Папярэдняя старонка: 2014

№ 19 (1170) 


Дадана: 07-05-2014,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 19 (1170) 7 траўня 2014 г.


Слонімцы на Радуніцу ўшанавалі памяць Міхала Валовіча

Група сяброў Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл на Радуніцу завітала ў вёску Парэчча Слонімскага раёна. Там яны каля мемарыяльнага знака беларускага нацыянальнага героя, аднаго з кіраўнікоў паўстання 1830-1831 гадоў супраць Расейскай Імперыі Міхала Валовіча (1806-1833) пад бел-чырвона-белымі сцягамі прыгадалі свайго знакамітага земляка.

На мемарыяльны знак Міхалу Валовічу і яго паплечнікаў-паўстанцаў былі ўскладзены кветкі. Слонімцы ўшанавалі герояў хвілінай маўчання.

Мерапрыемства ў Парэччы ў гонар беларускага нацыянальнага героя Міхала Валовіча сёлета адбудзецца ў чэрвені.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён. Фота аўтара.


Эдуард Акулін атрымаў "Глінянага Велеса" за кнігу "Святая ноч"

"Гліняны Велес" быў ўручаны паэту, сябру Рады і Сакратарыяту ТБМ, рэдактару часопіса "Верасень" Эдуарду Акуліну ў кнігарні "Галіяфы". Па словах заснавальніка прэміі, літаратара Алеся Аркуша, адмыслова вырабленая статуэтка ўручаецца ўжо ў 21 раз. Звычайна ўручэнне ўзнагароды адбываецца ў Полацку, дзе прэмія і была заснаваная "Таварыствам вольных літаратараў". Аднак зараз цырымонія адбылася ў Менску.

- Эдуарда Акуліна я ведаю з канца 80-ых гадоў. Мы разам былі ў Літаратурным аб'яднанні "Тутэйшыя". Гэта паэт з Гомельшчыны. Для мяне паэзія Акуліна абсалютна зразумелая і блізкая.

Таму было няцяжка вызначыць вартасці і каштоўнасці гэтай паэзіі і ўганараваць яе, - кажа Алесь Аркуш. А вось для Эдуарда Акуліна "Гліняны Велес" стаў нечаканасцю.

- Я думаў, што сённяшнім лаўрэатам стане Вінцэсь Мудроў. Але, калі так атрымалася, то я вельмі рады. Гэтая прэмія для мяне своечасовая, бо калі б я атрымаў гэтую прэмію раней за Віктара Казько, раней за Ўладзіміра Някляева, Алеся Разанава, Алега Мінкіна, то ў адносінах да гэтых цудоўных творцаў, я палічыў бы гэта несправядлівасцю.

"А так усё прыйшло па чарзе", - лічыць Эдуард Акулін.

На цырымоніі ўручэння узнагароды выступілі паэты Анатоль Вярцінскі, Леанід Дранько-Майсюк, Славамір Адамовіч, бард Вольга Акуліч.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.


110 гадоў з дня нараджэння Паўлюка Труса

Паўлюк ТРУС (сапр. - Павел Адамавіч Трус; 6 траўня 1904, в. Нізок, Уздзенскі раён, Менская вобласць - 30 жніўня 1929, Менск) - беларускі паэт.

Нарадзіўся ў сям'і малазямельных сялян Адама Емяльянавіча і Ганны Міхайлаўны. Спаконвечнаю сялібаю роду Трусаў была вёска Старое Сяло, але незадоўга да нараджэння Паўлюка вёска згарэла праз навальніцу, і сям'я адбудавалася ў найбліжэйшым Нізку. Меў брата Міхася і сёстраў Марыю і Веру.

Першую адукацыю атрымаў у вясковай школе, дзе таксама спяваў у хоры і маляваў вясковыя краявіды. У 1918-1923 гадах вучыўся ў Уздзенскай вышэйшай пачатковай вучэльні, пазней рэарганізаванай у сямігодку, дзе моцна пасябраваў з Алесем Якімовічам і Пятром Глебкам. Некаторыя іх вершы змяшчаліся ў насценнай газеце.

Улетку 1920 года, знаходзячыся на вакацыях у Нізку быў рэкрутаваны ў Чырвоную армію. У дарозе хварэў і спрабаваў уцякаць. Паводле пазнейшых прызнанняў паэта, яго лавілі і білі. Вярнуўшыся з вайны, жыў у роднай хаце і дапамагаў бацьку па гаспадарцы.

У 1923-1927 вучыўся ў Беларускім педагагічным тэхнікуме ў Менску. Наведваў лекцыі Якуба Коласа, Міхайла Грамыкі, А. Круталевіча, В. Баташэвіча, М. Рыдзеўскага, Усевалада Ігнатоўскага, сустракаўся з Янкам Купалам, Цішкам Гартным, Міхасём Чаротам і Язэпам Лёсікам. Пасябраваў з Язэпам Пушчам, Максімам Лужаніным, Сяргеем Дарожным, Зінаідай Бандарынай і многімі іншымі. Быў пастаянным удзельнікам студэнцкага хору. Наладжваў пастаноўкі п'есаў, быў акторам, маляваў дэкарацыі. Рэдагаваў насценную газету. Разам з Максімам Лужаніным і Пятром Глебкам выпускаў вусную сатырычную газету "Чырвоны прамень" пад псеўданімам "Шавец". У той час Паўлюк Трус кватараваў у свайго дзядзькі Ігнася Нісьцюка - шаўца паводле прафэсіі (адкуль і псеўданім). Актыўна друкаваўся ў газетах і адначасова займаўся апрацоўкай фальклорна-паэтычных матэрыялаў для кампазітараў Уладзіміра Тэраўскага, Нестара Сакалоўскага, Рыгора Пукста, Ісака Любана.

У 1925 прыняты ў літаратурнае аб'яднанне "Маладняк". Раз на тыдзень наведваў паэтычную студыю, дзе слухаў лекцыі Адама Бабарэкі. У гэтым жа годзе ўдзельнічаў у першым з'едзе літаратурнага аб'яднання "Маладняк" і быў абраным у ягоны сакратарыят.

У чэрвені 1927 атрымаў дыплом настаўніка сямігодкі і Цэнтральнае бюро "Маладняка" прапанавала паэту рэдактарскую пасаду ў Менску, але, нечакана для ўсіх, вырашыў пакінуць сталіцу і ўладкавацца ў Гомелі на пасадзе сакратара газеты "Новая деревня". Акрамя рэдакцыйнай працы актыўна займаўся асветніцкай дзейнасцю на нядўна далучанай да БССР Гомельшчыне.

Памёр 30 жніўня 1929 ад тыфу ва ўзросце дваццаці пяці гадоў.

Вікіпедыя.


80 гадоў з дня нараджэння Міколы Корзуна

Мікола (Мікалай Паўлавіч) КОРЗУН (01.05.1934 - 22.02.1995) нарадзіўся ў вёсцы Заўшыцы Салігорскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1937-1938 гг. памерлі бацькі. Выхоўваўся ў Слуцкім дзіцячым доме. У 1956 г. скончыў Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Працаваў на розных пасадах у саўгасах "Бараўляны" (Менскі раён), імя Янкі Купалы (Радашковіцкі раён), у Інстытуце эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі (Менск). Завочна вучыўся ў Менскім педагагічным інстытуце імя М. Горкага. У 1973-1976 гг.- загадчык філіяла Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Вязынцы, у 1976-1978 гг. - навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Якуба Коласа, у 1978-1981 гг. - дырэктар "Кнігарні пісьменніка", у 1982-1986 гг. - садоўнік, аграном Літаратурнага музея Янкі Купалы, у 1986-1989 гг. - аграном Аб'яднання літаратурных музеяў БССР, член СП СССР з 1981 г.

Першае апавяданне апублікаваў у 1958 г. (часопіс "Бярозка"). Пісаў для дзяцей. Аўтар зборнікаў апавяданняў і аповесцей "Жывы куток" (1962), "Віця Сітніца" (дакументальная аповесць, 1964), "Тры сонцы" (1971), "Чырвоныя зоркі на танках" (1974), "Навальнічная паласа" (дакументальная aповесць, 1979), "Святло чароўнай зоркі" (1989).

Вікіпедыя.


Апошні Васток у Беларусі?

Сп. Г.І. Кузняцову,

СтаршыніТапанімічнай камісіі

пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь

220010, г. Мінск, вул. Савецкая, 11 (Дом Ураду)

Паважаны Георгій Іванавіч!

28 сакавіка 2014 г. на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь было апублікавана рашэнне Мінскага раённага Савета дэпутатаў ад 6 сакавіка 2014 г. №374, у адпаведнасці з якім новаўтворанаму пасёлку Ждановіцкага сельсавета было нададзена найменне "Васток" (па-беларуску, па-руску - "Восток").

Такім чынам, згаданым рашэннем парушаны нормы дзейнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, а менавіта часткі першай арт. 32 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" і п. 1 арт. 17 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб найменнях геаграфічных аб'ектаў", паводле якіх найменні населеных пунктаў даюцца на беларускай мове, з якой спосабам транслітарацыі перадаюцца на рускую мову.

Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны просіць Вас звярнуць увагу Мінскага раённага Савега дэпутатаў, а таксама іншых дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць дзейнасць па наданні найменняў геаграфічным аб'ектам, на неабходнасць кіравацца згаданымі заканадаўчымі нормамі.

Сярод сяброў нашага грамадскага аб'яднання ёсць нямала вядомых мовазнаўцаў і гісторыкаў. Таму ў выпадку неабходнасці Таварыства беларускай мовы таксама гатовае аказваць дапамогу (кансультацыі і інш.) згаданым дзяржаўным органам у дзейнасці, звязанай з наданнем найменняў геаграфічным аб'ектам на беларускай мове і іх транслітарацыі.

З павагай, Старшыня ТБМ Алег Трусаў.



Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь (далей - Дзяржкаммаёмасць) па кампетэнцыі разгледзеў Ваш зварот ад 7 красавіка 2014 г. № 33, які быў накіраваны на адрас Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, і паведамляе наступнае.

На тэрыторыі, дзе рашэннем Мінскага раённага Савета дэпутатаў ад 6 сакавіка 2014 г. № 374 утвораны сельскі населены пункт - пасёлак, раней знаходзіўся дзіцячы піянерскі лагер Восток (на рускай мове). Будучыя забудоўшчыкі пасёлка выказалі вялікае жаданне захаваць гэту назву, што не пярэчыць пункту 1 артыкула 16 Закона Рэспублікі Беларусь ад 16 лістапада 2010 г. "Аб найменнях геаграфічных аб'ектаў" (далей - Закон).

У адносінах да назваў, прынятых на рускай мове да ўступлення ў сілу Закона, дзейнічае Тэхнічная інструкція па перадачы найменняў геаграфічных аб'ектаў з рускай мовы на беларускую мову, узгодненая загадам Дзяржкаммаёмасці ад 19 верасня 2011 г. № 297 (далей - Тэхнічная інструкцыя). Згодна пункта 4 Тэхнічнай інструкціі пры перадачы найменняў геаграфічных аб'ектаў з рускай мовы на беларускую мову выкарыстоўваецца спосаб транслітарацыі: Восток (на рускай мове) - Васток (на беларускай мове).

Такім чынам, згаданае рашэнне Мінскага раённага Савета дэпутатаў не парушае нормы дзеючага заканадаўства рэспублікі, але ў далейшым такі падыход да прысваення назваў практыкавацца не будзе.

Дзяржкаммаёмасць выражае Вам вялікую падзяку за прапанаваную дапамогу ў рабоце над прысваеннем найменняў геаграфічным аб'ектам на беларускай мове і іх транслітарацыі.

Старшыня Г.І. Кузняцоў.


Да юбілею Анатоля Валахановіча

23 красавіка 2014 года ў Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылося мерапрыемства "Руплівец на ніве гісторыі", якое было прысвечана 75-годдзю Анатоля Іосіфавіча Валахановіча. Кіравала ім Вольга Станіславаўна Жыбар (бібліёграф). Вучні сярэдняй школы № 4 г. Дзяржынска пад кіраўніцтвам гісторыка Віктара Ўранава прачыталі кнігу пад назвай "Прафесар краязнаўства", якую прысвяцілі юбіляру. Пазней слова браў сябар маладосці спадара Анатоля Барыс Фёдаравіч Савінаў.

Ад аб'яднанння "Прылукская спадчына" выступалі кандыдат біялагічных навук Інэса Кароль і экскурсавод Ігар Гатальскі.

Кіраўнік аддзела ідэалагічнай работы Наталля Іосіфаўна Сінковіча ад імя Міколы Арцюшкевіча (старшыні выканаўчага камітэта) ўручыла юбіляру грамату.

Таксама перад прысутнымі выступалі: віца-старшыня Саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Гардзіеўскі Іван Іванавіч, архітэктар Алег Ігаравіч Маслівін, старшыня савета ветэранаў Мікола Іосіфавіч Высоцкі, галоўны рэдактар газеты "Узвышша" Юры Генадзевіч Курневіч, краязнавец Лявон Целеш, галоўны захавальнік установы Дзяржаўны краязнаўчы музей г. Дзяржынска Галіна Іванаўна Доўнар. Рэгіна Рэўтовіч (паэтэса) агучыла верш у гонар героя мерапрыемства.

Мерапрыемства завяршыла Валянціна Віктараўна Клімовіч, якая прачытала віншаванне ад імя ўсіх бібліятэкараў раёна...

Таксама трэба адзначыць, што ў зале прысутнічалі сябры даследчыка: Барыс Мускі, Ільяс Хусаінаў і іншыя.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык, журналіст.


ПРА ВЫРАЗЫ ТЫПУ "ШЫТА-КРЫТА"

Знешне, па сваёй будове фразеалагізмы падобныя або на разнастайнага характару злучэнні слоў, або на сказы. Напрыклад, як і ў адпаведным свабодным словазлучэнні, у фразеалагізме махнуць рукой (на каго, на што), што значыць 'перастаць звяртаць увагу на каго-, што-небудзь', граматычна галоўным структурным элементам выступае дзеяслоўны кампанент махнуць , які звязваецца з залежным ад яго кампанентам рукой сувяззю беспрыназоўнікавага кіравання (праўда, гэтая сувязь толькі фармальная, а не сэнсавая). Гэта фразеалагізм са структурай словазлучэння.

Калі ж разглядаць фразеалагізм кот наплакаў (каго, чаго) ('вельмі мала'), то можна бачыць, што ён структурна арганізаваны як сказ, у якім першы кампанент адпавядае дзейніку, другі - выказніку. Гэта фразеалагізм са структурай сказа.

У некаторых жа фразеалагізмах няма ні граматычна галоўнага, ні граматычна залежнага кампанента: ні жывы ні мёртвы, з галавы да ног, пад бокам, на вачах, як на пажар і пад. Гэта фразеалагізмы са структурай спалучэння слоў.

Апрача гэтых трох структурна-граматычных разнавіднасцей, у асобную групу варта вылучыць каля 60 выразаў, абодва кампаненты якіх пішуцца праз злучок: больш-менш, брат-сястрыца, гуляй-вецер, узвей-вецер, перакаці-поле, далей-болей, збор-дружына, молада-зелена, першы-лепшы, прышый-прысцягай, разлюлі-маліна, трын-трава, шахер-махер, час-часом і г.д. Усе гэтыя і іншыя выразы апісаны ў двухтомным "Слоўніку фразеалагізмаў" (2008). Большая частка з пералічаных вышэй выразаў падаецца і ў пяцітомным ТСБМ за знакам ромба - як фразеалагізмы. І гэта несумненныя фразеалагічныя адзінкі. Яны маюць усе прыкметы, характэрныя для гэтай моўнай адзінкі, у тым ліку самую істотную - цэласнае значэнне, не звязанае са значэннямі састаўных частак. Яны адрозніваюцца ад іншых фразеалагізмаў толькі дэфісным напісаннем.

А тое, што яны пішуцца праз злучок, - гэта даніна традыцыі, вынік падгонкі пад агульнае правіла. Часам іх называюць у навуковай літаратуры складанымі словамі, спалучэннямі блізкіх слоў, "парнымі спалучэннямі асацыятыўнага характару" і г.д. Так, у акадэмічных "Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" (1959, с. 44) у адным шэрагу з такімі, напрыклад, лексічнымі ўтварэннямі, як адзінадным, даўным-даўно, крыж-накрыж, ціха-глуха, жыў-быў, жыць-пажываць , падаюцца і фразеалагізмы: час-часом, раз-пораз, сам-насам, шыта-крыта, шыварат-навыварат, бокам-скокам і інш. Амаль тое самае бачым і ў новых "Правілах…" (2008, с.54). Тут у ліку "ўтварэнняў, якія з'яўляюцца паўторам слова ў іншай лексіка-граматычнай форме" ці "спалучэннем блізкіх або супрацьлеглых па значэнні слоў", прыводзяцца без усякіх агаворак і такія, да прыкладу, "утварэнні" з цэласным значэннем (!), як сам-насам, хлеб-соль, шыта-крыта, больш-менш, бокам-скокам, пусці-павалюся, гуляй-вецер .

Многія фразеалагізмы, якія паводле сённяшніх правілаў пішуцца праз злучок, раней мелі іншае напісанне. Выраз шыварат-навыварат (запазычанне з рускай мовы) яшчэ на пачатку XX ст. пісаўся як тры кампаненты: шиворот на выворот . Адна з ранніх фіксацый фразеалагізма сам-насам адносіцца да 1599 г. - у форме самъ на самъ . Гэтак жа і ў слоўніку І.І. Насовіча (1870). Да 1959 года пісалі: сам-насам , пасля - з адным злучком: сам-насам . Параўнаем у сучаснай украінскай мове: сам на сам . Дарэчы, націск у гэтым выразе - на сярэднім складзе. Аднак іншы раз выраз ужываюць з парушэннем акцэнтала-гічнай нормы: "Ёсць цішыня-паўночніца… / Застацца з ёю - гэта / У той ўвайсці сезам, / Дзе сам-насам з сусветам, / З вечнасцю сам-насам ".

Некаторыя выразы прыйшлі да нас з лацінскай мовы, дзе яны пішуцца асобна, у два словы: alma mater, volens nolens . Або прыклад з нямецкай мовы: Schacher und Macher. У нас жа яны маюць дэфіснае напісанне: альма-матэр, воленс-ноленс, шахер-махер і воляй-няволяй (калька з лацінскай мовы).

Фразеалагізм абяцанка-цацанка паходзіць з прыказкі Абяцанка - цацанка, а дурню радасць , дзе паміж першымі кампанентамі не было злучка. Супаставім і ў І.І. Насовіча: Абяцанка цацанка, а дурному радасць . Выраз хочаш не хочаш пішам у тры словы, а ўтвораны на яго аснове хоцькі-няхоцькі - праз злучок.

Дэфіснае напісанне некаторых фразеалагізмаў не зусім стасуецца з пранікальнасцю іх структуры, з магчымасцю ўжывання злучніка "і" ("ды") паміж кампанентамі; параўнаем: хлеб-соль і хлеб ды соль ; цяп-ляп і цяп ды ляп ; шыта-крыта і шыта і крыта ; там-сям і сям і там ; такі-сякі і такі ды сякі . І такія ўжыванні ў "Слоўніку фразеалагізмаў" пацвярджаюцца адпаведнымі ілюстрацыйнымі прыкладамі. Як бачым, з выкарыстаннем злучка ў гэтых і падобных выразах, што называецца, праблема. Супаставім і такія паралелі: адсюль-адтуль і ні адсюль і ні адтуль ; бокам-скокам - дзе бокам дзе скокам , то бокам то скокам , хоць бокам хоць скокам , ці бокам ці скокам ; сюды-туды - сюды і туды, ні туды і ні сюды, то туды то сюды, сюды ці туды; сяды-тады - то сяды то тады; сяк-так - і сяк і так, не сяк дык так, так ці сяк, хоць так хоць сяк, ці так ці сяк; тое-сёе - і тое і сёе, ні тое ні сёе, тое ды сёе, то тое то сёе і г.д.

Не робячы ніякіх высноў наконт удакладнення арфаграфічных правілаў, прыгадаем усё ж словы акад. В.У. Вінаградава: "Правапіс - рэч умоўная і не заўсёды лічыцца з моўнымі фактамі". Або словы Л.А. Булахоўскага пра "фанатычны кансерватызм" у арфаграфіі.

Іван Лепешаў.



"Белпошта" выпусціла маркаваны канверт да 200-годдзя з дня нараджэння Іосіфа Гашкевіча, першага консула Расейскай Імперыі ў Японіі, ураджэнца Беларусі


ПРОЗВІШЧЫ БЕЛАРУСІ: НАЙМЕННІ ПІСЬМЕННІКАЎ

(Заканчэнне.)

Сауліч (Уладзімір С.) - дэрыват з суфіксам -іч ад антрапоніма Саул з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Савел (імя) - Саул - Сауліч .

Сачко (Зося С.) - утварэнне з суфіксам -ко ад антрапоніма Сак з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Сак - Сак-ьк-о - Сачко ). Утваральнае слова можа разглядацца по-рознаму: 1) ад імя Сак Сакердон ) і ад апелятыва сак 'жаночая верхняя вопратка тыпу кароткага паліто', а таксама 'рыбалоўная снасць, у выглядзе сеткі, нацягнутай на абруч'.

Сердзюкоў (Мікола С.) - прыметнікавая форма з суфіксам прынаежнасці -оў ад антрапоніма Сярдзюк з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: сердаваць ('крыўдзіцца, злаваць') - сярдзіты - сярдзюк - Сярдзюк - Сердзюкоў . У "Вялікім слоўніку беларускай мовы" Ф. А. Піскунова (2012, с. 971) падаецца: сярдзюк ('казак-наёмнік'). У такім разе ФП: сярдзюк - Сярдзюк - Сердзюкоў .

Сідарук (Ігар С.) - дэрыват з суфіксам -ук ад антрапоніма Сідар з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Сідарук ). ФП: Сідар (імя) - Сідарук (прозвішча).

Сіўко (Франц С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва сіўка 'конь сівай масці' з акцэнтаваннем фіналі - пераходу "а" ў "о" (на расійскі ўзор антрапонімаў) дзеля адмежавання прозвішча ад апелятыва. ФП: сівы - сіўка - Сіўка - Сіўко .

Случанскі (Уладзімір С.) - адтапанімічны дэрыват з суфіксам -анскі . ФП: Случ (рака) - Слуцк (горад) - случане ('жыхары Слуцка') - Случанскі 'прэстыжнае найменне ад Случанін .

Стома (Вячаслаў С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва стома 'зморанасць ад цяжкай працы ці іншага занятку'. ФП: стаміцца - стома - Стома (мянушка чалавека з частотным выкарыстаннем лексемы "стома") - Стома .

Гэтым пісьменніцкім найменнем завяршаецца шосты том даведніка "Беларускія пісьменнікі" (1991 - 1995 гг). За дваццаць апошніх гадоў пісьменніцкая супольнасць папоўнілася не адным дзесяткам новых імёнаў. На жаль, мы не маем спісу яго творцаў. Таму давядзецца спыніцца на разглядзе толькі асобных найменняў - пераважна тых, што не трапілі ў ранейшыя даведнікі ці намі не разглядаліся.

Амялішка (Міхась А.) - утварэнне ад імя Ам е лія з суфіксам -ішка : Амелішка . Не выключана і іншае паходжанне наймення, а менавіта: ад апелятыва амял у шка 'невялікая чубатая лясная птушка з атраду вераб'іных' або ад слова амяла 'шматгадовая вечназялёная расліна з белымі ягадамі, якая паразітуе на іншых дрэвах'.

Аўчыннікава (Ганна А.) - форма прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Аўчыннік з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Аўчын-нік-ава . Утваральнае слова - семантычны дэрыват ад апелятыва аўчыннік 'той, хто вырабляе аўчыны'. ФП: аўчына ('вырабленая авечая шкура') - аўчыннік ('майстар вырабляць аўчыны') - Аўчыннік - Аўчыннікава.

Барысевіч (Кацярына Б.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Барыс з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Ба-рыс-евіч ). ФП: Бар ы с - Бар ы- савіч - Барыс е віч.

Брусевіч Брусэвіч ) (Анатоль Б.) - форма з фармантам -евіч ад антрапоніма Брус з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Брус-евіч, Брус-эвіч ). Этымонам слова выступае апелятыў брус , які мае некалькі значэнняў: 1) 'бервяно, апілаванае або ачасанае з чатырох бакоў'; 2) 'прадаўгаваты прадмет, кавалак чаго-небудзь чатырохграневай формы'; 3) 'тачыльны, шліфаваны камень, звычайна ў форме пляскатага прадаўгаватага чатырохгранёвіка'; 4) 'у форме мн. л брусы 'гімнастычная прылада з дзвюх круглых паралельных перакладзінаў, замацаваных на стойках'. Такая шматстайнасць семантыкі этымона невыпадкова была пад увагай пры ўзнікненні прозвішчаў. Напр. Брусаў (Валерый Якаўлевіч, расійскі паэт), дзе фармант -аў мае значэнне 'нашчадак названай асобы' ( Бруса ); у беларускай мове адэкватная семантыка перадаецца фармантам -евіч : Брус - Бру-севіч.

Бубновіч (Іна Б.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Бубен з семантыкай 'нашчадак (дачка) названай асобы'. ФП: бубен ('ударны музычны інструмент у выглядзе абцягнутага скурай шырокага абруча з металічнымі бразготкамі', а таксама 'барабан') - Бубен (мянушка) - Бубен (прозвішча) - Бубновіч .

Санько (Валер С., Змі-цер С.) - ад імя Аляксандр , народна-гутарковай формы яго - Санька (ад Саня ), з пераносам націску на апошні склад дзеля адмежавання прозвішча ад імені. ФП: Аляксандр - Алякс а ня - С а ня - С а нька - Саньк о .

Павел Сцяцко


Прозвішчы Беларусі: найменні знакамітых людзей

(Паводле матэрыялаў "Нашага слова")

У гэтых публікацыях будуць прааналізаваныя найменні славутых людзей нашай краіны - на аснове выкарыстаных матэрыялаў тыднёвіка "Наша слова". Зразумела, апроч тых, што намі ўжо разглядаліся. Сярод аналізоўных - прозвішчы сяброў ТБМ, змешчаныя ў пераліку народзінцаў месяца, якіх віншуе "Наша слова", а таксама аўтары апублікаваных тут матэрыялаў (артыкулаў, зацемак, фота і пад.) і іншыя.

А пачнем з публікацыі за 6 лістапада 2013 года: " Радыё "Свабода" прэзентуе: Беларускі нацыянальны нэкропаль: Усходнія могілкі. "Свабода" ў інтэрнэце. Гэтая мапа дапаможа Вам знайсьці месцы пахаваньня выбітных дзеячоў, якія прысьвяцілі жыцьцё беларускай справе, культуры і мове. Паказьнік асобаў: Васіль Быкаў, Заір Азгур, Алёна Аладава, Анатоль Анікейчык, Іван Ахрэмчык, Анатоль Багатыроў, Алесь Бачыла, Андрэй Бембель, Мікалай Бірыла, Пятрусь Броўка, Алег Бабенін, Генрых Вагнэр, Ігар Гермянчук, Аляксей Глебаў, Пятро Глебка, Анатоль Грачанікаў, Ігар Дабралюбаў, Лілія Давідовіч, Іосіф Жыновіч, Уладзімір Караткевіч, Уладзімір Кармілкін, Генадзь Карпенка, Арлен Кашкурэвіч, Аляксандр Кішчанка, Кандрат Крапіва, Аркадзь Куляшоў, Еўдакія Лось, Міхась Лынькоў, Андрэй Макаёнак, Янка Маўр, Іван Мележ, Уладзімір Мулявін, Пімен Панчанка, Піліп Пестрак, Міхаіл Пташук, Віктар Роўда, Канстанцін Саньнікаў, Барыс Сачанка, Стэфанія Станюта, Язэп Сушынскі, Георгі Таразевіч, Віктар Тарасаў, Міхась Ткачоў, Мікола Трухан, Віктар Тураў, Іван Чыгрынаў, Іван Шамякін, Рыгор Шырма, Яўгенія Янішчыц, Фёдар Янкоўскі.

У гэтым пераліку, як бачым, палова - найменні пісьменнікаў, а яны намі ўжо апісваліся. Таму будзем аналізаваць неразгляданыя прозвішчы ў іх алфавітнай паслядоўнасці.

Ал а дава (Алена А.) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ав (-а) ад антрапоніма Алада з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Алад-ава ). Утваральнае слова можа кваліфікавацца, як вытворнае найменне з дзвюх частак: Ала і Ада (параўн. Людміла : Люда і Міла ).

Анікейчык (Анатоль А.) - дэрыват ад антрапоніма Анікей з выкарыстаннем суфікса -чык з семантыкай 'на-шчадак названай асобы' ( Ані-кей-чык ). Прозвішча можа разглядацца і як памяншальна-ласкальная форма імя - Анікей-чык , якая набыла ролю прозвішча.

Ахрэмчык (Іван А.) - дэрыват ад антрапоніма Ахрэм з выкарыстаннем суфікса -чык і семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Ахрэм-чык ). ФП: Ефрем - Яфрэм - Ахрэм - Ахрэмчык . Прозвішча можа кваліфікавацца і як былое памяншальна-ласкальнае імя Ах-рэмчык .

Бабенін (Алег Б.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ін ад антрапоніма Бабеня з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Бабен-ін ). Утваральнае слова Бабеня - ўтварэнне ад антрапоніма Баба з выкарыстаннем суфікса -еня з значэннем 'сын названай асобы' ( Баб-еня ). ФП: баба ('пра слабахарактарнага, нясмелага мужчыну', 'жанчына, якая прымала роды і пад. ') - Баба (мянушка і прозвішча) - Бабе-ня - Бабенін.

Багатыроў (Анатоль Б.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Багатыр з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Багатыр-оў ). Утваральнае слова - семантычны дэрыват ад апелятыва багатыр 'багацей, багач (хто валодае вялікай маёмасцю, мае шмат грошай)'. ФП: багаты - багатыр - Ба-гатыр - Багатыроў .

Бембель (Андрэй Б.) - семантычны дэрыват ад апелятыва бембель бэмбель, бэм-баль ) 'пухір' (П. Сцяцко. Слоўнік народнай мовы Зельвеншчыны. Гродна, 2005, с. 22); бэмбаль 'пухір' і 'бурбалка' (Слоўнік Паўночна-Зах. Беларусі, Т. 1, 1979, с. 255).

Бір ы ла (Мікалай Б.) - пазнейшая форма наймення; першасная Бір а ла (такое прозвішча таксама ў мовазнаўца), якое - дэрыват з суфіксам -ла ад дзеяслова з коранем -бір- ( збіраць ) - бирати : Біра-ла . ФП: браць (біраці) - бірала (той, хто браў, збіраў) - Бір а ла (мянушка) - Бірала (прозвішча). Форма Бірыла ўзнікла з арыентацыяй на мінерал берыл (у расійскай графіцы прозвішча пісалася Бирилло ).

Гермянчук (Ігар Г.) - няпершасная форма прозвішча, якая, відаць, з Германчук , як утварэнне з суфіксам -чук ад Герман з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Герман-чук (як і Сідарчук ). ФП: Герман (імя) - Герман (прозвішча) - Германчук - Гермянчук .

Глебаў (Аляксей Г.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Глеб з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Глеб (імя) - Глеб (прозвішча) - Глебаў .

Дабралюбаў (Ігар. Д.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Дабралюб з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Дабралюб-аў ). ФП: добра любіць - дабралюб - Дабралюб - Дабралюбаў .

Жыновіч (Іосіф Ж.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Жын з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Жын-овіч .

Кармілкін (Уладзімір К.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ін ад антрапоніма Кармілка з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Кармілк-ін ). Утваральнае слова - дэрыват з суфіксам - лк-а ад карміць : кармілка 'той, хто корміць'. ФП: карміць - кармілка - Кармілка (мянушка, потым прозвішча) - Кармілкін .

Карпенка (Генадзь К.) - утварэнне з суфіксам -енка ад антрапоніма Карп з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Карп-енка ). ФП: Карп (імя) - Карп (прозвішча) - Кар-пенка . Або: Карпенка 'малы Карп' - Карпенка (прозвішча).

Кашкурэвіч (Арлен К.) - форма бацькаймення з фармантам -эвіч ад антрапоніма Кашкур з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Кашкур-эвіч ). Утваральнае слова Кашкур можа быць семантычным дэрыватам ад апелятыва каш-к у р - утварэння ад кошка з семантыкай 'аматар забаўляцца з кошкай' або 'мурлыкаў, як кошка'. ФП: кошка - кашкур - Кашкур (мянушка, потым прозвішча) - Кашкурэвіч .

Кішчанка (Аляксандр К.) - утварэнне з фармантам -анка ад антрапоніма Кішка з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Кішк-анка - Кішчан-ка ). ФП: кішка (апелятыў) - Кішка (мянушка, потым прозвішча) - Кішчанка .

Мулявін (Уладзімір М.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ін ад антрапоніма Мулява з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Мулява - Мулявін . ФП: муляць ('церці') - мулява ('мазоль') - Мулява (мянушка, потым прозвішча) - Мулявін .

Несцярэнка (Васіль Н.) - утварэнне з суфіксам -энка ад антрапоніма Несцер і семантыкай 'нашчадак названай асобы': ( Несцерэнка ). ФП: Несцер (імя) - Несцер (прозвішча) - Несцярэнка .

Пташук (Міхаіл П.) - утварнне з суфіксам -ук ад антрапоніма Птах з семантыкай 'нашчадак названай асобы': ( Пташ-ук ). ФП: птах ('пташ-ка') - Птах - Пташук .

Роўда (Віктар Р.) - мажлівы семантычны дэрыват з суфіксам -да ад апелятыва роўда (утарэнне ад раўці 'плакаць, крычаць' праз ступень роў 'працяглы крык жывёлы, моцны плач') ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. А. Піскунова (2012 , с. 868): роў-да (П. Сцяцко. Беларускае народнае словаўтварэнне, 1977, с. 35). ФП: раўці - роў - роўда ('плакса') - Роўда (мянушка) - Роўда .

Саннікаў (Канстанцін С.) - форма прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Саннік з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Саннік-аў ). ФП: с а ні ('зімовы вазок на двух палазах') - санны ('майстар') - саннік ('майстар вырабляць сані') - Саннік (прозвішча) - Саннікаў .

Сушынскі (Язэп С.) - дэрыват з суфіксам -ынскі ад антрапоніма Сушка з семантыкй 'нашчадак названай асобы': ( Суш-ынскі ). Або адтапанімічны дэрыват ад уласнага наймення паселішча - С у ша : С у шынскі ('з паселішча Суша').

Таразевіч (Георгі Т.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Тараз з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Тараз-евіч ). Форма Тараз - вынік азванчэння канцавога с ( с - з ). ФП: Тарас (імя) - Тараз - Таразевіч .

Тр у хан (Мікола Т.) - семантычны дэрыват ад апелятыва трухан (утварэнне з суфіксам -ан ад трухаць 'бегчы подбегам, трухам') 'хуткі, імклівы'. ФП: трухаць - трухан - Трухан.

Тураў (Віктар Т.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Тур з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Тур-аў ). Утваральнае слова ад апелятыта тур 'вымерлы дзікі бык, продак буйной рагатай жывёлы'. ФП: тур ('жывёла, бык') - Тур (мянушка) - Тур (прозвішча).

* * *

А цяпер будзем разглядаць найменні сяброў ТБМ, выпісаныя з штомесячнага пераліку пры віншаванні з нагоды іх народзінаў (2010-2013 гг.). Для лаканічнасці выкладу і адпаведнага разумення сэнсу падаем (яшчэ раз) тлумачэнне некаторых спецыяльных тэрмінаў, выкарыстаных у тэксце. Антрапонім - уласнае асабовае найменне. Апелятыў - агульны назоўнік (ці іншая часціна мовы ў яго ролі). Бацькайменне - імя па бацьку (рас. отчество). Дэрыват - вытворнае слова. Фар-мант - словаўтваральны сродак (суфікс разам з канчаткам ці іншыя афіксы). Празванне - тое, што і мянушка (клічка), яно было папярэднікам прозвішча. Формула прозвішча (скароч. ФП ) - паказ усіх этапаў утварэння прозвішча.

Абрагімовіч (Марыя А.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Абрагім з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Аб-рагім-овіч ). ФП: Ібрагім - Абрагім - Абрагімовіч . Татарскае імя Ібрагім у народнай беларускай мове трансфармавалася ў больш зразумелую форму з пачатковым "А" - Абрагім .

Абраменка (Эдуард А.) - дэрыват з фармантам - енка ад антрапоніма Абрам з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Абрам-енка ). ФП: Аб-рам (імя) - Абрам (прозвішча) - Абраменка .

(Працяг у наступным нумары.)

Павел Сцяцко


Памёр Аляксей Саламонаў

Раптоўна і нечакана памёр вядомы беларускі геадэзіст, доктар тэхнічных навук, прафесар Аляксей Андрэевіч Саламонаў . Ён нарадзіўся 14 жніўня 1925 года ў вёсцы Кледнявічы Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобласці. Скончыў БСГА ў 1951 годзе, дзе і працаваў з 1955 г. (з 1969 па 1974 год загадчык кафедры). З 1974 года - у Беларускім тэхналагічным універсітэце (загадчык кафедры). З 1996 года ў выдавецтве "Беларуская Энцыклапедыя".

З 1997 - прафесар БСГА і адначасова прафесар-кансультант інстытута "Белдзіпразем". Прапанаваў метады стварэння і апрацоўкі геадэзічнай апоры, агульназямельнага кадастру і землеўпарадкавання, дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы. Удзельнічаў у стварэнні астранома-геадэзічнай сеткі ў Беларусі і на прылеглых да яе тэрыторыях, а таксама ў Егіпце.

Аўтар падручнікаў і навучальных дапаможнікаў для ВНУ.

Аляксей Андрэевіч пісаў вершы. Быў абаронцам беларускай мовы. Удзельнічаў у стварэнні ТБМ, быў кіраўніком Менскай гарадской арганізацыі ТБМ, на пэўным этапе быў актыўным і рэгулярным аўтарам газеты "Наша слова".

Прафесар выхаваў 2-х дачок.

Сябраваў з многімі беларускімі пісьменнікамі і дзеячамі беларускай культуры. Выказваем спачуванні родным, сябрам і блізкім Аляксея Андрэевіча Саламонава.

Аляксей Шалахоўскі.


Экалагічны занятак

Баранавіцкія сябры "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" правялі занятак у сярэдняй школе в. Русіны. Урок быў прысвечаны экалогіі і меў на мэце, па-першае, патлумачыць важкасць экалагічных праблем і неабходнасць іх вырашэння; па-другое - вызначыць магчымы ўнёсак кожнага грамадзяніна ў дзяржаўную справу па вырашэнні экалагічных пытанняў.

Разам з дзеткамі мы прыпомнілі, што такое вада ў жыцці прыроды і чалавека, чаму так неабходна чысціня вады. Узгадалі, што ўсе жывыя істоты ўтрымліваюць ваду, чалавек таксама ў сярэднім утрымлівае 60% вады ў сваім арганізме. Без вады чалавек можа пражыць 3-5 сутак. Гэтыя факты гавораць самі за сябе. Брудная вада найперш адбіваецца на забяспячэнні арганізма кіслародам, у маленькіх дзетак гэта можа прывесці да кіслароднага голаду і больш цяжкіх наступстваў, адкладанне брудных рэчываў на сценках крывяносных сасудаў прыводзіць да атэрасклерозу, цукрозы і ракавых пухлінаў.

Сябар Таварыства Анэля Камбалава распавяла пра вынікі невялічкага даследавання вады з вёскі Русіны ў Цэнтральнай лабараторыі навукова-вытворчага цэнтра па геалогіі г. Менска. Вынікі несуцяшальныя. Наяўнасць побач з вёскай могілак, птушкафабрыкі і пасяўных плошчаў, дзе выкарыстоўваюцца фасфатныя і азотныя ўгнаенні, робіць сваю справу. У вадзе прысутнічае амаль уся табліца Мендзялеева, падвышаны ўзровень фасфатаў, у тры раза ад нормы падвышана колькасць нітратаў, пры тым, што тут пажаданы нулявы паказальнік для небяспечнага карыстання вадой. Такая вада не мае адметнага паху і непрыемнага смаку, таму нельга заўважыць небяспеку без дадатковых даследаванняў. Дзеля відавочнасці эксперыменту спадарыня Камбалава правяла экспрэсс-тэст на нітраты вады са школьнай сталовай: яскравы фіялетавы колер тэст-палоскі сведчыць пра падвышэнне ў тры разы ад нормы. Нажаль ваду такой якасці піць нельга. Небяспечнасць нітратаў палягае на тым, што іх практычна немагчыма вывесці з арганізма. На сённяшні дзень забруджванне нітратамі - праблема нумар адзін у краінах басейна Балтыйскага мора. Тут Беларусь не самотная, міжнародная навуковая супольнасць заклікае вырашаць гэтую праблему ўсімі даступнымі спосабамі.

Патрэбна далейшая ачыстка. Неабходна абараняць калодзеж ад забруджвання пры дапамозе сістэмы глінянага замка. Простая тэхналогія дапаможа забяспечыць чысціню калодзежнай вады. Таксама трэба сачыць за дабраўпарадкаваннем тэрыторыі гаспадаркі, санітарнымі нормамі ўтрымання жывёлаў, гаспадарчых пабудоваў, яшчэ лепш адмовіцца ад пестыцыдаў і ад пасыпання дарогі соллю ўзімку. Такія меры па сілах кожнаму.

Дзеці расказалі як яны разумеюць свой удзел ў экалагічным дабрабыце краіны, пра спаборніцтва пры зборы макулатуры і пластыкавых бутэлек. З той пары як усталявалі кантэйнеры для раздзельнага збору смецця гэта стала вясёлым і адначасова адказным абавязкам. Такім чынам, кожны пры жаданні можа паўдзельнічаць у захаванні чысціні нашай прыроды.

Разам правялі гульню "каляровы капялюш". Гэтая гульня дае падказку, як вырашаць якую-небудзь праблему. Сутнасць гульні ў тым, што кожнаму колеру адпавядае асобная задача: белы - збіраем факты; жоўты - знаходзім пазітыўныя моманты; чорны - знаходзім негатыў; чырвоны - дзелімся ўражаннямі; зялёны - выбіраем крэатыўнае вырашэнне праблемы. І экалагічныя праблемы сталі больш простымі і зразумелымі. Тут няма малых і вялікіх спраў. Добра, што ёсць разуменне неабходнасці ўдзелу кожнага ў захаванні чысціні нашай краіны, патрэба берагчы скарбы прыроды, рабіць наш свет утульным для раслін, жывёлаў і чалавека. На заканчэнні гутаркі ўсе пераканаліся, што Беларусь застанецца сінявокай краінай чыстых рэк і азёраў, калі не толькі дзяржава, але і кожны чалавек будзе берагчы і захоўваць прыроду.

Анэля Камбалава.


Слонім на старых фотаздымках і паштоўках

Новае выданне

"Я ганаруся сваім горадам. Тут жылі мае продкі, тут жывуць мае сваякі і сябры, тут знаёмыя мне да драбніц кожная вуліца, завулак, кожны помнік і твары маіх землякоў.

Гады бяруць сваё, але старажытнасць і прыгажосць ніколі не сцерці з аблічча майго Слоніма. Ён, як пісаў Уладзімір Караткевіч, як цацка на беразе Шчары. І калі я гляджу на гэтыя старыя фотаздымкі і паштоўкі, мне вельмі хочацца вярнуцца ў Слонім першай паловы ХХ стагоддзя і адначасова заставацца ў Слоніме сённяшнім. Таму што з гадамі мой горад па-свойму прыгажэе і маладзее. Проста трэба адчуваць і берагчы гэтую прыгажосць і заўсёды шанаваць гісторыю роднага горада!" - напісаў Сяргей Чыгрын у аўтарскай прадмове да сваёй новай кнігі "Гісторыя Слоніма на старых фотаздымках і паштоўках (1900-1950)", якая на днях пабачыла свет у мінскім выдавецтве "Кнігазбор".

Што ж, лепш пра гэтае выданне і не скажаш. Застаецца толькі дадаць, што ў кнігу ўвайшлі 350 старых паштовак і фотаздымкаў, які адлюстроўваюць слонімскую гісторыю першай паловы ХХ стагоддзя.

Мікола КАНАНОВІЧ.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Яніцкая М.М. - 100000 р., г. Менск

2. Кашэль Кастусь - 75000 р., г. Койданава

3. Гайсіновіч Вольга - 50000 р., г. Менск

4. Несцераў Віктар - 100000 р., г. Менск

5. Гедройць А.Г. - 400000 р., г. Менск

6. Грудзіна А.П. - 150000 р., г. Шклоў

7. Прылішчыц І.А. - 50000 р., г. Менск

8. Кукавенка І.І. - 100000 р., г. Менск

9. Осіпава А.Е. - 50000 р., г. Гомель

10. Вештарт Г.Ф. - 50000 р., г. Менск

11. Аніскевіч А.Р. - 50000 р., г. Менск

12. Раманоўскі А.Ф. - 210000 р., г. Івянец

13. Ляснеўская А.Ц. - 50000 р., г. Менск

14. Бамбіза Мікола - 500000 р., г. Менск

15. Бусел Мікола - 30000 р., в. Дуброва, Светлагорскі р-н.

16. Шкірманкоў Фелікс - 100000 р., г. Слаўгарад

17. Прылішч Ірына - 50000 р., г. Менск

18. Данілюк Віктар - 50000 р., г. Менск

19. Пухоўская Юлія - 50000 р., г. Менск

20. Лазарук Тамара - 50000 р., г. Менск

21. Мануленка Уладзімір - 50000 р., г. Менск

22. Касцюкевіч Зміцер - 100000 р., г. Чэрвень

23. Мішкевіч Аліна - 200000 р., г. Менск

24. Кухаронак Алякс-др - 20000 р., г. Смілавічы

25. Анікееў Міхаіл - 100000 р., г. Менск

26. Гаква А. Д. - 50000 р., г. Менск

27. Вештарт Галіна - 50000 р., г. Менск

28. Лабыка Зміцер - 90000 р., г. Менск

29. Туча А.Ю. - 290000 р., г. Баранавічы

30. Астравецкі А.А. - 50000 р., г. Брэст

31. Раманюк Тацяна - 120000 р., г. Менск

32. Сяргеева Вольга - 100000 р., г. Менск

33. Рабека Мікалай - 200000 р., г. Менск

34. Малюкова Яніна - 15000 р., г. Гомель

35. Кісель Аляксандр - 20000 р., г. Гомель

36. Усціновіч В.В. - 100000 р., а\г Лясны

37. Чэчат Алесь - 100000 р., г. Менск

38. Сяргеева Вольга - 100000 р., г. Менск

39. Шкірманкоў Фелікс - 100000 р., г. Слаўгарад

40. Рагаўцоў Васіль - 50000 р., г. Магілёў

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Стыль функцыяналізму ў Лідзе да 1939 г.

У нашым горадзе з 1930 г. захаваліся некалькі цудоўных будынкаў у стылі функцыяналізму.

Функцыяналізм як архітэктурны стыль паўстаў напачатку ХХ ст. як адзін з асноўных элементаў больш агульнага мадэрнізму. Паварот да мадэрнізму ўзнік у літаратурных пошуках, у знаходках жывапісу, у першых аўтамабільных пробках, у авіяцыі, радыё, жалезабетоне і сталі, у кашмарах Першай Сусветнай і рэвалюцыях як новае разуменне матэрыяльнага свету і адбіўся ў архітэктуры самым зыркім і рашучым чынам.

Асновай ідэалогіі функцыяналізму ў архітэктуры стала стварэнне самымі сучаснымі спосабамі і канструкцыямі такіх формаў, якія павінны забяспечыць найлепшае функцыянаванне аб'екта, пры тым усё залішняе адкідалася. Працэсы, дзеля рэалізацыі якіх пабудаваны будынак, раён ці нават горад павінны атрымаць найболей зручную і тэхналагічную абалонку ці матэрыяльную базу. "Форма павінна адпавядаць функцыі" - вось лозунг функцыяналізму.

Асноўным ідэалагічным і практычным цэнтрам функцыяналізму стаў творчы цэнтр "Баўхаўз" (праектнада-следчы цэнтр дызайну) у Нямеччыне, пачынаючы з 1920 гг. тут вядуца тэарэтычныя даследванні і прыкладное праектаванне. Стваральнік і кіраўнік Баўхаўза, найбуйнейшая постаць функцыяналізму Вальтар Гропіюс (Gropius, Walter, 1883-1969) быў аўтарам шматлікіх помнікаў гэтага рэвалюцыйнага стылю. Класічны прыклад гэтага кірунку - будынак самаго "Баўхаўса" ў Дэсаў (Bauhaus, Dessau) архітэктара В. Гропіюса, пабудаваны ў 1925-26 гг.

Французскі архітэктар Ле Корбюззе, адзін з найбольш вядомых творцаў функцыяналізму, унёс галоўны ўнёсак у тэорыю і практыку гэтага стылю. Яго ідэі ў горадабудаўніцтве, у тэорыі масавага індустрыяльнага жытла, рэалізаваныя ў будынках і праектах і дагэтуль актуальныя. Гэты сапраўдны вялікі архітэктар сучаснасці напоўніў тэорыю функцыяналізму ідэалагічна і практычна, яго знакамітыя прынцыпы пабудовы масавага індустрыяльнага жылога дома (дом на апорах, плоскі дах-сад, стужкавае ашкленне і г.д.) выкарыстоўваюцца і сёння.

Функцыяналізм патрабаваў строгай адпаведнасці формы будынка яго функцыям і адмове ад усяго, што не патрэбна для ўжытку. Архітэктурныя формы павінны былі адпавядаць будаўнічым канструкцыям і матэрыялам. Па-новаму выбудоўвалася мастацкая выява архітэктурнага твора. З эстэтычнага пункта гледжання новая архітэктура, пазбаўленая ўпрыгожвальніцкіх празмернасцяў, павінна была ўспрымацца чалавекам падчас руху ў ёй і вакол яе (адзінства прасторы і часу). Ідэолагі новай архітэктуры прадугледжвалі стварэнне ўмоў для зручнага і хуткага перасоўвання людзей у архітэктурна-прасторавым асяроддзі. Унутраная прастора памяшкання станавілася дынамічнай, як бы "перацякала", "вольна пералівалася з інтэр'еру ў інтэр'ер". Значнае зашкленне стварала магчымасць яднання чалавека з вакольнай прыродай. Сэнс фунцыяналізму ў лаканічнай і яснай пабудове. Характэрныя для функцыяналізму архітэктурныя формы - плоскія дахі, буйныя плоскасці шкла, поўная адсутнасць таго, што канструктыўна не патрэба.


З канца 1920-х гг. архітэктурны стыль функцыяналізму з'явіўся і ў Цэнтральнай Еўропе. У нашым горадзе захавалася некалькі цудоўных узораў гэтага стылю. А зараз трохі з гісторыі будаўніцтва і пачатку эксплуатацыі гэтых будынкаў ў Лідзе.

Будынак лідскай пошты

Сапраўднай пярлінай функцыяналізму ў нашым горадзе з'яўляецца будынак пошты. У сярэдзіне 1930-х гг. паштовыя гмахі ў стылі функцыяналізму так сама былі пабудаваныя ў Гдыні, Быдгашчы, у заходнеўкраінскім Луцку і заходнебеларускай Лідзе. Паштовыя будынкі ў Быдгашчы і Луцку - родныя браты лідскага, але не гледзячы на тое, што гэтыя гарады ў той час як і цяпер мелі большую колькасць насельніцтва чым Ліда, лідская пошта ўсе ж большая па памерах і прыгажэйшая. Цікава, аднак, што згодна з гарадской легендай, будынак пошты ў Быдгашчы як ў і Лідзе як быццам будаваўся па праекту англійскіх архітэктараў, пра англійскага архітэктара лідскай пошты піша і Леў Коласаў. (Пошта ў Лідзе // Лідскі летапісец №3-4 (27-28) -2004. С. 46.)

На жаль да гэтага часу мне не ўдалося знайсці апісанне архітэктурнага праекту і выявіць прозвішча архітэктара, які праектаваў нашу пошту і падарыў нам, можа, самы стылёвы будынак у горадзе. Неаднаразова чуў ад адмыслоўцаў што гэты прыгожы будынак з стылёвымі кратамі на вокнах лёгка уявіць сабе на самай фешэнебельнай вуліцы еўрапейскага горада. Нават больш позняя мазаіка знутры перакрытай зверху светлавымі вокнамі аперацыйнай залы, арганічна ўпісалася у інтэр'ер будынка. І самае галоўнае - ніякія рамонты не сапсавалі гмах лідскай пошты.

Першае паведамленне пра пачатак будаўніцтва новай лідскай пошты я знайшоў у жнівеньскім нумары 1936 г. газеты "Курьер Віленскі", у гэтым нумары Дырэкцыя Поштаў і Тэлеграфаў Віленскай акругі абвясціла публічныя таргі на будаўніцтва гмаха лідскай пошты, а праз некалькі месяцаў, у снежні 1936 г., тая ж Дырэкцыя абвясціла таргі на выкананне работ па мантажы сістэмы цэнтральнага ацяплення, каналізацыі і водаправоду.

У студзеньскім нумары 1937 г. газеты "Курьер Віленскі" ў найцікавейшым артыкуле "Ліда - горад вялікіх мажлівасцей" пісаў: "Выган - участак горада зарослы хмызняком і забалочаны зараз хутка забудоўваецца. Яшчэ ў 1920 гг. тут у багне танула жывёла, якую выводзілі сюды пасвіцца, а тых людзей, якія хацелі прайсці напрасткі, чакаў такі ж лёс.

Аднак пасля ўрэгулявання рэчкі і меліарацыі балота тут была пабудавана калонія дамоў для дзяржаўных чыноўнікаў, паўсталі прыгожыя гмахі школы і гімназіі, пачалося будаўніцтва найвялікшага ў Наваградскім ваяводстве стадыёна плошчай 3,85 га з бегавой дарожкай працягласцю ў 500 м., пачалося будаўніцтва прыгожага будынка пошты агульным аб'ёмам 10 000 м 3, якая будзе пасучаснаму абсталявана. Сюды ж плануецца перанесці гарадскі рынак" .

Праз некалькі месяцаў віленская прэса зноў паведаміла, што ў 1936 г. пачалося будаўніцтва гмаха новай пошты ў Лідзе. Будоўлю планавалася закончыць у 1937-38 г. Да 1937 г. ужо былі пабудаваныя два паштовыя гмахі ў Вільні, пачалося будаўніцтва новай пошты ў Баранавічах агульным аб'ёмам 13 000 м3., планаваліся новыя будынкі пошты ў Гародні, Друскеніках, Шчучыне, Гарадзеі, Клецку і Маладзечне.

Ажыўленне ў эканоміцы, якое назіралася ў другой палове 1930 г. спрыяла развіццю телефонных сетак на Лідчыне. За 1937 г. колькасць тэлефонных абанентаў на Лідчыне вырасла на 1/5 і дасягнула колькасці ў 218 абанентаў. Штомесячны грашовы абарот лідскіх телефаністаў дасягнуў 10 000 зл., усе пашкоджанні на лініі рамантаваліся не болей чым за 4 гадзіны, на тэлефоннай станцыі працавала 6 высокакваліфікаваных тэлефаністак.

У красавіку 1937 г. заказчык будоўлі - Дырэкцыя Пошты і Тэлеграфа ў Вільні аб'явіла таргі на мантаж электраабсталявання ў новым будынку лідскай пошты.

Будоўля гмаха пошты рухаецца наперад. У траўні 1937 г. паведамлялася, што "ў найбліжэйшыя месяцы ў новым раёне горада каля гімназіі паўстане другі гмах коштам больш за мільён злотых (першы мільённік гэта будынак гімназіі - Л.Л. ). Тут будзе ліставая пошта, тэлеграф і тэлефон. У памяшканнях вышэй ад першага паверха размесціцца персанал ліставой пошты, аддзелаў тэлеграфа і тэлефона, кіраўнікоў гэтых аддзелаў" . У тым жа артыкуле паведамлялася, што гарадскія ўлады арганізавалі покуль адзіны гарадскі парк у цэнтры горада на плошчы Славы. На плошчы сад, у якім стаіць помнік Незалежнасці, засаджаны кветкамі і выгараджаны часткова плотам, а часткова кустамі. Так сама некалькі тыдняў таму стараннямі Фонда Працы вуліцы Школьная (Кірава), 11 Лістапада (7 Лістапада) і Каляёвая (Труханава) атрымалі новыя дарожныя пакрыцці, ходнікі і газоны. Такія ж працы пачаліся па вуліцам Перацкага, Пілсудскага (Чапаева), генерала Бярнацкага. Па вуліцы Школьнай, улічваючы будынак пошты, гарадскія ўлады арганізавалі работы па мантажы каналізацыі. Для гэтага быў выкапаны роў даўжынёй у 25 метраў на зямлі, якая належала яўрэйскай грамадзе горада, і ў якой ніхто не прасіў дазволу. З-за пратэсту яўрэйскай грамады, работы на нейкі час былі прыпынены .

Ужо ў кастрычніку 1937 г. корпус гмаха пошты быў зроблены "пад дах" і пакрыты. Узімку планавалі пачаць унутраныя работы, таму частковае адкрыццё новай пошты магло адбыцца яшчэ ўвесну 1938 г. Але будаўнічыя працы затрымліваліся.

Адначасова з будаўніцтвам пошты замест старых ліній сувязі на слупах, будаваліся новыя, падземныя кабельныя лініі сувязі. Пры пракладцы тэлефонных кабеляў да новай пошты па вуліцы Міцкевіча, у 1937 г. тут знойдзены парэшткі XVIII ст. "лідскіх месцічаў, якія былі пахаваны на могілках пры ўніяцкай царкве, якая згарэла ў першай палове XVIII ст. ... . Потым праваслаўныя святары прадалі пляц былых могілак каля царквы пад участкі для будаўніцтва і тут былі пабудаваны дробныя крамы" . Праз месяц: "Ліда будзе мець падземныя тэлефонныя кабелі. Як і ў вялікіх гарадах, у Лідзе закладаюцца трубы для пракладкі тэлефонных сетак. Гэтыя работы выконваюцца на галоўных вуліцах горада" .

Бліжэй да заканчэння будаўніцтва гмаха, у траўні 1938 г. лідскія паштавікі пачалі атрымліваць новую тэхніку: "Матарызацыя пошты. Управа пошты і тэлеграфу ў Лідзе атрымала 5 аўтамабіляў маркі "Польскі фіят". Цяпер конны воз для дастаўкі пошты будзе служыць толькі там, дзе аўтамабіль не зможа праехаць".

(Працяг у наст. нум.)

Леанід Лаўрэш


Чарнобыльская катастрофа і Мікалай Слюнькоў

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Усё павольней рэдзяцца словы:

- Дакументаў, законапалажэнняў нават на завод справы не знайшлі, не нашкрэблі, не тое, каб аформіць для судовых пасяджэнняў. Раённых, тым болей рэспубліканскіх.

ЧАЭСная бяда стала нечаканай, балючай і гарэтнай для нізоў і вярхоў, механізатара і міністра.

Невялікі перапынак. Размова тычыцца не толькі красавіцкага выбуху 1986 года. Мікалай Мікітавіч паўторна аргументуе, чаму ў яго прынцыпова адмоўныя адносіны да большасці інтэрв'ю, мемуараў. Аўтары ўсіх мемуараў павярхоўняць, пішуць пра сябе, не пра час.

- Пісаць патрэбна найперш пра час, грамадства, праўдзіва ўсё падаваць, - роўна ліецца прыемны акрэслены голас. - Пісьменнікі і журналісты павінны быць надта адказнымі людзьмі. У кожнага свая праўда, гэта правільна, можна зразумець. На тое ён і пісьменнік, каб мець уласную думку, але нельга адрывацца ад эпохі, з разу на раз паўтараць агульшчыну, пашляціну, а то і безадказную выдумаль.

Слюнькоў прынцыпова не чытае цяперашніх мемуараў, не бачыць у іх праўды жыцця і эпохі, гістарычнага аналізу, без чаго кошт успамінаў нулявы. Гістарычны аналіз патрабуе яснай аргументацыі, дакументальных фактаў. Нават калі мемуарыст выкладае цікавыя факты, разважае, а няма філасофскай муроўкі, няма характараў, тыпаў, думкі над выказаным/нявыказаным, не патрабуе ад чытача ўглядвання ў міжрадкоўе - такія мемуары ў прынцыпе не цікавяць М. М. Слюнькова. Маўчы аўтар, не выступай, а калі ўзяўся, будзь прафесіяналам. Пачаткоўства і рамесніцтва яго не цікавіць.

Ён можа падзяляць думку/ідэю аўтара ці не, аднак бачыць як падганяецца матэрыял і факт пад зададзенасць; такое пісьменніцтва на мяжы выдумкі, складання, фантазіі. Менавіта таму Слюнькоў будзе лепей знаёміцца з інфармацыйнасцю тэлевізара, чым з творам раманіста або так званага папулярызатара.

Калі М. М. Слюнькоў быў генеральным дырэктарам на МТЗ, амаль год на пасяджэнні і сходы ў дырэктара, галоўнага інжынера, цэхавыя, прафсаюзныя, прыходзіў беларускі пісьменнік, ягоны зямляк. Запэўніваў, жыццё завода апіша строга аб'ектыўна. Выйшла кніга. Праблемы завода перахлушаныя, павярхоўніцтва ва ўсім. Генеральны дырэктар паводле волі аўтара меў каханку, разышоўся з жонкай. Не проста выдумка, хлусня. Аўтар вінавата патлумачваўся потым: маўляў, жанр рамана вымагае ад галоўнага героя левых паваротаў.

- Дабрачная разумная мая Ліда Паўлаўна, царства нябеснае, залаты чалавек і памочніца, успрыняла аўтарскі валюнтарызм аплявухаю - мне, ёй, сям'і. Ну як пасля гэтага ацэньваць такую пісьменніцкую беларускую хлусню, - добры твар маркотнее, губы перасмыкаюцца.

Наймалая ўзгадка пра даўнюю пісьменніцкую падлянку выводзяць з сябе пенсіянера.

- Калі аўтар прафесіянальны, нават алагічны, каструбаваты, але праўдзівы, тым лепшы вынік - для яго, літаратуры, краіны. Яму болей вераць. Як Распуціну. Сістэмны аналіз патрабуецца ўсюды. Як праўда.

Цікаўлюся, ці перазвоньваюцца яны з тым менскім пісьменнікам, Міколам, як было раней паміж сем'ямі.

- Яму - сорамна, мы не бачым сэнсу.

Мікалай Мікітавіч памаўчаў, паволі пераходзім на хваробы. У яго няма адной ныркі. Перанёс чатыры аперацыі, тры - пад агульным наркозам. Анкалогія так проста не здаецца.

- Часам прыйду на кухню і думаю, чаго прыйшоў.

Сарамлівую выбачальную ўсмешку гаспадара занадта добра разумею:

- У мяне гэтаксама бывае, - прызнаюся. Нітка ўзаемаразумення мацней ўлежваецца паміж намі.

- Бывае сяджу і, грэх прызнацца, забываю, як унука завуць. - Маўчанне завісае ненадоўга. - З Вамі знешне гавару лёгка, бо чарнобыльскае ўсё прайшло скрозь душу, рэжа сэрца, а сам усё адно напружваюся. Разважаю, баюся, хоць бы думка не перарвалася.

Гаспадар кватэры ідзе да кніжнай паліцы, бярэ кнігу А.І. Варатнікова "А было это так", чытае падкрэсленыя адрыўкі з яе, цёплы подпіс.

- Разбурана канструкцыя, значыць, будынак, а гэта не заўжды закрануты рэактар. Радыеактыўнасцю ў першых паведамленнях амаль не пахла. Дырэктар ЧАЭС Бруханаў не ведаў, мы тым болей.

Кіруецца да стала, два-тры разы прысупыньваецца, сцішана эхае, рукамі кратае жывот, гладзіць. Па-воль-нень-ка ўсаджваецца за стол.

- Пра аварыю Рыжкову стала вядома ўранку 26 красавіка. У 12.00, у нядзелю, стварылі Аператыўную групу, узначаліў яе насуперак Гарбачову сам Рыжкоў, склалі Урадавую камісію - для разбору сітуацыі і рашэнняў: каму што рабіць, для аказання дапамогі, з каго пытаць. Пра радыеактыўнасць ніхто дакладна нічога не цяміў, і пажарнікі не ведалі. Ніхто ў краіне пра яе нічога толкам не ведаў, - забівае таўсцяшчыя цвікі ў прастору сціхі голас хворага.

Некалькі хвілін у пакоі размова пра першыя чарнобыльскія дні ў Менску. Хто каму званіў, куды ездзіў, як стала зона высялення не дзесяць, пятнаццаць, нават дваццаць кіламетраў, а трыццаць. Другога мая спецыялісты схіляліся на зону ад сілы на дваццаць кіламетраў, Урадавая камісія так-сама. Мікалай Іванавіч Рыжкоў, дабрак і прамалінейнік, пашаптаўся з акадэмікам Лягасавым.

Адкрыў сумесныя агульныя пасяджэнні ў Чарнобылі. Дэбатавалі, рашалі цэлы дзень. Увечары Рыжкоў: "Усё абгаворана, усе ведаюць галоўныя праблемы катастрофы. Патрэбна тэрмінова ратаваць людзей. Асобныя навукоўцы прапануюць зону высялення пятнаццаць кіламетраў, некаторыя дваццаць. Акадэмік Лягасаў - трыццаць кіламетраў. Прапаную рашэнне: зона высялення трыццаць кіламетраў. (Рыжкоў падняў руку). Хто супраць? - Няма. - Хто устрымаўся? Галасуем. Нікога няма. Рашэнне прынята, зона трыццаць кэмэ".

- Рыжкоў тады прыняў вялікае рашэнне. Мноства людзей трох рэспублік ацалела. - Сівая галава з велікаватай радзімай плямай злева пахітваецца на знак адабрэння. - Магу дзесяць тамоў добрага напісаць ці прадыктаваць пра Савецкую уладу. І пяць тамоў пра недахопы. Нікому такое не патрэбна.

Тупае да кніжнай паліцы, бярэ кнігу М. І. Рыжкова "Десять лет великих потрясений", сходу знаходзіць даўно падкрэсленыя рознымі чарніламі радкі, пераказвае. Нічога не пытаю, ён сам выдае:

- Ні адзін следчы не зможа папракнуць Слюнькова - я нешта ведаў, мог прадухіліць і не зрабіў, штосьці мог паправіць і не варухнуўся. Такога не было, няма, папрокаў не будзе.

Размова блізіцца да завяршэння. Выказваю здагадку, калі б Мікалай Мікітавіч кіраваў Беларуссю ў пераломны момант, як Бразаўскас у Літве і Краўчук на Украіне, Беларусь мякчэй бы ўпісалася ў новае жыццё. Сутрасенняў і стратаў зазнала б нашмат меней. Выпадковыя людзі, а то і проста тупакі не ўсплылі б пенаю ў міністэрствах, Урадзе, дэпутатамі.

Зацвярдзелая постаць субяседніка не зрухнецца. Ва ўсім, жэстах, выхілцы, згода з вывадам.

- У нас "Пагоня" з 1270 года. Мы ўласную гістарычнасць у многім аддалі жамойтам і аўкштатам, якія ў яе часы нават пісьмовасці і гарадоў не мелі... Праз чатыры стагоддзі служыць у войска іх не бралі.

- Дамовіліся, палітычныя пытанні не чапаць.

- Старажытнасць не палітыка, не сучаснасць. Яна не плыве пад палітыку.

- Справа не ў "Пагоні". Калі народ, кіраўнікі і дзяржава не маюць карэнняў у глыбіні часу, у стагоддзях, іх меней цэняць у свеце. Такія народы самі зжываюць сябе. Непаўнацэнныя.

- Значыць...

- Значыць, Вы мяне сасцежылі. Мы дамовіліся палітыкі не тычыцца. Дзеянняў паважанага Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі не абмяркоўваю. Хваліць ёсць шмат за што. Хоць бы за сённяшнія цвёрдыя заявы: незалежнасць Беларусі ніколі не здадзім, ніякіх федэрацыяў, канфедэрацыяў. Дарэчы, ведаеце Вы ці не, у свой час ён прапаноўваў мне талковую працу.

- І?

- Я адмовіўся. Былі прычыны. - Раздумвае. - Ад чарнобыльскай тэматыкі мы аддаліліся. - Зноў раздумвае. - Так было, ёсць і будзе ва ўсіх народаў, старажытнасць цэняць.

Гербы, штандары, сцягі з'явіліся не для ўславы князя ці пахваленства дружыны - для абароны воінаў, племені, народа. Сусед ваюе з суседам, як брат з братам, зброя і вопратка аднолькавыя, розніцца неабходна. Слюнькоў пагаджаецца з пачутым ад мяне. Каб незнаёмыя людзі адной харугвы/дружыны не пасеклі сваіх, ведалі дзе стаяць, куды ісці, з'явіліся штандары, сцяжкі, гербы, сцягі. Яшчэ ў шумераў і майя, этрускаў, у антычнасці, у венедаў і русінаў. Таму і ганарацца народы даўнейшасцю. Самі лезьма ў яе лезуць, просяцца. А беларусы старабытніцтва згубілі. Страчваем.

- Выправіцца ў нас што-небудзь?

- Іначай не ўбудзе. Я ўжо адной нагой па дарозе дадому, у Тагаіснае, як кажуць Вашыя героі, таму раблю выключэнне, выказваю што як правіла не казаў.

- Разумею. Сардэчны дзякуй вам.

Залішнія секунды чакання.

- Вядома, цяжка Аляксандру Рыгоравічу. - Пазірае ў вакно. - У яго нядаўна была выдатная мажлівасць узняць уласны аўтарытэт і народа беларускага высока-высока, да нябёсаў. - Прыгожыя пакутніцкія вочы пранізлівай сінечаю ўзіраюцца ў мяне. - Возьмем зусім свежы эпізод. Пасля выбараў даў прысягу народу і дзяржаве. На Канстытуцыі. Прагучаў гімн. Прэзідэнт мог пры чарговым падыходзе на трыбуну сказаць штосьці накшталт такога:

"Людзі не могуць думаць аднолькава. Могуць памыляцца. Сёння, у такі высокі дзень для нас усіх, хачу задаць пытанне вам, прысутным у зале палаца Рэспублікі. Ці не адпусціць усіх затрыманых дзевятнаццатага снежня. Галасуем. Хто за? І сам падняў руку - "за".

- Думаецца, у Палацы Рэспублікі не проста апладавалі. Крычалі б: "Ура", - не людзі - сцены, вокны, люстры палаца цешыліся б. Галоўнае, у Захада і Усходу не стала б прычыны радавацца беларускім закалотам, аб'яўляць спісы неўязных, сварыцца, нашу эканоміку ўсё сур'ёзней гнясці, збіваць цэны беларускай прадукцыі, не зніжаць цэны за візы.

Мудрэц перада мною, філосаф бачыць далёка. Засцерагае і падказвае:

- Па-мойму яшчэ не позна ягоным дарадчыкам і распрацоўшчыкам варыянтаў узгадаць, што яны не сляпыя выканаўцы волі суседніх дзяржаў. Знайсці момант і змікшыраваць сітуацыю ў цэлым.

- Возьмем...

- Нічога браць не будзем. Прэзідэнта я паважаў і паважаю. Не крытыкую. Ён сам бачыць уласныя поспехі і промахі.

Як п'яніца да плота, я прыбіваюся да чарговай пякотнай на Беларусі тэматыкі:

- Як Вы адносіцеся да крытыкі?

Пабойваюся "пераходзім да другога пытання", чую ж лагоднае мяккае слова не расхварэлага вялікага чалавека, а КІРАЎНІКА з вялікай літары, з усіх вялікіх літараў:

- Крытыка павінна быць. Усюды. Гэта ненармальна, кіраўнічок раённага маштабу за слова нязгоды з яго рашэннем крыўдзіцца, прыцясняе рупліўца/падказчыка, дазваляе безладзі і недахопу мацней укараніцца. Усюды была, ёсць і будзе крытыка. Узгадаем эпоху сталага і познага Іосіфа Вісарыёнавіча. Інжынер Пятровіч жадаў, каб яго не ганялі бесталку, не прыдзіралася начальства - крытыкаваў на сходзе ці нарадзе галоўнага або дырэктара. Ведаў Пятровіч і ўсе: нават калі трэба яго за штосьці асадзіць, не будуць. Бо Пятровіч і дружбакі могуць расцаніць прыціск помстаю за крытыку. - Слюнькоў цяжка ўздыхае. - Крытыкі ў талковай дзяржаве неабходна паболей. Яна наждак для іржы.

Нядаўна быў надрукаваны вывад прафесара Роя Мядзведзева. Беларусь Расіі пераплачвае фінансаў болей, чым Расія ёй. Прыблізна 4-5 млрд. долараў штогод. Наш Прэзідэнт гадоў колькі таму ў маскоўскіх газетах таксама прыводзіў аналагічныя лічбы.

- Патрэбна сесці двум камісіям, з рускага і беларускага боку, выпрацаваць меру падлікаў і ацэнак - за перавозы на аўтатранспарце, чыгунцы, пералёты, за базы, за ахову мяжы, транспарціроўку газу, нафты, праезды легкавікоў... Падлічыць эканамічна-вытворчыя страты абедзвюх дзяржаваў пры вялікім аддаленні - і тады законныя патрабаванні і завышкі Газпрама стануць для Беларусі нармальнай драбязой у параўнанні з выплатай Расіі нам. Парушэнні адносінаў між суседзямі заўжды радасць калаўротнікам і нядобразычліўцам. Пацерпіць ад пагаршэння Беларусь, у такой жа ступені, а то і горай - Расія. Без украінскіх і беларускіх заводаў, сельгаспрадукцыі ёй не абыйсціся.

- Як Вы адносіцеся да прыватызацыі?

- Сусветная практыка і чалавечы вопыт паказалі, яна неабходная. Толькі не так, як зрабілі ў Расіі. Раздзяржаўленне прынесла ёй страшэнныя страты ўласнасці. Ад разбурэння эканомікі за адзін толькі 1996 год яна страціла ў 2,5 разы болей, чым страціла краіна за ўсе гады Вялікай Айчыннай. Развал Савецкага Саюза - найвялікшыя прыбыткі для Захаду і ўласных смярдзюковых. Хваты і ўмельцы атрымалі ва ўласнасць металургічныя камбінаты (30-40 тысяч працаўнікоў) за цану, роўную кошту швейцарскай хлебапякарні (80 чалавек).

Чалавек разбіраўся, кіраваў прамысловасцю другой дзяржавы свету, ведае лічбы і факты, яму баліць ад адных толькі ўзгадкаў пра недарэчнасць развалу.

- Так, нацыям патрэбна было даць болей самаарганізацыйнасці, рэспублікам - эканамічнай волі. Да гэтага ішло. Вы ў сваім рамане таксама паказваеце. Пра знікненне СССР будуць шкадаваць яшчэ многія і доўга.

- Сталін...

- Вялікі чалавек, дзеяч, кіраўнік. Вялікі.

- Памылкаў зашмат.

- Першае, не зашмат, а ёсць, былі. Другое, многія ўсіхныя памылкі і перахлёсты валяць цяпер на Сталіна. Ён вінаваты за справы ў міністэрствах і раёнах да Леніна, пры Леніне, Троцкім, Свярдлове, тым болей пры Зіноўеве, Бухарыне, Кагановічу, Каменеве. Ён вінаваты за неадпаведны нацсклад у саўнаркамах, трэстах, вэнэу. Ён вінаваты, што ў самалётах і танках увойну не было радыёстанцый. Тым болей вінаваты ў высяленнях, перасяленнях.

Ідэі ў ЦК прапаноўвалі знізу, гадамі дзяўблі адно і тое, прабівалі, даказвалі, як з меліярацыяй у сямідзясятыя, васьмідзясятыя. Разглядвалі і зацвярджалі любыя ідэі міністэрствы, саўнаркамы, нарэшце завізоўвалі кандыдаты і члены Палітбюро, падпісаў Сталін, зацвердзілі на з'ездзе ўсіхным галасаваннем, - вінаваты адзін Сталін.

Дзясяткі, сотні, тысячы найразумнейшых, вучоных і кіраўнікоў, нараджалі ідэі, прабівалі іх, разглядалі, зацвярджалі, а вінаваты адзін, персанальна адзін.

- У якой недыктатарскай дзяржаве так могуць плявузгаць? Ні ў адной.

Перадыхае. Адчуваецца, выбухная слоўная плынь - не эмоцыі хвіліны, а вяршыня думанага, ад цвёрдых вывадаў.

- Палітычнага дзеяча ацэньваюць не па балбатні і ўспамінах. Па атрыманым ім і пакінутым ад яго нашчадкам. - Узіраецца ў мяне, цёмнага, расталкоўвае: - Што было да дзеяча ў народа, і што засталося народу і краіне пасля яго. Беларус можа быць цёмным, нацыя - не. У краіне СССР агульная ацэнка любому дзеячу хутка высякалася. Які ўжо яры вораг СССР быў Уінстан Чэрчыль, вялікі дзеяч Вялікабрытаніі, Нобелеўскі лаўрэат - ацэнка ім Іосіфа Вісарыёнавіча найвысокая.

Кожны нармальны чалавек цэніць родных, асабліва дзяцей.

(Працяг у наступным нумары.)

Валер Санько


Кукавала Зязюля ў ... Талачынскім лесе

Да 160-годдзя Тарэзы Гардзялкоўскай, перакладчыцы, выдаўца, падарожніцы, арганізатара разам з сынам Канстанцінам беларускай школы, настаўнікам якой з'яўляўся Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас)

Ні ў росквіце бэзу,

Ні ў колавым гудзе

Айчына Тарэзу

Вавек не забудзе.

Алесь Корнеў.

Заранка Талачына.

Няхай даруе мой любы класік - паэт Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч), што я пад загаловак крышачку пераўвасобіў для сваіх патрэб яго славутыя радкі з найдзівоснейшага верша "Алеся", апублікаванага ім у 1935 годзе.

Як вядома, Тарэза Гардзялкоўская друкавалася пад літаратурным псеўданімам Зязюля . У сваім асяродку, калі шчыра гаварыць, яна адчувала сябе сапраўдным зязюльчыным дзіцём - падкідышам. І ўсю сваю красу, сілу, моц, здольнасці і грошы разам са сваім сынам Канстанцінам яна аддавала беларускаму люду. Разам з ім, з развіццём яго самасвядомасці яна аслабяналася ад векавечных пакут за тое, што рабіў з падняволенымі яе род. І гэтым яна ўвайшла ва ўдзячную памяць сваіх сучаснікаў і нас, хто зерне за зернем збірае звесткі пра яе асобу - гэта першы яе біёграф Янка Саламевіч, выдатнік друку Беларусі Міхась Маліноўскі, ганаровы грамадзянін Талачынскага раёна, энцыклапедыст роднага краю, літаратар, кінааператар, фотамастак, краязнавец Анатоль Шнэйдар, вучоны, літаратуразнавец, гісторык Віталь Скалабан!

Калі вестка аб смерці Тарэзы Гардзялкоўскай, якая доўга блукала, бо яна памерла за межамі нашай Бацькаўшчыны ў 1933 г., дайшла да Янкі Купалы, дык самі сабою нарадзіліся гэтыя радкі:

Кукавала зязюля

У зялёным лесе...

Такім чынам наш класік літаратуры зашыфраваў, закадзіраваў, як мне здаецца, здабыткі творцы Тарэзы Гардзялкоўскай на ніве Адраджэння Айчыны. Яна з абшарніцкага асяродку. Толькі лічаныя адзінкі такіх, як яна, узвысіліся да свайго народа. Сярод іх мне карціць стаць на калені і перад магнаткай Магдаленай Радзівіл...

Заахвоціла да гэтага вялікага служэння свайму народу пані Тарэза і свайго сына Канстанціна Антонавіча Гардзялкоўская. Як і маці, ён быў улюблёны ў беларускую красу, гукі і літары роднай мовы. У архівах "Нашай Нівы" захаваўся яго ліст:

"Паважаямый пане рэдактар!

Ізноў буду прасіць помогчы мне ўзяць вучыцеля да маёй школы. Летась надто кепска вышла, што дети не вучыліся беларускаму языку. Калі найдите охотніка, дык прысылайце яго да перваго октября. Варункі мае ведаете - 35 рублёў у месяцъ; науки 6-7 месяцаў (да 1-га мая), харчаванне апроч гэтаго. Як жа Вы живіте, чи троха очухаліся. Дужо жалею, што не могу цяпер паехаць у Полоцк подівоваться на беларускі тэатр, особліво, што думаў я просіць іх прыехаць сюды ў Магілёўшчыну.

Ну, ужо не буду более Вам докучаць і занімаць час своім пісаніем.

Живите здаровы, кланяюся Вам, Ваш К. Гардзялкоўскі.

Пяреволочня через Коханово.

22\ІХ 10".

(Ліст даецца ў арфаграфіі К. Гардзялкоўскага. - М.У. ).

А настаўнікам, якога паслала рэдакцыя "Нашай Нівы" на гэтую просьбу, як ні дзіўна, аказаўся сам Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (Якуб Колас), які праславіў і вёску Сані, і сам Талачынскі край. Але пра тое ўжо пісалася, а мы вяртаеся да самой Тарэзы Гардзялкоўскай. Як паказалі даследаванні, яна нарадзілася ў 1854 годзе, дзень і месяц пакуль невядомыя. У некаторых крыніцах літаратуры гаворыцца, што месцам прыходу яе на гэты белы свет з'яўляецца маёнтак Габрылёва-Папоўка Абчугскай воласці Сенненацкага павета Магілёўскай вобласці (зараз у межах в. Сані Талачынскага раёна Віцебскай вобласці.)

Я некалькі разоў імкнуўся выявіць, дзе ж знаходзіўся гэты маёнтак Габрылёва-Папоўка, але ўсе мае намаганні аказаліся марнымі.

Тарэза Гардзялкоўская - гэта была такі чалавек, які з маленства зросся са сваім народам, таму і аддавала яна свае здолнасці і свае грошы на асвету, на адукацыю беларускага селяніна і сялянкі. Пані Тарэза чым магла падтрымоўвала аднаго з першынцаў беларускага Адраджэння "Нашу Ніву", яна актыўна супрацоўнічала з выдавецтвам "Наша хата" (1909-1911). Свае пераклады спачатку друкавала ў "Н.Н", а потым выдавала іх асобнымі кніжкамі. Так яна, напрыклад, рабіла і для Якуба Коласа, Ядвігіна Ш. і інш.

Сярод выдадзеных перакладаў Тарэзы Гардзякоўскай (Зязюлі) такія асобныя кнігі: Максім Горкі "Аркін і Лявонка"; Маліноўскі "Як багацеюць чэшскія сяляне"; Жаромскі "Пасля Седану"; Канапніцкая "Дым"...

Вырадзеныя Т. Гардзялкоўскай кнігі склалі цэлую бібліятэку - 22400 экземпляраў (падлік вучонага і пісьменніка Янкі Саламевіча. - М.У. ). Мы сёння і ўявіць не можам, якое гэта было на той час багацце, калі кнігі былі рэдкай з'явай на вагу золата... Асабліва на беларускай мове!

Якім попытам у народзе карысталіся літаратурныя пераклады Зязюлі, сведчыць і гэты архіўны дакумент ад 1912 г. ад Т. Маляра, які пачынаецца так (даецца на мове арыгінала. - М.У. ):

"Прежде всего извините, что пишу по великорусски, так не знаю беларусского языка. Я сам украинец, учительствую в Оршанском уезде. Могилёвской губ".

І далей карэспандэнт просіць сярод іншых выданняў далікатна просіць "Нашу Ніву" выслаць яму і: "6. Дым. Конопніцкай, пераклад з польскага Зязюлі. 4 к."

Шчыра скажам, што наш былы акадэмічны Інстытут літаратуры, што насіў імя выдатнага нашага класіка прыгожага пісьменства, які асабіста ведаў і цаніў вернага і надзейнага, шчырага і самаадданага карэспандэнта "Нашай Нівы", амаль анічога не зрабіў для сапраўднага спазнання нашай падзвіжніцы і патрыёткі Тарэзы Гардзялкоўскай. Таму амаль усё яе жыццё, дзякуючы яму, у белых плямах.

У паперах "Нашай Нівы" захаваліся шчырыя гукі сэрца і душы Тарэзы Гардзялкоўскай, якой баранавіцкі паэт Алесь Корнеў - лаўрэат літаратурнай Мядовай прэміі, за якой стаіць фундатар і творца Мікола Папека, лаўрэат абласной прэміі імя Уладзіміра Калесніка - першым сярод сваіх сабратаў па пару напісаў верш, прысвечаны "Заранцы Талачына":

* * *

Памешчыцу у родзе,

Бунтарку - гарэзу,

Любілі ў народзе,

Як Маці-Тарэзу.


Пры страшнай пагрозе

Дзяржаўнага ўціску

Пайшла па дарозе

Крутой рэфармісцкай.


Дзяцей з наваколля -

Хлапцоў і малышак -

Прывучвае ў школе

Да сшыткаў і кніжак.


Дзяцей навучае -

І трэба ж дажыцца! -

На мове адчаю,

На мове мужыцкай!

Мы чыста, радасна, светла цытуем Тарэзу Гардзялкоўскую (Т.Г. , Зязюля):

"2.1.912 г.

На новый год шлю зычэння...

Прашу Рэдакцыю пасылаць гэтый год "Нашу Ніву" рускімі літарамі (для недасведчаных: газета "Н.Н." выдавалася ў двух варыянтах - рускімі і польскімі літарамі. - М.У. ) пад адрасам Альгерда Жукоўскага: Магілёўская губ., пошта Довск, маёнтак Весолов, і пад апаскай (бандэроллю. - М.У. ) прашу паслаць зараз два календары свае так-сама рускімі літарамі. Пасылаю два рублі восемдзесят чатыры кап. Ці друкуяце Маліноўскага кніжку? (Маеццца на ўвазе згаданая вышэй брашура "Як багацеюць чэшскія сяляне", якую яна пераклала з польскай на родную мову. Яна была выдаддзена "Нашай Нівай" у тым жа 1912 годзе. - М.У. )

Паклон, Т.Г." (Арфаграфія аўтаркі).

Пялёсткі друку абшарніцы-асветніцы Тарэзы Гардзялкоўскай сёння з'яўляюцца чароўным, прыгожым, водарным букетам сапраўднага, шчырага служэння беларускаму народу, сваёй Бацькаўшчыне. Тое мы помнім і, безумоўна, удзячна адзначаем. І ў той час думаем, а дзе хоць адзін помнік ёй? Хоць адна вуліца? Хоць адзіны сквер ці плошча? Ці хоць адзін перавыдадзены яе пераклад?

Міхась Угрынскі, г. Баранавічы.


"Апроч неба нічога не маю"

Тры выканаўцы прэзентавалі гарадзенскай публіцы свае песні на вершы Дануты Бічэль. Іх маглі пачуць аматары паэзіі аўтаркі на адмысловай сустрэчы "Апроч неба нічога не маю", якая прайшла ў парафіяльным цэнтры Грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Гародні.

Гурт "Людзі на балоце", Вольга Хвашчынская ды Таццяна Беланогая распавялі слухачам, як яны пазнаёміліся з творчасцю прысутнай на імпрэзе паэткі. Кажа лідар гурта "Людзі на балоце" Алесь Дзянісаў:

- Я займаюся рознай музыкай. І лірычная частка ў мяне знаходзілася глыбока ўнутры і не знаходзіла выхаду, і вось цяпер гэтыя вершы падштурхнулі мяне, і з'явіліся вось такія песні.

Алесь Дзянісаў з гуртом Людзі на балоце падрыхтавалі цэлы альбом на вершы Дануты Бічэль і ўжо неўзабаве ён мае з'явіцца. А творчая сустрэча прайшла пры падтрымцы Грэка-каталіцкай парафіі ў Гародні і кампаніі "Будзьма Беларусамі"..

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX