НАША СЛОВА № 42 (1193), 15 кастрычніка 2014 г.
У расійскім Екацярынбургу адкрылі помнік Уладзіміру Мулявіну
6 кастрычніка ў Екацерынбургу быў адкрыты помнік легендарнаму беларускаму "песняру" Ўладзіміру Мулявіну. Адкрывалі помнік міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, губернатар Свярдлоўскай вобласці і артысты ансамбля "Песняры".
Помнік народнаму артысту СССР і Беларусі, заснавальніку "Песняроў", чыё дзяцінства прайшло ў Свярдлоўску (цяпер Екацерынбург), стварыў калектыў пад кіраўніцтвам скульптара Сяргея Логвіна. Скульптура вышынёй 3,5 метра адлюстроўвае Уладзіміра Мулявіна ў канцэртным гарнітуры і з электрагітарай у руках.
Устаноўка помніка на радзіме Ўладзіміра Мулявіна была ініцыяваная Міністэрствам культуры Беларусі сумесна з урадам Свярдлоўскай вобласці і адміністрацыяй горада Екацярынбурга, паведамляе БелТА.
Нагадаем таксама, што некаторы час таму ў Менску бульвар Луначарскага быў пераіменаваны ў бульвар Мулявіна. А ў Екацярынбургу на доме, у якім прайшло дзяцінства музыканта, усталявалі мемарыяльную дошку.
Еўрарадыё.
Удакладненне пра дату і месца правядзення чарговага ХІІ з'езду ТБМ
Паважаныя сябры!
26 студзеня 2014 г. Рада ТБМ вырашыла склікаць чарговы ХІІ з'езд ТБМ 26 кастрычніка 2014 г.
Аднак, кіраўніцтву ТБМ не ўдалося знайсці адпаведнае памяшканне для правядзення з'езду на гэтую дату. Таму па ўзгадненні з большасцю сяброў Рады і Сакратарыяту прынята рашэнне правесці ХІІ з'езд арганізацыі 2 лістапада. Заказана і ўжо аплачана памяшканне для правядзення з'езду ў канферэнц-зале Менскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Йоханеса Рау па адрасе: пр-кт газеты "Праўда", 11., г. Мінск (ст. метро "Пятроўшчына").
Паведамляем праект парадку дня з'езду.
1. Рэгістрацыя дэлегатаў і гасцей з'езду - 10.00-11.30
2. Правядзенне з'езду - 11.30-16.00
3. Паседжанне новаабранай Рады - 16.10-16.50.
Прадугледжаны перапынак на абед.
Просім закончыць вылучэнне дэлегатаў на з'езд ад усіх зарэгістраваных структур ТБМ і як мага хутчэй даслаць у Сакратарыят усе неабходныя дакументы.
З павагай, старшыня ТБМ Алег Трусаў.
25 гадоў з дня біскупскай сакры Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Менска-Магілёўскага
Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ нарадзіўся 3 студзеня 1946 г. у мяст. Адэльск, Гарадзенскага раёна. У 1962 годзе паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Гарадзенскага педагагічнага інстытута, адкуль праз год вымушаны быў сысці ў сувязі з абвінавачваннямі ў рэгулярным наведванні касцёла і ўдзеле ў набажэнствах. Адпрацаваўшы год у праектна-будаўнічай арганізацыі ў Гародні, у 1964 годзе паступіў на энергамашынабудаўнічы факультэт Ленінградскага політэхнічнага інстытута, які скончыў ў 1970 г. на "выдатна", атрымаў дыплом інжынера-механіка па спецыяльнасці "гідраўлічныя машыны і сродкі аўтаматыкі".
У 1976-1981 навучаўся ў Духоўнай семінарыі ў Коўні. 31 траўня 1981 прыняў святарскае пасвячэнне з рук біскупа Людаса Павілоніса.
25 ліпеня 1989 года Папа Ян Павел ІІ прызначыў яго тытулярным біскупам Гіпона-Зарыцкім і апостальскім адміністратарам Менскай дыяцэзіі. Біскупскую сакру, якая адбылася 20 кастрычніка 1989 г. у базіліцы святога Пятра ў Рыме, узначаліў Папа Ян Павел ІІ. Біскупскі дэвіз Тадэвуша Кандрусевіча Quis ut Deus - "Хто ж як Бог".
13 красавіка 1991 менаваны арцыбіскупам і прызначаны Апостальскім адміністратарам для католікаў лацінскага абраду Еўрапейскай часткі Расіі. 11 лютага 2002 апостальская адміністратура была ўзведзеная ў ранг архідыяцэзіі з назваю архідыяцэзія Божае Маці і з кафедрай у Маскве, і Тадэвуш Кандрусевіч стаў яе першым ардынарыем.
21 верасня 2007 папа Бенедыкт XVI прызначыў арцыбіскупа Тадэвуша арцыбіскупам-мітрапалітам Менска-Магілёўскім.
Падчас свайго біскупскага служэння ў Беларусі заснаваў Гарадзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, спрыяў вяртанню і адкрыццю каля 100 раней зачыненых касцёлаў і прычыніўся да выдання "Парадку Імшы" і "Катэхізісу" на беларускай мове, распачаўшы такім чынам справу адраджэння Касцёла ў Беларусі.
25 кастрычніка 2009 у менскай арцыкафедры быў урачыста прыняты ў Мальтыйскі ордэн.
Вікіпедыя.
ВАСІЛЮ ЕРМАЛОВІЧУ - 70
14 кастрычніка 70-годдзе адзначыў вядомы беларускі перакладчык, журналіст і педагог Васіль Васільевіч ЕРМАЛОВІЧ , які нарадзіўся ў вёсцы Каранец Бярэзінскага раёна Менскай вобласці. Маці - Кацярына Іванаўна і бацька Васіль Рыгоравіч мелі 4-х сыноў: Валодзя, Іван, Ігар і Васіль. Васіль закончыў Дзмітравіцкую школу, а ў 1961 годзе паступіў у Менскі дзяржаўны інстытут замежных моў, які закончыў у 1966 годзе. У 1967-68 гг. выкладаў нямецкую і ангельскую мовы ў вёсцы Лоша Уздзенскага раёна.
У 1968-69 гг. прыйшоў выкладаць у Інстытут замежных моў. З 1973 па 1976 г. працаваў перакладчыкам у Найрупінскай камендатуры ГСВГ (Групы савецкіх войскаў у Германіі), а пасля гэтага быў зноў запрошаны ў Інстытут замежных моў на кафедру германскіх моў, дзе працаваў да 2010-2011 навучальнага года выкладчыкам нямецкай мовы.
З 1990 да 2010 г. - старшыня суполкі ТБМ Лінгвістычнага ўніверсітэта.
Плённа працуе на ніве перакладчыцкай дзейнасці. Займаўся перакладамі Рыгора Барадуліна, пераклаў больш за 20 вершаў са зборніка "Ксты". У 1970-ыя - 1990-ыя гг. працаваў у якасці гіда-перакладчыка з нямецкамоўнымі турыстамі падчас летніх вакацый. У 2012 годзе ўступіў у дабрачынны фонд "Спадчына Міхала Клеафанса Агінскага", дзе займаецца навуковай дзейнасцю.
Любімыя пісьменнікі юбіляра - Купала, Колас, Багдановіч, Быкаў, Караткевіч, Барадулін. З 2012 года друкуецца ў СМІ ("Рэгіянальная газета", "Наша слова", "Краязнаўчая газета" і інш.).
Васіль Васільевіч - сапраўдны эрудыт. Яго можна сустрэць у тэатры, музеі альбо на выставе.
Аляксей Шалахоўскі.
XVI з'езд Партыі БНФ
11 кастрычніка 2014 года ў Менску прайшоў XVI справаздачна-выбарчы з'езд Партыі БНФ (XIV з'езд Грамадскага аб'яднання БНФ "Адраджэньне").
На пачатку з'езду намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксандр Стральцоў зачытаў вітанні з'езду ад замежных партнёраў, прадстаўнікоў IDU (Міжнародны дэмакратычны звяз), Альянсу Еўрапейскіх Кансерватараў і Рэфармістаў ды партыяў-партнёраў БНФ з Еўропы.
З вітальным словам да з'езду выступіла намеснік старшыні ТБМ, каардынатар аргкамітэта Кангрэсу за незалежнасць Алена Анісім :
Паважаныя дэлегаты, паважаныя госці, паважаныя ўдзельнікі з'езду!
Мне выпаў гонар вітаць вас з нагоды адкрыцця з'езду ад імя Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" і ад аргкамітэта па скліканні Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць.
Дваццаць пяць гадоў таму адбылася ўстаноўчая канферэнцыя, на якой абвясцілі аб стварэнні Беларускага народнага фронту - шырокага грамадскага руху за нацыянальнае адраджэнне. З першых сваіх крокаў БНФ пранцыпова і паслядоўна працаваў на тое, каб у найноўшай гісторыі спраўдзілася мара многіх пакаленняў беларусаў - адраджэнне дзяржаўнасці. За ўвасабленне гэтай ідэі, за здзяйсненне гэтай мары нашы продкі і нашы папярэднікі заплацілі высокую цану. Даволі прыгадаць герояў многіх паўстанняў, якія перыядычна ўспыхвалі падчас шматлікіх акупацый і тэрытарыяльных падзелаў: Тадэвуша Касцюшку, Кастуся Каліноўскага, удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну і многіх-многіх іншых.
У 1991 г. дзякуючы дзейнасці сяброў Беларускага народнага фронту ў Вярхоўным Савеце і ў многіх мясцовых саветах, якія здолелі знайсці паразуменне з прадстаўнікамі розных палітычных плыняў, паўстала адроджаная дзяржава - Рэспубліка Беларусь. Былі зацверджаны дзяржаўныя сімвалы - герб Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг. Новая самастойная краіна з'явілася на карце свету як вынік барацьбы за нацыянальнае вызваленне, што вялася не адно стагоддзе.
Сёння прайшло ўжо больш за 23 гады, як мы жывём у незалежнай краіне. Але і сёння чутныя галасы, якія не гледзячы ні на што, спрабуюць адмаўляць нам, беларусам, у праве самім вызначаць свой лёс, у праве жыць свабодна ў сваёй краіне. Сёння зноў робяцца спробы тэрытарыяльнага перадзелу. І таму ўзнікае неабходнасць яшчэ і яшчэ раз засведчыць перад усім светам наша жаданне жыць у сваёй дзяржаве, заснаванай на павазе да агульначалавечых каштоўнасцей. Бо няма большага шчасця, чым годна жыць на сваёй зямлі ў сваёй краіне, размаўляць на сваёй мове, гадаваць дзяцей, любіць сваю гісторыю, шанаваць сваіх продкаў, услаўляць сваіх герояў. Гэта пацвердзіць грамадзянін любой краіны.
Паважаныя ўдзельнікі з'езду, паважаныя дэлегаты!
Наспеў час, калі мы павінны стаць сапраўднымі гаспадарамі на сваёй зямлі, мы зноў павінны згуртаваць усе сілы грамадства, усіх тых, каго непакоіць лёс Беларусі і хто падзяляе нашы ідэі, дзеля ўмацавання краіны. Менавіта нам належыць права вызначаць, якой будзе Беларусь заўтрашняя. Менавіта на нас ляжыць адказнасць за тое, каб захаваць нашу краіну самастойнай і паўнавартаснай, навучыць гэтаму нашых дзяцей і перадаць нашы ідэі і справы наступнікам - нашай моладзі.
Я жадаю вам плённай працы падчас з'езду.
Я жадаю вам духоўнай моцы, узаемаразумення, непахіснай веры ў непераможнасць нашых ідэй.
Жыве Беларусь!
На пасаду старшыні партыі былі вылучаны дзве кандыдатуры: дзейнага старшыні Аляксея Янукевіча і лекара з Гомеля Васіля Раманава. У скрыні для галасавання знойдзена 133 бюлетэні. За Аляксея Янукевіча - 113 галасоў. За Васіля Раманава - 18 галасоў. Несапраўдныя - 2 бюлетэні. Не прынялі ўдзелу ў галасаванні - 23 дэлегаты з'езду. Такім чынам старшынём Партыі БНФ абраны Аляксей Янукевіч. Згодна са Статутам, гэта для яго апошні тэрмін на пасадзе старшыні партыі.
Намеснікамі старшыні Партыі БНФ былі абраныя Рыгор Кастусёў, Ігар Лялькоў, Аляксандр Стральцоў і Вольга Лагвіновіч. З'езд абраў Сойм Партыі БНФ у складзе 51 чалавека (сярод іх 10 жанчын) і Рэвізійную камісію.
З'езд унёс змены ў праграму Партыі БНФ. Большасць з іх мае тэхнічны характар і скіраваная на прывядзенне праграмы ў адпаведнасць з існымі рэаліямі.
Наш кар.
Адкуль узяць грошы на моўнае адраджэнне
Як пеў класік кантры Джоні Кэш:
Мы часта чуем,
як кажуць людзі:
"Калі грошы здабудзем,
то і шчасце ў нас будзе".
І хаця далейшы змест песні даводзіць, што шчасце не ў грошах, цяжка адмаўляць, што фінансаванне - важная справа як для грамадскай арганізацыі, так і для навукоўца. З гэтай нагоды варта падумаць над заснаваннем Фонду адраджэння беларускай мовы, які б мог фінансаваць пракеты ў гэтай сферы ў Беларусі і ў прылеглых краінах. Але пакуль такога фонду няма, разгледзім у гэтым нарысе спіс найбольш вядомых грантадаўцаў у сферы моў у небяспецы.
Спачатку колькі слоў пра тэрмін "мовы ў небяспецы". Такім чынам тут перадаецца ўстойлівае англійскае спалучэнне "endangered languages". Першае слова гэтага спалучэння можна перакласці і як "той, што знахозіцца пад пагрозай знікнення", напрыклад у гаворцы пра біялагічныя віды ці мовы. Аднак нагэтулькі згушчаць фарбы неяк не хочацца.
Але вернемся да грошай. Спецыяльнага даследавання для гэтага нарыса не праводзілася (хаця гэта інфармацыя даступная), але здаецца, што па фінансаванне ў прыведзеныя ніжэй фонды часцей звяртаюцца даследчыкі ці носьбіты моў з зусім невялікай колькасцю носьбітаў, беспісьменных моў, моў гэтак званых абарыгенных народаў. На гэтым фоне можа стаць сорамна прасціь грошы на падтрымку мовы, якая з'яўляецца дзяржаўнай. Ну што ж, спачатку можна звярнуцца па фінансавую дапамогу ў дзяржаўныя структуры, а даследчыкі могуць паспытаць шчасця ў айчынных праграмах фінансавай падтрымкі.
Магчыма, і грантадаўцы здзівяцца з просьбы падтрымкі праекту, звязанага з дзяржаўнай мовай, якой валодаюць мільёны чалавек. Гэта якраз можна выкарыстаць на сваю карысць і паспрабаваць зацікавіць фонд нашай спецыфічнай сацыялінгвістычнай сітуацыяй.
Грошы могуць выдаткоўвацца на дакументаванне моў і на іх адраджэнне. Першае неабходна, бо значная частка моў у небяспецы беспісьменная Такім чынам, калі на такой мове перастаюць размаўляць, яна назаўжды страчваецца для чалавецтва.
Адзначаецца, што зараз вялікія гранты ў асноўным даюць на праекты па дакументаванні. У нас з дакументаваннем усё, на першы погляд, у парадку. Але, з іншага боку, задумаемся, ці задакументавана ў нас лексіка і фанетыка рэальнага маўлення беларускамоўных гараджан, ці праведзены, скажам, фанетычныя даследаванні "трасянкі"? А калі апошні раз перавыдаваўся дыялекталагічны атлас? Такім чынам, і ў гэтым накірунку можна штосьці паспрабаваць. А можа быць, вы ўвогуле ведаеце пра існаванне якога-небудзь недаследаванага дыялекта беларускіх перасяленцаў у Амазонію?..
У інфармацыі для заяўляльнікаў можна сустрэць тэрміны грант і стыпендыя (fellowship). Пэўныя крыніцы адзначаюць, што гранты выдаюцца арганізацыям, а стыпендыі - аднаму чалавеку, які рэалізуе праект самастойна. Але ў іншых крыніцах тэрмін грант можа выкарыстоўвацца і ў дачыненні да фінансавай падтрымкі аднаго чалавека.
Далей прыводзіцца спіс фундацый, куды можна звярнуцца па фінансаванне. Гэты спіс, натуральна, не поўны. У прыватнасці, у яго не ўвайшлі фонды, якія закончылі праграмы падтрымкі моў у небяспецы некалькі год таму (але яны могуць распачаць іх зноў). Не пазначаны і праграмы, якія шчыльна звязаныя з пэўнымі рэгіёнамі. На прыведзеных сайтах можна азнаёміцца з падрабязнай і найбольш актуальнай інфармацыяй - умовы фінансавання могуць мяняцца.
Firebird Foundation for Anthropological Research Inc. (Фундацыя для правядзення антрапалагічных даследаванняў "Файрбёрд" (firebirdfellowships.org/).
Прапануюцца стыпендыі для навукоўцаў і мясцовых жыхароў для збору вуснай літаратуры і традыцыйных экалагічных ведаў. Гэта могуць быць рытуальныя тэксты, лячэбныя песні і песні ўвогуле, паэмы, казкі, міфы, легенды, гістарычныя апавяданні, успаміны, моўныя гульні і г.д. (тосты не згадваюцца). Сума - да 10 тысяч даляраў ЗША. Заяўкі прымаюцца 4 разы на год.
Foundation for Endangered Languages (Фундацыя для моў у небяспецы) (ogmios.org). Прапануюцца сумы ў памеры каля адной тысячы даляраў ЗША. У 2014 выдаткавана каля 15 тысяч даляраў.
Gesellschaft fоr bedrohte Sprachen (GbS) (Таварыства дапамогі мовам у небяспецы) (uni-koeln.de/gbs/index.html). Прапануецца фінансаванне на дакументаванне і падтрымку моў і дыялектаў. Можна звяртацца па падтрымку часткі праекта. Сума - 1,5 тысячы еўра максімум. Таксама маецца праграма спонсарскай падтрымкі праектаў, яе памер - да 2 тысяч еўра на праект.
The Endangered Languages Fund (ELF) (Фонд для моў у небяспецы) (endangeredlangua-gefund.org). Грошы выдаюцца на дакументаванне і адраджэнне моў як даследчыкам і носьбітам моў, так і арганізацыям з любой краіны. Спецыяльна адзначаецца, што акадэмічная падрыхтоўка заяўляльніка не абавязковая. Мова, на якую скіраваны праект, мусіць быць пад моцнай пагрозай знікнення (на працягу 1 - 2 пакаленняў). Сярэдняя сума гранта - 2 тысячы даляраў ЗША, максімум - 4 тысячы. Прафінансаваныя праекты могуць атрымаць Прэмію Ізенберга за дакументаванне моў былога СССР.
The Genographic Legacy Fund (Фонд спадчыны праекта "Генаграфія") (genographic.national-geographic.com/legacy-fund/legacy-fund-grants/). Выдаткоўваюцца што-гадовыя гранты на захаванне і адраджэнне абарыгеннай ці традыцыйнай культуры. Канкрэтней, фінансаванне можна атрымаць на дакументаванне традыцыйнай мовы, твора вуснай літаратуры ці цырымоніі, на стварэнне вучэбных матэрыялаў і праграм, заснаванне мясцовага музея ці архіва, на арганізацыю перадачы ведаў ад старэйшага пакалення малодшаму, на захаванне пэўных месцаў ці артэ-фактаў. Перавага аддаецца праектам, кіраўнік якіх з'яўляецца прадстаўніком мясцовага насельніцтва ці моцна звязаны з ім. Сума - да 25 тысяч даляраў ЗША.
The Hans Rausing Endange-red Languages Project (Праект падтрымкі моў у небяспецы Ханса Раўсінга) (hrelp.org/grants). Выдае гранты і стыпендыі розных фарматаў на дакументаванне моў. Мэта - задакументаваць як мага больш моў свету. За 10 гадоў вылучана больш 11 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў на 300 праектаў, у прыватнасці, у 2013 годзе было выдаткавана 1,4 мільёны фунтаў.
The National Science Foun-dation (NSF) and the National Endowment for the Humanities (NEH) Documenting Endangered Languages (DEL) program (Праграма дакументавання моў у небяспецы Нацыянальнай навуковай фундацыі і Нацыянальнага фонда гуманітарных дысцыплін) (nsf.gov/funding/pgm_summ.jsp?pims_ id=12816). Гранты і стыпендыі выдаткоўваюцца на дакументаванне моў. У 2013 годзе 28 праектаў атрымалі агульнае фінансаванне 3,7 мільёнаў даляраў ЗША.
Ёсць спецыяльны падручнік па напісанні праектаў на моўную тэматыку як увогуле, так і канкрэтна для гэтай арганізацыі (rnld.org/sites/default/files/Zepeda% 20&%20Penfield%20manual.pdf).
Wenner-Gren Foundation (Фонд Веннэр-Грена) (wennergren.org/programs). Гэтая арганізацыя прапануе шырокі спектр стыпендый і грантаў для навукоўцаў у галіне антрапалогіі. Напрыклад, у год прапануюцца дзве стыпендыі на зняцце этнаграфічнага фільма сумай да 40 тысяч даляраў ЗША.
Такім чынам, поспехаў вам, але абавязкова пракансультуйцеся з юрыстам і вывучыце заканадаўства аб замежнай дапамозе (інакш хутка зразумееце, што шчасце не ў грашах, і што ў небяспецы могуць быць не толькі мовы), у прыватнасці:
Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 24 ад 28 лістапада 2003 года "Аб атрыманні і выкарыстанні замежнай дармовай дапамогі",
Пастанову Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 верасня 2010 года "Аб парадку рэгістрацыі, ўліку, атрымання і выкарыстання замежнай дармовай дапамогі" са змяненнямі і дапаўненнямі,
Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 460 ад 22 кастрычніка 2003 года "Аб міжнароднай тэхнічнай дапамозе, якая прадастаўляецца ў Рэспубліцы Беларусь" са змяненнямі і дапаўненнямі.
Калі гэта вас датычыць, то атрымайце юрыдычную кансультацыю і вывучыце заканадаўства не толькі па замежнай дапамозе, напрыклад, Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 300 ад 1 ліпеня 2005 года "Аб прадастаўленні і выкарыстанні дармовай (спонсарскай) дапамогі".
Дзяніс Тушынскі ,намеснік старшыні ТБМ.
Усе ў нас на ўсё маюць правы, толькі рэалізуюцца яны выключна на карысць рускай мовы
Спадару С. А. Маскевічу,
Міністру адукацыі РБ,
220010, Мінск,
вул. Савецкая, 9
Паважаны Сяргей Аляксандравіч!
У сувязі з тым, што колькасць вучняў у нашай краіне, якія навучаюцца на дзяржаўнай беларускай мове няўхільна змяншаецца (дарэчы, не без удзелу Міністэрства адукацыі, якое штогод закрывае малакамплектныя беларускамоўныя школы, а новых прынцыпова не стварае) і з улікам зменаў у здачы іспытаў у 9 і 11 класах, прапануем наступнае:
1) Вярнуць навучанне гісторыі Беларусі ў 11 класе на дзяржаўнай беларускай мове і выдаць адпаведныя падручнікі.
2) Зрабіць экзамены па беларускай мове ў 9 і 11 класе абавязковымі для ўсіх вучняў у Беларусі.
Гэтыя змены ў навучальным працэсе дазволяць палепшыць веданне школьнікамі дзяржаўнай беларускай мовы і будуць цалкам адпавядаць наступнаму выказванню кіраўніка беларускай дзяржавы: "Калі мы развучымся гаварыць на беларускай мове, мы перастанем быць нацыяй".
З павагай,
Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алег Трусаў.
Старшыні грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны "
Трусаву А.А.
Паважаны Алег Анатольевіч!
У Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь разгледжаны Ваш зварот. Паведамляем наступнае.
Статус беларускай мовы, як дзяржаўнай, замацаваны на заканадаўчым узроўні (Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Законы Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", "Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" і інш.).
У адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі беларуская мова, аднолькава з рускай, з'яўляецца асноўнай мовай навучання і выхавання ва ўстановах адукацыі Рэспублікі Беларусь. Бацькі маюць права выбару мовы (беларускай або рускай) навучання і выхавання для сваіх дзяцей.
Вывучэнне беларускай мовы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі пачынаецца з першага класа. Незалежна ад мовы навучання ў V-XI класах на вывучэнне вучэбных прадметаў "Беларуская мова", "Беларуская літаратура" і "Руская мова", "Руская літаратура" адводзіцца аднолькавая колькасць гадзін. У вучэбных планах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі вытрыманы аптымальныя суадносіны гадзін па вучэбных прадметах гуманітарнага і прыродазнаўча-матэматычнага цыклаў.
У адпаведнасці з пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 7 ліпеня 2014 г. № 95 "Об установлении перечня учебных предметов, по которым проводятся выпускные экзамены, форм проведения выпускных экзаменов при проведении в 2014/2015 учебном году итоговой аттестации учащихся при освоении содержания образовательных программ обшего среднего образования, образовательной программы специального образования на уровне общего среднего образования" вучні IX класаў будуць здаваць тры выпускныя экзамены (усе - у пісьмовай форме) па вучэбных прадметах "Матэматыка", "Беларуская мова", "Руская мова", вучні XI класаў - чатыры абавязковыя выпускныя экзамены: па вучэбных прадметах "Матэматыка" (у пісьмовай форме), "Беларуская мова" або "Руская мова" (у пісьмовай форме), "Замежная мова" (у вуснай форме па экзаменацыйных білетах) і "Гісторыя Беларусі" (у вуснай форме па экзаменацыйных білетах).
Вучэбны прадмет "Гісторыя Беларусі" ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання выкладаецца на беларускай мове, ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з рускай мовай навучання - на рускай мове. Пры гэтым заснавальнік установы агульнай сярэдняй адукацыі з рускай мовай навучання мае права прыняць рашэнне аб выкладанні названага вучэбнага прадмета на беларускай мове з улікам пажадання навучэнцаў, законных прадстаўнікоў непаўналетніх. Таксама ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства адукацыі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі могуць камплектавацца вучэбнымі выданнямі па гісторыі Беларусі на рускай і беларускай мовах.
На падставе вышэйсказанага лічым немэтазгодным уносіць нейкія змены ў арганізацыю адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.
Разам з тым Міністэрства адукацыі будзе і далей працягваць сістэмную работу па папулярызацыі і пашырэнні сферы ўжывання і выкарыстання беларускай мовы.
Намеснік Міністра В.А. Будкевіч.
Сакратарыят ТБМ да чарговага ХІІ з'езду ТБМ падрыхтаваў праект Звароту на адрас Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь наступнага зместу:
Праект
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь
220116, горад Мінск, вул. К.Маркса, 32
Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
220034, горад Мінск, вул. Румянцава, 13
ЗВАРОТ
аб узбуджэнні вытворчасці па справе аб выдаленні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці
1. 4 снежня 2003 г. Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь (далей - Канстытуцыйны Суд) у выніку разгляду зваротаў Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (далей - Таварыства беларускай мовы) было прынята рашэнне № П-91/2003 "Аб выкарыстанні беларускай і рускай моў у сферы абслугоўвання, абароту банкаўскіх пластыкавых картак і ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання", якім канстатавана, што пры фармальна-юрыдычным раўнапраўі дзяржаўных моў на практыцы баланс іх выкарыстання не вытрымліваецца, маюцца прыклады пераважнага выкарыстання рускай мовы. У сувязі з гэтым Канстытуцыйным Судом было прапанавана разгледзець пытанне аб унясенні ў Закон Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" (далей - Закон "Аб мовах") і іншыя акты заканадаўства зменаў і дапаўненняў, якія б забяспечылі фактычную роўнасць дзяржаўных моў. Як вынікае з адказу Канстытуцыйнага Суда ад 17 траўня 2012 г. на зварот Таварыства беларускай мовы, згаданае рашэнне было ўнесена ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь 5 снежня 2003 г.
Аднак мы вымушаны канстатаваць, што на працягу больш чым дзесяці год змены, накіраваныя на забеспячэнне фактычнай роўнасці дзяржаўных моў, у Закон "Аб мовах" унесены не былі.
2. 17 красавіка 2014 г. уступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь "Аб канстытуцыйным судаводстве", паводле якога Канстытуцыйны Суд надзелены кампетэнцыяй разглядаць справы аб выдаленні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці (глава 24). Права адпаведнага звароту нададзена, у тым ліку, арганізацыям і грамадзянам.
У сувязі з гэтым Таварыства беларускай мовы чарговы раз звяртае ўвагу Канстытуцыйнага Суда на неабходнасць удасканалення Закона "Аб мовах" і іншых нарматыўных прававых актаў, якія пакліканы забяспечыць усебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.
3. У дзейнай рэдакцыі Закона "Аб мовах", калі гаворка ідзе пра мову ў той ці іншай сферы грамадскага жыцця, спрэс выкарыстоўваецца злучнік "або" ("і (або)", "ці" - "беларуская і (або) руская мовы", "на беларускай або рускай мове", "на беларускай ці рускай мове").
Адначасова Закон "Аб мовах" не змяшчае прававых механізмаў, якія забяспечвалі б неабходны баланс у выкарыстанні дзвюх дзяржаўных моў на практыцы, пра што ішла гаворка ў згаданым вышэй рашэнні Канстытуцыйнага Суда.
У гэтым бачыцца прабел заканадаўчага рэгулявання, які прыводзіць да безальтэрнатыўнага выкарыстання рускай мовы ў большасці сфер дзяржаўнай дзейнасці і грамадскага жыцця. Законам такім чынам закладзена падстава для дыскрымінацыйнага падыходу ў выкарыстанні беларускай мовы, што пацвярджаецца шматлікімі прыкладамі.
4. Так, арт. 7 Закона "Аб мовах" прадугледжана, што акты дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь прымаюцца і публікуюцца на беларускай і (або) рускай мовах. У выніку абсалютная большасць нарматыўных прававых актаў у нашай краіне прымаецца і публікуецца на рускай мове, а афіцыйныя пераклады іх на беларускую мову адсутнічаюць.
Як вынік, беларускамоўныя грамадзяне, роўна як і суды, вымушаны самастойна перакладаць тэксты нарматыўных актаў, на якія яны спасылаюцца ў сваіх тлумачэннях альбо рашэннях. Такая сітуацыя не можа лічыцца нармальнай у прававой дзяржаве, яна сведчыць аб наяўнасці абмежаванняў у выкарыстанні беларускай мовы і парушэнні прынцыпа роўнасці, дэклараванага арт. 22 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Мы разглядаем як здзек з нацыянальнай мовы спасылкі дзяржаўных органаў, у тым ліку асобных дэпутатаў Парламента і чыноўнікаў Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, на наяўнасць у эталонным банку дадзеных прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь з інфармацыйна-пошукавай сістэмай "Эталон" магчымасці перакладу тэкстаў нарматыўных актаў з рускай на беларускую мову, паколькі гэты пераклад з'яўляецца тэхнічным і неафіцыйным.
Ліквідацыя прабела ў заканадаўчым рэгуляванні гэтай сферы грамадскіх адносін бачыцца ў неабходнасці зрабіць абавязковым прыняцце і апублікаванне нарматыўных прававых актаў на беларускай мове.
5. Замацаваная на заканадаўчым узроўні альтэрнатыўнасць выкарыстання толькі адной з дзяржаўных моў прыводзіць да дыскрымінацыі ў адносінах да беларускай мовы і ў іншых сферах. У прыватнасці, асаблівую занепакоенасць выклікае сфера адукацыі.
Асобна лічым неабходным таксама падтрымаць прапанову былога старшыні Канстытуцыйнага Суда Р.А. Васілевіча аб замацаванні права на выбар мовы грамадзянскага працэсу за пазоўнікам, выказаную ім у Навукова-практычным каментары да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Аналагічны выбар павінен належаць таксама абвінавачанаму ў крымінальным працэсе і асобе, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, у адміністрацыйным працэсе.
6. Кіраўнік дзяржавы А.Р. Лукашэнка ў сваім пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу 22 красавіка 2014 г. недвухсэнсоўна адзначыў, што без беларускай мовы мы перастанем быць нацыяй.
Ад імя Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Таварыству беларускай мовы паведамлялася, што і дэпутаты лічаць змены ў Закон "Аб мовах", накіраваныя на забеспячэнне абавязковага ўжывання ва ўсіх сферах дзяржаўнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага жыцця адначасова беларускай і рускай моў, неабходнымі і карыснымі (копія ліста адпаведнага зместу ад 23 лістапада 2012 г. прыкладаецца).
7. На падставе ўсяго вышэйзгаданага Таварыства беларускай мовы заклікае таксама і Канстытуцыйны Суд быць паслядоўным у сваім адстойванні прынцыпу вяршэнства права і з улікам арт. 158-160 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб канстытуцыйным судаводстве" просіць:
1) узбудзіць паводле дадзенага звароту вытворчасць па справе аб выдаленні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці;
2) запрасіць Таварыства беларускай мовы да ўдзелу ў судовым пасяджэнні;
3) прыняць рашэнне, у якім сфармуляваць Нацыянальнаму Сходу Рэспублікі Беларусь прапанову аб неабходнасці выдалення з Закона "Аб мовах" і іншых Законаў Рэспублікі Беларусь прабела, звязанага з альтэрнатыўнасцю выкарыстання толькі адной дзяржаўнай мовы ў розных сферах грамадскага жыцця.
Сакратарыят ТБМ просіць дэлегатаў з'езду пазнаёміцца са зваротам, загадзя падрыхтаваць свае прапановы і заўвагі і перадаць у Сакратарыят перад з'ездам.
Лявон Случанін: "Веру - збудуцца нашыя мары!"
15 кастрычніка 1914 года ў сялянскай сям'і вёскі Лучнікі на Случчыне пачаўся зямны шлях будучага паэта Лявонція Шпакоўскага (псеўданім - Лявон Случанін ). Якраз ішла Першая сусветная вайна, што дало яму падставу пазней напісаць:
Крывёй сцякала Беларусь.
Спраўлялі баль чужыя раці…
Якраз у гэтую пару
На свет мяне радзіла маці…
Дарэчы, маці Лявона - Праскоўя Пятроўна - займалася хатняй гаспадаркай, а бацька - Раман Васільевіч - акрамя працы на зямлі цяслярыў, каб нешта падзарабіць. Неяк ён нават паехаў на заработкі ў Злучаныя Штаты Амерыкі, аднак неўзабаве вярнуўся ў Лучнікі і заняўся сялянскай гаспадаркай, якую ў вёсцы лічылі серадняцкай.
У 1929 годзе Лявон скончыў Лучнікоўскую сямігадовую школу і паступіў у Слуцкі педагагічны тэхнікум. Аднак вучобу хутка спыніў і паступіў у Менскі тэатральны тэхнікум, бо вельмі захапляўся мастацкай творчасцю Уладзіслава Галубка і яго артыстычнай трупы. Але ж як сына серадняка яго залічылі без права атрымання стыпендыі. Без грошай жыць у Менску было праблематычна, таму давялося вярнуцца ў педтэхнікум у Слуцк. З трэцяга курса паступіў на літаратурны факультэт Менскага вышэйшага педагагічнага інстытута, які скончыў у 1936 годзе. Атрымаў накіраванне на працу выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў горад Чэрыкаў Магілёўскай вобласці.
Тут 29 верасня 1937 года Л.Р. Шпакоўскага арыштавалі, абвінавацілі ў антысавецкай агітацыі і прапагандзе. Пастановай "тройкі" ад 2 снежня 1937 года яго прыгаварылі да 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Ды адбылося амаль неверагоднае: чэкісты прызналі беспадстаўнасць арышту, 28 кастрычніка 1939 года Чэрыкаўскі раённы аддзел НКУС БССР спыніў супраць яго справу.
Пасля вызвалення з лагера Л.Р. Шпакоўскі вярнуўся ў Лучнікі, пачаў настаўнічаць у сярэдняй школе № 3 горада Слуцка, а з 1940 года выкладаў рускую мову і літаратуру ў мясцовым педтэхнікуме. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны жыў у бацькоў, да 1943 года быў дырэктарам Лучнікоўскай школы, а потым - школьным інспектарам Слуцкай акругі, адначасова супрацоўнічаў у акруговай "Газэце Случчыны".
Пры адступленні са Случчыны гітлераўскіх захопнікаў выехаў у Германію. Ён разумеў, што працу на акупаванай тэрыторыі савецкая ўлада вызначае як калабарацыянізм і гэтага яму не даруе. Так яно пазней і аказалася. У Германіі працаваў на цукровай фабрыцы, карэспандэнтам часопіса Саюза беларускай моладзі "Малады змагар", чорнарабочым. Калі ў красавіку 1945 года мясцовасць, дзе жылі Шпакоўскі з жонкай, апынулася ў амерыканскай акупацыйнай зоне, ім давялося вярнуцца ў Лучнікі.
Пра той перыяд ураджэнец вёскі Лучнікі паэт Янка Золак (сапраўдныя імя і прозвішча Антон Даніловіч) расказваў: "Лявона Случаніна я знаў добра, гэта быў мой сябра. З ім я працаваў у часе нямецка-савецкае вайны ў школе, дзе ён быў загадчыкам, а я завучам. Тут жа мы выдалі два нумары рукапіснага часопіса "Васілёк", дзе змяшчалі свае творы… Пасля школы разам з ім я працаваў у рэдакцыі "Газэты Случчыны". Але наша сяброўства скончылася пасля выезду Лявона з Нямеччыны на бацькаўшчыну. Даведаўшыся аб гэтым, я напісаў эпіграму:
Залатую яго маладосць
Растапталі чэкісты ботамі,
Ды сабе і людзям на злосць
Да чэкістаў ён едзе з ахвотаю."
Праўда, пра "ахвоту" вяртання дадому можна гаварыць вельмі ўмоўна, калі ўлічыць, што Лявону давялося перажыць смерць маленькай дачкі, а ў дадатак яшчэ і жонка цяжка захварэла.
На радзіме Лявона Случаніна арыштавалі, асудзілі на 15 гадоў папраўча-працоўных лагераў і 5 гадоў пазбаўлення правоў. Адбываць пакаранне давялося на Поўначы. Пасля вызвалення з лагера ў 1955 годзе (лагерны тэрмін быў зменшаны да 10 гадоў) жыў у горадзе Варкута, працаваў загадчыкам кансультацыйнага пункта рэспубліканскай завочнай школы Комі АССР. У 1973 годзе вярнуўся на радзіму і жыў у Салігорску, дзе і памёр 25 кастрычніка 1995 года. У 1993 годзе быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Яшчэ ў школьныя гады Лявон Случанін пачаў пісаць вершы, а першыя публікацыі ў друку адносяцца да 1936 года. Менавіта тады газета "Звязда" змясціла ў яго перакладзе на беларускую мову "Вершы аб савецкім пашпарце" Уладзіміра Маякоўскага, газета "Рабочий" - прысвечаны Максіму Горкаму верш "Буравесніку рэвалюцыі", а часопіс "Полымя рэвалюцыі" - верш "Нашаму Янку Купалу". У ваенны час яго вершы друкавалі "Газэта Случчыны", "Беларуская газэта" (Менск), "Голас вёскі" (Менск), "Раніца" (Берлін), часопіс "Новая дарога" (Беласток), пасля вайны - часопісы "Беларуская думка" (ЗША), "Полымя", газета "Голас Радзімы", некаторыя іншыя выданні.
У 1943 годзе ў Слуцку выйшаў з друку паэтычны зборнік "Песняры Случчыны", дзе былі вершы і паэма "Пагоня" Лявона Случаніна, якія пазней чэкісты назвалі "адкрытай антысаветчынай". Вось дык "антысаветчына", калі аўтар заклікаў беларускі народ ведаць сваю гісторыю, змагацца за незалежнасць, не забываць пра свае нацыянальныя сімвалы, не саромецца называць сябе беларусамі. Хіба ж гэта не сугучна з нашым часам? А яшчэ паэт у сваіх творах праслаўляў працавітасць беларусаў, прыгажосць роднага краю, асуджаў прымусовую калектывізацыю, заганныя метады работы чэкістаў, калі "запаўнялася магіла за магілай святымі целамі расстрэляных людзей" . А хто, скажыце, можа аспрэчыць словы паэта:
Годзе крыўду цярпець!
Прэч пакуты і здзек!
Веру - збудуцца нашыя мары!
Памятай, беларус, што і ты чалавек,
Які можа сабой гаспадарыць!
Нашы скарбы вякамі цягалі ад нас,
Нашу радасць у гразь утапталі,
У вялікі паход клічуць праўда і час,
Клічуць слаўнай мінуўшчыны далі…
Лявон Случанін - аўтар гістарычнай паэмы "Рагнеда", якая выйшла асобным выданнем у Вільні ў 1944 годзе, у 1958 годзе - у Аўстраліі, у 1991 годзе яе змясцілі часопіс "Спадчына" (№ 4) і газета "Калийщик Солигорска". У аснове твора - гістарычныя факты, звязаныя з полацкім князем Рагвалодам і яго дачкой Рагнедай, якую князь кіеўскі Уладзімір сілай прымусіў стаць сваёй жонкай. Аўтар з любоўю, укладаючы ўсю сілу свайго таленту, выпісаў вобраз легендарнай князёўны Рагнеды - патрыёткі роднай зямлі.
"Ісус Хрыстос" - яшчэ адна паэма Лявона Случаніна, якую ён ствараў у канцы 1970-х гадоў у Салігорску і ў адносінах да якой гаварыў: "…каб мы былі такімі, як Хрыстос, хаця б у паводзінах (я ўжо не гавару аб тым, што ён людзей вылечваў і нават уваскрашаў з мёртвых), калі б мы выконвалі яго запаведзі, - то гэта ўжо быў бы звышкамунізм" .
Сваім галоўным творам Лявон Случанін лічыў аўтабіяграфічны раман у вершах "Алесь Няміра", напісаны ў 1962 - 1985 гадах (у 1991 годзе яго публікацыя была ў газеце "Калийщик Солигорска"). Друкуючы раман, газета пісала: "У беларускай літаратуры не многа паэтычных твораў такога памеру, мастацкія вартасці якіх роўны "Алесю Няміры". Раман насычаны дасціпна выпісанымі эпізодамі, прасякнуты чыстым лірызмам, поўны паэзіі самай высокай пробы. У ім багата жыццёвай мудрасці, глыбокіх назіранняў. Вершаваныя радкі знітаваны народным гумарам, трапнымі выслоўямі". У заключных радках рамана паэт выказаў пажаданне, каб людзі:
…любілі, шанавалі
свой народ, сваю Радзіму,
сваю спадчыну і мову,
паважаючы і ўдумна
вывучаючы чужое,
без сляпога падражання
і пакорнасці лакейскай.
А душы сваёй вярнулі
дабрыню і незалежнасць!
На прыкладзе жыцця галоўнага героя рамана Алеся Няміры адлюстраваны, як пісала літаратуразнаўца Лідзія Савік, "не толькі лёс самога аўтара, але і жыццёвы шлях беларусаў, якім выпала на долю перанесці разам з краінай многія выпрабаванні: войны, рэвалюцыі, злачынную калектывізацыю, рэпрэсіі, выгнанне, пасляваенныя цяжкасці" .
Лявон Случанін аднаго разу сказаў: "Маім ідэалам заўсёды была і застаецца незалежная, самастойная, заможная, адукаваная, культурная, чыстасардэчная, добрасумленная Беларусь!" . Блізка ці далёка мы ад такога ідэалу - кожны можа меркаваць па-свойму.
Анатоль ЖУК , жыхар горада Слуцка.
Інтэрнэт-бібліятэка "Камунікат" у Лідзе
8 кастрычніка ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя Інтэрнэт-бібліятэкі "Камунікат", якая даступна ўсяму свету, паколькі "інтэрнэт-", але мае базу ў Беластоку. Пазнаёміць лідзян З "Камунікатам" прыехалі Яраслаў Іванюк і Наташа Герасімюк з Беластока, доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч з Гародні, бард Зміцер Бартосік з Менска.
Госці пазнаёмілі лідзян з гісторыяй стварэння, прынцыпамі пабудовы інтэрнэт-бібліятэкі, з праблемамі, якія пры гэтым узнікалі і ўзніка-юць, адна з іх - праблема аўтарскага права. Па сутнасці "Камунікат" - бібліятэка міжнародная з базай на тэрыторыі Еўразвязу, таму мусіць выконваць патрабаванні еўрапейскіх і польскіх законаў нават тады, калі большасць беларускіх аўтараў згодная на размяшчэнне сваіх кніг у бібліятэцы зусім бясплатна.
Пазнаёміцца з інтэрнэт-бібліятэкай прыйшлі навучэнцы Лідскага каледжа, сярод якіх аказаліся і такія, хто ўжо знаёмы з "Камунікатам". Прыйшлі таксама жыхары Ліды і Бярозаўкі. У зале аказаліся два лідскія аўтары - Леанід Лаўрэш і Станіслаў Суднік, чые кнігі ўжо ўваходзяць у фонд бібліятэкі. Аднак жа некаторых лідскіх аўтараў, якія выказвалі зацікаўленасць да "Камуніката", на сустрэчы не аказалася, а шкада, бо лідскім літаратарам ёсць што паказаць свету.
У канцы прысутныя атрымалі сувеніры з сімволікай "Камуніката", і трэба спадзявацца, што наведвальнікаў на сайце kamunikat.org стане значна больш. І абсалютна правільна, што прэзентацыя адной бібліятэкі адбываецца ў другой. Свет рухаецца ў бок "лічбы", і відно, што Лідскія бібліятэкі адставаць не збіраюцца. Тут побач з папяровай даўно даступная і электронная кніга, а пасля імпрэзы апошняя стане яшчэ бліжэй.
Яраслаў Грынкевіч.
Памёр Іван Лепешаў
У нядзелю, 12-га кастрычніка, памёр выдатны беларускі фразеолаг, даследчык культуры беларускага маўлення, прафесар Гарадзенскага Купалаўскага ўніверсітэта, пастаянны шматгадовы аўтар "Нашага слова" Іван Лепешаў. Славутаму навукоўцу і выкладчыку 23 кастрычніка споўнілася б 90 год.
Прафесар Лепешаў пражыў няпростае жыццё. Нарадзіўся ў 1924 г. у вёсцы Іскозы на Віцебшчыне (Дубровенскі раён). Ваяваў, быў паранены. Пасля сканчэння настаўніцкага існтытута ў Воршы прыехаў працаваць настаўнікам у Свіслацкі раён. Патрапіў пад камуністычныя рэпрэсіі і спазнаў жахі савецкіх канцлагераў у Прыморскім краі (1949 - 1955). Пасля вызвалення зноў вяртаецца на Гарадзеншчыну - гэтым разам у Шчучынскі раён, дзе працуе настаўнікам беларускай і рускай моваў і літаратур. Завочна заканчвае (на выдатна) філфак Гарадзенскага педагагічнага інстытута (1959) і аспірантуру ў Менскім педінстытуце (1971). З 1971 года яго лёс непарыўна звязаны з гарадзенскім педінстытутам (пазней універсітэтам). Тут у 1986 г. ён атрымлівае званне прафесара, тут з пад яго рукі выходзяць дзесяткі кніг і сотні навуковых артыкулаў па фразеалогіі, мове мастацкай літаратуры, культуры маўлення і стылістыкі. Тут ён быў сапраўдным НАСТАЎНІКАМ для дзесяткаў сваіх калегаў і тысячаў студэнтаў. Іван Лепешаў не быў публічным чалавекам, але быў вялікім патрыётам і грамадзянінам Беларусі. Такія людзі робяць гісторыю і застаюцца ў гісторыі.
Апошні час Іван Лепешаў штогод за ўласныя сродкі выдаваў свае працы ў прыватных друкарнях. Гаворыць літаратарка Ала Петрушкевіч:
- Гэта быў вялікі беларус. Ён прайшоў праз усю пакутную гісторыю Беларусі ХХ стагоддзя. Ён прайшоў праз вайну, будучы зусім юным, у ягоным целе захаваліся асколкі ад раненняў. Ён быў абылганы, незаконна рэпрэсаваны, да скону дакладна памятаў лічбу тых дзён, якія ён у ГУЛАГу правёў. Ён быў такі шчаслівы на самым пачатку 90-х. Верыў, што нешта пачалося.
Пахаванне Івана Лепешава адбудзецца 15 кастрычніка. Няхай жа будзе суцяшэннем усім нам тое, што гэты шчыры патрыёт ляжа ў зямлю незалежнай Беларусі
Рэдакцыя "Нашага слова" выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Івана Лепешава.
Супер-прапанова!
Вучням i дырэктарам школ, настаўнiкам беларускай мовы i лiтаратуры, кiраўнiкам лiтаратурных студый, навуковых секцый, творчых гурткоў i аб'яднанняў.
1. Запрашаем вучняў сярэднiх i старэйшых класаў, калi яны маюць лiтаратурныя здольнасцi, друкаваць свае вершы i апавяданнi ў рубрыцы "Верасок". Адрас для адпраўкi тэкстаў: bjarozka mail.ru.
2. Прапануем старшакласнiкам, якiя мараць паспрабаваць сябе ў журналiстыцы, друкавацца ў рубрыках "Школа журналiстыкi", "Я сардэчка Беларусь" i блоку юных калумнiстаў. Да друку прымаюцца матэрыялы ў форме iнтэрв'ю, рэпартажаў, артыкулаў, нарысаў, эсэ i блогерскiх постаў на актуальныя тэмы, створаныя самастойна або з дапамогай настаўнiкаў. Адрас для адпраўкi тэкстаў: vdsd@tut.by.
3. Прапануем дырэктарам школ прыняць удзел у iнтэрактыўным праекце "Настаўнiцкая на праслушцы" (карэспандэнт "Бярозкi" па папярэдняй дамоўленасцi выязджае ў школу, каб запiсаць i надрукаваць жывую размову настаўнiкаў на пэўную актуальную тэму - выхаваўчую, адукацыйную, псiхалагiчную, iншыя набалелыя, праблемныя тэмы). Тэлефон для прапаноў: 8-017-284-85-25;
4. Прапануем настаўнiкам (кiраўнiкам гурткоў i студый) стаць аўтарамi (разова або пастаяннымi) наступных рубрык:
- "Практыкум" (у цiкавай, папулярнай, дасцiпнай форме вучыць пiсаць вершы, апавяданнi, школьныя сачыненнi, iншае; аналiзуе i выпраўляе тыповыя стылiстычныя i iншага кшталту памылкi; прапануе хатнiя заданнi). Адрас для адпраўкi тэкстаў: vdsd tut.by.
- "Бел. лiт." (тлумачыць твор школьнай праграмы нестандартным чынам, у захапляльнай форме). Адрас для адпраўкi тэкстаў: vdsd tut.by.
- "Табе навука" (пазапраграмныя веды па фiзiцы, матэматыцы, хiмii, біялогii, астраномii, iншых дысцыплiнах, выкладзеныя навукова-папулярным стылем). Адрас для адпраўкi тэкстаў: vdsd tut.by.
З фарматамi рубрык i ўзорамi матэрыялаў можна азнаёмiцца ў пiлотным нумары "Бярозкi", змешчаным пад вокладкай часопiса "Маладосць" (№ 8 бягучага года).
Сутнасць новай "Бярозкi" у тым, што ў iдэале яна павiнна стаць выданнем, якое дзецi не толькi чытаюць, але i ствараюць. Кожны зацiкаўлены падлетак мае поўнае права абвясцiць сябе аўтарам i вядоўцам пэўнай рубрыкi, любы гурток або школьны клас на чале з настаўнiкам можа дзяжурыць па нумары, любая школа краiны можа быць запiсана ў клуб сяброў "Бярозкi".
Увага! Стаць сябрам часопiса "Бярозка" можа любая школа краiны. Для гэтага трэба, каб на выданне (на паўгоддзе) падпiсалiся не менш чым пяць класаў школы. Сяброўства азначае наступныя прывiлеi:
- Размяшчэнне назвы i нумара школы на спецыяльнай старонцы;
- Размяшчэнне на сайце часопiса спасылкi на сайт школы;
- Першачарговае права на сустрэчы са знакамiтыми паэтамi i празаiкамi на ўроках лiтаратуры i класных гадзiнах.
Льготная падпіска для структур адукацыі і культуры - праз індэкс 748794, кошт - 28000 рублёў за нумар, 84 000 рублёў на квартал, 168 000 рублёў на паўгоддзе.
Бярозка.
Сустрэча з Нілам Гілевічам
28-га верасня, незадоўга да дня народзін народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, прадстаўнікі магілёўскай арганізацыі ТБМ і проста адданыя беларушчыне людзі здзейснілі візіт да Ніла Сымонавіча. Паэту перадалі пачастунак ад магілёўцаў, у адказ жа было прыемна і цікава пачуць ягоны расповед пра ўласнае дзяцінства. Ніл Сымонавіч закрануў пасля і тую бяду, у якую трапіў беларускі народ - цяга да алкаголю ставіць беларусаў перад пагрозай дэградацыі. Падзяліўся паэт і творчымі навінамі - нядаўна быў выдадзены зборнік яго афарыстычных радкоў "Шчасце ходзіць толькі ў пары з горам". У невялічкае выданне ўвайшлі досыць аб'ёмныя цытаты з твораў розных гадоў - ад пачатку 60-х да нашых дзён.
Дзякуем Нілу Сымонавічу за цёплы прыём, віншуем яшчэ раз з мінулым днём народзін і зычым здароўя, чакаючы новых твораў народнага паэта.
Магілёўская арг. ТБМ.
Дамова пра ЕўрАзЭС нясе пагрозу незалежнасці Беларусі
Аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенні Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць падтрымаў праект заключэння аб канстытуцыйнасці дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе і вынясе гэты дакумент на разгляд удзельнікаў кангрэсу. Такое рашэнне было прынятае 11 кастрычніка ў Менску на чарговым пасяджэнні аргкамітэта кангрэсу.
Праект заключэння падрыхтаваў доктар юрыдычных навук, прафесар, заслужаны юрыст Беларусі Міхаіл Пастухоў - суддзя Канстытуцыйнага суда першага складу, які захаваў адданасць прысязе і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
У праекце, між іншым, паведамляецца, што 29 траўня 2014 года ў сталіцы Казахстана Астане прэзідэнтамі Беларусі, Казахстана і Расіі падпісаная дамова аб Еўразійскім эканамічным саюзе. 9 кастрычніка 2014 года дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу краіны ратыфікавалі згаданую дамову. У гэты ж дзень кіраўнік дзяржавы падпісаў адпаведны закон аб ратыфікацыі дамовы. Такім чынам выкананы неабходныя юрыдычныя працэдуры для стварэння новага міждзяржаўнага аб'яднання.
Разам з тым, у праекце заключэння адзначаецца, што шэраг палажэнняў дамовы ўступае ў супярэчнасць з агульнапрызнанымі нормамі міжнароднага права, нормамі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і пагражае суверэнітэту беларускай дзяржавы і народа.
Так, артыкул 6 дамовы ўстанаўлівае прыярытэт рашэнняў саюзных органаў над нормамі нацыянальнага заканадаўства, што супярэчыць артыкулу 1 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкулу 1 Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь.
Згодна з часткай другой артыкула 13 дамовы, дзяржава можа выйсці са складу ЕўрАзЭС толькі са згоды іншых дзяржаў-членаў. Гэта азначае, што не прадугледжана магчымасць свабоднага выхаду з саюза. Дадзенае палажэнне ўступае ў супярэчнасць з правам беларускай дзяржавы самастойна ажыццяўляць сваю ўнутраную і знешнюю палітыку.
Палітыка паглыбленай інтэграцыі дзяржаў-членаў ЕўрАзЭС, фармаванне адзінага рынку тавараў, паслуг, капіталу і працоўных рэсурсаў у рамках саюза непазбежна прывядуць да ўсталявання эканамічнай і іншай залежнасці Беларусі ад больш моцных і развітых дзяржаў-членаў. Намечанае ў перспектыве ўвядзенне агульнай грашовай адзінкі супярэчыць норме Канстытуцыі аб правядзенні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь адзінай бюджэтна-фінансавай, падаткавай, грашова-крэдытнай і валютнай палітыкі.
Пасля прызнання ў далейшым дамовы неканстытуцыйнай яна не будзе мець юрыдычнай сілы з моманту падпісання, г. зн. з 29 траўня 2014 года, падкрэсліваецца ў праекце заключэння.
Сябры аргкамітэта кангрэсу звярнулі ўвагу на наступнае. Па-першае, партыі дэмакратычнай апазіцыі пакуль не адрэагавалі на стварэнне ЕўрАзЭС. Па-другое, беларускае грамадства не ведае, якія пагрозы незалежнасці Беларусі нясе ўваходжанне краіны ў ЕўрАзЭС, поўны тэкст дамовы пра яго стварэнне нават не быў апублікаваны ні ў адным з айчынных друкаваных СМІ. Па-трэцяе, гаворка пра эканамічныя выгоды ад стварэння ЕўрАзЭС, што вядзецца ў дзяржаўных друкаваных і электронных СМІ, засланіла галоўную палітычную пагрозу, якую нясе гэты саюз суверэнітэту Беларусі і народу краіны.
Як паведаміла каардынатар аргкамітэта, вядомая грамадская дзяячка, мовазнаўца Алена Анісім, 11 кастрычніка яна вітала XVI з'езд Партыі БНФ ад аргкамітэту кангрэсу. У сваім выступе яна акцэнтавала ўвагу на тым, што менавіта на грамадзянах Беларусі ляжыць адказнасць за тое, каб захаваць незалежнасць Беларусі, бо няма большага шчасця, чым годна жыць на бацькоўскай зямлі ў роднай краіне, размаўляць на матчынай мове, гадаваць дзяцей, любіць айчынную гісторыю, шанаваць сваіх продкаў і ўслаўляць нацыянальных герояў.
Сябры аргкамітэта вызначылі парадак і квоту вылучэння прадстаўнікоў на кангрэс - ад 1 да 5 чалавек ад кожнага з 117 раёнаў Беларусі ў залежнасці ад колькасці жыхароў і актыўнасці грамадзяна, якія выступаюць за захаванне незалежнасці краіны.
Нагадаем, што 30 жніўня быў створаны аргкамітэт па падрыхтоўцы і скліканні Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць, які мае адбыцца ў краіне ў першай палове снежня.
Сябры аргкамітэта чакаюць ад людзей канкрэтныя прапановы па фармату кангрэсу, яго тэматыцы, месцы і часу правядзення, наконт механізму вылучэння дэлегатаў і збору сродкаў для арэнды памяшкання і на іншыя выдаткі. Свае прапановы і заўвагі ахвотныя могуць даслаць на адрас электроннай пошты niezaleznasc gmail.com.
Наш кар.
У Оршы прэзентавалі "Азбуку" 1631 года
Знакамітую "Азбуку" Спірыдона Собаля прадставілі публіцы ў пятніцу, 10 кастрычніка, у рамках фестывалю "Беларусь праваслаўная".
"Азбука" была надрукаваная ў вядомай Куцеінскай друкарні. Над поўным факсімільным аднаўленнем гэтай кнігі доўгі час працаваў Беларускі экзархат. А супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук распрацавалі спецыяльны каментар да "Азбукі", у якім патлумачылі, у чым каштоўнасць выдання, і якія яго асаблівасці. Знешне прадстаўленая ў Оршы "Азбука" цалкам адпавядае арыгіналу: яна маленькая - памерам з далонь, мае скураны пераплёт і вырабленая на спецыяльнай паперы. Гэта найвядомейшая з часоў старажытнасці аршанская кніга. "Азбука" Собаля была сапраўдным падручнікам, па якім вучыліся чытанню і пісьму, інфармуе сайт "Народныя навіны Віцебска".
Еўрарадыё.
Да выхаду новай кнігі Алега Трусава "Кароткая гісторыя архітэктуры Беларусі"
Частка 6. Заходняя Беларусь у складзе Польскай дзяржавы (1921-1939 гг.)
Тэрмінам "Заходняя Беларусь" вызначаюцца раёны кампактанага пражывання карэннага беларускага насельніцтва, якія ў выніку польска-савецкай вайны 1919-1921 гг. апынуліся ў складзе Польскай дзяржавы ў адпаведнасці з Рыжскай мірнай дамовай (сакавік 1921 г.). Гэта тэрыторыя складала 28 паветаў Навагрудскага, Палескага, Віленскага і Беластоцкага ваяводстваў. Гэта 82 тысячы кв. км у складзе сучаснай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, дзе ў 1931 г. жыло 4,6 мільёнаў чалавек.
У 1939-1940 гг. частка Заходняй Беларусі (Віленшчына) была Сталіным перададзена Літве, а Беласточчына ў 1944-1950 апынулася ў складзе Польшчы.
Тут у 20-30-я гг. ХХ ст. развівалася архітэктура і археалогія, дзейнічаў Віленскі ўніверсітэт, працавалі вядомыя беларускія і польскія архітэктары, мастакі, гісторыкі мастацтва, фатографы і археолагі.
Тут актыўна ішло рэлігійнае жыццё, але каталіцкая канфесія пераважала. Згодна з законам аб рэвіндыкацыі каталікам вярнулі культавыя будынкі і землі, якія ў свой час царскія ўлады перадалі рускай праваслаўнай царкве. На тэрыторыі Заходняй Беларусі аднавіла сваю дзейнасць уніяцкая царква, а праваслаўная царква атрымала аўтакефалію і аддзялілася ад рускай праваслаўнай царквы, якая ў СССР прыйшла ў поўны заняпад.
У 1919 г. зноў пачаў дзейнасць Віленскі ўніверсітэт. Адраджэнне ўніверсітэта вітаў Я. Купала і іншыя дзеячы Беларушчыны. Было створана 6 факультэтаў, універсітэт атрымаў імя С. Баторыя. З 1922 г. універсітэт выдаваў свой штомесячны часопіс. У ім працавалі Ластоўскі, Дэмбоўскі, Урублеўскі і археолагі сужэнцы Галубовічы.
Пры ўніверсітэце існаваў беларускі студэнцкі саюз, які выдаваў газету "Студэнцкая думка". Таксама пры ўніверсітэце была заснавана Камісія па ахове старажытнасцей на чале з нашым земляком, знакамітым мастаком Фердынандам Рушчыцам. Ён упершыню выказаў ідэю аб стварэнні музея беларускай архітэктуры пад адкрытым небам - скансена, дзе можна было сабраць унікальных прадстаўнікоў народнага дойлідства. З 1919 па 1932 г. Рушчыц працаваў прафесарам аддзялення прыгожых мастацтваў Віленскага ўніверсітэта.
Вялікую ролю ў развіцці і вывучэнні нацыянальнай школы дойлідства адыграў польскі архітэктар Юліюш Клос. У 1930-1931 гг. ён разам са Станіславам Лорэнцам, Янам Булгакам і студэнтамі Віленскага ўніверсітэта прымае ўдзел у экспедыцыях па вывучэнні архітэктуры Браслаўшчыны. Спадчына навуковай дзейнасці Клоса захавалася ў Гістарычным архіве Літвы і налічвае звыш 100 спраў. Пасля перадачы Вільні Літве 15 снежня 1939 г. новыя літоўскія ўлады зачынілі ўніверсітэт, а ў яго будынкі правялі некаторыя факультэты Каўнаскага ўніверсітэта. 19 сакавіка 1943 г. іх зачынілі немцы. Дзейнасць універсітэта аднавілася ў 1945 г. у Савецкай Літве. Літоўцы цалкам перавезлі ў Вільню ўніверсітэт г. Каўнаса. Былыя польскія выкладчыкі ў чэрвені 1945 г. пераехалі ў Торунь, дзе заснавалі ўніверсітэт імя Каперніка.
Станаўленне беларускай нацыянальнай архітэктурнай школы звязана з імёнамі Л. Вітана-Дубейкаўскага, К. Дуды-Душэўскага і Ю. Клоса. Вялікая заслуга ў стварэнні ўласна беларускага нацыянальнага стылю належыць Лявону Вітану-Дубейкаўскаму.
Ён нарадзіўся ў фальварку Дубейкава на Мсціслаўшчыне, пазней вучыўся ў Варшаве, дзе скончыў школу будаўнічых рамёстваў. Потым вярнуўся на радзіму, дзе ў Смаленску адкрыў сваё прыватнае бюро.
У 1894 годзе ён перамагае ў конкурсе на будаўніцтва мураванага касцёла ў Смаленску. Вялікі дзвюхвежавы касцёл таксама таямнічым чынам быў пабудаваны ў рэкордныя тэрміны - за два гады. На гэты ж час прыпадае "рэстаўрацыйны" перыяд у творчасці маладога дойліда. З 1895 да 1901 г. ён праводзіць рэстаўрацыю касцёлаў у Крычаве, Смалянах (разам з Даўкшам), Воршы, Свіслачы (каля Асіповічаў) і, вядома, у родным Мсціславе. У 1901 г. Дубейкаўскі будуе ў Смаленску фабрыку жалеза-бетонных вырабаў.
Пазней ён прыцягвае сваю адукацыю ў Санкт-Пецярбурзе і Парыжы, дзе атрымлівае дыпломы інжынера-архітэктара і архітэктара-мастака.
Крыніцы сваёй беларускай свядомасці ён называў сам: маці, якая ніколі не цуралася роднае мовы і кніжачка Багушэвіча, якую паказаў яму мсціслаўскі ксёндз. Яшчэ напрыканцы ХІХ ст., працуючы ў Смаленску, Дубейкаўскі пачаў збіраць беларускі фальклор. Пісаў па-беларуску вершы, апавяданні, ліставаўся з беларускімі газетамі.
У кастрычніку 1916 г. Дубейкаўскі з'явіўся ў Петраградзе, дзе яго знайшоў ксёндз Будзька і замовіў яму праект драўлянага касцёла ў беларускім стылі. Гэты праект прызначаўся для вёскі Янатруда ў Полацкім павеце. У студзені 1917 г. праект быў зацверджаны Міністэрствам, і ўжо ўлетку меліся распачацца будаўнічыя работы.
Лютаўская рэвалюцыя скасавала ўсе планы. Праект застаўся нерэалізаваным.
Паводле праекту, касцёл у Янатрудзе мусіў уяўляць сабою просты ў плане, кампактны будынак, з вялікім прасторным нефам і вялікай шмат'яруснай вежаю-званіцай над хорамі. З боку галоўнага ўваходу мусіла быць прасторная галерэя на чатырох тонкіх калонах, крытая вялікім гонтавым шатром. Шацёр галерэі плаўна абдымаў вежу, пераходзячы ў суцэльны дах над усёй бажніцаю, краі якога мякка выгіналіся на доўгіх кроквах.
Чатырох'ярусная вежа спалучала ў сабе рысы ўсіх традыцыйных прыёмаў, у яе вобразе не было нічога спецыфічна каталіцкага, рымскага, далёкага. Гэтая бажніца з роўным правам магла б служыць прататыпам і для католікаў, і для праваслаўных, і для пратэстантаў. Вельмі выразны, дынамічны абрыс, сканцэнтраваная сіметрычная кампазіцыя, адсутнасць штучнага дэкору.
У 1924 г. Лявон Вітан-Дубейкаўскі праектуе касцёл для мястэчка Дрысвяты, што на Браслаўшчыне. Але да рэалізацыі праекту мінае яшчэ колькі гадоў. Тым часам ён будуе царкву старавераў у Відзах, факультэт мастацтва Віленскага ўніверсітэта (сёння Акадэмія мастацтваў), лясніцтва ў Шумску, падлясніцтва ў Кене, шэраг прыватных дамоў, уласную сядзібу ў Вільні, на Падгорнай. Увесь час не перапыняе выкладчыцкую працу. Яшчэ ў 1919 г. ён выкладаў на беларускіх настаўніцкіх курсах у Гародні і ў Вільні. А ў 1925 - стварае і кіруе Школай будаўлянага рамяства ў Вільні.
У 1927 г. Дубейкаўскі нарэшце прыступіў да будаўніцтва Нісвяцкага касцёла ў беларускім стылі.
Галоўны фасад касцёла Пятра і Паўла вельмі блізкі да праекту касцёла ў Янатрудзе, але галоўная вежа нашмат вышэйшая і страмчэйшая. Да яе кампазіцыйна прывязаная моцна развітая вежа-сігнатура над сяродкрыжжам, расшыфроўваючы кананічныя дачыненні паміж асобамі Святых апосталаў - Пятра і Паўла.
Рупліва вывучаў беларускае дойлідства знакаміты беларускі мастак Язэп Драздовіч. Шырокую вядомасць набылі яго "гістарычныя пейзажы", дзе беларускія замкі паказаныя ў лірычна-сімвалічнай манеры. Гэта замкі ў Міры, Лідзе, Крэве і Гальшанах. Маляваў мастак народную архітэктуру і помнікі археалогіі.
У 1927-1930-х гг. Драздовіч зрабіў вялікую серыю замалёвак муроў Навагрудскага замка, а таксама зрабіў рэканструкцыю ўмацаванняў Навагрудскага замчышча.
Помнікі архітэктуры Сярэднявечча на тэрыторыі Заходняй Беларусі былі аднесены да польскага культурнага фонду, ахоўваліся, вывучаліся і аднаўляліся за дзяржаўныя сродкі, а таксама за асабістыя сродкі ўласнікаў замкаў, палацаў, гарадскіх дамоў і вясковых фальваркаў. Рэстаўрацыя і кансервацыя помнікаў гісторыі і культуры праводзіліся на грунтоўнай навуковай аснове.
Адноўлены касцёл (фара Вітаўта) у Гродна, касцёл св. Міхаіла ў Гнезна, зроблена кансервацыя і частковая рэстаўрацыя замкаў у Вільні, Троках, Лідзе, Крэве, Міры, Навагрудку, Любчы, старога замка ў Гродна і іншых гістарычных аб'ектаў. Праводзіліся маштабныя археалагічныя раскопкі, падчас якіх знойдзены невядомыя раней помнікі беларускага дойлідства ў Гродна, Навагрудку і Давыд-Гарадку. Помнікі беларускай архітэктуры і старажытныя будаўнічыя матэрыялы былі прадстаўлены ў экспазіцыях беларускіх музеяў у Вільні, Гродна, Слоніме і Пінску.
Жыллё сялян і гараджан
За час Першай сусветнай вайны, а таксама польска-савецкай вайны жылы фонд заходне-беларускіх гарадоў прыйшоў у заняпад, шмат дамоў было разбурана падчас ваенных дзеянняў. Найбольш пацярпелі Смаргонь і Ліда, дзе ішлі баі ў межах горада ў 1920 г. Польскія ўлады захавалі беларускія мястэчкі, прычым інтэнсіўнае будаўніцтва вузкакалейных чыгунак рабілі развіццё і рост гарадскіх паселішчаў Заходняй Беларусі больш стабільнымі. Усяго тут налічвалася 97 гарадоў. Аднак польскі ўрад не спрыяў індустрыялізацыі беларускіх земляў, што межавалі з СССР. У якасці выключэння можна назваць мястэчка Ракаў, недалёка ад Мінска, якое атрымала статус горада і бурна развівалася, дзякуючы кантрабандзе на савецка-польскай мяжы. У выніку паланізацыі шматнацыянальныя беларускія гарады ператвараліся ў цэнтры польскай культуры. Выключэннем была Вільня, дзе знаходзіўся найбольшы культурны асяродак беларусаў.
Роля Заходняй Беларусі як каланіяльнай акраіны Другой Рэчы Паспалітай асуджала значную частку насельніцтва на нізкі жыццёвы ўзровень і беднасць. Агульнай праграмы развіцця сацыяльнай сферы краю не існавала, дабрабыт насельніцтва залежаў ад умоў развіцця гаспадаркі, якая залежала, ў сваю чаргу, ад перыядычных эканамічных крызісаў.
Вельмі цяжкімі былі ўмовы працы для рабочых прамысловых прадпрыемстваў. Адсутнічала тэхніка бяспекі і аховы працы, наглядаўся рост траўматызму. Працягласць працоўнага тыдня афіцыйна складала 8 гадзін, фактычна - 10-12, у сельскай мясцовасці - 16 гадзін.
З 1929 г. ва ўмовах крызісу адбываюцца масавыя звальненні, зніжаецца заработная плата, павялічваецца працягласць працоўнага дня, адмяняецца сацыяльнае страхаванне. Законы 1933 г. далі прадпрымальнікам правы павялічваць рабочы дзень, скарачаць адпачынак з 8 да 4 дзён, ліквідаваць сістэму сацыяльнага страхавання. Дапамога па хваробе скарачалася з 39 да 26 тыдняў.
У гады крызісаў зніжаўся рэальны заробак рабочых. У 1931 г. ён склаў каля 70%, а ў 1933 г. - каля 40% ад узроўню 1928 г. Адначасова сярэдні заробак беларускага рабочага, а гэта каля 20 злотых у тыдзень, складаў ад 30 да 50% сярэдняга заробку рабочых цэнтральнай Польшчы. Часта ён выдаваўся ў выглядзе талонаў у магазін і крамы, дзе рабочыя павінны былі купляць тавары і прадукты па завышаных цэнах. Аплата працы жанчын складала 25-50% ад заробку мужчын. Сельскагаспадарчыя рабочыя атрымлівалі заработную плату пераважна сельска-гаспадарчай прадукцыяй.
Пасля захопу Заходняй Беларусі сюды прыехала шмат польскіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. Каб вырашыць праблему іх рассялення, было вырашана распачаць будаўніцтва спецыяльных комплексаў адміністрацыйных і жылых будынкаў - так званых калоній дзяржаўных дамоў. Падрыхтоўка да будаўніцтва пачалася ў 1923 г. У 1924 г. былі выдзелены грашовыя сродкі і створаны ваяводскія будаўнічыя камітэты. Цэнтр будоўлі на "Крэсах усходніх" знаходзіўся ў Брэсце. Польскія архітэктары з Варшавы і іншых гарадоў прымалі адпаведныя замовы на распрацоўку тыпавых дамоў для забудовы. Ад архітэктараў патрабавалася, каб новыя кварталы-калоніі гарманічна спалучаліся з мясцовай забудовай.
Праектаваліся дамы з больш тоўстымі сценамі, чым у Польшчы, прыстасавыныя да больш халоднага клімату. Планавалася адначасова пачаць будаўніцтва новых дамоў у 44 гарадах і мястэчках. У Навагрудскім ваяводстве хацелі збудаваць 43 дамы (з іх 21 - мураваны, 22 - драўляныя), у Віленскім - 27 дамоў, у Палескім - 69 будынкаў. У Лідзе новы квартал-калонія быў збудаваны за горадам на так званым "выгане". Тут акрамя 7 дамоў для чыноўнікаў збудавалі цагляныя карпусы бальніцы, дзве школы, гімназію, паштамт і стадыён.
Дом лідскага старасты збудавалі ў модным тады "закапанскім" стылі. Па гэтай жа прымеце будаваліся дамы для стараст і ў іншых гарадах. У Валожыне і Глыбокім гэтыя дамы дайшлі да нашых дзён. Лідскія дамы былі розных памераў. Гэта два дамы "на дзве сям'і", адзін дом на "чатыры сям'і" і тры дамы "на шэсць сямей". Двор гэтых дамоў быў падзелены на 6 пляцовак пад сад-агарод для жыхароў дома. Значная частка гарадской забудовы ў Лідзе, як і ў іншых гарадах і мястэчках, была драўляная. Таму шмат якія з іх мелі мураваныя супрацьпажарныя сцены (брандмуры). Напрыклад, лідскія дамы з брандмурамі будаваліся як да рэвалюцыі 1917 г., так і ў новай Польшчы. У большасці лідскіх дамоў брандмур узвышаецца над страхой на 60 см і выступае за сцяну на 30 см. Будавалі брандмуры з цэглы, або цэментна-пясчаных блокаў (пустакоў). Унутры некаторых брандмуроў праходзілі пячныя коміны. Цікава, што ў Лідзе захаваліся і цалкам мураваныя дамы, але з брандмурамі, якія паднятыя над страхою.
(Працяг у наст. нумары.)
Выставы ў Прэзідэнцкай бібліятэцы
У Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь аформлены невялікія кніжныя выставы, прысвечаныя памяці Нестара Летапісца і Сергія Раданежскага.
Наш кар.
Люцыд Корсак схіліў Валентыя Брахоцкага ўзначаліць паўстанне 1831 г. у Дзісенскім павеце
"... Узброеных ваяроў было ўсё ж не вельмі шмат, а таму, каб псіхалагічна ўздзейнічаць на праціўніка, палкоўнік В. Брахоцкі прывёў у Германовічы, відаць, усіх, каго можна было прывесці з Лужкоў і навакольных вёсак, нават музыкаў, каб падбадзёрыць паўстанцаў ісці ў атаку на Дзісну. Аднак больш карысці, відаць, было ад артылерыі: "Рыпінскі як артылерыст здаў свой аддзел некаму іншаму і стаў камандаваць гэтай адна- коннай батарэяй, кананірам служыў яму шавец Ардынскі. Праўдзівая прыказка: у патрэбе і шылам голяцца". Зрабіўшы колькі залпаў па Дзісне, А. Рыпінскі падахвоціў паўстанцаў на штурм горада. Сяляне, ухапіўшы калы, разам са шляхтаю атакавалі расійскае войска: "Калі Бог дапаможаць, так мы і гэтым паб'ём праклятых маскалёў".
Расійскае войска, кінуўшы ўсю сваю амуніцыю, спешна адступіла з Дзісны. Паўстанцы цешыліся перамогай, асабліва задаволеныя былі сяляне: "Гура! Наша ўзяло! Маскаль прапаў!"
Паводле ўспамінаў Аляксандра Рыпінскага, беларускага паэта, удзельніка паўстання 1831 г.
Не дужа ўдаваючыся ў гісторыю паўстання 1831 года ў нашым краі, адзначым толькі тое, што яго кіраўніком быў вядомы жыхар Браслаўскага павета Валенты Брахоцкі, які па тым часе ўжо жыў у Глыбокім. Мястэчка Лужкі, разам з Варшавай і Вільняй, было адной з трох сталіцаў паўстання 1831 г.
Спадарства, а Вы ведаеце, хто пераканаў і схіліў палкоўніка Брахоцкага ўзначаліць паўстанне? Так! Таму, што прачыталі загаловак?
Аднак, пра гэта пазней...
На святкаванні 500-х угодкаў Мосара, на прыкасцельным пляцы, да аўтара гэтых радкоў падышла нашая чытачка Ганна Адамаўна Глямбоцкая. Пытае:
- Уладзімір Іванавіч, а вы ведаеце, што ў Удзеле, за касцёлам, ёсць цвінтар?
- Не.
- Там пахаваны Люцыд Корсак. Хто ён такі? Можа ведаеце?
- Так адразу - не скажу. Ведаю, што была не толькі глыбоцкая лінія Корсакаў, але і бабыніцкая, галубіцкая, залеская, а таксама ўдзельская. Удзельскі касцёл пабудаваны па фундацыі Язэпа Корсака, але не Язэпа Львовіча Корсака, а Язэпа Рыгоравіча Корсака... Ва ўсякім разе - дзякуй! Пры нагодзе наведаю могілкі, а пасля гэтага можна і заняцца высвятленнем асобы Люцыда Корсака.
* * *
Так! На старым цвінтары мы знайшлі некалькі даўніх пахаванняў.
Чытаем надпісы: "Каzimierz Wrublewicz"; "Jan Оbolewski, zm. 15 czerw. 1888 r., zyl lat 57"...
Помнік Яну Абалеўскаму, праўдападобна, разбамбілі некалі "камсамольцы". Гэты факт, а таксама прыкметы іншых знішчаных старадаўніх помнікаў наводзіць на думку, што такіх шляхецкіх пахаванняў тут раней было нямала.
А вось і ён - шуканы помнік Люцыду Корсаку. Чытаем:
S.Р.
Lucyd і Franciszka КОRSAKOWIE
Wiecznie odpocznienie
racz im dac Panie
Рomiatka najlepszym Dziadam
Быў яшчэ драбнейшы тэкст у самым нізе, але, каб яго прачытаць, - трэба ўжо класціся галавой на магілу. Не! Ужо не істотна. Там няма датаў жыцця і смерці...
І што вынікае з тэксту? Помнік паставілі ўнук(і), напісана ж: "Памятка найлепшым Дзядам" . З тэксту не вынікае: колькі пражылі Дзяды (дзядуля і бабуля), калі нарадзіліся і памерлі. Унук(і) маглі паставіць помнік і праз 50 гадоў пасля смерці Дзядоў. Даты жыцця і смерці яны не памяталі (не ведалі)?
Годзе. Хто такі Люцыд Корсак?
Ці мог хто з краязнаўцаў падумаць яшчэ 20 гадоў таму, што пошук зойме ўсяго секундаў пяць! Так, многія кнігі і дакументы цяпер адлічбаваныя, г/зн. камп'ютар знойдзе, калі гэтае імя занатавана ў "сусветнай павуціне".
Люцыд Корсак (Lucyd Коrsak) сустракаецца аднойчы і ў звязку з паўстаннем 1831 года. Аляксандр Рыпінскі, беларускі паэт і ўдзельнік паўстання 1831 года на эміграцыі ў Францыі, у г. Авіньёне, напісаў успаміны пад назовам "Krotki Rys Historyi Powstania Dzisnienskiego w Litwie, w Gubernii Minskiej, napisany w Avignon przez Alexandra Rypinskiego, podporucznika Pulku 7-o piechoty Liniowej Polskiej".
Працытуем пару абзацаў у перакладзе на беларускую (захаваная стылістыка дакумента 1830-х гг.):
"... Калі так усё ўжо было ў парадку, не ставала толькі Галоўнага Камандуючага, які б з веданнем вайсковага майстэрства, злучаў у сабе сталасць узросту і давер жыхароў цэлага павету. Доўга раіліся, каго б абраць. Пасылалі Язэпа Валасоўскага і Міхала Клёта да пана Плятэра ў Бяльмонт, просячы яго аб прыманні такой годнасці, але той адмовіў, не можа ніякім чынам выехаць з дому, з-пад вока і варты расійскага палкоўніка Кахоўскага, які тут пад бокам у яго, у Відзах, стаў з непрыяцельскім войскам, і ўсялякія варушэнні жыхароў адсочваў, і хапаў усіх за дробнае падазрэнне, адсылаў іх да Дынабурга (цяпер Даўгаўпілс - заў. рэд. ) у казематы, без суда і следства. Пасылалі некалькі разоў Люцыда Корсака ў Глыбокае, прасіць палкоўніка Брахоцкага, але той акрамя найлепшых сваіх памкненняў служыць Айчыне ў такім пахвальным і канчатковым разе, адмаўляў тым, што ўжо быў запрошаны ў Вілейку, і паўтараў, што мае вельмі малыя стасункі і знаёмствы з жыхарамі Дзісенскага павету, як нядаўна аселы ў Глыбокім, можа быць не заслужыў даверу ўсіх. Калі яго аднак пераканалі, што не толькі з поўным даверам яго просяць, але зразумела, што абавязкова ўскладаюць надзею, на моцныя наляганні з усіх бакоў, прыбыў пасля паўторнага да яго прыезду Корсака, да Лужак, агледзеў цэлы шэраг падхарунжых, і спадабаўшы сябе ў ім, застаўся ў Лужках, хаця ўжо быў у дарозе, з якой яго вярнулі. Прысягнуў на вернасць Айчыне і справе Паўстання, стаўся абвешчаным Галоўным Камандуючым ўзброенай сілы ўсяго Дзісенскага павету.
Прызначыў сабе ў начальнікі штаба падхарунжага Аляксандра Пангоўскага, а ад'ютантам грамадзяніна Ігнацыя Клёта, гэты старац годна адпавядаў мэтам і спадзевам, якія ў ім увасобленыя, не шкадаваў слабых сіл сваіх, здароўя і маёнтка для дабра Народу і Айчыне".
Так! Менавіта Люцыд Корсак, з другой спробы, схіліў палкоўніка Валентыя Брахоцкага ўзначаліць паўстанне 1831 года ў Дзісенскім павеце. Які далейшы лёс Люцыда Корсака, мы не ведаем. Адназначна толькі тое - ён сыграў сваю ролю ў лёсе паўстання1831 года ў нашым краі.
* * *
Можна было б паставіць кропку ў пытанні: хто такі Люцыд Корсак, які пахаваны на старым цвінтары ў Удзеле? Але... Датаў жыцця і смерці на помніку няма! Ці той гэта Люцыд Корсак, які схіліў Валентыя Брахоцкага ўзначаліць паўстанне 1831 г? Былі ж два Язэпы Корсакі! Розныя! І абодва будавалі храмы - адзін у Удзеле, іншы ў Глыбокім. Каб жа ж і тут не выйшла памылкі!
Ёсць адна прыкметная акалічнасць. На яе звярнуў маю ўвагу Алесь Адамковіч з Вільні, з якім я па Скайпу падзяліўся навіной аб знаходцы.
- Стылістычна надпіс на помніку і стылістыка самога помніка не адпавядае стылістыцы сярэдзіны ХІХ ст. - кажа Алесь, - а адпавядае ўжо пачатку ХХ ст.
Так! Пагаджаюся, і гэта відавочна - помнік выглядае досыць навюткім. Аднак, помнік Люцыду і Францішцы маглі паставіць унукі за "польскім часам" у 1920-30 гг., і гэтым Люцыдам Корсакам мог быць менавіта той Люцыд Корсак, што схіліў Валентыя Брахоцкага ўзначаліць паўстанне 1831 года ў Дзісенскім павеце. Хацелася б верыць, што гэта так і ёсць, для гэтага маюцца не малыя падставы.
* * *
Натуральна, пошукі можна працягваць: спраўдзіць касцельныя кнігі, віленскія архівы, розныя даведнікі, дзе згадваюцца землеўладальнікі. Але гэта ўжо, перадусім, пажаданне для мясцовай удзельскай інтэлігенцыі і краязнаўцаў.
Уладзімір Скрабатун, "Вольнае Глыбокае".
Рэпін і F.В.
У дзевяностых гадах мінулага стагоддзя я рыхтаваў для старшакласнікаў тэлевізійную праграму "Культура Беларусі канца XIX стагоддзя". У тлуме самых шматлікіх звестак я не прапусціў нагоды згадаць і пра Іллю Рэпіна, выдатнага маэстра рускага класічнага жывапісу, балазе ён абраў для сваёй творчай працы Беларусь. Ужо за адно гэта ў мяне з'явілася сімпатыя да таленавітага, сусветна вядомага мастака , і я пачаў цікавіцца яго працамі. Чытаю: "У 1892-1900 гадах час адчасу прыязджаў у Здраўнёва. Тут у 1892 годзе і пазней былі створаны такія палотны, як "Беларус", эцюды "На Заходняй Дзвіне" і шмат іншых: "Паляўнічы са стрэльбай", "Месячная ноч", "Святочнае гулянне ў Здраўнёве", "Касец-ліцвін", "Восенскі букет"... Гэтак шмат чаго сугучнага з F.В. То ці былі яны знаёмыя? Цікавіўся Рэпін F.В. і яго творчасцю. Ці чуў ён штокольвек пра "Dudku Bielaruskuju"? Пра F.В. з выхадам у Кракаве "Dudki Bielaruskaj" гаварылі, пісалі: львоўскія масквафілы, прыкладам, пісалі шмат чаго з гэтай нагоды: "Не ўдасца кракаўскаму палітыкану Мацею Бурачку сваёй "Дудкай беларускай" разбіць магутнасць Расійскай імперыі".
Не можа быць, каб Рэпін не зацікавіўся постаццю F.В. Ён быў амаль цалкам сугучны творчай манеры F.В. Яны былі людзі адной эпохі, аднаго часу, аднаго гарту. Ілля Яфімавіч нарадзіўся 5-га жніўня 1844 года, а F.В. у сакавіку 1840. Абодвух вабіла і цікавіла Беларусь і яе прататыпы. Яго "Беларус" такі сугучны з "Dudkaj Bielsruskaj", што ён просіцца ў тую "Dudku...", просіцца ілюстрацыяй.
Сам рэпінскі "Беларус" зараз экспануецца ў Дзяржаўным Рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу. А шкада! Хай бы рэпінскі "Беларус" цешыў душу, і сэрца, і патомную Беларусь, нагадваў нам душэўныя парыванні, духоўныя парыванні Рэпіна і Багушэвіча - выразнікаў беларускага духу, калі гэты дух яшчэ не прызнаваўся і прыніжаўся, а гэтыя двое, Багушэвіч і Рэпін, увелічалі яго. Прататыпам рэпінскага "Беларуса" стаў Сідар Шаўроў. Тры дні ён пазіраваў мастаку. Затое які каларытны атрымаўся ягоны "Беларус". Стройны, талёвы, стаіць на мастку, адхінуўшыся на парэнчы, упэўнена, з пачуццём уласнай годнасці, глядзіць у свет, на свет. У створаным Рэпіным вобразе пакарае ўсё: і пастава беларуса, дапытлівы яго позірк з гарэзлівым агеньчыкам, прывабная ўсмешка. У свой час панавала ўяўленне сучаснікаў аб беларусах як аб забітых пакорліваых істотах, з каўтуном у валасах. Урэшце, і чуб на галоўцы сведчыць пра зграбнасць гэтай галоўкі. А самае галоўнае на "Беларусе" Рэпіна - вышыванка. Яна таксама пра шмат што гаворыць недавяркам пра "Беларуса".
Уладзімір Содаль-Садэльскі.
Макурка
Згаданная гісторыя таксама звязана з вайной. I не з адной - з першай і другой. Гэтак сталася, што падчас Другой сусветнай вайны наша вялікая, на некалькі вуліцаў вёска, увесь час была пад абстрэлам. Стралялі па ёй і з Кармы - там фронт спыніўся. Даставалася нашаму Мормалю і ад немцаў. Вёска выгарала на не. Ацалела толькі дзве ці тры хаты - на Задзірэўчы. У гэтых хатах стваралася першая пасляваеннная школа. Хатка гэтая належала Макаганавым, пра гэтую пасляваенную школку асобы расповяд. Мяне да ўсіх, хто ў гэтую школку бегаў, інтрыгаваў назоў гаспадарова хлопчыка. Усе звалі яго Сяргей Макурка. Што звалі яго Сяргей, гэта ўсё была ўсім зразумела. А "Макурка"? Што гэта за такі дадатак? Можа гэта якісь сямейны дадатак? Ад якогась Макара ці што? Ды не. Не раз чуў ад яго таты: "Ты на палацех спаў. Ці макурку пад галаву клаў? Макурка вельмі карысная. На ёй галоўцы вельмі зручна ляжаць".
Пасля я распытаўся ў Сяргея: пра якую макурку тата яму распавядаў, пытаўся. I от што кажуць... Яго тата ў Першую сусветную вайну быў у Германіі, і там яны спалі на спецыяльных падушачках з натуральнага лацексу, іх мы называлі макуркамі. Падушачкі з лацексу спрыяюць падтрымліваць галаву ў час сну ў натуральным стане, цалкам расслабіцца шыйнаму аддзелу пазваночніка і здымаюць напружанне з шыйных мускулаў. Такія падушачкі з лацекса на піке славы.
Лацекс - гэта млечны сок бразільскай гевеі. Такія падушачкі называюцца артапедычнымі. Яны бываюць высокія, нізкія, дзіцячыя, падрастковыя і з спецыяльнымі бугаркамі - масажорнымі. От такую падушачку і хацеў зладзіць Сержыкаў тата на сваіх палацях у сваёй вясковай хаце пасля сваёй пабыўкі пад час перашй сусветнай вайны ў Германіі называючы іх макуркамі, прыладамі пад шыю.
Уладзімір Содаль-Садэльскі.
Дзень вышыванкі - упершыню ў Беларусі
5 кастрычніка ў Менску прайшоў Дзень беларускай вышыванкі. Больш за тысячу людзей наведалі цеснае памяшканьне на вуліцы Талбухіна. Наступны фэст абяцалі правесці ў Палацы рэспублікі.
Мерапрыемства адбылося ў Беларусі ўпершыню. Цягам 7 гадзінаў прастору "ДК" на вуліцы Талбухіна наведалі каля 1500 чалавек.
У першай частцы фэсту наведнікі, якія яшчэ не мелі вышыванак, маглі іх набыць - прычым як традыцыйныя, гэтак і стылізаваныя сучасныя, якія маюць ужо сваю назву -"вышымайкі" ад пляцоўкі Symbal.by. Апошнія можна было яшчэ і выйграць.
Майкі арганізатары разыгралі проста падчас імпрэзы. На кірмашы беларускіх вырабаў, які ў адным месцы сабраў таленавітых беларускіх майстроў, свае творы прэзентавалі стваральнікі ўпрыгожванняў "V-ART-@", а ініцыятыва "Беларусам" прадставіла беларускія магніты і сшыткі. Папоўніць гардэроб нацыянальным каларытам можна было гальштукам ад "Etno Manufaktura", адзеннем ад "Берагіні" ці "Лічбавай вышыўкі" або майкамі ад "Sakolka.by". Можна было набыць разнастайныя сувеніры ад Алены Пянкрат, рэканструкцыі беларускіх даспехаў і ўпрыгожванняў ад "Revival Crafts Studio" і дызайнерскія мятлікі ад Веранікі Машарскай.
Наведнікі ж мелі магчымасць не толькі набыць беларускі сімвал, а ў наўпроставым сэнсе нанесці яго на цела - дзякуючы адмысловым тату, намаляваным хной ці фарбаю. Прайшлі майстар-класы па вышыўцы ды вырабах з гліны.
Аўтары беларускай гульні "Паўстанцы" распавялі пра свой праект і далі магчымасць удзельнікам фестывалю самім паглыбіцца ў атмасферу 1863 года.
У музычнай частцы выступілі гурты "Бачу ўпершыню", Сяргей Башлыкевіч (Leibonik), Recha, а завяршыў музычнае свята гурт Unia.
Дзень вышыванкі зладзілі беларускія НДА ў межах кампаніі "Зробім лепш".
Колькасьць наведнікаў здзівіла самых арганізатараў, якія паабяцалі наступную імпрэзу зладзіць як мінімум у Палацы Рэспублікі. Фестываль наведалі не толькі беларусы, але і госці з замежжа.
Увагу на сябе звярнулі маладыя людзі ў вайсковай форме, якія падчас звалнення вырашылі наведаць Дзень беларускай вышыванкі.
Радыё Свабода.
Адукацыйныя паслугі
Школа асобаснага роcту. Псіхолаг Людміла Дзіцэвіч
Трэнінг "Вучымся любіць сябе, сваіх бацькоў і бліжніх"
Трэнінг "Вучымся любіць сябе, сваіх бацькоў і бліжніх" 17 кастрычніка а 18-ай гадзіне ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13.
У праграме трэнінгу:
1. Сутнасць чалавечага жыцця.
2. Значэнне эмоцый і пачуццяў. Любоў-асноўнае пачуццё, неабходнае для жыцця.
3. Формы праяўлення любві. Тэрапія любоўю.
4. Вучымся любіць сябе. Значэнне пазітыўных і негатыўных эмоцый для ўсіх сфер чалавека.
5. Фармаванне пазітыўных адносінаў да сваіх бацькоў.
6. Прынцып люстра. Сутнасць хрысціянскай запаведзі "Любі бліжняга, як самога сябе".
7. Выкананне гульняў і практыкаванняў для ўмацавання пачуцця любві.
Для кантактаў:
сл. тэл. (+375 17) 327-60-88,
х. тэл. (+375 17) 281-04-35,
МТС (+375 29) 769-29-78,
velcom (+375 29) 960-14-53,
e-mail spadarl yandex.ru.
Заняткі ў Школе асобаснага росту "ШАР" праходзяць кожную 1-ю і 3-ю пятніцу месяца а 18-ай гадзіне ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13. Наступныя заняткі 17 і 31 кастрычніка.