Папярэдняя старонка: 2014

№ 46 (1197) 


Дадана: 12-11-2014,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 46 (1197), 12 лістапада 2014 г.


75 гадоў таму назад сесiя Вярхоўнага Савета БССР прыняла закон аб уз'яднаннi Заходняй Беларусi з БССР

Пасля 17 верасня 1939 года ўслед за Чырвонай Армiяй у Заходнюю Беларусь для ўсталявання Савецкай улады з усходнiх раёнаў было накiравана на партыйную работу 1500, на камсамольскую, савецкую, гаспадарчую - 1200 камунiстаў i камсамольцаў, сотнi супрацоўнікаў НКУС, якiя не ведалi мясцовага ўкладу жыцця, звычаяў, асаблiвасцей мовы, а таму не карысталiся даверам мясцовага насельнiцтва. Ва ўсiх гарадах i паветах былi створаны часовыя кіраваннi, у вёсках - сялянскiя камiтэты з мясцовых актывiстаў, прадстаўнiкоў Чырвонай Армii i прысланых з усходнiх раёнаў камунiстаў i камсамольцаў. Яны стварылi атрады рабочай гвардыi, мiлiцыi, бралi на ўлiк фабрыкi i заводы, устанаўлiвалi рабочы кантроль, займалiся забеспячэннем, медыцынскiм абслугоўваннем. Сялянскiя камiтэты дзялiлi памешчыцкую зямлю сярод беззямельных i малазямельных сялян, якiя атрымалi 431 тыс. га зямлi, iм было перададзена 14 тыс. коней i 33,4 тыс. кароў.

5 кастрычнiка 1939 г. Часовая ўправа Беластока звярнулася да ўсiх часовых упраў края з прапановай склiкаць сход для вырашэння пытанняў дзяржаўнага ладу. З прадстаўнiкоў часовых упраў быў створаны камiтэт па арганiзацыi выбараў, якiя адбылiся 22 кастрычнiка 1939 г. З 926 абраных дэпутатаў народнага сходу 563 былi з сялян, 197 - з рабочых, 166 - з iнтэлiгенцыi i iншых слаёў насельнiцтва. Сярод дэпутатаў было: 621 беларус, 127 палякаў, 72 яўрэi, 43 рускiя, 53 украiнцы i 10 прадстаўнiкоў iншых нацыянальнасцей.

28-30 кастрычнiка 1939 г. ў Беластоку адбыўся народны сход Заходняй Беларусi. Ён прыняў дэкларацыi аб абвяшчэннi Савецкай улады на ўсёй тэрыторыi Заходняй Беларусi, канфiскацыi памешчыцкiх зямель, нацыяналiзацыi банкаў i буйной прамысловасцi. Сход пастанавiў прасiць Вярхоўны Савет СССР, Вярхоўны Савет БССР прыняць Заходнюю Беларусь у склад СССР i БССР. Народны сход выбраў паўнамоцную камiсiю з 66 чалавек для перадачы Вярхоўным Саветам СССР i БССР яго рашэнняў. 2 лiстапада 1939 г. сесiя Вярхоўнага Савета СССР i 1 2 лiстапада сесiя Вярхоўнага Савета БССР прынялi законы аб уключэннi Заходняй Беларусi ў склад СССР i ўз'яднаннi яе з БССР.

У лiстападзе-снежнi 1939 г. адбылася нацыяналiзацыя прадпрыемстваў i банкаў. Былi нацыяналiзаваны не толькi буйныя i сярэднiя прадпрыемствы, але i большая частка дробных, што пярэчыла рашэнням народнага сходу Заходняй Беларусi. Аднаўлялiся i рэканструявалiся прадпрыемствы, будавалiся новыя фабрыкi i заводы. Дробныя прадпрыемствы i рамесна-саматужныя майстэрнi былi аб'яднаны ў больш буйныя, павялiчылася колькасць рабочага класа, паступова лiквiдавалася беспрацоўе. К канцу 1940 г. ў заходнiх абласцях БССР дзейнiчалi 392 прамысловыя прадпрыемствы з колькасцю рабочых больш за 20 чалавек. Аб'ём валавой прадукцыi ў параўнаннi з 1938 г. павялiчыўся больш чым у 2 разы. Да вайны было створана 1115 калгасаў, якiя аб'ядналi 6,7% гаспадарак i 7,8% зямлi. Iх абслугоўвалi 101 МТС, у якiх налiчвалася 997 трактараў, 368 сеялак, 193 аўтамашыны. На землях лепшых маёнткаў былi арганiзаваны 28 саўгасаў.

У заходнiх абласцях была ўведзена савецкая сiстэма сацыяльнага забеспячэння, бясплатнае медыцынскае абслугоўванне насельнiцтва, адкрыта шмат палiклiнiк, бальнiц, дыспансераў. У 1940/41 навучальным годзе дзейнiчала 5958 агульнаадукацыйных школ, з якiх 4500 вялi навучанне на беларускай мове, 5 iнстытутаў, 25 сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў. К канцу 1940 г. працавалi 5 драматычных татраў, 100 кiнатэатраў i 121 кiнаўстаноўка, 92 дамы культуры, 220 бiблiятэк. Сям'ю беларускiх лiтаратараў папоўнiлi П. Пястрак, М. Танк, В. Таўлай, М. Машара, М. Васiлёк, М. Засiм i iнш. Былi адкрыты абласныя тэатры ў Берасці, Беластоку, Баранавiчах, Пiнску.

У снежнi 1939 г. - студзенi 1940 г. быў уведзены новы адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльны падзел Заходняй Беларусi, створаны Баранавiцкая, Беластоцкая, Берасцейская, Вiлейская i Пiнскiя вобласцi i раёны (101), а ў лютым - сакавiку 1940 г. - сельсаветы, партыйныя i камсамольскiя арганiзацыi. Мясцовыя органы ўлады ў заходнiх абласцях апынулiся ў рэчышчы сталiнскай камандна-адмiнiстрацыйнай сiстэмы i сталi яе састаўной часткай. Гэта адбiлася на метадах работы i ходзе сацыяльна-эканамiчных пераўтварэнняў.

Пераход да калектывiзацыi выклiкаў супрацiўленне часткi заможных сялян. Вялася антыкалгасная агiтацыя, былi выпадкi падпалу калгасных будынкаў, асобных тэрарыстычных актаў. Але ў цэлым барацьба супраць калгасаў у заходнебеларускай вёсцы не дасягнула значных памераў. У адносiнах да кулацтва праводзiлася палiтыка абмежавання. У красавiку 1941 г. для заходнiх абласцей БССР былi ўстаноўлены нормы землекарыстання ў памеры 10, 12, 15 га зямлi ў залежнасцi ад мясцовых умоў. У некаторых раёнах органамi НКУС ва ўсходнiя раёны была выселена частка заможных сялян, але ў большасцi раёнаў высяленне не праводзiлася.

Вікіпедыя.


100 гадоў з дня нараджэння Язэпа Семяжона

Язэп Іванавіч СЕМЯЖОН (16 лістапада 1914, в. Пятровічы Смалявіцкага р-на Менскай вобл. - 16 жніўня 1990) - перакладчык і паэт.

Нарадзіўся ў сям'і лесніка. Пасля заканчэння Смілавіцкай сярэдняй школы (1930) працаваў у калгасе рахункаводам, вучыўся на драматычных курсах у Менску. У 1932-1934 - акцёр БДТ-3. Скончыў факультэт замежных моў Менскага педагагічнага інстытута (1938). У 1938-1940 служыў у Чырвонай Арміі, удзельнічаў у паходзе ў Заходнюю Беларусь, у савецка-фінскай вайне. Настаўнічаў у роднай вёсцы. У 1941-1945 удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. У 1942-1953 - ваенны перакладчык. Дэмабілізаваўся ў 1959. Выкладаў замежныя мовы ў Менскім сувораўскім вучылішчы (1953-1960), у БДУ (1961-1975), адначасова працаваў у рэдакцыі часопіса "Беларусь" (1962-1967). Сябар Саюза пісьменнікаў СССР (з 1954).

Дэбютаваў вершамі ў 1931. Перакладамі пачаў займацца з 1938. Перакладаў з англійскай, французскай, нямецкай, італьянскай, польскай, чэшскай, славацкай, рускай, літоўскай і іншых моў. У яго перакладзе выйшлі "Кароль Лір" У. Шэкспіра ("Трагедыі", 1954), кніжка паэзіі Дж. Радары "Неапаль без сонца" (1955), Р. Бёрнса "Шатландская слава" (1957) і "Вам слова, Джон Ячмень" (1983), раман М. Твэна "Жанна д'Арк" (з Н. Цімафеевай, 1961), зборнік класічнай і сучаснай паэзіі В'етнама "Апалены лотас" (1968), паэма беларускага паэта-лацініста М. Гусоўскага "Песня пра зубра" (1973), кніга выбраных перакладаў паэзіі "Сем цудаў свету" (1977), раман Г. Ота "Пара ў дарогу, буслы!" (з У. Чапегам, 1982), паэма А. Міцкевіча "Пан Тадэвуш" (1985), зборнік Дж. Байрана "Лірыка" (1989), камедыі У. Шэкспіра "Дванаццатая ноч, альбо Чаго пажадаеце", "Утаймаванне наравістай" (зборнік У. Шэкспіра "Тры камедыі", 1989). Выступаў з артыкуламі па пытаннях мастацкага перакладу.

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, Айчыннай вайны I ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, польскім ордэнам Залатой Зоркі Заслугі і медалямі.

Вікіпедыя.


Мітынг у Лошыцы

9 лістапада ў Лошыцкім парку ў Менску прайшоў мітынг. Акцыя была прымеркаваная да дня памяці продкаў "Дзяды" і традыцыйна арганізоўвалася Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй - БНФ. Шэсце ад Палаца культуры "Лошыцкі" да Лошыцкага яра і мітынг каля памятнага знака былі дазволены гарадскімі ўладамі. У акцыі ўзялі ўдзел каля пяцідзесяці чалавек.

Паводле звестак гісторыкаў, у 1930-х гадах у Лошыцкім яры знаходзілася гэтак званая "Белая дача" - месца размяшчэння спецкаманды НКУС, куды дастаўлялі арыштаваных ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Тут жа іх расстрэльвалі.

Выступаючы на мітынгу каля Лошыцкага яра ў Менску, намеснік старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі - БНФ Юрась Беленькі заклікаў грамадзян Беларусі карыстацца беларускай мовай. "Сёння знаходзімся ў стане акупацыйнай вайны з Расіяй. Толькі наша беларуская мова можа паставіць заслон гэтай агрэсіі", - лічыць палітык. "Размаўляючы па-руску, ты пасіўна нішчыш беларусаў", - дадаў Беленькі, падкрэсліўшы пры гэтым, што беларусы "выжывуць, нягледзячы ні на што".

Мітынг працягваўся каля паўгадзіны. На ім выступілі прадстаўнікі КХП-БНФ, - паведамляе БелаПАН.

Фота Радыё Свабода.


Матэрыялы ХІІ з'езду ТБМ імя Ф. Скарыны

Спіс асоб, абраных у склад Рэспубліканскай Рады ТБМ на ХІІ справаздачна-выбарчым з'ездзе ГА"Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" 02.11.2014 г.

1. Бандарэнка Зінаіда, г. Менск

2. Акулін Эдуард, г. Менск

3. Анісім Алена, г. Менск

4. Арлоў Уладзімір, г. Менск

5. Бабіч Юрый, г. Віцебск

6. Багданкевіч Святлана, г. Менск

7. Баравік Марыя, м. Падсвілле, Глыбоцкі р.

8. Бароўскі Анатоль, г. Гомель

9. Бародзіч Сямён, п. Дараганава, Асіповіц. р.

10. Буднік Іван, г. Гародня

11. Давідовіч Аляксандр, г. Менск

12. Булавацкі Міхась, г. Магілёў

13. Вінаградаў Зміцер, г. Мядзель

14. Вярцінскі Анатоль, г. Менск

15. Вячорка Вінцук, г. Менск

16. Гарэцкі Радзім, г. Менск

17. Гілевіч Ніл, г. Менск

18. Дзіцэвіч Людміла, г. Менск

19. Дзьячкоў Алег, г. Магілёў

20. Завальнюк Уладзіслаў, г. Менск

21. Запрудскі Сяргей, г. Менск

22. Зуёнак Васіль, г. Менск

23. Камбалава Анжаліка, г. Баранавічы

24. Каласоўскі Юрась, г. Магілёў

25. Колас Уладзімір, г. Менск

26. Крой Аляксандр, г. Гародня

27. Крук Валянціна, г. Полацк

28. Кручкоў Сяргей, г. Менск

29. Курыльчык Мікалай, г. Салігорск

30. Мальдзіс Адам, г. Менск

31. Марачкін Аляксей, г. Менск

32. Мех Аляксандр, г. Кобрын

33. Мухіна Леанарда, г. Менск

34. Навумчык Іосіф, г. Віцебск

35. Нагорны Юрый, г. Барань, Аршанскі р.

36. Пяткевіч Аляксей, г. Гародня

37. Раманцэвіч Валянціна, г. Менск

38. Родзік Анатоль, г. Віцебск

39. Рымша Алесь, г. Наваполацк

40. Сабалеўскі Алесь, г. Магілёў

41. Савіцкі Мікалай, г. Менск

42. Сакалова Алена, п. Віцьба, Віцебскі р.

43. Санько Зміцер, г. Менск

44. Сляпцоў Леанід, г. Гомель

45. Стэпановіч Язэп, г. Менск

46. Суднік Станіслаў, г. Ліда

47. Тарасава Святлана, г. Гародня

48. Таўгень Людвіка, г. Валожын

49. Трусаў Алег, г. Менск

50. Трубач Тацяна, г. Заслаўе

51. Тушынскі Дзяніс, г. Менск

52. Цыхун Генадзь, г. Менск

53. Чарняк Сяргей, г. Ліда

54. Чэчат Алесь, г. Менск

55. Шыдлоўская Ніна, г. Менск

Спіс асоб, абраных у склад Рэвізійнай камісіі ТБМ на ХІІ справаздачна-выбарчым з'ездзе ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" 02.11.2014 г.

1. Бамбіза Мікола Рыгоравіч

2. Качаноўская Наталля Георгіеўна

3. Лавіцкі Мікалай Емельянавіч

4. Канкаловіч Вера Генадзеўна, старшыня камісіі

5. Мускі Барыс Георгіевіч

Новы склад Сакратарыяту ГА "Таварыства беларускай мовы імя Франіцшка Скарыны", зацверджаны Радай ТБМ 02.11.2014 г.

1. Акулін Эдуард Аляксандравіч

2. Анісім Алена Мікалаеўна

3. Багданкевіч Святлана Мікалаеўна

4. Бажок Юля

5. Давідовіч Аляксандр Анатольевіч

6. Кошчанка Уладзімір Аляксандравіч

7. Кручкоў Сяргей Мікалаевіч

8. Стэпановіч Язэп Міхайлавіч

9. Трусаў Алег Анатольевіч

10. Тушынскі Дзяніс Міхайлавіч

11. Фадзеева Тацяна Мікалаеўна

12. Чэчат Алесь Віктаравіч


3-ці выпуск "Летапісу ТБМ"

На ХІІ з'ездзе ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" быў прадстаўлены "Летапіс дзейнасці Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". 2009 - 2014", укладальнік Святлана Багданкевіч. Гэта фактычна 3-е выданне "Летапісу ТБМ". Першая спроба такога выдання была зроблена да 15-годдзя Таварыства. Другое выданне выйшла да 20-годдзя ТБМ. У сёлетнім выданні было вырашана не паўтараць дастаткова поўнае 2-е выданне, а сканцэнтравацца на дзейнасці ТБМ у наступныя пасля 20-годдзя пяць гадоў, тым больш, што тэрмін у пяць гадоў можна паказаць больш поўна і аб'ектыўна. У перспектыве так і плануецца выдаваць летапісы кожныя пяць гадоў, каб паспрабаваць выдаць "Поўны летапіс ТБМ" за 50 гадоў, а можа, і "Энцыклапедыю ТБМ". ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" - адзіная арганізацыя новага часу, якая працягвае добрыя традыцыі летапісання. Іншыя беларускія рухі і партыі на такое проста не здольныя, ды і пісаць ім няма асабліва пра што.

Наш кар.



Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

220116, горад Мінск, вул. К. Маркса, 32

Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай

мовы імя Францішка Скарыны"

220034, горад Мінск, вул. Румянцава, 13

ЗВАРОТ

аб узбуджэнні вытворчасці па справе аб выдаленні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці

1. 4 снежня 2003 г. Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь (далей - Канстытуцыйны Суд) у выніку разгляду зваротаў Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (далей - Таварыства беларускай мовы) было прынята рашэнне № П-91/2003 "Аб выкарыстанні беларускай і рускай моў у сферы абслугоўвання, абароту банкаўскіх пластыкавых картак і ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання", якім канстатавана, што пры фармальна-юрыдычным раўнапраўі дзяржаўных моў на практыцы баланс іх выкарыстання не вытрымліваецца, маюцца прыклады пераважнага выкарыстання рускай мовы. У сувязі з гэтым Канстытуцыйным Судом было прапанавана разгледзець пытанне аб унясенні ў Закон Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" (далей - Закон "Аб мовах") і іншыя акты заканадаўства зменаў і дапаўненняў, якія б забяспечылі фактычную роўнасць дзяржаўных моў. Як вынікае з адказу Канстытуцыйнага Суда ад 17 траўня 2012 г. на зварот Таварыства беларускай мовы, згаданае рашэнне было ўнесена ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь 5 снежня 2003 г.

Аднак мы вымушаны канстатаваць, што на працягу больш чым дзесяці год змены, накіраваныя на забеспячэнне фактычнай роўнасці дзяржаўных моў, у Закон "Аб мовах" унесены не былі.

2. 17 красавіка 2014 г. уступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь "Аб канстытуцыйным судаводстве", паводле якога Канстытуцыйны Суд надзелены кампетэнцыяй разглядаць справы аб выдаленні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці (глава 24). Права адпаведнага звароту нададзена, у тым ліку, арганізацыям і грамадзянам.

У сувязі з гэтым Таварыства беларускай мовы чарговы раз звяртае ўвагу Канстытуцыйнага Суда на неабходнасць удасканалення Закона "Аб мовах" і іншых нарматыўных прававых актаў, якія пакліканы забяспечыць усебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.

3. У дзейснай рэдакцыі Закона "Аб мовах", калі гаворка ідзе пра мову ў той ці іншай сферы грамадскага жыцця, спрэс выкарыстоўваецца злучнік "або" ("і (або)", "ці" - "беларуская і (або) руская мовы", "на беларускай або рускай мове", "на беларускай ці рускай мове").

Адначасова Закон "Аб мовах" не змяшчае прававых механізмаў, якія забяспечвалі б неабходны баланс у выкарыстанні дзвюх дзяржаўных моў на практыцы, пра што ішла гаворка ў згаданым вышэй рашэнні Канстытуцыйнага Суда.

У гэтым бачыцца прабел заканадаўчага рэгулявання, які прыводзіць да безальтэрнатыўнага выкарыстання рускай мовы ў большасці сфер дзяржаўнай дзейнасці і грамадскага жыцця. Законам такім чынам закладзена падстава для дыскрымінацыйнага падыходу ў выкарыстанні беларускай мовы, што пацвярджаецца шматлікімі прыкладамі.

4. Так, арт. 7 Закона "Аб мовах" прадугледжана, што акты дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь прымаюцца і публікуюцца на беларускай і (або) рускай мовах. У выніку абсалютная большасць нарматыўных прававых актаў у нашай краіне прымаецца і публікуецца на рускай мове, а афіцыйныя пераклады іх на беларускую мову адсутнічаюць.

Як вынік, беларускамоўныя грамадзяне, роўна як і суды, вымушаны самастойна перакладаць тэксты нарматыўных актаў, на якія яны спасылаюцца ў сваіх тлумачэннях альбо рашэннях. Такая сітуацыя не можа лічыцца нармальнай у прававой дзяржаве, яна сведчыць аб наяўнасці абмежаванняў у выкарыстанні беларускай мовы і парушэнні прынцыпа роўнасці, дэклараванага арт. 22 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Мы разглядаем як здзек з нацыянальнай мовы спасылкі дзяржаўных органаў, у тым ліку асобных дэпутатаў Парламента і чыноўнікаў Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, на наяўнасць у эталонным банку дадзеных прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь з інфармацыйна-пошукавай сістэмай "Эталон" магчымасці перакладу тэкстаў нарматыўных актаў з рускай на беларускую мову, паколькі гэты пераклад з'яўляецца тэхнічным і неафіцыйным.

Ліквідацыя прабела ў заканадаўчым рэгуляванні гэтай сферы грамадскіх адносін бачыцца ў неабходнасці зрабіць абавязковым прыняцце і апублікаванне нарматыўных прававых актаў на беларускай мове.

5. Замацаваная на заканадаўчым узроўні альтэрнатыўнасць выкарыстання толькі адной з дзяржаўных моў прыводзіць да дыскрымінацыі ў адносінах да беларускай мовы і ў іншых сферах. У прыватнасці, асаблівую занепакоенасць выклікае сфера адукацыі.

Асобна лічым неабходным таксама падтрымаць прапанову былога старшыні Канстытуцыйнага Суда Р.А. Васілевіча аб замацаванні права на выбар мовы грамадзянскага працэсу за пазоўнікам, выказаную ім у Навукова-практычным каментары да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Аналагічны выбар павінен належаць таксама абвінавачанаму ў крымінальным працэсе і асобе, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, у адміністрацыйным працэсе.

6. Кіраўнік дзяржавы А.Р. Лукашэнка ў сваім пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу 22 красавіка 2014 г. недвухсэнсоўна адзначыў, што без беларускай мовы мы перастанем быць нацыяй.

Ад імя Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Таварыству беларускай мовы паведамлялася, што і дэпутаты лічаць змены ў Закон "Аб мовах", накіраваныя на забеспячэнне абавязковага ўжывання ва ўсіх сферах дзяржаўнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага жыцця адначасова беларускай і рускай моў, неабходнымі і карыснымі (копія ліста адпаведнага зместу ад 23 лістапада 2012 г. прыкладаецца).

7. На падставе ўсяго вышэйзгаданага Таварыства беларускай мовы заклікае таксама і Канстытуцыйны Суд быць паслядоўным у сваім адстойванні прынцыпу вяршэнства права і з улікам арт. 158-160 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб канстытуцыйным судаводстве" просіць:

1) узбудзіць паводле дадзенага звароту вытворчасць па справе аб выдаленні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці;

2) прыцягнуць Таварыства беларускай мовы да ўдзелу ў судовым пасяджэнні;

3) прыняць рашэнне, у якім сфармуляваць Нацыянальнаму Сходу Рэспублікі Беларусь прапанову аб неабходнасці выдалення з Закона "Аб мовах" і іншых Законаў Рэспублікі Беларусь прабела, звязанага з альтэрнатыўнасцю выкарыстання толькі адной дзяржаўнай мовы ў розных сферах грамадскага жыцця.

Прынята на ХІІ з'ездзе ТБМ 2 лістапада 2014 г.


Прозвішчы Беларусі.

Частка II: Найменні знакамітых людзей

(Паводле матэрыялаў беларускамоўнага друку)

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

Валіцкі (Аляксандр) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -цкі (< - скі) ад В а лікі і семантыкай 'жыхар ці народзінец названага паселішча': Валік(і)+скі - Валіцкі (кс / ц) .

Валковіч (Даніла В.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Волк і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Валк-овіч . ФП: волк (рас. 'воўк') - Волк і Воўк (мянушка, потым прозвішча) - Валковіч Ваўковіч ).

Валовіч (Міхаіл В.) - форма бацькаймення з акцэнтаваным суфіксам -овіч ад антрапоніма Вол і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Вол-овіч . ФП: вол ('кастрыраваны самец буйной рагатай жывёлы', перан. 'дужы чалавек') - Вол (мянушка, потым прозвішча) - Валовіч .

Валынец ( Сяргей В.) - утварэнне з суфіксам -ец ад пароніма Валынь і семантыкай 'жыхар ці народзінец названага паселішча': Валын-ец .

Валынскі (Сяргей В.) - адтапанімічны дэрыват з су-фіксам -ск-і ад Валынь ці Ва-лынка і семантыкай 'жыхар ці народзінец названай мясцовасці, паселішча': Валынскі .

Варган (Віталь В.) - семантычны дэрыват ад апелятыва варган 'прастанародны музычны інструмент, на якім іграюць губамі'.

Вардамацкі (Леанід В.) - дэрыват з суфіксам -цкі (-скі) ад тапоніма Вардамакі і се-мантыкай 'жыхар ці народзінец названай мясцовасці, паселі-шча': Вардамак-скі = Варда-мацкі .

Вашчанка (Гаўрыла В.) - дэрыват з фармантам - анка (-енка) ад антрапоніма Вашка ( < Івашка) і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ва-шк-енка - Вашчанка . ФП: Іван (імя) - Івась - Іваська - Івашка - Івашчанка - Вашчанка .

Віславух (Фелікс В., Ігнацій В.) - семантычны дэрыват ад апелятыва віславух / віславухі 'з абвіслымі вушамі'.

Вісліцкі (Ян В.) - дэрыват з фармантам -іцкі ад тапоніма Вісла або Віслікі і семан-тыкай 'народзінец ці жыхар на-званай мясцовасці': Вісл-іцкі; Вісліц-кі .

Вітушка (Міхась В.) - семантычны дэрыват ад апелятыва вітушка 'прыстасаванне, на якое намотваюць пражу'.

Вішнеўскі (Рычард В.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -скі ад Вішнеўка ці Вішнева і семантыкай 'жыхар ці народзінец названай мясцовасці, паселішча': Вішнеў-скі .

Возны (Іван В.) - семантычны дэрыват ад апелятыва возны 'службовец, які ў старажытны час замяняў выканаўчую паліцыю: уручаў позвы на суд, вёў расследаванні, уводзіў ва ўладанне новых гаспадароў', 'судовы прыстаў'. Або ад вознік 'фурман, вазніца'.

Войкель (Павел В.) - семантычны дэрыват ад апелятыва войкель - утварэння з суфіксам -ель ад войкаць 'вымаўляць, выкрыкваць "вой": войк-ель 'войкала'.

Войтка (Яніна В.) - утварэнне з фармантам -ка ад антрапоніма Войт і семантыкай 'жонка ці дачка названай асобы': Войт-ка . ФП: войт (даўн. 'старшыня мяшчанскага ці магдэбургскага суда', 'начальнік гміны', 'наглядчык прыгонных') - Войт - Войтка . Або ўтварэнне ад імя Войцех : Войт-ка.

Выдрыцкі (Чэслаў В.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -ыцкі ад Выдра (Выд-ры) і семантыкай 'народзінец ці жыхар названай мясцовасці'. Або прэстыжная форма ад антрапоніма Выдра , якое ад апелятыва выдра 'млекакормная драпежная жывёліна сямейства куніцавых з футрам цёмна-бурага колеру, якая вядзе паўводны спосаб жыцця', футра яе; або (перан.) 'Пра злую, няўжыўчую жанчыну'.

Вышынскі (Андрэй В.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -скі ад Вышыня (Вышынь) і семантыкай 'народзінец ці жыхар названай мясцовасці, паселішча': Вышын-скі.

Вяземскі (Пётр В.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -скі ад Вязьма і семантыкай 'жыхар ці народзінец названага паселішча': Вязем-скі.

Вярэніч (Вячаслаў В.) - дэрыват з суфіксам -іч ад антрапоніма Вярэня і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Вярэн-іч . Утваральнае слова Вярэня можа кваліфікавацца дваяка: 1) дэрыват з фармантам -эня ад імя Вера і семантыкай 'нашчадак (дзіця) названай асобы': Вяр-эня ; 2) ад апелятыва вярэня (вярэнька) 'сплецены з бяросты кошык з накрыўкай', які набыў функцыю мянушкі, а затым прозвішча. ФП: Вера - Вярэня - Вярэніч . Або: вярэня - Вярэня - Вярэніч .

Гагалінскі (Андрэй) - адтапанімічнае ўтварэнне з фармантам -інскі ад Гогалі і семантыкай 'народзінец ці жыхар названай мясцовасці, паселішча': Гагал-інскі . ФП: гогаль ('вадаплаўная птушка падсямейства качыных') - Гогаль (мянушка, затым прозвішча) - Гогалі (пасяленне) - Гагалінскі.

Гагарын (Андрэй Г., Юры Г., Яўген Г.) - прыметнікавая форма з суфіксам пры-належнасці -ін ад антрапоніма Гагара і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Гагар-ын . ФП: гагара ('вялікая паўночная вадаплаўная птушка з густым пер'ем') - Гагара (мянушка) - Гагара (прозвішча) - Гагарын .

Галавацкі (Антон Г.) - адтапанімічнае ўтварэнне з фармантам -цкі (-скі) ад Га-лавачы і семантыкай 'жыхар ці народзінец названага паселішча': Галава(чс)цкі . ФП: галава (частка арганізма) - галавач ("галавасты" (разумны) чалавек) - Галавач (мянушка, затым прозвішча) - Галавачы (паселішча з Галавачамі) - Галавацкі.

Галавінскі (Адам Г.) - утварэнне з фармантам шляхетнасці -інскі (-скі) ад антрапоніма Галава і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Галав-інскі . Прозвішча часцей бытуе ў католікаў, часам у форме Главінскі (польск. Glowin-ski ).

Гал а йша (Ірына) - дэрыват з фармантам -ша ад антрапоніма Галай і семантыкай 'асоба жаночага полу' (жонка, дачка) ад названага утваральным словам: Галай-ша . ФП: галай ('галадранец' - Cлоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны) - Галай (прозвішча ад мя-нушкі Галай ) - Галайша .

Галамбоўскі (Адам Г.) - дэрыват з суфіксам -оўск-і ад антрапоніма Голамб і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Голамб-оўскі . ФП: голамб (польск. golab 'голуб') - Голамб (мянушка, затым прозвішча) - Галамбоўскі . У праваслаўных у такім выпадку формы Голуб, Галубок, Галубовіч, Галубіч .

Галенчанка (Георг Г.) - дэрыват з фармантам -анка ад антрапоніма Галенка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Галенч(к/ч)-энка - Га-ленчанка . ФП: галёнка ('частка нагі' ад калена да ступні') - Га-лёнка (мянушка, потым про-звішча) - Галенка (о) (для адмежавання ад апелятыва) - Галенчанка .

Галоўчанка (Васіль Г.) - дэрыват з фармантам -анка ад антрапоніма Галоўка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Галоўч(к/ч)-анка .

Галоўчын (Іван Г.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ын (-ін) ад антрапоніма Галоўка (Галаўко) і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Галоўк-ін - Галоўч(к)-ын . ФП: галава (частка арганізма і (перан.) 'разумнік') - галоўка (памянш.- ласк) - Галоўка - Галоўчын .

Галоўчынскі (Андрэй Г.) - дэрыват з фармантам -скі ад тапоніма Галоўчын(а) і семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Галоў-чын-скі .

Галоўчыц (Іван Г.) - змененая форма, першасная Галоўчыч (дысіміляцыя: чч ; чц ) - дэрыват з суфікам -ыч ад антрапоніма Галоўка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Галоўч(к/ч)-ыч - Галоўчыц.

Галубіч (Іван Г.) - дэрыват з суфіксам -іч ад антрапоніма Голуб і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Голуб-іч - Галубіч . Форму Га-лубіч можна разглядаць як скарачэнне ад Галубавіч .

Гальшанскі (Аляксандр Г., Іван Г., Міхал Г., Софія Г.) - адтапанімічны дэрыват з суфіксам -ск-і ад Гальшаны (княжацкі замак) з семантыкай 'народзінец, жыхар названага паселішча': Гальшан-скі.

Гаманкоў (Іван Г.) - форма прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Гаманок і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Гаманк-оў . ФП: гоман ('гучная невыразная гаворка некалькіх чалавек', а таксама (перан.) 'шум, гул, гудзенне') - Гоман (мянушка, потым прозвішча) - Гаманок (памянш.-ласк) - Гаманкоў .

Гапан о віч (Арцём Г.) - форма бацькаймення з акцэнтаваным фарманам -овіч ад антрапоніма Гапон і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Гапон-авіч - Гапановіч . ФП: Гапон (імя народна-гутарковае, даўнейшае, ад першаснага Агафон ) - Гапонаў - Гапонавіч - Гапановіч .

Гапоненка (Сідар Г.) - дэрыват з фармантам -енка ад антрапоніма Гапон і семантыкай 'нашчадак (дзіця) названай асобы': Гапон-енка .

Гаравец (Аляксандр Г.) - дэрыват з суфіксам -ец ад антрапоніма Гаравы і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Гарав-ец . Або ад тапоніма Гаравыя (вёска) з семантыкай 'народзінец ці жыхар названага паселішча'.

Гарадзенскі (Давыд Г., Міхаіл Г.) - дэрыват з фармантам -скі ад тапоніма Гарадзен (Горадня, Гародня) і семантыкай 'народзінец ці жыхар названага паселішча': Гара-дзен-скі .

Гарадзецкі (Іван Г.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -кі (< скі) ад Гарадзец і семантыкай 'жыхар ці народзінец названага паселішча': Га-радзец-скі - Гарадзецкі .

Гарбалёў (Леанід Г.) - форма прыметніка з суфіксам -ёў ад антрапоніма Гарбаль і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Гарбал-ёў . ФП: горб ('ненармалная пукатасць на спіне ў некаторых жывёл (напр. у вярблюда) ці ўзвышэнне на якой-небудзь паверхні') - гар-баль ('гарбаты') - Гарбаль (мя-нушка, затым прозвішча) - Гарбалёў.

Гарбатаў (Цімафей Г.) - форма прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Гарбаты і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Гарбат-аў . ФП: горб (гл. Гарбалёў ) - гарбаты ('з горбам') - Гарбаты (мянушка, затым прозвішча) - Гарбатаў .

Гарбачоў (Міхаіл Г., Фёдар Г.) - форма прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Гарбач і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Гарбач-оў . ФП: горб (гл. вышэй) - гарба-ты ('з горбам') - гарбач (тое-сама) - Гарбач і Гарбачоў (прозвішчы).

Гарбуз ( Алег Г., Сця-пан Г.) - семантычны дэрыват з акцэнтаваннем на першым складзе ад апелятыва гарб у з (1) 'расліна сямейства гарбузовых з вялікімі шарападобнымі пладамі, а таксама сам плод гэтай расліны' і 2) перан. лаянк. Пра малога чалавека, дзіця) - Гар-б у з (мянушка) - Г а рбуз (прозвішча з акцэнтаваннем для адмежавання ад апелятыва).

Гаркуша (Ілья Г.) - семантычны дэрыват ад апелятыва гаркуша 'пра яблыню з горкімі яблыкамі' ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф.А. Піскунова, с. 219).

Г а рн а к (Адам Г.) - семантычны дэрыват ад апелятыва гарнак 'той, хто выраб-ляе зброю' або 'прыгажун' - утварэнне ад гарны ('красун') з суфіксам - ак : гарнак .

Г а рнік (Леанід Г.) - утварэнне з суфіксам -ік ад антрапоніма Гарны і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Гарнік . ФП: гарны ('прыгожы') - Гарны (мянушка, потым прозвішча) - Гарнік . Або семантычны дэрыват ад апелятыва гарнік (састар. 'нагаворная трава, напой з такой травы' ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф.А. Піскунова, с. 220).

Гарошак (Іван Г.) - семантычны дэрыват ад апелятыва гарошак - памянш. да гарох 'расліна сямейства бабовых з насеннем у стручках, а таксама само яго круглае насенне; зерне'.

Гарошка (Сцяпан Г., Иван Г.) - зыначаная форма для адмежавання ад апелятыва: гарох - гарошак - Гарошак - Гарошка .

Гасціловіч (Сцяпан Г.) - форма бацькаймення з акцэнтаваным фармантам -овіч ад антрапоніма Гасціла і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Гасціл-овіч . ФП: гасціць ('быць госцем') - гасціла (гасціла) 'той, хто госціць', 'запрошаны ў госці') - Гасьціла і Гасціла (мянушка, затым прозвішча. Было перароблена ў Гастэла (рас. Гастелло з Гастило ) - Гасцілаў - Гасціловіч .

Гашкевіч (Іосіф Г.) - форма бацькаймення з акцэнтаваным фармантам -евіч ад антрапоніма Гашка (Гашко) і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Гашк-евіч . ФП: гасіць ('тушыць агонь') - гашка ('працэс і вынік гашэння') - Гашка (мянушка) - Гашка (прозвішча) - Гашкевіч .

Гераськіна (Тацяна Г.) - форма прыметніка з фармантам -іна ад антрапоніма Гераська і семантыкай 'жонка названай асобы': Гераськ-іна . ФП: Герасім (імя) - Гераська- Гераськіна . Параўн. дзядзіна 'жонка дзядзі (-кі)'.

Гіруць (Антон Г., Маргарыта Г.) - утварэнне з фармантам -уць ад Гіра і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Гір-уць . Параўн. Карпуць, Клімуць (ад Клімент ). ФП: Гіра (літоўск. Гіра < Gira - імя і прозвішча): Гіра Людас Канстан-цінавіч , літоўскі паэт.( БелСЭ, т. 3, с. 489). Або як асваенне літоўскага прозвішча Гірутіс , Гіруте (Бірыла. Беларуская антрапанімія, 1969, с. 109).

Глагоўская (Алена Г.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -оўск-ая ад Глог (Глогі) і семантыкай 'жыхар або народзінец названай мясціны (паселішча)': Глог-аўская - Гло-гаўская . ФП: глог ('кустовая або невялікая дрэўная расліна сямейства ружакветкавых з ядомымі ярка-чырвонымі, аранжавымі і жоўтымі пладамі') - Глог (мянушка) - Глог (прозвішча) - Глогі ('мясціна з глогамі') - Глагоўская .

Дамбавецкі (Аляк-сандр Д.) - утварэнне з фармантам -ецкі ад тапоніма Дэм-бава (в. у Шчучынскім р-не, Гродз. вобл.) і семантыкай 'жыхар ці народзінец названага паселішча': Дэмбав-ецкі - Дам-бавецкі . ФП: дэмбава (польск. debowo 'дубава', 'дубняк') - Дэ-мбава (найменне паселішча) - Дамбавецкі .

Дамбоўскі (Андрэй Д.) - дэрыват з фармантам -скі ад Дэмбава і семантыкай 'народзінец ці жыхар названага паселішча': Дэмбаўскі - Дам-боўскі.

Даменік а н (Аляксандр Д.) - варыянт (рэгіяна-льны) ад канан. каталіцк. (польск.) імя Дамінік ( Dominik) . Паводле структуры (дэрыват з суф. -ан ) з семантыкай 'падобны на Дамініка'. Параўн.: дзюбан (ад дзюба- +ан ) 'на-саты', 'насач' (Беларускае народнае словаўтварэнне. 1977, с. 147).

Дамрачова (Дар'я Д.) - форма прыметніка з суфіксам -ав-а ад антрапоніма Дамрач і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Дамрач-ова . Утваральнае слова - семантычны дэрыват ад апелятыва дамрач (утварэнне з суфіксам -ач ад домра 'струнны шчыпковы музычны інструмент') - 'музыкант, які іграе на домры'. ФП: домра ('музычны інструмент') - дамрач ('музыкант') - Дамрач ( мянушка, затым прозвішча) - Дамрачова .

Дзежкіна (Раіса Дз.) - дэрыват з суффіксам -ін-а ад антрапоніма Дзежка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Дзежк-іна . ФП: дзежка ('драўляная пасудзіна з клёпак для заквашвання цеста і інш.') - Дзежка (мянушка, затым прозвішча) - Дзяжко Дзежка ) - Дзежкіна.

( Працяг у наступным нумары.)

Павел Сцяцко


СПРАВАЗДАЧА

рэдактара газеты "Наша слова" Станіслава Судніка ХІІ з'езду ТБМ

У перыяд паміж ХІ і ХІІ з'ездамі газета "Наша слова" выходзіла штотыднёва, накладам 2000 асобнікаў, аб'ёмам 8 палос. Фармат А-3. Адзін колер. Мы вытрымалі ўсе тры гады стабільны аб'ём і наклад. Ні адзін нумар за гэтыя тры гады не быў затрыманы ні на адзін дзень.

Выхад газеты арганізоўваўся і фінансаваўся Установай інфармацыі "Выдавецкі дом ТБМ", якая знаходзіцца па адрасу: 231293, Гарадзенская вобл., Лідскі р-н, в. Даліна. З нагоды такога свайго размяшчэння УІ "Выдавецкі дом ТБМ" працягвала ўваходзіць у Асацыяцыю выдаўцоў рэгіянальнай прэсы "Аб'яднаныя МасМедыі".

Ніякіх заўваг да газеты з боку ўладаў не было.

Пастаянна існавала адна праблема - праблема фінансавання.

І я хацеў бы пачаць даклад з выказвання падзякі старшыні ТБМ Алегу Трусаву, які пастаянна зайходзіў сродкі для падтрымкі газеты, хачу падзякаваць Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі за рэгулярную фінансавую падтрымку. Таксама я хачу выказаць падзяку ўсім ахвярадаўцам, якія сваімі не лішнімі тысячамі падрымлівалі ТБМ і газету, і ўсім аўтарам, якія пішуць у газету без усякіх ганарараў. Тут асабліва хацеў бы падзякаваць нашым няштатным, але пастаянным і нястомным карэспандэнтам па Менску Эле Олінай і Аляксею Шалахоў-скаму, прафесару Паўлу Сцяцко з Гародні, Леаніду Лычу і Ўладзіміру Содалю з Менска ды іншым аўтарам, а таксама Міхасю Угрынскаму з Баранавіч, які апошні год піша надзвычай актыўна. Вельмі актыўна пісаў у газету прафесар Іван Лепешаў, але, як вы ўсе ведаеце, яго ўжо няма з намі.

На працягу трох гадоў газета друкавала самыя розныя матэрыялы. Асабліва шмат увагі ўдзялялася перапісцы кіраўніцтва ТБМ з рознымі ўладнымі структурамі, а так-сама юбілейным датам найвыбітнейшых дзеячоў нашай гісторыі і сучаснасці. Усе тры гады мы пачыналі з друку гістарычнага календара, складаць які дапамагаў Сымон Барыс і народнага календара, які рыхтаваў Алесь Лозка.

Газета супрацоўнічала з самымі рознымі дзяржаўнымі і недзяржаўнымі структурамі. Асабліва цесна мы супрацоўнічалі як ні дзіўна з Прэзідэнцкай бібліятэкай Рэспублікі Беларусь, якая актыўна размяшчае ў нас свае матэрыялы. Мы друкуем матэрыялы з менскіх устаноў культуры, а так-сама, што лагічна, мы цесна супрацоўнічаем з Лідскім райвыканкамам і многімі структурамі падраздзяленнямі ідэалогіі і культуры: Лідская цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы, метадычны кабінет, Лідскі музей

Мы друкавалі планы дзейнасці ТБМ, справаздачы кіраўніцтва, справаздачы кіраўнікоў рэгіянальных арганізацый, інфармацыю пра ўсебеларускія акцыі, напрыклад: агульнанацыянальная дыктоўка, беларускае пяціборства, конкурс "Беларускі настаўнік года", асвятлялі дзейнасць арганізацый з усёй краіны (Віцебск, Полацк, Наваполацк, Магілёў, Дварэц, Баранавічы, Слонім, Пружаны, Гародня і інш.) і замежжа (Вільня, Прыбайкалле, Севастопаль, Беласточчына) і г.д. У 2013 годзе - годзе 150-х угодкаў паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага газета надрукавала 91 матэрыял пра паўстанне, была асноўным прапагандыстам ідэй паўстання. Мы рэгулярна асвятлялі 500-годдзе бітвы пад Воршай.

Мы штоквартальна друкуем вынікі падпіскі па раёнах, і ўсе бачаць, які стан з падпіскай. На працягу гэтых гадоў мы стаялі на ўзроўні 900 асобнікаў, зрэдку заходзячы за 1000. Мы трымалі ўвесь час нізкую цану, каб газета была больш даступнай. На сёння падпіска складае 1200 асобнікаў, але ў гэтай лічбе 318 газет - гэта газеты, падпісаныя на школы Беларусі падчас акцыі "Бліжэй да чытача".

Газета прадаецца ў шапіках "Саюздруку" ўсіх раёнаў Гарадзенскай вобласці, за што дзякуй цвёрдай пазіцыі Гарадзенскага аблвыканкама. Газета прадаецца ў Берасці, Пінску і Баранавічах, а таксама ў Віцебску. З-за нязручнасці арганізацыі продажаў і малога попыту мы пасля году працы сышлі з Полацка, але ў тры разы павялічылі колькасць газет, якія падаём у Віцебск. Пасля паўгода працы з-за нізкага попыту спынілі продаж у Лідскім музеі.

Мы працягваем прадаваць электронную версію "Нашага слова" на сайце belkiosk.by . Праўда, з кожнага нумара там прадаецца некалькі асобнікаў.


Пры пастаянных фінансавых праблемах на працягу гэтых трох гадоў не раз паўставала пытанне пра існаванне газеты. Акрамя пошуку сродкаў рэдакцыя прыняла меры на той выпадак, калі выходзіць на паперы стане немагчымым. Было вырашана захаваць газету хаця б у электронным выглядзе. Для гэтага быў патрэбны ўласны сайт.

У канцы 2010 года на нас выйшаў партал "Інтэрнэт - сталіца", які выдзеліў нам бясплатна старонку аб'ёмам у 1 Мбайт, перадаў пароль. На сайце nashaslovа.mns.by выстаўляліся ў рэжыме Word апошнія нумары "Нашага слова".

Усе нумары выстаўляюцца на лідскім сайце pawet.net . Гэты ж сайт вядзе выстаўленне ўсяго захаванага архіву "Нашага слова" з 2005 года. Больш раннія нумары не захаваны ў электронным выглядзе. У кампутарах тых часоў элементарна не хапала памяці.

Амаль што поўны архіў "Нашага слова" створаны на сайце kamunikat.org . Там выстаўляюцца версіі PDF га-зеты.

Пасля таго, як запрацаваў паўнавартасны, сучасны сайт ТБМ tbm-mova.by , пачалося выстаўленне "Нашага слова" на гэтым сайце. Але справа доўга не ішла, і толькі некалькі апошніх месяцаў на партале пачалі рэгулярна ставіцца версіі PDF газеты "Наша слова".

Але ўсё гэта не да канца вырашала праблему. З 1 жніўня 2014 года запрацаваў сайт газеты "Наша слова" naszaslowa.by , створаны ў рамках акцыі "Бліжэйда чытача". Гэты сайт, хоць даволі просты, але цалкам кантралюецца рэдакцыяй. Тут выстаўляецца газета ў рэжыме PDF і Word. Асобна выстаўляюцца найбольш важныя артыкулы, ствараецца архіў газеты. Тут жа выстаўляецца і часопіс "Лідскі летапісец". Тым не менш, мы пакуль утрымоўваем і старонку nashaslovа. mns.by .

Такім чынам даступнасць газеты "Наша слова" ў лічбавым варыянце дастаткова высокая. На гэтых сайтах газету можна спампаваць бясплатна, таму каб не падрываць продажу, новыя нумары газеты выстаўляюцца з тыднёвай затрымкай.

Арганізаваць продаж электронных версій са свайго сайту так, як гэта зроблена на сайце belkiosk.by , пакуль праблематычна, узнікае вялікая электронная бухгалтэрыя, якую мае сэнс арганізоўваць толькі пры масавых продажах, а іх не прадбачыцца.


Газета ўключана ў падпісны каталог на 2015 год. Справа за сябрамі ТБМ. Будзе падпіска, будзе газета запатрабавана - праблем будзе менш. Не будзе падпіскі - паўстане пытанне, ці патрэбна газета зусім?

Мне адказ ясны - газета патрэбна, але адказ ясны, мабыць, не для ўсіх, бо чаму тады з 6000 сяброў ТБМ ніяк не набіраецца хоць 1000 падпісчыкаў?

Рэдактар газеты "Наша слова" С. Суднік.


Памяці калегі і таварыша

1 лістапада на 87-м годзе жыцця памёр вядомы пісьменнік і мовазнавец, член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1975 года Георгій Фёдаравіч Юрчанка . Нарадзіўся ён 31 студзеня 1928 года ў вёсцы Кудрычы Мсціслаўскага раёна ў сялянскай сям'і. Бацька будучага пісьменніка быў удзельнікам Першай Сусветнай, грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў. Гэта паспрыяла таму, што Георгій Фёдаравіч шмат увагі надаваў гісторыі свайго роднага раёна, яго адметным людзям, абаронцам Айчыны.

Пасля заканчэння ў 1949 г. Мсціслаўскай СШ Юрчанка паступіў у Магілёўскі настаўніцкі інстытут. З 1951 г. працаваў настаўнікам на Гродзеншчыне, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў школах Дзятлаўскага і Воранаўскага раёнаў. Душа прагла новых ведаў, і малады настаўнік паступае на завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта Гродзенскага педагагічнага інстытута. Скончыўшы гэтую навучальную ўстанову, будучы пісьменнік і мовазнавец паступіў у аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. 3 1961 па 1988 працаваў рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі літаратуры і мастацтва, пазней рэдакцыі філалогіі выдавецтва "Навука і тэхніка". Меў дзяржаўныя ўзнагароды.

Першы верш напісаў яшчэ ў 1940 г., але друкавацца пачаў толькі ў 1959-м. Пазней пачаў выступаць у рэдкіх для беларускай літаратуры жанрах пародыі і эпіграмы, дасягнуў у гэтай галіне поспехаў. Яго пародыі на многіх паэтаў, празаікаў, літаратуразнаўцаў - гэта класіка. Аўтар здолеў пранікнуць у спецыфіку ідэйна - творчай манеры, выявіць адметнасці стылю, у сяброўска-гумарыстычнай ці з'едліва-саркастычнай форме раскрыць, "агаліць" сутнасць твора. Яго кнігі пародый і эпіграм "Распрэжаны пегас", "Вярхом на вожыку", "Немеладычныя мелодыі", "Парнаскія ўхабы", "У натхнёнай паграбеньцы", "Негабляваная пегасня" ды іншыя сталі настольнымі ў шматлікіх прыхільнікаў дасціпнага беларускага слова, у многіх яго паслядоўнікаў і вучняў.

Шмат Георгій Юрчанка зрабіў і як мовазнавец, нястомны збіральнік народнай лексікі і фразеалогіі. Вялікае моўнае багацце абагульнена ў кнігах "Дыялектны слоўнік. З гаворак Мсціслаўшчыны", "Народная сінаніміка", "I коціцца і валіцца", "I сячэ і паліць", "Слова за словам", "Народнае вытворнае слова" ў 3-х тамах, "Сучаснае народнае слова" і г. д.

Актыўна выступаў з артыкуламі, рэцэнзіямі на творы сучасных беларускіх пісьменнікаў. Прымаў удзел у грамадскім жыцці творчага саюза.

Уважлівы, інтэлігентны, сціплы, працавіты і шчыры, Георгій Юрчанка быў сапраўдным патрыётам, грамадзянінам, руплівым сынам свайго народа, любай яго сэрцу Беларусі. Такім і застанецца ў нашай светлай і ўдзячнай памяці.

Прэзідыум Саюза пісьменнікаў Беларусі.


Святар народнай царквы

Уявіце сабе: чалавецтва дажыло да ХХII стагоддзя. І як бы неверагодна гэта не было для малавераў, а тым болей, для ворагаў нашага нацыянальнага Адраджэння - няма на мапе Рэспублікі Беларусь, а ёсць Рэспубліка Вялікалітва, якая разам з Літоўскаю Рэспублікай, Украінаю, Пскоўскаю Русьсю, Наўгародскаю Руссю, Швецыяй, Фінляндыяй уваходзіць у магутную Балта-Чарнаморскую Асацыяцыю. Што тады застанецца у памяці людзей пра нас - сучасных беларусаў? Як яны будуць адзначаць нашую цяперашнюю рэчаіснасць?

Канешне, адсеецца выпадковае, неістотнае, і застанецца галоўнае. І сярод галоўнага - існаванне ідэі спрадвечнай незалежнасці, яшчэ з часоў Вялікага Княства Літоўскага, літоўскай (цяпер беларускай) праваслаўнай царквы - існаванне ў памяці сучаснікаў, праваслаўных беларусаў, а так-сама у выглядзе менскай аўтакефальнай праваслаўнай суполкі святое Афрасінні Полацкай, арганізатарам і лідарам якой з'яўляецца айцец Леанід Акаловіч.

Дзякуй Богу, менская аўтакефальная суполка існуе больш за пятнаццаць год - і ўжо гэты факт ёсць добрай адзнакай дзейнасці айца Леаніда і наступствам яго актыўнай жыццёвай пазіцыі, яго перакананняў, далёкіх ад перакананняў прамаскоўскіх святароў. Менавіта таму ніхто і нішто не перашкаджае арганізоўваць дзейнасць суполкі на беларускай мове і з хрысціянскіх пазіцыяў выказваць аб'ектыўныя інтарэсы беларускага (літоўскага) народа. Ён не баіцца адгукацца на вострыя выклікі часу - палітычныя, сацыяльныя, экалагічныя. Айцец Леанід удзельнічае ў розных грамадскіх акцыях: ушанаванне памяці ахвяраў камуністычнага рэжыму ў Курапатах, Катыні, Касуце, Вілейцы, у Трасцянцы, на Жальбінах па Чэрвеньскай шашы смерці ў Менскай вобласці, Расціслава Лапіцкага, расстралянага ля вёскі Красны Беражок Вілейскага раёна ў 1951 годзе за негвалтоўны супраціў камуністычнай уладзе, пісьменніка Васіля Быкава, іншых адметных асобаў, патрыётаў Літвы-Беларусі. У верасні 2014 года ён удзельнічаў ва ўшанаванні подзвігу нашых дзядоў-ліцвінаў, перамогшых 500 год таму пад Воршаю колькасна пераважаўшых агрэсараў.

Актыўная грамадзянская дзейнасць айца Леаніда - шчырае праяўленне пазіцыі лідара народнай аўтакефальнай праваслаўнай царквы на Бацькаўшчыне, царквы, якая будуе сваю дзейнасць на падставе нацыянальных прыярытэтаў: праўда, незалежнасць Айчыны, спадчына ВКЛ. Ягоная дзейнасць мае розныя кірункі. Ён годна прадстаўляе і прапагандуе пазіцыю БАПЦ і сярод удзельнікаў Нацыянальнай Платформы, якая з'яўляецца форумам прыхільнікаў і ўдзельнікаў праграмы Еўразвязу "Усходняе Партнёрства", на канферэнцыях, прысвечаных памяці выдатных прадстаўнікоў Літвы-Беларусі, перакладу Бібліі на беларускую мову, абароны правоў хрысціянскіх суполак і міжканфесійнага супрацоўніцтва, экалагічных праблем і інш.

Айцец Леанід - нястомны даследчык-краязнавец, гісторык, генеолаг, кнігалюб, журналіст, калекцыянер і музейшчык, філолаг-анамаст і абаронца беларускай мовы - за яе сапраўднае адраджэнне, за яе чысціню. Ён аўтар шэрагу артыкулаў пра нашых нацыянальных змагароў, выдатных таленавітых асоб Літвы-Беларусі.

Айцец Леанід спрычыніўся таксама да дзейнасці менскага культурна-асветніцкага клуба "Спадчына" і народнага гістарычна-краязнаўчага аб'яднання "Прылуцкая спадчына" у Прылуках Менскага раёна і стварэння музея ў Прылуках.

Святарская дзейнасць айца Леаніда адзначана абраннем яго чальцом рады БАПЦ. А ўлетку 2012 года ён удзельнічаў у Саборы БАПЦ у Нью-Ёрку, дзе прымаліся істотныя арганізацыйныя рашэнні. Там, на Саборы БАПЦ айцец Леанід стаў протаіярэем БАПЦ.

Не будзем пакуль падводзіць вынікі. Пажадаем айцу Леаніду здзяйснення ягоных мараў яшчэ пры ягоным жыцці - перамогі ідэі аўтакефаліі сярод праваслаўных грамадзян і аднаўлення сапраўднай незалежнасці Рэспублікі Беларусь пад бел-чырвона-белым сцягам.

Жыве Беларусь-Літва!

Мікола Бамбіза. На здымках: 1. Выступ Л. Акаловіча на канферэнцыі, прысвечанай 500-годдзю Аршанскай бітвы. 11.03.2014. 2. Святар БАПЦ Леанід Акаловіч у акружэнні "касманаўтаў" Паўлічэнкі ў час спробы шэсця на Акрэсціна 25 сакавіка 2006 г.


На 25 лістапада прызначана прадстаўленне праекту Маніфеста ў абарону незалежнасці Беларусі

На 25 лістапада запланавана правядзенне круглага стала, удзельнікі якога пазнаёмяць журналістаў з праектам Маніфеста ў абарону незалежнасці Беларусі - галоўнага дакумента Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць. Як паведамляе газета "Новы час", такое рашэнне было прынятае 7 лістапада ў Менску на чарговым паседжанні аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні кангрэсу.

Як зазначыў доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў, праект Маніфеста будзе прадстаўлены ў СМІ на грамадскае абмеркаванне, пасля якога мае адбыцца зацвярджэнне гэтага дакумента ўдзельнікамі кангрэсу. Прычым, маніфест павінен быць адкрытым для падпісання і пасля правядзення кангрэсу, лічыць навуковец.

На ягонае меркаванне, дакумент павінен адлюстраваць занепакоенасць грамадства тымі пагрозамі незалежнасці краіны, што нясуць дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе і расейскіх вайсковых базах на тэрыторыі Беларусі, гандаль зямлёю, прадпрыемствамі, матчынай мовай і ўсімі тымі нацыянальнымі каштоўнасцямі, якімі можа ганарыцца беларускі народ.

Затым Міхаіл Пастухоў заявіў аб уступленні ў ТБМ, бо лічыць неабходным падтрымаць беларускую мову ў цяжкую для яе і Бацькаўшчыны гадзіну.

На паседжанні адзначалася, што галоўная небяспека для незалежнасці Беларусі не столькі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны, колькі ў той частцы беларускага грамадства, якая абыякавая да лёсу краіны.

Сябры аргкамітэту прыйшлі да высновы, што Маніфест павінен акрэсліць неабходныя захады па забеспячэнні развіцця Бацькаўшчыны, як сапраўды незалежнай дзяржавы дзеля таго, каб чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі сталі насамрэч найвышэйшымі каштоўнасцямі.

Нагадаем, што 30 жніўня быў створаны аргкамітэт па падрыхтоўцы і скліканні Усе-беларускага кангрэсу за незалежнасць, які мае адбыцца ў краіне ў снежні 2014 г. - сакавіку 2015 г. Вызначана квота вылучэння прадстаўнікоў на кангрэс - ад 1 да 5 чалавек ад кожнага з 117 раёнаў Беларусі ў залежнасці ад колькасці жыхароў і актыўнасці грамадзяна, якія выступаюць за незалежнасць краіны. Парадак вылучэння прадстаўнікоў на кангрэс залежыць ад вольнага выбару саміх грамадскіх актывістаў: у адным раёне гэта можа быць сход грамадзян, а ў другім - сход сяброў грамадскай арганізацыі, якая падтрымала ідэю правядзення кангрэсу.

Свае прапановы і заўвагі наконт правядзення кангрэсу ахвочыя могуць даслаць на адрас электроннай пошты niezaleznasc gmail.com.

Наш кар.


Калі ёсць неабыякавыя людзі

У нумары 44 (1195) газета "Наша слова" паведамляла пра гаротны стан старых Койданаўскіх могілак наогул і вялікага мармуровага помніка па Юзафу Абламовічу, доктару медыцыны Віленскага ўніверсітэта, уладальніку маёнткаў у Мікулічах і Негарэлым у прыватнасці.

І вось Ганна Матусевіч з радасцю паведамляе:

- Скульптар Ігар Засімовіч аднавіў зруйнаваны помнік Юзафу Абламовічу на Старых Койданаўскіх могліцах.

Грамадскасць тут даўно вядзе змаганне за могілкі з уладамі, якім вечна мала зямлі, і якія нічога не могуць пабудаваць, каб перш чаго не зруйнаваць. Што з іх узяць - дзеці "Інтэрнацыяналу".

Але пакуль ёсць неабыякавыя людзі, як Ганна Матусевіч, як Ігар Засімовіч, то воля народа можа стрымліваць разбуральную волю чыноўнікаў. На тым і стаіць сённяшняя Беларусь, на тым і трымаецца нейкая раўнавага.

Наш кар.


Да выхаду новай кнігі Алега Трусава "Кароткая гісторыя архітэктуры Беларусі"

Эпоха БССР (1921-1991 гг.)

Лёс культавай архітэктуры ў БССР

Пасля кастрычніцкага перавароту ў Петраградзе, які пазней у СССР назвалі Вялікай кастрычніцкай рэвалюцыяй, бальшавікі практычна ўжо ў 1917 г. ліквідавалі інстытут прыватнай уласнасці на зямлю і на ўсе будынкі, якія на ёй стаялі. Была праведзена нацыяналізацыя розных прамысловых і свецкіх будынкаў. Аднак найбольш пацярпелі вернікі розных канфесій, бо бальшавікі абвясцілі вайну рэлігіі і праводзілі палітыку ваяўнічага атэізму. Пад пагрозай апыналіся тысячы храмаў і манастыроў, у тым ліку і на тэрыторыі БССР, якая неаднаразова мянялася. Найбольш пацярпела Руская праваслаўная царква, якая панавала ў Расійскай імперыі. Калі ў 1917 г. у Расійскай Імперыі было 79 767 храмаў і 51 105 святароў, то ў 1939 г. засталося каля 400 храмаў і каля 400 святароў, прычым у БССР храмы ўсіх канфесій былі зачынены.

У перыяд з лістапада 1917 па 1919 г. царкву пазбавілі права юрыдычнай асобы, духавенства пазбавілі палітычных правоў, закрылі некаторыя манастыры і храмы і зрабілі частковую рэвізію маёмасці царквы.

У сваім распараджэнні ад 1 траўня 1919 г. Ленін загадваў папоў расстрэльваць, а храмы зачыняць. Іх памяшканні апячатваць і пераўтвараць у склады. У наступным загадзе ад 19 сакавіка 1922 г. Ленін загадаў канфіскаваць царкоўныя каштоўнасці. Адбылася канфіскацыя каштоўнасцей галоўнага храма Расійскай імперыі - Хрыста Збаўцы. 5 снежня 1931 г. храм быў узарваны.

Нягледзячы на гэта інтэлігенцыя патрабавала ад новай улады аховы помнікаў гісторыі і культуры, у тым ліку і старажытных будынкаў. 5 кастрычніка 1918 г. Ленін загадаў прывесці першую дзяржаўную рэгістрацыю ўсіх манументальных і рэчавых помнікаў мастацтва і старажытнасці.

10 красавіка 1919 г. новыя ўлады заснавалі Расійскую Акадэмію гісторыі матэрыяльнай культуры. Пасля вайны гэтая ўстанова атрымала назву Інстытут археалогіі АН СССР. Адпаведная праца па ахове помнікаў гісторыі і культуры пачала праводзіцца і на тэрыторыі Ўсходняй Беларусі, дзе ўлада была ў руках бальшавікоў.

5 кастрычніка 1918 г. выканкам Савета Заходняй Камуны са сталіцай у Смаленску прыняў дэкрэт "Аб перадачы культурных каштоўнасцяў, маёнткаў і ўстаноў аддзелам народнай асветы і аб арганізацыі іх збору, уліку і аховы".

Аналагічную пастанову прыняў 30 студзеня 1919 г. урад БССР і надрукаваў яе ў газеце "Звязда".

14 чэрвеня 1924 г. было зроблена распараджэнне аб парадку дзейнасці вышэйзгаданага закона. Былі вызначаны катэгорыі помнікаў, што падлягалі ахове. 5 ліпеня 1926 г. з'явіўся заканадаўчы акт "Аб парадку аховы помнікаў даўніны, мастацтва, быту і прыроды, якія абвешчаны дзяржаўным здабыткам". Упершыню ў БССР быў зацверджаны спіс помнікаў з 94 назваў. Усе гэтыя помнікі былі абвешчаны дзяржаўнай уласнасцю. Напрыклад, у г. Магілёве былі ўзятыя пад ахову Гарадская ратуша, гарадскія брамы, сабор Св. Іосіфа, Багаяўленскі манастыр, Спаская царква і драўляная сінагога на беразе Дняпра.

Вялікую ролю ў вывучэнні помнікаў беларускага дойлідства адыграў Інстытут беларускай культуры, створаны ў 1922 г. Пасля яго стварэння вывучэнне помнікаў старажытнага беларускага дойлідства пачало імкліва развівацца. Працы вядомых беларускіх вучоных - мастацтвазнаўцы Міколы Шчакаціхіна і археолага Івана Хозерава - і зараз маюць вялікую навуковую каштоўнасць.

У 1928 г. М. Шчакаціхін выпусціў кнігу "Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва", дзе ўпершыню ўвёў у навуковы ўжытак і разгледзеў такія прынцыпова важныя моманты ў гісторыі нашай архітэктуры, як "беларуская готыка", "беларускае Адраджэнне" і "беларускае барока".

У тым жа годзе І. Хозераў правёў раскопкі Барысаглебскай і Пятніцкай цэркваў XII ст. у Бельчыцкім манастыры, што дало вучоным магчымасць гаварыць аб існаванні самастойнай полацкай архітэктурнай школы. Вывучаў ён і будаўнічыя матэрыялы, асабліва старажытную цэглу-плінфу і знакі майстроў-рамеснікаў на ёй. У першыя гады пасля Другой сусветнай вайны ён даследаваў Полацкую Сафію і Каложскую царкву ў Гародні.

У 20-30-х гг. XX ст. маскоўскі даследчык А. Някрасаў звярнуў увагу на абарончыя беларускія храмы XVI ст. і адзначыў у іх архітэктурныя рысы полацка-смаленскага дойлідства XII ст., якое ў сваю чаргу, на яго думку, аказала ўплыў на маскоўскую архітэктуру XV-XVI стст.

Аднак сталінскія рэпрэсіі 30-х гадоў практычна знішчылі кадры гісторыкаў і мастацтвазнаўцаў, і вывучэнне беларускага дойлідства прыпынілася.

У 1930-м г. з храмаў пачалі здымаць званы, бо царкоўны звон стаў забаронены. У пачатку ХХ ст. у Менску толькі праваслаўных храмаў было больш за 30, а ў 1937 г. дзейнічала толькі адна царква Св. Марыі Магдалены на Старажоўцы. У 1938 г. у БССР засталіся толькі тры адкрытыя царквы: у Бабруйску, Оршы і Мазыры. Неўзабаве закрылі і іх. Царкоўныя будынкі масава знішчаліся, альбо перабудоўваліся.

У Магілёве да 1917 г. было 73 храмы розных канфесій, а да 1941 г. захавалася толькі 5 будынкаў. Толькі ў 1937 г. за адну ноч тут узарвалі 9 царкоўных ансамбляў, каб яны не псавалі выгляд на толькі што пабудаваны ў цэнтры горада "Дом Саветаў". Галоўным спецыялістам па знішчэнні беларускіх храмаў стаў начальнік штаба сапёрнага батальёна Пётр Трыгарэнка, які распрацаваў новую методыку падрыву культавых будынкаў.

Менавіта ён у 1934 г. узарваў сабор у Віцебску, Свята-Мікалаеўскі сабор у Слуцку, храмы ў Менску, Магілёве і Смаленску. Пасля вайны, ён стаў дысідэнтам і вернікам, выехаў у ЗША, дзе выдаў кнігу ўспамінаў, у якой апісаў і сваю дзейнасць на тэрыторыі Беларусі.

Адносіны да праваслаўнай царквы і вернікаў іншых канфесій змяніліся падчас вайны 1941-1945 гг. На акупаванай тэрыторыі немцы дазволілі дзейнічаць хрысціянскім вернікам, як праваслаўным, так і каталіцкім, аднак масава знішчалі будынкі сінагог. У 1943 г. Сталін дазволіў абраць патрыярха Сергія, вярнуў яму Загорскі манастыр пад Маской, і пасля выгнання немцаў, храмы, адчыненыя пры іх, адразу не закрываліся, а дзейнічалі пэўны час, да новай хвалі змагання з рэлігіяй.

Пастановай СНК СССР № 299 ад 16.03.1943 г. была створана "Дзяржаўная Надзвычайная камісія па ўстанаўленні і разглядзе злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў і нанясенні імі стратаў грамадзянам, калгасам, грамадскім арганізацыям, дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам СССР".

На месцах ствараліся абласныя камісіі, якія актыўна дзейнічалі і на тэрыторыі БССР. Так, Магілёўская абласная камісія дзейнічала з 06.12. 1943 г. па 29.12.1944 г. У сакавіку 1945 г. яна абследавала 9 храмавых будынкаў. У Магілёве, гэта два касцёлы і сем праваслаўных храмаў. Аднак з гэтых аб'ектаў ацалеў толькі Нікольскі манастыр. Астатнія будынкі ніхто не аднаўляў, іх руіны паступова знеслі, а тэрыторыю забудавалі.

Найбольшую цікавасць уяўляюць архівы гэтай камісіі, бо пазней яны былі выкарыстаныя рэстаўратарамі для аднаўлення некаторых культавых аб'ектаў на тэрыторыі Беларусі.

Рэстаўрацыйныя работы на тэрыторыі СССР пачаліся пасля таго, як 14 кастрычніка 1948 г. Савет Міністраў СССР прыняў пастанову, у якой гаварылася пра неабходнасць аховы, вывучэння і рэстаўрацыі помнікаў гісторыі і культуры. У 1949 г. адпаведны дакумент з'явіўся і ў БССР. На працягу 1953-1957 гг. быў зроблены спіс помнікаў гісторыі і культуры Беларусі і прынята пастанова "Аб зацвярджэнні спіска помнікаў архітэкутры БССР, якія патрабуюць дзяржаўнай аховы". Пачаўся новы этап у вывучэнні нашай архітэктурнай спадчыны. Ён характарызуецца вялікім аб'ёмам археалагічных даследаванняў, у выніку якіх знойдзеныя дзясяткі раней невядомых помнікаў, атрыманыя новыя звесткі аб збудаваннях, якія захаваліся. Раскопкі М. Вароніна (Гародня), В. Тарасенкі (Менск), М. Каргера (Полацк, Віцебск, Ваўкавыск, Наваградак, Тураў), П. Рапапорта (Полацк, Ваўкавыск), В. Булкіна (Полацкая Сафія), І. Чарняўскага (Гародня) дазволілі па-новаму зразумець і растлумачыць складаныя з'явы станаўлення і развіцця архітэктуры XI-XII стст. на тэрыторыі Беларусі, канчаткова сцвердзіць існаванне полацкай і гарадзенскай архітэктурных школ.

Чарговы ўдар па культавай архітэктуры Беларусі нанесла хрушчоўская канцэпцыя змагання з рэлігіяй. Сотні бажніц, што належалі вернікам розных канфесій, былі зачынены, перароблены ў клубы і зернясховішчы альбо цалкам знішчаны.

З беларускіх школ і навучальных устаноў выкаранялася не толькі беларуская мова, гісторыя і культура, але і вера нашых продкаў. Шмат касцёлаў і цэркваў былі ўзарваны альбо перабудаваны да непазнавальнасці. Так, напрыклад, на знішчэнне полацкага касцёла і кляштара езуітаў "мэтавым накіраваннем" з бюджэта Віцебскай вобласці было выдзелена 30 тысяч (тагачасных!) рублёў. У студзені 1964 г. касцёл св. Стэфана і частка калегіюма былі ўзарваны. Ад выбуху ўтварылася каля 50 тысяч кубічных метраў "дабраякаснацй цэглы і шчэбеню, якія прадпрыемствамі і насельніцтвам на працягу года былі выкарыстаны на добраўпарадкаванне горада". "За хорошо выполненные работы по обрушению здания кадетского корпуса в городе Полоцке" ўдзельнікам акцыі была аб'яўлена падзяка, двое з іх былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі гарвыканкама. Сапраўдныя дакументы па рэалізацыі гэтага акту вандалізму, доўгі час надзейна схаваныя ад цікаўных у Полацкім архіве, нарэшце апублікаваныя ў першым нумары гістарычна-літаратурнага часопіса "Полацкі летапісец".

На месцы зруйнаваных будынкаў у 1976-1979 гг. пабудаваны прэстыжны 9-павярховы жылы дом для правінцыйнай эліты. Ад калегіюма, закрытага ад вачэй гэтай плоскай каробкай, зберагліся ў катастрафічным стане толькі паўднёвая частка галоўнага корпуса і заходняе крыло.

Таксама былі знішчаны Дабравешчанская царква ХІІ ст. у Віцебску, уніяцкі храм у Беразвеччы, касцёл "Фара Вітаўта" ў Гародні, езуіцкі касцёл у Пінску і іншыя культавыя будынкі. У канцы мінулага стагоддзя Дабравешчанская царква (царква Звеставання) у Віцебску была адноўлена. На месцы ўзарванага 29 лістапада 1961 г. касцёла Фары Вітаўта ў Гародні ў 2014 г. усталяваны памятны знак (Паклонны крыж) у выглядзе скульптурнай кампазіцыі. Гэта паўразбураная арка з памятным надпісам.

У сярэдзіне 60-х гг. мінулага стагоддзя сітуацыя ў краіне стала паляпшацца. У снежні 1966 г. было створана Добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, якое да канца 70-х гг. налічвала каля мільёна чалавек. На грошы, сабраныя сябрамі таварыства, пачалася рэстаўрацыя помнікаў архітэктуры, у тым ліку і культавых будынкаў. У 1968 г. быў складзены спіс помнікаў першачарговай значнасці для рэстаўрацыі. У яго былі ўключаны Сафійскі сабор у Полацку, Прэабражэнская царква ў Заслаўі, Храм-спачывальніца Паскевічаў у Гомелі, Мікольскі манастыр у Магілёве і іншыя аб'екты.

Вярнуць помнікам іх першапачатковае аблічча, прыстасаваць пад сучасныя культурна-асветніцкія ўстановы можа толькі навукова абгрунтаваная рэстаўрацыя. Сучасныя прынцыпы рэстаўрацыі вымагаюць не толькі ўмацавання і адбудовы помнікаў архітэктуры, але і актыўнага ўключэння іх у архітэктурную кампазіцыю новай забудовы нашых гарадоў і вёсак, прыстасавання да новых культурна-эстэтычных патрэбаў. Калі толькі ўмацаваць ці нават адбудаваць архітэктурны помнік і не вырашыць праблему яго выкарыстання, ён застанецца нерухомым музейным экспанатам. Каб шэдэўр дойлідства ці сціплы прадстаўнік радавой гістарычнай гарадской забудовы паўнакроўна ўвайшоў у наша сённяшняе жыццё, трэба надаць яму новую, сучасную функцыю, якая б не толькі падкрэсліла яго гістарычна-мастацкую каштоўнасць, але і адзначыла, узмацніла яе, надала ён новае эстэтычнае гучанне.

Такі прынцып атрымаў назву "рэваларызацыя", што азначае ў дадзеным выпадку адраджэнне згубленай ідэйна-эстэтычнай каштоўнасці. Рэваларызацыя ўключае цэлы комплекс работ па "ажыўленні" помніка: кансервацыю, навуковую рэстаўрацыю і актыўнае архітэктурнае прыстасаванне яго да сучасных патрэбаў грамадства. Менавіта прыстасаванне вызначае выбар сродкаў кансервацыі і рэстаўрацыі і, самае галоўнае, з'яўляецца сувязным звяном паміж мінулым і сучасным бытаваннем помніка. Прывядзём некалькі канкрэтных прыкладаў.

Спачатку завітаем у старажытны Полацк, дзе шмат розных архітэктурных помнікаў і ансамбляў. Адзін з іх ужо добра вядомы вам. Гэта - Полацкая Сафія. Зараз яна складаецца з двух помнікаў - XI і XVIII стст., і кожны з іх мае высокую мастацкую каштоўнасць. Таму навуковаму кіраўніку рэстаўрацыі архітэктару Валерыю Слюнчанку давялося вырашыць складаную задачу прыстасавання і музейнага паказу Сафійскага сабора.

(Працяг у наступным нумары.)


Літаратурная спадчына і сям'я Івана Навуменкі

"Стагоддзі самастойнага існавання нарадзілі своеасаблівы народны дух, норавы, мову, нахай сабе блізкую да рускай ці ўкраінскай, але ў корані самабытную сваёй музыкай, поглядам беларуса на свет, сваёй філасофіяй."

Іван Навуменка.

Валерыя Іванаўна Навуменка - лекар-афтальмолаг, дачка беларускага пісьменніка, літаратуразнаўцы і драматурга Івана Якаўлевіча Навуменкі, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры хваробаў вачэй Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта, ветэран працы. Яна працавала ў афтальмалогіі з 1982 года, надрукавала больш за 30 навуковых прац. Сферай яе прафесійных зацікаўленняў з'яўляюцца хірургія глаўкомы, катаракты, адслаення сятчаткі, кератапластыка, рэканструктыўныя аперацыі на вачах. Нядаўна Валерыя Іванаўна прымала ўдзел у канферэнцыі ў Гомельскім універсітэце, прысвечанай бацьку. 16 лютага 2015 года будзе адзначацца 90 гадоў з дня нараджэння Івана Навуменкі.

- Раскажыце, калі ласка, якія мерапрыемствы прадугледжаны да 90-годдзя пісьменніка?

- Савет Міністраў Беларусі прыняў пастанаўленне аб увекавечанні яго памяці У выдавецтве "Мастацкая літаратура" выходзіць 10-томны збор твораў Івана Навуменкі, ужо выйшаў чацвёрты том. Прэзентацыя першага тома адбывалася ў ГДУ з удзелам супрацоўнікаў выдавецтва і даследчыкаў творчасці пісьменніка.

- Валерыя Іванаўна, чым была адметная канферэнцыя?

- Канферэнцыі "Міжнародныя навуковыя чытанні " Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў славянскіх літаратурах" памяці Івана Навуменкі арганізоўвае кожныя два гады ў Гомельскім універсітэце імя Ф. Скарыны загадчык кафедры філалогіі Іван Фёдаравіч Штэйнер, былы студэнт Івана Якаўлевіча. На іх выступаюць з дакладамі навукоўцы, аспіранты, працаўнікі кафедры. Сёлета ў канферэнцыі ўдзельнічалі тры нямецкія прадстаўнікі. Сярод іх - прафесар Гун-Брыт Колер, дырэктар Інстытута славістыкі Ольдэнбурскага ўніверсітэта. Яна зрабіла даклад на беларускай мове. Выступленні падрыхтавалі дацэнт кафедры літаратуры БДУ Павел Іванавіч Навуменка, доктар філалагічных навук Міхась Тычына, доктар філалагічных навук Людміла Сінькова, прафесар, доктар філалагічных навук Аляксандр Лукашанец.

- Валерыя Іванаўна, ці часта Вы наведваеце радзіму пісьменніка? Дзе Вы самі нарадзіліся?

- Бацька нарадзіўся ў вёсцы Васілевічы Рэчыцкага раёна, за 107 кіламетраў ад Гомеля. У лютым усё будзе замецена снегам, таму мы паехалі з мужам увосень, каб наведаць яшчэ магілы дзеда і бабулі. Хата, якую пабудаваў дзед, Якаў Піліпавіч Навуменка, стрэлачнік чыгункі, захавалася. На ёй прымацавалі памятную шыльду. Хата як раз апісана ў кнізе "Дзяцінства. Юнацтва. Падлетак". Каля сарака гадоў таму бацькава маці Марыя Пятроўна яе прадала, там жывуць новыя людзі.

Першы раз я была ў Васілевічах у пяць гадоў. Другі раз прыязджала, калі ішла ў школу, у тую вясну, як дзед памёр. Пазней, калі я была ўжо дарослая, удзельнічала ў першай канферэнцыі памяці бацькі ў 2008 годзе.

Мы з мужам наведалі Васілевіцкія могілкі, дзе пахаваны дзед і бабуля. Марыя Пятроўна была з Бабічаў, яна пайшла замуж у Васілевічы. Бабін дзядзька Карней Смяян напачатку мінулага стагоддзя быў абраны дэпутатам у Пецярбургскую думу і пабудаваў сучасную мураваную школу у Бабічах. Бацька вырас на прыродзе.

Я нарадзілася ў Менску. Маці была родам з Менска, выхаванне маё ішло тут. Пасля таго, як не стала дзеда, бацькава маці часта жыла ў нас зімой, і яе аповеды пра жыццё нам запомніліся. Мы з братам і сястрой былі ўдзячнымі слухачамі.

Наша мама была дацэнтам на гістарычным факультэце БДУ, працавала на кафедры гісторыі СССР, вывучала дасавецкі перыяд.. Мы скончылі тры розныя школы, у кожнага былі свае зацікаўленасці. Мяне мама вяла праз Ленінскі праспект у школу, а бацька вёў сястру. Брат Павел вучыўся ў спецыялізаванай школе па фізіцы і радыёэлектроніцы. Бацька нікому не перашкаджаў у абранні свайго шляху. Школу я скончыла ў 1976-тым годзе.

Бацька пісаў больш дома пасля працы ці ў адпачынку. Ён браў нас з сястрой на мора - у Гагры, Піцунду, Кактэбель, там знаходзіліся дамы творчасці, мы ішлі на пляж і да абеду нас не было чуваць, а ён працаваў штодня за пісьмовым сталом. Сплаваўшы ў моры некалькі разоў, па абедзе чытаў газеты і адпачываў. Цяжкавата было кожны год вывезці на мора такую вялікую араву. У 1969 годзе нам далі пад лецішча тыя славутыя соткі, якім прысвечана паэма пра Лысую гару. Мікола Аўрамчык, Васіль Зуёнак, Анатоль Вярцінскі засталіся сёння з нашых добрых старых суседзяў па лецішчы.

- Вам давялося сустракацца са знакамітымі асобамі праз Вашага бацьку, да Вас завітвалі пісьменнікі, паэты. З кім сябраваў Іван Якаўлевіч?

- Бацька сябраваў з Іванам Мележам, Алегам Лойкам, Аўрамчыкам. Мы жылі ў пісьменніцкім доме па вул. Карла Маркса з 1964 года. Дом будавалі ў 1953 годзе на сродкі Літфонда. Тады яшчэ мы не мелі лецішчаў, але быў Дом творчасці ў Каралішчавічах на 19-тым кіламетры Магілёўскай шашы. Выдатна памятую і Пятра Фёдаравіча Глебку з жонкаю, і Міхася Ціханавіча Лынькова і Куляшовых.

Бацькі здымалі асобны фінскі домік, і мы заязджалі альбо пасля Панчанкаў, альбо пасля Калачынскіх. Клаўдзія Якаўлеўна Калачынская заўсёды пакідала нам у шуфлядзе стала шакаладныя цукеркі добрага гатунку. Для дзяцей гэта было свята! Сталовая размяшчалася недалёка, увечары ладзіліся вогнішчы.

У пісьменнікаў і крытыкаў таксама былі малыя дзеці. Уладзіміра Караткевіча памятаю, калі ён пасяліўся ў наш пад'езд пасля Яна Скрыгана. Найлепшы ўспамін з дзяцінства - літфондаўскія навагоднія ёлкі. Ліса з хвастом, мядзведзь і зайчык заўсёды прыходзілі пад ёлку. У старым Саюзе пісьменнікаў па вуліцы Энгельса было па-хатняму ўтульна. У 1976 годзе гэтую будыніну разбурылі - у мяне па шчаках цяклі слёзы.

Самым вялікім папулярызатарам беларускай мовы бацька быў дома. Ён на рускую мову ніколі не пераходзіў, размаўляў з мамай і з намі на роднай мове. Цяпер усе трое яго дзяцей розных спецыяльнасцяў гавораць па-беларуску.

- Тое, што Івану Якаўлевічу давялося перажыць у вайну, ён апісаў у кнізе "Сасна пры дарозе" і ншых?

- Напачатку вайны яму было 16 гадоў. Ён быў у падполлі, яны звязаліся з партызанамі. Калі вызвалілі Гомельшчыну, ён ў 18 год з рэгулярнымі вайскамі пайшоў далей. Удзельнічаў у баях на Ленінградскім і 1-м Украінскім франтах, ваяваў на Карэльскім фронце.

На маёй памяці прыязджалі яго сябры і аднапалчане. У 1975 годзе на 30-годдзе Перамогі яго знайшоў аднапалчанін Лебедзеў з Волагды. Ён зрабіў запыт на Саюз пісьменнікаў, ці мае быць пісьменнік Іван Якаўлевіч Навуменка, кнігі якога друкаваліся ў перакладзе на рускую мову ў СССР, тым самым Іванам з Беларусі, што ўдзельнічаў у ваенных падзеях. Па запрашэнні бацькі ён прыехаў да нас у Менск.

Гасцяваў у нас таксама Мандзіенка, камандзір злучэння, дэсантнік, якога закінулі з Адэсы на парашуце на Гомельшчыну.

- Іван Навуменка займаў высокія пасады ў навуцы ў дзяржаве. У 1973 -1982 гадах ён быў дырэктарам інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР. У 1982-1992 гадах пісьменнік з'яўляўся віца-прэзідэнтам АН БССР. У 1985-90 быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай рэспублікі, узначальваў Вярхоўны Савет БССР з 1985 па 1989 год.

- Ён нёс вялікія грамадскія абавязкі, да яго звярталіся землякі і родзічы, ён быў дэпутатам Вярхоўнага Савета ад Мозырскай акругі. Такая праца патрабуе значных высілкаў.

- Вас нехта натхніў прафесіяй медыка з родных ці знаёмых? Як Вы выбралі афтальмалогію?

- Я збіралася ісці на хімфак. Мне трэба было здаваць адзін іспыт. У мяне былі тры сяброўкі, з якімі мы наведвалі гурткі юнага фізіка і юнага матэматыка ў педынстытуце. І ўсе тры сяброўкі марылі з 15-ці гадоў пра медынстытут. Мама сказала: " Навошта цябе тая атрута ў колбах?! Ідзі з дзяўчатамі ў медыцынскі, здай адну хімію." І яна мела рацыю. Хапіла той хіміі за першыя тры гады медынстытута! Я засталася задаволена сваім выбарам.

- У Вас быў залаты медаль?

- Так, і ў майго брата таксама. Ён скончыў спецыялізаваную школу па радыёфізіцы і электроніцы, але нечакана пайшоў на філфак БДУ. З нас траіх ён адзін стаў філолагам, ён даследуе і выдатна ведае бацькаву літаратурную спадчыну.

Пасля медынстытута па размяркаванні я была накіравана ў паліклініку № 13 горада Менска, а потым перашла кансультантам у 3-ці клінічны шпіталь. Працавала і ў 10-тай клініцы ў Чыжоўцы, а з 1989 года перайшла парацаваць на кафедру ў Менскі дзяржаўны медынстытут, цяпер - БДМУ.

- Вы маеце багаты досвед працы ў 3-цім клінічным шпіталі Менска, Вас вельмі шануюць Вашыя пацыенты. З кім з высокіх свяцілаў беларускай медыцынскай навукі Вам давялося працаць побач?

- Я працавала пры Тацяне Васільеўне Бірыч. Гэта член-карэспандэнт Акадэміі Навук БССР, Герой Сацыялістычнай працы, доктар медыцынскіх навук, прафесар. У Вялікую Айчынную вайну яна кіравала палявым шпіталём у Саратаве. Пасля яе кафедру ўзначальвала яе дачка Тамара Андрэеўна Бірыч, таксама прафесар. Пры ёй я адпрацавала 20 год.

На кафедры хвароб вока Менскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта я выкладала з 1986 года да выхаду на пенсію ў 2014 годзе. У афтальмалогіі вельмі шмат праблем: гэта і перасадка рагавой абалонкі, катаракта, глаўкома, дыстрафічныя захворванні вока, анкалогія, касавокасць і г.д. На кафедры працуюць універсалы, якія робяць усё ў галіне мікрахірургіі вока.

Канешне, славу нам ствараюць нашы пацыенты, яны бачаць наша стаўленне, падыход на чалавека. Я абаранялася па глаўкоме. Давялося шмат бачыць гора людскога і пакуты, сутыкацца з хваробамі людзей сталага веку. Кожны дзень бачыш слепату, боль, але і дорыш надзею, аддаеш часцінку сваёй душы.

Тамара Андрэеўна Бірыч рабіла аперацыю матулі Генадзя Бураўкіна. У яе была катаракта. Тады я падышла да Генадзя Мікалаевіча і запытала, чым дапамагчы.

У 2009 годзе мяне расшукаў муж Зінаіды Аляксандраўны Бандарэнкі і паведаміў, што слепне сястра Быкава. Яе прывезлі ў Менск. Я мусіла правесці Валянціну Уладзіміраўну па ўсіх кабінетах, мы зрабілі ёй кардыяграму, рэнтген, аналізы. Аперацыю ёй рабіла загадчыца аддзялення. Я заходзіла да яе, прыглядала, бо яна была ў Менску адна.

- Вам даводзілася ездзіць у камандзіроўкі, стажыравацца за мяжой?

-У Адэсе ў інстытуце Філатава вучылася яшчэ вельмі маладой, пасля паліклінікі. Двойчы была ў Маскве на дэкадніку па дзіцячай афтальмалогіі ў інстытуце Фёдарава яшчэ ў савецкія часы.

Калі казаць пра сур'ёзную вучобу, то я едзіла на стажыроўку ў Германію ў клініку Свабоднага Універсітэта імя Бенджаміна Франкліна, якая месцілася ў былым амерыканскім сектары Заходняга Берліна і была адбудавана амерыканцамі. Узровень медыцыны там на сем парадкаў вышэй, чым у нас. Некалі я скончыла нямецкую спецшколу, і веданне мовы мне прыдалося. (Менавіта бацька завёў мяне ў тую школу, таму што ён дасканала вучыў самастойна нямецкую мову.)

У Германіі, пакуль я выступала на адным з кангрэсаў, мой муж Віктар Пятровіч (а ён у мяне хірург) пайшоў наведаць медыцынскую выставу і здзівіўся: стаяць два тамы, тоўстыя як Біблія, дзе апісана, што можна рабіць па хірургіі слёзных шляхоў. Гэта найювелірнейшая праца! Мы нават не заўважаем, калі ў нас парадак са слязой. А калі яна ўвесь час ідзе на шчаку? Калі нешта зарасло, нешта звузілася, ці гнойнае запаленне ў носе і гэтак далей… Я прывезла атласы на нямецкай мове, як рабіць аперацыі, якія ёсць падыходы, цэлы том па тэрапіі хвароб вока.

- Ці ёсць у Вас паслядоўнікі, вучні?

- Кафедра - вялікая педагагічная адказнасць. За 27 гадоў працы выкладчыка я зацікавіла шмат студэнтаў, якія сталі афтальмолагамі. І ў Менскай абласной бальніцы, і ў 10-тай клініцы, і сярод замежнікаў ёсць мае былыя студэнты. Клінічны ардынатар-ліванец працуе ў Парыжы. Нядаўна адбылася канферэнцыя, прысвечаная юбілею нашай кафедрыі, і ў зале сядзела вельмі шмат тых, каго я некалі вучыла, заахвочвала ісці на гурток, і мне было вельмі прыемна. Але большасць маіх студэнтаў - дзяўчаты.

- Ад чаго залежыць добры зрок, як яго захаваць?

- Усё мае спадчынны характар. Касавокасць заўсёды перадаецца, ёсць спадчынная катаракта, глаўкома. Важна, каб было добрае харчаванне ў дзяцінстве і не было запар сур'ёзных хваробаў: свінкі, адра ці іншага. Патрэбны добры сон, захаванне адпачынку. Не трэба падымаць цяжар, варта берагчыся ад інфекцыі.

- Чым адметны лёс іншых дзяцей з сям'і Навуменкаў?

- Мая сястра Тацяна Іванаўна - доктар мастацтвазнаўства, загадчыца кафедры тэорыі музыкі Усерасійскай Акадэміі музыкі імя Гнесіных. Там яна вучылася, выйшла замуж за аднакурсніка і засталася ў Маскве. У дзяцінстве яна часта грала на фартэпіяна і суседзям было міла слухаць яе музыку. Калі яна паступіла ў Гнесінку, Вячаслаў Уладзіміравіч Адамчык казаў маёй маці: "Ядвіга Паўлаўна, я так прызвычаіўся слухаць Шапэна і Грыга, што цяпер мне вельмі не стае музыкі!". Нечага не хапала для стварэння вобразаў. Тацяна Іванаўна выдатна валодае пяром, піша кнігі. Кожнае лета яна праводзіць на лецішчы на Лысай гары.

Брат Павел Іванавіч Навуменка - кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры БДУ, усё ведае пра нашага бацьку, чытае лекцыі , яго любяць студэнты, і яшчэ ён мае свой бізнэс. Да канферэнцыі ён падрыхтаваў даклад: "Літаратурная спадчына Івана Навуменкі. Погляд з пазіцый сучаснасці".

- Зараз Вы маеце больш часу для літаратуры?

- Пайшла на пенсію, каб быць вольным чалавекам, перачытаць кнігі. Мы з мужам летам перачыталі дзённікі Нагібіна 1994 года выдання, Іраклія Андронікава ўспаміны, жонкі Мандэльштама, жонкі Сяргея Абразцова, беларускія часопісы.

- Шчыры Вам дзякуй ад чытачоў і Вашых пацыентаў!

Гутарыла Эла Дзвінская . На здымках: 1. Валянціна Быкава і Валерыя Навуменка

2. Іван Якаўлевіч і Ядвіга Паўлаўна Навуменкі. 3. Валерыя, Тацяна і Павел Навуменкі 4. Сцяпан Александровіч, Іван Навуменка і Алег Лойка на кафедры беларускай літаратуры БДУ. Фота з сямейнага архіва.


З "Вожыкам" па жыцці

Надышлі доўгія цёмныя асеннія вечары. Дасведчаныя людзі раяць, што лепш цікава правесці вечар з любімымі кнігамі ці газетамі, часопісамі ў руках. Тэлебачанне, асабліва расійскае, прапагандуе галоўным чынам гвалт і вялікадзяржаўны шавінізм, таму я яго амаль не гляджу. Для мяне найлепшым правядзеннем часу з'яўляецца чытанне любімых газет: "Нашага слова", "Краязнаўчай газеты", якія я безупынна выпісваю і чытаю вось ужо 10 год. У апошнія гады пачаў выпісваць і чытаць цікавы штотыднёвік "Новы час". Цікавыя матэрыялы можна знайсці і ў старэйшым беларускамоўным выданні - газеце "Звязда": гэта матэрыялы пад рубрыкамі "Ігуменскі тракт", "Жырандоля"… Апошнія два гады ў мяне з'явілася цяга пачытаць нешта вясёлае, бо надта ж шмат у нашам жыцці адмоўных эмоцый, і я выбраў для чытання папулярны ва ўсе часы вясёлы часопіс сатыры і гумару "Вожык", тым больш, што галоўны рэдактар часопіса Юлія Зарэцкая ужо неаднаразова наведвала Дзяржыншчыну, сустракалася з чытачамі раёна і горада. А маючы вясёлы, добры характар, яна змагла папоўніць шэрагі паклоннікаў часопіса. А зусім нядаўна яна прыехала ў г. Дзяржынск ужо не адна, а ў суправаджэнні вядомага беларускага пісьменніка, былога галоўнага рэдактара "Вожыка" Уладзіміра Саламахі і сталага мастака - карыкатурыста "Вожыка" Сяргея Волкава. У дзіцячым абанеменце цэнтральнай раённай бібліятэкі гасцей чакала ўжо каля 40 вучняў і настаўнікаў дзяржынскай беларускай гімназіі. Сустрэчу адкрыла дырэктар бібліятэкі Валянціна Клімовіч, а Юлія Зарэцкая прадставіла дзецям сваіх калег па працы. Адбылася цікавая гутарка: вучні даведаліся, што Уладзімір Саламаха шмат піша і для дзяцей, паводле яго сцэнарыяў зняты шэраг мультыплікацыйных фільмаў. А мастак Сяргей Волкаў больш за 30 год супрацоўнічаў з дзіцячым часопісам "Вясёлка" і праілюстраваў больш за 300 дзіцячых кніг, і ў кожнай ад 50 да трохсот малюнкаў. І зараз, калі мастак ужо на адпачынку, шмат яго вясёлых малюнкаў можна сустрэць на старонках часопіса. Не абыйшлася сустрэча і без прыемных сюрпрызаў : мастак літаральна за некалькі хвілін намаляваў на вялікім аркушы ватмана выяву стылізаванага вожыка, і ўсе прысутныя на гэтым малюнку майстра пакінулі свае аўтографы. Малюнак Сяргей Волкаў падарыў бібліятэцы. Напрыканцы сустрэчы дзеці атрымалі ад гасцей у падарунак часопісы "Вожык", а Уладзімір Саламаха падарыў бібліятэцы свае кнігі. Затым гасцей чакала сустрэча з дарослымі прыхільнікамі "Вожыка", сярод якіх было шмат загадчыкаў вясковых бібліятэк Дзяржыншчыны. Ладзілася гэтая сустрэча пад дэвізам "З "Вожыкам" па жыцці", і галоўная ўвага на ёй была ўдзелена мастаку Сяргею Волкаву, заслужанаму дзеячу мастацтва Беларусі, прадстаўніку знакамітай творчай дынастыі. Яго дзед, народны мастак Беларусі, прафесар Валянцін Волкаў, кіраваў кафедрай малюнка ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Акадэмія мастацтва). Бацька. Анатоль Волкаў, вядомы беларускі карыкатурыст і ілюстратар, пачаў працаваць у "Вожыку" яшчэ ў далёкім 1944 годзе, калі часопіс выходзіў як сатырычны плакат пад назвай "Раздавім фашысцкую гадзіну". Прадаўжальнік справы дзеда і бацькі, Сяргей Волкаў прыйшоў у мастацтва на пачатку 1960-х гадоў; першы яго малюнак з'явіўся ў "Вожыку", калі яму было 19 год, і калі ён быў студэнтам Менскага мастацкага вучылішча. Мастак расказаў, што тры гады служыў у шэрагах Савецкай Арміі, а потым была вучоба ў тэатральна - мастацкім інстытуце. І вось на працягу ўжо каля 30 гадоў яго вострыя малюнкі ўпрыгожваюць старонкі "Вожыка". У памяшканні, дзе праходзіла сустрэча, былі развешаны каля 30 плакатаў, на якіх былі змешчаны карыкатуры С. Волкава, надрукаваныя ў "Вожыку" з 1971 года. Сяргей Волкаў вядомы не толькі як карыкатурыст, але і як цудоўны графік, партрэтыст. У апошні час ён намаляваў алоўкам шэраг жаночых партрэтаў, з якіх заслугоўвае ўвагі трыпціх "Ева". Калі чалавек таленавіты, ён таленавіты ва ўсім. І гэта сапраўды так. Уладзімір Саламаха дапоўніў Сяргея Волкава, што той з'яўляецца яшчэ і паэтам; летась яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Сёння мастацкім почыркам свайго дзядулі Сяргея цікавіцца і ўнук Фёдар. А гэта значыць, што дынастыя мастакоў Волкавых будзе працягнута. Гэтая творчая сустрэча была вельмі карыснай і для гасцей, і для жыхароў Дзяржыншчыны. Хочацца адзначыць, што большасць вечарын, сустрэч чытачоў Дзяржыншчыны з вядомымі людзьмі, якія адбываюцца ў Дзяржынскай раённай бібліятэцы, праходзяць выключна на нашай цудоўнай, роднай, мілагучнай беларускай мове. Што вельмі радуе! І ў гэтым вялікая заслуга дырэктара бібліятэкі Валянціны Клімовіч і калектыва супрацоўнікаў бібліятэкі. Дарэчы, на маёй кніжнай паліцы знайшла пачэснае месца нядаўна выйшаўшая кніга аповясцей Юліі Зарэцкай "Суседзі", у якой яна з мяккім гумарам апісвае сваіх суседзяў, аднавяскоўцаў з старажытнай вёскі Дунілавічы, што на Пастаўшчыне. Гумар, мяккі беларускі характар галоўны рэдактар атрымала ў спадчыну ад сваіх бацькоў, краязнаўца, даследчыка роднага краю Франца Ігнатавіча Хоміча і яго жонкі Галіны Ігнатаўны, з якімі мне пашанцавала пазнаёміцца. Але гэта іншая гамонка. У тым, што наладзіліся добрыя сяброўскія сувязі з "Вожыкам", маюць адносіны і паэты дзяржынскага літаратурнага аб'яднання "Выток": гэта Антон Анісовіч, Рэгіна Рэўтовіч, Ядвіга Доўнар, Уладзімір Шымановіч, малдаванін Васіль Семянюк, Людміла Круглік. Іхнія байкі і гумарэскі друкуе не толькі мясцовая раённая газета "Узвышша", а таксама часопіс "Вожык" і іншыя беларускамоўныя выданні. Магчыма, вясёлыя байкі гэтых дзяржынскіх паэтаў трапяць у хуткім часе і на старонкі "Нашага слова". А чаму б і не? Мудрая прымаўка сведчыць: смех - справа сур'ёзная. І гэта сапраўды так!

Лявон Целеш. Фотаздымкі: У час сустрэчы дарослых з "вожыкаўцамі". Дзеці ставяць аўтографы на малюнак С. Волкава. Дзеці і "вожыкаўцы".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX