НАША СЛОВА № 1 (1152) 2 студзеня 2014 г.
З Калядамі і Божым Нараджэннем!
Дарагія Суродзічы!
Віншую вас з надыходзячымі Святамі Божага Нараджэння і з Новым 2014 Годам, і жадаю вам усяго найлепшага. З глыбіні сэрца жадаю, каб "Уладар вялікіх сонцаў" паслаў "праменне Свае хвалы" на наш прыгожы край.
Адначасна, хачу падзяліцца з вамі словамі Альберта Эйнштэйна, якія мяне моцна ўразілі. Эйнштэйн казаў, што "свет ёсць небяспечным не столькі для тых, хто робіць зло, як для тых, хто глядзіць на гэта і не рэагуе". Прыстасаваўшыся да абставінаў, яны глядзяць абыякава на пакуты ахвяраў злачынстваў, у спадзяванні, што зло знікне само сабой.
На парозе Новага Году, звяртаюся да вас, дарагія суродзічы, з просьбай задумацца над гэтымі словамі Альберта Эйнштэйна.
У гісторыі не раз бывала, што людзі прачыналіся запозна. Не будзьце ж абыякавымі да таго, што робіцца вакол вас. Далучайцеся да тых, хто бароніць вашае права жыць у свабодзе.
Расейскія вайсковыя базы, якія зробяць вас ахвярамі любога ваеннага сутыкнення, АЭС, якая будуецца чужымі рукамі на чужую карысць, бюджэтныя змены на карысць сілавых структур за кошт аплаты патрэбаў рэшты насельніцтва ды развіцця нашае культуры і захавання нацыянальнае спадчыны, замена беларускага насельніцтва на іншародных прыхадняў - так як гэта ўжо рабіла Маскоўская імперыя - усё гэта прычыны, каб не быць абыякавымі. Але пачаць можна ад найбольш відавочнага. Колькі часу яшчэ шматвекавы еўрапейскі народ будзе талераваць, каб ягоны край называлі апошняй дыктатурай Еўропы? Кожны грамадзянін Беларусі мае права вымагаць, каб яго трактавалі, як чалавека, а абавязак грамадства ёсць яго падтрымаць.
Дарагія Суродзічы, яшчэ раз жадаю, каб гэты год быў для вас памысным і плённым. Я моцна веру, што з Божай дапамогай, разам, і мы зможам дасягнуць мэту кожнага развітага народа - заняць пачэснае месца ў сям'і чалавецтва.
Жыве Беларусь!
Івонка Сурвіла, Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Увага
З 6 студзеня (панядзелак) заняткі гістарычнай школы з Алегам Трусавым "Гісторыя ў падзеях і малюнках" пераносяцца на 30 студзеня (чацвер)
Пачатак - 18. 00 гадзін. Румянцава, 13. Уваход вольны.
100 гадоў з дня нараджэння Тодара Лебяды
ЛЕБЯДА Тодар [сапр.: Шырокаў або Шыракоў Пётр Фёдаравіч; іншы псеўданім: Клім Каліна; 6.1.1914, Віцебск - 1970, Разанская вобл.], драматург, паэт, празаік. Скончыў Віцебскую сямігадовую школу і чыгуначнае рамеснае вучылішча. У 1933 паступіў у Менскі педагагічны інстытут. У інстытуце знаёміцца і сябруе з Уладзімірам Клішэвічам, Масеем Сяднёвым, Якубам Ермаловічам, Міколам Гваздовым і іншымі аўтарамі-пачаткоўцамі. Пісаў нарысы і вершы, якія змяшчаў у газ. "Віцебскі рабочы", "Савецкая Беларусь", "Піянер Беларусі". 31 кастрычніка 1936 разам з разам А. Дударом і іншым дзесяццю студэнтамі інстытута быў беспадстаўна абвінавачаны ў буржуазным нацыяналізме і арыштаваны. Асуджаны Вярхоўным судом БССР на 5 гадоў зняволення. Быў накіраваны ва Ухтпечлаг. У 1940 па хадайніцтве жонкі Б. Цыпінай прывезены ў Менск для перагляду справы. З Менска адпраўлены ў Чэрвень. Тут Лебяду застала вайна. У час акупацыі жыў з сям'ёй у Віцебску; у 1943-44 рэдактар газ. "Беларускае слова". У гэтыя гады і напісаў асноўныя творы, у тым ліку п'есу "Загубленае жыццё" - першы антысавецкі твор у беларускай драматургіі (пастаўлена ў 1943 В. Селях-Качанскім). У 1944 апублікаваў паэтычны зборнік "Песьні выгнаньня". Выехаў на Захад у 1944. У канцы 1945 вярнуўся на Радзіму. У траўні 1947 паўторна арыштаваны. Асуджаны ваенным трыбуналам войск МУС па Менскай вобл. на 25 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў ў сібірскіх канцлагерах. У Беларусь вярнуўся ў 1960. Жыў у Слоніме, працаваў рэзчыкам паперы на кардоннай фабрыцы "Альбярцін". Напісаў п'есу ў трох актах "У нас, на Гродзеншчыне" і некалькі аднаактовых п'есак: адна з іх - "Людзі ва Хрысце" - была надрукавана ў слонімскай раёнцы "Вольная праца". У студзені 1962 пераехаў у Чэрвень, працаваў у раённай газеце. У канцы 1962 выехаў з Беларусі на Разаншчыну да знаёмай жанчыны, з якой пражыў сем гадоў. Хварэў на сэрца, перанёс два інфаркты. Пахаваны ў пасёлку Воршава Пуцяцінскага р-на Разанскай вобл. Рэабілітаваны 12.7.1989.
Вікіпедыя.
70 гадоў з дня нараджэння Міхася Раманюка
РАМАНЮК Міхась (3 студзеня 1944 - 4 верасня 1997) - вядомы беларускі мастацтвазнавец і этнограф.
Нарадзіўся ў вёсцы Кавалі Брагінскага раёна Гомельскай вобласці, але дзяцінства прайшло ў вёсцы Старынкі Койданаўскага раёна. Выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў. Заснаваў часопіс "Мастацтва Беларусі" і стаў ягоным першым галоўным рэдактарам. Стварыў сцэнічныя строі для Дзяржаўнага народнага хору і Дзяржаўнага ансамблю танцу Беларусі. За ўласныя грошы правёў дзясяткі этнаграфічных экспедыцый, плёнам якіх сталі больш за 130 рэканструкцый традыцыйных строяў беларусаў. Збор і архіў Міхася Раманюка налічвае звыш за 100 000 адзінак унікальнага этнаграфічнага матэрыялу, сабранага ўласнымі рукамі; падарожныя дзённікі складаюць дзясяткі тамоў. Важная частка шматгадовай творчай дзейнасці Міхася Раманюка - артыкулы і ілюстрацыі ў энцыклапедыях: "Беларуская Савецкая Энцыклапедыя", "Энцыклапедыя Літаратуры і Мастацтва Беларусі", "Этнаграфія Беларусі"… Памёр ва ўзросце 53 гадоў ад анкалагічнай хваробы.
У 1981 годзе выдаў альбом "Беларускае народнае адзенне", што складаецца з архіўных фотаздымкаў ды фотаздымкаў, зробленых аўтарам падчас экспедыцый 1967-1980 гадоў. Строі вызначаны аўтарам згодна з вылучанымі ім этнаграфічнымі рэгіёнамі Беларусі. У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі прайшла арганізаваная М. Раманюком выстава "Беларускі нацыянальны касцюм" (1996 г.).
Вікіпедыя.
Беларускі народны каляндар. 2014 год
Народны каляндар - гэта сістэма сталых ці рухомых свят, прысвяткаў, абрадаў, гульняў, звычаяў, што замацаваны ў быце і фальклоры. Гэта пераважна спалучэнне язычніцкай і хрысціянскай культуры. Ён уключае традыцыйныя арыенціры (хранонімы) на сельскагаспадарчыя работы і адпачынкі ў гадавым, сезонным, месячным і іншых цыклах-рытмах. Утрымлівае традыцыйныя феналагічныя, метэаралагічныя, агранамічныя, астранамічныя, астралагічныя і іншыя каляндарныя веды, атрыманыя пераважна шматгадовым досведам.
У народным календары на 2014 год прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з магчымымі кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі і г. д. Дні, якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. У праваслаўных яны замацаваны за старым, юліянскім календаром, які адстае на 13 дзён. Зорачкай /*/ пазначаны святы "рухомай" царкоўнай пасхаліі. У наступным, 2015 годзе, праваслаўны Вялікдзень прыпадае на 12 красавіка, а каталіцкі - на 5 красавіка.
Умоўныя абазначэнні: п - панядзелак, а - аўторак, с - серада, ч - чацвер, пт - пятніца, сб - субота, н - нядзеля. Даўжыня дня і моманты ўсходу і захаду падаюцца для Менска. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў календара можна прачытаць у нашых кнігах "Беларускі народны каляндар" (Мінск, 1993 і 2002 гг.).
Студзень
1. с. Новы год. ВКЛ перайшло на студзеньскі стыль у 1550 г., Расія - з 1700 г.
6. п. Першая, Посная куцця. Перадкалядная вячэра. Які дзень, такі і год. Тры каралі . Католікі праводзілі маскаваны абрад "Тры каралі" або "Гэроды".
7. а. Божае Нараджэнне . Пачатак Каляд . "Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі…". Калядавалі. Насілі "звязду". Паказвалі батлейку. На Каляды праводзілі ігрышчы ("вадзілі казу", "жанілі Цярэшку", "пяклі ката", гулялі ў "Яшчура" і інш.).
8. с. Зімні пакроўчык, Маладзёны (Бабіны) . Частавалі бабу-пупарэзніцу.
9. ч. Сцяпан . "На Святога Сцяпана вышэй слуга за пана". Дзень найму парабкоў, слуг.
13. п. Шчодрая куцця . Пачатак Шчодрага тыдня . "Мароз, хадзі куццю есці".
14. а. Васілле. Новы год па праваслаўным календары. "Сею, сею пасяваю, з Новым годам вас вітаю".
17. пт. Марк. Калі на Марка пакласці ў зямлю на кароткі час насенне морквы, то летам яно хутчэй прарасце.
18. сб. Трэцяя, Галодная, Вадапосная куцця . Апошнія дні Каляд. "Каляда ад'язджае".
19. н. Вадохрышча (Кшчэнне) . "Святое Кшчэнне ваду ксціла..., свет ачысціла і ваду наверх пусціла". "На Вадохрышча завіруха - на Вялікдзень таксама".
20. п. Прывадохрышча - заканчэнне Каляд. Пачатак Малой вясельніцы (да посту).
24. пт. Аксіння . "Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце". Фядос . "На Фядоса цёпла".
25. сб. Таццяна . Свята студэнтаў. Павел . "Вее вецер - будзе вайна".
31. пт. Апанас, Гусінае свята . Свята свойскай жывёлы. "Хавай нос у апанасаўскі мароз".
Люты
1. сб. Ігнат . "На Святога Ігната зіма багата".
2. н. Грамніцы, Стрэчанне . "Калі на Грамніцы нап'ецца певень вадзіцы, то на Юр'я наесца вол травіцы", "Грамніца - хлебу палавіца".
5. с. Агата . Каровіна свята. "Хлеб і соль Святой Агаты не пусціць бяды да хаты".
6. ч. Аксіння-паўзіміца . "На Аксінні мяце". Дарота . "Па Дароце высахнуць хусты на плоце".
11. а. Ігнат. "Ігнат Грамніцам рад".
14. пт. Трыфан . "На Трыфана зорна - вясна позняя". Валянцін . Свята закаханых.
15. сб. Грамніцы, Стрэчанне. "Зіма з летам сустракалася", "На Грамніцы палавіна зіміцы".
18. а. Агата. Каровіна свята.
21. пт. Пятро . "Калі на Пятра цёпла, зіма працягнецца да Вялікадня".
23. н. Прохар. "Ласі скідаюць рогі", "Прыйшоў Прохар ды Улас - скора вясна ў нас".
24. пн. Улассе . Свята жывёлы. Мацей . "На Мацея дарога пацее", "На Мацея адліга - будзе мароз". * Рабы тыдзень, Вясельніца, Развітальны тыдзень. Тыдзень перад Масленіцай.
26. с. Фаціння . Заступніца ад хвароб. * Лысая серада . Праталіны-залысіны.
27. ч. * Блакітны чацвер . Тумановы дзень. * Валосы (Крывы чацвер) . Свята жывёлы. "На Волосого бліны пыклы ці оладкы, коб булы вылы гладкы".
28. пт. * Масляныя Дзяды, Дзедава пятніца.
Сакавік
1. сб. * Дзедава субота (Бабы) . "Дзяды не зналі бяды, а ўнукі зазналі мукі".
2. н. Фёдар Ціран. Заступнік ад злодзеяў. * Масленіца . * Гуканне вясны . "Сей пшаніцу ва ўсю руку, калі Масленіца ў маладзіку".
3. п. * Паласказуб. Першы дзень Вялік. посту. Паласкалі зубы гарэлкаю.
4. а. Казімір . "Святы Казімір дровы сякець".
5. с. * Папяльцовая серада (пач. Вялікага посту ў католікаў). * Уступная серада . Каб урадзіў лён, мылі верацёны ці калаўроты, гулялі ў карчме і пераскаквалі цераз пень.
8. сб. * Зборава субота. Абрад "споведзі дзежкі".
9. н. Янка, Паўраценне. Мядзведзь паварочваецца ў бярлозе на другі бок. Наглядалі за зімоўкай пчол. * Зборніца (Ізбор) . Пачатак збору ў поле. "А Святы Ізбор - бяжыць вада з гор". (Адзін з новых годаў/летаў).
12. с. Рыгор . "На Святога Рыгора ідуць рэкі ў мора".
13. ч. Васіль-капальнік . Са стрэх капае.
14. пт. Аўдоцця-вясноўка. Гуканне вясны . "На Аўдокі голы бокі". (1.03. Новы год у мінулым, сакавіцкі каляндарны стыль).
15. сб. Хвядот. "На Хвядота занос - усё сена знясе".
17. п. Герасім-гракоўнік . "Герасім гракоў прыгнаў".
18. а. Марка. На Марка грак вяртаецца з выраю.
19. с. Язэп . "Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту". "На Язэпа пагода - год ураджайны".
20. ч. Вясенняе раўнадзенства . Даўжыня дня - 11.59, усход - 7.18, захад - 19.17.
21. пт. Вясенняе раўнадзенства. Даўжыня дня - 12.03, усход - 7.15, захад - 19.18.
22. сб. Саракі. Свята птушак. Прылятае 40 выраяў. "Святыя Саракі ў поле саху валаклі". (Адзін з новых годаў/летаў).
24. п. *Пачатак Храстовага тыдня . Пяклі "храсты". Абрад "жаніцьбы коміна".
25. а. Рыгор. "На Рыгора зіма ідзе ў мора". Феафан . Калі дзень пачынаецца з туману, то варта чакаць добрага ўраджаю льну і канопляў. Дабравешчанне (Звеставанне) . Выкарыстоўваўся як Новы год у краінах Еўропы. "І птушка гнязда не кладзе". Прылёт бусла. Гуканне вясны .
26. с. * Серадапосце. Выпякалі "храстцы".
30. н. Аляксей цёплы. "На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою". Дзень рыбалова.
Красавік
1. а. Дар'я вясенняя. Адбельвалі палотны.
4. пт. Васіль-сонечнік . "Васіль-сонечнік ледзяшы са стрэх здымае".
5. сб. Арына (Ірына) . "На Арыну сей капусту ў рассадніках".
6. н. Камаедзіца. Свята мядзведзя. Благавеснік . Пярэдадзень свята.
7. п. Благавешчанне . "Благавешчанне без ластавак - халоднае лета". Абрад "стралы". Пачатак * Пахвальнага тыдня . "Дзікая качка яйцом пахваліцца".
8. а. Благуста . "На Благусту сій капусту".
9. с. Матрона . "На Матрону шчупак хвастом лёд прабівае".
11. пт. * Пахвальная пятніца . Мыццё хлебных дзежак.
12. сб. * Пахвальная субота . Не грымелі кроснамі, каб не грымеў гром.
13. н. * Нядзеля Пальмова . * Вербніца . "Вярба б'е, не я б'ю".
14. п. Прабуджэнне хатніка. Мар'я. На Мар'ю - разводдзі. * Чысты (блакітны) панядзелак . Пачатак * Белага (Вялікага, Страснага) тыдня .
15. а. Палікарп. Пачатак бясхлебіцы. * Чысты аўторак . "У Чысты панядзелак і аўторак не можна ў хаце трымаць чаго-небудзь нечыстаго, бо на людзей і на говядо нападуць паршы".
16. с. Мікіта. "Калі на Мікіту крыгаход, то няма ні клёву, ні лову рыбакам".* Дравяная страсць. Мылі ўсё драўлянае.
17. ч. * Чысты чацвер . У лазню. Абрад "мыцця дзежкі".
18. пт. * Чырвоная (Велікодная) пятніца . Сеялі гарох.
19. сб. * Вялікая (Чырвоная) субота . Фарбавалі яйкі. Канец Вялікага посту.
20. н. * ВЯЛІКДЗЕНЬ у католікаў і прасл. "Хрыстос уваскрос!" - "Сапраўды ўваскрос!". (Быў Новым годам/летам найбольш у ХІV ст.).
21. п. Руф. Руф рушыць снягі. * Другі дзень Вялікадня . Хадзілі валачобнікі. "Першы дзень пірагі маюць, а сярэдні дзень пагуляюць, а апошні дзень выпраўляюць".
23. с. Юры (Ежы). Войцах . "Святы Вайцеху выпусціў жаўранка з меху". (Новы год па задыяку). * Градавая серада. Праводны, Мёртвы, тыдзень.
24. ч. Анціп - ахоўнік зубоў. * Вялікадне мёртвых (Наўскі чацвер) . Наведвалі могілкі.
25. пт. Марк. "Дождж на Марка, дык зямля як скварка".
27. н. * Праводная нядзеля . "Ідзі, зіма, да Кучава, як ты нам надакучыла".
28. п. Пуд. Калі Руф рушыць снягі, то Пуд пужае. * Радунічныя Дзяды .
29. а. Арына. "На Арыну сей капусту". * Радаўніца . "На Радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а к вечару скачуць".
30. с. Зосім - ахоўнік пчол. Андрыянава ноч. Варажылі на каноплях: "Святы Андрэю, канапелькі сею".
Травень
1. ч. Кузьма. "Май Кузьма з морквінай сустракае, а Пахом з гурком".
5. п. Ляльнік. Свята Лялі - дачкі Лады.
6. а. Юр'е. Свята жывёлы. "Як дождж на Юр'я - хлеб будзе і ў дурня". Абрад "страла".
7. с. Алісей. "Прыйшоў Алісей - авёс пасей".
8. ч. Марк. Станіслаў. "Сей лён на Станіслава - вырасце як лава". Бабскія розбрыкі . Скокі жанчын і качанні па зямлі дзеля ўрадлівасці.
10. сб. Ярылавіца. Свята Ярылы.
11. н. Пранціш. Які дзень, такое і лета.
12. п. Пачатак * Пераплаўнага, Чарвівага, тыдня . Не трэба садзіць, бо заядуць чэрві.
13. а. Якуб. "На Якуба грэе люба".
14. с. Макарэй. Абрады ля вады. * Пераплаўная, Градавая, серада .
15. ч. Барыс. Апякун поля і жывёлы.
16. пт. * Градабойцы (Ледавіты дзень) .
19. п. Антоній. "На Святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца, дык і прадасца".
21. с. Іван веснавы. Апякун земляроба. "На Івана каласок, а на Пятра піражок".
22. ч. Мікола веснавы. Свята пастухоў. Алёна. "Сей лён на Алену - вырасце па калена".
24. сб. Макей . "Мокра на Макея - і лета не прасушыць..." Кірыла і Мяфод .
27. а. Сідары. "Прыйшлі Сідары - прыйшлі і сіверы".
28. с. Пахом. "Святы Пахом павее цяплом". "Сей агуркі на Пахом - будзеш насіць мяхом".
29. ч. Магдалена . "Магдалена зязюльку прысылае". * Ушэсце . Дзень агляду жыта. Абрад "страла". * Ушэсце . Унебаўшэсце пана Езуса.
31. пт. Шэсць дзеў . "Лён сей позні на Шэсць дзеў". Канапелька Матруна . "Канапелька Матруна ў зямлю махнула". Фядот .
Чэрвень
3. а. Алёна, Ульяна. Дзень ільну.
4. с. Васіліск. "Ад Васіліска і салавей блізка".
5. ч. Дзень Ефрасінні Полацкай.
7. сб. Ян. "Рой перад Янам - пчаляр будзе панам". * Сёмушныя Дзяды, Духавая, Зялёная субота .
8. н. * Сёмуха (Тройца, Зялёныя святкі) . Культ продкаў і расліннасці. "Павядзём Куста пад гай зялёненькі...". * Сёмуха, Тройца . Свята зеляніны.
9. п. * Русальніца. Гранны тыдзень. Праводзіны вясны. "На Граннай нядзелі Русалкі сядзелі...".
10. а. * Конскі Вялікдзень . Свята коней.
11. с. * Градабой (Серада-русаль) . Засцерагаліся ад граду. Здабывалі агонь з ясеня.
12. ч. * Наўская Тройца . Памінанне. * Абліваха. Абліваліся вадою, каб пайшоў дождж.
13. пт. Ерамей. Антоній . "Антоні, аддай коні".
14. сб. Юстын і Харытон. "Юстын цягне ўверх каноплі, а Харытон - лён".
15. н. * Русальчыны розыгры. Засцерагаліся русалак.
16. п. * Пятроўкага-ладоўка (да 11.07).
19. ч. * Божае цела. * Дзевятнік . Перавод уніятаў у праваслаўе.
20. пт. * Дзевятуха . Свята ад навальніцы. За тыдзень да Пятра садзілі рэпу на Смаленшчыне.
21. сб. Тодар. "На Тодара раса - канапель паласа". Дзень (20-22) астранамічнага сонцастаяння. Даўжыня дня - 16.52 гадз., усход - 4.45, захад - 21.37.
22. н. Кірыла. На Кірылу з усяе моцы Зямля імкнецца да Сонца.
23. п. Купала. У старажытнасці - Новы год/лета, прыпадала да дня сонцастаяння.
24. а. Ян Купальны . "Сонца грае".
25. с. Анапрэй . "Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ".
26. ч. Акуліна-грачышніца (Задзярыхвост) . * Дзесятнік . "Дзесятнік гнаі возіць".
27. пт. * Дзесятка . "Косы точыць". "Жыта паспявае".
28. сб. Амос . "Прыйшоў Амос - цягне ўгору авёс"
29. н. Пятрок . "Да Пятра зязюльцы кукаваці". "Прыйшоў Пятрок - апаў лісток, прыйдзе Ілья - ападуць і два".
30. п. Данат . "Святы Данат коскi точыць, сянцо косiць".
Ліпень
6. н. Купалле . Свята Сонца і кахання.
7. п. Іван Купала. "Учора была Купала, а сёння Іван".
10. ч. Самсон-сенагной. Сем братоў . "На Самсона дождж - сем тыдняў то ж". "Сем братоў варожаць, колькі тыдняў пагоды".
12. сб. Пятро. Свята заканчэння Купалля. "Да Пятра дзеўка хітра, а па Пятры - хоць твар ёй падатры".
13. н. Паўпятро . Дзень талакі. Сымон .
14. п. Кузьма і Дзям'ян . Свята кавалёў. "Святы Пятро жыта спеліць, св. Кузьма сярпы робіць, а св. Дзям'ян сена грабе".
17. ч. Андрэй . "Авёс у світцы, а на грэчцы і кашулі няма". "Андрэй усіх мудрэй".
18. пт. Свята Месяца . "Месяц гуляе".
21. п. Казанская. "Будзеш вазіць сена на Казанскую, то гумно да другое Казанскае не дастаіць". Градавы дзень. Засцерагаў ад нябесных стыхій, ад хвароб вачэй і галавы. Пракоп . "Пракоп бок прыпёк".
25. пт. Якуб . "На Якуба хлеба поўна губа", "Які Якуб да паўдня, такая да снежня зіма" .
26. сб. Гаўрылей. Засцерагаліся, каб град не пабіў каноплі. Ганна . "Свята Ганна снапы кладзе", "Калі на Ганну раніца халодная, то і зіма будзе ранняя і халодная".
29. а. Афінаген. Заціхаюць птушкі.
Жнівень
1. пт. Макрыны . "Глядзі восень па Макрыні", "Калі ў дзень Макрыны дождж, то ўсё лета і восень будзе мокра, а калі суха, то восень сухая". Серпавіца, Шыпілінка (пятніца перад Іллёю). Дзень "зазубрывання" сярпоў, падрыхтоўкі да жніва. "Шыпілінка ў кузню ідзець сярпы зубіць".
2. сб. Ілля. Свята дажджоў і навальніц. "Ілля нарабіў гнілля", "Укінуў у воду кусок ільду", "Да Іллі ўсё і пад кустом сохніць, после Іллі - і на кусту не сушыць".
4. п. Мар'я (Магдалена) . "Магдалена - вады па калена".
6. с. Спас. Барыс і Глеб (Барыс-палікоп) . "На Глеба і Барыса хлеба напарыся і за раллю бярыся", "Святы Барыс снапы зносіць, Святыя Ганны дамоў возяць".
7. ч. Ганны. "Святыя Ганны бабкі стаўляюць". Макар . "Макар налье ў рукаў".
9. сб. Палікоп . Дзень жніва. Панцеляймон . Лекар ад хвароб галавы. "З Панцялея капуста пачынае ў качан завівацца", "Хто з Панцялея працуе, таму не пашанцуе".
11. п. Лаўрын . "На Лаўрына спяшай да млына".
12. а. Сіла. "Хто на Сілу жыта пасее, у таго на хлеб надзея".
13. с. Спасаўскія запускі. Пярэдадзень Спасаўскага посту.
14. ч. Макавей, Першы Спас, Мядовы Спас . Свята маку і мёду. Спасаўка . Пост да 28 жніўня.
15. пт. Базыль. "Базыль авечкам воўну дае". Прачыстая, Зельная. "Прыйшла Прачыста - стала поле чыста".
16. сб. Антоны-віхравеі. Рох. "Кірмаш на паненак".
17. н. Аўдоцця-сена-гнойка.
19. а. Яблычны Спас. Свята садавіны.
23. сб. Лаўрэн - свята млынара.
24. н. Баўтрамей . "Святы Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей". "Прыйшоў Баўтрамей - жыта на зіму сей".
27. с. Міхей. "Лёгкі вецер у гэты дзень - будзе пагодлівая восень, моцны - дажджлівая і халодная".
28. ч. Прачыстая. Свята ўраджаю.
29. пт. Трэці Спас. Свята хлеба. "Па Трэцім Спасе трымай рукавіцы ў запасе". Ян - сценцель. "Ян па лета прыйшоў і ўжо восень знайшоў", "А Ян-сценцель руней сцеліць".
30. сб. Міроны-ветрагоны.
31. н. Флор і Лаўр (Храл і Ягор'е) . Свята коней. "На Храла і Ягор'я ня ткуць і ня пашуць".
Верасень
5. пт. Лупа. "Сей на Лупа - будзе жыта купа".
7. н. Баўтрамей. "Жы-та на зіму сей".
8. п. Другая Прачыстая. "Меншая Прачыста - канчай сеяць начыста".
10. с. Мацей. Абаронца ад п'янства.
11. ч. Калінавік (Іван-крываўнік).
13. сб. Кіпрыян. Журавель збіраецца ў вырай.
14. н. Сымон. (1 вер. Новы год/лета ў ВКЛ з канца ХV cт.). Абрад "жаніцьбы коміна". Узвіжанне. Закрыванне зямлі. Бабіна лета (і ў іншыя дні).
19. п. Цуды (Міхал) . "Міхал з поля спіхаў".
21. н. Багач (Нараджэнне Божае Маці). Свята заканчэння ўборкі зерневых. Засідкі.
22. п. Раўнадзенства. Дзень астранамічнай восені. Усход - 7.00, захад - 19.03.
24. с. Тадора. "На Тадору ўсякае лета заканчваецца".
26. пт. Стаўроўскія Дзяды.
27. сб. Звіжанне. Свята закрывання зямлі на зіму. Гадзюкі збіраюцца ў кучу.
29. п. Міхал. "Калі на Міхала з поўначы вецер вее, то не май на надвор'е надзеі". Сіцыян. "Святы Сацыян да ляны пасцілаў".
Кастрычнік
2. ч. Зосім. Журавіны на Зосіма ўздымаюцца - мароз на Пакровы ўдарыць.
3. пт. Астап (Астаф'я) . Прыкметы па ветру.
4. сб. Пранцішак (Францішак) . "На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка".
8. с. Сяргей. Жалезны тыдзень.
9. ч. Іван-шаптун (Іван Кураед, Багаслоў) . Шапталіся свахі пра нявест.
14. сб. Пакровы (Трэцяя Прачыстая). Вясельная пара. "Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку - вяночкам". "Пакровы - зарыкалі каровы".
21. а. Трыфан, Палагея. "Трыфан кажух латае, Палагея рукавічкі вяжа". Зміцер. "Зміцер зямлю выцер, на груды пабіў, каб ніхто не хадзіў".
25. сб. Марцін - свята млынароў. Млынары частаваліся на каменным крузе гусяцінай.
28. а. Сымон і Юда. "Сымон з Юдаю працу ў полі канчаюць, хаты аглядаюць".
29. с. Лонгін. Збавіцель ад хвароб вачэй. Параскева-пятніцкая.
30. ч. Паклоны. Адбівалі паклоны пакутніку Андрэю Крыцкаму.
31. пт. Лука. "Хто сее да Лукі, не будзе мець ні хлеба, ні мукі". Дзень іканапісцаў. Юльян - ахоўнік дзяцей.
Лістапад
1. сб. Усе святыя. Памінальны дзень у католікаў. Змітраўскія Дзяды. Асяніны . "Святыя Дзяды, завём вас...".
2. н. Задушны дзень. Памінальны дзень.
4. а. Казанская. "Хто на Казанскую жаніхаецца, той не пакаецца".
8. сб. Зміцер. "Да Змітра дзеўка хітра". Канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе.
9. сб. Тодар. "На Тадора поўна камора".
10. н. Параскі. Апякунка жанчын і рукадзелля.
11. п. Настуся . Настуся стрыжэ авечкі. Марцін. Свята млынароў. Мядзведзь кладзецца ў бярлогу.
12. а. Артошка. Пачатак прадзення.
14. пт. Кузьма-Дзям'ян. Апякун земляробства, кавалёў і вяселля.
21. пт. Міхайлаў дзень. Абаронца ад грому. Мядзведзі ідуць у спячку.
22. сб. Матрона. "З Матроны становіцца зіма".
24. п. Хвёдар-студзянец. "Хвёдаравы вятры галоднымі ваўкамі скуголяць".
25. а. Іван міласцівы. Дзень падарункаў. Кацярыны. "Кацярына забрала лета".
27. ч. Юстыніян. Піліп - пярэдадзень Піліпаўскага посту (да 7 студзеня).
28. пт. Піліпаўка - перадкалядны пост.
29. сб. Мацей. "На Мацея зіма пацее".
30. н. Андрэй. Дзявочае свята. Адвент. Чатырох-тыднёвы пост.
Снежань
4. ч. Увядзенне. Водзяцца ваўкі. Барбара . "Барбара ноч урвала, а дзень надтачыла".
5. пб. Пракоп. "Прыйдзе Пракоп хмуры - раскапае гуры". Савы. "Барбара мосціць, Сава цвікі войстрыць, а Мікола прыбівае".
6. сб. Матрыхваны. Не пралі. Мікола.
7. н. Кацярыны. "Забрала край лета".
9. а. Юр'е зімовы. Юра мосціць. Ганны . "Ад Ганнаў да Каляд два тыдні і два дні".
13. сб. Андросы, Андрэйкі. Варажылі.
14. н. Навум. "Навум наставіць на вум". Пачыналі вучыцца.
17. с. Варвары. "Мікола і Варвара ноч урвалі".
18. ч. Савы, Міколін бацька. "Сава мосце, а Мікола гвоздзе".
19. пт. Мікола зімовы. "Без Міколы не бывае ні зіма, ні лета". "Мікола марозам гвоздзіць".
22. п. Ганны. "Ганкі - сядайце на санкі". Зімовае сонцастаянне. Даўжыня дня 7.08, усход 9.34, захад 16.42.
24. с. Посная куцця. Пачатак Каляд (да 6 ст.)
25. ч. Спірыдон-сонцаварот. Божае Нараджэнне. (Адзін з дзён Новагоддзя ў мінулым).
26. пт. Сцяпан. "Кожны сабе пан".
31. с. Марк. "Марка да Варка - няхай будзе парка". Багатая куцця. Сільвестр.
Алесь Лозка.
Віншаванні ТБМ
Мы атрымалі цудоўныя віншаванні ад сяброў, прыхільнікаў і партнёраў!
Віншаванне ад ГКК "Будзьма беларусамі!":
"Усе мы чакаем цудаў на Каляды! "Будзьма беларусамі!" прапаноўвае дасяжную кожнаму крыніцу бясконцых цудаў - культуру! Стварайма культуру! Шукайма цуды ў штодзённым культурным жыцці! Віншуем усіх з навагоднімі святамі! Жадаем здароўя і аптымізму! Хай культура паляпшае вашае жыццё! Будзьма беларусамі і будзьма разам у новым годзе!"
Віншаванне ад МГА ЗБС "Бацькаўшчына":
"Шаноўныя сябры! Управа і супрацоўнікі Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" шчыра віншуюць вас з Калядамі і Новым годам! Няхай у вашым доме пануюць мір і згода, спагада і любоў, а ў любое надвор'е вас сагравае святло вашых сэрцаў і сонечныя ўсмешкі блізкіх! Зычым, каб спраўдзіліся вашыя Калядныя чаканні! Каб Новы год прынёс вам радасць і натхненне, задавальненне ад працы на сваю і грамадскую карысць, а нашай любай Беларусі - волі, дабрабыту і росквіту!"
Віншаванне ад Lawtrend:
"Дарагiя сябры! Вiншуем вас з Калядамi i Новым Годам! Бярэм з сабой у 2014-ы ідэі, мары і мэты, ператворым іх у планы - і наперад! І куды б вы ні кіраваліся ў новым годзе - зычым вам надзейных спадарожнікаў! Усё спраўдзіцца і ўсё будзе ОК!"
Віншаванне ад Таварыства беларускай культуры ў Літве:
"Дарагія сябры і нашыя аднадумцы. Віншуем вас і жадаем здароўя, поспехаў у працы і асабістага шчасця ў наступаючым 2014 годзе. Няхай усё добрае будзе з вамі , а ліхое абмінае. Хай Новы год будзе нам радасным ад перамен да свабоды ў нашай гістарычнай Радзіме - Беларусі"
Віншаванне ад Літаратурнага музея Максіма Багдановіча:
"Дарагія сябры! Віншуем вас з надыходзячымі казачнымі святамі - з Новым годам і Калядамі! Жадаем шчасця, здароўя, вялікага кахання, поспехаў у справах і асабістым жыцці, шчырых сяброў і ўвагі з боку родных! Няхай здзейсняцца жаданні і мары! Вясёлых і добрых святаў!"
Віншаванне ад Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры:
"Віншуем усіх сваіх сяброў, прыхільнікаў, партнёраў, апанентаў, усіх, усіх усіх, з Раством Хрыстовым і Новым 2014-м годам, у якім усім жадаем здзяйснення ўсяго, што яшчэ не здзейснена, здароўя, шчасця! Шчаслівых Калядаў!"
Віншаванне ад ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў":
"Шаноўныя сябры, паважаныя калегі! Віншуем вас з надыходзячымі светлымі святамі - Раством Хрыстовым і Новым годам! Шчыра жадаем заўсёднага добрага настрою, моцнага здароўя, дабрабыту, плённых справаў і радасных дасягненняў - новых твораў, кніг і, канешне, паболей удзячных чытачоў! Дзякуем вам за тое, што вы побач з намі і спадзяемся на далейшае супрацоўніцтва. Шчаслівага 2014-га!"
Віншаванне ад Асамблеі НДА
"Дарагія сябры! Віншуем вас з Калядамі і Новым годам! Зычым вам цікавых імпрэзаў, прыемных нечаканасцяў і натхнення ў вашай дзейнасці. Сёлета словы "Зробім лепш!" для нас, сябраў Асамблеі, сталі дэвізам. Няхай наступны год для грамадскіх актывістаў Беларусі будзе яшчэ лепшым!"
Віншаванне ад Віцебскага абласнога краязнаўчага музея:
"Дарагія сябры! Напярэдадні Новага Года і Каляд жадаем вашым марам - крылаў, мэтам - вышыні, пачынанням - творчай удачы, вам і вашым блізкім - любові і шчасця!"
ТБМ выказвае падзяку за прыемныя словы і таксама далучаецца да віншаванняў з Новым годам і Калядамі!
У Беларусі будзе выдадзены поўны збор кніг Ф. Скарыны
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 26 снежня старшыня кіравання ААТ "Банк БелЗЭБ" Павел Калаур і намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Суша падпісалі ў друк першы том поўнага збору кніг Францішка Скарыны.
Гэта цырымонія абазначыла пачатак агульнанацыянальнага праекту па падрыхтоўцы і выпуску першага факсімільнага выдання поўнага збору кніг беларускага і ўсходнееўрапейскага першадрукара. Праект прымеркаваны да 500-годдзя выдання Францішкам Скарынам першай кнігі для ўсходніх славян, якое будзе адзначацца 6 жніўня 2017 года.
Ініцыятарамі і асноўнымі выканаўцамі праекту сталі ААТ "Банк БелЗЭБ", якое, будучы сацыяльна адказнай установай, зацікаўлена ў падтрымцы развіцця нацыянальнай культуры, і Нацыянальная бібліятэка Беларусі, што з'яўляецца галоўнай навуковай установай у галіне захавання, вывучэння і папулярызацыі кніжнай спадчыны краіны.
Усе работы выконваюцца ў рамках рэалізацыі дзяржпраграмы "Культура Беларусі" на 2011-2015 гады.
Рэалізацыя праекту разлічана на пяць гадоў (2013-2017 гады) зыходзячы з аб'ёму работ па атрыманні лічбавых копій арыгінальных выданняў Францішка Скарыны, падрыхтоўцы і друку факсімільных выданняў, навуковым суправаджэнні.
За гэты перыяд плануецца выпусціць факсімільнае выданне 25 кніг у 20 тамах, надрукаваных Скарынам у Празе і Вільні. Аснову складуць электронныя копіі захаваных кніг першадрукара, што знаходзяцца ў бібліятэках і музеях Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі і іншых краін. Факсімільнае выданне з максімальнай паўнатой занатуе кнігі Францішка Скарыны. У іх будуць захаваны структура, змест, асаблівасці шрыфтоў і гравюр арыгінальных выданняў, перададзены ўсе штрыхі, набытыя на працягу 500-гадовага існавання.
У год плануецца выпускаць ад 2 да 5-7 кніг накладам кожная 1 тыс. асобнікаў.
Паводле БелТА.
Спатканне са Стэфанам Баторыем
19 - га снежня ў магілёўскай ратушы адбылася вечарына, прымеркаваная да 480 - годдзя Стэфана Баторыя, якую сумесна зладзілі музей гісторыі Магілёва і ТБМ імя Ф. Скарыны. З гэтай нагоды ў наш горад завітаў вядомы пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў, які прэзентваў свае выбітныя выданні: "Краіна Беларусь" і "Вялікае Княства Літоўскае". На пачатку імпрэзы Уладзімір Алоў распавёў пра вялізны ўнёсак караля польскага і вялікага князя літоўскага ў гісторыю Беларусі. Адзначыў таксама, што постаць гэтага выбітнага дзеяча для магілёўцаў асабліва значная, бо менавіта Баторый надаў нашаму гораду ў 1577 годзе магдэбургскае права.
Затым знаны госць распавёў пра свае цікавыя і прыгожыя кнігі, якімі наведвальнікі вечарыны ўзброіліся загадзя, не зважаючы на іх немалы кошт. Пад час расповеду з аўдыторыі паступалі пытанні, якія датычылі зместу кніг, гісторыі Беларусі, постаці самога Стэфана Баторыя. Адбылася і спрэчка з магілёўскім пісьменнікам Віктарам Арцем'евым наконт падзей 1812 году і ролі ў іх беларусаў.
Напрыканцы вечарыны ў магілёўцаў была рэдкая магчымасць сфатагравацца са Стэфанам Баторыем і Уладзімірам Арловым.
Алег Дзьячкоў.
Дактары супрацоўнічаюць з Каталіцкім касцёлам
У Менскім Чырвоным касцёле цягам трох гадоў адбываюцца дабрачынныя кансультацыі лекараў, сяброў грамадскага аб'яднання "Медыцынская Палонія" (Polonia Mediczna).
З першапачатковай ініцыятывай выступіў ксёндз-пробашч Уладзіслаў Завальнюк. Сярод спецыялістаў ёсць кардыёлаг, няўролаг, уролаг і іншыя. Іх мэтай з'яўляецца папулярызацыя здаровага ладу жыцця, аповед пра добры ўплыў на здароўе духоўнага посту і дыетычнай тэрапіі.
Пры бібліятэцы касцёла выдзелены пакой для рэгулярнага прыёму лекараў, які адбываецца па нядзелях з 14.00 да 16.00 па раней спланаваным раскладзе. З пацыентамі сустракаюцца дактары, блізкія да касцёла па сваіх поглядах. Яны з'яўляюцца сябрамі арганізацыі, якая аб'ядноўвае медыкаў польскага паходжання (дактароў, медсёстраў, фельчараў). Сярод іх - кардыёхірург Валеры Крутаў, хірург Тадэвуш Макарэвіч, уролаг Ян Сакалоўскі, геніколаг Тацяна Ермаловіч, ёсць і цэлыя сем'і медыкаў. З мэтай дапамогі насельніцтву былі зладжаны выязныя кансультацыі дактароў у Будслаўскую парафію.
- "Медыцынская Палонія" была зарэгістраваная ў 2010 годзе, - распавёў кіраўнік супольнасці. - Начатку яна дзейнічала пры Саюзе палякаў на Беларусі. Арганізацыя аб'ядноўвае медыкаў з польскімі каранямі, а таксама беларусаў польскага паходжання, якія цікавяцца культурай гісторыяй і духоўнымі традыцыямі Польшчы. Асноўнымі мэтамі медыкаў з'яўляюцца кансультатыўныя сустрэчы для папулярызацыі здаровага ладу жыцця, за пашырэнне ўжытку апітэрапіі на тэрыторыі Беларусі, кансультаванне па дыетатэрапіі, удзел у навуковых канферэнцыях у краіне і за мяжой.
- Таксама мы імкнёмся рапаўсюдзіць у большай колькасці кнігу ксендза Уладзіслава Завальнюка " Не адзіным хлебам" і перавыдаць яе ў перакладзе на польскую мову.
Міністэрства аховы здароўя ў 2012 годдзе дало дазвол на правядзенне пілотнага праекта з удзелам медыкаў. У ім дабраахвотны удзел узялі 58 прыхаджан Чырвонага касцёла падчас Вялікага посту. Вынікі даследвання былі прадстаўлены на навукова-практычнай канферэнцыі з удзелам памочніцы міністра аховы здароўя Таццяны Іванаўны Мегаль, і знайшлі адлюстраванне ў другім томе кнігі "Другое прышэсце посту".
Лекары працягваюць даследванні па тэме "Даследванне разгрузачнай дыятатэрапіі і лячэбнага галадання". Згодна з дамоўленасцю ў санаторыі "Крыніца" выдзелены дзве палаты для назірання за асобамі, якія праходзяць курс лячэбнага галадання.Такая ж дамоўленасць ёсць і з санаторыем "Сасновы бор".
Дактары прапагандуюць больш шырокае прымяненне апітэрапіі і выкарыстанне прадуктаў пчалярства з аздараўленчымі метадамі. Яны змагаюцца за належнае афармленне заканадаўчай базы па гэтых пытаннях у нашай краіне.
Узначальвае арганізацыю "Медыцынская Палонія" доктар-стаматолаг, кандыдат юрыдычных навук, выкладчык Менскага медыцынскага дзяржаўнага каледжа Веслаў Меданоўскі. Ён выкладае студэнтам шэраг спецыяльных дысцыплінаў ў галіне стаматалогіі і зубапратэзнай справы. Акрамя таго В.Р. Меданоўскі выкладае ў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі (БелМАПА) для сярэдняга медыцынскага персаналу. Перыядычна ён закранае са студэнтамі тэму хрысціянскай веры, выкарыстоўваючы гістарычны матэрыял, вядзе сур'ёзныя светапоглядныя гутаркі. Ён хоча выдаць падручнік на беларускай мове па сваёй спецыяльнасці.
Доктар імкнецца далучыць сваіх студэнтаў да духоўных скарбаў, заахвочвае іх ездзіць у вандроўкі, знаёміцца з гісторыяй старадаўніх касцёлаў. Па ініцыятыве спадара Веслава ў каледж на Калядныя святы ў 2012 годзе былі запрошаны іерархі Каталіцкага касцёла. Перад моладдзю выступілі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і ксёндз-пробашч Уладзіслаў Завальнюк. У прафесійнай і грамадскай дзейнасці ён выказвае рэлігійную талерантнасць.
-"Медыцынская палонія"- гэта сусветная арганізацыя, яе філіі існуюць у розных краінах. Некалькі гадоў таму адбыўся Сусветны кангрэс "Медыцынскай Палоніі" ў Кракаве, у якім удзельнічалі беларускія прадстаўнікі. Рэгіянальныя арганізацыі "Медыцынскай Палоніі" дзейнічаюць у Віцебску, Гародні, Берасці, Баранавічах. Медыкі ўдзельнічаюць у культурных падзеях, выязджаюць на супольныя мерапрыемствы на дні святога Яна, якія адбываюцца ўлетку пасля Дня медыка. У 2012 годзе такі сумесны адпачынак праходзіў на Аўгустоўскім канале, ў 2013 годзе ў Косава і Ружанах. У адной з вандровак мы наведвалі Дар'еўскі касцёл Небаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Баранавіцкім раёне.
7 снежня 2013 года Веслаў Меданоўскі разам з ксендзам-пробашчам Ул. Завальнюком прымалі ўдзел у 19-ай канферэнцыі польскіх пчаляроў у горадзе Чэнстахове. Яна праходзіла ў дзень св. Амбражэя, апякуна пчол. На канферэнцыі сабраліся каля 4000 польскіх пчаляроў. На мерапрыемстве выступалі навуковыя даследчыкі пчалярства і практыкі пчалярскай справы Польшчы і Еўразвязу.
Сярод іх выступаў Тадэуш Сабат, прэзідэнт Апіславіі (Саюза пчаляроў Еўразвязу), прадстаўнік Еўрапарламенту. Яго вельмі хвалюе шкоднае ўздзеянне хімічных рэчываў на пчол. У Еўразвязе вельмі сур'ёзна ставяцца да таго, як уздзейнічаюць розныя шкодныя экалагічныя фактары. Пчолка губляе арыентацыю і не можа вярнуцца у вулей.
- Мы выступалі з беларускага боку, - распавёў В. Меданоўскі. - Ксёндз-магістр з'яўляецца афіцыйным капеланам беларускіх пчаляроў, ён ажыццяўляе духоўную апеку над пасекамі, наведвае іх, а я - намеснік старшыні клуба "Беларускія пчолы".
- Пчолкі не ведаюць межаў, - кажа ксёндз-пробашч.
Таму тыя ж праблемы актуальныя і для беларускіх пчаляроў і апітэрапеўтаў.
Ксёндз таксама надаў увагу значэнню посту, дыетатэрапіі ў спалучэнні з прыёмам прадуктаў пчалярства.
- Мы заахвочваем студэнтаў-медыкаў да супрацоўніцтва з касцёлам, хочам стварыць медыцынскую студэнцкую супольнасць, - адзначыў В. Меданоўскі.
Э. Дзвінская. На здымку: Доктар Веслаў Меданоўскі ў кансультацыйным кабінеце Чырвонага касцёла. Фота аўтара.
Старшынём Беларускага саюза мастакоў абраны Рыгор Сітніца
23 снежня 2013 года на ХХІ з'ездзе Беларускага саюза мастакоў шляхам таемнага галасавання абралі новага старшыню. Ім стаў мастак-графік і паэт Рыгор Сітніца, які вось ужо два тэрміны (агулам 6 гадоў) з'яўляўся намеснікам былога старшыні саюза - Уладзіміра Савіча.
З'езд, які праходзіць раз на тры гады, адбываўся ў Палацы мастацтваў і цягнуўся больш за 10 гадзінаў. За апошнія гады сітуацыя ў творчым саюзе надзвычай абвастрылася: было мноства прэтэнзіяў да працы старшыні і прэзідыюму ды да іх палітыкі. Мастакі, якія сабраліся на з'езд з усёй Беларусі, відавочна раскалоліся на некалькі лагераў.
Пытанне арэнды і атрымання майстэрняў не дарэмна стаіць галоўным на парадку дня ўсіх сходаў і з'ездаў Саюза.
Так, старшыня суполкі "Пагоня" Генадзь Драздоў адзначыў, што Саюз замест таго, каб падтрымліваць мастакоў, дапускае тое, што дзяржава душыць іх падаткамі; дзяржаўныя замовы размяркоўваюцца па нейкай цьмянай сістэме - ёсць мастакі, якія атрымліваюць замовы на 20 млн. руб. у месяц, а ёсць тыя, хто анічога не атрымлівае; незразумелай застаецца схема, па якой сябрам Саюза вылучаюцца майстэрні ды іншае. Арэнда майстэрняў, якія знаходзяцца ва ўласнасці Саюза мастакоў, альбо якія ён наймае ў горада, нічога не каштуе для мастакоў. Але ім даводзіцца аплачваць камунальныя паслугі. Узімку гэта складае 200 даляраў штомесяц. Не ўсе мастакі, паколькі гэта людзі з непастаяннай занятасцю, могуць сабе гэта дазволіць.
На пасаду старшыні Саюзу мастакоў вылучылі 5 кандыдатаў: скульптара Уладзіміра Слабодчыкава, мастака Мікалая Бушчыка, графіка Рыгора Сітніцу, скульптара Генадзя Буралкіна і мастака Алеся Сушу. Мікола Бушчык зняў сваю кандыдатуру. У выніку з невялікай перавагай перамог Рыгор Сітніца. Ён набраў больш за 130 галасоў з прысутных 300. Уладзімір Слабодчыкаў набраў 101 голас. Сваім намеснікам новы старшыня, каб зняць усе прэтэнзіі да тандэму Савіч-Сітніца і пераразмеркавання сілаў, абвясціў скульптара Алеся Дранца, вядомага па скульптуры Францішка Скарыны ля Нацыянальнай бібліятэкі ў Менску. Уладзімір Савіч цяпер будзе старшынём секцыі графікі. Склад Рады, якая з'яўляецца другой вырашальнай сілай у Саюзе пасля Прэзідыюму, і галасаваннем якой вырашаюцца многія ўнутрысаюзныя пытанні, таксама перавыбраны.
Радыё Свабода.
Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" віншуюць шаноўнага Рыгора Сітніцу з абраннем на такую адказную і значную грамадскую пасаду і зычаць яму плёну на службе мастацтву і культуры Беларусі, каб і надалей беларускія мастакі былі ў першых шэрагах нацыянальнага адраджэння.
Канверт да 100-годдзя з дня нараджэння Сяргея Грахоўскага
З ініцыятывы ТБМ РУП "Белпошта выпусціла канверт да 100-годдзя з дня нараджэння Сяргея Грахоўскага.
Грахоўскі Сяргей Іванавіч (25.09.1913, мяст. Нобель, цяпер Ровенская вобл., Украіна, - 11.12.2002) - беларускі паэт, празаік, публіцыст, перакладчык. Заслужаны работнік культуры БССР (1983). З 1956 працаваў на Беларускім радыё, з 1957 у часопісе "Бярозка", з 1959 літаратурны кансультант Саюза пісьменнікаў БССР, з 1960 рэдактар часопіса "Вясёлка". Член Саюза пісьменнікаў СССР (1956). Аўтар зборнікаў "Дзень нараджэння" (1958), "Зазімак" (1976), "I радасць і боль" (1988), "Споведзь" (1990, Дзяржаўная прэмія імя Я. Коласа) і інш. Пісаў зборнікі вершаў і апавяданняў для дзяцей.
"Студэнцкае этнаграфічнае таварыства" акрэдытавалі пры ЮНЕСКА
Упершыню беларуская грамадская арганізацыя атрымала афіцыйны статус эксперта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
Старшыня Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Аляксей Глушко распавёў tut.by, што агулам пры канвенцыі "Аб ахове нематэрыяльнай спадчыны", якая была прынятая ў 2003 годзе, акрэдытаваны каля сотні грамадскіх аб'яднанняў з усяго свету. Але ў суседніх Расеі і Ўкраіне такіх арганізацый пакуль няма.
- Як гэта пашырае нашы магчымасці? Гэта афіцыйны статус, дзякуючы якому да нашай думкі павінны больш прыслухоўвацца. Улічваць яе павінны Міністэрства культуры і іншыя ўстановы ў галіне культуры. Гэта павышае крыху наш аўтарытэт унутры краіны. Таксама гэта дае магчымасць удзельнічаць у міжнародных форумах - мець доступ да міжсусветнага досведу аховы культурнай спадчыны. Усім тым, чым мы займаемся зараз, мы зможам займацца больш эфектыўна.
Ахвяраванні на ТБМ
1. Валатоўская Н.П. - 100000 р., г. Менск
2. Куўшынава Л.М. - 100000 р., г. Менск
3. Верабей Анатоль - 100000 р., г. Менск
4. Міхальчанка Тамара - 200000 р., г. Менск
5. Краўцоў Васіль - 200000 р., г. Гомель
6. Шкірманкоў Фелікс - 50000 р., г. Слаўгарад
7. Табалевіч Ю.С. - 100000 р., г. Менск
8. Малюкова Яніна - 15000 р., г. Гомель
9. Кісель Аляксандр - 10000 р, г. Гомель
10. Гаева Ала - 20000 р., г. Менск
11. Корчур Руслан - 100000 р., г. Менск
12. Вяргей Аляксандра - 50000 р., г. Менск
13. Вяргей Валянціна - 100000 р., г. Менск
14. Лазарук Тамара - 50000 р., г. Менск
15. Прылішч Ірына - 50000 р., г. Менск
16. Верштарт Галіна - 50000 р., г. Менск
17. Безансон Людміла - 50000 р., г. Менск
18. Валахановіч Ірэна - 50000 р., г. Менск
19. Іваніцкі Павел - 100000 р., г. Менск
20. Несцераў Віктар - 167000 р., г. Менск
21. Пухоўская Юлія - 30000 р., г. Менск
22. Данілюк Віктар - 30000 р., г. Менск
23. Раманюк Т.І. - 100000 р., г. Менск
24. Мартынчык Зміцер - 300000 р., г. Гародня
25. Анікееў Міхаіл - 100000 р., г. Менск
26. Давідоўскі Ігар - 100000 р., г. Менск
Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.
Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.
СЦЯГА ПАЭТА
Штрыхі да творчага партрэта паэта Эдуарда Акуліна
І.
Да 50-х угодкаў з дня нараджэння паэт Эдуард Акулін выдаў том выбраных вершаў "Святая ноч". Эдуард Акулін з'яўляецца адным з найбольш значных і яскравых беларускіх паэтаў сучаснасці. Ён прыйшоў у паэзію з творчым пакаленнем 80-х, у пакаленні "Тутэйшых". І хоць падчас актыўнай дзейнасці таварыства маладых літаратараў "Тутэйшыя" ў другой палове 80-х гадоў ён жыў удалечыні ад тагачасных бурапенных падзеяў, настаўнічаў у вёсцы Дуброва ў Рэчыцкім раёне, але ён быў сябрам "Тутэйшых", часта наязджаў у Менск і Гомель і шчыльна кантактаваў з маладымі творцамі. Грамадская пазіцыя Эдуарда Акуліна склалася яшчэ раней, у першай палове 80-х гадоў, ва ўніверсітэцкія гады. Багата ў чым ягоныя ідэалы, чаканні і погляды супадалі з творчымі і грамадскімі пастулатамі, абвешчанымі "Тутэйшымі". Нонканфармізм, пільная ўвага да нацыянальнага складніку, у творчасці няспыннае кшталтаванне паэтычнага майстэрства, асэнсаванне лепшых еўрапейскіх традыцыяў вершаскладання ад пачатку былі неад'емнымі рысамі творчасці Эдуарда Акуліна.
Пакаленне маладых творцаў, якое прыйшло ў літаратуру ў 80-я гады, істотна адрозніваецца ад пакаленняў беларускіх літаратараў ранейшых дзесяцігоддзяў. Мае аднагодкі, а я таксама з гэтага пакалення, глядзелі на навакольны свет без ружовых акуляраў, не ўгнуўшы галаву, і не ўслаўлялі камуністычную партыю, не пісалі хвалебных вершаў на традыцыйныя савецкія святы. Яны цураліся пануючай камуністычнай ідэалогіі і ці адкрыта, ці прыхавана крытыкавалі яе. Яны шукалі духоўнага апірышча ў больш істотным і грунтоўным і знаходзілі яго ў нацыянальным светапоглядзе, яшчэ забароненым, знявечаным і амаль знішчаным у 30-я - 70-я гады, з нацдэмаўскім антысавецкім кляймом, але, як аказалася, жывучым і жыццядайным. Гэта было першае пакаленне беларускіх літаратараў, якое супрацьпаставіла сябе існаму ў 80-я гады парадку рэчаў. Пакаленне, якое яшчэ нарадзілася і жыло ў Савецкім Саюзе, але ўжо было пакаленнем несавецкіх беларускіх пісьменнікаў, якое свядома адмовілася ад метаду сацыялістычнага рэалізму, як ад бясплённай і шкоднай палітычнай дактрыны ў творчасці.
Не гледзячы на ўвесь драматызм апошніх двух дзесяцігоддзяў, на ўсе жыццёвыя выпрабаванні і спакусы, Эдуард Акулін здолеў захаваць свае юнацкія ідэалы, здолеў развіць іх і ўмацаваць, пакласці ў аснову свайго жыцця і творчасці. Надзвычай цэльная асоба Эдуарда Акуліна вылучаецца ў сучасным беларускім пісьменстве арыгінальным паэтычным талентам. Ён мае адметны паэтычны стыль, свой непаўторны голас у беларускай паэзіі. Гучны грамадзянскі аракул, пранікнёны лірык, мысляр, які шукае свой шлях да Бога і да Радзімы - паэт паўстае перад намі ў розных абліччах. І ёсць тое, што аб'ядноўвае ягоныя творчыя іпастасі, гэта надзвычайная шчырасць паэтычнага радка. Эдуард Акулін піша гэтак натуральна і нязмушана, як жыве, і жыве, як піша. Паэт цвёрда трымаецца прынцыпаў, у якія верыць. Ён не здраджвае ім, а значыць, у першую чаргу, сабе.
Жыццёвая і творчая пазіцыя паэта вельмі адметная і непадобная да іншых. Яшчэ падчас нашага знаёмства на першым курсе гістарычна-філалагічнага факультэта гомельскага ўніверсітэта, 16-гадовым юнаком Эдуард Акулін сказаў мне, што ніколі не маніць і не лаецца. Напачатку я не даў яму веры. Але неўзабаве пераканаўся, што гэта сапраўды так. Эдуард Акулін не выхваляўся гэтымі якасцямі, з асабістых прычынаў ён вырашыў паводзіць сябе ў жыцці такім чынам і рабіў гэтак, не зважаючы ні на якія акалічнасці. Гэтую якасць - быць шчырым у тым, што робіш, паэт пранёс праз усе наступныя гады. Лёс паэта з дзіцячых гадоў складаўся так, што ён у асноўным мог разлічваць толькі на свае ўласныя сілы. Эдуард Акулін прыклаў вялікія намаганні дзеля таго, каб атрымаць адукацыю і веды. Вучыўся ён добра і лёгка. Ва ўсіх адносінах можна сказаць, што як асоба і як творца Эдуард Акулін зрабіў сябе сам.
У выбранае "Святая ноч" Эдуарда Акуліна ўвайшлі вершы з шасці ягоных арыгінальных зборнікаў, якія ён выдаў дагэтуль. Два першыя паэтычныя зборнікі Эдуарда Акуліна выйшлі з невялікім прамежкам у два гады ў 1988-м і 1990-м гадах, наклад чарговага зборніка "Радно" у 2000-м годзе быў знішчаны выдаўцом, які збаяўся зместу кніжкі, а апошні паэтычны зборнік "Малітва воч" зявіўся ў свет у 2012 годзе, усяго за пару месяцаў перад выхадам тома выбраных вершаў. Дадаткова Эдуард Акулін уключыў у выбранае некаторыя свае пераклады, большасць з якіх зроблена з украінскай мовы.
Тое, што ў "Святую ноч" увайшлі адно вершы з падрыхтаваных і выпушчаных паэтам паэтычных зборнікаў увогуле сведчыць пра ўдалы творчы лёс паэта. Эдуард Акулін уключаў у свае этапныя зборнікі менавіта тыя вершы, якія лічыў найбольш важнымі і ўдалымі. Усё, на ягоны погляд, істотнае, што было створана ім, убачыла свет у падрыхтаваных і выдадзеных зборніках. Ён не ішоў на кампраміс з часам і абставінамі, у выніку чаго і пацярпеў ягоны зборнік "Радно". Але і лёс гэтага зборніка не збіў паэта з прадвызначанага шляху.
Можна меркаваць, што некаторыя з ненадрукаваных у зборніках вершаў паэта таксама заслугоўваюць таго, каб быць у выбраным томе. Але такая аўтарская канцэпцыя складання "Святой ночы" - абыйсціся без іх.
На маю думку, паэт слушна зрабіў, што размясціў у выбраным цалкам увесь зборнік "Радно". 13 год таму ён не дайшоў да шырокага чытача. Зараз жа "Радно" у выбраным томе атрымала другое жыццё.
У першы паэтычны зборнік Эдуарда Акуліна "Лес дзённага асвятлення" увайшлі вершы, напісаныя ім пераважна ў студэнцкія гады. Гэты зборнік надзвычай блізкі мне, бо вершы з яго нараджаліся літаральна на маіх вачах. На чацвёртым і пятым курсах універсітэта мы з Эдуардам Акуліным жылі ў адным пакоі інтэрната. Вершы паэт пісаў і ў лекцыйных аўдыторыях, і ў інтэрнацкім пакоі. Часта першым чытачом ягоных вершаў быў менавіта я. Мне вядома, чаму першы зборнік паэта атрымаў такую назву. Неяк улетку мы ехалі да яго на радзіму, на бацькаўшчыну ў вёску Вялікія Нямкі, што на Веткаўшчыне. Мы праехалі вёску Свяцілавічы, і Эдуард паказаў мне ў аўтобусным вакне прыгожы бярозавы гай. Каля гасцінца скрозь стаялі чыстыя, гонкія, маладыя бярозы. Яркая цнатлівая бель тонкіх берасцяных ствалоў сляпіла вочы. "Вось, - у захапленні сказаў Эдуард Акулін, - гэта мой лес дзённага асвятлення".
Змест зборніка вызначыў ягоную назву, а назва паўплывала на змест. Паэту жадалася пасадзіць свой вершаваны гай. Бяроза - сімвал прыроднай чысціні і цнатлівасці. Гэткія ж чыстыя і цнатлівыя вершы паэта ў першым зборніку. У зборніку вызначаныя светапоглядныя і эстэтычныя арыенціры, якія з'яўляліся важнымі для паэта. Яны будуць не раз яшчэ даасэнсоўвацца, дасканаліцца, даспяваць, але застануцца такімі ж самымі на доўгія гады.
Любоў да Беларусі - адная з цэнтральных тэмаў у творчасці Эдуарда Акуліна, была вычутая, прымроеная і выпакутаваная паэтам. Яна складалася з любові да нашай зямлі, да нашых людзей і яшчэ з дзясяткаў іншых розных любовяў. Яна нараджалася ў студэнцкіх бясконцых гарачых дыскусіях пра лёс Бацькаўшчыны, пра магчымасці для існавання беларускай мовы, нацыянальнай культуры, пра будучыню беларускага народа.
Пачатак 80-х гадоў быў задушлівым часам у Беларусі. Праводзіўся афіцыйны курс на невіляванне нацыянальных адметнасцяў беларусаў. Ва ўніверсітэтах выкладалася і абгрунтоўвалася дактрына пра адзіны савецкі народ. "Навуковы" камунізм не пакідаў месца ў будучым грамадстве для разнастайных нацыянальнасцяў і моваў. У такой ідэалагічнай атмасферы адкрыта абвясціць пра зусім іншыя каштоўнасныя арыенціры, азначала пайсці супраць плыні, супрацьпаставіць сябе дзяржаўнай палітыцы.
У той час, калі па радыё весела спявалі: "Мой адрес - не дом и не улица, мой адрес - Советский Союз", Эдуард Акулін адбівае ўрачыстым рытмам:
Помні гэтыя словы:
Радзіма, Народ, Мова!
Як ісціну помні адзіную:
Мова, Народ, Радзіма!
Помні, як запавет -
спасцігнуць яе аднойчы
з'явіўся і ты на свет.
("Мая ісціна", с. 19)
Гэтым вершам пачынаецца першы зборнік Эдуарда Акуліна. У свой час гэты верш успрымаўся як адкрытая дэкламацыя жыццёвай пазіцыі паэта. Ён быў не згодны з тым, што беларусам у СССР было наканаванае знікненне. Паэт уласным прыкладам супраціўляецца русіфікацыі, паўсюдна размаўляе па-беларуску, прапагандуе беларускую культуру, удзельнічае ў моладзевых беларускіх праектах, спявае ў студэнцкім рок-гурце "Баскі". Ён робіць гэта з гонарам і адкрыта.
Эдуард Акулін хутка выбудоўвае ўласную сістэму каштоўнасцяў, якая абапіраласа на ўсвядомленае і абвешчанае ім трыадзінства: Радзіму, Народ, Мову. І калі дзяржаўная ідэалогія пярэчыла гэтым крэўным традыцыйным каштоўнасцям, значыць, паэт з сваімі сябрамі-аднадумцамі непазбежна станавіўся ў апазіцыю да гэтай ідэалогіі. І калі Савецкі Саюз не даваў ніякіх шанцаў для развіцця беларускага народа, значыць, паўставала пытанне пра сэнс існавання савецкай імперыі. І па вялікім рахунку, было не важна, што такіх апантаных беларушчынай маладзёнаў было мала. Бо была вялізная ўпэўненасць у слушнасці абранага шляху, была ўпэўненасць у тым, што раней ці пазней праўда возьме верх.
Такі кароткі падтэкст патрыятычных вершаў Эдуарда Акуліна савецкай пары. У вершах зборніка паэт спрабуе расшыфраваць сваё трыадзінае крэда. Назвы вершаў гавораць пра іхні змест і накіраванасць: "Беларусь", "Ёсць памяць генаў, памяць роду", "Мірскі замак", "На кургане Адама Міцкевіча"…
ІІ.
Другі зборнік Эдуарда Акуліна "Пяшчота ліўня" выйшаў праз два гады пасля першага. У яго ўвайшлі вершы гістарычнага цыклу: "Перад Грунвальдскай бітвай", "Нясвіжскі замак", "Мір", "Ішкалдзь". 20-гадовы паэт выдатна зразумеў значэнне беларускай гісторыі для нацыянальнага ўсведамлення народа, узняцця яго годнасці і гонару. Ён не пагаджаецца з савецкай афіцыйнай трактоўкай беларусаў у гісторыі, як народа няздатнага да дзяржаватворчасці, духоўна і культурна не развітага, забітага і пагарджанага.
Улетку 1983 года паэт бярэ ўдзел у раскопках Мірскага замка. У выходныя дні разам з сябрамі ён наведвае недалёкія Нясвіж, Ішкалдзь. Гэтыя вандроўкі і натхнілі Эдуарда Акуліна на прадметна-гістарычны цыкл вершаў. 30 гадоў таму Мірскі замак стаяў закінуты і абгарэлы, а ў недагледжаным Нясвіжскім замку месціўся санаторый. У некаторых ягоных падсобных будынках стаяла вайсковая частка. Малады паэт апеляваў да закінутых і занядбаных беларускіх гістарычных каштоўнасцяў, якія ўмацоўвалі гістарычнасць беларускага народа, абуджалі гонар за Беларусь.
Эдуард Акулін свядома працягваў расцярэбліваць беларускую гістрычную тэматыку ў паэзіі, той шлях, які распачынаў у свой час вершамі пра Францішка Скарыну, пра Пагоню ды іншымі Максім Багдановіч. Таму натуральным у першым зборніку паэта бачыцца і верш, прысвечаны духоўнаму лідару свядомых беларусаў, сімвалу беларускага негалоснага супраціву - Уладзіміру Караткевічу. Караткевіч памёр у 1984 годзе, калі Эдуарду Акуліну было крыху за 20. Малады паэт цалкам усведамляў тое важнае значэнне творчасці Ул. Караткевіча для кшталтавання нацыянальнай свядомасці беларусаў. Ён успрыняў смерць Караткевіча як нацыянальную трагедыю і асабістую страту.
Важным для разумення грамадзянскай паэзіі Эдуарда Акуліна ў савецкія часы з'яўляецца акрапаэма "Шлях да Радзімы". Яна ёсць адкрытым гімнам-сімвалам новай, маладой Беларусі, якая прачыналася ад савецкага летаргічнага сну. Паэт развівае і асучаснівае думкі, выказаныя Максімам Багдановічам у вядомым санеце "Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі". Нацыянальнае адраджэнне бачыцца Э. Акуліну выратавальнай ідэяй для беларусаў, інакш наступіць нябыт, так як гэта здарылася ў гісторыі з іншымі народамі:
Усе, хто да ідэі не дарос,
Хто наракаць прывык на лёс -
Паўсталі ля аазісаў крыжамі…
(1/6-8)
Беларуская мова ёсць той рошчынай, якая змацоўвае народ. Будзе жыць мова - будуць жыць беларусы, перакананы паэт. Мова вызначаная ім як галоўны фактар захавання і існавання нацыі:
Род немагчыма
вынішчыць дазвання,
Што мову продкаў здолеў захаваць.
(1/13-14)
Таксама важнымі рысамі для захавання нацыянальнай адметнасці беларускага характару паэт лічыць смеласць, адвагу, сілу волі, упартасць у супраціўленні жыццёвым цяжкасцям. Паэт заклікае беларусаў не скарацца, змагацца за лепшую долю і самім быць творцамі ўласнага лёсу:
Таго ў вачах нашчадкаў не відно,
Хто перад лёсам кленчыў на каленях.
(2/13-14)
Ёсць у акрапаэме празрыстыя намёкі пра становішча беларусаў у СССР. Эдуард Акулін крытыкуе тагачасныя афіцыйныя міфы, закладзеныя ў ідэалогіі савецкай дзяржавы: пабудову агульнай супольнасці - савецкага народа, непазбежную перамогу камунізму. Бо прыгожыя тэорыі на справе прыносілі беларусам страту нацыянальнай адметнасці, мовы, гістарычнай памяці:
Затое моцна верыў казцы
Пра ідэалаў вышыню…
І памяць загубіў ён, нібы звер…
(3/7-9)
Паэт ярасна пратэстуе супраць афіцыйнай палітыкі дэнацыяналізацыі. Ён адчувае і бачыць, што камуністычнае кіраўніцтва вядзе беларусаў у нікуды. Ён разумее, што нацыянальна спустошаныя і абяссіленыя беларусы не маюць дастатковых сілаў супраціўляцца палітыцы дэнацыяналізацыі, бо інтэлігенцыя была вынішчаная, а ўсё беларускае пераследавалася. Народ сляпы - гучыць бязлітасны вырак паэта. Але паэт разумее карані трагедыі беларусаў. Ён любіць свой народ і спачувае яму. Ён гатовы аддаць дзеля адраджэння беларускага народа свае веды, свой талент і розум, і ўрэшце, сваё жыццё:
Галіны адракліся каранёў,
Наіўна парадніўшыся з лістотай…
Гнеў боскі - д'яблавы праклён,
Не пакарай сляпы народ мой!
(3/11-14)
(Працяг у наступным нумары.)
Алесь Бяляцкі
Нарач, Нарачанка і Нароча
Нарач. На поўначы Беларусі ў Паазер'і знаходзіцца вялікае цудаўнае возера, адно самае слаўнае і маляўнічае на Беларусі. У ім крыштальна чыстая прэсная вада. У яго ўпадае некалькі рэчак, а яшчэ жывіцца яно за кошт крыніц. З гэтага возера выцякае рака Нарачанка .
Беларускія даследчык Вадзім Жучкевіч і пісьменнік Іван Ласкоў многія нашы старадаўнія тапонімы тлумачаць іх балцкім і фіна-ўгорскім паходжаннем, бо некалі наш край, да прыходу сюды славян засялялі балцкія і фіна-ўгорскія плямёны. Менавіта ў той час і з'явіліся найбольш часта ўжываныя і цяпер назвы некаторых буйных і значных рэк і азёр.
У старажытналітоўскай мове корань "нар" ("мар") азначае "мора, балота". "Нара" з літоўскай мовы перакладаецца як "струмень", "ручэй", а з фіна-ўгорскіх моў - "балота, возера".
Нарачанка. У розныя часы рака Нарачанка насіла і іншыя назвы, звязанныя з мясцовасцямі, праз якія яна працякала. Так інвентар м. Смаргонь і Смаргонскай воласці 40-х гадоў ХVІІ стагоддзя сведчыць, што сяляне вёскі Калодкі (цяпер у Вілейскім раёне) "мелі сенакос над ракой Іжэўкай ". А ў каралеўскую пушчу, імянаваную Іжаўскай , усе маюць свабодны ўваход. Невыпадкова адна з навакольных вёсак так і называецца - Каралеўцы.
Пачатак ракі Нарачанкі доўгі час насіў назву Сток . А ў ХІХ стагоддзі галоўны ўчастак да ўпадзення ў яе Вузлянкі называўся Слабажанкай - па назве аднайменнай вёскі на ёй. У некаторых крыніцах таго часу сустракалася і назва Занарач . Старажытныя беларускія паселішчы маюць цесную сувязь з рэкамі і азёрамі. Нашы далёкія прашчуры сяліліся па берагах рэк і рачулак. Па назве рэк шмат беларускіх старажытных гарадоў атрымалі свае назвы, калі да назвы ракі дабаўлялі суфікс (устаўку) - ак , -ск : Случ - Слуцак, Палата - Полацак, Віцьба - Віцебск, Мена (Менка) - Менск . У сярэднявеччы нашы продкі, пасяліўшыся на берагах невялікіх рэк і рэчак, напэўна не ведалі іх назваў, бо на Беларусі было шмат безыменных рэк і азёр, або ёсць рэкі і азёры, калі назвы паўтараюцца. На карце Беларусі некалькі азёр, якія называюцца Глыбокае , некалькі маюць назву Доўгае . На тэрыторыі нашай краіны працякаюць дзве Беразіны , дзве Сэрвачы , шмат Цны . А назвы вёсак паўтараюцца вельмі часта.
Ад вёсак і наогул невялікіх паселішчаў атрымалі адпаведную назву і невялікія рэчкі і рэкі. Напрыклад, рака Брагінка ў горадзе Брагін , рака Кобрынка ў Кобрыне . Возьмем наш край: ад назваў сельскіх паселішчаў паходзіць назвы рэк. Вузлянка - ад паселішча Вузла , Спягліца - ад мястэчка Спягла , Ганутка - ад маёнтка Ганута , Слабажанка - ад вёскі Слабада , Іжэўка - ад вёскі Іжа , Занарачанка - ад вёскі Занарач . Апошні ўчастак ракі Нарачанкі магчыма некалі называўся Ручыца .
У ХХ стагоддзі наша рака насіла назву Нарачанка і тым самым адрознівалася ад возера. З 1952 года на паўночна-заходнім беразе возера Нарач улетку пачалі ладзіць народнае свята песні "Нарачанскія росы" ў гонар вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ў памяць аб палеглых партызанах брыгады Варашылава на беразе возера ў баі з захопнікамі, што адбыўся тут 27 сакавіка 1944 года. З таго часу слова Нарач да таго стала папулярным, што ў Вілейскім раёне вёску Нароча пачалі пісаць Нарач , а раку Нарaчанка таксама стараліся запісаць Нарач . У выніку такога стаўлення да ракі на дарогах Менскай вобласці на ўказальніках у 2005 годзе было напісана па-рознаму: у Мядзельскім раёне - "Нарачанка", а ў Вілейскім раёне - "Нарач". Няма аднастайнасці і на картах: або Нарач , або Нарачанка .
Зноў Нарач . Назву "Нарач" давялі да абсурду. Пабудавалі на заходнім беразе возера курортны пасёлак. Яго можна было б назваць "Нарачанскі" або Урлікі (па назве вёскі, каля якой будавалі пасёлак), дык не, далі назву "Нарач". А затым мястэчка Кабыльнік перайменавалі ў Нарач . А можна было б назваць яго Купа (побач была і знікла такая вёсачка на беразе возера) або Малінаўка , па рацэ якая тут недалёка працякае.
У выніку такога абыходжання з геаграфічнымі назвамі не раз здаралася, што вясковыя кабеты, едучы з Менска ў Кабыльнік або ў Купу , траплялі ў вёску Нароча , што ў Вілейскім раёне.
Нароча (Нарач) - вёска (мястэчка, аграгарадок), цэнтр Нарачанскага сельсавета і Адкрытага акцыянернага таварыства (ААТ) "Нарачанскія зоры". Яна знаходзіцца за 17 км на захад ад горада і за 19 км ад чыгуначнай станцыі Вілейка, за 22 км ад Смаргоні, на старой дарозе Куранец-Любанія-Войстама. Адлегласць да сталіцы - 115 км. Каля вёскі праходзіць аўтамабільная дарога Вілейка-Смаргонь.
Назву гэтай вёскі і назву возера Нарач , даследчык В.А. Жучкевіч тлумачыць паходжаннем яе ад літоўскай тапанімікі. У літоўскай мове nara - русалка і naras - нырок. Тутэйшыя жыхары раку называюць Нарачанка, а вёску - Нароча . Вілейскія чыноўнікі з пачатку 1950-х гадоў, калі каля возера Нарач пачалі праводзіцца абласныя фестывалі песні, узаконілі назву вёскі Нарач , а потым у межах раёна і ракі. Аднак, дзеля справядлівасці, трэба сказаць падобнае назіралася яшчэ за царскім часам. На картах і на Мядзельшчыне рака мае назву "Нарачанка". І тыя, ад каго залежыць тапанімічны парадак, робяць выгляд, што няма праблемы. Затое ёсць яна ў касах аўтавакзала ў Менску. Парознаму ўтвораны і адносныя прыметнікі ад слова Нароча (Нарач) . Чамусьці сярэдняя школа тут Нарацкая , а сельсавет Нарачанскі і лясніцтва Нарачанскае . А сяляне ходзяць у Нароцкую царкву. Мы напісалі пра гэта падрабязна, каб задумаліся нашы сучаснікі і будучыя нашчадкі. Рана ці позна, але назвы давядзецца размежаваць (нарыклад, возера Нарач , рака Нарачанка , вёска Нароча , а курортны пасёлак Нарачанскі ).
(Паводле кнігі "Нарачанка і яе берагі",
сс. 9, 389.)
Сымон Барыс, Анатоль Рогач
Страчаная тапаніміка альбо як з мужчынскага атрымаўся жаночы род
У маім пашпарце адзначана, што я нарадзіўся ў вёсцы Ўгрынь , якая на Зэльвеншчыне. Але мае народзіны на самай справе адбыліся на хутары Равеста (па-руску Ровеста , па-польску Rоwesta ) каля гэтага паселішча. Чаму я даў яшчэ рускую і польскую назвы? А таму, што па-беларуску на картах мне ані разу не прыйшлося тую назву пабачыць.
Сёння назва Угрынь - мінулая, гістарычная. Ёсць зараз Вялікая Ўгрынь і Малая Ўгрынь заміж яе. Але ці гэта сапраўднае найменне гэтых паселішчаў, у якіх калісьці існавалі школа, клуб, бібліятэка. Але ўсе яны ў недалёкім мінулым часе, бо і Вялікая Ўгрынь і Малая Ўгрынь паціху канаюць.
Калі я пачаў праглядаць гістарычныя звесткі, то ў іх аказалася, што на месцы існых сёння Вялікай Угрыні і Малой Угрыні існавалі раней Вялікі Ўгрын і Малы Ўгрын , а яшчэ раней была толькі весь (вёска) проста Ўгрын на месцы Вялікага Ўгрына.
У паданнях найменне Ўгрын вядзе сваё паходжанне ад прападобнага Майсея Ўгрына , які ў 1024 г. цераз сучасныя землі Беларусі вяртаўся з польскага палону на Кіеўшчыну. Здарэнне з ім адбылося ля балота, дзе месціўся мой колішні хутар Равеста, тут рабаўнікі напалі на прападобнага Ўгрына і яго спадарожнікаў, але тыя адбіліся.
На месцы, дзе сёння Вялікая Ўгрынь, паставілі зруб, у якім некалькі месяцаў цяжка паранены Ўгрын лячыўся. І паселішча, якое пачалося з гэтага зруба назвалі Ўгрынам , а пасля, калі побач узнікла яшчэ адна вёска, то яны атрымалі назвы Вялікі Ўгрын і Малы Ўгрын . Хто і як пераназваў іх у Вялікую і Малую Ўгрынь, крыніцы маўчаць.
Застаецца толькі дадаць, што Майсей Угрын родам з Угоршчыны, узяты быў палякамі ў палон у Кіеве, туды і вярнуўся з яго. Пра яго маецца "Слова (№ 30) аб прападобным Майсеі Ўгрыне" ў "Кіева-Пячэрскім Патэрыку".
Міхась Угрынскі, г. Баранавічы.
Помнік ля Пацавічаў
Гісторыя ўшанавання палеглых змагароў за вольнасць краю, знішчэння і аднаўлення на іх кладах памятнага знака
Мастоўшчына багатая на гісторыю. У большасці сваёй яна забытая з нагоды паспешнай пабудовы светлай будучыні ў недаўнім мінулым. Як сведчанне таму ўдзел мясцовых мяшканцаў у вызвольнім паўстанні 1863-64 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, якому 150 гадоў.
Напрыканцы мінулага стагоддзя была адноўлена магіла 41 загінулага паўстанца ля вёскі Мінявічы. Над ёю паўстаў крыж. Аб падзеях таго часу ў адным з сваіх твораў распавядае знакамітая пісьменніца Эліза Ажэшка. Прататыпам героя Карчынскага паўстаў удзеньнік супраціву расейцам Ян Каменскі, які спачывае на каталіцкіх могілках ля вёскі Лунна.
Аб тым, што тое паўстанне мела шырокую падтрымку ў насельніцтва, сведчаць і іншыя факты. Вось яшчэ адзін прыклад таму.
Некалькі гадоў таму назад было знойдзена і адноўлена яшчэ адно пахаванне паўстанцаў.
Насельнікі вёскі Пацавічы пра тое разбуранае пахаванне на ўскрайку лесу ведалі, бо над ім узвышалася горка камянёў і заімшэлая мармуровая дошка з надпісам: "Паўстанцам 1863 года, героям бою за незалежнасць Айчыны пад Пескамі". Людская абыякаваць да гісторыі змусіла мяне на доўгія роспыты і росшукі тае магілы. А яна была відавоч. Крыху болей за пяць гадоў таму назад мне выпадкова удалося адшукаць яе. Відовішча жахлівае. Вакол друз, запусценне і горы камянёў, скінутых з калгаснага поля.
Пра тое, што адбылося тут 150 гадоў таму назад пакуль знойдзены толькі невялікія зветкі. Аб тым у сваёй кнізе ўпамінае гісторык Станіслаў Зяленскі: "Палкоўнік Крамер 2-ой роты 1-га фінлянскага гвардыі палка разбіў за 4 вярсты ад Мастоў падраздзяленне 100 паўстанцаў, пры чым маскалі мелі 2-х параненых ". Пад населеным пунктам Масты маецца на ўвазе цяперашнія Масты Правыя, якія былі цэнтрам гміны.
На мемарыяльнай пліце ёсць дата яе пастаноўкі - 1933 год. Знайшліся ўскосныя сведкі тых падзей. Мясцовы жыхар Міхал Плытнік успамінае: "Мой бацька быў пры пабудове таго помніка. Распавядаў, што тут пахавана 12 паўстанцаў" . Яшчэ, як успамінае Павел Мама, па росповеду яго бабулі, тут у густым лесе сабраліся разрозненыя групы паўстацаў, каб апоўдні пайсці ў кірунку да Ваўкавыска і далей прабівацца да Мілавідаў. Аднак здраднік выдаў іх месца знаходжання. Царскія войскі акружылі іх з усіх бакоў.
Урачыстым было адкрыццё помніка. Яго асвяцілі каталіцкі і праваслаўны святары. Прысутнічалі жыхары навакольных вёсак і дэлегацыя гасцей з Ваўкавыска. У тыя гады магіла шанавалася. Да 1940 года, часу акупацыі Польшчы Нямеччынай і Савецкім Саюзам, што год 3 траўня тут ладзіліся святочныя ўрачыстасці, наведваліся не толькі мяшканцы з Пацавіч.
Пасля Другой сусветнай вайны магіла прыйшла ў занябыт. Быў знішчаны крыж, наўкола парос мурог. Шанаваць памяць герояў паўстання не ўхвалялася, хоць у савецкай гісторыі само паўстанне лічылася змаганнем з царскімі прыгнятальнікамі.
Напачатку старанні аднавіць магілу і крыж распачалі актывісты з Мастоў. Была добраўпарадкавана тэрыторыя вакол пахавання. Затым да справы далучыліся сябры Саюза палякаў на Беларусі. Самы актыўны ўдзел у тым праявіў гарадзенскі актывіст даследавання гісторыі Анджэй Пажэцкі. Быў адноўлены надпіс на пліце, а над пахаваннем паўстаў крыж. Толькі заміж вялізнага мураванага, больш сціплы, металёвы. Уся праца па аднаўленні помніка была праведзена ў 2011 годзе.
Так быў зроблены яшчэ адзін крок у кірунку вяртання нашай гісторыі і ўшанавання памяці змагарам за вольнасць краю. Аднак, на Мастоўшчыне не адноўлена яшчэ адно пахаванне змагароў за вольнаць краю тых гадоў. Яно знаходзіцца на беразе Нёмана ва ўрочышчы Міхалоўка (былая вёска, стаўшая часткаю горада). Тут у свой час быў пастаўлены крыж і пакладзены памінальны камень з надпісам. У савецкія гады крыж спілавалі, а "ўдзячны" нашчадак паклаў камень у падмурак дома.
Язэп ПАЛУБЯТКА. На здымку: помнік ля Пацавічаў.
Дотык волі
"Дотык волі" - так называецца чарговая кніжка Алеся Стадуба, выпушчаная нядаўна менскім "Кнігазборам". У ёй амаль 200 вершаў на розныя тэмы. Як адзначаецца ў анатацыі да зборніка - гэта вершы пра Радзіму, успаміны аб мінулым, філасофскія развагі. Зборнік адрасаваны шырокаму колу чытачоў. Дарэчы, кніжку А. Стадуба яны сустрэлі прыхільна. Некаторыя звярнулі ўвагу на карэктарскія агрэхі. Пішучы пра класіка беларускай літаратуры Янку Купалу, аўтар скарыстаў слова "флагі". Але ж яно мае такую моц, такі сэнс, як і слова "сцягі". Гэта пацвярджае "Беларускі тлумачальны слоўнік".
Расказваючы пра другога класіка айчыннай літаратуры Якуба Коласа, у зборніку зазначаецца, што "яго праблемаў дзённых кола ўсё круціцца - канца няма". Вядома, народны пісьменнік змагаўся за жывучасць роднай мовы. Праблемы, узнятыя ім, і сёння актуальныя.
Толькі адзін верш у зборніку Алеся Стадуба прысвечаны роднай мове - "Гімн бяссмерцю". Але ўвесь "Дотык волі" галасуе за родную мову, за яе неўміручасць.
Амаль пра кожны верш лідскага аўтара можна напісаць цэлы артыкул. Паэт сцвярджае:
Я - частка сённяшняга дня.
Я - частка
сённяшніх імкненняў.
Я - веры сімвал, веры знак.
Я ўвесь - складанае тварэнне.
Далей ён працягвае:
Я - не любоў, і я - любоў.
Я - рыфмаваная падзея.
Заканчваецца верш нечаканасцю:
Я ўвесь -
крылатая надзея.
Скажыце, хто з нас не жыве ёю - надзеяй? Кожны ў гэтым апошнім радку пазнае сябе. Усе мы - крылатая надзея. Без яе нельга ісці ў заўтра. Аўтар слушна сцвярджае, што "мы ў будучыню брама", што "мы напятая струна цярпення". У наш няроўны час так яно і ёсць. Мы сапраўды брама, мы сапраўды - цярпенне. І хоць у кожнага "свой пах, уменне, сакрэты, і смеласць, і радасць, і шчасце, і гора", усё ж самае дарагое для члавека - надзейныя сябры.
З сябрамі радасна спрачацца,
З сябрамі -
мудрасцю звянчацца.
З сябрамі тайны не маўчацца.
З сябрамі душы гарачацца.
З сябрамі хоча ўсё пачацца.
("Сябры")
У гэтым, глыбокім па думцы, стылі - створана і "Спадчына". З аднаго боку яна падобная на "Сяброў", але сэнс іншы. Яе нельга прамінуць, каб не працытаваць хоць крыху:
Спадчына наша з цярпення.
Спадчына наша з натхнення.
Спадчына наша з адвагі.
Спадчына - ход у развагі.
Спадчына наша з раманаў.
Спадчына наша без зманаў.
Спадчына наша ўсё ж - песня.
Спадчына наша - прадвесне.
Заўважу для чытачоў "Нашага слова", я моцна заняты, але ад кнігі Алеся Стадуба не адарваўся. Нехта сказаў: кожны радок павінен быць моцны. Гэтага не адбярэш у аўтара кнігі "Дотык волі". Праўда, некаторыя вершы я б не ўключаў у выдатную кніжку, альбо перапрацаваў бы іх. Ды і сам аўтар прызнаецца:
Я частку іх забракаваў.
Я з вашай думкай
цвёрда згодны.
Глядзіць пытальна
не народны:
- Навошта іх забракаваў.
У другім невялікім сцвярджаецца, што "мне нельга ні дня без прыгод, мне нельга ні дня без радка". ("Накід верша ў Лідскім замку"). Без творчасці, без тэмаў, якія атакуюць паэта, як сам аўтар прызнаецца "ён ніхто, ён - не асоба". Хоча вышыні. Пра маляра піша, што той лезе на сцяну, а паэт вышэй - на неба творчасці. "Ты на сцяну, на мэце грош, а я палез на неба". У "Дотыку..." няма ніводнага твора непасрэдна пра яе вялікасць Паэзію. Аднак у адным з папярэдніх зборнікаў аўтар сцвярджае, што яна "паўстанне за мары, за лёс чалавечы". Гэта правільнае сцвярджэнне. У кожным з нас жыве частка паэзіі. Інакш мы не мелі б захаплення, не кахалі б, не марылі б. Таму шмат увагі А. Стадуб удзяляе жанчынам. То яна з "языком-мячом" ("Жонка"), то спакуслівая ("Пярун"), то надзейная ("Сініца"), то добрая, калі ўзрост гады палічыць. Да такіх адносіцца невялікі верш "Усё". Дазволю сабе працытаваць яго пачатак, бо гэта кавалак нашай горкай жыццёвай праўды:
Усё іначыцца з гадамі.
Нас засмучае праўда меры.
Дзяўчаты выраслі ў мадамы
І хлопцы ўжо - не кавалеры.
Вартыя ўвагі і такія творы, як "Перад класам", "Штукарыў", "Зборнік", "Сыны", "Усе мы Боская радня", "У цягніку", "Пульс".
Даўно ведаю Алеся Стадуба, але ніколі ён не прагаварыўся, што часам рыбачыць, што любіць шукаць у лесе грыбы. Мне здавалася, ён ходзіць у краму, шмат часу аддае зямлі, у вольныя хвіліны складае вершы. Аднак творы выдаюць чалавека. Адсюль "Рыбак", "Ранак", "Мне здаецца", "Ідучы ў бар" і іншыя.
Некаторыя вершы і прыватныя, і агульначалавечыя "Астэроід", "Імпэр-фэкт", "Сшытак", "Гамузам", "Масажыстка".
У новым зборніку пашыраецца кругагляд аўтара, з'явіліся нечаканыя тэмы. Сярод іх "Бог", "Манах", "Вароты", "Калодзеж", "Балада пра брыгадзіра".
Аўтар сказаў мне, што ён пад загалоўкам напісаў сціпла: "Вершы", аднак нехта ў выдавецтве прачытаў і перайначыў на "Кнігу паэзіі". Перакананы, варта ўсё-такі перачытаць зборнік ад вокладкі да вокладкі, каб пераканацца ў праўдзе таго, хто перайначыў падзагаловак.
Хочацца закончыць гэты сціплы агляд зборніка А. Стадуба наступным чатырохрадкоўем:
А можа тут
паставіць кропку?
Радкі сказалі, як сваё.
Наш век з табою
ўсё ж кароткі,
Але жывём і выдаём.
Ігнась Ракавіцкі.
Лірнік зямлі беларускай
У серыі "100 выдатных дзеячаў беларускай культуры" выйшла кніга Алеся Марціновіча "Уладзілаў Сыракомля. Лірнік зямлі беларускай". Серыя заснавана ў 2012 годзе Заснавальнік, каардынатар і рэдактар серыі А.Я. Тарас Мастацкае афармленне серыі Б.Г. Клюйка
Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Францішак Кандратовіч; 1823-1862) - выдатны беларускі паэт, перакладчык, крытык, фалькларыст і краязнавец. Яго творчасць, цесна звязаная з народнымі вераваннямі, звычаямі і вуснай народнай паэзіяй, прыкметна паўплывала на фармаванне беларускай літаратуры новага часу. Творчая спадчына У. Сыракомлі не ўмяшчаецца ў дзесяць тамоў, хоць у літаратуры ён працаваў толькі 18 гадоў.
Уладзіслаў Сыракомля перад усім быў патрыётам роднай Літвы. Пад Літвой ён меўнаувазе Беларусь, пад ліцвінамі - беларусаў. Мусіў, праўда, пісаць па-польску. Як гэта рабілі да яго і пасля яго некаторыя іншыя пісьменнікі. Мусілі рабіць, каб мець сваіх чытачоў.
Наш кар.
Сонейка, свяці!
Сонейка . Хрэстаматыя дзецям дашкольнага ўзросту / уклад. Р. І. Шастак. Мастак А. А. Карповіч. - Мн. : "Выдавец Уладзімір Сіўчыкаў", 2013. - 304 с.: іл .
У гэтай чытанцы сабраныя песенькі і пацешкі, прыгаворкі і загадкі, прыказкі і прымаўкі, лічылкі і гульні, беларускія і рускія народныя казкі, а таксама лепшыя творы беларускіх і рускіх пісьменнікаў.
Фальклорныя пярліны пераказалі такія майстры слова як Якуб Колас, Уладзімір Сіўчыкаў, Уладзімір Ягоўдзік і Алесь Якімовіч, а сярод арыгінальных твораў - тэксты Рыгора Барадуліна, Дануты Бічэль, Пятра Васючэнкі, Леаніда Дранько-Майсюка, Галіны Каржанеўскай, Вацлава Ластоўскага, Івана Муравейкі, Максіма Танка, Алеся Пісьмянкова, Андрэя Хадановіча, Станіслава Шушкевіча.
Чытачоў найперш павінны зацікавіць такія легенды як "Зямля", "Адкуль каза", "Мядзведзь", казкі "Кот Максім", "Зайкіна хатка", "Як кот звяроў напалохаў" і іншыя.
Укладальнікам тома выступіла Раіса Шастак, а аздобіла яго сваімі малюнкамі мастачка Алена Карповіч.
Адрасуецца яна дзеткам дашкольнага ўзросту, іх бацькам, бабулям і дзядулям, выхавальнікам дзіцячых садоў, можа быць карыснай настаўнікам, выкладчыкам і навучэнцам педагагічных каледжаў.
Алеся Сіўчыкава.
Інтэрпрэтацыі
Такую назву мае кніга Мікалая Паграноўскага, якая выдадзена ў 2012 г. Аўтар нарадзіўся ў Беларусі 21 лютага 1952 года. У 1978 годзе скончыў Менскую мастацкую вучэльню імя А.К. Глебава. Вучыўся ў Ленінградскім інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Рэпіна (1986-1989 гг.), скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў у 1993 г. па спецыяльнасці "Тэорыя і гісторыя мастацтва".
Працаваў у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (1986-2001), з 1990 г. - галоўным захавальнікам. Паралельна выкладаў у Менскай мастацкай вучэльні імя А.К. Глебава (1989-1991), Беларускай акадэміі мастацтваў (1994-1999).
Рэцэнзент па выяўленчым мастацтве "Беларускай энцыклапедыі" (18 тамоў). Аўтар 22 каталогаў, 7 альбомаў і кніг.
Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1996 года. З 2005 года працуе дырэктарам Гістарычна-культурнага музея-запаведніка "Заслаўе".
Кніга "Інтэрпрэтацыі" прысвечана Тамары Небышынец. Яна з'явілася ў выдавецтве "Галіяфы". Наклад кнігі 500 асобнікаў. Аўтар выказвае шчырую падзяку Польскаму інстытуту ў Менску за дапамогу ў выданні кнігі.
У кнізе змешчаны артыкулы аўтара, надрукаваныя ў газетах "Знамя юности", "Культура", часопісе "Мастацтва".
Паграноўскі заўсёды паказвае мастака як творчую асобу, якая пазітыўна ўплывае на сваё кола зносінаў і праз яго на цэлае грамадства.
Рэдактарам кнігі з'яўляецца славуты Юрась Барысевіч. На вокладцы выкарыстана карціна Барыса Іванова з цыклу "Прастора" (1988).
Навукова-папулярнае выданне добра разыходзіцца ў кніжных крамах. Трэба адзначыць, што кніга зацікавіла шырокае кола беларускай інтэлігенцыі, а таксама студэнтаў творчых спецыяльнасцяў.
Аляксей Шалахоўскі, гісторык, краязнавец, журналіст.