Папярэдняя старонка: 2014

№ 52 (1203) 


Дадана: 24-12-2014,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 52 (1203), 24 снежня 2014 г.


З Калядамі і Новым 2015 годам!


Калядны верш

У ноч калядную збяры

Усіх здарожаных, халодных,

Усіх забытых і галодных,

I раздары свае дары.

Усё, што даў табе Гасподзь,

Каб ты апошнім

Мог дзяліцца.

Бо ўдачы гладкая цяліца

Пасецца,

каб аддаць стокроць.


Прасі на кут сваіх Дзядоў

Абнашчыцца

куццёю поснай,

Каб не шукаць

гадзінай познай

У небе памяці слядоў.

Як вогнішча, разварушы

Тугу,

Што пазірае нема.


I ціха вока Бэтлеема

Узыдзе ў поцемках душы.

Рыгор Барадулін.


У год казы

Дзе каза рогам, там жыта стогам

Прыйшла Каляда,

Дзверы адчыняйце!

Калядоўшчыкаў у хату

Шчыра запрашайце!


Прыйшлі мы да вас

З Козачкай рагатай,

Хай будзе ўвесь час

Ураджай багаты!


Вой, Каза, мая Каза,

Паскачы па хаце!

Трэба болей каўбасы

Накалядаваці!


А з намі - мядзведзь,

Мішка касалапы.

Танчыць вальс -

кульгець, кульгець -

Аж трасецца хата!


Гаспадыня, гаспадар,

Не скупіцеся,

З калядоўшчыкамі салам

Падзяліцеся!


На двары мяце завея,

Сцеле чыста-гладка,

Мы спяваем як умеем,

Дайце нам аладкі!


Жывіце заўжды

Ў ладзе дый раскошы,

А нам, маладым,

Не шкадуйце грошы!


Не скупіся, гаспадыня,

Не скупіся, гаспадар!

Каб за вашую дзяўчыну

Сватаўся замежны цар!

Алена Церашкова.


ШАНОЎНЫЯ СЯБРЫ!

Гэты нумар апошні ў 2014 годзе. Паводле дамовы з Белпоштай мы павінны выдаць за год 52 нумары. Мы іх выдалі. Наступны нумар выйдзе 6 студзеня 2015 года.


ЮБІЛЕЙ ВОЛЬГІ ІПАТАВАЙ

Вольга Міхайлаўна ІПАТАВА (нар. 1 студзеня 1945, Мір, Мірскі раён, Баранавіцкая вобласць, цяпер Карэліцкі р-н, Гарадзенская вобл.) - беларуская пісьменніца, перакладчыца, грамадскі дзеяч.

Нарадзілася ў сям'і службоўцаў. Пасля смерці маці выхоўвалася ў дзіцячым доме (1956-1961). У 1961 годзе скончыла ў Гародні сярэднюю школу № 7 і паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1963 г. перавялася на завочнае аддзяленне (скончыла ў 1967 г.). Працавала настаўніцай у вёсцы Руба на Віцебшчыне, таваразнаўцам у Віцебскім абласным кнігагандлі (1964), інструктарам, загадчыкам сектара ў Гарадзенскім гаркаме камсамолу (1965-1968), рэдактарам на абласной студыі тэлебачання (1968-1970). У 1970-1973 гг. - літсупрацоўнік газеты "Літаратура і мастацтва", затым літкансультант газеты "Чырвоная змена". У 1975-1978 гг. - аспірантка Літаратурнага інстытута ў Маскве. У 1978-1979 зноў працавала літкансультантам у "Чырвонай змене". У 1985-1989 гг. - галоўны рэдактар літаратурна-драматычных перадач Беларускага тэлебачання. З 1989 года - загадчык аддзела, з 1990 года - намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Спадчына". У 1991-1995 гг. Вольга Іпатава была галоўным рэдактарам газеты "Культура". З 1998 да 2001 года - намеснікам старшыні, а з 2001 да 2002 года - старшынёй Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Узнагароджана ордэнам "Знак Пашаны", медалём Францыска Скарыны, з'яўляецца лаўрэатам прэміі імя Барыса Кіта (2003), "Залаты апостраф" (2006, за аповесць "Апошняя ахвяра свяшчэннага дуба"), прэміі імя Міколы Ганька (2009, за "вялікую асветніцкую працу і прапаганду духоўных дасягненняў беларускай эміграцыі ў Канадзе") і інш. З'яўляецца ганаровым акадэмікам Міжнароднай акадэміі навук "Еўразія".

Вікіпедыя. (Пра В. Іпатаву чытайце на ст. 5.)


230 гадоў з дня нараджэння Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага

Зарыян ДАЛЕНГА-ХАДАКОЎСКІ (сапраўднае імя - Адам Чарноцкі; 24 снежня, паводле іншых крыніцаў 7 (15) красавіка 1784, маёнтак каля вёскі Гайна Менскага павета Менскага ваяводства, цяпер Лагойскі раён Менскай вобласці - 17 (29) лістапада 1825, сяло Пятроўскае Цвярской губерні, цяпер Цвярской вобласці) - беларускі археолаг, фалькларыст, этнограф, дыялектолаг.

Адам Чарноцкі паходзіў са шляхецкай сям'і. У 1801 годзе скончыў Слуцкую павятовую вучэльню. У 1801-1804 праходзіў юрыдычную практыку ў Наваградку. У 1805 здаў экзамены па юрыспрудэнцыі і атрымаў патэнт на права кіравання маёмасцю. Працаваў эканомам у маёнтку графа Юзафа Несялоўскага, прыватным адвакатам у Менску. Арыштаваны царскімі ўладамі 24 сакавіка 1809 за выказаную ў прыватным лісце прыхільнасць да антыпрыгонніцкіх ідэяў Напалеона. Пасля 7 месяцаў зняволення ў Петрапаўлаўскай цвердзі быў пазбаўлены шляхецтва і накіраваны жаўнерам у Омск. У 1811 у Бабруйску імітаваў утапленне; уцёк у Варшаву, уступіў у французскую армію. Менавіта пасля паразы Напалеона мусіў хавацца і ўзяў псеўданім "Даленга-Хадакоўскі".

У 1813-1818 падарожнічаў па Беларусі, Польшчы, Украіне; працаваў у архівах і бібліятэках; даследаваў гарадзішчы ў Полацку, Віцебску, Тураве, Бабруйскім павеце, каля Берасця, Гомеля, Магілёва, рабіў запісы фальклору, абрадаў, мясцовых дыялектаў. 14 снежня 1818 г. упершыню ў Беларусі атрымаў ад Віленскага ўніверсітэта адкрыты ліст (дазвол) на права раскопак. У 1818 выдаў сваю галоўную працу "Пра славяншчыну да хрысціянства", якая прынесла яму шырокую вядомасць. У 1819 стаў чальцом-карэспандэнтам Варшаўскага Таварыства сяброў навук, сябрам Пецярбургскага Вольнага таварыства аматараў расейскай славеснасці; у 1820 - Маскоўскага Таварыства гісторыі і старажытнасцяў расейскіх. Адным з першых абгрунтаваў ідэю славянскай агульнасці ў дагістарычны час. У 1820-1821, атрымаўшы дапамогу Міністэрства народнай асветы Расеі, арганізаваў даследчыя паездкі па Поўначы Расеі. Апошнія гады жыцця правёў у Цвярской губерні, дзе ўладкаваўся эканомам маёнтку. Большасць ягоных працаў засталася неапублікаванай, частка загінула. Запісы беларускага фальклору (да 500 песень) знаходзяцца ў архіве, у тым ліку ў Санкт-Пецярбургу. Даленга-Хадакоўскі лічыцца заснавальнікам гістарычнай геаграфіі ў Беларусі.

Вікіпедыя.


Усебеларускі Кангрэс за незалежнасць

21 снежня ў Менску ў кангрэс-холе бізнэс-цэнтра "Вікторыя" прайшоў Усебеларускі кангрэс за незалежнасць.

На кангрэс былі абраныя 72 дэлегаты. Прыбылі 63 асобы. Адносна невялікая колькасць дэлегатаў тлумачыцца тым, што да апошняга часу былі праблемы з памяшканнем, і арганізатары думалі праводзіць кангрэс на сдязібе БНФ, праз гэта колькасць дэлегатаў штучна была зведзеная да мінімуму. Але кожны дэлегат быў вылучаны групай грамадзян Беларусі ад 5 чалавек да 70. Таму на Кангрэсе былі прадстаўлены каля 1,5 тысяч чалавек з г. Менска і ўсіх без выключэння абласцей Беларусі. У дадатак да дэлегатаў было шмат гасцей і прадстаўнікоў прэсы.

У прэзідыюм Кангрэсу былі запрошаны Мечыслаў Грыб - былы кіраўнік Беларускай дзяржавы, які падпісаў Канстытуцыю 1994 года, былы віца-прэзідэнт Акадэміі Навук Беларусі, акадэмік Радзім Гарэцкі, ветэран вайны, 90-гадовы паэт і сябар ТБМ са Слаўгарада Фелікс Шкірманкоў і каардынатар аргкамітэта Кангрэсу Алена Анісім.

Былі агучаны вітанні Кангрэсу ад Аляксандра Мілінкевіча, ад Партыі БНФ. Прадстаўнікі і лідары іншых нібы дэмакратычных і нібы беларускіх партый Кангрэс праігнаравалі.

На кангрэсе быў прыняты Маніфест у абарону незалежнасці Беларусі. Былі аднагалосна прынятыя заўвагі Зянона Пазняка пра тое, што незалежнасць Беларусі ў форме Беларускай Народнай Рэспублікі была аб'яўлена яшчэ 25 сакавіка 1918 года ў этнаграфічных межах беларускага народа, а таксама пацверджана 1 студзеня 1919 года як Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь у тых жа межах. Пацверджана тое, што новую пагрозу незалежнасці краіны нясе ў сабе Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе, ратыфікаваны беларускімі ўладамі 9 кастрычніка 2014 года.

Па словах Алега Трусава, пасля прыняцця маніфеста аб незалежнасці галоўнай задачай з'яўляецца збор пад яго тэкстам не менш за 1 міліён подпісаў:

- Праз пяць дзён, калі рэдакцыйная камісія Маніфест дапрацуе, ён будзе выстаўлены ў інтэрнэце, тады людзі пачнуць яго падпісваць. Сутнасць маніфеста - паказаць усяму свету, што існуе незалежная, суверэнная, нейтральная Рэспубліка Беларусь. І калі ў нас будзе мільён ці больш подпісаў, наўрад ці захоча Расея нас захапіць, бо гэта воля грамадзян.

Па прапанове Алега Трусава, вырашана зрабіць Кангрэс за незалежнасць пастаянна дзейнай структурай. Ён будзе збірацца праз 3-4 месяцы і абмяркоўваць лёсавызначальныя пытанні краіны. Такія, як наступствы катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і іх пераадоленне, пытанні культуры, адукацыі і іншыя.

З палымянай прамовай, якая неаднаразова перарывалася апладысментамі, выступіў дэлегат, прадпрымальнік з Кобрына, Аляксандр Мех,

Спадар Мех прапанаваў ператварыць Кангрэс ў агульнаграмадзянскі рух за Незалежнасць - над галовамі "паэтаў і ўрадаў", чым падтрымаў пазіцыю аргкамітэта па ператварэнні Кангрэса ў пастаянна дзейную пляцоўку:

- Сёння расейская мова стала фактарам дэстабілізацыі. З расейскай мовай наступае "русский мир" з "градамі". Адзінай дзяржаўнай мовай мусіць быць беларуская. Трэба пачаць кампанію па вяртанні нашых нацыянальных сімвалаў: дзяржаўны сцяг - бел-чырвона-белы, а дзяржаўны герб - Пагоня

Была прынята заява і сфармавана Рада Кангрэсу, якая будзе дзейнічаць пастаянна. У яе ўвайшлі 17 чалавек, у тым ліку Мечыслаў Грыб, старшыня ТБМ Алег Трусаў, пісьменнік Уладзімір Арлоў, акадэмік Радзім Гарэцкі і іншыя. Каардынатарам рады абрана Алена Анісім.

Кульмінацыяй Кангрэсу стала ўрачыстае падпісанне Маніфесту ў абарону незалежнасці Беларусі. Першым Маніфест падпісаў былы кіраўнік Беларускай дзяржавы Мечыслаў Грыб, акадэмік Радзім Гарэцкі, дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га і 13-га скліканняў, іншыя знакавыя людзі Беларусі і ўсе ўдзельнікі Кангрэсу, незалежна ад таго былі яны дэлегатамі ці гасцямі.

Дэлегаты разабралі і развезлі па Беларусі пяць соцень лістоў для збору подпісаў пад Маніфестам. У бліжэйшы час будзе адкрыты збор подпісаў пад Маніфестам у Інтэрнэце.

Кангрэс сваю задачу выканаў. Вуснамі дэлегатаў Кангрэсу беларускі народ сказаў: ён за Незалежнасць .

Наш кар. На здымках: каардынатар Кангрэсу Алена Анісім; Маніфест падпісвае Мечыслаў Грыб; Кангрэс галасуе за Маніфест.


Т.Ф. СЦЯШКОВІЧ - РУПЛІВЫ ДАСЛЕДЧЫК МОВЫ ГРОДЗЕНШЧЫНЫ

Сёлета спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння даследчыцы мовы Гродзеншчыны Тацяны Філіпаўны Сцяшковіч. Нарадзілася Т.Ф. Сцяшковіч ў г. Чэрвені Менскай вобласці 25 снежня 1904 г. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі скончыла прыходскую школу і два класы вышэйшага пачатковага вучылішча. Пасля рэвалюцыі вучылася ў школе другой ступені. У 1921 г. паступіла ў Чэрвеньскі педтэхнікум, а пасля яго закрыцця перавялася ў Менскі педтэхнікум і скончыла яго ў 1925 г. Працавала педагогам ў школах Віцебскай вобласці. У 1927 г. паступіла на 2 курс літаратурна-лінгвістычнага аддзялення педфака Белдзяржуніверсітэта ў г. Менску і скончыла яго ў 1930 г. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны працавала педагогам ў сярэніх школах БССР, настаўніцай рускай і беларускай мовы і літаратуры ў г. Магілёве.

У ваенным ліпені 1941 г. эвакуявалася ў Арлоўскую вобласць, дзе прабыла да лістапада 1941 г. З набліжэннем нямецкіх акупантаў пераехала ў Саратаўскую вобласць. У снежні 1941 г. ў адной з раённых бальніц Саратаўскай вобласці ад хваробы на адзёр памерлі трое яе непаўнагадовых дзяцей (муж загінуў раней пад бамбёжкай у Менску).

З-за адсутнасці месца працы ў школах Т.Ф. Сцяшковіч паступіла на курсы шафёраў у г. Пятроўску, а пасля сканчэння іх працавала па 1943 г. шафёрам Макравускаўскай МТС Фёдараўскага раёна Саратаўскай вобласці. З 1943 па 1945 гады працавала завучам, выкладчыкам мовы і літаратуры ў сямігадовай, а затым у сярэдняй школе.

Па выкліку Міністэрства асветы БССР рээвакуявана на радзіму ў 1945 г. Два гады працавала інспектарам Гродзенскага аблана, а з 1947 г. і да выхаду на пенсію - у Гродзенскім дзяржаўным педінстытуце (ўніверсітэце) імя Янкі Купалы спачатку старшым выкладчыкам, затым - дацэнтам, загадчыкам кафедраў рускай і беларускай моў, беларускай мовы.

Навучальна-выхаваўчая і навуковая праца Т.Ф. Сцяшковіч адзначана шэрагам узнагарод: ордэнам "Знак Пашаны", Залатым ганаровым знакам польска-савецкай дружбы, ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета рэспублікі, Міністэрства асветы; ёй прысвоена званне Заслужанага настаўніка школы БССР.

Як вучоны Т.Ф. Сцяшковіч значны ўклад унесла ў развіццё беларускай лінгвістычнай навукі. Кандыдацкую дысертацыю "Гаворкі Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці" абараніла ў 1955 г. Апублікавала дзясяткі артыкулаў. Тры кнігі прысвяціла даследаванню мовы твораў беларускіх пісьменнікаў: "З назіранняў над мовай К. Крапівы" (1961), "Мова твораў Міхася Лынькова" (1965), "Мова эпапеі Міхася Лынькова "Векапомныя дні" (1965), выдала манаграфію "Займеннік у беларускай мове" (1977). Яе найбольшыя навуковыя дасягненні звязаны з лінгвістычным краязнаўствам Гродзеншчыны. Яна многа гадоў кіравала дыялекталагічнай практыкай студэнтаў, удзельнічала ў дыялекталагічных экспедыцыях. Вынікам збіральніцка-даследчай працы Т.Ф. Сцяшковіч сталі такія кнігі, як "Гаворкі Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці Беларускай ССР" (1959), "Прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы, выслоўі народных гаворак Гродзенскай вобласці" (1968), "Матэрыялы да слоўніка Гродзенскай вобласці" (1972), "Слоўнік Гродзенскай вобласці" (1983). Імя Т.Ф. Сцяшковіч значыцца ў спісе збіральнікаў фактычнага матэрыялу да такіх фундаментальных прац: "Дыялекталагічны атлас беларускай мовы" (1963), "Лексічны атлас беларускіх народных гаворак: у 5 т." (1993-1998).

Не стала Т.Ф. Сцяшковіч 6 лістапада 1986 г. Пахавана на Гродзенскіх гарадскіх могілках.

М.А. Даніловіч.


Мовазнаўчы досвед

"Калядныя" лексемы: Каляды, Коляды, Божае нараджэнне, Нараджэнне Хрыстова, Ражство Хрыстова, Ражство, Ражаство, Раство.

Калядамі , шаноўныя беларусы! З Божым нараджэннем!" (Наша слова. № 51 (1046). 21 снежня 2011 г. С.1). З Калядамі , дарагія беларусы ! Віншуем! З Калядамі і Новым годам!... Заўсёды - ваш БАЖ! Вішую вас са святам Нараджэння Хрыстовага ! Станіслаў Акінчыц: " У гэтыя святочныя дні шчыра віншуем вас з Новым годам і Калядамі! Супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. (Наша слова. № 1 (1048). 4 студзеня 2012 г. С.1,2). Святочны перыяд паміж каталіцкімі і праваслаўнымі Калядамі - спрыяльны час для цёплых сустрэчаў, культурных імпрэзаў, разважаннях пра духоўнае. (Тамсама, с.3). Дачушка з'явілася на свет акурат на Ражство Хрыстова. Вечар перад Ражством . Апавяданне. (Полымя. 2011.№ 12 (986). С.8,54).

Найбольш пашыранае найменне вялікага хрысціянскага свята - Каляды Коляды )."Тлумачальны слоўнік беларускай мовы" (Пад рэдакцыяй акадэміка АН БСССР К.К. Атраховіча (Кандрата Крапівы). Том 2. Мінск, 1978, с. 595) дае наступнае азначэнне слова: " Каляды, -ляд; адз. няма. Царкоўнае хрысціянскае свята нараджэння Хрыста, якое адзначаецца 25 снежня па ст.ст. і ў наступныя дні да вадохрышча". " Коляды гл. Каляды" (С.709). Яно мае шэраг вытворных: Каляда . Даўнейшы абрад хаджэння па хатах у калядныя вечары з віншаваннем, велічальнымі песнямі і пад. // Песня, якая спяваецца ў час гэтага абраду // Падарункі, атрыманыя ад гаспадара за віншаванне, песні... Калядаваць . Хадзіць па дварах у калядныя вечары, віншаваць гаспадароў, спяваючы калядныя песні. Каляднік . Той, хто калядуе. Калядніца. Калядная пара, калядная ноч. Калядны ... Які мае адносіны да каляд; такі, які бывае на каляды... Калядоўшчык . Тое, што і каляднік. Калядаванне. Дзеянне паводле значэння дзеяслова калядаваць .

Амаль гэтыя словы (акрамя формы з націскам на першым складзе - Коляды) фіксуе і цяперашні "Арфаграфічны слоўнік беларускай мовы" (Аўт-склад. А.Л. Баршчэўская, Л.П. Баршчэўскі. - Мінск: Радыёла-плюс, 2010. - 560с.). На с. 207 чытаем : каляда, калядаванне, калядаваць, калядка, калядны, калядоўшчык, Каляды. Праўда, тут няма лексемы калядоўнік, але ёсць і новае слова калядка. У гэтым даведніку падаюцца і лексемы Бог, Хрыстос і словы нараджэнне і народзіны.

Але няма слоў ражаство, ражство і раство. І зразумела чаму - беларусы кажуць: нарадзіць, а не радзіць. Адсюль і згаданае Нараджэнне (Народзіны) Хрыстовы, Божае Нараджэнне . Форма ражство - гэта скарочаная (абцятая) ад расейскага рождество (з стараславянскай мовы), дзе корань слова рожд- (рождать) набыў штучную форму раж- (<рож). Будова слова ражство невыразная, і сэнс таксама. Лексемы ражаство, ражство і раство выкарыстоўваліся ў перыядычным друку. Магчыма таму, што новы, аднакнігавы Тлумачальны слоўнік 1996 года і яго пазнейшыя перавыданні , у іх ліку і 2005 года, не падавалі з рэлігійным зместам гэтых "калядных" слоў. Само слова фіксуецца тут ў звужаным значэнні: Каляды і Коляды. Народнае зімовае свята дахрысціянскага паходжання. Беларусы, як бачым, маюць свае выразныя будоваю і сэнсам, словы для наймення вялікага хрысціянскага свята: Каляды (Коляды), Божае, Хрыстова Нараджэнне . Гэта засведчана і перакладнымі слоўнікамі: " Рождество рел. каляды, коляды, каляда" (Русско-белорусский словарь, Мінск, 1993, Т.3, с.260).

Павел Сцяцко


ВЫЙШАЎ Беларускі настольны перакідны краязнаўчы каляндар на 2015 год

(на матэрыяле Гродзеншчыны)

Гэты каляндар - шосты выпуск Гарадзенскага абласнога краязнаўчага календара. Складальнік старшыня Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ прафесар А. Пяткевіч. Рэдактар С. Суднік.

У календары пададзена каля паўтысячы важных і цікавых датаў з гісторыі Гарадзеншчыны, што яшчэ раз пацвярджае яе багацце і напоўненасць падзеямі і асобамі праз гады і стагоддзі.

Календары на 2010-2014 гады мелі значны поспех і выклікалі вялікую зацікаўленасць на Гарадзеншчыне, у Менску і ў іншых мясцінах, куды траплялі, што і з'явілася асноўным стымулам для выдання каляндара на 2015 год.

Каляндар з'яўляецца пэўным крокам у развіцці краязнаўства, паколькі нацэльвае краязнаўцаў з Гародні і рэгіёнаў на працу па пэўных датах і з пэўнымі людзьмі, якія адзначаны ў календары.

Наш кар.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў студзені

Адаська Віктар Акулін Эдуард Алесіна Ганна Міхайлаўна Аліева Марыя Рыгораўна Аляхновіч Мікалай Мікал. Андрасовіч Наталля Валянцін. Антаноўскі Мікалай Антанюк Ян Анціпенка Лявон Міхайлавіч Апейка Марыя Фёдараўна Аскірка Валянцін Фёдаравіч Ашкінадзэ Аляксандра Аляк. Ашуева Вера Яўгенаўна Багданкевіч Святлана Мікал. Бакіноўскі Валянцін Баркоўская Настасся Баркун Любоў Сяргееўна Барткевіч Тацяна Фёдараўна Барысаў Лявон Аляксеевіч Барысевіч Аляксандр Вітольд. Батуеў Павел Батура Вольга Іванаўна Бахір Алена Белы Павел Аляксандравіч Бечка Антон Вацлававіч Благачынны Фларыян Мікал. Болбас Данута Вацлаваўна Булыга Міхаіл Бурбоўская Алена Ўладзімір. Бяліцкая Ганна Сцяпанаўна Бяляева Кацярына Ўладзімір. Варанцоў Міхаіл Ананіевіч Варатынская Галіна Аляксан. Варонька Ніна Адэльфонас. Васілевіч Алена Канстанцін. Віданава Ірына Аляксеўна Вінаградаў Віталь Вісловіч Эдуард Андрэевіч Водзіч Тацяна Вярбоўская Надзея Гайдук Марыя Галавач Яўген Гапеева Вальжына Міхайлаўна Гаравы Марат Гарадко Галіна Станіславаўна Гарбачова Тамара Валер'еўна Гардзіенка Ала Андрэеўна Гасціловіч Уладзімір Васільев. Гацак Максім Віктаравіч Гедроіць Аляксандр Генадзев. Герасёва Таццяна Андрэеўна Герман Таццяна Гільвей Валянціна Грыцкевіч Анатоль Грышкевіч Лявон Іосіфавіч Грэбень Раіса Гуркова Каміла Дашкевіч Віктар Дварэцкі Аляксей Вадзімавіч Дварэцкі Андрэй Вадзімавіч Дзям'яненка Юлія Дзям'янаў Аляксандр Уладзім. Доўнар Павел Віктаравіч Дранжкевіч Марыя Дробаў Іван Міхайлавіч Дубовік Ганна Ўладзіміраўна Дуброўская Наталля Дунецкі Анатоль Дычок Рэгіна Янаўна Езавіт Т. В. Ефімовіч Аляксандр Вячасл. Ефімоўская Дана Жарнасек Ірэна Францаўна Жылінская Святлана Жынь Канстанцін Уладзімір. Заіка Зоя Міхайлаўна Закрэўская Ніна Зарубава Ганна Ўладзіміраўна Захарава Кацярына Алякс. Збадоўскі Эдуард Іосіфавіч Здановіч Ніна Іванаўна Землякова Ала Зімніцкая Ганна Ігараўна Зімніцкі Леанід Зубар Марына Ўладзіміраўна Іванковіч Уладзімір Уладзімір. Івановіч Кацярына Анатол. Ігнатчык Алег Уладзіміравіч Іпатава Вольга Міхайлаўна Кабышаў Зміцер Кавальчук Тацяна Казак Валянціна Казак Міхась Мікалаевіч Казак Сяргей Іванавіч Казлоўскі Алег Феліксавіч Калесніковіч Максім Калінка Святлана Міхайлаўна Каліноўская Марыя Калядка Іна Канопкіна Тацяна Станіслав. Канус Марыя Іванаўна Капарыха Мікола Капуста Алена Міхайлаўна Карабан Станіслаў Вацлававіч Каралёнак Мікалай Мікалаев. Каратчэня Іван Адамавіч Карней Ігар Пятровіч Карповіч Уладзімір Леанідавіч Картузава Яўгенія Юр'еўна Карэнька Людміла Мікалаеўна Каспяровіч Ілля Алегавіч Касьян Марыя Віктараўна Кашчэева Людміла Каяла Ўладзімір Іванавіч Кізееў Ігар Кісель Тацяна Аляксандр. Клімашонак Віталь Алегавіч Кліменценка Святлана Ульян. Клімуць Яраслаў Іванавіч Клямята Ўладзімір Антонавіч Кніга Галіна Кожан Кліменці Арсенавіч Козел Алена Аляксандраўна Коласава Алена Аляксандр. Корнеў Павел Іванавіч Котаў Павел Аляксандравіч Красоўская Тацяна Красоўскі Леанід Мікалаевіч Красоцкі Ян Краўчук Ала Крол Вера Сяргееўна Крывальцэвіч Мікола Крывой Яраслаў Віктаравіч Крыж Сяргей Аляксандравіч Кузьменкоў Генадзь Адамавіч Кулік Анатоль Курчанава Ларыса Вітальеўна Куцэпаленка Яўген Лабанава Наталля Андрэеўна Лабоха Канстанцін Валянцін. Лазарэнкаў Валянцін Лазюк Аляксандр Лакішык Аляксей Рыгоравіч Ларычаў Алег Васільевіч Лашук Алег Пятровіч Ліпскі Канстанцін Аляксеевіч Лісоўскі Дзмітры Ліцкевіч Наталля Ліцьвінчук Анатоль Лобан Павел Міхайлавіч Лобец Алесь Паўлавіч Лукашэнка Антон Уладзімір. Луцэвіч Аляксандр Сяргеевіч Лысенак Р.В. Лысы Аляксандр Уладзімір. Люліна Алена Канстанцінаўна Магалінскі Ігар Уладзіміравіч Магучава Тацяна Васільеўна Магучая Галіна Малаковіч Надзея Маліноўскі Лявон Малышава Людміла Яўгенаўна Малышка Іпаліт Міхайлавіч Малюк Марына Маляўка Марыя Маркоўская Кацярына Мікал. Мароз Аксана Пятроўна Марцынкевіч Марыя Масакоўскі Уладзімір Генадз. Мацюшава Яна Аляксандр. Мельнікаў Юры Леанідавіч Мільнова Тацяна Мікалаеўна Мінько Мірына Міхалева Варвара Міхалькевіч Людміла Мікал. Міханчык Нэлі Міцкевіч Людміла Мішкель Станіслаў Мішкоў Яўген Музычэнка Андрэй Мікал. Мускі Барыс Георгіевіч Мялешка Віктар Александр. Навагродскі Мечыслаў Аляк. Навахрост Кацярына Навуменка Валянціна Мікал. Нагорны Юры Аляксандравіч Нікалаеў Аляксандр Яўгенавіч Нікіцін Аляксандр Аркадз. Новік Міхась Фаміч Норка Алеся Падабед Аляксандр Палубінская З. Г. Панізовіч Марат Яфімавіч Панкратава Наталля Сярг. Патаранскі Сяргей Сяргеевіч Паўлючук Антон Пісарэнка Аляксандр Васіл. Пляхневіч Тамара Пракаповіч Наталля Фёдар. Пракурат Яўген Андрэевіч Пратасаў Мікалай Пратасеня Юры Аляксандр. Прымака Васіль Дзмітрыевіч Прыхач Віталь Іванавіч Прышчыц Валянціна Сцяпан. Пярвушына Галіна Сяргееўна Пясецкі Генадзь Леанідавіч Пячкоўскі Франц Уладзімір. Рабянок Дзяніс Радзюк Міхаіл Міхайлавіч Рамановіч Вераніка Роўкач Андрэй Рудак Тацяна Рудзіч Алена Руцкая Алена Вітальеўна Рымша Сяргей Савіцкая Тацяна Савуліч Мікалай Самуйлік Яўген Рыгоравіч Сасковіч Алена Саханчук Сцяпан Свентахоўская Валянціна Міх. Свістунова Алеся Аляксандр. Семянчук Альбіна Сівіцкі Ўладзімір Уладзімір. Сімбіраў Ігар Сіповіч Святаслаў Іосіфавіч Сітніца Рыгор Скамейка Сяргей Кузьміч Скрыпко М.А. Снітко Тамара Стагначоў Уладзімір Судак Вікторыя Суша Тамара Мікалаеўна Сушчэня Анатоль Сцепанчук Надзея Сытая Тацяна Сяргейчык Аляксей Мікал. Тамашоў Мікалай Тамашэвіч Аляксандр Уладз. Тамашэвіч Тамаш Іосіфавіч Тарасевіч Тамара Сафронаўна Трухін Уладзімір Фёдаравіч Украінка Сяргей Сяргеевіч Фёдарава Вольга Дзмітрыеўна Федаровіч Святлана Міхайл. Федзюшка Надзея Фядотаў Феакціст Фёдаравіч Хадановіч Маргарыта Міхайл. Хадоркін Мікола Фёдаравіч Хамайда Барыс Хамец Міхась Дзмітрыевіч Хмараў Сяргей Рыгоравіч Царкова Ніна Канстанцінаўна Цітоў Ігар Віктаравіч Ціхачова Ганна Цыбульская Людміла Віктар. Цяцёркін Мікалай Яўгенавіч Чайка Сяргей Чаркасава Любоў Восіпаўна Чарных Наталля Чарнякова Вольга Чачотка Анатоль Ілліч Чылек Міхаіл Паўлавіч Чырэка Алесь Шаклач Таццяна Шафарэнка Мікалай Мікал. Швец Алена Шыбека Аляксандр Сяргеевіч Шыдлоўская Ніна Анатол. Шыман Дзмітры Валянцінавіч Шыманец Алена Шынкевіч Уладзімір Шышко Вадзім Аляксандравіч Юранкова Марыя Віктараўна Якалцэвіч Марыя Антонаўна Якушава Аліна Мікалаеўна Янушкевіч Леанід Яцкевіч Уладзімір Антонавіч


Лапцік абураецца

У газеце "Народная воля" ў раздзеле "Дыскусія" з'явіўся вялікі артыкул "Чаму я не згодзен са спадаром Трусавым..." Тэкст пададзены за подпісам Вячаслава Лапціка, беларуса, мінчаніна. І гэтых "Чаму?" у мяне з'явілася мноства.

Па-першае. Ці існуе спадар Лапцік у сапраўднасці? Бо агульныя словы "беларус": і "Мінск" не даюць права думаць, што гэта сапраўднае імя аўтара абуральнага артыкула. Не гледзячы на тое, ці ёсць такі Лапцік, ці яго няма, але вымушаны ўступіць у дыскусію, бо я лічу яна будзе карысная для многіх беларусаў.

Спадар Лапцік, тыя лічбы, якія вы прыводзеце ў сваім абуральным артыкуле, нам добра вядомыя. Яны для нас не толькі абуральныя, але не даюць спакою. Яны нам не даюць спакойна спаць і жыць. Мы не толькі зварухнуліся, але ўтварылі грамадскае аб'яднанне Таварыства беларускай мовы, каб ратаваць родную мову, ратаваць нацыю. Мы не толькі "гудзім", але крычым, стукаемся не толькі ў сэрцы асобных людзей, але і ў кабінеты адказных чыноўнікаў. Толькі нас там не чуюць і самае галоўнае - не хочуць чуць.

Спадар Лапцік, а ў якія кабінеты хадзілі вы, каб ратаваць родную мову?

ТБМ выступіла ініцыятарам і разам з іншымі нацыянальнымі структурамі арганізавала і правяло Кангрэс за незалежнасць Беларусі. А што не дало вам, спадар Лапцік, прыйсці на Кангрэс у якасці дэлегата ці хаця б госця? Чаму, калі не зрабіць, то хаця б выказацца за Беларусь?

Аўтар артыкула незадаволены тым, што мала рэкламы па-беларуску. Мы гэтым не талькі абураемся, але і дзейнічаем. Дакладваю, спадар Лапцік, толькі маімі паходамі ў розныя кабінеты райгарвыканкама на вуліцах Пінска побач з рускамоўнымі, хоць і зрэдку, з'явіліся беларускамоўныя шыльды з назвамі вуліц. З ініцыятывы асобных кіраўнікоў дзяржаўных і недзяржаўных устаноў з'явілася рэклама на беларускай мове. Мы асабліва ўдзячны кіраўніцтву "Піна-прынт" за беларускамоўную рэкламу.

Няма нашай віны і ў тым, што "Белдзяржтэлерадыёкампанія" рускамоўная. Можа ў гэтым мала вінаваты і спадар Давыдзька. Спадар Лапцік, калі вы можаце паўплываць на Давыдзьку, то беларусы будуць вам удячныя.

Спадар Лапцік, ні Алег Трусаў, ні ў цэлым ТБМ не лічыць, што выканалі сваю місію. Мы не млеем ад радасці і шчасця за вынікі сваёй дзейнасці. Нас непакоіць тое жахлівае становішча, што склалася вакол беларускай мовы.

Шмат, вельмі шмат прад'явіў Лапцік спадару Трусаву і ў цэлым нашаму грамадскаму аб'яднанню. Пра ўсе недахопы ў нашай дзейнасці мы знаем. Пры ўсім нашым старанні стан беларускай мовы не толькі не паляпшаецца, але наадварот пагаршаецца.

Хачу напомніць абвінаваўцу, што сп. Трусаў даў згоду на апошні тэрмін старшынства ў Радзе ТБМ.

У спадара Лапціка ёсць усе шансы стаць чацвёртым лідарам Таварыства. Для гэтага патрэбна адкрыта заявіць аб сваёй персоне, аб сваім жаданні і здольнасцях падняць работу аб'яднання. Сябры Таварыства і ўсе сумленныя беларусы будуць удзячныя за выратаванне беларускай мовы.

У спадара Лапціка ёсць усе магчымасці, каб ператварыць "вясёлкавыя" перспектывы ў рэчаіснасць.

І напрыканцы. У адрозненне ад сп. Лапціка я падпісваюся адкрыта:

Уладзідмір Гук , пенсіянер, сябар ТБМ і старшыня Пінскай раённай арганізацыі, жыхар в. Бобрык Пінскага раёна.


Юбілей валанцёра ТБМ

2 студзеня 2015 года адзначае 75 - годзе Надзея Якаўлеўна Малаковіч (дзявочае - Бірук ) Яна нарадзілася на хутары вёскі Лазавічы (1,5 км ад польска-савецкай мяжы) - апошняе, 6-ае дзіця ў сям'і. Маці - Лазук Ганна Фёдараўна, а тата - Бірук Якаў Мікалаевіч, двое дзяцей памерлі маленькімі, двое - ва ўзросце нявест, апошні брат памёр у 1986 годзе.

Надзея ў 1954 годзе скончыла Кунцаўскую сямігодку Клецкага р-на, Баранавіцкай вобласці, а потым вучылася ў сярэдняй школе (з 8 па 10 клас) ў мястэчку Заастравечча, дзе праходзілі падзеі Слуцкага збройнага чыну.

Пасля сярэдняй школы паступала ў Баранавіцкае медыцынскае вучылішча, але туды не паступіла, бо па гісторыі атрымала 4, а не 5.

Уладкавалася піянерважатай у вёску Забалацце, дзе адпрацавала 3 гады Пасля 2-х год працы паступіла ў БДУ (1960), які скончыла ў 1966. Дыпломную працу, якая мела назву "Янка Купала і беларуская народная песня" курыраваў славуты Ніл Сымонавіч Гілевіч, а рэцынзентам быў Алег Лойка.

Потым перавялася ў Клецкі р-н настаўніцай пачатковых класаў у Кумлеўскай школе. У тыя гады яе любімыя пісьменнікі - Купала. Колас. Лынькоў, Кузьма Чорны. Лічыла сабе "зямлячкай Кузьмы Чорнага", бо хадзіла з матуляю ў Цімкавічы ў краму.

Яшчэ ў 1963 годзе Надзея пабралася шлюбам з Малаковічам Леанідам Сцяпанавічам (1936-1982 гг.) мае дачушку Святлану 1964 г. і сына Аляксандра 1967 г.

У 1963 годзе працавала ў вёсцы Ляплёўка на мяжы з Польшчай (Берасцейшчына). З 1964 па 1965 гг. працавала ў Вялікагадскай шко-ле Бярозаўска-га р-на. З 1965 па1966 гг. працавала ў школе рабочай моладзі ў г. Івацэвічы.

Каб стаж не перарваўся адну чвэрць жанчына адпрацавала ў школе-інтэрнаце, а потым звольнілася і працавала на вул. Берасцянскай ў дзіцячым садку, а пасля нараджэння сына ў 1966-67 працавала ў СШ № 106 1 год, а потым да 1994 года працавала ў СШ № 112. Пасля пайшла працаваць у СШ № 137 - беларуская школа, дзе працавал ў класах з беларускай мовай навучання да 1997 года, а потым яшчэ 2 гады працавал ў СШ № 55 Ленінскага р-на, а далей былі класы з беларускай мовай навучання ў СШ №143.

У 2001 годзе Надзея Якаўлеўна закончыла педагагічную дзейнасць. У 2009 годзе яна стала валанцёрам ТБМ. Мае 2-х унукаў: Кірыла і Ўладзіслава. Сп. Надзея марыць, каб Беларусь засталася незалежнай і сапраўднай краінай!

Аляксей Шалахоўскі. Сямейныя здымкі з архіва юбіляркі .


Творца, якая не лічыць гадоў

"Як справядліва заўважыў у свой час беларускі паэт Алесь Бачыла, рэцэнзуючы першы зборнік Вольгі Іпатавай "Раніца!", які выйшаў у 1969 годзе, "не быў бы дзіцячы дом жыццёвай калыскай паэтэсы, не нарадзіліся бы і многія чыстасардэчныя яе радкі" .

"... Шырокае тэматычнае кола ўжо здзейсненых задумаў (...) Вольгі Іпатавай, вялікія зямныя і гістарычныя прасторы, на якіх яна шукае сваіх герояў..."

Нічыпар Пашкевіч (пераклады з яго артыкула "Душа абязана трудиться" з кнігі Вольгі Іпатавай "Узелок Святогора", Масква, "Молодая гвардия", 1976, 100000 экз.).

Вольга Міхайлаўна Іпатава - гэта гонар, годнасць, самабытны, адметны, яркі творца нашай, беларускай, нацыі.

У маім кніжным зборы шмат выданняў паэтэсы, празаіка, публіцыста, перакладчыка, драматурга, журналіста, літаратурнага крытыка, лібрэтыста на роднай і рускай мовах, выразкі з яе публікацыямі ў газеце "Культура", сярод іх і з яе аўтографамі. Як, напрыклад, "Альгердава дзіда" (Мінск, Беллітфонд, 2009): "... - змагару даследчыку, якому ўдаецца немагчымае - з павагай і на сяброўства. 15.06.2012. (подпіс)", дзе шматкроп'е - маё імя і прозвішча.

Так здарылася, што Вольга Міхайлаўна і я нарадзіліся ў адным і тым жа пераможным годзе, абое гадаваліся ў дзіцячых дамах, а праз шмат дзесяцігоддзяў сышліся ў адной і той жа рэдакцыі газеты "Культура", яна была тады галоўным рэдактарам, а я проста пісаў у гэтае ж выданне і калі - нікалі з сваімі матэрыяламі прыязджаў у сталіцу на вуліцу Кірава, дзе месціліся тады "культураўцы". Мяне там заўсёдна прымалі ўважліва і паважліва, праўда, калі-нікалі і ў вострай палеміцы. І пры ўсім тым, адбываліся мае там пастаянныя публікацыі. Частка з іх, відавочна, не ўкладвалася ў нейкія стэрэатыпы і догмы мыслення, але выклікала яўную зацікаўленнасць чытачоў, пра што яны палка пісалі ў газету.

Шмат кім было заўважана ў Баранавічах, што папярэдзь, чым пачаць сваю творчую сустрэчу, Вольга Міхайлаўна па-сяброўску аглядала залу і, калі бачыла мяне, то дружалюбна ўсміхалася і потым пачынала сваю гаворку...

... Нарадзілася В.М. Іпатава ў першы дзень Новага 1945 г. (1 студзеня). У розных энцыклапедыях, даведніках, хрэстаматыях, анталогіях ды іншых выданнях пішацца, што яна прыйшла ў гэты свет у г.п. Мір Карэліцкага раёна, Гарадзенскай вобласці, то гэта гістарычная недакладнасць, бо тады Мір знаходзіўся ў Мірскім раёне, які ўваходзіў у Баранавіцкую вобласць. Па-гэтаму трэба ў народзе выхоўваць гістарычную памяць, а ў дужках пазначаць сучаснае адміністратыўна-тэратырыяльнае дзяленне.

З 1949 г. Воленька жыла ў в. Забелле на Віцебшчыне. Там яна скончыла трэці клас, а чацвёрты завяршыла ў Наваградку (1945-1955).

І на гэтым не скончыліся жыццёвыя блуканні дзіцяці, яна ўжо жыла ў в. Хрольчыцы, што на Дзятлаўшчыне, дзе працаваў яе бацька, а вучылася ў Таркачоўскай сярэдняй школе таго ж раёна, тут скончыла пяты клас.

У 1956-1961 гадах Воленька Іпатава гадавалася ў адным з дзіцячых дамоў горада над Нёманам, а вучылася яна ў Гародні (Гарадзені) і скончыла сярэднюю школу № 7.

Як адзначае вучоны і пісьменнік А. М. Пяткевіч у сваім унікальным даведніку "Людзі культуры з Гродзеншчыны" (Гродна, ГРДУ, 2000): "Літаратурную працу пачынала з вершаў (1956)", а складальнік А.К. Гарадзіцкі даведніка "Беларускія пісьменнікі (1917-1990)" (Мінск, "Мастацкая літаратура", 1994) пісаў: "Друкуецца з 1959 г." .

Чаму мы так падрабязна пішам пра дзіцячыя гады творцы? Гэта, каб не забыліся ў гэтых мясцінах, што людзі там знаходзіліся ў магнетычным полі яе жыцця.

Для мяне ж асабіста Вольга Іпатава, калі не маніць мне памяць, то яна ў мой розум увайшла ў 1960 годзе, бо і што гаварыць, а чуткамі аб такіх адораных гадаванцах прытулкаў поўнілася зямля. А я ж тады з 1953 па 1962 гады гадаваўся ў блізкім ад Гародні мястэчку Парэчча ў дзіцячым доме № 2.

Пасля школы Вольга накіравалася ў Менск і пасля першай спробы паступіла ў Белдзяржуніверсітэт, праз 2 гады (1963) перавялася на завочную форму адукацыі, скончыла гэтую ўстанову у 1967.

Настаўнічала ў вёсцы Руба на Віцебшчыне. Рабіла таваразнаўцам у Віцебску ў аблкнігагандлі. Потым яна працуе інструктарам, загадчыкам сектара Гарадзенскага гаркама камсамолу, у Гарадзенскім абкаме ЛКСМБ (1965-1968 гады), але яе цягнула жывая творчая праца, таму ідзе рэдактарам на Гарадзенскую абласную студыю тэлебачання (1968-1970).

У 1970-1973 гадах В.М. Іпатава працуе ў Менску на вуліцы Захарава, 19 літсупрацоўнікам газеты "Літаратура і мастацтва", затым - кансультантам газеты "Чырвоная змена".

Цяга да новых ведаў, да вышэйшай літаратурнай вучобы прывяла ў 1975 г. В.М. Іпатаву ў Маскву, у аспірантуру Літаратурнага інстытута імя М. Горкага, скончыла ўстанову ў 1978 г.

Вярнулася адтуль у Менск у родную "Чырвоную змену" (1978-1979). Дадам, што гэтая выдатная і папулярная газета беларускай моладзі была збанкрутавана і зараз як юрыдычная ўстанова не існуе. Мне дасюль шкада гэтага выдання, бо ў ім адбылася мая першая публікацыя на роднай мове ў гады маёй службы ў сталіцы, а потым мая творчая сувязь плодна працягвалася пасля вяртання ў Беларусь з Арэнбургшчыны і доўжылася яна да апошняга галоўнага рэдактара, які і давёў газету да скону.

У 1985-1989 гадах Вольга Міхайлаўна - галоўны рэдактар літаратурна-драматычнай рэдакцыі Беларускага тэлебачання і вяла перадачы "Спадчына" і "Ліра", у 1989-1991 - загадчык аддзела, намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Спадчына". У год станаўлення незалежнай Беларускай дзяржавы становіцца галоўным рэдактарам газеты "Культуры", у сувязі з агромністай грамадскай дзейнасцю яна пераходзіць у гэтай жа газеце ў загадчыкі аддзела. Галоўнай яе працай робіцца Саюз беларускіх пісьменнікаў - першы намеснік старшыні, а потым абіраецца і старшынёй (1989-2002 гады).

Зараз творца жыве ў Канадзе ў сына, гадуе яго малечу, не парывае сувязей з Бацькаўшчынай і пастаянна прылятае ў яе. Яна сябар Саюза пісьменнікаў СССР і Беларусі з 1970 г.

Вольга Міхайлаўна ўзнагароджана ардэнам "Знак Пашаны" і беларускім медалём Францыска Скарыны, лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій. Яна аднолькава і выдатна піша яе для дзетак, так для юнацтва і дарослых людзей.

Вольга Іпатава - шматгранная пісьменніца, яна дзівосна і высокапрафесійна адчувае сябе ў паэзіі, прозе, публіцыстыцы, драматургіі, журналістыцы, у літаратурнай крытыцы, перакладчыцкай дзейнасці, на тэлебачанні і ў розных аўдыторыях. Як творца, яна шмат перакладалася ў Маскве, у той час яна дзейсна перакладала на рускую мову свае творы, рускіх, украінскіх, узбекскіх і іншых мастакоў прыгожага пісьменства на беларускую. Мае лібрэта оперы "Князь Наваградскі" (паст. 1992), словамі, творчая працаздольнасць Вольгі Міхайлаўны, яе здабыткі не маюць межаў.

Усе выданні В. Іпатавай немагчыма пералічыць, таму назаву талькі некаторыя з іх - "Раніца" (1969), "Парасткі" (1976), "Вецер над стромай" (1978, рускае выданне. Масква, 1980, адзначана на Усесаюзным конкурсе імя М. Горкага першай прэміяй), - а таксама "Прадыслава" (1973), "Чорная княгіня" (1989), "Агонь у жылах крэменю" (1989), "За морам Хвалынскім" (1989), трылогія "Альгердава дзіда" (2002), "Апошнія ахвяры свяшчэннага дуба" (2006), зусім нядаўні "Знак Вялікага Магістра", апавяданні "Давыд Гарадзенскі", "Гайна і Мікаш", "Скор з Пявучага ручая", "Гул далёкіх стагоддзяў" - розныя гады.

Ад рэдакцыі "Нашага слова", яе чытачоў і прыхільнікаў, ад сябе асабіста, дарагая і вельмі шаноўная творца і дзеяч Вольга Міхайлаўна, вітаем і віншуем Вас з юбілеем!

Доўгіх - доўгіх гадоў Вам жыцця, новых і вялікіх творчых здабыткаў у імя сябе і нашай Бацькаўшчыны, сонечна-прамяністага шчасця, моцнага здароўя, толькі чыстых і светлых дзён, сямейнага цяпла і ўтульнасці ва ўсім разам з дабрабытам!

Са свайго кнігазбору дастаў падручнік - хрэстаматыю для 5-га класа "Родная літаратура" (1995) і ў ім угледзеў адрыўкі з аповесцей В. Іпатавай "Прадслава" і "Давыд Гарадзенскі" і падумалася, якія былі тады шчаслівыя дзеткі, якія змаглі далучыцца да сапраўднай прыгажосці нашай літаратуры!

Паводле сваіх уражанняў і сродкаў друку Міхась Угрынскі , г. Баранавічы.


Да выхаду новай кнігі Алега Трусава "Кароткая гісторыя архітэктуры Беларусі"

Эпоха БССР (1921-1991 гг.)

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

У гэтыя часы ў Бабруйску сцены Мікалаеўскага сабора ўключылі ў комплекс гарадскога спартыўнага цэнтра з басейнам.

У 1957 г. было знішчана Менскае замчышча. На яго месцы пабудавалі комплекс "Працоўных рэзерваў". Праз замчышча праклалі паркавую магістраль - зараз праспект Пераможцаў. У 60-70-х гадах канчаткова склаўся ансамбль плошчы Леніна (зараз плошча Незалежнасці). У 1964 г. да карпусоў БДУ далучыўся будынак гарвыканкама, у 1984 г. - гмах Метрабуда з адмысловым ветранікам і гадзіннікам, і нарэшце новы корпус БДПІ (1988-1989 гг.). На Юбілейнай плошчы з'явіўся самы высокі будынак у горадзе - дваццаціпавярховы Інстытут Белпраект вышынёй 90 м.

У Віцебску ў 60-х гадах сфармавалася новае аблічча Маскоўскага праспекта, дзе варта адзначыць будынкі Галоўпаштамта і магазіны "Дзіцячы свет", "Цэнтральны" і "1 000 дробязяў". У Менску з'явіліся Палац спорту, некалькі вялікіх гасцініц і кінатэатраў. У Гародні пабудавалі тэатр і гасцініцу "Гродна".

У гэтыя часы змяняюцца адносіны да гістарычнай, культурнай і архітэктурнай спадчыны, пачынаецца рэстаўрацыя некаторых помнікаў архітэктуры, узнікаюць музеі-запаведнікі. У чэрвені 1964 г. у Менску на Ленінскім праспекце, побач з Палацам прафсаюзаў, пабудавалі новы будынак дзяржаўнага музея БССР. Аднак неўзабаве гэты музей перасялілі ў будынак былога банка на вуліцы Карла Маркса, а новую пабудову заняў музей Вялікай Айчыннай вайны.

У верасні 1967 г. у Полацку заснаваны першы ў БССР архітэктурна-археалагічны запаведнік, які меў плошчу 31,3 га і першапачаткова ўключаў у сябе тэрыторыю Ніжняга і Верхняга замкаў, а таксама Сафійскі сабор.

У 1973 г. у Менску пабудавалі Палац мастацтваў. Асіметрычны галоўны ўваход падкрэсліваецца вялікім брыльком. Галоўны верхні аб'ём падтрымліваюць пілоны. Палац атрымаў тры выставачныя залы - жывапісу (плошча 1045 квадратных метраў), графікі (670 квадратных метраў) і дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва (500 квадратных метраў).

У канцы 60-х гадоў зноў з'явілася рэальная пагроза гістарычнаму цэнтру Менска. С. Мусінскі, Д. Кудраўцаў і Л. Каджар прапанавалі праект рэканструкцыі вуліцы Няміга, паводле якога старажытная забудова зносілася, а вуліца значна пашыралася. Не гледзячы на супраціў грамадскасці і крытычныя артыкулы ў цэнтральных савецкіх газетах, Нямігу знеслі, і на адным з яе бакоў пабудавалі высокі жылы дом, які атрымаў мянушку "Дом Мусінскага".

Рэальная пагроза ўзнікла і для Петрапаўлаўскай царквы, помніка архітэктуры XVII ст., прыстасаванай пад архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі. Аднак помнік удалося захаваць, але пастаўлены побач "Дом Мусінскага" знішчыў аб'ект як гістарычную дамінанту старадаўняга Менска. Дарэчы, падчас зямельных работ на вуліцы Няміга будаўнікі натрапілі на ганчарны горн канца XVI - пачатку XVII ст., у якім захавалася шмат посуду і кафлі. Археолагі перанеслі яго ў Заслаўскі музей, дзе ён быў у музейнай экспазіцыі да пачатку 90-х гадоў ХХ ст.

У гэты ж час архітэктары на чале з Ю. Шмітам і Ю. Грыгор'евым задумалі знесці гістарычную забудову Траецкага прадмесця і Верхняга горада разам з Купалаўскім тэатрам. Яны прапанавалі стварыць т. зв. "Водна-зялёны дыяметр" - вольную прастору ад будынка ЦК КПБ да загараднай рэзідэнцыі П. Машэрава ў Драздах. Але, дзякуючы намаганням беларускай інтэлігенцыі, і асабіста Уладзіміра Караткевіча, гэтую задумку ўдалося прыпыніць.

Тады, у другой палове 70-х гадоў ХХ ст., узнікла грамадская ініцыятыва зрабіць праект адбудовы і рэканструкцыі гэтай часткі гістарычнага цэнтра.

Сфармавалася група спецыялістаў, у якую ўвайшлі маладыя архітэктары-рэстаўратары на чале з Сяргеем Багласавым, гісторык Уладзімір Дзянісаў, археолаг і мастацтвазнаўца Зянон Пазняк, археолаг Валянцін Собаль, аўтар гэтай кнігі і іншыя энтузіясты адраджэння Менска. Да 1979 г. быў зроблены дэталёвы праект гістарычнай рэканструкцыі Менска, зроблены прыгожы макет аднаўлення Верхняга горада з ратушай, гандлёвымі радамі, Святадухаўской царквой і іншымі страчанымі альбо знявечанымі раней, а зараз цалкам адноўленымі храмамі і кляштарамі.

Аформлены маляўнічы альбом з праектам захавання Менска, праз супрацоўніка ЦК КПБ Уладзіміра Гілепа, перададзены ў рукі непасрэдна Пятра Машэрава. Праект яму спадабаўся і яго зацвердзілі, адмяніўшы папярэднія прапановы. У 1980 г. пачалася рэканструкцыя Траецкага прадмесця, а потым Верхняга горада. Цалкам грамадскі праект быў рэалізаваны ў 2012 г.

Дзякуючы ініцыятыве акадэміка Гаўрылы Гарэцкага, пачынаючы з 1974 г. пачалася праца па стварэнні ў мікрараёне Уручча ў Менску Музея валуноў.

Ацаніўшы важнасць валуноў для вывучэння роднай зямлі, усвядоміўшы неабходнасць захавання найбольш каштоўных асобнікаў, у Менску пад патранажам АН БССР у 1976 г. фармуецца навукова-тэхнічная геалагічная экспедыцыя. На працягу пяці гадоў 2134 валуны былі прывезены на тэрыторыю музея. Тут сабраныя валуны з усёй Беларусі. Калісьці шмат мільёнау гадоў назад занёс іх да нас вялікі ледавік. Сабраць тысячы велізарных камянёў з усёй Беларусі і прывезці іх сюды было вельмі не простай справай. Сваю задуму стваральнікі музея (навукоўцы-энтузіясты з Інстытута геахіміі і геафізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі), да іх гонару, шмат у чым рэалізавалі.У 1985 г. завяршыўся першы этап работ: на месцы балота зрабілі пляцоўку, сфармавалі рэльеф, расклалі камяні. На тэрыторыі шасці гектараў зымітавана тэрыторыя Беларусі, на якой з дапамогай ледавіковых валуноў і меншых камянёў пазначаныя асноўныя населеныя пункты краіны.

У 1989 г. музей валуноў аб'яўлены помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Беларускі парк валуноў не мае аналагаў у свеце. Ідэя, вядома, была і ў Літвы, і ў Румыніі, і ў Швецыі, і ў Германіі. Але нікому так і не ўдалося ўвасобіць задумку ў жыццё. Парк камянёў - сваеасаблівы музей валуноў пад адкрытым небам. Знаходзіцца "цуд" - парк на ўсходняй ўскраіне горада: паміж Акадэмгарадком і мікрараёнам Уручча.

9 снежня 1976 г. была прынята пастанова ўрада "Аб стварэнні беларускага дзяржаўнага музея архітэктуры і побыту". Была створана рабочая група пры Міністэрстве культуры, якая займалася распрацоўкай навуковых прынцыпаў будучага музея. У выніку ў аснову музея быў пакладзены этнаграфічны прынцып, заснаваны на распрацаваным да гэтага моманту гістарычна-этнаграфічным раянаванні. Рэгіёны павінны былі быць прадстаўлены характэрнымі тыпамі пабудоў: сектар мястэчка і ўнікальныя помнікі.

У выніку праектных распрацовак экспазіцыйная тэрыторыя музея набыла памер 750 га, запаведная і ахоўная зона - каля 3 000 га. Зараз тэрыторыя, прыблізна, 150 га адведзена пад сам музей. У 1982 г. пачалася перавозка першых помнікаў, а ў 1987 г. быў адкрыты сектар Цэнтральная Беларусь. Вялікі ўклад зрабіла Белрэстаўрацыя ў перыяд 1982-1989 гг. З 1990 г. праводзіцца праграма азелянення.

Унікальны музей народнай архітэктуры і побыту пад акрытым небам размешчаны на беразе ракі Пціч, паміж вёскамі Строчыцы і Азярцо. Пакуль прадстаўлены толькі тры раёны: Цэнтральная Беларусь (Менская вобласць), Паазер'е (Віцебская вобласць) і Падняпроўе (Магілёўская вобласць). Гэта 1/6 частка прадугледжанага плану.

У музеі прадстаўлены побыт беларускай вёскі, школа, уніяцкі храм, тэатр-батлейка, карчма, прадметы народнага побыту. Калі глядзець з процілеглага берага Пцічы, то гэта - невялікая вёска са сваёй царквой, млыном, бярвеністымі хатамі. Калі трапляеш на тэрыторыю музея, то бачыш, што вёска дзеліцца на тры сектары. У кожным сектары ёсць жылыя пабудовы, якія адрозніваюцца мясцовымі асаблівасцямі. Напрыклад, вёска Віцебскай вобласці больш сучасная, у сялянскай хаце можна ўбачыць швейную машынку, ложак замест тра-дыцыйных палаткаў, крэслы, а не лавы, як у Магілёўскай вёсцы.

У Строчыцах праходзяць народныя святы і гульні - Дажынкі, Каляды і Масленіца, а таксама Дзяды, Вялікдзень, Купалле. Усе экспанаты Музея пад адкрытым небам "Строчыцы" (а іх каля 20 тысяч) сабраныя ў розных абласцях Беларусі. Хаты, храмы, адрыны разбіраліся і цалкам перавозіліся на яго тэрыторыю.

2 сакавіка 1982 г. на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці быў адкрыты ўнікальны аб'ект - археалагічны музей "Бярэсце". У выніку археалагічных раскопак, якія тут адбываліся ў 1969-1981 гадах пад кіраўніцтвам археолага Пятра Лысенкі была адкапана драўляная забудова старажытнага горада, якая надзіва добра захавалася. Над археалагічным раскопам узведзены са шкла і бетону павільён. Вакол раскопу, што ў цэнтральнай частцы музея, у 14 бакавых павільёнах-нішах размясцілася экспазіцыя, дзе сабрана каля 42 тысяч экспанатаў. У самім раскопе можна пабачыць 28 драўляных жылых і гаспадарчых пабудоў ХІІІ ст. і дзве драўляныя маставыя.

У 1967 г. у Заслаўі пад Менскам быў створаны гістарычна-археалагічны запаведнік. Моцны штуршок развіццю музейнай справы ў Заслаўі надала дзейнасць Музея рамёстваў і народных промыслаў Беларусі, філіяла Дзяржаўнага музея БССР, экспазіцыя якога з 1978 па 1990 г. функцыянавала на базе помніка канца XVI ст., былога кальвінскага збору, цяперашняй Спаса-Праабражэнскай царквы.

Гістарычна-культурны запаведнік "Заслаўе" быў заснаваны пастановай Савета Міністраў БССР ад 31 снежня 1986 г. Дадатковае слова "музей" з'явілася ў яго назве толькі ў 1997 г. Яшчэ пазней, у 2001 г., музей-запаведнік атрымаў статус дзяржаўнай установы, хаця фактычна з'яўляўся такой з самога пачатку.

У 1988 г. супрацоўнікамі толькі што створанага музея былі набыты першыя музейныя прадметы. Так пачаў фармавацца музейны фонд. У наш час фонд гістарычна-культурнага музея-запаведніка "Заслаўе" налічвае 12282 адзінкі асноўнага і 4711 адзінак навукова-дапаможнага фонду. У 1989 годзе былі зроблены найбольш значныя паступленні. Яны паслужылі базай для фармавання структуры фонду. На сённяшні дзень музейны фонд складаецца з асноўнага фонду, навукова-дапаможнага і фонду часовых паступленняў. У сваю чаргу асноўны фонд падзяляецца на 22 калекцыі.

1992 г. гасцінна расчыніў свае дзверы музейна-выставачны комплекс па адрасу: вул. Рынкавая, 4. У ім пачалі працаваць пастаянныя экспазіцыі "Зала габеленаў" і "Музыка вячорак" (прысвечана народным музычным інструментам). Трэцяя зала музейнага будынка дала прытулак шматлікім археалагічным знаходкам, што дазволіла ідэнтыфікаваць помнік як рэшткі летапіснага Ізяслаўля. Такім чынам, межы заслаўскай гісторыі акрэсліліся 1000-гадовым узростам. Гэты факт якасна паўплываў на вяртанне г/п Заслаўе статусу горада.

Сёння гістарычна-культурны музей-запаведнік "Заслаўе", які ў год наведвае болей за 35 тысяч чалавек, уяўляе сабой складаную сістэму аб'ектаў і ахоўных тэрыторый, аб'яднаных паміж сабой гістарычна, тэматычна і функцыянальна. Пад аховай запаведніка знаходзяцца 113 га старажытнай часткі горада, на якой размяшчаюцца такія гістарычныя каштоўнасці, як гарадзішча "Замэчак" (помнік археалогіі Х-ХІІ стст.), гарадзішча "Вал" з былым кальвінскім зборам (гістарычна-культурны помнік ХІ-ХVІІ стст.), курганныя могільнікі Х-ХІ стст., касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (другая палова XVIII ст.).

Адбылася паступовая музеефікацыя і ўвядзенне ў экскурсійны абарачэнне аб'ектаў этнаграфічнага комплексу: млына (1990 г.), хаты завознікаў (1992 г.), кузні (1994 г.) і свірана (1997 г.).

У канцы 70-х гадоў ХХ ст. у Менску вырашылі пабудаваць на Цэнтральнай плошчы, насупраць урадавых трыбун, дзе ў святочныя дні віталі жыхароў сталіцы кіраўнікі БССР, Палац Рэспублікі, з мэтай зрабіць у ім самую вялікую канцэртную залу, а таксама месца для правядзення форумаў і з'ездаў. Прычым, як заўжды, знеслі некалькі невялікіх гістарычных будынкаў, а сам Палац хацелі пабудаваць на тым месцы, дзе некалі стаяў Дамініканскі касцёл і кляштар XVII ст. У гады вайны помнік згарэў, але муры касцёла захаваліся, і іх нават збіраліся захоўваць і далей. Але потым зруйнавалі і на гэтым месцы ўзнікла Цэнтральная плошча з велізарным помнікам Сталіну, які, праўда, прастаяў толькі некалькі гадоў і таксама быў знесены.

Аднак грамадскасць, якой перад гэтым удалося выратаваць ад знішчэння Верхні горад і Траецкае прадмесце, запатрабавала правесці перад пачаткам будоўлі раскопкі падмуркаў Дамініканскага касцёла. У 1986 г. у выніку археалагічных даследаванняў, якімі кіраваў Зянон Пазняк былі цалкам ускрыты цэнтральны і заходні нефы былога касцёла. Унутраныя і знешнія сцены будынка захаваліся на вышыню ад 1 м да 1,25 м. У бакавым нефе сцяна будынка мела таўшчыню ад трох да пяці метраў і мела вокны-байніцы для стральбы з гармат і мушкетаў. Значыць храм меў і абарончае значэнне. Сабрана шмат паліванай дахоўкі і плітак падлогі.

Пасля раскопак вырашылі захваць ацалелыя падмуркі храма з мэтай іх пазнейшай музеіфікацыі. Таму катлаван для будаўніцтва Палаца рэспублікі перанеслі за межы раскапаных муроў і зсунулі яго ў бок Палаца прафсаюзаў. Раскапаныя муры пакрылі цыратай і засыпалі пяском. Зараз гэта невысокі зялёны пагорак побач з Палацам рэспублікі, які скончылі будаваць ужо ў час незалежнай Беларусі. Пасля Чарнобыльскай катастрофы шэры гмах недабудаванага Палаца Рэспублікі жыхары Менска назвалі "саркафагам".


Урок, прысвечаны Льву Сапегу

У Слонімскай сярэдняй школе № 4 адбыўся ўрок, прысвечаны канцлеру Вялікага Княства Літоўскага, дзяржаўнаму і палітычнаму дзеячу, слонімскаму старасце Льву Сапегу. Урок у школьным Народным музеі імя Аляксандра Жукоўскага для настаўнікаў і старшакласнікаў правёў слонімскі літаратар, гісторык і журналіст Сяргей Чыгрын.

- У маім хатнім архіве захоўваецца копія акта Слонімскага раённага краязнаўчага музея ад 30 верасня 1944 года, у якім пералічаны разрабаваныя падчас Другой сусветнай вайны слонімскія каштоўнасці. Сярод пералічаных скарбаў, якія зніклі са слонімскага музея, пад нумарам адзін запісана шахматная дошка з дзвюх палавінак з чорнага дрэва і слановай касці гетмана Льва Сапегі. Дзякаваць Богу ў музеі да сённяшніх дзён захоўваецца Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, перавыдадзены па-польску ў 1648 годзе. Гэта адзіны дакумент, які сёння нагадвае пра выдатнага дзяржаўнага і грамадскага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегу, які на працягу 47 гадоў быў старастам слонімскім і пакінуў значны след на зямлі Слонімскай, - сказаў Сяргей Чыгрын.

Па словах Сяргея Чыгрына, Леў Сапега любіў Слонім. Пры ім горад над Шчарай стаў культурным, прамысловым і палітычным месцам. Побач з замкам на беразе Шчары канцлер Сапега пабудаваў мураваны палац, дзе са студзеня 1597 года праходзілі генеральныя соймікі Вялікага Княства Літоўскага. Сюды прыязджалі пасланцы з Віленскага, Наваградскага, Менскага, Смаленскага, Чарнігаўскага і іншых ваяводстваў. Гэтыя соймікі адбываліся ў Слоніме ажно да 1685 года, калі ўжо і не было Льва Сапегі.

У слонімскім замку знаходзіліся і добрая бібліятэка, архіў, творы мастацтва. Леў Сапега добраўпарадкаваў у Слоніме вуліцы, масты, дарогі, пабудаваў шмат аўстэрыяў. У 1595 годзе слонімскі стараста аднавіў (спалілі крымскія татары ў 1506 годзе) касцёл Святога Андрэя. Пазней ён быў перабудаваны, а сучасны выгляд набыў у 1775 годзе. Сярод вялікай колькасці сапегаўскіх фундацый (канцлер на тэрыторыі ВКЛ збудаваў 25 храмаў), касцёл Святога Андрэя ў Слоніме да сённяшніх дзён вылучаецца сваім адметным архітэктурным стылем. У часы Льва Сапегі касцёл Святога Андрэя ў Слоніме ператвараецца ў адзін з цэнтраў рэлігійнага жыцця не толькі горада, але і ўсяго Княства. На тэалагічныя дыспуты сюды прыязджаюць Сымон Будны і Пётр Скарга. Акрамя касцёла Святога Андрэя чальцы сапегаўскай дынастыі пабудавалі ў Слоніме касцёл бернардзінцаў, малітоўню для рэгулярных лютаранскіх канонікаў. Акрамя гэтага Сапегі спрыялі распаўсюджванню ў Слоніме школаў ды калегіюмаў, якія дзейнічалі пры гарадскіх касцёлах і цэрквах. У Слоніме часоў Льва Сапегі існавала адна з самых вялікіх у ВКЛ друкарня, дзе, як мяркуюць некаторыя даследчыкі, набіраўся вядомы на ўсю Еўропу Статут Вялікага Княства Літоўскага…

Падчас сустрэчы Сяргей Чыгрын паказаў прысутным паштоўкі і канверты, а таксама кнігі, прысвечаныя Льву Сапегу. Госць спадзяецца, што ў Слоніме ўсё ж з'явіцца помнік Льву Сапегу, які ўжо 15 гадоў абяцае для сваіх землякоў зрабіць і ўстанавіць Ганаровы грамадзянін Слоніма скульптар Іван Міско.

Барыс Баль. Беларускае Радыё Рацыя. Слонім. Фота аўтара.


Упакоўка беларускай прадукцыі можа і павінна быць беларускамоўнай

СТАА "ЮНІМІЛК Пружаны" выпускае малако ультрапастэрызаванае маркі "РОДНАЕ МАЛАКО".

Практычна ўсе надпісы на ўпакоўцы выкананы на беларускай мове. Па-руску дуб-люецца надпіс на вузкай грані пакета "Малако пітное. Ультрапастэрызаванае, масавая доля тлушчу 1,5 %".

Такі падход пружанскага завода да роднай мовы можна толькі вітаць.

Наш кар.


Кніга па беларускай геральдыцы

У лістападзе 2014 года ў кнігарнях г. Менска з'явілася цікавая кніга "Таямнічны свет беларускіх гербаў", якую напісаў гарадзенец Аляксей Шаланда - вядомы беларускі спецыяліст па геральдыцы і сфрагістыцы Вялікага Княства Літоўскага. Ён працуе ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. У 2000 годзе абараніў дысертацыю па тэме "Шляхецкая геральдыка Беларусі ў другой палове ХVІ-ХVІІІ ст.", з'яўляецца заснавальнікам і выдаўцом навуковага геральдычнага часопіса "Герольд Litherland".

Ідэйны натхняльнік і каардынатар дзейнасці навуковай ініцыятывы "Цэнтр генеалагічных даследаванняў".

Новая навукова - папулярная кніга вядомага айчыннага даследчыка геральдыкі прысвечана гербам беларускай шляхты ў канцы ХІV - ХVІІІ ст. . Упершыню разглядаюцца перадумовы, шляхі фармавання і асаблівасці развіцця шлехецкай геральдыкі ў ВКЛ.

У асобнным раздзеле ахарактарызаваны асновы тэарэтычнай геральдыкі з яе законамі і правіламі, уводзіцца ва ўжытак традыцыйная, беларуская геральдычная тэрміналогія. У афармленні вокладкі выкарыстаны выявы гербаў "Корсак", "Масальскі", "Макаровіч" і "Солтан" (Малюнкі з гербоўніка Б. Папроцкага, 1584 г.). Кніга мае наклад 600 асобнікаў. Выдавец - А.М. Янушкевіч.

Кніга разлічана на шырокае кола чытачоў, якія цікавяцца гісторыяй Беларусі, а таксама праблемамі беларускай геральдыкі і сфрагістыкі. Навукова - папулярнае выданне каштуе 153 тысячы рублёў. Ужо адбылася прэзентацыя кнігі ў выдавецтве "Галіяфы"...

Аляксей Шалахоўскі .


І паўстала "Спадчына"

2014 год можна смела лічыць годам Анатоля Белага. 10 снежня Анатодю Яўхімавічу споўнілася б 75 гадоў. Ён не дажыў да гэтага свайго юбілею, сышоў у іншы свет тры гады таму назад, 14 лістапада 2011 года. У трэцюю гадавіну з дня смерці Анатоля Белага сябры клуба "Спадчына" сабраліся ў дворыку БДУ каля помніка Еўфрасінні Полацкай - аднаго з помнікаў, якія былі тут устаноўлены намаганнямі Анатоля Белага. Сябры клуба ў яго адрас сказалі шмат добрых слоў, паклалі кветкі да помнікаў.

Але вернемся да юбілейнай даты. Важнай падзеяй гэтага года было тое, што пабачыла свет кніга "І паўстала "Спадчына", якая прысвечана Менскаму грамадскаму культурна-асветніцкаму клубу "Спадчына". Кніга аб'ёмам у 510 старонак выйшла дзякуючы намаганням журналіста, краязнаўца, выдаўца Віктара Хурсіка і сяброў клуба "Спадчына Яўгена Гучка і Надзеі Сармант. Безумоўна, у першую чаргу кніга прысвечана светлай памяці Анатоля Белага, заснавальніка і кіраўніка клуба "Спадчына".

На радыё Свабода Міхась Скобла ў сваёй аўтарскай праграме "Вольная студыя" прысвяціў перадачу да 75-годдзя з дня нараджэння Анатоля Белага. У перадачы удзельнічалі паэт Яўген Гучок, мастак Алесь Цыркуноў і я - аўтар гэтых радкоў Ілля Копыл.

У ходзе перадачы Яўген Гучок сказаў словы, якія характырызуюць сутнасць Анатоля Белага: "Белы - гэта чалавек, апантаны беларускай ідэяй..."

І сапраўды Анатоль Белы згуртаваў вакол сябе сваіх аднадумцаў і стварыў унікальны культурна-асветніцкі клуб. Сябрамі клуба сталі пісьменнікі і мастакі, навукоўцы і шараговыя грамадзяне. Усе яны жывуць беларускай ідэяй. Каб уявіць узровень клуба "Спадчына", назаву некалькі прозвішчаў сяброў клуба:

- Васіль Быкаў - Народны пісьменнік Беларусі;

- Рыгор Барадулін - Народны паэт Беларусі;

- Анатоль Грыцкевіч - доктар гістарычных навук, прафесар;

- Леанід Лыч - доктар гістарычных навук, прафесар;

- Адам Мальдзіс - доктар філалагічных навук, прафесар;

- Аляксей Саламонаў - доктар тэхнічных навук, прафесар;

- і шмат іншых знакамітых імён. Гэтым падкрэсліваецца тое, якім бясспрэчным автарытэтам карыстаўся старшыня клуба "Спадчына" Анатоль Белы.

Маштаб, аб'ём усяго зробленага Анатолем Белым для Беларусі асэнсаваць немагчыма. Помнік Еўфрасінні Полацкай, які ўстаноўлены ў дворыку БДУ, мог бы ўпрыгожыць любую плошчу гарадоў Беларусі. Нават адным гэтым помнікам ён мог увекавечыць сваё імя. Але Анатоль Белы не думаў аб сваёй славе, ён думаў пра Беларусь. Ён спяшаўся, рупіўся, каб зрабіць для Айчыны, як мага больш.

А якімі меркамі можна ацаніць створаны Анатолем Белым прыватны мастацкі музей у Старых Дарогах? Пра музей я тут пісаць не буду, гэта вельмі складана. У музеі лепш пабываць і ўсё пабачыць сваімі вачамі.

Анатоль Белы быў бескарысным чалавекам. Ён збіраў мастацкія каштоўнасці не толькі дзеля свайго музея. Ён іх ахвотна перадаваў іншым музеям Беларусі.

Яго дзейнасць распаўсюджавалася не толькі на Беларусь, але пашыралася і за яе межы. Так ён з'яўляецца арганізатарам устаноўкі помніка Максіму Багдановічу ў расейскім горадзе Яраслаўлі ў 1994 годзе.

Анатоль Белы крок за крокам вяртаў нам тыя старонкі гісторыі Беларусі, якія на працягу 70 гадоў ад нас хавала бальшавіцкая ўлада. Так па яго ініцыятыве створаны помнікі: гісторыку, этнографу Яўхіму Карскаму і заснавальніку беларускай гісторыяграфіі Мітрафану Доўнар-Запольскаму, гісторыку, краязнаўцу Мікалаю Ўлашчыку і грамадскаму дзеячу Аляксандру Уласаву, дзеячам вызвольнага руху Беларусі братам Луцкевічам і ўсім заснавальнікам БНР, Тадэвушу Касцюшку і Кастусю Каліноўскаму, ваярам Грунвальдскай бітвы і героям Слуцкага паўстання ды іншым.

Трэба адзначыць, што такую неардынарную асобу, як Анатоль Белы, гісторыя высунула на пярэдні край змагання ў самы патрэбны час: Брэжнеўскі застой ужо спыніўся, а Гарбачоўская перабудова яшчэ не пачалася. І калі была дадзена адмашка на пачатак перабудовы, Анатоль Белы быў да гэтага гатовы, у клуба "Спадчына" ўжо былі планы дзейнасці, і былі падрыхтаваны напрацоўкі, як трэба дзейнічаць.

10 снежня 2014 года сябры клуба "Спадчына" сабраліся ў сядзібе ТБМ, каб адзначыць юбілейную дату Анатоля Белага - 75 гадоў з дня яго нараджэння. Душой сустрэчы была жонка Анатоля - Ала Мікалаеўна Белая. На месцы старшыні клуба на стале стаяў партрэт Анатоля Белага, стаяла ваза з кветкамі, гарэла свечка.

Сябры клуба размаўлялі, успаміналі пра жыццё і дзейнасць Анатоля Белага, абмяркоўвалі планы на будучыню.

17 лістапада 2012 года ў дворыку музея ў Старых Дарогах быў устаноўлены помнік Анатолю Беламу. Яго помнік заняў месца як роўны сярод роўных, побач з помнікамі тым знакамітым людзям Беларусі, якія ён сам тут устанаўліваў пры жыцці. Помнік Анатолю Беламу усталёваны на 12-тон-ным камені-валуне. Гэты валун будзе стаяць вечна, вечнай будзе і памяць пра Анотоля Белага.

Ён навечна ўвайшоў у гісторыю Беларусі.

Ілля Копыл, сябар клуба "Спадчына".


Дарослыя пішуць для дзяцей, або Справа Веры Навіцкай жыве ў Лідзе і праз сто гадоў

На працягу амаль што года Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы праводзіўся літаратурны конкурс імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям", які ставіў сваімі мэтамі прапаганду творчай спадчыны дзіцячай пісьменніцы Веры Навіцкай сярод лідзян, заахвочванне лідскіх паэтаў і празаікаў да напісання твораў для дзяцей.

Спачатку некалькі слоў пра Веру Сяргееўну Навіцкую, чыё імя носіць конкурс. Адкрыў як пісьменніцу Веру Навіцкую слынны лідскі краязнавец Валеры Сліўкін. Дзіцячая пісьменніца жыла ў канцы XIX - пачатку XX стагоддзя, і горад Ліда можа лічыць яе сваёй, бо ў Лідзе Вера Навіцкая жыла шмат гадоў і нават з'яўлялася начальніцай мясцовай прыватнай жаночай гімназіі. Вера Навіцкая - аўтар некалькіх дзіцячых кніг прозы пра дзяўчынак-гімназістак. Ёсць падставы лічыць, што шэраг сваіх твораў яна напісала менавіта ў нашым горадзе. Дарэчы, некалькі гадоў таму назад творы лідскай дзіцячай пісьменніцы былі перавыдадзены ў Расіі.

На працягу конкурсу імя Веры Навіцкай у цэнтральную раённую бібліятэку былі дасланыя дзіцячыя творы каля дзясятка мясцовых літаратараў, а таксама з Баранавіч і Наваградка, галоўным чынам - вершы (каля двухсот). Усе дасланыя творы пазней увайшлі ў выдадзены бібліятэкай зборнік "Дарослыя - дзецям" (60 ст.). У прадмове да зборніка старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік адзначыў, што рускамоўныя пісьменнікі Беларусі, такія як Кандраццеў, Навіцкая і інш. аказаліся найбольш забытымі, бо як рускамоўныя сталіся незапатрабаваныя беларусамі, а, як жыўшыя не ў Расіі, былі чужыя той жа літаратуры рускай. А творы, напісаныя рускамоўнымі пісьменнікамі Беларусі канца 19-га - пачатку 20-га стагоддзя, маюць свае гуманістычныя і мастацкія вартасці. Напісаныя ў Беларусі, яны ўтрымоўваюць часцінку Беларусі і не могуць сходу адкідвацца як не нашыя. А для Ліды Вера Навіцкая на сёння - найбуйнейшы лідскі дзіцячы пісьменнік усіх часоў, таму конкурс і носіць яе імя.

А 17 снежня ў канферэнц-зале Цэнтральнай раённай бібліятэкі адбылося падвядзенне вынікаў конкурсу, для чаго было складзена журы, узначаліў якое намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Уладзімір Самсонаў. Цырымонія падвядзення вынікаў адбылася ў рамках чарговага пасяджэння членаў літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты", што дало магчымасць лідскім літаратарам больш даведацца адзін пра другога ў плане дзіцячай творчасці, раскрыць калег па літаратурным "цэху" і як аўтараў добрых, цікавых і павучальных твораў для дзяцей.

Так, напрыклад, нямала дзіцячых твораў пакінуў у спадчыну маленькім лідзянам Смарагд Сліўко, многія з гэтых твораў, сярод якіх сустракаюцца не толькі вершы, але і казка, п'еса, загадкі, гумарынкі і г. д., даслала на конкурс яго ўдава Ірына Нікадзімаўна. Задумка напісаць дзіцячую кнігу вершаў з'явілася год назад у Ўладзіміра Васько, і на сённяшні дзень паэт мае ў сваім творчым багажы ўжо больш за трыццаць вершаў менавіта для дзяцей. Удзел у конкурсе дзіцячых твораў з нечаканага боку раскрыў лідзянам паэта і краязнаўца Станіслава Судніка - як празаіка (апавяданне "Мама, дай!", у якім расказваецца аб тым, як першабытныя людзі пачыналі гаварыць, як да іх прыйшла мова). Самы юны ўдзельнік конкурсу - навучэнец ліцэя №1 Андрэй Шпілеўскі.

Вядоўца імпрэзы Галіна Курбыка дала магчымасць кожнаму з прысутных удзельнікаў конкурсу выказацца, нешта дадаць, нешта патлумачыць, проста прачытаць колькі вершаў.

Кампетэнтнае журы вырашыла, што ў конкурсе будуць вызначаны два пераможцы. Імі сталі згаданыя вышэй Уладзімір Васько (2-я прэмія) і Станіслаў Суднік (3-я прэмія). Акрамя дыпломаў, пераможцам былі ўручаны і сапраўдныя прэміі. Астатнія ўдзельнікі конкурсу былі заахвочаныя дыпломамі за ўдзел, а Ірына Сліўко атрымала спецыяльны дыплом за папулярызацыю творчасці Смарагда Сліўко. 1я прэмія сёлета не ўручалася.

Мяркуецца, што літаратурны конкурс імя Веры Навіцкай стане яшчэ адной лідскай культурнай традыцыяй. Наступны такі конкурс плануецца правесці праз два гады.

Такім чынам у Лідзе ўжо ёсць музычны конкурс імя Канстанціна Горскага, мастацкі пленэр імя Браніслава Яманта, літаратурны конкурс "Дарослыя дзецям" імя Веры Навіцкай. Чакае сваае чаргі фальклорны фестываль (конкурс) імя Земавіта Фядэцкага.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ. На здымках Кацярыны Лук'янец і Станіслава Судніка - фрагменты імпрэзы.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX