НАША СЛОВА № 34 (1185) 20 жніўня 2014 г.
ТБМ завяршае распрацоўку Міжнароднага сертыфіката беларускай мовы
Нядаўна першы намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, кіраўнік працоўнай групы па падрыхтоўцы Міжнароднага сертыфіката беларускай мовы, мовазнаўца Алена Анісім давала інтэрв'ю карэспандэнту газеты "Новы час".
Сп. Алена распавяла пра тое, што "на працягу 2012 года мы вывучалі, хто мог бы заняцца здзяйсненнем гэтага праекту, акрамя ТБМ, наколькі зацікаўлены ў ім дзяржаўныя органы, у тым ліку ўніверсітэты і Міністэрства замежных спраў. Хаця яно праявіла цікавасць да гэтай справы, але палічыла, што ёю павінна займацца не грамадская арганізацыя, а дзяржаўныя структуры. А паколькі Міністэрства адукацыі не выявіла зацікаўленасці да гэтага праекту, мы вырашылі самі яго здзейсніць. З другога боку, нас падтрымалі выкладчыкі ВНУ, бо яны сустракаліся з тым, што ёсць людзі за межамі нашай краіны, якія вывучаюць беларускую мову, але для свайго прафесійнага статусу, а таксама для рэалізацыі нейкіх навуковых ці службовых памкненняў не маюць крытэру ацэнкі свайго валодання беларускай мовай. Вось чаму мы вырашылі аб'яднаць намаганні навукоўцаў і выкладчыкаў шэрагу сталічных універсітэтаў для ажыццяўлення гэтага праекту. Дарэчы, у мінулым годзе з падтрымкі ўраду Расіі ў Маскве выйшаў падручнік беларускай мовы для краін СНД, падрыхтаваны выкладчыкамі Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта", - сказала Алена Анісім.
Яна адзначыла, што ў межах Мытнага саюзу Беларусь засталася адзінай дзяржавай, якая пакуль не мае такога Міжнароднага сэртыфікату. Паводле яе слоў, перш чым прыступіць да распрацоўкі Міжнароднага сертыфіката беларускай мовы працоўная группа знаёмілася з адпаведнымі еўрапейскімі стандартамі, падрыхтаванымі і апрабаванымі для іншых моў, у тым ліку па італьянскай, польскай, рускай і казахскай мовах. "Дарэчы, трэба мець на ўвазе, што Міжнародны сертыфікат па італьянскай мове для іншаземцаў створаны Італьянскім нацыянальным таварыствам імя Дантэ Аліг'еры яшчэ на пачатку 1970-х гадоў", - сказала намесніца старшыні ТБМ.
Працоўная група падрыхтавала апісанне стандартаў валодання беларускай мовай па кожным з шасці ўзроўняў: пачатковым, базавым, сярэднім, прасунутым, высокім і дасканалым, як рэкамендуе Рада Еўропы. Справа ў тым, што беларуская мова багатая, добра распрацаваная і дастаткова складаная з пункту гледжання граматыкі, фанетыкі, сінтаксісу, а таксама адметнай старажытнай і сучаснай лексікі, асабліва для людзей, якія ўпершыню з ёю сутыкаюцца. Прычым, у апісанне стандартаў па кожным ўзроўні ўваходзяць адпаведныя тэсты, па якіх можна ацаніць ступень валодання беларускай мовай любога прэтэндэнта, а таксама пералік ведаў, уменняў і навыкаў у лексіцы і граматыцы, аўдыяванні (успрыманні на слых і адказ), чытанні і пісьме", - распавяла Алена Анісім.
На сёння выдадзены апісанні стандартаў валодання беларускай мовай па першых двух узроўнях з адпаведнымі пробнымі тэстамі для іх ацэнкі замежнымі экспертамі, у бліжэйшы час выйдуць яшчэ па чатырох. Па гэтай праблеме будзе праведзена міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, а на працягу некалькіх наступных гадоў запланавана падрыхтоўка і выпуск шэрагу падручнікаў па беларускай мове для іншаземцаў.
Алена Анісім выказала ўпэўненасць у тым, што дзяржава зразумее стратэгічную значнасць Міжнароднага сертыфіката па дзяржаўнай беларускай мове для іншаземцаў і падтрымае гэты грамадскі праект.
Навукоўца падкрэсліла, што беларуская мова з'яўляецца непасрэднай духоўнай спадчынай нацыі, якая павінна апекавацца сваёю моваю. "Вось чаму мы зацікаўлены ў тым, каб гэтую нашую культурную спадчыну дагледзець належным чынам, як іншыя цывілізаваныя нацыі даглядаюць сваю", - сказала Алена Анісім.
Паводле сайту ТБМ.
150 гадоў з дня нараджэння Адольфа Чэрнага
Адольф ЧЭРНЫ (19 жніўня 1864, Градец-Кралове, Аўстрыйская імперыя - 27 снежня 1952, Прага) - чэшскі паэт, публіцыст, рэдактар, прафесар славістыкі, ганаровы доктар Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве (1947). Дэмакратычны дзеяч. Піянер чэшскай сарабістыкі.
Адольф Чэрны пачаў працаваць на ніве чэшска-лужыцкай узаемнасці яшчэ у 1880-я гады, займаўся даследаваннем геаграфічнай і этнічнай блізкасці чэхаў і лужыцкіх сербаў, а таксама іх агульнага гістарычнага мінулага.
Большая частка навуковай спадчыны А. Чэрнага прысвечана лужычанам - найменшаму славянскаму народу ў свеце.
Не гледзячы на шматстатнасць тэм, у яго працах угадваецца агульная дамінанта, якая вынікае са своеасаблівага творчага пажадання "рэалістычна" спазнаваць становішча рэчаў, якое даў Т. Масарык, тады яшчэ выдавец часопіса "Атенеум". А. Чэрны ўжо ў той час адчуваў найвялікую ідэйную блізкасць да будучага першага прэзідэнта Чэхаславакіі.
Імкненне да аб'ектывізму спалучаецца з іншай агульнай рысай чэшскай сарабістычнай спадчыны, якая складаецца ў тым, што погляд чэхаў на лужыцкую праблематыку часцяком выяўляе нейкі прагматычны падтэкст, які складаецца ў тым, што лужыцкіх сербаў разглядаюць як своеасаблівы адмоўны прыклад, на памылках якога неабходна вучыцца.
Эйфарыя, выкліканая станаўленнем незалежных славянскіх дзяржаў пасля заканчэння Першай сусветнай вайны, усяліла ў А. Чэрнага і яго шматлікіх паслядоўнікаў упэўненасць у магчымасць існавання незалежнай сербалужыцкай дзяржавы. Лідары пралужыцкага руху пад яго кіраўніцтвам актыўна выступалі ў той час за далучэнне Лужынкі да Чэхаславакіі, мяркуючы, што гэты крок быў бы ў геапалітычных інтарэсах абодвух народаў.
Прадаўжальнікамі Чэрнага сталі чальцы ўплывовага ў міжваеннай рэспубліцы ЧСР чэшска-лужыцкага таварыства, адным з ініцыятараў і заснавальнікаў якога ў 1907 годзе быў А. Чэрны.
Адольф Чэрны быў папулярызатарам грамадскага і культурнага жыцця беларусаў. Пасля наведвання Беларусі выдаў у 1895 г. кнігу "Беларускія песні з Дзісенскага павета Віленскай губернм". Перакладаў вершы Цёткі, Купалы, Коласа.
У літаратуры вядомы пад псеўданімам Ян Ракіта. У 1898 году заснаваў і рэдагаваў часопіс "Славянскі агляд".
Вікіпедыя.
100 гадоў з дня нараджэння Васіля Бурносава
БУРНОСАЎ Васіль Емяльянавіч нарадзіўся 18.8.1914 г., в. Зелянькова Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці, памёр 19.7.1984 г. у Менску, пахаваны на Паўночных могілках. Крытык, літаратуразнавец, перакладчык, сябар Саюза пісьменнікаў СССР з 1951 г.
З сялянскай сям'і. Працаваў калгаснікам, потым брыгадзірам, старшынём калгаса (1933-1934гг.), пазней - токарам на аўтарамонтным заводзе ў Магілёве.
У 1936 г. дэбютаваў у друку. Выступаў з артыкуламі па метадалагічных пытаннях крытыкі і літаратуразнаўства, арыентаваў пісьменнікаў на засваенне і крытычнае выкарыстанне класічных літаратурных традыцый. У 1939 г. скончыў Менскі Камуністычны інстытут журналістыкі. Член КПСС з 1940 г. Працаваў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР. У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у абароне Масквы, ваяваў у 1-й Гомельскай партызанскай брыгадзе. Працаваў рэдактарам газеты "Смерць акупантам". Выступаў у падпольным друку як журналіст і паэт.
З 1942 г. працаваў інструктарам ЦК ВЛКСМ, з 1943 г. - намеснікам рэдактара газеты "Чырвоная змена". У 1944-1947 гг. - карэспандэнт газеты "Правда" па БССР.
Літаратурна-крытычную дзейнасць В. Бурносаў пачаў у 1947 годзе. У газетах "Звязда", "Літаратура і мастацтва", "Советская Белоруссия", у часопісах "Камуніст Беларусі", "Полымя", "Беларусь", "Народная асвета" змяшчаў рэцензіі на кнігі крытыкаў і літаратуразнаўцаў. Склаў зборнік мастацкіх твораў беларускіх пісьменнікаў пра Беларусь "Наша рэспубліка", апублікаваў шэраг артыкулаў пра творчасць рускіх і беларускіх пісьменнікаў - Л. Талстога, М. Гогаля, Я. Купалы, П. Броўкі, М. Лынькова, А. Куляшова і інш. З 1947 г. загадваў рэдакцыяй мастацкай літаратуры Дзяржаўнага выдавецтва БССР, аддзелам крытыкі ў часопісе "Полымя", працаваў намеснікам рэдактара часопіса "Камуніст Беларусі", адказным сакратаром газеты "ЛіМ". Быў супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, галоўным рэдактарам выдавецтва БДУ, старшым рэдактарам выдавецтва "Мастацкая літаратура".
Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі.
Вікіпедыя.
Пра тэхнічную беларускую лацінку
Перад чэмпіянатам свету па хакею ў Менску адбылася важная з'ява ў беларускай лінгвістыцы - перамагла прыймальная для большасці прасунутай нацыянальнай супольнасці форма беларускага лацінскага алфавіту. Гэтая форма запанавала на вывесках у метро і ў некаторых іншых месцах, звязаных з транспартам і дарожнымі ўказальнікамі, каб цешыць зрок і душу кожнага беларуса. Гэтая форма на тры знакі (два выпалі, адзін з'явіўся) адрозніваецца ад нормы, прапанаванай Браніславам Тарашкевічам у 1929 годзе і на тры знакі (адзін выпаў, два дадаліся) адрозніваецца ад нормы Яна Станкевіча 1962 года. Сёння ў Беларусі ўжыванне лацінскага алфавіту шырокае, як ніколі (дастаткова, што лацінская графіка прысутнічае ў кожным пашпарце) і асабліва ў электроннай перапісцы. Пры гэтым 99,99 % карыстальнікаў не карыстаюцца беларускай лацінкай пры напісанні тэкстаў на беларускай і рускай мовах. Прычына ў тым, што на стандартнай клавіятуры няма знакаў гэтага алфавіту. І калі пры ўжыванні кірылічнага беларускага алфавіту дастаткова памятаць, што ў знаходзіца на месцы щ , а ' на месцы ъ , то ў выпадку з беларускай лацінкай трэба памятаць месцазнаходжанне недзе каля 11 знакаў. Шараговыя, не прасунутыя беларускамоўныя карыстальнікі ўжываюць пры напісанні беларускамоўных тэкстаў лацінскай графікай стандартны набор лацінскіх знакаў клавіятуры. Складаныя беларускія гукі ш, ч, ў, ж, дз, дж, ь, л пішуць, як умеюць, у асноўным безсістэмна і непаслядоўна, абы адрасат зразумеў.
Разам з тым лацінская клавіятура дазваляе пісаць беларускамоўныя тэксты паслядоўна, сістэмна і не ўжываць ні аднаго дадатковага знака, якога няма на клавішах. Але для гэтага трэба "зарэзаць некалькі святых кароў" або пераадолець некалькі фобій.
Паспрабуем развязаць праблему пакрокава.
Крок першы. Які апорны алфавіт узяць?
Не мудрасловячы лукава зробім так, як рабілі продкі, якія пісалі альбо літарамі рускімі, альбо польскімі. Возьмем за аснову польскі алфавіт у той частцы, якая нам падыдзе:
А а - A a
Б б - B b
В в - W w
Г г - H h
Г г (выбуховае) - G g
Д д - D d
Дз дз - Dz dz
Е е - ie, Je je
Ё ё - io, Jo jo
З з - Z z
І і - I i, ji
Й й - J j
К к - K k
М м - M m
Н н - N n
О о - O o
П п - P p
Р р - R r
С с - S s
Т т - T t
У у - U u
Ф ф - F f
Х х - Ch ch
Ц ц - C c
Ч ч - Cz cz
Ш ш - Sz sz
Ы ы - Y y
Э э - E e
Ю ю - iu, Ju ju
Я я - ia, Ja ja
Крок другі.
Засталіся Ж ж, Дж дж, Л л, Ў ў, ь, ' .
Л л зусім лагічна можна пісаць знакамі L l .
Ў ў можна, хоць і непрывычна, пісаць знакамі V v . У раннім лацінскім алфавіце не было літараў U u i W w , а была толькі V v . Лаціністы тлумачаць, што гэтая літара ў залежнасці ад месца ў слове набывае ў гучанні то пераважныя прызнакі У у , то пераважныя прызнакі В в , " паводзіць сябе як беларускае Ў ў . То чаму, калі нам не хапае графемы для Ў ў мы дагэтуль не ўзялі і не бяром V v для яго абазначэння, а ўсё спрабуем па аналогіі з кірылічным алфавітам паставіць нешта над U u ? А гэта ж зусім асобны гук (воўк - wovk ) .
ь можна абазначаць значком ` , які знаходзіцца на тым жа клавішы, што і кірылічнае Ё ё . Гэты знак ставім так жа паслядоўна за зычным, які падлягае змякчэнню: ць - c` ; нь - n` ; ль - l` і г. д . (гаць - hac` , пень - pien` , лью - l`ju ) .
Апостраф з пісьма практычна знікае ў выніку прымянення ётавых галосных je, jo, ju, ja , ji . Словы сям'я, пер'е, звяр'ё, п'ю, вераб'і пішуцца адпаведна siamja, pierje, zwiarjo, pju, l`ju, wierabji . У выключных выпадках апостраф можа абазначацца тым жа значком ` .
Крок трэці.
Засталіся Ж ж, Дж дж.
У польскай мове гук ж абазначаецца дзвюмя графемамі Z z з кропачкай і Rz rz .
Z z з кропачкай адпадае, паколькі з кропачкай, і такога знака няма на клавіятуры. Rz rz можна прымяніць, але гэтаму дыфтонгу ў беларускай мове адпавядае гук р , а не ж . Палякі ў перапісцы з беларусамі для перадачы гука ж дыфтонг Rz rz не ўжываюць, а ўжываюць графему Zh zh . Тады гук дж будзе абазначацца як Dzh dzh (дождж - dozhdzh ).
Тут правамерна ўзнікае пытанне са спалучэннямі зг у беларускай мове ( згода, згадкі ). З невялікім скажэннем іх можна пісаць zgoda, zgadki . Тым больш, што такіх словаў вельмі мала.
Такім чынам другая частка алфавіту выглядае так:
Ж ж - Zh zh
Дж дж - Dzh dzh
Л л - L l
Ў ў - V v
ь - `
Крок чацвёрты.
Паспрабуем адпрэчыць мажлівыя пярэчанні.
Чаму польскі алфавіт, а не ангельскі?
Беларусы маюць недзе 400-гадовую традыцыю ўжывання польскай графікі для перадачы беларускамоўных тэкстаў.
Масава ангельскую мову беларусы ўжываюць гадоў 20.
Расейцы ніколі не будуць ужываць польскі алфавіт. Таму з польскім алфавітам мы не будзем плесціся ў хвасце расейскай традыцыі.
Ці не ёсць прапанаваная сістэма падрывам пазіцый беларускай лацінкі?
Нельга падарваць тое, чаго няма. Няма пазіцый беларускай лацінкі ў электроннай пошце беларусаў. Не ўстаноўлены шрыфты ў кампутарах і прынтарах, і ніхто масава не імкнецца ўстанаўліваць.
Стасункі па-беларуску на лацінцы па электроннай пошце, па скайпу маюць дапаможны характар, службовы, але масавы.
Адбываецца тое, што здарылася некалі з глаголіцай. Прыгожая, арыгінальная азбука сталася здабыткам выбраных, а шырокія славянскія масы ўспрынялі злёгку мадэрнізаваны грэцкі алфавіт.
Прыгожая з "птушачкамі", як з каронамі над многімі літарамі, беларуская лацінка магла лёгка стаць беларускай асноўнай азбукай у 1926 годзе, калі б тады хапіла сілы і волі. Сёння ў нас асноўная азбука кірылічная. Пры вельмі слабых пазіцыях беларускай мовы ў свеце мы правялі беларускую кірылічную азбуку ў Інтэрнэт, укаранілі яе. Лацінка застаецца дапаможнай. На ёй не пішуцца асноўныя лісты, пішуцца суправаджальныя і тлумачальныя нататкі, робяцца службовыя запісы, а службовая графіка павінна быць як мага прасцейшай.
Дык што нам адмовіцца ад беларускай лацінкі на карысць лацінкі тэхнічнай?
Ні ў якім разе. Беларуская лацінка, такая, як у метро, павінна быць і выкарыстоўвацца як парадная, як гатычны шрыфт у нямецкай мове. Яе павінны вучыць у школе, але калі мы не будзем мець і не будзем вучыць свой тэхнічны варыянт лацінкі, нам яго навяжуць з Расеі, і нічога нельга будзе зрабіць. Усе будуць любіць беларускую лацінку, а пісаць англізаваным варыянтам лацінкі расейскай, якой як бы афіцыйна і няма (ёсць праект расейскай лацініцы "з птушачкамі і хвосцікамі"), а ёй масава карыстаюцца.
Ці ёсць у нас выбар?
Выбар ёсць, а ці стане ён масавым, залежыць, спадзяюся, яшчэ ад нас. Рэдакцыя газеты "Наша слова" карыстаецца менавіта гэтым варыянтам тэхнічнай лацінкі.
Станіслаў Суднік.
НА СТАДЫІ АДМІРАННЯ?
Фразеалагізмы іншы раз называюць пасівелымі ад часу метафарамі, але наўрад ці старэюць яны, хоць і жывуць у мове многія стагоддзі. А бывае і так, што пэўны выраз, нядаўна нарадзіўшыся, жыве нядоўга, пераходзіць у пасіўны склад, а то і зусім забываецца моўнікамі. Гэта найперш датычыць некаторых выразаў, якія склаліся ў савецкую эпоху. Яны больш-менш актыўна ўжываліся ў гутарковым маўленні, але, па зразумелых прычынах, у слоўнікі ні літаратурнай, ні дыялектнай мовы не ўключаліся.
Помніцца, што яшчэ "пры Брэжневе", едучы ў аўтобусе, пачуў, як адна пасажырка, спрачаючыся з суседам, грозна прыкрыкнула: "Што ты глядзіш на мяне як Ленін на буржуазію?!" Я і раней неаднойчы чуў гэты фразеалагізаваны параўнальны зварот з імем "правадыра сусветнага пралетарыяту". А ў перыяд "гарбачоўскай перабудовы" выраз пачаў сустракацца і ў друку, абазначаючы 'непрыязна ці з нянавісцю, з агідай (глядзець на каго-небудзь)'. Я тады папоўніў сваю картатэку трыма такімі прыкладамі (хоць іх можна было запісаць значна больш): Падышлі бліжэй, я пазіраю на Айчанаша як Ленін на буржуазію, а ён на мяне - паблажліва, з насмешкай (М. Кусянкоў); Жонка мяне не святкавала і не святкуе, дачку супраць нацкавала. І дачка быццам Ленін на буржуазію касавурыцца (Л. Калодзежны); Ён жа [начальнік аддзела кадраў] былы опер, якога выперлі з МГБ. На нас ён глядзіць як Ленін на буржуазію (І. Фурсевіч).
Калі ў 2008 г. у выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя" выходзіў мой "Слоўнік фразеалагізмаў", я даў у рукапіс і гэты выраз. І рэдакцыя хоць крыху і спрачалася са мной, але ўключыла яго ў слоўнік. Праўда, трэцюю цытату, дзе ўпаміналіся МГБ і опер, выкінулі.
У апошняе ж дзесяцігоддзе ні ў жывой народнай мове, ні ў друку гэты выраз не ўжываецца. Можа, таму, што само імя "Ленін" сёння ў абсалютнай большасці людзей выклікае адмоўныя пачуцці і ўяўленні. Гэта ўжо не "самый человечный человек" (паводле Маякоўскага), а камуністычны вампір, віноўнік усяго таго ліхалецця, той бядоты, што ахапіла Расію пасля бальшавіцкага перавароту 1917 года.
Думаецца, што ў стадыі адмірання не толькі згаданы выраз, а і некаторыя іншыя, асабліва тыя, што звязаны з паняццем "савецкае радыё". У Савецкім Саюзе ледзь не ўсе капіталаўкладанні ішлі на ўзбраенне, прапаганду ды ўтрыманне камуністычных партый у іншых краінах свету. Усе кватэры былі радыёфікаваныя. На вуліцах да глыбокай ночы з рэпрадуктараў толькі і чуваць было што-небудзь накшталт: "Все дороги ведут к коммунизму!", "Верным путём идёте, товарищи!", "Жить стало лучше, жить стало веселей!", "Выполним пятилетний план за четыре года!", "Догоним и перегоним Америку!"
Адмоўнае стаўленне да назойлівых радыёперадач падобнага зместу адбілася ў выразе свіное вуха , што значыць 'вулічны рэпрадуктар або пакаёвы (радыёкропка)'. Вось некалькі газетных прыкладаў, запісаных ужо ў перабудовачны перыяд: Цёткі ўключаюць гучна хто тэлевізію, хто свіное вуха і слухаюць ("ЛіМ"); Па свіным вуху, як у нашай вёсцы называлі радыёталерку на плошчы, паведамляюць: кіраўнік дзяржавы сустрэўся з вядомай пяюхай і яе мужыком певуном (В. Дубінка); Раптам [на чыгуначным вакзале] са свінога вуха серабрыстага рэпрадуктара ўдарыла па вушах: - Сто шосты… Сто шосты… Колькі табе паўтараць, сабака, гані на цукровы! ("Народная воля").
Існаваў таксама выраз як савецкае радыё (ужываўся пры дзеяслове брэша і абазначаў 'бессаромна і бясконца'): Гэтаму радыё ўжо даўно ніхто не верыць, нават прымаўка такая была - брэша як савецкае радзіва (М. Кусянкоў).
Быў і яшчэ адзін выраз, звязаны з той самай крыніцай вяшчання. Гэта - радыё АБС , яго сэнс - 'пагалоска, няпэўныя пачутыя звесткі': Аўтар звальвае з хворай галавы на здаровую. Часам крыніца сцвярджэнняў для яго - радыё АБС (адна баба сказала) ("Наша слова"). Выраз каламбурнага паходжання, заснаваны на ўнутраным кантрасце, этымалагічнай неадпаведнасці. Узнік па аналогіі, напрыклад, з такім спалучэннем, як радыё Бі-Бі-Сі. Дарэчы, выраз даецца ў "Слоўніку фразеалагізмаў" (т. 2, с. 293); праўда, ілюструецца толькі адной цытатай (з твораў П. Місько) і ў форме агенцтва АБС . Дапоўнім яшчэ адной ілюстрацыяй (з выпісак 1990-х гадоў): Журналісты, выкладаючы "справу Якімцова", заведзеную ў слоўных баталіях нардэпам і дапоўненую радыё АБС, спасылаліся на выказванні дэпутата… (В. Паўлава).
Паколькі сёння радыё як сродак масавай інфармацыі, па сутнасці, выціснута такімі куды больш магутнымі сродкамі, як тэлевізар, камп'ютар, інтэрнэт, то і памянёныя выразы, відаць, адыходзяць у нябыт.
У гады перабудовы шырока выкарыстоўваўся ў друку выраз чырвоны памешчык - у сэнсе 'старшыня калгаса як гаспадар з неабмежаванай уладай'. Абодва кампаненты выразу - сэнсаўтваральныя. Чырвоны суадносіцца з вытворным значэннем 'звязаны з савецкай дзяржавай, сацыялістычным ладам', а памешчык - асацыюецца па падабенстве з памешчыкам мінулых эпох, землеўладальнікам з неабмежаванай уладай над прыналежнымі яму бяспраўнымі сялянамі. Выраз ёсць і ў "Слоўніку фразеалагізмаў" (т. 2, с. 172), але з адной ілюстрацыяй. Дапоўнім дзвюма іншымі: Партыя і ўрад рабілі героямі чэкіста Арлоўскага… ці якога іншага чырвонага памешчыка (Р. Барадулін); Чырвоныя памешчыкі паўсюды рабілі, што хацелі, ператвараючы падначаленых у паслухмяных балванчыкаў (М. Дзелянкоўскі).
Напэўна, лёс гэтага выразу такі ж, як і лёс папярэдніх выразаў. Бо цяпер няма калгасаў, іх называюць інакш: СВК - сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў. А кіраўнікі СВК ужо не маюць такіх правоў, якія меў чырвоны памешчык. Грамадства, скалечанае дзесяцігоддзямі несвабоды, пачынае выпростваць спіну, падымаецца з каленяў. Ці, можа, тут я перабольшваю ацэнку нашага сучаснага грамадства і жаданае выдаю за сапраўднае?
Іван Лепешаў.
У Менску адкрываюцца курсы беларускай мовы для бізнесоўцаў
Адмысловы курс па вывучэнні бізнес-беларускай адкрывае 5 верасня Асацыяцыя Еўрапейскага Бізнесу.
Да навучання запрашаюць прадстаўнікоў камерцыйных кампаній, якія атрымаюць магчымасць развіць навыкі вуснай і пісьмовай бiзнес-камунiкацыi для правядзення перамоваў, нарадаў, прэзентацый і сумоўяў на беларускай мове.
"Ідэя стварэння курсаў па вывучэнні бізнес-беларускай з'явілася ў Асацыяцыі Еўрапейскага Бізнесу (АЕБ) не выпадкова. Беларуская з'яўляецца адной з афіцыйных моваў у краіне, аднак магчымасці і прапановы па вывучэнні бiзнес-беларускай на дадзены момант адсутнічаюць і было вырашана запоўніць гэты прабел", - піша сайт Асацыяцыі.
Першы курс заняткаў разлічаны на 4 месяцы з 5 верасня па 12 снежня 2014 г. Для зручнасці слухачоў заняткі будуць праходзіць адзін раз на тыдзень з 9.00 да 10.30 раніцы па пятніцах у сядзiбе АЕБ па адрасе завулак Казлова - 7, офіс 535. Па завяршэнні навучання будзе прадстаўлена магчымасць прайсцi распрацаваны Таварыствам беларускай мовы стандартызаваны тэст для праверкі ўзроўню ведання беларускай мовы.
Па пытаннях запісу на заняткі трэба звяртацца да Алесі Курыловіч, менеджара па працы з кліентамі АЕБ, па адрасе электроннай пошты alesia.kurilovich@aebbel.by, альбо па тэлефоне +375 17 245 9834 / + 375 29 167 9948 не пазней за 25 жніўня 2014 г.
generation.by.
Я хацеў бы, каб беларусы былі падобныя на цмокаў…
(Гутарка Эдуарда Акуліна з Глебам Лабадзенкам)
Эдуард Акулін. - Скажы, калі ласка, Глеб, якая з пералічаных творчых іпастасяў табе найбольш імпануе? Ці не замінае гэта табе ў дасягненні галоўнай жыццёвай мэты?
Глеб Лабадзенка. - У цяперашні момант мяне найбольш займае арганізацыя публічных курсаў беларускай мовы "Мова нанова". У Менску штотыдзень на курсы прыходзіць пад 250 чалавек. Апроч таго, курсы пад нашаю назваю адкрыліся ў Бабруйску, Гародні, Берасці, Баранавічах, Нясвіжы, Маладзечне і нават Кракаве. Што да пытання празмернай колькасці актыўнасцяў, то ёсць такі выраз - і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц . Зрэшты, не думаю, што гэта некаму шкодзіць. Хоць некаторых, ведаю, раздражняе. Але нічога - хай таксама варушацца.
Э. А. - У якім узросце і на якой мове ты пачаў пісаць?
Г. Л. - У 13 год пачаў пісаць вершы па-беларуску. Праз гэта пазнаёміўся з Рыгорам Барадуліным - прынёс паказаць яму свае крэмзы.
Э. А. - Хто цябе пазнаёміў з Рыгорам Барадуліным? Які ўплыў на твой творчы лёс аказаў дзядзька Рыгор?
Г. Л. - Да нас у школу прыйшла выкладаць кабета, якая вучылася разам з Барадуліным ва ўніверсітэце. Я, сямікласнік, быў шакаваны навіной, што нехта з беларускіх пісьменнікаў яшчэ жыве. Беларуская літаратура ў нас у школе выкладалася так, што літаратары для мяне былі толькі партрэтамі-абразамі на сценах кабінета беларускай літаратуры. Без перабольшання скажу, што дзядзька Рыгор - той чалавек, які ў прынцыпе зрабіў у гэтым жыцці на мяне найбольшы ўплыў. 14 гадоў, праведзеных побач з ім, я лічу шчасцем. Бо даволі хутка зразумеў, што гэта чалавек маштабу Купалы, Багдановіча… Робячы нешта, я заўжды распавядаў пра гэта дзядзьку Рыгору, раіўся. І цяпер часта лаўлю сябе на думцы, што ўяўляю, што б ён сказаў на тое ці гэта.
Э. А. - А як гэта - сябраваць з народным паэтам?.. Я маю на ўвазе не толькі няпросты характар дзядзькі Рыгора, але і велізарную розніцу ва ўзросце паміж вамі? Якія жыццёвыя ўрокі ад Барадуліна ты здалеў засвоіць?
Г. Л. - Думаю, што да мяне 13-гадовага хлапчука дзядзька Рыгор паставіўся як да ўнука, няхай даруе ён такое нахабнае меркаванне. Мы ні разу не пасварыліся. А розніца ва ўзросце… Дзядзька Рыгор часта казаў пра маладых, што ў стасунках з імі ён і сам маладзее. Я ж стараўся хоць крыху сталець і разумнець побач з ім, цягнуцца да яго, слухаць і чуць яго. Дзякуючы Барадуліну, я не наступіў на многія граблі: ведаючы ад яго, з кім не варта вадзіцца, куды не варта лезці.
Э. А. - У тваім фота - архіве тысячы фотаздымкаў нашых вядомых пісьменнікаў, мастакаў, музыкаў… Скажы колькі словаў пра сваё захапленне фотамастацтвам…
Г. Л. - Ніякіх амбіцый фатографа ў мяне няма, ды і тэхніка самая простая. Свой архіў, дзе сапраўды здымкі сотняў і сотняў асобаў, цаню найперш з дакументальнага пункту гледжання. Там ёсць здымкі людзей, якія ўжо пакінулі гэты свет. Напрыклад, толькі дзядзькі Рыгора каля 4500 здымкаў. Зробленых у ягонай хаце, на імпрэзах, у Вушачах, падчас нейкіх сумесных вандровак… Можа, яны і не маюць мастацкай вартасці, але на іх зафіксаваная гістарычная асоба, найвялікшы беларускі паэт апошніх дзесяцігоддзяў - таму яны ўнікальныя. Таксама ў архіве шмат здымкаў архітэктуры. Гэта маё вялікае захапленне: аб'ехаў у нашай краіне больш за 1000 населеных пунктаў, дзе захаваліся нейкія архітэктурныя цікавосткі. Зноў жа, можа гэта і невысокай мастацкай вартасці фота… Але, як у нас часам бывае, помнікі архітэктуры руйнуюць - і трэба іх фіксаваць як найболей.
Э. А . - Чым для цябе стала журналістыка? Ці лічыш ты гэты этап у сваім жыцці пройдзеным?
Г. Л. - Журналістыка - мая прафесія, якая давала і дае мне хлеб. Таму пройдзеным этапам яна быць не можа, бо я пакуль жыць без хлеба не навучыўся. Прафесія вельмі цікавая! Пра журналістаў кажуць: людзі, якія нічога не ведаюць добра, але ўсяго ведаюць патроху. Тысячы і тысячы кантактаў, набытых у працоўных стасунках, прыдаюцца і ва ўсіх іншых актыўнасцях, пералічаных вамі вышэй.
Э. А. - Пасля выхаду твайго першага паэтычнага зборніка "Пагер-вершы" прайшло некалькі гадоў… Чаму такая затрымка з новай кнігай? Не стае натхнення, жадання ці часу на новую кнігу?
Г. Л. - Няма такой мэты. У нас жа паэтаў - ё-маё! Ці магу я нешта дадаць да гэтай пляяды галасоў?.. Да таго ж, літаратура добра ўдаецца тым, хто займаецца толькі літаратурай. У мяне такой магчымасці няма. А быць шараговым паэтам, каб у пераліку тваіх "рэгаліяў" дадалося яшчэ адно слова?.. Сумнеўнае жаданне.
Э. А. - Твая "Дзіцячая заМова" зрабіла сапраўдны фурор у айчынным кнігавыдавецтве. Хто падказаў табе ідэю жывых малюнкаў - відэа-скрайбінга для ажыццяўлення мастацкай задумы кнігі? Ці ёсць надзея на яе працяг?
Г. Л. - Вось, спадар Эдуард, дзякуючы Вам даведаўся новае слова - відэаскрайбінг!.. Ідэя з'явілася выпадкова - намаляваў для жонкі схему з розніцай між "цяпер" і "зараз". Падумаў, што схема можа быць карысная і іншым - вывесіў у блог. Людзі пачалі пытаць: а гэта як адрозніць, а тое як запомніць?.. Так і пайшлі малюнкі. У кнігу ўвайшло 112. І яна за год прадалася амаль цалкам - а гэта 2000 асобнікаў. Цяпер ужо гатовыя новыя 70 малюнкаў - два разы на тыдзень яны з'яўляюцца на сайце кампаніі "Будзьма беларусамі!" Дзякуй "Будзьма" за такую прапанову - бо сам бы я, пэўна, ленаваўся рабіць гэта з такой рэгулярнасцю. Як назбіраецца сотня ці больш - хачу зрабіць другую частку "Дзіцячай за-Мовы", раз ужо яна прыйшлася да спадобы чытачам!
Э. А. - Як актыўны ўдзельнік культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!" ты аб'ехаў велізарную колькасць беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак… І калі напачатку аб'ектам тваіх вандровак-выступаў была літаратура, то апошнім часам ты ўсклаў на сябе місію айчыннага цмоказнаўцы… Гэта для цябе звычайная літаратурная авантура, ці нешта большае?
Г. Л. - Калі мы з калегамі з "Будзьма" абмяркоўвалі канцэпцыю кампаніі "У пошуках Цмока", то прыйшлі да высновы, што не важна, "пад якім соўсам" людзі паедуць вандраваць па Беларусі - абы паехалі. А край наш бязмежны! Дзе ўжо я люблю вандраваць па радзіме, але і тое пабыў у дзясятках найцікавейшых месцаў, дзе не бываў раней. Скажам, адзіная ў Беларусі пячора пад Празарокамі... Сапраўдная пячора, са сталактытамі і сталагмітамі, хоць і з пясчаніку!.. Або адзін з самых вялікіх у Беларусі валуноў - Змееў камень - пад Чашнікамі. Ці 5000-гадовыя крамянёвыя шахты пад Ваўкавыскам… Дарэчы, шукаць Цмока не складана. Нас даслоўна пераследавалі рознага кшталту цмокі на нашым шляху. У Гомелі за палацам Румянцавых і Паскевічаў стаіць фігура першага гамельчука - на чаўне з рыссю. У яго на шыі - амулет з Цмокам! У Ветцы знайшлі выяву Цмока ў рукапісным Евангеллі XVII стагоддзя. У Браславе фігура Цмока стаіць проста перад мясцовым пунктам аховы правапарадку. У Жыткавічах Цмок пазірае са стэлы каля вядомай кавярні-карабля. У Міры нам распавялі легенду, што некалі тут забілі Цмока - а каб не вылез з магілы, на гэтым месцы паставілі замак… Увогуле ж, Цмок - гэта для мяне сімвал звышбеларуса. Дарэчы, збольшага станоўчы персанаж! Калі ўсё спакойна - то і ён нікога не чапае. А як надарыцца небяспека - абернецца цераз сябе, здабудзе крылы і гатовы агнём паліць ворагаў. Я хацеў бы, каб беларусы былі падобнымі на цмокаў…
Э. А. - Нядаўна ты спрычыніўся да выхаду ў свет унікальнай рукапіснай кнігі Рыгора Барадуліна "Лепей", якой паэт паспеў парадвацца яшчэ пры жыцці… Ці плануеш ты надалей працаваць з архівам народнага паэта?
Г. Л. - Я чалавек несістэмнага, ненавуковага складу. Таму ў працы з архівамі дзядзькі Рыгора ўвесь спадзеў на ягонага сябра і даследчыка ягонай творчасці Сяргея Шапрана. Ужо да саракавін Сяргей падрыхтаваў зборнік апошніх вершаў "У неба пехатою". Усім раю займець! Там проста касмічныя вершы, паэт размаўляе з Богам… І ўзнікае жывое адчуванне, што Бог добра разумее па-беларуску.
Э. А. - Распавядзі пра свой удзел у праекце "Мова нанова". Што, на тваю думку, дае людзям гэты праект?
Г. Л. - Самае неверагоднае і каштоўнае: калі на першыя заняткі прыйшло пад 300 чалавек - я практычна нікога з іх не ведаў! Нават у твар! Бо ведаеце, як гэта бывае: прыходзіш на канцэрт ці вечарыну - і прынамсі ў твар большасць ведаеш… А гэта - новыя, незаангажаваныя раней у беларускую справу людзі, для якіх мова - гэта не "палітыка" і "апазіцыя", а пункт уваходу ў грамадскую актыўнасць. Як прыемна прыходзіць у філармонію, у мастацкі музей, на іншыя беларускія імпрэзы - і сустракаць там слухачоў нашых курсаў. "Вучняў" язык не паварочваецца сказаць, бо палова людзей за мяне старэйшая. Гэта яшчэ адзін цікавы момант - навошта на курсы ходзяць людзі сярэдняга і нават старэйшага веку? Я распытваў - і выявілася, што яны даўно хацелі неяк увайсці ў гэтую беларускую плынь, але не ведалі як. А курсы - безбалючы спосаб. Галоўнае - прыйсці. Да таго ж, ніхто з іх тут не белая варона. Ніхто не смяецца за трасянку, не паказвае пальцам за памылкі. Атмасфера дабразычлівая і нават сямейная. Таму колькі людзям будуць патрэбныя такія курсы - мы з калегай Алесяй Літвіноўскай будзем іх ладзіць.
Э. А. - Ці ёсць перспектывы ў дадзенага праекту? Якім табе бачыцца ягонае развіццё?
Г. Л . - Перспектывы бачу ў тым, каб не спыняцца, развівацца. Тое, што курсы папулярныя - нагода не сядзець і цешыцца, а думаць, як зрабіць іх яшчэ лепшымі. Важным лічым далейшае развіццё курсаў у рэгіёнах. Цяпер, апроч Менска, ахоплена шэсць гарадоў, але ж у нас райцэнтраў больш за 100!..
Э. А. - Што галоўнае для цябе ў жанчыне?
Г. Л. - Здольнасць разумець. Мужчына - ён жа па сваёй натуры каўбой, воін. Хай і ў драбязе. Мудрая жанчына павінна адчуваць гэта і даваць мужчыну рэалізавацца - бо іначай ён будзе анучаю ці ўвогуле сап'ецца. Канешне, я кажу няправільныя рэчы з пункту гледжання гендэрнай роўнасці… Але сваёй жонцы часта стаўлю ў прыклад Валянціну Міхайлаўну Барадуліну. Дзядзька Рыгор за ўсё жыццё не забіў дома ніводнага цвіка, нават паліцу павесіць яна клікала суседа. Мне жонка на гэта адказвае, што я не Барадулін. Але каб Валянціна Міхайлаўна кіравалася такой логікай, уявіце: мы б не мелі сёння Рыгора Барадуліна! Я не хачу сказаць, што мужчына не павінен забіваць цвікі і вешаць паліцы - сам я ўсё па хаце і на лецішчы раблю сваімі рукамі. Але разумная жанчына павінна памятаць, што доля мужчыны - не толькі забіваць цвікі…
Э. А. - Не сакрэт, што жонкі многіх беларускіх літаратараў у сям'і нярэдка размаўляюць па-руску… Як ты да гэтага ставішся? На якой мове ты размаўляеш са сваёй жонкай і сынам?
Г. Л. - Не хачу судзіць іншых. Мне пашанцавала - сваю жонку я ўзяў ужо беларускамоўнай. Не тое, каб гэта стала вырашальным чыннікам… Але ці змог бы я дарэшты даверыцца чалавеку з чужой моваю? Таму выбару, на якой мове размаўляць у сям'і, паўстаць не магло. І сына мы гадуем выключна па-беларуску.
Э. А . - Якія сямейныя святы вы адзначаеце? Хто ў хаце гаспадар? Ці любіш ты кухарыць?
Г. Л. - Шчыра скажу, увогуле не люблю святы. Нават свой дзень нараджэння не адзначаю. З фармальнага пункту гледжання свята: вось вам нейкі дзень - і мусіце весяліцца. А калі настрой кепскі? А калі зуб баліць? Найбольшае сямейнае свята для мяне - нараджэнне сына. Кожны месяц кажам: вось яму столькі, а вось яму ўжо на месяц больш. А іншыя фармальныя даты абмінаю. Лепш прынясу кветкі жонцы ў звычайны дзень, чым на якое свята. У хаце гаспадар раней быў кот, а цяпер, натуральна, Стэфан Глебавіч - усё падпарадкавана яму, усё круціцца вакол яго. А наконт кухарыць, маем у сям'і такую завядзёнку, што дранікі раблю выключна я. І жонка нават кажа, што ёй падабаюцца!
Э. А. - Як адпачывае Глеб Лабадзенка?
Г. Л. - Вандроўкі па Беларусі, майстраванне нечага на лецішчы. Увогуле, не магу легчы і ляжаць - даволі хутка пачынаю дурэць. Люблю пасядзець пры вогнішчы з сябрамі - у такіх гутарках нараджаюцца планы, з'яўляюцца адказы на пытанні, тлумачэнні многіх рэчаў.
Э. А. - Каго ты любіш з айчынных і замежных музыкаў?
Г. Л. - З нашых музыкаў дужа люблю Лявона Вольскага, Змітра Вайцюшкевіча, гурты HandmadE, "Босае сонца", "Троіцу"… Мая любімая музыка - гэта нашыя народныя спевы, а таксама класіка - Шапэн, Агінскі, Манюшка… Пад гэта магу і працаваць, і адпачывааць, і асабліва думаць у доўгіх дарогах за стырном.
Э. А. - Якая твая запаветная мара…
Г. Л. - Каб мары паспяхова пераходзілі ў разрад задач, а затым увасабляліся!
Эдуард Акулін , спецыяльна для Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.
Вольга Валько: Стварыць беларускамоўную групу ў садку вельмі проста
У гарадзенскім садку № 45 сёлета адкрываецца другая беларускамоўная група з 12 чалавек, і ёсць нават рэзервовы спіс ахвотных аддаць сваіх дзетак у гэтую групу.
Вольга Валько, маці трохгадовага Стасіка, распавядае, як без лішніх клопатаў можна стварыць беларускамоўную групу для свайго сына, калі ты насамрэч хочаш, каб ён з дзяцінства быў у беларускамоўным асяроддзі.
Карэспандэнт: "Спадарыня Вольга, я часта бываю на імпрэзах, дзе збіраецца беларускамоўнае асяроддзе, і большасць людзей, так бы мовіць, ведаю ў твар. Вас сустракаю ўпершыню, але ў вас цудоўная беларуская мова, і дзякуючы вашым высілкам у Гародні ёсць яшчэ адна беларускамоўная група ў садку..."
Валько: "Ідэя ў нашай сям'і прыйшла, як толькі ў нас Стась нарадзіўся. Мы разумелі: калі гэтага не зробім для яго мы, то ніхто гэтага не зробіць. Нам было ў гэтым плане лягчэй, бо дарога была ўжо пракладзена, два гады таму ўжо адчынілі першую беларускамоўную групу. І я не скажу, што ў нас былі нейкія складанасці - галоўнае было знайсці бацькоў, якія пагодзяцца аддаць сваіх дзетак у беларускамоўную групу".
Карэспандэнт: "І як вы вырашалі гэтую самую складаную праблему?"
Валько: "Вядома, найперш мы пачалі размовы са сваімі знаёмымі, у каго такія ж дзеткі. Адразу ў "Вячэрнім Гродне" з'явілася невялікая аб'яўка, якую змясціў аддзел адукацыі. Яшчэ зрабілі самаробную аб'яўку, расклеілі ў розных месцах, змясцілі ў інтэрнэце, і народ пачаў збірацца вельмі хутка. Яны тэлефанавалі мне, а я толькі накіроўвала іх туды, куды трэба было несці заявы".
Карэспандэнт: "Выходзіць, што ўсё так проста - дастаткова даць аб'яву, і людзі тэлефануюць..."
Валько: "Трэба сказаць, што ў нас не ўсе дзеткі з беларускамоўных сямей. Ёсць такія дзеткі, бацькі якіх запісаліся ў нашу групу, паколькі садок у іх побач з домам. А падругое, група малакамплектная, а гэта вельмі важна для ўсіх мам, таму што болей увагі будзе аддавацца кожнаму дзіцяці. Але мы гэтага нават і не хавалі, а наадварот - выстаўлялі як наш плюс. І ўсё ж большасць сямей у нас такія, як мы - свядомыя беларусы".
Карэспандэнт: "Вы ўжо былі ў садку, бачылі памяшканне, дзе будуць знаходзіцца дзеткі?"
Валько: "Мала таго, што мы бачылі ўжо памяшканне, мы яго яшчэ робім. Усе бацькі зацікаўленыя, каб іх дзеткам было добра, таму мы там робім сапраўдны рамонт: і сцены, і столь, усё змяняем, магчыма, і мэблю будзем набываць. Мы робім гэта за ўласныя сродкі. Сабралі бацькоўскі сход, абмеркавалі, усе згадзіліся, палічылі, колькі грошай трэба, сабралі іх, нанялі брыгаду, і яны робяць гэты рамонт".
Карэспандэнт: "А вы ведаеце, хто будзе выхавацелькай у вашых дзетак?"
Валько: "Канешне. Дарэчы, гэта была адна з умоваў - мы павінны былі, акрамя дзетак, прывесці і сваю выхавацельку. Праўда, нам сказалі, што выхавацельку б знайшлі, але калі мы прывядзём сваю, то не будуць супраць. Наша выхавацелька пакуль студэнтка, але ва ўніверсітэце цяпер дазваляюць студэнтам працаваць па спецыяльнасці на старэйшых курсах. Дзяўчына сама беларускамоўная, хоць вучыцца на ангельскай філалогіі, у штодзённым жыцці размаўляе па-беларуску. Яна пагадзілася і з ахвотай сказала, што будзе працаваць. Мы пайшлі разам да загадчыцы, і яе ўзялі на працу".
Карэспандэнт: "Спадарыня Вольга, тое, што вы распавядаеце, выглядае нават трошкі неверагодна. Бо колькі даводзілася чуць ад людзей пра розныя праблемы ды перашкоды, якія ім чынілі чыноўнікі, каб адкрыць беларускамоўную групу ў садку альбо беларускамоўны клас у школе. Магчыма, вы нешта параіце тым, хто так-сама хоча аддаць сваіх дзетак у беларускамоўны садок..."
Валько: "Я б хацела сказаць, што гэта насамрэч зрабіць вельмі лёгка. Няма ніякіх перашкодаў, галоўнае - самаарганізацыя і жаданне, а яшчэ крышачку інфармацыйнай падтрымкі, каб людзі ведалі. Ніякіх праблемаў я не бачу і ніякіх перашкодаў, патрэбна ваша жаданне. Мы адусюль атрымлівалі толькі падтрымку: і ў самім садку, і ў аддзеле адукацыі - калі ласка, стварайце. І ўсё, толькі ваша жаданне".
Карэспандэнт : "Спадарыня Вольга, а які быў ваш шлях да беларускасці?"
Валько: "Мова як бы ў мяне ў крыві, а па спецыяльнасці я - біёлаг. А да мовы я прыйшла праз каханне. Мой муж беларускамоўным стаў раней за мяне. Ён вучыўся ў Лунінецкім ліцэі, дзе быў вельмі добры асяродак беларускасці. А мы з ім пазнаёміліся ва ўніверсітэце, і я ў яго закахалася, а таксама закахалася ў мову. Пазней увесь час задавала сабе пытанне - як жа я раней не магла прыйсці да мовы. Вось такая ў нас гісторыя".
Міхал Карневіч, Радыё Свабода. На здымку: Вольга Валько з сваім трохгадовым сынам Стасікам.
Адзіны беларускамоўны клас у Баранавічах можа спыніць сваю дзейнасць
Атывістка ТБМ Тацяна Малашчанка атрымала ліст з гарвыканкама за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Дз. Касцюкевіча, ў якім паведамляецца, што ў дзяржаўнай установе адукацыі "Гімназія № 4 г. Баранавічы", куды залічана яе дачка Яся Малашчанка, навучальнай зацверджана руская мова.
- У гэтым годзе Яся скончыла адзіны ў горадзе чацвёрты беларускамоўны клас СШ № 14 і ў сувязі з пераменай месца жыхарства мы падалі заяву на навучанне ў пяты клас гімназіі № 4 і здалі іспыты. Аднак дырэктар гімназіі Вадзім Шчарбакоў мяне адразу папярэдзіў, што гімназія цалкам рускамоўная, і Ясі давядзецца вучыцца па-руску, таму што фінансавых магчымасцяў для адкрыцця беларускамоўнага класа ў яго няма. Таму мы разам з бацькамі Алісы Філіпчык (другой вучаніцы беларускамоўнага класа СШ № 14) звярнуліся ў гарвыканкам, каб гарадскія чыноўнікі нам пасадзейнічалі ў фінансаванні беларускамоўнага навучання, - паведаміла Тацяна Малашчанка.
Яна адзначыла, што ў лісце з гарвыканкама паведамляецца, што з 23 па 25 жніўня 2014 года з бацькамі вучняў 5-х класаў гімназіі № 4 будуць праведзены сумоўі на прадмет выбару мовы навучання. Пры ўмове, што не менш за 24 вучні і іх законныя прадстаўнікі дадуць пісьмовую згоду на навучанне прадметаў на беларускай мове, такі клас будзе адкрыты.
Тацяна Малашчанка сказала, што Яся не ўяўляе, як яна будзе навучацца не па-беларуску, але яны добра разумеюць, як цяжка стварыць такі беларускамоўны клас, калі ідзе працэс скасавання беларускамоўнай адукацыі па ўсёй краіне.
Віктар Сырыца. Фота: Яся Малашчанка грае "Купалінку" на адкрыцці беларускамоўнай сядзібы "Ліцвінаў кут".
СТАТЫСТЫКА НЕ РАДУЕ
Грамадскае аб'яднанне
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
Аб прадастаўленні дадзеных
Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь паведамляе дадзеныя аб долі навучэнцаў дзённых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі сістэмы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, якія навучаліся на беларускай мове на пачатак 2013/2014 навучальнага года па рэспубліцы, абласцях і г. Мінску.
Намеснік Старшыні І.С. Кангро
Колькасць навучэнцаў, якія навучаліся на беларускай мове, у працэнтах да агульнай колькасці навучэнцаў
Рэспубліка Беларусь - усяго 15,5
Брэсцкая 21,7
Віцебская 13,6
Гомельская 12,8
Гродзенская 18,3
г. Мінск 2,1
Мінская 27,1
Магілёўская 14,8
За законы на беларускай мове Сп. У.П. Андрэйчанку,
Старшыні Палаты прадстаўнікоў
Нацыянальнага сходу Беларусі
220010, г. Мінск,
пл. Незалежнасці, Дом Ураду
Аб вяртанні беларускай мовы
ў беларускае заканадаўства
Зварот Сакратарыятe ТБМ да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага cходу Рэспублікі Беларусь
Цяпер амаль усе законы ў нашай краіне прымаюцца толькі на рускай мове, і не існуе афіцыйнага перакладу іх на дзяржаўную беларускую мову, што з'яўляецца парушэннем дзейнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
У сувязі з гэтым і з улікам артыкулаў I, 2 і 5 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" мы прапануем з 1 верасня 2014 г. усе законы і іншыя нарматыўныя праўныя акты Нацыянальнага cходу Рэспублікі Беларусь адразу прымаць на дзвюх дзяржаўных мовах, а таксама зрабіць афіцыйны пераклад дзейных законаў, якія былі прынятыя толькі на рускай мове, на дзяржаўную беларускую мову і апублікаваць іх у прадугледжаным законам парадку.
З павагай, Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алег Трусаў.
Старшыні грамадскага
аб'яднання "Таварыства
беларускай мовы імя
Францішка Скарыны"
Трусаву А.А.
Паважаны Алег Анатольевіч!
У Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы разгледжаны Ваш ліст, у якім выкладзены прапановы аб прыняцці і выкладанні нарматыўных прававых актаў на дзвюх дзяржаўных мовах. Па сутнасці звароту паведамляем.
У адпаведнасці з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы.
З гэтай канстытуцыйнай нормы вынікае, што беларуская і руская мовы маюць аднолькавы статус, а таму дзяржаўныя органы пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў, у тым ліку і ў нарматворчай дзейнасці, маюць права выкарыстоўваць любую з дзяржаўных моў. Менавіта такі падыход атрымаў замацаванне ў заканадаўстве, у тым ліку ў законах Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", "Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь", а таксама ў Правілах падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў, зацверджаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 жніўня 2003 г. № 359. Так, часткай другой артыкула 54 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь" прадугледжана, што нарматыўны прававы акт прымаецца (выдаецца) упаўнаважаным на тое органам (службовай асобай) на беларускай і (або) рускай мовах.
У адпаведнасці з абзацам першым часткі першай артыкула 50 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь" праекты законаў уносяцца суб'ектамі права заканадаўчай ініцыятывы ў Палату прадстаўнікоў на беларускай і (або) рускай мовах. Разгляд і прыняцце законапраектаў у Палаце прадстаўнікоў ажыццяўляюцца на той дзяржаўнай мове, на якой яны ўнесены суб'ектамі права заканадаўчай ініцыятывы на разгляд у Палату прадстаўнікоў.
Адначасова паведамляем, што згодна з падпунктам 1.3 пункта 1 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лютага 2012 г. № 3 "Аб некаторых пытаннях апублікавання і ўступлення ў сілу прававых актаў Рэспублікі Беларусь" афіцыйнае апублікаванне прававых актаў на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь і абнародаванне (апублікаванне) прававых актаў у зборніку прававых актаў "Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь" ажыццяўляюцца ў поўнай адпаведнасці з падпісанымі аўтэнтыкамі на той дзяржаўнай мове (мовах), на якой яны прыняты (выдадзены).
Пры гэтым варта звярнуць увагу, што прыняты і афіцыйна апублікаваныя на беларускай мове тэксты такіх дзеючых законаў Рэспублікі Беларусь, як "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", "Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь", "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь", "Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь", "Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі", "Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь", "Аб афіцыйных геральдычных сімвалах", "Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь", "Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь", "Аб беларусах замежжа", шэраг міжнародных дагавораў, а таксама прыняты на беларускай мове тэксты актаў Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і іх органаў.
Адначасова інфармуем, што з неафіцыйным перакладам тэкстаў прынятых нарматыўных прававых актаў, у тым ліку законаў Рэспублікі Беларусь, можна азнаёміцца ў эталонным банку даных прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь з інфармацыйна-пошукавай сістэмай "Эталон", які фарміруе і вядзе Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
Намеснік старшыні камісіі А.І. Сягоднік.
Пачаў працу сайт газеты "Наша слова" naszaslowa.by
З пачатку жніўня пачаў працу дапаможны сайт газеты "Наша слова" naszaslowa.by/ . Сайт прызначаны суправаджаць папяровы варыянт газеты і архіваваць электронныя версіі "Нашага слова". Да апошняга часу гэтыя функцыі выконвалі сяброўскія сайты pawet.net/ ; kamunikat.org/ ; tbm-mova.by/ . Усе гэтыя сайты працягнуць супрацоўнічаць з газетай і выконваць тыя ж функцыі. Новы сайт належыць уласна газеце і кіруецца рэдакцыяй газеты.
Сайт выкананы ў простай канфігурацыі, паколькі мы не можам сабе дазволіць асобнага адміністратара, які б пастаянна вёў дыялог з наведвальнікамі сайту у многіх рубрыках.
На сайце размяшчаюцца, матэрыялы чарговага нумара газеты: навіны, найбольш сур'ёзныя артыкулы. На завяршэнне размяшчаецца ўвесь нумар газеты ў рэжыме Pdf.
Акрамя газеты "Наша слова" на сайце будуць размяшчацца чарговыя нумары часопіса "Лідскі летапісец". З цягам часу на сайт будуць выстаўлены ўсе нумары "Лідскага летапісца".
Безумоўна, можна было б і абысціся без сайта, але відавочна адно - з новым сайтам прысутнасць газеты "Наша слова" ў сусветнай інфармацыйнай прасторы ўзмацніцца, чаго мы, зрэшты, і дабіваемся. Цяжка даецца павелічэнне колькасці падпісчыкаў на папяровую газету, то дамо магчымасць чытаць нашыя матэрыялы ў электроннай версіі.
Сайт не мае задачы падмяніць ці замяніць папяровую версію газеты, якая застаецца асноўнай і галоўнай, але сусветная тэндэнцыя скіравана ў бок ператварэння сайтаў у самастойныя СМІ. Некаторыя газеты ўжо папяровай версіі не маюць. У сілу аб'ектыўных прычын "Наша слова" яшчэ далёка ад гэтага, але пройдуць гады, а, можа, месяцы, і пры змене сітуацыі не трэба будзе пачынаць усё на пустым месцы.
Таму, шаноўнае спадарства, калі ласка, на наш сайт. Асабліва запрашаем прыхільнікаў беларушчыны з рэгіёнаў, куды папяровая версія газеты не трапляе.
Безумоўна, на першым этапе будзе шмат прэтэнзій, але мы вучымся, будзем развівацца і ўдасканальвацца.
Рэдакцыя.
"Патрыёт" запусціў першы беларускамоўны сайт байцоўскага клуба ў краіне
Кампанія "Будзьма беларусамі!" плённа супрацоўнічае з беларускімі тайбаксёрамі не ўпершыню.
"Розныя версіі інтэрнэт-сайтаў мы мелі і раней. Гэта былі хутчэй аматарскія старонкі, якія рабілі нашыя вучні. Але новы сайт цяпер можна паказваць і беларусам, і замежнікам, - дзеліцца ўражаннямі заснавальнік і галоўны трэнер клуба "Патрыёт" Дзмітрый Пясецкі. - Мы ўжо прадэманстравалі новую старонку калегам з ЗША і Тайланду. Тое, што атрымалася, нас вельмі цешыць".
"Некалькі беларускіх файтараў сусветнага ўзроўню трапілі ў наш анлайн-праект "Байцоўскі ген", - згадвае каардынатар кампаніі "Будзьма беларусамі!" Алена Макоўская. - І калі мы рыхтавалі ролікі "Культура паляпшае жыццё", нават сумневу не было, каб запрасіць героем аднаго з гэтых ролікаў Віталя Гуркова. Вельмі плённым атрымалася супрацоўніцтва па стварэнні маек, у якіх нацыянальная зборная па муайтай выправілася на чэмпіянат Еўропы ў Лісабон, дзе, дарэчы, беларусы занялі першае агульнакаманднае месца. Усе гэтыя мерапрыемствы выклікалі станоўчы рэзананс у грамадстве. Так мы яшчэ раз упэўніліся, што спорт - важная, перспектыўная частка сучаснай беларускай культуры, і з задавальненнем працягнулі супрацу: зрабілі сайт для байцоўскага клуба "Патрыёт", які мае міжнародную вядомасць. Паколькі старонка беларускамоўная, на першым месцы стаяла пытанне якасці. Мы звярнуліся ў арт-студыю "PRAS", дзе раней для нас зрабілі сайт, прысвечаны Цмоку. І мы ўсцешаныя, што новая інтэрнэт-старонка спадабалася самім спартоўцам. Спадзяемся, яна спадабаецца і карыстальнікам".
Нагадаем, што байцоўскі клуб "Патрыёт" добра вядомы ў байцоўскім свеце. Два мясцовыя выхаванцы маюць званне "Заслужаны майстар спорту Беларусі". Тут трэніруюцца шматразовы чэмпіён свету па муайтай Дзяніс Ганчаронак, зорка кікбоксінгу і К-1 Забіт Самедаў. І, натуральна, чэмпіён свету сярод прафесіяналаў Віталь Гуркоў, які першым з беларускіх спартсменаў публічна прамовіў па тэлебачанні на роднай мове.
Як падкрэсліваюць у "Патрыёце", дзякуючы новаму сайту тут плануюць прыцягнуць у клуб як мага больш таленавітых дзяцей, якія падтрымаюць байцоўскія традыцыі старэйшых калег. Таксама у клубе разлічваюць на тое, што прыклад беларускамоўнага сайта натхніць іншыя спартовыя арганізацыі актыўна карыстацца роднай мовай. Бо як інакш выхоўваць у беларусах патрыятызм і адданасць сваёй краіне!
Прэс-служба ГКК "Будзьма беларусамі".
Беларуская эліта губляе нацыянальную глебу
Бальшыня палітыкаў і інтэлігенцыі, пераважна афіцыйнай арыентацыі, не разумеюць ці не хочуць зразумець, у якім гаротным стане знаходзяцца - і не толькі сёння - нацыянальныя складнікі духоўнага жыцця беларускага народа. Ён так імкліва адыходзіць ад сваіх прыродных культурна-моўных традыцый, што проста страшна становіцца за лёс краіны. Уяўляю, якую бурную рэакцыю выклікаў бы ў палітыкаў і інтэлігенцыі Расіі адыход яе народа ад нацыянальнай культуры і мовы. У нас жа на ўсё гэта пазіраюць з зайздросным алімпійскім спакоем, апраўдваючы, што франтальнае выцясненне з афіцыйнага ўжытку беларускай культуры і мовы адбываецца, маўляў, не ў выніку запанавання ў краіне нейкіх чужых і далёкіх духоўных каштоўнасцяў, а тых, што належаць блізкаму нам рускаму народу. А каб апраўдаць такую форму культурна-моўнай асіміляцыі беларусаў, улады надалі рускай мове статус другой дзяржаўнай у краіне, а афіцыйныя ідэолагі ўсяляк імкнуцца пераканаць яе карэннае насельніцтва, што руская мова з'яўляецца яшчэ і яго другой роднай мовай. Усё гэта ніяк нельга апраўдаць, з усім гэтым ніяк нельга пагадзіцца, бо вынік такой палітыкі, такой ідэалагічнай апрацоўкі людзей да крайнасці небяспечны. Беларускі народ ва ўсё большым маштабе пачынае жыць не ў ладах са сваімі прыроднымі духоўнымі каштоўнасцямі, галоўным чынам па-за роднай мовай. Ідзе няўмольны працэс трансфармацыі беларусаў у нейкую цяжка падлеглую азначэнню этнічную супольнасць: менталітэт пакуль што захоўваецца беларускі, а культурнамоўныя стандарты набываюць выразна рускае аблічча. Не думаю, што гэта будзе мець шчаслівы канец для беларусаў, славянскай супольнасці народаў, сусветнай цывілізацыі.
У адрозненне ад наіўных аптымістаў я не веру пры такой неспрыяльнай сітуацыі ў магчымасць далейшага існавання беларусаў як пэўнай самабытнай супольнасці. Ступень этнічнай дэградацыі апошніх узнялася так высока. што ставіць пад вялікае сумненне датычна наяўнасці ў іх здольнасці да нацыянальна-культурнага самаадраджэння, Пасля травеньскага рэферэндуму 1995 г. у адпаведнасці з вынікам якога ў краіне ўсталявалася толькі юрыдычная роўнасць беларускай і рускай моваў, а фактычна апошняя з дапамогай уладаў выціснула першую практычна з усіх сфераў грамадскай дзейнасці чалавека і г.зн. надала працэсу русіфікацыі беларусаў дзяржаўны характар, але не гледзячы на гэта ні разу не назіралася масавага выступлення іх у абарону роднага слова. Значыцца, яно ім ўжо не такое і роднае.
I самае страшнае, што поўны заняпад беларускай мовы не хвалюе ці вельмі мала хвалюе элітарную частку грамадства - інтэлігенцыю. Як і з боку ўсяго народа, сярод яе таксама не назіраецца імкнення вярнуць адзіную на беларускай зямлі родную мову на законны пасад. За апошнія дзесяць гадоў не прыгадаць аніводнай сур'ёзнай, масавай акцыі інтэлігенцыі ў абарону таго, што так шануюць, сцерагуць усе цывілізаваныя народы планеты Зямля - роднай мовы. Не пабаюся сказаць, што сярод інтэлігенцыі, у т. л. і нацыянальна-адраджэнцкай накіраванасці, ёсць нямала даволі добра сацыяльна забяспечаных асобаў. Яны паспелі набудаваць сабе дыхтоўных катэджаў, зрабіць еўрапейскі рамонт уласных кватэр, набыць найноўшых імпартных аўтамабіляў, штогод разам з усёй сям'ёй адпачываюць на лепшых курортах свету, а вось ахвяраваць адзін - два мільёны беларускіх рублёў на патрэбы нацыянальна-культурнага Адраджэння ў іх зусім няма жадання. Вось чаму і атрымліваецца, што ў нас не было, няма і цяжка сказаць, калі будзе салідны нацыянальны перыядычны орган, на старонках якога не матэрыяламі на дзве - тры машынапісныя, кампутарныя старонкі, а цэлай газетнай паласой можна было б грунтоўна гаварыць аўтару з чытачом пра надзённыя, надзвычай складаныя беларускія праблемы, ад развязвання якіх у вырашальнай ступені залежыць само існаванне беларускага народа. Сёння яно стаіць пад вялікім пытальнікам, але па-сур'ёзнаму гэта не хвалюе ні адказных за лёс беларускай нацыі палітыкаў, ні яе элітарную частку - інтэлігенцыю. З такіх антыбеларускамоўных палітыкаў ніколі не сфармуецца сапраўдны нацыянальны лідар. Колькі ж яшчэ часу будзе трываць без яго Рэспубліка Беларусь?
* * *
Ахілесавай пятой удзелу нашай інтэлігенцыі і раней, і ў сучасным нацыянальна-культурным руху з'яўляецца няздольнасць творча працаваць з народам. Зразумела, у гэтым ёй, асабліва сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў, усяляк перашкаджае дзяржаўны чыноўніцкі апарат. I сёння нам вельмі варта добра ўдумвацца ў змест апостальскіх слоў нашага выдатнага адраджэнца Язэпа Лёсіка: "Народ - добрая рэч, але яму трэба расказаць, растлумачыць, яго трэба спачатку асвяціць, навучыць, а ўжо потым клікаць да сябе на параду" . А ўсё гэта можа і павінна рабіць у першую чаргу інтэлігенцыя. Тут у яе проста непачаты край такой важнай і патрэбнай нацыянальна-адраджэнцкай працы.
* * *
Яшчэ і па сёння ў нас легіён адукаваных людзей, не згодных з тым, што царызм усяляк душыў беларускую культуру і мову з мэтай не даць іх прыродным носьбітам адчуць сябе самабытным, непадобным на рускіх народам. Пераканаць такіх людзей у адваротным амаль немагчыма, але ўсё ж для глыбокага роздуму над дадзеным пытаннем прывяду некалькі фактаў з часоў царскай Расіі. Вось мо адзін з самых ранніх, калі імператрыцай была Кацярына II. Гэта пры ёй адбыліся тры падзелы Рэчы Паспалітай (1772, 1793 і 1795 г.), у выніку якіх самы вялікі кавалак зніклай дзяржавы дастаўся Расіі, прычым амаль уся этнічная беларуская тэрыторыя. У складзенай праграме практычнай дзейнасці на далучаных землях імператрыца так пісала князю Вяземскаму: "Сии провинции надлежит привести найлегчайшим способом к тому, чтобы они обрусели и перестали бы глядеть, как волки в лесу" . I беларусы спаўна праглынулі прызначаную ім горкую пілюлю. Яшчэ больш паслядоўным у гэтай дыскрымінацыйнай справе праявіў сябе віленскі генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў. Не маючы адмысловай філалагічнай падрыхтоўкі, але будучы добра абучаным вядучымі ідэолагамі дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі, ён даў сваім падначаленым цалкам адпаведную яе сутнасці дырэктыўную ўстаноўку: "У Паўночна-Заходнім краі (у складзе яго знаходзілася Беларусь) так званую беларускую мову неабходна звесці на нішто. Бо, калі гэтага не зрабіць, яна пастаянна будзе інспіраваць думку аб асобным беларускім народзе і аб праве гэтага народа на этнічную самастойнасць і нацыянальна-дзяржаўную суверэннасць, чаго дапусціць нельга" . У гэтай выключна правільнай, надзвычай карыснай з пазіцый рускай вялікадзяржаўнай палітыкі ўстаноўкі аказаўся вельмі шчаслівы лёс. Яна знайшла сабе многіх шчырых прыхільнікаў, якім беларускі народ абавязаны сваёй страшэннай дэнацыяналізацыяй. Думаю, і гэтых двух яскравых прыкладаў дастаткова, каб зразумець, як неверагодна складана было сцвярджацца беларускаму народу ў сваёй этнакультурнай самабытнасці, калі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай ён апынуўся пад уладай Расійскай імперыі. А так складана таму, што яна ажно больш як праз сотню гадоў афіцыйна дазволіла беларусам выкарыстоўваць сваю родную мову пры выданні кніг, газет і часопісаў. Беларусы не заслужылі такога негатыўнага стаўлення да яе культуры ад уладаў царскай Расіі. Яны зусім не жадалі лічыцца з тым, колькі карыснага атрымлівалі ад гэтага нацыянальна прыгнечанага народа на больш ранніх этапах гісторыі. Добра, што хоць яго ўклад у рускую культуру прызнавала прагрэсіўная, далёкая ад вялікадзяржаўных памкненняў частка інтэлігенцыі царскай імперыі. Вось да прыкладу як характарызаваў гістрычную ролю беларускай народнасці вядомы рускі фалькларыст-славіст, гісторык, літаратуразнавец Пётр Бяссонаў (1828 - 1898): " Язык свой наложила она на большую часть других представительных народностей, с языком грамоту, с тем и другим мир воззрений, а с сим посредствующим проводником все прочие самобытно-цивилизующие начала: на домашнюю беседу, на общественную речь, на письмо всех гражданских и даже отчасти государст-венных дел, на первые училища, на слово и песнопение церкви". Здорава сказана! Удумайцеся ў гэтыя словы беларускія нігілісты з ліку палітыкаў і інтэлектуалаў.
* * *
Пераважная бальшыня сучасных беларускіх палітыкаў і інтэлігенцыі не валодае роднай мовай нават як камунікатыўным сродкам, г. зн. не з'яўляецца і спажыўцом яе. А ў іншых жа народаў гэтыя прывіліяваныя станы грамадства з'яўляюцца актыўнымі творцамі роднага слова, разам з усім народам узбагачаюць яго моўную спадчыну. А мы ўсё руйнуем і руйнуем яе і з дапамогай дзяржавы, і з дапамогай створаных ёю культурна-асветніцкіх інстытутаў.
* * *
Проста недаравальна, што ў сітуацыі, калі ў выніку рускай культурна-моўнай асіміляцыі пушчаны на поўны звод беларускі народ яго лінгва-сацыёлагі так і не выпрацавалі для дзяржавы навуковай канцэпцыі па разумным рэгуляванні моўных працэсаў. Дзіву даешся, каб у шматлікім асяроддзі філолагаў Інстытута мовазнаўства і літаратуры Нацыянальнай акудэміі навук Беларусі, на факультэтах і аддзяленнях беларускай мовы вышэйшых навучальных устаноў не знаходзілася і пяці - дзесяці вучоных, якіх па-сур'ёзнаму хваляваў бы рэальны стан сучаснай беларускай мовы, якія мелі б жаданне выпрацаваць для адпаведных дзяржаўных органаў праграму выратавання роднай мовы карэннага насельніцгва суверэннай краіны ад поўнага заняпаду, што ў канчатковым выніку паслужыла б і выратаванню ад канчатковай дэнацыяналізацыі самога гэтага насельніцтва. Выходзіць, няма такіх вучоных-філолагаў, хаця і надзелены яны самымі высокімі навуковымі ступенямі і званнямі. У выніку дзяржаўныя органы не маюць у сваім распараджэнні навуковай праграмы па нармалізацыі моўнага становішча ў краіне і развязваюць гэтае лёсавызначальнае для беларусага народа пытанне далёка не кампетэнтна альбо зусім пакідаюць яго па-за межамі сваёй палітыкі.
У мяне складваецца ўражанне, што сучасныя і вучоныя-філолагі і палітыкі альбо не здольныя на выпрацоўку і правядзенне ў жыццё такой канцэпцыі, альбо проста згубілі ўсякую веру ў магчымасць выратавання беларускай мовы і таму не імкнуцца прывесці яе ў такі стан, які характэрны мовам карэнных народаў усіх цывілізаваных краін свету. Калі і сапраўды згублена такая вера, дык гэта ўжо смяротная трагедыя для беларускай мовы, бо на ёй неўзабаве могуць перастаць тварыць здольныя да літаратурнай, навуковай дзейнасці людзі. Тут нельга не пагадзіцца з асецінскім пісьменнікам Нафі Джусойты, які пісаў, што "нельга жыць і ствараць што-небудзь значнае без мары, без далёкай перспектывы, без надзеі на будучае" .
* * *
Вялікі гонар зведваеш пра нашую інтэлігенцыю, калі знаёмішся з яе ўкладам у ажыццяўленне грандыёзнай праграмы міжваеннай беларусізацыі. Асабліва вялікая заслуга ў гэтым навукоўцаў, прычым не толькі ў тэарэтычным, але і ў практычным плане. Як усяго гэтага не стае на сёння! Няўжо яны не бачаць, як сплывае ў багну ўсё нацыянальнае з духоўнага жыцця краіны, як яно напаўняецца чужымі культурнымі набыткамі? Сёння, мо як ніколі раней дамінантай усёй дзейнасці інтэлігенцыі, асабліва навукоўцаў, павінна стаць тэрміновая выпрацоўка канцэпцыі па захаванні беларускага народа як самабытнай этнакультурнай супольнасці планеты Зямля. Усялякае вызначэнне яго як нейкага адгалінавання рускай нацыі, у якога нібыта спрадвеку не было ні ўласнай дзяржавы, ні адметнай культуры і мовы, трэба лічыць за найвялікшае злачынства, незалежна ад таго, ад каго зыходзіць такая фальсіфікацыя. Нацыянальна-актыўная інтэлігенцыя павінна вельмі аператыўна адклікацца на ўсе перамены, што адбываюцца ў грамадстве, быць здольнай у любой, нават самай экстрэмальнай сітуацыі хутка знаходзіць і ўказваць народу верныя шляхі пазбаўлення яго ад далейшай русіфікацыі. Пры самым непасрэдным удзеле сучасных дзяржаўных улад яна ўжо дайшла да крытычнай мяжы, пераступіўшы якую пра беларускі народ трэба будзе гаварыць толькі ў мінулым часе, як гэта мы сёння робім у дачыненні да сваіх колішніх супляменнікаў Смаленшчыны, Браншчыны і Пскоўшчыны.
* * *
Духоўная інтэграцыя Беларусі і Расіі, да чаго так актыўна і паслядоўна вядуць народы гэтых краін іх палітыкі, ідэолагі, значная частка інтэлігенцыі, ва ўсіх выпадках павінна адбывацца толькі ў форме беларуска-рускай культурна-моўнай разнастайнасці, інакш нам не ўхіліцца ад асіміляцыі, этнічнага вымірання аднаго з іх. I ім з поўнай верагоднасцю можна сцвярджаць будзе не рускі, а беларускі народ, які ўжо і сёння амаль не вызначаецца сваёй этнакультурнай адметнасцю і стабільнасцю, мае вострую патрэбу не ў амбулаторным, а стацыянарным клінічным лячэнні з прыцягненнем самых найлепшых спецыялістаў гэтай галіны, не выключаючы і замежных, бо айчынныя не бачаць асаблівай пагрозы ў такой хваробе. Колькасць беларускамоўнай інтэлектуальнай эліты да такой ступені мізэрная, што зусім рэальна ўзнікае пытанне: а ці наогул яна возьмецца за нацыянальна-культурнае адраджэнне свайго народа без падтрымкі якіх-небудзь знадворных сіл? А яны ёсць, бо прагрэсіўныя колы Еўропы зусім не абыякавыя да знікнення на яе этнічнай карце аднаго з народаў з багатай гісторыяй, адметнай ад іншых культурай. Нам толькі трэба хутчэй давесці да ведама цывілізаваных інстытуцый, найперш еўрапейскага кантынента, пра сваю бяду і, не баючыся, расказаць, па чыёй віне яна нас апанавала.
* * *
Ад руйнавальнага ўздзеяння магутнага рускага ўплыву на знясілены ім беларускі арганізм не могуць выратавацца нават тыя, хто па самых розных прычынах павінен бы быць актыўным носьбітам нацыянальных культурна-моўных традыцый. Беларусь з поўнай падставай ганарыцца літаратурным талентам свайго слыннага сына Івана Чыгрынава. А вось яго брат Пётр (маладзей на тры з паловаю гады) у чэрвені 2012 г. стаў сябрам праўладнага, слаба ўпісанага ў канву нацыянальнага жыцця Саюза пісьменнікаў Беларусі, выдаўшы на рускай мове (падкрэслена мною. - Л.Л. ) раманы: "Тайна Великого князя" (2010) і "Под тремя коронами" (2011). Во як умее наша творчая інтэлігенцыя "ўзбагачаць" нацыянальны культурны патэнцыял Бацькаўшчыны, захоўваць, прымнажаць яе прыродныя традыцыі! Сорам, дый годзе! Жылі б дзе-небудзь на ўскрайку Еўропы, дык такія парокі не так кідаліся б у вочы. А тут, як на зло, трэба ж такой нацыянальна занядбанай краіне, што сілкуецца чужой культурай і мовай жыць у самым сэрцы Еўропы. Во нейкая сатана пакарала дык пакарала нас!
Звярну ўвагу і на такі факт: да з'яўлення ў свет вышэйпералічаных кніг П. Чыгрынава ў мінулым у яго быў і шэраг беларускамоўных прац, асабліва навуковага характару. Відаць магутныя абароты махавіка дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі выбілі ў аўтара ўсялякую надзею на захаванне беларускай мовы, таму пагадзіўся ўзяць у якасці рабочай рускую, навязаную некалі нашаму краю выключна каланіяльнымі метадамі, так любімымі ўладамі не толькі царскай Расіі, але і суверэннай Рэспублікі Беларусь. Як сведчыць практыка апошніх гадоў, яе чыноўніцкі апарат працуе ў кірунку русіфікацыі з больш высокім каэфіцыентам карыснага дзеяння, чым раней, таму гарантыі практычна самыя надзейныя, што і ў далейшым шэрагі членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі будуць актыўна папаўняць тыя, хто раней выдаваў кнігі на роднай мове тытульнага народа, а пазней пад уплывам "узважанай глыбокапрадуманай" дзяржаўнай нацыянальнай палітыкі кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь стаў пісаць па-руску. А што гэта лье ваду на кола русіфікацыі, майстры мастацкага, публіцыстычнага слова, якія больш за ўсе катэгорыі творчай інтэлігенцыі ў адказе за захаванне этнічнай самабытнасці беларускага народа, ніколькі не задумваюцца. Не сумняваюся, час іх не апраўдае.
* * *
Страшэнна турбуе, непакоіць павальная адарванасць адораных ад прыроды людзей ад сваёй нацыянальнай культурнай нівы. На гістарычнай тэрыторыі беларусаў наша творчая інтэлігенцыя з большай актыўнасцю працуе дзеля росквіту рускай, чым нацыянальнай культуры. I як вынік, на ніве духоўнага жыцця Рэспублікі Беларусь моцна буяе - і даволі працяглы час - чужароднае пустазелле, заглушаючы яе нацыянальную культуру. За такое негатыўнае, абыякавае стаўленне да ўласнага, роднага некалі і зараз многія народы развіталіся і развітваюцца са сваёй самабытнасцю, пераўтвараючыся ў бесструктурнае этнічнае месіва. Меў рацыю англійскі вучоны Энтані Сміт сцвярджаць, што толькі "воля да нацыяналізму забяспечвае нацыям існаванне". У пераважнай бальшыні беларускай творчай інтэлігенцыі, не выключаючы і элітных пластоў, такая воля адсутнічае.
* * *
Празмерна шырокае выкарыстанне рускай мовы дзяржаўнай уладай, прычым яшчэ нават да абрання першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, сталася прычынай для апазіцыі заняць дыяметральна працілеглую пазіцыю ў дадзеным пытанні. Мова пераўтварылася ў асноўны крытэр вызначэння, на якім баку барыкады знаходзяцца тыя ці іншыя палітычныя сілы. Рускамоўныя выступалі і выступаюць прыхільнікамі ўладаў, усебаковай (уключаючы і палітычную), самай цеснай (аж да страты нацыянальнага суверэнітэту) інтэграцыі з Расіяй, беларускамоўныя былі і застаюцца актывістамі розных нацыянальна-вызвольных рухаў, упартымі незалежнікамі. Можа хтосьці з бюджэтнай часткі інтэлігенцыі і хацеў бы публічна карыстацца роднай мовай, пасылаць сваіх дзяцей ў нацыянальныя школы, але баіцца, каб за такое паважлівае стаўленне да моўнага пытання не трапіць у разрад апазіцыянераў усталяванай у нашай краіне ўладзе.
* * *
Даволі часта прыходзіць у голаў думка, што для значнай колькасці сучасных беларускіх вучоных-філолагаў іх родная мова была толькі сродкам самаадукацыі, атрымання жаданых навуковых ступеняў і званняў, а не чымсьці такім, без чаго яны сваё жыццё і жыццё ўласнага народа лічылі б бязрадасным, трагічным. Каб у вучоныхмовазнаўцаў было іншае стаўленне да гэтага неацэннага духоўнага скарбу народнага, дык з такой абыякавасцю, раўнадушшам не суправаждалі б сваім позіркам яго пагібель, а ўсяляк імкнуліся б паўплываць на моўнае становішча. На здзіў усяму цывілізаванаму свету многім беларускім вучоным-філолагам, пісьменнікам, артыстам удаецца толькі ім самім вядомым спосабам выхаваць так дзяцей, што яны, стаўшы ўжо дарослымі, не валодаюць тытульнай мовай карэннага насельніцтва, дзякуючы даследаванням ці выкарыстанню якой у сваёй прафесійнай дзейнасці іх бацькі атрымалі розныя навуковыя ступені і званні, ходзяць у рангах "народных" і "заслужаных". Калі б дзеці бацькоў, якія ядуць хлеб з беларускай мовы (а іх жа дзесяткі тысяч!) валодалі апошняй, то яе стан быў бы значна лепшым, чым ён ёсць у сапраўднасці.
* * *
Дзезерцірства беларускай інтэлігенцыі з уласнай культуры ў рускую можа спыніцца толькі тады, калі само кіраўніцтва краіны зразумее велізарную небяспечнасць такой антынацыянальнай з'явы і выкажацца пра сваю гатоўнасць з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу, праз выдзяленне неабходных матэрыяльных і фінансавых сродкаў падтрымаць, развіваць у сябе дома не чужую рускую, а сваю родную беларускую культуру. Пры сучаснай сітуацыі, калі велізарны пласт творчай інтэлігенцыі нахабна здрадзіў нацыянальнаму інтарэсу, ніяк нельга разлічваць, што яна зразумее сваю недаравальную памылку і адважыцца штосьці рабіць па яе выпраўленні. Вельмі ўжо моцна зрусіфікаваныя нашыя творцы. Мо толькі адзінкам з іх даходзіць, якую вялікую шкоду чыняць яны беларускай нацыянальнай культуры, збочыўшы з яе шляху.
Леанід Лыч
Абразкі ад Уладзіміра Содаля
Генадзь Бураўкін і "Роднае слова"
Неяк аднаго разу, неўзабаве пасля таго, як Генадзя Бураўкіна прызначылі старшынём радыёкамітэта і тэлевізіі з чарговага бурнага задзелу вярнуўся наш колішні галоўны рэдактар навучальных і асветніцкіх праграм Расціслаў Аляксандровіч, увесь узрушаны:
- Нашай праграме, нашай рэдакцыі даручана рыхтаваць і выдаваць тэлевізійную праграму "Роднае слова". Хто з ахвотнікаў здатны ўзяцца за гэтую новую і нязвыклую справу? - і галоўны рэдактар абвёў вачыма ўсю публіку колішняй рэдакцыі навукова-папулярных і навучальных прагам і спыніў сваё вока на мне, на маёй асобе, на маёй постаці.
Я тады апекаваўся літаратурнымі праграмамі для школ. А ў гэтых праграмах былі самабытныя постаці, вартыя натхнення, дзяржаўнага захаплення, пераймання: Янка Лучына, Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч..., і цэлае мора іншых асветнікаў. I я пагадзіўся, што мне выпаў шчаслівы лёс здзейсніць за апекай і за падтрымкай Генадзя Бураўкіна такую асветніцкую праграму. I я шчыра ўзяўся за яе здзяйсненне, за яе ажыццяўленнне. Адну праграму за праграмай плённа рыхтаваў, выдаваў. Але мне карцела падрыхтаваць і выдаць у эфір праграму пра мову роднай вёскі, і я пачаў рупіцца ў гэтым кірунку. Ідэя была ўхвалена Генадзем Бураўкіным. Сцэнар той ацалеў і дае ўяўленне, як мы набліжалі роднае слова да свайго народа. Хацеў бы, каб той сцэнар убачыць надрукаваным.
Пасля нашы сустрэчы з Генадзем Бураўкіным былі неаднаразовыя. Я склаў план нашых эфірных праграм, выслухаў усе яго заўвагі і прапановы. А ўсе яны былі слушныя і абачлівыя і далі нам магчымасць існаваць у эфіры не адзін год. Амаль кожная прагарама анансавалася ў газеце "Беларускае радыё і тэлебачанне". У гэтай жа газеце друкаваліся планы "Роднага слова" на самы блізкі час.
За шмат гадоў існавання праграмы "Роднае слова" ў творчага калектыву склаліся з гледачамі розныя стасункі. Была і ёсць багатая пошта "Роднага слова".
Яшчэ была адна адметнасць "Роднага слова". Згаданая праграма пастаянна стабілізавала праз эфір літаратурныя нормы беларускай мовы. Самім існаваннем тэлевізійная праграма "Роднае слова", хацелі мы гэтага ці не, умацоўвала пазіцыі нашай мовы ў грамадстве.
Адна з апошніх сутрэч з Віталем Скалабанам
Гэта ж трэба: 16-га снежня 2009 года, надвечар, выйшаў з метро "Усход" і ўспомніў, што мне трэба на пошту зазірнуць, укінуць у паштовую скрыню ліст у Смаргонь. Заходжу на тую пошту, спрабую агледзецца і раптам чую:
- Уладзімір Ілліч! Вас вітае Фелікс Эдмундавіч!
Углядаюся. А гэта Віталь Скалабан гукае мяне з чаргі. Сустрэча нечаканая, але радасная. З Скалабанам нам заўсёды ёсць пра што пагаманіць. От цяпер, пакуль тая чарга паціху-памалу рассмоктвалася, Віталь дастаў з свайго ёмкага бавульчыка новую даследніцкую кнігу:
- Хачу ў Маскву яе паслаць. Тут і пра цябе нешта ёсць, - і прапусціў праз пстрык пальцаў колькі старонак, і мне мільганўся адзін здымачак, на якім я ўбачыў абрысы свайго сына ў маладыя гады і майго ўнука Кастуся з ім.
Кніжка тая складзена Скалабанам з Людмілай Урублеўскай, якая працуе ў "СБ". Менавіта з ёй творча хаўрусуе і Віталь.
I гэтак мы з Віталем прагаманілі на пошце з паўгадзіны. Я скарыстаў нагоду і таксама не абмінуў Віталя нечаканкай. Ахвяраваў яму і ягонай калежачцы Людміле Ўрублеўскай сваю кніжачку "Анекдоцік у роцік". Гасцінец пад навагоднюю елачку.
Шмат яшчэ чаго мы парушылі ў сваёй гаворцы з Віталем. Ведама, калегі. Нам заўсёды ёсць пра што пагаварыць. Напрыканцы Віталь прапанаваў:
- Давай сходзім піва пап'ем!
Мяне здзівіла гэтая прапанова: я ж не спажываю алкагольных напояў. I адкуль толькі яму такая думка прыйшла ў галаву. Аж у пятніцу 18.12.2009 года бяру ў рукі "СБ", а там на першай старонцы плакатнымі літарамі "Любителям пива..." То вось адкуль такая прапанова... Але неўзабаве Віталь Скалабан схамянуўся ад сваёй прапановы:
- Ведаеш што... Ты шмат гадоў выдаеш "Роднае слова". От бы ўсё сабраць, асэнсаваць і выдаць бы грунтоўную кнігу...
На гэтай прапанове мы і рассталіся з Віталем. Неўзабаве здарылася нечаканае: Віталь сканаў. Але ягоная прапанова выдаць грунтоўную кнігу пра наша тэлевізійнае "Роднае слова" жыве, варушыцца, балазе шмат пра "Роднае слова" рупіўся і Генадзь Бураўкін. Ацалелі яго запісы і водгукі на кожны выпуск "Роднага слова".
Творчае сугучча
Пра творчае сугучча двух беларусаў з вялікай літары сказана вуснамі аналітыка Леаніда Лыча 23 лістапада 2005 года ў публікацыі "Дзесяцігоддзе вялікіх нацыянальных стратаў" у "Нашым слове". Менавіта там напісана: "Два беларусы з вялікай літары старшыня Дзяржаўнага Камітэта БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні Генадзь Бураўкін і вядовец найцікавейшай тэлеперадачы "Роднае слова" Ўладзімір Содаль рабілі для беларускай справы непараўнальна больш, чым сёння ўвесь калектыў гэтага магутнага ідэалагічнага апарату прэзідэнцкай вертыкалі". Цытую:
"Два беларусы з вялікай літары старшыня Дзяржаўнага камітэта БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні Генадзь Бураўкін і вядовец найцікавейшай тэлеперадачы "Роднае слова" Уладзімір Содаль рабілі для беларускай справы непараўнальна болыш, чым сёння ўвесь калектыў гэтага магутнага ідэалагічнага апарату прэзідэнцкай вертыкалі. Тады нікому нават з шараговых работнікаў гэтага Камітэту не прыходзіла ў галаву злачынная, бязглуздая думка, што рускую мову трэба выкарыстоўваць для сур'ёзных праграм, разлічаных на шырокую аўдыторыю тэлегледачоў, а беларускую - для нейкіх другарадных перадач, вузкага кола людзей. Ці ж гэта не моўная дыскрымінацыя тытульнага народа краіны?!
Сцвярджаць пра значна большую дэфармацыю сучаснага нацыянальнага патэнцыялу духоўнага жыцця ў параўнанні з тым, якім ён быў за камуністамі, дазваляюць і тыя адмоўныя перамены, што за апошнія дзесяць гадоў адбыліся ў сельскай мясцовасці. На жаль, і яна не засталася ў баку ад дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі. Да таго ж яшчэ дэмаграфічна вымірае, тоне ў алкагалізме. I гэта не дзіўна, калі грамадства не сувымярае сзае дзеянні, паводзіны з нацыянальнан ідэяй, не бачыць перад сабой беларускіх ваенна-гістарычных традыцый і культурна-моўных пачаткаў, якія па крысе пачалі прышчапляцца тут на пачатку 90-х гадоў. Агульнапрызнана, што пасля народнай адукацыі, культуры, службовага справаводства, навукі больш ніякая іншая сфера не ў стане так пазітыўна паўплываць на прэстыжнасць роднай мовы, як армія. Вось чаму ўсе краіны, што не сімвалічна, а рэальна станавіліся на шлях нацыянальна - культурнага Адраджэння, не забываліся паклапаціцца пра ўвядзенне сваёй роднай мовы ў побыт салдата. Не забываліся пра яе і заснавальнікі нашай першай нацыянальнай дзяржавы XX стагоддзя - Беларускай Народнай Рэспублікі. Будаванне вайсковага жыцця на гістарычных, культурна - моўных традыцыях Беларусі яны лічылі самай першачарговай задачай. У выдадзеным Беларускай Вайсковай Камісіяй у 1920 годзе ў Менску "Падарунку Беларускаму' Жаўнеру"так запісана: "Ведай, што ты беларус, і гавары паўсюдна на беларускай мове".
Таму, мусіць, слушнай была развітальная парада Віталя Скалабана, што для Генадзя Бураўкіна будзе найлепшай памяткай, калі мы ўсе аддана будзем служыць роднаму слову, нашай роднай мове.
Дзівакі
Ёсць жа такія дзівакі, як я. Адным з такіх дзівакоў з'яўляецца і Генадзь Тумас - Генадзь Тумаш. Як толькі на тэлевізійным экране з'явілася праграма "Роднае слова", Генадзь пачаў пільна сачыць за ёй. I не проста сачыць, а дубляваць яе. Прыдумаў якісь запіс, якуюсь тэхніку і назапісаў шмат запісаў пра нашу мову. А пачынальнікам "Роднага слова" на тэлевізіі быў не хто іншы як Генадзь Бураўкін - наш несмяротны Генадзь Бураўкін.
Генадзь Тумаш прапануе краязнаўчым музеям набыць свае запісы. Сярод гэтых запісаў ёсць унікальныя. Прынамсі, сярод іх не адзін раз фігуруе наша незабыўная Зоська Верас. У гэтых запісах шмат унікальных іншых кадраў.
Запомніўся, памятаецца мне і запіс праграмы, прысвечаны дзевяностагоддзю Максіма Багдановіча. У ёй сваімі згадкамі пра Максіма дзеліцца славутая Зоська Верас. Праграмай апякуецца Віталь Скалабан, зацікаўлены згадкамі Зоські Верас пра Максіма. Здымалі Зоську Верас ў колішняй яе прывіленскай сядзібе, каля яе прывіленскай хаткі, на віленскім падворку. Запіс той датуецца снежнем 1981 года. Помніцца, памятаецца і студзеньскі запіс праграмы пра Янку Купалу. Здымалі ў Вільні. Без Зоські Верас і тут не абышліся. Карацей, карыстайцеся Тумасавымі запісамі. Тое-сёе знойдзецца і ў мяне. Прынамсі, цэлы пачак кінастужак пра "Роднае слова", нашу мову, то карыстайцеся гэтай нагодай! Генадзь Тумаш вёў свае запісы на магнітафоне "Рамантыка". Такім жа магнітафонам карыстаўся і Сяргей Панізнік. А можа хто-небудзь і яшчэ рабіў запісы "Роднага слова" з эфіру?
Нашы тэлефоны: Генадзь Тумаш - 263-24-10. Мой - 267-78-48.
Уладзімір Содаль.
Пілігрымка ў Рубяжэвічы і Сулу
Улетку нядзельная школа Менскага касцёла св. Сымона і Алены здзейсніла пілігрымку ў Рубяжэвічы і Сулу, якія знаходзяцца недалёка ад Стоўбцаў.
Серабрыстыя вежы касцёла св. Юзафа бачныя здалёк і пабліскваюць на сонцы. Неагатычны храм з двума вежамі быў пабудаваны ў 1906-1910 гадах пры падтрымцы магнатаў Ленскіх. Праект склаў пан Пільх з Ломжы (Польшча). Касцёл быў асвечаны ў 1921 годзе кс. біскупам Зыгмунтам Лазінскім і не зачыняўся ў савецкія часы. Ён аздоблены драўлянай разьбой і роспісамі і скульптурнымі кампазіцыямі. Бацькі і дзеці пазнаёміліся з убранствам храма і яго гісторыяй, удзельнічалі ў св. імшы.
Між волі хацелася разважаць над тым, якоё моцнае імкненне было ў старадаўніх беларускіх шляхціцаў Гелены, Канстанціна, Міхала, Цаліны і Эльжбеты Ленскіх, каб пабудаваць храм вышынёй 45 метраў з магутным фундаментам ў 6 метраў, падняць святыню на вякі пасярод палёў і лясоў. Яны ахвяравалі на будаўніцтва 15 тысяч рублёў па тых часах. Сродкі на будаўніцтва паступілі таксама з Амерыкі. Кожны дзень працавала больш 100 чалавек: камнячосаў, муляраў і будаўнікоў, 6 конных кранаў. Пазней, ў 1928 годдзе з Вільні быў прывезены арган на 15 галасоў і 820 трубак.
Як сведчаць хронікі, за польскім часам (1918-1939) аднавіліся вуліцы мястэчка. Яны былі аздоблены дыхтоўнымі камяніцамі ды багатымі крамамі. Па возеры плаваў кацер, на беразе граў духавы аркестр.
У адным са шматлікіх маляўнічых месцаў Беларусі, прыкладна за 50 км ад Менска, знаходзіцца сядзібна - паркавы комплекс "Панскi маёнтак Сула". Там дзеці з бацькамі змаглі наведаць сядзібу Эльжбеты Ленскай, агледзець былы маёнтак, правесці дзень на свежым паветры, пабачыць помнікі архітэктуры і прыроды.
З школьных гадоў нам знаёма імя Ўладзіміра Ленскага, сябра галоўнага героя рамана "Яўген Анегін", які быў забіты на дуэлі. Ягоны прататып, хутчэй за ўсё, жыў у Расіі. А вось пра рэальна існых беларускіх шляхціцаў Ленскіх да нядаўняга часу было вядома не шмат. Цяпер такая інфармацыя больш даступная.
З сярэдзіны 18-га стагоддзя ўладальнікамі сядзібы была сям'я шляхціцаў Ленскіх. Прадстаўнікамі гэтай сям'і былі заснаваныя прадпрыемствы, якія дзейнічаюць і ў нашыя дні. У прыватнасці, шклозавод "Нёман", Менскі завод "Крышталь".
Ленскія ўтрымлівалі коней, гандлявалі лесам, пашыралі свае зямельныя ўгоддзі. Цяперашнія абрысы Панскага маёнтка Сулы супадаюць з тымі, якія меў маёнтак, калі належаў Ленскім ў канцы 19-га стагоддзя. Ва ўнікальным парку, які займае тэрыторыю 5-ці гектараў, тады раслі больш за 50 відаў дрэваў і кустоў, многія з якіх для нашага клімату былі экзатычнымі. Частка з іх захавалася да нашых дзён.
Сваім наведвальнікам маёнтак прапануе незабыўны адпачынак у загараднай сядзібе. У гэтым месцы дзіўным чынам спалучаюцца атмасфера мінулых стагоддзяў з сучасным свецкім і культурным жыццём.
Сённяшнія гаспадары, спадары Андрэй і Наталля Запольскія выкупілі зямлю, адрэстаўравалі панскую сядзібу з прыбудовамі і абсталявалі выдатную агратурыстычную пляцоўку. Тут ёсць гасцёўня, кавярня, стайня з 9 конямі, пляцоўкі з альтанкамі і шэзлонгамі ля вадасховішча. Тут працуе краязнаўчы музей. Трынаццаць валуноў, якія, як мяркуюць, уяўлялі сабой сакральную пляцоўку, даследваліся археолагамі.
Менавіта на беларускай мове вядзе азнаямляльную праграму гаспадар стайні Андрэй Захаранка. Ён распавядае аб тым, якое стаўленне было ў беларускіх шляхціцаў да коней. Мудрыя і цярплівыя жывёлы былі ў пашане. Вершнік і конь у бітве з'ядноўваліся ў руху. Ваяр трымаў шаблю на скаку такім чынам, каб не толькі нападаць, але і абараняць галаву каня.
З 9 коней у стайні пяцёра навучаны прыёмам язды вышэйшага класу. Гняды конь Аспект удзельнічаў у спартовых спаборніцтвах і зламаў бядро. Ён быў выратаваны гаспадарамі ад здачы на мясакамбінат, прайшоў рэабілітацыю і зноў лёгка пускаецца ў галоп. Рудая кабылка Цэвіта паслухмяна выконвае загады старэйшай дачкі сп. Андрэя - Насты.
На сядзібе можна пакаштаваць старадаўнія стравы нацыянальных кухняў народаў, якія традыцыйна жывуць у гэтых месцах: беларускай, рускай, польскай, літоўскай, яўрэйскай.
Тут прадугледжаны экскурсіі, катанне на фаэтоне, ўрокі верхавой язды, рыбалка, лазня на дровах, СПА-працэдуры, аглядныя авіяцыйныя экскурсіі, катанне на лыжах і раварах, магчымасць узяць на пракат мангал і вуды, іншыя забавы. Дзеці могуць весяліцца на дзіцячай пляцоўцы і гойдацца на арэлях.
У сядзібна - паркавым комплексе ёсць абслугоўванне нумароў, VIP - абслугоўванне, бясплатная ахаваная паркоўка, тут адзначаюць урачыстасці. Падарожнікам прыемна адпачыць ва ўтульнай сядзібе, палюбавацца жывым наваколлем.
Пілігрымкі і вандроўкі маюць пазнавальнае і выхаваўчае значэнне, нясуць добры настрой і бадзёрасць духу дарослым і дзецям, абуджаюць любоў да роднага краю.
Э. Дзвінская. На фота аўтара: 1. Касцёл св. Юзафа (1906-1910); 2. Памятны знак; 3, 4. Сядзіба "Панскі маёнтак Сула"; 5. Конная праграма.