Папярэдняя старонка: 2013

№ 51 (1150) 


Дадана: 18-12-2013,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 51 (1150) 18 снежня 2013 г.


З Калядамі і Божым Нараджэннем!

ЗОРКА

Ноч была, як, здаецца, і ўсе

у далінах ссівелых Юдэі:

Стыг пуцінамі пыл пакрысе,

і сляды, і надзённыя дзеі...

Брала моўчкі ў абдымкі сутонь

гліну й камень парогаў... вуголле,

гэн і гэт недагаслы агонь...

студні... ніўкі... пальмовае голле...

Найдаўжэй мо не спаў Віфлеем:

не хапіла вады там сягоння

ні людзям, ні вярблюдам, хай сем

вадаёмаў у месце... I ганіў,

кляў уголас прыбылы народ

доўга ўладу, парадкі, аж сцішыў

сон прысталы Давідавы род:

патанула і места у цішы...


Ды няхай і была, як усе,

гэта ноч, - а ў нябёсных суквеццях,

як лілея у срэбнай расе,

ззяла зорка, нязнаная ў свеце.

Хто тут бачыў такую калі?

Нат дзяды, цягам год гаратлівых,

час-часом зрок узняўшы з зямлі,

не спасціглі шчэ гэткага дзіва.

А яна зігацела, маўляў

само сонца. Плыла й зігацела,

аж святлом налілася зямля,

хваляваннем дзіўным затрымцела.

Палі пастыры ніцма ў палёх,

пазбіваліся ў гурты авечкі,

ветры й тыя стулілі крыллё -

затрымаліся зорка... і вечнасць...


Бо ў пячоры за мескай сцяной

гэтай ночай

сышліся ўсе згадкі,

ўсе чаканні, жылі што даўно:

Нарадзіла Марыя

Дзіцятка!

О, маленькая светлая ззянь

на трысці ды саломе, Табою

з цемры, з вусцішы чорнай рыззя

свет устаў, свайго шчасця не ўтоіць.

Глянь, сагнулася зло, папаўзло

ў ноч з-пад сэрцаў людскіх, з-пад парогаў,

Нарадзілася!

Ззяе святло!

Слава ж,

слава на ўзвышшах - Богу!

Наталля Арсеннева.


Увага

У студзені 2014 г. у сядзібе ТБМ у межах кампаніі "Будзьма" працягвае працаваць гістарычная школа "Гісторыя ў падзеях і малюнках" пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Алега Трусава.

У снежні заняткі адбудуцца: 6 студзеня (панядзелак), 13 студзеня (панядзелак), 20 студзеня (панядзелак), 27 студзеня (панядзелак). Пачатак а 18-й на вул. Румянцава, 13. Уваход вольны.


215 гадоў з дня нараджэння Адама Міцкевіча

Гісторыя еўрапейскай культуры ведае выпадкі, калі за права назваць выдатнага пісьменніка сваім земляком вяліся і вядуцца гарачыя спрэчкі. Гэта датычыцца і месца нараджэння выдатнага паэта-рамантыка XIX ст. Адама Міцкевіча. Адны называюць Наваградак на Гарадзеншчыне, другія - Завоссе, што ў Баранавіцкім раёне, трэція прытрымліваюцца версіі, што Адам Міцкевіч нарадзіўся ў карчме па дарозе з Завосся ў Наваградак. Усё ж большасць навукоўцаў лічыць, што геніяльны паэт нарадзіўся ў Завоссі 24 снежня 1798 г.

Бацькі паэта Мікалай і Барбара Міцкевічы належалі да беларускай шляхты. Праўда, бацька займаўся ўжо адвакацкай дзейнасцю, і сям'я жыла ў Наваградку. Тут і прайшлі дзяцінства і ранняе юнацтва Адама. Прырода, гісторыя, фальклор краю аказалі выключны ўплыў на творчасць паэта. Наваградак - першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага. Тут зараджалася, набіралася сілы магутная беларуская дзяржава. У самім Наваградку, у яго ваколіцах захаваліся яшчэ жывыя сляды даўняй гісторыі. Вандроўныя лірнікі на кірмашах усхвалялі ў сваіх песнях патрыятызм і гераізм продкаў у барацьбе супраць чужынцаў. На тых самых кірмашах гучалі і беларускія лірычныя песні. Слуга Міцкевічаў Блажэй меў талент казачніка, і вечарамі Міцкевічавы дзеці з заміраннем сэрца слухалі яго казкі. Чаравала польскімі народнымі песнямі служанка Гансеўская.

На Наваградчыне жыло шмат сваякоў Міцкевічаў, сяброў Адама па школе і ўніверсітэце. Летам Міцкевічы жылі ў вёсцы. У шляхецкіх сядзібах юнак праводзіў свае летнія канікулы. Тут паэт прымаў удзел у абрадавых святах, далучаўся да песень, легендаў і паданняў краю. Беларускі фальклор жывіў талент пісьменніка, надаваў свежасць і арыгінальнасць яго творам, спрыяў таму, што ў хуткім часе Міцкевіч стаў на роўных побач з найвялікшымі еўрапейскімі паэтамі-рамантыкамі.

Гістарычная Літва (сучасная Беларусь) была, па прызнанні паэта "калыскай яго дум і натхнення". "Літва! Бацькоўскі край..." - такімі словамі пачынаецца яго паэма "Пан Тадэвуш", напісаная ў эміграцыі. Калі Адаму Міцкевічу споўнілася восем гадоў, яго аддалі на вучобу ў дамініканскую школу ў родным горадзе, дзе ён правучыўся дзевяць гадоў. Уражанні ад гэтай школы ў паэта былі дваістыя. З аднаго боку, дамініканская школа дала грунтоўныя веды і заклала асновы бліскучай адукацыі Міцкевіча. 3 другога - суровы рэжым у гэтай навучальнай установе не мог пакінуць цёплых успамінаў пра гады навучання ў Наваградку.

Час вучобы паэта ў Віленскім універсітэце - вельмі важны перыяд у жыцці Адама Міцкевіча. Ён трапляе ў цікавае асяроддзе. Выкладчыкі былі людзьмі сапраўднай вучонасці, здольнымі захапіць студэнтаў навукамі, далучыць цікаўную моладзь да каштоўнасцяў сусветнага ўзроўню. Прафесары вызначаліся палкім патрыятызмам і балюча перажывалі паняволенне радзімы, страту ёю дзяржаўнасці. Іх настроі і ідэалы перадаваліся студэнтам, якія таксама выхоўваліся на патрыятычных традыцыях сваіх сем'яў і краю.

У час навучання ў Віленскім універсітэце Адам Міцкевіч быў адным з ініцыятараў стварэньня тайнага студэнцкага згуртавання - Таварыства філаматаў ("тых, хто імкнецца да ведаў"), якое адыграла важную ролю не толькі ў жыцці і творчасці паэта, але і ў беларускім нацыянальным Адраджэнні. Праз нейкі час дзеля пашырэння сваіх поглядаў маладыя людзі арганізавалі аддзяленні прамяністых і філарэтаў ("тых, хто любіць дабрачыннасць"). Хоць пасля заканчэння ўніверсітэта паэт быў накіраы на працу настаўнікам лацінскай мовы ў Коўню, але з Таварыствам меў цесныя стасункі.

У час вучобы ва ўніверсітэце Адам Міцкевіч пачаў пісаць. Найбольш папулярным творам той пары была яго "Ода да маладосці". У першых сваіх літаратурных спробах юнак прытрымліваўся патрабаванняў эстэтыкі класіцызму, але хутка памяняў творчую арыентацыю і стаў паэтам-рамантыкам. Крыніцай яго творчага натхнення былі фальклор і гісторыя Наваградчыны. У пераходзе Адама Міцкевіча да рамантызму, у яго творчым узлёце асаблівую ролю адыграла каханне да Марылі Верашчакі. Верашчакі - шляхецкі беларускі род. Галоўная іх сядзіба ў часы Міцкевіча знаходзілася ў Туганавічах (цяпер Баранавіцкі раён).

У 1823 г. улады даведаліся пра дзейнасць Таварыства Філаматаў і Філарэтаў. Пачаліся арышты. Быў зняволены і Адам Міцкевіч, які на той час знаходзіўся ў Вільні, бо ўзяў у гімназіі двухгадовы адпачынак і займаўся творчай працай. Гэта быў ужо вядомы паэт, аўтар зборніка рамантычнай паэзіі "Балады і рамансы", пралога да паэмы "Дзяды" і паэмы "Гражына". Прысуд маладым патрыётам быў суровы: большасць з іх, у тым ліку і Міцкевіч, высылалася ў аддаленыя губерні Расейскай імперыі. Тады ён яшчэ не ведаў, што гэта развітанне з Літвою назаўсёды, што ён стане выгнаннікам да канца сваіх дзён.

Такім чынам у аснове светапогляду Адама Міцкевіча ляжыць ліцвінска-беларускі пачатак. І менавіта з гэтага пачатку вырас паэт сусветнага рангу.

Родны вобразы.

Вандроўка па Вільні разам з Максімам Багдановічам


Ад рэдакцыі.

У гэтым годзе споўнілася 100 гадоў, як быў выдадзены адзіны прыжыццёвы зборнік Максіма Багдановіча. З гэтай нагоды ў лістападзе 2013 г. ў Літаратурным музеі М. Багдановіча адбылася Міжнародная канферэнцыя, пра якую мы ўжо паведамлялі раней. Цяпер прапануем вам азнаёміцца з цікавым дакладам Алега Трусава, аднаго з ўдзельнікаў вышэй згаданай канферэнцыі.

У пачатку ХХ ст. старадаўняя сталіца Беларусі і ВКЛ Вільня становіцца цэнтрам духоўнага, культурнага і палітычнага жыцця беларусаў. Менавіта тут пачала фармавацца беларуская нацыянальная ідэя, адным з выразнікаў якой і стаў Максім Багдановіч.

Вільня вабіла таленавітых і актыўных асоб не выпадкова. Не толькі старажытныя архітэктурныя помнікі, але і імклівы прагрэс надаваў гораду такое прыцягальнае аблічча. Пасля таго, як у 1860-1862 гг. праз Вільню была пракладзена чыгунка Санкт-Пецярбург-Варшава, горад хутка пачаў расці. У 1893 г. тут з'явілася конка, у 1896 г. - тэлеграф і тэлефон, у 1905 г. на вуліцах Вільні з'явіліся першыя аўтамабілі, а ў 1908 г. - трамваі.

І ў 1911 г., якраз калі горад наведвае Багдановіч, насельніцтва Вільні склала ўжо 186 тысяч чалавек. Нават не гледзячы на часы русіфікацыі цягам ХІХ ст., перабудову касцёлаў у праваслаўныя цэрквы, закрыццё ў 1832 г. Віленскага ўніверсітэта, горад становіцца для жыхароў былога ВКЛ сімвалам мінулага хараства страчанай дзяржавы. За Вільняй замацоўваецца статус святыні, помніка нацыянальнай культуры ў першую чаргу для гістарычных ліцвінаў, характэрным прадстаўніком якіх быў Адам Міцкевіч - удзельнік польскамоўнага ліцвінскага руху, што працягваўся да канца ХІХ ст. - пачатку ХХ ст. З 1883 г. пачалося літоўскае (альбо летувіскае) адраджэнне, калі ва Усходняй Прусіі з'явілася іх першая газета "Auszra". Літоўская інтэлігенцыя таксама пачала прэтэндаваць на Вільню, як на сваю спрадвечную гістарычную сталіцу.

Пачынальнікам жа беларускага адраджэння лічаць Францішка Багушэвіча, які таксама жыў і працаваў у Вільні з 1884 да 1898 г. адвакатам у Акруговым судзе, што мясціўся ў былым палацы Тышкевічаў. Якраз на Віленскі перыяд жыцця прыпадае большая частка літаратурнай дзейнасці Багушэвіча.

Дзякуючы таму, што ў Вільні ў пачатку ХХ ст. дзейнічаюць разнастайныя беларускія грамадскія арганізацыі, выходзяць беларускія газеты і кнігі, горад становіцца сапраўднай сталіцай для беларускага народа. Менавіта тут беларуская інтэлігенцыя пачынае распрацоўваць беларускую нацыянальную ідэю, для чаго быў распачаты пошук у нашай гісторыі агульнай нацыянальнай калектыўнай ідэі. Поспеху ў гэтым дасягнуў вядомы грамадскі дзеяч і пісьменнік Вацлаў Ластоўскі, які ў 1910 г. у Вільні напісаў і выдаў у друкарні Марціна Кухты асобнай кнігай "Гісторыю Беларусі", як гісторыю самастойнай краіны і народа. Ён першым сфармуляваў палажэнні аб беларускай дзяржаўнасці ў часы Полацкага княства і лічыў ВКЛ менавіта беларускай дзяржавай.

Нямала даведаўся ад Ластоўскага і Багдановіч, калі ў чэрвені 1911 г. прыехаў у Вільню і на дзве ночы застаўся ў рэдакцыі газеты "Наша ніва", што размяшчалася на вуліцы Завальнай, дзе разам яны вялі гутаркі "ад змяркання да світання". Асаблівае ўражанне зрабілі на Багдановіча рукапісы старажытных кніг і дакументаў, а таксама слуцкія паясы. Багдановіч цалкам падзяляў погляды Ластоўскага і плённа працаваў на тое, каб беларускую літаратуру можна было вымяраць "еўрапейскай меркай".

З Вільняй звязаў свой лёс і выпускнік 2-ой Віленскай гімназіі Браніслаў Тарашкевіч, якога кіраўніцтва "Нашай нівы" накіравала на вучобу да акадэміка Аляксея Аляксандравіча Шахматава ў Пецярбург з мэтай напісаць першую граматыку сучаснай беларускай мовы. Такім чынам, Тарашкевіч стаў звязаны і з Багдановічам, якога першапачаткова хацелі адправіць вучыцца да Шахматава, але паўночны клімат не дазволіў паэту ехаць у Санкт-Пецярбург.

Наведаўшы Вільню, Багдановіч зрабіў немалы ўнёсак у нашу культуру. Уражаны архітэктурай і гарадской аўрай Вільні ён прысвяціў гораду і яго асобным помнікам некалькі неўміручых вершаў, аб'яднаных у нізцы "Места". Дарэчы цікава, што Багдановіч, які жыў у рускамоўным асяроддзі, ужываў старажытную беларускую назву гарадскога паселішча "места". Гэты тэрмін вядомы з ХІІІ ст., калі нашыя продкі называлі так паселішча гарадскога тыпу, адрознае ад замка. Места - гэта ўся гарадская тэрыторыя разам з замкам (градам) і гарадскімі кварталамі, часта абнесеная абарончым валам, альбо мурамі з абарончымі вежамі, як у гістарычнай забудове Вільні. За гарадскім валам знаходзіліся прадмесці, а жыхароў горада называлі месцічамі. Таму слова "места", якое захавалася ў польскай і літоўскай мовах, варта было б вярнуць і ў сучасную беларускую мову, дзе ёсць блізкае слова "мястэчка".

Надрукаваныя ў зборніку "Вянок" і аб'яднаныя пад агульнай назвай вершы ўрбаністычнага характару прысвячаюцца Вільні і яе духу. Але паэт яшчэ не аднойчы вернецца да апісання горада і ў сваіх іншых вершах, згадаўшы, напрыклад, унікальны помнік позняй готыкі касцёл св. Ганны, вежу-званіцу з гадзіннікамі на плошчы Гедыміна, вельмі старажытную Медніцкую вежу-браму з размешчаным наверсе гербам ВКЛ "Пагоняй" (пазней вежа стала называцца Вострай брамай).

Разгледзім гісторыю гэтых старажытных помнікаў архітэктуры больш падрабязна.

Фундатарам будаўніцтва касцёла св. Ганны быў Вялікі князь Аляксандр у 1495-1500-х гг. По-тым гаспадары змяняліся, пакуль з 1581 г. тут не запанавалі бернардынцы. Пасля вялікага пажару будынак у 1574-1582 гг. быў капітальна адрамантаваны ў стылі позняй беларускай готыкі. Менавіта тады і з'явіліся ўнікальныя зорчатыя скляпенні ў інтэр'ерах касцёла, аб'ём якога мае памеры 19х8,7 м. На прыгажосць і адметнасць пабудовы ўказвае і добра вядомая многім гістарычная легенда пра тое, як у 1812 г. на гэты помнік беларускага дойлідства звярнуў увагу імператар Францыі Напалеон, які, пасля ўзяцця горада, нібы сказаў у захапленні ад прыгажосці храма наступнае: "Калі б я мог паставіць гэты касцёл на далонь, я перанёс бы яго ў Парыж". Багдановіч жа ў вершы "Касцёл св. Анны ў Вільні" раіў прыйсці да будынка, "каб залячыць у сэрцы раны, забыць пра долі цяжкі глум".

У ХІХ і пачатку ХХ ст. адбылася апошняя рэстаўрацыя касцёла, і Багдановіч пабачыў яго ў тым выглядзе, у якім той захаваўся да нашых дзён. У другой палове ХХ ст. гэтаму помніку прысвяцілі шматлікія публікацыі як літоўскія, так і беларускія даследчыкі. Сярод такіх даследчыкаў можна адзначыць Альге Янкявічэне з яе кнігай на літоўскай мове "Ансамбль готыкі Вільні", выдадзенай у Вільні ў 1981 г. Сп. Альге ў свой час надрукавала і ў беларускім часопісе "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі" цудоўны артыкул пра беларускую готыку, які вельмі не спадабаўся мясцовым цемрашалам. "Якая готыка можа быць у "лапцюжнікаў"-беларусаў?" - абураліся яны і пісалі лісты-скаргі ў адпаведныя інстанцыі. Літоўцы ў свой час заснавалі цудоўную серыю брашурак, прысвечаных шэдэўрам мясцовай архітэктуры. Я набыў у Вільні ў 80-ых гг. мінулага стагоддзя шмат гэтых выданняў і прывёз у выдавецтва "Полымя", прапанаваўшы заснаваць падобную серыю ў Беларусі. Рэдакцыя пагадзілася і ў 1989 г. выйшла першае выданне. У 1990 г. я выдаў у межах гэтай серыі кніжачку пра Лідскі замак "Старадаўніх муроў адраджэнне. Мінулае і сучаснасць Лідскага замка" накладам 20 тысяч асобнікаў.

Пра славутую вежу-званіцу каля Кафедральнага сабора паэт пісаў у вершы "Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць!" так: "І на вежы, як круглае вока савы, цыферблат - пільны сведка мінулых учынкаў". І, сапраўды, вежа вельмі старажытная, асабліва яе ніжняя акруглая частка. Калі ж у 1786-1801 гг. слынны беларускі дойлід, прафесар Віленскага ўніверсітэта Лаўрэн Гуцэвіч перабудаваў галоўны сабор Вільні ў стылі класіцызму, то і вежа набыла пэўныя відазмяненні - трохпавярховую васьмігранную надбудову. Самы верхні паверх з кожнага боку аздобілі гадзіннікамі, што і ўразіла Багдановіча.

І ўсё ж адным з самых вядомых і найпрыгажэйшых вершаў паэта з'яўляецца "Пагоня", прысвечаная Вострай браме - знакамітаму помніку Вільні (асаблівую вядомасць якому сярод беларусаў і прынёс твор Багдановіча) і размешчанай наверсе будынка выяве герба ВКЛ.

Вострая брама была пабудавана ў 1503-1514 гг., як частка гарадскіх умацаванняў, і, паколькі кантралявала дарогу на Меднікі (ці Медзінінкай), спачатку атрымала назву Медніцкай брамы. Дарэчы, Медніцкі гасцінец - гэта старажытная дарога з Вільні да Менска. А ўжо ў другой палове XVI ст. вежу-браму перабудавалі ў стылі позняй готыкі і маньерызму, але захаваліся круглыя гарматныя байніцы. Тады ж фасад і быў аздоблены гербам ВКЛ "Пагоняй". На старажытных планах памер пабудовы пазначаўся 11,2х10,2 м. За брамай пачыналася паўднёвае прадмесце Вільні, якое называлася Востры канец і таму з 1556 г. назву змянілі на Вострую браму. У 1711-1712 гг. з боку горада да вежы-брамы прыбудавалі мураваную капліцу, дзе знаходзіцца абраз цудатворнай Божай маці Вастрабрамскай, шырока вядомай як у Літве, так у Польшчы і Беларусі.

Багдановіч у сваіх вершах даў апісанне не толькі помнікаў Вільні, але і яе жыхароў, цэлых вуліц і дворыкаў, што дазваляе назваць яго паэтычным летапісцам тагачаснага жыцця віленчукоў. У якасці прыкладу можна прыгадаць вершы: "На глухіх вулках - ноч глухая", "У Вільні", "Ад спёкі пышуць дахі і асфальт" і іншыя. Дарэчы, у Менску асфальт з'явіўся толькі ў 30-ыя гады ХХ ст., што чарговы раз указвае на прагрэсіўнасць і адметнасць Вільні пачатку ХХ ст. Гэтую адметнасць і рамантызаваў Багдановіч, дзякуючы якому яна стала для беларускай паэзіі сімвалам "вечнага горада, беларускай Мекай".

Пра Вільню таксама пісалі Якуб Колас і Янка Купала, Наталля Арсеннева і Алаіза Пашкевіч, Максім Гарэцкі і Уладзімір Жылка, Уладзімір Караткевіч і Сяргей Панізнік, Адам Глобус і многія, многія іншыя. Таму ў экспазіцыі музея Максіма Багдановіча помнікам архітэктуры нашай старажытнай сталіцы, безумоўна, трэба надаць належнае месца.

Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук.

На здымках: кніга Альге Янкявічэне"Ансамбль готыкі Вільні" з выявай касцёла Св. Ганны на вокладцы; панарама Вільні з Вострай брамай на пярэднім плане; плошча Гедыміна.


Ангела Эспіноса - інспанка, якая вывучае ў Гранадзе славянскую філалогію

Дзяўчына год таму ўзялася самастойна вывучаць беларускую мову і нядаўна завяла адмысловы блог "Іншаземка, якая піша па-беларуску".

Днямі яна апублікавала там пост "10 добрых прычын, каб размаўляць па-беларуску", паведамляе Generation.by.

10. Мова - скарб. Трэба захоўваць і берагчы кожную мову. Кожныя 14 дзён на Зямлі памірае адна мова, па статыстыцы ЮНЕСКА.

9. У беларускай мове маецца шмат архаізмаў, структур і функцый, якіх няма ў іншых славянскіх мовах. I ўнікальная літара "ў". Яна таксама дапамагае лепш разумець этымалогію і граматыку іншых моў (паверце мне, я вывучаю славянскія мовы ўжо 5 гадоў).

8. Беларуская літаратура проста цудоўная (Купала, Багдановіч, Колас, Быкаў... І памойму ў вашай сям'і Цётка лепш, чым Бацька).

7. Праз мову можна шмат цікавага даведацца пра культуру нацыі і атрымаць доступ да фальклору.

6. Па-беларуску граюць выдатную музыку. Асабліва рок. Спяваць весялей, калі разумееш тэкст. І ўсе любяць спяваць, нават калі толькі ў душы.

5. Сродкі масавай інфармацыі на беларускай мове пакажуць табе іншы пункт гледжання на многае.

4. Хай і гэта не большасць, ёсць людзі, якія адчуваюць сябе больш камфортна, калі гавораць па-беларуску, і ты зможаш быць бліжэй да іх.

3. На беларускай можна захоўваць больш таямніц, чым на іншых больш папулярных мовах.

2. Беларуская мова вельмі, вельмі, вельмі эратычная.

1. Калі нейкая іспанка можа, значыць, і ты можаш! Ці ты баязлівец?

Generation.by.


Беларусі - адзіную дзяржаўную мову

У Беларусі ва ў сіх сферах дзяржаўнага і грамадскага жыцця наша родная мова мэтанакіравана выціскаецца з ужытку і трымаецца толькі на энтузіазме людзей свядома адданых служэнню сваёй Айчыне, якія з'яўляюцца сапраўднымі патрыётамі сваёй шматпакутнай Бацькаўшчыны.

Выцясненне роднай мовы пачалося пасля правядзення ў 1995 годзе ганебнага для нас, беларусаў, рэферэндума, калі ў Беларусі рускай мове быў нададзены статус другой дзяржаўнай мовы. У выніку гэтага у гарадах Беларусі былі ліквідаваны беларускамоўныя школы і садкі, а беларуская мова ў рускамоўных школах пачала выкладацца на ўзроўні замежнай мовы. Такі ж працэс паглядваецца і ў сельскай мясцовасці краіны.

Сёння многія маладыя людзі, якія закончылі рускамоўныя школы, амаль не валодаюць сваёй роднай беларускай мовай. І самае страшнае тое, што ў бліжэйшы час для развіцця беларускай мовы не відаць прасвету, бо выкладанне ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах вядзецца на рускай мове.

Сёння, іншым разам, складана размаўляць з моладдзю па-беларуску.

Прывяду толькі адзін прыклад такой размовы.

У жніўні 2013 года, зайшоўшы ў будынак жыллёва-эксплуатацыйнай службы № 2 (ЖЭС-2) горада Салігорска, я звярнуўся да маладой жанчыны, апрацоўшыцы камунальных заявак, і сказаў ёй:

- Калі ласка, прыміце маю заяўку. У двары на дзіцячай пляцоўцы неабходна адрамантаваць лаўку, замяніць на спінцы лаўкі зламаную дошку.

Жанчына моўчкі ўтаропілася ў мяне, не зразумеўшы да канца, што я ад яе хачу.

Склаўшуюся сітуацыю разрадзіла пажылая масцярыца ЖЭС-2, якая якраз знаходзілася побач. Яна перавяла маю заяўку на рускую мову.

І такіх прыкладаў можна прывесці мноства. Дык да чаго ж мы дажыліся, браткі- беларусы?

У Салігорску ў эксплуатацыю ўводзіцца вялікая колькасць прыватных сацыяльна-грамадскіх аб'ектаў - крамаў, маркетаў, гандлёва-забаўляльных цэнтраў, аптэк і г.д., у якіх уся вонкавая знешняя і ўнутраная, інфармацыя падаецца толькі на рускай мове, а то і на англійскай.

На вуліцах Салігорска зрэдку можна сустрэць, беларускае слова. А на Доме Саветаў вісіць шыльда на якой назвы Салігорскіх уладных структур - райвыканкама і райсавета выкананы толькі на рускай мове. Такога не назіралася нават у савецкі час, калі назвы дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў на шыльдах былі выкананы на дзвюх мовах беларускай і рускай.

Салігорскімі актывістамі, сябрамі Салігорскай гарадской арганізацыі імя Францішка Скарыны, старшыня Мікола Шаравар, і з удзелам аўтара гэтых радкоў у 2013 годзе ў Салігоскі райвыканкам было накіравана 7 заяў з прапановамі па прывядзенні ў горадзе Салігорску вонкавай інфармацыі ў адпаведнасць з патрабаваннем артыкула 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі і Закона "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", згодна з якімі беларускае слова павінна быць паўсюдна на першым месцы.

Але, як кажуць, воз і дагэтуль там. З боку Салігорскага райвыканкама кантроль за выкананнем моўнага заканадаўства не наладжаны і на сённяшні дзень адсутнічае. Раённае кіраўніцтва абмежавалася толькі адпіскамі на нашыя заявы, вынятка адной з якіх прыводзіцца ніжэй:

"Салігорскі раённы выканаўчы камітэт... згодна а ртыкула 2 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" у нашай краіне забяспечваецца ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай і рускай моў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.

Згодна артыкула 31 вышэй названага закону афіцыйныя назвы дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і саманіравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб'яднанняў даюцца на беларускай і (або) рускай мовах.

Старшыня - А. Б. Рымашэўскі".

Каб наша родная мова займела рабочы, а не дэкаратыўны, статус нам ужо сёння неабходна пачаць акцыю па зборы подпісаў за адраджэнне у Беларусі адзінай дзяржаўнай мовы - беларускай. Час новага этапу нацыянальнага Адраджэння не за гарамі.

Зберагчы і захаваць нашу спадчыну і яе нацыянальны здабытак, аснову нацыі і дзяржавы - родную мову, наш патрыятычны абавязак.

Жыве Беларусь!

Уладзімір Масакоўскі , г. Салігорск.


"Творцы з гомельскай зямлі"

падаравалі на юбілеі славутага выдавецтва "Чатыры чвэрці", які адбыўся 6 снежня 2013 года. Яе напісаў вядомы рэжысёр і акцёр Мікола Макарцоў, які памёр у 2012 годзе.

У кнізе прадстаўлены партрэты творцаў, імёны якіх вядомы не толькі на Гомельшчыне, але і ва ўсёй краіне: Юры Васілеўскі, Фёдар Іваноў, Валянціна Пранішнікава, Ігар Шошын, Мікола Котаў, Валянцін Краўцоў, Юры Мінін, Лілея Зорына, Таццяна Курбатава, Вадзім Юрлоў, Уладзіслаў Карака, Юры Фейгін, Ада Кузьмянкова, Пётр Біжуноў, Мікалай Манец, Пятро Фей, Яўгенія Канькова, Ірына Данілава, Мікалай Ліпаў, Мікалай Кухарэнка, Валянцін Пакаташкін, Алесь Фядотаў, Сафія Шах, Ізяслаў Катляроў... Гэта - рэжысёры, акцёры, дырыжоры, хормайстры, мастакі, паэты, балетмайстры, музыкі, народныя майстры...

Артыкулы пісаліся паводле аўтарскіх радыёперадач у апошнія гады жыцця.

Кніга мае наклад 300 асобнікаў. Яна будзе карысна не толькі для творчых людзей, але і для тых чытачоў якія неабыякавыя да айчыннай культуры! Кніга мае добрыя фотаздымкі. Яе цікава чытаць.

Аляксей Шалахоўскі , краязнавец, гісторык.


Прыказкі-блізняты

"Ядро і сок мовы" - такую ацэнку прыказкам даў Саламон Рысінскі. Ён быў першым збіральнікам беларускіх прыказак. Яго "Зборнік прыказак" упершыню пабачыў свет у 1618 годзе ў Любчы (Наваградскі раён), пасля неаднаразова перавыдаваўся (1620, 1621, 1629). Як лічыць даследчык гэтага помніка Я.І. Парэцкі, каля 500 прыказак з 1800 зафіксаваных у зборніку захаваліся ў Беларусі і цяпер. Збіральнік некалькі дзесяцігоддзяў запісваў устойлівыя, узнаўляльныя народныя выказы на землях, тэрытарыяльна адпаведных сучаснай Беларусі. А нарадзіўся ён у вёсцы Рысін на Полаччыне (прыблізна ў 60-я гады XVI ст.).

Прыказкі, вядомыя яму або пачутыя на землях нашых продкаў, С. Рысінскі друкаваў у зборніку па-польску, а тлумачыў на лацінскай мове. Таму, натуральна, вельмі многія з гэтых народных выразаў сёння фіксуюцца як у беларускіх, так і ў польскіх прыказкавых даведніках. У шматлікіх выпадках не магчыма адназначна выявіць, канкрэтна ў якой мове (беларускай або польскай) пачынала сваё жыццё тая ці іншая прыказка. Як пісаў Я. Карскі, "хто мог бы, напрыклад, падумаць, што прыказка "Ласкавае цяля дзвюх матак ссе" знаходзіць для сябе паралель у візантыйскай грэчаскай прыказцы "То kalon armin duo mannas budzanei" , дзе выступае ягня, і, значыць, міжнароднага паходжання.

Супастаўляючы прыказкі, змешчаныя ў зборніку С. Рысінскага і зафіксаваныя ў беларускіх і польскіх парэміяграфічных слоўніках, можна вылучыць некалькі груп.

1. Прыказкі, скалькаваныя з іншых моў. Так, у беларускай мове прыказка Груган гругану вока не выдзеўбе існуе і ў такіх разнавіднасцях: Крумкач крумкачу вока не выдзеўбе, Воран ворану вока не выклюе . Параўнаем у польскай мове: Kruk krukovi oka nie wykole (nie wydziobie) . У абедзвюх мовах гэтая прыказка - калька з лацінскай мовы: Corvus okulum corvi non cruet . Аналагічным шляхам прыйшла ў абедзве мовы, напрыклад, і прыказка Што галава, то і розум (Co glova, to rozum) .

2. Прыказкі, якія ў беларускай мове з'яўляюцца запазычаннем або паўкалькай з польскай мовы. Панскае вока каня тучыць (абазначае 'ласкавае слова, добрыя адносіны да каго-небудзь дапамагаюць у справе') - запазычанне з польскай мовы. А гэта - паўкалькі: Спяваць дарма - баліць гарла ('справа не вартая патрачаных сіл, часу і пад.'); Шляхціц на сваім гародзе ровен ваяводзе ('у сваім доме, у сваёй гаспадарцы чалавек паводзіць сябе незалежна'); Што задужа, то не здрова ('залішняе, празмернае не ідзе на карысць').

3. Прыказкі, якія склаліся ў беларускай мове не без польскага ўплыву: Без працы не будзеш есці каляцы (гаворыцца як павучанне працаваць) створана пад уплывам польскай прыказкі Bez pracy nie ma kolacy . Яшчэ прыказкі: Бяла не бяла, абы ваду відала; Дзе фэст, там і я ест; Злазь з даху і не псуй гонту; Каб не дзірка ў роце, хадзіў бы ў злоце; Пайшоў па попел, а чорт ухопіў.

Найбольшую ж групу складаюць прыказкі аднолькавага ці амаль аднолькавага гучання ў абедзвюх мовах; калі некаторыя з гэтых прыказак ёсць у суседніх мовах (украінскай ці рускай), дык яны адрозніваюцца кампанентным складам. Няма хоць бы нязначных падстаў, каб сцвярджаць, што пэўная прыказка стала ўжывацца раней у беларускай мове, чым у польскай, або - наадварот. Такія парэміі ўмоўна можна назваць прыказкамі-блізнятамі. Між іншым, калі звярнуцца да "Гістарычнай лексікалогіі беларускай мовы" (Мінск, 1970, с. 73), то тут многія агульныя для беларускай і польскай моў словы (да прыкладу: альбо, бачыць, гук, крок, падлога, трэба, троху, хіба ) кваліфікуюць як "уласнабеларускую лексіку", з чым, аднак, наўрад ці можна пагадзіцца.

Вось некаторыя прыказкі-блізняты: Быў конь, ды з'ездзіўся - Byl kon, ale sie zjezdzil; Госць у дом, бог у дом - Gosc w dom, Bog w dom; Згода будуе, а нязгода руйнуе - Zgoda buduje, niezgoda rujnuje; Купіў не купіў, а патаргавацца можна - Kupil nie kupil, potargowac mozna; На бязлюддзі і поп чалавек - Na bezludziu i pop czlowiek; Не вучы рыбу плаваць - Nie ucz ryby plawac; Няма роду без выроду - Nie ma rodu bez wyrodu; Свая сярмяжка не цяжка - Swoja siermiezka nie ciezka; Хто спіць, той не грашыць - Kto spi, ten nie grzeszy; Чужая рана не баліць - Cudza rana nie boli; Чым хата багата, тым і рада - Czym chata bogata,tym rada.

Асобныя прыказкі - двухзначныя. Напрыклад, З вялікай хмары малы дождж (Z wielkiej chmury maly deszcz) у абедзвюх мовах ужываецца як у прамым значэнні (у дачыненні да хмары і дажджу), так і ў пераносным 'якая-небудзь гучная напачатку, шумная справа часам завяршаецца нікчэмнымі вынікамі'. Зрэшты, прыметнікавыя кампаненты гэтай прыказкі рэалізуюць квазісемантычныя значэнні: "з вялікай (хмары)" абазначае 'значнай па велічыні і памерах', а "малы (дождж) - 'слабы, кароткі, непрацяглы'.

Усё можна, толькі (ды) асцярожна (Wszystko mozna, byle z ostrozna) - кантэкстуальная прыказка, выкарыстоўваецца толькі ў дыялагічным маўленні і выступае як рэакцыя на слова можна ці няможна ў папярэднім выказванні.

Ёсць і яшчэ шэраг беларускіх прыказак, аднолькавых з адпаведнымі польскімі: Жыву як гарох пры дарозе - хто ідзе, той і скубе; Надзея - матка дурных; На пахілае дрэва козы скачуць; Скупы два разы траціць; Што край, то і абычай; Што праўда, то не грэх.

Амаль усе яны, як і прыказкі папярэдніх груп, фіксуюцца і ў зборніку С. Рысінскага.

Іван Лепешаў.


Пісьменнік Іван Кандрацьеў - наш зямляк

Беларусы - таленавіты народ, які раскідвае свае таленты па свеце і забывае іх збіраць. Хоць даўно ўжо наспеў той час, калі трэба збіраць іх у сваю грамаду. Усе ведаюць аповесць А. Пушкіна "Дуброўскі", якую вывучалі ў школе. А ці ведаюць нават настаўнікі літаратуры, што А.С. Пушкін сумеў спісаць вобраз Дуброўскага з натуры. Гэта быў збяднелы беларускі шляхціц з мястэчка Раванічы Ігуменскага (цяпер Чэрвенскага раёна) Павел Астроўскі, які нарадзіўся там у 1810 годзе, удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў у Беларусі. Паэт Пушкін сустрэў Астроўскага ў Пскоўскім астрозе. І што цікава, Астроўскі ўцёк з астрога і недзе знік. Яго не знайшлі, а пасля і шукаць перасталі. І звярніце ўвагу, як са звычайнага беларускага паўстанца, Аляксандр Сяргеевіч напісаў цікавы вобраз бунтара, які кахае суседскюю паненку. І такім чынам Пушкіну ўдалося абмануць цэнзуру і расказаць пра беларускага паўстанца.

А цяпер пра рускага пісьменніка Івана Кандрацьева (1849 - 1904), які жыў і пісаў у Маскве. А нарадзіўся ён у вёсцы Каловічы, што каля Вілейкі. Па бацьку ён Казіміравіч, але запісалі Кузьміч. Іван Казіміравіч - паэт-песеннік, гісторык, драматург, краязнавец. А чаму мы пра яго нічога не ведаем? Справа ў тым, што яго творы не заўсёды ўпісваліся ў афіцыйную ідэалогію бальшавікоў, а таму і забыліся пра яго. Нагадаю, што я ў 1957 годзе закончыў сярэднюю школу і нічога не ведаў пра паэта Сяргея Ясеніна. Пра яго на ўроках не гаварылі, а кнігі не друкаваліся.

Вось цяпер і творы Івана Кандрацьева ў Расіі вяртаюцца з забыцця. А нам у беларускую літаратуру вяртае Івана Кандрацьева яго зямляк-аднавясковец Аляксандр Іванавіч Смолік, беларускі гісторык, доктар культуралогіі. Сёлета ён выдаў кнігу "Божы дар Іван Кандрацьева" (Мінск, БДУКМ, 2013). Кніга немалая - 260 старонак. У ёй аўтар распявадае пра творчую спадчыну і жыццёвы лёс свайго земляка, які быў славуты і вядомы ў другой палове ХІХ стагоддзя ў Расіі. Як піша ў прадмове да гэтай кнігі Б.У. Святлоў (міністр культуры Рэспублікі Беларусь): "Шлях да кнігі быў доўгі і складаны. Аўтар шукаў матэрыял у архівах, бібліятэках, кнігарнях, букіністычных крамах, але знайсці звесткі пра літаратара з Віленшчыны не ўдавалася… Толькі ў літоўскіх архівах і Віленскай бібліятэцы пашанцавала натрапіць на асобныя звесткі аб пачатку творчай дзейнасці пісьменніка. Творы, што складаюць літаратурную спадчыну І.К. Кандрацьева, у асноўным сканцэнтраваны ў Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы, якая стала на працяглы час рабочым кабінетам А. І. Смоліка".

Кніга пра Кандрацьева складаецца з дзвюх частак: "На роднай глебе", "Масква". Другая частка ў шэсць разоў большая за першую. У першай расказваецца пра паходжанне і юнацтва Івана Кандрацьева і пачатак яго літаратурная творчасці ў Вільні. Даведацца аўтару пра бацькоў паэта не ўдалося. Паколькі хлопец трапіў у школу кантаністаў у Смаленску ў 1856 годзе, то можна здагадвацца, што Іван Кандрацьеў быў сынам адстаўнога салдата і селяніна. У той час школа кантаністаў - гэта вайсковая школа для хлопчыкаў з 7 гадоў. З гэтай школы Іван праз 2 гады трапіў у фельчарскую школу пры Санкт-Пецярбурскай медыка-хірургічнай акадэміі. Аднак закончыць і яе чамусьці хлопцу не ўдалося, магчыма, на адукацыю патрэбны былі грошы, якіх яго бацькі не мелі. У другой палове 1860-х гадоў Іван Кандрацьеў служыў у канцылярыі Віленскай вучэбнай акругі. У Вільні ён і пачаў займацца літаратурнай дзейнасцю. Друкаваў вершы, а пасля і невялікія жартоўныя п'есы ў газеце "Виленский вестникъ". Свой першы верш "Вильня 22-го октября 1868 г.", напісаны з нагоды асвячэння Прачысценскай царквы, адноўленай з руін, ён змясціў у названай газеце. Праз нейкі час Іван Кандрацьеў пакінуў службу ў канцылярыі і стаў акцёрам, потым памочнікам рэжысёра Рускага тэатра ў Вільні. Першыя вершы, напісаныя ў Вільні, у якіх праслаўляецца праваслаўе не зусім дасканалыя. А. Смолік знаходзіць у кнігах земляка і такія вершы, якія напісаны пад уплывам беларускага фальклору. Такой з'яўляецца песня "Литвинка", музыку для якой напісаў Г. Залатарэнка.

Лічу неабходным пазнаёміць беларускіх чытачоў з гэтай песняй.

Раным-рано

на широкий Нёман

За водой литвинка выходила.

Постояла, рученьки сложа,

И, печальная,

к нему заговорила:

"Ой ты, Нёман, Нёман,

Чёрный да суровый!

Где литвин мой храбрый,

Статный, чернобровый?

По весне отъехал

Он с княжной дружиной,

С длинной, острой пикой

И с трубою длинной!"


Раным-рано

расшумелся Нёман:

На волну волна

бурливо набегала,

Пену белую рвала, кружила,

И, играючи,

литвинке отвечала:

"Не грусти, девчина,

Смертию героя

Пал твой ратник любый

Сред полей и боя!

Крестоносец смелый

Прискакал в дружину:

Проколол он сердце

Твоему литвину!"


Раным-рано

всколыхнулся Нёман,

Руки белые ломаючи, рыдая,

Словно камень,

сорванный с утёса,

В Нёман кинулась

литвинка молодая.

Мне здаецца, што сюжэт гэтай балады не прыдуманы аўтарам, а ўзяты з беларускага фальклору - з легенды або з лірычнай песні. Іван Кандрацьеў у раскрыцці вобраза ліцвінкі мае папярэдніка ў асобе Адама Міцкевіча. І калі ўважліва разгледзець лексіку і рытміку песні-балады "Литвинка", дык нельга не звярнуць увагу, што ў ёй сустракаюцца беларусізмы (ці ліцвінізмы), а таму яна лёгка перакладаецца на беларускую мову.

А. Смолік адзначае, што Іван Кандрацьеў - паэт-песенік, які абагаціў рускую культуру сваімі песнямі. Такім чынам, можна прадоўжыць яго думку далей. Беларусы ўвайшлі ў рускую культуру не толькі са сваімі кампазітарамі (Казлоўскі, Глінка, Шастаковіч, Шклоўскі, Прыгожы), а і са сваімі паэтамі: Кандрацьеў, Твардоўскі. У свой час песні на вершы І. Кандрацьева былі вельмі папулярныя. Нагадаю некаторыя з іх: рамансы "Очаровательные глазки", "Эти очи - чёрные очи", вядомая песня "По диким степям Забайкалья…". У кнізе даецца адвольны пераклад яе на беларускую мову Вітаўта Мартыненкі "Бадзяга". Паэтычныя творы І. К. Кандрацьева склалі два зборнікі вершаў "Думы и были", "Под шум дубрав".

Іван Кандрацьеў таксама вядомы як празаік-раманіст. Ён напісаў некалькі гістарычных твораў: раманы "Гунны", "Драма на Лубянке", "Церковная крамольница", "Роскольничьи гнёзда", "Трифон-сокольник", аповесці "Салтычиха", "Лютая година", "Ермак, завоеватель Сибири" і даведнік "Седая старина Москвы". Усе гэтыя гістарычныя творы выклікаюць цікавасць і ў сучаснага чытача.

"Аб прызнанні драматычных вартасцей п'ес І.К. Кандрацьева сведчыць не толькі перамога на конкурсе, але і яго прынадлежнасць да "Таварыства рускіх драматычных пісьменнікаў і оперных кампазітараў", якое было заснавана ў 1874 г. Аляксандрам Астроўскім - стваральнікам рускай драмы", - піша А. І. Смолік. У 1870-1880 гг. Кандрацьеў напісаў некалькі п'ес: "В лесу", "Воевода Волчий Хвост", "Разлучница", "Соколу лес не диво", "Легко отделался" і іншыя.

Сярод шматлікіх твораў Кандрацьева вылучаюцца яго творы для дзяцей. Яго апавяданні і іншыя жанры для дзяцей увайшлі ў асобны зборнік "Залатая струна", надрукаваны ў 1891 г. Стварыў ён яшчэ некалькі кніг для дзяцей, у якія, апрача сваіх твораў, змясціў творы вядомых у той час пісьменнікаў. Гэта складзеныя і надрукаваныя ім кнігі: "Полный самоучитель русской азбуки в зоологических картинках", "Искра Божая", "Дома и на воздухе". У апошняй кнізе сабраны ўсе вядомыя на той час гульні і забавы для дзяцей. У кнізе "Искра Божая" даюцца звесткі дзецям аб праваслаўі, гісторыі, геаграфі, прыродзе. Усё там напісана цікава.

З 1870-х гадоў Кандрацьеў жыў у Маскве і быў сакратаром маскоўскіх перыядычных выданняў. На маскоўскі перыяд адносіцца росквіт яго творчасці. Сябрамі Івана Кандрацьева ў Маскве былі вядомыя класікі рускай літаратуры і выяўленчага мастацтва: А. Астроўскі, І. Белавусаў, І. Левітан, А. Саўрасаў, І. Сурыкаў, М. Успенскі і іншыя.

Загінуў Кандрацьеў трагічна. Быў паранены і памёр у бальніцы 1 чэрвеня 1904 г. Яму тады было каля 55 гадоў. Пахаваны быў у Маскве на могілках, але тыя могілкі пры савецкай уладзе ператварылі ў парк.

Кніга А. Смоліка пра свайго земляка напісана ў навуковым стылі. Аўтар выкарыстоўвае дакументы і кнігі Кандрацьева, даследуючы з іх факты. Жыццё Івана Кандрацьева паказваецца ў той гістарычнай атмасферы і ў тым культурным асяродку, у якім яму давялося жыць і пісаць свае творы. Апрача таго даецца характарыстыка асобных твораў Івана Кандрацьева. У кнізе друкуюцца некаторыя вершы, песні, п'есы і ўрыўкі з празаічных твораў пісьменніка, якія змешчаны ў раздзеле "З сачыненняў І. К. Кандрацьева" (у кнізе яны на 162-258 старонках). Даецца ў кнізе спіс выкарыстаных крыніц і бібліяграфія.

Кніга выдадзена невялікім накладам 200 асобнікаў і разлічана на інтэлігенцыю. Але яна напісана вобразна і займальна, а таму спадабаецца шырокаму колу чытачоў.

А. Смолік шмат робіць па вяртанні творчай спадчыны І. Кандрацьева на Бацькаўшчыну. 25 траўня 2013 г. у Вілейцы прайшлі Кандрацьеўскія чытанні. Дзеля іх выпушчаны навуковы зборнік "Талент, непадуладны часу". У наступным годзе Кандрацьеўскія чытанні пройдуць у Вільні, а затым праз год і ў Маскве. Сёлета ў в. Каловічы мела быць ўстаноўлены памятная дошка з надпісам, што вёска Каловічы - радзіма рускага пісьменніка І. Кандрацьева. У Расіі творы Кандрацьева перавыдаюцца. Настаў час і ў Беларусі выдаць некаторыя творы гэтага пісьменніка на беларускай мове. Пара вяртаць таленты на Радзіму.

Сымон Барыс.


Шчыра дзякуем за дапамогу!

Старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Сп. Л. П. Козіку

220126, Мінск

пр. Пераможцаў, 21

СПРАВАЗДАЧА

На падставе дагавора дабрачыннай (спонсарскай) дапамогі, заключанага на падставе рашэння выканкама Савета федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ад 28.10.2013 № 419, Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" атрымала ад Федэрацыі Прафсаюзаў Беларусі грашовыя сродкі ў памеры 1950000 (адзін мільён дзевяцьсот пяцьдзясят тысяч) беларускіх рублёў.

У адпаведнасці з пунктам 3 дагавора грашовыя сродкі былі выкарыстаныя на падпіску шэрагу цэнтральных раённых бібліятэк краіны, музеяў, гімназій горада Менска, а таксама ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" на беларускамоўныя перыядычныя выданні Рэспублікі Беларусь. У дадатку №1 да справаздачы абазначаны суб'екты падпіскі і грашовыя сумы.

Да справаздачы дадаюцца копіі плацёжных дакументаў на дзвюх старонках.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.


Гарадзенскі краязнаўчы каляндар

Пабачыў свет пяты выпуск Гарадзенскага абласнога краязнаўчага календара. Укладальнік прафесар Аляксей Пяткевіч, старшыня Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ.

У календары пададзена каля паўтысячы важных і цікавых датаў з гісторыі Гарадзеншчыны, што яшчэ раз пацвярджае яе багацце і напоўненасць падзеямі і асобамі праз гады і стагоддзі.

Каляндары на 2010-2013 гады мелі значны поспех і выклікалі вялікую зацікаўленасць на Гарадзеншчыне, у Менску і ў іншых мясцінах, што і з'явілася асноўным стымулам для выдання календара на 2014 год.

Новы каляндар з'яўляецца пэўным крокам у развіцці гарадзенскага краязнаўства, паколькі нацэльвае краязнаўцаў з Гародні і рэгіёнаў на працу па пэўных датах і з пэўнымі людзьмі, якія адзначаны ў календары.

Наш кар.


Помнік паўстанцам 1863 года з'явіўся ў вёсцы Слабодка Астравецкага раёна

150-ю гадавіну паўстання Кастуся Каліноўскага беларусы ўшаноўвалі цягам усяго 2013 года. Мерапрыемствы, канферэнцыі і прэзентацыі кніг, прысвечаныя гэтаму слаўнаму юбілею, прайшлі ў Беларусі, Літве, Польшчы.

Ідэі, словы паўстанцаў луналі цягам года ў паветры ды натхнялі на годныя ўчынкі. Таму абсалютна лагічна, што сярод беларусаў нарадзілася грамадская ініцыятыва ўшанаваць памяць касінераў, усталяваўшы помнік. Так, у вёсцы Слабодка Астравецкага раёна паўстаў гранітны помнік у выглядзе мяча, уваткнутага ў зямлю. Помнік прысвечаны паўстанцам 1863 года і зроблены выключна на прыватныя сродкі.

- У гэтай работы шмат прачытанняў, - пракаментаваў скульптурную выяву яе аўтар Ігар Засімовіч. - У першую чаргу гэта, канешне, ушанаванне памяці тых, хто загінуў у паўстанні. Тым больш, што спрадвеку свой меч ваяры выкарыстоўвалі яшчэ і як крыж: на яго жагналіся, ім праводзілі загінулых у апошні шлях. Па-другое, гэта нашая, нашчадкаў, бязмерная ўдзячнасць за адвагу, з якой нашыя продкі з косамі ў руках ішлі на царскія пушкі. Два крыжы (каталіцкі і праваслаўны) на рукаятцы мяча маюць агульную перакладзіну - гэта сімвал адзінства хрысціян нашай краіны, якія заўсёды разам - плячо да пляча - змагаліся за яе свабоду. А надпіс на лязе мяча: "Каго любіш? - Беларусь! - То ўзаемна…" - гэта пароль, якім касінеры абменьваліся паміж сабой.

Меч, усталяваны на пагорку, стаўся маўклівым годным напамінам нашчадкам пра ўсіх, хто загінуў за Радзіму. Цяпер ідзе праца па стварэнні інфраструктуры, і ўжо праз некаторы час вёска Слабодка будзе радая вітаць як замежных турыстаў, так і беларусаў на гэтым знакавым для кожнага з нас месцы.

Еўрарадыё.


Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, ідзе падпіска на першае паўгоддзе 2014 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 71. Цана змянілася нязначна. У 2014 годзе мы спадзяёмся выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні нашых чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.


Мемарыялізацыя памяці паўстання 1863-64 гадоў на гістарычнай Лідчыне

Матэрыяльнае праяўленне

Гістарычная Лідчына - гэта Лідскі, Воранаўскі, Шчучынскі раёны Беларусі і поўдзень Летувы з Эйшышкамі. На гэтай тэрыторыі адбываліся значныя падзеі паўстання, шматлікія баі і сутычкі, многія вёскі і маёнткі падтрымлівалі паўстанцаў, у практычна ўсіх касцёлах ішла агітацыя перад паўстаннем і зачытваліся маніфесты Нацыянальнага ўраду падчас паўстання. У многіх з гэтых месцаў адбыліся акты мемарыялізацыі - гэта значыць фізічнага ўшанавання памяці пра падзеі, якія тут адбываліся, і пра людзей - герояў і шараговых удзельнікаў паўстання.

1. Першы аб'ект - касцёл у Ішчалне Шчучынскага раёна , у якім пробашчам падчас паўстання быў ксёндз Адам Фалькоўскі . Тут ён зачытаў маніфест Нацыянальнага ўраду, за што быў расстраляны ў Лідзе 24 чэрвеня 1863 года. Некалькі гадоў таму назад у касцёле была ўстаноўлена мемарыяльная дошка памяці Адама Фалькоўскага . Дошка асвечана 20 лютага 2013 года, напярэдадні 150-х угодкаў пачатку паўстання ў Варшаве.

2. Касцёл у Жалудку Шчучынскага раён а. Тут зачытаў маніфест паўстання ксёндз Станіслаў Ішора , за што быў расстраляны ў Вільні. У касцёле ўстаноўлена мемарыяльная дошка памяці ксендза Станіслава Ішоры.

Мемарыяльная дошка ў памяць ксендза Станіслава Ішоры была ўстаноўлена ў Вільні ў касцёле Святога Якуба 4 чэрвеня 1933 года.

3. Сквер імя Валерыя Ўрублеўскага, аднаго з правадыроў паўстання ў Жалудку і памятны знак з нагоды закладкі гэтага скверу. Устаноўлены ў 2012 годзе намаганнямі Жалудоцкага сельсавета. Валеры Ўрублеўскі нарадзіўся ў Жалудку.

4. Поле бою аддзела Ўладзіслава Навіцкага з царскімі войскамі паміж вёскамі Мохавічы і Малое Ольжава ў Лідскім раёне . Захованы дзве аўтэнтычныя магілы, адзін аўтэнтычны надмагільны помнік . У 1925 годзе тут быў устаноўлены крыж з адпаведным надпісам (не захаваўся). У 1995 годзе ўстаноўлены два новыя крыжы - каталіцкі і ефрасіннеўскі з надпісамі на польскай і беларускай мовах: "Bojewnikam niepodleglosci" і "Змагарам за незалежнасць".

5. Помнікі горада Ліды:

- капліца Святой Барбары - заступніцы лёгкай смерці - на старых каталіцкіх могілках па пр. Перамогі. 13.07.2003 года ў капліцы ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў памяць трох лідскіх ксяндзоў , расстраляных за ўдзел у паўстанні: Адама Фалькоўскага з Ішчалны, Станіслава Ішоры з Жалудка, Раймунда Зямацкага з Вавёркі;

- тут жа на старых каталіцкіх могілках магіла і помнік удзельніцы паўстання Валерыі Цехановіч з Цыбульскіх . Валерыя пражыла пасля паўстання 70 гадоў і памерла ў 1933 годзе.

- Свята-Міхайлаўскі сабор па вул Савецкай у Лідзе, былы піярскі касцёл. Тут у 1938 годзе да 75-годдзя паўстання была ўстаноўлена мемарыяльная дошка памяці героя паўстання Людвіка Нарбута . У ноч з 17 на 18 верасня 1939 года дошка была затынкована жыхарамі Ліды. У 1989 годзе дошка была ўскрыта з-пад тынку, і быў устаноўлены беларускі адпаведнік. У 1997 годзе пасля перадачы будынка пад праваслаўную царкву дошка была знята.

- гарадскі парк - месца расстрэлу ксендза Адама Фалькоўскага . 3 траўня 1919 года лідскімі чыгуначнікамі тут быў устаноўлены памятны крыж. У 1940 годзе крыж быў знесены савецкай уладай. Паўторна крыж устаноўлены 2 лістапада 1996 года. Знесены праз два дні. 6 траўня 1997 года крыж устаноўлены зноў, у той жа дзень знесены. 22 чэрвеня 1997 года крыж устаноўлены зноў. У тую ж ноч знесены. 6 чалавек: Станіслаў Суднік, Уладзімір Хрышчановіч, Антон Пігулеўскі, Міхась Бурачэўскі, Віктар Аўгусцін і Віктар Шырма аштрафаваны на 3 мільёны кожны. 11 ліпеня 1998 года крыж устаноўлены ў чацвёрты раз. Праз тры дні быў знесены. Пазней устанаўліваўся рэгулярна 2-3 разы на год. Перад Дзядамі 2010 года на месцы расстрэлу ксендза Адама Фалькоўскага з дазволу уладаў устаноўлены памятны знак . Аўтар Рычард Груша.

- памятная дошка вайсковму начальніку Лідскага павету Людвіку Нарбуту каля касцёла піяраў у мікрараёне Індустрыяльны. Пасля зняцця з будынка царквы на вул. Савецкай дошка захоўвалася на тэрыторыі аднаго з касцёлаў. Устаноўлена ў студзені 2013 г., асвечана 21 красавіка 2013 г.

6. Касцёл у вёсцы Вавёрка. Тут устаноўлена мемарыяльная дошка ў памяць ксендза Раймунда Зямацкага , расстралянага ў Вільні, за абвяшчэнне маніфеста Нацыянальнага Ўраду.

Мемарыяльная дошка ў памяць ксендза Раймунда Зямацкага адкрыта ў Вільні ў касцёле святога Рафала 23 ліпеня 1923 года.

7. Касцёл у вёсцы Нача Воранаўскага раёна. Тут быў зачытаны маніфеста Нацыянальнага Ўраду.

Перад касцёлам знайходзіцца магіла Тодара Нарбута - бацькі чатырох паўстанцаў: Людвіка, Баляслава, Францішка і Тадоры .

За касцёлам знаходзіцца магіла паўстанцаў .

На мармуровай дошцы надпіс па-беларуску:

"Паўстанцам 1863 г. атрада Л. Нарбута:

В. Нарбуту,

Міхалоўскаму,

У. Навіцкаму і невядомым ад нашчадкаў, 1988 г."

8. Магілы сям'і Нарбутаў у Шаўрах з помнікамі.

Тут пахавана маці Людвіка Нарбута Крыстына Нарбут з Садоўскіх і Баляслаў Остык-Нарбут , брат і ад'ютант Людвіка Нарбута.

9. Памятны камень Нарбутам - удзельнікам паўстання , устаноўлены за мурам могілак, каля дарогі ў 1989 г.

10. Магіла ўдзельніцы паўстання Караліны Рыхлевіч , малодшай дачкі Марылі Верашчакі, графіні Путкамер на прыкасцельных могілках у Беняконях .

11. Памятны камень на месцы бою паўстанцаў з царскімі войскамі ў Шчучынскім раёне.

12. Помнік на магіле Людвіка Нарбута і 12 паўстанцаў у Дубічах на тэрыторыі Летувы.

13. Быў крыж на месцы Дубіцкай бітвы (Летува), устаноўлены ў міжваенны час. У 1988 годзе на тым месцы ўстаноўлены драўляны памятны знак .

14. Касцёл у Бутрыманцах (Летува). У чэрвені 2013 г. тут устаноўлена мемарыяльная дошка сям'і Колышкаў, якая дала чатырох паўстанцаў Баляслава, Уладзіслава, Фелікса Генрыка, Яна Вінцэнта.

Грамадска-адміністратыўнае праяўленне

У гонар героя паўстання на Лідчыне быў перайменаваны адзін населены пункт. У 1938 годзе мястэчка Сабакінцы (цяпер Шчучынскі р-н) было перайменавана ў Нарбутова . У 1940-м стала Першамайскам.

Вуліцы ў гонар паўстанцаў:

- вуліца імя Валерыя Ўрублеўскага ў Шчучыне;

- вуліца імя Валерыя Ўрублеўскага ў Жалудку;

- вуліца імя ксендза Адама Фалькоўскага была ў Лідзе да 1940 г.

- вуліца імя Кастуся Каліноўскага ў Лідзе на колішніх Песках;

- вуліца імя Кастуся Каліноўскага ў вёсцы Навіцкія 2-я ў Лідскім раёне.

Школы:

Школа імя Людвіка Нарбута была ў Лідзе да 1939 г.

Школа імя Валерыя Ўрублеўскага ў Жалудку.

Вайсковыя часткі:

У 1938 годзе 76-му Лідскаму палку пяхоты Войска Польскага было прысвоена імя Людвіка Нарбута.

Грамадскае праяўленне

Агульнанацыянальная дыктоўка 2013 г. па "Мужыцкай праўдзе" ў Лідзе і Бярозаўцы.

1-я Лідскія чытанні , прысвечаныя 150-м угодкам паўстання 1863 г.

Рэлігійнае праяўленне

З 1995 года штогод у апошнюю нядзелю ліпеня (зрэдку ў першую нядзелю жніўня) служыцца імша ў памяць паўстанцаў 1863 года на полі бою паміж Малым Ольжавам і Мохавічамі. Сёлета гэта было 19-ты раз. Сёлета перад імшой чытаўся спіс лідскіх паўстанцаў з 398 чалавек.

З 2011 года служыцца штогадовая імша ў памяць ксендза Адама Фалькоўскага ў Лідскім фарным касцёле. Сёлета імша служылася 22 чэрвеня.

У 2013 годзе імша за паўстанцаў служылася ў Ішчалнскім касцёле Шчучынскага раёна, у Ваверскім касцёле Лідскага раёна, у Бердаўскім касцёле Лідскага раёна, у Бутрыманцкім касцёле (Летува) і ў іншых святынях.

Навуковае праяўленне

Кнігі, навуковыя і краязнаўчыя артыкулы:

Кнігі:

Stanislaw Zielinski. Bitwy i potyczki 1863-1864 , Раперсвіль, 1913 г.

W. Karbowski. Ludwik Narbutt. Zyciorys wodza w powstanni styczniowym na Litwie. 1933.

Я. Обст пад назвай "Кс. Раймунд Зямацкі. У 60-ю гадавіну смерці пакутніка за Айчыну" . 1923. Друкарня "Зара", Вільня.

В.Е. Абрамавичюс, В.А. Дьяков. Валерий Врублевский . Выдавецтва "Мысль", Масква, 1968 г.

Павел Камароўскі, Аляксандр Колышка. Людвік Нарбут. З гісторыі польскай свядомасці на Лідчыне. Варшава-Ліда, 1999 г. На польскай мове. 40 ст.

Уладзімір Руніш. Дазвольце за Нарбута замовіць слова . Гродна, 2010.

Apolonia z Dalewskich Sierakowska. Wspomnienia .

Артыкулы:

Генадзь Кісялёў. Пра старэйшага брата. Лідскі летапісец, № 2 і 3, 1997 г.

Валеры Сліўкін, Станіслаў Суднік. Лідчына ў паўстанні 1863 г. Лідскі летапісец, № 4, 1998 г.

Генадзь Кісялёў. Змагар за свабоду з Лідчыны. Лідскі летапісец, № 5, 1998 г.

Станіслаў Суднік. Ксёндз Адам Фалькоўскі. Гісторыя смерці і пасляжыцця. Лідскі летапісец, № 6, 1998 г.

Аляксандр Колышка. Лідскія ксяндзы ў паўстанні 1863 г. Лідскі летапісец, № 2 (22), 2003 г.

Часлаў Малеўскі. Лідская шляхта ў паўстанні 1863 года. Лідскі летапісец, № 3-4 (23-24), 2003 г.

Станіслаў Суднік. Нязводнае імя Кастуся Каліноўскага. Лідскі летапісец, № 3-4 (23-24), 2003 г.

Уладзімір Содаль. ... Сем раз Ліду ён адведаў. Лідскі летапісец, № 3 (31), 2005 г.

Станіслаў Суднік. 1861 год на землях былога ВКЛ у дакументах. Лідскі летапісец, № 3 (35), 2006 г.

Станіслаў Суднік. Валеры Антоні Ўрублеўскі ў паўстанні 1863-64 гг. Лідскі летапісец, № 4 (36), 2006 г.

Станіслаў Суднік. Валеры Антоні Ўрублеўскі - генерал Парыжскай камуны 1871 г. Лідскі летапісец, № 1 (37), 2007 г.

Станіслаў Суднік. Першы марксіст Беларусі. 170 гадоў з дня нараджэння Валерыя Ўрублеўскага, 15.12. 1836-5.8.1908. Лідскі летапісец, № 2 (38), 2007 г.

Павел Камароўскі, Аляксандр Колышка, Часлаў Малеўскі. Людвік Нарбут. Лідскі летапісец, № 3 (59), 2012 г.

Леанід Лаўрэш. Паўстанне 1863 г. на Лідчыне. Перад паўстаннем. Лідскі летапісец, № 1 (61), 2013 г.

Леанід Лаўрэш. Паўстанне 1863 г. на Лідчыне. За нашу і вашу свабоду. Лідскі летапісец, № 2 (62), 2013 г.

Ліліяна Нарковіч. Ксёндз Раймунд Зямацкі . Лідскі летапісец, № 3 (63), 2013 г.

Альвіда Антаніна Баёр. Баляслаў Колышка - двойчы павешаны. Лідскі летапісец, № 3 (63), 2013 г.

Літаратурнае праяўленне

Станіслаў Суднік. На смерць Людвіка Нарбута. Верш. Лідскі летапісец, № 4, 1998 г.

Станіслаў Суднік. Апошняя малітва ксендза Адама Фалькоўскага. Верш. Лідскі летапісец, № 5, 1998 г.

Г. Даўгашэй. Людвіку Нарбуту. Верш. Лідскі летапісец, № 1 (9), 2000 г.

Станіслаў Суднік. Кроў Францішка. Балада. Лідскі летапісец, № 1 (9), 2000 г.

Станіслаў Суднік. Паўстанка. Верш. Лідскі летапісец, № 2 (22), 2003 г.

Данута Бічэль. Сэрца. Якушоўка. Вера. Супольна. На Пляцы Пятлі. Цябе я ўспамінаю. Вулка Паўстання. Здалеча. Але ўжо. Вершы. Язэп Янушкевіч. Тварам да шыбеніцы. Ракаў 2013 г.

Уладзімір Руль. Твае палымяныя словы... Пераможаным дадому не вярнуся! Амелія, адзіная, даруй! Аддаю вам загад! Жыве імя тваё ў вяках! Далучыўся да братавых спраў! Правадніца. Сэрца жар ты аддала Літве! Вышэй галаву, інсургент! Маці сыноў. Ты перад Богам даў прысягу. Дзе твая магіла, сокал? Прысвячэнне Францішку Багушэвічу. Жывапісцу-нарбутаўцу М. Андрыёлі. Да Нарбута з'ехаў "Крыжан"... Мясцовым паўстанцам. Балада аб паўстанцах 1863 года. Слоў для апраўдання вам няма. Вершы. Пра Нарбутаў моўлю я слова... Гродна. 2010.

СМІ

Асноўным прапагандыстам і папулярызатарам падзей паўстання ў рэгіёне выступае газета "Наша слова" .

Артыкулы па тэматыцы паўстання рэгулярна друкуе "Лідскі летапісец" .

Шмат артыкулаў надрукавала "Ziemia Lidzka" .

Мастацкае праяўленне

Карціны Міхала Эльвіра Андрыёлі .

Бюст Валерыя Ўрублеўскага на магіле ў Парыжы.

Памятны знак Валерыю Ўрублеўскаму ў Гародні.

Партрэт Людвіка Нарбута ў экспазіцыі Лідскага музея.

Паштоўкі і каляндарыкі, прысвечаныя Людвіку Нарбуту і Баляслваву Колышку, выпушчаны Таварыствам польскай культуры на Лідчыне.

Спартовае праяўленне

Турнір імя Валерыя Ўрублеўскага па міні-футболе ў Жалудку.

Спіс паўстанцаў з Лідскага павета:

1. Абрубскі (Абрэмбскі) Казімір , сын Юзафа, гадоў 27, высланы ў Самарскую губерню.

2. Адам , прозвішча невядомае, ваяваў у аддзеле Нарбута, загінуў пад Дубічамі.

3. Адамковіч Цэзары , сын Казіміра, гадоў 43, з ваколіцы Мацкішкі.

4. Александровіч Ксаверы , сын Антонія, гадоў 35, з маёнтка Нявіша, сябар Лідскага павятовага рэвалюцыйнага камітэту, акружны начальнік рэвалюцыйнага камітэту, сасланы ў Табольскую губерню, яго маёнтак Нявіша канфіскаваны.

5. Альшанскі Ігнацы , сын Юрыя, з мястэчка Эйшышкі, з аддзела Нарбута, высланы на катаргу на 6 гадоў ў Табольскую губерню.

6. Альшэўская Ізабэла з Нарбутаў, дачка Адольфа, гадоў 50, мабілізоўвала дабраахвотнікаў у аддзел Нарбута, выслана ў Сібір.

7. Андрыёлі Міхал Эльвіра , мастак, афіцэр аддзела Нарбута, сасланы ў Сібір.

8. Аранскі Антоні , сын Станіслава, гадоў 34, з фальварка Лаўсюны, высланы ў Томскую губерню, яго маёнтак Лаўсюны прададзены.

9. Аранскі Канстанцін , сын Станіслава, гадоў 37, ваяваў у аддзеле Любіча, высланы ў Табольскую губерню.

10. Арцюшкевіч Аляксандр , селянін, кароткачасовы арышт.

11. Астравух Леанард , сын Зыгмунта, гадоў 33, высланы ў Сібір.

12. Астрога Парадоўскі , ваенны начальнік Лідскага павета пасля смерці Людвіка Нарбута.

13. Астроўскі Казімір , з маёнтка Кальчыцы.

14. Багдзевіч Станіслаў , сын Аляксандра, гадоў 21, высланы ў Томскую губерню.

15. Багуміл Антоні , сын Юзафа, гадоў 18, з вёскі Падбор'е парафіі Эйшышскай, высланы ў Сібір.

16. Багушэвіч Францішак , быў у аддзеле Нарбута і Астрогі, сфармуляваў беларускую нацыянальную ідэю, абвясціў беларускую мову мовай нашага народа.

17. Бадэр Юзаф , яго дзялка Кракшлі канфіскавана.

18. Бадэр Ян , яго дзялка Кракшлі канфіксавана.

19. Бамблевіч Антоні , сын Яна, гадоў 21, з вёскі Буйвіды парафіі Эйшышскай, высланы ў Сібір.

20. Банішка Юзаф , ляснік, трымаў склад зброі для паўстанцаў.

21. Банькоўскі Аляксандр , сын Міхала, гадоў 20, высланы ў Самарскую губерню.

22. Банькоўскі Каятан , сын Тамаша, гадоў 26, з ваколіцы Вярсочка, высланы ў Самарскую губерню.

23. Бараноўскі Уладзіслаў , сын Яна, гадоў 25, высланы ў Самарскую губерню.

24. Бараноўскі Ян , сын Барталамея, гадоў 18, з ваколіцы Міжаны, высланы ў Сібір.

25. Бароўскі Міхал , сын Міхала, гадоў 25, з вёскі Барталішкі, з аддзела Нарбута, высланы ў Самарскую губерню.

26. Бароўскі Юзаф , высланы на катаргу на 8 гадоў.

27. Бельскі Ян , сын Барталамея, гадоў 42, з ваколіцы Цяцянцы, парафіі Алькяніцкай, высланы ў Самарскую губерню,

28. Бельскі Ян , сын Яна, гадоў 20, з ваколіцы Цяцянцы, парафіі Алькяніцкай, высланы ў Сібір.

29. Бердаўскі Адольф , сын Антонія, з маёнтка Сасноўшчына парафіі Васілішскай, высланы на катаргу, яго маёнтак Сасноўшчына канфіскаваны.

30. Бердаўскі Эдвард , з маёнтка Няпрахі, прыгавораны да 18 гадоў катаргі.

31. Бернатовіч Шымон , высланы ў Табольскую губерню.

32. Бжазінскі Зыгмунт , кароткачасовы арышт.

33. Бжазінскі Францішак , кароткачасовы арышт.

34. Бжазінскі Эдвард, кароткачасовы арышт.

35. Блажаеўскі Баляслаў , сын Юзафа.

36. Блажаеўскі Юзаф з маёнтка Залова.

37. Боландзь Алойзы , сын Леанарда, гадоў 23, высланы ў Сібір.

38. Боландзь Баляслаў , сын Францішка, гадоў 24, высланы ў Сібір.

39. Боландзь Браніслаў , гадоў 21, высланы ў Сібір.

40. Бразоўскі Аляксандр з Гурнофеля, 32 гады, лекар у аддзеле Нарбута, загінуў пад Дубічамі.

41. Бразоўскі Францішак , з Гурнофеля, 35 гадоў, ваяваў у аддзеле Нарбута, загінуў пад Дубічамі.

42. Быкоўскі Юзаф , сын Баніфацыя, гадоў 18, высланы ў Томскую губерню.

43. Бялінскі Ян з маёнтка Станіславава.

44. Бянкевіч Геранім , сын Гераніма, гадоў 26, з ваколіцы Вянцкевічы.

45. Бярнацкі Юстын , сын Паўла, гадоў 20, з ваколіцы Станкелішкі, з аддзела Нарбута.

46. Вайсят Антоні , сын Вінцэнта, гадоў 38, з ваколіцы Цяцянцы, высланы ў Самарскую губерню разам з сям'ёй, іхні маёнтак Цяцянцы прададзены.

47. Валаховіч Аўгустын , сын Мацея, гадоў 30, з ваколіцы Трабушкі, высланы ў Сібір.

48. Валаховіч Тэафіл , сын Пятра, гадоў 26, з ваколіцы Валаховічы, быў у аддзеле Нарбута.

49. Валаховіч Юзаф , сын Аўгустына, гадоў 20, з вёскі Кіўлакі, высланы ў Сібір.

50. Валіцкі Леапольд .

51. Валянскі Адам , гадоў 28, высланы ў Казанскую губерню.

52. Варсоцкі Аўгустын , сын Мацея, гадоў 21, высланы ў Самарскую губерню.

53. Васілеўскі Аляксандр , сын Ваўрынца, гадоў 23, селянін з вёскі Падбор'е, парафіі Эйшышскай, высланы ў Сібір.

54 Ваяводскі Ўладзіслаў , капітан рэзервы з Новага Двара, арыштаваны на 6 месяцаў у цвердзь Дынабург.

55. Вільбік Стэфан , сын Стэфана, з ваколіцы Ліпкунцы, сябар Лідскага рэвалюцыйнага камітэту, высланы на 8 гадоў катаргі, канфіскаваны яго маёнтак Вільбікі.

56. Вільканец Тодар , яго маёнтак Псярцы прададзены.

57. Вільканец Юзаф , сын Клеменса, гадоў 19, з ваколіцы Кіюцішкі, высланы ў Самарскую губерню.

58. Вінча Клеменс , сын Мацея, гадоў 45, з ваколіцы Варсока, высланы ў Томскую губерню.

59. Вінча Стэфан , сын Пятра, гадоў 57, з вёскі Хамоўшчына, высланы разам з сям'ёй ў Самарскую губерню.

60. Віславух , камандзір паўстанцкага аддзела, ваяваў на мяжы Лідскага павета.

61. Вішнеўскі Мацей , сын Станіслава, гадоў 25, з ваколіцы Наркуны, высланы ў Сібір.

62. Войша Фелікс , ваяваў у аддзеле Нарбута, паранены і ўзяты ў палон пад Дубічамі.

63. Вусоўскі Мікалай , сын Юзафа, гадоў 48, высланы ў Табольскую губерню.

64. Вянцкевіч Юзаф , сын Войцаха, гадоў 17, з ваколіцы Вянцкевічы, высланы ў Сібір.

65. Вярбіцкі Пётр , сын Яна, гадоў 18, з ваколіцы Кудлы.

66. Гадачэўскі (Гадашэўскі) Зыгмунт , сын Валяр'яна, гадоў 44, з маёнтка Стокі, высланы ў Казанскую губерню.

67. Гадомскі Браніслаў , сын Фердынанда, гадоў 20, з ваколіцы Тальмонты, высланы ў Самарскую губерню.

68. Гаеўскі Вінцэнт з маёнтка Ішчална.

69. Гаеўскі Ян , сын Яна, гадоў 17, з ваколіцы Місканцы, парафіі Нацкай, высланы ў Сібір.

70. Гажыч Вітольд з Сегенеўшчыны, прадстаўнік Цэнтральнага Камітэту ў Варшаве, з траўня 1863 г. Лідскі павятовы камісар.

71. Галкоўскі Якуб , высланы ў Сібір.

72. Ганцэвіч Юзаф , сын Андрэя, гадоў 17, з ваколіцы Нацкевічы, аддадзены ў салдаты на 5 гадоў ў Тульскую губерню.

73. Гарбачэўскі Стэфан-Юзаф , ксёндз-вікары Эйшышскага касцёла, капелан аддзела Людвіка Нарбута, эміграваў.

74. Гатоўт Ежы , Нацкі пробашч, зачытаў маніфест паўстання.

75. Гедройць Казімір з Казіміраўкі, трымаў склад паўстанцкай зброі, арыштаваны.

76. Геншаль Кастусь з Валдацішак, старшыня Лідскага павятовага камітэту, цывільны начальнік Лідскага павета.

77. Геншаль Людвік , сын Ігнацыя, гадоў 49, з маёнтка Валдацішкі, высланы ў Табольскую губерню, яго маёнтак Валдацішкі прададзены.

78. Геншаль Уладзіслаў , эміграваў.

79. Герасімовіч Ян , сын Юзафа.

80. Грабоўскі Вільгельм , сын Тадэвуша, гадоў 23, з маёнтка Семякоўшчына, высланы ў Аланецкую губерню, яго маёнткі Рагачоўшчына і Семякоўшчына прададзены.

81. Груздоўскі Казімір , сын Паўла, гадоў 17, з вёскі Салтанішкі, высланы ў Сібір.

82. Груздоўскі Юзаф , сын Марціна, гадоў 35, высланы ў Сібір.

83. Грымайла (Гржымайла, Гжымайла) Фелікс , сын Канстанціна, высланы ў Табольскую губерню, эміграваў, канфіскаваны яго маёнтак Ачкевічы.

84. Грэмза Казімір , 25 гадоў, селянін з Ліпкунцаў, ваяваў у аддзеле Нарбута, загінуў пад Дубічамі.

85. Губарэвіч Стэфан , 35 гадоў, з Галавічполя, ваяваў у аддзеле Нарбута, загінуў пад Дубічамі.

86. Гурыновіч Юзаф , сын Тамаша, з маёнтка Лябёдка.

87. Дабраўланскі Дыянізы , сын Яна, гадоў 45, з маёнтка Аленшчына, высланы ў Томскую губерню, яго маёнтак Аленшчына канфіскаваны.

88. Далеўская (Серакоўская) Апалонія з Кункулкі, жонка Зыгмунта Серакоўскага, сасланая ў Ноўгарад.

89. Далеўскі Кастусь з Кункулкі, змагаўся на Ковеншчыне, паранены, эміграваў, расстраляны вярсальцамі падчас Парыжскай камуны.

90. Далеўскі Францішак з фальварка Руднікі, сябар Літоўскага правінцыйнага камітэту, засуджаны на 20 гадоў катаргі.

91. Далеўскі Цітус з Кункулкі, найбліжэйшы памочнік Кастуся Каліноўскага. Расстраляны на Лукішкскай плошчы 11.01.1864 г.

92. Дашкевіч Аляксандр , сын Барталамея, гадоў 22, з ваколіцы Яновічы.

93. Драбязгевіч Аляксандр , сын Вінцэнта, з засценка Больсі парафіі Жырмунскай, высланы ў Казанскую губерню, яго маётак Больсі прададзены.

94. Драздовіч Юстын , гадоў 25, высланы ў Сібір.

95. Драздоўскі Антоні , сын Шымона, з Воранава, аддадзены ў салдаты на 5 гадоў.

96. Ёдка Кароль , сын Вінцэнта, гадоў 25, з маёнтка Петрашунцы, высланы ў Томскую губерню.

97. Ёдка Людвік з ваколіцы Валочкі, парафіяльны начальнік паўстання, памёр у турме.

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

Станіслаў Суднік


ЛІСТАПАД У ТБК ЛІТВЫ

На лістападаўскім паседжанні ТБК Літвы колькі слоў пра Браніслава Тарашкевіча сказаў Аляксандр Адамковіч:

"Браніслаў Тарашкевіч з'яўляецца адной з тых асобаў, якія не толькі ўпісаныя ў гісторыю Беларусі залатымі літарамі, але і самі спрычыніліся да стварэння новай Гісторыі і нараджэння Беларусі. Калі нараджалася новая і маладая дзяржава, ён быў адным з тых нешматлікіх, хто закладаў яе фундамент. Для любой нацыі, як і дзяржавы, неабходныя пэўныя чыннікі: тэрыторыя, народ, культура, гісторыя, мова. І Браніслаў унёс самы значны і заключны этап у фармаванне беларускай мовы. Дзякуючы яму была створана беларуская літаратурная мова і такім чынам фармаванне беларускай народнасці ў нацыю атрымала сваё лагічнае завяршэнне.

Аб ролі граматыкі Тарашкевіча ведае кожны беларус, бо да сённяшняга дня ідзе спрэчка паміж складзенай ім першай граматыкай і зрусіфікаваным варыянтам беларускай мовы, г.з. наркамаўкай. Тут можна зазначыць, што беларуская нацыя ў чарговы раз падзялілася, на прыхільнікаў таршкевіцы і наркамаўкі. На жаль, непаразуменне паміж імі існуе па сёняшні дзень і чамусьці ні адзін ні другі бок не хочуць ісці на замірэнне. Спрачацца па гэтым пытанні можна шмат. Зразумела, што і адна, і другая граматыка маюць шмат недахопаў, таму ў будучым самым разумным было б сесці за стол перамоваў і выпрацаваць сярэдні варыянт, які ўлічыў бы ўсе асаблівасці беларускай мовы і захаваў яе аўтэнтычныя нормы.

Асоба самаго Тарашкевіча, як і яго лёс у многім спрэчная і неадназначная. З вышыні сёняшняга дня складана яго ацэньваць і крытыкаваць. На жаль, зроблены ім выбар на карысць Савецкай Беларусі і камуністычнага рэжыма каштаваў яму ўласнага жыцця і памяці. Была не толькі забаронена і рэфармавана яго граматыка, але і забаронена імя Тарашкевіча. Жывучы ў Заходняй Беларусі ва ўмовах польскага панавання ён купіўся на танную прапаганду з усходу аб нібы райскім беларускім жыцці, дзе поўным ходам ідзе беларусізацыя. А тут, на акупаваных палякамі землях, адбываўся поўны заняпад беларускасці, зачыняліся апошнія беларускія школы, беларускія дзеячы кідаліся ў турмы. Не ведаў і не здагадваўся тады Браніслаў, што на фоне беларусізацыі там творацца куды больш жудасныя рэчы, там у рэчаіснасці выразалі ўсю беларускую інтэлігенцыю пад корань. Але прапаганда рабіла сваю справу і непераадольнае жаданне стварэння вольнай і незалежнай Беларусі саветамі не далі магчымасці цалкам ацаніць сітуацыю.

Менавіта Тарашкевіч у 1925 г. спрычыніўся да расколу беларускіх дэпутатаў у польскім Сойме, стварыўшы сваю фракцыю. Тым самым, таго не разумеючы, аслабіў беларускія сілы. Менавіта ён, Браніслаў Тарашкевіч, узначаліў тады самую вялікую пракамуністычную беларускую арганізацыю у Заходняй Беларусі "Грамаду", што таксама раскалола беларускі рух на дзве варожыя плыні "незалежнікаў" і камуністаў. Апошняе, не толькі аслабіла і так нешматлікія беларускія сілы, але дало падставы польскім уладам для знішчэння беларускага руху".

Хведар Нюнька распавёў пра Вольгу Бурнос :

"Дзякуючы жаданню шчырых беларускіх патрыётаў Аўстраліі, і ў першую чаргу Аўгена Грушы, Александра Грыцука і Віктара Кавалеўскага, каб больш пазнаёміць прадстаўніка з Літвы з беларусамі і прыродай Аўстраліі, была арганізавана паездка з Мельбурна ў Адэлайду (каля 800 км.). Не буду апісваць асаблівасць краявідаў прыроды і прыгажосць гарадоў і архітэктуры, бо пра гэта багата напісана ў кнігах і СМІ.

У Адэлайдзе Віктар Кавалеўскі арганізаваў сустрэчу з мясцовымі беларусамі, з новапабудаванай беларускай царквою. Асабліва запомнілася знаёмства з сям'ёй беларускага святара Міхаілам і Вольгай Бурносамі, якія спрычыніліся да будовы царквы, арганізавалі царкоўны хор, а Вольга добра спявала, пісала вершы, шмат вышывала і складала музыку, якую спецыялісты высока ацанілі. Гэтыя творы і ноты перадалі мне, каб выкарыстаць іх у Літве. Пра іх лёс і хачу распавесці больш падрабязна .

Вольга Бурнос (д. Пашкевіч, 19.10.1933 - 8.11.2003) нарадзілася ў Беларусі, у Івацэвіскім раёне, у вялікай і беднай сям'і. Былі цяжкія ўмовы жыцця. У школу Вольга не хадзіла. У вайну, маючы 10 гадоў, з бацькамі выехала ў Нямеччыну, бо партызаны спалілі іх дом. У Нямеччыне жылі ў малым гарадку, каля Гановера, дзе было адносна спакойна ад амерыканскіх бамбаванняў. Пад канец вайны, каб не трапіць назад да камуністаў у Савецкі Саюз, змянілі прозвішча з Пашкевіч на Пашкоўскі.

З ДП лагераў Нямеччыны мелі магчымасць выезду ў Амерыку, альбо Аўстралію - выбралі Аўстралію. Пасля ўсякіх медычных камісіяў у 1949 г. прыехалі ў новую, невядомую, з гарачым кліматам краіну. Спачатку ў Мельбурн, а пазней у Адэлайду. На першых парах усё было непрывычным і смак ежы, і клімат, і традыцыі, і адносіны з боку мясцовага насельніцтва. Але з часам усё ўладзілася. Пасля двухгадовага кантракту на цяжкіх працах была магчымасць выбару працы, бацька набыў дом і дапамог уладкавацца на лепшую працу, хаця ўсё гэта было вельмі не проста. Тут у 1952 годзе і пазнаёмілася з будучым мужам Міхаілам Бурносам. Міхась без беларускай царквы не мог жыць, таму пераехалі ў Адэлайду, дзе была магчымасць пабудаваць царкву.

Напачатку беларускае жыццё праходзіла актыўна. Збіралася звыш 200 чалавек і больш. Але паступова людзі, ўладкаваўшы свой побыт і патрэбу да царквы, пад рознымі прычынамі праяўлялі сваю абыякавасць да грамадскай справы. Беларускія дзеці пачалі адвыкаць ад беларускай мовы бацькоў. Калі спачатку сустрэчы беларусаў адбываліся кожны год, то пазней - раз на два гады і радзей.

У сувязі з усясветнай спартовай алімпіядай у 1997 годзе ўлады запатрабавалі перанесці царкву ў іншае месца. Гэта спрычынілася да сварак і кляўзаў паміж прыхаджанамі. Маладых беларусаў не прыбывала, а старыя не жадалі больш займацца грамадскаю справаю. Адно, сп.сп. Вольга і Міхаіл, не гледзячы на ўзрост і хваробы, верна служылі да канца свайго жыцця Богу і людзям".

Пра Уладзіміра Тэраўскага распавёў Валеры Радзюкевіч:

"Нарадзіўся Уладзімір Тэраўскі 23 лістапада 1871 г. у мястэчку Раманава Слуцкага павета Менскай губерні. Дырыжор, кампазітар, царкоўны служка. Яго бацька кіраваў царкоўным хорам. У 1899 г. скончыў Слуцкае духоўнае вучылішча, потым Менскую семінарыю. Пасля службы ў войску працаваў на Уральскіх заводах. Служыў рэгентам, кіраваў аматарскімі рабочымі харамі. У 1904 г. быў псаломшчыкам Менскага Петра-Паўлаўскага сабора. У ліпені 1914 г. стварыў адзін з першых беларускіх харавых калектываў - Менскі беларускі хор, канцэртаваў з ім па краі. Яшчэ ў дзяцінстве выявіў музычныя здольнасці. Дыражыраваў пальцамі, павярнуўшыся да хору спіной. Апранаўся ў тон усяму хору па народнаму: белая беларуская світка, пад ёй вышываная кашуля з саматканым поясам. Меў сувязі з беларускім нацыянальным рухам. У снежні 1917 г. на 1-ым Усебеларускім З'ездзе хор пад яго кіраўніцтвам выканаў тры беларускія песні: "Мы выйдзем шчыльнымі радамі" - стала гімнам БНР, "А хто там ідзе" і "Кроў нашу льюць даўно ўжо каты". Усе тры песні былі прыняты авацыямі. Тэраўскі стаяў ля вытокаў стварэння нацыянальнай оперы і музычнай школы. Спектакль "На Купалле" у 1920 г. вытрымаў 432 паказы. Змітрок Бядуля пісаў, што хорам Тэраўскага магла б ганарыцца любая нацыя, болей культурная за нашу.

У 1918-1919 кіраваў харавой капэлай у беларускім савецкім тэатры, потым быў галоўным хормайстрам. У 1919-1920 г. быў сябрам Часовага Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Менску. Стварыў тры спеўнікі для беларускага войска. Пісаў песні і рамансы на словы Я. Купалы, Я. Коласа, З. Бядулі, М. Чарота і іншых. Ствараў музыку для шматлікіх спектакляў, заснаваную на беларускім фальклоры. Запісваў народныя песні, якія ўвайшлі ў вайсковыя зборнікі па музыцы.

Ён аўтар гімна "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", гімну - беларускай марсельезы, "Ад веку мы спалі". Напісаў музыку да песні "Купалінка", якую многія лічаць народнай, таксама ёсць думка, што ён аўтар музыкі да песні "Шумныя бярозы" (словы Я. Купалы).

Неаднойчы арыштоўваўся: У летку 1920 г. польскімі ўладамі, у 1921 г. савецкімі ўладамі.

У 1930 г. хор быў расфармаваны. Тэраўскі быў звольнены з працы і абвінавачаны ў нацыянал-дэмакратызме. Служыў псаломшчыкам, потым рэгентам царкоўнага хору. Меў цяжкое матэрыяльнае становішча. Зноў быў арыштаваны ў жніўні 1938 г. і расстраляны 10 лістапада 1938 г. Меў 67 год".

27 лістапада 1920 г. адбылося Слуцкае паўстанне, якое ўвайшло ў гісторыю нашага народа, як Слуцкі збройны чын. Менавіта 27 лістапада Слуцкая брыгада колькасцю каля 4000 чалавек пачала баявыя дзеянні. У асноўным сваім складзе гэта былі сяляне з вёсак на Случчыне і творчая інтэлігенцыя. Паўстанне ўзначальваў Нацыянальны камітэт у Слуцку. Час паўстання, гэта канец савецка-польскай вайны 1919-1920 г. Паўстанцы змагаліся супроць перадзелу Беларусі паміж Расеяй і Польшчай, за прызнанне БНР. У паўстанцаў не хапала зброі, боепрыпасаў, харчавання. У складзе паўстанцаў прымала ўдзел шмат вайсковых людзей. Гэта і Макар Краўцоў - аўтар гімну "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", Іосіф Лапковіч, які потым стаў сакратаром КП (ЗБ) - яны абодва загінулі ў гады рэпрэсіі. Сілы былі не роўныя і паўстанне пацярпела паразу.

Слуцкі Збройны чын, не толькі гераічная падзея ў гісторыі беларускага народа, але і сімвал барацьбы беларусаў за самастойную і незалежную дзяржаву.

Жыве Беларусь ! Жыве вечна!

В.а. старшыні ТБК Валер Радзюкевіч.


Дзеля ўшанавання памяці Кастуся Каліноўскага

Прэм'ер-міністру

Літоўскай Рэспублікі

Альгірдасу Буткявічусу

Для ўшанавання памяці ваяра, ахвяраваўшага сваё маладое жыццё за свабоду беларускага і літоўскага народаў - Кастуся Каліноўскага і ў сувязі са 150-годдзем ад яго пакарання ў Вільні Таварыства беларускай культуры ў Літве звярнулася ў Віленскую дзяржаўную дырэкцыю культурнага рэзервата замкаў з просьбай атрымаць дазвол на ўстаноўку памятнага знака (крыжа, каменя ці табліцы) на Замкавай гары, дзе па словах тагачасных сведкаў, былі перазахаваны паўстанцы 1863 года разам з Кастусём Каліноўскім. На тым месцы раней быў пастаўлены крыж з агароджай.

Дырэкцыя прыхільна аднеслася да гэтай справы, але запрасіла прадставіць больш матэрыялаў і дакументальных дадзеных, што на замкавай гары былі пахаванні паўстанцаў 1863-1864 г.г.

Дзякуючы нашым намаганням і дапамозе гісторыкаў, патрэбныя матэрьялы былі прадстаўлены. Для далейшаага вырашэння пытаня неабходна была згода дырэктара нацыянальнага музея сп. Біруце Кульніце і дэпартамента культурнай спадчыны.

На жаль сп. Біруце Кульніце непрыхільна ўспрыняла вышэй згаданую просьбу, быццам ёсць указанне звышэй, але і ранейшую ідэю аднаўлення беларускага музея Івана Луцкевіча ў Вільні. Яе пазіцыя ў гэтым пытанні супярэчыць рашэнню Сойма Літоўскай Рэспублікі аб аднаўленні дзейнасці музея. Пытанне музея не вырашаецца ўжо на працягу двадцаці год.

Такая пазіцыя, на нашу думку, не будзе спрыяць збліжэнню літоўскага і беларускага народаў, а толькі ствараць штучныя і непатрэбныя непаразуменні.

Асоба Кастуся Каліноўскага для беларусаў усяго свету з'яўляецца сімвалам змагання за свабоду і ўшанаванне памяці яго Літоўскай уладай у Вільні будзе з удзячнасцю ўспрынята беларускай грамадскасцю ў свеце.

Прынята на Радзе ТБК

Вільня 10 снежня 2013 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX