Папярэдняя старонка: 2014

№ 11 (1162) 


Дадана: 12-03-2014,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 11 (1162) 12 сакавіка 2014 г.


200 гадоў назад нарадзіўся вялікі Кабзар

Тарас Рыгоравіч ШАЎЧЭНКА (укр.: Тарас Григорович Шевченко; 9 сакавіка 1814, с. Морынцы, цяпер Звянігародскі раён Чаркаскай вобл., Украіна - 10 сакавіка 1861) - украінскі пісьменнік, мастак, грамадскі дзеяч; заснавальнік новай украінскай літаратуры і нацыянальнай літаратурнай мовы.

Нарадзіўся ў сям'і прыгонных сялян: бацька - Рыгор Шаўчэнка, маці - Кацярына Бойка (Шаўчэнка). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ у К. Брулова (1838-45). Як дваровы П.В. Энгельгарта жыў у Вільні (1829-31), потым у Пецярбургу. У 1838 з дапамогай Брулова, В. Жукоўскага і інш. Тарас Шаўчэнка быў выкуплены з прыгоннай няволі. 3 1845 працаваў у Кіеўскай археаграфічнай камісіі. За ўдзел у тайным Кірыла-Мяфодзіеўскім таварыстве арыштаваны і аддадзены ў салдаты (1847-57). Пасля ссылкі (з 1858) жыў у Пецярбургу. Прыхільнік рэвалюцыйнага шляху ліквідацыі прыгонніцтва, яднання славянскіх народаў у барацьбе за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне.

Пісаць пачаў каля 1836-37. Выдаў зборнік "Кабзар" (1840). Творы Тараса Шаўчэнкі прасякнуты любоўю да радзімы, напісаны народнай мовай, вызначаюцца блізкасцю да фальклору, разнастайнасцю рытмаў, меладычнасцю. У ранняй яго творчасці (вершы, балады, паэмы "Кацярына", 1838, "Гайдамакі", 1841; драма "Назар Стадоля", 1843, і інш.) спалучэнне рамантызму з рэалістычнымі тэндэнцыямі.

Тарас Шаўчэнка - заснавальнік рэалістычнага кірунку ва ўкраінскім выяўленчым мастацтве. Майстар партрэта, гістарычных і жанравых кампазіцый, ілюстрацый, натурных замалёвак, афортаў.

Яго мастацкая спадчына прасякнута народнасцю, сацыяльнай накіраванасцю, гуманістычным пафасам.

Вікіпедыя.


"Мастак" - кніга твораў Тараса Шаўчэнкі выйшла па-беларуску

Да 200-годдзя з Дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі ў выдавецтве "Кнігазбор" выйшла кніга твораў украінскага класіка ў перакладзе на беларускую мову пад назвай "Мастак". Перакладчыкам і ўкладальнікам выдання выступіў вядомы майстар мастацкага перакладу Валер Стралко.

Кніга выдадзена дзякуючы спрыянню Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Міхаіла Ежэля і Ганаровага Консула Украіны ў г. Гародні Валянціна Байко. Падтрымала выданне і ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".

Першы раздзел кнігі "На вечным шляху да Шаўчэнкі", напісаны Іванам Дзюбам і Міколам Жулінскім, акадэмікамі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны, прысвечаны апісанню і аналізу асноўных вехаў жыцця, творчасці і светапоглядаў Кабзара. Другі раздзел змяшчае паасобныя вершы Тараса Шаўчэнкі розных гадоў. У трэцім - адна з найлепшых аповесцей класіка "Мастак". Ёсць у кнізе і шэраг выказванняў вядомых творцаў і грамадскіх дзеячаў пра Тараса Шаўчэнку.

Прэсавая служба СБП.



"Будзьма!"

17 сакавіка (панядзелак) адбудуцца заняткі гістарычнай школы з Алегам Трусавым "Гісторыя ў падзеях і малюнках". Пачатак - 18. 00 гадзін. Румянцава, 13 Уваход вольны.


80 гадоў з дня нараджэння Юрыя Гагарына

Юры Аляксеевіч ГАГАРЫН (9 сакавіка 1934, в. Клушына, Гжацкі раён, Смаленская вобласць, РСФСР - 27 сакавіка 1968, каля Кіржач, Уладзімірская вобласць, РСФСР) - савецкі лётчык-касманаўт, першы чалавек, які здзейсніў арбітальны касмічны палёт.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і смаленскіх беларусаў, ягоныя бацькі працавалі ў мясцовым калгасе. Юры быў трэцім дзіцем у сям'і з чатырох, ягоная старэйшая сястра даглядала малых пакуль бацькі працавалі. Чытаў беларускія кніжкі, ведаў на памяць вершык Янкі Купалы "Хлопчык і лётчык". Скончыў Любярэцкае рамеснае вучылішча і адначасова 7-мы клас школы працоўнай моладзі, атрымаў спецыяльнасць фармоўшчыка-ліцейніка ў 1951 з адзнакай. Як адзін з лепшых вучняў быў накіраваны на працяг вучобы ў Саратаўскі індустрыяльны тэхнікум, які скончыў у 1955 годзе. У маладосці Гагарын цікавіўся космасам і планетамі. Падчас вучобы пачаў займацца ў Саратаўскім аэраклюбе, у 1955 годзе паводле рэкамендацыі камісіі аэраклуба паступіў у 1-е Чкалаўскае ваенна-авіяцыйнае вучылішча імя Варашылава ў Арэнбургу, якое скончыў у 1957 годзе. Служыў у Запаляр'і. У 1957 годзе пабраўся шлюбам з Валянцінай Гарачовай.

9 снежня 1959 года Гагарын напісаў заяву з просьбай залічыць яго ў групу кандыдатаў у касманаўты. Ужо праз тыдзень яго выклікалі ў Маскву для праходжання ўсебаковага медычнага абследавання. 3 сакавіка 1960 году загадам Галоўнакамандуючага ВПС Канстанціна Вяршыніна Гагарын быў залічаны ў групу кандыдатаў у касманаўты, у якую ў выніку увайшло дваццаць кандыдатаў. З 25 сакавіка пачаліся рэгулярныя заняткі па праграме падрыхтоўкі касманаўтаў.

12 красавіка 1961 года Юры Гагарын на касмічным караблі "Ўсход-1", створаным у даследча-канструктарскім бюро Сяргея Каралёва, стартаваў з касмадрома "Байканур" і зьдзейсніў першы касмічны палёт, абляцеўшы зямны шар за 108 хвілінаў і вярнуўшыся на Зямлю. За гэты палёт яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза і воінскае званне маёра датэрмінова, якое ён атрымаў з'яўляючыся старэйшым лейтэнантам, а пачынаючы з 12 красавіка 1962 года быў абвешчаны святам - Днём касманаўтыкі.

Гагарын стаў міжнароднай знакамітасцю і быў узнагароджаны шматлікімі замежнымі ўзнагародамі. У 1961 годзе Гагарын паступіў у Ваенна-паветраную інжынерную акадэмію імя Жукоўскага ў Маскве. Паралельна вучобе рыхтаваўся да далейшых касмічных палётаў, быў дублёрам Уладзіміра Камарова пры ягоным палёце на караблі "Саюз-1", які скончыўся трагічнай гібельлю касманаўта. У 1966 годзе Гагарына абралі Ганаровым чальцом Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі.

Гагарын загінуў у 1968 годзе, калі пілатаваў самалёт МіГ-15 і разбіўся на ім.

Вікіпедыя.


100 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Клішэвіча

Клішэвіч Уладзімір, нарадзіўся 12.03.1914 г. у вёсцы Краснадворцы Старобінскага раёна Менскай вобласці.

Пасля заканчэння педагагічных курсаў у Слуцку працаваў настаўнікам. У 1933 г. паступіў на літаратурны факультэт Менскага педагагічнага інстытута. У 1936 г. быў рэпрэсаваны і сасланы на Калыму. У жніўні 1940 г. вернуты на даследаванне ў Менск, дзе і застала яго вайна. У час акупацыі жыў у Слуцку, рэдагаваў "Газэту Случчыны". У 1944 г. выехаў у Германію. З 1948 г. жыў у ЗША, рэдагаваў ратапрынтны часопіс "Беларусь" (1949), працаваў выкладчыкам у каледжы ў штаце Індыяна. Некалькі разоў прыязджаў у БССР. Памёр 14.11.1978 г. у г. Лос-Анжэлес, ЗША.

Друкаваць вершы пачаў у 1931 г. Выступаў у акруговай і раённай перыёдыцы, у час вайны друкаваўся ў акупацыйных газетах. Удзельнічаў у калектыўных зборніках "Песняры Случчыны" (Слуцак, 1943) і "Ля чужых берагоў" (Мюнхен - Нью-Ёрк, 1955). У 1964 г. выдаў зборнік паэзіі "Далячынь" (Саўт-Рывер, ЗША), у 1965 г. - паэму "Васіль Каліна" (Лондан), у 1973 г. - зборнік "Сняцца сны мне залатыя" (бібліятэка газеты "Голас Радзімы", Менск). У 1970-1975 гг. шмат вершаў апублікаваў у газеце "Голас Радзімы".

Вікіпедыя.


З клопатам пра беларускую адукацыю

Сп. А.М. Радзькову,

першаму намесніку

Кіраўніка Адміністрацыі

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,

220016, г. Мінск, вул. К. Маркса, 38

Аб выкананні плана мерапрыемстваў

у сістэме Міністэрства адукацыі

па папулярызацыі і пашырэнні

сферы выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы

Шаноўны Аляксандр Міхайлавіч!

У свой час Вы, з'яўляючыся Міністрам адукацыі Беларусі, зацвердзілі 12 сакавіка 2010 г. "План мерапрыемстваў у сістэме Міністэрства адукацыі па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства на 2010 і наступныя гады". Тэрміны выканання некаторых яго пунктаў ужо скончыліся, некаторыя фармальна дзейнічаюць і зараз, але грамадзян Беларусі клапоцяць у першую чаргу наступныя пункты гэтага плана:

Пункт 3. У шмат якіх установах краіны, напрыклад, у падатковай інспекцыі, і зараз цалкам адсутнічаюць узоры беларускамоўных бланкаў і дэкларацый.

Пункт 29. Практычна не выконваецца. Напрыклад, пачынаючы з 2010 г. у краіне не створана ніводнай новай беларускамоўнай школы ці гімназіі, а колькасць дзяцей, якія навучаюцца па-беларуску, кожны год змяншаецца.

Пункт 32. Адсутнічаюць электронныя сродкі на беларускай мове для навучання па розных прадметах, асабліва для студэнтаў ВНУ. Наогул, у некаторых класах адсутнічаюць беларускамоўныя падручнікі па інфарматыцы.

У сувязі з гэтым, просім Вас, як аднаго з кіраўнікоў Адміністрацыі Прэзідэнта, праверыць выкананне вышэйзгаданага плана і паінфармаваць аб гэтым грамадзян Беларусі.

Дадатак: на 3 ст.

З павагай, старшыня ТБМ А.А. Трусаў.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны "

Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

У Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь разгледжаны Ваш зварот, які паступіў з Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Паведамляем наступнае.

Дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы. Гэта замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Законе Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.

У адпаведнасці з артыкулам 90 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі асноўнымі мовамі навучання і выхавання ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца дзяржаўныя мовы Рэспублікі Беларусь. Дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь і стварае ўмовы для рэалізацыі гэтага права. Мова навучання і выхавання вызначаецца заснавальнікам установы адукацыі з улікам пажаданняў навучэнцаў (законных прадстаўнікоў непаўналетніх навучэнцаў).

Упраўленні (аддзелы) адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў фарміруюць класы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, якія арганізуюць адукацыйны працэс на беларускай або рускай мовах ці мовах нацыянальнай меншасці на падставе сацыяльнага заказу, жадання бацькоў. У заяве законных прадстаўнікоў навучэнцаў вызначаецца пажаданая мова навучання дзіцяці.

У 2013/2014 навучальным годзе з 3 175 ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў 1 644 (51,8 працэнтаў ад агульнай колькасці) здзяйсняюць адукацыйны працэс на беларускай мове, 1 528 (48,1 працэнта) - на рускай мове, астатнія - на мове нацыянальнай меншасці.

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання выкладанне ўсіх прадметаў (акрамя вучэбных прадметаў "Русскнй язык", "Русская лнтература") вядзецца на беларускай мове. Вывучэнне беларускай мовы дадаткова ажыццяўляецца праз правядзенне факультатыўных заняткаў.

Пачынаючы з 2009 года ўсе вучэбныя дапаможнікі па вучэбным прадмеце "Інфарматыка" для вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі выдаюцца на беларускай і рускай мовах. На сённяшні дзень установы агульнай сярэдняй адукацыі забяспечаны вучэбнымі дапаможнікамі па інфарматыцы для VІІ-ХІ класаў на беларускай мове ў патрэбнай колькасці. Толькі ў VI класе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання выкарыстоўваецца на рускай мове вучэбны дапаможнік па інфарматыцы, які выдадзены ў 2008 годзе.

Аднак у межах выканання мерапрыемстваў Нацыянальнай праграмы паскоранага развіцця паслуг у сферы інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій на 2011-2015 гады, зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 сакавіка 2011 г. № 384, праводзіцца работа па карэкціроўцы вучэбнай праграмы па вучэбным прадмеце "Інфарматыка". Па завяршэнні работы будуць выдадзены новыя вучэбныя дапаможнікі па інфарматыцы на беларускай і рускай мовах для ўсіх класаў.

У 2012 годзе Установай "Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь" (далей - ГІАЦ) ва ўстановы адукацыі перададзены электронныя сродкі навучання, распрацаваныя фіналістамі рэспубліканскага конкурсу "Камп'ютар. Адукацыя. Інтэрнэт" (4 найменні), серыя бібліятэчна-інфармацыйных плакатаў (3 найменні). электронныя рэсурсы (3 найменні).

У рамках ГНТП "Электронныя адукацыйныя рэсурсы" (2012-2014) распрацаваны абгрунтаванне, змест, структурна-функцыянальнае апісанне кантрольна-дыягнастычных матэрыялаў па вучэбных прадметах "Беларуская мова" і "Беларуская літаратура" для 5-11 класаў.

Акадэміяй Міністэрства ўнутраных спраў і Магілёўскім вышэйшым каледжам распрацаваны электронныя метадычныя матэрыялы па вывучэнні абавязковага курса "Беларуская мова" (прафесійная лексіка) якія таксама выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе названым ўстановамі.

Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь праводзіцца сістэмная работа, накіраваная на далейшае паглыбленне выкарыстання беларускай мовы ва ўстановах адукацыі краіны і яе папулярызацыі ў грамадстве.

Дадаткова паведамляем, што пытанне набыцця бланкаў на беларускай мове падатковай інспекцыяй знаходзіцца не ў кампетэнцы Міністэрства адукацыі. Каб атрымаць адказ на гэтае пытанне, Вам неабходна звярнуцца ў Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь.

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 года "Об обращениях граждан и юридических лиц" Вы маеце права абскардзіць рашэнні, якія прыняты па Вашым звароце, у суд.

Намеснік Міністра В.В. Якжык.


З клопатам пра беларускую мову

Дзярждэпартамент ЗША: у Беларусі дыскрымінуюць носьбітаў беларускай мовы

Дзяржаўны дэпартамент ЗША апублікаваў справаздачу аб датрыманні правоў чалавека ў свеце. Беларусь у дакладзе называецца аўтарытарнай дзяржавай, дзе стала парушаюцца правы чалавека.

Прадставіў даклад журналістам дзяржсакратар ЗША Джон Кэры.

Сярод найбольш значных праблемаў з правамі чалавека ў Беларусі Дзярждэпартамент называе той факт, што і ў 2013 годзе грамадзяне не змаглі змяніць уладу ў краіне шляхам выбараў.

У дакладзе сцвярджаецца, што ўсе прэзідэнцкія выбары, якія праводзіліся пасля 1994 года, у тым ліку выбары прэзідэнта 2010 года, не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі.

Сярод іншых парушэнняў правоў чалавека называюцца зняволенне людзей паводле палітычных матываў, у тым ліку за крытыку чыноўнікаў і ўдзел у дэманстрацыях, злоўжыванні з боку сілаў бяспекі, якія збівалі людзей падчас затрыманняў дэманстрантаў, катаванні і жорсткае абыходжанне ў турмах.

Судовая сістэма Беларусі, паводле Дзярждэпу ЗША, не з'яўляецца незалежнай і зазнае ўмяшанне дзяржавы, а многія судовыя працэсы адбываюцца ў закрытым парадку...

У спецыяльным раздзеле "Акадэмічныя свабоды і пытанні культуры" дакладу Дзяржаўны дэпартамент ЗША сцвярджае, што ўрад Беларусі па-ранейшаму забараняе настаўнікам і дэмакратычным актывістам садзейнічаць больш шырокаму выкарыстанню беларускай мовы і захаванню беларускай культуры. Напрыклад, шэраг універсітэтаў па ўсёй краіне па-ранейшаму не набірае новых студэнтаў на аддзяленні беларускай мовы і літаратуры, спасылаючыся на нізкі попыт і адсутнасць працы для будучых спецыялістаў.

Улады таксама абмяжоўвалі культурныя мерапрыемствы, прымушаюць апазіцыйныя тэатральныя і музычныя калектывы выступаць у прыватных кватэрах або зусім забараняюць іх выступы. Улады таксама душаць неафіцыйныя памятныя мерапрыемствы ўшанаваньня гістарычных датаў і падзей.

Акрамя таго, як сцвярджаецца ў дакладзе, урад Беларусі абмяжоўвае дзейнасць неафіцыйнага Саюза пісьменнікаў і шырока падтрымлівае праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі. Улады таксама пераследавалі распаўсюджвальнікаў кніг, аўтарамі якіх з'яўляюцца крытычныя і незалежныя пісьменнікі, а таксама кніг на беларускай мове.

Радыё Свабода.


Алег Трусаў: Дзярждэпартамент вельмі мала напісаў пра беларускую мову

Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў, каментуючы справаздачу Дзярждэпартамента ЗША аб захаванні правоў чалавека ў свеце, адзначыў, што ў дакуменце занадта мала ўвагі аддадзена пытанню дыскрымінацыі ў Беларусі тых, хто імкнецца выкарыстоўваць у грамадскай сферы беларускую мову:

- Дэпартамент яшчэ вельмі мала напісаў пра дыскрымінацыю беларускамоўных у Беларусі. Таму што тут не выконваецца палажэнне Канстытуцыі пра роўнасць дзвюх моў.

Калі чалавек хоча аддаць дзіця ў расейскамоўны клас, ніякай заявы пісаць не трэба, аўтаматам пойдзе. А ўжо ў беларускамоўны - трэба заяву пісаць. І яшчэ не факт, што набярэцца дастаткова ахвотных і яе задаволяць. Колькі ТБМ ні патрабаваў ад уладаў, каб заяву пісалі і ў расейскія класы - усё марна. Выходзіць, беларускамоўных лічаць за людзей другога гатунку, калі просяць заяву пісаць.

Калі чалавек прыходзіць у падатковую інспекцыю, там атрымлівае ўсю дакументацыю па-расейску. Колькі людзі ні прасілі перакласці гэтыя паперы, няма ніякага толку. Тое самае ў іншых месцах. Напрыклад, на новым Цэнтральным аўтавакзале ўся візуальная інфармацыя - на расейскай і ангельскай мовах.

Выходзіць, улады не хочуць выконваць пастанову праведзенага імі ж рэферэндуму пра роўнасць моваў. Цяпер у Беларусі па-беларуску вучыцца ў школах толькі 15 працэнтаў дзяцей. А беларусаў у нашай краіне 80 працэнтаў. Было б лагічна, каб і 80 працэнтаў школьнікаў займаліся ў школе па-беларуску.

Таму я лічу, што Дзярждэпартамент абмежаваўся вельмі вузкай фармулёўкай што да дыскрымінацыі беларускай мовы. Я б шмат чаго дадаў да яе.

Радыё Свабода.


ПРЫКАЗКІ З НЕКРАТЫЗМАМІ

А.С. Аксамітаў у кнізе "Прыказкі і прымаўкі" (2000; 2-е выд., 2002) пісаў: "Чым часцей чытач будзе звяртацца да бяздоннай скарбніцы народнай мудрасці, тым багацейшым будзе ягоны слоўнікавы склад". Але ж ці так гэта?

Прыказкі толькі зрэдку складаюцца з двух кампанентаў (12 прыказак з 1500 прааналізаваных): Госць - нявольнік; Пажывём - пабачым і інш. Часцей сустракаюцца трохкампанентныя прыказкі (іх 81), напрыклад: Добрае далёка чуваць; Можа надвое варожа. Колькасць слоў-кампанентаў у астатніх прыказках значна большая - ад 4 да 18: І баран бы касіў, каб хто касу насіў; Калі абора цячэ, гаспадыня бліны пячэ, а калі гумно цячэ, гаспадар з хаты ўцячэ. Агульная ж колькасць лексічных адзінак, якія з рознай ступенню актыўнасці ўдзельнічаюць ва ўтварэнні прыказак, невялікая. У 1500 прыказках выкарыстана (з далёка не аднолькавай частотнасцю) усяго 2596 лексічных адзінак з ліку паўназначных і службовых часцін мовы. Прычым прыназоўнікі, злучнікі і часціцы з'яўляюцца найбольш актыўнымі будаўнічымі элементамі прыказак. Іншымі найбольш частотнымі выступаюць назоўнікі ( бог - у 62 прыказках, чорт - у 44, конь - у 39, хлеб, галава, рука, нага, рот і інш.), дзеясловы ( быць - у 94 прыказках, бачыць, баяцца, ведаць, браць і г.д.).

Як бачым, усе гэтыя і іншыя словы, што сустракаюцца ў прыказках, добра вядомыя ўсім моўнікам. А таму ад чытання і перачытвання прыказак, змешчаных у кнізе А.С. Аксамітава ці ў любым іншым парэмійным зборніку або слоўніку, "запас слоў" у чытача нічуць не павялічыцца і яго актыўны слоўнікавы склад ніяк не можа ўзбагаціцца. Карысць ад чытання і запамінання прыказак - у іншым: ва ўменні іх прымяняць у маўленчай практыцы.

Калі ж больш грунтоўна звярнуцца да лексічнага складу прыказак, дык тут сустрэнемся са з'явай, характэрнай і для шмат якіх фразеалагізмаў. Ёсць больш за 30 прыказак з кампанентам, які не мае ў нашай літаратурнай мове суадноснага з ім слова. Такія неўжывальныя за межамі пэўнай прыказкі (або фразеалагізма) словы-кампаненты называюцца ў лінгвістыцы некратызмамі . У сучаснай мове яны не маюць самастойнага лексічнага значэння і не ўзбагачаюць "запас слоў" у моўніка.

Сярод слоў-кампанентаў, неўжывальных па-за пэўнай прыказкай, можна вылучыць некалькі груп.

1. Наватворы. Кожны з гэтых наватвораў застыў у сваім развіцці на стадыі адзінкавага ўжывання ў складзе якой-небудзь прыказкі. Узнікненне некаторых з іх абумоўлена рыфмай з суседнім прыказкавым словам-кампанентам. Прыказка Укрой - не ўдой гаворыцца як павучанне быць эканомным пры расходаванні мяса, сала, хлеба і пад. Тут укрой - наватвор у сэнсе 'тое, што ўкроена, адрэзана, што ўжо не папаўняецца так, як малако пры чарговым удоі'.

Слова тытунец у прыказцы Кожны курэц павінен мець свой аганец і тытунец падаецца ў ТСБМ (т. 5, кн. 1, с. 567) як памяншальна-ласкальнае да тытунь , а аганец - наватвор ад агонь , абумоўлены ўнутранай рыфмай.

У прыказцы Гаспадарка - клапатарка , што значыць 'гаспадарка патрабуе вялікіх клопатаў', апошні кампанент - наватвор, выкліканы рыфмай з папярэднім словам. Прыказка Ад цяплосці не баляць косці гаворыцца, калі хто-небудзь не адчувае нязручнасці ад празмернай гарачыні на вуліцы або ў памяшканні ці ад вельмі цёплага адзення. Цяплосці - наватвор ад назоўніка цяпло .

Прыказка Чырвонае - белае ўсё перадзелае ўжываецца з асуджэннем хабарнікаў, абазначае 'з дапамогай чырвонцаў, грошай, хабару ўсё можна перарабіць'. Тут чырвонае - своеасаблівы лексічна-семантычны наватвор, які асацыятыўна звязваецца з назоўнікам чырвонец - залатой манетай вартасцю ў тры рублі. Прыказка, напэўна, узнікла пасля таго, як землі Вялікага Княства Літоўскага аказаліся пад уладай Расійскай імперыі і чырвонец стаў грашовай адзінкай. Першыя два прыказкавыя кампаненты - не словы з супрацьлеглым значэннем, а квазіантонімы.

Сэнс прыказкі Ад вялікіх любошчаў сабачае разбежышча - 'занадта працяглыя дашлюбныя любоўныя адносіны не заўсёды ўдачныя'. Разбежышча - кантэкстуальны наватвор ад дзеяслова разбягацца як намёк на "разбежышча" сабак пасля іх "вяселля".

Наватворам-некратызмам варта лічыць і асамішся ў прыказцы Сам не асамішся, калі бог не дасць (пра залежнасць лёсу чалавека ад Божай волі). Дзеяслоў асаміцца пададзены толькі ў "Слоўніку…" і "Зборніку беларускіх прыказак" І.І. Насовіча, прычым з неаднолькавым тлумачэннем: 'зрабіцца самастойным' і 'ўяўляць сябе значнай асобай'. Несумненна, Насовіч "выявіў" гэтыя значэнні на аснове названага вышэй прыказкавага кампанента. Дарэчы, падобныя штучна вылучаныя значэнні ў "Слоўніку…" Насовіча далёка не адзінкавыя. Скажам, у слове зязюлька на аснове прыказкі Начная зязюлька дзённую перакукуе памылкова вылучана значэнне 'любімая жанчына'.

2. Устарэлыя словы. Прыказка Лепш старожа, чым варожа гаворыцца як парада лепш дзейнічаць асцярожна, чым рызыкаваць, гадаць, як можа павярнуцца, здарыцца што-небудзь. Яна фіксуецца ў акадэмічным зводзе прыказак, апісваецца ў "Тлумачальным слоўніку прыказак" (2011), ілюструецца прыкладамі з твораў Я. Купалы, М. Зарэцкага. Ёсць яна і ў "Слоўніку беларускай мовы" І.І. Насовіча (с. 66, 616), дзе старожа растлумачана як 'асцярожнасць'. Двойчы прыводзіцца гэта прыказка і ў памянёным слоўніку А.С. Аксамітава (с. 58, 176), але з недакладным, няправільным тлумачэннем яе сэнсу (што трэба мець на ўвазе пры карыстанні гэтым слоўнікам): "Лепей вартаваць, чым думаць, што не ўкрадуць".

Устарэлае слова марац (са значэннем 'сакавік') выкарыстана ў дзвюх прыказках: Марац адмарозіць палец; Цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю (абазначае 'няма падстаў спадзявацца на ўдачу ў якой-небудзь справе'). Слова мір з устарэлым значэннем 'сельская грамада' таксама ўжываецца ў дзвюх прыказках: З міру па нітцы - голаму сарочка ; Што <будзе> міру, то і бабінаму сыну . З міру па нітцы (як "абломак" прыказкі) ужываецца самастойна, як фразеалагізм, які, спалучаючыся з дзеясловамі збіраць, сабраць і пад., абазначае 'ад усіх патроху'.

Паляніца - устарэлае слова са значэннем 'пшанічная булка', або, як тлумачыў І.І. Насовіч, 'булачка, спечаная з мукі яравых хлябоў'. Выкарыстана ў прыказцы З добрага цеста добрая паляніца, а з добрай дзеўкі добрая маладзіца . У прыказцы У сваім стане і прыстаў цар ('сярод сваіх падначаленых і невялікі начальнік адчувае сябе паўнаўладным, неабмежаваным гаспадаром') два ўстарэлыя словы: стан - 'паліцэйскі ўчастак у павеце', прыстаў - 'начальнік пэўнага стана'.

У не так даўно выдадзенай акадэмічнай "Кароткай граматыцы беларускай мовы" (2007, с. 137) формы тыпу браце, голубе, якія выражаюць зварот да асобы ці прадмета, кваліфікуюцца як рэліктавыя формы клічнага склону назоўнікаў мужчынскага роду. Такія ўстарэлыя формы трывала замацаваліся ў некаторых і сёння шырокаўжывальных прыказках: Апускайся, куме, на дно (пра бесперспектыўнасць у якой-небудзь справе); Не смейся, рабе, дасць бог і табе (кажуць у адказ на чые-небудзь насмешкі як папярэджанне ці спадзяванне, што і з суразмоўнікам можа здарыцца штосьці падобнае); Скачы, уража, як пан кажа (гаворыцца, калі хто-небудзь мусіць рабіць тое, што загадвае ўладны чалавек). Уража ў апошняй прыказцы - не зусім дакладная (што абумоўлена рыфмай) форма клічнага склону ад назоўніка вораг . Прыказка Гора табе, воле, калі цябе карова коле гаворыцца як насмешка над мужам, калі ім кіруе, бярэ над ім верх жонка. Дарэчы, гэта прыказка - паэтычная мініяцюра: у ёй ёсць разгорнутая метафара, рыфма, рытм, асананс (паўтарэнне галоснага "о"). Воле - форма клічнага склону назоўніка вол .

3. Дыялектныя словы. Сярод 1800 парэмій, апісаных у "Тлумачальным слоўніку прыказак" (2011), сустрэлася тры прыказкі з дыялектызмамі, ужыванне якіх, зрэшты, падтрымліваецца яшчэ і патрабаваннямі рыфмы. Бог не слухае, што свіння рухае (кажуць з асуджэннем пра таго, хто гаворыць што-небудзь непрымальнае, нявартае ўвагі); рухае - 'рохкае'. Ілья ўкінуў лядня (ужываецца як адзін з паказчыкаў народнага календара; Ілья - свята ў хрысціян, якое прыпадае на 20 ліпеня па старым стылі); лядзень - тое самае, што і лядзяк . Каму кірмаш, а каму жыцця нямаш (пра неаднолькавасць, няроўнасць у жыцці людзей); нямаш - 'няма'.

4. Запазычанні з іншых моў. У чатырох прыказках, запазычаных або скалькаваных з рускай мовы, захаваліся русізмы. Так, слова дышла выкарыстоўваецца ў беларускай мове толькі ў складзе прыказкі Закон што дышла, куды павярнуў, туды і выйшла ; у іншых выпадках рускае дышло перадаецца беларускім адпаведнікам дышаль . Рускі безасабовы дзеяслоў неймёт перакладаецца ў нашых слоўніках спалучэннем не бярэ , а ў паўкальцы з рускай мовы Бачыць вока, ды зуб няйме замацаваўся некратызм няйме . Прыкладна тое самае можна сказаць і пра русізмы-некратызмы палушка , павінную ў прыказках За морам цялушка - палушка, ды перавоз рубель і Павінную галаву меч не сячэ .

Ёсць чатыры прыказкі з паланізмамі-некратызмамі: Без працы не будзеш есці коляцы (польскае kolacjan - 'вячэра', а jesc kolacje - 'вячэраць'); Панскае вока каня тучыць (абазначае 'ласкавае слова, добрыя адносіны да каго-небудзь дапамагаюць у справе'; tuczyc - 'адкормліваць, выкормліваць'); Спяваць дарма - баліць гарла ('справа не варта патрачаных сіл, часу і пад.'); gardlo - 'горла'); Што задужа, тое не здрова ('залішняе, празмернае не ідзе на карысць'; zdrowo - 'карысна').

Прыказка Плакаў, плакаў - усё бог аднакаў, пачаў спяваць - стаў бог даваць гаворыцца для падбадзёрвання каго-небудзь, абазначае 'лепш весяліцца, чым бедаваць, плакаць'. У ёй кампанент аднакаў або наватвор, абумоўлены рыфмай, або запазычанне з украінскай мовы, дзе однаковий - 'аднолькавы, тоесны'. Прыказка Фініта ля камедыя гаворыцца, часта іранічна, пра завяршэнне чаго-небудзь. Яна запазычана з італьянскай мовы і літаральна значыць 'закончана камедыя'. Фініта - некратызм, запазычанне з італьянскай мовы.

Як ужо ўпаміналася, некратызмы ёсць і ў складзе фразеалагізмаў. Толькі іх значна болей, чым у прыказках. Па нашых падліках на аснове "Слоўніка фразеалагізмаў" (2008), слоў, неўжывальных за межамі фразеалагічных адзінак, больш як 320; вось толькі некалькі прыкладаў (некратызмы закурсіўлены): даць пытлю , кот марцовы , з бухты- барахты , на святыя нігды , як піліп з канапель, альма-матэр , збіцца з панталыку . Пра іх больш-менш падрабязна я пісаў у "Весніку ГрДУ. Серыя 3" (2013, № 3, с. 27-31).

Іван Лепешаў.


Беларускамоўны інжынер

Алесь Рэзнікаў нарадзіўся 6 снежня 1967 года у г. Менску. Маці - Валянціна Уладзіміраўна, а бацька Вольф Ізраілевіч (1937-2005). У дзяцінстве захапляўся спортам (лыжы). Чытаў кнігі беларускіх пісьменнікаў (любімыя літаратары - Быкаў і Караткевіч). Зараз з паэтаў паважае творчасць Віктара Жыбуля. Закончыў школу № 115 у 1985 годзе. пасля служыў у войску ў Казахстане ў 1987-88 гг. у якасці кухара. Потым паступіў у БНТУ, а пасля заканчэння ВНУ Уладкаваўся на завод імя Вавілава. З'яўляецца сябрам грэка-каталіцкай суполкі на Снежным завулку Маці Божай нястомнай дапамогі. Марыць пра падарожжы (бываў у Польшчы, Нямеччыне, Ізраіле. Украіне). Сябар ТБМ з 2009 года. Добра валодае беларускай мовай. Захапляецца музыкай (слухае розную музыку, класіку і джаз).

Таксама любіць адпачываць на аграсядзібе "Родны кут" (Глыбоччына).

Я ганаруся, што ў асобе Алеся маю добрага сябра.

Аляксей Шалахоўскі.


Студэнт-эканаміст абараніўся на роднай мове

Студэнт Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Мікіта Навіцкі напісаў і абараніў дыплом "Шляхі падвышэння прыбытку і рэнтабельнасці РУП "Выдавецтва "Адукацыя і выхаванне" па-беларуску.

Мікіта стаў адзіным студэнтам у групе (а мабыць, і ва ўсім універсітэце), хто адважыўся на такі крок. Хоць Навіцкі прызнаўся, што не размаўляе па-беларуску пастаянна.

- Я па-беларуску маў-чу: слухаю шмат беларускамоўнай музыкі, чытаю кнігі па-беларуску.

Мікіта кажа, што на шлях беларускамоўнасці яго накіраваў адзін з выкладчыкаў універсітэта:

- Настаўнік, які выкладаў у нас эканамічную тэорыю на першым курсе, рабіў гэта выключна па-беларуску. Многія студэнты не разумелі і пастаянна прасілі яго перакласці на расійскую лекцыі. А мяне гэта натхніла.

Ужо на 2-3 курсе я пачаў перакладаць канспекты на беларускую. То бок лекцыі чытаюць па-расійску, а я запісваю па-беларуску. Спачатку было цяжка, але потым я ўцягнуўся. Што тычыцца адмысловай тэрміналогіі, не скажу, што ўзнікалі вялікія складанасці. Я вывучаю эканоміку, і тэрміналогія ў ёй збольшага міжнародная. Я чуў пра гомельскага студэнта, які па-беларуску абараніў дыплом інжынера. Мяркую, яму было значна складаней у пошуках катэгарыяльнага апарату.

Да беларускамоўнага дыпломнага праекта выкладчыкі паставіліся цёпла і падтрымалі яго.

- Я адзіны з усёй групы, хто атрымаў "дзесяць" за абарону дыплома. Думаю, што ў гэтым грала ролю менавіта мова, на якой я напісаў праект і абараняўся, - кажа ён.

Сам Мікіта не лічыць, што зрабіў нешта звышнатуральнае:

- Лічу, што кожны беларускі эканаміст, які заканчвае ВНУ цяпер, мусіць ведаць беларускую мову на такім узроўні. Я хачу сказаць усім беларусам, каб яны не забывалі нашу мову, каб яе прасоўвалі, карысталіся ёю. Карысталіся ўсюды: на вучобе, у сям'і, на працы.

Гадуйце дзетак па-беларуску, прызнавайцеся ў каханні па-беларуску, пішыце дыпломы па-беларуску, карыстайцеся беларускай мовай на працы! Не чакайце загадаў зверху пісаць дыплом па-беларуску. Проста бярыце і рабіце! І тады Беларусь сапраўды будзе беларускай, - кажа ён.

Кірыла Хілько, сайт НН.


Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў

Кафедра гісторыі Беларусі і музеязнаўства

Паважаныя выпускнікі!

Прынята лічыць, што музей па сваёй прыродзе надзвычай кансерватыўны, аднак на самой справе гэта не так. Сёння музеі выходзяць за межы традыцыйных задач і функцый, звяртаюцца да выкарыстання ў розных сферах сваёй дзейнасці найноўшых метадаў і тэхналогій. Па гэтай прычыне музейныя прафесіі можна аднесці да самых сучасных.

Прапануем вам стаць студэнтамі нашага ўніверсітэта па спецыяльнасці "Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны" і двух яе накірунках: "Музеязнаўства" (кваліфікацыя - музеязнаўца) і "Культурная спадчына і турызм" (кваліфікацыя - менеджар па культурнай спадчыне і турызму).

Гэтую спецыяльнасць забяспечвае кафедра гісторыі Беларусі і музеязнаўства , на якой працуюць 1 доктар навук і 7 кандыдатаў навук.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў падрыхтоўка кадраў па акрэсленай спецыяльнасці вядзецца ўжо на працягу 20 гадоў. Яна ахоплівае асноўныя кірункі дзейнасці музеяў Беларусі і замежжа, а таксама шырокі спектр праблем, звязаных з выяўленнем, захаваннем, вывучэннем і выкарыстаннем гістарычна-культурнай спадчыны. Выпускнікі кафедры працуюць у музеях разнастайных профіляў і тыпаў рознай ведамаснай падпарадкаванасці, у навукова-даследчых і культурна-асветных установах, органах кіравання ў сферы культуры, дзяржаўных і грамадскіх структурах, звязаных з праблемамі выяўлення, вывучэння, захавання гістарычна-культурнай спадчыны.

Вы атрымаеце высакародную і патрэбную ў грамадстве прафесію. Высакародную, таму што музей - гэта месца захавання гістарычна-культурнай і прыроднай спадчыны. Патрэбную - таму што музеі ўвесь час развіваюцца і адчуваюць патрэбу ў падрыхтаваных высокакваліфікаваных спецыялістах.

Навучанне па спецыяльнасці "Музейная справа і ахова гістарычна-культурнай спадчыны" прадугледжвае шырокую падрыхтоўку, паколькі будучы спецыяліст у сферы музейнай справы, аховы гістарычна-культурнай спадчыны і турызму павінен быць дасведчаным ў навуковым дакументаванні працэсаў і з'яў, якія адбываюцца ў прыродзе і грамадстве; умець выяўляць прадметы, якія ўяўляюць гістарычную, культурную, мемарыяльную і мастацкую каштоўнасць і фармаваць музейныя калекцыі; аналізаваць і павышаць эфектыўнасць музейных экспазіцый і выставаў, распрацоўваць музейныя і турыстычныя выданні (каталогі, пуцяводнікі, буклеты, праспекты), прымаць удзел у распрацоўцы і ўдасканаленні сістэмы музейнага менеджмента і маркетынга, распрацоўваць і рэалізоўваць турыстычныя маршруты і праекты і г. д.

За час навучання ва ўніверсітэце вы пазнаёміцеся не толькі з прадметамі гістарычнага кірунку (сусветная гісторыя і гісторыя Беларусі, сфрагістыка, нумізматыка, геральдыка, метралогія і іншыя спецыяльны гістарычныя дысцыпліны), але і будзеце вывучаць такія цікавыя і патрэбныя музейнаму спецыялісту і спецыялісту ў галіне турызму дысцыпліны: адну з замежных моў (англійская, нямецкая, французская), польская і лацінская мовы, гісторыя і тэорыя культуры, гісторыя і тэорыя музейнай справы, музеі замежных краін, ахова гісторыка-культурнай спадчыны, кансервацыя і рэстаўтарацыя помнікаў, тэорыя і практыка экскурсійнай работы, менеджмет і маркетынг музейнай і турыстычнай дзейнасці, геаграфія і эканоміка турызму і іншыя.

Для авалодання прафесійнымі навыкамі неабходна не толькі тэарэтычнае навучанне, але і практыка. Азнаямляльная і вытворчая практыка студэнтаў спецыяльнасці "музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны" арганізуецца ў вядучых музейных і турыстычных установах рэспублікі. Акрамя таго, на кафедры двойчы ў год праводзяцца паездкі для азнаямлення з музеямі, помнікамі і памятнымі мясцінамі краіны.

Акрамя таго, студэнты, якія праяўляюць жаданне і схільнасці да навуковай дзейнасці, маюць магчымасць удзельнічаць ў розных канферэнцыях, якія арганізуе і праводзіць універсітэт і кафедра, а пасля заканчэння паступіць у магістратуру і аспірантуру па адпаведнай спецыяльнасці і абараніць дысертацыю.

Спецыфіка нашага ўніверсітэта дазваляе студэнтам цікава праводзіць свой вольны час і прымаць удзел у рознага роду канцэртах, спартыўных мерапрыемствах, культурных акцыях, сустрэчах з вядомымі і цікавымі людзьмі і інш. Наш універсітэт - гэта месца, дзе вы можаце ў поўнай меры раскрыць свае здольнасці і таленты.

У заканчэнні важна дадаць, што для пражывання іншагародніх студэнтаў універсітэт прадастаўляе 2 добраўпарадкаваныя сучасныя інтэрнаты побач з навучальнымі карпусамі.

На спецыяльнасць "Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны" прымаюцца асобы, якія маюць сярэдную і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Форма навучання - дзённая.

Уступныя экзамены: беларуская і руская мова - цэнтралізаванае тэсціраванне, гісторыя Беларусі - цэнтралізаванае тэсціраванне, сусветная гісторыя найноўшага часу - цэнтралізаванае тэсціраванне.

Для падрыхтоўкі да паступлення ва ўніверсітэт арганізуюцца трохмесячныя падрыхтоўчыя курсы па дысцыплінах цэнтралізавага тэсціравання. Працягласць - з сакавіка па май. Прыём заяў: верасень-люты.

Больш падрабязную інфармацую вы зможаце атрымаць па тэлефонах: +375 (017) 222-83-06 (прыёмная камісія), +375 (017) 2094974 (кафедра гісторыі Беларусі і музеязнаўства) . Больш падрабязная інфармацыя размешчана на сайце ўніверсітэта buk.by.

Сардэчна запрашаем!


Цікавае мерапрыемства

4 сакавіка 2014 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі ў рамках праекта "Апякункі паэтычных нябёсаў" адбылася вечарына "Галоўнае ў жыцці - жыццё" , прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння вядомай беларускай паэтэсы Еўдакіі Лось. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Цэнтральная навукоая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

Уладзімір Караткевіч назваў некалі Еўдакію Лось "жытніцай" - "істотай з беларускага фальклёру, якая жыве ў каласах і памірае толькі тады, калі апошні чалавек сабраў свой ураджай".

Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі падрыхтавала выставу "Зараз выкажу, выпею сонца - душу", прысвечаную творчай спадчыне Еўдакіі Лось. На выставе будзе магчымасць убачыць усе яе прыжыццёвыя зборнікі (ад "Сакавіка" (1959) да "Лірыкі ліпеня" (1977), а таксама апошнія перавыданні і сучасныя публікацыі яе твораў.

Адной з арганізатараў мерапрыемства з'яўляецца вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

На мерапрыемстве выступалі: пісьменнік Уладзімір Ліпскі, а таксама сын паэтэсы Зміцер Лось. З цікавасцю грамадскасць паслухала выступленне ўзорнага ансамбля народнай музыкі "Бараўлянская крынічка". Было цікава.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык, журналіст.


Вынікі Усебеларускай дыктоўкі ў Лідскім каледжы

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, а ў нашай краіне натуральна - Дзень беларускай мовы.

Не першы раз Лідскі каледж прымае ўдзел у напісанні Усебеларускай дыктоўкі з нагоды гэтага свята. Актыўны ўдзел у дадзеным мерапрыемстве навучэнцы Лідскага каледжа прынялі і сёлета

Для напісання дыктоўкі былі прапанаваныя тэксты Васіля Быкава "Знак бяды" і "Трэцяя ракета". Навучэнцы знаёмыя з творчасцю Васіля Быкава, асабліва з яго аповесцю "Знак бяды", па-гэтаму пісаць дыктоўку ўзяліся з вялікім задавальненнем.

Вынікі напісання дыктоўкі на роднай мове не могуць не радаваць.

Пісалі дыктоўку 123 навучэнцы.

На "10" балаў напісалі 2 навучэнкі: Марцішко Надзея, навучэнка 1 курса, групы 70 (дашкольная адукацыя) і Рынкевіч Ганна , навучэнка 1 курса, групы 93 (пачатковая адукацыя).

Таксама вызначыліся такія навучэнкі, як Пятрашка Алеся, Бешцень Ніна, Янцэвіч Анастасія (група 71 дашкольная адукацыя), Шадзюль Анастасія, Наумовіч Юлія (група 70 - дашкольная адукацыя), Ціхановіч Святлана, Ражко Яўгенія, Сіраж Анастасія, Круглая Вольга, Мась Алена (група 93 пачатковая адукацыя). Работы гэтых навучэнак адзначаны ў "9" балаў.

Патрэбна выказаць падзяку настаўнікам школ, у якіх навучаліся вышэй адзначаныя навучэнкі, а таксама выкладчыкам Лідскага каледжа Некраш Людміле Міхайлаўне, Яныш Марыне Ўладзіміраўне, Ліпскай Святлане Аляксееўне за арганізацыю і належнае правядзенне дадзенага мерапрыемства.

Кафедра філалагічных дысцыплін рада супрацоўніцтву з Таварыствам беларускай мовы горада Ліды і прымае актыўны ўдзел у розных мерапрыемствах, якія праводзяцца гэтай арганізацыяй.

Наш кар. На здымку: дыктоўку чытае Святлана Ліпская.


Магілёўцы адзначылі тыдзень роднай мовы

У навучальных установах Магілёва праходзіў тыдзень роднай мовы, прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы.

У госці да вучняў сярэдняй школы № 10 завіталі магілёўскія літаратары - старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення СБП Мікола Яцкоў, сябра СБП Таццяна Барысік і Ала Яцкова. Яны расказалі пра сябе, пра тое, як прыйшлі ў творчасць, і якую ролю ў іх жыцці адыгрывае родная беларуская мова. Вучні з вялікай цікавасцю праслухалі творы ў аўтарскім выкананні. Мікола Яцкоў выказаў пажаданне, каб наша моладзь далучалася да літаратуры і каб з'яўляліся новыя і цікавыя творцы.

Магілёўскі ліцэй № 2 запрасіў на сустрэчу пісьменніцу, сябра СБП Тамару Аўсяннікаву. Яна распавяла аб літаратурным жыцці ў Магілёве, пазнаёміла са сваімі творамі, адказала на пытанні.

Вучні цікавіліся творчасцю і лёсам Яўгеніі Янішчыц. Спадарыня Тамара расказала аб сваім сяброўстве з гэтай выдатнай беларускай паэткай, аб складаных шляхах яе жыцця. Напрыканцы прысутныя выказалі Тамары Пятроўне падзяку за сустрэчу і падарылі кветкі. Прыхільнікі паэзіі папрасілі пісьменніцу сфатаграфавацца з імі на памяць.

Ул. інф. Магілёўскага абласнога аддзялення СБП. На здымках: 1. Мікола Яцкоў, Ала Яцкова, Тацяна Барысік; 2. Выступае Тамара Аўсяннікава. Фотаздымак на ўспамін з прыхільнікамі паэзіі.


Сустрэча ў гонар роднай мовы

Падчас паседжання культурна-рэлігійнага цэнтра пры Віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага сабралася каля сотні людзей, каб разам паразважаць і падыскутаваць наконт месца роднай мовы ў жыцці грамадства. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся пробашч парафіі ксёндз Адам Дынак. Ён адзначыў, што заўсёды вядзе набажэнствы на беларускай мове ды ўсведамляе важнасць яе вывучэння, што пацвярджае ўласным прыкладам, хоць сам нарадзіўся ў Польшчы. Падчас сустрэчы выступілі настаўніца Нэля Зайцава, пераможца многіх конкурсаў дэкламатараў Яна Латыш, студэнт Раман Калугін, у выкананні якіх прагучалі вершы Адама Міцкевіча, Рыгора Барадуліна, Чэслава Мілаша на беларускай і польскай мовах.

Акрамя гэтага, думкамі пра спосабы вывучэння мовы, развагамі пра яе, як сродак не толькі камунікацыі, але і самаідэнтыфікацыі падзяліліся выкладчык ВДТУ Віктар Хаданёнак і біскуп Віцебскай дыяцэзіі кс. Алег Буткевіч. Маладая паэтка Таццяна Дубоўская прачытала прысутным ўласны верш. Напрыканцы сустрэчы лаўрэат літаратурнай прэміі імя К. Крапівы Міхась Мірановіч прачытаў свае іранічныя, напоўненыя дасціпным гумарам вершы.

Вядоўца імпрэзы Франц Сіўко распавёў пра беларускамоўныя каталіцкія выданні, праанансаваў літаратуру, якая можа дапамагчы ў вывучэнні роднай мовы. Удзельнікі імпрэзы ўшанавалі хвілінай маўчання памяць Народнага паэта Беларусі, сябра касцёла, выбітнага творцу і грамадзяніна Рыгора Барадуліна.

Андрэй Шчарбіцкі, сябра суполкі ТБМ ВДУ імя П.М. Машэрава. Фота Анас. Лазебнай.


Выстава СМІ і літаратуры беларусаў свету адкрылася ва ўкраінскім Ізяславе

4 сакавіка ў чытальнай зале раённай бібліятэкі горада Ізяслава на Хмяльніччыне распачалося "шэсце" Года беларускай культуры ва Ўкраіне. Пра гэта паведаміў кіраўнік мясцовай беларускай суполкі Пятрусь Капчык. Вашай увазе - ягоны артыкул пра выставу, а таксама прапанова супрацоўніцтва да журналістаў, рэдактараў газет і часопісаў з Беларусі, якія могуць перадаць свае выданні беларусам Украіны.

Першаю вясноваю "ластаўкаю" года менавіта ў Ізяславе стала выстава сродкаў масавай інфармацыі і літаратуры беларусаў свету. Перад прысутнымі выступіла загадчыца юнацкага аддзела бібліятэкі, у якім і размясцілася экспазіцыя выставы, спадарыня Таццяна Адамаўна Лісавік.

Яна падзякавала кіраўніку беларускай суполкі "Зорка Венера" за дапамогу ў арганізацыі менавіта гэтай выставы, а таксама за пастаяннае папаўненне беларускамоўнымі выданнямі (кнігамі, часопісамі, газетамі) аддзела "Літаратура нацыянальных мяншыняў раёна" (палякаў, беларусаў, яўрэяў, расейцаў).

Тыднёвік "Голас Радзімы" ўжо другі год запар патрапляе ў бібліятэку адразу ж, як толькі прыходзіць да кіраўніка суполкі з Менска! А з гэтага года да яго далучаны і штомесячнік беларусаў ЗША з Нью-Ёрку "Беларус", які рэдагуе спадарыня Ганна Сурмач. Дарэчы, са спадарыняй Ганнай аўтар гэтых радкоў знаёмы шмат гадоў па МГА ЗБС "Бацькаўшчына".

А зараз непасрэдна пра тое, што ж пабачылі 4 сакавіка на стэлажах і будуць бачыць на іх з мажлівасцю патрымаць у руках, пагартаць, пачытаць наведвальнікі юнацкага аддзела Ізяслаўскай раённай бібліятэкі цягам 2014 года.

Па-першае, гэта выданні класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа на беларускай мове, а раман Я. Коласа "На розстанях" - на ўкраінскай мове; на ёй жа можна пабачыць і зборнік вершаў Еўдакіі Лось "Черемховий поїзд"... Побач з мастацкім альбомам Янкі Купалы "А хто там ідзе?" на мовах народаў свету прыцягвае ўвагу прывабна аформлены том вершаў беларускіх паэтаў "Мы беларусы" і шыкоўны расповед Уладзіміра Арлова "Адкуль наш род".

Дапаможа паглыбіць веды на пытанне "Адкуль наш род?" і атлас "БЕЛАРУСЫ", у якім знаходзяцца дадзеныя па этнагеаграфіі, дэмаграфіі, дыяспары і канфесіях беларускага народа... Кнігі Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Максіма Багдановіча, Барыса Пятровіча, Наталлі Арсенневай, Таісы Бондар, Сяргея Сыса, Сяргея Панізьніка, Ніла Гілевіча, Сяргея Законнікава, Іны Снарскай - беларускамоўнай паэткі з украінскай Палтавы...

Усяго 50 кніжак толькі пісьменнікаў і паэтаў! А яшчэ ж і выданні па беларускай культуры "Гісторыя культуры Беларусі", "Кампазітары Беларусі", "Этнаграфія Беларусі", "Народнае мастацтва Беларусі", выданні па беларускай гісторыі і шэраг іншых, у іх ліку і альбомы "Сцяг і герб беларускай дзяржавы", "Мінск"... СМІ прадстаўлены "Голасам Радзімы", "Народнай воляй", "Беларусам", "Нашай нівай", "Нашым словам", "Культурай", беластоцкай "Нівай", віленскай "Рунню", латвійскім "Праменем", англамоўнымі "Беларусь" і "Мінскім часам", чэшскаю "Крывіяю", бюлетэнем МГА ЗБС "Бацькаўшчына" "Беларусы ў свеце".

Сярод часопісаў можна пабачыць апошнія нумары "Роднага слова","Дзеяслова" і "Мастацтва"... Буду рады, калі прачытаўшы мой допіс, кіраўнікі "Літаратуры і мастацтва", "Звязды", "Маладосці" і іншых беларускамоўных газет і часопісаў, якія не знайшлі сваіх выданняў у пераліку прысутных на выставе ў Ізяславе, дашлюць нам па 1-2 экзэмпляры, і яны абавязкова зоймуць свой годны пасад на стэлажах выставы!

Тое ж самае датычыцца і беларускамоўных паэтаў і пісьменнікаў.

Мой паштовы адрас украінскаю мовай: Петро Капчик, вул. Незалежності, 21/2, 30300, м. Ізяслав-1, Хмельницька область, УКРАІНА.

Пятрусь Капчык, кіраўнік суполкі "Зорка Венера", г. Ізяслаў.


Памяці Ібрагіма Канапацкага

28 лютага 2014 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАН Беларусі адбылася гутарка (міжнародны семінар-дыялог "Вывучэнне культурнай спадчыны татараў Беларусі". Яна адкрывае шэраг мерапрыестваў, прысвечаных памяці Ібрагіма Канапацкага (28.02.1949 - 09.09.2005) - навукоўца, выдатнага грамадскага дзеяча, намесніка старшыні Беларускага грамадскага аб'яднання татараў "Зікр Уль-Кітаб" ("Памяць і кніга"), кандыдата гістарычных навук, дацэнта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Да імпрэзы супрацоўнікамі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў на чале з кандыдатам гістарычных навук Аленай Цітавец арганізавалі выстаўку пад назвай "Вучоны, грамадскі і рэлігійны дзеяч", якая адлюстроўвае сферу навуковых і грамадскіх інтарэсаў Ібрагіма Канапацкага, якому сёння споўнілася б 65 гадоў. На ёй прадстаўлены рукапісы татараў Беларусі канца ХVІІ - пачатку ХХ ст. з фондаў ЦНБ НАН Беларусі, даследаванні айчынных і замежных навукоўцаў пра татарскую кніжнасць. Асобны раздзел прысвечаны працам Ібрагіма Канапацкага 1980 - 2005 гг. і публікацыям пра яго жыццё і дзейнасць.

На выстаўцы - кнігі па гісторыі і культуры татараў Беларусі, артыкулы у навуковых зборніках і перыядычных канференцый, ініцыятарам і ўдзельнікам якіх быў І. Канапацкі.

На мерапрыемстве выступілі: акадэмік Каваленя Аляксандр Аляксандравіч, прафесар гісторыі Леанід Міхайлавіч Лыч, дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Алесь Іванавіч Груша, дырэктар Польскага інстытута Уршуля Дарашынская, супрацоўніца Інстытута гісторыі Алена Мікалаеўна Філатава, а таксама дачка гісторыка Зарына Ібрагімаўна. У зале прысутнічалі: Алесь Цыркуноў, Яўген Гучок, Мікола Лавіцкі, Радзім Гарэцкі, Эмануіл Іофэ, Ільяс Хусаінаў, Анатоль Валахановіч, сын Я. Коласа Міхась Міцкевіч, Аляксандр Стэфановіч і іншыя асобы.

Дароўныя надпісы розных аўтараў на кнігах з яго асабістай бібліятэкі апавядаюць пра сяброўскія сувязі жыццярадаснага, харызматычнага чалавека, які ўвасобіў лепшыя рысы беларускіх татараў!

Мерапрыемтва прайшло ўдала і зацікавіла прадстаўнікў творчай інтэлігенцыі г. Менска. Было вельмі цікава.

Аляксей Шалахоўскі.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Крамко Ганна - 30000 р., г. Менск

2. Сямашка Ядвіга - 30000 р., г. Менск

3. Дзяргач Галіна - 30000 р., г. Менск

4. Рассказава Лізавета - 30000 р., г. Менск

5. Дзятлаў Лявон - 60000 р., г. Менск

6. Дзягілева Галіна - 60000 р., г. Менск

7. Ляўшун Дзяніс - 197000 р., г. Менск

8. Грышан Мікола - 50000 р., г. Дзятлава

9. Зылькоў С.П. - 200000 р. г. Гродна

10. Карачэўская Любоў - 20000 р., г.п. Падсвілле (Глыбоцкі р-н)

11. Баравік Марыя - 220000 р., г.п. Падсвілле

12. Астравецкі А.А. - 50000 р., г. Бярэсце

13. Касюк Алена - 30000 р., г. Менск

14. Рабека Мікола - 200000 р., г. Менск

15. Мануленка Ўладзімір - 52000 р., г. Бярэсце

16. Лабыка Зміцер - 50000 р., г. Менск

17. Чачотка Анатоль - 50000 р., г. Менск

18. Кухаронак Алесь - 20000 р., г.п. Смілавічы

19. Лягушоў Алег - 100000 р,. ст. Ясень, Асіповіцкі р-н.

20. Данілюк Віктар - 50000 р., г. Менск

21. Пухоўская Юлія - 50000 р., г Менск

22. Вештард Ірына - 200000 р., г. Менск

23. Салдатава Аксана - 200000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Да 25-годдзя заснавання ТБМ

З гісторыі Менскай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны

А Р Г К А М І Т Э Т

па падрыхтоўцы ўстаноўчай канферэнцыі Менскай гарадской Рады Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны.

Старшыня аргкамітэта Краў-чанка П.К., сакратар гаркама КПБ, намеснікі старшыні: Гаўрош Н.В., дацэнт МДПІ імя Горкага, Зэкаў Анатоль Мікалаевіч, нам. рэдактара газеты "Чырвоная змена", Шушкевіч С.С., прарэктар БДУ імя Леніна, народны дэпутат СССР.

УСТАНОЎЧАЯ КАНФЕРЭНЦЫЯ

Месца і час правядзення Устаноўчай канферэнцыі: г. Менск, 30 верасня 1989 года.

Колькасць удзельнікаў - 305 чалавек.

Сацыяльны склад - творчая і навукова-тэхнічная інтэлігенцыя: 70%, рабочыя і служачыя: 30%. Прысутнічалі дэлегаты ад Заводскага, Кастрычніцкага, Ленінскага, Маскоўскага, Фрунзенскага, Партызанскага, Цэнтральнага, Савецкага, Першамайскага раёнаў г. Менска.

Старшыня Ўстаноўчай канферэнцыі Пётр Краўчанка, сакратар Менскага гарадскога камітэта КПБ

Сакратар Ўстаноўчай канферэнцыі Валянціна Раманцэвіч.

МЕНСКАЯ ГАРАДСКАЯ РАДА ТБМ імя Ф.Скарыны

Дэлегаты Ўстаноўчай канферэнцыі 30 верасня 1989 года абралі Раду Менскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны ў складзе 80 чалавек.

Склад Рады:

Адамовіч С.В., Андраюк С.А., Агуновіч Э.К., Арочка М.М., Арлоў У.А., Авяр'янаў Ю.І., Барысевіч А.А., Бартлава В., Белы А.Я., Варанецкі В.І., Вецер Э.І., Войцік В.В., Вольскі А.В., Валкавец П.М., Гамзовіч Р.С., Гаўрош Н.В., Грыгор'ева В.Ю., Гурыновіч А.В., Гутарчык С.Я., Гучок Я.С., Грыцкевіч А.П., Далідовіч Г.В., Дамашэвіч У.М., Дайнэка Л.М., Жарскі І.М., Захарэвіч М.Г., Зэкаў А.М., Іпатава В.М., Казлоўскі І.І., Конан У.М., Клімовіч У., Клышка А.К., Краўчанка П.К., Лаўрэль Я.М., Лецка Я.Р., Ліпень Л.А., Лозка А.Ю., Лягчылаў А.К., Лыч Л.М., Марачкіна І., Мароз У,В., Махнач Р.В., Малько М.У., Наліваеў А.А., Мікалайчанка А.С., Новік У.У., Нямковіч В.А., Прановіч А.І., Прыймак Ж.Н., Прыма Г.С., Рагуля А.А., Рагойша В.П., Раманцэвіч В.К., Салавей Л.М., Саханькоў В.А., Суша А.М., Саламевіч І.У., Сёмуха В.С., Свяцкая В.А., Свістуновіч А.В., Сітніца Р., Ткачоў М.А., Трусаў А.А., Хадыка Ю.В., Хацько С.П., Цесакоў К.Д., Цмыг М., Чарняўскі І.М., Шарыпа П.П., Шавыркін М.М., Шырко В.А., Шушкевіч С.С., Шынкевіч А.Р., Філончык Г.В., Яшкевіч А.М., Ярмаліцкі М.А.

Старшынём Менскай гарадской рады ТБМ імя Ф.Скарыны абраны Грыцкевіч А.П ., загадчык кафедры гісторыі СССР, БССР і замежных краін Менскага інстытута культуры, узначальваў Раду з 30 верасня 1989 г. па 8 лютага 1992 г.

Намеснікі: Дайнэка Л.М., пісьменнік, Жарскі І.М., рэктар Беларускага тэхналагічнага інстытута, Лыч Л.М., доктар гістарычных навук, Чарняўскі І.М., археолаг.

Сакратарыят: Новікаў У.У., інжынер ВА"Альфа"; ГучокЯ.С., супрацоўнік выдавецтва "Народная асвета"; Цмыг М.Г., навуковы супрацоўнік Беларускага тэхналагічнага інстытута; Леўшын Я.А., студэнт.

8 студзеня 1990 г. у дакуменце "Рэгістрацыйны ліст" , падпісаны намеснікам старшыні Менскай гарадской Рады ТБМ І.М. Жарскім і сакратаром Устаноўчай канферэнцыі В.К.Раманцэвіч запісана: "Просіць сакратарыят Рэспубліканскай Рады ТБМ імя Ф.Скарыны зарэгістраваць яе сяброўства ў Таварыстве" . Там жа паведамлялася: "Менская гарадская Рада ТБМ мяркуе браць удзел у працы сталых камісій Таварыства: школьная, арганізацыйна-прапагандысцкая, візуальных сродкаў, тапанімічная, вышэйшай школы, рэдакцыйная".

08.01.1990 г. Менская гарадская Рада ТБМ імя Ф. Скарыны зарэгістравана. Сакратар Рэспубліканскай Рады ТБМ імя Ф.Скарыны Міхноўскі М.У.

11.01.1990 г. зарэгістравана Выканаўчым камітэтам Менскага гарадскога савета народных дэпутатаў.

Выраблена пячатка і штэмпель з найменаваннем Рады.

Згодна з пратаколам (з архіва) паседжанняў Менская гарадская Рада ТБМ імя Ф.Скарыны ў адпаведнасці з задачамі бягучага часу займалася вылучэннем кандыдатаў у народныя дэпутаты Беларускай ССР і мясцовых Саветаў народных дэпутатаў. Сярод вылучаных ад ТБМ імя Ф.Скарыны кандыдатаў у дэпутаты Беларусь атрымала ў Вярхоўным савеце 12 склікання, гарадскіх і раённых саветах шэраг дэпутатаў. Многія з іх выраслі ў вядомых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў: Зянон Пазьняк, Алег Трусаў, Яўген Цумараў, Пятро Садоўскі і іншыя.

Ішло змаганне за адзіную дзяржаўную беларускую мову. Праводзіліся разам з грамадскасцю шматтысячныя мітынгі.

21 сакавіка 1990 г. пры Менскай гарадской Радзе ТБМ імя Ф. Скарыны быў створаны тэатр Беларускай бардаўскай песні і паэзіі "Сябрына".

21 верасня 1990 г. для арганізацыі гаспадарчай дзейнасці з мэтай атрымання грашовых прыбыткаў для ТБМ ствараецца на вытворчай базе Беларускага тэхналагічнага інстытута малое прадпрыемства па вытворчасці сувеніраў і тавараў народнага спажывання ў беларускім нацыянальным стылі.

Наладжвалася і праводзілася супрацоўніцтва паміж Радай і Беларускімі грамадска-культурнымі таварыствамі ў Польшчы, ЗША, Канадзе, Францыі, Англіі, Ватыкане, горадзе Севастопаль.

Старшыня Менскай гарадской рады ТБМ імя Ф. Скарыны, прафесар Анатоль Грыцкевіч быў камандзіраваны ў Лондан тэрмінам на 30 дзён у кастрычніку 1991 г. Мэта паездкі - удзел у канферэнцыі "Унія на Беларусі". Наведванне гарадоў Лондан, Кэмбрыдж, Оксфард. У гэтым жа годзе тэрмінам на 30 дзён - у Італію, Ватыкан (сімпозіюм прадстаўнікоў культурнага свету Еўропы).

8 лютага 1992 г. адбылася Менская гарадская канферэнцыя ТБМ імя Ф.Скарыны. Прысутнічала 220 чалавек. Канферэнцыя разгледзела пытанне "Выбары новага складу рады". Пастанавілі: "Увесці ў склад гарадской рады 25 чалавек: усіх старшынь раённых радаў ТБМ, БДУ, Акадэміі навук і персанальна І.І. Акуліна, А.Я. Белага, А.Н. Каралёва, Я.М. Лаўрэля, В.Г. Жака, М.І. Савіцкага, В.К. Раманцэвіч, Н.С. Сармант, Г.Г. Сокалава-Кубая, Д.М. Макарэвіч, А.А. Шамака, В.Н. Кошалева, Дзядзюлю, М.Я. Лавіцкага.

8 лютага 1992 г. на паседжанні Менскай гарадской рады ТБМ імя Ф. Скарыны яе старшынём абраны прафесар М.І. Савіцкі ; намеснікамі: Н.С. Сармант і Я.М. Лаўрэль (пратакол №1, 08.02.92 г.).

Для аператыўнага вырашэння бягучых пытанняў 18 лютага 1992 г. (пратакол № 3) было створана бюро рады ў складзе: М. Савіцкі, Н. Сармант, Я. Лаўрэль, В. Раманцэвіч.

Былі зацверджаны камісіі: арганізацыйна-прапагандысцкая, адукацыйная, аўдыё-візуальныя сродкі, тапанімічная, выдавецтва, кантроль за выкананнем закона "Аб мовах...".

Значная ўвага ўдзялялася стварэнню на гарадскім транспарце моўнага асяроддзя на беларускай мове (пратакол №6, 31.03.92г.).

Імкнуліся актывізаваць першасныя суполкі ТБМ і ствараць новыя ва ўстановах і прадпрыемствах.

У той час папулярнай формай уздзеяння і ўзамасувязі з дзяржаўнымі структурамі былі Звароты. Рада актыўна выкарыстоўвала гэтую форму зносінаў са старшынём Вярхоўнага Савета, міністрам адукацыі і інш.

Актуальным было пытанне аб выкананні закона "Аб мовах..." у дзіцячых установах, школах, ВНУ, арганізацыях і прадпрыемствах.

24 кастрычніка 1992 г. у памяшканні Палаца Менскага аўтазавода праведзена канферэнцыя "Выкананне закона Аб мовах у г. Менску" пад лозунгам "Спыніць русіфікацыю". Прысутнічалі 270 чалавек: 110 - настаўнікаў, 15 - намеснікі дырэктароў, 36 - вышэйшая школа, 14 - студэнты, школьнікі, 13 - гарадское і раённыя ўпраўленні адукацыі, 2 - праваслаўны і каталіцкі святары, 5 - пенсіянеры, 59 - іншыя. Ухвала канферэнцыі надрукавана ў газеце "Добры вечар" за 16.11.92 г. Канферэнцыя прыняла Зварот да Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

Праводзіліся раённыя канферэнцыі. Але дабіцца плённай працы ўсіх раённых Рад не ўдалося, а Рада Савецкага раёна, якую ўзначальваў тагачасны вучоны сакратар Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук, фактычна спыніла дзейнасць, і пазней давялося арганізоўваць яе наноў. 8 лютага 1993 г. у Педагагічным інстытуце праведзены сход грамадскасці г. Менска для абмеркавання пытанняў "Аб забеспячэнні вучняў падручнікамі па комплексу прадметаў на беларускай мове ў сярэдняй школе" і "Аб хадзе выканання Закона аб мовах і Закона аб адукацыі". Прысутнічала (пратакол сходу) 74 чалавекі: прадстаўнікі аўтарскіх калектываў па падрыхтоўцы падручнікаў на беларускай мове, прадстаўнікі Савета міністраў, міністэрства адукацыі і інфармацыі, прадстаўнікі гарадскога ўпраўлення адукацыі, выдавецтваў, сродкаў масавай інфармацыі.

Менская гарадская рада ТБМ імя Ф. Скарыны актыўна змагалася супраць прыняцця і вынясення на рэферэндум пытання аб наданні "русскому языку" статусу другой афіцыйнай дзяржаўнай мовы (звароты да Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь і іншыя формы).

Пастаянна Рада рупілася аб актывізацыі падпіскі на газету "Наша слова".

Гарадская Рада ТБМ імя Ф. Скарыны 16 лістапада 1993 г. (пратакол № 30) прыняла пастанову аб выключэнні са складу сяброў Таварыства Вячаслава Кебіча, старшыні Савета Міністраў рэспублікі. У склад ТБМ Кебіч быў прынародна прыняты падчас другога з'езду гэтай арганізацыі. Матывы аб выключэнні: старшыня Савета Міністраў пры выкананні службовых функцый амаль не карыстаецца дзяржаўнай мовай, роднай мовай беларускага народа, чым парушае дзейную Канстытуцыю, Дэ-кларацыю аб дзяржаўным сувернітэце Беларусі, законы аб мовах і адукацыі. Гэтым самым Вячаслаў Кебіч не служыць прыкладам для грамадзян Беларусі па выкананні законаў. Інфармацыя аб гэтым друкавалася ў газетах.

Рада займала актыўную пазіцыю ў дыскусіі ў сродках масавай інфармацыі і ўзаемадачыненнях з Вярхоўным Саветам і іншымі органамі ўлады аб статусе адзінай дзяржаўнай беларускай мовы і дзяржаўнай сімволікі.

Сябры Рады бралі актыўны прафесійны ўдзел у канферэнцыі (снежань 1993 г.) аб рэформе правапісу. 21 снежня 1993 г., пратакол № 32. Канкрэтныя прапановы "Зберагчы нацыянальны дух мовы" (на 5 старонках машынапіснага тэксту) былі дасланы ў камісію па правапісу. З грунтоўным дакладам на канферэнцыі выступіў сябра рады Я.М. Стапа-новіч.

Гарадская Рада перыядычна заслухоўвала справаздачы старшыняў раённых радаў Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.

11 красавіка 1994 г. Менская гарадская Рада ТБМ у Доме літаратара правяла "Вечарыну беларускага слова". Са сцэны гучалі вершы Янкі Купалы і іншых паэтаў. Увесь вечар прысутных весяліў сваімі фальклорнымі песнямі ансамбль выкладчыкаў БДУ "Тутэйшая шляхта". Тут жа можна было набыць папулярную беларускую літаратуру, кнігі па гісторыі і культуры Беларусі.

Сябар рады Мікола Лавіцкі па рашэнні Рады распрацаваў і забяспечыў каляровае друкарскае выданне: "Ліст падзякі Менскай гарадской рады ТБМ імя Ф.Скарыны", якім ганаравалі асоб, што плённа працавалі на ніве Адраджэння беларускай мовы, культуры і гістарычнай памяці.

Праводзілі тэматычныя круглыя сталы сумесна з гарадскім упраўленнем народнай адукацыі па праблеме захавання дасягнутых здабыткаў па нацыянальным адраджэнні ў сістэме адукацыі; аб ходзе выканання закона "Аб мовах..." і інш.

23 снежня 1994 г. (пратакол № 43 ад 20.12.94г.) у Доме літаратара праведзены круглы стол "Беларуская школа на шляху Адраджэння". Бралі ўдзел у рабоце (па рэгістрацыі) 51 чалавек. Сярод іх: кіраўніцтва і супрацоўнікі ўпраўлення адукацыі Менгарвыканкама, старшыня камісіі па адукацыі Менгарвыканкама, інспектар Менгарвыканкама па выкананні закона "Аб мовах...", дэпутаты гарсавета, кіраўнікі раённых аддзелаў адукацыі, дырэктары і завучы школ, дырэктары гімназій, загадчыкі дзіцячых садкоў, метадысты і выхавацелі дашкольных устаноў, настаўнікі, загадчыкі кафедраў і выкладчыкі ВНУ, навукоўцы з нацыянальнага інстытута адукацыі, пісьменнікі, навукоўцы з Акадэміі навук, журналісты, старшыня бацькоўскага камітэта і інш. Прыняты Зварот да міністра адукацыі і навукі Васіля Стражава. Была прынята Ухвала круглага стала.

6 чэрвеня 1995г. праведзена канферэнцыя "Аб захаванні беларускай школы". Выступоўцы: В. Навуменка (БДУ), В. Вячорка (БНФ, выкладчык), М. Крукоўскі (прафесар), А. Шамак (педістытут), Г. Вашчанка (гарвыканкам), М. Савіцкі (прафесар), А. Глушко (задзіночанне беларускамоўных студэнтаў), Ніл Гілевіч (народны паэт), Л. Лыч (прафесар), Ул.Арлоў (пісьменнік) і інш.

Канферэнцыя прапанавала і канстатавала (асноўнае з архіва):

Знішчэнне беларускай мовы - гэта знішчэнне этнасу - беларускамоўныя школы трэба зберагчы;

Ствараць групы падтрымкі ў школах і дашкольных установах;

Дамагацца роўнасці моў - таму, што пастаўлена мэта адабраць у беларусаў беларускую мову, адабраць гістарычную памяць;

Звяртацца ў міжнародныя сродкі;

Беларускамоўных было 135 школ, але зараз захаваць хаця б 30 школ; стварыць нацыянальны ўніверсітэт;

Ствараць камітэты нацыянальнага выратавання;

Выказвацца аб незаконнасці рэферэндума;

Звяртацца ў ЮНЭСКА аб дапамозе ў абарону беларускай мовы.

Падрыхтаваць пісьмовую заяву ад студэнтаў беларускамоўных плыняў, каб закончыць адукацыю на беларускай мове.

Рада 23.05.95 г. (пратакол №48) абмеркавала пытанне "Аб формах работы ва ўмовах пасля рэферэндума".

Адзначылі, што рэферэндум перажываўся беларусамі вельмі цяжка. Адразу стала менш паразумення ў працы з "вертыкаллю". Патрэбна больш, чым калі асветніцкая работа сярод моладзі: яны - будучыня нацыі, а ім няма куды дзецца, няма перспектывы ў жыцці. За кім пойдуць маладыя - той пераможа. Атрымалася так. Мова - гэта палітыка, а ТБМ у свой час гэтага не даацаніла, цяпер зразумелыя цяжкасці. Дабівацца, каб была ў Беларусі хаця б адна ВНУ нацыянальная. Трэба пераходзіць на форму мітынгаў. Ладзіць вечарыны беларускага слова, далучацца да беларускай культуры. Праводзіць на беларускай мове гутаркі ў школах. Агітаваць Тэатр юнага глядача, які яшчэ ні разу не адступіўся ад беларускага слова, быць трыбунай слова для моладзі. У будучым, відаць, трэба будзе стварэнне партыі.

6 чэрвеня 1995 г. праведзена канферэнцыя сумесна з БНФ "Аб захаванні беларускай школы". У дыскусіі выступілі Ніл Гілевіч, Ул. Арлоў, прафесары М. Крукоўскі, М. Савіцкі, Л. Лыч, дац. В. Навуменка, выкладчык В. Вячорка, мастак М. Купава, Г. Вашчанка (гарвыканкам), старшыня клуба "Спадчына" А. Белы, выкладчык педінстытута А. Шамак, карэспандэнт А. Мікалайчанка, старшыня дзіцячага фонду "Сакавік" М. Міцкевіч, старшыня Задзіночання беларускіх студэнтаў А. Глушко.

5 верасня 1995 г. (пратакол № 50) гарадская рада ТБМ абмеркавала сітуацыю ў краіне і г. Менску. Выступоўцы адзначылі, што прэзідэнт даў указ перагледзець падручнікі па гісторыі; пры паступленні ў студэнтаў патрабавалі заявы, на якой мове жадаюць навучацца (большасць была за беларускую мову); на дыпламатычным факультэце недабор беларускамоўнай плыні. Вынікі рэферэндума падтасаваны. Рада прыняла прапановы і меркаванні: сябрам ТБМ зноў трэба перайсці для працы ў калектывах - ТБМ павінна абараняць беларускую мову на месцах; з Таварыствам беларускай школы выпрацаваць сумесны план работы; тлумачыць моладзі аб значэнні сімволікі і мовы для кожнага народа, чалавека; больш цесна звязацца з усімі беларускамоўнымі настаўнікамі (адрасы, тэлефоны); змагацца за пашырэнне новых беларускамоўных падручнікаў.

19 кастрычніка (пратакол №52) абмеркавалі "Аналіз тэкстаў дыктовак" на ўступных экзаменах. Адзначылі, што дыктоўкі па беларускай і рускай мовах былі вельмі розныя па складанасці. Для беларускамоўных абітурыентаў быў выбраны складаны, незнаёмы ўрывак тэксту. Амаль у 4 разы беларуская дыктоўка была складаней. Пастанавілі: даводзіць да ведама кіраўнікоў школ, бацькоў аб выніках аналізу дыктовак, растлумачваць несправядлівыя адносіны да беларускай мовы.

6 лютага 1996 г. праведзены пікет "Не - рускай мове на выпускных экзаменах".

5 сакавіка 1996 г. (пратакол № 56) праведзена канферэнцыя "Захаванне адзінага моўнага рэжыму ў беларускамоўных навучальных установах сталіцы".

Гарадская рада брала дзейны ўдзел у падрыхтоўцы "Белай кнігі" аб стане беларускай школы". Глядзі кніжку "Аняменне. З хронікі знішчэння беларускай мовы", Вільня, "Gudas", 2000. 25 лютага 1997 г. разгледзелі пытанне аб "Далучэнні вучняў беларускамоўных класаў да тэатра".

Справаздачная канферэнцыя Менскай гарадской рады ТБМ імя Ф. Скарыны праведзена 14 сакавіка 1997 г. Па акту прыёму-перадачы круглая пячатка і штэмпель Менскай гарадской рады ТБМ імя Ф. Скарыны Мікола Савіцкі перадаў новаабранаму старшыні прафесару Аляксею Саламонаву.

Мікола Савіцкі.


З гісторыі жаночых гімназій у Беларусі

У нашай краіне сярэдняя адукацыя на бясплатнай аснове з'яўляецца агульнай для хлопчыкаў і дзяўчынак. Але яшчэ ў мінулым стагоддзі вучоба мела свае асаблівасці. Гімназіі былі жаночыя і мужчынскія. Адметнае месца на тэрыторыі беларускіх зямель належыла Марыінскім жаночым гімназіям, іх гісторыя - цікавая старонка ў развіцці асветы. Мэтай гэтых навучальных устаноў было "доставить возможность, не отлучая детей от семейной жизни, давать им образование, соответствующее будущим их потребностям" . Гімназіі падпарадкоўваліся Марыінскаму ведамству, якое існавала як дзяржаўны орган ў Расійскай імперыі з канца ХVIII стагоддзя. Ведамства зрабіла вялікі ўклад у развіццё дабрачыннасці і адукацыі ў краіне. Пад эгідай гэтага ведамства знаходзіліся жаночыя інстытуты, гімназіі, вучылішчы, дзіцячыя прытулкі.

У даведніку "Все учебные заведения города Вильны: правила и условия поступления во все учебные заведения", Вільна, 1908 г., пазначана, што ў Марыінскую жаночую гімназію прымаюцца дзяўчаты ўсіх саслоўяў і веравызнанняў. Для паступлення ў падрыхтоўчы клас гімназіі неабходна было ведаць некаторыя малітвы, некалькі вершаў, табліцу множання, умець лічыць да 100, рашаць вусна задачы ў межах 100, бегла чытаць лёгкія і невялікія па аб'ёму тэксты, ўмець пераказаць іх змест па пытаннях і інш. Уступныя экзамены праводзіліся ў траўні і ў жніўні. Так-сама ўдакладняецца, што калі ёсць вакансіі ў іншых класах, то вучаніцы могуць прымацца і на працягу года, але неабходна пацвердзіць свае веды для паступлення ў адпаведны клас. Яшчэ ў 1879 г. была прынята адзіная і абавязковая для Марыінскіх жаночых гімназій праграма навучання. Вучэбны курс гэтых устаноў уключаў наступныя прадметы: закон Божы, рускую мову і славеснасць, гісторыю, геаграфію, прыродазнаўства, арыфметыку і геаметрыю, чыстапісанне, маляванне, спевы, танцы, французскую і нямецкую мовы і інш. За навучанне ў жаночых гімназіях трэба было ўнесці наперад пэўную плату.

Запатрабаванасць у жаночай адукацыі павышалася. У канцы ХІХ стагоддзя на беларускіх землях пачынаюць з'яўляцца гімназіі для дзяўчынак, якія падпарадкоўваюцца Міністэрству народнай асветы.

Звычайна ў жаночых гімназіях быў падрыхтоўчы клас. Пасля сямі асноўных гадоў навучання гімназісткі атрымлівалі атэстат на званне выкладчыка пачатковых класаў. Выпускніцам восьмага педагагічнага класа давалася права працы хатнім настаўнікам, а таксама адкрываўся доступ на вышэйшыя жаночыя курсы без здачы экзаменаў.

Педагагічны савет быў у кожнай гімназіі. Ён складаўся з кіраўніцтва ўстановы і выкладчыкаў, збіраўся па меры неабходнасці, але не меней, чым раз у месяц. На пасяджэннях вырашаліся пытанні аб прыёме новых вучаніц у гімназію, аб пераводзе выхаванак у старэйшыя класы, абмяркоўваліся іх паспяховасць і паводзіны, допуск да экзаменаў, выдача атэстатаў і пасведчанняў. Педагагічны савет з'яўляўся своеасаблівым метадычным цэнтрам, дзе выкладчыкі абмяркоўвалі метады і прыёмы навучання, разглядалі вучэбныя праграмы, рабілі адбор кніг для бібліятэкі і наглядных матэрыялаў для кабінетаў, складалі інструкцыі для выкладчыкаў, разглядалі гадавыя справаздачы па вучэбнай частцы і інш.

У выданні "Материалы по организации школьного обучения на началах научной педагогики" Вільна, 1915 г. змешчаны пратакол пасяджэння педагагічнага савета Пінскай жаночай гімназіі, дзе разглядаецца пытанне аб паляпшэнні навучання ва ўстанове. Непасрэдна прапануецца звярнуць увагу на больш шырокае выкарыстанне наглядных дапаможнікаў па ўсіх вучэбных прадметах, абмяркоўваецца стварэнне самастойных кабінетаў па гісторыі і геаграфіі.

У сярэдзіне XIX ст. аплата за навучанне складала 15 - 20 руб. у год. На працягу часу яна планамерна павышалася, у пачатку ХХ ст. ў сярэднім трэба было аддаць за вучобу 60-70 руб. у год. У выпадку затрымкі платы дзяўчынку маглі выключыць з гімназіі. Але такое было даволі рэдка. Захаваліся прашэнні аб вызваленні ад платы ў сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам. Даволі часта такія просьбы задавальняліся кіраўніцтвам установы. Пры гімназіях былі апякунскія саветы, якія дапамагалі вырашаць гэтыя пытанні. Некаторыя дзяўчаты былі стыпендыятамі, гэта значыць вучыліся на сродкі ад ведамства ці прыватных асоб. Пры некаторых жаночых гімназіях існавалі таварыствы дапамогі, якія аказвалі фінансавую падтрымку вучаніцам ці бясплатна выдавалі падручнікі, адзенне і г.д. Пры размеркаванні матэрыяльнай дапамогі браліся пад увагу поспехі ў вучобе і паводзіны выхаванак гімназіі. Грашовы фонд гэтых таварыстваў фармаваўся за кошт ахвяраванняў прыватных асоб, ад правядзення платных лекцый, канцэртаў і інш. У выданні "Циркуляр по Виленскому учебному округу" , №11, 1898 г. ёсць вытрымка са справаздачы таварыства Віцебскай гімназіі, дзе пазначаны грашовыя расходы на дапамогу вучаніцам.

З пачатку ХХ стагоддзя пры гімназіях уводзіцца абавязковая пасада штатнага доктара, у жаночых навучальных установах па этычных меркаваннях гэта былі жанчыны. Абавязковы медыцынскі агляд праходзілі ўсе дзяўчаты, якія паступалі ў гімназію. Доктар быў абавязаны наведваць гімназію некалькі разоў у тыдзень, рабіць медыцынскі агляд вучаніц і паведамляць кіраўніцтву інфармацыю аб стане іх здароўя, а таксама сачыць за размеркаваннем гадзін для заняткаў і адпачынку, за правільнай рассадкай дзяцей у адпаведнасці з праблемамі зроку і г.д.

У жаночых гімназіях існавалі спецыяльныя правілы для вучаніц адносна выканання рэлігійных абавязкаў, вучобы, паводзін. Адступленне ад правілаў цягнула за сабой паніжэнне адзнакі за паводзіны ці выключэнне з установы. Вучаніцы павінны былі наведваць рэлігійныя багаслужэнні ў святочныя дні і ў нядзелю, а таксама перад гэтымі днямі ўвечары для прычасця і споведзі. Вызваляліся толькі асобы нехрысціянскага веравызнання. Вучаніцы, якія не з'явіліся ці спазніліся на заняткі, павінны былі прадаставіць даведкі аб прычыне сваёй адсутнасці. Пад пагрозай выключэння дзяўчатам забаранялася ствараць паміж сабой таварыствы, а таксама ўступаць у іншыя арганізацыі. Вучаніцы насілі сукенкі ўстаноўленай формы, гэта было традыцыйна для гімназістак. У правілах гаварылася, што прычоска павінна быць простай і чыстай, валасы заплецены ў косы, забаранялася насіць банты і стужкі, а таксама стрыжкі. Нельга было насіць упрыгожанні.

У прыватных навучальных установах спачатку форменнага адзення не было. Для ўзмацнення пазашкольнага нагляду такая форма з'явілася, але яна адрознівалася ад адзення вучаніц урадавых гімназій. Нельга было ўбачыць вучаніц у тэатры, на канцэрце і публічным гулянні без бацькоў ці дарослых родзічаў, або супрацоўнікаў гімназіі. Забаранялася прымаць удзел у грамадскіх спектаклях і канцэртах, наведваць клубы. У журналах жаночых гімназій паніжэнне балаў за паводзіны паяснялася той ці іншай прычынай. Захаваліся запісы, дзе гаворыцца, што адзнакі па паводзінах сталі ніжэй на 1 бал за хлусню, за прагулку з вучнем рэальнага вучылішча і г.д. На 2 балы ніжэй за тое, што падчас спрэчкі з сяброўкай вучаніца ўдарыла яе па твары і за іншыя парушэнні дысцыпліны.

Традыцыйна ў гімназіях святочным лічыўся той дзень, калі яна была заснавана. У Марыінскай гімназіі ў Менску падчас свята адмяняліся ўрокі, і выхаванкі збіраліся для ўрачыстага мерапрыемства. Гэтая ўстанова давала добрую адукацыю. У свой час там вучыліся будучыя знакамітасці: народная артыстка СССР, актрыса вялікага творчага дыяпазону Лідзія Іванаўна Ржэцкая, народная артыстка БССР, актрыса яркага таленту Вера Мікалаеўна Пола і многія іншыя.

На пачатку ХХ стагоддзя адкрываюцца прыватныя жаночыя гімназіі ў многіх беларускіх гарадах. Толькі ў Менску іх было некалькі: сямікласная жаночая гімназія М.М. Скавароднікавай, сямікласная жаночая гімназія В.І. Лявіцкай, Аляксееўская васьмікласная жаночая гімназія Е.Д. Рэйман.

Пералік адукацыйных устаноў на беларускіх землях на перыяд канца ХІХ ст.-пач. ХХ ст. можна працягваць. Аб гэтым сведчаць выданні, якія выходзілі на працягу многіх гадоў: "Памятная книжка Виленского учебного округа", "Циркуляр по Виленскому учебному округу" і інш., дзе знайшла адлюстраванне інфармацыя аб навучальных установах беларускага краю ў той час. Шмат пазнавальнага аб развіцці адукацыі можа распавесці літаратура мінулых часоў. І сёння такія кнігі цікавяць даследчыкаў, навукоўцаў, усіх тых, хто імкнецца глыбей ведаць гісторыю.

Складзена паводле матэрыялаў, якія захоўваюцца ў аддзеле старадрукаваных і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.

Святлана Паўлавіцкая, галоўны бібліятэкар аддзела старадрукаваных і рэдкіх выданняў.


Ёсць колер слова

Адзіная размова з Рыгорам Барадуліным, светлая і бадзёрая, надзвычай вясёлая з майго боку, адбылася недзе (1985 ці 1986 год?) на тэлебачанні. Ён знаёміў са мною беларускі свет з нагоды выхаду маёй першай паэтычнай візіткі "Поле долі". Хваліў вершы, якія яму больш спадабаліся. Запрашаў прыходзіць у выдывецтва.

Я па сваёй ціхмянасці і аддалённасці ад сталічнага творчага свету заўсёды выдзялялася нерашучасцю. Так і не давялося разгаварыцца па-сапраўднаму. Зрэдчас, выпадкова-спадарожна, напрыклад, на шляху да Бычкоў, віталіся. Нават паабяцаў прыехаць на сустрэчу. Але не адбылося.

Затое да паэзіі датыкнулася па-сапраўднаму ў дні напісання дыпломнай. Выкладчык Грабчыкаў прапанаваў "Жывапіс словам па творчасці Рыгора Барадуліна". І абаранілася на адзнаку "выдатна". Я жартавала ў час сустрэчы з Рыгорам Іванавічам: "Вы ўпісаны ў мой пашпарт… ой, прабачце, у дыплом!".

Значна пазней, калі дачка Маша стала дарослай, яна ў Дзень Святога Валянціна стварыла вечарыну бардаўскай песні ў Падсвільскай музычнай школе. Вельмі пяшчотна праспявала вершы Рыгора Барадуліна на гэтую ўсім жаданую тэму: "Зорка босая…" Аўтару вершаў не давялося пачуць спеву. І зусім не верыцца, што не будзе ніколі сустрэчы. Толькі з вершамі.

Кажуць, ён прасіў пахаваць яго побач з маці. І, што ідуць спрэчкі, ці на Ушаччыне, ці на Кальварыйскіх могілках "спачываць" у вечнасці. Ён незвычайна любіў матулю - стварыў памяць гэтай любові дзіўнымі вобразамі духоўнага паказу.

Умеў ён пласт паэзіі празорыць.

Ёсць колер слова ад святла Рыгора.

І думка ўсцешная -

здагадка на прыкмеце -

Што дух паэта - тут, на гэтым свеце.


Ён збыўся так зіхотка ў родным слове.

Увечніўся ён у вясёлцы-мове.

Такі вось талент боскага адцення.

Ствары, Айчына, за яго маленне!

Марыя Баравік.


Памяці Рыгора Барадуліна

Памёр дзядзька Рыгор.

Прымі яго душу, Ласкавы Божа!

Арфея ніў ушацкіх і азёр,

Які спяваў натхнёна і прыгожа.

З зямлі ўшацкай алмазы-словы браў,

Карункі з іх сплятаў і дыядэмы,

Увесь наш край ён праслаўляў,

Не змоўкнуць яго вершы і паэмы.

Ён дух крывіцка-балцкі абудзіў,

Аб ураджаі вёў з Пяруном размовы,

Па лесе з посахам здарожаным хадзіў,

Рабіў усё, каб быў у беларусаў дух

рашучы і здаровы.

Ён моладзі свой перадаў запал,

Любоў святую да Айчыны,

Хацеў зрабіць яе чыстай,

як крышталь,

З валошкавымі, светлымі вачыма.

Даруй нам, дарагі, за ўсё:

За хітрамудрых ліхвяроў,

Якія труцілі тваё жыццё,

I за нядбалых халуёў.

Што топчуць роднае, сваё.

Мар'ян Даргель.


У Лідзе рэкламу як навуку выкладалі яшчэ за польскім часам

Жыхары Ліды на ток-шоў, зладжаным грамадскай культурніцкай кампаніяй "Будзьма беларусамі!" 27 лютага, абмеркавалі асаблівасці прасоўвання культурніцкіх падзей і прадуктаў. У спадчыну ад "планавай" гаспадаркі з часоў БССР мы сёння маем такую з'яву: існуе велізарная колькасць выбітных задум і прапановаў у сацыякультурнай сферы, але публіка ў большасці сваёй пра іх мала што ведае ці даведваецца занадта позна. Як выбудоўваць камунікацыю паміж культурніцкім "прадуктам" і яго мэтавай аўдыторыяй супрацоўніку ўстановы культуры, арганізатару культурніцкай імпрэзы ці творцу? Абмеркаванне гэтых "адвечных" пытанняў паспрабавалі перавесці ў практычныя рэкамендацыі і эксперты, і ўдзельнікі.

Хаця фармат прадугледжваў падзел на спікераў і публіку, гэтым разам усё зрабілі інакш. У лідскім Цэнтры народнай культуры (Дом рамёстваў) сабраліся не проста цікаўныя гараджане, але і прадстаўнікі прафесійных грамадска-культурніцкіх супольнасцяў - літаратурных аб'яднанняў, распрацоўшчыкі брэнда горада, рыцарскага клуба ды інш. Таму ток-шоў ператварылася ў адукацыйную талаку - і госці, і эксперты падзяліліся досведам, абмеркавалі свае памылкі ў прасоўванні праектаў, атрымалі практычныя парады і новыя крэатыўныя ідэі.


Рэгіянальны каардынатар кампаніі "Будзьма беларусамі!" Кацярына Раманчык у якасці прадмовы зрабіла невялікі лікбез культурніцкага менеджара і акрэсліла галоўныя паняцці, якімі варта карыстацца прафесіяналам гэтай галіны:

- Мы жывём у часы, калі мысленне любога чалавека ў той ці іншай ступені маркетызаванае. Трэба разумець, чым культурніцкі рынак адрозніваецца ад рынку побытавага. У прасоўванні культурніцкіх прадуктаў мы маем справу з так званым рынкам увагі, уражанняў і перажыванняў. Таму спецыфічная роля культурніцкага менеджара - вытрымліваць баланс паміж высокімі па мэце і змесце функцыямі (асвета, выхаванне густу і інш.) культурніцкага прадукту з аднаго боку, а з іншага - трымаць руку на пульсе маркетынгавых і тэхналагічных навінак. Каб працаваць на бачнасць і прывабнасць сваёй прапановы, важна разумець тыпалогію культурніцкіх прадуктаў і адрозненне ў іх рэкламаванні.

Каб размова атрымалася максімальна карыснай, мадэратар дыскусіі Хрысціна Марчук прапанавала кожнаму ўдзельніку расказаць пра свае культурніцкія "прадукты", досвед у іх прасоўванні, наяўныя праблемы.

Арт-дырэктар Літаратурнага дома "Логвінаў" Павал Касцюкевіч акрэсліў спецыфіку іх культурніцкіх прадуктаў:

- Мы добра разумеем, што на літаратуры шмат не зарабляюць. Канешне, у душы мы хочам, каб кніг набывалася больш, але нашая спецыфіка ў тым, каб, трапіўшы ў кнігарню, чалавек набываў больш, чым кнігу. Літаратурны дом - гэта не толькі паліцы і прадаўцы. Гэта культурніцкі цэнтр, грамадская пляцоўка. Мы ладзім мерапрыемствы, літаратурныя прэзентацыі і фестывалі, якія маюць на мэце не так прасоўванне нейкай канкрэтнай кнігі, як культуру чытання агулам. Кніга для нас - гэта сродак яднання добрых людзей.

Арт-дырэктарка гарадзенскага бара "Куба" Крысціна Хомбак падкрэсліла:

- Першае, што мы прынялі за правіла ў нашым бары - ніколі не называць наведнікаў "кліентамі". Для нас яны - госці! Мы прадаём не толькі і не столькі кактэйлі і алкаголь. Мы прадаём атмасферу, знаёмствы з цікавымі людзьмі і новыя веды. Галоўнай цяжкасцю любога культурніцкага праекта ёсць выхад на мэтавую аўдыторыю. Калі мы прадумвалі канцэпцыю "Кубы", то хацелі зрабіць месца не для моладзі (такіх у Горадні хапае), а для больш дарослых людзей, скажам, 35+. Але сацыяльныя сеткі і "сарафаннае радыё" вырашылі ўсё за нас. Цяпер "Кубу" "захапіла" моладзь.

Пра безумоўную карысць сацыяльных сетак казаў і Павал Касцюкевіч :

- Калі я прыйшоў працаваць, на рэкламу ў кнігарні быў нулявы бюджэт. І цяпер я гэтаму рады! Такія абставіны прымусілі мяне думаць па-іншаму, шукаць выйсце. Нам патрэбная новая, маладая аўдыторыя. Каб звярнуць увагу на свой прадукт, трэба гаварыць з імі на адной мове. Я не аматар сацыяльных сетак, але цяпер іх засвойваю, бо гэта крыніца бясплатнай рэкламы. Трэба таксама шукаць нейкія партнёрскія сувязі са СМІ. Зрабіць такую прапанову, якая можа быць карысна і ім таксама.

У працяг гэтай тэмы рэдактар газеты "Наша слова" Станіслаў Суднік падзяліўся досведам арганізацыі Усебеларускай дыктоўкі ў Лідзе, калі быццам бы і рэклама ў газетах і сацыяльных сетках была, але людзей сабралася не шмат:

- Рэклама - гэта навука, якая ў Лідзе выкладалася яшчэ за польскім часам у Купецкай гімназіі! Ёй трэба вучыцца, каб зрабіць прафесійна. А таксама трэба выхоўваць запатрабаванасць у беларускіх культурніцкіх праектах і прадуктах. Культуры трэба вучыць! Таму цяпер Ліда паспрабуе выхоўваць моду на беларускую мову пры дапамозе курсаў кшталту "Мова нанова" або "Мова ці кава". Ужо нават пляцоўка ёсць. Будзем рухацца ў гэтым кірунку.

Асобнай тэмай сталі стэрэатыпы, якія пануюць у сённяшнім грамадстве адносна ўсяго беларускага.

- Часта чуем: беларускае - значыць ручнікі, вёска. Гэта мала каму цікава. У нашым Цэнтры народнай культуры ёсць магчымасць праводзіць абрадавыя вяселлі, але ніхто гэтага не хоча", - адзначае Алена Шчэліна , дырэктарка лідскага Цэнтра народнай культуры.

- У сучаснай беларускай літаратуры няма ніводнага ручніка! Сёння аўтары пішуць пра каханне, забойствы, мастакоў, сэкс. Усё што заўгодна! Ніякіх ручнікоў! Руйнаванне гэтых стэрэатыпаў - адна з асноўных задачаў культурніцкіх мэнэджэраў, - падхапіў Павал Касцюкевіч.

У якасці падсумавання мы папрасілі кожнага прысутнага адказаць на пытанне: "Што трэба зрабіць, каб культурніцкі прадукт знайшоў свайго спажыўца?"

- Культурніцкі "вытворца" мусіць бачыць крыху далей за сваю аўдыторыю і паступова выхоўваць запатрабаванасць у сваім прадукце.

- Культурніцкі прадукт мусіць мець цікавую канцэпцыю, "разынку", эмацыйную зачэпку.

- Трэба будаваць супольнасць вакол свайго "прадукту": ствараць прывабную, цёплую атмасфернасць і клубнасць, калі гаворка ідзе пра культурніцкую пляцоўку). А таксама далучаць сваю аўдыторыю да стварэння "прадукту" (разам выбіраць дызайн вокладак кніг, рабіць новыя творы на аснове арыгіналаў).

- Рэклама можа быць бясплатнай (сацыяльныя сеткі і партнёрства са СМІ ў дапамогу). Больш за тое, абмежаванні па бюджэце прыводзяць да больш крэатыўных і эфектыўных рашэнняў.

- І самае галоўнае - трэба любіць сваю справу. У гэтым выпадку самі сабою з'яўляюцца і якасць, і крэатыў у камунікацыі.

Ужо два гады кампанія "Будзьма беларусамі!" ладзіць у рэгіёнах Беларусі дыскусійныя мерапрыемствы (ток-шоў) і прэзентацыі культурніцкіх задум ("Кірмашы праектаў") пад агульным лозунгам "Культура паляпшае жыццё!".

Ток-шоў ад кампаніі "Будзьма!" - гэта абмеркаванне актуальнага становішча важных сацыякультурных працэсаў і спосабаў нашага супольнага ўплыву на іх. Такім чынам мы адраджаем спрадвечную беларускую традыцыю талакі. Бо якраз талака дае нам усім магчымасці і ўпэўненасць разам вырашаць важныя пытанні грамадскага жыцця і рэалізоўваць слушныя задумы на агульную карысць. Нашыя сустрэчы скіраваныя як на прадстаўнікоў прафесійных грамадска-культурных супольнасцяў, так і шырокую грамадскасць, зацікаўленую ў паляпшэнні мясцовага жыцця.

Калі вы маеце жаданне актывізаваць ініцыятыўных людзей у прапанаваным намі фармаце ў сваім горадзе, пішыце на razam budzma.org.

Лізавета Неўмяржыцкая. Фота: Аляксандра Tarantino Ждановіча.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX