НАША СЛОВА № 9 (1160) 26 лютага 2014 г.
Міжнародны дзень роднай мовы
На мінулым тыдні Беларусь, як ніколі, шырока адзначыла Міжнародны дзень роднай мовы. Самая шырокая геаграфія, самыя розныя мерапрыемствы. У многіх месцах асноўным мерапрыемствам стала правядзенне 7-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі па творах Васіля Быкава, чыё 90-годдзе беларусы будуць адзначаць сёлета 19 чэрвеня.
Напярэдадні Сакратарыят ТБМ выступіў з адпаведнай заявай, былі апублікаваны тры магчымыя тэксты дыктовак.
21 лютага адбыўся І этап 7-ай Агульнанацыянальнай дыктоўкі ў офісе ТБМ у Менску. Прыйшлі людзі рознага веку і ведаў, у тым ліку прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, але справіліся ўсе вельмі добра.
Таксама быў выпушчаны плакат, прысвечаны I-ай Агульнанацыянальнай дыктоўцы, які можна спампаваць на сайце ТБМ.
У вёсцы Дварэц Дзятлаўскага раёна правялі тыдзень беларускай мовы. З такім жа поспехам у Дварцы могуць правесці і год беларускай мовы, бо тут знаходзіцца можа самая беларуская школа краіны, газеты "Наша слова" тут выпісваюць больш, чым у многіх вялікіх гарадах, і ўсё дзякуючы актыўнай працы настаўніц Наталлі Ляўкевіч і Вікторыі Воўкавай.
Мерапрыемствы да Дня роднай мовы ішлі на Магілёўшчыне, Гарадзеншчыне, Віцебшчыне, Берасцейшчыне, у дыяспарах, ва ўстановах адукацыі і культуры. Іх праводзілі грамадскія і партыйныя арганізацыі. Пытанне мовы не абыякавае беларусам.
У гэтым нумары "Наша слова падае частку матэрыялаў, дасланых нашымі карэспандэнтамі і адлюстраваных у СМІ. У наступных нумарах тэма Дня роднай мовы і Агульнанацынальнай дыктоўкі будзе працягнута.
Наш кар. На здымках: 7-я Агульнанацыянальная дыктоўка на сядзібе ТБМ.
Вярхоўная Рада Ўкраіны адмяніла закон аб двухмоўі
Вярхоўная Рада Ўкраіны адмяніла закон аб асновах дзяржаўнай моўнай палітыкі ад 3 ліпеня 2012 г. аўтарства рэгіянала Вадзіма Калеснічэнкі. За адпаведны законапраект прагаласавалі 232 народныя дэпутаты.
Закон Калеснічэнкі прадугледжваў магчымасць афіцыйнага двухмоўя ў рэгіёнах, дзе колькасць нацменшасцяў перавышае 10%. Пасля прыняцця гэтага закона ў 2012 годзе ва Ўкраіне пракацілася хваля мітынгаў і акцый пратэсту. Разам з тым пасля ўступлення яго ў сілу 10 жніўня шэраг абласных і мясцовых саветаў прыняў рашэнні аб прызнанні расійскай мовы рэгіянальнай.
Таксама рэгіянальнымі ў заходніх рэгіёнах былі прызнана венгерская мова, малдаўская і румынская.
pravda.com.ua.
Запрашаем!
Бясплатныя штотыднёвыя заняткі па беларускай мове, гісторыі, інфарматыцы і іншых прадметах
для школьнікаў 7 - 9 класаў у памяшканні Таварыства беларускай мовы (Мінск, вул. Румянцава, 13, ст. метро "Плошча Перамогі").
Арганізацыйны сход - у панядзелак,
3 сакавіка, 17.00.
280 гадоў з дня нараджэння Караля Станіслава Радзівіла
Караль Станіслаў Радзівіл (мянушка "Пане Каханку"; 27 лютага 1734, Нясвіж - 21 лістапада 1790, Белая) - дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Падчашы (1752) і мечнік вялікі Літоўскі (1752-1762), ваявода Віленскі (1762-1764, 1768-1790).
Караль Станіслаў Радзівіл быў найбольш заможным магнатам Рэчы Паспалітай другой паловы XVIII стагоддзя і адным з найбагацейшых прадстаўнікоў арыстакратыі ў Еўропе. Ягоная латыфундыя ахоплівала 16 гарадоў і 683 вёскі, а вакол асобы князя вілося шмат легендаў. Трымаў Львоўскае староства, X ардынат на Нясвіжы, VIII ардынат на Алыцы.
З нясвіжскай лініі роду Радзівілаў, сын Міхала Казіміра "Рыбанькі" і Францішкі Ўршулі з Вішнявецкіх.
Навучаўся ў Нясвіжскім езуіцкім калегіюме. У 1742 атрымаў пад сваю каманду кавалерыйскую харугву ў войску Вялікага Княства Літоўскага. 3 жніўня 1757 узнагароджаны ордэнам Белага арла.
Вядомы пад мянушкай "Пане Каханку" паводле свайго ўлюбёнага звароту да ўсіх, не вылучаючы і пагарджанага караля - "худапахолка", а таксама дзеля адрознення ад канцлера Караля Станіслава Радзівіла (1669-1719).
Выступаў супраць партыі Чартарыйскіх. На чале сваіх надворных войскаў уступіў у бойку з расейцамі пад Слонімам, але пацярпеў паразу і мусіў ратавацца ў Малдове, пазней выехаў у Вугоршчыну і Саксонію. У часе знаходжання ў Дрэздане да яго прыйшла вестка пра адабранне пасады ваяводы і сэквестраванне маёнткаў. Дзякуючы намаганням расейскага амбасадара Мікалая Рапніна, вярнуўся ў краіну і зрабіўся ў 1767 генеральным маршалкам Радамскай канфедэрацыі. Выказаўшы прысягу на вернасць каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму, атрымаў назад усе страчаныя ўладанні.
У 1768 выступіў супраціўнікам гарантыйнага трактату, паводле якога Рэч Паспалітая рабілася расейскім пратэктаратам, і зрабіўся генеральным маршалкам Барскай канфедэрацыі. Калі расейскія войскі з баямі ўзялі Нясвіж і Слуцк, мусіў з'ехаць у Прусію. Да 1777 знаходзіўся на эміграцыі ў Вугоршчыне, Турэччыне, Чэхіі, Нямеччыне, Францыі, Венецыі. У часе Чатырохгадовага Сойму быў адным з найвыразнейшых супраціўнікаў рэформаў, караля і партыі Чартарыйскіх. Сфармаваў полк, які перадаў у склад войскаў ВКЛ.
Трымаў тэатар і аркестр у Нясвіжы. Запарасіў з Нямеччыны кампазітара Яна Давіда Голанда для сталай працы кампазітара ў капэле Радзівілаў. Збудаваў летнюю рэзідэнцыю ў Альбе, аднавіў палац у Слуцку.
Быў у шлюбе з Марыяй Каралінай Любамірскай, потым з Тарэзай Каралінай Жавускай.
Вікіпедыя.
Не маўчы па-беларуску! Новы праект "Будзьма беларусамі!" да Дня роднай мовы!
Кампанія "Будзьма!" віншуе ўсіх беларусаў з Міжнародным днём роднай мовы і абвяшчае акцыю "Не маўчы па-беларуску!"
Для ўсіх, хто толькі пачынае размаўляць па-беларуску ці толькі на ёй і гаворыць, хто пачынае цікавіцца роднай мовай ці ўсё пра яе ведае і выкарыстоўвае штодня, кампанія стварыла серыю паштовак, якія адназначна дапамогуць у штодзённай камунікацыі пабеларуску. Аўтаркі праекта, маладыя таленавітыя мастачкі Дар'я Мандзік і Яна Войцік, сталі не толькі пераможцамі конкурсу культурніцкіх ідэй ад "Будзьма!" але і пераможцамі конкурсу "Мы-2012", і цяпер разам з кампаніяй заклікаюць: "Не маўчы па-беларуску!"
Апраніся па-беларуску! - першая з новай адукацыйнай серыі паштоўка, якую кампанія сёння прадстаўляе.
Паштоўкі будуць распаўсюджвацца праз сістэму Fly Cards, а таксама на мерапрыемствах кампаніі ў Менску і рэгіёнах. Шукайце, бярыце, удасканальвайцеся!
Наступная паштовачка хутка будзе таксама і на сайце кампаніі, і на стэндах флай кардс 7 сакавіка.
Не маўчым па-беларуску разам!
Міжнародны дзень роднай мовы на Магілёўшчыне
У Магілёве
21 і 22 лютага магілёўцы адзначалі міжнародны дзень роднай мовы. Мерапрыемстваў было зладжана багата: студэнты і магістранты МДУ імя Куляшова Яўген Дудкін, Аляксей Карпенка, Арцём Булатоўскі і Генадзь Вараб'ёў прыняліся за беларусізацыю ўніверсітэцкай сталовай, а магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ разам з кампаніяй Cukerki.by правялі "салодкі дзень роднай мовы" - раздавалі гараджанам цукеркі ў абмен на іх любімыя беларускія словы. Прыемна было даведацца, што беларуская мова насамрэч грэе многім магілёўцам сэрца і яны хацелі б мову захаваць і чуць яе часцей. Народ усцешыў не толькі веданнем незвычайных словаў і добрых беларускіх вершаў - вулічныя музыкі нават выканалі "Тры чарапахі".
На наступны дзень, 22 лютага, у абласным доме культуры адбылася агульнанацыянальная дыктоўка - Ганна Уладзіміраўна Бандарэнка прадыктавала ўрывак з твору Максіма Гарэцкага "На імперыялістычнай вайне". Міхась Булавацкі правёў ужо традыцыйнае беларускае пяцібор'е - прысутныя спаборнічалі ў веданні матэматыкі, айчыннай гісторыі, роднай мовы, літаратуры і прыродазнаўства. Выступіў пісьменнік Віктар Арцем'еў, юныя магілёўскія таленты спявалі беларускія песні і чыталі вершы выбітных паэтаў. Мерапрыемства скончылася дыскатэкай і вясёлымі скокамі.
Аляксей Карпенка. На здымках: Актывісты ТБМ і добраахвотнікі ва ўніверсітэцкай сталовай; "Салодкі дзень роднай мовы"; дыктоўка; Міхась Булавацкі.
У Бабруйску
20 лютага ў Бабруйску пачалі адзначаць Міжнародны дзень роднай мовы з напісання дыктоўкі. Пісалі ўрывак з апавядання Васіля Быкава "На чорных лядах".
Пасля дыктоўкі яе ўдзельнікі хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых ва Ўкраіне.
Як паведаміла карэспандэнту Свабоды арганізатарка Вольга Піманава, дыктоўку на сядзібе гарадской арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі пісалі два дзясяткі чалавек. Сярод іх была і бабуля палітвязня Яўгена Васьковіча. Вольга Піманава адзначыла, што Тамара Ўладзіміраўна не першы раз піша дыктоўку.
Для дыктоўкі апавяданне "На чорных лядах", паводле арганізатаркі, выбранае дзеля таго, што сёлета будзе адзначацца 90 гадоў ад нараджэння Васіля Быкава.
- Гэта тое, чаго нам беларусам сёння не хапае. Героі твору пайшлі на смерць дзеля незалежнасці і вольнасці Беларусі. Яны хацелі быць грамадзянамі вольнай Беларусі і загінулі за гэта, - кажа Вольга Піманава.
Шасцёра ўдзельнікаў дыктоўкі напісалі яе лепш за ўсіх. Яны атрымалі граматы і падарункі. Пасля ўзнагароджання адбылася віктарына па творчасці Васіля Быкава.
Удзельнікі дыктоўкі сфатаграфаваліся з нацыянальнымі сцягамі Ўкраіны і Беларусі.
Радыё Свабода. На здымках Вольгі Піманавай: бабруйцы пішуць дыктоўку; пераможцы дыктоўкі.
"Мова нанова" ў Бабруйску
22 лютага ў Бабруйску адкрыліся курсы "Мова нанова". Заняткі будуць адбывацца па пятніцах а 18.00.
Вядоўцамі сталі філолаг Вольга Рудая і філолаг ды журналіст Алеся Лацінская. Месца для заняткаў - офіс грамадскай арганізацыі "Свая справа" (Кастрычніцкая, 33/1). Заняткі будуць бясплатныя. За аснову праграмы ўзятыя напрацоўкі сталічных курсаў "Мова нанова", выкладзеныя на адмысловым сайце - movananova.by.
Першы ўрок правялі выкладчыкі менскіх курсаў Алеся Літвіноўская і Глеб Лабадзенка. Слухачоў сабралася 20 чалавек. Бабруйскія курсы ўжо займелі суполку ў фэйсбуку і заклікаюць ахвочых далучацца.
Раней магчымасці вучыць беларускую мову па-за школай у Бабруйску не было, хоць гэта самы вялікі райцэнтр у Беларусі (220 тысяч жыхароў).
Менскія курсы "Мова нанова" адкрыліся ў студзені 2014 года. Ужо прайшло 6 заняткаў, якія збіраюць каля 250 чалавек. Заняткі адбываюцца кожны панядзелак а 19.00 у "Галерэі сучаснага мастацтва Ў" (Незалежнасці, 37 а).
Еўрарадыё.
ЯГО ГРЭЛА ПАМЯЦЬ ПРА СВАЕ КАРАНІ
Да 80-годдзя Рыгора Вячоркі
Рыгор Мікалаевіч Вячорка , якому сёлета споўнілася б 80 гадоў (27.02.1934 - 04.03.2007), - беларускі вучоны-эканаміст, спецыялiст-практык у галiне макраэканамічнага рэгулявання і прагнозу, фінансаў і крэдыту, публіцыст. Закончыў эканамічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, кандыдат эканамічных навук, заслужаны эканаміст Рэспублікі Беларусь. Працаваў у сістэме Дзяржаўнага банка, на працягу сямі гадоў - памочнiк першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава па эканоміцы. У бытнасць першым намеснікам старшыні Дзяржэканомплана Рэспублікі Беларусь - каардынатар укладання "Праграмы пераходу Рэспублікі Беларусь да рынкавай эканомікі", якая забяспечвала стварэнне эканомікі незалежнай беларускай дзяржавы.
Дзе б ні працаваў Рыгор Вячорка, ён памятаў пра сваю малую радзіму - Хутары Мерлiнскія цяперашняга Столінскага раёна Берасцейскай вобласці, адкуль ён пайшоў у вялікі свет; цікавіўся праблемамі захавання беларускай культурнай спадчыны, традыцыяў, мясцовых гаворак. Гэтая цікавасць і жаданне пакінуць успаміны (найперш для сваёй сям'і) ўзмацняліся тым, што ўсе жыхары ягоных родных мясцін былі ў 1961 г. выселеныя з прычыны размяшчэння там авіяцыйнага палігона. Не было вядома, ці нехта парупіўся запісаць гісторыю гэтых унікальных мясцін, сюды не дайшлі фальклорныя і мовазнаўчыя экспедыцыі. Мерлінскі і Храпуньскі сельсаветы былі скасаваныя. Звесткі ж у кнізе "Памяць. Столінскі раён" (Мн., БелТА, 2003) фрагментарныя. Цяпер на гэтых землях месціцца Альманскі заказнік. І вельмі пазітыўна, што ў Інтэрнэце ўжо з'явіліся запісы ўспамінаў былых мерлінцаў і храпуньцаў, уражанні ад гэтых мясцін экстрэмалаўвандроўнікаў…
Рыгор Мікалаевіч пісаў успаміны ўжо на схіле свайго жыцця, часткова дыктаваў мне, часам проста распавядаў, а я занатоўвала. Вось некаторыя з гэтых успамінаў.
Аляўціна Вячорка.
ХУТАРЫ МЕРЛІНСКІЯ
Назва мясцовасці, як яе называлі самі жыхары, - Мерлін, Хутары Мерлінскія. Паходжанне назвы мовазнаўцы пакуль не высветлілі. Першыя пасяленні з'явіліся тут, у спрадвечных балотах, толькі ў пачатку ХХ стагоддзя, пасля Сталыпінскай аграрнай рэформы. Польскія ўлады пасля 1918 г. працягвалі гэтую палітыку. Землі, у асноўным балота, прадаваліся тут на выплат. Дзе над багнай узвышаліся лапікі зямлі, там і сяліліся людзі. Рабілі ўручную прымітыўную меліярацыю, распрацоўвалі прыдатныя для земляробства полянкі.
Побач, у бок сучаснай Украіны, былі вёскі Храпунь, Дубок, Веллё (Храпуньскі с/с). Гэтыя мясціны былі абжытыя даўно, узгадваюцца ў старадаўніх актах пад 1654 г.
Землі падзолістыя, пясчаныя, вельмі бедныя. Тым не менш, у 20-я гады мінулага стагоддзя на Хутарах Мерлінскіх, на тэрыторыі ўдоўжкі звыш 25 км і ўшыркі 12-20 км, было больш за 300 гаспадарак.
Людзі з'ехаліся сюды ў пошуках лепшай долі з розных мясцін - ад Гомельшчыны да Гарадзеншчыны. Яны былі носьбітамі даволі розных традыцый. Але тут іх яднала нешта агульнае. Супольныя характэрныя рысы фармаваліся, відаць, пад уплывам навакольных прыродных фактараў - суворых умоваў жыцця, цяжкой працы дзеля здабыцця сродкаў да існавання, умення адольваць цяжкасці. Паступова ўзнікалі агульнапрынятыя звычаі, правілы паводзінаў і дачыненняў. Стракатае багацце фальклору і лексікі станавілася агульным здабыткам, фанетычныя асаблівасці розных дыялектаў уступалі ва ўзаемадзеянне і выпрацоўвалася агульная норма. Інакш і быць не магло, бо вырасла было ўжо другоетрэцяе пакаленне мерлінцаў.
Абжываючы бязлюдныя мясціны, навасёлы пераймалі ў жыхароў суседніх вёсак або наноў давалі назвы кожнаму ляску, палянцы, урочышчу, балацявіне, урэшце, хутару. На жаль, большасць гэтых словаў знікла ў выніку перасялення тутэйшых жыхароў. Назаву некаторыя з тых, што запомніліся.
Урочышчы - Краснэ, Луцецке, Серэдбор'е, Вороцец, Рогі, Чапля, Глушыца, Кругліца, Мужын. (Тапонімы і агульная лексіка па магчымасці падаюцца адпаведна мясцоваму вымаўленню, імёны людзей, сталыя выразы - збольшага адпаведна літаратурнаму вымаўленню. - Заўв. укладальніцы.) Ва ўрочышчах людзі засноўвалі хутары, якія натуральным чынам зваліся паводле прозвішчаў гаспадароў: Ляўданскія, Лосічы, Гладышы, Калодзічы, Бут-Гусаімы, Куродымы, Сямейкі… Часам назвы ўрочышчаў пераймалі прозвішчы гаспадароў: урочышча Колбікі, дзе і жылі тыя Колбікі.
У некаторых урочыш-чах зямля была такая бедная, што ёй давалі "аддыхнуць" гадоў пяць і толькі потым нешта сеялі на такіх полянках. Такімі былі ўрочышчы Цёмнэ, Граньба.
Хутары разрасталіся, з'яўляліся новыя сем'і. Калі нехта заводзіў гаспадарку непадалёк ад вёскі, новае месца атрымлівала геаграфічна прывязанае да вёскі імя: Рубрын - Подрубрын, Кленна - Подкленнэ, Ямно - Под'ямнэ.
Хутары мелі таксама іншыя адметныя назвы: Воўчок, Бараны, Чапкі, Ластовіца. Узгадваецца такі выпадак. У нас была палянка, якую называлі Тросота. Аказваецца, гэтая дзялянка была набытая пазней і пазначалася на плане як трохсоты ўчастак, што пазней і ператварылася ў Тросоту. Вось і дай навуковае тлумачэнне такой назве, калі не ведаеш гісторыі яе з'яўлення.
Дасціпныя палешукі ўмелі даваць адзін аднаму трапныя мянушкі: Шлапакі 'пантофлі' (?), Келбус (відаць, ад назвы рыбы печкура), Керанка (ад выпадку, звязанага з гэтай купюрай), Шмэрко 'смаркач'.
Мой дзед па бацькавай лініі - Трахім Рыгоравіч (значыць, мне далі прадзедава імя) пражыў на свеце 100 гадоў, з іх больш за 65 гадоў у м. Гарадной і каля 35 - на хутары. У дзеда таксама была мянушка - Вітэ. Так ён звычайна звяртаўся да суразмоўцы, выяўляючы такім чынам высокую ступень павагі да яго.
З памяці і ад былых мерлінцаў я занатаваў варыянты словаў, якіх не было ў "Альпенскім дыялектным слоўніку" (Альпень - вёска на паўночны захад ад Хутароў), напрыклад: грунт 'толькі, абы', жабюкі 'неядомыя грыбы', жэлезняк 'рыдлёўка', кожушок, сіняўка, зеленец 'маленькі шчупачок', коцуба 'палка/дзяржальна з жалезнай насадкай выграбаць жар з печы', млінцэ 'бліны', наўске Вэліконне, наўская Паска 'Вялікдзень мёртвых у чацвер пасля Вялікадня', плаўніца 'раска', плешнік 'аер', прыкінуцца 'прыхіліцца, цягнуцца да кагон.', ровэр, рыхціг 'дакладна', товар 'жывёла', хібэль 'хіба', усюночная 'усяночная', шляхетка 'шляхцянка' .
Вядома ж, мерлінцы не лезлі ў кішэню па трапнае слова. Вось прыклады ўстойлівых выразаў (фразеалагізмаў і прыказак):
Чэкай, Манька, я прыступну (пра кепскага танцора);
Што ты долбаеш, бы дзяцел?
Свіння ўсягда знойдзе лужу;
Тшымай, Янэк, мур, а я пойду по пенёндзы (пра кепска зробленую працу);
Не дуйся, як мыш на крупы;
Увязвай (воз) плачучы, будзеш ехаць скачучы;
Набраўся як жаба ілу (пра п'янога);
Не трасі мяне, як сухую грушу;
Зраблю так, што комар носа не ўваткне;
Хто сказаў, што лапці ваду прапускаюць? (жартоўна пра зручнасць лапцёў на балоце: вада як уліваецца ў іх, так і выліваецца);
Не разявай рот на чужы агарод;
Папаў у вароны, то і каркай, як воны;
Залез, як жаба на купіну;
Да Юр'я сена павінна быць і ў дурня;
Два Юр'я - два дурня: адзін халодны, другі галодны (пра зімовы і веснавы дні св. Юр'я)
На Міколу падавай, але і вілы захавай;
Да Міколы не сей грэчку і не стрыжы авечку;
Трэба было не андросы андросіць, а кудзелю кудосіць (да "дзявочага свята" на дзень св. Андрэя - пра дзеўку, што не рабіла сабе пасаг, і наогул пра працу);
Выкіну прэч, як чарвякоў з сала!
Ляпнуў, як карова на трэску (г. зн. неўпапад).
Былі свае, звязаныя з пэўнаю падзеяй мясцовага маштабу, анекдоты, якія нараджалі прыказкі. Па Мерліне гуляла байка пра нейкую Стасю, якая хадзіла ў Давыд-Гарадок прадаваць курыцу. Вярнуўшыся дадому, яна выхвалялася, як спрытна абдурыла Ківу. Прасіла за курыцу паўтара злотага, а Ківа даваў два. Доўга яны спрачаліся. І нарэшце Ківа пагадзіўся ўзяць курыцу за паўтара злотага. На Мерліне так і казалі пра недалёкага чалавека: "Обдурыў як Стася Ківу!".
З прыпевак, што спявала маці, найбольш запомнілася гэтая:
А я свойму Грышэчку
Вышыю манішэчку,
На машыне прострочу.
Я ёго любіць хочу.
Калі вярталіся з працы, хоць і стомленыя, але абавязкова спявалі. Гэтыя спевы ў аціхлым лесе былі далёка чуваць.
У нядзельныя і святочныя дні моладзь збіралася на танцы - музыкі. Лаўрынчук Аляксей Фёдаравіч - Сяліцкі, музыка, іграў на скрыпцы. Шукалі, хто пусціць у хату "на музыкі". За гэта плацілі па дамове. Прафесіяналам лічыўся той, хто ўмеў гуляць кадрэль. Кожны танец меў сваю мелодыю, свой рытм: Кадрэль, Полька, Выйду я на рэчаньку, Краковяк, Валец (вальс), Каробачка, Факстрот, Страданія, Танга.
Мерлінцы ведалі таемныя сцежкі, якімі можна было з заплюшчанымі вачыма і дайсці да суседа, і да ляску дабрацца, і вярнуцца з музыкаў. Клалі кладкі з прачасанай сасны, каб не гнілі, у тым ліку пад паверхняй вады. За сястрой Верай з музыкаў увязаўся кавалер. Але яна не хацела, каб той праводзіў яе. За сабой адкінула кладкі ў бок - і кавалеру давялося вярнуцца.
У мерлінцаў была свая версія паходжання балотных агеньчыкаў. Вось як падавала гэтую легенду мая сястра Антося.
Здаўна жылі на Мерліне працавітыя, дбайныя людзі. Таму і былі багатыя: бульбы поўныя лёхі і ў капцах таксама; вялізныя дубовыя скрыні з жытам, пшаніцай, просам, грэчкай; мёд з борцяў у гліняных паліваных слоіках і вялікіх слоях, што рабілі знакамітыя на ўвесь свет майстры з Гарадной; дзежкі з салам; у бочках - агуркі, капуста, квашаныя буракі; ніткі грыбоў і нізкі сушаных уюноў; бочкі журавін і торбы сушаных чарніц; вянкі цыбулі і часнаку; маляваныя куфры, камоды, посцілкі, ручнікі, сувоі палатна... Мелі мерлінцы і золата.
Але неаднойчы праз гэтыя землі ішла варожая навала. Гаспадары хавалі скарбы, закопвалі ў зямлю ў гаршках, вялікіх і малых. Людзі гінулі ў бітвах, і, здаралася, родныя не маглі адшукаць схаванае. Так заставаўся той скарб на доўгія гады пад зямлёю.
Але час ад часу (калі - гэтага ніхто не ведае) скарб выходзіць на паверхню і ачышчаецца, каб зноў заззяць сонечным бляскам. Людзі казалі, што тыя скарбы ачышчаюцца звычайна ў прыцемках і ўначы. Залаты стаўбунок-пасачка зіхаціць, трымціць, нібы кліча да сябе.
Антося двойчы бачыла гэтую незвычайную з'яву. А было тое так...
Прыгнала яна тавар з пашы на стойла, упарадкавала гаспадарку ды пачала гатаваць вячэру. Улетку яе варылі звычайна на агні каля хаты. Ужо цямнела. І раптам - непадалёк, на грудку, нешта ззяе, пераліваецца. На вогнішча зусім не падобна. Як абірала бульбу, так і знерухомела, ад агеньчыка вачэй адвесці не можа. Раптам усё знікла.
Пра надзвычайнае здарэнне Антося нікому не расказала, бо і самой падалося, што такога не можа быць. Няўжо бачыла, як золата ачышчаецца?
Але загадкавую з'яву давялося ёй ўбачыць яшчэ аднойчы. Таксама быў надвячорак, зноў гатавала вячэру. Побач размаўлялі бацька і сусед Адам. Падняла галаву - і зноў бачыць: залатая пасачка трымціць, пераліваецца на грудку, за якім балота, пакрытае зялёнай плаўніцай. Паказала на агеньчык бацьку і Адаму. Сусед схапіў жалязняк і пабег капаць золата, пакуль агеньчык не знік. Але не паспеў - згасла пасачка. Перавярнуў Адам зямлю ля балотца, але прапала золата, згінула. Калі расчараваны сусед рушыў дахаты, бацька сказаў: "Трэба было табе, Антося, бегчы да таго агеньчыка і капаць, шукаць золата. Яно даецца ў рукі толькі таму, каму падае знак. Калі ж нехта іншы паспрабуе ўзяць той скарб, ён зноў знікае глыбока пад зямлёй".
Так і ляжыць той скарб недзе на Мерліне, чакае свайго часу, каб выйсці на свет Божы, ачысціцца і падаць каму-небудзь знак...
Рыгор Вячорка
Драма і святло жыцця
(да 90- годдзя Мікалая Мельнікава)
Калі аглядаешся на пройдзеную сцяжыну - а яна ў мяне, дай Бог кожнаму, працяглая - то бачыш, акрамя сваіх родных, тых нямногіх асоб, якія доўга і цярпліва крочылі побач з табою і зрабіліся, па сутнасці, часткаю цябе. Такім чалавекам стаў у маім лёсе Мікалай Аляксандравіч Мельнікаў (1924 - 2012). Ветэран Гродзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы, дзе працаваў з 1955 года, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, ён пакінуў глыбокі след у жыцці Гродна, у памяці сваіх шматлікіх калег, а таксама тысяч студэнтаў, якіх вучыў жыць і быць сапраўднымі настаўнікамі. Ён не ўмеў спакойна плысці па цячэнні.
Грамадзянская прынцыповасць, сумленнасць, чалавечая прыстойнасць вымагалі востра рэагаваць на ўсякую несправядлівасць, умешвацца ў розныя канфлікты, бараніць праўду. Гэта дыктавалася і драмай уласнага лёсу.
У дзяцінстве перажыў савецкія рэпрэсіі, якія ў роднай вёсцы на Магілёўшчыне зваліліся на сям'ю. Яна была "раскулачана" і выслана на Поўнач, у Комі ССР. Адсюль з лагера, з нялюдскіх абставін малога М. Мельнікава ўдалося вырваць і выратаваць. Яго вярнулі на радзіму пад апеку дзеда, а затым - да сваякоў аж на Алтай. Там скончыў школу і паступіў у Магілёўскі педінстытут.
Пасля - вайна. Для яго - у партызанскім атрадзе, затым на фронце.
Па вайне - вучоба ў педагагічным інстытуце ў Магілёве, у аспірантуры ў Маскве. І пакацілася па роўнай, здавалася б, дарозе любімая праца выкладчыка вышэйшай школы. Але кляймо сына "ворага народа" трэба было несці, як крыж. І пакуты душы свае таксама трэба было несці ў сабе. Таму, калі пачалася з сярэдзіны 80-х гадоў "перабудова" і забурлілі ў Беларусі працэсы нацыянальнага адраджэння, Мікалай Аляксандравіч стаў адным з самых актыўных яго ўдзельнікаў у Гродне. Рашуча павярнуўся да роднага беларускага слова, хаця гэта было для яго нялёгкай справай: працаваў на кафедры рускай літаратуры. На рахунку яго зараз мноства практычных здабыткаў на беларускай грамадска-асветнай ніве. Найбольшая ж тагачасная заваёва М. Мельнікава - стварэнне музея Васіля Быкава ў Гродне. Музей адкрыўся ў памяшканні "Дэмакратычнага аб'яднання ветэранаў вайны і працы", якое М. Мельнікаў арганізаваў і ўзначаліў. Музей працягвае дзейнічаць і сёння, хоць яго стваральнік - ужо частка яго экспазіцый. Бясспрэчнае дасягненне М. Мельнікава - і яго кніжкі ўспамінаў "Адчай, боль і горыч" (2004), "Вяртайцеся, буслы" (2008), "Радавод" (2011). Пісаў іх, будучы ўжо нямоглым і слабым. Але гэта было вяртанне доўгу бацькам і блізкім, вяртанне і ў сваё пакалечанае дзяцінства. Яно, дзяцінства, заўсёды грэе нас з далечыні. Таму духоўныя намаганні давалі яму сілы, дапамагалі застацца ўнутрана моцным у апошнім слугаванні роднаму загону.
Мы сябравалі цягам усяго нашага жыцця ў Гродзенскім педінстытуце (ўніверсітэце). Як старэйшы ўзростам і ўжо вопытны педагог-метадыст ён усяляк падтрымліваў мяне, дапамагаў засвойваць азы выкладчыцкай працы. Вазіў нярэдка па сельскіх школах, дзе я наведваў урокі, каб навучыцца кіраваць педагагічнай практыкай студэнтаў, бо сам у школе не працаваў. Мы былі зусім блізкімі паводле поглядаў і прынцыпаў. Сябравалі і сем'ямі і вельмі часта сустракаліся на сямейным узроўні, бо інакш проста не маглі жыць.
Часта бывалі ў іх на дачы, пакуль не набылі сваю, часта ездзілі разам адпачываць у суседнія Друскенікі. Ездзілі з жонкамі ў Зэльву да Ларысы Геніюш, дзе нават начавалі, і Ларыса Антонаўна, добра ведаючы мяне і маю сям'ю, прыняла Мельнікавых з даверам і сардэчнасцю. Не магу тут не згадаць найлепшым словам спадарожніцу жыцця М. Мельнікава Клаўдзію Мікалаеўну, светлую ва ўсім асобу. Абаяльная і разумная, бясконца гасцінная, яна была моцнай маральнай апорай для Мікалая Аляксандравіча, а таксама тым надзейным звяном, якое так трывала лучыла нашы сямейныя асяродкі.
"Разышоўся" я з М. Мельнікавым на нядоўгі час у пачатку 90-х гадоў. Яго тагачасная празмерная радыкальнасць, што выбухнула тады набалелымі за гады грамадскімі крыўдамі, не магла сумясціцца з маёй этычнасцю педагога вышэйшай школы. Але прайшоў час, і мы вярнуліся адзін да аднаго і сардэчна абняліся.
Гэта, напэўна, быў самы важны для нас сумесны сяброўскі і проста чалавечы крок.
Аглядаючыся ў мінулае і згадваючы блізкага табе чалавека, заўсёды шкадуеш, што нешта патрэбнае не зрабіў для яго. У сваім рабочым блакноце, дзе занатоўваю усе тэрміновыя справы, каб што не прапусціць, неяк, было, запісаў: "наведаць М. Мельнікава". На наступны дзень патэлефанаваў яго сын і сказаў, што не стала бацькі. Наведвайце, шаноўныя чытачы, сваіх сяброў і блізкіх своечасова і па магчымасці часцей.
Аляксей Пяткевіч.
Юбілей класіка беларускай літаратуры
6 лютага 2014 года ў цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАН Беларусі адбылася музычна-паэтычная вечарына "Аркадзь Куляшоў. Ад Бесядзі да акіяна", прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
Да вечарыны прымеркавана адкрыццё кніжнай выставы "... І сэрца абпалена смагай радка", якую падрыхтавала бібліятэка. Творчая спадчына паэта вялікая і шматпланавая, яна налічнвае каля 30 кніг паэзіі. На выставе прадстаўлены вершы паэта на рускай, украінскай, польскай, ангельскай, літоўскай, балгарскай мовах, нават на таджыцкай, армянскай, мангольскай і іншых.
У межах мерапрыемства адбыліся выступленні Анатоля Вярцінскага (паэта і журналіста), Ніны Камаровай (загадчыка аддзела абслугоўвання чытачоў ЦНБ імя Я. Коласа НАН), літаратурнага крытыка Тарэзы Голуб. Таксама адбыўся паказ урыўка са спектакля "Майго юнацтва крылы" ў выкананні артыстаў ТЮГа.
У межах мерапрыемства адбылася прэзентацыя малюнкаў пачынаючай мастачкі Алесі Іса, праўначкі А. Куляшова.
Вечарына закончылася выступленнем фальклорнага ансамбля "Ліцвіны" пад кіраўніцтвам унука А. Куляшова Уладзіміра Берберава. Было вельмі цікава!
Аляксей Шалахоўскі , гісторык, журналіст, краязнавец.
За плённае супрацоўніцтва
Мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму Паўлу
вул. Вызвалення, д.10,
220004, г. Мінск
Ваша Высокапраасвяшчэнства!
Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" віншуе Вас з прызначэннем на вельмі пачэсную і адказную пасаду.
Жадаем Вам моцы духу і Божай дапамогі ў Вашым адданым служэнні інтарэсам беларускага народа. Мы не сумняваемся, што Вы неўзабаве авалодаеце дзяржаўнай беларускай мовай, адной з самых старажытных і прыгожых славянскіх моў - як адзначаў наш зямляк, славуты паэт з сусветным імем Адам Міцкевіч.
З гэтай нагоды хочам Вам прыгадаць таксама наступнае выказванне Кіраўніка нашай дзяржавы, якое прагучала на IV Усебеларускім народным сходзе: "Беларуская мова з'яўляецца важнейшым нацыянальным культурным здабыткам".
Спадзяёмся на плённае супрацоўніцтва з Вамі.
З павагай, старшыня ТБМ Алег Трусаў.
Старшыні Грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны"
спадару Трусаву А.А.
Паважаны Алег Анатольевіч!
Сардэчна дзякую за віншаванне, дасланае ў наш адрас, а таксама за Вашу працу па пашырэнні беларускай мовы ў грамадстве.
Выказваю спадзяванне на ўзаемную зацікаўленасць у супрацоўніцтве на ніве культуры і духоўнага асветніцтва беларускаго народа.
+ Павел,
Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Візіт гісторыкаў у Магілёў
13 лютага Магілёў з нагоды 130-годдзя Антона Луцкевіча наведалі гісторык і палітолаг Анатоль Сідарэвіч і філолаг, выдавец часопіса ARCHE Валер Булгакаў. Госці, якіх прымала магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ і цікаўныя да айчыннай гісторыі магілёўцы, прэзентавалі гістарычныя выданні і ўсцешылі прысутных грунтоўным расповедам пра ўшанаванага сустрэчай беларускага грамадска-паэтычнага дзеяча. Цікава было пачуць пра жыццёвы досвед і трагічны фінал Антона Луцкевіча, яго палітычную дзейнасць і бліскучыя аналітычныя здольнасці. Натуральна для тых часоў (канец ХІХ стагоддзя), што браты Луцкевічы раслі ў асяроддзі носьбітаў польскай мовы і культуры. "Каб быць у той час беларусам, трэба было быць фанатыкам", - кажа Анатоль Міхайлавіч Так, стаўшы на шлях беларуса, любы чалавек шляхецкага паходжання быў бы асуджаны на неразуменне з боку шляхецкага асяроддзя і ўласных родных, як стала з многімі дзеячамі маладой беларускай нацыі: Францішкам Багушэвічам, Цёткай, Карусём Каганцом, Янкам Купалам. Прысутныя даведаліся таксама пра належны Луцкевічу талент аналітыка: у 1917 ён прадбачыў прыход да ўлады бальшавікоў, у 30-х - крах і падзел Польшчы, добра ведаючы творы і вучэнне Маркса, Луцкевіч ужо тады разумеў, чым скончыцца бальшавіцкае панаванне - крахам саветаў. Было закранутае і сумнае пытанне: чаму Луцкевіч не выратаваўся ў 1939, калі можна было спакойна пакінуць Вільню, не чакаючы праходу саветаў? Анатоль Міхайлавіч дае адказ - не мог Антон Іванавіч пакінуць Вільню, чакаючы дамоў мабілізаванага ў гэты час сына, не мог пакінуць на волю лёсу і неацэнную скарбніцу - Беларускі музей імя Івана Луцкевіча.
Так прайшоў візіт цікавых і дасведчаных гасцей у Магілёў. Публіка была зачараваная інфамацыйна і эмацыйна насычаным расповедам і харызмай выступоўцаў, наш горад будзе рады новым сустрэчам з імі.
Аляксей Карпенка. На здымках: Алег Дзьячкоў прадстаўляе спадара Анатоля Сідарэвіча, Валер Булгакаў.
СХОД ГАРАДСКОЙ АРГАНІЗАЦЫІ ТБМ І АГУЛЬНАНАЦЫЯНАЛЬНАЯ ДЫКТОЎКА Ў ВІЦЕБСКУ
16-га лютага ў Віцебску адбыўся сход гарадской арганізацыі ТБМ. На парадку дня - некалькі важных пытанняў: змены ў складзе гарадской рады, абранне новага старшыні, прыём у шэрагі Таварыства новых сяброў, выбары дэлегатаў на абласную канферэнцыю, якая мае адбыцца 30 сакавіка, і на з'езд ТБМ.
Але напачатку сябры таварыства і прысутныя госці з задавальненнем адгукнуліся на прапанову напісаць Агульнанацыянальную дыктоўку, прымеркаваную да Дня роднай мовы. У гэтым годзе дыктоўка прысвечаная Васілю Быкаву. Больш за трыццаць чалавек прынялі ўдзел у такой пачэснай справе. Пісалі тэкст паводле ўспамінаў Васіля Уладзіміравіча "Доўгая дарога дадому". Напэўна, гэта першая дыктоўка, напісаная сёлета ў Беларусі ў межах агульнана-цыянальнай штогадовай акцыі.
З невялікім паведамленнем пра зробленае за апошнія паўгода выступіла старшыня гарадской рады Ірына Лобан. У спрэчках выказваліся розныя прапановы, як палепшыць працу гарадской арганізацыі. У прыватнасці, кіраўнік абласной рады І.А. Навумчык звярнуў увагу, сярод іншага, на неабходнасць больш актыўнай працы з настаўнікамі, вучнямі і студэнтамі. У горадзе сёння няма ніводнага беларускамоўнага класа, ніводнай беларускай групы ў дзіцячым садку. Іосіф Адамавіч таксама узняў пытанне пра падрыхтоўку да святкавання юбілею Васіля Быкава, заклікаў актыўней падпісвацца на газету "Наша слова". Па яго ініцыятыве прысутныя сабралі сродкі, каб аформіць падпіску на "Народную волю" і "Нашу Ніву" для Віцебскай абласной бібліятэкі, паколькі названая ўстанова "не мае сродкаў", каб забяспечыць сваіх чытачоў так запатрабаванымі выданнямі.
У склад гарадской рады абраныя тры новыя сябры. Спадарыня Ірына Лобан падала заяву з просьбай вызваліць яе ад абавязкаў старшыні гарадской рады ў сувязі з пераездам на новае месца жыхарства. Падстава, безумоўна, паважная. Таму сябры таварыства падзякавалі сп-ні Ірыне за працу і задаволілі яе просьбу. А ўзначаліла гарадскую арганізацыю Ніна Андрэеўна Сулецкая - чалавек, добра вядомы ў інтэлігенцкіх колах горада, выдатны знаўца культурнага сегменту Віцебска і вобласці.
У нейкім сэнсе стала прыемнай нечаканасцю, што адразу 14 чалавек напісалі заявы з просьбай прыняць іх у шэрагі ТБМ. Раней на гарадскіх сходах ці канферэнцыях звычайна два-тры чалавекі выказвалі жаданне папоўніць шэрагі арганізацыі, а тут адразу чатырнаццаць. Прычым некаторыя з ахвотных уступіць у ТБМ з розных прычын не змаглі прысутнічаць у гэты дзень на сходзе, таму іх заявы будуць разгледжаны пазней.
Былі абраныя дэлегаты ад гарадской арганізацыі на абласную канферэнцыю і на з'езд ТБМ. Напрыканцы мерапрыемства сябры Таварыства яшчэ доўга абменьваліся думкамі пра стан мовы ў горадзе і ў краіне ўвогуле, пра перспектывы, пра магчымасці павысіць эфектыўнасць працы. Можна без сумненняў канстатаваць, што ў гэты дзень адбылася не фармальная статутная падзея, а зацікаўленае абмеркаванне надзённых праблем і шляхоў іх вырашэння.
Юрась Бабіч , намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ.
Жыхары Гошчава змагаюцца за беларускамоўную школу
Жыхары Гошчава Івацэвіцкага раёна адваёўваюць у сваёй вёсцы, дзе пражывае 800 чалавек, сярэднюю беларускамоўную школу. Яны правялі сход, на якім прысутнічалі прадстаўнікі Івацэвіцкага райвыканкама. Чыноўнікі прадэманстравалі на сходзе сваю незацікаўленасць у захаванні менавіта статусу школы, як сярэдняй, кажа актывіст кампаніі "Гавары праўду" Валянцін Лазарэнкаў, да якога вяскоўцы звярнуліся па дапамогу:
- Я не здзіўлены, што сённяшні райвыканкам прапаноўвае стаць трактарыстамі, даяркамі, працаўнікамі будоўлі і так далей. Але ж мы жывём у ХХІ стагоддзі! Тэхніка такая мусіць быць, каб толькі людзі з вышэйшай адукацыяй на ёй маглі працаваць.
Па словах Валянціна Лазарэнкава, цяперашнія чыноўнікі мысляць па-старому: пра матыку, пра плуг, пра даільны апарат і г.д. Такія разважанні чыноўнікаў наконт лёсу іх дзяцей выклікалі абурэнне ў мясцовых жыхароў. Яны вырашылі ратаваць сярэднюю школу самастойна.
Ганна Васілевіч , Беларускае Радыё Рацыя.
Нельга, каб знікла беларуская мова, а значыць - нацыя
На Бярозаўшчыне праведзены шэраг мерапрыемстваў з нагоды Міжнароднага Дня роднай мовы. У прыватнасці ў Бярозаўскай раённай дзіцячай бібліятэцы арганізавана выстава-вернісаж пад назвай "Мова чыстых, адвечных славян" і літаратурна-музычная экспазіцыя "Мовы друкаванай чароўнае слова" сумесна з дзіцячай школай мастацтваў.
Тым не менш імпрэза не абыйшлася без роздуму пра цяжкі стан, у якім апынулася родная мова беларусаў:
- За апошнія гады функцыянаванне нацыянальнай мовы зводзіцца да мінімуму. Роднае слова пачало неяк знікаць са школы, з дзяржаўных і грамадскіх устаноў і ўвогуле - з чалавечых зносін. Сёння пытанне пастаўлена так: нельга жыць у асяроддзі беларускага народа і не ведаць ягоную мову, культуру, гісторыю, лепшыя нацыянальныя традыцыі. Нельга дапусціць, каб знікла беларуская мова, культура, а значыць - і нацыя.
Усе прысутныя на імпрэзе, як дарослыя, так і дзеці пагадзіліся з тым, што вельмі мала ўвагі ўдзяляецца роднай мове.
Ганна Васілевіч , Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара
У Пружанах адзначылі Дзень роднай мовы
Аматары беларускай мовы ў Пружанах адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы ў Доме культуры, дзе быў пастаўлены лялечны спектакль паводле казкі Зінаіды Дудзюк "Дудка - самагудка". Пастаноўка была падрыхтавана дзецьмі, якія наведваюць мясцовы касцёл.
Кіраўніца Пружанскай суполкі Таварыства беларускай мовы Тарэса Жыгалава нагадала ўдзельнікам свята пра суседнюю Украіну:
- Кожны народ імкнецца быць свабодным, вольным і бачыць сваю краіну дэмакратычнай. Сёння мы бачым, што ў суседняй краіне, ва Украіне, ідзе такое змаганне, змаганне за свабоду і дэмакратыю.
Удзельнікам імпрэзы спадабаўся спектакль і наогул дзвюхгадзінная атмасфера беларускасці:
- На самой справе гэта было так прыемна, што такі цудоўны тэатр на беларускай мове, было як у казцы.
- Вельмі прыемна было, што мы пачулі сваю родную мову.
- Не ў пашане наша мова ў кіраўніцтва дзяржавы.
Любоў да беларускай мовы каштавала кіраўніцы суполкі Таварыства беларускай мовы, настаўніцы Тарэсе Жыгалавай датэрміновага выхаду на пенсію, а яе намесніцы Ларысе Жаўнярчук, якая выкладала мову ў Пружанскай гімназіі, пераводу ў вясковую школу.
Беларускае Радыё Рацыя. Валерый Герасімаў
Унікальная кніжніца і яе скарбы
Да 80-годдзя Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь
Ёсць у Менску адна ўнікальная бібліятэка. І хоць, здараецца, зрэдзьчасу яе блы-таюць з Нацыянальнай біблія-тэкай Беларусі, назву мае крыху інакшую - Прэзідэнцкая (да 1994 года - Урадавая) бібліятэка Рэспублікі Беларусь. Знаходзіцца яна ў самым цэнтры нашай дзяржавы - на плошчы Незалежнасці ў правым крыле Дома Урада. Разам з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Я. Коласа Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі ўваходзіць у тройку самых буйных кніжніц нашай краіны. Сёння гэта спецыялізаваны галіновы цэнтр бібліятэчна-інфармацыйнага забеспячэння органаў улады і кіравання краіны, цэнтр навукова-дапаможнай бібліяграфіі па дзяржаве, праву, міжгаліновай эканоміцы. Сярод яе прыярытэтных абанентаў у Рэспубліцы Беларусь - Адміністрацыя Прэзідэнта, Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага Сходу, Савет Міністраў, Канстытуцыйны і Вярхоўны Суды, мясцовыя Саветы дэпутатаў і іх выканкамы, а таксама Выканаўчы сакратарыят СНД. Але інфармацыйныя рэсурсы адкрыты і для шырокага кола карыстальнікаў. 10 снежня 2013 г. бібліятэка адсвяткавала 80-годдзе свайго нараджэння. З гэтай нагоды, шаноўныя чытачы нашай газеты, да вашай увагі прапануецца артыкул загадчыка аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Валерыя Мікалаевіча Герасімава, які прысвечаны бібліятэцы-юбіляру і яе працы па захаванні нацыянальнай прававой спадчыны.
Кніга і духоўная культура Беларусі. У кожнай кнігі свой лёс. Кніга - гэта сімвал таямніцы, святла і дабра і адначасова - інструмент інтрыг, барацьбы за ўладу. Кніга - рэч духоўная. Але разам з тым і матэрыяльная, бо ў яе ўкладзена праца мноства людзей: аўтара, мастака-афармляльніка, друкара, пераплётчыка і, нарэшце, захавальніка-бібліятэкара.
Кніга - атрута, калі насыціць кніжную старонку атрутай і з яе дапамогай пазбавіць жыцця ворага, як гэта зрабіла некалі ў XVI стагоддзі ўладарная свякруха-італьянка Бона Сфорца з сваёй нявесткай, нашай знакамітай каралевай Барбарай Радзівіл.
Кніга - зброя, калі перанесціся ў часы сталінскіх рэпрэсій і "да штыха прыраўняць пяро", як выказваўся некалі ў творчым запале "рускі пралетарскі пісьменнік" Максім Горкі. І як усякая зброя, пісьмовае слова можа быць не толькі добрае, але і злое. Само слова не вінаватае, яно толькі служыць чалавеку. Вядома, напрыклад, што артыкулы некаторых даваенных беларускіх літаратараў, скіраваныя на выкрыццё ідэалагічных "хібаў" у навуковых і мастацкіх творах сваіх калег, фактычна паслужылі даносамі і падставаю для пакарання з боку ўлады. Для Беларусі гэта асабліва актуальна. Таму што тады была вынішчана інтэлектуальная эліта Беларусі, а развіццё беларускай нацыі, культуры і мовы запаволена на дзесяцігоддзі. Толькі ў адну ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў менскай "амерыканцы" - унутранай турме Народнага камісарыята ўнутраных справаў (НКУС) было расстраляна звыш ста пісьменнікаў, дзяржаўных дзеячаў, вучоных. Алесь Дудар, Валерый Маракоў, Міхась Чарот, Міхась Зарэцкі, Ізі Харык, Тодар Кляшторны, Юрка Лявонны, Янка Нёманскі, Анатоль Вольны... - колькі выдатных твораў магла мець беларуская літаратура, калі б яны засталіся жывыя?!
Кніга без чалавечых рук як бы ўсыхае, губляе душу. Ёю павінны карыстацца. Дзеля гэтага і існуюць бібліятэкі, альбо як іх раней называлі славяне, - кніжні, кніжніцы.
Беларусі ёсць чым ганарыцца. Яна мае больш, чым тысячагадовую дзяржаўнасць. Яна мае такое ж старадаўняе пісьменства. Яна мае старадаўнюю кнігу. Яе кніжніцы сягаюць у дзевятае стагоддзе.
Увогуле гісторыю беларускага пісьмовага слова можна пачынць разглядаць з перыяду намнога ранейшага, а менавіта - з ІІІ-V стагоддзяў, калі існавала пісьменства (магчыма, рунічнае) так званых праславянскіх дзяржаў венедаў, антаў і склавінаў. У VІ-VІІІ стагоддзях знаходзім ужо рысы пісьменства дзяржаўных аб'яднанняў - крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, ліцвінаў, з якіх пазней сфармавалася беларуская нацыя.
Берасцяныя граматы, графіці на сценах першых беларускіх сабораў, надпісы на пярсцёнках - таксама помнікі кніжнай культуры. А высечаныя па загаду полацкага князя Барыса ў дванаццатым стагоддзі на валунах (вядомыя як сем Барысавых камянёў, тры з іх захаваліся да нашага часу) шасціканцовыя крыжы і надпісы "Господи помози…" да таго ж і сведчанне выкарыстання пісьмовай мовы ў дзяржаўным ужытку (у якасці сімвалаў ўлады ды ахоўных, межавых знакаў). Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Кліменцій Смаляціч, Францішак Скарына, Сімяон Полацкі, Гальяш Капіевіч - гэта тыя постаці беларускай культуры, якія ўнеслі вялізны ўклад у развіццё як беларускай кнігі, так і сусветнай цывілізацыі. Тураўскае, Полацкае, Аршанскае, Слуцкае Евангеллі, Біблія Скарыны, Берасцейская Радзівілаўская Біблія, "Катэхізіс" Сымона Буднага, Радзівілаўскі і Баркалабаўскі летапісы - гэта залаты фонд беларускай кнігі.
Толькі некалькі прыкладаў. Згодна з падлікамі вучоных сярэднестатыстычны чалавек можа прачытаць за сваё жыццё каля пяці тысяч кніг. Сімвалічна, але, сапраўды, у сярэднявечнай беларуска-літоўскай дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім была выдадзена якраз такая іх колькасць. Гэта значыць, нашыя продкі ўжо некалькі стагоддзяў назад як бы забяспечылі нас, сённяшніх беларусаў, друкаваным словам розуму і веды. А да гэтага ж былі і шматлікія рукапісныя кнігі. Яшчэ лічба ад навукоўцаў: у XVI-пачатку XVIІ стагоддзя на тагачасных землях Беларусі выйшла з друкарняў дзесьці 400 назваў кніг, Украіны - 30, у Маскоўскім царстве - 10. Аналагічная карціна вымалёўваецца і з друкарнямі. Напачатку XVI стагоддзя ў нашай Рэчы Паспалітай іх было каля 125. А ў Масковіі - 2, прытым, што адна з іх была заснавана нашым земляком Сімяонам Полацкім, паэтам і асветнікам, які займаўся выхаваннем дзяцей расійскага цара Аляксея Міхайлавіча.
Але залаты век беларускай культуры, у часе якога менавіта праз нас і ад нас ішла кніжная культура на поўдзень і ўсход, скончыўся пасля вядомых падзелаў (у 1772, 1793 і 1795 гадах) Рэчы Паспалітай. 123 гады - да 25 сакавіка 1918 года, калі была створана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), мы былі пазбаўлены сваёй дзяржаўнасці. На працягу стагоддзяў драпежніцкі вываз беларускіх кніжных скарбаў рознага кшталту акупантамі дапоўніўся стратамі ў выніку таго грандыёзнага перамешвання гістарычных беларускіх кнігазбораў, якое мела месца пасля бальшавіцкага перавароту і далейшай цэнтралізацыі дзяржавай кніжна-бібліятэчнай справы. Давяршылі ўсё падзеі апошняй сусветнай вайны. Вось так і сталася, што за межамі Беларусі апынуліся большая і найбольш старая частка самай вялікай прыватнай бібліятэкі Вялікага Княства Літоўскага - Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў, кнігазборы магнатаў Сапегаў, Храптовічаў і іншыя. У выніку, цэльных гістарычных кнігазбораў у Беларусі на сённяшні момант практычна няма. А тыя духоўныя цаглінкі-кавалкі зруйнаванай і разбэрсанай кніжнай спадчыны, якія захаваліся, не заўсёды знаходзяцца ў, так бы мовіць, законных (гістарычна наканаваных, спадкаемных) месцах захоўвання.
Апошнім часам сітуацыя тут, дзякуй Госпаду і сучасным кніжнікам-энтузіастам, пакрысе мяняецца. Доўга лічылася страчаным, але нядаўна выйшла з нябыту адна з нацыянальных праваслаўных святынь Беларусі - Слуцкае Евангелле 1582 года, перапісанае, верагодна, самім слуцкім князем Юрыем Алелькавічам. (Сёння арыгінал Евангелля захоўваецца ў хатнім храме Патрыяршага Экзарха Беларусі). Вярнуліся на Бацькаўшчыну знакаміты "Статут ВКЛ" 1588 года (набыты ў Расіі Музеем гісторыі Магілёва), ні аднаго асобніка якога да апошняга часу не было ў Беларусі, і ўнікальны трактат сямнаццатага стагоддзя "Вялікае мастацтва артылерыі" Казіміра Семяновіча (набыты Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі), у якім наш зямляк упершыню на навуковым узроўні разгледзеў прынцыпы дзеяння і змясціў чарцёж шматступеневай ракеты з дэльтакрыламі.
Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь сёння таксама прыкладае шмат намаганняў, каб кніжная спадчына ў галіне дзяржавы і права атрымала сваё другое жыццё.
Радаводнае дрэва. Лёс нашай бібліятэкі як дзяржаўнай кніжніцы для забеспячэння патрэб улады і кіравання сягае ў далёкую мінуўшчыну і ў асноўнай сваёй частцы як бы паўтарае агульны лёс развіцця беларускай культуры. Карані свайго радаводнага дрэва мы таксама выводзім ад Еўфрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага, Аўраамія Смаленскага. Беларускія асветнікі, кніжнікі, бібліяфілы таго часу, гэтаксама як і дзяржаўныя мужы, безумоўна, мелі свае асабістыя бібліятэкі, і яны неслі пэўныя функцыі дзяржаўных інфармацыйных устаноў адпаведных сваёй эпосе.
У ІХ-ХІІ стагоддзях з'яўляюцца тагачасныя храмавыя бібліятэкі, кнігазборы Полацкіх, Тураўскіх, Смаленскіх князёў, прыкладам, сына знакамітай вольналюбівай Рагнеды князя Ізяслава-кніжніка.
Наступны перыяд - з ХІІІ стагоддзя па 1795 год. Гэта бібліятэкі вялікіх князёў Вялікага Княства Літоўскага і каралёў Рэчы Паспалітай - Жыгімонта І Старога, Жыгімонта Аўгуста, Станіслава Аўгуста Панятоўскага, тут жа Нясвіжская ардынацыя Радзівілаў, кніжныя зборы слуцкіх Алелькавічаў, Сапегаў, Храптовічаў, Наркевічаў-Ёдкаў, Ельскіх ды іншых магнатаў і шляхціцаў.
У прамежку ад 1795 года па 1917 год дзеялі бібліятэкі дзяржаўных устаноў так званага Заходне-Рускага краю Расійскай імперыі. Не менш, а нават больш для нас важныя бібліятэчкі і зборы дакументаў, што існавалі пры паўстанскіх урадах Касцюшкі, Каліноўскага. Дакументы (загады, позвы, маніфесты) паўстанцкіх ўрадаў таксама носяць дзяржаўны характар і як бы ўтвараюць своеасаблівыя канстытуцыі тагачасных паўстанцкіх дзяржаў, хай сабе і нелігітымных, пазазаконных з пунту гледжання царскай адміністрацыі.
На больш высокіх адгалінаваннях радаводнага дрэва - чытальні, бібліятэкі, архівы ўрадаў Беларускай Народнай Рэспублікі і асабістыя кнігазборы яе дзеячоў 1918-1925 гадоў. Тут і Вацлаў Ластоўскі, браты Іван і Антон Луцкевічы, і Язэп Варонка, і Кастусь Езавітаў, і Алесь Ружанец-Ружанцоў - усе тагачасныя нацыянальныя палітычныя і грамадскія дзеячы, як правіла, былі бібліяфіламі.
ССРБ (Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі - менавіта так афіцыйна называлася Беларусь з 1919-га па 1922 год) - БССР: гэта новы час. У 1919-1933 гадах узнікаюць бібліятэкі тагачаснага парламента - Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта (ЦВК), урада - Савета Народных Камісараў (СНК), наркаматаў (міністэрстваў). Вось, мы бачым вокладку "Отчета о деятельности органов юстиции БССР за 1926 год". Месца выхаду і дата: Минск, 1927 год . На выданні штамп: "Бібліятэка Савету Народных Камісараў Беларускае ССР". Гэта пазнака бібліятэкі - нашай папярэдніцы. І таму прыйшоў час звярнуцца непасрэдна да гісторыі Прэзідэнцкай бібліятэкі.
Урадавая бібліятэка да вайны. Пабудавалі Дом Урада ў Менску да 7 лістапада 1933 года. Напачатку для бібліятэкі асобнага памяшкання не прадугледжвалася. Здавалі будынак і сюды пачалі пераязджаць ЦВК, СНК, наркаматы - у кожнай з гэтых устаноў былі свае бібліятэкі ці невялікія падборкі неабходнай прафесійнай літаратуры. Тады зразумелі, што для кніг неабходна агульнае памяшканне і вызначылі ў цокалі месца для аб'яднанай бібліятэкі. Потым доўгі час чытальныя залы і працоўныя кабінеты размяшчаліся ў левым крыле на пятым паверсе Дома Урада. Там яны былі і да, і пасля вайны. Толькі гадоў трыццаць таму вярнуліся мы на сваё гістарычнае месца - у цокальны паверх правага крыла Дома Урада.
Спачатку бібліятэка працавала як аддзяленне (філіял) Дзяржаўнай бібліятэкі БССР са статусам аб'яднанай бібліятэкі наркаматаў. З 1938 года яна стала поўнасцю самастойнай, з афіцыйным найменнем - Урадавая бібліятэка БССР імя А. М. Горкага. Амаль няма ў нас дакументаў з характарыстыкай даваеннага фонду. Але мы, прыкладна як і сёння, былі недзе на трэцім месцы па яго каштоўнасці і аб'ёму: пасля "Ленінкі" (сёння "Нацыяналкі") і навуковай бібліятэкі пры Акадэміі навук. 250 тысяч адзінак захоўвання, кніжны фонд - каля 80 тысяч. Ужо тады ва Урадавай бібліятэцы было вельмі шмат рэдкіх выданняў - пасля канфіскацыі з маёнткаў, манастыроў, з гімназій і семінарый быў створаны дзяржаўны фонд па размеркаванні літаратуры. Пасля яна паступала ў дзяржаўныя бібліятэкі. І да нас таксама. Даваенны фонд наш такім чынам утрымліваў шмат беларусікі, якая была выдадзена да 1917 года, да прыкладу, "Памятныя кніжкі" і "Агляды" беларускіх губерняў, матэрыялы губернскіх статыстычных камітэтаў, земстваў і ўпраў. Было багата камплектаў дарэвалюцыйных газет і часопісаў і поўны збор газет таго часу - 1920-30-х гадоў.
Вайна і пасляваеннае аднаўленне фонду. Пачалася вайна, і фонд быў амаль цалкам страчаны, бо не эвакуяваўся. Сумнавядомая каманды нацысцкага "Штаба рэйхсляйтэра Розенберга", якія вывозілі культурныя каштоўнасці з усёй Еўропы, таксама дзейнічалі і ў Беларусі. Пасля вайны літаратура з беларускіх бібліятэк была знойдзена на тэрыторыі Польшчы і Германіі. Наш зямляк маршал Канстанцін Ракасоўскі, дапамог вярнуць кнігі назад. І адзін ці два эшалоны кніг прыбылі з Германіі. З гэтымі эшалонамі патрапіла і літаратура, якая была вывезена гітлераўцамі з іншых краін Заходняй Еўропы.
Такім чынам апынулася ў нас частка Рускай Тургенеўскай бібліятэкі ў Парыжы. Гэта, варта нагадаць, была першая руская грамадская бібліятэка, створаная ў ХІХ стагоддзі рускімі эмігрантамі ў Парыжы, у многім дзякуючы менавіта Івану Тургеневу і яго каханай жанчыне Паліне Віардо. На пачатку Другой сусветнай нацысты вывезлі яе ў Германію, а потым кнігі са штэмпелем "Bibliothеque russe Tourguеneff" аказаліся раскіданымі па ўсім кантыненце. У Прэзідэнцкай бібліятэцы каля пяцісот яе дакументаў: кнігі, часопісы, газеты.
Таксама нешта маем з бібліятэкі Дрэздэнскай карціннай галерэі, Прускай каралеўскай бібліятэкі, Украінскай бібліятэкі імя Сымона Пятлюры ў Парыжы. Ёсць кнігі знакамітай акультысткі і экстрасенса Алены Блавацкай - заснавальніцы міжнароднага Тэасофскага таварыства, кнігі на замежных мовах з штампамі і экслібрысамі тэасафічных бібліятэк Амстэрдама і Антвэрпена. Верагодна, некаторыя з такіх выданняў маглі раней знаходзіцца ў асабістых бібліятэках Гітлера. Мы ж ведаем, што ён захапляўся літаратурай кшталту містычнай і астралагічнай, дзеля чаго вёўся пошук па ўсім свеце. (Гэтым займалася так званая нацысцкая арганізацыя "Аненербе" - "Спадчына продкаў", якая праз старажытныя артэфакты імкнулася стварыць акультна-ідэалагічны падмурак для фашысцкага рэйха.)
(Працяг у наступным нумары.)
З падзей 2013 года
Гэты год быў аб'яўлены Годам беражлівасці.
У выніку амністыі 2012 г. на 15 студзеня 2013 г. на волю выйшлі больш за 4 тысячы члавек.
20 студзеня. У Менску памёр Міхась Мікалаевіч Чарняўскі , пісьменнік, археолаг, які нарадзіўся 07.03. 1938 г. у в. Круці Мядзельскага раёна.
25 студзеня. Памёр Віктар Мартынаў , лінгвіст, аўтар "Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы". Нарадзіўся 25.01.1924 г. у Адэсе.
15 лютага. Над г. Чалябінскам (Расія) разарваўся метэярыт . Выбуховай хваляй выбіты шыбы ў горадзе. Паранены бітым шклом каля 1200 чалавек.
17 лютага. Адбыўся справаздачны сход Беларускага ПЭН-цэнтра, на якім старшынём пераабраны паэт Андрэй Хадановіч .
17 лютага. У Крынках (Беласточчына) памёр беларускі пісьменнік Сакрат Яновіч , які там нарадзіўся 04.09. 1936 г.
20 лютага. У аг. Мышкавічы Кіраўскага раёна памёр Васіль Канстанцінавіч Старавойтаў , двойчы Герой Сацыялістычнай Працы (1966 г., 1984 г.), заслужаны работнік сельскай гаспадаркі. Нарадзіўся 13.06.1924 г. у в. Барок Бялыніцкага раёна.
25 лютага. Памёр Міхаіл Сцяпанавіч Высоцкі , Герой Беларусі (2006 г.), генеральны дырэктар НІРУП "Белаўтатрактарабудаванне" НАН Беларусі.
2 сакавіка. У Менску памёр Мікола Мікалаевіч Арочка , крытык, доктар філалагічных навук, літаратуразнавец, паэт. Ён нарадзіўся 10.12. 1930 г. у в. Вецявічы Слонімскага раёна.
15 сакавіка. Цыклон "Хавер" прычыніў значную шкоду Менску ў памеры 40 мільёнаў рублёў. Па ўсёй Беларусі выпала шмат снегу.
29 сакавіка. Адкрыты пасля рэканструкцыі Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы . Першым спектаклем на адноўленай сцэне была пастаўлена "Паўлінка". Рэканструкцыя працягвалася больш за 2 гады.
1 красавіка . У Менску пачаў раставаць снег, які тут, як ніколі, ляжаў вялікімі гурбамі.
18 красавіка. Рака Прыпяць прарвала дамбу і затапіла вёску Мардзвін Галубіцкага сельсавета Петрыкаўскага раёна. Вада стаяла на агародах нават 10 чэрвеня.
20 красавіка. Рэдакцыя крычаўскай грамадска-палітычнай газеты "Вольны горад" адзначыла 15-ю гадавіну свайго выдання.
21 красавіка. У г. Любань абрабавана аддзяленне ААА "Белаграпрамбанка" . Укралі 1 млрд бел. руб., 40 тыс долараў і 20 тыс. еўра. На трэці дзень пасля здарэння злачынства было раскрыта, а арганізатар затрыманы.
26 красавіка. У Менску, ад кінатэатра "Кастрычнік" да плошчы Бангалор, прайшоў "Чарнобыльскі шлях" , пра-ведзены апазіцыйнымі партыямі.
28 красавіка. Беларуская спартсменка Меліта Станюта выйграла Кубак свету па мастацкай гімнастыцы на чэмпіянаце ў г. Пезаро (Італія).
8 траўня. Указам № 217 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь праведзена аптымізацыя аддзелаў Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. Замест 19 раённых створана 8 гарадскіх і міжраённых.
14 траўня . Праваслаўныя вернікі адзначылі Радаўніцу.
13 - 19 траўня. Стаялі гарачыя сухія дні ў Беларусі.
18 траўня . У Віцебску зарэгістравана рэкордная высокая тэмпература для травеньскага часу, удзень у цяні было +32,5°С . Гэта рэкордная тэмпература ў гэты дзень для Беларусі
26 траўня. Каталікі святкавалі Сёмуху . У Менску каля чатырох тысяч вернікаў прайшлі хрэсным ходам па праспекце Незалежнасці.
На 1 чэрвеня ў Менску налічвалася 2117 ВІЧ-інфіцыяваных.
5 чэрвеня. Жыхары Полацка адзначалі Дзень Святой Ефрасінні Полацкай.
7 чэрвеня. У Менску памёр Уладзімір Іванавіч Стальмашонак , жывапісец, педагог, народны мастак. Нарадзіўся ён у Менску 06.02.1928 г.
15 чэрвеня. Адбыўся Х (неафіцыйны) выпуск вучняў гуманітарнага ліцэя ў Менску. Аб колькасці выпускнікоў не паведамлялася.
19 чэрвеня суд Шчучынскага раёна аштафаваў жыхароў в. Рачкаўшчына Шчучынскага раёна Мечыслава Яскевіча на 4 млн. руб., а пенсіянерку Вераніку Себасцяновіч на 2,5 млн. руб. за тое, што яны паставілі крыж на месцы забітага ў 1949 г. камандзіра атрада Арміі Краёвай Анатоля Радзівончыка. Іх аштрафавалі, а крыж спілавалі.
24 - 28 чэрвеня. У Магілёве праводзіўся ХХ Міжнародны фестываль духоўнай музыкі "Магутны Божа" . У ім удзельнічалі прадстаўнікі 15 краін. Першы такі фестываль тут адбыўся ў ліпені 1993 г.
Чэрвень. У некаторых вёсках Іўеўскага, Валожынскага, Віцебскага раёнаў выявілася афрыканская чума свіней. Ад хваробы здыхалі свінні. Уведзены ветэрынарны каранцін.
Чэрвень. У Маладзечне у парку, у выніку трэцяга перасоўвання на новае месца раскалоўся крыж-камень, на якім быў надпіс "Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі". Ён быў асвечаны 27 сакавіка 1993 г. трыма хрысціянскімі святарамі - праваслаўным, каталіцкім і ўніяцкім. Быў пастаўлены ў цэнтры горада, але ў 2011 г. у сувязі з фестывалем "Дажынкі" яго перанеслі ў парк.
Канец чэрвеня. У Менску ганаровае званне "Міс Менска-2013" атрымала 21-гадовая студэнтка Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Яна Канцавенка .
2 ліпеня. У Менску адкрыта плошча Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь . Дзяржаўны сцяг узняты на флагштоку на 70-мятровую вышыню.
3 ліпеня. У Менску, на праспектах Машэрава і Пераможцаў, у гонар Дня незалежнасці адбыліся парад войскаў і дэманстрацыя спартсменаў.
2 - 6 ліпеня. У Будславе праводзіўся фэст у гонар 400-годдзя абраза Божай Маці. На фэст прыйшлі або прыехалі каля 30 тысяч пілігрымаў. Удзельнічалі 200 святароў і пасол ад Ватыкана.
6 ліпеня. У в. Аляксандрыі Шклоўскага раёна адзначылі традыцыйнае Купалле .
11 - 15 ліпеня. У Віцебску праведзены ХХІІ фестываль песні "Славянскі базар" . Кошт яго правядзення 1,5 млн. беларускіх рублёў.
13 ліпеня , у суботу ў Менску быў вялікі лівень. Вада не паспявала сцякаць. На праспекце Незалежнасці, каля ст. метро "Парк Чалюскінцаў", вада лілася нават у метро.
13 - 14 ліпеня. У Магілёве ва ўсіх тралейбусах замест рэкламы былі змешчаны вершы беларускіх паэтаў.
15 - 24 ліпеня на 45-й Міжнароднай хімічнай алімпіядзе школьнікаў у Маскве, якая праводзілася ў МДУ імя М.В. Ламаносава, Сяргей Кузоўчынкаў , выпускнік менскай гімназіі №1 імя Ф. Скарыны, стаў 9-ым пераможцам па выніках гэтай алімпіяды. У ёй удзельнічалі 300 школьнікаў з 75 краін. Менскі выпускнік С. Кузоўчынкаў быў прыняты на першы курс Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
23 - 24 ліпеня. У Менску, у Міжнародным адукацыйным цэнтры, праведзены VІ з'езд беларусаў свету . Удзельнічалі ў ім 200 дэлегатаў ад беларускіх дыяспар у 21 краіне свету і 140 чалавек з Беларусі. Зноў на новы тэрмін кіраўніком грамадскага аб'яднання "Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" выбрана Алена Макоўская, а старшынёй рады - Ніна Шыдлоўская.
27 ліпеня. Мінуў год, як была прынята пастанова Савета Міністраў РБ аб стварэнні Музея Васіля Быкава на яго лецішчы ў Ждановічах. На працягу 2012-2014 гг. там будзе праводзіцца рамонт памяшкання і добраупарадкаванне
27 - 28 ліпеня. У Мсціславе праводзіўся шосты рыцарскі фэст "Мсціслаў - 2012" - фестываль сярэднявечнай культуры. У ім удзельнічалі больш за 30 рыцарскіх клубаў.
29 ліпеня. У Менску, на Менскім замчышчы, прайшлі ўрачыстасці ў гонар 1025-годдзя Хрышчэння Русі. У Менск прыехаў Патрыярх Маскоўскі Кірыл і былі прывезены рэшткі Андрэеўскага Крыжа з Грэцыі.
Ліпень. У многіх краінах (Чэхія, Польшча, Літва і іншых) паказвалі публіцыстычны кінафільм "Жыве Беларусь!" . Для яго cцэнарый напісаў Франак Вячорка.
1 жніўня на востраве Аруба ў Карыбскім моры выбрана "Міс Сусвет - 2013". Яе карону атрымала беларуска Святлана Кузняцова.
4 жніўня. У шэрагу краін свету, у іх сталіцах (Берлін, Прага, Варшава, Кіеў, Масква) прайшлі акцыі ў рамках Міжнароднага дня салідарнасці з грамадскай супольнасцю Беларусі.
8 жніўня. У Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь перададзена тысяча подпісаў з прапановай уключыць нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг у Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей. Збор подпісаў праводзіла грамадская суполка "Арт-сядзіба". Нічога гэтым не дамагліся.
9 жніўня. Арыштаваны на 7 сутак арышту Руслан Мірзаеў за відэаролік у Internet пра ўмовы работы рабочых на Менскім аўтазаводзе і наркаманаў у Курасоўшчыне
14 жніўня. У Менску і Полацку адзначылі свята Мядовы Спас. Прадавалі мёд і кнігі пра мёд.
14 жніўня. У музей Ігната Дамейкі , які ў Крупаўскай школе Лідскага раёна, паступілі мінералы, прывезеныя Тарасам Міхайлавічам Кацмурам з Чылі. У школе ў сувязі з гэтай падзеяй адбыліся ўрачыстасці.
16 жніўня. У Віцебску з работы забралі ў псіхбальніцу ўрача Ігара Пастнов а, які вельмі дакучаў тутэйшаму начальству, калі крытыкаваў віцебскую медыцыну.
23 жніўня. У Еўрапейскім Саюзе праведзены Еўрапейскі дзень ахвяр нацызму і сталінізму.
23 жніўня. У Лідзе адбыўся фестываль фальклору.
24 жніўня. У Магілёве памёр Генадзь Вітольдавіч Суднік (нар. 21.08.1943, Арэнбург), журналіст, рэдактар незалежнай магілёўскай газеты "Ратуша", сябар ТБМ і КХП БНФ.
26 жніўня. У Менску памёр народны мастак Беларусі Арлен Кашкурэвіч , які нарадзіўся ў Менску 15.09. 1929 г.
26 жніўня. У аэрапорце "Мінск-2" арыштаваны кіраўнік назіральнага савета сумеснай Беларускай калійнай кампаніі з фірмай "Уралкалій" Уладзіслаў Баўмгертнер , генеральны дырэктар кампаніі "Уралкалій". Ён знаходзіўся ў Менску, у ізалятары КДБ да снежня 2013 г. Затым яго перадалі праваахоўным арганам Масквы. Ён прычыніў бюджэту Беларускай дзяржавы шкоду ў памеры каля 100 млн. долараў.
28 жніўня . Выйшаў на волю з гарадзенскай турмы Зміцер Дашкевіч , кіраўнік незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт".
1 верасня. Дзень беларускага пісьменства ўрачыста праведзены ў Быхаве.
1 верасня. Пачаліся заняткі ў школах. А ў Магілёве Ялінка Салаўёва вучыцца адна ў чацвёртым класе на беларускай мове. Ва ўсіх школах Магілева, апрач яе, ніхто на беларускай мове не вучыцца.
17 верасня. Памёр мастак Віктар Маркавец , які нарадзіўся 05.08.1947 г. у Докшыцах.
20 - 26 верасня. Праводзіліся сумесныя расійска-беларускія вучэнні "Захад-2013" на палігонах каля Асіповічаў, Гародні і ў Калінінградскай вобласці. На іх прысутнічалі прэзідэнты Ул. Пуцін і А. Лукашэнка.
20 верасня. Горадабудаўнічы савет Менскага гарадскога Савета зацвердзіў праекты станцый трэцяй лініі Менскага метро "Зялёны Луг". Усяго на лініі 7 станцый, першыя з іх з'явяцца ў 2017 г.
22 верасня. У Менску створана кааліцыя "За свабодныя і справядлівыя выбары "Талака" , у яе ўвайшлі Аб'яднаная грамадская партыя, Беларуская партыя левых "Справядлівы свет".
25 верасня. Міністэрства культуры Беларусі пераўтварыла Мемарыяльны музей М. Багдановіча і Мемарыяльны музей П. Броўкі ў філіялы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
27 - 28 верасня. Свята ўраджаю рэспубліканскі фэст-кірмаш "Дажынкі" адзначалі ў Жлобіне.
30 верасня. Памёр Мікола Ігнатавіч Крукоўскі , удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, доктар філасофскіх навук. Ён нарадзіўся 16.11. 1923 г. на хутары каля в. Машкова Аршанскага раёна.
30 верасня. Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы прысудзіла прэмію Вацлава Гавела (60 тыс. еўра) беларускаму палітвязню пісьменніку Алесю Беляцкаму.
Верасень. У Рыме (Італія) праводзіўся Міжнародны конкурс акардыяністаў і баяністаў. На ім першыя месцы атрымалі беларусы. Першае месца заваяваў акардыяніст Валера Шэўчык , другое - баяніст Сяргей Радзівонаў . Абодва вучацца ў Гарадзенскім дзяржаўным музычным каледжы.
Верасень. ААТ "БелАЗ - Холдынг" стварыў самы вялікі ў свеце самазвал грузапад'ёмнасцю 450 тон. Агульная маса машыны 810 тон. Адміністрацыя завода падала заяўку на запіс аўтамабіля ў Кнігу рэкордаў Гінеса.
З 1 кастрычніка. Базавая велічыня павялічана з 100 тысяч да 130 тысяч рублёў. Кошт праезду ў гарадскім транспарце Менска павялічыўся да 2 500 рублёў, а ў кіроўцы - да 3 000 рублёў. Сярэдні памер працоўнай пенсіі ў кастрычніку склаў 2 102,4 тысяч рублёў.
3 кастрычніка . У Менску памёр Віктар Івашкевіч , журналіст, дзеяч рабочага руху, актывіст БНФ. Пражыў 55 гадоў. Нарадзіўся ў Менску.
15 кастрычніка. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь прызначыў старшынём Прэзідыюма НАН Беларусі акадэміка Уладзіміра Рыгоравіча Гусарава.
23 кастрычніка. Адкрыты Палац незалежнасці ў Менску.
24 кастрычніка. У Палацы Незалежнасці адбылося пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага Савета, а 25 кастрычніка - там жа саміт кіраўнікоў СНД.
27 кастрычніка. Памёр кандыдат геаграфічных навук, дацэнт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова Пятрусь Лярскі , які нарадзіўся 12.01.1918 г. у в. Рамінка Чавускага раёна.
31 кастрычніка. У Менску памёр мастак, жывапісец, Аляксей Васілевіч Кузьміч , які нарадзіўся 04.06. 1945 г. у в. Мохра Іванаўскага раёна.
Кастрычнік. Нямецкія кнігавыдаўцы прысудзілі літаратурную прэмію пісьменніцы Святлане Аляксіевіч .
Кастрычнік. На кангрэсе Міжнароднай шахматнай федэрацыі імя нашага земляка шахмаціста, міжнароднага гросмайстара Віктара Давыдавіча Купрэйчык занесена ў Сусветную залу шахматнай славы Музея ў Сент-Луісе (ЗША).
1 - 8 лістапада. У Менску праводзіўся ХХ Міжнародны (штогадовы) кінафестываль "Лістапад".
2 лістапада. Вызвалены з пасады Дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Леанід Мальцаў і прызначаны старшынёй Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.
2 лістапада. Памёр Уладзімір Андрэевіч Кулажанка , доктар эканамічных навук. Ён нарадзіўся ў 1926 г. у в. Косаць Кармянскага раёна.
3 лістапада. На Дзяды КХП БНФ арганізавала дэманстрацыю ад Менскага гадзіннікавага завода ў Курапаты і мітынг у Курапатах.
8 лістапада. У Барысаве быў вызвалены з пасады Старшыні выканкама Менскай вобласці Барыс Васілевіч Батура і адпраўлены на пенсію.
14 лістапада. Прэзідэнт А.Р. Лукашэнка вызваліў ад пасады старшыні Гарадзенскага абластнога выканкама Сямёна Барысавіча Шапіру , доктара эканамічных навук, і прызначыў старшынём выканкама абласнога Савета Менскай вобласці. Старшынём выканкама абласнога Савета Гарадзенскай вобласці прызначаны Уладзімір Васільевіч Краўцоў .
23 лістапада. У сельскім Доме культуры в. Казловічы Слуцкага раёна міліцыя забараніла паказ дакументальнай кінастужкі "40 дзён сялянскай рэспублікі" (пра Слуцкі збройны чын). Ініцыятар паказы кінастужкі была настаўніца Зінаіда Цімошык, якую 19 снежня 2013 г. у судзе аштрафавалі на 20 базавых велічынь (2 млн 600 тыс. рублёў). Дырэктар Дома культуры Аляксандр Туміловіч звольніўся са сваёй пасады.
Лістапад. Каля в. Слабодка Астравецкага раёна пабудаваны гранітны помнік у выглядзе мяча, прысвечаны загінулым паўстанцам 1863 года. Аўтар помніка скульптар Ігар Засімовіч.
На 1 снежня дзяржаўны доўг Беларусі склаў 146,6 трлн. руб. і павялічыўся за 11 месяцаў на 17,8 трлн.руб., або на 13,18%.
5 снежня. Прэзідэнт А.Р. Лукашэнка прызначыў на пасаду Дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі генерал-маёра Аляксандра Веніямінавіча Мяжуева , які нарадзіўся 11.07.1959 г. у Ляхавічах.
7 снежня. Першае дзяжурнае звяно расійскіх знішчальнікаў СУ-27 прызямлілася на аэрадроме ў Баранавічах. Гэта пачатак стварэння трэцяй расійскай ваеннай базы на тэрыторыі Беларусі.
20 і 27 снежня . Некаторыя ўладальнікі аўтамашын правялі ў Менску акцыю "Стоп-падатак" . Сваімі аўтамабілямі яны заблакавалі пр. Незалежнасці. Гэтым самым яны выказвалі пратэст супраць таго, што ў 2014 г. уводзіцца дарожны падатак на кожную аўтамашыну.
23 снежня ў Менску ў Палацы мастацтваў адбыўся ХІ з'езд мастакоў Беларусі. Старшынём Саюза мастакоў выбраны Рыгор Сітніца , мастак, паэт.
24 снежня. Сойм Літоўскай Рэспублікі аб'явіў 2014 год - Годам Аршанскай бітвы . Тым самым літоўцы даказваюць, што яны нашчадкі ВКЛ, а не беларусы, якія без роду і племені, што не ведаюць хто яны.
25 снежня . Сінод РПЦ адправіў на адпачынак Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта і прызначыў кіраўніком Беларускай Праваслаўнай царквы Мітрапаліта Разанскага і Міхайлаўскага Паўла (прозвішча Панамароў).
31 снежня. Снег, які выпаў у лістападзе, растаў. Новы 2014 год сустракалі без снега, паветра было +1 °С.
У 2013 годзе:
Пасяўныя плошчы сельскагаспадарчых культур займалі 5739,2 тысяч га, што на 87,7 тысяч га менш, чым у 2012 г. Намалалочана збожжавых і бабовых 7,6 млн. т. Сярэдняя ўраджайнасць іх склала 29,7 ц. з аднаго га. Накапана бульбы ўсімі гаспадаркамі 5,9 млн. т. Сярэдняя ўраджайнасць бульбы - 194 ц з 1 га. Год быў неўраджайны.
Сярэдняя заработная плата ў студзені - чэрвені за месяц склала 4,77 млн.руб. (каля 550,5 долара).
Сярэдняя працоўная пенсія ў снежні (апрача пенсіянераў вайсковых, КДБ, МНС і органаў МУС) каля 2400 тысяч рублёў.
За снежань месяц у Менску плата за камунальныя паслугі прыватызаванай аднапакаёвай кватэры агульнай плошчай 37 (жылой 17) кв. м., у якой пражывае адзін чалавек, склала 149 тысяч рублёў.
З 1 верасня 2013 г. устаноўлены кошт электраэнергіі за адну кВт-гадзіну для гараджан, якія карыстаюцца газавай плітой, - 610,6 руб., і для гараджан, якія карыстаюцца электраплітой, - 479,1 руб.
У канцы снежня праезд у гарадскім транспарце Менска каштаваў 3 000 рублёў, у кіроўцы - 3 500 рублёў.
У абменных пунктах у канцы снежня ў Менску долар можна было набыць за 9 650, еўра - за 13 250, расійскі рубель - за 290 беларускіх рублёў. Кошт аднаго літра бензіну А-92 - 8 800 рублёў, літра дыз. паліва - 9 600 рублёў.
У снежні 2013 года сярэдняя працоўная пенсія была 2 235 612 рублёў, а сацыяльная пенсія склала 965 700 рублёў. (Гэта інфармацыя Міністэрства сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь у сувязі з павышэннем пенсіі з 1 лютага 2014 г.)
У канцы снежня цэны ў мінскіх магазінах былі наступныя:
Хлеб "Нарачанскі" (1,2 кг) - 15200 руб.
Хлеб "Водар" (860 г) - 8 600 руб.
Батон "Аматарскі" (450 г) - 7950 руб.
Батон "Старавіленскі" (400 г) - 5 950 руб.
Смятана 28 % (380 г) - 12 050 руб.
Малако 3,6 % (1л) - 7 950 руб.
Сыр "Расійскі" 50 % (1 кг) - 101 200 руб.
Тварог 5 % (200 г) - 6 100 руб.
Масла 72 % (180 г) - 15 400 руб.
Алей сланечнікава-аліўкавы (770 мл) - 19 850 руб.
Свініна (1 кг) - 35 500 - 68 700 руб.
Мяса свіное тазабедранае (1кг) - 69 250 руб.
Каўбаса вараная "Руская" (1 кг) - 47 300 руб.
Каўбаса вараная "Эстонская (1 кг) - 50 600 руб.
Ялавічына (1кг) - 55000 - 98000 руб.
Бульба (1кг) - 6 000 -7000 руб.
Капуста (1кг) - 6 650 руб
Гарэлка 40 % (0,5 л) - 51 900 руб.
Цукар (1кг) - 8 400 руб.
Селядцы (1кг) - 37 050 руб.
Яйкі (10 штук) - 14 500 - 14450 руб.
Цыбуля (1кг) - 7 800 руб.
Падзеі і цэны запісаў Сымон Барыс.
Узняць прэстыж беларускіх пчаляроў
III Усебеларускі сход пчаляроў прайшоў 15 лютага ў Менскім касцёле св. Сымона і Алены пад знакам духоўнага яднання пчаляроў нашай краіны. На з'ездзе выступілі ганаровыя госці: Мітрапаліт Менскі і Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч і капелан пчаляроў Беларусі пробашч Чырвонага касцёла Уладзіслаў Завальнюк. Канференцыя, закліканая падняць аўтарытэт пчалярскай справы, была арганізавана Леанідам Дзёмкіным, дырэктарам крамы "Свет пчол".
У ёй прынялі ўдзел больш за 130 пчаляроў і апітэрапеўтаў, членаў грамадскіх аб'яднанняў з усіх абласцей Беларусі, і сярод іх - Міхаіл Халадзінскі, Вячаслаў Млявы, Уладзімір Камянкоў і іншыя.
За мінулыя гады ўзрастае цікавасць да мёдалячэння і прадуктаў пчалярства. Адкрыццё новых пасекаў становіцца папулярным як сярод сельскіх жыхароў, так і сярод уладальнікаў прысядзібных участкаў.
Каштоўныя якасці лячэбнага прадукту папулярызуюць ў лекцыях і перыядычным друку лекары-апітэрапеўты. Паспяхова дзейнічае РГА "Беларускія пчаляры", створанае ў 2005 годзе, і шэраг грамадскіх аб'яднанняў у рэгіёнах, такіх як "Нектар", "Пчала і мёд" і іншыя.
Пчаляроў сёння хвалююць такія праблемы, як неабходнасць дапамогі дзяржавы і выдзяленне датацый на апыленне сельскагаспадарчых культур, магчымасць навучання маладых спецыялістаў пчалярскай справе, якасць мёду, які ідзе на продаж. З трывогай і горыччу пчаляры паведамляюць пра тое, што скарачаецца меданосная база - высякаюцца шматгадовыя ліпы каля вёсак, памяншаюцца пасевы грэчкі.
Хвалюе пчаляроў той факт, што Закон аб пчалярстве быў распрацаваны і прапанаваны для абмеркавання яшчэ ў 2005 годзе. Таксама была распрацавана Праграма аб развіцці пчалярства на Беларусі на 2011-2015 гады. І Закон, і Праграма вывучаліся чыноўнікамі, але не былі прынятымі да належнай увагі.
Пчаляры выказалі надзею, што з часам да іх прапаноў прыслухаюцца. Удзельнікі з'езду адзначылі недахоп інфармацыі ў СМІ пра беларускіх пчаляроў. Каштоўнымі былі выступы саміх пчаляроў. Сяргей Пятровіч Сабураў, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі "Златамёд" падзяліўся сваім досведам і ведамі.
-У суседняй Украіне надаюць вялікае значэнне гэтай галіны сельскай гаспадаркі. У нашых суседзяў засвоена нарыхтоўка і рэалізацыя 16 відаў прадукцыі, сярод якіх: пылок, пярга, маткавае малачко, праполіс і іншыя. Дзейнічае Навукова-даследчы інстытут імя Пракаповіча. Спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй рыхтуюць ва Ўніверсітэце прырода-карыстання і яшчэ ў 7 вышэйшых навучальных установах.
У Беларусі спецыялістаў з сярэдняй адукацыяй у дадзенай галіне рыхтуе адзін толькі Смілавіцкі аграрна-тэхнічны каледж. Ёсць прапанова адкрыць класы ў сельскіх школах па дамоўленасці з дырэктарамі.
Беларускія пчаляры імкнуцца ўдзельнічаць у канферэнцыях і семінарах у краінах блізкага і далёкага замежжа. Леанід Дзёмкін выказаў імкненне нашых пчаляроў адпавядаць узроўню мядовых гаспадароў Еўразвязу і свету.
Ксёндз-пробашч Уладзіслаў Завальнюк падзяліўся ўражаннямі пра паездку ў Польшчу на з'езд польскіх пчаляроў у снежні 2013 года.
Прынята сумеснае рашэнне пчаляроў правесці беларускі нацыянальны мядовы фэст у Будславе 27-28 верасня 2014 года, дзе будзе прадстаўлены толькі айчынны прадукт.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў гасцям выказванні з Бібліі пра значэнне мёду і адзначыў, што васковая свечка з'яўляецца сімвалам духоўнага яднання людзей ў Хрысце. Удзельнікі з'езду выказалі падзяку духоўным асобам за арганізацыю мерапрыемства і надзею на паспяховую сумесную працу ў будучыні.
Э. Дзвінская. На здымках: падчас працы III Усебеларускага сходу пчаляроў.
Гавары са мной па-беларуску
Гаварыць на роднай мове заклікаюць наведвальнікаў Глыбоцкай бібліятэкі ў межах акцыі, прысвечанай Міжнароднаму дню роднай мовы.
Па словах дырэктаркі бібліятэкі Святланы Спасібёнак, яны прапануюць наведвальнікам не толькі размаўляць па-беларуску, але і знаёмяць іх з навінкамі беларускай літаратуры.
- Мы заўсёды кажам, што гаворым на трасянцы. Таму сёння і будзе для нас экзамен на веданне беларускай мовы, як мы ўмеем на ёй размаўляць. Такі вось дзень у нас. Будзем спадзявацца, што гэта не апошняя, а першая ластаўка такой нашай працы.
Як кажа Святлана Спасібёнак, беларуская літаратура вельмі багатая, прапанаваны ўвесь яе спектр. Гэта і класіка, і дэтэктыў, і прыгоды, і нават духоўная літаратура на беларускай мове. А з самымі цікавымі навінкамі можна азнаёміцца на мінівыставе, якая арганізавана ў бібліятэцы.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае. Фота аўтаркі.