НАША СЛОВА № 51 (1202), 17 снежня 2014 г.
У Менску прайшоў Дзень вышыванкі
Дзень вышыванкі ў Менску прайшоў 13 снежня з аншлагам - Палац мастацтваў за некалькі гадзін фэсту наведала больш за 5 тысяч чалавек. Яго арганізавала "Арт Сядзіба" пры падтрымцы Беларускага саюза мастакоў. Гэта ўжо другое падобнае мерапрыемства. Першае адбылося ў кастрычніку.
На трох пляцоўках Палаца мастацтваў ішоў продаж сувеніраў, адзення з нацыянальнай сімволікай, розных дробязяў, ладзіліся конкурсы і моўныя гульні, міні-канцэрты, майстар-класы і лекцыі. Адзіны недахоп - Палаца мастацтваў аказалася замала для нацыянальнага фэсту. Як кажа адзін з каардынатараў Дня вышыванкі Франак Вячорка, такія святы трэба ладзіць штомесяц і адначасова па ўсёй краіне - мо тады і задаволіцца дэфіцыт на беларускае ў Беларусі.
- Гэта, безумоўна, галоўная падзея снежня. І вельмі цешыць, што столькі аматараў беларушчыны сабралася. Беларусы абуджаюцца, сталеюць як нацыя, цікавяцца сваім, сваёй культурай. А самае галоўнае - гавораць на мове. Упершыню ў адным месцы збіраецца столькі народу, і ўсе гавораць на цудоўнай беларускай мове. Гэта вельмі прыемна. І трэба рабіць такія мерапрыемствы штомесяц.
Гэта знак сталення нацыі, што беларусы абуджаюцца, адраджаюцца як незалежны народ. Не чакалі, што будзе столькі людзей. А было каля 4-5 тысяч чалавек. Толькі ў першыя 2 гадзіны было 3200 чалавек. Уся прадукцыя была раскупленая, стужкі раздадзеныя. Немагчыма было прайсці, не было чым дыхаць. І гэта, сапраўды, фантастычнае відовішча. Такое не можа не цешыць. І сведчыць пра тое, што перамены вельмі хутка.
Кіраўнік "Арт Сядзібы" Павел Белавус зазначае, што свята ладзіла не вельмі вялікая каманда.
- Усё гэта мерапрыемства рабіла 6 чалавек. Плюс каля 10 валанцёраў. З іншага боку, была запатрабаванасць. Мы б не рабілі гэтага, калі б яно не было патрэбнае людзям і нам самім.
Як зазначае Павел Белавус, Дзень вышыванкі мусіць стаць традыцыйным, але калі пройдзе наступны - пакуль невядома.
На Дні вышыванкі працавалі каля ста гандляроў на 60 гандлёвых кропках. Яны прадавалі нацыянальную прадукцыю: сувеніры, вопратку, паштоўкі, кнігі ды карціны. Перад наведвальнкамі выступілі папулярныя беларускія рок-гурты. Прыехалі людзі не толькі з розных рэгіёнаў краіны, але нават з-за мяжы. Па словах Франка Вячоркі, атрымаўся сапраўдны агульнабеларускі фестываль мастацваў.
Генадзь Барбарыч , Беларускае Радыё Рацыя. Фота з розных СМІ.
80 гадоў з дня нараджэння Івана Чыгрынава
Іван Гаўрылавіч ЧЫГРЫНАЎ (21 снежня 1934, вёска Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці - 5 студзеня 1996) - беларускі пісьменнік, драматург, перакладчык, публіцыст. Народны пісьменнік Беларусі (1994 г.).
Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Бацька - Гаўрыла Чыгрынаў быў старшынём сельсавета. Маці - Хадоска Ігнатаўна была звычайнай працаўніцай-калгасніцай. У дзяцінстве перажыў Вялікую Айчынную вайну. На вайне загінуў яго бацька. У 1940 годзе пайшоў у першы клас Вялікаборскай сямігодкі. Нямецкая акупацыя перапыніла вучобу, але пасля вызвалення Магілёўшчыны ад фашыстаў будучы пісьменнік зноў сеў за школьную парту і ў 1949 годзе паспяхова скончыў сямігодку. Далей вучыўся ў Саматэвіцкай сярэдняй школе, якую скончыў у 1952 годзе. Пасля школы паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1957) працаваў рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі літаратуры і мастацтва ў выдавецтве Акадэміі навук БССР. У 1965-1975 - рэдактар аддзела публіцыстыкі і нарыса ў часопісе "Полымя". З 1975 года намеснік старшыні, а ў 1976-1986 гадах - сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. У 1987 годзе абраны старшынём праўлення Беларускага фонду культуры. З 1989 года - галоўны рэдактар часопіса "Спадчына". У 1978 годзе ў складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXXIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1986-1990), старшыня пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета БССР па нацыянальных пытаннях і міжнацыянальных адносінах (1988-1990). Народны пісьменнік Беларусі (1994 г.).
У друку дэбютаваў вершам "Сон трактарыста" у 1952 годзе, як празаік - у 1958 годзе (газета "Чырвоная змена"). Аўтар кніг апавяданняў і аповесцей "Птушкі ляцяць на волю" (1965), "Самы шчаслівы чалавек" (1967), "Ішоў на вайну чалавек" (1973), "Ці бываюць у выраі ластаўкі?" (1983).
Найбольш вядомы як аўтар пенталогіі раманаў: "Плач перапёлкі" (1972), "Апраўданне крыві" (1977), "Свае і чужыя" (1984), "Вяртанне да віны" (1992), "Не ўсе мы згінем" (1996). Аўтар п'ес - "Дзівак з Ганчарнай вуліцы" (1986), "Следчая справа Вашчылы" (1988), "Чалавек з мядзвежым тварам" (1988), "Звон - не малітва" (1988), "Толькі мёртвыя не вяртаюцца" (1989), "Ігракі" (1989), "Прымак" (1994), кнігі крытыкі і публіцыстыкі - "Новае ў жыцці, новае ў літаратуры" (1983), "Паміж сонцам і месяцам" (1994). У 1984 годзе выйшлі Выбраныя творы ў 3 тамах.
Вікіпедыя.
ЗЬНІЧУ - 75
Алег БЕМБЕЛЬ , а. Іяан (16 снежня 1939, Менск; Псеўданімы: Зьніч, А. Зьніч) - беларускі філосаф, паэт, публіцыст, антыкамуністычны дысідэнт, вядомы найперш як аўтар выданай у Лондане працы "Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс" (1985).
Сын вядомага скульптара Андрэя Бембеля.Скончыў Менскую кансерваторыю (1969), аспірант Інстытута філасофіі і права АН БССР (1971-1974); дысертацыя аб народных і інтэрнацыянальных элементах у літаратуры не была абароненая, таму што працу прызналі "нацыяналістычнай". Працаваў на тэлебачанні (1983-1984); у Акадэміі навук БССР (1984-1986). За выданне ў Лондане сваёй працы быў рэпрэсаваны ў 1986 годзе. Член Саюза пісьменнікаў БССР/Беларусі (1989). Працаваў у Нацыянальным навукова-даследчым цэнтры імя Скарыны (з 1991). У канцы 1980-х - пач. 1990-х гг. Алег Бембель стаў актыўным удзельнікам беларускага нацыянальнага руху; пад псеўданімам "Зьніч" публікаваў свае вершы ў самвыдаце і незалежнай прэсе (паэзія Алега Бембеля выдавалася ў ЗША і Польшчы). У 1989 супрацоўнічаў з часопісам "Праваслаўная думка"; як літаратурны дадатак да часопіса, зборнік вершаў Бембеля "Малітвы за Беларусь" быў упершыню выдадзены ў Беларусі.
З 1996 г. у послуху ў праваслаўным манастыры ў Жыровічах. Пасля першага пострыгу вядомы як інак Мікалай . Выдаваў рэлігійна-культурны часопіс "Жыровіцкая абіцель".
Выдаў шэраг кніг паэзіі.
4 красавіка 2014 г. ва Ўспенскім саборы Жыровіцкага манастыра ў пятніцу, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Менскі і Слуцкі Павел здзейсніў манаскі (другі) пострыг інака Мікалая.
У пострыгу манаху нададзена новае імя ў гонар свяшчэннамучаніка Іяана Рыжскага. Мітрапаліт Павел заклікаў манаха айца Іяана (брата Івана) малітоўна заклікаць пакроў Богамацеры.
Вікіпедыя.
Перад Кангрэсам за незалежнасць
ЗАЯВА
Вышэйшага Савета і Цэнтральнага камітэта Ліберальна-дэмакратычнай партыі
На пасяджэнні Вышэйшага Савета і Цэнтральнага камітэта Ліберальна-дэмакратычнай партыі разгледжаны праект Маніфеста Усебеларускага Кангрэса за Незалежнасць.
Мы перакананыя, што на Кангрэс павінны быць запрошаны усе палітычныя сілы Рэспублікі Беларусь, не залежна ад палітычнай пазіцыі і іх ідэалагічных праграм, якія безумоўна лічаць галоўнай складовай сваёй дзейнасці ўмацаванне незалежнасці і суверэнітэту нашай краіны.
ЛДПБ гатова падтрымаць праект Маніфеста шмат у чым, у першую чаргу, суверэнітэт і незалежнасць, безумоўна, пашырэнне і развіццё грамадзянскай супольнасці, выбары ў абласцях і гарадах губернатараў і мэраў гарадоў, пераход на прапарцыйна-мажарытарную сістэму выбараў дэпутатаў, Палаты прадстаўнікоў, абласных і гарадскіх Саветаў, свабодная прысутнасць прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх арганізацый у выбарчых камісіях рознага ўзроўню.
Разам з тым, мы не бачым ніякіх пагроз з боку ЕўрАзЭС, як і ад Еўрапейскага Саюза. Беларусі неабходна раўнацэннае супрацоўніцтва, як з аднымі, так і з іншымі. У будучыні гэта будзе абавязкова.
Калі ўнутры краіны будзе паразуменне паміж рознымі палітычнымі партыямі аб адзінстве абароны суверэнітэту і незалежнасці, то ў гэтым мы бачым самыя вялікія гарантыі.
Мы таму будзем вітаць Кангрэс, калі па асноўным стратэгічным пытанні мы ўсе адзіныя.
А калі, як заўсёды, вузкай групай, то гэта мы лічым нашай агульнай слабасцю і ў гэтым бачым пагрозу суверэнітэту.
Перакананыя, што на такой аснове, калі пагодзяцца, трэба запрашаць прадстаўнікоў і КПБ, і БРСМ, і Белую Русь. Вось тады ўсё будзе зразумела.
У сваю чаргу, ЛДПБ гатова накіраваць 5 сваіх прадстаўнікоў на чале з першым намеснікам Старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Гайдукевічам Алегам Сяргеевічам прыняць удзел у працы Кангрэсу.Вам вырашаць.
Паважанае спадарства! Ваша заява разгледжана. У сувязі з гэтым паведамляем наступнае.
Нас заклапоціла ваша пазіцыя наконт важнай часткі Маніфеста, датычнай ЕўрАзЭс. Вы лічыце, што не існуе "ніякіх пагроз з боку ЕўрАзЭС" нашай незалежнасці. Мы лічым інакш, бо Расія, галоўны ініцыятар стварэння гэтай структуры, у апошні час паводзіць сябе непрадказальна. Гэта - анексія Крыма, неад'емнай часткі брацкай нам Украіны, падтрымка сепаратызму на Данбасе, аб'яўленне эканамічных санкцый супраць ЕС без узгаднення з саюзнікамі па ЕўрАзЭС - Казахстанам і Беларуссю, а таксама чарговая мясамалочная вайна з нашай краінай. Усе гэтыя факты сведчаць пра рэальную пагрозу незалежнасці Беларусі з боку Расіі.
Таму мы пацвярджаем: у кангрэсе прымаюць удзел тыя грамадзяне, якія безумоўна падтрымліваюць асноўныя палажэнні Маніфеста.
У сувязі з гэтым, ці ёсць сэнс вашага ўдзелу ў Кангрэсе?
Ад імя і па даручэнні аргкамітэта, каардынатар Алена Анісім
ДЗЯРЖАВА І ЧАЛАВЕК ЯК ВОРАГІ
…Ўвесь поўны смяротнай жуды,
Ты крыкнуць не вольны "Ратуйце!"
І мусіш ты "дзякуй" крычаць.
Пачуйце жа гэта, пачуйце,
Хто ўмее з вас сэрцам чуваць!
Максім Багдановіч.
10.11.2014 г. Генеральнай пракуратуры
Рэспублікі Беларусь
(копія: Адміністрацыі Прэзідэнта
Рэспублікі Беларусь)
Хачу звярнуць увагу на стан ужывання роднай мовы ў нашай краіне. З боку кіраўнікоў нашай дзяржавы час ад часу агучваецца, што ў нашай краіне чалавек вольны выбіраць, якой з дзвюх дзяржаўных моў карыстацца. Адносна рускай мовы тут ніякіх праблем не ўзнікае. Але той, хто паспрабаваў карыстацца беларускай мовай, адразу натыкаецца на істотныя бар'еры, якія паказваюць, што канстытуцыйны прынцып роўнасці дзвюх дзяржаўных моў парушаецца.
Я - індывідуальны прадпрымальнік ў сферы аказання паслуг. Час ад часу мне даводзіцца запаўняць розныя фінансавыя дакументы. Я беларус, які жыве ў Беларусі, і мне хацелася б весці сваё справаводства на роднай мне мове. Але ні міністэрства фінансаў, ні міністэрства па падатках і зборах (дый іншыя міністэрствы таксама) беларускамоўных бланкаў не прадукуюць. Мне прапануюць запаўняць па-беларуску рускамоўныя бланкі. Пераканаўшыся ў марнасці маіх намаганняў атрымаць беларускамоўныя бланкі, я пачаў сам перакладаць гэтыя бланкі на родную мне мову. У прыватнасці, перакладаў бланк падатковай дэкларацыі, які мне даводзіцца запаўняць штомесяц. Форму гэтага бланка міністэрства па падатках і зборах даволі часта змяняе, і пры чарговай такой змене я зноў садзіўся за камп'ютар, каб перакласці на нашу мову і змакетаваць новы бланк. Спачатку гэта былі тры старонкі, потым - чатыры, потым (у год беражлівасці) зрабілі зноў тры. Год беражлівасці скончыўся і аб'ём дэкларацыі пачаў павялічвацца - пяць старонак, шэсць, сем. Хаця тое, што мне даводзіцца запаўняць, змесцілася б на адной ці на дзвюх старонках. Зараз мне прапануецца запаўняць бланк дэкларацыі аб'ёмам у восем старонак (мае раздзелы засталіся тыя ж - да дзвюх старонак, астатняе застаецца пустым). І я падумаў, што калі я зараз зраблю беларускі бланк дэкларацыі на восем старонак, дзе гарантыя, што праз колькі месяцаў мне не давядзецца рабіць новы - ужо на дзесяць старонак.
І я звярнуўся ў міністэрства па падатках і зборах з просьбай - або даслаць мне беларускі варыянт новага бланка дэкларацыі, або дазволіць карыстацца папярэднім варыянтам, які ў мяне перакладзены на нашу мову (бо пазіцыі, якія мне трэба запаўняць, адны і тыя ж). Адказ, які я атрымаў за подпісам намесніка міністра А. Дарашэнкі, мяне збянтэжыў і выклікаў абурэнне. Намеснік міністра мне "літасціва" дазволіў запаўняць рускамоўны бланк дэкларацыі на беларускай мове, што я рабіў і раней. Бо (цытую адказ А.Дарашэнкі) "…форма падатковай дэкларацыі (разліку) па адзіным падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў… зацверджана пастановай Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь ад 15.11.2010 № 82 (у рэдакцыі пастановы Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь ад 03.01.2014 № 1)… на рускай мове ." (Апошнія словы выдзелены мною - М.Б.)
Вось сяджу і думаю: чаму мне, беларусу, які нарадзіўся і жыве ў Беларусі, немагчыма атрымаць бланк дэкларацыі на роднай беларускай мове? Я ж не ў расійскага міністра гэта прашу, а ў свайго, беларускага. А ён мне: бяры рускамоўны бланк і не рыпайся! Можа, у беларускім міністэрстве ніхто не валодае беларускай мовай? Ці там адмысловая палітыка па знішчэнні беларускай мовы?
Нават у СССР, дзе адзінай дзяржаўнай мовай была руская, фінансавыя дакументы друкаваліся дзвюхмоўнымі - паралельна рускай і беларускай мовай на адным бланку. Зараз нібыта дзве мовы роўныя, але ў міністэрскіх бланках адна з іх адсутнічае. Бо міністэрскаму чыноўніку наша мова не баліць, яму хапае адной мовы. "Права выбару" ён прысвоіў сабе.
Чаму мы, беларусы, у роднай краіне, кожны раз застаемся ў ролі папрашаек? І змушаны радавацца таму "аб'едку" мовы, які калі-нікалі дастаецца нам з барскага рускамоўнага стала? Дайце нам магчымасць карыстацца нашай мовай у поўным яе аб'ёме!
Прашу Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь прыняць меры для абароны канстытуцыйнага прынцыпу роўнасці дзвюх моваў у нашай краіне, каб кожны грамадзянін краіны мог атрымаць бланк афіцыйнага дакумента з любой дзяржаўнай установы на той дзяржаўнай мове, якую ён выбірае сам. Правам выбару павінен валодаць кожны грамадзянін, а не толькі дзяржаўны чыноўнік.
Спадзяюся на паразуменне.
Міхась Булавацкі.
Булавацкаму М.П.
212030, г. Магілёў
Аб разглядзе звароту
У Міністэрстве па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь разгледжаны Ваш зварот, які паступіў з Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь 17.11.2014.
У адпаведнасці з артыкулам 7 Закона Рэспублікі Беларусь ад 26.01.1990 "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" акты дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь прымаюцца і публікуюцца на беларускай і (або) рускай мовах.
З прычыны таго, што заканадаўствам не прадугледжана абавязка для дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь прымаць і публікаваць нарматыўныя прававыя акты як на рускай, так і на беларускай мовах, форма падатковай дэкларацыі (разліку) па адзіным падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых асоб (далей - падатковая дэкларацыя) зацверджана пастановай Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь ад 15.11.2010 № 82 (у рэдакцыі пастановы Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь ад 03.01.2014 № 1) (дадатак 17) на рускай мове - дзяржаўнай мове, ужываемай большасцю насельніцтва краіны.
Выкарыстанне падатковых дэкларацый на бланках невызначальнай формы, у тым ліку на бланках па формах, якія дзейнічалі ў папярэднія падатковыя перыяды, не дапускаецца, аб чым Вам было растлумачана раней.
Разам з тым, улічваючы артыкул 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Вы маеце права запаўняць падатковую дэкларацыю на беларускай мове.
У адпаведнасці з артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18.07.2011 № 300-3 "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" адказ на зварот можа быць абскарджаны ў суд.
Намеснік Міністра А.А. Дарашэнка.
Каментар аўтара звароту
Намеснік міністра зноў літасціва дазволіў мне запаўняць рускамоўны бланк па-беларуску. Тут як бы трэба крыкнуць: "Дзякуй". Той самы "Дзякуй" па Багдановічу, які замест "Ратуйце!" Але варта крыху падумаць над сітуацыяй.
Калі б з міністэрства мне даслалі макет дэкларацыі, які можна змяняць, то недзе за дзве гадзіны я перарабіў бы рускія словы ў беларускія. Гэтую працу мог бы зрабіць і міністэрскі аператар, які валодае нашай мовай, калі б яму тое загадалі. Магчыма, нават зрабіў бы гэта хутчэй, чым я.
Што ж перашкаджае патраціць дзве гадзіны працы аператара, каб выконваць Канстытуцыю? Ёсць тое, што перашкаджае: у міністэрстве баяцца стварыць прэцэдэнт. Бо папусцішся з мовай у адной паперцы, тады і ў астатніх змушаны будзеш рабіць тое ж. А яны ж, чыноўнікі дзяржавы, назвы якой не разумеюць, менавіта і ўціскалі гэтае "або" ў дужках побач з "і" ("…на беларускай і (або) рускай мовах"), каб тытульнай мовай краіны не карыстацца ўвогуле, каб абараняць законам сваё невуцтва. А мова - няхай сабе гіне, мы не заплачам!
Калі так, тады я - вораг сваёй дзяржаве…
Міхась Булавацкі.
Моўныя няўклюднасці
Адзінаццатага студзеня 2013 года мне зарупіла наведаць сядзібу БНФ. Хтосьці перад Новым годам мне сказаў, што 12 студзеня у БНФ будзе ладзіцца сустрэча з краязнаўцамі. I от я заскочыў у БНФ удакладніць, ці адбудзецца такая сустрэча. Першы, хто мяне сустрэў, быў стол з паперамі і кнігамі. I найперш мне кінулася ў вочы папачка з надпісам "Бульбаш". Прачытаў я гэты назоў і сказаў: "Дык гэта нешта маё. З бульбашамі я ўжо ваюю не адзін год. У мяне асацыяцыя з бульбашамі як з алкашамі. Бульбашы гучыць як алкашы" .
Бульбачы мы! Вось наш назоў, наша назвіска. Таму ўзяў з сабой зварот да нашых дзяржаўных дзеячаў. Яшчэ раз падкрэсліваю. Мы не бульбашы , мы бульбачы . Бульбашы адной моўнай мадэлі з алкашамі .
I яшчэ адна моўная няўклюднасць турбуе мяне, не дае мне спакою. Я жыву паблізу так званых Маскоўскіх могілак. На так званым Каліноўскім павароце насупраць гэтых могілак ёсць прыпынак і агучваецца ён як: "Сквер".
Чуеце? "Сквер"! А па-руску "сквер" гучыць як "скверно", "скверна", "дрэнь". Няўжо ў нашай мове няма адпаведнай, сугучнай назвы? I праўда, расце побач на вольнай ад могілак плошчы дагледжаны гай, гаёк.То хай бы падобным назовам агучваўся прыпынак.
Можна было б назваць прыпынак "Бульвар Усход". I сапраўды, парк разрасцецца, алейкі расквітнеюць, і мясціна будзе выглядаць лагодна і прыгожа.
Уладзімір Содаль , колішні тэлевізійны рэдактар тэлечасопіса "Роднае слова".
Аб таптанні на злучніках "або", "ці"
Мы бачым, што да гэтага часу парламянцёры не дайшлі да жадання: замест злучнікаў "або", "ці" ў Законе "Аб мовах" паставіць злучнік "і".
Каля адзінаццаці гадоў ішлі да гэтага ў Палаце і не дайшлі?
А ці йшоў хто, а ці клыпаў?
Бо ні шолаху, ні скрыпу.
Шыта-крыта дзесяць год.
I над гэтым "ці", "або"
Справа стоптана, як бот.
I Парламента абцасы?..
У нашым падрабязным звароце да Канстытуцыйнага суда, разжавана па пунктах уся праблема. I тут павінен мець перавагу выразны і моцны пункт аб прынцыпе вяршэнства права народа беларускай зямлі, у незалежнай краіне Беларусь суцэльна на дзяржаўным узроўні карыстацца мовай Бацькаўшчыны. На афіцыйных сустрэчах, у дакументах, ва ўсіх сферах дзяржаўнага ўзроўню (палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага жыцця). На першым месцы. I, далей, (паперы, прамовы) - з перакладам. Яе трэба ўжываць і ўжывіць. З дапамогай Закону. Каб, напрыклад, не казала мне настаўніца, што няма грошай на паперу для перакладу на беларускую мову тэкстаў шыльды, стэндаў. У сваім незалежным доме. Ратуйце! Ставячы на галоўнае месца расійскую мову мы як бы згаджаемся на духоўную русіфікацыю. Мы, незалежная краіна, а не адчулі сілы сваёй духоўнай і абыякавыя самі да сябе ў новым, вырашальным, часе (пасля распаду СССР). Мова ж ёсць! Яе не трэба ствараць. Яе толькі варухнуць, пад свядомасцю - скарб маўлення. Гэта ж неабходна для абароны краіны, яе твару, выразнага свячэння вачэй, а ў вачах духу.
Мы ж бачым, што праблема заключаецца не ў тым, як размаўляць людзям між сабой. Прызнаць на ўрадавым узроўні вызначальнай карэнную мову і сцвердзіць гэта законна - паказаць мудрасць дзяржавы. Мова, стварае незалежнасць краіны і ўзвышае яе. Яна - грунт культуры і патрыятызму. А, перад гэтым, Закон "Аб мовах" павінен свяціцца выразнасцю.
Марыя Баравік.
"Будзьма!"
22 снежня (панядзелак) на сядзібе ТБМ адбудуцца чарговыя заняткі ў гістарычнай школе
"Гісторыя ў падзеях і малюнках" з Алегам Трусавым.
Пачатак: 18.30. Уваход вольны.
Прозвішчы Беларусі. Частка II: Найменні знакамітых людзей
(Паводле матэрыялаў беларускамоўнага друку)
( Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумарах.)
Сямак (Іван С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва сямак (утварэнне з суфіксам - ак ад лічэбніка сем ) 'дзіця сямігадовага ўзросту', 'сёмае паводле паслядоўнасці нараджэння дзіця (жывая істота)', а таксама 'рэалія з колькаснай пазнакай "сем".
Табалевіч (Юлія Т.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Таб о ла і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Табалевіч . ФП: табола 'набор жартаўлівых песняў', табала 'сумка, торба, каліта', а таксама параўн. літоўск. tabalas 'тоесама') - Та-бола (мянушка, потым прозвішча) - Табалевіч .
Тамковіч (Алесь Т.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Томка з фармантам - овіч і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Тамк-овіч . ФП: Т о маш (імя катал., правасл. Ф о ма ) - Томка - Там-ковіч.
Тат а ркінаў (Уладзімір Т.) - форма прыметніка з сфіксам -аў ад антрапоніма Татаркін і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Та-таркін-аў . ФП: татары ('народ, які складае асноўнае насельніцтва Татарстана , а таксама народнасці цюркскай моўнай групы') - татарка (жан. да татары ) - татарскі (па-белар. татарчын 'які належыць татарцы', дэрыват з суфіксам - ін ) - Татаркін (мянушка, затым прозвішча) - Татаркінаў .
Трайкоўская (Валянціна Т.) - дэрыват з фармантам - оўская ад тапоніма Трайкі і семантыкай 'народзінка, жыхарка названай мясціны, паселішча': Трайк-оўская .
Трацюк (Тамара Т.) - семантычны дэрыват ад апелятыва трацюк з семантыкай 'трэцяе дзіця, народжанае пасля другога, або трахгадавое дзіця', а таксама 'цяля, жарабя ва ўзросце трох гадоў'. У іншых мясцінах дэрыват з суфіксам - як ( трацяк ). Або дэрыват з суфіксам -юк ад антрапоніма Трэць і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Трэц-юк . ФП: тры (лічэбнік) - трэці (лічэбнік) - трэць (назоўнік) - Трэць (мянушка, затым прозвішча) - Трэцюк - Трацюк .
Трацякова (Галіна Т.) - форма прыметніка з фармантам -ова ад антрапоніма Трацяк і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Трацяк-ова . ФП: трацяк ('цяля, жарабя трахгадовае', 'траціна (зямельнага надзелу)', 'трэць чаго-н.' - Трацяк (мянушка, затым прозвішча) - Трацякова . У беларусаў на месцы фарманта -ова звычайна выступае -евіч : Трацякевіч .
Трубец (Юлія Т) - семантычны дэрыват ад апелятыва трубец 'той, хто трубіць, трубач'. ФП: трубіць ('дзьмучы ў трубу, прымушаць яе гучаць' (пра трубу), 'перадаваць сігналы, падобныя да гукаў трубы') - трубец (асоба-трубач) - Трубец (мянушка) - Трубец .
Тупальскі (Мікалай Т.) - дэрыват з фармантам -скі ад Т у палы і семантыкай 'народзінец, жыхар названай мясціны': Тупаль-скі . ФП: тупаць ('стукаць, біць нагамі аб зямлю, падлогу і пад', 'хадзіць' (разм.), 'даглядаць каго-што, займацца кім-, чым-небудзь') - тупала ('той, хто тупае') - Тупала (мянушка, потым прозвішча) - Ту-палы (вёска, Навагрудскі раён) - Тупальскі .
Турчынаў (Аляксандр Т) - форма прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Турчын і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Турчын-аў . ФП: туркі (народ, нацыя) - турка (жанчына, фармант -ка ) - турчын (прыметнік з прыналежным суфіксам -ін : турч (кі)ын ) - Турчын (прозвішча ад мянушкі) - Турчынаў .
Угрынскі (Міхась У) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -скі ад Угрын ( Вугрынь (ё) - мясцовая форма) з семантыкай 'народзінец, жыхар названага паселішча': Угрын-скі . ФП: у гры і в у гры ('вэнгры') - угрын ( вугрын і венгрын дэрыват з прыналежным суфіксам - ык і семантыкай 'які належыць названай асобе' - в е нгру (народ з Венгрыі) - Угрын і Вугрын (е, ё) (мянушка, затым прозвішча) - Вугр ы ны ( В э нгрыны (паселішча з людзьмі з прозвішчам Вугр ы н / В э нгрын ) - Угрынё / Вугрынё (пазнейшыя формы, дастасаваныя да тыпу паселішча "сяло" - ніякі род назоўніка.
Уроніч (Мікалай У.) - дэрыват з фармантам -іч ад антрапоніма Урон і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Урон-іч . ФП: урон ('рунь' - Тураўскі слоўнік, т. 1, 1982. Тэк-сты С. 245) - Урон (мянушка асобы з выкарыстаннем гэтага слова) - Урон (прозвішча) - Уроніч .
Фактаровіч (Д. Е). - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Фа-ктар і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Фактар-овіч . ФП: фактар ('чыннік прапрацэсу, што вызначае яго характар ці асобныя рысы', а таксама 'пасярэднік, камісіянер', 'распарадчык работ у друкарні') - Фактар (мянушка, затым прозвішча) - Фактар-овіч .
Хаданёнак (Марыя Х.) - дэрыват ў суфіксам -ёнак ад антрапоніма Хадан і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Хадан-ёнак . ФП: Феадосій (імя) - Фядос - Хадос - Хадан - Хаданёнак .
Хаймовіч (Фелікс Х.) - форма бацькаймання з фармантам -овіч ад антрапоніма Хаім і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Хаім-овіч - Хаймовіч .
Хвойніцкі (А. Х.) - дэрыват з фармантам -цкі(скі) ад тапоніма Хвойнікі і семантыкай 'народзінец, жыхар названай мясціны, паселішча': Хвойнік-скі - Хвойніцкі - Хвайніцкі .
Худ ы к (Андрэй Х.) - дэрыват з фармантам -ык ад антрапоніма Худы і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Худ-ык . ФП: худы (тонкі, хударлявы чалавек') - Худы (мянушка, потым прозвішча) - Худык .
Цікоцкі (Міхаіл Ц.) - дэрыват з фармантам -оцкі ад антрапоніма Цік і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Цік-оцкі . ФП: цік ('нервовы стан - перасмыканне мышцаў твару, галавы, плячэй'; 'дзікарослае дрэва', 'шчыльная тканіна' - Цік (мянушка, затым прозвішча) - Цікоцкі .
Цыганоўская (Зінаіда Ц.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -ская ад Цыганоў-ка і семантыкай 'народзінка, жыхарка названага паселішча': Цыганоў(-к)ская . ФП: цыган - цыгановы - Цыганоўка - Цы-ганоўская.
Цярохін (Уладзімір Ц.) - форма прыметніка з суфіксам -ін ад антрапоніма Цяроха і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Цярох-іна . ФП: Цярэн-цій (імя) - Церах - Цяроха - Цярохін .
Чарапіца (Валеры Ч.) - семантычны дэрыват ад апелятыва чарапіца 'дахавы матэрыял у выглядзе абпаленых гліняных або цэментавых пласці-нак або плітак з пазамі і асобная такая пласцінка'.
Чаргінец (Мікалай Ч.) - дэрыват з суфіксам -ец ад тапоніма Чаргіна і семантыкай 'народзінец, жыхар названага паселішча': Чаргін-ец . ФП: чарга (парадак, паслядоўнасць у руху чаго-небудзь, месца ў ім, людзі яго, спіс асоб і інш.) - Чарга (мянушка, потым прозвішча) - Чаргін ('нашчадак асобы') - Чаргіно (пасяленне) - Чаргінец . Або: Чаргін (прозвішча) - Чаргін-ец (нашчадак Чаргіна ).
Чырэц (Дзмітро Ч.) - дэрыват з суфіксам -эц ад антрапоніма Чыр і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Чыр-эц . ФП: чыр ('тое, што і чырок 'невялікая вадаплаўная птушка падсямейства качак') - Чыр (мянушка, затым прозвішча) - Чырэц .
Шабовіч (Яўген Ш.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Шаб і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Шаб-овіч . ФП: ш а біць ('жартаваць, весяліць') - шаб ('жартоўнік, весялун') - Шаб (мянушка, затым прозвішча) - Шабовіч .
Шамрэеў (Чэслаў Ш.) - форма прыметніка з суфіксам -еў ад антрапоніма Шамрэй і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Шамрэй-эў - Шамрэй-еў . ФП: шамрэць ('зіхацець, блішчэць') - шамрэй ('тое, што шамрэе, блішчыць, зіхаціць') - Шамрэй (мянушка, затым про-звішча) - Шамрэеў .
Шамяткоў (Леанід Ш.) - форма прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Шамятко і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ша-мятк-оў . ФП: шамятаць ('шамацець, шоргаць, шастаць') - шамятко ('той, хто шамаціць', дэрыват з фармантам -ко ) - Шамятко (мянушка, затым прозвішча) - Шамяткоў .
Шапялевіч (Валянцін Ш.) - форма бацькаймення з суфіксам -евіч ад антрапоніма Шапель і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Шапел-евіч . ФП: шапяляць ('невыразна вымаўляць некаторыя гукі') - шапель ('той, хто шапяляе') - Шапель (мянушка, потым прозвішча) - Шапялевіч .
Шаўлюковіч (Ірына Ш.) - форма бацькаймення з суфіксам -овіч ад антрапоніма Шаўлюк і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Шаўлюк-овіч.
Шаўчэнка (Тарас Ш.) - форма бацькаймення з фармантаам -энка ад антрапоніма Шавец і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Шавец (Р. скл. Шаўца ) -енка - Шаўчэнка . ФП: шавец ('майстар шыць і рамонтаваць абутак') - Шавец (мянушка, затым прозвішча) - Шаўчэнка .
Ш а шкель (Іван Ш.) - семантычны дэрыват ад апелятыва ш а шкель - утварэння з суфіксам -ель ад шашкаць 'вы-маўляць "шашка" замест "Сашка" (мена гука "С" на "Ш"). ФП: Сашка (ад Саша (імя) Ша-шка - шашкаць - шашкель - Шашкель (мянушка) - Шаш-кель .
Шашкова (Святлана Ш.) - форма прыметніка з фармантам -ова ад антрапоніма Шашок і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Шашк-ова . ФП: шашок ('драпежны звярок сямейства куніц з каштоўным пушыстым футрам, а таксама футра гэтай жывёліны') - Ша-шок (мянушка, затым прозвішча) - Шашкова .
Шкірманкоў (Фелікс Ш.) - форма прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Шкірманок і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Шкі-рманк-оў .
Шлык (Іван Ш.) - семантычны дэрыват ад апелятыва шлык 'капялюш, шапка', 'галаўны ўбор' (састар. -"Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф.А. Піскунова, с. 1100). Слова ўласціва ўсходнеславянскім мовам (белар., рас. і ўкр.). Скарачэнне ад башлык ( баш 'галава' - татарск., турэцк.). РБС-93: шлык , устар. у розных знач. шлык (т. 3, с. 753)
Шумская (Ірына Ш.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -ская ад Шумы і семантыкай 'народзінец, жыхар названай мясціны, паселішча': Шумская .
Шыловіч (Яўген Ш.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Шыла і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Шыл-овіч . ФП: шыла ('інструмент у выглядзе завостранага металічнага стрыжня з дзяржальнам для праколвання дзірак, які ўжываецца ў шавецкай і рымарскай справе') - Шыла (мянушка, затым прозвішча) - Шыловіч .
Шынковіч (С. А.) - форма бацькаймення з фармантаам -овіч ад антрапоніма Шынок і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Шынк-овіч . ФП: шынок (даўней: 'невялікі пітны дом, дзе прадаваліся і распіваліся спіртовыя напоі') - Шынок (мянушка, затым прозвішча) - Шынк о віч .
Шэмет (Андрэй Ш.) - семантычны дэрыват ад апелятыва шэмет 'шоргат, шастанне, шамаценне' - нульсуфісксовае ўтварэнне ад шамятаць 'шамацець': шэмет(аць) - шам е т - ш э мет . (гл. Шамяткоў .)
Юрэцкі (Станіслаў Ю.) - адтапанімічны дэрыват з фармантамі -цкі (-скі) ад Юрэц і семантыкай 'народзінец, жыхар названай мясціны': Юрэц-скі - Юрэц-кі . ФП: юрыць ('нераставаць (пра рыбу)' - юр-эц ('мясціна ў вадаёме, дзе юрыць рыба') - Юрэц (тапонім) - Юрэцкі .
Яленскі (Мікалай Я.) - відаць, ад першаснага Ялінскі - дэрыват з суфіксам -скі ад Ялін а ('ельнік') і семантыкай 'народзінец, жыхар названай мясціны' Ялін-скі . Або ад Ялена (ад імя Алена , рас. Елена ) з суфіксам -скі і семантыкай 'нашчадак насванай асобы': Ялен-скі.
Яловік (Іван Я.) - дэрыват з суфіксам -ік ад антрапоніма Яловы і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ялов-ік . ФП: елка ('хвойнае вечназялёнае дрэва з конусападобнай кронай') - яловы ('які мае адносіны да елкі', 'зроблены з елкі') - Яловы (мянушка, затым прозвішча) - Яловік . Або семантычны дэрыват ад апелятыва яловік 'грыб, які расце ў яловым лесе, ельніку'.
Ясінскі (Якуб Я.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -скі ад Ясіна і семантыкай 'народзінец, жыхар названай мясцовасці': Ясін-скі . ФП: Ян (імя катал.) - Ясь, Яся (жан. р.), Ясіна ('якое належыць Ясі') - Ясіна (тапонім) - Ясінскі . Або: Яся (жан. імя ад Ясь ) - Ясіна ('нашчадак названай асобы') - Ясінскі .
Яцэнюк (Арсень Я.) - дэрыват з суфіксам -юк ад антрапоніма Яцэня і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Яцэн-юк . ФП: Ян - Яцэк - Яц(эк)-эня ('нашчадак Яцэка') - Яцэнюк .
Павел Сцяцко
Лідскаму ТБМ - 25 гадоў
16 снежня 1989 года прайшла ўстаноўчая канферэнцыя Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны, і пачалася дзейнасць ТБМ на Лідчыне. Арганізацыю ўзначаліў Міхась Мельнік. У 1996 годзе на базе Лідскай гарадской арганізацыі была ўтворана Лідская арганізацыя ТБМ, якую ўзначаліў Лявон Анацка, і былі зарэгістраваны Ёдкаўская і Бердаўская суполкі. У 1997 годзе адноўлена дзейнасць Лідскай гарадской арганізацыі на чале з Лілеяй Сазанавец. У 1998 годзе Лідскую гарадскую арганізацыю ўзначаліў Станіслаў Суднік. У пачатку 2000-х гадоў утворана Бярозаўская арганізацыя ТБМ. Узначаліў яе Сяргей Дычок. Унутры арганізацый дзейнічалі шматлікія першасныя арганізацыі і суполкі.
13 снежня 2014 года ў чытальнай зале Лідскай бібліятэкі-філіяла № 3 на ўрачыстае паседжанне з нагоды 25-годдзя Лідскага ТБМ сабраліся дзве лідскія і Бярозаўская рада ТБМ, а таксама ветэраны ТБМ і госці. Сярод гасцей - старшыня ТБМ Алег Трусаў, першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім, святар Свята-Георгіеўскай праваслаўнай царквы айцец Уладзімір Камінскі, старшыня ўкраінскай суполкі ў Лідзе Аляксандр Літвіненка, пісьменнік Валер Санько, акцёр Лідскага народнага тэатра Алег Лазоўскі, які па ходу паседжання напісаў заяву на ўступленне ў ТБМ.
Усе лідскія арганізацыі ТБМ працуюць у адным ключы, і за 25 гадоў на іхнім рахунку шмат спраў. Справаздачныя даклады адной Лідскай гарадской арганізацыі займаюць па паўтары газетныя паласы. Пра асноўныя справы і дасягненні гаварыў Станіслаў Суднік.
Міхась Мельнік распавёў пра раннія гады дзейнасці, а Лявон Анацка - пра спецыфіку працы з рознымі дзяржаўнымі структурамі па пашырэнні ўжытку беларускай мовы.
Старшыня Бярозаўскай арганізацыі Сяргей Дычок паказаў распрацоўку Рэгіны Дычок - відэашэрагі ў суправаджэнне папулярных беларускіх песень, якія выкарыстоўваюцца на ўроках у бярозаўскіх школах.
Старшыня ТБМ Алег Трусаў і першы намеснік Алена Анісім распавялі пра дзейнасць ТБМ у цэлым і пра асноўныя праекты, якія ТБМ рэалізуе.
Алег Лазоўскі выканаў мастацкую кампазіцыю, якая друкавалася ў "Нашым слове", а намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі бард Сяржук Чарняк выканаў шэраг песень, словы адной з іх (аўтар Станіслаў Суднік) па просьбе прысутных мы прапануем чытачам.
Паседжанне з нагоды 25 гадоў дзейнасці Лідскага ТБМ пацвердзіла, што лідскія арганізацыі ТБМ жывыя і дзейсныя, у іх дастаткова ідэй, планаў і, галоўнае, саюзнікаў у прасоўванні беларушчыны ў лідскае грамадства. Лідзяне не здалі беларускай мовы і здаваць не збіраюцца. Як бы ні было цяжка і складана, у дзейнасці лідскіх арганізацый пераважае апраўданы аптымізм.
Ніхто тут плакаць па мове не збіраецца. На мову, як і на лепшае жыццё, трэба працаваць, працавць кожны дзень і кожны міг.
Яраслаў Грынкевіч.
МЫ - НАЦЫЯ ВОЛІ
Па пылу сгагоддзяў,
па муках і болю
Мы ўрэшце выходзім
да шчасця і волі.
Мы - нацыя смелых
і Богу адданых,
Мы з рук анямелых
зрываем кайданы.
Над намі імкліва
грукоча Пагоня,
Мы нашую прышласць
ствараем сягоння.
Мы - нацыя слаўных
прадзедаўскай славай,
На злыдняў нахабных
мы знойдзем управу.
Мы створым краіну
агульнага шчасця,
Навечна пакінуць
нас гора, напасці.
Не сцерпім мы болей
ніколі прымусу.
Мы - нацыя волі,
бо мы - беларусы.
8.07.93 г.
Не стала Пятра Макарэвіча
Жыў па-людску
і рабіў нямала,
Разліваў,
як сонца, весялосць...
А мая персона выклікала
Найчасцей -
няўдзячнасць або злосць.
12 снежня пайшоў з жыцця сябар Лідскай рады ТБМ імя Ф. Скарыны, паэт Пятро Макаровіч. Памёр а 18-й гадзіны за шахматнай дошкай у шахматным клубе.
Нарадзіўся Пётр Макарэвіч 15 красавіка 1938 года, у вёсцы Шынкі Крупскага раёна, што на Меншчыне, на беразе рэчкі Можа. Яму ішоў чацвёрты гадок, як пачалася Вялікая Айчынная вайна, бацьку і дзвюх старэйшых сясцёр вывезлі у Германію. На долю адной маці выпаў клопат пра астатніх пецярых дзяцей: двух хлапчукоў і траіх дзяўчынак. У сям'і ж ўсяго было сем чалавек.
Далей у Макарэвіча ўсё ішло так, як ў большасці беларускіх хлопцаў: вучоба ў школе, служба ў арміі, вучоба ў педагагічным інстытуце імя Горкага (бібліятэчны факультэт). Будучы студэнтам трэцяга курса ён звязаў сваё жыццё з прыгожай маладой дзяўчынай Янінай, ураджэнкай в. Дубчаны, што на Лідчыне. Праз два гады нарадзілася дачушка Юля, а яшчэ праз два, у 1966 г. - Дзіна.
У 1964 г. пасля заканчэння вучобы быў накіраваны на пасаду загадчыка Лідскай раённай бібліятэкі, дзе працаваў каля года.
Затым пасада інструктара райкама КПБ, потым перайшоў на працу ў органы дзяржаўнай бяспекі. Праз пяць гадоў звальняецца, папярэдне адсядзеўшы ў каталажцы. Пасля ўсяго гэтага вельмі цяжка было знайсці працу.
У 1971 годзе каля года адпрацаваў на Лакафарбе грузчыкам, а затым каля трыццаці гадоў аддаў працы карэспандэнта на Лідскім радыё і ў рэдакцыі мясцовай газеты "Уперад" (зараз "Лідская газета"). Працаваў на міжраённай выратавальный станцыі, быў "маржом" і заядлым шахматыстам. На працягу многіх гадоў быў сябрам Лідскай рады ТБМ.
Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў. Аўтар кніг паэзіі: "Злітак", "Расінкі беларускіх слоў", "Птица свободы", шматлікіх публікацый у розных выданнях.
Правесці Пятра Макарэвіча ў апошні шлях прыйшлі сябры ТБМ і ўся літаратурная грамада Ліды.
Пахавалі паэта 14 снежня на старых лідскіх могілках па Гарадзенскай дарозе.
Вечная памяць.
ПАЖЫЦЦЁВЫ КОДЭКС
Не нашу ў кішэні дулю
З дзён зялёных да сівых:
Выпускаю слова куляй,
Нават горкае, услых.
Ставяць пасткі браканьеры
Мне, дзяўбуць у пух і прах.
Ды пляваў я на кар'еру!
Вабіць толькі волі пах.
Рабалепнаму хай свеціць
Бляск уладны медаля.
Даражэй за ўсё на свеце -
Годнасць людская мая.
Для людзей маёй пароды
Пернік горшы за бізун.
І за лёс свой непагодны
Не пускаю я слязу.
Прад начальствам я ніколі
У жыцці не шапкаваў.
Раб касы, сякеры, поля -
Па-кавальску верш каваў.
Пятро Макарэвіч.
15 гадоў сайту "Павет"
Наш карэспандэнт паразмаўляў з стваральнікам і адміністратарам сайта "Павет" Леанідам Лаўрэшам .
Пры канцы восені таго далёкага 1999 г. стваральнік сайта, не надта задумваючыся пра будучыню праекта, вывучаў і эксперыментаваў з кампутарнай мовай, на якой ствараюцца сайты - мовай разметкі HTML. У той час нават у інтэрнэце не было добрых падручнікаў для канструктараў сайтаў і будучаму адміністратару "Павета" даводзілася шмат чытаць на англійскай мове інструкцый па HTML. Таму, калі першы, маленькі сайт з пяці старонак, цалкам напісаным рукамі, без выкарыстання якіх небудзь праграм-рэдактараў, запрацаваў, радасць яго была бязмежнай. Адразу на адным з амерыканскіх сэрвераў быў знойдзены бясплатны хостынг. Да таго часу адміністратар сайта ўжо меў вялікае замілаванне да беларускай гісторыі і таму адразу загрузіў у інтэрнэт некалькі артыкулаў з "Лідскага летапісца". Такім чынам новы сайт стаў гістарычным сайтам і з першых дзён свайго існавання атрымаў назву "Павет". Да 20 снежня 1999 г. "Павет" ужо быў праіндэксаваны пошукавымі сэрвісамі і меў першых наведвальнікаў. Хутка на сайце з'явіўся лічыльнік першай беларускай рэйтынгавай сістэмы Акавіта і дасюль "Павет" мае на гэтым вядомым сэрвісе рэгістрацыйны нумар 138. У першыя месяцы цікава было адсочваць як прыходзіла 5 - 10 наведвальнікаў у дзень, улічваючы малалікасць карыстальнікаў інтэрнэту ў тыя часы, такая колькасць наведвальнікаў нават абнадзейвала. Прыкладна праз год ужо сайт стала наведвала 30 - 50 чалавек у дзень, што дазваляла рэсурсу нармалёва выглядаць сярод іншых беларускіх культурніцкіх сайтаў у рэйтынгах Акавіты (калі не памыляюся, некалькі сотняў наведвальнікаў у дзень у тыя часы мелі толькі "крутыя" сайты).
- 15 гадоў для сайта гэта вельмі многа. Гэта цэлая эпоха. Павінны быць значныя вынікі, ці так гэта?
- У снежні 2014 г. унутраная статыстыка "AWStats" сэрвера, дзе размешчаны "Павет", паказвае, што на сайце бываюць каля 3 500 унікальных наведвальнікаў кожны дзень, што для некамерцыйнага беларускага праекта нядрэнна.
Зараз Павет гэта ў асноўным бібліятэка, якая змяшчае вялікую колькасць тэкстаў па беларускай гісторыі, культуры, філасофіі, этнаграфіі і інш. На сайце маюць свае старонкі лепшыя беларускія навукоўцы.
Наяўнасць вялікай колькасці тэкстаў, якія рэпрэзентуюць беларускі пункт гледжання на нашу гісторыю і культуру з'яўляецца найнеабходнейшай справай. У нас час абсалютна дзейнічае прынцып: "Калі цябе няма ў інтэрнэце - цябе няма нідзе". Мае вялікае значэнне, што студэнты, школьнікі, ці проста нейкія зацікаўленыя людзі, можа нават не задумваючыся над сэнсавым зместам інфармацыі для сваіх рэфератаў ці нейкіх іншых праектаў, заўжды без праблем могуць знайсці тэкст, які адлюстроўвае беларускі погляд і выкарыстаць яго ў сваёй працы. Тое ж датычыць і інфармацыі якая выкарыстоўваецца ў блогах ці на розных форумах. Такія сайты як "Павет" рэальна беларусізуюць інфармацыйнае асяроддзе.
Змяніўшы некалькі адрасоў, Павет з 2006 г. стала знаходзіцца па адрасе: http://pawet.net.
Хацелася б спадзявацца, што сайт будзе развівацца і радаваць сваіх наведвальнікаў.
Гутарыў Яраслаў Грынкевіч.
НОВЫЯ ВЫДАННІ ТБМ
Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны выдала два віды календароў на 2015 год. Календары выдадзены двух фарматаў: А-3 і А-4. Першы каляндар выдадзены да 175 ўгодкаў з дня нараджэння Францішка Багушэвіча, ідэолага беларускай нацыі, другі да ўгодкаў дня памяці Генадзя Бураўкіна, другога старшыні ТБМ.
Дызайн Ігара Марачкіна.
Наш кар.
"Белсату" споўнілася 7 гадоў!
Адзіны беларускамоўны і адзіны незалежны тэлеканал. "Белсат" адзначыў свае сёмыя народзіны. Беларускае Радыё Рацыя пагутарыла з Аляксеем Дзікавіцкім, кіраўніком рэдакцыі інфармацыйных праграм:
РР: Спадар Аляксей, "Белсату" спаўняецца 7 гадоў, ужо многія людзі забыліся, як узнік беларускі незалежны тэлеканал?
Аляксей Дзікавіцкі: Ідэя, прапанова стварэння незалежнага тэлевізійнага канала для Беларусі з'явілася даволі даўно (ідэя належыць Сяргею Кручкову з ТБМ, рэд. ). Адзінае, што не было людзей, якія маглі бы да гэтага давесці, не было таксама ахвотных фінансаваць гэта. Гадоў дзевяць таму нашая дырэктарка Агнешка Рымашэўска-Гузы працавала карэспандэнтам у Беларусі, але яе дэпартавалі. Тады яна вырашыла, што паколькі ёй не даюць працаваць там, заняцца стварэннем такога каналу. Запрасіла некалькі чалавек, і гэта ўдалося зрабіць. Міністэрства замежных спраў Польшчы падпісала мемарандум з польскім тэлебачаннем, і такім чынам пачалася падрыхтоўка. 10 снежня 2007 года мы выйшлі ў эфір.
РР: Чым цяпер з'яўляецца тэлеканал "Белсат" для Беларусі?
Аляксей Дзікавіцкі: Нам, як тым, хто робіць "Белсат", хацелася б, каб гэты тэлеканал быў крыніцай незалежнай і праўдзівай інфармацыі. Але "Белсат" - гэта не толькі інфармацыя. "Белсат" - гэта агульнатэматычны канал, таму, мы спадзяёмся, што вакол "Белсату" за гэтыя гады стварылася цэлая група творчых людзей, якія робяць дакументальнае кіно ці яшчэ нейкім чынам занятыя ў нас. Тыя людзі, каторых не пускаюць, каторым не даюць слова ў афіцыйным тэлебачанні беларускім.
Я спадзяюся, што "Белсат" паказвае, што ёсць яшчэ і іншая Беларусь, не толькі такая, якая паказваецца па афіцыйных каналах.
РР: Наколькі тэлеканал ахоплівае Беларусь, як шмат людзей глядзіць яго?
Аляксей Дзікавіцкі: Белсат ахоплівае не толькі Беларусь, але яшчэ і тэрыторыю ад Партугаліі да Ўрала. Гэта спадарожнікавы канал. Цяпер нас можна глядзець у інтэрнэце, так што ў прынцыпе, наш канал можа глядзець кожны, хто мае перадусім спадарожнікавую антэну, а таксама той, хто мае добры інтэрнэт. Паводле нашых даследаванняў глядзіць "Белсат" прыкладна ад 300 тысяч да паўмільёна чалавек.
РР: Сёлета пралунала ідэя стварыць расейскамоўную версію тэлеканала, каб вяшчаць на Расею і супрацьстаяць расейскай прапагандзе. Ці сапраўды збіраюцца рабіцца нейкія дзеянні ў гэтым кірунку?
Аляксей Дзікавіцкі: Гэта трэба пытацца тых, хто займаецца такімі праектамі. Мы лічым, што супрацьстаяць прапагандзе, вядома, патрэбна, але не коштам іншых.
Справа ў тым, што, бачыце, Расея, калі займаецца сваёй прапагандай, успрымае Беларусь, Украіну або Казахстан як свае колішнія тэрыторыі. І Расея звяртаецца да жыхароў краін колішніх савецкіх рэспублік дакладна так, як бы гэта і надалей быў Савецкі Саюз, і гэта былі васальныя тэрыторыя Расеі. Калі на Захадзе таксама прымуць такую стратэгію, што будуць перадаваць для ўсіх народаў, якія вакол Расеі, па-расейску, гэта будзе азначаць, што Захад гэтаксама трактуе гэтыя краіны, Беларусь, Украіну ці Малдову. Гэтага нельга дапусціць, таму што кожная краіна мае сваю спецыфіку. Я не ўяўляю, як кіраўнік службы інфармацыі, каб быў адзін матэрыял дапусцім пра падзеі ў Берасці, а другі - пра падзеі ў Владзівастоку ці дзе-небудзь у Астане. Гэта будзе проста нейкая мяшанка.
РР: Скажыце, як беларуская моладзь можа супрацоўнічаць з Вамі, як можна трапіць на Ваш канал?
Аляксей Дзікавіцкі: Усе дадзеныя нашага канала ёсць на старонцы, пішыце, мы заўсёды ахвоча даем магчымасць пастажыравацца, альбо нават працаваць пазней тым, хто надаецца да гэтага. Мы не вымагаем адукацыі тэлевядоўцы ці яшчэ нейкай іншай адукацыі, звязанай з тэлебачаннем. Галоўнае, натуральна, добра размаўляць па-беларуску, важна таксама не баяцца таго, што ты робіш, і прытрымлівацца нашых агульных дэмакратычных каштоўнасцяў, звязаных са свабодай слова.
У гонар дня народзінаў "Белсата" ў пятніцу 12 снежня беларускія гурты "Акутэ" і "Босае Сонца" далі святочны канцэрт у варшаўскім клубе "Jerozolima".
Адам Завальня , Беларускае Радыё Рацыя
ДАІ запрашае прышпіліцца па-беларуску
Дзяржаўтаінспекцыя з 20 па 27 лістапада правяла прафілактычную рэспубліканскую акцыю "Зрабі паездку бяспечнай!". Яна паказала наколькі тая праблема актуальная. За тыдзень супрацоўнікамі інспекцыі было зарэгістравана 356 выпадкаў ігнаравання кіроўцамі пасаў бяспекі і 146 з боку пасажыраў. Па яе выніках ДАІ Гарадзенскай вобласці было вырашана реалізаваць комплекс мерапрыемстваў па кантролі за выкананне кіроўцамі і пасажырамі аўтатранспарту патрабаванняў аб выкарыстанні пад час руху пасаў бяспекі. Аперацыя "Прышпіліся" распачалася 8 снежня і закончыцца 18-га. Да яе правядзення былі выраблены 4 віды новых пано, якія паказаны ніжэй. І ўсе яны на беларускай мове. Кожны кіроўца ды пасажыр, пабачыўшы іх, не застанецца абыякавым. На іх па-беларуску сказана, як ні на якой мове, шчыра і пранікнёна.
Язэп ПАЛУБЯТКА.
Да выхаду новай кнігі Алега Трусава "Кароткая гісторыя архітэктуры Беларусі"
Эпоха БССР (1921-1991 гг.)
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
У 1933-1937-м гадах архітэктары А. Воінаў і У. Вараксін пабудавалі ў Менску Палац піянераў і школьнікаў, прычым у СССР гэта быў адзін з першых будынкаў такога прызначэння. Фасады апрацаваныя пад шэры граніт, мелі пілястры. Галоўны ўваход выдзелены шасцікалонным порцікам. Агульны вестыбюль аб'ядноўвае відовішчную і гурткова-клубную групы памяшканняў. Каля Палаца пасадзілі сад. Разбураны ў вайну будынак аднавілі ў змененым выглядзе (1947-1950 гг.), на базе відовішчнай групы ўзнік Рэспубліканскі тэатр юнага гледача. У 1962 г. прыбудавалі дадатковы корпус. У комплексе будынкаў шырока выкарыстаны элементы выяўленчага мастацтва.
У 1939 г. пачалі будаваць будынак ЦК КПБ (зараз адміністрацыя Прэзідэнта Беларусі). Шасціпавярховы аб'ём, пастаўлены на масіўны гранітны цокаль. Фасады па ўсім параметры апрацаваныя прафіляванымі лапаткамі і маюць ўверсе магутны атык. Аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя адпавядае планіровачнай структуры і канструкцыйнай аснове будынка. Падчас будаўніцтва ўпершыню ў БССР былі выкарыстаны зборныя жалеза-бетонавыя пліты для перакрыццяў. Таксама тут упершыню працавалі вежавыя краны. Але завяршыць будоўлю перашкодзіла вайна і будаўніцтва скончылі ў 1947 г. У 1976 г. з паўднёвага захаду прыбудавалі правае крыло.
З іншых значных даваенных помнікаў, архітэктура якіх захавалася, трэба адзначыць гасцініцу "Беларусь" (1934-1938 гг.), гідраметэаралагічную абсерваторыю (1934 г.), фабрыку-кухню (1934 г.) і Дом друку (1931 г.) у Менску, а таксама гасцініцу "Дняпроўская" (1938-1940 гг.) і кінатэатр "Чырвоная зорка" (1930-1931 гг.) у Магілёве.
Усе пасляваенныя будынкі ў БССР будуюцца ў стылі "сталінскага ампіру", які канчаткова склаўся як савецкі архітэктурны стыль пасля 1945 г.
У архітэктурнай практыцы 1945-1950 гг. выкарыстоўваўся ўвесь комплекс прыёмаў еўрапейскай архітэктуры: ад антычнасці да неакласіцызму. Асноўным мастацкім сродкам была стылізацыя ранейшых формаў з мэтай перанесці іх у прастору новага "сацыялістычнага" горада. Найбольш папулярным было цытаванне класіцызму, дзе існаваў прыярытэт дзяржаўных інтарэсаў над прыватнымі. Шматэлементныя сюжэтныя рэльефы ствараліся на франтонах будынкаў. Элементамі іх з'яўляліся выявы сцягоў, глобуса і калосся, а таксама раслінныя элементы: лісце аканта, лаўровыя і дубовыя галінкі. З савецкай сімволікі варта адзначыць выявы пяціканцовай зоркі, якая часта знаходзіцца ў цэнтры лаўровага ці дубовага вянка, або як частка кампазіцыі з перакрыжаваных снапоў калосся. Таксама часта сустракаецца кампазіцыйнае спалучэнне сярпа і молата. Іх выявы ўжываліся ў складзе герба БССР, у картушы, або цалкам асобна - на круглай плакетцы з гладкім фонам. Папулярнымі былі і рэльефныя адлюстраванні цыркуляў, лагарыфмічных лінеек, мікраскопаў, молатаў як сімвалаў навукова-тэхнічнага прагрэсу.
У 1949 г. да Сусветнага кангрэсу міру мастак Пабла Пікаса стварыў знакамітую выяву голуба - "птушкі міру". Гэты сімвал адразу з'явіўся на фасадах некаторых менскіх дамоў.
Сярод раслінных сюжэтаў варта адзначыць матывы калосся, пшаніцы ці жыта (сімвала ўрадлівасці), галін дубу і лаўру (сімвала ўрачыстасці), вянкі з дубу, лаўру, алівы альбо іншых раслін, рэльефныя выявы гірляндаў, а таксама - матыў рога дастатку.
Існавалі таксама кампазіцыі з матываў кветкі са слуцкіх паясоў і чарцёжных прылад. З беларускага народнага арнаменту бралі найбольш характэрныя мастацкія элементы: ромбы, зоркі, прастакутнікі, лукаткі (зігзагі), спалучаныя ў розных камбінацыях. Адным з самых распаўсюджаных матываў архітэктурна-дэкаратыўнай пластыкі становяцца стылізаваныя ўзоры слуцкіх паясоў (асабліва матыў турэцкага гваздзіка).
Характэрны прыклад мы бачым у дэкоры будынка па вуліцы Свярдлова, дом 24 у Менску. Кветкавы матыў размешчаны ў круглай разетцы, па баках ён дапаўняецца дэкаратыўнай драпіроўкай - імітацыяй самога пояса.
Прыярытэтнае месца ў гарадах адводзілася адміністрацыйным і грамадскім установам.
У Менску ў 1947 г. была завершана пабудова будынка сённяшняга КДБ з галоўным уваходам, які вылучаецца чатырохкалонным карынфскім порцікам. Збоку да яго дапасавалі корпус МУС, аздоблены капітэлямі іянічнага ордэра - дарэчы, адзіны даваенны будынак, які ацалеў на былой Савецкай вуліцы. У 1948-1954 гг. пабудавалі дзяржаўны банк БССР з імітацыяй карынфскай аркады над уваходам.
Арыгінальнасцю архітэктурнага рашэння вылучаецца Галоўпаштамт (1948-1953 гг. архітэктар У. Кароль). Яго парадны фасад аздоблены карынфскім ордэрам і высокім атыкам з круглымі вокнамі. Аператыўныя залы разлічаны ў прыбудаванай з тыльнага боку ратондзе з купалам (дыяметр 30 м).
У траўні 1962 г. будынак галоўнага паштамта ўпрыгожылі незвычайным па тых часах гадзіннікам. Ён паказваў не толькі менскі, але і час у 50 гарадах планеты. Гадзіннік быў з боем і музыкай. Біў ён кожныя 15 хвілін, а мелодыю "Радзіма мая дарагая" выконваў раз за гадзіну. Гадзіннік замоўк у пачатку 1970-х, калі выйшаў указ забараніць у гарадах лішнія гукі. Да летніх алімпійскіх гульняў 1980 г. гадзінік абнавілі, замянілі цыферблат, зрабілі надпісы гарадоў на беларускай мове, а іх колькасць зменшылася да 35.
Варта таксама адзначыць будынак аблвыканкама ў Полацку (1949-1954 гг.) з двухраднай кампазіцыяй перад уваходам і будынак абкама КПБ у Маладзечне (1953-1957 гг.), цэнтральны рызаліт якога аздобіў васьмікалонны порцік. У 1947 г. скончана будаўніцтва Слуцкага дома культуры з залай для гледачоў на 300 месцаў. Гэта двухпавярховы мураваны будынак з галоўным фасадам, які вырашаны ў выглядзе неглыбокай галерэі з каланадай, што падтрымлівае аб'ём другога паверха. Цэнтральны ўваход выдзелены аркай.
Пасля вайны значная ўвага была звернута на развіццё тэатраў і музеяў. З Гародні ў Менск быў пераведзены Рускі драматычны тэатр, якому аддалі будынак былой харальнай сінагогі, дзе потым быў яўрэйскі тэатр. Да былога культавага будынка ў 1952 г. прыбудавалі парадны фасад з калонамі ў неакласічным стылі. У 1956 г. у Гомелі пабудавалі Драматычны тэатр, а ў Віцебску (1958 г.) новы корпус тэатра імя Я. Коласа.
Новыя дамы культуры з'явіліся ў Віцебску і Гародні. У 1954 г. у Менску паводле праекта, запазычанага з Петразаводска, пабудавалі Палац культуры Белсаўпрофа.
Галоўны фасад арыентаваны на Кастрычніцкую плошчу. Прамавугольны ў плане будынак мае строга сіметрычны аб'ём, абрамлёны па перыметры калонамі і паўкалонамі карынфскага ордэра. Галоўны фасад вырашаны ў выглядзе дзесяцікалоннага порціка, увенчанага франтонам са скульптурнымі групамі. Знутры порцік упрыгожаны кесонным скляпеннем з яркай расфарбоўкай. Аналагічна вырашаны і тыльны фасад. Над складаным карнізам бакавых фасадаў па тры франтоны, упрыгожаныя пінаклямі.
Разнастайныя дэкаратыўныя элементы класічнай спадчыны выкарыстаны ў інтэр'ерах: залы для гледачоў на 780 месцаў, фае, холах, танцавальных і лекцыйных залах, у памяшканнях для работы гурткоў. Будынак здалёк нагадвае антычны храм.
У 1957 г. будуецца будынак Мастацкага музея (архітэктар М. Бакланаў) з каланадай і тэматычнымі скульптурамі, у нішах на галоўным фасадзе і вялікім замкнёным купалам над будынкам.
Цікавы лёс пасляваеннага дома Я. Коласа, які зараз з'яўляецца яго мемарыяльным музеем. На тэрыторыі Акадэмгарадка (цяпер квартал Менска, сумежны з праспектам Незалежнасці, вуліцамі Акадэмічнай і Сурганава) Якуб Колас пасяліўся пасля вяртання з эвакуацыі ў траўні 1945 г. У спаленым горадзе цяжка было знайсці добрае жыллё, таму домік, прывезены з прыгараднай вёскі ў час вайны для патрэбаў нямецкага шпіталя і пастаўлены ў двары Акадэміі навук, стаў на той час адзіным магчымым рашэннем жыллёвага пытання пісьменніка. Гэта быў драўляны домік памерам прыкладна 5x9 м, ён меў тры невялікія пакойчыкі і зусім маленькую кухню - 2x2 м. Водазабеспячэння ў доме не было.
Паступова пачалі абжывацца на новым месцы. У канцы 1944 г. вакол сядзібы зрабілі агароджу - час быў неспакойны. На працягу 1945-1946 гг. пабудавалі пуню, гараж, склеп і лазню.
Улетку 1946 г. дом песняра наведаў першы сакратар ЦК КПБ і старшыня СМ БССР Панцеляймон Панамарэнка. Ён быў шчыра здзіўлены больш чым сціплым побытам сям'і пісьменніка і, палічыўшы дом няўтульным і непрыгодным для жылля і працы народнага пісьменніка, прапанаваў Коласу пабудаваць вялікі, прасторны катэдж. Колас падзякаваў яму за клопат, але адмовіўся ад прапановы. Каля двух мільёнаў жыхароў рэспублікі жылі тады ў зямлянках, і народны пісьменнік лічыў немагчымым для сябе ў той час жыць у раскошы.
Замест пабудовы новага будынка сям'я вырашыла абысціся частковай рэканструкцыяй старога. I ўжо ў 1947 г. была зроблена двухпавярховая цагляная прыбудова, фактычна яшчэ адзін невялікі дом, дзе размясцілі кухню, туалетны пакой, маленькі пакойчык для хатняй работніцы на першым паверсе, а таксама кабінет і спальню пісьменніка на другім. У такіх умовах Колас з сям'ёй (сам, два сыны, нявестка) жыў на працягу пяці гадоў да 1952 г. I толькі ўлетку 1952 г, да 70-гадовага юбілею паэта, быў пабудаваны вялікі прасторны дом на падмурку старога (аўтар праекта - архітэктар Георгій Заборскі).
У катэджы на першым паверсе размясціліся спальныя пакоі сыноў Коласа, гасцёўня, сталовая, веранда і кухня, а на другім - кабінеты сыноў Данілы і Міхася Міцкевічаў, кабінет і спальня Коласа, вялікая гасцёўня - усяго 319 метраў квадратных жылой плошчы. У такім прыгожым і вялікім асабняку, адпаведным яго статусу, Колас пражыў амаль чатыры гады - з верасня 1952 па 13 жніўня 1956 г., калі паэт памёр у сваім доме, у кабінеце за рабочым сталом.
Побач з цяперашнім музейным комплексам размясціўся дом, у якім сёння жывуць нашчадкі вялікага пісьменніка. Дом знакамітага пісьменніка абступае мемарыльны сад.
Значныя змены адбыліся ў гістарычнай частцы Менска, што склалася ў ХІХ ст. на берагах р. Свіслач. Тут у 1805 г. губернатар Менска З. Карнееў заснаваў першы гарадскі парк, які спачатку ў яго гонар назвалі губернатарскім садам.
Парк з'яўляўся першым грамадскім месцам адпачынку ў Беларусі. Гэта быў вялікі парк з кветнікамі, алеямі і штучнымі каналамі. Яго плошча складала каля 18 га. Уздоўж яго маляўнічых алей стаялі лаўкі, на якіх можна было спакойна прысесці адпачыць у цені дрэў. А на адным з паркавых слупоў было высечана на латыні: "Post laborem requies" ("Пасля работы - адпачынак").
Пасля вайны парк аднавілі па праекце I. Рудэнка. З 1952 г. функцыянаваў як парк культуры і адпачынку, у 1960 г., калі тут з'явіліся дзіцячыя атракцыёны, ператвораны ў дзіцячы парк.
Сёння мала хто памятае, што да вайны алея, уздоўж якой размешчаны планетарый, кола агляду і адміністрацыя парку, была звычайнай гарадской вуліцай. У гады Другой сусветнай вайны яе забудова была разбурана, так што ў пасляваенных архітэктараў з'явілася магчымасць пашырыць тэрыторыю саду амаль удвая. Дарэчы, на месцы дырэкцыі парку ў 1927-1941 гг. стаяў дом Якуба Коласа. А на процілеглым беразе Свіслачы, на Садовай вуліцы, жыў Янка Купала (на месцы яго хаты цяпер знаходзіцца музей паэта) - так што класікі беларускай літаратуры часцяком зазіралі адзін да аднаго ў госці.
Асобна варта згадаць парадны ўваход у Цэнтральны дзіцячы парк імя М. Горкага, які з'яўляецца гістарычна-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь. Праект галоўнага ўваходу распрацаваны ў 1952 г. інстытутам Белдзяржпраект (архітэктар Г. Заборскі).
У 1965 г. парк стаў бліжэй да зорак - тут адкрыўся планетарый. Пры ім маецца абсерваторыя, у якой устаноўлены тэлескоп-рэфрактар для вядзення астранамічных назіранняў. За два крокі ад планетарыя зімой размясцілася гарадская рэзідэнцыя Дзеда Мароза, які прыбываў сюды пад Новы год са свайго доміка ў Белавежскай пушчы. У ноч з 31 снежня на 1 студзеня Дзед са сваёй унучкай Снягуркай прымалі гасцей на самым высокім узроўні - яны каталі іх на 56-метровым коле агляду, устаноўленым на самым высокім паркавым ўзгорку ўвесну 2003 г. замест старога "чортавага кола" дыяметрам 27 м.
Сёння гэта Цэнтральны дзіцячы парк імя М. Горкага. Ён размяшчаецца паміж вуліцамі Янкі Купалы, Фрунзэ, Першамайскай і праспектам Незалежнасці і на сённяшні дзень займае плошчу ў 28 га і з'яўляецца помнікам гісторыі, архітэктуры і садова-паркавага мастацтва.
Побач з паркам у 1959 г. пабудаваны Менскі цырк - адзін з апошніх ў Беларусі помнікаў эпохі неакласіцызму. Яго асноўны аб'ём ўяўляе сабою вялікую ратонду са сферычным купалам і арыгінальнай каланадай карынфскага ордэра з параднага боку.
Адным з самых прыгожых і адносна маладых паркаў Менска з'яўляецца парк імя Янкі Купалы. Парк знаходзіцца ў самым цэнтры горада ў раёне вуліц Я. Купалы, Куйбышава, праспекта Незалежнасці, р. Свіслач. Цэнтральны ўваход у парк размешчаны насупраць Беларускага дзяржаўнага цырка.
Парк носіць імя славутага беларускага паэта Янкі Купалы, аднак першапачаткова быў заснаваны ў гонар 30-годдзя ўтварэння БССР і толькі ў 1962 г. быў перайменаваны. Раней на месцы парка размяшчалася жылая адна- і двухпавярховая забудова, у тым ліку дом Я. Купалы. Гэтая мясцовасць часта падтаплялася вясновай паводкай. Увесь гэты квартал падчас вайны быў спалены і ўжо не аднавіўся.
Парк быў закладзены па праекце архітэктара I. Рудзенка. Асноўная праца была зробленая ў 1950 г., у прыватнасці, высаджана больш за 4 тысячы дрэў і вялікая колькасць кустоўя, вызначаны алеі. Цікава, што дубы ўпершыню ў Беларусі паспрабавалі высадзіць ва ўзросце 25 гадоў.
Эксперымент прайшоў удала - волаты выдатна прыжыліся і дагэтуль добра растуць. Прасторная цэнтральная алея парка заканчвалася прыгожым спускам да р. Свіслач.
На сённяшні дзень шырыня р. Свіслач у гэтым месцы большая за 120 м, між іншым, раней яна была меншая за дваццаць. Берагі яе апранутыя ў камень і бетон. Ад праспекта Незалежнасці праходзіць дыяганальная алея, у гэтым жа месцы знаходзіцца галоўны ўваход у парк. На скрыжаванні пабудаваны фантан са скульптурнай кампазіцыяй "Купалле" па матывах старажытнага народнага свята, які адлюстроўвае дзяўчын з вянкамі (адгэтуль і народная назва фантана - "Вянок"). Дзве дзявоцкія фігуры - знак кахання, маладосці і чысціні. За дадзеную працу скульптары былі адзначаныя Дзяржаўнай прэміяй БССР.
У 1959 г. быў пабудаваны музей імя Янкі Купалы. Кампактны двухпавярховы будынак пастаўлены на месцы асабняка, у якім 1927-1941 гг. жыў беларускі народны паэт.
Цікавы лёс і галоўнай крамы Менска - ГУМа. Першая дзяржаўная ўніверсальная крама - ГУМ - з'явілася ў Менску 28 траўня 1934 г. Яна стаяла на рагу вуліц Савецкай (праспект Незалежнасці) і Камсамольскай.
Аднак у вайну будынак быў моцна пашкоджаны, і таму рэшткі даваеннага ўнівермага знеслі.
Улетку 1944 г., адразу пасля вызвалення горада ад акупантаў, ГУМ пачаў адраджацца ў выглядзе дашчаных ларкоў і намётаў, раскіданых па ўсім Менску. У іх прадаваліся "чаравікі скураныя на драўлянай падэшве, чувякі парусінавыя на гумовай падэшве, лямпы газоўкі з адыходаў бляхі, труба самаварная, таз бляшаны на 10 заклёпваннях..." .
Дазвол на будаўніцтва новага будынка ГУМа быў падпісаны 26 ліпеня 1945 г. у Крамлі намеснікам старшыні Саўнаркама СССР Анастасам Мікаянам. Вядучым аўтарам праекта будынка стаў архітэктар Раман Гегарт. Пачыналі будаваць будынак ГУМа палонныя немцы. Яны ўдзельнічалі ў будаўніцтве падмурка і пачыналі муры сцен. Але да канца 1948 г. нямецкіх ваеннапалонных у горадзе ўжо не было - іх вярнулі на радзіму, і будоўлю працягвалі толькі савецкія будаўнікі. Дарэчы, працаўнікі ГУМа таксама адпрацавалі на будоўлі нямала дзён.
5 лістапада 1951 г. краму адкрылі, але ў гэты дзень яго наведалі толькі кіраўнікі рэспублікі, прадстаўнікі грамадскасці і прэсы. Для звычайных грамадзян ГУМ расчыніў дзверы 6 лістапада.
Напярэдадні адкрыцця чарга з пакупнікоў працягнулася на 2 кварталы, да Нямігі. Раніцай натоўпы менчукоў перакрылі праспект Сталіна (зараз - праспект Незалежнасці). Конная міліцыя рэгулявала кіламятровую чаргу ахвотнікаў патрапіць у краму.
Гэта было сапраўднае свята горада. У краме панавала святочная атмасфера, ля ўваходу стаяў швейцар, ззялі люстэркі... Інтэр'ер будынка дзівіў вока абывацеля. Гандлёвае абсталяванне было выканана з каштоўных парод дрэва, столі ўпрыгожвалі шыкоўныя люстры з лямпамі дзённага святла, на вокнах віселі шаўковыя "міністэрскія" гардзіны, падлогі былі паркетнымі. Усюды паліраваны дуб, бронза, шоўк... На паверхах знаходзіліся аўтаматы, якія за сімвалічную плату выдавалі порцыю адэкалону, апырскваючы ім пакупніка. У той дзень упершыню на прылаўках з'явіліся імпартныя тавары з Чэхаславакіі, Польшчы, ГДР і Францыі. Нідзе не было такога багацця тавараў, як ва ўнівермагу.
Ажыятажным попытам карысталіся першыя халадзільнікі, тэлевізары, пральныя машыны, тканіны, і асабліва - жаночыя капронавыя панчохі. Пакупнікоў абслугоўвалі 460 працаўнікоў, прычым 30 з іх прайшлі стажыроўку ў знакамітым Ленінградскім Доме гандлю.
У 1969 г. ГУМ увайшоў у лік першых крам СССР, якія ўкаранілі метад самаабслугоўвання. У 1976 г. тут арганізавалі гандаль па спажывецкіх комплексах: "Тавары для жанчын", "Тавары для мужчын" і г.д.
У 80-х гадах мінулага стагоддзя адбылася рэстаўрацыя будынка ГУМа, і яму было вернута першапачатковае аздабленне фасадаў і інтэр'ераў.
У аснове чатырохпавярховага Г-падобнага ў плане будынка ГУМа знаходзіцца жалеза-бетонавы каркас. Фасады маюць складаны дэкор: франтончыкі, ліштвы, геральдычныя паяскі, прафіляваныя цягі і маёлікавыя дэталі. У інтэр'ерах выкарыстаны арыгінальныя жырандолі, ляпныя дэталі і вітражы.
Пасля вайны ў БССР актыўна будуюцца і спартовыя комплексы. Стадыён "Дынама" ў Менску быў пабудаваны яшчэ перад вайной і ў гады вайны моцна пацярпеў. У 1947-1954 гг. была зробленая яго рэканструкцыя. Яго трыбуны звонку атрымалі выгляд двух'яруснай аркады з ляпнымі ўстаўкамі на спартовыя тэмы, а трыўмфальная арка аздобіла парадны ўваход на стадыён.
Таксама пад спартовыя збудаванні пачалі прыстасоўваць былыя храмы. У 1956 г. у Менску перарабілі пад спартыўны компекс "Спартак" былы езуіцкі касцёл. Была знесена вежа з гадзіннікам, што стаяла перад касцёлам, дзве вежы-званіцы самога касцёла і цалкам перабудаваны галоўны фасад храма. У 1992 г. храм быў вернуты вернікам і набыў паступова былое аблічча.
(Заканчэнне ў наступным нумары.)
СЫСЦІ ГОДНА
Спіс апошніх пажаданняў
Штодня мы прымаем безліч рашэнняў, малых і вялікіх, прафесійных і асабістых. За гэтымі жыццёвымі клопатамі нам не стае часу на тое, каб задумацца і вырашыць, якім бы мы хацелі бачыць свой сыход, а тым больш абмяркоўваць гэта з роднымі і блізкімі. У нашым грамадстве не прынята размаўляць на тэму смерці. Дзеля таго, каб пераадолець гэта сацыяльнае табу, у верасні 2014 года чэшскае грамадскае аб'яднанне Cesta Domu ("Вяртанне") распачало інфармацыйную кампанію "Падумайце аб Смерці", якая выклікала шырокі рэзананс не толькі ў Чэхіі, але і далёка за яе межамі.
З дапамогай адмыслова створанага сайта - Thinkaboutdeath.org - кожны мае магчымасць скласці свой асабісты спіс апошніх пажаданняў. Тут можна не толькі выбраць музыку ды вопратку для свайго пахавання, але і выказаць свае страхі перад смерцю ды сфармуляваць апошнюю волю. Гэты спіс застанецца прыватным, і яго не ўбачаць іншыя інтэрнэт-карыстальнікі, але пры жаданні ім можна падзяліцца з сябрамі ў сацыяльных сетках.
Пра мэты кампаніі, яе эфект і планы на будучыню гутарым з Лібарам Ванекам , адным з аўтараў канцэпцыі, і Гэленай Штоганзлавай , менеджарам праектаў Cesta Domu.
- Як узнікла ідэя такой незвычайнай кампаніі?
Л.В.: Ужо 13 гадоў наша арганізацыя аказвае медыцынскую і псіхалагічную дапамогу людзям з апошнімі стадыямі цяжкіх захворванняў і іх сем'ям. Гэта так званая паліятыўная медыцына, скіраваная на паляпшэнне якасці жыцця пацыентаў, якія паміраюць, мінімалізацыю болю і іншых цяжкіх пабочных эфектаў. Што-год мы праводзім сацыялагічнае апытанне на тэму стаўлення да смерці ў грамадстве. Вынікі такога апытання 2013 года яшчэ раз пацвердзілі, што людзі не любяць размаўляць пра смерць. Больш за тое, іх жаданні адносна свайго сыходу не адпавядаюць рэчаіснасці: 78% рэспандэнтаў сказалі, што яны хацелі б памерці дома, але пра гэтым большасць (69%) памірае ў шпіталях. Пераважна людзі не паспяваюць своечасова сфармуляваць і абмеркаваць сваю апошнюю волю з сем'ямі. Многія ўвогуле ніколі не размаўляюць на тэму смерці. Таму асноўная мэта гэтай інфармацыйнай кампаніі - пераканаць людзей пачаць размаўляць на гэтую складаную тэму своечасова. Гэта дапаможа не толькі пераадолець свае асабістыя страхі і самотнасць, але таксама дазволіць родным лепш зразумець і годна выканаць апошнюю волю блізкага ім чалавека.
- На каго ў першую чаргу скіравана кампанія, улічваючы, што яе асноўным інструментам з'яўляецца інтэрнэт?
Г.Ш.: Першапачаткова мы планавалі, што нашай асноўнай мэтавай групай будуць маладыя людзі ва ўзросце 20-25 гадоў - найбольш актыўныя інтэрнэт-карыстальнікі. Мы зыходзілі з таго, што моладзі, для якой смерць уяўляецца вельмі аддаленай і даволі абстрактнай перспектывай, будзе крыху прасцей закрануць гэту няпростую і эмацыйную тэму ў размовах са старэйшым пакаленнем: скажам, са сваімі бабулямі і дзядулямі. Яны б сталі своеасаблівымі праваднікамі ў сваіх сем'ях.
Л.В.: Мы былі шчыра здзіўлены, калі заўважылі, што больш за 50 % наведнікаў сайта кампаніі - гэта людзі ва ўзросце 35+, пры гэтым 7 % з іх складаюць тыя, каму больш за 65 гадоў. Магчыма, гэта вынік таго, што кампанія атрымала шырокі розгалас у традыцыйных СМІ (газетах, ТБ і радыё). Да яе далучыліся знакамітасці - пісьменнікі, артысты, мастакі, - якія разважаюць пра сваё стаўленне да смерці. Хтосьці даў вельмі глыбокія, інтэлектуальныя адказы ў форме эсе. Іншыя запісалі кароткія відэазвароты. Для многіх гэта быў першы раз, калі яны задумаліся пра смерць, сваю апошнюю волю ды публічна падзяліліся сваімі разважаннямі.
- Якой была рэакцыя грамадскасці?
Л.В.: Вельмі станоўчай. Нешта кшталту: "Нічога сабе! Я ніколі пра гэта не думаў. Гэта цікава". Сродкі масавай інфармацыі падхапілі нашу ідэю, гэта прыцягнула ўвагу шырокіх колаў людзей, што, у сваю чаргу, дазволіла распачаць больш грунтоўную дыскусію ў грамадстве. За тры месяцы ад пачатку кампаніі на нашым сайце пабывала каля 45 тысяч наведнікаў. На сённяшні дзень больш за 800 чалавек стварылі свае онлайн"спісы апошніх пажаданняў". Вельмі часта такі спіс складаюць сем'ямі: дзеці з бацькамі, унукі з дзядулямі і бабулямі. Кампанія стала мостам паміж пакаленнямі, дапамагла сем'ям зблізіцца, пераадолець парог маўчання. Для нас важнай з'яўляецца не колькасць, а вось гэты працэс дыялогу. Нашы чытачы дзеляцца з намі сваімі вельмі кранальнымі асабістымі гісторыямі.
- А ці вы самі склалі свае спісы апошніх жаданняў?
Г.Ш.: Так, я гэта зрабіла, і гэта быў вельмі цікавы, часам складаны досвед, які прымусіў пераасэнсаваць некаторыя рэчы. Спачатку, калі ты выбіраеш музыку ці вопратку для свайго будучага пахавання, усё гэта падаецца забаўкай. А вось калі я пачала фармуляваць для сябе свае ўласныя страхі перад смерцю, то гэты момант быў вельмі эмацыйным і важным. Крыху паразважаўшы, я падзялілася са сваімі сябрамі ў "Фэйсбуку" толькі часткай свайго спісу, але некаторыя рэчы былі настолькі асабістымі, што іх я пакінула выключна для сябе.
Л.В.: Я яшчэ ў працэсе. Мы робім гэта разам з жонкай.
- Ці плануеце вы пашыраць кампанію за межамі Чэхіі?
Л.В. : Жаданне ёсць, але паколькі кампанія робіцца на нашы ўласныя сродкі і дабрачынныя ахвяраванні, то рэсурсы ў нас абмежаваныя. Аднак гэтай ідэяй вельмі зацікавілася Еўрапейская асацыяцыя паліятыўнай дапамогі, у якой ёсць аддзяленні ў многіх еўрапейскіх краінах, а таксама ў Расіі. Мы спадзяемся, што наша супрацоўніцтва будзе плённым. Нядаўна мы запусцілі англамоўную версію сайта кампаніі. І зараз, дарэчы, шукаем валанцёраў, якія б дапамаглі перакласці і лакалізаваць (падабраць уласцівыя для сваёй краіны прыклады музыкі, вопраткі і іншай атрыбутыкі пахаванняў) наш сайт на іншыя мовы. Калі кагосьці з Беларусі зацікавіць такая магчымасць, калі ласка, пішыце мне на электронную пошту: libor.vanek@ cestadomu.cz.
Артыкул падрыхтаваны пры падтрымцы грамадскага аб'яднання Cesta Domu (г. Прага, Чэшская Рэспубліка).
Літаратурны музей Максіма Багдановіча
Сямейны цэнтр Кацярыны Каўровай
Прыехала Каляда на белым кані.
Яе конічак - ясен месячык,
Яе дужачка - ясна зорачка,
Яе пужачка - ясна звёздачка,
Яе вазочак - з тоўстага лядку,
Яе кажушок - з белага сняжку.
Калядныя святы адразу выклікаюць успаміны з дзяцінства, а ўвесь свет замірае ў чаканні цудаў. На Каляды можна паехаць у вёску да бабулі і дзядулі, сустрэцца з роднымі і сябрамі. Бо Каляды прынята святкаваць у блізкім, сямейным коле, калі ўсе збіраюцца за шчодрым калядным сталом пасля з'яўлення першай зоркі на небе. Нашыя продкі верылі, што менавіта гэтая зорка асвятляла шлях валхвам, якія ішлі да нованароджанага Ісуса.
Літаратурны музей Максіма Багдановіча сумесна з сямейным цэнтрам Кацярыны Каўровай запрашаюць усіх ахвочых на святочнае мерапрыемства "Калядная зорка Максіма Багдановіча", якое будзе праходзіць 18, 19, 20 снежня 2014 года з 12.00 да 19.00.
На працягу мерапрыемства госці музея будуць мець магчымасць зрабіць навагоднюю цацку, прыняць удзел у калядных гульнях, паглядзець спектаклі старажытнага беларускага лялечнага тэатра "Батлейка" і зрабіць батлеечную ляльку.
Пад час мерапрыемстваў можна будзе прыняць удзел у дабрачыннай акцыі ЗД - "Дзеці робяць дабро", якую арганізоўвае сямейны цэнтр Кацярыны Каўровай (па падрабязную інфармацыю можна звярнуцца па тэлефонах: (017) 385-37-00, (029) 675-27-00, (029) 675-27-06).
Уваходны квіток 20 000 бел. руб.
Адрас: г. Менск, вул. М. Багдановіча, 7 а. Траецкае прадмесце.
Тэлефон для даведак: 8 017 334 57 82; 8 017 334 07 61.
Праграма святочнага мерапрыемства "Калядная зорка Максіма Багдановіча"
12.00 - паказ "Батлейкі".
12.30 - Калядныя гульні.
13.00 - майстар-класы па вырабу навагодніх цацак.
14.00 - паказ "Батлейкі".
14.30 - Калядныя гульні.
15.00 - майстар-класы па вырабу навагодніх цацак.
17.00 - паказ "Батлейкі".
17.30 - Калядныя гульні.
18.00 - майстар-класы па вырабу навагодніх цацак.
Новых знаходак табе, паэт!
Прыемна было днямі атрымаць з Гародні ў падарунак ад удзячнага Івана Фёдаравіча Будніка - гісторыка, краязнаўца, даследчыка беларускай гісторыі, педагога, правадзейнага і актыўнага сябра ТБМ імя Францішка Скарыны паэтычны зборнік "Знойдзенае ў дарозе" (Гародня, "ЮрСаДрук", 2014). У дарчым надпісе вершы паэта пазначаны як "Тварэнні сэрца і розуму і што яму падарылі іх бяссонныя ночы і светлыя ранкі" . І. Буднік сваімі навукова-даследчымі і папулярызатарскімі публікацыямі добра вядомы чытачам "Гродзенскай праўды", "Народнай волі", "Нашага слова", калектыўных зборнікаў "Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны", "Галасы" і інш. Ён з'яўляецца таксама аўтарам арыгінальных кніг пра паўстанне 1863 г. на Гарадзеншчыне, пра Я. Карскага і інш., а вось маем і яго паэтычны зборнік.
Адразу адзначым, што паэзія І. Будніка - традыцыйна-класічна беларусацэнтрычная, грамадзянска-патрыятычная і цнатліва-эстэтычная. Падкрэслім, у адрозненне ад спеваў многіх сучасных "пеўнікаў на плоце", што спавядаюць пераважна сексуальную разбэшчанасць, амаль у кожным вершы зборніка нашага паэта прысутнічае лад і біяграфія беларускай паэтычнай душы. Асабліва гэта бачыцца праз прысвячэнні паэта пэўным падзеям і асобам - майстрам слова, музыкам і інш. ("Гародня - на векі вякоў...", "Балада аб бітве пад Кадышом", "Монтэ-Касіна" (санет), "Над Беларуссю ноч глухая", "Абаронцам краю", "Міхасёвы песні" (М. Васільку), "Юрку Голубу", "Дудару Яўгену Петрашэвічу", "Гарт" (Івану Сухоцкаму) і інш. Як прафесійны гісторык і краязнавец І. Буднік рэтраспектыўна насычае свае тэксты смугой нашых былых стагоддзяў, мілай нашай мінуўшчынай, асабліва старасветчынай і адначасова балючымі нагадваннямі пра драматычныя, а то і трагічныя падзеі ў іх ("Роздум у архіве", цыкл "Енісейская казка" і інш.). Трывожна на душы ў паэта і ад сённяшняга фактычнага статусу беларускай мовы ў Беларусі. ("Прамова пра мову" (вянок санетаў), "Святочная мова". "Цыхун збіраў скарбы народнае мовы" і інш. прывабна выглядае ў "Знойдзеным у дарозе" родны беларускі пейзаж ("Цішыня", "Баброўня", "Камяніца" і інш.).
Заслугоўваюць увагі і байкі паэта. Іх тут - шэсць Асабліва сярод іх вылучаецца "Ружа і мядзведзь" сваім заклікам да дзеянняў у імя Святла і Прыгажосці.
А цяпер колькі цытат з паэтычных тэкстаў І. Будніка:
Ад Белае вежы
І да Магадана
Ў жорны Гулага
Краіна аддана.
Каб роўным абрусам
Тут клаліся шпалы,
Братоў-беларусаў
Палегла нямала.
("Нарыльская чыгунка")
За імі, як помнікі,
шахты паўсталі,
Заводы і лес каміноў.
Праспектам і плошчам
жыццё даравалі,
Саміх жа ГУЛАГ праглынуў.
("Нарыльск")
Я па вуліцах пыльных прайду,
па дашчатым
раяль - тратуары,
У хаціну Свярдлова зайду,
Каб пачуць тут ягоныя мары:
У камуну чым вымасціць шлях,
Кіраваць
як знямелым народам,
Па зламаных мужыцкіх касцях
Бальшавіцкую несці свабоду.
("У Туруханску")
Монтэ-Касіна,
ах, Мантэ-Касіна...
Міма цябе праз святыя муры
Шлях пралягаў
беларускага сына
Ў край, дзе чакаў яго
бацька стары.
("Монтэ-Касіна")
Хоць розны невук, як груган,
Яе дзяўбе і абражае.
Яна ідзе, як краван,
І злосны брэх не заўважае.
("Прамова пра мову")
Пытанне гучыць безумоўна,
Як грому нябеснага ўдар:
Чаму не паўстаў гаспадар
Дакуль яму быць
памяркоўным?
("Ружа і мядзведзь")
Цытаваць можна і болей, але чытач для сябе гэта зробіць сам, і пры тым, магчыма, лепш.
А вось верш "Беларуская казка А. Рыбака" варта прывесці цалкам. Тым больш, што ён поўны беларускага мажору:
Беларуская казка
А. Рыбака
Беларусь незабыўнаю казкай
Пасялілася ў сэрцы тваім,
Расцвіла ў ім вясноваю краскай
У белапенным адзенні сваім.
Паланіла всясельным уборам
Сваіх майскіх вішнёвых садоў,
Хлебным пахам
жытнёвага мора,
Мілагучнаю мовай дзядоў.
Ён табой, Беларусь,
стаў багаты
І ў салодкі патрапіў палон,
Бо твае прыгажуні -
дзяўчаты
Яго сэрца парушылі сон.
Не спяшаеццца збегчы
з палону,
Бо жыве тут гасцінны народ.
Тут крыніца натхнення
і плёну,
Тут пачаўся яго радавод .
Дарэчы, кожны верш кожным сваім радком і кожнай страфой ад назвы і ад першага і да апошняга гука настолькі ўнутрана спаяны, свядомы сэнсавым зместам, што ён, фігуральна кажучы, - нераз'ёмны нават для цытавання. Ды яшчэ калі, як пазлы, там свежыя змястоўныя рыфмы сустракаюцца ( высылкі-высілкі і інш)!
"Знойдзена ў дарозе", да ўсяго, арыгінальна праілюстравана, што натхняе паэта не збочваць са сваёй, абранай ягоным лёсам, дарогі і радаваць сваіх прыхільнікаў новымі творчымі здабыткамі!
Яўген Гучок.
Не выкрасліў
Хацелася раскрытыкаваць кніжку "Мільянерка" Алеся Стадуба. Не атрымалася! Сам я, прызнацца, малады крытык. Усё не па мне. Да ўсяго чапляюся. Крытык ёсць крытык. Каструбаваты характар. Нічога не скажаш. Але ж да Стадубавых апавяданняў не прычапіўся. Падкупіла яго прастата і шчырасць. У кніжцы 30 твораў. Намерыўся выкрасліць "Званок". Ды 29 здрадная лічба. Хаця і 30 мае свае нюансы. Успамінаецца Юда, які здрадзіў і выдаў Хрыста за 30 срэбраных.
Частку ўважліва прачытаў вечарам, апошнюю частку наступным ранкам. Лагода да кніжкі стрымала мяне. прызнацца, не ведаю аўтара, яго ўзрост, хаця для мяне гэта не мае ніякага значэння. Мне здаецца, што ён таленавіты. Аб гэтым сведчыць зборнік вершаў "Скрыжалі", дзе на апошняй старонцы вокладкі пералічана створанае за сціплы час пісьменнікам. Усім зразумела: з парожняга нічога не насыплеш. Напісаць столькі - варта мець фантазію. Тым больш, што ў Менску нічога дрэннага і не вартага добрага слова не выдаюць. Канешне, пройдзе час і аўтар кніжкі нешта скароціць. Нешта выкіне, нешта дапіша. Рознае скажуць і чытачы. Аб гэтым сведчыць і дакументальная аповесць А. Стадуба "Вандроўка між гадамі", якую у свой час набыў у сталічным букіністычным магазіне. Праўда, што напісанае, што надрукаванае - завершаны і канчатковы факт!
Цяпер зноў вярнуся да апавяданняў А. Стадуба, да яго невялікага зборніка, які ўбачыў свет нядаўна ў папулярным сталічным выдавецтве "Кнігазбор"
З усіх 30-ці выкінуў бы "Званок". Творы "Ліпа цвіла" і "Вясёлка" блізнія па сэнсу, але ўсё ж розныя па думцы. Рука не паднялася што-небудзь раскрытыкаваць. У кожным творы свая думка, свая завязка, свая кульмінацыя і свая развязка. Другую частку прачытаў без перадыху. Узяць хаця б "Сераднякоў". Пашкадуеш тых, каго не друкуюць менскія тоўстыя часопісы. Можа дасланае не цягне на добрае. Сераднякі ўсё ж затое бліжэй да акольнага народа. Па іх творах ставяць спектаклі, на іх лірычныя вершы кампазітары ствараюць музыку. Песні выконваюцца на канцэртах, на аглядах мастацкай самадзейнасці Прызнаецца, сераднякі ўсё ж не вечныя, яе і не вечныя тыя, каго часам хваляць. І тых і другіх не так і шмат. Іх можна пералічыць па пальцах дзвюх рук.
Спадабалася "Журналістка". Гераіня гэтай мініяцюры без назвы імя весела паехала разам з шафёрам у далёкую вёску да Івана Тамашавіча, каб напісаць нарыс пра яго - ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. Прыехаўшы амаль да пункта прызначэння, нечакана спыніліся, кіроўца сказаў: "Усё!" Дарогу ім перагарадзіла вузкая рэчка. Мосцік над ёю зняслі цяжкія вясновыя крыгі лёду. Што рабіць? Без яе нарыса не можа выйсці газета. І журналістка "падняла цёплую спаднічку. Ступіла ў ледзяную ваду. Холад працяў яе аж да самай галавы" ! Усё-такі яна перайшла тую вузкую рачулку з невысокімі хвалямі.
Своеасаблівым выглядае скрыпічны музыка ("Марша"), захапіла "Грэшная паўза", "На валаску ад смерці", "Гімн". Па прафесійнай звычцы не выпускаў з руку стрыжанёвай абсадкі. Хацела нешта пакрытыкаваць, зрабіць па-своему. Крытык ёсць крытык.
Спадабалася сваёй прастатой "Чайка", "Пашча акулы", "Шмат грошай"... мне здаецца, што надта сціслае апавяданне "Дзверы". Яго гераіня не хоча старэць. Яна, скінуўшы ўсё з сябе, круціцца перад вялікім люстэркам і хваліць сябе. Што нічога яе цела. Каб аўтар расшырыў гэты твор, атрымалася б невялікая аповесць, як у Я. Брыля ці К. Паўстоўскага. Тое самае можна сказаць пра апавяданні "П'еса", "Сын" і некаторыя іншыя. Амаль усе персанажы апавяданняў А. Садуба музычныя работнікі. То баяністы ("Вялікія грошы"), то флейтысты ("Пашча акулы"), то харавікі ("Сын").
Згадваецца факт. Выпадкова пазнаёміліся ў цягніку журналіст і знакаміты пісьменнік. Першы вёз з польскага Беластока ўражанні для газетнага рэпартажа аб вялікім і цікавым горадзе. Другі ў гутарцы прызнаўся, што, каб меў час, напісаў бы аб гэтым падарожжы раман. Магчымасці і здольнасці ў кожнага свае. Розныя погляды на рэчы. Тое самае і ў А. Стадуба. Мы між іншым не заўважаем таго, што пісьменнік бачыць, пра што піша.
Невялікая кніжка, мне прызнацца, спадабалася. Яна спрэс беларуская, створана добрай мовай. Шкада толькі: наклад малы. Усяго сто асобнікаў. Некалі вялікія людзі выдавалі свае несмяротныя опусы толькі 150-170 экзэмпляраў. Не так даўно, калі панаваў кніжны бум, некаторыя творы друкаваліся астранамічным тыражом. Дарэчы, не ўсе яны рэцэнзаваліся. Невялікая частка таго, што выходзіла з друку, заўважалася крытыкамі. Я так думаю. Або яно не звяртала на сябе ўвагі, або не за ўсёды даходзіла да думкі крытыкаў.
Я ўсё-такі зайздрошчу тым, хто праз якіх сто гароў разгорне кніжку А. Садуба і будзе яе чытаць, як мы сёння М. Гарэцкага "Камароскую хроніку" ці А. П. Чэхава пра яго паездку на востраў Сахалін. Праз шмат гадоў здзівяцца, што былі скрыпачы ("Марш"), што было шмат грыбоў ("Грыбны дождж"), што на таксі ездзілі за свае грошы ("Сын").
Чым чорт не жартуе!
Змітро Яновіч.