Папярэдняя старонка: 2014

№ 07 (1158) 


Дадана: 12-02-2014,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 7 (1158) 12 лютага 2014 г.


"Краязнаўчая газета" № 500

"Краязнаўчая газета" - выданне ГА "Беларускі фонд культуры". Гэта адзінае на сённяшні дзень агульнанацыянальнае выданне, прысвечанае краязнаўству і вывучэнню асаблівасцяў розных рэгіёнаў краіны. Першы нумар выйшаў у красавіку 2003 г. 24 студзеня 2014 г. выйшаў № 500 газеты. За больш як 10 гадоў выданне стала своеасабліваю пляцоўкаю, дзе краязнаўцы краіны, людзі, неабыякавыя да мінуўшчыны, традыцыяў і духоўнай спадчыны нашага народа сустракаюцца, абменьваюцца ведамі і досведам у галіне краязнаўства. У нейкай ступені гэта - аснова для стварэння краязнаўчага таварыства. Рэдакцыя ініцыянуе ўласныя акцыі: сярод іх па зборы сродкаў на рэстаўрацыю фрэсак Свята-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку, збор кніг беларускіх пісьменнікаў для вясковых бібліятэк з аўтографамі аўтараў, фіксацыя месцаў зніклых вёсак і інш. У 2014 годзе на сваіх старонках "Краязнаўчая газета" распачне новую ініцыятыву па стварэнні ў сельскіх раёнах, аграгарадках, былых мястэчках зямляцтваў - своеасаблівай формы вяртання выхадцаў, цяпер жыхароў іншых населеных пунктаў краіны, да каранёў радзіннага дрэва.

Сярод асноўных рубрык - "Выданні краязнаўцаў краіны", "Асоба ў краязнаўстве", "Рэгіён", "Спадчына ў небяспецы", "Царкоўнае краязнаўства", "Даследуюць школьнікі", "Малая краязнаўчая энцыклапедыя" ды інш. Выпісваюць газету ў розных кутках Беларусі настаўнікі, музейшчыкі і бібліятэкары, журналісты і рабочыя, школьнікі і студэнты - людзі розных узростаў і прафесій. Сярод аўтараў жа - не толькі нашыя землякі, але і грамадзяне Расіі (Алег Рудакоў з Іркуцка), ЗША (Ванкарэм Нікіфаровіч з Чыкага), Ізраіля (Уладзімір Ліўшыц), Украіны (а. Юры Мыцык з Кіева-Магілянскай Акадэміі) ды інш.

Фонд культуры і рэдакцыя падтрымалі ініцыятыву навукоўца Віталя Скалабана па стварэнні слоўніка сучасных краязнаўцаў і працягваюць збіраць звесткі пра тых, хто даследуе адметнасці свайго рэгіёну.

Цяпер газета выходзіць 4 разы на месяц (8 старонак фармату А-3), выпускаецца сіламі супрацоўнікаў Беларускага фонда культуры. У рэдкалегію ўваходзяць Анатоль Бутэвіч, Навум Гальпяровіч, Анатоль Грыцкевіч, Вітольд Ермалёнак, Алесь Карлюкевіч, Людміла Кірухіна, Адам Мальдзіс, Сяргей Мітраховіч, Вячаслаў Рагойша, Павел Сапоцька, Віктар Скорабагатаў і Тадэуш Стружэцкі. Галоўны рэдактар - старшыня ГА "Беларускі фонд культуры" Уладзімір Гілеп.

Прэс-рэліз "КГ" .


Шаноўнае спадарства!

13-16 лютага 2014 года ў Менску адбудзецца Трэці міжнародны паэтычны фестываль "Вершы на асфальце" памяці Міхася Стральцова. Арганізатары фестывалю - Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр. Партнёры - Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Інстытут імя Гётэ ў Менску, Польскі Інстытут у Менску, Шведскі саюз пісьменнікаў, грамадска-культурніцкая кампанія "Будзьма беларусамі".

Будзе прэзентаваная кніга Віславы Шымборскай "Канец і пачатак" з удзелам польскіх паэтаў і беларускія перакладчыкаў. У межах Фестывалю таксама чакаюцца музычныя выступы і паказ першага прафесійнага буктрэйлера.

Прэс-служба СБП.

Дзякую ўсім, хто павіншаваў мяне з 85-годдзем, у тым ліку кіраўніцтва Таварыства беларускай мовы на чале з Алегам Анатольевічам Трусавым, сяброў і сябровак, усіх за добрыя словы і сардэчныя пажаданні, за артыкул у "Нашым слове" дацэнта Святланы Крыулінай, якая зрабіла навуковы агляд маіх прац і пажаданні мне і маёй сям'і.

31 студзеня 2014 г. Анатоль Грыцкевіч.


90 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Капусціна

Аляксандр Пятровіч КАПУСЦІН (н. 12.2.1924, в. Старая Рудня Жлобінскага р-на - 16.10.1996), беларускі сав. пісьменпік. Скончыў Гомельскі настаўніцкі ін-т (1955), Вышэйшыя юрыдычныя курсы ў Маскве (1959). Удзельнік Айч. вайны. З 1946 працаваў у органах юстыцыі Гомельскай вобл. і ў Гомелі, з 1965 у рэдакцыі газ. "Гомельская праўда", потым у БелТА. З 1973 адказны сакратар, у 1974-80 намеснік галоўнага рэдактара газеты "Літаратура і мастацтва". Друкавацца пачаў у 1943 у падпольным друку.

Першы празаічны зб. "Суд ідзе" (1959). Аўтар запісак "Суд вырашыў..." (1975), зборнікаў аповесцей, апавяданняў і нарысаў "Покліч сэрца" і "Белыя гусі лета прарочаць" (1976), "Размова ў дарозе" (1977), "Скажу праўду" (1979), "Быць чалавекам" (1981). Асн. кірунак яго творчасці - прававая і маральна-этычная праблематыка, ваенна-патрыят. і інтэрнац. выхаванне. Перакладаў з рус. і польскай моў. Асобныя яго творы перакладзены на ўкр., літ., арм., тат., азерб., балг. мовы. Ганаровы грамадзянін Жлобіна (1983).

А.В. Скараход.


АРСЕНЮ ЛІСУ - 80

Арсень Сяргеевіч ЛІС (н. 4.2.1934, в. Вётхава Смаргонскага р-на Гарадзенскай вобл.), бел. фалькларыст, літ.-знавец, краязнавец. Д-р філал. н. (1997). Скончыў БДУ (1956). Настаўнічаў, працаваў рэдактарам Дзярж. выд-ва Беларусі. З 1962 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе фальклорныя жанры (манаграфіі "Купальскія песні", 1974; "Валачобныя песні", 1989; "Жніўныя песні", 1993), л-ру, краязнаўства, перыядычны друк Беларусі, жыццё і дзейнасць працаўнікоў бел. нац.-вызв. руху, гісторыю мастацтва і культуры. Адзін з укладальнікаў, аўтар уступных артыкулаў і каментарыяў да тамоў акад. серыі "Беларуская народная творчасць" - "Жніўныя песні" (1974), "Восеньскія і талочныя песні" (1981), "Купальскія і пятроўскія песні" (1985), "Паэзія беларускага земляробчага кален-дара" (1992). Склаў зб-кі "Беларускія народныя песні" (1970), "Беларускі фальклор" (у суаўт., 4-е выд. 1996), "Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы" (1984, з І.У. Саламевічам), "Тарашкевіч Б. Выбранае" (1991) і інш. Аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў "Песня на ўсё жыццё" (пра Р.Р. Шырму, з І.К.Цішчанкам, 1984), "Прысады жыцця" (пра М.І. Гарэцкага, з І.В. Калоўскім, 1985), "Зямля Тарашкевіча" (з Ю.В. Лысятавым, 1991), "Аркадзь Смоліч", "Дзядзька Уласаў" (пра А.М. Уласава, абодва 1992), "Адвечныя званы" (пра М.В.Доўнар-Запольскага, 1993). Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

І.У. Саламевіч.

(Пра А. Ліса чыт. на ст.3.)


Віктару Шалкевічу - 55

9 лютага 55-годдзе адзначыў адзін з найпапулярнейшых беларускіх бардаў - Віктар Шалкевіч . У сваёй творчасці спадар Віктар заўжды спалучаў тонкую лірыку і надзвычайную іронію, ягоныя песні заўжды знаходзілі свайго слухача не толькі сярод аматараў бардаўскай песні, але і сярод прыхільнікаў блюза і танга.

Рэдакцыя газеты "Наша слова", Лідская гарадская арганізацыя ТБМ шчыра віншуюць шаноўнага Віктара з выдатнай датай.

Спявай Віктар, твая жыццярадасная творчасць патрэбная Беларусі.


100-годдзе Валянціна Таўлая ў Лідзе

8 лютага ў г. Лідзе адзначалі 100-годдзе з дня нараджэння беларускага паэта Валянціна Таўлая. Лёс звязваў Валянціна Таўлая з многімі населенымі пунктамі Беларусі. Нарадзіўся ён 8 лютага 1914 г. у Баранавічах, пайшоў у школу ў Лідзе, жыў у Рудаўцы на Слонімшчыне і вучыўся ў Слонімскай гімназіі. Пасля польскіх турмаў і кароткага акрэсу жыцця ў БССР, зноў турмаў працаваў у 1939-41 гг. у лідкай газеце "Ўперад", быў у падполлі на Наваградчыне, сядзеў у лідскай турме пры немцах, пасля вайны да 1947 г. працаваў у Менску.

Усе гэтыя этапы жыцця Валянціна Таўлая прадстаўлены ў кнізе "Этапы жыццёвых дарог", з прэзентацыі якой у Лідскай цэнтральнай народнай бібліятэцы імя Янкі Купалы і пачаліся ўрачыстасці. Аўтар кнігі супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Анастасія Каладзяжная, аўтар прадмовы Станіслаў Суднік.

"Факт да факту, падзея да падзеі, і з кнігі паўстае вобраз паэта-змагара і вельмі неардынарнага чалавека. Пры гэтым у кнізе вельмі мала чыста аўтарскага тэксту, яшчэ менш аўтарскіх эпітэтаў. Усе эпітэты ўзяты з выказванняў тых людзей, якія ведалі Валянціна Таўлая, якія жылі побач, якія побач змагаліся", - гаворыцца ў прадмове

На свята прыехалі сваякі Валянціна Таўлая, землякі з Рудаўкі, і ў першую чаргу з Пецярбурга прыехала дачка Галінка з мужам, акадэмікам Ігарам Маціеўскім і прарэктарам Расійскага інстытута культуры і мастацтваў Юрыем Бундзіным.

І вось вам пецярбургская інтэлігенцыя - што Галінка Таўлай выдатна валодае беларускай мовай, то не дзіва, але на выдатнай беларускай мове размаўляў і Ігар Маціеўскі, які нарадзіўся ў Харкаве і ні дня не хадзіў у беларускую школу. Адным словам - Пецярбург.

Пасля прэзентацыі кнігі ўдзельнікі свята накіраваліся па таўлаеўскіх мясцінах Ліды. Бязлітасная вайна пакінула мала што аўтэнтычнае: згарэла хата, дзе жылі бацькі В. Таўлая, але захавалася турма "На Сыракомлі". На верхніх паверхах сёння тут мэблевая фабрыка, склеп жа фактычна аўтэнтычны, а дзверы камеры № 13 цалкам аўтэнтычныя.

Пасля турмы накіраваліся да рэдакцыі "Лідскай газеты" - спадкаемцы газеты "Уперад", якая была заснавана ў 1939 годзе, і дзе з першых нумароў працаваў Валянцін Таўлай. У памяць пра гэта на будынку рэдакцыі была адкрыта памятная шыльда. Выканаў шыльду Рычард Груша.

Наступным пунктам маршруту стала бібліятэка імя Валянціна Таўлая па вул. Фурманава. Бібліятэка носіць імя В. Таўлая ўжо 50 гадоў. Тут да 100-годдзя паэта падрыхтавана выстава твораў, а таксама быў зроблены прыгожы банэр з партрэтам паэта, радкамі верша, здымкам лідскай школы імя Людвіка Нарбута, у якой малы Валянцін пачаў свае "ўніверсітэты" і дзе напісаў свой першы верш на польскай мове. У ніжняй часцы банэра мосцік цераз Лідзейку недалёка ад вуліцы В. Таўлая ў Лідзе.

Кульмінацыяй святкаванняў стала адкрыццё мемарыяльнай дошкі на доміку, дзе ў 1939-41 гадах жыў Валянцін Таўлай са сваёй першай жонкай Кірай. Домік ацалеў у вайну, але наўрад ці дастояў бы да нашага часу, каб падчас першага этапу рэстаўрацыі Лідскага замка ў 70-х гадах ХХ стагоддзя яго не абклалі цэглай. Тут размяшчаўся спорткамітэт, што зусім не адпавядала культурнай значнасці будынка, таму з 1994 года грамадскасць горада, і ў першую чаргу ТБМ, пачала кампанію па высяленні спорткамітэта і перадачы будынка аддзелу культуры з тым, каб адкрыць тут Лідскі літаратурны музей. І нарэшце ў 2010 годзе падчас падрыхтоўкі да "Дажынак-2010" з'явілася магчымасць ажыццявіць задуманае. Раённыя ўлады выдзелілі сродкі, правялі рамонт, і ў доміку быў адкрыты Літаратурны філіял Лідскага гістарычна-мастацкага музея. Домік зажыў новым літаратурным жыццём.

У савецкія часы на доміку вісела просценькая мемарыяльная дошка, якая нагадвала, што тут калісьці жыў паэт, але ў 90-я гады дошку знялі і згубілі.

Эпапея з устаноўкай новай дошкі пачалася ў 2008 г. Некалькі разоў праекты заварочваліся Гарадзенскай мастацкай радай, пакуль нарэшце перад 100-годдзем справа ўстаноўкі мемарыяльнай дошкі не стала справай гонару Лідскага райвыканкама. Праект дошкі нарэшце быў зацверджаны ў Гародні, былі знойдзены грошы, і вось намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віктар Францавіч Пранюк, дачка Валянціна Таўлая - Галінка Таўлай, скульптар - Рычард Груша адкрылі дошку, завяршыўшы тым самым 20-гадовую гісторыю давядзення да годнага ўзроўню ўшанаванне памяці слаўнага сына Беларусі, патрыёта і змагара, выдатнага паэта Валянціна Таўлая.

Непасрэдна пасля адкрыцця дошкі Галінка Таўлай сказала карэспандэнту Радыё Рацыі:

- Калі я сённа пабачыла колькасць людзей, якія прыйшлі на гэтае свята ў бібліятэку... Цяжка было стрымаць пачуцці. Гэта было настолькі ўражліва. Трэба сказаць, што памяць пра Таўлая сапраўды здзіўляе - гэта прайшло столькі гадоў, чалавек пражыў такое непрацяглае жыццё і заставіў такую добрую памяць пра сябе, пра сябе, як чалавека, які заўсёды быў за Беларусь.

Наступным этапам святкавання стала тэатралізаваная пастаноўка з біяграфіі Валянціна Таўлая. Ролю Валянціна выконваў рэжысёр Лідскага народнага тэатра Алег Лазоўскі, а ролю Кіры грала супрацоўніца Лідскага гістарычна-мастацкага музея Ілона Мерава. І Ліда не была б Лідай, каб не прагучаў той самы першы верш паэта на польскай мове пра верабейку, які В. Таўлай напісаў у Лідзе.

А ў літаратурна-музычнай гасцёўні, апошнім пункце маршруту, можна было нарэшце перадыхнуць, пазадаваць пытанні, выказацца, пачытаць вершы. Выступіла Ніна Пазняк, сенатар ад г. Ліды, намеснік начальніка ідэалагічнага аддзела А. Самсонаў распавёў пра малавядомыя моманты стварэння музея. А нам застаецца сказаць, што на розных этапах сілы і талент для арганізацыі свята прыклалі самыя розныя людзі: Ірына Саўсян - дырэктар цэнтральнай бібліятэкі, Кацярына Серафіновіч - рэдактар "Лідскай газеты", Ганна Драб - дырэктар Лідскага гістарычна-мастацкага музея, супрацоўнікі музея Анастасія Каладзяжная і Алесь Хітрун, супрацоўнікі мэблевай фабрыкі і бібліятэкі імя В. Таўлая, і ні аднаго збою, усюды высокі ўзровень культуры. Прыемна, ганарова і амаль усё па-беларуску.

Ліда шануе роднае і ўмее гэта рабіць.

Яраслаў Грынкевіч.


ГВАЛТ НАД НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ТАПАНІМІЯЙ - НЕБЯСКРЫЎДНАЯ ЗАБАВА

Ужо ў трэці раз дзяржаўныя мужы робяць замах на нашу тапанімію - нацыянальную гістарычна-культурную спадчыну беларускага народа, на святая святых - нацыянальную незалежнасць. А спадчына ж гэтая незвычайная, гукавая, мова роднай зямлі, у ёй увасоблена шматвекавая духоўная практыка, увесь жыццёвы вопыт народаства-ральніка. Вось такая спадчына, у якой жыве Дух і Розум, Гонар і Слава нашых крэўных продкаў, перакрэсліваецца, асуджаецца на небыццё. Балюча і горка быць сведкай падобнай расправы.

Апошнім разам ініцыятыва скасаваць нацыянальны скарб зыходзіць ад Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Няўжо здзейсніць грахоўны акт гатовыя і тыя ўладныя асобы, якія ставілі свае подпісы пад наступнай фармулёўкай "Инструкции по передаче на русский язык наименований географических объектов Республики Беларусь" , зацверджанай у 2005 г. Камітэтам па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі пры Саўміне Рэспублікі Беларусь (зараз Дзяржкамітэт па маёмасці): "Наименования географических объектов Республики Беларусь передаются на русский язык с национальных форм наименований, которые установлены на основании нормативных правовых актов" . Тут абсалютны прыярытэт нацыянальных формаў прапісаны цалкам адназначна.

Але хто б ні стаяў за намерамі ўнесці змены ў Закон аб геаграфічных найменнях, ён відавочна не ўсведамляе элементарнай ісціны - чые назвы паселішчаў, таго і зямля. Ці задумваліся нашыя міністры, чаму так паспешліва пераафармляюцца беларускія тапонімы на іншамоўны лад на тых тэрыторыях, якія дасталіся ад нас палякам, расіянам, украінцам, літоўцам? Давайце кінем позірк на Беласточчыну, Віленшчыну. Ці знойдзем мы там на сённяшні дзень хоць бы адну назву, якая б сведчыла пра сваё беларускае паходжанне? Гісторыя забываецца, а перайначаная форма тапоніма траціць сваю ідэнтычнасць і становіцца сталай тэрытарыяльнай адзнакай іншага этнасу. Мой знаёмы маскоўскі прафесар, зусім лаяльны да беларусаў і Беларусі, вельмі здзівіўся, калі аднойчы пачуў, што літоўскі Вільнюс - гэта былы беларускі горад Вільня.

У савецкую эпоху Беларусь была ў складзе Савецкага Саюза, і тады намі распараджаліся, як хацелі. У выніку амаль палова тапонімаў не прачытвалася, згубіла сваю арыгінальную форму, многія назвы былі скажоныя да непазнавальнасці, не мелі адзінага напісання, тапанімію літаральна запаланілі арфаграфічныя, граматычныя і фактычныя памылкі (гл. артыкул у НН "Не перавяліся яшчэ дзяржаўныя чыноўнікі, якім не дае спакою ўсё беларускае" ). А колькі страт і блытаніны нанесла бяздумнае перайменаванне нашых спрадвечных назваў (гл. артыкул у НН "Як нам вярнуць беларускія назвы" )! Вось гэтае смецце на працягу больш за 10 гадоў давялося разграбаць менавіта тым вучоным, якіх ідэолаг І. Карпенка абазваў бязмозглымі. Зараз нашая дзяржава прызнаецца незалежнай. То навошта ж яе абязлічваць, зноў вяртацца ў той страшэнны хаос?!

Выкараненне нацыянальнай тапаніміі - небяскрыўдная забава, яна мае яскравую палітычную афарбоўку, ад яе патыхае здрадай нацыянальных інтарэсаў. Хіба мы ўжо саспелі да таго, каб аддаць апошні кавалак зямлі пад чужы пратэктарат? Ні адна нацыя не ў праве пагарджаць сваімі духоўнымі каштоўнасцямі, калі яна жадае заставацца нацыяй.

Валянціна Лемцюгова, доктар філалагічных навук, прафесар.


Справаздача аб дзейнасці Шклоўскай раённай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны з верасня 2009 года па студзень 2014 года

У справаздачны перыяд праведзена наступная работа:

1. Сабраны і пералічаны фінансавыя ахвяраванні на дзейнасць ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны;

2. У 2011 годзе пабачыла свет кніга Аляксандра Грудзіны: "Мой радавод, мая сям'я", якая таксама размешчана на сайце Kamunikat.org Беларуская інтэрнэт-бібліятэка.

3. Сябры таварыства Аляксандр Грудзіна і Пётр Мігурскі прынялі ўдзел ў навукова-практычнай канферэнцыі "Магдэбургскае права на Магілёўшчыне: учора, сёння, заўтра". Па выніках канферэнцыі выдадзена кніга пад назвай "Магдэбургскае права на Магілёўшчыне: учора, сёння, заўтра. - Магілёў: Сацяльна-культурнная ўстанова "Рэгіянальнае бюро стратэгія развіцця і міру", Рэспубліканская праваабаронча-асветніцкая арганізацыя Рух "За свабоду", 2012 год. У кнізе, змешчана праца А. Грудзіны і П. Мігурскага "Гістарычны брэнд Шклова і прывабнасць інвестыцый".

4. Сябар таварыства Аляксандр Грудзіна:

a) 14-15 снежня 2009 года прыняў удзел у навукова-практычнай канферэнцыі "Археалогія, этнаграфія і гісторыя Магілёўшчыны і Верхняга Падняпроўя". Даследчая работа: "Музей жыве, музей папаўняецца" змешчана ў гістарычна-краязнаўчым зборніку "Магілёўшчына", XI выпуск. - Магілёў, 2011 год.

b) 20-21 траўня 2010 года прыняў удзел у навукова-практычнай канферэнцыі "Проблемы и перспективы становления гражданского общества". Даследчая работа: "Ратуша Шклова" /на беларускай мове/ змешчана ў зборніку матэрыялаў канферэнцыі "Проблемы и перслективы становления гражданского общества". - Могилев: Учреждение образования "Могилевский государственный университет продовольствия", 2010 год.

c) таксама па-беларуску агучаны даклады "З гісторыі Уваскрасенскай царквы Шклова" і "Царкоўная унія і гісторыя некалі галоўнага храма Шклова" на навуковай канферэнцыі "Археалогія, этнаграфія і гісторыя Магілёўшчыны і Верхняга Падняпроўя" (18 - 19 снежня 2012 года, Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е.Р. Раманава) і на навукова-краязнаўчай канферэнцыі "XX стагоддзе на Шклоўшчыне" (30 студзеня 2013 года, Шклоўскі гістарычна-краязнаўчы музей).

5. На паседжанні таварыства 19 лістапада 2013 года прыняты зварот да Міністэрства культуры Беларусі супраць спробаў ліквідаваць Літаратурны музей Максіма Багдановіча, як юрыдычную асобу і такім чынам панізіць яго статус і 7 снежня 2013 года да Шклоўскага райвыканкама з просьбай паспрыяць у наданні адной з вуліц горада Шклова імя беларускага пісьменніка Міхася Зарэцкага (Касянкова).

6. Асобныя матэрыялы сяброў таварыства: Л. Анціпенкі, А. Грудзіны, Р. Кастусёва, П. Мігурскага грамадска-палітычнага, літаратурнага і гістарычна-краязнаўчага кірункаў друкаваліся ў газеце ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" "Наша слова", а таксама ў раённай газеце "Ударны фронт", пазнавальна-аналітычнай мясцовай газеце "ШКЛОЎ-інфо" і беларускіх інтэрнэт-выданнях.

7. Сябры таварыства Л. Анціпенка, А. Грудзіна, Р. Кастусёў, П. Мігурскі, М. Кучарэнка прымалі актыўны ўдзел у рабоце "Літаратурнага салона", які дзейнічаў на працягу 2011 г. ў Шклоўскім гістарычна-краязнаўчым музеі.

А. Грудзіна, старшыня Шклоўскай раённай арганізацыі ТБМ.


Іван Макаравіч Хозераў 125 гадоў з дня нараджэння

Іван Макаравіч Хозераў [21.01(2.02). па іншых дадзеных, 24.01 (5.02). 1889, Смаленск - 21.03.1947, Менск)], мастак, даследнік помнікаў старажытнарускага дойлідства, музейны дзеяч.

З сям'і рабочага (бацька І.М., Макар Дзмітрыевіч Хозераў, працаваў бондарам на гарбарні). У 1907 г. І. Хозераў скончыў Смаленскую Аляксандраўскую рэальную вучэльню, у 1908-1910 гг. з'яўляўся слухачом Пецярбургскага псіханеўралагічнага інстытута (праслухаў "вышэйшы агульнаадукацыйны курс"). Працягнуў адукацыю ў Пецярбургскай вучэльні Таварыства заахвочвання майстэрстваў (1910 г.) і ў Варшаўскім Політэхнічным інстытуце (1914-1916 гг.), які праз цяжкае матэрыяльнае становішча сям'і не скончыў. У 1916-1919 гг. навучаўся на Смаленскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута (па іншых звестках, з 1 верасня 1918 г. - на факультэце гісторыі мастацтваў).

Да лютага 1917 г. працаваў мастаком-літографам у друкарні, зарабляючы на жыццё таксама прыватнымі ўрокамі і выкананнем дробных мастацкіх замоў. У 1918 г. - справавод мастацка-археалагічнага пададзела АНА выканкама Савета працоўных і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці. У кастрычніку 1920 г., у сувязі з тым, што ў якасці загадчыка "тэхнічнай часткай аддзела не праводзіў належнага тэхнічнага нагляду над выкананнем замоў і выкарыстаннем атрыманых па патрабаваннях аддзела матэрыялаў", Хозераў прыцягваўся да суда "па абвінавачванні ў падробках, хабарніцтве і злачынствах па пасадзе", атрымаўшы ў выніку "строгую вымову і папярэджанне". У далейшым працягнуў працу ў губАНА ў якасці тэхніка.

У студзені 1925 г. узначаліў Смаленскі губмузей і СДАМ (апошні - спачатку толькі часова, паколькі кандыдатура Хозерава не была зацверджана ў Галоўнавуцы). У лютым 1927 г. вызвалены ад пасады дырэктара СДАМ, а ў сувязі з тым, што губмузей у тым жа годзе быў скасаваны, прызначаны інспектарам па справах музеяў (пры губ-АНА). З 8 ліпеня 1929 г. - загадчык мастацкай галерэі СДАМ, а з 9 верасня таго ж года - ізноў часовы выканаўца абавязкаў дырэктара Смаленскага дзяржаўнага музея. У студзені 1930 г., з прызначэннем на пасаду інспектара па справах музеяў і дырэктара Заходняга абласнога дзяржаўнага музея (ЗАДМ) А.І. Амосенкі, Хозераў стаў яго намеснікам (па ЗАДМ). У траўні 1931 г. у выніку чысткі, праведзенай у ЗАДМ гарадской кантрольнай камісіяй ВКП(б) і Рабоча-сялянскай інспекцыяй, Хозераў звольнены з музея і зноў прыцягнуты "да судовай адказнасці". Гэта адбылося, не гледзячы на тое што Хозераў быў вельмі паслухмяным правадніком дзяржаўнай палітыкі ў музейнай справе губерні. Перыяд яго знаходжання на пастах загадчыка губмузея і інспектара па справах музеяў стаў першым крокам на шляху ператварэння музеяў Смаленшчыны ў палітыка-асветныя ўстановы. Разам з тым, з'яўляючыся адмыслоўцам досыць высокага ўзроўню, Хозераў многае зрабіў для вывучэння дойлідства Смаленшчыны (званіца Ўспенскага сабора, цэрквы Пятра і Паўла, Іяана Папярэдніка, Іяана Багаслова, Міхаіла Арханёла, цвердзевая сцяна) і Беларусі (Сафійскі сабор і Спаскі храм у Полацку; царква Звеставання ў Віцебску).

Гістарычна-архітэктурныя даследаванні Хозераў спалучаў з археалагічнымі пошукамі "згубленых частак старажытных будынкаў". Сферу яго навуковых інтарэсаў складала таксама вывучэнне помнікаў іканапісу са збору былога музея "Руская даўніна". У 1922 г. Хозераў увайшоў у склад кіравання Музея старога Смаленска, а таксама створанага пры апошнім па ініцыятыве губмузея аднайменнага таварыства. Пазней ён быў і ў кіраванні Смаленскага таварыства краязнаўства.

Хозераў прымаў актыўны ўдзел у мастацкім жыцці Смаленска: яго працы экспанаваліся на розных выставах, у тым ліку на 1-й і 2-й выставах Таварыства смаленскіх мастакоў (1918, 1919 гг.), а ў 1926 г. ён стаў чальцом Смаленскага філіяла АХРР. У канцы 1930-х гг. Хозераў з'яўляўся старшынём Смаленскага таварыства "Мастак" (на люты 1940 г.). Аж да самага пачатку вайны ў абласной перыёдыцы ён асвятляў навуковыя і культурныя падзеі, якія адбываліся ў краі. У 1941 г. Хозераў выступіў з дакладам на пленуме інстытута гісторыі матэрыяльнай культуры імя Н.Я. Мара, дзе падвёў вынікі археалагічных даследаванняў помнікаў архітэктуры Смаленшчыны.

Улетку 1941 г.. падчас нямецкага бамбавання Смаленска (па іншых звестках, Менска), загінула маёмасць Хозерава, у тым ліку бібліятэка і навуковы архіў. У ліку згубленых апынуліся неапублікаваныя працы Хозерава "Помнікі архітэктуры Полацкага Барысаглебскага манастыра XII ст.", "Разваліны Манамахава храма 1101 г. у Смаленску" і шэраг іншых рукапісаў. З 1944 г. Хозераў працаваў у Акадэміі архітэктуры СССР, а з 1946 г. - у Кіраванні па справах архітэктуры пры СНК БССР. Апошнія гады яго жыцця прайшлі ў Менску.

У паваенны перыяд, не гледзячы на цяжкую хваробу, ён паспеў прыняць удзел у новых даследаваннях Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку, а таксама напісаў некалькі прац: "Смаленскі крэмль", "Новыя звесткі пра помнікі архітэктуры ХI-ХII стст. у Полацку", "Яшчэ пра майстра Пятра", "Архітэктура і жывапіс Заходняй Русі ХI-ХII стст." і інш. Навуковую спадчыну Хозерава складаюць апублікаваныя асобнымі выданнямі і ў перыёдыцы працы, галоўным чынам па гісторыі архітэктуры Смаленшчыны і Беларусі.

Сачыненні:

Археалагічнае вывучэнне помнікаў дойлідства старажытнага Смаленска//Кароткія паведамленні інстытута гісторыі матэрыяльнай культуры. - Вып. XI. - М.; Л., 1945. - С. 20-26;

Беларускае і Смаленскае дойлідства XI - XII стст. - Менск, 1994; Горад Смаленск напачатку XVII стагоддзі//Смаленская абарона. 1609-1611 гг. - Смаленск, 1939. - С. 227-258;

Знакі і таўры цэглы смаленскіх помнікаў дойлідства найстаражытнага перыяду//Навуковыя весткі Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта. - Т. V. - Вып. 3. - Смаленск, 1929. - С. 167-184;

Да даследавання канструкцыі Спаскага храма ў Полацку. - Смаленск, 1927;

Новыя звесткі пра помнікі старажытнага Смаленска //Новыя звесткі пра Смаленскую гарадскую сцяну. - Смаленск, 1930;

Новыя дакументы пра творчасць Д. Жылярдзі//Архітэктура СССР, 1941, № 2, с. 63;

Выяўлены невядомыя праекты М.Ф. Казакова і Д. Жылярдзі//Працоўны шлях, 1941, 2 лют.;

Ахоўваць помнікі даўніны//Працоўны шлях, 1940, 29 лістап.;

Помнік ранняга італьянскага Адраджэння 13-га стагоддзя са збору Смаленскага дзяржаўнага гістарычна-этнаграфічнага музея//Працы Смаленскіх дзяржаўных музеяў. - Вып. 1. - Смаленск, 1924.-С. 89-102.

Д.І. Будаеў.


Беларускім шляхам

Арсеню Лісу - 80

4 лютага споўнілася 80 гадоў выбітнаму беларускаму навукоўцу, пісьменьніку і літаратуразнаўцу Арсеню Лісу.

Кажучы пра феномен беларускага шасцідзясятніцтва, даследчыкі, зазвычай літаратуразнаўцы, амаль заўсёды імкнуліся весці паралелі з "старэйшым братам", у якога былі Еўтушэнка, Раждзественскі, Вазнясенскі, Ахмадуліна, Акуджава, плошча Маякоўскага, вечары на стадыёнах і ў Політэхнічным. Раўнаючы на беларускую сітуацыю, адзначалася, што ў нас, маўляў, таксама было сёе-тое, але маштабы не тыя…

Ушчэнт забываліся людзі на спецыфіку

Беларускае шасцідзясятніцтва было ў першую чаргу нацыянальна-арыентаваным па сваёй сутнасці. Зрабілі яго феноменам як ні дзіва не толькі і не столькі пісьменнікі, як навукоўцы-гуманітарыі: Міхась Чарняўскі, Генадзь Каханоўскі, Міхась Ткачоў, Мікола Ермаловіч, Зянон Пазняк, Генадзь Кісялёў і, безумоўна, Арсень Сяргеевіч Ліс.

Менавіта руплівая праца гісторыкаў у 1960-1980-я гады - збіранне і захаванне, перадача з вуснаў у вусны, з рук у рукі фактаў, кніг, вусных успамінаў, а пазней і правядзенне праз цэнзурныя рагаткі да публікацыі - дазволіла ўзнавіць нацыянальны праект у надзвычай складаных варунках савецкага часу, а пазней, у час паўстання незалежнасці, за некалькі гадоў стварыць нацыянальны варыянт гістарыяграфіі.

У кола аднадумцаў кожны трапляў сваім, часам вельмі пакручастым шляхам. Для Арсеня Ліса беларускасць была роднай, яна спадарожнічала яму з самага маленства.

…Ён - заходнік. Як можна прайсці наўзбоч беларушчыны, калі бацьку твайго вучыў у школе Язэп Гаўрылік, які неўзабаве стане паслом польскага сейма; калі цётка твая выходзіць замуж за паэта Алеся Салагуба, а дзядзька Васіль аздабляе графікай беларускі часопіс "Маланка". У хаце тваёй некалі спыняўся Сымон Рак-Міхайлоўскі. Пад падушкай у цябе ляжыць хрэстаматыя "Родны край" Леанілы Чарняўскай, часопіс "Заранка" і пецярбургскае, "заглянесонцаўскае" "Другое чытанне" Якуба Коласа. Маці і бацька, сялянка і чыгуначнік, спяваюць на два галасы "Не загаснуць зоркі ў небе…", "Зорку Венеру", а дзядзька Рыгор спыняе цябе ў двары і патрабуе прадэкламаваць "Хто ты гэткі? Свой, тутэйшы".

Сёння гэта гучыць як фантастыка. Тым не менш, у Заходняй Беларусі было нямала такіх мясцін, і Лісава вёска Вётхава на Смаргоншчыне зусім не была "беларускім гета": хапала сваіх беларускіх дзеячаў, палітыкаў, паэтаў, мастакоў і ў суседняй гміне, і ў суседнім ваяводстве…

І як тут не станеш даследчыкам культуры Заходняй Беларусі!

Зрэшты, да сваёй тэмы Арсень Ліс падступіўся не адразу. Была вучоба на філфаку БДУ, праца ў Шаркаўшчыне ў мясцовым РАНА, а неўзабаве - пераезд у Менск, на працу ў Дзяржаўнае выдавецтва БССР. Хто толькі не тупаў калідорамі выдавецтва ў 1957-1959 гады, калі там працаваў малады Ліс. Прыязджалі з высылкі і турмаў былыя "маладнякоўцы" і "ўзвышэнцы", заходзілі ў выдавецтва са сваімі новымі кнігамі, а хто навечна застаўся за кратамі, рукапісы тых прыносілі жонкі і дзеці. Наведваліся і маладыя. Не ўсе ведаюць гэты факт, але, каб не Арсень Ліс, застаўся б першы зборнік Уладзіміра Караткевіча без вершаў "Паўлюк Багрым" і "У векавечнай бацькаўшчыне клёны…". Першы з іх быў прызнаны двухсэнсоўным, а другі проста выкінуў з рукапісу рэдактар "Матчынай душы".

"Заходніцтва" вярнулася ў аспірантуры Акадэміі навук, куды Ліс паступіў у 1959 годзе, ды так і застаўся з акадэміяй на ўсё жыццё. Першая ж тэма, "Народна-паэтычная творчасць Заходняй Беларусі", стала лёсавызначальнай, як быццам распаўшыся на дзве асобныя: самое заходнебеларускае мастацтва і народную песню, за якой навуковец дзесяцігоддзямі ездзіў па ўсёй Беларусі, запісваючы на магнітафон, парадкаваў у дыхтоўныя тоўстыя тамы серыі "Беларуская народная творчасць", аналізаваў у фалькларыстычных манаграфіях. Збіраючы матэрыял для дысертацыі, Арсень Ліс перагарнуў падшыўкі ўсіх заходнебеларускіх перыёдыкаў, а неўзабаве выйшаў і на старых беларускіх дзеячаў: Зоську Верас, Янку Багдановіча, сыноў Антона Луцкевіча і многіх іншых. Завязаліся знаёмствы, паляцелі з Вільні ў Менск доўгія лісты, праз якія адкрывалася невядомая, замкнёная ад старонняга вока гісторыя Беларусі. З цягам часу фактура ўвасобілася ў кнігах пра Браніслава Тарашкевіча, Язэпа Драздовіча, Язэпа Горыда, Міколу Шчакаціхіна, Пётру Сергіевіча - кнігах вельмі чулых, набліжаных да мастацкай прозы, і ў той жа час вельмі насычаных унікальнымі звесткамі. Мажліва, гэтыя біяграфіі, якім неўзабаве ўжо стукне паўвеку, паціху старэюць. Але замяніць іх пакуль няма чым. І не вельмі рвуцца наступнікі, каб дапоўніць сказанае Лісам, напісаць аб'ёмнейшыя і лепшыя кнігі. Да таго ж - Арсень Сяргеевіч мог запраста ўдакладніць нешта ў жонак Тарашкевіча і Шчакаціхіна, у самога Пётры Сергіевіча, у сваякоў і землякоў Драздовіча, у віленскіх беларусаў. У каго сёння спытаецца даследчык? Толькі ў архіўных папераў і… ў самога Арсеня Ліса, чыя памяць - "томов премногих тяжелей".

…Ён - інтэлігент: акуратны і гжэчны, асцярожны ў ацэнках і ўважлівы да іншага меркавання. І размова з ім, і чытанне ягоных кніг - заўсёды інтэлектуальнае задавальненне і, адначасова, праверка і ўрок.

…Ён - чалавек, на якога хочацца быць падобным.

Ціхан ЧАРНЯКЕВІЧ , lit-bel.org. На здымку: Арсень Ліс у маладосці.


"Скарбы хараства"

Чыстыя слёзы з вачэй пакаціліся нізкай парванай,

Але, упаўшы ў пыл, брудам зрабіліся там.

М. Багдановіч.

Наведвальнікі мастацка-дакументальнай выставы "Праглядзіце гэты томік ", прысвечанай 100-годдзю адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў Максіма Багдановіча "Вянок", маюць магчымасць нанова адкрыць для сябе незвычайную прыгажосць паэзіі песняра чыстае красы.

"Узгадаваны на прымерніках найлепшых твораў сусветнай літэратуры, з каторымі яшчэ ў гімназіі знаёміўся найбольш у арыгіналах, Багдановіч мае незвычайна сільнае пачуццё красы, гармоніі. З гэтай прычыны кожны з яго вершаў, найчасцей зусім кароценькіх адзначаецца бязспорна артыстычнай формай: гэта перла беларускай паэзіі", - пісаў Антон Луцкевіч.

Паэзія Максіма Багдановіча здавалася надзвычай вытанчанай і наватарскай у пачатку ХХ стагоддзя, не можа яна і сёння быць параўнана ні з чым, акрамя музыкі. Хараство і чароўная прыгажосць наталяюць душу чалавека, які адкрывае для сябе паэзію Максіма Багдановіча: "Пэўна любіце вы, пане, між страніц старых, пажоўклых кнігі, ўжо даўно забытай, адшукаць сухі цвяток. Пабляднелі яго фарбы, ледзь трымаюцца лісточкі… Але колькі ён прабудзіць у сэрцы кволым пачуцьця!"

Адным з варыянтаў верша-звароту да чытача распачне Максім Багдановіч адзіны зборнік вершаў, які паспеў выдаць за сваё нядоўгае жыццё.

Напрыканцы 1913 года ў друкарні Марціна Кухты ў Вільні пабачыла свет кніга вершаў "Вянок", якая стала ўзорам дасканаласці тэматычнай будовы зборніка паэзіі ў беларускай літаратуры.

Антон Навіна (Луцкевіч) у крытычных нарысах "Беларускія песьняры" (Вільня, 1918 год) параўноўвае паэзію М. Багдановіча з музыкай, чые матывы зразумелы толькі тым, хто здатны адчуваць хараство і вытанчанасць твораў мастацтва: "…багацце форм верша Багдановіча становіць ня толькі мэту, але і патрэбу: яно адпаведае багаццю перажыванняў, каторыя пры сваёй глыбіні, маюць характэр агульна людскі. Гэта нічога, што паэт з любасцю выбірае матывы родныя - беларускія: у іх ён заўсёды ўмее знайсці аснаўны, агульналюдскі момант. Яго верш гэтак сама гаворыць беларусу, як і чужынцу - падобна як музыка вялікага маскоўскага кампазытара Чайкоўскага, карыстаўшагася матывамі свайго народу, роўна прамаўляе да душы кожнага чалавека, незалежна ад яго нацыянальнасці. Бо Максім Багдановіч не фатаграфуе жыццё, а нанова ператварае яго ў сваёй чуткай, далікатнай і асабліва інтэлігентнай душы".

Адлюстраваць гісторыю стварэння, матывы і мастацкія вобразы кнігі вершаў "Вянок" імкнуліся стваральнікі выставы, прымеркаванай да стогадовага юбілею кнігі. Наведвальнік упершыню мае магчымасць азнаёміцца з ілюстрацыямі да вершаў Максіма Багдановіча беларускага графіка Юрыя Хілько. Пабачыць вобразы тых мясцін, якія натхнялі паэта на напісанне вершаў - Вільню і Ракуцёўшчыну. Пабываць перад дзвярыма Віленскай рэдакцыі газеты "Наша Ніва", з дапамогай супрацоўнікаў якой кніга "Вянок" пабачыла свет. Адчуць сябе на вулках Вільні, якія паэтычна маляваў паэт у цыкле вершаў пад назвай "Места". "Багдановіч - першы між беларусамі пясняр места, каторае дае яму натхненне не меньш, чым жывая прырода. У сваім "Вянку" ён уплёў цэлы цыкл вершаў пад агульным загалоўкам "Места". І мкнуць адзін за адным са зменных меставых уражань і настраеньняў, а між імі на першае месца выбіваюцца вершы аб адвечнай сталіцы зямлі Беларускай - старой Вільні, каторая зрабіла на песьняра незвычайна сільнае уражаньне сваімі памятнікамі старыны, чысленымі высокай красы касцёламі, вузкімі вулкамі, якія не змяняліся ад трохсот гадоў" - даваў ацэнку зборніку вершаў "Вянок" Антон Луцкевіч яшчэ ў 1918 годзе.

У паэзіі Максіма Багдановіча шмат вобразаў выпісаных у "такіх мяккіх тонах, бытцам на старых тканінах-гобэленах; ўсё сагрэта шчырым пачуццём, ды ўсё гэта жыве, выдаецца рэальным" (А. Луцкевіч). Яго вершы не могуць не чараваць, не захапляць надзвычайнай прыгажосцю. Ён апрацоўваў, шліфаваў быццам дыямент, кожны верш, кожны радок, кожнае слова - і яны блішчаць, быццам сапраўдныя "скарбы хараства", якія бачныя толькі душы чулай, узвышанай.

Галоўны захавальнік фондаў Літаратурнага музея М. Багдановіча Л.В. Сасонка.

Выстава будзе экспанавацца ў музеі па 31 траўня 2014 года з 9.00 да 17.30 (панядзелак - пятніца) па адрасе вул. М. Багдановіча, 7 а. Тэлефон для даведак: 8-017-334-07-61 (Мінск).

Афіцыйны сайт: bagdanovich.by. Электронная пошта: bagdanovich tut.by.


Гарадзенскія праваслаўныя ўзгадалі сваіх вялікапакутнікаў

Гарадзенская епархія выпусціла кнігу "Сінодзік пацярпелых за веру і Царкву Хрыстовую ў Гродзенскай епархіі. ХХ стагоддзе", дзе ўзгадваюцца імёны вялікапакутнікаў - жыхароў Гарадзеншчыны. Па словах выдаўца, дырэктара выдавецкай фірмы "Юрсапрынт" Аляксандра Рыжага, "Сінодзік" - гэта кніга з імёнамі памерлых, якіх трэба ўзгадваць у час набажэнства, альбо ў прыватнай малітве.

- Сабраныя жыццяпісы свяшчэннапакутнікаў Гарадзенскай епархіі і людзей, якія так ці інакш пацярпелі ад нямецкай акупацыі, у міжваенны перыяд, у савецкі час. Гэта вельмі цікавыя лёсы, калі сапраўды людзей пераследавалі за іхнюю веру.

Па словах Аляксандра Рыжага, кніга з'явіцца ў распаўсюднікаў толькі праз некалькі дзён і будзе распаўсюджвацца праз царкоўныя крамы Гарадзенскай праваслаўнай епархіі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня.


Памяці змагара з Чарнобылем

28 лютага 2014 г. адышоў у вечнасць старшыня Беларускага дабрачыннага фонду "Дзецям Чарнобылю", дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га і 13-га скліканняў, доктар філасофскіх навук, прафесар Генадзь Уладзіміравіч Грушавы, а 31 лютага адбылося развітанне з дэпутатам Незалежнасці і мужным, храбрым змагаром з Чарнобыльскай навалай 20-га стагоддзя.

Вельмі цяжка і балюча на сэрцы і ў душы развітвацца назаўсёды з такім светлым, няўрымслівым, вялікім і знакамітым чалавекам. Ён быў сапраўды вядомым і знакамітым грамадскім і палітычным дзеячам нашага часу не толькі ў Беларусі і на постсавецкай прасторы, але і ў Еўропе і нават ва ўсім свеце. Слава пра яго хадзіла яшчэ пры жыцці дзякуючы той нястомнай працы і дзейнасці, якія ён ажыццяўляў, будучы старшынём Беларускага Дабрачыннага фонду "Дзецям Чарнобылю". Яго дзейнасць на гэтай пасадзе сапраўды была апантанай. Ён не шкадаваў сябе дзеля агульнай справы выратавання дзяцей. Па вялікім рахунку, дзеля ўратавання будучыні нашай краіны.

За два дзесяцігоддзі намаганнямі Фонду было адпраўлена на аздараўленне за мяжу больш за 300 тысяч беларускіх дзяцей. За час існавання Фонду на лячэнне за мяжу было накіравана больш за 900 дзяцей з цяжкімі анкалагічнымі захворваннямі. Па лініі Фонду "Дзецям Чарнобылю" у замежных камандзіроўках (Германія, Бельгія, Вялікабрытанія, ЗША, Канада, Японія) пабывала больш за 200 медыцынскіх работнікаў (дактароў і медсёстраў). Гэтыя лічбы сведчаць аб тым, што яго аўтарытэт як кіраўніка Фонду быў даволі высокі ва ўсім свеце. Ён карыстаўся таксама моцнай падтрымкай у Беларусі сярод грамадскіх арганізацый, дзейнасць якіх у 90-ыя гады змясцілася ў бок стварэння сацыяльных праграм і праектаў, арыентаваных на моладзь, жанчын і прафесійныя групы. У рэгіёнах было створана каля 30-ці моладзевых цэнтраў, у аснове якіх знаходзіцца адукацыйная, культурна-асветніцкая і экалагічная дзейнасць. На гэтым фундаменце аб'ядналіся людзі ў рэгіёнах, якія самі сталі носьбітамі пэўных сацыяльных ініцыятыў. А Фонд дапамог ім самаарганізавацца. Так што, дарагі Генадзь Уладзіміравіч, Твая нястомная праца не прапала марна: яе працягвае наша моладзь, якая ў свой час была на адпачынку за мяжой, а зараз не забывае і не забудзе аб Тваёй храбрай высакароднай місіі ўратавання ад Чарнобылю. Утрапёнасці храбрых аддаё мы славу!

Светлая памяць аб Табе застанецца ў нашых сэрцах і будзе жыць столькі, колькі будзем жыць мы. Спачывай з мірам, дарагі Генадзь Уладзіміравіч!

Царства Табе Нябеснае і супакой Тваёй душы ў Нябёсах!

Васіль Ермаловіч ,выкладчык і перакладчык германскіх моваў


Ахвяраванні на ТБМ

1. Бамбіза Мікола - 500000 р., г. Менск

2. Рабека Мікола - 200000 р., г. Менск

3. Дунецкі Анатоль - 50000 р., г. Салігорск

4. Прылішч Ірына - 50000 р., г. Менск

5. Лазарук Тамара - 50000 р., г. Менск

6. Кісель Аляксандр - 15000 р., г. Гомель

7. Давідоўскі Ігар - 100000 р., г. Менск

8. Рымач Мікола - 50000 р., г. Івацэвічы

9. Стадуб Іван Д. - 20000 р., г. Менск

10. Яканюк Данат - 100000 р., г. Менск

11. Шкірманкоў Фелікс - 50000 р., г. Слаўгарад

12. Лукоўская Юлія - 30000 р., г. Менск

13. Данілюк Віктар - 30000 р., г. Менск

14. Кадушкевіч Іван - 350000 р., г. Менск

15. Шынкевіч Сяргей - 20000 р., г. Орша

16. Нікалаюк А.Г. - 50000 р., г. Ліда

17. Чарнёнак Андрэй - 30000 р., г. Менск

18. Табушава Ірма - 50000 р., г. Менск

19. Прэснякова Ніна - 50000 р., г. Менск

20. Цыганкова Таіса - 50000 р., г. Менск

21. Шынкевіч Уладзімір - 100000 р., г. Менск

22. Лагуціна Марына - 50000 р., г. Менск

23. Давыдовіч В.В. - 50000 р., г. Берасце

24. Ахрамчук В.Г. - 30000 р., г. Светлагорск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


СЦЯГА ПАЭТА

Штрыхі да творчага партрэта паэта Эдуарда Акуліна

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

XII.

Няспынныя ўнутраныя пошукі справядлівасці, дасканаласці, духоўнай праўды і маральнага апірышча непазбежна прыводзяць Эдуарда Акуліна да Бога. Матывы рэлігійнай духоўнасці, якія раней зрэдку гучалі ў вершах паэта, чутныя ў зборніку "Радно" усё гучней і выразней. "О, Беларусь - абліччам Божай маці" , - прамаўляе паэт, маючы на ўвазе і трагедыйнасць, і ахвярнасць, і пакорлівасць лёсу, і сціплую прыгажосць, і беззаганнасць, і святасць, якія мы прачытваем у вобразе Божай Маці.

У асобе Бога паэта прыцягвае дасканалая чысціня:

Зніч алтарны - заўжды жывіць

мне душу чысцінёю Бога.

(Агонь, с. 184/3-4)

Агонь, як сімвал Божай чысціні, здаўна існуе ў беларускай рэлігійнай традыцыі. На радзіме паэта, на Веткаўшчыне, і сёння яшчэ існуе адметны старажытны абрад шанавання абраза і прыабразнай свечкі, як сімвала Божага агню, які называецца Свяча.

На параўнаннях з пэўнымі хрысціянскімі сімваламі, плашчаніцаю, цвікамі з Крыжа Гасподняга, якія выклікаюць асацыяцыі вострага болю і непапраўнай страты, пабудаваны верш "Я маці не любіў сваю адмалку":

І атрымаў я першы ліст ад мамы,

што паўжыцця дарэмна прачакаў...

Тры словы з плашчаніцы

тэлеграмы -

як тры цвікі -

з Хрыстовых свежых ран.

(Я маці не любіў сваю адмалку, с. 193/5-8)

"Ці страшна душы без храма?" - пачынае задумвацца паэт. У сваіх духоўна-рэлігійных развагах і пошуках Эдуард Акулін не зафармалізаваны і не кансерватыўны. Для паэта важней сутнасць, а не форма біблейскіх загадаў, згодна якім выбудоўваецца чалавечае жыццё:

Нехта на ўсходзе разліў кінавар...

Буда, Хрыстос ці Вішну?

І старажытны пергамент хмар

думкай біблейскай выспеў.


З самага дня залатых глыбінь

выніклі раптам словы:

- Не падмані, не ўкрадзі, не забі...

Тры. І з мяне дастаткова.

(Экспрэсія, с. 223/1-8)

XIII.

У асобны раздзел пад назваю "Памяць дзяцінства майго" ў зборніку "Радно" вылучаныя вершы, прысвечаныя вясковаму і традыцыйнаму свету, у якім прайшло маленства паэта. Вершы ў гэтым раздзеле расшыфроўваюць словы і паняцці, якія назаўсёды ўрэзаліся ў ягоную дзіцячую памяць. У гэты раздзел кнігі паэт сабраў 23 вершы. Беручы канкрэтнае слова-рэч, ці абстрактнае слова-з'яву, Эдуард Акулін стварае яркія, запамінальныя малюнкі. Ён шчодра выкарыстоўвае метафары і параўнанні. Ён замалёўвае гэтыя рэчы ці з'явы, раскрывае іхні глыбінны змест ці перадае тыя асацыяцыі, якія ўзнікаюць у яго пры згадках пра пэўныя словы-залацінкі, словы-ключы да памяці дзяцінства:

раска - прывідны востраў,

мрояў раёвых рой,

раска - салютаў роскід,

вадзяніковы строй,

раска - русалчын вэлюм,

азёрна-манетны двор,

вохрава-акварэльны

люструнак бурштынін-зор.

(Раска, с. 249/9-16)

Паэт эксперыментуе з гукамі, гуляецца са словамі, нанізвае вобразы і выцінае метафары. Відавочна, што сам працэс вершаскладання прыносіць яму задавальненне. Праз беларускае слова, якое апісвае нашыя рэчы, нашую прыроду і акаленне, праз заглыбленне ў першародны сэнс слова, паэт стварае праўдзівы беларускі свет:

Чуллівы рачной пяшчотай,

аблашчаны лавай хваль,

ён мроіць чаіным лётам,

закаханы у чужадаль.

(Човен, с.250/1-4)

Слоўнае штукарства часам выглядае для паэта ў пэўным сэнсе самамэтаю. Ён здабывае з беларускай мовы, яе выяўленчых багаццяў, здаецца, усё, што толькі можна здабыць. Не менш важныя ў вершах Эдуарда Акуліна і беларуская атмасфера, сутнасць і ўнікальнасць беларускага светаўспрымання, якое існуе дзякуючы беларускаму слову. Непаўторнасць і самабытнасць беларусаў у свеце заключаецца ў тым, што мы спасцігаем гэты свет і глядзім на яго праз прызму беларускай душы, праз тыя асацыяцыі, якія, называючы рэчы і з'явы, выклікае беларускае слова. Беларуская мова фармуе наш нацыянальны характар. У вершах Эдуарда Акуліна на падсвядомым узроўні беларускае слова выказвае нацыянальную сутнасць беларускага быцця:

Тут сойм саміны са снамі ў сонме.

Для сома сітнік - рачны асіннік...

Абкруціць вусам камель у стоме

і спіць да ночы - варушыць сітнік.

(Сітнік, с. 251/5-8)

Паэт раскрывае перад чытачом уласныя таямніцы спасцігнутага беларускага свету, тое, што ведае толькі ён адзін. Унікальнае светаўспрыманне паэта падкрэслівае адметнасць і каштоўнасць кожнага чалавека. У кожнага з нас ёсць свая "памяць дзяцінства", у якой жывуць свае "іскрынкі" і "журавы":

То глядзіш улюбёна ў неба.

Ці цалуеш вядром ваду...

Што табе ад жыцця патрэбна?

Хто тваю зразумеў бяду?

Вышай стрэх цэлы дзень кружляеш,

толькі хочацца - вышай хмар…

(Журавель, с. 247/1-6)

Паэт любуецца і ганарыцца беларускай мовай. Ён раскрыве вядомы яму адному сэнс, здавалася б, і знаёмых словаў, такіх як "купіна", "нерат", "лівень", "поўня", і словаў, якія маюць больш вузкае, не ўсім ужо вядомае значэнне: "загнет", "прымыльнік", "цэбар", "услон". І малавядомыя словы з усходу Беларусі: "дзябла", "пачына", "зугаліна", "путца".

Беларуская народная мова зараз падобная на рэчку пасля меліярацыі. Дзесьці яна зусім знікла, дзесьці яшчэ цячэ, засмечаная ламаччам русізмаў, а дзе-нідзе яшчэ бруяць яе чыстыя ключы. Эдуард Акулін у гэтым раздзеле зборніка дае магчымасць наталіцца чыстаю, арганічнаю беларускай моваю, паказваючы яе багатыя мастацкія выяўленчыя і сэнсавыя магчымасці. Шмат з таго, што апісвае паэт у вершах гэтага цыклу, ужо засталося ў мінулым. Мяняецца свет, знікаюць традыцыйныя рэчы, і што такое, да прыкладу, "дзябла", без дадатковага тлумачэння неабазнанаму чалавеку і не зразумець. Але сэнс гэтага цыклу вершаў не толькі ў тым, каб нагадаць беларусам, ужо пераважна гарадскім жыхарам, пра

Загон прыгонных чыгункоў,

патэльняў - чорны парапет,

цагляны трон дамавікоў -

стары парэпаны загнет.

(Загнет, с. 260/1-4)

Галоўная ідэя аўтара мне бачыцца ў тым, каб паслаць яшчэ адзін эстэтычны сігнал у беларускую прастору, які выразна нагадаў бы пра каштоўнасць нацыянальнага светаўспрымання, якое выяўляецца ва ўнікальнай і самадастатковай, створанай і культываванай на працягу стагоддзяў беларускім народам беларускай мове.

Эдуард Акулін выштукаваў гэтыя вершы, як некалі майстра, ці прырода, ці Бог выштукавалі ўласна гэтыя рэчы - і "човен", і "валун" і "поўню". Ён стварае беларускімі рукамі, беларускімі словамі і вобразамі паўнавартасны беларускі свет. Ён стварае яго як памяць пра мінулае, як эстэтычныя карціны для сучаснікаў і як моўны закадаваны запавет для нашчадкаў. Калі ўявіць сабе, што беларуская мова знікне, то па вершах Эдуарда Акуліна яе можна будзе аднавіць ва ўсім яе сэнсавым, вобразным і паліфанічным багацці…

XIV.

Эдуард Акулін працягвае ў зборніку "Радно" тэму кахання. Гэтыя лірычныя вершы таксама вылучаныя ў асобны раздзел "Эра сноў". Трэба адзначыць, што ў любоўнай лірыцы паэта павялічваецца прысутнасць эратычных матываў. Нават гульня гучання слоў у назве гэтага раздзелу зборніка сведчыць пра тое, што эратычныя матывы ў вершах, прысвечаных каханню, займаюць большае месца.

У вершах "Божа, як яна прыгожа…", "Я сумую…", "А помніш апошні з табой наш раман?..", "Ільну няўтольнаю ракой…", "Квадра кахання" ды іншых паэт стварае цікавыя эскізныя накіды інтымных адносінаў паміж мужчынаю і жанчынаю. Але і ў гэтых стасунках для паэта на першае месца выходзіць эстэтыка эратычных узаемадносінаў, прыгажосць жаночага цела, якое прыводзіць паэта і ў здзіўленне, і ў захапленне:

Я сумую па нас былых.

Па разынак ажыўшай плоці,

па абдымках, што п'юць уздых

з языкамі ў агульным роце…

(Я сумую…, с. 279/5-8)

Эротыка ў вершах Эдуарда Акуліна часта змешаная з іншымі пачуццямі. І з сумам, як у вершы "Я сумую…", і з жарснай нянавісцю:

У смузе прасцін адліжнай

ногі - лебедзі ў тумане...

Божа, як я ненавіджу

жарсці крык яе гартанны.

(Божа, як яна прыгожа, с. 278/5-8)

Лірычны герой у каханні ў паэта часта бескампрамісны і максімалісцкі. Амерыканскія горкі кахання то ўзносяць яго на вышыні раю, то кідаюць у прорву пекла. Каханне ўсёпаглынальнае і безразважнае. Каханне для паэта - гэта атрута, якую спажываюць з асалодаю і беспрымусна:

Каханне - пакута.

Душою распнутай

між Пеклам і Раем лунаць...


Каханьне - атрута.

Святы і аблудны

я выберу смерць, каб кахаць.

(Каханне, с. 270/1-6)

Палкасць пачуцця і вастрыня эмоцыяў нярэдка змяняюцца на цнатлівыя зрухі закаханага сэрца. Хвалі шчымлівага песімізму і тужлівай настальгіі набягаюць тады на любоўную лірыку паэта. І тады ў вершах Эдуарда Акуліна побач з жарсным каханнем з'яўляецца самота:

А вочы, нібы абразы,

самотай высвецяць пад вечар -

паўадзіноты, паўслязы

і паўкахання нашай стрэчы.

(Мы не парушылі

мяжы, с. 271/5-8)

Смутак набывае ў паэта адценне драпежнасці, бо ж гэта "смутак воўчы", які вельмі блізкі да ўсеабдымнай жарсці. Але ў адрозненне ад яе, ён - неспатольны, бо ў ім няма радасці і задавальнення:

Я чакаю, што ты аднойчы

ціха мовіш: - Я зноў твая...

І спатоліш мой смутак воўчы,

ад якога згараю я...

(Я чакаю…, с. 292/1-4)

Неспатольнаваўчыны смутак паступова перацякае ў акамянелую скруху. Плынь кахання змяняецца на застыглую "зашклёную" карціну:

За вераснёвай ціснёнай скрухай

слязой зашклёны прысню пагляд...

Шапчу: - Кахаю, - табе на вуха,

нібы замову ад першых здрад…

(Былое жарсці вулкан патухлы, с. 275/5-8)

Вочы каханай нагадваюць паэту халодныя выстылыя зоркі. Каханне нясе з сабой не радасць, а боль:

мне прыгадаўся твой пагляд -

дзве зоркі выстылых ад болю.

(Сярод базальтавых прысад, с. 274/3-4)

Каханне ў паэта, згодна эпіграфу да верша "Каханне" - "Кахай і пакутуй", прыносіць яму не толькі радасць і задавальненне, але і яно часта звязанае з драматычнымі пачуццямі і эмоцыямі. У вершах пра каханне ў Эдуарда Акуліна трагедыйнасць часам пераважвае і самое каханне:

Не ўяўляю, як буду - ці буду зусім

без цябе, маёй доннай лілеі,

без цябе - як аслеплы

без вогнішча дым,

я да ранку дажыць не здалею…

(Не ўяўляю, як буду цябе забываць…, с. 277/9-12)

Тым не менш, стан закаханасці бачыцца паэту натуральным станам для творцы. Станам, як бачыцца з вершаў Эдуарда Акуліна, не простым і не адназначным. Каханне для паэта, гэта клубок супярэчлівых пачуццяў, дзе ў адное зблытаныя і радасць, і боль, і спадзеў, і расчараванне. Стан узвышанай эмацыйнасці належыць творчай паэтычнай натуры. Вось чаму:

Каханнем выжыве паэт

і будзе вечна жыць каханнем!

(Каханнем скрозь паэт жыве..., с. 297/15-16)

Лірычны, пачуццёвы бок музы паэта найбольш праяўляецца ў вершах пра каханне. І ў кожным новым зборніку вершаў, і з кожным пражытым годам Эдуард Акулін знаходзіць усё новыя словы, вобразы, разнастайныя паэтычныя выяўленчыя сродкі, каб высвеціць гэтае вечнае прыроднае пачуццё, якое інтэлект чалавека напоўніў эстэтычным падтэкстам. Любоўныя эратычныя вершы паэта не з'яўляюцца дапаможнікам па сэксалогіі. Яны развіваюць эстэтычныя пачаткі нашай душы, яны заахвочваюць глядзець на жанчыну не як на сэксуальны аб'ект, а як на вялікі цуд прыроды і Бога, які ўзбагачае мужчыну і свет эмацыйна, і духоўна.

XV.

Эдуард Акулін працягвае працаваць над разнастайнымі вершаванымі формамі. У зборніку "Радно" змешчаны цыкл з пяці баладаў, ёсць брахікалан - верш, складзены з слоў у адзін склад:

Змрок.

Зор

жвір.

Ноч.

Воч

вір.

(Брахікалан, с. 190/1-6)

Ёсць таўтаграма - верш, у якім усе словы верша пачынаюцца на літару "г":

Губляюць гоні грэбні-грывы,

галосяць глосамі галінаў…

(Голас галінавых глосаў..., с. 191/1-4)

У вершы "Батлейка" усе 12 радкоў верша пачынаюцца са слова "драўляны" (-ая, -ае, -ыя), гэтае ж слова яшчэ 10 разоў сустракаецца ў сярэдзіне радка:

Драўляныя крокі, драўляныя крыкі.

Драўляныя яслі, драўляны мароз.

Драўляныя слёзы драўлянай Марыі.

Драўляная Смерць

і драўляны Хрыстос. (Батлейка, с. 222/9-12)

Выкарыстоўвае паэт і даволі рэдкі ў сучаснай паэзіі вершаваны памер пентаметр:

Адплывалі аблокі

за богавы светлыя вочы,

нібы гурма анёлаў -

успененай хваляю крыл...

(Прадчуванне, с. 199/1-2)

Удзяляючы пастаянную ўвагу форматворчасці, Эдуард Акулін паказвае высокі ўзровень паэтычнага майстэрства, працягвае пашыраць абсягі фармальных магчымасцяў беларускай паэзіі.

У гады стварэння зборніка "Радно" Эдуард Акулін працягвае працаваць у філіі музея Максіма Багдановіча "Беларускай Хатцы". Гэтым можна якраз патлумачыць і з'яўленне такіх вершаў як "Батлейка" і "У музеі". Адначасова паэт шмат выступае на паэтычных сустрэчах у школах і з песнямі на мітынгах. Грамадзянская пазіцыя Эдуарда Акуліна ясная і акрэсленая. Зборнік "Радно" атрымаўся адным з найбольш спелых і цэльных зборнікаў паэта. У ім аб'яднаныя вершы, пакладзеныя ў аснову, у "радно" беларускага нацыянальнага існавання і самога духу народа.

Відавочна, што падзеі, якія адбываліся ў краіне, знешняя драматычная сітуацыя, зацятая барацьба за нацыянальныя каштоўнасці: дзяржаўнасць, культуру, беларускую мову, - мабілізавалі ўнутраныя духоўныя і жыццёвыя сілы паэта. У паэзіі Эдуарда Акуліна другой паловы 90-х гадоў усё менш чутныя матывы ўнутранага разладу і духоўнага крызісу. Паэт, можна сказаць, атрымаў моцны ацвярэзліваючы штуршок, які праясніў для яго самога сэнс далейшага існавання і змусіў загучаць ягоную музу з новай энергіяй ды імпэтам.

Ад зборніка да зборніка ўдасканальваецца паэтычнае майстэрства Эдуарда Акуліна, трапяткое біццё неспакойнай думкі паэта лучыцца з адметнай і дасканалай формаю ягоных вершаў. З сярэдзіны 90-х гадоў Эдуард Акулін заняў прыкметнае і трывалае месца ў беларускай літаратуры.

(Працяг у наст. нумары.)

Алесь Бяляцкі


У мастацкім святле Васіля Зуёнка

Павандраваў думкай

Чытаю: "Я ў гэтым горадзе згубіўся, не адшукае, нават, Бог" .

І знайшоўся, паэце! Бо, мусіць, добра павандраваў у святле памяці, спыняўся ў снах, каб вярнуцца з кнігай узіральнай душы. Цяпер яна павяла мяне. Ідзе мая думка у абдымках з думкай паэта.

"Азірнуўшыся, не скамянець" , - так назваў Васіль Зуёнак кнігу, якую выпусціў у гэтым годзе ў выдавецтве "Мастацкая літаратура". Мне падпісаў: "На добры творчы настрой і яго таленавітае здзяйсненне" . Я не ўпэўнена, ці будзе гэтае маё здзяйсненне таленавітым, але ўражанне ад прачытанага прыводзіць у дзеянне і маё пяро. Адкрываю для сябе знаёмага і незнаёмага паэта ў мастацкім калейдаскопе лірычных вобразаў, ў філасофскіх думках, чалавечых і грамадзянскіх абгрунтаваннях светапогляду.

Ён ужо згадаў, па-новаму разгледзеў жыццё. Зазірнуў у далёка пражытае дзяцінства - яго рэкі, дрэвы, нівы, сцежкі, ночы, сны, крыўды, забавы і ўразіўся: "Рэкі мялеюць, дрэвы ніжэюць, нівы вузеюць, сцежкі карацеюць, ночы даўжэюць, сны гарчэюць, крыўды смяшнеюць, забавы слязнеюць… Што ж гэта, што ж гэта робіцца, браццы? Куды ад такой навалы схавацца?" .

Але ўсё роўна не дранцвее, тчэ "Фантазію", у якой кажа: "Стракозы з вачыма касмічнымі… шэпчуць мне нешта крэўнае наборамі храмасом, і з глыбіні падкарэннае мой лёс выплывае, як сом" . Душа становіцца выжывальным словам: "Азірнуўшыся, не скамянець…". Праз Багатрыманне. Што і ёсць Святло. Яно ратуе. У Святле мы разумеем адзін другога. І хто ёсць хто. І што ёсць што.

На Неба глядзі…

І я зазірну ў святло Васіля Зуёнка. Верш ягоны часта працяглы, насычаны думкамі. Усе яны плынна ўліваюцца ў змест. І ўвесь ланцужок зіхаціць. Усе звенні думкі на стрыжні ідэі. Майстр піша "Тры вышыні", "На сэрцы неспакою камень", "Устаньце…", "Я пакідаю галасы, "Стыхія і розум дарог", "З цішынёй сусветнай ва ўнісон" і іншыя-іншыя аб'ёмныя вершы. Ён - працінальная думка: "Я самотным, сінім агнём па карчах збуцьвелых качуся. У маіх балотных вачах прачытаюць паданні сусвету" . Ды і кароценькі верш:

Як гэта горка і страшна, калі

Свае сваіх забіваюць.

А мы ж тут усе свае - на зямлі:

У Бога чужых не бывае.

І, нават, там, дзе спатыкаюся думкай, якога ж бога мае на ўвазе герой верша "Дала прырода…", дзе гаворыцца: "Я сэнс вышынь лаўлю, ствараю неба…" . І далей - "Дайце неба - я ствару зямлю, і пойдзе ўсё зваротнымі кругамі" . То я выяўляю, што герой зазнайлівы, то, што прыхатлівы: усё "дайце" яму. А сам жа ўжо, як нібы, і стварыў, нейкія свае нябёсы, ловячы "сэнс вышынь". Не заўважыў Неба духу свайго.

Ад самага пачатку маналогу герой трымаецца думкі: "Дала прырода мне…" і, нават, "высокі дух". А герой што зрабіў?

А я стварыў Багоў - я неба прагнуў…

І заўважна, што такія Багі не мелі адносін да Неба.

Я шмат чаго тады не разумеў,

Як і цяпер, бадай, не разумею.

Да яго ідуць "згадкі неспазнаных берагоў", мабыць, і сэнсу асноўнай ракі. Бо цяжка герою, "сонечнаму паганцу", зразумець таямніцу, да якой ён памкнуўся:

Бог - невядомасць.

Вечны вораг мой.

Герой застаецца ўсё яшчэ "сонечным паганцам".

Верш цікавы, як і наступны невялікі. Для філасофскай думкі-аналізу пра "Духа Прыроды".

Самы нявольнік Ён -

Вечнасць і Дух прыроды…

І яшчэ карацейшы верш:

Не бойся жыцця: гэта выява Бога.

Не бойся і смерці: гэта таксама Бог.

Жыццё і смерць -

з нічога няма нічога.

А звыш - гэта ўсё,

каб ты богам зрабіцца не змог…

У першых двух радках уладкаваны сэнс не бойся непазбежнасці, бо гаспадарыць Бог . Першы радок - сцвярджэнне божай з'явы (не ўнікаючы ў значэнне слова "выява"). Другі радок спрэчны. Супрацьлеглае паняцце яго - не Божая праява - абсалют разбурэння, вынік грэшнасці, за якой - не Бог . Трэці радок сцвярджае "нічога" (пустату). Ну і "звыш" - гэта (маецца на ўвазе) ўсё боскае, каб не ствараў ты з сябе ідала пакланення?

Ува мне гэтая тэма вымалёўваецца па-свойму:

Дзяч за жыццё! - Гэта дарунак Бога.

Не бойся смерці, калі ў душы ёсць Бог.

І крэслі смела свой сэнс "нічога",

Каб сэнсам веры зло перамог.

Яшчэ малады Зуёнак, у 56-62 гадах, самаўпэўнена пісаў: "Я знаю Бога…". У 97-ым - сцісла, каротка:

А слова - Бог. І тут няма паловы,

І з кожным днём маўчанне даражэй.

І з кожным днём мялее мнагаслоўе.

І з кожным днём да ісціны бліжэй.

І вось якая тонкая думка закладзена ў верш: "…Сказаць хачу - як свет мне ў слове адкрыўся. Да Бога спрадвеку толькі на "Ты". Ніхто на "Вы" не звяртаецца" . І радасна: паэт пажыццёва імкнецца да неба, раіць: "А на неба, стаіўшы дыханне, глядзі, каб не разбілася". Так, каб не страціць дух творчага памкнення. Але Бог у яго зямной свядомасці не проста нябачнасць. Ён - невядомасць. У творах - Дух Прыроды, усеагульнай. А на мой погляд Ён Адзін - Святлом, і толькі ў чалавеку, ад Яго - творчы дух прыроды чалавечай. Бо чалавеку дадзена адчуць Яго, захаваць, Ім удасканаліцца і "перамагчы сілай духу коснасць матэрыі" .

"На полі, як сусвет…"

У сёняшнім дні быць паэтам… які паказ? Якое пытанне? Які адказ жывой душы, нястрачанага духу любові? Я - там, дзе збываецца Чалавек, "замкнуты ў гэты светлы круг, дзе памяць грэшная і полымя святое" .

Гледзячы ў "грэшную памяць" , выяўляе, што "згублены арыенціры, зруйнаваны ідэалы" . Як азірнешся, не толькі не злякнуцца можна… "Распяты на ценях касмічных крыжоў бяздомны лячу над планетай" . І, здаецца, прасіў бы: "Вазьміце ўсю тайну маю за той васілёчак у жыце…" і "скажыце мне, з якой нагоды мяне хрысцілі тут валадаром?" , калі і "храмы падаюць" і "не раптоўна" , "мы найперш учыняем катоўні ім, каб сэрцы былі забыты… Храмы ў душах руйнуюцца нашых" . Згуба Бога, згуба прыроды, згуба песні, згуба Радзімы ад згубы мовы, і "Чарнобыль весткаю касмічнай стаў каля расчыненых дзвярэй" . Што яшчэ можа быць? А мы ўсё "бяжым, аж звініць капыт на д'ябальскім павароце…"

"Фантазіі бог і помыслаў высокіх спусціўся з неба" для "развагі сілы" і крынічнасці душы чалавека, але прайшоў у часе тапор "для прагрэсу апор і падпор..., наваліўся тапор на лес.., лес непраходны, лес непрабудны,.. блізка, блізка дзень яго судны".

Адчай ціснецца з душы паэта (верш "Агонь"):

Згарае ўсё. І мы згарым таксама…

Мы выраслі багамі на планеце.

Нясем у вечнасць розуму сяўню.

І ўсё ж, і ўсё ж памолімся агню,

Каб ён людзьмі пакінуў нас на свеце.

Мала малітвы. Дык як змагацца за гэта на грэшнай зямлі? Тэма барацьбы за волю раскрыта ў "Развітанні Каліноўскага". Дынамічна, ясна, балюча і мужна кажа герой: "Страшней пятлі і турмы, калі мы ўсё яшчэ не краіна…" І ў вершы "Зарука" пра мову родную паэт кажа:

Ты сонцам душу абагрэла,

Адвечнае слова…

Не будзь жа, не будзь іншаверцам

На родным прычале,

Паўстань, паўстань, маё сэрца,

З пустыні маўчання!

Столькі ў кнізе разнабаковых думак, столькі адценняў у настроі душы паэта-чалавека і грамадзяніна. Ён - "на полі, як сусвет", дзе віецца, "як загадка, лёс", сцежка ў памяць:

Адкуль, сцяжынка, і куды бяжыш -

Ніхто не знае і не скажа мне…

Але паэт хоча, каб стаў (і ўпэўнены, што будзе жыць) "вось гэты васілёчак на мяжы" . Бо ён - любоў. Вечнае, боскае і святое паняцце.

… Ці цуднае нешта ў воку

У сваім аналітычным слове пра кнігу я ўсё глядзела ў чалавеча-грамадзянскае заглыбленне яе аўтара: у смутак, у трывогу, у дбайнасць пра памяць. А ў ёй жа, сярод розных мелодый і рытмаў, столькі ласкавых радкоў: "травінкі ў лёдзе", "лістапад-прадзімнік", "імгліцы сонечны скрылёк", "перапёлка ў жыце, знічка Беларусі", "дарога ў траве-мураве цераз поле", "космасу ляснога спевы". Выявы - "вясёлкай пушча стракаціць", "у зябкім голасе сініцы трапеча сіні васілёк". Весялінка-усмешка: "Кот валачэ на штыкетнік праверыць зляжалы кажух" . А ў мядовым звоне, дзе "у сто вясёлак лугавіна", сам паэт ужо гатоў ляцець: "Вось зараз рукі лёгка ўскіну - чмялём па кветках палячу" . Застаецца і мне сказаць у такім настроі:

У гэткім суквецці вершаў,

Дзе сэрца стог думак вершыць

Ці цуднае нешта ў вока

Кідае на кожным кроку,

У кнізе гэтай, у кнізе гэтай

Шуміць паэзія лета.

Калі загараецца агонь…

У "Пяцірэччы" (фрагментах пяціпаэм'я) Васіль Зуёнак, напэўна, вяртаўся абноўленай думкай праз 15 год пасля выдання 2-га тома. Да іх варта вярнуцца і чытачу.

Пяцірэчча…

Пяць рэчак з крыніцы маёй…

Пяцірэчча - пяць рэчак

бяссоння майго і крыві:

Ад капіляраў да сэрца -

ад сэрца да капіляраў…

"Пяцірэчча" - моцна хвалюючы вынік творчай працы. Гэта рэкі думак з "Лукам'я", "Сялібы", "Прыцягнення", "Маўчання травы", "Падарожжа вакол двара". Тут прайшоў паэтаў характарыстычны агонь - сцвярджэнне працы святога духу: ("Завіхаўся Хрыстос да поту…"). Агонь радасці вяртання, агонь годнасці, патрыятызму і вернасці бацькаваму запавету ў княжычы Іване ("Служба кароне - пятлёю на шыю, роднаму краю на грудзі - гарой"). Агонь у голасе летапісца:

Не каронай кароннай

Быў асвечан прыход -

Сам узняўся ты кронай,

Векавечны народ.

І агонь вясны, агонь купальскі, агонь ахоўны, у які верыла і Данута ("несла паганства апошні дух і перадала…"), Стася ("агонь узмахам лёгкім прыгарнула") і Жыжаль "няўцямны"верыў каменням, клікаў… сэрцам маліўся і пакланяўся - Агню аднаму".

І той агонь, коснай цямнечы, люта знішчальны адушаўлёнага жыцця, прыгажосці, песні ("згінула песня, ніхто не гукае"). Агонь апавядальніка-паэта: "Агнём вазьміся час той і дзень!" ("Сяліба").

Агонь сонечны і духоўны жывіць. Агонь зямны, часам, знішчальны. Але агонь, калі ён успыхнуў, "не згіне - пройдзе праз вякі",

"Сялібай" паэт сказаў: "І паміраюць ціхія рачулкі…Ляжаць пазаараныя магілы… Сняцца рэкам крыніцы, крыніцам лясы".

У "Прыцягненні" выразніцца натхнёны матыў: "Я ляцеў, каб з роднаю зямлёй нітаваўся вырай твой высокі".

У "Маўчанні травы" зіхаціць роднасць, памяць пра вясновы "зялёны народ", яго працу, ад якой "цяклі зялёнымі руччамі, па Начы кветкаломныя пракосы", узносіцца "хата на крыжах..", дзе "у цямнотах курганоў ляжаць зерні дум, пасеяных табою, Веснагорка, маці Беларусь" . "Падарожжа вакол двара" дае выяву Радзімы праз маці: "А што мне ўзяць з двара гэтага ў свет? На жоўтым пясочку мамін след" .

Як бачым, у творчасці Зуёнка, і ў лірычна-філасофскай і ў грамадзянскай скіраванасці, ярка высвечваецца тэматыка: "Чалавек і яго ўнутраны свет", "Чалавек і прырода", "Чалавек і грамадства". Паэт глыбока асэнсоўвае і асвятляе наш маральна-этычны стан у сёняшнім дні, суадносіць з гістарычным мінулым, гераічным і трагічным. Выяўна бачыць пашкоджанасць чалавечай прыроды. Ён іскрыцца майстэрствам у адлюстраванні рэчаіснасці, вызначаецца творчай шчырасцю - выводзіць сваю трывожную душу наверх.

Марыя Баравік.


Светлай памяці Міколы Прускага

22 студзеня на 87 годзе жыцця адышоў у вечнасць вядомы дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША, ганаровы сябар міжнароднага грамадскага аб'яднання "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", друкар і выдавец Мікалай Юр'евіч Прускі. Нарадзіўся ён 1 студзеня 1928 года ў Мікалаеўшчыне на Стаўбцоўшчыне. Яго маці Міхаліна Яўхімаўна з'яўлялася стрыечнай сястрой Якуба Коласа (па бацьку).

На пачатку 1941 года бацька Міколы, які працаваў настаўнікам, па даносе быў арыштаваны. Сям'ю, якая засталася без сродкаў, пад сваю апеку ўзяў малодшы брат Якуба Коласа Міхась Міцкевіч. Бацьку хутка адпусцілі, але страх былога арышту і настаўніцкая праца пад час нямецкай акупацыі вымусілі сям'ю пакінуць Беларусь. Шмат настаўнікаў (у тым ліку і Міхась Міцкевіч), якія разумелі, што чалавеку ў любых умовах патрэбна адукацыя, працягвалі вучыць дзяцей у гады акупацыі, пры надыходзе Чырвонай арміі, пакінулі Беларусь, бо адчувалі, што гэтая праца ім будзе залічана, як здрада.

Некаторы час сям'я жыла ў лагеры для перамешчаных асобаў недалёка ад г. Мітэнвальд (Нямеччына), далей ў ЗША у горадзе Дэтройт. Мікола Прускі прымаў актыўны удзел у культурным жыцці беларускай эміграцыі, быў актывістам Беларуска-амерыканскага клуба, кіраўніком Беларускага драматычнага гуртка ў Дэтройце, які выступаў у розных гарадах ЗША. Але ён больш праславіўся як таленавіты друкар і выдавец кніг і часопісаў беларускай эміграцыі. Друкарскую працу Мікола ведаў дасканала, бо яго асноўнай працай у ЗША было друкаванне каштоўных папер. Гэтай справе ён прысвячаў і свой вольны час. Ён набыў старое друкарскае абсталяванне і арганізаваў друкарню ў сваім доме. З "Друкарні Міколы Прускага" выйшлі такія вядомыя кнігі як бібліяграфія "Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе" (1985) і іншыя выданні Беларускага інстытута навукі і мастацтва, альбом "Выдатные людзі беларускага народа" (1979), зборнік "Янка Купала і Якуб Колас. Вянок успамінаў пра іх" (1982), кнігі, часопісы, карверты і г.д.

У 1957 годзе Мікола Прускі пачаў выдаваць на ангельскай і беларускай мовах часопіс "Сьвет" ("World"), у 1959 годзе газету "The New American". Пераемнікам часопіса "Сьвет" у 1963 годзе стаў беларуска-амерыканскі культурна-асветны часопіс на беларускай мове "Беларускі Сьвет". У часопісе друкаваліся літаратурныя творы пісьменнікаў Беларусі і эміграцыі, публіцыстычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы, успаміны, нарысы пра дзеячоў навукі і культуры. Многія нумары прысвячаліся асобным вядомым беларускім дзеячам, партрэты якіх змяшчаліся на вокладцы (у тым ліку Я. Коласу, Я. Купалу, М. Багдановічу, В. Быкаву, М. Куліковічу-Шчаглову, У. Глыбіннаму, Н. Арсенневай, К. Каліноўскаму і іншым). У часопісе змяшчаліся фотаздымкі розных часоў, тэксты і ноты беларускіх песень, узоры беларускага арнаменту, старонкі беларускага гумару. Да некаторых нумароў прыкладаўся дадатак "Думкі й погляды". Мікола Прускі таксама быў выдаўцом і рэдактарам газеты беларускага замежжа ў Амерыцы "Беларускі Дайджэст" (выходзіла ад 1992 года).

Апошнія гады жыцця прайшлі у горадзе Грэнд Рэпідс штата Мічыган. Акрамя друкарскай справы Мікола Прускі займаўся дабрачыннай дзейнасцю. Ён быў арганізатарам збору грошай у Амерыцы на будаўніцтва Беларускага музея ў Гайнаўцы (яго жонка Вера паходзіць родам з Беласточчыны). Таксама Мікола Прускі з'яўляўся кансультантам па Усходняй Еўропе амерыканскай арганізацыі "International Aid inc", офіс якой знаходзіўся ў штаце Мічыган. Першы раз ён прыехаў на Беларусь у 1991 годзе з прадстаўнікамі гэтай арганізацыі і гуманітарным грузам для нашай краіны, пацярпелай ад Чарнобыльскай катастрофы. Другі раз Мікола Прускі наведаў Беларусь разам з дачкой Ганнай, наступны - з жонкай Верай і дачкой Соняй. Яму хацелася паказаць сваім блізкім Беларусь, родную Мікалаеўшчыну, месца, дзе стаяла бацькоўская хата, дакрануцца да роднай зямлі.

Ад імя сям'і народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, у якой ён спыняўся ў часе знаходжання на Беларусі, выказваю глыбокія спачуванні сям'і Міколы Прускага.

Вечная памяць.

Марыя Міцкевіч.


Дайсці да Адраджэння

Я нарадзіўся нягеглым, маці, двойчы растрэльваная фашыстамі; выпусціла мяне ў баразне на бульбяным полі пры дапамозе старой суседкі, яна ж загарнула мяне ў анучы і пайшла рыхтаваць ежу. Стаяў канец ліпеня 1945 года, а яшчэ раней, 30 сакавіка г.г., на фронце загінуў мой бацька Міхаіл Емяльянавіч. Спачатку на яго прыйшла казённая папера, што ён прапаў без вестак, а праз два тыдні прыйшла папера, што ёсць на пошце пасылка, а ў ёй, як аказалася, толькі прабітая, акрываўленая гімнасцёрка, некалькі ордэнаў і медалёў. Як маці Марыя Іванаўна казала мне ў маленстве, яна моцна абрадавалася, што можа выпадзе на яе долю палёгка, бо прапалы без вестак і загінулы ў баі - гэта не адно і тое ж! Што цікава, мы тады і яшчэ некалькі гаспадарак месцілася на хутары Равеста, але былі залічаны ў вёску Угрынь. Зараз гэта пасяленне Вялікая Угрынь, а раней быў Угрын Вялікі, а ў сівую мінуўшчыну пасяленне мела назоў проста Угрын.

Дык вось, у траўні 1945 г. мая маці цяжарная мною пашыбавала ў сельсавет в. Вострава, каб атрымаць хоць нейкія паслабленні на падаткі за загінулага свайго мужа, але дзе там, ніхто і не падумаў выслухаць яе. Бо ў той пасылцы не было паперы, што Міхаіл Емяльянавіч загінуў, а на ордэны і медалі з пасведчаннямі нават і не паглядзелі..

І на сёння мой бацька адзначаны - без вестак прапалы з датай 30.03.1945 г. ("Зэльвенская гісторыка-дакументальная хроніка "Памяць")...

А я вяртаюся да месца свайго нараджэння. Маці, знясіленая вайной і родамі, моцна заснула. Я надрываўся ад енку і ціхаціха канаў, але мне пашанцавала, суседка прынесла маці парнога малака і пабачыла тую бяду, то ледзве адкачалі мяне, а праз некалькі гадоў - дзетдом, дзе былі мае старэйшыя сятра Гандзя і брат Мікалай. А потым з неадкуль у гэты ж прытулак прывезлі таксама яшчэ аднаго старэйшага на два гады брата Івана, які вучыўся за мяне на некалькі класаў ніжэй.

У 1962 годзе мой прытулак зачынілі, а вучыўся я з першага класа ў Парэцкай рускай сярэдняй школе. У першы ж дзень у гэтым дзетдоме ад наступу цывілізацыі, а найболей пасля кіно, калі прама на мяне паімчаў равучы і рохкаючы паравоз, пачалося запаленне мазгоў, а ў 8-м класе новая трагедыя - па віне дзетдомаўскага шафёра - аўтакатастрофа! Я хацеў ісці на працу, але лекары не далі дазволу, і мяне накіравалі ў Ашмянскую школу-інтэрнат, дзе атрымаў дзве карысныя спецыяльнасці - шафёра-прафесіянала 3 класа і аўтаслесара. Яны мне здорава спатрэбіліся ў войску, у якім мне далі самы дурнеўстойлівы аўтамабіль ЗіЛ-157, а найболей, калі здаваў экзамены ў вайсковай вучэльні, а потым завочна атрымаў яшчэ два дыпломы (Благавешчанск, Свярдлоўск). Навошта гэта я пішу? Бо ўсе тыя гады быў адлучаны ад роднай мовы.

У 1988 годзе вярнуўся з Прыволжскай вайсковай акругі, дзе служыў непадалёку ад славутых Тоцкіх лагераў, у якіх на людзях выпрабоўвалі атамную бомбу, на Бацькаўшчыну завяршаць службу у г. Слуцку. І ў ім займеў сапраўднага сябра, які ўсё сваё жыццё прысвяціў беларускай мове, літаратуры, гісторыі і краязнаўству, - гэта быў славуты Рыгор Родчанка (напалову па маці беларус, па другой частцы - украінец), то яго за беларускі менталітэт і актыўную жыццёвую пазіцыю болей за 10 разоў трымалі ў вар'яцкім доме па Менскам. І гэта пры тым, што ён палеткам змагаўся з фашыстамі!

Там жа, у Слуцку, я канчаткова прыйшоў да роднай мовы. Дваццаць сем гадоў службы не адбілі ў мяне любові, пашаны да Бацькаўшчыны, якая была дадзена разам з днём і месцам нараджэння, з малаком маці. А вызначае Бацькаўшчыну (Айчыну, Радзіму), без сумненняў, толькі адна найвялікшая і шчырая чалавечам якасць - гэта адносіны і карыстанне мовай той зямлі, адкуль ты пайшоў у свет.

І калі няма гэтай якасці - то ты, відавочна, здраднік, калабарант, мутант і манкурт, вылюдак! На сёння ў мяне пабачыла свет каля 20 выданняў, і ўсе яны толькі на роднай мове. Прыйшоўшы да мовы толькі ў 47 гадоў (а мне ўжо ідзе 69-я зіма), я, як і вялікі нямецкі вучоны-філолаг і прускі дзяржаўны дзеяч Вільгельм Гумбальдт (1767-1835), які пісаў: "Мова і жыццё - неразлучныя паняцці, і вывучэнне мовы заўсёды ёсць яе адраджэнне" , разумею, што ўсё-такі сам я дайшоў да свайго Адраджэння.

Міхась Угрынскі, г. Баранавічы.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX