НАША СЛОВА № 47 (1198), 19 лістапада 2014 г.
Беларуская мова была першай у Еўропе
Прынамсі па часе, прнамсі - на дзіцячым "Еўрабачанні", якое сёлета прайшло на Мальце.
14-гадовая Надзея Місякова выступала пад першым нумарам з песняй "Сокал" на беларускай мове і агулам атрымала 71 бал, паведамляе БелаПАН. У дзіцячым "Еўрабачанні" ўдзельнічалі выканаўцы з 16 краін. Мальта прымала конкурс упершыню. Журы прысвоіла беларускай канкурсантцы 8 балаў (дарэчы, 3-е месца), яшчэ 8 балаў Місякова атрымала ад тэлегледачоў з Расеі, 7 балаў - ад Нідэрландаў, па 6 балаў - ад Грузіі, Мальты і Ўкраіны, 5 балаў - Швецыі, па 3 - Сан-Марына і Арменіі, па 2 - Харватыі і Славеніі, па 1 - Балгарыі, Кіпру, Італіі. Акрамя таго, усе ўдзельнікі "Еўрабачання" атрымалі па 12 балаў ад Еўрапейскага вяшчальнага саюзу.
Дзіцячае "Еўрабачанне" праводзіцца з 2003 года. Беларусь выйгравала конкурс у 2005 (Ксенія Сітнік) і 2007 (Аляксей Жыгалковіч) гадах. У 2006 годзе беларус Андрэй Кунец заняў другое месца, Лідзія Заблоцкая ў 2011-м і Ілья Волкаў у 2013-м - трэцяе.
Сёлетняе выступленне Надзеі Місяковай - гэта добра ці кепска? Ужо загучаў лямант: "А-я-яй, сёмае месца!"
Таму трэба цвёрда і адназначна сказаць: сёлетняе выступленне Надзеі Місяковай - гэта выдатна ! Па сутнасці, якая розніца паміж тымі месцамі? Ды ніякай! Важна іншае - сёлета Надзя з усім сваім талентам, маладой энергіяй, адвагай працавала на Беларусь, на беларускую культуру, на беларускую мову.
Колькі гадоў нашыя музыкі, музычныя кіраўнікі і педагогі, чыноўнікі ад музыкі са сваім постсавецкім, а лепей сказаць, посткалгасным менталітэтам шарахаліся ад беларускай мовы то ў бок англійскай, то ў бок рускай. Ну і каму тыя іхнія, нават пераможныя песні па-англійску ці па-руску сёння патрэбныя? Англічанам? Расейцам? А Надзін "Сокал" застанецца ў скарбонцы беларускай культуры, застанецца ў памяці і, галоўнае, у сэрцах. Беларуская песня нашай Надзеі ёсць сама надзея, сама вера ў будучыню нашага народа. Няхай слухае і ведае ўся Еўропа - жывая яшчэ Беларусь, бо жывая беларуская песня і жы-вая беларуская мова.
Яраслаў Грынкевіч.
РАЗАМ МЫ - БЕЛАРУСЬ!
7 лістапада ("чырвоны дзень календара") на пасяджэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы Кангрэсу ў абарону суверэнітэту Беларусі я прыняў рашэнне аб уступленні ў шэрагі прыхільнікаў беларускай мовы - ТБМ.
Чаму? Я прыбыў у Беларусь ў 1975 годзе на вучобу з суседняга раёна Расіі. З таго часу паступова ўбіраў дух, мову і культуру беларускага народа. У выніку ўсвядоміў сябе часткай гэтага народа. І зараз, калі вырашаецца пытанне аб тым, быць ці не быць суверэнітэту краіны, я аддаю свой голас "За Беларусь!".
Толькі разам мы можам абараніць наш агульны дом, нашу мову, гістарычныя і культурныя каштоўнасці. Разам мы - сіла! Разам мы - Беларусь!
Міхаіл Пастухоў, грамадзянін Рэспублікі Беларусь, прыхільнік беларускай мовы.
АЛЯКСАНДРУ ЛУКАШАНЦУ 60
Аляксандр Аляксандравіч ЛУКАШАНЕЦ (н. 23.11.1954, в. Жураўцы Валожынскага р-на Менскай вобл.), мовазнавец. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2009), доктар філалагічных навук (2001), прафесар (2003).
Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1977), аспірантуру пры Інстытуце рускай мовы АН СССР (1978-1981). З 1977 г. малодшы навуковы супрацоўнік, з 1985 г. старэйшы навуковы супрацоўнік, з 1986 г. навуковы сакратар, з 1989 г. намеснік дырэктара па навуковай працы, з 2003 г. дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 2008 г. дырэктар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з 2012 г. першы намеснік дырэктара па навуковай працы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дырэктар філіяла "Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы". Старшыня Беларускага (з 2004 г.) і Міжнароднага (2008-2013 гг.) камітэтаў славістаў, старшыня Камісіі па славянскім словаўтварэнні пры Міжнародным камітэце славістаў (з 2008 г.). Галоўны рэдактар штогодніка "Беларуская лінгвістыка" (з 2005 г.).
Працы па беларускім і славянскім словаўтварэнні, праблемах беларускарускага двухмоўя і сацыялінгвістыцы, праблемах сучаснага развіцця і функцыянавання беларускай мовы і беларускай арфаграфіі. Стварыў новы навуковы кірунак у беларускім мовазнаўстве - распрацаваў тэарэтычныя асновы і ажыццявіў практычнае апісанне сістэмы беларускага словаўтварэння. З'яўляецца суаўтарам першага ў беларускай лексікаграфіі "Словаўтваральнага слоўніка беларускай мовы". Раскрыў заканамернасці інавацыйных змен у лексіцы і словаўтварэнні беларускай мовы канца ХХ - пач. ХХІ ст. і даследаваў на шырокім славянскім фоне асаблівасці развіцця слоўнікавага складу сучаснай беларускай мовы з пазіцый тэндэнцый да інтэрнацыяналізацыі і нацыяналізацыі. Адзін з асноўных распрацоўнікаў Закона Рэспублікі Беларусь "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" (2008), аўтар і суаўтар шэрагу практычных дапаможнікаў і даведнікаў па беларускай арфаграфіі, навуковы рэдактар шэрагу сучасных арфаграфічных слоўнікаў беларускай мовы, а таксама двухмоўных беларуска-рускіх і руска-беларускіх слоўнікаў, падрыхтаваных у адпаведнасці з Законам. Аўтар больш за 300 навук. прац, у тым ліку 12 манаграфій, 4 слоўнікаў. Лаўрэат прэмій Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 2001 і 2011 гг.
Вікіпедыя.
ЮБІЛЕЙ СВЯТЛАНЫ МАРОЗАВАЙ
Святлана Валянцінаўна МАРОЗАВА , у дзявоцтве ПАЛУЦКАЯ (нар. 22 лістапада 1954, г.п. Ілья Маладзечанскай вобл., цяпер Вілейскі р-н Менскай вобл.) - беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук (2003).
Скончыла Гарадзенскі педагагічны інстытут (1977). Працавала настаўнікам у школах Барысаўскага р-на Менскай вобл, з 1979 г. у ГрДУ. Вучылася ў аспірантуры пры кафедры гісторыі БССР ГрДУ (1979-1982), у 1983 г. у БДУ абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму "Брэсцкая царкоўная унія 1596 года і барацьба народных мас Беларусі супраць нацыянальна-рэлігійнага гнёту (1596-1667 гг.)", кандыдат гістарычных навук (1984). Праходзіла падрыхтоўку ў дактарантуры пры аддзеле гісторыі Беларусі 13-18 ст. Інстытута гісторыі НАНБ (1993-1996), у 2001 г. у ІГ НАНБ абараніла доктарскую дысертацыю "Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596-1839 гг.)". Прайшла навуковую стажыроўку ў навучальных і навукова-даследчых установах гістарычнага профілю Менска, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Варшавы, Кракава, Вільні. Загадчык кафедры гісторыі Беларусі ГрДУ, прафесар. У розны час выкладала на гістарычным факультэце ГрДУ курсы гісторыі Беларусі (эпоха феадалізму), крыніцазнаўства, архівазнаўства, гісторыі культуры Беларусі (эпоха феадалізму) і многія спецкурсы. Кірункі навуковай дзейнасці: канфесійная гісторыя Беларусі кан. XVI - 1-й пал. 19 ст., гісторыя ўніяцкай царквы на Беларусі, гісторыя Гарадзеншчыны. Сябар Беларускай асацыяцыі гісторыкаў, Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, Беларускага гістарычнага таварыства, Санкт-Пецярбургскага таварыства гісторыі ідэй.
Аўтар трох кніг, у т.л. манаграфіі "Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596-1839 гг.)" (Гродна, 2001), вучэбнага дапаможніка "Берасцейская царкоўная унія 1596 г. у беларускай гістарыяграфіі" (Гродна, 2002); дзвюх брашур і больш за 100 навуковых артыкулаў па гісторыі ўніяцкай царквы. Прымае ўдзел у падрыхтоўцы вучэбных дапаможнікаў па гісторыі Беларусі.
Вікіпедыя.
Мікола Даніловіч: ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСАЎ - У ФРАЗЕАЛОГІІ
Шматлікія фразеалагізмы матываваныя канкрэтнымі фактамі, якія мелі месца ў мінулыя часы. "Фразеалогія , - пісаў у свой час Фёдар Янкоўскі, - непасрэдна звязна з гісторыяй яе стваральнікаў, носьбітаў, з разнастайнымі культурна-гістарычнымі змяненнямі ў грамадстве" .
Этымалагічным падмуркам фразеалагізмаў могуць быць з'явы ўніверсальныя ў часе і храналагічна абмежаваныя, якія сталі фактамі гісторыі і сёння не існуюць (ці існуюць спарадычна). Менавіта апошнія паслужылі аб'ектам апісання ў гэтым артыкуле. Для аналізу абраны фразеалагізмы, выпісаныя з беларускіх дыялектных слоўнікаў, фальклорных зборнікаў, хрэстаматый па дыялектнай мове, а таксама ўласныя дыялекталагічныя запісы апошняга трыццацігоддзя, зробленыя пераважна на Гродзеншчыне.
Пазалінгвістычнай асновай фразеалагізмаў выступаюць з'явы самых розных эпох. Напрыклад, з падсечна-агнявой сістэмай земляробства, якое ўжо даўно адышло ў нябыт, звязана ўзнікненне фразеалагізмаў у чорта на кулічках 'вельмі далёка, у аддаленых мясцінах', да чорта на кулічкі 'невядома куды і для чаго (ісці, ехаць)', яшчэ чэрці на кулачках не біліся (не браліся, не выходзілі) 'вельмі рана, перад світаннем'. Першы кампанент гэтых фразеалагізмаў чорт (чэрці) сёння ўспрымаецца са значэннем 'нячыстая сіла'. Аднак напачатку ён меў іншае значэнне. Нашы этымалагічныя пошукі прывялі да высновы, што кампанент чорт тут атрымаў народнаэтымалагічнае пераасэнсаванне слова з іншым значэннем. Такім словам з'яўляецца старажытны назоўнік черть (черти) . Спачатку ім называлі засечкі на дрэвах, якія трэба было засушыць, каб пасля спаліць, пазней у выніку метанімічных пераносаў яно набыло значэнні 'праведзеная лінія, мяжа ў выглядзе вырубкі ў лесе', 'высечаны ўчастак лесу', 'участак зямлі, вырабленай у лесе пад ворыва'. Кампанент кулічкі (кулачкі) таксама старажытнае слова, якое мела значэнне 'выпаленае і расчышчанае пад ворыва месца ў лесе'.
Шэраг фразеалагізмаў утвораны адносна нядаўна, на падставе з'яў, сведкамі якіх яшчэ з'яўляюцца сучаснікі. Так, у Ваўкавыскім раёне запісаны выраз на польскія Акцябарскія . Акцябарскія - неафіцыйная назва гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі (7-8 лістапада). Святкаванне гэтай гадавіны было ўстаноўлена ў Савецкім Саюзе, а ў Польшчы не было замацавана. На неадпаведнасці з'яў грунтуецца значэнне гэтага фразеалагізма, стылістычным кампанентам якога выступае канатацыя іранічнасці. На польскія Акцябарскія - 'невядома калі, хутчэй, ніколі'. Пасля распаду Савецкага Саюза гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі фактычна не адзначаецца, а фразеалагізм працягвае ўжывацца, напамінаючы пра з'яву, якаую ўжо можна лічыць гістарычным фактам: Калі ты ўжэ да міне ў госьці прыедзяш? Мусі, на польскія Акцябарскія? (Талькаўцы Ваўкавыскага раёна).
У фразеалогіі беларускай мовы знайшлі свой адбітак самыя розныя праявы чалавечага быцця, якія сталі фактамі гісторыі. Паспрабуем вызначыць некаторыя найбольш прыкметныя з іх, што закранаюць істотныя моманты існавання і дзейнасці беларусаў.
1. Быт, матэрыяльная культура. За апошняе стагоддзе небывалае па тэмпах і ўзроўні развіццё тэхнікі выцесніла вялікую колькасць прадметаў, рэчаў, прыладаў, якімі на працягу доўгага перыяду карысталіся нашы продкі. Шэраг актыўна ўжывальных фразеалагізмаў захаваў у сваёй структуры назвы рэалій, якія ўжо цалкам забыты. Напрыклад, фразеалагізм даць цыры пад хвост 'правучыць, пабіць каго-н., расправіцца з кім-н.' мае ў сваім лексічным складзе назву часткі прылады для здабывання агню. Цыра (цэра) - высушаны кавалак грыба-губы, які запальваецца ад іскры пры высяканні агню крэсівам.
У фразеалагізме (рукі) як кукі 'нязграбныя, неахвочыя да працы' назоўнік кука абазначае вялікі драўляны молат, які выкарыстоўвалі для драблення засохлых камоў раллі. Назву ўстарэлага прадмета знаходзім у фразеалагізме шмат у гарнец такіх малайцоў улезе , дзе гарнец - 'пасудзіна для сыпкіх і вадкіх цел ёмістасцю 3,28 літра'.
Пра асобныя прадметы сучаснікі агульнае ўяўленне маюць, бо атрымалі інфармацыю пра іх ад старэйшых жыхароў ці з пісьмовых крыніц, хоць у рэальнасці іх не бачылі (напрыклад лапці, пасталы, цэп, цэбар, цэўка, берда, калаўродак, кадаўб, пярэплат ): у лапцях ды па паркету 'з неаднолькавым, няроўным сацыяльным ці матэрыяльным статусам (лезці куды-н., дабівацца чаго-н.)', плесці лапці <з кашалямі> 'гаварыць абы-што', языком лапці падплятаць 'гаварыць абы-што, выдумваць', лапцем накрыцца 'прайсці ўпустую, без толку (пра час)', ляпнуць як пасталом па вадзе 'абы-што сказаць', (выдумаць) чорта з пасталамі '(выдумаць) несусвеціцу', цэп у цэп 'роўны ў працы', як цэп 'вельмі моцна (напіцца гарэлкі, быць п'яным)', як з цэбра, як з цэўкі 'праліўны (дождж)', не ўсё ў бердзе 'хто-н. прыдуркаваты, ненармальны', язык як калаўродак у каго 'хто-н. вельмі балбатлівы', як кадаўб 'вельмі тоўсты хто-н.'.
2. Адзінкі вымярэння. Фразеалагізмы захавалі некаторыя метрычныя назвы, пашыраныя ў мінулым. Гэта, нарыклад, меры даўжыні (у фразеалагізмах аршын з шапкай, мераць на свой аршын, як аршын праглынуў, бачыць на тры сажні пад зямлёй, сажнем носа не дастанеш ), меры вагі ( пачым фунт ліха, тры лоты да здыхоты 'вельмі слабы хто-н.'). Фразеаўтваральнай актыўнасцю характарызуюцца назвы грашовых адзінак. Высокачастотнымі з'яўляюцца назвы адзінак малой вартасці, якія былі хадавымі ў Вялікім Княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай, Расійскай Імперыі: шэлег - старажытная дробная манета ў ХV-ХIХ стст., грош - даўнейшая медная манета (спачатку двухкапеечная, а пасля паўкапеечная; існавала да 1917 г.), грыўна - старажытная манета, якая ў розныя часы мела розную вартасць; у ХІХ ст. - медная трохкапеечная манета. Такога тыпу нумізматызмы выкарыстоўваюцца ў выразах адмоўнай канатацыі: шэлега <зломанага> не варты , (знаюць яго) як ліхога шэлега , (баіцца) як ліхога шэлега , (не збудзеш) як ліхога шэлега , на грош (праўды няма), грош гроша не дагоніць у каго, грош цана каму, ні за грош, ні ў грош не ставіць каго, уваткнуць свае тры грошы , (праціўна) як старцу грыўна.
3. Праца. Праца займае выключна важнае значэнне ў жыцці чалавека. Адлюстравана яна ў вялікай колькасці фразеалагізмаў. Пры натуральнай гаспадарцы зямля ў беларускага селяніна лічылася галоўным багаццем, бо яна давала сродкі для існавання. З ростам насельніцтва сяляне вымушаны былі асвойваць новыя тэрыторыі. Высякаліся ўчасткі лесу і выкарчоўвалася ляда. Саматужная распрацоўка ляда ўручную была цяжкай справай, забірала шмат сіл. Пра гэта ў сціслым выглядзе апавядаюць прыказкі: Каб корч стаў сторч, то лягчэй бы выцягваць яго было ; У лесе жывём, пню кланяемся; Пабыла Хімка ў лядах, пабачыла працы; Пазналі б мяне ў лядзе, а не ў нарадзе; Лядцы як родныя атцы.
Вылучаецца прафесійная фразеалогія, якая непасрэдна ўказвае на былыя заняткі людзей: плытагонаў - (ісці) на ваду '(ісці) ганяць плыты'; майстроў па вырабе лапцяў - (ісці) у луцце '(ісці) драць лыка'; лесарубаў - (ехаць) у цягло '(ехаць) на вывазку лесу'; наймітаў - у палетнікі '(наймацца) тэрмінам на лета, да пакроваў'; пастухоў - пайсці на вярэнікі 'збіраць восенню пабор з гаспадароў, жывёлу якіх пасвіў пастух'; жнеяў - у прысцёл 'укладка снапоў ячменю, проса для высушвання на полі'.
Фразеалагізмы захавалі звесткі аб працоўных абрадах і традыцыях, дзе калектыўны занятак спалучаўся з адпачынкам. Тыповым у Беларусі быў абрад, абазначаны фразеалагізмамі на папрадухі, на папрадушкі, на попрадкі, на кудзяльніцы . Вечарамі дзяўчаты-аднавяскоўцы з калаўроткамі і прасніцамі збіраліся ў адной хаце. Пралі кудзелю і адначасова вялі гутарку, жартавалі, спявалі песні. Нярэдка да дзяўчат наведваліся хлопцы, і тады пачыналіся гульні, забавы, танцы, якія працягваліся да поўначы. Жанчыны, жывыя сведкі тых гадоў, з цеплынёй успаміналі пра мілыя памяці і сэрцу часіны:
"Раней на папрадухі хадзілі. Маладыя дзяўчаты зьбіраліся, хто рукавіцы рабіў, хто шкарпэткі. Пасядзям накруга хаты дзяўчат зь дзесяць. Пасярэдзіні лямпу на дроці вешалі, і ўсім было відно. Пошля хлопцы зьбіраліся на вечарынкі. Сьпявалі. Пошля на прагулку бегалі, та настрашым дзе каго, пасьмяемся, пагуляям. Тады ізноў ідзеш у хату, далей прадзем. І так кажны дзень пераходзілі ад аднаго да другога з работамі" (І.І.Кавалевіч, 1928 г. н., в. Мацвееўцы Ваўкавыскага раёна) .
"У адну хату зьбiраемся чалавек дваццаць пяць, а то i боляй, сядзям у крух, а пасярэдзiне лучына сьвецiць, i прадзем, хто на вярацяне, хто на калаўротку. Кап цяпер тую лучыну, дык цямнота была п, а нам тадэ сьветла было. Месяцаў так тры зьбiралiся. Нам было так вясяло, добра, хлопцы з гармонiкам прыйдуць с цалай вёскi. Прадзем кужаль, зрэбна палатно потым тчэм, а за зiму тыля напрадзем, што кожна дзеўка вытчэ посьцiлкаў шмат на ложка" (Г.К. Палуян, 1930 г. н., в. Альхоўка Лiдскага раёна).
"Зьбіраліся мы заўсягды канпаніяй дзе ў каго ў хаці. Хадзілі з кудзелямі, пралі, песьні сьпявалі. Хлопцы зьбіраліся, прыходзілі да нас. Прыходзілі з музыкаю, усе танцавалі, сьпявалі. Поўна хата назьбіраяцца. Гулялі ў фанты, у кальцо. Пасядзям усе дзеўкі і хлопцы на слоне і гуляям. Гасьцілі мы хлопцаў такімі калачамі. Таўклі каноплі і сьпяклі калачы на бляхах. Таксамо прыносілі хто хлеп, хто кілбасу, хто кусок мяса. Патом расходзіліся па хатах. Хлопцы нас праводзілі. Та ўжэ ш даўно гэта было, зарас ўсё ні ўспомніш" (Л.В. Хомка, 1915 г. н., в. Галавічполе Шчучынскага раёна) .
Шкада, што ў беларусаў знікае такі даўні звычай калектыўнай дапамогі ў гаспадарцы, які мае назву талака . На талаку запрашалі сваякоў, суседзяў, аднавяскоўцаў звычайна на адзін дзень, каб выканаць нейкую цяжкую доўгатэрміновую ці непасільную для аднаго чалавека працу (зжаць жыта, вывезці гной на поле, пасадзіць ці выбраць бульбу і інш.). Памагалі ў першую чаргу ўдовам, пагарэльцам, салдаткам, маламаёмасным, а таксама вясковым святарам і чыноўнікам. Арганізатар талакі па заканчэнні працы паводле сваіх магчымасцяў ладзіў застолле, якое суправаджалася песнямі, забавамі. Некаторыя істотныя характарыстыкі талакі знаходзім у прыказках і фразеалагізмах: Просім на талаку, а не то за чупрыну павалаку; Як не пойдзеш на талаку, то я цябе за лоб павалаку; На талаку ног не павалаку; Гудзе поле, гудзе - талака з поля ідзе; Завіхаецца, як на папоўскай талацэ.
Знікае і такая цудоўная працоўная традыцыя, што абавязкова завяршаецца застоллем, якое атрымала фразеалагічныя найменні (ісці) на пячонку, на ныркі . Яна мае дачыненне да забою і свежавання жывёлы, пераважна свіней. Гаспадар просіць суседзяў ці сваякоў дапамагчы закалоць свіню, парсюка: пакаціць, утрымаць жывёлу, каб не вырвалася, прыняць удзел у яе смаленні. Памагатыя (ды і не толькі) праз колькі часу запрашаліся адведаць свежыны і прыходзілі на пячонку ці на ныркі пераважна вечарам, калі сцямнее. У зонах беларуска-літоўскага этнічнага і моўнага памежжа згаданы абрад абазначаецца фразеалагічнымі літуанізмамі (ісці) на сквірстуны, на сквярсную, на сквярсту (параўн. літ. skerstuves 'свежына').
4. Звычаі, абрады, павер'і. У беларускай дыялектнай мове вылучаецца вялікі пласт фразеалагізмаў, якія склаліся на аснове абрадаў ці непасрэдна называюць абрадавыя дзеянні. Фразеалагізм залом заламаць (заплятаць) 'зрабіць каму-н. непрыемнасць' першапачаткова абазначаў злыя чары. Яны выконваліся на полі ў выглядзе залому. Залом - гэта заламаныя і звязаныя ў пук сцяблы жыта, лёну, якія маглі наклікаць бяду на гаспадара нівы. Паводле забабонных уяўленняў, той, хто дакранецца да залому, будзе няшчасны. Таму залом не чапалі і заўсёды абжыналі вакол, пакідаючы на полі.
Са сферы чараўніцтва паходзяць і такія фразеалагізмы: варопаўку наслаць 'напусціць чары на каго-н., заваражыць каго-н.', замаўляць зубы 'хітруючы, пабочнымі размовамі адцягваць чыю-н. увагу ад чаго-н. важнага', 'падманваць каго-н.', закінуць у сырыя камяні 'праклясці каго-н.', павука з'есці (глынуць) 'зацяжарыць'.
Шэраг фразеалагізмаў мае дачыненне да іншых абрадаваых дзеянняў. Для прыкладу, назавём некалькі выразаў, якія выкарыстоўваліся ў традыцыйным вясельным абрадзе ці выйшлі з яго, набыўшы "невясельнае" значэнне: саладзіць водку 'цалавацца па загадзе свата, музыкаў ці іншых вясельнікаў у часе вясельнага абраду', у цыганы '(ісці) на вяселле, прыбраўшыся ў цыганоў', памяло таптаць 'стаяць у парозе ці праходзе і назіраць за ходам вясельнага абраду (пра незапрошаных на вяселле)', піць салодкія рожкі 'заканчваць вясельныя ўрачыстасці', на пірагі '(ісці, ехаць) на сустрэчу з частаваннем праз тыдзень пасля вяселля (пра бацькоў маладых)', у перагляды хадзіць 'абменьвацца позіркам, пераглядвацца'.
5. Хваробы, эпідэміі. У фразеалогіі адлюстраваны нетрадыцыйныя для беларусаў хваробы (халера, трасца, гаручка (гарончка), пранцы і інш.), якія ў пэўныя гістарычныя часы распаўсюджваліся актыўна і прыводзілі да пакутаў і масавай гібелі насельніцтва. Адна з хвароб, якая не раз прыходзіла з поўдня на тэрыторыю Беларусі і Польшчы - гэта халера. Эпідэмія халеры "выкошвала" цэлыя вёскі, і не было ад яе ніякага ратунку. Як злая моц, яна ўвасобілася ў вобразнай структуры цэлай групы фразеалагізмаў. У выразе халера трыццатага года 'кепскі чалавек' засведчана сапраўдная падзея - страшная эпідэмія халеры ў 1830 годзе.
З кампанентам халера сустракаецца шмат іншых фразеалагізмаў, пераважна ў заходняй частцы Беларусі. Усе яны маюць адмоўную канатацыю, эмацыянальна-ацэначнае значэне грубасці, зніжанасці. Паводле сваёй функцыі некаторыя з іх у ранейшыя часы былі лаянкавымі (рускі мат тады яшчэ не быў засвоены беларусамі) і таму выкарыстоўваліся абмежавана, а ў дзіцячым маўленні забараняліся наогул. Прывядзём прыклады сучасных найбольш ужывальных фразеалагізмаў: аж халера бярэ (носіць) каго 'хто-н. вельмі неспакойны, усхваляваны, злосны, раздражнёны', аж халера душыць каго 'вельмі моцна (крычыць хто-н.)', да халеры 'вельмі многа', на халеру 'навошта', нех це халера 'выказванне дакору, асуджэння, незадавальнення', ні халеры 'зусім нічога, не так', ні халеры сабе 'выказванне здзіўлення', халера з-пад цёмнай гвязды, халерны конь, халера серпавітая - 'кепскі чалавек', якой халеры 'чаму, для чаго, з якой мэтай', як халеры 'вельмі моцна (баяцца каго-, чаго-н.').
Пасля напалеонаўскай вайны 1812 года ў Беларусі з'явілася заразная венерычная хвароба пранцы 'сіфіліс'. Лютавала яна больш як паўстагоддзя, загубіўшы дачасна шмат жыццяў. Гарадзенскі гісторык Сяргей Токць у кнізе "Беларуская вёска ў эпоху зьменаў" (2007) прыводзіць архіўны дакумент, у якім адзначаецца, што лекар палаты Гарадзенскага лясніцтва ў 1843 г. пры выбарачным аглядзе жыхароў вёскі Бершты (цяпер яна знаходзіцца у межах Шчучынскага раёна) выявіў 63 чалавекі, якія маюць запушчаную венерычную хваробу. Лекар даводзіў, што пасля поўнага агляду такіх хворых будзе больш за сто. Таму неабходна заснаваць у вёсцы часовую лякарню.
З гнездавым словам пранцы таксама склалася цэлая група фразеалагізмаў, напрыклад: на пранцы 'навошта', няхай яго пранцы 'выказване адмоўных пачуццяў', пранцы яго ведаюць 'невядома', каб це пранцы з'елі 'выказванне адмоўных пачуццяў', пранцы не возьмуць каго 'нічога кепскага не зробіцца з кім-н.'
(Заканчэнне ў наст. нумары.)
Прозвішчы Беларусі.
Частка II: Найменні знакамітых людзей
(Паводле матэрыялаў беларускамоўнага друку)
( Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)
Дундалевіч (Людміла Д.) - форма бацькаймлення з акцэнтаваннем фарманта -евіч ад антрапоніма Дундаль і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Дундал-евіч . ФП: дундзіць ('смактаць') - дунд-аль ('смактун') - Дундаль (мянушка, потым прозвішча) - Дундалевіч (Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны. 2005, с. 42) .
Дэмбав е ц (Дзяніс Д.) - дэрыват з суфіксам -ец ад тапоніма Дэмбава і семантыкай 'народзінец (жыхар) названага паселішча': Дэмбав-ец . У народнай мове Гродзеншчыны бытуе і ў форме Дамбавец , а таксама Дэмбаўскі і Дамбоў-скі , што абумоўлена засваеннем польскай формы Dеbowo , якая пісьмова замяніла першасную Дубава , пазней Дубрава , ад якіх уласна беларускія антрапонімы Дубавец, Дуброўскі і Дубоўскі .
Ермалёнак (Вітольд Е.) - утварэнне з суфіксам -ёнак ад антрапоніма Ярмола ( < Ермола ) і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ермал-ёнак . ФП: Ермалай - Ярмол (Ермол) - Ермола - Ермалёнак.
Ермаліцкая (Ларыса Е.) - тварэнне з фармантам -цк- (-ск-) ад тапоніма Ярмолічы і семантыкай 'народзінец (жыхар) названага паселішча': Ярмоліч(ы)ская - Ярмоліц (чс=ц)кая - Ермаліцкая . ФП: Ермалай (імя) - Ярмола - Яр-моліч ('нашчадак Ярмолы') - Ярмолічы (паселішча з жыхарамі з прозвішчам Ярмоліч ) - Ярмоліцкая - Ермаліцкая .
Еўтушэнка (Ігар Е.)- утварэнне з фармантам -энка ад антрапоніма Еўтух і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Еўтушэнка . ФП: Евтихий (імя) - Евтух - Еўтушка - Еўту-шэнка .
Еўчык (Наздея Е.) - семантычны дэрыват ад апелятыва еўчык (і іўчык ) 'народнае найменне птушкі (яе спеў: іўчык-іўчык, еўчык-еўчык ' (Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны. 2005, с. 54).
Жалязняк (Іван Ж.) - семантычны дэрыват ад апелятыва жалязняк (рас.) 'лапата', 'рыдлёўка'. ФП: жалеза ('метал') - жалязняк ('рыдлёўка') - Жалязняк ('мянушка') - Жалязняк .
Жамойціна (Святлана Ж.) - утварэнне з фармантам - іна ад антрапоніма Жамойта і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Жамойц-іна . ФП: жэ-майты (жмудзь) - 'літоўцы, якія жывуць у Жэмайціі, заходняй частцы Літвы' (БелСЭ, т. 4, с. 453) .
Зін е нка (Тацяна З.) - дэрыват з фармантам -енка ад антрапоніма Зінь і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Зіненка . ФП: Зіновій (імя) - Зінь - Зіненка .
Злобін (Лідзія З.) - форма прыметніка з фармантам - ін ад антрапоніма Злоба і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Злоб-ін . ФП: Злоба ('тое, што і злосць 'пачуццё варожасці, жаданне прычыніць зло') - Злоба (мянушка, потым прозвішча) - Злобін .
Зубоўская (Наталля З.) - дэрыват з фармантам -оўская/ -ская ад тапоніма Зубы ці Зубаўка і семантыкай 'жыхар ці народзінец названай мясціны, паселішча': Зуб-оўская, Зубоў(к)-ская.
Зылькоў (Сяргей З.) - форма прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Зылько і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Зыльк-оў . Форма Зыль-ко магчымая ад Залько . У такім разе ФП: золь ('сырое, пранізлівае халоднае надвор'е') - За-лько ('памянш. з фармантам -ко) - Залько (мянушка, затым прозвішча) - Залькоў - Зылькоў .
Зяневіч (Іван З.) - фор-ма бацькаймення з акцэнта-ваннем фарманта -евіч ад антрапоніма Зян (Зен, Зін) і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Зян-евіч (Зеневіч, Зіневіч) . ФП: Зенон (імя) - Зен - Зенька - Зеневіч - Зяневіч . Або: Зіновій (імя) - Зінь - Зіневіч .
Іўчанкаў (Барыс І.) - форма прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Іўчанка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Іўчанк-аў . ФП: Иов і Іева (імёны) - Іўко - Іўч-анка ('нашчадак Іўка') - Іўчанкаў .
Кажух а р (Юлія К.) - семантычны дэрыват ад апеля-тыва кажухар 'той, хто шые кажухі', 'кажушнік'. ФП: кажух ('доўгая верхняя вопратка з вырабленых аўчын') - кажухар ('майстар шыць кажухі') - Ка-жухар (мянушка) - Кажухар .
Казадой (Ірына К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва казадой 'начная птушка з шырокай плоскай галавой'.
Казулін (Аляксандр К.) - прыметнікавая форма з суфіксам -ін ад антрапоніма Казуля і сематыкай 'нашчадак названай асобы': Казул- ін . ФП: казуля ('парнакапытная жывёліна, сямейства аленевых; дзікая каза') - Казуля (мянушка, потым прозвішча) - Казулін .
Казыра (Іван К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва казыра - нульсуфіксавага ўтварэння ад казыраць 'задавацца, ганарыцца, паводзіць сябе ганарыста'; 'задавака, ганарыст'.
Каладзінскі (Аляксандр К.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -інскі ад Калоды і семантыкай 'жыхар ці народзінец названай мясціны': Каладз-інскі .
Каладзяжная (Анастасія К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва-прыметніка - калодзежны (з акцэнтаваннем на трэцім складзе дзеля адмежавання ад апелятыва) 'які мае дачыненне да калодзежа (студні, калодзезя) - 'вузкай і глыбокай ямы, умацаванай зрубам для здабывання вады з ваданосных слаёў зямлі'.
Каласоўскі (Юрась К.) - адтапанімічны дэрыват з суфіксам -скі (-оўскі) ад Кала-соўка, Калоссе, Каласы і семантыкай 'жыхар ці народзінец названай мясцовасці, паселішча': Каласоў-скі, Калас-оўскі .
Камоцкі (Алесь К.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -оцкі, -цкі (-скі) ад Ка-мы, Камкі, Камочкі і семантыкай 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Кам-оцкі, Камоц-скі - Камо-цкі .
Канашыц (Сяргей К.) - зыначаная форма ад першаснай Канашыч - дэрыват з суфіксам -ыч ад антрапоніма Канаш і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Канаш-ыч - Канашыц (вынік дысіміляцыі шыпячых шч - шц ). ФП: Конан (імя) - Конах - Канашыч - Канашыц.
Кануннікава (Ніна К.) - форма прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Кануннік і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ка-нуннік-ава . ФП: канун (рас. 'пярэдадне, пярэдадзень') - ка-нун-нік ('які мае дачыненне да рэаліі (паняцця) канун') - Кануннік (мянушка, затым прозвішча) - Кануннікава .
Канюшкевіч (Марыя К.) - форма бацькаймення з акцэнтаваннем фарманта -евіч ад антрапоніма Канюшка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Канюшк-евіч . ФП: конь - канюшы - канюшка - Каню-шка - Канюшкевіч.
Капіца (Галіна К.) - се-мантычны дэрыват ад апелятыва капіца 'невялікая капа сена, саломы'.
К а пчык (Пятрусь К.) - дэрыват з суфіксам -чык ад антрапоніма К а па і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Капч-ык . ФП: к а па ('узорыстае пікейнае пакрывала на ложак') - капчык ('той, хто мае адносіны да капы (шые, прадае)' - Капчык (мянушка) - Капчык .
Караленя (Іван К.) - дэрыват з фармантам -еня ад антрапоніма Кароль і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Карал-еня . ФП: Кароль (імя) - Кароль (прозвішча) - Караленя .
Каральчук (Іван К.) - дэрыват з суфіксам -чук ад антрапоніма Кароль і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Карал-чук . ФП: Кароль (імя) - Кароль (прозвішча) - Каральчук .
Караневіч (Кацярына К.) - форма бацькаймення з ак-цэнтаваннем фарманта -евіч ад антрапоніма Корань і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Каран-евіч . ФП: Корань ('пачатак, аснова чаго-небудзь', 'пад-земная частка расліны, якая забяспечвае яе рост' і інш.') - Корань (мянушка, затым прозвішча) - К о раневіч - Каран е віч .
Карацінская (Дар'я К.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -ская ад Кароціны і семантыкай 'жыхар ці народзінец названай мясціны, паселішча': Кар о цін-ская - Кара-цінская .
Карлюкевіч (Алесь) - форма бацькаймення з акцэнтаваннем фарманта -евіч ад антрапоніма Карлюк і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Карлюк-евіч . ФП: Кароль і Карл (імёны) - Карлюк ('нашча-дак Карла') - Карлюкевіч .
Катко (Сцяпан К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва катк о - клічнай формы ад каток - памянш.-ласк. да кот , параўн.: брат - браток - братко . Як і прозвішчы (ад апелятываў): Чарток і Чарт-ко , Бажок і Бажко .
Катковіч (Іван К.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Кат-ко і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Катк-овіч .
Каханеня (Іван К.) - дэрыват з фармантам -еня ад антрапоніма Кохан і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Кахан-еня . ФП: ках а ць ('лю-біць') - ках а ны ('той, каго кахаюць') - К о хан (мянушка, затым прозвішча) - Кахан е ня.
Каханоўскі (Генадзь К.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам - оўскі ад Кахан ы і семантыкай 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Кахан-оўскі . ФП: кахаць - ках а ны - Кохан - Кахан ы (тапонім) - Каханоўскі.
Кахновіч (Іван К.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Кахно і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Кахн-овіч .
Кахоўская (Ларыса К.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -ская ад Кахоўка і семантыкай 'жыхар ці народзінец названай мясціны, паселішча': Кахоў(к)ская .
Кашап а раў (Станіслаў К.) - прыметнікавая форма з суфіксам -аў ад антрапоніма Кашапар і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Каша-пар-аў . ФП: парыць кашу ('запарваць, варыць кашу') - каша-пар ('той, хто парыць ('варыць)' кашу') - Кашапар ('мянушка, затым прозвішча') - Кашапа-раў . Прозвішча магло ўзнік-нуць і ад Кашп а раў ( Кашпар < Каспар ) у выніку гульні слоў (пры некаторай нязвычнасці формы Кашпар ).
Кебіч (Людміла К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва кебіч 'балотная птушка кнігаўка' (ад Кіеbіtz : Дзеяслоў. 2013. № 6. С. 241 )
Кісліцына (Ірына К.) - форма прыметніка з фармантам -ына ад антрапоніма Кіслі-ца і семантыкай 'нашчадак на-званай асобы': Кісліц-ына . ФП: кісліца ('шчаўе'. СБГПЗБП, т. 2, с. 466 ) - Кісліца (мянушка, затым прозвішча) - Кісліцына .
Кішка (Станіслаў К., Ян К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва кішка , які мае розныя значэнні: а) 'частка кішэчніка' (анат.); б) кулін 'страва з напоўненай чым-небудзь з ядомага'; в) 'мязга'.
Клешч (Ігар К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва клешч 'невялікая членістаногая жывёліна атрада павукападобных'.
Кліменка (Зоя К.) - дэрыват з фармантам -енка ад антрапоніма Клім і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Кліменка . ФП: Клім (імя) - Клім (прозвішча) - Кліменка .
Клімчук (Фёдар К.) - дэрыват з суфіксам -чук ад антрапоніма Клім і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Клім-чук .
Клыкоўскі (Андрэй К.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -оўскі/-скі ад Клыкі , Клыкоўка і семантыкай 'жыхар, народзінец названай мясцовасці, паселішча': Клык-оўскі, Клыкоўскі .
Клыш (Андрэй К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва клыш 'клышаногі', 'касалапы'.
Клышка (Язэп К.) - дэрыват з фармантам -ка ад антрапоніма Клыш і семантыкай 'асоба жаночага полу'( жонка, дачка) названага чалавека: Клыш-ка .
Кляшчонак (Іван К.) - дэрыват з суфіксам -онак ад антрапоніма Клешч і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Клешч-онак - Кляшчонак . ФП: клешч ('невялікая членістаногая жывёліна атрада павукападобных') - Клешч (мянушка, потым прозвішча) - Кляшчонак .
Кляшчэня (Аляксандр К.) - дэрыват к суфіксам -эня ад Клешч і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Кляшч-эня.
Кобзеў (Іван К.) - форма прыметніка з суфіксам -еў ад антрапоніма Кобза і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Кобз-еў . ФП: кобза ('старадаўні ўкраінскі струнны шчыпковы музычны інструмент') - Кобза (мянушка, затым прозвішча) - Кобзеў .
Козік (Іван К.) - дэрыват з суфіксам -ік ад антрапоніма Каза і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Коз-ік . ФП: каза ('даўнейшы беларускі калядны абрад') - Каза ('выканаўца абраду "каза") - Козік (асоба мужчынскага роду) - Козік (мянушка) - Козік .
Колышка (Іван К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва колышка і кал ы шка ''калыбель, люлька' < польск. Kolyska 'калыска, калыбель' (СБГПЗБП, т. 2, с. 496) .
Копанеў (Павел К.) - форма прыметніка з суфіксам -еў ад антрапоніма Копань і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Копан-еў. ФП: кап а ць - копань ('сажалка, выкапаная яма, напоўненая вадой' або 'вялікая яма') - Копань (мянушка, потым прозвішча) - Копанеў .
Кот (Андрэй К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва кот 'самец кошкі'.
Котка (Зінаіда К.) - семантычны дэрыват ад котка (літаратурна нарматыўная кошка ) - дэрыват з фармантам жаночага роду -ка : котка . Прозвішча Котка можа разглядацца і як дэрыват з суфіксам -ка ад Кот і семантыкай 'жонка названай асобы' ці (шырэй) 'нашчадак яе'.
Коўш (Вольга К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва коўш 'шырокая круглая пасудзіна з ручкай для чэрпання', а таксама 'вялікае металічнае прыстасаванне ў розных механізмах для зачэрпвання, высыпання, разлівання і пад.'.
Коцкі (Адам К.) - дэрыват з фармантам -цкі (скі) ад тапоніма Кот, Каты і семантыкай 'народзінец, жыхар названай мясціны, паселішча': Кот-скі - Коцкі . Або як прэстыжная форма ад антрапоніма Кот з фармантам -скі : Кот-скі - Коцкі .
Красней (Віктар К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва красней (утварэнне з суфіксам -ей ад красны 'прыгожы': крас-ней ) і семантыкай 'прыгажун', 'румяны'. Або як варыянт назвы грыба (чырвонагаловага падасінавіка) - краснагаловік і красней . Параўн. аднаструктурнае багацей (Сцяцко П. Беларускае народнае словаўтварэнне, с. 98) .
Красюк (Ягор К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва красюк , які мае два значэнні: 1) грыб падасінавік, тое, што і краснагаловік, 2) 'прыгажун', 'красун' (ад краса 'прыгоства').
Крой (Алесь К., Аляксандр К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва крой (нуль-суфіксавае ўтварэнне ад кроіць ( крой-(іць) 'выразаць, разразаць') з семантыкай 'працэс дзеяння, вынік яго', а таксама (спец.) 'фасон', 'пакрой'.
Крук (Іван К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва крук , які мае некалькі значэнняў: 1) 'крумкач', а таксама (перан.) 'надта скупы чалавек' (Слоўнік народнай мовы Зэль-веншчыны) ; 2) 'стрыжань з загнутым тупым канцом'; 3) 'зашчэпка на дзвярах'; 4) 'лішняя адлегласць пры хадзьбе'.
Крушэўскі (Лявон К.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -эўскі ад Круша і семантыкай 'народзінец, жыхар названай мясціны, паселішча': Крушэўскі .
(Працяг у наступным нумары.)
Павел Сцяцко
Беларускае слова ў падарожжы па Лідчыне
Якая за праўду плата,
ці можаш, Мацей, сказаць?
А хіба бывае праўда
у краі, дзе душы спяць?
Якая за волю плата,
ці можаш, Мацей, сказаць?
За волю крывёй адплата,
не шкода й жыцця аддаць.
Якая за мову плата,
ці можаш, Мацей, сказаць?
Жывуць у ёй воля й праўда,
іх нельга у нас адняць!
Эдуард Акулін.
Францішку Багушэвічу.
12 лістапада беларускае паэтычнае слова зноўку адправілася ў падарожжа па Лідчыне і не само па сабе, а з выдатнымі беларускімі паэтамі, падзвіжнікамі ў справе папулярызацыі беларускай паэзіі Леанідам Дранько-Майсюком і Эдуардам Акуліным. Сёлета гэта ўжо трэці прыезд паэтаў на Лідчыну. У першай палове года яны пабылі ў Мажэйкаўскай СШ, Ходараўскай СШ, Бярозаўскай СШ № 2, выступілі ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы перад студэнтамі Лідскага каледжа.
У гэты раз госці з Менска наведалі школы вёскі Бердаўка і пасёлка Першамайскі. Нагода прыезду звыклая ўжо для, можна сказаць, невялікага творчага калектыву - прэзентацыя новага нумара часопіса "Верасень", у дадзеным выпадку 10-га. А неўзабаве будзе і 11-ты, як паведаміў галоўны рэдактар Эдуард Акулін.
Бердаўка - старадаўня вёска на рацэ Ведраўка або Вядроўка - адзначана многімі ўпамінамі ў гістарычных крыніцах, а Першамайск - савецкі пасёлак, пабудаваны ў 50-я гады ХХ стагоддзя каля Лідскага торфа-брыкетнага завода. Але вялікай розніцы ў тым, як дзеці і настаўнікі ўспрымалі цудоўныя вершы Леанід Дранько-Майсюка і песні Эдуарда Акуліна, не было. Аўдыторыі былі ўважлівыя і ўдзячныя. Дзецям зямлі беларускай блізкія і зразумелыя беларускія вершы і песні, бо ім тут, на Лідчыне, беларуская мова - яшчэ родная мова. Але сёння за ўсё трэба плаціць, і вярнуўшыся да верша, прыведзенага ў пачатку, спытаем: "Дык чым заплачана за тое, каб беларуская мова тут жыла?" І адкажам: "Заплачана працай ". Працай бацькоў і настаўнікаў. У Бердаўцы беларуская школа, вядомая сваімі краязнаўчымі традыцыямі і сваім музеем. У Першамайску, калі пайшла пошасць пераходу на рускую мову выкладання, намаганнямі кіраўніцтва школы ўдалося ўтрымаць беларускамоўную паралель, і дагэтуль трымаюць. А яшчэ за мову штодня плаціцца і працай вось такіх энтузіястаў як Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін, якія едуць і едуць у гарады і весі з беларускім словам, каб не даць у нашым краі спаць маладым душам, бо за сон душаў можа спатрэбіцца іншая плата.
Наш кар. На здымках: падчас літаратурных сустрэч у Бердаўцы і Першамайску Лідскага раёна.
Мы вядзём моўны рэй!
Выступ на ХІІ з'ездзе ТБМ 02.11.2014
Шаноўная грамада! Дазвольце глянуць на нашыя актуальныя пытанні з псіхалагічнага боку, ментальна-эмацыянальнага.
Кастусь Каліноўскі пісаў у сярэдзіне 19 стагоддзя "Каго любіш? - Люблю Беларусь!", і гэтае выслоўе сталася брэндам беларускіх патрыётаў на два стагоддзі. Янка Купала пакінуў сваю формулу "Пакінь плач свой аб старонцы" ў 20 ст. Нашы продкі клічуць нас у радасць і любоў.
Мне вельмі прыемна канстатаваць, што нашчадкі нашых класікаў на шляху да беларускамоўнай Беларусі не забываюцца на гэтыя неабходныя для высокаўзроўневага жыцця пачуцці. Той эмацыйны негатыў, які запаланяў нашы душы цягам доўгага часу, стаў адыходзіць - абурэнне, незадавальненне, адчай, журба, маркота, крыўда, гнеў і злосць. Сёння і моладзь, і старэйшыя занятыя стваральнай працай з радасцю і натхненнем.
Аднак яшчэ жывыя жалобныя галашэнні, што чыноўнікі і несвядомыя людзі цураюцца сваёй мовы. Але хто сёння вядзе моўны рэй? За кім сёння ісці? Хто яны, тыя, якія любяць мову, ведаюць мову, гавораць, пішуць, думаюць на ёй, чытаюць і слухаюць? Гэта ж мы! Мы і вядзём рэй. Мы пісьменнікі, выкладчыкі, журналісты, грамадскія дзеячы, проста людзі, улюбёныя ў свае прасторы. Але мы чамусьці перакладваем гэты рэй на іншых - чыноўнікаў. А яны не ўмеюць гэта рабіць, нават калі і хочуць. Ці могуць яны даць нам тое, чаго не маюць?
Калі я была філолагам-выкладчыкам, цяжэй было ацаніць моўную сітуацыю ў краіне, бо я была ў атачэнні беларускамоўных людзей. І мне было спакойна. Я жыла ў мове, дзякуючы прафесіі. Потым я стала начальнікам аддзела выхавання ўніверсітэта, цяпер я працую педагогам-псіхолагам. Што змянілася? Ды нічога! Я як жыла ў мове, так у ёй і жыву. Тыя студэнты, з якімі я праводжу кансультацыі, куратарскія гадзіны найчасцей абіраюць беларускую мову, бо мова навечна прапісана ў маёй духоўнай структуры, і я заманьваю туды маіх сумоўцаў любоўю і пашанотай да мілагучнай, роднай крыніцы. І педагогі, і супрацоўнікі, і студэнты гутараць са мной, пішуць па-беларуску, бо я вяду рэй. Мной створаны Студэнцкі псіхалагічны тэатр мініяцюр, і там студэнты таксама іграюць па-беларуску, а хто не ведае мовы, па-руску. Я і ў горадзе вяду моўны рэй, і часта бывае так, што цэлымі днямі я пражываю ў мове, просячы касірак, афіцыянтаў, менеджараў, паштарак адказваць мне па-беларуску. І яны гэта робяць!
Мы думаем, што мы, свядомыя беларусы, сёння нясём цяжкі крыж анямення, адрачэння ад сваіх крыніц. Аднак я думаю, што гэты крыж не цяжкі, а ганаровы. Будзем несці свой крыж з радасцю за тое, што гісторыя выбрала нас, таленавітых і патрыятычных, адметных і чуллівых, весці моўны, культурніцкі рэй. Ніхто за нас гэта не зробіць. Пакінем чакаць, што калі Беларусь загаворыць па-беларуску, то зажывём па-людску. Мы сёння ўжо жывём па-людску, бо мы-беларусы - найлепшыя людзі разам з усімі найлепшымі людзьмі на нашай планеце, умацаваныя любоўю і гонарам нашых продкаў. Калі ж хто яшчэ не ўсвядоміў сваю ўнікальнасць, няхай той шукае яе ў збройных сутычках. Наш першы старшыня ТБМ Ніл Гілевіч сказаў: "Мірна бараніце нашу мову!" Давайма жыць сёння і любіць! Гэта самая лепшая абарона!
Мы лёсу ўдзячныя
за выбар нас, адметных,
Мы летапіс складаем у хаўрусе,
Мы - ветэраны й моладзь,
наша мэта -
Як жыць, дык жыць
для роднай Беларусі!
Людміла Дзіцэвіч , сябра Рады ТБМ.
"Мова TUT"
Новыя курсы беларускай мовы з'явіліся ў Менску. Цяпер за адукацыю беларусаў узяўся буйны інтэрнэт-партал tut.by.
Каардынатар праекта Алёна Шарамет-Андрэева сцвярджае, што гэта было зроблена выключна дзеля людзей:
- На гэтай пляцоўцы сёлета павінен быў пачацца новы сезон "Мовы ці кавы". Але калі сталася так, як сталася, мы ведалі, што ёсць попыт аўдыторыі, ведалі, што людзі чакаюць, але прыйсці ўжо няма куды. І мы вырашылі, што калі ёсць попыт, мы мусім яго задаволіць.
Попыт на мову ў грамадстве сапраўды ёсць. Калі на першы занятак запісалася 86 дарослых, 20 дзетак ад чатырох да дванаццаці гадоў і сем валанцёраў, то прыйшло значна больш людзей - за сотню.
Праўда, нельга сказаць, што тутбаеўская "МоваTUT" - гэта працяг "памерлых" папярэдніх курсаў. Арганізатары вырашылі ўзяць крыху іншы кірунак і падыход. Верагодна, сваю ролю адыграла тое, што праходзіць мерапрыемства ў галерэі TUT.by.
- Мы проста паміж сабой вырашылі: калі мы ўсё адно размаўляем пра мастацтва і мова гучыць на нашым вернісажы ад прафесійных мастацтвазнаўцаў і ад аўдыторыі так-сама, то, можа, мы так і будзем размаўляць пра гэта? Бо калі генеральная тэма ёсць, лягчэй сканцэнтравацца, і асабіста мне вельмі не хапае распрацаванай прафесійнай мовы, той, якая пра гэта гаворыць, - тлумачыць канцэпцыю моўных сустрэч куратар "тутбаеўскай" галерэі Тацяна Бембель.
Маўляў, зараз на кожным занятку, які плануецца праводзіць раз на два тыдні, будуць прысутнічаць аўтары, працы якіх экспануюцца ў галерэі. Падчас першага занятку ў галерэі знаходзіліся працы Адама Глобуса з серыі "Менск-Вільня". Адпаведна, і госцем быў менавіта ён.
Слухачы курсаў распытвалі мастака і пісьменніка, як навучыцца размаўляць па-беларуску, а таксама пра тое, як ён стварае свае мастацкія працы. За найлепшае жартаўлівае пытанне з аўдыторыі, якое прагучала так: "Дык скажыце, Вільня - наша?" - Адам Глобус падарыў сваю кнігу з вершамі. І застаўся задаволены сустрэчай:
- Усё прайшло цёпла, нязмушана, вельмі здзівіла сур'ёзнасць аўдыторыі - я думаў, што будзе маладзейшае пакаленне. А прыйшлі людзі падрыхтаваныя. І думаю, што хоць аўдыторыя і будзе трансфармавацца, касцяк захаваецца.
Верагодна, так і будзе - частка тых, хто прыйшоў на першую сустрэчу, на другую ўжо не вернецца. Ужо праз паўгадзіны невялікая колькасць наведнікаў ціхенька скіравалася да выхаду. Еўрарадыё цікавіцца прычынай заўчаснага сыходу.
- Мне не спадабалася, - тлумачыць хлопец, дапамагаючы надзяваць паліто сваёй дзяўчыне. - І, напэўна, я больш не прыйду. Бо чытаць вершы, камунікаваць пра мастацтва - гэта загон мовы ў гета. Трэба камунікаваць на нейкія цікавыя побытавыя тэмы, сацыяльныя. Камунікаваць, а не проста завязваць усё на мастацтва. Я быў і на "Мова Нанова" і на "Мова ці кава". І найбольш мне падабалася "Мова ці кава". Бо арганізатары стараліся прыдумляць кожны раз новую тэму, адцягненую ад такой класікі, як палітыка, культура, гісторыя, спорт, ежа і ўсё такое¡K
Адваротнае меркаванне выказвае іншы ўдзельнік сустрэчы, Сяргей:
- Тут можна нажыва камунікаваць, знаёміцца, слухаць цікавыя рэчы пра гісторыю мовы. І ўвогуле, знаёмства з мастацтвам - гэта цудоўна. Такі падыход: мастацтва, мова, музыка - спалучэнне нагадвае мікс, але гэта і цудоўна. Праца над такімі рэчамі адрывае людзей ад побыту, прымушае думаць пра нешта больш узнёслае. І тут ужо справа культуры, а не толькі мовы.
Па заканчэнні сустрэчы яшчэ адзін суразмоўца Еўрарадыё, які прыйшоў на "МоваTUT", расказаў, што на іншых курсах быў, але і гэтыя яму спадабаліся - будзе і надалей прыходзіць. Праўда, выказвае пажаданні арганізатарам:
- Трэба ўзнімаць тэмы, якія цікавыя ўсім. Я лічу, што размовы пра мастацтва¡K я не мастак, як і большасць тут так-сама не мастакі - мы проста сядзелі і маўчалі, нам не было чаго сказаць.
Партнёрам "тутбаеўскага" моўнага праекту з'яўляецца Белдзяржуніверсітэт. І пасля Адама Глобуса выкладчыца ўніверсітэта Алена Лянкевіч правяла з залай інтэрактыўную гульню: падказвала прысутным, як вітацца і развітвацца па-беларуску, а так-сама расказвала пра тое, як звяртацца адно да аднаго.
Па выніку сустрэчы Алёна Шарамет-Андрэева прызнаецца, што фармат "тут-баеўскіх курсаў" яшчэ не вызначаны:
- Мы, натуральна, будзем з фарматамі гуляцца, у нас няма напрацаваных методык. Тым больш што каманда ў нас атрымалася зборная: БДУ і TUT.by. І калі ў БДУ ёсць метадалагічныя напрацоўкі, то ў нас іх няма, але галоўнае, што ёсць жаданне, і мы ўсё зробім.
І дадала, што яны хочуць, каб у іх былі не моўныя курсы, а такі джэнтльменскі клуб, дзе будуць збірацца прыхільнікі беларускай мовы. Як тыя, хто яе ведае, так і тыя, хто хоча яе вывучыць.
Зміцер Лукашук. Фота: Змітра Лукашука, tut.by.
Памёр генерал і палітык Валерый Фралоў
Яму было 67 гадоў. Ён быў знойдзены мёртвым у сябе дома.
Валерый Фралоў нарадзіўся 14 жніўня 1947 г. у Менску. Скончыў Менскі аўтамеханічны тэхнікум, Харкаўскае гвардзейскае вышэйшае танкавае каманднае вучылішча, Ваенную акадэмію бранятанкавых войскаў, Акадэмію Генеральнага штаба Узброеных Сіл СССР, Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Генерал-маёр.
У 1964-1966 гг. працаваў зубарэзчыкам на Менскім аўтамабільным заводзе, у 1970-1993 гг. служыў ва Узброеных Сілах СССР камандзірам танкавых звяза, роты, батальёна, начальнікам штаба і камандзірам танкавага палка, начальнікам штаба мотастралковай дывізіі і камандзірам дывізіі. У 1993-2000 гг. ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь: начальнік штаба армейскага корпуса, камандзір армейскага корпуса.
У 2000-2004 гг. дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Камісіі па нацыянальнай бяспецы, узначальваў апазіцыйную групу "Рэспубліка".
У БСДП уступіў у 2004 г. У 2006-2009 гг. быў старшынём Менскай гарадской арганізацыі БСДП. У сакавіку 2007 - кастрычніку 2010 г. і з 5 чэрвеня 2011 г. намеснік старшыні БСДП.
Сябар ТБМ. Быў госцем на апошнім, ХІІ з'ездзе ТБМ.
Трое дзяцей.
Узнагароджаны ордэнамі "За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР" ІІІ ступені, Прападобнага Сергія Раданежскага і 11 медалямі.
Пахавалі генерала Валерыя Фралова ў Гародні.
З кагорты неўтаймаваных
Днямі мне патэлефанаваў Андрэй Андрэевіч Юшкевіч, які паведаміў мне, што 6 лістапада 2014 года памёр грамадскі актывіст са Скідзеля Ілля Аляксандравіч Барысаў . Яму было 87 гадоў. Ілля Барысаў нарадзіўся ў Скідзелі ў рабочай сям'і ў 1927 годзе. У 1934-ым пайшоў у польскую школу. Брат Іллі Мікалай быў актывістам нацыянальна-вызвольнага руху, за што польскія ўлады прыцягвалі да адказнасці абодвух.
У першы дзень Вялікай Айчыннай вайны Ілля Барысаў аказаўся на дарозе ў ліку бежанцаў і дайшоў ажно да г. Магілёва. Там, працуючы на адгрузцы прамысловага абсталявання на ўсход, падчас налёту фашысцкіх бамбардзіроўшчыкаў быў паранены і трапіў у шпіталь. Потым стаў байцом атрада абароны Скідзельшчыны ад рэшткаў нямецкіх войск.
У тым жа 1944-ым стаў салдатам Чырвонай Арміі, дзе праслужыў да красавіка 1951-га. Потым быў старшынём Скідзельскага райкама фізкультуры і спорту. Працаваў у "Саюздруку", у канторы сувязі, у райкаме КПБ. Завяршыў працоўны шлях старшынём Скідзельскага сельсавета, але не склаў з сябе шматлікіх грамадскіх абавязкаў!
Першы свой допіс Ілля Барысаў надрукаваў больш за 60 гадоў таму неўзававе знайшоў шлях да сваёй раённай газеты "Чырвоны сцяг" і да абласной "Гродзенскай праўды".
Грамадскі актывіст друкаваўся ў "Літаратуры і мастацтве", газетах "Рэспубліка", "Народная Воля", "Беларуская лясная газета", штотыднёвіку "Культура", часопісах "Родная прырода", "Гаспадыня".
З ініцыятывы І. Барысава ў Скідзелі быў усталяваны памятны знак яўрэям - ахвярам фашызму. Ілля Аляксандравіч укладальнік фотаальбомаў "Вызваліцелі", "Памяць", прысвечаных мінуламу роднага горада. Шмат папрацаваў нястомны краязнаўца і ў раённай камісіі па стварэнні кнігі "Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Гродзенскага раёна", якая выйшла ў 1993 годзе.
Выказваю спачуванні родным і блізкім, а таксама грамадскасці Скідзеля ў сувязі са смерцю Іллі Аляксандравіча Барысава...
Аляксей Шалахоўскі, краязнавец, журналіст.
У Гародні адкрылася "Моваведа"
Каля 30 чалавек наведалі першыя заняткі па беларускай мове "Моваведа" ў Гародні. У Менску яны існуюць з 2008 года. Гэта другія грамадскія моўныя курсы пасля "Мовы Нанова", якія распаўсюджваюцца на Гародню. На адкрыццё праграмы курсаў прыехаў яе аўтар Аляксей Шэін з Менска.
Галоўная адметнасць курсаў у тым, што яны разлічаныя на чалавека, які зусім не гаворыць па-беларуску, кажа Аляксей Шэін:
- Курсы разлічаныя на расейскамоўных ці тых, хто слаба валодае беларускай мовай. У нас нязмушанае вывучэнне беларускай мовы ў вольнай атмасферы з мінімумам граматыкі, мінімумам сінтаксісу. Бяруцца базавыя словы. Будзем працаваць з такой групай, якая набярэцца.
Як паказала апытанне ўдзельнікаў новых курсаў, для большасці іх наведванне неабходна дзеля беларускамоўнага асяроддзя. Першыя заняткі былі прысвечаныя словам прывітання, развітання, падзякі ды просьбам.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня. Фота аўтара.
Да выхаду новай кнігі Алега Трусава "Кароткая гісторыя архітэктуры Беларусі"
Эпоха БССР (1921-1991 гг.)
(Працяг у наступным нумары.)
Спачатку ў ім меркавалася размясціць рэспубліканскі музей гісторыі рэлігіі і атэізму. Але шматлікія экспанаты, уведзеныя ў цудоўны інтэр'ер XVIII ст., маглі засланіць яго мастацкія вартасці. Таму пасля шматлікіх спрэчак было вырашана зрабіць у саборы залу арганнай і камернай музыкі ў адпаведнасці з архітэктурна-археалагічнай экспазіцыяй рэштак будынка XI-XIII стст. Культурны пласт таўшчынёй больш за 2 м, што залягаў пад падлогай XVIII ст., быў выняты да ўзроўню падлогі XI ст., а замест верхняй падлогі зроблена своеасаблівая столь на бэльках, пад якой утварыўся падземны музей старажытнай Сафіі. А каб глядач мог атрымаць большае ўяўленне пра пачатковы выгляд помніка, на яго фасадах былі зроблены зандажы, у якіх відаць старадаўняя муроўка. У інтэр'ерах адкрыты і замацаваны рэстаўратарамі некалькі фрагментаў старога фрэскавага роспісу.
Канцэртная зала, арганічна ўключаная ў інтэр'ер ХVІІІ ст., дазваляе лепш адчуць архітэктуру позняга барока, дзе музыка, святло, колер, форма і прастора існуюць у непадзельным адзінстве. Цяпер у будынку Полацкай Сафіі па вялікіх святах адбываюцца праваслаўныя набажэнствы.
Адначасова з адбудовай Сафіі ў Полацку пачалі аднаўляць помнік класіцызму - Богаяўленскую царкву, дзе была адкрыта гарадская мастацкая галерэя, часта тут гучала і класічная музыка. Цяпер будынак вернуты беларускай праваслаўнай царкве.
Побач са славутай Спаса-Праабражэнскай царквой у канцы XIX ст. быў узведзены велізарны гмах праваслаўнага сабора ў псеўдавізантыйскім стылі. Нягледзячы на высокі ўзровень будаўнічай тэхнікі, пабудова ўвабрала ў сябе ўсе адмоўныя рысы архітэктуры гэтага кірунку: эклектычнасць запазычаных формаў, сухую прамалёўку дэталяў, а яшчэ - адсутнасць пачуцця меры, поўную дысгармонію з больш ранейшымі будынкамі манастыра. Але помнік не перастае быць помнікам толькі таму, што ён не адпавядае сённяшняму мастацкаму густу. Пасля рэстаўрацыі ён зноў стаў дзейным храмам.
Яшчэ больш складаная сітуацыя стварылася падчас выканання праекту адбудовы магілёўскай ратушы. Моцна пацярпелая падчас апошняй вайны, але амаль адрамантаваная, у 1957 г. ратуша была знесена да падмуркаў. Паколькі ратуша з'яўлялася адной з асноўных гарадскіх дамінантаў, Магілёўскі гарвыканкам у 1979 г. прыняў рашэнне аб яе аднаўленні. Правёўшы археалагічныя раскопкі, у выніку якіх была ўдакладнена планіроўка будынка, і сабраўшы шматлікія пісьмовыя крыніцы, спецыялісты зрабілі праект аднаўлення будынка на канец XVIII ст., бо архіўных матэрыялаў на час пабудовы ратушы (1679 г.) не хапае. Тады было вырашана ў стылі класіцызму аднавіць толькі фасады, а інтэр'еры зрабіць сучаснымі. Такім чынам, быў выкананы макет у натуральную велічыню знішчанага некалі помніка, які зноў стаў адной з асноўных вертыкалей Старога горада. Была вызначана і ідэя прыстасавання помніка - тут хацелі адкрыць Палац шлюбаў.
Будаўнічыя працы пачаліся ў 1992 г., але неўзабаве грошы скончыліся і будаўнічы катлаван засыпалі. Аднак грамадзяне Магілёва не здаліся, і дзякуючы іх намаганням нарэшце Магілёўская ратуша паўстала з нябыту. Цяпер у ёй знаходзіцца музей горада Магілёва.
У 70-80-я гады мінулага стагоддзя беларуская інтэлігенцыя выступіла ў абарону сваёй гістарычнай спадчыны. У выніку гэтага змагання ўдалося захаваць гістарычныя цэнтры Менска, Магілёва, Гародні і іншых гарадоў. Былі створаны ўмовы для падрыхтоўкі сваіх навуковых кадраў.
Вынікі раскопак і даследванняў помнікаў XIII-XVIII стст., распачатых у канцы 60-х гадоў, надрукаваныя ў асноўным у працах Міхася Ткачова, Марыяны Малеўскай, Зянона Пазняка, Ігара Чарняўскага, Алеся Кушнярэвіча і аўтара кнігі. Яны значна дапоўнілі раздзелы гісторыі архітэктуры Беларусі, прысвечаныя фартыфікацыі, гатычнай, рэнесансавай і барокавай архітэктуры.
З 1977 г. вывучэнне помнікаў архітэктуры XII-XVIII стст. праводзілі археолагі інстытута "Белспецпраектрэстаўрацыя". У першую чаргу даследаваліся беларускія замкі (Стары замак у Гародні, Крэўскі, Заслаўскі, Смалянскі, Любчанскі, Гальшанскі), храмы і манастыры (Прачысценская і Каложская цэрквы і былы фарны касцёл Вітаўта ў Гародні, Барысаглебская царква ў Наваградку, Дабравешчанская ў Віцебску, Мікольская ў Магілёве, Пінскі езуіцкі калегіюм, кляштар францысканцаў у Гальшанах) і грамадскія будынкі (магілёўская, менская, нясвіжская і віцебская ратушы, гандлёвыя рады ў Менску, палац Агінскага ў Залессі, мураваная забудова XVII-XVIII стст. у Гародні, Магілёве, Берасці і Мсціславе).
У працэсе абследвання помнікаў была вывучана гісторыя развіцця тэхнікі каменнай муроўкі, эвалюцыя будаўнічых матэрыялаў (цэглы, дахоўкі, плітак падлогі) і архітэктурна-дэкаратыўнай керамікі (фасадныя пліткі і кафля).
Вялікую работу за апошнія 50 гадоў правялі мастацтвазнаўцы і гісторыкі беларускай архітэктруры. Некалькі прац па гісторыі старажытнага дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва і архітэктуры надрукаваў Міхаіл Кацар. Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Чантурыі праведзены абмеры помнікаў беларускага дойлідства і абследаваны гістарычныя цэнтры ў цэлым шэрагу гарадоў краіны. Ён аўтар некалькіх падручнікаў і манаграфій па гісторыі беларускай архітэктуры.
Тамара Чарняўская прысвяціла манаграфіі помнікам старажытнай і сучаснай архітэктуры Магілёва, Віцебска і Менска (апошняя ў суаўтарстве з Аленай Пятросавай). Драўлянае дойлідства беларускага Палесся добра пададзена ў кнізе Юрыя Якімовіча. Цікавую працу пра архітэктуру палацаў і старадаўніх сядзіб XVIII - пачатку XIX ст. напісаў Анатоль Кулагін. Сумесна з Валянцінай Караткевіч ён выдаў кнігу аб помніках Слоніма. Пяру даследчыка належыць таксама капітальная манаграфія, прысвечаная беларускаму ракако. Разнастайнае ўбранне інтэр'ераў можна ўбачыць у каляровых альбомах, складзеных Надзеяй Высоцкай. Пра фрэскавы жывапіс ХІІ-ХVІІІ стст. вядзецца гаворка ў кнігах В. Церашчатавай і А. Сяліцкага.
Некалькі манаграфій, прысвечаных абарончаму беларускаму дойлідству, надрукаваў Міхась Ткачоў. Культавая архітэктура Беларусі ХІІІ-ХVІ стст. добра апісана ў кнізе Алеся Кушнярэвіча. Выдавецтва "Полымя" выпусціла серыю брашур (серыя заснавана ў 1989 г.) пад рубрыкай "Помнікі беларускага дойлідства".
І. Слюнькова ў сваёй кнізе "Архітэктура гарадоў Верхняга Прыдняпроўя XVII - сярэдзіны XIX ст." падрабязна разгледзела планіроўку і забудову беларускіх гарадоў эпохі барока і класіцызму на тэрыторыі Усходняй Беларусі. Яе апошняя фундаментальная праца прысвечана архітэктуры беларускіх манастыроў і кляштароў.
Пра беларускія мячэці спецыяльную кнігу надрукаваў А. Лакотка. Ён выдаў у акадэмічнай серыі "Беларусы" манаграфію пад назвай "Дойлідства", а таксама кнігу "Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры".
Вялікім унёскам у справу вывучэння і аховы нашай архітэктурнай спадчыны з'яўляюцца сямітомны "Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі", пяцітомная "Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі" і энцыклапедычны даведнік "Архітэктура Беларусі". У 1994 г. завершана шасцітомнае выданне "Гісторыя беларускага мастацтва". Разбураным помнікам нашага дойлідства прысвечаны зборнік "Страчаная спадчына", што выйшаў у 1998 г.
У 1988 г. сітуацыя ў СССР і БССР у адносінах рэлігіі кардынальна змянілася. Кіраўніцтва СССР дазволіла афіцыйна адсвяткаваць 1000-годдзе хрышчэння Русі, спынілася ваяўнічая атэістычная прапаганда, вернікам пачалі вяртаць забраныя храмы і дазволілі будаваць новыя.
За першыя гады адноўленай беларускай незалежнасці вернікам Беларусі былі аддадзены сотні бажніц і пачалося актыўнае іх аднаўленне. Былі адбудаваныя такія ўнікальныя помнікі нашага дойлідства, як, напрыклад, царква ў в. Сынкавічы, царква ў в. Мураванка, касцёл св. Барбары ў Віцебску, касцёл св. Андрэя ў Слоніме, Брыгіцкі касцёл у Гародні, сабор ІІятра і Паўла ў Гомелі.
Цяпер у Беларусі каля 1500 культавых пабудоў і храмаў, звязаных з праваслаўнымі вернікамі, і каля 500 - з католікамі. Унікальная ў гэтым сэнсе царква ў вёсцы Вялікая Сваротва Баранавіцкага раёна, бо ўяўляе сабой трохкутнік з алтаром у цэнтры і мае тры ўваходы: для праваслаўных, католікаў і грэка-католікаў. Такіх храмаў больш няма не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе.
Таксама дзейнічаюць уніяцкія храмы і бажніцы розных пратэстанцкіх кірункаў. Акрамя хрысціянскіх храмаў функцыянуюць таксама мячэці і сінагогі.
Жыллё сялян і гараджан
Пасля Рыжскай дамовы 1921 г. узнікаюць два тыпы беларускага горада: савецкі беларускі горад у межах БССР і заходнебеларускі горад у складзе польскай дзяржавы. Сфармаваліся два сталічныя цэнтры. На ўсходзе Менск (з 1938 г. - Мінск) сталіца БССР і Вільня - цэнтр заходнебеларускай адукацыі і культуры. Ва ўсходнебеларускіх гарадах назіраецца рост рускага насельніцтва, а ў заходнебеларускіх - польскага. Адбываецца значны рост гарадскога насельніцтва ў БССР у выніку індустрыялізацыі. Тут у 1939 г. жыло 1854,8 тысяч чалавек (20% насельніцтва). У заходняй Беларусі гэтыя працэсы былі больш маруднымі, бо польскія ўлады свядома затрымвалі развіццё прамысловасці на "Крэсах Усходніх".
Пасля ліквідацыі наступстваў Другой сусветнай вайны працэс індустрыялізацыі значна паскорыўся, узніклі новыя прамысловыя гарады, такія як Салігорск, Светлагорск, Наваполацк і Жодзіна. Рэзка змяніўся склад насельніцтва. Зараз ва ўсіх беларускіх гарадах доля беларусаў пераважае. На другім месцы апынуліся рускія, а колькасць палякаў, яўрэяў і татараў значна зменшылася.
У 1990-х гадах XX ст. гарадское насельніцтва Беларусі у параўнанні з 1950 г. павялічылася ў 4,3 раза і склала 67,6% ад усяго насельніцтва краіны. У 1997 г. у Беларусі было 102 гарады, з іх 14 мелі больш за 100 тыс. чалавек, прычым у Менску жыло каля 1,7 млн. чалавек.
У 20-х гадах мінулага стагоддзя ў СССР і БССР пашырыўся канструктывізм. У дачыненні да замежнага мастацтва тэрмін "канструктывізм" у значнай ступені ўмоўны: у будаўніцтве ён пазначае плынь у функцыяналізме, якая імкнулася падкрэсліць экспрэсію сучасных канструкцый, у жывапісе і скульптуры - адзін з кірункаў авангардызму, што выкарыстаў некаторыя фармальныя пошукі ранняга канструктывізму.
Асноўным ідэалагічным і практычным цэнтрам функцыяналізму стаў творчы цэнтр "Баўхаўз" (праектна-даследчы цэнтр дызайну) у Нямеччыне. Пачынаючы з 1920 гг. тут вядуцца тэарэтычныя даследванні і прыкладное праектаванне. Стваральнік і кіраўнік Баўхаўза, найбуйнейшая постаць функцыяналізму, Вальтар Гропіюс быў аўтарам многіх помнікаў гэтага рэвалюцыйнага стылю. Класічны прыклад пабудовы гэтага кірунку - будынак самаго "Баўхаўза" ў Дэсаў архітэктара В. Гропіюса пабудаваны ў 1925-1926 гг.
Французскі архітэктар Ле Карбюззе, адзін з найбольш вядомых творцаў функцыяналізму, зрабіў галоўны ўнёсак у тэорыю і практыку гэтага стылю. Яго ідэі ў горадабудаўніцтве, у тэорыі масавага індустрыяльнага жытла, рэалізаваныя у будынках і праектах, актуальныя дагэтуль. Гэты вялікі архітэктар сучаснасці напоўніў тэорыю функцыяналізму ідэалагічна і практычна, вядомыя яго прынцыпы пабудовы масавага індустрыяльнага жылога дома (дом на апорах, плоскі дах-сад, стужкавае ашкленне і г. д.) выкарыстоўваюцца і сёння.
Функцыяналізм патрабаваў строгай адпаведнасці формы будынка яго функцыям і адмове ад усяго, што не патрэбна для ўжытку. Архітэктурныя формы павінны былі адпавядаць будаўнічым канструкцыям і матэрыялам. Па-новаму выбудоўвалася мастацкая выява архітэктурнага твора. З эстэтычнага пункта гледжання новая архітэктура, пазбаўленая ўпрыгожвальніцкіх празмернасцяў, павінна была ўспрымацца чалавекам падчас руха ў ёй і вакол яе (адзінства прасторы і часу). Ідэолагі новай архітэктуры прадугледжвалі стварэнне ўмоў для зручнага і хуткага перасоўвання людзей у архітэктурна-прасторавым асяроддзі. Унутраная прастора памяшкання станавілася дынамічнай, як бы "перацякала", "вольна пералівалася з інтэр'еру ў інтэр'ер". Значнае зашкленне стварала магчымасць яднання чалавека з навакольнай прыродай. Сэнс функцыяналізму ў лаканічнай і яснай пабудове. Характэрныя для функцыяналізму архітэктурныя формы - плоскія дахі, буйныя плоскасці шкла, поўная адсутнасць таго, што канструктыўна не патрэбна.
Прыхільнікі канструктывізму ў СССР, высунуўшы задачу "канструявання" навакольнага асяроддзя, што актыўна накіроўвае жыццёвыя працэсы, імкнуліся асэнсаваць магчымасці новай тэхнікі, яе лагічных, мэтазгодных канструкцый, а таксама эстэтычныя магчымасці такіх матэрыялаў, як метал, шкло, дрэва. У раскошы канструктывісты імкнуліся супрацьпаставіць прастату і падкрэслены ўтылітарызм новых прадметных форм, у чым яны бачылі стварэнне дэмакратычнасці і новых дачыненняў паміж людзьмі. У будаўніцтве прынцыпы канструктывізму былі сфармуляваныя ў тэарэтычных выступах А.А. Весніна і М.Я. Гінзбурга. Весніным быў прапанаваны праект Палаца працы для Масквы (1923 г.) з яго выразным планам і выяўленай у вонкавым абліччы канструктыўнай асновай будынка (жалезабетонавы каркас). У 1924 г. была створана арганізацыя канструктывістаў - АСА, прадстаўнікі якой распрацавалі так званы функцыянальны метад праектавання, заснаваны на навуковым аналізе асаблівасцяў функцыянавання будынкаў, дамоў, горадабудаўнічых комплексаў.
(Працяг у наст. нумары.)
Верны беларускай танальнасці
У Менскім Палацы мастацтваў дзейнічае выстава памяці Пятра Пятровіча Шарыпы . Яе арганізавала дачка мастака Алена Пятроўна Шарыпа да гадавіны адыходу яе бацькі.
Беларускі жывапісец Пётр Пятровіч Шарыпа нарадзіўся 11 красавіка 1942 года ў вёсцы Арашкі Віцебскай вобласці. Ён скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педынстытута (1965), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1974) , у 1984 годзе стаў сябрам Саюза мастакоў. Яго карціны захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, у фондах Саюза мастакоў, у прыватных калекцыях у розных краінах. Частка твораў экспануецца ў дольнім памяшканні Чырвонага касцёла.
На выставе прадстаўлены 47 палотнаў розных перыядаў: краявіды, архітэктурныя забудовы, помнікі дойлідства і прыроды. Мастак імкнуўся адлюстраваць выявы розных мясцовасцяў: Крэва, Браслаўшчыны, Гальшанаў, Нясвіжа і іншых мястэчак на фоне зменаў прыроднага наваколля ў розныя поры году.
- Погляды на мастацтва, на грамадскія і на палітычныя падзеі, стаўленне да нашых нацыянальных святыняў і каштоўнасцяў у нас супадалі, - адначыў старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца. - Калі я прыйшоў у 1984 годзе ў Рэспубліканскую школу-інтэрнат імя Ахрэмчыка, там існавала ўнікальная з'ява: настаўнік з вучнямі зраблі стэнд і кожны тыдзень выпускалі насценгазету "Спадчына", прысвечаную беларускім асветнікам, мастакам і кампазітарам, важным гістарычным падзеям, якія на той час замоўчваліся. Вельмі сціплы ў побыце, непрыкметны, Пётр Пятровіч быў выдатным каларыстам і жывапісцам. Грунтуючыся на творах сваіх папярэднікаў Вітольда Бялыніцкага-Бірулі і Віталя Цвіркі, Пётр Пятровіч прамаўляў мовай беларускай танальнасці ў жывапісе. Сапраўды, нашы краявіды маюць свае непаўторныя колеры. Блакіт нябёсаў, зелень палеткаў, гушчары лясоў маюць свае адценні. Зусім не тое, што мы бачым на карцінах Шышкіна ці Куінджы. Гэтыя асаблівасці тонка адчуваў і перадаваў Пётр Шарыпа.
Пры жыцці яму не дастаткова надавалася ўвагі, і сёняшняй выставай мы сплочваем даніну памяці і павагі да мастака. У 2015 годзе яго персанальная выстава будзе дзейнічаць ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Менску.
- Я памятаю Пятра Пятровіча з часоў яго вучобы ў Віцебскім педагагічным інстытуце, - узгадаў сп. Аляксей Марачкін. Потым мы вучыліся разам ў Менску, шэсць гадоў мы аддалі навучанню жывапісу. Студэнцкія працы паказвалі, як тонка ён адчуваў прыроду, і мы зразумелі, што гэта майстар эцюда. Выкладчыкі заўважылі вялікі талент каларыста Пятра Пятровіча. Мы ездзілі разам на радзіму маёй жонкі Ірыны Сяргееўны, пісалі эцюды, удзельнічалі ў пленэрах імя Язэпа Драздовіча. Калі я быў сярод яго вучняў, з цікавасцю пачуў, што яны далі яму далікатную мянушку: "Буслік". Мастак, педагог, грамадзянін, ён заклаў цаглінку ў фундамент беларускага выяўленчага мастацтва.
Пётр Пятровіч Шарыпа быў адораным педагогам і больш за 30 гадоў прысвяціў выкладанню ў Рэспубліканскім каледжы па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Івана Ахрэмчыка ў Менску. Да схілу сваіх гадоў ён не пакідаў сцен каледжа і працягваў працаваць з моладдзю. З дапамогай Пятра Пятровіча Шарыпы знайшлі свой творчы почырк і кірунак Ларыса Журавовіч, Аляксандр і Ірына Сільвановічы, Уладзімір Лавецкі, Алесь Пушкін і іншыя мастакі. Аліна Лук'янчык сёлета распісала Віцебскі касцёл і стварыла партрэт кардынала Казіміра Свёнтка.
- Я шчаслівы, што гэта быў мой першы настаўнік, - адзначыў Алесь Пушкін. - Падчас наведвання з вучнямі музеяў Вільні, Пецярбурга і Масквы ён акцэнтаваў увагу 15-16 гадовых юнакоў на класічных шэдэўрах сусветнага мастацтва. "Сябры, дзеці, - казаў ён, - тут у Кіеве, знаходзіцца адзіны арыгінал Ераніма Босха ў Савецкім Саюзе¡K Дзеці,звярніце ўвагу на каларыт Веласкеса, на мудрасць Рэмбранта!" Ён прыносіў у клас вялікія фаліянты вядомых майстроў. Акрамя таго, ён выхоўваў нас беларусамі. Мы ўсе засталіся свядомымі людзьмі.
Алена Пятроўна Шарыпа, сябра Саюза мастакоў, успамінае:
- Быў цудоўны перыяд, калі мы ездзілі на эцюды. Для мяне самымі дарагімі былі нашы паездкі на Браслаўшчыну, у Гальшаны, у Гародню. Бацька засяроджваў маю ўвагу на прыгожых мясцінах, мы натхнялілі адзін аднаго. Ён перадаў мне жывапісную культуру краявіду. З 13-ці гадоў я пачала сур'ёзна вучыцца жывапісу мінуючы звычайныя дзіцячыя захапленні.
У экспазіцыі Палаца мастацтва прадстаўлены палотны, напоўненыя святлом і свежым паветрам: "На лузе" (1980) , "У блакіце"(1978), " На радзіме" (1980), дэманструюцца партрэты жонкі творцы і родных. Мастак Леанід Хобатаў дапамог адабраць лепшыя палотны для выставы з хатняга збору мастака. Выстава будзе дзейнічаць да 23 лістапада.
Эла Оліна. На здымку: 1. Пётр Шарыпа і яго карціна. Фота з архіва. 2. На адкрыцці выставы . Фота аўтара. 3. Творы мастака ў экспазіцыі: "Гальшаны. Саборная плошча". 1981. "Блакітны дзень. Слабодка". 1988. Фота аўтара.
Мастачка
Валянціна Мечыславаўна Буцько нарадзілася 11 лістапада 1963 г. у г. Маладзечне. Тату клікалі Мечыслаў Браніслававіч (1934-2002). У маладосці ён працаваў у вёсцы Бейніца. Усё жыццё ён працаваў тэрапеўтам і рэнтгенолагам. Граў на скрыпцы.
Матулю клікалі Вера Севасцянаўна (1937-2004). Яна працавала доктарам-педыятарам амаль усё жыццё. Валянціна мае малодшую сястру Ірыну. Дзяўчына навучалася ў школе № 7. У 80-ыя гады Валя працавала мастаком-афармляльнім на фабрыцы "Камсамолка", а таксама мастаком-афармляльнікам у "Сельгастэхніцы".
У 1988 годзе жанчына паступіла ў Львоўскі паліграфічны інстытут імя Івана Фёдарава. Любімыя настаўнікі: Мікалай Мікалаевіч Таранаў і Сяргей Ілліч Іваноў.
У 1995 годзе Валянціна атрымала спецыяльнасць - "мастак па афармленні друкаванай прадукцыі". Мае любімых мастакоў. Гэта - Леанарда да Вінчы, Брулоў, Рафаэль, а з сучаснікаў - Валеры Славук і Алесь Кажаноўскі... Таксама яшчэ з дзяцінства захаплялася музыкай (зкончыла 5 класаў музычнай школы).
Валянціна Буцько працавала як мастачка над кнігамі Уладзіслава Сыракомлі "Добрыя весці", Міколы Дубоўскага "Шапэн", Наталлі Старжынскай "Сябруем і гуляем разам", а таксама Міхася Гольдмана "На сваёй зямле - чужыя" і іншымі. Некалькі прац выстаўляліся ў Палацы мастацтва.
Стрыечная сястра мастачкі - Новаш Наталля Уладзіміраўна піша дзіцячыя кнігі.
Хачу пажадаць Валянціне Мечыславаўне моцнага - моцнага здароўя, шчасця асабістага, а таксама новых творчых праектаў.
Аляксей Шалахоўскі.
Адукацыйныя паслугі
Школа асобаснага росту "ШАР"
Псіхолаг Людміла Дзіцэвіч
Трэнінг " Псіхалогія кантактаў"
21 лістапада а 18-ай гадзіне ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13.
У праграме трэнінгу:
1. Сутнасць кантактаў з самім
сабой, людзьмі і прыродай.
2. Прынцыпы, метады і формы кантактаў. Некантактнасць як
форма залежнасці.
3. Духоўныя і фізічныя кантакты з самім сабой.
4. Кантакты з бацькамі ад дзяцінства да сённяшняга часу.
5. Кантакты з супрацьлеглым полам. Любоў і каханне, любоўная
і сексуальная энергія.
6. Кантакты з дзецьмі. Адносіны дзяцей да вучобы.
7. Кантакты з Богам, Сусветам, Жыццём.
8. Выкананне гульняў і практыкаванняў для замацавання ўменняў
кантактаваць.
Для кантактаў: сл. тэл. (+375 17) 327-60-88;
х.тэл. (+375 17) 281-04-35;МТС (+375 29) 769-29-78;
velcom (+375 29) 960-14-53; e-mail spadarl yandex.ru.
Заняткі ў Школе асобаснага росту "ШАР" праходзяць кожную1-ю і 3-ю пятніцу месяца а 18-ай гадзіне ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13.
Дзякуй Вам, Соф'я Антонаўна!
Днямі ў сталічным выдавецтве "Кнігазбор" выйшла ў свет кніга Соф'і Жыбулеўскай "Дзякуй табе, кніга!" Яе аўтар - працаўнік з 46-ці гадовым стажам у кніжнай сістэме, з іх больш за 10 гадоў - дырэктарства ў кнігарні "Акадэмічная кніга".
У пэўным сэнсе гэта арыгінальнае выданне мае энцыклапедычна-анталагічны характар. Адкрываецца яно ўступнай часткай "Крыху споведзі", дзе аўтар шчымлівашчыра распавядае пра ўласны нялёгкі жыццёвы лёс: паходжанне, пра сваіх цудоўных бацькоў, гады і месцы вучобы і, вядома, працу на ніве служэння яе вялікасці кнізе - пераважна беларускай. Другую частку - асноўны сэнсава-інфармацыйны корпус выдання - складаюць удзячныя аўтографы аўтараў: паэтаў, празаікаў, журналістаў, вучоных, мастакоў, артыстаў, рэжысёраў і інш. на сардэчна паднесеных іх кнігах нястомнай кніжніцы Соф'і Антонаўне Жыбулеўскай. А аўтографаў тых тут больш за паўтары сотні. Вось некаторыя з іх аўтараў: Алесь Адамовіч, Валянціна Аксак, Лідзія Арабей, Уладзімір Арлоў, Раіса Баравікова, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Анатоль Бутэвіч, Радзім Гарэцкі, Ніл Гілевіч, Янка Запрауднік, Адам Мальдзіс, Міхась Міцкевіч (сын Якуба Коласа), Ганна Серэхан, Людка Сільнова, Янка Сіпакоў, Уладзімр Шэліхін і многія іншыя.
У кожным з аўтографаў праглядаецца лад душы і інтэлектуальны ўклад кожнага з падпісантаў на сваёй кнізе, як і ў кожнага з іх - свой лёс, свая дарога ў творчасці і, вядома, стаўленне да сваёй візаві - кніжнай каралевы Соф'і Антонаўны Жыбулеўскай. Ну вось, як, напрыклад, падпісаў сваю кнігу "Адкуль наш род" Уладзімір Арлоў (пісьменнік, гісторык, грамадскі дзеяч): "Шаноўнай Соф'і Антонаўне Жыбулеўскай, якая і без гэтай кніжкі ведае, адкуль наш род" . А вось аўтограф Рыгора Барадуліна, Народнага паэта Беларусі, грамадскага дзеяча на зборніку "Лірыка": "Дарагой Сонечцы, якая пакутуе за нас. Усяго самага светлага!" . А вось аўтограф Міхася Міцкевіча (сына Якуба Коласа) на кнізе "Шчасце - калі здзяйсняюцца мары": "Паважанай Соф'і Антонаўне з глыбокай павагай да кніжнага міністра" . Шмат у гэтым выданні і іншых цікавых дарчых подпісаў. Хто дакранецца да яго, адчуе, што ўсіх аўтараў аўтографаў аб'ядноўвае іх цёплае прызнанне і непрыхаваная ўдзячнасць у адрас аўтара "Дзякуй табе, кніга".
Паболей бы нам такіх падзвіжнікаў у жыцці ўвогуле, а на кніжных абсягах - тым болей.
Нізкі паклон Вам, Соф'я Антонаўна!
Яўген Гучок.
Гасціннасць нашых продкаў
Мой край, мой рай бульбянажытны!
Зеленадолы, залаты!
Як спеў матулі - старажытны,
Як песня любай - малады!
Якіх ты меў на зайздрасць свету
I цесляроў, і маляроў,
I летапісцаў, і паэтаў,
I музыкантаў-дудароў!
...Калі на свеце нехта дзесьці
Умее добра працаваць, -
То ўмее ён і смачна з'есці,
I - адпаведна - згатаваць!
Таму дастойна, без эфекту
Прымай падзяку-пахвалу -
I беларускаму палетку,
I беларускаму сталу!
Падышоў да завяршэння 2014 год, год гасціннасці. Шмат мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай тэме, праводзілася ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Завяршальным стала фальклорнае свята "Гасціннасць нашых продкаў", якое ладзілася 12 лістапада.
Асноўнай мэтай гэтага мерапрыемства было дапамагчы прысутным уявіць традыцыйнае жыццё нашых продкаў, успомніць пра звычаі і абрады беларусаў, звязаных з харчаваннем. Гэтаму дапамагалі прыгожа аформленыя выставы: кніжная выстава-панарама "Нам засталася спадчына" і выстава пачастункаў "Стравы нашых продкаў". Асабліва хочацца засяродзіць увагу на гэтай выставе прысмакаў: ружовыя кавалкі сала і "кілбасы-скруткі", "румяна-белая шынка, як пампушка", "пірагі, як сонца зямлі", квашаныя капуста і агуркі, бліны, аладкі, наліснікі, хрушчы, верашчака з каўбасы, смажаная бульба з грыбамі, дранікі са смятанай і іншае - усё радавала вока.
Паводле задумы завадатара імпрэзы і знаўцы беларускай кухні Ірыны Іванаўны Саўсян, яна ж і дырэктар бібліятэкі, пры арганізацыі гэтай смачнай выставы імкнуліся ў першую чаргу, каб тут былі ўсе стравы, апісаныя ў паэме Якуба Коласа "Новая зямля". Ну а калі што зверх, то віталася.
Па ходу імпрэзы цікава было даведацца, скажам, пра крупяныя стравы.
Аснову крупяных страў складалі кашы, іх гатавалі з ячменных, пшанічных, грэцкіх і прасяных круп. У рэдкіх выпадках гатавалі жытнюю кашу, у час зажынак і на Іллю яна была абавязковай абрадавай ежай. На Каляды гатавалі ячменную, радзей пшанічную кашу-куццю. Разам з тым крупы шырока ўжываліся для супавых страў, складаючы аснову крўпніку.
Не прайшлі міма народнага досведу ў прыгатаванні бульбы.
Каб бульба, звараная ў лупінах, лягчэй ачышчалася,патрэбна адразу пасля варкі абліць яе халоднай вадой.
Каб смажаная бульба была хрумсткай, саліць яе патрэбна ў канцы прыгатавання.
Бульбу лепш варыць у лупінах, у ёй больш захоуваецца вітамінаў.
У варанай бульбе наогул захоўваецца больш вітамінаў, чым у смажанай.
Смажаная бульба горш пераварваецца страўнікам.
Менш губляецца вітаміну С, калі варыць бульбу на пары.
Каб ачышчаная бульба зварылася хутчэй і стала рассыпчатай, яе патрэбна трымаць пад струменем вельмі халоднай вады.
Каб цёртая бульба для аладак не пацямнела, уліце ў яе крыху гарачага малака, ці дабаўце нацёртую сырую цыбуліну.
Калі патрэбна хутка зварыць бульбу, пакладзіце ў ваду лыжку маргарыну.
Саліць бульбу лепш за 5-10 хвілін да канца варкі, дзякуючы чаму ў бульбе захаваецца больш мінералыіых солей.
Бульбу лепш варыць на невялікім агні. Калі агонь вялікі, зверху бульба разварваецца і рассыпаецца, а ўсярэдзіне сырая.
Адвараная бульба будзе смачнейшай, калі дабавіць у ваду 2-3 долькі часныку, лаўровы ліст ці крыху кропу.
Шмат добрых слоў сказалі пра хлеб, пра іншыя стравы.
Прысутныя разам з вядоўцамі свята прыпаміналі беларускія прыказкі і загадкі, чыталі вершы.
Былі на свяце і госці: фальклорна-этнаграфічны гурт з дома рамёстваў. Хацелася б адзначыць прыгожае напеўнае выкананне імі народных беларускіх песень.
Да спадобы прышоўся прысутным і бард з Менска Зміцер Бартосік, які таксама выконваў беларускія песні.
У заканчэнні свята вядоўцы запрасілі ўсіх прысутных да стала, каб паспрабаваць пачастункаў нашых продкаў.
Усё свята ладзілася на беларускай мове, бо з нашымі шынкамі, палянгвіцамі і верашчакамі на іншай мове не разабрацца.
Яраслаў Грынкевіч.