НАША СЛОВА № 43 (1194) 22 кастрычніка 2014 г.
Па моўным пытанні грамадства і ўлады пачынаюць знайходзіць пункты судакранання
Беларусы лічаць адной з галоўных пагроз для краіны страту беларускай мовы.
Гэта вынікае з ліпеньскага апытання Інстытуту сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук, паведаміў памочнік прэзідэнта па эканамічных пытаннях Кірыл Руды на сустрэчы з студэнцкім актывам БДУ.
Падчас сацыялагічнага даследавання рэспандэнтам прапаноўвалася адказаць на пытанне, якія доўгатэрміновыя для краіны пагрозы (да 2030 года) яны бачаць.
"Пагроза нумар адзін - змяншэнне насельніцтва з-за нізкай нараджальнасці, так адказалі 37% апытаных. На другім месцы - страта беларускай мовы , на трэцім - п'янства і алкагалізм, на чацвёртым - наплыў мігрантаў з іншых краін, на пятым - экалагічныя праблемы, на шостым - зніжэнне ўзроўню жыцця", - цытуе БелаПАН Кірыла Рудога.
"Гэта будзе жахліва, калі мы страцім мову. Чым мы тады будзем адрознівацца ад нашых суседзяў? Як гэта разумець, калі ў нас гісторыю і геаграфію Беларусі большасць вывучае па-руску. Грамадзянін Беларусі абавязаны валодаць дзвюмя дзяржаўнымі мовамі" , - падкрэсліў віца-прэм'ер Анатоль Тозік у чацвер (16 кастрычніка) на паседжанні рабочай групы, створанай для аналізу сістэмы адукацыі.
Мерапрыемства прайшло на базе сярэдняй школы № 20 горада Барысава, паведамляе агенцтва БелТА.
Калі "матчына мова" сыдзе са школы, - памрэ нацыя, упэўнены члены рабочай групы. На гэтае пытанне ўжо не раз звяртаў увагу і Кіраўнік дзяржавы, адзначаецца ў паведамленні.
Члены камісіі таксама прапануюць прыбраць з назвы школ ўказанне на канкрэтную мову навучання і ўвесці абавязковы іспыт па дзвюх дзяржаўных мовах за курс сярэдняй школы (цяпер навучэнцы здаюць такі іспыт на выбар).
Ва Ўкраіне выйшла манета ў гонар паразы расейскага войска пад Воршай
Нацыянальны банк Украіны выпусціў манету ў гонар 500-годдзя бітвы пад Воршай, у якой войска Расейскай дзяржавы пацярпела паразу ад Вялікага Княства Літоўскага.
На аверсе манеты размешчаны малы дзяржаўны герб Украіны, справа ад яго - надпіс "Україна". У цэнтры - кампазіцыя з чатырох мячоў, якая сімвалізуе вайсковую судружнасць чатырох народаў: польскага, літоўскага, беларускага і ўкраінскага. Месца перасячэння мячоў вянчае стылізаваны вянок з дубовых лiстоў як сімвал воінскай славы і доблесці.
На рэверсе манеты - сімвалічная кампазіцыя бітвы на аснове стылізаваных фрагментаў палатна "Бітва пад Воршаю", створанага невядомым удзельнікам бітвы, справа - выява князя Канстанціна Астрожскага.
У стварэнні манеты ўзялі ўдзел мастакі Уладзімір Таран, Аляксандар і Сяргей Харук, а таксама скульптары Ўладзімір і Анатоль Дзям'яненка.
Удакладненне пра дату і месца правядзення чарговага ХІІ з'езду ТБМ
Паважаныя сябры!
26 студзеня 2014 г. Рада ТБМ вырашыла склікаць чарговы ХІІ з'езд ТБМ 26 кастрычніка 2014 г.
Аднак, кіраўніцтву ТБМ не ўдалося знайсці адпаведнае памяшканне для правядзення з'езду на гэтую дату. Таму па ўзгадненні з большасцю сяброў Рады і Сакратарыяту прынята рашэнне правесці ХІІ з'езд арганізацыі 2 лістапада. Заказана і ўжо аплачана памяшканне для правядзення з'езду ў канферэнц-зале Менскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Йоханеса Рау па адрасе: пр-кт газеты "Праўда", 11., г. Менск (ст. метро "Пятроўшчына").
Паведамляем праект парадку дня з'езду.
1. Рэгістрацыя дэлегатаў і гасцей з'езду - 10.00-11.30
2. Правядзенне з'езду - 12.00-16.00
3. Паседжанне новаабранай Рады - 16.10-16.50.
Прадугледжаны перапынак на абед.
Просім закончыць вылучэнне дэлегатаў на з'езд ад усіх зарэгістраваных структур ТБМ і як мага хутчэй даслаць у Сакратарыят усе неабходныя дакументы.
З павагай, старшыня ТБМ Алег Трусаў.
100 гадоў з дня нараджэння Казіміра Свёнтака
Казімір СВЁНТАК нарадзіўся 21 кастрычніка 1914 г. у Валзе (Эстонія), у сям'і Яна і Веранікі з Крамплеўскіх. У 1919-1922 гг. разам з маці і братам знаходзіўся ў дэпартацыі ў Сібіры. Вярнуўшыся з дэпартацыі, хадзіў у пачатковую і сярэдшою школу ў Баранавічах (1922-1933).
У 1933 годзе паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Пінску і пасля заканчэння вучобы, 8 красавіка 1939 г., прыняў святарскае пасвячэнне з рук біскупа Казіміра Букрабы. Душпастырскую паслугу распачаў як вікарый парафіі ў Пружанах (1939-1944). Яго пераследавала савецкая ўлада: арышты, праслухоўванне, следствы, вязніцы, камера смяротнікаў пазбаўленне свабоды і ссылка на дзесяць гадоў у савецкія лагеры ў Марыінску, Варкуце, Інце.
16 чэрвеня 1954 г., пасля вызвалення з ссылкі, ён становіцца пробашчам кафедральнай парафіі ў Пінску і выконвае гэты абавязак да 1991 года. 11 люгага 1988 г. становіцца капеланам Яго Святасці; 11 красавіка 1989 г. - генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі; 13 красавіка 1991 г. - арцыбіскупам Мітрапалітам Менска-Магілёўскім і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі.
21 траўня 1991 г. прыняў біскупскае пасвячэнне ў пінскай кафедры. 26 лістапада 1994 г. атрымаў годнасць кардынала і тытулярны касцёл (св. Джэрарда Маела ў Рыме). Уваходзіў у склад кардыналаў-прэзбітараў.
Быў першым кардыналам у гісторыі Касцёла на Беларусі і першым старшынём Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў лацінскага абраду ў Беларусі (12.02. 1999 г.). 4.07.1995 г. Прэзідэнт Рэспублікі Польшча ўзнагародзіў кардынала Казіміра Камандорскім крыжам з зоркаю і ордэнам Адраджэння Польшчы.
У 1996-2000 гг. узначальваў Сінод Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій. Укаранаваў цудадзейныя абразы Маці Божай у Берасці (30.06.1996), Лагішыне (10.05.1997) і Будславе (2.07.1998). У 2000 г. садзейнічаў заснаванню каталіцкага выдавецтва "Pro Christo" ў Менску.
12 студзеня 2000 г. Экуменічнай капітулай ордэна ў Тамашове Мазавецкім (Польшча) быў адзначаны ордэнам Ессе Ноmо "за чалавечнасць перад абліччам смерці, за любоў і прабачэнне, за нястомнае служэнне на карысць бліжніх". У тым жа годзе атрымаў дазвол на трансляцыю св. Імшы па першым радыёканале Рэспублікі Беларусь.
12 чэрвеня 2001 г. адкрыў Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю імя св. Тамаша Аквінскага. Быў яе першым рэктарам.
27 верасня 2004 г. папа Яп Павел II уручыў кардыналу Казіміру Свёнтку ўзнагароду "Fidei testis" ("Сведка веры"), прызначаную яму Інстытутам імя Паўла VI у італьянскім горадзе Брэшы.
23.11.2006 г. быў узнагароджаны Прэзідэнтам Рэспублікі Францыя найвышэйшаю адзнакаю Камандора ордэна Ганаровага легіёна.
14 чэрвеня 2006 г. папа Бенедыкт XVI адклікаў кардынала з пасады арцыбіскупа Мітрапаліта Менска-Магілёўскага з захаваннем абавязкаў Апостальскага Адміністратара аd nutum Sanctae Sedis Пінскай дыяцэзіі.
3 кастрычніка 2009 г. правёў урачыстае адкрыццё Катэхетычнага каледжа Пінскай дыяцэзіі ў Баранавічах.
30.06.2011 г. кардынал быў звольнены з пасады Апостальскага Адміністратара Пінскай дыяцэзіі.
Падтрымліваў будаўніцтва Дома міласэрнасці ў Лагішыне і радаваўся, калі ён атрымаў дзяржаўную рэгістрацыю (7.10.2010).
21 ліпеня 2011 года а 9-й гадзінt раніцы кардынал Казімір Свёнтак адышоў у дом Нябеснага Айца.
Вікіпедыя.
90 гадоў з дня нараджэння Івана Лепешава
Нарадзіўся 23.10.1924 г. ў вёсцы Іскозы Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. У 1948 годзе скончыў Аршанскі настаўніцкі інстытут, а ў 1959 г. - Гарадзенскі педагагічны інстытут (завочна), у 1971 г. - аспірантуру ў Менскім педагагічным інстытуце (завочна). У 1973 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму "Фразеалогія ў творах К. Крапівы" ў спецыялізаваным савеце пры Інстытуце мовазнаўства АН БССР, а ў 1985 г. - доктарскую дысертацыю "Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы" ў спецыялізаваным савеце пры Інстытуце мовазнаўства АН БССР. Вучонае званне прафесара прысвоена ў 1986 г.
У Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы працаваў з 1971 года.
Памёр тыдзень таму, 12 кастрычніка 2014 г.
Быў неадменным, актыўным і ініцыятыўным аўтарам "Нашага слова", і замены яму не будзе.
Пра І. Лепешава чытайце на ст. 4.
Справаздачны даклад XII з'езду ТБМ
старшыні ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алега Трусава аб дзейнасці арганізацыі за апошнія тры гады
Мінулыя гады прайшлі для сяброў ТБМ у цяжкай, штодзённай, але плённай працы на карысць Беларушчыны.
Жыццё не стаіць на месцы, і за гэты час адышлі ў лепшы свет былы Старшыня ТБМ Генадзь Бураўкін, намеснік старшыні ТБМ і сакратар ТБМ Ірына Марачкіна, былы старшыня Менскай гарадской арганізацыі ТБМ прафесар Аляксей Саламонаў і шмат іншых сяброў і прыхільнікаў роднага слова. Сярод іх - народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін і прафесар Гарадзенскага ўніверсітэта Іван Лепешаў.
Зараз наша арганізацыя налічвае больш за 7000 чалавек. З іх у базе дадзеных Сакратарыяту па стану на 15 кастрычніка 2014 г. знаходзіцца 5945 чалавек.
Гэтыя гады былі для нас гадамі цяжкай, але стваральнай працы як у Менску, так і ў рэгіёнах нашай краіны. Найбольш актыўна працавалі рэгіянальныя актывісты Магілёва, Віцебска, Гародні, Ліды, Полацка, Наваполацка, Баранавічаў, Гомеля, Пружанаў, Паставаў, Валожына, Асіповічаў, Фрунзенскага і Ленінскага раёнаў горада Менска, мястэчка Падсвілле Глыбоцкага р-на, Шаркаўшчыны, Івянца і іншых. У нашы шэрагі актыўна ўступала моладзь, асабліва ў Менску. Пра нашу дзейнасць рэгулярна пісалі "Наша слова", "Новы час", "Наша ніва", "Народная воля", "Звязда", ЛіМ, "Камсамольская праўда ў Беларусі", "Краязнаўчая газета" і іншыя сродкі масавай інфармацыі. Дзейнасць ТБМ таксама асвятляюць тэлеканал ... , радыё "...", радыё "....", ..., партал ... .by і іншыя.
Дзякуючы намаганням маладых супрацоўнікаў БТ, на працягу справаздачнага перыяду рэгулярна (два разы на тыдзень) выходзіла ў эфір перадача, прысвечаная гісторыі беларускіх слоў і выразаў, з удзелам першага намесніка старшыні ТБМ Алены Анісім. Беларуская мова паступова вяртаецца ў выпускі навінаў, асабліва на мясцовым БТ, з'яўляюцца новыя праграмы з удзелам моладзі на беларускай мове. Быў створаны новы дзяржаўны канал "БТ-3", дзе беларуская мова актыўна прысутнічае. 17 лістапада 2013 г. на незалежным тэлеканале "Белсат" прайшоў 100-ты выпуск лінгвістычнай праграмы "Моўнік", заснаваны з ініцыятывы ТБМ.
Сябры ТБМ у розных рэгіёнах Беларусі і за яе межамі прымалі актыўны ўдзел у Агульнанацыянальнай дыктоўцы, прысвечанай юбілеям Кірылы Тураўскага, Максіма Гарэцкага і Васіля Быкава, паўстання Каліноўскага. У акцыі бралі ўдзел прадстаўнікі амбасадаў розных замежных краін, журналісты, навукоўцы, выкладчыкі ВНУ, студэнты і вучні. У апошнія гады набыла сталую аўдыторыю газета "Новы час", яна становіцца ўсё больш запатрабаванай, што сведчыць пра яе рост. За гэта выказваем шчырую ўдзячнасць галоўнаму рэдактару Аляксею Каралю і ўсёй рэдакцыйнай камандзе.
У мінулым годзе выйшлі 8, 9 і 10 нумары часопіса "Верасень" (галоўны рэдактар Эдуард Акулін). Нумары "Верасня" актыўна распаўсюджваюцца не толькі ў Менску, але і ў іншых рэгіёнах нашай краіны, нават за яе межамі.
Актывізавалася праца курсаў па вывучэнні беларускай мовы для розных групаў насельніцтва. Праходзілі заняткі па беларускай мове, гісторыі і літаратуры для вучняў 7 - 11 класаў пад кіраўніцтвам Лявона Баршчэўскага. Была арганізавана асобная група для навучання беларускай мове для дарослых, якую ўзначаліла Юля Бажок. Заняткі адбываліся два разы на месяц. З восені 2013 г. пачалі працаваць беларуска-польскія моўныя курсы пад кіраўніцтвам спадарыні Л. Бурлевіч.
У гэтым годзе дадаліся яшчэ адны беларуска-польскія курсы для розных груп насельніцтва (кіраўнік Леанарда Мухіна) і псіхалагічныя беларускамоўныя заняткі "Школа асобаснага росту" Людмілы Дзіцэвіч.
У мінулыя гады актыўна працаваў клуб беларускага красамоўства "Прамова", кіраўнік - Аляксандр Давідовіч.
Разам з іншымі грамадскімі арганізацыямі ТБМ бярэ чынны ўдзел у праекце "Будзьма беларусамі". У Менску і ў іншых гарадах адбылося шмат розных мерапрыемстваў: прэзентацыі беларускіх кніг, сустрэчы з цікавымі асобамі. Сярод актыўных арганізатараў і выступоўцаў трэба адзначыць Алену Анісім і Эдуарда Акуліна. Летам 2013-2014 гг., нягледзячы на вакацыі, штотыднёва праходзілі ў межах кампаніі "Будзьма!" заняткі летняй гістарычнай школы "Гісторыя на вакацыях". Гэта школа актыўна дзейнічае і зараз пад назвай "Гісторыя ў падзеях і малюнках" (каардынатар Алена Анісім). З ініцыятывы Ірыны Краўчук і пры ўдзеле Алены Анісім з'явілася "Вяселле па-беларуску", калі маладыя могуць замовіць цалкам беларускамоўнае вяселле.
Найлепшымі нашымі партнёрамі ў змаганні за Беларушчыну з'яўляюцца ЗБС "Бацькаўшчына", Таварыства беларускай культуры Літвы, Саюз беларускіх пісьменнікаў, БАЖ, ТБШ, Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Цягам апошняга года ў нас наладзілася сталае супрацоўніцтва з Асацыяцыяй еўрапейскага бізнесу, старшыня якой Андрэй Міцкевіч - актыўны сябар ТБМ.
У грамадстве заўважаецца падвышэнне цікавасці да вывучэння беларускай мовы і яе актыўнага ўжывання ў штодзённым жыцці. Гэтаму спрыяюць шматлікія моўныя курсы, якія стварылі і вядуць актывісты ТБМ: Алеся Літвіноўская, Глеб Лабадзенка, Аляксей Шэін, Франак Вячорка.
Надзвычай актыўна працуе анамастычная камісія ТБМ, якую ачольвае Вінцук Вячорка.
Хачу адзначыць так-сама плённую дзейнасць сяброў нашай арганізацыі па захаванні і пашырэнні беларускай мовы ў транспарце. Для нас было вельмі важным адстаяць беларускую лацінку ў афармленні станцый метро, найперш перад правядзеннем сусветнага чэмпіянату па хакеі. Нягледзячы на арганізаваныя выступы прадстаўнікоў "русского мира", якія мараць пра анексію Беларусі, сумеснымі намаганнямі мы дамагліся замацавання беларускай лацінкі.
Мы працягваем выпускаць "Наша слова" ў фармаце 8-мі палос (індэкс выдання 63865). Нягледзячы на тое, што з'яўляюцца новыя аўтары і ёсць цікавасць да публікацыі розных матэрыялаў, сітуацыя з падпіскай жадае быць лепшай. Колькасць падпісчыкаў, на жаль, даволі часта не дасягае нават тысячы чалавек, а каб газета нармальна існавала, іх павінна быць каля пяці тысяч. Тым не менш, хачу адзначыць актыўную працу па падпісцы на "Наша слова" кіраўнікоў Салігорскай і Слуцкай гарадскіх арганізацый ТБМ спадароў М. Шаравара і М. Курыльчыка. Але я вымушаны зноў звярнуцца да прысутных. Сябры! Неабходна ўсім разам пашыраць кола падпісчыкаў. З гэтай нагоды хачу выказаць словы падзякі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая двойчы на год выдзяляе сродкі на падпіску раённых і школьных бібліятэк і музеяў краіны на беларускамоўныя выданні. Дарэчы, дзякуючы намаганням грамадскасці і ў тым ліку ТБМ, аднаўляецца выданне дзіцячага часопіса "Бярозка".
У нас усталяваліся добрыя кантакты з амбасадамі ЗША, Швецыі, Польшчы, Літвы, Чэхіі, Украіны, Славакіі, Італіі, Вялікабрытаніі і Германіі, а таксама АБСЕ.
Складаная сітуацыя па-ранейшаму ў беларускамоўнай адукацыі. Тым не менш, у Менску адрадзіў сваю дзейнасць Беларускі бацькоўскі камітэт і колькасць навучэнцаў у гімназіях, школах, асобных класаў і ў садках засталася стабільнай.
Найлепш працуюць у гэтым кірунку сябры ТБМ з Гарадзеншчыны, дзе ў 2011 годзе з'явілася 20 новых беларускамоўных класаў у рускамоўных школах. У гэтым годзе таксама створаны беларускамоўныя класы ў Гародні і Лідзе. Гэта непасрэдная заслуга Аляксея Пяткевіча, Аляксандра Кроя і Станіслава Судніка. Варта адзначыць дзейнасць Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ (кіраўнік Станіслаў Суднік).
Самая складаная сітуацыя застаецца ў г. Магілёве, дзе па-беларуску вучыцца толькі адна дзяўчынка, у Баранавічах, дзе мясцовыя ўлады не далі магчымасць вучням працягваць беларускамоўнае навучанне.
Вельмі станоўчым прыкладам з'яўляецца газета "Наша Ніва", якая рэгулярна друкуе інфармацыю пра беларускамоўныя садкі, класы, школы і гімназіі. Мы ўдзячны журналістам, якія салідарызуюцца з бацькамі і дзецьмі, што хочуць атрымаць беларускамоўную адукацыю, і дапамагаюць ім у гэтым. Напярэдадні новага навучальнага года яны падаюць інфармацыю непасрэдна ад устаноў Міністэрства адукацыі, якія садкі і школы праводзяць набор у беларускамоўныя групы і класы. У гэтым плане трэба адзначыць важную ролю "Народнай Волі".
Можна адзначыць, што нарэшце на сітуацыю з беларускай адукацыяй звярнулі ўвагу і першыя асобы нашай дзяржавы. Зусім нядаўна пра неабходнасць дабавіць гадзін на беларускую мову выказаўся Кіраўнік краіны, а 16 кастрычніка на паседжанні рабочай групы, створанай для аналізу сістэмы адукацыі, якое прайшло на базе сярэдняй школы № 20 горада Барысава, віца-прэм'ер Анатоль Тозік падкрэсліў: "Гэта будзе жахліва, калі мы страцім мову. Чым мы тады будзем адрознівацца ад нашых суседзяў? Як гэта разумець, калі ў нас гісторыю і геаграфію Беларусі большасць вывучае па-руску. Грамадзянін Беларусі абавязаны валодаць дзвюма дзяржаўнымі мовамі" .
Трэба спадзявацца, што ўладныя структуры пастараюцца нешта зрабіць, каб не дапусціць гэтага жаху, пра што сведчаць ужо некаторыя публікацыі ў дзяржаўных СМІ.
Сябры ТБМ годна адзначылі 150-я ўгодкі паўстання Кастуся Каліноўскага. Толькі на старонках "Нашага слова" прайшла 91 публікацыя на гэтую тэму. Сакратарыят ТБМ з дапамогай Ігара Марачкіна выдаў разнастайныя календары з партрэтам лідара паўстання. Актыўна працавалі ў гэтым кірунку Лідская, Магілёўская, Баранавіцкая, Гарадзенская, Менская гарадскія арганізацыі, а таксама актывісты і сябры ТБМ з іншых рэгіёнаў Беларусі і замежжа.
Вось ужо пяты год кіраўнік Гарадзенскай гарадской арганізацыі прафесар Аляксей Пяткевіч з дапамогай Станіслава Судніка выдае беларускамоўны настольны перакідны краязнаўчы каляндар, заснаваны на матэрыяле Гарадзеншчыны.
У сённяшняй рэчаіснасці нам не абысціся без сталай мабільнай прысутнасці нашай арганізацыі ў інтэрнэт-прасторы. У 2012 годзе пачаў працаваць сучасны інтэрнэт-партал ТБМ. Дзякуючы яму, мы можам своечасова размяшчаць інфармацыю пра ТБМ: яе гісторыю, структуры, дзейнасць; рабіць маніторынг стану лінгвістычных правоў грамадзян і аператыўна рэагаваць на выпадкі іх парушэння; выходзіць на іншыя пласты грамадства, наўпрост незаангажаваныя ў дзейнасць нашай арганізацыі. За перыяд існавання партала на яго старонках пабывала звыш 25 тысяч чалавек з розных краін свету. Хачу выказаць асаблівую падзяку за працу партала наступным сябрам ТБМ: аўтару ідэі гэтага праекта, перакладчыку тэкстаў на англійскую мову намесніку старшыні Дзянісу Тушынскаму, адміністратарам партала Жэні Парашчанка і Юлі Бажок, рэдактару, першаму намесніку старшыні Алене Анісім. У 2013 годзе было заключана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж нашым парталам і Дзяржаўнай бібліятэкай Баварыі.
На нашым партале прадугледжаны старонкі для найбольш актыўных рэгіянальных структур ТБМ. Многія рэгіянальныя арганізацыі ўжо скарысталіся гэтай магчымасцю. Мы запрашаем усіх астатніх далучацца да гэтай працы, каб нашыя рэгіёны былі належным чынам прадстаўлены на агульным партале арганізацыі.
Актыўна займаюцца краязнаўчай і турыстычнай працай нашы сябры з Баранавічаў, Шаркаўшчыны, Магілёва і Ліды. Яны ладзяць беларускамоўныя экскурсіі, пленэры, канферэнцыі і семінары. У гэтым плане хочацца адзначыць сяброў Рады ТБМ Аду Райчонак і Віктара Сырыцу.
Сябры Магілёўскай арганізацыі (кіраўнік Алег Дзьячкоў) у гэтым годзе годна адзначылі Еўрапейскі год моваў і наладзілі гістарычныя экскурсіі для жыхароў Беларусі на розных мовах, але беларуская мова была асноўнай.
І заклапочанасць ТБМ станам роднай мовы нарэшце пачала даходзіць да беларускага грамадства. Па выніках ліпеньскага апытання Інстытута сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук на прадмет, якія доўгатэрміновыя для краіны пагрозы (да 2030 года) бачаць грамадзяне Беларусі, былі атрыманы адказы: "Пагроза нумар адзін - змяншэнне насельніцтва з-за нізкай нараджальнасці, так адказалі 37% апытаных. На другім месцы - страта беларускай мовы , на трэцім - п'янства і алкагалізм, на чацвёртым - наплыў мігрантаў з іншых краін, на пятым - экалагічныя праблемы, на шостым - зніжэнне ўзроўню жыцця". Магчыма, што менавіта гэтыя вынікі пачынае ўлічваць дзяржава.
Улічваючы сённяшнюю інфляцыю, Рада ТБМ прыняла рашэнне з 1 студзеня 2014 г. павялічыць памер сяброўскіх складак. Трэба адзначыць, што большасць суполак ТБМ своечасова здала складкі, а таксама сабрала немалыя ахвяраванні.
Хочацца цёплым словам адзначыць нашых фундатараў і ахвярадаўцаў. Сярод іх - Андрэй Міцкевіч, Павел Бераговіч з Таліна, сям'я Прыгожыных з Масквы, Фелікс Шкірманкоў са Слаўгарада, Алег Лягушаў са станцыі Ясень Асіповіцкага раёна, Юлія Пухоўская, Павел Чайкоўскі, Ірына Прылішч, Тамара Лазарук, Анатоль Чачотка, Іван Кукавенка, Мікола Бамбіза, Валянціна Вяргей, Таццяна Навасельская, Уладзімір Джэйгала, Віктар Несцераў, Тацяна Раманюк, Дзяніс Ляўшун з Менска, Аляксандра Восіпава з Гомеля, Людвіка Таўгень з Валожына, Роза Рымар, Лілея Некраш, Зміцер Мартынчык, Сяргей Зылькоў з Гародні, Васіль Рагаўцоў з Магілёва, Антон Фурс з Паставаў, Сяргей Птушко з в. Хільчыцы Жыткавіцкага раёна, клуб "Спадчына" з в. Дварэц Дзятлаўскага раёна, сябры клуба "Прамова" з Менска, Мар'ян Місевіч з м. Падсвілле Глыбоцкага раёна, сябры ТБМ з Наваполацка, Надзея Барт-Юрэвіч з Германіі і многія іншыя.
На працягу справаздачнага перыяду з 01.01.2012 г. па 31. 08. 2014 г. на рахунак паступіла 484 512 152 рублі. З іх ахвяраванні склалі 449 987 462 руб., складкі 34 524 690 руб. Больш падрабязна пра фінансавую справаздачу раскажа старшыня рэвізійнай камісіі.
Выйшаў у свет чарговы размоўнік "Шведска-беларускі/Беларуска-шведскі". Былі ўпершыню выдадзены на беларускай мове "Правілы дарожнага руху", вядзецца праца, каб з'явілася магчымасць па-беларуску здаваць экзамены на атрыманне правоў кіроўцы ў ДАІ.
У справаздачны перыяд вядзецца актыўная праца па стварэнні Міжнароднага сертыфіката беларускай мовы. Пра гэта больш падрабязна распавядзе першы намеснік старшыні ТБМ.
У чэрвені гэтага года ў "Галерэі"Ў" наша арганізацыя годна адзначыла 25-ыя ўгодкі свайго існавання. Былі ўручаны падзякі актывістам ТБМ. Да гэтай даты Ігар Марачкін падрыхтаваў разнастайную прадукцыю, а Святлана Багданкевіч падрыхтавала да друку "Летапіс ТБМ" за апошнія 5 гадоў.
Шаноўнае спадарства!
Дзякуй вам усім за актыўную працу на карысць беларускай мовы і нашай Бацькаўшчыны.
Жыве наша мова і жыве Беларусь!
Маніторынг моўнай сітуацыі ў Беларусі і "Атлас моў свету, якім пагражае знікненне"
Частка 1
Сэнс і раздзелы маніторынгу; як Вы можаце прыняць у ім удзел. "Атлас моў свету, якім пагражае знікненне", ЮНЭСКА і ягоны інтэрактыўны варыянт як магчымы ўзор для прадстаўлення вынікаў нашага даследавання
Зараз Таварыства беларускай мовы рыхтуе дакумент з комплексным аналізам моўнай сітуацыі і стану моўных правоў у Беларусі. Крыніцамі інфармацыі будуць запыты ў органы ўлады і паведамленні сяброў нашай арганізацыі і іншых людзей з месцаў. Па сваёй метадалогіі гэта праца не адрозніваецца ад звычайнай працы арганізацыі ў гэтым кірунку - адрозніваецца маштаб. Мы плануем зрабіць шматаспектны зрэз моўнай сітуацыі па ўсіх рэгіёнах краіны і асноўных сферах грамадскага жыцця і адлюстраваць яго ў адным дакуменце-справаздачы.
Сферы грамадскага жыцця будуць вылучаны ў тым ліку паводле "Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" і "Усеагульнай дэкларацыі лінгвістычных правоў". Сярод іх: выкарыстанне беларускай мовы ў органах улады, у адукацыі, СМІ, культурнай і сацыя-эканамічнай сферах ды іншае.
Гэта праца робіцца з некалькімі мэтамі. Асноўнай мне бачыцца наступная. Верагодна, неўзабаве пачнецца кампанія па ініцыяванні змяненняў і дапаўненняў у цяперашняе моўнае заканадаўства. Падрыхтаваны намі аналіз можа стаць аргументам у перамовах з уладамі на карысць удасканалення заканадаўства, паколькі раскрые ўсю паўнату парушэнняў моўных правоў і моўнага дысбалансу ў краіне.
Справаздача будзе прадстаўлена на разгляд не толькі беларускіх парламентарыяў і выканаўчай улады, але, натуральна, і шырокай грамадскасці. Магчыма, што знаёмства з поўнай карцінай сітуацыі паспрыяе далучэнню шырокіх колаў грамадства да кампаніі па ініцыяванні зменаў у заканадаўства.
У справаздачы магчыма адлюстраваць таксама звесткі аб праектах па моўным адраджэнні, аб дзяржаўных арганізацыях, прыватных кампаніях і грамадскіх аб'яднаннях, якія прадпрымаюць намаганні па адраджэнні мовы. Мэта гэтай часткі справаздачы - паказаць, у якім кірунку можна рухацца.
Наступная мэта - дапамога моўным актывістам, якія дзейнічаюць як на ўзроўні ўсёй краіны, так і ў асобных рэгіёнах. Яны атрымаюць аб'ектыўныя звесткі, прыдатныя для абгрунтавання і рэалізацыі праектаў, скіраваных на моўнае адраджэнне.
Яшчэ адна мэта - служыць медыйнай нагодай, якая завабіць увагу СМІ да кампаніі па змяненнях у заканадаўства.
Таксама справаздача будзе карыснай для навукоўцаў, якія займаюцца адпаведнымі праблемамі.
Плануецца зрабіць англійскую версію справаздачы і, такім чынам, звярнуць увагу сусветнай аўдыторыі да нашай сітуацыі і прастымуляваць міжнароднае супрацоўніцтва. Плануецца разаслаць дакумент міжнародным культурніцкім арганізацыям, арганізацыям, што бароняць моўныя правы і моўную разнастайнасць.
Верагодна, неўзабаве будуць падрыхтаваны і разасланы кіраўнікам суполак апытальныя аркушы, такім чынам усе сябры ТБМ змогуць прыняць удзел у падрыхтоўцы дакумента, прадставіўшы інфармацыю пра свае населеныя пункты ці цэлыя гэгіёны. Ахвотныя змогуць правесці нават невялікія даследаванні.
Але гэтага моманту можна і не чакаць. Вы можаце стаць суаўтарамі справаздачы ўжо зараз даслаўшы на адрас ТБМ (siadziba@gmail.com) інфармацыю пра свой населены пункт ці рэгіён. Нас цікавіць у першую чаргу наступнае:
1. Інфармацыя пра беларускамоўныя ініцыятывы: грамадскія праекты, звязаныя з беларускай мовай, дзяржаўныя рэгіянальныя праграмы падтрымкі беларускай мовы, беларускамоўныя навучальныя ўстановы, клубы; кампаніі, якія выпускаюць прадукцыю з беларускамоўным афармленнем; беларускамоўныя выданні ды іншае. Пры расповедзе пра такія ініцыятывы паведамляйце, калі ласка, калі гэта магчыма, каардынаты іх арганізатараў. Гэта інфармацыя збіраецца таксама і для таго, каб наладзіць супрацоўніцтва паміж нашымі арганізацыямі.
2. Інфармацыя пра парушэнні моўных правоў грамадзян Беларусі, факты дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце, выпадкі ўціскання беларускай мовы ці іншых моў, факты парушэння артыкула 17 "Закона аб найменнях геаграфічных аб'ектаў" (у Рэспубліцы Беларусь назвы новым аб'ектам прысвойваюцца на беларускай мове).
3. Вашы ацэнкі ступені выкарыстання беларускай мовы ў розных сферах. Умоўна можна вылучыць наступныя сферы.
Мясцовая ўлада
Працэнт дакументаў на беларускай мове ў справаводстве мясцовых уладаў: выканкамы, саветы дэпутатаў, сельсаветы, суды, ЗАГС, аддзелы ўнутраных спраў, пракуратура, ДАІ, аддзелы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах, пагранічная служба, ваенныя камісарыяты, бюро па дзяржаўнай рэгістрацыі ды зямельным кадастры, органы сацыяльнай абароны, аддзелы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, упраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ды іншае.
- Наяўнасць беларускамоўных бланкаў у органах улады; працэнт беларускай мовы на іх інфармацыйных стэндах.
- Ступень валодання беларускай мовай службоўцамі органаў улады.
Грамадства і выбары
- Выкарыстанне беларускай мовы дэпутатамі мясцовых саветаў, грамадскімі арганізацыямі, палітычнымі партыямі, рэлігійнымі суполкамі.
- Беларуская мова ў дакументацыі па выбарах дэпутатаў і іншых асоб, якія абіраюцца на дзяржаўныя пасады народам, у выбарчых бюлетэнях.
- Ступень выкарыстання беларускай мовы на масавых мерапрыемствах: святы, спорт, фестывалі ды інш.
- Ступень выкарыстання беларускай мовы на сходах, канферэнцыях і г.д.
Сацыяэканамічная сфера
- Наяўнасць персаналу, гатовага размаўляць з кліентам па-беларуску, у дзяржаўных і камерцыйных установах.
- Наяўнасць беларускамоўных бланкаў у дзяржаўных і прыватных арганізацыях.
- Беларуская мова ў маркіроўцы прадуктаў, што вырабляюцца ў Вашым рэгіёне, а таксама ў інструкцыях па карыстанні, гарантыйных талонах ды іншай суправаджальнай дакументацыі.
- Ступень выкарыстання беларускай мовы ў чэках, кантрактах, накладных, рэцэптах і г.д.
- Ступень выкарыстання беларускай мовы ў тэхнічнай і праектнай дакументацыі ў Вашым населеным пункце ці рэгіёне.
Адукацыя
- Ці сапраўды выкарыстоўваецца беларуская мова ў адукацыйных установах з беларускай мовай навучання (калі яны ёсць); ці выкарыстоўваецца яна па-за ўрокамі.
- Ступень валодання беларускай мовай школьнымі настаўнікамі, выкладчыкамі ВНУ, сярэдне-спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў, дзіцячых садкоў.
Культура і СМІ
- Працэнт беларускамоўнай літаратуры ў мясцовых кнігарнях.
- Працэнт беларускамоўных спектакляў у тэатрах, беларуская мова ў афармленні і працы аб'ектаў культуры: бібліятэкі, музеі, выставы, дамы культуры, цэнтры народнай творчасці і інш.
- Працэнт матэрыялаў на беларускай мове ў мясцовай прэсе, працэнт беларускай мовы на інтэрнэт-старонках, прысвечаных Вашаму населенаму пункту ці рэгіёну.
- Працэнт выкарыстання беларускай мовы мясцовым радыё\тэлебачаннем.
Тэкставае афармленне населеных пунктаў і памяшканняў
- Ступень выкарыстання беларускай мовы ў знешнім афармленні населеных пунктаў: шыльды з назвамі вуліц, вонкавая рэклама ды інш.
- Ступень выкарыстання беларускай мовы ў знешнім ды ўнутраным афармленні памяшканняў арганізацый: органаў улады, адукацыйных і медычных устаноў, устаноў бытавога абслугоўвання і жыллёва-камунальнай гаспадаркі ды іншых устаноў, офісаў і памяшканняў прыватных кампаній, крамаў, аб'ектаў грамадскага харчавання і г.д.
- Ступень выкарыстання беларускай мовы на транспарце: знешняе і ўнутранае афармленне транспартных сродкаў, галасавыя абвесткі.
- Прысутнасць беларускай мовы ў банкаматах, электронных тэрміналах і г.д.
- Наяўнасць беларускамоўнага суправаджэння турыстычных аб'ектаў і мерапрыемстваў.
Як было пазначана вышэй, мы пастараемся атрымаць усю даступную статыстычную інфармацыю і ад уладаў, таму ў першую чаргу ад вас мы чакаем статыстычную інфармацыю па тых сферах, па якіх афіцыйнай статыстыкі не можа існаваць, вашы асабістыя ацэнкі, уражанні і г.д. Калі ласка, дасылайце нам і любую іншую інфармацыю, якую вы асабіста палічыце прыдатнай для ўключэння ў нашу справаздачу.
Зараз пра тое, як наша справаздача можа выглядаць. Натуральна, будзе выдадзены друкаваны варыянт, таксама яна будзе размешчана ў інтэрнэце. Але можна пайсці і трохі далей: мы можам зрабіць атлас моўнай сітуацыі ў Беларусі. У 1996 годзе ЮНЭСКА выпусціла першае выданне "Атласа моў свету, якім пагражае знікненне" ("Atlas of the World's Languages in Danger"). Можна прапанаваць і іншы варыянт перакладу: "Атлас моў свету, якія знаходзяцца ў небяспецы". Апошні варыянт можа быць адносна больш прыдатным для выпадкаў, калі пагрозы знікнення ў блізкай перспектыве няма, але моўная сітуацыя пагаршаецца.
Спачатку некалькі словаў пра атлас ЮНЭСКА. Мэты гэтага праекта: узняць заклапочанасць знікненнем моў сярод палітыкаў, носьбітаў моў, якім пагражае знікненне, і агульнай аўдыторыі, сабраць інфармацыю аб мовах і праектах па іх адраджэнні, праініцыяваць навуковыя даследаванні. Адзначаецца, што з прыкладна 6 тысяч сучасных моў як мінімум 43% у той ці іншай меры знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Апошняе, трэцяе выданне атласа выйшла ў 2010 годзе на англійскай, французскай і іспанскай мовах. Існуе не толькі друкаваная, але і інтэрэт-версія атласа (unesco.org/culture/languages-atlas/). Друкаваную можна замовіць за 28 еўра па адрасе publishing.unesco.org. Інфармацыю пра атлас і мовы пад пагрозай знікнення можна пабачыць на адмысловай старонцы nesco.org/new/en/culture/themes/endangered-languages/atlas-of-languages-in-danger/. Там можна запампаваць і базу дадзеных па мовах, якія згаданыя ў атласе.
Галоўны рэдактар атласа - Крыстафер Мозлі, які таксама стварыў "Энцыклапедыю моў свету, якім пагражае знікненне" і "Атлас моў свету".
Інтэрактыўная інтэрнэт-версія змяшчае інфармацыю пра 2473 мовы ў небяспецы, у тым ліку назвы моў на некалькіх мовах, узровень пагрозы мове, інфармацыю пра краіны, дзе пэўная мова распаўсюджана, колькасць носьбітаў, геаграфічныя каардынаты (прыкладны цэнтр арэала), код мовы ISO639-3. У атласе пазначаны ў тым ліку 250 моў, якія зніклі з 1950 года, 146 моў з менш, чым дзесяццю носьбітамі, 178 моў з менш, чым пяццюдзесяццю носьбітамі. Мовы, якім знікненне (па меркаванні стваральнікаў) не пагражае, у атласе не згаданыя. У друкаванай версіі, акрамя таго, ёсць аналітычныя матэрыялы па мовах, якім пагражае знікненне ў розных рэгіёнах Зямлі.
Он-лайн версія ўяўляе сабой карту свету, на якой пазначаны геаграфічныя цэнтры арэала распаўсюджання моў. На жаль, сам арэал не паказаны. Можна ажыццяўляць пошук па ўсіх пазначаных вышэй параметрах.
Стваральнікі заклікаюць дасылаць ім каментары пра любы з параметраў, пазначаных у атласе. Ваша інфармацыя можа быць уключана ў атлас. Таксама вітаецца інфармацыя пра праекты па абароне моў ды іншая інфармацыя пра мовы. Статыстыка паказвае, што большасць каментароў прапанавалі стваральнікам атласа літаратурныя крыніцы на тэму пэўных моў, на другім месцы - карэкцыі ў апісанні моў, а на трэцім - прапановы змяніць узровень пагрозы.
На сайце атласа можна скачаць фармуляр на англійскай, іспанскай або кітайскай мовах, дзе вы можаце адказаць на пытанні пра лакалізацыю мовы, даць вашу ацэнку мове паводле фактараў жыццяздольнасці моў (якія мы разгледзім ніжэй) і іншых крытэрыяў, паведаміць пра дыялекты ды іншае (unesco.org/new/en/culture/themes/endangered-languages/atlas-of-languages-in-danger/contribute-your-comments/).
(Працяг у насупным нумары.)
Дзяніс Тушынскі, намеснік старшыні ТБМ
Прафесар крылатай мовы
Фразеалогія - самая жывая галіна на дрэве мовазнаўства. Гэта вам не коскі з працяжнікамі расстаўляць, не жаночыя і мужчынскія прозвішчы на -а скланяць, не склады на фанемы дзяліць. А - бачыць і адчуваць, як мова смяецца, смуткуе, выкпівае, іранізуе, насміхаецца, жартуе, пагражае, кленічы насылае. У мудраслоўях - тысячагадовы досвед народа, як быццам дзясяткі пакаленняў адначасова прыселі на прызбе і з табой пра жыццё-быццё гутарку вядуць. Як тут не прыслухацца?
Іван Лепешаў больш за паўстагоддзя прыслухоўваўся да жывой мовы, учытваўся ў яе пісьмёны, прасейваў "адзінага слова дзеля тысячы тонаў слоўнай руды". І пачутае, вычытанае, прасеянае - занатоўваў, кампанаваў у слоўнікі. У сваёй гарадзенскай кватэры з гонарам паказваў мне рукапісную картатэку - каля 100 000 (!) картак. Кнігі чытаў з алоўкам, яго цікавіла ўжыванне таго ці іншага фразеалагізма ў розных кантэкстах. Мабыць, не было такога пісьменніка, у якога ён не адшукаў бы моўнай залацінкі. Ён мог не звяртаць увагі на рыхлы сюжэт, на безаблічнасць герояў, на прадказальнасць аўтарскай задумы. Ён заходзіў у кнігу, нібы ў пагудасты лес, і пускаў сваю думку, як ганчака па следзе - у пошуках крылатых выразаў.
Сем тысячаў фразеалагізмаў зафіксавана і растлумачана ім. Тут Івану Лепешаву роўні не было. Яго слоўнікі часам крытыкавалі - за расейскія ўплывы і пазычанні. Памятаю, пра гэта мы неаднойчы гаварылі з яшчэ адным знаным мовазнаўцам з Гарадзенскага ўніверсітэта Паўлам Сцяцко, які прытрымліваўся больш радыкальных поглядаў у лексікаграфіі. Слоўнікі Сцяцко - гэта мова, якая прайшла праз своеасаблівы чысцец, і ў гэтым іх каштоўнасць. Слоўнікі Лепешава фіксуюць сучасны стан мовы - з усімі яе хваробамі і адхіленнямі ад нормы. Але насамрэч патрэбныя і тыя, і тыя. Каб паставіць дыягназ, неабходна ведаць гісторыю захворвання.
Сваю галоўную працу - двухтамовы "Слоўнік фразеалагізмаў" (2008) Іван Лепешаў падараваў мне з такім аўтографам: "Шаноўнаму Міхасю Скоблу з найлепшымі пачуццямі падпісваю гэты словазбор, з якога, на жаль, цэнзары выкінулі 15 аўтараў (і вас у тым ліку)".
Фактычна, цэнзар быў адзін - пыхлівы і графаманісты Г.П. - галоўны рэдактар дзяржаўнага выдавецтва, дзе той слоўнік меўся выйсці. Раней той рэдактар рэдагаваў камуністычную газету, і да цэнзуравання матэрыялаў яму было не прывыкаць. Смела пішу "цэнзуравання", бо і сам меў магчымасць пераканацца ў метадах працы Г.П. У свой час для таго ж выдавецтва я склаў анталогію беларускай паэзіі, яна была запланаваная ў масавай серыі "Школьная бібліятэка". Прынёс на візу галоўнаму. І тут жа пашкадаваў, што звязаўся з такімі выдаўцамі. З анталогіі выляталі паэты толькі за тое, што былі святарамі, выкасоўваліся вершы, прысвечаныя не тым падзеям і асобам. Агаломшаны, я спрабаваў штосьці адстаяць, кагосьці вярнуць - безвынікова. Службова-чыноўніцкая пыха ("я прызначаны на пасаду прэзідэнтам і павінен сачыць!") біла цераз край, маіх аргументаў ніхто не слухаў.
Прафесара Лепешава таксама ніхто не паслухаў. Сабраны цягам паўстагоддзя выніковы слоўнік быў разгромлены тым самым Г.П. гэтак жа бесцырымонна, як і мая бяскрыўдная анталогія. Згледзеўшы ў іменным паказніку прозвішчы "нячэсных" пісьменнікаў, рэдактар-цэнзар распарадзіўся ачысціць слоўнік спачатку ад іх. Алесь Пашкевіч? Ён жа нелаяльны да ўлады Саюз пісьменьнікаў узначальвае. Прэч. Аляксандар Лукашук? Ён жа на Радыё ... працуе. Далоў. Святлана Алексіевіч? Яна ж па замежжах туляецца і на радзіму паклёпнічае. Выкінуць. Сяргей Дубавец - таксама свабодавец. Выкрасліць.
І выкрэсліваліся імёны з такімі ці падобнымі характарыстыкамі. Да пералічаных прадказальна дадаліся Ларыса Геніюш, Наталля Арсеннева, Масей Сяднёў, Уладзімір Някляеў, Сяргей Законнікаў, Уладзімір Арлоў, Сяргей Астраўцоў, Вінцэсь Мудроў, Барыс Пятровіч…
Аўтары выкасоўваліся, а цытаты з іхніх твораў часам заставаліся. Не акадэмічны слоўнік атрымліваўся, а зборнік ананімак.
Пасля расправы над пісьменнікамі рэдактар-цэнзар абрынуў свой гнеў на перыядычныя выданні. У выніку са спісу крыніцаў вылецелі часопіс "Дзеяслоў" і газеты "Наша ніва", "Народная воля", "Наша слова", беластоцкая "Ніва" і светлай памяці "Свабода".
Пасля экзекуцыі над перыёдыкамі настала чарга ўласна фразеалагізмаў. Тут ужо рэдактар-цэнзар разышоўся не на жарты. Не выкасоўваў - касіў. Размашыста і пад корань. Усё, што нейкім чынам пасягала на ягонае камуняцкае мінулае. І зазеўралі ў жывой тканіне слоўніка новыя шматлікія лякуны.
"Архіпелаг Гулаг - канцэнтрацыйныя лагеры ў перыяд сталінскага таталітарызму"; "завезці да белых мядзведзяў - адправіць у канцлагеры на поўначы Расеі"; "чырвоны памешчык - старшыня калгаса як гаспадар з неабмежаванай уладай"; "кактэйль Молатава - бутэлька з гаручай сумессю"; "абкласці чырвонымі сцяжкамі - стварыць скрайне неспрыяльныя ўмовы для чыёй-небудзь дзейнасці"…
Кожны з нас безліч разоў чуў гэтыя ўстойлівыя выразы. Але іх па волі невука на пасадзе Г.П. няма ў слоўніку Лепешава. Ні выразаў, ні тлумачэньняў да іх, напісаных - трэба аддаць належнае аўтару - мовай простай і дакладнай.
Што відавочная ці прыхаваная антысавеччына асабліва раздражняла таварыша Г.П. - гэта я зразумець магу. Не магу ўцяміць, чым пільнавокі і чуйнавухі галоўны рэдактар (супрацоўнікі выдавецтва казалі - угалоўны ) кіраваўся, калі выкідаў са слоўніка, напрыклад, такое чатырохрадкоўе Рыгора Барадуліна: "Няхай жыве народ / у думцы, згодзе, бунце - / яму замок на рот / павесіць не спрабуйце" ? Як па мне - запамінальная, проста афарыстычная ілюстрацыя да шырокавядомага фразеалагізма. І аўтар - народны паэт, які, як і належыць, доляй народу пераймаецца. А ўсё ж не пройдзе! Паэта ў слоўніку замянілі на іншага. Каб змаглі, мабыць, і народ замянілі б.
Усяго са слоўніка галоўным-угалоўным рэдактарам ды яго памочнікамі было выкінута больш за паўтысячы (!) цытатаў. Дзясяткі і дзясяткі фразеалагізмаў засталіся без пацверджанняў. Скалечаны слоўнік выйшаў у свет, не прынёсшы аўтару заслужанай радасці. Якой там радасці - стаў несціхальным пажыццёвым болем аўтара. У дадатак выдавецтва падманула яго з ганарарам.
Магчыма, таварыш Г.П. у адносінах да Івана Лепешава дзейнічаў так брутальна, бо ведаў: пры ягонай любімай камуністычнай уладзе той пакаштаваў гулагаўскай баланды. Ці - з'ездзіў да белых мядзведзяў , як сам напісаў у сваім слоўніку. Гэта цемнаватая старонка ў жыццяпісе гарадзенскага прафесара. І асвятляць яе ён чамусьці не стараўся. Увогуле неяк не спалучаліся яны - Лепешаў і Гулаг. Нездарма ў даведніку Леаніда Маракова "Рэпрэсаваныя настаўнікі" персаналія "Іван Лепешаў" - нібы пра нейкага іншага Лепешава, які таксама нарадзіўся ў кастрычніку 1924 года ў вёсцы Іскозы на Дубровеншчыне, так-сама працаваў настаўнікам у мястэчку Свіслач, таксама быў 9.8.1949 арыштаваны, 12.10. 1949 асуджаны, 23.9.63 рэабілітаваны, чый "далейшы лёс невядомы". Так нібыта і пазначана ў асабовай справе № 8034п, што зберагаецца ў архіве КДБ Гарадзенскай вобласці.
Справа ляжала на паліцы, а былы гулагавец з "невядомым лёсам" штодня хадзіў міма таго архіва на працу - у Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Купалы.
Я паказваў Івану Якаўлевічу тую таямнічую персаналію. Ён адказаў, як і належала прафесару фразеалогіі, устойлівым выразам: "Бач, нават яны ў трох соснах заблукалі ". І было незразумела, хто заблукаў - Леанід Маракоў ці архіў КДБ...
Іван Лепешаў працаваў, не адчуваючы гадоў за плячыма. За свае амаль дзевяноста толькі сорак два дні паспеў пабыць пенсіянерам. Марыў перавыдаць свой слоўнік - без цэнзурных скаротаў, з гулагаўскімі, праверанымі на ўласнай практыцы, фразеалагізмамі. Падчас нашай апошняй сустрэчы скрушна ўздыхаў: "З беларушчынай горай было толькі за царызмам". Уздыхаў і зноў схіляўся над сваёй статысячнай картатэкай, дзе апервалася крылатымі выразамі, каб так-сама стала крылатай мова. Зрэшты, гэта не так і мала - зрабіць сваю мову крылатай. Каб - крылатая - і за чырвоныя сцяжкі , і з кіпцюроў белых мядзведзяў змагла вырвацца.
Міхась Скобла .
Зварот
старшыні Пінской раённай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны да дэлегатаў і гасцей з'езду ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны"
Паважаныя дэлегаты, шаноўныя госці з'езду!
Праца нашага форуму будзе праходзіць у няпростых гістарычных умовах, калі ў суседняй брацкай нам Украіне ідзе вайна, якая кожны дзень забірае сотні чалавечых жыццяў, разбураюцца заводы і фабрыкі, цывільныя людзі застаюцца без жылля, многія вымушаны шукаць прытулку ў іншых краінах. Страшная бяда і невымернае гора аб'яднала ўкраінскую нацыю, узмацніла нацыянальны дух, падняла патрыятызм украінцаў. У асобай пашане ў сёняшняй Украіне нацыянальныя сімвалы краіны, народныя, нацыянальныя строі.
Нам сёння так не хапае нацыянальнай свядомасці, нацыянальнага патрыятызму, народнай любві да роднай мовы беларусаў, нацыянальных традыцый і народных абрадаў.
Нішто так моцна не можа аб'яднаць людзей, як родная мова, нацыянальныя гістарычныя сімвалы, народныя нацыянальныя строі.
З гэтай прычыны заклікаю ўсіх дэлегатаў нашага з'езду і яго гасцей прыбыць на з'езд у вышыванках альбо з паясамаі, з гістарычнымі нацыянальнымі сімваламі. І гэтым самым мы прадэманструем наш нацыянальны дух, наш нацыянальны патрыятызм, нашу любоў да беларускай нацыі.
Поспехаў Вам, паважаныя сябры, у працы з'езду на карысць роднай мовы, любімай Бацькаўшчыны.
З сардэчнаю павагаю
Уладзімір Гук , старшыня ТБМ Пінскага р-на.
Сябры!
Сёлета Анатолю Сысу споўнілася б 55 год, і 25 кастрычніка на яго радзіме ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці адбудзецца традыцыйная літаратурна-музычная імпрэза, прысвечаная памяці паэта.
Удзел возьмуць:
Славамір Адамовіч, Уладзімір Арлоў, Анатоль Бароўскі, Зміцер Вішнёў, Анатоль Вярцінскі, Сяргей Дубавец, Галіна Дубянецкая, Алесь Камоцкі і Кася Камоцкая, Генадзь Лапацін, Серж Мінскевіч, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Ларыса Раманава, Людка Сільнова, Усевалад Сцебурака, Андрэй Хадановіч і іншыя вядомыя беларускія паэты і барды.
Праграма мерапрыемства:
12:00 - ускладанне кветак да магілы Анатоля Сыса на могілках в. Гарошкаў.
12:30 - наведванне музейнай экспазіцыі прысвечанай А. Сысу ў Бронненскай сярэдняй школе, якую скончыў Паэт.
13:00 - літаратурна-музычная імпрэза каля роднай хаты Анатоля.
Агранізатары шчыра запрашаюць далучацца ўсіх неабыякавых!
Праезд аўтобусамі: Менск-Рэчыца. Рэчыца-Гарошкаў.
Мікола Жук: "Зрабіў, што толькі мог"
Жыў на свеце чалавек. Жыў спрадвечнымі вясковымі клопатамі, настаўнічаў у школе, а яшчэ - пісаў вершы.
Багатым
не зайздросціў я ніколі.
Я сам багач.
Бо - мой увесь прастор:
Жытнёвае дагледжанае поле,
Квяцісты луг,
шумлівы, гулкі бор.
Багачом называў сябе Мікалай Андрэевіч Жук, чыя жыццёвая дарога пачалася ў вёсцы Паўстынь Слуцкага раёна 24 кастрычніка 1914 года. Дарога, не пазбаўленая скрухі і шматлікіх выпрабаванняў. Маці сваю ён не памятаў, бо быў маленькі, калі Алеся Іванаўна памерла, маючы ад нараджэння ўсяго 28 гадоў. Бацька, Андрэй Самуілавіч, усё жыццё працаваў на зямлі, прывучыў да гэтага і сына. А яшчэ пад уплывам бацькавага захаплення кнігамі Мікола далучыўся да цудоўнага свету паэзіі, зачараваўся "музыкай паэтычнага радка".
Пасля заканчэння пачатковай школы ў Паўстыні Мікола працаваў на торфараспрацоўках, на чыгунцы, ды і бацьку трэба было дапамагаць па гаспадарцы. Але ж так хацелася вучыцца! І ён вечарамі хадзіў за пяць кіламетраў у гарадскі пасёлак Урэчча (цяпер у Любанскім раёне) у школу калгаснай моладзі. Тады і праявіліся ўпершыню яго літаратурныя здольнасці. Можаце ўявіць пачуцці, настрой сціплага вясковага хлапчука, сачыненне якога, змешчанае ў школьнай насценгазеце, заўважыў Міхась Лынькоў - ужо вядомы на той час пісьменнік? З 1933 года, пасля заканчэння настаўніцкіх курсаў пры школе, Мікола Жук працаваў у Грэскім раёне, спрабаваў сябе ў паэзіі. А калі летам 1935 года ён быў на вайсковых зборах у Менску, уражанні ад горада выліліся ў некалькі вершаў. Адзін з іх ("Менску") у тым жа 1935-м надрукавала газета "Літаратура і мастацтва".
На вершы Міколы Жука звярнулі ўвагу, а пісьменнік Мікола Хведаровіч меў грунтоўную размову з маладым аўтарам, падахвоціў яго вучыцца. Увосень 1935 года з накіраваннем Саюза пісьменнікаў БССР Мікола Жук паступіў на рабфак пры Беларускім дзяржаўным універсітэце, а праз два гады ён - студэнт літаратурнага аддзялення Менскага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага. Адзін за адным з'яўляюцца яго вершы ў газетах "Літаратура і мастацтва", "Звязда", у часопісе "Полымя рэвалюцыі", бывала, што і побач з творамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова. Тады ж сустрэў сваю каханую - адзіную на ўсё жыццё Паліну Пятроўну. Колькі было планаў, творчых задум, аднак апошні экзамен за інстытут, прызначаны на 22 чэрвеня 1941 года, давялося здаваць пасля вайны.
З палаючага Менска маладыя муж і жонка вярнуліся на Случчыну. Ужо ў чэрвені 1941 года Мікола Жук напісаў верш "Паўшым". З дзённіка Міколы Жука: "Пісаць вершы супраць фашыстаў клікалі крывавыя падзеі кожнага дня. Усё напісанае трэба было добра хаваць: калі такое пападзе ў рукі фашыстаў, кулі ці вісельні не мінаваць… Вершы складваліся ў галаве і, не запісаныя на паперу, часта гінулі бясследна". Вера ў перамогу ніколі не пакідала патрыёта, і неўзабаве ён стаў выконваць нялёгкую і рызыкоўную ролю партызанскага сувязнога. Калі ж сям'і (была ўжо маленькая дачка) заставацца ў вёсцы стала небяспечна, яе пераправілі ў партызанскі атрад.
У Любанскім раёне ў атрадзе імя Р.І. Катоўскага 64-й партызанскай брыгады імя В.П. Чкалава са зброяй у руках Мікалай Андрэевіч Жук змагаўся супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А ў перапынках паміж баямі і паходамі рука цягнулася да алоўка, каб запісаць радкі, што ішлі ад самага сэрца. Пад многімі вершамі таго часу ёсць паметкі: партызанскі атрад імя Катоўскага; блакіраваная зона, Салавуцк; Куценка; партызанская зона, Азярное… Ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі "За баявыя заслугі", "Партызану Айчыннай вайны" і іншымі ўзнагародамі адзначаны ўклад М.А. Жука ў барацьбу за свабоду і незалежнасць Радзімы. Вайна, гібель баявых таварышаў, сваіх братоў, народная трагедыя настолькі балюча прайшлі праз душу Міколы Жука, што ваенная тэма стала адной з галоўных у яго творчасці. Ён меў поўнае права сказаць:
Я ўсё зрабіў, што толькі мог,
Святое клятвы не парушыў,
А водбліск даўніх тых дарог
Мне й сёння азарае душу.
Увосень 1944 года М.А. Жука накіравалі працаваць настаўнікам у Вясейскую сярэднюю школу Слуцкага раёна. Потым трынаццаць гадоў настаўнічаў у Старцавічах (цяпер Знамя) на Случчыне, а з 1959 года - ва Урэцкай сярэдняй школе №1 Любанскага раёна. З гэтага ж часу ён жыў у вёсцы Мерашыно Слуцкага раёна. За педагагічную дзейнасць Мікалай Андрэевіч Жук узнагароджаны знакам "Выдатнік народнай асветы". А яшчэ - ён быў любімым настаўнікам для шмат каго з вучняў. Улюбёны ў літаратуру, ён часта выходзіў за рамкі школьнай праграмы, расказам пра якога-небудзь літаратурнага героя мог зацікавіць самых абыякавых. А на факультатыўныя заняткі па літаратуры, якія праводзіў Мікалай Андрэевіч, прыходзілі нават тыя, вучні, каго ніяк нельга было назваць выдатнікам. Аб гэтым пішу не з чужых слоў, бо вучыўся ў класе, дзе М.А. Жук быў класным кіраўніком.
Дамо слова аднаму з вучняў М.А. Жука - пісьменніку Паўлу Місько: "…Па ўсёй краіне раз'ехаліся тысячы яго вучняў, выхаванцаў (амаль паўвека педагагічнай работы!). І яны, яго духоўныя нашчадкі, панеслі з сабою любоў да роднай зямлі, яе мовы і звычаяў, і многія з іх таксама сталі настаўнікамі, каб сеяць разумнае, добрае, вечнае і клапаціцца, каб пасеянае ўзыходзіларунела, каб давала важкія каласы".
Юнацкае захапленне паэзіяй Мікола Жук пранёс праз усё жыццё. Ён пісаў вершы, паэмы, апавяданні, лірычныя замалёўкі. На жаль, пісаў "у стол", амаль нікому не паказваў напісанае. Сціпласць, патрабавальнасць да сябе прымушала аўтара пастаянна папраўляць, удасканальваць свае творы. А іх станавілася ўсё больш і больш. Мікалай Андрэевіч як бы спяшаўся выказаць тое, што яго хвалявала. У яго вершах - і замілаванне роднай прыродай, і пазіцыя грамадзяніна, і трывога за заўтрашні дзень, і многае другое.
Вершы нашага земляка ў 1990-х гадах друкавалі газеты "Звязда", "Літаратура і мастацтва", "Во славу Родины", часопіс "Полымя", некаторыя іншыя выданні. А ў канцы 1995 года ў горадзе Горкі Магілёўскай вобласці тыражом у 1 000 экзэмпляраў выйшаў у свет паэтычны зборнік Міколы Жука "Ля падножжа маіх святынь". У ім змешчаны 83 творы, аб'яднаныя ў чатыры раздзелы: "Паклон маладосці", "Водгулле вялікай вайны", "Цяплом роднай зямлі", "Насустрач будучыні". У прадмове да кнігі паэт Уладзімір Паўлаў напісаў: "Па свайму характару, па тых патрабаваннях, якія прад'яўляе Мікола Жук да паэтычнага слова, ён не стукаўся ў выдавецкія дзверы, не шукаў сабе спагадлівага ўдумнага рэдактара. Іначай гэтая сустрэча з чытачом магла б адбыцца і трыццаць, і сорак гадоў таму назад". І ўсё ж сустрэча адбылася.
На вялікі жаль, першы і адзіны зборнік сваіх вершаў аўтар так і не патрымаў у руках. 14 кастрычніка 1995 года Мікалая Андрэевіча Жука не стала. Але ж - "напісанае застаецца". Напісанае чалавекам, які любіў родную старонку, яе людзей, які спаўна выканаў свой грамадзянскі абавязак.
Анатоль ЖУК, жыхар горада Слуцка.
Новая кніга Алеся Краўцэвіча "Краіна пагранічча"
Выйшла з друку новая кніга вядомага беларускага навукоўца і грамадскага дзеяча Аляксандра Краўцэвіча пад назвай "Краіна пагранічча". У кнігу ўвайшлі выбраныя навукова-папулярныя, эсэістычныя і публіцыстычныя працы, напісаныя аўтарам на працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў. Некаторыя з іх друкуюцца ў зборніку ўпершыню.
Паводле аўтара:
- Край, які сёння называецца Беларусь, спрадвеку быў і застаецца краінай мяжы. Беларускае памежжа - з'ява шматпланавая і ўніверсальная. Яна пачынаецца ўжо ад самой прыроды. Тэрыторыя Беларусі - памежная раслінная зона, дзе гэтак званая еўрапейская тайга (сасновыя бары і яловыя гушчары) паступова пераходзіць у ліставы еўрапейскі лес. Мяжа водападзелу паміж балтыйскай і чарнаморскай воднымі сістэмамі перасякае ўсю краіну вялікай дугой ад паўднёвага захаду да паўночнага ўсходу.
Беларусь - гэта чатырохкратная прыродна-этнічна-культурна-палітычная мяжа. Пагранічча - нязменны стан і лёс, шчасце і трагедыя гэтай зямлі на працягу больш чым тысячы гадоў, ад глыбокай старажытнасці да самых апошніх дзён. Сённяшні няпэўны стан беларускай дзяржаўнасці - вынік і праява гэтага пагранічча.
Выданне можна замовіць, даслаўшы электронны ліст на адрас dastauka@ arche.by.
Цана (з улікам паштовай дастаўкі) - 99 тыс. рублёў.
Замаўляючы выданне, у полі "Тэма" трэба пазначыць "Кніга Краўцэвіча", а ў лісце падаць свае дакладныя каардынаты: паштовы адрас, індэкс, прозвішча і ініцыялы, тэлефон для камунікацыі. Прапанова дзейнічае толькі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Рэдакцыя часопіса "ARCHE".
Ахвяраванні на ТБМ
1. Невядомы - 300000 р., г. Менск
2. Копач Часлава - 50000 р., г. Менск
3. Навумчык Іосіф - 30000 р., г. Віцебск
4. Гнедка А. - 30000 р., г. Віцебск
5. Сулецкая Ніна - 30000 р., г. Віцебск
6. Півавар К.С. - 20000 р., г. Віцебск
7. Давідоўскі Ігар - 100000 р., г. Менск
8. Кухаронак А.Д. - 20000 р., г. Смілавічы
9. Зылькоў С.П. - 200000 р., г. Гародня
10. Раманюк Тацяна - 100000 р., г. Менск
11. Фурс Антон - 100000 р., г. Паставы
12. Рабека Мікола - 200000 р., г. Менск
13. Вештарт Галіна - 100000 р., г. Менск
14. Кушнір Васіль - 50000 р., г. Дзяржынск
15. Лазарук Тамара - 50000 р., г. Менск
16. Пухоўская Юлія - 50000 р., г. Менск
17. Данілюк Віктар - 50000 р., г. Менск
18. Глебік Юры - 200000 р., г. п. Свіслач
19. Панамароў Сяргей - 100000 р., г. Менск
20. Міцкевіч Андрэй - 35000000 р., г. Менск
21. Шкірманкоў Фелікс - 100000 р., г. Слаўгарад
22. Кукавенка Іван - 100000 р., г. Менск
23. Чайка Сяргей - 500000 р., г. Менск
24. Птушка Сяргей - 30000 р., в. Хільчыцы, Жыткавіцкі р-н
25. Восіпава Аляксандра - 100000 р., г. Гомель
26. Усціновіч Васіль - 200000 р., п. Лясны, Менскі р-н
27. Мануленка Ўладзімір - 100000 р., г. Менск
28. Прылішч Ірына - 50000 р., г. Менск
29. Піскуновіч М.А. - 100000 р., в. Ломашы
30. Куўшынава Ларыса - 100000 р., г. Менск
31. Валатоўская Нінэль - 100000 р., г. Менск
Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.
Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.
Да выхаду новай кнігі Алега Трусава "Кароткая гісторыя архітэктуры Беларусі"
Частка 6. Заходняя Беларусь у складзе Польскай дзяржавы (1921-1939 гг.)
(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)
Гістарычная частка сучаснага Брэста склалася пасля 1830-х гг. пасля пабудовы Брэсцкай крэпасці. Цэнтр быў забудаваны мураванымі дамамі ў адзін-два паверхі, але большасць з іх была разбурана ў 1915-1918 гг. Аднак у 1921-1934 гг. горад быў цалкам адбудаваны. У Брэсце на вуліцы 17 Верасня і вуліцы Савецкай захавалася некалькі дзясяткаў дамоў міжваеннай эпохі. Усе яны маюць складаную кампазіцыю і фасады з багатым дэкорам і ажурнымі балконамі. Падобныя дамы ёсць у Пінску і Гродна. У Слоніме захаваліся два драўляныя асабнякі з высокім мансардавым дахам. З іх найбольш цікавым з'яўляецца гарадскі асабняк, пабудаваны ў 1923 г. Гэта Аднапавярховы П-падобны ў плане аб'ём, завершаны пластычным па форме мансардавым дахам. Галоўны ўваход падкрэслены шырокім шасцікалонным порцікам з трохвугольным франтонам. На плоскасных фасадах выдзяляюцца прамавугольныя аконныя праёмы з простымі ліштвамі. Планіровачная арганізацыя дома заснавана на калідорнай схеме з аднабаковым размяшчэннем асноўных прамавугольных памяшканняў.
У 1930 г. у Слоніме пабудавалі цагляны жылы дом у стылі мадэрн. Дом меў складаны сілуэт і кутні рызаліт з фігурным атыкам уверсе.
У Браславе і Валожыне пабудавалі дзяржаўныя жылыя дамы для мясцовых чыноўнікаў і афіцэраў.
Большасць насельнікаў Заходняй Беларусі жыла ў вёсках. Заходнебеларуская вёска вельмі пацярпела падчас Першай сусветнай вайны, калі ў 1915 г. царскія ўлады гвалтам ператварылі тысячы беларускіх сялян у бежанцаў. Жыхары вёсак мусілі пакінуць свае дамы, якія царскія войскі стараліся спаліць, каб дабро не дасталося немцам. Некаторыя з выгнанцаў вярнуліся дамоў толькі пасля 1921 г.
У эканоміцы заходне-беларускіх земляў пераважаў аграрны сектар. Больш за 80% насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай, але пасля войнаў яна знаходзілася ў заняпадзе. Скараціліся пасяўныя плошчы, пагалоўе буйной рагатай жывёлы, коней. У Заходняй Беларусі было адноўлена памешчыцкае землеўладанне. На 1921 г. 3 тысячы 402 памешчыкі (1% сельскага насельніцтва) валодалі большай часткай зямель. Серадняцкія сялянскія гаспадаркі займалі 12,5% зямлі, бядняцкія - 24,15%, багатыя сяляне мелі 8,14%. Аднаўляліся буйныя латыфундыі, напрыклад - Давыд-Гарадоцкі маярат Радзівілаў у 1925 г. дасягаў памеру 155 200 га.
Рознымі шляхамі развівалася сялянская гаспадарка. Заможныя сяляне валодалі ад 18 да 100 га зямлі, мелі 10-15 коней, 15-25 кароў і шырока выкарыстоўвалі наёмную працу. Гэтыя гаспадаркі былі таварнымі. Сераднякі валодалі надзелам ад 8 да 18 га, утрымлівалі 2-3 каровы, аднаго-двух коней. Зямлю апрацоўвалі самі. Бядняцкія гаспадаркі мелі 7-8 га зямлі. Вымушаны былі арандаваць зямлю, часта наймаліся да памешчыкаў ці багатых аднавяскоўцаў.
Тым не менш жылі беларускія сяляне значна лепей, чым іх браты-калгаснікі ў БССР, і іх дамы былі значна лепшыя. Вось як апісвае Ілья Копыл заходнебеларускую вёску Восава ў 1939 г., калі ён пасля 17 верасня з бацькам прыехаў туды з БССР, каб наведаць сваякоў: "Мы ўбачылі там чыстую роўную вуліцу, светлыя добрыя хаты, двары, агароджаныя штакетнікам і прыгожа пафарбаваныя стрэхі хат, пакрытых дахоўкай ці ацынкаванай бляхай. У нашай савецкай вёсцы Нябышава стрэхі былі саламяныя, двары агароджаны як папала".
Акрамя беларусаў у сельскай мясцовасці жылі яўрэі і татары. Іван Данілаў, які нарадзіўся і вырас у Драгічынскім раёне, апісвае яўрэйскі пасёлак, які меў назву "Калонія" і меў 13-14 двароў. Побач знаходзіўся паравы млын, а ў суседняй вёсцы Язвіна на пагорку стаялі тры ветракі, дзе сяляне малолі зерне на муку. Дамы ў яўрэйскім пасёлку былі драўляныя, крытыя гонтам альбо рубероідам, і больш дагледжаныя, чым у суседскіх беларускіх вёсках. Акрамя сялянскіх і шляхецкіх гаспадарак на вёсцы былі прыватныя прамысловыя прадпрыемствы.
Удзельная вага прамысловасці ў Заходняй Беларусі складала каля 3 %, а колькасць занятых рабочых - 4,9 %. У Заходняй Беларусі адсутнічала цяжкая прамысловасць. Металаапрацоўка не атрымала развіцця з-за канкурэнцыі з сіндыкатам польскіх металургічных заводаў, таму ў прамысловасці Заходняй Беларусі пераважалі дрэваапрацоўчая, харчовая і лёгкая галіны.
У 1926 г. у Віленскім, Наваградскім і Палескім ваяводствах налічвалася 127 фабрык і заводаў з колькасцю рабочых звыш 20 чалавек, а 19 з іх мелі звыш 100 рабочых - гэта шклозавод "Нёман" у Наваградскім павеце, запалкавая фабрыка "Прагрэс-Вулкан" у Пінску, фабрыка гумавых вырабаў "Ардаль" у Лідзе, тытунёвая фабрыка ў Гародні, фанерныя фабрыкі ў Мікашэвічах і Гарадзішчы. На гэтых 19 прадпрыемствах было занята 7872 рабочых, але гэта ўдвая менш, чым у 1913 г. У выніку да пачатку Другой сусветнай вайны агульны аб'ём прамысловасці не дасягнуў 1913 г.
Эканамічнае жыццё адзначалася цыклічным развіццём, залежнасцю ад сусветных крызісаў. У 1923-1924 гг. наглядаўся пад'ём прамысловай вытворчасці. Ён адбыўся з прычыны павышэння попыту на прамысловыя тавары і пашырэння аб'ёмаў замежнага гандлю. Урад атрымаў магчымасць ажыццявіць палітыку фінансавай стабілізацыі (з пачатку 1924 г.) і правесці грашовую рэформу. У красавіку 1924 г. быў заснаваны Польскі банк і ўведзена новая грашовая адзінка замест маркі - злоты, які меў залатое напаўненне.
У адроджанай Польшчы былі скасаваны саслоўныя прывілеі. Аднак шляхта і магнаты, дзякуючым сваім буйным зямельным уладанням, у тым ліку і ардынацыям, мелі значны ўплыў на аграрную палітыку краіны. Памеры іх маёнткаў складалі ад 50 да 150 гектараў зямлі. У адпаведнасці з зямельнай рэформай на тэрыторыі Заходняй Беларусі можна было мець ва ўласнасці да 400 га зямлі. Частка шляхты не вытрымала капіталістычнай канкурэнцыі і прадала свае маёнткі на аўкцыёнах. Іншыя ўласнікі з дапамогай заходніх спецыялістаў, у тым ліку аграномаў, вытрымалі канкурэнцыю і зрабілі акцэнт на апрацоўку мясцовай сыравіны. Таксама яны наладзілі адлоў і продаж рыбы і ракаў. Славіліся таксама вяндліна і мясцовыя сыры, зробленыя па швейцарскай тэхналогіі.
У Панямонні і на Палессі быў распаўсюджаны агратурызм, які падтрымліваўся дзяржавай. Былі пабудаваныя добрыя дарогі, у тым ліку і брукаваныя, з'явіўся аўтобусны транспарт.
Тыповы шляхецкі маёнтак у Заходняй Беларусі, як і раней, складаўся з дзвюх частак. Гэта жылы парадны двор пасярод парка і гаспадарчы комплекс. У маёнтку жыла шляхецкая сям'я і прыслуга. Для гасцей у доме заўжды быў спецыяльны пакой з прыгатаваным ложкам. Слугаў было няшмат: кухар, пакаёўка і некалькі чалавек абслугі.
Кіраваў гаспадаркай наёмны кіраўнік маёнтка, які арганізоўваў працу наёмных рабочых і сачыў за станам гаспадаркі. Падчас сезонных гаспадарчых працаў наймалі "падзёншчыкаў", якім плацілі за працу штодня. Акрамя грашовай кампенсацыі, яшчэ і кармілі. Вялікім святам для гаспадара фальварка былі "Дажынкі". Тады для сялян рабілі святочны абед і запрашалі музыкаў.
Падчас сямейных святаў ладзіліся балі ці карнавалы. Самыя знакамітыя балі ладзіў у Нясвіжскім замку Альбрэхт Радзівіл. У дзень імянін шляхціца перад домам ці ўездам у парк будавалася жывая святочная вітальная брама.
У шляхецкіх сядзібах з'явіліся першыя аўтамабілі і матацыклы. У 1939 г. на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай знаходзілася каля 20 тысяч шляхецкіх маёнткаў і палацаў. Пасля верасня 1939 г. усе яны на тэрыторыі занятай савецкімі войскамі былі нацыяналізаваныя. Шмат іх загінула ў полымі Другой сусветнай вайны. Польскія ўлады надавалі шмат увагі добраўпарадкаванню гарадскіх і вясковых вуліц. Брукаваныя дарогі і вуліцы выкладалі шасцікутнікамі, зробленымі з моцнага каменю. На жаль, большасць з іх зараз пакрытая асфальтам. Асобныя фрагменты гэтых прыгожых брукаванак захаваліся ў Гародні, Лунінцы і некаторых іншых населеных пунктах.
Культавыя будынкі (1915-1939 гг.)
Рэлігійнае жыццё ў адноўленай польскай дзяржаве значна ажывілася. На першае месца выйшла каталіцкая (рыма-каталіцкая) канфесія. Паводле закону аб рэвіндакацыі каталікам вярнулі назад храмы, кляштары і землі, якія ў іх адабралі царскія ўлады ў ХІХ ст. Пасля вяртання, будынкам быў вернуты і ранейшы знешні выгляд. Так, фарны касцёл у Гародні (фара Вітаўта) набыў рысы неаготыкі і стаў гарнізонным храмам для польскага войска. Атрымалі першапачатковы выгляд Станіславаўскі касцёл у Мядзелі, Троіцкія касцёлы ў в. Ішкальдзь Баранаваіцкага раёна і в. Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна. У сакавіку 1920 г. каталікам вярнулі былую ўніяцкую царкву ў мястэчку Беліца. Неабмежаванасць рэлігійнай прапаганды і роўнасць культаў у 1925 г. была замацавана ў Канстытуцыі Польшчы.
У траўні 1917 г. у Петраградзе была створана клерыкальная партыя - Беларуская хрысціянская дэмакратыя - БХД, якая з 1919 па 1940 г. у Вільні выдавала сваю газету, а таксама адчыняла беларускія школы, прытулкі і кааператывы. Аднак пасля 1926 г. былі забаронены ў касцёлах казанні на беларускай мове, а ксяндзоў беларусаў альбо пераводзілі на працу ў мясцовасці, дзе жылі толькі палякі, альбо высялялі за мяжу.
У 1923 г. Папа Рымскі Пій XI дазволіў заснаваць у Друі на базе былога бернардзінскага комплексу кляштар айцоў ордэна марыянаў. Адным з кірункаў дзейнасці новага кляштара стала аднаўленне ўсіх будынкаў, заснаванне школы і навіцыяту для беларусаў, кандыдатаў у манахі. Сродкі на яго арганізацыю і дзейнасць збіраліся ў Амерыцы, пэўныя ахвяраванні ўнесла княгіня Магдалена Радзівіл. Арганізатарам кляштара стаў А. Цікота. У першыя гады дзейнасці манахі аднавілі кляштарныя будынкі, адрамантавалі касцёл, наладзілі гаспадарку ў фальварку. Кіраваў рамонтнымі работамі вядомы беларускі архітэктар Л. Вітан-Дубейкаўскі. У Друі марыяне арганізавалі гімназію імя С. Баторыя. Гімназія вылучалася дэмакратычнымі традыцыямі, у ёй навучалася моладзь розных веравызнанняў, бедных навучэнцаў марыяне апекавалі. У 1938 г. манахаў-беларусаў прымусова выселілі з Друі польскія ўлады, а праз год савецкія ўлады закрылі кляштар і гімназію.
У 20-30-я гг. у Заходняй Беларусі праводзіцца практыка кансервацыі і рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры на строга навуковай аснове. Была праведзена кансервацыя замкаў, узноўлены воблік гатычнага касцёла XV-XVI стст. у м. Гнезна каля Ваўкавыска.
На Палессі развіваюцца рэгіянальныя школы народнага драўлянага дойлідства.
Новыя храмы спачатку будуюцца пад уплывам эклектыкі і мадэрну. У 30-я гг. ХХ ст. у архітэктуры Польшчы ўзнікаюць моцныя ўплывы канструктывізму і функцыяналізму. Адначасова адбываецца рэанімацыя "неастыляў", асабліва неагатычнага і неакласічнага кірункаў.
Адзін з найбольш яскравых узораў нацыянальнага рамантызму з'яўляецца касцёл Яна Хрысціцеля ў в. Мсцібаў Ваўкавыскага раёна, які будаваўся вельмі доўга, амаль дзесяць гадоў (1910-1919 гг.). Гэта прыгожая двухвежавая базіліка з трансептам, трохграннай абсідай і дзвюмя сакрыстыямі. Сцены будынка прывабліваюць неатынкаванай муроўкай з рознапамернай цэглы.
Цікавасць уяўляе драўляны касцёл Сэрца Ісуса ў в. Канвялішкі (Воранаўскі р-н). Ён пабудаваны ў 1916 г. і здалёк вылучаецца стромкай двух'яруснай вежай-званіцай са спічастым стромкім дахам. Сцены гарызантальна ашаляваныя. Інтэр'ер мае тры нефы і шэсць круглых слупоў.
У 1918 г. асвечаны касцёл Божай маці Ружанцовай у в. Пескі Мастоўскага раёна. Ён зроблены з цэглы і бутавага каменю і ўяўляе сабою трохвежавую базіліку з трансептам і трохграннай апсідай.
Цікава, што неаготыка пранікае і ў праваслаўнае дойлідства. У якасці прыкладу можна назваць драўляную Свята-Мікалаеўскую царкву ў в. Вярховічы (1930-1933 гг.). Храм складаецца з прастакутнага зальнага аб'ёму, апсіды ды амаль квадратнага ў плане прыруба-рызніцы. Шасцерыковая званіца пастаўлена на прастакутны зруб прытвора.
У грамадскай і культавай архітэктуры тагачаснай Рэчы Паспалітай меў пашырэнне і барокавы неарамантызм. Яркім прыкладам з'яўляецца касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса ў в. Пелішчы Камянецкага раёна. Яго пабудавалі ў 1934 г. Касцёл мае малельную залу, алтар і бакавыя сакрыстыі, перакрытыя агульным дахам, які накрыты дахоўкай. Галоўны фасад вылучаецца вежай-званіцай.
Цудоўным прыкладам мастацкага пераасэнсавання стылю барока з'яўляецца касцёл Маці Божай Ружанцовай у в. Солы каля Смаргоні. Храм пабудаваны з каменю і цэглы за восем гадоў (1926-1934 гг.) спосабам народнай будоўлі з дапамогай жыхароў Солаў і суседніх вёсак. У 1924 г. у Баранавічах пабудавалі драўляны касцёл Узвышэння Святога Крыжа.
Яшчэ перад Першай сусветнай вайной у Расійскай імперыі запанаваў неакласіцызм, які распрацоўвалі беларускія архітэктары: І. Жалтоўскі ў Маскве, Г. Гай у Кіеве і П. Крачанскі і М. Лялевіч у Пецярбурзе. Напрыканцы 20-х гг. ХХ ст. неакласіцызм вяртаецца ў Заходнюю Беларусь.
(Працяг у наступным нумары.)
Да 200-годдзя М.Ю. Лермантава
М. Ю. Лермантаў
Л І Ц В І Н К А*
Аповесць
1
Чый гэта церам на гары крутой
Зубчастаю красуецца сцяной?
Патомны навакольны свой абшар
Пільнуе ад каго яго ўладар?
Хто шэпт малітваў, весялосці клік
Скляпенням цёмным
давяраць прывык?
Яго імя, чытач, я выдам вам:
Арсень! -
Так ведамы ён быў сябрам
І ворагам… Імя ён шанаваў
І іншым называцца не жадаў!
Яго правоў аспрэчваць не пасмеў
Пакуль ніхто - ён лепш і не хацеў.
Не ведаў над сабою ён судоў.
Не паважаў суседзяў. Пагатоў
Багаты быў, ды і - герой вайны!
Як да яго звярталіся яны,
З пагарадай сустракаў такіх гасцей,
Не давяраў іх слову… Найчасцей
Ён нават ласкай госця прыніжаў
І, мусіць, сам таго не заўважаў.
Ці не таму даволі рана ён
Быў над натоўпам і здалёк відзён.
2
У ложках насалоды і ў вайне
Гады юнацтва ён правёў свае.
Калі гучаў удар яго мяча,
Рабілася чырвонай епанча,
Ва ўцёках быў татарын і ліцвін:
Ён часам войска замяняў адзін!
У шнарах грудзі, між маршчын чала
Былое раны меціна цвіла;
І, гонар воіна! - Малюй партрэт! -
Ірдзеў рубец -
літоўскай шаблі след!
3
З вайны прыйшоўшы,
жонку абмінаў,
І вуснаў ейных не пацалаваў.
Ён не прывёз ёй дарагіх шаўкоў,
Парчы татарскай,
срэбра, жамчугоў.
Як кажуць: адчапіцца б хоць,
Ён слоўца не прамовіў мімаходзь.
Вярнуўшыся дамоў, не запытаў,
Як сын яго без бацькі падрастаў.
Пра подзвігі свае ў чужой старонцы
Не распавёў ні сыну ён, ні жонцы.
І радасці спаткання хоць сцячэ
Пяшчотная сляза з яе вачэй:
Раней сляза журботнаю была,
А ў радасці пяшчотаю сцякла.
А ён ёй здрадзіў!
Шлюб нішто такім,
Хто ўцех зямных адшуквае кілім.
Яго дэвіз, праграма на жыццё:
Свабодны сэрца, дух і пачуццё.
4
А з жонкай што? Гаротная яна,
У пустыні. Старэнькая адна
Рашыла з ёй выгнанне раздзяліць,
Каб Госпада аб міласці маліць.
Цяпер праз доўгі шэраг дзён-начэй
Жыццё іх у малітвах пацячэ.
Для ўсіх яна памерлаю была,
Але душа жанчыны не магла,
Не мела моцы - сіл таго забыць,
Хто колісь радасць
з ёй умеў дзяліць.
Ён здрадзіў ёй! Дык што?
Тады й таму
Павінна здрадзіць і яна яму?
Ахвяры боль і Вышняга закон -
Усё знядбаў для новай жарсці ён:
Палонніцы, ліцвінкі маладой,
Дзяўчыны з годна ўзнятай галавой.
Ва ўгоду ёй за колькі цёплых слоў
З прытворных вуснаў
быў Арсень гатоў
Ахвяраваць душою і сям'ёй,
Радзімаю!.. І ўсё ва ўгоду ёй.
5
Заходзіла свяціла за курган
І чырвань пралівала праз туман.
А, разагнаўшы воблакі, прамень
Праводзіў на спачын чарговы дзень
Са слодыччу ціхуткаю. Зямшар,
Нібыта свету пахмурнелы твар,
Спагады варты быў. Прамень
Пакінуў дол, лес апрануў у цень,
Гары вянок і церам азарыў;
Святло сваё апошняе разліў
Па вітражах акон святліцы той,
Дзе так нядаўна ў радасці святой
Чакала мужа жонка ля акна,
Пакуль ішла чарговая вайна;
А сын бацькоўскі меч
ледзь падымаў:
Так моцы ён і гарту набываў.
Дзе маці з сынам? Дзе? На месцы іх
Ліцвіначка - дзіця краёў чужых!
Бязмоўная сяброўка дзён былых
Ёй лютня міла не лагодзіць слых;
Апошнім бляскам
ледзве - ледзь гарыць
На рванае струне струмень зары.
Смуткуе Клара,
знік дзявочы спрыт,
Прытух вачэй гарэзлівых блакіт;
На захад позірк адсылаюць мроі,
Ды не зары прываблівалі строі:
Радзіма там! Спявак і воін там
Схіляліся не раз к яе нагам.
Там дзевы вольныя! Ніхто бы ёй
Там не сказаў: "Хачу любві тваёй!"
6
Павінна дзеўка мяккай быць?
Нямой?
Кахаць таго, хто грознаю вайной
Спустошыў родны край яе бацькоў?
Павінна прывячаць?..
Пяшчотай слоў
Сваю нянавісць прыкрываць?..
Тугу
Вучыць штодня кахання языку
І сэрца трапятацца прымушаць,
І жарсцю небывалай абмаўляць
Нязначны ўздых ці выпадковы сказ
Яна павінна?.. Помсты прыйдзе час!
7
Вячэрні пір! Сталы, рабы: парад!
Святло ліецца з безлічы лампад.
У срэбных кубках пеніцца віно:
Да водару спадар прывык даўно!
Ён п'е і п'е бурштынную брую -
Распусту мкнецца патапіць сваю.
- Вяселлю быць! -
i Клара ў жаху тут
Убачыла ў яго вачах прысуд.
Усмешак фальш, смех гулкi,
"Брава!" - клiк,
Апроч яе, падманваў iх усiх.
Ухмылку Клары не злавіўшы, ён
Абняў сваю нявольнiцу - патрон!
Ядвабнасць залацiстых валасоў
Спадаючай шырокай паласой
Рассыпалася пад яго рукой
На грубы твар, памечаны вайной.
Самотны выгляд набывае Клара
І кажа, быццам крыўды і не знала:
- Кахаеш ты мяне? - " Какой вопрос?
Усклiкнуў ён.
- Кто ж больше перенёс
И для тебя так много погубил,
Как я? И твой Арсений не любил?
И, - человек, - я б мог обнять тебя
Не трепеща душою, не любя?
О, шутками меня не искушай!
Мой ад среди забот людских -
мой рай
У ног твоих! - и если я не тут,
И если рук моих твои не жмут,
Дворец и плаха для меня равны,
Досадой дни мои отравлены!
Я непорочен у груди твоей:
Суров и дик среди других людей!
В твои колени голову склонив,
Я, как дитя, беспечен и счастлив.
И тёплое дыханье уст твоих
Приятней мне курений дорогих!
Ты рождена, чтоб мной повелевать.
Моя любовь то может доказать.
Пусть я твой раб! -
Но я не раб судьбы!
Достойны ли тебя её рабы?
Поверь. Когда б меня не создал Бог,
Он ниспослать бы в мир
тебя не смог".
8
- Калi б меня кахаў ты сапраўды, -
Сказала Клара роспачна, - тады
Я не жыла б у цераме тваiм.
"Ён мой!" - ты кажаш. -
Толькi што мне ў iм?
Багацця поўны церам, вiтражы:
Вачам прыемна, сэрцу ён чужы.
У пушчы воды чыстыя цякуць,
Але раку не Вiлiяй завуць.
I вецер, што люляе тут траву,
Мне не прыносiць песнi пра Лiтву.
Не, рускi! Не! Любоў твая - удар!
Да волi дзверы зачынiў твой дар.
I Клара адвярнулася. Дакор
З яе вачэй няўхiльна бiў ва ўпор.
Ён дараваў ёй колкіх слоў асцё
І, апроч волі, ёй аддаў бы ўсё,
Каб атрымаць хоць бы адзiн пагляд
З тых, што атруты шчасцем - брат.
9
Ды што за госць начны парой лiхой
Бразгоча ў браму моцнаю рукой?
Ад сну прадзёршы вочы, вартаўнiк
Крычыць: "Хто там?
Ах, хто там, каб ты знiк!
- Хто там?" - перапытаў.
"Пусцi, браток!
Адзiны на шляху ў нас ваш куток.
У полi, чуеш, непагадзi роў;
У нашых жылах зледзянела кроў.
Пусцiце, людцы, абагрэцца нас,
А заўтра ранкам мы пакiнем вас
I потым у малiтвах у сваiх
Гасцiнны гэты двор краёў чужых
Мы не забудзем." Вартаўнiк маўчаў,
Але ў замку ключ звякнуў,
завiшчаў,
Аб дошкі важкi загрымеў затвор,
Вароты расчынілiся... На двор
Два вершнiкi праехалi. У дом
Iм ходнiк падсвяцiлi ліхтаром.
Як павядзе з iх рэзка хто плячом,
Штось заблішчыць і дзынкне
пад плашчом.
10
Да столу запрасiў iх гаспадар
I рэй завёў... Яго свяцiўся твар.
А госцi - рады ён iх прывячаць -
Амаль не п'юць
і збольшага маўчаць.
Адзiн прывабны, жвавы, малады;
Другi сiвы, пахiлы i худы,
Гучыць незвыкла ў говары яго
Нярускае маўленне: "Дзе?", "Чаго?"
Малодшы быў смялейшым,
позiрк свой
Не зводзiў з паланянкі маладой;
Таемна, каб спадар не распазнаў
Гасцей намер, яго ён абмiнаў.
Ды, бачна, быў знаёмы ён калiсь:
Адкрыты твар,
пагляд iрвецца ўвысь!
I штосьці блiзкае аб даўнiх днях
Напомнiў ёй. О! Не жаночы жах
Прымусiў здрыгануцца, уздыхнуць
I галаву паспешна адвярнуць.
Хусцiнкаю наўпрост
прыкрыла зрок,
Не выдалi каб слёзы незнарок.
11
"Ты побледнела, Клара?
Что с тобой?"
- Мне кепска штось.
У свой пайду пакой.
Акно раскрыла, села перад iм,
Каб водарам надыхацца начным.
У цёмным полi скрозь туман здалёк
Блiшчэў забыты кімсьці касцярок.
А парушальнiк цiшы - вецярок
Па шатах дрэваў - гуля - абібок,
Сабачы брэх i цэркваў перазвон
З палёў прыносiў да яе акон.
У смутку Клара. У палоне дум.
У голаў тне ўспамінаў калатун.
Калi б хто-небудзь усвядомiць мог
Хоць бы палову ўсiх яе трывог,
Ён, на сабе не стаўшы прымяраць,
Іх даўкую вагу рашыў прыняць,
Каб светлае яе чало наноў
Пазнала радасць волi i любоў;
На шчоках каб румянак заiграў,
Нiбы вясёлка над суквеццем траў.
А што змагло так Клару
ўсхваляваць?
Вандроўнiкi? Як тайну разгадаць?
Чым для душы пакуты наймацней,
Тым след iх вечны тоне ў ёй глыбей,
Пакуль усё, што дадзена ёй небам,
Адной пакутаю не стане - трэбай.
12
Рассунуў срэбны месяц хмарастой,
Як херувiм варожых духаў рой;
Як спадзявання радасцi прывет
Ад сэрца гонiць памяць даўнiх бед.
А раўнадушны сведка тайных спраў,
Якiх бы дзень i ведаць не жадаў,
А ноч схаваць... Блукае ён адзiн -
Спадар нябесных стэпавых раўнiн.
Абмаляваў лiцвiнкi юны лiк
Ды й у святлiцу дзеўчыны пранiк.
Уладкаваўся без турбот на дол,
Няўвагаю чамусь пакрыўдзiў стол;
А вось персiдскi высветлiў дыван -
Адзiны, так бы мовіць, сценапан.
Ды што за гук раздаўся за сцяной?
Працяглы стогн,
трывога, непакой…
Падобны гуку песнi... Ах, каб быў
Тым спеваком падоўжаны матыў!
Ага! Узноў... адзiн, другі куплет...
Пазнала Клара! - Пахiснуўся свет.
(Пагляд туманны пад крутым iлбом
Цябе ўстрывожыў
за пiтным сталом.)
Нязбытных мрояў стос душу пячэ:
Рака ўспамiнаў чуйная цячэ -
Так соладка ў адной Лiтве пяюць!
Туды, туды яны яе завуць.
І адгукнуўся ў сэрцы, як званок,
Знаёмы спеў - шчаслiвых дзён зарок.
13
Мiнулым песня дыхала, жыла.
Як вольнасць - вольнай,
простаю была.
Але, найперш, Радзiмаю бацькоў!
У сэрцы Клары заіграла кроў.
Ды ў асалодзе песнi быў папрок,
І гонару палонніцы ён мог
Надаць бязчэсце...
Перад ёй паўстала
Знявага помстлiвая. Клара
Схапiла лютню, i струна
Звiнiць, звiнiць... прачнулася сама!
Яскраваю надзеяй у адказ
Спеў загучаў...
ды песня знiкла ўраз:
Iмгненнем усяго адным была,
Дзе нарадзiлася ды там i знемагла.
А той, хто слухаў, добра разумеў,
Гаротны, сумны дзеўчыны напеў.
Ды вельмi прызямлiў
нас мудры Бог,
Каб тую песню хто запомнiць мог.
14
За лесам дагарэла ўжо зара:
Начная верхаводзiла пара.
Дзе вартаўнiк? - Сiгнал не падае:
У дошку масянжовую не б'е
I церам не абходзiць ён кругом.
Няздара спiць? Але!
Ды вечным сном.
Да долу важкi скiнуты засоў,
А побач з iм стары. У кроў
Запэцкана сiвая барада,
I вусны сцяты й вейкi... Ой, бяда!
Набегла купка палахлiвых слуг:
Разгубленасць, сумяцiца... Наўкруг
Таўпiлiся да ранку на двары,
Галовы пасхiляўшы над старым
У шчырым спачуваннi да яго,
Не ведаючы, пачынаць з чаго.
А дзе забойца? Дзе? Чыя рука
Ўзнялася над чалом вартаўнiка?
Хто расчынiў высокае акно
I вузкае да долу палатно
Адтуль спусцiў…
а чый гэта ў пясок
Малножкай утаптаны паясок?
А госцi дзе?.. За браму след вядзе...
I Клары-паланянкi - а-нi-дзе.
15
Арсень снiў сны. Благую навiну
Баялiся паведамiць яму.
Рашылiся. Ён выслухаў. Парыў
Быў усхапiцца, ды не змог - застыў,
Як iдал мармуровы, як навец
З вачмi навыкат стрэўшы свой канец.
Пагляд халодны з бляскам, нiбы лёд,
Ён уталопiў слепа на народ.
Ускiнуў рэзка над сабой кулак,
Прамова з сiніх губ сышла як знак,
Цi як праклён, цi клятва, цi зварот -
Нiхто не зразумеў той абарот
(На русском говорил он, на родном),
Ды рэй быў цiхi, як далёкi гром.
16
Мiнулi днi. Арсень стаў зноў умець,
Як і раней: чуць, бачыць, разумець;
А раненае сэрца занiмала дых:
Было памерлым у грудзях жывых.
Ён выгнаць змог з яго сваю любоў!
Мiнулае нябыўшым хто гатоў
З землянаў здзейснiць?
А лятункам хто
Завершыць запаветны круг? Нiхто!
А ад душы якая ўлада можа
Адсекчы частку,
што пакуты множыць?
I плёну не прынёс Арсеню час,
Бо лекуе ён не заўсёды нас.
Нудзiў нутро і грыз штодня разлад,
Але спакойным знешне быў пагляд:
Стрываў удар!
Не стаў свой лёс гнявiць,
Не ведаючы, гора як знябыць.
А паказаць нiкому не хацеў,
Што захварэў ізноўку, як умеў,
Душы хваробай. І ўначы, i днём
Яна палiла лютасцi агнём.
Як колiсь ненавiдзеў ён людзей:
Бязглуздым быў - зрабiўся лiхадзей!
Ды i не мог зрабiцца iншым ён
З гарачым сэрцам - гэта вырак, плён.
17
Ёсць прыцемкi душы - сляды нягод,
Калi ў ёй на святло і цьму няўрод.
Яна ў сябе баiцца паглядзець:
Жыццё не любiць,
ненавiдзіць смерць!
I нельга звiнавацiць небадол,
Што, як налiха, весела наўкол.
Цудоўны свет! - Ахвяра тайных мук
У iм, як у сугуччы хiбны гук.
Душа вiтае бляск прыроды ўсей,
Як стрэў бы ўсмешку ката лiхадзей,
Асуджаны да кары... I назад
Яна свой накiроўвае пагляд,
Ды хваляў след расплыўся па вадзе,
I квет засохлы зноў не расцвiце!
Ёсць разбуральнiк -
бес даброт зямных:
Даруе радасць на кароткі мiг,
Каб лёсу ўдар нас загубiў хутчэй;
Ён вораг iсцiны, i неба, i людзей.
Наш слабы дух ламае, хiбiць ён,
Пакуль пакуты не знясуць, як сон,
Усё, што мы ацэнiм хоць бы раз,
Усё, што сквапна тне яго на нас.
18
Вялiкi князь пайшоў Лiтвы супроць,
Зацяты злосцю, помстаю шматкроць;
Гразiць палям i пушчам стараны,
Дзе разгарыцца полымя вайны.
Але, на волю маючы правы,
Паўстала шляхта гордая Лiтвы.
Ды глюгi хiжых птушак, зуб ваўкоў
Склыгочуць па касцях яе сыноў.
19
Нягожым шэрым днём у рускi стан
Прыйшоў без слуг, нібыта басурман,
Вядомы мужнасцю сваёй баец;
I кпiнаў нахапаўся, як хлапец.
Даўно свой ржавы меч не падымаў,
Пакою нiчыйму не замiнаў...
Чаму з'явiуся ён? Не родны край
Абараніць i не прадацца ў рай
Варожы, а (было хоць не вiдно)
Нацэлiўся на сэрца ён адно.
20
Усцяж ракi над хвалiстай вадой
Разносiць вецер бiтвы грамабой:
У полi квет і моц сваiх дружын,
Звялi iзноўку рускi i лiцвiн.
Барвовай рысай шэры небасхiл
Лiцвiнаў край надвое падзялiў.
У шэрань вецер неба абвалок,
У вочы гонiць трупны пах, пясок;
А бой iдзе! I гнецца рускi строй -
Яшчэ напор! - і скончыцца разбой!
Наўспяткi князь. Ды голас прыпынiў
Такi знаёмы - сэрца апалiў.
Ваяка стаў! Чырвоны плашч на iм,
Каб кроў не ўбачылi. Перадусiм
Узброены сякiрай баявой
І ворагi вакол ляжаць гарой.
Са свежаю крывёю на губах
Сканаў яшчэ адзiн…Апутаў жах
Сыноў Лiтвы... I конi, конi iх
Не слухаюцца цугляў баявых
Як утрымаць лiцвiнам рубяжы?
Iх гоняць, б'юць, і войска ўжо бяжыць.
Але i, павярнуўшыся назад,
Удараў на русiнаў сыпле град.
21
Арсень быў воінам, што трэба!
Славуты! Ды душы ганебу -
Агонь любвi - рашыў крывёй залiць.
Ён знелюбiў бы свет, каб не любiць
Адно стварэнне. Многа мерцвякоў
Ужо ляжала ля яго вакол;
І радасцю гарэў калючы зрок,
А помсты звер на бой яго валок.
Iшоў Арсень, мiнаючы сваiх,
Як метэор сярод свяцiл начных;
I не заўважыў, як зусiм адзiн,
Урэзаўся ў лiцвiнскi гурт дружын.
Апамятаўся позна. "Час настаў!" -
Падумаў ён, а меч яго шукаў
Апошнюю ахвяру... "Гэта ён!" -
За спiнаю раздаўся ўскрык-праклён.
Ён азiрнуўся рэзка i хацеў
Тым самым адказаць i... анямеў:
Анёлак бiтвы ў позе для ўдару
З узнятай шабляю стаяла Клара!
I маладыя воiны вакол,
I дзiдаў унушальны частакол;
Яна ж, кiруючы кагортай юнакоў,
Была сапраўдным iхнiм важаком.
Арсеня напаткаўшы, нi на мiг
Не разгубiлася. Не знiк
У голасе жанчыны маладой
Крамень. Махнула белаю рукой,
Усклiкнула: "Наперад! Бой iдзе!
Няма надзеi, покуль не ўпадзе
Надзьманны гэты рускi. Перад iм,
Я вам клянуся, мы не пабяжым!
Хто першы мне яго пакажа кроў,
Таму мая рука, мая любоў."
22
Арсень пыхлiвы твар свой адвярнуў,
Прысуд пачуўшы, як бы казырнуў.
- И ты против меня?! - усклiкнуў ён;
Ды гэта быў хутчэй адчаю плён,
Нiбыта сэрца лепшая струна
Апошнiм гукам дзынкнула сама.
З пагардай меч адкiнуў, зняў шалом,
Павольна ахiнуўшыся плашчом,
Каб аніхто пабачыць не пасмеў,
Як ён падчас канчыны пабялеў.
Тры дзiды ўраз яго праткнулi грудзi,
А грудзi адпачыць хацелi. Людзi
Адвечны бой вядуць дабра са злом.
А князя зло - яго й перамагло.
Як цар дубровы, горда ён упаў:
Не здрыгануўся i не застагнаў;
Хаця б малiтву цi жыццю папрок
Прамовiў. Не! Быў у яго зарок
Ад тых пачуццяў. Век шчаслiвы свой
Ён абагнаў, не верачы душой.
Жыццё закончыў з думкай:
"Жыў - не жыў,"
Шкадуючы зямлю, якой служыў.
Свой рай i пекла тут пабудаваў,
А iншых земляў ён не прызнаваў.
23
Заснула цiша ў цераме пустым.
Прытулак анiхто не знойдзе ў iм.
Падвор'е пустазеллем зарасло,
I пыл пакрыў былое хараство:
Святыя абразы, дыван i стол...
I сходнi, што выводзiлi на дол,
Не зарыпяць пад лёгкаю хадой
Нязломнай прыгажунi маладой.
Нi гостры меч у похве залатой,
Нi шлем, нi лук з тугою цецівой
Сцен не аздобяць, бо - на полi тым,
Дзе ён загiнуў... А ў кутку адным
Усё як колiсь: лютня ля акна
I абарваная вакол яе струна;
На мяккiм ложку з даўняе пары
Прынады Клары, нiбы днi два-тры
Таму назад дзiця краёў чужых
Сюды нядбайна паскiдала іх.
I полаг раздзiмаючы парчовы,
Гуляе вецер - шэльма бесталковы;
Ды праз фiранку тонкую акна
Цiкуе поўня - сораму няма.
24
Ёсць манастыр. На тыднi раз у iм
Мы чуем за ўпакой малiтву-гiмн;
I праваслаўны хрэсцiцца народ,
Калi Арсеня памiнае поп.
У крыптах продкаў труны ў храме
Пад радаводнымі гербамi.
Нiколi ў iхні рад не ляжа той,
Хто ў бiтве скончыў
род славуты свой.
Нi з дзёрну груд,
нi пышны маўзалей
Ягоных не захоўваюць касцей;
Нiхто па iм не галасiў..., адна
Манахiня. Бог знае, хто яна?
Што ў бедну голаў ёй зайсцi змагло?
Хто жалю да яе не меў, таго,
Хто растаптаў каханне - ёй шкада.
Ён нават быць каханым не жадаў.
З табой адной ён жорсткiм быў, як пёс;
I цi не так з iм расквiтаўся лёс.
А як не плакаць вечна ёй аб тым,
Хто знаў ашуку з розумам такiм?
У сэрца, схопленае болем, жарсць
Вялікую прынуку можа ўкласць.
У шчылiне будынiны былой
Лёс даў жытло бярозцы маладой;
I цешыць зеленню яна пагляд.
Убачыўшы красуню, путнiк рад
Прысесцi побач, з мiрам адпачыць,
А потым сумаваць, як доўга жыць
Ёй засталося ў асяродку гэтым:
Дажджамi i вятрамi перапетым.
Усё ж... натуга ветраў i дажджоў
Не могуць агалiць ёй каранёў;
I пыльны лiст на дрэўцы маладым
Трапечацца, бо хоча быць жывым.
Пераклад з расiйскай мовы Змiтрака Кунiцкага, 2013 г.
* Трэці (прынамсі вядомы ў рэдакцыі) пераклад паэмы М.Ю. Лермантава "Ліцвінка" на беларускую мову. Першы пераклад Станіслава Судніка быў упершыню апублікаваны ў часопісе "Лідскі летапісец" № 3-4 (23-24) за ліпень-снежань 2003 г. (пазней публікаваўся яшчэ некалькі разоў). Другі пераклад Уладзіміра Скарынкіна быў апублікаваны ў часопісе "Полымя" № 8 за жнівень 2012 г. Прапанаваны пераклад зрабіў Зміцер Куніцкі. 1 кастрычніка 2013 г. Зміцер Куніцкі пайшоў у лепшы свет, і гэтая публікацыя - яшчэ і памятка шчыраму беларускаму паэту.
Творчы дэсант у Баранавічах
"Драўляны летапіс гартаю..."
(Л. Дранько-Майсюк.)
"Не хлебам,
а небам паэты жывуць..."
(Э. Аулін.)
Паэт Леанід Дранько-Майсюк увайшоў у маё жыццё ў 1985 годзе сваім вершам "У Давыд-Гарадку" ў зборніку "Дзень паэзіі - 84" на Далёкім Усходзе ў г. Белагорску, тады якраз прыйшла да мяне пасылка з кнігамі з Менска.
Паэт жа Эдуард Акулін прыйшоў сваёй паэзіяй да мяне на першай сваёй творчай сустрэчы у г. Баранавічы.
Так сталася, што кожны з іх і паасобку, і разам былі на прэзентацыях, сустрэчах ці іншых мерапрыемствах у горадзе ля ракі Мышанка па 8 разоў, але выступілі перад баранаўцамі ў іх бібліятэках, ва ўніверсітэцкіх аўдыторыях, несумненна, болей.
На гэты раз творцы выступілі са сваімі літаратурнымі справаздачамі і прадставілі дзівоснае выданне "Верасень", рэдакцыйная калегія якога шукае, знаходзіць і прапагандуе найлепшыя здабыткі маладых паэтаў, празаікаў, крытыкаў... і спецыяльна іх вучыць на дасягненнях літаратуры вопытных, сталых мастакоў прыгожага беларускага пісьменніцтва.
Што і гаварыць, ПАЭЗІЯ - гэта краса Боская! А яе выразнікі - гэта боскія слугі ўладальнікі чалавечых душ!
Такое ўражанне склалася ў мяне і ад першага, і ад апошняга жывога далучэння ПАЭТЫЧНАГА СЛОВА, якое магнетычна ўкладалі ў маю істоту, у слухачоў гэтыя самаахвярныя, энергетычныя падзвіжнікі Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін.
Ад Л. Дранько-Майсюка на гэты раз зрабілі вялікае ўражанне яго цыкл вершаў, прысвечаных Л., рыфмаваная творчасць ад яго любімага сабакі-французскага бульдога Хомкі ды іншае.
Пранізліва і горда гучалі словы творцы пра абсалютна беларускага паэта, майстра акрэсленай думкі Валянціна Таўлая... Што цікава, яны былі агучаны ў Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. Таўлая, дзе раней была і дзе не стала мемарыяльнай залы яго імя, з будынка гэтай установы шмат гадоў таму была скрадзена (ворагамі творцы-рэвалюцыянера) мемарыяльная дошка Таўлаю Валянціну Паўлавічу, якая была ўсталявана ў ліпені 1987 года, яна дасюль дзякуючы абыякавасці бібліятэкараў і гарадской улады, не адноўлена, у горадзе ўлады пастаянна знаходзяць прычыны, каб не было помніка Таўлаю - выдатнейшаму, бясстрашнаму, гераічнаму, рэвалюцыянеру (з кагорты Дварчаніна, Танка, Пестрака, Іверса, майго дзядзькі Пачабыта, Прытыцкага ды іншых), дзеячу беларушчыны, беларускаму творцу, беларускаму музейшчыку, не выдадзены дасюль поўны збор яго твораў. Пры маім жыцці ў паселішчы на вуліцы яго імя не было праведзена ніводнага свята ў яго гонар, а сам транспартны прамежак, як і завулкі яго імя, не дагледжаны, чыноўнікі горада на яго мерапрыемствы не ходзяць.
Чатыры разы палякі трымалі яго ў сваіх турмах-катавальнях, здзекваліся незлічаныя разы ў сваіх пастарунках, тое ж рабілі фашысты, яны закатавалі яго бацьку і другую маці (мачыху, родная маці памерла ад халеры ў Зэльве, дзе ўладамі страчана яе магіла) ...
Эдуард Аулін прадставіў свае апошнія зборнікі, відэа касету, "Верасень", у якім ён ёсць галоўны рэдактар, пад уласную гітару спяваў песні на ўласныя тэксты. Аўдыторыя дружна падпява яму пад яго новы твор "Каханне заўжды жыве...".
На заканчэнне мы працытуем першыя 4-радкоўі аўтараў творчага дэсанту з падзагалоўка.
Леанід Дранько-Майсюк:
Драўляны летапіс гартаю:
Гароды, могілкі, царква.
Прымацаваная ганталем
На чорныай шуле спіць сава.
("У Давыд-Гарадку".)
Эдуард Акулін:
Не хлебам, а небам
Паэты жывуць...
Ім пёры анёлы
З аблокаў скубуць.
("Паэзія".)
Міхась Угрынскі,
г. Баранавічы.