Папярэдняя старонка: 2014

№ 12 (1163) 


Дадана: 20-03-2014,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 12 (1163) 19 сакавіка 2014 г.


25 сакавіка - Дзень Волі

20 гадоў Канстытуцыі Беларусі 1994 года

20 гадоў таму была прынятая Канстытуцыя новай незалежнай Беларусі.

15 сакавіка 1994 года першы асноўны закон незалежнай Беларусі прынялі дэпутаты Вярхоўнага Савета 12-га склікання.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, прынятая Вярхоўным Саветам 15 сакавіка 1994 года, была пятая па ліку Канстытуцыя ў гісторыі Беларусі (раней Канстытуцыі БССР прымаліся ў 1919, 1927, 1937, 1978). Канстытуцыя 1994 года абвясціла Рэспубліку Беларусь унітарнай дэмакратычнай сацыяльна-прававой дзяржавай. Тэрмін «сацыяльна-прававая дзяржава» азначае, што асноўнай мэтай РБ з'яўляецца стварэнне ўмоваў для свабоднага развіцця асобы, рэалізацыя яе інтарэсаў у рамках існых законаў. Канстытуцыя ўстанавіла новую - прэзідэнцкую форму дзяржаўнага кіравання. Пры прэзідэнцкай форме кіравання Прэзідэнт з'яўляецца кіраўніком дзяржавы. Ён фармуе вышэйшы выканаўчы орган улады - урад (Савет Міністраў) і нясе адказнасць за яго дзейнасць. Канстытуцыя ў артыкуле 17 абвяшчала беларускую мову адзінай дзяржаўнай мовай у Беларусі.

Артыкул 17. Дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь з'яўляецца беларуская мова .

Рэспубліка Беларусь забяспечвае права свабоднага карыстання рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносін.


22 сакавіка - Дзень памяці Кастуся Каліноўскага

З восені 1863 года, калі асноўныя палявыя аддзелы і злучэнні паўстанцаў на Беларусі былі разбітыя, К. Каліноўскі сканцэнтраваў намаганні на назапашванні сілаў для новага выступлення ўвесну. Але, выдадзены здраднікам, ён быў у ноч на 29 студзеня 1864 года схоплены царскімі жандарамі ў Святаянскіх мурах (побач з саборам Святога Яна) у Вільні, дзе хаваўся пад імем Ігната Вітажэнца.

Падчас следства, у вязніцы К. Каліноўскі напісаў свой славуты "Ліст з-пад шыбеніцы" , яго запавет усяму беларускаму народу на ўсе вякі.

150 гадоў таму назад 22 сакавіка 1864 года Кастусь Каліноўскі быў павешаны на Лукішскім пляцы ў Вільні.


Браты мае, мужыкі родныя.

З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой Народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, - але не жаль згінуць за тваю праўду… Нямаш, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку… Але як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам навука праўдзівая з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай навукі, - адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, а на пагібель нашу… Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжо не будзе.

Твой слуга,

Яська-гаспадар з-пад Вільні.


125 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Пігулеўскага

ПІГУЛЕЎСКІ Уладзімір Васілевіч [псеўданім: Гуль; 26.2(10.3).1889, Гародня - 17.6.1958, Рыга], празаік, драматург, перакладчык, крытык, педагог. Пісаў на беларускай, латышскай і рускай мовах. У 1907 скончыў Менскую мужчынскую класічную гімназію. У 1908 паступіў на гістарычна-філалагічны ф-т Пецярбургскага ун-та, пасля сканчэння якога ў 1912 адбываў вайсковую павіннасць. У гады 1-й сусветнай вайны на фронце, служыў у авіяатрадзе, быў узнагароджаны. У 1918 удзельнічаў у барацьбе за беларускую дзяржаўнасць, быў дыпламатычным кур'ерам пры ўрадзе В. Ластоўскага. З 1922 жыў у Даўгапілсе (Дзвінску), выкладаў у бел. гімназіі. У 1924-25 быў дырэктарам Люцынскай беларускай гімназіі. Карыстаўся падтрымкай Я. Райніса. Друкавацца пачаў у 1924. У 1925 у выніку сфабрыкаванага ўладамі Латвіі т.зв. "беларускага працэсу" адхілены ад педагагічнай дзейнасці. Пераехаў у Рыгу; працаваў у кааператыўным банку. На з'ездзе беларускіх культурна-асветных устаноў у 1926 у Рызе вылучаны на пасаду загадчыка Беларускага аддзела пры Міністэрстве асветы Латвіі; працаваў там у 1926-34. Пасля дзяржаўнага перавароту К. Ульманіса ў 1934 арыштаваны і сасланы ў Ліепайскі лагер (1935). Па вызваленні займаўся журналістыкай. У 1940-41 працаваў інспектарам Міністэрства асветы Латвійскай ССР. У час вайны ў эвакуацыі ў Татарстане. Пасля вайны жыў у Рызе; выкладаў у мараходным вучылішчы, педагагічным інстытуце. Пасля выхаду на пенсію ў 1950 займаўся літаратурнай працай. Перакладаў на беларускую мову з латышскай і чэшскай. На латышскую мову пераклаў камедыю Я. Купалы "Паўлінка", якая была пастаўлена ў 1949 Латвійскім мастацкім тэатрам імя Я. Райніса. Публікаваў у латышскім друку артыкулы пра беларускую культуру і літаратуру. Член СП Беларусі з 1957, заслужаны дзеяч культуры Беларусі.

Вікіпедыя. (Пра Ў. Пігулеўскага чытайце на ст. 7.)


ЭМАНУІЛУ ІОФЕ - 75

Эмануіл Рыгоравіч ІОФЕ - беларускі гісторык, доктар гістарычных навук.

Зрабіў істотны ўнёсак у беларускую гістарыяграфію, даследаванне гісторыі габрэяў Беларусі, вывучыў і апісаў шэраг малавядомых аспектаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама правёў аналіз жыцця і дзейнасці шэрагу кіраўнікоў БССР. Вядомы так-сама як актыўны папулярызатар гістарычных ведаў, педагог і грамадскі дзеяч.

Нарадзіўся 20 сакавіка 1939 года ў г. Беразіно Менскай вобласці (на той момант - гарадскі пасёлак Магілёўскай вобласці). Напачатку Вялікай Айчыннай вайны сям'і Іофе ўдалося эвакуявацца ў Казахстан . Увесну 1945 года сям'я Іофе вярнулася з Казахстана ў Беразіно.

У 1946 году Эмануіл паступіў у Бярэзінскую сярэднюю школу № 2, якую скончыў улетку 1956 года з дзвюма чацвёркамі і астатнімі выдатнымі адзнакамі ў атэстаце. У гэтым жа годзе ён паступіў на першы курс гістарычнага факультэта БДУ.

Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1961 годзе быў накіраваны на працу настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства ў Крамокскую сярэднюю школу Старадарожскага (затым Слуцкага) раёна Менскай вобласці. У школе ён працаваў да 1964 гады, пасля чаго перайшоў працаваць у Навапольскі сельскагаспадарчы тэхнікум.

У 1969 годзе, працягваючы працаваць у школе, паступіў у завочную аспірантуру Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР. У 1975 годзе Іофе абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1983 году ён стаў дацэнтам. У красавіку 1993 года Эмануіл Іофе абараніў доктарскую дысертацыю і з гэтага часу працуе прафесарам кафедры паліталогіі і права Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. У 1995 годзе ВАК Беларусі прысвоіў яму навуковае званне "прафесар".

Вікіпедыя. (Пра Э. Іофе чытайце на ст. 4.)


Памерла заснавальніца беларускай этнамузыкалогіі Зінаіда Мажэйка

8 сакавіка на 81-м годзе пайшла з жыцця вядучы беларускі этнамузыколаг, вядомы славіст і беларусіст, доктар мастацтвазнаўства Зінаіда Якаўлеўна Мажэйка , імя якой з'яўляецца знакавым для беларускай навукі і культуры.

Зінаіда Мажэйка нарадзілася 6 снежня 1933 г. у Оршы. У 1961 годзе скончыла Беларускую кансерваторыю. З 1962 года ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі. Працавала ў галіне тэарэтычнай этнамузыкалогіі і практычнай фалькларыстыкі.

Асноўныя даследаванні прысвечаны сістэмнай тыпалогіі беларускага песеннага фальклору, яго арэальным і сацыялагічным аспектах. Арганізатар музычна-этнаграфічных канцэртаў, падрыхтавала грампласцінкі, у т.л. "Музычны фальклор Беларускага Палесся" (Гран-пры ЮНЕСКА 1988 г.), распрацоўвала праграмы аўдыёвізуальнай антрапалогіі (сцэнарыі 6 музычна-этнаграфічных фільмаў).

Светлая памяць пра Зінаіду Мажэйку назаўсёды захаваецца ў сэрцах яе паплечнікаў і аднадумцаў, тых, каму пашчасціла працаваць разам з ёй.



Пра беларускі гістарычны тэлеканал

Старшыні Белтэлерадыёкампаніі

Давыдзьку Г.Б.

вул. Макаёнка, д. 9,

г. Мінск, 220807

Шаноўны Генадзь Браніслававіч!

Шчыра віншуем Вас з Новым 2014 годам і Калядамі!

Таксама хочам павіншаваць з тым, што заснаваны Вамі 3-ді канал БТ атрымаўся, набыў сваё аблічча, займеў вялікую аўдыторыю гледачоў.

Разам з тым беларускае тэлебачанне мусіць развівацца, бо калі развівацца перастане, то пачне чэзнуць.

Калісьці ў БССР пры апісанні архітэктурных асаблівасцяў будынкаў было забаронена ўжываць слова "готыка". "Якая готыка можа быць у беларусаў?" - на поўным сур'ёзе пыталіся высокія чыноўнікі.

Зараз амаль тое самае адбываецца з беларускай гісторыяй. "Якая можа быць у беларусаў гісторыя?" - пытаюцца свае і замежныя мудрацы. Ім нашая гісторыя невядомая, і яны лічаць, што яе няма. А невядомая нашая гісторыя дома і ў свеце таму, што мы вельмі мала яе папулярызуем і прапагандуем.

Найлепшым папулярызатарам і прапагандыстам на сёння з'яўляецца тэлебачанне.

Таму мы прапануем Вам, шаноўны Генадзь Браніслававіч, паўтарыць досвед 3-га канала і стварыць асобны "Беларускі гістарычны тэлеканал" накшталт "Viasat History" ці расейскага "365 дней".

За 22 гады незалежнасці беларусы стварылі мyогія тысячы друкаваных тэкстаў гістарычнай тэматыкі і тысячы відэаролікаў на тую ж тэму. Такім чынам, база для канала ёсць, а з'явіцца канал - будуць і новыя матэрыялы.

Нам ёсць што сказаць свету пра нашу айчынную гісторыю.

З павагай,

Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" А. Трусаў, кандыдат, гіст. навук.



Старшыні ГА

"ТБМ імя Ф.Скарыны"

Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

Перш за ўсё дазвольце выказаць Вам шчырыя словы падзякі за ўвагу да новага тэлеканала Белтэлерадыёкампаніі "Беларусь - 3" і за станоўчую ацэнку яго работы.

Тэлеканал "Беларусь - 3" ствараўся як сацыякультурны тэлеканал, місіяй якога з'яўляецца пазіцыяніраванне беларускага грамадства ў галіне культуры, як сукупнасці матэрыяльных і інтэлектуальных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь у сучасным медыяасяроддзі.

У эфірнай сетцы тэлеканала "Беларусь - 3" прадугледжана рубрыка "Гісторыя", дзе штотыдзень дэманстуецца больш за дваццаць дакументальных фільмаў і праграм на гістарычную тэматыку. Такім чынам, пытанні гісторыі Беларусі даволі поўна адлюстроўваюцца ў перадачах тэлеканала "Беларусь - 3".

Стварэнне асобнага "Беларускага гістарычнага тэлеканала" не магчыма па эканамічных прычынах.

З павагай,

Галоўны дырэктар тэлеканала "Беларусь - 3" В.У. Маючы.


УПЕРШЫНЮ ПРА ПАХОДЖАННЕ ПРЫКАЗАК

Іван Лепешаў… Імя гэтага мовазнаўца доктара філалагічных навук прафесара Гарадзенскага ўніверсітэта добра вядомае ў нашай краіне. Абсяг яго лінгвістычных даследаванняў даволі шырокі: фразеалогія і парэміялогія, мова мастацкай літаратуры, культура мовы і маўлення... Гэтым і іншым праблемам навуковец прысвяціў шэраг манаграфічных даследаванняў, зборнікаў прац, шматлікія навучальныя дапаможнікі для філалагічных факультэтаў, слоўнікі, больш як 650 навуковых і навукова-папулярных артыкулаў…

Знаёмства з працамі І. Лепешава заўсёды прыносіць асалоду і задавальненне, бо напісаны яны дасведчаным спецыялістам, які не толькі глыбока разбіраецца ў навуковых праблемах, але і тонка адчувае матчынае слова, ашчадна і беражліва карыстаецца ім.

Новая кніга мовазнаўца (усіх у яго ажно 46), якая толькі што выйшла ў выдавецтве "Вышэйшая школа" накладам 1 тыс. асобнікаў, - "Этымалагічны слоўнік прыказак" (141 с.).

Як слушна адзначана ў анатацыі, даведнік такога тыпу выдаецца ўпершыню ў лексікаграфічнай практыцы (дадамо: не толькі беларускай, але і славянскай). Зразумела, тут этымалагізуюцца не ўсе прыказкі, якія функцыянуюць у сучаснай беларускай літаратурнай мове і апісваюцца ў тлумачальных слоўніках, а толькі некаторыя з іх (больш за 400). Матыў жа ўзнікнення пераважнай большасці астатніх прыказак, як пра гэта пераканальна гаворыцца ў вялікай і грунтоўнай прадмове да слоўніка, зразумелы амаль кожнаму моўніку, таму такія прыказкі не патрабуюць этымалагізацыі.

Ужываючы, напрыклад, прыказку Дзіравага мяшка не напоўніш (яе сэнс - 'ніяк не мажліва задаволіць кагосьці чым-небудзь'), мы выразна ўсведамляем той першапачатковы вобраз, які пакладзены ў аснову гэтай прыказкі, і яе метафарычнае, пераасэнсаванае ўзнікненне. Нам невядома толькі, калі яна ўзнікла, у якой маўленчай сітуацыі і хто ўпершыню ўжыў яе не ў прамым, а ў фігуральным значэнні.

Варта паўтарыць у гэтай сувязі цікавыя і арыгінальныя думкі І. Лепешава з ягонай "Прадмовы": "Стваральнікам прыказкі заўсёды з'яўляецца які-небудзь асобны чалавек, і ўзнікае яна адразу, у маўленчым акце, у працэсе маўлення. Спачатку гэта аўтарскі твор, а пасля ён падхопліваецца іншымі людзьмі з бліжэйшага асяроддзя і з цягам часу становіцца агульнаўжывальнай моўнай адзінкай". Я. Карскі пісаў: "Паколькі асоба аўтараў на прыказцы не адбілася, то народ лёгка забыў іх стваральнікаў і захаваў гэтыя творы як свае ўласныя".

Як паказана ў слоўніку, аўтарства 92 праэтымалагізаваных прыказак вядомае. Іх у шмат якіх навуковых і навучальных працах называюць крылатымі выразамі і, паводле І. Лепешава, недакладна, памылкова ставяць у адзін шэраг з прыказкамі і фразеалагізмамі. Аргументавана паказана, што ў такім разе змешваюць уласна генетычны аспект прыказкі з яе класіфікацыяй па сферы першапачатковага ўжывання. Такія былыя крылатыя выразы, як, напрыклад, Забаронены плод салодкі; Не капай другому яму, сам у яе ўвалішся; Пераможцаў не судзяць; Адзін у полі не воін; Адна ластаўка вясны не робіць; Апетыт прыходзіць у часе яды і дзясяткі іншых, даўно сталі самымі звычайнымі прыказкамі, а іх аўтарства больш-менш вядомае толькі спецыялістам-даследчыкам (і толькі ім).

У слоўніку атрымалі гістарычна-этымалагічную даведку ці гістарычна-лінгвістычнае вытлумачэнне свайго ўзнікнення такія найбольш тыповыя групы прыказак: 1) прыказкі, аўтарства якіх вядомае; 2) запазычанні, калькі і паўкалькі з іншых моў; 3) прыказкі з нерэальным вобразам у іх аснове ці з патэнцыйнай сюжэтнасцю або пабудаваныя на абыгрыванні якога-небудзь слова-кампанента; 4) прыказкі, якія змяшчаюць у сабе незразумелае сучаснаму носьбіту мовы слова-кампанент; 5) прыказкі, ужыванне якіх абмежавана строга акрэсленай сітуацыяй або пэўным тыпам кантэксту.

Іншы раз этымалагічная даведка сэнсава празрыстай прыказкі абмяжоўваецца паказчыкам, з якой мовы скалькавана пэўная прыказка (гл., напрыклад, Вуснамі дзіцяці гаворыць ісціна ), або тлумачэннем аднаго ці двух слоў-кампанентаў, не зусім зразумелых для сучаснага моўніка (скажам, "У сваім стане і прыстаў цар").

Слоўнікавы артыкул складаецца з наступных элементаў: а) загаловачнай прыказкі; б) агульнай характарыстыкі прыказкі паводле паходжання; в) тлумачэнне сэнсавага зместу прыказкі; г) ілюстрацыйнага матэрыялу; д) этымалагічнай даведкі. У некаторых выпадках, як аўтар піша ў прадмове, паслядоўнасць частак слоўнікавага артыкула не захоўваецца, што вымагаецца этымалогіяй пэўнай прыказкі, развіццём прыказкавага значэння і г.д.

Пасля "Прадмовы" прыводзіцца "Спіс скарачэнняў выкарыстаных прац". Іх - 9. Аўтар зрэдку дае ў этымалагічнай даведцы спасылкі (з паказам пэўнай старонкі - у дужках) на працы І. Насовіча, М. Федароўскага, М. Міхельсона, А. Бірыха і інш. Ёсць таксама спасылкі на "Любчанскі зборнік прыказак" Саламона Рысінскага - першага збіральніка беларускіх прыказак (зборнік выдадзены на лацінскай мове ў 1618 г.).

Яшчэ раз вяртаючыся да памянёнай "Прадмовы", варта сказаць, што тут аўтар вельмі сцісла паўтарае некаторыя даволі істотныя і прынцыповыя палажэнні, падрабязна і доказна асветленыя ім у манаграфіі "Парэміялогія як асобны раздзел мовазнаўства" (2006). Прыказкі не столькі фальклорны твор, колькі звычайная моўная адзінка, таму яны, як і словы або фразеалагізмы, павінны вывучацца з семантычнага, этымалагічнага, граматычнага і стылістычнага бакоў. Прычым - у асобных раздзелах мовазнаўства: парэміялогіі і парэміяграфіі. Толькі ў такім разе яны перастануць быць беспрытульнымі і зоймуць належнае ім месца ў курсе мовы як у вышэйшай, так і ў сярэдняй школе.

У беларускай парэміяграфіі ўжо ёсць тры тлумачальныя слоўнікі прыказак, перакладны руска-беларускі парэмійны даведнік. Цяпер да іх далучаецца яшчэ адзін даведнік - "Этымалагічны слоўнік прыказак".

Спадзяёмся, што слоўнік з вялікай карысцю для сябе набудуць настаўнікі і студэнты, выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў, пісьменнікі і журналісты, усе, каго цікавіць беларуская мова і яе прыказкі - "ядро і сок мовы" (С. Рысінскі).


Дубровенскі пояс-абярог пісьменніку за гістарычны раман

Горад Дуброўна, як і яго бліжэйшыя падняпроўскія ды пасожскія пабрацімы, Орша з паўночнага боку, а Мсціслаў з Крычавам з паўднёвага, за стагоддзі свайго існавання зведалі багата ліха - такая ўжо доля ўсходняга памежжа Беларусі, бо надта ласы да чужога сусед - замежнік выдаўся, і люду тутэйшаму патрабавалася нямала мужнасці, каб выстаяць супраць нападнікаў пакуль падаспее вайсковая падмога. А затым ацалелыя, пахаваўшы - аплакаўшы забітых суродзічаў і сваякоў, зноў і зноў упарта ўзнімалі з руін і папялішчаў жытло, бязлітасна парабаванае ды знішчанае ворагам. Штораз аднаўлялі гаспадарку, каб доўжыць свой беларускі род. Доўжыць у традыцыях дзядоў-продкаў і свайго старажытнага спагадлівага бога, імя якога замацавалі ў адпаведную прыказку: "Цёмна ў лесе без Бялуна" .

- Вось гэтыя мае землякі, у тым ліку адзін з галоўных герояў юнак - бортнік, а не толькі князі-шляхта, і сталі асновай новага гістарычнага рамана "Перад патопам", - казаў пісьменнік Эрнест Ялугін, выступаючы ў сельскім Доме культуры перад жыхарамі аграгарадка Буда на Дубровеншчыне.

На сустрэчу з пісьменнікам дружна прышлі не толькі будаўлянцы, пажылыя і моладзь, а і нямала хто з суседняй, праз чыгуначную дарогу на Смаленск Асінаўкі, дзе Эрнест Ялугін калісьці нарадзіўся, і дзе цяпер ёсць вуліца, са згоды асінаўцаў названая яго імем.

Пачаў жа пісьменнік выступ напамінам пра Дзень роднай мовы, якая ажно Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый прызнаная велізарнай каштоўнасцю ў справе людскога выжывання. А следам згадаў пра слыннага майстра беларускага паэтычнага слова Рыгора Барадуліна, бо было гэта якраз на наступны дзень пасля жалобнай цырымоніі развітання з адышоўшым у вечнасць народным паэтам.

Эрнест Ялугін па памяці прачытаў і некалькі вершаў Рыгора Барадуліна, звярнуўшы ўвагу слухачоў на віртуознае валоданне выдатным майстрам глыбока народнай беларускай лексікай, што і дазволіла ствараць таленавітаму паэту непаўторныя шэдэўры.

А пасля распачалася зацікаўленая гутарка прысутных з пісьменнікам і пра ягоны новы твор, гістарычны раман "Перад Патопам". Адначасова згадваліся і ранейшыя творы якія асабліва запомніліся, пачынаючы з аповесцяў "Мсціслаўцаў посах" і "Без эпітафіі". Тыя, хто ўжо азнаёміўся з новым раманам, адзначалі цікавасць і значнасць яго зместу. Чуліся і шкадаванні, што кнігу нельга набыць. І не дзіва: выйшла яна, можна сказаць, рарытэтна. Зусім невялікім накладам для твора такога рангу.

Прыхільнікаў літаратурнага таленту Эрнеста Ялугіна аказалася нямала і ў самой Дуброўне. Як і ў Будзе, практычна ўсе месцы былі занятыя ў актавай зале Дубровенскай школы мастацтваў.

Імпрэза зноў распачалася з ушанавання памяці Рыгора Барадуліна і чытання вершаў народнага паэта, і зноў Эрнест Ялугін гаварыў аб важнасці не толькі пасіўнага ведання, а паўсюднага ўжывання беларусамі сваёй мовы і для лепшага духоўнага яднання як адметнага народа, ды і павагі з боку суседзяў. А то і з пункту гледжання зусім "празаічнага" - эканомікі, захавання працоўных кадраў. Каб не разбягаліся хто куды, прывабленыя нейкімі матэрыяльнымі выгадамі.

Зберажэнню народа і павышэнню яго духоўнасці прыкметна спрыяе таксама развіццё, шанаванне сваёй адметнай культуры, працягваў пісьменнік, таму гэтае пытанне таксама не засталася па-за межамі раманнай дзеі. Можна згадаць духоўных асветнікаў Васіля Цяпінскага, кніжнікаў Пятра Мсціслаўца, Сымона Буднага і іншых герояў рамана.

Цікавіліся ў пісьменніка, а як і чаму ён увогуле ўзяўся за стварэнне гістарычных твораў.

- Можа, таму, што яшчэ ў школьныя гады я блізка пазнаёміўся з мясцовымі краязнаўцамі, - адказаў ён. - А, можа, калі працаваў у Мсціславе, у рэдакцыі раённай газеты і зацікавіўся лёсам тамтэйшага выхадца, які ўрэшце стаў адным з першых, следам за Францішкам Скарынам, майстрам кнігадрукавання ва Усходняй Еўропе. А магчыма, пачалося з пошукаў разгадкі, чаму мой дваюрадны дзед Мікалай Бабровіч машыніст міннага крэйсера "Эмір Бухарскі" аказаўся адным з кіраўнікоў паўстання 1906 года ваенных маракоў Балтыйскага флота, куды заганялі на службу нямала беларусаў разам з украінцамі і прыбалтамі, а яны паўсталі супраць Расійскай імперыі, за што каго растралялі адразу, каго, як майго суродзіча, загналі на бестэрміновую катаргу ў Сібір. Увогуле ж творы маёй гістарычнай прозы, як ужо заўважалі некаторыя даследчыкі, звязаныя адной галоўнай тэмай - чаму і як мой народ захацеў і змог стаць нарэшце беларусамі, нацыяй, хоць у гэта ўжо многія не верылі, што атрымаецца. Ды і цяпер яшчэ ў Масковіі нямала скептыкаў. Таямніца!

У ходзе імпрэзы адзначалася не толькі мастацкая, а разам і духоўная значнасць для беларусаў гістарычных твораў Эрнеста Ялугіна.

- Яны ўяўляюць сабой неаспрэчную каштоўны культурны здабытак сучаснай беларускай мастацкай літаратуры, - адзначыла і гісторык, дырэктар рабочай групы па стварэнні краязнаўчага музея Вераніка Пятрова, якая вяла абедзве імпрэзы.

А ў завяршэнне прэзентацыі галоўны спецыяліст аддзела культуры Дубровенскага райвыканкама Людміла Аляксееўна Дударава пад дружныя ўхвальныя апладысменты аперазала пісьменніка тканым поясам з квяцістым беларускім арнаментам.

- Гэта пояс-абярог са старажытным дубровенскім узорам - сціплая, але шчырая ўзнагарода ад нас, землякоў аўтару за выдатны раман пра Беларусь - сказала яна.

Наш кар.

На здымках:

1. Аматары кнігі аграгарадка Буда і суседняй Асінаўкі дружна прышлі ў сельскі Дом культуры на сустрэчу з пісьменнікам Эрнестам Ялугіным.

2. У актавай зале Дубровенскай школы мастацтваў. Прыемны занятак для аўтара: Эрнест Ялугін падпісвае кнігі дубровенскім чытачам. Побач - вядоўца імпрэзы дырэктар рабочай групы па стварэнні раённага краязнаўчага музея Вераніка Пятрова.

3. Асінаўка. На вуліцы імя Э. Ялугіна. Калісьці тут знаходзіўся дома, у якім будучы пісьменнік нарадзіўся. Дом згарэў у часе Вялікай Айчыннай вайны.

Васіль Рагаўцоў. Фота Н. Фарэйтаравай.


Да 200-годдзя Тараса Шаўчэнкі

. .. І мяне ў сям'і вялікай,

Ў сям'і вольнай, новай,

Не забудзьце памянуці

Добрым ціхім словам.

З верша Тараса Шаўчэнкі

"Запавет"(1845).

Пераклад Янкі Купалы.

Тарас Рыгоравіч Шаўчэнка (1814-1861) - вядомы ўкраінскі пісьменнік, мастак, грамадскі дзеяч. У гэтым годзе адзначаецца 200-гадовы юбілей вялікага Кабзара Украіны. Даследчыкі творчасці пісьменніка звязваюць яго імя з заснаваннем новай украінскай літаратуры, адзначаюць вялікі ўклад у нацыянальную мову. Творчая спадчына Т. Шаўчэнкі прасякнута любоўю да роднага краю, да культуры і традыцый свайго народа. Яго творы добра ведаюць у многіх краінах свету. На беларускую мову перакладалі паэзію ўкраінскага Кабзара Янка Купала, Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Аркадзь Куляшоў і іншыя пісьменнікі.

Да юбілею Тараса Шаўчэнкі ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава "Вялікі Кабзар Украіны". На экспазіцыі размешчаны матэрыялы ХІХ - ХХ стагоддзяў, сярод якіх прадстаўлены выданні твораў пісьменніка, пераклады яго паэзіі на іншыя мовы, а таксама працы даследчыкаў, якія прысвечаны жыццю і літаратурнай спадчыне выдатнага дзеяча.

Святлана Паўлавіцкая , галоўны бібліятэкар аддзела старадрукаваных і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.


Дыктоўка крочыць па краіне

Сёмая агульнанацыянальная дыктоўка, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння слыннага сына зямлі беларускай Васіля Быкава, крочыць па краіне і ахоплівае ўсё новыя і новыя рэгіёны. У гэтую грамадска-культурную кампанію ўключаюцца людзі розных прафесій і нацыянальнасцей, якія паважаюць беларускую мову і жадаюць выразіць сваю павагу да памяці сусветна вядомага пісьменніка, непасрэднага ўдзельніка Другой сусветнай вайны, які ў сваіх творах уславіў гераізм і ахвярнасць беларускага народа, вычын простага чалавека. Асабліва важна пра гэта ўспомніць яшчэ раз сёлета, у год 70-ых угодкаў з дня вызвалення Беларусі ад захопнікаў.

Да напісання дыктоўкі далучыліся і навучэнцы Гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа. Быў абраны ўрывак з кнігі пісьменніка "Доўгая дарога дадому", якая з'яўляецца аўтабіяграфіяй і ў найбольшай ступені звязана з асабістым лёсам Васіля Быкава.

Сярод ліцэістаў выпускнога курса бездакорна напісалі дыктоўку Ксенія Аліферка і Юлія Курловіч, з чым я іх шчыра віншую і жадаю далейшых поспехаў у здачы выпускных іспытаў і ў цэнтралізаваным тэставанні.

Уладзімір Дзіско.


Выстава ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь

"Эмануілу Рыгоравічу Іофе - 75"

У Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь экспануецца выстава, прысвечаная 75-гадоваму юбілею гісторыка, палітолага, сацыёлага, культуролага і педагога, доктара гістарычных навук, прафесара Э.Г. Іофе.

Імя беларускага навукоўца добра вядома не толькі на Беларусі, але і за яе межамі.

Эмануіл Рыгоравіч Іофе нарадзіўся 20 сакавіка 1939 года ў г. Беразіно Менскай вобласці (у тыя гады - гарадскі пасёлак Магілёўскай вобласці).

Э.Г. Іофе ўнёс значны ўнёсак у развіццё грамадскіх навук і адукацыйнай сістэмы ў краіне. Кола навуковых зацікаўленняў Э. Іофе вельмі шырокае. Ён даследуе гісторыю Беларусі, перыяд грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войн, гісторыю беларускай навукі і культуры, беларускую гістарыяграфію і гісторыю габрэяў на Беларусі.

Ключавыя навуковыя даследаванні Іофе зроблены ў вобласці маладаследаваных і недаследаваных старонак Другой сусветнай вайны і жыцці ды дзейнасці шэрагу кіраўнікоў БССР. Ён лічыцца адным з асноўных у Беларусі адмыслоўцаў па гісторыі Халакосту.

Ён аўтар больш за 1550 публікацый, большасць з якіх выйшлі на беларускай і рускай мовах; некаторыя - на ангельскай, нямецкай, польскай, украінскай і іншых мовах. Шматгадовая плённая праца навукоўца адзначана дзяржаўнымі ўзнагародамі.

У рамках працы прафесарам кафедры паліталогіі і правы Беларускага Дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Іофе вядзе маштабную выкладчыцкую працу. Ён быў адным з першых лектараў, якія перайшлі на беларускую мову ў выкладанні паліталогіі, распрацаваў цэлы шэраг новых лекцый і спецкурсаў. Студэнты завуць яго "майстрам дыскусіі" за творчы і крэатыўны падыход у правядзенні семінараў.

Выстава ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь знаёміць толькі з некаторымі са шматлікіх кніг навукоўца. Сярод іх адмысловае месца займаюць працы, якія з'явіліся ў апошняе дзесяцігоддзе.

Так, на выставе прадстаўлены выданні "Беларускі штаб партызанскага руху" , "Вышэйшае партызанскае камандаванне Беларусі. 1941 - 1944" , у якіх Э.Г. Іофе выкладае гісторыю партызанскіх злучэнняў, прыводзіць біяграфічныя звесткі пра 120 прадстаўнікоў ваеннага камандавання, кіраўнікоў і адказных працаўнікоў Паўночна-заходняй аператыўнай групы ЦК КП(б)Б і СНК БССР, Цэнтральнага штаба партызанскага руху, Беларускага штаба партызанскага руху, камандзіраў, камісараў і начальнікаў штабоў пастаянных і часовых злучэнняў.

Зацікавіць чытача так-сама кніга Э. Іофе "Ад Мяснікова да Малафеева. Хто кіраваў БССР" . У выданні распавядаецца пра першых сакратароў ЦК Кампартыі Беларусі, старшыняў Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта (ЦВК) і Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, кіраўнікоў ураду рэспублікі ў перыяд з 1919 па 1991 год. Аўтар шырока выкарыстоўвае архіўныя матэрыялы, прыводзіць невядомыя ці малавядомыя факты з жыцця гэтых партыйных і дзяржаўных дзеячаў.

У гісторыі дагэтуль нямала "белых плям". Адна з іх - дзейнасць нямецкіх спецслужбаў на заходніх межах СССР падчас Другой сусветнай вайны. У кнізе "Абвер, паліцыя бяспекі і СД, таемная палявая паліцыя, аддзел "Замежныя войскі - Усход" у заходніх абласцях СССР. Стратэгія і тактыка: 1939-1945" Э.Г. Іофе раскрывае падрыўную дзейнасць абвера, паліцыі бяспекі і СД, таемнай палявой паліцыі, аддзела "Замежныя войскі - Усход" Генштаба сухапутных войскаў Нямеччыны, а таксама ахоўных дывізій, палявой жандармерыі, ваенных камендатур і знішчальных каманд супраць Чырвонага Арміі, партызанскага руху і антыфашысцкага падполля ў 1939-1945 гг. Падрабязна апісаны формы і метады барацьбы выведвальна-дыверсійных школ супраць войскаў Заходняга, Цэнтральнага, Беларускага і Прыбалтыйскага франтоў.

Пры напісанні кнігі аўтар выкарыстоўваў архіўныя і музейныя матэрыялы Расіі і Беларусі, мемуары вядомых кіраўнікоў нямецкіх і савецкіх спецслужбаў, выведнікаў, а так-сама матэрыялы перыядычнага друку.

Эмануіл Рыгоравіч Іофе вядомы таксама як актыўны папулярызатар гістарычных ведаў, педагог і грамадскі дзеяч.

Шырокаму колу чытачоў будзе цікава такое выданне як "Нобелеўскія лаўрэаты з беларускімі каранямі" (у суаўтарстве з Ж. Мазец).

Кніга знаёміць чытача з жыццём і дзейнасцю выхадцаў Беларусі - лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі ў вобласці эканомікі, хіміі і фізікі Саймана Каваля, Аарона Клуга, Жарэса Алфёрава, лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру Менахема Бегіна і Шымона Пераса. У гэтым выданні апублікаваны цікавыя звесткі пра дзевяць нобелеўскіх лаўрэатаў з беларускімі каранямі: фізікаў Рычарда Фейнмана, Шэлдана Лі Глэшоў, Джэрома Фрыдмана, Марціна Пэрле, Фрыдэрыка Райнеса; мікрабіёлага Зельмана Ваксмана; хімікаў Іллі Прыгожына, Алана Хігера і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Іцхака Рабіна.

Азнаёміцца з выданнямі можна ў чытальнай зале Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.

Карыстанне Прэзідэнцкай бібліятэкай Рэспублікі Беларусь бясплатнае. Для запісу ў бібліятэку неабходны пашпарт, каляровая фатаграфія 3х4.

Бібліятэка таксама аказвае дадатковыя паслугі па капіяванні і сканаванні фрагментаў дакументаў, запісы на дыскету, CD-ROM, флэш-карту і інш.

Адрас: 220010, г. Менск, вул. Савецкая, 11 (правае крыло Хаты ўрады), тэл. 222-42-90. Вэб-сайт: preslib.org.by

Лычагіна Т.А., загадчык аддзелам бібліятэчнага маркетынгу Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь


Пра вяртанне мястэчак у Беларусь

Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта

Рэспублікі Беларусь

Кабякову А.У.

Аб вяртанні да жыцця адвечнай назвы беларускіх населеных пунктаў "мястэчка"

Шаноўны Андрэй Уладзіміравіч!

У апошняе дзесяцігоддзе ў выніку дзейнасці дзяржавы па развіцці сельскай гаспадаркі і падтрымцы вёскі ў Беларусі ўзнік па вызначэнні новы тып населеных пунктаў, які прынята называць "аграгарадок".

Разам з тым насельніцтва не ўспрымае гэтае доўгае словазлучэнне і не ўжывае яго. Гавораць і пішуць па-старому: "Вёска", хаця па задумцы ўсіх гэтых рэформаў дадзены тып населеных пунктаў павінен быў перарасці звычайную вёску і стаць высокацывілізаваным і добраўпа-радкаваным населеным пунктам. У многіх выпадках так і адбылося.

Прапануем для назвы тыпу такіх населеных пунктаў вярнуць да ўжытку спрадвечнае беларускае слова "мястэчка", як назву населенага пункта прамежкавага тыпу паміж вёскай і горадам (местам). Статус "мястэчка" можа быць нададзены ўсім аграгарадкам і гарадскім пасёлкам. Статус "мястэчка" павінен быць вернуты ўсім населеным пунктам, якія гістарычна такі статус мелі, за выключэннем, канешне, тых, якія ўжо сталі гарадамі.

Такое рашэнне ўпарадкуе ўсю сістэму населеных пунктаў і, мы ўпэўнены, будзе станоўча ўспрынята грамадствам, якое дагэтуль многія адвечныя мястэчкі "мястэчкамі" і называе.

Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" А. Трусаў.



Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны" Трусаву А.А.

Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Пра катэгорыю сельскіх населеных пунктаў

Паважаны Алег Анатольевіч!

Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь па кампетэнцыі разгледзеў Ваш зварот ад 5 лютага 2014 г. № 10, які быў накіраваны на адрас Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і паведамляе паступнае.

Прапанаванае Вамі змяненне назвы катэгорыі добраўпарадкаваных сельскіх населеных пунктаў рэспублікі - аграгарадкоў, уведзенай Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 сакавіка 2005 г. № 150 "Пра Дзяржаўную праграму адраджэння і развіцця сяла на 2005-2010 гады", на гістарычную - мястэчкі - будзе вынесена на абмеркаванне Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (далей - Тапанімічная камісія).

На падставе п. 6 Палажэння аб Тапанімічнай камісіі, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 сакавіка 2011 г. № 262, пасяджэнні Тапанімічнай камісіі адбываюцца не радзей аднаго разу ў месяц.

Зварот старшыні Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Фрацішка Скарыны" будзе абмеркаваны з іншымі пытаннямі на бліжэйшым пасяджэнні Тапанімічнай камісіі, запланаваным на пачатак сакавіка 2014 г.

Заяўніку і Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь будзе своечасова паведамлена пра рашэнне Тапанімічнай камісіі.

Старшыня Г.І. Кузняцоў.


Святочны букет ад "Будзьма!", каб не маўчалі па-беларуску!


Кампанія "Будзьма беларусамі!" віншуе ўсіх са святам вясны і дорыць букет! А каб вы дакладна ведалі, што менавіта дорыць кампанія, мы падпісалі кожную кветачку. Шукайце новую паштоўку з серыі "Не маўчы па-беларуску!" на стэндах FlyCards. Не страчвайце веснавога аптымізму! Дарыце блізкім кветкі - і жывыя, і нашыя, паштовачныя! Не маўчыце па-беларуску!

"Не маўчы па-беларуску!" - серыя паштовак ад кампаніі "Будзьма!" і маладых таленавітых мастачак Дар'і Мандзік і Яны Войцік - бясспрэчна дапаможа ў штодзённай камунікацыі ўсім, хто толькі пачынае размаўляць па-беларуску ці толькі на ёй і гаворыць, хто пачынае цікавіцца роднай мовай ці ўсё пра яе ведае і выкарыстоўвае штодня.

Не маўчым па-беларуску разам!

Кампанія "Будзьма беларусамі".


Невялікі Скідзель з вялікай гісторыяй

5 сакавіка 2014 года беларускія гісторыкі сабраліся ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАН Беларусі, дзе адбылася прэзентацыя выдання "Скідзель і яго ваколіцы: жывая гісторыя" .

Аўтары кнігі - гісторык Сяргей Токць і краязнавец Мікалай Дзелянкоўскі. Кніга пабачыла свет у выдавецтве "Тэхналогія", яе наклад 1000 асобнікаў.

Гэтая навукова-папулярная кніга, напісаная на аснове вывучэння шырокага кола архіўных крыніц, вусных успамінаў і краязнаўчых матэрыялаў. Разглядаецца гісторыя Скідзеля і яго наваколля ад першых згадак у старажытных дакументах ХV ст. да сярэдзіны ХХ стагоддзя. Аўтары імкнуліся максімальна наблізіць чытачоў, найперш скідзельцаў, да падзеяў мінуўшчыны гэтага краю... Таму кніга насычаная імёнамі звычайных людзей, пра якіх ніколі не пісалі ў падручніках і навуковых манаграфіях.

Першыя тры раздзелы - "Эпоха Вялікага Княства і Рэчы Паспалітай", "У Расійскай імперыі", "У міжваеннай польскай дзяржаве" - напісаныя гісторыкам Сяргеем Токцем, а раздзел "Край змагароў, край паэтаў" і падраздел "Лёс прадпрымальнікаў скідзельскіх" - краязнаўцам Мікалаем Дзелянкоўскім. Абодва аўтары нарадзіліся ў Скідзелі, і гэтая праца ў значнай ступені стала выкананнем маральнага абавязку пред продкамі і землякамі.

Да гэтай імпрэзы супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў пад кіраўніцтвам Аляксандра Стэфановіча падрыхтавалі выставу "Скідзель: ад мінулага да сучаснасці". На ёй - дакументы сярэдзіны ХІХ-ХХІ стст., прысвечаныя гэтай тэматыцы. Гэта манаграфіі, перыядычныя выданні, лістоўкі, мемуарная літаратура. Кнігі серыі гістарычна-дакументальных хронік "Памяць", матэрыялы з фондаў беларускіх архіваў і інш.

У раздзеле "Перыёдыка" - сабраны газеты, якія выходзілі ў 20-х гадах ХХ ст. і ў часы Вялікай Айчыннай вайны: "Беларуская думка", "Беларускі звон", "Сялянская праўда", "Беларуская Ніва", "Беларуская справа", "Народная справа", "Красное знамя". У іх змешчана багатая інфармацыя, якая адлюстроўвае эканамічнае, палітычнае і культурнае жыццё Скідзеля і яго ваколіц. На некаторых асобніках можна ўбачыць пячаткі і рукапісныя запісы, аўтографы вядомых дзеячаў гісторыі і культуры: беларускіх гісторыкаў І. Краўчанкі, М. Спірыдонава, паэта М. Васілька, пісьменніка Янкі Брыля і іншых. Перад прысутнымі выступілі Зміцер Санько, галоўны рэдактар НВК "Тэхналогія", гісторык Андрэй Кіштымаў і іншыя асобы.

Аляксей Шалахоўскі, старшыня суполкі "Гісторыя" ТБМ.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Прыгожына Вольга і Аркадзь - 5000 руб., Масква

2. Каспяровіч Зміцер - 100000 р., г. Чэрвень

3. Панамароў Сяргей - 70000 р., г. Менск

4. Усціновіч Васіль - 100000 р., п. Лясны, Менскі р-н

5. Давідоўскі Ігар - 100000 р., г. Менск

6. Лагуціна Марына - 50000 р., г. Менск

7. Ляскоўская Алена - 50000 р., г. Менск

8. Ахрамчук В.Г. - 30000 р., г. Светлагорск

9. Суша Тамара - 100000 р., г. Менск

10. Падгайская Галіна - 200000 р., в. Трасцянец, Менскі р-н

11. Гухоўская Ю.А. - 50000 р., г. Менск

12. Данілюк В.У. - 50000 р., г. Менск

13. Зылькоў С.Б. - 200000 р., г. Гародня

14. Чыгір Я. - 50000 р., г. Гародня

15. Вештарт Г.Ф. - 50000 р., г. Менск

16. Паўловіч А.А. - 160000 р., г. Менск

17. Мануленка У.В. - 50000 р., г. Берасце

18. Крывальцэвіч Н.Н. - 30000 р., г. Менск

19. Кулецкі І.І. - 50000 р., г. Менск

20. Хіла З.М. - 50000 р., г. Менск

21. Піскуновіч М.А. - 20000 р., Глыбоцкі р-н

22. Давыдовіч П.У. - 100000 р., г. Берасце

23. Кукавенка І.У. - 100000 р., г. Менск

24. Валахановіч І.Г. - 50000 р., г. Менск

25. Базансон Л.Г. - 100000 р., г. Менск

26. Брылеўская Н.А. - 200000 р., г. Менск

27. Осіпава А.Я. - 50000 р., г. Гомель

28. Канановіч В.Г. - 20000 р., г. Віцебск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Генерал Кандратовіч: два імгненні вечнасці

Да 96-х угодкаў БНР

Напісаць гэты артыкул я вырашыў пасля роздумаў над двума фотаздымкамі з генералам ад інфантэрыі, міністрам вайсковых спраў ва ўрадзе БНР Кіпрыянам Кандратовічам (1859-1932).

1904

Першы здымак з 1904 г. надрукаваны ў часопісе "Летапіс вайны з Японіяй" , на ім побач сядзяць генерал К. Кандратовіч , падпалкоўнік Ю. Доўбар-Мусніцкі (на фотаздымку бачны ягоныя пагоны падпалкоўніка), шталмайстар двара Радзянка , карэспандэнт "Новага часу" Растоўцаў і іншыя афіцэры.

Кандратовіч на 8 гадоў старэйшы за Юзафа Рамуальдавіча Доўбар-Мусніцкага (1867-1937), але абодва афіцэры скончылі адну з лепшых у Расіі 2-ю вайсковую Канстанцiнаўскую вучэльню ў Пецярбургу, абодва служылі ў элітным грэнадзёрскім корпусе, а потым скончылі Мiкалаеўскую акадэмiю Генеральнага Штаба. Аднакашнік па акадэміі Доўбар-Мусніцкага Ігнацьеў А.А. пісаў: "Пасля заканчэння акадэміі я быў, як і многія, здзіўлены, прачытаўшы ў загадзе, што, згодна з прадстаўленымі капітанам Доўбарам дакументамі, прозвішча яго варта дапоўніць і называць надалей - Доўбар-Мусніцкі. Тлумачылася гэта проста. Акадэмія была закрыта для афіцэраў польскага паходжання. Выбраўшы сабе мэту яе скончыць, ён насіў на працягу ўсіх першых гадоў службы скарочанае прозвішча і выдаваў сябе за лютараніна (Доўбар-Мусніцкі і насамрэч быў евангеліцка-рэфармацкага веравызнання - Л.Л. ). Я сустрэў яго на маньчжурскай вайне, дзе ён выявіў сябе ... адважным афіцэрам штаба геройскага 1-га Сібірскага корпуса. І, нарэшце, значна пазней, у Парыжы, я атрымаў ад яго ліст, у якім генерал Доўбар-Мусніцкі, былы камандзір рускага армейскага корпуса, тлумачыў мне прычыны свайго пераходу ў польскую армію" . Кандратовіч так сама на пачатку Першай Сусветнай вайны камандаваў армейскім корпусам. А пасля 1917 г., генерал Кандратовіч, які нарадзіўся пад Лідай і генерал Доўбар-Мусніцкі, народжаны ў Гарбаве каля Сандаміра, абодва фармавалі нацыянальныя войскі. Доўбар-Мусніцкі ў 1917 г. са згоды Вярхоўнага галоўнакамандуючага Карнілава арганізаваў на Заходнім фронце 1-шы польскі корпус і 25.01.1918 аб'явіў вайну бальшавікам (так званы "Мяцеж Доўбар-Мусніцкага"). Потым служыў у польскім войску і ў 1919 г. камандаваў польскімі войскамі ў час так званага Вялікапольскага паўстання ў былой прускай Польшчы. Быў вельмі ўплывовым палітычным праціўнікаў Пілсудскага і так сама, як і "маршалак" прэтэндаваў на вядучае становішча ў пасляваеннай Польшчы. Аднак перамог Пілсудскі, і Доўбар-Мусніцкі ў чыне генерала броні быў вымушаны выйсці ў адстаўку. Ён на 5 гадоў перажыў генерала Кандратовіча.

І дзесьці тут, на той самай Руска-Японскай вайне, ваявалі яшчэ два афіцэры, якія самым непасрэдным чынам прычыніліся да стварэння сваіх нацыянальных дзяржаваў: украінец, прапраўнук брата гетмана Івана Скарападскага (гетман у 1708-1722), будучы "Яго Светласць Яснавяльможны Пан Гетман ўсяе Украіны" ў 1918 г. Павел Пятровіч Скарападскі (1873-1945), які, як заўважаў той самы Ігнацьеў, заўжды ганарыўся сваім украінствам і швед па паходжанні, легендарны стваральнік незалежнай Фінляндыі Карл Густаў Эміль Манэргейм (1867-1951).

Чаму польскі і фінскі генералы другую палову жыцця пражылі ў пашане ў сваіх незалежных дзяржавах і пры канцы жыцця пісалі мемуары, а беларускі і ўкраінскі не? Пытанне, я думаю рытарычнае...

1916

Другі здымак знойдзены ў сусветным сеціве. На ім генерал Кандратовіч з біноклем у руках стаіць на лесвіцы ў траншэі каля каманднага пункта на якім вісіць шыльда з надпісам "Наблюдат. пункт командира корпуса (Куропаткинский)" , а на адвароце фотаздымка "Генерал Кондратович на наблюд. пункте у дер. Горны Скробов. 19-20/VI - 16 г." . Аматары вайсковай гісторыі добра ведаюць такі населены пункт у Беларусі, Горны Скробаў быў у самым віры так званай Баранавіцкай аперацыі 1916 г.

Але, пра ўсё па-чарзе.


Вядома, што былы вайсковы міністр Расіі Курапаткін А.Н. , пасля Руска-японскай вайны, дзе ён камандаваў Маньчжурскай арміяй, быў адлучаны ад службы за ганебныя паразы і толькі 12 верасня 1915 г. яго прызначылі камандаваць грэнадзёрскім корпусам, які нанава фармаваўся восенню 1915 г. у Яраслаўскай губерні. Сваю справу выкліканы з адстаўкі генерал ведаў і праз пяць месяцаў ён далажыў ў стаўку пра гатоўнасць грэнадзёраў да адпраўкі на фронт. Але ў канцы студзеня 1916 г. Курапаткін атрымаў прызначэнне на пасаду камандуючага 5-й арміяй Паўночнага фронту. Камандаваць корпусам быў прызначаны генерал-лейтэнант Парскі Д.П. (1866-1921), які, дарэчы, як і генералы Кандратовіч і Доўбар-Мусніцкі, так сама скончыў 2-ю вайсковую Канстанцiнаўскую вучэльню а потым Мiкалаеўскую акадэмiю Генеральнага Штаба.

На пачатку 1916 г. грэнадзёрскі корпус перакідваецца на Заходні фронт у 4-ю армію. Тут, каля беларускага горада Баранавічы, чакаюцца галоўныя падзеі кампаніі 1916 г.

Раён Баранавіч быў заняты германскімі войскамі яшчэ ў сярэдзіне верасня 1915 г. і лічыўся адным з найважнейшых участкаў германскага Усходняга фронту на кірунку Варшава-Масква. Па плану летняй кампаніі, адначасова з наступам Паўднёва-Заходняга фронту (19 карпусоў), Заходні фронт (23 карпусы) павінен быў наносіць галоўны ўдар 4-й арміяй на участку Наваградак-Баранавічы. На пачатку чэрвеня 1916 г. войскі Паўднёва-Заходняга фронту пачалі наступ, прарвалі пазіцыі аўстра-венгерскай арміі і пачалі прасоўванне ўглыб Галіцыі. Аднак камандуючы Заходнім фронтам генерал ад інфантэрыі А. Я. Эверт двойчы адкладваў намечанае наступленне Заходняга фронту, спачатку на 31 траўня (13 чэрвеня па новым стылі, далей усе даты - па старым стылі - Л.Л.), потым на 4 чэрвеня а далей ён зрабіў спробу наогул адмяніць аперацыю. Па катэгарычным патрабаванні Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання, Заходні фронт абавязваўся "атакаваць праціўніка на фронце Наваградак-Баранавічы". На падрыхтоўку наступлення адводзілася 22 дні. Вось як раз пад час падрыхтоўкі прарыву генерал ад інфантэрыі Кандратовіч у ноч з 19 на 20 чэрвеня і апынуўся на камандным пункце грэнадзёрскага корпуса ў беларускай вёсцы Горны Скробаў.

15 ліпеня грэнадзёры пайшлі ў прарыў - восем кіламетраў фронту на корпус! Але прасунуцца далей першай лініі германскіх пазіцый не ўдалося, да вечара грэнадзёрскія атакі канчаткова захлынуліся ва ўласнай крыві, і салдаты вярнуліся ў свае акопы. У ноч з 17 на 18 ліпеня, выбітыя грэнадзёрскія дывізіі на пазіцыях каля Горнага Скробава былі заменены звычайнай пяхотай. 17 ліпеня рускае камандаванне пачало дадатковую артпадрыхтоўку і ў 19 гадзін вечара 5 дывізій пайшлі ў паўторную атаку. Страты за першыя тры дні аперацыі даходзілі да 50% асабовага складу, войскі былі вельмі стомленыя. Эверт вырашыў адкласці новыя атакі да 21 ліпеня і зрабіў перагрупоўку войскаў. Павольныя дзеянні рускага камандавання былі выкарыстаны немцамі, якія умацавалі атакаваныя ўчасткі і ўзмацнілі іх артылерыяй. 21 ліпеня на досвітку пачалася новая артпадрыхтоўка, а ў 2 гадзіны ночы 6 дывізій пайшлі ў атаку. На працягу дня войскі чатыры разы хадзілі ў атаку, але поспеху не мелі, прасунуўшыся ў цэнтры ўсяго толькі на 2 км. У выніку доўга рыхтаваўшаяся аперацыя звялася да авалодання толькі першай умацаванай лініяй і захопу некалькіх гармат. А 27 ліпеня 1916 г. ужо германскія войскі распачалі контрнаступленне. Страты рускай арміі ў гэтай бітве склалі 80000 чалавек супраць 13000 чалавек забітых немцаў.


Генерал Кандратовіч у 1914 г., пасля паразы расейскіх войскаў ва Ўсходне-Прускай кампаніі быў адхілены ад займанай пасады і, відавочна, звольнены ў адстаўку, але ўжо з 25 лістапада 1915 г. ён знаходзiўся ў рэзерве чыноў пры штабе Менскай вайсковай акругі і таму ў спісе генералаў Генеральнага штаба за 1916 г. значыцца сярод прызначаных на службу з запасу і адстаўкі. Цікава было б даведацца, што канкрэтна рабіў генерал у штабе грэнадзёрскага корпуса, але ў прынцыпе, магчымы толькі тры варыянты:

- Генерал выконваў нейкае даручэнне вышэйшага камандавання;

- Ён атрымаў прапанову прыняць камандаванне над нейкай вайсковай часткай і на месцы вывучаў мэтазгоднасць гэтага;

- Проста прыехаў з Менска ў госці да баявых сяброў.

Покуль дакладнай інфармацыі няма.


Аднак, амаль праз год, 8 траўня 1917 г., Кандратовiч прыняў на сябе камандаванне 75-й пяхотнай дывiзiяй з мэтай беларусiзацыi яе войскаў.

Леанід Лаўрэш


Уладзімір Пігулеўскі: знакаміты беларус, які пераклаў для латышоў "Паўлінку"

10 сакавіка (па іншых звестках 9 сакавіка, па старым стылі 26 лютага) споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння беларускага грамадска-палітычныга і культурнага дзеяча, педагога, пісьменніка, драматурга, перакладчыка Уладзіміра Пігулеўскага.

Уладзімір нарадзіўся ў Гародні ў сям'і калежскага сакратара гарадской управы. У хуткім часе бацькі пераехалі ў Менск. Там жа ў 1907 годзе ён скончыў Менскую мужчынскую класічную гімназію. Падчас вучобы далучыўся да рэвалюцыйнага гуртка, браў удзел у вулічных дэманстрацыях.

Агульнае жаданне бацькоў і юнака надалей паглыбляць набытыя веды скіравала Уладзіміра ў Пецярбург, дзе ў 1908 годзе ён паступае ва ўніверсітэт на гістарычна-філалагічны факультэт. Вучобу ва ўніверсітэце студэнт Пігулеўскі спалучаў з працай у "Прадамеце" - вялізным сіндыкаце, што аб'ядноўваў да 90% металургічных заводаў Расіі.

У 1912 годзе яго прызываюць на вайсковую службу ў Гародню, а на пачатку Першай сусветнай вайны і ў дзейную армію. Яго ваенная кар'ера расцягнулася да 1917 года. У паслужным спісе, сведчанні пра што ёсць у асабістым архіве Уладзіміра Пігулеўскага ў ЦНБ НАН Беларусі, адлюстраваны ўсе этапы гэтай службы: ад кананіра да штабс-капітана.

За мужнасць і гераізм у баях з Германіяй Пігулеўскага ўзнагародзілі ордэнамі Святой Ганны 3-й і 4-й сту-пеняў і Святога Станіслава 2-й і 3-й ступеняў.

Таленавіты, смелы, неардынарны чалавек Уладзімір Пігулеўскі, магчыма, мог бы стаць прафесійным вайскоўцам, прынамсі лётчыкам. У хадайніцтве камандзіра карпуснога авіяцыйнага атрада аб залічэнні Пігулеўскага ў авіяцыйную школу дадзена высокая адзнака яго чалавечым і прафесійным якасцям: "Паручнік Пігулеўскі… праявіў сябе як у баявых адносінах, так і ў паўсядзённым жыцці з самага найлепшага боку. Бязмежная адвага, знаходлівасць, уменне прыстасоўвацца да ўсялякіх умоў палёту з'яўляюцца характэрнымі рысамі яго характару як афіцэра-назіральніка. Дэталёвае знаёмства з усімі галінамі авіяцыйнай справы, у прыватнасці, найгрунтоўнейшыя веды ў маторах і радыётэлеграфе даюць падставу лічыць, што ў якасці лётчыка ён будзе ўяўляць яшчэ больш значную каштоўнасць для справы авіяцыі…".

Але лёс вырашыў інакш. Па заканчэнні вайны Пігулеўскі на некаторы час апынуўся ў польскай турме, потым цяжка хварэў, нават знаходзіўся ў прадсмяротным стане, перабіваўся выпадковымі заробкамі. Вядома, што ён у гэты час далучыўся да беларускага нацыянальна-адраджэнцкага руху, займаў адказныя пасады пры кіраўніцтве БНР, быў службоўцам для спецыяльных даручэнняў пры Міністэрстве замежных спраў, удзельнічаў у рабоце Беларускай нацыянальна-палітычнай канферэнцыі ў Рызе. Жыў у Менску, Вільні, Коўне.

У 1922 годзе па запрашэнні тагачаснага дырэктара Дзяржаўнай беларускай гімназіі ў Дзвінску (Даўгаўпілсе), грамадска-палітычнага і культурнага дзеяча, гісторыка, эканаміста Івана Ігнатавіча Краскоўскага Пігулеўскі прыехаў у Латвію, працаваў у Дзвінскай беларускай гімназіі.

З вясны 1924 года займаў пасаду дырэктара Люцынскай (Лудзенскай) гімназіі. У гэты ж час пераклаў на беларускую мову п'есу латышскага драматурга Рудольфа Блаўманіса "Блудны сын" і сіламі вучняў ажыццявіў яе пастаноўку. Паралельна ўдзельнічаў у складанні падручнікаў для беларускіх дзяцей у Латвіі.

Інтэнсіўная асветніцкая праца сярод беларускага насельніцтва Латвіі, што праводзілася дзеячамі беларускага адраджэння, выклікала абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці, але гэта не падабалася рэакцыйным колам латвійскага ўрада, якія не жадалі бачыць беларусаў самастойнай нацыяй. У гэтых умовах узнікла і так званая Беларуская справа, што скончылася ў 1925 годзе судовым працэсам над беларускімі настаўнікамі, якіх абвінавачвалі ў зносінах з Савецкай Беларуссю і ў намеры далучыць да яе частку Латвіі (Латгалію). Працэсу папярэднічалі шматлікія незаконныя ператрусы, арышты вядомых дзеячаў-адраджэнцаў, допыты сведкаў. Быў арыштаваны і Пігулеўскі.

Віна падсудных не была даказана. Нягледзячы на гэта, некаторых беларускіх дзеячаў выслалі за межы Латвіі, а частку беларускіх школ, у тым ліку Люцынскую беларускую гімназію, улады зачынілі.

Уладзіміра Пігулеўскага апраўдалі, але пазбавілі права займацца педагагічнай дзейнасцю. Ён быў вымушаны пераехаць у Рыгу, дзе уладкаваўся ў Транзітны кааператыўны банк, але не адышоў ад культурна-асветніцкай працы. На з'ездзе прадстаўнікоў беларускіх арганізацый у Латвіі, што адбыўся ў чэрвені 1926 года, кандыдатуру Пігулеўскага вылучылі на пасаду кіраўніка Беларускага аддзела пры Міністэрстве асветы Латвіі і ў хуткім часе зацвердзілі ўрадам. У якасці кіраўніка гэтага аддзела ён шчыра адпрацаваў сем гадоў (1927-1934 гады), зрабіўшы нямала каштоўнага ў справе беларускага культурнага адраджэння.

У тым жа 1926 годзе Пігулеўскі ўдзельнічаў у акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу, арганізаванай Інбелкультам.

У гэты час Уладзімір Пігулеўскі вядомы і як палітычны дзеяч. Ён далучаецца да сацыял-дэмакратычнай партыі, па яе спісе праходзіць у Сейм ад Латгаліі.

З устанаўленнем у Латвіі аўтарытарнага рэжыму Ульманіса пачаўся перыяд рэпрэсій. Асабліва жорстка гэта адбілася на нацыянальных меншасцях, і ў першую чаргу на беларусах. У спешным парадку зачыняліся нацыянальныя школы, прэса. Уладзімір Пігулеўскі быў звольнены з працы, а потым арыштаваны і сасланы ў Ліепайскі лагер.

Пасля вызвалення працаваў у Міністэрстве асветы школьным інспектарам. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны перапраўляў у тыл дзяцей з піянерскіх лагераў Латгаліі. У Саратаўскай вобласці быў дырэктарам сярэдняй школы, інспектарам РАНА, у Мянгерах (Татарстан) працаваў выхавальнікам у дзіцячым доме з латышскімі дзецьмі.

Вярнуўшыся ў 1945 годзе з эвакуацыі, Пігулеўскі працягвае педагагічную дзейнасць у Рыжскім мараходным вучылішчы, а з 1946 года выкладае курс рускай мовы ў Педагагічным інстытуце. Акрамя таго, удзельнічае ў складанні і рэдагаванні падручніка рускай мовы для латышскіх школ, чытае лекцыі ў педвучылішчы, Інстытуце павышэння кваліфікацыі настаўнікаў, Настаўніцкім інстытуце, у Доме народнай творчасці.

Адукаваны, інтэлігентны, У.В. Пігулеўскі валодаў нейкім магнетызмам, здольным прыцягваць да сябе самыя разнастайныя колы людзей. Сярод яго сяброў былі і сталыя паважныя равеснікі, і зусім яшчэ юныя студэнты, але ўсім ім было цікава і ўтульна побач з гэтым прыязным, добразычлівым чалавекам. Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, у душы ён заставаўся ўзнёслым і вясёлым юнаком. Адчуванне радасці жыцця дамінавала ў гэтым чалавеку, не гледзячы ні на якія цяжкасці і выпрабаванні.

Выхад на пенсію ў 1950 годзе меў пэўнае пазітыўнае значэнне для Уладзіміра Пігулеўскага - вызваляўся час для больш грунтоўнай літаратурнай працы, якая вабіла яго на працягу многіх гадоў і да якой ён меў, безумоўна, прыродныя здольнасці.

Упершыню імя Уладзіміра Пігулеўскага з'яўляецца на старонках заходне-беларускага друку ў 1924 годзе. Пад псеўданімам Гуль ён выступіў з цыклам палемічных нататак адносна жыцця латышскіх беларусаў пад назваю "Пісьмы з Латвіі". Ужо па іх можна было меркаваць пра публіцыстычныя здольнасці будучага літаратара.

Літаратурная спадчына Уладзіміра Пігулеўскага ўключае спробы ў галіне прозы, паэзіі, драматургіі, публіцыстыку.

Сам Уладзімір Васільевіч даволі крытычна ставіўся да сябе як да літаратара. У адным з лістоў ён адзначаў: "У літаратурнай працы ўсё маё гора ў тым, што я, як стары літаратурны крытык, без усялякіх скідак гляджу на сябе - маладога празаіка. А добрая проза патрабуе нямала "практыкаванняў". Тэмы, сюжэты ёсць добрыя. А вось хораша "аформіць" іх яшчэ пакуль што не ўмею. Мова бедная. Так што пакуль буду "вучыцца" на перакладах мастацкай літаратуры, нават калі яны і не будуць друкавацца" . Тым не менш яго нарысы, літаратурна- і тэатральна-крытычныя артыкулы да сённяшняга часу не страцілі сваёй цікавасці.

Але перадусім талент Уладзіміра Пігулеўскага ў большай меры раскрыўся ў галіне мастацкага перакладу. Добрае веданне замежных моў (французскай, латышскай, чэшскай, польскай, украінскай) і несумненны пісьменніцкі дар дазволілі яму наблізіцца самому і наблізіць усіх нас да высокага мастацтва як нашых бліжэйшых суседзяў, так і сусветнай класікі.

Так, у 1949 годзе ў перакладзе Уладзіміра Пігулеўскага на сцэне Латвійскага дзяржаўнага мастацкага тэатра імя Яніса Райніса была ажыццёўлена пастаноўка камедыі Янкі Купалы "Паўлінка", а беларускія чытачы пазнаёміліся з творамі Яніса Райніса, Андрэя Упіта, Віліса Лацыса, Ганны Саксэ і многіх іншых пісьменнікаў.

У 1957 годзе Уладіміра Пігулеўскага прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, а ў 1959 годзе за вялікія заслугі ў прапагандзе беларускай культуры ён быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. На жаль, ужо пасмяротна.

Уладзіміра Васільевіча Пігулеўскага не стала цёплым чэрвеньскім днём 1958 года. Раптоўная смерць напаткала яго ў разгар творчай дзейнасці і не дала скончыць шмат чаго з задуманага.

Асабісты архіў Уладзіміра Пігулеўскага зберагаецца ў ЦНБ НАН Беларусі і налічвае 100 адзінак захавання.

Матэрыял падрыхтавалі Тацяна Жук і Марына Ліс , навуковыя супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі.


Увага конкурс! Паважаныя пісьменнікі і паэты!

Лідская цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы

запрашае прыняць удзел у раённым літаратурным конкурсе імя Веры Навіцкай

"Дарослыя - дзецям"

Конкурс праводзіцца

па 2-х намінацыях:

ПАЭЗІЯ, ПРОЗА.

1. Літаратурны конкурс імя Веры Сяргееўны Навіцкай , дзіцячай пісьменніцы канца ХIX - пачатку XX стагоддзя, якая з 1910 года з'яўлялася начальніцай "Лідскай прыватнай жаночай гімназіі Ф.Л і В.С. Навіцкіх ", засноўваецца як раённы літаратурны конкурс (далей - Конкурс). Арганізатарам Конкурсу выступае Лідская цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы.

2. Літаратурны Конкурс з'яўляецца некамерцыйным мерапрыемствам і мае выключна творчыя і сацыякультурныя мэты.

3. Мэты і задачы Конкурсу:

- прапаганда творчай спадчыны В.С. Навіцкай;

- садзейнічанне развіццю творчага патэнцыялу таленавітых літаратараў Лідскага раёна;

- папулярызацыя лепшых твораў сучасных аўтараў, якія ўносяць свой уклад у маральнае і высокадухоўнае выхаванне падрастаючага пакалення;

- адзначыць сучасныя творы, якія нясуць у сабе ідэалы чалавекалюбства, міласэрнасці і маральнасці, вызначаючы кола літаратурных тэндэнцый цяперашняга часу і працягваючы лепшыя традыцыі айчыннай літаратуры;

- выявіць і падтрымаць таленавітых людзей.

4. Аб'ём твораў:

- у намінацыі "Проза" - не больш аўтарскага аркуша (8 старонак тэксту шрыфтам 14 кегля праз 1,5 інтэрвалы);

- у намінацыі "Паэзія" - да 200 радкоў.

Конкурс праводзіцца з 15 лютага 2014 па 1 снежня 2014 года.

Падвядзенне вынікаў Конкурсу - з 1 снежня па 15 снежня 2014 года.


Свае заяўкі і працы вы можаце адпраўляць на эл. адрас libro-lida@mail.ru або прынесці непасрэдна ў цэнтральную раённую бібліятэку імя Я. Купалы па адрасе: Ліда, вул. Ленінская 10.

Усю інфармацыю пра конкурс можна знайсці на сайце: libro-lida.by.


Вяртанне Веры Навіцкай

Вера Сяргееўна НАВІЦКАЯ (187(3?)-19??), народжаная Шыльдар-Шульднер . Скончыла Ліцейную жаночую гімназію ў Санкт-Пецярбурзе ў 1890 годзе. (Ліцейная жаночая гімназія - вул. Басейная (цяпер Някрасава), д. 15A). Прозвішча па першым мужы Махцэвіч.

Магчыма, што мужа звалі Аляксандр Уладзіміравіч Махцэвіч. Ён скончыў Віленскую пяхотную вучэльню, служыў у 107-м Траецкім пяхотным палку( Вільня), з 1899-га года выйшаў у адстаўку. У 1901-1903 гадах павятовы спраўнік Рэжыцкага павятовага паліцэйскага кіравання, у 1903 - 1905 паліцмайстар горада Дзвінска. Больш няма ніякай інфармацыі пра яго.

Магчыма імёны дзяцей ад першага шлюбу: Барыс, Наташа і Кыся (ад якога імя скарачэнне, можа быць Крысціна?). З 1905-га па 1907 год Вера Сяргееўна жыла ў Пецярбурзе, вул. Басейная, д. 17. Тады жа і былі напісаны яе першыя кнігі.

Па ўсёй бачнасці жыла без мужа, бо ён ў адраснай кнізе не значыцца. Пры гэтым Вера Сяргееўна значыцца жонкай, а не ўдавой, калежскага дарадцы.

У 1906 г. у выдавецтве А.Ф. Дзеўрыена В.С. Махцэвіч выпусціла дзве кнігі: "Добра жыць на свеце! З успамінаў шчаслівай дзяўчынкі" і "Вясёлыя будні. З успамінаў гімназісткі" . Кнігі атрымалі прызнанне і хутка разышліся. Гэтыя кнігі былі напісаны Верай Сяргееўнай яшчэ да другога замужжа і былі падпісаны "Вера Махцэвіч" .

У жніўні 1908 года яна была прынятая на пасаду памочніцы начальніцы Лідскай жаночай прыватнай шасцікласнай прагімназіі Марыі Канстанцінаўны Навіцкай (тады гэта была Віленская губерня Расійскай імперыі). Было ёй 35 гадоў.

Вера Сяргееўна пражывала ў Лідзе з 1908 па 1915 г., магчыма, да 1918 г.

У 1908 г. у выдавецтве К.Л. Рыкера ў дзвюх частках была выдадзена хрэстаматыя для падрыхтоўчых і першых класаў сярэдніх навучальных устаноў "Куткі жыцця" . "Куткі" склалі Вера Махцэвіч і Фёдар Людвігавіч Навіцкі - муж Марыі Канстанцінаўны.

У кнізе М. Дзмітрыева "Нацыянальная школа" 1913 г. маецца такая рэцэнзія на гэтую складанку: "Кніга распадаецца на 5 частак: любоў, вера, праца, абавязак і "пярэстыя старонкі". Найболей шырокае месца адведзена першаму аддзелу - любові; тут аповеды і вершы пра любоў да Бога, да Радзімы і чалавека, з іх шмат добрых, зрэшты, імкнучыся прывесці магчыма больш матэрыялу, які развівае ў дзецях пачуццё любові, складальнікі прыкметна захапляюцца і змяшчаюць такія вершы і артыкулы, якія ці мала зразумелыя, ці зусім недаступныя дзецям падрыхтоўчага і першага класаў, напрыклад, першы верш II часткі: "Вер у вялікую сілу любові", ці "Вышэйшы подзвіг", А.С. Хамякова, "Нам жыццё дадзена, каб любіць" - Гарбунова-Пасадава, і іншыя. Няма неабходных патрыятычных вершаў, Айчыне не надаецца належнай увагі; але затое ёсць прыстойныя аповеды ў раздзелах: "праца" і "абавязак", хоць і не ўсе, і асабліва ў раздзеле "вера"; супраць апошняга раздзела нічога не маем запярэчыць. Агульнае ўражанне пра кнігу было б добрае, калі б не было паказаных галоўных недахопаў кнігі."


26 лістапада 1908 г. ва ўзросце 43 гадоў Марыя Канстанцінаўна Навіцкая ў дзявоцтве Снітко памерла "ад разрыву сэрца".

У 1909-м годзе Вера Сяргееўна выходзіць замуж за ўдаўца, Фёдара Людвігавіча Навіцкага і бярэ яго прозвішча. З тых часоў яе прозвішча на кнігах пішацца як Вера Навіцкая (Махцэвіч) , каб ніхто не забыўся. Разам з мужам яна завяршае справу, пачатую Марыяй Канстанцінаўнай: у Лідзе з'яўляецца паўнавартасная сярэдняя навучальная ўстанова. 21 чэрвеня 1910 г. Імператар Мікалай II даў дазвол на пераўтварэнне Лідскай прыватнай 7-класнай навучальнай установы ў прыватную жаночую гімназію, дарэчы, адначасова з прагімназіямі Грачанінавай у Вільні і Рэйман у Менску. З тых часоў навучальная ўстанова значыцца ў даведніках як "Лідская прыватная жаночая гімназія Ф.Л і В.С. Навіцкіх", а Вера Сяргееўна становіцца там начальніцай.

На працягу 1912-14 гг. Вера Сяргееўна пад прозвішчам Навіцкая выдала ў Санкт-Пецярбурзе і Маскве яшчэ 5 кніг для дзяўчынак: "Запаветныя куткі" (1911), "Ціхамірныя гады" (1912), "Басурманка" (1914), "Наташа Славіна" (1914) і "Галя" (1914). Дзве з іх - у вельмі самавітых выдавецтвах Вольфа і Сыціна. У гэтыя гады яна была начальніцай Лідскай жаночай прыватнай гімназіі і, ніхто не ў стане засумнявацца, што гэтыя 5 твораў напісаны ў Лідзе.

Бібліяграфія:

В.С. Махцевич. Хорошо жить на свете! Из воспоминаний счастливой девочки. - СПб.: А.Ф. Девриен, 1906 - 182с.: ил. Е.П. Самокиш-Судковской (изд. 1-е). Содерж: Хорошо жить на свете! , Кошечка-актриса .

В.С. Махцевич. Веселые будни: Из воспоминаний гимназистки. - СПб.: А.Ф. Девриен, 1906 - 203 с.: ил. А.Н. Зеленского (изд. 1-е).

Ф.Л. Новицкий. Уголки жизни: Хрестоматия для приготов. и 1 кл. сред. учеб. заведений /- СПб.: К.Л. Риккер, 1908. Сост. преп. Федор Людвигович Новицкий и Вера Сергеевна Махцевич. Ч. 1-2 Махцевич: фамилия соавтора по первому мужу. Ч. 1. - [2], IV, IV, 171 с., 1 л. ил.: ил., портр., Ч. 2. - [2], IV, 252 с., 1 л. ил.: ил., портр. Составили преподаватели Лидской мужской и женской прогимназий.

В.С. Новицкая (Махцевич). Хорошо жить на свете!: Из воспоминаний гимназистки. - СПб.: А.Ф. Девриен, 1910 - 182 с.: ил. Е.П. Самокиш-Судковской (изд. 2-е). Содерж: Хорошо жить на свете!, Кошечка-актриса .

В.С. Новицкая (Махцевич). Заветные уголки: Рассказы для детей . - СПб.: А.Ф. Девриен, 1911 - 238 с.: ил. П.С. Захарова. Содерж.: Без гнезда; Кисть винограда; Отец; Дядя Саша; Чужая; Болтушка; Нина; Три пути; Верный друг; Лишний.

В.С. Новицкая (Махцевич). Веселые будни. Из воспоминаний счастливой девочки. - СПб.: А.Ф. Девриен, 1912 - 203 с.: ил. А.Н. Зеленского (изд. 2-е).

В.С. Новицкая. Безмятежные годы. - СПб.: А.Ф. Девриен, 1912 - 305 с.: цв. ил. Е.П. Самокиш-Судковской. Содерж: Безмятежные годы; Первые грезы .

В.С. Новицкая (Махцевич). Басурманка . - СПб.-М.: Издание Т-ва М. О. Вольф, 1914 - 263 с.: ил. Е. Лебедевой.

В.С. Новицкая. Наташа Славина. - М.: т-во И.Д. Сытина, 1914 - 234 с.: ил. В. Курдюмова.

В.С. Новицкая. Галя. - Пг.: А.Ф. Девриен, 1914 - 244 с.: ил. П.С. Захарова.


Чатыры з гэтых кніг аб'ядноўваюцца ў тэтралогію пра жыццё Марусі Старабельскай, непасрэднай і рухавай дзяўчынкі, якая падрабязна апісвае сваё жыццё. Адно з харостваў кнігі менавіта ў нечакана падрабязным апісанні штодзённых у той час рэчаў. Муся - дзяўчынка з багатай сям'і, адзіная дачка бацькоў, якія любяць яе. Усё ў яе жыцці - і сяброўства, і вучоба, і свавольствы бестурботныя і радасныя. Яна добрая дзяўчынка, але толькі ад таго, што ёй ёсць што аддаць іншым без шкоды для сябе... І толькі ў апошняй частцы серыі Муся разумее, што так, як яна, жывуць зусім не ўсе...

Серыя кніг выглядае так:

"Добра жыць на свеце" - Муся распавядае пра сваё жыццё да паступлення ў гімназію.

"Вясёлыя будні" - (падзагаловак "Дзённік гімназісткі" кажа сам за сябе) гэта аповесць пра першы год навучання Мусі ў гімназіі.

"Ціхамірныя гады" - перадапошні клас гімназіі. Муся, якая ані не змянілася, сваволіць, як і ў дзяцінстве

"Першыя мроі" - лета і выпускны клас гімназіі.

Аповесці "Добра жыць на свеце", "Ціхамірныя гады", "Першыя мроі" ілюстравала вядомая мастачка Алена Пятроўна Самокіш-Судкоўская, прычым у кнізе "Ціхамірныя гады" і "Першыя мроі" (яны выйшлі разам у адной кнізе ) ілюстрацыі каляровыя, што вельмі цікава і вельмі хораша.

Таксама яна напісала дзве аповесці для юнацтва, дзе асноўнай тэмай з'яўляецца любоўная лінія. Абедзве яны названы па імёнах галоўных гераінь: "Галя" і "Наташа Славіна" . Аповесць для дзяцей "Басурманка" (пра жыццё прыёмнай сіраты-францужанкі ў рускай сям'і), складанка аповедаў "Запаветныя куткі" і асобна выдадзенае апавяданне "Пярэсты дзень (аповед з жыцця маленькага кадэціка) " . І ўдзельнічала ў складанні ўжо згаданай хрэстаматыі "Куткі жыцця".

Яшчэ Вера Сяргееўна супрацоўнічала з дзіцячым часопісам "Родник", дзе друкаваліся яе апавяданні.


Лідская жаночая гімназія дзейнічала да 1918 г. Наўрад ці Ф.Л і В.С. Навіцкія пакінулі Ліду і эвакуяваліся ў верасні 1915 г. углыб Расіі. Двухпавярховы будынак гімназіі, жылы дом, прыстойны ўчастак, вучаніцы, нямецкія карані Веры Сяргееўны павінны былі пераважыць страхі перад кайзераўскімі войскамі. Разам з тым, ніводнага дакумента ці ўспаміну, які пацвярджае эвакуацыю, не захавалася. Перагледзеў яшчэ раз усе нямецкія фатаграфіі і паштоўкі 1915-18 гг., будынак гімназіі ў поле зроку нямецкага аб'ектыва не патрапіла ні разу. Дзіўна. У 1921 г. у будынку жаночай гімназіі была адкрыта польская дзяржаўная гімназія, з чаго выцякае, што Навіцкіх у Лідзе ўжо не было. Лёсы іх не вядомыя, абодва зніклі ў віры ваенных супрацьстаянняў.


Год-два таму назад у выдавецтве "Энаскнига" перавыдадзены пяць кніг Веры Сяргееўны Навіцкай . Адносіны да твораў В. С. Навіцкай у рэкламадаўцаў самае цёплае. У чытачоў таксама: "Ясныя, чыстыя і на першы погляд немудрагелістыя кніжкі"; "аповесць "Добра жыць на свеце" трапілася мне выпадкова ў букінісце, і страшна падумаць, як шмат я страціла б, калі б не купіла яе…" .

На мой погляд, вельмі добрыя кніжкі для сучасных дзяўчынак малодшага і юнацкага ўзросту, асабліва для гімназістак. Падобных савецкіх дзіцячых кніжак проста не было.

А для Ліды гэта яшчэ адна неардынарная постаць - пісьменніца, якую недзе ў Расіі перавыдаюць праз 100 гадоў.

lida-info.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX