НАША СЛОВА № 27 (1178) 2 ліпеня 2014 г.
У Віцебску адкрылі помнік вялікаму князю Альгерду
Гэтага помніка чакалі ў Віцебску 4 гады, і нарэшце знакавая падзея адбылася: 27 чэрвеня на былой Рынкавай плошчы, насупраць Свята-Ўваскрасенскай царквы, урачыста знялі палатніну з коннай скульптуры вялікага князя літоўскага Альгерда.
Урачыстае адкрыцьцё помніка князю Альгерду, які ўладарыў у сярэднявечным Віцебску, адбылося ў Дзень горада і стала ці не самым цікавым пунктам у праграме святкаванняў 1040-х угодкаў Віцебска, заснаванага, паводле падання, у 974 годзе. Прынамсі, гэтая падзея сабрала ў цэнтры Віцебска некалькі соцень мясцовых жыхароў і гасцей. Сярод прысутных былі і прадстаўнікі ўладаў - на чале са старшынём Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Косінцам, і прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў.
Вядомы пісьменнік Уладзімір Арлоў у Віцебск прыехаць не змог, але лічыць з'яўленне гэтага помніка важным і значным:
- Даведаўшыся гэтую навіну, я падумаў: "Нарэшце! Нарэшце мы маем годны помнік аднаму з самых славутых уладароў дзяржавы нашых продкаў - Вялікага Княства Літоўскага. Гэты вялікі князь паказаў сябе і дальнабачным палітыкам, і выбітным палкаводцам. За часы яго ўладарання наша дзяржава больш як у два разы павялічыла сваю тэрыторыю і значна ўмацавала свой аўтарытэт у Еўропе. Альгерд адбіў шэсць нападаў нямецкіх рыцараў. Разам з тым на поўдні ў 1362 годзе на Сініх водах разграміў ардынцаў. І гэта была першая ва Ўсходняй Еўропе буйная перамога над татарамі, у выніку якой былі вызвалены ад прыгнёту і далучаны да ВКЛ украінскія землі - Кіеўская, Валынская, Ноўгарад-Северская ды Падолле. Баронячы суверэнітэт дзяржавы па іншых кірунках, Альгерд здзейсніў паспяховы паход на Польшчу і тры паспяховыя экспедыцыі на Маскву. Дарэчы, памятка пра тыя падзеі - гэта Паклонная гара ў Маскве: якраз туды маскоўскія баяры прыходзілі на паклон да Альгерда з выкупам...
Князь Альгерд быў сынам Гедзіміна, заснавальніка новай дынастыі ў Вялікім Княстве Літоўскім і Рускім. Ад бацькі ён атрымаў Крэўскае княства, а пасля жаніцьбы з віцебскай князёўнай Марыяй Яраслаўнай - і Віцебскае княства. Аднак менавіта тая акалічнасць, што ён вёў войны з Маскоўскім княствам, васалам Залатой Арды, і спарадзіла спрэчкі, ці варты князь Альгерд ушанавання ў Віцебску. Знайшліся прарасейска настроеныя "прадстаўнікі грамадскасці горада", якія цягам чатырох мінулых гадоў пісалі скаргі ва ўсе магчымыя інстанцыі, даводзячы, што гэта "чужы князь", "вораг Расеі і братняга беларусам расейскага народа".
Праўда, з самай высокай інстанцыі, якую скаржнікі ведалі - з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі - ім не адказвалі ўвогуле. А што да мясцовых, віцебскіх уладаў, то гарвыканкам нават зладзіў грамадскае абмеркаванне на тэму: "Ці патрэбны Віцебску помнік князю Альгерду?". І правёў яго, хоць абвешчаны самімі чыноўнікамі конкурс на лепшы праект помніка вялікаму князю літоўскаму на той час ужо завяршыўся. Пераможцам конкурсу прызналі віцебскага аўтара Валерыя Магучага. Сёлета гараджане ўрэшце ўбачылі помнік - але не той, якім яго бачыў скульптар Валеры Магучы - пераможца конкурсу праектаў. Манумент даручылі зрабіць менскаму аўтару Сяргею Бандарэнку. Ён вядомы майстар скульптурных выяваў коней. Сярод ягоных працаў, да прыкладу, - скульптуры каля менскага цырка.
Такім чынам, віцебскі Альгерд - гэта першы паўнавартасны помнік вялікаму князю літоўскаму на тэрыторыі сучаснай Беларусі, калі не лічыць драўлянай скульптуры вялікага князя літоўскага Вітаўта ў вёсцы Пеляса Воранаўскага раён, што на Гарадзеншчыне. Цяпер чарга за Лідай, якая даўно імкнецца ўстанавіць конны помнік вялікаму князю Гедзіміну.
Радыё Свабода.
25-годдзе ТБМ імя Францішка Скарыны
26 чэрвеня ў галерэі "Ў" Таварыства беларускай мовы ўрачыста адзначыла сваё 25-годдзе. На імпрэзу з'ехаліся сябры грамадскага аб'ядання з усіх куткоў Беларусі.
Сярод ганаровых гасцей - пасол Швецыі ў Беларусі Марцін Оберг, пасол Чэхіі Мілан Экерт, прэс-аташэ па культуры пасольства Польшчы Эльжбета Шчапанска-Дамброўска, дыпламаты з Украіны, Казахстана, творчая інтэлігенцыя.
Вядоўца імпрэзы, намесніца старшыны ТБМ Алена Анісім, зачытала прывітальныя словы першага старшыні Таварыства, Народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча. Па стане здароўя ён сам не мог прысутнічаць на ўрачыстасцях, і напісаў цёплыя словы уласнай рукой: "Ні на хвіліну не паддавайцеся намаганню ворагаў Беларушчыны падсекчы карані вашай веры ў роднае слова, вашай любові да роднага слова, вашай рашучасці абараніць права на жыццё яго, гонар і годнасць".
Удзельнікі імпрэзы ўшанавалі памяць другога старшыні ТБМ паэта Генадзя Бураўніка, які прыканцы траўня пайшоў у іншы свет.
З кароткай справаздачай пра дзейнасць ТБМ выступіў цяперашні старшыня грамадскага аб'яднання Алег Трусаў.
У шэрагах Таварыства больш за 6 тысяч сяброў, ТБМ выдае дзве газеты: "Наша слова" і "Новы час", - літаратурны часопіс "Верасень", краязнаўчы часопіс "Лідскі летапісец".
З цёплымі словамі выступіла першы сакратар пасольства Ўкраіны ў Беларусі Марыя Гуцала, якая зачытала віншаванні пасла Ўкраіны Міхаіла Ежаля: "Мова - гэта генетычны код нацыі. Будзе мова - будзе і нацыя!" Яе віталі воклічамі "Слава Ўкраіне! Слава героям!"
Радыё Свабода. (Працяг на ст. 2, 3, 4, 5, 8.)
Зварот Сакратарыяту ТБМ да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь
Аб вяртанні беларускай мовы ў беларускае заканадаўства.
Цяпер амаль усе законы ў нашай краіне прымаюцца толькі на рускай мове, і не існуе афіцыйнага перакладу іх на дзяржаўную беларускую мову, што з'яўляецца парушэннем дзейнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
У сувязі з гэтым мы прапануем з 1 верасня 2014 г. усе законы і падзаконнныя акты адразу прымаць на дзвюх дзяржаўных мовах, а таксама зрабіць афіцыйны пераклад папярэдніх законў, якія былі прынятыя толькі на рускай мове, на дзяржаўную беларускую мову і змясціць іх на адпаведных сайтах.
27 чэрвеня 2014 г.
Вітальнае слова першага старшыні ТБМ Ніла Гілевіча з нагоды 25-годдзя Таварыства
Удзельнікам урачыстасці, прысвечанай 25-годдзю Таварыства беларускай мовы.
Дарагія сябры!
Віншую вас з юбілеем нашага высакароднага патрыятычнага руху, без якога не магчыма сёння ўявіць культурна-асветніцкае жыццё Беларусі.
На правах ветэрана ТБМ, першага старшыні яго Рады, я выказваю вам і ўсім сябрам арганізацыі шчырую падзяку за плённую працу на жыццяроднай ніве беларускай мовы, за працу ў імя яе непагаснага свячэння і сёння, і заўтра, і ў стагоддзях.
Пажаданне Вам у мяне толькі адно: ні на хвіліну не паддайцеся намаганню ворагаў Беларушчыны падрыць карані вашай веры ў роднае слова, вашай любові да роднага слова, вашай рашучасці абараніць яго права на жыццё, яго гонар і годнасць.
Дарагія сябры!
Стан здароўя не дазваляе мне быць сёння сярод вас, але душою і сэрцам я з вамі, уцешна гляджу ў вашы чыстыя, прамытыя крынічнай беларускай мовай вочы і сардэчна абдымаю вас.
Ніл Гілевіч.
Выступ старшыні ТБМ Алега Трусава на юбілейнай вечарыне
Шаноўнае спадарства!
Дарагія сябры, 27 чэрвеня 1989 г. у Менску адбыўся ўстаноўчы З'езд ТБМ.
На З'ездзе зацвердзілі Статут, абралі Рэспубліканскую Раду (27 чалавек) на чале з Нілам Гілевічам, Сакратарыят і Рэвізійную камісію.
З'езд звярнуўся з хадайніцтвам да Вярхоўнага Савета БССР аб неадкладным наданні беларускай мове ў Рэспубліцы статусу дзяржаўнай, што і было зроблена 29 студзеня 1990 г. У сакавіку 1990 г. выйшаў першы нумар бюлетэня ТБМ "Наша слова", які неўзабаве пераўтварыўся ў паўнавартасную штотыднёвую рэспубліканскую газету, і была ўключана з верасня ў каталог перыядычных выданняў СССР.
12 лютага 1991 г. Савет Міністраў БССР прыняў спецыяльную пастанову (№ 56), накіраваную на пашырэнне дзейнасці ТБМ. Пастанова абавязвала выканкамы, міністэрствы і ведамствы на месцах аказваць дапамогу Таварыству ў стварэнні сваіх новых арганізацый. У большасці раёнаў Беларусі былі створаны структуры ТБМ рознага ўзроўню.
Узніклае на хвалі беларускага адраджэння ТБМ прыняло актыўны ўдзел у выбарах у мясцовыя саветы і Вярхоўны Савет БССР у пачатку 1990 г. У Вярхоўны Савет прайшло 13 вылучэнцаў ад розных структур ТБМ, у тым ліку і Зянон Пазняк, будучы лідар парламенцкай апазіцыі БНФ. Некалькі сотняў сяброў ТБМ трапіла ў мясцовыя саветы розных узроўняў і найпершу Менскі гарадскі Савет.
У першыя гады дзейнасці ТБМ выдала і перавыдала шмат разнастайных кніг і брашур, прыняло актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні ў ліпені 1993 г. Першага з'езду беларусаў свету і паспрыяла адкрыццю ў г. Лідзе помніка Ф. Скарыну.
3 сакавіка 1994 г. на сесіі ВС Беларусі быў прыняты 17 артыкул Канстытуцыі, у якім адзінай дзяржаўнай мовай была абвешчана беларуская. У гэтай перамозе ёсць часціна працы і 11 дэпутатаў, сяброў ТБМ.
Аднак пасля сумнавядомага рэферэндуму ў траўні 1995 г. сітуацыя ў краіне рэзка змянілася, і для ТБМ насталі доўгія часы выпрабавання і змагання, у тым ліку і права на сядзібу.
Не гледзячы на ўціск уладаў, дзякуючы намаганням тагачаснага старшыні Таварыства Генадзя Бураўкіна ТБМ здолела вярнуць страчаную сядзібу, і яе дзейнасць пачала набіраць новыя абароты. У горадзе Лідзе, дзякуючы Станіславу Судніку, з лістапада 1997 г. аднавіўся выхад газеты "Наша слова". Пачалі дзейнічаць відэаклуб і бібліятэка ТБМ. 10-я ўгодкі існавання ТБМ былі ўрачыста адзначаны 27 чэрвеня 1999 г. у памяшканнях касцёла св. Сымона і Алены, аднавіў сваю дзейнасць Бацькоўскі камітэт пад кіраўніцтвам Валера Палсцюка. На VII З'ездзе ТБМ 20.05.2001 г. была прынятая Дэкларацыя аб беларускай мове, якая не згубіла сваёй актуальнасці і зараз, асабліва пасля акупацыі Расіяй Крыма і абароны т. зв. "рускамоўных" жыхароў у суседніх з Расіяй краінах. 28 жніўня 2002 г. выйшаў першы нумар газеты "Новы час", заснаваны Менскай гарадской арганізацыяй ТБМ.
Зараз наша арганізацыя налічвае каля шасці тысяч сяброў у розных рэгіёнах нашай краіны і па-за яе межамі. Рэгулярна выходзяць дзве штотыднёвыя газеты "Наша слова" і "Новы час", рэспубліканскі моладзевы часопіс "Верасень" і краязнаўчы часопіс "Лідскі летапісец" у Лідзе. Актыўна дзейнічае партал ТБМ, выйшлі Правілы дарожнага руху на беларускай мове, два размоўнікі (англійскі і шведскі), у межах праекту па распрацоўцы Міжнароднага сертыфікату беларускай мовы падрыхтаваны да друку тэсты для замежнікаў.
Моўнае пытанне сёння надзвычай актуальнае. Яно служыць нагодай для палітычных рашэнняў. З аднаго боку, зацікаўленасць грамадства ў беларускай мове сёння расце. Аднак парушэнні моўных правоў у Беларусі, моўна-нацыянальны нігілізм часткі яе жыхароў і дыскрымінацыя беларускай мовы рыхтуюць глебу для паўтарэння ў нас крымскага ці ўсходнеўкраінскага сцэнару.
Такім чынам, роўныя моўныя правы для ўсіх грамадзян Беларусі, уздым нацыянальнай культуры і ідэнтычнасці, наданне беларускай мове рэальнага дзяржаўнага статусу - вось асноўныя фактары, што дапамогуць захаваць сувернітэт Беларусі. Нам, свядомым і актыўным грамадзянам, сябрам грамадскіх арганізацый, варта аб'яднаць намаганні дзеля дасягнення гэтай пачэснай мэты!
Старшыня ТБМ
Алег Трусаў: Мова - фактар палітычны
Інтэрвію старшыні ТБМ Алега Трусава Радыё Свабода
- Напярэдадні стала вядома пра пашкоджанне помніка "У нескладоваму" ў Полацку. Як вы ставіцеся да гэтага інцыдэнту?
- Днямі здарылася вельмі добрая падзея: датэрмінова вызвалены актыўны сябар ТБМ Алесь Бяляцкі. І гэта нашмат лепей, чым тая адмоўная падзея, пра якую вы кажаце. А што да полацкага інцыдэнту, то гэта праяўляе сябе тая сіла, якая ўжо шмат гадоў і стагоддзяў знішчае ўсё беларускае. Гэта не першы і, я думаю, не апошні факт. Але мы адновім свае помнікі, захаваем мову, то бок, гэтая сіла нас не пераможа.
- Як вы ацэньваеце сітуацыю з беларускай мовай? Ці пашыраецца яе ўжыванне, калі глядзець на гэтыя 25 гадоў?
- Яна вельмі ўмацавалася ў неспрыяльных умовах. Яна паказала ўсяму свету, што яна настолькі моцная, што можа развівацца без дзяржаўнай падтрымкі і нават пры дзяржаўным уціску. Паглядзіце "Бібліятэку Свабоды". Колькі там кніжак выдадзена за гады незалежнасці! Паглядзіце незалежныя выдавецтвы, колькі мы друкуем кніжак, вершаў, часопісаў. Адно ТБМ трымае дзве газеты і два часопісы. Яны рэгулярна выходзяць. Дарэчы, да юбілею выйшаў 10-ты нумар часопіса "Верасень". І выглядае гэты часопіс у тры разы лепш, чым "Маладосць", "Полымя" і іншыя дзяржаўныя выданні. Так што, мова паказала сваю жыццяздольнасць, умацавалася. А пры змене палітычнай абстаноўкі, а яна раней ці пазней зменіцца, мова цягам, ну, дзесяці гадоў запануе ва ўсіх сферах жыцця.
- Ваш прагноз: калі беларуская мова стане адзінай дзяржаўнай у Беларусі?
- Калі будзе палітычная перамога тых сілаў, якія вернуць Канстытуцыю 1994 года. Я думаю, раней ці пазней гэтыя сілы прыйдуць да ўлады, будзе вернута Канстытуцыя. Я думаю, што напачатку можна пакінуць той запіс, што руская мова - мова міжнацыянальных зносін. Я б яшчэ дадаў туды ангельскую мову. І з адной дзяржаўнай мовай мы будзем існаваць - гэта стопрацэнтова. А ад нас з вамі залежыць, калі гэта будзе. Калі большасць грамадзян Беларусі будзе размаўляць прынцыпова па-беларуску, то палітычная перамога адразу ж адбудзецца. Мова заўжды была і ёсць важным палітычным чыннікам ва ўсіх краінах і ва ўсіх народаў.
- Вы сказалі, што пашыраецца выданне кніг на беларускай мове. Але гэта ўсё ж пераважна грамадскія намаганні...
- Дык у гэтым і сіла, што дзяржава не хоча, праганяе гэтых выдаўцоў, а кнігі ўсё роўна выходзяць. І вялікі фактар на нашым баку - інтэрнэт. Кнігі "Бібліятэкі Свабоды" спакойна можна пачытаць у Аўстраліі, Новай Зеландыі ці яшчэ дзе, што было немагчыма яшчэ 20 гадоў таму. Беларускамоўны сектар інтэрнэту вельмі актыўны. Вікіпедыя ёсць па-беларуску і ўсё астатняе. То бок дзякуючы інтэрнэту мы атрымалі такую зброю, з якой ніводная імперыя змагацца проста не можа.
- А што тычыцца ТБМ - колькасць сяброў аб'яднання расце?
- Я б не сказаў, каб яна моцна расла, але расце. У нашым аб'яднанні актыўных сяброў каля 6 тысяч. Гэта столькі, колькі ва ўсіх дэмакратычных партыях і рухах разам узятых. Але тут не важны фармальны бок - маеце вы пасведчанне сябра ТБМ ці не - важна, каб вы гаварылі па-беларуску. Паглядзіце, колькі зараз курсаў з'явілася: і "Мова ці кава", і "Мова нанова", і гэтак далей. І гэтыя людзі далёка не ўсе сябры ТБМ, іх там каля 20%. Таму нам важны не фармальны чыннік, а фактычны. І тут паціху праца ідзе, асабліва сярод моладзі.
- Цікава, а ці ёсць у ТБМ цяперашнія чыноўнікі?
- Чыноўнікі ёсць, але мы іх не афішуем. Але адзін з іх, Павел Латушка, не хавае сваёй прыналежнасці да ТБМ. Ён уступіў у ТБМ яшчэ студэнтам і актыўны сябра па сённяшні дзень. Вельмі шмат чыноўнікаў на месцах. Але мы стараемся гэта асабліва не паказваць.
- А з чым гэта звязана, што вы гэта не афішуеце?
- Гэта звязана з палітычнай сітуацыяй у краіне. Каб на гэтага чыноўніка не пісалі даносы, што ён "БНФ-авец", "бандэравец" і так далей. Таму што мова - фактар палітычны. Калі я нядаўна трапіў у больніцу, то, паколькі гаварыў па-беларуску, усе хворыя ў палаце адразу назвалі мяне "бандэраўцам". І калі я прачытаў лекцыю пра Сцяпана Бандэру, хто ён такі, яны адразу пачалі са мной размаўляць хоць на трасянцы ці дыялекце. То бок, разумееце, што значыць замбаванне насельніцтва? Таму чыноўнікам не варта расказваць, хто сябар ТБМ, бо сілы, якія на Ўсходзе, пастараюцца гэтых чыноўнікаў з працы прыбраць і паставіць прадстаўнікоў "рускага свету". Такіх таксама да халеры сярод чыноўнікаў.
Ідзе інфармацыйная вайна вельмі жорсткая, і гэтая вайна нікога не шкадуе. Таму на вайне, як на вайне. Мы павінны гэтыя фактары ўлічваць і сваіх сяброў не падстаўляць. Дарэчы, у нас шмат прадпрымальнікаў, даволі багатых людзей. Мы таксама іх імёны без іх дазволу нікому не называем. Бо без гэтых прадпрымальнікаў ці змаглі б мы існаваць і плаціць такія шалёныя грошы за арэнду, выдаваць часопісы? Вядома, не. Прадпрымальнікі ўступаюць у ТБМ даволі актыўна і нават пад старасць пераходзяць на беларускую мову. Вось нядаўна перайшоў на мову мой сябар Карагін, з якім мы сябруем са студэнцкіх гадоў. Я быў вельмі прыемна здзіўлены, што ён, ужо маючы 60 год, зразумеў вартасць беларушчыны і нават пачаў даваць па-беларуску інтэрвію. Так што ёсць пласт прадпрымальнікаў, пра якіх таксама без іхняй згоды стараемся не расказваць, каб да іх не прыехала падатковая інспекцыя прадстаўнікоў "рускага свету".
- Улады павысілі арэндную плату за сядзібу ТБМ у мінулым годзе. Як гэтае пытанне вырашылася, ці ўдалося вярнуць ільготны кошт?
- Вырашылі больш не дамагацца. Мы ўспамінаем анекдот, як Брэжнеў змагаўся з алькаголікамі. І там быў такі адказ: "Перадайце Ільічу, нам і 10 па плячу". Самае цікавае, чым больш нам павышаюць арэнду, тым больш прадпрымальнікі нам дапамагаюць. Таму мы вырашылі не кланяцца перад уладай, не прасіць, а ісці сваім шляхам і быць цалкам незалежнымі.
Мы вырашылі больш да ўладаў не звяртацца. Мы звярталіся, прасілі, а яны нас паслалі. А цяпер мы не будзем звяртацца. Дарэчы, мы плацім арэнду лепей, чым палова дзяржаўных арганізацыяў у Партызанскім раёне. І таму ЖЭС ставіцца да нас з велізарнай павагай. Мы цягам 2 гадзін аплочваем паперы на арэнду, якія яны нам прысылаюць. ТБМ дапамагаюць і пенсіянеры, і студэнты. І мы рэгулярна друкуем спісы ахвярадаўцаў і выстаўляем на нашым інтэрнэт-партале. Дарэчы, самых актыўных мы будзем сёння віншаваць нашымі падзякамі і сувенірамі. Мы будзем уручаць 40 падзяк ад імя ТБМ нашым актывістам, фундатарам і спонсарам.
- А за гэтыя 25 гадоў дапамогі ад дзяржавы так і не было?
- Вялікая дапамога была напачатку. Каб не дзяржава, то ТБМ наогул магло б не стварыцца. Яно ж стваралася ў Савецкім Саюзе, дазвол даваў ЦК КПБ, у які, дарэчы, Генадзь Бураўкін уваходзіў. Так што да рэферэндуму 1995 года дапамога з боку дзяржавы была вельмі вялікая. Капейкі плацілі за арэнду, за дзяржаўныя грошы выходзіла газета "Наша слова". У штаце рэдакцыі на заробках было 30 чалавек. І ўсё гэта скасавалі ў 1996 годзе, абклалі нас падаткамі і так далей. Так што быў перыяд напрыканцы існавання Савецкага Саюза і ў першыя гады незалежнасці, калі Кебіч уступіў у ТБМ і яму ўручалі пасведчанне № 1, у складзе ТБМ былі ўсе дзейныя міністры, быў Краўчанка, Дзямчук, Бутэвіч. Так што першыя гады з боку дзяржавы была вельмі вялікая падтрымка.
- А былы прэм'ер-міністр Кебіч так і застаўся ў ТБМ?
- Кебіча пазней выключылі.
- Сітуацыя ва Ўкраіне ўплывае на становішча беларускай мовы?
- Яна ўжо мае станоўчы эфект. Нават Лукашэнка заявіў, што без беларускай мовы не будзе нацыі. То бок чынавенства ўпершыню задумалася, што калі яны размаўляюць парасейску, яны частка "рускага свету", і на танках прыедуць іх бараніць. А як прыедуць, то першай пацерпіць наменклатура, а не сяляне. Іх у першую чаргу маскоўцы заменяць на сваіх, каго арыштуюць, каго пасадзяць, забяруць у іх бізнэс, капіталы. Так што ўкраінскі фактар вельмі занепакоіў дзяржаўных чыноўнікаў. І зараз яны вельмі баяцца і непакояцца. Паглядзіце, як яны памянялі пласцінку адносна Ўкраіны, не гледзячы на цесны саюз з Расеяй. Яны часам нават прынцыпова заяўляюць, што Крым павінен быць украінскім і гэтак далей. Так што, гэты фактар для нас станоўчы ў цэлым з боку палітычнай сітуацыі. Простыя людзі то, канешне, усяго баяцца. І для іх што беларуская, што ўкраінская мова - гэта мова Бандэры. То гэта люмпен, які мяняе погляды цягам дня.
Гутарыў Алесь Дашчынскі.
Прозвішчы Беларусі: найменні знакамітых людзей
(Паводле матэрыялаў "Нашага слова")
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Маслюкова (Алена М.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ова ад антрапоніма Маслюк з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Маслюк-ова . ФП: мас-люк - масляк ('грыб з ліпкай шапкай; казляк') - Маслюк (мянушка) - Маслюк (прозві-шча) - Маслюкова .
Масяйчук (Аляксандр М.) - дэрыват з суфіксам -чук ад антрапоніма Масей і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Масей-чук - Масяйчук . ФП: Майсей (імя) - Масей - Масейчук - Масяйчук .
Матчэня (Алег М.) - дэрыват з фармантам -эня ад антрапоніма Матко з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Матч(к/ч)-эня . ФП: Матвей (імя) - Матко - Матчэня .
Мацулёў (Мікалай М.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ёў ад антрапоніма Мацуль і семантыкай 'нашчадак названай асобы'. Мацул-ёў . ФП: Матвей - Мац-вель - Мацко - Мацуль - Мацу-лёў.
Машнюк (Таццяна М.) - дэрыват з фармантам - юк ад антрапоніма Машна з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Машн-юк . ФП: машна (устар. 'мяшочак для грошай, скураны капшук') - Машна (мянушка, потым прозвішча) - Машнюк .
Машчэнская (Алена М.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -ская ад Машчэні з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Машчэнская .
Мілаш (Леакадзія М.) - ад імя Мілаш .
Мінаева (Вера М.) - форма прыметніка з фармантам -ева ад антрапоніма Мінай і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Мінай-ева . ФП: Мінай (імя) - Мінаева .
Мінчук (Уладзімір М.) - семантычны дэрыват ад апелятыва мінчук 'жыхар горада Мінска': Мін(ск)-чук .
Мінько (Жанна М.) - народна-гутарковая форма ад імя Міна : Мінко - Мінько .
Міняйла (Ганна М.) - народна-гутарковая форма ад імя Мінай : Мінайла, Міняйла . Або ад скарочанай формы імя Веньямін : Мінь - Міня - Мі-няйла .
Мірановіч (Міхал М.) - форма бацькаймення з ак-цэнтаваннем фарманта -овіч ад антрапоніма Мірон з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Мір о н-авіч - Мірановіч.
Місевіч (Аляксандр М., Мар'ян М.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад Місь (< Місько ) з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Міс-евіч . ФП: Міхаіл - Міхась - Місь(ко) - Місевіч .
Міснікава (Кацярына М.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Міснік з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Міс-нік-ава . ФП: міска ('пасудзіна для яды') - міснік ('той, хто вырабляе міскі') - Міс-нік - Міснікава .
Місцюкевіч (Аляк-сандр М.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Місцюк і з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Місцюкевіч . ФП: Міхаіл - Місцюк - Місцюкевіч .
Міхайлоўская (Тацяна М.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -ская ад Міхайлова з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Міх а йлоў-ская - Міхайлоўская.
Міхалёва (Варвара М.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ёва ад антрапоніма Міхаль і з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Міхал-ёва . ФП: Міхаіл (імя) - Міхал - Міхаль - Міхалёва .
Міхальковіч (Віталь М.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Міхалька з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Міхальк-овіч . ФП: Міхаіл - Міхаль - Міхалька - Міхаль-ковіч.
Міхнавец (Дзіна М.) - адтапанімічны дэрыват з суфіксам -ец ад Міхнавічы з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Міх-нав(ічы)-ец .
Міцынская (Валянціна М.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -ская ад Міцына з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Мі-цын-ская .
Мішкевіч (Аліна М.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Мішка з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Мішк-евіч . ФП: Міхаіл - Міша - Мішка - Міш-кевіч.
Мішкель (Станіслаў М.) - народна-гутарковае імя (з суфіксам -ель ) ад кананічнага Міхаіл : Міша - Мішка - Міш-кель .
Мішкоў (Яўген М.) - форма прыналежнага прыметніка з акцэнтаваннем прыналежнага суфікса -оў ад антрапоніма Мішка з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Мішк-оў . ФП: Міхаіл - Міша - Мішка - Мішкаў - Мішкоў .
Мішчанкова (Юля М.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ова ад антрапоніма Мішчанка з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Мішчанк-ова . ФП: Мі-хаіл - Міша - Мішка - Мішчанка ('нашчадак Мішкі') - Мішчан-кова .
Млынарчык (Марыя М.) - утварэнне з суфіксам - чык ад антрапоніма Млынар з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Млынар-чык . ФП: млы-нар ('уладальнік млына або работнік у млыне; мукамол') - Млынар (мянушка, потым прозвішча) - Млынарчык . Прозвішчам магло стацца слова млы-нар-чык як найменне памочніка або сына млынара ( млы-нар-чык ).
Мудрачэнка (Сяргей М.) - дэрыват з фармантам - энка ад антрапоніма Мудрак з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Мудрач(к/ч)-энка . ФП: мудры ('надзелены вялікім розумам, празорлівы, з добрым веданнем жыцця', 'дасведчаны', а таксама 'мудрагелісты') - мудрак (пра мудрагелістага чалавека) - Мудрак (мянушка, потым прозвішча) - Мудра-чэнка .
Мудроў (Максім М.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Мудры : Мудр-оў . ФП: мудры (апелятыў) - Мудры (мянушка, потым прозвішча) - Мудроў .
Мухіна (Надзея М.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -іна ад антрапонім Муха з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Мух-іна . ФП: муха ('насякомае') - Муха (мянушка, потым прозвішча) - Мухіна .
Мянькоў (Юры М.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Мянёк з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Мяньк-оў . ФП: мянёк ('прэснаводная драпежная рыба сямейства трасковых з падоўжаным целам і плямістай скурай; мянтуз') - Мянёк (мянушка) - Мя-нёк (прозвішча) - Мянькоў .
Мясніковіч (Юры М.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Мяснік з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Мяснік-овіч . ФП: мяснік ('той, хто прадае мяса, гандлюе мясам') - Мяснік (мянушка, потым прозвішча) - Мясніковіч .
Мяцельскі (Мікалай М.) - дэрыват з фармантам - скі ад Мяцель , які можа матывавацца па-рознаму: 1) прэстыжная форма ад антрапоніма Мяцель з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Мяцель-скі ; 2) адтапанімічнае ўтварэнне ад Мяцель з семантыкай 'жыхар (народзінец) названай мясцовасці': Мяцель-скі .
Мяцюн (Таццяна М.) - семантычны дэрыват ад апелятыва мяцюн - утварэння з суфiксам -юн(-ун) ад месцi ( мяце ) i семантыкай 'той (тое), што мяце' - чалавек, якi мяце (падмятае), вецер, якi мяце снег (мяцеліца). ФП: месцi (мяце) - мяцюн (суб'ект дзеяння) - Мя-цюн (мянушка) - Мяцюн .
Навагродскi (Мечыслаў Н.) - адтапанiмічны дэрыват з фармантам -скi (i акцэнтаваннем на прадапошнім складзе) ад Нав а градак з семантыкай 'жыхар (народзiнец) названнага паселiшча': Нав а- градак (пазнейшае Навагрудак (польскае) - Нав а градскi - Навагродскi.
Навахрост (Кацярына А.) - семантычны дэрыват ад апелятыва навахрост 'той, хто атрымаў новы хрост - новае хрышчэнне'. ФП: новае хрышчэнне - новы хрост - навахрост - Навахрост (мянушка) - На-вахрост.
Навумец (Яўген Н.) - дэрыват з суфіксам -ец ад антрапонiма Навум i семантыкай 'нашчадак названай асобы': Навум-ец . ФП: Навум (iмя) - Навумец . Або ад тапоніма На-вумы з семантыкай 'жыхар (народзiнец) названага паселішча'
Навумовiч (Iван Н.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапонiма Навум i семантыкай 'нашчадак названнай асобы': Навум-овіч . ФП: Навум (iмя) - Навумовіч .
Нагорны (Юры Н.) - адтапанiмiчны дэрыват у форме прыметнiка (з фармантам -ы) ад Нагорна з семантыкай 'жыхар (народзiнец) названай мясцовасцi': Нагорна - На-горны . Параўн.: Горны - прозвiшча жыхара вёскi Горна (Зэльвенскi р-н).
Нагiн (Павел Н.) - форма прыметнiка з cуфiксам -ін ад антрапонiма Нагі i семантыкай 'нашчадак названнай асобы': Наг-iн . ФП: нагi ('голы', 'бедны' - СБГПЗБП, т .3, с. 130) - Нагі (мянушка, потым прозвiшча) - Нагін .
Найдзёнава (Вера Н.) - форма прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Найдзён і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Най-дзён-ава . ФП: н а йдзены - найдзён ('той, каго знайшлі') - Найдзён (мянушка, потым прозвішча) - Найдзёнава .
Нарушэвіч (Міхаіл Н.) - форма бацькаймення з акцэнтаваным фармантам -эвіч ад антрапоніма Наруш і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Наруш-эвіч . ФП: нарушыць - нарушаны - Н а руш - Нару-шэвіч .
Наскоў (Міхаіл Н.) - форма прыметнiка з cуфiксам -оў ад антрапоніма Наско і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Наск-оў . ФП: насіць - наско ('той, хто носіць') - Наско (мянушка, потым прозвішча) - Наскоў.
Несцяровіч (Антаніна Н.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Несцер і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Н е с-церавіч - Несцяровіч . ФП: Не-сцер (імя) - Н е сцеравіч - Нес-цяровіч.
Несцярчук (Валеры Н.) - дэрыват з фармантам -ук ад антрапоніма Несцерка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Несцяр-к/ч-ук . ФП: Несцер (імя) - Несцерка - Несцярчук.
Несцярэнка (Васіль Н.) - дэрыват з фармантам -энка ад антрапоніма Несцер і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Несцяр-энка.
Нікалаеўская (Вольга Н.) - адтапанімічны дэрыват ад Нікалаеўка і семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Нікалаеў-ская .
Нікановіч (Васіль Н.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Нікан і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Нікан-овіч . ФП: Нікан (імя) - Ніканаў - Нікановіч.
Нікіпорчык (Віктар Н.) - дэрыват з суфіксам -чык ад антрапоніма Нікіпар (Нікі-пор) з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Нікіпор-чык . ФП: Нікіфар - Нікіпар - Нікі-пор - Нікіпорчы к.
Нікіценка (Мікалай Н.) - дэрыват з фармантам - енка ад антрапоніма Нікіта і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Нікіц-енка . ФП: Нікіта (імя, белар. Мікіта ) - Нікіце-нка .
Новікава (Яна Н.) - форма прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Новік і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Новік-ава . ФП: новы - новік - Новік - Новікі (паселішча з прозвішчамі Новік ) - Но-вікава .
Носава (Галіна Н.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Нос і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Нос-ава . ФП: нос ('орган нюху чалавека') - Нос (мянушка 'насач') - Носава .
Някляеў (Уладзімір Н.) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -еў ад антрапоніма Някляй і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Някляй-еў . ФП: ніклы ('кволы'- СБГПЗБП, т. 3, с. 223; - параўн. польск. nikly 'бледны, слабы') - нікл-яй ('слабак', параўн. голы - галай ) - Нікляй (мянушка, потым прозвішча) - Нікляеў - Някляеў (рэгрэсіўная асіміляцыя галосных: і-а > а-а (я-я) .
Оліна (Эма О.) - форма прыметніка з фармантам -іна ад антрапоніма Оля і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ол-іна . Прозвішча можа матывавацца і народна-гутарковай (дыялектнай) формай ад Аліна ("оканне").
Отчык (Андрэй О.) - дэрыват з суфіксам -ык ад От-чым з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Отч(ым)-ык . Або ад царкоўнага Отчий : Отч-ик - Отчык .
Палубінская (Зоя П.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -інская ад Палуба і семантыкай 'жыхар (наведнік) названай мясціны': Палуб-інскі . ФП: палуба ('гарызантальнае перакрыцце ў корпусе карабля') - П а луба ('прастора, што нагадвае палубу') - Палубін-ская .
Палубятка (Іосіф П.) - семантычны дэрыват ад апелятыва палубятка (памянш.-ласк. ад палуба (палуб-ятка) 'невялікае гарызантальнае перакрыццё ў корпусе карабля'.
Палянскі (Андрэй П.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -скі ад Паляна з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Палян-скі.
(Працяг у наст. нумары.)
Павел Сцяцко
Юбілейная друкаваная прадукцыя да 25-годдзя ТБМ
Да 25-годдзя ТБМ імя Ф. Скарыны Таварыствам выпушчаны тры віды паштовак і два віды канвертаў з выявамі помнікаў Ф. Скарыну ў Менску і Лідзе, а таксама помніка "Ў" у Полацку. Дызайн Ігара Марачкіна.
Да 25-годдзя ТБМ імя Ф. Скарыны Таварыствам выпушчаны тры віды насценных календароў на 2014-15 гг. з выявамі помнікаў Ф. Скарыну ў Менску і Лідзе, а таксама помніка "Ў" у Полацку. Дызайн Ігара Марачкіна.
Да 25-годдзя ТБМ імя Ф. Скарыны Таварыствам выпушчаны тры віды кішэнных календарыкаў на 2014-15 гг. з выявамі помнікаў Ф. Скарыну ў Менску і Лідзе, а таксама помніка "Ў" у Полацку. Дызайн Ігара Марачкіна.
Да 25-годдзя ТБМ імя Ф. Скарыны Таварыствам выпушчаны абноўлены варыянт буклета "Беларуская мова - гэта наша мова". Дызайн Ігара Марачкіна.
25-годдзе ТБМ імя Францішка Скарыны
Больш за 40 актыўных сяброў ТБМ былі ўганараваныя падзякамі ТБМ з нагоды 25 угодкаў Таварыства, сярод іх: Ніл Гілевіч, Анатоль Грыцкевіч, Эдуард Акулін, Алесь Бяляцкі, Вольга Іпатава, Ніна Шыдлоўская, Іна Кулей, Эрнэст Ялугін, Людміла Дзіцэвіч ды іншыя. Людміла Дзіцэвіч адказала на падзяку вершам "Як мы ратавалі мову і Беларусь".
Шэраг сяброў ТБМ за ўклад у беларускамоўную адукацыю быў узнагароджаны дыпломамі Таварыства беларускай школы, якія ўручыў Алесь Лозка.
10 чалавек атрымалі ў падарунак наборы кніг з бібліятэчкі "Радыё Свабоды".
Зала была аздоблена адмысловымі банэрамі з сімволікай ТБМ.
Наш кар.
Да 25-ых угодкаў з дня ўтварэння Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны
Як мы ратавалі мову і Беларусь
У канцы ХХ стагоддзя
Краіны Беларусь на карце не было,
Ды сказалі беларусы: "Годзе,
Хопіць нам насіць ганебнае ярмо!"
Таварыства беларускай мовы
Пад харугвы склікала народ
Ратаваць сябе, краіну, мову,
Каб паўстаў з калень славуты род.
Пачалі яны з культуры мовы,
З тэрмінаў спрадвечных, з тых крыніц,
Што забытыя вярталі словы
Ліцвінскіх казак, песень-чараўніц.
Тры асілкі народ аб'ядналі -
Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Алег Трусаў,
Любоў прасветлую, пяшчоту
і невядомую краіну паказалі
І навучылі жыць у роднай мове без прымусу.
Рада для паплечнікаў прыўкраса,
Сакратарыят склікаў на веча,
"Наша слова" разам з "Новым часам"
Новы лад збудоўвалі навечна.
Школка адраджалася нанова,
Паўставалі беларускія гімназіі, ліцэі,
Ва ўніверсітэт пранікла наша слова,
Храмы сталі родным словам дзеіць.
Усяго было на той дарозе
Ганьба, зневажанне, высяленне,
Закрыццё газеты, рабаванне.
Але выстаялі, не зламаліся ў гароце.
Сёння Таварыству 25 святкуем,
Гурт наш моцны, мы - гаспадары.
І па тых прасветлена сумуем,
Хто адляцеў у неба без пары.
Мы лёсу ўдзячныя за выбар нас, адметных,
Мы летапіс складаем у хаўрусе,
Мы - ветэраны й моладзь, наша мэта -
Як жыць, дык жыць для роднай Беларусі!
26.06.2014 г.
З павагай і любоўю
Людміла-Францішка Дзіцэвіч .
Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў ліпені
Адамчык Надзея Іванаўна Амбразевіч Людміла Мікал. Амяльковіч Віталь Леанідавіч Амяльковіч Павел Анатольев. Арбузаў Анатоль Цімафеевіч Арэшка Вераніка Вечаслав. Аўдзейчык Ілля Анатольевіч Аўсей Аляксандр Бабенка Сяргей Бацян Пётр Дзмітрыевіч Баброўская Марына Вітал. Балашка Алег Баран Аляксандр Бараноўскі Ігар Віктаравіч Барболін Васіль Васільевіч Бармута Юлія Уладзіміраўна Белан Наталля Бельская Святлана Блізнюк Аляксандр Аляксан. Богдан Вадзім Міхайлавіч Бубешка Уладзімір Бумажэнка Я. М. Буцко Павел Анісімавіч Бязрукая Маргарыта Юр'еўна Варачаева Анастасія Андр. Васечка Іван Уладзіміравіч Ваўчок Аляксандр Верамоўскі Аляксей Мікал. Вячорка Вінцук Рыгоравіч Гайко Сяржук Анатольевіч Галавань Алесь Галай Аркадзь Апанасавіч Герасімовіч Казімір Станісл. Глазко Дзмітры Мікалаевіч Гняткоў Валеры Голышаў Павел Грузноў Валер Іосіфавіч Грынько М.У. Гуркоў Сяргей Мікалаевіч Дабравольская Наталля Міх. Данілава Таццяна Даніловіч Мар'яна Даўматовіч Іван Уладзіміравіч Дзянісаў Галляш Дзяшук Юры Віктаравіч Дрожынава Іна Аркадзеўна Ермакова Святлана Сяргееўна Ермалёнак Вітольд Антонавіч Ермаловіч Святлана Жмачынскі Аляксандр Вікт. Жыгальская Вольга Анатол. Залацілін Аляксандр Валер. Звераў Юры Звонік Святлана Згурская Ганна Здановіч Іван Юльянавіч Зелянкевіч Наталля Знавец Павел Кірылавіч Зуёнак Васіль Васільевіч Ільініч Наталля Валянцінаўна Ішчанка Кацярына Сяргееўна Кавалёнак Л. П. Казлова Алена Казлова Святлана Мікалаеўна Казляк Любоў Калеева Вераніка Уладзімір. Каракін Андрэй Анатольевіч Кардаш Наталля Аляксандр. Кароткі Мікалай Мікітавіч Карп Алена Аляксандраўна Картавенкава Галіна Пятроўна Карчэўскі Анатоль Касяк Кастусь Кобер Таіса Корзун Валянціна Коцікаў Ян Краснеўскі Віталь Сяргеевіч Красноўскі Аляксандр Віктар. Краўчанка Сяргей Канстанц. Краўчук Маргарыта Дзмітр. Крываручанка Ігар Мікал. Крывашэеў Зміцер Сяргеевіч Крывёнак Міхаіл Фадзеевіч Ксянзоў Кірыл Уладзіміравіч Кузняцоў Ігар Мікалаевіч Кулак Жанна Язэпаўна Кульбеда Дзмітры Сяргеевіч Кульбіцкі Пятро С. Кундас Ганна Кухарчык Пётр Андрэевіч Лабадзенка Глеб Паўлавіч Лагутаў Віталь Лажкова Наталля Лапановіч Андрэй Васільевіч Лапкоўскі Алег Мікалаевіч Лаўнікевіч Дзяніс Эдуардавіч Лесавы Кірыл Лецяга Ігар Ліннік Міхаіл Аляксандравіч Ліннік Сяргей Мікалаевіч Літвіненка Аляксандр Лукін Ілля Міхайлавіч Лява Арцём Лявіцкі Антон Мікалаевіч Ляўчук Вольга Васільеўна Ляўчук Леанід Аляксандравіч Макарыч Максім Міхайлавіч Макоўская Алена Паўлаўна Максімава Кацярына Маоклы Дзяніс Ігаравіч Мароз Наталля Алегаўна Марчанка Пётр Георгіевіч Машанскі Аляксандр Іванавіч Машынская Ірына Антонаўна Мікалаеўская Анастасія Іван. Місцюк Уладзімір Мікалаевіч Місцюкевіч Аляксандр Іван. Місько Алег Пятровіч Млынарчык Марыя Молчан Барыс Валянцінавіч Мулашкіна Лізавета Дзмітр. Муха Анатоль Міхайлавіч Навіцкі Пётр Лявонавіч Нагдаляп Андрэй Мікалаевіч Найдзёнава Вера Нашкевіч Дар'я Іванаўна Недзялкаў Яраслаў Нікалаеўская Вольга Нікалаеўская Вольга Ігараўна Нікановіч Васіль Васільевіч Новікава Марыя Сяргееўна Някляеў Уладзімір Пракопавіч Пазняк Жанна Панізнік Алена Іванаўна Паплыка Аляксандра Сярг. Парда Аліна Іванаўна Пастарнак Барыс Натанавіч Паўлоўская Ганна Валер'еўна Пашкевіч Алег Эдуардавіч Пашкевіч Мікалай Іванавіч Пашкевіч Тацяна Валер'еўна Піскун Андрэй Анатольевіч Пракоф'ева Юлія Прыбыткова Святлана Пузанкевіч Сяргей Уладзімір. Пяткоўская Алена Іосіфаўна Пятроў Аляксандр Аляксанд. Радчук Віталь Дзмітрыевіч Радзіонава Ірына Яўгенаўна Рамук Алена Рашчэўскі Віталь Часлававіч Розін Дзмітры Барысавіч Рудовіч Мікалай Русаў Пятро Аляксандравіч Рымша Алесь Георгіевіч Савік Мікола Пятровіч Савіна Анастасія Сагалец Ілля Фёдаравіч Сакалоўскі Уладзімір Самасюк Аляксандр Міхайл. Сарокін Арцём Адамавіч Сватко Павел Аляксандравіч Семяненка Максім Уладзімір. Сінцова Тацяна Скупановіч Уладзімір Леанід. Смаль Валянцін Мікалаевіч Смола Таццяна Стрыгельская Наталля Анат. Сулкоўскі Уладзімір Якаўл. Сухаверхі Міхаіл Пятровіч Сыраваткаў Аляксандр Васіл. Сыч Ніна Лявонцьеўна Сюбарава Серафіма Іванаўна Сяменчык Настасся Мікал. Сяркоў Андрусь Сяткоўская Вераніка Уладзім. Талапіла Алесь Львовіч Талатай Святлана Танкевіч Аляксандр Яўгенавіч Ткачова Вольга Трапашка Марыя Трацяк Вера Тумаш Генадзь Тупік Кацярына Віктараўна Усцінава Людміла Нікіфараўна Філіповіч Валер Аляксеевіч Хасанаў Ігар Храпавіцкая Тамара Аркадз. Хрол Часлаў Часлававіч Цітко Валянцін Уладзіміравіч Ціцянкова Галіна Цішкевіч Вольга Іосіфаўна Цішко Валянцін Уладзіміравіч Цыганкоў Генадзь Васільевіч Цюшкевіч Сяргей Анатольев. Чапля Данута Чарнышоў Алесь Ігаравіч Чарткоў Мікола Алегавіч Чыгір Клаўдзія Сцяпанаўна Чысцякоў Аляксей Уладзімір. Шалупенка Васіль Іванавіч Шапуцька Ганна Віктараўна Шарашовец Аляксандр Мік. Шумскі Ягор Аляксандравіч Шусціцкі Тадэвуш Віктаравіч Шымірка Анатоль Шыпай Аляксандра Генадз. Шычко Валянціна Шычко Святлана Вячаслав. Шэравера Руслан Уладзімір. Юран Антон Язерскі Сяргей Ярмац Аляксандр Аляксандр. Яскін Андрэй Алегавіч Яўцюшкіна Тацяна Аляксан. Ячычка Віктар
"Будзьма!"
7 ліпеня (панядзелак) адбудуцца заняткі "Гісторыя ў падзеях і малюнках" з Алегам Трусавым. Пачатак - 18. 00 гадзін. Румянцава, 13. Уваход вольны.
АБ'ЯВА
У ліпені сядзіба ТБМ працуе штотыднёва з панядзелка па чацвер з 17.00 да 19.00 гадзін.
Кніжная выстава ў ліпені не працуе. 3 ліпеня сядзіба не працуе.
"Тукай - звычайнае прозвішча…"
Габдула Тукай (Нabdulla Tuqay). Напэўна, рэдка каму з жыхароў Беларусі знаёма сугучча гэтых словаў. Габдула Тукай (1886-1913) - класік татарскай літаратуры, адзін з яе пачынальнікаў. Імя Габдулы Тукая, як і імя Мусы Джаліля, асабліва дарагое татарам Паволжа.
Для сусветнай культуры вельмі значная яго перакладчыцкая дзейнасць, менавіта ён пераклаў на фарсі Пушкіна. Прыгажосць вершаскладання іранскага паэта Хафіза найлепш змаглі перадаць Гётэ і Пушкін, а яшчэ Тукай. Яго творы выдадзены на 26 мовах свету мільённымі тыражамі. Да 125-годдзя нараджэння паэта ў перакладзе на фарсі падрыхтаваны ў найлепшых традыцыях Ірана (старадаўняй Персіі) зборнік ягоных вершаў.
Як ні дзіўна, але прозвішча Тукай было вядома на Наваградчыне яшчэ 200 гадоў таму назад. Калі Адам Міцкевіч напісаў філасофскую баладу "Тукай, або Выпрабаванні дружбы" (выдадзена ў Вільні, 1823), то тлумачэнне да твора самога аўтара гучала так: "Тукай - звычайнае прозвішча, якое сустракаецца ў некаторых вёсках каля Завосся (на Наваградчыне), дзе адбываецца дзеянне балады" .
Адам Міцкевіч (1798 - 1855), Аляксандр Пушкін (1799 - 1837), Міхаіл Лермантаў (1814 - 1841), Янка Купала (1882 - 1942), Максім Багдановіч (1891 - 1917) сталі светачамі паэзіі сваіх народаў, а іх жыццёвая пазіцыя служыць узорам сумленным людзям усяго свету. Тукай лічыў сябе вучнем Пушкіна, ён першым з татарскіх паэтаў назваў у сваім вершы імя Лермантава. Даволі рана ён пазнаёміўся з творамі вялікіх рускіх паэтаў, перакладаў Пушкіна, выдатна ведаў творчаць Лермантава, а напрыканцы свайго кароткага жыцця напісаў:
Пушкин, Лермонтов -
два Солнца - высоко вознесены,
Я же свет их отражаю
наподобие Луны.
1913 Адрывак. Пераклад з татарскай В. Ганіева.
Татарскі юнак абагаўляў Пушкіна, чытаў яго, як мусульманін чытае Кур'ан.
Всегда душе моей
близки твоей души порывы…
Идти повсюду за тобой -
мой долг, мое стремленье,
А то, что веры ты другой,
имеет ли значенье?..
Пушкіну.
Пераклад з татарскай С. Бацвінніка.
Лермантава любіў як сябра, такога ж, як і сам, адзінокага. Маці Лермантава памерла, калі маленькаму было ўсяго два гады, бацьку ён амаль не бачыў і рос пад апекай бабулі з роду Арсенневых (прозвішча ўзнікла ад імя залатаардынскага мурзы Арслана, хрышчонага пад імем Арсеній).
Ранняе сіроцтва - гэта Габдула адчуў спаўна. У чатыры з паловай месяцы ён застаўся без бацькі, указного мулы Мухамет-Гарыфа. І толькі ў мячэтнай кнізе захаваўся зроблены яго рукой запіс арабскай вяззю аб нараджэнні сына. Калі хлопчыку было тры гады, памерла маці. Далей дзядуля вымушаны быў аддаваць унука на выхаванне ў розныя сем'і. У 1895 г. дзевяцігадовага Габдулу ўзялі ў сям'ю купца Усманава, дзе гаспадыняй была сястра яго бацькі. Ён прыехаў ва Ўральск, пачаў вучыцца ў медрэсэ "Мутыгія" і праявіў высокую адоранасць у пасціжэнні моваў - татарскай, рускай, арабскай, турэцкай, персідскай (фарсі).
Адначасна загаварылі аб долі селяніна
Веданне моваў і няпростыя павароты жыцця адкрылі Габдуле Тукаю шлях у прафесію журналіста, а далей і ў вялікую паэзію. Яго першым выдатным паэтычным творам на татарскай мове быў пераклад верша А. Кальцова "Что ты спишь, мужичок?". Верш апублікаваны пад назвай "Сон мужыка", год апублікавання - 1905. І як тут не ўзгадаць, што ў тым самым 1905 годзе 15 траўня ў менскай газеце "Северо-Западный край" быў апублікаваны на беларускай мове верш "Мужык" - першы надрукаваны твор Івана (Яся) Луцэвіча, які падпісаўся псеўданімам "Янук Купала". Па волі лёсу атрымалася так, што абодва нацыянальных паэты адначасна загаварылі з селянінам аб чалавечай годнасці на яго роднай мове.
Ім наканавана было жыць у адну эпоху і стаць Прарокамі для свайго народа! Габдула Тукай нарадзіўся 14 (26 па н. ст.) красавіка 1886 г. у вёсцы Кушлавыч Казанскага ўезда, Казанскай губерні. Янка Купала нарадзіўся амаль на чатыры гады раней - як раз у ноч народнага свята Купалле 25 чэрвеня (7 ліпеня па н. ст.) 1882 г. у фальварку Вязынка Менскага павета Менскай губерні. Пасля смерці бацькі ў 1902 г. яму, каб пракарміць сям'ю, давялося на працягу шасці гадоў (1902 - 1908) не толькі працаваць на сялянскай гаспадарцы. Ясь Луцэвіч быў хатнім настаўнікам, эканомам у панскім маёнтку, чорнарабочым, тры гады працаваў памочнікам вінакура на броварах. Яго першыя літаратурныя спробы звязаны з гэтым перыядам жыцця.
І далей паэты крочылі агульным шляхам, які вызначаў час і гатоўнасць служыць свайму народу. На хвалі рэвалюцыі 1905 г. ва Ўральску з'явіліся першыя татарскія газеты і часопісы "Фікер" ("Думка"), "Аль-гасраль-джадзід" ("Новы век"), "Уклар" ("Стрэлы"), у якіх Тукай друкуе вершы і артыкулы. На пачатку 1907 г. пакідае медрэсэ, а з чэрвеня 1907 г. пачынаецца наступ на дэмакратычны рух. Водгукам на гэта стаў верш-заклік "Не адыйдзем!", вершы "Шурале", "Пара коней", "Роднай зямлі".
Тукай горача любіў Казань, называў "прамяністай", звязваў з ёй самае лепшае. І гэта, не глядзячы на тое, што за час жыцця ў Казані ў яго не было ніводнога паэтычнага зборніка, на які не накладваўся б арышт. Затое ў 1907 - 1908 гг. ён надрукаваў у газеце "Эль-іслах" і сатырычным часопісе "Яшэн" ("Маланка") каля шасцідзесяці вершаў, адну невялікую паэму і дзве паэмы-казкі. Пазней былі складзены два зборнікі (за кожны паэт атрымаў па пяцьдзесят рублёў), асобна выдадзена казка "Залаты пеўнік" - вольны пераклад з Пушкіна. Друкаваў ён таксама фельетоны і артыкулы. Толькі для дзяцей выдаў каля дзясятка кніжак.
Купала любіў Вільню. У 1908 - 1909 гг. Янка Купала жыў у сталіцы беларускага адраджэння і працаваў у рэдакцыі газеты "Наша ніва". У гэты час ім напісаны творы з жыцця беларускіх сялян ("У Піліпаўку", "За што?" і інш.). Да 1913 г. ён пераклаў на беларускую мову А. Міцкевіча, асобныя творы рускіх паэтаў, якіх таксама перакладаў Габдула Тукай, - І. Крылова і А. Кальцова. Яго натхняла творчасць М. Горкага, які яшчэ ў 1910 г. зрабіў пераклад менавіта купалаўскага верша "А хто там ідзе?" і змясціў у часопісе "Современный мир". Пазней былі здзейснены пераклады верша на многія мовы народаў свету і ў выніку атрымаўся асобны зборнік аднаго верша на 82 мовах.
1913 - 1942
У 1913 годзе, у красавіку, калі прырода абвяшчала новы цыкл адраджэння, перарвалася жыццё Тукая, у татараў не стала свайго паэта.
У 1913 г. у Вільні выйшаў адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў Максіма Багдановіча "Вянок".
У кастрычніку 1913 г. Купала вяртаецца ў Вільню. Ён працуе ў "Беларускім выдавецкім таварыстве", у газеце "Наша ніва" і як рэдактар гэтага выдання церпіць судовыя пераследаванні царскіх уладаў. Але гэта не спыняе Песняра, ён выдае зборнікі сваіх твораў. У 1913 г. выйшаў трэці паэтычны зборнік "Шляхам жыцця", у які побач з выразна грамадзянскімі вершамі, уваходзяць шэдэўры Купалавай філасофскай, пейзажнай, інтымнай лірыкі. Многае з таго, што будзе напісана пасля, не зможа пераўзыйсці напісанае ў гэты час, хоць Купалу наканавана было пражыць яшчэ амаль 30 год.
Купала і Тукай жылі ў адзін час, але дарогі іх не сышліся, хоць сустрэцца яны маглі. Напрыклад, вясной 1912 г. у час прыезду Тукая ў Пецярбург, дзе Купала займаўся на агульнаадукацыйных курсах А.С. Чарняева (1909 - 1913 гг.).
Быў Купала і ў Казані. Але гэта было пазней, і нагода была дрэнная - вайна. Летам 1941 г. ён пакідаў акупаваную нямецкімі войскамі Беларусь. У перапоўненую бежанцамі Казань Купала разам з жонкай трапілі восенню. Па запрашэнні дырэктара млынкамбіната Наякшына яны з Уладзіславай Францаўнай апынуліся ў невялікім мястэчку Пячышчы. Некаторы час жылі ў доме дырэктара, а пасля перасяліліся ў службовую кватэру пайшоўшага на фронт намесніка дырэктара. Народны паэт Беларусі хадзіў па тэрыторыі млына, у яго склаліся добрыя адносіны з рабочымі, з імі паэт размаўляў кожны дзень. Вядома, што Янка Купала нават друкаваўся ў газеце млынкамбіната. Да гэтага на татарскую мову было перакладзена два вершы Купалы "А ў Вісле плавае тапелец..." (перакладчык невядомы) і "Сонца" (пераклад Х. Туфана). У Пячышчах быў створаны верш "Хлопчык і лётчык на вайне", пачатая паэма "Дзевяць асінавых колляў".
Млынкамбінат, магчыма, працуе і цяпер. А ў 1950 г. на адным з муроў была ўсталявана мемарыяльная шыльда з тэкстам: "В этом доме с 13 ноября 1941 года по 13 июня 1942 года жил народный поэт Белоруссии Янка Купала" . У 1975 г. адкрыты мемарыяльны пакой Я. Купалы, які зараз з'яўляецца часткай музея гісторыі млынкамбіната. У пакоі захоўваюцца рэчы, якія ўтрымліваюць цеплыню рук паэта, подых яго жыцця: пісьмовы стол, шафа з кнігамі, венскія крэслы, жалезны ложак, радыёпрыёмнік. На вялікі жаль нам невядома, ці вярнуўся з вайны былы гаспадар кватэры. Купалу ж сярод вайны выклікалі ў Маскву з нагоды 60-годдзя. Ён прыехаў 18 чэрвеня 1942 г., 28 чэрвеня Янкі Купалы не стала. У гатэлі "Масква" пры загадкавых абставінах яго жыццё трагічна абарвалася ў лесвічным пралёце дзясятага паверха. Загінуць жа ён мог ужо як мінімум двойчы. Ад лістапада 1930-га прайшло амаль 12 год, ад 1937-га меней… У той самы дзень, калі ў Маскве хавалі паэта, памерла яго маці Бянігна Іванаўна. Яна не ведала, што здарылася з сынам, аднак, здаецца, што такое супадзенне невыпадковае - гэта повязь паміж маці і сынам, які так быў падобны да яе... Праз 20 год пасля смерці урна з прахам паэта будзе перавезена ў Менск на Вайсковыя могілкі, і сын знойдзе вечны спачын побач з маці.
Да 125-годдзя з дня нараджэння першага народнага паэта Беларусі ў Маскве на Кутузаўскім праспекце ў ліпені 2007 г. быў адкрыты помнік, які лічыцца адным з лепшых манументаў Купалу ў свеце. А ў красавіку 2011 г. на Новакузнецкай (хоць ёсць Ардынка і Вялікая Татарская) адкрыўся помнік Габдуле Тукаю. Адкрыццё помніка адбывалася ў дні святкавання 125-годдзя з дня нараджэння паэта.
Тукай - Багдановіч
Тукай мог сустрэцца і шчыра пасябраваць з маладзейшым за сябе на пяць гадоў Максімам Багдановічам. Габдуле ў рукі маглі трапіцца артыкулы Максіма, якія друкаваліся ў рускамоўных газетах. Максіму лёгка было б зблізіцца з паэтам і публіцыстам, у якога, як і ў яго самога, было абвостранае пачуццё адданасці свайму краю, а яшчэ… адчуванне адзіноты. І ў гэтым ім абодвум быў блізкі Лермантаў. Да 100-годдзя з дня нараджэння Лермантава Багдановіч змясціў у яраслаўскай газеце "Голос" (2.10.1914) артыкул аб творчасці Лермантава "Одинокий". У Лермантава ёсць радкі: "Я к одиночеству привык, // Я б не умел ужиться с другом" . Тукай у адным з вершаў абгрунтоўвае сваю прыхільнасць да адзіноцтва, адасобленасці: "Ты живи своею жизнью, избегая суеты, // Шум бесплодный чужд поэту, от него скрывайся ты" ("На памяць", пер. В. Тушновай). Паэма Багдановіча "Максім i Магдалена" стваралася пад уплывам "Песні пра... купца Калашнікава" i "Баярына Оршы", духоўная напружанасць жыцця наканавана асуджаным на адзіноту галоўным героям паэмы Лермантава "Дэман" i паэмы Багдановіча "Страцім-Лебедзь". Тукай перакладаў Лермантава, пісаў вершы яму ў перагук: у падзагалоўку верша "Прарок" (1908) пазначана, што гэта варыянт аднайменнага верша Лермантава.
Лермантаў, Тукай, Багдановіч. Паэты пражылі вельмі мала. Лермантаў - 27, Тукай - 26, Багдановіч - 25 гадоў. Міхаіл Лермантаў загінуў на дуэлі. Жыцці Габдулы Тукая і Максіма Багдановіча загубіла адна і тая ж хвароба. Але яны здолелі адчуць радасць і сэнс жыцця і перадаць свае пачуцці так, як гэта маглі зрабіць толькі вельмі блізкія, з агульным лёсам, людзі:
...Калісь глядзеў на сонца я,
Мне сонца асляпіла вочы.
Ды што мне цемень вечнай ночы,
Калісь глядзеў на сонца я.
Няхай усе з мяне рагочуць,
Адповедзь вось для іх мая:
Калісь глядзеў на сонца я,
Мне сонца асляпіла вочы.
Трыялет. М. Багдановіч.
Пусть жизнь моя как ночь темна,
Не жду ни солнца, ни луны.
Я благодарен и за то,
что звезды в небе мне видны.
Я ощущаю тяжесть рук,
прикосновенье черных сил.
Но враг мой в сердце у меня
святой звезды не погасил.
Нет, нет, горит моя звезда,
не меркнет отблеск золотой,
И несомненно, хоть один заблудший
той спасен звездой.
Моя звезда. Г. Тукай.
Пераклад В.Тушновай.
Габдула і Максім маглі распавесці адзін адному шмат аб чым. Напрыклад, Габдула прыгадаў бы збіты з дошак куфэрак, у якім дзед Зінатула трымаў кнігі - самае вялікае сваё багацце, і вось дзядуля сядзіць за чытаннем ці чытае сваім родным вершы, якія сам напісаў. Максім бы распавёў пра бібліятэку бацькі Адама, пра бацькаў куфар і цудоўнае яго выратаванне з агню.
Няма смачней вадзіцы, як з роднай крыніцы
Вельмі важныя падзеі прыйшліся на 1911 год. Максім працуе над стварэннем беларускага лемантара. Па заканчэнні гімназіі ў чэрвені 1911 г. ён едзе ў Вільню, дзе будзе два тыдні, затым здзейсніць сваю мару - наведае беларускія мясціны. Каб зараз з Менска трапіць у Ракуцёўшчыну, трэба ехаць чыгункай у кірунку Маладзечна і, калі праехаць станцыю Мясата, далей будзе Татаршчызна, а затым Крыніца. Вось тут быў Максім і, як кажуць у казках, ваду піў. Напэўна, для яго хворых грудзей, яна была хоць на некаторы час гаючай.
Наогул жа яму патрэбны былі больш сур'ёзныя лекі. 21 лістапада 1910 г. Адам Ягоравіч у лісце да Кацярыны Паўлаўны Пешкавай піша: "Максім слабагруды, праседзеў зіму ў Ялце, а летам з Лёвам на кумысе" . Бацька стараўся падтрымаць сваіх дзяцей. Калі захварэў на сухоты старэйшы сын Вадзім, летам 1899 г. сям'я едзе на кумыс у вёску Кара-Якупава недалёка ад станцыі Чышмэ Уфімскай губерні. У башкірскай вёсцы здымаюць Багдановічы вялікую хату. Адам Ягоравіч узгадваў: "Я амаль заўсёды быў з дзецьмі і імкнуўся паказаць ім жыццё стэпу ва ўсіх яго праявах - і раніцай і ўдзень, і вечарам і ноччу, і ў ціхі сонечны дзень і ў буру, якія тут былі асабліва велічныя. Вандравалі мы і па перадгор'ях Урала, назіраючы магутныя напластаванні вапнякоў роўнымі гладкімі плітамі, з-пад якіх месцамі прабіваліся крыштальнай чысціні крыніцы, падаючы каскадамі з тэрасы на тэрасу і ўтвараючы месцамі невялікія азёрцы, якія з вышыні здаваліся бліскучымі пацеркамі, нанізанымі на шнурок".
Калі б Максім пачуў пераклад радкоў з верша Габдулы Тукая, магчыма, ён бы ўзгадаў тую вёску, а пачуўшы арыгінал, змог бы зразумець слова "чышмэ", што ў перакладзе з башкірскай і татарскай моваў значыць "ключ", "крыніца":
На горе - деревня; неподалеку -
Светлый ключ, сбегая,
вьется по песку;
Помню ту деревню,
помню ключ живой,
Вкус воды я помню, чистой, ледяной.
Родная деревня. Г. Тукай.
На пачатку траўня 1911 г. параходам Габдула накіроўваецца ў Астрахань і па дарозе знаёміцца з жыццём Паволжа. Увесну ён асільвае падарожжа праз Казань, Уфу, Троіцк і да Пецярбурга, у якім беларусы чакалі Максіма, але па стану здароўя не наканавана яму было вучыцца, жыць і працаваць ў паўночнай сталіцы. Тукай жа праз некалькі тыдняў едзе з Пецярбурга ў казахскія стэпы на кумыс, спадзеючыся паправіць сваё здароўе. У Казань вяртаецца на пачатку жніўня.
Паэту раілі паехаць на поўдзень, але ён не меў на гэта сродкаў. Хоць кнігі ў яго выходзілі адна за адной, і зусім нядаўна Тукай быў адным з трох татарскіх пісьменнікаў, якія атрымліваюць самыя вялікія ганарары. Сям'і ў паэта няма, але грошы разыходзяцца хутка: іх пазычаюць і не вяртаюць, ён набывае рэчы і не карыстаецца імі. Здаецца, купляе патрэбнае - кнігі, але і яны хутка пераходзяць да іншых. Калі-нікалі наведвае тракціры, там частуе іншых, назірае, слухае размовы. Так ён застаецца без грошай. Напрадвесні 1913 г. сябры збіраюць грошы, але іх хапае толькі на паездку ў вёску. На прыродзе добра, ды вымушаны вяртацца: душыць хвароба. Тукай здымае танны пакой у гатэлі - свайго дома ў яго ніколі не было. Здароўе пагаршаецца, а яму так хацелася б яшчэ хоць крыху пажыць на гэтым свеце… Нічога ж не застаецца, як легчы ў бальніцу - "першую станцыю да смерці" (гэтую думку яму цяжка пераадолець). 11 красавіка 1913 г. а пятай гадзіне вечера паэта не стала. Габдула Тукай памёр, як пісаў Горкі , "ад голада і чахоткі". Пахавалі Тукая на могілках у казанскай Нова-Татарскай слабадзе. У гэты дзень усе татарскія газеты прысвяцілі яму спецыяльныя выпускі. Быў адменены працоўны дзень у выдавецтвах і кніжных крамах, заняткі ў медрэсэ. Шматлікая працэсія праводзіла паэта ў апошні шлях.
Менскія сябры Максіма Багдановіча здолелі сабраць грошы на яго паездку ў Ялту. Па дарозе прыйшлося перажыць зімовыя нягоды, што яшчэ больш аслабіла здароўе. Ён усё ж дачакаўся вясны, але ў самым яе росквіце 25 траўня 1917 г. паэта не стала. Максім паміраў адзін, у невялікім пакойчыку, без родных і блізкіх людзей. Пахавалі яго на Аўцкіх могілках сціпла, але па-хрысціянску.
У 1924 г. паэты Уладзімір Дубоўка, Андрэй Александровіч і Анатоль Вольны (А.І. Ажгірэй) былі спецыяльна камандзіраваны ў Ялту, каб адшукаць і прывесці ў парадак магілу Максіма Багдановіча. Яны адшукалі гэтае месца і пасадзілі кіпарысы - з тае пары мінула 90 год - а праз некалькі год быў пастаўлены сціплы помнік, які ў 1990-х змяніў новы. Тады ж было шмат меркаванняў і спрэчак аб вяртанні праха паэта на радзіму. Праз севастопальскіх беларусаў у свой час перадала для адной з сімферопальскіх газет зварот да крымскіх татараў з просьбай аказваць знакі пашаны памяці Максіма Багдановіча, у травеньскія дні прыходзіць разам з беларусамі на ялцінскія могілкі, слухаць вершы Максіма.
Мова родная, святая!
На хвалі адраджэння творы геніяў становяцца нацыянальнымі гімнамі. Так сталася з "Пагоняй" Максіма Багдановіча, "Малітвай" Наталлі Арсенневай, "Роднай мовай" ("Туган тэл") Габдулы Тукая. "Туган тэл" для татараў як "Магутны Божа" для беларусаў. Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін зрабіў своё пераўвасабленне гэтага твора - нізкі яму паклон і Рай Светлы!
Мова родная, святая,
мова маці дарагой!
Шмат я ў гэтым свеце зведаў,
заручыўшыся табой.
Мова родная! Табою
я маліўся першы раз:
Божухна, даруй матулі,
бацьку, мне, памілуй нас!
Пераклад Р. Барадуліна, 1991 год.
О язык мой, ты - опора
в испытаньях бытия,
С детства близкий и понятный,
радость и печаль моя.
О язык мой, как сердечно
я молился в первый раз:
Сохрани отца и маму,
не оставь, Всевышний, нас...
Пераклад Р. Бухараева.
Калі разумееш іншыя мовы, то становішся больш блізкім да іх носьбітаў. Але колькі моваў не ведае чалавек, роднай называе ён адну, за якую, бывае, прыходзіцца змагацца. Я шчаслівая ў сваёй далучанасці да беларускай мовы і культуры. Беларуская мова - родная, свой унёсак у яе захаванне зрабілі і робяць многія беларускія татары. Добра ведаю рускую мову - мову Пушкіна і Лермантава, Талстога і Дастаеўскага. Вучу польскую, каб чытаць у арыгінале Міцкевіча. Хацела бы прачытаць па-татарску, напрыклад, размову хлопчыка і матылька з аднайменнага дзіцячага вершыка Габдулы Тукая. Ведаю літары арабскага алфавіту - імі пісаліся кітабы. Хоць арабскую мову не разумею, але мелодыка мусульманскай малітвы ўзрушае мае пачуцці, лашчыць зрок арабская вязь. Шкадую, што не валодаю крымска-татарскай мовай, каб выказаць словы падтрымкі сваім братам у іх чарговых выпрабаваннях.
Упэўнена, што амаль кожны крымскі татарын зразумее не проста словы, а адчуе ў іх горыч і боль сваю і блізкіх, якіх не проста вывезлі з роднай зямлі, а рабілі ўсё, каб у жахлівых умовах, як па дарозе, так і ў выгнанні, яны не выжылі. Але і ў выгнанні людзей падтрымлівала памяць аб роднай зямлі, паміралі яны з надзеяй, што нехта ўсё ж вернецца. Максім перажыў агульныя пачуцці выгнаннікаў:
Даўно ўжо целам я хварэю,
І хвор душой, -
І толькі на цябе надзея,
Край родны мой!
У родным краю ёсць крыніца
Жывой вады.
Там толькі я змагу пазбыцца
Сваей нуды.
Калі ж у ім умру-загіну,-
Не жалюсь я!
Ня будзеш цяжкая ты сыну
Свайму, зямля.
Там хоць у гліне, хоць у брудзе,
Там, пад зямлёй,
Найдуць мае слабые грудзі
Сабе спакой.
Максім Багдановіч.
Родная зямля мякчэй, чым чужая пярына
Крымскія мясціны былі ў свой час прыветнымі да Янкі Купалы. Напрыканцы 1923 г. Купала лячыўся ў санаторыі "Гаспра". Вось завяршальная частка верша, напісанага ім перад вяртаннем у родную Беларусь. Здаюцца сёння поўнымі сэнсу радкі, напісаныя тады, калі татары дбайна, па-гаспадарку даглядалі сваю гарыстую зямлю, кожны кавалачак якой меў адпаведныя назвы.
Гаспра, мілы мой прыпынак!
Я ўжо скончыў свой спачынак
І цябе я пакідаю,
Да свайго імкнуся краю.
Будзь прыветна, будзь здарова,
Як татарка чарнаброва!
Жыві доўга, як Ай-Петры,
Хоць і веюць буйны ветры!
Вам, магноліі, платаны,
Кіпарысы і каштаны,
Шлю я шчыра на прашчанне
Ад бярозак прывітанне!
Янка Купала.
Купалы ўжо не было амаль два гады, калі 18 траўня 1944 года ў крымскіх татараў, пакуль не вярнуліся з фронту мужчыны, адабралі зямлю і маёмасць, навесілі ярлык, павезлі на выміранне… І вось новая хваля выпрабаванняў. Спадзяюся, што беларусы ў думках падтрымліваюць і сваіх суседзяў-украінцаў, і крымскіх татараў, зычаць, каб людзям зноў не па сваёй волі не давялося пакідаць сваю зямлю і стаць бежанцамі, нават і ненадоўга.
Жадаю, каб крымскія татары здолелі абараніць тое, што ім паправу належыць і тое, што ў іх хацелі вырваць з каранямі. Захапляюся моцай духу і вернасцю гістарычнай памяці. Веру, што яны вернуць статус крымска-татарскай мове, назвы сваёй зямлі і ператвораць старажытную Таўрыду ў квеценны край працалюбівых і адукаваных гаспадароў. Звяртаюся да Ўсявышняга, каб не пакідаў іх без апекі. Пашчасліў ім Божа!
Красавік - чэрвень, 2014 г.
Разалія Александровіч
Аб незабыўным, дарагім…
Атрымаўшы дыплом выкладчыка педагогікі, логікі, псіхалогіі ў педвучылішчах, я даздала ў педагагічным інстытуце імя Горкага патрэбныя экзамены і набыла дадатковую прафесію настаўніка беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе. Шчырая любоў да роднай мовы спачатку прывівалася маці і бацькам, ураджэнцамі беларускага Палесся, а затым узмацнялася дзякуючы школьнаму настаўніку, старэйшаму драматургу Беларусі Гарбацэвічу Васілю Савічу.
Паколькі Лідскае педвучылішча ў 1956 годзе закрывалася, а псіхалогія і логіка заставалася ў школьных праграмах, то з адкрыццём у 1955 годзе сярэдняй школы № 8 я пачала выкладаць не толькі гэтыя прадметы ў 9-ых і 10-ых класах, але і беларускую мову і літаратуру.
Выдатнае валоданне сваёй нацыянальнай мовай дапамагала мне паспяхова выступаць з дакладамі і прафесійнымі набыткамі на раённых настаўніцкіх канферэнцыях, з лекцыямі перад гарадской грамадскасцю. А ў 1964 годзе дзялілася вопытам работы на І з'ездзе па грамадскім выхаванні дзяцей, пра што пісала "Гродзенская праўда" ад 1 сакавіка 1964 г. У чэрвені 1969 года Гарадзенскім інстытутам удасканалення настаўнікаў я была запрошана ў якасці лектара на абласныя курсы павышэння кваліфікацыі па беларускай мове і літаратуры.
Кіраўніком курсаў па майму прадмету была Валянціна Майсееўна Паўлюкевіч. Пра тое, што я пішу вершы і друкуюся з 1966 года ў газетах, яна даведалася ад лідскіх настаўнікаў, слухачоў курсаў. Я вельмі ўдзячна лёсу, што ён дазволіў мне сустрэцца і пазнаёміцца выдатнымі людзьмі Гарадзеншчыны. Самай адметнай падзеяй у маім жыцці стала сустрэча са знакамітымі літаратарамі Васілём Быкавым, Аляксеем Карпюком і Мар'янам Дуксам, якіх запрасіла выступіць перад настаўніцтвам вобласці Паўлюкевіч В.М. У актавую залу, дзе сабраліся і слухачы, і выкладчыкі курсаў спачатку ўвайшоў хударлявы Васіль Быкаў, затым больш мажны Аляксей Карпюк, а за ім - зусім малады Мар'ян Дукса. Вельмі сціпла, але з вялікай годнасцю творцы прывіталіся са шматлікай аўдыторыяй.
Першым узяў слова В. Быкаў. Са сцэны ўсе пачулі яго няспешны, аднак хвалюючы аповед пра гісторыю стварэння аповесцей "Жураўліны крык" і "Альпійская балада", шырока вядомых нават за межамі Беларусі. Расказваючы аб трагічных падзеях Вялікай Айчыннай вайны, яго позірк быў як бы накіраваны ў глыбіню свайго ўнутранага свету, быццам тое, аб чым ён гаварыў, ён перажываў сам. Яго размова не была рытарычнай, а разважлівай і па-філасофску мудрай, пазбаўленай усялякай пампезнасці і пахвальбы. А калі звяртаўся да слухачоў у зале, яго позірк быў зацікаўленым і пранікнёным.
Узрушаная сустрэчай з аўтарам твораў школьнай праграмы, я ціхенька выйшла з залы, каб купіць кветак для паважаных беларусаў, па-гэтаму выступленне А. Карпюка чула не да канца. А калі вярнулася, чытаў ужо свае вершы Мар'ян Дукса. Уручаючы кветкі шаноўным пісьменнікам, Паўлюкевіч В.М. сказала, што сярод нас ёсць таксама творцы паэтычнага слова, назваўшы маё прозвішча і імя.
Я вымушана была чытаць свае вершы перад шматлікай аўдыторыяй настаўнікаў вобласці нават пасля таго, як у хуткім часе паважаныя госці прабачліва развіталіся, спяшаючыся да сваіх неадкладных спраў. Даверлівая гутарка са слухачамі натхніла на напісанне новых вершаў разам з таленавітай настаўніцай з Лідчыны Марыяй Багамаз. Адзін верш з эпіграфам Марыі Багамаз змешчаны ў маёй паэтычнай кніжцы "Прастора дабрыні".
Праз шмат гадоў, а менавіта ў 90-ыя гады 20 стагоддзя і да 2005 года, з многімі настаўнікамі, былымі сваімі слухачамі, я сустракалася ў Гарадзенскім пансіянаце. Яны паказвалі захаваныя ў іх мае вершы з аўтографам, арганізоўвалі мае творчыя вечарыны, на якіх, безумоўна, заўсёды ўспаміналі адметнае ў нашым жыцці мерапрыемства, на якім адбылося наша знаёмства з класікам беларускай літаратуры, народным пісьменнікам Беларусі Васілём Быкавым.
Алеся БУРАК , былая настаўніца г. Ліды, інвалід І групы.
Паважаная газета!
Пішу Вам па даручэнні былых танцораў Народнога ансамбля танцу "Прыпяць". На святой зямлі Кірыла Тураўскага 50 гадоў назад і быў створаны наш ансамбль.
У тыя далёкія часы да нас прыехаў малады харэограф Котаў Мікалай Конанавіч, які горача любіў народныя танцы фальклёр, і заўсёды думаў і клапаціўся вылучна пра тое, што трэба было для дабра нашай Радзімы. Ён служыў і служыць толькі Айчыне, культуры і людзям. Мы пенсіянеры хочам праз Вашу газету падзякаваць усім, хто быў датычны да стварэння выдатнага ансамбля "Прыпяць". Хлопцы і дзяўчаты з асаблівай увагай і асаблівай любоўю ўбіралі ўсё тое, што выкладаў нам настаўнік, таму пра нас даведаўся свет. Мы выступалі ў Маскве, Грузіі, Малдавіі, Чэхаславакіі, Польшчы. Украіне, Нямеччыне, а асабліва цешыліся нашыя тураўцы.
Пад час выступленняў з канцэртамі на ўборцы ўраджаю народ проста абдымаў нас і цалаваў, пах палявых кветак я адчуваю па гэты дзень. І гэтае свята для нашых вяскоўцаў, гараджан рабіў з любоўю Мікалай Конанавіч. Сотні хлопцаў і дзяўчат прайшлі выдатную школу беларускага народнага танцу, адданасць народным традыцыям і цяпер прыцягвае моладзь, дзякуючы выдатнаму акампаніятару, кампазітару Страху Сяргею Кузьмічу. Тураўская школа танцу многім абавязана яму.
Са святам дарагія былыя і сучасныя артысты Тураўскага народнага ансамбля танцу "Прыпяць" Нясіце людзям радасць. Упрыгожвайце Беларусь мастацтвам.
Па даручэнні першых удзельнікаў ансамбля
вайсковы пенсіянер Расійскай арміі
Іван Міхайлавіч Матох , г. Тураў, Жыткавіцкі р-н, Гомельская вобл.
25-годдзе ТБМ імя Францішка Скарыны
У другой частцы ўрачыстай імпрэзы з нагоды 25-годдзя ТБМ 26 чэрвеня 2014 г. гасцей віталі музыкі Алесь Камоцкі, Зміцер Бартосік, Эдуард Акулін, Тацяна Беланогая, гурт "Рэха", саліст якога - Андрусь Такінданг.
Святочны канцэрт распачаў бард Эдуард Акулін, выканаўшы песню "Малітва". Публіка шчыра падтрымлівала выступоўцу апладысментамі і воклічамі "Брава!". Сімвалічна, што музыка праспяваў таксама песню "Узыйду", прысвечаную праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, які нядаўна выйшаў з-за кратаў. Затым прагучала вядомая кампазіцыя "Янка Купала", якую зала без лішніх заахвочванняў заспявала разам з артыстам.
Перад выхадам наступнага выступоўцы вядовец канцэрту Пётр Клюеў падзякаваў ТБМ ад імені ўсёй беларускай моладзі, адзначыўшы, што ён равеснік 25-гадовага Таварыства і мае за гонар працягваць у сваім пакаленні справу Беларушчыны. Тым часам на сцэне з'явіўся Алесь Камоцкі. Музыка выканаў песню, прысвечаную Рыгору Барадуліну, зазначыўшы, што выканаў апошняе абяцанне, дадзенае народнаму паэту: пабачыла свет кніга дзядзькі Рыгора разам з дыскам, дзе вершы чытае аўтар. "Абяцаў быць лірычным, а якая ж лірыка без рамансу?" - працягваў Алесь Камоцкі. Ён распавёў, што разам з Барадуліным напісаў дзясяткі рамансаў, але ж наймацней за ўсё ў душу запаў адзін - "Княгіня хараства", які бард і заспяваў.
Пасля лірычнага і спакойнага Камоцкага да мікрафона выйшаў брутальны Зміцер Бартосік, які таксама ўзгадаў сумесную працу з Рыгорам Барадуліным, выканаўшы старыя і ўсім вядомыя песні Булата Акуджавы і Ўладзіміра Высоцкага, перакладзеныя паэтам на беларускую мову. "Яны гучаць так, нібы былі напісаныя ў нас, і гучаць па-сучаснаму", - справядліва заўважыў Зміцер Бартосік, напрыканцы "ўзарваўшы" залу жартаўліва-сур'ёзнай песняй - "прароцтвам".
Наступнай павіншаваць Таварыства беларускай мовы, расквяціўшы кампанію мужчын з гітарамі, выйшла спявачка і паэтэса Тацяна Беланогая. Яна падарыла Таварыству свой апошні дыск і праспявала некалькі сваіх песень са старых і новага альбомаў, а таксама выканала пяшчотныя светлыя кампазіцыі на вершы Максіма Багдановіча і Яўгеніі Янішчыц. Тацяна Беланогая дадала, што цяпер працуе над запісам новага альбома на вершы слыннай беларускай паэтэсы.
Закрываць святочную праграму выпала гурту "Рэха" на чале з Андрусём Такіндангам. З самай першай песні гурта ў зале няспынна гучалі апладысменты. На месцы ўседзець было немагчыма, і некаторыя ўдзельнікі вечарыны кінуліся ў скокі. Ці варта казаць пра тое, што зала ахвотна спявала разам з выканаўцамі, калі нават супрацоўніцы бара "Ў" збегліся паглядзець на завадны выступ гурта?
Свята юбілею ТБМ атрымалася яркім і пакінула шмат станоўчых уражанняў ва ўсіх, хто на ім прысутнічаў, а галоўнае яшчэ раз паказала: беларуская мова жыве!
Дзіяна Серадзюк, спецыяльна для ТБМ. Здымкі Юлі Бажок.
Юбілейны "Верасень"
Пяць гадоў таму, 24 чэрвеня 2009 года атрымаў пасведчанне аб рэгістрацыі літаратурна-мастацкі часопіс для моладзі "Верасень". Акурат да дня заснавання выйшаў з друку дзясяты - юбілейны нумар выдання. Паэзія ў нумары прадстаўлена вершамі маладых аўтараў: Марыі Магдалены Палхоўскай, Багдана Агрэста, Кацярыны Глухоўскай, Алены Сіманчык, Марыны Валасар, Наталлі Бінкевіч, Соф'і Марозавай, Алены Масцеравай, Алеся Мацулевіча. Друкуюцца таксама вядомыя аўтары: Наста Кудасава, Юрка Буйнюк, Валянціна Восіпава, Васіль Дэбіш. У раздзеле "Проза" са сваімі творамі выступаюць: Надзея Філон, Алёна Беланожка, Кацярына Шчасная, Сяргей Белаяр і Ірына Хадарэнка. Славацкую літаратуру на старонках часопіса прэзентуе Пэтэр Мілчак, творы якога на беларускую мову пераклала Святлана Богуш. Праблему "эгацэнтрызацыі мастацтва" у раздзеле "Крытыка" разглядае Эдуард Дубянецкі. Роздумамі з цыкла "У віры быцця і дум " дзеліцца Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. Чарговую серыю сваіх "Жодзінскіх фацэцый" друкуе Уладзімір Сіўчыкаў. У тым, што "Бог добра разумее па-беларуску" пераконвае чытачоў у сваім інтэрвію Глеб Лабадзенка. Аўтэнтычныя запісы, прысвечаныя Вялікдню, друкуе фалькларыст Генадзь Лапацін. З рэцэнзіямі на кніжныя навінкі выступаюць Тацяна Мацюхіна, Анатоль Трафімчык і Ала Петрушкевіч. Па традыцыі заканчваецца нумар "дыскаграфіяй" музычнага аналітыка Вітаўта Мартыненкі.
Пытайце дзясяты нумар "Верасня" на сядзібе ТБМ (Румянцава, 13). Чытайце "Верасень" на сайтах: kamunikat. org і tbm-mova.by. Дасылайце свае творы ў "Верасень" на ад-рас: verasenchas gmail.com.
Наш кар.
Гномы
1
У стагоддзяў спрадвечным тумане,
Там, дзе травы даўно не растуць,
На лясной, на здзічэлай паляне
Чалавечкі ліхія жывуць.
Там схаваны глыбокія норы,
I ніхто там не ходзіць даўно -
Заказычуць цябе, загавораць
I зацягнуць на самае дно.
Ці юнак ты, ці сталы мужчына -
З іх палону не выйсці ніяк:
Аплятуць каранямі, ляшчынай
І свой чорны пакінуць вам знак.
Знак самотніка - змрок і аковы,
Тлену пах і магільныя сны,
Воля! Гэтага светлага слова
Аніколі не чулі яны...
2
Гібеюць без сонца ў сутоннях сваіх.
А недзе ключом залатым б'юць крыніцы,
I кружацца птушкі ў нябёсах льняных.
Што птушкі? Мілей чарвякі і макрыца.
Ах, каб вы маглі хоць на міг зразумець,
Што воля - бы сонца праменьчык дзівосны,
Дык вы зненавідзелі б цемру і смерць
I выйшлі б з падземных магілаў да сонца.
Да дрэваў зялёных, да гэтай вясны,
Што сцелецца спелай травой каля дома.
Ды ціха сядзяць пад зямлёю яны -
Не чуюць мяне баязлівыя гномы.
Васіль Дэбіш ("Верасень" № 10).