НАША СЛОВА № 24 (1175) 11 чэрвеня 2014 г.
Памятны знак на месцы Фары Вітаўта
У Гародні прадстаўнікамі дзвюх канфесій асвечаны памятны знак, прысвечаны падарванай у лістападзе 1961 года Фары Вітаўта. Знак усталяваны ў скверы, што яшчэ ў савецкі час з'явіўся на падмурках гэтага храма. Знак асвячалі архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемій і біскуп Гарадзенскі Аляксандр Кашкевіч, якія ў святочных строях у атачэнні кіраўнікоў горада прыйшлі на месца ўзарванага храма. Фара Вітаўта вядома не толькі, як самы вялікі храм Гародні, ці месца першага пахавання караля і вялікага князя Сцяпана Батуры, а так-сама як месца, дзе ў малітве супыняўся святы Казімір.
Яшчэ дзясятак гадоў таму пра гэта гарадзенцы і не марылі, але спробы зрабіць помнік былі, ўзгадвае грамадскі актывіст Эдвард Дмухоўскі.
Пра значэнне гэтага помніка для горада расказвае яго аўтар Сяргей Більдзюк:
- Праект задумваўся ў выглядзе дзвюх напалову разбураныя арак, якія сімвалізуюць зруйнаваны храм. Левая - гэта каталіцкая часка гісторыі, павая - праваслаўная. А шыльда ў цэнтры - яго гістарычны шлях. Гэты праект меў 12 варыянтаў. Вельмі складана было знайсці рашэнне, бо трэба было спалучыць дзве веры ў адным помніку. Гэты шлях быў вельмі няпросты.
Мерапрыемства адбывалася ў рамках Х Фэста нацыянальных культур і сабрала некалькі соцень гарадзенцаў, прадстаўнікоў розных канфесій і дыпламатычнага корпусу.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Старшыні ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"
А.А.Трусаву
Шаноўны Алег Анатольевіч!
Шчыра ўдзячны Вам за віншаванне ў сувязі з прызначэннем мяне на пасаду рэктара Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
Па сутнасці Вашага звароту адказваем наступнае.
У БДПУ на беларускай мове вядзецца справаводства, праходзяць пасяджэнні Савета ўніверсітэта, выкладаюцца шматлікія спецыяльныя дысцыпліны (на гістарычным, матэматычным, фізічным і іншых факультэтах), публікуюцца вучэбна-метадычныя дапаможнікі, выдаецца газета "Настаўнік", рыхтуюцца разнастайныя матэрыялы рэкламнага характару.
Усе выпускнікі ўніверсітэта, у тым ліку і факультэта спецыяльнай адукацыі, вывучаюць дысцыпліну "Беларуская мова (прафесійная лексіка)" і валодаюць мовай тытульнай нацыі ў аб'ёме, вызначаным дзяржаўнымі адукацыйнымі стандартамі па адпаведных спецыяльнасцях.
БДПУ мае ўсе магчымасці для арганізацыі выкладання спецыяльных дысцыплін на беларускай мове пры наяўнасці зацікаўленасці ў гэтым з боку студэнтаў.
Рэктар БДПУ АЛ. Жук.
180 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Ельскага
Аляксандр Каралевіч ЕЛЬСКІ (польск.: Aleksander Jelski, руск.: Александр Каролевич Ельский), 16 чэрвеня 1834, маёнтак Замосце каля вёскі Дудзічы, Ігуменскі павет, Менская губерня, Расійская імперыя - 10 верасня 1916. Належаў да каталіцкага роду Ельскіх (гербу "Пелеш"), які адносіўся да сярэднезаможнай шляхты Вялікага Княства Літоўскага. Беларускі гісторык, краязнавец, публіцыст, адзін з першых гісторыкаў беларускай літаратуры і збіральнікаў беларускіх рукапісаў. Карыстаўся псеўданімамі Бацян з-над Пцічы, Ліцвін-Грамадзянін.
Пачатковую адукацыю атрымаў у гімназіі ў г. Лаздэне (Усходняя Прусія), скончыў Менскую гімназію (1852). Служыў у расійскім войску, прымаў удзел у Крымскай вайне. Быў міравым суддзём. Пісаць пачаў з маладосці, на беларускай, рускай і польскай мовах. Літаратурна-публіцы-стычная дзейнасць А. Ельскага пачалася з допісаў у газету "Виленский вестник" прысвечаных пераважна вызваленню сялян ад прыгону. Добра ведаў французскую і нямецкую мовы. Быў чалавекам ліберальна-буржуазных поглядаў, часамі станавіўся на кансерватыўныя пазіцыі. Меў дачку Аляксандру.
А. Ельскаму належыць некалькі вершаваных і празаічных твораў на беларускай мове - "Сынок" (1895), "Выбіраймася ў прочкі" (1896), "Слова аб праклятай гарэлцы і аб жыцці і смерці п'яніцы" (1900). Усе гэтыя творы вытрыманы ў духу асветніцтва і не вельмі дасканалыя па сваім мастацкім ўзроўні. У творчай спадчыне А. Ельскага шмат прац на польскай і рускай мовах, якія прысвечаны пераважна мінуламу Беларусі, яе гісторыі, эканоміцы. Найбольш цікавыя з іх - "Слоўца аб старым Заслаўі", "Пра беларускую гаворку", "Нататкі аб падарожжы па Мінскай губерні", "Слоўца аб матэрыялах, якія служаць для даследавання беларускай гаворкі, этнаграфіі і літаратуры", апошні артыкул з нязначнымі зменамі змешчаны ў восьмым томе польскай "Вялікай ілюстраванай энцыклапедыі" (1892). Напісаў звыш 10 тыс. гістарычна-краязнаўчых артыкулаў пра Беларусь для "Польскай ілюстраванай энцыклапедыі" і "Геаграфічнага слоўніка".
Ельскі пераклаў на беларускую мову першую частку паэмы А. Міцкевіча "Пан Тадэвуш" (Львоў, 1892), выйшаў яго зборнік "100 прымавак, загадак, прыдумак і гавендаў для пажытку беларускага народа" (Вільня, 1908). А. Ельскі першы біёграф і сябар пісьменніка В. Дунін-Марцінкевіча. Менавіта ў яго аказаліся рукапісы са славутага куфра, які ў доме Дунін-Марцінкевіча бачыў у час вучобы Ядвігін Ш. Ён перапісваўся і з Ф. Багушэвічам і інш. беларускімі пісьменнікамі. У маёнтку А. Ельскага ў Замосці бывалі ў свой час славутыя тады вучоныя браты Катарбінскія, Здзяхоўскі, Федароўскі, Талька-Грынцэвіч, Вайсянгоф. Так-сама А. Ельскі ў сваім маёнтку разводзіў рыбу, займаўся добраўпарадкаваннем парку, дзе заклаў унікальную травяністую паляну.
Працяглы час творчасць А. Ельскага цікавіла толькі спецыялістаў і аматараў, але апошнім часам, з ростам папулярнасці музея матэрыяльнай культуры "Дудуткі" (у маёнтку пісьменніка Дудзічах), Ельскім сталі цікавіцца больш, бо побач, у Замосці, ім у 1864 быў заснаваны краязнаўчы музей. На адрас А. Ельскага ішлі лісты, пасылкі, бандэролі з многіх гарадоў. Ельскі праводзіў за пісьменным сталом па 12 гадзін у суткі.
Вікіпедыя.
75 гадоў з дня нараджэння Хведара Чэрні
Хведар ЧЭРНЯ нарадзіўся 10 чэрвеня 1939 года ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння Вішнеўскай сярэдняй школы (1957) Хведар Чэрня працаваў загадчыкам Вішнеўскага сельскага клуба. Вучыўся ў тэхнічнай вучэльні № 9 пры Менскім аўтазаводзе і працаваў фармоўшчыкам-ліцейшчыкам (1958). Пасля службы ў войску скончыў філалагічны факультэт БДУ (1966) і Менскую ВПШ. Працаваў рэдактарам на Беларускім радыё, у выдавецтве "Беларусь". З 1972 г. да канца сваіх дзён жыцця быў старшым рэдактарам выдавецтва "Мастацкая літаратура".
Першыя вершы Хведара Чэрні з'явіліся ў друку ў 1955 г. Ён аўтар кніг "Добрай раніцы, людзі" (1966), "Дабрэе свет" (вершы і паэмы, 1968), "Размова з памяццю" (паэма, 1970), "Сады юнацтва" (вершы і паэмы, 1972), "Настрой" (1974), "Ваколіца" (1976), "Ажаніся, не журыся…" (гумарыстычныя вершы, 1979), "Святло рамонкаў" (1981), "На скрыжаваннях памяці" (вершы і паэмы, 1982), "Музыка дарог" (1984), кніжак для дзяцей "Песня Сабіны" (паэма, 1971), "На сонечнай вуліцы" (1973). Хведарам Чэрнем зроблена шмат, яшчэ больш было задум, якія, на жаль, абарваліся на паўслове… Паэт Хведар Чэрня памёр 16 сакавіка 1983 г., пражыўшы толькі 43 гады.
Вікіпедыя.
ВАЖКАЕ ДАСЛЕДАВАННЕ ПРА АКАЗІЯНАЛЬНЫЯ СЛОВЫ
"Аказіянальныя словы ў беларускіх мастацкіх тэкстах 20-х гадоў ХХ стагоддзя" - так называецца манаграфія М. Шабовіча, дацэнта Менскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, якая напрыканцы 2013 года выйшла накладам 100 асобнікаў у выдавецтве "Логвінаў". Гэта першае ў беларускім мовазнаўстве манаграфічнае даследаванне, у якім на багатым фактычным матэрыяле аналізуюцца аказіянальныя словы (1515), ужытыя ў беларускіх паэтычных і празаічных тэкстах 20-х гг. мінулага стагоддзя.
Ва "Уводзінах" размяжоўваюцца дзве групы новых слоў - неалагізмы і аказіяналізмы. Аўтар манаграфіі прытрымліваецца ўсталяванага ў мовазнаўчай літаратуры погляду, што неалагізмамі прынята называць новыя словы, што ствараюцца як сродак намінацыі і становяцца літаратурным здабыткам (агульна-ўжывальнымі). Што ж да аказіяналізмаў, то яны ствараюцца, як правіла, з канкрэтнымі стылістычнымі мэтамі і звычайна фіксуюцца ў мастацкім творы.
У беларускай літаратуры выдатным словатворцам быў Янка Купала, у якога, паводле Н. Гілевіча, "назвычай ярка выявіўся моватворчы геній народа". Менавіта Я. Купала - стваральнік такіх слоў, як вечнабыт, небазор, чужыншчына, абнядоліцца, азярняціць, з'ярміць, скурганіць і інш.
Першая глава "Праблемы даследавання аказіянальных слоў" адметная тым, што ў ёй разглядаюцца дыскусійныя пытанні, звязаныя з аўтарскімі лексічнымі ўтварэннямі.
Адно з такіх пытанняў датычыць назвы аўтарскіх наватвораў. Як адзначаецца ў манаграфіі, для абазначэння аўтарскіх наватвораў ужываецца некалькі дзясяткаў тэрмінаў, напрыклад: патэнцыяльныя словы (Р.В. Вінакур, А.І. Смірніцкі, І.З. Манолі), аказіянальныя словы (А.Г. Лыкаў, Г.І. Басава і інш.), неалагізмы (А.А. Габінская, В.П. Грыгор'еў), аўтарскія неалагізмы (Р.А. Кісялёва, Р.Ю. Намітокава), індывідуалізмы (Р.Ю. Намітокава), маўленчыя новаўтварэнні (М.А. Петрычэнка) і інш. Некаторыя даследчыкі (А.А. Габінская) тэрміны "неалагізм" і "аказіяналізм" ("аказіянальнае слова") ужываюць як раўназначныя.
Як сведчыць манаграфія, у 1920-я гады ўсе новыя словы абазначаліся двума раўназначнымі тэрмінамі: "неалагізмы" і "наватворы". У сучасным беларускім мовазнаўстве для намінацыі індывідуальных утварэнняў найчасцей ужываюцца тэрміны "аказіяналізмы" ("аказіянальныя словы") і "аўтарскія наватворы". Дарэчы, ва ўступнай частцы да першай главы манаграфіі М. Шабовіч, спасылаючыся на працы расійскага мовазнаўца А.Г. Лыкава, вылучае 12 характэрных прыкмет, якімі аказіянальнае слова адрозніваецца ад узуальнага. Сярод іх адзначым наступныя: 1) прыналежнасць маўленню, 2) структурная неадпаведнасць словаўтваральнай сістэме літаратурнай мовы, 3) ненарматыўнасць, 4) функцыянальная аднаразовасць, 5) няздольнасць да кантэкстаўтварэння, 6) утваральнасць (неўзнаўляльнасць), 7) экспрэсіўнасць, 8) вытворнасць, 9) намінацыйная факультатыўнасць, 9) індывідуальная прыналежнасць.
М. Шабовіч не падзяляе меркавання, што неўзнаўляльнасць з'яўляецца характэрнай прыкметай аказіяналізмаў. Свой пункт гледжання, з якім нельга не пагадзіцца, ён абгрунтоўвае наступным чынам: "Хоць функцыянальная аднаразовасць уласціва большасці аказіянальных слоў, яе не варта ўключаць у лік абавязковых прыкмет аказіяналізма, бо ёсць нямала аўтарскіх наватвораў, якія маюць больш за адзін, а часам нават больш за дзесяць выпадкаў ужывання" (с. 14), пра што яскрава сведчаць шматлікія прыклады манаграфіі. Улічваючы, што ўсе аказіянальныя словы з'яўляюцца вытворнымі, М. Шабовіч лічыць апраўданым ужыванне побач з тэрмінамі "аказіяналізмы" ("аказіянальныя словы"), "аўтарскія наватворы" і тэрміна "аўтарскі дэрыват" ("аўтарскае вытворнае слова").
У наступных чатырох главах манаграфічнага даследавання гаворка вядзецца пра аказіянальныя назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы, прыслоўі і словы катэгорыі стану: акцэнтуецца ўвага на дэрыватах, утвораных паводле моўных словаўтваральных тыпаў і з адхіленнем ад іх, г. зн. аказіянальна. Аўтар манаграфіі карыстаецца метадам колькаснага (працэнтнага) падліку, што дае магчымасць выявіць ступень ужывальнасці той або іншай аказіянальнай лексемы. Адзначаецца, якія з аказіяналізмаў сталі ўзуальнымі і фіксуюцца ў сучасных слоўніках літаратурнай мовы.
Так, з аказіянальных назоўнікаў, утвораных рознымі спосабамі, 20 (13,2 %) сталі ўзуальнымі: адпачын, безбярэжнасць, блакітнасць, буравей, бяскрыласць, бясстрашша, веснаход, вербалоззе, веснавей, ветравей, вырыс, жаўталісце, зорнасць, імглістасць, надранне, партыйка, прытул, пунсовасць, цветабой, ціхаводдзе . Найчасцей назоўнікі-аказіяналізмы ўжывалі М. Машара, П. Трус і Я. Пушча.
Статус узуальных набылі 11 (1%) прыметнікаў-аказіяналізмаў: беспатольны, буйналісты, залатакосы, залатакрылы, захмарны, лістападны, смертаносны, срэбралісты, хлебадайны, шматструнны, ясназоры . Часцей за іншых пісьменнікаў такія прыметнікі ўжывалі М. Зарэцкі, З. Бядуля, Я. Пушча, Я. Купала, А. Александровіч.
Узуальнымі сталі наступныя 20 (9,3 %) дзеяслоўных дэрыватаў: абеларусіць, абхарашыць, абынтэлігенціцца, аквеціць, барвянець, барвяніцца, бурапеніць, валацужыць, віхурыць, завіхурыць, зарэць, заснежыць, кудзеліць, кучаравіць, люстравацца, махнаціцца, прыгожыць, суседзіць, футболіць, харашыць . Найчасцей аказіянальныя дзеясловы ўжывалі У. Дубоўка (61 кантэкст), Я. Пушча (38), М. Машара (29), П. Трус і З. Бядуля (па 25).
Папоўнілі слоўнік беларускай літаратурнай мовы чатыры прыслоўныя дэрываты: бяссонна, нежыццёва, прытульна, снежна . Найчасцей аказіянальныя прыслоўі ўжывалі Я. Купала, П. Трус, А. Гурло.
Такім чынам, набыткам беларускай літаратурнай мовы стала 55 аўтарскіх наватвораў, што ўжываліся ў беларускіх мастацкіх (паэтычных і празаічных) тэкстах 20-х гг. ХХ ст.
Манаграфія М. Шабовіча напісана бездакорнай моваю, вызначаецца высокім навуковым узроўнем, глыбокім аналізам фактычнага матэрыялу і абгрунтаванымі высновамі. Яна зручная для выкарыстання, паколькі ў дадатку падаецца індэкс аказіянальных слоў з указаннем аўтараў і старонак, дзе ўжыты той або іншы аказіяналізм.
Манаграфічнае даследаванне з карысцю для сябе прачытаюць не толькі прафесійныя даследчыкі ў галіне лексікалогіі і дэрываталогіі, але і выкладчыкі, аспіранты, магістранты, студэнты вышэйшых навучальных устаноў.
Васіль Рагаўцоў.
Краявіды зямлі беларускай на выставе
29 траўня 2014 года Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрасіў на вернісаж трэцяй выставы мастацкага праекту "Краявіды зямлі беларускай: творы класікаў беларускага жывапісу з прыватных збораў", у рамках якога ўжо двойчы, у 2012 і 2013 гадах, аматары жывапісу і прыхільнікі беларускай культуры мелі магчымасць убачыць жывапісныя палотны, што зберагаюцца ў прыватных калекцыях.
Былі прадстаўлены выдатныя работы прызнаных майстроў беларускага жывапісу 2-й паловы ХХ стагоддзя. Куратарам праекту з'яўляецца калекцыянер і мецэнат Аляксандр Радаеў.
Барыс Аракчэеў, Мікалай Дучыц, Гаўрыла Вашчанка, Валяр'яна Жолтак, Сяргей Каткоў, Аляксандр Казлоўскі, Антон Каржанеўскі, Пётр Крыхалёў, Вячаслаў Кубараў, Раіса Кудрэвіч, Альгерд Малішэўскі, Валянцін Савіцкі, Уладзімір Сакалоў, Іван Стасевіч, Віталь Цвірка, Анатоль Шыбнёў - вось імёны жывапісцаў, работы якіх прапануе Вашай увазе гэтая экспазіцыя.
Наведаць выставу "Краявіды зямлі беларускай" можна да 16 чэрвеня 2014 года.
Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.
Пра лёс Камароўскай школы
Спадару А.А.Трусаву, старшыні грамадскага аб'яднання "Таварыствабеларускай мовы імя Францішка Скарыны". 220034, г. Мінск, вул. Румянцава, д. 13
Паважаны Алег Анатольевіч!
Упраўленне адукацыі Мінскага аблвыканкама сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму Мядзельскага райвыканкама разгледзелі з выездам на месца зварот бацькоў ДУА "Камароўская сярэдняя школа" аб ліквідаванні ўстановы адукацыі.
У ДУА "Камароўская сярэдняя школа" ў 2013/2014 навучальным годзе вучацца 37 вучняў. Аналіз дэмаграфічнай сітуацыі паказвае, што кантынгент дзяцей школьнага ўзросту ў мікрараёне в. Камарова мае тэндэнцыю да скарачэння і ў 2018 годзе будзе складаць 21 чалавек.
Адукацыйны працэс у ДУА "Камароўская сярэдняя школа" ажыццяўляецца ў прыстасаваных будынках, якія належаць установе адукацыі "Вілейскі дзяржаўны прафесіянальна-тэхнічны каледж", пры гэтым вучэбныя кабінеты размешчаны ў двух будынках; спартыўная зала, актавая зала, камп'ютарны клас, бібліятэка, сталовая і харчблок знаходзяцца ў асобна размешчаным будынку каледжа. У сувязі з малой колькасцю кантынгенту вучняў у ДУА "Камароўская сярэдняя школа" выдаткі на навучанне аднаго вучня складаюць 48 830,8 тыс. рублёў прьі нарматыве - не менш за 1 370,0 тыс. рублёў.
Заснавальнікам ДУА "Камароўская сярэдняя школа" з'яўляецца Мядзельскі райвыканкам, якому згодна з артыкулам 21 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі дадзена права ствараць, рэарганізоўваць і ліквідаваць установы адукацыі. З улікам пералічанага Мядзельскім раённым выканаўчым камітэтам было прынята рашэнне "Аб ліквідаванні дзяржаўнай установы адукацыі "Камароўская сярэдняя школа" ад 28.02.2014 № 267.
Згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі дзяржаўныя гарантыі правоў грамадзян у сферы адукацыі забяспечваюцца прадастаўленнем магчымасці выбару ўстановы адукацыі (артыкул 3) і правам выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў (артыкул 90). Такім чынам, у 2014/2015 навучальным годзе адукацыйны працэс для вучняў ДУА "Камароўская сярэдняя школа" будзе арганізаваны з улікам іх пажаданняў у ДУА "Свірская сярэдняя школа" (з рускай мовай навучання) або ў ДУА "Старлыгскі вучэбна- педагагічны комплекс дзіцячы сад - сярэдняя школа" (з беларускай мовай навучання). У дадзены момант бацькі (законныя прадстаўнікі) вучняў ДУА "Камароўская сярэдняя школа"пісьмова паведамілі адміністрацыю аб прынятым рашэнні, прычым большасць маюць намер прадоўжыць адукацыйны працэс у ДУА "Свірская сярэдняя школа".
ДУА "Свірская сярэдняя школа", ДУА "Старлыгскі вучэбна - педагагічны комплекс дзіцячы сад - сярэдняя школа" размешчаны ў тыпавых будынках, абсталяваных у адпаведнасці з патрабаваннямі Санітарных норм і правіл, маюць добрую матэрыяльна-тэхнічную базу. ДУА "Старлыгскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад - сярэдняя школа" знаходзіцца ад в. Камарова на адлеласці 12 км, ДУА "Свірская сярэдняя школа" - на адлегласці 5 км. Падвоз вучняў да месца праведзення заняткаў і назад будзе ажыццяўляцца транспартам аддзела адукацыі, спорту і турызму Мядзельскага райвыканкаму.
Не прадстаўляецца магчымым адкрыць у 2014/2015 навучальным годзе ў ДУА "Свірская сярэдняя школа" паралельныя класы з беларускай мовай навучання ў сувязі з тым, што сярэдняя напаўняльнасць класаў складае не больш як 15 вучняў.
Начальнік упраўлення Г.М. Казак.
"ПАСАЛІЎШЫ ЕСЦІ МОЖНА"
І.І. Насовіч змяшчае гэты выраз у "Зборніку беларускіх прыказак" (1874, с. 3) і звязвае яго паходжанне з такім народным апавяданнем. Малады муж прыйшоў з працы і, калі маці падала яму есці, сказаў са злосцю: "Хто варыў, вочы б яму заліў". - "Дык гэта ж жонка твая", - адказала маці. "Ат! - стрымана заўважыў сын, - пасаліўшы есці можна" .
Выраз, як адзначае Насовіч, ужываецца толькі пераносна, як адказ на пытанне, ці задаволены хто-небудзь месцам, службай, выбарам або іншымі абставінамі жыцця. Гэты ж фразеалагізм прыводзіцца і ў слоўніку Г.Ф. Юрчанкі "І сячэ і паліць" (1974, с. 235), праўда, з неакрэсленым, невыразным тлумачэннем 'пра абмежаваную прыгоднасць' і такім ілюстрацыйным прыкладам: "Нічога, бяры, пасаліўшы можна есці" . З гэтай ілюстрацыі, аднак, цяжка зразумець, пра які прадмет, пра якую рэч ідзе размова.
Зусім іншы (прыказкавы) сэнс укладваецца ў гэты выраз складальнікамі двух слоўнікаў: "Крынічнае слова" (1987) І. Шкрабы і Р. Шкрабы, "Слоўнік беларускіх прыказак, прымавак і крылатых выразаў" (1997) С.Ф. Івановай і Я.Я. Іванова. У абодвух даведніках, як апраўдальная цытата, выкарыстоўваецца адзін і той жа ўрывак з аповесці М. Аўрамчыка "Падзямелле", дзе вядзецца гаворка пра страву, "у якой не было ніякага смаку" . І далей: " - Як трава, - вызначыў Вадзім. Бывала, гэтак гаварылі за сталом пра недасоленую страву. Таму, каб не расчароўваць суседа, Янка прамовіў: - Пасаліўшы можна есці" . Як бачым, тут спалучэнне пасаліўшы можна есці ўжыта ў прамым значэнні гэтых слоў. А ў абодвух даведніках спалучэнне беспадстаўна атрымала семантычную характарыстыку ў форме не словазлучэння, а закончанага выказвання (сказа): у першым - "нешта зроблена не надта добра, але прыстойна…", у другім - "усё здаецца нядрэнным, прывабным, калі знарок не зважаць на недахопы".
На самай жа справе ў сучаснай беларускай літаратурнай мове пасаліўшы есці можна - прыметнікавы фразеалагізм, які ўжываецца як азначэнне ці выказнік у адносінах да асобы, канкрэтнага або абстрактнага прадмета і абазначае 'ні дрэнны і ні добры, сярэдні, пасрэдны', што можна пацвердзіць, скажам, такімі цытатамі-ілюстрацыямі: - Новых п'ес у вас не густа, чым мая вам не да густу? - Калі справа йдзе аб змесце, пасаліўшы можна есці (К. Крапіва); "Добрых і розных" вершаў у "Дні паэзіі" багата, іх больш, чым вершаў-сераднячкоў, пра якія звычайна гавораць "так сабе", "пасаліўшы есці можна" (Н. Гілевіч); - Звычайныя заводскія, фабрычныя дзяўчаты, якіх тузін на фунт сушоных. - Пасаліўшы есці можна, - ацаніў Жорка ( В. Казько).
Дарэчы, гэты выраз, як паказана ў "Слоўніку фразеалагізмаў" (т. 1, с. 417), сінанімізуецца з такімі іншымі выразамі літаратурнай мовы: з сярэдзінкі на палавінку (у 1 знач.); не бог ведае які; ні богу свечка ні чорту качарга; ні два ні паўтара (у 1 знач.); ні рыба ні мяса; ні сыры ні печаны; ні тое ні сёе (у 1 знач.); ні ў салдаты ні ў матросы ні падмазваць калёсы; сюды-туды (у 3 знач.); сярэдзінка на палавінку; сярэд-няй рукі; так сабе (у 3 знач.); чорт не чорт і два не выходзіць .
Іван Лепешаў.
Прозвішчы Беларусі: найменні знакамітых людзей (Паводле матэрыялаў "Нашага слова")
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Зелянко (Вольга З.) - семантычны дэрыват з акцэнтаваннем на канцавым " о " ад апелятыва зялёнка 'ядомы грыб з пласціністай зялёная шапкай'.
Землякова і Землякоў (Ала З. і Міхаіл З.) - форма прыметніка з фармантамі -ова, -оў ад апнтрапоніма Зямляк з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Землякова, Земляк-оў . ФП: зямляк ('народзінец адной з кім-небудзь мясцовасці') - Зя-мляк (мянушка, потым прозві-шча) - Землякова, Землякоў.
Зімніцкая (Ганна З.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -цк (-ск) ад Зімнік з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча' і Зімнік + -ск - Зімніцкая . ФП: зіма - зімна ('холадна') - зімнік ('збудаванне для ацяплення') - Зімнік (мясцовасць, паселішча) - Зімніцкая .
Зінавенка (Сяргей З.) - дэрыват з фармантам -енка ад антрапоніма Зіноў з семантыкай 'нашчадак названай асо-бы': Зінав-енка . ФП: Зиновий ( Зіновій - рэдкаснае імя) - Зіноў (прозвішча) - Зінавенка .
Знавец (Павел З.) - семантычны дэрыват ад апелятыва знавец 'чалавек, які валодае спецыяльнымі ведамі, пазнаннямі ў якой-небудзь галіне; знаток'.
Зубар (Марына З.) - семантычны дэрыват ад народнай формы апелятыва зубр 'дзікі лясны бык сямейства пустарогіх', а таксама (перан.) 'пра буйнога спецыяліста, уплывовую асобу ў якой-небудзь галіне дзейнасці'.
Зуева (Галіна З.) - дэрыват з суфіксам прыналежнага прыметніка -ев-а (-эв-) ад антрапоніма Зуй і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Зуй-эва ; утваральнае слова Зуй - ад апелятыва зуй 'невялікая птушка, што жыве на берагах вадаёмаў'.
Зянковіч (Юрась З.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Зянко і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Зянк-овіч . ФП: Зенон - Зянко - Зянковіч .
Зяновіч (Ганна З.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Зян і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Зян-овіч . ФП: Зянон - Зян - Зяновіч.
Зянькевіч (Барыс З.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Зянько і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Зянк-евіч . ФП: Зянон (імя) - Зянько - Зянь-кевіч.
Іваніцкі (Павел І.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -цкі (-скі) ад Іванічы ('паселішча') з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Іваніч-скі - Іваніцкі .
Івановіч (Кацярына І.) - форма бацькаймення з акцэнтанаваным фармантам -овіч ад антрапоніма Іван і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Іван-овіч . ФП: Іван - Іванаў - Іванавіч - Івановіч .
Ігнатовіч (Марыя І.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Ігнат і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ігнат-овіч . ФП: Ігнат - Ігнатаў - Ігната-віч - Ігнатовіч .
Ігнатчык (Алег І.) - дэрыват з фармантам -чык ад антрапоніма Ігнат і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ігнат-чык .
Ігнаценка (М. І.) - дэрыват з фармантам -енка ад антрапоніма Ігнат і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ігнат + енка - Ігнаценка .
Ільніцкі (Кірыла І.) - дэрыват з фармантам -цкі ад антрапоніма Ільініч з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ільініч-скі - Ільініцкі - Ільніцкі . ФП: Ілья (імя) - Ільін ('нашчадак асобы') - Ільініч ('бацькайменне') - Ільніцкі . Або: Ільнічы ('паселішча') - Ільніцкі .
Ісайкіна (Вольга І.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ін-а ад антрапоніма Ісайка з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ісайк-іна . ФП: Ісай (імя) - Ісайка ('жонка Ісая' або пам.-ласк. ад Ісай ) - Ісайкіна .
Іскарцкая (Марына І.) - дэрыват з прэстыжным фармантам -цкая (-ская) ад антрапоніма Іскарка з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Іскар-ская - Іскарцкая . ФП: іскра ('маленькая часцінка распаленага або полымевага рэчыва', 'яркі, зіхотлівы водбліск, бліскучая кропка', а так-сама (перан.) 'пачатак, пробліск, праяўленне якога-небудзь пачуцця, думкі, таленту') - іскарка (памянш.-ласк. ад іскра ) - Іскарка (празванне, прозвішча) - Іскарк-ская - Іскарцкая . Або: Іскарцы ('мясцовасць') - Іскарцкая .
Ісмаілава (Таццяна І.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Ісмаіл і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ісмаіл-ава . ФП: Ісмаіл (імя ў кабардына-чэркасаў) - Ісма-ілава .
Іўчанкоў (Мікалай І.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -оў ад антрапоніма Іўчанка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Іўчанк-оў . ФП: Иов (імя) - Іўка - Іўчын - Іўчынка (Іўчанко) - Іўчанкоў .
Іўчына (Таццяна І.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ына ад антрапоніма Іўка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Іўк-іна - Іўч-ына . ФП: Иов - Іўка - Іўчына.
Ішчанка (Галіна І.) - дэрыват з фармантам -анка ад антрапоніма Ісак з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ісак - Іска (ж. р.) + енка - Іскенка - Ішчанка.
Кадушка (Вера К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва кадушка 'невялікая кадзь; кадка'.
Кавалёнак (Леанід К.) - дэрыват з суфіксам -ёнак ад антрапоніма Каваль з семан-тыкай 'нашчадак Каваля': Ка-вал-ёнак . Прозвішча можа тлумачыцца і як семантычны дэрыват ад апелятыва кавалё-нак 'сын каваля' або 'памочнік каваля'.
Кавальчук (Дзмітры К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва кавальчук 'памочнік каваля' або 'сын каваля'.
Кажан (Анатоль К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва кажан 'невялікая мле-какормная жывёліна з шырокімі перапонкавымі крыламі; лятучая мыш'.
Каладынская (Вольга К.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -ынская ад Калоды з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Калад-ынская .
Казляк (Любоў К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва казляк 'ядомы грыб з масляністай слізкай скуркай на шапачцы; масляк'.
Калацкая (Вольга К.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -цкая (-ская) ад Калачы і семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Ка-лач-ская - Калацкая .
Калесніковіч (Максім К.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Калеснік з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Калеснік-овіч . ФП: калёсы ('конная чатырохколая гаспадарчая павозка') - калёснік ('майстар вырабляць калёсы') - Калёснік - Калеснік - Калес-ніковіч .
Калінкіна (Святлана К.) - дэрыват з фармантам прыналежнага прыметніка -іна ад антрапоніма Калінка з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Калінк-іна . ФП: Каліна (імя жан.) - Калінка (пам.-ласк. ад Каліна ) - Калінкіна .
Каліновік (Вольга К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва каліновік 'сок з каліны'. ФП: каліна ('кустовая расліна сямейства бружмелевых з белымі кветкамі і чырвонымі горкімі ягадамі', а таксама 'ягады гэтай расліны') - калінавы ('з каліны') - калінавік ('сок') - Калінавік (мянушка чалавека - аматара калінавага соку, потым прозвішча) - Каліновік .
Кальчугін (Віктар К.) - форма прыметніка з суфіксам -ін ад Кальчуга і семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: кальчуга ('рубашка з металічных кольцаў') - Кальчуга - Кальчугін.
Калядка (Тацяна К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва калядка (пам.-ласк. ад каляда (каляд-ка) 'абрад калядавання', 'падарунак падчас каляды'.
Камінская (Аліна К.) - дэрыват з фармантам -ская ад тапоніма Каміны (Комін) з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Камін-ская .
Камлюк (Алесь К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва камлюк - утварэння з суфіксам -юк ад камель 'ніжняя патоўшчаная частка дрэва, расліны, якая прылягае да кораня', 'тоўсты канец бервяна', 'самае тоўстае бервяно, калода, адрэзаная ад ствала дрэва', 'перавязаны канец снапа, веніка і пад.'.
Кампанеец (Святлана К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва кампанеец 'удзельнік кампаніі', 'які любіць быць у кампаніі, падтрымлівае кампанію'. ФП: кампанія ('група асоб', 'ваенная аперацыя', 'мерапрыемствы для ажыццяўлення пэўнай справы') - кампаній-ец - кампанеец ('член кампаніі') - Кампанеец (мянушка) - Кампанеец .
Камянецкая (Ірына К.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -ская/-цкая ад Камянец і семантыкай 'жыхар (народзінец) названага пасялення': Ка-мянец-ская - Камянецкая .
Кананенка (Тамара К.) - дэрыват з фармантам - енка ад антрапоніма Конан і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Канан-енка . ФП: Конан (імя) - Кананенка .
Канановіч (Ірына К.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Конан і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Конан - Кана-новіч (адымёнавае прозвішча).
Канашэнка (Рыгор К.) - дэрыват з фармантам -энка ад антрапоніма Канах і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Канах - Канаш(х/ш)-энка . ФП: Конан (імя) - Канах - Ка-нашэнка.
Кандратовіч (Ян К.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад Кандрат і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Кандрат-овіч .
Капылоў (Ігар К.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -оў ад антра-поніма Капыл і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Капыл-оў . ФП: капыл ('кавалак дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць абутак', а таксама 'адзін з драўляных брускоў, якія ўстаўляюцца ў палазы і служаць апорай для кузава саней') - Капыл (мянушка чалавека, потым прозвішча) - Ка-пылоў .
Карабач (Марыя К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва карабач 'той, хто вырабляе корабы 'посуд з лубу, саломы (сплецены)'. ФП: кораб ('пасудзіна') - карабач ('вытворца корабаў') - Карабач .
Карабейнікава (Алена К.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Карабейнік і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Карабейнік-ава . ФП: карабейнік (даўней - дробны гандляр, які разносіў па вёсках свае тавары (мануфактуру, кнігі, дробныя рэчы асабістага ўжытку і інш.) - Карабейнік (прызванне, потым прозвішча) - Карабейнікава .
Караленя (Жана К.) - дэрыват з фармантам -еня ад антрапоніма Кароль і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Карал-еня . ФП: Кароль (імя) - Кароль (прозвішча) - Кара-леня .
Каралёва (Тацяна К.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ёва ад антрапоніма Кароль і семантыкай 'нашчадак (дачка) названай асобы': Кароль - Карал-ёва . Адымёнавае прозвішча.
Каратчэня (Уладзімір К.) - дэрыват з фармантам -эня ад антрапоніма Кароткі і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Кароткі - Каратч(к/ч)-эня . ФП: кароткі ('невялікі, малы') - Кароткі (мянушка, потым прозвішча) - Каратчэ-ня .
Карлюкевіч (Алесь К.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Карлюк і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Карлюк-евіч . ФП: Карл (імя) - Карлюк - Кар-люкевіч.
Карпека (Аляксандр К.) - народная форма з фармантам -ека ад імя Карп (Карп-ека) набыла функцыю прозвішча.
Карпінская (Юлія К.) - дэрыват з фармантам прэстыжнасці (шляхетнасці) -інская ад антрапоніма Карп і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Карп-інская . Або ад тапоніма Карпы з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Карпінская .
Карпіцкі (Максім К.) - дэрыват з фармантам -цкі(-скі) ад тапоніма Карпічы і семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Карпіч-скі - Карпіцкі .
Карповіч (Лявон К.) - форма бацькаймення з акцэнтаваннем фарманта -овіч ад антрапоніма Карп і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Карп-овіч .
Картавенка (Галіна К.) - дэрыват з фармантам -енка ад антрапоніма Картавы і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Картав-енка . ФП: кар-тавы ('які нячыста, няправільна вымаўляе гукі "р" або "л" ') - Картавы (мянушка, потым прозвішча) - Картавенка .
Карчэўскі (Анатоль К.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -скі ад Карчэўе ці ад Карчы з фармантам -эўскі і семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Карчэў-скі і Карч-эўскі .
Касав е ц (Іван К.) - дэрыват з фармантам -ец ад тапоніма Косава з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Косава - Косавец - Касавец.
Касаты (Людвіг К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва касаты (ўтварэння з суфіксам -ат- ад касы 'касавокі?) і семантыкай 'касаваты' (трохі касы).
Касяк (Кастусь К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва касяк , які мае некалькі значэнняў: 1) тое, што і вушак (частка дзвярэй); 2) пра косы, косавугольны або размешчаны коса прадмет; 3) чарада птушак, рыб. ФП: к о са - к о сы - касяк - Касяк.
Касцючык (Валянціна К.) - дэрыват ад Касцюк з су-фіксам -ік (Касцюч-ык) і семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Канстанцін - Косця - Касцюк - Касцючык .
Касцючэнка (Валянці-на К.) - дэрыват з фармантам - энка ад антрапоніма Касцюк і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Касцюч (к/ч) -энка. ФП: Канстанцін - Касцюк - Касцю-чэня - Касцючэнка .
Каўко (Зміцер К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва каўка 'птушка сямейства крумкачовых з чорным апярэннем; галка'. ФП: каўка ('галка') - Каўка (мянушка чалавека) - Каўка (прозвішча) - Каўко - зыначаная форма дзеля адмежавання ад апелятыва. Праўда, знаныя беларусы пі-шуць этымалагічна натуральна Каўка .
Каханчык (Зміцер К.) - дэрыват з фармантам -чык ад антрапоніма Кохан з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Кахан-чык . Або ад Каханец (з суфіксам -ік і чарг. ц/ч ): Кахан-ц-ік - Каханчык .
Качаноўская (Наталля К.) - дэрыват з фармантам - оўская ад тапоніма Качаны з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Ка-чан-оўская . Або дэрыват з фармантам шляхетнасці -оўск-ая ад антрапоніма Качан з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Качан-оўская . ФП: ка-чан ('плод капусты: шчыльна звітыя ў галоўку капусныя лісты') - Качан (мянушка, потым прозвішча) - Качаны ('мясціна, паселішча з жыхарамі з прозвішчам Качан ') - Качаноў-ская .
Качаргіна (Людміла К.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -іна ад антрапоніма Качарга і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Качарг-іна . ФП: качарга ('жалезны прут, сагнуты на канцы для перамешвання паліва ў печы, выграбання попелу і пад.') - Качарга (мянушка, потым прозвішча) - Качаргіна .
Кашчэева (Людміла К.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -эва ад антрапоніма Кашчэй і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Кашчэй-эва . ФП: каш-чэй ('міфічны персанаж усходнеславянскіх народных казак: кашчавы і злы стары, які валодае тайнай даўгавечнасці і незлічоным багаццем'; а таксама 'пра вельмі худога чалавека?) - Кашчэй (мянушка, потым про-звішча) - Кашчэева .
(Працяг у наст. нумары.)
Павел Сцяцко
Баранавіцкі актывіст ТБМ Сяргей Гоўша адстойвае сваё права на карыстанне беларускай мовай ў банкаўскай сферы
Баранавіцкі актывіст Таварыства беларускай мовы Сяргей Гоўша атрымаў ліст з адкрытага акцыянернага таварыства "Ашчадны банк "Беларусбанк" філіял № 802 за подпісам дырэктара А.Ф. Навіцкага, у якім паведамляецца, што банк разгледзеў яго зварот па пытанні плацяжоў і выкарыстання беларусай мовы пры абслугоўванні кліентаў. Найперш банкаўскі чыноўнік падрабязна распавёў актывісту ТБМ Сяргею Гоўшу пра працу "Беларусбанка" аб развіцці і ўдасканаленні адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы (АРІП) для аплаты паслуг, пра дыстанцыйнае банкаўскае абслугоўванне праз сістэму Інтэрнэт. Гэта добра, і ніхто такія паслугі не аспрэчвае. Але вось што тычыцца беларускай мовы пры абслугоўванні кліентаў, то спадар Навіцкі паведаміў у сваім адказе, спаслаўшыся на арт. 2 Закона "Аб мовах ў Рэспубліцы Беларусь", што, "…кіруючыся нарматыўна-прававой базай Рэспублікі Беларусь, банк мае права пры аказанні паслуг насельніцтву выкарыстоўваць адну з дзяржаўных моў РБ беларускую ці рускую" . Маўляў, вы можаце нас прасіць выкарыстоўваць беларускую мову ў банкаўскай сферы, але мы будзем карыстацца толькі рускай мовай.
- Але артыкул 50 Канстытуцыі РБ абвяшчае, што кожны грамадзянін мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін. Аднак у рэальных жыцці ў нас ўсё выглядае зусім інакш. Я не магу адправіць ці надрукаваць якую-небудзь банкаўскую паперку на беларускай мове, бо супрацоўнікі банка скардзяцца на нястачу беларускага шрыфта ў кампутарах. Аб гэтым я і пісаў кіраўніцтву банка і спадзяваўся, што яго ім установяць і можна будзе свабодна карыстацца роднай мовай для аплаты паслуг. Тут жа замест канкрэтнай працы па пашырэнні беларускай мовы ў банкаўскай сферы мне даслалі звычайную адпіску, - паведаміў актывіст ТБМ Сяргей Гоўша.
Ён лічыць склаўшуюся сітуацыю не толькі незаконнай, але нават абсурднай і мае намер скардзіцца далей ў вышэйшыя органы ўлады.
Віктар Сырыца.
Гоўша С.К. вул. Камуністычная, д.19А, кв. 112
На № 6. 225320, г. Баранавічы
Аб разглядзе звароту
Паважаны Сяргей Канстанцінавіч!
Кіраўніцтва філіяла № 802 ААТ "ААБ Беларусбанк" разгледзела Ваш зварот па пытанні прыёму плацяжоў па сістэме АРІП і выкарыстання беларускай мовы пры абслугоўванні кліентаў.
У мэтах удасканалення і правядзення безнаяўных грашовых разлікаў у Рэспубліцы Беларусь Нацыянальным банкам з 2010 года праводзіцца праца па развіцці адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы для аплаты паслуг праз банкі і нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі, арганізацыі паштовай і электрычнай сувязі (далей - АРІП).
Функцыянаванне АРІП дазваляе ў маштабах Рэспублікі Беларусь рэалізаваць неабходныя сацыяльныя, ільготныя і іншыя схемы ажыццяўлення разлікаў, пашырыць спектр інфармацыйна-тэхналагічных рашэнняў для аказання банкаўскіх паслуг насельніцтву.
Развіцце АРІП дае магчымасць пашырыць пералік магчымых інструментаў для аплаты насельніцтвам аказаных паслуг, ажыццявіць падключэнне да сістэмы большага ліку вытворцаў паслуг.
У частцы збояў у працы сістэмы АРІП ў красавіку бягучага года Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь праінфармаваў, што 6 красавіка г.г. было праведзена абнаўленне праграмнага забеспячэння сістэмы АРІП. На момант Вашага звароту ў аддзяленне філіяла функцыянаванне сістэмы яшчэ не прыведзена да штатнага рэжыму.
У адрас Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь цэнтральным апаратам ААТ "ААБ Беларусбанк" накіраваныя лісты з выкладаннем ўзнікаючых праблем.
У мэтах недапушчэння чэргаў і змяншэння нагрузкі на аперацыйныя вокны ў аддзяленні № 802/75 спецыяльна вылучаны зоны абслугоўвання па плацёжных картах: устаноўлены знешні банкамат і ўнутраны інфакіёск, што дазваляе кліентам самастойна здзяйсняць вялікі пералік аперацый і атрымаць даведачную інфармацыю.
Для эканоміі асабістага часу і выгады, прапануем Вам скарыстацца дыстанцыйным банкаўскім абслугоўваннем. Не наведваючы аддзяленняў банка з дапамогай аддаленага доступу да банкаўскага рахунку можна здзейсніць банкаўскія аперацыі, у тым ліку і грашовыя пераводы, выкарыстоўваючы паслугі М-банкінгу і Інтэрнэт-банкінгу. М-банкінг - гэта здзяйсненне аперацый з дапамогай мабільнага тэлефона. Інтэрнэт-банкінг - гэта кіраванне рахункамі і ажыццяўленне банкаўскіх аперацый дыстанцыйна праз сістэму Інтэрнэт.
Па пытанні прадастаўлення дакументаў аб аплаце за камунальныя паслугі на беларускай мове.
У адпаведнасці з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы. Паводле артыкула 2 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" Рэспубліка Беларусь забяспечвае ўсебаковае развіцце і функцыянаванне беларускай і рускай моў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Кіруючыся нарматыўна-прававой базай Рэспублікі Беларусь банк мае права пры аказанні паслуг насельніцтву выкарыстоўваць адну з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь беларускую ці рускую.
База дадзеных аб сумах аплаты за аказаныя паслугі пастаўшчыкамі паслуг прадастаўляюцца ў Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь на рускай мове, адпаведна і ў ААТ "ААБ Беларусбанк" інфармацыя паступае таксама на рускай мове.
Банкам не парушаецца заканадаўства Рэспублікі Беларусь пры прадастаўленні кліентам квітанцый аб аплаце за паслугі на рускай мове, бо дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы.
У адпаведнасці з арт. 9 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18.07.2011 года № 300-3 "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" (далей - Закон), філіял тлумачыць Вам, што у выпадку згоды з дадзеным адказам Вы маеце права звярнуцца ў філіял № 100 - Брэсцкае абласное ўпраўленне ААТ "ААБ Беларусбанк" (вул. Маскоўская, д. 202, 224020, г. Брэст), у цэнтральны апарат ААТ "ААБ Беларусбанк" (пр-т Дзяржынскага, д. 18, 220089, г. Мінск) і ў суд у ўстаноўленым парадку (арт. 20 Закона).
З павагай, дырэктар філіяла А.Ф. Навіцкі.
У Варшаве ўзнагародзілі пераможцаў алімпіяды па беларускай мове
20-я алімпіяда па беларускай мове прайшла ў Варшаве. На кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта пераможцам алімпіяды былі ўручаны ўзнагароды. Першае месца заняла вучаніца з Гайнаўкі Уля Ніканчук :
- Я вывучаю беларускую мову з першага класа, калі мне было сем гадоў. Мы вывучаем беларускую мову ў Гайнаўцы, мне вельмі падабаецца. Я думаю, што гэта важна ў нашым жыцці, бо падтрымлівае нашу тоеснасць. Я лічу сябе беларускай.
На думку старшыні арганізацыйнага камітэта, прафесара Аляксандра Баршчэўскага, сёлета ўдзельнікі адзначыліся высокім узроўнем ведаў. Прафесар парадаваўся, што зерне беларускай свядомасці і пашаны да беларускай мовы застаецца прынамсі ў удзельнікаў алімпіяды:
- Вельмі часта сустракаю людзей, якія паехалі да сваіх сваякоў у Беларусь і адказвалі па-беларуску ў краме, дзе ў іх пыталі: "Які цукар, вы навучыцеся размаўляць на талковай мове, тады звяртайцеся". Ну гэта як? Калі такая сітуацыя там, то зразумела, што і ў нас яна не можа быць добрая і дасканалая. Таму цяжка дамагацца, каб у Польшчы, дзе жыве жменька беларусаў, гэтае зацікаўленне ўзрастала і развівалася.
Нуступная 21-я алімпіяда будзе прысвечана Ларысе Геніюш.
Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава. Фота аўтара.
Прэзентацыя кнігі Леаніда Лаўрэша ў Лідзе
6 чэрвеня ў Лідскім літаратурным музеі прайшла прэзентацыя чарговай кнігі лідскага краязнаўца Леаніда Лаўрэша "Ліда ўчора і сёння. Гісторыя горада ў выявах". Выданне ажыццявіла "Лідская газета". У прадмове, напісанай галоўным рэдактарам газеты Кацярынай Серафіновіч у прыватнасці гаворыцца:
"Ліда на старых выявах" - пад такой назвай на старонках "Лідскай газеты " быў распачаты новы праект. Яго аўтар - вядомы на Лідчыне і далёка за яе межамі краязнаўца Леанід Лаўрэш.
Асаблівасць праекту - старыя здымкі, многія з якіх цудам захаваліся ў архівах неабыякавых да гісторыі роднага горада людзей. Праз прызму непрадузятага сведкі падзей мінулых стагоддзяў - фотааб'ектыва - сёння мы маем магчымасць убачыць Ліду такой, якой яна была ў розныя гады свайго існавання.
Гісторыя горада была рознай: драматычнай - у перыяд войнаў, стваральнай - у мірны час. Старонкі гэтай кнігі напоўнены каштоўнай інфармацыяй пра тую Ліду, якой бачылі яе нашы продкі, тыя, хто жыў да нас у драўляных ці цагляных дамах, шпацыраваў па брукаваных вуліцах, ля старажытнага замка, вучыўся ў навучальных установах, трымаў краму або працаваў на ўласніка завода. Подых гісторыі адчуваецца на кожнай старонцы кнігі, бачыцца ў кожным здымку.
Другая частка кнігі прысвечана дню сённяшняму, дню, у якім ёсць месца захаваным помнікам даўніны і сучасным архітэктурным збудаванням, дню, які запоўнены ствараіьнай працай нашых сучаснікаў. На фотаздымках, зробленых нашымі землякамі напярэдадні 690-гадовага юбілею горада, яскрава бачны веліч і прыгажосць Ліды, якая праз усе выпрабаванні не страціла сваёй адметнасці і займае годнае месца сярод гарадоў нашай сінявокай краіны.
Калектыў рэдакцыі выказвае вялікую ўдзячнасць раённаму выканаўчаму камітэту, з дапамогай якога стала магчыма выданне гэтай кнігі, якая, несумненна, стане значнай падзеяй у асяродку аматараў гісторыі - краязнаўцаў, а таксама для тых, хто хоча ведаць мінулае сваёй малой радзімы і будаваць шчаслівую будучыню."
Так, кніга сапраўды мае тую адметнасць, што выдавалася дзяржаўнай газетай з дапамогай мясцовай улады. І гэта прадуктыўны падход, бо колькі ж можна выдаваць краязнаўчую літаратуру за кошт саміх краязнаўцаў без дапамогі, а часта і насуперак волі мясцовых кіраўнікоў. І тут Ліда сказала годнае і важкае слова: краязнаўства - справа ўсяго краю. Таму на прэзентацыі акрамя аўтара Леаніда Лаўрэша і галоўнага рэдактара "Лідскай газеты" Кацярыны Серафіновіч (на верхнім здымку) прысутнічалі намеснік начальніка ідэалагічнага аддзела райвыканкама Ўладзімір Самсонаў і спецыяліст гэтага ж аддзела Алена Каралевіч.
Прысутнічалі лідскія краязнаўцы, рэдактары краязнаўчых часопісаў "Лідскі летапісец" і "Ziemia Lidzka" Станіслаў Суднік і Аляксандр Колышка. Леанід Лаўрэш з'яўляецца сталым аўтарам і гэтых выданняў.
Арганізоўваў прэзентацыю малады краязнавец Алесь Хітрун, навуковы супрацоўнік Лідскага музея, які рэгулярна і на беларускай мове праводзіць экскурсіі па Лідскім замку і Лідзе.
Прысутныя высока ацанілі якасць кнігі (выдадзена на дыхтоўнай паперы), пашкадавалі пра малы наклад (традыцыйныя ўжо для Беларусі 300 асобнікаў), выказалі пажаданне разгарнуць кнігу ў паўнавартасны альбом.
І трэба спадзявацца, што ідэя выдання альбома, які б спалучыў старыя паштоўкі і фотаздымкі і новыя, сучасныя краявіды, не заглохне, а знойдзе падтрымку ўладаў горада.
Яраслаў Грынкевіч.
Сустрэча з рэдакцыяй ARCHE ў Баранавічах
Па запрашэнні Баранавіцкай рады Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны 21 траўня ў Баранавічы прыехалі галоўны рэдактар часопіса ARCHE Валер Булгакаў і яго намеснік Аляксандр Пашкевіч. Сустрэча праходзіла ў прыватным садзе грэка-каталіцкага святара айца Яўгена Маліноўскага (вуліца Міцкевіча, 65). Госці прэзентавалі найперш розныя нумары часопіса ARCHE і кнігі знакамітых беларускіх аўтараў: Юрася Юркевіча "Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні", Алега Латышонка "Жаўнеры БНР", Яна Шумскага "Саветызацыя Заходняй Беларусі (1944-1953 гг.)", Марка Бартушкі "Партызанская вайна ў Беларусі ў 1941-1944 гг.", Алега Латышонка, Яўгена Мірановіча "Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII ст. да пачатку ХХІ ст.".
Сустрэча запомнілася цікавымі разважаннямі не толькі аб гісторыі Беларусі, але і аб цяперашнім яе стане.
Віктар Сырыца.
Ахвяраванні на ТБМ
1. Восіпава Аляксандра - 50000 р., г. Гомель
2. Самонаў Алесь - 200000 р., г. Магілёў
3. Чайкоўскі Павел - 120000 р., г. Менск
4. Невядомы - 400000 р., г. Менск
5. Шкірманкоў Фелікс - 100000 р., г. Слаўгарад
6. Дучыц Людміла - 100000 р., г. Менск
7. Раманюк Тацяна - 100000 р., г. Менск
8. Кукавенка Іван - 100000 р., г. Менск
9. Ліс Арсень - 50000 р., г. Менск
10. Міцкевіч Яўген - 50000 р., г. Менск
11. Касцюковіч Зміцер - 100000 р., г. Чэрвень
12. Лазарук Тамара - 50000 р., г. Менск
13. Шундрык Георг - 50000 р., г. Дзятлава
14. Жыліч Тацяна - 50000 р., в. Мятлічыцы
15. Курава Тамара - 30000 р., г. Менск
16. Кручкоў Сяржук - 200000 р., г. Менск
17. Бамбіза Мікола - 500000 р., г. Менск
18. Гаева А.Д. - 50000 р., г. Менск
19. Табалевіч Ю.С. - 200000 р., г Менск
20. Птушка Сяргей - 30000 р., в. Хільчыцы
21. Каралёў Сяргей - 50000 р., г. Гомель
22. Рабека Мікола - 200000 р., г. Менск
23. Давідоўскі Ігар - 100000 р., г. Менск
24. Лягушаў Алег - 100000 р., ст. Ясень, Асіповіцкі р-н
25. Зылькоў Сяргей - 200000 р., г. Гародня
26. Мануленка Ўладзімір - 55000 р., г. Менск
27. Пухоўская Юлія - 50000 р., г. Менск
28. Данілюк Віктар - 50000 р., г. Менск
Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.
Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.
Князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі (1460 - 1530) - палкаводзец, патрыёт, абаронца веры
1 чэрвеня у Свята-Георгіеўскай царкве г. Ліды адбылося абвяшчэнне пераможцаў конкурсу сачыненняў і рэфератаў лідскіх навучэнцаў, прымеркаванага да Дня славянскага пісьменства і культуры і памяці святых Кірыла і Мяфодзія. Свае тэксты на прапанаваны адрас электроннай пошты даслалі сем чалавек. Большасць удзельнікаў абралі тэмай сваіх сачыненняў постаць князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага.
Былі вызначаныя тры пераможцы конкурсу: Дар'я Волкава (СШ № 1), Кацярына Заліпа (СШ в. Мінойты Лідскага р-на) і Ягор Сцепаненка (СШ № 17) - усе з беларускамоўнымі рэфератамі. Яны былі ўзнагароджаны спецыяльнымі дыпломамі. Астатнія ўдзельнікі атрымалі лісты падзякі. Дабрачынны цэркваў Лідскай акругі протаіерэй Расціслаў Салаўёў падараваў кожнаму ўдзельніку конкурсу абраз "Дабраславенне дзяцей".
Сёння мы публікуем рэферат пераможцы конкурсу Дар'і Волкавай з СШ № 1 г. Ліды.
УВОДЗІНЫ
Канстанцін Іванавіч Астрожскі - вядомы ваенаначальнік і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Стараста Брацлаўскі, Звініагродскі і Вінніцкі (з 1497), Вялікі гетман Літоўскі (1497-1500, 1507-1530), маршалак Валынскі і стараста Луцкі (з 1499), кашталян Віленскі (1513-1522), ваявода Троцкі (1522-1530). Ён шырока праславіўся сваімі дзяржаўнымі справамі, вайсковымі перамогамі і адначасова быў шырока вядомы як руплівец праваслаўнай асветы, заснавальнік шматлікіх храмаў і манастыроў. Канстанцін Іванавіч неаднаразова ўзначальваў паходы войскаў Княства на крымскіх татараў. Ён атрымаў перамогі больш, чым у 60 бітвах, у тым ліку ў бітве пад Оршай. 8 верасня 2014 года споўніцца 500 гадоў з дня Аршанскай бітвы, якая была адной з найбуйнейшых у Еўропе ў пачатку ХVІ стагоддзя.
Жыццё і дзейнасць князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага (у адрозненне ад яго сына - Васіля-Канстанціна) вывучаны вельмі павярхоўна. Цэласны партрэт гэтага выдатнага палітыка, палкаводца і мецэната праваслаўнай культуры, на жаль, так і не створаны.
РАЗДЗЕЛ 1. ПАХОДЖАННЕ РОДУ. ДЗІЦЯЧЫЯ І ЮНАЦКІЯ ГАДЫ
Род князёў Астрожскіх, адзін з найбольш знатных і багатых родаў на землях былога Вялікага Княства Літоўскага, даў многа славутых і знакамітых мужоў, якія праславіліся не толькі на палях бітваў, дзяржаўнай службе, але і падзвіжніцтвам на духоўнай ніве. У гэтым родзе з пакалення ў пакаленне ўмацоўвалася вернасць праваслаўю, ганаровым абавязкам лічылася абарона інтарэсаў беларускага і ўкраінскага народаў, клопат пра духоўныя патрэбы людзей.
Паводле старажытных царкоўных кніг, княжацкі род Астрожскіх паходзіць з тураўскіх князёў, нашчадкаў Святаполка Ізяславіча, які ў 1093-1113 гадах займаў кіеўскі вялікакняскі пасад. Першым з вядомых князёў з гэтым прозвішчам быў Даніла Астрожскі (каля 1320 - каля 1386). Род атрымаў сваё прозвішча ад першапачатковага радавога маёнтка Астрог на Валыні (цяпер горад у Ровенскай вобласці).
Прадстаўнікі роду Астрожскіх займалі адміністрацыйныя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім у канцы XIV - пачатку XV стагоддзя. Так, прадзед Канстанціна Астрожскага Фёдар (каля 1360 - каля 1438) быў намеснікам Луцкім, дзед Васіль (каля 1390 - каля 1450) - намеснікам Тураўскім Бацька славутага палкаводца Іван Васільевіч (каля 1430 - пасля 1465) у 1454 годзе ў бітве пад Церабоўляй разграміў войска крымскіх татар.
Дата нараджэння Канстанціна Іванавіча Астрожскага дакладна не вызначана, прыблізна 1460-1463 год. Яго маці - княгіня Анастасія Глінская, бацька - Іван Васільевіч Астрожскі. У няпоўныя сем гадоў Канстанцін страціў бацькоў, і выхаваннем княжыча займаліся баяры і яго старэйшы брат Міхаіл. Разам з братам ён жыў у Астрозе, а ў 1481 годзе пераехаў у Вільню, дзе пазнаёміўся з Троцкім ваяводам Марцінам Гаштольдам і, верагодна, вучыўся ў школе пры ягоным двары. Праз два гады Канстанцін вярнуўся ў Астрог, дзе дапамагаў брату ў гаспадарчых справах. У 1486 годзе абодва браты трапілі ў Вільню, да двара вялікага князя Казіміра. Праз два гады маладыя Астрожскія апынуліся ў сябе ў Астрозе, дзе нейкі час займаліся фінансамі, гаспадаркай, а з 1489 года ізноў былі ў Вільні, суправаджалі Казіміра Ягайлавіча ў час пераездаў.
Пакінутае ў спадчыну багацце, шырокія сваяцкія сувязі і, безумоўна ж, асабістыя здольнасці братоў Астрожскіх спрыялі іх хуткаму ўзвышэнню на дзяржаўнай службе. Яны мелі сваяцтва з першымі людзьмі Княства - Гаштольдамі, Радзівіламі, Сапегамі, Гальшанскімі, Глінскімі, Сангушкамі ды шмат якімі іншымі магутнымі родамі.
РАЗДЗЕЛ 2. ВАЙСКОВЫ ТАЛЕНТ КНЯЗЯ К. АСТРОЖСКАГА
2.1 Пачатак ваеннай кар'еры
З юнацкіх гадоў Канстанцін захапляўся кніжкамі пра ваенныя падзеі, пра ролю дыпламатаў у міжнародных адносінах. З часам пачаў добра разбірацца ў гэтых справах. Быў заўважаны пры вялікакняскім двары і стаў атрымліваць адказныя даручэнні. Асабліва праявіў сябе Канстанцін Астрожскі ў ваеннай справе.
У 1486-1490 гадах малады князь Канстанцін Астрожскі ўдзельнічаў у баях супраць крымскіх татар, якія пачалі рэгулярна нападаць на ўкраінскія землі. У 1491 годзе ён праявіў свае камандныя здольнасці, калі конніца Вялікага Княства Літоўскага на чале з князем Сямёнам Гальшанскім разграміла войска крымскіх татар пад Ізяславам. У 1492 -1494 гадах Канстанцін Астрожскі ўдзельнічаў таксама ў вайне з Маскоўскім вялікім княствам.
У лютым 1495 года князь К. I. Астрожскі ў складзе 60 асоб дэлегацыі ад паноў Вялікага Княства Літоўскага сустракаў у мястэчку Маркаў (цяпер Маладзечанскі раён) нявесту вялікага князя Аляксандра Казіміравіча - князёўну маскоўскую Алену Іванаўну, дачку Івана III.
У наступня гады Канстанцін Астрожскі зноў удзельнічаў ў баях з крымскімі татарамі. У 1496 годзе ён кіраваў абаронай горада Роўна ад іх нападу, а вясной 1497 года разам з братам Міхаілам адбіваў набег татарскіх загонаў на Валынь і на Палессе каля Мазыра. Войскі на чале з братамі Астрожскімі дагналі крымскіх татар ужо на Брацлаўшчыне, над ракой Сарокай, дзе разграмілі іх, забілі 340 воінаў і вызвалілі ясыр (палонную моладзь, якую татары вялі ў Крым, каб прадаць у рабства). Улетку таго ж года князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі ўдзельнічаў у агульнай адпраўцы воінаў Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы на ўзбярэжжа Чорнага мора пад камандаваннем польскага караля Яна Ольбрахта. У канцы ліпеня 1497 года вайсковыя атрады Канстанціна Астрожскага разбілі пад Ачакавам войскі ханскага сына Мехмет Гірэя, а сам крымскі царэвіч трапіў у палон. Менавіта за шэраг перамог над крымскімі татарамі ўлетку 1497 года Вялікі князь літоўскі Аляксандр Казіміравіч надаў К.I. Астрожскаму тытул Гетмана найвышэйшага Вялікага Княства Літоўскага. У гэтым жа годзе Канстанцін Астрожскі атрымаў Брацлаўскае, Звінагродскае і Вінніцкае староствы з замкамі ў Падоліі. Гэта стварала магчымасць збіраць тут сілы для адпору набегам крымскіх татар. Ніхто яшчэ не атрымліваў гэтакага чыну і дзяржаўнай пасады ва ўзросце 37 гадоў.
За гады барацьбы з крымскімі татарамі К. Астрожскі набыў баявы досвед. Імператарскі пасол С. Герберштэйн, які праязджаў праз Беларусь у Маскву, занатаваў у сваіх запісках, што князь К.I. Астрожскі шмат разоў граміў татар, прымяняючы адмысловую тактыку. Ён не ішоў насустрач, калі іх ватага ішла рабаваць, а нападаў, калі яны ўжо набралі здабычу. Калі татары даходзілі да бяспечнага, як ім здавалася, месца і спыняліся на адпачынак, К. Астрожскі нападаў на іх знянацку. Перад нападам ён забараняў сваім воінам распальваць агні, а ежу загадваў рыхтаваць загадзя. Усё гэта рабілася з вялікай асцярогай, і напад быў заўсёды для ворага нечаканым. Нападаў К. Астрожскі на досвітку. Такая тактыка прыводзіла да поўнага разгрому ворага.
2.2 Трагедыя на Вядрошы.
У 1500 годзе пачалася вайна з Вялікім Княствам Маскоўскім. Іван III прэтэндаваў на Кіеў, Чарнігаў і іншыя украінскія і беларускія тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Для паспяховага вядзення вайны ён заключыў саюз з крымскім ханам Менглі Гірэем. Вясной 1500 года Іван III абвясціў вайну і пачаў наступ на тэрыторыю Украіны і Беларусі. Падчас паходу, які пачаўся ў траўні, маскоўскім войскам былі заняты гарады Бранск, Пуціўль, Мцэнск, Старадуб, Гомель, Любеч, Ноўгарад-Северскі. Такім чынам, была занята паўднёвая частка Смаленскай зямлі, Чарнігава-Старадубскае і Ноўгарад-Северскае княствы і іншыя тэрыторыі.
Вялікі князь Аляксандр Казіміравіч накіраваў для абароны Смаленска, якому пагражала маскоўскае войска, гетмана найвышэйшага Канстанціна Іванавіча Астрожскага і дворнага маршалка Грыгорыя Осцікавіча з атрадамі князёў і паноў. Войска К. I. Астрожскага было невялікім. Яно налічвала, паводле М. Стрыйкоўскага, усяго тры з паловай тысячы коннікаў. У канцы чэрвеня 1500 года Астрожскі ўвайшоў у Смаленск. Тут яго войска павялічылася да чатырох з паловай тысяч коннікаў, уключыўшы ў свой склад атрады смаленскага ваяводы Станіслава Кішкі.
Маскоўскае войска налічвала 40 тысяч чалавек. Камандаваў ім ваявода князь Даніла Шчэня-Патрыкееў.
Нягледзячы на вялікую перавагу праціўніка, на нарадзе К. Астрожскі вырашыў атакаваць ворага. "Мала ці многа маскоўцаў будзе, ды толькі ўзяўшы Бога ў падмогу біцца з імі, а не біўшыся з імі назад не вяртацца" . 14 ліпеня на беразе ракі Вядрошы адбылася бітва, якая працягвалася амаль увесь дзень. У выніку войскі ВКЛ пацярпелі паразу. Астрожскі трапіў у палон і разам з ім і іншыя знатныя вяльможы: дворны маршалак Рыгор Осцікавіч, маршалак Літавор Храптовіч, Мікалай Глябовіч, Мікалай Зенуевіч, Хведар Няміра, Багдан Масковіч, князі Друцкія ды Масальскія. Але і вораг добра заплаціў за перамогу. Адразу пасля бітвы ваяводы прасілі ў Івана ІІІ прыслаць папаўненне. Нечаканы паход на Смаленск быў сарваны.
У лютым 1501 года палоннага гетмана прывезлі ў Маскву, а праз год перавялі ў Волагду. Іван III хацеў выкарыстаць вайсковы талент палкаводца і прапанаваў яму ўзначаліць маскоўскае войска супраць татар, абяцаючы вялікія маёнткі. Доўгі час Канстанцін Астрожскі адмаўляўся прыняць умовы маскоўскага вялікага князя. Але пасля смерці Івана III, ужо на пачатку кіравання Васіля III, ён урэшце даў сваю згоду і 18 кастрычніка 1506 года падпісаў прысягу з абавязкам служыць маскоўскаму вялікаму князю. Новаму маскоўскаму ваяводу далі камандаванне памежнымі сіламі, якія баранілі паўднёвую мяжу Маскоўскага вялікага княства ад татарскіх набегаў. Нагляд за К. Астрожскім быў аслаблены. Гэта і скарыстаў новы маскоўскі ваявода. У жніўні 1507 года Канстанцін Астрожскі выехаў з Масквы на Северскую Украіну, каб агледзець падпарадкаваныя яму войскі. Аднак замест кантролю памежных гарнізонаў ён разам з верным слугой, пераапрануўшыся ў "простае адзенне", уцёк на радзіму "татарскімі шляхамі", мінуючы гарады і людныя дарогі. З яго ўцёкамі звязана легенда. У нейкім сяле, яшчэ на тэрыторыі Маскоўскай дзяржавы, ён, як глыбока веруючы праваслаўны, спыніўся, каб памаліцца ў царкве ў час нядзельнай службы, а свайму слузе загадаў ехаць далей. У гэты час ў сяло прыскакала пагоня і, даведаўшыся, што нейкі чалавек нядаўна праехаў тут, паімчалася за ім. А Канстанцін Астрожскі пасля царкоўнай службы паехаў іншым шляхам і дабраўся да мяжы. 25 верасня 1507 года ён прыбыў у Вільню.
Новы вялікі князь (і кароль польскі) Жыгімонт Казіміравіч прыняў К. Астрожскага годна. Яму была вернута пасада гетмана найвышэйшага і дадзены новыя пасады старасты Луцкага і маршалка Валынскай зямлі. Былі вернуты і ранейшыя староствы: Брацлаўскае, Звінагродскае і Вінніцкае. Канстанцін Астрожскі зноў заняў ганаровае месца ў асяроддзі кіраўнічай эліты Вялікага Княства Літоўскага.
2.3 Працяг барацьбы з ворагамі Радзімы.
Падчас вайны 1507 - 1508 гадоў паміж Маскоўскай дзяржавай і Вялікім Княствам Літоўскім Канстанцін Іванавіч Астрожскі зноў камандаваў войскамі. У 1508 года ён выступіў супраць атрадаў Міхаіла Глінскага, які падняў рокаш і ўстанавіў саюзныя адносіны з Маскоўскай дзяржавай. 8 кастрычніка 1508 года было заключана мірнае пагадненне паміж Маскоўскай дзяржавай і Вялікім Княствам Літоўскім. Аднак ваенныя дзеянні яшчэ не скончыліся. Жыгімонт Стары накіраваў войска Канстанціна Астрожскага на Мазыр, які быў заняты атрадамі М. Глінскага. З некалькімі тысячамі конніцы К. I. Астрожскі зрабіў марш на Палессе. Каля Слуцка яго войска разбіла галоўныя сілы крымскіх татар, саюзнікаў М. Глінскага і Масквы. А ў наступныя некалькі дзён былі разгромлены і рэшткі татарскага войска. Потым гетман рушыў на Мазыр, але М. Глінскага там не было, ён ўжо ад'ехаў у Маскву. Маёнткі М. Глінскага былі канфіскаваны, і Тураў з акругай вялікі князь перадаў у валоданне Канстанціну Астрожскаму.
У 1509 і 1511 гадах К.І. Астрожскі адбіваў напады загонаў крымскіх татар на Валынь і на беларускія землі. Так, у 1509 годзе татары праз Брацлаўшчыну і Падолію ўварваліся ў Галіччыну, якая з сярэдзіны XIV стагоддзя ўваходзіла ў склад Польскага каралеўства. Адбіваць гэты напад К. Астрожскаму давялося разам з гетманам каронным і кракаўскім ваяводам Мікалаем Камянецкім. У 1510 годзе былі нанесены паражэнні татарам каля Кіева, Оўруча і Брацлава.
Вясной 1512 года крымскі хан Менглі-Гірэй, саюзнік маскоўскага вялікага князя Васіля III, зноў накіраваў на ўкраінскія землі татарскае войска. I зноў супраць ворага выступілі войскі саюзных дзяржаў пад камандаваннем К. Астрожскага і М. Камянецкага. К. Астрожскі быў галоўнакамандуючым. Сваё 5-тысячнае войска ён павёў на галоўны татарскі лагер (кош) недалёка ад Вішняўца на Валыні. Татар было 25 тысяч. Бітва адбылася 28 красавіка 1512 года і скончылася поўнай перамогай войска ВКЛ. Было забіта 5 тысяч татар. З лагера непрыяцеля было вызвалена 16 тысяч палонных, узяты 10 тысяч коней і нарабаваныя татарамі багацці. Пасля перамогі Канстанціна Астрожскага пад Вішняўцом (інакш яе называлі бітвай пад Лапушнай) крымскія татары не нападалі на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага тры гады.
2.4 Руска-літоўская вайна 1512 - 1522 гг. Бітва каля Оршы.
Восенню 1512 года пачалася новая вайна Маскоўскай дзяржавы супраць Вялікага Княства Літоўскага, якая працягвалася да 1522 года. Самай значнай падзеяй гэтай вайны стала перамога Канстанціна Іванавіча Астрожскага над маскоўскім войскам у бітве пад Оршай. Расійскі гісторык С.М. Салаўёў адзначыў, што ў маскоўскіх ваяводаў было 80 тысяч войска, а ў князя Канстанціна Астрожскага - не болей за 30 тысяч. Гэтыя лічбы прыводзяцца як у рускіх летапісах, так і ў звестках іншаземцаў. Такія ж яны ў хроніках М. Стрыйкоўскага і А. Гваньіні. Згаджаюцца з гэтымі лічбамі і вайсковыя гісторыкі XX стагоддзя.
Бітва пад Оршай на рэчцы Крапіўне адбылася 8 верасня 1514 года. Гэты дзень увайшоў у гісторыю як Дзень беларускай вайсковай славы.
У маскоўскім войску галоўным ваяводам быў Іван Чаляднін, другім самастойным ваяводам - князь Міхаіл Булгакаў-Голіца. Усе маскоўскія палкі былі конныя. Пастаўленыя ў традыцыйным баявым парадку ў тры расцягнутыя лініі, яны ўтваралі фронт шырынёю ў некалькі кіламетраў.
Войска Канстанціна Астрожскага заняло баявыя пазіцыі паводле свайго старога баявога звычаю: наперадзе знаходзіліся два палкі беларускай конніцы на чале з самім К.I. Астрожскім і польскай конніцы на чале з Войцэхам Сампалінскім. Паміж імі стаяла пяхота са стрэльбамі і пішчалямі. У другой лініі стаялі яшчэ два палкі: беларускай конніцы Юрыя Радзівіла і польскай Януша Свярчоўскага. На правым і левым флангах стаялі па тры дапаможныя (рэзервныя) палкі беларускай конніцы, якія складаліся з лёгка ўзброеных харугваў. На краі правага крыла К. Астрожскі размясціў ва ўкрыцці пад аховай лесу і паблізу ад берага Дняпра ўсе гарматы і частку пяхоты з рушніцамі (пішчалямі, самапаламі). Увогуле войска Астрожскага было сцягнута ў моцныя і згрупаваныя атрады, гатовыя прабіць расцягнутыя лініі ворага.
У пятніцу 8 верасня 1514 года "на Рожество Пресвятыя Богородицы" а 9-й гадзіне раніцы войска князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага было ўжо пастаўлена ў баявых парадках на полі бітвы. Як тады рабілася, перад бітвай святары з абодвух бакоў адслужылі малебен за перамогу. Пасля гэтага пачаліся "гарцы" - асобныя двубоі паміж вершнікамі з абодвух бакоў, каб заахвоціць астатніх воінаў да бітвы.
Грымнулі бубны, затрубілі баявыя сурмы, і маскоўская конніца першай кінулася ў атаку. Войскі Астрожскага без цяжкасцяў адбілі яе. Гетман накіраваў на маскоўскія палкі польскую кавалерыю з левага крыла. Чэляднін стрымаў іх націск ды зноў ударыў сваёй конніцай. Гэтак да самага поўдня супраціўнікі асцярожна абменьваліся франтальнымі атакамі, не ўводзячы ў бой галоўныя сілы. Затым маскоўскія ваяводы паспрабавалі паслаць полк у тыл Астрожскаму і адначасова націснуць на фланг, аднак Канстанцін Іванавіч разгадаў гэты небяспечны ход і абедзве атакі ворага сышлі намарна. Тады бітва дасягнула апагею. Ускінуўшы булаву, гетман рашуча павёў у атаку ўсю конніцу Вялікага Княства. Хвіліны - і яна злёту цяжка ўрэзалася ў густыя шыхты маскоўскіх ратнікаў. Пачалася лютая сеча. Астрожскі ізноў быў наперадзе, заклікаючы да мужнасці сваіх вершнікаў. Урэшце Івану Чалядніну здалося, што ён перамагае. У нейкі момант бітвы ён убачыў, што беларуская конніца перад ім спыніла свае атакі і па загаду Канстанціна Астрожскага пачала адступаць, а потым зусім кінулася ўцякаць. Тады Чаляднін, перакананы ў сваёй перамозе, кінуў у бой усе свае сілы. Аднак у пэўны момант, недалёка ад лесу і кустоў у тыле войска Канстанціна Астрожскага, раптам па камандзе гетмана конніца падзялілася на дзве часткі, якія хутка скочылі направа і налева. Уся бязладная маса маскоўскіх вершнікаў аказалася перад гарматамі і пяхотай, што былі ў кустах на ўскраіне лесу і ўжо даўно падрыхтаваліся да аднаго моцнага залпу. Пярэднія і заднія рады маскоўскай конніцы былі расстраляны пасля першага залпу і далейшых стрэлаў гармат і рушніц. Маскоўскія атрады панеслі вялікія страты ў людзях і конях. Пасля расстрэлу гарматамі лавіны маскоўскага войска ў яго шэрагах пачалася паніка, і яно кінулася наўцёкі.
М. Стрыйкоўскі прыводзіць жахлівыя сцэны гэтых уцёкаў. У паніцы маскоўскія коннікі ўцякалі ў лясы, балоты, кідаліся ў Днепр і танулі. А пераможцы гналі іх і забівалі. М. Бельскі распавядае, што бітва цягнулася аж да захаду сонца. Коннікі К. Астрожскага працягвалі пераследаванне ажно да васьмі літоўскіх міляў (на 60 кіламетраў). Адны з беларускіх вершнікаў вярнуліся назад апоўначы, іншыя нават назаўтра. З сабою яны вялі вялікую колькасць палонных.
М.М. Карамзін і С.М. Салаўёў прыводзяць лічбу забітых воінаў: 30 тысяч чалавек; храністы М. Стрыйкоўскі, М. Бельскі і летапісы ўдакладняюць лічбу забітых на полі бою, ва ўцёках і тых, хто патануў, - 40 тысяч чалавек. Страты маскоўскага войска палоннымі перавышалі 5 тысяч чалавек. У палон трапілі галоўныя ваяводы I. Чаляднін і М. Булгакаў-Голіца, 8 вярхоўных ваяводаў, 37 начальнікаў ніжэйшага рангу, 2 тысячы дзяцей баярскіх і больш за 2 тысячы іншых воінаў. 20 тысяч трафейных коней і палова вайсковага абозу былі перададзены пераможцам. Сярод вайсковых трафеяў былі ўсе маскоўскія сцягі і агнястрэльная зброя. Трыумф князя Канстанціна Астрожскага і ўсяго войска Беларуска-Літоўскай дзяржавы быў поўны.
Як сведчыць М. Бельскі, страты войска пераможцаў былі невялікія. Загінулі толькі чатыры знатныя паны, а рыцараў - каля пяцісот чалавек. Колькасць загінуўшых вояў простага паходжання ён не прыводзіць. М. Стрыйкоўскі нагадвае, што загінулі чатыры паны, а шляхты і простых жаўнераў крыху больш за чатырыста. Затое ў гэтай бітве было шмат параненых.
На наступны дзень святкавалі перамогу. Быў адслужаны праваслаўны малебен у "чэсць святой Троіцы і на хвалу Госпада Бога" і каталіцкі малебен. Падчас урачыстага абеду, на які былі прыведзены палонныя ваяводы, Канстанцін Астрожскі павіншаваў сваіх ваяводаў, ротмістраў і рыцараў з перамогай. Пазней, 3 снежня 1514 года, кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт наладзіў у Вільні ўрачысты прыём у гонар гетмана Астрожскага і рыцараў-пераможцаў. Была пабудавана трыумфальная арка, праз якую Астрожскі на чале войска і ўехаў у сталіцу Літвы.
Пасля гэтай бітвы Канстанцін Астрожскі зрабіў у Вільні багатую фундацыю (уклад) царкве Свята-Духаўскага манастыра ў падзяку Богу за дараваную яму перамогу. У памяць гэтай фундацыі была звонку прымацавана мармуровая дошка з надпісам па-беларуску.
Бітва пад Оршай пакінула глыбокі след у тагачаснай беларускай, украінскай і польскай літаратуры. Перш за ўсё яе аднатавалі сучасныя ёй хронікі і летапісы. У Валынскім кароткім летапісе была змешчана "Пахвала князю Астрожскаму". У Германіі быў выдадзены друкаваны лісток пра бітву пад Оршай. З таго ж часу захавалася беларуская народная песня пра перамогу пад Оршай "Ой, у нядзельку параненька ўзышло сонца хмарненька", якая заканчвалася словамі "Слава Воршы, ўжо не горша. Слаўся, пан Астрожскі".
Перамога пад Оршай мела значныя міжнародныя наступствы. Імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліян адмовіўся падпісаць саюзны дагавор з Маскоўскім вялікім княствам, накіраваны супраць Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага. А ў 1515 годзе Максіміліян, Жыгімонт і яго брат, венгерскі кароль Уладзіслаў, падпісалі дамову аб прыязных адносінах паміж іх краінамі.
Канстанцін Астрожскі ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях і ў наступных кампаніях вайны 1512-1522 гадоў. Улетку 1517 года ён са сваім войскам дзейнічаў у Северскай зямлі. А ў верасні 1517 года палкі К. Астрожскага разам з атрадам Я. Свярчоўскага напалі з Полацка на Пскоўскую зямлю. Аблога Апочкі атрадамі Свярчоўскага вынікаў не дала, і К. Астрожскі ў кастрычніку 1517 года вымушаны быў адступіць.
У ліпені 1519 года на Кіеўскую зямлю, Валынь, Галіччыну і польскія землі ля Любліна напалі саюзнікі Васіля III - крымскія татары. На чале 40-тысячнай арды стаяў Багатыр-Салтан. Татары забівалі жыхароў, рабавалі маёмасць, бралі палонных для продажу ў рабства. Сабралася войска з польскай і валынскай, а таксама беларускай і літоўскай шляхты. Камандаваў 7-тысячным войскам Канстанцін Астрожскі. Ён пераняў татарскае войска на зваротным шляху, калі яно ўжо вярталася са здабычай. Пад Сокалем 2 жніўня 1519 года адбылася бітва, якая скончылася паражэннем войска Астрожскага.
У 1522 годзе было заключана пагадненне паміж Масквой і Вільняй, па якім Смаленск замацоўваўся за Вялікім Княствам Маскоўскім.
27 студзеня 1527 года на рацэ Альшанцы літоўскія войскі на чале з К.І. Астрожскім разграмілі татар. Усяго татары страцілі ў гэтай бітве 24 тысячы ваяроў. Гэта быў апошні вайсковы трыумф гетмана Канстанціна Астрожскага. Жыгімонт наладзіў пераможцу яшчэ адну трыумфальную сустрэчу, на гэты раз у Кракаве.
РАЗДЗЕЛ 3. ГАСПАДАРЧАЯ І ЦАРКОЎНА-АСВЕТНІЦКАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ КНЯЗЯ
Канстанцін Астрожскі быў шырока вядомы і як грамадскі, рэлігійны дзеяч і актывіст. Карыстаўся аўтарытэтам у вялікіх князёў ВКЛ Аляксандра i Жыгімонта Старога, дзякуючы чаму стаў першым у ВКЛ праваслаўным, які заняў прызначаныя для католікаў пасады кашталяна Віленскага i ваяводы Троцкага.
25 сакавіка 1522 года, улічваючы заслугі Канстанціна Іванавіча Астрожскага перад сваёй краінай, падчас вальнага (агульнага) сойму Вялікага Княства Літоўскага ў Гародні па просьбе паноўрады вялікі князь Жыгімонт Казіміравіч падпісаў грамату аб наданні гетману К. I. Астрожскаму годнасці Троцкага ваяводы (гэта была другая па значэнні пасада пасля пасады Віленскага ваяводы). 17 жніўня 1522 года гетман К. Астрожскі атрымаў новую грамату ад вялікага князя Жыгімонта, якой яму давалася права запячатваць свае лісты чырвоным воскам (а не зялёным), што ў тыя часы дазвалялася толькі сваякам вялікага князя і нашчадкам вялікіх князёў.
Канстанцін Іванавіч быў двойчы жанаты. Пасля смерці першай жонкі, Тацяны Сямёнаўны з роду Гальшанскіх (у ліпені 1522 г.), Канстанцін Іванавіч Астрожскі ў 63-гадовым узросце ажаніўся другі раз (у 1523 г.). Другая жонка, Аляксандра Сямёнаўна Алелькавіч, была таксама княжацкага роду. У шлюбе з Тацянай, меў сына Ілью, у шлюбе з Аляксандрай - сына Васіля-Канстанціна i дачку Соф'ю (памерла ў маладосці).
Канстанцін Іванавіч Астрожскі быў другім па багацці (пасля Ольбрахта Гаштольда) магнатам Вялікага Княства Літоўскага. Валодаў вялікімі зямельнымі маёнткамі на Валыні (Астрог i інш.), атрымаў ад вялікага князя Дубну, Красілаў, Здзецел (Дзятлава, 1498), Тураў (1508), Балажэвічы, Шастовічы i Капцэвічы ў Мазырскім павеце (1512), Дарагабуж на Валыні (1514), Смаляны (1522), Копысь i інш. Як пасаг атрымаў ад жонкі частку Гальшан i Глуска, Смалявічы i Жыцін на Меншчыне, Шашолы i Свіраны ў Літве, як спадчыну - Славенск каля Ашмян, Лемніцу i Палонну каля Оршы, купіў Тарасаў каля Менска (1516), Азяраны i воз. Свіцязь (1516), Нізгалаў i Сушу на Полаччыне (1526). У 1528 годзе ён выставіў 426 коннікаў са сваіх маёнткаў (ад колькасці сялянскіх службаў) у войска Вялікага Княства Літоўскага.
Слава не ўскружыла галаву Астрожскаму. Не стаў ён фанабэрыстым і пыхлівым, а па-ранейшаму быў сціплым і простым. Прымаў кожнага, хто меў да яго патрэбу, шчодра ўзнагароджваў сваіх ваяроў, не шкадаваў грошай на дабрачыннасць. Так і не прызвычаіўся ён да раскошы. Ягоныя княжацкія пакоі не ўражвалі гасцей шыкам: драўляная пафарбаваная падлога, кафляная печ, лаўкі ўздоўж сцен. Князь заставаўся самім сабой.
К.І. Астрожскі актыўна абараняў і распаўсюджваў праваслаўе. Пад кіраўніцтвам гетмана быў скліканы і праходзіў праваслаўны сабор у Вільні, які, у прыватнасці, падтрымаў барацьбу за аднаўленне праваслаўнай біскупскай улады ў Львове. Паводле яго хадатайства, на сойме ў Берасці былі пацверджаны правы праваслаўнай царквы, і ўказвалася на неўмяшальніцтва свецкай улады ў яе справы. У 1511 годзе ён дамогся ад Жыгімонта Старога пацвярджэння праваслаўнай царкве ВКЛ права на незалежны суд i забароны свецкім асобам прызначаць на царкоўныя пасады.
Дзякуючы Канстанціну Іванавічу фактычна была адменена забарона на пабудову праваслаўных цэркваў у дзяржаўных уладаннях ВКЛ. За ўласныя сродкі у розных кутках дзяржавы ён будаваў цэрквы. З 1491 па 1530 год у Астрозе была пабудавана каменная пяціглавая Багаяўленская царква, Траецкі манастыр. У 1507 годзе К.І. Астрожскі атрымаў ад Жыгімонта Старога ў кіраванне Жыдычынскі манастыр на Валыні. У 1511 годзе атрымаў дазвол на перабудову Віленскага Прачысценскага сабора, у 1514 - на пабудову ў Вільні цэркваў Св. Тройцы i св. Мікалая (Перанясенскай) у гонар бітвы пад Оршай, пабудаваў цэрквы ў Дубне (1492), Смалявічах (каля 1520). Кіраваў маёнткамі Кіеўскай мітраполіі пасля смерці мітрапаліта Іосіфа II Солтана (1521).
К.І. Астрожскі рабіў падараванні цэрквам Вільні, Новагародка, Турава, Дзярманскаму i Межырэцкаму манастырам, Кіева-Пячэрскаму манастыру. Дакументы зафіксавалі яго багатыя дары Васкрасенскай і Мікалаеўскай цэрквам у Дубне (7 лютага 1492), Нікольскаму манастыру, пабудаванаму на месцы перамогі над маскоўскім войскам (1518), Межыгорскаму кляштару (12 сакавіка 1523), Віленскаму Успенскаму сабору (4 ліпеня 1522). Ён дарыў цэрквам прадметы культавага ўжытку (адзенне, крыжы, рызы). Дзярманскаму Траецкаму манастыру была перададзена кніга настаўленняў патрыярха Канстанцінопальскага Каліста (1499) і рукапіснае Евангелле (1507).
Фактычна К.I. Астрожскі стаў галоўным патронам Праваслаўнай царквы ў дзяржаве.
Канстанцін Астрожскі памёр ў Тураве 11 верасня 1530 года. Яго смерць была значнай стратай для Вялікага Княства Літоўскага. За выдатныя заслугі перад радзімай, перад праваслаўнай царквой і выконваючы апошнюю волю самога гетмана, яго пахавалі ў Кіева-Пячэрскай лаўры, пад скляпеннямі Успенскага сабора. Надпіс на грабніцы паведамляў: "Маскву з татарамі паклаўшы, выпісаў 63 над імі перамогі, дадай афарбаваныя крывёй Рось, Дняпро, Альшанку, дадай шмат замкаў, шмат манастыроў, шмат цэркваў, якія вымураваў у Княстве Астрожскі і ў стольным месце Вільня... для калек ён пакінуў шпіталі, для дзетак - школы, для людзей рыцарскіх - палашы з дзідамі ў Марсавай Акадэміі, і міла напішы: Сцыпіёну Рускаму Канстанціну Іванавічу Астрожскаму, Гетману - Вялікае Княства Літоўскае. Гэта ўсё. Надмагілле" .
У 1579 сын Астрожскага Канстанцін-Васіль паставіў над бацькоўскай магілай скульптурнае надмагілле, якое было ўнікальнай з'явай мастацтва рэнесансу апошняй чвэрці XVI ст., але да нашага часу не захавалася. Надмагілле К. Астрожскага захавалася толькі на фотаздымках, а яго гіпсавая копія знаходзіцца ў Гістарычным музеі ў Маскве.
Дар'я Волкава.
Субкультура хіпі вярнулася ў Ліду
Субкультура хіпі на некаторы час вярнулася ў Ліду разам з выставай мясцовага мастака Пятра Цімафеева "Драматычнасць сярэдняга плану. Час жывых" , якая адкрылася ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі 4 чэрвеня.
Асноўная частка выстаўленых твораў прысвечана ўспамінам аўтара, і заснавана на ўласным досведзе і рэальных падзеях канца 70-х - пачатку 80-х гадоў.
Як зазначае аўтар - гэта былі часы "хіпі" і спробаў забароны ў СССР заходняй культуры, якая падпольнымі шляхамі і так пранікала ў савецкае грамадства:
- Гэта даніна тым гадам канца 70-х - пачатку 80-х гадоў, калі я яшчэ быў малады, калі дзяўчаткі былі такія прыгожыя, гэта мая маладосць, гэта першае каханне, канешне, гэта тая музыка, цудоўная, шыкоўная музыка, гэта тая вопратка, якая засталася да гэтай пары.
Пётр Цімафееў нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у Лідзе, за выняткам часу, калі служыў у войску. Служыў у Афганістане. Куды ж яшчэ хіпара маглі паслаць? Выжыў вярнуўся, мае дзяцей і ўнукаў. І цалкам беларускамоўны.
Малюе. Удзельнічаў у калектыўных выставах у 2004 і 2011 гг. Лідскі літаратурны музей аздабляюць графічныя партрэты беларускіх пісьменнікаў работы Пятра Цімафеева.
Вяла імпрэзу адкрыцця выставы разам з Пятром Цімафеевым мастацтвазнавец Лідскага музея Тацяна Нікіфарава, сама ўдзельніца руху хіпі. Тацяна з'явілася басіком і ў адпаведным "прыкідзе". У дадатак да інсталяцый з плоту, магнітафона, гітары, джынсаў гэта стварала сапраўдную атмасферу эпохі. Тут можна дадаць, што менавіта па ініцыятыве Тацяны Нікіфаравай у музеі створаны пакой-экспазіцыя "Хрушчоўка", дзе ўзноўлена атмасфера беларускай (савецкай) кватэры 60-х гадоў ХХ стагоддзя.
Што тычыцца саміх твораў Пятра Цімафеева, то гэта ў асноўным жывапіс і графіка, шмат партрэтаў культавых асобаў таго часу, ёсць і "адхіленні" ад тэмы, але яны практычна не заўважныя, не парушаюць цэльнасці выставы
Пётр Цімафееў падзяліўся з Радыё Рацыяй, што распачаў працу над серыяй мастацкіх твораў, якія будуць прысвечаны амерыканскім і канадскім індзейцам. Аўтар хоча ў сваіх карцінах правесці паралель паміж лёсамі карэннага насельніцтва Паўночнай Амерыкі і беларускім народам. На яго думку, у іх гісторыі ёсць шмат агульнага, і гэта важна данесці аматарам мастацтва.
Яраслаў Грынкевіч.