Папярэдняя старонка: 2014

№ 25 (1176) 


Дадана: 18-06-2014,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 25 (1176) 18 красавіка 2014 г.


90 гадоў з дня нараджэння ВАСІЛЯ БЫКАВА

Васіль Уладзіміравіч БЫКАЎ (19 чэрвеня 1924 - 22 чэрвеня 2003) - выдатны беларускі пісьменьнік і грамадскі дзеяч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Дзяржаўная прэмія СССР (1974). Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа (1978). Народны пісьменнік БССР (1980). Герой Сацыялістычнай Працы (1984). Ленінская прэмія (1986, за аповесць "Знак бяды").

Большасць твораў - аповесці пра Вялікую Айчынную вайну, дзеянне якіх адбываецца падчас вайны і ў якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найболей драматычныя моманты жыцця.

Нарадзіўся ў вёсцы Бычкі Ўшацкага раёна Віцебскай вобласці. Вучыўся на скульптурным аддзяленні Віцебскай мастацкай навучальні. Скончыў экстэрнам Кубліцкую сярэднюю школу.

Калі Нямеччына напала на СССР у 1941 годзе, ён знаходзіўся на Ўкраіне. Спачатку сямнаццацігадовы Быкаў капаў траншэі, пасля пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію. Быў двойчы паранены. Пасля дэмабілізацыі ў 1947 годзе працаваў мастаком у гарадзенскіх мастацкіх майстэрнях, стыльрэдактарам абласной газеты "Гродзенская праўда". У 1956-1972 гадах - літсупрацоўнік, затым літкансультант газеты "Гродзенская праўда", у 1972-1978 гадах - сакратар Гарадзенскага абласнога аддзялення СП БССР.

У 1978 годзе пераехаў у Менск. Некалькі разоў абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР, з 1989 года - народны дэпутат СССР. У 1990 годзе абраны прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына". Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Сябар СП СССР з 1959 года. У 1993 падпісаў "Ліст 42-х" Барысу Ельцыну.

Па-за межамі Беларусі Быкаў, бадай, найбольш вядомы беларускі аўтар. Яшчэ за савецкім часам яго творы былі перакладзеныя на розныя мовы, прычым большасць перакладаў на расейскую мову была зробленая самім пісьменнікам.

Адзін з заснавальнікаў БНФ "Адраджэньне".

Безумоўны лідар беларускага нацыянальнага адраджэння 90-х гадоў ХХ ст. Без усялякіх пастановаў і пасведчанняў беларускі народ надаў Васілю Быкаву найвышэйшае ганаровае званне "Сумленне нацыі".

Памёр пісьменнік 22 чэрвеня 2003 года. Пахаваны на Ўсходніх могілках Менска.

Асноўныя творы:

Апошні баец (1958, наступнае выданне ў 2007);

Жураўліны крык (1959-60);

Здрада (1961);

Трэцяя ракета (1962);

Альпійская балада (1963-64);

Пастка (1964);

Мёртвым не баліць (1965):

Сваякі (1966);

Праклятая вышыня (1968);

Круглянскі мост (1969);

Сотнікаў (1970);

Абеліск (1971);

Дажыць да світання (1973);

Воўчая зграя (1974);

Яго батальён (1975);

Пайсці і не вярнуцца (1978);

Знак бяды (1982);

Аблава (1986);

Кар'ер (1986);

У тумане (1987);

На крыжах (1992);

Сцюжа (1993);

На Чорных лядах ;

Перад канцом ;

Бедныя людзі ;

Ружовы туман (1995);

Сцяна (1997);

Ваўчыная яма (1998);

Пахаджане (1999);

Балота (2001);

Эквівалент ;

Доўгая дарога дадому (2002);

Калі рукаюцца душы (разам з Рыгорам Барадуліным, 2003);

Парадоксы жыцця (2004)

і інш.

Многія творы В. Быкава экранізаваны.

Вікіпедыя.

(Працяг тэмы на ст. 6.)



Святочная вечарына да 25-годдзя ТБМ адбудзецца 26 чэрвеня ў Галерэі сучаснага мастацтва "Ў" у 18.00 па адрасу: праспект Незалежнасці, 37А ў Менску. Уваход вольны.


180 гадоў з дня нараджэння Канстанціна Вераніцына

Канстанцін Васілевіч ВЕРАНІЦЫН (13 чэрвеня 1834, Астраўляны, Віцебскі павет, Віцебская губерня (цяпер Гарадоцкі раён) - верагодна 1904, Пецярбург) - удзельнік літаратурнага жыцця на Беларусі ў сярэдзіне ХІХ ст., адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры. Аўтар сатырычна-гумарыстычнай паэмы "Тарас на Парнасе".

Паходзіў з прыгонных сялян памешчыкаў Бондыравых (в. Астраўляны Гарадоцкага раёна). Спачатку яго прозвішча было Васільеў. У 1851 г., атрымаўшы вольную, ён прыпісаўся ў гарадоцкія мяшчане і выбраў сабе прозвішча "Вераніцын".

Вучыўся ў Гарадоцкім прыходскім вучылішчы, Віцебскай гімназіі (1845-52) і Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі (1852-54). З акадэміі яго ў 1854 г. выключылі, але гэта даравітага гарадоцкага хлопца не спыніла. У 1859 г. ён бліскуча (у спісе выпускнікоў яго імя стаіць першым) скончыў Горы-Горацкі земляробчы інстытут, напісаўшы дысертацыю "О белорусском хозяйстве" (вось жа і ў паэме "багі хазяйства водзяць"!). У 1863-74 жыў і працаваў у Пецярбургу, у 1874-79 працаваў выкладчыкам у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, з 1880 служыў у Пецярбургу ў апараце Міністэрства шляхоў зносін, меў чын стацкага дарадцы. Дакладная дата смерці невядомая.

У рукапісных сшытках фальклорных і літаратурных твораў А. Рыпінскага яму прыпісваюцца паэмы "Тарас на Парнасе" (тэкст з паметай: 1855, 15 красавіка, Гарадок) і "Два д'яўлы" (з паметай: 7.4.1860, Масква). Моўныя асаблівасці і рэаліі несумненна сведчаць пра сувязь апошняга твора з Віцебскам, а таксама пра тое, што аўтарства абедзвюх паэм належыць адной і той жа асобе. На карысць аўтарства К. Вераніцына сведчыць таксама яго біяграфія.

Вікіпедыя.


150 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Сержпутоўскага

Аляксандр Казіміравіч СЕРЖПУТОЎСКІ (21 чэрвеня 1864, в. Бялевічы, Слуцкі пав. - 5 сакавіка 1940) - беларускі этнограф, фалькларыст, мовазнавец, літаратар. Аўтар 45 друкаваных навуковых прац, удзельнік 25 этнаграфічных, антрапалагічных, лінгвістычных экспедыцый. Узнагароджаны Малым залатым медалём Аддзела этнаграфіі Рускага геаграфічнага таварыства (за "Зборнік беларускіх прыказак і прымавак").

З сям'і ляснога вартаўніка. Вызненскае народнае вучылішча (1880), Нясвіжская настаўніцкая семінарыя (1884), Пецярбургскі археалагічны інстытут (1904). Супрацоўнік этнаграфічнага аддзела Рускага музея (1906-1930). Правадзейны член Інстытута беларускай культуры.

Настаўнічаў у Слуцкім і Мазырскім паветах (1884-1893). Праводзіў этнаграфічныя экспедыцыі, у Слуцкім і Мазырскім паветах, даследаваў палескую частку Беларусі па левых прытоках Прыпяці (1906). Наватар беларускай этнаграфічнай навукі і фалькларыстыкі; адзін з першых сярод фалькларыстаў звярнуў увагу на казачнікаў. Сваёй працай паказаў наяўнасць глыбокага філасофскага мыслення ў беларускай народнай прозе. Этнаграфічная экспедыцыя ў Пермскую губерню (верасень 1920). Этнаграфічныя паездкі па Беларусі, па Смаленскай і Пскоўскай абласцях (1923-1927).

Удзельнік Беларускай акадэмічнай канферэнцыі (1926). Прапагандыст беларускай культуры, складальнік вопісаў беларускай калекцыі, скіраванай на міжнародную выстаўку ў Ліверпулі (1939).

Вікіпедыя.


Моўныя практыкі жыхароў Беларусі

Беларусам ўсё цяжэй даказваць, асабліва прадстаўнікам замежжа, пра існаванне ў самой прыродзе беларускага этнасу. Усе, хто наведваецца ў Беларусь, рэдка чуюць беларускую мову і ў грамадскім жыцці, і ў міжасабовых стасунках паміж людзьмі. Пытанне пра мову у любы гістарычны перыяд займае асаблівае месца ва ўсіх важнейшых сферах грамадства. Нашы продкі словом "мова", "язык" называлі народ, тым самым падкрэсліваючы, што асноўнай прыметай любога народа з'яўляецца яго мова, дзякуючы якой народ і ўспрымаецца як асобная самабытная гістарычная цэласнасць. Нацыянальная мова дапамагае не толькі асэнсоўваць сябе як грамадскасць, але і разумець сваё мінулае, свае ўзаемаадносіны з іншымі народамі. На працягу стагоддзяў, з пакалення ў пакаленне непаўторныя прыкметы замацоўваюцца ў жыцці народа ў выглядзе традыцый, асаблівасцей народа, як гістарычна складзенай супольнасці людзей. Гэтыя асаблівасці, традыцыі знаходзяць сваё адлюстраванне ў мове, таму што без мовы няма глыбокіх чалавечых камунікацый, абмену думкамі, немагчыма і само грамадства.

Чаму так здарылася, што беларуская мова і культура выглядае толькі як сялянская, фальклорная, а не змяшчае ў сваёй аснове здабыткі шляхецкай культуры ВКЛ і Рэчы Паспалітай? У 2001 годзе, падчас сваёй навуковай стажыроўкі ў Варшаўскім універсітэце, працуючы над гэтым пытаннем, я прыйшла да высновы, што значныя страты беларускай мове і культуры нанеслі масавыя рэпрэсіі да ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гг. Гэтыя расправы выключылі з жыцця краіны не толькі тых, хто сапраўды лічыў сябе палякам, але і тых, хто ўжо быў, як К. Каліноўскі, альбо потым мог стаць творцам новай беларускай культуры. І самі паўстанні, і рэпрэсіі пасля іх затармазілі працэс фармавання беларускай нацыі. Хаця да сярэдзіны 1850-х гг. У Беларусі склалася сітуацыя своеасаблівага парытэту дзвюх супрацьлеглых сіл. З аднаго боку - дзяржаўная ўлада і руская культура, якія мелі ў саюзніках царкву, школу, частку праваслаўнага насельніцтва, асабліва на ўсходзе Беларусі. З другога боку - польская культура і польскі нацыянальна-вызвольны рух, якія мелі дастаткова моцныя пазіцыі дзякуючы касцёлу, сям'і, якая захавала гістарычную памяць і мову, часткова - літаратуру і тэатр.

Своеасаблівасць сітуацыі, якая склалася на беларускіх землях, заключалася ў тым, што польскае ўздзеянне было значна аслаблена, а рускае толькі набірала сілу. Узнікла ніша, што давала магчымасць прабіцца першым парасткам беларускай культуры, давала імпульс для развіцця беларускага этнасу, для зараджэння беларускага адраджэнцкага руху. Менавіта на 1840-я гады прыпадае першая хваля беларускага нацыянальнага адраджэння. У гэты перыяд выходзяць першыя друкаваныя творы на беларускай мове, узнікаюць праекты выдання беларускіх часопісаў, дзейнічае першая тэатральная трупа; пачынаецца вывучэнне беларускага фальклору.

У гэтых умовах сфармавалася пакаленне, якое выйшла на палітычную арэну ў пачатку 1860-х гг. Беларускі этнас, які знаходзіўся на стыку дзвюх магутных культур, непазбежна аказваўся ўцягнутым у канфлікты, якія ўзнікалі паміж Польшай і Расіяй. Катастрафічнай з'явай для беларускага этнасу з'явіўся адрыў ад яго ў палітычным, культурным і этнічным аспектах інтэлектуальнай эліты, якую складала ў XVIII-XIX стст. шляхта. Успрыняўшы польскія культурныя традыцыі, мову, з'яўляючыся пераважна католікамі, беларуская шляхта не магла не быць удзельніцай польскага нацыянальна-вызвольнага руху і не магла не падзяліць лёс карэнных палякаў. Удзел беларускай шляхты ў паўстанні, асноўнай мэтай якога была барацьба за незалежнасць суседняга польскага народа, спрыяў умацаванню ў яе ўяўленні сваёй тоеснасці з карэннымі палякамі. Гэта давала магчымасць і палякам успрымаць беларускую эліту не як прадстаўнікоў суседняга народа, а як суайчыннікаў. Яны не хацелі заўважаць нацыянальныя асаблівасці вызвольнага руху ў Беларусі.

Удзел беларускай шляхты у польскім нацыянальна-вызвольным руху з'явіўся так-сама асноўнай прычынай уяўлення пра яе як пра палякаў і ў большасці расіян. Успрымаючы беларускую шляхту як людзей прышлых на беларускія землі, расійскія ўлады замацоўвалі яе адрыў ад мясцовага насельніцтва. Расправіўшыся з удзельнікамі паўстанняў, царызм знішчыў не толькі носьбітаў польскай культуры, але і магчымых дзеячаў беларускага нацыянальнага адраджэння. Далейшае развіццё беларуска-ліцвінскай традыцыі, якая ўвасабляла фактычна беларускую і літоўскую плыні, магло б пры спрыяльных умовах прывесці да складвання зусім іншага зместу сучаснай беларускай культуры. Яна, безумоўна, магла б увасобіць лепшыя здабыткі шляхецкай культуры ВКЛ, а не выглядаць толькі фальклорнай.

Сучасную моўную сітуацыю мае сэнс разглядаць з канца 1980-х гг., калі пачалося другое беларускае адраджэнне. Пачалі праводзіцца сацыялагічныя даследванні на тэму беларускай мовы і культуры, узніклі грамадскія арганізацыі, прымаліся законы. Так, 26.01. 1990 г. быў прыняты закон "Аб мовах у Беларускай ССР", які надаваў беларускай мове статус дзяржаўнай. І ўжо ў верасні 1990 г. Савет Міністраў БССР прыняў дзяржаўную праграму развіцця беларускай мовы. Многім тады здавалася, што яшчэ трошкі часу - і сітуацыя з беларускай мовай карэнным чынам памяняецца: людзі пачнуць размаўляць па-беларуску, дзеці пойдуць у беларускія школы, беларуская мова стане функцыянальнай, якой і павінна быць дзяржаўная мова, родная для больш, чым трох чвэрцей насельніцтва Беларусі. А руская мова будзе адной з моў міжнацыянальных камунікацый і знешняй палітыкі. Вярхоўным Саветам было прадугледжана паступовае (на працягу 10 год) увядзенне ў дзеянне Закона аб мовах. Аднак рэалізацыя Закона набыла характар паспешнасці, выклікала мноства скаргаў з боку бацькоў. Напрыклад, у 1991-94 гг. прымаліся пастановы накшталт: "Усе ВНУ рэспублікі у 1993-94 вучэбным годзе павінны здзяйсняць выкладанне на 1 курсе на беларускай мове" . Аднак рэалізаваць іх не ўдалося. Сацыялагічныя даследванні, праведзеныя ў 1993 годзе, паказалі, што людзей не зусім задавальняла існаванне адзінай дзяржаўнай мовы. І пасля таго, як пытанне аб мовах было вынесена ў 1995 годзе на усенародны рэферэндум, на пытанне "Ці згодны Вы з наданнем рускай мове роўнага статусу з беларускай?" 83,3% прыняўшых удзел у галасаванні адказалі "Так", і толькі 12,7% адказалі "Не". Пасля рэферэндуму фарсіраваны пераход на беларускую мову закончыўся і пачаўся процілеглы працэс.

У лютым 1999 года ў Беларусі прайшоў чарговы перапіс насельніцтва. У перапісныя лісты разам з пытаннем "Якой мовай Вы карыстаецеся дома?" было занесена пытанне "Назавіце сваю родную мову". 7 млн чалавек назвалі беларускую мову роднай, з іх 3683 тыс. чал. (37%) карысталіся ёю ў паўсядзённым жыцці. Згодна дадзеным, прадстаўленым у афіцыйнай справаздачы, дома размаўлялі на беларускай мове - 37% (92% з іх складалі беларусы). На рускай мове размаўлялі дома 6308 тыс. чалавек (63%) ад агульнай колькасці насельніцтва. З іх 4783 тыс. чалавек - беларусы. Сярод беларусаў доля выкарыстоўваўшых рускую мову у штодзённым жыцці складала 59%. Параўнальны аналіз апошніх перапісаў насельніцтва сведчыць аб пашырэнні камунікатыўнай распаўсюджанасці рускай мовы. Перапіс 2009 года паказаў, што ў якасці роднай беларускую мову выбрала ужо каля паловы насельніцтва, а ў камунікатыўных практыках людзі выкарыстоўваюць часцей рускую мову (табл. 1).

Прааналізуем далей дадзеныя сацыялагічнага даследвання, праведзеныя Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі ў 2011 г. адносна асаблівасцей моўных практык жыхароў Беларусі (выбарка 2219 чалавек). Па выніках даследвання ў якасці роднай выбралі беларускую мову 48,8% апытаных; 58,5% - рускую мову (табл. 2).

Як сведчаць атрыманыя дадзеныя, лічбы сацыялагічнага даследвання і статыстычных дадзеных розняцца. Гэта тлумачыцца па-першае - адсутнасцю удакладнення паняцця "родная мова", па-другое, прадстаўлення рэспандэнту магчымасці выбраць некалькі варыянтаў адказу на пытанне. Гэта было зроблена мэтанакіравана, таму што ва ўмовах афіцыйнага двухмоўя жыхар Беларусі мае права выбіраць болей, чым адну мову ў якасці роднай.

Разгледзім сацыяльна-дэмаграфічныя характарыстыкі рэспандэнтаў. Так, выбар роднай мовы істотна адрозніваецца ў залежнасці ад узросту рэспандэнтаў (мал. 1).

Разгледзім сацыяльна-дэмаграфічныя характарыстыкі рэспандэнтаў. Так, выбар роднай мовы істотна адрозніваецца ў залежнасці ад узросту рэспандэнтаў (мал. 1).

Атрыманыя ў ходзе даследвання дадзеныя сведчаць аб тым, што выбраўшыя рускую мову ў якасці роднай з'яўляюцца больш маладой кагортай у параўнанні з выбраўшымі беларускую мову.

Паспрабуем далей прааналізаваць сувязь паміж выбарам функцыянальна першай мовы і яе выкарыстаннем у іншых камунікатыўных практыках (мал. 2 і мал. 3).

Дадзеныя, атрыманыя ў ходзе сацыялагічнага даследвання, сведчаць аб тым, што чым вышэй сацыяльная нармаванасць камунікатыўнай сітуацыі, тым меней выкарыстоўваецца беларуская мова Так, сярод тых, хто думае на беларускай мове, 82,2% выкарыстоўваюць яе дома, у сям'і. Аднак з пашырэннем сацыяльнага кола гэты працэнт змяншаецца. Сярод тых, хто думае на рускай мове такой асаблівасці не назіраецца.

Такім чынам, на аснове аналізу сацыялагічных і статыстычных дадзеных можна выдзеліць наступныя асаблівасці моўнай сітуацыі ў Беларусі:

1. Параўнальны аналіз апошніх перапісаў насельніцтва сведчыць аб пашырэнні камунікатыўнай распаўсюджанасці рускай мовы.

2. Існуе несупадзенне паміж выбарам беларускай мовы і рэальным яе выкарыстаннем. Так, сярод выбраўшых роднай беларускую мову, толькі 5,9% выкарыстоўваюць яе ва ўсіх прапанаваных інструментарыем сітуацыях.

3. Чым шырэйшае сацыяльнае кола, тым у меншай ступені выкарыстоўваецца беларуская мова.

Як бачна, патрэбны пэўная намаганні грамадства для таго, каб беларуская нацыя прадоўжыла свае фармаванне. Для падтрымання беларускай мовы неабходна разгарнуцць глыбока прадуманую тлумачальна-асветніцкую работу, найперш у сродках масавай інфармацыі пра надзвычайную патрэбу менавіта моўнага адраджэння беларускай нацыі як найвялікшага фактару этнакультарнай адметнасці, каб не даць ёй знікнуць як асобнаму этнасу. Моладзі неабходна выкарыстоўваць беларускую мову як мага часцей: у размовах з сябрамі, знаёмымі, падчас наведвання сусветнага сеціва выбіраць беларускі інтэрфэйс. Неабходна больш практычна ставіцца да беларускай мовы, каб яна ўвайшла ў штодзённае жыццё беларусаў.

І хаця некаторыя прадстаўнікі сучаснай польскай сацыялагічнай думкі лічаць, што час для фармавання нацыі ў беларусаў ужо ўпушчаны, на маю думку, беларускі народ будзе сфармаваны як нацыя, толькі пройдзе некалькі дзесяцігоддзяў.

Л.І. Падгайская , г. Менск, БДЭУ.

Прозвішчы Беларусі: найменні знакамітых людзей

(Паводле матэрыялаў "Нашага слова")

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Кірэеў (Антось К.) - форма прыметніка з суфіксам -эў ад Кірэй (Кірэй-эў) і семантыкай 'нашчадак'. ФП: Кірэй (імя) - Кірэй (прозвішча) - Кірэеў .

Кішкурна (Уладзімір К.) - відаць, змененая форма - першасная Кішкурына - прыметнік з фармантам -ына ад антрапоніма Кішкур і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Кішкур-ына . ФП: кішкі ('мязга - мяккая частка дрэва, што знаходзіцца паміж карой і драўнінай'; а таксама 'маса, якая атрымліваецца пасля расцірання чаго-небудзь') - кішкур ('той, хто мае дачыненне да кішак') - Кішкур (мянушка, потым прозвішча) - Кішку-рына - Кішкурна . Параўн. Коўш - Каўшур .

Кіенка (Генадзь К.) - дэрыват з фармантам -енка ад антрапоніма Кій і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Кій-енка . ФП: кій ('простая тонкая палка', 'палка для апоры пры хадзьбе', 'тонкая доўгая палка з патанчэннем на канцы для гульні ў більярд') - Кій (мянушка, потым прозвішча) - Кіеня (нашчадак Кія ) - Кіенка .

Клікун (Таццяна К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва клікун 'адзін з відаў лебядзяў'. ФП: клікаць - клікун - Клікун .

Клімавец (Яўгенія К.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -ец ад Кімавічы з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Кліма-в(іч)-ец . Параўн. Валькевічы - Вальковец. Пінскавічы - Пін-скавец.

Клімовіч (Наталля К.) - форма бацькаймення з акцэнтаваным фармантам -овіч ад антрапоніма Клім і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Клім-овіч . ФП: Клім (імя) - Клімавы (сын) - Клімавіч - Клімовіч .

Клімуць (Яраслаў К.) - дэрыват з фармантам -уць ад антрапоніма Клім і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Клім-уць . Параўн. Карпуць ( Карп ).

Клімчык (Генадзь К.) - дэрыват з фармантам -чык ад антрапоніма Клім і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Клім-чык . Параўн. Адамчык .

Кляшчонак (Алена К.) - дэрыват з суфіксам -онак ад антрапоніма Клешч і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Клешч-онак - Кляшчонак . ФП: клешч ('невялікая членістаногая жывёліна класа павукападобных, якая паразітуе на целе чалавека, жывёлы, а такса-ма на раслінах') - Клешч (мянушка, потым прозвішча) - Кля-шчонак .

Князева (Часлава К.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ева ад антрапоніма Князь і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Княз-ева . ФП: князь ('правадыр войска і правіцель вобласці ў феадальнай Русі', 'тытул' і 'асоба, якая мела гэты тытул') - Князь (мянушка) - Князь (прозвішча) - Князева .

Кожан (Клімент К.) - тое, што і кажан , толькі расійскай арфаграфіяй.

Козіч (Ганна К.) - дэрыват з фармантам -іч і семантыкай 'бацькайменне' ад Коза : Коз-іч . ФП: каза ('невялікая парнакапытная жвачная жывёліна (свойская і дзікая) сямейства пустарогіх; самка казла') - Каза (мянушка і потым прозвішча) - Коза (для адмежавання ад апелятыва) - Козіч .

Конік (Юлія К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва конік 'насякомае, якое скача і стракоча крыламі', а так-сама 'птушка сямейства сітаўкавых', 'невялікі конь' і 'дзіцячая цацка і гульня'.

Конічава (Галіна К.) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ав-а ад антрапоніма Конічаў і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Коніч-ава . ФП: конь ('буйная свойская аднакапытная жывёліна, якая выкарыстоўваецца для перавозу людзей і грузаў, а таксама для верхавой язды?, а таксама 'шахматная фігура з галавой каня' і 'гімнастычнае прыстасаванне') - Конь (мянушка, потым прозвішча) - Коніч (форма бацькаймення з -іч ад Конь ) - Конічава .

Конюх (Віктар К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва конюх 'даглядчык коней'.

Косцікаў (Ян К.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Косцік і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Косцік-аў . ФП: Канстанцін - Косця - Косцік - Косцікаў.

Кошкіна (Людміла К.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -іна ад антрапоніма Кошка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Кошк-іна . ФП: кошка ('самка ката або жывёліна з сямейства кашачых (леў, тыгар, барс)') - Кошка (мянушка, потым прозвішча) - Кошкіна .

Краснабаеў (Артур К.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -еў ад антрапоніма Краснабай і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Краснабай-еў (-эў) . Утваральнае слова ад апелятыва (рас.) краснобай 'гаварун, балака'.

Краснасельскі (Віктар К.) - адтапанімічны дэрыват ад Краснае Сяло (Ваўк. р-н) з фармантам -скі : Краснасель-скі . Такую структуру і найменне мае мястэчка (гар. пасёлак) у Ваўкавыскім раёне (з 1958 года, да гэтага Краснае Сяло - археалагічны помнік, старажытныя шахты па здабычы крэменю эпохі неаліту і бронзавага веку).

Краснеўскі (Віталь К., Сяргей К.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -еўскі ад Краснае (вёска ў шэрагу раёнаў Беларусі) - Красн-еўскі з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча'.

Краснік (Вольга К.) - дэрыват з фармантам -ік ад антрапоніма Красны і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Красн-ік . Параўн. Бел-ік, Хвор-ык, Худ-ык.

Красніцкі (Віктар К.) - дэрыват з фармантам -цкі (-скі) ад антрапоніма Краснік і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Краснік-скі = Крас-ніцкі .

Красоцкі (Ян К.) - дэрыват з фармантам -скі ад антрапоніма Красота з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Красот-скі = Красоцкі .

Красюк (Фёдар К.) - дэрыват з фармантам -юк ад антрапоніма Краса і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Крас-юк . ФП: краса ('хараство, прыгажосць') - Краса (празванне, потым прозвішча) - Красюк .

Краўчанка (Сяргей К.) - дэрыват з фармантам -анка (-енка) ад антрапоніма Кравец і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Кравец (Р. скл. Краўца ) + енка - Краўченка ( ц/ч ) - Краўчанка .

Краўчук (Маргарыта К.) - дэрыват з фармантам -ук ад антрапоніма Кравец і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Кравец (Р. скл. Краўца ) + ук - Краўчук (чарг. ц/ч ).

Крывальцэвіч (Мікалай К.) - форма бацькаймення з фармантам -эвіч ад антрапоніма Крывалец і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Крывальц-эвіч . ФП: Крывалі (вёска з насельнікамі Крываль ) - Крывалец ('жыхар названага паселішча') - Крывальцэвіч .

Крываногава (Святлана К.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Крываног (і) і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Крываног-ава .

Крыванос (Алеся К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва крыванос 'пра чалавека з крывым носам'.

Крывапуск (Дзмітры К.) - семантычны дэрыват ад крывапуск ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. А. Піскунова (2012, с. 454) 'той, хто пускае кроў'.

Крываручанка (Ігар К.) - дэрыват з фармантам - анка ад антрапоніма Крыварукі з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Крыварук-енка - Крываручанка .

Крывашэеў (Зміцер К.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -еў(-эў) ад антрапоніма Крывашэй і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Крывашэй-еў ; Крыва-шэй - ад апелятыва крывашэй 'пра чалавека з крывой шыяй'.

Крывёнак (Міхаіл К.) - дэрыват з фармантам -ёнак ад антрапоніма Крывы з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Крыв-ёнак . ФП: крывы (апелятыў) - Крывы (мянушка, потым прозвішча) - Крывёнак .

Кудлацкая (Валянціна К.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -цкая (-ская) ад Кудлачы з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Кудлач-ская - Кудлац-кая .

Кузікевіч (Уладзімір К.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Кузік і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Кузік-евіч . ФП: Кузьма (імя) - Кузя - Кузік - Кузікевіч.

Кузьмянкова (Наталія К.) - форма прыметніка з фармантам -ова ад антрапоніма Кузьмянок і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Кузь-мянк-ова . ФП: Кузьма (імя) - Кузьмянок - Кузьмянкова .

Кукуль (Алена К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва кукуль - фанетычнага варыянта ад куколь 'травяністая расліна сямейства гваздзіковых - пустазелле з цёмна-ружовымі кветкамі і ядавітым насеннем'.

Кулік (Анатоль К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва кулік 'невялікая балотная птушка з доўгімі нагамі і доўгай дзюбай'.

Кульбіцкі (Пятро К.) - дэрыват з прэстыжным фармантам -скі ад антрапоніма Кульбік і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Кульбік-скі - Кульбіцкі . ФП: кульба ('кій з загнутай ручкай'; перан. 'кульгавы, непаваротлівы') - Кульба (мянушка, потым прозвішча) - Кульбік - Кульбіцкі .

Куніцкі (Алег К.) - дэрыват з фармантам -цкі (-скі) ад антрапоніма Куніца і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Куніц-скі - Куніцкі . ФП: куніца ('невялікі драпежны звярок сямейства куніцавых з каштоўным футрам, а таксама футра гэтага звярка') - Куніца (мянушка) - Куніца - Куніцкі . Або дэрыват ад тапоніма Куні-цы : Куніц-скі - Куніцкі .

Курбановіч (Сяргей К.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Курбан і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Курбан-овіч . Утваральнае слова, відаць, ад Курбан - байрам 'свята ў му-сульман' ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф.А. Піскунова (2012, с. 462).

Курыленка (Юлія К.) - дэрыват з фармантам -енка ад антрапоніма Курыла з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Курыл-енка . ФП: Кірыла (імя) - Курыла - Курыленка .

Кухаронак (Аляксей К.) - дэрыват з фармантам - онак ад антрапоніма Кухар з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Кухар-онак . ФП: кухар ('той, хто гатуе стравы; повар') - Кухар (мянушка, потым прозвішча) - Кухаронак . Прозвішча магло ўзнікнуць і непасрэдна ад апелятыва кухаронак 'памочнік кухара', 'малады кухар'.

Кучаравенка (Паліна К.) - дэрыват з фармантам - енка ад антрапоніма Кучаравы з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Кучарав-енка . ФП: кучары ('кучаравыя або завітыя валасы') - кучар а вы ('асоба з кучарамі') - Кучаравы (мянушка, потым прозвішча) - Кучаравенка . Прозвішча магло ўзнікнуць і ад апелятыва-прыметніка кароткай формы куча-равенка(я) , якім часта карысталася асоба і якое набыло ролю мянушкі ( кучаравенка - Кучаравенка ).

Кучынскі (Віталь К.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -скі ад Кучына з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Кучын-скі . ФП: к у ча і к у чына ('крушня - куча камення і камяністы ўчастак поля') - К у чына ('паселішча') - Куч ы нск і.

Лабад а (Анастасія Л.) - семантычны дэрыват ад апелятыва лабада - фанет. варыянта ад лебяда 'пустазелле з лісцем, якое звычайна пакрыта мучністым налётам' (Слоўнік бел. гав. паўн.-зах. Беларусі, Т. 2, с. 637).

Лабадзенка (Глеб Л.) - дэрыват з фармантам -енка ад антрапоніма Лабада з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Лабадз-енка . ФП: лабада ('лебяда') - Лабада - Лаба-дзенка.

Лабачоў (Яўген Л.) - форма прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Лабач з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Лабач-оў . ФП: лоб ('верхняя частка твару чалавека або морды жывёлы') - ла-бач (пра чалавека з высокім пакатым ілбом) - Лабач (прозвішча) - Лабачоў .

Лабоха (Канстанцін Л.) - семантычны дэрыват ад апелятыва лабоха 'бязрогая карова (лабатая)'.

Лавіцкі (Мікалай Л.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -іцкі ад Лава з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Лав-іцкі . ФП: лава ('вялікі ўчастак поля') - Лава (мясцовасць, паселішча) - Лавіцкі .

Лагодская (Ірына Л.) - дэрыват з фармантам прэстыжнасці (шляхетнасці) -ск-(ая) ад антрапоніма Лагода з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Лагод-ская . ФП: лаго-да ('прыемны спакой, хараство', 'згода, дружба, прыязнасць') - Лагода (мянушка) - Лагода - Лагодская.

Лагун (Віктар Л.) - семантычны дэрыват ад апелятыва лагун 'палеглы лён' ("Слоўнік бел. гав. паўн.-зах. Беларусі", Т. 2, с. 605).

Ладыга (Сяргей Л.) - семантычны дэрыват ад апелятыва ладыга 'сцябло, націна? ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. А. Піскунова 2012, с. 466).

(Працяг у наступным нумары.)

Павел Сцяцко


Сэнс жыцця Аляксандра Каранюка

У пазамінулую суботу ў Бердаўскім цэнтры культуры і вольнага часу (Лідскі раён) адбылося святочнае мерапрыемства, прысвечанае 85-годдзю аднаго са старэйшых і найбольш вядомых жыхароў аграгарадка - Аляксандра Аляксандравіча Каранюка, які сваім жыццём і дзейнасцю ўпісаў адну з яркіх старонак у стваральную гісторыю Лідчыны савецкага часу. Гэты, паважаны ўсімі чалавек - жывая легенда Бердаўкі (яго імя ўжо цяпер, пры яго жыцці, носіць адна з вуліц аграгарадка), Ганаровы грамадзянін Лідскага раёна.

У рамках святочнай праграмы прайшла прэзентацыя аўтабіяграфічнай кнігі Аляксандра Каранюка "Сэнс жыцця". У той жа дзень Аляксандру Аляксандравічу была ўручана Ганаровая грамата раённага Савета дэпутатаў.

Перад пачаткам імпрэзы ля культурнай установы сабралася шмат людзей. Гэта былі аднавяскоўцы, сябры, родныя і блізкія слыннага юбіляра, яго былыя калегі па працы ў сельскай гаспадарцы. Павіншаваць юбіляра прыехалі таксама кіраўнікі раённай улады - старшыня райвыканкама Аляксандр Астроўскі і старшыня раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш. Тут жа была і старшыня Бердаўскага сельскага Савета Галіна Суботка. У парадным гарнітуры, які ўпрыгожвалі шматлікія ордэны і медалі, падыходзіў Аляксандр Аляксандравіч да кожнага, кожнаму паціскаў руку, для кожнага знаходзіў цёплыя прывітальныя словы і, у сваю чаргу, прымаў ад усіх прысутных цёплыя віншаванні з юбілеем. І вось гаспадары культурнай установы, Аляксандр і Інэса Парфенчыкі, гасцінна запрашаюць усіх прайсці ў будынак і падняцца ў канцэртную залу. Тут удзельнікі імпрэзы знаёмяцца з кнігай "Сэнс жыцця", а праз кнігу - нанава "перагортваюць" старонкі жыцця Аляксандра Каранюка.

Напісаць кнігу "пра час і пра сябе" Аляксандр Аляксандравіч цвёрда паабяцаў пяць гадоў назад, у свой папярэдні юбілей. Мэтай стварэння кнігі было пакінуць нашчадкам памяць пра сябе, пра час, на які прыйшоўся доўгі жыццёвы і працоўны шлях, пра людзей, з якімі працаваў разам і чыю падтрымку адчуваў, нарэшце - пра яркую старонку ў гісторыі Бердаўкі, "напісаную" працалюбівымі і неабыякавымі людзьмі. Аўтар кнігі прызнаецца, што, перш чым пачаць работу над ёй, схадзіў у царкву і паспавядаўся (перад тым ён шмат гадоў не быў у споведзі) - і з Божай дапамогай за некалькі год напісаў аб'ёмную і цікавую аўтабіяграфічную працу. У стварэнні кнігі пасадзейнічаў дырэктар Бердаўскай школы Анатоль Крупа. Кніга "Сэнс жыцця" прысвечана памяці дзеда Аляксандра Каранюка - Васіля Вікенцьевіча, чалавека працалюбівага і мудрага, які ва ўсім стаў прыкладам для ўнука, навучыў яго многім вясковым рамёствам. Гэтая кніга - летапіс роду Каранюкоў ад канца XIX стагоддзя да нашых дзён. У ёй прасочваюцца лёсы родных, блізкіх, аднавяскоўцаў, а праз іх - лёс заходнебеларускай вёскі на працягу больш, чым стогадовага адрэзка часу. Аўтар імкнуўся згадаць усіх, з кім перасякаліся яго жыццёвыя дарогі, з кім разам ствараў "новую" Бердаўку.

Вядоўцы імпрэзы Аляксандр і Інэса Парфенчыкі правялі кароткі экскурс па старонках кнігі і біяграфіі яе аўтара. Найбольш падрабязна яны спыніліся на амаль 30-гадовым перыядзе старшынства Аляксандра Каранюка ў калгасе "Бердаўка" (да 1975 года - "Барацьбіт"), яго плённай дэпутацкай дзейнасці. Увесь гэты перыяд Аляксандр Аляксандравіч самааддана працаваў дзеля высакароднай мэты - зрабіць калгас квітнеючай гаспадаркай, а жыццё яго працаўнікоў - заможным і камфортным. І гэта кіраўніку гаспадаркі ўдалося. Пры Каранюку калгас дасягнуў вялізных поспехаў, была створана добрая вытворчая база, пабудаваны аб'екты сацыяльнага прызначэння. Як кіраўнік гаспадаркі і дэпутат Аляксандр Каранюк клапаціўся не толькі аб хлебе надзённым - не пакідаў ён паза ўвагай культуру, ахову здароўя, навучанне і выхаванне дзяцей, усё, чым жывуць вяскоўцы.

З 1967 года ў так званай новай Бердаўцы пачалося будаўніцтва двухпавярховых чатырохкватэрных жылых дамоў. Пры Аляксандры Аляксандравічы будаваліся адміністрацыйны цэнтр праўлення калгаса, будынак сельскага Савета, гандлёва-сэрвісны цэнтр са сталовай і гасцініцай, лазнева-пральны камбінат, школа, ферма "Філіпкі" і іншыя аб'екты. У дамы бердаўчан прыйшоў газ, а па дарогах пралёг асфальт. У 1986 годзе адчынены новы дзіцячы садок. Не на апошнім месцы для старшыні былі і культурнае жыццё працаўнікоў гаспадаркі, іх вольны час. Менавіта ў "эпоху Каранюка" пачаў сваю дзейнасць народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў, які і цяпер з'яўляецца адной з візітак Бердаўкі. Пры актыўным удзеле Каранюка быў адноўлены мясцовы Дом культуры. Варта так-сама згадаць штучны вадаём, ля якога ў тыя гады размяшчалася цэлая зона адпачынку.

Увогуле, Бердаўка таго часу адпавядала ўсім патрабаванням цяперашніх аграгарадкоў (толькі паняцця такога тады не было). У роднай вёсцы з задавальненнем заставалася жыць мясцовая моладзь. Было шмат ахвотных пераехаць жыць і працаваць у Бердаўку.

- Прытрымліваючыся спрадвечных запаветаў, сапраўдны мужчына павінен пабудаваць дом, пасадзіць сад, - казалі вядоўцы імпрэзы. - Дык вось, герой нашага мерапрыемства выканаў гэтыя запаветы з ліхвой. Ён будаваў дамы, ён садзіў сады… І ўсё гэта не дзеля сябе і не дзеля славы. Ён гэта рабіў для людзей, гэта было сэнсам усяго яго жыцця.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ, г. Ліда.


Справаздачна-выбарная канферэнцыя Менскай гарадской арганізацыі ТБМ

21 чэрвеня ў сядзібе ТБМ (вул. Румянцава, 13) адбудзецца справаздачна-выбарная канферэнцыя Менскай гарадской арганізацыі ТБМ.

Пачатак рэгістрацыі - 9.30.

Пачатак канферэнцыі - 10.00.

Парадак дня:

1. Справаздача старшыні.

2. Даклад рэвізійнай камісіі.

3. Выбары старшыні і новага складу Рады.

4. Рознае.

Дэлегаты вылучаюцца раённымі арганізацыямі згодна з рашэннем Рады.


ДЗЕНЬ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ПАМЯЦІ Ў ЛІДЗЕ

У гадавіну гібелі Юльяна Саковіча, Леаніда Маракова і Валянціна Ваўчка на іх магіле была адпраўлена заўпакойная ліція. Ліцію адпраўлялі лідскія святары Ўладзімір Камінскі і Аляксей Глінскі. Акрамя забітых у гэты дзень дзеячоў святары ўспамянулі звязаных з Лідчынай Кіпрыяна Кандратовіча і Пятра Бітэля, а таксама іншых выбітных праваслаўных беларусаў: князёў Астрожскіх, Максіма Багдановіча, Канстанціна Міцкевіча (Якуба Коласа), Васіля Быкава і Генадзя Бураўкіна.

Ліція па добрай традыцыі адпраўляецца ў гэты дзень выключна на беларускай мове.

На набажэнстве прысутнічалі сябры ТБМ і іншых грамадскіх арганізацый з Ліды і Бярозаўкі.

Наш кар. Здымкі Г. Бурачэўскай.


Гарадзенскія абласная і гарадская справаздачна-выбарныя канферэнцыі ТБМ

У нядзелю, 15 чэрвеня ў Гародні адбыліся гарадзенскія абласная і гарадская справаздачна-выбарныя канферэнцыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".

Былі заслуханы справаздачныя даклады старшынь Гарадзенскай абласной арганізацыі А. Кроя і Гарадзенскай гарадской арганізацыі А. Пяткевіча, а таксама старшынь рэвізійных камісій за мінулы перыяд.

Асноўны кірунак дзейнасці таварыства зараз - гэта змаганне за беларускае навучанне, кажа Алесь Крой.

- Кожны год, а гэта ўжо фактычна 4 гады і 2 месяцы, мы аддаём менавіта гэтай працы. Яна вельмі цяжкая, таму што знайсці людзей, якія могуць выступаць перад аўдыторыяй, не проста, па розных прычынах. Дзякуй таму, хто адгукаецца і ўдзельнічае. Бо ў нас больш за 30 школ. І гэта дае хоць пакрысе, але невялічкія вынікі.

Была абмеркавана моўная сітуацыя ў горадзе і вобласці. Выступілі цікавыя людзі, якія робяць усё магчымае для паляпшэння гэтай сітуацыі.

Сярод пунктаў рашэння - пастанова аб юрыдычнай рэгістрацыі Скідзельскай гарадской арганізацыі ТБМ.

Былі абраныя старшыні, рады і рэвізійныя камісіі арганізацый на новы адрэзак часу. Старшынём Гарадзенскай абласной рады зноў абраны Аляксандр Крой . У абласную раду абраны:

1. Крой А.І.

2. Суднік С.В.

3. Пяткевіч А.М.

4. Місцюкевіч А.І.

5. Кісель Н.А.

6. Савянкова Т.А.

7. Карнялюк В.Р.

8. Буднік І.Ф.

9. Тарасава С.М.

У склад рэвізійнай камісіі Гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ абраны:

1. Жукевіч М.І.

2. Кануннікава Н.П.

3. Шаставіцкая Н.С.

Старшынём Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ на новы тэрмін абраны Аляксей Пяткевіч . У гарадскую раду абраны:

1. Пяткевіч А.М.

2. Парфененка В.В.

3. Кануннікава Н.П.

4. Тарасава С.М.

5. Сухоцкі І.А.

У рэвізійную камісію Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ абраны:

1. Хільмановіч У.У.

2. Амялішка М.В.

3. Капіца Г.В.

Былі абраны дэлегаты на чарговы з'езд ТБМ, а так-сама выказаны рэкамендацыі па кандыдатурах у склад рэспубліканскай Рады ТБМ імя Ф. Скарыны ад Гарадзеншчыны.

Праца працягваецца.

Наш кар.


Можа, з футболам будзе лепей?

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Ф. Скарыны" Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

Мы шчыра ўдзячны Вам за праяўленую цікавасць да тэлевізійных трансляцый і аналітычных спартыўных праграм з хакейнага першынства свету, якія выходзяць у эфір на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі.

Аднак дазвольце нагадаць, што ў адпаведнасці з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі ў нашай краіне з'яўляюцца беларуская і руская мовы. Таму мы даём нашым тэлекаментатарам поўную свабоду выбару, на якой мове ім весці свае рэпартажы і аналітычныя праграмы.

На жаль, павінны з Вамі пагадзіцца, што сёння беларуская мова займае зусім не тое месца ў нашым паўсядзённым жыцці, якога яна заслугоўвае. Аднак пачынаць змены да лепшага ў гэтым накірунку патрэбна не з тэлебачання, а са школы, з пачатковай адукацыі.

У той жа час, хацелі б адзначыць, што пэўная колькасць спартыўных праграмм выходзіць у эфір менавіта на беларускай мове. Па-першае, гэта "Відэажурнал Лігі чэмпіенаў УЕФА" і некаторыя выпускі "Агляд тура Англійскай футбольнай лігі", каментатарам якіх з'яўляецца Павел Баранаў. Таксама на беларускай мове свае рэпартажы вядзе каментатар Дзмітрый Герчыкаў. Родную мову Вы можаце пачуць і ў спартыўных навінах.

Вельмі спадзяёмся, што ў хуткім часе колькасць спартыўных праграм на беларускай мове ў эфіры нашых тэлеканалаў павялічыцца.

З павагай, Генеральны прадзюсер С.Р. Булацкі.


Ушанаванне памяці Міхала Валовіча

У нядзелю, 15 чэрвеня, у вёсцы Парэчча Слонімскага раёна адбылося ўшанаванне аднаго з кіраўнікоў паўстання 1930-1831 гадоў супраць Расійскай імперыі Міхала Валовіча і яго 12 паплечнікаў.

За суткі да гэтага мерапрыемства супрацоўнікі Слонімскага РАУС наведалі кватэры некалькіх сяброў Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл і папярэдзілі, што гэта мерапрыемства несанкцыянаванае. У прыватнасці, супрацоўнікі міліцыі пабывалі ў суботу, 14 чэрвеня, на кватэрах Івана Шэгі, Івана Бедкі і Алеся Масюка. Атрымліваецца, каб на могілках наведаць магілы памерлых продкаў і ўскласці кветкі, трэба браць дазвол у райвыканкаме, бо гэта, маўляў, масавае мерапрыемства.

Тым не менш, па дазвол на ўшававанне Міхала Валовіча ў Слонімскі райвыканкам ніхто не звяртаўся. І ў нядзелю традыцыйна ўсе сабраліся каля памятнага крыжа ў гонар паўстанцам, які знаходзіцца на Парэцкіх могілках. Акрамя слонімцаў у Парэчча завіталі сябры з Гомеля, Менска, Ліды, Дзятлава.

Мерапрыемства адкрыў кіраўнік слонімскай суполкі БХД Іван Бедка. Пасля выступіў літаратар, гісторык і краязнавец са Слоніма Сяргей Чыгрын, які распавёў пра змагарны шлях Міхала Валовіча і яго паплечнікаў. Пра Міхала Валовіча і пра няпросты сённяшні час на Беларусі ў сваіх выступленнях казалі першы намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім, былы педагог з Дзятлава Валер Петрыкевіч, прамаўлялі і спявалі патрыятычныя песні беларускія барды Андрэй Мельнікаў з Гомеля і Зміцер Бартосік з Менска…

Памяць пра аднаго з нацыянальных герояў на Беларусі жыве і будзе жыць заўсёды.

Барыс Баль. Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.


Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства, "Наша слова"!

Шаноўныя сябры, заканчываецца падпіска на другое паўгоддзе 2014 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 68. Цана змянілася нязначна. У 2014 годзе мы працягваем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні нашых чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.


Маральны выбар герояў Васіля Быкава

Васіль Быкаў па праву лічыцца выдатным беларукім пісьменнікам. А шлях да гэтага прызнання не быў вельмі лёгкім. У абдымках лёсу пісьменніку ніколі не было ўтульна. Пераадолець цяжкасці, якія чыніліся савецкай ідэалагічнай сістэмай, вытрымаць знішчальную крытыку і прайсці выпрабаванне сумленнем было дадзена не кожнаму. Васіль Быкаў заўсёды заставаўся верным праўдзе жыцця, рашуча не прымаў аніякіх масак, за якімі іншыя спрабавалі схаваць сваё сапраўднае аблічча.

Васіль Быкаў прыйшоў у літаратуру, адчуваючы сябе абавязаным расказаць пра тое, "як нялёгка давалася яна нам - наша перамога", якія гераічныя намаганні мільёнаў людзей спатрэбіліся для таго, каб здабыць яе ў агні зацятых бітваў. І само гэта адчуванне - праўдзівасць у паказе вайны - мае вельмі вялікае значэнне, і звязана гэта з тым, што Васіль Быкаў сапраўды пісаў ад імя пакалення сваіх равеснікаў і ўвогуле франтавікоў, не толькі тых, хто застаўся жывым, але і тых, хто аддаў сваё жыццё дзеля перамогі над фашызмам.

Пісьменнік свята захоўвае вернасць франтавому братэрству воінаў Вялікай Айчыннай, змацаванаму агульнымі пакутамі, пралітай крывёй і здабытай перамогай. Гэтая вернасць клікала мастака зноў і зноў напамінаць сабе і іншым: паказаць праўду вайны"без падфарбоўвання - такой, якая яна ёсць."

Трагічнае бачанне вайны ў прозе Васіля Быкава выяўлена надзвычай моцна, ярка, мэтанакіравана і больш паслядоўна, чым у любога іншага з нашых пісьменнікаў. Але ён адмаўляўся ад паказу гераізму ўсяго народа, яго самаахвярнасці ў барацьбе з нямецкім фашызмам у цэлым. Яго невялікія аповесці з абмежаваным падзейным і прасторава-часавым абсягам і нешматлікімі ў кожным творы героямі маюць вялікае псіхалагічнае значэнне. Яны праўдзіва, без прыгладжвання і спрошчанасці паказваюць чалавека на вайне у глыбіннай сутнасці асобы. З вялікай павагай пісаў Васіль Быкаў пра людзей, якія вынеслі асноўны цяжар вайны, сярод іх ён шукаў і знаходзіў сваіх герояў.

Сюжэтную аснову аповесці "Жураўліны крык" складае гісторыя пра тое, як шасцёра чырвонаармейцаў восенню 1941 года крыху няпоўныя суткі абаранялі "звычайны чыгуначны пераезд". Праўда, гэта своеасаблівыя суткі - на працягу іх загінуць усе героі твора.

Пераканальна паказвае пісьменнік і тое, як нялёгка яго героі, звычайныя шараговыя ўдзельнікі вайны, прывыкаюць да ваенных нягод, як гэтыя людзі, адарваныя ад любімага занятку, ад звыклых жыццёвых умоў, ператвараюцца ў байцоў, здольных у крытычную хвіліну смяртэльнай барацьбы з ворагам ахвяраваць сабой. Кожнага героя гэтай аповесці чакаў свой лёс. І выглядаюць яны таксама вельмі звычайна, зусім негераічна, а то і ніякавата, як трыццацігадовы кандыдат мастацтвазнаўства з Ленінграда Барыс Фішар. Пісьменнік не прыўзнімае, не гераізуе знарок Фішара, а наадварот, паказвае яго звычайнасць, нават яго няўменне па-сапраўднаму змагацца з больш хітрым, лепш вывучаным у ваенных адносінах ворагам. Мужна памерці - гэта адзінае, што застаецца Фішару. І ён напружвае ўсю сваю волю, каб апошнім, але затое пэўным стрэлам забіць хоць бы аднаго гітлераўца. І ён дамагаецца свайго - аднаго фашыста знішчае, але гіне і сам.Так сцвярджаецца думка, што на вайне, як і наогул у жыцці, лёгкага геройства не бывае.

Аматарам лёгкіх подзвігаў у "Жураўліным крыку " выступае Алік Аўсееў - распешчаны "матчын сынок", фанабэрысты і самаўпэўнены ў сваім самалюбным перакананні, што ён "куды разумнейшы, чым усе тыя, хто ў гэтым армейскім жыцці быў побач з ім". Жадаючы здзівіць свет, ён і на перадавую ішоў з намерам здзейсніць "які-небудзь геройскі ўчынак". Але там Аўсееў церпіць крах. Пасля першага ж бою, ён стаў клапаціцца адно пра тое, каб "як уцалець" і скончыў прамой здрадай, спробай уцячы з баявых пазіцый, за якую і быў расстраляны. Гэта, вядома, не выпадковасць, а лагічны, заканамерны фінал легкадумнага, павярхоўнага ва ўсім чалавека, які вельмі ж захапляўся сабою, сваімі выдуманымі, уяўнымі талентамі, але ніколі не ўмеў і не хацеў сур'ёзна працаваць, увогуле не жыў, а прыладжваўся да жыцця.

Псіхалагічна больш складаны вобраз другога здрадніка - Івана Пшанічнага. Гэта быў чалавек з неблагімі задаткамі. Але яму нідзе не давалі ходу з-за бацькі - раскулачанага селяніна. І Пшанічны ўрэшце ўзненавідзеў бальшавікоў. Трапіўшы ў пачатку вайны на фронт, ён добраахвотна пайшоў здавацца гітлераўцам, мяркуючы, што пераможцамі будуць яны. А тыя Пшанічнага расстралялі, не пажадаўшы слухаць ніякіх яго тлумачэнняў. Такім сюжэтным паваротам В. Быкаў выразна падкрэслівае, што ён ніяк не апраўдвае здрадніцтва і здраднікаў.

У заключных раздзелах аповесці туга па чалавеку, які павінен загінуць у імя будучай перамогі, дасягае выключнай напружнасці і сілы.

Перад намі самотны, адзінокі Глечык, яшчэ нядаўна маладзенькі, неабстраляны навічок, радавы "са свежымі, сумнымі вачыма". Усяго на некалькі гадзін перажыў ён сваіх таварышаў па зброі. І вось цяпер Глечык чакае свайго "смяротнага часу". Аднак не можа баец ратаваць сваё жыццё, уцякаючы ад ворагаў, бо гэта было б здрадай справе, баявым сябрам, той самай здрадай, за якую ён, некалі нясмелы і зважлівы вясковы хлопец, только што застрэліў Аўсеева. Забыўшыся на страх і асцярогу, салдат пачынае ладзіць зброю для апошняй сустрэчы з фашыстамі. І тады ў паднябессі ён заўважыў жураўліны вырай і воддаль ад яго адзінокага жураўка, які падаваў "роспачна-абрывісты гук, поўны трывогі, просьбы і безнадзейнага журботнага клічу". Ад жахлівае роспачы птушкі нясцерпнай самотай захлынула хлапечае сэрца. Але і цяпер Глечык, не ў прыклад Аўсееву, не пахіснуўся, не кінуўся наўцёкі. Ён "схапіў адзіную сваю гранату, прыціснуўся спіной да дрыготкай сцяны траншэі і чакаў. Ён разумеў, што гэта канец, і з усяе сілы зацяў у сабе нясцерпную журботу душы, у якой вялікаю прагай да жыцця ўсё біўся далёкі прызыўны жураўліны крык.

Таленавітай рукой майстра Васіль Быкаў прыцягнуў нябачны, але жывы ланцужок ад жураўлінай чародкі да трапяткой чалавечай душы - і мы скалануліся ад Глечыкавага болю, ад яго тугі па жыццю. Салдацкая мужнасць, якая адрознівае гэтага хлопца ад Аўсеева, гартуецца ў цяжкіх выпрабаваннях бою. Пісьменнік на працягу ўсяго твора зусім не ідэалізуе свайго героя, а наадварот, некалькі разоў гаворыць пра тое ж, вядомае і яму, пачуццё страху. Але Глечык не паддаецца гэтаму пачуццю, настойліва пераадольвае яго. І таму ён - сапраўдны салдат, варты самай высокай павагі. А В. Быкаў, іменна так паказваючы Глечыка, захоўвае вялікую меру праўдзівасці.

Самыя вялікія военачальнікі прызнаваліся, што ў "баі, пад абстрэлам ці бамбёжкай" страшна бывае кожнаму чалавеку. Але салдацкі абавязак вымушае сапраўдных людзей не паддавацца страху, а, сабраўшы ўсю сваю волю і мужнасць,"трымаць сябе ў кулаку".

Каларытныя і вельмі арганічныя характары Свіста і Карпенкі. Жулікаваты з выгляду, вясёлы насмешнік Віцька Свіст вельмі яркі, але як і іншыя дзейныя асобы твора, зусім рэалістычна і ўжо ва ўсякім разе без непрымальнай для аўтара штучнай гераізацыі і знарочыстага ўзвышэння. Гэта вынаходлівы, востры на язык, але дбайны ў працы хлопец са схільнасцю да рызыкі. У адрозненне ад Аўсеева, які аказаўся нікчэмным палахліўцам, Свіст гіне мужна, па-салдацку - у двубоі з варожым танкам.

Мужна трымаецца да канца і старшына Рыгор Карпенка. Жыццё, асабліва мірнае, без праклятай вайны, ён цэніць, аднак памірае з думкай зноў жа не пра сябе ці сваю цяжарную маладую жонку, якую кахаў, а з клопатам пра тое, ці адбіта чарговая атака.

Яны, гэтыя героі, розняцца характарамі, жыццёвай спрактыкаванасцю і іншым, але падобныя сваёй гатоўнасцю, калі трэба, змагацца да канца і тым, што ўсе яны належаць да вялікай арміі звычайных радавых барацьбітоў з фашызмам.

Праблема маральнага выбару героя на вайне характэрная для ўсёй творчасці В. Быкава. Гэтая праблема ставіцца практычна ва ўсіх яго аповесцях: "Альпійская балада", "Абеліск", "Сотнікаў" і інш. У аповесці Быкава "Сотнікаў" падкрэслена завостраная праблема сапраўднага і ўяўнага геройства, якая складае сутнасць сюжэту твора. У аповесці сустракаюцца не прадстаўнікі двух розных светаў, а людзі адной краіны. Героі аповесці - Сотнікаў і Рыбак - у звычайных умовах, магчыма, і не праявілі б сваю сапраўдную натуру. Але падчас вайны Сотнікаў з гонарам праходзіць праз цяжкія выпрабаванні і прымае смерць, не адракаючыся ад сваіх перакананняў, а Рыбак перад тварам смерці мяняе свае перакананні, здраджвае Радзіме, ратуючы свае жыццё, якое пасля здрады губляе ўсякую цану. Ён фактычна становіцца ворагам, сыходзіць у свет іншы, чужы нам, дзе асабісты дабрабыт ставіцца вышэй за ўсё, дзе страх за сваё жыццё прымушае забіваць і здраджваць.

Перад тварам смерці чалавек застаецца такім, які ён ёсць на самай справе. Тут правяраецца глыбіня яго перакананняў, яго грамадзянская мужнасць. Твор прасякнуты роздумамі аб жыцці і смерці, аб чалавечым абавязку і гуманізме, якія несумяшчальныя з любымі праявамі эгаізму. Паглыблены псіхалагічны аналіз кожнага дзеяння і жэсту герояў, мімалётнай думцы або рэплікі - адна з самых моцных бакоў аповесці "Сотнікаў".

Вайна ў аповесці "Знак бяды" паказана трохі іначай, чым у ранейшых аповесцях аўтара. Цяпер у цэнтры твора, яго галоўнымі героямі сталі не салдаты ці партызаны, а звычайныя, так званыя мірныя жыхары, якія па даўніх агульнапрынятых уяўленнях увогуле не павінны былі ўдзельнічаць у вайне. Але якраз яны з асаблівай сілай і адчувалі цяжар вайны, яе трагедыйнасць , яе бесчалавечнасць. Так, Пятрок, як і іншыя станоўчыя героі пісьменніка, - чалавек з высокім гуманістычным патэнцыялам. І таму ён урэшце не вытрымлівае і, не зважаючы на ўсю сваю памяркоўнасць, небаявітасць і схільнасць лепш саступіць, чым спрачацца, ваяваць з другімі, - не зважаючы на ўсё гэта, Пятрок кідае адкрыты выклік паліцаям, выклік, які аплочвае самай вялікай на гэтым свеце цаной - сваім чалавечым жыццём.

Тое ж можна сказаць і пра Сцепаніду. Гэта жанчына таксама складанага лёсу, якой выпала нялёгкае жыццё. Яна вызначаецца баявітасць свайго характару. Ёсць у Сцепаніды таксама цяга да справядлівасці, нейкае прыроднае, надзвычай натуральнае і глыбокае разуменне праўды і чалавечнасці, звычайна ўласцівае і іншым глыбінна-народным характарам, у тым ліку Петраку.

Быкаў прымушае нас задумацца над сэнсам гераізму і подзвігу зусім сціплага і малазаўважнага чалавека. Такіх учынкаў недальнабачныя людзі не заўважаюць ці кажуць пра іх ва ўмоўным ладзе. Але для гэтага чалавека маральны выбар заўсёды адназначны - праўда вышэй захлусню, вернасць вышэй за здраду. Маральны выбар і ёсць сапраўдны подзвіг.

Мне падабаецца, як піша пра вайну Васіль Быкаў. У яго творах мала батальных сцэн, эфектных гістарычных падзей, але затое яму ўдаецца з вялікай глыбінёй перадаць адчуванні радавога салдата на вялікай вайне. На прыкладзе самых стратэгічна нязначных сітуацый аўтар дае адказы на складаныя пытанні вайны. Васіль Быкаў будуе сюжэты толькі на драматычных момантах вайны мясцовага, як кажуць, значэння з удзелам простых салдат. Крок за крокам аналізуючы матывы паводзін салдат у экстрэмальных сітуацыях, пісьменнік дабіраецца да глыбінь псіхалагічных станаў і перажыванняў сваіх герояў.

Кожны твор Быкава нечым блiзкi чытачу: звычайныя людзi, звычайнае жыццё, вайна. Прачытаўшы Быкава адзiн раз, не забудзеш яго нiколi. Таму што быкаўская праўда - гэта праўда нашага народа, нашых дзядоў i прадзедаў, i вялiкi дзякуй Васiлю Быкаву за тое, што ён змог прайсцi праз жудасныя цяжкасцi i застацца чалавекам. Дзякуй за тое, што паказаў людзям, дзеля чаго павiнны мы жыць, дзе ёсць праўда i дабрыня. Дзякуй за тое, што працаваў амаль на працягу ўсяго жыцця дзеля беларускага народа i быў сапраўдным чалавекам.

Кацярына Заліпа, ДУА"Мінойтаўская сярэдняя школа", 10 клас. 2-месца на конкурсе рэфератаў і сачыненняў да Дня славянскага пісьменства ў Лідзе.


СЦЯЖЫНАМІ РОДНАГА ГОРАДА

Цікавая экскурсія па адметных мясцінах горада адбылася днямі пры культурна-рэлігійным цэнтры Віцебскага кафедральнага касцёла Езуса Міласэрнага. Пачалася яна з наведання адной з самых старых з наяўных у абласным горадзе каталіцкіх святыняў - касцёла святой Барбары. Пра гісторыю храма, перыпетыі яго лёсу, дзень сённяшні распавёў удзельнікам мерапрыемства кіраўнік парафіяльнай супольнасці касцёла айцец дамініканін Крыштаф Коцян. Паляк паводле паходжання, ён уразіў прысутных і добрым веданнем фактычнага матэрыялу, і прыстойным узроўнем валодання беларускаю мовай.

Другім пунктам маршруту экскурсантаў сталі Стара-сямёнаўскія могілкі, дзе побач з фрагментам цаглянай брамы 19-га стагоддзя сёння месціцца сімвалічная магілка пахаванай дзесьці ў лютаранскай частцы кладоў Дарты Пліекшан, маці класіка латышскай літаратуры Яна Райніса - творцы, чый голас неаднойчы настойліва гучаў у Латвіі ў 20-я гады ў абарону правоў беларускай нацыянальнай меншасці, і чый прыезд у лістападзе 1926 года ў Віцебск на адкрыццё БДТ-2 (цяпер - тэатр імя Якуба Коласа) яскрава засведчыў прыхільнасць знакамітага латыша, 150-гадовы юбілей якога будзе адзначацца ў наступным годзе, да нашага краю. Пра ўсё гэта, як і пра іншыя адметныя куткі самых старых у горадзе могілак (напрыклад, месца супачыну мастака Юдэля Пэна), распавялі прысутным былы дырэктар Віцебскага літаратурнага музея Святлана Казлова і арганізатар мерапрыемства пісьменнік Франц Сіўко.

А самай багатай на адкрыцці аказалася вандроўка па цэнтры Віцебска, якую правёў захоплены мінуўшчынай і хараством родных краявідаў чалавек, шматгадовы старшыня гарадской суполкі Таварыства беларускай мовы, тэхнар паводле адукацыі Валянцін Арлоў. Яго змястоўны, шчодра ілюстраваны фотаздымкамі беларускамоўны аповед пра касцёлы, цэрквы, сінагогі горада, даўнейшыя і сённяшнія, безумоўна, стаўся не толькі выдатным сведчаннем верацярпімасці многіх пакаленняў віцяблянаў, іх здольнасці да аднаўлення веры, але і своеасаблівым урокам паважлівага стаўлення да сваёй гісторыі, здабыткаў культуры, мовы.

Зміцер Шыловіч.


З гісторыі шклоўскага касцёла Святых Пятра і Паўла

(Да 165 годдзя будаўніцтва святыні)

Як сведчаць гістарычныя крыніцы, каталіцкія святыні ў Шклове існуюць пачынаючы з ХVІ стагоддзя. У дакументах паведамляецца, што ўжо на той час у Шклове існавалі фарны касцёл і кляштар ордэна Дамініканцаў, заснаваны ў 1592 годзе. Будаўніцтва мураванага кляштара разам з касцёлам была завершана ў 1619 годзе.

Пасля заключэння ў 1569 годзе Люблінскай уніі і ўтварэння Рэчы Паспалітай дзейнасць Касцёла значна актывізавалася. Аляксандр Хадкевіч, да якога Шклоў перайшоў у спадчыну, запрасіў у горад айцоў-дамініканцаў. Каталіцкі манаскі ордэн дамініканцаў быў створаны Святым Дамінікам у 1214 годзе ў Францыі. Найважнейшым кірункам дзейнасці дамініканцаў было паглыбленае вывучэнне тэалогіі з мэтай падрыхтоўкі пісьменных прапаведнікаў і місіянерская дзейнасць.

Аляксандр Хадкевіч забяспечвае будаўніцтва і ўтрыманне кляштара, ствараецца бібліятэка. Вопіс, які захоўваецца ў Дзяржаўным гістарычным архіве Беларусі, дае ўяўленне пра знешні выгляд кляштара дамініканцаў. Галоўнае месца ў комплексе займаў мураваны касцёл са званіцай. Побач размяшчаўся кляштар, які меў падсобныя памяшканні: клець, ляднік, сянніцу, дзве канюшні, вазоўню, мураваную піваварню, старую драўляную лазню, а так-сама калодзеж з драўляным колам і вялізны сад.

Па дадзеных польскай даследчыцы старажытнага Шклова Марыі Тапольскай, шклоўскі кляштар быў, мабыць, найвялікшым сярод дамініканскіх кляштароў на Беларусі. Тут знаходзіліся вельмі каштоўныя абразы і вялікая бібліятэка. Манахі (каля 20 чалавек) вывучалі філасофію і тэалогію. Велічны касцёл Святога Тамаша Аквінскага быў абсталяваны арганам і ўзвышаўся над наваколлем. Каля кляштара ў 1654 годзе пахавалі жаўнераў, забітых у бітве пад Шкловам, што адбылася 12-га жніўня між войскамі Вялікага Княства Літоўскага на чале з Янушам Радзівілам і маскавітамі. Усяго ж на той час у Шклове налічвалася 30 асобаў каталіцкага духавенства, каля 300 вернікаў каталікоў (ад 3,5 да 5,0 працэнтаў жыхароў горада).

Які лёс напаткаў гэтыя найбольш старажытныя каталіцкія пабудовы? У "Магілёўскай хроніцы Трафіма Сурты і Юры Трубніцкага" паведамляецца, што ў 1690 г. "Пан Бог адведаў агнём горад Шклоў, амаль увесь замак з вялікай вежай, фарны касцёл і крамы пагарэлі" . Пасля гэтай даты фарны касцёл у Шклове ў гістарычнай літаратуры больш не згадваецца, а вось кляштар дамініканаў праіснаваў да 1832 г. (па іншых звестках - да 1840 г.) і быў зачынены па загадзе імператара Мікалая І у сувязі з мерапрыемствамі па русіфікацыі Беларусі, якія праводзіліся Расійскай Імперыяй. Як і большасць іншых зачыненых кляштароў, ён быў прыстасаваны для воінскага пастою, а клерыкі адпраўлены ў Пінск. Забальзамаванае цела Аляксандра Хадкевіча перанеслі ў касцёл на каталіцкіх могілках і, як сведчаць гістарычныя крыніцы, яго магіла была цэлай яшчэ ў пачатку ХХ ст.

Часткова сцены касцёла і кляштара захоўваліся яшчэ ў перадваенны перыяд. Канчаткова былі разабраны жыхарамі наваколля падчас пасляваеннай адбудовы. Пра месца, дзе калісьці знаходзіўся кляштар і велічны касцёл, нагадваюць курганы. Жыхары наваколля і зараз называюць гэта месца "кляштар", калі размова датычыць тых курганоў.

У 1769 годзе пачалося будаўніцтва горада на новым месцы за 2,5 кіламетры на поўнач, калі вялікі пажар знішчыў амаль 300 дамоў "Старога месца". У інвентары 1763-1764 гадах гаворыцца пра выкарчоўванне лесу і складаванне вялікай колькасці будаўнічых матэрыялаў пад кляштаром за горадам. Ужо тады, тагачасны гаспадар Шклоўскага графства Адам Чартарыйскі, задумаў пашырыць горад. Будаўніцтва "Новага месца" завяршылася каля 1778 года. Галоўнаю пабудоваю быў комплекс гарадской ратушы з гандлёвымі радамі, а таксама будынкі пошты, праваслаўнай царквы, жаночага манастыра, яўрэйскай школы.

У 1803 годзе Шклоў наведаў вядомы рускі акадэмік В.В. Севяргін, які, апісваючы галоўныя пабудовы горада, называў і драўляны касцёл. Больш дакладных крыніц пра існаванне драўлянага касцёла ў Шклове пакуль не вядома. Пачынаючы з другой паловы XIX стагоддзя гістарычныя дакументы згадваюць ўжо мураваны касцёл.

Даследчык гісторыі Шклова А. Лукашэвіч сцвярджае, што для будаўніцтва мураванага касцёла выкарыстоўваліся рэшткі будынка тэатра, які быў пабудаваны ў Шклове яшчэ пры С. Зорычу. Аб тым, што касцёл у Шклове пераабсталяваны з былога тэатра паведамляюць і іншыя крыніцы.

Будынак тэатра быў пабудаваны ў Шклове ў 1780 годзе. Архітэктарам тэатра былі "…фларэнційскай артылерыі прапаршчык Павел Барцанці" , які да прыезду ў Шклоў "знаходзіўся пры вольных тэатрах Маскоўскім і Пецярбургскім" і "падархітэктар" Павел дэ Фейль, "ураджэнец сербскай нацыі" .

Пра яго, некалі велічны будынак, паведамляў адзін падарожнік, праязджаўшы праз Шклоў у 1844 годзе: "У недалёкай адлегласці ад руін корпуса таксама відаць вартыя жалю аб'едкі часу: мноства раскіданых пліт, фантастычна звіслых арак і сагнутых сцен, якія гатовы абваліцца ад першага дотыку. Дзвярамі, заваленымі смеццем, мы прабраліся ў былы тэатр. Па правільнай архітэктуры, па рэштках некаторых арабесак і бронзы можна заключыць пра выхаваны густ будаўніка…".

Таксама захаваліся звесткі, што касцёл пабудаваны на зямлі перададзенай генерал-маёршай Марыяй Цуката на падставе дарчай ад 15 лютага 1838 года памерамі 50х50 сажняў. 12 жніўня 1849 года шклоўская святыня асвечана архібіскупам Казімірам Дмахоўскім. Даўжыня будынка - 13,5, шырыня - 7, вышыня - 5,25 сажняў.

Архіўныя крыніцы захоўваюць падрабязнае апісанне будынка касцёла. Сцены звонку і ўсярэдзіне тынковавыя, скляпенне падпіраюць 6 калон. Падлога драўляная, у прэзбітэрыі і навах выслана каляровымі пліткамі. Столь драўляная, памаляваная, дах накрыты бляхай і памаляваны. З франтону драўляная вежа з жалезным пазалочаным крыжам, на другім канцы на пастамэнце таксама жалезны пазалочаны крыж. Вакол пракладзены вадасцёкі.

Пры галоўным алтары антыпедыюм з намаляванай на палатне Апошняй Вячэрай. Па баках фігуры Св. Амбросія і Св. Аўгустына. У сцяне абраз Божай Маці з Дзіцяткам Езусам на руках у пазалочанай рызе і каронах. Гэты абраз закрываецца абразом Святой Тройцы, у драўлянай пазалочанай раме. Паверх гэтых абразоў абраз Божай Маці Ружанцовай з Езусам на руках. Па баках абраза два анёлы.

Другі алтар, з правага боку, з абразом Св. Антонія з Падуі з Дзіцяткам Езусам на руках, унізе ніша, дзе размяшчаецца фігура Божай Маці.

Трэці алтар, з левага боку, на мураваным падмурку, з абразом Укрыжаванага Езуса Хрыстуса, унізе абраз Св. Міколы.

Стацый дарогі Крыжовай Езуса Хрыстуса - 14. Абразы чатырох Св. Евангелістаў. На хорах арган на 11 галасоў.

Плябанія займае зямлі 2000 квадратных сажаняў, ахвяраваных Аляксандрам Хадкевічам. На пляцы дом для духавенства, даўжыня - 18, шырыня - 14 аршын. Дабудавана кухня. Мураваны склеп-падвал, студня, лядоўня, дом для прыслугі. Пры гэтым доме памяшканне для навучання дзяцей малітвам і катэхізісу. Усе забудовы накрыты гонтай. Ёсць хлеў.

Таксама ў цэнтры мястэчка ёсць дом, аддадзены ў арэнду Дзехцярову. На адлегласці 7 вёрст касцёл мае 36 дзесяцін землі, аддадзеная ў арэнду мешчаніну Гаўрылу Відзмонту. Каля горада (адна вярста) ёсць парафіяльныя могілкі, тут пабудавана капліца ў 1852 годзе. Могілкі абнесены драўляным плотам. Галоўныя ахвяравальнікі парафіі: генерал-маёрша графіня Марыя Цуката, Аляксандр Хадкевіч.

Вядома, што ў шклоўскім касцёле працавалі святары: арцыбіскуп Казімір Дмахоўскі, кс. Антон Калянкевіч, кс. Адольф Сянкевіч, кс. Пётр Зялінскі. Таксама ў дакументах нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863 года згадваецца прозвішча шклоўскага ксендза Пржыалкоўскага. Разам з паручнікам Антоніем Аленскім Пржыалкоўскі быў адным з кіраўнікоў атрада паўстанцаў створанага ў фальварку Чарнаручча. Атрад быў разгромлены, Аленскі і Пржыалкоўскі расстраляны царскімі карнікамі.

Савецкая ўлада з першых дзён свайго існавання вяла барацьбу з рэлігіяй. Пачаліся ганенні на святароў, а з 1930 г. "изъятие культовых сооружений у верующих". У ліку першых быў зачынены касцёл ў Шклове.

Гісторыя захавала прозвішчы некаторых шклоўскіх каталіцкіх святароў, якія сталі ахвярамі гэтай барацьбы. З 1914 г. пробашчам парафіі ў Шклове быў ксёндз Станіслаў Ярашэвіч (1889-1937). Ён скончыў духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбургу і ў 1912 годзе прыняў сакрамант святарства. Быў таксама пробашчам парафіі ў Чэрыкаве. У 30-я гады працаваў у Менскай дыяцэзіі. Гэта быў апошні каталіцкі святар, які працаваў у сталіцы перад Другой сусветнай вайной. Расстралялі ў Менску ў 1937 годзе.

З успамінаў Альдоны Баніфацыеўны Аляхновіч, былой жыхаркі вёскі Рыжкавічы: "Мой родны дзядзя Ярашэвіч Станіслаў Антонавіч скончыў духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбургу. Працаваў у Шклоўскім касцёле, потым у іншых парафіях. Карыстаўся вялікай павагай у вернікаў. Калі пачаліся рэпрэсіі, мы вельмі хваляваліся за яго. Станіслаў Антонавіч разумеў, што яго павінны арыштаваць, і папярэдзіў нас, сваіх родных, каб не падыходзілі прылюдна да яго. Сам ён па-ранейшаму выконваў свой святарскі абавязак, як мог падтрымліваў вернікаў і толькі сваім поглядам у час набажэнства падтрымліваў сувязь з намі".

У 1923 годзе шклоўскім пробашчам быў ксёндз Антон Ярмаловіч (1897-1937). Скончыў духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбургу. У 1917 годзе прыняў сакрамант Святарства. У 1919 годзе быў арыштаваны як закладнік, калі працаваў вікарыем у Менску. Вызвалены, але ўжо ў студзені 1921 года паўторна арыштаваны ў Магілёве. Пасля вызвалення працаваў у парафіях Пецярбургскага, Віцебскага і Дрыса-Себежскага дэканатаў. Пастановаю Калегіі ДПУ ад 29 кастрычніка 1933 года асуджаны на 10 гадоў лагераў на Салавецкіх астравах. Пастановай "Тройкі" НКУС 9 кастрычніка 1937 года асуджаны на смерць і растраляны 3 лістапада 1937 года ў пасёлку Сандармаха пад Мядзведжагорскам.

Апошнім шклоўскім пробашчам ў перадваенны час з 1925 па 1930 год быў ксёндз Яўген Крулікоўскі (1875-1935). Скончыў духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбургу. У 1899 годзе прыняў сакрамант Святарства. Працаваў вікарыем у Пінску, пробашчам у Пярмі і Разані (Расія). З 1918 года быў у Менску. Потым праца ў Оршы і Шклове. З 1934 года як выгнаннік жыў у Віцебску, дзе ў 1935 годзе памёр ад хваробы сэрца.

У 1936 г. улады распрацавалі дакумент, згодна з якім культавыя збудаванні пераабсталёўваліся ў збожжа-сховішчы. Такім чынам з шклоўскага касцёла быў зроблены кінатэатр, з фашчаўскага - калгасны гараж, а старасельскі проста ўзарвалі. Дзеянні савецкіх уладаў прывялі да поўнай ліквідацыі касцельных структур у перадваенны час. Між тым акупацыйныя ўлады не перашкаджалі адчыняць цэрквы і касцёлы, аднак не дазвалялі святарам стала працаваць на тэрыторыі былой Магілёўскай акругі (зона тылу арміі "Цэнтр"), бо лічылі духавенства "ненадзейным элементам". Сярод тых, хто выехаў працаваць на землі Магілёўскай і Менскай дыяцэзій, былі Станіслаў Глякоўскі, Дыянізі Малец, Казімір Рыбалтоўскі, Генрык Глябовіч, Антон Святаполк-Мірскі, Вітольд Раруха, але доўга яны не папрацавалі - у выніку даносаў гэтыя духоўныя асобы былі расстраляныя.

У верасні 1944 г. на вызваленую ад нямецкіх захопнікаў Магілёўшчыну прыехаў ксёндз Баляслаў Сперскі, які працаваў у Оршы і Магілёве да траўня наступнага года. Абавязкі пробашча магілёўскага касцёла святога Станіслава з 1944 да 1947 г. выконваў ксёндз Мечыслаў Малыніч. На жаль, адзіны касцёл на Магілёўшчыне быў зачынены, а ксёндз Малыніч арыштаваны і сасланы ў лагер. Найбольш верагодна, хтосьці са згаданых святароў у той складаны час наведваў і парафіі Шклоўшчыны, але пасля 1947 г. свабодна адпраўляць каталіцкае набажэнства на Магілёўшчыне стала немагчыма.

...Жыццё няспынна ідзе наперад. На пачатку 1994 г. упершыню за апошнія гады да шклоўскіх католікаў прыехаў святар Браніслаў Карвоўскі. З той пары і пачаліся рэгулярныя набажэнствы ў Шклове. Напачатку вернікі збіраліся каля разбуранага будынка касцёла, а потым знайшлася і страха над галавой...

Прайшло пяць гадоў. Шклоўская святыня паволі набывала свой першапачатковы выгляд. І вось настала свята: 20 верасня 1999 г. адбылося ўрачыстае асвячэнне касцёла святых Пятра і Паўла. Асвячэнне адноўленай святыні праводзіў кардынал Казімір Свёнтак, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі. Пасля ўрачыстай малітвы ён павіншаваў прысутных са святам і падкрэсліў, што касцёл у Шклове стаў чацвёртай каталіцкай святыняй на Магілёўшчыне. Пан Бог не пакінуў шклоўскіх вернікаў сіротамі.

Аляксандр Грудзіна.


Незвычайны юбілей

21 чэрвеня 1984 года - роўна 30 гадоў таму - адбылася цікавая і значная падзея ў культурным жыцці мінчан і гасцей сталіцы: у Палацы культуры прафсаюзаў была адкрыта першая ў Беларусі выстава "Медальернае мастацтва Беларусі".

У Заходняй Еўропе выставы медалёў з'яўляюцца звычайнай справай, а ў Беларусі цікавасць творцаў да такой мастацкай "дробязі", як да жанру скульптурнай пластыкі, толькі пачыналася.

Арыгінальнасць гэтай тэматычнай выставы была яшчэ ў тым, што яе экспазіцыя (звыш за 130 медалёў, медальёнаў і плакетак) складалася цалкам з твораў калекцыі Анатоля Белага.

Юбілейныя выставы, прысвечаныя знакамітым беларусам (100-годдзю Алаізы Пашкевіч, 500-годдзю Міколы Гусоўскага, 90-годдзю Максіма Багдановіча, 100-годдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа, 150-годдзю В. Дуніна-Марцінкевіча) праводзіліся раней, але тут упершыню былі сабраны творы розных аўтараў і ў такой вялікай колькасці.

Наведвальнікі выставы мелі магчымасць азнаёміцца з творамі Э. Астаф'ева, Г. Асташонка, Ю. Багушэвіча, Л. Талбузіна, М. Байрачнага, Я. Валасевіч, С. Вакара, Т. Васюк, Г. Гаравой, С. Гарбуновай, Ю. Гудзіновіча, У. Жбанава, А. Зіменкі, Р. Іванова, С. Ларчанкі, Ю. Любімава, У. Лятуна, Г. Максімава, Л. Малышава, А. Маўчанава, У. Мелехава А. Міхайлава, М. Рыжанкова, У. Слабодчыкава, А. Фінскага, А. Хараберуш, А. Шатэрніка і студэнтаў Беларускага дзяржаўнага мастацка-тэатральнага інстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) і зрабіць свае высновы аб іх творчасці, дасягненнях і пошуках. Як бачым, у калекцыі А. Белага былі творы не толькі знакамітых аўтараў, а і тых, хто рабіў першыя спробы у гэтым кірунку беларускага мастацтва.

Экспанаты выставы паказвалі, што медальеры ў сваёй працы выкарыстоўвалі розныя матэрыялы: фарфор, кераміку, тэракоту, гіпс, бронзу, медзь, сілумін.

Якія ж тэмы раскрывалі яны, ствараючы гэтыя творы-мініяцюры?

У першую чаргу мэтазгодна адзначыць медалі, якія ўвасабляюць вобразы выдатных дзеячаў беларускага народа (звыш 50). Значнае месца на выставе займалі творы, на якіх адлюстроўваліся падзеі палітычнага і грамадскага жыцця Беларусі і беларускага дойлідства. Тэмы іншых медалёў запазычаны непасрэдна з беларускай літаратуры. Не была забыта і тэма роднай прыроды: такі медаль ператвараецца ў своеасаблівую жанравую карціну.

Выстава прыцягвала наведвальнікаў і сваёй незвычайнасцю экспанатаў і, вядома, цікавасцю да асобы калекцыянера.

Вось некалькі выказванняў у кнізе водгукаў на выставу: "… Ваш труд заслуживает похвалы и благодарности…" (удзелінікі аперацыі "Багратыён" па вызваленні Беларусі); "Добра, што ёсць на Беларусі мастакі, якія звярнуліся да медальернага старажытнага мастацтва. Вельмі добра, што Анатоль Белы, выкладчык марксісцка-ленінскай філасофіі зрабіў гэтае мастацтва святам для ўсіх." (прафесар, Канстанцінаў Р.Т., доктар філасофскіх навук, заслужаны дзеяч навукі РСФСР); "Медаль - гэта свята на далоні" (А. Зіменка, мастак).

"Паказаная на вернісажы калекцыя А.Я. Белага засведчыла, што медальеры рэспублікі ўжо сёння ўносяць неацэнны ўклад у своеасаблівы летапіс гісторыі свайго народа - гісторыі ў мастацкіх вобразах", - пісаў у той час вядомы мастацтвазнавец Віктар Шматаў у артыкуле "Незвычайнае мастацтва" ("Чырвоная змена". 26 верасня 1984 г.).

Ішлі гады. Калекцыя А. Белага папаўнялася новымі экспанатамі. На сённяшні дзень у Старадарожскім мастацкім музеі Анатоля Белага налічваецца каля 500 медалёў - твораў таленавітых беларускіх мастакоў. Многія наведвальнікі затрымліваюцца каля стэндаў, дзе размешчаны гэтыя зусім не дробязныя "дробязі", а помнікі на далоні, якія нясуць інфармацыю пра мінулае і сучаснае Беларускага Краю.

А наогул, усіх наведвальнікаў Старадарожскага мастацкага музея А. Белага ўражвае і колькасць экспанатаў, і разнастайнасць жанраў, і багацце тэм, і асабліва тое, што столькі змог зрабіць адзін чалавек, які быў апантаны любоўю да сваёй Бацькаўшчыны. Менавіта быў… А. Белы адышоў у іншы свет, але пакінуў пасля сябе вынік сваёй шматгадовай працы - мастацкі музей у сваіх родных Старых Дарогах.

Людзі прыходзяць у музей і дзеляцца сваімі ўражаннямі. Вось некаторыя з іх:

"… Тут хочацца сказаць: Жыве Беларусь!" (09.08. 2002 г. Кастусь Цвірка).

"… Незабыўныя ўражанні ад наведвання музея. Такога багацця матэрыялу яшчэ нідзе не бачылі. Даўно не адчувалі пачуцця гордасці за сваю Радзіму, свой народ, яе дзеячаў…" (15.07.2003 г. Інтэлігенцыя г. Слуцка).

"…Музеи такие очень необходимы и нужны как для страны, так и для мировой общественности…" (22.08. 2005 г. С уважением (подпись). г. Санкт-Петербург).

"…Ёсць месцы на свеце, дзе Беларусь жыве на поўную моц і дыхае на поўныя грудзі. Адно з такіх месцаў - Ваша галерэя…" (24.07 2006 г. м.н.с. "Дома Ваньковічаў". В. Бельская, У. Валодзін, Н. і У. Аляксандравы).

"…Сёння я адчула, што сапраўды Беларусь жыве і будзе жыць!.." (Ганна Канадзей, студэнтка БНТУ. 07.2007).

"…Няма слоў, а толькі адчуванне нечага Вялікага, перад чым і перад кім схіляю сваю галаву. Жыве Беларусь!.." (07.11. 2007 г. Зінаіда Цімошык).

"…Калекцыя мастацтва, што прадстаўлена тут, скаланае самыя лепшыя пачуцьці. нельга застацца раўнадушным і абсалютна халодным пасьля сузіраньня тых твораў, каторыя проста лашчаць беларускае вока…" (15.09.2013 г. Бабруйчане: Віталь, Мікіта, Ганна, Глеб, Яўген).

"…Вельмі хочацца, каб у гэты музей ніколі не зарастала народная сцяжынка, каб у залах музея выхоўваліся маленькія Беларусы. Жыве Беларусь!!!" (Сем'і Сінягоўскіх, Бялінскіх. 14.05.2013 г.)

"…тыя, што завуць сябе беларусамі, не стануць абмінаць Старыя Дарогі. Бо тут - Беларусь!" (09.01.2014 г. Сяргей Балай. gazetaby.com).

Толькі гэта будзе ўжо пазней. А пачалося ўсё з той першай, ужо далёкай па часе і блізкай па зместу, выставы "Медальернае мастацтва Беларусі".

Надзея Сармант ,г. Мінск.


Увага

У чэрвені 2014 г. у сядзібе ТБМ у межах кампаніі "Будзьма" працягвае працаваць гістарычная школа "Гісторыя ў падзеях і малюнках" пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Алега Трусава. Заняткі адбудуцца: 23 чэрвеня (панядзелак).

Пачатак а 18-й на вул. Румянцава, 13. Уваход вольны.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX