НАША СЛОВА № 4 (1155) 22 студзеня 2014 г.
Элітны рух за мову ў Менску
13 студзеня стартавалі абноўленыя курсы "Мова ці кава". Курсы падзяліліся на дзве плыні. Адна засталася на старым месцы ў "Галерэі Ў" і мае зараз назву "Мова нанова". Другая ж, пад кіраўніцтвам Кацярыны Кібальчыч, аднавіла сваю дзейнасць ў творчай прасторы "Цэх".
У "Цэху" вядоўцаў было некалькі: літаратарка Валярына Кустава, вядоўцы "Белсату" Франак Вячорка ды Алесь Залеўскі, літаратар і музыка Уладзь Лянкевіч ды рэжысёр Васіль Дранько-Майсюк, які сваёй харызмай і энергіяй запальваў усіх.
"Цэх" значна большы за "Галерэю Ў", аднак месца ўсім, хто прыйшоў на першы занятак, не хапіла. Сабралася больш за сотню людзей.
Арганізатары новых курсаў з назвай "Мова нанова" Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская таксама не чакалі такога аншлагу і раздрукавалі ўсяго 150 папер з моўнымі заданнямі. Між тым, па самых сціплых падліках, у "Галерэі Ў" сабралася больш за 300 чалавек.
Таму слухаць заняткі было не надта камфортна: у зале было задушна, больш за палову прысутных слухалі вядоўцаў стоячы.
Старшыня ТБМ Алег Трусаў пажадаў поспеху абоім курсам і выказаў спадзяванне, што ў наступны год такія курсы будуць у кожным з дзевяці раёнаў Менска.
Наш кар.
Новае выданне ТБМ
Таварыства беларускай мовы сумесна з Амбасадай Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь і Шведскім Інстытутам распрацавала "Беларуска-шведскі/Шведска-беларускі размоўнік".
Хутка азнаёміцца з выданнем можна будзе ў офісе ТБМ (вул. Румянцава, 13).
210 гадоў з дня нараджэння Антона Адынца
Антон (Антоні) Эдвард Адынец (25 студзеня 1804, в. Гейстуны Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Ашмянскі раён Гарадзенскай вобл. - 15 студзеня 1885, Варшава; Псеўданім: Inocenty Staruszkiewicz) - беларускі паэт, перакладчык, мемуарыст, выдавец. Пісаў на польскай мове.
Нарадзіўся ў сям'і Тадэвуша Адынца і Тэрэзы з Гнатоўскіх. Скончыў Барунскую базыльянскую школу ў 1820 і Віленскі ўніверсітэт у 1823 (магістр права). Ва ўніверсітэце стаў сябрам таварыства філарэтаў, якому прысвяціў "Песню філарэтаў" (пазней Ф. Багушэвіч зрабіў пераробку гэтага твора пад назваю "Песня"). Сябраваў з А. Міцкевічам, Я. Чачотам, Т. Занам, І. Дамейкам, І. Ходзькам, І. Лялевелем. Пабачыўшы паэтычныя здольнасці Адынца, Чачот узяў яго пад сваю апеку, за гэта сябры празвалі Чачота Ментарам, а Адынца - Тэлемакам (паводле грэчаскай міфалогіі, Ментар быў выхавальнікам Тэлемака). Па справе Таварыства быў зняволены ў лістападзе 1823 - лютым 1824. У 1829-1837 вандраваў па Заходняй Еўропе, часам спадарожнічаў А. Міцкевічу. Падчас паўстання 1830-1831 гадоў знаходзіўся сярод дзісненскіх паўстанцаў. Справа супраць А. Адынца была спынена расійскімі ўладамі ў 1834 годзе. У 1837 вярнуўся ў Гейстуны, а з 1838 жыў у Вільні. У 1829 быў рэдактарам альманаха "Melitele", а ў 1841-1859 газеты на рускай і польскай мовах "Kurier Wilenski" ("Віленскі веснік"). Паступова погляды Адынца сталі больш кансерватыўнымі. У прыватнасці, у 1858 ён удзельнічаў у выданні "Віленскага альбома" у гонар Аляксандра II. З 1866 жыў у Варшаве. Ёсць звесткі, што ў 1884, калі разам з Дамейкам Адынец наведваў Беларусь, сустракаўся ў Крошыне з П. Багрымам. У сваёй творчасці часта выкарыстоўваў сюжэты з гісторыі Беларусі, перакладаў сусветную класіку.
Вікіпедыя.
90 гадоў з дня нараджэння Віктара Мартынава
Беларускі лінгвіст Віктар Уладзіміравіч Мартынаў нарадзіўся 25 студзеня 1924 г. ў г. Адэса. Доктар філалагічных навук (1969), прафесар (1971). Занесены ў "Кнігу гонару" ЗША (1989). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1990). Стаў чалавекам года i атрымаў узнагароду 20 стагоддзя Брытанскага біяграфічнага цэнтра ў Кембрыджы (1993). У 1948 г. скончыў Адэскі універсітэт, у 1951 - аспірантуру па славістыцы пры Львоўскім універсітэце. У 1952-60 гг. - загадчык кафедры замежных моў Адэскага універсітэта, з 1960 г. - у Інстытуце мовазнаўства АН Бeлapyci (у 1962-90 гг. - загадчык аддзела агульнага i славянскага мовазнаўства).
В.У. Мартынаў апублікаваў больш за 250 артыкулаў i 12 манаграфій (3 у суаўтарстве). Вучоны даследуе тры актуальныя праблемы. Першая датычыць беларусістыкі. З 1969 г. Мартынаў - рэдактар i суаўтар шматтомнага "Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы" (т. 1-7, 1978-91). Слоўнік адлюстроўвае моўныя сувязі беларускага народа з іншымі славянскімі i неславянскімі народамі на розных этапах гістарычнага развіцця. Матэрыялы трох кандыдацкіх дысертацый па дыялектнай лексікаграфіі, якія падрыхтаваны пад навуковым кіраўніцтвам В. У. Мартынава, абагульнены ў калектыўнай манаграфіі "Лексіка Палесся ў прасторы i часе" (1971). Два іншыя аўтарскія калектывы, якія ён узначальваў, падрыхтавалі манаграфіі па сучаснай беларускай літаратурнай мове: "Марфемная дыстрыбуцыя ў беларускай мове. Дзеяслоў" (1967) i "Словаўтваральная сістэма сучаснай беларускай мовы" (пра семантыка-словаўтваральны аналіз імён) і інш.
Другая праблема, славістычная, - высвятленне глотагенезу i этнагенезу славян. У манаграфіях "Славяна-германскае лексічнае ўзаемадзеянне найстаражытнейшай пары: (Да праблемы прарадзімы славян)" (1963) i "Мова ў прасторы i часе: Да праблемы глотагенеза славян" (1983), у шэрагу артыкулаў, у дакладах на Міжнародных з'ездах славістаў у Сафіі, Варшаве, Заграбе - Любляне, Кіеве, Браціславе даследчык выкарыстоўваў сучасныя структурна-тыпалагічныя метады ў кампаратывістыцы i багаты фактычны матэрыял славянскіх, гермaнскіx, балтыйскіх, італійскіх i іншых моў.
Трэці кірунак даследаванняў мае агульнамовазнаўчы i прыкладны характар. Абапіраючыся на ўзаемасувязі лінгвістыкі з кібернетыкай i семіётыкай, В. У. Мартынаў стварыў варыянт інфармацыйнай мовы. У сваёй манаграфіі "Семіялагічныя асновы інфарматыкі" (1974) ён сцвярджаў, што падобныя задачы можа выканаць універсальны семантычны код (УСК). Вучоны распрацоўваў новыя, усё больш дасканалыя варыянты УСК - у манаграфіях "Універсальны семантычны код: (Граматыка. Слоўнік. Тэксты)" (1977), "Універсальны семантычны код: УСК-3" (1984) і інш.
В. Л. Вярэніч.
Справаздача старшыні ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алега Трусава аб дзейнасці арганізацыі за 2013 год
Шаноўныя спадарыні і спадары!
Мінулы год прайшоў для сяброў ТБМ у цяжкай і штодзённай, але плённай працы на карысць Беларушчыны.
У сваім дакладзе я спынюся на асобных фактах нашай дзейнасці ў 2012 г., бо ў асноўным уся наша дзейнасць асвятлялася на старонках газеты "Наша слова", а таксама на нашым партале.
Гэты год быў для нас годам цяжкай, але стваральнай працы як у Менску, так і ў рэгіёнах нашай краіны. Найбольш актыўна працавалі рэгіянальныя актывісты Магілёва, Віцебска, Гародні, Ліды, Полацка, Наваполацка, Баранавічаў, Гомеля, Пружанаў, Валожына, Асіповічаў, Фрунзенскага і Ленінскага раёнаў горада Менска, мястэчка Падсвілле Глыбоцкага р-на, Шаркаўшчыны, Івянца і іншых. У нашы шэрагі актыўна ўступала моладзь, асабліва ў Менску. Пра нашу дзейнасць рэгулярна пісалі "Наша слова", "Новы час", "Наша ніва", "Народная воля", "Звязда", ЛіМ, "Камсамольскай праўда ў Беларусі", "Краязнаўчая газета" і іншыя сродкі масавай інфармацыі. Дзейнасць ТБМ таксама асвятляюць тэлеканал Белсат, радыё "Свабода", радыё "Рацыя", партал tut.by і іншыя.
Дзякуючы намаганням маладых супрацоўнікаў БТ, працягвае выходзіць у эфір рэгулярная перадача, прысвечаная гісторыі беларускіх слоў і выразаў (выходзіць штосераду і пятніцу на АНТ). Беларуская мова паступова вяртаецца ў выпускі навінаў, асабліва на мясцовым БТ. Быў створаны новы дзяржаўны канал "БТ-3", дзе беларуская мова актыўна прысутнічае. 17 лістапада на незалежным тэлеканале "Белсат" прайшоў 100-ты выпуск лінгвістычнай праграмы "Моўнік", заснаваны з ініцыятывы ТБМ.
Сябры ТБМ у розных рэгіёнах Беларусі і за яе межамі прынялі актыўны ўдзел у 6-й Агульнанацыянальнай дыктоўцы, прысвечанай юбілеям Кірылы Тураўскага, паўстання Каліноўскага, Максіма Гарэцкага. У акцыі ўзялі ўдзел прадстаўнікі амбасадаў розных замежных краін, журналісты, навукоўцы, выкладчыкі ВНУ, студэнты і вучні. Зараз мы актыўна рыхтуемся да 7-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. У гэтым годзе мы прапануем падчас дыктоўкі выкарыстаць тэксты з твораў Васіля Быкава, 90-гадовы юбілей якога будзе адзначацца ў 2014 годзе.
У мінулым годзе выйшлі 8 і 9 нумары часопіса "Верасень" (галоўны рэдактар Эдуард Акулін). Нумары "Верасня" актыўна распаўсюджваюцца не толькі ў Менску, але і ў іншых рэгіёнах нашай краіны, нават за межамі Беларусі.
Актывізавалася праца курсаў па вывучэнні беларускай мовы для розных групаў насельніцтва. Праходзілі заняткі па беларускай мове, гісторыі і літаратуры для вучняў 7 - 11 класаў пад кіраўніцтвам Лявона Баршчэўскага. Была арганізавана асобная група для навучання беларускай мове для дарослых, якую ўзначаліла Юля Бажок. Заняткі адбываліся два разы на месяц. З восені 2013 г. пачалі працаваць беларуска-польскія моўныя курсы пад кіраўніцтвам спадарыні Л. Бурлевіч.
У мінулым годзе актыўна працаваў клуб беларускага красамоўства "Прамова", кіраўнік - Аляксандр Давідовіч.
Разам з іншымі грамадскімі арганізацыямі ТБМ бярэ чынны ўдзел у праекце "Будзьма беларусамі". У Менску і ў іншых гарадах адбылося шмат розных мерапрыемстваў: прэзентацыі беларускіх кніг, сустрэчы з цікавымі асобамі. Сярод актыўных арганізатараў і выступоўцаў трэба адзначыць Алену Анісім і Эдуарда Акуліна. Летам 2013 г., нягледзячы на вакацыі, штотыднёва праходзілі ў межах кампаніі "Будзьма!" заняткі летняй гістарычнай школы "Гісторыя на вакацыях". Паколькі гэтыя заняткі выклікалі вялікую цікаўнасць, вырашылі прадоўжыць надалей пад назвай "Гісторыя ў падзеях і малюнках (каардынатар Алена Анісім). З ініцыятывы Ірыны Краўчук і ўдзеле Алены Анісім з'явілася "Вяселле па-беларуску", калі маладыя могуць замовіць цалкам беларускамоўнае вяселле.
Найлепшымі нашымі партнёрамі ў змаганні за Беларушчыну з'яўляюцца ЗБС "Бацькаўшчына", Таварыства беларускай культуры Літвы, Саюз беларускіх пісьменнікаў, БАЖ, ТБШ, Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
У мінулым годзе мы працягвалі выпускаць "Наша слова" у фармаце 8-мі палос (індэкс выдання 63865, кошт падпіскі на месяц - 5600 руб). Не гледзячы на тое, што з'яўляюцца новыя аўтары, і ёсць цікавасць да публікацыі розных матэрыялаў, сітуацыя з падпіскай жадае быць лепшай. Колькасць падпісчыкаў, на жаль, не дасягае нават тысячы чалавек, а каб газета нармальна існавала, іх павінна быць каля пяці тысяч. Тым не менш, хачу адзначыць актыўную працу па падпісцы на "Наша слова" кіраўнікоў Салігорскай і Слуцкай гарадскіх арганізацый ТБМ спадароў М. Шаравара і М. Курыльчыка. Салігорск падпісаў 71 асобнік (2-е месца па краіне пасля Менска), Слуцк - 23 асобнікі, даўней было 7. Але я вымушаны зноў звярнуцца да прысутных. Сябры! Неабходна ўсім разам пашыраць кола падпісчыкаў. З гэтай нагоды хачу выказаць словы падзякі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая на працягу мінулага года выдзеліла каля 4 мільёнаў рублёў на падпіску раённых і школьных бібліятэк і музеяў краіны на беларускамоўныя выданні.
У нас усталяваліся добрыя кантакты з амбасадамі ЗША, Швецыі, Польшчы, Літвы, Чэхіі, Украіны, Славакіі, Італіі, Вялікабрытаніі і Германіі, а таксама АБСЕ.
Цяжкая сітуацыя па-ранейшаму ў беларускамоўнай адукацыі. Тым не менш, у Менску адрадзіў сваю дзейнасць Беларускі бацькоўскі камітэт і колькасць навучэнцаў у гімназіях, школах, асобных класаў і ў садках засталася стабільнай.
Найлепш працуюць у гэтым кірунку сябры ТБМ з Гарадзеншчыны, дзе ў 2013 годзе з'явілася 20 новых беларускамоўных класаў у рускамоўных школах. Тут варта адзначыць дзейнасць Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ (кіраўнік Станіслаў Суднік). Вельмі станоўчым прыкладам з'яўляецца газета "Нашай Ніва", якая рэгулярна друкуе інфармацыю пра беларускамоўныя садкі, класы, школы і гімназіі. Мы заклікаем журналістаў салідарызавацца з бацькамі і дзецьмі, якія хочуць атрымаць беларускамоўную адукацыю, і дапамагчы ім у гэтым. Напярэдадні новага навучальнага года падаваць інфармацыю непасрэдна ад устаноў Міністэрства адукацыі, якія садкі і школы праводзяць набор у беларускамоўныя групы і класы.
Шаноўныя сябры!
Як вядома, з 1 красавіка 2013 года кошт арэнды за сядзібу ТБМ павысіўся амаль у два разы і дасягнуў 9 млн. 801 тыс. 600 руб. у месяц. Акрамя таго, мы мусім аплачваць тэлефон, камунальныя і паштовыя паслугі, што складае, асабліва зімой, дадаткова некалькі мільёнаў рублёў. Пасля нашага звароту да грамадскасці адгукнуліся многія людзі як з Беларусі, так і з іншых краін. Дзякуючы іх дапамозе, на нашым рахунку па стане на 8 студзеня 2014 г. знаходзіцца 40 мільёнаў 91 тысяча 703 рублі.
Хочацца цёплым словам адзначыць нашых фундатараў і ахвярадаўцаў. Сярод іх - Андрэй Міцкевіч, Павел Бераговіч з Таліна, сям'я Прыгожыных з Масквы, Фелікс Шкірманкоў са Слаўгарада, Алег Лягушаў са станцыі Ясень Асіповіцкага раёна, Юлія Пухоўская, Павел Чайкоўскі, Ірына Прылішч, Тамара Лазарук, Анатоль Чачотка, Іван Кукавенка, Мікола Бамбіза, Валянціна Вяргей, Таццяна Навасельцава з Менска, Аляксандра Восіпава з Гомеля, Людвіка Таўгень з Валожына, Роза Рымар, Лілея Некраш, Зміцер Мартынчык з Гародні, Васіль Рагаўцоў з Магілёва, Антон Фурс з Паставаў, Сяргей Птушко з в. Хільчыцы Жыткавіцкага раёна, клуб "Спадчына" з в. Дварэц Дзятлаўскага раёна, сябры клуба "Прамова" з Менска, Мар'ян Місевіч з м. Падсвілле Глыбоцкага раёна, сябры ТБМ з Наваполацка, Надзея Барт-Юрэвіч з Германіі і многія іншыя.
Улічваючы сённяшнюю інфляцыю, Рада ТБМ прыняла рашэнне з 1 студзеня 2014 г. павялічыць памер сяброўскіх складак. Трэба адзначыць, што ў 2013 годзе большасць суполак ТБМ своечасова здала складкі, а таксама сабрала немалыя ахвяраванні.
У мінулым годзе мы распачалі праект па распрацоўцы Міжнароднага сертыфіката беларускай мовы на падставе рэкамендацый еўрапейскіх грамадскіх структур. Зроблена многае. Падрыхтаваны тэставыя заданні, апісаны патрабаванні да пацвярджэння кожнага ўзроўню валодання мовай. Работа будзе працягвацца і ў гэтым годзе. Дзякуючы папярэднім праектам і актыўнай дзейнасці моладзі ТБМ у папярэднія гады, напрыканцы 2013 г. выйшаў з друку "Беларуска-шведскі і шведска-беларускі размоўнік". Гэта сталася магчымым найперш праз наша ўзаемадзеянне з амбасадай Швецыі і Шведскім Інстытутам.
Сябры ТБМ годна адзначылі 150-я ўгодкі паўстання Кастуся Каліноўскага. Толькі на старонках "Нашага слова" прайшла 91 публікацыя на гэтую тэму. Сакратарыят ТБМ з дапамогай Ігара Марачкіна выдаў разнастайныя календары з партрэтам лідара паўстання. Актыўна працавалі ў гэтым кірунку Лідская, Магілёўская, Баранавіцкая, Гарадзенская, Менская гарадскія арганізацыі, а таксама актывісты і сябры ТБМ з іншых рэгіёнаў Беларусі і замежжа.
Вось ужо пяты год кіраўнік Гарадзенскай гарадской арганізацыі прафесар Аляксей Пяткевіч з дапамогай Станіслава Судніка выдае беларускамоўны настольны перакідны краязнаўчы каляндар, заснаваны на матэрыяле Гарадзеншчыны.
У сённяшняй рэчаіснасці нам не абысціся без сталай мабільнай прысутнасці нашай арганізацыі ў інтэрнэт-прасторы. У 2012 годзе пачаў працаваць сучасны інтэрнэт-партал ТБМ. Дзякуючы яму, мы можам своечасова размяшчаць інфармацыю пра ТБМ: яе гісторыю, структуры, дзейнасць; рабіць маніторынг стану лінгвістычных правоў грамадзян і аператыўна рэагаваць на выпадкі іх парушэння; выходзіць на іншыя пласты грамадства, наўпрост незаангажаваныя ў дзейнасць нашай арганізацыі. За перыяд існавання партала на яго старонках пабывала звыш 25 тысяч чалавек з розных краін свету. Хачу выказаць асаблівую падзяку за стварэнне і працу партала наступным сябрам ТБМ: аўтару ідэі гэтага праекта, перакладчыку тэкстаў на англійскую мову намесніку старшыні Дзянісу Тушынскаму, адміністратарам партала Жэні Парашчанка і Юлі Бажок, рэдактару, першаму намесніку старшыні Алене Анісім.
На нашым партале прадугледжаны старонкі для найбольш актыўных рэгіянальных структур ТБМ. Многія рэгіянальныя арганізацыі ўжо скарысталіся гэтай магчымасцю. Мы запрашаем усіх астатніх далучацца да гэтай працы, каб нашыя рэгіёны былі належным чынам прадстаўлены на агульным партале арганізацыі.
Шаноўныя сябры!
У мінулым годзе нам шмат што ўдалося зрабіць, дзякуючы нястомнай працы нашых актыўных сяброў. Мы ўмацавалі свой аўтарытэт у грамадстве як найбуйнейшай грамадскай арганізацыі. Пра гэта сведчаць падзеі 2013 года, калі мы разам з грамадзянамі адстаялі ў чарговы раз беларускую лацінку ў метро, беларускамоўнае афармленне Берасцейскага чыгуначнага вакзала і іншыя праявы прысутнасці беларускай мовы ў візульнай прасторы нашай краіны. Мінулы год засведчыў, што цікавасць да роднай мовы і культуры ў нашым грамадстве ўзрастае. Дастаткова прыгадаць грамадскі праект "Мова ці кава?", які прыцягнуў сотні жыхароў Менска і іншых гарадоў. Хочацца выказаць вялікую падзяку вядоўцам, актывістам ТБМ Алесі Літвіноўскай і Глебу Лабадзенку.
У мінулым годзе мы пачалі перарэгістрацыю наяўных сяброў ТБМ. На сённяшні дзень анкеты запоўнілі каля тысячы чалавек. Гэтую справу асабліва ў рэгіянальных структурах нам неабходна працягваць і надалей.
У 2014 годзе ТБМ адзначае свой 25-гадовы юбілей. У сувязі з гэтым мы з вамі можам выдаць летапіс арганізацыі за апошнія 5 гадоў. Рэдактар выдання ўжо прызначаны. Таму просім кіраўнікоў рэгіянальных структур падаць інфармацыю ў сакратарыят ТБМ да 1 сакавіка гэтага года пра дзейнасць сваіх арганізацый з верасня 2009 г. па студзень 2014 г.
Дзякуй за ўвагу.
Старшыня ТБМ А. Трусаў.
Памерла Валянціна Выхота
На 92-ым годзе жыцця памерла сябар ТБМ,вядомая даследчыца - германістка, аўтарка шматлікіх слоўнікаў і дапаможнікаў па вывучэнні нямецкай мовы Валянціна Адамаўна Выхота.
Прачытаўшы кнігу Пятра Васючэнкі "Піраміда Лінея", яна вырашыла паспрабаваць сябе і ў вершаскладанні.
З красавіка 2009 года да красавіка 2010 года ў Валянціны Адамаўны Выхоты выйшла аж пяць паэтычных кніжак: "Знічкі з неба", "Знічка за знічкай", "Зоркапад", "Прылятаюць з неба знічкі", "Сонейка нас пеставала".
В. А. Выхота нарадзілася 5 жніўня 1922 г. і вучылася ў рускіх сярэдніх школах № 5 і № 27 г. Менска. У час Вялікай Айчыннай вайны, ведаючы добра нямецкую мову за курс сярэдняй школы, працавала на гарбарным заводзе (былы завод "Бальшавік") канторшчыцай!
За выратаванне яўрэйскай дзяўчынкі Фані Разоўскай яе бацькам Адаму і Лідзіі і ёй прысуджаны тытул "Праведнікаў народаў свету".
З лістапада 1945 года сп. Валянціна працавала настаўніцай нямецкай мовы ў 13, 3, 32, 24 сярэдніх школах горада Менска. У 1954 годзе яна скончыла факультэт нямецкай мовы Менскага дзяржаўнага інстытута замежных моў. У 1960-1979 гадах Валянціна Выхота - старшы навуковы супрацоўнік навукова даследчага інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР.
У 1986 годзе ў Маскве паспяхова абараніла дысертацыю на здабыццё навуковай ступені кандыдата педагагічных навук - у той час ёй было 64 гады. Базай для яе даследвання былі сельскія беларускія школы.
На працягу 21 года яна ездзіла электрычкай з Менска ў вясковыя школы Пухавіцкага раёна: у 1980-84 гадах працавала ў Дрычынскай СШ, у 1984-2001 гадах - у Караваеўскай базавай школе. Там былі спрыяльныя ўмовы для зносін з людзьмі на чыстай беларускай мове!.
В. Выхота аўтар звыш 80 навуковых прац і метадычных дапаможнікаў па праблеме навучання нямецкай мове ў школах Беларусі і ўкладальніца слоўнікаў "Нямецка-беларускія моўныя паралелі", нямецка-беларускага слоўніка "Фальшывыя сябры перакладчыка". Яна аўтар фундаментальнага даследвання беларускіх і нямецкіх сувязей, якія маюць агульную крыніцу паходжання ў паэме Я. Коласа "Новая зямля" і ў творах нямецкай літаратуры.
Аляксей Шалахоўскі.
ПРОЗВІШЧЫ БЕЛАРУСІ: ПІСЬМЕННІКАВЫЯ НАЙМЕННІ
(Працяг. Пачатак у папярэднім. нумары.)
Вышынскі (Міхась В.) - утварэнне ад тапоніма Вышыня з выкарыстаннем суфікса -ск-і (Вышын-скі) . ФП: высокі - высь - Вышыня - Вышынскі.
Вясёлы (Касьян В.) - семантычны дэрыват ад апелятыва вясёлы 'поўны радасці, весялосці, які выражае радасць, весялосць', 'прыемны на вока, не змрочны'. ФП: веся-ліцца (весяліць) - вясёлы - Вясёлы .
Гайдук (Мікола Г.) - утварэнне з суфіксам -ук ад антрапоніма Гайда (Гайд-ук) з семантыкай 'нашчадак' (Гайды) або ад пазычання гайдук 'пехацінец' (венгерскае, гл. БелСЭ, т. 3, с. 295).
Галіна (Антось Г. ) - семантычны дэрыват ад апелятыва галіна , які мае два значэнні: 1) тонкі адростак на ствале дрэва; 2) лінія роднасці ў радаслоўнай'. Абодва значэнні перадавалі адпаведны сэнсу гэтага пісьменніка, адарванага ад роднай зямлі, вымушанага знаходзіцца па-за межамі роднай Беларусі, малой радзімы, яго Мікалаеўшчыны, дзе жылі браты Іосіп (Юзік) і Кастусь (Якуб Колас).
Галіноўская (Ніна Г.) - мажлівае адтапанімічнае ўтварэнне ад назвы мясцовасці Галіны з выкарыстаннем фарманта -оўск-ая ( Галін-оўская ; як Карані - Каранеўская, Груды - Грудоўская ). ФП: галіна - Галіны - Галіноўская . Або як прэстыжнае ўтварэнне: Галіна - Галіноўская .
Галубовіч (Леанід Г.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Галуб (Голуб) з акцэнтаваннем фарманта -овіч (Галуб-овіч) . ФП: голуб - Голуб - Галубавіч - Галубовіч.
Гальпяровіч (Навум Г.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Гальпер з акцэнтаваннем фарманта -овіч з семантыкай 'нашчадак асобы з найменнем Гальпер '. ФП: Галь-пер - Гальперавіч - Гальпяровіч .
Ганчароў (Мікола Г.) - утварэнне з суфіксам прыналежнасці -оў ад антрапоніма Ганчар (Ганчар-оў) з семантыкай 'нашчадак (сын) асобы з найменнем Ганчар '. ФП: ган-чар ('майстар у вырабе глінянага посуду') - Ганчар (мянушка) - Ганчар (прозвішча) - Ганчароў .
Ганчарык (Міхаіл Г.) - утварэнне з суфіксам -ык ад антрапоніма Ганчар (Ганчарык) з семантыкай 'нашчадак' альбо 'памочнік ганчара'. ФА: ганчар ('майстар вырабляць гліняны посуд') - ганчарык - Ганчарык . Або: Ганчарык - ад ганчарык 'памочнік ганчара'.
Гапава (Валяніцна Г.) - утварэнне з прыналежным суфіксам -ав-а ад антрапоніма Гап (Гап-ава) з семантыкай 'нашчадак (дачка) Гапа'. ФП: Гапа (жан. разм. ад Агапія) - Гап ('муж Гапы') - Гапава . Або: Гапей (разм. Гап ) - Гапава .
Гардзей (Віктар Г.) - семантычны дэрыват ад уласнага асабовага імя Гардзей , кананічнага Гордий . Вельмі рэдкае імя набыло функцыю прозвішча.
Гардзіцкі (Аляксей Г.) - мажлівае ўтварэнне ад апелятыва горды 'надзелены пачуццём уласнай годнасці, павагі да сябе', 'поўны пачуцця задавальнення сабой', а таксама 'ганарысты, фанабэрысты' з выкарыстаннем суфікса прэстыжнасці -іцкі : Гардз-іцкі . Або адтапанімічнае ўтварэнне: Гордзічы - Гардзіцкі .
Гародня (Алесь Г.) - магчымы дэрыват ад тапоніма Гародня (старажытнае наймення г. Гродна) або Гародня (найменне трох азёраў на Віцебшчыне). Адтапанімічнае паходжанне прозвішча пісьменніка пацвярджаецца яго псеўданімам Гарадзенскі .
Гарох (Янка Г.) - семантычны дэрыват ад апелятыва гарох 'расліна сямейства бабовых з насеннем у стручках, а таксама само яго круглае насенне; зерне'. ФП: гарох (рас-ліна) - Гарох (мянушка) - Га-рох .
Гарун (Алесь Г.) - семантычны дэрыват ад апелятыва гарун 'бядак' (слова гарун 'бядак' падаецца "Вялікім слоўнікам беларускай мовы' Ф.А. Піскунова (2012, с. 220)); утварэнне ад гараваць з высока-прадукцыйным суфіксам -ун : гар(аваць)-ун . Як і піскун, свістун, маўчун і пад. ФП: гора - гараваць - гарун - Гарун .
Гарэлік (Любоў Г.) - семантычны дэрыват ад апеля-тыва гарэлік 'падгарэлая бульба' (зафіксавана 'Вялікім слоўнікам беларускай мовы' Ф.А. Піскунова (2012, с. 221): гарэлік - утварэнне з суфіксам -ік ад гарэлы (гарэлік) . І мясцовасць пісьменніцы мае назву (неафіцыйную) Гарэлікі , якая матывуецца дзеясловам гарэць і прыметнікам гарэлыя 'пагарэльцы'. ФП: гарэць - гарэлы - гарэлік - Гарэлік .
Гарэлікава (Таццяна Г.) - прыметнікавая форма з прыналежным суфіксам -ав-а і семантыкай 'нашчадак (дачка) Гарэліка'.
Гіль (Мікола Г.) - семантычны дэрыват ад гіль 'невялікая пеўчая птушка з атрада вераб'іных з чырвонай афарбоўкай пер'я на грудзях (у самцоў); снягір'. Гіль - этымон сапраўднага прозвішча пісьменніка Міколы Гілевіча і яго брата Ніла Гілевіча . ФП: гіль (птушка) - Гіль (мянушка) - Гіль .
Глобус (Адам Г.) - семантычны дэрыват ад апелятыва глобус 'мадэль зямнога шара або нябеснай сістэмы, умацаваная на вертыкальнай падстаўцы". Пісьменнік, мастак, сын знанага беларускага пісьменніка Вячаслава Адамчыка, змяніў і сваё імя Уладзімір на Адам - этымон прозвішча свайго роду.
Глушакоў (Уладзімір Г.) - дэрыват з суфіксам прыналежнасць -оў ад антрапоніма Глушак (Глушак-оў) з семантыкай 'нашчадак': глухі - глушак - Глушак - Глушакоў .
Гніламёдаў (Уладзімір Г.) - дэрыват з суфіксам прыналежнасцім -аў ад антрапоніма Гніламёд (Гніламёд-аў) з семантыкай 'нашчадак Гніламёда'. ФП: гнілы мёд - гніламёд - Гніламёд (мянушка, потым прозвішча) - Гніламёдаў .
Граніт (Пятрусь Г.) - семантычны дэрыват ад апелятыва граніт 'цвёрдая зярністая чорная парода з кварцу, палявога шпату і слюды'. ФП: граніт - Граніт .
Гроднеў (Мікола Г.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -еў ад антрапоніма (прозвішча) Гродна (Гродн-еў) з семантыкай 'на-шчадак Гродні' ФП: Гродня (тапонім, гідронім) - Гродня (антрапонім, прозвішча) - Гро-днеў .
Грыневіч (Клім Г.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Грынь з ацэнтаваннем фарманта - е віч (Грыне-віч) з семантыкай 'нашчадак (сын) Грыня'. ФА: Грыгорый (кананічнае праваслаўнае імя Григорий ) - Грынь - Грыневіч . Адымёнавае прозвішча, утварэнне ад гутарковай яго формы ( Грынь ).
Грынчык (Мікола Г.) - утварэнне з суфіксам -чык ад антрапоніма Грынь з семантыкай 'нашчадак (сын) Грыня'. ФП: Грыгор - Грынь - Грын-чык .
Грышановіч (Валерый Г.) - форма бацькаймення ад антрапоніма (прозвішча) Грышан з акцэнтаваннем суфікса - овіч (Грышановіч) з семантыкай 'нашчадак (сын) Грышана'. ФП: Грыгорый - Грыша - Грышан - Грыш а навіч - Гры-шановіч .
Грышкевіч (Франці-шак Г.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Грышка з акцэнтаваннем суфікса -евіч (Грышк-евіч) . ФП: Грыгорый - Грыша - Грышка - Гр ы шкавіч - Грышк е віч.
Гурыновіч (Адам Г.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Гурын з акцэнтаваннем суфікса -овіч (Гурын-овіч) з семантыкай 'нашчадак (сын) Гурына'. ФА: Гурий - Гур - Гурын - Гур ы навіч - Гурыновіч. Адымёнавае прозвішча, узнікла ад гутарковай формы Гур кананічнага імя Гурый (< Гурий ).
Гурэвіч (Эсфір Г.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Гур з акцэнтаваннем суфікса -эвіч (Гур-эвіч) . ФП: Гур (< Гурый ) - Г у рэвіч - Гур э віч.
Дабравольскі (Уладзімір Д.) - мажлівы дэрыват ад тапоніма Дабраволя з выкарыстаннем суфікса -ск-і : Дабра-воль-ск і. ФП: добрая воля - Дабраволя - Дабравольскі.
Дайлідовіч (Генрых Д.) - форма бацкаймення ад антрапоніма (прозвішча) Дайліда з акцэнтаваннем фарманта -овіч (Дайлід-овіч) з семантыкай 'нашчадак (сын) Дайліды'. ФП: дайліда ('цясляр, дойлід') - Дайліда - Дайлідавіч - Дайлідовіч .
Дамашэвіч (Уладзімір Д.) - форма бацькаймення ад антропоніма (прозвішча) Дамаш з акцэнтаваннем суфікса - эвіч (Дамаш-эвіч) і семантыкай 'нашчадак Дам а ша'. ФА: Доментиан або Дамиан - Д о маш, Дам а ш - Дам а шавіч - Дамашэвіч .
Дарашкевіч (Віктар Д., Янук Д.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Дарошка (Дорашка) з акцэнтаваннем су-фікса -евіч (Дарашк-евіч) з семантыкай 'нашчадак Даро-шкі'. ФП: Дарафей - Дорах - Дарошка - Дарошкавіч - Дара-шкевіч .
Даўгапольскі (Цодзік Д.) - адтапанімічны дэрыват з суфіксам -ск-і ад Даўгаполле . ФП: доўгае поле - Даўгаполле - Даўгапольскі .
Дашкевіч (Вячаслаў Д.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Дашко з акцэнтаваннем фарманта -евіч (Дашк-евіч) з семантыкай 'нашчадак Дашка'. ФП: Даніла - Дашко - Д а шка - Дашкевіч.
Дварчанін (Ігнат Д.) - адтапанімічны дэрыват з суфіксам -анін , утварэнне ад Дварэц (паселішча ў Дзятлаўскім р-не). ФП: двор - Дварэц - дварчанін - Дварчанін .
Дзенісенка (Іван Д.) - утварэнне з суфіксам -енка ад антрапоніма Дзяніс з семантыкай 'нашчадак Дзяніса' і акцэнтавннем фарманта -енка (Дзянісенка) . ФП: Дзяніс (< Дионисий ) - Дзян і сенка - Дзеніс е нка.
Дзмітрыеў (Генадзь Д.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -еў ад антрапоніма Дзмітрый (Дзмітр ы эў - Дзмітрыеў) з семантыкай 'нашчадак'. ФП: Дзмітрый - Дзмітрыеў .
Дзюба (Уладзімір Д.) - семантычны дэрыват ад апелятыва дзюба 'у птушак: рагавое ўтварэнне з дзвюх падоўжаных сківіц'. ФП: дзюба (у птушак) - дзюба ('доўгі нос') - Дзюба (мянушка) - Дзюба .
Дзятлаў (Алесь Д.) - прыметнікавая форма з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Дзяцел (Дзятл-аў) з семантыкай 'нашчадак'. ФП: дз я цел (птушка) - Дзяцел (мянушка) - Дзяцел (прозвішча) - Дзятлаў .
Драздовіч (Язэп Д.) - форма бацькаймення з акцэнтаваннем суфікса -овіч ад антрапоніма Дрозд (Драздовіч) з семантыкай 'нашчадак Дразда'. ФП: дрозд (птушка) - Дрозд (мянушка) - Дрозд (прозвішча) - Др о здавіч - Дразд о віч.
Дубінка (Вячаслаў Д.) - семантычны дэрыват ад апелятыва дубінка 'тоўстая палка (кій) з дубу'. Празванне магло ўзнікнуць ад частага выкарыстання ў маўленні асобы слова дубінка . ФП: дуб - дубіна - ду-бінка - Дубінка .
Дубовік (Мікола Д.) - утварэнне з суфіксам -ік ад антрапоніма Дубовы (Дубов-ік) або ад тапоніма Дубы ('дубняк') з суфіксам -овік (Дубовік) . ФП: дуб (дрэва) - Дубы (мясціна) - Дубовы - Дубовік .
Емяльянаў (Аляксандр Е.) - утварэнне з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Емяльян (Емяльян-аў) з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Емяльян - Емяль-янаў .
Ермаловіч (Мікалай Е., Якуб Е.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Ярмола з ацэнтаваннем фарманта -овіч (Ермал-овіч) з семантыкай 'нашчадак Ярмолы'. ФП: Ермалай - Ярмол(а) - Ярм о лавіч - Ермал о віч.
Жамойцін (Алесь Ж.) - утварэнне з суфіксам прыналежнасці -ін ад антрапоніма Жамойта з семантыкай 'нашчадак Жамойты': Жамойт-ін - Жамойцін . ФП: Жамойта - Жамойцін .
Жарнасек (Ірына Ж.) - семантычны дэрыват ад апелятыва жарнасек 'чалавек, які насякае жорны'. Найменне асобы паводле прафесійнай дзейнасці замацавалася (праз стадыю празвання) ў ролі прозвішча.
Жук (Алесь Ж., Кастусь Ж.) - семантычны дэрыват ад апелятыва жук , які мае два значэнні: 1) насякомае з жорсткім надкрыллем; 2) перан. хітры, пранырлівы чалавек. Апелятыў праз ступень мянушкі набыў функцыю прозвішча. Досыць пашыранае сярод беларусаў антрапанімічнае найменне. ФП: жук (насякомае) - жук ('хітрэц') - Жук .
Жуковіч (Васіль Ж.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Жук з акцэнтаваннем фарманта -овіч ( Жук-овіч з семантыкай 'нашчадак Жука'. ФП: жук (насякомае) - Жук (празванне) - Жук (прозвішча) - Жуковіч .
Жукоўскі (Алёкса Ж.) - ашляхетненая форма ант-рапоніма (з суфіксам -оўскі ) ад Жук . ФП: жук - Жук - Жу-коўскі . Як і Камар - Кама-роўскі, Ліс - Лісоўскі .
Жураўлёў (Алесь Ж.) - прыметнікавая форма з прыналежным суфіксам -ёў ад антрапоніма Журавель (Жураўл-ёў) . ФП: журавель - Журавель - Жураўлёў .
Жыбуль (Вячаслаў Ж.) - семантычны дэрыват ад апелятыва жыбуль (жыбулька) 'зябер - аднагадовая травяністая расліна сямейства губкаватых з жоўтымі ці пурпурова-чырвонымі кветкамі', зафіксаванага "Вялікім слоўнікам беларускай мовы" Ф.А. Піскунова.
Жыгуноў (Алесь Ж.) - утварэнне з суфіксам прыналежнасці -оў ад антрапоніма Жыгун (Жыгун-оў) з семантыкай 'нашчадак Жыгуна'. Утваральнае слова Жыгун - семантычны дэрыват ад апелятыва жыгун 'скрыты, няўрымслівы чалавек' (падаецца "Вялікім слоўнікам беларускай мовы" Ф.А. Піскунова (2012 г., с. 307)). ФП: жыгаць - жыг у н - Жыг у н - Жыгуноў.
Жыжэнка (Уладзімір Ж.) - дэрыват з суфіксам -энк- а ад антрапоніма Жыжа (Жыж-энка) ці Жыж з семантыкай 'нашчадак асобы з прозвішчам Жыж (Жыжа)'. Утваральнае слова Жыжа - семантычны дэрыват ад апелятыва жыжа 'агонь'. Або ад міфалагічнага Жыж 'бог агню, апякун рамёстваў у язычніцкай міфалогіі беларусаў'. Словы Жыж і Жыжаль з згаданым значэннем падае "Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф.А. Піскунова (2012 г., с. 307). У БелСЭ (т. 4, 1971 г., с. 436) зафіксавана толькі другое слова - Жыжаль .
Жыткевіч (Зміцер Ж.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Жытка (Жытко) з акцэнтаваннем фарманта -евіч з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: жыць - ж ы тка ('жыццё') - Жытка (мянушка) - Жытка і Жытко (прозвішча) - Жыткевіч . Мажліва і іншая версія формулы прозвішча: Жыд ('яўрэй') - Жыд - Жыдок - Жыдко (> Жытко - вынік аглушэння д/т ) - Жыдкевіч - Жыткевіч .
Загорская (Ніна З.) - адтапанімічны дэрыват з суфіксам -ск- ад наймення вёскі Загор'е , дзе нарадзілася пісьменніца: Загор(-э)-ская , што пацвярджаецца адэкватнай мадэллю яе псеўданіма Зарэчная (< Зарэчча, За ракою ). ФП: гара - Загор'е - Загорская .
Зайцаў (Сяргей З.) - прыметнікавая форма з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Заяц (родны склон Зайца ) з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: заяц ('1 - невялікі звярок атрада грызуноў, з доўгімі заднімі нагамі, доўгімі вушамі і кароткім хвастом; 2) размоўнае. Пра безбілетнага пасажыра') - Заяц (мянушка) - Заяц (прозвішча) - Зайцаў . Утварэнні з фіналямі -аў, -оў тыповыя для расейцаў (пісьменнік - нараджэнец г. Свярдлоўска).
Законнікаў (Сяргей З.) - утварэнне з суфіксам прыналежнасці -аў ад антрапоніма Законнік (Законнік-аў) з се-мантыкай 'нашчадак названай асобы'. Утваральнае слова Законнік - семантычны дэрыват ад апелятыва законнік, які мае розныя значэнні: 1) манах ("Беларуска-расійскі слоўнік" (1926, с. 110) М. Байкова і С. Некрашэвіча); 2) знаўца законаў, заканазнавец; 3) той, хто строга прытрымліваецца закону. ФП: закон - законны - законнік - Законнік - Законнікаў.
Зязюля (Андрэй З.) - семантычны дэрыват ад апелятыва зязюля 'лясная пералётная птушка, якая звычайна не ўе гнязда і кладзе яйкі ў чужыя гнезды'. ФП: зязюля (птушка) - Зязюля (мянушка чалавека-бяздомніка) - Зязюля (прозвішча).
Іпатава (Вольга І.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ав-а ад антрапоніма Іпат з семантыкай 'нашчадак' (дачка Іпата). Адымёнавае прозвішча. ФП: Іпа-тий - Іпат - Іпатава .
(Працяг у наступным нумары.)
Павел Сцяцко
З юбілеем Вас, Уладзімір Іванавіч!
У кожнага чалавека свой унутраны духоўны настрой, сваё ўспрыйманне навакольнага свету. А творчыя людзі - мастакі, паэты, пісьменнікі, спевакі, музыканты, людзі навукі - яшчэ надзелены Богам асаблівым дарам - талентам. Мастакі адлюстроўваюць жыццё, выкарыстоўваючы разнастайнасць колераў і форм, пісьменнікі і паэты - слугі слова і прыгожага пісьменства, спевакі зачароўваюць гучаннем свайго голасу, музыканты - мелодыямі, якія яны ствараюць пры дапамозе ўсяго сямі нот, а навукоўцы адкрываюць невядомае і ствараюць новае .
З гэтай кагорты таленавітых людзей будзе і мастак Уладзімір Іванавіч Мелехаў, які 19 студзеня сустракаў свой 60-гадовы юбілей. Ён добра вядомы сваімі творамі, якія адлюстроўваюць гісторыю і сучаснасць Беларусі.
Скончыўшы ў 1981 г. Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, ён адразу ж стаў удзельнікам мастацкіх выставак. З 1988 г. з'яўляецца сябрам Беларускага саюза мастакоў. Плённа працуе ў галіне прыкладнога мастацтва, станковай скульптуры. У розныя гады ім створаны плакеткі "Прагулка", "Начная птушка", "Летні дождж", "На палях", "Лясная дарога", "Адзінокі", "Палявыя кветкі", "Воблакі і дрэвы"; медалі "Аляксандр Уласаў", "Язэп Драздовіч", "Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршаы Экзарх Беларусі Філарэт", "Браты Луцкевічы", "Васіль Быкаў", "Іван Луцкевіч", "Ігнат Дамейка. 1802 - 1889", "Міхась Забэйда-Суміцкі"; пласты і рэльефы "Альгерд Абуховіч-Бандынэлі", "Мікола Ермаловіч", "Барыс Кіт"; скульптурныя кампазіцыі "Астраном", "Набярэжная", "Плошча Перамогі", "Дзяўчынка з птушкаю" і інш. Творы Уладзіміра Мелехава экспануюцца ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Менску, фондах Беларускага саюза мастакоў, у Старадарожскім мастацкім музеі А. Белага, Траццякоўскай галерэі ў Маскве і фондах Міністэрства культуры Расіі.
Але ёсць своеасаблівы талент: талент быць чалавекам. Складальнікаў гэтага таленту вельмі многа, але звернем увагу на суперажыванне і гатоўнасць прыйсці на дапамогу, якія напоўніцу ўласцівы Уладзіміру Іванавічу.
Ала Мікалаеўна Белая, удава Анатоля Белага, пры вырабе надмагільнага помніка мужу сутыкнулася з праблемамі мастацкага характару. Звароты да знаёмых мастакоў не далі плёну: усе былі "занятыя" на столькі, што не маглі нават даць вычарпальную параду. Ведаючы стан здароўя Уладзіміра Іванавіча, Ала Мікалаеўна спачатку не адважвалася звяртацца да яго, але абставіны прымусілі зрабіць гэта. Уладзімір Іванавіч не абмежаваўся парадамі, а адразу ж прыняў самы актыўны ўдзел ва ўшанаванні памяці свайго сябра Анатоля Белага.
Адзін эпізод, але ён раскрывае сутнасць характару. Можна без вагання сказаць, што ў Уладзіміра Іванавіча ёсць талент быць не толькі мастаком, але і ЧАЛАВЕКАМ.
Паважаны Уладзімір Іванавіч, здароўя Вам на доўгія гады і плёну ў стваральнай працы.
Надзея Сармант, Менск.
Прыгажуня з Зэльвы
Сакалоўская Надзея Леанідаўна нарадзілася 29 кастрычніка 1987 года. Зкончыла школу № 3 г.п. Зэльва ў 2004 годзе. Захапляецца з дзяцінства вышыўкай, ручной працай, даглядам кветак, усходнімі танцамі. У 2013 годзе ўдзельнічала ў "Славянскім базары" (Віцебск).
У 2009 - 2013 гг. вучылася ў вучылішчы (швачка). Вышывае крыжыкам, робіць пруткамі, вядзе навагоднія ранішнікі ў ролі Снягуркі. Пра жыццё і дзейнасць Надзеі пісала раённая газета "Праца".
Аляксей Шалахоўскі.
Беларуская літаратура ў Польшчы
Зацікавіўшыся ў другой палове 70-х гадоў мінулага стагоддзя творчасцю беларускіх пісьменнікаў Польшчы, англійская даследчыца Шырын Акінэр акрэсліла іх мастацкі набытак як літаратуру рэдкай разнастайнасці ды шчырага натхнення. Маючы на мэце аналіз найперш эстэтычнай матэрыі, яна звярнула ўвагу і на сацыялагічнае значэнне існавання "Белавежы". Сапраўды, дзейнасць гэтай арганізацыі выразна пацвярджае адну з менавіта беларускіх гістарычных заканамернасцей, ці не самую вызначальную, лёсаносную - і загадкава невытлумачальную. У прыватнасці, Ш. Акінэр канстатавала: "Факт, што гэты народ так доўга захоўвае пачуццё сваёй нацыянальнай асаблівасці, мяжуе з цудам".
Беларускае літаратурнае аб'яднанне "Белавежа", адзіная творчая суполка такога кшталту па-за межамі Беларусі і адзіная пісьменніцкая арганізацыя, створаная асяроддзем нацыянальных меншасцей у Польшчы, адзначыла ў чэрвені 2013 года свой 55-гадовы юбілей. На працягу гэтага часу ў "белавежскіх" шэрагах прапісалася звыш ста сарака аўтараў. Чарговы, апошні па часе альманах "Белавежы" распачынаецца творамі яго заснавальнікаў, а заканчваецца вершамі зусім маладых сяброў арганізацыі, пра якіх можна сказаць, што яны з пакалення іхніх малодшых унукаў. У творчым наробку "белавежцаў" - звыш 230 кніг, змест якіх складаюць творы розных жанраў. Пры тым 88 з іх пабачылі свет у серыі "Бібліятэка беларускага літаратурнага аб'яднання <Белавежа>", заснаванай у 1990 годзе. З 1998 года пад рэдакцыяй Яна Чыквіна выдаецца літаратурна-мастацкі і беларусазнаўчы часопіс "Тэрмапілы".
Відавочна, мае рацыю Галіна Тычка, называючы заснаванне 8 чэрвеня 1958 года ў Беластоку літаратурнага аб'яднання пры рэдакцыі штотыднёвіка беларусаў Польшчы "Ніва" гістарычнай падзеяй агульнанацыянальнай значнасці. У 1962 годзе аб'яднанне атрымала вельмі адпаведную, трапную назву "Белавежа", пад якой і ўвайшло ўжо ў гісторыю беларускай літаратуры. І па-свойму сімвалічна, што Георгій Валкавыцкі, заснаваальнік і звыш 30-гадовы рэдактар "Нівы", а таксама хросны бацька пасляваеннага беларускага літаратурнага руху ў Польшчы, паходзіць якраз з Белавежы, асаджанай пасярод слыннай пушчы на польска-беларускай мяжы. Г. Валкавыцкі - выпускнік Літаратур-нага інстытута ў Маскве, добра падрыхтаваны прафесійна, шчыра зацікаўлены ў выяўленні талентаў, узрошчванні іх, аказаўся тым своеасаблівым магнітам, які сабраў у адзін творчы калектыў самыя розныя індывідуальнасці. У сваіх аўтабіяграфічных нататках рэдактара "Віры" ён узгадвае: "Я стаў старшынёй. Асноўным сваім заданнем лічыў стварэнне творчай атмасферы, у якой выспяваў бы талент. Ведаў, калі ён сапраўдны, заўсёды праб'е сабе дарогу, а калі яму падсобіць - праб'ецца хутчэй".
Дэбютная творчая справаздача сяброў аб'яднання адбылася ўжо ў 1959 годзе, калі пад рэдакцыяй Г. Валкавыцкага пабачыў свет калектыўны паэтычны зборнік "Рунь", які, што падкрэсліў у слове да чытача укладальнік і рэдактар, прадстаўляў на той час "усе наяўныя ў ПНР беларускія паэтычныя сілы" . Апрача таго была гэта ўвогуле першая паэтычная кніга на пасляваеннай Беласточчыне. Усе аўтары "Руні" - настаўнікі, вучні, студэнты, сяляне... - незадоўга дэбютавалі на старонках "Нівы". Многія з іх - Алесь Барскі, Яша Бурш, Мікола Гайдук, Уладзімір Гайдук, Янка Дубіцкі (Ян Чыквін), Дзмітры Шатыловіч, Віктар Швед - раней ці пазней возьмуць у рукі свае кнігі.
У 1965 годзе пабачыў свет літаратурны альманах "Белавежа" №1, у якім прадстаўляліся вершы, апавяданні і сцэнічныя творы 22 паэтаў і празаікаў, а таксама 5 мастакоў - членаў літаратурна-мастацкага аб'яднання "Белавежа". Асобна даваўся аўтабіяграфічны нарыс аб жыцці і творчай дзейнасці Міхася Забэйды-Суміцкага. У адрозненне ад "Руні" ў альманаху дамінавала проза. З апавяданнямі выступілі Васіль Баршчэўскі, Антось з Лепля, Мікола Гайдук, Юрка Геніюш, Уладзіслаў Дваракоўскі, Уладзімір Паўлючук, Сымон Раманчук, Вінцук Склубоўскі, Янка Целушэцкі, Сакрат Яновіч і інш.
Асобныя творы, а таксама кнігі некаторых "белавежцаў" спарадычна выдаваліся і ў Беларусі. Аднак магчымасць скласці цэласнае ўяўленне пра творчасць суайчыннікаў з Беласточчыны беларускі чытач метраполіі атрымаў толькі на самым пачатку новага міленіуму. У своеасаблівай анталогіі "Белавежы", выдадзенай "Беларускім кнігазборам", былі прадстаўлены творы 18 паэтаў і празаікаў, якія на час выхаду анталогіі мелі ў сваім актыве аўтарскія кнігі: Янка Жамойцін, Георгій Валкавыцкі, Віктар Швед, Дзмітры Шатыловіч, Васіль Петручук, Алена Анішэўская, Яша Бурш, Алесь Барскі, Мікола Гадук, Юрка Геніюш, Сакрат Яновіч Ян Чыквін, Уладзімір Гайдук, Надзея Артымовіч, Зося Сачко, Міхась Шаховіч, Юрый Баена, Міра Лукша. Шкада, што "спазніўся" са сваёй прозай і паэзіяй адзін з найталенавітых "белавежцаў" Міхась Андрасюк. На працягу ж ужо новага тысячагоддзя пабачылі свет першыя кнігі Жэні Мартынюк, Віктара Стахвюка, Валодзі Саўчука, Юркі Буйнюка, Юстыны Каролькі, Лідзіі Маліноўскай, Кацярыны Сянкевіч.
На арганізацыйным з'ездзе "Белавежы" было сцверджана, што літаратурнае аб'яднанне будзе працаваць семінарыйным метадам з творчым варштатам - Літаратурнай старонкай, якая мела выходзіць штомесяц у "Ніве". На працягу 40 гадоў пабачыла свет 460 яе нумароў, у якіх было змешчана каля 3,5 тысяч твораў малога жанру: найперш друкаваліся вершы, але таксама мініяцюры, апавяданні, эсэ, рэцэнзіі, крытычныя і публіцыстычныя артыкулы. Цікава, што ў першае дзесяцігоддзе існавання літаратурнага аб'яднання (1958 - 1967) на Літаратурнай старонцы і ў Беларускіх календарах Беларускага культурна-грамадскага таварыства было надрукавана 590 твораў, у другое (1968 - 1977) - 1112 і амаль гэтулькі ж у трэцяе (1978 - 1987) - 1031 твор. У сваю чаргу, чацвёртае дзесяцігоддзе (1988 - 1997) сведчыць пра колькаснае зніжэнне публікацый амаль да ўзроўню першай дэкады - 775 адзінак. Апошнія паказчыкі аднак цалкам перакрываюцца выхадам аўтарскіх кніг. І калі ў першае дзесяцігоддзе "белавежцы" запісалі ў свой актыў толькі 5 асабістых кніг і 3 альманахі, у другое - 9 кніг і 2 альманахі, у трэцяе - 26 кніг і 1 альманах, дык у 90-х гадах пабачыла свет 3 альманахі і звыш 80 аўтарскіх кніг. Не выпадкова ў сакавіцкім выпуску Літаратурнай старонкі ў інтэрвію яе тадышняга рэдактара С. Яновіча са старшынём аб'яднання Я. Чыквіным сярод іншых паўстала пытанне аб "белавежскім" літаратурным часопісе.
Узнікненне кожнага перыядычнагы выдання ў залежнасці ад яго спецыфікі звычайна абумоўлена пэўнымі сацыяльна-грамадскімі, творчымі фактарамі. Ва ўступным слове рэдактара "Тэрмапілаў" Я. Чыквіна была лапідарна акрэслена канцэпцыя часопіса. Уласна было выказана разуменне самадастатковасці, значнасці творчага патэнцыялу сяброў "Белавежы" і, што вельмі істотна - ідэйна-грамадскай спеласці, заангажаванасці арганізацыі ў беларускі літаратурны працэс: "Хочацца спадзявацца, што ад самага пачатку часопісу будзе ўласціва формула адкрытасці ў тым сэнсе, што ён стане месцам сустрэчы для ўсіх, хто хоча творча займацца беларускім прыгожым пісьменствам, беларускаю культураю і іх даследаваннем, як у нас, так і па-за межамі Польшчы" . Вядома, з "Тэрмапіламі" беларускі літаратурны рух у Польшчы набываў і новыя магчымасці, звязаныя, напрыклад, з публікацыяй аб'ёмных твораў, якім было зацесна на газетнай старонцы.
Значную частку першага нумара "Тэрмапілаў" склалі матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (20 - 21 чэрвеня 1998, Беласток), прысвечанай 40-годдзю "Белавежы". Надрукаваныя даклады засведчылі, што асэнсаванне творчасці "белавежцаў" сапраўды набывае грунтоўны, кампетэнтны характар. У поле зроку польскіх даследчыкаў Базыля Белаказовіча, Тэрэсы Занеўскай, Ірэны Рудзевіч, Уладзіміра Стохеля і гасцей з Беларусі Міхася Тычыны, Людмілы Рублеўскай, Галіны Тычкі, Вольгі Шынкарэнкі, Людмілы Зарэмбы, Анатоля Раманчука трапілі разнастайныя пытанні, праблемы, што датычылі як агульных заканамернасцей і момантаў станаўлення, развіцця беларускага літаратурнага руху ў Польшчы, так і канкрэтных індывідуальнасцей. А вось літаратурна-мастацкая частка "Тэрмапілаў" адкрывалася падборкай лірычнай прозы народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля "Крынічнае". Масей Сяднёў, яшчэ адзін патрыярх беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, выступіў з запісамі "Нямецкі дзённік". Паэзія ж распачыналася нізкай вершаў Ніны Мацяш. Супрацоўніцтва з "Тэрмапіламі" гэтых выдатных пісьменнікаў працягвалася да канца іхняй жыццёвай дарогі. Друкаваліся ў "белавежскім" выданні побач з "белавежцамі" Янка Сіпакоў, Леанід Дайнека, Анатоль Кудравец, Ніл Гілевіч, Серафім Андраюк, Уладзімір Мархель, Васіль Зуёнак, Леанід Дранько-Майсюк, Васіль Гігевіч, Юры Станкевіч і іншыя беларускія аўтары. Асаблівую ўвагу хочацца звярнуць на ўнікальныя публікацыі ў "Тэрмапілах" Радзіма Гарэцкага - шэраг аўтабіяграфічных нататак, напісаных для беластоцкага часопіса. "Жыццёвы меланж навукоўца" - так вобразна, метафарычна акрэсліў пісьменнік жанр сваёй аўтабіяграфічнай прозы. І менавіта ў "Тэрмапілах" ўрэшце пабачыла свет напісаная ў 1952 годзе аповесць Янкі Юхнаўца "Яно". Сапраўды, "белавежскі" часопіс "Тэрмапілы" стаўся месцам сустрэчы ўсіх, хто зацікаўлены беларускай літаратурай, культурай. І сучасны беларускі літаратурны працэс сапраўды немагчыма ўявіць без гэтага своеасаблівага фарпоста беларушчыны на заходніх этнічных беларускіх землях, гэтага захавальніка традыцый і генератара новых ідэй.
Анатоль Сідарэвіч у грунтоўным слове рэдактара "Стагоддзе паэзіі", уступе да анталогіі беларускай паэзіі ХХ стагоддзя, складзенай Міхасём Скоблам, адзначыў, "што сучасная беларуская паэзія творыцца ў Беларусі і Падляшшы". Між іншым "Белавежа" прадстаўлена ў гэтай аўтарскай анталогіі 12 аўтарамі. Беларускія пісьменнікі Польшчы сапраўды ўпісалі і працягваюць упісваюць у вялікую кнігу беларускага прыгожага пісьменства свае адметныя разнастайнасцю і шчырасцю старонкі.
Галіна Тварановіч
Тры ўзросты геніяльнасці
У кнігарнях Менска з'явілася ўнікальная кніга "Лепей", якая аб'ядноўвае больш ста рукапісаў Рыгора Барадуліна за 61 год, 25 раней не друкаваных сямейных фотаздымкаў у альбомным фармаце і кружэлку з аўдыёзапісамі паэзіі ў выкананні народнай артысткі Зінаіды Бандарэнкі.
Чытач знаходзіць працяг самых шчырых твораў паэта за мінулыя 5 гадоў - збору ліставання з матуляй Кулінай Андрээеўнай "Паслаў бы табе душу"(2009) і "Вушацкага словазбора"(2013). Запавет кожнаму беларусу берагчы свой сямейны духоўны скарб, памяць пра родных і крэўных, захоўваць іх выявы, не забываць любімыя словы і выразы.
Майстар аказвае чытачу давер перагартаць старонкі яго чарнавікоў - прасачыць за палётам думкі, стаць сведкам нараджэння вобразаў.
Інспіраваў народнага паэта на стварэнне кнігі малады калега і прыхільнік яго творчасці Глеб Лабадзенка. Ён жа нядаўна дапамог стварыць сайт класіка www.baradulin.by з вялізным аб'ёмам інфармацыі.
"Форму кнігі падказаў сам почырк Барадуліна, які ўжо даўно стаў графічным брэндам. "Гэта як беларускія руны", - напісаў укладальнік у прадмове.
- Рыгор Барадулiн - вяршыня ў сучаснай паэзіі і літаратуры, - адзначыў Глеб Лабадзенка. - Ён заўсёды гатовы да супрацоўніцтва і адкрыты для эксперыментаў са словам. Ён сам прымаў удзел ва ўсіх этапах стварэння кнігі, уласнай рукой падпісваў вершы, фотаздымкі і вокладку. Фантастычным адкрыццём для мяне было тое, што я меў магчымасць гартаць рукапісы і чытаць вершы, якія раней ніколі не друкаваліся, адбіраць рэдкія фотаздымкі.
Найвялікшым адкрыццём ў часе працы з нататнікамі было разуменне, наколькі дзядзька Рыгор розны і шчыры ў гэтай рознасці на суседніх старонках. Палітра яго даляглядаў - настолькі нечаканая!
Дзядзька Рыгор нават і ў немачы кожны дзень уласнаручна дапісваў новыя радкі ў кнізе, і я рады, што чаканне новай кнігі было для яго стымулам дадумваць і даствараць вершы, удасканальваць літаратурны збор.
Знайшоўся дальнабачны чалавек Ігар Віркоўскі, які пагадзіўся выдаць кнігу ў крэдыт. Кансультавала па вершах і рупілася пра выданне сп. Наталля Давыдзенка. Яна сістэматызуе архіў народнага паэта і можа з дакладнасцю сказаць, у які час быў напісаны той ці іншы верш.
Дызайнер выдання Аляксей Кульбіцкі выбраў для вокладкі нататніка і кружэлкі найбольш характэрныя здымкі трох розных узростаў - маладога акрыленага юнака, прызнанага мэтра літаратуры і мастацтва і мудрага філосафа.
Кніга будзе дарагой і каштоўнай для ўсіх, хто сустракаўся з Рыгорам Барадуліным на жыццёвых сцяжынах, хто, трымаючы ў руках тамы, адчувае трапяткое цяпло яго радкоў.
Э. Дзвінская.
Да 100-годдзя з дня нараджэння М.М. Бяльзацкай
"Белпошта" выпусціла мастацкі канверт да 100-годдзя з дня нараджэння М.М. Бяльзацкай.
Бяльзацкая Марына Мікалаеўна (04.12.1913, Масква - 29.11.2004) - беларуская артыстка балета, балетмайстар. Народная артыстка БССР (1977). Заслужаны дзеяч культуры БССР (1968). Стваральнік (1958), мастацкі кіраўнік і харэограф (да 1996) заслужанага аматарскага калектыву Беларусі ансамбля танца "Равеснік" Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў.
Наш кар.
"Асветніца і мецэнатка: да 150-годдзя Магдалены з Завішаў Радзівіл"
Такую назву мае новая кніга выдавецтва "Кнігазбор". Яна прысвечана 150-гадоваму юбілею вядомай беларускай асветніцы і мецэнаткі, дзеяча беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ ст. Магдалены Радзівіл (1861-1945), якая паходзіла са знакамітага беларускага роду Завішаў. Значныя сродкі княгіня выдаткоўвала Беларускаму выдавецкаму таварыству ў Вільні.
За яе грошы былі надрукаваны першыя кнігі класікаў беларускай літаратуры. Яна спансіравала першую беларускую газету "Наша Ніва". Яна фінансавала таварыствы цвярозасці, шпіталі, адкрыла беларускія школы ў сваіх уладаннях... У фондах ЦНБ НАН Беларусі захоўваюцца экзэмпляры усіх 5 выданняў, на якіх быў надрукаваны герб Магдалены "Лебедзь": зборнікі вершаў "Вянок" Максіма Багдановіча, "Курганная кветка" Канстанцыі Буйло, "Рунь" Максіма Гарэцкага, "Васількі" Ядвігіна Ш., "Родныя з'явы" Тараса Гушчы (Я. Коласа).
Асноўную частку складаюць матэрыялы праведзенага з нагоды юбілею ўрачыстага круглага стала (Мінск, 15 снежня 2011 г.), у якім бралі ўдзел вядомыя асобы: Адам Мальдзіс. Андрэй Унучак, Ірына Зварыка, Віктар Хурсік, Анатоль Федарук, Валянціна Яноўская, Алесь Цыркуноў, Алена Цітавец. Кнігу дапаўняюць архіўныя знаходкі і рэдкія публікацыі ранейшых часоў (верш Андрэя Зязюлі "Лірнік", а таксама ўспаміны эканома канцылярыі маёнткаў княгіні Магдалены Радзівіл у 1917-1918 гг., сябра Рады БНР Юстына Мурашкі). Таксама трэба адзначыць, што у кнізе ёсць артыкул Гая Пікарда (1931-2007 гг.), англійскага даследчыка беларускай культуры. Добрую прадмову да кнігі напісала старшыня Рэспубліканскага аддзялення ГА "Міжнародная асацыяцыя беларусістаў" дацэнт кафедры гісторык беларускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Ірына Багдановіч. Яна жа - рэдактар кнігі, наклад якой 150 асобнікаў. Кніга разлічана на даследчыкаў, выкладчыкаў, гісторыкаў.
Аляксей Шалахоўскі, краязнавец, гісторык.
Ахвяраванні на ТБМ
1. Навасельская Т. Ул. - 20 дол., г. Менск
2. Савіч Валер - 100000 р., г. Пінск
3. Бушкова Т.Е.- 75000 р., г. Магілёў
4. Фрыдрых О. - 200000 р., г. Менск
5. Данілік Віктар - 30000 р., г. Менск
6. Пухоўская Юлія - 30000 р., г. Менск
7. Раманік Т.Н. - 100000 р., г. Менск
8. Ірына Прылішч - 50000 р., г. Менск
9. Тамара Лазарук - 50000 р., г. Менск
10. Кулак Жанна - 50000 р., г. Белаазёрск
11. Кухаронак Л.Д. - 20000 р., г. Смілавічы
12. Лягушоў Алег - 100000 р., ст. Ясень, Асіповічскі р-н
13. ТДА "Курс" - 200000 р., г. Менск
14. Вішнеўскі Іван - 300000 р., г. Менск
15. Лагуціна Марына - 50000 р., г. Менск
16. Антановіч Тамара - 100000 р., г. Менск
17. Чыгір Е.А. - 20000 р., г. Гародня
18. Шыянок А.П. - 150000 р., г. Менск
19. Бамбіза Мікола - 50 дол., г. Менск
20. Піскуновіч Міхась - 30000 р., в. Пятроўшчына, Глыбоцкі р-н
21. Усціновіч Васіль - 100000 р., п. Лясны, Мінскі р-н
22. Свецік Леанід - 30000 р., г. Віцебск
23. Літоўка С.А. - 100000 р., г. Менск
24. Франкоў Ю.Н. - 100000 р., г. Менск
25. Сухаверх Яўген - 290000 р., г. Менск
Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.
Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.
СЦЯГА ПАЭТА
Штрыхі да творчага партрэта паэта Эдуарда Акуліна
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Паэт прыходзіць да высновы - усё жывое смяротнае і нявечнае, таксама як нявечныя чалавечыя адчуванні. У роздумах пра нявечнасць жыцця вымалёўваецца парадаксальная выснова. Чалавек нараджаецца дзеля таго, каб памерці. Ні для чаго іншага, не дзеля кахання, не для працы, не для цялесных задавальненняў і ўцехаў, а для смерці. Жыццё і смерць маюць у паэта непарыўную сувязь. Квітнеючая радасць жыцця адначасова выклікае непазбежны трыумф смерці:
Сустракаемся, каб развітацца.
Засынаем, каб прачнуцца.
Нараджаемся, каб памерці…
Для смерці
нараджаемся мы аднойчы.
(Вольны верш, с. 120)
Заўважны ўнутраны надлом, прадчуванне наканаванага жыццёвага тупіка часам выклікае ў паэта ярасны пратэст. Ён імкнецца вызваліцца з абрыдлівай паўсядзённасці, захаваць ахвярны імпэт маладосці. Міг смяротнага нябеснага па вышыні пачуццяў шчасця даражэйшы для паэта за маўклівае і пакорлівае зямное існаванне:
Забяры мяне ў неба, маланка!
І хоць шчасце з табою - на міг…
Я клянуся быць шчырым каханкам
у пякельных абдымках тваіх.
Лепей знікнуць у сіняй прасторы,
абудзіўшы залевай раллю,
чымся жыць у маўклівай пакоры -
і аднойчы сысці пад зямлю.
(Забяры мяне ў неба, маланка!, с.142)
Неспатольная душа паэта бунтуе і супраціўляецца няспыннай і халоднай плыні лёсу. Паэт спрабуе супрацьстаяць плыні, ён імкнецца ўзляцець над ёй, але са скрухаю ўсведамляе, што чалавек непазбежна прайграе ў гэтым сутыкненні. Не знаходзячы падтрымкі на зямлі, ён не заваёўвае яе і ў памкненнях - марах:
Гэта сам я сябе распнуў
на няшчаднага лёсу пяльцах.
Стаў над безданню - і сігануў,
нат забыўшы, што воск плавіцца.
Гэта сам я сябе пракляў,
сярод неба - не стала сілы…
Воск на пальцах - крывёю ззяў
ад зламаных маіх крылаў.
(Ікар, с. 138/5-12)
Вялізны зрух у лёсе краіны і народу супаў па часе з мацнейшым духоўным крызісам у творчасці паэта. Выпадкова гэта ці не, цяжка сказаць. Ёсць рэчы невытлумачальныя, метафізічныя, якія нельга зразумець згодна логікі і рацыяналізму. А, можа быць, шпаркая хада ў вырашэнні грамадскіх, нацыянальных пытанняў, калі здавалася, што ўсё, беларуская справа стаіць на добрым торы, так паўплывала на яго?
Дзіўна, што працуючы ў тыя гады разам з Эдуардам Акуліным у адным музейным калектыве, часта сустракаючыся і размаўляючы з ім, я не заўважаў гэты жыццёвы надлом, гэтыя магутнейшыя душэўныя перажыванні. Не думаю, што іх заўважаў яшчэ хто з ягоных сяброў і знаёмых. Хаця ў гэтым я, можа быць, і памыляюся. Безумоўна, я чуў і чытаў у тыя гады гэтыя вершы. Але, калі паэту было 30 гадоў ці каля гэтага, калі ён не дасягнуў яшчэ і ўзросту Хрыста, неяк не думалася пра крыніцы ягонага сусветнага суму. Пэўна, што тое, што паэт перажываў у сабе, пра што маўчалася ў гутарках і размовах нават з сябрамі, шчыра і адкрыта вылівалася ў вершах.
На маю просьбу пры падрыхтоўцы гэтага артыкула патлумачыць матывы смерці, хуткага адыходу з жыцця ў вершах, напісаных у пачатку 90-х гадоў, Эдуард Акулін адказаў наступным чынам: "Самім фактам свайго нараджэння мы прыгавораныя да непазбежнай смерці… Адзінае, што я вынес з гэтага змрочнага перыяду сваёй творчасці - слова матэрыяльнае і напісанае можа стаць рэальнасцю. Вось жа напісаў я па маладосці: "Пахавайце мяне ў Бесядзь…" І ў Бесядзі праз колькі гадоў абарвалася жыццё маёй цёткі Таццяны. Напісаў верш "Зайздрасць", прысвечаны Анатолю Сысу, з радкамі: "Хораша пры бацькавай магіле тут пачуць на Радаўніцу гром…", і праз 5 гадоў, акурат на Радаўніцу, хаваў Анатоля на ягоных гарошкаўскіх могілках… Таму зараз стараюся нічога падобнага не пісаць, каб не дражніць лёс…" (Ліст ад 22.04.2013)
Псіхалагічна няпроста быць паэтам народа, у нацыянальным характары якога існуе рыса маўчаць і ўтойваць свае ўнутраныя душэўныя зрухі і эмоцыі. Чытаю сёлетняе інтэрвію ксендза-паляка, які ўжо дзесяць гадоў як працуе ў беларускай глыбінцы. Ён піша: "Беларусы даволі замкнутыя ў сабе, калі гаворка ідзе пра выяўленне сваіх пачуццяў і перажыванняў - таксама рэлігійных - перад іншымі людзьмі" . Можа ў першую чаргу ўсіх іншых, думаю я.
Цяжка быць беларусам і паэтам. Бо паэт мусіць быць шчырым і адкрытым для ўсіх людзей.
Я чытаў гэтыя напоўненыя смуткам вершы Эдуарда Акуліна. Але яны перамежваліся з любоўнай лірыкай паэта, якую ён працягваў пісаць, і адыходзілі на другі план. А званчэй за ўсё гучалі песні паэта-барда. Песні пра Радзіму, пра каханне, але ніяк не пра смерць…
VI.
Багата вершаў у зборніку "Крыло анёла" прысвечаных каханню. Эдуард Акулін працягвае раскрываць рамантычныя і настальгічныя пачуцці, якія апаноўваюць лірычнага героя падчас кахання, што было характэрным і для ягоных юнацкіх вершаў. Каханне асацыюецца ў паэта з нечым чыстым і светлым, у ім пацалункі "ад Мілавіцы да світання", яго ахутвае "мяккі водар сініх бэзаў". Каханне ў Эдуарда Акуліна часта ідзе поруч з вясною, бо там "першаквецце кахання…"
Расставанне з каханнем выклікае ў паэта асацыяцыі з восенню і зімой:
Крыкну наўслед лету я:
- Даруй мне за ўсё, светлая!
(Міньён памяці, с. 126/ 14-15)
Прыродныя з'явы дапамага-юць Эдуарду Акуліну выказаць на-строй ягонай душы. Тады паэта ахіна-юць пачуццё смутку і суму:
Мой смутак, нібы несціханы
кастрычніцкі, помслівы дождж
(Смутак, с. 144)
Радасць і шчасце ў каханні хуткацечныя. Не паспявае лірычны герой атрымаць асалоду ад гэтага пачуцця, як яго апаноўваюць іншыя хвалі перажыванняў. Каханне пры-носіць паэту больш сумных і маркот-ных матываў у настроі. Адпаведна, гэтыя матывы дамінуюць і ў вершах паэта пра каханне.
Спектр разнастайных пачуц-цяў у вершах пра каханне вельмі шырокі. Гэта і сум, які паэт чытае ў вачах любімай. Каханне яшчэ жыве, але з'яўляюцца першыя прыкметы, якія гавораць пра будучае расстанне:
Гэта вусны дазвол давалі,
гэта вочы світалі сумам.
(Паўднёвы ўспамін, с.119/7-8)
Гэты сум, выкліканы ўспамінамі пра вочы каханай. "Калі двое людзей глядзяць адзін на аднаго, то адное "я" стаіць насупраць другога "я"… Позірк чалавека прамаўляе", - так напіша ў філасофскай працы "Структура чалавечай асобы" Эдыта Штэйн. У вачах можна прачытаць тое, што не выказваюць словы. Вочы не маняць, таму яны часта будуць вызначальным сімвалам у вобразнай сістэме паэта:
Ты - мой сум.
Пасярод ночы ўспамінаю твае вочы.
(Вольны верш, с. 120)
І зноў сумныя вочы жанчыны, як прыкмета расстання і здрады з'яўляюцца ў вершах Эдуарда Акуліна:
Жанчына з сумнымі вачыма,
табе пасуе колер здрады…
(Жанчына з сумнымі вачыма, с. 168)
Каханне яшчэ жыве. Але незразумелыя і загадкавыя законы жыцця разлучаюць людзей і з'яўляюцца смуткам ад развітання з каханай:
Пакладзі мне далонь на вусны…
Развітальна і безпрымусна.
(Міньён памяці, с. 126/1-2)
Боль душэўны не менш пакутлівы за фізічны боль, асабліва калі ён прынесены каханнем:
Майскі ранішні бэз -
фіялету разліў на паркане,
Быццам свежы парэз,
што раптоўна ў душы закрывяніў…
(Бэз, с. 121/11-12)
Гэта і маркота ад пакінутасці і адзіноты. Туман у паэта ў прыродзе асацыюецца з маркотаю ў душы. А што можа быць больш маркотным за снежаньскі туман:
Туман у снежні -
варажба…
Ці насланнё,
ці адзінота?
Ён першы снег не зневажаў.
Ён проста быў, як я, маркотны.
(Туман у снежні, с. 127/1-6).
Маркота ўзнікае ў паэта і ад бязмежнага кахання:
Над безданню даверлівых вачэй
мая маркота ў белы строй
прыбраная,
мая каханая...
(Газэля, с. 159/11-13)
Ці самота ў аднайменным вершы "Самота", і нават адчай ад кахання ў вершы "Адчай". Такі склад душы паэта. Жывучы, ён думае пра смерць, кахаючы, ён перажывае непазбежную страту кахання.
Паэт перабраў шматлікія мінорныя таны і паўтаны, якія ўзнікаюць у чалавека ў закаханым стане ці пры расстанні з каханнем. Ён выявіў сябе непераўзыйдзеным майстрам у паказе ледзь заўважных і адчувальных зрухаў, якія выклікаюць прывід кахання ў чулай і безабароннай душы. Ён здолеў выказаць тое, у чым людзі вельмі часта не хочуць прызнавацца самім сабе, бо ўспаміны такога кшталту выклікаюць не толькі сум, але і боль. Але паэт не баіцца болю ад прамінулага кахання. Бо ў ім існуе значная, а то і лепшая частка чалавечага жыцця.
У любоўнай лірыцы Эдуарда Акуліна з'явіліся і новыя рысы. У ягоных вершах загучалі эратычныя матывы. Пасля юнацкіх рамантычных мараў і спатканняў прыходзіць спазнанне жарснага кахання ад сумеснай блізкасці мужчыны і жанчыны:
... ты мовіш сціхотна: - Вазьмі,
вазьмі маё цела, каханы,
і боль мой, і слёзы мае…
і сонца ўзаўецца фантанам
рассыпаных кос па траве…
(Пазнанне, с. 147/4-8)
Паэт ў вершах адкрыта любуецца жаночым целам. Ён не бачыць у сваім захапленні нічога заганнага. Эротыка гэтаксама спалучаецца ў Эдуарда Акуліна з рамантычнымі настроямі, з эстэтычным захапленнем хараством.
Вобраз аголенай жанчыны ў вадзе - адзін з любімых вобразаў паэта. Эдуард Акулін параўноўвае жанчыну і з віяланчэллю, якая абрысамі нагадвае каханую жанчыну:
Па меры таго як памалу
з глыбі яна йшла на мель,
я бачыў: ад футарала
вызвалялася віяланчэль.
(Жанчына, с. 117/1-4)
ці з русалкаю, якая аголенай плёскаецца ў вадзе:
У сціплым убранні Евіным
цябе сустракала возера…
(Сустрэча, с. 122/3-4)
Эратычная карціна малюецца паэтам і на беразе ракі. Гэта чыстая, цнатлівая эротыка. Прыгажосць жаночага цела ўзносіцца паэтам да ўзроўню эстэтычнага канону:
Сарамліва ў люстэрка ракі
ты сама на сябе паглядзела…
І каса паслухмяна з рукі
вадаспадам ахутала цела.
(На беразе, с. 169/1-4)
І нават пакой у кватэры можа пераўтварацца ў разгайданае мора:
Не вернецца назад Учора.
Дзе ложах - яхта. Хвалі - шторы…
(Трыялет, с. 172/5-6)
У каханай жанчыне паэт бачыць найдасканалейшае стварэнне:
Ад зайздрасці цмянее сонца
перад мадоннай з Белай Русі.
(Мадонна, с. 118/3-4)
Безагляднае пакланенне жаночаму хараству, захапленне цудам жанчыны робяць эратычныя вершы Эдуарда Акуліна праўдзівымі, нязмушанымі песнямі цялеснага кахання, якое з'яўляецца часткаю чалавечага жыцця. І калі Бог дазваляе і ўхваляе такое каханне, то ці ж вінаваты паэт, які натуе яго ў вершаваныя радкі…
VII.
Працягвае Эдуард Акулін эксперыментаваць з разнастайнымі вершаванымі формамі. І калі ў першых двух зборніках паэта сустракаюцца паэтычныя формы, вядомыя ў беларускай паэзіі яшчэ ад часоў Максіма Багдановіча, то ў "Крыле анёла" мы бачым пошук і працу паэта над вершаформамі, якія даволі рэдка ўжываліся ў айчыннай паэзіі ці не выкарыстоўваліся зусім. Так, у зборніку ёсць туюгі, чатырохрадковікі з трыма аманімічнымі ці каламбурнымі рыфмамі; віланэль, які складаецца з трохрадкоўяў са скразнымі рыфмамі першай і трэцяй строфаў і з асобнай рыфмаю другіх строфаў; рытурнэль створаны з трохрадкоўяў, дзе рыфмуюцца першы і трэці радкі строфаў, а першы радок уяўляе адно ці двухскладовае слова; элегія - верш з пачуццём суму і смутку; канцона - верш, складзены з шасцірадковых строфаў з рыфмаю абабвв ; газэля - верш з шасцірадковых строфаў, дзе зарыфмаваныя два першыя і ўсе цотныя радкі страфы.
Відавочна, што паэт ставіў перад сабой некалькі мэтаў: удасканаліць сваё майстэрства вершаскладання, а таксама паказаць лексічнае багацце беларускай мовы, яе танічнасць, пластычнасць і мілагучнасць.
Праца з пэўнымі, створанымі за тысячагоддзі існавання і разьвіцця паэзіі, формамі вершаскладання мае глыбокі сэнс. Гэта - не бяздумная гульня ў перліны, як можа здацца на першы погляд. Адшліфаваны вершаваны канон - вяршыня мастацтва вершаскладання. Ён строгі, нязменны, як ліцейная форма, якая ўнармоўвае гарачыню паэтычнага слова і прымушае яго зіхацець загадзя прадуманымі ўзорамі, строгім арнаментам і загадзя пазначанымі гранямі. У застыласці і статычнасці формы адчуваюцца веліч, годнасць і прыгажосць. У вызначаным чаргаванні рыфмаў, пэўнай колькасці радкоў, у цвёрдай канструкцыі строфаў закладзеная архітэктоніка стагоддзяў. У разнамерным рытме вызначанай колькасці складоў чутнае цыклічнае чаргаванне прыродных з'яў: шоргат марскіх хваляў, узыход і захад сонца, нараджэнне і паміранне поўні.
Ужыванне класічных паэтычных формаў патрабуе ад паэта дасканалага ведання і адчуваня мовы. Чытаючы "Газэлю" ці "Асенні рытурнэль" Эдуарда Акуліна разумееш, што складаныя вершаформы не толькі не абмежавалі думку і пачуцці паэта, але, дзякуючы ім, яны заблішчэлі і заіскрыліся словамі і радкамі, як аграненыя дыяменты:
І рэха вечаровае званчэй,
калі шапчу да зорак апантана я -
мая Каханая!
І смехам тваім поўніцца ручэй,
як ад мяне за далеч ты схаваная,
мая Каханая.
(Газэля, с. 159/14-19)
Не знікла за сто гадоў з часоў Максіма Багдановіча і праблема прэстыжнасці беларускай мовы. То там, то сям чуюцца галасы, што беларуская мова грубая, немілагучная, абмежаваная ў сваіх сэнсавых магчымасцях і лексічных рэсурсах. Добрымі лекамі ад гэтай хваробы зяўляюцца вершы, якія наглядна паказваюць разнастайныя магчымасці беларускай мовы як інструменту маўлення.
Беларускія паэты - вяшчуны і захавальнікі Зніча беларускай мовы. Яны чарадзеяць на капішчы Мовы. Яны пакланяюцца ёй і ўзносяць вершы-малітвы. Яны гатовыя абараняць мову продкаў, і змагацца, і цярпець за яе. І Эдуард Акулін - адзін з найбольш адданых Мове вяшчуноў-чарадзеяў.
(Працяг у наст. нум.)
Алесь Бяляцкі
Бацькоўская мова з ім назаўжды
пра сябра, які дваццаць гадоў жыве там … на Зямлі абетаванай
Начное тэлефанаванне разбіла сон, але ўсцешыла. Турбаваў сябар з Менска Васіль Агееў. Без прабачэння і непатрэбных адступаў сказаў: "Сустрэў у аэрапорце Славу Шыфрана. З Ашдота. Заўтра ранкам едзем на магілу яго бацькоў пад Калінкавічы. І адразу да цябе ў Масты. Ён так пажадаў".
Увідавочкі зразумеў, што астатак ночы, як і наступная будуць бяссоннымі. Жаданай і прыемнай паўстала будучая сустрэча. Звёў мяне са Славаю болей за пятнаццаць гадоў таму назад усё той жа Васіль, сябар са студэнцва. А яны пасябравалі ў васьмідзесятыя гады, калі працавалі на менскім гадзіннікавым заводзе. Напачатку 90-х Слава з братамі з'ехаў у Ізраіль, аднак бацькі засталіся тут. Пакуль яны былі жывыя, штогод Слава наведваў іх. Аднойчы, пад час сустрэчы з Васілём, ён пажадаў пабачыць Нёман. Так адбылося нашае знаёмства. З таго часу бачыліся кожны яго прыезд да бацькоў і на іх магілы. Потым паездкі нечакана спыніліся. Амаль дзесяць гадоў мы з Васілём жылі ў няведанні пра яго лёс.
Праехаўшы амаль тысячу кіламетраў па ўсіх абласцях Беларусі (акрамя Віцебскай), не гледзячы на шалёны вецер і дождж яны завіталі да мяне апоўначы. Пасля павітання Слава катэгарычна запатрабаваў: "Давай казаць па-беларуску". Надалей пайшла гутарка на чыста беларускай мове з украпленнямі палескага дыялекту. Пад час размовы я пытаў толькі ўдакладненні сказанага ім пра сваё жыццё на гістарычнай радзіме. У яго выказваннях не было сістэмы. Казаў пра тое, што набалела, хвалявала, казаў аб сваім надзённым, буднім. Казаў пра тую краіну дзе жыве, але душою быў тут. І цвердзілася тое не толькі душою, але і сутнасцю сказанага. Ды адчувалася ў той гутарцы, што ён не толькі ведае нашу рэчаіснасць, але жадае нам чагосьці іншага.
Тое, што не паходжаннем, а душою ён - беларус, адчувалася ў выказваннях і мове. Чаго варта пачуць такое, як: "Навошта, сынок, на цябе я ноч марнавала?" Гэта гаварыла маці, школьная настаўніца, калі ён шкодзіў. Не брудным мацюком, а іменна так. Або гэтак: "Нарадзіла б я кала, дык хоць свіння пачухалася б. І то толк быў бы". Слава пераказваў тое, але без якой крыўды. Было прыемна чуць выказванні, якія сведчылі аб еднаці нашай мовы, бо такое кажуць не толькі на Гомельшчыне, але і на Меншчыне: "Злы - раскусі крупляк". І не аднаго мацюка.
Аб жыхарстве:
- Там, каб стаць сталым жыхаром краіны трэба прыехаць туды ва ўзросце да трынаццаці гадоў. Гэта самае апошняе. І справа не толькі ў веданні мовы, атрыманні працы, сацыяльных ільгот ды іншага. Тут у першую чаргу важны працэс навучання, а праз яго адбываецца звычайнае адаптацыя асобы да асяроддзя пражывання, да тога рэальнага свету, які ўяўлялі сабе заснавальнікі дзяржавы Ізраіль, новай, адроджанай болей, як праз тысячагоддзе. Яно (цяперашняе асяроддзе) даволі разнастайнае, магчыма больш разнастайней чым у нас. (Ён меў на ўвазе Беларусь.)
Аб складзе насельнікаў:
-Так, я грамадзянін Ізраіля, але думаю катэгорыямі, закладзенымі ў маю галаву з маленства, закладзенымі тут. Усё, што адбываецца там, я мераю, як мая мама казала, на тутэйшы капыл. Скажам, тыя артадоксы. Нейкая каста. Магчыма, і мы такія, хто прыехаў туды раней ды прыязджае зараз. Іх супольнасць павялічваецца хутка. Справа не ў апратцы і галаўным уборы. У сям'і - ад пяці да дзесяці дзяцей. Іх выдзяляе і іншае - адносіны да другіх грамадзян краіны. Як прыклад, на іх кухні дзве ракавіны. У адной яны мыюць мяса, у другой усе іншыя прадукты, і гэта датычыць усіх страў. На сабе зведаў іх стаўленне да неартадоксаў. Крама, у адну карзіну складваю мясныя вырабы, сыр, садавіну, гародніну. За мной ідзе жанчына-артадокс. Як толькі пабачыла такое, развярнулася і выйшла з крамы. А яшчэ неяк недарэчна бачыць ізраільцянамі неграў - выхадцаў з Эфіопіі і Судана. Яны прынялі юдэйства, прытрымліваюцца яго канонаў, ад пераследу з'ехалі сюды. У маёй галаве не ўкладваецца іхняя сапраўднасць юдэя. Так, яны грамадзяне краіны і не больш таго. Вельмі шмат там не толькі сапраўдных беларусаў, але і ўкраінцаў, казахаў, узбекаў і іншых нацыянальнасцей былога Саюза, хто займеў сваяцкія сувязі з гэтай нацыяй, пабраўся шлюбам ды з'ехаў сюды.
Аб працы, заробках і іншым:
- Пасля таго, як змянілася аргтэхніка (па прыездзе ў Ізраіль абслугоўваў звычайныя факсы), змяніў працу і месца жыхартва. З'ехаў з Ашдота ў горад непадалёку, зняў кватэру, уладкаваўся вартаўніком на стаянку аўтамабіляў. Як і тут, дзяжурства ў вартаўніка - суткі. Дакументацыю вяду на іўрыце. Ідыш там мова незапатрабаваная, можна сказаць мёртвая, і ёй карыстаюцца толькі выхадцы з Заходняй Еўропы і ў малой колькасці. Заробак 1500 даляраў. 400 даляраў аддаю за кватэру. Да выдаткаў падыхожу рацыянальна, паколькі жыву адзін. Садавіна і гародніна такога кошу, як і тут. Недарэчным падаецца вялікі кошт апельсінаў, аліўкаў, вінаграду і інш. Пладоў там мноства, растуць паўсюдна, а дарагія.
Жыву за пятнаццаць кіламетраў ад Міжземнага мора, але ніколі яго не бачыў за дзесяць гадоў. Не проста таму, што няма калі. Не цягне. А вось на Беларусь - іншая справа.
Што датычыць арміі - высокапрафесійная. Як салдацкая вывучка, так і тэхніка. Служаць як мужчыны, так і жанчыны. Мужчыны - 3 гады, жанчыны - 2. Кожны выконвае вайсковыя абавязкі, згодна з пэўным рэгламентам. Скажам, дачка знаёмага таксама ў войску. У яе выключна адзін абавязак - абслугоўванне шлема лётчыка; яго тэсціраванне перад і после палёту. Тэхніка на мяжы фантастыкі, як кажуць з наваротамі. Ад яго працы залежыць палёт. І тут не павінна быць нейкіх збоеў. Зараз і артадоксы служаць у войску. У свой час была праблема з нашэннем імі вайсковай формы. Цяпер гэта пытанне знята, але, калі яны атрымліваюць адпачынак і выходзяць за сцены казармы, то перапранаюцца ў свой строй. У іншай вопратцы ў асяроддзі артадоксаў - гэта страшны ўчынак.
Што датычыць палестынцаў, то іншы раз меры перасцярогі перабольшваюць неабходнае. Быў відавочцам выпадку, калі паліцэскі загадаў палестынцу раздзецца да гала і легчы на асфальт. У яго ўзнікла падазрэнне, што на ім пояс шахіда. На маю думку, каб не было палестынцаў і супроцьстаяння з імі, то неабходна было б такое выдумаць. Хаця б узяць той момант, што дзяржава мае вялікія даўгі і жыве за крэдыты. Іншым пастаянна атрымліваць крэдыты было б праблемным. А нам не. Канфлікт з арабамі і бяспека краіны прымушае крэдытораў заплюшчваць вочы на дзіркі ў бюджэце.
Яшчэ варта зазначыць, што кібуцы (ізраільскія калгасы) ужо не такія, як раней. Акрамя сельгасработ там пашыраецца сфера разнастайных паслуг, асабліва рамонт аўтамабіляў.
Сацыяльныя гарантыі, як усюды, маюць пэўныя плюсы і мінусы. Сярод станоўчага такі выпадак. Сустракаю знаёмага інваліда. Ездзіць на новай машыне. Не супер, але з наваротамі. Пытаю, дзе грошы ўзяў. Аказваецца сацорганы выдаткоўваюць сродкі на аўтамабіль на пэўны тэрмін. Ад'ездзіў яго і можаш прадаць. Калі не прадасі, грошы на новую машыну не дадуць. Ён прадаў старую, далажыў іх да дзяржаўных выдаткаванняў ды набыў модную.
Гэта толькі часта гутаркі даўжынёю ў ноч. Большая яе частка - настальгія па дзяцінстве, маладосці і жыцці ў Беларусі.
Мы рассталіся ранкам, калі скончылася навальніца і ўзышло яркае сонца. Яно было прадвеснікам будучай сустрэчы.
Язэп ПАЛУБЯТКА.
Непрытулены - прытулены паэт
(Да 100 - годдзя Валянціна Таўлая: 8.02.1914 - 27.04.1947 г.
Пачнем з найболей кідкага, не гледзячы што ў Баранавічах ёсць краязнаўчы музей, цэнтральная бібліятэка імя В. Таўлая, дасюль не вядома, дзе і ў якім месцы, у якім доме горада нарадзіўся будучы паэт-дэмакрат, літаратуразнавец, краязнавец, музейшчык, журналіст, падпольшчык, антыфашыст, партызан Валянцін Паўлавіч Таўлай!
Яшчэ горшы лёс з яго братам Аляксандрам, які загінуў недзе пад Сталінградам, але ў якую "Памяць" (гістарычна-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі) ён занесены - не вядома, як тут не адзначыць глухату, слепату і абыякавасць некаторых старшынь камісій гэтых хронік. І гэта напярэдадні 70-годдзя вызвалення роднай Беларусі!
Не вядома кім ці то знішчана, ці то страчана ў г.п. Зэльва магіла маці Валянціна і Аляксандра Таўлаяў, Марыі Антонаўны (паходжаннем з Жыгімунтаў. "Маці пахавана ў мястэчку Зэльва, на самай гары, тут - жа ля царквы, адабранай праз нейкі час пад касцёл", - з адных успамінаў. Як мне гаварыў паэт Анатоль Іверс, у сваёй кватэры, у 1950 г. са свайго Слоніма ён наведваў магілу маці паэта-сябра і даглядаў яе, прыбіраў...).
У невядомасці краіна, дзе знаходзяцца костачкі бацькі паэта Павла Дзям'янавіча, другой маці паэта Сцепаніды Паўлаўны Дарашэвіч (бо ўсе ведалі і адзначалі гэтую мачаху, як родную маці і Валянціна, і Аляксандра Таўлаяў).
У Баранавічах вуліца Таўлая і завулкі яго імя ў непрыглядным стане, шыльды на гэтым транспартным прамежку не на яго роднай мове...
Няма дасюль і помніка ў Баранавічах В. Таўлаю, як і актыўна супраціўляецца ўлада горада, каб СШ № 4 прысвоіць імя паэта, у гэтай вучэльні падзвіжніца - настаўніца стварыла зіхатліва - навучальны музей, прысвечаны В. Таўлаю, які мае званне народнага. Адзначым пры гэтым, што Алена Пятроўна Яхант найболей стварыла яго на свае ўласныя сродкі. Некалькі гадоў таму гэтая энтузіястка ціха адышла з белага свету. А ўвосень гэтага года якраз споўніцца 75 гадоў, як яна нарадзілася!
Не выдадзены дасюль Поўны збор твораў В. Таўлая. І гэта пры тым, што ў Баранавічах маецца дзяржаўны ўніверсітэт.
Як і шмат чаго іншага няма ў горадзе ля ракі Мышанка, як і тое, што шмат гадоў таму была скрадзена з будынка гарадской цэнтральнай бібліятэкі мемарыяльная дошка Таўлая (мастак У.П. Рамейка; медзь, чаканка), а ў г. Слоніме у адной з навучальных устаноў падмянілі музей імя В. Таўлая іншай назвай.
Валянцін Таўлай у вершы "Таварышу маёй вясны" пісаў:
Будзе песня звінець жаўруком,
пралятаючы далеч,
Да цябе даляціць -
ты хоць раз сірату прытулі...
Цёплай, сейбіцкай жменяй
мы шчыра жыццё раскідалі,
Каб вясна расцвіла для людзей
і на гэтай пакутнай зямлі.
І ўсё-такі падсалодзім юбілей В. Таўлай, прытулім яго да нашых грудзей. На мае запыты з Баранавіцкага гарадскога выканкама і яго аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі паступіла некалькі адказаў.
Так, у гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя В. Таўлая будзе зроблены выставачны комплекс "Шляхам паэта", раздзел на вэб-сайце ЦБС "Разам з Валянцінам Таўлаем", апытанне на вэб-сайце "Валянцін Таўлай і наш горад", буклет "Шчодры і сэрцам, і талентам", конкурс дэкламатараў вершаў паэта "І слова стане гаварыць...", краязнаўчы ўрок "Быць патрыётам Радзімы сваёй", будзе выдадзены бібліяграфічны спіс літаратуры, праведзены юбілейны вечар-партрэт і шмат чаго іншага.
Як адзначана ў адным з пунктаў адказаў: "Фондавыя матэрыялы краязнаўчага музея будуць выкарыстаны для арганізацыі сумеснага праекту Баранавіцкага і Лідскага краязнаўчых музеяў, прысвечанага юбілею В.П. Таўлая ў Лідзе" .
Запланаваны вялікія мерапрыемствы ў гонар паэта аддзелам адукацыі, спорту і турызму; будуць запрошаны родныя В. Таўлая, вядомыя паэты і вучоныя. Белпоштай прадугледжаны выпуск маркаванага канверта да 100-годдзя В. Таўлая - паэта, дзеяча нацыянальна-вызвольнага руху Заходняй Беларусі.
Для цікаўных мы толькі абазначым некаторыя беларускія, летувіскія і польскія мясціны, дзе жыў, дзейнічаў, ствараў альбо знаходзіўся ў турмах 5 разоў (слонімскай, гарадзенскай, віленскай, ізноў гарадзенскай, лідскай) паэт-змагар-пакутнік В. Таўлай, Баранавічы, Лунінец, Зэльва, Ліда, Рудаўка, Вялікая Кракотка, Слонім, Вільня, Азярніца, Рэчыца, Менск, Варшава, Залессе, Маладзечна, Гародня, Воўкавічы, Наваградак...
Пахаваны паэт у Менску на Вайсковых могілках. Першы яго паэтычны зборнік пабачыў свет цераз некалькі месяцаў пасля яго смерці. Творы В. Таўлая перакладзены на англійскую, армянскую, венгерскую, грузінскую, летувіскую, малдаўскую, польскую, рускую, украінскую, французскую мовы...
Міхась Угрынскі, г. Баранавічы.
Слуцкія паясы і грошы
21 лістапада 2013 года Нацыянальны банк выпусціў манеты двух наміналаў: срэбную 20 Br (33,62 г) і медна-нікелевую 1 Br (19,5 г). Выявы на іх аднолькавыя, прысвечаныя слуцкім паясам. На рэверсе гэта стылізаваная выява вокладкі каталогу з тэкстам: "Каталёг выстаўкі слуцкіх паясоў Беларускага дзяржаўнага музэю. Красавік 1927 г. Г. Менск".
Сайт Нацыянальнага банка паведамляе, што на рэверсе манеты таксама выяўлены фрагмент пояса з калекцыі Івана Луцкевіча, які быў паказаны Максіму Багдановічу, пасля чаго ён напісаў верш "Слуцкія ткачыхі".
На аверсе, як паведамляе Нацыянальны банк, адлюстраваны ўзор двухбаковага пояса, які выраблены на Слуцкай мануфактуры і знаходзіцца ў калекцыі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.
Яшчэ адна пара манетаў серыі "Слуцкія паясы" мае на рэверсе надпісы беларускаю лацінкаю - SLUCK , лацінскаю моваю - IOANNES MADZARSKI ME FECIT SLUCIAE , старабеларускаю кірыліцаю - ЛЕО МАЖАРСКІИ ВЪ ГРДЪ СЛУЦКЪ . Усе ўзятыя з тканых пазнакаў на паясах.
Аўтар абедзвюх манет С. Някрасава. Манеты бітыя на Віленскай мынцы.
Як адзначыў Вінцук Вячорка, надпіс класічным правапісам і беларуская назва Менск упершыню з'явіліся на беларускіх грашах. Адноўленая таксама традыцыя выкарыстоўваць на беларускіх грашах беларускую лацінку і лаціну.
Паводле Радыё Свабода.
Яго лялькі размаўлялі па-беларуску
Да 60-х угодкаў з дня народзінаў Юркевіча Сяргея Фёдаравіча (21.01 1954-19.08.2002)
60 гадоў назад 21 студзеня 1954 года ў сям'і Юркевіча Фёдара Ігнатавіча і Марыі Іванаўны з сям'і Бабровічаў у вёсцы Ілава Мядзельскага раёна нарадзіўся хлопчык Сяргей, які стаў вядомым дзеячам, карыфеем беларускага тэатральнага мастацтва і беларускай культуры, сапраўдным майстрам, рэжысёрам лялечных тэатраў, выдатным вучоным, кандыдатам мастацтвазнаўства, заснавальнікам двух лялечных тэатраў на Беларусі.
Яго цёця Фаіна Венядзіктаўна Бабровіч ўспамінае :
- З самага дзяцінства хлопчык вельмі захапляўся лялькамі, сам іх майстраваў і разыгрываў розныя ролі. Будучы яшчэ дашкольнікам, Сяргей прыязджаў у госці да бабулі Ганны Лук'янаўны на хутар Слабаду Мядзельскага раёна. Тады да яго прыходзілі дзеці з суседніх засценкаў гуляць у лялькі. Калі хадзіў у сярэднія класы з пап'е-машэ вырабляў пальцавыя лялькі казачных герояў, размалёўваў іх і з сябрукамі ладзіў аматарскія паказы. Сюжэты ў асноўным чэрпаў з беларускіх народных казак, якія чуў ад бабулі. Калі бабулін рэпертуар закончыўся, арганізаваў дзіцячую грамадскую бібліятэку для чаго падгаварыў вясковых дзяцей, каб папрыносілі з дому свае кніжачкі з казкамі ў кватэру яго дзеда Бабровіча Івана Іванавіча, а потым па чарзе карысталіся ёю - чыталі казкі, бо каб зрабіць пастаноўку казкі лялькаводы павінны ведаць яе змест
- Прымала ўдзел у гэтых забавах і я, - прыгадвае яго сястра Ларыса Фёдараўна. -Памятаю, як забаўны коцік на пальцы Сяргея варушыў галоўкай, будзячы пеўніка: "Пятушок, пятушок, чырвоны грабушок, чаму рана не ўстаеш, чаму курак не завеш?" Музыкальнае суправаджэнне для многіх пастановак выконваў на баяне наш дваюрадны брат Аляксандар Бабровіч
Майстэрствам хлопчыка цікавіліся і захапляліся дарослыя, прарочылі яму лёс артыста.
У 60-я гады мінулага стагоддзя, сям'я Юркевічаў пераехала з Ілава ў Маладзечна, дзе бацька пачаў працаваць будаўніком-аздабляльнікам. У школе хлопчык вучыўся вельмі старанна, пісаў вершы і працягваў займацца лялечнай справай. У Маладзечне прайшлі школьныя і юнацкія гады будучага рэжысёра. Пасля дзесяцігодкі падаў дакументы ў прэстыжны Ленінградскі дзяржаўны інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі імя Н. Чаркасава (зараз Санкт-Пецярбургская акадэмія тэатральнага мастацтва) на факультэт рэжысуры, але дакументы не прынялі, бо юнаку не споўнілася 18 гадоў. Адслужыўшы тэрміновую службу ў арміі ад свайго намеру не адмовіўся: у 1975 годзе Юркевіч Сяргей Фёдаравіч зноў падаў заяву ў гэты ж інстытут і паспяхова здаў уступныя экзамены. Выпадак выключны для Беларусі, бо ў гэтай навучальнай установе конкурс для абітурыентаў складаў каля 300 чалавек на месца. Гэты факт сведчыць пра настойлівасць у дасягненні мэты і выдатныя здольнасці юнака. У час вучобы яго настаўнікамі былі знакамітыя майстры лялечнай сцэны Міхаіл Каралёў, Сяргей. Абразцоў. У розныя гады тут вучыліся Аліса Фрэйндліх, Алег Басілашвілі, Міхаіл Баярскі. На адным курсе з Сяргеем займаўся будучы знакаміты акцёр тэатра і кіно Ігар Скляр.
У 1980 годзе Сяргей Фёдаравіч закончыў інстытут па спецыяльнасці рэжысёра тэатра лялек. У гэтым жа годзе Міністэрства культуры БССР даручыла Сяргею Фёдаравічу заснаваць тэатр лялек у горадзе Гародні. З пастаўленай задачай Сяргей Юркевіч паспяхова справіўся і на працягу сямі гадоў з'яўляўся дырэктарам і галоўным рэжысёрам заснаванага ім Гарадзенскага абласнога тэатра лялек. У рэпертуары тэатра мелася шмат пастановак для дзяцей, моладзі, дарослага гледача, якія задавальнялі самы вытанчаны густ. У спектаклях шырока выкарыстоўваўся ўвесь арсенал выразных сродкаў сучаснага тэатра лялек: розныя сістэмы лялек, маскі, рухомыя дэталі касцюмаў і дэкарацый, работа акцёраў у драматычным плане. Выдатны аркестравы ансамбль, цудоўная і зграбная сцэнаграфія, сучасная канцэптуальная рэжысура, глыбокія гуманістычныя і філасофскія спектаклі зрабілі Гарадзенскі тэатр лялек адным з найцікавейшых тэатраў Беларусі і замежжа.
У 1987 годзе Сяргея Фёдаравіча прызначылі галоўным рэжысёрам Берасцейскага абласнога тэатра лялек, дзе ён таксама шырока раскрыў свой велізарны творчы патэнцыял.
Але Сяргея Фёдаравіча цягнула ў горад дзяцінства-Маладзечна. У 1990 годзе яго мара збылася: яму даручылі заснаваць другі ў сваім жыцці тэатр - Менскі абласны тэатр лялек "Батлейка" ў горадзе Маладзечна. Тут ён працаваў мастацкім кіраўніком і рэжысёрам-пастаноўшчыкам. Яго намеснікам і паплечнікам быў знакаміты драматург і літаратуразнавец Пятро Васючэнка, які атрымаў пасаду загадчыка літаратурнай часткі новага калектыву. У 1995 годзе на базе Беларускага таварыства інвалідаў заснаваў Юркевіч С.Ф. і трэці, недзяржаўны, тэатр лялек "Кураж". У 1997 годзе Сяргей Фёдаравіч быў прыняты ў шэрагі Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў і пачаў выступаць з рэцэнзіямі ў часопісах "Мастацтва", альманахах "Веснік БелДПІК", "Весткі Беларускай акадэміі мастацтваў", штотыднёвіках "Голас Радзімы", "Культура", "ЛіМ", а таксама на беларускім радыё.
Творчыя здабыткі
За сваё творчае жыццё Сяргей Фёдаравіч здзейсніў каля 40 пастановак для дзяцей і дарослых у лялечных тэатрах Гародні, Берасця, Маладзечна, Менска. Сярод іх: у Гарадзенскім тэатры - "Людвіг і Тута" В. Богача і С. Хрыстоўскага, (1881), "Сіндбад-Мараход" Ю. Фрыдмана і В. Шульжыка (1981), "Аперацыя "Ласы кавалачак" Х. Рамо (1982 ), "Запалачка-невялічка" Р. Сцяфанава, (1983), "Насарог і Жырафа" (1983) Х. Гюнтара, "Балада пра белую вішню" С. Клімковіча (1984), "Прывітанне малпачцы" Г. Остара (1984), "Васіліса Прыгожая" К. Чарняк (1985), "Песня пра герояў" В. Корнева (1986); у Берасцейскім тэатры - "Беласнежка і сем гномаў" Л. Усцінава і А. Табакова, "Кот у ботах" Г. Уладычынай (1986), "Дзень нараджэння ката Леапольда" А. Хайта (1987), "Гарывада" (аўтар Юркевіч) паводле Н. Тулупавай (1988), "Забыць Герастрата!" Р. Горына (1989); у тэатры "Батлейка" (Маладзечна) - "Заяц варыць піва" С. Кавалёва, "Чароўны камень" В. Лукшы (1993), "Мая Іліяда" (аўтар Юркевіч) паводле паэтычных твораў У. Караткевіча...
Адначасова з Юркевічам С. Ф. працаваў галоўным мастаком выпускнік Ленінградскага вышэйшага мастацка-прамысловага вучылішча імя В. Мухінай Леанід Міхайлавіч Быкаў (1927-2004). Гэты вельмі таленавіты мастак аформіў больш за 100 спектакляў. Лялькі, створаныя яго рукамі, ігралі ў дзесятках спектакляў, сярод якіх "Сцяпан вялікі пан", "Папялушка", "Сіндбад-мараход", "Неверагодны ілюзіён", "Канёк-гарбунок", "Доктар Айбаліт". Да гэтай пары ідзе створаны ім у 1984 годзе спектакль "Васіліса Прыгожая", "Неверагодны ілюзіён". Юркевіч Сяргей разам з Леанідам Быкавым напісалі кнігу-дапаможнік для аматарскіх тэатраў лялек "Чароўны свет тэатра лялек", дзе цікава апісалі асаблівасці лялечнага тэатра. Напісаная імі кніга і зараз карыстаецца вялікім попытам.
З 1996 года Сяргей Фёдаравіч з'яўляўся навуковым супрацоўнікам Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры. За перыяд работы ў БелДІПК С.Ф. Юркевіч стварыў шмат публікацый па праблемах лялечнага тэатра, друкаваўся ў часопісе "Мастацтва", штотыднёвіку "Культура", прымаў удзел у навуковых канферэнцыях. Ён з'яўляўся актыўным ўдзельнікам грамадска-культурнага жыцця Беларусі, супрацоўнічаў з беларускімі драматургамі А. Туравай, С. Кавалёвым, І. Сідаруком, П. Васючэнкам, бардам В. Шалкевічам, акцёрамі лялечнага тэатра У. Уласавым, У. Грамовічам, А. Івановай, рэжысёрамі А. Жугждам, А. Ляляўскім, У. Матросам, М. Андрэевым, беларускімі кампазітарамі і сцэнографамі, з'яўляўся. лаўрэатам 1-га рэспубліканскага конкурсу творчай моладзі. Быў жанаты з Марынай Ягоравай, якая падарыла яму сына Дзяніса.
Памёр Сяргей Фёдаравіч Юркевіч 19 жніўня 2002 года, пахаваны на Паўночных могілках каля сталіцы.
Мядзельчане ганарацца сваім таленавітым земляком, які зрабіў значны ўнёсак у нацыянальную беларускую культуру.
Ясь Драўніцкі.