НАША СЛОВА № 1 (1204), 6 студзеня 2015 г.
З Калядамі і Божым Нараджэннем!
Навагодняе віншаванне ад Івонкі Сурвілы
Дарагія суродзічы!
Вітаю Вас з надыходзячым Новым, 2015-м годам!
Жадаю, каб быў ён лепшы за папярэдні. Каб здзейсніліся ўсе тыя мары, якія 2014 год не здолеў здзейсніць. І каб Бог Усемагутны абараніў наш народ ад усіх нягодаў, якія пагражаюць яго волі.
Жадаю кожнаму з нас, каб мы адчулі тую любоў да свае зямлі, якую адчувае рэшта чалавецтва да сваіх бацькаўшчынаў, каб мы ўбачылі, які наш край прыгожы, мілы, шчодры.
Жадаю, каб мы адчулі любоў да свае мовы, да ўсяго беларускага. Каб мы любілі адзін аднаго, каб паважалі права кожнага з нас мець свае погляды, але каб стараліся разам шукаць тое, што нас яднае, што робіць нас нацыяй.
Нас доўга дзялілі, каб нас знішчыць, каб зрабіць з нас рабоў, якія захапляюцца ўладай і не любяць адзін другога, бо бачаць у тым другім сваё ўласнае няшчасце, сваю ўласную нядолю.
Дарагія суродзічы, вельмі цешыць адраджэньне нашых традыцый і павага да свае мовы ў штораз большым коле нашай моладзі. Хацелася б, каб тыя, хто яшчэ захоўвае пачуццё няпаўнавартасці, характэрнае для паняволеных народаў, адчулі ўдзячнасць Уладару Сусветаў, што даў нам такі цудоўны край.
І нарэшце, кожнаму з вас жадаю ў Новым 2015 годзе добрага здароўя, сямейнага шчасця і плёну ў працы.
Жыве Беларусь!
Калядны "Верасень"
Выйшаў з друку чарговы, адзінаццаты па ліку, нумар літаратурна-мастацкага часопіса "Верасень". Паэзія ў часопісе прадстаўлена вершамі Стасі Кацюргіной, Аляксея Карпенкі, Касі Ляўдацкай, Арцёма Сітнікава, Кацярыны Сянкевіч, Алеся Емяльянава-Шыловіча, Ірыны Грумандзь, Цімоха Авіліна, Валерыі Куставай, Ігара Канановіча. Паэтычны майстар-клас маладым творцам дае Уладзімір Някляеў.
Раздзел "Проза" складаюць творы Віталя Сазановіча, Алены Падкацік, Леаніда Дранько-Майсюка і Анатоля Бароўскага.
Сучасная ўкраінская паэзія ў нумары прэзентуецца вершамі Рамана Лубкіўскага.
Раздзел "Крытыка" адкрываецца "авантурным" артыкулам Аксаны Данільчык, прысвечаным невядомым старонкам з жыцця Мікалая Бяліны-Падгаецкага. Чаму "нельга ўкрасці творчае шчасце" тлумачыць у сваёй гутарцы з Эдуардам Акуліным малады драматург Васіль Дранько-Майсюк. Працягвае друкаваць свой "жодзінскімі цыкл" нататак Уладзімір Сіўчыкаў. Пра тое, "што просіцца з сэрца", разважае ў сваёй гутарцы паэтка Наста Кудасава. Уздымаецца на "вышыні свайго лёсу" Ала Петрушкевіч. Іскрынкамі з гасцявой кнігі музея ў Цінкаўцах дзеліцца Сяргей Панізнік. Пра сакрэты творчай папулярнасці Альдона Мартыненка гутарыць з салістам гурта "Leibonik" Сяргеем Башлыкевічам. "Урокі нябёснага малявання" дае, рэцэнзуючы новую кнігу Валерыя Гапеева, крытык Анатоль Трафімчык. На пытанне: "Хто дыктуе радкі паэту?" адказвае ў сваёй рэцэнзіі на паэтычны зборнік Ірыны Хадарэнка літаратуразнаўца Эдуард Дубянецкі. Па традыцыі заканчваецца нумар "дыскаграфіяй" музычнага аналітыка Вітаўта Мартыненкі.
Пытайце "Верасень" № 11 на сядзібе ТБМ (Румянцава,13). Чытайце "Верасень" на сайтах: Кamunikat.org і tbm-mowa.by. Дасылайце свае творы ў "Верасень" на адрас: verasenchas@gmail.com.
Наш кар.
ПЯТРУ ГУДУ - 70
ГУД Пётр Адамавіч (н. 8.1.1945, Менск), этнограф, фалькларыст, рэжысёр, сцэ нарыст, педагог. Кандыдат гістарычных навук (1987). Прафесар (2000). Сябар Міжнароднай арганізацыі па нар. творчасці (IOV). Актыўны сябар ТБМ
Скончыў Харкаўскі інстытут культуры (1973). Працаваў акцёрам (Беларускі і Адэскі тэатры юнага глядача - 1962- 1963 г.г., артыстам драмы і салістам балета Украінскага рэспубліканскага ансамбля музычнай камедыі, галоўным рэжысёрам тэатра-студыі г. Талас (Кіргізія) і інш. З 1977 працуе ў Бел. дзярж. універсітэце культуры і мастацтваў (з 1993 загадчык кафедры рэжысуры абрадаў і свят).
Выкладае дысцыпліны: "Традыцыйная святочная культура беларусаў", "Беларускія гульні", "Рэжысура традыцыйнага абраду", "Асновы драматургіі і сцэнарнае майстэрства", "Рэжысура абрадаў і свят", "Тэхналогія стварэння свята", "Піратэхніка ў свяце". Аўтар манаграфій "Тэхналогія стварэння свята" (2004, 2008), "Мастацтва феерверкаў" (2007).
Даследуе нар. абрадавую творчасць, вытокі свят беларусаў, перспектыўныя кірункі развіцця іх у сучасным культуралагічным кантэксце, новыя формы сучаснай святочнай культуры на нар. аснове. Адзін з ініцыятараў адраджэння бел. свят, абрадаў і святочных кірмашоў. Сабраў, даследаваў і выдаў першы збор кірмашовых песень у манаграфіі "Беларускі кірмаш" (1996, з Н. Гуд). Распрацаваў шэраг абрадавых святаў, быў іх галоўным рэжысёрам і мастацкім кіраўніком: першае бел. свята нар. рамёстваў у г.п. Воранаве (1984), Першы міжнародны фестываль бел. нар. песні ў Беластоку (1990), Міжнародны фестываль нар. музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік" у Паставах (1994-2004), Усебел. святы нар. гумару ў Аўцюках (1994-2004), Усебел. фестывалі нац. культур у Гародні (1994-2000). Упершыню ў Беларусі распрацаваў і ўвасобіў: рэспубліканскае свята сучаснага бальнага танцу ("Менскі баль - 76"), Універсіяда бальнага танцу (Менск, 1994), тэатралізаваныя мітынгі-рэквіемы на мемарыяльных комплексах (Ушачы-1984, Быхаў-1985),
Сцэнарыі абрадавых свят апублікаваў у кнізе "Ад Каляд да Пакроваў" (2000), зборніках "Восеньскія святы" (1995), "Зімовыя святы" (1999), "Веснавыя святы" (2000), "Летнія святы " (2001), метадычных дапаможніках "Свята касавіцы" (1983), "Зажынкі, дажынкі" (1986), "Спас усяму час" (1994), "У гасцях у гаспадыні Прыроды" ( 2000), "Добры настрой" (2002), аўтарскіх метадычных работах "Свята лесу" (2006 ), "Свята кветак" (2009) і інш. Аўтар шэрагу фалькл. праграм па святочна-абрадавай дзейнасці, рэжысуры народнага свята, бел. народных гульнях.
Вікіпедыя.
Беларускі народны каляндар на 2015 год
Народны каляндар - гэта сістэма сталых ці рухомых свят, прысвяткаў, абрадаў, гульняў, звычаяў, што замацаваны ў быце і фальклоры. Гэта, пераважна, спалучэнне язычніцкай і хрысціянскай культуры. Ён уключае традыцыйныя арыенціры (хранонімы) на сельскагаспадарчыя работы і адпачынкі ў гадавым, сезонным, месячным і іншых цыклах-рытмах. Утрымлівае традыцыйныя феналагічныя, метэаралагічныя, агранамічныя, астранамічныя, астралагічныя і іншыя каляндарныя веды, атрыманыя пераважна шматгадовым досведам.
У народным календары на 2015 год прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі і г. д. Дні, якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. У праваслаўных яны замацаваны за старым, юліянскім, календаром, што мае 13 лішніх дзён. Зорачкай /*/ пазначаны святы "рухомай" царкоўнай пасхаліі.
У наступным, 2016, годзе праваслаўны Вялікдзень будзе 1 траўня, а каталіцкая - 27сакавіка.
Умоўныя абазначэнні: п - панядзелак, а - аўторак, с - серада, ч - чацвер, пт - пятніца, сб - субота, н - нядзеля. Даўжыня дня і моманты ўсходу і захаду падаюцца для Менска. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў календара можна прачытаць у нашай кнізе "Беларускі народны каляндар" (Мінск, 2002).
Студзень
1. ч. Новы год. ВКЛ перайшло на студзеньскі стыль у 1550 г., Расія - з 1700 г.
6. а. Першая, Посная куцця. Перадкалядная вячэра. "Які дзень, такі і год." Тры Каралі. Католікі праводзілі маскаваны абрад "Тры каралі", або "Гэроды".
7. с. Нараджэнне Хрыстова. Пачатак Каляд . "Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі…". Калядавалі. Насілі "зорку". Паказвалі батлейку. На Каляды праводзілі ігрышчы ("вадзілі казу", "жанілі Цярэшку", "пяклі ката", гулялі ў "Яшчура" і інш.).
9. пт. Сцяпан. "На святога Сцяпана вышэй слуга за пана".
13. а. Шчодрая куцця. Пачатак Шчодрага тыдня . "Мароз, хадзі куццю есці".
14. с. Васілле. Новы год па правасл. календары. "Сею, сею пасяваю, з Новым годам вас вітаю".
18. н. Трэцяя, Галодная, Вадапосная куцця . Апошнія дні Каляд. "Каляда ад'язджае".
19. п. Вадохрышча (Кшчэнне). "Святое Кшчэнне ваду ксціла…, свет ачысціла і ваду наверх пусціла", "На Вадохрышча завіруха - на Вялікдзень таксама".
20. а. Прывадохрышча - заканчэнне Каляд. Пачатак Малой вясельніцы (да посту).
24. сб. Аксіння . "Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце". Фядос . "На Фядоса цёпла".
25. н. Таццяна. Свята студэнтаў. Павел . "Вее вецер - будзе вайна".
31. сб. Апанас, Гусінае свята. Свята свойскай жывёлы. "Хавай нос у апанасаўскі мароз".
Люты
1. н. Ігнат. "На святога Ігната зіма багата".
2. п. Грамніцы, Стрэчанне. "Калі на Грамніцы нап'ецца певень вадзіцы, то на Юр'я наесца вол травіцы", "Грамніца - хлебу палавіца...".
5. ч. Агата. Каровіна свята. "Хлеб і соль святой Агаты не пусціць бяды да хаты".
6. пт. Аксіння Паўзіміца. "На Аксіні мяце". Дарота. "Па Дароце высахнуць хусты на плоце".
8. н. *Памінальніца. Памінальны тыдзень. Калі "вея" ў нядзелю, то авёс трэба сеяць на 9-м тыдні, калі ў панядзелак - то на 8-м, калі ў сераду ці чацвер - то пакідалі "дзесяцінкі дзве".
11. с. Ігнат. "Ігнат Грамніцам рад".
13. п. *Дзедава пятніца.
14. сб. Трыфан. "На Трыфана зорна - вясна позняя". Валянцін. Свята закаханых. *Масленыя Дзяды (Бабы). "Дзяды не зналі бяды, а нашы ўнукі зазналі мукі".
15. н. Грамніцы, Стрэчанне. "Зіма з летам сустракалася...", "На Грамніцы палавіна зіміцы". *Рабы тыдзень, Малая вясельніца, Развітальны, Сырапусны тыдзень. Тыдзень перад Масленіцай. Які добры дзень на Масленным тыдні, у той дзень ад Іллі сеялі лён. Дзяўчаты вешалі "калодкі" нежанатым хлопцам.
18. с. Агата. Каровіна свята. *Серада Папяльцовая (пач. Вялікага посту ў католікаў). *Лысая серада. Праталіны-залысіны.
19. ч. *Блакітны чацвер. Тумановы дзень. *Крывы, Тлусты чацвер, Валосы, Валосся. Свята жывёлы. "На Валосага бліны пяклі ці аладкі, каб былі валы гладкі".
22. н. *Масленіца. "Масленіца ў "вятху" (пасля поўні) - дзяржы пшаніцу ў мяху, сей пшаніцу на ўсю руку". Гуканне вясны. "Дабраславі, божа, зіму замыкаці, вясну загукаці". На Палессі вадзілі карагоды, "спявалі чырачку", насілі ёлку з вянком.
23. п. *Паласказуб. Першы дзень Вялікага посту. Паласкалі зубы гарэлкаю.
24. а. Улассе. Свята жывёлы. "Аўлас на сыры лас". Мацей. "На Мацея дарога пацее", "На Мацея адліга - будзе мароз".
25. с. Уступная серада. Каб урадзіў лён, мылі верацёны ці калаўроткі, хадзілі ў карчму і пераскаквалі цераз пень.
26. ч. Фаціння. Заступніца ад хвароб.
28. сб. *Зборава субота. Абрад "споведзі дзежкі".
29. н. *Зборніца, Ізбор. Пачатак збору ў поле. "На святы Ізбор - бяжыць вада з гор".
Сакавік
4. с. Казімір . "Святы Казімір дровы сякець".
9. п. Янка, Паўраценне. Мядзведзь паварочваецца ў бярлозе на другі бок.
12. ч. Рыгор . "На святога Рыгора ідуць рэкі ў мора".
13. пт. Васіль Капальнік. Са стрэх капае.
14. сб. Аўдоцця Вясноўка. Гуканне вясны . "На Аўдокі голы бокі". (1.03 Новы год у мінулым, сакавіцкі каляндарны стыль).
15. н. Хвядот. "На Хвядота занос - усё сена знясе".
16. п. *Пачатак Храстовага тыдня. Пяклі "храсты". Засеўкі. Абрад "жаніцьбы коміна".
17. а. Герасім Гракоўнік. "Герасім гракоў прыгнаў".
18. с. *Серадапосце . Выпякалі "храстцы".
19. ч. Язэп . "Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту". "На Язэпа пагода - год ураджайны".
21. сб. Вясновае раўнадзенства. Усход 6.16, захад 18.18. Маладзік.
22. н. Саракі. Свята птушак. Прылятае 40 выраяў. "Святыя Саракі ў поле саху валаклі". Прыска. "На святога Прыску праб'е лёд і пліска".
23. п. Пачатак *Пахвальнага тыдня. "Дзікая качка яйцом пахваліцца".
25. с. Рыгор. "На Рыгора зіма ідзе ў мора". Дабравешчанне, Звеставанне. "І птушка гнязда не кладзе". Прылёт бусла. Гуканне вясны.
26. ч. Міжблагавешчыны (да 7 красавіка). Забарона на "запасванне" кароў.
27. пт. *Пахвальная пятніца . Мыццё дзежак.
28. сб. *Пахвальная субота. Не грымелі кроснамі, каб гром не грымеў.
29. н. *Вербніца, Пальмовая нядзеля. "Вярба б'е, не я б'ю".
30. п. Аляксей Цёплы . Дзень рыбалова. "На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою". Пачатак *Вербнага, Белага, тыдня. *Чысты, Блакітны, панядзелак.
Красавік
1. с. Дар'я Вясенняя. Адбельвалі палотны.
5. н. *ВЯЛІКДЗЕНЬ (у католікаў). *Вербніца. Арына. "На Арыну сей капусту ў расадніках".
6. п. Камаедзіца. Свята мядзведзя. Дабравеснік, Благавеснік. Пяклі пірагі "буславы лапы". Пачатак *Белага, Вялікага, тыдня. *Чысты панядзелак. Бялілі і мылі ў хаце.
7. а. Дабравешчанне, Благавешчанне . "Благавешчанне без ластавак - халоднае лета". Абрад "Страла". *Чысты аўторак. Каб на людзей і "гаўядо" не напала "парша", трэба ўсё мыць.
8. с. Благуста. "На Благусту сей капусту". *Дравяная страсць. Мыюць усё дравяное.
9. ч. Матрона. "На Матрону шчупак хвастом лёд разбівае". *Чысты чацвер. Лазня. Абрад мыцця дзежкі.
10. пт. *Чырвоная, Велікодная, пятніца . Сеялі гарох.
11. сб. *Вялікая, Чырвоная, субота. Фарбавалі яйкі. Канец Вялікага посту.
12. н. *ВЯЛІКДЗЕНЬ (у праваслаўных). "Хрыстос уваскрос! - Сапраўды ўваскрос!".
13. п. Працяг *Велікоднага тыдня. "Першы дзень пірагі маюць, а сярэдні пагуляюць, а паследні дзень выпраўляюць".
14. а. Прабуджэнне хатніка. Мар'я. Калі ў ясную ноч прыбывала вада, то суха будзе ў жніво на хлебнай ніве.
15. с. Палікарп. Пачатак бясхлебіцы. *Градавая серада. Праводны, Мёртвы, тыдзень. "Пайшла зіма да Кіева, а лета нам пакінула".
16. ч. Мікіта. "Калі на Мікіту крыгаход, то няма ні клёву, ні лову рыбаловам".
19. н. *Праводная нядзеля. "Ідзі, зіма, да Кучава, як ты нам надакучыла".
21. а. Руф. Руф рушыць снягі.
23. ч. Юры. (Новы год па задыяку) . "Як зязюля закукуе за 12 дзён да Юр'я на "голы" лес, то не чакай ураджаю, і будзе хварэць жывёла". Войцах. "Святы Вайцеху выпусціў жаўранка з меху".
24. пт. Анціп - ахоўнік зубоў.
25. сб. Марк. "Дождж на Марка, дык зямля як скварка".
27. п. Радаўнічныя Дзяды.
28. а. *Радаўніца. "На Радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а к вечару скачуць". Пуд. "Пуд снег пугне".
29. с. Арына. "На Арыну сей капусту".
30. ч. Зосім - ахоўнік пчол. Андрыянава ноч, Андрэй. Ноч дзявочай варажбы і чараўніцтва.
Травень, Май
1. пт. Кузьма. "Май Кузьма з морквінай сустракае, а Пахом з гурком".
3. н. *Міраносіцы. "На Міраносця п'яныі бабы цігаюць адна адну за валосця".
4. п. Пачатак *Пераплаўнага, Чарвівага, тыдня. Не трэба садзіць, бо заядуць чэрві.
5. а. Ляльнік. Свята Лялі - дачкі Лады.
6. с. Юр'е. Свята жывёлы. "Як дождж на Юр'я - хлеб будзе і ў дурня". Абрад "Страла". *Градавая, Пераплаўная, серада. Засцярогі ад граду і дажджу.
7. ч. Алісей. "Прыйшоў Алісей - авёс пасей". Бабскія розбрыкі. Скокі жанчын і качанне па зямлі дзеля ўрадлівасці.
8. пт. Марк. "Дождж на святога Марка - дык зямля, як скварка". Станіслаў. "Сей лён на Станіслава - вырасце як лава".
10. н. Ярылавіца. Свята Ярылы.
13. с. Якуб. "На Якуба грэе люба".
14. ч. *Ушэсце. Унебаўшэсце пана Езуса. Свята агляду жыта. Макарэй. Абрады ля вады.
15. пт. Барыс. Апякун поля і жывёлы. *Градабойцы, Ледавіты дзень.
18. п. Арына Расадніца. Дзень высаджвання расады ў Паазер'і.
20. с. Антоній. "На святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца дык і прадасца".
21. ч. *Ушэсце. Абрад "Страла". Іван Веснавы. Апякун земляроба. "На Івана каласок, а на Пятра піражок".
22. пт. Мікола Веснавы. Свята пастухоў. Алёна. "Сей лён на Алену, будзе кашуля па калена".
23. сб. Зілот. "Сей пшаніцу на Зілота, і яна будзе як злата".
24. н. *Сёмуха, Зыход Св. Духа. Свята зелені. Макей. "Мокра на Макея - і лета не прасушыць". Кірыла і Мяфод. "Калі дзень мокры - і лета будзе мокрае."
25. п. Епіфан. "На Епіфана раніца ў чырвоным каптане, неба з барваю - гарачае лета".
27. с. Сідары. "Прыйшлі Сідары - прыйшлі і сіверы". *Градавая серада .
28. ч. Пахом. "Святы Пахом павее цяплом". "Сей агуркі на Пахом - будзеш насіць мяхом".
29. пт. Магдалена. Зязюльку прысылае. *Сёмушныя Дзяды.
30. сб. *Духавая субота, Зялёная субота. "На Духа будзе цёпла і суха".
31. н. *Сёмуха, Тройца. Культ продкаў і расліннасці. "Павядзём Куста пад гай зялёненькі...". Шэсць дзеў. "Лён сей позні". Канапелька Матруна. "У зямлю махнула". Фядот. "Як на дубе апушка - у Фядота поўна аўса кадушка".
Чэрвень
1. п. *Русальніца, Іван ды Мар'я. Праводзіны вясны. "На Граннай нядзелі Русалкі сядзелі...".
2. а. *Конскі Вялікдзень. Свята коней. Тры пакутнікі. "Няма лета, але пасля іх не бывае зімы".
3. с. Алёна, Ульяна. Дзень ільну. *Градабой, Серада Русаль. Здабывалі з ясеня святы агонь.
4. ч. *Божае цела , Зелянок. *Наўская Тройца. Памінанне. *Абліваха. Васіліск. "Ад Васіліска і салавей блізка".
5. пт. Дзень Ефрасінні Полацкай. Хадзілі пакланіцца і абракацца.
7. н. Ян. "Рой перад Янам - пчаляр панам". *Русальчыны розыгры. Засцерагаліся рос.
8. п. *Пятроўка да 11 ліп. Пятроўскі пост. Пятроўкага-ладоўка.
11. ч. *Дзевятнік. Перавод уніятаў у праваслаўе. "Дзеўяць ягодзін на ветцы".
12. пт. *Дзевятуха. Дзень ад навальніцы.
13. сб. Ерамей. Антоні. "Антоні, аддай коні".
14. н. Юстын і Харытон. "Юстын цягне ўверх каноплі, а Харытон - лён".
16. а. Лук'ян. Паўднёвы вецер на Лук'яна - на добры ўраджай яравых.
18. ч. *Дзесятнік. "Дзесятнік гнаі возіць".
19. пт. *Дзесятка. "Косы точыць". "Жыта паспявае".
20. сб. (да 23). Летняе сонцастаянне. Даўжыня дня - 16.52. Усход - 3.45, захад - 20.37.
21. н. Тодар. "На Тодара раса - канапель паласа".
22. п. Кірыла. Дзень сонцастаяння. Пачыналі касавіцу ў Паазер'і.
23. а. Купала. У старажытн. - Новы год/лета.
24. с. Ян Купальны. "Сонца грае".
25. ч. Анапрэй. "Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ".
26. пт. Акуліна Грачышніца. Сеялі грэчку. Задзярыхвост.
28. н. Амос. "Прыйшоў Амос - цягне ўгору авёс"
29. п. Ціхан. "Пеўчыя птушкі заціхаюць". Пятрок. "Да Пятра зязюльцы кукаваці". "Прыйшоў Пятрок - апаў лісток, прыйдзе Ілья - ападуць і два".
Ліпень
6. п. Купалле. Свята Сонца і кахання. "Дзень адбаўленне, ночы прыбаўленне".
7. а. Іван Купала. "Учора была Купала, а сёння Іван".
10. пт. Самсон. "На Самсона дождж - сем тыдняў то ж". Сем братоў. "Сем братоў варожаць, колькі тыдняў пагоды".
12. н. Пятро. Свята заканчэння Купалля.
13. п. Паўпятро. Дзень талакі. Сымон і Юда. "На Сымана й Юды конь баіцца груды".
14. а. Кузьма і Дзям'ян. Свята кавалёў. "Святы Пятро жыта спеліць, св. Кузьма сярпы робіць, а св. Дзям'ян сена грабе".
17. пт. Андрэй. "Авёс у світцы, а на грэчцы і кашулі няма". "Андрэй усіх мудрэй".
18. сб. Свята Месяца. "Месяц гуляе".
21. а. Казанская. Пракоп. "Пракоп бок прыпёк." Данат. "Святы Данат коскі точыць".
25. сб. Прокл. Засцерагаліся вялікіх рос. Якуб. "На Якуба хлеба поўна губа".
26. н. Гаўрылей. Засцеражэнне ад граду. Ганна. "Снапы кладзе."
29. с. Афінаген. Заціхаюць птушкі.
31. пт. Серпавіца, Шыпілінка (пятніца перад Іллёю). Дзень "зазубрывання" сярпоў.
Жнівень
1. сб. Макрыны. "Глядзі восень па Макрыні".
2. н. Ілля. Свята дажджоў і навальніц. "Ілля нарабіў гнілля", "Укінуў у ваду кусок ільду".
4. а. Мар'я. "Магдалена - вады па калена".
6. ч. Барыс Палікоп. "Барыс і Глеб - паспеў хлеб".
7. пт. Ганны. "Святыя Ганны бабкі стаўляюць".
9. н. Палікоп. Паліць копы. Панцеляймон. Сцаляў ад хвароб галавы.
11. а. Лаўрын. "На Лаўрына спяшай да млына".
12. с. Сіла. Жыта сей.
14. пт. Макавей, Першы Спас. Свята маку і мёду. Спасаўка. Пост да 28 жніўня.
15. сб. Базыль. "Базыль авечкам воўну дае". Прачыстая, Зельная. "Прыйшла Прачыста - стала поле чыста".
16. н. Антоны Віхравеі. Рох. "Кірмаш на паненак".
17. пн. Еўдакія. Агуркі збірае.
19. с. Яблычны Спас. Свята садавіны.
23. н. Лаўрэн - свята млынара.
24. п. Баўтрамей. "Св. Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей". "Прыйшоў Баўтрамей - жыта на зіму сей".
27. ч. Міхей. Выспяваюць брусніцы.
28. пт. Прачыстая. Свята ўраджаю.
29. сб. Трэці Спас. Свята хлеба. Ян. "Ян на лета прыйшоў, а ўжо восень знайшоў".
30. н. Міроны Ветрагоны. "Пыл па дарозе гоняць, па прыгожым леце стогнуць".
31. п. Флор і Лаўр . Свята коней. Арабінавыя дзень і ноч. "Сухая" навальніца, дождж.
Верасень
5. сб. Лупа. "Сей на Лупа - будзе жыта купа".
7. п. Баўтрамей. "Жыта на зіму сей".
8. а. Другая Прачыстая. Багач. "Меншая Прачыста - канчай сеяць начыста".
10.ч. Мацей. Абаронца ад п'янства.
11. пт. Калінавік, Іван Крываўнік.
13. н. Кіпрыян. Журавель збіраецца ў вырай.
14. п. Сымон. Абрад "жаніцьбы коміна". (Асенняе Навалецце з 1493 г.). Закрыванне зямлі. Бабіна лета. Узвіжанне.
19. сб. Цуды, Міхал. "Міхал з поля спіхаў".
21. п. Багач, Нараджэнне Божае Маці. Свята заканчэння ўборкі зерневых. Засідкі.
23. с. Асенняе раўнадзенства. Усход - 6.01, захад - 18.01.
24. ч. Тадора. "На Тадору ўсякае лета заканчваецца".
26. сб. Стаўроўскія Дзяды.
27. н. Звіжанне. Свята закрывання зямлі на зіму. Гадзюкі - у кучу.
29. а. Міхал. "Калі на Міхала з поўначы вецер вее, то не май на надвор'е надзеі". Сіцыян . "Святы Сацыян ды ляны пасцілаў"
Кастрычнік
2. пт. Зосім. Журавіны на Зосіма ўздымаюцца - мароз на Пакровы ўдарыць.
3. сб. Астап, Астаф'я. Прыкметы па ветру.
4. н. Пранцішак, Францішак. "На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка".
8. ч. Сяргей. Жалезны тыдзень.
9. пт. Іван Шаптун, Іван Кураед, Багаслоў. Шапталіся свахі пра нявест.
14. с. Пакровы, Трэцяя Прачыстая. Вясельная пара. "Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку - вяночкам". "Пакровы - зарыкалі каровы". Дзявоцкае лета (па 21.10). Прымалі "ў дзеўкі" сябровак.
21. с. Трыфан, Палагея. "Золкім ветрам вее". Зміцер. "Да Змітра баба хітра".
25. н. Марцін - свята млынароў.
28. с. Сымон і Юда . "Сымон з Юдаю працу ў полі канчаюць, хаты аглядаюць". Параскева Пятніцкая. Забарона на прадзенне.
29. ч. Лонгін. Збавіцель ад хвароб вачэй.
30. пт. Паклоны. Дзень адбівання паклонаў.
31. сб. Лука. "Хто сее да Лукі, не будзе мець ні хлеба, ні мукі". Дзень іканапісцаў. Юльян - ахоўнік дзяцей.
Лістапад
1. н. Усе святыя. Памінальны дзень.
2. пн. Задушны дзень. Дзяды. Памінальны дзень.
4. с. Казанская. Дождж ці снег.
7. сб. Асяніны, Змітраўскія Дзяды. "Святыя дзяды, завём вас...".
8. н. Зміцер. "Да Змітра дзеўка хітра". Канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе.
9. п. Тодар. "На Тадора поўна камора".
10. а. Параскі. Апякунка жанчын і рукадзелля.
11. с. Настуся. Настуся стрыжэ авечкі. Марцін. "Мядзведзь кладзецца ў бярлогу".
12. ч. Артошка. Пачатак прадзення.
14. сб. Кузьма-Дзям'ян. Апякун земляробства, кавалёў і вяселля.
21. сб. Міхайлаў дзень. Абаронца ад грому. Мядзведзі ідуць у спячку.
22. н. Матрона. "З Матроны становіцца зіма".
24. а. Хвёдар Студзянец. "Хвёдаравы вятры галоднымі ваўкамі скуголяць".
25. с. Іван Міласцівы. Дзень падарункаў. Кацярыны. "Кацярына забрала лета".
27. пт. Юстыніян. Апякун плоднасці і дзяцінства. Піліп. Пярэдадзень Піліпаўскага посту (да 7 студзеня).
28. сб. Піліпаўка - перадкалядны пост.
29. н. Мацей. "На Мацея зіма пацее". Адвент. Перадкалядны пост.
30. п. Андрэй . Дзявочае свята.
Снежань
4. пт. Увядзенне. Водзяцца ваўкі. Барбара. "Барбара ноч урвала, а дзень надтачыла".
5. сб. Пракоп. Савы. "Барбара мосціць, Сава цвікі войстрыць, а Мікола прыбівае".
6. н. Матрыхваны. Не пралі. Мікола. "Хвалі зіму па Міколе".
7. п. Кацярыны . "Забрала край лета".
9. с. Юр'е Зімовы. Юра мосціць. Ганны. "Ад Ганны да Каляд два тыдні і два дні".
13. н. Андросы, Андрэйкі. Варажылі.
14. пн. Навум. Наставіць на вум.
17. ч. Варвары. "Мікола і Варвара ноч урвалі".
18. пт. Савы, Міколін бацька. "Сава мосце, а Мікола гвоздзе".
19. сб. Мікола Зімовы. "Без Міколы не бывае ні зіма, ні лета". "Мікола марозам гвоздзіць".
22. а. Ганны. "Ганкі - сядайце на санкі".
24. ч. Посная куцця. Пачатак Каляд (да 6 студз.).
25. пт. Спірыдон Сонцаварот. Божае Нараджэнне.
26. сб. Сцяпан. "Кожны сабе пан".
31. ч. Марк. "Марка ды Варка - няхай будзе парка". Багатая куцця. Шчадрэц. Сільвестр. Варажылі дзяўчаты.
Алесь ЛОЗКА.
Магілёўскаму ТБМ - 25
З нагоды 25-х угодкаў заснавання магілёўскага ТБМ 26 снежня 2014 года сабраўся чарговы Беларускі гурток. Новыя і сталыя сябры таварыства, што сустрэліся гэтым вечарам за агульным сталом, з цікаўнасцю паслухалі гісторыю стварэння арганізацыі з вуснаў тых людзей, якія пачыналі новае беларускае адраджэнне ў такія далёкія ўжо гады перабудовы - Яраслава Клімуця і Міхася Булавацкага.
Паводле аднаго з заснавальнікаў суполкі Яраслава Клімуця, у 1989 годзе магілёўская суполка Таварыства беларускай мовы стваралася без асаблівых перашкодаў з боку партыйнага апарату горада. Ініцыятыва сыходзіла з Менска, ад тагачаснага першага сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, які пазней стаў старшынём Таварыства беларускай мовы - Ніла Гілевіча.
Яраслаў Клімуць згадаў, што партыйная вертыкаль збіралася зрабіць са стварэння ТБМ абавязалаўку, але тагачасным камуністам далі зразумець, што такога спрыяння не патрэбна, бо ТБМ, давялі партыйцам, добраахвотная арганізацыя.
- Тады быў час уздыму, была надзея на сапраўднае адраджэнне - таму энтузіязм праяўляўся ва ўсім. Нават тыя, хто быў далёкі ад беларускасці і яе адраджэння, падтрымлівалі нас. Цяпер жа ў грамадстве пераважае песімізм. Таму сёння Таварыства ўжо выступае не як арганізатар і натхняльнік відовішчных мерапрыемстваў, а як змагар і абаронца мовы.
Міхась Булавацкі кіраваў абласной арганізацыяй ТБМ ад 1993 года. Сярод знакавых ініцыятыў арганізацыі называе "Беларускае пяціборства" - інтэлектуальнае беларускамоўнае спаборніцтва для вучняў па пяці прадметах школьнай праграмы, у тым ліку па матэматыцы.
Прагучала шмат кранальных успамінаў, віншаванняў ды добрых слоў ад сяброў таварыства розных пакаленняў, некаторыя з якіх нават маладзейшыя за самую суполку, а зусім яшчэ маленькія госці прачыталі некалькі беларускіх вершаў. Падчас вечара, акрамя прагляду слайдаў не такіх далёкіх падзей, спадарства з цікаўнасцю пераглядзела і фотаздымкі яшчэ "далічбавай" эпохі, якія ўжо сталі амаль рарытэтам.
Цяперашні кіраўнік арганізацыі Алег Дзьячкоў зазначыў, што і ён, і многія актывісты тэбээмаўцы не ведаюць найноўшай гісторыі магілёўскага руху адраджэння беларускай мовы. Таму і былі запрошаныя на вечарыну тыя, хто пачынаў гэты рух. Шмат каго, хто быў ля ягоных вытокаў, няма ўжо ў жывых.
На думку Алега Дзьячкова, калі стваралі ТБМ, людзі верылі, што могуць змяніць жыццё, - цяпер жа, зазначае актывіст, - часы іншыя. Сярод адметных акцыяў мясцовых тэбээмаўцаў Алег Дзьячкоў называе беларускую дыктоўку.
- Ніхто ў Беларусі не піша яе там, дзе мы - у Палацы вобласці, - зазначае актывіст. - Нашае дасягненне, што нашы мерапрыемствы не праходзяць напаўпадпольна. Мы ладзім іх у бібліятэках, музеях, выставачных залах ды ратушы.
У магілёўскай арганізацыі ТБМ больш за 80 чалавек. Яны ладзяць выставы, арганізуюць вандроўкі па знакавых беларускіх мясцінах, запрашаюць беларускіх творцаў ды музыкаў, праводзяць прэзентацыі.
Зразумела, святкаванне 25 годдзя Магілёскага ТБМ не абышлося без салодкіх пачастункаў, праўда, даволі сціплых, бо ўсе "гранты" на сваю дзейнасць ТБМ-аўцы дастаюць са сваіх жа гаманцоў ды кішэняў.
Паводле Аляксея Карпенкі і Радыё Свабода.
Справаздачны даклад старшыні ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алега Трусава аб дзейнасці арганізацыі за 2014 год
Мінулы год прайшоў для нас у штодзённай стваральнай працы на карысць нашай Бацькаўшчыны.
Жыццё не стаіць на месцы, і за гэты час адышлі ў лепшы свет былы старшыня ТБМ Генадзь Бураўкін, былы старшыня Менскай гарадской арганізацыі ТБМ прафесар Аляксей Саламонаў і шмат іншых сяброў і прыхільнікаў роднага слова. Сярод іх - народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін і прафесар Гарадзенскага ўніверсітэта Іван Лепешаў.
Зараз наша арганізацыя налічвае больш за 7000 чалавек. З іх у базе дадзеных Сакратарыяту па стану на 1 студзеня 2015 г. знаходзіцца 5 тысяч 970 чалавек.
Гэты год быў для нас годам цяжкай, але стваральнай працы як у Менску, так і ў рэгіёнах нашай краіны. Найбольш актыўна працавалі рэгіянальныя актывісты Магілёва, Віцебска, Гродна, Ліды, Полацка, Наваполацка, Баранавічаў, Гомеля, Пружанаў, Паставаў, Валожына, Асіповічаў, Фрунзенскага і Ленінскага раёнаў горада Менска, мястэчка Падсвілле Глыбоцкага р-на, Шаркаўшчыны, Івянца і іншых. У нашы шэрагі актыўна ўступала моладзь, асабліва ў Менску. Пра нашу дзейнасць рэгулярна пісалі "Наша слова", "Новы час", "Наша ніва", "Народная воля", "Звязда", ЛіМ, "Краязнаўчая газета" і іншыя сродкі масавай інфармацыі. Дзейнасць ТБМ таксама асвятляюць тэлеканал Белсат, радыё "Свабода", радыё "Рацыя", Еўрарадыё, партал tut.by і іншыя.
Аднак актыўнасць некаторых нашых арганізацый жадае быць лепшай. Нас хвалюе сітуацыя з дзейнасцю нашых сяброў у Берасці, Бабруйску, Пухавічах, Ваўкавыску, Наваградку і Мазыры. У снежні 2014 года мы мусілі зняць з уліку Пінскую гарадскую арганізацыю ТБМ, якая цалкам спыніла сваю дзейнасць. Варта адзначыць, што ёсць магчымасць актывізаваць нашу работу ў Барысаве і Кобрыне, бо там ёсць актыўныя сябры ТБМ.
Дзякуючы намаганням маладых супрацоўнікаў БТ, на працягу студзеня-жніўня рэгулярна (два разы на тыдзень) выходзіла ў эфір перадача, прысвечаная гісторыі беларускіх слоў і выразаў. Беларуская мова паступова вяртаецца ў выпускі навінаў, асабліва на мясцовым БТ, з'яўляюцца новыя праграмы з удзелам моладзі на беларускай мове. Быў створаны новы дзяржаўны канал "БТ-3", дзе беларуская мова актыўна прысутнічае. У мінулым годзе споўнілася 90 гадоў (1924) з пачатку выхаду ў свет штомесячнага часопіса для дзяцей і падлеткаў "Бярозка". Некалькі год таму ўлады практычна ліквідавалі яго і ператварылі ў маленькі дадатак да часопіса "Маладосць". Але дзякуючы намаганням грамадскасці і сяброў ТБМ у гэтым годзе ён аднавіў сваю дзейнасць як самастойнае выданне.
Сябры ТБМ у розных рэгіёнах Беларусі і за яе межамі прымалі актыўны ўдзел у Агульнанацыянальнай дыктоўцы, прысвечанай юбілею Васіля Быкава. У акцыі бралі ўдзел прадстаўнікі амбасадаў розных замежных краін, журналісты, навукоўцы, выкладчыкі ВНУ, студэнты і вучні. У апошнія гады набыла сталую аўдыторыю газета "Новы час", яна становіцца ўсё больш запатрабаванай, што сведчыць пра яе рост. За гэта выказваем шчырую ўдзячнасць галоўнаму рэдактару Аляксею Каралю і ўсёй рэдакцыйнай камандзе.
У мінулым годзе выйшлі 10 і 11 нумары часопіса "Верасень" (галоўны рэдактар Эдуард Акулін). Нумары "Верасня" актыўна распаўсюджваюцца не толькі ў Менску, але і ў іншых рэгіёнах нашай краіны, нават за яе межамі.
Актывізавалася праца курсаў па вывучэнні беларускай мовы для розных групаў насельніцтва. Праходзілі заняткі па беларускай мове, гісторыі і літаратуры для вучняў 7 - 11 класаў пад кіраўніцтвам Лявона Баршчэўскага. Увесь 2014 г. працавалі беларуска-польскія моўныя курсы пад кіраўніцтвам спадарыні Л. Бурлевіч. У мінулым годзе дадаліся яшчэ адны беларуска-польскія курсы для розных груп насельніцтва (кіраўнік Леанарда Мухіна) і псіхалагічныя беларускамоўныя заняткі "Школа асобаснага росту" Людмілы Дзіцэвіч.
Летась актыўна працаваў клуб беларускага красамоўства "Прамова", кіраўнік - Аляксандр Давідовіч.
Варта адзначыць вялікі поспех курсаў "Мова нанова", заснаваных актывістамі ТБМ Глебам Лабадзенкам і Алесяй Літвіноўскай. Курсы атрымалі афіцыйную рэгістрацыю, іх наведалі больш за тысячу асобаў у розных гарадах краіны.
Летам 2013-2014 гг., не гледзячы на вакацыі, штотыднёва праходзілі ў межах кампаніі "Будзьма!" заняткі летняй гістарычнай школы "Гісторыя на вакацыях". Гэта школа актыўна дзейнічае і зараз пад назвай "Гісторыя ў падзеях і малюнках" (каардынатар Алена Анісім).
Мы працягваем выпускаць "Наша слова" (наклад 2000 год) ў фармаце 8-мі палос (індэкс выдання 63865). Не гледзячы на тое, што з'яўляюцца новыя аўтары і ёсць цікавасць да публікацыі розных матэрыялаў, сітуацыя з падпіскай жадае быць лепшай. У мінулым годзе створаны адмысловы сайт газеты. Накладам 7000 выходзіць газета "Новы час", заснаваная Менскай гарадской арганізацыяй ТБМ. Нядаўна выйшаў соты нумар штомесячнага дадатка да "НЧ" "Літаратурная Беларусь".
Сябры! Неабходна ўсім разам пашыраць кола падпісчыкаў. З гэтай нагоды хачу выказаць словы падзякі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая двойчы на год выдзяляе сродкі на падпіску раённых і школьных бібліятэк і музеяў краіны на беларускамоўныя выданні.
Вось ужо шосты год кіраўнік Гарадзенскай гарадской арганізацыі прафесар Аляксей Пяткевіч з дапамогай Станіслава Судніка выдае беларускамоўны настольны перакідны краязнаўчы каляндар, заснаваны на матэрыяле Гарадзеншчыны.
У сённяшняй рэчаіснасці нам не абысціся без сталай мабільнай прысутнасці нашай арганізацыі ў інтэрнэт-прасторы. У 2012 годзе пачаў працаваць сучасны інтэрнэт-партал ТБМ. Дзякуючы яму, мы можам своечасова размяшчаць інфармацыю пра ТБМ: яе гісторыю, структуры, дзейнасць; рабіць маніторынг стану лінгвістычных правоў грамадзян і аператыўна рэагаваць на выпадкі іх парушэння; выходзіць на іншыя пласты грамадства, наўпрост незаангажаваныя ў дзейнасць нашай арганізацыі. За перыяд існавання партала на яго старонках пабывала звыш 25 тысяч чалавек з розных краін свету.
Цяжкая сітуацыя па-ранейшаму ў беларускамоўнай адукацыі. Тым не менш, у Менску адрадзіў сваю дзейнасць Беларускі бацькоўскі камітэт і колькасць навучэнцаў у гімназіях, школах, асобных класах і ў садках засталася стабільнай.
Найлепш працуюць у гэтым накірунку сябры ТБМ з Гарадзеншчыны, дзе ў 2011 годзе з'явілася 20 новых беларускамоўных класаў у рускамоўных школах. У 2014 годзе таксама створаны беларускамоўныя класы ў Гародні і Лідзе. Гэта непасрэдная заслуга Аляксея Пяткевіча, Аляксандра Кроя і тамашніх аддзелаў адукацыі. Варта адзначыць дзейнасць Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ (кіраўнік Станіслаў Суднік).
Самая складаная сітуацыя застаецца ў г. Магілёве, дзе па-беларуску вучыцца толькі адна дзяўчынка.
У мінулым годзе на гаротны стан беларускамоўнай сярэдняй адукацыі ўпершыню звярнула ўвагу беларуская ўлада. Яна агучыла тыя прапановы, за якія ТБМ змагалася апошнія пяць год. Гэта павелічэнне гадзін на навучанне беларускай мовы, выкладанне ва ўсіх рускамоўных школах па-беларуску гісторыі і геаграфіі Беларусі, абавязковая здача тэстаў на веданне беларускай мовы для абітурыентаў. Будзем спадзявацца, што Міністэрства адукацыі на чале з новым міністрам пачне выконваць гэтыя прапановы на практыцы.
Летам і восенню 2014 г. мы годна адзначылі 25-ыя ўгодкі ТБМ і яго некаторых рэгіянальных арганізацый. Былі выдадзены розныя календары, паштоўкі, канверты і сувенірныя пакеты з сімволікай ТБМ, а таксама "Летапіс ТБМ" за апошнія пяць гадоў.
Актыўна займаюцца краязнаўчай і турыстычнай працай нашы сябры з Гародні, Баранавічаў, Шаркаўшчыны, Магілёва і Ліды. Яны ладзяць беларускамоўныя экскурсіі, пленэры, канферэнцыі і семінары. У гэтым плане хочацца адзначыць сяброў Рады ТБМ Аду Райчонак і Віктара Сырыцу.
Сябры Магілёўскай арганізацыі (кіраўнік Алег Дзьячкоў) у мінулым годзе годна адзначылі Еўрапейскі год моваў і наладзілі гістарычныя экскурсіі для жыхароў Беларусі на розных мовах, але беларуская мова была асноўнай.
Улічваючы інфляцыю, Рада ТБМ прымала рашэнне з 1 студзеня 2014 г. павялічыць памер сяброўскіх складак. Трэба адзначыць, што большасць суполак ТБМ своечасова здала складкі, а таксама сабрала немалыя ахвяраванні. Па стану на 24 снежня 2014 г. на нашым рахунку было 59 мільёнаў 589 тысяч 781 беларускі рубель. У сувязі з вялікай інфляцыяй нам варта падумаць аб падвышэнні памеру складак на 2015 год.
2 лістапад 2014 г. прайшоў чарговы з'езд ТБМ. Адбыліся новыя выбары кіраўніцтва, з'явіўся новы намеснік старшыні ТБМ Аляксандр Давідовіч, павялічылася колькасць сяброў Рады ТБМ. У радзе ТБМ стала болей прадстаўнікоў рэгіянальных структур. На звароты, прынятыя на з'ездзе ў Канстытуцыйны Суд і да ўладаў наконт адкрыцця Нацыянальнага беларускамоўнага ўніверсітэта ўжо прыйшлі адказы. Канстытуцыйны Суд яшчэ раз пацвердзіў той факт, што ў Беларусі адсутнічае роўнасць паміж дзвюма дзяржаўнымі мовамі, але разглядаць гэта пытанне адмовіўся. Ад стварэння беларускамоўнага ўніверсітэта адмовілася ў чарговы раз Міністэрства адукацыі. Зараз мы праводзім актыўны маніторынг ужывання беларускай мовы ва ўсіх сферах жыцця краіны і ўжо разаслалі некалькі соцень розных запытаў. З першымі адказамі на іх можна пазнаёміцца на нашым партале.
Варта таксама адзначыць выхад шасці кніг пробных тэстаў па вывучэнні беларускай мовы як замежнай, што дазваляе рабіць далейшыя крокі па стварэнні Міжнароднага сертыфіката беларускай мовы.
Шаноўнае спадарства!
Сябры ТБМ прынялі актыўны ўдзел у Ўсебеларускім кангрэсе за незалежнасць, які адбыўся 21 снежня 2014 г. На ім было прынята рашэнне зрабіць кангрэс пастаяннай дзейнай пляцоўкай для абмеркавання надзённых пытанняў жыцця краіны, у тым ліку праблемаў захавання і пашырэння беларускай мовы і культуры. Кангрэс выбраў Раду ў складзе 17 чалавек. Каардынатарам абралі спадарыню Алену Анісім. Зараз вельмі важна сабраць як мага болей подпісаў пад тэкстам Маніфеста. Неўзабаве будзе створаны адмысловы сайт.
Паважанае спадарства!
У новым годзе нас чакае шмат розных спраў. Мы запланавалі правядзенне 28 сакавіка Міжнароднай канферэнцыі "Моўныя правы і іх абарона". Запрашаем кожнага далучыцца да гэтай важнай канкрэтнай справы.
Віншуем вас з Новым годам і Калядамі!
Жадаем вам моцнага здароўя, духоўнай моцы і аптымізму.
Дзякуй вам усім за актыўную працу на карысць беларускай мовы і нашай Бацькаўшчыны.
Жыве наша мова і жыве Беларусь!
Дзякуй за ўвагу.
11 студзеня 2015 г.
Старшыня ТБМ Алег Трусаў.
Рэспубліканская Рада ТБМ
11 студзеня 2015 г., у нядзелю, у сядзібе ТБМ у Менску адбудзецца чарговая Рада ТБМ.
Пачатак рэгістрацыі ў 10.00.
Пачатак паседжання ў 11.00.
Праект парадаку дня:
1. Справаздача старшыні ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" за 2014 год.
2. Прыняцце Плана дзейнасці ТБМ на 2015 год.
3. Прыняцце Пастановы Рады ГА ТБМ "Аб памеры складак сяброў ТБМ".
4. Прыняцце Пастановы Рады ГА ТБМ "Аб зменах у складзе Сакратарыяту ГА ТБМ".
5. Рознае.
Просьба прысылаць прапановы па Плану да 7 студзеня 2015 г.
На паседжанне запрашаюцца ўсе сябры новаабранай Рады.
Сакратарыят.
Праект
Пастанова Рады ГА ТБМ ад 11 студзеня 2015 г. "Аб памеры складак сяброў ТБМ"
Рада ТБМ пастанаўляе
ўвесці з 1 студзеня 2015 г. наступныя памеры складак для сяброў арганізацыі (за год):
1. Працоўныя - 25 тысяч.
2. Пенсіянеры - 10 тысяч.
3. Беспрацоўныя - 7 тысяч.
4. Студэнты - 5 тысяч.
5. Школьнікі - 3 тысячы.
6. Грамадзяне Расіі - 250 расійскіх рублёў.
7. Грамадзяне Украіны - 30 грыўняў.
- грамадзяне Еўразвязу - 5 еўра
- грамадзяне іншых краін - 7 долараў ЗША.
ЗАПРАШАЕМ НА ІМПРЭЗУ
У межах кампаніі "Будзьма!" на сядзібе ТБМ адбудзецца прэзентацыя новай кнігі доктара гістарычных навук Алеся Краўцэвіча "Краіна Пагранічча".
Выбраныя эсэ, рэпартажы, публіцыстыка, навукова-папулярныя працы, створаныя за апошнія тры дзесяцігоддзі і аб'яднаныя агульнай тэмай гісторыі Краіны Пагранічча, якая сёння называецца "Беларусь". Частка працаў публікуецца ўпершыню.
Па тэкстах, укладзеных у храналагічным парадку, можна заўважыць як эйфарыя свабоды ў беларускім грамадстве пачатку 90-х гадоў 20 ст. зноў змяняецца настроем на будзённую працяглую працу мацавання нацыянальнай тоеснасці.
Прэзентацыя кнігі адбудзецца 16 студзеня 2015 г. (пятніца) у 17.00 гадзін . Аматары літаратуры і гісторыі будуць мець мажлівасць задаць аўтару пытанні.
Уваход вольны.
МАНІФЕСТ У АБАРОНУ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ БЕЛАРУСІ
Мы, удзельнікі Усебеларускага кангрэса,
усведамляючы сваю адказнасць за лёс Беларусі,
жадаючы захаваць нацыянальныя каштоўнасці і традыцыі беларускага народа,
усведамляючы прыярытэт нацыянальных інтарэсаў перад прыватнымі палітычнымі амбіцыямі,
кіруючыся імкненнем забяспечыць суверэнітэт і свабоду нашай Бацькаўшчыны і вярнуць дзяржаўныя структуры на шлях служэння беларускаму народу,
дзейнічаючы ў межах нашых законных правоў, прымаем наступны Маніфест.
* * *
Мы нагадваем, што незалежнасць Беларусі ў форме Беларускай Народнай Рэспублікі была аб'яўлена 25 сакавіка 1918 года ў этнаграфічных межах беларускага народа і ў тых жа межах пацверджана 1 студзеня 1919 года праз заснаванне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь.
Дзяржаўны суверэнітэт Беларусі быў абвешчаны 27 ліпеня 1990 года ў Дэкларацыі Вярхоўнага Савета "Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР". 25 жніўня 1991 года Дэкларацыі быў нададзены статус канстытуцыйнага закона. 19 верасня 1991 года краіна набыла сучасную назву і была прызнана ўсім светам як суб'ект міжнароднага права.
У адпаведнасці з Дэкларацыяй Беларусь - суверэнная дзяржава, якая паўстала на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад'емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу. У Дэкларацыі таксама падкрэсліваецца, што носьбітам суверэнітэту і адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў краіне з'яўляецца беларускі народ, які складаюць грамадзяне ўсіх нацыянальнасцяў.
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, прынятая 15 сакавіка 1994 г., пацвердзіла асноўныя палажэнні Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Так, у артыкуле 1 Канстытуцыі замацоўваецца, што Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку.
Аднак папраўкі, прынятыя ў выніку рэферэндумаў 1995 і 1996 гадоў, прывялі да парушэння фундаментальных нормаў Дэкларацыі і Канстытуцыі Беларусі.
Сур'ёзная пагроза суверэнітэту дзяржавы ўзнікла ў сувязі з заключэннем дамоваў з Расійскай Федэрацыяй аб стварэнні так званай "саюзнай дзяржавы", што выклікала шырокі пратэст дэмакратычнай грамадскасці. 29 ліпеня 2000 года быў скліканы Усебеларускі з'езд, на якім прынялі Акт аб незалежнасці Беларусі. У гэтым Акце адзначалася, што "суверэнітэт краіны не можа быць абмежаваны або скасаваны праз рашэнні дзяржаўных асоб і органаў, а нават праз рэферэндум".
Новую пагрозу незалежнасці краіны нясе ў сабе Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе, ратыфікаваны беларускімі ўладамі 9 кастрычніка 2014 г. Шэраг палажэнняў гэтага Дагавора супярэчыць агульнапрызнаным нормам міжнароднага права, Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гэтая пагроза ўзмацняецца значнымі зменамі ў геапалітыцы, выкліканымі імкненнем кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі ўсталяваць новы сусветны парадак.
* * *
Беларусь - наш Дом, які мы атрымалі ў спадчыну ад продкаў і павінны захаваць для нашчадкаў. Наш народ і наша зямля - не "шчыт", "фарпост" ці "буфер" для суседніх дзяржаваў. Размяшчэнне замежных вайсковых кантынгентаў і базаў на тэрыторыі Беларусі недапушчальнае. Усе замежныя войскі павінны пакінуць нашу тэрыторыю.
Беларусь - краіна, якая найбольш пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы. Яе наступствы згубна адбіваюцца на здароўі суайчыннікаў. Кіраўніцтва краіны павінна спыніць шматгадовую практыку замоўчвання і ігнаравання чарнобыльскай праблемы. У такіх варунках будаўніцтва АЭС на тэрыторыі Беларусі недапушчальнае.
Зямля Беларусі і яе нетры не павінны бескантрольна аддавацца ва ўласнасць ці арэнду замежным грамадзянам або дзяржавам. Усе інвестыцыйныя праекты, звязаныя з новым будаўніцтвам, павінны прымацца са згоды і пад кантролем грамадства.
Нашу заклапочанасць выклікае дэмаграфічная сітуацыя ў краіне. Нацыя старэе і паступова вымірае. Нам неабходна зрабіць палітычныя і эканамічныя захады, якія б давалі магчымасць для самарэалізацыі моладзі на Радзіме, спрыялі стварэнню сям'і, заахвочвалі да нараджэння і гадавання дзяцей.
Мы занепакоены тым, што народ на працягу дваццаці гадоў фактычна пазбаўлены магчымасці абіраць сваіх прадстаўнікоў у органы мясцовай і вышэйшай улады.
Нас вельмі турбуе стан беларускай культуры і асабліва мовы, якая фактычна не падтрымліваецца сённяшняй уладай на належным узроўні.
* * *
Мы аб'яўляем ўсім краінам, міжнародным і рэгіянальным арганізацыям, што Рэспубліка Беларусь была і застаецца суверэннай, нейтральнай і без'ядзернай дзяржавай.
Мы заяўляем, што ўсе пагадненні і дагаворы, якія былі заключаны з парушэннем Канстытуцыі і якія ставяць пад пагрозу незалежнасць Беларусі, павінны быць перагледжаны і адменены.
Мы патрабуем ад уладаў неадкладна скасаваць Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе або ўнесці ў яго тэкст адпаведныя змены.
Мы заклікаем палітычныя партыі, грамадскія аб'яднанні і рухі, патрыятычна настроеных грамадзян падтрымаць гэты Маніфест і далучыцца да агульнанацыянальнай кампаніі ў абарону незалежнасці нашай краіны.
Маніфест прыняты на пасяджэнні Кангрэса і адкрыты для падпісання ўсімі суб'ектамі грамадзянскай супольнасці і асобнымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.
21 снежня 2014 г., г. Мінск.
Заява
Усебеларускага кангрэса за незалежнасць
1. Мы, удзельнікі Ўсебеларускага кангрэса за незалежнасць заяўляем, што Кангрэс з'яўляецца пастаяннай дзейнай пляцоўкай для абмеркавання і вырашэння важных і неадкладных праблемаў нацыянальнага жыцця і існавання Рэспублікі Беларусь як суверэннай і незалежнай краіны. Кангрэс збіраецца на свае паседжанні па меры неабходнасці.
2. Для каардынацыі сваіх дзеянняў удзельнікі Кангрэса абіраюць Раду ў складзе 17 чалавек.
3. Рада Кангрэса выбірае каардынатара для сувязі з грамадскасцю і органамі ўлады.
21 снежня 2014 г., г. Мінск.
Склад Рады, зацверджаны на Усебеларускім кангрэсе за незалежнасць:
1. Анісім Алена
2. Антончык Сяргей
3. Арлоў Уладзімір
4. Багданкевіч Святлана
5. Гаравы Марат
6. Гарэцкі Радзім
7. Грыб Мечыслаў
8. Дзейка Леанід
9. Жылко Антон
10. Кастусёў Рыгор
11. Колас Уладзімір
12. Курыльчык Мікалай
13. Марачкін Аляксей
14. Мех Аляксандр
15. Пастухоў Міхаіл
16. Суднік Станіслаў
17. Трусаў Алег
Як беларусы ставяцца да беларускамоўных
2014 год адзначыўся павышэннем цікавасці беларусаў да сваёй мовы.
Наколькі шырока ў грамадстве пайшоў гэты працэс?
Кампанія "Будзьма беларусамі!" вырашыла даведацца пра стаўленне насельніцтва па краіне да беларускамоўных. Гэта ўжо не першае даследаванне, што робіць кампанія адносна нацыянальнай ідэнтычнасці, таму ёсць з чым параўноўваць. Больш за тое, некаторымі вынікамі сваіх уласных даследаванняў падзяліўся і партнёр кампаніі - лабараторыя "Новак".
Як паказала апытанне, беларусы станоўча ўспрымаюць людзей, якія размаўляюць па-беларуску. Цалкам ці часткова ўхваляюць беларускамоўных 76% беларусаў. Хутчэй не вітаюць беларускамоўных і цалкам не вітаюць 12,9% і 3,4% адпаведна. Яшчэ 7,7% не маюць меркавання на гэты конт (гл. Графік 1 ніжэй. *Графікі пададзеныя на той мове, на якой праходзіла апытанне, - рускай).
Задаваліся рэспандэнтам пытанні і пра стаўленне да павелічэння дзяржаўнага фінансавання і падтрымкі беларускай мовы, і пра пашырэнне прысутнасці беларускай мовы на тэлебачанні і радыё. Адказы на іх таксама дэманструюць пазітыўную тэндэнцыю. Колькасць тых, хто вітаў бы абедзве гэтыя магчымасці, большая за колькасць тых, хто гэтага не хоча. Звяртае на сябе ўвагу і той факт, што на пытанне пра прысутнасць беларускай мовы на ТБ працэнт тых, хто не змог вызначыцца з адказам, складае амаль траціну ад апытаных - 34,7%. Такія лічбы, на думку эксперта-сацыёлага Лідзіі Міхеевай, могуць сведчыць пра некатэгарычнасць беларусаў, то бок пра пэўную схільнасць грамадскага меркавання да "сярэдніх", больш лагодных фармулёвак і пазіцый у дачыненні да мовы, а таксама паказваюць на патэнцыял зрухаў у стаўленні да моўных пытанняў тых людзей, якія пакуль не вызначыліся ў сваіх пазіцыях ці не задумваліся пра гэта ўвогуле.
Адказы на пытанне "Што вы думаеце пра людзей, якія заўсёды размаўляюць толькі па-беларуску?" ёсць з чым параўноўваць: кампанія "Будзьма беларусамі!" задавала гэтае пытанне тройчы ў такой жа фармулёўцы - у 2009, 2011 і гэтым годзе. Параўнанне адказаў вымалёўвае наступную тэндэнцыю (гл. Графік 3 ніжэй). Амаль на 8% з 2009 года скарацілася колькасць тых, хто лічыць беларускамоўных людзей "сапраўднымі беларусамі, патрыётамі", аднак пры гэтым менавіта такі адказ застаецца самым папулярным. Наступным па папулярнасці ідзе варыянт "Не звяртаю на гэта ўвагі, ніколі пра гэта не думаў". Колькасць такіх людзей, для якіх праблема мовы ўвогуле не з'яўляецца заўважнай, павысілася ад 24,7% у 2009 годзе да 30,1% у 2014 годзе. Гэта дэманструе, што беларуская мова перастае быць якімсьці маркёрам.
Заўважна, што палярызацыя ў пытанні стаўлення да беларускамоўных праз іх вызначэнне "эліта нацыі" і "апазіцыя" ў апытанні 2014 г. знікла. Яшчэ ў 2011 годзе яна была больш адчувальнай.
Нязначная колькасць рэспандэнтаў у адпаведнасці са старымі савецкімі міфамі адносіць беларускую мову да мовы вёскі. З дадзеных апытання відавочна, што гэты стэрэатып пачынае паступова адыходзіць.
Вынікі апытанняў сведчаць пра пазітыўнае стаўленне беларусаў да сваёй мовы і яе актыўных носьбітаў цягам апошніх пяці гадоў, што дае падставу кампаніі "Будзьма беларусамі!" меркаваць пра наяўнасць дакладнай і ўстойлівай тэндэнцыі.
Матэрыял падрыхтаваны пры дапамозе эксперта Лідзіі Міхеевай на падставе апытанняў, зробленых лабараторыяй "Новак" як на замову кампаніі "Будзьма беларусамі!", так і самастойна.
Збор беларускіх хрысціянскіх хітоў
27 снежня ў Менску быў прэзентаваны новы выпуск духоўных спеваў "Беларускі хрысціянскі хіт-7". Канцэпцыя стварэння зборнікаў хрысціянскіх спеваў належыць сустаршыні Аркамітэта па стварэнні БХД Паўлу Севярынцу.
- Праект паўстаў у 2008 годзе, - адзначыў яго заснавальнік. - Ён меў мэтай сабраць лепшыя спевы ўсіх канфесій: рыма-каталіцкія, грэка-каталіцкія, праваслаўныя, пратэстанцкія і аб'яднаць іх, каб беларускія хрысціяне мелі калекцыю лепшых спеваў на роднай мове. Мы адабралі 40 песень і потым выпрабоўвалі іх на фокус-групах - супольнасцях з 7-10 чалавек з розных регіёнаў і канфесій. З 40 кампазіцый выбіралі 20 лепшых. Першы дыск быў выдадзены ў 2008 годзе - гэта былі хрысціянскія гімны. 20 найлепшых спеваў праслаўлення выйшлі ў выглядзе "Беларускага хрысціянскага хіта-2". Калядныя і Велікодныя зборы 2009 года дапоўніў у 2014 годзе "Беларускі пілігрымскі хіт". Новы выпуск "Люблю Беларусь" ўвабраў патрыятычныя спевы хрысціянаў," - адзначыў П. Севярынец. Праект не з'яўляецца камерцыйным, сродкі, сабраныя за распаўсюд дыскаў, будуць скіраваны на наступныя выпускі. Кружэлку папоўнілі песні Алесі Ўнукоўскай, запісы гурта "Laudans", Вальжыны Цярэшчанкі і Змітра Вінаградава, Віктара Козела і іншых.
Канцэртную праграму распачаў каталіцкі гурт "Laudans". Яго песні ўвайшлі ў тры вышэй названыя дыскі. Песні "Агмень", "Божыя вочы" аўтарскага характару прагучалі свежа і пранікнёна. Нядаўна гурт правёў шэраг выступленняў у Нясвіжы, Бабруйску, Менску. Калектывам кіруе прафесійны музыка Андрэй Лугін. Адрэй скончыў вучэльню і БДПУ імя Танка, займаецца менеджментам гурта. Тэксты песень стварае Вераніка Лугіна, на клавішных грае Алена Палачанская.
Кліп з песнямі Юліі Фраловай прэзентавала рэжысёр Вольга Мікалайчык. Андрэй Мельнікаў умацаваў дух грамады песнямі на вершы айца Іаанна (Алега Бембеля, Зніча). Маргарыта Тарасава выканала тры цёплыя аўтарскія песні, у якіх прагучалі тэмы любові, адказнасці за сваіх родных і каханых, за Беларусь.
У праграме ўдзельнічала інтэрнет-крама Iмbryk.by пад кіраўніцтвам Алеся Мазаніка. Канцэрт падрыхтавала каманда новых дыджэяў Адраджэння. Збор дыскаў можна набыць на сядзібе БНФ, Чарнышэўскага, 3. "Беларускі хрысціянскі хіт -7", сродак духоўнай бадзёрасці, суцяшэння і натхнення ўзбагаціць музычныя калекцыі сямей, супольнасцей і цэркваў.
Э. Дзвінская. Фота аўтара. На здымках: 1. Выступае гурт "Laudans". 2. "Беларускі хрысціянскі хіт-7" 3. П. Севярынец прадстаўляе дыскі.
Хвала на вышынях Богу і на зямлі мір
Святочныя вечары Божага Нараджэння і Калядаў поўніліся спевамі ў храмах і на грамадскіх сядзібах.
26 снежня хор касцёла св. Сымона і Алены "Голас душы" дзяліўся чыстымі спевамі са слухачамі. Навокал ззялі срэбраныя зоркі і ліхтарыкі, агенчыкі і залатыя шары стваралі атмасферу цудоўнага. Артысты пад кіраўніцтвам канцэртмайстра Алены Абрамовіч выканалі песнаспевы з літургіі, беларускія, польскія, амерыканскія і іспанскія калядкі. Разнастайнасць мелодый розных краін перадае пачуцці народаў з усімі эмацыйнымі адценнямі і выражае сусветны характар свята Божага Нараджэння.
"Анёлы заспявайце,
Пастушкі зайграйце!
Паклон Цару аддайце,
Усе водары зямлі".
Хор з прафесійных музыкантаў звычайна спявае на нядзельнай імшы, выступае на святах у касцёлах у розных кутках Беларусі, выязджае з канцэртамі ў Польшчу. Хор выконвае класічныя творы Моцарта, Шуберта, Ліста і іншых еўрапейскіх кампазітараў.
У другой частцы канцэрта выступіў хор Менскага Дома ветэранаў. У яго выкананні прагучалі спевы "Аve Maria","Блаславі, душе мая, Госпада", "Ціхая ноч". Спевы ў ціхія вечары найлепш перадавалі замілаванне і лагодны настрой, духоўную сутнасць святаў.
Э. Оліна . На здымку аўтара: Спявае хор "Голас душы".
Адкрыты памятны знак Іосіфу Гашкевічу ў г. Астраўцы
29 снежня ў г. Астраўцы адбылося адкрыццё памятнага знак Іосіфу Гашкевічу. Гэты помнік быў усталяваны на аднайменнай вуліцы, якая яшчэ раней была названа ў гонар знакамітага земляка.
Іосіф Гашкевіч скончыў Менскую Духоўную Семінарыю і Санкт-Пецярбургскую Духоўную Акадэмію. Быў першым консулам Расіі ў Японіі, шмат спрыяў развіццю праваслаўя ў гэтай далёкай краіне. У 2014 годзе споўнілася 200 гадоў з дня яго нараджэння, таму кіраўніцтва раёна паспрабавала ўсталяваць памятны знак менавіта ў гэтым, юбілейным годзе.
На адкрыцці помніка прысутнічалі: старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалько, намеснік старшыні Віктар Збігневіч Свіло і іншыя прадстаўнікі кіраўніцтва раёна.
З вітальнай прамовай выступіў дабрачынны Астравецкай царкоўнай акругі протаіерэй Георгі Савіцкі, у якой адзначыў, што Іосіф Гашкевіч, дзякуючы сваёй навуковай дзейнасці, прывёў шмат людзей да Бога, і таму да нашых дзён памяць пра яго захоўвае не толькі беларускі, але і японскі народ.
Наш кар.
Беларуская Энцыклапедыя стала даступная анлайн
Беларуская Энцыклапедыя, якая год таму з'явілася ў адсканаваным выглядзе на торантах, цяпер даступная і для анлайн-прагляду па старонках. Гэта можа быць карысным для тых, хто не можа спампоўваць вялікі аб'ём і хацеў бы атрымаць хуткі доступ да патрэбных матэрыялаў. Энцыклапедыя даступная на сэрвісах box.com і issuu.com:
- https://app.box.com/bielaruskaja-encyklapiedyja
- http://issuu.com/movazbor/docs
На box.com можна пераходзіць на патрэбную старонку, увёўшы нумар старонкі, а таксама выдзяляць і капіяваць тэкст. На issuu.com можна шукаць па словах (аднак варта ўлічыць, што тэкст, даступны ў тэкставым пласце файла, распазнаны па-чарнавому і даводзіцца найперш арыентавацца візуальна на тэкст, адлюстраваны ў складзе графічнага пласта).
Беларуская Энцыклапедыя, выдадзеная ў суверэннай Беларусі, дапаможа атрымаць звесткі пра самыя разнастайныя рэчы і з'явы на беларускай мове, робячыся такім чынам адной з цэнтральных крыніц фармавання беларускамоўнай прасторы і засваення ведаў без пасярэдніцтва іншых моў. З гэтай жа прычыны яе можна разглядаць і як аўтарытэтную крыніцу для вырашэння моўных пытанняў, на якія няма адказаў у слоўнікаў: для высвятлення тэрміналогіі і напісання спрэчных назваў і імёнаў.
Даслаў чытач Віталь Станішэўскі.
Разам з тым у гэтай інфармацыі ёсць цікавыя перадумовы. ТБМ звярталася ў Адміністрацыю Прэзідэнта з прапановаю даць даручэнне адлічбаваць беларускія энцыклапедыі і зрабіць іх даступнымі ў сеціве, на што быў атрыманы адказ ад аднаго з міністэрстваў пра немагчымасць гэтага з-за праблем з аўтарскім правам. Але гэта ў чыноўнікаў праблемы, а, дакладней, адна - нежаданне працаваць. А ж ёсць у Беларусі і па-за дзяржавай спецыялісты. Адсканаваны ўсе 18 тамоў Энцыклапедыі Беларусі (каля 10 000 старонак), а заадно - і 6 тамоў Энцыклапедыі гісторыі Беларусі. Сканы "гулялі" па сеціве і вось займелі афіцыйныя адрасы - і па ўсім аўтарскім праве.
Аднак пытанне стварэння Беларускай дзяржаўнай электроннай бібліятэкі з павесткі дня не здымаецца. А можа дзяржаўныя структуры і тут збіраюцца чакаць, пакуль і гэтую задачу вырашаць за іх энтузіясты.
Наш кар.
Беларускамоўныя календары ад Гарадзенскай ДАІ
ДАІ Гародні выдала беларускамоўны насценны каляндар на 2015 год, на старонках якога можна пабачыць супрацоўніц інспекцыі ў форме, у нацыянальных строях і ў выглядзе чатырох пораў году, паведамляе "Твой стыль".
На старонкі календара патрапілі супрацоўніцы некалькіх аддзелаў ДАІ рэгіёна. Аўтар ідэі, фатограф і дызайнер - Сяргей Banifacyj Марозаў. Дапамагла яму стылістка Бажэна Машніна.
Народны праект выдання выбранай беларускай паэзіі для дзяцей
Кожны народ выхоўвае дзяцей на сваёй паэзіі. Любоў да роднай мовы абуджаецца ў дзіцячым сэрцы дзякуючы першым пачутым і завучаным вершам. Гэта разумее кожная нацыя, акрамя беларусаў… Нашы маленькія грамадзяне выхоўваюцца на рускай паэзіі кшталту "В лесу родилась ёлочка…", "Мишка косолапый по лесу бредёт.." і да т. п.
Вось таму і выспела ідэя сабраць найлепшыя беларускія вершы для дзяцей, выдаць іх кнігамі і распаўсюдзіць усімі магчымымі спосабамі, а найперш праз сістэму дашкольнага выхавання ды інтэрнэт.
Упершыню заклік да выдання гэткага вершазбору быў надрукаваны мною ў газеце "Наша слова" ў 2003 годзе. А ўжо ў 2005 годзе ў выдавецтве "Тэхналогія" пабачыў свет густоўна аздоблены каляровымі малюнкамі першы том кнігі пад назвай "Побач з намі на Зямлі". Яго тэматыка - вершаванкі-запамінанкі пра жывёльны свет. Хуткасці выдання паспрыяла шчаслівае супадзенне чыннікаў: знайшліся і фінансаванне, і ўкладальнік кнігі - паэт Алег Мінкін, які на той час ужо меў адпаведных паэтычных твораў на цэлыя тры тамы, бо на працягу пятнаццаці гадоў збіраў найлепшыя вершы для дзяцей. Але далей за выданне першай кнігі справа не пайшла.
А хто ж, калі не мы, выпусціць другі том вершаў - пра раслінны свет і трэці том - пра свет чалавека?
У адказ на маё новае запрашэнне Алег Мінкін зноў ахвотна ўзяўся за працу над зместам двух будучых тамоў, бо трэба дадаць самае лепшае з напісанага за мінулае дзесяцігоддзе.
Шаноўныя грамадзяне, фонды, дзяржаўныя і недзяржаўныя арганізацыі! Калі ласка, далучайцеся да гэтага народнага праекту! Дасылайце вершы, выказвайце прапановы па фінансаванні выдання будучых кніг, па іх афармленні і распаўсюджванні на адрас электроннай пошты Алега Мінкіна: xnicka@gmail.com
Алесь Бакач, кіраўнік грамадскай арганізацыі "Творчае згуртаванне "Святліца", г. Баранавічы.
Род, які шанаваў Бога
Група вернікаў з розных парафій пад патранатам ксёндза-пробашча Ўладзіслава Завальнюка здзейсніла пілігрымку на радзіму продкаў Эдварда Вайніловіча. Аўтобусная вандроўка адбылася 13 снежня, падчас Адвэнту, з мэтай духоўнага ўмацавання і падрыхтоўкі да Свята Божага Нараджэння.
У дарозе пробашч касцёла Св. Сымона і св. Алены кандыдат гістарычных навук кс. Уладзіслаў Завальнюк прысвяціў духоўную гутарку высакароднаму дзяржаўнаму мужу, шчыраму ахвярадаўцу, вернаму мужу і бацьку Эдварду Вайніловічу.
Эдвард Антоні Леанард Адамавіч Вайніловіч (1847-1928) належаў да сярэднезаможнага шляхецкага роду Вайніловічаў герба "Сыракомля". Як асоба з'яўляўся глыбока веруючым, сумленным і працавітым чалавекам. Выхаванне ў родавым маёнтку Савічы Слуцкага павета ў традыцыйнай шляхецкай годнасці, якую Эдвард Вайніловіч засвоіў і пранёс у сваёй душы праз усё сваё жыццё, і якая заключалася ў высакароднай прастаце і сумленнасці, набожнасці і шчырай веры, зычлівасці і гасціннасці, шанаванні продкаў і ахвярнай любові да Айчыны, пачалося бацькамі і працягвалася настаўнікамі. Вялікім прыкладам для Эдварда заўсёды быў працавіты і мудры бацька, а таксама пакаленні памерлых продкаў.
У самым пачатку прадзеды Вайніловічаў былі праваслаўнымі, потым прынялі ўніяцтва, а пазней многія з іх сталі шчырымі католікамі.
У Макранах, Цімкавічах, што недалёка ад Клецка, Вайніловічы пабудавалі цудоўныя святыні - каталіцкі касцёл і велічную праваслаўную царкву. Рэвалюцыя разбурыла касцёл, пакінулі толькі фундамент і раскіданыя пахавальныя нішы.
Эдвард Вайніловіч хацеў бачыць свой край заможным і багатым. У 1876 годзе ён заснаваў Сельскагаспадарчае таварыства на беларускіх землях. Ён некалькі разоў абіраўся ў Думу ў Пецярбурзе і спрыяў эканамічным рэформам.
Вайніловічу было ўласціва экуменічнае мысленне, ён ахвяраваў сродкі на касцёлы і цэрквы, клапаціўся аб атрыманні царскага дазволу на будаўніцтва сінагогі ў г. Клецку. Ён быў панад бар'ерамі, дзякуючы высокай культуры духу. Ён падтрымліваў першае беларускае легальнае выдавецкае таварыства " Загляне сонца і ў наша аконца", часопісы " Лучынка" і Саха".
Страціўшы дзяцей, Вайніловіч не ўпаў у роспач і крыўду, а збудаваў храм у Менску, які служыць многім пакаленням вернікаў.
У 1919 Эдвард Вайніловіч быў вымушаны з'ехаць за мяжу ад пераследу бальшавікоў. Ён жыў у Любліне, а затым у Быдгашчы, дзе заснаваў дом для дзяцей-сірот і беспрытульных. За мяжой ён быў маральным святлом, пуцяводнай зоркай для рэпатрыянтаў, прымушаных пакінуць айчыстыя землі.
Ксёндз-пробашч распавёў, як 18 гадоў таму ён знайшоў пахаванні бацькоў і дзядоў Эдварда Вайніловіча, магілкі Алены і Сымонкі. У хуткім часе да даследчай працы далучылася педагог-гісторык Вольга Каляда, якая настаўнічала ў тых мясцінах. Яна дапамагае і да гэтага часу ў добраўпарадкаванні і захаванні гэтага месца. Ксендзу ўдалося выратаваць надмагільныя камяні ад разбурэння і перавезці адзін з іх да Чырвонага касцёла ў Менск.
Пазней кс. Уладзіслаў Завальнюк са святарамі накіраваўся ў горад Быдгашч і праз узмоцненую малітву адшукаў магілу самога Эдварда Вайніловіча. У 2006 годзе па дабраславенні кардынала Казіміра Свёнтка парэшткі шаноўнага шляхціца былі вернуты на Беларусь і ўрачыста перазахаваны ля заснаванага ім касцёла св. Сымона і Алены. Сёлета кс. Ул. Завальнюк наведваў усе мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Вайніловіча: Клецк, Слуцк, Капыль, Нясвіж, Савічы, Макраны, Раёўку. Беатыфікацыйны працэс, які вядзе апостальская сталіца, патрабуе дэтальнага вывучэння ўсіх абставін жыцця Э. Вайніловіча і збору сведчанняў пра Божую дапамогу праз яго малітоўнае заступніцтва.
У суботу, 13 снежня пілігрымы першапачаткова наведалі горад Капыль. Там, у касцёле св. Пятра і Паўла адбылося ўрачыстае набажэнства на ўспамін бацькоў, дзядоў, прадзедаў і дзяцей Эдварда Вайніловіча, якія пахаваны недалёка ад вёскі Савічы. Імшу цэлебраваў біскуп Юры Касабуцкі.
У прамове да вернікаў ён падкрэсліў неабходнасць вяртання сапраўднай гісторыі жыцця асобаў, якія былі рэпрэсаваны, сталі выгнаннікамі з сваёй зямлі, а таксама важнасць трывання ў хрысціянскай веры, якая падвяргаецца сёння глумленню з боку секулярызаванага і лібералізаванага свету. Важна захоўваць памяць пра фундатара цэнтральнага касцёла беларускай сталіцы, шчырага ахвярадаўцу, моцнага духам, вернага сям'і і Радзіме, - адзначыў біскуп.
Удзельнікі хору "Голас душы" пранікнёна і чыста спявалі літургічныя спевы, а потым у час абеду бадзёрылі і цешылі грамаду беларускімі і ўкраінскімі песнямі, калядкамі.
Дырэктар краязнаўчага музея Валянціна Леанідаўна Шуракова падзялілася ўспамінамі пра гісторыю горада Капыля, які праз некалькі гадоў будзе адзначаць 1000-годдзе. Капыль і бліжэйшыя землі належалі князям Алелькавічам - продкам св. Сафіі Слуцкай. Пасля яе адыходу землі перайшлі да яе мужа Януша Радзівіла.
Недалёка ад Савічаў пілігрымы наведалі памятнае месца спачыну парэшткаў родных Эдварда Вайніловіча. Нават асобы сталага веку адважна крочылі праз заснежанае поле і слізкую дарогу каля кіламетра.
Святары дабраславілі праваслаўны і каталіцкі крыжы, усталяваныя там, акрапілі іх святой вадой. Прысутныя запалілі знічы і заспявалі малітоўныя спевы. У цырымоніі ўдзельнічалі госці з Менска і іншых гарадоў, прадстаўнікі Капыльскага выканкама і мясцовыя жыхары.
На зваротным шляху біскуп Юры Касабуцкі ў цікавай форме распавёў пра гісторыю роду Радзівілаў. Было прапанавана наведаць Фарны касцёл ў Нясвіжы. Ён быў пабудаваны Радзівілам Сіроткам па праекце архітэктара-езуіта Джаванні Марыя Бернардоні па ўзору касцёла ў Рыме ў стылі барока.
У канцы пілігрымкі ўдзельнікі падарожжа падзякавалі святарам, гісторыкам, краязнаўцам за выдатна арганізаваную паездку і пажадалі ўсім добрага здароўя, цудоўных і шчаслівых свят!
Эла Дзвінская. Фота аўтара. На здымках: 1. Касцёл у Капылі. 2. Жыхары Капыля сустракаюць гасцей. 3. Кс. Уладзіслаў Завальнюк і Валянціна Шуракова. 4-5-6. Месца пахавання продкаў Эдварда Вайніловіча.