НАША СЛОВА № 18 (1169) 30 красавіка 2014 г.
Аляксандр Лукашэнка: "... калі мы развучымся гаварыць на беларускай - то перестанем быць нацыяй..."
ЧАРНОБЫЛЬСКІ ШЛЯХ - 2014
26 красавіка ў Менску прайшла традыцыйная акцыя дэмакратычнай грамадскасці "Чарнобыльскі шлях - 2014", прымеркаваная да 28-х угодкаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, а таксама супраць будаўніцтва АЭС пад Астраўцом. Паводле падлікаў журналістаў у акцыі і шэсці, якое прайшло ад кінатэатра "Кастрычнік" па вуліцы Сурганава да парку Дружбы народаў, узялі ўдзел каля 700 чалавек.
Лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што "Чарнобыльскі шлях" - гэта "голас вольнай Беларусі ў абарону беларускай нацыі". Чарнобыль, паводле яго слоў, і па гэты дзень працягвае забіваць беларусаў: "Сёння нам прыходзіцца есці прадукты з заражаных зямель, мы не атрымліваем належнай дапамогі, інфармацыя замоўчваецца".
Паводле БелаПАН, лідар Партыі БНФ запатрабаваў ад беларускіх уладаў "пачаць рэальныя дзеянні, каб выратаваць беларусаў". Ён заявіў аб ядзернай небяспецы з боку Расіі: па-першае, будаўніцтва ў Беларусі АЭС; па-другое, верагоднасць размяшчэння ядзернай тактычнай зброі на самалётах, патэнцыйная атака расійскіх войскаў на ядзерныя аб'екты на тэрыторыі Украіны ў выпадку вайны, пералічыў палітык. Удзельнікі мітынгу прагаласавалі за рэзалюцыю пад назвай "Не атамнай пагрозе! Не дамо свой край, краіну, планету зрабіць новым Чарнобылем!". Рэзалюцыя змяшчае ў тым ліку наступныя патрабаванні:
- Неадкладна спыніць будаўніцтва Астравецкай АЭС, а таксама распрацаваць і абмеркаваць з грамадскасцю стратэгію ўстойлівага без'ядзернага развіцця Беларусі;
- Вывесці з тэрыторыі Беларусі расійскія самалёты, здольныя несці на борце тактычнае ядзернае ўзбраенне, а таксама захоўваць нейтральны без'ядзерны статус, як загадвае Канстытуцыя Беларусі;
- Даць магчымасць грамадзянам самім вырашаць, якімі будуць іх навакольнае асяроддзе, горад і краіна...
"Мы за без'ядзерны свет! Мы за устойлівую і бяспечную энергетыку! Мы за энергетычную незалежнасць Беларусі! Не АЭС! Не вайне!", - падкрэсліваецца ў рэзалюцыі, прынятай удзельнікамі "Чарнобыльскага шляху".
Паводле СМІ.
75 - годдзе святкуе Зінаіда Бандарэнка
Зiнаіда Аляксандраўна БАНДАРЭНКА (нар. 25 красавіка 1939, Менск) - дыктар Беларускага тэлебачання. Народная артыстка Беларусі (1985). Нарадзiлася ў сям'i хiрурга i сялянкi. У школе выкладчыца рускай лiтаратуры заўважыла, што Зiна добра чытае, i параiла iсцi ў драматычны гурток. Пасля школы займалася ў тэатральнай студыi. Скончыла БДУ (1968). Прайшла па конкурсе на Гомельскае тэлебачанне. З 1959 дыктар Гомельскай абласной студыі тэлебачання. У 1960 годзе патрапіла ў Менск весці на Беларускім тэлебачанні Дні Гомельскай вобласці. З 1962 працуе на Беларускай рэспубліканскай студыі тэлебачання (з 1976 кіраўнік групы дыктараў). Яе творчую дзейнасць вызначаюць артыстызм, абаяльнасць, нацыянальны характар.
Прадстаўляла Беларусь на фестывалях СССР i за мяжой.
- Калі я выходзіла на сцэну ў якой-небудзь былой саюзнай рэспубліцы Савецкага Саюза, - успамінае Зінаіда Аляксандраўна, - у мяне сэрца білася так, што гатова было выскачыць: я тут, на сцэне, а за мной - уся Беларусь. І заўсёды вяла сустрэчы, канцэрты на беларускай мове.
У 2008 годзе ўступіла ў АГП. Рыхтавала журналістаў для працы на канале "Белсат". Рэгулярна ўдзельнічае ў Беларускіх агульнанацыянальных дыктоўках і іншых патрыятычных мерапрыемствах.
(Пра З. Бандарэнку чытайце на ст. 4.)
110 гадоў з дня нараджэння Васіля Барысенкі
БАРЫСЕНКА Васіль Васільевіч , нарадзіўся 25.04.1904 г. у горадзе Барысаве Менскай вобласці ў сям'і чыгуначніка.
Працоўны шлях пачаў чорнарабочым на чыгунцы. У 1924 г. скончыў Барысаўскі педагагічны тэхнікум. Два гады працаваў настаўнікам у пачатковай школе. У 1929 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вучыўся ў аспірантуры пры АН БССР (1929-1932). У 1931-1941 гг. і пасля вайны да 1966 г. выкладчык Менскага педагагічнага інстытута. Адначасова з 1934 г. - навуковы супрацоўнік, а з 1937 г. - дырэктар Інстытута мовы і літаратуры АН БССР. У час Вялікай Айчыннай вайны ў дзейнай арміі ў якасці карэспандэнта армейскай газеты. У 1946-1973 гг. - дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З 1974 г. - старшы навуковы супрацоўнік-кансультант гэтага ж інстытута. Акадэмік АН БССР, доктар філалагічных навук, прафесар. Сябар СП СССР з 1937 г.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі і медалямі.
Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1974).
Памёр 26.07.1984 г.
Выступаў у друку з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі з 1932 г. Напісаў літаратуразнаўчыя працы "Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя" (1957), "Роля рускай класічнай літаратуры ў развіцці рэалізму беларускай літаратуры пачатку XX ст." (1963, разам з В. Івашыным), артыкулы пра творчасць Я. Купалы, Я. Коласа, З. Бядулі, В. Дуніна-Марцінкевіча, Т. Шаўчэнкі і інш.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1980) за ўдзел у двухтомным даследаванні "История белорусской дооктябрьской литературы" і "История белорусской советской литературы".
Вікіпедыя.
Першы беларускі...
М.П. Погодин. Словарь белорусского наречия. 1813 г.
Пабляклыя за немалым часам два аркушыкі паперы. На іх цвёрдым дробным почыркам, чорным атрамантам выведзена за паўсотню беларускіх слоў у рускім тлумачэнні. Дзвесці гадоў гэтай нязвыклай памятцы, што туліцца ў рукапісных зборах Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі, у калекцыі М.П. Пагодзіна. Унікальная крыніца з мінулага нашай лексікаграфіі - пакуль мала вядомая беларускаму чытачу, не выключаючы даследчыкаў-адмыслоўцаў. Прынамсі, энцыклапедычныя выданні з даведнікам "Беларуская мова" пра яе не згадваюць. Хаця фалькларыст Л. Бараг у сваёй манаграфіі "Беларуская казка" (Мн., 1969) і звяртаў нашую ўвагу на згаданую памятку.
Цяпер жа слоўнічкам расійскага вучонага-гісторыка зацікавіўся беларускі культуролаг Юрась Пацюпа. Дасылаючы мне ў Маскву сваю сціпленькую, "вартую многіх тамоў" кніжачку "Анонс. Квадрат тэкстаў" папрасіў адсканаваць для яго пагодзінскія старонкі. Прысвячаючы малодшаму калегу гэтую публікацыю, дадамо колькі слоў пра беларусазнаўчыя клопаты рускага вучонага. Цягам падарожжа па Еўропе - сярэдзіна 1830-х - ён сустрэўся ў Празе Чэшскай са знаным славістам Паўлам Ёзафам Шафарыкам. У размове закраналася пытанне беларускай і ўкраінскай граматык, на што рускі суразмоўца скрушліва прызнаўся ў занядбанні навукоўцамі парушанай праблемы. Магчыма, Пагодзін тады пасціплічаў адносна ўласных пачынанняў у гэтай справе. Але, цалкам верагодна, мог пазнаёміць чэхаславацкага калегу з іншым друкаваным сведчаннем - слоўнікам "белорусского наречия" К. Канайдовіча (1822), тым спамагаючы адпаведным доследам пана Шафарыка. Той па пэўным часе ў сваёй кнізе "Славянскі народапіс" (1842) прадставіць свету беларускую мову ў якасці самастойнай, адметнай з'явы ў шэрагу славянскіх моў побач з рускай, украінскай.
Гэтай жа лексічнай адметнасцю вылучаецца і слоўнічак Пагодзіна - першы ў новым часе дослед з лексікаграфічнага палетка Беларусі, на якім неўзабаве пачнуць шчыраваць самі беларусы - Я. Чачот, М. Шымкевіч, П. Шпілеўскі, І. Насовіч...
Прашэптваю, смакуючы цёплыя, родныя словы - даўным даўно падслуханыя і занатаваныя рускім чалавекам з вуснаў майго продка-беларуса: "Шлях, пуня, гасцінец, грэбля, лазня, кроквы, цяпло...". Нібы з-пад попелу забыцця наноў успыхваюць зыркія слоўцы-іскрынкі нашага несціханага маўлення.
Будзем жа перачытваць, натхняцца даўнім арыгіналам сакавіта нятускнага роднага слова, з маўклівай удзячнасцю спамінаючы расійскага вучонага, як і начальнікаў колішняга Віцебскага кляштара езуітаў - месца нараджэння "Словаря...".
Звернем таксама ўвагу на дакладнае акрэсленне яго аўтарам тагачаснага абшару бытавання гаваркой беларускай мовы - "Смоленская, белорусские и некоторые польские (ліцвіна-беларускія, аўт. ) губернии", на яе шматвяковы гістарычны стаж і ключавую ролю ў тлумачэнні пэўных моўных асаблівасцяў рускай славеснасці.
Аляксей Каўка , Масква.
ІДЫЁМЫ З КАМПАНЕНТАМ "ВЯСЕЛЛЕ"
Як вядома, фразеалагізмы па ступені іх сэнсавай спаянасці, семантычнай злітнасці іх кампанентаў падзяляюцца на адзінствы (матываваныя выразы з цэласным значэннем, якія лёгка расшыфроўваюцца як пераносныя, вобразныя, з жывой унутранай формай) і зрашчэнні (нематываваныя, абсалютна непадзельныя, нераскладальныя звароты, цэласнае значэнне якіх зусім не залежыць ад іх лексічна-кампанентнага складу). Скажам, віць сабе гняздо ('уладкоўваць сямейнае жыццё'), жаваць жвачку , закідваць вудачку - фразеалагічныя адзінствы, а даць дуба ('памерці'), ні рыба ні мяса, як піліп з канапель - зрашчэнні (ідыёмы).
Досыць многія фразеалагізмы (як адзінствы, так і зрашчэнні) маюць у сваім складзе агульны для іх кампанент (часцей назоўнікавы ў розных яго склонавых і лікавых формах). Найбольш часты і актыўны кампанент - вока (выкарыстаны 236 разоў). Яшчэ толькі некалькі прыкладаў: рука - 208, галава - 201, язык - 107, свет - 98, чорт - 93. Назоўнікавы ж кампанент вяселле ёсць толькі ў трох выразах, прычым структурна-аднатыпных: сярэбранае вяселле, залатое вяселле, брыльянтавае вяселле . Усе яны - зрашчэнні (ідыёмы).
Сярэбранае вяселле абазначае 'дваццаціпяцігадовы юбілей сямейнага жыцця'. Прыклад з апавядання М. Парахневіча "Сярэбранае вяселле": "Сцяпан Мурашка са сваёй жонкай Вольгай спраўляюць сёння сярэбранае вяселле". Або: "Дваццаць чатыры гады! Божа мой! Чуеш, Маша? У нас сярэбранае вяселле ўжо на носе" (М. Капыловіч. Святлана).
Залатое вяселле - гэта пяцідзесяцігадовы юбілей сямейнага жыцця': "Я помню, як ён спраўляў залатое вяселле. Цябе яшчэ на свеце не было" (М. Воранаў. Госці). "Каб вам было соладка, калі будуць крычаць "горка" на вашым залатым вяселлі!" (М. Чавускі. Сакрэт маладосці).
Брыльянтавае вяселле - "сямідзесяціпяцігадовы юбілей сямейнага жыцця': "Усе прыехалі на брыльянтавае вяселле. Шчасця было поўная хата, панадворак, гумно і ўся вёска!" (Д. Бічэль. Мост святога Францішка). "Яе знаёмыя, муж і жонка (абое - інваліды-калясачнікі), прыслалі спецыяльнае запрашэнне на сваё брыльянтавае вяселле" (Л. Юргілевіч. Князёўна Ізабэла).
Аналалагічныя фразеалагізмы ёсць, відаць, ва ўсіх еўрапейскіх мовах. Так, супаставім адпаведнікі выразу сярэбранае вяселле ў англійскай мове: silver wedding , у нямецкай: die silberne Hochreit , у французскай noces d'argent ; залатое вяселле - golden wedding (англ.), die goldene Hochreit (ням.), noces d'or (фр.); брыльянтавае вяселле - diamond wedding (англ.), diamantene Hochreit (ням.), noces de diamant (фр.).
Лічыцца, што адзначаць "круглую" вясельную гадавіну пачалі з часоў сярэднявечча, на тэрыторыі тагачаснай Германіі. На аснове розных ускосных звестак мяркуюць, што ў сярэднявечнай Германіі і пасля захоўваўся звычай: на 25-годдзе сумеснага сямейнага жыцця муж дарыў сваёй жонцы сярэбраны вянок. А само святкаванне вясельнай гадавіны сталі называць сярэбраным вяселлем. Значыць, тры выразы з кампанентам "вяселле" можна лічыць калькамі з нямецкай мовы.
Прыметнікавы кампанент фразеалагізма брыльянтавае вяселле часам замяняецца іншым: алмазнае вяселле . Параўнаем і ў "Фразеалагічным слоўніку рускай мовы" (1967, с. 410): бриллиантовая (алмазная) свадьба . Дарэчы, у некаторых рускіх працах сцвярджаецца, што выразы з кампанентам "свадьба" з'явіліся ў Расіі толькі ў канцы XІХ ст., але гэта не так. Гэтыя выразы ўжываліся і на пачатку XІХ ст.; напрыклад, у вершы П.А. Вяземскага (1792 - 1878) "Песнь в день юбилея И.А. Крылова" (а ягоныя гады жыцця - 1769 - 1844 чытаем: "Чего ему нам пожелать бы? Чтобы от свадьбы золотой он дожил до алмазной свадьбы".
Іван Лепешаў.
П А С Т А Н О В А
Рады Віцебскай абласной арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" ад 12 красавіка 2014 года. Аб абласным аглядзе-конкурсе ўжывання беларускай мовы мясцовым друкам "З беларускім словам", прымеркаваным да 90-годдзя Васіля Быкава
1. Правесці ў другой палове 2014 года агляд-конкурс ужывання беларускай мовы мясцовым друкам (абласныя, гарадскія, раённыя газеты, недзяржаўныя выданні).
2. Мэта агляду-конкурсу:
заахвочванне рэдакцый да паўнавартаснага выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы на старонках газет, папулярызацыя беларускай культуры і гісторыі Беларусі;
інфармаванне органаў улады, грамадскасці аб стане ўжывання беларускай мовы ў сродках масавай інфармацыі вобласці;
3. Агляд-конкурс праводзіцца па трох катэгорыях:
абласныя, гарадскія газеты;
раённыя газеты;
недзяржаўныя выданні.
4. Пры падвядзенні вынікаў агляду-конкурсу ўлічваецца выкарыстанне беларускай мовы пры падрыхтоўцы матэрыялаў супрацоўнікамі рэдакцый, наяўнасць беларускамоўных публікацый творчага характару і літаратурных старонак, культура мовы, асвятленне дзейнасці мясцовых суполак ТБМ (у тых раёнах, дзе суполкі дзейнічаюць), выступленні афіцыйных асоб на старонках газет па-беларуску, ужыванне беларускай мовы ў выступах у друку святароў, а таксама беларуская мова ў тэкстах віншаванняў, рэкламы і аб'яў.
5. Зацвердзіць наступны склад журы:
Бабіч Ю.М. - кандыдат філалагічных навук, дацэнт (старшыня журы);
Навумчык І.А. - старшыня Віцебскай абласной рады ТБМ;
Сакалова А.Г. - філолаг, выкладчык каледжа;
Лазебная Н.П. - старшыня Віцебскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў;
Лукашэнка Л.Я. - філолаг, настаўнік вышэйшай катэгорыі;
Севярынец К.П. - журналіст; сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў;
Сіманёнак Л.І. - паэтка, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў;
Станкевіч Г.М. - журналіст, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў;
Гаравы Л.А. - журналіст, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў;
Нагорны Ю.А. - педагог.
6. У першай і трэцяй катэгорыях вызначаюцца па два пераможцы, у другой катэгорыі (раённыя газеты) - тры пераможцы.
7. Вызначыць у кожным рэдакцыйным калектыве журналістаў (1-2 чалавекі), якія пішуць традыцыйна па-беларуску, для ўзнагароджання граматамі і сувенірамі.
Вынікі агляду-конкурсу "З беларускім словам" падвесці да канца снежня 2014 года. Узнагароджанне намінантаў прымеркаваць да Міжнароднага дня роднай мовы.
Старшыня рады Віцебскай абласной арганізацыі
ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" І. Навумчык.
ПРОЗВІШЧЫ БЕЛАРУСІ: НАЙМЕННІ ПІСЬМЕННІКАЎ
(Працяг.)
А цяпер разгледзім найменні пісьменнікаў, змешчаныя ў раздзеле "Дадатак А - С" шостага тома даведніка "Беларускія пісьменнікі" (1995 г., с. 536-667), якія не былі прааналізаваныя ў папярэдніх публікацыях.
Акула (Кастусь А.) - адымёнавае провішча, імя Акула лічыцца формай ад Акила , якое дало больш блізкае для славян Акула (М. Бірыла). Аднак форма Акула можа ўспрымацца як рэдэрыват (адваротнае ўтварэнне) ад жан. імя Акуліна (дзе -іна афармляе жаночае імя ( Александрына ).
Акулін ( Эдуард А.) - форма прыналежнага прыметніка з суфісам -ін ад антрапоніма Акула з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Акулін ). ФП: Акула (імя) - Акула (прозвішча) - Акулін .
Арахоўскі (Мікалай А.) - дэрыват з суфіксам -скі ад тапоніма Арэхава . Або прэстыжнае ўтварэнне з суфіксам -оўскі ад Арэх (ад апелятыва арэх 'плод некаторых дрэў, кустоў з ядомым ядром у цвёрдай абалонцы, шкарлупіне').
Аркуш (Алесь А.) - семантычны дэрыват ад апелятыва аркуш 'стандартны кавалак паперы, кардону, фанеры і пад.', а таксама 'адзінка вымярэння аб'ёму друкаванага тэксту' (спец.). ФП: аркуш - Аркуш (мянушка) - Аркуш .
Афанасьеў (Іван А.) - форма прыметніка з суфіксам -еў ад антрапоніма Афанасій з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Афанасій - Афанасьеў .
Багданава (Галіна Б.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Багдан з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Багдан - Багданава .
Бароўскі (Анатоль Б.) - дэрыват з суфіксам -оў-скі ад тапоніма Баравое або Бор з семантыкай 'жыхар мясціны, названай утваральным словам'. ФП: бор ('стары густы сасновы лес, які расце на высокім месцы') - Бор і Баравое (тапонімы) - Бароўскі .
Баторын ( Фелікс Б.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ын ад антрапоніма Батора з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Баторын ). Відаць, ад гістарычнага Баторый (Стэфан Б.) з суфіксам -ын . У беларусаў гэтае імя трансфармавалася ў Батура .
Бруевіч (у артыкуле: "Бруевіч В.") - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Бруй з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Бруйэвіч - Бруевіч ). ФП: бруй ('хваляванне, рабізна на вадзе') - Бруй (мянушка) - Бруй - Бруевіч .
Валошка (Максім В.) - семантычны дэрыват ад апелятыва валошка 'травяністая расліна сямейства складана-кветкавых, якая расце звычайна ў азімых пасевах і цвіце сінімі кветкамі; васілёк'. ФП: валошка ('кветка') - Валошка ('празванне') - Валошка .
Васючэнка (Пятро В.) - дэрыват з суфіксам -энка ад антрапоніма Васюк з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Васіль - Васюк - Васючэнка .
Вераб'ёў (Павел В.) - форма прыметніка з суфіксам -ёў ад антрапоніма Верабей з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: вераб е й ('птушка') - Верабей (прозвішча, а раней - мянушка) - Вераб'ёў .
Вяршынін (Мікола В.) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Вяршыня і семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Вяршынін ). ФП: вяршыня ('самы высокі пункт, верхняя частка чаго-небудзь', перан. 'вышэйшая ступень чаго-небудзь') - Вяршыня (мянушка, прозвішча) - Вяршынін .
Гаварушка (Яфім Г.) - дэрыват з суфіксам -ушка ад антрапоніма Говар з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Гаварушка ). ФП: гаварыць - говар - Говар - Гаваруха - Гаварушка . Або семантычны дэрыват ад апелатыва гаварушка ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф.А. Піскунова 2012, с. 210.)
Грубіян (Мацвей Г.) - семантычны дэрыват ад апелятыва грубіян 'чалавек, які груба і дзёрзка адносіцца да іншых'. ФП: грубіць ('гаварыць грубасці, абыходзіцца дзёрзка, некультурна з кім-небудзь' - грубы - грубіян - Грубіян .
Грынкевіч (Станіслаў Г.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Грынко з акцэнтаваннем фарманта -евіч і се-мантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Грынкевіч ). ФП: Грыгорый - Грын - Грынько і Грынко - Грынкевіч .
Грышкавец (Валерый Г.) - дэрыват з суфіксам -ец ад тапоніма Грышкава з семантыкай 'жыхар (народзінец) з Грышкава'. ФП: Грыгорый - Грыша - Грышка - Грышкава - Грышкавец .
Гумянюк (Юрый Г.) - дэрыват з суфіксам -юк ад антрапоніма Гумен з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: г у мі ('густы, клейкі сок некаторых раслін', 'камедзь' ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. А. Піскунова, 2012, с. 248: г у мі 'тое, што і камедзь') - Гумен - Гуманюк.
Гурб а н ( Іван Г.) - семантычны дэрыват ад апелятыва гурб а н 'тое, што і гура ' гурба ', 'куча чаго-небудзь' (Слоўнік белар. гаворак паўн-ўсх. Беларусі і яе пагранічча. Т.1, 1979,с. 506). ФП: г у ра - гурба - гурбан - Гурбан .
Гурыновіч (Хведар Г.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Гурын з акцэнтаваннем фарманта -овіч і семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Гурыновіч ). ФП: гура ('гурба, куча') - Гура - Гурын - Гурыновіч .
Давідовіч ( Сяргей Д.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Давід з акцэнтаваннем фарманта -овіч і семан-тыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Давід - Дав і давіч - Давідовіч.
Давыдзенка (Васіль Д.) - утварэнне з фармантам -енка ад антрапоніма Давыд з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Давыд - Давы-дзенка.
Дзяшкевіч ( Мікола Д.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Дзяшко з акцэнтаваннем фарманта -евіч і се-мантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Дзяшкевіч ). ФП: Дементиан ці Дамиан - Дзямешка - Дзяшко - Дзяшкевіч.
Дубавец (Сяргей Д.) - дэрыват з суфіксам -ец ад антрапоніма Дубовы з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: дуб - дубовы - Дубовы - Дубавец .
Дудзіцкі (Уладзімір Д.) - адтапанімічны дэрыват з суфіксам -цкі (-скі) ад Дудзічы з семантыкай 'з Дудзічаў'. ФП: дуда - Дуда - Дудзіч - Дудзічы - Дудзіцкі .
Дуктаў (Уладзімір Д.) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Дукта з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: дукт (састар. 'мяжа' - "Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф.А. Піскунова, 2012, с. 285) - Дукт (мянушка, потым прозвічша) - Дуктаў .
Забалоцкая (Людміла З.) - дэрыват з суфіксам -цк (-ск) ад тапоніма З а балацце ( Забал о цце ). ФП: за балотам - забалоцце - Забалоцце - Забалоцкая .
Зайцаў (Вячаслаў З., Мар'ян З.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам - аў ад антрапоніма Заяц з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: заяц - Заяц - Зайцаў.
Запольскі (Міхал З.) - адтапанімічны дэрыват з суфіксам -скі ад Заполле з семантыкай 'з Заполля': ФП: за полем - заполле - Заполле - Запольскі.
Запруднік (Янка З.) - семантычны дэрыват ад апелятыва запруднік - утварэння ад запруда 'збудаванне для падымання ўзроўню вады ў рацэ; плаціна' з выкарыстаннем суфікса -нік : запруднік 'той, хто працуе на запрудзе '. ФП: запруда - запрудны (майстар) - запруднік - Запруднік .
Зарэчны (Цімох З.) - семантычны дэрыват ад апелятыва зарэчны 'які знаходзіцца за ракой '. ФП: за ракой - зарэчча - зарэчны - Зарэчны .
Змагар (Алесь З.) - семантычны дэрыват ад апелятыва змагар 'той, хто змагаецца з кім-небудзь; барацьбіт'. ФП: змагацца - змагар - Змагар .
Золак (Янка З.) - семантычны дэрыват ад апелятыва золак 'пачатак світання'. ФП: золак - Золак .
Зэкаў (Анатоль З.) - форма прыметніка з суфіксам прыналежнасці -аў ад антрапоніма Зэк з семантычнай 'нашчадак названай асобы': Зэк - Зэкаў . ФП: зэк (апелятыў, падаецца ў "Вялікім слоўніку беларускай мовы" Ф.А. Піскунова (2012, с. 385) - Зэк (мянушка) - Зэкаў .
Ігнаценка (Рыгор І.) - дэрыват з фармантам -енка ад антрапоніма Ігнат з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Ігнат - Ігнаценка .
Казлоўшчык (Улады-слаў К.) - дэрыват ад антрапоніма Казлоў (праз стадыю Казлоўскі ) з суфіксам -шчык з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: казёл - Казёл - Казлоў - Казлоўскі - Казлоўшчык.
Калубовіч (Аўген К.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Калуб з акцэнтаваннем фарманта -овіч і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Калуб - Калубовіч . ФП: калубаць ('калываць') - калуб (той, хто калубае 'калывае') - Калуб (мянушка, прозвішча) - Калубовіч . Апелятыў калуб стаў утваральнай асновай для слоў калубель і калубень 'калыска, люлька'.
Канановіч (Іван К.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Конан з акцэнтаваннем фарманта -овіч і семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Конан (імя) - Канановіч .
Каробкіна (Святлана К.) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ін-а ад антрапоніма Каробка з семантыкай 'нашчадак (дачка) названай асобы': Каробка - Каробкіна . ФП: каробка ('скрынка') - Каробка (мянушка, пазней прозвішча) - Каробкіна .
Карпечанка (Васіль К.) - дэрыват з фармантам -анка ад антрапоніма Карпека з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Карп - Карпека - Карпечанка.
Кіпель (Вітаўт К., Зора К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва кіпель (і кепель ) 'карак' (падаецца "Слоўнікам народнай мовы Зэльвеншчыны" (Гродна, 2005, с. 59). ФП: кіпель ('карак') - Кіпель (антрапонім).
Кірэйчык (Іван К.) - дэрыват з суфіксам -чык ад антрапоніма Кірэй з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Кірэй - Кірэйчык .
Крываль (Сцяпан К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва крываль - утварэння ад прыметніка крывы 'крывы, няроўны', а таксама 'крываногі, кульгавы'. ФП: крывы - крываль - Крываль (як і доўгі - даўгаль, насаты - насаль (і но-саль ), тонкі - танкаль - Беларускае народнае словаўтварэнне. 1977, с. 94.)
Купрэеў (Мікола К.) - форма прыметніка з суфіксам -еў ад антрапоніма Купрэй з семантыкай 'нашчадак названай асобы' . ФП: Купрыян - Купрэй - Купрэеў .
Купцэвіч (Фелікс К.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Купец з акцэнтаваннем фарманта -эвіч і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Купец - Купцэвіч . ФП: купіць - купец - Купец - Купцэвіч .
Лапцік ( Вячаслаў Л.) - дэрыват ад антрапоніма Лапаць з суфіксам -ік і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Лапаць - Лапцік (як і Лукаш - Лукашык ). Прозвішча Лапцік можа разглядацца і як семантычны дэрыват ад апелятыва лапцік 'невялікі лапаць'. ФП: лапаць ('плецены абутак з лыка бяросты ці вяровак') - лапаць ('адсталы, некультурны чалавек') - Лапаць - Лапцік .
Лебяда (Тодар Л.) - семантычны дэрыват ад апелятыва лебяда 'пустазелле з лісцем, якое звычайна пакрыта мучністым налётам'. ФП: лебяда ('пустазелле') - Лебяда (мянушка) - Лебяда (прозвішча).
Лужкоўскі (Віктар Л.) - адтапанімічны дэрыват з суфіксам -оўскі ад Лужкі (найменне мясціны, паселішча): Лужкі - Лужкоўскі . ФП: луг - лужок - Лужкі - Лужкоўскі. Або: Лужкоў - Лужкоўскі .
Лук'янаў (Мікола Л.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Лук'ян і семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Лук'ян (імя) - Лук'янаў .
Малец (Янусь М.) - семантычны дэрыват ад апелятыва малец 'хлопец, юнак'. ФП: малы - малец - Малец .
Марозаў (Змітрок М.) - форма прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Мароз з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Мароз - Марозаў ). ФП: мароз (апелятыў з семантыкай 'моцны холад, сцюжа') - Мароз (мянушка) - Мароз (прозвішча) - Марозаў .
Мацвеенка (Уладзімір М.) - утварэнне з суфіксам - енка ад антрапоніма Мацвей з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Мацвей (імя) - Ма-цвей (прозвішча) - Мацвеенка .
Мінскевіч (Сяргей М.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Мінскі з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Мінск (паселішча) - Мінскі (антрапонім) - Мінскевіч .
Мінчанка (Мікола М.) - утварэнне з суфіксам -анка ад антрапоніма Мінка з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Міна (правасл. канан. імя) - Мінка - Мінчанка .
Найдзін (Васіль Н.) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Найда з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Найда - Найдзін ). ФП: найсці ( найдуць ) - найда ('знайдыш' - Вялікі слоўнік буларускай мовы' Ф. А. Піскунова (2012, с. 549) - Найда (прозвішча) - Найдзін .
Падбярэзскі (Дзмітрый П.) - адтапанімічны дэрыват з суфіксам -скі ад Падбярэззе з семантыкай 'чалавек з названай мясціны (паселішча)'. ФП: бяроза - пад бярозай ( -амі) - падбрэззе - Падбрэззе - Падбярэзскі .
Пазнякоў (Міхась П.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Пазняк з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Пазняк - Пазнякоў ). ФП: позні - пазняк - Пазняк - Пазнякоў .
Панцюшэнка (Ціхан П.) - утварэнне з суфіксам - энка ад антрапоніма Панцюх з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Панцюх - Панцюшэнка ). ФП: Пантелей (імя) - Панцюх - Панцюшэнка .
Пацюпа (Юрась П.) - утварэнне ад гутарковай формы імя Ипатий - Пац - Пацюпа . Як і Патупа (М. Бірыла. Беларуская антрапанімія. 1982, с. 168). Разам з тым структура антрапоніма не дае тлумачэння фарманту -упа , таму больш ве-рагоднае адапелятыўнае яго паходжанне - ад дзеяслова пац ю паць і дэрывата ад яго пац ю пайла , што падаюцца "Вялікім слоўнікам беларускай мовы" Ф.А. Піскунова (2012, с. 714) з семантыкай 'пра гультая', а таксама ў "Слоўніку беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча" (1982, т. 3, с. 469): "Пацюпайла м. і ж., зневаж. хто гультаяваты" (Пацюпайла марудна робіць). ФП: пац ю паць - пац ю па ('маруда') - Пац ю па .
Пракопчык (Леанід П.) - утварэнне з суфіксам -чык ад антрапоніма Пракоп з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Пракоп (імя) - Пракопчык .
Пранчак (Леанід П.) - адымёнавае прозвішча, паходзіць ад Прантишек (< Франтишек ): Прань - Пранец - Пранчак.
Прыбыткоўскі (Уладзімір П.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -оўскі ад Прыбыткі (паселішча): Прыбыткоўскі .
Пятровіч (Барыс П.) - форма бацькаймення ад Пятро з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Пётр - Пятро - Пятровіч . Пісьменнік Барыс Пятровіч Сачанка ўзяў сярэдні кампанент поўнага імя (прозвішча) свайго бацькі. Як галоўны рэдактар часопіса "Дзеяслоў" ён падае: "Барыс Пятровіч (Сачанка)".
Рубін (Іван Р.) - мажлівы семантычны дэрыват ад апелятыва рубін 'каштоўны камень чырвонага колеру', або як форма мужчынскага роду ад апелятыва руб і на 'адзежына' (Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі. 1984, т. 4, с. 309).
Рублеўская (Людміла Р.) - адтапанімічнае утварэнне з суфіксам -еўская ад Рубель (назва паселішча). ФП: рубіць - рубель ('жэрдка') - Рубель - Рублеўская.
Саверчанка (Іван С.) - дэрыват з суфіксам -анка ад антрапоніма Саверка з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Саверый (імя) - Саверка - Саверчанка (чарг. к/ч ).
Саковіч (Аляксандра С.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Сак з акцэнтацыяй фарманта -овіч і семантыкай 'нашчадак (дачка) названай асобы'. ФП: Ісак (канан. правасл. Исаак, Исаакий ) - Сак - Саковіч.
(Працяг у наступным нумары .)
Павел Сцяцко
Наша тэлевізійная зорка!
Апошнім часам мяне ўсё больш прывабліваюць людзі ў вышыванках. Іхнія вышыванкі пра шмат чаго гавораць. На гэты раз я зацікавіўся вышыванкай Зінаіды Бандарэнкі.
Зіна Бандарэнка!... За ўсе гады сваёй нястомнай працы на тэлебачанні яна гэтак увайшла ў нашу свядомасць, у нашу беларускую свядомасць, хоць на экране, з экрана мільгаюць іншыя асобы і постаці, а мне, ды і не толькі мне, незалежна ад рэальнасці, заўсёды і скрозь бачыцца і чуецца наша незабыўная Зіна Бандарэнка з сваім мяккім і даверлівым інтанацыйным голасам. Шматлікія паклоннікі яе таленту ставяцца да яе з любоўю і павагай за высокі прафесіяналізм, абаяльнасць, задушэўнасць, прыгажосць дабрыню жанчыны, сапраўднай патрыёткі Беларусі. Выступленні артысткі мне запомніліся яшчэ мілагучнай беларускай мовай, дасканалымі нацыянальнымі строямі .... Усё выглядала натуральна, прывабна. Працуючы на тэлебачанні, я не адзін раз чуў параду новым абраным дыктарам: "Працуйце, як Зіна Бандарэнка, і вам поспех усебакова будзе забяспечаны". Урэшце, шаноўная артыстка пагадзілася, падахвоцілася распавесці, як яна здабывала сваю першую вышыванку перад выхадам у эфір.
Яна пачынала сваю кар'еру 20- гадовай дзяўчынай на Гомельскай тэлестудыі. З таго часу цалкам акунулася ў тэлевізійную стыхію. То дамо слова самой Зінаідзе Аляксандраўне:
- Стварэнне вобраза - гэта частка маёй прафесіі. Калі я прайшла конкурс дыктараў і мяне залічылі ў штат, мне сказалі, каб набыла сабе стылізаваны беларускі строй. У Гомелі на тыя гады была адзіная майстэрня, дзе працавалі вышывальшчыцы. У асноўным, яны апраналі мастацкія калектывы.
Калі я атрымала першую зарплату, адразу наведала гэтую майстэрню і заказала сабе вышываную кашулю. А сарафан з цёмна-сіняга кашаміру мы пашылі з мамай. Вельмі спяшаліся, таму што конкурс я прайшла ўлетку, а студыя ўжо рыхтавала перадачу да Дня савецкай канстытуцыі. Як ты помніш, гэта было 5 снежня, і мне ўжо сказалі, што вядоўцай буду я. I калі мяне перавялі ў Менск (1962 г.), напачатку ў адказныя даты я працавала менавіта ў гэтай вышыванцы. Потым набывала вышытыя купоны ў краме і заказвала сабе яшчэ адзенне. Праз некалькі гадоў наладзіла сувязь з Беларускім цэнтрам моды. Для мяне выпрацоўвалі стылізаваныя беларускія строі мадэльеры Іна Булгакава і Галіна Мяшкова. На святочныя праграмы ў Дзень савецкай канстытуцыі цэнтральнае тэлебачанне запрашала дыктараў з 15-ці саюзных рэспублік, і я заўсёды выходзіла ў беларускім строі, і калі працавала на фестывалях "Славянскі базар" ці іншых, апранала адзенне ў нацыянальным стылі. Інтуітыўна я адчувала, каб весці дзяржаўныя ўрачыстыя канцэрты, трэба выходзіць на сцэну ў вобразе беларускі.
- Мне ўспамінаецца, як Вы ў прыгожым нацыянальным строі адкрывалі рэспубліканскую мастацкую выставу, прысвечаную 1000-год-дзю назвы краіны "Літва". У Палацы мастацтваў тады гучала паэзія Адама Міцкевіча ў Вашым цудоўным выкананні. Слухаў бы і слухаў. А якім чынам Вы прадстаўлялі нашу Беларусь за мяжой?
- Канцэрты пад час Дзён беларускай культуры праходзілі і ў Маскве, і на Далёкім Усходзе. Творчыя вечары Ігара Лучанка я вяла ў залах "Расія", імя Чайкоўскага, чытала вершы нашых паэтаў. Масквічы адчувалі прыгажосць беларускай мовы і вельмі добра нас сустракалі. Успамінаю яшчэ выступленне беларускіх артыстаў на цэнтральнай плошчы Ханоя, пасля заканчэння вайны Вьетнама і ЗША. Навокал вельмі шмат было людзей, і многія падыходзілі, каб дакрануцца да мяне, а я вяла канцэрт у прыгожым нацыянальным строі. Там існуе такое павер'е: калі спадабаўся чалавек, то дакраніся да яго адзення, і сам станеш яму падобным, таксама шчаслівым, прыгожым.
- А іншыя дыктары на беларускім тэлебачанні мелі "вышыванкі"?
- Так, і ў Гомелі, і ў Менску. Дыктар Кацярына Несцяровіч у нацыянальным адзенні запрашала гледачоў на "Вячоркі".
Пасля майго сыходу з тэлебачання ўсе мае касцюмы, беларускія строі засталіся ў касцюмерцы студыі. Думаю, што іх павыкідалі, як і ўсе нашы відэазапісы.
- Магчыма, яны захоўваюцца ў музеі беларускага тэлецэнтра? Было б цікава яго наведаць і пабачыць, якія там экспанаты. Вось каб стварылі такую тэлеперадачу ці гістарычны фільм!
Я пытаюся ў Зінаіды Аляксандраўны,што яе зараз цікавіць, мо турбуе? Яна паранейшаму застаецца прыхільніцай беларускага ТБ?
- Пераважна гляджу перадачы выбарачна, найчасцей нас прываблівае украінскае тэлебачанне. З беларускіх праграм калі-нікалі заглядваю на трэці канал. Шукаю сабе адпаведнае сугучча. Нядаўна глядзела праграму "Гаворым па-беларуску".
Цяпер рыхтуем пастаноўку пра Кастуся Каліноўскага паводле твораў Уладзіміра Караткевіча. Ды шмат іншых трывог і клопату.
Надышоў юбілей Народнай артысткі БССР Зінаіды Аляксандраўны Бандарэнкі. У красавіку 2014 года яна адзначыла сваё 75-годдзе. I сёння зорная артыстка не пакідае творчую, прафесійную дзейнасць і рыхтуе маладую змену на тэлеканале Белсат. Гэтак і надалей трымайце сваю годнасць.
Уладзімір Содаль , аўтар і вядовец праграмы "Роднае слова" на БТ.
Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў траўні
Абухоўскі Юры Адамковіч Аляксандр Эдмун. Азарка Вольга Ўладзіміраўна Акуленка Міхаіл Александровіч Разалія Адам. Алесіна Таццяна Міхайлаўна Аляшчэня Мікалай Мікал. Анапрыенка Ірына Анішчык Барыс Вітальевіч Апалька Жанна Віктараўна Апон Мікалай Арлоў Валянцін Мікалаевіч Аскерка Зміцер Астахновіч Андрэй Казіміравіч Астравух Аліна Эдмундаўна Аўсейка Канстанцін Бабіч Юры Міхайлавіч Бакшун Валянціна Баланчук Эдуард Мікалаевіч Баркун Юры Васільевіч Бародзіч Сямён Дзмітрыевіч Бароўскі Анатоль Мікалаевіч Барыс Сымон Вікенцьевіч Басякоў Фёдар Рыгоравіч Бахун Сяргей Пятровіч Белавокая Наталля Богуш Святлана Яўгенаўна Бордак Уладзімір Адамавіч Борсук Ніна Мікалаеўна Брыцько Ўладзімір Буднік Янка Фёдаравіч Буз Андрэй Віктаравіч Буката Людміла Аляксандр. Буката Надзея Эдвардаўна Бушлякоў Юрась Сямёнавіч Быкава Надзея Мартынаўна Быстранкова Таіса Вікенцеўна Бяйдук Наталля Вайцэховіч А.Р. Валіцкая Іна Валошчык Мікола Антонавіч Валчок Ліля Вараб'ёў Уладзімір Раманавіч Васілеўская Кацярына Васільева Кацярына Васільчук Іван Дзмітрыевіч Вішнеўская Дар'я Дзмітрыеўна Галубовіч Вольга Галустаў Эдуард Ганчарык Марыя Яраславаўна Гарбачэўскі Васіль Гаўрыленка Юлія Міхайлаўна Гладкі Леанід Анатольевіч Глямбоцкая Рэната Аляксанд. Гнеўка Анатоль Лявонавіч Гоўша Уладзімір Міхайлавіч Грудзіна Аляксандр Пятровіч Грумо Зміцер Грышкевіч Кірыла Уладзімір. Гундар Уладзімір Тадэвуш. Гуркоў Ігнат-Дамінік Гусак Станіслаў Рыгоравіч Давыдзік Кацярына Канстан. Даніловіч Раіса Дзмітрыеў Андрэй Уладзімір. Дзяконскі Аляксандр Алякс. Долбік Юры Уладзіміравіч Драўніцкая К.М. Драўніцкі Іван Пятровіч Дрозд Галіна Думанскі Аляксандр Жабінская Марыя Пятроўна Жукоўская Тацяна Яўгенаўна Жураўлёва Тацяна Сяргеўна Жылач Тацяна Міхайлаўна Іванова Анфіса Міхайлаўна Ісайкіна Вольга Юр'еўна Кабылка Віталь Кавалёў Станіслаў Аляксанд. Кавальчук Галіна Тадэвуш. Кавальчук Часлаў Францавіч Казакевіч Юры Іосіфавіч Калакольцава Аліна Калацкая Вольга Калеснікава Алена Ўладзімір. Каляда Ніна Фёдараўна Камандзірчык Алесь Алякс. Камко Наталля Юр'еўна Кампонеец Святлана Юр'еўна Кандракоў Міхаіл Валер'евіч Кандратовіч Ігар Кандратовіч Ян Янавіч Кандрацьеў Андрэй Васільевіч Кануннікаў Сяргей Іванавіч Карнееў Віктар Васільевіч Карнілава Наталля Яўгенаўна Кароль Аляксей Сцяпанавіч Кароль Маргарыта Міхайл. Карпінская Юлія Карповіч Андрэй Іванавіч Карцель Настасся Касавец Іван Язэпавіч Касцюк Георгі Васільевіч Каўлярова Т. М. Клімуць Вольга Кляшторная Мая Тодараўна Корзан Сцяпан Уладзіміравіч Корзан Уладзімір Сцяпанавіч Корзан Яніна Браніславаўна Кот Алена Коўган Сяргей Яўгенавіч Кравец Дзмітры Юр'евіч Красоўская Ганна Казіміраўна Крук Віктар Фёдаравіч Кручкоў Сяргей Мікалаевіч Кудрашоў Віктар Кульбянкова Іна Лабачоў Яўген Дзмітрыевіч Лагун Вольга Эдвардаўна Лапо Аляксандр Іванавіч Латоцін Лявон Алякандравіч Лебедзева Наталля Мікалаеўна Леўшык Станіслаў Станіслав. Лук'янцаў Кірыла Лытнёў Міхаіл Люмарава Галіна Сяргееўна Ляскоўская Зоя Нікіфараўна Майсеня Людміла Іосіфаўна Макарскі Андрэй Георгіевіч Макарчык Уладзімір Макрыцкая Таццяна Міхайл. Малышава Галіна Малько Пётр Іванавіч Мальцава Ганна Валянцінаўна Марцінкевіч Яўгенія Мацвеева Тацяна Генадзеўна Мацвееў Максім Іванавіч Мекшыла Мікалай Міцкевіч Кастусь Міцкевіч Яўген Фаміч Моніч Алесь Мурашка Людміла Мікал. Муха Валянцін Станіслававіч Мяснянкіна Ала Міхайлаўна Навасельская Тацяна Уладз. Нароўская Ала Мікалаеўна Нарушэвіч Міхаіл Алегавіч Натынчык Уладзімір Алякс. Ніжанкоўская Ірына Уладзісл. Нікіпорчык Віктар Отчык Андрэй Падгайская Людміла Лаўрэнц. Панізьнік Сяргей Сцяпанавіч Паплаўская Ірына Станіслав. Паўлаў Міхаіл Іванавіч Паўлініч Валеры Валерыевіч Паўтаржыцкі Канстанцін Бр. Пашкевіч Ігар Пералыгін Алесь Пожанька Ігар Леанідавіч Пратасавіцкая Марыя Георг. Праташчык Людміла Віктар. Праўдзін Віктар Аляксандр. Пуцікаў Ілля Пушкін Ігар Аляксандравіч Пыжык Аляксей Пяткевіч Тацяна Віктараўна Пятрашка Майя Радзюк Алена Іванаўна Радзюк Уладзімір Сяргеевіч Рачэўскі Станіслаў Рыгоравіч Рубанік Тацяна Руткевіч Вераніка Антонаўна Рухлова Тамара Рымша Фаіна Ціханаўна Сабуць Галіна Эдмундаўна Савук Аляксандр Юр'евіч Салаўёў Зміцер Сяргеевіч Салговіч Вольга Віктараўны Салодкі Юры Часлававіч Самасюк Ганна Самойленка Арцём Сяргеевіч Саханчук Людміла Мікалаеўна Сердзюкова Марыя Васіл. Сідар Маргарыта Сідаровіч Яніна Дзмітраўна Сілкова Раіса Іванаўна Сільвановіч Станіслаў Алёйз. Сітнік Аляксандр Сіўко Франц Іванавіч Снітко Вольга Уладзіміраўна Снітко Галіна Мікалаеўна Станевіч Тамара Іосіфаўна Станевіч Юры Сташэўскі Яўген Адамавіч Строкач Аляксандр Пятровіч Стукаў Віктар Якаўлевіч Сцефановіч Рамуальд Счасная Нэлі Пятроўна Сяліцкая Рыта Талкачыкава Кацярына Аляк. Таневіч Галіна Янаўна Тарасенка Уладзімір Мікал. Тырсін Васіль Анатольевіч Тышкевіч Галіна Францаўна Фадзеева Тацяна Мікалаеўна Харанека Святлана Станісл. Харланчук Аляксандр Анат. Хвайніцкі Часлаў Сіманавіч Хітрун Ілья Андрэевіч Холеў Станіслаў Браніслававіч Хоміч Генадзь Рыгоравіч Храмлюк Марыя Іосіфаўна Цвікевіч Мікалай Аляксеевіч Церпугова Алена Фёдараўна Цітоў Леанід Сцяпанавіч Цюрын Аляксей Сяргеевіч Чарнышова Алена Аляксанд. Чухліб Наталля Чхаідзэ Георгі Чэчат Віктар Аляксандравіч Шабуня Ніна Шантар Дзіяна Георгіеўна Шапуцька Віктар Аляксандр. Шарах Мікола Аркадзевіч Шароў Георгі Іванавіч Шарыпкін Генадзь Леанідавіч Шаўкера Алег Шахаб Дар'ян Шахмуць Ніна Іванаўна Шкірманкоў Фелікс Шошын Руслан Алегавіч Шруб Марына Шупенька Ірына Аляксандр. Шуткін Сяргей Сяргеевія Шчарбіна Святлана Шчэрба Святлана Мікалаеўна Шык Кірыл Іванавіч Шыла Ўладзімір Шыманіца Ала Іванаўна Шышкавец Ала Аркадзеўна Юрэвіч Генрых Іосіфавіч Якубчык Генрых Яніцкая Мая Міхайлаўна Яцыновіч Святлана
Памёр Рыгор Клікушын
На 93-ім годзе жыцця памёр вядомы беларускі графік Рыгор Піліпавіч Клікушын. Мастак нарадзіўся 4 снежня 1921 года. Скончыў Маскоўскі паліграфічны інстытут. Выкладаў у Віцебскім педагагічным інстытуце (1959-1970).
За свае погляды выключаўся з Беларускага саюза мастакоў. У часы пасля 1991 года адноўлены. Працаваў ў тэхніках малюнка пяром і лінарыту. Стварыў станковыя серыі "Віцебск, любоў мая" (1960-64), "Вясковыя пейзажы" (1961-1964), "Стары Віцебск" (1962-1969), "Успамін пра малую радзіму" (1967-1968), лінарыты "Сярод бяроз" (1962), "У майстэрні" (1970), якія вылучаюцца дасканалай пластыкай, графічнай і кампазіцыйнай выразнасцю.
Аформіў кнігі твораў К. Крапівы, Ч. Дзікенса, А. Дзюма, К. Паўстоўскага і іншых. Аўтар арыгінальных шрыятаў ("Увага", "Віцебск", "Вольга", "Сувенір", "Народны", "Ініцыяльны", "Дзвіна" і інш.)
Сябраваў з многімі дзеячамі беларускай культуры. Вёў дзённік.
Аляксей Шалахоўскі, гісторык, журналіст.
Ружоўнік каля сцен Магілёўскай ратушы
16-га красавіка сябры магілёўскай суполкі ТБМ дапамаглі аздабляць аблічча роднага горада - высадзілі ружоўнік каля сцен гарадской ратушы. Пяць кустоў садовай ружы высадзілі ў загадзя падрыхтаваныя акуратныя ямкі з чарназёмам. Дзеці актыўна дапамагалі дарослым ва ўпрыгожванні ваколіц ратушы. Прынялі ўдзел у высадцы ружаў каля 15 чалавек на чале са старшынём абласной арганізацыі Алегам Дзьячковым. Клумбы з ружамі існавалі ў горадзе і раней, але з часам іх не засталося. Спадзяёмся, што гэта толькі пачатак у аднаўленні добрай традыцыі.
Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ.
Дзень аховы помнікаў і памятных мясцін у Магілёве
18-га красавіка ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень аховы помнікаў і памятных мясцін. Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ імя Францішка Скарыны кожны год ў гонар гэтага свята праводзіць бясплатную пешаходную экскурсію па гістарычным цэнтры нашага старадаўняга горада. Адбылася такая экскурсія і ў гэты раз. Сустрэўшыся на Замкавай гары (цяпер - парк імя Максіма Горкага), нашая грамада наведала Губернатарскую (Савецкую) плошчу, месцы, дзе знаходзіліся раней Багаяўленская царква і езуіцкі калегіюм, касцёл св. Ксаверыя, наведалі таксама надворак касцёла св. Станіслава, трыумфальную арку ды шмат іншых цікавых месцаў. Праводзіў экскурсію старшыня абласной арганізацыі ТБМ Алег Дзьячкоў.
Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ.
Фестываль "Травень": крыштальная чысціня беларускай музыкі
Гурты Re1ikt, "Людзі на балоце", Handmade, праект Naka piano і спявачкі Тацяна Беланогая і Кася Камоцкая стануць гасцямі першага акустычнага фестывалю "Травень".
Фестываль пройдзе 18 траўня на пляцоўцы менскага клуба "Мулен Руж". У ім возьмуць удзел самыя цікавыя беларускія каманды і выканаўцы, якія працуюць у плыні акустычнай музыкі. Заяўлены выступ шасці выканаўцаў. І кожны з іх рыхтуе свой адметны сэт. Найлепшы беларускі гурт-2013 па версіі парталу Tuzin.fm Re1ikt прадэманструе сваё новае гучанне з духавымі інструментамі, Naka piano сыграе пад акампанімент піяніна новыя беларускія творы, поўным складам пакажа сваю абноўленую праграму гурт Handmade, Тацяна Беланогая прадставіць нізку песень на словы Яўгеніі Янішчыц, а "Людзі на балоце" - на вершы Дануты Бічэль, свае найлепшыя песні за 25 год, а таксама некалькі новых зайграе першая беларуская рок-князёўна Кася Камоцкая.
Мерапрыемства ладзяць інтэрнэт-партал Tuzin. fm, грамадска-культурная кампанія "Будзьма беларусамі!" і творчая каманда паб-клуба "Графіці". "Мы збіраем на адной сцэне разам улюбёных музыкаў-сонграйтэраў, найлепшых прадстаўнікоў бард-року, гурты, якія з дапамогай толькі акустычных інструментаў дасягаюць неверагоднага гучання і надаюць вялікую ўвагу Слову", - кажуць арганізатары фестывалю.
"Травень" мае стаць традыцыйным і праходзіць двойчы на год. Ідэя фестывалю акустычнай музыкі ўжо выклікала вялікі водгук у беларускіх музыкаў, таму вырашана абвесціць адбор на другі фэст, які пройдзе ўжо гэтай восенню. Да 18 траўня музыкі, хто працуе у фармаце unplugged, могуць падаваць заявы на ўдзел у адборачных канцэртах, якія будуць праходзіць цэлае лета.
Ахвяраванні на ТБМ
1. Зімніцкая Валянціна - 30000 р., г. Менск
2. Залькоў Сяргей - 200000 р., г. Гародня
3. Давідовіч Павел - 50000 р., г. Берасце
4. Ахрамчук В.Г. - 30000 р., г. Светлагорск
5. Гаева А.Д. - 50000 р., г. Менск
6. Данілюк Віктар - 50000 р., г. Менск
7. Пухоўская Юлія - 50000 р., г. Менск
8. Несцераў Віктар - 100000 р., г. Менск
9. Кушнір Васіль - 50000 р., в. Грычына
10. Вяргей Валянціна - 100000 р., г. Менск
11. Казлоўская Іна - 30000 р., г. Менск
12. Панамароў Сяргей - 70000 р., г. Менск
13. Мануленка Уладзімір - 50000 р., г. Менск
14. Усціновіч В.В. - 100000 р., г. Менск
15. Ляўшун Дзяніс - 195000 р., г. Менск
16. Чыгір Я.А. - 50000 р., г. Гародня
17. Каралёнак Мікола - 50000 р., г. Менск
18. Грышчанка Валянціна - 50000 р., г. Гомель
19. Лепешаў Іван - 100000 р., г. Гародня
20. Сечка Зміцер - 100000 р., в. Грыбоўня, Салігорскі р-н
21. Лагуціна Марына - 50000 р., г. Менск
22. Рыбачонак Аляксандр - 300000 р., в. Міхацавічы, Менскі р-н
23. Дзеці Фактаровіча Д.Е. - 1000000 р., г. Менск
24. Курава Тамара - 50000 р., г. Менск
Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.
Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.
Паўстанне катаржан
(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
- Бо не для таго паўста-валі, каб здохнуць з голаду.
І паасобныя групы па-чалі выходзіць да бурацкіх вёсак, каб там купіць або сілай здабыць прадукты. Але там пільнавалі іх ужо пераважна расейскія атрады. Паўстанцы адчайна біліся да апошняга або ўжо зусім абыякавыя не аказвалі ніякага супраціву, дазваляючы расейскім салдафонам рабіць з сабой усё, што ім падабалася.
Тым не менш рэшткі паўстанцаў змагаліся з цяжкасцямі з жалезнай вытрымкай. Яшчэ 9 ліпеня вялікая група паўстанцаў спрабавала са зброяй у руках прарвацца да кітайскай мяжы. Паўстанцы занялі бурацкую вёску Арманту, запасліся тут прадуктамі. Бураты паднялі па трывозе блізкі расейскі патруль. Прыбыўшы атрад харунжага Гуськова сутыкнуўся з паўстанцамі над ракой Іто. Бой працягваўся не доўга. Адпачыўшыя салдаты лёгка перамаглі змучаных паўстанцаў, расейскія карабіны ўзялі верх над косамі палякаў.
Усіх узялі ў палон. У тым аддзеле знайходзіліся Шарамовіч і Цалінскі. Шарамовіч не жадаючы нарвацца на здзекі і пераслед разбэшчаных салдафонаў не адкрыў свайго прозвішча. Выявілі яго толькі ў Іркуцку.
Найдаўжэй пратрымаўся выведвальны аддзел. Камандаваў ім Эдвард Вронскі. Аднак неўзабаве ён пакінуў таварышаў, здаўшыся ў рукі маскалёў. Тады на чале аддзела стаў энергічны Каткоўскі. Цэлыя два тыдні той аддзел блудзіў па тайзе. Цалкам вычарпаныя выйшлі паўстанцы на гасцінец і тут трапілі ў рукі казакаў пад камандай Гусева. Ужо не былі здольныя для аказання хоць якога супраціву.
Здача Каткоўскага - апошні акорд паўстання. Начальнік штаба генерал Кухель выслаў у той жа дзень тэлеграму ў Пецярбург наступнага зместу: "Дзякуючы хуткім і энергічным крокам, а таксама мужнасці расейскага салдата паўстанне было сёння канчаткова задушана."
Страты ў людзях былі наступныя: з урадавага боку - 6 трупаў, з боку паўстанцаў - 22. Параненых не лічылі.
Перад судом
24 кастрычніка 1866 года начальнік артылерыі Усходняй Сібіры Г.М. Саф'яно адкрыў першае паседжанне палявога суда над ссыльнымі палякамі.
З 718 ссыльных, якія працавалі на ваколбайкальскім тракце, перад судом сталі 680. з пазасталых 38 - 22 былі за-бітыя, 2 цяжка параненыя, 2 судзілі за крадзёж, 2 - проста за ўцёкі (былі гэта тыя два палякі, чые ўцёкі разам з крадзяжом карабінаў прыспешылі выбух паўстання). Нарэшце 10 наогул нельга было знайсці.
"Грамадская думка суд вельмі мала турбавала. Грамадскасць на судзе была добра падабрана - адны афіцэры або чыноўнікі: яны пачыналі хадзіць на зале, размаўляць са знаёмымі і жартаваць. А там, перад судом вырашаецца лёс соцень людзей. Разыгрываецца перадапошні акт адной з найвялікшых, найбольш памятных трагедый нашага краю".
Так пісаў у пецярбургскіх "Біржавых ведамасцях" іхні іркуцкі карэспандэнт да вялікага незадавальнення генерал - губернатара.
Кім быў той адзіны ў судовай зале чалавек, які ўсім сэрцам, усёй душой быў на баку абвінавачаных, які не прыйшоў для таго, каб пазабавіцца відовішчам людзей, якія роспачліва змагаліся за сваё жыццё, але які сціскаў кулакі ад гневу і абурэння.
Быў гэта не хто іншы, як князь Пётр Крапоткін, слаўны пазней ва ўсёй Еўропе правадыр анархістаў. У той час быў ён чыноўнікам па асобых даручэннях пры генеральным губернатары Ўсходняй Сібіры. Як такі, быў чужы на ўсім працэсе.
"Для мяне , - пісаў пазней Крапоткін у сваіх знакамітых "Запісках рэвалюцыянера", - і для майго брата паўстанне было навукай. Суд сам, сваёй бяздушнасцю і перадузятасцю зрабіў на нас велізарнае, надзвычай гнятлівае ўражанне і стаўся бадай што паворотным пунктам у нашым жыцці. Брат мой Аляксандр знаходзіўся ў Іркуцку, і яго сотня была выслана супраць палякаў. На шчасце камандзір палка, у якім служыў мой брат, ведаў яго добра і меў на яго спецыяльныя віды: даручыў з нейкай прычыны каманду над атрадам іншаму афіцэру. Іначай Аляксандр, канешне, адмовіся б выконваць загад. Калі б я тады знайходзіўся ў Іркуцку, паступіў бы, канешне, так сама. Мы вырашылі адмовіцца да вайсковай службы і вярнуцца ў Еўрапейскую Расію".
Крапотніку мы ўдзячныя таксама за найважнейшыя звесткі пра сам ход паўстання.
Ход працэсу
Увесь судовы працэс быў сапраўднай камедыяй.
Выступалі адзін за другім падстаўныя сведкі - афіцэры, салдаты прымушаныя мужыкі. Яны даводзілі, што паўстанцы былі людзьмі пазбаўленымі ўсякага гонару, якія прагна хапалі ўсё, што ім трапляла пад руку, вылюдкамі, шкурадзёрамі і г.д.
Паўстанцы ў час следства і суда наогул паказвалі моцны характар і не выдавалі сваіх кіраўнікоў. Не выдалі таксама нікога з таварышаў. З правадыроў толькі малады Каткоўскі і яшчэ малодшы Вронскі не вытрымалі катаванняў агнём. Хочучы ўратаваць сваё жыццё, звальвалі ўсю віну на Шарамовіча, які іх як бы змусіў да ўдзелу ў паўстанні і да заставання ў шэрагах. Абвінавачвалі таксама Цалінскага і іншых, як арганізатараў змовы. Вронскаму тое "раскаянне" на столькі дапамагло, што выратавала ад смяротнага выраку, Каткоўскі аднак не пазбег кулі.
Як жа прыгожа і ярка адрозніваецца ад тога ўпадку духу ў маладых і недасведчаных паўстанцаў гарт і мужная пазіцыя Ільяшэвіча і Шарамовіча.
Густаў Шарамовіч узяў усю віну на сябе. Высокі, прыгожы, малады адважна глядзеў у вочы сваім катам. Ва ўзрушанай прамове абмаляваў усю нядолю ссыльных, іх цяжкае безнадзейнае жыццё. Далей пачаў гаварыць пра вечную тугу аб свабодзе, якая напаўняе сэрца кожнага паляка.
- Таго агню не мог патушыць у Польшчы Мураўёў Вешальнік, не патушыце яго і вы з вашымі смяротнымі выракамі. Мы, арганізатары і правадыры паўстання сведчым тут, перад уласным сумленнем, што не зрабілі нічога, што хоць у найменшай меры заслужвала б на пакаранне.
Сярод магільнай цішы, якая запанавала пасля той прамовы ўзяў слова Ільяшэвіч:
- Ведаю, што калі Бянёўскі ўцёк з Камчаткі з чатырма камчадаламі - праваднікоў, камчадалаў тых потым злавілі і вывезлі ў Расію. Даведаўшыся, што тыя няшчасныя ўсыхаюць у далечыні ад Бацькаўшчыны, Кацярына ІІ адаслала іх у родны край. Было гэта 18 стагоддзе: ці ж цяпер, калі ўсе паняцці змяніліся, утопіце мяне за спробу пошуку свабоды?
Будзеце мяне судзіць перад вачыма ўсёй Расіі, перад вачыма Еўропы, голас народа вынесе з часам прыгавор на вашыя ўчынкі. А кроў прыгавораных упадзе на голавы вашыя і дзяцей вашых!!!
Пракурор мае слова
На тым, з усіх поглядаў, арыгінальным працэсе апошняе слова мелі не абвінавачаныя, а .... пракурор.
- Высокі суд! - прамовіў ён. - Справа, якую мы разглядаем, не мае сабе роўнай у гісторыі судаводства ў Сібіры. Але і злачынства, якое ўчынена, не мае сабе роўных у гісторыі нашага ўсходняга краю. Гэта першы ў Сібіры яўны бунт супраць ураду Расеі і Найсвяцейшага Трона! Людзі, якіх суровая кара мела аздаравіць і з іх душ раз на заўсёды выкараніць злыя інстынкты, дадалі тут яшчэ большае злачынства.
Тут пракурор апісаў ход паўстання, пасля чаго закончыў:
- Жадаю найсуровейшай кары для ўсіх правадыроў паўстання. Кроў нашага героя, с.п. паручніка Порахава просіць помсты ў неба. Але няхай і пазасталыя вінаватыя не пазбегнуць справядлівай, строга караючай рукі Божай!
Прыгавор
9 лістапада старшыня суда Г.М. Саф'яно прачытаў урачыстым голасам наступны прыгавор:
"Палявы суд у Іркуцку прызнае Ваколбайкальскае паўстанне за бунт, ці за паўстанне і змову многіх падданых супраць манарха і дзяржавы, спалучаныя з учынкамі гвалту.
Суд пастанаўляе пакараць усіх удзельнікаў паўстання стасоўна да іхняй віны, а менавіта:
Семярых галоўных кіраўнікоў, г. зн. Густава Шарамовіча, Нарцыза Цалінскага, Якуба Райнера, Уладзіслава Каткоўскага, Казіміра Арцімовіча, Леапольда Ільяшэвіча і Эдварда Вронскага прыгаварваю да смерці праз расстрэл.
Вінаватых ва ўдзеле ў сутычках і ў выправе да кітайскай мяжы ў колькасці 197 чалавек прыгаворваю: кожнага дзесятага, указанага лёсам, да расстрэлу(!), а рэшту да ста бізуноў і безтэрміновых работ у шахтах.
122 ссыльных, якія далучыліся са зрояй у руках да паўстання, але пазней падчас пераследу адступілі ад яго прыгаварваюцца да цялесных пакаранняў і ўзмацнення катэгорыі пакарання адносна тых, да якіх былі прыгавораны першапачаткова.
78 ссыльных, прызнаюцца за моцна падазраваных ва ўдзеле ў бунце, і на іх распаўсюджваецца строгая апека ў вязніцы.
Астатнія вызваляюцца ад віны.
Акрамя таго прыгаворам палявога суда асуджаныя маюць уласным коштам пакрыць усе шкоды, нанесеныя мясцовым людзям і дзяржаве ў памеры 44407 руб. 85 кап."
Губернатар пазней памілаваў прыгавораных да смерці: Арцімовіча, Ільяшэвіча і Вронскага, ім кара была заменена на пажыццёвую катаргу. Пастанавіў таксама не праводзіць лёсавання для расстрэлу кожнага дзясятага асуджанага з ІІ катэгорыі. Ва ўсім іншым прыгавор зацвердзіў, прымяніўшы нават у адносінах да паасобных асуджаных шэраг узмацненняў кары.
Смерць герояў
18 лістапада смяротны прыгавор прывялі ў выкананне. Была марозная імглістая раніца. На пляцы за Якуцкай рагаткай сабраўся ўвесь горад: экзекуцыя мела быць публічнай.
Першы сышоў з воза асуджаных Шарамовіч. Падышоў да яго ксёндз Крыштаф Швярніцкі, пробашч каталіцкага касцёла ў Іркуцку, сам некалі асуджаны за ўдзел у змове Шымона Канарскага. Ксёндз быў белы, і рукі яго дрыжалі: бачачы гэта, Шарамовіч сказаў:
- Ойча, заміж таго, каб нас падмацаваць духам Божым і дадаць нам мужнасці ў астатнюю хвілю, сам падаеш духам і патрабуеш бадзёрасці: рука твая, якая мае даць нам дабраславенства на адход у вечнае жыццё, дрыжыць. Супакойся і маліся не за нас, але за будучыню Польшчы. Нам усяроўна, дзе маем палегчы за Бацькаўшчыну: у сябе ў краі, ці тут, на выгнанні. Думка, якая была нам зоркай праводнай, не згіне і пасля нас. Вось што ўма-цоўвае і суцяшае.
Сказаўшы гэта, Шарамовіч абняў пазасталых таварышчаў і смелым крокам падышоў да аднаго з чатырох убітых у семлю слупоў.
І хвіліну, калі накладалі на яго смяротную кашулю, зняў з галавы шапку і падкінуў яе ўгору з воклічам:
- Яшчэ Польшча не згінула!
Былі гэта яго апошнія словы. Праз хвіліну раздаўся залп: мёртвае цела жалезнага правадыра, нязгіннага змагара за свабоду з глухім енкам упала на землю.
Пасля Шарамовіча расстралялі пазасталых трох асуджаных. Адзін толькі з іх Каткоўскі не вытрымаў і расплакаўся. Калі яго аднак прывялі да палі, знайшоў у сабе моц духу і адважна паглядзеў у твар сваім катам. Памёр са словам "Свабода" на вуснах.
Паляк, якога лёс закіне можа калі ў Іркуцк, без цяжкасці знойдзе крыжы і помнікі з надпісам: "Ветэран - паўстанец 1863 г.".
На адной з такіх магіл, якая знайходзіцца тут пры паркане, чытаем наступныя словы:
"У 1863 годзе змагаўся за Айчыну, волю і братэрства. Не ўбачыў Айчыны пры жыцці, загінуў за родную зямлю, жадаючы бачыць яе шчаслівай і вольнай..."
З 1967 года ў Іркуцку ёсць вуліца Польскіх Паўстанцаў, названая ў гонар паўстанцаў 1866 года.
Вуліца Польскіх Паўстанцаў (былая Спаская, Семінарская, Транспартная) - вуліца ў Правабярэжнай акрузе горада Іркуцка, адна з цэнтральных і найстарэйшых вуліц горада. Размешчана ў гістарычным цэнтры паміж паралельнымі ёй вуліцамі Ніжняя Наберажная і Рабочая, пачынаецца ад скрыжавання з вуліцай Сухэ-Батара, заканчваецца скрыжаваннем з вуліцай Снежаньскіх Падзей.
У 1782 годзе на вуліцы Спаскай быў пабудаваны будынак Іркуцкай духоўнай семінарыі. Вуліца пачала звацца Семінарскай.
У 1920-х гадах вуліца Семінарская была пераназвана ў вуліцу Транспартную.
У 1967 годзе вуліца Транспартная была пераназвана ў вуліцу Польскіх Паўстанцаў у памяць пра Ваколбайкальскае паўстанне 1866 года.
М. Лысак
Чарнобыльская катастрофа і Мікалай Слюнькоў
(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)
Пасля вяртання ў Менск пенсіянер М.М. Слюнькоў куды ні пойдзе, куды ні гляне - усё роднае, блізкае. Лёсам і жыцейскімі абставінамі менавіта яму наканавана было стаяць на верхавіне падзейных хваляў. Станоўчым ці не зусім - рассудзіць гісторыя. Галоўнае, паволі-паволі выцэджваюцца словы ў гаспадара кватэры, не спяшаць ацэньваць па адной фразе, сустрэчы, учынку. Ніхто не можа быць сёння такім, якім быў учора. З вяршыні гадоў учэпіста-забыўлівая памяць пенсіянера выносіць нечаканыя прылівы ацэнак, меркаванняў.
- Пра Чарнобыль столькі наварочана, наталкавана... Страх бярэ.
Неасветныя, а то і проста паўграматныя, а за імі і разумныя нярэдка абвінавачваюць у аварыі і няякаснай барацьбе з яе наступствамі... кіраўніцтва Украіны, Беларусі, у прыватнасці Мікалая Слюнькова.
Глупства і выдумкі множыліся, асабліва ў час усеагульнага радыяцыйнага гора, хворасцяў. Знайдзіце хоць бы адзін дакумент з Менска ў Маскву, у якім гаварылася, што Беларусь самастойна справіцца з Чарнобыльскай бядой, што ёй не патрэбна дапамога. Няма такога дакумента, націскае Слюнькоў.
Аварыю на Маяку пад Чалябінскам у 1957 годзе Маскве ўдалося замаўчаць. Па старым звычаі, вераемна, меркавалі замаўчаць і ЧАЭСную катастрофу. Ды ўзбунтаваліся краіны Еўропы.
Рабілася ўсё не ў Менску ці Кіеве. Не беларусы вызначалі непрыдатнае месца АЭС, выбіралі няўдалы рэактар, не мы размяркоўвалі сродкі па ліквідацыі аварыі, планавалі лячэнне язваў Чарнобыля. Не мы!
- Менскія былі такія ж нязнаўцы атамных выпраменьванняў і распаўсюджванняў, як усе савецкія. Прынамсі на першых гадзінах і днях. - На клапатлівае пытанне дачкі, можа патрэбна прыняць лякарства, папераджальна-адмоўны рух пальцаў. - Давайце зададзім апанентам і сабе такія пытанні. БССР распрацоўвала канструкцыю рэактара? Мы ўзводзілі атамныя агрэгаты? Кепска будавалі? Кантралявалі іх працу і рамонт?
- І не Украіна, - устаўляю свае тры капейкі.
Мая дапамога плыні думкі суразмоўцам не ацэньваецца:
- Усё зыходзіла ад саюзных міністэрстваў і ўрада СССР, ЦК КПСС. Канструкцыі, новаўвядзенні, безадказнасць. Не адно ў гэтым. Гэтаксама абстаяла з ачысткай брудных радыяцыйных зон у Чалябінску, у яшчэ болей гратэскнай форме ў Чарнобылі. Ціснулі на нас, правінцыйных выканаўцаў, па ўсіх лініях і кірунках.
Усё зводзілася да аднаго, прымітыўна простага. Не стагніце, пажар не раздувайце, усё лакалізуйце. Аварыя не такая страшная, як падаецца, зменшвайце просьбы пра фінансавую дапамогу, усё роўна паможам з рэзерваў.
Перад тым, як вырваць з таго ці другога беларускага дакумента адну-дзве фразы, не забывайце наступнае. Любую паперу ад кіраўніцтва вобласці ці Беларусі, хто б ні падпісваў, распрацоўвалі калектыўна - службоўцы, установы. З прыцягненнем знаўцаў. Любую візавалі многія.
Першыя дні, асабліва да прыезду дэлегацыі на чале з прэм'ер-міністрам Рыжковым другога мая 1986, ўсё было няясна, спецыялістамі не акрэслена, тым болей нам - бяда, яе памеры, аб'ёмы дапамогі... Спецыялісты розных плыняў спрачаліся між сабою. "Добразычліўцы" выхопліваюць з тэксту адну думку, тыражуюць. Ім выгадна адвесці віну ад Масквы, канкрэтнага міністэрства, раскласці на мноства інстанцыяў.
Усплылі аргументы зусім дзіўныя. Вінаваты не канструкцыя рэактара - зямны штуршок, зрух геапліт.
Была тэндэнцыя, не доўга, але была: не ацэньвалі годна вывады беларускіх вучоных пра катастрофу, у Саўміне СССР і ЦК КПСС, МАГАТэ паддаліся закалыхванню маскоўскіх атамшчыкаў, медыкаў, гідраметаўцаў, аграрнікаў.
У беларускіх цэка і саўміне ў тыя месяцы працавалі па дзве змены. Не ўсё высокаякасна было зроблена па прадухіленні наступстваў аварыі ў Беларусі, калі ацэньваць з пазіцыі праз тры-чатыры гады, дзесяць гадоў, аднак у тых умовах - зроблена максімальна своечасова, максімальна правільна. З наяўных магчымасцяў.
Паміж двума прэсамі пахаджвала ў дзяржаве СССР не адно раённае і абласное начальства, але і мы, рэспубліканскія. Да аварыі і пасля аварыі. Усе ў той сістэме былі вінцікамі, вінтамі. У раёне і сталіцы. Так было. На шчасце, дасць Бог, не будзе. Нельга аднаму ведамству ці чалавеку быць манапалістам. Самастойнасць народа, нацыі, дзяржавы Беларусь - святыня, справа ўсіхная, усім рашаць, не аднаму ведамству, чалавеку.
Беларускія крыкі-просьбы пра дапамогу былі мацней і аргументаваней, чым суседскія. Даўно час высветліць сітуацыю. Не трэба ілгаць сабе, іншым, абвінавачваць сваіх і сябе, некага не бачыць.
- Кіраўнік рэспублікі пачуваўся малым, то хто ў ёй быў вялікім? - асцярожна перапыняю развагі Мікалая Мікітавіча.
- Аднапартыйную сістэму не асуджаю. Усе мы яе дзеці. Хоць Вы ў сваім рамане, бачу, аднапартыйнасць асуджаеце. Для народаў СССР яна прынесла мноства плюсоў.
- І мінусаў... - праяўляю невыхаванасць.
Блакіт добрых вачэй суразмоўцы набывае сталь зледзянеласці студзеньскага возера, абдзіманага вятрамі, сцінанага маразамі. Рука хворага прапаўзла на край стала, вярнулася на сярэдзіну. Выхаванасць, дабрыня і высокая вытрымка выказаліся - пацвярдзелыя рысы твару зноў распагодзіліся:
- Мы гэта ўсвядомілі, шкоду аднапартыйнасці. Нельга забыць - шматпартыйнасць у дзяржаве СССР увяла Камуністычная партыя Савецкага Саюза. Сведчанне таму - узнікненне на працягу аднаго-двух месяцаў (!) ва ўсіх рэспубліках усемагчымых партыяў, франтоў, народных, рэспубліканскіх, сацыялістычных.
Сказана нечаканае, праўдзівае. Маўчым абодва.
- Іваны і Янкі, Махмуды і Айдары жылі адзін ад аднаго за сотні, тысячы кіламетраў. Раптам сталі думаць адно і тое, арганізоўваць народныя франты. Адначасова. Толькі што словам вякнуць супраць саветаў не маглі, рэдкія дысідэнты турэмныя кодэксы на нарах вывучалі і нечакана адкрыта заманіфеставалі. За дзесяць-дваццаць дзён на шостай частцы планеты паўзнікалі партыі, таварыствы, франты. - Слюнькоў перадыхвае, ківае галавою. - Так не бывае. Нават дождж зразу не накочвае.
- Было ж.
Непрацяглую цішыню крэсліць вывераны голас валявога кемкага дзярждзеяча:
- Па адмашцы з Масквы, дазволу Масквы.
На адным паседжанні Палітбюро Гарбачоў прыўсіхна спытаў Кручкова: "Сапраўды, а чаму ў нас адна партыя, усе ў краіне думаюць аднолькава?" Тое пасяджэнне стала кропкаю адліку стварэння шматпартыйнасці ў дзяржаве, найперш у рэспубліках.
КДБ не ствараў апазіцыйнасць, франты, таварыствы, такое не яго функцыя - ён перастаў арыштоўваць пратэстоўцаў і нязгоднікаў з аднапартыйнасцю, забараняць іх выступленні. Гэтага было дастаткова.
Дзякую Богу за дазвол сёння разгаварыцца з Мікалаем Мікітавічам Слюньковым. Выказаную ўдзячнасць, сціплы чалавек адхіляе. Калі узважваць высокія паняцці, абавязак кожнага быць не толькі дасканалым і станоўчым - быць доказным, правільным, пастаянна працавітым. Дабрыня і справядлівасць - абавязак і права кожнага выпрошвальніка літасці ў Бога, яны не турбоцяць, не напружваюць. Так неабходна жыць.
- Паўтараю, аднапартыйнасць не асуджаю і не хвалю. Нічога не хачу пацвярджаць, адмаўляць. Лад Савецкага Саюза, аднапартыйнасць прымаю як дадзенасць, хлеб і зямлю, неба і траву. Яе зцэментавалі мы і вы - праз нашых бабуляў і дзядуляў, бацькоў і мацярок. Справамі, маўчаннем, згодаю адабралі аднапартыйнасць. Дзякуючы ёй здарылася немагчымае ні ў адной краіне свету, ні ў адну эпоху, немагчымае пры любых эканамічных і палітычных укладах.
Пры ўсіх самаедствах, войнах бедных з багатымі, зайздрасцях, подласцях, барацьбе нацыі з нацыяй на працягу аднаго пакалення народ вылез з лапцяў, скончыў з павальнай непісьменнасцю. У сям'і селяніна і рабочага чатыры-пяць дзяцей, не адно, як стала зачастую ў савецці, усе атрымалі спецыяльнасць, сярэднюю і вышэйшую адукацыю, заможнасць, кватэры. Хто плённа працаваў і жыў сумленна - меў рост ва ўсім.
Дзякуючы Камуністычнай партыі, створанай не мною і не Вамі, але ўмацоўваннай мною і Вамі, дзякуючы той аднапартыйнай сістэме выраслі цяперашнія шматпартыйнасць і крытыцызм. Аднапартыйнасць была неабходным пераходным мостам з адной грамадзянскай эпохі да другой. Шкада, пры ўседазволенасці заменела самакрытычнасці, а гультайства і рвацтва нашмат паболела.
Так што не станем усе свае грахі валіць на аднаго чалавека, дзе б ён ні жыў, у Маскве ці Менску. Не будзем ва ўсім вінаваціць Камуністычную партыю, таго ж Сталіна, сістэму, дзяржаву. Хто жыве ў шкляным доме, не кідаецца каменнем. Досыць апраўдваць свае рвацтва і тупасць, дурыць галовы сабе і другім - я маленькі, неразваротны, слабенькі, памажыце. З падводы зразу ў Мерседэс хачу ўскочыць. Табе трыццаць, сорак, чаму не маеш прафесіі, сталай працы, чаго ўвесь час стогнеш, падарэйнічаеш. Зарабляй - мецьмеш.
Законы развіцця фармацый маюць вялікія нацыянальныя асаблівасці, але ў цэлым, як рухі зорак, ідуць па ўласных арбітах, не падуладныя волі аднаго чалавека. Калі такое ў асобных месцах часткова прарываецца ў індывідуюме - слава нябёсам, генам такога чалавека, пошукаўнасці ягоных продкаў і самога.
- Семдзесят пяць гадоў для эпохі, дзяржавы, нацыі - менш уздыху. Не трэба ў Менску бяздумна паўтараць выказанае прамымі савецкімі ворагамі і проста зласліўцамі, якія могуць толькі ганьбіць, сутыкаць славянаў ілбамі, радавацца мінулым і цяперашнім славянскім промахам, бедам.
Паінфармаваныя ведаюць, а непаінфармаваныя павінны ведаць. Ваяваў Мікалай Слюнькоў за інтарэсы роднага трактарнага завода ў Міністэрстве трактарнага машынабудавання СССР, другіх міністэрствах, колькі мог, памагаў Беларусі на працы ў Дзяржплане СССР, колькі мог. Змагаўся за інтарэсы Беларусі, калі быў першым сакратаром ЦК КПБ, кіраўніком Беларускай ССР. Гэтаксама адстойваў інтарэсы Беларусі ў час чарнобыльскіх дзён і гадоў. Шмат ім зроблена для сваёй рэспублікі на пасадзе сакратара ЦК КПСС.
Мае ўласныя вывады супярэчаць словам суразмоўцы, ўцячы ад іх не магу. Безграшоўе і развал ахапілі вялікую краіну СССР не адразу. Нямыслікі і недалёканцы плятуць, хтосьці падпісаў паперку - і ўсё развалілася. Маюць на ўвазе Віскулі пад Брэстам і шэсць подпісаў. Даруем ім цемрасць, невуцтва. Гэта ад няведання, няўмення абагульняць, мысліць. Развал пачаўся нашмат раней. З сярэдзіны хрушчоўшчыны.
Забаранілі прыватнікам у маленькіх гарадках і мястэчках трымаць карову і казу, нават свінчо, з падтатурквання суслаўскіх ідэолагаў сталі дарушваць "лішнія" цэрквы ў гарадах і вёсках, тэрмінова ўзрывалі знакі гнілой старабытнасці (ратушы, званіцы...) і думалі: у сэрцах нянавісць не будзе ўскіпаць. Магліся найхутчэй параўнаць узровень жыцця савецкага чалавека з узроўнем зэшэаўца - і сталі закупляць збожжа і масла ў ЗША, Канадзе, Аргенціне. Смяхотней не прыдумаеш, люты вораг так краіну не падарве, як аднапартыйныя мысляры.
Усевідочнае сведчанне развальвання - уліпанне ў Афганскую вайну і Чарнобыль, паціху працягвае роўны голас. Чарнобыль - вынік у першую чаргу матэрыяльнай безадказнасці ў планавікоў, стваральнікаў і канструктараў, духоўнай дэградацыі асобных слаёў грамадства. Мікалай Слюнькоў паўтараецца, але абавязаны падкрэсліць: ЧАЭСная катастрофа - вынік паўсюднай безадказнасці вялікіх і маленькіх, калектыўнай інстытуцкай і міністэрскай безадказнасці, свядомай ці несвядомай, другая справа.
- Уладзіміра Васільевіча Шчарбіцкага і Валянціну Сямёнаўну Шаўчэнка ўкраінскія апазіцыянеры страшэнна магліся аддаць пад суд. На мітынгах аб'яўлялі, у пастановах і рашэннях значылі, - голас гаспадара нявыразны, словы не выказваюцца, а выціскаюцца. - Як жа, яны вінаватыя ва ўтойваннях наступстваў аварыі ў першыя дні, яны прынеслі украінцам мноства гора.
(Працяг у наступным нумары.)
Валер Санько
Мікалай Мікітавіч Слюнькоў (нарадзіўся 26 красавіка 1929 года, вёска Гарадзец Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці) - савецкі партыйны дзеяч, кіраўнік БССР у 1983-1987 гадах.
Пасля сканчэння школы з'ехаў у Менск, дзе скончыў Менскі аўтамеханічны тэхнікум (1950). Працаваў на Менскім трактарным заводзе памочнікам майстра, майстрам, старэйшым майстрам, намеснікам начальніка, начальнікам цэха, намеснікам старшыні і старшынём заводскага прафесійнага саюзу МТЗ.Член КПСС з 1954 года. Завочна скончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі (1962).
У 1960-1965 гг. - дырэктар Менскага завода трактарных запасных частак. У 1965-1972 - дырэктар Менскага трактарнага завода, генеральны дырэктар Менскага вытворчага трактарабудаўнічага аб'яднання.
У 1972-1974 гг. першы сакратар Менскага гаркама партыі. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 3 студзеня 1974 года "за выдатныя дасягненні ў кіраванні Менскім вытворчым трактарабудаўнічым аб'яднаннем, партыйнай арганізацыяй Беларусі", Слюнькову Мікалаю Мікітавічу прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з узнагароджаннем ордэнам Леніна і Залатой зоркай "Серп і молат".
У 1974-1983 гг. намеснік старшыні Дзяржплану СССР. З 31 студзеня 1983 па 6 лютага 1987 гг. першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі.
З 1987 г. сакратар ЦК КПСС, член Палітбюро ЦК КПСС, адначасова ў 1987-1988 гг. загадчык Эканамічнага аддзела ЦК КПСС. Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР 7, 10, 11 скліканняў, народны дэпутат СССР з 1989 г. З 1988 г. старшыня Камісіі ЦК КПСС па пытаннях сацыяльна-эканамічнай палітыкі.
З 1990 года на пенсіі. Жыве ў Менску.
Прэзентацыя ў музеі Янкі Купалы
Кнігу пра гібель Янкі Купалы ўжо ведаюць нашы чытачы. Пісьменнік Валер Санько сваю версію забойства выклаў у аповесціўяве "Грэх на іх нязмыўны".
Чытабельная, багатая на невядомую дасюль фактуру аповесць падкупляе кожнага дынамізмам падзеяў, глыбінёй філасофскіх развагаў, яркім шматгранным дакументалізмам.
Амаль усе героі твора закамуфляваны, аднак знаўцамі жыцця Янкі Купалы лёгка расшыфроўваюцца.
На днях у музеі Янкі Купалы адбылася прэзентацыя кнігі, выдадзенай, дарэчы, "каласальным" для дзесяцімільённай Беларусі накладам - 100 экз.
Запомніліся вядоўцы сустрэчы Галіне Юр'еўне Варановай, прысутным многія выступленні, рэплікі, пытанні.
Пісьменнік Анатоль Валахановіч адзначыў станоўчае ў кнізе, даваў аўтару вострыя пытанні, якія той з нечаканай для прамога чалавека ўхілістасцю зачастую абыходзіў. Прафесары Лявон Лыч і Аляксей Рагуля ў яркіх выступах і рэпліках выказалі пажаданне мець на Беларусі паболей такой пранізлівай дакументалістыкі. Шкадавалі, што не былі запрошаныя прадстаўнікі з міністэрстваў, бібліятэк.
Запомніся многія кулуарныя выказы адной мілай жанчынкі, якая па сваёй дабрыні, сціпласці і вечнай жаночай прыспехнасці не асмелілася падняцца ці ўзняць руку, каб усёвідочна прапавесці ўсім уласныя цікавыя думкі.
Выкладчык ВНУ Васіль Ярмаловіч справядліва паставіў на абмеркаванне важную тэму: як належыць адносіцца да пашыранай у літаратурнай Беларусі, асабліва маладзёжнай, плыні матаўства і парушэння літаратурных стыляў, логікі, формаў, да літ-бум-мед-кумства. Неабыякава абмяркоўвалася распаўсюджанасць трасянкі ў літаратурных творах і многіх катэгорыях насельніцтва.
Усіх зацікавілі выказаныя А. І. Валахановічам два факты.
Папярэджванне ўлетку 1942 жонкаю славутага беларускага пісьменніка свайго мужа ў Маскве, яркага барацьбіта з нямецкай навалай: "На Янку накочваюцца хмары, ты будзь убаку, не лезь у цёмную справу". Яна працавала дыктарам у акупаваным Менску, шмат магла ведаць.
Маці Янкі Купалы пані Бянігна (Багуміла) Іванаўна Луцэвіч ураніцы пасля начнога забойства старэйшага сына Яські, Янкі, нечакана застагнала, усялюдна разбожкалася: "Божухна, мой Божухна, Яначкі майго няма". Назаўтра празорнае мацярынскае сэрца 85-гадовай не вытрывала, 30.6.42 перастала стукаць у грудзях дасюль рушнай бабулі.
Узгадваўся прыезд у Горы-Горацкі сельгасінстытут групы пісьменнікаў на чале з Жылуновічам і Купалам, іх невыступленне.
Нямала талкавалася пра дакументальны раман Валера Санько "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе", 2013, 612 стар., 50 экз. Праблемы радыяцыйнай заразы, будаванне саркафага над і пад чацвёртым рэактарам ЧАЭС, фінансавыя цяжкасці з друкаваннем рамана, абыякаўства да тэматыкі беларускіх і замежных спонсараў... зацікавілі многіх.
Дзве паэтэсы, сяброўкі славутай прапагандысткі беларушчыны Ядвігі Рай, выказаліся ў кулуарах, у час разыходжання прысутных наракалі на сябе за нясмеласць.
Прэзентацыя кнігі пра гібель беларускага генія прынесла нямала карыснага слухачам, выступоўцам, аўтару.
Іван Дубовік.
Так патрэбна нам усім узаемаразуменне
У рамках чарговага пасяджэння літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" адбылася сустрэча літаратараў Лідчыны з Валерам Аляксеевічам Санько - пісьменнікам, журналістам, краязнаўцам.
У розныя гады Валер Санько загадваў рэдакцыяй медыцынскай і фізкультурна-спартыўнай літаратуры выдавецтва "Беларусь", рэдакцыяй краязнаўства, турызму, фізкультурна-спартыўнай літаратуры выдавецтва "Полымя", працаваў намеснікам галоўнага рэдактара ў рэдакцыі часопіса "Здравоохранение Белоруссии", выдавецтве "Народная асвета", рэдакцыі чарнобыльскай газеты "Набат". З 1992 па 2006 год з'яўляўся дырэктарам Беларускага выдавецкага таварыства "Хата", заснаванага Беларускім дзіцячым фондам. Валер Санько - аўтар і суаўтар 17 кніг. Найбольш вядомыя яго кнігі прозы - "Жыватворныя крыніцы", "Знаёмства", "Не плач, маці". У 2013 годзе выйшлі дзве новыя кнігі пісьменніка - "Грэх на іх нязмыўны" і "Звіняць жаўрукі ў чарнобыльскім небе". Цікавасць яго да народных прыкмет і афарызмаў вылілася ў кнігі "Размова з прыродай" і "Гаворыць Старажытны Рым, гавораць пра Старажытны Рым".
У цяперашні час Валер Санько жыве ў Лідзе. У рамках сустрэчы з мясцовымі літаратарамі адбылася прэзентацыя дзвюх новых кніг Валера Санько, згаданых вышэй.
Кніга "Грэх на іх нязмыўны" - пра гібель песняра Беларусі Янкі Купалы ў Маскве ў 1942 годзе. У ёй Валер Санько паспрабаваў прыадкрыць заслону тайны смерці паэта. Дарэчы, згадваецца тут і пра прыезд Купалы ў Ліду ў сакавіку 1940 года.
Кніга цікавая яшчэ і тым, што ўсю чацвёртую старонку яе вокладкі займае ўпершыню апублікаваны здымак, зроблены ў 1933 годзе. На ім - Янка Купала, Платон Галавач, Уладзімір Хадыка ў час сустрэчы з навучэнцамі рабфака Горацкага сельскагаспадарчага інстытута. Сярод навучэнцаў на здымку - Аляксей Санько, бацька Валера Санько. Бацька аўтара кнігі бачыў жывога Купалу - ці не ў гэтым вытокі цікавасці пісьменніка да купалаўскай тэмы ў сваёй творчасці?
- На адваротным баку здымка ёсць подпіс, зроблены рукой майго бацькі, - расказвае Валер Аляксеевіч аб дарагой яго сэрцу і памяці фатаграфіі. - "От Алексея Андреевича Санько на долгую и добрую память дорогим родителям. 4 августа 1933 года". Здымак з подпісам захоўваўся спачатку ў маёй бабулі, а затым доўгі час у маёй мамы. Так памяць аб песняры Беларусі перадаецца ў маім родзе ад пакалення пакаленню. Копію здымка я аддаў у музей Янкі Купалы.
Вынікам шматгадовых даследаванняў Валера Санько па чарнобыльскай тэме стаў аб'ёмны (больш за 600 старонак) дакументальны раман "Звіняць жаўрукі ў чарнобыльскім небе". Над матэрыялам кнігі Валер Аляксеевіч працаваў каля дваццаці гадоў. У рамане апавядаецца пра прычыны выбуху на ЧАЭС, змешчаны біяграфіі ліквідатараў і перасяленцаў. Мастацкі тэкст дапоўнены ўстаўкамі з архіўных матэрыялаў і навуковай літаратуры. Асноўнае месца дзеяння ў рамане - Гомельшчына.
Сустрэча Валера Санько з літаратарамі Лідчыны не абмежавалася толькі прэзентацыяй яго новых кніг. У шчырай, цікавай і пазнавальнай гутарцы з прысутнымі пісьменнік раскрыў сябе і як нястомны прапагандыст здаровага ладу жыцця. І калі яго прамовы аб шкоднасці для здароўя алкаголю і нікаціну не з'яўляліся для аўдыторыі навіной, то нечаканыя тэзісы аб шкодзе для ног гумак у шкарпэтак, для зроку - доўгіх казыркоў у кепак і цёмных шкельцаў у акуляраў, некаторыя іншыя высновы, напэўна, сталі адкрыццём для прысутных, і не з кожнай з іх спяшаліся згадзіцца.
Нямала слушных выказванняў пачулі ўдзельнікі пасяджэння і аб важнасці ў людскім асяроддзі ўзаемаразумення, узаемадапамогі.
Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ
Вядомыя беларускія паэты наведалі Гародню
Да гарадзенцаў завіталі Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк. Яны прэзентавалі чарговы нумар часопіса "Верасень", у якім надрукаваны творы трох мясцовых аўтараў.
Паводле Леаніда Дранько-Майсюка, беларуская паэзія запатрабаваная і спрыяе нацыянальнаму самавызначэнню:
- Беларускую паэзію любяць, беларуская паэзія мае свайго чытача - гэты чытач разумны, уважлівы. Гэта тыя людзі, якія адчуваюць сябе сапраўднымі беларусамі. Яны ўспрымаюць беларускую паэзію, як найвышэйшую педагогіку, пры дапамозе якой можна выхоўваць дзяцей. Увогуле беларуская літаратура - гэта не толькі статычная з'ява, гэта тая прастора, дзякуючы якой чалавек найкарацейшым шляхам даходзіць да нацыянальнага хараства, да нашых беларускіх сімвалаў, да самаго высокага паняцця "Беларусь".
У час сустрэчы была магчымасць набыць кнігі паэтаў і дыск з песнямі Эдуарда Акуліна. Маладых аўтараў запрасілі дасылаць свае творы ў рэдакцыю часопіса "Верасень".
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня. Фота Савелія Малчанава.