Папярэдняя старонка: 2014

№ 45 (1196) 


Дадана: 05-11-2014,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 45 (1196), 5 лістапада 2014 г.


ХІІ з'езд ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"

2 лістапада ў сталічнай канферэнцзале Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра Ёганэса Раў прайшоў ХІІ з'езд Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.

Сярод прысутных на з'ездзе - народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, былы кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў, старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч (Сачанка), старшыня Саюза мастакоў Беларусі Рыгор Сітніца, надзвычайны і паўнамоцны пасол Чэхіі ў Беларусі Мілан Экерт, а таксама галоўны спецыяліст Упраўлення ўстановаў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Людміла Лебедзь.

З'езд заслухаў прывітанні гасцей, справаздачу Старшыні ТБМ Алега Трусава, старшыні Рэвізійнай камісіі Веры Канкаловіч, выступы намеснікаў старшыні Алены Анісім і Дзяніса Тушынскага, а таксама дэлегатаў з'езду.

Спадар Трусаў адзначыў такія ініцыятывы Таварыства беларускай мовы і сяброў арганізацыі: агульнанацыянальная дыктоўка, якая з поспехам праходзіць у Беларусі ды за мяжою; дзейнасць першага беларускага незалежнага тэлеканала "Белсат", а таксама выданне газеты "Наша слова". Старшыня арганізацыі дадаў, што летась годна адзначылі ўгодкі паўстання Кастуся Каліноўскага. Распачаліся курсы вывучэння польскай мовы на аснове беларускай, якія карыстаюцца вялікім поспехам. Спадар Трусаў падкрэсліў, што ўпершыню замежныя мовы пачалі вывучаць на аснове беларускай, а не расейскай.

З'езд абраў Старшынём Таварыства беларускай мовы Алега Трусава, які кіруе арганізацыяй з 1999 года.

Першым намеснікам Старшыні ТБМ абрана Алена Анісім. Намеснікамі Старшыні ТБМ абраны Дзяніс Тушынскі і Аляксандр Давідовіч - кіраўнік Менскай гарадской арганізацыі ТБМ.

З'езд абраў Раду ТБМ з 55 чалавек і Рэвізійную камісію ў складзе 5 чалавек.

З'езд зацвердзіў рэдактарам газеты "Наша слова" на новы тэрмін Станіслава Судніка, а таксама рэдкалегію газеты "Наша слова" у складзе: Алена Анісім, Юрась Бабіч, Юля Бажок, Марыя Баравік, Вінцук Вячорка, Аляксей Карпенка, Эла Оліна, Ігар Пракаповіч, Аляксей Пяткевіч, Уладзімір Содаль, Станіслаў Суднік, Павел Сцяцко, Алег Трусаў, Дзяніс Тушынскі, Аляксей Шалахоўскі.

З'езд прыняў звароты "Аб вяртанні беларускай мовы ў вышэйшую адукацыю Беларусі" і "Аб узбуджэнні вытворчасці па справе аб выдаленні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці".

(Працяг на ст. 2, 4.)


230 гадоў з дня нараджэння Тодара Нарбута

НАРБУТ (Остык-Нарбут) Тодар [Фёдар Яўхімавіч; 28.10 (8.11).1784, маёнтак Шаўры Лідскага пав., цяпер Воранаўскі р-н - 14(26).11. 1864], гісторык і археолаг.

Атрымаўшы першапачатковую адукацыю дома, у Шаўрах, Тодар Нарбут працягваў вучобу ў Лідзе, а затым у Віленскім універсітэце (1799-1803), на матэматычна-інжынерным факультэце. Вучыўся ў вядомых архітэктараў таго часу Л. Гуцовіча і М. Шульца, вывучаў інжынерную справу. У 1803 годзе паступіў у Пецярбургскі кадэцкі корпус і да 1812 служыў у рускім войску інжынерам. У 1804 годзе ўдзельнічаў у рабоце камісіі па распрацоўцы праекту рэгуляцыі Нёмана. Удзельнік руска-пруска-французскай (1806-07) і руска-шведскай (1808-09) войнах (капітан рускай арміі, вайсковы інжынер). Аўтар праекту Бабруйскай цвярдыні і ўдзельнік яе будаўніцтва. Спраектаваў і садзейнічаў будаўніцтву касцёла ў Эйшышках (1847-1852). Быў чальцом Віленскай археалагічнай камісіі.

Кавалер ордэна Святога Ўладзіміра 4-й ступені, Святой Ганны 4-й ступені, Святой Ганны 2-й ступені (1809, за будаўніцтва Бабруйскай цвярдыні).

З 1812 у адстаўцы, жыў у сваім маёнтку, даследаваў гісторыю ВКЛ. Першы на Беларусі даў азначэнне курганам як месцам старажытных пахаванняў. Вёў раскопкі ў Падняпроўі, пазней - на радзіме. У 1820 адкрыў ямнае пахаванне непадалёку ад в. Шаўры Лідскага пав. Апісаў руіны цвярдыні на Нёмане каля в. Лыскава Гарадзенскага павету. Сцвярджаў, што дрыгавічы невядомага паходжання жылі каля Кіева. Адносіў яцвягаў да скіфскіх плямён. Геральдыку Беларусі не лічыў старажытнай, бо аналагічная існавала і ў суседніх народаў. Даследаваў Лідскі замак. Збіраў і вывучаў помнікі археаграфіі. Аўтар "Гісторыі літоўскага народа" (т. 1-9, 1835-41; давёў падзеі да 1569 г.), у 1-м томе якой змясціў табліцу сваіх знаходак.

Першы том "Гісторыі літоўскага народа" займае апісанне літоўскай міфалогіі. Нарбут у велізарны лік літоўскіх бостваў і міфалагічных істот уключыў персанажаў прускай, жмудскай, збольшага славянскай міфалогіі, латышскага фальклору, таксама персанажаў, якія лічацца гістарычнымі (Бірута, Паята).

Увёў у навуковы ўжытак "Хроніку Быхаўца" (1846). Для гіст. поглядаў Нарбута характэрны ліцвінскі патрыятызм, прычым этнічных літоўцаў і беларусаў ён успрымаў як адзіны народ ВКЛ. Нарбут адзначаў, што, "злучыўшыся з Польшчай, Літва добраахвотна здала сваю незалежнасць, трапіла ў хаос польскага безуладдзя, які пазбавіў яе знешняй абароны і значэння ў суседзяў, выдаў на водкуп знішчальных войнаў" . Нарбут імкнуўся паказаць гісторыю літоўскага (у сэнсе - беларускага) народа як аднаго з роўных еўрапейскіх народаў. Ён пісаў не гісторыю дзяржавы, як было прынята ў той час у польскай і расейскай гістарыяграфіі, а менавіта гісторыю народа.

Меў багатую калекцыю археалагічных матэрыялаў. Апублікаваў шэраг артыкулаў пра Ліду, Наваградак, Індуру і інш.

Поглядамі блізкі да рамантычных гістарыёграфаў і пісьменнікаў (С. Даўкантас, Ю.І. Крашэўскі, А. Міцкевіч, Л. Юцэвіч) з характэрным узвышэннем гераічнай і экзатычнай старажытнасці.

Яго працы спрыялі папулярызацыі гістарычных ведаў на Беларусі, пашырэнню даследаванняў у вобласці нумізматыкі, гістарычнай геаграфіі, гісторыі культуры. Дзейнасць Тодара Нарбута аказала ўплыў на развіццё беларускай культуры, фармаванне беларускай нацыянальнай самасвядомасці і нацыянальна-вызвольнага руху. Усе сыны Тодара Нарбута, акрамя самага малодшага, і дачка Тадора аказаліся ў шэрагах паўстанцаў 1863 г.

Імя Нарбута носіць вуліца ў Вільні. Вікіпедыя.


На ХІІ з'ездзе ТБМ імя Ф. Скарыны Пачаты старанні па кананізацыі Францішка Скарыны

Як паведаміў ХІІ з'езду ТБМ прафесар Адам Мальдзіс, створаны Мiжнародны грамадскi аргкамiтэт па кананiзацыi Францішка Скарыны, які накіраваў адпаведны зварот да Апостальскага Нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь спадара КЛАЎДЗІЁ ГУДЖЭРОЦІ.

Мiжнародны грамадскi аргкамiтэт па кананiзацыi Францыска Скарыны № 1/10/14 31 кастрычніка 2014 г.


З В А Р О Т

да Яго Вялікасці Архібіскупа, Апостальскага Нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь Спадара КЛАЎДЗІЁ ГУДЖЭРОЦІ

Ваша Высокасць!

Інфармуем Вас, што ў нашай краіне створаны і пачынае працаваць Міжнародны грамадскі аргкамітэт па кананізацыі беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара, перакладчыка Бібліі на старабеларускую мову і аўтара прадмоў і пасляслоўяў да першага сярод усходнеславянскіх народаў выдання Святога Пісання Францыска (Францішка) СКАРЫНЫ. Яго напружаная праца - гэта сапраўдны жыццёвы подзвіг. Ён сведчыць пра веліч і аўтарытэтнасць гэтай постаці ў агульнаеўрапейскім і сусветным кантэксце.

Мы звяртаемся да Вас, Ваша Высокасць, з просьбай аказаць нашаму аргкамітэту неабходную дапамогу на няпростым, але пачэсным шляху да кананізацыі гэтай Асобы, якая па праву лічыцца стваральнікам беларускай нацыі, Чалавека, беззаганнага маральна, Хрысціяніна, заслужанага і для каталіцкай, і для праваслаўнай, і для ўніяцкай канфесій, Пакутніка за Слова Божае.

Сведчанні сказанаму Вы знойдзеце ў далучаных арыгіналах і ксеракопіях навуковых прац. Тут жа мы прывядзем у лаканічным выглядзе асноўныя аргументы:

1. Як сведчаць верагодныя крыніцы, на якія абапіраўся гісторык ордэна бернардзінцаў К. Кантак, уся сям'я Лукаша Скарыны, бацькі першадрукара, прыняла хрост у 1498 годзе ў полацкім касцёле бернардзінцаў, які насіў імя святога Францішка. Называючы сябе так, а таксама (часцей за ўсё) Францыскам, вялікі Асветнік падкрэсліваў сваю далучанасць да каталіцкага веравызнання і беларускага этнасу.

2. Там жа, у полацкіх бернардзінцаў, Францыск Скарына атрымаў бліскучую адукаванасць, дасканалае веданне лацінскай мовы, якія дазволілі яму за два гады закончыць Кракаўскі ўніверсітэт, а потым стаць доктарам Падуанскага ўніверсітэта, выкарыстоўваць тэксты, пісаныя вульгатай, пры перакладзе Бібліі.

3. Пішучы прадмовы і пасляслоўі да перакладаў Бібліі, адрасаваныя свайму, праваслаўнаму "люду паспалітаму", Скарына шырока і з веданнем выкарыстоўваў як усходнюю, так і заходнюю патрыстыку, лічыў сябе найперш хрысціянінам, выказваў ідэі, блізкія пазнейшаму ўніяцтву.

4. Толькі будучы католікам Скарына мог стаць сакратаром біскупа Яна, знаходзячыся ў Вільні ў 1520-я гг.

5. У Вільні ж Скарына ажаніўся з каталічкай, удавой свайго сябра таго ж веравызнання.

6. Аказаўшыся пазней у Празе Чэшскай, Скарына супрацоўнічаў і сябраваў з канонікам Вышаградскага кафедральнага касцёла ў імя Святога Віта Янам з Пухава, пражываў у яго доме разам з сынам, якому даў тое ж імя Францішак.

Старшыня аргкамітэта - Пётр КРАЎЧАНКА, кандыдат гістарычных навук, міністр замежных спраў РБ у 1990-1994 гг.

Сакратар аргкамітэта - Адам МАЛЬДЗІС, доктар філалагічных навук, прафесар, аглядальнік газеты "СБ. Беларусь сегодня".


Да ХІІ з'езду ТБМ

У рамках падрыхтоўкі да ХІІ з'езду ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" былі выпушчаны каляндарыкі на 2015 год з выявамі выбітных беларусаў Народнага паэта Рыгора Барадуліна і старшыні ТБМ у 1997-99 гг. паэта Генадзя Бураўкіна. Мастак Ігар Марачкін. Каляндарыкі ўручаліся дэлегатам і гасцям з'езду.


Выступ першага намесніка Старшыні Алены Анісім на ХІІ з'ездзе ТБМ 2 лістапада 2014 г.

Паважаныя сябры!

Хачу перадаць прывітанне ад першага старшыні ТБМ, народнага паэта Беларусі Ніла Сымонавіча Гілевіча, які па стане здароўя сам не можа прысутнічаць на нашым з'ездзе. Яго пажаданне ўсім нам - мірным шляхам бараніць нашу мову, хто дзе можа.


Шаноўныя сябры!

Мінула ўжо тры гады ад мінулага з'езду ТБМ. Перыяд быў не самы спрыяльны для нашай дзейнасці. Пастановы ў падтрымку развіцця беларускай мовы, што прымаліся на высокім дзяржаўным узроўні, шырока не агалошваліся і практычна не выконваліся. Тым не менш, мы не сядзелі склаўшы рукі, а працавалі дзеля практычнага пашырэння ўжывання дзяржаўнай беларускай мовы. Так, у 2012 г. з ініцыятывы ТБМ і непасрэднай працы сяброў арганізацыі ўпершыню ў нашай краіне былі выдадзены Правілы дарожнага руху на беларускай мове. Дзякуючы супрацы з партнёрамі беларуская мова з'явілася на дыску з экзаменацыйнымі заданнямі па Правілах дарожнага руху. Засталося дамагчыся таго, каб беларуская мова стала афіцыйнай для выбару падчас здачы экзамена на правы кіроўцаў.

Мы працягвалі таксама працу над стварэннем размоўнікаў. Напрыканцы 2013 года на ўзор "Беларуска-англійскага размоўніка" пры падтрымцы Амбасады Швецыі ў Беларусі і Шведскага Інстытута быў выдадзены "Беларуска-шведскі/шведска-беларускі размоўнік". Гэтыя выданні могуць стаць часткай больш значнай справы - стварэння комплексу для міжнароднай сертыфікацыі беларускай мовы. Распавяду пра гэта крыху больш. На мінулым з'ездзе мы закранулі пытанне стварэння Міжнароднага сертыфікату беларускай мовы. І на сённяшні дзень невялікай групай навукоўцаў, выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў краіны сумесна з ТБМ падрыхтаваны пробныя тэсты для ацэнкі ўзроўню валодання беларускай мовы замежнымі грамадзянамі па шасці ўзроўнях. Пяць кніг ужо выдадзены, шостая - у друку. Для паўнавартаснага сертыфікату яшчэ давядзецца папрацаваць, але мы маем надзею, што наша справа будзе падтрымана на дзяржаўным узроўні. І неўзабаве любы замежны грамадзянін зможа праверыць сваё веданне беларускай мовы і атрымаць адпаведны афіцыйны сертыфікат. У гэтым нам гатовы дапамагаць і прадстаўнікі бізнес-супольнасці.


У справаздачны перыяд мы ладзілі таксама шмат мерапрыемстваў асветна-культурніцкага кірунку. Так, старшыня Партызанскай рады ТБМ сп. Алесь Цыркуноў арганізоўваў мастацкія выставы, прысвечаныя дзейнасці нашых славутых дзеячаў. Перыядычна ў нас наладжваліся прэзентацыі кніг, цікавыя дыскусіі. Увесну гэтага года мы правялі прэзентацыю кнігі актыўнага сябра Яўгена Гучка, а таксама дыскусію з Пятром Садоўскім. Вось ужо год дзейнічае гістарычная школа ТБМ, практычна штотыдзень тут адбываюцца кінапаказы і затым абмеркаванні з старшынём нашай арганізацыі Алегам Трусавым.

Акрамя асветна-культурніцкай дзейнасці мы пры неабходнасці аказвалі сябрам ТБМ і нашым прыхільнікам кансультатыўную, а таксама юрыдычную дапамогу ў межах дзейнага заканадаўства.

Нагадаю яшчэ некаторыя нашы кампаніі, накіраваныя на захаванне пазіцый беларускай мовы ў розных сферах грамадства: збор подпісаў за захаванне беларускай лацінкі, патрабаванне пакінуць норму першаснага прысваення найменняў геаграфічным аб'ектам на беларускай мове ў законе аб назвах геаграфічных аб'ектаў і іншыя.


Шаноўныя сябры!

Пытанне пашырэння ўжывання беларускай мовы застаецца актуальным. На маю думку, у нас ёсць адзіны шлях: кансалідаваць усе сілы грамадства на глебе павагі да сваёй гісторыі, культуры, нацыянальнай мовы, рабіць самім і спрыяць іншым у стварэнні разнастайнай прадукцыі на беларускай мове. Мы павінны мець распрацаваныя ўзоры ўсіх дакументаў на беларускай мове, бланкаў, усяго, што неабходна, каб можна было карыстацца роднай мовай у любой сферы.

Вядома, не ўсё намі зроблена для таго, каб дзяржаўная беларуская мова стала паўнапраўнай гаспадыняй у сваёй краіне, тым не менш лічу, што дзейнасць нашай арганізацыі ў справаздачны перыяд была здавальняльнай.

Дзякую за ўвагу.

Алена Анісім.


Паседжанне Рады ТБМ

2 лістапада адбылося паседжанне новаабранай Рады Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".

Былі разгледжаны два пытанні:

1. Аб складзе Сакратарыяту ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны";

2. Аб удзеле ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" ў Кангрэсе за незалежнасць.

Па першым пытанні быў зацверджаны Сакратарыят у складзе 12 чалавек.

Па другім пытанні Старшыня ТБМ Алег Трусаў паведаміў, што створаны Аргкамітэт Кангрэсу за незалежнасць і створаны ў асноўным з сяброў ТБМ. З палітычна - грамадскіх сілаў ідэю правядзення Кангрэсу падтрымлівае Партыя БНФ (ёсць адпаведнае рашэнне з'езду Партыі БНФ) і Рада інтэлігенцыі. У бліжэйшы час да аргкамітэту павінны далучыцца прадстаўнікі Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ і Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына". Такім чынам у рамках аргкамітэту ідзе згуртаванне сапраўды нацыянальных сілаў.

Сябры Рады ТБМ аднагалосна падтрымалі ідэю правядзення Кангрэсу за незалежнасць і самы актыўны ўдзел у аргкамітэце сяброў ТБМ.

На паседжанні Рады прысутнічаў адзін з сустаршынь З'езду за незалежнасць 2000 года акадэмік Радзім Гарэцкі.

Пра тэрміны правядзення Кангрэсу было сказана наступнае: аргкамітэт будзе весці працу па падрыхтоўцы Кангрэсу з тым, каб Кангрэс за незалежнасць адбыўся ў прамежку часу: снежань 2014 года - 25 сакавіка 2015 года.

Такім чынам Рада ТБМ афіцыйна пастанавіла, што ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" з усімі сваімі структурамі ўдзельнічае ў Кангрэсе за незалежнсць.

Наш кар.


Прозвішчы Беларусі.

Частка II: Найменні знакамітых людзей

(Паводле матэрыялаў беларускамоўнага друку)

З моманту, калі намі была складзена картатэка разгледжаных прозвішчаў Беларусі, прайшоў пэўны час, і яна папоўнілася на сёння новымі адметнымі найменнямі знакамітых людзей краіны. Гэта запатрабавала працягу расшыфроўкі такіх найменняў. Аўтарам гэтых радкоў падрыхтаваны новыя антрапанімічныя эцюды "Прозвішчы Беларусі. Частка II". Тут аналізуюцца новыя адметныя сямейныя онімы знакамітых людзей нашай рэспублікі, пачэрпнутыя з беларускіх нацыянальных крыніц - перыядычных беларускамоўных выданняў (часопісаў, газет, "Веснікаў"), а таксама з энцыклапедый, кніг. Трапяць у поле зроку аўтара і тыя з асабовых сямейных найменняў, што не былі з розных прычын разгледжаныя на старонках "Нашага слова" ці ўзніклі новыя версіі іх расшыфроўкі. Антрапанімічныя нарысы, як і раней, падаюцца з улікам алфавітнай паслядоўнасці онімаў.

Аксаміт (Лілея А.) - семантычны дэрыват ад апелятыва аксаміт 'шоўкавая тканіна з мяккім, гладкім і густым ворсам', 'мошаст'. Паходзіць з мовы грэкаў: hexamitos - 'з шасці нітак'.

Аксамітаў (Анатоль А.) - форма прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Аксаміт і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Аксаміт-аў . ФП: аксаміт (апелятыў 'тканіна') - Аксаміт (мянушка) - Аксаміт (прозвішча) - Акса-мітаў .

Алавяннік (Алег А.) - семантычны дэрыват ад апелятыва алавяннік 'майстар, які вырабляе рэчы з волава - алавяны посуд, начынне'. ФП: волава ('хімічны элемент, мяккі коўкі метал серабрыста-белага колеру') - алавяны ('зроблены з волава, складаеццы з волава, мае ў сабе волава') - алавяннік ('майстар алавяных рэчаў') - Алавяннік (мянушка) - Алавяннік .

Алекса (Альберт А.) - размоўна-гутарковая форма ад кананічнага Аляксей (вядомая і ўкраінскай мове: Олекса , і польскай: Аleksy ).

Арашонкава (Ганна А.) - прыметнікавая форма з фармантам -ава ад антрапоніма Арашонак і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Арашонк-ава . ФП: Ерафей (імя) - Арош - Арашонак ('нашчадак Ароша') - Арашонкава .

Арцім е ня і Арц ы ме-ня , Арцям е ня (Ганна А., Дміры А.. Алег А.) - дэрываты з фармантам -еня ад антрапоніма Арцём , яго варыянтаў Арцім і Арцым і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Арцём- е ня ( Арцям- е ня ), Арцім- е ня і Ар-цым- е ня . ФП: Арцём і Арц е мій (імёны) - Арціменя, Арцяменя ; форма Арцыменя з расейскага напісання (пасля "ц" пішацца "ы").

Арцішэўскі (Аляксандр А.) - утварэнне з фар-мантам прэстыжнасці -эўскі ад антрапоніма Арціх і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Арціш-эўскі . ФП: Арцём (імя) - Арцісь - Арціш - Арцішэўскі .

Астравецкі (Дзмітры А.) - утварэнне з фармантам - цкі (-скі ) ад тапоніма Астравец і семантыкай 'жыхар ці народзінец названага паселішча': Астравец-скі - Астраве-цкі . ФП: востраў ('частка сушы, акружаная вадой', 'участак, які вылучаецца чым-небудзь сярод навакольнай мясцовасці' (сухое месца сярод балота, невялікі лес сярод поля і пад.) - Востраў і Вострава (найменне паселішча - хутара, вёскі і пад.) - Астравец ('жыхар гэтага паселішча') - Астравецкі (з поўнага наймення Астравецкі чалавек) - Астравецкі .

Астрожскі (Канстанцін А.) - утварэнне з фармантам -скі ад тапоніма Астрог ('родавы маёнтак', потым 'горад у Ровенскай вобласці Украіны') і семантыкай 'народзінец названай мясцовасці (паселішча)': Астрог-скі - Астрож-скі . ФП: астрог ('горад, абнесены частаколам' - даўнейшае значэн-не) - Астрог (уласная назва паселішча) - Астрожскі ('чалавек з паселішча Астрог ') - Астрожскі (празванне) - Астрож-скі .

Астроўскі (Юры А.) - утварэнне з фармантам -скі ад тапоніма Астраво (< Востра-ва ) і семантыкай 'жыхар (на-родзінец) названай мясцовасці': Астраў-скі - Астроўск і. ФП: востраў ('частка сушы', 'участак мясцовасці') - Востраў (тапонім) - востраўскі - Вост-раўскі ('з Вострава ') - Аст-роўскі .

Атрашэнка (Сяргей А.) - утварэнне з фармантам - энка ад антрапоніма Атроша і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Атраш-энка . ФП: Тра-фім і Трахім (імя) - Атрох і Атроша - Атрашэнка .

Бабрычэня (Іван Б.) - утварэнне з фармантам -эня ад антрапаніма Бобрык і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Бабрыч-эня . ФП: бобрык , памяншальна-ласкальнае ад бобр бабёр 'жывёліна атрада грызуноў, якая жыве ў лесе каля рэк і вадаёмаў і мае каштоўнае футра', а таксама 'футра і адзенне з яго') - Бобрык (мянушка, потым прозвішча) - Б о- брычэня - Бабрыч э ня.

Багатырэвіч (Вольга Б.) - форма бацькаймення з фармантам - эвіч ад антрапаніма Багатыр і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Багатыр-эвіч . Утваральнае слова - семантычны дэрыват ад апелятыва багатыр 'багаты чалавек, багач, багацей'. ФП: багаты ('заможны') - багатыр - Багатыр - Багатырэвіч.

Бажок (Юля Б.) - семантычны дэрыват ад апелятыва бажок - утварэння з су-фіксам -ок (памянш.-ласк.) ад бог 'адмысловы спецыяліст'. У іншых рэгіёнах Беларусі тоеснае значэнне маюць дэрываты на -ко : Бажко (Алесь Бажко). Як і Чарток і Чартко і пад.

Баль (Барыс Б.) - утварэнне ад Балтазар , імя каталіцкага каляндара, польск. Baltazar ; на Беларусі бытавалі формы гэтага імя: Баль, Балец, Балько, Балюк (М. Бірыла. Беларуская антрапанімія, 1966). У народнай мове магло ўзнікнуць паводле асацыяцыі з вядомым словам баль , якое мае семантыку 'вечарына з танцамі і вясёлымі забавамі', 'вялікі званы абед' і (перан. пагардл.) 'нястрымны разгул чаго-небудзь (рэакцыі, ваеншчыны і пад.)'.

Балінскі (Міхал Б.) - дэрыват з фармантам -інскі ад 1) антрапоніма Баль і семантыкай 'нашчадак названай асобы'; 2) ад тапоніма Б а лі і семантыкай 'жыхар ці народзінец названага паселішча (мясціны)': Бал- і нскі .

Барткевіч (Леанід Б.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Бартко і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Бартк-евіч . ФП: Барталамей (імя ка-таліцкае) - Бартко (памянш.) - Барткевіч . У праваслаўных - Варфаламей , а па-за межамі Беларусі Барталам е а (нескл.) (Арфаграфічны слоўнік беларускай мовы. 2010 г.).

Барсукова (Ірына Б.) - прыметнікавая форма з фармантам -ова ад антрапоніма Барсук і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Барсук-ова . Утваральнае слова ад апелятыва барсук 'лясны драпежны пушны звер сямейства куніцавых з вострай мордай і доўгай грубай шэрсцю'. ФП: барсук (звер) - Барсук (мянушка, по-тым прозвішча) - Барсукова .

Барч у к (Вольга Б.) - семантычны дэрыват ад апелятыва барчук (рас. ) 'паніч', 'сын пана'.

Басава (Ірына Б.) - форма прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Бас і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Бас-ава . ФП: бас ('самы нізкі мужчынскі голас', 'спявак з такім голасам', а таксама 'духавы або струнны музычны інструмент нізкага рэгістра') - Бас (празванне, потым прозвішча) - Басава .

Басав е ня (Маргарыта Б.) - дэрыват з фармантам -еня ад антрапоніма Басава і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Басав-еня .

Баярскі (Віктар Б.) - дэрыват з фармантам - скі ад тапоніма Баяры і семантыкай 'жыхар ці народзінец названага паселішча': Баяр-скі .

Белакурская (Жана Б.) - дэрыват з фармантам -ская ад антрапоніма Белакуры і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Белакурская . ФП: бе-лакуры ('са светла-русымі валасамі') - Белакуры (мянушка, потым прозвішча) - Белакур-ская . Або ад тапоніма Бела-куры : Белакурская .

Белановіч (Міхаіл Б.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Белан і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Белан-овіч . ФП: белы (колер) - Белы (ант-рапонім) - Белан (утварэнне з -ан як антрапонім - семантычны дэрыват ад белан ( бялан ) 'белы вол, сабака' - г. зн. 'бландзін' (украінск. білан ) - Белановіч .

Бельскі (Алесь Б.) - дэрыват з фармантам -скі ад 1) тапоніма Белае (возера, участак сушы, поля) і семантыкай 'народзінец ці жыхар названай мясціны, паселішча'; 2) антрапоніма Белы і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Бельскі . ФП: белы (колер) - белае, бель (паняцце белізны) - Белы (мянушка, потым прозвішча) - Белае (тапонім) - Бельскі .

Бечык (Варлен Б.) - дэрыват з суфіксам -ык ад антрапоніма Беч і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Беч-ык . Незафіксаванае прозвішча Беч узнаўляецца з наймення вёскі Бечы (мн. лік ад Беч ) непадалёку ад Турава (гар. пасёлак). Беч сыходзіць да цюркізма бек 'князь'. ФП: бек ('князь' мн. бекі ('князі') - бечы (к/ч) - беч - Беч - Бечык .

Бірукова (Валянціна Б.) - дэрыват з суфіксам прыналежнасці -ов-а ад антрапоніма Бірук і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Бірук-ова . ФП: бірук (рэг. 'воўк', 'нелюдзімы чалавек' - (цюркізм) - Бірук (мянушка, потым про-звішча) - Бірукова .

Бітэль (Пятро Б.) - семантычны дэрыват ад літуанізму бітэль < bitele 'пчолка' і яго антрапоніма Бітэліс шляхам асваення: Бітэль (адцінаецца - іс ).

Бічэль (Данута Б.) - паходжанне прозвішча, відаць, тоеснае з Бітэль : Бітэль - Біцель - Бічэль . Іншамоўнасць выяўляецца з яго неасвоенасці - захаванні ненаціскнога "э". Або ад біч (частка цэпа) - Біч (мянушка) - Біч-эль -Бічэль .

Богдзель (Алена Б.) - народна-гутарковая форма з сегментам -ель ад кананічнага імя Багдан (Богдан) набыла функцыю прозвішча.

Бранч э ль (Вадзім Б.) - семантычны дэрыват ад апелятыва бранчэль - утварэння з суфіксам -эль ад бранчаць ( брынкаць ) 'адзывацца пры ўдары гукам, падобным да лёгкага звону; дзвынкаць' або 'няўмела ці ляніва іграць на інструменце', г. зн. "дзвынкала", "няўклюдны муз ы ка". ФП: бр ы нкаць - брынч а ць - брын-чэль - Брынчэль .

Брэль (Віталь Б.) - рэгіянальная (дыялектная) фор-ма ад вядомага Брыль (гл. Брыль Янка).

Будай (Уладзімір Б.) - семантычны дэрыват ад апелятыва будай - утварэння з суфіксам -ай ад будаваць ( буд-ай ) з семантыкай 'будаўнік'; параўн. ваджай 'канавод'. ФП: будаваць - будай - Будай . Або як варыянт ад слова буда 'шалаш, будан'.

Бузук (Іван Б.) - семантычны дэрыват ад апелятыва бузук - утварэння ад бузіць 'шумець, скандаліць', г. зн. 'шумлівы, скандальны'. Або ад бузаваць ('псаваць, трапаць, не берагчы што-небудзь') - буз-ук 'неберажлівы чалавек' - Бузук (мянушка) - Бузук .

Булавацкі (Андрэй Б.) - адтапанічны дэрыват з суфіксам -скі ад Булавач ы і семантыкай 'народзінец ці жыхар названага паселішча': Булавач-скі - Булавацкі ( чс=ц ). Або ад апелятыва булава 'від зброі'; 'знак улады; ад яго антрапонім Булава ('уладар') - Булавацкі - утварэнне з прэстыжным фармантам -ацкі ад антрапоніма Булава і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Булавацкі . Апелятыў булава мае і пераноснае значэнне (лаянкавае) 'някемлівы', 'неразумны чалавек'. Прозвішча Булавацкі ад Булава (мянушка 'пра някемлівага чалавека') як бы нейтралізуе гэтую семантыку праз суфікс прэстыжнасці -ацкі .

Булыка (Аляксандр Б.) - дэрыват з фармантам -ыка ад антрапоніма Була і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Булыка . ФП: була (гістарычна) 'папская грамата', 'папскае пасланне (лац. bula )' - Була (пра-званне, потым прозвішча) - Булыка . Параўн.: улада - уладыка .

Буча (Мікалай Б.) - семантычны дэрыват ад апелятыва буча 'шум, скандал, перапалох' або перан. 'кіпучае жыццё, вір'.

Быкоўскі (Альфрэд Б.) - дэрыват з фармантам -оўскі ад тапоніма Быкі і семантыкай 'народзінец ці жыхар названага паселішча': Быкоўскі .

Бычкоўскі (Алег Б.) - утварэнне з тапанімічным фармантам -оўскі ад Бычкі і семантыкай 'народзінец ці жыхар названага паселішча': Бычк-оўскі.

Бялькевіч (Антон Б., Іван Б.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Бялько і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Бялькевіч . ФП: белы (колер) - Белы (мянушка, потым прозвішча) - Бялько (утварэнне з суфіксам -ко ад белае, бель і семантыкай антрапоніма) - Бя-лькевіч .

Бяляеў (Мікалай Б.) - прыметнікавае ўтварэнне з суфіксам -еў ад антрапоніма Бяляй і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Бяляй-еў . ФП: белы (колер) - Белы (антрапонім) - Бяляй (антрапонім з суфіксам -ай ад апялятыва бяляй 'белаваты, бялявы') - Бяляеў .

Бяляй (Максім Б.) - семантычны дэрыват ад апелятыва бяляй : 'бялявы', 'белаваты'.

Бяляк (Юзаф Б.) - семантычны дэрыват ад апелятыва бяляк 'заяц, які мяняе зімой колер поўсці на белы'.

Бяляўскі (Восіп Б.) - утварэнне з фармантам -скі ад антрапоніма Бялявы і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Бяляў-скі . Або адтапанімічны дэрыват з -скі ад Бялявае ( Бялявы ) і семантыкай 'народзінец ці жыхар названага паселішча (мясціны)': Бяляўскі .

Вазіла (Аляксандр В.) - семантычны дэрыват ад апелятыва вазіла - ўтварэння ад дзеяслова вазіць з суфіксам - л-а і семантыкай 'той, хто возіць', 'вазак', 'фурман', звычайна з адценнем непахвальнасці.

Вайніловіч (Анатоль В.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Вайніла і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Вайніл-овіч . ФП: вайна - вай-ніла ('хто мае дачыненне да вайны') - Вайніла (мянушка, потым прозвішча) - Вайніловіч . Параўн. Вайнілы - вёска Чавускага раёна - мн. лік ад Вайніла .

Вайцешка (Ніна В.) - дэрыват з фармантам -ка ад антрапоніма Войцех і семантыкай 'жонка ці дачка названай асобы': Войцех-ка - Вайцеш (х/ш)-ка . ФП: Войцех (імя) - Войцех (прозвішча) - Вайце-шка . Прозвішчам магла стаць і экспрэсіўная форма ад імя Вой-цех : Вайцешка (непахвальнае).

Вайцюкевіч (Н.В.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Вай-цюк і семантыкайм 'нашчадак названай асобы': Вайцюк-евіч . ФП: Войцех (імя) - Вайцюк - Вайцюкевіч.

Валатоўскі (Міхаіл В.) - адтапанімічнае ўтварэнне з фармантам -скі ад Валатоўка і семантыкай 'жыхар ці народзінец названага паселішча': Валатоў(к)-скі . Або семантычны дэрыват ад прыметніка ва-латоўскі 'які мае адносіны да волата', 'як у волата'.

Валахановіч (Леанід В.) - форма бацькаймення з суфіксам -овіч ад антрапоніма Валахан і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Валахан-овіч . ФП: валахан ('скапец' (украінск.) - Валахан (мянушка, потым прозвішча) - Валахановіч .

Валаховіч (Леанід В.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Валах і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Валах-овіч . ФП: валах ('конь', 'парсюк', 'пакладаны баран', а таксама 'той, хто пакладае') - Валах (мянушка, потым прозвішча) - Валаховіч .

( Працяг у наст. нумары.)

Павел Сцяцко


Аб вяртанні беларускай мовы ў вышэйшую адукацыю Беларусі

Зварот ХІІ з'езду ТБМ да беларускага Ураду

У апошні час кіраўніцтва Беларусі, у прыватнасці намеснік прэм'ер-міністра А.А. Тозік, неаднаразова звярталася да нашай грамадскасці па пытаннях пашырэння ўжывання дзяржаўнай беларускай мовы ў розных сферах жыцця краіны, у тым ліку, і ў сістэме адукацыі.

Пагаджаючыся з гэтымі выказваннямі, ХІІ з'езд ТБМ адзначае, што людзі павядуць дзяцей у беларускія школы толькі тады, калі на беларускую мову выкладання актыўна пяройдуць ВНУ.

У сувязі з гэтым дэлегаты з'езду прапануюць стварыць Нацыянальны беларускі ўніверсітэт, дзе ўсе прадметы будуць выкладацца па-беларуску, і надаць яму імя Францішка Багушэвіча - класіка беларускай літаратуры.

Адным з варыянтам стварэння ўніверсітэта можа быць вылучэнне на базе БДУ выкладчыкаў і студэнтаў, якія могуць і хочуць выкладаць і вучыцца на роднай беларускай мове ў асобную структуру. Сябры ТБМ ужо сабралі некалькі дзесяткаў тысяч подпісаў грамадзян Беларусі ў падтрымку нашай прапановы і могуць у любы час перадаць іх уладам Белаурусі.

З наступнага навучальнага года можна таксама стварыць у кожнай ВНУ краіны беларуска-моўныя плыні і групы для будучых студэнтаў і абвясціць пра гэта ў СМІ.

Прыняты 2 лістапада 2014 г.


ЦІ ПАТРЭБНЫ НАМ БЕЛАРУСКІ ЎНІВЕРСІТЭТ

або роздумы пасля ўступнай кампаніі

Апошнім часам усё часцей на пасяджэннях рознага ўзроўню пачалі падымацца пытанні рэанімацыі беларускай мовы. І адным з такім рашэнняў называецца выкладанне ва ўніверсітэтах Беларусі ўсіх прадметаў на беларускай мове. Гэта, маўляў, будзе стымуляваць дзяцей вучыць беларускую мову. Вось менавіта над гэтым пытаннем я і хацеў бы крыху паразважаць.

Кіраўніцтва УА "Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт" досыць спрыяльна ставіцца да мовы тытульнай нацыі Рэспублікі Беларусь. І таму было прынята рашэнне стварыць ва ўніверсітэце беларускамоўную групу, у якой усе прадметы выкладаліся б на беларускай мове. Ідэя цікавая, паколькі на выхадзе мы мелі б сапраўды двухмоўнага доктара: рускай мовай ён і так валодае, а ў дадатак яшчэ і прафесійная падрыхтоўка на беларускай мове. Зразумела, што медыцына - справа вельмі сур'ёзная. Таму і падрыхтоўка да стварэння такой групы была досыць працяглай і не менш адказнай. Па-першае, на кафедрах былі адабраны лепшыя выкладчыкі, якія ведаюць беларускую мову і хацелі б выкладаць на беларускай мове свой прадмет. Да гонару айчыннай медыцыны, у многіх падраздзяленнях на адну вакансію знаходзіліся па 3-4 ахвотныя. Так сабраўся калектыў рупліўцаў, сярод якіх амаль усе з'яўляюцца дацэнтамі і прафесарамі. Гэтая група пачала на працягу года наведваць заняткі па беларускай мове, павышаючы свой лексічны патэнцыял. Паралельна на кафедрах пачалі або пісаць, або перакладаць з рускай мовы дапаможнікі і метадычкі па медыцынскіх дысцыплінах. Такім чынам за год была створана пэўная база для прыёму першакурснікаў. Аб'явы пра набор у беларускамоўную групу з'явіліся на сайце ўніверсітэта і на старонцы абітурыента, неаднаразова прагаворвалася ідэя беларускамоўнай групы на Дні адчыненых дзвярэй ГрДМУ, была размешчана падрабязная інфармацыя на стэндах, прызначаных для абітурыентаў. Яшчэ больш актыўна гэтая праца разгарнулася ў час прыёму дакументаў. Кожнага абітурыента пры падачы дакументаў апытвалі, на якой мове ён хацеў бы навучацца, інфармуючы, што адчыняецца беларуская група. Таксама ў прыёмнай камісіі працаваў выкладчык беларускай мовы, які тлумачыў маладым людзям і іх бацькам сутнасць такіх груп, станоўчыя моманты такога навучання, асабліва для выпускнікоў беларускамоўных школ, даваў адказы на ўзнікшыя пытанні. Што ж у выніку?

Усяго падавалі дакументы ў Гарадзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт каля тысячы абітурыентаў. Выказалі жаданне вучыцца на беларускай мове… 18 чалавек. З іх прайшлі па конкурсе на лячэбны факультэт 6 і на педыятрычны 2. Такім чынам, не хапіла студэнтаў нават на адну акадэмічную групу.

А зараз дазвольце некалькі суб'ектыўных вывадаў, якія склаліся пасля размовы ўжо з першакурснікамі на тэму беларускіх груп.

Па-першае, праз нізкую якасць навучання ў школе большасць выпускнікоў не валодае сёння беларускай мовай, аб чым яны сумленна і кажуць.

Па-другое, выпускнікі, якія здавалі на ЦТ беларускую мову і атрымалі высокія вынікі, тым не менш баяцца, што не адолеюць вучобу на роднай мове. "Вось каб з першага класа ўсё выкладалася па-беларуску".

Па-трэцяе, выпускнікі беларускамоўных школ, якім, здавалася б, толькі вітаць з'яўленне такіх груп, паколькі на першым курсе амаль школьная праграма: хімія, біялогія, фізіка, гісторыя - адмаўляюцца найбольш рашуча. "Хачу, як усе вучыцца". Хаця практыка паказвае, што працэс пераходу на рускамоўнае навучанне для іх вельмі і вельмі цяжкі.

А хто тыя 18 прыхільнікаў беларускай мовы, што адважыліся на навучанне на роднай мове. Два чалавекі скончылі беларускія школы, астатнія - рускія. Практычна ўсе прадстаўляюць раённыя гарадкі. Асноўны матыў выбару - "гэта ж цікава - быць першымі; а мне падабаецца размаўляць па-беларуску; гэта, думаю, перспектыўна…".

А што далей? Калі ў наступную прыёмную кампанію ўніверсітэтаў з беларускімі групамі істотна паболее, сярэднім школам прыйдзецца звярнуць увагу на якасць выкладання беларускай мовы, паколькі аргумент: "А дзе яна спатрэбіцца?" - ужо будзе не актуальны.

Неабходна зрабіць абавязковымі на ЦТ абедзве дзяржаўныя мовы - пра гэта казалі і студэнты. Тады беларускую мову пачнуць сапраўды вучыць, адносіцца да яе з павагай. Што яшчэ? Упэўнены, ёсць і іншыя прапановы.

Ну а Гарадзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт у 2015 годзе зробіць чарговую спробу набраць беларускамоўную групу. Прыходзьце, калі ласка!

Віктар Варанец , г. Гародня.


Пра беларускую мову згадалі на паседжанні прэзідыума Саўміна

Ключавыя праблемы беларускай сістэмы адукацыі і шляхі яе мадэрнізацыі разгледзелі 28 кастрычніка на паседжанні прэзідыума Саўміна. "У сістэме адукацыі назапасілася досыць шмат - я б не сказаў праблем, але, можа быць, пытанняў", - прызнаў кіраўнік Ураду Міхаіл Мясніковіч.

Тэму адукацыі неаднаразова падымаў і кіраўнік дзяржавы, а высновы, зробленыя створанай па яго даручэнні працоўнай групай, агучыў віца-прэм'ер Анатоль Тозік.

- Мы вылучылі асноўныя праблемныя пытанні, якія сёння стрымліваюць і замінаюць развіццю сістэмы адукацыі, і выпрацавалі прапановы па іх рашэнні, - распавёў Тозік. Выніковая справаздача будзе накіраваны для разгляду прэзідэнту краіны. Пры яго згодзе плануецца падрыхтаваць і зацвердзіць план мерапрыемстваў на 2015-2017 гады па рэалізацыі гэтых прапаноў.

Ахілесава пята адукацыі - школа.

Асноўная ўвага працоўнай групы была сфакусавана на агульнаадукацыйнай школе.

- Трэба адзначыць, - прызнаў Тозік, - што агульна-адукацыйная школа - гэта ключавое звяно ў сферы адукацыі і ў той жа час, як паказала вывучэнне гэтых пытанняў, яе ахілесава пята.

Менавіта ў гэтым сектары, канстатавалі адмыслоўцы, выяўляецца найвялікая колькасць праблем. "Асноўныя з іх - гэта зніжэнне ўзроўню і якасці агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі навучэнцаў, нізкі прэстыж прафесіі настаўніка, зарэгламентаванасць працы школы, нізкая матывацыя навучэнцаў да вучобы і пазіцыя пабочных назіральнікаў у іх бацькоў, - адзначыў віца-прэм'ер.

Тозік канстатаваў, што за кошт 11-гадовай сярэдняй адукацыі і пяцідзённага навучальнага тыдня беларуская школа апынулася ў велізарным адрыве па колькасці навучальных дзён у годзе ад сусветных лідараў па якасці сярэдняй адукацыі. Калі ў Беларусі навучальны год доўжыцца 170-173 дні, то ў Нямеччыне і Францыі - 230, у Японіі, Карэі і Кітаі - 260. Прычым, дадаў ён, у гэтых краінах навучанне доўжыцца 12 ці 13 гадоў, і колькасць навучальных гадзін у дзень большая, чым у Беларусі, што робіць адрыў яшчэ больш небяспечным. "Калі гэтую сітуацыю не папраўляць, то мы можам пачаць выпускаць у жыццё неканкурэнтаздольнае пакаленне", - папярэдзіў віца-прэм'ер.

Ён таксама адзначыў, што нават у параўнанні з навучальнымі планамі Расіі, дзе многія праблемы падобныя з беларускімі, беларускія школьнікі вывучаюць матэматыку на 245 гадзін менш, біялогію - на 70 гадзін, фізіку - на 175. "Зніжэнне ўзроўню ведаў па гэтых прадметах адзначаюць усе - і вучні, і настаўнікі, і бацькі", - дадаў віца-прэм'ер. Ён панаракаў, што з навучальных планаў сышлі прадметы культуралагічнага цыклу, першым чынам - айчынная і сусветная мастацкая культура. Ёсць праблемы з замежнымі і беларускай мовай. З апошняй, падкрэсліў Тозік, становішча трэба папраўляць. "Настаўнікі беларускай мовы з трывогай адзначаюць, што ў многіх вучняў гарадскіх школ ужо згублены артыкуляцыйныя асаблівасці вымаўлення гукаў беларускай мовы. Гэта значыць, што дзеці не маюць навыкаў вымаўлення гукаў, характэрных толькі для нашай мовы" , - дадаў ён.

Нямала прэтэнзій знайшлося і да якасці падручнікаў. "Праблема стаіць вельмі востра", - прызнаў віца-прэм'ер. Працоўная група лічыць, што ў перавыданні падручнікаў і іх дапрацоўцы трэба "шырока выкарыстоўваць досвед савецкай школы, дзе падручнікі лёгка засвойваліся і былі максімальна карысныя для жыцця".

TUT.BY.


ДЗЯДЫ - 2014 У МЕНСКУ

У дазволеным уладамі шэсці, якое прайшло 2 лістапада вуліцамі беларускай сталіцы да ўрочышча Курапаты, удзельнічала каля 400 чалавек. "На Дзяды прыходзяць Беларусы з вялікай літары", - кажа адзін з арганізатараў шэсця і мітынгу, намеснік старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі.

- Калона ідзе пад нашымі нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі. Вельмі многа сцягоў. Патрыёты Беларусі тут сабраліся. Людзі адгукнуліся на прысутнасць тут украінскага сцяга, падтрымалі словамі "Слава Украіне!". Прыйшлі Беларусы з вялікай літары, я б так сказаў. Многа моладзі. Цягам апошніх гадоў мы бачым такую тэндэнцыю, што амаль на 80% калона складаецца з маладых людзей.

На мітынгу, які пачаўся ў 12.20 у Курапатах быў зачытаны зварот Зянона Пазьняка, у якім лідар Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ перасцярог ад небяспекі, што ідзе ад Расеі, і заклікаў беларусаў быць гатовымі абараняць сваю Радзіму.

- Калі ацэньваць сённяшняе шэсце і мітынг як паказнік актыўнасці і скансалідаванасці апазіцыі, яе магчымасцяў, то настрой не вельмі аптымістычны, - кажа лідар нефармальнага аб'яднання "Маладая Беларусь" Артур Фінькевіч. - Але ў той сітуацыі, у якой мы ўсе ёсць, няма іншага выйся, як гуртаваць і аб'ядноўваць сілы, спрабаваць, каб тыя людзі, які на сённяшні момант падтрымліваюць апазіцыю, захаваліся і памножыліся. І ў нейкі вырашальны момант, калі будзе вырашацца сітуацыя ў нашай краіне, трэба, каб мы былі да гэтага гатовы. Наша святая задача - такія дні, як Дзяды, Дзень Волі, Чарнобыльскі шлях, памятаць, прыводзіць людзей па магчымасці і адзначаць гэтыя даты. Сёння наўрад ці ў стане мы зрабіць больш.

- У кожнага беларуса ёсць асабістыя прычыны, каб удзельнічаць падчас Дня ўшанавання памяці продкаў у мемарыяльных мерапрыемствах, - лічыць старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Ён з іншымі прадстаўнікамі партыі ўдзельнічаў у шэсці да мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах. - Маштабы трагедыі, маштабы палітычных рэпрэсій мелі агульнанацыянальны характар, у выніку чаго пацярпела ўся нацыя. У кожнага ёсць асабістыя прычыны браць удзел у шэсці на Дзяды. Безумоўна, у цяперашняй сітуацыі ёсць і дадатковая матывацыя. Вельмі важна выкарыстоўваць кожную нагоду дзеля таго, каб казаць "не" расейскім імперскім сілам, якія фактычна спрычыніліся да смерці тысячаў беларусаў, прадстаўнікоў іншых нацый падчас камуністычнага тэрору. І зараз у Расеі імперыялістычныя, шавіністычныя ідэі ўздымаюць галаву. Пачынаюцца актыўныя дзеянні, каб аднавіць імперыю. І вельмі важна супрацьстаяць гэтаму, - падкрэсліў Аляксей Янукевіч.

Паводле Радыё Рацыя, здымак TUT.BY.


Дзяды ў Магілёве

У Магілёве каля Крыжа памяці, усталяванага на месцы масавага знішчэння людзей за часамі бальшавіцкага і сталінскага тэрору, актывісты апазіцыйных арганізацый адзначылі Дзяды. Удзельнікі памінальнай акцыі ўсклалі да памятнага знака кветкі, запалілі свечкі-знічы ды прыбралі прылеглую да крыжа тэрыторыю ад смецця.

Традыцыю прыходзіць да крыжа, што на праспекце Дзімітрава, магілёўцы заклалі пры канцы 1980 гадоў, калі крыж быў усталяваны. Першыя памінальныя акцыі былі шматлюднымі. Ля крыжа збіраліся дзясяткі чалавек - актывісты першых у Магілёве адраджэнцкіх суполак, сваякі рэпрэсаваных ды жыхары прылеглых дамоў.

Сёлета да крыжа прыйшлі пятнаццаць чалавек. Кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Зміцер Салаўёў выступіў з кароткай прамовай адзін. Ён зазначыў:

- Мы прыходзім да крыжа штогод. Ля яго згадваем ахвяраў тэрору і тых, хто паклаў свае жыцці за свабоду і, каб Беларусь стала незалежнай. Мы не мусім перарываць закладзенай больш за дваццаць пяць гадоў таму традыцыі, бо яна застаецца надзвычай актуальнай для нашай краіны. Пра часы масавага тэрору, які забраў сотні тысяч беларусаў, кажуць на афіцыйным узроўні ўсё менш. Дагэтуль не сунімаюцца спробы зняважыць памяць барацьбітоў за незалежнасць Беларусі. Будзем памятаць бязвінных ахвяраў і герояў.

Крыж узвышаецца над кар'ерам. Паводле вэтэранаў адраджэнцкіх арганізацый і даследчыкаў магілёўскай гісторыі, у кар'еры, калі выбіралі пясок, працаўнікі наткнуліся на чалавечыя парэшткі. Як сцвярджалі - з характэрнымі кулявымі пашкоджаннямі. Было распачата следства. Дакументы пра ягоныя вынікі дагэтуль не абнародаваныя. Старажылы раёна, дзе цяпер крыж і кар'ер, у сваіх аповедах кажуць, што тут ва ўрочышчы стралялі людзей ў 1930-я гады. Паводле вернікаў каталіцкай царквы, у 1918 годзе бальшавікі тут расстралялі ксяндза магілёўскага касцёла Яўгена Святаполк-Мірскага.

Сёлетняя памінальная акцыя завяршылася наведваннем магіл памерлых актывістаў і дзеячаў беларускай нацыянальнай культуры.

Радыё Свабода.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Рымша Алесь - 250000 р., г. Наваполацк

2. Сідараў Сяргей - 100000 р., г. Наваполацк

3. Форнэль Кастусь - 50000 р., г. Наваполацк

4. Кулік Анатоль - 70000 р., г. Наваполацк

5. Рындзевіч Вячаслаў - 150000 р., г. Нава-цк

6. Кунцэвіч Ўладзімір - 120000 р., г. Навап-цк

7. Кунцэвіч Святлана - 100000 р., г. Навапо-цк

8. Цвяцінскі Антось - 100000 р., г. Навапо-цк

9. Рамашка Станіслаў - 50000 р., г. Навапо-цк

10. Марцынкевіч Андрэй - 70000 р., г. Наваполацк

11. Гняткоў Валеры - 80000 р., г. Наваполацк

12. Паўловіч Віктар - 100000 р., г. Навапо-цк

13. Гацкі Ўладзімір - 80000 р., г. Наваполацак

14. Мудроў Алег - 80000 р., г. Наваполацак

15. Пісарэнка Алесь - 70000 р., г. Наваполацк

16. Шэвяка Аляксандр - 80000 р., г. Наваполацак

17. Жукаў Вітаўт - 50000 р., в. Новыя Гараны

18. Пожанька Ігар - 50000 р., г. Наваполацак

19. Раманюк Тацяна - 100000 р., г. Менск

20. Васілючак Міхась - 100000 р., г. Гародня

21. Лягушаў Алег - 100000 р., ст. Ясень, Асіповіцкі р-н.

22. Кушнір Васіль - 50000 р., г. Дзяржынск

23. Данілюк Віктар - 100000 р., г. Менск

24. Давідоўскі Ігар - 100000 р., г. Менск

25. Тацянін Артур - 100000 р., г. Магілёў

26. Ляўчэня Сямён - 200000 р., г. Менск

27. Кухаронак А.Д. - 20000 р., г. Смілавічы

28. Грышан Мікола - 50000 р., г. Дзятлава

29. Вяргей Валянціна - 100000 р., г. Менск

30. Краўчанка А. - 200000 р., г. Менск

31. Гаева Ала - 50000 р., г. Менск

32. Шкірманкоў Фел. - 100000 р., г. Слаўгарад

33. Філіповіч Валер - 100000 р., г. Менск

34. Рабека Мікола - 200000 р., г. Менск

35. Ляснеўская Алена - 100000 р., г. Менск

36. Усціновіч Васіль - 200000 р., п. Лясны, Менскі р-н.

37. Дземідовіч Соф'я - 50000 р., в. Мікалаеўшчына

38. Астравецкі А. А. - 50000 р., г. Берасце

39. Касцюкевіч Зміцер - 100000 р., г. Чэрвень

40. Прылішч Ірына - 50000 р., г. Менск

41. Лазарук Тамара - 50000 р., г. Менск

42. Ляўшун Дзяніс - 195000 р., г. Менск

43. Яніцкая Мая - 100000 р., г. Менск

44. Невядомы - 100000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Да выхаду новай кнігі Алега Трусава "Кароткая гісторыя архітэктуры Беларусі"

Частка 6. Заходняя Беларусь у складзе Польскай дзяржавы (1921-1939 гг.)

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)


Слонімскі вакзал быў пабудаваны ў 1922 г. ў стылі неабарока. Яго больш высокі цэнтральны аб'ём быў выдзелены "ламаным" дахам і рызалітамі з фігурнымі франтонамі.

У Берасці захаваліся будынак банка (1926 г.) і будынак ваяводскага кіравання (1938 г.), зробленыя ў неакласічным стылі. Банк уяўляе сабой ратонду з купалам, якая злучае два крылы будынка, аздобленага іянічным ордэрам.

Побач знаходзіцца ваяводскае кіраванне - чатырохпавярховы гмах з вялікім цэнтральным рызалітам і рустоўкай першага паверху. Таксама ў стылі неакласіцызму ў канцы 1920-х гг. у Наваградку пабудавалі ваяводскі асабняк з вялікім чатырохкалонным порці-кам перад уваходам.

У гарадах і вёсках будаваліся школьныя будынкі, прычым асаблівая ўвага звярталася на гімназіі. У якасці прыкладу можна прывесці будаўніцтва гімназіі імя гетмана Караля Хадкевіча ў г. Лідзе. У пачатку 20-х гг. гімназія ў Лідзе размяшчалася ў двух будынках, што знаходзіліся ў розных месцах. Вось як апісвалі сучаснікі інтэр'еры філіяла гімназіі ў 1925 г.

У 1925 г. філіял размяшчаўся "пры адной з кароткіх і вузкіх вулачак, якія адыходзілі ад Сувальскай і ўжо праз некалькі дамоў утыкаліся ў бліжняе балота. Быў гэта цесны двухпавярховы дом з цэглы. Класы былі невялікія, парты стаялі адна пры адной. Праходы паміж імі былі вузкія, кафедра напірала на першую з лавак, словам нязручнасцяў было вышэй галавы. Вучыліся тут мужчынскія класы ад першага па пяты. Тры старэйшыя - агульныя - і жаночыя класы размяшчаліся ў т. зв. Галоўным корпусе, на вуліцы 3 Траўня". Такім чынам, месца не хапала, і будаўніцтва новай гімназіі было неабходна.

У 1925 г. варшаўскі архітэктар Ежы Бэйль распрацаваў праект новай гімназіі. Гэта быў трохпавярховы будынак у стылі неакласіцызму, які захаваў падабенства да былога піярскага калегіюма. З 1929 г. гімназія пачала сваю педагагічную дзейнасць.

У сярэдзіне 1930-х гг. польскія ўлады пачалі будаваць у краіне новыя паштовыя будынкі ў стылі функцыяналізму. Падобныя будынкі з'явіліся ў Гдыні, Быдгашчы, Луцку і Лідзе. Прычым, Лідскі паштамт адзін з самых лепшых з іх, бо мае большыя памеры і выглядае прыгажэйшым. Ёсць версія, што праект Лідскай пошты зроблены англійскім архітэктарам.

Будоўля пачалася ў 1936 г. і скончылася ў 1939 г., калі ў пачатку мая 1939 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё Лідскага паштамта. Паштамт мае падвал і чатыры паверхі. У цэнтры будынка знаходзіцца аперацыйная зала памерам 11,8х9,2 м., вышыня столі - 5,3 м. Дах над залай шкляны мае 4 пралёты, прычым кожны пралёт завершаны шкляной стрэшкай. Першапачаткова дах быў накрыты спецыяльнай шкляной дахоўкай. На паверхах пошты быў размешчаны персанал ліставой пошты, тэлеграф і тэлефон. За ходам будаўніцтва паштамта і добраўпарадкаваннем вуліцы Адама Міцкевіча, дзе знаходзіўся будынак, сачылі мясцовыя журналісты. Вось што пісаў на гэтую тэму "Кур'ер Віленскі" ў кастрычніку 1938 г.: "Да часу пераносу пошты ў новы гмах на Выгане гарадскія ўлады парупіліся аб поўнай перабудове вуліцы Міцкевіча. Вуліца ўпарадкавана на ўзор цэнтральных вуліц горада, перад гмахам пошты нават заасфальтавана, што з'яўляецца абсалютнай навінкай для Ліды. Ходнікі вельмі шырокія і з прыгожымі газонамі. Вуліца Адама Міцкевіча ў Лідзе сваім выглядам можа канкураваць з лепшымі вуліцамі Вільні".

А ў 1938 г. прыняў першых хворых новы гмах Лідскага шпіталя. Новы будынак меў кубатуру каля 3 000 метраў кубічных, сучасны еўрапейскі выгляд і найлепшае медыцынскае абсталяванне. Каштаваў ён каля 130 000 злотых. Новы шпітальны корпус падзяляўся на чатыры аддзелы. Першы з іх, глядзельны аддзел, складаўся з кабінета доктара, пачакальні і трох ізалятараў, астатнія тры аддзелы прызначаліся для лячэння інфекцыйных хворых. На другім паверсе знаходзіўся аддзел хворых на сухоты на дванаццаць ложкаў. На плоскім даху шпіталя запраектавана і дзейнічала веранда для лёгачна-хворых. Новы шпіталь меў памяшканні для 2 медсясцёр і 3 санітарак. Уся інфекцыйная бальніца была разлічана на 22 асобы, але пры неабходнасці, без пагаршэння агульнага камфорту тут магло лекавацца 39 хворых.

Пад шпіталем пабудаваны жалезабетонная супраць-паветраная сховань з скляпеннямі, якія мелі 35 см таўшчыні. Плоскі дах пакрыты адмысловым навейшым на той час будаўнічым матэрыялам "Конга". Над дахам мясціліся водазборнікі , з якіх у той час давалася вада ва ўсе бальнічныя карпусы. Новы шпіталь меў цэнтральнае ацяпленне і сучаснае элекатраабсталяванне з дзвюмя сістэмамі асвятлення вячэрняй і начной. Да кожнага ложка была падведзена разетка радыёфікацыі.

Будоўляй новага гмаха кіраваў павятовы архітэктар Вацлаў Галік.

Грамадскія будынкі будаваліся і ў вёсках. Гэта былі гміны, школы, паліцэйскія ўчасткі і "Народныя дамы". У якасці прыкладу можна прывесці будаўніцтва Народнага дома для культурных патрэбаў вяскоўцаў у в. Вострава (Зэльвенскі р-н). Кіраваў будоўляй актывіст ТБШ Серафім Татарын. На будоўлю збіралі народныя грошы, прычым і за межамі краіны. Грошы дасылалі рабочыя беларусы, што паходзілі з в. Вострава, а жылі і працавалі ў ЗША. Пры гуртку ТБШ у Вострава працавалі драматычны і харавы гурткі, а бібліятэка мела каля 1000 кніг.

Аднак у сакавіку 1929 г. польскія ўлады забаранілі дзейнасць ТБШ ва ўсім Наваградскім ваяводстве.

Існавалі ў Заходняй Беларусі і мемарыяльныя аб'екты, а таксама музеі. Была адноўлена сядзіба Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшчыне, каля Косава, своеасаблівы музей, прысвечаны Тадэвушу Рэйтану знаходзіўся ў яго радавой сядзібе ў маёнтку Грушаўка (Ляхавіцкі р-н).

У цяперашні час на тэрыторыі сядзібы, плошча якой складае каля 14 га, захаваліся жылы дом (напаўразбураны), флігелі, бровар, капліца-пахавальня (напаўразбурана і абрабавана), шэраг гаспадарчых пабудоў, парк рэгулярнай планіроўкі і пладовы сад. Да канца ХІХ ст. у сядзібе стаяў аднапавярховы мураваны палац, пабудаваны ў строгіх формах архітэктуры класіцызму ў час жыцця і дзейнасці Тадэвуша Рэйтана.

Выгляд першага палаца вядомы паводле акварэлі Напалеона Орды, які неаднаразова бываў у сядзібе Т. Рэйтана ў 1864-1876 гг. Гэта быў будынак прамавугольнай формы, пакрыты вальмавым дахам, меў у цэнтры галоўнага фасада чатырохкалонны драўляны порцік з трохвугольным франтонам. Уздоўж тыльнага фасаду ў парк выступала тэраса-галерэя. Сярод шпалер парку стаяла прысядзібная мураваная капліца. Перад домам па баках круглага газона знаходзіліся афіцыны, у адной з якіх захоўваліся фамільныя архівы ўладальнікаў.

У бібліятэцы Рэйтанаў меўся вялікі кнігазбор, які перажыў шмат ваенных ліхалеццяў і знаходзіўся ў новым палацы да пачатку Другой сусветнай вайны.

На мяжы ХІХ і ХХ стст. гаспадар Грушаўкі Юзаф Рэйтан па невядомых прычынах распачаў перабудову двара. Стары палац быў разабраны, а на яго месцы быў пабудаваны новы драўляны. Разам з будаўніцтвам палаца быў закладзены пейзажны парк.

Палац уяўляе сабой прамавугольны ў плане аб'ём, накрыты вальмавым дахам, з якога выступаюць на галоўным і бакавых фасадах мансардавыя паверхі з самастойнымі двухсхільнымі пакрыццямі. Галоўны ўваход вылучаны ганкам і тэрасай, устаноўленай на разьбяныя калонны і апаясанай металічнай агароджай. Высокі падмурак па баках цэнтральнай тэрасы выдзелены пластычнай формы мураванымі ганкамі, у форме якіх прасочваюцца элементы ў стылі мадэрн.

Інтэр'еры былі аздоблены размалёўкай, разьбой, кафлянымі грубкамі. Парадны двор, утвораны сядзібным домам і двума флігелямі, зрушаны з асноўнай восі кампазіцыі.

Да 1939 г. з асаблівай увагай зберагаўся невялікі будынак непадалёк ад палаца, які атрымаў назву "мураванка". У ім з пакалення ў пакаленне перахоўваліся каштоўныя паперы і дакументы. У двух пакоях гэтага мураванага будынка Тадэвуш Рэйтан правёў апошнія гады свайго жыцця. Архіў прапаў без вестак яшчэ да 1914 г., а былая сямейная капліца разабрана. Новая капліца-пахавальня была пабудавана ў пачатку ХХ ст. у стылі неаготыкі. Будынак капліцы ў плане мае прамавугольную форму, трохгранную алтарную частку і высокі шчыт на галоўным фасадзе. Аконныя праёмы маюць выгляд стрэльчатых арак.

У міжваенны перыяд у новым палацы былі сабраны рэшткі памятных рэчаў Тадэвуша Рэйтана: яго ложак, сервант, залаты бакал - падарунак калег Сейма за заслугі ў актыўнай дэпутацкай дзейнасці. Усе гэтыя каштоўнасці нашчадкі Рэйтана перадалі Кракаўскаму нацыянальнаму музею Чартарыйскіх разам са старым гадзіннікам Стэфана Рэйтана, бацькі Юзафа. У 1939 г. польскія ўлады ўстанавілі помнік Тадэвушу Рэйтану побач з новай капліцай (не захаваўся).

Цікавая гісорыя адбылася з музеіфікацыяй дома Адама Міцкевіча ў Наваградку. Першапачатковы будынак дома згарэў у 1881 г. Ацалелі толькі падмурак і скляпы.

Нанава адрамантаваны дом адразу зноў трапіў у арэнду.

У час Першай сусветнай вайны ў доме кватаравалі па чарзе ваенныя штабы: нямецкі, польскі, бальшавіцкі.

У траўні 1922 г. у Наваградку зноў пабываў і наведаў родны дом 86-гадовы Уладзіслаў Міцкевіч - сын паэта. У хуткі часе пасля гэтага візіту ў Наваградку было створана добраахвотнае навуковае таварыства "Міцкевічаўскі камітэт", які 10 траўня 1930 г. вырашыў стварыць музей. У лістападзе 1936 г. "Міцкевічаўскі камітэт" заняў флігель і размясціў у ім бюро будучага музея. У чэрвені 1937 г., калі скончыўся тэрмін арэнды дома, "Міцкевічаўскі камітэт" арганізаваў у ім урачыстае пасяджэнне пад кіраўніцтвам наваградскага ваяводы Адама Сакалоўскага.

Адкрыццё музея адбылося 11 верасня 1938 г. 22 чэрвеня 1941 г. будынак знішчыла фашысцкая бомба.

26 лістапада 1955 г. да 100-годдзя з дня смерці паэта быў адноўлены і адкрыты Дом-музей Адама Міцкевіча. У 1989-1990-х гг. ён рэканструяваны: будынку нададзены выгляд пачатку ХХ ст., пабудаваны флігель, які злучаны з асноўным будынкам падземным пераходам, свіран, студня, альтанка.

Урачыстае адкрыццё Дома-музея А. Міцкевіча адбылося 12 верасня 1992 г.

Пачынаючы з 1919 г. Польскі ўрад ушаноўваў памяць пра паўтанцаў 1863-1864 гг. У гарадах, у тым ліку і заходнебеларускіх, з'явіліся вуліцы ў гонар герояў Паўстання. Увосень 1927 г. пачалася агульнапольская акцыя па пошуку магіл паўстанцаў і помнікаў, звязаных з паўстаннем. У 1928 г. у Косава на магіле паўстанцаў паставілі мемарыяльны крыж. У мястэчку Мілавіды на месцы боя паўстанцаў з царскімі войскамі пабудавалі капліцу. У 1933 г. у вёсцы Пацэвічы на Мастоўшчыне пастаўлены помнік 12 загінулым паўстанцам (не захаваўся). У 1928 г. у Свіслачы паставілі помнік Рамуальду Траўгуту. У верасні 1939 г. мясцовыя камуністы яго знішчылі, аднак у 1988 г. ён адноўлены па даваенных эскізах гарадзенскім скульптарам А. Анціпіным.

У некаторых заходне-беларускіх гарадах і мястэчках стаялі і мемарыяльныя скульптуры і асобныя помнікі.

У Гародні жыхары сабралі грошы і паставілі помнік Элізе Ажэшцы, які захаваўся да нашых дзён. У цэнтры Ліды, на плошчы Славы, знаходзіўся сад, у якім стаяў помнік незалежнасці, абсаджаны кветкамі і выгараджаны часткова плотам, а часткова кустамі (зараз не існуе). Пасля смерці ў 1935 г. кіраўніка Польшы Юзафа Пілсудскага з'явіліся помнікі ў яго гонар, але пасля верасня 1939 г. усе яны былі разбураныя.


На беларускай зямлі польская армія будавала ваенныя збудаванні супраць пагрозы з боку СССР. 17 красавіка 1936 г. было прынята рашэнне пачаць працы па будаўніцтву фартыфікацыйных умацаванняў на мяжы з Савецкім Саюзам. Тут галоўную ролю павінен быў адыграць Баранавіцкі ўмацаваны ўчастак. У сваю чаргу, ён быў падзелены на пяць асобных падучасткаў. Усяго з 1931 па 1938 гг. пад Баранавічамі пабудавалі 350 ДАКаў (доўгатэрміновых агнявых кропак). Гэта былі аднапавярховыя і двухпавярховыя агнявыя пабудовы. Ля мястэчка Крашын перавышалі жалезабетонныя кулямётныя паўкананіры і кананіры, з бронекаптурамі для франтальнага агню. У аснове гэтых пабудоў знаходзілася французская тэхналогія і выкарыстоўваліся ідэі вялікіх французскіх інжынераў. У сакавіку 1940 г. Панамарэнка дакладаў Сталіну, што пад Баранавічамі захавалася шмат бронекаптуроў з выдатнай нямецкай сталі. Аднак усе гэтыя ўмацаванні не адыгралі ніякай ролі ні ў верасні 1939, ні ў чэрвені 1941 г.


Роза Рымар: Васількі ад Аляксея Карпюка

Я памятаю той дзень, калі ён увайшоў у чытальную залу бібліятэкі педагагічнага інстытута, трымаючы ў руцэ букецік блакітна-сініх васількоў. Накіраваўся да стала, дзе я штосьці пісала. Ціхенька прывітаўся і дадаў: "Гэта Вам!" Я глядзела то на васількі, то ў вочы Аляксея Нічыпаравіча Карпюка. Ён быў у Гародні фігурай заўважнай, і многім яму незнаёмым - знаёмы. Адчуўшы маю разгубленнасць, пісьменнік шапнуў мне на вуха: "Васілёк - гэта кветка зямлі беларускай, кветка Максіма Багдановіча. У яе прагажосці - краса і чысціня беларускай дзяўчыны". У тую хвіліну мне здалося, што з блакітна-сінім букецікам Аляксей Нічыпаравіч перадаў мне нешта больш важнае - талісман, разуменне Радзімы і часцінку свайго сэрца, улюбёнага ў Беларусь. Для мяне ён, і той даўнішні - і сёння жывы.

* * *

Аляксей Нічыпаравіч,

Паважаны дарагі Настаўнік,

Я вашай дарогай іду,

Ніколі з яе не звярну...

Сэрца навекі

Я беларускай зямлі аддала -

У сінечу нябёсаў,

Азёраў і рэчак

Маленькай дзяўчынкай

Закахалася я...

А з роднаю мовай

Мяне нарадзілі,

Я з ёю жыву,

На ёй я і песні спяваю,

На ёй я і вершы пішу...

Днямі некалькі разоў перачытала аповесць "Па кветку шчасця" - адзін з шэдэўраў А. Карпюка. Там маладосць, прыгажосць, чысціня юнацкіх памкненняў і высокая чалавечнасць, да якой пісьменнік імкнуўся падвысіць узровень чытача. Усё гэта не аджыло, яно жыве і па сённяшні дзень.

У сваёй "Кветцы" пісьменнік акцэнтуе ўвагу на высокім палёце чалавечай істоты. Яго праўдзівае слова - гэта і эмоцыі, і маштабнасць думкі, і філасофская глыбіня - падказка, як трэба жыць. Ён не пытае, хто мы такія, чаму і чаго мы тут. Ён ведае: мы прыйшлі сваім словам расплюшчыць вочы напаўсляпым; расквеціць іх душы, калі яны дрэмлюць; направіць сэрца чапавека, каб яно разам з розумам дапамагло задумацца: калі ты беларус, то трэба размаўляць па-беларуску, і шанаваць сваё роднае слова, і множыць уласнай працай нашу беларускую культуру.

А. Карпюк інтэлігентна патрабуе не дапускаць улады над душою чалавека. Зняволеная душа, тым больш пад прымусам, губляе творчы патэнцыял. Душа павінна заставацца вольнай, а чалавек не павінен быць прымітыўным, банальным.

Лепшы твор А. Карпюка пра каханне раман "Данута" ўпершыню быў надрукаваны ў гарадзенскім альманаху "Нёман" у 1958 г. Але на працягу наступных дваццаці гадоў аўтар дапрацоўваў і перапрацоўваў яго трыццаць два разы. "Данутай" зачытваюцца і па сённяшні дзень.

А яшчэ для мяне назаўсёды застаўся ў памяці вечар сустрэчы ў Гарадзенскім педагагічным інстытуце з дэлегацыяй літоўскіх паэтаў, пісьменнікаў, журналістаў, кінарэжысёраў... Было гэта 22-га лістапада 1956 года. Я - студэнтка трэцяга курса гістарычна-філалагічнага факультэта. Я - у прэзідыуме. Хвалююся... Мне даручылі вітаць-віншаваць літоўскіх творцаў. Яны прыбылі пазнаёміцца з Гародняй. I ў першую чаргу - з беларускімі літаратарамі.

У маім архіве знаходзіцца ліст-віншаванне, у якім зафіксаваны мае словы ў афарбоўцы інтэрнацыянальна-марксісцка-ленінскай ідэалогіі. Мне сёння за тое крыху сорамна, але "быў час, быў век, была эпоха..." Выступалі госці з Вільні, Коўні, Прэная. Выступіў на тым вечары "Дружбы народаў" пісьменнік А. Карпюк. Пасля бралі слова выкладчык беларускай мовы - паэт Міхась Дуброўскі, пісьменнік Мікалай Каралёў, паэт Пятро Макаль. Прыехаў на сустрэчу паэт з Наваградка Гаўрыіл Шутэнка. Ён чытаў свае вершы па памяці. З вайны паэт вярнуўся інвалідам: там засталіся яго вочы, яго зрок. Тэматыка яго творчасці жыццё і шчасце чалавека, любоў да Радзімы, каханне...

Пра свае творчыя дасягненні і планы расказала магістр з Варшавы Марыяна Кілінска. А расказвала яна гэта ўсім прысутным на беларускай мове. Карыстанне нашай мовай быў дакор у наш бок за наша родназабыццё.

Доўга і з цікавасцю мы слухалі літоўскага пісьменніка і кінарэжысёра Антанаса Жобакаса. Пратанцаваўшы з ім адзін толькі вечар, мы зладзілі перапіску аж на дваццаць пяць гадоў. Яго цікавыя лісты захоўваюцца ў маім архіве.

У перапынку паміж танцамі да мяне падыйшоў А. Карпюк. Павіншаваў са святам і дадаў: "Прыміце на будучае: звярнуцца да літоўцаў трэба было на роднай мове. А то неяк не па-людску атрымалася. Жывём у Беларусі, дык да чаго ж тут, у гэтым асяродку культуры саромецца сваёй мовы... Наступная наша ўрачыстасць будзе прысвечана М. Васільку. Я чакаю ад Вас пачуць беларускае слова. Запрашэнне і план вечара перадам". Развітваючыся, Аляксей Нічыпаравіч сказаў: "Не гасі тое, што не гасне! Гэта родная мова!" На ўсё жыццё я атрымала ў той вечар добры ўрок-напамінак. Адчувала сябе вельмі і вельмі няёмка за сваё віншаванне ў адрас гасцей не на мове роднай зямлі.

У студэнцкія гады была членам рэдкалегіі газеты "Маладыя галасы". На пяцімінутках члены рэдкалегіі атрымлівалі азы па журналістыцы, засвойвалі цікавую, складаную паэтычную "кухню". Нашымі настаўнікамі былі: А. Карпюк, М. Васілёк, В. Быкаў, М. Дуброўскі... Мне яны здаваліся незвычайнымі, недасягальнымі. Я лічыла іх багамі, якія з нябёс спусціліся ў нашу аўдыторыю.

Я пастаянна працавала ў чытальнай зале бібліятэкі інстытута. Мяне тут захапляла асаблівая, амаль святая цішыня. Перагортваючы старонкі кніг, мы амаль не дыхаючы, стараліся не парушаць цішыню. Цішыня гэта дзейнічала на нас магічна.

Часта ў залу заходзіў Аляксей Нічыпаравіч. Размашыста адчыніўшы дзверы, пераступіўшы парог, салідны мужчына з вялікім пацёртым партфелем акідваў цікаўным позіркам студэнтаў, якія сагнуўшыся над сталамі, рупліва нешта перапісвалі з кніг у свае канспекты. Знайшоўшы мяне, падыходзіў, прасіў прабачэння і дазволу прысесці побач. З аднаго боку я ганарылася, што побач са мною сядзіць сам А. Карпюк. Але сваімі пытаннямі на якія трэба было даваць канкрэтныя грунтоўныя адказы, ён перашкаджаў мне нешта дачытаць, дапісаць. Але ж гэта быў сам А. Карпюк!

Аляксей Нічыпаравіч як ні ў чым не бывала даставаў вучнёўскі сшытак і самапіску, падсоўваўся да мяне бліжэй і шаптаў на вуха, каб не перашкаджаць у рабоце тым, хто быў недалёка ад нас. Ён ужо ведаў, што я з Наваградчыны, што там скончыла Любчанскую сярэднюю школу і што з дзяцінства марыла быць настаўніцай. Не прамінуў, каб не запытацца, што я чытаю з класікаў беларускай літаратуры. Праглядаў мае канспекты - і цяпер яны - мае сябры са мною - дзе я рабіла запісы аб прачытаных кнігах: кароткі змест, тэма, ідэя, рысы характараў палюбіўшыхся герояў, выпіскі афарызмаў. Усё гэта мне вельмі дапамагала пазней для працы ў школе. Даваў пісьменнік мне рэкамендацыі, каго і што прачытаць абавязкова; нават са сваёй хатняй бібліятэкі прыносіў мне кнігі... Мне было цікава даведацца, што галоўных гераінь сваіх твораў ён надзяляе рысамі майго характару.

Пазней ён падарыў мне са сваімі аўтографамі і "Дануту", і "Дзяўчыну з Ваўкавыска" і "Свежую рыбу" і "Пушчанскую адысею". Аляксей Нічыпаравіч вельмі далікатна ставіў свае пытанні да мяне: хто мае бацькі, чым я займаюся ў вольны ад заняткаў час, што для мяне каханне, з кім сябрую, у чым бачу шчасце і г. д. Многае з майго жыцця, з жыцця маіх родных прасіў напісаць для яго.

Не гледзячы на тое, што я вучылася на гістарычна-філалагічным факультэце (рускае аддзяленне), я з ім размаўляла толькі на роднай беларускай мове. Дома ў нас у хаце гучала толькі беларуская мова, мае бацькі лічылі сябе ліцвінамі. Мая мама Ефрасінія, якую ў мястэчку Далятычы называлі Ефрасіняй Полацкай, арганізоўвала правядзенне розных святаў, пісала для гэтага сцэнарыі, рабіла дэкарацыі, шыла касцюмы... Пад яе кіраўніцтвам адбываліся пастаноўкі "Пінскай шляхты" В. Дуніна-Марцінкевіча, "Паўлінкі" Я. Купалы і інш. Там мама заўсёды выконвала галоўныя ролі. Пастаноўкі ішлі ў памяшканні пажарнай часткі, таму што ніякіх клубаў, святліц не было. Але людзі ішлі з цікавасцю, хаця і сядзець там не было на чым, даводзілася стаяць.

У нашай хаце спявалі беларускія песні. У мамы быў прыгожы голас і тонкі музычны слых. Быццам сёння чую яе "Зорку Венеру". Брат мамы Кастусь Шарэйка быў адным з вядучых салістаў у хоры Р. Шырмы. Дзядзька сябраваў з Я. Брылём, У. Караткевічам, М. Васільком. К. Шарэйка ніколі не здрадзіў сабе, сваім бацькам, народу: ён пры любой уладзе (польскай, савецкай, нямецкай) гаварыў толькі на роднай, беларускай мове. Ён добра ведаў беларускую гісторыю, літаратуру. Яго дачушкі Люба, Вера і Вольга ў дзяцінстве называлі яго "кніжачка", а як падраслі - "Энцыклапедыя хадзячая". Пра яго і яго сяброў успамінае у сваёй кнізе "Усё чалавечае" У. Калеснік.

Мама мая вышывала беларускія нацыянальныя сарочкі нашаму бацьку Уладзіміру Рымару і свайму брату Кастусю. Беларускія касцюмы былі ў мамы, у мяне і ў маёй сястры Лілі.

Я ганаруся, што мае карані глыбока сядзяць у маёй беларускай свядомасці. Яны адтуль - з сям'і. Я ганаруся, што А. Карпюк нагадаў мне ў інстытуце, што я - беларуска. I вось гэты мост, перакінуты праз усё маё жыццё, застаўся ўва мне назаўсёды. Застаўся. Вырас. Узмацніўся.

Мая памяць трымае і такі выпадак. У інстытуце была я пастаянным членам НСО (научное студенческое общество) і членам клуба "Прамятэй", якім кіравала Іна Рыданава. Аднойчы гурткоўцы атрымалі заданне напісаць рэферат "Образ любимого учителя". А. Карпюк параіў мне пісаць толькі на роднай мове. На Рэспубліканскім конкурсе мой рэферат заняў першае месца. Мяне ўзнагародзілі Пахвальнай граматай, і я атрымала ў падарунак кнігі В. Сухамлінскага і А. Макаранкі. Мяне рыхтавалі ў аспірантуру, але я выбрала школу. Гэта маё прызванне.

Так складваліся абставіны, што жыццёвыя пуцявіны мае і А. Карпюка нейкім чынам час ад часу перасякаліся. Была я членам лектарскай групы Гарадзеншчыны... Я - з лекцыяй, а Аляксей Нічыпаравіч - са сваёй тэматыкай у настаўніцкіх калектывах, у школах, тэхнікумах, вучылішчах, сярод працоўнай моладзі.

Ён, вялікі падзвіжнік, спяшаўся, і я ў яго вучылася даць патрэбны стымул, каб беларусы не забывалі пра сваё паходжанне, заставаліся нацыяналістамі-патрыётамі, каб ганарыліся сваёй мовай і бераглі яе.

... Яго "Вершалінскі рай" - вечная вера ў людзей, у шчасце, збаўленне ад цемры і беспрасвецця. У герояў аповесці - душы чыстыя, сэрцы светлыя. Але ж і вера натыкаецца часам на падман, здраду, разачараванне. "Вершалінскі рай" паказвае, да чаго можа давесці народ невыносны нацыянальны прыгнёт, якое атрутнае-зелле можа вырасці на глебе духоўнай спустошанасці.

А. Карпюк сам перажыў здраду, правакацыю, падман. Ён часта апынаўся ў тупіку ў сваёй краіне. Але ішоў, як кажуць, напралом. Чыноўнікі-партыйцы, якія яго баяліся, прыкладвалі нямала сіл, каб знішчыць яго маральна, каб выбіць з яго рук смелае пяро. Пяро праўды.

Чытаючы А. Карпюка, я лаўлю сябе на думцы: не толькі ён сам прырос да Беларусі, але і сама Беларусь моцна ўрасла ў яго сэрца, у яго жыццё. Яго духоўная, асабліва ў грамадзянскай іпастасі, вышыня была ў ім з дня нараджэння і да апошняга імгнення на зямлі. Бацькаўшчына! Родныя мясціны - гэта тое, што ёсць у кожнага. Радзіма ніколі не старэе, нават разам з намі. Яна заўсёды маладая, прыгожая, дарагая і любімая сваімі годнымі дзецьмі. А ад нас яна чакае і нават патрабуе: не страціць сябе, ганарыцца сваёй мовай, з якой мы нарадзіліся і з якой павінны годна прайсці свой жыццёвы шлях.

Аляксей Нічыпаравіч Карпюк пакінуў нам урокі мужнасці, дабрыні, велічы духу. Яго словы, народжаныя ў муках і пакутах вялікага сумленнага сэрца, загартаванага ў полымі пераменлівага жыцця, часта несправядлівага да пісьменніка, святло яго душы, яго кнігі - мужная водпаведзь антыпатрыётам і здрадцам і сённяшняга дня.

... Неяк едучы ў аўтобусе, я здзівілася, убачыўшы цераз акно каля палаца "Юность" вялізарны фотаздымак, хутчэй - фотаплакат пад шклом у вялікай раме. На тым фотаплакаце - А. Карпюк за кафедрай. Пэўна нешта чытае. А я там - насупраць яго. Нешта важнае, сказанае ім, запісваю... Некалькі месяцаў пад дажджом, ветрам, сонцам і снегам чытаў і чытаў Аляксей Нічыпаравіч сваім землякам-гарадненцам. Шкада, што не было на тым, як цяпер кажуць, банары букеціка васількоў. Вечная светлая памяць нам аб вялікім Чалавеку, пісьменніку і грамадзяніну Аляксею Нічыпаравічу Карпюку!


"ТаленТ" - гэта здорава!

У сталічным выдавецтве "Смэлтак" толькі што пабачыў свет новы праект творцы Міколы Трафімчука - альманах "ТаленТ".

Як пішацца ў анатацыі : "У зборнік увайшлі творы разнастайных жанраў 42 аўтараў самых розных узростаў і здольнасцяў, неабыякавых да праяў нашай штодзённай рэчаіснасці".

Якіх аўтараў пажадана адзначыць: І. Субоціна, В. Цехановіч, М. Ярмалёнка, Л. Ардынскую, В. Домніча, Л. Шувалаву, Ц. Хутаранку ( В. Карпеш), Г. Ліс, М. Трафімчука, М. Панасюка, Н. Саковіч, Ю. Савіцкую, Н. Парчук, В. Мельнікава, С. Шушко-Кандратовіч:

Радзімы край, нібы звычайны:

Балоты, рэкі і лясы...

Але мы не крычым адчайна...

Дзе больш знайсці

такой красы?

У альманаху "ТаленТ" ярка прадстаўлена сучасная літаратура, мастацтва, культура. Аздабляюць, красуюць выданне і звесткі пра аўтараў, як напрыклад, пра Надзею Парчук (стар.92).

"Нарадзілася 27 верасня 1951 года ў вёсцы Ладараж Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Інвалід з дзяцінства. Скончыла Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум. 25 год адпрацавала ў банкаўскай сістэме. Друкавалася ў "Настаўніцкай газеце", газетах "Голас Радзімы", "Літаратура і мастацтва", "Вместе", "Народная трыбуна" (Брэст), "Заря (Брэст), часопісах "Акно", "Надежда", альманаху "Гоман" і іншых перыядычных выданнях. Выйшла шмат паэтычных зборнікаў. Цяпер піша толькі па-беларуску. У тым ліку і водгукі на некаторыя кніжкі сваіх землякоў"

Калі адгорнеш апошнюю старонку зборніка, то адчуеш, што гэта вялікі гонар для творцаў мець свае старонкі ў ім.

М. Угрынскі, г. Баранавічы.


Прэзентацыя падручніка

29 кастрычніка 2014 года ў Галерэі Ў адбылася прэзентацыя падручніка "Уводзіны ў традыцыйны санскрыт" аўтарам якога з'яўляецца вядомы філолаг Міхась Баярын.

У імпрэзе акрамя аўтара бралі ўдзел паэт і перакладчык з санскрыту і іншых старажытных моваў Ігар Кулікоў, а таксама выкладчыца курсаў санскрыту Наталля Ўласава. Прагучалі пераклады старажытнай санскрыцкай паэзіі на беларускую мову. Было вельмі цікава! Асобнай часткай імпрэзы быў выступ студыі індыйскага танцу "Наваратна". На мерапрыемстве прысутнічала творчая інтэлігенцыя, а так-сама беларуская моладзь.

Аляксей Шалахоўскі.


Канцэрт памяці Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна

Новы восеньскі сезон у сталіцы адкрыў Зміцер Вайцюшкевіч і "WZ-Orkiestra" пасля вымушанага трохгадовага перапынку. Сваё выступленне артыст прысвяціў памяці двух шаноўных паэтаў і суаўтараў спявака,з якімі былі створаны шэдэўры сучаснага беларускага шансону.

І зноў перапоўненая зала сагрэлася гучаннем гітары, клавішных і баяна, паліліся знаёмыя акорды шчырых спеваў. Прагучалі песні Генадзя Бураўкіна "Месяц - жоўтая лодка", " Гітара", " Суседка", "Дачакайся, матуля". З добрым успамінам праслухала зала песні Рыгора Барадуліна "Пані трошкі ў гадах" і "Калыханку". Зміцер ўзгадаў, як Алесь Камоцкі 10 гадоў таму пазнаёміў яго з Рыгорам Барадуліным, ён натхніўся яго высокімі радкамі і напісаў музыку для дыска " Паравоз кахання".

"Зміцер - сучасны спявак, ён дужа добра адчуве беларускае слова, - казаў народны паэт у 2009 годзе ў інтэрвію. - Я стараўся, каб між намі ўзнікала паразуменне, мне было прыемна працаваць з такім чалавекам. Я стараўся перадаць яму свой досвед, настрой!"

"Слова, акрылёнае выдатным выканаўцам запатрабаванае, людзі на яго горача адгукаюцца, - адзначаў ў 2009 годзе Генадзь Бураўкін. - Дзейнасць Змітра ў мастацтве - грамадскі важная. Зміцер блізкі мне даверам да людзей, сваёй верай у высокае прызначэнне сапраўднага мастацтва".

З асаблівым хваляваннем спявак выканаў адну з апошніх песень Генадзя Мікалаевіча, якую той перадаў яму на жоўтым аркушыку паперы вясной гэтага года. Дух геніяў народа несмяротны, песні іх жывуць і дораць замілаванне.

Другая палова канцэрту была прысвечна драматычным творам на тэмы песень Уладзіміра Някляева " Бывай , Яблонская, бывай" і Уладзіміра Маякоўскага " Разговор с товарищем Костровым из Парижа о сущности любви". Прагучалі песні на вершы польскага паэта Рафала Ваячака і славацкага спевака Яраміра Нагавіцы.

З вялікім энтузіазмам артыст папулярызуе беларускую паэзію, будуе творчыя масты паміж краінамі і культурамі, асвячае тэму кахання і сям'і. Выкананне песні на словы Уладзіміра Някляева "Сукенка" артыст прысвяціў сваёй дачушцы Стэфаніі, якая вітае тату з раніцы пяшчотнымі словамі .

Новым канцэртам Зміцер Вайцюшкевіч пацвердзіў свае высокае пакліканне артыста, якому належыць народнае прызнанне.

Непаўторная музыка сяброў з "WZ-Orkiestra" зноў закранула сэрцы слухачоў. За тры мінулых гады ў лепшага баяніста Беларусі Аляксандра Шувалава нарадзілася дачка Настачка, ён выступаў у Польшчы, Літве, Эстоніі, запісаў шмат музыкі, выхоўваў студэнтаў у Беларускай Акадэміі музыкі. Піяніст і кампазітар Андрэй Лабчэўскі выступаў на Беларусі і за мяжой, напісаў музыку для спяктакля "Нямое каханне" для Тэатра беларускай драматургіі, штогод выступаў з калектывам "Дыліжанс-джаз". Цудоўная Ксенія Мінчанка, якая спявала песню "Сакура", нарадзіла двух блізнятак і падгадавала старэйшую дачушку.

Шчасце і весялосць зноў вярнуліся ў канцэртныя залы! Наступны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча адбудзецца 30 лістапада ў Менску.

Эла Оліна. Фота аўтара. 1. Зміцер Вайцюшкевіч і яго жонка Галіна. 2. Кветкі для артыста - знак падтрымкі.


Гарошкаў сабраў беларускіх літаратараў на 55-годдзе з дня нараджэння Анатоля Сыса

26 кастрычніка беларускаму "паэту-расстрыгу, паэту-апокрыфу", "жураўлінаму сэрцу Беларусі" Анатолю Сысу споўнілася б 55 гадоў.

Хай і маўкліва сведчыць пра яго смерць помнік з крыжам і гняздом-цярновым вянком ля скроні, што стаіць на гары над Дняпром, які штогод у дзень нараджэння абсыпаюць золатам бярозы, якому перадаюць прывітанне з нябёс апошнія птушкі, што спазніліся з вяртаннем ў вырай, але сёння гучыць яго Слова, якое належыць Духу.

Свята паэзіі "Дух - гэта, людзі, Я!" штогод збірае ў Гарошкаве сяброў Анатоля Сыса, літаратараў, аматараў яго творчасці. У арганізатараў свята былі планы правесці частку мерапрыемства ў Бронненскай школе, у суседняй вёсцы.

Але напярэдадні выявілася, што гэта немагчыма, - маўляў, раптам пачала працякаць столь.

- Але паэзію не спыніць, гэта непадуладна ніякім чыноўнікам. Нібыта супрацоўнікі МНС паклапаціліся, каб на беларускіх паэтаў не звалілася часам столь у школе, - заўважыў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч.

Дзень быў нечакана сонечны. Усе сталыя ўдзельнікі свята прызвычаіліся, што часта Гарошкаў сустракаў досыць не гасцінна: вецер, халадэча, хмары, дождж ці снег. Сёння ж надвор'е надзіва спрыяла святу.

- Кожны раз, калі бываю ў Гарошкаве, мне не хочацца ўжываць слова "быў", таму што тут усё нагадвае пра яго: гэтая яблыня, і надпіс на брамцы. Кожны раз сюды прылятае птушачка, сядае тут на дрэве, і мне здаецца, гэта яго душа прылятае сюды і радуецца, што яго сябры памятаюць пра яго, прыязджаюць у дзень народзінаў. Анатоль у апошнія гады часта сумаваў, але заўсёды любіў сустракаць сяброў тут, на гэтым падворку, - адзначыў Барыс Пятровіч.

Такія людзі, як Анатоль, жывуць не толькі ў свае юбілеі.

- Яны дыхаюць нават пасля адыходу - сваімі радкамі. Народны паэт Рыгор Барадулін прысвяціў Анатолю верш "Паэт як вір", называў яго "паэтам з босай душой". Ён сёлета адышоў да Анатоля, і недзе яны пад гэтым сонцам напэўна слухаць нас і бачаць нас, бачаць і чуюць тое, што робіцца на нашай Беларусі. Таму давайце не толькі памятаць, згадваць і перачытваць паэтаў, - заклікаў намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч.

Уладзімір Арлоў падзяліўся ўспамінамі пра першую сваю сустрэчу з Анатолем Сысам.

Той якраз толькі дэмабілізаваўся з войска, зайшоў да Вінцука Вячоркі, у якога начаваў Уладзімір Арлоў, і ноч, да першых прамянёў сонца не даваў ім спаць - чытаў вершы, і свае, і іншых паэтаў.

- Часам яго вершы былі мацнейшымі за вершы іншых паэтаў, якія ён нам дэкламаваў. Хоць тады яго вершы былі не заўсёды дасканалыя, яшчэ недасканала была схоплена паэзія яго словамі, але пульс сапраўднай паэзіі там адчуваўся, - дадаў пісьменнік.

Калі паэт быў у зеніце славы, тагачасны міністр замежных спраў Петр Краўчанка запрасіў яго пачытаць вершы перад расійскім калегам - міністрам замежных спраў Андрэем Козыравым. А той выйшаў і прачытаў верш пра расійскага мядзведзя - каб ён ніколі не забываўся, што тут Беларусь, і яна ніколі не будзе Расіяй. "І вось гэты мой успамін пераплёўся і з трагічнымі падзеямі ва Украіне, і са словамі Пуціна, які днямі заявіў пра тое, што расійскаму мядзведзю ніхто не ўказ, што яму рабіць і ў якія лясы лезці. Я адразу ўзгадаў тое чытанне верша Анатоля перад расійскім міністрам", - падзяліўся Уладзімір Арлоў.

Сваімі ўспамінамі пра Сыса падзялілася "паэтка тонкай душы" Галіна Дубянецкая і "муза гэтага свята" Ларыса Раманава. Славамір Адамовіч узгадаў, што Анатоль "пры ўсіх сваіх акцыях, сваёй эпатажнасці не быў гатовы ўдарыць чалавека". Аднойчы ён заўважыў у інтэрнацкім пакоі Адамовіча жалезныя нунчакі, і шпурнуў іх за вакно. "Мне ён лішні раз паказваў: працуй са словам. Я ў яго гэта пераймаў - працаваць, пісаць, варыць літаратуру", - падкрэсліў паэт.

Сяржук Сыс, які нарадзіўся ў суседняй Заспе, прэзентаваў сваю новую кнігу "Павук", якая ўбачыла свет у выдавецтве "Галіяфы".

Песні на словы Сыса, пра яго і для яго прагучалі ад Алеся Камоцкага і Вальжыны Цярэшчанкі.

- Памяць - гэта не скрушна, як і Дзяды, якія надыходзяць. Памяць - гэта тое, што трымае нас на гэтай зямлі. Памяць і пра тых, хто сто гадоў таму адышоў, і зусім нядаўна - яны становяцца ў адзін шэраг. Некаторыя паэты і выдаюць шмат тамоў, маюць шмат здабыткаў, трапляюць у анталогіі, але нечага не хапае. Анатоль Сыс стаў ў гэты шэраг неяк так заслужона, і ў пантэоне месца нібыта чакала яго. Ён адразу пісаў выбранае. Яго вершы перажывуць гэтую эпоху і застануцца той цаглінай, на якой трымаецца мур нашай літаратуры, - упэўнены Усевалад Сцебурака.

Юлія Шымкевіч, г. Гомель.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX