Папярэдняя старонка: 2014

№ 36 (1187) 


Дадана: 02-09-2014,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 36 (1187), 3 верасня 2014 г.


8 верасня - 500 гадоў Аршанскай бітвы


На полі Аршанскай бітвы

На полі Аршанскай бітвы з'явіліся барэльефы з партрэтамі палкаводцаў

На Крапівенскім полі, дзе ў 1514 годзе адбылася Аршанская бітва, паставілі новыя памятныя камяні. На іх змясцілі барэльефы з партрэтамі тых, хто здабываў тую перамогу: Канстанціна Астрожскага, Юрыя Радзівіла, Івана Сапегі.

Яшчэ на трох камянях выбіты даты ( 1514, 500 гадоў Аршанскай перамозе) і словы з песні "Пра бітву пад Оршай".

Гэта было зроблена напярэдадні 500-гадовага юбілею вялікай перамогі.

Аршанская бітва адбылася 8 верасня 1514 года. Тады 30-тысячнае войска ВКЛ на чале з гетманам Астрожскім разбіла 80-тысячнае войска Масковіі. Гэта адна з самых слаўных бітваў у гісторыі Беларусі.

Сяргей Макарэвіч, фота Генадзя Шэпелева.


210 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Ходзькі (Барэйкі)

Аляксандр ХОДЗЬКА (Барэйка; 30 жніўня 1804, г.п. Крывічы, Мядзельскі раён Менскай вобл. - 27 снежня 1891) - паэт, фалькларыст, славіст, усходазнавец.

Сын Яна Ходзькі, брат Язэпа Ходзькі, Міхала Ходзькі і Станіслава Ходзькі. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, скончыў са ступенню кандыдата філасофіі Віленскі ўніверсітэт (1825), вучэбнае аддзяленне жывых моў пры Азіяцкім дэпартаменце Міністэрства замежных спраў у Пецярбургу (1829). За ўдзел у таварыстве філарэтаў арыштаваны (1823-24). У час вучобы ў Пецярбургу (1824-31) зблізіўся з А. Міцкевічам, А. Пушкіным, В. Жукоўскім. З 1831 г. знаходзіўся на дыпламатычнай службе ў Персіі, з 1842 г. - у Парыжы, прафесар славянскіх літаратур Калеж дэ Франс (1857-83).

Папулярызаваў славянскія мовы, фальклор, перакладаў са славянскіх на ўсходнія мовы. Запісваў успаміны Адама Міцкевіча і памагаў яму выдаць іх. Перапісваўся з А. Кіркорам, К. Тышкевічам, Я. Тышкевічам, прысылаў свае артыкулы ў газету "Kurier Wilenski" ("Виленский вестник"). Аўтар паэмы "Залессе" (1822).

А. Ходзька першым апісаў эпас пра Гёраглы, вершы туркменскіх паэтаў Махтум-кулі, Кеміне, фальклор туркменаў і інш. Выдаў зборнік "Паэзія" (1829), у які акрамя балад, заснаваных на беларускім і літоўскім фальклоры, увайшлі пераклады новагрэцкіх (пераважна клефтаў) і марлацкіх песень; збор паданняў і песень народаў паўночнай Персіі (1842), "Персідскую граматыку" (1852). Напісаў даследаванне па курдскай мове, падрыхтаваў размоўнік па турэцкай мове, працу пра помнікі стараславянскага пісьменства і інш.

Вікіпедыя.


80 гадоў з дня нараджэння Ліі Салавей

Вядомая беларуская фалькларыстка Лія Салавей нарадзілася 1 верасня 1934 г. у вёсцы Навасёлкі Мядзельскага раёна У той час Жаснянская гміна Пастаўскага павета). Бацькі Ліі жылі на асобным хутары, адкуль адкрываліся чароўныя далягляды, і любімым заняткам філасафічна-пантэістычна скіраванай дзяўчынкі было яднанне з прыродай. Прозвішча бацькі Мацея Піліпавіча, было Скурка, і па бацьку яна даводзілася хоць і не вельмі блізкай сваячкай Максіму Танку. Маці, Надзея Восіпаўна, з роду Чарняўскіх, - выключна таленавітая беларуская жанчына, гарманічная ў сваіх адносінах да жыцця, захавальніца традыцый, гаспадыня, майстрыха, спявачка, якая ведала безліч абрадавых песень, прымавак, жыццёвых апавяданняў, што ўвайшлі ў духоўны свет дачкі. Менавіта яе рукатворная спадчына стала асновай выдатнай калекцыі беларускага народнага ткацтва: ручнікоў, абрусаў, посцілак, сабраных пазней Ліяй Мацееўнай разам з фальклорнымі запісамі падчас навуковых экспедыцый. Лія скончыла педагагічнае вучылішча, затым бібліятэчны факультэт Менскага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага, захаплялася спортам. Затым працавала ў аддзеле старых кніг абласной бібліятэкі ў Берасці, дзе ў гэты час разгарнуў сваю асветніцкую дзейнасць вядомы літаратурны крытык, сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Калеснік. Менавіта праводзімыя ім семінары, вандроўкі па Заходнім Палессі абудзілі пачуццё ўласнай годнасці і крыўды за занядбанасць найбагацейшай культурнай спадчыны беларусаў.

У 1968 г. Лія Салавей паступіла ў аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР, якім ў той час кіраваў Пятро Глебка. Тэмай яе ўступнага рэферата былі фальклорныя матывы ў творчасці Максіма Танка, добра вядомыя ёй па іх агульнай малой радзіме. А тэмай кандыдацкай дысертацыі сталі беларускія народныя балады. Гэты адметны фальклорны жанр на той час быў зусім нявывучаным. Лія Салавей з розных крыніц - архіўных, апублікаваных, экспедыцыйных - сабрала і сістэматызавала сотні балад бытавога і міфалагічнага зместу, якія склалі 2 важкія тамы "Беларускай народнай творчасці" (БНТ), выдадзеныя ў 1977-1978 гг. Дысертацыя стала асновай капітальнай манаграфіі "Беларуская народная балада" (1978). Яе наступнай працай стала падрыхтоўка матэрыялаў і ўступны артыкул да тома "Валачобныя песні" (1980). Гэта найбольш архаічная разнавіднасць абрадавых вясновых песень, што характэрныя толькі для рэгіёна рассялення беларусаў. За чынны ўдзел у складанні шматтомнага выдання "Беларуская народная творчасць" Лія Салавей стала Лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР (1986).

Пазней Ліяй Салавей дасканала даследаваны яшчэ адзін этнавызначальны фальклорны жанр - абрадавае ігрышча пад назвай "Жаніцьба Цярэшкі". Адпаведны том БНТ падрыхтаваны ёй ў суаўтарстве з музыказнаўцай І. Назінай (1993). Яна таксама аўтар нарысаў пра духоўную спадчыну беларусаў у шэрагу кніг з серыі "Памяць" (Мядзельскі, Нясвіжскі, Верхнядзвінскі раёны) і шматлікіх артыкулаў.

Даследчыца зрабіла вялікі ўнёсак у вывучэнне вербальнай магіі беларусаў. Яна з'яўляецца адным з аўтараў кнігі "Міфалогія. Духоўныя вершы" (2003), энцыклапедычнага слоўніка "Беларуская міфалогія" (2004). кнігі "Замовы" (2009, укладанне У. Васілевіч, Л. Салавей, уступны артыкул Л. Салавей), энцыклапедычнага даведніка "Міфалогія беларусаў" (2011). Яна плённа працуе з выданнямі "Беларускага кнігазбору". Разам з У. Васілевічам ёю зроблены пераклад на беларускую мову каштоўнага этнаграфічнага даследавання Чэслава Пяткевіча "Рэчыцкае Палессе. Этнаграфічныя матэрыялы" (Частка 1. Матэрыяльная культура), (2004). Свой 80-гадовы юбілей нястомная працаўніца адзначыла перакладам з польскай мовы працы Казіміра Машынскага "Усходняе Палессе", таксама выдадзенай у "Беларускім кнігазборы" (2014). Жадаем даследчыцы добрага здароўя і навуковага даўгалецця.

Вікіпедыя.


Для ўшанавання памяці Генадзя Бураўкіна

Навумчыку І.А.

вул. Урыцкага, 10-7

210026, г. Віцебск

Ваш зварот, які паступіў у Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, накіраваны для разгляду ў Мінскі гарвыканкам, Віцебскі аблвыканкам, Міністэрства культуры з просьбай паведаміць Вам аб выніках.


Начальнік аддзела па рабоце са зваротамі

грамадзян і юрыдычных асоб Апарату

Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь А.П. Коўшар.


МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Старшыні Віцебскай абласной

рады грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Ф. Скарыны"

Навумчыку І.А.

вул.Урыцкага, д.10, кв.7, 210026, г. Віцебск

Аб разглядзе звароту

Паважаны Іосіф Адамавіч!

Міністэрствам культуры разгледжаны зварот аб ушанаванні памяці выдатнага беларускага паэта, дзяржаўнага і грамадскага дзеяча Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна, накіраваны Вамі на імя Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь М.У. Мясніковіча. Па выніках разгляду паведамляем наступнае.

Згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь (артыкул 17 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь") рашэнне аб выпуску таго ці іншага выдання (у дадзеным выпадку - выбраных твораў Г. Бураўкіна да 80-годдзя з дня яго нараджэння) прымаецца непасрэдна самім выдавецтвам. Пры падтрымцы адным з дзяржаўных выдавецтваў ініцыятьівы Віцебскай абласной рады ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" Міністэрства культуры забяспечыць давядзенне гэтай інфармацыі да ўстаноў культуры (публічных бібліятэк, літаратурных музеяў, устаноў адукацыі ў сферы культуры), а таксама, пры неабходнасці, можа аказаць садзейнічанне выдавецтву ў вывучэнні попыту на выданне і яго размеркаванні згодна з заказамі ўстаноў культуры.

У адносінах да пытання аб устаноўцы мемарыяльнай дошкі ў Мінску на доме, дзе жыў Г. Бураўкін, паведамляем наступнае.

Згодна з Палажэннем аб парадку стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2008 г. № 1372, стварэнне (рэканструкцыя) твораў манументальнай скульптуры і ўстаноўка іх на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў на падставе заключэння Міністэрства культуры.

Для атрымання заключэння Міністэрства культуры мясцовы выканаўчы і распарадчы орган накіроўвае ў дадзенае міністэрства пісьмо-зварот з абгрунтаваннем неабходнасці стварэння (рэканструкцыі) і ўстаноўкі твора манументальнага мастацтва.

Неабходныя дакументы ад Мінскага гарвыканкама ў Міністэрства культуры не паступалі.

Пытанні прысваення імя Г. Бураўкіна вуліцам у г. Мінску, Полацку, Расонах не знаходзяцца ў кампетэнцыі Міністэрства культуры. Так, напрыклад, згодна з устаноўленым парадкам, прапанова аб прысваенні імя Генадзя Бураўкіна вуліцы ў Мінску разглядаецца Камісіяй па найменаванні і перанайменаванні праспектаў, вуліц і іншых састаўных частак г. Мінска.

Пытанне аб прысваенні імя паэта адной з бібліятэк на яго радзіме (Віцебшчыне) вырашаецца на мясцовым узроўні, мясцовым органам дзяржаўнага кіравання - заснавальнікам бібліятэкі. Заканадаўствам не прадугледжана ўзгадненне падобных рашэнняў мясцовых органаў кіравання

Паведамляем таксама, што да юбілейных дат вядомых беларускіх пісьменнікаў установамі культуры традыцыйна ладзяцца разнастайныя мерапрыемствы (кніжныя выставы, літаратурныя вечары і г.д.). Таму пры планаванні сваёй дзейнасці на 2016 год установамі культуры будзе ўлічана і такая дата, як 80-годдзе з дня нараджэння Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна, пакінуўшага пасля сябе багатую літаратурную спадчыну.

Намеснік Міністра А.А. Яцко.



Навумчык І.А. вул.Урыцкага, 10, кв. 7,

г. Віцебск, 210026

Аб разглядзе звароту

Паважаны Іосіф Адамавіч!

Па даручэнні Віцебскага аблвыканкама галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі разгледзела калектыўны зварот, накіраваны ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, аб ушанаванні памяці Г. Бураўкіна і ў межах кампетэнцыі паведамляе.

Полацкім і Расонскім райвыканкамамі прапрацоўваецца пытанне аб назве вуліцы ў гонар Г. Бураўкіна пры праектаванні новых вуліц.

Пытанне назвы бібліятэкі ў гонар Г. Бураўкіна будзе разгледжана пасля завяршэння аптымізацыі сеткі ўстаноў культуры.

Аб атрыманым адказе просім праінфармаваць зацікаўленых.

У адпаведнасці з патрабаваннямі артыкула 20 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 г. № 300-3 "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" растлумачваем, што Вы маеце права абскардзіць адказ на Ваш зварот у Віцебскім аблвыканкаме ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.

Начальнік А.І. Кліцуноў.



Віцебская абласная рада ГА

"Таварыства беларускай мовы

імя Ф. Скарыны"

Аб увекавечанні імя Г.М. Бураўкіна

Ваш зварот, накіраваны ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, разгледжаны Полацкім раённым выканаўчым камітэтам у частцы датычанай.

Найменне і перайменаванне вуліц горада праводзіцца ў адпаведнасці з рашэннем Полацкага гарадскога Савета народных дэпутатаў ад 28.05.1992 № 14/07 "Аб канцэпцыі перайменавання вуліц г. Полацка".

Прапанова аб прысваенні імя Генадзя Бураўкіна адной з вуліц горада будзе вынесена на разгляд сесіі Полацкага раённага Савета дэпутатаў пры назве адной з праектаваных вуліц у новым мікрараёне горада.

Пытанне прысваення імя Г.М. Бураўкіна адной з бібліятэк будзе разгледжана пасля правядзення аптымізацыі раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, якая пройдзе ў 2014-2015 гг.

У адпаведнасці з артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" ад 18 ліпеня 2011 г. № 300-3 дадзены адказ Вы маеце права абскардзіць у Віцебскі аблвыканкам.

Намеснік старшыні П.М. Пяткевіч.



Віцебская абласная рада

ГА "Таварыства беларускай

мовы імя Ф. Скарыны"

вул. Урыцкага, 10-7, г. Віцебск, 210026

Аб звароце

На Ваш зварот раённы выканаўчы камітэт інфармуе, што ў перспектыве пры забудове новай вуліцы ў г.п. Расоны будзе разгледжана пытанне аб назве дадзенай вуліцы ў гонар Г.М. Бураўкіна.

Па пытанні прысваення імя Г.М. Бураўкіна адной з бібліятэк тлумачым, што ў 2014-2015 гадах у раёне вядзецца работа па аптымізацыі ўстаноў культуры (у тым ліку і бібліятэк), пасля яе завяршэння будзе разгледжана пытанне аб прысваенні імя Г.М. Бураўкіна адной з бібліягэк раёна.

У выпадку нязгоды з нашым адказам у адпаведнасці з арт. 20 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 г. "Об обрашенпях граждан н юрнднческнх лнц" Вы маеце права абскардзіць яго ў Віцебскім абласным выканаўчым камітэце (210010, г. Віцебск, вул. Гогаля, 6).

Намеснік старшыні Г.А. Падвіцельская.


Беларусы на фоне нацыянальных пераменаў ХІХ стагоддзя ў Еўропе

Radzik, Ryszard. Miedzy zbiorowoscie etniczne a wspolnote narodowe. Bialorusini na tle przemian narodowych w Europie Srodkowo-Wschodniej XIX stulecia. Lublin, 2000. 301 s.

Гэтае грунтоўнае даследаванне ў жанры гістарычнай сацыялогіі, прысвечанае вывучэнню шматлікіх важных аспектаў, што характарызуюць стан свядомасці беларускага грамадства ХIХ ст., яго асобных груп і адзінак, належыць доктару сацыялогіі з Люблінскага ўніверсітэта імя Марыі Кюры-Складоўскай. Выбар аўтарам праблематыкі для сваёй працы быў абумоўлены, найперш, той акалічнасцю, што беларусы дагэтуль не маюць абагульняльнага даследавання, якое б у адным томе прасачыла пачаткі фармавання беларускай нацыянальнай ідэі на працягу ўсяго ХIХ ст. Як слушна заўважае аўтар ва "Ўступе", яшчэ недастаткова навуковых прац пра ўсведамленне тагачаснымі беларусамі сваёй этнічнай і нацыянальнай прыналежнасці. Публікацыі, прысвечаныя нацыянальна-вызваленчаму руху і фармаванню беларускай нацыянальнай ідэалогіі, з'яўляюцца рэдкасцю не толькі ў Польшчы, але і ў Беларусі. Недастаткова, лічыць аўтар, комплексных даследаванняў, якія праводзілі б аналіз прычын запозненасці фармавання беларускай нацыі ў сучасным разуменні гэтага тэрміна, хоць, на наш погляд, асноўныя прычыны такога стану добра вядомыя, не ўсведамляюцца хіба маштабы пэўных з'яў, механізмы, паслядоўнасць і спалучанасць розных фактаў.

У аўтара гэтых радкоў, як, напэўна, і ў іншых прадстаўнікоў беларускай навуковай грамадскасці другой паловы ХХ ст., было адчуванне, што на многія пастаўленыя ў гэтай працы пытанні ўжо знойдзены адказы беларускімі даследчыкамі мінулага стагоддзя, што ўжо дастаткова выяўлена дакументаў, прааналізаваны погляды галоўных дзеячаў нацыянальна-вызваленчага, адраджэнцкага руху на Беларусі, да таго ж сказана значна больш, чым дазвалялі рамкі афіцыйнай савецкай навукі. Даследаванне доктара Рышарда Радзіка паказвае, што патрэбна было прыкласці яшчэ шмат намаганняў, каб агульны малюнак фармавання беларускай нацыі ў ХIХ ст. стаў больш поўным і грунтоўным.

Рышард Радзік адзначае, што па ХIХ ст. шмат зроблена найперш літаратуразнаў-цамі, этнографамі і значна меней гісторыкамі (хоць этнаграфія таксама адносіцца да гістарычных навук), што і сярод польскіх гістарычных публікацый адсутнічаюць манаграфічныя працы, прысвечаныя цалкам працэсу фармавання беларускай нацыі ў ХIХ ст. Гэты аспект закранаецца толькі ў артыкулах ці часткова прысутнічае ў большых працах. Як і беларускія, польскія даследчыкі больш увагі аддалі разгляду працэсу станаўлення беларускай літаратуры, вывучэнню фальклору, этнаграфіі, а потым ужо гісторыі. Сярод гэтых даследчыкаў шмат заслужаных імёнаў, такіх як Ю. Туронак, А. Латышонак, Ф. Сяліцкі, М. Чурак і шэраг іншых.

Аўтар слушна заўважае, што ва ўмовах СССР глыбокае і ўсебаковае вывучэнне адметнасці беларусаў як нацыі было немагчымым па палітычных і ідэалагічных прычынах. Аб'ектыўныя даследаванні тармазіліся партыйнымі ўладамі, што ажыццяўлялі маскоўскую палітыку, якая з царскіх часоў працягвала ігнараванне нацыянальнай адметнасці беларусаў. Зрухі ж у палітыцы 80-х г. дазволілі змяніць сітуацыю ў лепшы бок. "З'явіліся тэксты, якія апісвалі ўзнікненне беларускага народа не толькі ў апазіцыі да польскасці, але - што раней было немажліва - так-сама ж да расійскасці, у канфлікце з ёй" (с. 9). Належна ацэньваючы агулам дасягненні беларускіх гісторыкаў новай генерацыі, доктар Радзік не лічыць, аднак, што ў апошнія дзесяцігоддзі ў беларускай гістарычнай навуцы адбыўся радыкальны колькасны і якасны пералом, паколькі над беларускімі гісторыкамі вісіць цяжар замацаваных у мінулым навыкаў, і, што істотна, вызваленню ад путаў мінулага перашкаджае сённяшняя палітычная сітуацыя ў краіне. Адсюль і зацікаўленасць гісторыяй у нас значна слабейшая, чым у суседняй Польшчы, і колькасць гісторыкаў у нас прыкметна меншая.

Разгляду працэсаў станаўлення беларускай нацыі ў ХIХ ст. папярэднічаюць два першыя раздзелы даследавання (1. "Ад этнічнай супольнасці да супольнасці нацыянальнай"; 2. "Фармаванне нацый у Цэнтральна-Ўсходняй Еўропе"), у якіх высвятляецца сэнсавая напоўненасць такіх асноўных катэгорый, як этнічная супольнасць, нацыянальная супольнасць, без якіх немагчымы навуковы аналіз народатворчых працэсаў у грамадстве. Хоць непасрэдным аб'ектам даследавання з'яўляецца грамадства Беларусі, аднак гэтыя катэгорыі апісваюцца так, каб іх можна было параўноўваць, суадносіць з адпаведнымі з'явамі ў тых народаў Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы, што знаходзіліся ў сітуацыі, падобнай да сітуацыі беларусаў. Такім чынам, у гэтых раздзелах ствараецца гістарычна-тэарэтычны грунт для наступных раздзелаў, у якіх праводзіцца аналіз сацыяльных рэаліяў Беларусі таго часу. Як узор сучаснай нацыі падаецца нацыя французаў, што злучыла палітычна розныя этнічныя супольнасці (брэтонцаў, эльзасцаў, правансальцаў і інш.), якія аб'ядналіся ў змаганні за новыя формы дзяржаўнай арганізацыі. У грамадскі рух былі ўцягнуты шырокія народныя масы ("плебейскія пласты"), якія ў выніку сталі не "падданымі", а "грамадзянамі" дзяржавы. Змястоўнымі з'яўляюцца таксама падраздзелы другога раздзела: "Нацыянальная ідэя ў Цэнтральна-Ўсходняй Еўропе ў эпоху Асветніцтва", "Дзяржава як чыннік нацыянальнай кансалідацыі", "Паміж рэвалюцыйнымі лозунгамі і феадальна-кансерватыўнымі рэаліямі", "Спозненае ўключэнне сялянства ў нацыянальны працэс". Запознены ўдзел сялянства ў фармаванні нацый раўназначны спозненасці ўдзелу этнічных чыннікаў у гэтым працэсе. Доктар Радзік адзначае, што "на працягу значнай часткі ХIХ ст. інтэлігенцыя, якая выкрышталізавалася з плебейскіх пластоў, у большасці паддалася германізацыі, мадзьярызацыі, паланізацыі альбо русіфікацыі" (76). Былі ўсё ж невялікія групы, іншы раз проста адзінкі, якія выходзілі з плебейскіх асяродкаў і якія абапіраліся ў фармуляваных імі нацыянальных пастулатах, у асноўным, на асаблівасці этнакультуры. Абмежаванасць колькасці іх паслядоўнікаў адбівалася на распаўсюджанні першых друкаваных твораў на родных мовах у славакаў, славенцаў, галіцыйскіх русінаў і інш. Гэты паказчык мае універсальнае значэнне, ён характэрны нават для сучаснай Беларусі.

Трэці раздзел "Эвалюцыя самасвядомасці польскай грамадскасці на Беларусі (пад расійскім уціскам)" прысвечаны разгляду складанай этнічна-палітычнай сітуацыі на беларускіх абшарах пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай. Аўтар прыводзіць наступныя дадзеныя з беларускіх даследаванняў: пад канец ХVII ст. 70% насельніцтва Беларусі складалі уніяты, 6% - праваслаўныя, 15% - каталікі, сярод якіх былі і сяляне, і шляхта, і магнаты-землеўласнікі. Пад канец ХIХ ст. суадносіны крыху змяніліся. Тым не менш, польскія даследчыкі лічылі, што сярод насельніцтва Беларусі польская меншасць складала 10%. Аўтар добра разумее вытокі гэтай польскай групоўкі. Людзі, якія размаўлялі па-польску (прытым не заўсёды, не ва ўсіх выпадках) і былі арыентаваны на былую Рэч Паспалітую, на Захад, на непрыняцце Расіі, былі людзьмі мясцовымі. Гэта былі, на наш погляд, пратэстуючыя палякі, як і высяленцы з Беларусі пасляваенных гадоў, што ратаваліся ад прымусовай калектывізацыі ці ў нашы дні ад адсутнасці ці пачварнай мутантнасці дзяржаўнай палітыкі, калі мэтай ставіцца знішчэнне ўсіх яшчэ не замацаваных праяў незалежнасці на карысць суседняй імперыі. Р. Радзік прыводзіць вельмі вымоўнае назіранне Паўла Баброўскага, які ў 1864 г. пісаў: "…Сучасная шляхта Гарадзенскай губерні не можа быць у сэнсе паходжання (…) залічана да польскага племені; але яна адносіцца да рымска-каталіцкай веры, размаўляе па-польску, дыхае Польшчай і ненавідзіць Расію. Усе дваране лічаць сябе палякамі, так што і мы не можам называць іх беларусамі" . Складаная сітуацыя на Беларусі аналізуецца ў падраздзелах "Эвалюцыя разумення катэгорыі "народ" у рускіх", "Спробы русіфікацыі польскай грамадскасці", "Ад gente lithuanus natione Polonus да нацыянальнага паляка (каталіка)", "Ад айчыны прыватнай да ідэалагічнай", "Ад шляхты да інтэлігенцыі". Даецца складаны малюнак настрояў і адчуванняў прадстаўнікоў беларускага грамадства, што выяўляліся ў розных дзеяннях супраць расійскай агрэсіі аж да ўзброенага змагання. Выдатныя людзі нашага краю, людзі прапольскай арыентацыі, добра ўсведамлялі сваю няпростую сітуацыю, што была вынікам усяго ходу гістарычных падзей, і, змагаючыся за Польшчу, называлі сябе ліцвінамі, мелі вялікія пачуцці замілаванасці да сваёй радзімы - Літвы-Беларусі. "Я нарадзіўся ліцвінам", - пісаў у 1815 г. Тадэвуш Касцюшка. "Так званымі ліцвінамі, - адзначае Р. Радзік, - лічылі сябе Міцкевіч, Крашэўскі, Ліманоўскі, а так-сама Пілсудскі" (110). Характэрна, што ва ўмовах расійскага ўціску, настойлівых намаганняў русіфікацыі на працягу ХIХ ст. эліты беларускіх зямель gente lithuanus natione Polonus сваёй культурай і зместам нацыянальнай свядомасці збліжаліся, а не аддаляліся ад эліт Кангрэсоўкі. Разглядаючы свядомасць верхніх спольшчаных слаёў тагачаснага грамадства Беларусі, аўтар паказвае недастатковае ўсведамленне імі вартасці культурнага патэнцыялу беларускага этнасу, патэнцыялу носьбітаў беларускасці - шырокіх народных мас. Празорлівасць выяўлялі адзінкавыя творчыя асобы, як, напрыклад, Марыя Канапніцкая, якая ў 1888 г. у лісце да Т. Ленартовіча пісала пасля наведвання Гародні: "Тое, што народзіцца там калісьці сярод люду, не будзе гэта Польшча і Літва, але Беларусь. Рысы, што сфармавала гісторыя, часам і няволяй будуць разбураны: рысы этнаграфічныя застануцца" (122-123). Можна дадаць, што, напэўна, так ці падобна думалі шматлікія энтузіясты народазнаўства, збіральнікі беларускага фальклору, этнаграфічных звестак, даследчыкі мовы і інш. Іх самаадданая праца выразна была накіравана на стварэнне грунту для будучага ўваскрэсення народа ўжо пад сваім уласным імем - беларусы.

У раздзеле IV "Народ" (lud, што трэба разумець як "працоўны люд", "народныя масы") разглядаюцца многія аспекты існавання беларускага народа, у тым ліку: "Эвалюцыя структуры беларускага грамадства", "Паміж польскім і расійскім", "Беларуская этнічнасць". У апошнім падраздзеле прасочваецца самавызначэнне беларусаў, гістарычная свядомасць, мова, этнічная свядомасць, асобна асвятляецца сітуацыя па веравызнаннях. Акрамя прац еўрапейскіх і польскіх вучоных, аўтар тут шырока выкарыстоўвае даследаванні беларускіх навукоўцаў як ХIХ, так і ХХ ст.

Гаворачы пра свядомасць селяніна-беларуса, аўтар адзначае, што яго ўяўленне пра навакольны свет мела "моцна выяўлены агістарычны характар", што адбівалася на асаблівасці беларускага фальклору, у якім, у параўнанні, напрыклад, з украінскім, мала песень і паданняў, дзе б культываваліся "традыцыі ўласнай палітычнай адметнасці ў грамадскім і мілітарным вымярэнні" (176). Са сказаным не цалкам можна пагадзіцца. Справа ў тым, што частка беларускіх фальклорных твораў гістарычнай тэматыкі супадае з украінскай: напрыклад, тэма барацьбы з татарскімі (турэцкімі) наездамі, якая яскрава адлюстравана ў нашых баладах і іншых творах. Скразным матывам праз многія творы прайшоў успамін пра даўнія войны з Кіеўскай Руссю (матыў паездкі "на Русь на вайну"), ёсць згадкі пра "турэцкую зямлю", "шведскую", "валошскую", пра шведскія капцы, паданні пра французаў і інш. Але нельга фальклорны гістарызм зводзіць да апісання канкрэтных падзей, асобаў, мілітарных чыноў і да т.п. Зусім не мілітарны жанр фальклору можа мець куды большае гістарычнае значэнне, калі ён набывае рысы этнавызначальнага фактару, чым рэдка прадстаўлены чыста гістарычны твор. У беларусаў асаблівым такім жанрам сталі невядомыя іншым славянскім народам валачобныя песні, як і валачобны абрад. Усюды, дзе жылі беларусы, як бы яны сябе ні называлі, на ўсёй этнічнай тэрыторыі ад Смаленска да Беластока, ад Трокаў да паўночнай Чарнігаўшчыны на першы дзень Вялікадня гучалі валачобныя песні, якія давалі малюнкі ідэальна наладжанага, заможнага мірнага жыцця, дзе на першым месцы - адвечныя каштоўнасці, адвечныя радасці, адвечная цыклічнасць зменаў. Валачобны абрад ладзіўся ў гонар пачатку старажытнага новага году на веснавое раўнадзенства. Калі ў нашым фальклоры недастаткова адбіткаў пэўных падзей недалёкага мінулага, то гэта па той прычыне, што беларусы спавядалі арыйскую філасофію цыклічнасці, і адмаўляліся ад лінейнага ўяўлення пра час, на якім будуецца сучасная гісторыя. На нашу думку, багатая і разнастайная фальклорная творчасць беларусаў можа быць і надзейным паказчыкам нашай этнічнай інтэграванасці, і ўсвядомленай носьбітамі, хоць можа нідзе не сфармуляванай, не выказанай словамі прыкметай нашай адметнасці, і сродкам падтрымання моўнай агульнасці, і шмат чым іншым.

Раздзел "Пратаганісты беларускасці ХIХ ст." уключае аналіз поглядаў дзеячаў, якія паходзілі з незаможнай беларускай шляхты каталіцкага веравызнання, такіх як Ян Чачот, Аляксандр Рыпінскі, Ян Баршчэўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Рамуальд Падбярэскі і інш., творчасць якіх даволі добра вывучана беларускімі даследчыкамі. Асобна вылучаны падраздзел "Ад Каліноўскага да Багушэвіча", дзе аўтар даводзіць сваю нязгоду з высновамі беларускіх навукоўцаў, якім "Чачот уяўляецца найчасцей як паэт беларускі і польскі, Дунін-Марцінкевіч як творца беларускі, беларуска-польскі ці які піша па-беларуску і па-польску, затое дзвюм апошнім постацям (Каліноўскаму і Багушэвічу - Л.С. ) прыпісваецца наогул беларускасць у яе сучасным (ці блізкім да яго) нацыянальным значэнні. Лічу, што такое разуменне па меншай меры некаторых з гэтых постацяў і іх творчасці з'яўляецца сведчаннем спрошчання тагачасных рэаліяў. Гэта асабліва датычыцца Каліноўскага, але таксама Багушэвіча, у значна меншай ступені Дуніна-Марцінкевіча" (206). Доктар Радзік уважліва аналізуе пісьмовую спадчыну нашых нацыянальных герояў і прыходзіць да высноў, якія, на нашу думку, зніжаюць, зазямляюць гэтыя вобразы. Магчыма, тут дзейнічае інерцыя суровага падыходу польскага боку да як-ніяк беларускага сепаратыста Каліноўскага, магчыма, маштаб гэтай постаці з польскага боку бачыцца іншым, чым з беларускага, пры ўсёй аб'ектыўнасці падыходу даследчыка. Ён піша: "Бясспрэчна, Каліноўскі быў тыповым прадстаўніком культурнага пагранічча. Злучаў у сабе - па неабходнасці трактаваны выбарачна - свет каштоўнасцяў, што выводзіцца з шляхецка-інтэлігенцкай польскасці і з блізкай яму народна-сялянскай беларускасці. Беручы пад увагу тагачасныя рэаліі, ён не быў, аднак, чалавекам нацыянальнага пагранічча. На нацыянальную свядомасць беларускага народа яго пісанні не паўплывалі, хіба што толькі на класавую свядомасць" (235-236). Думаем, што маштаб постаці Каліноўскага тут звужаны. Па сваёй адукацыі і жыццёвым вопыце, калі ўлічыць яго вучобу ў Пецярбургу, ён мог быць незалежны ад шляхецкай польскасці, што выразна і выявілася ў яго ўчынках і пісаннях. Калі б ажыццявілася тое, чаго жадаў Каліноўскі: беларуская зямля - беларусам-сялянам ва ўласнасць, рэлігія бацькоў унія - вернікам, беларуская мова зноў пісьмовая, дзяржаўная незалежнасць і ад Расіі і ад Польшчы, - што больш патрэбна для развіцця беларускай нацыі? Хай сабе ў гісторыі вырашае ўсё грубая сіла, хай сабе думкі Каліноўскага сталі зразумелыя і прынятыя праз дзесяткі гадоў пасля яго пакутніцкай смерці, для Беларусі ён застанецца героем, надзеленым міфічнымі рысамі, нібы ён паўтарыў шлях Хрыста: адданы свайму народу, здраджаны блізкім чалавекам, укрыжаваны (павешаны) ворагам-захопнікам пры абыякавасці ці варожасці тых, каго ён хацеў уратаваць, услаўлены пасля смерці. Ні адна гісторыя не абыходзіцца без міфаў. Тым больш патрэбны стваральныя міфы для народаў, нацыянальнае існаванне якіх усё яшчэ патрабуе абароны, змагання, ахвярнасці. Урэшце, беларускасць Каліноўскага даказана яго лістом з-пад шыбеніцы, яго апошнім словам, сказаным па-беларуску.

Падраздзел "Беларуская нацыянальная ідэя ў выданнях народнікаў, згрупаваных вакол пецярбургскай газеты "Гоман"" дае шмат звестак пра ідэйныя пошукі беларускай інтэлігенцыі ў другой палове ХIХ ст.

Высвятляючы прычыны слабасці (спозненасці) беларускага працэсу нацыянальнай крышталізацыі, Р. Радзік вылучае тры найважнейшыя: 1) змест беларускай народнай культуры, 2) структура грамадства, 3) палітыка тагачасных дзяржаўных уладаў у адносінах беларускага грамадства. Гэта здаецца нам не зусім слушным, паколькі багатая, па словах аўтара, фалькларыстычная культура беларусаў была, наадварот, грунтам беларускасці. Замыкаючыся ў фальклорнай прадзедаўскай культуры, народ ратаваўся спачатку ад паланізацыі, якой паддаліся сацыяльныя вярхі, потым ад паланізацыі і русіфікацыі, што дзейнічалі хоць і не разам, але адначасова і, па-сутнасці, аднолькава. Расшыфроўваючы змест ці характэрныя асаблівасці беларускай народнай культуры, аўтар адзначае "вельмі нізкі ўзровень гістарычнай свядомасці, трактаванне ўласнай мовы як "простай", непрыгоднай для друку і карыстання ёй сярод адукаваных культурных людзей, горшай за "панскую" пальшчызну і суадносную з уладай рускую мову" (257). На наш погляд, гэта даволі павярхоўнае сцвярджэнне. Ніхто ў ХIХ ст. спецыяльна не вывучаў механізмаў народнай аховы сваёй мовы. А яе бераглі, вучылі моладзь гаварыць правільна, не дапускалася "перакручвання" слоў, ужывання іншамоўных. Былы салдацік, што прызвычаіўся гаварыць "здзесь" замест "тут", атрымаў кплівую мянушку Здзясёк і памёр з ёй, усе яго так называлі, смеючыся; сястра папа, што "ўкідвала" ў размове рускія словы, атрымала мянушку Руская , так яе "за вочы" ўсе і называлі, кпілі з яе і да т.п. Уменне талкова, прыгожа гаварыць вельмі цанілася ў беларусаў, што знайшло адлюстраванне ў выслоўях, прымаўках і інш. А якая крыштальная высакародная мова нашых традыцыйных песень ды і ўсяго фальклору! Гэта сапраўдная літаратурная мова, але яна не была паказана яе носьбітам у пісьмовым выглядзе, таму і цяжка было яе параўнаць з польскай літаратурнай, "панскай" ці з рускім канцылярытам, з якім хіба беларусы найчасцей і сутыкаліся. Іншая справа, што беларуская мова не стварала такога значнага бар'еру пры сутыкненні яе носьбітаў з польскай і рускай мовамі, як літоўская са славянскімі, як славацкая з венгерскай, як славенская з нямецкай. Зусім слушна заўважае аўтар ролю рэлігіі ў нацыянальным працэсе: "Разам з ліквідацыяй уніі ў 1839 г. беларусы былі пазбаўлены таго грамадскага асяроддзя, якое стварала найбольшыя шансы для з'яўлення беларускага нацыянальнага руху" (261).

Доктар Рышард Радзік у сваёй змястоўнай, багатай на факты і высновы манаграфіі даў складаны панарамны малюнак жыцця беларусаў ХIХ ст., што "як гарох пры дарозе" трывалі паміж молатам расійскага імперыялізму і кавадлам польскай культурнай экспансіі. Беларусы на сваёй зямлі, што па волі божай стала гасцінцам Усход - Захад, не абароненай ні высокімі гарамі, ні вялікімі морамі, не аддзеленай ад суседзяў моўным бар'ерам, жылі без права называцца сваім імем і маліцца на роднай мове, раздзеленыя канфесійна, аднак зберагаючы ўласную культуру, асновы якой вынесены з індаеўрапейскай, агульнаславянскай духоўнай скарбніцы, на грунце якой яны павінны былі стварыць сучасную нацыю.

Вельмі пажадана, каб гэтая каштоўная кніга была выдадзена па-беларуску і стала даступнай кожнаму, хто цікавіцца нашым мінулым, прычынамі нашых сённяшніх цяжкасцяў і стратаў, хто верыць у нашу будучыню.

Лія Салавей.


Магілёў: Згадаць беларускае слова і атрымаць цукерку

У Магілёве перад пачаткам новага навучальнага года віншавалі з Днём ведаў цукеркамі і просьбамі перакласці беларускія словы на расейскую мову. Двухдзённую акцыю "Салодкі дзень ведаў " распачала 31 жніўня камерцыйная арганізацыя "Cukerki.by". Бізнесоўцам дапамагаюць валанцёры з Таварыства беларускай мовы.

Паводле кіраўніка камерцыйнай арганізацыі Сяргея Дымкова, акрамя прасоўвання брэнду ягонай арганізацыі мэта акцыі палягае і ў далучэнні як мага большай колькасці магілёўцаў да беларускай мовы. "У іх ёсць магчымасць згадаць нацыянальную мову беларусаў перакладаючы беларускія словы на расейскую мову" , - зазначае Сяргей Дымкоў.

- Мы просім мінакоў, каб яны пераклалі на расейскую мову тры беларускія словы. Гэта простыя словы, але ў людзей з перакладам паўстаюць пытанні, - даводзіць бізнесовец. - Для большасьці некаторыя словы гучаць дужа знаёма, але людзі не могуць згадаць, што гэта такое. Вось напрыклад "кубачак" - ведаюць, што гэта нейкая ёмістасць, але не ведаюць якая.

З найбольш складаных для перакладу на расейскую мову сталі для магілёўцаў беларускія словы "Імбрык" ды "Сподачак".

Магілёўцы на супольную акцыю бізнесоўцаў і актывістаў з ТМБ рэагавалі пазітыўна. Некаторыя прызнаваліся, што беларускія словы ім даводзіцца ўжываць не часта. Некаторыя, у асноўным моладзь, казалі, што да беларускай мовы вяртаюцца ў побыце наадварот часта.

Адна з маладзіц зазначыла, што лета праводзіла ў Расеі, і там дужа цікавіліся, ці ёсць у беларусаў свая мова: "Даводзілася, прызналася дзяўчына, згадваць асобныя словы і нават з іх складаць сказы".

Яе сяброўка наагул заявіла, што ў бацькоў гаворыць збольшага па-беларуску, бо яны з вёскі. "У горадзе ж я гавару як усе - па-расейску", - зазначыла дзяўчына.

Жанчына сталага веку, адказваючы на пытанне, як часта яна ўжывае беларускія словы ў сваёй гаворцы, прызналася, што не часта, і тут падакарала журналістаў, што некаторыя з іх, гаворачы па-беларуску, ужываюць зашмат русізмаў: "Я нават збіралася пісаць скаргу на радыё, бо такі варыянт мовы толькі адштурхоўвае людзей ад яе", - заявіла кабета.

1 верасня акцыя "Салодкі дзень ведаў" завяршылася. Яе вынікі будуць апублікаваныя на сайце магілёўскай суполкі ТБМ.

Сёлета 21 лютага камерцыйная арганізацыя "Cukerki.by" праводзіла падобную акцыю. Тады яе прымеркавалі да Дня роднай мовы. Яна так і называлася "Салодкі Дзень роднай мовы".

Радыё Свабода.


Развадоўскі фэст, прысвечаны 160-м угодкам з дня народзінаў заснавальніка Баранавічаў графа Яна Развадоўскага

23 жніўня Баранавіцкая рада Таварыства беларускай мовы ў межах кампаніі Асамблеі НДА "Зробім лепш" ладзіла святочны фэст, прысвечаны 160-м угодкам з дня народзінаў заснавальніка Баранавічаў графа Яна Развадоўскага. Напачатку імпрэзы старшыня мясцовай філіі ТБМ Віктар Сырыца ўзнагародзіў актыўных сяброў арганізацыі Ганну Аніскевіч і Вячаслава Сухарэбскага каляровымі падзякамі з нагоды 25-х угодкаў стварэння ТБМ, а таксама пераможцаў гарадской віктарыны ў гонар Яна Развадоўскага, якая была надрукавана ў гарадской газеце "Intex-press" 30 ліпеня 2014 года (№ 31). Пераможцамі віктарыны сталі Андрыёнак Анастасія (Баранавіцкая прыватная фірма "Еўралайн"), Трафімец Ульяна (Цэнтр даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь), Лашкоўская Алена - вучаніца 8 класа Дварэцкай сярэдняй школы (Дзятлаўскі раён).

Затым удзельнікі фэсту азнаёміліся з гісторыяй жыцця і дзейнасці роду Развадоўскіх, асабістым укладам Яна Развадоўскага ў развіццё вёскі і мястэчка, якія сталі асновай будучага горада Баранавічы. Быў паказаны слайд-фільм і прысутныя ўбачылі сям'ю Развадоўскіх на фотаздымках. Удзельнікі фэсту даведаліся, што менавіта дзякуючы стваральнай працы графа Яна Развадоўскага звычайная вёска хутка ператварылася ў мястэчка. Ён стварыў у Баранавічах тэатр, даў зямлю пад праваслаўную царкву, касцёл і сінагогу, пабудаваў тэатр, пошту і самае галоўнае, прыцягнуў капітал, які садзейнічаў імкліваму развіццю Баранавіцкай зямлі.

Пасля гістарычнай даведкі пра род Развадоўскіх адбыўся святочны канцэрт баранавіцкіх майстроў мастацтва. Гучалі песні Галіны Ярашэвіч і Міхася Бараніка, саксафон - Валеры Шыла і Андрэя Чарнавуса, скрыпка - Паўла Чарнавуса, флейта - Малашчанка Ясі, вершы Аляксея Белага і Алеся Корнева, скрыпка і гітара Паўла і Аксана Зубікаў.

А пераможцамі конкурсу малюнкаў у гонар Яна Развадоўскага сталі Юльяна Гоўша, Яся Малашчанка і Варвара Галушка.

На заканчэнні ўдзельнікі Развадоўскага фэсту частаваліся юшкай, аладкамі і кашай Развадоўскага, якія так удала прыгатаваў індывідуальны прадпрымальнік Мікалай Чарнавус.

Віктар Сырыца, г. Баранавічы.


Створаны Аргкамітэт па скліканні Усебеларускага кангрэса за незалежнасць

30 жніўня ў Менску ўтвораны Аргкамітэт па скліканні Усебеларускага кангрэса за незалежнасць. У паседжанні Аргкамітэта ўзялі ўдзел прадстаўнікі грамадскасці з г. Менска і пяці абласцей Беларусі, а таксама прадстаўнік Партыі БНФ. Многія знакавыя людзі Беларусі папрасілі ўвесці іх у склад Аргкамітэта, каб прысутнічаць на наступным паседжанні, якое спланавана на 20 верасня. Кіраўніцтва Аргкамітэта пакуль не выбіралася, каардынатарам да наступнага паседжання абрана першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім.

Аргкамітэт прыняў зварот да грамадзян Беларусі і адкрыў паштовую скрыню niezaleznasc gmail.com.

Наш кар. На здымку: удзельнікі ўстаноўчага пасяджэння аргкамітэту па скліканні Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць.


Зварот Аргкамітэта па скліканні Усебеларускага кангрэса за незалежнасць да грамадзян Беларусі

Шаноўныя суайчыннікі!

У гэтым годзе сітуацыя ў свеце пасля акупацыі Расіяй Крыма і накіравання войскаў на Данбас кардынальна змянілася, і вайна зноў стаіць ля нашага парога. Ва Украіне ўжо гінуць беларусы, а некаторыя нават страляюць адзін у аднаго пад Данецкам і Луганскам. Значная частка грамадзян Беларусі падпала пад уплыў расійскіх тэлеканалаў, слепа верыць усяму, што там гавораць. Беларускія ўлады зараз знаходзяцца ў разгубленасці, як і іншыя суседзі Расіі.

Для таго, каб справіцца з гэтым выклікам, нам неабходна кансалідацыя ўсяго грамадства, шырокі дыялог паміж наменклатурай, прадпрымальнікамі, інтэлектуаламі, фермерамі, прафсаюзамі і грамадзянскай супольнасцю.

Таму мы прапануем склікаць Усебеларускі кангрэс за незалежнасць, каб абмеркаваць сітуацыю і прыняць усе захады для таго, каб адстаяць Беларусь.

Мы лічым неабходным абмеркаваць такія надзённыя пытанні, на якіх грунтуецца наша незалежнасць, як: прыватная ўласнасць на зямлю і іншая дзяржаўную маёмасць, энергетычная бяспека краіны, праблемы правоў чалавека, адукацыі і медыцыны, роля СМІ (як айчынных, так і замежных) у грамадстве, знешняя і ўнутраная палітыка нашай краіны.

Мы чакаем ад Вас канкрэтныя прапановы па правядзенні Кангрэса, яго тэматыцы, месцы і часу правядзення, наконт механізму вылучэння дэлегатаў і збору сродкаў для арэнды памяшкання і на іншыя расходы. Пішыце нам на электроную пошту niezaleznasc gmail.com або на адрас тых выданняў, якія змясцілі наш зварот.

30 жніўня 2014 г.


Увага

У верасні 2014 г. у сядзібе ТБМ у межах кампаніі "Будзьма" працягвае працаваць гістарычная школа "Гісторыя ў падзеях і малюнках" пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Алега Трусава

Заняткі будуць прысвечаны вывучэнню гісторыі Беларусі ў ХVI-ХVIII ст.

На занятках будуць дэманстравацца гістарычныя фільмы розных тэле- і кінастудый.

Падчас заняткаў таксама прадугледжаны абмен думкамі наконт сучаснага стану беларускай мовы і яе функцыянавання ў грамадстве. Такім чынам, удзельнікі змогуць павысіць свае веды па гісторыі Беларусі і папрактыкавацца ў веданні беларускай мовы.

У верасні заняткі адбудуцца: 8 верасня (панядзелак), 15 верасня (панядзелак).

Пачатак а 18-й на вул. Румянцава, 13. Уваход вольны.


АБ'ЯВА

У верасні сядзіба ТБМ працуе штодня з панядзелка па пятніцу з 15 да 19 гадзін.

Кніжная выстава працуе з 15 да 19 гадзін. Субота і нядзеля не працуем.


Прэзентацыя кнігі Леаніда Лаўрэша ў Бярозаўцы

29 жніўня ў Дзіцячай бібліятэцы г. Бярозаўка Лідскага раёна адбылася прэзентацыя кнігі Леаніда Лаўрэша "Вандалін Шукевіч", якая выйшла ў серыі "100 выдатных дзеячаў". Таксама адбылася прэзентацыя часопіса "Лідскі летапісец", у якім змешчаны артыкулы Леаніда Лаўрэша "Лідчына да 1914 г. у люстэрку прэсы", "Генерал Яўген фон Гротэ дэ Буко", а таксама два артыкулы, перакладзеныя Л. Лаўрэшам з польскай мовы.

Некаторыя з прысутных ужо былі знаёмыя з аўтарам, некаторыя бачылі яго ўпершыню.

Пад час прэзентацыі настойліва праводзілася ідэя зацікавіць прысутных і непрысутных жыхароў Бярозаўкі краязнаўствам, гісторыяй свайго горада. Было паведамлена, што ў наступным нумары "Лідскага летапісца" будзе надрукаваны артыкул пра радавод знакамітых уладальнікаў гуты "Нёман" - сям'і Столе, напісаны ў 3-й школе Бярозаўкі.

Прэзентацыі кніг на Лідчыне праходзяць часта, але да Бярозаўкі, як звыкла, не дабіраюцца, то ў асобе Леаніда Лаўрэша маем добры прыклад.

Яраслаў Грынкевіч.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Джэйгада Уладзімір - 300000 р., г. Менск

2. Прыгожыны Вольга, Аркадзь - 100000 р., г. Масква

3. Прылішч Ірына - 50000 р., г. Менск

4. Астравецкі А.А. - 50000 р., г. Берасце

5. Кісляк Васіль - 119000 р., в. Смол'я, Барысаўскі р-н

6. Талуць Станіслаў - 100000 р., г. Гомель

7. Кухаронак Алесь - 20000 р., Смілавічы, Чэрвенскі р-н.

8. Панамароў Сяргей - 100000 р., г. Менск

9. Рабачонак Алесь - 300000 р., м. Міхацавічы, Менскі р-н

10. Катлярова Раіса - 50000 р., г. Магілёў

11. Давідовіч П.У. - 70000 р., г. Берасце

12. Брыцько Уладзімір - 50000 р., в. Луна, Мастоўскі р-н

13. Шкірманкоў Фелікс - 100000 р., Слаўгарад

14. Зылькоў С.П. - 200000 р., г. Гародня

15. Несцераў Віктар - 500000 р., г. Менск

16. Дземідовіч Сафія - 50000 р., в. Мікалаеўшчына, Стаўпецкір-н.

17. Лазарук Тамара - 50000 р., г. Менск

18. Данілюк Віктар - 50000 р., г. Менск

19. Пухоўская Юлія - 50000 р., г. Менск

20. Галіеўскі Віктар - 100000 р., г. Бяроза

21. Вайцяховіч А.В. - 50000 р., г. Менск

22. Гаева А. - 50000 р., г. Менск

23. Невядомая - 200000 р., г. Менск

24. Невядомыя - 150000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Адлюстраванне Аршанскай бітвы на старонках беларускіх падручнікаў

У першай гісторыі Беларусі, што выйшла ў Вільні ў друкарні Марціна Кухты ў 1919 г., пра бітву пад Воршай Вацлаў Ластоўскі піша наступнае: "Вечны мір трываў усяго толькі пяць гадоў. У 1513 годзе ізноў пачалася вайна. Васіль узяў Смаленск. Пасля вайны спаткаліся на берагах рэк Днепра і Крапіўны, недалёка ад Оршы. Вялікі Гэтман князь Констанцін Острожскі выйграў дзве бітвы. Острожскі камандаваў усяго толькі 35 тысячамі чалавек, а маскоўскага войска было 80 тысяч чалавек і, нягледзячы на гэта, перамог. 30 тысяч трупаў заслалі ўсё поле паміж Оршай і Дорогобужам. Вялікі Гэтман Констанцін Острожскі, шчыры староннік православія, на памяць выйгранай бітвы пабудаваў царкву ў Вільні" (захаваны ў асноўным правапіс аўтара - А.Т. ).

У БССР пра бітву пад Воршай у сваіх падручніках пісалі Усевалад Ігнатоўскі і Мітрафан Доўнар-Запольскі. "Кароткі нарыс гісторыі Беларусі" У.М. Ігнатоўскага меў чатыры выданні ў 20-я гады ХХ ст. (1-е выд. - 1919 г.; 2-е і 3-е выд. - 1921 г. і 4-е выд. - 1926 г.). Але потым усе творы Ігнатоўскага былі забаронены і знаходзіліся альбо ў спецсховішчах, або былі знішчаны. І толькі ў 1991 годзе выйшла пятае выданне яго славутай працы.

Пра бітву пад Воршай ён піша амаль тое ж, што раней пісаў Ластоўскі, але ёсць і пэўныя адрозненні: "Ад Воршы ён (К. Астрожскі - А.Т. ) гнаў маскоўскае войска аж да Дарагабужа. Трыццаць тысяч трупаў беларусаў, ліцвінаў і маскоўцаў заслалі ўсю гэтую дарогу" . Цяжка сказаць, чаму Ігнатоўскі аддзяляе беларусаў ад ліцвінаў у пачатку XVI ст., магчыма, гэта зроблена з палітычных меркаванняў, бо потым ідзе агульная характарыстыка вайны з Масковіяй: "Дорага каштавала беларускаму працоўнаму народу імперыялістычная думка маскоўскіх гаспадароў, што Беларусь ёсць іх "вотчына" . Магчыма, Ігнатоўскі лічыў ліцвінамі толькі беларускіх феадалаў - баяр і шляхту.

М.В. Доўнар-Запольскі сваю працу "Гісторыя Беларусі" надрукаваць у БССР не здолеў, бо ў 1926 годзе друкаваць яе забаранілі, і рукапіс надоўга трапіў у спецфонд партархіва БССР. Як раз у пачатку 1926 года разгарнулася крытыка ідэалогіі нацыянал-дэмакратызму, і таму друкаваць кнігу Доўнар-Запольскаму забаранілі, не гледзячы на тое, што яна была напісаная на рускай мове. У часы чарговага беларускага адраджэння рукапіс пераклалі на беларускую мову і выдалі ў 1994 годзе.

У раздзеле "Пачатак барацьбы з Масквой" знакаміты беларускі гісторык згадвае мімаходзь і Аршанскую бітву, і дае ёй такую адзнаку: "Літве не ўдалося ўзяць Смаленск. Дзіўнае паражэнне, якое масквічы пацярпелі пад Оршай ад князя Астрожскага, зрабіла іх больш падатлівымі..." "...паміж Масквой і Літвой было заключана перамір'е, якое не парушалася ўжо на ўсім працягу кіравання Жыгімонта І Старога і ў пачатку княжэння яго сына" . Паводле Доўнар-Запольскага, перамога пад Воршай часова спыніла маскоўскую экспансію на захад.

У 30-я гады ХХ ст., калі працы нашых гісторыкаў былі забароненыя, а самі яны рэпрэсаваныя, згадкі пра Аршанскую бітву надоўга зыйшлі з беларускіх падручнікаў і навуковых выданняў.

Выключэннем з'яўляюцца працы Язэпа Найдзюка, які ў 1944 годзе надрукаваў у Менску пашыранае выданне сваёй кнігі "Беларусь учора і сёння", і якая, прайшоўшы праз нямецкую цэнзуру (напрыклад, забаранілі згадку пра Грунвальдскую бітву), стала школьным падручнікам на акупаванай немцамі тэрыторыі.

Згадаўшы бітву пад Воршай, Найдзюк пазнаёміў чытачоў з народнай беларускай песняй "Ой, у нядзельку параненька, узышло сонца хмарненька", у якой праслаўляліся беларускія ваяры-пераможцы, і надрукаваў партрэт гетмана Астрожскага.

У пасляваенны перыяд доўгі час бітва пад Воршай не згадвалася ў гістарычных выданнях БССР. У сталінскай гісторыі БССР (акадэмічнае выданне 1954 г.) паведамлялася, што ў канцы XV ст. шмат якія значныя феадалы ВКЛ разам са сваімі валоданнямі пераходзілі на службу да маскоўскага князя.

Называюцца гарады Любеч, Гомель, Старадуб і Чарнігаў, а потым гаворыцца, што гэтыя землі былі замацаваныя за Рускай дзяржавай у выніку вайны 1500-1503 гг. Далей ідзе сказ наступнага зместу (цытую на мове арыгінала): "В результате войны 1512-1522 гг. Русским государством был освобождён Смоленск (1514), имевший большое экономическое и стратегическое значение" . Цікавасць выклікае думка аб "вызваленні" Смаленска, які да 1514 года ніколі не належыў Масковіі.

Школьны падручнік пад рэдакцыяй Абэцэдарскага ( 1975 г. выдання) пайшоў яшчэ далей у скажэнні беларускай гісторыі. У раздзеле "Рух за ўз'яднанне з Рускай дзяржавай" можна прачытаць наступнае: "К Русскому государству в 1500 г. присоединили свои владения чернигово-северские князья, которым принадлежал и Гомель" . Тут нічога няма ні пра захоп Смаленска, ні пра Аршанскую бітву, а таксама пра вяртанне Гомеля ў выніку Старадубскай вайны.

Першым вярнуў беларусам іх слаўную перамогу над агрэсарам Уладзімір Караткевіч, які змясціў у сваёй папулярнай кнізе "Зямля пад белымі крыламі" старажытную гравюру 1597 года з выявай Аршанскай бітвы. Потым быў Міхась Ткачоў, які надрукаваў у сваёй працы "Замки Белоруссии" летапісную рускую мініяцюру, прысвечаную бітве пад Оршай.

Упершыню каляровую выяву Аршанскай бітвы з яе апісаннем у жніўні 1990 г. у часопісе "Мастацтва Беларусі" надрукавалі Анатоль Грыцкевіч і аўтар гэтага артыкула.

У тым жа 1990 годзе ў Эстоніі Беларускае культурнае таварыства "Грунвальд" і аб'яднанне "Беларуская школа" з Кліўленда выдаюць "Кароткі агляд гісторыі Беларусі для беларускіх дапаўняльных школаў", які ўклаў П. Рагач. Тут апісваецца Аршанская бітва і друкуецца народная песня "Бітва пад Воршай".

У незалежнай Беларусі Аршанская бітва адразу заняла адпаведнае месца ў хроніцы асноўных гістарычных падзей сярэднявечнай гісторыі беларусаў. Акадэмічнае выданне "Нарысы гісторыі Беларусі" на сваіх старонках разглядае бітву пад Воршай і яе гістарычнае значэнне.

Самае добрае апісанне Аршанскай бітвы ў школьным падручніку для 7 класа зрабіў гісторык Павел Лойка ў 1993 годзе. Прыводзім гэты фрагмент цалкам:

"У 1514 г. маскоўскае войска, авалодаўшы Смаленскам, рушыла ўглыб Княства ў напрамку Друцка і Оршы. Прыпыніць 80-тысячную рускую армію князя Булгакава-Голіцы ды баярына Чалядніна магло толькі не намнога большае за 30 тысяч вялікакняскае войска на чале з вядомым палкаводцам, найвышэйшым гетманам Вялікага Княства Літоўскага Канстанцінам Астрожскім. Сутычка паміж гэтымі далёка не раўназначнымі па колькасці сіламі адбылася 8 верасня 1514 года на рацэ Крапіўне пад Оршай.

"Слава Воршы ўжо ня горша" . Гетман Астрожскі расставіў свае войскі такім чынам, што па флангах стаяла конніца, а пасярэдзіне пад прыкрыццём часткі гарматаў - пяхота з ручніцамі. Асноўную ж частку гармат палкаводзец пакінуў у засадзе. Ад раніцы да полудня бітва працягвалася з пераменным поспехам. Атакі вершнікаў Астрожскага адбіваліся маскоўскімі воямі, напады ды абыходныя манеўры рускага войска разгадваліся і поспеху не мелі. Галоўныя сілы ў бой яшчэ не ўводзіліся. Упэўненыя ў перамозе, Булгакаў-Голіца ды Чаляднін не прыспешвалі падзей. Першым ініцыятыву ўзяў на сябе Астрожскі. Ён рашуча кінуў у атаку ўсю конніцу Вялікага Княства. Завязалася лютая сеча. Неўзабаве імпэт нападаючых пачаў суцішацца. Вось яны прыпыніліся, пачалі прагінацца і нарэшце ўцякаць. "Літва ўцякае", - з гэткімі воклічамі вялізныя сілы маскоўскіх ратнікаў рынуліся за адыходзячым ворагам. Калі пагоня падляцела да лесу, гетман ускінуў булаву, і "ўцекачы" рэзка збочылі хто ўлева, хто ўправа. Маскоўская конніца апынулася перад пастаўленымі ў засаду гарматамі. Яна была растраляна проста ва ўпор. Маскоўцы пачалі ратавацца ўцёкамі. І цяпер войска Астрожскага спяшалася наўздагон ворагу, наносячы яму страшныя спусташальныя ўдары. Летапісцы колькасць загінуўшых маскоўскіх ратнікаў акрэсліваюць лічбаю ад 30 да 40 тысяч.

Гэта была вялікая перамога войска Вялікага Княства. Яна сталася дзякуючы тонкаму тактычнаму разліку гетмана Астрожскага, добрай узброенасці (прынамсі, гарматамі) вялікакняскага войска, а ў першую чаргу - мужнасці і рашучасці ліцьвінскіх воінаў, якія абаранялі незалежнасць сваёй дзяржавы, свае хаты і сем'і. Перамога дазволіла на пэўны час спыніць памкненні Масквы авалодаць суседнімі заходнімі тэрыторыямі і не дапусціць падзелаў ва Усходняй Еўропе, што выклікала б новыя ваенныя канфлікты.

Галасы мінулага. У тыя часы была складзена народная песня аб бітве пад Оршаю, якая ўслаўляла перамогу і князя Астрожскага:

Ой у нядзельку параненька

Узышло сонца хмарненька,

Узышло сонца над борам,

Па-над Селецкім таборам,

А ў таборы трубы йграюць,

Ды ваяцкія нарады зазываюць,

Сталі рады адбываці,

Адкуль Воршу здабываці:

А ці з поля, а ці з лесу,

А ці з рэчкі невялічкі?

А ні з поля, а ні з лесу,

Толькі з рэчкі невялічкі.

А ў нядзелю параненьку

Сталі хлопцы-пяцігорцы

Каля рэчкі на прыгорцы.

Гучаць разам з самапалаў,

З сяміпалых ад запалаў.

Б'юць паўсоткаю з гарматаў.

Масква стала наракаці,

Места Воршу пакідаці,

А як з Воршы ўцякалі,

Рэчку невялічку пракліналі:

"Бадай ты, рэчка, сто лет высыхала,

Як наша слава тутака прапала.

Бадай высыхала да сканчэння свету,

Што нашай славанькі ўжо нету".

Слава Воршы ўжо не горша.

Слаўся, пан Астроскі!

Пасля бітвы пад Оршай вайна цягнулася яшчэ 8 гадоў, але ні для аднаго з варагуючых бакоў не была выніковай. У 1522 г. было заключана мірнае пагадненне паміж Масквой і Вільняй, па якому Смаленск замацоўваўся за Маскоўскай дзяржавай".


У тым жа 1993 годзе Інстытут гісторыі Акадэміі навук Беларусі і Ўпраўленне выхаваўчай работы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь выдалі "Гісторыю Беларусі. Кароткі нарыс у 5-ці частках. Вучэбны дапаможнік для вайскоўцаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь" пад рэдакцыяй члена-карэспандэнта Акадэміі навук Беларусі М.П. Касцюка і доктара гістарычных навук М.В. Біча. У частцы ІІ пра Аршанскую бітву сказана наступнае: "У 1512 годзе з ініцыятывы Масквы распачалася чарговая вайна і ў 1514 г. войскі Васіля ІІІ, авалодаўшы Смаленскам, рушылі ўглыб Княства ў напрамку Друцка і Оршы. Прыпыніць 80-тысячнае рускае войска князя М. Булгакава-Голіцы ды баярына І. Чалядніна магло толькі не намнога большае за 30 тысяч войска на чале з вядомым ваяром і дасведчаным палкаводцам, гетманам Канстанцінам Астрожскім. Сутычка паміж гэтымі далёка не раўназначнымі па колькасці арміямі адбывалася 8 верасня 1514 года на рацэ Крапіўна пад Оршай. Тонкі тактычны разлік гетмана Астрожскага, добрая ўзброенасць (прынамсі гарматамі) войска Вялікага Княства, а, самае галоўнае, мужнасць і рашучасць воінаў, якія абаранялі незалежнасць сваёй дзяржавы, свае хаты і сем'і, дазволілі ўшчэнт разбіць супраціўніка і тым самым на пэўны час спыніць памкненні Масквы авалодаць суседнімі ліцьвінскімі тэрыторыямі" .

Па факту гэты тэкст - выразка са згаданага вышэй падручніка для 7 класа Паўла Лойкі.

Пазней, пасля 1995 года, калі ў краіне адбыліся значныя змены, не гледзячы на пэўны ўціск з боку новай улады, тэма Аршанскай бітвы не знікае ў беларускай навуцы і літаратуры. Прывядзём некалькі прыкладаў. Так, Мікола Ермаловіч у сваёй працы "Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае", што выйшла ў 2000 годзе, піша асобны параграф "Аршанская бітва і пасля яе", дзе дае падрабязны аналіз ходу падзей і іх наступстваў для Беларусі .

Пісьменнік Кастусь Цвірка, які напісаў у 2006 г. твор "Гісторыя Беларусі паводле паданняў і легендаў" таксама разглядае ў раздзеле "Вайна Беларусі з Масковіяй" легендарную бітву і прыводзіць народную песню і "гістарычную песню" Юльяна Нямцэвіча, напісаныя ў яе гонар.

Засталася Аршанская бітва і на старонках беларускіх школьных падручнікаў, але ў скарочаным варыянце. Возьмем, да прыкладу, падручнік П.А. Лойкі для 7 класа "Гісторыя Беларусі XVI-XVIII стст." 2000 года выдання. На старонках 24-25 чытаем наступнае:

"У 1508 г. было падпісанае новае пагадненне, а ўжо летам 1512 г. распачалася новая вайна. На гэты час была арганізавана пад эгідай Маскоўскага Вялікага княства і Свяшчэннай Рымскай імперыі ("Свяшчэнная Рымская імперыя нямецкай нацыі" - буйная еўрапейская дзяржава, якая складалася з зямель сучаснай Германіі, Аўстрыі, часткі Італіі, Францыі, Польшчы. Сталіцай яе была Вена) кааліцыя з сямі еўрапейскіх дзяржаў. Мэтай вайны быў падзел Усходняй Еўропы: да Васіля ІІІ павінны былі адысці ліцвінскія землі, а польскія - увайсці ў склад імперыі. У 1514 г. маскоўскае войска, авалодаўшы Смаленскам, рушыла ў глыб ВКЛ у напрамку Друцка і Оршы. Прыпыніць 80-тысячную армію князя Булгакава-Голіцы і баярына Чалядніна магло толькі не намнога большае за 30 тысяч велікакняжацкае войска на чале з вядомым палкаводцам найвышэйшым гетманам Вялікага княства Літоўскага Канстанцінам Астрожскім. Сутычка паміж гэтымі далёка не раўназначнымі па колькасці сіламі адбылася 8 верасня 1514 г. на рацэ Крапіўне пад Оршай.

Перамагло войска Вялікага княства. Перамога дазволіла на пэўны час спыніць памкненні Васіля ІІІ завалодаць суседнімі заходнімі тэрыторыямі і не дапусціць падзелаў ва Усходняй Еўропе, што выклікала б новыя ваенныя канфлікты" .

Тут жа даецца фрагмент карціны "Бітва пад Оршай" і прыводзіцца наступная табліца:

8 ВЕРАСНЯ 1514 г.

80 тыс.

Булгакаў-Голіца, Чаляднін

р. Крапіўна

30 тыс. К. Астрожскі

Орша

Аднак "не спяць у шапку" і сённяшнія прыхільнікі "заходнерусізму", адэпты "Русского мира". Вось як яны асвятляюць падзеі вайны 1512-1514 гг. у школьных падручніках для 10 класа (год выдання 2008):

"Паражэнне рускіх войскаў пад Оршай на рацэ Крапіўна 8 верасня 1514 г. было адным з заключных эпізодаў гэтай вайны, якая ніяк не змяніла яе вынікаў. За ім было чарговае паражэнне літоўскіх войскаў пад смаленскімі сценамі. У выніку Смаленск аж да інтэрвенцыі пачатку XVII ст. заставаўся ў складзе Расіі. (Успомніце, чым характэрны гэты час для Расіі). Аб фактычным баку гэтай бітвы вядома няшмат. У прыватнасці, што праз дзесяць дзён пасля яе ад імя Сігізмунда І папе Льву Х і магістру Альбрэхту было адпраўлена пасланне, у якім кароль з выхваленнем паведамляў, што ім разгромлена "шмат" маскавітаў і "схізматыкаў", якія падтрымлівалі іх. Так кароль называў сваіх праваслаўных падданых, міжволі прызнаючы, на чыім баку яны знаходзіліся. Кароль указаў, што было забіта 20 тыс. воінаў праціўніка, узята ў палон 46 военачальнікаў і 1500 дваран.

У будучым у сачыненнях Дэцыя і Стрыйкоўскага лічбы забітых узрастуць да 40 тыс., а палонных дваран - да 2 тыс. Такія празмерныя перабольшванні ў тыя часы былі справай звычайнай. Хутка быў складзены панегірык "Жыгімонту Казіміравічу і князю Астрожскаму", дзе неймавернае прыхарошванне перамогі пад Оршай павінна было падсаладзіць горыч страты Смаленска.

У 1517 і 1526 гг. Расію наведаў пасол аўстрыйскага імператара Сігізмунд Герберштэйн. Абодва разы яго шлях ляжаў праз Літву. Герберштэйн сустракаўся з князем К. Астрожскім і з яго слоў зрабіў запісы аб Аршанскай бітве. У 1549 г. першым выданнем выйшлі "Запіскі аб Маскавіцкіх справах" Герберштэйна, дзе былі пераказаны гэтыя запісы, якія сталі асноўнай крыніцай усіх наступных папулярных выкладанняў падзей Аршанскай бітвы на ўсіх мовах. Іх прыблізнасць і прадузятасць ніколі не выклікалі сумненняў ні ў аднаго сур'ёзнага гісторыка.

На жаль, мы не ведаем, колькі людзей сышліся над рэчкай Крапіўнай, і хто ваяваў там. Напэўна, ужо ніколі не даведаемся. Разважанні аб трохразовай перавазе маскавітаў няхай застануцца на сумленні фантазёраў. Аднак не пашкодзіць памятаць, што да пачатку XVI ст. насельніцтва Вялікага княства Літоўскага істотна перавышала насельніцтва Маскоўскай дзяржавы. Варта ўлічваць таксама польскую і нямецкую дапамогу Літве.

У сувязі з гэтым заканамернае пытанне: у якой меры можна лічыць войскі К. Астрожскага беларускімі? Іх аснову складалі харугвы польскай і літоўскай шляхты, наёмныя нямецкія ландскнехты. Сярод літоўскай шляхты, вядома, былі і этнічныя беларусы, але не яны складалі ядро войска. Колькасць беларускіх мужыкоў у войску таксама была невялікая. Яны з'яўляліся прымусова мабілізаванымі "ў падводы" абознікамі. У адрозненне ад Маскоўскай дзяржавы ў Літве з XVст. простых людзей пад сцягі не прызывалі. Такі фактычны бок пытання аб праславутай Аршанскай бітве".

Тым не менш, аўтары змясцілі каляровую выяву бітвы, памылкова датуючы яе 1597 годам, а дату "8 верасня 1514 года" ўключылі ў спіс асноўных падзей у гісторыі Беларусі (13. - С.85-88, 242).

Цікава, а як пішуць пра бітву пад Воршай і яе значэнне нашы суседзі?

Пра тое, як апісвалі Аршанскую бітву рускія гісторыкі падрабязна пісаў прафесар Анатоль Грыцкевіч. Глядзіце, напрыклад, "Народную Волю" № 64 ад 19 жніўня 2014 г.

Сучасны польскі гісторык Мар'ян Семаковіч у 2005 годзе піша пра Аршанскую бітву наступнае: "У 1514 годзе Літва страціла Смаленск. Але ў тым жа годзе польскія, літоўскія і рускія войскі пад камандаваннем літоўскага гетмана Канстанціна Астрожскага здабылі бліскучую перамогу над маскоўскімі войскамі пад Оршай: польска-літоўская армія налічвала толькі каля 30 тыс. Чалавек, у тым ліку 3 тыс. палякаў, маскоўская ж армія - каля 80 тыс." Як мы бачым, Семаковіч пайшоў далей за Трашчанка, які дапускаў, што крыху беларускіх мужыкоў, хай і ў абозе, у войску Астрожскага ўсё ж было. Семаковіч адмаўляе і гэта.

У гэтым годзе Міністэрства замежных спраў Літвы выдала на беларускай мове, услед за палякамі, сваю гісторыю. Літоўскія гісторыкі пішуць, што: "Літва, падтрыманая Польшчаю, выстаяла супраць праваслаўнай Масквы ў бітве пад Оршай ў 1514 г." і даюць вялікую (на кніжны разварот) каляровую выяву Аршанскай бітвы. Прычым яны сціпла маўчаць, колькі праваслаўных беларусаў ваявалі з праваслаўнаю Масквою, каб захаваць незалежнасць каталіцкай Літвы.

Напрыканцы трэба заўважыць, што за гады незалежнай Беларусі пра Аршанскую бітву пішуць і ведаюць усе плыні нашага грамадства, незалежна ад іх палітычных поглядаў, даючы ёй адпаведна сваю ацэнку.

Кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў.


Новае выданне. Упершыню выйшлі з друку вершы "нашаніўскага" паэта

У менскім выдавецтве "Кнігазбор" свет пабачыў зборнік вершаў малавядомага паэта "нашаніўскай" пары Янука Дарашкевіча (1890-1943), творчасць якога высока цаніў Максім Багдановіч.

Пад адну вокладку ўпершыню вершы сабраў, склаў зборнік, напісаў прадмову да яго і камендар даследчык нашай літаратуры са Слоніма Сяргей Чыгрын. Складальнік назваў зборнік вершаў Янука Дарашкевіча "Маркотныя зоркі". Гэта зборнік фактычна адкрывае новае імя ў гісторыі беларускай літаратуры і культуры "нашаніўскага" перыяду.

На старонках беларускай газеты "Наша ніва" за 1909 год з'явіліся першыя вершы невядомага паэта з вёскі Меляшкі, якая знаходзіцца недалёка ад Гарадка, што на Беласточчыне, пад псеўданімам В. Каршун . Потам вершы гэтага паэта рэгулярна друкуюцца ў "Нашай ніве" у 1910-1914 гадах, але пад іншымі псеўданімамі - Янук Д ., Янук Д-іч . З "лёгкай" рукі Яўхіма Карскага (Карский Е.Ф. Белорусы. Петроград, 1921. Т. III. С. 337) яго творы былі прыпісаны другому паэту з Гарадка М. Арлу (Сцяпану Пятэльскаму). Пазней, памылка гэта была "ўзаконена" нават у акадэмічнай хрэстаматыі "Беларуская дакастрычніцкая паэзія" (Мн., 1967). Доўгі час ніхто не звяртаў увагі на адрознасць стылю паэтаў, на тое, што М. Арол друкаваў у "Нашай ніве" вершы-прысвячэнні Януку Д., а Янук Д., прысвячаў свае вершы М. Арлу, на рукапісы паэтаў, якія знаходзяцца ў рукапісным фондзе Навуковай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы і сведчаць аб прынадлежнасці розным аўтарам. І толькі дзякуючы намаганням даследчыка гісторыі літаратуры Арсеню Лісу, гісторыка Юры Туронка і іншым навукоўцам, паэту з Меляшкоў было вернута імя. Імя беларускага паэта-нашаніўца Янука Дарашкевіча. А сёння Сяргей Чыгрын вярнуў і вершы паэта, большая частка якіх захоўваецца ў рукапісным фондзе Навуковай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы.

Янук Дарашкевіч нарадзіўся ў 1890 годзе ў вёсцы Меляшкі на Беласточчыне ў шматдзетнай сялянскай сям'і. Яго бацькі Кастусь і Настасся мелі 8 гектараў зямлі. Але хлопчыку Януку ў ліку нямногіх сялянскіх дзяцей пашчасціла прабіцца да навукі. Спачатку ён скончыў царкоўна-настаўніцкае вучылішча ў Ялоўцы, а потым Свіслацкую настаўніцкую семінарыю. Настаўнічаў у Сямёнаўцы і ў Кулях, а калі ажаніўся з Кацярынай Буцько - пераехаў настаўнічаць у вёску Даўкшы каля Панявежыса.

Працуючы настаўнікам, Янук Дарашкевіч збіраў беларускія народныя песні і разам з нотамі дасылаў Антону Грыневічу ў Пецярбург. Большасць народных песень Януком Дарашкевічам была запісана ў роднай вёсцы Меляшкі. Вось адна з гэтых пранікнёных і ўзвышаных песень пра тое, як развітваецца хлопец з роднымі і каханай перад адыходам на вайну:

Ой, там на гарэ, ой, там на крутой

Сівы конь разгуляўся,

Малады хлапец, маладзюсенькі

На вайну прыбіраўся.

Як выбіраўся, то ўсім скланяўся, -

Айцу і матулі,

А сваёй мілай, наймілюсенькай

То найніжай скланяўся…

Акрамя фальклору, Янук Дарашкевіч захапіўся літаратурай, пачаў пісаць вершы і дасылаць іх у "Нашу ніву". Лепшыя творы былі там надрукаваныя. Пра некаторыя з іх напісаў у сваіх "Беларусах" Яўхім Карскі. Вось адзін з прыкладаў: " Верш "Доля" адлюстроўвае гора мужыка, які пахаваў сваю жонку. Прымірэнне яго з лёсам. Як літаратурная навіна - плач каня" . А Максім Багдановіч у сваім артыкуле "За тры гады" аднёс Янука Дарашкевіча да тых аўтараў, "што маюць палёт і талент".

Восенню 1914 года Янука Дарашкевіча мабілізавалі ў царскую армію і накіравалі ў школу прапаршчыкаў пад Петраград. Але перад мабілізацыяй паэт перапісаў усе свае вершы ў асобны сшытак, назваў яго "Абразкі", і даслаў сшытак у рэдакцыю "Нашай нівы" з надзеяй, што супрацоўнікі газеты выдадуць вершы асобным зборнічкам. Але зборнічак так і не пабачыў свет. Пачалася Першая сусветная вайна, а Янук Дарашкевіч на "штык замяняе пяро" і становіцца кадравым вайскоўцам. Ён прыхільна сустракае рэвалюцыю ў Расіі, служыць у Чырвонай Арміі. Праўда, пісаць вершы беларус не пакідае, хоць і жыве ў горадзе Варонеж у Расіі. Паводле ўспамінаў блізкіх яму людзей, як піша Юры Туронак у "Ніве" ад 2 жніўня 1981 года, наш зямляк быў чалавекам шырокіх зацікаўленняў, захапляўся паляваннем, рыбнай лоўляй, радыётэхнікай, разьбой па дрэве і г. д.

Падчас Другой сусветнай вайны Янук Дарашкевіч пайшоў на фронт, дзе і загінуў ў ноч з 23 на 24 лютага 1943 года пад вёскай Фецішчава Балхоўскага раёна Арлоўскай вобласці ў Расіі. А ўся рукапісная спадчына беларускага паэта-нашаніўца згарэла разам з домам у Варонежы. Але, на шчасце, захаваўся ў Вільні той сшытак вершаў "Абразкі", які ў 1914 годзе ён даслаў у "Нашу ніву". Нядаўна мне пашанцавала яго адшукаць у рукапісным фондзе Навуковай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы і патрымаць у руках, прачытаць і перапісаць усе творы для гэтай кнігі. У старой папачцы, акрамя сшытка вершаў, знаходзіцца яшчэ пісьмо з вершамі ў "Нашу ніву" і некалькі выразак вершаў з гэтай газеты.

Усе знойдзеныя вершы Янука Дарашкевіча сведчаць аб тым, што гэта быў таленавіты і цікавы паэт. У іх адчуваецца стылявая свабода, лёгкасць і нязмушанасць, з якой ён пераходзіць ад гумарыстычна-апавядальнага верша ("Ганя") да філасофскага роздуму ("Псалм СХХХVI"), ад песні-скаргі на мужыцкую долю-нядолю ("З мужыцкага жыцця") да ўзвышанай патэтыкі, закліку ("Стогн", "Надзея"), ад з'едлівага выкрывальнага сарказму ("Падлыжнікам") да духоўнай засяроджанасці, чуйнасці, тонкасці псіхалагічнага малюнка ("Шкада разбітых мар…", "Мы прасціліся…", "Сончык").

У 1991 годзе Янка Саламевіч сабраў і выдаў у Менску асобным зборнікам творы М. Арла (Сцяпана Пятэльскага) "Лірнік". Сцяпан Пятэльскі шчыра сябраваў з Януком Дарашкевічам, разам яны пачыналі друкавацца ў "Нашай ніве". Але яго сябра Янук Дарашкевіч заставаўся да сённяшніх дзён забытым і не вернутым чытачам. А Янук Дарашкевіч, як і Сцяпан Пятэльскі, - адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Таму яго літаратурная спадчына таксама павінна служыць нашай літаратуры і беларускай культуры. Дзеля гэтага ён жыў, пісаў, думаў і пакінуў нам у спадчыну творы, якія, дзякуючы Сяргею Чыгрыну, склалі кніжку "Маркотныя зоркі".

Мікола КАНАНОВІЧ.


СВЯТА "ДРУГОГА ХЛЕБА"

"Без бульбы - не туды і не сюды!" - пад такою назвай ў аграгарадку Пескаўцы прайшло свята "другога хлеба". Дакопкі яшчэ наперадзе, але ўжо зараз бачна, што ўраджай яго тут будзе важкім. Аб гэтым сведчылі адборныя клубні, прынесеныя жыхарамі да Дома культуры.

Клубныя работнікі падрыхтавалі шырокую забаўляльную праграму. Каля Дома культуры былі аформлены выставы: "Пасмакуйце, калі ласка!" і "Восеньская скрыня". Гасцей свята чакала разнастайнасць апетытных страў з бульбы, якімі маглі пачаставацца ўсе ахвотныя. Акрамя традыцыйных дранікаў, на сталах былі клёцкі, піражкі і каўбаса з бульбай, бабка і іншыя стравы. Па суседстве з багатымі сталамі размясціліся вырабы з гародніны, таксама выкананыя з вялікай фантазіяй. Галоўным героем і тут, вядома, была бульба.

Далей госці свята ўдзельнічалі ў займальных гульнявых праграмах і паглядзелі канцэрт, падрыхтаваны сіламі мастацкай самадзейнасці Беліцкага сельскага Дома культуры. Асаблівым святочным упрыгожваннем былі ўдзельніцы вакальнага гурта "Надзея". Са сцэны гучалі песні пра бульбу, пра родную вёску і гучныя беларускія народныя песні.

Бульба даўно ўвайшла ў беларускі фальклор, пра яе спяваюць песні, а папулярную беларускую польку можна лічыць сапраўдным гімнам бульбе, якая і гучала на працягу ўсяго свята.

Н. ВАЙЦЮКЕВІЧ, метадыст Лідскага раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці.


Прэм'еры ля вогнішча

Цудоўны вечар у канцы жніўня правялі падарожнікі з Магілёва ў аграсядзібе "Вайцюшкі". Гаспадар прадбачліва сустрэў аўтобус на вузкай, размытай дажджом каляіне, і запрасіў рухацца за яго машынай. Зміцер і Галіна гасцінна размясцілі падарожнікаў з намётамі на зялёнай пляцоўцы, а некаторых прынялі ў самой сядзібе.

У гэтым летнім сезоне папулярны артыст Зміцер Вайцюшкевіч правёў шэсць невялічкіх музычных фэстаў на сваім хутары над Нёманам. Аматары музыкі прыжджаюць сюды на машынах з сем'ямі, з намётамі. Камусьці падабаецца традыцыйнае Купалле са спевамі "Гуды", з танцамі ў бел-чырвона-белых строях, іншым вельмі па душы " сямейнікі".

- Лета прайшло даволі актыўна, - падзяліўся творчымі навінамі спадар Зміцер. - Акрамя шансону мы прапаноўвалі незвычайныя забавы - выступленне духавога аркестра з Ліды і джазавага калектыва. У траўні ў нас быў фестываль салаўёў, прысвечаны паэзіі і паэтам. Мы правялі "Ліпенскі сямейнік" і "Чароўны чэрвень". Але паколькі адлегласць ад цэнтру вялікая, то не заўсёды ведаеш, ці прыедуць наведвальнікі, ці не. Выступаць ў ролі гаспадара цяжэй, чым у ролі артыста. Свята ў нас лакальнае, існуе свая непаўторная атмасфера, і мы не будзем пашыраць яго за фармат больш 100 чалавек, каб не страціць утульнасці і спакою усіх прысутных.

Увесь час дапамагалі мне жонка, дзеці, валанцёры. Спонсараў у гэтым годзе не было. Кампанія "Будзьма" вырашала пытанне з транспартам для артыстаў. Саюз беларускіх пісьменнікаў прывозіў і адвозіў паэтаў і пісьменнікаў, за гэта ім - вялікі дзякуй! Фэсты для нас не бізнес, а спроба сабраць беларусаў, ці паказаць гасцям беларусаў, што мы можам бавіць час па-сяброўску шчыра і весела. На Новы год мы звычайна тут, на праваслаўныя і каталіцкія Каляды будзем чакаць гасцей.

Сёлета мы страцілі дарагіх людзей, якія былі родныя як бацькі, настаўнікі і суаўтары. Да 28 жніўня, да дня нараджэння Генадзя Бураўкіна, мы падрыхтавалі відэакліп на яго песню. Мы будзем прэзентаваць яго на Тut.by, і ён будзе размешчаны на маей старонцы ў Your.Tube.

Стаіць пытанне майго ўдзелу ў праекце "Re: Песняроў". Я запісаў "Вераніку" на словы Максіма Багдановіча, так, як я сабе яе ўяўляю. Cтары склад "Песняроў" успрыняў песню станоўча. Канцэрт мусіць адбыцца 12 верасня ў клубе Re:Public.

Плануецца у будучыні перавыданне дыскаў "Калыханкі" і " Паравоз кахання".

Гэтым вечарам у Вайцюшках турысты і вандроўнікі акунуліся ў плынь ранейшах песень спевака, праслухалі запісы мінулых гадоў, а потым ля вогнішча артыст выканаў песні з новага праекта на словы чэшскага паэта Яраміра Нагавіцы, які спявае, грае на гітары, скрыпцы, флейце і акардэоне.

У 2008 годзе Ярамір Нагавіца стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Бажэны Нямцовай, якую прысуджае Акадэмія чэшскай літаратуры. З. Вайцюшкевіч адкрывае беларусам сучасных еўрапейскіх паэтаў, служыць нацыянальнай ідэ і культурнай камунікацыі. Дэмакратызм і шчодрасць сям'і артыста выклікаюць павагу.

Эла Дзвінская, Фота аўтара , на здымках: 1. Зміцер Вайцюшкевіч з сябрамі Магілёўскага ТБМ 2. Аграсядзіба артыста.



Адукацыйныя паслугі Школа асобаснага росту "ШАР" Псіхолаг Людміла Дзіцэвіч

Трэнінг па тэме: "Вучымся жыць у радасці "

4 верасня а 18-ай гадзіне ў сядзібе ТБМ, па адрасе: вул Румянцава, 13.

У праграме трэнінга:

1. Для чаго людзям патрэбная радасць?

2. Навучанне спосабам знаходзіць радасць.

3. Выкарыстанне тэхнікі арт-тэрапіі.

4. Каларыстыка прыходзіць на дапамогу.

5. Захаванне радасці сродкамі песеннай і танцавальнай творчасці.

6. Праца з гадзіннікамі радасці.

Для кантактаў:

сл. тэл. (+375 17) 327-60-88;

х.тэл. (+375 17) 281-04-35;

МТС (+375 29) 769-29-78;

velcom (+375 29) 960-14-53.

Заняткі ў Школе асобаснага росту "ШАР" праходзяць 4 і 11 верасня 2014 года а 18-ай гадзіне, а з кастрычніка кожную 1-ю і 3-ю пятніцу месяца а 18-ай гадзіне ў сядзібе ТБМ, па адрасе: вул. Румянцава, 13.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX