Папярэдняя старонка: 2014

№ 31 (1182) 


Дадана: 29-07-2014,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 31 (1182), 30 ліпеня 2014 г.


Ігнараваць 27 ліпеня - роўна як ігнараваць дзень нараджэння

27 ліпеня 1990 года была ўрачыста прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. Згодна з прынцыпамі Дэкларацыі, Беларусь абвяшчалася суверэннай дзяржавай, "якая ўсталявана на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад'емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу". Вышэйшай мэтай суверэнітэту прызнавалася забеспячэнне свабоднага развіцця і дабрабыту грамадзян рэспублікі. Носьбітам суверэнітэту краіны і адзінай крыніцай дзяржаўнай улады абвяшчаўся беларускі народ.

Дэпутат беларускага парламента 12-га склікання Леанід Дзейка ўспамінае, як прымалася Дэкларацыя:

- Адразу ўспамінаецца, што тады, 24 гады таму, было таксама спякотнае лета. Дэкларацыя прымалася не дзень і нават не тры дні… Адбываліся вялікія спрэчкі літаральна па кожным артыкуле, хоць сам дакумент быў невялікі - недзе з 13 артыкулаў. Беларуская ССР была амаль апошняй сярод рэспублік былога Саюза, хто прыняў Дэкларацыю аб суверэнітэце, а тая ж Расейская Федэрацыя абвясціла такую Дэкларацыю 12 чэрвеня 1990 года. Дарэчы, апазіцыя адмаўлялася галасаваць за дакумент з-за 11 пункта, у якім гаворка ішла аб неабходнасці неадкладна прыступіць да распрацоўкі новага саюзнага пагаднення. Гэты пункт амаль цалкам знішчаў абвешчаны суверэнітэт. Але ўвогуле, прыняцце Дэкларацыі - гэта вялізны гістарычны крок наперад у дарозе па дасягненні незалежнасці. І падзеі наступнага года (правал путчу, Белавежскія пагадненні) толькі пацвердзілі гэта. 27 ліпеня быў абвешчаны ў краіне Днём незалежнасці, але затым гэтую дату ўжо адмянілі і прызначылі новую - 3 ліпеня. Праўда, ад гэтага дзень прыняцця Дэкларацыі сваёй гістарычнай вагі не згубіў.

- Чаму на самай справе такая слаўная гістарычная дата, якая па сутнасці паклала пачатак суверэнітэту краіны, неяк ціха замоўчваецца дзяржавай?

- На дзяржаўным узроўні замоўчваецца не толькі гэтая дата. Замоўчваецца само існаванне Вярхоўнага Савета 12-га склікання, хоць фактычна тады гэта быў першы беларускі дэмакратычна абраны заканадаўчы орган. Менавіта той парламент пачаў шлях стварэння ў краіне інстытута беларускага парламентарызму. Але ўсё гэта было перакрэслена рэферэндумам 24 лістапада 1996 года, а спробы стварэння незалежнага парламентарызму былі на корані задушаны. А першым крокам да таго стала сілавая акцыя супраць галадоўкі дэпутатаў апазіцыі, якія былі нязгодныя з правядзеннем рэферэндуму па беларускай мове.

- Ці можна зараз казаць, што Беларусь адбылася, як суверэнная незалежная дзяржава?

- Думаю, можам, хоць, як мне падаецца, грамадства да канца не асэнсавала гэта, а савецкая луска моцна прыліпла да цела народа. Але ж і асыпаецца паволі. Хоць не так хутка, як хацелася б, але працэсы, якія адбываюцца ў краінах Балтыі, Малдове, Грузіі, гавораць аб тым, што адзіная і найгалоўнейшая каштоўнасць для любой дзяржавы - яе суверэнітэт.

- Але ж мы бачым, што, калі пачынаецца "збіранне земляў", то незалежнасць можа апынуцца пад пагрозай?

- Такая пагроза існуе для Беларусі як ніколі, таму што незалежнасць інтэпрэтуецца беларускай уладай, як магчымасць кіраваць краінай асобна. Але суверэнітэт і захаванне ўлады - зусім розныя рэчы. Адсюль розныя саюзныя дзяржавы, мытныя саюзы, адзіныя прасторы… Час паказвае, што з такіх гульняў нічога добрага не атрымліваецца. Калі Беларусь страціць суверэнітэт - гэта будзе трагедыя і для Беларусі, і для беларусаў.

Кастусь Заблоцк і, Беларускае Радыё Рацыя. Здымкі пачатку 90-х гадоў.


90 гадоў з дня нараджэння Аркадзя Жураўскага

Аркадзь Іосіфавіч ЖУРАЎСКІ (5 жніўня 1924, в. Янава Талачынскага р-на Віцебскай вобл. - 9 студзеня 2009) - беларускі мовазнавец. Член-карэспандэнт АН БССР (1980), доктар філалагічных навук (1968), прафесар (1970).

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў Янаўскую пачатковую школу, у 1935-1938 г. вучыўся ў Няклюдаўскай няпоўнай сярэдняй школе, у 1938-1941 - у Талачынскай сярэдняй школе № 1. У час Вялікай Айчыннай вайны Аркадзь Жураўскі разам з чатырма братамі Іванам, Васілём, Мікалаем, Казімірам удзельнічаў у партызанскім руху ў атрадзе брыгады Мікалая Гудкова, прымаў удзел ва ўсіх найважнейшых баявых аперацыях. Падзеі вайны А.I. Жураўскі апісаў у кнізе "За родныя хаты" (1974).

У верасні 1945 паступіў на філалагічны факультэт БДУ, які скончыў у 1950 г. і паводле рэкамендацыі вучонага савета быў залічаны ў аспірантуру Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР. У 1953 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную гісторыі форм загаднага ладу ў беларускай мове. Доктарская дысертацыя на тэму "Гісторыя беларускай літаратурнай мовы" абаронена ў 1968 г. З 1953 г. працаваў у Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР, з 1997 г. - галоўны навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы. У 1985-1990 г. - старшыня Беларускага камітэта славістаў. Даследваў гісторыю беларускай мовы і беларускага мовазнаўства. Першым у славянскім мовазнаўстве даказаў існаванне беларускага варыянту царкоўнаславянскай мовы ў старабеларускі перыяд, прааналізаваў мову дзеячаў беларускай культуры мінулага (Ф. Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага і інш.). Вывучаў пытанні нармалізацыі сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Аўтар болей за 300 навуковых прац, у т.л. 15 манаграфій і слоўнікаў.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені (1985), медалём Францыска Скарыны. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1994). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978).

Вікіпедыя.


СЦЯПАНУ ЛАЎШУКУ - 70

Сцяпан Сцяпанавіч ЛАЎШУК (28 ліпеня 1944, г. Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці) - беларускі літаратуразнавец, пісьменнік. Член-карэспандэнт НАН Беларусі (2004), доктар філалагічных навук (1998), прафесар.

Нарадзіўся ў сям'і рабочых. Пасля заканчэння Васілевіцкай сярэдняй школы №2 (1961) працаваў рабочым у Пермскай вобласці і ў Васілевічах. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1967). Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, намеснікам дырэктара ў Дзятлавіцкай, Лахвенскай сярэдніх школах, загадчыкам аддзела арганізацыйна-камсамольскай работы райкама камсамолу, дырэктарам Бродніцкай васьмігодкі Лунінецкага раёна. У 1970-73 займаўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, пасля заканчэння якой працуе навуковым супрацоўнікам гэтага інстытута. Член СП СССР з 1982.

З 1972 выступае як крытык, літаратуразнавец. Даследуе праблемы развіцця беларускай драматургіі. Аўтар кніг "Сучасная беларуская драматургія" (1977), "Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я - пачатак 30-х гг.)" (1984), "Кандрат Крапіва і беларуская драматургія" (1986), "На драматургічных скрыжаваннях" (1989) і інш.

Складальнік кнігі "Беларуская дакастрычніцкая драматургія" (1978), зборніка У. Галубка "Творы" (1983), зборнікаў "П'есы" (1984), Збору твораў у 5 т. А. Макаёнка (1986-1990), К.Крапівы і І. Навуменкі, фотаальбома "Кандрат Крапіва" (1989).

Вікіпедыя.

Супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі віншуюць вельмішаноўнага юбіляра і жадаюць далейшых поспехаў на ніве літаратуразнаўства.

Узняўся над драматургіяй

(санет)

Да 70-годдзя Сцяпана Сцяпанавіча Лаўшука


Даследчык драматычных твораў,

дзе правяць дзеянне, канфлікт,

характар, лёс і быт герояў,

Вы тэкстам вынеслі вердыкт.


Іх авалодаўшы стыхіяй,

змаглі, асэнсаваўшы іх,

узняцца над драматургіяй,

акрэсліць катарсісу міг.


Ідзе, каб Вашай стаць мішэнню,

людскіх трагікамедый раць.

Тэатр наш "Храмам Адраджэння"

паўстане, трэба пачакаць.


Вас хваліць навукоўцаў веча,

здзяйсненняў шмат, яшчэ не вечар!

Тацяна Барысюк.


Памяці Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна

Імя Рыгора Барадуліна будзе насіць вуліца, дзе стаіць дом паэта, у які ён прыязджаў з Менска, а таксама школа, якая знаходзіцца на гэтай вуліцы. У Вушацкім музеі пашыраць частку экспазіцыі пра Рыгора Барадуліна.

З ініцыятывай ушанаваць на радзіме памяць Рыгора Барадуліна выступілі Саюз беларускіх пісьменнікаў, Рада Віцебскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы, шэраг іншых грамадскіх аб'яднанняў. На афіцыйным сайце Віцебскага аблвыканкама з'явіўся адказ ініцыятарам.

У рубрыцы, прысвечанай зваротам грамадзян, у адказе на пытанне " Аб ушанаванні памяці Рыгора Барадуліна". Віцебскі аблвыканкам паведамляе, што разгледзеў адпаведныя звароты, накіраваныя ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, і "ў межах кампетэнцыі паведамляе": "Вушацкім райвыканкамам і райсаветам ажыццяўляецца работа па перайменаванні вуліцы Школьная ў гарадскім пасёлку Вушачы ў вуліцу імя Рыгора Барадуліна" . І што ўжо "накіраваны ліст у Тапанімічную камісію пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь аб магчымасці ўжывання транслітэрацыі пры перакладзе планаванай назвы на расейскую мову" .

Апрача таго, у Вушацкай школе праведзены сход працоўнага калектыву, які ўхваліў прысваенне гэтай ўстанове імя Рыгора Барадуліна. А ў Вушацкім музеі народнай славы "плануецца значна пашырыць гістарычна-біяграфічную частку экспазіцыі, прысвечаную Рыгору Барадуліну" .

Паведамленне на афіцыйным сайце аблвыканкама, дзе апавядаецца пра ўшанаванне памяці літаратара, напісана па-беларуску, і яно вельмі ўсцешыла прыхільнікаў паэзіі Рыгора Барадуліна ды ягоных ідэйных аднадумцаў.

Вуліца Школьная, якую мяркуюць перайменаваць, якраз вядзе да школы, што будзе насіць імя славутага паэта. На гэтай вуліцы стаіць і хата дзядзькі Рыгора - цагляны дамок, які быў для сям'і Барадуліных не проста лецішчам, а прытулкам душы паэта, які вельмі любіў Вушачы - сваю малую радзіму.

З'яўленне вуліцы імя Рыгора Барадуліна ў Вушачах, а таксама наданне ягонага імя мясцовай школе - гэта толькі частка плану, прапанаванага ўладам дзеля ўшанавання памяці паэта. На ўзроўні прапановаў пакуль засталіся і прысваенне імя Рыгора Барадуліна адной з вуліц у Менску, і ўсталяванне мемарыяльнай дошкі на доме, дзе ў Менску жыў Рыгор Барадулін, і адкрыццё літаратурнага музея або філіі музея Рыгора Барадуліна.

На пачатку ліпеня Віцебская абласная рада ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" звярнулася да прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча і кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэя Кабякова з прапановай ушанаваць памяць яшчэ аднаго выбітнага літаратара, які паходзіць з Віцебшчыны - Генадзя Бураўкіна, які пайшоў з жыцця 30 траўня гэтага года. Адказу на ліст аўтары пакуль не атрымалі.

Радыё Свабода.



Прэм'ер-міністру

Рэспублікі Беларусь

М.У. Мясніковічу

вул. Савецкая, 11 220010, Мінск

Кіраўніку Адміністрацыі

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

А.У. Кабякову

вул. К. Маркса, 38 220016, Мінск

Зварот Віцебскай абласной рады ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны"

30 мая 2014 года пайшоў з жыцця наш зямляк, выдатны беларускі паэт, дзяржаўны і грамадскі дзеяч Генадзь Мікалаевіч Бураўкін.

Г.М. Бураўкін нарадзіўся 28 жніўня 1936 года ў вёсцы Шуляціна ў Расонскім раёне. Пасля вайны вучыўся ў Расонскай школе, потым - у сярэдняй школе № 1 г. Полацка. У 1959 годзе скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў журналістам у розных беларускіх выданнях, з 1968 года - карэспандэнтам газеты "Правда" па БССР, а з 1972-га - галоўным рэдактарам часопіса "Маладосць". У 1978 - 1990-ых гадах - старшыня Дзяржаўнага камітэта БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні. Ён выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР Х і ХІ скліканняў. У 1990 - 1994 гг. працаваў Пастаянным прадстаўніком Беларусі ў ААН.

Г.М. Бураўкін - аўтар дзясяткаў паэтычных кніг. Пісаў ён таксама для дзяцей, перакладаў на беларускую мову вершы рускіх, украінскіх, малдаўскіх, балгарскіх паэтаў. Аўтар сцэнарыяў некалькіх дакументальных фільмаў, мастацкага фільма "Полымя".

Г.М. Бураўкін пакінуў нам найбагацейшую песенную спадчыну. На яго вершы выконваецца шмат папулярных кампазіцый: "Белы снег", "Зачарованая", "Матылі", "Малітва", "Конь незацугляны" і многія іншыя. А на "Калыханцы", напісанай на верш Генадзя Мікалаевіча, выхавалася не адно пакаленне беларусаў.

Пасля выхаду на пенсію Г.М. Бураўкін актыўна працаваў у грамадскіх аб'яднаннях "Саюз беларускіх пісьменнікаў", "Таварыства беларускай мовы". Усё яго жыццё - прыклад самаадданага служэння сваёй Радзіме, роднай Беларусі. У сувязі з гэтым мы просім ушанаваць яго памяць наступным чынам:

1. Выдаць у дзяржаўным выдавецтве да 80-годдзя паэта выбраныя яго творы;

2. Усталяваць у Мінску на доме, дзе жыў Г.М. Бураўкін, мемарыяльную дошку;

3. Назваць у гонар Г.М. Бураўкіна вуліцы ў Мінску, Полацку, Расонах;

4. Прысвоіць імя Г.М. Бураўкіна адной з бібліятэк на радзіме паэта (на Віцебшчыне).

Мы лічым, што гэта будзе адпавядаць той вялікай ролі, якую адыграў Г.М. Бураўкін у гісторыі Беларусі як паэт, дзяржаўны і грамадскі дзеяч.

Мы звяртаемся да ўсіх неабыякавых грамадзян Беларусі падтрымаць наш зварот.

Па даручэнні Віцебскай абласной рады

ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны",

старшыня рады І. Навумчык


"КАРОЛЬ <ЖА> ГОЛЫ" І ІНШАЕ

У артыкуле "Ад прыказкі да фразеалагізма", змешчаным у "Нашым слове" (2014, № 28), паказана, што ў беларускай літаратурнай мове ёсць больш як 90 фразеалагізмаў, якія разнастайнымі шляхамі ўзніклі на аснове прыказак у выніку іх скарачэння. Асобна разгледжаны і тры прыказкі, кожная з якіх, захоўваючы абсалютна аднолькавы кампанентны склад, у адных выпадках выступае як прыказка з усімі ўласцівымі ёй рысамі, а ў другіх - як звычайны фразеалагізм. Вытлумачваецца і прычына такой метамарфозы, звязаная з развіццём сінтаксічных спалучальных магчымасцей. Вось, напрыклад, як асобна апісваюцца такія аманімічныя моўныя адзінкі ў слоўніках парэміялагічных (як прыказка) і фразеалагічных (як фразеалагізм).

У "Тлумачальным слоўніку прыказак" (2011, с. 612):

Язык без касцей. Нагаварыць можна ўсяго, што хочаш. Кажуць, калі не надаюць значэння якім-небудзь чуткам, балбатні. [Далей у слоўніку прыведзена 4 ілюстрацыйныя прыклады, якія пацвярджаюць ужыванне гэтай прыказкі ў маўленні.]

У "Слоўніку фразеалагізмаў" (2008, т. 2, с. 685):

Язык без касцей (у каго). У безас. ужыв. Разм. Неадабр. Хто-н. вельмі балбатлівы, гаворыць лішняе. [Далей у слоўніку рэалізацыя гэтага фразеалагізма ў маўленні ілюструецца трыма прыкладамі з літаратурных пісьмовых крыніц.] Да іх можна дадаць і такі прыклад - з апавядання "Мезены палец" Р. Сабаленкі: Адам толькі адно буркнуў: - Ат, мялі, Корчык, язык у цябе без касцей…

Гэтак жа дыферэнцыявана апісаны прыказкі Сэрца не камень ; Найшла каса на камень і суадносныя фразеалагізмы сэрца не камень (у каго, чыё); найшла каса на камень (у каго).

Калі гэтыя тры прыказкі ператвараюцца ў фразеалагізмы, бо набылі здольнасць уступаць у пэўныя сувязі і адносіны са словамі кантэксту, то ў дачыненні да прыказкі Кароль <жа> голы назіраюцца ператварэнні іншага кшталту.

Яна абазначае 'якая-небудзь тэорыя, палітыка або чый-небудзь аўтарытэт насамрэч беспадстаўныя, фальшывыя, уяўныя'. Два прыклады: Пімен Панчанка быў сынам свайго часу… Але сынам, які адбіваўся ад рук, але паэтам, які не толькі славіў, а часцей крычаў, што кароль голы (Р. Барадулін); Пільнае вока калінікалі заўважае тое, што прывычна не бачыцца, а разняволены розум прымушае час ад часу ўскрыкваць: "Кароль жа голы!" (М. Захаранка).

Этымалагічна гэта калька з дацкай мовы. Паходзіць з казкі Г.-Х. Андэрсэна "Новае адзенне караля" (1837). У ёй расказваецца, як два ашуканцы ўзяліся выткаць для караля найтанчэйшую тканіну і сшыць яму адзенне, якое не маглі бачыць толькі дурні і тыя, хто не адпавядае сваёй пасадзе, прызначэнню. Падмануты кароль у гэтым "адзенні", а фактычна галышом ішоў па вуліцы. Усе, баючыся апынуцца ў дурнях, захапляліся хараством каралеўскага "адзення". І толькі адзін хлопчык закрычаў: "А кароль жа голы!" Усім стала зразумела, што яны абдураныя.

Прыказка, структурна арганізаваная як прэдыкатыўнае словазлучэнне, ператвараецца ў назоўнікавы фразеалагізм з найбольш тыповай для такіх выразаў структурай "прыметнік+назоўнік" ( голы кароль ) і ўжо выражае не суджэнне, а паняцце, абазначаючы 'пасрэдны чалавек з прэтэнзіяй на аўтарытэт ці з перабольшаным аўтарытэтам': Уяўляеце вы сабе сімпатычнага брандахлыста, фантазёра, які проста голы кароль? (У. Караткевіч); Мне думаецца, палітыка тут ясная: праглынуць Кунцэвіча з яго мільёнамі, на чужым гарбу ў рай уехаць - раз, апынуцца ў ролі голага караля, застацца, у рэшце рэшт, ля разбітага карыта - два (В. Блакіт).

Іван Лепешаў.


УДАКЛАДНЕННЕ

Некаторыя студэнты нашага ўніверсітэта, прачытаўшы ў "Нашым слове" (2014, № 28) мой артыкул "Ад прыказкі да фразеалагізма", спыталі: "Чаму ў Вашым артыкуле фразеалагізмаў, узніклых на прыказкавай аснове, менш чым 80 (мы падлічылі), хоць Вы пішаце, што іх больш за 90?" Я адказаў, што зрэдку ж абзацы ў артыкуле пры пераліку фразеа-лагізмаў канчаюцца так: "і некаторыя іншыя", " і г.д.".

Але паколькі там усё ж упамінаецца лічба "90", то дзеля дакладнасці варта назваць і гэтыя "некаторыя іншыя" фразеалагізмы, якія рознымі, раней ужо апісанымі дэрывацыйнымі працэсамі ўтварыліся на базе прыказак. Усе пададзеныя далей вытворныя фразеалагізмы, як і суадносныя ўтваральныя прыказкі, змяшчаюцца ў адпаведных нарматыўных слоўніках літаратурнай мовы.

Прыказка Начная зязюля дзённую перакукуе абазначае 'жонка можа настаяць на сваім, перамяніць думкі мужа'. Кандрат Крапіва пісаў пра гэтую прыказку: "Жонка на мужа мае значны ўплыў, асабліва ў інтымных адносінах. Пад гэтым уплывам ён часта перамяняе свае ранейшыя намеры: начная зязюля дзённую перакукуе" . Своеасаблівым асколкам прыказкі стаў фразеалагізм начная зязюля са значэннем 'жонка', напрыклад: Спытала пасля ў свайго начная зязюля: "Пра што вы там гаварылі?" А ён па-чужому неяк адсек: "Спі лепш, а то старою будзеш без пары" (Я. Брыль).

Далей будзем прыводзіць толькі фразеалагізм і прыказку, на базе якой ён утварыўся.

З міру па нітцы (з прыказкі З міру па нітцы - голаму сарочка ).

Ногі кормяць каго (з прыказкі Ваўка ногі кормяць ).

Свята на вуліцы чыёй (з прыказкі Будзе і на нашай вуліцы свята ).

У лес глядзець (з прыказкі Як ваўка ні кармі, а ён усё ў лес глядзіць ).

Усяму галава (з прыказкі Хлеб усяму галава ).

Пляваць у калодзеж (з прыказкі Не плюй у калодзеж, прыгадзіцца напіцца ).

Чатыры ілюстрацыйныя прыклады з ужываннем гэтага выразу ў сучаснай літаратуры прыводзіліся ў "Нашым слове" (2012, № 34). Яшчэ адна ілюстрацыя - з газеты "Наша ніва": Гэта якраз і ёсць тыповы прадстаўнік племені рабоў і быдла… Разумее, што ён плюе ў калодзеж… І не сорамна яму…

Уласна беларускі фразеалагізм і жук, і жаба (абазначае 'усе без выключэння; усякі, кожны чалавек') упершыню ў беларускай літаратурнай мове ўжыты Янкам Купалам у трагікамедыі "Тутэйшыя" (1922). Магчыма, выраз з'яўляецца "абломкам" прыказкі І жук, і жаба мяне вучаць . Яна пабачыла свет толькі нядаўна - у зборніку А. Аксамітава "Прыказкі і прымаўкі" (2000), дзе ёсць і раздзел "З рукапіснага неапублікаванага збору прыказак Яна Чачота" (яго запісы прыказак у наваградскіх і лепельскіх гаворках адносяцца да 40-х гадоў XIX ст.).

Выраз абы дзень да вечара - двухзначны: 1) як папала, нядбала, без ахвоты і старання (рабіць, працаваць і пад.); 2) каму-небудзь абсалютна аднолькава, без розніцы, не мае значэння для кагосьці. Як пісаў Ф.М. Янкоўскі, выраз утварыўся з прыказкі Абы дзень да вечара, а там печ увечары .

У артыкуле "Ад прыказкі да фразеалагізма" адзначалася, што некаторыя фразеалагічныя адзінкі беларускай літаратурнай мовы паводле паходжання з'яўляюцца запазычаннямі, калькамі ці паўкалькамі з іншых моў, дзе яны ўтварыліся рознымі шляхамі, у тым ліку і на аснове прыказак. Прыводзілася некалькі такіх прыкладаў з рускай мовы. Яшчэ прыклады.

Запазычанне з рускай мовы: цяп-ляп (з прыказкі Тяп-ляп да и корабль ). Калька з рускай мовы: абдымаць неабдымнае (з афарызма Казьмы Пруткова: Никто не обнимит необъятного ). Паўкалькі з рускай мовы: заднім розумам моцны (з прыказкі Мужик задним умом крепок ); тры корабы (з прыказкі Баба из города привезла вестей три короба ); цуд у рэшаце (з прыказкі Чудеса в решете: дыр много, а вылезть некуда ).

Запазычанне з царкоўнаславянскай мовы: зуб за зуб (з біблейскай формулы закону адплаты (Зыход, 12, 24): "Пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб: як ён зрабіў пашкоджанне на целе чалавека, так і яму трэба зрабіць" ).

Запазычанне з украінскай мовы: нашага палку прыбыло (са старадаўняй песні-гульні "А мы проса сеялі", дзе былі і такія радкі: "Нашага палку прыбыло, прыбыло, / Ой, дзід-лада, прыбыло!" ).

Яшчэ ў адной публікацыі, змешчанай вышэй, я напісаў пра прыказкавае паходжанне назоўнікавага фразеалагізма голы кароль .

Як бачым, у нашай літаратурнай мове ёсць больш за 90 фразеалагізмаў, якія пачыналі сваё жыццё з прыказак.

Іван Лепешаў.


Прозвішчы Беларусі: найменні знакамітых людзей

(Паводле матэрыялаў "Нашага слова")

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Сянкевіч (Васіль С., Мікалай С.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Сенька (Сянько) і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сянк-евіч . ФП: Сямён - Сёмка - Сенка - Сенька - Сян-кевіч .

Сярко (Андрусь С.) - семантычны дэрыват (з фінальным акцэнтаваннем) ад апелятыва серка 'сера (разм.) - хімічны элемент, лёгкае на загаранне рэчыва жоўтага ці шараватага колеру'. ФП: с е ра (хімічны элемент) - с е рка (тоесама) - Серка (мянушка) - Серка і Сярко (для адмежавання ад апелятыва).

Сярэдзіч (Іосіф С.) - форма бацькаймення з фармантам -іч ад антрапоніма Серада (Сярэда) і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сярэдз-іч (як і Кузьм-іч ). ФП: серада (дзень тыдня) - Cерада (мянушка, потым прозвішча) - Cярэ-да (паэтычна-фальклорнае) - Сярэдзіч .

Таболіч (Алена Т.) - форма бацькайменная з фармантам -іч ад антрапоніма Та-бала (Табола) і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Табол-іч . Утваральнае слова ад апелятыва табал а 'вялікая зграя' ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф.А. Піскунова (2012, с. 972), а таксама 'набор жартаўлівых песняў' (СБГПЗБП, т. 5, с. 75). Параўн. літоўск. tabalas 'тоесама'.

Талерчык (Тамара Т.) - дэрыват з суфіксам -ык (-ік) ад антрапоніма Талерка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Талерч(к/ч)-ык . ФП: талерка ('сталовы посуд круглай формы з шырокім дном') - Талерка (мянушка, потым прозвішча) - Талерчык . Або семантычны дэрыват з суфіксам -чык ад апелятыва т а лер 'старажытная манета ў немцаў, потым - беларуская'. ФП: т а- лер (манета) - т а лерчык (ласк. да талер ) - Талерчык (мянушка) - Талерчык (прозвішча).

Тамаш (Генадзь Т.) - сучасная нарматыўная форма імя ("Арфаграфічны слоўнік беларускай мовы", 2010) ад былога Томаш (каталіцкае; правасл. Фома ). Набыла функцыю прозвішча. Як і Тарас , Кузьма і інш.

Тамашоў (Мікалай Т.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Тамаш і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Тамаш-оў .

Тамашэвіч (Тамара Т.) - форма бацькайменная з фармантам -эвіч ад антрапоніма Тамаш і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Тамаш-эвіч . Звычайнае беларускае адымённае ўтварэнне на -авіч, -овіч, -евіч, -эвіч - адэкватнае рас. на - ов, -ев ( Тамашэвіч - Тамашов - Фомичов ).

Тамулёнак (Мікола Т.) - дэрыват з фармантам -ёнак ад антрапоніма Тамуль і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Тамул-ёнак . ФП: Та-маш - Тамуль - Тамулёнак.

Тарарака (Алена Т.) - семантычны дэрыват ад апелятыва тарар а ка (утварэнне ад дзеяслова тараракаць 'вымаўляць тарара !') 'той, хто радуецца, крычыць: "Та-ра-ра!"'.

Трацяк (Іван Т., Вера Т.) - семантычны дэрыват ад апелятыва трацяк , які мае значэнні: 1) 'траціна - старая мера плошчы - трэцяя частка зямельнага надзелу'; 'адна з трох роўных частак чаго-небудзь'; 2) 'цяля, жарабя трох гадоў'. ФП: тры (лічэбнік) - трое - трэйці - трайцяк - трацяк - Трацяк (мянушка) - Трацяк (прозвішча).

Трашчанка (Уладзімір Т.) - семантычны дэрыват ад апелятыва трашч а нка 'від пражы - звітыя дзве ніткі ў адну' (утварэнне ад дзеяслова трысціць - трасціць ).

Трубкін (Аляксей Т.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ін ад антрапоніма Трубка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Трубк-ін . ФП: труба ('доўгі пусты ў сярэдзіне прадмет круглага сячэння - для правядзення вадкасці, пары, дыму і пад.', 'музычны інструмент', 'канал у арганізме') - трубка (памянш. да труба , а таксама 'назва розных прыбораў і прыстасаванняў') - Трубка (мянушка, потым прозвішча) - Трубкін .

Трухановіч (Ларыса Т.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Трухан і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Трухан-овіч . ФП: трухаць ('бегчы подбегам, трухам') - трухан ('той, хто бегае трухам', 'імклівы, напорысты') - Трухан (мянушка) - Трухан - Трухановіч .

Туровіч (Алесь Т.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Тур і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Тур-овіч. ФП: тур ('першабытны дзікі бык - адзін з продкаў рагатай жывёлы', а таксама 'горны каўказскі казёл') - Тур (мянушка) - Тур - Туровіч .

Туронак (Людміла Т.) - дэрыват з фармантам -онак ад антрапоніма Тур і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Тур-онак . Або семантычны дэрыват ад апелятыва туронак 'дзіцяня тура' (дыял.).

Тушынскі (Дзяніс Т.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -скі ад Тушына і семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Тушын-скі.

Тыгрыцкая (Вольга Т.) - дэрыват з фармантам -цкая (-ская) ад антрапоніма Тыгрыца і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Тыгрыц(цс)кая . ФП: тыгрыца ('самка тыгра') - Тыгрыца (мянушка, потым прозвішча) - Тыгрыцкая .

Тышкевіч (Галіна Т.) - форма бацькаймення з фарман-там -евіч ад антрапоніма Тыш-ка (Тышко) і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Тышк-евіч . ФП: Тихон (імя) - Тышка - Тышкевіч.

Тэжык (Ірын Т. ) - дэрыват з суфіксам -ык ад антра-поніма Тэж і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Тэж-ык . Утваральнае слова Тэж - семантычны дэрыват ад апелятыва тэж 'таксама'. Параўн. польск. tez 'тоесама' (СБГПУБП, т. 5, с. 157). ФП: тэж (прысл. 'таксама') - Тэж (мянушка чалавека, які кары-стаўся словам "тэж") - Тэж (прозвішча) - Тэжык .

Тэрэз (Віктар Т.) - форма мужчынскага родe (без канчатка "а") ад жаночага імя Тэрэза , якое набыло функцыю прозвішча.

Угрын (Аляксандр У.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ын (-ін) ад антрапоніма Угор і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Угр-ын . ФП: угор ('рыба вугор') - Угор (мянушка, потым прозвішча) - Угрын .

Узлоўскі (Валянцін У.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -оўскі ад Узлы з семантыкай 'жыхар або народзінец названага паселішча': Узл-оўскі . Або ўтварэнне ад антрапоніма Узел з выкарыстаннем фарманта шляхетнасці -оўскі і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Узл-оўскі . ФП: узел (нармат. вузел 'месца, дзе звязаны канцы чаго-небудзь або зацягнута пятля на чым-небудзь','месца перакрыжвання, стыку чаго-небудзь','клунак') - Узел (мянушка, прозвішча) - Узлоўскі .

Украінка (Сяргей У.) - семантычны дэрыват ад апеля-тыва украінка - форма жаночага роду з фармантам -ка ад украінец, украінцы 'усходне-славянскі народ, які складае асноўнае насельніцтва Украіны'.

Уласава (Дар'я Ул.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Улас і семантыкай 'нашчадак (дачка) названай асобы': Улас-ава .

Уласевіч (Дар'я Ул.) - форма бацькаймення з фар-мантам -евіч ад антрапоніма Улас і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Улас-евіч . ФП: Улас (імя) - Уласаў - Уласевіч.

Улейчык (Іван Ул.) - семантычны дэрыват ад апеля-тыва улейчык - памян.-ласк. да улей (улей-чык) з семантыкай 'спецыяльная скрынка або выдзеўбаная калода для пчол'. ФП: улей (нармат. вулей ) - улейчык (памян. да вулей ) - Улейчык (мянушка) - Улейчык .

Урублеўскі (Вадзім У.) - дэрыват з фармантам -еўскі ад антрапоніма Урубель і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Урубл-еўскі . ФП: уру-бель (польск. wrubel 'верабей', 'птушка') - Урубель (мянушка, потым прозвішча) - Урублеўскі . Прозвішчы асобаў-каталікаў. Звычайна - пазычанні з польскай мовы.

Усеня (Уладзімір У.) - дэрыват з фармантам -еня ад антрапоніма Ус і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ус-еня . ФП: ус (нармат. вус ) - Ус (мянушка, потым прозвішча) - Усеня . Мянушка вусатага чалавека - ус (як і Барада , Галава ) дадзена паводле інтэнсіўнай прыметы, названай апелятывам. Сустракаюцца прозвішчы незвычайнай формы, якія адмяжоўваюць уласнае асабовае найменне ад апелятыва: Ус і Усс або Вусс на месцы звычных Вус і Вусеня .

Усцінава (Людміла У.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Усцін і семантыкай 'нашчадак (дачка) названай асобы': Усцін-ава . ФП: Усцін (імя) - Усцінава .

Усціновіч (Юрый У.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Усцін і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Усцін-овіч . ФП: Усцін (імя) - Усціновіч .

Утачкіна (Людміла У.) - дэрыват з фармантам -іна ад антрапоніма Утачка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Утачк-іна . ФП: утка (рас. утка , белар. качка ) - Ут-ка (мянушка) - Утачка (па-мян.-ласк. з суф. -ка) - Утач-кіна .

Утохіна (Наталля У.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -іна ад антрапоніма Утоха і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Утох-іна . ФП: утка ('качка') - утоха (павеліч. да утка ) - Уто-ха - Утохіна .

Ушакоў (Сяргей У.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Ушак і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ушак-оў . ФП: ушак - (нарматыўнае вушак 'бакавы брус у дзвярной асадзе', а таксама 'посуд з вушкамі', 'вушастая жывёліна') - Ушак (мянушка) - Ушак (прозвішча) - Ушакоў .

Фалейчык (Алесь Ф.) - дэрыват з суфіксам -чык ад антрапоніма Фалей і семантыкай 'нашчадак названнай асобы': Фалей-чык . ФП: Фала-лей (імя) - Фалей - Фалейчык .

Федаравіч (Валеры Ф.) - форма бацькаймення з акцэнтаваным фармантам -овіч ад антрапоніма Фёдар і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Фёдар-авіч - Федар-овіч .

Федуковіч (Васіль.Ф) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Федук і семантыкай 'нашчадак названнай асобы': Федук-овіч . ФП: Фёдар (імя) - Фядук - Фе-дуковіч.

Федзюшка (Надзея Ф.) і Фядзюшка (Ягор Ф.) - памяншальна-ласкальная форма з фармантам -юшка ад Федзя (Федзюшка) набыло функцыю прозвішча. ФП: Фёдар - Федзя - Федзюшка - Фядзюшка .

Філіповіч (Дзіяна Ф.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Філіп і семантыкай 'нашчадак названнай асобы': Філіп-овіч. ФП: Філіп (імя) - Філіпаў - Фі-ліповіч.

Філіпчык (Васіль Ф.) - дэрыват з суфіксам -чык ад антрапоніма Філіп і семантыкай 'нашчадак названнай асобы': Філіп-чык . Прозвішчам магла стаць і форма імені з памяншальна-ласкальным суфіксам - чык : Філіпчык.

Філюта (Ніна Ф.) - народна-гутарковае ўласна асабовае найменне ад кананічнага імя Філімон , якое мела варыянты Філон, Філя, Філін, Філюта , а таксама Хілімон, Хілька і Хілько, Хілюта, Хіла ; Пілімон, Пілюта і інш.

Флярко (Сяргей Ф.) - народна-гутарковае ўласна-асабовае найменне ад імя Фла-рыян мела варыянты Флёр , Флёрак, Флёрка і Флярко , набылі функцыю прозвішчаў.

Фралоў (Валеры Ф.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Фрол і сентыматыкай 'нашчадак названай асобы' : Фрал-оў .

Франэль (Кастусь Ф.) - народна-гутарковае ўласнае асабовае найменне ад канан. каталіцк. імя Франц , якое мела шмат варыянтаў, у іх ліку Фра-ня, Франак, Франук, Франуль, Франусь, Франэль , што набылі функцыю прозвішча.

Фядзюшын (Ягор Ф.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ын ад антрапоніма Фядзюша і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Фядзюш-ын . ФП: Федар ( імя) - Федзя - Фядзюша - Фядзю-шын .

Хабян (Вольга Х.) - семантычны дэрыват ад апелятыва хабян 'той, хто вельмі захапляецца жанчынамі', 'палюбоўнік' (СБГПЗБП, т. 5, с. 274).

Хадановіч (Маргары-та Х.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Хадан і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ха-дан-овіч . ФП: Феадосій (імя) - Фядос, Хадос, Хадан - Хада-новіч .

Хадачок (Міхаіл Х.) - семантычны дэрават ад апелятыва хадачок - утварэння ад хадак (з суф. -ок/-ёк ), які мае значэнні 'лапаць, пашыты з скуры', а таксама 'хадок' ( 'той, хто ходзіць').

Хадневіч (Васіль Х.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Хадня (Ходня) і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Хадн-евіч . ФП: хадзіць - хадн я ('хада') - Хадн я (мянушка) - Хадн я - Хадневіч .

Хадоркін (Мікалай Х.) - форма прыналежага прыметніка з суфіксам -ін ад антрапоніма Хадорка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Хадорк-ін . ФП: Феадора (жан. імя) - Хадора - Хадорка - Хадоркін .

Халіпскі (Рыгор Х.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -скі ад Халіпы і семантыкай 'жыхар або нарадзінец названага паселішча': Халіп-скі.

Хамец (Міхаіл Х.) - дэрыват з суфіксам -ец ад антрапоніма Хама і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Хам-ец . ФП: Фама (імя) - Хама - Хамец.

Харашылава (Тамара Х.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Харашыла і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Харашыл-ава . ФП: харошы ('прыгожы') - хара-шыцца ('станавіцца харошым') - харашыла ('той, хто харашыцца') - Харашыла (мянушка, потым прозвішча) - Харашы-лава.

Хацкевіч (Анатоль Х.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Хацко і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Хацк-евіч . ФП: Фёдар - Ходар - Ходка - Хотка - Хетка - Хецка - Хацка - Хацкевіч .

Хвошч (Галіна Хв.) - семантычны дэрыват ад апелятыва хвошч 'шматгадовая споравая расліна з зялёнымі, звычайна галінастымі сцёбламі і лускаватым лісцем'.

Хвайніцкі (Алесь Х.) - адтапанімічны дэрыват з суфіксам -цкі (-скі) ад Хвойнікі і семантыкай 'жыхар альбо народзінец, названага паселішча': Хвайніц(кс)кі .

Хітрун (С. Х.) - семантычны дэрыват ад апелятыва хітрун 'хітры чалавек, хітрэц'.

Хляба ( Ігар Х.) - семантычны дэрыват ад апелятыва хляба 'даждлівае, са снегам надвор'е' ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф.А. Піскунова (2012, с. 106), а таксама 'падуздышная ўпадзіна' (СБГПЗБП, т. 5, с. 312).

Хмараў (Сяргей Х.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Хмара і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Хмар-аў . ФП: хмара ('вялікае, звычайна цёмнае воблака, якое прыносіць дождж, град, снег') - Хмара (мянушка, потым прозвішча) - Хмараў .

Хмарэнка (Ірына Х.) - дэрыват з фармантам -энка ад антрапоніма Хмара і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Хмар-энка .

Хмянчук (Марыя Х.) - дэрыват з фармантам -чук ад антрапоніма Хмен і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Хмен-чук - Хмянчук . ФП: хмен , нармат. кмен ('травяністая расліна сямейства парасонавых, а таксама яе насенне, што скарыстоўваецца як прыправа') - Хмен (мянушка чалавека, які вымаўляе хмен замест кмен ) - Хмен - Хмянчук .

Ходар (Аляксандр Х.) - народна-гутарковае ўласнае асабовае найменне ад імя Фё-дар , якое мае варыянты: Ф е- дар, Хведар, Ходар і іншыя, што набылі ўласцівасць прозвішчаў.

(Працяг у наступным нумары.)

Павел Сцяцко


Фестываль беларускай мовы як новы від дзейнасці для ТБМ

Таварыству беларускай мовы варта ўвесь час звяртацца да новых метадаў дзейнасці. Па-першае, гэта не сумна, па-другое, можа прынесці нечакана добры вынік. Адным з іх можа стаць фестываль беларускай мовы.

Фестывалі, звязаныя з мовамі, можна ўмоўна падзяліць на шматмоўныя і аднамоўныя. Абодва тыпы вельмі распаўсюджаны ў свеце. Шматмоўныя фестывалі ўжо праходзяць у Менску. 31 сакавіка 2013 года пры падтрымцы Філалагічнага факультэта БДУ адбыўся Першы менскі фестываль моў (minskling fest.by/).

Самы першы фестываль моў прайшоў у 1995 годзе ў горадзе Тур у Францыі. Яго арганізаваў, як ні дзіўна, эсперантыст і грамадскі дзеяч Дэніс Кіф. Мэта фестывалю - раскрыць перад наведвальнікамі моўную разнастайнасць у форме прэзентацый, прысвечаных мовам. У наступным годзе адбыўся фестываль у сталіцы Чувашыі, Чэбаксарах, дзе яны праводзяцца і па сёння. Яшчэ такія фестывалі праводзіліся ці праводзяцца ў Аўстраліі, Бельгіі, Венесуэле, Вялікабрытаніі, ЗША, Кітаі, Малдове, Расіі, Украіне, Швецыі. Адзначаецца, што найбуйнейшым быў фестываль у кітайскім Нанкіне ў 2008 годзе, які за два дні сабраў 13,5 тысяч наведвальнікаў. Там было прадстаўлена звыш 70 моў. У Расійскай Федэрацыі фестывалі рэгулярна адбываюцца ў шасці гарадах.

Аснову фестывалю складаюць прэзентацыі, якія доўжацца па 30 - 50 хвілін. Пераважная большасць прэзентацый расказвае пра асобную мову. Вядзе прэзентацыю знаўца гэтай мовы. Паколькі прэзентацый шмат, то некалькі з іх адбываюцца паралельна, таму, на жаль, наведаць іх усе аднаму чалавеку немагчыма. Фестывалі гэтага тыпу звычайна праводзяцца ва ўніверсітэтах, дзе лёгка можна заняць некалькі аўдыторый адначасова.

Каб наведвальнік загадзя выбраў, што наведаць, прэзентацыі анансуюцца. Гэта можна рабіць на стэндзе, але бываюць таксама тэатралізаваныя анонсы падчас цырымоніі адкрыцця фестывалю. Займальнасць і захапляльнасць - важныя рысы прэзентацый. У якасці прыкладу паглядзіце апісанне прэзентацыі славацкай мовы з Менскага фестывалю, якую ладзіў Павел Рааго, навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

"Для большасці беларусаў Славакія - гэта белая пляма на мапе Еўропы, краіна "ў цені" суседкі Чэхіі. Гарна-лыжныя курорты, хакей, Браціслава - вось, відаць, і ўсе асацыяцыі, якія выклікае гэтая маленькая цэнтральнаеўрапейская краіна ў чалавека, які там ніколі не быў. Але ж гэта яшчэ і зямля старажытных замкаў, неапісальнай прыгажосці гор, тысяч гаючых мінеральных крыніц і, канешне, спеўнай славацкай мовы. Мовы, такой блізкай да нашай як гучаннем, так і сваім гістарычным лёсам.

Завітайце на маю прэзентацыю, і вы даведаецеся:

- чаму славацкую мову называюць "славянскім эсперанта";

- якое славацкае слова з'яўляецца самым вядомым у свеце;

- за што славакі ненавідзяць літару У;

- чаму палешукам прасцей вывучаць славацкую, чым астатнім беларусам;

- ці можа мова спрыяць палавой няроўнасці;

- як чытаць словы і цэлыя сказы без галосных гукаў;

- а таксама яшчэ шмат усяго цікавага пра мову, якая разам з польскай займае трэцяе месца па ступені блізкасці да беларускай…

Акрамя таго, вы навучыцеся, як павітацца і развітацца адным словам, і атрымаеце невялікія падарункі, што дапамогуць вам зрабіць першыя крокі на шляху ў такі цікавы і захапляльны свет славацкай мовы".

А вось змест прэзентацыі каталанскай мовы заўзятара розных моўных фестываляў Міхася Камінскага, сябра Маскоўскай суполкі "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".

"Ці вы ведаеце, што:

- па-каталанску размаўляе больш за 11,5 мільёна чалавек;

- каталанская мова распаўсюджаная ў 4 дзяржавах Еўропы;

- у адной з незалежных еўрапейскіх краін каталанская - адзіная дзяржаўнай мова;

- каталанская НІКОЛІ не была дыялектам іспанскай мовы;

- каталанская - гэта першая раманская мова, якая была выкарыстаная для напісання філасофскіх твораў;

- з усіх раманскіх моў толькі ў каталанскай літаратурная проза з'явілася раней пісьмовай паэзіі;

- у такім шматнацыянальным горадзе, як Барселона, каб уладкавацца на любую дзяржаўную працу (нават паштальёнам або дворнікам), трэба абавязкова прайсці тэст на веданне каталанская мовы;

- каталанская ўваходзіць у дваццатку самых папулярных моў Інтэрнэту;

- менавіта раздзел на каталанскай мове стаў трэцяй моўнай версіяй Вікіпедыі, створанай усяго толькі на некалькі хвілін пазней за нямецкую;

- цяпер па колькасці артыкулаў каталанская Вікіпедыя займае ганаровае 17-е месца, а па якасці знаходзіцца на 2-м месцы сярод усіх моўных раздзелаў?

Ці вы хочаце ведаць болей? Тады прыходзьце на прэзентацыю каталанскай мовы і спаталіце сваю смагу пазнання!"

На фестывалях прэзентуецца і беларуская мова.

Акрамя прэзентацый і цырымоніі адкрыцця, на фестывалях чытаюцца лекцыі, арганізуюцца моўныя гульні і конкурсы, адбываецца конкурс прэзентацый, ладзяцца гасцёўні для размоў на пэўнай мове, выстаўляюцца навінкі літаратуры, праводзяцца канцэрты, а таксама цырымонія закрыцця з уручэннем дыпломаў і падарункаў і г.д. На Пекінскім фестывалі праводзяцца спецыяльныя прэзентацыі, прысвечаныя кар'ерным магчымасцям у галіне лінгвістыкі. Фестываль можа ўзаемадзейнічаць са школамі.

Прэзентацыі можна зрабіць складовай часткай фестывалю беларускай мовы. Што можна на іх прадставіць? Па аналогіі са шматмоўнымі фестывалямі, адразу ж напрошваецца варыянт з дыялектамі беларускай мовы. Прычым, не толькі на сучаснай тэрыторыі краіны. Можна запрасіць носьбітаў мовы з памежных раёнаў суседніх дзяржаў, а так-сама і беларусаў з далёкага замежжа. Такія прэзентацыі не абавязкова павінны быць прысвечаны мове ці толькі мове: яны могуць распавядаць пра асаблівасці бытавання беларускай дыяспары, мясцовы фальклор, узаемадзеянне з прадстаўнікамі іншых народаў і г.д.

Яшчэ адна магчыма група прэзентацый - прафесійныя. Прадстаўнікі розных спецыяльнасцяў, якія размаўляюць на працы па-беларуску, могуць распавесці пра спецыфіку свайго ўзаемадзеяння з кліентамі, пра тэрміналогію і г.д.

Варта арганізаваць кірмаш праектаў: прэзентацыі ці стэнды новых беларускамоўных ініцыятыў у сферы адукацыі, кнігавыдання, СМІ, грамадскай актыўнасці, культуры, бізнесу. Трэба запрасіць кампаніі, што выкарыстоўваюць мову ў афармленні прадукцыі. Вельмі важна зрабіць кірмаш вакансій, для заняцця якіх патрабуецца валоданне беларускай.

Даследчыкі могуць у папулярным выглядзе прэзентаваць вынікі сваіх навуковых прац па лінгвістыцы, гісторыі беларускай мовы, сацыяльных і псіхалагічных аспектах яе ўжывання і г.д. Натуральна, магчымыя і іншыя варыянты.

Міжнародная алімпіяда па беларускай мове - гэта тэма, якая заслугоўвае асобнага матэрыялу. Але такую алімпіяду можна спалучыць з фестывалем. Напрыклад, у правілах Міжнароднай алімпіяды па турэцкай мове пазначана, што каманды краін-удзельніц на цырымоніі адкрыцця абавязкова павінны быць у нацыянальных строях, а таксама падрыхтаваць стэнд-прэзентацыю сваёй краіны.

Зараз пра "аднамоўныя" фестывалі. Яны, дарэчы, не заўжды праводзяцца ў краіне, дзе пэўная мова з'яўляецца найбольш распаўсюджанай. Напрыклад, у Малайзіі праводзіцца фестываль японскай мовы, а ў Сінгапуры - тамільскай. Можна паразважаць над магчымасцю зрабіць фестываль "вандроўным", напрыклад, час ад часу праводзіць яго ў адной з суседніх краін.

Такія фестывалі могуць быць шматдзённымі культурнымі мерапрыемствамі, якія ўключаюць шырокі спектр імпрэзаў на пэўнай мове. Напрыклад, фестываль ірландамоўнай літаратуры ў Дубліне IMRAM уключае не толькі семінары, чытанні, прэзентацыі кніг, паэтычныя спаборніцтвы, творчыя майстэрні, але і шмат канцэртаў, кінапаказы, тэатральныя, у тым ліку лялечныя, пастаноўкі, выставу карцін, натхнёных цытатамі з ірландскай літаратуры, дэбаты і інш.

Яшчэ адзін прыклад - фестываль Tafwyl, які праводзіцца ў Кардыфе, сталіцы Уэльса, з 2006 года. Назва складаецца з двух слоў: Taf (рака, што цячэ праз Кардыф) і (g)wyl - фестываль.

Вось некаторыя з яго мэт:

- даць магчымасць жыхарам сталіцы Ўэльса і яе гасцям, дарослым і дзецям, апынуцца ў валійскамоўнай атмасферы, павысіць свой узровень валодання мовай,

- прэзентаваць ідэі і праблемы валійскай мовы ў святочным, займальным выглядзе,

- прапанаваць валійска-моўныя імпрэзы для людзей усіх узростаў,

- павялічыць колькасць і якасць паслуг, што аказваюцца па-валійску.

Адна з мэт згаданага вышэй фестывалю ірланда-моўнай літартуры - служыць медыйнай нагодай, каб сродкі масавай інфармацыі звярталі больш увагі на ірландскіх аўтараў і іх кнігі.

Кардыфскі фестываль праводзіцца арганізацыяй "Menter Caerdydd", спецыяльна заснаванай, каб пашыраць ужытак валійскай у Кардыфе праз стварэнне магчымасцяў выкарыстоўваць мову па-за працоўным месцам ці навучальнай установай. Ён доўжыцца тыдзень і ўключае гасцёўні для тых, хто вывучае мову, канцэрты, лекцыі, тэатральныя пастаноўкі, спартыўныя гульні. Галоўнае мерапрыемства фестывалю - кірмаш, які праводзіцца пад адкрытым небам у цэнтры горада.

Зусім не ўсе мерапрыемствы на кірмашы маюць непасрэдна "лінгвістычны" характар. Напрыклад, там гуляюць у розныя спартовыя гульні, вучаць цыркавому мастацтву і кулінарыі, там ёсць процьма заняткаў для дзяцей, у тым ліку для самых маленькіх. На кірмашы, натуральна, шмат чаго і прадаецца: ад сувеніраў да ежы. Але ўсе мерапрыемствы праводзяцца па-валійску. Ад фірм, якія выстаўляюць гандлёвыя намёты, патрабуецца, каб прадаўцы валодалі валійскай мовай.

Там ёсць і намёт спецыяльна для тых, хто вывучае валійскую мову, дзе анансуюць новыя моўныя курсы, ладзяць музычныя імпрэзы і г.д. Ёсць месца і для дыскусій па набалелых пытаннях. Таксама ёсць літаратурны намёт, дзе прэзентуюцца новыя выданні, а таксама можна навучыцца маляваць коміксы.

На фестывалі праводзіцца шматаспектнае даследаванне, якое ўключае апытанне наведвальнікаў аб іх уражаннях. Сярод таго, што найбольш спадабалася, наведвальнікі адзначалі "адчуванне валійскасці сваёй сталіцы, таго, што мова займае пачэснае месца ў горадзе; магчымасць свабодна размаўляць на мове; цёплую атмасферу, у якой ніхто не наракаў, што ты толькі трохі ведаеш мову" . На пытанне, як змянілася іх стаўленне да валійскай мовы ў Кардыфе, 58% наведвальнікаў зазначылі, што яны сталі больш ганарыцца, 25% больш даведаліся пра валійскамоўную культуру свайго горада, а амаль 19% - што пасля фестывалю сталі больш упэўнена размаўляць па-валійску ў горадзе.

У даследаванні высвятлялася таксама, колькі на фестывалі зарабілі гаспадары гандлёвых намётаў. У сярэднім атрымалася па 620 фунтаў на чалавека, разам каля 12 з паловай тысяч. Прыбытак пастаўшчыкоў харчавання і бараў склаў каля 30.000 фунтаў. Увогуле, эканамічны чыннік можа быць важным падмуркам фестывалю. Напрыклад, у Паўднёва-Афрыканскім горадзе Аўдтсхоорн праводзіцца штогадовы фестываль мастацтваў на мове афрыкаанс "Кляйн Каруу", адзін з найбуйнейшых фестываляў краіны. Адзначаецца, што ён стаў крыніцай эканамічнага росту для самога горада і прылеглага рэгіёна.

У Беларусі назапашаны вялікі досвед правядзення шматдзённых фестываляў і кірмашоў, таму арганізацыя не будзе праблемай. Некаторыя з гэтых мерапрыемстваў і зараз маюць дачыненне да мовы, напрыклад, Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. Змест фестывалю беларускай мовы будзе залежаць ад энтузіязму і крэатыўнасці арганізатараў і ўдзельнікаў, а таксама ад фінансавых магчымасцяў і пазіцыі ўладаў. Найцікавей будзе спалучыць у адным фестывалі самыя розныя падыходы і мерапрыемствы. Але пры недахопе, скажам, фінансавання можна пачаць са сціплага фэсту, які потым можа зрабіцца буйным святам. Напрыклад, першы фестываль Tafwyl у Кардыфе у 2006 годзе наведала адна тысяча чалавек, а ў мінулым годзе - ужо амаль 14 тысяч. Падаецца, што, калі Таварыства сапраўды пачне рэалізацыю такога праекту, то ў нас не будзе недахопу і ў партнёрах.

Калі ў вас ёсць прапановы на тэму фестывалю, пішыце па адрасе siadziba@ gmail.com.

Дзяніс Тушынскі, намеснік старшыні ТБМ


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў жніўні

Адамін Іван Адамчык Валер Зянонавіч Азаранка Аляксандр Іванавіч Акіменка Антаніна Акрамава Іна Акрушка Яўген Анатольевіч Альхіменка Лідзія Альховік Надзея Васільеўна Аляксандровіч Валянціна Анацка Алег Андросенка Сяргей Андрэевіч Андрэеў Ілля Аляксандравіч Антановіч Кастусь Уладзімір. Антанюк Раіса Рыгораўна Анціпенка Алесь Ілліч Арлоў Уладзімір Аляксеевіч Арэшкава Марыя Астапенка Анатоль Уладзімір. Бардашэвіч Яна Валер'еўна Барысік Таццяна Іванаўна Басін Якаў Зіноўевіч Бандарчык Уладзімір Барадзіна Інга Мікалаеўна Басанец Анастасія Ільінічна Бахметава Святлана Белахвостава Людміла Ігараўна Блоцкая Ірына Мікалаеўна Бранішэўская Света Бубешка Антаніна Бут-Гусаім Святлана Феадос. Вайноўскі Міхаіл Валатоўскі Вячаслаў Валянц. Варапееў Уладзімір Васіляўскайце Тацяна Васько Яніна Мікалаеўна Ваўранюк Ірына Ільінічна Касьяненка Антон Воўк Яўген Вуек Ул. Ул. Вырвіч Барыс Іванавіч Вячорка Аляўціна Сямёнаўна Габец Ягор Валер'евіч Галаўнёў Мікалай Іванавіч Галубовіч Ксенія Леанідаўна Гаплічнік Аксана Мікалаеўна Гаравая Ніна Віктараўна Гарэлікаў Уладзімір Марат. Глазырын Сяргей Грудніцкая Тамара Грыгенча Вераніка Грынюк Вольга Віктараўна Грышуніна Наталля Губскі Уладзімір Гудкова Вольга Уладзіміраўна Гундар Марына Юр'еўна Гядрэвіч Валянціна Дабравольскі Андрусь Дабрадзей Алеся Пятроўна Дакурна Генрых Фабіянавіч Дарафяюк Міхаіл Дваранчук Юры Дзергачова Любоў Рыгораўна Дзешчыц Алена Аляксандр. Дзьячкова Ларыса Дзянісік Алена Догелева Ала Доўгі Уладзімір Драздоў Юры Дрыгайла Зміцер Ісаакавіч Дычок Сяргей Уладзіміравіч Жаркоў Аляксандр Іванавіч Жаўрыд Марына Аляксандр. Жукоўская Алеся Іванаўна Зайка Аляксандр Фаміч Запрудскі Сяргей Мікалаевіч Зверава Тамара Іваноў Мікалай Аляксеевіч Іскарцкая Марына Каваленка Анастасія Уладзім. Кавалец Аляксей Паўлавіч Казак Алег Камарова Алена Аляксандр. Камароўскі Мікалай Міхайл. Камароўскі Мікола Іванавіч Камянецкая Ірына Кананенка Тамара Міхайлаўна Кануннікава Ніна Паўлаўна Капціловіч Тамара Карабельнікава Алена Кароль Алег Карповіч Андрэй Уладзімір. Касаты Людвіг Канстанцінавіч Кірвель Юзаф Юзафавіч Князева Часлава Вячаславаўна Коваль Альвіна Козіч Ганна Леанідаўна Колесень Ірына Корбут Аляксандр Іванавіч Косінец Анатоль Краснік Вольга Краснова Наталля Краўчанка Пётр Кузьміч Крокас Ірына Круглая Марына Віктараўна Крупкіна Рыта Мікалаеўна Кузьміч Леанід Пятровіч Куксар Наталля Куль Дзмітры Кунцэвіч Святлана Купава Вітаўт Мікалаевіч Куплевіч Віталь Эдуардавіч Курловіч Аляксандр Адамавіч Кушаль Глафіра Васільеўна Леановіч Алена Георгіеўна Лемеш Яўген Вікенцевіч Лойка Тамара Ляскоўскі Уладзіслаў Канстан. Ляшкевіч Тацяна Макарэвіч Віталь Сяргеевіч Малашчанка Уладлена Малей Кацярына Маліноўскі Макар Мальдзіс Адам Восіпавіч Мандрык Наталля Мандрыкін Раман Аляксандр. Марцынкевіч Андрэй Марчанка Дзяніс Васільевіч Марчык Віктар Машчэнская Алена Мінчук Уладзімір Міхайлоўская Анастасія Вяч. Міхайлоўская Тацяна Васіл. Міцкевіч Марыя Міхайлаўна Мішкевіч Аліна Міхайлаўна Мудроў Алег Муха Барыс Ібрагімавіч Мялешка Аляксей Аляксеевіч Мясніковіч Юры Навумец Яўген Часлававіч Наліўка Лідзія Вячаславаўна Неткачава Валянціна Алякс. Нікіценка Мікалай Оліна Эла Ігараўна Пабірушка Надзея Палівода Святаслаў Мікітавіч Панамарова Жанна Сцяпан. Папова Варвара Сяргееўна Патапчук Леанід Піваварчык Сяргей Аркадз. Плевака Валеры Сцяпанавіч Плотнікаў Уладзімір Правалінскі Віталь Пучынскі Уладзімір Станісл. Пухоўская Юлія Аляксандр. Пушкін Алесь Пшэннік Тамара Францаўна Пятровіч Ева Раманчык Надзея Дзмітрыеўна Рамук Андрэй Раткевіч Лілія Рачко Віктар Рынкевіч В. У. Рысявец Уладзімір Аляксанд. Рэйда Святлана Юр'еўна Сабаленка Алесь Савіцкая Ірына Канстанцінаўна Савосценка Ігар Садаўнічы Дзмітры В. Садоўская Анастасія Раман. Сак Міхал Міхалавіч Салодкіна Святлана Самайлюк Тамара Андрэеўна Санько Валер Аляксеевіч Сармант Сяргей Аляксандр. Саўко Марыя Сафонава Вольга Віктараўна Сека Васіль Сенькавец Ганна Сідарэвіч Наталля Скрыган Ігар Генадзевіч Сом Алена Уладзіміраўна Стамінок Наталля Стаціўка Алесь Канстанцінавіч Сташкевіч Яна Ігараўна Стукала Алена Субоцін Аляксандр Супрановіч Віталь Канстанц. Сушчэўскі Алесь Аляксандр. Сцефановіч Здзіслаў Уладзісл. Торап Аляксандр Валер'евіч Трафімчык Дамініка Сярг. Трубач Тацяна Георгіеўна Трусаў Алег Анатольевіч Трухановіч Ларыса Тупянец Дзмітры Валянцінавіч Туронак Людміла Данатаўна Тэжык Ірына Утачкіна Людміла Федуковіч Васіль Фёдарава Тацяна Дзмітр. Філіпчык Васіль Іванавіч Форнэль Кастусь Іванавіч Фралоў Валеры Халіпскі Рыгор Веніамінавіч Хітрун Алесь Часлававіч Царук Вольга Іванаўна Цвірка Іван Яўгенавіч Цімашэвіч Уладзімір Максім. Цыганкова Анастасія Дзмітр. Чабанава Тацяна Аляксандр. Чарнякоўскі Віталь Радзівон. Чэчат Алесь Віктаравіч Шаўчук Ігар Іванавіч Шумскі Андрэй Мікалаевіч Шчэрбіч Мікола Аляксандр. Шыла Святлана Шымко Лілія Канстанцінаўна Юч Галіна Ясюк Іван Вітальевіч Яцкоўская Святлана Анатол.



8 жніўня ў межах кампаніі "Будзьма!" адбудзецца "Сяброўская вечарына" з гісторыкам, навукоўцам, выкладчыкам, сябрам беларускага ПЭН-цэнтра Алегам Трусавым. У праграме:

- шчырая размова пра актуальныя пытанні;

- выступы вядомых людзей;

- дэманстрацыя фільма з удзелам А. Трусава.

Месца правядзення: галерэя "Ў".

Час: з 18.00 да 20.00 гадзін. Уваход вольны.


Іртутнае срэбра жыцця

22 ліпеня ў Менску адбылася прэзентацыя кнігі праваабаронцы Алеся Бяляцкага "Іртутнае срэбра жыцця". Кніга напісана Алесем Бяляцкім у зняволенні ў Бабруйскай калоніі, куды аўтар трапіў за праваабарончую дзейнасць.

Гэта ўжо другая кніга, падрыхтаваным да выдання Алесем Бяляцкім у турме. У 2012 годзе выйшаў зборнік літаратуразнаўчых эсэ "Асвечаныя Беларушчынай", а неўзабаве выйдзе кніга ўспамінаў, нататак, інтэрв'ю "Халоднае крыло Радзімы".

Як адзначыў на прэзентацыі Зміцер Дашкевіч, кнігі, напісаныя ў турме вельмі важныя, бо даюць магчымасць зразумець чытачам, што "і там можна быць вольным".

Кніга "Іртутнае срэбра жыцця", прысвечаная праваабарончаму беларускаму і міжнароднаму руху, а таксама падзеям 2010 года ў Беларусі.

Укладальніца кнігі Алена Лапцёнак.

Радыё Свабода.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Бамбіза Мікола - 500 000 р., г. Менск

2. Кірава Тамара - 30 000 р., г. Менск

3. Давыдовіч П.І. - 70 000 р., г. Берасце

4. Гаева А.Д. - 50 000 р., г. Менск

5. Розін Д.Б. - 200 000 р., г. Менск

6. Панамароў С.М. - 100 000 р., г. Менск

7. Лабыка Зміцер - 150 000 р., г. Менск

8. Піскуновіч Міхась - 50 000 р., г. Менск

9. Краўцоў Васіль - 200 000 р., г. Гомель

10. Осіпава А. - 100 000 р., г. Гомель

11. Цярэшчанка Барыс - 4 084000 р., г. Менск

12. Зылькоў С.П. - 200 000 р., г. Гародня

13. Вініцкая Кацярына - 20 дол. ЗША, Лос-Анджэлес

14. Лукашук Марыя - 200 000 р., г. Берасце

15. Краўчанка Анатоль - 200 000 р., г. Менск

16. Мануленка Уладзімір - 90 000 р., г. Менск

17. Касцюкевіч Зміцер - 100 000 р., г. Чэрвень

18. Раманюк Тацяна - 100 000 р., г. Менск

19. Кукавенка Іван - 100 000 р., г. Менск

20. Анікееў Міхась - 100 000 р., г. Менск

21 Шкірманкоў Фелікс - 100 000 р., г. Слаўгарад

22. Ляўшун Дзяніс - 195 000 р., г. Менск

23. Фурс Антон - 100 000 р., г. Паставы

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Каталіцкія ордэны ў Мсціславе

Доўгі час у Мсціславе, а потым у Мсціслаўскім вая-водстве пераважала права-слаўнае насельніцтва, але ўжо у XVI ст. тут з'яўляюцца каталікі, якія ў асноўным былі вайскоўцамі і, магчыма, мелі драўляную каплічку на тэрыторыі Мсціслаўскага замка.


У пачатку XVIІ ст. сюды прыходзяць манахі ордэна Кармелітаў . Розныя даследчыкі называюць розныя даты стварэння Кармеліцкага кляштара - 1614, 1637 і 1638 гг.

Адным з самых старадаўніх помнікаў Мсціслава з'яўляецца былы кармеліцкі Успенскі касцёл, размешчаны недалёка ад Замкавай гары. Закладзены ён у 1614 або 1617 г. (паводле іншых звестак, у 1637 ці 1638 г.). Доўгі час на галоўным фасадзе храма быў лацінскі надпіс з датай "1654 год". Не выключана, што ў першай палове XVIІ ст. існавала драўляная пабудова, якую пазней замянілі на мураваную.

А.А. Мяцельскі лічыць, што ў канцы XVI - першай палове XVIІ ст. у Мсціславе быў адзін касцёл - фарны "Узнясення Дзевы Марыі", які ў 1618 г. быў перададзены Кармеліцкаму ордэну. У 1644 годзе ў кляштары было ўжо 11 манахаў на чале з прыёрам Серапіёнам Каблашэвічам. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што менавіта ў яго сценах у 1630 годзе адбылося першае тэатральнае прадстаўленне ў Мсціславе.

А.А. Мяцельскі даказвае, што думка аб пабудове мураванага Кармеліцкага касцёла ў сярэдзіне XVIІ ст. з'яўляецца памылковай і адносіць пабудову мураванага будынка касцёла да сярэдзіны XVIІІ ст.

Літоўскія навукоўцы называюць касцёл Босых Кармелітаў у Мсціславе самым усходнім (500 км. ад Вільні) творам Віленскай школы барока і яе найбольш славутага архітэктара - Я.К. Глаўбіца.

Асноўны аб'ём будынка складзены з чырвонай цэглы-пальчаткі. Касцёл мае глыбокія сутарэнні, а глыбіня яго падмурка каля 5 м. Першая значная перабудова касцёла адбылася ў 1746-1750 гг. пад кіраўніцтвам вядомага архітэктара Я.К. Глаўбіца. Знакаміты дойлід змяніў форму даха, дэкор галоўнага фасада, завяршэнні чатырох'ярусных вежаў. Наступныя рамонты помніка зроблены ў ХІХ і пачатку ХХ ст.

Зараз гэта велічная трохнефавая шасцістаўповая базіліка з двухвежавым фасадам і пяцігранай алтарнай апсідай, да якой прылягае двухпавярховая прыбудова. Унутраную прастору касцёла ўпрыгожваюць фрэскі. Яны размешчаны на сценах галоўнага і на частцы скляпенняў бакавых нефаў. Аб'ём прыбудовы да касцёла першапачаткова распісаны ў XVIІІ ст., мае і больш познія фрэскі (ХІХ ст.), драўляная столь прыбудовы размалявана ў пачатку ХХ ст. Збераглося каля 20 кампазіцый, найбольшую вартасць маюць партрэты фундатараў касцёла і батальныя сюжэты, якія адлюстроўваюць падзеі руска-польскай вайны 1654-1667 гг.

Фрэскі Успенскага касцёла - эмацыянальныя, але разам з тым адчуваецца імкненне да прастаты і стрыманасці, а дакладней, да ўнутранай раўнавагі, якой даволі цяжка дасягнуць у такім дысанансным стылі, як барока. Размяшчэнне ў галоўным нефе касцёла двух вялікіх маляваных твораў канкрэтна-гістарычнага характару "Узяцце Мсціслава маскоўскімі войскамі" і "Забойства ксяндзоў" - з'ява незвычайная. Гэта сведчанне не толькі вельмі смелай задумкі мастака, але і доказ арыгінальнасці ўсёй літаратурна-мастацкай кампазіцыі.

Акрамя батальных карцін у алтарнай частцы касцёла знаходзяцца два сіметрычна размешчаныя медальёны з выявамі фундатараў - асоб, якія выдаткавалі грашовыя сродкі на будаўніцтва храма. Уладарны выраз твараў, дарагія зброя і аддзенне, рукі, што моцна сціскаюць булавы - сімвалы годнасці і ўлады, сведчаць аб жаданні мастака адзначыць заслугі гэтых людзей перад вернікамі, што наведвалі касцёл. Але разам з тым пэнзаль невядомага майстра данёс да нас зямныя клопаты шаноўных асоб - у выглядзе глыбокіх маршчын, што ляглі на іх ужо немаладыя твары. Адным з фундатараў быў мсціслаўскі войскі Якуб Караль Мазалінскі, які падарыў кармелітам маёнтак Прылепава на Смаленшчыне.

Уяўляюць цікавасць карціны і "музычнай" тэматыкі: "Габліст" і "Віяланчэ-ліст". Мастак вельмі старанна прамаляваў кожную рысачку іх раскошнага адзення, дакладна пазначыў контуры твараў і рук. Унікальныя малюнкі знойдзены падчас рэстаўрацыйных работ у памяшканнях, размешчаных побач з касцёлам, у двухпавярховым будынку кляштара - прамавугольнага ў плане будынка, накрытага вальмавым дахам. Рэстаўратары знайшлі на адной са сцен прыбудовы манаграму-аўтограф невядомага мастака.

Інтэр'ер касцёла ўключаў таксама вялікія хоры пры ўваходзе, амбон, цэнтральны і бакавыя алтары, выкананыя ў стылі ракако. Галоўны фасад Кармеліцкага касцёла фланкаваны вежамі з паўсферычнымі купаламі, накрытымі цынкавымі лістамі, і завершаны фігурным шчытом паміж імі. Тоўстыя, да 1,5 м, сцены будынка атынкаваныя і здобленыя пілястрамі, гзымсамі, прафіляванымі цягамі, прарэзаныя лучковымі праёмамі.

Ля касцёла збудавана цагляная брама, вырашаная ў выглядзе трох рознавялікіх паўцыркульных арак-праходаў з каванымі металічнымі варотамі і брамкамі. Па баках брамы ўзвышаюцца невялічкія пінаклі. Над шырокай цэнтральнай аркай размешчаны ступеньчаты атык.

Непадалёку ад кармеліцкага касцёла знайшлі касцёльную воту XVIІІ ст. На адным яе баку - выява жанчыны, што моліцца. У метале, з якога зроблена вота, ёсць значная дамешка срэбра. Таксама тут знойдзена кафля XVIІІ ст. з эмблемай Кармеліцкага ордэна і шматлікімі ініцыяламі, відаць, нейкай духоўнай асобы шляхецкага паходжання.

У 1830-1835 гг у кляштары было 3 манахі і 105 прыгонных сялян. Пазней, калі кармеліты пакінулі Мсціслаў, касцёл быў фарным і быў закрыты савецкімі ўладамі. Пасля вайны тут быў пункт прыёму шклотары і продажу газы насельніцтву, а ў сутарэннях касцёла трымалі бочкі з салёнымі гуркамі і квашанай капустай.

У 1969 годзе будынак касцёла ўключылі ў спіс найбольш каштоўных помнікаў архітэктуры з мэтай і рэстаўрацыі, і прыстасавання пад культурныя патрэбы горада. У Мсціславе быў створаны рэстаўрацыйны ўчастак.

Рэстаўрацыяй займаўся вядомы беларускі рэстаўратар Валерый Слюнчанка. У савецкі час было шмат зроблена. Будынак атрымаў новы дах, устаўлены рамы вельмі складанай канструкціі ў вялікія вокны касцёла, зроблена цалкам рэстаўрацыя інтэр'ераў бакавой капліцы, дзе зараз ідуць набажэнствы.

Дзяржаўнай праграмай "Культура Беларусі" на 2011-2015 гады ў пераліку мерапрыемстваў запланаваны і работы па рэканструкцыі і рэстаўрацыі Успенскага касцёла ў г. Мсціславе ў межах сродкаў, прадугледжаных Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай. На жаль, праектна-каштарысная дакументацыя па названым аб'екце да гэтага часу не распрацавана.


Езуіты з'явіліся ў Мсціславе ў 1616 г. Месца знаходжання першага драўлянага касцёла невядома. У 1690 г. езуіты заснавалі ў горадзе місію, 19 сакавіка адчынілі капліцу і правялі першае набажэнства. Пазней, у 1963 г. адкрыўся невялікі драўляны касцёл. Першую школу пры місіі адкрывалі ў 1691 г. у доме, які даў Станіслаў Зуб. Пазней атрымалі новы будынак з 4 заламі. Пры кляштары дзейнічаў тэатр. Спяктаклі праходзілі ў вялікай зале школьнага будынка.

Ансамбль былога Езуіцкага кляштара пабудаваны ў XVIII - ХІХ стст. на ўзвышшы паміж сучаснымі вуліцамі Савецкай, Пралетарскай і Юрчанкі. Беларускі дойлід Уладзіслаў Дзягілевіч у 1707 г. збудаваў вялікі драўляны касцёл, а ў 1711 г. аднавіў спалены дом Езуіцкай місіі, паставіў драўляную вежу са званамі і гаспадарчыя будынкі.

Місія стала спачатку рэзідэнцыяй, а з 1717 г. - калегіяй. з 1725 г. тут дзейнічаў аркестр, а з 1740 - аптэка. У 1729 г. рэзідэнцыю пераўтварылі ў калегіюм.

Пісьмовыя крыніцы захавалі імёны і розных майстроў, што працавалі на будоўлях для езуітаў у Мсціславе. Самым першым сталяром, імя якога зафіксавалі пісьмовыя крыніцы, быў Міхаіл Гуроўскі, што жыў у Мсціславе ў 1719 - 1729 гг. Менавіта ён зрабіў лавы і алтар у драўляным касцёле. У 1739 - 1757 гг. загадваў сталяркай у езуіцкім калегіюме Францішак Берман, ён рамантаваў стары драўляны касцёл, а потым наглядаў за працай на будаўніцтве мураванага касцёла і кіраваў фальваркам. У 1748 - 1773 гг. працаваў сталяр Піліп Лакцінскі, выконваў розныя работы для касцёла і для мураванай рэзідэнцыі, што будавалася тым жа часам.

Будаўніцтва мураванага Езуіцкага касцёла і калегіюма распачалося ў 30-ых гадах XVIII ст. Будоўля ішла марудна, двойчы спынялася і нарэшце была скончана ў 1748 г. пад кіраўніцтвам Бенядзікта Мезмера. У сярэдзіне XVIII ст. езуіты пабудавалі аптэку. Касцёл атрымаў імя Св. Міхаіла Арханёла.

Касцёл уяўляе сабой трохнефавую базіліку з трансептам і двухвежавым галоўным фасадам (вежы, на жаль не захаваліся). Магутная паўкругавая апсіда завяршае цэнтральны неф. Галоўны фасад вузкім гзымсам падзяляецца на два ярусы і завяршаецца развітым антаблементам са ступеньчатым атыкам у цэнтры. Сцены будынка аздобленыя шырокімі пілястрамі. У касцёле захаваліся рэшткі фрэскавага роспісу XVIII ст. Ёсць тут глыбокія сутарэнні, дзе некалі былі пахаванні. Калісьці перад касцёлам узвышалася прыгожая мураваная брама, падмуркі якой былі знойдзены археолагамі.

Двухпавярховы будынак калегіюма з бакоў падтрымліваюць магутныя контрфорсы. Першы паверх перакрыты скляпеннямі, другі мае перакрыцце на бэльках. Прыгожае барокавае аздабленне над галоўным уваходам страчана ў выніку рамонтаў ХІХ ст. Усе мураваныя будынкі кляштара складзеныя з цэглы-пальчаткі. Жылыя памяшканні ацяпляліся паліхромнымі кафлянымі печамі, аблямаванымі рэльефнай кафляй з выявамі познебарокавых картушоў.

Езуіцкі калегіюм існаваў да 1820 г. Дарэчы, у ліку розных прадметаў тут выкладалі і архітэктуру. Пасля паўстання 1831 г. будынкі Езуіцкага кляштара былі адабраныя ў католікаў, а касцёл зачынены.

З 1832 па 1842 гг. комплекс быў перададзены Тупічэўскаму праваслаўнаму манастыру. У 1842 г. тут адкрылі Мікалаеўскі мужчынскі гарадскі манастыр 2-га класа.

Касцёл перабудавалі ў праваслаўны сабор святога Мікалая. Знешні воблік будынка змяніўся: з'явіўся невялічкі прытвор, завершаны складаным ступеньчатым атыкам, былі цалкам разабраны і перароблены вежы. У 1842 г. надбудавалі вялікі драўляны купал на цыліндрычным светлавым барабане. Пластыка фасадаў узбагацілася шырокімі пілястрамі і паўцыркульнымі нішамі. Трэба адзначыць, што інтэр'ер сабора часткова захаваў некаторыя дэталі аздаблення XVIII ст. Гэта добра бачна на архіўным здымку, зробленым у 1909 г.

У будынку былога калегіюма размясцілася духоўная семінарыя. У канцы ХІХ - пачатку ХХ ст. ансамбль быў абнесены высокай цаглянай агароджай, на вуглах зроблены невялікія капліцы.

Пры савецкай уладзе ў 1931 г. храм закрылі і скінулі з вежы звон, які потым здалі на пераплаўку. У памяшканні былога калегіюма размясцілася школа-інтэрнат для глуханямых дзяцей.

Пасля вайны ў будынку былога касцёла быў дом культуры і да 1961 г. кінатэатр. Пазней будынак закінулі і мясцовыя жыхары пераўтварылі яго ў руіну без даху.

У канцы ХХ ст. пачалася рэстаўрацыя. Быў зроблены новы дах і адбудавана адна з двух вежаў, але грошы скончыліся, і рэстаўрацыя спынілася. Памяшканні калегіюма актыўна выкарыстоўваюцца ў часы рыцарскіх фэстаў апошніх гадоў.

Археалагічныя даследаванні на тэрыторыі былога Езуіцкага кляштара праводзіліся аўтарам у 1983, 1987, 1989 і ў 1991 гг. За часы археалагічных раскопак было закладзена 37 шурфоў агульнай плошчай каля 139 м 2. Магутнасць культурнага слою розная. На плошчы каля агароджы перад касцёлам ён увогуле адсутнічае. Найбольшая яго інтэнсіўнасць прасочана ў шурфах на ўсход ад будынка былой аптэкі і дасягае 2,3 м.

Сабраны цікавы рэчавы матэрыял. Самыя старажытныя знаходкі (кераміка) датуюцца ХІІ - ХІІІ стст., што сведчыць аб тым, што тут людзі жылі задоўга да пачатку будаўніцтва Езуіцкага комплекса.

Большасць знаходак адносіцца да XVII - XVIII стст. Гэта кавалкі непаліванага і паліванага бытавога посуду, разнастайная кафля, шкляное начынне, фрагменты шкляных ваконных шыбак, металічныя вырабы і будаўнічая кераміка. Цікавая і разнастайная калекцыя кафлі XVII - XVIII стст.

У сярэдзіне XVII - другой палове XVIIІ ст. выкарыстоўвалі паліхромную, зялёнапаліваную і тэракотавую кафлю з разнастайнымі матывамі, пачынаючы ад геральдыкі езуітаў і шматлікімі відамі расліннага арнаменту. Пад час раскопак рэшткаў будынка XVIIІ ст. знайшлі вонкавую пласціну зялёнапа-ліванай кафлі памерам 22х17,5 см з выявай стылізаванага букета кветак у вазе, упісаную ў васьмігранную рамку. Па кутах пласціны над рамкай ёсць выявы крылатых анёлаў. Такая кафля характэрная для розных цэнтраў беларускай кафлевай вытворчасці, але найбольш падобная кафля з Крычава.

У 1986 г. была знойдзена кафля з эмблемай ордэна Езуітаў. У сярэдзіне вонкавай пласціны размешчана манаграма Ісуса Хрыста, а па яе кутах - манаграмы заказчыка.

У шурфах каля сценаў касцёла сабраны кавалкі ваконнага шкла. Яно мае светла-зялёны колер, таўшчыня - 1,3 і 1,5 см, форма - прамавугольная.

У шурфах закладзеных на поўночны ўсход ад сучаснай тэрыторыі комплекса знойдзены падмуркі вялікага цаглянага будынка XVIII ст., хутчэй за ўсё - кляштарнага корпуса.

Глыбіна залягання падмурка пабудовы - 1,05 см. ад узроўня дзённай паверхні. Шырыня сцяны - 70 см. Удалося прасачыць адно прамавугольнае памяшканне памерам 7,7х3,6 м.

У 1987 г. заклалі шурф побач з апсідай касцёла з мэтай вывучэння яго падмурка.

Такім чынам, вышыня цокальнага паверха каля 3,1 м, Глыбіня залягання падмурка апсіды касцёла ад узроўню дзённай паверхні 1987 г. дасягае 4,75 - 4,8 м.

У 1987 г. былі знойдзены рэшткі былой цаглянай агароджы XVIII ст. Шырыня яе сцяны 60-70 см., глыбіня залягання падмурка - 55-60 см.

У выніку даследаванняў быў знойдзены адзін з мураваных карпусоў кляштара, акрэслены рысы агароджы і брамы XVIII ст. перад касцёлам, даследаваны падмуркі розначасовых будынкаў на тэрыторыі комплекса.


У пачатку XVIII ст. у Мсціславе з'явіліся манахі Бернардзінцы , якія ў 1727 г. збудавалі тут драўляны касцёл і кляштар. Выяву гэтага ансамбля можна ўбачыць на піктаграфічнай карце, зробленай у Нясвіжы ў сярэдзіне - другой палове XVIII ст. вядомым радзівілаўскім гравёрам Гершкам Ляйбовічам. Сярод нанесеных на яе 23 бернардзінскіх касцёлаў, што знаходзіліся на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, ёсць і мсціслаўскі помнік. Касцёл быў прамавугольным у плане аднанефавым будынкам з двухсхільным дахам, трохвугольным франтонам у цэнтры і дзвюма трох'яруснымі купальнымі вежамі па баках галоўнага фасада. Над алтаром знаходзілася невялікая вежа-сігнатурка. Аднапавярховы кляштарны корпус размяшчаўся злева ад галоўнага корпуса касцёла. Каля яго знаходзілася вежа-званіца.

Адным з фундатараў мсціслаўскіх бернардзінцаў быў Віцебскі харунжы Іван Гурко, другім пісьмовыя крыніцы называюць Яна Румейку, харунжага Віленскага ваяводства.

У канцы XVIII ст. бернардзінцы збудавалі мураваны аднапавярховы флігель і новы, мураваны, касцёл. У 1832 г. касцёл быў зачынены, прыход, які налічваў 679 душ мужчынскага полу, перададзены да Кармеліцкага касцёла. Туды адышла і ўся маёмасць манахаў-бернардзінцаў. Адначасова царскія ўлады зачынілі Кармеліцкі кляштар, а касцёл перабудавалі на фарны (прыходскі).

У 1837 г. усе збудаванні былога Бернардзінскага кляштара знаходзіліся пад наглядам мясцовай паліцыі. Доўгі час яны стаялі зачыненымі, пакуль не згарэлі і паступова не былі разабраны мясцовымі жыхарамі. У 1857 г. ацалелыя будынкі перададзены ваенным міністрам у Праваслаўнае Духоўнае ведамства.

На падмурках сярэдняй часткі кляштара ў 1870 г. будуецца царква Аляксандра Неўскага. Большасць старажытных сутарэнняў была завалена смеццем і засыпана, а некаторыя прыстасаванны пад царкоўны склад.

У 1988-89 гадах раскопкі на месцы кляштара былі зроблены аўтарам. Былі цалкам расчышчаны два вялікія сутарэнні XVIII ст. У адным з іх захаваліся вінтавая лесвіца з цаглянымі прыступкамі, рэшткі вентыляцыйнага акна-адтуліны, пяты крыжовых скляпенняў і дзвярны праём у наступнае памяшканне. У другім ацалелі ўсе скляпенні, два акны, якія забраны каванымі кратамі. Парадавалі і знаходкі: аконнае шкло, зялёная паліваная кафля, замок, старажытны відэлец, рознае керамічнае і шкляное начыненне, керамічныя пліткі падлогі, каваная сякера, рэшткі фаянсавага посуду.

Былі таксама ўскрыты і рэшткі бернардзінскага касцёла XVIII ст. Захаваліся падмуркі знешніх і ўнутраных сцен, апсіды і шасці апорных слупоў. Даўжыня касцёла разам з апсідай складае прыкладна 42 м, шырыня - 23 м, таўшчыня знешніх сцен - каля 2 м, яны складзены з цэглы-пальчаткі.

Падчас раскопак Бернардзінскага кляштара сабрана калекцыя спецыяльнай пячной цэглы XVIII - пачатку ХІХ ст., з якой рабіліся кафляныя печы. Іх аблямоўка склалася з гладкіх карычневых паліваных кафляй рознай формы, верх аздаблялі рэльефныя кафлі-каронкі, упрыгожаныя раслінным арнаментам. На жаль, усе расчышчаныя сутарэнні пасля вяртання сабора А. Неўскага праваслаўным, па ініцыятыве мясцовага святара летам 1991 г., без усялякага ўзгаднення з адпаведнымі органамі ўлады, былі засыпаны.

Аднак падмуркі касцёла, якія зараз знаходзяцца на царкоўным падворку, могуць быць паказаны архітэктурнымі сродкамі на мясцовасці.

Таксама неабходна як мага хутчэй завяршыць рэстаўрацыю Кармеліцкага і Езуіцкага касцёлаў з мэтай іх уключэння ў рэспубліканскія і міжнародныя турыстычныя маршруты.

Алег Трусаў , кандыдат гістарычных навук


У Мсціславе перазахавалі парэшткі сярэднявечнага рыцара

26-27 ліпеня ў Мсціславе ў чарговы раз прайшоў фэстываль "Рыцарскі фэст - 2014". Пад час фэсту былі ўрачыста пахаваны парэшткі рыцара, знойдзеныя разам з даспехамі ў рацэ Віхра, якая праходзіць па Мсціслаўскім раёне. Воін загінуў у бітве з маскоўскімі захопнікамі ў 1502 годзе.

А на навукова-практычнай канферэнцыі "Канцэпт святасці ў гістарычным аспекце", якая прайшла ў той жа дзень былі прадстаўленыя даспехі гэтага рыцара, знойдзеныя ў рацэ Віхра ў жніўні 2013 і чэрвені 2014 года.

Даспехі гэтыя ўнікальныя тым, што яны падкрэсліваюць прыналежнасць рыцарскага абмундзіравання да заходнееўрапейскай мілітарнай традыцыі, заявіў доктар гістарычных навук, археолаг Юры Бохан, які ўдзельнічаў у вывучэнні знойдзеных артэфактаў. Паводле яго слоў, даспехі належалі небагатаму рыцару. Некаторыя часткі даспехаў, як напрыклад, абарона для шыі, прымацаваная на шалом ззаду, былі зроблены не ў Заходняй Еўропе, а ў тутэйшай мясцовасці. Гэта, лічыць гісторык, даказвае, што тэхнічная думка ў нашых продкаў была такая ж, як, напрыклад, у Паўднёвай Германіі.

Рака Віхра з'яўляецца скарбніцай гістарычных артэфактаў, заявіў дайвер Андрэй Ліхачоў, які падымаў знойдзеныя даспехі з дна вадаёма. Паводле яго слоў, апошнім разам пры абследаванні дна ракі ўсяго за гадзіну былі знойдзены некалькі прадметаў, якія ўяўляюць гістарычную каштоўнасць.

Доктар гістарычных навук, сябар Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Ігар Марзалюк расказаў пра шкоду, якую наносяць дзеянні так званых "чорных капальнікаў", якія ў пагоні за старажытнымі артэфактамі з мэтай асабістага ўзбагачэння разбураюць культурны слой і пазбаўляюць народ яго гістарычнага здабытку. Ён заклікаў аказваць процідзеянне несанкцыянаваным раскопкам, якія наносяць непапраўную шкоду для гісторыі і археалогіі. Марзалюк паведаміў, што ў Мсціславе адноўлены афіцыйныя навуковыя раскопкі і плануецца музеефікаваць Замкавую гару. Акрамя таго, беларускія вучоныя хочуць надаць статус гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння рацэ Віхры ў гістарычнай частцы горада.

Знойдзеныя даспехі старажытнага рыцара выстаўлены для агляду ў Мсціслаўскім Кармеліцкім касцёле.

У канферэнцыі браў удзел старшыня ТБМ, канд. гіст. навук Алег Трусаў.

Радыё Свабода. На здымках: 1, 2 - сцэны з "Рыцарскага фэсту"; 3,4 - фрагменты даспехаў.


Рэчы паміж жыццём і смерцю

17 ліпеня 2014 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава "Рэчы паміж жыццём і смерцю" з Музея Арміі (Стакгольм, Швецыя). Гэта вялікі беларуска-шведскі праект тэрмінам у год, які мае на мэце ахапіць як мага болей зацікаўленых гледачоў і прадэманстраваць выставу ў буйных гарадах Беларусі. Яго ініцыятарам у нашай краіне выступіў Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.

Выстава распавядае пра штодзённае жыццё падчас войнаў, носіць аналітычны і гуманістычны характар. Яна падрыхтавана Музеем Арміі ў Стакгольме ў супрацоўніцтве з вядомым калекцыянерам Турб'ёрнам Ленскугам, які сабраў і адабраў усе экспанаты.

Выстава "Рэчы паміж жыццём і смерцю" прэзентавалася ў Швецыі ў 2010 годзе, яна ўзнагароджана Залатой прэміяй і названа самай эстэтычнай выставай года.

Выстава пабывала ў Нарвегіі, Бельгіі, Польшчы. У 2014 годзе настаў час Беларусі, і Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь прадстаўляе беларускай грамадскасці гэты годны міжнародны праект.

З красавіка 2014 года выстава з поспехам экспанавалася ў Гародні. З сярэдзіны ліпеня да верасня "Рэчы паміж жыццём і смерцю" будуць у Менску, а пазней эстафету перахопяць Гомель, Магілёў і Берасце.

Аляксей Шалахоўскі.


27 ліпеня на Лідчыне

27 ліпеня на Лідчыне павінна была адбыцца традыцыйная імша памяці паўстанцаў 1863 года ва ўрочышчы "Крыжы" паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы. 19 разоў там акдбывалася імша, і ніякіх праблем ніколі не ўзнікала, а калі ўзнікалі, то паспяхова развязваліся сіламі грамадскіх арганізацый і лідскіх уладаў. Шырока былі тут адзначана летась 150-я ўгодкі паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, аднак сёлета лідскія ўлады вырашылі адабраць у людзей права памаліцца на магілах продкаў. Прычыну знайшлі важкую. Заяўнік імшы старшыня Лідскай гарадской рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Станіслаў Суднік прыцягваўся да суду за памінанне продкаў 25 сакавіка і атрымаў па суду ажно вуснае папярэджанне. Таму была складзена такая мудрая папера:

"Лідскі раённы выканаўчы камітэт разгледзеў Вашу заяву аб правядзенні 27 ліпеня 2014 г. ва ўрочышчы "Крыжы" паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы Лідскага раёна штогадовага фэсту ў памяць паўстанцаў 1863 года і паведамляе наступнае.

У адпаведнасці з артыкулам 4 Закона Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 1997г. "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь", асобы, якія дапусцілі парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства, на працягу аднаго года пасля налажэння адміністрацыйнага спагнання за такое парушэнне не могуць выступаць арганізатарамі масавага мерапрыемства. У сувязі з гэтым у правядзенні мерапрыемства Вам адказана."

І хоць складальнік паперы блытае беларускія словы " адказаць " і " адмовіць ", але сутнасць адказу ясная: "Нельга!" І гэта пры тым, што ўсім вядома было ад пачатку: традыцыя парушана не будзе, і імша адбудзецца. Фактычна гэтай адмовай грамадскасць правакавалася на парушэнне і супрацьстаянне, каб ізноў потым цягаць па судах, але спадары не ўгадалі.

Паколькі асновай фэсту многія гады з'яўлялася менавіта імша, то вырашана было правесці імшу ў касцёле тутэйшай парафіі ў Белагрудзе.

У Белагрудскі касцёл акрамя сталых прыхаджан прыехалі сябры грамадскіх арганізацый з Ліды, Бярозаўкі, Менска, Гомеля.

Імша атрымалася вельмі ўрачыстай. Асабліва радавала і дзівіла выкананне набожных песень, у тым ліку і на беларускай мове, пад акампанемент аргана. Гэта пачуеш далёка не ў кожным касцёле.

Важна і тое, што за паўстанцаў разам з ксендзам Рышардам маліліся не толькі грамадскія актывісты, а і паўнюткі касцёл простых вернікаў. Тут уладам яшчэ і дзякуй трэба сказаць, каб не іхняя забарона, то калі б яшчэ прыхаджане з Белагруды, Тарнова ды іншых вёсак пра тых паўстанцаў пачулі, а тут, калі ласка.

Пасля імшы адбылася сяброўская сустрэча грамадскіх актывістаў з Ліды і Бярозаўкі са старшынём Партыі БНФ Аляксеем Янукевічам, які адмыслова прыехаў з Менска. Спадар Янукевіч павіншаваў прысутных з 24мі ўгодкамі Дэкларацыі 27 ліпеня 1990 года "Аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь".

Слынны беларускі бард Андрэй Мельнікаў парадаваў прысутных патрыятычнымі песьнямі.

Далёка не ўсе ў Беларусі адзначаюць 27 ліпеня, але па ўсім відаць, што ўсведамленне значнасці гэтай даты ў беларускім грамадстве расце, і трэба думаць, што на наступны год, у 25-я ўгодкі Дэкларацыі мерапрыемствы пройдуць па ўсёй краіне.

Яраслаў Грынкевіч. На фота Гражыны Бурачэўскай: 1. Белагрудскі касцёл, 2. Выступае Андрэй Мельнікаў.


Падарунак літаратара

Днямі Яўген Гучок падараваў мне сваю апошнюю кнігу "Альгерд Абуховіч. Зачараваны беларускім словам". Навукова-папулярнае выданне з'явілася на свет дзякуючы выдавецтву "Харвест" і Анатолю Тарасу. Наклад кнігі 1500 асобнікаў. На вокладцы ёсць рэпрадукцыя з карціны мастака Алеся Цыркунова (2005, палатно, алей).

Трэба адзначыць, што Альгерд Рышардавіч Абуховіч-Бандынэлі (25.07.1840 - 10.08.1898) нарадзіўся ў вёсцы Калацічы Бабруйскага павета (цяпер Глускі р-н). Літаратар мае паходжанне з радавітай абшарніцкай сям'і, звязанай далёкім сваяцтвам з італьянскім арыстакратычным родам Бандынэлі (адсюль псеўданім). Вучыўся ў Слуцкай гімназіі.

Шмат падарожнічаў, жыў у Жэневе і Парыжы, сустракаўся з вядомымі палітычнымі дзеячамі (К. Кавур, Л. Мераслаўскі, А. Чартарыйскі). Паводле некаторых звестак - удзельнік паўстання 1863-64 гг., быў сасланы ў Сібір. Страціўшы маёнткі, займаўся рэпетытарствам у Слуцку, дзе вакол яго ўтварыўся гурток перадавой беларускай моладзі (Я. Дыла, П. Карповіч і інш.). Як пісьменнік прытрымліваўся прынцыпаў народнасці ў літаратуры, пісаў у рэчышчы крытычнага рэалізму. Шмат перакладаў з рускай, польскай і заходнееўрапейскай літаратур.

Разам з Францішкам Багушэвічам ён адзін з пачынальнікаў жанру байкі ў беларускай літаратуры. Як чалавек аб'ектыўны, А. Абуховіч не быў схільны лічыць за сабой права першага ў беларускай літаратуры байкапісца. Ён добра ведаў, што байка - адзін з найбольш даўніх і распаўсюджаных у народзе сатырычных відаў мастацкай творчасці. Але байкі Абуховіча, кажучы фармальна, сваёй афарыстычнай дасціпнасцю больш чаплялі за жывое.

У калекцыі прыватнага мастацкага музея Анатоля Белага ў горадзе Старыя Дарогі знайходзіцца барэльеф "Альгерд Абуховіч Бандынэлі" работы скульптара Ўладзіміра Мелехава. Ушанавана памяць пра беларускага пісьменніка ў Калацічах: там каля будынка сельскага дома культуры ўстаноўлены памятны знак у гонар графа-дэмакрата.

Сучасны паэт Віктар Шніп у прасторы створаных ім балад мае і "Баладу Абуховіча". У 2001 годзе Яўген Гучок апублікаваў паэму трохрадкоўяў "Сэрца на верхавіне збору" (Альгерд Абуховіч) з прысвячэннем светлай памяці Рыгора Віктаравіча Родчанкі. Сённяшняя кніга зацікавіць шырокае кола чытачоў.

Аляксей Шалахоўскі.


Лідскі даследчык напісаў кнігу пра выдатнага беларускага археолага

Даследчык з Ліды Леанід Лаўрэш напісаў кнігу пра Вандаліна Мацея Шукевіча, беларускага археолага (1852-1919) з Лідчыны, этнографа, фалькларыста і краязнаўца, чальца Віленскага таварыства сяброў навукі, члена-карэспандэнта Кракаўскай Акадэміі ведаў.

У Беларусі гэтая кніга - толькі пачатак працы пра вялікага чалавека, які адкрыў больш за сотню помнікаў каменнага веку, запісваў народныя паданні, легенды і прыкметы.

Некалькі дзесяцігоддзяў збіраў усю магчымую інфармацыю пра земляка вядомы лідскі краязнавец 1930-х гадоў Аляксандр Снежка. У даваеннай "Лідскай Зямлі" ён надрукаваў шэраг артыкулаў пра вучонага, паспеў апрацаваць сабраную ім інфармацыю і дэпанаваць машынапіс у Народнай бібліятэцы імя Асалінскіх ва Ўроцлаве.

Важнай падзеяй у справе вывучэння біяграфіі Шукевіча стала выдадзеная ў 2010 г. невялікая кніга прафесара археалогіі Лодзкага ўніверсітэта, доктара Мар'яны Магдалены Бломберг.

А пра новую кнігу Беларускаму Радыё Рацыя распавядае аўтар - Леанід Лаўрэш:

- Выдавецтва "Харвест" - выдавецкі гігант Беларусі - пачало выдаваць серыю кніг "100 асоб Беларусі". Мая кніжка 16-ая. Ужо выдадзена 20. Гэтая кніга пра Вандаліна Шукевіча - выдатнага лідзяніна, майго земляка, археолага, заснавальнік беларускай археалогіі і проста неверагодна цікавага чалавека. Кніга выйшла добрым для нашага часу накладам - паўтары тысячы асобнікаў. Гэта практычна адна з першых кніг пра гэтага чалавека, а ён заслугоўвае вялікай манаграфіі пра сябе.

Папярэдні кошт кніжкі - каля 17 тысяч беларускіх рублёў.

Радыё Рацыя.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX