Папярэдняя старонка: 2015

№ 06 (1209) 


Дадана: 12-02-2015,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 6 (1209), 11 лютага 2014 г.


Заява Сакратарыяту ТБМ з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы

Дарагія сябры!

21 лютага міжнародная супольнасць штогод адзначае Дзень роднай мовы. Мы звяртаемся да ўсіх грамадзян Беларусі, а таксама прыхільнікаў беларушчыны за мяжой з просьбай выказаць у гэты дзень сваю падтрымку жывому беларускаму слову.

Давайце ў гэты дзень публічна праявім сваё шанаванне да старажытнай, тысячагадовай беларускай мовы, дзяржаўнай мовы Вялікага Княства Літоўскага, мовы трох Статутаў ВКЛ, мовы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава.

Мы заклікаем Вас прыняць удзел у VІІІ Усебеларускай дыктоўцы, якую мы прапануем пісаць па творах Францішка Багушэвіча, Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна.

Узоры дыктовак чытайце ў газеце "Наша слова", а таксама на нашым партале: tbm-mova.by.

Любіце родную мову - яна дасканалая і прыгожая!

Прынята на паседжанні Сакратарыяту ТБМ 5 лютага 2015 года.


Вялікі фестываль роднай мовы пройдзе ў Менску 22 лютага

Пасля двух удалых фестываляў "Дзень вышыванкі", арганізатары запрашаюць на "Свята роднай мовы". Фестываль 22 лютага пройдзе ў прасторных залах бізнэс-клуба "Imaguru" (Менск, вул. Фабрыцыўса, 4). Мерапрыемства прымеркаванае да Міжнароднага дня роднай мовы, які з ініцыятывы UNESCO традыцыйна адзначаецца ва ўсім свеце 21 лютага.

Свята пачнецца ў 14.00 і разгорнецца на двух паверхах бізнэс-клуба. Праграма будзе складацца з пяці частак, якія паралельна будуць адбывацца ў некалькіх залах: адукацыйная, прэзентацыйная, забаўляльная, музычная, выстава-продаж беларускамоўных паштовак і сувеніраў.


Яны прыйдуць ва ўладу

У Бабруйску на першым паседжанні Моладзевага парламента прагучала ініцыятыва ў абарону беларускай мовы. Навучэнка гімназіі № 1 Ангеліна Бялясава прапанавала падвышаць на бал адзнакі тым вучням, якія адказваюць па-беларуску.

Прапанова юнай парламентаркі не знайшла падтрымкі ў прысутных на паседжанні чыноўнікаў. У прапанове Ангеліны службоўцы ўгледзелі дыскрымінацыю, спаслаўшыся на тое, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы. Сама ж дзяўчына лічыць, што падтрымліваць беларускую мову і падахвочваць, каб на ёй гаварылі, неабходна. Вучні пачалі б ахвотней вывучаць беларускую мову і праяўляць ініцыятыву дзеля яе пашырэння, кажа яна.

- Дзеці пачалі б вучыць беларускую мову, каб атрымліваць вышэйшую адзнаку, - лічыць юная парламентарка.

Ангеліна заўважае: на паседжанні парламента пра беларускую мову згадала толькі яна адна. Лічыць, што цяперашні стан мовы гаротны. Сабе дзяўчына пастанавіла, што зоймецца вырашэннем гэтай праблемы.

Ангеліна вучыцца ў фізіка-матэматычным класе, выдатніца. Сёлета на абласной прадметнай алімпіядзе ў Магілёве ўзяла дыплом.

БелаПАН.


90 гадоў з дня нараджэння Івана Навуменкі

Іван Якаўлевіч НАВУМЕНКА (16 лютага 1925, Васілевічы, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць - 17 снежня 2006, Мінск) - беларускі пісьменнік і літаратуразнавец.

Нарадзіўся ў сям'і чыгуначніка. Са студзеня 1942 г. удзельнік камсамольскага падполля, затым - партызан, удзельнічаў у вызваленні Васілевічаў. У снеж. 1943 прызваны ў Чырвоную Армію. Удзельнічаў у баях на Ленінградскім і 1-м Украінскім франтах. Пасля дэмабілізацыі (снеж. 1945) - карэспандэнт мазырскай абласной газеты "Бальшавік Палесся", а з 1951 - рэспубліканскай газеты "Звязда". Завочна скончыў філалагічны факультэт БДУ (1950) і аспірантуру пры БДУ (1954). Быў загадчыкам аддзела прозы часопіса "Маладосць" (1953-58 гг.), загадваў кафедрай беларускай літаратуры БДУ. У 1973-82 гг. - дырэктар Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР, з 1982 г. - віца-прэзідэнт АН БССР. Старшыня Вярхоўнага Савета БССР (1985-90 гг.). Акадэмік АН БССР, доктар філал. навук, прафесар. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1957).

Дэбютаваў апавяданнямі ў 1955 гаду (часопіс "Маладосць"). Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей "Сямнаццатай вясной" (1957), "Хлопцы-равеснікі" (1958), "Верасы на выжарынах" (1960), "Бульба" (1964), "Таполі юнацтва" (1966), "Вераніка" (1968), "Тая самая зямля" (1971), "Падарожжа ў юнацтва" (выбранае, 1972), "Замець жаўталісця" (1977), "Пераломны ўзрост" 1986), "Водгулле далёкіх вёснаў" (1989), раманаў "Сасна пры дарозе" (1962), "Вецер у соснах" (1967), "Сорак трэці" (1974), "Смутак белых начэй" (раман, аповесць, апавяданні, 1980), "Летуценнік. Смутак белых начэй" (1985), "Асеннія мелодыі" (раман, апавяданні, 1987), аповесці для дзяцей "Вайна каля Цітавай копанкі" (1959), "Капитан Степь идет в разведку" (з В. Мамантавым, 1982), п'есы "Птушкі між маланак" (1982). Выйшаў Збор твораў у 6 т. (1981-84). У 2012 г. пачаты друк Збору твораў у 10 тамах. Выдаў шэраг літаратуразнаўчых працаў.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, медалём Фр. Скарыны і інш. Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1978). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамолу Беларусі (1967) за кнігу "Таполі юнацтва", Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1972) за кнігі "Янка Купала: Духоўны воблік героя" і "Якуб Колас: Духоўны воблік героя".

Вікіпедыя.


ЯЎГЕНУ САХУТУ - 70

САХУТА Яўген Міхайлавіч (н. 15.2.1945, в. Вечатарова Стаўпецкага р-на), мастацтвазнавец. Доктар мастацтвазнаўства (1996). Прафесар (2004). Дзяржаўная прэмія Беларусі (1996). Скончыў Віцебскі педагагічны інстытут (1972). З 1975 у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, адначасова ў 1985-91 галоўны рэдактар часопіса "Мастацтва Беларусі". Даследуе тэорыю, гісторыю і сучасны стан бел. нар. дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і нар. мастацкіх промыслаў. У навуковых працах нар. дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і мастацкія рамёствы падае ў цеснай сувязі з фальклорам, нар. звычаямі, абрадамі, песнямі і інш. Аўтар публікацый нра нар. мастацкія рамёствы: кавальства, выцінанку, пісанкі, гліняную цацку і інш. Адзін з аўтараў кн. "Грамадскі, сямейны побыт і духоўная культура насельніцтва Палесся" (1987), "Гісторыя беларускага мастацтва" (т. 1-6, 1987-94), "Беларусы" (т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі, 1995), "Беларусы" (1998). Укладальнік, перакладчык і навуковы рэдактар кн. М. Кацара "Беларускі арнамент: Ткацтва, вышыўка" (1996). Аўтар-складальнік альбома "Вечназялёнае дрэва рамёстваў" (1997). Старшыня Бел. саюза майстроў нар. творчасці (з 1992). Член Міжнароднай арганізацыі па нар. творчасці (IOV).

Кнігі: Народная разьба па дрэву (1978); Беларускае народнае мастацтва: [Альбом] (1980); Народное искусство и художественные промыслы Белоруссии (1982); Фарбы роднай зямлі (1985); Беларуская народная кераміка (1987); Художественные ремесла и промыслы Белоруссии (1988, разам з В. Говарам); Беларускае народнае мастацкае кавальства (1990); Беларускае народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (1996); Народныя мастацкія рамёствы Беларусі (1996, у суаўт.); Народнае мастацтва Беларусі (1997); Беларускае народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (2001); Сучаснае народнае мастацтва Беларусі (2013) і інш.

Бел. фальклор. Энцыкл.


Віцебская абласная арганізацыя ТБМ падвяла вынікі агляду-конкурсу мясцовага перыядычнага друку па ўжыванні беларускай мовы "З беларускім словам"

Згодна з планам дзейнасці, Віцебская абласная арганізацыя ТБМ правяла чарговы агляд-конкурс мясцовага перыядычнага друку па ўжыванні беларускай мовы "З беларускім словам". Вынікі зацверджаны на паседжанні рады.

Нагадаем, што мэтай агляду-конкурсу было заахвочванне рэдакцый да паўнавартаснага выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы на старонках газет, папулярызацыя беларускай культуры і гісторыі Беларусі; інфармаванне органаў улады, грамадскасці аб стане ўжывання беларускай мовы ў сродках масавай інфармацыі вобласці. Згаданы агляд-конкурс праводзіцца абласной арганізацыяй ТБМ на Віцебшчыне рэгулярна і традыцыйна па трох катэгорыях:

- абласныя, гарадскія газеты;

- раённыя газеты;

- недзяржаўныя выданні.

Пры падвядзенні вынікаў агляду-конкурсу ўлічвалася выкарыстанне беларускай мовы ў ходзе падрыхтоўкі матэрыялаў супрацоўнікамі рэдакцый, наяўнасць беларуска-моўных публікацый творчага характару і літаратурных старонак, культура мовы, выступленні афіцыйных асоб на старонках газет па-беларуску, ужыванне беларускай мовы ў выступах у друку святароў, а таксама беларуская мова ў тэкстах віншаванняў, рэкламы і аб'яў.

У склад журы агляду-конкурсу ўваходзілі выкладчыкі ВНУ, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, прафесійныя журналісты - сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў, пісьменнікі, грамадскія дзеячы, кіраўнікі абласной арганізацыі ТБМ.

Была прароблена вялікая праца па вывучэнні і аналізе мовы друкаваных выданняў Віцебшчыны за перыяд з 1-га ліпеня па 31-га снежня 2014 г. Тут не лішнім будзе прыгадаць, што абласная арганізацыя ўжо праводзіла аналагічныя агляды-конкурсы ў 2009 і 2010 гг. Таму несумненную цікавасць уяўляла пытанне: што змянілася ў плане выкарыстання беларускай мовы ў рэгіянальных медыях за апошнія пяць гадоў? Ці паболела беларускага слова на старонках мясцовых выданняў і наколькі якасна наша мова выкарыстоўваецца ў друку.

Скрупулёзна прааналізаваўшы ўсе перыядычныя выданні Віцебшчыны, журы канстататуе, што ў цэлым найлепшыя газеты паводле вынікаў мінулых конкурсаў пацвердзілі свой высокі ўзровень выкарыстання беларускай мовы і цяпер. Так, сярод раённых выданняў першае месца прысуджана адразу чатыром газетам: "Браслаўскай звяздзе" (галоўны рэдактар - Казімір Пятушка), шумілінскай раёнцы "Герой працы" (галоўны рэдактар - Сяргей Ермалаеў), ушацкаму "Патрыёту" (галоўны рэдактар - Вольга Караленка) і "Міёрскім навінам" (галоўны рэдактар - Наталля Станкевіч). Не менш за 90% інфармацыі ў названых выданнях даецца па-беларуску. Журналісты тут дэманструюць прафесійнае валоданне беларускім словам, шукаюць нестандартныя шляхі ўздзеяння на чытача. Заўважаецца ў выданнях-пераможцах імкненне актуалізаваць, скажам так, прагматычны складнік публіцыстычнага тэксту, што часта выяўляецца непасрэдна ўжо ў загалоўках. Напрыклад, "На вуліцы свята - добрага настрою багата" ("Міёрскія навіны", 15 ліпеня); "Яблыку ўпасці - і не прапасці" ("Патрыёт", 17 верасня); "Запаведзь агента - павага да кліента" ("Патрыёт", 6 снежня); "Скарынавым скарыўся музычны Алімп" ("Герой працы", 22 жніўня) і інш.

Традыцыйна па-беларуску ў "Браслаўскай звяздзе" падаюцца абвесткі пра куплю-продаж, спачуванні, найчасцей менавіта на роднай мове публікуюцца і звароты кіраўнікоў раёна і дэпутата Палаты прадстаўнікоў Мечыслава Морхата. Выдатна валодаюць беларускім словам журналісты Т. Пятушка, А. Пятушка, А. Азевіч, В. Каладынскі, З. Палулех, Г. Сялява і, безумоўна, непасрэдна галоўны рэдактар К. Пятушка (загадзя прашу прабачэння ў супрацоўнікаў усіх выданняў, што пішуць па-беларуску, чые прозвішчы не будуць тут названыя праз абмежаваны аб'ём матэрыялу).

У шумілінскай раённай газеце "Герой працы" звяртае на сябе ўвагу традыцыйная рубрыка "Шуміліншчына спартыўная", якая выходзіць па-беларуску. Найчасцей на роднай мове публікуюцца абвесткі, віншаванні, а таксама невялікія мастацкія творы на літаратурнай старонцы "Крыніцы". Адзначым прафесійную працу журналістаў М. Мароза, А. Пятровай, Л. Зайцавай, Н. Чарнічэнкі і, натуральна, галоўнага рэдактара С. Ермалаева.

Ва ўшацкім "Патрыёце" не па-беларуску падаюцца хіба што звароты кіраўніцтва раёна ды прагноз надвор'я ў раёне. Хацелася б адзначыць працу журналістаў Д. Раманоўскага, В. Северынай, Н. Багдановіч і непасрэдна галоўнага рэдактара В. Караленкі.

У "Міёрскіх навінах", апроч іншага, па-беларуску звычайна друкуюцца звароты і віншаванні дэпутата Нацыянальнага сходу РБ В.П. Папко. Творчым падыходам і высокім узроўнем культуры мовы вызначаецца праца карэспандэнтаў В. Вішнеўскай, Л. Матэленка, А. Баркоўскай, А. Басікірскай і галоўнага рэдактара Н. Станкевіч.

Другое месца ў нашым аглядзе-конкурсе журы прысудзіла раённаму выданню Докшыччыны - газеце "Родныя вытокі" (галоўны рэдактар - Аляксандр Варанковіч). У тэкстах на розную тэматыку можна ўбачыць і ўдалае выкарыстанне адметных беларускіх словаформ, як, напрыклад, прыметніка моладзевы : "Моладзевы форум у Маскве" (24 снежня). Заўсёды прафесійна падрыхтаваныя матэрыялы выходзяць з-пад пяра Н. Бяляўскай, Я. Малевіч, Н. Навіцкай, Т. Альшэўскай ды іншых супрацоўнікаў.

Трэцяя пазіцыя сярод раённых выданняў адразу ў двух калектываў: шаркаўшчынскай газеты "Кліч Радзімы" (галоўны рэдактар - Аляксандр Барыла) і "Пастаўскага краю" (галоўны рэдактар - Фаіна Касаткіна). Хацелася б адзначыць працу журналістаў шаркаўшчынскай раёнкі С. Райчонка, К. Сосны, А. Бурца і пастаўскіх карэспандэнтаў А. Анішкевіч, А. Шапавалавай, П. Курыловіча, І. Сняжковай.

Безумоўна, адзначаны намі высокі ўзровень выкарыстання беларускай мовы ў названых выданнях, адпаведная культура друкаванага слова - гэта таксама і заслуга карэктараў.

Журы са шкадаваннем адзначае змяншэнне колькасці беларускамоўных публікацый за апошні час у газетах "Веснік Глыбоччыны" і "Дняпроўская праўда"(Дубровенскі раён). Хоць у абодвух рэдакцыйных калектывах працуюць людзі, якія прафесійна валодаюць нашай мовай: Г. Сутула, А. Зінкевіч, А. Жыгуноў ды іншыя журналісты - у "Весніку Глыбоччыны", А. Квір - у "Дняпроўскай праўдзе".

У "Голасе Сенненшчыны" па-беларуску аформлены рубрыкі "Ветразь", "Крынічка", "Далягляды" і некаторыя іншыя, але беларускамоўнае іх напаўненне магло б быць большым. Зрэшты, па-беларуску звычайна падаецца народны каляндар. Адзначым працу ў названым выданні журналіста Аляксандра Іўева, які традыцыйна піша на нашай роднай мове.

Што да іншых раённых выданняў, то працэнт выкарыстання ў іх беларускай мовы вельмі нізкі. Так, толькі 10 - 15 % матэрыялаў па-беларуску змяшчаецца на старонках бешанковіцкай "Зары", але па-беларуску звычайна піша А. Крачкоўскі. Незайздросная сітуацыя з выкарыстаннем дзяржаўнай беларускай мовы і ў "Гарадоцкім весніку" "Голасе Расоншчыны", "Жыцці Прыдзвіння" (Віцебскі раён), у лёзненскім "Сцягу перамогі", у "Нашай Талачыншчыне", "Лепельскім краі", у чашніцкай раёнцы "Чырвоны прамень", у "Аршанскай газеце", у "Полацкім весніку". Дарэчы, "Полацкі веснік" раней змяшчаў дастаткова шмат матэрыялаў па-беларуску. А сёння газета амаль зусім перайшла на рускую мову. Можна адзначыць хіба што даволі эфектыўную працу з маладымі аўтарамі з сярэдняй школы № 16, якія імкнуцца пісаць па-беларуску, ды публікацыі журналіста Ігара Палынскага.

У намінацыі "Абласныя і гарадскія газеты" журы вырашыла не аб'яўляць пераможцаў, бо ніводнае такое выданне амаль не выкарыстоўвае беларускую мову. Хіба што толькі ў асобных выпадках. Гэта датычыць абласной газеты "Витебские вести" (в.а. галоўнага рэдактара - Алена Сыс). Нават назва ў абласной газеты не беларуская (?). Гэта шмат пра што гаворыць! Таму дзіўна было б спадзявацца на сур'ёзную прысутнасць дзяржаўнай беларускай мовы на яе старонках. Час ад часу па-беларуску падаюцца хіба што невялікія матэрыялы Тамары Пашкевіч, Галіны Шпакоўскай, некаторых іншых карэспандэнтаў. Нават артыкул пра ўшанаванне найлепшых прадстаўнікоў культуры вобласці (21 кастрычніка) напісаны па-руску (??).

Сказанае вышэй датычыць і гарадской газеты "Віцьбічы" (галоўны рэдактар - Ніна Тулінава). Тут нават матэрыялы да Дня настаўніка (4 кастрычніка), да Дня работнікаў культуры (11 кастрычніка) і пра візіт міністра культуры (25 кастрычніка) змешчаны на рускай мове. Што тады казаць пра публікацыі на іншую тэматыку?! Добра, што хоць інтэрв'ю з народным артыстам Беларусі Тадэвушам Кокштысам да яго 80-годдзя не сталі перакладаць на рускую мову (інтэрв'ю браў Віталь Сянькоў). Адзначым асобныя беларускамоўныя публікацыі Марыі Буткевіч, Віктара Бірукова, Андрэя Захарава.

Фактычна адсутнічае беларуская мова на старонках газеты "Новополоцк сегодня" (галоўны рэдактар - Галіна Фаміна). Заўважым, што дзяржаўная газета мае назву на рускай мове.

У трэцяй намінацыі - "Недзяржаўныя выданні" - пераможцамі сталі дзве газеты: "Вольнае Глыбокае" (галоўны рэдактар - Уладзімір Скрабатун) і "Каталіцкі веснік" (галоўны рэдактар - Віктар Місевіч). Нагадаем, што папулярнае глыбоцкае выданне ўжо трэці раз запар атрымлівае перамогу ў сваёй намінацыі. Тут не толькі ўласныя матэрыялы, аналітыка даюцца па-беларуску. Але пераважна і рэклама, прыватныя абвесткі, віншаванні. Можа, таму і карыстаецца газета вялікай папулярнасцю, бо набыць яе не заўсёды проста. А "Каталіцкі веснік" адносна нядаўна з'явіўся на нашым медыярынку. І тым больш прыемна, што газета выходзіць на добрай беларускай літаратурнай мове, мае нават адмысловую старонку, дзе разглядаюцца пытанні культуры мовы.

Колькі слоў пра тыповыя памылкі. Тут мы не будзем пазначаць, у якіх канкрэтна выданнях выяўлены тыя ці іншыя моўныя недахопы. Бо наша задача - не крытыкаваць, а дапамагчы пазбегнуць памылак у газетах у будучым, падказаць, нешта параіць. Таму пададзім у сістэматызаваным выглядзе найбольш распаўсюджаныя ў рэгіянальных выданнях Віцебшчыны недахопы.

Так, зафіксавана дастаткова шмат памылак пры ўжыванні канчаткаў назоўнікаў другога скланення мужчынскага роду адзіночнага ліку ў родным і месным склонах. У родным склоне не заўсёды размяжоўваюцца флексіі а(я), у(ю). Трэба: даверу, менеджменту, прагрэсу, туману, цукру і футбола, спектакля, горада, з Віцебска . У месным склоне неабходна размяжоўваць асабовыя назоўнікі і неасабовыя. Асабовыя маюць канчатак у(ю) , неасабовыя - е, і, ы . Павінна быць: пры дырэктару, пры бібліятэкару, пры Андрэю, пры Міхасю; на дубе, на аўтамабілі, у Гомелі, у продажы. Апошні прыклад выклікае ці не найбольшыя праблемы, бо ўжываецца назоўнік продаж бадай што часцей з канчаткам у , што зусім няправільна.

Па-ранейшаму застаецца актуальнай праблема выкарыстання дзеепрыметнікаў. Намі зафіксаваная вялікая колькасць памылкова ўжытых формаў, якія дублююць рускамоўныя варыянты: пастарэўшыя людзі, пустуючае памяшканне, прынімаемае рашэнне, паступіўшыя выпускнік і і інш. Правільна павінна быць адпаведна: пастарэлыя людзі; пустое памяшканне; рашэнне, якое прымаецца; выпускнікі, што паступілі ў ВНУ ці сталі студэнтамі . І не варта баяцца таго, што канструкцыя будзе больш доўгай, можа, часам падасца грувасткай. Гэта не мае ніякага значэння, калі гаворка ідзе пра захаванне літаратурных нормаў.

Шэраг тыповых памылак выяўлены намі на сінтаксічным узроўні, калі тое ці іншае словазлучэнне будуецца няправільна, звычайна на расійскі манер. Нельга па-беларуску сказаць смяяцца над няўдачай, здзекавацца над чалавекам, жаніцца на аднакласніцы, хварэць грыпам, пайсці за хлебам . Правільна будзе смяяцца з няўдачы, здзекавацца з чалавека, жаніцца з аднакласніцай, хварэць на грып, пайсці па хлеб . Яшчэ адной тыповай памылкай з'яўляецца няправільнае выкарыстанне ступеняў параўнання прыметнікаў ці прыслоўяў: ён старэй жонкі на пяць гадоў; яна маладзей мяне; больш дваццаці метраў; зрабіў менш усіх; у дзесяці кіламетрах ад горада; у двух кроках ад дома; згодна ўказа; адпаведна заданню . У беларускай мове ў падобных выпадках не можа быць беспрыназоўнікавай ці бяззлучнікавай канструкцыі. Таму прыведзеныя спалучэнні варта падаць наступным чынам: ён старэйшы за жонку на пяць гадоў, яна маладзейшая за мяне, больш за дваццаць метраў, зрабіў менш за ўсіх, за дзесяць кіламетраў ад горада, за два крокі ад дома, згодна з указам, у адпаведнасці з заданнем . Нярэдкія выпадкі і няправільнага выкарыстання канструкцый з назоўнікам догляд ці дзеясловам даглядаць . Па-беларуску мы кажам: догляд каго (чаго) або даглядаць каго (што) , а не догляд (даглядаць) за чым, за кім . Таму і зяўляюцца памылковымі шматлікія ўжыванні кшталту догляд за старымі; адпачынак па доглядзе за дзіцём; даглядаць за статкам . Павінна быць адпаведна: догляд старых; адпачынак па доглядзе дзіцяці; даглядаць статак . Таксама неабходна імкнуцца пазбягаць выкарыстання канструкцыі прыназоўнік аб + месны склон. Гэта значыць, непажадана ўжываць спалучэнні, напрыклад, расказаць аб сабе; паведаміць аб здарэнні; гаварыць аб гэтым . Для нашай мовы ўласціва схема прыназоўнік пра + вінавальны склон. Таму павінна быць: расказаць пра сябе; паведаміць пра здарэнне; гаварыць пра гэта . Прыназоўнік аб з месным склонам ужываецца хіба што ў афіцыйна-справавым і навуковым стылях. Таму мы і кажам, напрыклад, "Закон аб мовах", "Кодэкс аб адукацыі"

З году ў год паўтараюцца, на жаль, аднолькавыя лексічныя памылкі, калі замест нарматыўнага беларускага слова выкарыстоўваюцца калькі з рускай мовы. Напрыклад, рэзультат, рабяты, свяшчэннік, веруючыя, харошы, дастойны, малышы, адпачываючыя, здорава і г.д. Зразумела, што па-беларуску павінна быць вынік, дзеці ( хлопцы, дзяўчаты - у залежнасці ад сітуацыі), святар, вернікі, добры, годны (варты), малыя, адпачывальнікі, цудоўна (выдатна) . Памылковыя ўжыванні лексікі сведчаць не толькі пра непрафісіяналізм аўтараў, але і пра элементарную ляноту ці проста нежаданне паглядзець у слоўнік, выбраць патрэбную лексему. Да таго ж для абсалютнай большасці журналістаў працоўнай, штодзённай мовай з'яўляецца руская, а думаючы па-руску, далёка не заўсёды можна правільна пабудаваць сказ на беларускай мове. На такім фоне пакуль цалкам неверагодна ўявіць, што з мэтай актуалізацыі нацыянальнай адметнасці мовы газеты маглі б карыстацца сапраўды паказальнымі беларускімі назоўнікамі кшталту летнік, лецішча, мінак, уцякач, закладнік, сеціва, месціч і г.д., як гэта практыкуецца і ў дзяржаўнай газеце "Звязда", і ў недзяржаўных "Нашай Ніве", "Народнай волі" ды іншых медыях.

Прывядзём яшчэ колькі паказальных кантэкстаў. Так, напрыклад, многія журналісты не ведаюць, як перадаць па-беларуску сэнс рускай лексемы "изюминка" са значэннем "штосьці адметнае, незвычайнае". Таму і чытаем у газетах сказы кшталту: "Изюминкай" мерапрыемства стане канкурс; На думку многіх, "изюминкай" свята стала гонка на тарантасах . Узятае ў двукоссе рускамоўнае напісанне нібыта выйсце з сітуацыі. Але ж не зусім. У нашай мове ўжываюцца з гэтым значэннем ажно два назоўнікі: разынка і цікавінка . Выбірай любы! Або, скажам, загаловак: Меткасць, спрыт і жаданне перамагаць. "Меткасць" - па-беларуску "трапнасць" , і тады ўся фраза глядзіцца абсалютна нармальна. Ці яшчэ: Сям'я без насілля . Па-беларуску павінна быць: Сям'я без гвалту .

Такім чынам, можна канстатаваць, што многія раённыя выданні Віцебшчыны выкарыстоўваюць на сваіх старонках у асноўным беларускую мову. Гэта, у першую чаргу, датычыць паўночна-заходніх рэгіёнаў, дзе заўсёды адзначаўся больш высокі ўзровень валодання мовай насельніцтвам (Браслаў, Мёры, Шаркаўшчына, Докшыцы, Паставы), а таксама друкаваных органаў Шумілінскага і Ўшацкага раёнаў. На жаль, застаецца мінімальнай прысутнасць нашай роднай мовы на старонках большасці раённых выданняў, гарадскіх і абласной газет. І з вялікім задавальненнем яшчэ раз канстатуем, што ў асноўным па-беларуску выходзяць папулярнае незалежнае выданне "Вольнае Глыбокае" і адносна новая з'ява ў нашай медыя-прасторы - газета "Каталіцкі веснік".

На нашу думку, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама магло б зацікавіцца амаль катастрафічнай сітуацыяй, якая склалася ў многіх раённых і практычна ва ўсіх гарадскіх і абласной дзяржаўных газетах у плане выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы. Традыцыйна ўсе выданні пазіцыянуюць сябе як двухмоўныя, але на практыцы там дамінуе руская мова. І такое становішча непрымальнае.

Мы шчыра віншуем пераможцаў, жадаем і надалей трымацца беларускага слова. Са свайго боку абяцаем заўсёды аказваць безумоўную падтрымку кансультацыйнага характару.

Нагадаем у заключэнне, што план дзейнасці Таварыства беларускай мовы, прыняты на пасяджэнні Рэспубліканскай рады ў студзені 2015 года, прадугледжвае правядзенне падобных аглядаў-конкурсаў мясцовага друку ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Гэта, несумненна, павінна паспрыяць пашырэнню выкарыстання нашага роднага слова ў медыях і павышэнню культуры беларускай мовы ў сродках масавай інфармацыі.

Юрась Бабіч, старшыня журы агляду-конкурсу, намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны, кандыдат філалагічных навук.


Скарбы мовы - у дзённіках і нататках

Да 80-годдзя Рыгора Іванавіча Барадуліна выдавецтва " Кнігазбор" вядзе працу над выданнем кнігі "Дзённікі і запісы". Мы пагутарылі з рэдактарам зборніка Наталляй Давыдзенка.

- Наталля Аляксееўна, Вы былі ўкладальнікам шэрагу кніг Рыгора Барадуліна. Вы вялі падрыхтоўку кнігі "Паслаў бы табе душу", рэдагавалі перапіску паэта з матуляй, падбіралі неабходныя каментары і тлумачэнні, рыхтавалі "Вушацкі словазбор". Прыгадайце, калі ласка, якім Вы памятаеце Р.І. Барадуліна ў часы працы ў выдавецтве.

- Працавалі мы разам у выдавецтве "Мастацкая літаратура" з 70-тых гадоў. Потым, калі Рыгор Іванавіч стаў кіраўніком рэдакцыі, усе мае сяброўкі працавалі пад яго крылом, я пачувалася ўжо там як свой чалавек. Залатыя часы нашай " Мастацкай" былі, калі рэдакцыяй кіраваў Мікалай Гаўрылавіч Ткачоў, а потым - незабыўны Міхаіл Фёдаравіч Дубянецкі. Калектыў выдавецтва быў дружны і вясёлы, мы адзначалі разам усе святы.

Калі выходзіла кніжка артыкулаў і ўспамінаў Рыгора Іванавіча "Аратай, які пасвіць аблокі", я яе рэдагавала. Трэба сказаць, што Рыгор Іванавіч заўсёды з многімі раіўся. Можа не ўсе паэты такога ўзроўню так робяць, але Рыгор Іванавіч паступаў менавіта так. Для яго ў маладыя гады эталонам густу быў Анатоль Вялюгін і яго сябра Міхась Стральцоў. Ён абавязкова раіўся з імі. А потым, калі ён пісаў артыкул, ён абзвоньваў сваіх сяброў: Генадзя Бураўкіна, Валянціна Тараса, Васіля Сёмуху, а потым і маладзейшых - Алеся Камоцкага і іншых. Потым такая традыцыя перайшла і на мяне. "А як ты думаеш, які загаловак зрабіць? Пачытай прадмову, паглядзі артыкул", - прасіў ён. Ён прыслухоўваўся, як людзі рэагуюць. У нас былі сяброўскія адносіны ў калектыве.

Калі Рыгор Іванавіч рабіў ужо па-за выдавецтвам кніжку " Здубавецце", я спрычынілася да яе ўкладання і чытання. Так было і з кнігай " Калі рукаюцца душы", сумеснай з Васілём Уладзіміравічам Быкавым. Кожны раз знаходзілася нешта, што трэба было яму абмяркоўваць.

- Вам стала блізкай яго паэзія, Вы пачалі ўважліва ставіцца да яго словаў?

- На самым пачатку маёй працы выйшла яго кніжка "Абсяг". Ён мне яе падараваў, і тое стала для мяне вялікай падзеяй. Ён раздорваў свае кніжкі пачкамі. Такім чынам, у мяне сабраліся ўсе кніжкі Рыгора Іванавіча , якія выходзілі з тых часоў.

Калі ён ужо не працаваў у "Мастацкай літаратуры", там выходзіў яго чатырохтомнік вершаў, артыкулаў і ўспамінаў. Для чацвёртага тома ён прынёс мне ўпершыню карткі з "Вушацкім словазборам". Ён з дзяцінства марыў скласці вушацкі слоўнік.Частка "Вушацкага словазбору" ўвайшла у чацвёрты том.

Ужо ў апошняе дзесяцігоддзе я падштурхоўвала яго скласці кніжку з вершамі да мамы. Аднойчы ён прынёс ліст і паштоўку ад мамы. Я ўзрадавалася і прапанавала: "Давайце мы складзём такую кніжку з лістамі і вершамі!" - "Дык маміных лістоў шмат." - " А вы іх збярыце, і мы зробім кніжку!". Прайшоў не адзін год, і вось у 2006 годзе Рыгор Іванавіч сказаў: "Я прывёз лісты". Яны знаходзіліся у мамінай вушацкай хаце. Лісты мяне ўразілі да такой ступені, што калі я ўвесь матэрыял апрацавала і падрыхтавала, у мяне з'явіліся ўражанне, што я зрабіла самае галоўнае ў жыцці.

Яшчэ васьмікласнікам ён адчуваў, як маме цяжка. Ужо ў тым ўзросце ён разумеў, што ўсё не проста так. Любоў Куліны Андрэеўны да сына была глабальная, яна аддавала яму ўсю душу, і вельмі без яго сумавала, калі ён ад'ехаў на вучобу. Ён усё жыццё да апошняга лічыў, што ён ніколі не зможа цалкам аддзячыць маме. Адносіны маці і сына шмат чаму вучаць. Дзённікавыя запісы сведчаць: маме купіць таго, таго, першыя ганарары - ёй.

Потым я працавала далей над яго архівамі і настойвала, каб мы нешта маглі здаць у Дзяржаўны архіў. Калі я зазірнула ў сотні рабочых блакнотаў, мне захацелася скласці картатэку вершаў. Было столькі дадатковага матэрыялу! Калі мы зрабілі кніжку перапіскі з мамай, потым ўзнікла ідэя іншага зборніка. Ён любоўна казаў: "Я хачу зрабіць яўрэйскую кніжку". Ён шмат перакладаў яўрэйскіх паэтаў, ён імі сябраваў, падпісваў ім паштоўкі і эпіграмы, і ўсё гэта сабраў у кніжку. Яна мела назву "Толькі б яўрэі былі!", выйшла невялічкім тыражом ў 2011 годзе, усе асобнікі разышліся, засталося некалькі штук. Думаю, некалі яе можна будзе перавыдаць. Туды ўвайшлі цудоўныя пераклады - слоў няма!

Я працягвала апрацоўваць блакноты. Ва ўсіх сваіх паездках на радзіму Рыгор Іванавіч запісваў фразы, звароты, каларытныя моманты. Мне стала шкада, што ўсё можа застацца ў запісах. Мы пачалі ўкладаць поўны " Вушацкі словазбор". Распрацоўвалі структуру, якая там існуе: і стравы, якія гатуюцца, і прымаўкі, і прыбабунькі, і зычэнні. Трэба было ўсё раскласці па раздзельчыках. Важна было, каб у чытача склалася ўяўленне, што ён чытае не асобныя зборы, а чуе беларускую гаворку ў жывым гучанні. У трэці раздзел было сабрана тое, што паэт запісваў за мамай, што - за стрыечнай сястрой Марыяй Рыгораўнай.

Пра ўсё, пра што думае вушацкі чалавек там адлюстравана: і стасункі з суседзямі, і назіранні за надвор'ем, і выхаванне дзяцей, і смешныя здарэнні, вясёла-грубаватыя і колкія, - усё жыццё, як яно ёсць. Дзякуючы Саюзу беларускіх пісьменнікаў кніжка выйшла лёгка, і Рыгор Іванавіч яе пабачыў. Я прачытвала яму чысты рукапіс - ён праслухаў сваю кніжку. І гэта яму было вельмі важна! Ён быў задаволены кампаноўкай, ён трымаў ў руках тое, што марыў зрабіць!

- Ці з лёгкасцю Вы разбіралі почырк народнага паэта, часам замудроны?

- Дарэчы, почырк у яго быў вельмі прыгожы, толькі апошнія гады, хваробы зраблілі яго нечытэльным. Шмат запісаў даводзілася расшыфроўваць - паэт нешта пісаў, паклаўшы аркуш на калені. Васіль Уладзіміравіч яму сказаў: "Рыгор, які ты малайчына, ты ўсё запісваеш! А я толькі збіраюся." Ён запісваў усё. У кожным блакноце матэрыялаў было шмат. Ён ездзіў шмат па рэспубліках былога Саюза, рабіў накіды, пісаў нататкі. У Вушачах , калі я разбірала разам з ім паперы, мне пашчасціла знайсці ягоны дзённічак, які ён вёў у восьмым класе ў 1951 годзе, на рускай мове. Там першыя вершы, якія ён пісаў сваім аднакласнікам. Калі ён толькі перайшоў на беларускую мову, у яго адбыліся свае знаходкі, ён адчуў сваё. Дзённічак аказаў на мяне асаблівае ўздзеянне і падказаў: так гэта ж трэба абавякова сабраць і выдаць!

Я прапанавала Рыгору Іванавічу. Ужо сёння існуе ў выдавецтве "Кнігазбор" сігнальны асобнік кнігі, якая называецца " Дзённікі і запісы". Першы выпуск ахоплівае 1951-1969 гады.Туды ўвайшлі дзённікавыя запісы,заўвагі, куды пазваніць, куды рукапіс здаваць, асобныя вершы, якія не ўваходзілі ў зборнікі. У першым выпуску чытача чакае адкрыццё: будзе ўпершыню надрукавана яго паэма "Зацвітаюць купавы".

Яна была гатовая, напісная ў 1958-59 гадах, і Рыгор Барадулін ніколі ён яе не друкаваў. Тэкст быў запісаны хімічным алоўкам. Відаць, нехта са старэйшых не параіў яе друкаваць. Паэма была прысвечана лёсу яго бацькоў, ад іх сустрэчы, да таго моманту, як сын стаў студэнтам.

Зусім хутка ў кніжку 1961 года ўвайшлі паэмы "Куліна", "Бацька" і "Родная хата" на тым самым матэрыяле. Застаецца загадкай, чаму паэму параілі не друкаваць. Я ўвесь час спяшалася папытацца ў яго пра ўсе тэксты. Мы амаль паспелі з ім зняць пытанні па гэтай кніжцы. Ён хваляваўся і пытаўся: "Што, праўда, цікава?" Мне заўсёды цікава кожная яго фраза, яго рыфмы.

Я вельмі спадзяюся, што кніга паслужыць будучым літаратуразнаўцам і даследчыкам, тым хто будзе вывучаць жыццё і творчасць паэта. Маю надзею, што такія літаратуразнаўцы прыйдуць, і кніга будзе не проста чытаннем, а даведнікам для іх. Я старалася захаваць усе дробязі, нават беглыя і абарваныя запісы.

Я рыхтую наступны працяг "Дзённікаў і запісаў " 1970-тых і 1980-тых гадоў. Першы выпуск "Дзённікаў" з'явіўся дзякуючы Саюзу беларускіх пісьменнікаў і "Бацькаўшчыне". Ведаю, Сяргей Шапран збірае кнігу ўспамінаў сучаснікаў пра Рыгора Барадуліна, рупіцца і Глеб Лабадзенка.

Больш удзячнага чалавека, чым Рыгор Іванавіч, я ніколі не сустракала. Ва ўсе часы ён ніколі не стамляўся дзякаваць кожнаму чалавеку, хто хоць штосьці для яго зрабіў, і рабіў гэта вельмі шчыра!

- Наталля Аляксееўна, Вы так імкнуліся зберагчы ўсе радкі паэта, можа, Вы родам з блізкіх яму краёў? Адкуль Вы самі, як далучыліся да літаратурнай творчасці?

- Я нарадзілася ў сям'і вайскоўцаў. Бацька мой - разанска-ўладзімірскі, а мама - з Паволжа. Я нарадзілася ў порце Ваніна на Далёкім Усходзе. Мы жылі на Ўрале, у Казахстане.

Я паступіла на першы курс Саратаўскага ўніверсітэта, выйшла замуж за аднакласніка (а яго бацькі былі з Беларусі) і ў 1970-тым годзе перавялася ў БДУ. Я не хацела быць настаўніцай. У першы дзень, атрымаўшы дыплом, пайшла папытацца ў "Мастацкую …". На здзіўленне, мяне ўзялі, было месца ў карэктарскай. Мне вельмі хацелася акунуцца ў іншую культуру, у іншую мову. Сваю рэдактарскую прафесію я вельмі люблю. Я спасцігала яе ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" праз кнігі, праз супрацоўнікаў і праз беларускія песні. Мне пашчасціла ў жыцці на людзей, мы з сяброўкамі сустракаемся з любоўю, радасцю: "Мы працавалі ў залатыя часы ў "Мастацкай літаратуры"! У часы перабудовы я працавала ў выдавецтве " Полифакт" у Яўгена Будзінаса, потым - у Скарынаўскім цэнтры пад кіраўніцтвам шаноўнага Адама Мальдзіса, а потым перайшла ў "Беларускі кнігазбор", зараз - "Кнігазбор". Самыя добрыя адносіны ў мяне былі з аўтарамі.

Гутарыла Эла Оліна , фота аўтара. На здымку: Наталля Давыдзенка.


"Для мяне выхад гэтай кнігі - вялікая ўрачыстасць на душы, - напісаў Рыгор Барадулін у лісце да прэзентацыі кнігі "Вушацкі словазбор" .

"Я вельмі ўдзячны тым, хто дапамагаў мне ў працы над "Вушацкім словазборам". Найперш хачу падзякаваць Наталлі Давыдзенка, укладальніцы кнігі. Гэта менавіта яна не толькі сабрала мае запісы, але і, спарадкаваўшы іх, сістэматызавала. Сам я па стане здароўя ўжо не мог засяродзіцца на падобнай працы, таму яшчэ раз хачу адзначыць вялікае старанне Наталлі Давыдзенка - яна нібыта на шахтах працавала."


Тэксты VІІІ Усебеларускай дыктоўкі, рэкамендаваныя Сакратарыятам ТБМ Прадмова да зборніка "Дудка беларуская"

Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маёй! Вам ахвяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, ды і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя "мужыцкай" завуць, а завецца яна "беларускай".

Я сам калісь думаў, што мова наша - "мужыцкая" мова і толькі таго. З той пары я шмат дзе быў, шмат чаго бачыў і чытаў і пераканаўся, што мова наша ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо іншая якая. Чытаў я ці мала старых папераў па дзвесце, па трыста гадоў таму пісаных на нашай зямлі і пісаных вялікімі панамі нашай мовай чысцюсенькай, як бы вось цяпер пісалася...

А, можа, і сапраўды наша мова такая, што ёю нічога добрага ні сказаць, ні напісаць не можна? Ой, не! Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам. І гаворым жа мы ёю шмат добрага, але так ужо мы самі пусцілі яе на здзек.

Ці ж ужо нам канечне толькі на чужой мове чытаць і пісаць можна? Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову, але найперш трэба знаць сваю. Перадумаўшы ўсё гэта, я, братцы, адважыўся напісаць для вас сякія-такія вершыкі: хто іх спадабае, таму дзякуй! А хто падумае лепш і больш напісаць, таму чэсць вечная і ад жывых людзей, і ад бацькавых касцей! А пісаць ёсць шмат чаго!

... Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову зойме, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носіць. От жа гаворка, язык і ёсць адзежа душы...

Можа, хто спытае: дзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, дзе наша мова жыве! ...

Паводле Францішка Багушэвіча.


Бацьку

Не выйшаў ты і ў гэты раз

Мяне спаткаць, паднесці рэчы...

Ля весніц, толькі зноў твой вяз

Крануў галінкамі за плечы.


Ты мне не падасі рукі,

Глядзіш удаль з-пад шкла партрэта.

Ці бачыш, вырас сын які?

Скажы хоць слова для прывета.


А я... чакаў з усіх дарог

Цябе ў сорак чацвёртым... летам

Калоны ні адной не мог

Я прапусціць з ахапкам кветак.


Хацелася пачуць: "Сынок..."

Ускрыкнуць радаснае: "Тата!"

Бацькоўскім быў мне кожны крок…

Усё ішлі, ішлі салдаты...


Паверыць цяжка мне таму,

Што больш не прыйдзеш ты дадому.

А шапку я заўжды здыму

Перад магілай невядомай.

Рыгор Барадулін.


Я не ганю землі чужыя...

Я не ганю землі чужыя,

Хай іх сонца не абміне.

Толькі дзе б за морам ні жыў я,

Беларусь мая снілася мне.


Так карцела - сляза закіпала -

Каб да сэрца хаця б здалёк

Прыплывалі жалейка Купалы,

Багдановічаў васілёк...


Гэта ўсё, безумоўна, не нова.

А ці трэба, каб новым было

Поле бацькава, матчына мова

І над хатай буслова жытло?


І якія б шляхі ні схадзіў я,

Кліча полацкая сенажаць...

А калі не спяваць аб Радзіме,

Дык навошта наогул спяваць?

Генадзь Бураўкін.


Юбілей стваральніка архітэктурнага партрэта краіны

25 студзеня 2015 г. свой 60-гадовы юбілей адзначыў акадэмік, доктар архітэктуры, доктар гістарычных навук, прафесар, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандр Іванавіч Лакотка. З нагоды юбілею А.І. Лакоткі 26 студзеня адбылося ўрачыстае паседжанне і прэзентацыя кніжнай выставы "Архітэктурны партрэт краіны ў гісторыка-культурным падарожжы "Адкрываючы Беларусь".

Перад прысутнымі выступалі: дырэктар цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі, А. Груша акадэмікі Міхась Касцюк, Яўген Бабосаў, Уладзімір Гніламёдаў, Сяргей Гапоненка, Алесь Каваленя, члены-карэспандэнты Міхась Піліпенка і Аляксандр Данілаў, намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік, доктар навук Вольга Дадзіёмава, прарэктар БДУКіМ Віктар Языковіч, Вадзім Дражын (ад Саюза архітэктараў), а таксама ад БНТУ - Сяргей Сергачоў, Аляксандр Капілаў - рэктар Інстытута сучасных ведаў. Гістарычны факультэт прадставіў - дэкан Сяргей Ходзін.

Аляксандр Іванавіч Лакотка - буйны вучоны ў галіне мастацтвазнаўства, у прыватнасці, гісторыі архітэктуры народнага дойлідства, аховы гістарычна культурнай спадчыны і развіцця на яе аснове турыстычных рэкрэацыйных зон. Аўтар больш за 270 навуковых прац, у тым ліку 30 манаграфій. Лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне (2008) у складзе аўтарскага калектыву за падрыхтоўку шматтомнай працы "Беларусы", прэмій Нацыянальнай акадэміі навук за манаграфію "Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры (1999) і за цыкл працаў па развіцці турызму ў Рэспубліцы Беларусь (2011).

У канцэртнай частцы праграмы прынялі ўдзел артысты хору "Акадэмія" (мастацкі кіраўнік Слабодчыкава Т.Г.), а таксама струннае трыа "Арко" Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (мастацкі кіраўнік Т.В. Дэйка).

Творчая інтэлігенцыя з цікавасцю паглядзела відэа-фільм "Прызванне - архітэктура". Цікавым з'яўляецца погляд вучонага на сучасныя кірункі развіцця архітэктуры і сувязі архітэктурнага авангарду з гістарычнымі момантамі развіцця грамадства, адносінамі чалавека да жыцця і прыроды з даўніх часоў да нашых дзён.

Аляксей Шалахоўскі.



Абвестка 18 лютага а 18-й гадзіне на сядзібе ТБМ адбудзецца сход сяброў ТБМ Першамайскага раёна г. Менска. За год выдадзена 1 беларускамоўная кніга на 3 чалавекі, а ў астатнім усё добра



ГА "Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

вул. Румянцава, 13,

220034, г. Мінск

Аб разглядзе звароту

Міністэрства інфармацыі, разгледзеўшы ў межах кампетэнцыі ваш зварот, паведамляе, што ў адпаведнасці з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы.

У адпаведнасці з артыкулам 9 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі" масавая інфармацыя можа распаўсюджвацца на дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь і на іншых мовах. Такім чынам, вядучыя рэспубліканскія тэлеканалы рыхтуюць свае праграмы на дзвюх мовах у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.

Міністэрствам інфармацыі распрацоўваюцца праекты нарматыўных прававых актаў як на рускай, так і на беларускай мовах. Пры гэтым неабходна ўлічваць, што ў адпаведнасці з Правіламі падрыхтоўкі нарматыўных прававых актаў, зацверджанымі Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 08.11.2003 № 359 "Аб мерах па ўдасканаленні нарматворчай дзейнасці", праект акта, які прадугледжвае ўнясенне змяненняў і (або) дапаўненняў у акт, як правіла, выкладаецца на той дзяржаўнай мове, на якой дадзены акт быў прыняты (выдадзены).

Неабходна адзначыць, што ў 2012 годзе быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 2012 г. № 8-3 "Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь" на беларускай мове. У 2014 годзе ў рэспубліцы выдадзена 1106 кніг агульным тыражом 3,6 млн. экзэмпляраў на беларускай мове.

Адносна друкаваных сродкаў масавай інфармацыі паведамляем, што па стану на 1 студзеня 2015 года ў Дзяржаўным рэестры сродкаў масавай інфармацыі зарэгістравана 1577 друкаваных сродкаў масавай інфармацыі. З іх выдаюцца на рускай мове 684, на беларускай мове - 33, на рускай і беларускай - 649. Пры гэтым неабходна адзначыць, што выбар мовы, на якой выдаюцца СМІ, належыць іх заснавальнікам.

Звяртаем вашу ўвагу, што формы заяў аб дзяржаўнай рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі зацверджаны пастановамі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Што тычыцца забеспячэння ўсебаковага выкарыстання і развіцця беларускай мовы пры правядзенні Беларускага міжнароднага медыяфоруму, то працоўнымі мовамі форуму з'яўляюцца руская і англійская мовы.

Адносна выставы "СМІ ў Беларусі" - у ёй традыцыйна прымаюць удзел таксама шмат беларускамоўных выданняў нашай краіны, як рэспубліканскіх, так і рэгіянальных.

У дачыненні да Інтэрнэт-сайта Міністэрства інфармацыі паведамляем, што ў адпаведнасці з падпунктам 1.3 пункта 1 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 01.02.2010 № 60 "Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт" Інтэрнэт-сайты дзяржаўных органаў і арганізацый фарміруюцца на рускай і (або) беларускай мовах, а пры неабходнасці таксама на адной або некалькіх замежных мовах.

У цяперашні час інфармацыя на Інтэрнэт-сайце Мінінфарма размяшчаецца як на рускай, так і на беларускай мовах, што адпавядае патрабаванням заканадаўства.

Міністр Л.С. Ананіч.



Старшыні грамдскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях выказвае ўдзячнасць за прапановы па ўдасканаленні работы. Паведамляем Вам, што супрацоўнікі Рэспубліканскага цэнтра прапаганды Міністэрства рэгулярна выступаюць на беларускай мове ў тэлевізійных праграмах "Добрай раніцы", "Дабраранак", публікуюць матэрыялы ў "Настаўніцкай газеце", па ініцыятыве цэнтра выходзіць сумесны беларускамоўны праект "Жывіце ў бяспецы" з газетай "Звязда". На ўсе пытанні, якія паступаюць у раздзел "Форма зваротнай сувязі", адказы напраўляюцца на мове заяўніка. У раздзеле "Дэбюракратызацыя" ўзоры заяў па адміністрацыйных працэдурах прадстаўлены як на рускай, так і на беларускай мове. У раздзеле "Мультымедыйныя матэрыялы" размешчаны матэрыялы ў тым ліку і на беларускай мове.

Размешчаныя на сайце кантрольныя спісы пытанняў (чэк-спісы) з'яўляюцца дакументамі вузкага выкарыстання і ўжываюцца выключна пры ажыццяўленні кантрольнай і нагляднай дзейнасці. Дагэтуль Міністэрства не атрымлівала ніводнага запыту ад інспектараў альбо паднаглядных арганізацый аб беларускамоўных версіях згаданых дакументаў. Тое ж тычыцца і дакументаў па ліцэнзіраванні. Тым не менш, гэты факт не выключае магчымую распрацоўку беларускамоўных версій у будучыні.

Што тычыцца беларускамоўнай версіі сайтаў, гэтая прапанова будзе разгледжана падчас перапрацоўкі інтэрнэт-рэсурсаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, якая запланавана на 2015- 2016 гады.

Намеснік Міністра А.М. Ганчароў.


Не забываюць землякі свайго паэта

Іван Піліпавіч Лагвіновіч, без сумненняў - гэта з'ява і падзяка на творчым небасхіле Ганцавічаў і Баранавічаў. Высокая патрабавальнасць, адказнасць, дзівоснае валоданне гукамі роднай зямлі, гэта найвялікшыя якасці працалюба і жыццялюба, які нарадзіўся 16 студзеня 1940 года на хутары Запрапасць каля вёскі Малькавічы пад Ганцавічамі, адкуль у 17 гадоў рушыў на вугальныя шахты Данбаса, там скончў горнапрамысловае вучылішча. Служыў у Савецкай Арміі, працаваў на шахце, скончыў вячэрнюю школу рабочай моладзі, а таксама займаўся самаадукацыяй, атрымаў нявылечныя хваробы, інваліднасць, у 50 гадоў атрымаў пенсію, праз год вярнуўся на Бацькаўшчыну. некалькі месяцаў пражыў у Паставах, з 1992 г. жыў і выдаў каля паўдзесятка кніг у Баранавічах. Першая яго публікацыя адбылася на Беларусі ў "Чырвонай змене" ў 1960 г. Увесь час быў сябрам ТБМ імя Ф. Скарыны, з 2003 г. у Саюзе беларускіх пісьменнікаў.

Кнігі І.П. Лагвіновіча з яго аўтографамі беражна захоўвываюцца ў маім кнігазборы - гэта "Зоряне" (разам з сынам напісана), "Разлукі выраёвыя"), "Піліпаўка", "Далёкае і блізкае", "Лада юдолі", "Палыновыя кветкі", да іх зусім нядаўна дадаўся зборнік "Элегія палескага матыля" (Менск, "Кнігазбор", 2011).

Боль паэта:

Не за прывіднай марай -

За маркотаю следам

Позна ў вечары рушыў

У заснежаны свет...


Незайздросная доля -

Нарадзіцца паэтам,

Асабліва, калі ты -

Беларускі паэт.

Памёр паэт у 2011 годзе, пахаваны на могілках у Малькавічах.

Напрыканцы студзеня ў маёй кватэры пачуўся клапатлівы тэлефонны званок. Як аказалася ён быў з Ганцавіч ад дырэктара раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Алы Ўладзіміраўны Хваль з запрашэннем на раённае свята в. Малькавічы ў гонар 75-годдзя нябожчыка паэта Івана Лагвіновіча. Здаўна мне вядомыя ў Ганцавіцкім раёне ўвага, павага і любоў да сваіх творцаў - у гонар аднаго з іх пры жыцці названа вуліца, закладзена алея, дзе прадстаўлены імёны лепшых асоб раёна, сярод іх і Івана Лагвіновіча.

І на гэты раз разам з Малькавіцкай бібліятэкай-музеем, клубам, сельсаветам ладзіла ўрачыстасць паэта Івана Лагвіновіча раённая цэнтральная бібліятэка імя Васіля Праскурава. Са мной накіраваліся па чыгунцы сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, сябар ТБМ імя Ф. Скарыны Алесь Корнеў, апошняя каханне І. Лагвіновіча - гаспадыня М.В. Філімоненка.

Першае мерапрыемства свята Паэта адбылося у бібліятэцы-музеі, дзе загадчык усхвалявана паказала стэнд, прысвечаны І.П. Лагвіновічу "Я слаўлю край, у якім нарадзіўся", пад ім яго выданні, уласныя рэчы, сярод іх і друкарская машынка, рукапісы, кнігі, падораныя ад беларускіх і ўкраінскіх творцаў.

Другая частка была на Малькавіцкіх могілках на месцы вечнага заспакаення беларускага паэта Івана Лагвіновіча, дзе шмат было выступоўцаў і шмат было ўскладена кветак.

На трэцім мерапрыемстве "Не прарос бы мой талент у мове другой..." вядучая Ала Хваль палка, ярка ўклала свае словы аб жыцці, вучобе, службе, працы, дзейнасці, творчасці Івана Піліпавіча і прадставіла месца ля мікрафона старшыні Малькавіцкага сельсавета Ніне Буйкевіч, якая ўслед дадала свае фарбы ў партрэт паэта, які ніколі не забываў сваю родную зямлю, зямлякоў, родных.

Слова мелі родны брат Андрэй Лагвіновіч, былая дырэктар раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Тамара Валуевіч, быў агучаны адзін са шматлікіх лістоў да яе Івана Піліпавіча.

Чаканым, адказным і прыемным было выступленне выдатніка друку Беларусі Міхася Маліноўскага, які прадставіў М.В. Філімоненку, лаўрэата двух творчых прэмій Алеся Корнева, які агучыў свае новыя вершы ў гонар Івана Лагвіновіча.

Міхась Міхайлавіч разыграў віктарыну "Равеснік раёна: да 75-годдзя паэта Івана Лагвіновіча". За свае адказы юнакі і дзяўчаты, мужчыны і жанчыны атрымоўвывалі беларускія кнігі і паштоўкі, іх атрымалі і бібліятэчныя ўстановы Малькавічаў і Ганцавічаў. Да іх дадаў кнігі паэтаў І. Лагвіновіча і В. Бутрыма і Алесь Корнеў.

Адхілюся крышачку і напішу, што ў вясковым клубе была зроблена дбайна, увішна, прагожа выстава здабыткаў паэта, агромністая папка публікацый яго і пра яго мясцовага, абласнога і рэспубліканскага друку, дэманстраваліся на экране здымкі, творы сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Івана Лагвіновіча.

Працавіта ў клубе шчыраваў паэт Мікола Пракаповіч з сваімі паплечнікамі з Берасцейскай абласной тэлестудыі.

Выступілі таксама творчыя асобы Алесь Каско (г. Жабінка), Мікола Папека (Пружаншчына), Алесь Галаскок (г. Ганцавічы і мой зямляк з Зэльвеншчыны), Ала Мірзаліева, Святлана Локтыш з Георгіем Чыжыкам. Аляксандр Свірыд выклаў свае роздумы аб яшчэ большым увекавечванні памяці пра паэта Івана Лагвіновіча (усе з Ганцавіччыны).

Былі агучаны словы, прывітанні, вершы ад Людмілы Шувалавай, Васіля Жукава, Галіна Ліс, Раісы Раманчук, Аляксея Шалахоўскага, Анастасіі Жук:

Ён літаральна з-пад зямлі

Ступіў у літаратурны свет,

І Бог, і лёс яму далі

Адчуць, што ў ім жыве паэт.

Завяршылася свята вячэрняй гарбатай памяці паэта Івана Лагвіновіча ў бібліятэцы - музеі, дзе было шмат вясковых прысмакаў з мядовымі вырабамі паэта - пчаляра Міколы Папекі.

Шчыра гаворачы, пішу ўжо ноччу свае нататкі і знаходжуся пад дзівосным уражаннем той энергетыкі, якую далі землякі ў гонар свайго выдатнага паэта Івана Лагвіновіча. І падумалася, што памыляўся ён, калі пісаў гэтае:

Смерць мая

не стане стратай.

Роспач вашых сэрцаў не кране.

Я не быў ніколі Герастратам.

Хутка вы забудзеце мяне.


Міхась Угрынскі, г. Баранавічы.


У Гародні вуліцу Паўліка Марозава пераназвалі ў вуліцу Кастуся Каліноўскага

Уступіла ў сілу рашэнне Гарадзенскага гарадскога Савету дэпутатаў па новых назвах вуліц Гародні. Паказальна, што з'явіліся вуліцы у гонар Апанаса Цыхуна ды Аляксея Карпюка. У Нацыянальным праўным партале паведамлена, што новыя назвы атрымалі дзевяць вуліц і завулкаў, а так-сама тры вуліцы перайменавалі.

Вуліца імя Васіля Быкава, пра якую даўно кажуць гарадзенцы, так і не з'явілася. Затое вуліцу Паўліка Марозава перайменавалі ў вуліцу Каліноўскага.

Каментуе прафесар Вячаслаў Швед, ён доўгі час быў сябрам тапанімічнай камісіі гарадскога выканаўчага камітэта:

- Вельмі добра, што новыя вуліцы, якія ўзнікаюць у нашым горадзе, будуць названыя імёнамі нашых беларускіх літаратараў, але з іншага боку, трэба больш звяртаць увагу на знакамітых гарадзенцаў, на гістарычныя падзеі і імёны, звязаныя з гісторыяй горада.

Якуб Сушчынскі, РР.


На радзіме Тадэвуша Касцюшкі ў фальварку Марачоўшчына ўшанавалі 269-я ўгодкі з дня народзінаў кіраўніка вызвольнага паўстання 1794 года за незалежнасць Бацькаўшчыны

Баранавіцкія сябры Таварыства беларускай мовы разам з прадстаўнікамі іншых палітычных партый і грамадскіх арганізацый Берасцейшчыны ўшанавалі 269-я ўгодкі з дня народзінаў Андрэя Тадэвуша Банавентуры Касцюшкі. Урачыстасць адбылася 4 лютага 2015 года ў фальварку Марачоўшчына (Івацэвіцкі раён), дзе цяпер знаходзіцца музей-сядзіба ў гонар кіраўніка вызвольнага паўстання 1794 года за незалежнасць Бацькаўшчыны. Напачатку ўдзельнікі святочнай імпрэзы ўсклалі кветкі ля каменя-валуна з надпісам "Тут ва ўрочышчы Марачоўшчына нарадзіўся вялікі сын беларускай зямлі, які ў далейшым стаў нацыянальным героем Польшчы, ЗША, ганаровым грамадзянінам Францыі" .

Затым госці святочнага мерапрыемства праслухалі музычны канцэрт з удзелам беларускіх і польскіх выканаўцаў. Дырэктар музея Ірына Анціпенка арганізавала цікавую і пазнавальную экскурсію па залах музея-сядзібы. Тут шматлікія наведвальнікі мелі магчымасць пазнаёміцца не толькі з жыццём і грамадска-палітычнай дзейнасцю Тадэвуша Касцюшкі, але і з бытам беларускай шляхты др. паловы 18 - пер. паловы 19 стагоддзяў.

Ва ўрачыстасці, прысвечанай Т. Касцюшку, прынялі ўдзел прадстаўнікі Івацэвіцкага райвыканкама, Брэсцкага аблвыканкама, амбасадаў ЗША, Польшчы і Швейцарыі.

У сваім выступленні Часовы Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Роланд Скот адзначыў, што ён рады далучыцца да ўсіх, хто прыехаў у гэты дзень у Марачоўшчыну, узгадаў, што ў ЗША Тадэвуш Касцюшка будаваў фартэцыі, што гэта менавіта ён змог пераканаць Джорджа Вашынгтона стварыць у ЗША цэнтр вайсковай падрыхтоўкі. Разам з памочнікам ваеннага аташэ з Кіева маёрам Янісам Мікітсам, які суправаджаў кіраўніка дыпмісіі, яны перадалі ў падарунак музею Тадэвуша Касцюшкі парадны мундзір ваеннай акадэміі ЗША.

Выступілі таксама на святочным мерапрыемстве віца-консул Польшчы ў Брэсце Роберт Навакоўскі, старшыня фонду Тадэвуша Касцюшкі Брэсцкай вобласці Леанід Несцярчук, які расказаў прысутным, як ушаноўваецца імя нашага славутага земляка на радзіме. Баранавіцкі паэт і сябар ТБМ Алесь Белы падараваў музею сваю кнігу "Прыватны сектар", у якой ёсць вялікі верш, прысвечаны Тадэвушу Касцюшку.

На ўрачыстасці ў гонар Касцюшкі было шмат іншых выступоўцаў, а таксама падарункаў музею, які, дарэчы, штогод наведвае больш за 15000 чалавек, тры тысячы якіх - з замежжа.

А пасля для шматлікіх гасцей спяваў знакаміты беларускі бард Зміцер Бартосік, а баранавіцкі прадпрымальнік і грамадскі актывіст Мікола Чарнавус частаваў ахвотных касінерскай кашай і гарбатай.

Сырыца Віктар , старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ.


"ХАЎРУС СВАЯКА"

адбудзецца 23 лютага а 17 гадзіне ў памяшканні сядзібы Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Вечарына памяці святара, паэта і грамадскага дзеяча Казіміра Сваяка (сапр. Канстанцін Стаповіча, 19. 02. 1890 - 06. 05. 1926) прымеркавана да 125-й гадавіны з дня народзінаў гэтага пасоўніка духу. Апрача выступу найдасведчанай даследчыцы жыццёвага і творчага шляху гэтага піянера беларускага Адраджэння, паэткі і кандыдата філалагічных навук Ірыны Багдановіч, якая правядзе відыяпрэзентацыю падрыхтаваную Уладзімірам Раманоўскім, удзел у імпрэзе возьме слынны навуковец - прафесар Адам Мальдзіс, дырэктар БДАМЛіМ Ганна Запартыка, таксама абяцаецца быць паэт і журналіст Міхась Скобла.

У міжваеннае дваццацігоддзе да вобразу гэтай светлай асобы звярталіся такія мастакі як Пётра Сергіевіч, Язэп Драздовіч, а таксама сябар "хаўрусу" - малады касцельны творца з Астравеччыны па мянушцы "Роміч" (Рамуальд Ракіцкі). Тым больш прыемна гасцям будзе атрымаць сюрпрыз ад ТБМ - прэзентацыю "Выставы адной карціны", маляўнічы партрэт вядомага беларускага мастака, сябра суполкі "Пагоня" Алеся Цыркунова, апекуна гэтай вечарыны. Дыхтоўна зроблены кампазіцыйны партрэт кіраўніка касцельнага хору і завадатара нелегальнай грамадска-маладзёвай арганізацыі маральнага і фізічнага дасканалення асобы, аўтара зборніка беларускіх духоўных гімнаў "Мая ліра", пробашча Клюшчанскага касцёла, што на Астравеччыне, калі не лепшы ў творчасці мастака, то шчыра і прафесійна перадае беларускую мастацкую нацыятворчасць.

Няма сумніву, што госці атрымаюць асалоду і задавальненне, пачуўшы адрыўкі прозы і жывыя паэтычныя радкі ў выкананні майстра мастацкага слова Алега Вінярскага.

Зразумела, што вечарыну памяці Адраджэнца наведаюць ягоныя зямлякі, а пробашч касцёла Святых Сымона і Алены меўся палагодзіць справу правядзення імшы ў гонар гэтага шчырага верніка.

Наш кар.


Усенародны рух за наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай (да 25-годдзя Закона "Аб мовах у Беларускай ССР" - 26 студзеня 1990 г.)

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

І ўсё ж хоць і занадта павольна, але штосьці карыснае для роднай мовы рабілася ў нас, прычым не толькі на грамадскай, а і афіцыйнай аснове. Пры самым актыўным удзеле, а часта і з ініцыятывы ТБМ.

У рэспубліцы пачалася адказная праца па падрыхтоўцы саліднай заканадаўчай базы пад моўную палітыку. У іншых жа саюзных рэспубліках ужо меліся напрацоўкі. Даверылі гэта самым кваліфікаваным навукоўцам-філолагам, педагогам, таленавітым майстрам прыгожага пісьменства, неабыякавым да моўнай праблемы палітыкам. А інакш і нельга было паступіць, бо дадзеная праблема самая складаная са складаных, і галоўнае - напрамую звязана з лёсам народа. Дапусці ёю займацца прафанам, здэнацыяналізаванаму элементу, адарваным ад роднага карнявішча людзям, ураз загубяць мову, а з ёю і народ.

Стрыжнем усёй працы па падрыхтоўцы заканадаўства аб мовах з'яўлялася наданне беларускай мове, як мове тытульнай нацыі БССР, статусу адзінай дзяржаўнай. Такі падыход да моваў тытульных народаў быў характэрны для ўсіх саюзных рэспублік. З іх не адна, як Беларусь, не мела такіх важкіх падстаў на наданне мове карэннага насельніцтва адзінай дзяржаўнай, бо ў яе было менш за ўсё адрозненняў ад рускай мовы ("дзякаваць" трэба царскай і савецкай дзяржаўнай палітыцы русіфікацыі) і таму поўнае ці амаль поўнае вызваленне апошняй ад абслугоўвання нашага грамадскага жыцця не выклікала б аніякіх праблем камунікацыйнага характару. У моўным плане Беларусь - гэта не Азербайджан, Узбекістан ці яшчэ якая-небудзь з саюзных рэспублік. І калі ў першай адразу з'явілася нямала праціўнікаў надання яе нацыянальнай мове статусу адзінай дзяржаўнай, дык прычыну гэтаму трэба шукаць галоўным чынам у дэструктыўнай дзейнасці прамаскоўскай арыентацыі чыноўніцкага апарату, у моцнай зрусіфікаванасці ўсіх станаў інтэлігенцыі. Са сказанага вынікае, як няпроста было ў БССР выпрацаваць узгодненае з яе нацыянальным інтарэсам моўнае заканадаўства. На шчасце, хапала людзей, якія разумелі архіскладаны характар праблемы і добра ўяўлялі шляхі яе развязвання. Зразумела, найбольш актыўную дзейнасць па данясенні да самага глыбокага ўсведамлення людзьмі неабходнасці ўзаконіць дзяржаўнасць беларускай мовы вяло ў тыя складаныя часы ТБМ імя Ф. Скарыны. Дадзенай лёсавызначальнай праблемы не абышло яно ў канцы кастрычніка 1989 года на сваім паседжанні. На ім прыводзілася шмат пазітыўных прыкладаў паспяховага ўкаранення беларускай мовы ў грамадскае жыццё, асабліва ў такой яго важнай сферы, як адукацыя. Самы канструктыўны характар насілі агучаныя выкладчыкам Гарадзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксеем Пяткевічам прапановы самадзейнага аб'яднання "Паходня" з Гародні, "што ў якасці дзяржаўнай беларуская мова павінна служыць і сродкам міжнацыянальных зносін на тэрыторыі Беларусі" ("Літаратура і мастацтва". 1989. 3 лістапада. С. 5).

Пахвальна, што перыядычны друк, дзяржаўныя электронныя сродкі масавай інфармацыі не скупіліся ні плошчай, ні часам, каб даць як мага большай колькасці людзей выказацца па надзённай моўнай праблеме, вынесенай самім жыццём на паверхню. Дыскутавалі не толькі прафесіяналы-лінгвісты, палітыкі, педагогі, прадстаўнікі творчай, навуковай інтэлігенцыі. Бралі слова адміністрацыйна-гаспадарчыя работнікі, тэхнары, людзі некваліфікаванай фізічнай працы і што надзвычай важна - навучэнцкая моладзь.

Кіраўніцтва ТБМ імя Ф. Скарыны заняло правільную, узважаную пазіцыю ў дачыненні да маючых адбыцца ў сакавіку 1990 года выбараў у Вярхоўны Савет БССР і мясцовыя саветы. Вылучэнне кандыдатаў у іх склад з ліку актывістаў ТБМ (такое права было дадзена яму!) лічылася крайне неабходным, бо магло б пазітыўна паўплываць на палітыку найвышэйшага заканадаўчага органа па моўным пытанні. 6 снежня 1989 года Рэспубліканская Рада ТБМ імя Ф. Скарыны прыняла зварот да рад, суполак, усіх сяброў Таварыства, у якім адзначалася:

"Беларусь чакае вострая перадвыбарчая барацьба. Нашы кандыдаты павінны быць з народам, якому дарагія ідэі палітычнага і эканамічнага плюралізму, сапраўднага суверэнітэту рэспублікі. Толькі тады яны заслужана здабудуць народны давер.

(…) Мы заклікаем рады, суполкі, сяброў Таварыства ісці на перадвыбарны саюз з Беларускім народным фронтам за перабудову "Адраджэньне", з Беларускім экалагічным саюзам, з Беларускім сялянскім саюзам, "Мартыралогам Беларусі", з усімі прагрэсіўнымі сіламі грамадства" ("Літаратура і мастацтва". 1989. 3 лістапада. С. 2).

(Працяг у наступным нумары.)

Леанід Лыч


З падзей 2014 года

Студзень

1 студзеня Новы год сустракалі без снегу.

1 студзеня спыніў сваю дзейнасць Вышэйшы Гаспадарчы Суд РБ. Яго органы і функцыі перададзены ў Вярхоўны Суд РБ.

Рэспубліканскі цэнтр турызму і краязнаўства вучнёўскай моладзі аб'яднаны з Рэспубліканскім цэнтам экалогіі.

1-7 студзеня тэмпература паветра днём была +1, +2 градусы.

6 студзеня вячэрняе богаслужэнне ў Менскім Св. Духавым саборы здзейсніў Мітрапаліт Менскі і Слуцкі Патрыяршы экзарх Беларускай праваслаўнай царквы Павел .

8-10 студзеня тэмпература паветра ў Менску ад 4 да 6 градусаў цяпла.

15-17 студзеня ў Беларускім акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылася прэм'ера спектакля "Пан Тадэвуш" у пастаноўцы рэжысёра Мікалая Пінігіна.

22 студзеня ў Кіеве, на Майдане, забіты беларус з Гомеля Міхаіл Міхайлавіч Жызнеўскі (псеўданім Аляксей Локі), баец УНСО. Нарадзіўся ў 1988 г. у в. Сцяг Працы Гоме-льскага раёна. Пазаштатны карэспандэнт газеты "Саборна Україна". У апошнія гады жыў ва Украіне.

22 студзеня ў ЗША, г. Грэнд Рэпідс, памёр Мікалай Юр'евіч Прускі , педагог, друкар, выдавец часопіса "Сьвет". Нарадзіўся ў 1 студзеня 1928 г. у в. Мікалаеўшчына Стаўпецкага раёна. Яго маці Міхаліна Яўхімаўна была стрыечнай сястрой Якуба Коласа па бацьку.

28 студзеня памёр Генадзь Уладзіміравіч Грушавы (27 ліпеня 1950, Менск - 28 студзеня 2014) - заснавальнік і старшыня дабрачыннага фонду "Дзецям Чарнобыля", доктар філасофскіх навук.


Люты

6 лютага ўстанавілася цёплае надвор'е (-1, +1, +2). У Менску было без снегу да канца месяца.

8 лютага калека Віктар Шаршун (1961 г. нар., з 1991 г. на пенсіі) у Менску, на сваім балконе, вывесіў бела-чырвоны-белы сцяг. Яго адвезлі ў міліцыю. Увечары на хуткай дапамозе яго з міліцыі адправілі ў бальніцу.

14 лютага памёр Гаўрыла Вашчанка , народны мастак Беларусі.

14 лютага ў Сёмкаве Менскага раёна ўрачыста адкрылі Памятную дошку ў гонар выратавання партызанамі 274 дзяцей у ноч з 13 на 14 лютага 1944 года.

17 лютага беларуская біятланістка Дар'я Домрачава на Алімпійскіх гульнях у Сочы заваявала трэці залаты медаль. У гэты ж дзень ёй прысвоена ганаровае званне Герой Беларусі.

22 лютага прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч пакінуў Кіеў і ўцёк у Расію.

У канцы лютага ў Менску на сходзе цыганоў выбраны барон Віктар Главацкі . Яго папярэднік барон Уладзімір Мацвееў памёр у 2007 г.


Сакавік

На пачатку сакавіка ў Віцебску Ганна Сімановіч нарадзіла хлопчыка вагой 6,1 кг і ростам 61 см. Хлопчыка назвалі Віктарам. Яго бацька Уладзімір Сімановіч.

1 сакавіка ў Менску памёр вядомы архітэктар Леанід Левін , аўтар ансамбляў "Хатынь", Я. Купалы, Я. Коласа, "Яма". Пахаваны на Ўсходніх могілках нашай сталіцы.

8 сакавіка ў Менску на падворках зазелянела трава.

10 сакавіка ў Дзяржынскім раёне Менскай вобласці заўважаны першыя два буслы.

16 сакавіка ў Крыме праведзены рэферэндум, а 18 сакавіка Федэральны сход РФ уключыў Крым і Севастопаль у склад Расіі.

16 сакавіка ў Сочы закрыліся Паралімпійскія гульні. Беларуская каманда заваявала 3 бронзавы медалі.

19 сакавіка ў Нарвегіі на спаборніцтве на Кубак свету Дар'я Домрачава атрымала залаты медаль.

21 сакавіка ў Менску было +18 градусаў цяпла, але быў і вецер

23 сакавіка ў Беларусі адбыліся выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 27-га склікання.

24 сакавіка ў пас. Руба каля Віцебска затрыманы Барыс Хамайда і Аляксандр Салаўян . У іх міліцыянеры знайшлі бела-чырвона-белы сцяг. Палічылі іх за Мірона і арыштавалі на трое сутак.

25 сакавіка ў Менску адбылося шэсце і мітынг у гонар Дня Волі. Было цёпла, тэмпература +18 градуса.

27-29 сакавіка ў Лондане праведзена навуковая канферэнцыя на тэму "Кастусь Каліноўскі і нацыявытворны працэс".

29 сакавіка ў Ляскавічах каля Гомеля адбылася трохгадзінная сустрэча Прэзідэнта А. Р. Лукашэнкі з в. а. Прэзідэнта Украіны Аляксандрам Турчынавым.


Красавік

1 красавіка ў Менску на праезд у гарадскім транспарце ўведзены электронныя праязныя білеты ў выглядзе пласцікавай карткі. Базавая велічыня з 130 тысяч павялічылася да 150 тысяч беларускіх рублёў.

8 сакавіка ў Менску распусціліся пупышкі на дрэвах і кустах.

11 красавіка на Слуцкай фабрыцы мастацкіх вырабаў уручылі А.Р. Лукашэнку слуцкі пояс вагой 0,5 кг, які тут быў вытканы ў 2013 г. Гэта першы выраб пасля адраджэння вытворчасці такіх паясоў.

20 красавіка хрысціяне ўсіх канфесій адзачалі Вялікдзень. У Менску расквітнелі вішні і абрыкосы.

22 красавіка . Выступленне А. Р. Лукашэнкі ў Нацыянальным Сходзе РБ са Зваротам да беларускага народа і Нацыянальнага Сходу. Ён заявіў, што мова і нацыянальная культура - аснова беларускай нацыі.

26 красавіка адбыўся Чарнобыльскі шлях у Менску. Сабралася толькі некалькі сот людзей на шэсце і дэманстрацыю. Пасля дэманстацыі арыштаваны на 25 сутак гамяльчанін Юрый Рубцоў, які быў у майцы з надпісам "Лукашэнка, сыходзь!"

27 красавіка ў Менску пад старшынствам А.Р. Лукашэнкі адбылося паседжанне Мытнага Саюза. Дапрацаваны дакументы Езразійскага Саюза, але цана на нафту выведзена за межы гэтай дамовы.

27 красавіка ў Менску адбыўся Х з'езд КХП-БНФ. Зноў кіраніком партыі выбраны Зянон Пазьняк , які жыве за мяжой, пераважна ў Польшчы.

28 красавіка Брэсцкі гарвыканкам не дазволіў сацыял-дэмакратам правесці першамайскую дэманстрацыю працоўных у горадзе.

30 красавіка памёр пісьменнік Уладзімір Максімавіч Дамашэвіч , празаік, які нарадзіўся 17 лютага 1928 г. у в. Вадзяціна Ляхавіцкага р-на.


Травень

2 траўня ў Палацу спорту ў Менску адбыўся фінал Нацыянальнага конкурсу прыгажосці. Тытул "Міс Беларусь-2014" атрымала Вікторыя Мігановіч са Смаргоні.

2 траўня памёр Аляксей Андрэевіч Саламонаў , доктар тэхнічных навук, геадэзіст. Нарадзіўся 14 жніўня 1925 г. у в. Кледнявічы Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл.

Пачатак траўня. У Архангельску электразваршчык завода ЖВК ААТ "Гроднапрамбуд" Яўген Назарэвіч устанавіў 2 рэкорды Гінеса. Уздымаў 24-кілаграмовую гіру адну гадзіну. У рыўку - 1281 раз, у штуршку-1600 разоў.

7 траўня вярнуліся ў Менск удзельнікі VІ Беларускай антарктычнай экспедыцыі (кіраўнік Аляксей Гайдашоў ), якія ў Антарктыдзе знаходзіліся паўгода.

7 траўня падпісаны Указ Прэзідэнта РБ аб статусе горадоў-спадарожнікаў Менска, Брэста і Гародні: Заслаўе, Смалявічы, Рудзенск, Фаніпаль, Дзяржынск, Жабінка, Скідзель.

7 траўня памёр Анатоль Кудравец , празаік, які нарадзіўся 1 студзеня 1936 г.у в. Аколіца Клічаўскага р-на.

7-8 траўня Прэзідэнт А.Р. Лукашэнка нанёс візіт ў Маскву. Праведзены перамовы з Дзмітрыем Мядзведзевым і Уладзімірам Пуціным.

9 траўня ў Менску адкрыўся Міжнародны чампіянат свету па хакею, які закрыўся 25 траўня.

11 траўня ў Менску адкрыўся аквапарк "Лебяжы".

25 траўня народ Украіны выбраў прэзідэнтам сваёй дзяржавы Пятра Парашэнку .

26 траўня была моцная навальніца ў Менску. Вадой затоплена вуліца Няміга.

29 траўня ў Астане кіранікі трох дзяржаў-прэзідэнты У. Пуцін, Н. Назарбаеў і А. Лукашэнка падпісалі Дагавор аб Еўразійскім Саюзе (ЕАС), які пачне дзейнічаць з 1 студзеня 2015 г.

29 траўня на Кастрычніцкую плошчу ў Менску выйшлі две жанчыны і адзін мужчына з транспарантам "Смерць крамлёскім акупантам!" Яны былі затрыманы міліцыяй і ў судзе аштрафаваны па 5 базавых велічынь (750 тысяч бел. рублёў).

30 траўня ў Менску памёр народны паэт Беларусі Генадзь Бураўкін . Яго пахавалі на Ўсходніх могілках.

30 траўня ў Менску на чарговым з'ездзе АГП старшынём партыі зноў абраны Анатоль Лябедзька .

30 траўня ў Менску адбылося пасяджэнне кіраўнікоў СНД. З Украіны ніхто з кіраўнікоў не прыехаў.


Чэрвень

3 чэрвеня ў Менску адкрыта станцыя метро "Малінаўка".

5 чэрвеня каля тысячы прадпрымальнікаў баставалі ў Віцебску.

6-8 чэрвеня ў Гародні адбыўся Х Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур Беларусі.

11 чэрвеня адбыўся візіт Прэзідэнта А.Р. Лукашэнкі ў Сербію.

14 чэрвеня ў вайсковых частках Беларусі навабранцы прымалі Прысягу на вернасць Айчыне. Палова навабранцаў чытала тэкст Прысягі на беларускай мове.

16 чэрвеня адбылося паседжанне Рады СБП з нагоды 80-й гадавіны ўтварэння СБП.

19 чэрвеня ў Ждановічах, на вул. Вінаградная, 62 адкрыўся Літаратурны музей Васіля Быкава (філіял Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры).

23-27 чэрвеня ў Маскве праводзілася Міжнародная алімпіяда па рускай мове для вучняў краін СНД. У камандзе з Беларусі было 10 вучняў. Юлія Емельяновіч , вучаніца 9-га класа баранавіцкай гімназіі № 2, набрала найбольшы бал у сваёй намінацыі. Яна пісала па-руску сачыненне пра беларускую мову.

26 чэрвеня ГА ТБМ імя Францішка Скарыны адзначыла 25-годдзе ўтварэння свайго аб'яднання.

27 чэрвеня на Рыначнай плошчы ў Віцебску адбылося ўрачыстае адкрыццё коннага помніка віцебскаму князю і вялікаму князю літоўскаму Альгерду ў час святкавання 1040-годдзя Віцебска. Скульптар Сяргей Бандарэнка.

30 чэрвеня ў Менску адбыўся форум беларускіх прадпрымальнікаў, і яны адправілі свой Зварот у Адміністрацыю Прэзідэнта РБ.

Чэрвень . Беларускае дзяржаўнае вытворчае кіраванне "Беларуснафта" адкрыла новы паклад бязводнай нафты на Заходне-Калінінскім радовішчы ў Хойніцкім. Нафта атрымана на глыбіні 4236-4241 м.


Ліпень

1 ліпеня на ўрачыстым сходзе ў Менску ў гонар 70-й гадавіны вызвалення Беларусі А.Р. Лукашэнка прачытаў даклад на беларускай мове (гэта ў другі раз за гады яго кіравання).

Насельніцтва Беларусі налічвае 9 469 200 чалавек.

1 ліпеня ў многіх гарадах Беларусі (Бабруйску, Гародні і інш.) прадпрымальнікі правялі забастоўку ў сувязі з тым, што ад іх патрабуюць дакументы, якія яны не заўсёды могуць атрымаць пры пакупцы тавару.

2 ліпеня адбылося адкрыццё Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў новым будынку на пр. Пераможцаў у Менску.

3 ліпеня ў Менску адбыўся парад і дэманстрацыя з нагоды Дня Незалежнасці.

3 ліпеня ў Магілёве Савецкая плошча пераназвана ў плошчу Славы.

4-5 ліпеня ў Будславе пачаліся ўрачыстасці (фэст), прысвечаныя цудатворнаму абразу Маці Божай Будслаўскай. 2 700 пілігрымаў прыбылі пешшу і на раварах на ўрачыстасці ў Будслаў.

5-6 ліпеня ў Менску адбылася міжнародная канферэнцыя супроць усіх форм фашызму, нацызму і дыскрымінацыі.

6 ліпеня ў Александрыі Шклоўскага раёна правялі кірмаш "Купалле". Кірмаш наведаў Прэзідэнт А. Лукашэнка.

6 ліпеня адбылася 55-я сусрэча ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ў Верхнедзвінскім раёне каля Кургана Дружбы. Прымаў беларускі бок.

12 ліпеня ў Маскве памерла вядомая савецкая дэсідэнтка Валерыя Навадворская , якая нарадзілася ў Баранавічах.

10-14 ліпеня праводзіўся ХХІІІ фестываль песні Славянскі базар у Віцебску.

17 ліпеня падпісаны Указ Прэзідэнта № 349 аб пераўтварэнні калгасаў у грамадскія таварыствы і камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы. Да 31 снежня 2016 г. усе павінны быць пераўтвораны.

Ліпень. У Лондане каралева Вялікабрытаніі Лізавета ІІ уручыла беларусу Цімафею Ерамееву вышэйшую ўзнагароду за навацыі яго кампаніі, якую ён сам стварыў, і якая вырабляе лёгкія і танныя стрэхі для дамоў.

У Менску знесены адзін з лепшых аўтавакзалаў "Маскоўскі". Гэту тэрыторыю набыла маскоўская кампанія "Газпрам".


Жнівень

1 жніўня ў Менску, на Пярэспе, на Менскіх брацкіх могілках адбыўся мітынг-рэквіем з удзелам міністра абароны РБ Ю. Жадобіна і пасла РФ А. Сурыкава ў сувязі з 100-й гадавінай пачатку Першай сусветнай вайны. Афіцыйнае адкрыццё Мемарыялу Менскіх брацкіх могілак адбылося 14 жніўня 2011 г.

14-15 жніўня беларускія альпіністы (9 мужчын і 10 жанчын) адправіліся ў перуанскія Анды на вяршыню дзейнага вулкана Эль Місці. (Яго вышыня 5822 м.) Гэта 14-я экспедыцыя ў рамках праекту "Сем вяршынь".

19 жніўня ў Баранавічах адкрыты помнік самалёту МіГ-29.

22 жніўня ў лесе каля Калодзішча пад Менскам знайшлі павешаным журналіста музыку Змітра Шаўчука .

26 жніўня ў Менску адбылася сустрэча кіраўнікоў дзяржаў РФ, РБ, Казахстана, Украіны і прадстаўнікоў ЕС па пытанні спыненні вайны на ўсходзе Украіны.

29 жніўня ў Крычаве абрынулая гімназія. Ахвяр няма. 550 вучняў будуць вучыцца ў трох школах і ліцэі гэтага горада.

30-31 жніўня ў Нью-Ёрку адбылася ХХХІ сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі (ЗША і Канады).

Жнівень. У Менску, на вул Кісялёва, 30 (былы будынак бровара) з'явілася памятная шыльда менскаму графу Каралю Яну Чапскаму , які быў гарадской галавой Менска ў 1890-1901 гг.

У жніўні ў Ваўкавыску рыбак Павел Канцавы злавіў ляшча вагой 5225 г. Гэта рэкордны лешч для Беларусі.


Верасень

4 верасня падпісаны Указ Прэзідэнта аб пагранічнай зоне з Расійскай Федэрацыяй.

6-7 верасня ў Заслаўі праведзена рэспубліканскае свята Дзень беларускага пісьменства і друку. Тут адкрыты помнік заслаўскаму князю Ізяславу .

Да 8 верасня Нацбанк Беларусі выпусціў манеты, прысвечаныя 500-м угодкам бітвы пад Оршай.

11 верасня ў Лідзе асвечаны падзячны медальён гетману найвышэйшаму Канстанціну Астрожскаму на Свята-Георгіўскім праваслаўным храме-помніку.

15 верасня ў Беларускай філармоніі ў Менску прайшоў ІІ фестываль мастацтва беларусаў свету.

19 верасня ў Менску падпісаны мірны план ініцыятыўных групаў прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі і прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна аб спыненні ваенных дзеянняў у Данецкай і Луганскай абласцях Украіны.

22-27 верасня ў Менску, у ліцэі БДУ, праводзіўся конкурс "Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2014". 49 лепшых настаўнікаў змагаліся за атрыманне "Крыштальнага жураўля". Пераможцам стаў Жук Віктар Эдуардавіч , настаўнік гісторыі ДУА "Сярэдняя школа № 11 г. Маладзечна.

24-25 верасня адбыўся візіт Прэзідэнта А.Р. Лукашэнкі ў Кішынёў.

25 верасня ў аграгарадку Залессе Смаргонскага раёна адкрыўся мемарыяльны музей "Сядзіба кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага" пасля рэстаўрацыі.

26 верасня на канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі зацверджаны Статут навуковай установы Тэалагічная акадэмія імя Святога Яна Паўла ІІ.

27 верасня ў г. Гарадок Віцебскай вобл. адбылося рэспубліканскае свята "Дажынкі-2014".

29 верасня ў Гомелі адбыўся ІІ Нацыянальны форум "Музеі Беларусі", на які прыехалі 100 удзельнікаў. Першы аналагічны форум быў у Гародні ў 2012 г.

Верасень . У Турцыі Лена Драбышэская (вучаніца 4-га класа гомельскай гімназіі) стала стала пераможцай конкурсу "Маленькая прынцэса свету".


Кастрычнік

1 кастрычніка ў Менску палітычныя дзеячы Уладзімір Някляеў, Аляксей Янукевіч, Ірына Вештард і Юрась Губарэвіч здалі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ 50 тысяч подпісаў грамадзян у падтрымку кампаніі "Народны рэферэндум", на які прапануецца 6 пытанняў.

6 кастрычніка ў Кацярынбургу міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў і губернатар Свярдлоўскай вобласці Яўген Куйвашоў адкрылі помнік Уладзіміру Мулявіну . Скульптура выраблена калектывам Сяргея Логвіна вышынёй 3,5 м.

9 кастрычніка Палата прадстаўнікоў НС РБ аднагалосна ратыфікавала Дамову аб Еўразійскім эканамічным саюзе.

9 кастрычніка на стадыёне ў Барысаве беларускія футбалісты прайгралі украінскім з лікам 0:2.Заўзятары трымалі ў руках украінскія і беларускія нацыянальныя сцягі і выкрыквалі "Жыве Беларусь!", "Слава Украіне!", "Слава героям!"

10 кастрычніка суд Барысўскага раёна пакараў беларускіх і ўкраінскіх аматараў-фанатаў футболу штрафам і суткамі за хуліганства, учыненае на стадыёне.

10 кастрычніка ў Менску адбылося паседжанне кіраўнікоў СНД. У. Пуцін прыехаў, а П. Парашэнка - не.

11 кастрычніка ў Менску адбыўся чорговы з'езд Партыі БНФ. Старшынём партыі зноў абраны Аляксей Янукевіч.

13 кастрычніка ў Гародні памёр Іван Лепешаў , вядомы беларускі філолаг. Ён нарадзіўся 23 кастрычніка 1924 года.

14 кастрычніка Указам Прэзідэнта на пасаду Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю прызначаны Анфімаў Леанід Васільевіч.

21 кастрычніка ў Менску прайшло паседжанне Ураду Саюзнай дзяржавы Беларусі-Расіі. А. Лукашэнка прыняў прэм'ер-міністра РФ Дзмітрыя Мядзведзева.

21 кастрычніка пісьменніца Святлана Алексіевіч ушанавана званнем афіцэра Ганаровага ордэна мастацтва і літаратуры Французкай Рэспублікі.

22 кастрычніка Савет Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі выбраў на пасаду старшыні ФПБ Міхаіла Орду , былога сакратара ЦК БРСМ.

22 кастрычніка Кіраўніком Службы бяспекі Прэзідэнта РБ прызначаны палкоўнік Віктар Шынкевіч .

23 кастрычніка адбылася сустрэча А.Р, Лукашэнкі з беларускімі пісьменнікамі СПБ і СБП.

У ноч на 25 кастрычніка ў Клічаве Магілёскай вобласці тэмпература паветра панізілася да 12,6 градусаў марозу. Гэта рэкодная тэмпература для гэтага часу ў Беларусі.

25-31 кастрычніка А.Р. Лукашэнка наведаў Арабскія Эміраты. Вяліся перамовы аб двухбаковым супрацоўніцтве.


Лістапад

1 лістапада ў Менску, новым будынку Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбыўся ХХХV з'езд Саюза камуністычных партый (СКП-КПСС). У ім бралі ўдзел каля 100 дэлегатаў з 15 былых саюзных рэспублік.

2 лістапада ў Менску адбыўся ХІІ з'езд ТБМ імя Ф. Скарыны. Старшынём ТБМ зноў абраны Алег Анатолевіч Трусаў .

2 лістапада прыхільнікі КХП-БНФ правялі дэманстрацыю ад Менскага гадзіннікавага завода ў Курапаты і там мітынг "Дзяды". Кіраўнік і арганізатар мерапрыемства Ю. Беленькі потым быў аштрафаваны.

5 лістапада на метэралагічнай станцыі "Палеская" (пас. Палескі ў Лунінецкім раёне) была рэкордная тэмпература для гэтага дня +19 градусаў цяпла.

6 лістапада вызвалены ад пасады старшыні Менскага гарадскогга выканкама Мікалай Аляксандравіч Ладуцька і прызначаны Андрэй Віктаравіч Шорац , які нарадзіўся ў 1973 г. у Віцебску.

7 лістапада са ст. Менск-Пасажырскі пачалі хадзіць дызельныя цягнікі да Нацыянальнага аэрапорта Менск-2. Кошт білета 25 тысяч рублёў. Час паездкі 56 хвілін.

10 лістапада скорапасціжна памёр генерал у адстаўцы Валерый Змітравіч Фралоў (1947 г. нар.), палітык, сацыял-дэмакрат.

11 лістапада ў Беларускай філармоніі адбыўся юбілейны канцэрт ансамбля "Свята" , якому ўжо 30 гадоў. Віншаваў калектыў ансамбля міністр культуры Барыс Святлоў.

13 лістапада Нацыянальная акадэмія навук Беларусі выбрала 16 акадэмікаў і 28 членаў-карэспадэнтаў. Сярод новых акадэмікаў - Аляксадр Іванавіч Лакотка , дырэктар "Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры".

14 лістапада А.Р. Лукашэнка правёў нараду кіраўнікоў Гарадзенскай вобласці ў Гародні.

25 лістапада пачалася "гандлёвая вайна" РФ супраць прадуктовых тавараў РБ. Яна працягвалася каля трох тыдняў.

26 лістапада ў Кіеве на вул. Грушэскага адкрыты помнік беларусу Міхаілу Жызнеўскаму , які загінуў вясной на Майдане.

26 лістапада вызвалена ад пасады міністра абароны РБ Юрый Жадобін .

27 лістапада актывісты партый БНФ пабывалі ў Семежаве, Грозаве і Вызне і ўсклалі кветкі ў памяць Слуцкага збройнага чыну.

27 лістапада міністрам абароны РБ прызначаны Раўноў Андрэй Аляксеевіч .


Снежань

6 снежня А. Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 5 , якім пашыраюцца правы дырэктараў прадпрыемстваў. Цяпер дырэктар можа звольніць работніка праз 7 дзён, а не месяц як было раней.

7 снежня ў Менску прайшоў ІХ з'езд Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў. Старшянём БКДП у чацвёрты раз выбраны Аляксандр Ярашук.

13 снежня ў Палацы Мастацтваў ў Менску прайшоў нацыянальны фэст Дзень вышыванкі.

20 снежня падпісананы Указ Прэзідэнта № 607 аб 30 працэнтным падатку з тых, хто набыве замежную валюту. Мяркавалася, што будзе дзейнічаць да 1 лютага 2015 года, але быў адменены раней.

21 снежня ў Менску адбыўся Усебеларускі кангрэс за незалежнасць.

21 снежня ў Кіеве адбылася сустрэча прэзідэнтаў Украіны і Беларусі П. Парашэнкі і А. Лукашэнкі.

22 снежня Указам Прэзідэнта ад пасады старшыні Магілёўскага аблвыканкама вызвалены Пятро Руднік.

23 снежня ў Маскве адбыўся саміт АДКБ і нарада кіраўнікоў краіне Еўразійскага эканамічнага саюза. У гэты дзень членамі ЕАЭС сталі Арменія і Кыргызстан.

27 снежня Прэзідэнт прызначыў прэм'ер-міністрам Андрэя Уладзіміравіча Кабякова , Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта - Аляксандра Мікалаевіча Косінца , старшынём кіравання Нацыянальнага Банка РБ - Паўла Уладзіміравіча Калавура , старшынём Брэсцкага аблвыканкама - Ліса Анатоля Васільевіча старшынём Віцебскага аблвыканкама Шаршнёва Мікалая Мікалаевіча , старшынём Магілёўскага аблвыканкама - Даманоўскага Уладзіміра Віктаравіча , міністрам адукацыі - Жураўкова Міхаіла Анатолевіча .

31 снежня завершана рэканструкцыя Нацыянальнага аэрапорта Менск-2.

У снежні ў Менску на вуліцы Кірыла і Мяфодзія адчыніўся Музей археалогіі.

У 2014 годзе

Гэты год быў Годам гасціннасці.

За гэты год у Беларусі ў нецвярозных вадзіцеляў забрана 2 270 аўтамабіляў.

На пачатку 2014 года дзяржаўны доўг дасягнуў 154 трлн рубл. і павялічыўся ад мінулага года на 19,6 працэнта.

У Беларусі на беларускай мове вучыцца ўсяго 15 % школьнікаў.

Агульныя пасяўныя плошчы склалі 5 860,1 тысяч гектараў.

Намалалочана збожжавых і бабовых 9,6 млн. т. Сярэдняя ўраджайнасць іх склала 36,6 ц. з аднаго га. Накапана бульбы ўсімі гаспадаркамі 6,3 млн. т. Сярэдняя ўраджайнасць бульбы - 204 ц з 1 га. У краіне налічвалася 2 475 фермерскіх гаспрадарак (у1995 гг. іх было 3 029, у 2010 г. - 2 045).

Сярэдняя заработная плата ў за месяц лістапад склала 6,194 млн. руб. (573 долары).

Сярэдняя працоўная пенсія ў снежні (апрача пенсіянераў вайскоўцаў, КДБ, МНС і органаў МУС) - каля 2 632 тысячы рублёў, а сацыяльная пенсія па ўзросту - 698 010 рублёў.

За снежань месяц у Менску плата за камунальныя паслугі прыватызаванай аднапакаёвай кватэры агульнай плошчай 37 (жылой 17) кв. м., у якой пражывае адзін чалавек, склала 198 500 рублёў.

У снежні кошт электраэнергіі за адну кВт-гадзіну для гараджан, якія карыстаюцца газавай плітой - 866,3 руб., і для гараджан, якія карыстаюцца электраплітой - 736,3 руб.

У канцы снежня праезд у гарадскім транспарце Менска каштаваў 4 500 рублёў, квіток у кіроўцы - 5 000 рублёў.

У абменных пунктах у канцы снежня ў Менску долар можна было набыць за 1190, еўра - за 14460, расійскі рубель - за 207 беларускіх рублёў. Апрача таго часова ў абменніках бралі падатак 20 працэнтаў на карысць дзяржаўнага скарбу. 14.01.2015 г. еўра можна было набыць за 17 350 руб., долар - за 14 615 руб, расійскі рубель - за 250 руб., грыўну ўкраінскую - за 950 руб.

У канцы снежня кошты тавараў у менскіх магазінах былі наступныя:

Хлеб "Нарачанскі" (1,2 кг) - 15 200 руб.

Хлеб "Водар" (860 г) - 10 550 руб.

Хлеб белы "Ракаўскі" (700 г) - 8 300 руб.

Батон "Аматарскі" (450 г) - 7950 руб.

Батон "Старавіленскі" (400 г) - 5 950 руб.

Смятана 26% (400 г) - 13 950 руб.

Малако 3,6 % (1 л) - 8 450 руб.

Сыр "Расійскі" 50% (1 кг) - 104050 руб.

Тварог 10% (200 г) - 8 750 руб.

Масла сметанковае "Сялянскае" 72 % (180 г) - 16 150 руб.

Алей сланечнікавы (1 л) - 18700 руб.

Свініна (1 кг) 2-й кат. І гат. - 64450 руб.

Мяса свінное (1кг) - 64 900 - 65 100 руб.

Каўбаса вараная "Руская" (1 кг) - 48 450 - 63 500 руб.

Каўбаса вараная "Эстонская" (1кг) - 53 000 руб.

Ялавічына (1кг) - 66 9500 руб.

Шынка (1 кг) - 132 859 - 156250 руб.

Бульба (1кг) - 5 500 - 6000 руб.

Капуста (1кг) - 6 050 руб.

Мука пшанічная (1кг) - 15 200 руб.

Крупы грэцкія (1кг) - 20900 руб.

Крупы ячменныя (1кг) - 7 750 руб.

Гарэлка 40% (0,5 л) - 61 950 руб.

Віно пладова-ягаднае (0,7 л.) - 27 950 - 40 150 руб.

Цукар (1кг) - 9 700 руб.

Селядцы (1кг) - 41 600 руб.

Яйкі (10 штук) - 14 900 руб.

Цыбуля (1кг) - 3 550 - 7 150 руб.

Соль харчовая (1 кг) - 6 900 руб.

Запалкі (1 пачак) - 300 руб.

Мыла гаспадарчае (200 г) - 5550 руб.

Падзеі і цэны запісаў Сымон Барыс.


"Струны нашай душы…"

29 студзеня 2015 г. у Паставах у ДК на вуліцы Станкевіча адбылася паэтычна-музычная гасцёўня "Струны нашай душы…". Арганізавана яна была супрацоўнікамі ДК пры актыўнай падтрымцы пастаўскага ТБМ імя Ф. Скарыны.

Для гэтага мерапрыемства былі запрошаны самыя розныя творчыя людзі Пастаўшчыны, самых розных узростаў і заняткаў. Так атрымалася, што пераважная іх большасць з'яўляецца ці з'яўлялася ўдзельнікамі ТБМ. Пачалі імпрэзу з юных талентаў Пастаўскай гімназіі.

А потым Люда Сяменас, намеснік кіраўніка нашай суполкі, пачала блок нашага ТБМ, прадставіўшы нас публіцы і прачытаўшы верш Ігара Пракаповіча "Мова".

Першай выступіла вытанчаная Наталля Карнілава.

Эстафету пераняла душа нашага ТБМ, непаўторная Вольга Лісіцкая.

Пасля сваім перфомансам літаральна "запаліў" публіку кіраўнік нашага ТБМ, Ігар Пракаповіч. Ён падрыхтаваў невялічкую віктарыну, падчас якой яго памочніца спявала лімэрыкі - жартаўлівыя куплеты, якія сачыніў Ігар Міхайлавіч і адмыслова змясціў у іх розныя геаграфічныя назвы.

А госці павінны былі за цукерачку знайсці на геаграфічнай мапе, якую прынёс з сабой Ігар Пракаповіч, тыя геаграфічныя аб'екты, пра якія распавядалася ў гэтых лімэрыках.

Пасля нашага ТБМаўскага блоку паказалі сваю творчасць прадстаўнікі знакамітага пастаўскага ансамбля "25 плюс/мінус".

Ад іх выступлення мы перайшлі да наступнага блоку вечарыны - творчасці тых пастаўскіх паэтаў, якіх ужо няма з намі. Былі прадстаўлены вершы такіх выбітных творцаў як Леанід Трубач, Слава Ліпень, Алесь Касцень.

І ў апошняй частцы вечарыны са сваім музычным блокам выступіла выдатная пастаўская спявачка Логінава са сваімі памочніцамі.

А на развітанне яшчэ раз заспявалі "25 плюс/мінус". У цэлым імпрэза расцягнулася больш, чым на дзве гадзіны. Удзельнікаў было вельмі шмат, бо за гэтыя дзве гадзіны кожны паспеў прачытаць або выканаць літаральна па два-тры творы. Гэта кажа аб тым, што такія вечарыны ёсць сэнс арганізоўваць і надалей, каб бліжэй пазнаёміцца з творчасцю усіх пастаўскіх талентаў.

Вадзім Шышко.


VIII Агульнанацыянальная дыктоўка на Лідчыне

Спланавана правядзенне VIII Агульнанацыянальнай дыктоўкі на Лідчыне.

19 лютага - вёска Ходараўцы;

21 лютага, 12.00 - бібліятэка г. Бярозаўкі;

22 лютага, 10.30 - Цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы г. Ліды;

25 лютага, 13.45 - Цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы г. Ліды;

Лідскі каледж: дата і час пакуль не вызначаны.

Магчымыя тэхнічныя ўдакладненні.


Герб Менска вяртае да вытокаў

Беларускамоўную пешую вандроўку па цэнтру Менска правёў экскурсавод Нацыянальнага бюро па турызму Павал Дзюсекаў.

Свой аповед ён пачаў з гісторыі пабудовы Чырвонага касцёла. Гісторыя Менска сведчыць пра шматлікія спробы савецкай улады знішчыць ці скалечыць канфесіянальныя будынкі, зафарбаваць сапраўдныя колеры, перамяніць назвы вуліц. Але вечнае і вялікае перажывае ўсе часы альбо нанава паўстае з нябыту намаганнямі тых, хто шануе традыцы і памяць мінулых пакаленняў. Так было і з касцёлам св. Сымона і Алены, у якім знаходзіліся ў 70-ыя гады здымачныя павільёны Дома кіно.

Падарожнікі спыніліся насупраць дома па вул. Валадарскага 9, з балкона якога была абвешчана БНР. Пазнаёміліся таксама з будынкам былой харальнай сінагогі, якая была пабудавана ў 1901-1906 гадах па ініцыятыве лекара І. Лунца на сродкі яўрэйскай грамады і пазней ператворана ў Рускі драматычны тэатр імя Горкага.

Місія езуітаў з'явілся ў Менску ў 1657 годзе. Пра дзейнасць езуітаў нагадваюць два будынкі на плошчы Свабоды: касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі і музычны каледж (былая езуіцкая школа, а пазней - дом губернатара). Касцёл быў асвечаны 16 сакавіка 1710 года. У калегіуме былі адчынены класы граматыкі і паэзіі, вывучаліся грэцкая і лацінская мовы, у 1729 чытаўся курс філасофіі, юнакі практыкавалі гімнастыку, фехтаванне, конную язду. Лепшыя вучні ў якасці ўзнагароды за выдатную падрыхтоўку мелі магчымасць на вакацыях наведаць Рым. Езуіты ўкаранялі еўрапейскую адукацыю, якая была даступная прадстаўнікам усіх саслоўяў і была бясплатнай, і не змушалі да прыняцця каталіцтва.

Экскурсавод нагадаў пра старажытныя назвы вуліц. Тая, што сёння мае назву Рэвалюцыйнай, называлася Феліцыянаўскай у гонар св. Феліцыяна, якога ў тыя часы лічылі апекуном Менска. Вуліца Герцэна называлася Малой Бернардынскай, Леніна - Францішканскай, Кісялёва - Старажоўскай.

Экскурсавод пазначыў, дзе знаходзіўся Верхні і Ніжні горад, Троіцкае прадмесце, дзе існаваў раней касцёл св. Тамаша Аквінскага і іншыя забудовы. Каля Свята-Духава кафедральнага праваслаўнага сабора пад канцэртную залу нядаўна адноўлены будынак уніяцкай царквы Св. Духа.

Магдэбургскае права на самакіраванне было даравана Менску 14 сакавіка 1499 года. Яго абвесціў сваёй граматай вялікі князь літоўскі Аляксандр. На чале горада станавіўся войт, унутранай палітыкай кіраваў бурмістр. Гарадская рада і лава мелі назву магістрата. У 1591 стагоддзі горад атрымаў герб з выявай Божай Маці ў акружэнні анёлаў. Герб Менска быў адноўлены ў 2002 годзе. Мураваны будынак ратушы быў пабудаваны ў 1582 годзе і адноўлены ў 2003 годзе. У часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай 118 беларускіх гарадоў мелі будынкі ратушы. Ратушы нагадвалі пра залатыя часы і вольнасці шляхты. Зараз на тэрыторыі Беларусі ўсяго 2 адноўленыя і 5 старажытных ратушаў.

Выклікае цікавасць наведвальнікаў сядзіба Ваньковічаў. Каля яе быў некалькі гадоў таму ўсталяваны помнік мастаку Валенцыю Ваньковічу, аўтару знакамітага партрэта Адама Міцкевіча.

У час экскурсіі падарожнікі пабачылі таксама першае мураванае пажарнае дэпо Менска. Пажарнікі падзараблялі сабе на жыццё тым, што гралі на вечарынах у губернатарскім садзе і каля тэатра на духавых інструментах. Удзельнікі экскурсіі пачулі досыць цікавостак і лягенд пра старажытны Менск. Самы стары мураваны будынак, які захаваўся ў цэнтры, Менска датуецца 1570 годам.

Падобныя семінары па тапаніміцы і гісторыі Менска праводзіў з вялікім энтузіязмам у 2000-ыя гады на сядзібе ТБМ прафесар Анатоль Пятровіч Грыцкевіч. Суцяшае, што сёння ў яго ёсць маладзейшыя паслядоўнікі, якія прадоўжаць яго справу.

Э. Дзвінская. Фота аўтара: 1. Павел Дзюсекаў вядзе экскурсію. 2. Помнік шляхціцу, які абвяшчае наданне Менску Магдэбурскага права.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX