НАША СЛОВА № 37 (1188), 10 верасня 2014 г.
Cлава Воршы ўжо нягорша!
Слаўся, князь Астрожскі!
Беларускі Нацыянальны Аргкамітэт святкавання 500-годдзя Вялікай Перамогі пад Воршай 6 верасня правёў самае галоўнае мерапрыемства юбілейнага года - святкаванне Вялікай Перамогі на Аршанскім полі, на тым самым месцы, дзе адбылася бітва паміж маскоўскімі заваёўнікамі і войскамі ВКЛ у сутоку рэчкі Крапіўны і Дняпра, на высокай гары, дзе Найвышэйшы гетман Канстанцін Астрожскі на белым кані стаяў і камандаваў сваім войскам і наносіў смяротныя ўдары ворагам нашай дзяржавы. 8 верасня 1514 г. нашаму войску, як ніколі, спрыяла Найсвяцейшая Дзева Марыя. Яна абараняла наш народ беларускі, адстойвала справядлівасць і праўду. Гэта быў Яе Дзень. І нашы рыцары перамаглі. Яны адстаялі свабоду нашай краіны, незалежнасць нашага народа. Супастаты атрымалі тое, што заслужылі.
6 верасня 2014 г. быў ясны, сонечны, прыгожы дзень, як і ў гістарычнай бітве пад Воршай. І нам ізноў ва ўсім спрыяла Наша Багародзіца. Яе светлы вобраз з малым Езусам на руках быў з намі - абраз Найсвяцейшай Маці Божай Аршанскай. Ён адбіваўся ў водах магутнага Дняпра і струменіўся па ўсёй Вялікай Літве - Беларусі. На гэтым гістарычным полі група мастакоў з творчай суполкі "Пагоня" ўжо каторы дзень праводзіла мастацкі пленэр.
Пад памятным крыжам прайшло святкаванне Вялікай даты, Вялікай падзеі ў нашай гісторыі. Былі ўзняты харугвы ВКЛ, на якіх былі відны вобраз Багародзіцы, герб Пагоня, баявыя прапары 1514 г., нацыянальныя гістарычныя сцягі Вялікай Літвы-Беларусі. Першаерарх БАПЦ Архіяпіскап Наваградскі і Паночна Амерыканскі Святаслаў і протаерэй а. Леванід Акаловіч учынілі ліцію і малебен за палеглых рыцараў і ў памяць пераможцаў.
Затым слова меў доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Краўцэвіч. Ён распавёў пра ход баявых дзеянняў 8 верасня 1514 г. на гэтым полі. Уладзімір Арлоў сказаў, як святкавала Еўропа Вялікую Перамогу беларускай зброі і пра тое, што напярэдадні юбілею выйшла кніга А. Грыцкевіча "Бітва пад Воршай". Пасля выступаў адбыўся канцэрт, у якім бралі ўдзел Зміцер Вайцюшкевіч з вайсковай песняй, Сяргей Дзевушаў са сваім гуртам выканаў беларускую народную песню "Бітва пад Воршай". А пан Скіргайла на дудзе іграў некалькі сваіх кампазіцый на тэму Вялікай Літвы.
Ля памятнага каменя на беразе Дняпра і Крапіўны была ўчынена непрацяглая малітва, пасля якой усе прысутныя праспявалі гімн "Магутны Божа" і песню "Пагоня" на словы М. Багдановіча. А на завяршэнне былі асвечаныя камяні з барэльефамі Івана Сапегі, Юрыя Радзівіла і Канстанціна Астрожскага. Праз усё святкаванне трывала фота і відэа сесія. Былі засведчаны самыя яркія і прыгожыя моманты свята.
А зараз трохі пра паводзіны раённых і мясцовых уладаў Аршанскага раёна. Мясцовыя ўлады забаранілі нам святкаваць 8 верасня. Але мы і не прасілі ў іх святкаваць 8-га. Мы падалі заяўку на 6 верасня. Такім чынам мы ехалі святкаваць без упэўненасці паспяхова правесці свята. Але ўсё атрымалася проста выдатна. Былі дэлегацыі з Менска, Барысава, Воршы і Барані. Да помнікаў усклалі знічкі, кветкі, стужкі і вянкі з эпітафіяй. Не было аніводнага кіраўніка ні палітычных партыяў, ні грамадскіх арганізацыяў ці рухаў. Вядома, што збіраліся прыехаць на поле прадстаўнікі некаторых замежных амбасадаў, але відаць напалохаліся забароны і не прыехалі. Што ж тычыцца мясцовых уладаў і іхніх ініцыятываў, то загадзя, за некалькі дзён былі пастаўленыя шлагбаўмы, каб машыны не ехалі далей, быў прывезены і расцярушаны гной і ўзарана поле. Вядома ж, трэба клапаціцца пра харчовую незалежнасць краіны. Па дарозе на поле нас спыніў міліцэйскі патруль і папярэдзіў, што ў Воршу нам ехаць нельга! А калі паедзем, то арыштуюць аўтобус?!...
А мы віншуем жыхароў Беларусі з Вялікім сьвятам!
Мікола Купава, сябар Беларускага саюза мастакоў, намеснік старшыні Нацыянальнага Аргкамітэта святкавання 500-годдзя Вялікай Перамогі пад Воршай.
Дзень пісьменства ў Заслаўі
У 21 раз прайшоў у Беларусі традыцыйны для верасня Дзень беларускага пісьменства.
Дзень беларускага пісьменства па традыцыі праводзіцца ў гістарычных і культурных цэнтрах, з якімі непарыўна звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны. У розныя гады свята адзначалася ў Наваградку, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Мсціславе, Міры, Камянцы, Паставах, Шклове, Барысаве, Смаргоні, Хойніках, Ганцавічах, Глыбокім, Быхаве.
Двойчы ўрачыстасці прымаў Полацк (1994, 2003), Тураў (1995, 2004), а цяпер і Заслаўе (раней - у 2000 годзе).
Цэнтральнай падзеяй свята стала адкрыццё помніка князю Ізяславу.
- Заслаўе злучана з імем Ізяслава, сына Рагнеды, якога звалі кніжнікам, - нагадвае гісторыю горада міністр культуры Барыс Святлоў. - Менавіта тут, у Заслаўі вельмі востра адчуваецца культурная і гістарычная сувязь часоў. І сёння мы можам з упэўненасцю сказаць, што мара Ізяслава і мары іншых беларускіх асветнікаў збыліся. Мы можам ганарыцца сваім унёскам у сусветную культуру.
Свята грымела два дні: 6 і 7 верасня на радасць жыхароў горада і шматлікіх гасцей.
- Свята ўжо не проста нацыянальнае, мы выйшлі на міжнародны ўзровень, - кажа міністр інфармацыі Лілея Ананіч. - Цяпер на Дні пісьменства працуюць госці з 59 краін.
У 2015 годзе Дзень беларускага пісьменства прыме Шчучын Гарадзенскай вобласці. Перадача эстафеты XXII літаратурнай сталіцы адбылася на цырымоніі закрыцця свята ў Заслаўі.
Паводле СМІ. Здымкі Настассі Занько і Элы Олінай.
У Лідзе на Дні пісьменства гучала латынь
1 верасня мясцовы Дзень пісьменства прайшоў у Лідзе. Ладзілі яго Цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы і ўстановы культуры горада. Свята адбывалася на пляцоўцы перад бібліятэкай. Гэтае месца пад самыя розныя імпрэзы абжылі даўно. Тут адразу можна забяспечыць і масавасць і камернасць.
Свята ішло ў традыцыйным ключы - з мастацкімі экскурсамі ў часы беларускіх першадрукароў Францішка Скарыны, Сымона Буднага, Яна Карцана; з сярэдневечнымі танцамі, з рыцарскімі двубоямі.
Адметнасцю сёлетняга свята стала тое, што на ім ўпершыню за многія дзесяцігоддзі гучала латынь. І нічога дзіўнага тут няма. Справа ў тым, што сёлета 4 (7) верасня споўнілася 300 гадоў з дня народзінаў магчыма апошняга па часе беларускага лацінамоўнага паэта Міхала Карыцкага. Традыцыя вершаскладання на латыні ў Польшчы была вельмі трывалая, а вось у Беларусі мы добра ведаем Міколу Гусоўскага з "Песняй пра зубра" ды вось Міхала Карыцкага. Пры гэтым апошняга ў школе не праходзяць і таму згадваюць вельмі рэдка. І добра, што сёлета згадалі хаця б у Лідзе. Прынамсі, нарадзіўся Міхал Карыцкі ў спадчынным маёнтку Дзітрыкі (Тарноўскія) на Лідчыне. То каму, калі не лідзянам яго шанаваць?
Верш - зварот да караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага з нагоды прапановы з боку апошняга выдаць кнігу паэзіі на лацінскай мове з прыступак бібліятэкі прачытаў Станіслаў Суднік. Ён жа прачытаў і ўласны пераклад.
Як ні дзіўна, а дзеці, якіх на свяце была большасць, слухалі латынь, як зачараваныя. Дасць Бог, можа хто калі з іх стане лаціністам.
Да ўсяго трэба дадаць, што ўсё свята ад пачатку да канца ішло на беларускай мове. І вельмі хочацца спадзявацца, што, калі беларуская мова будзе паўсюль гучаць на такіх і падобных святах, калі на яе будуць перакладацца вершы, калі па-беларуску будуць гукаць падчас бою рыцары, то мову нашую не спасцігне лёс латыні - і заўтра, і праз сто гадоў, і праз тысячу па-беларуску будуць гаварыць і разумець.
Яраслаў Грынкевіч.
МІХАЛ КАРЫЦКІ - ЛАЦІНАМОЎНЫ ВЯЛІКАЛІТОЎСКІ (БЕЛАРУСКІ) ПАЭТ
300 гадоў з дня нараджэння
Міхал КАРЫЦКІ (4 (7) верасня 1714, в. Дзітрыкі Лідскага пав. Віленскага ваяв., цяпер Лідскі раён, Гарадзенская вобласць - 10 сакавіка 1781, Мінск) - вялікалітоўскі (беларускі) паэт-лацініст эпохі Асветніцтва, манах-езуіт, педагог, доктар філасофіі. Брат К. Ф. Карыцкага.
Нарадзіўся ў спадчынным маёнтку Дзітрыкі ў шляхецкай сям'і. Бацьку звалі Аляксандрам, а маці Тарэзай; у элегіі "Да брата Караля" Міхал Карыцкі згадвае таксама сваіх братоў Анупрэя, Луку, Сымона, Андрэя і Караля, найбольш знакаміты з іх быў апошні, які зрабіў вялікі ўклад у распрацоўку тэорыі аратарскага мастацтва, абнаўленне сістэмы адукацыі.
Колькі слоў пра знакамітага брата Міхала - Караля Карыцкага (03.11.1702 - 10.12.1789). У 1717-1723 гадах вучыўся ў езуіцкіх калегіюмах Вільні, Слуцка і Полацка, затым выкладаў граматыку і паэзію ў Вільні і Варшаве. У 1726-1730 гадах вучыўся ў Варшаўскім калегіюме, дзе пазней быў прафесарам рыторыкі (да 1732). У 1732-1733 гг. выкладаў этыку ў Вільні. У 1733-1736 гадах - прафесар настаўніцкай семінарыі ў Слуцку, прапаведнік у слуцкіх князёў Радзівілаў. У Віленскай духоўнай акадэміі атрымаў ступень доктара філасофіі, у 1736-1738 гг. быў прафесарам тэалогіі ў Віленскай духоўнай акадэміі, дзе ўзначальваў нават кафедру. У 1739-1746 гг. вы-кладаў тэалогію ў Варшаве. З 1746 г. быў першым сакратаром асістэнцыі езуітаў Рэчы Паспалітай у Рыме (рэпрэзентаваў 4 езуіцкія правінцыі Рэчы Паспалітай). Як кіраўнік Мазавецкае правінцыі ў 1758 г. быў пасланы ў ВКЛ для ўрэгулявання памежных і школьных пытанняў сярод езуітаў. З 1763 па 1765 г. быў рэктарам Нясвіжскага калегіюма а потым быў прызначаны асістэнтам і намеснікам Генерала польскай правінцыі езуітаў па справах Рэчы Паспалітай і з 1776 года жыў ў Рыме. Па загадзе Рымскага папы Клімента XIV ноччу 16 жніўня 1773 г. будынак езуітаў быў захоплены войскамі. Караль Карыцкі - адзін з чатырох асістэнтаў Генерала ордэна быў арыштаваны, і разам з Генералам ордэна і астатнімі асістэнтамі заключаны ў турму. У 1776 г. Наш зямляк быў вызвалены і апошнія гады жыцця правёў у Рыме, на папскім пенсіёне. Падтрымліваў сувязі з езуітамі Расійскай Імперыі, пераконваў іх у законнасці існавання ордэна. Выступаў супраць падпарадкавання езуітаў біскупу Станіславу Богуш-Сестранцэвічу. Аўтар розных панегірыкаў і легенд на лацінскай мове. Вядомы гісторык біскуп Ян Альбертрандзі назваў яго "першым майстрам навук і густу ў езуіцкай літаратуры на Літве" .
Але вернемся да Міхала Карыцкага.
Дзіцячыя гады Міхал правёў у маёнтку бацькоў, а затым быў выпраўлены на навучанне ў Бабруйскую езуіцкую рэзідэнцыю, пры якой існавала школа з класамі граматыкі, паэтыкі і рыторыкі. Яшчэ да гэтага прыватна або іншым шляхам ён павінен быў атрымаць пачатковую адукацыю. Выхаванне яго паэтычнага майстэрства адбывалася, відаць, ужо пазней - у Віленскай езуіцкай акадэміі на факультэце філасофіі і тэалогіі.
7 чэрвеня 1730 ў Вільні М. Карыцкі ўступае ў ордэн езуітаў. Паспяхова прайшоўшы выпрабаванні ў навіцыяце (1730-31), ён быў накіраваны ў Слуцк для атрымання педагагічнай адукацыі (1732-33). Тут пазнаёміўся з Антоніем Скарульскім, разам з якім потым займаўся мадэрнізацыяй школьнай сістэмы. У 1733 паэт прыехаў у Вільню для вывучэння ў акадэміі курса філасофіі, які доўжыўся тры гады.
Пасля вучобы пакінуты ў акадэміі, дзе ў 1736-38 выкладаў граматыку, паэтыку і рыторыку. У 1738 яго перавялі ў Варшаўскі калегіюм, які адміністрацыйна належыў да Літоўскай езуіцкай правінцыі, на пасаду выкладчыка паэтыкі. У гэтым жа калегіюме з 1739 ён становіцца студэнтам тэалагічнага факультэта. У 1742 М. Карыцкі вяртаецца ў Віленскую акадэмію, каб прадоўжыць тут вывучэнне тэалогіі. За год да заканчэння прыняў святарскі сан, а ў 1743 здаў іспыт за курс тэалогіі. Пасля ён мусіў яшчэ год быць у Вільні, каб падрыхтавацца да пастырскай і педагагічнай дзейнасці.
У 1744 яго накіроўваюць выкладчыкам паэтыкі і рыторыкі ў Менскі езуіцкі калегіюм. А ў 1745-46 навуч. годзе ён зноў апынуўся ў Віленскай акадэміі, дзе выкладаў рыторыку і атрымаў ступень магістра філасофіі і вызваленых навук.
Дзеля выхавання кадраў маладых настаўнікаў М. Карыцкага накіравалі прафесарам у Слуцкую семінарыю, дзе ён працаваў два гады (1746-48). У 1748-50 ён знаходзіўся ў Пінскім калегіюме. Пасля атрымання ступені доктара філасофіі працаваў у Віленскай акадэміі прафесарам і сеньёрам філасофскага факультэта (1750-55), тут яго вучнем быў паэт Адам Нарушэвіч. У 1756-63 Міхал Карыцкі выкладаў у розных калегіюмах Беларусі і Польшчы: Варшаве, Драгічыне, Менску, Нясвіжы. У 1763 яго прызначылі рэктарам Варшаўскага калегіюма. Пры яго рэктарстве дасягнуў росквіту і Варшаўскі свецкі калегіюм для шляхты.
З гэтага ж часу пачынаецца перыяд актыўнай паэтычнай творчасці Міхала Карыцкага: выходзяць асобнымі выданнямі эпіграмы да Младзяёўскага і на каранацыю Станіслава Аўгуста, элегія да Антонія Пшэздзецкага. А ў 1766 з'явіўся лацінскі зборнік Яна Яноцкага "Выбранае з польскай літаратуры", дзе былі надрукаваны дзве згаданыя эпіграмы і яшчэ шэсць новых твораў. Перадрукоўка ў зборніку раней апублікаваных вершаў сведчыць пра прызнанне таленту паэта, рост яго папулярнасці.
6 верасня 1766 Міхал Карыцкі заняў пасаду кіраўніка Мазавецкай правінцыі езуітаў. Падзяляў ідэі Асветніцтва; імкнуўся палепшыць сістэму адукацыі, надаць ёй больш свецкі характар. Пры падтрымцы брата Караля працаваў над удасканаленнем адукацыі. Увёў іспыты па прадмеце і методыцы навучання для кандыдатаў у выкладчыкі, адмяніў састарэлы метад дыктавання лекцый і прадпісаў шырока выкарыстоўваць падручнікі. Клапаціўся пра забеспячэнне студэнцкіх бібліятэк, выпісваў кніжкі з-за мяжы. Вялікая ўвага звярталася і на маральнае выхаванне моладзі, асабліва вучняў, што жылі ў канвіктах (інтэрнатах).
У 1770 паэт пакінуў пасаду і ў 1770-71 выконваў абавязкі кансультанта ў Полацкім калегіюме, а затым быў пераведзены ў Бабруйск, дзе працаваў прапаведнікам і загадчыкам школьнай бібліятэкі. Прычына перамяшчэння М. Карыцкага магчыма абумоўлена тым, што яго актыўная асветніцкая дзейнасць не падабалася некаторым кансерватыўным колам езуітаў. Пасля скасавання (1773) Папам ордэна езуітаў Адукацыйная камісія прызначыла М. Карыцкага на пасаду прэфекта Менскага калегіюма, які неўзабаве быў пераўтвораны ў ваяводскую школу.
Міхал Карыцкі не пакідаў займацца паэзіяй. У 1771 выйшаў другі зборнік Яна Яноцкага "Новыя творы сармацкіх музаў", куды ўвайшлі пяць новых твораў паэта: панегірык, дзве элегіі і дзве эпіграмы. Забарона ордэна езуітаў вельмі ўразіла М. Карыцкага, як і тое, што расійская імператрыца Кацярына II дала выгнанцам прытулак у Полацку, яго прыхільнасць да Расіі вылілася ў вершах, што склалі аснову пасмяротнага зборніка "Песні" (1817).
У Менску асветнік працаваў да пенсіі, займаючыся школьнымі справамі. Яго новыя вершы, датаваныя 1780-81, былі надрукаваны, відаць, ужо пасля таго, як ён па стану здароўя пакінуў працу ў школе. У апошні год працы ў Менскай ваяводскай школе паводле ўказу караля Станіслава Аўгуста М. Карыцкі быў узнагароджаны медалем Merentibus (заслужаны). Кароль прапанаваў яму выдаць збор твораў. Але ў 1780 здароўе Міхала Карыцкага значна пагоршылася, 13 чэрвеня ён па хваробе быў вызвалены ад пасады.
На пачатку наступнага года М. Карыцкаму была прызначана пажыццёвая пенсія, якая павінна была выплочвацца з 1 красавіка. Аднак 10 сакавіка 1781 жыццё паэта абарвалася. Cваю маёмасць Міхал Карыцкі ахвяраваў на патрэбы Менскай школы, дзе выкладаў у апошнія гады.
Міхал Карыцкі - пачынальнік класіцызму як творчага метаду, яго паэзія паўплывала на лацінамоўную паэзію Рэчы Паспалітай эпохі Асветніцтва. Пісаў вершы, казкі, элегіі, пасланні, пародыі лацінскай мовай.
Большасць твораў прысвечана тагачасным грамадскім і культурным дзеячам, мясцовым падзеям. З літаратурнага боку найбольш цікавая сярод іх - эпічная паэма "Птушыны сейм". Яна напісана з нагоды абрання Станіслава Панятоўскага каралём Рэчы Паспалітай у 1764 годзе, відаць, адразу ж пасля элекцыі. Паэма ўяўляе разгорнутую алегорыю, дзе кароль паказаны ў выглядзе арла, а выбарчы сойм - у вобразе птушынага злёту.
Вядома 25 вершаваных твораў М. Карыцкага, выдадзеных прыжыццёва: 11 з іх выйшлі асобнымі выданнямі, 12 апублікаваны ў зборніках Яна Яноцкага, а 2 - асобна і ў зборніках Яноцкага. Мяркуючы па ўсім, вершы карысталіся папулярнасцю і выдаваліся вялікімі тыражамі. Творы арганічна ўліваліся ў літаратурны працэс у Рэчы Паспалітай, чыталіся тут, уплывалі на розум і пачуцці сучаснікаў. Першыя з яго датаваных вершаў былі, відаць, "Аўстрыйскі Марс" (1756-57) і "Дыфірамб" (1757), прысвечаныя Радзівілам. Апошні вядомы паэтычны твор, надрукаваны пры яго жыцці ў 1781, "Песня", адрасаваная Кацярыне II. Аўтар элегій "Да Касакоўскага" і "Да брата Караля", прыродаапісальнай оды "Да Зімы". Некаторыя вершы былі апублікаваныя ў зборніку "Musarum Sarmaticarum specimina nova" (1771).
У панегірыку Марціну Пачобуту-Адляніцкаму з нагоды абрання яго рэктарам Віленскай акадэміі ў 1780 Карыцкі праслаўляе магутнасць чалавечага розуму і навуку, якая на яго думку, мае боскае паходжанне. У панегірыках Кацярыне II з нагоды прыезду яе ў Беларусь і наведвання Полацка ў 1780 паэт выказвае свае пачуцці замілавання родным краем, ганарыцца яго прыгажосцю і багатай гісторыяй, праслаўляе адвечную славянскую раку Дзвіну і старажытны Полацк, куды раіць ён Кацярыне перанесці сваю сталіцу.
Праз 36 гадоў пасля смерці М. Карыцкага яго творчы даробак быў упарадкаваны і выдадзены Полацкай езуіцкай акадэміяй, куды аўтар пераслаў свае творы незадоўга да смерці. Зборнік пад назвай "Carmina" ("Песні") выйшаў у 1817 годзе ў Полацку і налічвае 155 старонак. Ён адкрываецца кароткай прадмовай пад назвай "Звесткі пра жыццё і творы аўтара", дзе змяшчаецца таксама вершаванае прысвячэнне М. Карыцкага свайму мецэнату і апекуну каралю Станіславу Аўгусту. Далей ідуць вершы, згрупаваныя паводле жанрава-метрычных асаблівасцей. У кнігу ўвайшло 86 паэтычных твораў
Карэспандэнцыя паэта захоўваецца ў архівах Вільні, Кракава і Масквы.
Матэрыял скампанаваны з розных крыніц, у тым ліку з Вікіпедыі .
Пісьменнік і яго сям'я
77 гадоў спаўняецца сёлета (13 верасня) Уладзіміру Ільічу Содалю, літаратурнаму даследчыку, натхнёнаму рупліўцу беларушчыны, сябру Рады ТБМ. Лічба сімвалічная і, напэўна, шчаслівая. Артыкулы і нататкі Уладзіміра Содаля штогод друкуюцца ў часопісах " Маладосць", " Роднае слова", "Наша вера", у газетах "Наша слова", "Народная воля".
Не толькі сябры па пяру і чытачы гуртуюцца вакол яго, але родныя і блізкія атуляюць яго клопатам і любоўю. Сям'я пісьменнніка дружная, сардэчная. Двое дзяцей, чацвёра ўнукаў, праўнучак радуюць Уладзіміра Ільіча. А колькі яшчэ незанатаваных гісторый з доўгага і трывожнага жыцця продкаў захоўваецца ў сям'і! Некаторыя эпізоды ўзгадалі па маёй просьбе Уладзімір Ільіч і яго верная паплечніца Клара Барысаўна .
Не аднойчы даводзілася чуць пра радавод Содаляў, перагортваць старонкі фотаальбомаў. Вось дзед Павал, мажны, моцны, з барадой, які меў млын. Быў раскулачаны, сасланы ў Сібір. Бацька Ілья, механік, вярнуўся з высылкі ў мястэчка Мормаль, толькі паспеў ажаніцца і сыночка нарадзіць,як грымнула вайна, і ён загінуў у першыя дні баёў.
- Матулька мая Аляксандра Несцераўна пражыла каля 90 гадоў, - узгадвае Ўладзімір Ільіч. - Пасля вайны яна перабралася ў Астрашыцкі Гарадок. Яна была фізічна моцнай, нетаропкай. Унукі паставілі ёй помнік з беларускім надпісам і крыжом.
- Нашу матулю, - расказвае Клара Барысаўна, - звалі Соф'я Язэпаўна Драздовіч. А прозвішча таты было - Караткевіч. Нарадзілася нас чацвёра сясцёр: Роза, Клара, Святлана і Сталіна. Тата - партыец, назваў усіх па-рэвалюцыйнаму. Але і ён загінуў у першы год вайны. Мы, чацвёра дзяўчынак, з мамай адправіліся ў эвакуацыю ў Саратаўскую вобласць, у горад Кіраў. Колькі высілкаў каштавала маме дагледзець нас, накарміць, апрануць! Жанчыны бераглі дзяцей, такога ніколі не было ў думках, каб кінуць дзіця! Усіх захавалі, выгадавалі.
Дапамагала тое, што мама працавала на малочным заводзе, у цэху па вырабу сыроў. Мы пайшлі ў школу з сястрыцамі ў Кіраве і пражылі там да 1952 года. Пасля Перамогі мама захварэла, з ёй сталі здарацца сардэчна-нярвовыя прыступы. Мы беглі па лекара ў суседні фельчарскі пункт. У працы па вырабе сыроў ёй адмовілі, існавала рызыка. Лекары параілі матулі перамяніць клімат. Хварэла і сястрыца на залатуху, ледзь не страціла зрок. Мама не разгубілася - вымяняла бацькаву вопратку і цёплую шапку на казу Кацьку, і адпойвала сястрыцу казіным малаком.
Мама была непісьменная, яна папрасіла: "Дачушкі, напішыце ліст на Астрашыцкі сельсавет, пашукайце дзядзьку Івана, можа ён знойдзецца, будзем перабірацца на радзіму." Дзядзька Ваня знайшоўся і прыехаў па нас. Ён купіў для нас невялічкую курную хатку ў Астрашыцкім Гарадку. Мы згадзіліся на гэтую халупку, каб толькі жыць з сям'ёй на радзіме і перабраліся. І, сапраўды, маме палепшала, яна пачала працаваць на хлебзаводзе, пазней - санітаркай у паліклініцы. Мама пражыла 87 гадоў. (Аднойчы мы з'ездзілі ў Кіраў і сустрэліся з даўнімі суседзямі - ніхто не верыў, што мама жывая. Вось якія сілы дае родная зямля ды любоў да дзяцей!)
У тыя часы ўсе вельмі бераглі адзін аднаго, спрыялі адно аднаму, дзяліліся скарбам і ежай, часта хадзілі ў госці, сябравалі. Хацінку мы з сястрыцамі самі паклеілі шпалерамі. У той халупцы давялося і нам з Уладзімірам Ільічом трошкі пажыць, бо сёстры перабраліся ў Менск. А ўсяго з сабой Валодзя меў чымаданчык з кашуляй і вясельным ручніком. І вось усё потым, набылі, напрацавалі, нажылі!
… Яны пазнаёміліся ў парку імя Горкага. Светлавалосая Кларачка вучылася ў тэхналагічным інстытуце, а Валодзя - у педагагічным. У 1961 годдзе яны ўзялі шлюб, і з тае пары ёй бліжэй стала родная мова. Яна друкавала яго тэксты, нарысы, сцэнарыі. Яе сэрца перапаўнялі шчасце і гонар, калі мужа ўрачыста прымалі ў саюз пісьменнікаў.
Уладзімір Ільіч спачатку працаваў выкладчыкам беларускай літаратуры і мовы ў дзіцячым санаторыі ў Астрашыцкім Гарадку, настаўнікам у белым халаце. Дзеці да яго гарнуліся. Хутка нарадзіўся і свой сынок Марат, а праз пяць гадоў - дачушка Аксана. Усе сястрыцы Клары павыходзілі замуж, ды ў амаль ва ўсіх - па двое дзетак, традыцыя сямейнасці перадаецца з пакалення ў пакаленне. Ёсць з чаго браць прыклад сучаснікам, прыслухоўвацца ды вучыцца!
- Першую кватэру мы набылі на завулку Шчадрына ў Менску, - прыгадвае Клара Барысаўна.- Потым Уладзімір Ільіч перайшоў на тэлевізію, быў рэдактарам праграм, стаў вядоўцам " Роднага слова". Тады і закруцілася кола вандровак па мясцінах Янкі Купалы, Францішка Багушэвіча, Дуніна-Марцінкевіча. У 70-тыя гады трохпакаёвую кватэру дапамагла атрымаць народная артыстка Зінаіда Бандарэнка па лініі прафсаюза. Яна сказала на сходзе: " Паглядзіце, хто жыве ў горшых умовах, чым Содалі?!"
З тае пары Уладзімір Ільіч і жыве па вул. Каліноўскага ў Менску, у адным з пакояў - яго пісьменіцкі кабінет, архіў, "папяровае царства". Тут - шафа з кнігамі, партрэты дзеда і бабулі, лісты, дакументы, часопісы і газеты розных перыядаў.
Мы пагарталі з Уладзімірам Ільічом ягоныя кнігі "Сцежкамі Мацея Бурачка" (1991), "Блаславёныя Кушляны" (2009), перагледзелі фотаздымкі, узгадалі Кушляны, якія не аднойчы наведваў і фатаграфаваў пісьменнік. Дзіўна, разважае ён, як сядзіба ў Кушлянах вытрымала першую і другую Сусветную вайну. Стараннямі вартаўніка Міхала Ляпехі засталіся цэлымі сцены маёнтка і рэчы Багушэвічаў. Ліставаўся Уладзімір Ільіч з ім і з унукамі Францішка Багушэвіча.
Здымкі Багушэвіча ляжаць таксама ў сямейным альбоме. Клопат пра яго рушыць даследчыка па жыцці. Увесь час яму карціць дазнацца пра што-небудзь новае, нязведанае.
Ужо дарослымі сталі ўнукі Содаля Алесь, Кастусь, Максім. Унучак Сержык, які з дзядулінай падтрымкай выдаў некалькі кніжачак вершаў і нататкаў па-беларуску, скончыў навучанне ў інстытуце і паступіў у магістратуру. Дарэчы, Сяргей аднойчы паставіў прозвішча " Содаль" ў пошукавік у інтэрнэце і знайшоў каля 12.000 узгадак пра дзеда. А праўнучак Дамінік, якому далі імя Купалавага бацькі, цяпер цешыць дзядулю больш за ўсіх.
Гутарыла Эла Дзвінская . На здымках: 1. Ул. Содаль з матуляй, Аляксандрай Несцераўнай. 2. Вяселле Клары і Ўладзіміра Содаляў. 3. Пісьменнік з матуляй, сям'ёй сына і ўнукамі. 4. Уладзімір Ільіч сустракае з радзільні нявестку Тацяну 5. З Эрнестам Ялугіным. Фота з архіва сям'і Содаляў.
Па-беларуску ў Гародні будуць вучыцца 16 першакласнікаў
У гарадзенскай школе № 34 з'явіцца беларускі клас. Пра гэта афіцыйна паведамілі падчас сустрэчы бацькоў першакласнікаў.
Усяго ў класе пад літарай "К" будзе навучацца 5 дзетак. Такім чынам, сёлета ў два першыя ў Гародні беларускія класы ў школах № 32 і 34 набралася 16 дзетак-першакласнікаў, якія будуць вучыцца па-беларуску.
Старшыня Гарадзенскай гарадской рады ТБМ Аляксей Пяткевіч лічыць, што дасягнуць гэтага ўдалося дзякуючы сталай агітацыйнай працы сяброў Таварыства:
- Вынік добры, раней такога не было, назіраецца пэўная тэндэнцыя прагрэсу ў гэтай справе, з кожным годам павялічваецца колькасць беларускамоўных вучняў, прынамсі ў нас у Гародні. Гэта канешне прыемна, хаця такая колькасць не вельмі цешыць, калі ўлічыць, што ў школах па дзесяць першых класаў, то беларускамоўны невялікі клас на гэтым фоне выглядае вельмі і вельмі сціпла.
У Гародні ў гэтым навучальным годзе ўжо адкрытыя беларускамоўныя класы ад першага па чацвёрты.
Таксама па-беларуску будуць вучыцца 2 пяцікласнікі-гімназісты, праўдападобна ў гарадзенскай гімназіі № 10. Для дашкольнікаў будуць працаваць дзве беларускія групы пры садку № 45, якія ахопліваюць узрост ад двух да пяці гадоў.
Якуб Сушчынскі , Беларускае Радыё Рацыя.
У Лідзе па-беларуску будуць вучыцца 10 першакласнікаў
Ужо другі год падрад паўнавартасны беларускамоўны клас адкрываецца ў лідскай школе № 16.
Тут праца вядзецца з апорай на этнасадок, які па азначэнні беларускамоўны, але з выхаванцаў якога доўгі час не ўдавалася стварыць беларускамоўнага класа. Аднак правільны падход да бацькоў тут быў знойдзены, і вось два гады падрад беларускамоўныя класы набіраюцца.
Наш кар.
Духоўная адукацыя па-беларуску
Праваслаўныя і каталіцкія святары дабраславілі моладзь перад пачаткам заняткаў у школе і навучальных установах. Ксёндз-пробашч касцёла св. Сымона і Алены ў Менску Ул. Завальнюк прывітаў дзяцей, а святары дабраславілі іх на вучобу і асвяцілі школьныя прылады. Уладзіслаў Завальнюк заклікаў бацькоў задумацца аб неабходнасці духоўнай адукацыі.
- У наш час пераважае імкненне дасканаліць інтэлект і трэніраваць біцэпсы. А як выхаваць сумленне, добрае і чулае сэрца? Таму, каб дзеці не ўкрыўдзілі сваіх бацькоў і не прычынілі ім душэўнай пакуты, калі вырастуць, варта прыступіць да духоўнай адукацыі, навучання прыказанням Божым, вывучэння Свяшчэннай гісторыі і прыкладаў жыцця блаславёных і праведных асобаў касцёла, да ўдзелу ў добрых справах. У сем'ях, дзе ёсць супольная малітва, крок да катэхізічных заняткаў будзе зразумелым.
Ксёндз пажадаў вучням паглыблення сваіх школьных ведаў, адказнага стаўлення да вучобы і добрага здароўя. Катэхізічныя заняткі ў касцёле вядуцца на беларускай мове. Яны пачнуцца ў канцы верасня. Парафіяне ахвяравалі свае сродкі і на Гарадзенскую духоўную семінарыю.
На працягу верасня ў касцёле будуць адбывацца малітвы за настаўнікаў , тых, хто нясе асвету і выхаванне, спрыяе маладым людзям у ажыццяўленні свайго паклікання.
Э. Дзвінская. На здымку: Бацькі і дзеці пры падрыхтоўцы да першай св. Камуніі
Увага
Справаздачна-выбарная канферэнцыя Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" і Лідскай арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" адбудзецца ў Лідзе ў актавай зале Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы
18 верасня ў 17.30
На павестцы дня:
1. Справаздачы кіраўніцтва арганізацый аб зробленай рабоце за 2011-2014 гг.
2. Справаздачы Рэвізійных камісій.
3. Выбары кіраўніцтва арганізацый на новы тэрмін.
4. Выбары Рэвізійных камісій.
5. Выбары дэлегатаў на чарговы з'езд ТБМ.
6. Рознае.
Рупліўцы эпохі Адраджэння
У дзень народзінаў прыемна атрымліваць падарункі. Тым больш, што падарунак атрымаўся для шматлікіх прыхільнікаў творчасці Якуба Коласа, чый дзень народзінаў мы ў хуткім часе будзем адзначаць. Справа ў тым, што ў фонд Максіма Багдановіча (захоўваецца ў Літаратурным музеі М. Багдановіча) трапілі матэрыялы з архіва Аляксандры Паўлаўны Уласавай, у тым ліку і занатаваныя ёй успаміны яе мужа - Аляксандра Мікітавіча Уласава пра Якуба Коласа. Нельга сказаць, што яны адкрываюць новыя факты з жыцця класіка, але, безумоўна, успаміны прасякнуты цеплынёй чалавечых адносін, пачуццём сяброўства і яднаннем людзей адной ідэяй - верай у эпоху Адраджэння Беларусі.
З днём народзінаў, шаноўны класік!
"Памятная сустрэча з Якубам Коласам (з дарэвалюцыйнага мінулага) прысвечана дню нараджэння"
Літаратурны запіс Аляксандры Паўлаўны Уласавай па ўспамінах мужа - першага рэдактара беларускай газеты "Наша Ніва" Аляксандра Уласава)
Маладыя мае чытачы!
Ваша жыццё ўсё ўперадзе. Ваша вера ў шчаслівую будучыню, яна недзе за ружовымі хмаркамі-летуценнямі - там адкрываюцца новыя і новыя далі. Наша пакаленне несла свае ідэалы вызвалення народаў пакрыўджаных, занядбаных, - пашанавання ўсіх цяжка працуючых, на карысць не сваю, а чужую. Мае равеснікі і аднадумцы клалі свае маладыя гады, сваё асабістае шчасце, сваё здароўе, сваё жыццё. Многа іх звалілася ў баразну, аддаўшы ўсе сілы даканца.
Ехаў я ў трэццяй класе. Раптам уваліваецца лапцяватая грамада беларусоў з Нёмана. Загналі плыты ў Коўню, едуць назад па Нёману, каб зноў гнаць дрэва.
Мяне тады распірала, як кажуць, ад агітацыі, разгаварыўся скора, чытаў вершы Мацея Бурачка. Тады не было яшчэ ні Купалы, ні Коласа. Плытнікі з в. Мікалаеўшчына. Гэта вёска дастаўляла нятолькі "рачных ваўкоў", але і настаўнікаў народных. Мне кажуць: "А ў нас адзін настаўнік "смешна" чытае па-нашаму.
Праз нейкі час быў у Мінску з'езд настаўнікаў, на дачы на Камароўцы. На гэтым з'ездзе я спытаўся: "Хто тут з Вас з Мікалаеўшчыны беларускія вершы фабрыкуе?" - Выходзіць лабаценькі, з чорнай маладзенькай бародкай. Від у яго быў не зусім забіты семінарскай трафарэтнай вучобай.
Я павёў гэтае жамчужнае зярнё да знаёмых калег. Мой малады настаўнік развярнуўся. "Но лишь божественный глагол до слуха чуткого коснется, душа поэта встрепенется, как пробудившийся орел!" Хлапец пераабразіўся, вочы яго ззялі, твар адухатварыўся. Мілагучныя рыфмы спявалі ў яго.
Мы ўсе зразумелі, што перад намі - узыходзячая зорка беларускай паэзіі.
Цяпер пяройдзем да "Нашай Нівы" (1905-6 г.)
Пачатак беларускай прэсы быў увесь час на ахвярах і цяжкай начной працы. Трэба было вырабляць беларускую мову. Як мы вытрымалі гэту работу, я не разумею. Маладосць, нязломная воля і энтузіязм! Прыбыў да нас урэшце і Я. Колас. Далі яму адпаведную работу.
Прысылалі ў "Нашу Ніву" многа вершаў, разказаў, карэспандэнцыяў. Колас меў многа працы. З благіх вершаў рабіў добрыя, і местачковы вершаплёт, прачытаўшы свае вершы сваім знаёмым, дзівіўся разам з імі: якія пекныя вершы!"
Колас ўнёс многа гумару ў рэдакцыю: чалавек ён быў жыццёрадасны, у жыццё нашае "богемы" ўносіў у вольныя хвіліны многа вяселля.
Помню, як я ў Мінску хадзіў у турму да Коласа. За барацьбу супраць царскіх парадкаў, за ўдзел у нелегальным з'ездзе ён дастаў тры гады (1908-11 г.), прасядзеў паэт у Мінскім астрозе.
Помню, недзе ў завулку, драўляную турму, тыпу павятовай турмы, досыць патрыархальную. "Старшой" пікулік, убачыўшы мяне з дарамі прыроды, кажа: "Паклічце Кінцінціна Міцкевіча".
З нутра турмы выходзіць неяк баязліва наш паэт. Вядзем гутарку, але паблізу знаходзіцца стражнік.
Пасля турмы Я. Коласа (Міцкевіча) зрабілі настаўнікам тайнай беларускай школы.
Браце Якубе! Чуў я твой голас праз радыё, чуў і гарачае прывітанне мінскай публікі. Прайшоў ты праз жыццё, зрываючы, як маё пакаленне мала кветак і многа цернаў і турмы. Для мяне ўсё-ж гэта гонар, што я першым цябе расшукаў - не праз абвесткі ў газетах, а праз лапцяватых сялян-мужыкоў!
Дзе мае таварышы старыя?
Большасць спіць у зямлі сырой. Праз іх трупы прайшлі новыя барцы, утрымліваючы заваяваныя папярэднікамі пазіцыі, смела імкнучыся далей - уперад. І як наша пакаленне старалася вызваляць і дух народу з рабскае залежнасці ад чужынцаў, так і вы, маладыя, мусіце гэта рабіць і стварыць новы перыяд, які-б адыграў няменшую ролю ў беларускім рэнесансе, як першыя ў "нашаніўскі".
Успаміны Уласава. 1936 г."
Адзначу толькі, што менавіта Аляксандр Уласаў прапанаваў часовую працу ў рэдакцыі "Нашай Нівы" і сродкі для існавання Канстанціну Міцкевічу, які пасля настаўніцкага з'езду на Прыстаньцы (каля вёскі Мікалаеўшчына) быў неўладкаваны.
Людміла Сасонка , загадчык сектара ўліку і захоўвання фонда М. Багдановіча
(Літаратурны музей М. Багдановіча).
Дадатак:
1. Фотаздымак групавы: Аляксандр Мікітавіч Уласаў з жонкай Аляксандрай Паўлаўнай і дзецьмі - Алегам і Дзмітрыем. Мігаўка, 1927 г. (з новых паступленняў у фонд М. Багдановіча).
2. Фотаздымак К. Міцкевіча з архіва Аркадзя Смоліча (першая публікацыя).
3. Фотаздымак Аляксандры Паўлаўны Уласавай. Гомель, 1965 г. (з новых паступленняў у фонд М. Багдановіча).
Васіль Быкаў і Асіповічы
Старшыні Асіповіцкага
раённага камітэта
сп. Шукаловічу Пятру Яфімавічу
Сёлета, 19 чэрвеня, спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, Героя Сацыялістычнай працы, франтавіка, народнага дэпутата СССР, Народнага пісьменніка Беларусі, прызнанага майстра сусветнага ўзроўню Васіля Быкава. У многіх краінах свету спачатку ведаюць В. Быкава, а пасля Беларусь.
Усё гэта дае падставу для ўшанавання яго памяці на Беларусі, і на Асіповіччыне ў прыватнасці. Тым больш, што ён у свой час меў дачыненне да нашага краю - у 1955 годзе ст. лейтэнант В. Быкаў служыў афіцэрам у ваенным гарадку Лапічы і пражываў на прыватнай кватэры ў в. Ручай. Гэтаму маецца дакументальнае пацверджанне з Падольскага ваеннага архіва.
Раённае ГА ТБМ імя Ф. Скарыны прапануе з гэтай нагоды і ў сувязі з 70- годдзем вызвалення Беларусі ад фашысцкіх акупантаў ушанаваць памяць франтавіка - пісьменніка, для чаго:
- усталяваць мемарыяльную дошку ў гонар В. Быкава ў Лапіцкім ваенным гарадку;
- назваць ці перайменаваць адну з вуліц у г. Асіповічы імем В. Быкава. Тым больш, што для перайменаванняў вуліц горада ёсць усе падставы - шмат якія іх назвы паўтараюцца па некалькі разоў (гл. "Пералік назваў вуліц. Карта-схема г. Асіповічы. 2010 г.")
Слушнасць нашай прапановы пацвярджаюць і подпісы неабыякавых грамадзян з розных месцаў нашага раёна, спісы якіх дадаюцца.
Старшыня Асіповіцкай Рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" С. Бародзіч.
Бародзічу С.Д. і іншым,
вул. Надрэчная, д. 14-б,
в. Дараганава
Асіповіцкага раёна
Раённы выканаўчы камітэт разглядзеў Ваш зварот аб увекавечанні памяці В. Быкава - усталяванні мемарыяльнай дошкі ў Лапіцкім ваенным гарадку, назве ці перайменаванні вуліцы ў г. Асіповічы ў яго гонар.
У сувязі з запланаванай у бліжэйшы час аптымізацыяй і перадыслакацыяй вайсковых часцей Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, на тэрыторыі Лапіцкага ваеннага гарадка застанецца адна вайсковая часць, якая з'яўляецца рэжымным аб'ектам. Прычым, у ёй не будзе ваеннаслужачых тэрміновай службы. Улічваючы дадзеныя абставіны, усталяванне там мемарыяльнай дошкі ў гонар В. Быкава з'яўляецца нямэтазгодным.
Назваць вуліцу В. Быкава ў Асіповічах будзе магчыма пры забудове новых вуліц у горадзе. У бліжэйшы час у планах забудова новага раёна прысядзібнага жыллёвага будаўніцтва заходняй часткі горада ўздоўж вуліцы Юбілейнай.
У адпаведнасці з артыкулам 15 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 мая 1998 года № 154-3 "Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні і парадку рашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь" найменне і перанайменне праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых складаемых частак населеных пунктаў адбываецца адпаведным мясцовым Саветам з улікам меркаванняў насельніцтва дадзенай тэрыторыі.
Да 90-годдзя з дня нараджэння В. Быкава ў бібліятэках раёна праведзены шэраг тэматычных мерапрыемстваў, падрыхтаваны кніжныя выставы і прагляды на тэмы: "Назаўсёды застанецца Быкаў", "Праўда пра вайну ў кнігах В. Быкава", "В. Быкаў: лёс і творчасць", "Радавы ўсенароднага подзвігу" і інш.
Цэнтральнай раённай бібліятэкай арганізаваны дзень Быкаўскай кнігі, праграма якога складалася з выставы-прэзентацыі "Я перад Вамі з памяццю маёй" і электроннай прэзентацыі "Жыццё як творчасць: без кампрамісаў", літаратурнай гадзіны "Ён заўсёды гаварыў праўду".
У сельскіх біліятэках раёна праведзены вечары-аповеды "Шлях чалавека, якому не было спакою", "Салдат пяра і праўды", гадзіны пісьменніка "Вайну ён ведаў не па чутках", "Акопная праўда", "Майстар ваеннай прозы", пазнавальныя ўрокі "Так вайна распарадзілася лёсам", "Суровыя старонкі ваеннага часу ў прозе В.Быкава".
У адпаведнасці з артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" дадзены адказ можа быць абскарджаны ў Магілёўскі аблвыканкам.
Старшыня раённага выканаўчага камітэта П.Я. Шукаловіч
Увага
У верасні 2014 г. у сядзібе ТБМ у межах кампаніі "Будзьма" працягвае працаваць гістарычная школа "Гісторыя ў падзеях і малюнках" пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Алега Трусава
Заняткі будуць прысвечаны вывучэнню гісторыі Беларусі ў ХVI-ХVIII ст.
На занятках будуць дэманстравацца гістарычныя фільмы розных тэле- і кінастудый.
Падчас заняткаў таксама прадугледжаны абмен думкамі наконт сучаснага стану беларускай мовы і яе функцыянавання ў грамадстве. Такім чынам, удзельнікі змогуць павысіць свае веды па гісторыі Беларусі і папрактыкавацца ў веданні беларускай мовы.
У верасні заняткі адбудуцца: 15 верасня (панядзелак).
Пачатак а 18-й на вул. Румянцава, 13. Уваход вольны.
АБ'ЯВА
У верасні сядзіба ТБМ працуе штодня з панядзелка па пятніцу з 15 да 19 гадзін.
Кніжная выстава працуе з 15 да 19 гадзін. Субота і нядзеля не працуем.
100-годзе Чэслава Сіповіча ў Друі
31 жніўня ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Друі ўшанавалі 100-годдзе нараджэння свайго былога парафіяніна - біскупа Чэслава Сіповіча.
На святкаванні прыбылі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, асістэнт Апостальскага візітатара для беларусаў замежжа айца Аляксандра Надсана айцец Сяргей Стасевіч (Лондан). Аляксадр Надсан па стане здароўя не змог прысутнічаць на ўрачыстасцях.
Урачыстасці пачаліся ўранку з асвячэння ў вёсцы Дзедзінка новых помнікаў, якія ўсталяваны на месцы пахавання бацькоў біскупа Чэслава Сіповіча. Пасля сустрэчы ўсіх ганаровых гасцей распачаўся акафіст грэка-каталіцкага хору з Менска і святая імша, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці. Казанне на імшы Гуджэроці прамаўляў па-беларуску.
"Гэтая падзея мае гістарычнае значэнне, бо ніколі і ніхто з Апостальскіх Нунцыяў у Беларусі не рабіў падобнага" , - напісаў пасля ў сваім фэйсбуку ксёндз-пробашч з Друі айцец Сяргей Сурыновіч.
Напачатку імшы, у касцёле была ўрачыста адкрыта памятная пліта з бюстам Чэслава Сіповіча. Выраблена яна была па ініцыятыве беларускай грэка-каталіцкай царквы ў Лондане, а тэкст на ёй напісаны беларускай лацінкай.
У сваім казанні па-беларуску Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці сказаў:
- Чэслаў Сіповіч не шукаў пакуты і мучаніцтва. Будучы чалавекам адукаваным і зацікаўленым праблемамі грамадства, ён не быў прарокам сацыяльнага характару, ані дзеячам культуры. Ён быў чалавекам, які шукаў Бога ўсім сваім сэрцам і быў гатовы заплаціць высокую цану гэтых пошукаў.
Ён мог бы мець спакойнае законнае жыццё. Дастаткова было б прыняць перакананні тых, хто настойліва навязваў яму чужую ідэнтычнасць. Шмат пакутаў абмінулі б яго, і паводле сучаснага мыслення ён быў бы шчаслівым.
Было б дастаткова адрачыся ад сваёй беларускасці, згадзіцца на тое, каб гэты народ быў бы яшчэ раз прыніжаны, як гэта было на працягу стагоддзяў: народ, які лічылі нікім і нічым, безыменнае стварэнне, невядомая зямля сярод вядомых краін, бязлюдная тэрыторыя.
Чэслаў Сіповіч не спакусіўся лёгкім шчасцем і быў высланы, каб ніколі больш не ўбачыць сваю Бацькаўшчыну, забытую зямлю.
Замест выгнання ў Манчжурыю ён паехаў на Захад, шукаць беларусаў, якіх вайна і пераслед прымусілі эміграваць. Паехаў, каб клапаціцца пра беларусаў, якія існавалі, але не мелі права заявіць пра сваё існаванне.
Чэслава Сіповіча папрасілі пакінуць лацінскі абрад і прыняць візантыйскі. Ён, які не нарадзіўся грэка-католікам, стаў грэка-католікам у перакананні, што так мог лепш служыць свайму народу.
Чэслаў Сіповіч быў пасланы ў Лондан і там пачаў шукаць месца, каб маліцца і жыць, дзе мог бы сабраць сваіх.
Потым, калі ён стаў біскупам (адзіным каталіцкім беларускім біскупам у тыя часы), прайшоў увесь свет, каб паказаць брацкі твар беларусам, каб дазволіць загучаць гукам мовы, мілай іх сэрцу, каб не дазволіць ім забыцца, што яны беларусы.
Гэта цяжкі крыж. Чэслава Сіповіча абвінавацілі ў шавінізме, нацыяналізме, фанатызме. Ён бачыў, як паволі змяншалася паства, бачыў, як паміралі браты, з якімі ён згадзіўся перажываць гэтую прыгоду. Бачыў таксама, што свет, а часта і Касцёл, не разумелі добра ягоны народ.
Сёння тут, у Друі, у "беларускім" кляштары марыянаў, адным з санктуарыяў беларускай культуры, мы адчуваем прысутнасць Чэслава Сіповіча ў таямніцы Бога. Мы выражаем яму глыбокую ўдзячнасць за тое, што ён да канца нёс свой крыж.
Хто ведае, што адчувае ён, калі чуе сёння малітвы на беларускай мове.
Сёння ён прысутны на гэтай зямлі, дзе можна публічна маліцца, дзе будуюцца святыні і паўстаюць кляштары, і дзе быць беларускім католікам не з'яўляецца больш супярэчнасцю, прынамсі для большасці.
Спадзяемся, што біскуп Сіповіч даруе моўныя памылкі прадстаўніку Папы ў Беларусі, які намагаецца сёння гаварыць пра яго на ягонай жа мове. Гэта выраз таго, што ўвесь Касцёл паважае і шануе гэтую мову і гэты народ і просіць прабачэння за тое, калі не заўсёды рабіў гэта так, як павінен.
Чэслаў Сіповіч - (8 снежня 1914 г., в. Дзедзінцы, Браслаўскі павет - 4 кастрычніка 1981 г., Лондан) - беларускі грэка-каталіцкі святар, генерал супольнасці марыянаў, тытулярны біскуп Марыяметанскі, Апостальскі візітатар беларусаў-католікаў замежжа, доктар багаслоўскіх навук (1946), адзін з беларускіх тэарэтыкаў і прапаведнікаў экуменізму; гісторык, культуролаг, пісьменнік, публіцыст і перакладчык. У перыядычным друку выступаў пад псеўданімамі Васіль Друя (В. Д-я), А. Дзедзінка (А. Дзка), Крывічанін і інш.
Паходзіў са шматдзетнай сялянскай сям'і беларусаў-католікаў Вінцука Сіповіча і Ядвігі Тычкі. Адукацыю атрымліваў у пачатковай школе ў роднай Дзедзінцы (з 1921 г.), пасля ў Друі, з 1928 г. вучыўся ў Друйскай гімназіі пры кляштары айцоў марыянаў. Пасля яе заканчэння ў 1935 г. вывучаў філасофію і тэалогію ў Віленскім універсітэце імя Сцяпана Батуры. 1 жніўня 1933 г. уступіў у навіцыят марыянаў. 9 ліпеня 1938 г. паводле загаду польскіх уладаў быў разам з іншымі марыянскімі студэнтамі выселены з Друйскага кляштара і не змог працягваць навучанне ва ўніверсітэце, бо вяртацца ў Вільню яму не дазволілі польскія ўлады. Вучыўся ў Папскім Усходнім інстытуце, дзе падрыхтаваў і абараніў 19 снежня 1946 г. доктарскую дысертацыю. Святарскае пасвячэнне атрымаў у Рыме 16 чэрвеня 1940 г.
Быў рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі (1947). Удзельнік Другога Ватыканскага Сабору (1962-1965), быў там абраны ў камісію па справах Усходніх Цэркваў. Генерал супольнасці марыянаў у Рыме (1963-1969). З 1959 - віцэ-старшыня, з 1965 - ганаровы віцэ-прэзідэнт Таварыства Яна Залатавуснага ў Лондане.
Быў сябрам Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі, сябрам рэдкалегіі навуковага часопіса "The Journal of Byelorussian Studies". Браў актыўны ўдзел у арганізацыі і дзейнасці Англійска-беларускага таварыства.
У складзе ініцыятыўнай групы беларускіх духоўных і свецкіх дзеячаў (Пётра Татарыновіч, Леў Гарошка, Лявон Рыдлеўскі) 8 лістапада 1946 г. хадайнічаў перад Папам Піем ХІІ аб прызначэнні беларускага біскупа. Адзін з арганізатараў Беларускай школы св. Кірылы Тураўскага і інтэрната пры Лонданскім доме марыянаў (1961). Ініцыятар і заснавальнік Беларускага дома айцоў марыянаў у Лондане. У жніўні 1965 абраны сябрам Управы беларускага адукацыйнага і дапаможнага фонду ў ЗША. Ініцыятар адкрыцця і заснавальнік Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны і музея пры ёй (май 1971). Удзельнічаў у з'ездах беларускіх каталіцкіх святароў у эміграцыі (1960, 1961, 1962, 1972, 1977, 1979).
Актыўна супрацоўнічаў з беларускімі эмігранцкімі перыядычнымі выданнямі ("Беларус", "Бацькаўшчына", "Божым шляхам").
Тэкст паводле catholic.by. Фота Сяргея Гудзіліна.
Каму молімся
Усплёскі хваль памяці ў дзень 75-годдзя
Любая сапраўдная праца чалавека, у чым бы не праяўлялася, нязменна заканчваецца малітваю - полю, ферме, цэху, брыгадзіру, сям'і, нацыі, храму. Вядома, калі старанне не пот раба і слугі, а патужства разумнага і на разумнае, калі праца да поту, самаадданая, высокая.
Наймоцна ў малітоўстве павінны выстарвацца і дабрачыцца творчыя людзі, чые высілкі не ўнармаваныя: адсюль - дасюль, так - не так, меней - болей; чый занятак, як любы індывідуальна-паштучны, увесь час дасканаліцца і справядлівіцца, высіцца аб'ектывізмам, выверанасцю.
Такія, да скону дзейныя і рухомыя, абавязаны аб'ектывіцца найперш да свайго цэха. Калега, аднапольнік, цэхавік заўжды адзначыць твае поспехі, падкажа мажлівыя новыя варыянты, сцяжыны, а то і пуцявіны, не дапусціць крывізны ў парадзе. Якое б слова ад калегі і пра калегу не было - прыслухоўвайся, яно на палепшанне, моляцца ж дарадчык і слухач аднаму анёлу. Не расцяміў параду - двойчы разбірайся ў дабразыччы мэтра, спагадзе майстравітага.
У іх плоймы агульнага, хаця абодва, выдатна петраць, моляцца па-рознаму. Гэта нармальна, малітвы не могуць і не павінны супадаць адна з адной, быць толькі просьбай ці абяцаннем, выказам думанага і прошанага - у святога, зямлі, Вышэйшай Існасці. Па вялікім рахунку кожны свядомы робіць і моліцца для Бога. Па-рознаму, але спярша для Яго пашаны і ўславы, потым для сябе.
Які б маленькі ты не быў ці стаў вялікі, цэхавіку і калегу не можаш у парадзе крывіць, маніць, бо грэх у такіх варунках двурушніць, тым болей подлічаць.
Тычацца малітвы ўсяго жывога, асабліва думкага, азоранага здольнасцямі ўбачыць і пераняць, навучыць і прадказаць.
На жаль, вельмі многія на полі і ў цэху, канторы і ўстанове жывуць фізіялагічна, без малітвы. Верхаглядамі. Паняцця не маюць пра глыбінны сэнс блізкай даступнай малітвы, не раўнуючы пра яе доннасць. Асабліва крыўдна, калі такое высвечваецца ў стваральных.
Доўгія дзесяцігоддзі шукаю адказ на нескладанае пытанне. Як адносіцца да чалавека ці групы людзей, якія складна і гучна прапаведуюць, настойваюць, хаця самі ведаюць уласную няпраўду. Такія чым болей могуцца пераконваць іншых, тым мацней пэўняцца самімі прамоўленым.
Рака часу абмывае ўсіх, працавітых і агністых, балбатуноў і ашуканцаў, вычышчае. Не адразу. Мутная пена злётна не растае, плавае даўгавата.
Шэсцьдзесят гадоў удумна чытаю беларускую літаратуру. Усэнсоўваю станоўчае і крытычнае слова пра яе. З пяцігодкі ў пяцігодку агульны вывад нашых літдзяржаўцаў, крытыкаў няспрэчны - у светлай беларускай літаратуры ясная будучыня. Вось-вось цугам пойдуць міжнародныя адзнакі, узнагароды.
Воблакамі крыляюць гады. Журналістаў, пісьменнікаў за апошнія сорак гадоў пабольшала, кніг таксама. Чытаць іх хочацца ўсё меней. Не аднаму мне.
Не раз крамоліла праблема: куды плыве беларуская літаратура? Разам з тэкставымі высновамі гадамі высявалася падтэкставае: запэўніванні мэтраў і сярэдняга ўзроўню пісьменнікаў не прападуць, вось-вось заявіцца раман, паэма, аповесць, за якія ўхопяцца пісьменніцкія брацтвы суседніх і несуседніх дзяржаў. Перакладацьмуць, чытачы стануць шырока абмяркоўваць у Еўропе, вылучаць.
Марныя надзеі. Усё меней твораў кшталту Янкі Купалы і Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Максіма Гарэцкага, Івана Мележа, Ніла Гілевіча, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава…, якія краталі душы, захоплівалі ў палон многіх, вучылі, засцерагалі.
Не лічыць жа поспехамі беларускіх пісьменнікаў іржою распаўзаныя па дзяржаве кнігі на мове чужога народа, у асноўным павярхоўныя, слізготныя, далёкія ад праўды існавання вёскі і горада.
Уласны вопыт мае вялікае значэнне - для развіцця чалавека, духу, эканомікі. Прызнана, твой асабісты досвед - які тупы ці востры, шматлінейны ці спрошчаны не ёсць - не ўсім падыходзіць. Аднак без яго не абысціся, як мноству без адзінкі.
...Асобная мая кніга прозы ў белдзяржлітструктурах так і не з'явілася. У тэмпланах і планах рэдпадрыхтоўкі назвы значыліся - кнігамі не сталі. Ні адна. За пяцьдзесят шэсць гадоў.
За трыццаць сем апошніх гадоў ні адзін літтвор не выйшаў у дзяржлітвыдавецтве, літчасопісе. Аўтар не так прабіваецца? Дрэнна піша?
Тут мы сустракаемся з адваротным, не ўсім вядомым бокам так званага літаратурнага працэсу. З элементарным беларускім самаедствам - раз, з дзяльбою на сваіх і чужых, землякоў і неземлякоў, усходнікаў і заходнікаў - два, з пустазвонствам, грызоццем, зацінлівасцю літслужкаў - тры. З густаўшчынаю і тупой фанабэрыяй тых, хто пры хлебнай літаратурнай лусце - у выдавецтве, літчасопісе. Кожны з іх пэўніцца малавінаватым у любых адхіленнях, бедах, скаргах любых аўтараў, а то і зусім пачуваецца невінаватым. У цэлым гэта не так. Беларускія невінаватаўцы падводзяць установу, пісьменніцтва, культуру, дзяржаву.
Ціхае далікатненькае літсамаедства ў беларусаў працягваецца. Нават абвастрылася з-за чарговага беларускага глупства, нявыгаднага краіне і народу падзелу пісьменніцкага Саюза на два. Цяпер прыдзяржаўнікі могуць прапанаваць аўтару: пераходзь у наш саюз, надрукуем, выдадзім. Нібы агульная дзяржаўная рэдакцыя - іхняя маёмасць.
Адзін пісьменніцкі лагер зажадаў выдзеліцца з старога Саюза, заснаванага Купалам і Коласам, намерыўся даказаць, што лепей піша, мацней любіць народ, зямлю, парадкі.
Даказаў? Бе-е-зумоўна. Літшэдэўраў адразу стала мноства, еўрапейскіх перакладаў з беларускай пабольшала ў разы.
У любой нашай літканторцы па-ранейшаму імкнуцца вучыць, маладога і вопытнага. Падказаць новы літход, ліквідаваць промах, агрэх - гэта апраўдана, заўжды было і будзе, але беларускія грамацеі пнуцца вучыць. Асабліва даюць адлупы навізне - няўгоднаму сюжэту, прыёму, дыялекту. З году ў год адно і тое.
"Единственный в русской литературе язык Чехова при наших современных ограничителях не появился бы , - казаў Аляксандр Купрын. - Запас слов у него (Чехова) необычайно громаден" (с. 485). Ён жа маладым пісьменнікам раіў: "Найди образные незатасканные слова - лучше всего неожиданные" (с. 482).
Разумею, няма шляхаводцаў (путейцев) мовы, сцвярджаў славуты рэфарматар рускай мовы і літаратурных стыляў Уладзімір Хлебнікаў (с. 519).
Не трэба, як прапаведаваў Маякоўскі, у імя асабістага выпадку адмаўляць правапіс: "Во имя свободы личного случая мы отрицаем правописание" (с. 527).
У СССР у вобласці слоўнага мастацтва, працягнем таго ж Маякоўскага, адны інжынеры, ні аднаго рабочага, ні аднаго майстра (с. 534).
Прыгадаем выказванне аўтарытэта не толькі для славянскіх літаратур. Для сусветных таксама, Івана Буніна: "Какое невероятное количество теперь в литературе самоуверенных наглецов, мнящих себя страшными знатоками слова (с. 489). Ён жа : "Писатели не только знатоки языка, они через него воплотители найбольшой гармонии духа и физической основы нации, сути народа" .
Смеласць формы, навізна эпітэтаў і дыялектаў вітаецца ва ўсіх нацыяў і літаратурах, а беларускія грамацеі (не кажу "недарэкі") звыклі да лапцюжнай вузкай прэснай шэрасці, другога аўтара гнуць на свой капыл. (Нельга другога , толькі іншага ).
Кожнае слова, якое дыхае вёскаю, зямлёю, даўніною, мне блізкае, дарагое. Праз яго, названае дыялектам, адчуў раней нязнанае, сувязь з гіпербарэйцамі, заснавальнікамі этрускаў, ведыйцаў, арыйцаў, еўрапейцаў, Грэцыі, Рыма. Роднасць з даўнішнасцю ў іх, дыялектах. Адзін дыялект - зачастую сінтагм цэлай фразы.
Халоднае і сябелюбівае выпячванне самімі зробленага, забыццё беларускага традыцыйнага шляху, дробязнае няўменне адшукваць глыбіннае ў літпрацэсе і стылі іншых… - адсюль, думаецца, беларуская рэдакцыйная тупая прадузятасць у стаўленні да аўтараў, іх герояў.
Пастаянныя рэдактарскія спасылкі на школьныя слоўнікі, "нас у школе чытаюць, павінны разумець" - элементарнае пустаслоўе абмежаванцаў.
Калі хто не зразумее які-небудзь твор - не трэба да такога прыстасоўвацца. Нават сярэдні падкаваны чытач не падкажа дарогу пісьменніку. Ён можа заўважыць хібы, выказаць пажаданні, прывесці вартныя прыклады, узоры, аднак яго думку, як і крытыку, аўтар можа ўлічваць або не. Так паўсюдна, па ўсім свеце.
Да нашых не даходзіць. Правяць, дапамагаюць. У выніку "старшынюючы", "купляемыя", "Аркадзій, Анатолій", суцэльныя "якія", "таго"... становяцца нормаю.
Пры цяперашнім развіцці беллітпрацэсу, я упэўнены, сур'ёзны чытач доўга будзе маўчаць. Стануць болей падаць тыражы кніг, той жа "Звязды", "Нашага слова". На ўсярэдненасць і звыклую стандартнасць не адзываюцца, асабліва ў часы сотавых тэлефонаў, інтэрнэта.
"Паэты не паміраюць" - сказаў Леанід Галубовіч пра Васіля Гадульку і Васіля Сахарчука, затраўлены нераскрыты лёс якіх шмат у чым тыповы для Беларусі. Можна дадаць сюды Алеся Бабіцкага, Міколу Купрэева, Віктара Говара, Уладзіміра Лісіцына… На жаль, паміраюць не толькі паэты. Сыходзіць вадою ў пясок творчасць многіх беларусаў.
На адной Салігоршчыне за дваццаць гадоў (1976 - 1996) заяскравілі звыш дзесяці літаратараў. Спрабавалі пісаць творы і не раскрыліся. "Прычынаў шмат, аднак і не адменіш рэдакцыйнае літаратурнае абыякаўства. Наставяць птушачак на старонцы, накрэсляць слоў... Што мелі на ўвазе, самі патлумачыць не могуць" , - пісаў колішні рэдактар "Калійшчыка Салігорска" Аляксей Восіпавіч Кур'ян, аўтар некалькіх кніг, у тым ліку прозы "Соль надзеяў нашых" (1996).
Гарняк Леанід Якубовіч, Анатоль Дубоўскі, тэхнік-будаўнік Валянціна Міклашэвіч, інжынер-механік Збігнеў Радабельскі, цясляр Аляксей Міклашэвіч, настаўнікі Марыя Мацюкевіч, Іван Раманенка і Анатоль Крывіцкі, журналісты Анатоль Блахін, Уладзімір Коўцік, Феафан Раманоўскі, Мікалай Лойка, Наталля Паўлюц... - яны зазначыліся за два дзесяцігоддзі на адной Салігоршчыне. Усюды парасткі ўзыходзілі, у астатніх раёнах Беларусі таксама мноства талентаў. Адзінкі прабіліся праз жвіровы гнёт плітавай шэрай мінскай рэдакцыйнасці, жыццёвых няўладкаў, дзяржаўнай абыякавасці.
Цяпер дадаліся - газетна-часопісныя прыватніцкія разлікі, з першага разу дай малады аўтар шэдэўр, прыбытак, засілле ў рэдакцыях небеларускамоўных, так званых местачкова-гарадскіх ведкаў беларускай і рускай, лексічная і стылёвая беднасць у знаўцаў абедзвюх моваў.
Пішу і разумею, як аб'ектывісты (справядліўцы, лакіроўцы, змякчальнікі, абаронцы, правінцыялы, калькаванцы, русіфікатары) падціснуць вусны. Пачнуць лічыць (на свой капыл) промахі ў Валера Санько, адзначаць уласныя і прыяцеляў поспехі, узнагароды, прэміі. Што ўзнагароды гэтыя за вылучванне саміх сябе, за дэтэктыўна-рускамоўныя шэдэўры, асабліва ў братняй Расіі - гэта на другім плане. Галоўнае - атрымалі.
Болей дзесяці тысяч пісьменнікаў у Расіі. Дададзім ім і нашых рускамоўных, могуць туды творы падаваць, квеціць рускую мову, самі ехаць. Не, тармозяць. Бо там сваёй шэрасці ўдосталь. А ў Беларусі словам і практыкай гнятуць беларускасць, мову. Усё ім мала. Беларуская, ці бачыце, ім жыцця не дае.
Паўтару за народным Нілам Гілевічам: "Божа прамілы, што за ачмурэнне наслаў Ты на нас, беларусаў!" (Ніл Гілевіч. Збор твораў у 23-х тамах. Вільня. Т. 20, 2008, с. 276).
Не забудзем і наступныя яго словы ў гэтым томе: "...мы сярэдні ўзровень выдаем за высокі, а зусім нізкі - за сярэдні... Гэта - выяўна адзнака правінцыялізму. Сьвет прызнае толькі высокі ўзровень і вельмі высокі" . (с. 263). "У кожнага народа - колькі ў мінулым, столькі ў будучыні. Калі нарадзіўся даўным даўно - то і будучыня вялікая. ...Калі мінулае вымяраецца паўсотні ці сотні гадоў - дык і будучыня такая ж, недаўгавечная" . (с. 264). "Родная мова - носьбіт нацыянальнай культуры і таму любы народ жывы, пакуль жыве яго мова". (Газ. "Известия", 29.12.1983).
Услед Гілевічу дадаю ўласнае: асаблівасці дыялектаў трэба цаніць, як цэнім твары людскія; у аснове фарбнасці і яркасці любой мовы ляжаць дыялекты.
Любіць чалавеку Бога немагчыма без малітвы Яму. Любіць літаратуру без павагі і любасці да яе творцаў, якога б рангу ні былі, дзе б ні жылі - пустое, труноўства павапнаванае. Як жа нашы рознаўзроставыя ветліваўчыкі папіскваюць у дзяржлітустановах, калі не могуць распазнаць пісанае праз слёзы і адкрыцці неба, звязанае з Тымі патокамі, горнімі, вышнімі, не кажу пра здатнасць з'ясніць сэнс уласнай адмовы, ацэнку твора. Да такога не даходзіць: ты не толькі на літкрэсла ўзлез - узваліў на плечы вялізазную адказнасць: на аснове чаго сам і падначаленцы асмельваецеся валакіціць, адвяргаць вартнае.
У Беларусі не перажываюць. Пры нагодзе ў іх апраўданні - кожны з іх слабенькі, маленькі, няма мажлівасці, ён хоча дабра.
Каму вы хочаце дабра, не ведаю. Толькі не беларускай літаратуры, не люду беларускаму, не дзяржаве Беларусь. І не самім сабе.
"Што перашкодзіла праявіць сваю волю і па справядлівасці, сумленна? На гэта пытанне кожны павінны адказаць сам. Але навошта - калі можна спісаць на пракляты час партыйнай дыктатуры. Наогул - спісаць. На што спісаць - заўсёды знойдзецца. На культ асобы Сталіна, на валюнтарызм Хрушчова, на салдафоншчыну Брэжнева, на маразм Чарненкі..."
Так ацэньваў непрысуджэнне Уладзіміру Караткевічу ў канцы 1982 года Дзяржаўнай прэміі БССР Ніл Гілевіч (збор твораў у 23 тамах. Т. 20, Вільня, 2008, с. 286). Гілевіча на прысуджальных паседжаннях падтрымаў тады яшчэ адзін чалавек - мастак Васіль Шаранговіч. Усяго адзін. Ваявалі яны ўдвух, Гілевіч і Шаранговіч.
А рэшта дзяржаўных дзеячаў, культурнікаў, пісьменнікаў ў рашальных і сузгадняльных камісіях... Здрадзілі праўдзе і сэнсу. Прагаласавалі за лагоднага, памяркоўнага чалавека, добрага пісьменніка, але які мог пачакаць. Усе ведалі, Караткевіч моцна хворы, жыве бедна. Прылічаны ў 1974 годзе на пленуме ЦК КПБ да злосных нацдэмаў ён перажыў гады абсалютнага неўзгадвання і недрукавання (безграшоўя).
Пётр Машэраў наогул быў супраць раздзьмування з казюркі быка, супраць таго ідэалагічнага Пленума. Няма ў Беларусі нацдэмаўшчыны, не было за што абмяркоўваць Сцяпана Міско, Міхася Чарняўскага, Алеся Каўруса, Зянона Пазняка, Валянціна Рабкевіча, Міколу Прашковіча, Уладзіміра Караткевіча, за размовы пра родную мову хваляць, не караюць. Беларускія спецслужбы праз маскоўскіх сукалежнікаў і суслаўскія аддзелы намагліся яго правядзення. Пазвальнялі з працы кандыдатаў навук, дасведчанцаў справы.
(Працяг у наст. нумары.)
Валер Санько
Вярнуць беларусам героя
У Грушаўцы, што пад Ляхавічамі, арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана правяла фэст сучаснага мастацтва ДАХ-XXV "Вяртанне".
Фестываль прысвечаны памяці Тадэвуша Рэйтана, чыё імя ва ўсім свеце лічыцца прыкладам шчырага і нязломнага патрыятызму. Грамадска-палітычны дзеяч ВКЛ, пасол ад Наваградскага ваяводства на сойм 1773 года, ліцвін-патрыёт Тадэвуш Рэйтан, разам з наваградцам Самойлам Корсакам і менчанінам Станіславам Багушэвічам-Мінькоўскім, мужна супрацьстаяў Першаму падзелу Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.
Тадэвуш Рэйтан, як піша, напрыклад, Вікіпедыя, ёсць нацыянальным героем Беларусі і Польшчы. Што да Польшчы - так, барацьба да апошняга на так званым падзельным Сойме і драматычнае яго завяршэнне зрабілі Рэйтана сапраўды адным з сімвалаў супраціву расійскай, перш за ўсё, агрэсіі супраць Рэчы Паспалітай. Што тычыцца Беларусі, то імя Тадэвуша Рэйтана толькі на шляху вяртання ў пантэон нацыянальных герояў.
22 сакавіка 1773 года Тадэвуш Рэйтан быў абраны паслом на Сойм 1773-1775, дзе планавалася зацвердзіць першы падзел Рэчы Паспалітай. Ён, разам з пасламі ад Наваградскага павета Самойлам Корсакам і ад Менскага павета Станіславам Багушэвічам-Мінькоўскім, спрабаваў сарваць Сойм, каб не дазволіць зацвярджэння падзелу краіны.
Чатыры дні Рэйтан разам з аднадумцамі зрывалі пачатак Сойму праз патрабаванне выканаць закон - паседжанне паводле чаргі мусіла праходзіць у Гародні, а не ў Варшаве, а маршалкам яго мусіў быць прадстаўнік Вялікага Княства Літоўскага, а не паляк. Калі ўгаворы прарасійскі настроеных паслоў не далі рады, Рэйтану былі прапанаваныя грошы, вялося пра спробы замаху на жыццё. Найбольш драматычны характар падзеі набылі ў часе патрыятычнай прамовы Самойлы Корсака, які выкрываў паслоў-здраднікаў. Тыя паспрабавалі выйсці з залы, але Тадэвуш Рэйтан лёг крыжом перад выхадам і закрычаў: "Забіце мяне, затапчыце, але не забівайце Бацькаўшчыны!". Дзеянні паслоў ВКЛ зрывалі планы расійцаў, таму на наступны дзень расійскі амбасадар Штакельбэрг выставіў каралю і вялікаму князю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму ўльтыматум: альбо згода на падзел, альбо ўвядзенне ў Варшаву 50-тысячнага расійскага войска.
Пра тое, што Тадэвуш Рэйтан яшчэ толькі ідзе да беларусаў, сведчыць і адсутнасць хаця б вуліцы ў ягоны гонар у тых жа Ляхавічах, што за тры кіламетрыц ад роднай яму Грушаўкі.
Але надзея на тое, што сітуацыя пераменіцца, ёсць, кажа Зміцер Юркевіч, валанцёр, каардынатар арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана і дасведчаны "рэйтаназнаўца".
- Чытаў даволі даўно пра Рэйтана тое нешматлікае, што ёсць. А тры гады таму выпадкова даведаўся, што сядзіба Рэйтанаў выстаўлена на таргі - яна была ў спісе маёнткаў, якія могуць быць набытыя любой асобай. І мяне гэта раптоўна вось чамусьці зачапіла і зачапіў таксама артыкул у баранавіцкай газеце "Intex-Press" пра ганебны стан сядзібы, якой уладарыла такая славутая асоба як Тадэвуш Рэйтан, - распавёў у інтэрв'ю Службе інфармацыі "ЕўраБеларусі" Зміцер Юркевіч. - Пачаў шукаць нейкую інфармацыю пра яго - было некалькі артыкулаў, але ў большасці сваёй яны пераказвалі звесткі, пададзеныя раней. Я не ўбачыў Рэйтана, я ўбачыў пафас, але не асобу і фактычныя даты хаця б. І тады я зразумеў, што трэба пачынаць з самага пачатку - ісці ў нашы архівы, калі пашанцуе - і ў польскія таксама, шукаць метрыкі хросту, смерці, займацца радаводам, ствараць жыццяпіс па гадах, а не пераказваць папулярныя версіі.
Як кажа Юркевіч, "за працай зразумеў, што ўсё, на жаль, пастаўлена з ног на галаву".
- Тадэвуш Рэйтан быў ужо ў пятым калене ліцвінам - яго продак Ян Рэйтан у 1639 годзе лёг у нашу зямлю. Ян Рэйтан быў першым прадстаўніком гэтага прускага роду, які патрапіў сюды на службу да Жыгімонта Караля Радзівіла, нашага мальтыйскага кавалера. І гэты Рэйтан заклаў ліцвінскую галіну роду. Пра Польшчу казаць не выпадае, бо на той час Прусія была Прусіяй, то бок не часткай Кароны. Заўважу, што і тут, на нашых землях пра дамінаванне Польшы казаць не выпадае - нават пасля Люблінскай уніі, паводле прынятага Львом Сапегам статута, іншаземцам, у тым ліку палякам, забаранялася набываць ва ўласнасць зямлю ў межах ВКЛ і займаць пасады. І гэта забарона дзейнічала ажно да 1793 года.
Па словах даследчыка, "калі зразумеў, што Рэйтан - наш, то прыйшло і разуменне таго, што такую выключную асобу трэба вяртаць - і як мага хутчэй".
- Мне падаецца гэта вельмі істотным, бо беларусам бракуе такіх герояў, такіх прыкладаў служэння Айчыне. Той жа Касцюшка сам казаў, што нарадзіўся ліцвінам, але за тое, што ён кіраваў паўстаннем у Кароне Польскай, яго аўтаматычна далучаюць да герояў выключна польскай гісторыі.
На думку Змітра Юркевіча, "каб аднавіць сядзібу (а колькі тых занядбаных сядзіб па Беларусі!), трэба вярнуць, трэба давесці да шырокай грамадскасці неабходнасць вяртання імя Рэйтанаў, бо там не толькі Тадэвуш, там і іншыя выбітныя асобы былі - той жа Станіслаў Рэйтан, пісьменнік, якога мы таксама вяртаем".
Таму ў сакавіку 2013 года і была створана арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана.
- Яна ставіць мэтай вяртанне імён роду Рэйтанаў і, па меры магчымасцяў, апякуемся матэрыяльнай спадчынай роду - і не толькі грушаўскай, ёсць жа яшчэ маёнтак Усава. Што праўда, ад яго засталіся толькі капліца і маляўнічы стаў. Была думка паспрабаваць набыць сядзібу ў Грушаўцы за адну базавую велічыню і стварыць тут арт-цэнтр. Але ў мяне і маіх аднадумцаў за гэты год з'явілася перакананне, што сядзіба павінна заставацца ў дзяржаўнай уласнасці. Толькі так - дзяржаўны музей, моцны культурны цэнтр, які выйдзе на адзін узровень з Нясвіжам, Мірам, Косава.
Юркевіч падкрэслівае, што "нельга даць набыць сядзібу замежнікам - гэта ж ганьба, што святыня Беларусі можа быць прададзена асобе, аніяк не абцяжаранай нейкай там спадчынай нацыі".
- Далей гатэля ці казіно, мяркую, думкі інвестараў-бізнесменаў не пойдуць. А пра сядзібу Рэйтанаў можна шмат чаго распавесці наведвальнікам - тут вяліся палітычныя дыскусіі-нарады паміж Радзівіламі і іх супернікамі, тут знаходзілі прытулак ветэраны шматлікіх войнаў, гасцілі навукоўцы, мастакі - нездарма казалі, што дзверы дома Рэйтанаў ніколі не зачыняюцца. Апошнія Рэйтаны, што не мелі дзяцей, напачатку ХХ стагоддзя бралі сюды на выхаванне дзетак, адчынілі школы ў Ляхавічах і Канюхах. Распавядаць можна шмат, але, на жаль, тэма вяртання Рэйтанаў не надта шырока яшчэ гучыць у Беларусі. Але, тым не менш, нават такія мінімальныя рухі, што можа рабіць наша арт-суполка, выклікаюць патроху цікавасць.
Суполка мае дазвол на супрацьаварыйныя працы ў сядзібе.
- То бок падтрымліваем стан сядзібы, хаця, насамрэч, гэта абавязак дзяржавы. Але мы бачым, што ў дзяржавы рукі да гэтага не даходзяць, не хапае грошай у мясцовых уладаў - і мы скідваемся, набываем рубероід той жа самы, яшчэ нешта... Гэта ўсё, канешне, дробныя рэчы, якімі кардынальна сітуацыю не зменіш - трэба, каб дзяржава на больш высокім узроўні, чым выканкам, тэрмінова звярнула ўвагу на гэтую сядзібу. Яна - статусная. Ну вось за сядзібу Напалеона Орды ўзяліся, маёнтак Жукоўскага ў Пружанах, сядзібу Нямцэвіча ў Скоках - то бок усё ж ідуць перамены.
Фэст праводзіўся ў другі раз. Гэтым разам да ўшанавання памяці Тадэвуша Рэйтана былі запрошаныя музыканты, мастакі, паэты і кінарэжысёры з Берасцейшчыны і Меншчыны. У фестывалі бралі ўдзел: Ганна Мязга (Пружаны), народны хор ветэранаў вайны і працы "Сівізна" (Ляхавічы), Віктар Сямашка (Менск), Раман Яраш (Менск), PAVEL AMBIONT (Менск), іmprum (Менск), Капела Алеся Лася (хутар Барок-Менск) і іншыя.
Удзельнік фэсту пабачылі буйны графічны праект "Гісторыя роду Рэйтанаў" мастакоў і арганізатараў фэсту Алеся Родзіна і Змітра Юркевіча, дакументальныя фільмы "Тадэвуш Рэйтан: беларускі Дон-Кіхот" (праект АНТ), "Апошняя з роду" (прысвечаны Аліне Рэйтан, рэж. А. Ясінская).
Да 25 верасня на тэрыторыі сядзібы праходзіць мастацкі пленэр, працы з якога будуць выстаўлены на мастацкай выставе прысвечанай Тадэвушу Рэйтану, што адбудзецца ў кастрычніку-лістападзе ў Нацыянальнай бібліятэцы.
Пётр Кухта , "ЕўраБеларусь".
Гонкія вежы, разныя алтары, цагляныя муры
23-24 жніўня сябры Магілёўскага ТБМ з удзелам некалькіх менчукоў здзейснілі пазнавальную краязнаўчую вандроўку па гістарычных і культавых мясцінах Гарадзеншчыны.
Напачатку падарожжа быў зададзены камертон беларускасці і духоўнай дысыпліны. Старшыня суполкі распавёў пра дзейнасць Магілёўскай філіі ТБМ, якая будзе адзначаць 25-годдзе ў лістападзе 2014 года. Штотыднёвая дзейнасць гуртка беларускай мовы, сустрэчы з гісторыкамі, пісьменнікамі, краязнаўцамі, вандроўкі - сталая традыцыя.
Маршрут двух дзён был азначаны ў каляровых буклетах з выявамі помнікаў дойлідства: Лаздуны - Юрацішкі - Трабы -Суботнікі - Ліпнішкі- Вайцюшкі. На другі дзень падарожжа меркавалася агледзець Ганчары - Тарнова- Белагруду- Ваверку- Вялікае Мажэйкава -Мураванку - Іўе.
Насамрэч вандроўнікі, натхнёныя заўсёдным аптымістам Алегам Дзьячковым агледзелі 14 мястэчак, наведалі касцёлы і цэрквы, пагутарылі з мясцовымі старажыламі, выслухалі аповеды экскурсаводаў - гісторыкаў і сталых падарожнікаў.
Першым месцам прыпынку былі Лаздуны . Мястэчка ўпершыню ўзгадвалася ў пісьмовых крыніцах ў 1591 годзе. Яно належала да Ашмянскага павета Віленскай губерні. У 1910 годзе тут быў пабудаваны касцёл святых Сымона і Юды Тадэвуша, які спалучае рысы нэагатычнага і неараманскага стыляў. Тут знаходзіцца каштоўны абраз св. Ганны і выява новазапаветнай Троіцы. Ля храма падарожнікаў сустрэў ксёндз Андрэй, які служыць тут 4 гады. Ён распавёў пра гісторыю касцёла. Храм быў зачынены з 1948 па 1988 год. Будынак займала зернесховішча. Нядаўна знайшоўся старэнькі кіроўца, які калісьці прывозіў сюды збожжа. У 90-ыя гады адбылося аднаўленне святыні.
Апостал Юда Тадэвуш (Фадзей) быў адным з 12-ці апосталаў, ён узгадваецца ў Евангеллі ад Лукі і ад Іаана. У малітвах да яго звяртаюцца па дапамогу ў вырашэнні складаных справаў.
Мястэчка Юрацішкі належала М. Гаштольду, Р. Няміру, Копацям. Упершыню Юрацішкі згадваюцца ў пачатку 16-га стагоддзя як мястэчка ў Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства. Тут грамада агледзела помнік 1-ай Сусветнай вайны - камень, усталяваны на месцы дыслакацыі нямецкай дывізіі. Тут надоўга затрымлівалася лінія фронту, капаліся акопы.
У Юрашіках да групы падышла мясцовая кабета 82 гадоў, спадарыня Ганна. Яна жыве ў былым панскім доме і ў яе захаваліся рэдкія фотаздымкі міжваенных часоў. Яшчэ поўная сілы, працавітая і мажная, спадарыня Ганна дапамагае мясцовай царкве, усё выдатна памятае.
Назва мястэчка Трабы звязана з імем князя Траба, які збудаваў тут замак. Валодалі мястэчкам Гаштольд і Жыгімонт Стары. Тут існавалі металаапрацоўчыя майстэрні, былі пабудаваныя касцёл, царква, сінагога, аптэка, вадзяны млын. Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі быў пабудаваны ў 1900-1905 гадах.
Рознабаковым было знаёмства з Суботнікамі . Тут нарадзіўся і быў ахрышчаны археолаг, мастацтвазнавец, палітык, дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання Зянон Пазняк.
Неагатычны касцёл ў Суботніках быў фундаваны беларускімі шляхціцамі Уладзіславам і Янінай Умястоўскімі. Ён будаваўся ў 1904-1907 гадах і быў асвечаны ў гонар Уладзіслава Вянгерскага (ХІ ст.), патрона сям'і Ўмястоўскіх.
Пані Яніна, якая пражыла да 1941 года, паспела ўпрыгожыць два алтары. Шляхціцы хацелі пакінуць добрую памяць пра гісторыю свайго роду, таму у бакавых сценах яны прымацавалі таблічкі з імёнамі дзеда і бабулі, маці і бацькі фундатараў касцёла. Унізе, у скляпенні, знаходзяцца парэшткі прадстаўнікоў шляхетнага роду. Святарская кафедра ўпрыгожана гербамі. На супрацьлеглай сцяне можна пабачыць воты (знакі ўдзячнасці за ацаленне ад хваробаў), падораныя парафіянамі. Цёмныя драўляныя лаўкі з крыжамі захаваліся ад моманту будаўніцтва.
У святыні вандроўнікаў ветліва прыняў ксёндз Аляксандр. Ён распавёў аб тым, як мясцовыя жыхары не пакідалі малівы цягам 25 гадоў. Яны пасцілалі арнат - вопратку святара - на алтар і маліліся. З часам храм быў зноў вернуты касцёльнай грамадзе. Сёння вядзецца навучанне дзетак катэхізісу і асновам веры і этыкі, па суботах заняткі праводзяцца ў кожным класе,з 1-га па 11-ты.
Наступным пунктам прыпынку былі Ліпнішкі . Упершыню мястэчка згадваецца ў ХVI стагоддзі як ўладанне вялікіх князёў. У 1528 вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў паселішча Альберту Гаштольду за зняцце маскоўскай аблогі з Полацка і складанне міру з татарамі.
У ХVI стагоддзі Ліпнішкі атрымалі статус мястэчка і ўвайшлі ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. З ХVIІ стагоддзя мясціна знаходзілася ў валоданні Пацаў. Адначасна з Геранёнамі ( 1670) Ліпнішкі перадалі на ўтрыманне артылерыі. Пазней мястэчка перайшло да Сапегаў, Бяганскіх. 6 чэрвеня 1633 года кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Ліпнішкам Магдэбурскае права і герб: "У чырвоным полі вершнік з дзідай у руцэ".
На другі дзень паездкі дапамогу ў інфармацыйным забеспячэнні аказвала экскурсавод з Ліды Ганна Здзіславаўна Старасценка. З гонарам за родныя мясціны і натхненнем яна распавяла пра ваколіцы Ліды . Лідскі замак быў заснаваны князем Гедзімінам у 1323 годзе як умацаваная ад набегаў татараў і тэўтонаў фартэцыя.У 1422 годзе ў Лідскім замку адбыліся ўрачыстасці з нагоды вяселля караля Уладзіслава Ягайлы і князёўны Сафіі Гальшанскай.
Кожная забудова непаўторная сваімі архітэктурнымі рысамі, вонкавым абліччам і ўнутраным убранствам. Асаблівае ўзнёслае пачуццё пакінула наведванне касцёла Св. Арханёла Міхаіла ў Белагрудзе . Ён быў пабудаваны у 1900-1905 гадах са светлай мясцовай цэглы. Роспісы выкананы ў незвычайных ружовых колерах, алтары ўпрыгожаны букетамі гладыёлусаў і астраў, унутраная прастора аздоблена стужкамі і кветкамі.
У Ваверцы вандроўнікі прыспелі на касцельныя дажынкі, якія ладзіліся ў нядзелю з удзелам кіраўніцтва раёна. Вялікі каравай, снапы жыта, значная колькасць мужчын сталага веку - прыемныя мясцовыя рысы.
Звыш плану экскурсіі турысты наведалі мястэчка Васілішкі. У Старых Васілішках захавалася хата выдатнага беларуска-польскага спевака Чэслава Немана, дзе зраблены музей.
Моцнае ўражанне пакінула наведванне царквы абарончага тыпу ў вёсцы Мураванка . Царква, якую яшчэ называюць Маламажэйкаўскай, была пабудавана ў 1524 годзе і асвечана ў гонар Раства Прасвятой Багародзіцы. Стральчатыя скляпенні, магутныя вежы, тоўстыя сцены з чырвонай цэглы выклікаюць пачуццё абароненасці. Кожны каменчык захоўвае магутную энергетыку і асвячае наведвальнікаў.
Апошнім населеным пунктам у дарозе было Іўе. Тут турысты ўзгадалі гісторыю татараў на Беларусі. Першыя татары былі запрошаны ў ВКЛ з Залатой Арды і Крыма ў пачатку 14-га стагодзя. Ужо ў 1319 г. татары складалі перадавы атрад войска Гедзіміна ў бітве з тэўтонамі. Асноўнымі іх заняткамі былі вайсковая служба, садоўніцтва, жывёлагадоўля, гарбарства. Мячэць, пабудаваная ў 1884 годзе за сродкі графіні Эльвіры Замойскай, засталася адзінай дзейнай у гады ваяўнічага атэізму. Іўе лічылася буйным цэнтрам татарскай культуры.
Перад ад'ездам дадому з Іўя падарожнікі пакланіліся касцёлу св. Пятра і Паўла. Побач з ім узвышаецца копія ў мініяцюры статуі Хрыста-Збаўцы, якая існуе ў Рыа-дэ-Жанэйра.
З самага пачатку вандроўнікі атрымалі друкаваныя спеўнікі на 30 старонак з песнямі Генадзя Бураўкіна, Адама Русака, Змітра Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага і габрэйскімі мелодыямі і гімнамі. Пад музычнае суправаджэнне ўсе дружна спявалі " Пагоню", "Вожык-патрыёт"," Курушча-бятуру" , " Простыя словы", "Бывайце здаровы", "Я нарадзіўся тут", " Хава Нагіла". Гучныя мужчынскія галасы дадавалі раскацістае "Гэй!" да пяшчотных жаночых тонаў. У дарозе ніхто не сумаваў.
У чым сакрэт поспеху многіх культурніцкі кампаній Магілёўскага ТБМ?
- У нас усе працуюць на каманду, на агульную карысць, - адказаў на гэта пытанне старшыня суполкі Алег Дзьячкоў. І сапраўды, асаблівасць праграмы была ў тым, што аповеды пра пункты прыпынку падрыхтавалі розныя асобы і кожны імкнуўся дадаць свой досвед. З паведамленннямі пра гісторыю мястэчак Гарадзеншчыны выступілі Ніна Осіпава, Вольга Гаўрыленка, Таццяна Васіленка, Ірына Сомава. Даўнія візіты ў Суботнікі ўзгадвала Ганна Уладзіміраўна Бандарэнка, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры з 1-ай Магілёўскай гімназіі, актыўны ўдзельнік суполкі на працягу 20-ці гадоў. Спадар Міхась Булавацкі падзяліўся з падарожнікамі аповедам пра знакамітых людзей, нарожданых у Лідзе. Сяржук Дымкоў забяспеваў грамаду спеўнікамі і буклетамі. Алесь Мазанік з Менска прапаноўваў падарожнікам сувеніры з гістарычнай сімволікай з інтэрнэт-крамы Imbryk.by.
Э. Оліна . Фота аўтара. На здымках: 1. Лаздуны. Касцёл св. Сымона і Юды Тадэвуша 1904-1910 г. 2. Суботнікі. Касцёл св. Уладзіслава. 1904-1907 3. Белагруда. Касцёл св. Міхаіла Арханёла. 4. Маламажэйкаўская царква Раства Прасвятой Багародзіцы