Папярэдняя старонка: 2013

№ 52 (1151) 


Дадана: 25-12-2013,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 52 (1151) 26 снежня 2013 г.


З Новым 2014 годам!

Віншаванне з 2014 годам

Шаноўныя сябры Таварыства беларускай мовы, прыхільнікі і рупліўцы роднага слова!

ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" віншуе вас з усімі зімовымі святамі: Днём Божага нараджэння, Калядамі і Новым 2014 годам. Мы зычым вам і вашым блізкім добрага здароўя, дабрабыту, творчага натхнення і асабістага шчасця на ўсе наступныя гады, прыемных святаў і аптымізму!

Дзякуй вам за тое, што былі з намі ў 2013 годзе, падтрымлівалі матэрыяльна і ідэйна, прымалі ўдзел у нашых мерапрыемствах і самі актыўна распрацоўвалі разнастайныя праекты. Многае было сёлета зроблена сумесна з вамі дзеля пашырэння мовы, але яшчэ больш мы мусім зрабіць у наступным 2014 годзе.

Сакратарыят ТБМ.


Першы ў гісторыі Касцёла папскі дакумент па-беларуску

Святы Айцец Францішак напісаў беларускай верніцы Ядвізе Пастэрнак, даслаўшы першы ў гісторыі Касцёла папскі дакумент на беларускай мове.

Папа Францішак перадаў пергамент з блаславеннем жыхарцы Беларусі, якая доўгія гады падтрымлівала працу каталіцкага касцёла ў часы рэлігійных ганенняў у СССР.

Ядвіга Пастэрнак, дачка Віктара і Юзэфы, нарадзілася 6 красавіка 1927 года ў вёсцы Муляры за 35 км ад Вілейкі і жыве ў гэтай вёсцы да сённяшняга дня. Была 9-м дзіцем у сям'і.

Яе бацькі былі простымі вясковымі людзьмі, бацька быў краўцом, ад яго Ядвіга вучылася кравецкай справе і працавала ўсё жыццё швачкай. Выхоўвалася ў глыбока рэлігійнай сям'і. Да Першай святой Камуніі яе рыхтавалі сёстры непакалянкі з Вішнева. Скончыла пачатковую школу, дзе навучылася чытаць і пісаць на польскай мове. У 7 гадоў пакалечыла нагу, разбіўшы чашку на калене, і гэтая хвароба давала аб сабе знаць усё жыццё, стаўшы для яе сапраўдным крыжом.

Спадарыня Ядвіга прысвяціла сябе Касцёлу, рыхтавала дзяцей да Першай святой Камуніі, перапісвала Катэхізіс. Зберагла крыж ад разабранай капліцы ў Дубаве. Калі ў Куранцы ў 2011 годзе з'явілася капліца, яна перадала яго туды...

Пра папскі дакумент стала вядома падчас візіту Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыя Гуджэроці ў парафію Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы 22 снежня.

catholic.by.


100 гадоў з дня нараджэння Аляксея Кулакоўскага

Аляксей Мікалаевіч КУЛАКОЎСК І (24 снежня 1913, вёска Кулакі, Салігорскі раён, Менская вобласць - 9 красавіка 1986) - беларускі пісьменнік. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1974). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1986, пасмяротна) за творы літаратуры і мастацтва для дзяцей, за кнігу аповесцей "Белы сокал".

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. У 1931 г. скончыў Рагачоўскую прафтэхшколу і некаторы час загадваў дрэваапрацоўчай арцеллю ў Касцюковічах на Магілёўшчыне. З гэтага ж года перайшоў на журналісцкую работу - адказны сакратар шматтыражкі, загадчык аддзела клімавіцкай раённай газеты "Камуна", адказны сакратар жлобінскай раённай газеты "Шлях сацыялізму", а са жніўня 1934 г. - намеснік загадчыка аддзела газеты "Чырвоная змена". У 1936-1939 гг. вучыўся ў Менскім настаўніцкім інстытуце, пасля заканчэння выкладаў у Цяцерынскай сярэдняй школе на Магілёўшчыне. У канцы 1939 г. быў прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны - камандзір звяза, камандзір роты (Сталінградскі, Украінскі франты). Быў тройчы паранены. Пасля дэмабілізацыі (1945) працаваў загадчыкам аддзела ў газеце "Сталинская молодежь", у часопісе "Беларусь", адказным сакратаром газеты "Літаратура і мастацтва". У 1953-1958 гг. - галоўны рэдактар часопіса "Маладосць". Быў намеснікам адказнага сакратара, адказным сакратаром праўлення СП БССР (1965-1976). У 1977-1986 гг. - дырэктар Літаратурнага музея Янкі Купалы. У 1972 г. у складзе дэлегацыі БССР прымаў удзел у рабоце XXVII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі "Знак Пашаны", Дружбы народаў і медалямі.

Вікіпедыя.


90 гадоў з дня нараджэння Анатоля Вялюгіна

Анатоль Сцяпанавіч ВЯЛЮГІН (27 снежня 1923, в. Машканы, Сенненскі раён, Віцебская вобласць - 24 кастрычніка 1994) - беларускі паэт, празаік, кінасцэнарыст, перакладчык. Заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1969).

Нарадзіўся ў сям'і фельчара. У 1939-1940 гадах, будучы студэнтам літаратурнага факультэта Менскага педагагічнага інстытута, працаваў у рэдакцыі газеты "Звязда". З верасня 1941 вучыўся ў Свярдлоўскім педагагічным інстытуце. У 1942 прызваны ў Чырвоную Армію, вучыўся ў Лугінскай авіяшколе, удзельнічаў у баях на Сталінградскім фронце. У 1943 быў паранены, доўгі час знаходзіўся на лячэнні ў шпіталі. У 1945-46 г. - літсупрацоўнік у газеце "Літаратура і мастацтва". У 1948 г. скончыў завочна Менскі педагагічны інстытут. Працаваў у прэсе, у 1946-84 г. з невялікімі перапынкамі працаваў рэдактарам аддзела паэзіі часопіса "Полымя". Сябар Саюза пісьменнікаў СССР з 1946. Вікіпедыя.


Рэканструяваны Берасцейкі вакзал падпісалі па-беларуску і па-англійску

Адбылося тое, за што змагалася ТБМ, ведучы доўгую перапіску з кіраўніцтвам Беларускай чыгункі і берасцейскімі ўладамі: асноўная мова Берасцейскага вакзала - беларуская, другая мова - англійская.

19 снежня а 16-й гадзіне на Берасцейскім вакзале здалі ў эксплуатацыю цэнтральную пачакальню на 240 месцаў, VIP-залу на 50 месцаў, залу для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама комплекс дапаможных службаў: камеру захоўвання, бар, бістро, абменнік. Гэтак завяршыўся другі этап рэканструкцыі берасцейскага вакзала, якая пачалася ў 2011 годзе.

Падчас рэканструкцыі будынка вакзала захавалі савецкую сімволіку сталінскага барока - пяціканцовыя зоркі, сцягі, сярпы і молаты на ляпніне. Пакінулі зорку і на цэнтральным шпілі вакзала.

Як паведаміла прэс-служба Беларускай чыгункі, цалкам завяршыць рээканструкцыю вакзальнага комплекса плануецца ў 2014 годзе. Налета мяркуюць завяршыць рэканструкцыю большасці аб'ектаў Варшаўскага боку. Сярод іх прыгарадны вакзал, тунэль, платформы і навес над імі.

Вынікам першага этапу рэканструкцыі быў рамонт платформы і тунэля Маскоўскага боку вакзала.

Рускі тэкст пакінулі толькі на ганаровай шыльдзе Уладзіміру Леніну, міліцыі і ліфце для непаўнаспраўных.

Першапачаткова берасцейскія чыгуначнікі (не гарадскія ўлады) планавалі выканаць усё афармленне па-руску і па-англійску.

Еўрарадыё.


У Мсціславе ўлады разам з ТБМ ушанавалі памяць мовазнаўца Івана Насовіча

15 снежня ў Мсціславе на будынку школы мастацтваў усталявалі памятную дошку беларускаму мовазнаўцу, фалькларысту і этнографу Івану Насовічу.

Складальнік аднаго з першых слоўнікаў беларускай мовы і "Зборніка беларускіх прыказак" на пачатку 19 стагоддзя быў рэктарам мясцовай духоўнай вучэльні, а пасля выхаду ў адстаўку да скону ў Мсціславе займаўся навуковай працай.

Ушанаваць памяць навукоўца ўсталяваннем памятнай дошкі прапанавала Таварыства беларускай мовы. Яе вырабілі на прыватныя ахвяраванні.

На ўрачыстасць адкрыцця памятнай дошкі на пляцоўцы перад школай мастацтваў сабралася немалая грамада рупліўцаў беларускай мовы і культуры - як мясцовых, гэтак і прыезджых, з Магілёва.

Адкрыў імпрэзу намеснік старшыні райвыканкаму Святаслаў Кусаў. Ён падзякаваў Таварыству беларускай мовы за дбайнае стаўленне да мсціслаўскай мінуўшчыны. Адзначыў, што гэта не першая ўсталяваная шыльда з ініцыятывы ТБМ, якою ушаноўваць слынных дзеячаў беларускай культуры ў райцэнтры.

"Творы, якія стварыў Іван Насовіч, дужа моцныя па сваёй натуры. Самая галоўная ягоная праца - слоўнік беларускай мовы. У ім больш за трыццаць тысяч слоў ды яшчэ з тлумачэннямі. Гэтую вялікую працу ён рабіў 16 год. Такое мог зрабіць толькі навуковы інстытут, а Насовіч зрабіў у адзіночку. Вялікі дзякуй тым, хто ўдзельнічае ў адраджэнні беларускай мовы і культуры. Хацелася б, каб імя Івана Насовіча захавалася ў памяці кожнага чалавека, які жыве ў гэтым горадзе і прыязджае сюды, каб пазнаёміцца з нашай культурай і жыццём нашых продкаў" , - звярнуўся да грамады Святаслаў Кусаў.

Мастацкая школа займае адзін з будынкаў колішняга езуіцкага кляштара, які ў 1820 годзе перадалі праваслаўным. Касцёл перарабілі ў Мікалаеўскую царкву. У ёй і месцілася духоўная вучэльня, рэктарам якой быў Іван Насовіч.

За савецкім часам будынак святыні цудам захаваўся. Цяпер яго спрабуюць адрамантаваць. Як звонку, гэтак і з сярэдзіны камяніца моцна пашкоджаная.

"У Мсціславе многія будынкі адрэстаўраваныя - многія занядбаныя. Мы, едучы сюды, сёння згадвалі тых людзей, якіх акрамя нас ніхто не згадае: Змітрака Астапенку, Станіслава Шушкевіча, Аркадзя Куляшова і многіх іншых. Мы наведалі Вялікую Багацькаўку, там згадвалі братоў Гарэцкіх. Івана Насовіча пахавалі на цвінтары мясцовага Пячэрскага манастыра, які знеслі. Ад яго засталася толькі агароджа. Прыйдзе час і на той агароджы таксама будзе шыльда, на ёй будзе напісана, што тут пахаваны вялікі беларус, вялікі філолаг Іван Насовіч" , - казаў у сваім выступе старшыня Магілёўскай суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў.

На памятнай дошцы, якая цяпер на будынку школы мастацтваў, сціплы надпіс: "У гэтым будынку ў 19 стагоддзі рэктарам Мсціслаўскай духоўнай вучэльні працаваў выбітны беларускі мовазнавец, фалькларыст і этнограф Іван Насовіч" .

Радыё Свабода.

На здымках: 1. Будынак школы мастацтваў (cправа) і будынак колішняга кляштару (на дальнім плане); 2. Памятная дошка Івану Насовічу; 3. На імпрэзе.


Сон у дзвюх дзеях

11 верасня 2013 года адбылася прэм'ера спектакля "Ціхі шэпат сыходзячых крокаў" (сон у дзвюх дзеях). Драматургічны матэрыял падрыхтаваў Дзмітры Багаслаўскі. Ён нарадзіўся ў 1985 годзе ў Менску. Працуе артыстам у Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры. З'яўляецца таксама драматургам і рэжысёрам. Суарганізатар студыі альтэрнатыўнай драмы (САД). Яго п'есы перакладзены на польскую, італьянскую, іспанскую, украінскую мовы. Пастаноўкі паводле іх ідуць у Маскве (Тэатр імя У. Маякоўскага, Тэатр на Таганцы), Менску, Абакане, Улан-Удэ, Навасібірску, Уфе, Кіеве... Творы гэтага аўтара адзначаны прызамі і ўзнагародамі міжнародных драматургічных конкурсаў і фестываляў. У 2012-2013 гг. п'есы "Любоў людзей" і "Ціхі шэпат сыходзячых крокаў" перамаглі ў інтэрнэт-галасаванні "Конкурсу конкурсаў" у рамках праекту "новая п'еса" Усерасійскага тэатральнага фестывалю "Залатая Масква".

Рэжысёрам - пастаноўшчыкам спектакля з'яўляецца Шаміль Дыйканбаеў 1983 г.н. Ён у 2006 годзе скончыў Кыргызскі дзяржаўны інтытут мастацтваў імя Б. Бейшаналіевай як рэжысёр драмы. У 2009 - 2011 гг. прадоўжыў навучанне ў рэжысёрскай магістратуры школы-студыі Маскоўскага мастацкага акарэмічнага тэатра імя А. П. Чэхава і цэнтра імя У. Меерхольда. Пастаноўкі рэжысёра ідуць на розных сцэнах Кыргызстана, Узбекістана, Расіі...

Трэба адзначыць, што асабіста я глядзеў спектакль 3 снежня 2013 года. На сцэне было 9 чалавек, а ў зале было не больш, чым 50 чалавек. Зала была запоўнена толькі на 25-30 адсоткаў, а шкада, бо артысты гралі вельмі добра! У галоўнай ролі быў задзейнічаны Максім Брагінец. Ён іграў Аляксандра, а бацьку Аляксандра - славуты Канстанцін Воранаў. У ролі Альберта запомніўся Алесь Марчанка!

Ролі старэйшых сёстраў Аляксандра гралі: Вераніка Буслаева (Ганна), Марыя Пятровіч (Людміла), Анастасія Баброва (Зіна) і Людміла Сідаркевіч (Наталля).

Таксама ў спектаклі былі задзейнічаны: заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў і Кірыл Навіцкі.

Шкада, што квіткі на спектакль такія дарагія (70 тысяч), што паглядзець яго не можа беларуская моладзь і пенсіянеры. Спектакль вельмі цікавы.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык, журналіст.


"Жыццёвы меланж" Радзіма Гарэцкага

Перапляценне лёсаў і падзеяў, убачанае праз прызму сваіх адчуванняў - гэта жыццёвы меланж выбітнага Беларуса - Радзіма Гарэцкага. І гэтым ён дзеліцца з усімі намі ў кнізе нарысаў, эсэ, мініяцюр-назіранняў ды лірычных зацемак, якая пабачыла свет літаральна гэтымі днямі ў выдавецтве "Кнігазбор" і выйшла пры падтрымцы МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына".

"Жыццёвы меланж" - чаму аўтар абраў такую назву для сваёй кнігі? Адказ мы знойдзем у яго прадмове. Як вядома, Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі - не толькі беларускі грамадскі дзеяч, але і слынны беларускі геолаг, акадэмік НАН Беларусі, які вельмі любіць сваю прафесію. Таму не дзіўна, што для вызначэння жанраў сваіх твораў ён пазычыў паняцце з гэтай цікавай навукі - геалогіі. Там меланж абазначае геалагічнае цела, складзенае з разнастайных парод, якое мае досыць цікавую структуру і спалучае самыя розныя колеры. Такі меланж утвараецца пры стрэсавых з'явах, напрыклад, калі адзін вялікі блок зямной кары насоўваецца на другі. Але гэта - меланж геалагічны, а жыццёвы меланж - гэта адлюстраванне ўсяго, што было важным у жыцці, што знайшло свой адбітак у нашай памяці.

Выданне гэтай кнігі сталася сапраўды выдатнай падзеяй, якою адзначыўся юбілейны для Радзіма Гарэцкага месяц: 7 снежня яму споўнілася 85 гадоў. Матэрыял для гэтага грунтоўнага 648-старонкавага тома пісаўся цягам апошніх 20 гадоў, хаця першапачаткова гэта не задумвалася як кніга. Ідэя ж кнігі належыць Галіне Тварановіч, якая разам з Янам Чыквінам цягам некалькіх гадоў публікавала лірычную прозу Радзіма Гарэцкага на старонках часопіса "Тэрмапілы" і заахвочвала яго на напісанне новых твораў.

У кнізе таксама змешчаныя здымкі Радзіма Гарэцкага разам з тымі людзьмі, аб якіх ён піша. А гэта цэлы шэраг выдатных постацяў, беларускіх геолагаў, пісьменнікаў, грамадскіх, палітычных, культурных дзеячаў… Сярод асобаў, якім прысвечаныя творы кнігі, - Ян Чэрскі, Максім Танк, Іван Мележ, Заір Азгур, Алесь Адамовіч, Адам Бабарэка, Барыс Кіт, Васіль Быкаў, Янка Брыль, Аляксандр Махнач, Пётра Садоўскі, Станіслаў Шушкевіч, Хведар Нюнька, Генадзь Бураўкін, Леанід Лыч, Уладзімір Пузыня, Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, Міхась Чарняўскі ды многія, многія іншыя.

Гэтая кніга будзе цікавая самаму шырокаму колу чытачоў. Неўзабаве яна з'явіцца ў крамах Менска і іншых гарадоў Беларусі.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына".


Вяшчун крывіцкай культуры

У серыі "100 выдатных дзеячаў беларускай культуры" выйшла кніга Анатоля Тараса "Вацлаў Ластоўскі: вяшчун крывіцкай культуры.

Вацлаў Ластоўскі (1883-1938) - вядомы беларускі гісторык, філолаг, літаратуразнавец, этнограф, пісьменнік, публіцыст, грамадска-палітычны дзеяч. Адзін з першых акадэмікаў АН БССР, яе неадменны сакратар у 1928-29 гг. Ён аўтар першай "Гісторыі Беларусі", напісанай для беларусаў на роднай мове, а таксама рэдактар-выдавец часопіса "Крывіч" і стваральнік фундаментальнай "Гісторыі беларускай кнігі". У 30-я гады XX стагоддзя В. Ластоўскага спасціг той жа лёс, што і ўсіх іншых выбітных дзеячаў беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння - камуністы забілі яго.

Вацлаў Ластоўскі належыць да тых славутых дзеячаў нашай гісторыі і культуры эпохі "Нашай Нівы", якія вырвалі Беларусь з палітычнага, культурнага і гістарычнага небыцця. Перадусім здзіўляе шматграннасць яго інтарэсаў і дзейнасці, нязбыўная энергія. Ластоўскі быў не толькі грамадска-палітычным дзеячам і кіраўніком эмігранцкага ураду Беларускай Народнай Рэспублікі, але і таленавітым мовазнаўцам, літаратуразнаўцам, гісторыкам, пісьменнікам, публіцыстам.

Лёс Ластоўскага быў трагічны (сталінскія каты двойчы арыштоўвалі Ластоўскага па сфабрыкаваных абвінавачваннях і ў рэшце рэшт забілі), але яго палітычная, культурніцкая і навуковая дзейнасць мела велізарны ўплыў і рэзананс у сучасную яму эпоху і мае ў наш час. Ён застаецца сімвалам нязломнасці крывіцкага духу.

Наш кар.

Увага

У студзені 2014 г. у сядзібе ТБМ у межах кампаніі "Будзьма" працягвае працаваць

гістарычная школа " Гісторыя ў падзеях і малюнках" пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Алега Трусава.

Заняткі будуць прысвечаны вывучэнню гісторыі Беларусі ў ХХ - пач. ХХІ ст.

На занятках будуць дэманстравацца гістарычныя фільмы розных тэле- і кінастудый.

Падчас заняткаў таксама прадугледжаны абмен думкамі наконт сучаснага стану беларускай мовы і яе функцыянавання ў грамадстве.

Такім чынам, удзельнікі змогуць павысіць свае веды па гісторыі Беларусі і папрактыкавацца ў веданні беларускай мовы.

У студзені заняткі адбудуцца: 6 студзеня (панядзелак), 13 студзеня (панядзелак),

20 студзеня (панядзелак), 27 студзеня (панядзелак).

Пачатак а 18-й на вул. Румянцава, 13. Уваход вольны.


Аляксей Пяткевіч: "Усё пачынаецца са свайго"

Абудзіць у душы чалавека цікавасць да сваёй спадчыны - такую амбітную мэту ставіць перад сабой прафесар Аляксей Пяткевіч. Дзякуючы яго руплівай працы выйшаў ужо пяты выпуск Гарадзенскага краязнаўчага календара. Прэзентацыя выдання, у якім прадстаўленыя каля паўтысячы важных датаў і падзеяў з гісторыі Гарадзеншчыны, адбылася 20 снежня ў галерэі "Крыга". У сваёй невялікай вітальнай прамове аўтар распавёў пра гісторыю выдання такога кшталту календароў у Беларусі, а таксама пра тыя цяжкасці, з якімі яму давялося сутыкнуцца, спрабуючы надрукаваць свой каляндар. Па словах спадара Аляксея, нават падключэнне некалькіх дастаткова ўплывовых "пратэжэ" не дапамагло надрукаваць выданне ў дзяржаўных друкарнях Менска і Гародні. Без адказу застаўся і зварот у "Белкнігу" з просьбай паспрыяць продажу выдання ў кнігарнях краіны. "Кніжныя" чыноўнікі проста праігнаравалі зварот чалавека, які ўсё сваё жыццё аддаў навуцы, адукацыі, краязнаўству. Што крамольнага знайшло вока невядомых цэнзараў у згадванні імёнаў вядомых і не вельмі беларускіх настаўнікаў, медыкаў, літаратараў і іншых асобаў, звязаных з Гарадзеншчынай - так і не вядома. У выніку краязнаўчы каляндар выйшаў маленькім накладам і патрапіць найперш у рукі тых, хто прыйшоў на прэзентацыю і каму Аляксей Міхайлавіч дашле сваё выданне адрасна. Гарадзенская літаратарка Ала Петрушкевіч прызналася, што кожны Новы год пачынае са знаёмства з краязнаўчым календаром Аляксея Пяткевіча.

В. Дрэма, "Твой стыль".


Шчыруйце, беларусы!

17 лістапада магілёўская суполка ТБМ у колькасці 45 чалавек выправілася ў чарговую краязнаўчую вандроўку. Гэтую паездку мы прымеркавалі да 125-годдзя славутага беларускага мастака Язэпа Драздовіча і рушылі па маршруце Магілёў - Порплішча - Глыбокае - Лужкі - Германавічы. У Порплішчы наведалі старадаўнюю драўляную, былую ўніяцкую царкву. Звычайна ў нашых вандроўках самі магілёўцы рыхтуюць паведамленні пра цікавыя мясціны нашага маршруту і пра знакамітых людзей. Так атрымалася і ў гэты раз. Пра Порплішча вельмі цікавыя звесткі знайшла і падзялілася імі з грамадой краязнаўца і бібліятэкар Ірына Сомава, а па шляху да Глыбокага дужа пранікнёна распавядала пра Ігната Буйніцкага спадарыня Ніна Осіпава. У Глыбокім нас чакаў спадар Юрый, які ўжо не ў першы раз для магілёўцаў вельмі грунтоўна і змястоўна паведаў пра пакручасты лёс былога кармеліцкага касцёла 17-18 ст., а зараз сабора Раства Прасвятой Багародзіцы. Пашанцавала наведаць старажытныя сутарэнні - крыпту храма, дзе за савецкім часам месцілася складское памяшканне кансервавага завода. Затым па шляху да Траецкага касцёла мы прайшліся па алеі выбітных ураджэнцаў Глыбоччыны: Вацлава Ластоўскага, Паўла Сухога ды іншых землякоў. Наступным нашым прыпынкам была вёска Лужкі, радзіма сусветнавядомага дзеяча беларускага і габрэйскага народаў Бен Іегуды. У старажытным мястэчку наведалі незвычайны касцёл, які ўразіў свёй узнёслай прыгажосцю.

Напрыканцы нашай экскурсіі мы завіталі ў Германавічы, па якіх нашым правадніком была, канечне ж, дарагая Ада Райчонак. Наведваючы краязнаўчы музей Язэпа Драздовіча і музей Міхася Райчонка, магілёўцы яшчэ раз пераканаліся ў тым, што калі чалавек нечага вельмі моцна пажадае, то абавязкова гэтага дасягне. Бо здолела ж спадарыня Ада ў сваіх няпростых варунках зрабіць для ўсіх нас, беларусаў, такі неацэнны падарунак, як стварэнне гэтых цікавых музеяў дзеля ушанавання нашых выбітных дзеячоў. Дзякуй Вам, спадарыня Ада, што ў далёкую ад Магілёва вёску ёсць да каго завітаць і натхніцца Вашай прысутнасцю побач з намі. Вы прыклад для ўсіх нас, і мы Вас вельмі любім! Дарэчы, Ада Райчонак і надалей прымае экспанаты ў свае музеі. Так што, беларусы, шчыруйце і ў нас усё атрымаецца, бо побач з намі ёсць такія цікавыя і неабыякавыя людзі.

Алег Дзьячкоў.


ВЫБІТНЫ ШАХМАТНЫ КАМПАЗІТАР

100 гадоў з дня нараджэння Вацлава Гебельта

ГЕБЕЛЬТ Вацлаў Яўгенавіч (10 снежня 1913, в. Лабно Сувалкаўскай губ., цяпер Гарадзенскі р-н - 16 кастрычніка 1999, Ліда). З сям'і абшарніка. Атрымаў вышэйшую адукацыю, магістр філасофіі. Працаваў дырэктарам пачатковай школы в. Лойкі тагачаснага Сапоцкінскага р-на Гарадзенскай вобл. Падчас 2-й сусветнай вайны заставаўся на акупаванай тэрыторыі. Арыштаваны 27.12.1944. Асуджаны 1.4.1946 асобай нарадай пры МДБ як "нямецкі памагаты" да 5 гадоў ППЛ. Вызвалены 24.10.1949. Рэабілітаваны 10.7.1992 пракуратурай Гарадзенскай вобл. Асабовая справа Гебельта № п-14678 захоўваецца ў архіве УКДБ Гарадзенскай вобласці. Ён - самы першы майстар спорту СССР (па шахматнай кампазіцыі, 1957), самы першы чэмпіён СССР (па раздзелу двуххадовых задач,1959 і па шахматнай кампазіцыі ў камандным першынстве, 1969, 1971), самы першы і пакуль адзіны беларускі міжнародны арбітр ФІДЭ па шахматнай кампазіцыі (1959), самы першы наш міжнародны майстар па шахматнай кампазіцыі (1977).

У апошні год свайго жыцця ён шмат супрацоўнічаў з Лідскім краязнаўчым музеем, пераклаў з лацінскай і з рукапіснай польскай некалькі вельмі складаных тэкстаў, у прыватнасці прывілей гораду Лідзе на Магдэбургскае права.

У жніўні 1998 года ён распавёў мне гісторыю свайго жыцця.

"Нарадзіўся 10 снежня 1913 года ў вёсцы Лабно Гарадзенскага раёна. Бацькі: Яўген Антонавіч і Агата Людвікаўна (у дзявоцтве Войнас), абое католікі. Прадзед прыехаў з Чэхаславакіі. Дзед служыў ляснічым. Бацька скончыў аграрную школу, маці з сялян. Бацька арандаваў зямлю ў вялікім маёнтку Лабно ў рускага генерала Свечына. З часам купіў 100 гектараў зямлі. Нас у сям'і было пяцёра: Сафія - 1898 года нараджэння, Эмілія - 1899, Антон - 1901, Вацлаў - 1913 і Тадэвуш - 1914 года нараджэння. Бацька памёр у 1931 годзе, пахаваны ў вёсцы Селіванаўцы. Помнік яму быў знішчаны падчас вайны. Маці памерла ў 1958 годзе ў Польшчы. Сёстры скончылі некалькі класаў школы, удачна выйшлі замуж і сталі хатнімі гаспадынямі. Антон закончыў рамесную школу, пасля вайны атрымаў участак зямлі ў Свабодзіне і палову дома, працаваў на гаспадарцы. Я і Тадэвуш атрымалі вышэйшую адукацыю. Тадэвуш скончыў сельскагаснадарчы інстытут, працаваў на гаспадарцы, вырошчваў насенне.

У 1915 годзе прыйшлі немцы. У Лабне і садзе стаяла нямецкая пушка, я разам з сёстрамі падыходзіў да яе. У 20-м годзе бацьку хацелі расстраляць - у нас было шмат зямлі. Бацьку забраў камісар у скураной куртцы, але ўсе суседзі выйшлі, сказалі: "Адпусці, ён харошы ". Ва ўзросце 10 гадоў я паступіў у Гарадзенскую гімназію. Да паступлення мяне рыхтавала дома сястра Эмілія. Вучыўся 8 гадоў. Гімназія размяшчалася на вуліцы Паўночнай, недалёка ад дома Тызенгаўза. Вучылі французкую, лацінскую, польскую мовы, геаграфію, фізіку, матэматыку, гісторыю. У 1931 годзе паступіў у Варшаўскі ўніверсітэт імя Юзафа Пілсудскага (Кракаўскае прадмесце, зараз Варшаўскі дзяржаўны ўніверсітэт) на гуманітарны факультэт. У1933 годзе пачаў займацца шахматнай кампазіцыяй, наведваў Варшаўскае таварыства шахматных кампазітараў. У чэрвені 1937 года скончыў універсітэт са спецыяльнасцю - класічная філалогія, лацінская, грэцкая. Напісаў дыпломную працу "Гісторыя Афінскай дзяржавы ў святле ўяўленняў Арыстоцеля". Атрымаў дыплом магістра філасофіі. Прафесар Злінскі, які выкладаў у Варшаўскім універсітэце, а да гэтага жыў у Пецярбурзе, гаварыў нам: "Хто ведае класічную філалогію, той можа ўладкавацца працаваць усюды".

Брат Антон і мама жылі на гаспадарцы. Частку зямлі аддалі сёстрам у пасаг, частку прадалі - двое вучыліся. Засталося 50 га. На канікулах прыязджалі дапамагалі.У 1937-1938 навучальным годзе праходзіў практыку ў Варшаўскай гімназіі. Прысутнічаў на ўроках лацінскай. Зрэдку дазвалялі весці ўрокі. У 1938 - 1939 навучальным годзе працаваў настаўнікам гімназіі ў Сувалках. Выкладаў лаціну ў 2-4 класах па 20 урокаў на тыдзень. Плацілі мне 100 злотых у месяц, пуд жыта каштаваў 2 злотыя. У чэрвені забралі ў войска. Служыў у Яраславе над Санам. Да гэтага бралі летам на два месяцы ў Маладзечна. Жылі ў вайсковых казармах, але асобна ад жаўнераў. У канцы жніўня 1939 года нас адправілі па сваіх ваенкаматах. Я ехаў у Сухую Балю, дзе жылі мае брат і мама. Вайна для мяне пачалася ў цягніку, калі цягнік пераехаў Варшаву, немцы пачалі бамбіць. У Сухой Балі мяне ўзялі ў камісію па прыёму жывёлы - выпісваў квітанцыі. Жывёлу пераганялі за Нёман. Ад Сухой Балі Нёман за 6 кіламетраў. 17 верасня - для ўсіх нас поўная нечаканасць. Я пачаў шукаць працу - у Гародні не прынялі. Паехаў у Аўгустоў у аддзел адукацыі. Там мяне накіравалі ў школу вёскі Лойкі (Сапоцкінскі раён). У 5-м класе вёў усе прадметы: арыфметыку, геаграфію - на польскай, вёў і нямецкую. Рускай я не ведаў, выкладаў іншы настаўнік. Пачаў працаваць з 1 лютага 1940 года, атрымоўваў 900 рублёў. У крамах тавару не стала, прывозілі цукеркі, давалі па 1 кілаграму. Чарніла рабілі з буракоў. Недахоп тавару тлумачылі тым, што ў Еўропе чыгуначная каляя іншага памеру. На наступны год дастаўка тавару палепшылася. У 40-м годзе арыштавалі старэйшага брата, сядзеў у Гародні, як кулак.

22 чэрвеня немцы ўвайшліў Лойкі. Бамбілі толькі на мяжы. Спачатку ўсе падумалі, што навальніца. Недалёка ад нас два хлопцы ішлі па сцежцы. Немцы іх застрэлілі за тое, што ішлі не па дарозе. Школу зачынілі. Пражыў усю вайну на гаспадарцы ў брата. Трэба было здаваць хлеб усёй вёскай, калі здасі - можаш прадаваць. Адну свіню здаеш - адну колеш для сябе. На жыццё хапала. У Сухой Балі немцаў не было. Хутар. Немцы прымушалі вырошчваць тытунь. У гаспадарцы былі дзве пары коней, дзве каровы, 2-3 свіні, малацілка, двайны плуг, бораны. Працавалі з цямна да цямна - тры браты, жонка брата, маці. На забаву хадзілі ў Лойкі. Адступалі немцы адзін дзень - 17 ліпеня, баёў не было, хутар уцалеў. Немцы заходзілі, браму разламалі.

Мне даручылі арганізаваць школу ў Лойках, быў прызначаны першым пасляваенным дырэктарам школы. Выкладанне вялі на польскай. У канцы снежня 1944 года мяне арыштавалі, за што - не ведаю. Тады шмат каго з гарадзенскай інтэлігенцыі арыштоўвалі. Запісалі біяграфічныя звесткі і адправілі ў Гародню. Допытаў не было. Суда не было. Пратрымалі да сярэдзіны лютага 1945 года ў цэнтральнай Гарадзенскай турме каля Фарнага касцёла. Без суда і следства вывезлі ў Комі АССР. У дарозе кармілі рыбай. Ніхто нічога не тлумачыў. Сацыяльна-небяспечны элемент. Братам абышлося - Тадэвуш схаваўся, Антона больш не чапалі.

Комі АССР. Інта. Капалі траншэі, нарыхтоўвалі камень, шчэбень на дарогі. Лагеры для нас ужо былі падрыхтаваныя. Адсыпалася дарога да Варкуты. Працавалі на цагельні - наша брыгада падвозіла дровы да печаў. Работы мянялі. У саўгасе "Месью" працаваў - вырошчвалі капусту, турнэнс, бульбу. Бульбу саджалі ў траўні, расла хутка - светлы дзень 20 гадзін. Канвой. Сабакі. Працаваў на лесанарыхтоўках ў іншых лагерах у межах Комі АССР, а ў канцы тэрміну ў Архангельскай вобласці. Прывезеных з Гарадзеншчыны раскідалі па розных лагерах. Ні з кім з тых, з кім везлі, не сустракаўся. Кармілі вельмі дрэнна, выратавалі мяне пасылкі ад суседзяў і бацькоў вучняў. Землі нашы далучылі да калгаса пасля вайны. Калі мая сям 'я выязджала ў Польшчу, пакінулі каштоўныя рэчы суседзям у Лойках. Прысылалі мне ў пасылках крупы, сала, муку, цыбулю, часнык. Тыя, каго саджалі без паражэння ў правах, мелі права на атрыманне пасылак. У лагеры сярод вязняў арганізоўваліся шахматныя турніры. Былі і такія, хто ў мяне выйграваў.

Гады праз два мне абвясцілі, што суд у складзе трох чалавек прысудзіў мяне да 5 гадоў лагераў наводле артыкула 58 дроб 3. Маецца даведка № 33136 тытл "Я" ад 24.10.49: асуджаны 1 красавіка 1946 года паводле артыкула 5813 на 5 гадоў. Усць-Ілімскі лагер. Вызвалены 26.10.49. Далі мне 30 рублёў на дарогу і сухі паёк. Пасля вызвалення хацеў уладкавацца ў Гародні, але ў міліцыі сказалі - толькі не ў памежным раёне. Прыехаў у Ліду ў снежні 1949 года, пачаў шукаць работу - накіравалі на будаўніцтва мясакамбіната. Было мне тады 27 гадоў. Пачаў працаваць будаўніком - капаў траншэі. На мясакамбінаце тады не было ні канторы, нічога. У 1951 годзе жаніўся, жонка працавала на мясакамбінаце, пазней стала хатняй гаспадыняй і рабіла вянкі. Тады ж зноў пачаў сур'ёзна займацца шахматнай кампазіцыяй, пасылаў задачы ў Маскву. Шахматнага клуба ў Лідзе тады не было. Арганізавалі першынство горада - я яго выйграў. На абласных першынствах займаў 5-6 месца. Чэмпіён Ліды 1954 і 1955 гадоў. У 1955 годзе мяне прызначылі в.а. інжынера-будаўніка. Пацвердзіліся словы прафесара Зялінскага пра класічную філалогію. У1957 годзе галоўны бухгалтар прыгледзеўся да мяне і ўзяў у бухгалтэрыю. Бухгалтарскаму ўліку навучыўся сам. У1963 годзе быў прызначаны намеснікам галоўнага бухгалтара. У 1968-69 гадах у СШ №3 была арганізована вячэрняя двухгадовая бухгалтарская школа. Здаў усе прадметы на выдатна. Мне прапаноўвалі месца галоўнага бухгалтара на Ваўкавыскім мясакамбінаце. У 1976 годзе пайшоў на пенсію".

Рэабілітаваны ў 1992 годзе на 79-м годзе жыцця.

Даведка №13/396-92 ад 10.07.1992 года.

Гебельт Вацлаў Яўгенавіч, ...27 снежня 1944 года быў арыштаваны Сапоцкінскім РА НКУС Гарадзенскай вобласці і паводле пастановы Асобнай Нарады пры МУС СССР ад 1 красавіка 1946 года па палітычных матывах паводле арт. 58-3 КК РСФСР заключаны ў папраўча-працоўны лагер тэрмінам на 5 гадоў. Вызвалены з месцаў пазбаўлення волі 24 кастрычніка 1949 года. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта СССР "Аб аднаўленні правоў усіх ахвяр палітычных рэпрэсііі 50-х гадоў" ад 13 жніўня 1990 года і адпаведна парадку, устаноўленаму пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь" ад 6 чэрвеня 1991 года пастанова Асобнай Нарады пры МУС СССР ад 1 красавіка 1946 года ў адносінах Гебельта Вацлава Яўгенавіча прызнана незаконнай, і ён па гэтай справе рэабілітаваны.

Пракурор вобласці, дзяржаўны дарадца юстыцыі 3 класа Л.П. Цярэшчанка.

Першая жонка памерла ў 1973 годзе, другая жонка, інвалід II групы, памерла ў кастрычніку 1997 года - працавала яна ў пральні, выдавала бялізну. Агульных дзяцей не меў. У другой жонкі быў сын ад першага шлюбу. Сёстры і браты пасля вайны жылі ў Польшчы. Сафія памерла ў Шчацініку ў 1958 годзе, Эмілія ў Шчэціне ў 1985 годзе, Антон - у Свабодзіне ў 1977 годзе, Тадэвуш - у Познані ў 1995 годзе.

Вацлаў Яўгенавіч апублікаваў каля 600 шахматных задач, 120 з якіх атрымалі прызы на конкурсах, у тым ліку 52 першыя. Чэмпіён СССР у пятым асабістым першынстве па раздзеле двуххадовых задач (1956). Чэмпіён СССР па шахматнай кампазіцыі ў камандным першынстве ў 1969, 1971 гадах. Шэсць разоў выступаў на міжнародных спаборніцтвах у складзе зборнай каманды СССР. Лепшыя дасягненні: 2-е месца ў матчы СССР-Галандыя, 1-ае месца ў матчы Дружбы 1965 года. Пераможац першага чэмпіянату Міжнароднай шахматнай федэрацыі па шахматнай кампазіцыі ў камандным першынстве (1975). Выступаў за зборную каманду БССР ва ўсіх 12 камандных першынствах СССР, яго задачы займалі 6 разоў першае месца і 8 разоў другое. Адзін з аўтараў кнігі "Шахматная кампазіцыя ў Беларусі", Менск, 1981.

Валеры Сліўкін, супрацоўніку Лідскага гістарычна-мастац. музея.


"Пан Тадэвуш" на выставе ў Лідзе

22 снежня ў Лідскім бібліятэчным філіяле № 4, што на бульвары князя Гедыміна, адкрылася выстава выданняў паэмы Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш" да 215 угодкаў з дня нараджэння класіка.

На выставу найперш Таварыствам польскай культуры, а таксама бібліятэчнай сістэмай, літаратурным музеем і ТБМ было сабрана 25 выданняў знакамітай паэмы на польскай, беларускай і рускай мовах. "Пан Тадэвуш" перакладзены на 31 мову, колькасць выданняў яго даўно сягнула за сотню, але і 25 выданняў у раённай бібліятэцы таксама не кепска. Тут і ратапрынтныя перавыданні і арыгіналы. Пяць беларускіх выданняў: тры выданні перакладу Язэпа Семяжона, адно Пятра Бітэля і адно Браніслава Тарашкевіча (ольштынскае выданне 1985 г.), нажаль, беларускага выдання 1981 года не аказалася.

Падчас імпрэзы гучалі адрыўкі з паэмы на беларускай і польскай мовах. Цікава было пачуць, што першы пераклад "Пана Тадэвуша" на беларускую мову рабіў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, адзін з перакладчыкаў - Пятро Бітэль нарадзіўся ў Радуні, а быў хрышчаны ў Лідзе, а львоўскае выданне праілюстраваў Міхал Эльвіра Андрыёлі, які падчас паўстання 1863 года ваяваў на Лідчыне ў аддзеле Людвіка Нарбута.

Наступным пунктам імпрэзы быў паказ фільма "Пан Тадэвуш" рэжысёра Рышарда Ардынскага, знятага ў 1928 г. Фільм яшчэ нямы, з цітрамі на польскай мове, на беларускую мову цітры па ходу фільма перакладалі Станіслаў Суднік і Аляксандр Колышка. Фільм зусім нядаўна з'явіўся на тэрыторыі Беларусі, быў перададзены ў Ліду Наваградскім краязнаўчым музеем, за што вялікі дзякуй, бо практычна ўсе прысутныя бачылі "жывы" нямы фільм упершыню.

На завяршэнне перад прысутнымі выступіў лідскі гурт старадаўняй музыкі "Скудрынка".

Вялі імпрэзу на добрай беларускай мове супрацоўнікі бібліятэкі Валянціна Гольмант і Тацяна Альшанец.

Выстава будзе дзейнічаць блізу месяца, а ахвотныя змогуць замовіць прагляд фільма.

Яраслаў Грынкевіч.


Канверт да 75 -годдзя музея А. Міцкевіча

Дом-музей Адама Міцкевіча быў адкрыты для наведвальнікаў 11 верасня 1938 года ў г. Наваградку ў адноўленым доме сям'і Міцкевічаў. Музей уключаны ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Канверт выдадзены РУП "Белпошта".

Наш кар.


"Каляды ў вялікім горадзе-2014" у Re:Public

Гурт "Палац" запрашае жыхароў сталіцы адзначыць Каляды ў клубным фармаце. Канцэрт "Каляды ў вялікім горадзе" адбудзецца 6 студзеня 2014 году ў Re:Public.

Сёлета спаўняецца 15 год праекту лідара гурта "Палац" - "Калядныя сустрэчы з Алегам Хаменкам", які летась займеў новую назву і новы фармат. Музычна-тэатралізаваная дзея "Каляды ў вялікім горадзе" цяпер праходзіць у клубных умовах, а не ў канцэртных залах. Гэтым разам для правядзення імпрэзы абраная найвялікшая клубная пляцоўка Менска - Re:Public.

"Каляды заўсёды святкаваліся людна. Гэта цудадзейная ноч, калі неабходна сабрацца разам і ўшанаваць рух ад мінулага да будучыні. Кожны раз, калі мы ладзім гэту святочную імпрэзу, імкнемся зрабіць гэта аддана, якасна, шчыра. Вельмі задаволены тым, што вечарына прыпадае менавіта на вечар з 6 на 7 студзеня - у сакральны час", - кажа Алег Хаменка.

Адмыслова да каляднага вечара на 6 студзеня гурт "Палац" рыхтуе вялікую сольную праграму - музыкі сыграюць песні з свайго апошняга альбома "Кола грукатала", свае галоўныя хіты ды ўзгадаюць рарытэтныя рэчы - тыя кампазіцыі, якія не гучалі больш за 15 год. "Сыгралі на рэпетыцыі і ажно расчуліліся, такія крутыя творы, якія аказаліся незаслужана забытымі!" , - кажа лідар "Палаца".

Сапраўдную атмасферу свята ў гэты вечар дапамогуць стварыць гурты "Літы Талер", "Ветах" і Guda. Таксама гледачам будзе прадэманстраваны сучасны варыянт традыцыйнага каляднага шэсця.

Арганізатары "Калядаў у вялікім горадзе" заклікаюць прыходзіць на канцэрт у карнавальных строях. Пэўных патрабаванняў тут няма - дастаткова проста ўключыць фантазію.

Re:Public, Мінск, вул. Прытыцкага, 62 (ст. м. Кунцаўшчына). 19.00.

Квіткі - 80 000 (танцпляц, папярэдне), 100 000 (танцпляц, у дзень), 100 000 (столікі, папярэдне), 120 000 (столікі, у дзень). Тэлефон для даведак: +375 29 6872093. Квіткі ў касах і на сайце КВІТКІ.BY.

Палац.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Рабека Мікола - 200 000 р., г. Менск

2. Пухоўская Юлія - 30 000 р., г. Менск

3. Данілік Віктар - 30 000 р., г. Менск

4. Грыбоўскі Васіль - 15 000 р., Міхнавічы

5. Антанюк Іван - 100 000 р., г. Менск

6. Чыгір Е.А. - 20 000 р., г. Гародня

7. Лагуціна Марына - 50 000 р., г. Менск

8. Ляўшун Дзяніс - 150 000 р., г. Менск

9. Васілючак Міхась - 100 000 р., г. Гародня

10. Давідовіч П.В. - 50 000 р., г. Берасце

11. Панамароў Сяргей - 50 000 р., г. Менск

12. Мануленка Ўладзімір - 50 000 р., г. Берасце

13. Міхальчанка Тамара - 200 000 р. г. Менск

14. Восіпава Аляксандра - 50 000 р., г. Гомель

15. Беражная В.Г. - 100 000 р., г. Ліда

16. Давідоўскі Ігар - 100 000 р., г. Менск

17. Полацкая суполка ТБМ - 500 000 р.

18. Ляснеўская Алена - 50 000 р., г. Менск

19. Сакалоўскі Віктар - 200 000 р., г. Ваўкавыск

20. Ляўчэня Сямён - 200 000 р., г. Менск

21. Кукавенка Іван - 100 000 р., г. Менск

22. Маслюкоў Віктар - 40 000 р., г. Менск

23. Павідайка В.М. - 140 000 р., г. Менск

24. Вештарт Галіна - 50 000 р., г. Менск

25. Міцкевіч Андрэй - 30 000 000 р., г Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Мемарыялізацыя памяці паўстання 1863-64 гадоўна гістарычнай Лідчыне

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары,)

Спіс паўстанцаў з Лідскага павета:

98. Ёдка Станіслаў Ян , сын Баніфацыя, гадоў 22, з маёнтка Петрашунцы, ваяваў у аддзеле Нарбута, загінуў пад Дубічамі.

99. Ёч Аляксандра , дачка Стэфана, з ваколіцы Ёчы, парафіі Нацкай, сувязная ў аддзеле Нарбута і Астрогі, хавалася пад псеўданімам Зуброўскай у Вільні.

100. Ёч Антоні , сын Міхала, гадоў 20, высланы ў Самарскую губерню.

101. Ёч Багуслаў , гадоў 19, з маёнтка Кіюнцы, парафіі Нацкай, яго маёнтак Кіюнцы канфіскаваны.

102. Ёч Баляслаў , сын Філіцыяна, з маёнтка Кіюнцы, высланы ў Сібір.

103. Ёч Дамінік , сын Фердынанда, гадоў 28, з ваколіцы Сурконты, высланы ў Самарскую губерню.

104. Ёч Станіслаў , сын Барталамея, гадоў 45, з маёнтка Галадоўка.

105. Ёч Эдмунд , сын Барталамея, з маёнтка Галадоўка, парафіі Калясніцкай, яго маёнтак Галадоўка канфіскаваны.

106. Жавеўскі Ян з Глыбокага, забраны на 3 гады на прымусовую службу.

107. Жалягоўскі , хлопчык 14 гадоў, ваяваў у аддзеле Нарбута, узяты ў палон пад Дубічамі.

108. Жамойталь Баляслаў з ваколіцы Вільканцы, з аддзела Астрогі.

109. Жамойталь Кароль , сын Ксаверыя, з ваколіцы Міцканцы, гадоў 20, з аддзела Нарбута.

110. Жамойталь Рудольф , гадоў 31, быў арыштаваны.

111. Жукоўскі Баляслаў , высланы ў Пензенскую губерню.

112. Жукоўскі Ўладзіслаў Вандалін , 27 гадоў, жыхар Лацка, ваяваў у аддзеле Нарбута, загінуў пад Дубічамі.

113. Жукоўскі Ян , гадоў 25, з аддзела Нарбута, высланы ў Сібір.

114. Жураўскі Герард з Вензаўшчыны, арыштаваны.

115. Жураўскі Ігнацы , сын Нарцыза, гадоў 33, з маёнтка Капцёўшчына.

116. Загорскі Францішак .

117. Задора (Ваньковіч) , начальнік штаба аддзела Віславуха, узяты ў палон каля Пашышак.

118. Закрэўскі Францішак .

119. Запаснік Аляксандр , сын Баніфацыя, гадоў 20, з ваколіцы Асіпоўцы, быў ў аддзеле Нарбута, высланы ў Томскую губерню.

120. Запаснік Андрэй , высланы ў Самарскую губерню.

121. Запаснік Аўгустын , сын Юзафа, высланы ў Табольскую губерню.

122. Запаснік Баніфацы , сын Міхала, гадоў 50, высланы ў Томскую губерню.

123. Запаснік Пётр , сын Бенедыкта, гадоў 25, высланы ў Томскую губерню.

124. Запаснік Станіслаў, гадоў 25, з ваколіцы Руканцы, высланы ў Сібір.

125. Запаснік Стэфан , гадоў 18, высланы ў Арэнбуржскую губерню.

126. Зарэцкі (Зажэцкі) , ксёндз з парафіі Забалацкай, высланы ў Сібір.

127. Захватовіч Вінцэнт з Бердаўкі, высланы ў Варонежскую губерню, яго маёнтак Бердаўка прададзены.

128. Звяровіч Адольф , эміграваў.

129. Звяровіч Аляксандр , сын Яна, гадоў 25, з маёнтка Доцішкі, парафіі Эйшышскай, высланы ў Арэнбуржскую губерню, яго маёнтак Доцішкі прададзены.

130. Зданюкевіч Казімір , сын Тамаша, з вёскі Шаўры, парафіі Нацкай, высланы ў Сібір.

131. Знамяроўскі Аўгустын , быў арыштаваны.

132. Знамяроўскі Ян , сын Антонія, з ваколіцы Паўстокі, парафіі Эйшышскай.

133. Зуброўскі Вінцэнт , сын Аляксандра, з ваколіцы Асіпоўцы, высланы на катаргу, на 8 гадоў.

134. Зямацкі Раймунд , кнёндз-пробашч, з в. Вавёрка за прачытанне з амбона маніфесту Нацыянальнага ўраду расстраляны 5.06.1863 года ў Вільні.

135. Зямецкі Браніслаў , сын Ануфрыя, гадоў 33, высланы ў Іркуцкую губерню, дзе памёр.

136. Іваноўскі Ян , быў арыштаваны.

137. Ігнатовіч Рамуальд , сын Міхала, гадоў 24, высланы ў Самарскую губерню.

138. Ішора Станіслаў , ксёндз-вікары з Жалудка, прыгавораны на пакаранне смерцю за чытанне з амбона маніфесту Нацыянальнага ўраду і расстраляны 3.6.1863 г. у Вільні.

139. Калясінскі Адам з вёскі Нонішкі, арганіст з Жалудка.

140. Калясінскі Бальтазар , сын Бальтазара, гадоў 44, з маёнтка Сядэймы, высланы ў Кастрамскую губерню.

141. Канапацкі Антоні , гадоў 18, з аддзела Нарбута.

142. Канапацкі Ян , сын Казіміра, гадоў 18, з маёнтка Сумарокаўшчына, з аддзела Нарбута.

143. Кандрат Барталамей з Паддуб'я, ляснік, выведнік і кур'ер Нарбута.

144. Кандратовіч Адам , сын Марціна, гадоў 20, з аддзела Астрогі, высланы ў Томскую губерню.

145. Каржанеўскі Ян , ксёндз-вікары з Новага Двара, прыгавораны да смяротнай кары, прысуд заменены на 12 гадоў катаргі, высланы ў Табольскую губерню.

146. Карповіч Казімір , сын Аляксандра, з ваколіцы Боландзі парафіі Эйшышскай высланы ў Сібір.

147. Карповіч Ян , сын Аляксандра, з ваколіцы Боландзі, парафіі Эйшышскай, высланы ў Томскую губерню.

148. Кашыц Кастусь , ваяваў на Наваградчыне, сасланы на 3 гады, яго маёнтак Тарнова прададзены расейскаму генералу графу Маўрасу.

149. Келер Фрыдэрык , сын Фрыдэрыка, гадоў 19, з аддзела Чудоўскага.

150. Кіюць Шымон , сын Вінцэнта, з маёнтка Таўкунцы.

151. Клімантовіч Антоні , сын Канстанціна, гадоў 22, з маёнтка Лябёдка, узяты ў няволю.

152. Клімантовіч Баляслаў , сын Канстанціна, з маёнтка Лябёдка, парафіяльны начальнік паўстання, псеўданім - Антаневіч, высланы на катаргу ў цвердзь.

153. Клімантовіч Генрык , эміграваў.

154. Клімантовіч Уладзіслаў , сын Эдмунда, гадоў 32, з аддзела Нарбута, удзельнічаў у бітве пад Дубічамі, чуў апошнія словы Нарбута, высланы ў Іркуцкую губерню.

155. Клюковіч , эміграваў.

156. Клячкоўскі Казімір , гадоў 29, з аддзела Нарбута, высланы ў Пензенскую губерню.

157. Кміта Антоні , сын Мацея, з ваколіцы Рамановічы, яго дзялка Рамановічы канфіскавана.

158. Колышка Баляслаў , з Карманішак, камандзір аддзела на Ковеншчыне, павешаны 28.05.1863 г. у Вільні.

159. Колышка Міхал , сын Яна, гадоў 28, з ваколіцы Кульпы, высланы ў Томскую губерню.

160. Колышка Ўладзіслаў , брат Баляслава.

161. Колышка Фелікс Генрык , з Карманішак, брат Баляслава, маёр царскай арміі, удзельнік баёў на Каўказе супраць Шаміля, камандзір аддзела ў Троцкім павеце, на Віленшчыне і Аўгустоўшчыне, эміграваў.

162. Колышка Ян Вінцэнт , брат Баляслава.

163. Коркуць Аляксандр , сын Яна, гадоў 27, з ваколіцы Неванянцы, парафіі Альканіцкай.

164. Коркуць (Кіркуць) Цыпрыян , гадоў 24, высланы ў Сібір.

165. Краеўскі Вінцэнт , сын Юзафа, гадоў 37, з мястэчка Шчучын, высланы ў Томскую губерню.

166. Краеўскі Павел , сын Уладзіслава, гадоў 16, з мястэчка Шчучын, высланы ў Пермскую губерню.

167. Краінскі Адольф з ваколіцы Палашкі, сябар Лідскага павятовага рэвалюцыйнага камітэту, высланы ў Варонежскую губерню, дзе памёр.

168. Краінскі Леан з Грышанішак, 35 гадоў, ад'ютант і начальнік штаба ў аддзеле Людвіка Нарбута, загінуў у бітве пад Дубічамі, яго дзялка Грышанішкі канфіскавана.

169. Краснік Зыгмунт , сын Яна, высланы ў Табольскую губерню.

170. Крупавец Ян , сын Яна, гадоў 16, з ваколіцы Паддуб'е, высланы ў Самарскую губерню.

171. Круповіч Вінцэнт , гадоў 23, высланы ў Сібір.

172. Круповіч Клеменс , сын Марціна, гадоў 20, з ваколіцы Дзяршышкі, парафіі Эйшышскай, высланы ў Табольскую губерню.

173. Круповіч Марцін , сын Аляксандра з ваколіцы Пазгрында, высланы ў Сібір.

174. Круповіч Шымон з ваколіцы Вішкунцы, парафіі Эйшышскай.

175. Круповіч Юзаф , сын Вінцэнта, з ваколіцы Бянкевічы.

176. Круповіч Юзафат , сын Адама, высланы ў Томскую губерню.

177. Крыжаноўскі Міхал , сын Казіміра, гадоў 29, з ваколіцы Тальмонты, з аддзела Астрогі.

178. Крыжаноўскі Юзаф , з ваколіцы Тальмонты, парафіі Нацкай.

179. Кубецкі Адольф , сын Дамініка, гадоў 17, з ваколіцы Неванянцы, парафіі Алькяніцкай, высланы ў Сібір.

180. Кульчыцкі , начальнік чыгуначнай станцыі ў Гародні, прывёў у аддзел Нарбута 8 чалавек.

181. Кунцэвіч Канстанцін , сын Юрыя, гадоў 43, з маёнтка Талуцішкі, высланы ў Пермскую губерню.

182. Кунцэвіч Райнольд , сын Канстанціна, гадоў 17, з маёнтка Талуцішкі, з аддзела Астрогі, высланы ў Пермскую губерню.

183. Кунцэвіч Тадэвуш , сын Антона, гадоў 48, з ваколіцы Белапётры.

184. Кунцэвіч Уладзіслаў , сын Тадэвуша, гадоў 17, з ваколіцы Белапётры.

185. Кушалевіч Людвік , сын Казіміра, гадоў 22, з ваколіцы Таўзгіняны, з аддзела Астрогі.

186. Лазоўскі Эдвард з ваколіцы Гірэк, сябар Лідскага рэвалюцыйнага камітэту, высланы ў Сібір.

187. Ласкоўскі Юльян , абшарнік з Ліды, павешаны ў Вільні за прачытанне маніфесту паўстання сялянам, яго маёнтак Малыя Стокі (Чаплеўшчына) прададзены.

188. Лукашэвіч Рудольф , гадоў 18, з аддзела Нарбута.

189. Любянец Ян , сын Дамініка, гадоў 25, з ваколіцы Юрэлі, высланы ў Самарскую губерню.

190. Лянкевіч Аляксандр , камандзір аддзела, ваяваў на захадзе Лідскага павета.

191. Лясковіч Альберт Вандалін , сын Францішка, нар. 15.04.1840 г., расстраляны ў траўні 1863 года.

192. Лясковіч Юльян , сын Францішка, гадоў 32, з Чапляеўшчыны, высланы ў Пермскую губерню.

193. Макоўскі Аляксандр , гадоў 29, быў у паўстанцкім аддзеле.

194. Макрэцкі Адам , сын Тамаша, гадоў 20, з маёнтка Макрэц, высланы на катаргу.

195. Макрэцкі Аляксандр , сын Тамаша гадоў 27, з маёнтка Макрэц, высланы ў Сібір.

196. Макрэцкі Баляслаў , сын Томаша, гадоў 29, высланы на катаргу ў цвердзі.

197. Максімовіч Юзаф , каваль, кароткачасовы арышт.

198. Малеўскі Міхал , сын Пятра, з ваколіцы Дзімітры.

199. Малеўскі Цыпрыян , сын Пятра, гадоў 27, з ваколіцы Гарманы, парафіі Эйшышскай, з аддзела Астрогі, высланы ў Томскую губерню.

200. Малеўскі Эдвард , сын Андрэя, гадоў 20, з ваколіцы Сурконты, высланы ў Самарскую губерню.

201. Малеўскі Юльян , сын Каятана, гадоў 20, з ваколіцы Паняздзель, парафіі Эйшышскай, высланы ў Самарскую губерню.

202. Малеўскі Ян , сын Дамініка, гадоў 21, з ваколіцы Тальмонты.

203. Малеўскі Ян , сын Мацея, гадоў 43, высланы на катаргу ў рудніках пажыццёва, пазбаўлены вайсковага звання кавалер.

204. Маліноўскі Крыштаф .

205. Малькоўскі Ян , мешчанін з ваколіцы Цяцянцы, парафіі Алькяніцкай.

206. Мангайла Антоні , сын Антонія, з вёскі Раўбішкі, высланы ў Сібір.

207. Манкевіч Дамінік .

208. Манчунская Тадора з Нарбутаў, дачка Тодара, з маёнтка Шаўры, парафіі Нацкай, сястра і асноўная памочніца Людвіка, сувязная, агітатар. Эмігравала. Узнагароджана ордэнам "Адраджэння Польшчы", памерла ў 1925 годзе ў Кракаве.

209. Манькоўскі Альберт.

210. Марачэўскі Адам , сын Тэафіла, з маёнтка Андрушоўцы, высланы ў Сібір.

211. Маргевіч Аляксандр , быў у аддзеле Нарбута.

212. Маргялевіч Аляксандр , сын Міхала, з маёнтка Ганэлькі, высланы на катаргу ў Табольскю губерню.

213. Маргялевіч Ігнацы , сын Юзафа, гадоў 40, з маёнтка Ганэлькі, з аддзела Нарбута, высланы ў Табольскую губерню.

214. Маргялевіч Пётр , сын Міхала, гадоў 32, з маёнтка Ганэлькі, з аддзела Нарбута, высланы ў Томскую губерню.

215. Марцішэўскі Юзаф , сын Яна, гадоў 20, з мястэчка Эйшышкі, высланы ў Сібір.

216. Масальская , у дзявоцтве Захватовіч, эмігравала.

217. Масальскі , эміграваў.

218. Мікалаі Ўладзіслаў , падпаручнік расейскай арміі, перайшоў на бок паўстанцаў, камандзір звяза ў аддзеле Нарбута, паранены пад Дубічамі, трапіў у палон, 13 верасня 1863 года расстраляны ў Вільні на Лукішскім пляцы.

219. Мікульскі Баляслаў , караткачасовы арышт.

220. Мікульскі Валенты , сын Яна, гадоў 40, з маёнтка Глыбокае, высланы ў Пермскую губерню.

221. Мілеўскі Казімір , сын Францішка, гадоў 25, з ваколіцы Ягайлавічы.

222. Мілеўскі Міхал , сын Францішка, гадоў 30, селянін з ваколіцы Ягайлавічы, з аддзела Астрогі, высланы ў Томскую губерню.

223. Мілеўскі Ян , сын Францішка, з вёскі Ягайлавічы, высланы ў Сібір.

224. Мінакоўскі Ян , сын Антонія, з ваколіцы Каркуцяны, высланы ў Сібір.

225. Мінскі Альберт , высланы на катаргу на 8 гадоў ў цвердзі.

226. Міхалоўскі з аддзела Нарбута, загінуў пад Кавалькамі.

227. Міцкевіч Ізыдор , гадоў 37.

228. Міцкевіч Уладзіслаў , сын Паўла, гадоў 24, з Воранава, высланы ў Пермскую губерню.

229. Міцкевіч Шымон , сын Казіміра, гадоў 17, высланы ў Самарскую губерню.

230. Міцкевіч Юзаф , гадоў 24.

231. Міцкевіч Якуб , гадоў 25.

232. Навагудскі (Навагондскі) Андрэй , гімназіст з Вільні, ваяваў у аддзеле Нарбута, паранены і ўзяты ў палон пад Дубічамі.

233. Навіцкі Кароль , сын Барталамея, гадоў 35, селянін, высланы ў Самарскую губерню.

234. Навіцкі Ўладзіслаў з Міхайлаўкі, камандзір звяза ў аддзеле Нарбута, загінуў пад Кавалькамі.

235. Навіцкі , малады, загінуў пад Руднікамі.

236. Нарбут Баляслаў , сын Тодара, брат і ад'ютант Людвіка, гадоў 17, асуджаны на смерць, высланы ў Енісейскую губерню, яго маёнтак Нікадэмаў прададзены.

237. Нарбут Браніслаў , гадоў 31, з маёнтка Нікадэмаў, высланы ў Арэнбуржскую губерню.

238. Нарбут Войцах-Юльян , былы капітан расейскай арміі, крэўны Людвіка Нарбута, загінуў пад Кавалькамі.

239. Нарбут Крыстына з Садоўскіх, дачка Ігната, маці Людвіка Нарбута, з маёнтка Шаўры, парафіі Нацкай, выслана ў Пензенскую губерню.

240. Нарбут Людвік , вайсковы начальнік Лідскага павета, палкоўнік, галоўнакамандуючы войскаў ВКЛ, загінуў у баі пад Дубічамі.

241. Нарбут Тодар , бацька Людвіка, узяты на допыты, памёр да вынясення прысуду.

242. Нарбут Францішак-Салезі , брат Людвіка, пасля вучобы ў вайсковай школе ў Італіі ваяваў у аддзеле Лангевіча, эміграваў, памёр у Венгрыі.

243. Нарушэвіч Вінцэнт , сын Напалеона, гадоў 20, высланы ў Самарскую губерню.

244. Нарушэвіч Напалеон , сын Тодара, гадоў 65, з фальварка Палецкішкі, высланы ў Расію.

245. Некратовіч Мацей , селянін з Шаўроў, вазіў прадукты ў аддзел Нарбута.

246. Непакайчыцкі Францішак , жыў ў Вільні.

247. Нявера з Пелясы, прывёў у аддзел Нарбута 11 дабраахвотнікаў, казённых сялян.

248. Орда Андрэй , сын Юстына, гадоў 44.

249. Падэйка Вінцэнт , сын Барталамея, гадоў 37, з ваколіцы Ліпканцы, з аддзела Нарбута, высланы ў Сібір.

250. Пакемпіновіч Юзаф , 22 гады, студэнт Кракаўскага ўніверсітэта, ваяваў у аддзеле Нарбута, загінуў пад Дубічамі.

251. Палівода (Пяроўскі) , фуражыр аддзела Віславуха, узяты ў палон каля Пашышак.

252. Палукорд Антоні , сын Юзафа, гадоў 28, з ваколіцы Цяцянцы, парафіі Алькяніцкай, высланы ў Сібір.

253. Палукорд Юзаф , сын Юрыя, гадоў 54, з ваколіцы Цяцянцы, высланы ў Самарскую губерню, разам з сям'ёю.

254. Паплаўскі Ўладзімір , 28 гадоў, з фальварка Ваўчынкі, жыхар Капцюха, сябар Лідскага рэвалюцыйнага камітэту, ваяваў у аддзеле Нарбута, загінуў пад Дубічамі.

255. Паплаўскі Юльян , сын Міхала, гадоў 36, з фальварка Ваўчынкі, уладальнік Капцюхоў, Кажаняк і Ваўчынак, арыштаваны за дастаўку паўстанцам, прадуктаў, зброі, вопраткі, пасаджаны ў вязніцу ў Вільні, вызвалены за хабар, эміграваў.

256. Патрыкоўскі Анзэльм , гадоў 32, з Лябёдкі, быў ў аддзеле Нарбута інтэндантам, ваенным камісарам, высланы на катаргу.

257. Паўловіч Адам .

258. Паўлоўскі Канстанцін , сын Яна, з вёскі Агароднікі.

259. Паўлоўскі Юзаф , сын Вінцэнта, гадоў 15, з Кукалкі, парафіі Эйшышскай, высланы ў Сібір.

260. Петарсон Фрэдэрык з Хадзілоняў, арыштаваны.

261. Пілецкі Ўладзіслаў , сын Сельвестра, гадоў 25, камандзір звяза ў аддзеле Нарбута, высланы ў Томскую губерню.

262. Пілецкі Юзаф , сын Адама, з маёнтка Лаўчылавічы, высланы ў Томскую губерню, яго маёнтак Лаўчылавічы прададзены.

263. Плескачэўскі Ігнацы , высланы ў Томскую губерню.

264. Пульяноўскі Напалеон , сын Якуба, гадоў 55, з маёнтка Чаляеўшчына, высланы на катаргу ў Іркуцкую губерню на 6 гадоў, яго маёнтак Чаляеўшчына канфіскаваны.

265. Пясецкі Цыпрыян , з маёнтка Пескі і Бярозаўцы, ваяваў у аддзеле Нарбута, паранены і ўзяты ў палон пад Дубічамі, высланы на катаргу ў цвердзі на 8 гадоў, дзе памёр.

266. Радзевіч Юльян , гадоў 25.

267. Развадоўскі Ян , сын Фульгента, гадоў 24, з ваколіцы Боландзі, высланы ў Сібір.

268. Райцэвіч , ксёндз-пробашч з Новага Двара, арыштаваны.

269. Ралукрад Юзаф , яго маёнтак Больсі прададзены.

270. Раманоўскі Казімір , сын Мацея, гадоў 24, з ваколіцы Крупавесы, парафіі Калясніцкай, высланы ў Сібір.

271. Раманоўскі Кароль , сын Андрэя, гадоў 17, з ваколіцы Вянцкевічы, высланы ў Сібір.

272. Рапацкі Канстанцін , з маёнтка Рэксці.

273. Рачак Павел , сын Лявона, гадоў 22, з вёскі Лябеднікі, парафіі Эйшышскай, з аддзела Нарбута, высланы ў Сібір.

274. Ржасніцкі Станіслаў , сын Станіслава, гадоў 32, з маёнтка Здановічы, высланы ў Арэнбуржскую губерню.

275. Ржасніцкі Эрнэст , яго маёнтак Здановічы прададзены.

276. Роўба Міхал , гадоў 20, з вёскі Вавёрка, быў ў аддзеле Астрогі і Любіча, высланы ў Тульскія арыштанцкія роты на 4 гады.

277. Роўба Стэфан , гадоў 23, з ваколіцы Кальвіцкія.

278. Рудзіцкі , яго маёнткі Жылічы і Казіміраўка канфіскаваны.

279. Рудкоўскі Юзаф , гадоў 33.

280. Рудніцкі Людвік , сын Аляксандра, высланы ў Сібір.

281. Рудніцкі Пётр , сын Аляксандра, прыгавораны да катаргі на 6 гадоў.

282. Руковіч Шымон , гадоў 17, з ваколіцы Смільгіны, высланы ў Сібір.

283. Руткоўскі Юзаф, гадоў 33.

284. Рутскі Стэфан , сын Ігнацыя, гадоў 20, з ваколіцы Сурконты.

285. Рухлевіч Ян, сын Францішка, з маёнтка Радкевічы, с парафіі Шчучынскай, высланы ў Томскую губерню.

286. Руцкі Аляксандр.

287. Руцкі Вінцэнт , высланы ў Пензенскую губерню.

288. Руцкі Станіслаў , сын Ігнацыя, гадоў 25, высланы ў Самарскую губерню.

289. Руцкі Ян , сын Казіміра, гадоў 46, высланы ў Сібір.

290. Рыла Кастусь , сын Тадэвуша, з ваколіцы Ёдкі.

291. Рыхлевіч Караліна , малодшая дачка Марылі Путкамер (Верашчакі), пахавана ў Беняконях.

292. Рыхлевіч Ян , эміграваў.

293. Савіцкі Тамаш , мешчанін з мястэчка Алькенікі.

294. Сакалоўскі Тадэвуш , сын Ігнацыя, гадоў 17, высланы ў Самарскую губерню.

295. Сакалоўскі Юзаф , сын Антонія, высланы ў Сібір.

296. Сакалоўскі Ян , сын Юзафа, гадоў 29, з вёскі Зубішкі, высланы ў Сібір.

297. Самарока Юзаф , з вёскі Радзівонішкі.

298. Сангін Юзаф , сын Яна, гадоў 35, з ваколіцы Цяцянцы, высланы ў Самарскую губерню.

299. Сасонка Адам , сын Міхала, гадоў 25, з вёскі Рэксці, высланы ў Кастрамскую губерню.

300. Скавінскі Адольф , сын Юрыя, гадоў 25.

301. Скавінскі Аляксандр , сын Дамініка, гадоў 42, з маёнтка Тальманты, парафіі Нацкай, камандзір звяза ў аддзеле Нарбута, высланы ў Томскую губерню.

302. Скавінскі Зыгмунт , сын Валянціна, гадоў 18, высланы ў Самарскую губерню.

303. Скібінскі Рамуальд , сын Яна, гадоў 31, ксёндз-пробашч, з мястэчка Дэмбраў, прыгавораны да катаргі на 8 гадоў.

304. Скірмунт Тамаш , 30 гадоў, з Піншчыны, ваяваў у аддзеле Нарбута, загінуў пад Дубічамі.

305. Смілгін Цыпрыян , сын Дамініка, гадоў 25.

306. Ставіцкі Калікст , пробашч Дубіцкага касцёла.

307. Стацкевіч Казімір з ваколіцы Вайдагі.

308. Стацэвіч Міхал , сын Юзафа, гадоў 19, з ваколіцы Курміны, высланы ў Сібір.

309. Стацэвіч Станіслаў , сын Яна, гадоў 27, высланы ў Самарскую губерню.

310. Стацэвіч Стэфан , сын Яна, гадоў 20, з ваколіцы Сурконты.

311. Стацэвіч Юзаф , сын Юзафа, гадоў 18, з ваколіцы Сурконты.

312. Стацэвіч Юстын .

313. Струміла Адольф , сын Юзафа, з мястэчка Шчучын, высланы на катаргу ў цвердзь у Сібір.

314. Сумарок Рамуальд , гадоў 25, высланы ў Сібір.

315. Сумарок Фелікс , высланы ў Сібір у салдаты.

316. Сумарок Юзаф з Вярсокі, сябар Лідскага павятовага рэвалюцыйнага камітэту, эміграваў.

317. Сумарок Ян , сын Францішка, гадоў 25, з маёнтка Вавёрка, быў ў аддзеле Чудоўскага і Рыхлеўскага, высланы ў Томскую губерню.

318. Сурконт Адам , сын Антонія, гадоў 19, высланы ў Сібір.

319. Сухоцкі , прыстаў 5-га стану з-пад Начы, звольнены з пасады за спагаду да паўстанцаў і аддадзены пад суд.

320. Сырвід Ануфры , ксёндз-пробашч, з мястэчка Васілішкі, прыгавораны да 12 гадоў катаргі.

321. Сяклуцкі Вінцэнт , з маёнтка Гарнастаішкі, парафіі Эйшышскай.

322. Сяліцкі Рамуальд , сын Барталамея, гадоў 20, высланы ў Сібір.

323. Сямашка Ян , з маёнтка Гернікі, высланы ў Арэнбуржскую губерню, разам з жонкаю Валерыяй, іхні маёнтак Гернікі прададзены.

324. Сярэйчык Ваўжынец , яго дзялка Кракшлі канфіксавана.

325. Табенская Альжбета , дачка Міхала, гадоў 32, з маёнтка Рудова, выслана ў Томскую губерню.

326. Табенская Антаніна , дачка Міхала, гадоў 22, з маёнтка Рудова, выслана ў Сібір.

327. Табенскі Кіпрыян , эміграваў.

328. Табенскі Яраслаў , сын Дыяніза, гадоў 39, з маёнтка Земляпіша, высланы ў Пермскую губерню, яго маёнткі Зенавічы, Малкаўцы і Ўгольнікі прададзены.

329. Тараевіч , доктар з Салтанішак, асноўны пастаўшчык амуніцыі ў аддзел Людвіка Нарбута.

330. Тарашкевіч (Тарашэвіч) Ігнацы з аддзела Нарбута, загінуў пад Дубічамі

331. Таўкевіч Вінцэнт , з маёнтка Кабыльнікі.

332. Трушынскі (Трушчынскі) Юзаф , сын Яна, гадоў 37, з вёскі Ліпкунцы, высланы ў Сібір, яго маёнтак Ліпкунцы і дзялка Грышанішкі канфіскаваны.

333. Тубілевіч Мацей , гадоў 35, з г. Ліды, мешчанін, яго дзялка Мажэйкаўшчына канфіскавана.

334. Тубілевіч Юзаф , гадоў 30, з ваколіцы Мудрукоўшчына, з аддзела Нарбута, высланы ў Пермскую губерню.

335. Тукала Валеры , з Ольжаўскіх Тукалаў, ваяваў у Аўгустоўскіх лясах, яго маёнтак Рачкоўшчына канфіскаваны.

336. Туровіч Адам , сын Юзафа, гадоў 15, з вёскі Мількунцы.

337. Турскі Ксаверы (Конрад) , сын Яна, з маёнтка Парадунь.

338. Турчынскі Вінцэнт , высланы ў Сібір.

339. Тышкевіч Кароль , сын Юрыя, з маёнтка Жырмуны, гадоў 44, высланы ў Пермскую губерню, яго маёнтак Жырмуны прададзены.

340. Уланоўскі Фелікс з ваколіцы Вайдагі.

341. Урублеўскі Валеры Антоні з Жалудка, найбліжэйшы паплечнік К. Каліноўскага, ваяваў на Гарадзеншчыне, у Белавежскай пушчы, на Любліншчыне, эміграваў, генерал Парыжскай камуны.

342. Фалькоўскі Адам , ксёндз-пробашч, гадоў 53, з в. Ішчална, расстраляны ў Лідзе 24 чэрвеня 1863 г.

343. Франскевіч з аддзела Нарбута, трапіў у палон каля в. Станюнцы.

344. Хмялеўскі Юзаф , сын Марціна, гадоў 23, з аддзела Чудоўскага, высланы ў Томскую губерню.

345. Цадронскі Міхал , сын Яна, гадоў 17, з маёнтка Дуцішкі.

346. Цехановіч Валерыя з Цыбульскіх, прымала ўдзел у паўстанні на Меншчыне. Памерла ў 1933 годзе. Пахавана на Лідскіх каталіцкіх могілках.

347. Цыдзік Міхал , гадоў 40, з ваколіцы Дылева парафіі Васілішскай, высланы ў Сібір, яго дзялка Дылева канфіскавана.

348. Цымерман , вучань Віленскай гімназіі, быў у аддзеле Нарбута, трапіў у палон каля вёскі Станюнцы.

349. Цяцянец Дыяніз , сын Барталамея, гадоў 25, з ваколіцы Цяцянцы, парафіі Алькяніцкай, высланы ў Енісейскую губерню.

350. Цяцянец Ігнацы , сын Шымона, гадоў 27, з ваколіцы Цяцянцы, парафіі Алькяніцкай, высланы ў Сібір.

351. Чарвінскі Ян , сын Аляксандра, гадоў 33, высланы ў Сібір.

352. Чачот Тамаш , ксёндз-вікары парафіі Восаўскай.

353. Шабельскі Юзаф , ляснічы ў лясах графа Тышкевіча, высланы ў Томскую губерню.

354. Шалевіч Адольф , гадоў 26, высланы ў Самарскую губерню.

355. Шалевіч Казімір , эміграваў.

356. Шалевіч Кароль , сын Фелікса, гадоў 24, высланы ў Сібір.

357. Шалевіч Юзаф , сын Феліцыяна, з маёнтка Шалева.

358. Шалевіч Цыпрыян з Сабакінцаў, арыштаваны.

359. Шахоўскі Валяр'ян , гадоў 20, селянін з аддзела Нарбута

360. Шкіландзь Адольф , сын Яна, гадоў 17, з ваколіцы Паддуб'е, высланы ў Сібір.

361. Шмігер Густаў , сын Юзафа, гадоў 17, высланы на катаргу ў рудніках на 12 гадоў.

362. Шмігер Юзаф .

363. Шукевіч Тамаш , сын Яна-Вінцэнта, гадоў 36, з маёнтка Крупава, павятовы суддзя, у паўстанні павятовы камісар, высланы ў Томскую губерню.

364. Шчасновіч Міхал , высланы ў Томскую губерню.

365. Шчука Стэфан , эканом маёнтка Казіміраўка, арыштаваны.

366. Шэлкінг Альфонс , з маёнтка Забалаць графа Патоцкага, трымаў склад паўстанцкай зброі.

367. Эйсмант Аляксандр , сын Захарыя, з маёнтка Пакулішкі, высланы ў Табольскую губерню.

368. Эйсмант Леанард , сын Пятра, гадоў 59, з маёнтка Пакулішкі, высланы ў Табольскую губерню, яго маёнтак Пакулішкі канфіскаваны.

369. Юндзіл Эмануіл , эміграваў.

370. Юндзіл Ян , сын Гіпаліта, гадоў 18, з ваколіцы Вайдагі.

371. Юрэвіч Анастазы , мешчанін з ваколіцы Пашышкі, быў ў аддзеле Нарбута, высланы ў Сібір.

372. Юрэвіч Ануфры , гадоў 30, з маёнтка Юршышкі, парафіі Эйшышскай з аддзела Нарбута.

373. Якубоўскі Севярын , войт Тарноўскай воласці, сакратар Лідскага павятовага рэвалюцыйнага камітэту, ваяваў у аддзеле Людвіка Нарбута, удзельнічаў у бітве пад Дубічамі, чуў апошнія словы Нарбута.

374. Якубоўскі Францішак , сын Юрыя, гадоў 19, высланы ў Самарскую губерню.

375. Ямант Марыя , дачка дакудаўскага эканома Мацея Яманта, нарачоная Кастуся Каліноўскага, выслана ў Табольск.

376. Ямант Юзаф , сын дакудаўскага эканома Мацея Яманта, сакратар Кастуся Каліноўскага, з кастрычніка 1863 года паўстанцкі камісар Менскай губерні, высланы ў Томск.

377. Янкоўскі Аляксандр , сын Пятра, гадоў 20, з маёнтка Рачкоўшчына, парафіі Навадворскай, быў ў аддзеле Нарбута і Астрогі, высланы ў Сібір.

378. Янкоўскі Кастусь , сын Пятра, з маёнтка Рачкоўшчына, высланы ў Сібір.

379. Янкоўскі Пётр , сын Пятра, гадоў 24, камандзір звяза ў аддзеле Нарбута з 3.03. 1863 года, у бітве пад Дубічамі 30.03.1863 г. быў паранены, узяты ў палон, высланы на катаргу ў рудніках, дзе памёр.

380. Янкоўскі Стэфан , сын Пятра, гадоў 22, прыгавораны да смяротнай кары, высланы на катаргу на 12 гадоў ў Табольскую губерню.

381. Янушкевіч Людвік , сын Вінцэнта, гадоў 40, высланы ў Томскую губерню.

382. Янушкевіч Эдвард , сын Ігнацыя, з вёскі Шаўры, парафіі Нацкай, высланы ў Сібір.

383. Ястрэмбскі Рамуальд , высланы ў Самарскую губерню.

384. Ястрэмбскі Сільвестр , сын Людвіка, гадоў 18, з ваколіцы Таўчышкі, з аддзела Нарбута, высланы ў Сібір.

385. Яцунскі Андрэй з фальварка Вайдзбойнішкі.

386. Яцунскі Пётр , сын Фелікса гадоў 21, з фальварка Стамяроўшчына, з аддзела Нарбута, прыгавораны да катаргі на 8 гадоў.

387. Яцунскі Войцах , сын Шымона, з маёнтка Вайдзбойнішкі.

388. Яцэвіч Фелікс з маёнтка Ішчална.

Населеныя пункты Лідскага павета, якія найбольш вызначыліся або пацярпелі ў паўстанні

1. Вёска Дубічы , за пахаванне паўстанцаў Людвіка Нарбута знесены касцёл.

2. Вёска Забалаць , пасля зачытвання маніфесту паўстання ксендзам Зарэцкім больш за 300 сялян сабралася на касцельным двары і тры дні чакала зброю. Напалі на варту партыі рэкрутаў, якіх адпраўлялі ўглыб Расеі. Варту раззброілі, рэкрутаў распусцілі па хатах, самі разышліся

3. Вёска Зубрава , за падтрымку паўстанцаў знішчаны ўсе пабудовы, усё насельніцтва саслана ў Сібір.

4. Вёска Кракшлі , за падтрымку паўстанцаў знішчаны ўсе пабудовы, усё насельніцтва саслана ў Сібір.

5. Вёска Лініца , за падтрымку паўстанцаў зішчаны ўсе пабудовы, усё насельніцтва саслана ў Сібір.

6. Вёска Паддуб'е , за падтрымку паўстанцаў знішчаны ўсе пабудовы, усё насельніцтва саслана ў Сібір.

7. Фальварак Шаўры бацькі паўстанцаў Тодара Нарбута спалены, месца, дзе ён стаяў, заарана плугам.

8. Шляхочая ваколіца Шчукі Дэмбраўскай парафіі, за актыўную падтрымку паўстанцаў знішчана цалкам. Прыгавораны да высылкі ў Расію:

1. Амбрусевіч Антон , ж. Ганна , 10 чалавек - у Пермскую губ.

2. Амбрусевіч Ігнат , ж. Марцыяна , 2 чалавекі - у Арэнбуржскую губ.

3. Кузьміцкі Аляксандр , ж. Марцэля , 4 чалавекі - у Саратаўскую губ.

4. Шчука Вікенцій , ж. Міхаліна , 7 чалавек - у Аланецкую губ.

5. Шчука Вінцэнт , ж. Тэафілія , 8 чалавек - у Саратаўскую губ.

6. Шчука Восіп , ж. Міхаліна, 7 чалавек - у Пермскую губ.

7. Шчука Восіп , ж. Саламея , 5 чалавек - у Ноўгарадскую губ.

8. Шчука Ігнат , ж. Вікторыя , 5 чалавек - у Самарскую губ.

9. Шчука Мартын , ж. Францішка , 3 чалавекі - у Пензенскую губ.

10. Шчука Мікалай , ж. Разалія , 5 чалавек - у Арэнбуржскую губ.

11. Шчука Разалі я, удава, 7 чалавек - у Самарскую губ.

12. Шчука Станіслаў , ж. Антаніна , 6 чалавек - у Кастрамскую губ.

13. Шчука Станіслаў , ж. Разалія , 4 чалавекі - у Валагодскую губ.

14. Шчука Сымон , ж. Антаніна , 6 чалавек - у Кастрамскую губ.

15. Шчука Фадзей , ж. Антаніна , 6 чалавек - у Тамбоўскую губ.

16. Шчука Ян , ж. Тэафілія , 4 чалавекі - у Томскую губ. (ён абвінавачаны ў забойстве I. Макарэвіча, знаходзіўся ў Гарадзенскай турме).

Усяго ў спісе лідскіх паўстанцаў пакуль 419 імёнаў і сотні безыменных.

Станіслаў Суднік


СІЛА ЯДНАННЯ

Беларус - і ў Маскве беларус

У Японіі ёсць свята "адзінаццатага адзінаццатага". Гэта супадзенне, шчаслівы парадак лічбаў адзначаюць усе. Ну, а каму пашчасціла нарадзіцца ў гэты дзень, радыя ўдвая.

У шчаслівы дзень - 11 лістапада 1958 года - у беларускай сялянскай сям'і з'явіўся на свет Алег Кандыба. Яго родная вёсачка Плігаўкі, што ў Шумілінскім раёне Віцебскай вобласці раскінулася, здаецца, у самым маляўнічым месцы Беларусі: на краі лесу і беразе чыстай ракі Обаль, якая нясе свае воды ў Заходнюю Дзвіну, а адтуль - у Балтыйскае мора.

Род Кандыбаў не быў перакаці-поле: і прадзед і дзед, і бацька Фёдар Пятровіч былі вернымі аднаму месцу на зямлі - родным палям, ціхай Обалі з рачнымі перакатамі і астраўкамі. У сяброўстве і згодзе з блізкімі і прыродай рос Алег.

Расла і сям'я, нарадзіліся браты: Аляксандр і Пётр.

У 8 гадоў мама, Тацяна Сяргееўна, адвяла старэйшага сына ў першы клас Обальской (Даўманскай) сярэдняй школы. (У 2012 годзе школа адсвяткавала сваё 110-годдзе) Многія памятаюць, як сакратар камсамольскай арганізацыі Алег Кандыба арганізоўваў першы ВІА, разбіваў разам з настаўнікамі і школьнікамі сквер, саджаў каштаны каля школы.

17-гадовы летуценнік і рамантык Алег прыязджае ў выдатны падмаскоўны гарадок Дубна і паступае ў вайсковую вучэльню, якую паспяхова заканчвае ў 1979 годзе. Трымаючы ў руцэ чырвоны дыплом, на размеркаванні Алег Фёдаравіч выбірае Літву. На жаль, у роднай Беларусі месцаў для службы не было. У першым афіцэрскім адпачынку ў роднай Обалі разам з каханай дзяўчынай Наташай згулялі вяселле. Наташа і Алег да гэтага шчаслівага дня сябравалі ўжо 5 гадоў.

З маладой жонкай Алег прыбыў служыць у чароўны літоўскі край, у горад Вісагінас (Снечкус). У 1980 годзе нарадзілася дачка Юлія.

Многае прыйшлося перажыць: туліліся ў бараку, мерзлі, трывалі нязручнасці, але каханне, узаемадапамога і старанне выручалі. Жыццё палепшылася.

Нямала перажыванняў даставіла сям'і Чарнобыльская бяда. Не прывыкшы хавацца за чужыя спіны, Алег Фёдаравіч у 1987 годзе 3 месяцы выконваў адмысловае Ўрадавае заданне ў горадзе Чарнобыль пры ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Удзельнічаў у правядзенні асабліва небяспечных работ на многіх аварыйных аб'ектах ЧАЭС: ХЖТА, "Дыяратарная этажэрка", дах I, II, III і машынная зала IV блока. Экстрэмальную сітуацыю знаходжання ў зоне павышанай радыяцыі і радыеактыўнага заражэння мясцовасці, па сваім псіхічным уздзеянні на чалавека можна параўнаць з актыўнымі баявымі дзеяннямі. Праўда, радыяцыя - вораг падступны, нябачны. Кандыба А.Ф. з гонарам выканаў свой абавязак, праявіўшы пры гэтым лепшыя чалавечыя, мужчынскія і афіцэрскія якасці. Быў душой калектыва падраздзялення, у якім працаваў.

У 1989 годзе сям'я пераехала ў Маскву для далейшага праходжання службы.

У першапрыстольнай Алег Фёдаравіч працаваў у розных сілавых структурах. Таварышы і калегі заўсёды душэўна адзначаюць: "Гэты вялікі, добры, з цёплай беларускай усмешкай чалавек адразу становіцца вам сімпатычны. Ён з пароды людзей якія жывуць пад лозунгам "так" і рэдка ўжываюць слова "не". Заўсёды імкнецца дапамагчы, хай нават не ўсё і не заўсёды атрымліваецца".

Такі Алег Фёдаравіч у жыцці, працы, адносінах з роднымі, блізкімі і сябрамі. Скончыўшы службу ў 1997 годзе ён звольніўся ў запас.

Хоць за ўзнагародамі не ганяўся, дзяржава і ўрад не пакінулі без увагі яго заслугі. Парадны кіцель упрыгожылі больш за 30 ордэнаў, медалёў і знакаў. Ён ветэран ФСБ РФ.

З 1998 па 1999 год Кандыба А.Ф. працаваў кіраўніком спраў Пасольства роднай Беларусі ў Расіі. У 1998 годзе разам з сябрамі ён стварыў "Маскоўскі клуб беларусаў" аб'яднаўшы найболей яркіх выхадцаў з Беларусі, яе сяброў, аднадумцаў і меўшых беларускія карані. Алег Фёдаравіч стаў кіраўніком-прэзідэнтам клуба.

Клуб з'яўляецца чальцом: "Асацыяцыі зямляцтваў", Міжнароднага грамадскага аб'яднання "Аб'яднанне беларусаў свету "Бацькаўшчына", "Рады нацыянальных грамадскіх аб'яднанняў" ГБУ "Маскоўскі дом нацыянальнасцяў", "Грамадскай Палаты" Мін. рэгіянальнага развіцця РФ, РНКА "Беларусы Масквы", "Грамадскай Рады па справах нацыянальнасцяў пры Ўрадзе горада Масквы, "Асамблеі народаў Расіі", МСГА "Саюзная грамадская палата".

Кандыба Алег Фёдаравіч - сябар Саюза пісьменнікаў Расіі (пісьменніцкі псеўданім "Алег Обальскі")

Бог і бацькі далі Алегу Фёдаравічу дар абаяння, уменне аб'ядноўваць людзей, лагоднасць, прыязнасць, талент збіральніцтва ўсяго добрага і стваральнага. Яму належаць артыкулы пра ідэалогію "Беларускага клубнага руху", пра выбітных навукоўцаў, бізнэсмэнаў, дзеячоў мастацтва і культуры, пра "Залатыя россыпы зямлі беларускай". Сёння па прыкладзе Масквы, беларускія клубы створаны ў многіх рэгіёнах Расіі і іншых дзяржавах.

У 2001 годзе па ініцыятыве Алега Фёдаравіча заснавана газета "Сябры", і яна распаўсюджваецца ў многіх краінах свету. ГД "Сябры", юрыдычны цэнтр ЮЦ "Сябры", творчы цэнтр ТЦ "Сябры", беларуска-расійская Асацыяцыя вытворцаў тавараў і паслуг БРАПТП "Сябры", рыхтуецца да выдання серыя кніг і энцыклапедыя пад назвай "Залатыя россыпы зямлі беларускай" пра выхадцаў з Беларусі.

У 2004 годзе Кандыба А.Ф. абраны сустаршынём "Клуба галоўных рэдактараў ЭТНА-СМІ" пры "Маскоўскім доме нацыянальнасцяў".

Алега Фёдаравіча адрознівае актыўная жыццёвая пазіцыя, ініцыяванне і тварэнне добрых спраў. Ён ярка ўдзельнічае ў грамадска-палітычным жыцці, з'яўляецца памочнікам дэпутата, намесніка кіраўніка фракцыі "Адзіная Расія" ў ДД РФ Клінцэвіча Ф.А., чальцом працоўнай групы па СМІ "Міжнацыянальнай кансультатыўнай Рады" пры Ўрадзе Масквы, чалец Рады-каардынатар "Асацыяцыі бізнэс-клубаў Дзелавой Расіі", сузаснавальнік НП "Міжнародны лазневы клуб", кіраўнік рэгіянальных стратэгічных праграм "Дзелавой Расіі". Старшыня Рады РГА "Добрыя суседзі", Старшыня грамадскай Рады Бутырскага раёна ПУАА г. Масквы, чалец "Міжнароднага славянскага камітэта", віца-прэзідэнт банкаўскай групы ААТ КБ "Смаленскі Банк".

У беларуса Кандыбы А.Ф. няма маленькіх ці вялікіх пытанняў, яны ўсе для яго важныя.

У бязмежным акіяне добрых спраў галоўныя памочнікі Алега Фёдаравіча: жонка Наталля Ягораўна - асноўны чалавек у душэўным узаемадзеянні з землякамі і выпуску газеты "Сябры"; дачка Юлія Алегаўна - юрыст-судзебнік, які спецыялізуецца на "фінансава-банкаўскім праве" і іншай практыцы, у арсенале якой больш за 300 выйграных спраў, чатыры з якіх увайшлі ў падручнікі для навучання студэнтаў юрыдычных ВНУ, зяць Аляксандр Аляксандравіч Бяльковіч, з беларускімі каранямі, актыўна удзельнічае ў яднанні землякоў, яму належыць ідэя стварэння сайта "Маскоўскага клуба беларусаў", прыгажунька ўнучачка Анастасія, сябры і землякі.

Працаздольнасць і нястомнасць Алега Фёдаравіча захапляюць, цешаць.

Дырэктар прэс-бюро ВР РФ, выхадзец горада Баранавічы Лабусаў Б.Н., кажучы пра Кандыбу А.Ф. адзначыў: "У ім ёсць нейкая асаблівая рыса - уменне цешыцца поспехам і дасягненнямі іншых. Гэта выдатна!".

Алег Фёдаравіч поўны ідэй, спраў, ініцыятыў, планаў, выдатных жаданняў.

Дарогу здужае той, хто ідзе, хто стварае дабро ды будзе дабраслаўлены.

Улад Ялецкі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX