Папярэдняя старонка: 2013

№ 50 (1149) 


Дадана: 11-12-2013,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 50 (1149) 11 снежня 2013 г.


За музей Максіма Багдановіча

Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта

Рэспублікі Беларусь

Кабякову А.У.

Аб захаванні юрыдычнага статусу

Літаратурнага музея

Максіма Багдановіча

Шаноўны Андрэй Уладзіміравіч!

Мы вельмі ўдзячныя Вам за аператыўны і грунтоўны разгляд нашых зваротаў.

Аднак з адказу з Міністэрства культуры на наш ліст "Аб скарачэнні штатаў літаратурна-мемарыяльных музеяў" і ліквідацыі самастойнага Літаратурнага музея Максіма Багдановіча мы пагадзіцца не можам. (Копія адказу дадаецца).

Нас вельмі здзіўляе спасылка на Дзяржаўны літаратурны музей у Маскве, які мае 13 філіялаў на ўсю велізарную Расію. Але там рускай мове і літаратуры нічога не пагражае. Таму такая спасылка некарэктная, тым больш, што некаторыя з гэтых філіялаў хутка стануць самастойнымі.

У нашым выпадку фінансавыя выдаткі на ліквідацыю літаратурнага музея Максіма Багдановіча будуць вельмі значнымі, ужо не кажучы пра маральныя наступствы. Прывядзём канкрэтныя доказы неабходнасці захавання Літратаурнага музея Максіма Багдановіча як самастойнай юрыдычнай і фінансавай адзінкі.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча з'яўляецца адзіным цэнтрам па зборы, захаванні і папулярызацыі творчай спадчыны паэта.

У зборы музея самая вялікая ў Рэспубліцы Беларусь калекцыя аўтографаў М. Багдановіча - 30 рукапісаў. Музей захоўвае 6 прыжыццёвых выданняў кнігі вершаў М. Багдановіча "Вянок" (Вільня, 1913 г.). Ніводная ўстанова не мае такой колькасці аўтографаў і экзэмпляраў кнігі "Вянок".

Камплектаванне ўнікальнага збора такога ўзроўню стала магчыма дзякуючы шматгадовай працы музея, як самастойнай юрыдычнай адзінкі. Таму што магчымасць на месцы вырашаць працоўныя пытанні дазваляе аператыўна рэалізоўваць планы і творчыя праекты, што адзначана на першым нацыянальным форуме "Музеі Беларусі - трэццяму тысячагоддзю" - узнагарода ў намінацыі "Лепшая арганізацыя выстаўкі з уласных фондаў" за цыкл выставак з фондаў музея "Экспануецца ўпершыню".

На сёння ў фондзе музея больш за 17 тысяч адзінак захоўвання: калекцыі твораў мастацтва, комплексы дакументаў даследавання жыцця і творчасці М. Багдановіча, рукапісныя архівы дзеячоў культуры і літаратуры, асоб з акружэння паэта - гэта паўнавартасны, комплексны збор, аналагаў якому на Беларусі не існуе. Своечасова праведзеная праца па зборы мемарыяльных рэчаў сям'і Багдановічаў дазволіла сабраць унікальныя прадметы і матэрыялы. Вельмі важна не пазбавіць супрацоўнікаў музея магчымасці развівацькірункі працы па пошуку і зберажэнні матэрыяльных сведчанняў культурных здабыткаў беларусаў, да якой адносіцца і творчая спадчына Максіма Багдановіча.

Каб эфектыўна папулярызаваць, выкарыстоўваць, захоўваць і камплектаваць збор патрэбна аператыўнае рэагаванне на патрэбы музейнага калектыву для рэалізацыі творчых задумак і планаў. Уласна для ўнікальных музейных фондаў скасаванне юрыдычнай самастойнасці абарочваецца многімі праблемамі:

- фонд Літаратурнага музея М. Багдановіча далучаецца да фонду Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, таму трэба мяняць улік усіх музейных экспанатаў;

- у Дзяржаўны каталог асабліва каштоўных прадметаў Дзяржаўнага культурна-мастацкага фонду РБ (ДКМФ РБ) унесена больш за 2000 адзінак з фонду Літаратурнага музея М. Багдановіча, трэба замяняць нумары і назву месцазнаходжання;

- павялічыцца бюракратычная праца (дублюецца справаводства, кожны рух патрэбна ўзгадняць і падпісваць не на месцы, а ў іншым будынку, губляць час на азнаямленне з пытаннямі людзей, якія непасрэдна не займаюцца гэтай працай);

- немагчымасць уласнымі намаганнямі аператыўна вырашаць штодзённыя пытанні.

Папярэдні вопыт аб'яднання Літаратурных музеяў паказвае, што на сёння мы сустракаемся з белымі плямамі інфармацыі па "легендах" музейных прадметаў, якія не адлюстраваны ў справаводстве агульнай кіруючай установы.

Менавіта захаванне самастойнасці музейнага збору матэрыялаў паэта дазволіць плённа працаваць і развівацца, а таксама адказна захоўваць для нашчадкаў Сусветую культурную спадчыну, да якой адносіцца творчасць М. Багдановіча.

Мінусы, якія чакаюць музей пры стварэнні з яго філіялаў і ў арганізацыі мерапрыемства, асабліва пасля атрымання Прэзідэнцкага гранта, можа адмоўна адбіцца на правядзенні мерапрыемстваў, звязаных з Максімам Багдановічам, бо мерапрыемствы будуць праводзіцца, але не шырока, а фармальна. Установа, якая мае 10 філіялаў, са скарочаным штатам фізічна не зможа арганізоўваць мерапрыемствы на высокім узроўні.

Мы спадзяёмся, што музей класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча з Вашай непасрэднай дапамогай застанецца самастойнай музейнай адзінкай. адной з лепшых у нашай краіне.

З павагай, Старшыня ГА ТБМ імя Ф. Скарыны А. Трусаў.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб статусе Літаратурнага музея М. Багдановіча

Паважаны Алег Анатольевіч!

У адпаведнасці з пісьмом Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 лістапада 2013 г. № 10/535-118 Міністэрствам культуры разгледжаны Ваш зварот на імя Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб статусе дзяржаўнай установы "Літаратурны музей М. Багдановіча" (далей - Музей Багдановіча).

Рэарганізацыя ўстановы "Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры" (далей - Музей літаратуры) шляхам далучэння да яе Музея Багдановіча не запатрабуе фінансавых выдаткаў, у тым ліку, дадатковых, а наадварот, прывядзе да эканоміі бюджэтных сродкаў.

Таксама рэарганізацыя не прывядзе да неабходнасці змянення ўліковых дакументаў музейных прадметаў, якія зараз знаходзяцца на пастаянным захоўванні ў Музеі Багдановіча. Главой 15 Інструкцыі аб парадку камплектавання музейных фондаў, унутрымузейнага ўліку, навуковай апрацоўкі і захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый, уключаных у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, зацверджанай пастановай Міністэрства культуры ад 01.11.2007 № 44, устаноўлены парадак уліку музейных прадметаў у філіялах, які прадугледжвае магчымасць вядзення ўліку ў філіялах у асобных выпадках. Міністэрствам культуры дадзены кансультацыі кіраўнікам і галоўным захавальнікам Музея літаратуры і Музея Багдановіча аб практычнай рэалізацыі дадзенай нормы. Унясенне неістотных змяненняў ва ўліковыя дакументы, а таксама ў запісы Дзяржаўнага каталогу Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь не запатрабуе значнага перыяду часу і намаганняў.

Пытанне аб стварэнні гнуткай сістэмы адміністратыўна-гаспадарчай работы Музея літаратуры з улікам з'яўлення ў яго структуры новых філіялаў таксама было абмеркавана з кіраўніком дадзенага музея. Па выніках выпрацаваны канкрэтныя падыходы, якія будуць замацаваны ў новай штатнай структуры і штатным раскладзе Музея літаратуры.

Такім чынам, далучэнне Музея Багдановіча ў якасці філіяла да Музея літаратуры не прывядзе да ўзнікнення сур'ёзных праблем, а таксама не адлюструецца негатыўна на захаванні і папулярызацыі творчай спадчыны класіка беларускай літаратуры М. Багдановіча.

Намеснік Міністра В.М.Чэрнік.


Радзіму Гарэцкаму - 85

Радзім Гаўрылавіч ГАРЭЦКІ (нарадзіўся 7 снежня 1928, Менск) - беларускі вучоны-геолаг, грамадскі дзеяч. Акадэмік НАН Беларусі. Сын Гаўрылы Іванавіча Гарэцкага, пляменнік Максіма Гарэцкага.

Скончыў Маскоўскі нафтавы інстытут імя І. М. Губкіна.

У 1952-1957 навуковы супрацоўнік Геалагічнага інстытута АН СССР. З 1971 загадчык аддзела (а з 1978 лабараторыі) Інстытута геахіміі і геафізыкі АН БССР (з 1994 Інстытут геалагічных навук). Член-карэспандэнт АН БССР (1972), з 1977-га - правадзейны член АН БССР. У 1977-1993 дырэктар Інстытута геахіміі і геафізікі АН Беларусі.

У 1973-1990 сябар Бюро, намеснік старшыні, старшыня Міжведамаснага тэктанічнага камітэта АН СССР. З 1975 намеснік старшыні, старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта па Міжнароднай праграме геалагічнай карэляцыі, з 1993 сябар Амерыканскага геафізічнага саюза. У 1992-1997 віца-прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 1993 галоўны рэдактар часопіса "Літасфера". У 1995-1997 працаваў загадчыкам кафедры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Радзім Гарэцкі з'яўляецца заснавальнікам беларускай школы тэктаністаў. Добра вядомы ў міжнародных навуковых колах. Імем Радзіма Гарэцкага названа некалькі відаў выкапнёвых арганізмаў. Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі, дзяржаўнымі прэміямі СССР, БССР, Расейскай АН.

Навуковыя працы прысвечаныя тэктоніцы і геадынаміцы платформаў, уключаючы тэрыторыю захаду Ўсходне-Еўрапейскага кратона і Беларусі, геалогіі карысных выкапняў. Удзельнічаў у складанні шматлікіх тэктанічных мапаў у якасці галоўнага рэдактара ці аўтара. Р. Гарэцкі з'яўляецца аўтарам 500 навуковых прац.

Надрукаваў шэраг твораў, прысвечаных нацыянальнаму адраджэнню Беларусі.

Радзім Гарэцкі з'яўляецца сябрам Саюза беларускіх пісьменьнікаў і актыўным грамадскім дзеячам. Ён клапоціцца пра адраджэнне нацыянальнай культуры. На працягу васьмі гадоў, з 1993 да 2001, з'яўляўся прэзідэнтам "Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына"", на цяперашні момант сябра Вялікай і Малой Радаў арганізацыі, сябар рэспубліканскай Рады ТБМ імя Ф. Скарыны.

Вікіпедыя.


ГЛЫБІНІ

Надзяліў Бог нябеснымі крыламі,

Каб у нетры зямныя ўглядзецца

Мог з вышыняў Радзім Гаўрылавіч -

Акадэмік з роду Гарэцкіх.


Хай гісторыкі звоняць шчытамі -

Ходзіць лёс яго ў іншых пастронках:

Ён зямлю, нібы кнігу чытае -

Пласт за пластам гартае старонкі.


Чым багатыя нашы глыбіні,

Ён высвечвае, як на рэнтгене.

- Не, такая зямля не загіне! -

Так сцвярджае Гарэцкіх геній!

Васіль Зуёнак.


Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" шчыра віншуюць шаноўнага Радзіма Гаўрылавіча з паважным узростам і зычаць сілаў і здароўя дзеля плённай працы на карысць Беларусі.


І шлянзакі хочуць "людзьмі звацца"

Ежы Гажэлік (Jerzy Gorzelik) - польскі палітык, гісторык мастацтва, універсітэцкі выкладчык. Старшыня Руху за аўтаномію Шлёнска, галоўная мэта якога - стварэнне аўтаномнага рэгіёна на поўдні Польшчы, у гістарычных межах Верхняга Шлёнска (Верхняй Сілезіі). Ад 2010 году ва Ўправе Шлёнскага ваяводства (выканаўчай структуры ваяводскага самакіравання) у Катавіцах. З ім гутарыць Ян Максімюк.

ДЗЯРЖАВА ДЛЯ ЛЮДЗЕЙ ЦІ ЛЮДЗІ ДЛЯ ДЗЯРЖАВЫ?

Ян Максімюк: "На пачатку я хачу запытаць пра Ваша выказванне, якое заўсёды ўсплывае, як толькі людзі пачынаюць гаварыць пра Ежы Гажэліка. Вы некалі, яшчэ ў мінулым стагоддзі, сказалі, што не адчуваеце сябе палякам, а толькі шлянзакам, і што Вы не абавязаны захоўваць лаяльнасць да Польшчы. Гэта праўда? Вы падтрымліваеце гэтае выказванне ці, можа, нешта з таго часу змянілася?"

Ежы Гажэлік: "У пытанні тоеснасці нічога не змянілася. Я належу да той групы шлянзакаў ці, лепш сказаць, верхнешлянзакаў, якія не атаясамліваюць сябе ні з польскай нацыянальнасцю, ні з нямецкай. Кажучы дакладней, не атаясамліваюць сябе выключна з польскай ці нямецкай нацыянальнасьцю, бо зразумела, што адчуванне "шлёнскасці" ўтвараюць і польскія, і нямецкія, і чэшска-мараўскія культурныя ўплывы. І я не магу сказаць, што для маёй тоеснасці гэтыя ўплывы - абыякавыя.

Што тычыцца майго выказвання пра лаяльнасць да польскай дзяржавы, дык яно было вырванае з кантэксту. Гэта была мая рэакцыя пад канец 1990-х гадоў на судовую адмову зарэгістраваць арганізацыю пад назвай "Звяз насельніцтва шлёнскай нацыянальнасці". Гэта была наша першая судовая справа аб рэгістрацыі, зараз ідзе ўжо наступная, якой займаюцца іншыя людзі. Такім чынам я тады выказаў свае адносіны да дзяржавы, якая адмаўляе прызнаць нацыянальную ідэнтычнасьць часткі сваіх грамадзянаў. Агульна я магу сказаць, што лаяльнасць грамадзяніна да сваёй дзяржавы не з'яўляецца нечым безагаворачным, бо гэта якраз дзяржаву ствараюць для грамадзянаў, а не наадварот. І гэта перад усім дзяржава павінна быць лаяльная да сваіх грамадзянаў.

З канца 2010 году я звязаны прысягай, якую склаў як ваяводскі дэпутат - я сам абавязаўся быць лаяльным да дзяржавы. Але ў нашай частцы Еўропы мы не павінны забываць пра шкоды, якія некаторыя рэпрэсіўныя дзяржавы ўчынілі сваім грамадзянам, дамагаючыся ад іх безагаворачнай лаяльнасці. Зразумела, сучасная Польшча з'яўляецца дэмакратычнай дзяржавай. Але я не пагаджаюся з тым, як функцыянуе сённяшняя польская дзяржава, і якую палітыку яна вядзе адносна Верхняга Шлёнска. Таму мая нязгода на статус-кво азначае маю грамадзянскую ангажаванасць у змену цяперашняй сітуацыі. Рух за аўтаномію Шлёнска імкнецца рэфармаваць польскую дзяржаву так, каб усе жыхары Верхняга Шлёнска глядзелі на яе, як на сваю дзяржаву."

ШЛЯНЗАК - НЕ НЕМЕЦ

Максімюк: "У перапісе 2011 году ў Польшчы каля 850 тысяч чалавек дэкляравалі шлёнскую нацыянальнасць. Нагадаем, што перапіс 2002 году адзначыў прысутнасць каля 170 тысяч шлянзакаў у Польшчы. У гэтым апошнім перапісе можна было падаць дзве нацыянальнасці. Дык вось, тыя шлянзакі, якія акрамя шлёнскай падавалі яшчэ і іншую нацыянальнасць, як сябе наогул называлі - палякамі, немцамі?"

Гажэлік: "У пераважнай большасці тыя, хто пісаўся шлянзакамі, падавалі яшчэ польскую нацыянальнасць. Толькі некаторыя падавалі нямецкую нацыянальнасць як другую."

Максімюк: "Немцаў у Польшчы крыху паменшала, калі параўнаць дадзеныя з гэтых абодвух перапісаў. Ці не думаеце, што некаторыя людзі, якія раней пісаліся немцамі, у апошнім перапісе запісаліся выключна шлянзакамі?"

Гажэлік: "Так яно напэўна і было. Пра гэта можна меркаваць і з сацыялагічных апытанняў на Шлёнску, якія апошнім часам праводзіліся сярод дзеячоў тутэйшых нямецкіх арганізацый. Шмат з іх, адказваючы на пытанне пра нацыянальную тоеснасць, падавалі шлёнскую ідэнтычнасць як першую. Чаму?

Па-першае, магчымасць запісаць сябе шлянзакам узнікла адносна нядаўна, хоць дзяржава, як ведаеце, не прызнае гэтай нацыянальнасці. Раней, калі нехта на Шлёнску не адчуваў сябе палякам, дык лічыў сябе немцам. Цяпер з'явілася яшчэ адна магчымасць, якая, відаць, лепш падыходзіць тутэйшым жыхарам - гэта шлёнская ідэнтычнасць. Таму некаторыя выбралі яе як бліжэйшую сабе, чым нямецкую.

Па-другое, як думаю, гэта вынікае з досведу тых людзей, якія - маючы падвойнае грамадзянства, польскае і нямецкае - папрацавалі пэўны час у Нямеччыне ці спрабавалі там уладкавацца на пастаяннае жыццё. Яны там часта пераконваліся, што тамтэйшыя немцы не ўспрымаюць верхнешлянзакаў, як сваіх. Я сам ведаю выпадкі, калі людзі, якім было няўтульна быць немцамі ў Польшчы, выехалі ў Нямеччыну, дзе іх не прызналі за сваіх, і яны вярнуліся назад на Шлёнск, дзе ўжо запісаліся шлянзакамі.

СВАЯ ЗЯМЛЯ - ВОСЬ ШТО АСНОВА

Максімюк: "Наша размова адрасуецца людзям, якія, магчыма, ведаюць, дзе знаходзіцца Шлёнск, але наогул нічога канкрэтнага пра гэты рэгіён не чулі. Ці не маглі б Вы назваць галоўныя складнікі шлёнскай ідэнтычнасці? На чым яна палягае?"

Гажэлік: "Адным з наймацнейшых складнікаў гэтай тоеснасці з'яўляецца прывязанасць да тэрыторыі. Я тут гавару канкрэтна пра Верхні Шлёнск (Gorny Slask), гэта значыць, заходнюю частку Шлёнскага ваяводcтва (адміністрацыйны цэнтар: Катавіцы - РС ) і большую частку Апольскага ваяводcтва (адміністрацыйны цэнтар: Аполе - РС ). Я таксама маю на ўвазе прылеглую да гэтай зямлі тэрыторыю ў Чэшскай Рэспубліцы, дзе шлёнская ідэнтычнасьць таксама выступае. Наконт розніцы ў прывязанасці да шлёнскай тэрыторыі ў мяне ёсць магчымасць зрабіць асабістыя высновы, бо мая жонка паходзіць з Лодзі, гэта значыць, з цэнтральнай Польшчы... Карані ў роднай зямлі для нас асабліва важныя. Цяжка гэтае адчуванне акрэсліць больш дакладна, але яно існуе. На працягу ХІХ і ХХ стагоддзяў жыхароў гэтай зямлі спрабавалі ўціснуць у рамкі розных нацыянальных ідэалогій, але яны заўсёды захоўвалі нешта сваё, што не было ні польскім, ні нямецкім, ні чэшска-мараўскім...

Па-другое, паколькі мы з'яўляемся такім памежным рэгіёнам, у якім увесь час крыжаваліся разнастайныя культурныя ўплывы, шлянзакі на працягу гісторыі навучыліся шанаваць гэтую разнастайнасць. І кожная мадэль "шлёнскасці", якая паспрабуе ўціснуць сябе ў адзін шаблон, будзе нежыццяздольнай, будзе пярэчыць сабе самой.

Па-трэцяе, у нас на Шлёнску іншая гістарычная перспектыва, чым у Польшчы. У Польшчы глядзяць на гісторыю з перспектывы "птушынага палёту", з якой відаць масы і агульныя механізмы гісторыі, але не відаць асобаў, адзінак. У нас наадварот - магчыма, мы не звяртаем увагу на гістарычныя механізмы, затое бачым ролю адзінак у гісторыі.

І яшчэ нешта, што я назваў бы здольнасцю шлянзакаў паглядзець на сябе збоку, з пэўнай адлегласці. Шлянзакі - народ схільны і здольны да самаіроніі."

ЭКАНАМІЧНЫ ЧЫННІК

Максімюк : "Існуе погляд, што дэкляраванне прыналежнасці да шлёнскай нацыянальнасці было выкліканае перш за ўсё эканамічнымі прычынамі. Маўляў, раней, у часы сацыялізму, шлянзакам у Польшчы жылося добра, а цяпер яны сталі жыць вельмі бедна, таму і хочуць аўтаноміі, бо лічаць, што Варшава іх абдзірае. У гэтым поглядзе ёсць нейкае зерне праўды?"

Гажэлік: "Я тут раздзяліў бы гэтыя дзве рэчы - шлёнскую нацыянальнасць і імкненне да рэгіянальнай аўтаноміі. Аўтаноміі хочуць не толькі карэнныя жыхары рэгіёна, якія пішуцца шлянзакамі, але і куча людзей, якія прыехалі жыць на Шлёнск з цэнтральнай Польшчы і лічаць сябе палякамі. Яны, зразумела, хочуць аўтаноміі з эканамічных прычынаў.

Я скажу так: эканамічная незадаволенасць нярэдка выклікае працэсы народзінаў новай нацыянальнай тоеснасці. Таму і цяпер нельга выключыць, што эканамічны чыннік адыгрывае сваю ролю. Але ўгрунтаванню і распаўсюджанню шлёнскай ідэнтычнасці служыць перш за ўсё пачуццё рэгіянальнага гонару, а не пачуццё крыўды. Я думаю, што пачуццё крыўды адыгрывае даволі значную ролю для старэйшых пакаленняў шлянзакаў. У маладых прычыны, відаць, іншыя. З апытанняў наконт шлёнскай нацыянальнасці і аўтаноміі, якія праводзіліся ў чатырох гарадах - Катавіцах, Глівіцах, Хожуве і Рыбніку - вынікае, што гэтыя ідэі маюць найбольшую падтрымку якраз сярод самых старых і самых маладых груп рэспандэнтаў."

МОВА Ў ШЛЯНЗАКАЎ НЕ АДНА...

Максімюк: "Здзівіла мяне, што гаворачы пра чыннікі, якія падтрымліваюць шлёнскую ідэнтычнасць, Вы і словам не згадалі пра шлёнскую мову... Гэтую тэму я хацеў бы пачаць з асабістага пытання: Вы ўмееце гаварыць па-шлёнску? Гаворыце па-свойму з сямёй?"

Гажэлік: "Я гавару па-шлёнску, хоць не хаваю, што па-польску мне гаварыць лягчэй. З жонкай я гавару па-польску, бо яна з цэнтральнай Польшчы. Да дзяцей я гавару і па-польску, і па-шлёнску, але мы жывем у цэнтры Катавіцаў, таму дзеці выхоўваюцца ў асяроддзі тыпова польскамоўным, і яны ведаюць шлёнскую мову ў вельмі абмежаваным абсягу. Гэта характэрная сітуацыя для вялікіх гарадоў. Дарэчы, гэта відаць і з дадзеных перапісу. Шлёнскую нацыянальнасць - як адзіную або як адну з дзвюх - дэкляравалі 850 тысяч чалавек, а шлёнскую мову назвалі хатняй - 500 тысяч. Дый да гэтых дадзеных трэба падыйсці крытычна. Няма нечага такога як кадыфікаваная шлёнская мова. Я думаю, усяго невялікая меншасць ведае такую шлёнскую мову, на якой яшчэ гаварылі нашы дзяды. Пад ціскам абставін шлёнская мова становіцца што раз больш падобнай да польскай.

Чаму я не згадаў пра мову? Зразумела, для мяне шлёнская мова з'яўляецца важным атрыбутам нашай адасобленасьці, бо гэта, калі можна сказаць, адзіная мова, якая належыць выключна нам. Але нам трэба гаварыць не пра адну шлёнскую мову, а пра шлёнскія мовы, да якіх я залічваю польскую, нямецкую і чэшскую. Гэта таксама мовы Шлёнска. Верхні Шлёнск на працягу стагоддзяў быў насамрэч шматмоўнай тэрыторыяй, і да шлёнскай ідэнтычнасці прызнаваліся людзі, якія гаварылі на розных мовах."

...АЛЕ ЁСЦЬ І ВЫКЛЮЧНА СВАЯ

Максімюк: "А што з кадыфікацыяй уласна шлёнскай мовы? Ёсць шанцы на нейкі поспех?"

Гажэлік: "Я думаю, што ёсць. Але гэта сапраўды цяжкое пытанне. Бо спробы кадыфікацыі шлёнскай мовы ў шырэйшым маштабе пачаліся тады, калі пра гэтую праблему сталі гаварыць амаль усе. Звярніце ўвагу, што шмат еўрапейскіх моваў кадыфікавалі ў зацішку кабінетаў - рабілі гэта інтэлектуалы, працай якіх ніхто не цікавіўся, таму яны маглі спакойна стварыць моўны стандарт без нейкага знешняга ўмяшання. А мы на Верхнім Шлёнску маем сітуацыю спрэчкі шматлікіх эмацыянальна ангажаваных у кадыфікацыю аўтараў, якія ствараюць літаратуру на шлёнскіх дыялектах. І згоды адносна ўніфікацыі шлёнскага правапісу як не было, так і няма.

Другая цяжкая справа: шлёнскія дыялекты сёння ўжо настолькі "разбавіліся" польскай мовай, што кадыфікацыі шлёнскага правапісу павінна спадарожнічаць "моўная археалогія" - прыгадванне і адкопванне тых словаў, якія ўжываліся папярэднімі пакаленнямі шлянзакаў, а цяпер забыліся. Толькі ў такім выпадку стандарт шлёнскай мовы стане культурнай каштоўнасцю, якую варта захоўваць і развіваць.

Ну і, наогул, моўную палітыку трэба весьці вельмі асцярожна. Бо дыялектную разнастайнасць мовы насамрэч забівае не кадыфікацыя, а моўная палітыка. Наглядным тут з'яўляецца прыклад Польшчы, у якой вялі палітыку моўнай уніфікацыі і такім чынам абмежавалі моўную разнастайнасць да мінімуму. А калі вы паедзеце ў Англію, дык у самым Лондане вы пачуеце розныя жывыя дыялекты, не кажучы ўжо пра розныя ангельскія рэгіёны."

СВОЙ ПАРЛАМЕНТ І СВАЯ ПАЛІЦЫЯ

Максімюк: "Калі дазволіце, цяпер я хацеў бы папытацца пра палітыку. Вы кіруеце арганізацыяй, якая называецца Рухам за аўтаномію Шлёнска. Ці маглі б Вы назваць найважнейшыя пастулаты вашага руху? Якой аўтаноміі вы хочаце?"

Гажэлік: "Наша праграма аўтанамізацыі Шлёнска разглядае гэтае пытанне ў шырэйшым кантэксце рэформы ўсёй палітычнай сістэмы ў Польшчы. Мы лічым, што кожны рэгіён Польскай Рэчы Паспалітай павінен мець права на аўтаномію ў большым ці меншым абсягу. Я маю на ўвазе мадэлі рэгіянальнай аўтаноміі ў Іспаніі. Іспанія - гэта дзяржава аўтаномных рэгіёнаў, але абсяг аўтаномнасці паасобных рэгіёнаў залежыць ад таго, наколькі аўтаномнымі яны імкнуліся стаць у мінулым.

Падмуркам для аўтаноміі нашага рэгіёна ў будучыні павінен быць, па-першае, рэгіянальны парламент, які будзе надзелены правам прымаць заканадаўчыя акты, і па-другое, шлёнская скарбніца, якая напаўнялася б рэгіянальнымі падаткамі і мела б ясна акрэсленыя прынцыпы, колькі грошай адводзіць у цэнтральную скарбніцу. Шлёнск меў такую скарбніцу ў міжваенны перыяд. Зразумела, мы хацелі б, каб сферы адукацыі і культуры былі цалкам аўтаномнымі ад Варшавы. Мы таксама хацелі б аўтаномна вырашаць наконт статусу рэгіянальнай мовы. Як і наконт адміністрацыйнага падзелу нашага рэгіёна. Мы таксама хацелі б самі вырашаць пытанне ўнутранай бяспекі. Нагадаю, што ў міжваенны перыяд Шлёнск меў сваю ўласную паліцыю.

Зразумела, пытанні замежнай палітыкі, грашовай палітыкі і знешняй бяспекі павінны заставацца пад поўным кантролем цэнтральных уладаў."

Максімюк: "Калі я Вас разумею, вы сваю праграму рэгіянальнай аўтанамізацыі Польшчы абапіраеце на іспанскай мадэлі. Яна вам сапраўды адпавядае?"

Гажэлік: "Так. Мы прапануем канстытуцыйныя змены, якія адклікаюцца да гэтай мадэлі. Я перакананы, што ў Польшчы гэтая мадэль можа запрацаваць лепш, чым у самой Іспаніі. У Іспаніі яна насамрэч была выкліканая страхам перад існуючым сепаратызмам баскаў і каталонцаў. Я думаю, можна было запаволіць сепаратысцкія тэндэнцыі ў Іспаніі, калі б аўтанамізацыя была праведзеная раней. Хоць таксама падаецца, што досвед з перыяду дыктатуры генерала Франка быў настолькі нядобры, што частка баскаў і каталонцаў ужо даўно перайшла Рубікон і дамагаецца поўнай незалежнасці ад Каралеўства Іспаніі. У Польшчы такой сітуацыі не існуе, а таму няма небяспекі, якая павісла над Каралеўствам Іспаніі.

Трэба тут дадаць дзеля яснасці, што нашай канчатковай мэтай з'яўляецца ператварэнне Польшчы ў федэральную дзяржаву, у федэрацыю. Але паколькі польскія рэгіёны маюць розны гістарычны досвед, федэралізацыя без такога прамежкавага этапу - рэгіяналізацыі - была б занадта рэвалюцыйным крокам. Таму мы лічым, што Польшчы патрэбна іспанская мадэль аўтаномных рэгіёнаў, у якой рэгіёны маглі б эвалюцыйным шляхам набліжацца да федэрацыі.

СПРАВА, БЕЗУМОЎНА, І Ў ГРОШАХ

Максімюк: "Раней Вы былі ўсяго палітычным актывістам без рэальнай палітычнай улады. А зараз Вы знаходзіцеся ўнутры рэгіянальнай сістэмы ўлады ў краіне. Гэтая сітуацыя нешта змяніла ў Вашых поглядах на дэцэнтралізацыю палітычнай улады ў Польшчы? Ці, можа, яна дала Вам у рукі дадатковыя козыры дзеля ажыццяўлення ідэі аўтаноміі?"

Гажэлік: "Гэтая сітуацыя толькі ўзмацніла маё ранейшае перакананне, бо цяпер я амаль увесь час сутыкаюся з загніваннем самакіравання ў Польшчы. Рэформа самакіравання ў краіне не была даведзеная да канца. Зараз ужо ўсе гавораць, што органы самакіравання атрымліваюць штораз больш заданняў і абавязкаў з цэнтру, але за гэтым не ідуць ніякія грошы."

Максімюк: "А якія грошы знаходзяцца ў распараджэнні такога рэгіянальнага органа самакіравання, як ваяводскі соймік? Якую частку грошай рэгіёны абавязаны адводзіць у Варшаву?"

Гажэлік: "Органы самакіравання ў Польшчы распараджаюцца часткай грошай з падаткаў, якія плацяць фізічныя і юрыдычныя асобы, гэтак званыя падаткі PIT і CIT. Ваяводскія органы самакіравання атрымліваюць 1,6% ад падатку PIT і 14,75% ад падатку CIT ды не маюць ніякага ўдзелу ў акцызным падатку і ў падатку на дададзеную вартасць. А акцызны падатак і падатак на дададзеную вартасць складаюць 65%-70% даходаў дзяржаўнага бюджэту Польшчы. Якраз з гэтых падаткаў паходзяць сапраўдныя дзяржаўныя грошы. Наш ваяводскі бюджэт, якім мы распараджаемся, роўны прыблізна 1,5 мільярда злотых (470 мільёнаў даляраў). Дзеля параўнання, больш-менш такі бюджэт горада Катавіцы, у якім жыве крыху больш за 300 тысяч людзей."

ВАРШАВА, ПАКУЛЬ, ПЫТАННЕ ІГНАРУЕ

Максімюк: "Летась узнікла Верхнешлёнская Рада, як шапка для дзясятка розных шлёнскіх арганізацый. Я недзе прачытаў, што Рада паслала ліст прэм'ер-міністру Польшчы Дональду Туску, прапануючы сустрэчу і размовы наконт юрыдычнага афармлення такіх пытанняў як шлёнская нацыянальнасць, шлёнская мова і т.д. Ці вы дачакаліся нейкага адказу з Варшавы?"

Гажэлік: "На жаль, не. Несумненна, гэта дрэнна сведчыць аб дзяржаве, якая не прымае да свайго ведама вынікаў агульнага перапісу насельніцтва. Спачатку дзяржава задае пытанні пра нацыянальную прыналежнасць і мову, а потым абмяжоўваецца ўсяго фармальным адзначэннем факту, што людзі масава залічваюць сябе да шлёнскай нацыянальнасці, якой не павінна быць, бо дзяржава яе не прызнае.

Што тычыцца моўнага пытання, дык тут да пэўнай ступені падвяла Грамадзянская платформа, у якой важныя палітыкі дэкляравалі падтрымку прызнання шлёнскай мовы як рэгіянальнай мовы ў краіне, але потым падзяліліся ў меркаваннях. У мяне асабіста жаль да прэзідэнта Браніслава Камароўскага, які перад выбарамі дэкляраваў, што падпіша абноўлены закон аб нацыянальных меншасцях і рэгіянальнай мове з 2005 году, калі шлёнская мова будзе названая ў гэтым законе рэгіянальнай мовай. Апошнім часам ён значна змяніў свой погляд на гэтае пытанне."

ПОЛЬСКІ СТРАХ ПЕРАД НЕМЦАМ

Максімюк: "Чаму, па-вашаму, польскі ўрад так нервова рэагуе на гэтую шлёнскую праблему і не хоча надаць ніякага юрыдычнага статусу ні шлёнскай нацыянальнасці, ні шлёнскай мове?"

Гажэлік: "Тут дзве прычыны. Першая - гэта натуральны страх тых, якія кіруюць цэнтралізаванай дзяржавай, перад абмежаваннем сваёй улады. Кіроўныя эліты дзяржавы наогул прывязаныя да такой палітычнай сістэмы, у якой яны дасягнулі сваёй сённяшняй пазіцыі. З перспектывы Варшавы ўсе гэтыя справы - аўтаномія, нацыянальнасць, мова - бачацца як адно цэлае. Таму мы назіраем неахвоту Варшавы ісці на ўступкі ў пытаннях мовы і нацыянальнасці, бо там баяцца, што гэтыя пытанні ўзмоцняць палітычныя памкненні шлянзакаў, і прыйдзецца аддаць частку ўлады.

Ёсць і другая, больш глыбокая прычына. У вялікай ступені польская нацыянальная ідэнтычнасць у ХХ стагоддзі будавалася на боязі перад чужынцамі, а асабліва перад немцамі. Таму такі памежны рэгіён, як наш, у якім старэйшыя людзі ўсё яшчэ носяць нямецкія імёны і гавораць на мове з вялікай доляй нямецкіх запазычанняў - можа падавацца падазроным для Варшавы. Я думаю, што ў будаванні польскай тоеснасці на боязі перад заходнім суседам і ўспрыманні шлянзакаў як "засакрэчаных немцаў" таксама можна бачыць рэальную прычыну сённяшніх паводзін часткі польскіх палітыкаў ў адносінах да Шлёнска.

БРАТЫ Ў ЧЭХІІ

Максімюк: "Вы некалькі разоў згадалі пра тое, што ёсць шлянзакі і ў Чэшскай Рэспубліцы. Калі не памыляюся, у перапісе 2011 года ў Чэхіі шлянзакамі запісаліся каля 12 тысяч чалавек. Яшчэ амаль столькі залічыла сябе да шлёнскай і нейкай іншай нацыянальнасці, найчасцей чэшскай або мараўскай. У вас ёсць кантакты са шлянзакамі ў Чэхіі? Ёсць нешта супольнае паміж шлянзакамі ў Польшчы і Чэхіі?"

Гажэлік: "Такія кантакты ў нас ёсць, але яны не надта моцныя. Гэта вынікае ў першую чаргу з таго, што ў Чэхіі, а раней яшчэ ў Чэхаславаччыне, шлёнскі рух быў заўсёды моцна звязаны з мараўскім рухам, які нарэшце узяў верх над шлёнскім рухам і з палітычнага гледзішча маргіналізаваў яго. Тым не менш мы з чэшскімі шлянзакамі кантактуем, калі не наўрост, дык праз фэйсбук. Ужо будзе два гады, як на нашых "маршах аўтаноміі", якія мы арганізуем штогод, прысутнічаюць і прадстаўнікі шлянзакаў з Чэшскай Рэспублікі."

Максімюк: "Вялікі дзякуй Вам за размову."


У Беластоку з'явілася вуліца імя Міколы Гайдука

У Беластоку з'явілася вуліца імя беларускага педагога, публіцыста і літаратара Міколы Гайдука. Адзінагалосна прагаласавалі за гэтае рашэнне дэпутаты гарадской рады Беластока.

Ініцыятарам надання адной з вуліц імя Гайдука было дэпутацкае кола "Форум падлескіх меншасцяў".

Па словах чальца дэпутацкага кола Славаміра Назарука, Мікалай Гайдук звязаны з Беластокам перадусім сваёй публіцыстычнай і выдавецкай дзейнасцю:

- Мікалай Гайдук шмат гадоў працаваў у "Ніве", быў намеснікам галоўнага рэдактара "Нівы". Ён жыў у Беластоку, пісаў эсэ на гістарычныя тэмы, займаўся не толькі падручнікамі, але і навучаннем беларускай мове. Мікалай Гайдук таксама займаўся рэлігійнай дзейнасцю, выдаваў квартальнік "Фос" на беларускай мове.

У 60-х гадах мінулага стагоддзя Мікола Гайдук быў дырэктарам ліцэя з беларускай мовай навучання ў Бельску Падлескім. Працаваў журналістам у тыднёвіку беларусаў у Польшчы "Ніва", "Czasopis" і "Przeglаd Prawoslawny". Разам з жонкай Лідзіяй напісаў адзінаццаць падручнікаў па беларускай мове. Быў аўтарам гістарычных эсэ "Трызна", "Паратунак", а таксама збору легендаў "Белавежскія аповеды". Памёр Мікола Гайдук у 1998 годзе.

Вуліца Міколы Гайдука знаходзіцца ў раёне Nowe Miasto, недалёка ад рэдакцыі штомесячніка "Przeglad Prawoslawny".

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя


Таленавіты літаратар

З цікавасцю прачытаў кнігу Аляксея Філатава "Жывому - жыць. Споведзь качагара". Гэта ўжо адзінаццатая кніга літаратара, які пачаў друкавацца з 1958 года.

Філатаў нарадзіўся на Віцебшчыне, а ўзгадаваўся на беларуска-ўкраінскім памежжы: асірацелага ў першы дзень вайны двухгадовага хлопчыка прынялі ў рускамоўную сям'ю настаўніка Аляксея Нічыпаравіча Афанасьева з вёскі Ляхаўцы пад Маларытай, дзе размаўлялі выключна па-ўкраінску... Хлопчык шчыра захапіўся аповядамі прыёмнага бацькі і казкамі, паданнямі, асабліва песнямі валынцаў - ляхаўчан. Як гэта ні дзіўна, яшчэ ў пяць гадоў канцлагер навучыў яго найперш нямецкай грамаце. У падзяку прыёмным бацькам за выратаванае жыццё ўзяў за псеўданім імя бацькі Аляксей (да гэтага Леанід), бо той гадаваў сірату. Аляксей Філатаў - сябар ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" адзначаны дыпломам імя Уладзіміра Калесніка і прэміяй "Берасцейская зорка - 2000". Новая кніга мае наклад 300 асобнікаў. Працяг папярэдніх - яна пра Беларусь, маці, мову, каханую. Пра складаны асабісты лёс і лёс знаёмых творцаў! Аўтар з цікавасцю расказвае пра сяброў: Івана Арабейку, Аляксея Белага, Анатоля Гарая, Алеся Каско, Вадзіма Жылко, Міколу Папеку, Міхася Маліноўскага, Алеся Корнева. Васіля Жуковіча. Літаратар узгадвае Янку Брыля, Уладзіміра Калесніка, Івана Лагвіновіча, Ніну Мацяш і іншых класікаў.

Трэба адзначыць, што назва кнігі запазычана з верша шчырага сябра Аляксея Філатава - пранікнёнага паэта Міхася Рудкоўскага. Кніга выдадзена ў цудоўным выдавецтве "Кнігазбор". Рэдактарам літаратурна-мастацкага выдання з'яўляецца славуты Алесь Пашкевіч. Асабіста я, прачытаўшы гэтую кнігу, больш палюбіў малыя літаратурныя формы, бо раней мяне захаплялі толькі буйныя беларускамоўныя раманы! Шкада, што Філатава мала ведаюць у Менску. Было бы нядрэнна, каб ён арганізаваў прэзентацыю гэтай кнігі ў беларускай сталіцы.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык, журналіст.


Сумесная выстава

29 лістапада 2013 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася ўнікальная выстава "Белая Русь і яе суседзі". Выстава падрыхтавана пры фінансавай падтрымцы кампаніі Japan Tobacco Internacional у Рэспубліцы Беларусь і СП ЗАТ "Мілавіца". Выставачны праект прэзентуецца ўпершыню і падрыхтаваны спецыяльна для экспанавання ў Менску.

Экспазіцыя прадстаўляе больш за 700 аўтэнтычных помнікаў традыцыйнай культуры народаў, якія засялялі землі гістарычнай тэрыторыі, што атрымала назву "Белая Русь". Гэта беларусы, літоўцы, латышы, палякі, украінцы - усе тыя этнасы, што некалі пражывалі ў межах адзінай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага.

На выставе таксама экспануюцца матэрыялы, якія распавядаюць пра рамесныя традыцыі: ткацтва, дрэваапрацоўку, ганчарства, кавальскую справу. Трэба адзначыць, што мне вельмі спадабалася калекцыя музычных інструментаў, якая ўпершыню экспануецца ў такім аб'ёме.

Расійскі этнаграфічны музей, які вядзе гісторыю з 1895 года знаёміць гледача са спрадвечнай культурай народаў сумежных з Беларусю, іх побытам, традыцыямі, светапоглядам, дазваляе пераканацца ў іх адначасовым падабенстве, самабытнасці і разнастайнасці.

Выстава будзе экспанавацца па 26 студзеня 20014 года. Яна павінна зацікавіць шырокае кола творчай інтэлігенцыі, а таксама беларускую моладзь.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык, журналіст .


Віталь Радзівонаў: Размаўляць па-беларуску становіцца модна

Не гледзячы на салідны па спартовых мерках узрост, за тур да заканчэння першынства ён упэўнена выйграе бамбардзірскую гонку, прычым, ужо ў рангу чэмпіёна краіны. У калектыве за свае рознабаковыя здольнасці і зацікаўленні Радзівонаў атрымаў мянушку "Прафесар". Магчыма, такі "тытул" дазваляе глядзець на свет шырэй за спартовыя рамкі: так, Віталь часцей за іншых спартоўцаў выказвае сваё стаўленне да роднай мовы. З футбалістам сустрэўся Ігар Карней.

- Віталь, апошнім часам Вы досыць актыўна адгукаецеся на прапановы рэкламавання па-беларуску спартовых і сацыяльных з'яваў, падзеяў. Гэта і прапаганда ўласна футболу, і калектыўны ролік-запрашэнне на оперу Станіслава Манюшкі. Пры тым, што якраз спартоўцы да моўных кампаній далучаюцца не вельмі ахвотна.

- Можа ім проста вельмі рэдка прапануюць удзельнічаць у падобных праектах? Бо, прыкладам, калі такія прапановы паступаюць мне, я з радасцю на іх адгукаюся. То бок, асабіста я з задавальненнем бяру ўдзел у такога кшталту кампаніях, ініцыятывах.

- Дарэчы, якраз учора Вы былі сярод першых гледачоў оперы Манюшкі Verbum Nobile. Якія ўражанні ад прэм'еры?

- Магу прызнацца, што для мяне гэта таксама быў дэбют: я ўпершыню ў жыцці трапіў на опернае прадстаўленне. Чаканні цалкам апраўдаліся: і музыка, і выступленне артыстаў уразілі. Усе партытуры, зноў жа, выконваліся па-беларуску, і гэта гучала вельмі прыгожа. Адным словам, надзвычай задаволены. Таму я рады, што не толькі паўдзельнічаў у здымках роліка, але яшчэ і пабываў на прэм'еры.

- Як лічыце, каб зоркі спорту, музыканты, іншыя публічныя людзі ўласным прыкладам прапагандавалі родную мову, моўны разварот у маштабах краіны быў бы больш адчувальны?

- Мне здаецца, што эфект ёсць ужо. Таму што дастаткова шмат знакамітых людзей выказалі сваё паважлівае стаўленне да беларускай мовы, падтрымліваюць яе, а значыць - прапагандуюць. Як вынік, іншыя людзі таксама звяртаюць на гэта ўвагу. Больш за тое, як мне падаецца, на сённяшні дзень у асяродку моладзі размаўляць па-беларуску нават становіцца модным.

- Самі цікавасць да беларускай мовы неяк падтрымліваеце? Праз кнігі, інтэрнэт і г.д.

- На жаль, я "варуся" у расейскамоўным асяроддзі, дзе месца для беларускай мовы надзвычай абмежаванае. Хоць, калі дзесьці чую, як нехта гаворыць па-беларуску, у мяне з'яўляецца пачуццё гонару за людзей, якія не забываюцца на родную мову, ёй карыстаюцца.

- Вы досыць часта выязджаеце за мяжу, калі гуляеце і за нацыянальную зборную, і за БАТЭ. Якія перажываеце пачуцці, калі заўзятары падтрымліваюць беларускамоўнымі транспарантамі, банэрамі?

- Насамрэч такая падтрымка надзвычай узрушвае, але не толькі за мяжой. Трэба сказаць, што і на радзіме, на родным стадыёне ў Барысаве нас заўзятары падтрымліваюць такім жа чынам. Мне такая падтрымка вельмі падабаецца, і я магу сказаць нашым заўзятарам толькі "дзякуй" за падобную ініцыятыву.

- Шырокі розгалас на мінулым тыдні набылі беларусафобскія выказванні дырэктара каманды "Маладзечна" Любанца. Першымі супраць павальнай русіфікацыі выступілі якраз заўзятары. Вы на чыім баку?

- Мне ўсё ж бліжэй людзі, якія падтрымліваюць родную мову, якія памятаюць сваю гісторыю. Тым не менш, да іншага пункту гледжання я стаўлюся спакойна і прынамсі імкнуся яго зразумець.

- Родная мова - не часты госць і на беларускім тэлебачанні, хоць былі часы, калі менавіта спартовыя імпрэзы каментаваліся ў асноўным па-беларуску. Варта вярнуцца да колішняй практыкі?

- На мой погляд, СМІ і журналістыка ўвогуле адыгрываюць вялізную ролю ў прапагандзе мовы. Я думаю, што ўсе нашы журналісты добра ведаюць нашу мову, бо інакш проста быць не можа. Тым не менш, прычыны, зноў жа, як і ў маім выпадку: яны круцяцца ў расейскамоўным асяроддзі і, мабыць, лепш свае думкі выказваюць па-расейку. Хоць і беларуская мова з іх вуснаў гучыць вельмі прыемна і прыгожа. На колькі я памятаю, па-беларуску рыхтуюць рэпартажы не толькі Павел Баранаў, Павел Булацкі, але ёсць і іншыя журналісты, якія раз-пораз ужываюць беларускую мову ў сваіх каментах. Рэпартажы таго ж Навіцкага я па-беларуску слухаў не раз. Як на мяне, дык гэта здорава. І я гэта буду толькі падтрымліваць.

- Беларусь якраз з ліку тых краінаў, дзе наяўнасць яшчэ адной дзяржаўнай мовы не вырашае сітуацыю станоўча для мовы тытульнай. Так званае "дзвюхмоўе", на Ваш погляд, шкодзіць станаўленню беларускай мовы, ці такой праблемы па-просту не існуе?

- Мне здаецца, што ў людзей усё ж павінна быць права выбару, і ўжо ад кожнага канкрэтнага чалавека залежыць, на чым ён спыніць свой выбар. Але, канешне ж, важна, каб прынамсі ў роўных умовах былі дзве мовы.

- Цяпер, на Ваш погляд, расейская і беларуская ў роўных умовах?

- На жаль, не. Я не кажу нават пра школы і г.д. У нас увесь дакументазварот ідзе парасейску, хоць яшчэ не так даўно было на дзвюх мовах. Дарэчы, не так даўно натрапіў на відэа 1990-х гадоў. Кінулася ў вочы, што тады нашмат больш людзей кантактавалі паміж сабой на роднай мове. І перадач па тэлебачанні было куды больш. Але вось так паступова беларуская мова адсоўваецца. І ўвогуле такое адчуванне, што ў саюзныя часы ў Беларусі на беларускай мове гаварылі больш. Не магу нічога сцвярджаць, з чым гэта звязана, - неяк сам сабой працэс ідзе.

- Віталь, а хто яшчэ ў камандзе БАТЭ прыхільна ставіцца да беларускай мовы? Сяргей Крывец нібыта нават пачынаў пісаць блог па-беларуску?

- Наколькі памятаю, калі Сяргею такое пытанне задавалі, дык ён таксама ў падтрымку роднай мовы выступаў. Але я з апытальнікам не хаджу па камандзе, таму трэба такім пытаннем цікавіцца непасрэдна ў людзей. Шчыра кажу: збольшага нават не ведаю. Хоць той жа Саня Глеб, як мне падаецца, таксама беларускую мову падтрымлівае.


Застаецца дадаць, што ў сям'і Віталя атачаюць любімыя жанчыны - жонка Валянціна і дачка Маша. Не гледзячы на тое, што дачушцы няма і 4 гадоў, Віталь прызнаецца, што хацеў бы аддаць яе ў беларускую школу...


Віталь Радзівонаў нарадзіўся 11 снежня 1983 года ў Віцебску. Пачынаў у мясцовых дзіцяча-юнацкіх спартовых школах, у чэмпіянаце Беларусі дэбютаваў за віцебскі "Лакаматыў-96". У 20-гадовым узросце пераехаў у Менск. У 2003 годзе пачаў выступаць за жодзінскае "Тарпеда", а ў 2006-м падпісаў кантракт з барысаўскім БАТЭ, у складзе якога наступныя шэсць гадоў нязменна заваёўваў чэмпіёнскія тытулы. Ад 2007 года выклікаецца ў склад нацыянальнай зборнай, за якую забіў 10 галоў. Спроба пусціць карані ў нямецкай Бундэслізе аказалася не самай плённай: паўгадовая эпапея ў "Фрайбургу" суправаджалася збольшага сядзеннем на лаўцы запасных. Найлепшы нападаючы чэмпіянату Беларусі 2010, 2011 і 2012 гадоў.


Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь - 80 гадоў

Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь - адна з буйнейшых навуковых бібліятэк Рэспублікі Беларусь. Размешчана ў будынку Дома Урада ў Менску.

Да моманту стварэння бібліятэкі ўжо існавалі бібліятэкі розных наркаматаў. Так у 1917 г. была створана бібліятэка народнага камісарыята шляхоў зносін, у 1918 г. - навуковая бібліятэка цэнтральнага статыстычнага кіраўніцтва. 13 студзеня 1919 г. Савет народнай гаспадаркі ССРБ прымае пастанову аб стварэнні пры ім тэхніка-эканамічнай бібліятэкі. Пазней Савет Народных Камісараў (СНК) ЛітБел прымае пастанову аб стварэнні Дзяржаўнага інстытута па сацыялогіі і эканоміцы Літвы і Беларусі і Дзяржаўнай сацыялагічнай бібліятэкі пры ім. Ад пачатку 20-х гг. XX ст. працавалі статыстыка-эканамічная бібліятэка Наркамзема, невялікія бібліятэкі Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта (ЦВК) і СНК БССР, народных камісарыятаў фінансаў, працы і асветы, Дзяржплана, Савета народнай гаспадаркі.

7 лістапада 1933 г. ў Менску ўвялі ў дзеянне будынак Дома Урада, куды пераехалі ЦВК і СНК, наркаматы і іншыя рэспубліканскія арганізацыі. На базе іх даведкавых бібліятэк па пастанове СНК БССР ад 10 снежня 1933 г. (№ 1993) было адкрыта "Аддзяленне Дзяржаўнай бібліятэкі і Бібліяграфічнага інстытута імя У. І. Леніна пры Доме Урада". З гэтага моманту пачалося планамернае бібліятэчнае абслугоўванне дзяржаўнага апарату БССР.

У адпаведнасці з пастановай Прэзідыума Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР ад 17 сакавіка 1938 г. Урадавай бібліятэцы надаецца імя А.М. Горкага. Важнай вехай у развіцці бібліятэкі можна лічыць стварэнне Савета бібліятэкі. Старшынём Савета бібліятэкі стаў першы намеснік Старшыні СНК І.А. Захараў. Фінансаванне бібліятэкі ажыццяўляў Наркамфін БССР, а гаспадарчае забеспячэнне - кіраўніцтва Дома Урада. У гэты перыяд чытальная зала і абанемент былі адчынены да 23 гадзін 45 хвілін, уключаючы суботу і нядзелю. Да таго часу чытальная зала па сваім дапаможным фондзе, даведкавым апараце і абсталяванні была ў ліку лепшых у рэспубліцы. Да 1938 г. бібліятэкай карысталіся 2800 чытачоў. Даваенны фонд бібліятэкі дасягнуў 250 тыс. адзінак захоўвання, у тым ліку 80 тыс. экзэмпляраў кніжнага фонду.

У гады Вялікай Айчыннай вайны фонд бібліятэкі быў разрабаваны і практычна поўнасцю знішчаны. Пытанне аб аднаўленні бібліятэкі вырашалася яшчэ да вызвалення Менска. Савет Народных Камісараў БССР 27 чэрвеня 1944 г. прыняў пастанову "Аб аднаўленні дзейнасці бібліятэкі СНК БССР". А 8 ліпеня 1944 г. Саўнаркамам БССР быў зацверджаны яе пастаянны штат, наладжана атрыманне абавязковага экзэмпляра літаратуры з Цэнтральнага калектара навуковых бібліятэк. Урадавая бібліятэка імя А.М. Горкага першай сярод навуковых бібліятэк сталіцы ўлетку 1944 г. пачала працу ў вызваленым Менску. На ранейшым месцы была адноўлена чытальная зала на 150 месцаў. Да 1946 г. у бібліятэцы абслугоўвалася 3000 чытачоў.

1944-1952 гг. - час інтэнсіўнага фармавання фонду. Колькасць экзэмпляраў дасягае даваеннага ўзроўню. Кнігі набывалі ў насельніцтва, праз букіністычныя крамы. 15440 выданняў было адабрана з трафейных крыніц. Супрацоўнікі бібліятэкі выязджалі ў Маскву, Ленінград, Ерэван, Тбілісі, Баку з мэтай аднаўлення фонду Урадавай бібліятэкі Беларусі. Туды да вайны накіроўваўся беларускі абавязковы экзэмпляр. Вялікую дапамогу па аднаўленні кніжнага фонду аказалі розныя бібліятэкі СССР. За першы пасляваенны год бібліятэкай было зарэгістравана 66634 экзэмпляраў дакументаў. У інвентарнай кнізе № 1 за 14 кастрычніка 1944 г. была запісана кніга пад інвентарным нумарам "1": Чехов А.П. "Водевили" (М., 1944).

У пасляваенны час бібліятэка ўзнаўляе культурна-масавую і асветніцкую працу. У сценах бібліятэкі арганізоўваюцца сустрэчы з дзеячамі культуры, паэтамі, пісьменнікамі. У пасляваенныя гады ўзраслі інфармацыйныя патрэбнасці спецыялістаў савецкіх, партыйных, гаспадарчых органаў, якія працавалі ў галіне аднаўлення народнай гаспадаркі. Фонд бібліятэкі пачаў актыўна папаўняцца навукова-тэхнічнай дакументацыяй. У 1956 г. пры бібліятэцы быў створаны кабінет новай тэхнікі, які неўзабаве стаў цэнтрам тэхнічнай інфармацыі і бібліяграфіі ў рэспубліцы. Бібліятэка ажыццяўляла арганізацыйна-метадычнае кіраўніцтва сеткай тэхнічных бібліятэк, яе дзейнасць у гэтым кірунку курыравалася Дзяржаўным навукова-тэхнічным камітэтам Савета Міністраў БССР.

Да 1960 г. Урадавая бібліятэка імя А.М. Горкага стала адной з найбуйнейшых навуковых бібліятэк рэспублікі. У гэтым жа годзе адчыняецца міжбібліятэчны абанемент (МБА).

У 1970 годзе Урадавая бібліятэка мае мільённы фонд дакументаў, развітую сістэму МБА, прафесійна арганізаваны даведкава-бібліяграфічны апарат. У 1970 г. Урадавую бібліятэку імя А.М. Горкага адносяць да навуковых бібліятэк першай катэгорыі.

У 70-80-ыя гады мінулага стагоддзя Урадавая бібліятэка актыўна ўсталёўвае дзелавыя кантакты. Урадавая бібліятэка імя А.М. Горкага з'яўлялася актыўным членам Занальнага савета тэхнічных бібліятэк Прыбалтыкі, Беларусі і Калінінградскай вобласці.

Новы віток у развіцці бібліятэкі звязаны з узнікненнем сувярэннай беларускай дзяржавы. У адпаведнасці з распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 верасня 1994 г. № 17 рп Урадавая бібліятэка была перайменавана ў Прэзідэнцкую бібліятэку Рэспублікі Беларусь. З гэтага часу галоўнай задачай становіцца ўсебаковае бібліятэчна-інфармацыйнае забеспячэнне дзейнасці Прэзідэнта і яго Адміністрацыі, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў і яго Апарату, Канстытуцыйнага суда Беларусі, Выканаўчага сакратарыяту СНД, міністэрстваў, дзяржаўных камітэтаў, ведамстваў, арганізацый і мясцовых органаў кіравання. Індывідуальнае інфармаванне рэгулярна атрымліваюць супрацоўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў і інфармацыйныя службы гэтых устаноў.

Вікіпедыя.


Памёр гарадзенскі патрыёт Зміцер Іваноўскі

Не стала гарадзенскага мастака Змітра Іваноўскага, ён быў маім аднагодкам. Якім мне запомніцца гэты чалавек? Калі сцісла: беларускім патрыётам з каталіцкай сям'і.

Наша першае знаёмства было не вельмі ўдалым: дваццаць гадоў таму ўлетку ён зайшоў у рэдакцыю "Пагоні" на Дамініканскай вуліцы ў Гародні, каб запрасіць на сваю першую выставу. Але ў мяне не хапала людзей, не хапала матэрыялаў, і я забыўся: з газеты нікога не было на адкрыцці, і мастак, канешне, пакрыўдзіўся. Але потым бываў у "Пагоні", стаў адным з яе самых прыхільных чытачоў.

Зміцер быў сябар таварыства народных майстроў, ён аддаваў сябе любімай працы - жывапісу, але не меў вышэйшай мастацкай адукацыі. Як любіў казаць наш агульны прыяцель журналіст, краязнавец Вітольд Іваноўскі, у Дзімы найлепш атрымліваліся краявіды: дрэвы, прырода, таму яму не варта было брацца за іншыя тэмы. Аднак мастака прыцягвалі гістарычныя падзеі. І вось мы бачым на палотнах, як беларускія рыцары збіраюцца каля Каложы, каб пераправіцца ў гэтым месцы, дзе быў брод, цераз Нёман і вырушыць на Грунвальд. Альбо вось і бітва з крыжакамі, якія мноства разоў з'яўляліся пад мурамі Гарадзенскага замка.

На Іваноўскага зрабіў уплыў Алесь Белакоз, у школе ў якога ён вучыўся, бо сам паходзіў з Гудзевічаў. Іваноўскі быў гарачым прыхільнікам роднай мовы, размаўляў па-беларуску. Ён быў у ранейшыя часы адным з самых актыўных людзей у гарадской арганізацыі БНФ. Менавіта ў сядзібе БНФ на вуліцы Маркса была пастаянная выстава партрэтаў гістарычных дзеячаў ягонага пэндзля. Гэта быў гонар нашай зямлі: вялікія князі, але прысутнічаў і Мураўёў-вешальнік, якому мастак замяніў твар на твар аднаго сучаснага палітыка.

Як шчырага гарадзенца, як каталіка яго турбавала тое, што знішчаны пры Хрушчове самы стары касцёл Гародні ўлады не хочуць аднаўляць

На месцы, дзе ў зямлі яшчэ захаваліся яго падмуркі, Іваноўскі з вернікамі ставілі крыж, запальвалі знічы, маліліся. Не аднойчы ён трапляў у пастарунак.

У адной маёй кніжцы захаваўся рэпартаж: аднойчы (гэта здарылася 1 лістапада) каля бюста Янку Купалу ў Гародні міліцыянты схапілі (наехала адначасова некалькі "варанкоў") 23 чалавекі, якія, трымаючы ў руках запаленыя зьнічы, чыталі вершы паэта. Усіх завезлі ў суд. І вось у кнізе - сведчанне Іваноўскага: "Я сам католік, а ўсе католікі ў гэты дзень запальваюць свечкі і кладуць кветкі да магіл і помнікаў. Мы прыйшлі, каб ушанаваць памяць Янкі Купалы - святога для беларусаў. А тут міліцыя пачала ўсіх хапаць. На пытанне "хто і за што?" нам адказалі - калі ўсіх пасадзяць у машыны, тады і прозвішчы назавуць".

Канешне, ён быў мастацкай натурай, творцам. Але не мог заставацца ў баку ад патрыятычнай справы. Напачатку 2000-х гадоў яму давялося трапіць, думаю, што не зусім у сваю талерку: стаць прадстаўніком прадпрымальнікаў, выходзіць з імі на плошчу, выступаць, звяртацца да міліцыянтаў, а потым нават хадзіць на перамовы з начальствам у аблвыканкам. Думаю, гэта ўсё адбілася і на ягоным здароўі. Тым больш, яму давялося адмовіцца неўзабаве ад грамадскай дзейнасці і сысці ў майстэрню. Прычына: яго так часта затрымлівалі, што міліцыянты папярэдзілі: наступнае затрыманне будзе азначаць крымінальную справу.

Сяргей Астраўцоў.



Увага

У снежні ў сядзібе ТБМ у межах кампаніі "Будзьма" працягвае працаваць гістарычная школа "Гісторыя ў падзеях і малюнках" пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Алега Трусава. Заняткі будуць прысвечаны вывучэнню сучаснай гісторыі Беларусі

ў ХХ - пач. ХХІ ст. На занятках будуць праводзіцца гістарычныя віктарыны, пераможцы якой атрымаюць цікавыя прызы. Падчас заняткаў таксама прадугледжаны абмен думкамі наконт сучаснага стану беларускай мовы і яе функцыянавання ў грамадстве.

Такім чынам, удзельнікі змогуць павысіць свае веды па гісторыі Беларусі і папрактыкавацца ў веданні беларускай мовы.

У лістападзе заняткі адбудуцца: 16 снежня (панядзелак), Пачатак а 18-й на вул. Румянцава, 13. Уваход вольны


Ліст ахвяраванняў

Салігорскай суполкі ТБМ імя Францішка Скарыны, якія спатрэбіліся,

каб зрабіць падпіску на газету "Наша слова" на 3-ці кв. 2013 года

1. Шаравар Мікалай 60000 р.

2. Даўматовіч Іван 200000 р.

3. Гарбацэвіч Валерый 50000 р.

4. Арыстаў Канстанцін 20000 р.

5. Доўнар Аляксандар 50000 р.

6. Малочка Віктар 30000 р.

7. Малочка Аляксндар 50000 р.

8. Ігнашэвіч Вадзім 40000 р.

9. Мархотка Леанід 30000 р.

10. Зімін Мікалай 100000 р.

11. Дубовік Вячаслаў 60000 р.

Агулам: 690000

Падпісана: 39 экз. х 15150 руб = 690850 руб. для 35 школ і 4 дзіцячых садкоў.

Старшыня суполкі: Шаравар М.Л.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Рындзевіч Вячаслаў - 100000 р.

2. Форнэль Кастусь - 30000 р.

3. Кулік Анатоль - 50000 р.

4. Шэвяка Аляксандр - 70000 р.

5. Гацкі Ўладзімір - 80000 р.

6. Мудроў Алег - 80000 р.

7. Паўловіч Віктар - 80000 р.

8. Гняткоў Валер - 80000 р.

9. Кунцэвіч Ўладзя - 105000 р.

10. Кунцэвіч Святлана - 100000 р.

11. Мельнікаў Юрась - 20000 р.

12. Марцінкевіч Андрэй - 30000 р.

13. Рамашка Вячаслаў - 50000 р.

14. Сідараў Сяргей - 100000 р.

15. Пісарэнка Алесь - 50000 р.

16. Пожанька Ігар - 40000 р.

17. Рымша Алесь - 145000 р.

Агулам - 1210000 р.

Усе Наваполацкая суполка Цэнтральная.

18. Ліпкоў Мікола - 50000 р., г. Менск

19. Філіпчык Васіль - 100000 р., г. Менск

20. Аляксейчанка Леанід - 25000 р., г. Менск

21. Аляксейчанка Яўгенія - 25000 р., г. Менск

22. Міцкевіч Я.Ф. - 50000 р., г. Менск

23. Ненадавец - 10000 р., г. Бабруйск

24. Невядомы - 200000 р., г. Менск

25. Нікіціна - 100000 р., Заронаўская суполка, Віцебшчына

26. Райчонак Ада - 50000 р., в. Германовічы

27. Санько Зміцер - 100000 р., г. Менск

28. Мартынчык Зміцер - 300000 р., г. Гародня

29. Шкірманкоў Фелікс - 50000 р., г. Слаўгарад

30. Гаева А.Д. - 20000 р., г. Менск

31. Навасельская Тацяна - 200000 р., г. Менск

32. Рогач Пётр - 10000 р., г. Менск

33. Бубен Канстанцін - 5000 р., г. Менск

34. Леўшын Дзяніс - 150000 р., г. Менск

35. Сянчук Т.А. - 20000 р., г. Менск

36. Ахрамчук В.Г. - 30000 р., г. Светлагорск

37. Беражная Вольга - 100000 р., г. Ліда

38. Мануленка Уладзімір - 10000 р., г. Берасце

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


ВАЕННЫЯ ДЗЕЯННІ Ў БЕЛАРУСКА-ЛІТОЎСКІХ ЗЕМЛЯХ У 1831 ГОДЗЕ

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

Генерал Д. Хлапоўскі працягваў прасоўвацца ўглыб беларускіх земляў, выяўляючы свой бліскучы палкаводніцкі талент, увесь час уводзячы ў зман суперніка адносна свайго далейшага маршруту руху, актыўна распаўсюджваючы няслушныя чуткі пра тое, што нібы яго ддзел з'яўляецца ўсяго толькі авангардам польскага корпуса [19, с. 54]. На сваім шляху ён далучаў да сябе новыя сілы паўстанцаў, браў у палон расійскіх салдатаў і афіцэраў, папаўняў запасы зброі і трафеяў. 31 траўня, пасля пераможнага бою з расійскім Віленскім пяхотным палком пад Лідай, войска палкаводца налічвала ўжо больш за 5000 тыс. чалавек і 6 гармат. У гэты дзень яго аддзел падзяліўся: адна частка - 2 тыс. паўстанцаў і 4 гарматы (галоўным чынам кавалерыя) накіравалася праз Радунь на Вільню, другая - 3 тыс. і 2 гарматы - на Масты [16, с. 89]. У планы паўстанцкага генерала ўваходзіла арганізацыя выступлення ў раёне Прыпяці, гэта значыць у далёкім тыле расійскага войска [13, с. 42].

Падыход польскіх рэгулярных войскаў спрыяў актывізацыі баявых дзеянняў паўстанцаў Белавежскай пушчы. Расейцы кінулі ў гэтую мясцовасць значныя часткі, якім, не гледзячы на зацяты супраціў, у першых днях чэрвеня ўдалося разбіць непрыяцеля [6, с. 286].

Напачатку чэрвеня 1831 г. генерал Дэзідэры Хлапоўскі атрымаў загад далучыцца да прыбылага ў Віленскую губерню для падтрымкі "ліцвінаў" 12-ці тыс. корпуса генералаў Антонія Гелгуда і Генрыка Дамбінскага. У выніку аб'яднання, якое адбылося 10 чэрвеня, А. Гелгуд прыняў на сябе камандаванне ўсімі польскімі войскамі ў беларуска-літоўскіх землях [17, с. 105]. На наступны дзень быў створаны Часавы паўстанцкі ўрад, яго старшынём стаў Т. Пінкевіч. Паводле інструкцыі, атрыманай з Варшавы, урад пачаў фармаванне з выхадцаў Віленшчыны "паспалітага рушэння". Мабілізацыя праходзіла хуткімі тэмпамі [16, с. 90].

Не досыць дасведчаны галоўнакамандуючы Антоні Гелгуд не атрымаў пэўных інструкцый да дзеянняў ад вышэйшага ваеннага камандавання і абавязаўся выконваць парады генерала Г. Дамбінскага [12, с. 368]. Пад уплывам розных меркаванняў генералаў свайго корпуса ён дзейнічаў нерашуча, рассяроджваў сілы і не скарыстаўся спрыяльным становішчам для захопу слаба абароненай Вільні, насуперак пераканаўчым парадам барона Д. Хлапоўскага, у якога 15 чэрвеня ў руках нават апынулася карта з дыспазіцыямі расійскіх войскаў пасля пакідання горада. Заняцце гэтай цвярдыні мела б велізарнае стратэгічнае і палітычнае значэнне [13, с. 62]. Як сведчаць гістарычныя апісанні, царскія войскі, якія абаранялі сталіцу ВКЛ, моцна асцерагаліся свайго суперніка [6, с. 311; 12, с. 364; 13, с. 62]. У доказ можна прывесці і той факт, што ніхто з іх камандуючых не рашыўся ўзяць кіраўніцтва абаронай губернскага цэнтра на сябе. Пасля гэтая важная справа была даверана французскаму інжынеру генералу Тэнеру, які служыў у свой час пры Напалеоне [2, с. 77]. Генерал Антоні Гелгуд так жа не ажыццявіў і іншых стратэгічна важных на той час дзеянняў, выракаючы паўстанцкае войска на няўдачу. Тым часам расійскаму войску ўдалося сцягнуць для абароны Вільні значныя падмацаванні і ўмацавацца на подступах да горада, у прыватнасці на ключавой пазіцыі - Панарскіх вышынях. Распачаты 19 чэрвеня штурм быў запозненым. У той дзень, напярэдадні ваенных дзеянняў, суадносіны сіл былі наступнымі: 24 тыс. чалавек і 72 гарматы ўдалося сабраць рускім у Вільні, з іх супрацьстаялі Гелгуду 17 тыс. пры 58 гарматах; іх супернік сабраў у наваколлях горада 20 тыс. паўстанцаў і больш за 30 гармат. Аднак у баі прынялі ўдзел толькі трохі больш за палову з іх і каля 30 гармат [12, с. 368].

Падчас бою, паўстанцы няправільна павялі наступленне, з-за рэльефу мясцовасці не мелі магчымасці эфектыўна выкарыстоўваць артылерыю, пачалі заўчасна адыходзіць, і пацярпелі паразу. У гэтай бітве негатыўным чынам праявілася некампетэнтнае кіраўніцтва камандуючага А. Гелгуда [6, с. 315]. Разам з тым, палякі, літоўцы і беларусы ішлі ў наступленне з пазітыўным настроем, ваявалі мужна і адважна. Гэта пацвярджаюць апісанні падзеі як польскімі, так і расійскімі гісторыкамі [12; 13; 6]. Страты саюзнага войска ў жорсткім баі каля Панарскіх вышынь склалі 2000 чалавек забітымі параненымі, палоннымі і дэзерціраваўшымі, да таго ж у іхніх шэрагах пачаў назірацца заняпад духу. У той жа час у абаронцаў горада выбыла з шыхту не меней за 400 чалавек [12, с. 368].

Як адзначаў палкоўнік В. Крастоўскі, параза пад Вільняю, у сутнасці, прадвызначыла далейшы ход паўстання ў беларуска-літоўскіх землях [5, с. 195]. На працягу некалькіх дзён камандаванню рускага рэзервовай арміі ўдалося засяродзіць да горада буйныя сілы, тым самым, забяспечыўшы сабе шматразовую перавагу над непрыяцелем і пачаць маштабнае наступленне [12, с. 370].

Аднак не варта думаць, што пасля няўдалага бою пад сталіцай ВКЛ паўстанцы пацярпелі поўную паразу. Іх генералы паспрабавалі авалодаць стратэгічнай ініцыятывай - замацавацца за лініяй Коўня - Вількамір і вербаваць за ёй новыя значныя сілы з мясцовых выхадцаў - такім шляхам меркавалася перайсці да пазіцыйнай вайны. Гэты адважны план быў сарваны непрыяцелем. Няўдалай была і спроба камандуючага Антонія Гелгуда ажыццявіць агульнае адступленне ў Царства Польскае [12, с. 370]. Дзякуючы значнай лікавай перавазе, часткам рускай рэзервовай арміі ўвесь час ўдавалася адціскаць адыходзячага непрыяцеля, хоць акружыць так і не ўдалося [11, с. 76].

У канчатковым выніку вялікая частка паўстанцаў перайшла мяжу Прусіі і там склала зброю. Пры пераходзе, польскім капітанам Стэфанам Скульскім стрэлам у грудзі быў забіты генерал Антоні Гелгуд. Так гэтаму першапачаткова непрыкметнаму афіцэру ўдалося назаўжды ўвайсці ў гісторыю [6, с. 327].

У той жа час, польскі генерал Генрык Дамбінскі разам з аддзелам у 4000 чалавек пры 6 гарматах, прыняў рашэнне адыходзіць у Польшчу. Камандзір добра ўсведамляў усю складанасць гэтага прадпрыемства, бо ў той час увесь край быў абкладзены царскімі войскамі. Ажыццяўляючы адступленне, ён разлічваў на падтрымку мясцовага насельніцтва, і не памыліўся. Пры падходзе слаўнага генерала, патрыёты Гарадзеншчыны актывізавалі сваю дзейнасць, многія з іх далучыліся да яго аддзела. У канчатковым выніку Г. Дамбінскі змог выканаць пастаўленую задачу - перасекчы мяжу Царства, і на пачатку жніўня ўступіць у Варшаву [19, с. 57].

Пасля адступлення з беларускіх паветаў польскага войска, паўстанне на землях былога ВКЛ пайшло на спад. У сувязі з яго задушэннем у жніўні была скасавана рэзервовая армія графа П.А. Талстога [11, с. 76]. Асобныя агмені выступленняў, якія доўжыліся да восені, ужо не маглі змяніць агульную сітуацыю [16, с. 102].

У траўні-чэрвені 1831 г. паўстанцкі рух распаўсюдзіўся і на некаторыя паўднёвыя паветы Менскай губерні - Мазырскі, Рэчыцкі і Пінскі. У той жа час тут ён быў менш маштабным, чым у іншых раёнах, колькасць усіх паўсталых склала прыкладна 1300 чал. Вызначыўся аддзел з Пінскага павета пад кіраўніцтвам паручніка Ціта Пуслоўскага. Да пачатку жніўня ў яго шэрагах налічвалася каля 1000 чалавек. Фармаванне камплектавалася выхадцамі з Пінскага, Слонімскага, Кобрынскага і Наваградскага паветаў.

Тым не менш, узброеная барацьба патрыётаў у трох паўднёвых беларускіх паветах была жорстка задушана царскім войскам [16, с. 100]. Некаторыя паўстанцы беларусы разам з адступіўшым польскім войскам апынуліся ў Царстве Польскім. Частка з іх прыняла ўдзел у працы агульнапольскага сойма і Літоўскага камітэта [16, с. 107].

Аднак у той час ход гісторыі было ўжо не змяніць, 8 верасня 1831 г. пад зацятым націскам пераўзыходных расійскіх войскаў пала Варшава. Апошнія польскія войскі перайшлі мяжу Прусіі напачатку кастрычніка. 21-га дня таго ж месяца рускім здалася апошняя цвердзь Замосце [21, с. 28].

Вынікі

Паўстанне 1830 - 1831 гг. было нацыянальна-вызвольным па сваім характары. Гэты эпізод беларускай гісторыі - барацьба сыноў за вольнасць і веру заслугоўвае павагі.

Перадавая частка грамадзян былой Рэчы Паспалітай, у тым ліку і беларусаў, са зброяй у руках паднялася супраць вялікай несправядлівасці, звернутай супраць іх - зневажальнага захопу і раздзелу Айчыны [16, с. 176].

Прычынаў паразы вызвольнай барацьбы 1831 года ў беларуска-літоўскіх землях досыць шмат. На пачатковым этапе - гэта не дастатковае аказанне палякамі падтрымкі, адсутнасць у паўстанцаў агульнага кіраўніцтва, лідара, няўзгодненасць іх дзеянняў. Сур'ёзным фактарам стала ваенная перавага царскіх войскаў [3, с. 62].

Падыход аддзела барона Дэзідэрыя Хлапоўскага ў 20-х днях траўня, спрыяў актывізацыі паўстанцкага руху.

Пасля ўступлення ў "Літву" польскага корпуса, галоўнай прычынай ваенных няўдач стала некампетэнтнасць галоўнакамандуючага Антонія Гелгуда. Але, ацэньваючы яго дзейнасць, нагадаем, што быўшы прызначаным на гэтую пасаду, ён не атрымаў пэўных інструкцый да дзеянняў, і ў той жа час, абавязаўся выконваць волю генерала Г. Дамбінскага, які ў сваю чаргу не праявіў сябе як годны і дасведчаны начальнік [12, с. 368].

Істотным недахопам, па вялікім рахунку, была няздольнасць паўстанцкіх правадыроў прыцягнуць на свой бок сялян, якія складалі на той час абсалютную большасць насельніцтва Расійскай Імперыі [20, с. 196].

У той жа час для больш дасведчанага і падрыхтаванага расійскага рэгулярнага войска, гэтая вайна не была простай. З гэтай нагоды, аналізуючы лісты Мікалая I да камандуючага рэзервовай арміяй генерала П.А. Талстога, можна заўважыць занепакоенасць цара [4, с. 547]. "Інсургенты", у супрацьлегласць расейцам, добра ведалі мясцовасць, мелі паўсюль інфарматараў і карысталіся гэтым як значнай перавагай [7, с. 521; 6, с. 270].

Усяго за ўвесь перыяд разгляданага паўстання ў ім прынялі ўдзел тым ці іншым спосабам у Царстве Польскім 140 тыс. чалавек, а разам з землямі былога ВКЛ агульная лічба дасягае 200 тыс. [16, с. 177].

Складана падлічыць людскія страты падчас ваенных дзеянняў у беларуска-літоўскіх землях. З боку паўстанцаў іх колькасць вылічаецца, меркавана, больш, чым некалькімі тысячамі. Значна менш расійскіх салдатаў і афіцэраў загінулі на палях бою, разам з тым сур'ёзныя страты зрабіла халера [6, с. 330].

Нацыянальна-вызвольнае паўстанне 1830 - 1831 гг. з'яўляецца складовай часткай у кантэксце агульнаеўрапейскай гісторыі. Тыя праблемы, якія ўпершыню ўсталі падчас паўстанняў 1794 і 1830 - 1831 гг., аказалі прамы ўплыў на далейшае развіццё вызвольнага руху ў Беларусі. Таму, дадзеная тэма мае патрэбу ў глыбокім даследаванні [16, с. 177].

Спіс скарыстанай літаратуры:

1. Давыдов, Д.В. Записки партизана: воспоминания о польской войне 1831 года / Д.В. Давыдов // Рус. старина. - 1872. - Т. 6, № 7. - С. 1-38 ; Т. 6, № 10. - С. 309-390.

2. Chlapowski, D. Pa-miatniki: [w 2 cz.] / D. Chla-powski. - Poznan : Nakladem synow, 1899. - Cz II : Wojna roku 1830-1831. - 126 s.

3. За вольнасць i веру: Ігнацій Клюкоўскi i яго ўспамiны аб падзеях паўстання 1830-1831 гадоў / уклад., пер. на беларус. мову, уступ. арт., камент., паказ. В.В. Гарбачовай. - Мiнск : Лiмарыус, 2007. - 117 с.

4. Николай Павлович, имп. Письма к гр. П.А. Толстому, 1828-1831 гг. / имп. Николай Павлович // Рус. старина. - 1881. - Т. 31, № 8. - С. 547-568.

5. Крестовский, В. История Лейб-гвардии уланского его Величества полка / В. Крестовский. - СПб. : Тип. Второго Отд-ния Собств. е. и. в. канцелярии, 1876. - [10], 354, 176, X с.

6. Пузыревский, А.К. Польско-русская война 1831 г. / А.К. Пузыревский. - СПб. : Тип. штаба войск гвардии и Петерб. воен. окр., 1886. - [2], XIII, 446, CCXVII с.

7. Кропотов, Д. А. Жизнь графа М. Н. Муравьева в связи с событиями его времени и до назначения его губернатором в Гродно. Биографический очерк / Д. А. Кропотов. - Спб.: Тип. В. Безобразова, 1874. - 549 с.

8. Аскенази, Ш. Царство Польское, 1815-1830 гг. / Ш. Аскенази ; пер. с пол. В. Высоцкого. - М. : Книгоиздво писателей в Москве, 1915. - 167 с.

9. Русский биографический словарь : [в 25 т.]. - Репр. воспр. - М. : Аспект Пресс, 1992-2000. - [Т. 9] : Кнаппе - Кюхельбекер. - 1995. - 708 с.

10. Русский биографический словарь : [в 25 т.]. - Репр. воспр. - М. : Аспект Пресс, 1992-2000. - [Т. 6] : Дабелов - Дядьковский. - 1996. - 748 с.

11. Русский биографический словарь : неопубл. материалы : в 8 т. / подгот. под наблюдением М.П. Лепехина. - М. : Аспект Пресс, 1997- . - [Т. 5] : Тобизен - Тургенев. - 1999. - 303 с.

12.Tokarz, W. Wojna polsko-rosyjska, 1830 i 1831 / W. Tokarz. - Warszawa: Volumen, 1993. - 588 s.

13. A.Z. Wojna na Litwie w roku 1831 / A.Z. - Krakow : Skl. gl. w ksieg. G. Gebethnera i Spoolki, 1913. - 124 s. Сосна, У.А.

14. Sokolowski, A. Dzieje powstania listopadowego, 1830-1831 / A. Sokolowski. - Repr. - wieden: Nakl. Fr. Bondego, 1997. - Poznan : Kurpisz, 2002. - 318 s.

15. Zajewski, W. Powstanie listopadowe, 1830-1831: polityka - wojna - dyplomacja / W. Zajewski. - Torun: Marszalek, 2002. - 333 s.

16. Гарбачова, В.В. Паўстанне 1830-1831 гадоў на Беларусi / В.В. Гарбачова. - Мiнск : Беларус. дзярж. ун-т, 2001. - 184 с.

17. Гарбачова, В.В. Удзельнiкi паўстання 1830-1831 гадоў на Беларусi : бiяблiягр. слоўн. / В.В. Гарбачова. - Мiнск : Беларус. дзярж. ун-т, 2004. - 398 с.

18. Радзюк, А. Дзейнасць гарадзенскай следчай камісіі 1831-1834 г. / А. Радзюк // Гіст. альм. - 2008. - Т. 14. - С. 112-130.

19. Радзюк, А. Паўстанне 1830-1831 гг. на Гродзеншчыне: ход, задушэнне, наступствы / А. Радзюк // Беларус. гіст. зб. = Bialorus. zeszyty hist. - 2010. - № 34. - С. 39-71.

20. "Польскае" паўстанне 1830-1831 гг. і беларускае сялянства / У.А. Сосна // Российские и славянские исследования : науч. сб. / Белорус. гос. ун-т ; редкол.: А.П. Сальков, О.А. Яновский (отв. ред.) [и др.]. - Минск, 2009. - Вып. 4. - С. 191-197.

21. Лаўрэш, Л. Паўстанне 1830-1831 гг.: да 180-х угодкаў / Л. Лаўрэш // Лід. летапісец. - 2011. - № 4. - С. 18-28.

22. Бригадин, П.И. Минские губернаторы: история власти / П.И Бригадин, А.М. Лукашевич. - Минск : Гос. ин-т упр. и соц. технологий Белорус. гос. ун-та, 2009. - 351 с.

Вячаслаў Зайцаў, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Менск


У КРАІНЕ МІФАЎ

У анатацыі да новай, нядаўна выдадзенай кнігі Вадзіма Дзеружынскага "Мифы о Беларуси" (Минск: Харвест, 2013; 336 с.; 3000 экз.) гаворыцца: "Беларусы - адзіны ў свеце народ, уяўленні якіх пра саміх сябе поўныя міфаў, падчас надта дзіўных і нават бязглуздых. Якую сферу іх жыцця ні вазьмі, усюды гэтыя міфы. Парадокс у тым, што да іх усе прывыклі, іх амаль ніхто не заўважае, не ўсведамляе".

Ва ўступе да кнігі прыводзяцца два прыклады "з тысячы мажлівых". Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны (і не толькі яны) атрымалі ў 2004 годзе медаль "60 гадоў вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецкафашысцкіх захопнікаў", а ў 2009 годзе - медаль "65 гадоў вызвалення Рэспублікі Беларусь…" Здаецца, усе ведаюць, што наша краіна толькі ў 1991 годзе стала незалежнай дзяржавай - з назвай "Рэспубліка Беларусь", а ў 1944 г., калі адбылося вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, яна называлася зусім інакш: БССР.

Або яшчэ прыклады. Беларускія афіцэры-інжынеры носяць на кіцелі медаль "90 гадоў Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь" і "300 гадоў інжынерным войскам Рэспублікі Беларусь". І нікога не здзіўляе такая абсурдная нелагічнасць у назвах гэтых знакаў. Гумар тут, як піша В. Дзеружынскі, у здзіўляльным парадоксе: калі інжынерным войскам РБ 300 гадоў, то як можа быць усяго-наўсяго 90 гадоў яе ўзброеным сілам?! А крыніца такога казусу - у сляпым малпаванні таго, што робіцца ў Расійскай Федэрацыі, дзе крыху раней увялі юбілейны знак "300 лет инженерным войскам России" з адлюстраваннем на ім цара Пятра I.

Прыгадаем і такі прыклад. Не так даўно ў Маскве адзначалі чарговую гадавіну хрышчэння Русі, хоць Масква не мае ніякага дачынення да гэтай падзеі. Масквы тады яшчэ не было на свеце, калі ў 988 годзе пры кіеўскім князі Ўладзіміры было ўведзена хрысціянства як дзяржаўная рэлігія. Адпаведна і ў Беларусі не прамінулі адсвяткаваць хрышчэнне Русі.

Стваральнікамі міфаў звычайна выступаюць уладныя структуры і іх памагатыя - сродкі масавай інфармацыі. Так, па нашым тэлебачанні сістэматычна паказваюць фільм "Белыя росы", дзе нейкі дзядуля на поўным сур'ёзе, "с ученым видом знатока" прамаўляе, што "даўней мы называліся Белымі Росамі, таму сёння мы называемся беларусамі". І гэтая лухта ўбіваецца ў галовы гледачоў і слухачоў. "Частуецца пойлам атрутным народ наш з катлоў тэлерадыё" (В. Зуёнак). А ў нашым Гродне, відаць, пад уздзеяннем гэтага фільма, з'явіўся аўтобусны прыпынак "Белыя Росы".

Кніга В. Дзеружынскага складаецца з 16 раздзелаў. У кожным з іх разглядаецца пэўны міф аб беларусах і Беларусі. Апошні раздзел мае назву "Міф аб фальсіфікацыі агульнай гісторыі". Паказана, што хоць прайшло больш за 20 гадоў, як распаўся Савецкі Саюз, але і сёння большасць расійскіх палітыкаў і ідыёлагаў ніяк не можа прымірыцца з гэтым. Ім не дае спакою настальгія па імперыі. Яны страшэнна абураюцца, што ў былых "саюзных рэспубліках" нібыта фальсіфікуюць "гісторыю на шкоду інтарэсам Расіі". Указам Прэзідэнта РФ 21.09. 2010 г. створана Камісія па супрацьдзеянні спробам фальсіфікацыі гісторыі. Ёсць у Расіі і нацыянальны інстытут развіцця сучаснай ідэалогіі (НИРСИ). Але, як слушна пісаў адзін расійскі палітолаг (Д. Арэшкін), "падымаць тэму фальсіфікацыі гісторыі ў краіне, дзе ўся гісторыя засноўваецца на фальсіфікацыях, даволі небяспечна… Не чапай ліха, пакуль спіць ціха!"

Памянёны інстытут (НИРСИ) зрабіў аналіз падручнікаў па гісторыі, выдадзеных у 12 краінах "постсавецкай прасторы" і са шкадаваннем канстатаваў, што "за выключэннем Беларусі, усе астатнія краіны пайшлі па шляху выкладання падрастаючаму пакаленню нацыяналістычнай трактоўкі гісторыі, заснаванай на міфах аб старажытнасці свайго народа, аб высокай культурнай місіі продкаў і аб "заклятым ворагу"…; далучэнне тых ці іншых тэрыторый да Расіі і Расійскай імперыі, як правіла, ацэньваецца негатыўна". Робіцца выснова пра неабходнасць стварыць адзіны падручнік гісторыі для СНД. Прычым ініцыятарам стварэння такога падручніка выступілі не расійскія вялікадзяржаўнікі, а Беларусь - у асобе намесніка міністра адукацыі К. Фарына. Як бачым, прыхільнікі "адзінага падручніка", насуперак палітычным рэаліям апошніх 22 гадоў, працягваюць "маліцца на Маскву, жадаюць навязаць народам, якія вызваліліся ад "удушающих объятий" старэйшага брата, тыпова каланіяльную гісторыяграфію" (с. 311). У гэтым жа (16-м) раздзеле разглядаюцца многія іншыя міфы, звязаныя з так званай агульнай гісторыяй.

Дарэчы, тут жа (с. 316) цытуецца важкі дакумент, які вельмі рэдка дзе публікуецца і сведчыць пра тое, як Расія "далучала тыя ці іншыя тэрыторыі". Гэта частка з даклада цару Мікалаю II, зробленага ваенным міністрам Расійскай Імперыі генералам А. Курапаткіным у 1904 годзе. Вось толькі ўрывак з гэтага дакумента: "На працягу XVIII і XIX стагоддзяў Расія правяла ў войнах 128 гадоў, і толькі 72 гады былі мірныя. З 128 гадоў вайны толькі пяць прыпадаюць на абарончыя войны, усе астатнія - гэта захопніцкія паходы… За 200 гадоў Расія, якая на пачатку XVIII ст. мела ўсяго 12 млн. насельніцтва, ператварылася к 1900 году ў дзяржаву з насельніцтвам ужо 132 млн. чалавек". У другім месцы кнігі (с. 95) знаходзім і такія звесткі: "Колькасць насельніцтва ВКЛ у 1500 годзе - каля 3 мільёнаў, а колькасць маскавітаў складала каля 1,5 мільёна".

У адным з раздзелаў кнігі аўтар развенчвае міф пра тое, што ў мінулую вайну загінуў кожны трэці беларус. Гэта пытанне крыху асвятлялася ўжо ў ягонай папярэдняй кнізе ("Забытая Беларусь"). Але цяпер прыводзіцца цэлы шэраг іншых статыстычных дадзеных, даецца каментарый прафесара Э. Іофе і робіцца вывад, што нават па самых высокіх ацэнках, прыведзеных Э. Іофе, "у 1941 - 1944 гадах загінуў кожны шосты-сёмы беларус" . Сам гэты раздзел пачынаецца з цытаты - выступлення 3.07.2012 г. дэпутата А. Локця ад фракцыі камуністаў на пасяджэнні Дзяржаўнай Думы РФ. Урывак з гэтага выступлення варта даць і тут, бо тое, што праслаўляе А. Локаць, наўрад ці заслугоўвае пахвалы: "Сёння, 3 ліпеня, брацкая Рэспубліка Беларусь святкуе нацыянальнае свята - Дзень незалежнасці… Адзіная дзяржава з былых рэспублік Савецкага Саюза, якая атаясамлівае Дзень незалежнасці не з днём вызвалення ад нібыта савецкай акупацыі, і не з днём суверэнітэту ад Савецкага Саюза, і не з днём выхаду са складу СССР, а з днём вызвалення Мінска ад фашысцкіх акупантаў" . Дык хіба ж гэта не чарговы міф: перанос сапраўднага Дня незалежнасці (21 жніўня 1991 г.) на дату вызвалення Мінска ад гітлераўскай акупацыі?!

Пры разглядзе міфа аб "супрацьстаянні" русінаў і ліцвінаў аўтар напачатку прыводзіць вялікі ўрывак з інтэрв'ю Вадзіма Гігіна (рэдактара часопіса "Беларуская думка", былога кіраўніка БРСМ Мінска). В. Гігін рашуча адмаўляе тэорыю "ліцвінізму", лічыць, што наша этнічнае імя - беларус, а краіна спакон вякоў называлася не Літвой, а Белай Руссю. Спасылаецца пры гэтым на Адама Мальдзіса, які, маўляў, зазначыў, што тэрмін "Белая Русь" сустракаецца ў лацінскіх крыніцах яшчэ ў XIII ст. Але ж А. Мальдзіс у "Полымі" (2011, № 6 , с. 151) пісаў і іншае: беларускія губерні ўтварыліся пасля раздзелаў Рэчы Паспалітай і праіснавалі да 1840 года, калі іх перайменавалі ў Паўночна-Заходні край; тэрмін жа "Белая Русь" дастасоўваўся раней да Масковіі: "Знайшлі грамату, якую вялікі маскоўскі князь Іван III накіраваў Папе Рымскаму і ў якой іменаваў сябе "Князем Белай Русі", і было гэта ў 1472 годзе!" Дададзім, што яшчэ раней вялікі князь Растова-Суздальскай зямлі Андрэй Юр'евіч (Багалюбскі) з 1157 года называецца князем Белай Русі.

В. Дзеружынскі аргументавана аспрэчвае хлуслівую канцэпцыю пра нашых продкаў, выкладзеную ў кнізе "Хроника Белой Руси" (2000) гісторыка Аляксандра Белага (не блытаць з Анатолем Белым!). Паводле гэтага гісторыка, "беларус Белай Русі" - этнічнае паняцце, а "русін Русі" - паняцце рэлігійнага характару. У кнізе гэтага гісторыка сустракаецца каля 40 выпадкаў, калі цытаты, выкарыстаныя ім у якасці "аргументаў", не адпавядаюць крыніцам і, як правіла, маюць супрацьлеглы сэнс.

Варта прывесці і такі неаспрэчны факт пра "русінаў". У аналітычнай газеце "Секретные исследования" (2013, № 20) даецца здымак геаграфічнай карты Расійскай імперыі 1907 года. Тут літарамі пазначаны этнасы: велікаросы (пачынаючы ад Санкт-Пецярбурга), беларусы (з гарадамі Вільня, Віцебск, Смаленск); на месцы, адпаведным сучаснай Украіне, з гарадамі Кіеў, Львоў, Харкаў, Адэса, Елізаветград, надрукавана: "Малоруссы или Русины". Як бачым, толькі продкі сучасных украінцаў маюць права называцца русінамі.

У кнізе В. Дзеружынскага (с. 69) чытаем: "Нашы продкі называлі сябе ліцвінамі таму, што жылі ў краіне з назвай Літва (Вялікае Княства Літоўскае)… Ніякай "Беларусі" ніхто з нашых продкаў не ведаў, яна не існавала, прынамсі, на нашай тэрыторыі (Белай Руссю называлася Масковія). З XX ст. мы называемся Беларуссю, а таму і беларусамі, ужо не ліцвінамі. Але гэта азначае толькі змену саманазвы, але зусім не існаванне ў мінулым нейкіх "грамадзян краіны Беларусь" з саманазвай беларусы. Да прыкладу, Персія змяніла сваю назву на Іран, Цэйлон на ШрыЛанку, Бірма на М'янму. Але ці ж азначае гэта нараджэнне там "новых этнасаў?"

Характэрна, што шмат якія аўтары, у тым ліку і згаданыя тут, выступаючы з "наватарскімі" поглядамі на гісторыю нашай краіны, зусім не зважаюць на бясспрэчныя факты, засведчаныя ў нашых энцыклапедыях або ў акадэмічных слоўніках, складзеных на вялізным дакументальным матэрыяле ўсіх выяўленых пісьмовых помнікаў. Так, слова беларус няма ні ў "Слоўніку мовы Скарыны", ні ў "Этымалагічным слоўніку беларускай мовы", ні ў "Гістарычным слоўніку беларускай мовы". Затое, як засведчана ў "Гістарычным слоўніку…", шырока выкарыстоўваліся словы литвин (са значэннем 'жыхар Вялікага Княства Літоўскага'), литва ('насельніцтва ВКЛ'), литовчичъ ('сын літвіна'). А ў "Этымалагічным слоўніку…" (т. 6) сказана, што этнонімы літвіны, ліцвякі, літва "ў большай ступені адносяцца да паўднёва-заходняй Беларусі, але пашыраюцца і на ўсю Беларусь". Слова русін даецца толькі ў "Гістарычным слоўніку…" і тлумачыцца як 'назва ўкраінцаў заходнеўкраінскіх зямель'.

Агульнавядома, што мова з'яўляецца адной з асноўных рыс, адзнак, прыкмет нацыі. І Янка Купала гаварыў: пакуль жыве мова, жыве народ. Напэўна, таму стваральнікі міфаў усяляк бэсцяць нашу мову, распаўсюджваюць пра яе розныя небыліцы. На старонках "Міфаў аб Беларусі" цытуецца мноства абсурдных выказванняў. Так, расійскі доктар філалагічных навук Т. Міронава піша, што, маўляў, мы (расіяне) у сярэдзіне XIX ст. "наваспечаным народам - украінцам і беларусам - сталі спешна ствараць асобную ад рускага народа гісторыю, вырабілі ім уласныя літаратурныя мовы". Яшчэ, напрыклад, адзін расійскі аўтар сцвярджае, што беларуская мова склалася ў савецкі час, а яе стваральнікамі былі Янка Купала і Якуб Колас. А беларус Пётр Петрыкаў, доктар гістарычных навук, не бачыць нічога кепскага ў тым, калі беларусы стануць карыстацца толькі рускай мовай, бо, маўляў, нашы продкі і раней выкарыстоўвалі "агульны для ўсходніх славян "руський язык". Часам робяцца і спасылкі на мову Статута ВКЛ 1588 года.

Але ж мова гэтага Статута - канцылярска-юрыдычная мова, якая рэзка адрознівалася ад жывой тагачаснай народна-дыялектнай мовы. Дапоўнім іншымі фактамі шматлікія абвяржэнні гэтай міфалогіі, зробленыя В. Дзеружынскім у раздзеле пра міфы "аб паланізацыі беларускай мовы" (с. 158 - 181). Прыведзеныя далей прыклады паказваюць, што і ў XVI - XVII стагоддзях мова нашых продкаў была амаль такая ж, як і сучасная беларуская мова.

З "Лістоў" Ф.С. Кміты-Чарнабыльскага (1573 - 1574) - службовай перапіскі аршанскага старасты з членамі каралеўскай рады ВКЛ: згоджаючися як с тым Алексеем, слугою Мамоничовым, так з иншими шпегами моими; Як доробило лихо, прорежутся и зубы; Ожогшыся на молоце, велено на воду дуть. З палемічнага помніка "Антиризисъ…" (1599): соромотить владыковъ, што ядовита слина до губы прынесла . Прыклады з інтэрмедый XVI - XVII стагоддзяў, дзе персанаж-селянін размаўляе на тагачаснай народнай мове: Вельми прамудры чалавек таки ты…; Ах, пульс як то бьець моцно, як у пекле гарыць…

А што да пададзенага раней ілжывага выказвання пра Купалу і Коласа як "стваральнікаў беларускай мовы", то яшчэ задоўга да іх напісаны па-беларуску "Энеіда навыварат", "Тарас на Парнасе", шматлікія творы Ф. Багушэвіча, В. Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Лучыны…

У адным з раздзелаў кнігі "Міфы аб Беларусі" закранаецца пытанне пра паняцце "тутэйшыя". Заадно звернем увагу на загаловак Купалавай трагікамедыі. Тут слова тутэйшыя на фоне ўсяго твора атрымлівае трагічна-саркастычны сэнс: 'людзі, хворыя на тутэйшасць' - "хранічную хваробу беларускага грамадства" (У. Конан). Пераважная большасць герояў твора - з ліку такіх "тутэйшых", гэта, паводле Янкі Здольніка, - "тожа беларусы, з пароды рэнегатаў і дэгенератаў". Аўтар словамі Здольніка праводзіць ідэі беларусізацыі, кліча пазбаўляцца "тутэйшасці", знішчаць "даўгавечную ману, якая вучыць, што мы не ёсць мы, што мы нешта нейкае, якое абы накарміў, як быдлё, дык і сыта будзе".

Пералічым іншыя міфы, якія разглядаюцца і абвяргаюцца ў кнізе В. Дзеружынскага - у асобных раздзелах: Аб "юным народзе", Аб "старажытных славянах-беларусах", Аб "нярускіх" і "рускіх" правіцелях, Аб "малодшым браце рускіх", Аб "рускім абліччы беларуса", Аб "прыроднай талерантнасці беларуса", Аб "не нашай шляхце", Аб "летувіскай Вільні", Аб "летувіскай "Пагоні", Аб "няправільнай назве", Аб "неабходнасці саюза з Расіяй" . Я прачытаў гэтую кнігу з цікавасцю ды вялікай карысцю для сябе і водгук закончу словамі Васіля Быкава: "Міфы прыемна ўражваюць, але наўрад ці наталяюць. Хутчэй, спусташаюць". І яшчэ: "Одна неправда нам в убыток, и только правда ко двору!" (А. Твардоўскі).

Іван Лепешаў.


Незаўважаная падзея

Міхась Явар: пакутны шлях паэта і вяртанне з небыцця

Чытаючы паэтычныя радкі забытага паэта заўжды лаўлю сябе на думцы: чаму адбываецца так. Заблішчэў ярка падаючай зоркай, рана пакінуў свет, затым вярнуўся да нашчадкаў цярністым шляхам з небыцця. Тое наўпрост адносіцца да Міхася Карася (Явара).

Сёлета на прыканцы ліпеня грамадскасць Мастоўшчыны адзначыла дзве круглыя даты звязаныя з яго імем: 110-тую гадавіну з дня народзінаў і 80-тую - трагічнай смерці.

Будучы паэт нарадзіўся ўлетку 1903 года ў вёсцы Мінявічы, якая знаходзіцца ў непаўторных па прыгажосці мясцінах на беразе Нёмана. Пачуццё выключнасці роднай вёскі не пакідала Явара ўсё жыццё. Тут прайшло яго дзяцінства. Распачалася Першая сусветная вайна, і ён з бацькамі ў 1915 годзе - у прымусовым бежанстве. У дваццатыя гады вярнуліся дамоў ды пабачылі, што вёску спалілі казакі, каб нічога не дасталося немцам. У дарозе дамоў абрабавалі бальшавікі і ў дадатак польскія памежнікі. Зямлі было мала, а сям'я вялікая: маці, малодшы брат Васіль і сёстры Люба ды Вольга. Каб дапамагчы сям'і, пачаў рыбачыць. Добра ведаў рыбныя мясціна, лавіў шмат ды прадаваў гандлярам і службоўцам ў мястэчку Лунна. 10 км ад вёскі да мястэчка пераадольваў пешшу ў любое надвор'е. Як сведчылі людзі, ведаўшыя Міхася, па дарозе часта спяваў. Меў цудоўны голас. Спяваў не толькі народныя песні. Сярод любімых былі "Нёман" на словы Купалы, "Люблю наш край" Буйло, "Зорка Венера" Багдановіча.

Ён быў чалавек акуратны, заўжды сціпла, але ахайна апрануты, паголены, чысты. Хоць меў невялікую адукацыю (тры класы), але многія лічылі яго інтэлегентам. За рыбу купіў радыёпрыёмнык. У яго пачала збірацца моладзь і слухала перадачы з Менска. Вядзе вялікую грамадскую дзейнасць. Актыўны дзеяч Беларускай сялянска-рабочай Грамады. Вось толькі тэрор, які развязалі камуністы ў Савецкай Беларусі супроць нацыянальных патрыётаў успрыняў балюча. Акрамя грамадскай дзейнасці піша вершы, друкуецца ў часопісе "Шлях моладзі", беларускіх газетах, арганізоўвае вечары з пастаноўкай п'ес, з песнямі і танцамі. Што гэта быў за чалавек у 1967 годзе ўспамінае яго аднагодак Хведар Макарчук: "Я аднойчы на беразе вудзіў рыбу, а тут выплывае на чоўне Міхась і, як салавей, захапіўся песняй, што мяне спачатку не заўважыў, а як убачыў, што я чую, то збянтэжыўся. А тут па беразе ішлі багатыя дачніцы. Адна з іх прапанавала: "Заспявай яшчэ - дам залатоўку". Міхась адказаў так: "Дам дзве, каб толькі не спяваць для вас, нашы песні не прадаюцца" . Яшчэ адзін эпізод. Аднойчы ў Мікулаў спыніўся на кватэру паляк-каморнік. Мясцовых сялян лічыў дзікунамі, пазбягаў кантактаў з мясцовай моладдзю. Раз вечарам Міхась зайшоў да Мікулаў і ўцягнуў у гутарку госця. Размаўлялі недзе дзве гадзіны. Калі Явар пайшоў, паляк гаспадару сказаў прыкладна так: "Нігды не мыслемым, жэ на всі сон такі монджды люды". Пэўна каморнік памяняў сваю думку пра ўсіх беларусаў, бо надалей пачаў хадзіць на вечарыны моладзі. А культуру паводзінаў мясцовых хлопцаў і дзяўчат ахарактарызаваў прыкладна так: "Культура всі беларускай выжша, богадша, як культура польскіх хлопув".

Было і каханне. Кахаў ён, і кахалі яго. Ён не прыняў шчырае каханне настаўніцы-полькі з вёскі Каўшы на другім беразе Нёмана. І гэта яшчэ адно сведчанне, што паэта ведалі ў навакольных вёсках. Сябраваў з ёю, спачуваў яе пачуццям. Па-сапраўднаму ён кахаў вясковую дзяўчыну Анісю. І Міхась быў для яе не абыякавы. Аднак бацькі не дазволілі ім пажаніцца. Нёман даў хлопцу пра сябе знаць, і ён захварэў на сухоты, невылечную тады хваробу. Бацькі не хацелі, каб дачка засталася ўдавой.

24 ліпеня 1933 года быў прыгожы сонечны дзень. Аніся падымалася ад ракі на бераг. Насустрач ёй ішоў Міхась. Ён узяў дзяўчыну за руку і запытаў: "Ці хочаш ты жыць?" "Я баюся смерці", - адказала яна. "Тады жыві сабе", - адказаў хлопец. Падышоў да грушы, зняў каптан, акуратна паклаў яго воддаль і выстраліў сабе грудзі. Малодшая сястра здагадвалася аб яго намеры падкралася і ў момант стрэлу штурхнула ў локаць. Гэта спрычынілася да таго, што куля не патрапіла ў сэрца. Яго адвезлі ў Гарадзенскі шпіталь, дзе ён памёр 27 ліпеня.

Міхась Явар меў вялікую пашану ў людзей, таму, не гледзячы на яўнае самагубства, яго пахавалі на могілках у Навасёлках, непадалёку ад Нёмана. Па ўспамінах відавочцаў на пахаванне сабралася мноства людзей. Пахавалі на відным месцы побач з капліцаю.

У смерці хлопца ўсе вінавацілі Анісю, і таму ёй абвясцілі своеасаблівы байкот: не размаўлялі, не заходзілі ў хату, на вечарынах не запрашалі на танцы. Яна выйшла замуж за першага пасватаўшагася хлопца ў другую вёску.

Вяртанне імя Міхася Явара распачалося ў сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагоддзя. І спрычыніўся да таго заснавальнік Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея Алесь Белакоз. Быў створаны стэнд Явара, дзе змешчаны сабраныя пра яго матэрыялы. Настаўнік на ўласныя сродкі ў скульптара Саніслава Быка заказаў два бюсты паэта і адзін з іх устанавіў у школьным музеі. Гэта чамусьці занепакоіла раённае партыйнае кіраўніцтва. Была створана прадстаўнічая камісія з інспектараў і загадчыка РАНА, прадстаўнікоў райкама партыі і камсамолу, дырэктараў школ. На падвядзенні вынікаў праверкі выязным паседжанні савета РАНА, якое адбывалася ў Гудзевіцкай СШ, загадчык Мікалай Рында сказаў наступнае: "Мы прыехалі правяраць вас з марксіска-ленінскага пункту гледжання". Каб тады на бок педагагічнага калектыву школы не выступілі дырэктар СШ № 3 Арцімовіч і інспектар РАНА Ваглай, усё магло б закончыцца кепска. Вырак быў мяккім. Дырэктар школы за усаноўку ў школьным памяшканні без дазволу зверху бюста "нейкага" Явара атрымаў строгую вымову, а яго бюст было загадана прыбраць. Алеся Белакоза пакаралі за тое, што ён на тэму "Францішак Скарына" адвёў не паўурока, а цэлыя два. Дзякуючы намаганням беларускіх пісьменнікаў бюст Явара захаўся ў музеі. Як і творчасць паэта на пэўны час была забыта, так і яго магіла парасла быльнягом. Закінутую магілу Белакоз адшукаў з аднадумцамі, аднавіў і паставіў вялізны дубовы крыж. На таблічцы былі выбіты словы з паэмы Міхася Явара " За сэрцам" :

Так загінуў чалавек

За тое, што ў гэты

дваццаты век

Пасмеў сказаць у вочы смела,

Што ён таксама чалавек.

Спі мучанік,

Бо твае грудзі

Ужо знайшлі спакой сабе.

Няхай жа лёгкім пухам будзе

Зямелька родная табе,

Якую шчыра ты любіў

Дзе шмат страдаў

Ды мала жыў.

На тым справа не скончылася. У 1991 годзе Алесю Белакозу пашчаслівілася прысутнічаць на сесіі Луненскага сельсавета. Ён распавядаў дэпутатам пра лёс Явара, яго творчасць, прачытаў вершы паэта. Пасля гэтага дэпутаты выказалія аднагалосна за пераіменаванне вуліцы Энгельса ў вуліцу Явара (па гэтай дарозе шматкрат хадзіў паэт у мястэчка з рыбаю на продаж). Настаўнік Машталерскай школы Уладзімір Брыцько з вучнямі абапал тае дарогі пасадзіў срэбналістыя таполі - явары.

Лёсам паэта таксама зацікавілася тагачасны старшыня сельсавета Валянціна Карповіч, і яе намаганнямі на магіле паэта паўстаў мармуровы помнік.

І яшчэ адна круглая дата ў шанаванні памяці Міхася Явара. Роўна 15 гадоў таму назад грамадскімі актывістамі Мастоўшчыны быў зладжаны літаратурны фэст, які стаў традыцыйным і праводзіцца штогод напрыканцы ліпеня. Сюды з'язджаюцца творцы з усяе Гарадзеншчыны.

Творчая спадчына Міхася Явара амаль уся загінула. Перад смерцю ён перадаў куфэрак з вершамі і паэмамі свайму сябру. Пад час мінулай вайны яго жонка з перасцярогі той архіў спаліла. Засталося толькі тое, што друкавалася ў заходне-беларускіх газетах і часопісах. Праўда, апошні верш Явара, перад тым як нішчыць архіў, жанчына вывучыла напамяць і прачытала яго Алесю Белакозу.

Вось некалькі ўрыўкаў з яго твораў.

ЗІМА

Усё зіма ды зіма…

Так сьцюдзёна… мароз!

Белы снег пад нагамі скрыпіць,

Вецер той,

што ня знае ні гора, ні слёз

Злосна сьвішча,

рагоча, гудзіць…

Па-над шэрамі стрэхамі

песьні пяе,

Прэцца ў шчыт,

круціць снег куралём,

Часам стукне ў вакно,

крутане, дзьмухане,

Зробіць у коміне

цэлы "Садом"

І наводзіць тугу

ён па згубленых днях,

Па мінулай шчаслівай вясне!

"Шлях моладзі" №2, люты 1934 г.

ГУКІ ДАЛЁКІЯ

Гукі далёкія, гукі чароўныя,

Ціха-салодкія, мілыя, родныя

Песняў тых,

з цудоўных, дзіцячых гадоў!

Вас у адзіноце я чую ізноў:

Цуднай мелёдыяй

у сэрцы мне грае,

Часам і гора, і сум праганяе,

Гімнам сьвятым

вы пяеце ізноў

З цуднай краіны

дзіцячых гадоў!

Язэп ПАЛУБЯТКА, г. Масты.


Нясвіж - культурная сталіца Беларусі

У "Нашым слове" за 12 чэрвеня 2013 г. (№24, с. 8) у артыкуле "Падарунак калекцыянерам" я пісаў пра выдатны пачын Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб'яднання калекцыянераў (старшыня Іосіф Уладзіміравіч Суднік) па выданні серыі памятных манетавідных жэтонаў, прысвечаных юбілейным датам нашай гісторыі: 500- годдзю надання Магдэбургскага права г. Наваградку, 450-годдзю кніга-друкавання ў Нясвіжы.

Прыемна, што гэтая работа сябрамі таварыства калекцыянераў працягваецца. Днямі з'явіўся жэтон, прысвечаны Нясвіжу. Жэтон "Нясвіж - культурная сталіца Беларусі" мае дзве разнавіднасці: пад "золата" і пад "срэбра".

Нясвіж займеў статус культурнай сталіцы Беларусі ў 2012 годзе. Горад уключаны ў Сусветную спадчыну ЮНЭСКА як рэзідэнцыя князёў Радзівілаў.

Жэтон радуе вока бездакорным дызайнам.

Асноўныя яго характарыстыкі: намінал - 2 белары; метал - медна-цынкавы сплаў (68% і 32%); вага - 16,5 г; якасць - анцыркулейтэд. Тыраж - па 150 асобнікаў кожнай разнавіднасці. Вытворца - Рэспубліка Беларусь, УП "Сэнс" Дызайнер - В. Калясінскі

Гэтыя цудоўныя мініяцюры ў метале, а таксама буклеты да іх выкананы па-беларуску. Набыць жэтоны, прысвечаныя нашай гісторыі, можна ў Беларускім рэспубліканскім грамадскім аб'яднанні калекцынераў у Палацы культуры чыгуначнікаў па нядзелях (9 -12 ).

Алесь Чэчат.


Да 625-годдзя Маладзечна

Канверт да 625-х угодкаў першага летапіснага згадвання пра Маладзечна выпусціла РУП "Белпошта".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX