НАША СЛОВА № 39 (1190), 24 верасня 2014 г.
Багач - і дажынкі, і дакопкі, і ўсякія дацяробкі
Студэнцкае этнаграфічнае таварыства зладзіла народнае свята Багач у літаратурным музеі Янкі Купалы, што ў Вязынцы.
Некалькі сотняў чалавек сталі не проста гледачамі, але і ўдзельнікамі старажытнага абраду на восеньскім фэсце. Свята Багач прымеркавана ў народным календары да заканчэння збору ўраджаю. У лубок збіралася жыта з усёй вёскі па жмені, устаўлялася i запальвалася свечка, якая сімвалізавала сонца. Пасля лубок з запаленай свечкай абносілі па ўсёй вёсцы пры ўдзеле ўсіх жыхароў. Прыняць удзел у зборы жыта ў Багач азначала падзяку багам за ўраджай, а значыць, і надзею на тое, што наступны ўраджай будзе не горшым.
Так і на фэсце ў Вязынцы: кожны ахвочы мог насыпаць жыта ў лубок, забяспечыўшы сабе дабрабыт у наступным годзе.
Вадзім Заміроўскі.
Каляндар "Родны край" на 2015 год
У продажы з'явіўся адрыўны беларускамоўны каляндар "Родны край" на 2015 год. Наклад календара - 4500 асобнікаў, што на 1500 асобнікаў менш, чым летась. Па ўсім відаць, мы зноў рухаемся да нуля, каб у чарговы раз змагацца за аднаўленне. І гэта пры тым, што ў большасці населеных пунктаў Беларусі "Родны край" прадаецца цалкам. У Ліду, напрыклад, каляндар некалькі разоў давозяць. Дык, чаму тады падае наклад? Дзе ўзнікаюць нерэалізаваныя астаткі? Мабыць, ізноў недзе ў глыбінях непаваротлівай гандлёвай сістэмы. Сёлета каляндар з'явіўся ў крамах у сярэдзіне верасня і апярэдзіў многія камерцыйныя календары з Расіі. Засталося дружна раскупіць.
Наш кар.
100 гадоў з дня нараджэння Данілы Міцкевіча
Данііл Канстанцінавіч МІЦКЕВІЧ (Даніла, Данік; 30.09.1914, г. Пінск - 07.07.1996, г. Менск, пахаваны на Вайсковых могілках) - старэйшы сын Якуба Коласа. Жыў з бацькамі ў Пінску, Старыкаве (Падмаскоўе), Пярмі, на Куршчыне, у Ташкенце. З 1921 года жыў і працаваў у Менску.
Даніла Міцкевіч закончыў хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1936 годзе. Потым працаваў асістэнтам, пасля старшым выкладчыкам на гэтым факультэце. У час вайны - у Сярэднеазіяцкім універсітэце (1941-1942), з 1942 г. - у хімічнай групе АН БССР. У жніўні 1943 быў выкліканы ў Маскву, дзе працаваў тры месяцы дэканам хімфака адноўленага БДУ на ст. Сходня пад Масквой. Потым - навуковы супрацоўнік, вучоны сакратар, загадчык лабараторыі ў Інстытуце хіміі АН БССР. У красавіку 1957 г. Д. Міцкевіч быў прызначаны першым дырэктарам Літаратурнага музея Якуба Коласа, у 1980 выйшаў на пенсію, але да канца жыцця заставаўся на пасадзе старшага навуковага супрацоўніка. Узнагароджаны медалём "За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.", медалём Францыска Скарыны (1995). Заслужаны дзеяч культуры БССР.
Удзельнічаў у стварэнні трох экспазіцый музея (1959, 1972, 1982), будаўніцтве філіялаў музея на Стаўпеччыне. Выступаў на літаратурных вечарынах і сустрэчах. Аўтар шматлікіх артыкулаў пра жыццё і творчасць Якуба Коласа, успамінаў пра яго, пра Янку Купалу, Сяргея Гарадзецкага і іншых. Браў удзел у складанні альбомаў "Якуб Колас. Жыццё і творчасць" (1959, 1974), збораў твораў Якуба Коласа. У выдавецтве "Полымя" ў 2000 г. выдадзена кніга Д. Міцкевіча "Любіць і помніць. Успамінае сын Якуба Коласа".
Даніла Міцкевіч - прататып Анціка, сына настаўніка Астапа Лугавіка ў апавяданні Коласа "Туды, на Нёман!", пад сваім імем Даніла згадваецца ў паэме "Міхасёвы прыгоды".
Вікіпедыя. На здымку: Якуб Колас з жонкай і сынамі - сярэднім Юркам, малодшым Міхасём і старэйшым Данілам.
90 гадоў з дня нараджэння Артура Вольскага
Артуур ВОЛЬСКІ , сапр. Артур Зэйдэль-Вольскі (23 верасня 1924, Койданава, цяпер Дзяржынск, Менская вобласць - 5 верасня 2002, Менск) - беларускі пісьменнік.
Нарадзіўся ў сям'і пісьменніка Віталя Вольскага. Вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы (1938-1941), працаваў мастаком у БДТ-2 (Уральск). У 1942 прызваны ў Ваенна-Марскі Флот СССР. Служыў на Далёкім Усходзе. Удзельнічаў у баях супраць Японіі, дэмабілізаваўся ў 1952.
Працаваў загадчыкам аддзела культуры і быту рэдакцыі газеты "Чырвоная змена", адказным сакратаром часопісаў "Бярозка", "Вясёлка". Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1962). З 1962 - загадчык літаратурна-педагагічнай часткі, з 1963 - дырэктар Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, з 1978 - дырэктар Дома літаратара, з 1980 - літкансультант СП БССР. У 1981-1984 - старшы рэдактар выдавецтва "Юнацтва". Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1955). Працяглы час старшыня Партызанскай рады ТБМ г. Менска. Пахаваны на Паўночных могілках у Менску.
Дэбютаваў у друку ў 1937. Напісаў на рускай мове аповесць "Родная семья" (Хабараўск, 1953, у суаўтарстве з Б. Іртышскім). Аўтар зборнікаў паэзіі "Водбліскі далёкіх маякоў" (1958), "Далёкія і блізкія прычалы" (1962), "Дабрата" (1966), "Выратавальны круг" (1974), "Строма" (1982), "Чалавек, якому баліць" (выбранае, 1984), "Наваселле дрэў" (1990). Аўтар кніг паэзіі, прозы, казак для дзяцей "Маленькім сябрам" (1955), "Дзедаў госць" (1958), "Чырвоная зорка" (1961), "Чарнічка" (1964), "Рагатка" (1971), "Што такое мікра тое" (1971), "Лясныя мастакі" (1973), "Жывыя літары" (1973), "А куды падаўся дождж" (1974), "Ізумрудавы горад, дзе ты?.." (1977), "Еду ў госці да слана" (1978), "Сонца блізка ўжо зусім" (1984), "Дабяруся да нябёс" (1984), "Ад А да Я - прафесія мая" (1987), апавядання-эсэ "Хлеб - усяму галава" (1989). Кнігі Выбраных твораў выходзілі ў 1971, 1974.
Перакладаў з рускай, украінскай, літоўскай, латышскай, нямецкай і іўрыту.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, "Знак Пашаны", медалём "За баявыя заслугі" і іншымі медалямі.
Вікіпедыя.
ВЫРАЗ "ЯК ЛІПКУ" І ПАДОБНЫЯ
Досыць многія фразеалагізмы маюць валентна абмежаванае значэнне. Іх сэнс выяўляецца толькі ў спалучэнні са строга акрэсленымі словамі-суправаджальнікамі. Да прыкладу, выраз як агню сваё значэнне 'вельмі моцна, панічна' рэалізуе толькі пры дзеяслове баяцца : Махнач як агню баяўся Бародкі, і таму Лемяшэвіч вырашыў пайсці на хітрыкі (І. Шамякін). Хоць слова-суправаджальнік неразлучнае з фразеалагізмам і ўзнаўляецца разам з ім, але ў яго кампанентны склад не ўваходзіць, бо захоўвае сваю сэнсавую самастойнасць, мае непасрэдную накіраванасць на прадметы і з'явы рэчаіснасці, выконвае ў сказе самастойную сінтаксічную ролю ( баяўся - выказнік, як агню - акалічнасць).
У фразеалагічным складзе нашай мовы ёсць нямала выразаў каламбурнага характару, заснаваных на абыгрыванні мнагазначнага слова. Яны нярэдкія і сярод кампаратыўных фразеалагічных адзінак (з кампанентам "як" у іх складзе). Наяўнасць у гэтых выразах спецыфічнай прыкметы мастацка-палітычнага кшталту непазбежна замацоўвала іх у якасці моўных адзінак з цэласным значэннем. Слова-суправаджальнік (генетычна гэта - аснова параўнання) у шматлікіх кампаратыўных фразеалагізмах адначасова выкарыстоўваецца ў двух значэннях.
Так, выраз як ліпку (абазначае 'поўнасцю, начыста') ужываецца з абавязковым прыфразеалагічным словам абдзіраць , у якім адначасова суіснуюць два значэнні: першапачатковае 'здзіраць верхні слой' і пераноснае 'рабаваць, адбіраць': Вот і асэсара прыслалі. Ну, абдзярэ як ліпку (В. Дунін-Марцінкевіч); Наогул Вепры абабралі акупанты як ліпку (Я. Колас). Выраз узнік з параўнальнага звароту, які набыў цэласнае значэнне. Раней ліпавае лыка шырока выкарыстоўвалася ў гаспадарцы: з яго плялі лапці, рабілі посуд. Лыка з ліпы вельмі чыста і гладка абдзіралася.
Апісанне гэтага выразу ў "Слоўніку фразеалагізмаў" (2008, т. 1, с. 650) пачынаецца так: Абадраць (абдзерці), абабраць (абіраць) як ліпку . Як бачым, тут у загалоўку слоўнікавага артыкула сам фразеалагізм і яго абавязковае слоўнае акружэнне абазначаны розным шрыфтам. А між тым параўнаем недакладнае апісанне ў "Тлумачальным слоўніку беларускай мовы" (т. 1, с. 32): Абадраць (абдзерці, абабраць, аблупіць) як ліпку - адабраць усё начыста, аграбіць.
Такіх кампаратыўных фразеалагізмаў, у якіх слова-суправаджальнік мае дваякае значэнне, каля 30 (далей у прыкладах прыфразеалагічнае слова-суправаджальнік даецца ў дужках): (тупы) як абух , (калаціцца, трэсціся) як авечы хвост , (калаціцца, дрыжаць) як асіна , (набрацца) як жаба гразі , (сыпаць) як з мяшка , (насіцца) як курыца з яйкам , (лезці, ліпнуць) як мухі на мёд , (выскокваць) як піліп з канапель , (прыстаць) як п'яны да плота , (набрацца) як сабака блох , (распусціцца) як старэцкая пуга , (кіпіць) як у гаршку , (выскачыць) як чорт з табакеркі і шэраг іншых.
Напрыклад, у выразе (тупы) як абух адначасова рэалізуюцца два значэнні прыметніка-суправаджальніка: 'ненавостраны' і 'някемлівы, разумова абмежаваны', але, вядома ж, першае значэнне знаходзіцца як бы ў цені свядомасці: Вучыць мяне ксёндз пасля вячэры. А я нічога не разумею з таго вучэння. "Тупы, ты, - кажа, - Казюня, як абух" (А. Чарнышэвіч).
Дзеяслоў расці , паводле тлумачальнага слоўніка, мае 4 значэнні і 7 сэнсавых адценняў. А яго першаснае, зыходнае значэнне звязана з жывымі істотамі, арганізмамі, якія ў выніку жыццёвага працэсу павялічваюцца, становяцца большымі, даўжэйшымі, вышэйшымі і пад. Гэты дзеяслоў, ужываючыся пры фразеалагізме як грыбы пасля дажджу ('вельмі хутка і ў вялікай колькасці'), таксама двухзначны: Адны хаты усё глыбей урастаюць у зямлю, затое побач растуць новыя як грыбы пасля дажджу (М. Жылінскі).
Уласна беларускі выраз (ляпнуць) як лапцем па балоце абазначае 'вельмі недарэчна, нетактоўна (сказаць што-небудзь)': Вечна абы-што ляпнеш як лапцем па балоце, тады сядзім савою (А. Кажадуб). Тут на першае значэнне дзеяслова-суправаджальніка, рэалізаванае пачаткам лексічна-фразеалагічнага кантэксту ('сказаць штосьці неўпапад, неабдумана'), імгненна наслойваецца, праз параўнальны зварот, другое значэнне гэтага ж дзеяслова ('ударыць па чым-небудзь, з шумам'). Аналагічнае бачым і ў сінанімічным выразе (ляпнуць) як лапцем па цымбалах : Брахун ты!.. Ляпаеш як лапцем па цымбалах! (Г. Далідовіч).
Шырокаўжывальны выраз як асінавы ліст сваё значэнне 'вельмі моцна (калаціцца - часцей ад страху)' выяўляе пры кантакце з дзеясловам калаціцца ці дрыжаць, трымцець : Яўхім утаропіў вочы ў жонку, якая задрыжала ад страху як асінавы ліст (З. Бядуля). У зыходным значэнні выраз успрымаецца як матываваны: чаранок асінавага ліста вельмі доўгі, таму нават пры нязначным руху паветра асінавыя лісты пачынаюць дрыжаць. Узнікненне фразеалагізма звязваюць і з павер'ем пра асіну як праклятае дрэва: евангельскі здраднік Юда пасля раскаяння нібыта сам павесіўся на асінавым суку, з таго часу асінавыя лісты асуджаны на вечнае трымценне.
(Круціцца) як вавёрка ў коле абазначае 'ў пастаянных занятках, клопатах': У нас нявыкрутка… Як той казаў: круцімся як вавёрка ў коле (І. Гурскі). Калька з рускай мовы. Паходзіць з байкі І.А. Крылова "Вавёрка" (1833). У ёй апісваецца, як вавёрка, знаходзячыся ў клетцы, увесь час круціць прымацаванае там рухомае кола, чапляючыся лапкамі за тонкія планкі, і нібы бесперастанку бяжыць. А ў баечнай маралі гаворыцца пра дзялка, які іншы раз хоць і круціцца, "як вавёрка ў коле", але ніколькі не падаецца наперад.
Дваякае выкарыстанне суправаджальніка круціцца ці вытворнага выкручвацца мае месца яшчэ ў некалькіх выразах. Так, як скурат на агні абазначае: 1) празмерна, залішне: Пацеры ці згаварыла, што так выкручваешся як скурат на агні? (Я. Купала); 2) бесперастанку (круціцца): А я круцілася як скурат на агні - і ў калгас, і на базар, і людзей наймаць, і расплачвацца з імі… (П. Місько). Выкручвацца і круціцца ў адным значэнні - 'рухацца, звіваючыся, скручваючыся', а ў другіх - 'паварочваючыся, прыхарошвацца' і 'быць у пастаянным клопаце'. Два значэнні адначасова суіснуюць у суправаджальніку круціцца пры фразеалагізме як уюн на гарачай патэльні : Круціўся пан пад бізунамі як уюн на гарачай патэльні, а потым такі не вытрымаў, нема закрычаў: - Аддам, аддам маёнтак! ( А. Якімовіч).
(Загарэцца) як запалак абазначае 'імгненна, раптоўна (пра нечаканы парыў гарачнасці)': Рэакцыя была імгненная… Гэтак рэагаваў Андрэй Ягоравіч часта - загараўся як запалак (Б. Сачанка). Тут зыходнае значэнне суправаджальніка - 'заняцца агнём, пачаць гарэць' і пераноснае - 'напоўніцца пачуццём гарачнасці'.
Выразы, апісаныя тут і іншыя гэтага ж тыпу, з поўнай падставай лічацца паэтычнымі мініяцюрамі.
Іван Лепешаў.
"Будзьма!"
29 верасня (панядзелак) на сядзібе ТБМ адбудзецца сустрэча з рэдактарам газеты "Наша слова", часопіса "Лідскі летапісец" Станіславам Суднікам. Пачатак 18.30. Уваход вольны.
Шаноўныя сябры!
Выказваю шчырую падзяку Сакратарыяту ТБМ, афіцыйным і прыватным асобам, якія павіншавалі мяне з 60-годдзем, а таксама тым, хто хацеў, але па нейкай прычыне не змог гэтага зрабіць. Дзякуй за ўвагу і цёплыя словы ў мой адрас.
Станіслаў Суднік.
Справаздачна-выбарныя канферэнцыі Лідскай гарадской і Лідскай арганізацый ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"
18 верасня 2014 года ў памяшканні Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы адбыліся справаздачна- выбарныя канферэнцыі Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" і Лідскай арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".
Былі заслуханы справаздачныя даклады старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Станіслава Судніка і старшыні Лідскай арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Лявона Анацкі.
Пасля абмеркавання дзейнасць абедзвюх арганізацый была прызнана здавальняльнай.
Былі заслуханы даклады старшыні Рэвізійнай камісіі Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Міхася Бурачэўскага і рэвізора Лідскай арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Юрася Дзяшука.
Даклады прынятыя да ведама.
Была абрана новая Рада Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" у складзе 7 чалавек:
1. Суднік Станіслаў - старшыня;
2. Чарняк Сяргей - намеснік старшыні;
3. Мельнік Міхась - сябар рады;
4. Аўгусцін Данута - сакратар-бухгалтар;
5. Сідарэнка Сяргей - сябар рады;
6. Сыцько Кірыл - сябар рады;
7. Круцікаў Уладзімір - сябар рады.
Была абрана новая Рэвізійная камісія Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" ў складзе 3 чалавек:
1. Бурачэўскі Міхась - старшыня камісіі;
2. Карабан Станіслаў - сябар камісіі;
3. Лапата Сямён - сябар камісіі.
Была абрана новая Рада Лідскай арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" ў складзе 5 чалавек:
1. Анацка Лявон - старшыня рады (г. Ліда);
2. Суднік Станіслаў - намеснік старшыні (г. Ліда);
3. Трафімчык Сяргей - сябар рады (г. Бярозаўка);
4. Хітрун Ілья - сябар рады (г. Ліда);
5. Хітрун Алесь - сябар рады (в. Крупава).
Быў абраны рэвізор Лідскай арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" - Дзяшук Юрась (г. Бярозаўка).
Былі абраны дэлегаты на 12 з'езд ТБМ:
1. Суднік Станіслаў - старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" (г. Ліда);
2. Чарняк Сяргей - намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" (г. Ліда);
3. Анацка Лявон - старшыня Лідскай арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" (г. Ліда);
4. Трафімчык Сяргей - сябар рады Лідскай арганіза-цыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" (г. Бярозаўка);
5. Хітрун Алесь - сябар рады Лідскай арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" (в. Крупава).
На заканчэнне канферэнцый прагучалі патрыятычныя песні ў выкананні слыннага лідскага барда, а ад сёння намесніка старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Сяргея Чарняка.
Наш кар.
Справаздача
Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" за 2012-2014 гады
18 верасня 2014 г. г. Ліда
Колькасць сяброў, якія сталі на ўліку ў Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" мянялася ад 250 чалавек да 53 на сёння. Знікла найбольш масавая арганізацыя - арганізацыя Лідскага каледжа. Сёлета з каледжа выпусціліся апошнія сябры ТБМ. Праца з кіраўніцтвам каледжа па арганізацыі далейшай дзейнасці ТБМ у каледжы поспеху не мела. Усе абяцанні адміністрацыі засталіся абяцаннямі. Парадаксальна, але там няма ні аднаго выкладчыка беларускай мовы, які праявіў бы ініцыятыву і ўзначаліў ТБМ каледжа, хаця па асобных пытаннях узаемадзеянне засталося.
У гарадской арганізацыі засталіся суполкі:
- Паўднёвая (9 чал.);
- Цэнтральная (20 чал.);
- Слабадская (6 чал.);
- Паўночная (5 чал.);
- Раслякоўская (3 чал.);
- Маладзёжная (3 чал.);
- "Белтэксоптык" (5 чал.);
- 1 чал. - у Індустрыяльным;
- 1 чал. - у Крупаве.
Тым не менш па Лідскім каледжы мы рукі не апускаем, на кастрычнік дамоўлена сустрэча з новым дырэктарам каледжа сп. Берхерыт Г.Я. Будзем спрабаваць аднавіць арганізацыю. Працягваюцца і мерапрыемствы ў каледжы: ідуць агульнанацыянальныя дыктоўкі, праводзяцца літаратурныя сустрэчы, студэнты каледжа запрашаюцца на мерапрыемствы ў бібліятэку. Чаго не скажаш пра музычны каледж, дзе ў нас поўнае неўзаемадзеянне.
У 2011-2014 гадах Лідская гарадская арганізацыя ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" ўзаемадзейнічала з Бярозаўскай гарадской арганізацыяй ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".
Пра ўзаемадзеянне з Лідскай арганізацыяй мы не гаворым, паколькі структурна мы частка гэтай арганізацыі.
Арганізацыя знаходзілася ў рэжыме дыялогу з органамі ўлады, у першую чаргу з ідэалагічным аддзелам, аддзелам культуры (у апошні час гэта аддзел ідэалогіі, культуры і па справах моладзі), аддзелам адукацыі, а таксама з іншымі ўладнымі структурамі. Старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" ўваходзіць у склад Каардынацыйнай рады палітычных партый і грамадскіх арганізацый пры Лідскім райвыканкаме.
У справаздачны перыяд усталяваліся самыя цесныя адносіны з Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы, метадычным аддзелам аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі, Лідскім дабрачыннем Беларускай праваслаўнай царквы. Захаваліся цесныя стасункі з Лідскім музеем і асабліва з літаратурным філіялам. З грамадскіх арганізацый найбольш цеснае супрацоўніцтва было з Таварыствам польскай культуры, рухам "За свабоду", ГА БНФ "Адраджэнне". Па асобных мерапрыемствах адбывалася супрацоўніцтва з іншымі структурамі.
Асноўнай задачай, якую вырашала арганізацыя - гэта забеспячэнне выдання газеты "Наша слова" і часопіса "Лідскі летапісец". І хоць фармальна газету і "Лідскі летапісец" выдае Установа інфармацыі "Выдавецкі дом ТБМ", гарадская арганізацыя вырашае ў гэтым працэсе свае задачы.
Паколькі папярэдняя канферэнцыя праходзіла 12 кастрычніка 2011 года, то за гэты перыяд выйшла 153 нумары "Нашага слова". Выйшла 11 нумароў "Лідскага летапісца". У 2014 годзе выйшаў 850-ты нумар "Нашага слова" ў Лідзе. Мы выправілі сітуацыю з "Лідскім летапісцам", ліквідавалі адставанне, якое вісела над часопісам. Выходзілі часопісы да 120 старонак. Нумар 63 выйшаў на 136 старонках.
З пачатку жніўня створаны і запушчаны сайт газеты "Наша слова" naszaslowa.by , дзе размяшчаецца таксама і "Лідскі летапісец".
Папулярны і моцны сайт pawet.net трымае сябар арганізацыі Леанід Лаўрэш, дзе выстаўляюцца газета і часопіс.
19 лютага 2013 года ў Лідскім літаратурна мастацкім музеі (Домік Таўлая) адкрылася выстава "Абуджаная памяць", прысвечаная 15-годдзю выхаду першага нумара часопіса Лідскі летапісец" і адначасова выхаду 60-га нумара часопіса.
Акрамя таго сябры арганізацыі выдалі шэраг кніг:
- Л. Лаўрэш, "Грэка-каталіцкая (ўніяцкая) царква на Лідчыне";
- П. Макарэвіч, "Птица свободы";
- Л. Лаўрэш, "І зорнае неба над галавой...". Нарысы з гісторыі астраноміі.
- У. Васько, "Лясная рапсодыя";
- А. Стадуб, "Дотык волі";
- Л. Лаўрэш, "Ліда ўчора і сёння. Гісторыя горада ў выявах";
- Л. Лаўрэш, "Вандалін Шукевіч".
Апошнія гады ў Лідзе жыве пісьменнік сусветнага ўзроўню, сябар ТБМ Валер Санько. Ён выдаў у гэты час аповесць "Грэх на іх нязмыўны" і раман "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе".
У Лідзе рыхтаваліся краязнаўчыя календары на матэрыяле Гарадзеншчыне на 2012, 2013 і на 2014 гады. Укладальнік А. Пяткевіч, рэдактар С. Суднік. Рыхтуецца каляндар на 2015 год.
Свае календары па-беларуску выдае бібліятэка.
Арганізацыя працягвала супрацу з Таварыствам польскай культуры на Лідчыне па выданні навукова-гістарычных кніг пра знакамітых лідзян. Кнігі выходзяць на польскай і беларускай мовах.
Дзейнасць у літаратурным асяроддзі і праца з літаратарамі была значнай дзялянкай у дзейнасці арганізацыі.
Літаратурнае аб'яднанне "Суквецце" пры "Лідскай газеце" ўзначаліў сябар ТБМ Алесь Хітрун. "Суквецце" аб'ядноўвае каля трох дзесяткаў літаратараў. Штомесячныя паседжанні, вечарыны, прэзентацыі, сустрэчы з чытачамі.
Быў праведзены шэраг літаратурна-музычных сустрэч, арганізаваных з удзелам ТБМ:
- 30 лістапада 2011 года прайшлі літаратурныя сустрэчы з Эдуардам Акуліным і Леанідам Дранько-Майсюком у Ганчарскай СШ і Лідскім каледжы;
- 17 снежня 2011 г. прайшлі канцэрты паводле песень філаматаў у Крупаўскай школе і Доміку Таўлая;
- 22 лютага 2012 г. прайшла прэзентацыя кнігі "Вінцук Адважны" з удзелам укладальніцы Ірыны Багдановіч у Лідскім каледжы і Доміку Таўлая;
- 18 сакавіка 2012 г. імпрэза да Сусветнага дня паэзіі прайшла ў Лідскім памежным атрадзе з удзелам Станіслава Судніка;
- 5 траўня 2012 г. канцэрт па песнях філаматаў адбыўся ў Беліцкай СШ;
- 16 траўня 2012 г. у Лідскім музеі прайшла прэзентацыя кнігі Леаніда Лаўрэша "Грэка-каталіцкая (ўніяцкая) царква на Лідчыне";
- 24 кастрычніка 2012 г. у Лідскім каледжы прайшла імпрэза да 100-годдзя з дня нараджэння Пятра Бітэля;
- 2 лістапада 2012 г. прайшлі тры сустрэчы (у Лідскім каледжы, у клубе "Актыўнае даўгалецце" і ў Цэнтральнай бібліятэцы) з віцебскай паэткай Ірынай Лобан (Грумандзь).
- 19 снежня 2012 г. у Лідскім каледжы прайшла імпрэза, прысвечаная Адаму Міцкевічу і Ўладзіміру Караткевічу;
- 20 лютага 2013 г. з ініцыятывы ТБМ у Лідскай школе мастацтваў прайшоў канцэрт барда Андрэя Мельнікава;
- 25 ліпеня 2013 г. у Лідзе прайшло Скарынаўскае свята з актыўным удзелам сяброў ТБМ;
- 25 верасня 2013 г. з ініцыятывы ТБМ у Лідзе прайшоў Еўрапейскі дзень моў з удзелам МІхася Скоблы і Лявона Баршчэўскага;
- 13 лістапада 2013 г. з ініцыятывы ТБМ праведзены літаратурныя сустрэчы ў в. Дворышча, Лідскім каледжы і Палацы творчасці дзяцей і моладзі з паэтамі Эдуардам Акуліным і Леанідам Дранько Майсюком;
- 20 лістапада 2013 г. пры актыўным удзеле ТБМ у Лідзе адноўлены "Лідскія літаратурна-музычныя зазімкі" ;
- З ініцыятывы ТБМ і Таварыства польскай культуры ў снежні 2013 г. у Лідзе ў бібліятэчным філіяле № 4 прайшла выстава выданняў паэмы А. Міцкевіча "Пан Тадэвуш" на польскай і беларускай мовах і літаратурная імпрэза з паказам даваеннага польскага, яшчэ нямога фільма "Пан Тадэвуш";
- 8 лютага 2014 года ў Лідзе прайшло шырокае святкаванне 100-годдзя Валянціна Таўлая. Гарадская арганізацыя ТБМ падаравала бібліятэцы імя В. Таўлая (на Фурманава) прыгожы банэр;
- 9 красавіка 2014 г. з ініцыятывы ТБМ прайшлі літаратурныя сустрэчы з паэтамі Эдуардам Акуліным і Леанідам Дранько-Майсюком у Мажэйкаве і Лідскай цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы;
- 15 траўня 2014 г. праведзены паэтычныя сустрэчы з паэтамі Эдуардам Акуліным і Леанідам Дранько-Майсюком у Ходараўцах і Бярозаўцы;
- 16 траўня 2014 г. адбылася вечарына ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы, прысвечаная памяці Рыгора Барадуліна з удзелам Зміцера Бартосіка;
- 6 чэрвеня 2014 года ў Доміку Таўлая прайшла прэзентацыя кнігі Леаніда Лаўрэша "Ліда ўчора і сёння. Гісторыя горада ў выявах";
- 20 чэрвеня 2014 года ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла імпрэза, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння Васіля Быкава;
- 8 ліпеня 2014 г. у Цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла прэзентацыя кнігі Дзмітрыя Люціка "Нёманскі фронт";
- 20 жніўня 2014 года ў Доміку Таўлая прайшла прэзентацыя кнігі Леаніда Лаўрэша "Вандалін Шукевіч".
- 29 жніўня 2014 года прайшла прэзентацыя кнігі Леаніда Лаўрэша "Вандалін Шукевіч" у Бярозаўскай бібліятэцы.
- 1 верасня 2014 года прынялі ўдзел у Дні пісьменства ў Цэнтральнай бібліятэцы, падчас якога было адзначана 300-годдзе з дня нараджэння лідскага лацінамоўнага паэта Міхала Карыцкага.
Працягвалася такая форма працы як напісанне Агульнанацыянальных дыктовак.
18 лютага 2012 г. - 5-я Агульнанацыянальная дыктоўка ў Бярозаўцы.
1-е месца - Рэгіна Дычок;
2-е месца - Яўген Лукашэвіч;
3-е месца - Вітольд Ашурак.
19 лютага 2012 г. - 5-я Агульнанацыянальная дык-тоўка ў Лідзе.
1-е месца - Алесь Хітрун;
2-е месца - Крысціна Баравік;
3-е месца - Марына Едчык;
Наталля Ляўкевіч;
Вікторыя Воўкава;
Алёна Лашкоўская;
Святлана Пустыновіч;
Юлія Белагрывая;
У красавіку 2012 г. Алесь Хітрун атрымаў спадарожнікавую антэну ад тэлеканала "Белсат" за перамогу ў напісанні агульнанацыянальнай дыктоўкі.
20 лютага 2013 г. - 6-я Агульнанацыянальная дыктоўка ў Лідскім каледжы. Дыктоўку чытаў праваслаўны святар Уладзімір Камінскі. Выступіў бард Андрэй Мельнікаў.
Пераможцы:
1-е месца - Шостак Катажына;
2-е месца - Кенць Надзея;
Дудо Вікторыя;
3-е месца - Задарожная Каця;
Жыдзіс Ганна;
Будзько Юлія.
23 лютага 2013 г. - 6-я Агульнанацыянальная дыктоўка ў Бярозаўцы.
Пераможцы:
1-е месца - Вольга Ашурак;
2-е месца - Дамініка Трафімчык;
3-е месца - Сяргей Дычок і Віктар Дычок.
24 лютага 2013 г. - 6-я Агульнанацыянальная дыктоўка ў Лідзе.
1-е месца - Наталля Ляўкевіч;
2-е месца - Вікторыя Воўкава;
3-е месца - Надзея Буката.
21 лютага 2014 года - 7-я Агульнанацыянальная дыктоўка ў Лідскім каледжы.
На 10 балаў напісалі Марцішко Надзея; Рынкевіч Ганна.
22 лютага 2014 года - 7-я Агульнанацыянальная ды-ктоўка ў Бярозаўцы.
Пераможцы:
1-е месца - Тарэса Казлова;
2-е месца - Сяргей Дычок і Віктар Дычок;
3-е месца - Сяргей Трафімчык.
23 лютага 2014 года - 7-я Агульнанацыянальная дыктоўка ў Лідзе.
1-е месца - Сяргей Трафімчык;
2-е месца - Міхась Бурачэўскі;
3-е месца - Маргарыта Лазоўская.
Лідская гарадская арганізацыя ТБМ на працягу ўсяго свайго існавання вяла пастаянную барацьбу за беларускамоўную адукацыю на ўсіх узроўнях. У справаздачны перыяд станоўчую пазіцыю у гэтым пытанні займаў аддзел адукацыі.
З 1 верасня 2012 года ў Лідзе з'явіліся 3 новыя беларускамоўныя першыя класы.
- у 12-й школе - 5 чалавек;
- у 16-й школе - 8 чалавек;
- у 17-й школе - 11 чалавек.
З 1 верасня 2013 года ў Лідзе з'явіўся 1 новы беларускамоўны першы клас з выкладаннем польскай мовы як прадмета:
- у 16-й школе - 10 чалавек.
З 1 верасня 2014 года ў Лідзе з'явіўся 1 новы беларускамоўны першы клас з выкладаннем польскай мовы як прадмета:.
- у 16-й школе - 10 чалавек.
У справаздачны перыяд Лідская гарадская арганізацыя ТБМ мэтанакіравана займалася пытаннямі захавання гістарычнай спадчыны і гістарычнай памяці.
25 сакавіка 2012 года сябры ТБМ адзначылі Дзень Волі ў Лідзе і Воранаве.
29 ліпеня 2012 года - урачыстая імпрэза ў памяць паўстанцаў 1863 года ва ўрочышчы "Крыжы" паміж Мохавічамі і Малым Ольжавам.
4 кастрычніка з ініцыятывы лідскіх арганізацый ТБМ у Лідскім бібліятэчным філіяле № 3 у мікрараёне "Маладзёжны" быў адкрыты памятны куток Ларысы Геніюш з устаноўкай бюста паэткі. Пастамент зрабіў сваімі рукамі Лявон Анацка.
24 кастрычніка ў Лідскім каледжы прайшла імпрэза да 100-годдзя з дня нараджэння Пятра Бітэля.
У лістападзе 2012 г. з ініцыятывы ТБМ "Белпошта" выдала паштоўку да 100-годдзя Лідскага аэрадрома.
2013 год прайшоў пад знакам 150-годдзя паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
"Наша слова" апублікавала каля 90 матэрыялаў пра паўстанне.
"Лідскі летапісец" друкаваў увесь год матэрыялы пра паўстанне.
1 лютага 2013 года ў дзень абвяшчэння 150 гадоў таму назад акту паўстання 1863-64 г. у Вільні лідскія актывісты ТБМ запалілі знічы на магіле ўдзельніцы паўстання Валерыі Цехановіч на Лідскіх гарадскіх могілках і ксендза Адама Фалькоўскага ў гарадскім парку.
6 чэрвеня 2013 года ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшлі 1-я Лідскія чытанні да 150-х угодкаў паўстання 1863 года з актыўным удзелам сяброў ТБМ.
28 ліпеня 2013 года прайшло шырокамаштабнае святкаванне 150-х угодкаў паўстання 1863 года ва ўрочышчы "Крыжы". Упершыню чыталіся прозвішчы 388 паўстанцаў Лідскага павета.
Акрамя таго:
25 сакавіка 2013 года сябры ТБМ ушанавалі памяць дзеячоў Беларускай незалежніцкай партыі ў Лідзе і міністра БНР Кіпрыяна Кандратовіча ў Воранаве.
У пачатку 2014 года з ініцыятывы ТБМ "Белпошта" выдала мастацкі маркаваны канверт да 100-годдзя Валянціна Таўлая.
25 сакавіка 2014 года сябры ТБМ з Ліды і Бярозаўкі ушанавалі памяць дзеячоў Беларускай незалежніцкай партыі ў Лідзе і міністра БНР Кіпрыяна Кандратовіча ў Воранаве, за што 7 чалавек былі аддадзены пад суд.
28 траўня 2014 года прайшлі 2-я Лідскія чытанні, прысвечаныя 100-годдзю 1-й Сусветнай вайны.
27 ліпеня 2014 года была праведзена імпрэза па ўшанаванні памяці паўстанцаў 1863 года ў Белагрудзе. Упершыню за 25 гадоў мы не змаглі правесці імпрэзу на полі паміж Мохавічамі і Малым Ольжавам, імша прайшла ў Белагрудскім касцёле.
9 жніўня 2014 года сябры ТБМ прынялі актыўны ўдзел у імпрэзе памяці Ларысы Геніюш у Зэльве.
6 верасня 2014 года ў Лідзе з нагоды 500-годдзя бітвы пад Воршаю на Свята-Георгіеўскай царкве ўстаноўлены падзячны медальён князю К.І. Астрожскаму. 11 верасня медальён асвечаны Лідскім дабрачынным айцом Расціславам.
Арганізацыя вяла працу па наданні лідскім вуліцам беларускіх назваў. Дабіліся тут не шмат, але ўдалося павярнуць у правільны бок праблему з вуліцай Ігната Дамейкі. Вуліца афіцыйна ёсць, а дамоў на ёй не было. Дамы прыпісвалі да вул Рыбіноўскага, Тухачэўскага, Гастэлы. Пасля сустрэчы з начальнікам БТІ новыя дамы пачалі прыпісваць да вуліцы І. Дамейкі. Магчыма, з часам удасца перапісаць і старыя.
Арганізацыя займалася пытаннямі гістарычна-краязнаўчай адукацыі. У сваіх выданнях мы публікуем масу гістарычных і краязнаўчых артыкулаў. Найбольш актыўны аўтар Леанід Лаўрэш, актыўна пачалі працаваць Алесь Хітрун, Кірыл Сыцько.
Краязнаўчая праца арганізацыі канцэнтруецца вакол часопіса "Лідскі летапісец".
Краязнаўчую працу вядуць сябры ТБМ у іншых арганізацыях: Лідскае краязнаўчае таварыства імя Тодара Нарбута, "Павет", рыцарскія клубы "Дайнава" і "Dies Magnus". У прыватнасці, усе рыцарскія спектаклі іграюцца на беларускай мове.
Вядзецца праца з супрацоўнікамі Лідскага гістарычна-мастацкага музея. Многія супрацоўнікі музея вядуць экскурсіі па-беларуску, асабліва Алесь Хітрун, Наталля Валынец. Выдатна валодае мовай і дырэктар музея Ганна Драб.
Мы пастаянна супрацоўнічаем з Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы. Тут большасць супрацоўнікаў валодае мовай. Бібліятэка праводзіць шэраг мерапрыемстваў па прапагандзе беларускай мовы. Тут на павестцы дня адкрыццё бюста Янкі Купалы, чарговыя зазімкі і літаратурныя імпрэзы. Праўда курсы тыпу "Мова ці кава" мы так і не адкрылі, а імкнуліся.
Пад пастаяннай увагай знаходзіцца візуальнае афармленне горада і маркіроўка тавараў. Гарадская арганізацыя займалася "Спадарожнікам" і "Лідскім півам".
Але больш грунтоўна гэтым пытаннем займалася Лідская арганізацыя ТБМ.
ЗАДАЧЫ НА НАСТУПНЫ ПЕРЫЯД:
- беларусізацыя адукацыі, задачы пастаянныя;
- маркіроўка і рэклама тавараў па-беларуску;
- захаванне нацыянальнай памяці;
- ініцыяцыя гарадскіх і раённых праектаў (помнік Гедзіміну, ратуша, сядзібы);
- асаблівая ўвага на аднаўленне дзейнасці арганізацыі ТБМ ў Лідскім каледжы;
- арганізацыйная дзейнасць па вяртанні ў традыцыйныя нашыя асяродкі (музкаледж, тэхнічныя ліцэі, школы);
- любой цаной заставацца ў прававым полі, бо кожны выхад за межы мае негатыўныя наступствы;
- замацаваць традыцыю адзначэння Еўрапейскага дня моваў.
Старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" С. Суднік .
Паэту з Забалацця - 75!
(Васіль Жуковіч нарадзіўся 21 верасня 1939 г.)
Колькі жыць буду я,
Хай жыве пачуццё найсвятое,
А яно ў мяне ў сіле й красе:
Я шкадую ўсім сэрцам людзей
Ужо толькі за тое,
Што на грэшнай зямлі
Мы смяротныя ўсе.
2001 Васіль Жуковіч. Крэда.
Як сведчыць даведнік "Беларускія пісьменнікі (1917-1990)" (г. Мінск, Мастацкая літаратура", 1994): "Васіль Аляксеевіч Жуковіч нарадзіўся 7.ХІ.1940 г.у вёсцы Забалацце Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям'і".
Праўда тут, што сапраўды Вася - Васілёк - Васіль нарадзіўся каля вёскі Забалацце:
Дзея ўсіх маіх сноў
Адбываецца ў Забалацці,
На хутары, дзе я рос,
Дзе зімою заносіла
снегам калодзеж,
Дзе вясной ледзь
на ногі ўставала карова,
Дзе расла, бы арэхі,
драбнюткая бульба,
А за плотам шумела бяроза.
("Дзея ўсіх маіх сноў...")
А памылка гэтага даведніка, як і шмат іншых крыніц відавочная, таму што архівы прама сведчаць:
Васіль Аляксеевіч Жуковіч прыйшоў на гэты, белы свет на гэтай, грэшнай, зямлі ў звычайнай беларускай сям'і 21 верасня 1939 года, калі Чырвоная Армія пачала свой вызваленчы паход у Заходнюю Беларусь, якая па змове ўрадаў Пілсудскага і Леніна згодна з Рыжскай змовай была акупавана Польшчай, і ў якой на афіцыйным ужытку была поўнасцю вынішчана беларуская мова, частка населеных пунктаў і чыгуначных станцый была пераназвана, каб людзі не ведалі ні Літвы (Беларусі), бо гэта была ў Сярэдневеччы поўная ідэнтычнасць. А сучасная Літва ў тыя вякі была Жамойціяй, для таго, каб апраўдаць анексію Віленшчыны, летувісы хуценька прыдумалі Аўкштайцію, якой ніколі не было. Дзеля праўды скажам яшчэ, што Брэст-Літоўскі палякі пераназвалі ў Брэст-над-Бугам.
На сёння вялікі творчы скарб Васіля Жуковіча знаходзіцца болей чым у 30 уласных паэтычных выданнях, шматлікіх хрэстаматыях, падручніках, анталогіях, альманахах, што-годніх былых зборніках "Дзень паэзіі", штоквартальніках, часопісах, газетах, розных календарах...
Першае выступлене ў друку ў юнака Васіля адбылося ў 1956 г., першы яго зборнік у 1974 г. меў шчырую і ўдзячную назву "Паклон".
Не проста складалася жыццё паэта. У 1959 г. ён паступіў на філалагічны факультэт Берасцейскага педінстытута імя А. Пушкіна, і ў тым жа годзе ён напісаў гэты верш без назвы:
Мой край блакітны,
край зялёны,
На брукаваны выйду шлях.
Насустрач кінь
вятроў салёных
І палыну гаркавы пах.
Хай прыйдзе смага -
сіл не страчу:
Я да крыніцы прыпаду.
Сумую па табе - і значыць -
У самы светлы шлях іду.
Але правучыўшыся два курсы ў інстытуце, Васіль Аляксеевіч па жыццёвых абставінах мусіў з 3-га курса перавесціся на завочнае аддзяленне, якое скончыў у 1964 годзе, а перад гэтай установай маладзён пазнаваў жыццё працай на будоўлях Берасця (Брэста) ў 1957-1959 гадах.
Удасканальваў свой прафесіяналізм В.А. Жуковіч з 1962 па 1971 год літсупрацоўнікам у берасцейскай раёнцы "Заря над Бугам".
Далей ён рабіў старшым рэдактарам Берасцейскага абласнога тэлебачання. У 1972 г. перабіраецца у Менск (Мінск) у самую прэстыжную і папулярную газету Беларусі "Знамя юности". Проста так напішу, што калісьці тыраж гэтай газеты, калі яе ўзначальваў мой былы падначалены і паэт Валерый Грышановіч, даходзіў да 700000-800000 экзэмпляраў у дзень. Калі ласка, паважаны чытач, параўнайце з ім наклад сёння аблашчанай уладамі "СБ" (Советская Беларусь - Беларусь сегодня"), можа стацца, што недакладна пішу Беларусь, мо там стаіць Белоруссия, то, калі ласка, прашу мне дараваць гэты грэх, бо яе не выпісваю і не чытаю. З 1973 года творца працуе рэдактарам выдавецтва "Мастацкая літаратура", у 1977 г. скончвае Вышэйшую партшколу пры ЦК КПБ. І ў гэтым годзе ён становіцца чальцом Саюза пісьменнікаў Беларусі, з 1918 г. Васіль Аляксеевіч у выдавецтве "Юнацтва", потым на іншых працах.
Акрамя таго, што В. Жуковіч сам выдатны мастак слова, то ён яшчэ актыўна, энергічна прапагандуе дасягненні ў літаратуры іншых літаратараў - перакладае на беларускую мову С. Баруздзіна, А. Ананьева, К. Цвірку, Махтумкалі, І. Якштаса, П. Грабоўскага, І. Няходу, У. Мэя...
На маім рабочым стале каля двух дзесяткаў зборнікаў "Дзень паэзіі" (штогоднікі), якія калісьці выдаваліся ў выдавецтве "Мастацкая літаратура". Мною было заўважана, што там дзе Васіль Жуковіч выступаў галоўным рэдактарам, альбо складальнікам (ёсць яшчэ і ўкладальнікі), то яны, гэтыя выданні, як мага найярчэй, найглыбей, шматстайней адлюстровалі працэсы беларускай пэзіі таго года. Што яшчэ мяне дзівіла ў іх, там не было аніводнага твора самога паэта. Усё гэта мне падказала, што Васіль Аляксеевіч ані разу не выкарыстаў свае пасадныя перавагі. Бяру, да прыкладу, "Дзень паэзіі - 80", дзе ў рэдакцыйнай калегіі галоўны рэдактар Васіль Зуёнак, а ўкладальнік Пятрусь Макаль, то ёсць тут і верш без назвы Васіля Жуковіча, з якога без нашых каментараў працытуем першае і апошняе чатырох-радкоўі:
Ляціць планета -
за вітком віток,
касмічныя адно мігаюць гоні,
імчыць планета -
за гадком гадок,
аж зорны пыл
нам падае на скроні.
..................................................
І ты - бы маладзееш,
не прыстаў,
дарога не заблыталася
ў жыце.
За даляглядам -
вабная вярста...
Зязюлі мілыя,
даўжэй, даўжэй лічыце.
Бяру з гары кніг "Дзень паэзіі - 88" "... - 89", "... - 90", у першых 2-х складальнікам выступае Васіль Жуковіч, у трэцім зборніку ён - галоўны рэдактар, то колькі ў іх не шукайце, аніводнага яго радка там не знойдзеце.
Творы Васіля Жуковіча самакветамі красуюць розныя анталогіі:
Хабарніку
Тут спачыве той,
Хто сам не краў.
Яму давалі злодзеі.
Ён браў.
("Анталогія беларускай эпітафіі").
У "Анталогіі беларускай пародыі" бліскавіцай зіхаціць верш Васілія Жуковіча "Піла да дна, ды не п'янела" на твор Зінаіды Дудзюк?
Ды нешта было
паміж намі святое...
Пілі мы дна...
..................................................
Наліце мне шампанскага
ў лілею...
У "Анталогіі беларускай эпіграмы" укладальнік яе Казімір Кудласевіч змясціў восем твораў Васіля Жуковіча, з іх працытуем "Кіраўніка з мінулага":
Для падначаленых мае бас,
А для начальства - тэнар:
Перад вышэйшымі ён ураз
Выцягваецца антэнай.
Памятаю, што на пачатку 2002 г. на свой ганарар ад газеты "Культура" для падарункаў школьнікам прыдбаў 10 экзэмпляраў выдання "Прадвесне: Кніга для пазакласнага чытання ў 8 класе" (Мінск, "Полымя", 2001), на старонцы 23 якога пабачыў верш Васіля Жуковіча:
Буяюць травы
ў буйных росах...
Здаля, з бетонных берагоў,
Вярнуўся я і крочу босы
Зялёнай свежасцю лугоў.
Цяпер вастрэй я адчуваю
І гарачэй жыццё люблю.
Таму і раем называю
Сваю спрадвечную зямлю.
Стаў большы ростам,
меншы ўзростам,
Мне травы сілы прыдалі.
Як можна быць шчаслівым... Проста.
Ад дакранання да зямлі!
На старонцы 29 "Прадвесня" чытаем: "18. У чым бачыць сваё шчасце Васіль Жуковіч у вершы "Буяюць травы ў буйных росах..." Відавочна, адказ у кожнага свой, але, на самой справе, гэты верш зачароўвае і прымушае думаць аб вытоках любові да сваёй, спрадвечнай, зямлі.
13.07.2012 г. Васіль Жуковіч, тады аўтар 34-х асабістых кніжак, даслаў мне па пошце свой паэтычны зборнік "Золата лістапада: Вершы розных гадоў" з незвычайна цёплымі і ўзвышанымі для мяне словамі, з гэтай яго скарбонкі мне пажадана агучыць яго два балючыя вершы:
Беларуская мова
Табою, бачу, пагарджаюць,
Табе знішчэннем
пагражаюць...
Каму і чым не дагадзіла?
Ты свету геніяў дарыла.
О, маці-мова! Тваё слова -
Паветра для душы жывой,
Заўсёды мне, славянка - мова,
Такі гаючы гоман твой!
А ты сама - душа народа,
Яго краса, яго прырода.
Народ, насіллем катаваны,
Праз навальніцы, ураганы
Цябе, адвечную, пранёс.
Ты неахопная - як воля,
Ты неацэнная - як доля,
Ты неад'ёмная - як лёс!
І "Такія перамены" , як хутка муціруе, манкурціцца беларус:
Калі ўлады раёна,
Дагаджаючы
ўладным вярхам,
Зачынялі клас беларускі
Ў сто сорак восьмай
школе сталіцы,
Мілы хлопчык Алёша
Да настаўніцы
шчыра звяртаўся:
- А давайце мы
выкупім клас наш!...
Час прайшоў, хлопчык вырас
І цяпер
пры сустрэчы з настаўніцай
Кажа: "Здрасьце!"
21.02.2012 г.
Немагчыма мне ацаніць усю красу і значнасць паэтычнага квету-скарбу, які прынёс і нясе з самім сабою для нашай Бацькаўшчыны творца Васіль Жуковіч. Але тое, што ім зроблена і робіцца, - усё гэта гаворыць, што ён Выдатная Асоба нашай краіны!
Міхась Угрынскі , г. Баранавічы.
20-ці годдзе аднаўлення дзейнасці грэка-каталіцкай царквы ў Лідзе
У Лідскай парафіі Св. Язафата адбылася ўрачыстая служба. Свята 20-ці годдзя парафіі закончылася танцамі пад старабеларускую музыку.
У верасні 2014 г. лідскія грэка-католікі святкуюць 20 год узнаўлення дзейнасці Грэка-каталіцкай Царкы на Лідчыне. Менавіта 20 год назад намаганнямі творчай інтэлігенцыі была зарэгістравана Грэка-каталіцкая (ўніяцкая) парафія св. Язафата ў г. Лідзе. Людзі, якія сталі ініцыятарамі рэгістрацыі парафіі, хацелі быць часткай паўсюднай Каталіцкай Царквы ды мець адначасова магчымасць маліцца і жыць паводле традыцыі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў. Багаслужэнне ў Лідскай парафіі, таксама як ва ўсёй Беларускай Грэка-каталіцкай Царкве, адбываецца па-беларуску. За мінулыя дваццаць гадоў парафія стала прыстанішчам усіх тых, хто шукая Бога, людзей розных нацыянальнасцяў, узросту і светапогляду. Руплівая парафіяльная супольнасць грэка-каталікоў рэгулярна праводзіць багаслужэнні ў капліцы парафіяльнага дома па вул. Каліноўскага, 16, а ў вялікія святы таксама далучаецца да набажэнства ў рыма-каталіцкіх парафіях, праз што перажывае сулучнасць і паўсюднасць Каталіцкай Царквы. Не ўсе грэка-католікі, якія жывуць ў Лідзе, уключыліся ў рэгулярнае жыццё парафіі. На гэтым полі застаецца яшчэ шмат зрабіць. Адначасова парафіяльная супольнасць праводзіць розныя ініцыятывы духоўнай адукацыі, сацыяльнага служэння, прэвенцыйнай працы з моладдзю.
У гадавіну аднаўлення Грэка-каталіцкай Царквы на Лідчыне варта даць кароткі нарыс яе гісторыі. У другой палове XVI ст. праваслаўная царква Кіеўскай мітраполіі, якая ўнесла вялікі ўклад у духоўную культуру беларускага народа, зведала моцныя ўдары Рэфармацыі. Процістаяць ім магла толькі Царква з магутным інтэлектуальным патэнцыялам. Аднак, праваслаўе на беларускіх землях не мела тады ўласнай багаслоўскай школы і магутных інтэлектуальных цэнтраў. Праваслаўны Ўсход не мог аказаць рэальнай дапамогі ў рашэнні гэтых праблем, таму што Візантыя знаходзілася пад уладай турак. У другой палове XVI ст. праваслаўная царква ВКЛ апынулася ў стане крызісу. Адмоўнае значэнне мела і традыцыйная залежнасць праваслаўнай царквы ад свецкай улады. У пошуках выхаду з крызісу сваёй царквы, прадстаўнікі праваслаўнай эліты прыйшлі да ідэі рэгіянальнай уніі з Рымам.
Грэка-каталіцкая (гістарычная назва "Ўніяцкая") Царква атрымала адміністрацыйную структуру на царкоўным саборы 1596 г. у Берасці. Галоўнай мэтай сабора было аднаўленне былога адзінства хрысціянства, вырашэнне праблем, якія не дазвалялі спыніць міжканфесійныя канфлікты.
Беларускі гісторык А.А. Суша паказаў, што па сутнасці праз унію ва ўсходняй царкве ВКЛ была праведзена рэформа, вынікі якой можна параўнаць з вынікамі рэформы патрыярха Нікана ў Расіі. У той жа час немагчыма лічыць, што ў Берасці ў 1596 г. была створана нейкая новая Царква. Кіраваць Царквой працягваў той самы мітрапаліт, тыя ж япіскапы - у тых жа епархіях, у тых самых цэрквах вялі службы пераважна тыя ж святары, служылі ўсё тую ж усходнюю літургію, а на службу хадзілі тыя самыя вернікі. Таму ўніяцкую Царкву немагчыма лічыць новатворам, сваю гісторыю на нашых землях яна адлічвае ад Х ст. Самі прадстаўнікі Грэка-каталіцкай Царквы амаль ніколі не казалі пра яе стварэнне ў 1596 г. Яны прасочвалі яе існаванне ад самых ранніх часоў хрысціянства.
Украінскі гісторык Сафія Сэнык пісала: "Большасць ... зусім не заўважыла яе (унію - Л.Л. ). Епіскапы так і заставаліся на сваіх кафедрах, святары - на сваіх парафіях. У парафіяльных храмах і манастырах працягвалі ўзносіць малітвы за іх пабожных фундатараў. Богаслужбовыя абрады не змяніліся, народ хадзіў у паломніцтва ўсё да тых жа абразоў".
З пачатку XVII тварам да Ўніі паварочваецца беларуская шляхта, і на працягу другой паловы XVII-XVIIІ ст. уніятамі становіцца большасць беларусаў.
Згодна з "Ведомостью о греко-унияцких церквах и монастырях Бресткой епархии" за 1827 г., у Лідскім павеце дзейнічала 18 уніяцкіх цэркваў і адзін манастыр (Голдаўскі), якія разам мелі 22 496 прыхаджан. Лідская царква Св. Міхаіла аб'ядноўвала ў 1837 г. 306 прыхаджан. Паводле статыстыкі 1838 г., Ганчарскую царкву наведвалі 1230 вернікаў-уніятаў, да Глыбоцкай было прыпісана 1872 чалавекі, да Голдаўскай - 1047, Дзікушскай - 614, Дакудаўскай - 922, Жыжмянскай - 725, Лябёдскай - 812, Зблянскай - 1135, Маламажэйкаўскай (Мураванкаўскай) - 497, Мытлянскай - 272, Арлянскай - 1400, Астрынскай - 3327, Ракавіцкай - 630, Сабакінскай - 1379, Турэйскай - 947, Баброўскай - 417, Дэмбраўскай - 853. Згодна з хронікай касцёла вёскі Ішчална, у 1801 г. у Вялікім Мажэйкаве было 1300 вернікаў.
Да нашага часу на гістарычнай Лідчыне захаваліся і дзейнічаюць як праваслаўныя былыя ўніяцкія цэрквы: Голдаўская (пабудавана ў 1795 г.), Баброўская (год пабудовы - 1810 г.), Ганчарская (пабудавана ў 1774 г.). Матэрыялізаваным ўвасабленнем ідэй Фларэнційскай уніі 1439 г. на беларускіх землях стала архітэктура знакамітай Маламажэйкаўскай гатычнай царквы абарончага тыпу, якая ў XVII-XIХ ст. працяглы час дзейнічала таксама як уніяцкі храм.
Пасля паўстання 1831 г. па рашэнні царскіх уладаў Уніяцкая Царква была гвалтоўна ліквідавана ў 1839 г. За два з паловай стагоддзі свайго існавання Грэка-каталіцкая Царква стала традыцыйным культавым інстытутам, які ўвайшоў у жыццё многіх пакаленняў беларусаў, адпавядаючы іх нацыянальна-культурным памкненням. Ліквідацыя структураў уніяцкай царквы суправаджалася русіфікацыяй вернікаў.
Гісторыя ўніі не закончылася 1839-м годам. Царскім уладам Расейскай імперыі спатрэбілася не адно дзесяцігоддзе, каб знішчыць уніяцкі дух народа, які працягваў цягнуцца да афіцыйна пакінутай веры. Забароненая, яна стала для многіх яшчэ больш дарагой. З'явіліся тайныя ўніяты, якія ўпотай ад уладаў вызнавалі ганімую веру. У заходніх раёнах Беларусі існавала асабліва моцная настальгія па страчанай Уніі. Заклікі да адраджэння Ўніяцкай царквы гучалі на хвалі патрыятычнага ўздыму 1863-1864 гг. Вярнуць гістарычную ўнію намагаліся дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ ст. У 1929 г. з'явілася "Дэкларацыя ініцыятараў новай царкоўнай уніі з Рымам". Але ўлады Польшчы не былі зацікаўлены ў пашырэнні Уніі, таму к канцу 1930-х гадоў уніяцкая справа ў Заходняй Беларусі абмяжоўваецца.
Калі гаварыць пра гісторыю пасля ІІ Сусветнай вайны, ёсць факты, якія сведчаць аб дзейнасці ў Лідзе ўніяцкіх святароў у брэжнеўскія часы. Яны жылі ў лідскага рыма-каталіцкага пробашча ксяндза Роека, піяра. Выконваць духоўныя абавязкі ім было забаронена, таму сродкаў на пражыванне яны не мелі. Дапамаглі ім айцы піяры, якія далі магчымасць адпраўляць т. зв. інтэнцыяльныя імшы, звязаныя з грашовымі ахвяраваннямі. Але падчас ператрусу ў доме аднаго з уніяцкіх святароў карткі са спіскам імшальных інтэнцый трапілі ў рукі адпаведных органаў. Пасля гэтага праблемы ўзніклі і ў саміх піяраў.
На мяжы 1980-1990-х г. грэка-каталіцкая царква адраджаецца ва Ўкраіне і Беларусі. У 1994 г. у Лідзе была адроджана грэка-каталіцкая парафія св. Язафата - гэта значыць вернікі змаглі адкрыта збірацца ды маліцца. Першае памяшканне царквы было ў прыватнай мастацкай майстэрні якую абсталявалі пад капліцу. Новаствораны прыход наведаў тагачасны протапрасвітар а. Ян Матусевіч. Ён правёў у Лідзе, у памяшканні музычнага ву-чылішча, першую грэка-каталіцкую літургію. У 1996 г. для парафіі быў набыты дом па вуліцы Каліноўскага, 16. Пасля рамонту і перабудовы, у капліцы на першым паверсе гэтага дома пачаліся рэгулярныя набажэнствы. Першую службу ў новай капліцы правёў а. Казімір Ляховіч. Ён жа стаў і першым настаяцелем Лідскай парафіі - кожную нядзелю прыязджаў з Менска.
Усё парафіяльнае жыццё канцэнтруецца вакол парафіяльнага дома ды багаслужэнняў, што адбываюцца ў капліцы, якая ў ім знаходзіцца. На працягу 20 год за парафію былі адказныя розныя святары. Гэта былі а. Казімір Ляховіч, а. Андрэй Абламейка (з 1997 г.), а. Андрэй Крот (з 2006 г.), а. Аляксандр Шаўцоў (з канца 2007 г.). З восені 2008 г. душпастырам парафіі з'яўляецца а. Андрэй Буйніч.
Леанід Лаўрэш.
Антону Цвыду - 75!
Антону Пятровічу, так здарылася, прыйшло жыццё на Украіне ў 1939 годзе, а вядомасць як творцы прыйшла на Беларусі. Ён нарадзіўся ў вёсцы Свіцязь Шацкага раёна Валынскай вобласці. У роднай мясціне ён скончыў сямігодку, а ў Шацку ў школе атрымаў атэстат сталасці, служыў у шэрагах Савецкай Арміі, пасля яе скончыў прэстыжны філалагічны факультэт Львоўскага дзяржуніверсітэта імя ўкраінскага класіка Івана Франка.
Антон Цвыд працаваў у рэдакцыі раённай газеты "Прапор" г. Валадарск - Валынскі. З 1970 г. жыў і рабіў у г. Берасці (Брэст).
Мне ён быў знаёмы асабіста і па берасцейскай перыёдыцы, альманаху "Свіцязь" г. Луцк, які ён мне падараваў і які пайшоў па руках і знік ад мяне, а таксама па адзінай яго кнізе, якую мне шчыра і ўдзячна ўручыў украінскі грамадскі дзеяч Міхайла Петруковіч 19.08.2000 г. у горадзе над Бугам, - гэта "Сторінкі хвіль: верші, пераклады" (Брэст, цэнтр "Вежа", серыя "Берасцейскае вогнішча", 1999.
Трэці раздзел у гэтым выданні "З братніх джерел" - пераклады беларускай паэзіі. У ім творы паэтаў Гальяша Леўчыка, Язэпа Пушчы, Уладзімра Жылкі, Анатоля Іверса "Хтось зелені розчесував сосні" - гэты верш быў любімы для творцы Уладзіміра Калесніка, ён мне яго дэкламаваў у в. Крашын (пад Баранавічамі) ля ракі Шчара:
Хтось расчэсваў
зялёныя сосны,
Што адкінулі кудры назад.
Аб начах тых смалістых
і росных
Я ніяк не магу расказаць.
.................
Хтось зелені розчесував сосни,
Що в замріі дивились на шлях.
Я про ночі, смолисті, безсонні,
Розказати не можу ніяк .
(Пераклад)
Верш Анатоль Іверс "Хтось расчэсваў зялёныя сосны" змясціў у 1938 годзе ў зборніку "Песні на загонах" у Вільні. Як аказалася, гэты твор Івана Дарафеевіча Міско, а Іверс - гэта літ. мянушка яго, быў любімым і для вучонага, і пісьменніка Алега Лойкі.
У "Сторінкі хвіль" так-сама ўкраінскай мовай загучалі і вершы Аляксея Русецкага, Петруся Макаля, Міхася Рудкоўскага, Яўгеніі Янішчыц, Генадзя Пашкова, Міколы Пракаповіча, Алеся Каско, Алега Мінкіна, Алы Канапелькі, Алеся Жыгунова:
Мені б навчитись промовлять
На мове родній так, як мати,
Іі очима освітлять
Куточкі всі староі хати .
(Верш А. Жыгунова.)
У маім архіве зберагаюцца тры газеты Берасцейскай абласной газеты "Заря" з вершамі па-украінску Антона Цвыда. А ў памяць 75-годдзя паэта мы выбралі яго невялічкі верш "Праведним" на яго роднай мове:
Шляхи ваши праведни -
Змотуй чи размотуй.
Жыття ваше - грамоти,
А мое - гримоти.
Міхась Угрынскі.
Каму молімся
Усплёскі хваль памяці ў дзень 75-годдзя
(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумары.)
Хвалі памяці выносяць новыя факты студзёна-горкай літаратурнай сцяжыны.
Пра жыццё і творы Янкі Купалы напісана шмат, узнёсла, праўдзіва. Пра смерць канкрэтна нічога. Скрозь гады лічылася, усім утрамбавана - няшчасны выпадак. Архіўныя дакументы і празорная бачнасць доктара народнай медыцыны (дзякую Богу за яе) дазволілі мне апісаць забойства беларускага генія. Упершыню. З доказнасцю ўвачавідца.
Кнігу "Грэх на іх нязмыўны", 2013, 146 стар., 100 экз., набылі асобныя чытачы. На дваццаць з лішнім бібліятэк Менска не куплена ні аднаго экзэмпляра. Мондрыя супрацоўнікі бібліятэкі імя Янкі Купалы (праз яе заказваюць выданні раённыя і завадскія) нават для сябе не набылі кнігу. Адзін экз. вымахлярылі ў аўтара: узялі для прагляду, назад не вяртаюць. У бібліятэку Янкі Купалы, на двухмільённую сталіцу ні аднаго экзэмпляра. Ганьба.
Дзевятнаццаць гадоў працаваў над дакументальным раманам "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе", 2013, 612 стар., 50 экз. Упершыню ў сучаснай літаратуры праўдзіва і лагічна, з дакументальнай пранізлівасцю гаворыцца аб прычынах выбуху на ЧАЭС, ліквідатарскіх і перасяленскіх праблемах.
Падрабязныя анатацыі абедзвюх кніг пасланы ва ўсе значныя бібліятэкі дзяржавы, універсітэты. Набылі кнігі лічаныя (Берасцейская, Магілёўскага педуніверсітэта, БДУ, Ваенная акадэмія...). У абласных бібліятэках, Прэзідэнцкай няма сродкаў. На рускамоўны шырспажыў і дэтэктывы грошы знаходзяцца, хоць і малыя, а на кнігі пра Чарнобыльскую катастрофу, забойства Янкі Купалы няма.
Куды ідзе беларуская адукацыя, культура, хто адкажа.
Умее беларус маліцца духоўна? Ведае каму? Ці ўмеюць беларускія літаратары працаваць для таго, пра каго на словах рупяцца і дбаюць. Адказ у іхніх кніжках, чытальных і абсалютна нечытальных, плённых і няплённых, як ураджай з зарослай пырнікам нівы.
...Расхваліў/раскрытыкаваў беларускае пісьменніцкае брацтва. Пра самаедства, вышыні ацэнак дарэмна ўзгадаў, часам падумваецца. Яно шмат у чым лепшае за суседнія. Радасці, дапусцім, ад яго народу, дзяржаве Беларусь не так шмат, аднак стратаў грамадству ад яго не проста меней, устакроць меней, чым ад іншых галін гаспадарства.
Хвалі памяці б'юць у гліну падзеяў, выносяць свядомае і несвядомае былое няздарства вакол усіх нас.
...На цалінных землях Казахстана ўдарна завіхаліся пяцьсот (!) тысяч маладых цаліннікаў. У цеснаце, пыле, брудоцці. Завіхаліся цудоўна. Ураджаі выдатныя. Гадамі гнаілі намалочаную пшаніцу на таках, проста на зямлі. Не было складоў, сродкаў перавозкі. - Ніхто не вінаваты.
Па ўсяму СССР векавечна талковых дарог не хапае, для гаспадарчай неабходнасці элеватараў не набудавалі. - Ніхто не вінаваты.
Сцены жыллёвых дамоў гмахкай краіны ацяплялі неба, 28-30 працэнтаў абагравальнага цяпла з батарэяў у сценах ішло, ідзе ў воблакі. - Ніхто не вінаваты.
Нехта праектаваў, адабраў, зацвярджаў, дамы з плоскімі дахамі ў Мурманску і на Урале, Магілёве і Цвердзі (Твери), 20 гадоў не бачыў неэканом'я. - Ніхто не вінаваты.
Узбунтаваўся ад няхватаў прадуктаў і суцэльных павышэнняў цэн агаладнелы люд у Навачаркаску ў 1962 годзе. Не выйшаў на працу. Па асабістым загадзе Суслава (Зуля, па дзеду, паводле пісьменніка і генерала Мухіна), насуперак міліцэйскім і кадэбэшным парадам, расстрэльвалі натоўпы дэманстрантаў. - Ніхто не пакараны раней, пазней, пасля развалу краіны-гіганта.
Адходы салігорскіх шахтаў у высозных гарах маглі не прагінаць палеткі, не засмечваць і засольваць землі чатырох раёнаў Меншчыны. Планавалася ўсе адходы загнаць у выпрацаваныя шахты. Маскоўскія разумнікі (з-за слюнцяйскай згоды беларускіх дагаджанцаў) з'эканомілі, вярсцілі руду ў тэрыконы. Страты відавочныя. - Ніхто не ві-наваты.
Цяпер беларускія акадэмічныя свяцілы плануюць калійнымі адходамі салігорскіх гор карміць урадлівыя і падзолістыя землі Беларусі. Праз 5-10 гадоў, паводле каструбаватых вывадаў альтэрнатыўных навукоўцаў, палеткі стануць непрыдатнымі. Дзе будуць шукаць вінаватых - у ЗША, Еўропе?
Так шукаюць аўтараў узводу новага менскага аэрадрома ў тумана-небяспечным месцы; усадзілі, пасля раскемілі, нельга было тут. - Ніхто не вінаваты ў аэрадромным безладзі.
Так стане і з падкормкаю беларускіх земляў шламамі салігорскіх шахтаў.
Непрадуманая да канца меліярацыя - выпрамленне рэк, асушэнне балот і тарфянікаў - прынесла СССР велізарныя расходы. Абязводжаныя тарфянікі і лясы гараць лёгка, доўга. Параўноўваць збожжавыя і кармавыя прыбыткі ад уведзеных асушаных палеткаў у Маскоўскай вобласці і страты праз дзесяць гадоў ад рэгулярных пажараў на абязводжаных тарфяніках у той жа вобласці ніхто не спрабуе. Безліч маленькіх рэк і азёр знікла ў краіне. Страты ў паляводстве, жывёлагадоўлі. - Ніхто не вінаваты.
Амаль дзве тысячы вёсак штогод пры Саветах і ў перабудоўі беззваротна гінула ў Расіі. - Ніхто не вінаваты.
Паўсямесная рэгулярная ліквідацыя ў СССР маленькіх вёсачак вылілася ў абязлюдства, а потым і згубства земляў, чарговае адвучванне хлебароба ад самаадданства на гонях і фермах, ад'ём у чалавека пачуцця радзімнасці, знішчэнне адвечна-народнага ўкладу. Што яскрава выявілася праз дзесяцігоддзе пасля развалу СССР. - Ніхто не вінаваты.
Адвучылі працавітага рускага вяскоўца працаваць. Амаль 50% урадлівых земляў цяпер незасеяныя, паводле выказванняў старшыні КПР Зюганава ў 2014 годзе. 41 млн гектараў выдатнага ворыва зарастае палыном, чартапалохам, хмыззём. - Ніхто не вінаваты.
Асобныя ўрадаўцы Расіі свядома труновілі сельскую гаспадарку. Старшыня СМ РСФСР Ягор Гайдар у 1992 годзе няраз даводзіў: руская сельгаспрадукцыя дарагая, купім лепшую і танейшую, за мяжой, за нафту. Гайдара не стала ў крэсле прэм'ер-міністра, заганная ідэя доўга жыццёвілася ў вялікіх і маленькіх калідорчыках, вёска гінула. - Ніхто не вінаваты.
У Башкірыі, Удмурціі, Татарыі сельскагаспадарчая вытворчасць працуе здавальняльна, у кондавых абласцях Расіі коціць на скон. - Ніхто не вінаваты.
Спахапіліся: няма вёскі - не будзе дзяржавы. Позна спахапіліся.
Траха не ўсе абласныя гарады СССР (апошнія гады існавання) і цяперашняй Расіі на 50 працэнтаў забяспечваюцца сельгаспрадукцыяй з іншых дзяржаў. - Ніхто не вінаваты.
Крэслы ўстановаў і кантор сталі з тэатральна адхіленымі спінкамі. Ад доўгай шматгадовай працы на такім сядзенні ў чалавека развальваецца, забольвае спіна, няма трэцяй кропкі апоры. Хтосьці такое новаўвядзенне планаваў, адабраў. - Вінаватых шукай, не знойдзеш.
121 дакладная КДБ і аховы прыроды пададзена ў Кіеў і Маскву пра недахопы будаўніцтва ЧАЭС, бракаваныя матэрыялы... Да іх выключная няўвага, усё ішло запланаваным чынам. Страты ад трагічнай катастрофы 26.4. 1986 нашмат перавысілі прыбыткі ўсіх АЭС краіны за ўсе гады працы. - Ніхто з праектантаў, канструктараў, будаўнікоў практычна не пакараны.
Нясмела-змушаная прапанова суда 1987 года пра абавязковы разгляд на судзе віны акадэмікаў праектанта Аляксандрава, канструктара Даляжаля, міністэрскіх саюзных работнікаў не выканана. - Ніхто не пакараны.
У 2009 годзе разбурылася Саяна-Шушанская ГЭС. Страшэнныя эканамічныя страты. Загінула 75 чалавек. Да жніўня 2014 года над вінаватымі праектантамі, будаўнікамі, эксплуатацыйнікамі не было суда. Ніхто не пакараны за валакіцтва з судом. - Няма вінаватых.
Частка неабходнага абсталявання Астравецкай АЭС, паводле выказванняў навукоўцаў у "Народнай волі", поўнасцю не абкатана, не праверана. Здарыцца што, а такое можа быць - ружа вятроў на Менск і Варшаву, - самі радыяцыйніць сябе будзем, зноў не знойдзем вінаватых. Як з апрыкралай савецкай меліярацыяй 60-70-х гадоў, непакараннем адказных за аварыю на ЧАЭС.
14.8.2014 Прэзідэнт наведаў Бярозаўскую ДРЭС. Усё яшчэ не відно канца працы расійскіх і беларускіх умекаў па рэканструкцыі 5-га энергаблока, якую павінны былі завяршыць ў 2010 годзе. Кітайцы свой блок пазней пачалі, даўно завяршылі. Усё норма. - Няўжо і цяпер расійскіх і беларускіх марудаў/бракаробаў не пакараюць за велізарныя страты пры рэканструкцыі, упушчаныя прыбыткі?
...Асобны хрысціянін, мусульманін, іудзей, буддзіст, іегавіст, крышнаіт часам мяркуе: ён можа зрабіць іншаверцу паскудства або падгаварыць некага зрабіць таму зло. Можа парушыць дадзеную гяуру, гою, нявернаму клятву: як жа, ягоная вера такое дазваляе.
Памыляецца мондрык. Для Яго вопратка неістотнае, Ён цэніць, карае і ўзнагароджвае не за канфесійную прыналежнасць і узрост, пасаднасць і прафесійнасць.
Раблю дабро, не дапускаю зла - для Яго мала. Гэта само сабою кеміцца, яно на другім плане, па любых вымярэннях. Чатыры яшчэ азначэнні адкрываюцца рэдкім, да асягання іх дапаўзаюць адзінкі. Тым болей не абмежавальнікі святла і навізны, якія паняцця не маюць, дзе ў чалавека душа, хаця асмельваюцца вымазваць словам і мазутай працаўнікоў, цярпліўцаў, пакутнікаў.
Чым болей сеева бюракратнага з розных плыняў жыццёвых выносяць хвалі паслужлівай памяці маёй, тым меней гневу на літаратурнае беларускае самаедства, былых і цяперашніх літсядзельцаў у дзяржаўных, прыватных, акцыянерных газетах, часопісах. Яны паводзяцца як могуць, разумеюць ваколле як ім дадзена, да чаго дараслі, як дазваляе талент сузірання і ўбачання, напісання і ўздзеяння.
Не асуджай таго, хто моліцца іначай. Старайся, каб уласныя малітвы і выстарванні былі доўгімі, шчырымі, існымі, каб іх пачуў Той, перад Якім любое зямное тварэнне мільярдная доля казюркі.
У час дзейнага споведдзя чалавек адключаецца ад тлену быцця, узносіцца ў неба. Горняя, журботная, знадзейная малітва долее змяніць структуру вады, расшырыць душу, ваколле побліз малітоўнага, ён лепей уведвае каму, чым, як маліцца.
Дык пара беларускаму літаратурнаму брацтву часцей вышынна ўмалітоўнічаць, цаніць чужую працу, і сваю. Каб лепш карысніць народу і дзяржаве.
Валер Санько
Рэчы і малюнкі Быкава перадаюць настрой
Сябры ТБМ з Магілёва наведалі музей-лецішча Васіля Быкава ў Ждановічах. Тут групу ветліва сустрэў загадчык сядзібы Алесь Сямёнавіч Гібкоўскі, паэт, перакладчык і эсэіст, знаўца творчасці Васіля Быкава. Музей быў адчынены да 90-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка.
Дом будаваўся ў 1984 годзе. Пры ўваходзе ў дом трэба разуцца не толькі дзеля захавання чысціні, а для пачуцця сакральнасці пісьменніцкага асяродка. Адчуванне Быкава тут ёсць у кожным прадмеце. Будынак складзены з цэглы, пакоі аздоблены дрэвам, упрыгожаны посцілкамі, вырабамі з гліны і саломкі.
У гасцінным пакоі вісяць карціны мастакоў Паплаўскага і Дударэнкі. Высокая столь, каб было лёгка дыхаць. Ля сцяны - доўгі драўляны стол, крэсла, услоны. За ім вячэралі сябры Васіля Быкава - Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Ігар Лучанок, прыязджалі пісьменнікі з Расіі - Віктар Астафьеў, Аскольскі. Усе, каго, ён любіў, сядзелі за гэтым сталом. Сыны і ўнукі Быкава любілі тут гасцяваць. У старэйшага сына знаходзяцца яго ўзнагароды: зорка Героя Сацыялістычнай працы і іншыя.
Наверсе балюстрада, яна мае эстэтычнае прызначэнне, пакойчыкі атрымаліся невялікімі. У адным з іх знаходзіцца працоўны стол пісьменніка з друкаркай, паліцы з кнігамі і часопісамі, ў іншым - малюнкі, зробленыя алоўкам на паперы, фарбы і пэндзлі. Сонечны бок саграваў мансарду.
У невялічкай кухні вітаюць гасцей каляровыя імбрыкі і сіфоны, кубкі і сподачкі, на сцянах выявы гародніны радуюць вока. Іх намаляваў сам пісьменнік. Застаўся посуд, якім карысталася сям'я Быкавых. Гатавалі яны няшмат, па паходным варыянце.
- Васіль Быкаў быў сусветна вядомым пісьменнікам , - апавядае Алесь Гібкоўскі. - Яго кнігі выдаваліся ў 50-ці краінах. У яго няма вобразаў экстравагантных, усё проста, вобразна і ясна. У жыцці і ў побыце ён быў вельмі просты. Гэта чалавек, які апярэдзіў свой час у маралі і духоўнасці. Быкаў аб'ядноўвае ўсіх беларусаў. Творчасць Быкава заклікае любіць і шкадаваць адзін аднаго.
Аказваецца, Васіль Уладзіміравіч быў заўзятым аўтамабілістам. У гаражы захоўваюцца гаспадарчыя прылады, ровар. Тут наведвальнікі з цікавасцю разглядалі на сцяне мапу быкаўскіх падарожжаў. Шляхі творчых камандзіровак Быкава закраналі Вільню, Рыгу, Бярлін, Франкфурт, Гавану, Іерусалім. У Рыме і Мілане Быкаў быў, калі ішлі здымкі фільма па аповесці "Альпійская балада". У Хельсінкі ён жыў ў 2000-ых гадах. У маладосці давялося прайсці ваеннымі шляхамі праз Украіну, вызваляць Румынію, Балгарыю, Венгрыю, Югаславію і Аўстрыю, потым служыць на Далёкім Усходзе, праехаць цягніком праз усю тэрыторыю Расіі.
- Мне даручылі браць інтэрв'ю ў Быкава ў 1994 годзе, - узгадаў Алесь Гібкоўскі. - Спачатку ён здаваўся суровым і закрытым, потым, калі ўзгадаў свайго сябра, вочы яго прасвятлелі, і ўсмешка надала твару абаяльнасць.
Алесь Сямёнавіч -аўтар кніг паэзіі, 300 артыкулаў, працаваў у часопісах " Роднае слова" і "Беларусь". Музей гісторыі літаратуры прапанаваў спадару Алесю весці экскурсіі ў музеі-лецішчы народнага пісьменніка ў Ждановічах і ён з ахвотай узяўся за працу.
- Паколькі Быкаў быў шырока вядомы за мяжой, сюды павінны ехаць госці са ўсяго свету, каб сюды народ стаяў чаргой. Мы зробім усё, каб так і сталася. Увосень працягнем працу яшчэ на некалькі месяцаў, вясной пачнем працаваць з красавіка.Сядзіба працуе з серады да нядзелі, з 11.00 да 17.00.
Даехаць сюды можна на прыгарадных аўтобусах з Менску № 219, 220, 419 і 420 ад станцыі метро "Пушкінская" да прыпынку " Рэспубліканскі інтэрнат ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны." Адсюль трэба прайсці 1 кіламетр і 200 метраў. Хутка з'явяцца ўказальнікі, якія мы ўжо замовілі. Яны будуць размешчаны з боку Ждановічаў і на кальцавой дарозе. Запрашаем усіх вандроўнікаў на лецішча да Васіля Быкава.
Э. Дзвінская. Фота аўтара: А. Гібкоўскі ў вялікім пакоі сядзібы.
Вышыні дабра
У Менску на сябдзібе ТБМ адбылася сустрэча з героямі кнігі "Дабру вечна перамагаць!" дактарамі Феліксам Барысавічам Баторыным, Ганнай Пятроўнай Васільцавай і Эдуардам Бярнардавічам Ліпенем. Госці сядзібы прагледзелі відэафільм пра доктара-анестэзіёлага, выкладчыка БДМУ Эдуарда Ліпеня. Вельмі зацікавіла слухачоў і чытачоў выступленне самога доктара Ліпеня.
Добры лекар, мужны і моцны альпініст, надзейны сябра Эдуард Бярнардавіч Ліпень нарадзіўся ў Менску ў 1936 годзе, скончыў сярэднюю школу ў № 40. Падчас вучобы ў медыцынскім інстытуце ў 1956 годзе яго накіравалі ў Казахстан, на Цаліну, дзе ён атрымаў узнагароду за пад'ём цалінных земляў. Там ён упершыню пазнаёміўся з альпіністамі, якія ішлі ў паход.
Па заканчэнні інстытута Эдуард Бярнардавіч працаваў на Віцебшчыне ўчастковым лекарам. Праз некаторы час ён паступіў ў клінічную ардынатуру ў Інстытуце ўдасканалення ўрачоў у Менску і пачаў працаваць у групе штучнага кровазвароту.
У 60-тыя гады былі распачаты першыя аперацыі па выпраўленні парокаў сэрца ў дзяцей. У тыя часы гэта было значным дасягненнем для Беларусі. Аперацыі выконваў у Цэнтры дзіцячай хірургіі прафесар Алег Севяр'янавіч Мішараў з брыгадай хірургаў, наркоз даваў доктар Ліпень. Ад анестэзіёлага - рэаніматолага на 100% залежыць жыццё пацыента пакуль дзейнічае хірург. Такія моманты патрабуюць надзвычайнай адказнасці і высокіх прафесійных якасцяў. Тут неабходны больш за ўсё мужнасць, еднасць, знітаванасць калектыву лекараў. У 70-80-тыя гады дактары Цэнтра дзіцячай хірургіі выратоўвалі дзяцей ад стафілакокавых інфекцыяў, дэструктыўнай пнеўманіі,змагаліся, каб не было смяротных выпадкаў ад апендыцытаў. Сотням дзецей было вернута здароўе.
З 1974 года Э. Ліпень пачаў выкладаць на кафедры анестэзіялогіі Менскага медыцынскага ўніверсітэта . У зімку ён удзельнічаў у аперацыях па кардыяхірургіі і чытанні лекцый студэнтам, а ў летні перыяд адпраўляўся з сябрамі- альпіністамі ў экспедыцыі на Каўказ, Памір, у Тыбет. Сябры цэняць "Бярнардавіча" (як яго клічуць у экспедыцыях) за надзейнасць, аптымізм і гумар. Ён можа ўсіх вылечыць вельмі простымі сродкамі. У гарах яму давялося выратоўваць людзей ад траўмаў тымі падручнымі сродкамі, якія меліся ў альпіністаў. І зрабіў ён гэта паспяхова.
З 1957 года яму ўдалося здзейсніць больш 200 паходаў у горныя рэгіёны Еўропы, Азіі і Амерыкі. Званне "Снежнага барса" ён здабыў за ўзыходжанне на пяць сямітысячных вяршынь Савецкага Саюза. Цяпер заслужаны майстар спорту міжнароднага класа Э.Б. Ліпень і трэнер узначальвае Беларускую асацыяцыю альпінізму. Сумесная амерыканска-кітайска-беларуская экспедыцыя запрасіла яго ў якасці медыка ў паход на Эверэст.
Доктар Ліпень у 1990 - тым годзе падчас экспедыцыі на Эверэст усталяваў там вымпел Таварыства беларускай мовы. Экспедыцыя адбывалася ў год 45-годдзя Перамогі над фашызмам, таму альпіністы ўзялі з сабой зямлю з Кургана славы і аднеслі яе на самую высокую вяршыню свету.
- Горы выпрабоўваюць чалавека на сапраўднасць, - лічыць доктар Ліпень. - Калі ідзеш у звязцы з таварышам, ты мусіш паклапаціцца, каб маршрут быў складзены дакладна, вопратка адпавядала надвор'ю, каб твой сябра быў у добрым фізічным стане, дастаткова і якасна харчаваўся. Горы даюць адчуванне сапраўднай еднасці і таварыскасці.
На зямлі, у звычайным жыцці, на нас цісне прэс ідэалогіі, умоўнасцяў. У гарах усяго гэтага няма. Тут дзейнічае толькі закон сумлення. Зверху адчуваеш толькі Неба. У гарах хутчэй становішся рэлігійным чалавекам. Гэта ні з чым не параўнальнае пачуццё, мацнейшае чым у самым прыгожым храме. Ты адчуваеш, што Бог цябе бароніць.
Жонку Эдуард Бярнардавіч таксама знайшоў сабе сярод альпіністаў. У іх сям'і - двое сыноў, з адным з іх Эдуард Ліпень здзейсніў паход на Эльбрус у сваё 70-годдзе.
- Не магу цярпець, калі дзіця адчувае боль, пакутуе ад раны, хваробы. Хочацца гэты боль суняць, суцішыць. Можа таму я і абраў спецыяльнасць анестэзіёлага. Адчуваю ўнутраны ўздым і задавальненне, калі пацыент выздараўлівае " .
Госці сядзібы ТБМ з радасцю паціснулі руку паважанаму доктару і спартоўцу. Доктар узгадаў мілы яго душы верш Пімена Панчанкі "Дзе начуе жаўранак?".
Лекар-гінеколаг і онка-гінеколаг, паэт Фелікс Баторын распавёў пра выпадкі з яго дзейнасці ў 2-ім клінічным шпіталі і прачытаў вершы нядаўняга перыяду, якія друкаваліся ў часопісе "Дзеяслоў".
Э. Дзвінская. На здымку. Сустрэча з героямі кнігі на сядзібе ТБМ.
Вераснёўскія падзеі 39-га ў трох нумарах "ЛіМа"
Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумары.
Так, у яе нумары ад 3 кастрычніка быў надрукаваны адпаведны духу савецкага часу верш Якуба Коласа "Свайму народу". Звяртаючыся да вызваленых з-пад польскага прыгнёту беларусаў, пясняр такімі ўзнёслымі радкамі прадракае ім шчаслівую, светлую будучыню:
Ідзі-ж смела і чэсна ўпярод
Разам з намі дарогай адзінай:
Мудры Сталін
вядзе свой народ
Самай вернай
і простай пуцінай.
Пімен Панчанка ў вершы "Парабак" стварыў вобраз сапраўднага пакутніка на бацькоўскай зямлі. Але зараз:
Ён верыў - прыдуць на падмогу
З савецкае зямлі браты,
Каб радасную перамогу
Сустрэць
пад сонцам залатым.
Гэтая мара парабка, лічылася, спраўдзілася 17 верасня, як спраўдзілася яна і для многіх іншых, што сцвярджае Анатоль Астрэйка ў вершы "Прымі вітанне!". Шмат радкоў яго прысвечаны дарагому аўтару Нёману, па водах якога "Ішлі плыты ў далёкі шлях // Праз Стоўбцы нашыя на Гродна" , нялёгкаму жыццю тутэйшых людзей. Канчаецца ж верш такімі радаснымі, пафаснымі радкамі:
І мара здзейснена мая.
Прымі вітанне,
край мой родны,
Хай зоры яснага Крамля
Гараць над Вільняю і Гроднам!
У наступным, за 13 кастрычніка, нумары газеты "ЛіМ" зноў мы сустракаемся з вершам на вераснёўскі сюжэт Пімена Панчанкі "Вызваленаму брату". Відаць, маладога паэта вельмі глыбока закрануў той вызваленчы паход Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь. Ніколькі не сумняваючыся ў шчаслівай будучыні яе людзей, паэт такімі словамі завяршае свой верш:
Вольны брат, засявай палі,
Насыпай буйным зернем засек,
Мы прагналі з тваёй зямлі
Каўтуновае гора навек!
У такім жа ключы, як адзначана вышэй, напісаў верш А. Ушакоў. Хаця яму яшчэ і не ўдалося трапіць у Заходнюю Беларусь, аднак паэт і здаля чуе, як там ільюцца песні вызвалення:
І ў песнях тых
з грудзей свабодных
Гучыць узнёслая хвала,
Таму, чыя рука народы
Да лепшай долі прывяла.
Думаю, усім зразумела, што такая рука магла быць толькі ў Іосіфа Сталіна.
Кранальнымі радкамі пачаў свой верш "Заходнім беларусам" Пятрусь Броўка:
Палілі вас агнём,
знішчалі вас мячом,
Не смелі гаварыць
вы моваю сваёй.
Усяму гэтаму, не сумняваўся паэт, паклаў канец дзень 17 верасня. Ён запэўнівае заходніх беларусаў, што беламу арлу на іх зямлі ўжо "ніколі не ўзняць драпежных кіпцюроў" , што "чырвоны, вольны сцяг навек з'яднае нас!".
А вось якую параду падае братам Заходняй Беларусі нядаўні выпускнік Менскага настаўніцкага інстытута паэт Рыгор Няхай:
Ідзіце к сталінскім народам,
Дзе дружба слаўная жыве!
Браты, браты!
К шчаслівым годам
Сям'я народаў вас заве.
Бясконца рады таму, што адбылося 17 верасня, паэт Алесь Жаўрук. Не без дай прычыны аплакаўшы пад'ярэмнае жыццё беларуса за польскімі часамі, ён з такімі словамі звяртаецца да сваіх суродзічаў:
Дык дай руку,
мой брат заходні,
Адчуўшы крыллі за спіной,
Збавення радаснай паходняй
Палаюць зоры над Масквой.
У тагачасных нумарах газеты "Літаратура і мастацтва" хапала і непаэтычнага жанру матэрыялаў ад пісьменнікаў Савецкай Беларусі. Празаік Кузьма Чорны назваў дзень 17 верасня гістарычнай справядлівасцю, выказаў падзяку "вялікай камуністычнай партыі, якая няспынна дбае пра шчасце народаў" . Яго калегу Алесю Кучару належаць такія выказаныя на адрас вызваленым беларусам словы: "Вы атрымаеце зямлю, фабрыкі, заводы, школы. Вы атрымаеце культуру на роднай мове. <…> Няхай жыве вызваленец пакутуючых мас Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны вялікі Сталін!"
З палымянымі, напоўненымі бязмежнай радасцю словамі, што нарэшце збылася мара ўсіх беларусаў жыць разам, працаваць на карысць любай Бацькаўшчыны, выступалі ў тыя дні мастакі, скульптары, артысты і іншыя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі.
Гістарычна абумоўлена, што на тэрыторыі Беларусі, дзе да 17 верасня панаваў польскі палітычны рэжым, жыло нямала яўрэяў. Праз газету "ЛіМ" іх таксама віталі супляменнікі з БССР. З асаблівай радасцю сустрэў гэтую падзею савецкі яўрэйскі пісьменнік Уры Фінкель. У яго было шмат родзічаў у Заходняй Беларусі, з якімі не бачыўся чвэрць стагоддзя. Сваім незабыўным колішнім настаўнікам ён такімі словамі выказаў падзяку: "Вы навучылі мяне бязмежнай любві к народу і яго творчасці. У вас вучыўся я здаровай, шматкрасачнай, гучнай мове яўрэйскай народнай масы" . Мендаль Ліўшыц запэўніваў вызваленых яўрэяў, што "ў Савецкім Саюзе ўсе народы роўны" , што ў гэтай краіне і яўрэі Заходняй Беларусі стануць свабоднымі грамадзянамі.
Дзень вялікага свята - 17 верасня вітаў у вершах і яўрэйскі паэт Зяма Цялесін. Два з іх "Білет на Вільна", "Хлеб-соль" у перакладзе Антона Бялевіча былі змешчаны ў "ЛіМе" ад 3 кастрычніка 1939 года. Другі з іх ён пачаў такімі двума несуцешнымі радкамі:
Ні хлеба, ні солі,
ні к страве закрас, -
Да ніткі апошняй
разграбілі вас,
затое апошнія два напоўненыя аптымізмам:
А хлеба і солі і мірны спакой,
Чырвонае войска
прынесла з сабой.
Усяляк спрыялі і нават бралі непасрэдны ўдзел у культурным дыялогу з ашчасліўленымі савецкай уладай заходнімі беларусамі чырвонаармейскія мастацкія калектывы, маючы для гэтага неабходную падтрымку ад высокага вайсковага кіраўніцтва. Ужо 21 верасня яго паліторганы арганізавалі паказ у кінатэатрах г. Вільні самых папулярных у тыя гады савецкіх фільмаў: "Ленін у 1918 годзе", "Ленін у Кастрычніку", "Граніца на замку", "Волга-Волга" і інш. "Трэба было бачыць, - пісаў В. Глазырын у артыкуле "Вільна", - людскую чаргу ля касы кінатэатраў, каб пераканацца, якія адносіны пераважнай часткі насельніцтва да савецкай навінкі, да людзей, якія прынеслі новае жыццё Заходняй Беларусі" .
Прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі БССР хутка дабраліся і да самага заходняга беларускага горада Беластока. 8 кастрычніка яго грамадскасць гасцінна сустракала самых вядомых дзеячаў культуры Савецкай Беларусі. У брыгаду пісьменнікаў уваходзіла ажно 17 чалавек: Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Міхась Клімковіч, Зэлік Аксельрод, Янка Маўр, Гірш Камянецкі, Уры Фінкель і інш. У складзе кампазітараў знаходзіліся Мікола Шчаглоў, Мікалай Аладаў, Іваноў, Самохін, Самуіл Палонскі, Пётр Падкавыраў і інш., мастакоў - Алтуф'еў, Ізмайлаў, Зданоўская, Абрам Забораў, А. Волкаў і інш.
Таго ж дня кастрычніка Заходнюю Беларусь наведаў з месячным візітам Заслаўскі калгасна-саўгасны тэатр. Яго рэпертуар складаўся з самых папулярных на той час п'ес: "Партызаны" К. Крапівы, "Пагранічнікі" Біль-Белацаркоўскага і "Слава" Гусева. Пазней розныя далучаныя да Савецкай Беларусі населеныя пункты з цікавымі выступленнямі наведалі Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР (меў у сваім рэпертуары і канцэртныя нумары), Тэатр юнага гледача БССР імя Крупскай, Віцебскі белдрамтэатр, Беларуская дзяржаўная філармонія ў складзе сімфанічнага аркестра, хора, ансамбля песні і танцу, аркестра беларускіх народных інструментаў. Іх гастролі праходзілі ў гарадах: Ваўкавыск, Беласток, Баранавічы, Слонім, Маладзечна, Вільня і Ашмяны. Усяго дадзена 47 канцэртаў. Дамоў вярнуліся 7 кастрычніка ("ЛіМ", 11.Х.39). Арганізоўваліся таксама выезды паасобных канцэртных брыгад.
Для творчых людзей лічылася за вялікі гонар быць пасланым часова ці на сталую працу ў Заходнюю Беларусь. Ахвотна прыняў такую прапанову дзевятнаццацігадовы студэнт другога курса Менскага камуністычнага інстытута журналістыкі Аляксей Пысін. У Заходняй Беларусі яго, пазней добра вядомага, любімага паэта, чакала пасада літсупрацоўніка бельскай раённай газеты.
Для многіх з нас не з'яўляецца сакрэтам, што ў канцы 1930-х гадоў беларускі нацыянальны пачатак ужо не адыгрываў той ролі, якая яму належала ў БССР раней, асабліва ў перыяд правядзення дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі. Пра гэта былі добра дасведчаны і агульнасаюзныя ідэалагічныя структуры, уключаючы і армейскія, таму пры арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў з жыхарамі Заходняй Беларусі часта рускага выкарыстоўвалася больш, чым беларускага. Такое было характэрна і для візуальнага афармлення вызваленых населеных пунктаў, што, да прыкладу, выразна відаць на змешчаным у "ЛіМе" (3 кастрычніка) фотаздымку жыхароў мястэчка Смаргонь. Над іх галовамі вісіць лозунг такога зместу: "Да здравствует великая теория Маркса, Энгельса, Ленина, Сталина!" Моцна сумняваюся ў мэтазгоднасці лозунга такога зместу, прычым напісанага па-руску, у той сітуацыі. Пры праглядзе фотаздымка кідаюцца ў вочы даволі прыстойная вопратка, зусім незмардаваныя твары людзей, хаця і жылі яны, як прынята было пісаць і гаварыць у БССР, у неверагодна цяжкіх матэрыяльных умовах.
Такі досыць шырокі рэзананс, такія вясёлкавыя адгалоскі знайшлі вераснёўскія падзеі 1939 года на старонках тых нумароў газеты "Літаратура і мастацтва", што выйшлі ў першыя тры тыдні пасля той, несумненна, знакавай даты ў айчыннай гісторыі. Падаваліся ж яны чытачу, як было прынята ў той час, у поўнай адпаведнасці з ідэалагічнымі ўстаноўкамі бальшавіцкай партыі.
Леанід ЛЫЧ, доктар гістарычных навук, прафесар
Старасельскі касцёл Найсвяцейшай Тройцы
Касцёл у мястэчку Стараселле ўзнік яшчэ ў 18 стагоддзі. Будынак быў вырашаны ў традыцыях народнага драўлянага дойлідства пад уплывам стылю барока. Уяўляў сабой магутны, выцягнуты па падоўжнай восі прамавугольны зруб, што прераходзіў у вузейшую 5-гранную апсіду, 2-схільны гонтавы дах над якой пераходзіў у вальмавы і быў завершаны чацверыковай купальнай сігнатуркай. Сілуэт галоўнага фасаду фармавалі дзве чацверыковыя вежы з фігурнымі барочнымі купаламі. На фоне вертыкальнай шалёўкі вылучаліся высокія прамавугольныя аконныя праёмы. Справа перад касцёлам стаяла 2-ярусная чацверыковая шатровая званіца з адкрытым верхнім каркасным ярусам.
Таксама крыніцы паведамляюць, што ў 1839 годзе намаганнямі і на сродкі пралата ксендза Станкоўскага ў Стараселлі пабудаваны ўжо мураваны касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Храм мае невялікі купал з жалезным крыжам, на другім канцы крыж жалезны вышынёй два аршыны. Памеры касцёла: даўжыня - 13, шырыня - 7 сажняў. У 1875-1877 гадах адрамантаваны, устаноўлены жалезныя водасцёкі. Званіца драўляная, накрытая гонтай, у ёй 4 званы: адзін вялікі і тры малыя. Апякун касцёла - Святы Станіслаў.
Галоўны алтар, з абразом Божай Маці ў срэбнай рызе. Рэліквіяў вызалачаных з мошчамі святых - 4. Другі алтар, з абразом Святога Антона. Трэці алтар, з абразом Сэрца Збаўцы. Пантыфікат з часткай Святога Крыжа і мошчамі святых. Стацый Крыжовай Дарогі Ісуса Хрыста - 14. У храме тры жырандролі і арган на 8 галасоў.
Плябанія з сасновага лесу, даўжыня - 7, шырыня - 4 сажні, падвал, канюшня, вазоўня, хлеў для жывёлы, пуня, свіран. Таксама дом для касцёльнай прыслугі, дом для арганіста, крыты саломай. У парафіі знаходзяцца капліцы ў вёсках Дымава, Рацаў, Рэчкі.
Стараселле ў рукапісных крыніцах вядома з 1557 года. У 1561 годзе - мястэчка, цэнтр маёнтка, належала Сапегам. У 1656 годзе Казімір Сапега, перадаў мястэчка сваёй плямянніцы Нерушэвіч, ад якой яно перайшло да пратэстантаў. Падчас вайны 1654 - 1667 гадоў Стараселле разбурана маскоўскімі войскамі.
У пачатку XX стагоддзя Стараселле наведаў Люцыян Хвецька, святар, адзін з пачынальнікаў беларускага каталіцкага руху, друкаваўся пад псеўданімам Л. Малышэвіч. Вось як у сваіх дарожных нататках Люцыян Хвецька апісвае мястэчка Стараселле: "Кончыўся лес і адкрыўся прыгожы від. Ад дарогі пайшоў дол, а за поўвярсту ўздымаўся ўзгорак, а на ўзгорку красаваўся касцёл, званы каторага чуваць былі, зазывалі на вячэрнію малітву… Бачыў я ў Стараселлі шмат наехаўшых на фэст беларусаў. Як глянуў на народ каля касцёла, дык здалося мне, што з гораду столькі шмат панаехала: дзяўчаты ў капелюшах і модных строях, хлопцы ўсе ў крамным адзеты, толькі дзе-нідзе відаць сірмага ці хустка… Зацікавіўся я іхняй гаворкаю, прайшоўся раз-другі паміж імі, пачуў чыстую беларускую і трошкі польскую" .
Згадваецца ў нататках і старасельскі ксёндз Юзаф Вярыга, пазнаёміўшыся з якім аўтар "надта цешыўся", бо такіх як Вярыга "пашукаць ксяндзоў". Далей, характырызуецца мясцовы святар, наступнымі словамі: "Трэба сказаць казанне па-беларуску ў Шклове - скажыць ксёндз Верыга; трэба сказаць у Хвашчаўцы - скажыць усё ён; трэба ў сваёй парафіі - скажыць ён; дык так, што ўсякі яго зразумеець. Зато надта любяць людзі за яго зразумелыя казанні "па-просту". Пра Вярыгу вядома, што ён нарадзіўся ў 1866 годзе. Скончыў семінарыю ў Санкт-Пецярбургу. У 1891 годзе прыняў сакрамант Святарства. Працаваў вікарыем на тэрыторыі Расіі - у парафіях Цвер, Табольск і Омск. У Стараселлі быў адміністратарам з 1906 года, а з 1923 года выконваў абавязкі аршанскага дэкана. Пазней працаваў у парафіях Віцебск і Веліж. Але ў хуткасці запрацавала жудаснае кола ваяўнічага атэізму. Юзаф Вярыга быў арыштаваны ДПУ у 1933 годзе і расстраляны. Будынак касцёла знішчылі яшчэ ў 1939 годзе.
Пачатая татальная барацьба з рэлігіяй парушыла векавыя ўстоі, якія фармаваліся і шанаваліся нашымі продкамі шмат стагоддзяў. Каталіцкая парафія ў сучасным Стараселлі так і не адрадзілася. Наведаўшы каталіцкія могілкі на ўскрайку гэтай вёскі, можна пабачыць адсутнасць павагі да мінуўшчыны, абыякавасць мясцовых уладаў і насельніцтва да сваіх продкаў. Могілкі не агароджаны, зараслі дрэвамі і хмызняком. Шмат паваленых надмагільных помнікаў і крыжоў. І самае ганебнае тое, што ў некалькіх месцах бачны сляды гвалту над магіламі, асобныя з іх разрабаваны з мэтай пошуку каштоўнасцяў.
У той жа час на ацалелых помніках можна прачытаць прозвішчы пахаваных людзей, а на асобных, і род іх заняткаў. Гэта Ян Асіпоўскі, які памёр у 1883 годзе ва ўзросце 65 гадоў, яго жонка Тарэза. У траўні 1888 года пахаваны Антоні Кундзявецкі, студэнт інжынерна-грамадзянскага інстытута, афіцэр Люблінскага палка. Побач у 1826 годзе быў пахаваны яго дзед, таксама Антоні Кундзявецкі. Непадалёк разбураная магіла Ганны Здраенскай-Мярло, якая адышла ў іншы свет у 24 гады. Сярод пахаванняў захавалася паўразбураная, некалі вельмі прыгожая цагляная каплічка.
Сёння вёска Стараселле аднаўляецца: пабудаваны Дом культуры, лячэбная ўстанова, новы магазін, адрамантавана школа. Будуюцца жылыя дамы, ствараюцца новыя вытворчасці. Вельмі хочацца спадзявацца, што не толькі матэрыяльнае, але і духоўнае аднаўленне прыйдзе ў гэтую вёску, і былое мястэчка адродзіцца ў тым ліку і праз годныя адносіны да сваёй гісторыі.
А. Грудзіна, П. Мігурскі, Шклоўская суполка ТБМ. На здымках: 1. Касцёл Найсвяцейшай Тройцы у Стараселлі; 2. Добраўпарадкаванне каля касцёла; 3. Ксёндз Юзаф Вярыга; 4. Капліца на могілках у Стараселлі; 5. Абрабаваная магіла.