са мною па тэлефоне скантактавалася прадстаўніца Народнага Фронту журналістка Айя Лацэ, з яе дапамогай ў расейскамоўнай прэсе і на радыё была зробленая інфармацыя аб сходзе беларусаў для стварэння Латвійскага таварыства беларускай культуры. 13 лістапада 1988 года ў памяшканні Дома культуры прафсаюзаў Латвіі ў Старой Рызе на вуліцы Амату, 5 адбыўся сход. На сходзе была абрана ініцыятыўная група з 16 чалавек па стварэнні таварыства. Была выбрана рэдакцыйная калегія па напісанні статута таварыства. У яе ўвайшлі лекар Сяржук Кузняцоў, мастак Вячка Целеш, інжынер Дзмітры Лаўроў, авіятэхнік Аляксандр Жукаў, слесар Аляксей Арочка і докер Рыжскага порта сябар Народнага Фронту Латвіі Уладзімір Вусік. 20 лістапада ў майстэрні Вячкі Целеша Рэдакцыйнай групай быў напісаны статут Таварыства, якому была дадзена назва "Світанак" - у гонар вядомай песні І. Лучанка, якая першыя гады была гімнам Таварыства.

27 лістапада 1988 года ў Рызе, у перапоўненай Зялёнай зале Дома культуры прафсаюзаў, адбыўся ўстаноўчы сход Латвійскага таварыства беларускай культуры "Світанак". На ім ад НФЛ выступіла Айя Лацэ. З таго часу яна стала шчырым сябрам Таварыства і бывала на ўсіх нашых мерапрыемствах. Дарэчы, тады ж да нас далучылася і была сябрам Рады "Світанка" да апошіх сваіх дзён кандыдат філалагічных навук, перакладчыца і аўтарка "Беларуска-латышскага слоўніка", сябар У. Караткевіча і А. Мальдзіса, латышка Мірдза Абала. На ўстаноўчым сходзе быў абраны старшыня Таварыства - малады вучоны-медык, супрацоўнік Акадэміі навук Латвіі Сяржук Кузняцоў. Я, Вячка Целеш, стаў яго намеснікам, была абраная Рада Таварыства са старшынём Адольфам Жуком.

У "Світанак" тады ўступіла больш за сто чалавек. Сяргей Панізьнік быў на першым сходзе і стаў адным з першых сяброў Таварыства.

Асноўнымі мэтамі Таварыства былі: захаванне сваёй ідэнтычнасці, беларускай мовы, культуры і гістарычнай спадчыны, папулярызацыя беларускай культуры ў Латвіі.

Галоўнымі задачамі "Світанка" сталі: адкрыццё ў Рызе беларускай школы, Беларускай мастацкай студыі, заснаванне бібліятэкі, стварэнне ансамбля беларускай песні.

Гэтыя мэты і задачы таварыства паступова рэалізоўвала. Найбольш плённымі былі 1989-94 гады, калі ў Беларусі таксама ішло Адраджэнне. Тады ж былі створаныя Беларуская мастацкая студыя "Вясёлка", Беларуская нядзельная школа, Аб'яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар", Рыжская Беларуская асноўная школа. У пачатку 1990-х гадоў была створана беларуская радыёпраграма "Світанак" на Латвійскім радыё, якую вялі Сяржук Кузняцоў і Наталля Камілеўская, з 1991 года і да сённяшняга часу яе вядзе Таццяна Касуха. Пазней быў створаны ансамбль "Світанак".

Калі стварылася незалежная Рэспубліка Беларусь, то з боку дзяржавы ўдзялялася шмат увагі і дапамогі "Світанку". У часы Беларускага Адраджэння былі пастаяннымі кантакты "Світанка" з дзяржаўнымі структурамі Беларусі - Міністэрствам культуры і Міністэрствам адукацыі.

Тады ж сябар ініцыятыўнай групы заснавання Таварыства студэнт Рыжскага палітэхнічнага інстытута Вадзім Паўловіч аднавіў выданне газеты "Голас Беларуса", якая выдавалася Кастусём Езавітавым у 1920-30-х гадах. У 1993 годзе Таварыства з дапамогай Міністэрства інфармацыі Беларусі, Першага Іерарха Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Мітрапаліта Мікалая і Алеся Палескага з Канады пачалося выданне часопіса "Світанак". Цяпер прэсу замяніў інтэрнэт і на сайце "Світанка" svitanak.lv можна знайсці шмат цікавай беларускай інфармацыі.

У 1992 годзе Таварыства ўдзельнічала ў Першым з'ездзе беларусаў блізкага замежжа, а ў 1993 годзе - у Першым з'ездзе беларусаў Свету. Сувязі таварыства са Згуртаваннем беларусаў свету "Бацькаўшчына", якія пачаліся ў 1990-х гадах, і да сённяшняга часу ніколі не перарываліся.

За 25 гадоў змяняліся і склад, і старшыні Таварыства. На змену старшыні "Світанка" Сяржука Кузняцова, які больш плённа заняўся навукай, прыйшоў навуковец, доктар хімічных навук Мікола Ярчак, які вельмі актыўна працаваў у Таварыстве. Пасля яго ад'езду на педагагічную працу ў Берасцейскі ўніверсітэт яго змяніў мастак Васіль Малышчыц. Плённа працавала старшынёй "Світанка" інжынер Таццяна Казак. Пасля яе старшынёй Таварыства была выпускніца Рыжскай беларускай нядзельнай школы фатограф Алена Капыціч (Ціхамірава). Цяпер Латвійскае таварыства беларускай культуры ўзначальвае маладая і актыўная старшыня, псіхолаг Ірына Кузьміч.

За чвэрць стагоддзя існавання "Світанка" ім зроблена вельмі шмат па адраджэнні і захаванні беларушчыны ў Латвіі, не гледзячы на розныя палітычныя і эканамічныя крызісы, якія адбыліся за гэты час. І гэта дзякуючы таму, што ў Таварыстве стала і даўно працуюць выдатныя рупліўцы на ніве беларускага адраджэння ў Латвіі: журналістка Таццяна Касуха, паэтка і музыка, супрацоўніца бібліятэкі Медыцынскага ўніверсітэта імя П. Страдыня Наталля Камілеўская, дырэктар Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы Ганна Іванэ, былая вучаніца Індранскай беларускай гімназіі, доктар фізіка-матэматычных навук Наталля Цімаховіч, унучка Сяргея Сахарава Нона Ахметулаева, сям'я Ігнатавых, мастак Анатоль Ермаковіч, медсястра Таісія Бачкарова і інш.

Надзейнымі сябрамі "Сьвітанка" з пачатку 1990-х гадоў і да канца сваіх дзён былі Ірына Сяргееўна Вількель (Сахарава), дачка слыннага беларускага педагога і фалькларыста, бізнэсмен, фундатар і грамадскі дзеяч Янка Кабановіч, музыка і кампазітар Станіслаў Клімаў.

Таварыства з першых дзён заснавання ўдзельнічае ў розных імпрэзах, фестывалях, канферэнцыях і сустрэчах, якія праводзяцца як дзяржаўнымі структурамі, так і Асацыяцыяй нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч. Латвійскае таварыства беларускай культуры "Світанак", світанкаўцы сваёй культурніцкай дзейнасцю, сваёй лаяльнасцю і падтрымкай дэмакратычнай Латвійскай дзяржавы добра вядомыя ў гэтай краіне. Менавіта прадстаўнікі нашага Таварыства былі і ёсць сябрамі Кансультатыўнай Рады нацыянальных меншасцяў пры прызідэнце Латвійскай Рэспублікі.

Вячка Целеш.


Аб чым гавораць лічбы 17050 і 10750?

У цэнтральнай кнігарні сталіцы на адлегласці 20 - 30 метраў на двух самастойных стэндах прадаюцца адрыўныя календары на 2014 год. Чытач скажа, ну дык і добра, прадаюцца, хай сабе прадаюцца. І я так спачатку ўспрыняў. Але, вось гэтае наша беларускае але ! Нават павярхоўнае думанне над убачанымі лічбамі прыводзіць у здранцвенне, узнікае пытанне: няўжо гэта праўда? А калі праўда, то што гэта, чаму так?

Лічбы 17050 і 10750 маюць глыбокі, лёсавызначальны сэнс для беларускай нацыі. Яны паказваюць, на першы погляд, як з драбніц складаецца русіфікацыйная магутная інфармацыйная коўдра, якой накрылі ўсю тэрыторыю Беларусі. Мяркуйце самі. На адным стэндзе-вітрыне выставілі толькі два календары: адзіны беларускамоўны "Родны край" і рускамоўны "Православный календарь", а на другім стэндзе-вітрыне астатнія 20 розных рускамоўных календароў. Бачыце, якая павага да адзінага беларускамоўнага календара "Родны край". Выставіць на асобную вітрыну ў адзіноце "Родны край", значыць дэманстраваць рэзервацыйны стан беларускай мовы, а ён і так выдатна бачны любому наведвальніку крамы. Паставіць усе календары разам? Яшчэ горш. Дык знайшлі выхад: побач з "Родным краем" паставілі рускамоўны "Православный календарь". Тут як бы "роўнасць" і адначасны падтэкставы напамін - тое, што не зрабіў рускі штык, даробіць руская школа і рускае праваслаўе.

Нецярплівы чытач не дачакаецца сэнсу лічбаў 17050 і 10750 у назве артыкула. Давожу - гэта кошты аднаго асобніка ў беларускіх рублях: "Родны край" каштуе 17050 руб., а "Православный календарь" і усе (УСЕ - вось рынкавая беларуская салідарнасць!) каштуюць па 10750 руб. Няўжо не сорамна чынавенству вертыкалі ад самай макаўкі да дырэктара кнігарні? У размове з сімпатычнай прадавачкай адчуў яе бездапаможнасць за дэскрымінацыю беларускай мовы, за рэзервацыйнае становішча адзінага беларускамоўнага адрыўнога календара на 2014 год.

Вось вам, спадары-панове, роўнасць: колькасная (адзін да двадцаці) і рублёавя (17050 і 10750). У якой суверэннай краіне ў падобнай сітуацыі такія суадносіны лічбаў магчымы і ці здольны іх успрыняць, асэнсаваць здаровы розум чалавека, у якога ёсць элементарная здаровая самапавага і мінімальны гонар і адказнасць за свой асабісты лёс, за лёс сваіх дзяцей, унукаў, за свой род, за Бацькаўшчыну? Шукаем адказы разам. Толькі разам Народ сіла.

А можа пішу аб календары "Родны край" занадта эмацыйна? Шаноўны чытач! Дапамажы мне, і не толькі мне, асэнсаваць: у якім стане мы жывём, што з намі робіцца (зрабілі)? Як нам выбіцца з русіфікатарскага балота спачатку на сцежку, а затым і на ліцвінскую шлях-дарогу, па якой мы пойдзем у беларускамоўную Беларусь.

Прафесар Мікола Савіцкі .


Пра менскія вуліцы

Сп. М.А. Ладуцьку,

старшыні Мінскага гарвыканкама

пр. Незалежнасці, 8

220030, г. Мінск

Аб моўным афармленні назваў гарадскіх вуліц

Паважаны Мікалай Аляксандравіч!

Да нас звяртаюцца жыхары г. Мінска са скаргамі на тое, што ў апошні час пачалі афармляцца на рускай мове назвы вуліц на шыльдах некаторых дамоў. Яны прыводзяць канкрэтныя прыклады: "Мясникова, 37; Московская, 6; Чкалова, 12; Осиповичская, 18; Гусовского, 38; Пономаренко, 4; Харьковская, 90; Пушкина, 24 і 68; Комсомольская, 34; Долгиновскнй тракт, 193; Чернышевского, 6; Тучинский пер., 4; Румянцева, 17".

У сувязі з гэтым просім Вас вярнуць напісанне вуліц на згаданых вышэй дамах на дзяржаўнай беларускай мове. Гэта будзе цалкам адпавядаць выказванню Кіраўніка нашай краіны на IV Усебеларускім народным сходзе: "Беларуская мова з'яўляецца важнейшым нацыянальным культурным здабыткам".

З павагай, старшыня ТБМ А. Трусаў.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб моўным афармленні назваў гарадскіх вуліц

Паважаны Алег Анатольевіч!

Па даручэнні кіраўніцтва Мінгарвыканкама Ваш зварот аб скаргах жыхароў г. Мінска пра напісанне на рускай мове назваў вуліц на шыльдах некаторых дамоў разгледжаны ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама.

Прынцыпова згодны з заўвагамі мінчан, але адпаведна заканадаўству ўласнікі аб'ектаў маюць права на размяшчэнне шыльдаў як на беларускай, так і на рускай мовах.

Вашы заўвагі і суправаджальны ліст галоўнага ўпраўлення аб напісанні на беларускай мове назваў вуліц, у тым ліку на дамах, азначаных у звароце, накіраваны ў адміністрацыі раёнаў г. Мінска, жыллёвыя аб'яднанні якія арганізуюць работу па вырабе і ўсталяванні шыльдаў з назвамі вуліц.

Начальнік галоўнага ўпраўлення С.А. Хільман.


Будзе станцыя метро "Плошча Францішка Багушэвіча"

На Х Нацыянальным фестывалі архітэктуры "Мінск-2013" прадстаўлены праект трэцяй лініі менскага метро "Зялёны луг". Прынамсі тых станцый, якія запланавана пабудаваць у найбліжэйшы час.

Праект станцыі "Юбілейная плошча" стварыў Вячаслаў Лапата.

Станцыя "Плошча Францішка Багушэвіча" атрымала назву па прапанове ТБМ. Архітэктары Уладзімір Целяпнёў і Аляксандра Гаркуша стварылі дызайн у светла-карычневым колеры, сама станцыя будзе адносна невялікай.

Станцыю "Вакзальная" спраектавалі Уладзімір Целяпнёў, Вольга Целяпнёва і Аляксандр Якубец.

Станцыя "Кавальская Слабада". Аўтары праекта - Рыгор Васільеў, Вольга Целяпнёва, Уладзімір Целяпнёў і Ганна Кузьміч.

Станцыю "Аэрадромная" Уладзімір Целяпнёў, Тацяна Жарабцова і Дыяна Нікіценка стварылі згодна з назвай, некаторыя элементы дызайну нагадваюць часткі самалётаў

"Немаршанскі сад", праект Рыгора Васільева і Алены Майсевіч, будзе аформлены сціпла, з вялікай колькасцю светла-зялёнага колеру.

"Слуцкі гасцінец", спраектаваны Вячаславам Лапата, мусіць мець нешта ад слуцкіх паясоў.

20 верасня горадабудаўнічы савет зацвердзіў праекты станцый. Першыя з іх з'явяцца ў 2017 годзе.

Наш кар.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў снежні

Абдулаева Святлана Іосіф. Агуновіч Эдуард Адамоніс Валянцін Канстанц. Аксючыц Ганна Аляксандр. Аксючыц Галіна Уладзімір. Алейнік Віталь Андрасовіч Таццяна Валянц. Аношка Любоў Іосіфаўна Антаноўская Людміла Анцыповіч Мікалай Арцюшэнка Вікторыя Уладз. Асадчая Алена Вадзімаўна Атрахімовіч Вячаслаў Аўласка Ала Афанасенка Кацярына Уладз. Багінская Аўгіння Ніна Багнюк Любоў Баеў Канстанцін Генадзевіч Бандарчык Вікторыя Ігар. Бартошык Наталля Пятроўна Бацян Валянціна Бацяноўскі Аляксандр Рыг. Баярчук Алена Бедка Іван Берняковіч Іна Бойка Валянцін Юр'евіч Буданаў Зміцер Львовіч Букачова Алена Уладзімір. Бурак Жанна Генадзеўна Бурносаў Раман Генадзевіч Бусловіч Святлана Анатол. Вабішчэвіч Аляксандр Мік. Вайдашэвіч Жанна Пятроўна Верабей Янка Міхайлавіч Водзіч Наталля Волкава Ала Гагуліна Юлія Аляксандр. Гайдаровіч Анжаліка Галіноўская Ніна Васільеўна Галкоўскі Аляксандр Алякс. Гарох Мікалай Гарэцкі Радзім Гаўрылавіч Гацкі Уладзімір Венядзімавіч Гінько Марыя Уладзіміраўна Гнятуля Алег Аляксандравіч Гракун Валянціна Іосіфаўна Грамыка Алена Віктараўна Гром Ігар Віктаравіч Груздзеў Аляксандр Ігаравіч Грыгаровіч Вітаўт Іванавіч Грыневіч Ганна Васільеўна Грыцаў Тарас Грэйт Таццяна Міхайлаўна Грэская Браніслава Гук Уладзімір Пятровіч Гурыновіч Генадзь Аркадз. Дабрынец Аляксей Васільев. Давідовіч Дзмітры Даманава Лідзія Дзмітрыеўна Дамарацкі Аляксандр Уладз. Дашкевіч Г. С. Двілянская Бэла Дземідовіч Ігар Славаміравіч Дзем'яновіч Т. А. Дзяменцева Ірына Донаў Павел Пятровіч Доўжык Андрэй Ігаравіч Дрозд Юля Дунецкі Тадэвуш Віктаравіч Дучыц Людміла Уладзімір. Егіпцава Таццяна Уладзімір. Ермалёнак Марыя Георгіеўна Еўдакіменка Святлана Жаўнярчук Ларыса Васіл. Жучкова Наталля Яўгенаўна Захарэвіч Андрэй Леанідавіч Зелянко Вольга Уладзімір. Зімніцкая Ірына Ільініч Дар'я Сяргееўна Каваленка Святлана Пятр. Кавалеўскі Сяргей Кажан Анатоль Лазаравіч Казачок Ларыса Калыска Ірына Каляда Ірына Камароўскі Андрэй Уладзім. Кардаш Глеб Каржэўскі Віктар Мікалаевіч Каркота Анэліка Касатая Таццяна Уладзімір. Каспяровіч Паліна Уладзімір. Кастанаў Аляксандр Кашчэеў Аляксандр Кім Таццяна Андрэеўна Клімковіч Ірына Яўгенаўна Клок Валянціна Конан Генадзь Краўчук Сяргей Курневіч Лізавета Васільеўна Курчынскі Браніслаў Браніс. Курыльчык Мікалай Пятров. Кутырло Віталь Эдуардавіч Кухарчык Вольга Сяргееўна Лабковіч Мікалай Мікалаевіч Лашук Міхаіл Лемцюгова Валянціна Пятр. Логвінава Вольга Іванаўна Лозка Алесь Юр'евіч Лукашэвіч Алена Лук'янцаў Алег Лявіцкі Ягор Вацлававіч Макарэвіч Нікадзім Аляксан. Малахаў Зміцер Мамай Часлава Чаславаўна Марговіч Людміла Васіл. Матчэня Алег Мікалаеў Андрусь Васільев. Мілаш Валеры Уладзіславав. Міткавец Аляксандр Мішкевіч Інэса Вітольдаўна Мядзведзева Валянціна Мядзюта Аляксандр Ніканаровіч Генрых Нікіціна Зінаіда Новік Мікалай Аляксандрав. Новік Таццяна Падгол Уладзімір Паляшчук Наталля Пантус Сяргей Іванавіч Панцялей Аляксандр Уладз. Папека Мікалай Пархімовіч Сяргей Аляксанд. Паўлавіцкі Станіслаў Пахлопка Ніна Аляксееўна Пека Зоя Пятроўна Піменава Алена Анатольеўна Пішчулёнак Марына Плакса Ўладзімір Поцька Віталь Станіслававіч Пракаповіч Ігар Міхайлавіч Прыбыльская Наталля Пудаў Дзмітры Леанідавіч Пятроўская Алена Аляксан. Раеўскі Аляксандр Аляксанд. Русецкая Ала Рыжая Аляксандра Васіл. Савіцкая Тэрэза Міраслав. Сагідуліна Лідзія Дзмітр. Садовіч Юры Аляксандрав. Сакалоў Багдан Анатольевіч Свідуновіч Галіна Севярынец Павел Канстанц. Семяненка Таццяна Леанід. Сівы Сяргей Скуратовіч Аляксей Анатол. Слінько Аляксандр Віктар. Сныткіна Вольга Анатол. Станішэўскі Віталь Валянцін. Станкевіч Наталля Аляксан. Стралко Валер Васільевіч Стральцоў Аляксандр Вікт. Супаненка Павел Ігаравіч Талерчык Аляксандр Сямён. Трафімчык Таццяна Уладзім. Трушко Уладзімір Урублеўская Лізавета Мікал. Фунт Аляксандра Халезіна Дзіяна Хальпукова Вольга Харак Анастасія Уладзімір. Хітрыкава Галіна Уладзімір. Худанёнак Ірына Цівончык Мікалай Канстанц. Ціханчук Алена Ігараўна Цыва Андрэй Вітальевіч Цыцыліна Таццяна Міхайл. Чуйко Аляўціна Аляксееўна Шалахоўскі Аляксей Леанід. Шалкоўская Людміла Віктар. Шаравар Мікалай Лазаравіч Шаршун Алена Сяргееўна Швед Аляксандр Аляксандр. Шушкевіч Станіслаў Станісл. Шчэрбік Зміцер Васільевіч Шыманец Віржыня Шымук Марыя Дзмітраўна Шыцёнак Наталля Шышко Вальдэмара Альбер. Шышко Іван Валянцінавіч Шэпетаў Мікалай Васільевіч Юданаў Віктар Канстанцін. Юшкевіч Міхаіл Валянцінав. Яголда Марына Уладзіслав. Яўменаў Альберт Піліпавіч


У Менску пачынаецца набор у беларускі дзіцячы гурток для дзетак 2-3-х гадоў

Паважаныя бацькі! У Менску пачынаецца набор у дзіцячы гурток для дзетак 2-3-х гадоў і іх бацькоў, дзе прафесійны псіхолаг на беларускай мове будзе рыхтаваць Вашых дзетак да садка.Там Вас чакае шмат чаго цікавага і карыснага! Каб пачалася праца гуртка, трэба сабраць групу мінімум з 5 чалавек. Падрабязней можна даведацца, даслаўшы ліст на belsadki gmail.com ці ў суполцы на VK (https://vk.com/mova_dzecyam) ці Facebook (facebook.com/groups/575303142506886/). Ініцыятыва "Вучымся па-беларуску".


Рэспубліканская Рада ТБМ

Планаве паседжанне рэспубліканскай Рады ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" адбудзецца 1 снежня 2013 года ў Менску па вул. Румянцава, 13.

Пачатак паседжання ў 11.00.

Пачатак рэгістрацыі ў 10.00.

На павестку дня выносяцца наступныя пытанні:

1. Абмеркаванне праекта плана работы ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" на 2014 г.

2. Аб зменах у Сакратарыяце ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".

3. Рознае.

Просьба да сяброў Рады падрыхтаваць свае прапановы ў план работы арганізацыі на наступны год і прывезці іх на паседжанне.


У Горадні прэзентавана першая кніга пра Наталлю Арсенневу

23 лістапада ў Гародні прэзентавана кніга "Наталля Арсеннева. Шлях да Беларусі", напісаная Алай Петрушкевіч. Гэта першая кніга пра эмігранцкую паэтку. Прэзентацыя адбылася ў артгалерэі "Крыга".

Прафесар Гарадзенскага ўніверсітэта Аляксей Пяткевіч, які рэдагаваў кнігу, лічыць, што як паэтка Наталля Арсеннева паднята над зямлёй:

- Хаця ўсякі паэт любіць падымацца над зямным, будзённым, празаічным. Але ў Арсенневай гэта абсалютна арганічная якасць. Яна калі і апускаецца на зямлю, то зямля ў яе напоўненая чарамі. Зямля - гэта не тая, па якой ходзяць, нешта робяць. Гэта нешта іншае, чаго мы, звычайныя людзі не можам спасцігнуць, не можам адчуць.

Раней не было кнігі пра Арсенневу, таму цікавая як усякая першая кніга. Яна была напісаная на адным дыханні, зазначыў Аляксей Пяткевіч. Аднак Ала Петрушкевіч удакладніла, што працавала над ёй дзесяць гадоў.

Арсеннева была для нас доўга недасяжнай, жыла за мяжой з 1944 года. Яна нічога асаблівага не зрабіла, як толькі выдала кнігі, сказаў прафесар.

Ала Петрушкевіч гаварыла пра "загадку Наталлі Арсенневай", аб тым, як яна, небеларуска, стала вядомай беларускай паэткай.

У вечарыне ўдзельнічалі калегі аўтаркі па ўніверсітэце імя Янкі Купалы, крытык Ігар Жук і паэт Анатоль Брусевіч. Прыйшлі маладыя аматары паэзіі, студэнты, гучалі беларускія народныя песні.

Радыё Свабода.


Памятная дошка протаіерэю Іосіфу Каяловічу ў Лідзе

На мінулым тыдні ў Лідзе прайшлі шырокамаштабныя святкаванні з нагоды 150-х угодкаў Лідскага Свята-Міхайлаўскага кафедральнага сабора.

21 лістапада, у дзень святога Архістратыга Божыя Міхаіла і іншых Нябесных Сіл бесцялесных Высокапрэасвяшчэннейшы архіепіскап Наваградскі і Лідскі Гурый здзейсніў Боскую Літургію з гэтай нагоды. Архірэй узначаліў святочны Хросны ход вакол сабора і высвянціў памятную дошку з барэльефам протаіерэя Іосіфа Каяловіча - першага настаяцеля Свята-Міхайлаўскага сабора, які больш за паўстагоддзя нёс тут паслушэнства настаяцеля аж да самай сваёй смерці ў 1919 годзе.

Як адметнасць падзеі трэба адзначыць, што памятная дошка брату вядомага заходнерусіста, гісторыка Міхала Каяловіча выканана на беларускай мове. Першы скульптурны вобраз Іосіфа Каяловіча стварыў слынны лідскі скульптар Вадзім Вераб'ёў. Барэльеф адліты ў Лідзе.

Наш кар.


Добры дзень.

Хачу з чытачамi нашай газеты падзялiцся добрай навiной.

У Гародні ў Каложскай царкве даўно ў першую нядзелю кожнага месяца лiтургiя вядзецся на беларускай мове.

А цяпер, з гэтага месяца - кожную суботу.

С павагай Аляксандр.


Абвешчаны конкурс для школьнікаў "1939 год у памяці жыхароў Беларусі"

Інтэрнет-праект "Беларускі архіў вуснай гісторыі" МГА "Гісторыка" і ГА "Дыярыуш" запрашаюць вучняў старшых класаў сярэдніх школ і навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў да ўдзелу ў конкурсе "1939 год у памяці жыхароў Беларусі".

Аб'яднанне ўвосень 1939-га года этнічных земляў Беларусі ў межах БССР і яго наступствы - актуальная тэма для беларускай гісторыі. У 2014 годзе будзе адзначацца 75 год гэтай падзеі. Вельмі важнай гістарычнай крыніцай для вывучэння таго, што адбывалася ў верасні 1939, з'яўляюцца вусныя ўспаміны людзей, якія аказаліся сведкамі тых пераўтварэнняў.

Што адбылося ўвосень 1939 года? Як гэтыя падзеі паўплывалі на жыццё беларусаў па абодва бакі мяжы? Які вобраз тых пераўварэнняў захавала памяць беларусаў? Якое значэнне для гістарычнага лёсу беларускай нацыі мае восень 1939 года? Калі вам цікавыя гэтыя пытанні, значыць наш Конкурс для вас!

Для ўдзелу ў конкурсе неабходна звярнуцца да вусных успамінаў. Гэта значыць, да сведчанняў людзей пра падзеі 1939 г. і тыя змены, якія прынесла ў жыццё беларусаў савецкая ўлада. Вусныя ўспаміны дазваляюць паглядзець на гістарычную падзею вачыма канкрэтнага чалавека.

У складзе журы вядомыя навукоўцы, спецыялісты па вуснай гісторыі. Старшыня журы - доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук.

Тэрмін правядзення конкурсу - з 15 кастрычніка 2013 года па 15 мая 2014 года. Чакаем конкурсныя працы і вашыя пытанні на электронную скрыню: konkurs nashapamiac.org ці па адрасе: МГА "Гісторыка" 220000, а/с 128 (з пазнакай "Конкурс для школьнікаў").

Апошні тэрмін падачы прац - 15 мая 2014 года (фіксуецца па паштовым штэмпелі ці даце дасылкі электроннага ліста). Працы, дасланыя пазней, не прымаюцца.

Пераможцы і найбольш актыўныя кіраўнікі атрымаюць каштоўныя прызы і дыпломы. Лепшыя працы будуць апублікаваныя, а іх аўтары - запрошаныя на навуковую канферэнцыю з удзелам вядомых гісторыкаў.

Конкурсная праца павінна ўключаць наступныя лічбавыя файлы:

- Тэкст эсэ, напісанага на падставе вусных успамінаў і іншых крыніц;

- Дадаткі (аўдыё- ці відэафайл інтэрвію, апытальнік, анкета рэспандэнта(ў), копіі фотаздымкаў, дакументаў і інш).

Мінімальны памер працы - 10.000 знакаў, што прыкладна складае 4-5 старонак А4, інтэрвал 1,5.

Працу можна рабіць індывідуальна, альбо групай, самастойна ці з дапамогай кіраўніка.

Матэрыялы для працы і метадычныя рэкамендацыі для напісання конкурснай работы можна спампаваць ў спецыяльнай рубрыцы па адрасе nashapamiac.org/archive/konkurs1939.html

Па пытаннях звяртайцеся па тэлефонах: 8 029 3975215 (Вольга), 8 029 3583184 (Павел).

Жадаем натхнення і поспехаў!


Ахвяраванні на ТБМ

1. Кішкурна Уладзімір - 100000 р., г. Менск, Рада ТБМ Цэнтр. р-на

2. Краўчанка Анатоль - 200000 р., г. Менск

3. Шкуран А. - 30000 р., г. Менск

4. Антанюк Іван - 100000 р., г. Менск

5. Гагуліна Юлія - 50000 р., г. Менск

6. Зянько Вадзім - 50000 р., Дзяржынскі р-н.

7. Панамароў Сяргей - 50000 р., г. Менск

8. Мяшкова Наталля -100000 р., г. Астравец

9. Астравецкі А.А. - 50000 р., г. Берасце

10. Васіна А.Г. - 50000 р., г. Гомель

11. Масакоўскі Уладзімір - 50000 р., г. Салігорск

12. Усціновіч Васіль - 100000 р., п. Лясны, Менскі р-н

13. Кавалёў С.А. - 15000 р., г. Менск

14. Кукавенка Іван - 100000 р., г. Менск

15. Бамбіза Мікола - 500000 р., г. Менск

16. Нурава Т.А. - 40000 р., г. Менск

17. Чайкоўскі П.І. - 150000 р., г. Менск

18. Грышан М.П. - 50000 р., г. Дзятлава

19. Шыёнак Е.Б. - 150000 р., г. Менск

20. Прылішч Ірына - 50000 р., г. Менск

21. Лазарук Тамара - 50000 р., г. Менск

22. Раманік Т. - 100000 р., г. Менск

23. Сныткіна Г.А. - 50000 р., г. Менск

24. Гуркова А.В. - 30000 р., г. Менск

25. Сечка Дз. М. - 200000 р., п. Грыбоўня, Салігорскі р-н.

26. Касцюкевіч Дз. С. - 50000 р., г. Чэрвень

27. Птушка С.І. - 30000 р., в. Хільчыцы, Жыткавіцкі р-н

28. Шкірманкоў Ф. - 50000 р., г. Слаўгарад

29. Касяк К. - 50000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Піліп Пестрак: паэт, грамадзянін, рамантык

У яго душы хапіла месца рамантычнаму юнаку, непахіснаму барацьбіту, марксісту-максімалісту, адданаму сыну роднай зямлі, паэту, празаіку, грамадскаму дзеячу. Ён быў адукаваным і разумным чалавекам і заставаўся заўсёды арыгінальнай асобай з асаблівым пачуццём гумару ў сваім настроі, аптымістычным поглядам на жыццё і людзей.

У той жа час нашаму земляку давялося перажыць столькі, што хапіла б і на пяцярых, вынес усё адзін, на сваіх не надта шырокіх плячах. Сціплы, адданы таварыш…

Нарадзіўся ён у сялянскай сям'і ў вёсцы Сакоўцы 27 лістапада 1903 года. Бацькі змаглі адправіць сына ў двухкласнае вучылішча, дзе юнак авалодаў граматай. У 1914 годзе сям'я Пестракоў была вымушана эміграваць у Самарскую губерню Расіі - набліжаўся фронт Першай сусветнай вайны.

Менавіта перыяд жыцця ў эміграцыі стаўся тым часам, калі закладваюцца краевугольныя камяні характару і будучага лёсу Піліпа Пестрака.

Паколькі ён быў пісьменны і кемлівы, атрымаў працу памочніка справавода крэдытнага таварыства, паступіў вучыцца ў гімназію. А тут - рэвалюцыя ў Расіі… Вецер рэвалюцыйных перамен, якім дыхаў малады Пестрак, назаўсёды прывучыў яго лёгкія да вольнага паветра. Нездарма сам ён потым будзе ўспамінаць: "Адарвацца ад успамінаў аб сваёй маладосці… было немагчыма".

У 1920 годзе Піліп Пестрак заканчвае рабфак і паступае на гістарычны факультэт Самарскага ўніверсітэта - юнака неймаверна цягне да сябе вучоба, ён бачыць перад сабой расчыненую прастору.

Мажліва, зусім па-іншаму склаўся б далей лёс Пестрака, але сям'я вырашае вярнуцца на родную зямлю.

Ці ведаў малады, гарачы ў сваіх жаданнях Піліп Пестрак, якую рэчаіснасць сустрэне тут, у сваіх Сакоўцах, які дух і якая атмасфера будзе прапанавана яму для дыхання замест таго рэвалюцыйнага, напоўненага водарам надзеі, паветра?

Была восень 1921 года. Сям'я Пестракоў вярнулася на радзіму. У першыя месяцы і гады на сямейнікаў абрушылася столькі дамашніх спраў і клопатаў, столькі турбот аб паўсядзённым, што можна было і разгубіцца. Далёкім сном ужо падавалася жыццё ў савецкай Расіі. Піліп Пестрак уладкаваўся на працу простым рабочым на лесапілку - гэта было ці не адзінае месца, куды бралі беларусаў. Потым удалося папрацаваць і лесніком. Але не знаходзіла спакою душа…

Ці трэба дзівіцца таму, што Піліп Пестрак паспрабаваў уцячы праз мяжу ў савецкую Беларусь?

Так, ён паспрабаваў. І быў затрыманы польскімі памежнікамі, яго судзілі і далі месяц арышту.

Як толькі гэты месяц зняволення прайшоў, Піліп Пестрак пачаў шукаць сувязі з камуністамі. Знаходзіць, уступае ў партыю, і амаль адразу ж яго ўводзяць у павятовы камітэт беларускай сялянска-работніцкай грамады г. Косава.

Але, не даючы апомніцца, Піліпа Пестрака прызываюць у войска. Яго, пісьменнага, адказнага, накіроўваюць у школу падафіцэраў. І службу ў войску Піліп Пестрак заканчвае капралам. Адна за другой яму паступаюць прапановы застацца ў арміі на звыштэрміновую службу - і ўсе яны былі адхіленыя.

Тут, у арміі, Піліп Пестрак да канца ўсвядоміў, якая прорва падзяляла яго жыццё ў савецкай Расіі і цяперашняе. Там былі магчымасць вучыцца і займацца грамадскай працай, там бачылася светлае заўтра для людзей, там была свабода. А тут паўсталі безнадзейнасць, адсутнасць усякай перспектывы для вучобы, агідная роля чалавека другога гатунку - беларуса. Палітыка апалячвання была агіднай для Пестрака.

Чытаючы вось пра гэты ўрывак з жыцця паэта, міжволі прыпыняешся і імкнешся зразумець: што ж ім рухала? Ім і яшчэ дзясяткамі, сотнямі людзей, якія апантана ішлі супраць польскага рэжыму, ішлі свядома на барацьбу, якая на той час не мела блізкай светлай перспектывы, а ў выпадку няўдачы іх чакалі арышты, турмы, катаванні…

Сёння вельмі цяжка зразумець вось такі выбар юнага зусім, усяго 24-гадовага Піліпа Пестрака: адмовіцца ад перспектыўнай службы ў Войску Польскім, мець неблагія дывідэнды ад улады, з цягам часу ўвогуле стаць "сваім" - служба ў войску фактычна цалкам "апалячвала" чалавека.

Адмовіўся. Дзеля мары? Ды не… Гэта ўсё той дух, гэта вопыт жыцця на вольным Паволжы, досвед якога паспытаў. І не маглося ўжо дыхаць тут, на радзіме, духам бяспраўнасці і буржуазнага засілля.

І была далей падпольная барацьба.

Актыўнасць і пісьменнасць Піліпа Пестрака, яго рашучасць і палымянасць мелі свой вынік: праз год пасля ўступлення ў партыю, у 1927 годзе, ён ужо сакратар Косаўскага падпольнага райкама, член Слонімскага акругкама КПЗБ. У 1933 годзе становіцца інструктарам цэнтральнага камітэта: яго дасведчанасць і набыты вопыт высока ацэньваліся паплечнікамі.

Сваю ацэнку дзейнасці Піліпа Пестрака давалі і польскія ўлады. Актыўная грамадзянская пазіцыя не магла не палохаць пілсудчыкаў. Першы раз Піліпа Пестрака арыштоўваюць у 1929 годзе - на пяць гадоў турмы.

Але турма Лукішкі толькі больш упэўніла маладога Пестрака ў правільнасці свайго шляху. Ягоным натхненнем, ягонай крыніцай жыцця і барацьбы быў сам факт існавання Савецкага Саюза як дзяржавы для вольных і працавітых людзей.

Трэба зазначыць, што Піліп Пестрак не быў тэарэтыкам марксізму. Як ён сам прызнаваўся: "Я палюбіў марксізм". Гэта прызнанне паказвае нам на глыбокую эмацыйную сувязь Піліпа Пестрака і марксісцкага вучэння, якое ён прыняў перш за ўсё на ўзроўні пачуцця.

У гэты ж час з'яўляюцца ў друку першыя вершы паэта. Зразумела, што іх тэма - тэма барацьбы. Іх лірычны герой жыва адгукаецца на ўсё, што мусіць перажыць. Шмат вершаў таго часу так званай "турэмнай лірыкі". Што цікава, менавіта ў такіх вершах упершыню выяўляецца яшчэ адна жыццядайная крыніца паэта - родная зямля. Пакрысе яна ўваходзіць у вершы Пестрака і нарэшце займае годнае месца галоўнага лекара і сябра:

Дык вышэй,

мае родныя сосны!

Іду я - падарожнік пастаянны

З кайданнымі

знакамі на руках.

Прастор, прымі,

загой мае раны,

Прытулі свайго бедняка.

Лірычны герой Пестрака вельмі тонка адчувае прыроду, яе прыгажосць. Як я ўжо казаў, сам Піліп Пестрак многае ўспрымаў найперш на эмацыйным узроўні, гэтак жа і яго любоў да прыгожага, да роднай зямлі - эмацыйная. Але Пестрак лічыў, што менавіта ад неасэнсаванай любові да прыгожага фармуюцца ідэалы агульнай прыгажосці ў чалавека, без якіх сапраўднаму рэвалюцыянеру нельга…

Усяго паэт правёў у турмах адзінаццаць гадоў. І толькі дзіву даешся, наколькі аптымістычная, лірычная і кранальная яго паэзія тых часоў! І шукаць адказ на пытанне: чаму так, мабыць, трэба ў радках яго вершаў. Напрыклад, такіх:

Маяк гарыць

над морам пенным,

Пружынься, крок мой, цвёрда,

Шумі, паход! -

хто ж, як не мы,

Галаву падыме горда,

Каб узысці на эшафот?!

Вось і адгадка: самаахвярнасць. "Хто, як не мы?" - гэта было не проста лозунгам, але законам паўсядзённасці Піліпа Пестрака.

У турмах і на волі, пад пастаянным пераследам расло і мацнела крэда паэта, якое ён выказаў у сваім вершы: "Усё для народа і ўсё праз народ". Будучае ён бачыў найперш як грамадства абсалютнай сацыяльнай справядлівасці.

Чарговы арышт заканчваецца для Піліпа Пестрака страшным выракам ваенна-палявога суда: расстраляць. Паэт будзе чакаць сваю смяротную часіну ў Гарадзенскай турме…

Ён дачакаецца вызвалення - Заходняя Беларусь будзе вызвалена ў верасні 1939 года.

І Піліп Пестрак адразу пасля вызвалення абіраецца дэлегатам Народнага сходу ў Беластоку, членам камісіі Народнага сходу, якая на сесіі Вярхоўнага Савета СССР перадасць просьбу сходу аб далучэнні Заходняй Беларусі да БССР.

Пасля Піліп Пестрак выбраны дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і БССР.

Але тое, што здарылася пасля, было вялікай скрухай для паэта. Была ліквідавана Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, мала таго, многія таварышы-паплечнікі Пестрака былі арыштаваны, недзе зніклі. Сам ён атрымлівае работу, якая была зусім мала звязана з яго кіпучай натурай, з жаданнем працаваць на карысць народа: сціплая пасада сакратара аддзялення Саюза пісьменнікаў у Беластоку.

Але праходзіць час, загойваюцца крыўды, суцяшэнне прыносіць жыццё і думкі пра тое, што "лес сякуць - трэскі ляцяць".

Выходзіць першы зборнік вершаў паэта "На варце", напоўнены ўзнёслымі радкамі, якія ўслаўлялі камуністычны лад. Пестрак шмат працуе і публікуецца.

Наладжваецца асабістае жыццё паэта - ён ажаніўся з дзяўчынай Анастасіяй, якая нарадзіла яму двойню - хлопчыка і дзяўчынку.

Але пачынаецца Вялікая Айчынная вайна. І першая страшная трагедыя напаткае Пестракоў. Тысячы людзей запаланілі вакзал Гародні ў надзеі паспець з'ехаць ад фашысцкай навалы. Пестрак трымаў у руках рэчы, адно дзіця трымала Анастасія, дзяўчынку - знаёмы лекар. У незвычайным тлуме сям'я Пестракоў і лекар згубілі адзін аднаго. Некалькі дзён яны літаральна "ішлі па слядах" лекара - людзі падказвалі: так, бачылі такога з дзяўчынкай на руках, але сустрэцца зноў не было наканавана. Не знайшлі лекара і дачушку і пасля вайны…

Першыя месяцы па загадзе партыі Піліп Пестрак застаецца на акупаванай тэрыторыі, у партызанскім атрадзе. Але праз некаторы час яго, як дэпутата Вярхоўнага Савета, самалётам перапраўляюць у тыл. У час вайны Пестрак працуе ў Маскве пры Саўнаркаме БССР.

Пасля вайны Піліп Пестрак адчуваў, што завяршыўся вялікі пераломны момант у жыцці беларускага народа. І зразумеў, што яму не хопіць магчымасцей паэтычнага радка сказаць тое, што ён мог і мусіў сказаць. Таму пачынаюць з'яўляцца празаічныя творы. Напачатку - апавяданні аб калгасным жыцці, аб адбудаванні гаспадаркі пасля вайны. Потым - аб партызанскім жыцці. Піліп Пестрак піша дзве першыя аповесці ў 1945-46 гадах аб пачатку партызанскай барацьбы на Беларусі. Гэтыя аповесці не мелі вялікага рэзанансу ў літаратурным свеце, бо Піліп Пестрак яшчэ не валодаў на той час мастацкім словам у такой ступені, каб перадаць усю трагедыйную глыбіню таго часу. І тым не менш, талент Пестрака быў яўным, а адносная няўдача хавалася не столькі ў няўменні аўтара, колькі ў яго эмацыйнай душы, якая шукала на свае пытанні адказы простыя і ясныя…

Праз некаторы час Піліп Пестрак пачынае працу над сваім раманам "Сустрэнемся на барыкадах". Гэты раман не цалкам аўтабіяграфічны, але яго змест амаль цалкам перадае ўвесь жыццёвы шлях самога аўтара ад выгнання з розных месцаў у бежанства і да моманту вызвалення з турмы.

Вось тут мы нарэшце даведваемся пра тое, чаму ж сям'я Пестракоў вярнулася ў Беларусь - іх гнаў з Расіі голад, які ў тыя часы чорнай хмарай набліжаўся на Паволжа.

"Сустрэнемся на барыкадах" - гэта вялікае эпічнае палатно падзей у Заходняй Беларусі падчас польскай акупацыі. Раман пісаўся ў тыя часы, калі яшчэ быў жывы Сталін, і многае ў ім прадыктавана было ўмовамі цэнзуры. Але нават улічваючы гэтыя акалічнасці, раман яскрава адлюстроўвае рэвалюцыйную і побытавую сітуацыю ў тыя часы, дае зразумець усе складанасці падпольнай барацьбы, антынародную сутнасць польскай палітыкі на "Крэсах усходніх". Так, у рамане Піліп Пестрак быў вымушаны зрабіць вялікі акцэнт на класавасці барацьбы, правесці размежаванне духу па размежаванні матэрыяльным, але тым не менш, асноўныя падзеі ў рамане паказаны вобразна і глыбока. І па сёння гэты раман з'яўляецца адным з лепшых узораў літаратурнага адлюстравання таго часу.

Раман быў прыхільна сустрэты чытачамі і крытыкамі. Гэта натхніла Піліпа Пестрака на стварэнне другога рамана.

Раман "Серадзібор" стаўся знакавым у творчасці і жыцці пісьменніка. Напісаны ў 1963 годзе, ён даваў творцу час для глыбокага асэнсавання пасляваенных падзей. У рамане яшчэ выразней праявілася творчая манера пісьма Піліпа Пестрака: многа быту, дробных дэталей і сітуацый вяскоўцаў, шмат апісання прыроды, замілавання ёй. Тут Пестрак паказаў свой сапраўдны талент мастака. І разам з тым, у рамане трывожнымі званочкамі гучаць многія падзеі і сцэны: Піліп Пестрак паказвае не толькі тое добрае, што несла савецкая ўлада, але і "перагіны на месцах", якія пачыналі здарацца, і бюракратыю, што пачала пускаць парасткі, і тое, што мы завём словам "карупцыя". Рэальнасць паказанага жыцця была на той час на мяжы дазволенага цэнзурай. За гэты твор Піліп Пестрак быў узнагароджаны дзяржаўнай прэміяй імя Якуба Коласа.

У жыцці Піліпа Пестрака заставаўся адрэзак часу, які быў самым складаным для яго разумення - гэта час ад вызвалення Заходняй Беларусі і да вайны, час роспуску КПЗБ і арыштаў многіх камуністаў, час радасцяў і расчараванняў. Пестрак доўга збіраўся да ўвасаблення гэтага часу на паперы, і ўрэшце пачаў працу. Галоўныя героі - былыя падпольшчыкі Павел (правобраз самога пісьменніка) і Лена, дзяўчына, у якой многія пабачылі жонку пісьменніка. На жаль, завяршыць працу над раманам "Лесавічанка" ён не паспеў. Была надрукавана толькі першая яго частка.

Піліп Пестрак жыў і працаваў у Менску. Спачатку ў Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва пры Акадэміі навук, потым - у Саюзе пісьменнікаў літаратурным кансультантам. Вельмі многа часу аддаваў творчай рабоце перакладчыка: перакладаў польскіх, латышскіх, украінскіх, літоўскіх пісьменнікаў і паэтаў.

Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, "Знак Пашаны", медалямі. У 1968 годзе яму прысвоена званне заслужанага дзеяча культуры БССР.

У нашым раёне постаць Піліпа Пестрака - постаць славутага земляка. Яго імем названа цэнтральная раённая бібліятэка. У нашым краязнаўчым музеі сабрана нямала матэрыялаў з жыцця і дзейнасці пісьменніка, ёсць асабістыя яго рэчы, папяровыя дакументы. Некалішні рэдактар "Кастрычніка" Феафан Хаванскі тэмай сваёй дыпломнай работы абраў творчасць Піліпа Пестрака…

Доўгі час у Сакоўцах у мясцовай бібліятэцы быў куток паэта, дзе былі з любоўю сабраны шматлікія матэрыялы. Свая покуць у паэта была і ў Мілейкаўскай школе.

Але сёння бібліятэка ў Сакоўцах зачыненая - тут жыве толькі 17 чалавек. Школа ў Мілейках стала пачатковай…

Гэтыя навіны асабіста я сустрэў з засмучэннем і трывогай: што ж сталася з тымі матэрыяламі і памяццю пра пісьменніка?

І тым большай была мая радасць, калі я пабачыў, што з той спадчынай стала: Косаўская новая школа ў сваёй бібліятэцы выдзеліла для нашага земляка месца. І нават больш: гэта месца ў бібліятэцы сталася асаблівым цэнтрам духоўнага і патрыятычнага выхавання. Экспазіцыя ўражвае сваім грунтоўным афармленнем, выкананым з творчасцю і любоўю. Тут не толькі матэрыялы пра Піліпа Пестрака, але і цалкам музейныя рэчы: фотаздымкі з асабістага архіва пісьменніка, многія яго рэчы, узнагароды, дакументы, кнігі з асабістай бібліятэкі. І гэтае месца не застаецца зробленым "дзеля галачкі", яно працуе. Больш за тое, жыццёвы і творчы шлях знакамітага земляка стаў прадметам для глыбокага вывучэння настаўнікамі і вучнямі.

І значыць, гэтай спадчыне тут, у новай школе, дзе навучаюцца дзеці амаль з усёй косаўскай зоны, самае месца - тут яна будзе працаваць на будучыню.

Валеры ГАПЕЕЎ, г. Івацэвічы.


Паўстанне на Бярэзіншчыне, 1863-1864 гады

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Пасля сутычкі пад Юравічамі (8-9 траўня) мяцежнікі, пасыланыя за харчамі, вернучыся абвясцілі начальніку Лясковскому, што святар Канапасевіч раз'язджае з казакамі і ўгаворвае сялян пераследваць хеўру. За гэта Ляскоўскі, склікаўшы штаб, зрабіў раду, напісаў рашэнне, якое ўручыў Цяльшэўскаму і выклікаў ахвотнікаў адправіцца з Цяльшэўскім, як тады казаў, для злову і дастаўлення ў хеўру Канапасевіча, на што адправілася да 40 чалавек ахвотнікаў у ліку іх і я.

Прыбыўшы ў Багушэвічы верхам на конях, Цяльшэўскі, Міхайлоўскі, Ліпінскі, Стржэльскі і я акружылі святарскую хату, убачыўшы святара Канапасевіча на ганку, заехалі на двор, а за намі ўвайшлі пешыя. Тут па загадзе Цяльшэўскага Канапасевіч [быў] узяты, выведзены на сярэдзіну двара, дзе Цяльшэўскі прачытаў рашэнне, каб яго павесіць і затым загадаў гэта выканаць. Забойствам святара займаліся вылучна: Міхайлоўскі вязаў вяроўку на шыю, аптэкар Баратыцкі і Булынка ўзлезшы на вароты, павесілі на іх святара. Хто быў больш у ліку гэтых ахвотнікаў не памятаю, але павінен іх ведаць Цяльшэўскі, паколькі ён быў начальнікам аддзела. Я сапраўды тады Канапасевічу чыніў розныя папрокі, больш падобных злачынстваў хеўраю не ўлічана (стар. 431).

"Паўстанне 1863 год" Дакументы і матэрыялы. "Паўстанне ў Літве і Беларусі 1863-1864 гады" выданне "Навука", М. 1965 год.

Спіс удзельнікаў паўстання 1863 года

1. Свентаржэцкі Баляслаў Часлававіч (1831-1888) - уладальнік маёнтка Багушэвічы Ігуменскага павета Менскай губерні. Вучыўся ў Вілейскім дваранскім інстытуце, Пецярбуржскім універсітэце. Служыў у Менскім дваранскім дэпутацкім зборы. Удзельнічаў у распрацоўцы сялянскай рэформы 1861 года. 12 красавіка 1863 года ў сваім маёнтку ўзначаліў паўстанцкі аддзел да 30 чалавек. У паўстанні прызначаны камісарам Менскай губерні, дзейнічаў у аддзеле Ляскоўскага. За яго затрыманне рускімі акупацыйнымі ўладамі была прызначана ўзнагарода 10000 рублёў срэбрам. Бацькі за ўдзел яго ў паўстанні былі высланы ў Пензенскую губерню, горад Чамбор. Бацька Часлаў Свентаржэцкі памёр у ссылцы 22 чэрвеня 1864 года. Маці Ганна атрымала дазвол вярнуцца ў свой маёнтак Вількава ў Варшаўскім павеце ў 1867 годзе, потым з'ехала ў Італію. Маёнтак Багушэвічы па ўказанні Мураўёва - вешальніка быў спалены, а месца дзе ён знаходзіўся пераарана. 22.11.1863 г. накладзены забарона на маёнтак жонкі Чаркасы Менскай губерні. У 1863 годзе Баляслаў Свентаржэцкі эміграваў, дзе працягнуў адукацыю ў вайсковай школе Сен-Сіер (Францыя). Пасля Французскай камуны выконваў абавязкі кашталяна ў Алжыры. Вярнуўся ў Венецыю да маці, дзе па нявысветленых прычынах скончыў жыццё самагубствам. Жонка Лаура Завадская з Дукоры, пляменніца маршалка Ашторна, які быў губернскім маршалкам шляхты.

2. Падалецкі Аляксандр (1838-1863) - сельскі абывацель, праваслаўны, непісьменны. З 1861 года служыў лакеем у Б. Свентаржэцкага і жыў у маёнтку Багушэвічы. У паўстанні з 17 красавіка 1863 года ў аддзеле Ляскоўскага. Павешаны 16.11.1863 года па распараджэнні Менскага ваеннага губернатара на былым двары Свентаржэцкага, цела закапана без царкоўнага адпявання.

3. Юрынок Ян , 1839 года нараджэння - незаконнанароджаны, сельскі абывацель.

4. Саковіч Якаў Тамашавіч , 1845 года нараджэння. Сельскі абывацель, служыў буфетчыкам у маёнтку Багушэвічы абшарніка Б. Свентаржэцкага. Павешаны 16.11.1863 года па распараджэнні Менскага ваеннага губернатара на былым двары Свентаржэцкага, цела закапана без царкоўнага адпявання.

5. Маліноўскі Ўсцін Восіпавіч , 1828 года нараджэння. Камісар у абшарніка Б. Свентаржэцкага. У паўстанні ў атрадзе Ляскоўскага.

6. Гансецкі Альгерд - шляхціц. Служыў каморнікам у Б. Свентаржэцкага. У паўстанні ў аддзеле Ляскоўскага. Высланы ў Арэнбургскую губерню.

7. Гансецкі Генрых - шляхціц. Служыў каморнікам у Б. Свентаржэцкага. У паўстанні ў аддзеле Ляскоўскага.

8. Маліноўскі Мацвей , служыў эканомам у маёнтку Багушэвічы. У паўстанні ў аддзеле Ляскоўскага.

9. Казлоўскі Казімір - селянін, служыў фурманам у Б. Свентаржэцкага. У паўстанні ў аддзеле Ляскоўскага. Сасланы ў арыштанцкую роту ў Тульскую губерню.

10. Нарвіла Мамерт - эканамічны пісар у Ігуменскім павеце. У паўстанні ў аддзеле Ляскоўскага.

11. Рагальскі - пісар Багушэвіцкага сельскага кіравання.

12. Гансецкі Юльян - шляхціц. У паўстанні ў аддзеле Ляскоўскага. Сасланы ў Сібір.

13. Навіцкі Іван Каспаравіч , 1831 года нараджэння - шляхціц.

14. Карказовіч Гектар Міхайлавіч , 1820 года нараджэння - шляхціц, католік. Уладальнік маёнтка Логі Ігуменскага павета. Адстаўны штаб-ротмістр. Адзін з арганізатараў і правадыроў паўстанцкага аддзела. Патрапіў у палон 13 чэрвеня 1863 года. Сасланы на катаржныя работы.

15. Ахрамовіч Феліцыян Антонавіч , 1845 года нараджэння - шляхціц незацверджанай гільдыі. Лакей абшарніка Карказовіча. У паўстанні ў аддзеле Ляскоўскага.

16. Аляксандр - кухар абшарніка Карказовіча.

17. Васілеўскі Тамаш - селянін, фурман абшарніка Карказовіча. У паўстанні ў аддзеле Ляскоўскага.

18. Згаржэльскі Эдуард Віктаравіч , 1838 года нараджэння - шляхціц, гувернёр абшарніка Карказовіча. У паўстанні ў аддзеле Ляскоўскага. Сасланы ў Сібір.

19. Масальскі Іван Карлавіч , 1846 года нараджэння - шляхціц, католік. Уладальнік маёнтка Божы Дар Ігуменскага павета. У паўстанні ў аддзеле Ляскоўскага. Сасланы ў Сібір.

20. Станевіч (Старэвіч) - пісар-эканом у маёнтку абшарніка Масальскага. У паўстанні ў аддзеле Ляскоўскага.

21. Ахрамовіч Альфонс Іванавіч , 1845 года нараджэння - шляхціц.

22. Ваньковіч Мельхіёр-Раман-Юльян Карлавіч , 1844 года нараджэння - шляхціц, католік. Да паўстання жыў у маёнтку Калюжыцы Ігуменскага павета, які належаў яго маці. Пасля пачатку паўстання 17 красавіка 1863 года ён, на той момант 18-гадовы юнак, разам з двума чалавекамі прыбыў з Калюжыц у маёнтак Багушэвічы і ўвайшоў у склад паўстанцкага аддзела, які тым часам фармаваў Баляслаў Свентаржэцкі. У аддзеле ён быў прызначаны касірам, і пры ім знаходзілася грашовая сума, з якой ён выплачваў паўстанцам па 30 капеек у дзень. Пасля некалькіх сутычак з расійскімі карнікамі ў траўні 1863 года аддзел быў рассеяны. Мельхіёр быў схоплены з важнымі дакументамі і знаходзіўся пад арыштам у горадзе Ігумен. 21 чэрвеня 1863 года ён быў высланы ў Менск. Ваенна-судовая камісія прызнала яго вінаватым ва ўдзеле ў паўстанні. Ён быў прысуджаны да пазбаўлення правоў шляхецтва, канфіскацыі маёмасці і ссылкі на пасяленне ў "больш аддаленыя месцы Сібіры". Адбываў пакаранне ў горадзе Цывільску (16.08.1868 года). Пасля вяртання са ссылкі ён жаніўся з Марыяй Швайніцкай (каля 1875 года), з якой меў сыноў Часлава, Вітольда, Мельхіёра і дачку Рэгіну. У далейшым яму перайшоў маёнтак Калюжыцы. Памёр у 1892 годзе.

23. Варатніцкі Іван Антонавіч - шляхціц, католік. Арандатар маёнтка Альхоўка абшарніка Барсука. У паўстанні ў аддзеле Ляскоўскага.

24. Варатніцкі Павел Антонавіч - шляхціц, 1828 года нараджэння, католік. Арандатар маёнтка Альхоўка абшарніка Барсука. У паўстанні ў аддзеле Ляскоўскага.

25. Акуліч Баляслаў Венедыктавіч , 1833 года нараджэння - шляхціц, католік. Уладальнік маёнтка Ганута. Калежскі рэгістратар. Знаходзіўся ў аддзеле Ляскоўскага, вёў дзённік, забраны ў яго пры арышце, у якім меліся запісы з 21 красавіка па 26 траўня пра шлях руху аддзела, дзеяннях аддзела, сутычках з карнікамі. Расстраляны 16.12.1863 года.

26. Акуліч Казімір Венедыктавіч , 1844 года нараджэння - шляхціц, католік. Уладальнік маёнтка Ганута Ігуменскага павета. У паўстанні ў аддзеле Ляскоўскага. Сасланы на катаржныя работы на заводы на 4 гады.

27. Акуліч Іосіф Ве-недыктавіч - шляхціц, католік. Уладальнік маёнтка Ганута, калежскі асэсар. У паўстанні ў аддзеле Ляскоўскага. Сасланы ў Пензенскую губерню.

28. Акуліч Мечыслаў - шляхціц, католік. Уладальнік маёнтка Ганута. У паўстанні ў аддзеле Ляскоўскага.

29. Сіпайла Іван , 1826 года нараджэння - шляхціц, католік. Уладальнік маёнтка Вінарава і маёнтка Ліпніцы, непадзеленага з маці. У паўстанні ў аддзеле Ляскоўскага. Сасланы ў Сібір. Адбываў пакаранне ў горадзе Цівільск (29.07.1873).

30. Рагоўскі Браніслаў - шляхціц, католік, уладальнік маёнтка Гарадзішча Ігуменскага павета. У паўстанні ў аддзеле Ляскоўскага.

31. Кяльчэўскі Аляксандр (Ян) , 1828 года нараджэння - шляхціц, католік. Уладальнік маёнтка Рэгісполле і фальварка Якшыцы Ігуменскага павета. У паўстанні ў аддзеле Ляскоўскага пад псеўданімам Твардашынскі. Сасланы ў Сібір.

32. Цяльшэўскі Альбін Іванавіч , 1827 года нараджэння - шляхціц. Уладальнік маёнтка Хаменчыцы Берасцейскага павета. Канцылярыст Слуцкай дваранскай апекі. Павешаны.

33. Міхайлоўскі - канцылярыст.

34. Стржэльскі Аляксандр - служыў лакеем у інспектара Менскай гімназіі Старжынскага. У паўстанні ў аддзеле Ляскоўскага.

35. Баратыцкі Уладзіслаў Людвікавіч , 1841 года нараджэння, аптэкар са Слуцка. У паўстанні ў аддзеле Ляскоўскага. Сасланы на руднікі на 20 гадоў.

36. Булынка Цэзары Севярыянавіч - мяшчанін. У паўстанні ў аддзеле Ляскоўскага. Страчаны 29. 01.1864 года ў горадзе Менску.

37. Ліпінскі . У паўстанні ў аддзеле Ляскоўскага.

38. Снітко Алозі Іванавіч - шляхціц, католік. Уладальнік маёнтка Казлоў Бераг. Паручнік. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў паўстанцкага аддзела. Аддзел разбіты пад Мартыянаўкай.

39. Трусаў Антон Данілавіч ( Цітус - падпольная мянушка), нарадзіўся 15 траўня 1835 года ў Барысаве ў сям'і паштовага работніка. У студзені 1845 года паступіў у Менскую гімназію, якую скончыў у чэрвені 1853 года. 10 ліпеня 1854 года Трусаў падаў прашэнне пра прыняцце ў Маскоўскі ўніверсітэт, дзе паспяхова здаў іспыты і быў залічаны на першы курс медыцынскага факультэта, але праз два гады з-за матэрыяльных цяжкасцяў пакінуў вучобу. Праз чатыры гады аднавіўся ва ўніверсітэце. Знаходзячыся на вучобе Трусаў далучыўся да левага рэвалюцыйна-дэмакратычнага крыла студэнцкага таварыства. У 1861 годзе ён вёў рэвалюцыйную агітацыю ў Менску, дзе распаўсюджваў нелегальную літаратуру. Пасля задушэння паўстання эміграваў у замежжа, дзе жыў у Парыжы і Жэневе, супрацоўнічаў у рускім часопісе "Народная справа", з'яўляўся адным з заснавальнікаў рускай секцыі Першага інтэрнацыяналу. Трусаў быў знаёмы з К.Марксам і А. Герцанам. Цяжка хворым 19 траўня 1884 года вярнуўся ў родны Менск, дзе жыў пад наглядам паліцыі. Памёр прыблізна ў 1886 годзе.

40. Ляскоўскі Станіслаў (падпольная мянушка Собек ) - шляхціц, падпаручнік Пецярбуржскай артылерыйскай акадэміі (1840 - пасля 1867).

41. Лукашэвіч Якаў Сільвестравіч - шляхціц, рымска-каталіцкай веры. Уладальнік непадзеленага маёнтка Брадзец, Наборкі, Максімавічы, Братычы, Нягонічы.

42. Лукашэвіч Апалінар Сільвестравіч , 1827 года нараджэння - шляхціц, рымска-каталіцкай веры. Уладальнік непадзеленага маёнтка Брадзец, Наборкі, Максімавічы, Братычы, Нягонічы.

43. Лукашэвіч Баляслаў Сільвестравіч - шляхціц, рымска-каталіцкай веры. Уладальнік непадзеленага маёнтка Брадзец, Наборкі, Максімавічы, Братычы, Нягонічы.

44. Сушынскі - ігуменскі спраўнік.

45. Крукоўскі - станавы прыстаў у мястэчку Беразіно.

46. Шыдлоўскі Адольф Іосіфавіч , 1808 года нараджэння - шляхціц, калежскі сакратар

47. Дземідовіч .

48. Кавалеўскі.

49. Швайніцкі Раман - шляхціц, рымска-каталіцкай веры. Адбываў пакаранне ў Сібіры разам з М. Ваньковічам.

Ігар Жукоўскі


Асіповіцкая ТБМ ушанавала памяць паўстанцаў 1863 года

Як вядома, паўстанне ахапіла тэрыторыю Польшчы, Літвы і Беларусі, пераважна заходнюю яе частку. Аднак не абмінула яно і наш край. Пра гэта паведаміў нам наш зямляк, выдавец і пісьменнік В. Хурсік. Ён адшукаў звесткі ў польскім выданні "Бітвы і сутычкі 1863-1864 гг.", якое выйшла да 50-годдзя паўстання ў 1913 годзе. Там паведамляецца, што за 23 км. на паўднёвы ўсход ад Ігумена (Чэрвеня) супраць паўстанцаў Станіслава Ляскоўскага, Баляслава Свентаржэцкага, Карказевіча былі накіраваны вялікія карніцкія сілы генерала Русінава. Паблізу фальварка Лочын аддзел Ляскоўскага 26.06.1863 г. (па старым стылі) уступіў у бой з пераўзыходзячымі яго расійскімі войскамі і змог адарвацца ад іх, страціўшы 4-х чалавек забітымі і 18 палоннымі. У гэтым жа выданні прыводзіцца і карта месцаў і дат баёў і сутычак з царскімі войскамі.

Па прапанове В. Хурсіка сябры Асіповіцкага ТБМ вырашылі аддаць даніну павагі загінуўшым у паўстанні патрыётам Беларусі і 6 ліпеня гэтага года групай 7 чалавек наведалі наваколлі вёскі Лочын. На жаль, адшукаць месца сутычкі не ўдалося, бо яно ніяк не абазначана. І таму памяць аб загінулых была ўшанавана хвілінай маўчання на мясцовых могілках сярод пахаванняў ХІХ ст. Было выказана меркаванне аб неабходнасці ўсталявання ў бліжэйшым будучым у наваколлі в. Лочын адпаведнага памятнага знака.

Старшыня Асіповіцкай раённай рады ГА "ТБМ

імя Ф. Скарыны

С. Бародзіч.


Цікавая сустрэча ў Магілёве

Цікавая сустрэча адбылася 14 лістапада на гуртку беларускай мовы Магілёўская гарадской арганізацыі ТБМ. Пра знаёмства з беларускай паэткай Зоськай Верас і яе сынам, іншымі дзеячамі беларускай культуры, а таксама пра свой багаты на падзеі лёс расказвала жыхарка Магілёва Лілея Міхайлаўна Кузьменка.

З пяці год Лілея Міхайлаўна жыла ў пасляваеннай Вільні, да таго ў зусім дзіцячым узросце пабываўшы ў канцлагерах у Нямеччыне і ў Аўстрыі. "Аўстрыякі былі добрыя людзі," - кажа Лілея Міхайлаўна. "Бывала так, што аўстрыец падбягаў да калючага дроту паміж нацысцкіх вышак і кідаў за дрот бохан хлеба, а сам уцякаў, каб не застрэлілі". Расказвае і пра жыццё пасляваеннай Вільні. "Мова беларуская жыла ў Вільні дрэнна - не было школ, дзяцей аддавалі ў расійскія, літоўскія ці польскія школы. Але народ у хатах гаварыў па-беларуску. Аднак беларусамі сябе не надта называлі, часцей "тутэйшымі". Мы дзецьмі ведалі пра тры мовы і любілі кожны новы дзень гаварыць паміж сабой на іншай мове - сёння па-польску, заўта па-літоўску. Але інтэлігенцыя трымалася беларускасці і памятала, што Вільня - наша".

Распавяла госця і пра Зоську Верас. "Я і не ведала тады, што яна - Зоська Верас. Мне не казалі. Яна жыла ў драўляным доме, было шмат карцін, сярод іх партрэт Фабіяна Шантыра і партрэт самой Зоські Верас з кошкай на каленях. Потым гэты дом згарэў. Я вельмі сябравала з яе сынам - Антонам Шантырам. Ён працаваў падчас вайны ў газеце "Сцяг Працы", дзе выступаў і супраць Гітлера, і супраць Сталіна. Немцы не зрабілі яму нічога, а калі прыйшлі Саветы, то яго арыштавалі і прысудзілі да расстрэлу, замяніўшы расстрэл на 25 год зняволення". Ведала Лілея Міхайлаўна і гісторыка Генадзя Кісялёва. "Такога шчырага гісторыка я больш не ведала". Пазнаёмілася ў свой час і з Караткевічам. "Ён прыйшоў да нас у хату, калі я вучылася ў кансерваторыі. У яго на плячы быў бабінны магнітафон, ён запісваў народныя песні. Мая маці спявала песні. Караткевіч сказаў мне, што будзе сябраваць са мной, калі буду размаўляць па-беларуску". "Караткевіч не браў у свае раманы нічога проста так, зніадкуль. І ў раман "Каласы пад сярпом тваім" трапіў выраз маёй маці: "Калі белая ажэніцца з чорным, то якія ў іх будуць дзеці - хіба ў шашачкі?" Лілея Міхайлаўна распавяла, што вельмі станоўча на патрыятызм Уладзіміра Караткевіча паўплывала вучоба ў Кіеўскім універсітэце.

Сустрэча з Лілеяй Міхайлаўнай прайшла вельмі цёпла. На развітанне яна выказала надзею на будучыню беларушчыны: "Нашая мова будзе жыць, калі ёю будзе размаўляць моладзь".

Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ імя Ф. Скарыны.


Лідскія літаратурна-музычныя зазімкі

Сёлета ў Лідзе ў рамках кампаніі "Будзьма" ўдалося аднавіць даўні праект "Лідскія літаратурна-музычныя зазімкі". Зазімкі - гэта ці конкурс, ці фестываль, ці канцэрт, як калі атрымаецца. Сёння галоўным арганізатарам зазімак выступала Лідская цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы. І прымеркавалі імпрэзу да 215 угодкаў з дня нараджэння Адама Міцкевіча, які будзе адзначацца на Каляды. Але перад Калядамі заўсёды пост, таму зазімкі праводзяцца ў канцы лістапада.

Сёлета ў Ліду прыехаў выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова кандыдат філалагічных навук, паланіст Віталь Еўмянкоў і капэля Алеся Лася з-пад Ракава. Узначальвала літаратурна-музычны дэсант харэограф Алена Прохарава.

Адбыліся дзве творчыя сустрэчы. Днём - са студэнтамі Лідскага каледжа, а вечарам сабраліся лідзяне больш сталага веку, але і там, і там былі поўныя залы.

Віталь Еўмянкоў распавядаў пра Адама Міцкевіча: днём - пра маладога, пра філамата, а вечарам - пра сталага, пра ліцвіна-патрыёта. Які націск быў на Міцкевіча, каб ён у "Пане Тадэвушы" замяніў "Litwo! Ojczyznо moja!.." на "Polsko! Ojczyznо moja!..". Не замяніў. Дарэчы сп. Еўмянкоў прывёз з сабой кнігу "Пан Тадэвуш" 1834 года выдання, г.зн прыжыццёвае выданне, у якім якраз і змешчана знакамітае тлумачэнне для палякаў беларускага слова "свірэпа" ("bursztynowy swierzop").

Тэму Міцкевіча і філаматаў працягнула капэля Алеся Лася. Акрамя кіраўніка ў Ліду прыехалі скрыпачка Алена Мялешка, дарэчы, родам з г. Бярозаўка Лідскага раёна і Алеся Сівохіна, рэжысёр народнага тэатра "Жывое слова". Выступ музыкаў пачынаўся з песень філаматаў і расповедаў Алеся Лася пра гэтыя песні. Песні філаматаў гучалі па-польску і па-беларуску.

Затым справа пераходзіла да народнай музыкі і народных інструментаў. Скрыпкі, дуда, бубен, басэтля і цымбалы гучалі ў невялікай зале бібліятэкі ўжывую, без мікрафонаў. Выдатная акустыка і захопленыя слухачы.

Алесь Лось па ходу распавядаў пра гісторыю народных інструментаў, пра тое, як у 30-х гадах мінулага стагоддзя загадалі кожнай рэспубліцы мець сімвалічны народны інструмент, і ў беларусаў мела быць такім інструментам менавіта дуда, але ўзніклі пэўныя складанасці, і Шырма з Жыдовічам спыніліся на цымбалах, хоць цымбалы ведаў яшчэ Піфагор, але цымбалы сталі такі сімвалам беларускай музыкі.

Днём не хапіла часу, а вечарам справа дайшла да танцаў. Да гасцей далучыўся мясцовы гурт "Скудрынка". Полькі тыпу "Полька-паспалітка" - то не дзіва, але людзі выйшлі і на літоўскую "Ойру".

Зазімкі адгулялі, зіма можа прыходзіць.

Яраслаў Грынкевіч.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX