НАША СЛОВА № 9 (1212), 4 сакавіка 2015 г.
З Днём вясны, беларусачкі!
Шаноўныя беларусачкі: дзяўчынкі і дзяўчаты, матулі і бабулі!
Шчыра віншуем вас з Днём жанчын і вясны!
На вашых далікатных плячах трымаюцца беларускія сем'і і беларуская дзяржава.
Вашым цялесным і душэўным цяплом саграваюцца вашыя дзеці: малыя і дарослыя грамадзяне Беларусі.
Ад вас яны чуюць першае слова ласкі і любові, першае "трэба" і першае "нельга".
Дык, кажыце ім гэтыя словы, кажыце па-беларуску. Кажыце, як трэба любіць сваіх бацькоў і сваю краіну, як трэба шанаваць памяць продкаў і будаваць шчаслівую будучыню.
Кажыце ім, як нельга забываць родную мову, як нельга мяняць сваё на чужое, як аднолькава нельга адракацца ад маці, Радзімы і мовы.
Покуль дойдзе справа да школы і дзяржавы, да царквы і касцёла, толькі вы адказныя за сваю будучыню, будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў.
Сакратарыят ТБМ.
Маладой беларускай маці
Ты - маці, ты свайму дзіцяці
Не для пакут жыццё дала -
Для долі - шчасця ў роднай хаце,
У царстве праўды і святла.
Каб гэтым правам заручыцца,
Каб промень веры не пагас -
Аддай дзіця сваё вучыцца
У беларускі клас!
Хай з самай першай парты школьнай
Распазнаваць яно пачне
У лёсе Бацькаўшчыны вольнай
Свой лёс - як вечнасць у вясне.
Не дапусці, каб цень злачынца
Зацьміў душы яго алмаз:
Аддай дзіця сваё вучыцца
У беларускі клас!
Хай змалку прыйдзе да высновы,
Прызнанай людствам нездарма:
Мілей, чым гукі роднай мовы -
На свеце радасці няма.
Каб не запозна далучыцца
Да векавых яе акрас -
Аддай дзіця сваё вучыцца
У беларускі клас!
Узнагароду будзеш, маці,
Ты атрымоўваць кожны дзень:
Любоў і ўдзячнасць - ад дзіцяці,
Хвалу і славу - ад людзей.
Каб ёй давеку ганарыцца
І стрэць спакойна судны час -
Аддай дзіця сваё вучыцца
У беларускі клас!
Ніл Гілевіч.
Гісторыя ў падзеях і малюнках.
"Будзьма!". 9 сакавіка (панядзелак) адбудуцца заняткі гістарычнай школы з Алегам Трусавым "Гісторыя ў падзеях і малюнках". Пачатак - 18. 30 гадзін. Румянцава, 13. Уваход вольны. Наступныя заняткі адбудуцца адпаведна 16 і 23 сакавіка.
125 гадоў з дня нараджэння Вінцука Адважнага
Вінцук АДВАЖНЫ (сапр. Германовіч Язэп Станіслававіч; 4 сакавіка 1890 - 26 снежня 1978) - беларускі пісьменнік, каталіцкі святар усходняга абраду, паэт, публіцыст.
Нарадзіўся ў мястэчку Гальшаны Ашмянскага павета Віленскай губерні, цяпер Ашмянскі раён Гарадзенскай вобласці. Паходзіў з сялянскай сям'і: бацькі - Станіслаў і Ганна (з дому Савіцкіх) Германовічы. У 1898-1902 гадах наведваў Гальшанскую народную школу, а наступныя чатыры гады - Ашмянскую гарадскую вучэльню. У 1913 скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. 29.6.1913 пасвечаны ў святары, тады ж распачаў душпастырскую дзейнасць як вікарый у мясцовасці Далістова Беластоцкага павета. Пазней працаваў у розных парафіях Беластоцкага дэканата. У 1921 уступіў у ТБШ; арганізаваў адну з беларускіх школ, у касцёле гаварыў казанні на беларускай мове. Гэта выклікала незадаволенасць найвышэйшай іерархіі, і Адважны вымушаны быў пераехаць у Друю, дзе ў 1924 г. уступіў у Ордэн марыянаў. Пачаткова выконваў абавязкі пробашча Друйскай парафіі, пазней быў магістрам навіцыяту і акрамя таго настаўнікам рэлігіі і лацінскай мовы ў Друйскай гімназіі. Шырока выступаў у беларускім перыядычным друку ("Krynica", "Chryscijanskaja Dumka"). Пераследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі. З 1932 на місіянерскай працы ў Харбіне (Маньчжурыя), дзе таксама быў дырэктарам гімназіі. У 1936 г. вярнуўся ў Вільню, кіраваў Беларускім марыянскім домам студэнтаў. У 1938 дэпартаваны разам са студэнтамі ў Цэнтральную Польшчу, адкуль у хуткім часе зноў выехаў у Харбін. У 1948 арыштаваны кітайскай паліцыяй і перададзены савецкім органам бяспекі. Быў прысуджаны да 25 гадоў прымусовых работ у лагерах. Знаходзіўся ў зняволенні ў Сібіры. Пасля смерці Сталіна вызвалены. Выехаў у Польшчу, пад канец 1959 - у Рым, а неўзабаве прыбыў у лонданскі Дом Марыянаў. Прымаў удзел у рэлігійным і культурным жыцці беларускага замежжа. Рэдагаваў часопіс "Божым шляхам" (Лондан). Пра сваё знаходжанне ў лагерах напісаў успаміны "Кітай - Сібір - Масква", якія былі апублікаваныя на беларускай, італьянскай, польскай, літоўскай мовах.
Вікіпедыя. (Пра В. Адважнага чытайце яшчэ на ст. 7.)
75 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Пузыні
Уладзімір ПУЗЫНЯ нарадзіўся 26 лютага 1940 г. у вёсцы Суцін (Пухавіцкі раён). Яго бацька, Якуб Пузыня, загінуў на фронце ў 1941-м. Маці з малымі дзецьмі ратавалася ў бежанстве ва Украіне, з цяжкасцю ўдалося ім вярнуцца дадому. Пасля школы Уладзімір працаваў качагарам, потым лякальшчыкам на заводзе. Скончыў музычную вучэльню па класу трубы, магілёўскую школу мастацтваў (дзе вывучыў майстэрства іканапісу). Выкладаў у музычнай школе, саліраваў у народным аркестры Жыновіча.
У 1970-я разам з майстрам Уладзімірам Крайко пачаў рабіць народныя інструменты. Ад 1982 Пузыня працаваў у Інстытуце культуры выкладчыкам па авалоданні ігрою на беларускіх народных інструментах. Адкрыў лабараторыю па адраджэнні і вырабе беларускіх народных інструментаў "Беларуская Хатка". У ёй наладзіў рамонт і выраб унікальных ліраў, дудаў, адрадзіў старажытныя, ужо забытыя, сурму і жалейку, хорум, апісанне якога было толькі ў летапісах і на малюнках. У 1990 годзе Пузыня напісаў і выдаў кнігу "Школа ігры на беларускіх народных інструментах", у вялікай меры дзякуючы якой упершыню ў гісторыі музычнага мастацтва беларускія народныя інструменты ўвайшлі ў партытуру опернага сімфанічнага аркестра.
Свой досвед народны майстра перадаў сыну Алесю, які скончыў Унівэрсітэт культуры. У пачатку 1990 гадоў ні адзін значны канцэрт ці якая іншая ўрачыстасць не праходзілі без удзелу музыкаў Уладзіміра і Алеся Пузыняў. Яны заўжды былі ў гушчы культурных і палітычных падзеяў Беларусі.
У 1994 годзе бацька і сын, каб рэпрэзентаваць Беларусь на фестывалі лірнікаў у Францыі, выправіліся туды за свой кошт. Праз год музыкаў запрасілі з канцэртам у ЗША ў штат Тэхас. А вярнуліся дахаты яны ўжо пасля рэферэндуму. Усё крута памянялася, пачынаючы з адносінаў кіраўніцтва Ўніверсітэта культуры, дзе месціцца "Беларуская Хатка". Пузыню далі працу толькі на палову стаўкі, а потым выправілі на пенсію. Апошнія гады ён жыў у вёсцы Ганалес (Менскі раён).
Памёр 18 верасня 2012 года.
Вікіпедыя.
Нястомнае служэнне роднаму слову
(Да 85-годдзя Паўла Сцяцко)
5 сакавіка 85-гадовы юбілей адзначыць Павел Уладзіміравіч Сцяцко, доктар філалагічных навук, прафесар Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
П. Сцяцко нарадзіўся ў 1930 годзе ў вёсцы Грабава Зэльвенскага раёна Гарадзенскай вобласці. У 1953 годзе скончыў факультэт мовы і літаратуры Гарадзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, потым аспірантуру пры Інстытуце мовазнаўства АН Беларусі, дактарантуру пры Менскім дзяржаўным педагагічным інстытуце. Павышаў славістычны досвед у Карлавым універсітэце ў Празе і Варшаўскім універсітэце.
Працаваў П. Сцяцко выкладчыкам беларускай мовы ў Гарадзенскім педагагічным інстытуце, дацэнтам кафедры беларускай мовы ў Менскім дзяржаўным педінстытуце, прафесарам - загадчыкам кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, загадчыкам кафедры беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, потым прафесарам гэтай ВНУ; з верасня 2013 года - прафесар кафедры раманскай і германскай філалогіі названага ўніверсітэта. У 1991 - 1994 гадах П. Сцяцко - прафесар факультэта ўсходнеславянскай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта (філіял у Беластоку).
Прафесар П. Сцяцко - аўтарытэтны даследчык беларускага і славянскага мовазнаўства і міжмоўных стасункаў. Мае звыш 630 навуковых прац, з іх 36 кніг: 8 манаграфій, 8 слоўнікаў, 6 падручнікаў і 12 дапаможнікаў для вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў (гімназіі, каледжы), суаўтар акадэмічнай Беларускай граматыкі . Яго працы друкаваліся і рэцэнзаваліся ў многіх славістычных выданнях Еўропы і Амерыкі (Беласток, Берлін, Валгаград, Варшава, Гомель, Гародня, Зальцбург, Кіеў, Львоў, Люблін, Масква, Нью-Ёрк, Прага, Самарканд, Ташкент).
У 2002 годзе прафесар П. Сцяцко атрымаў запрашэнне ад Амерыканскага біяграфічнага інстытута да публікацыі яго біяграфіі і звестак пра навуковыя дасягненні ў сучасным выданні аўтарытэтнай міжнароднай біяграфічнай энцыклапедыі "Хто ёсць Хто?" ("Who is Who?"), а таксама прапанову стаць рэдактарам-кансультантам выдання.
П. Сцяцко - даследчык розных галін беларускага мовазнаўства: лексікалогія, лексікаграфія, словаўтварэнне, марфалогія і сінтаксіс, культура мовы, тэрміналогія, анамастыка, дыялекталогія, а таксама кантактаў беларускай мовы з іншымі мовамі.
Лексіколаг П. Сцяцко даследуе розныя аспекты слова народнай і літаратурнай мовы: камунікацыйныя і кагнітыўныя мажлівасці, здатнасць пераасэнсавання, другаснай намінацыі, спосабы і сродкі сістэматызацыі, лексікаграфавання: Дыялектны слоўнік (1970), Народная лексіка (1970), Слоўнік рэгіянальнай лексікі Гродзеншчыны (1999, суаўтар), Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны (2005), Анамастычны слоўнік Гарадзеншчыны (2005).
Прафесар П. Сцяцко надае значную ўвагу тэрміналогіі, даследуе розныя аспекты лексемы-тэрміна: дакладнасць выяўлення паняццевай існасці, дэрывацыйнай здатнасці, нацыянальнай адметнасці: Народная лексіка і словаўтварэнне (1972), Лингвистическая терминология в вузовских курсах (1984, суаўтар і рэдактар), Слоўнік лінгвістычнай тэрміналогіі (1990, суаўтар і рэдактар), Slownik terminologii lingwistycznej (Bialorusko-rosyjsko-polski і polsko-rosyjsko-bialoruski , 1994, аўтар беларускай часткі), Руска-беларускі фізічны слоўнік (1999, суаўтар).
Дэрыватолаг П. Сцяцко даследуе субстантыўную дэрывацыю беларускай нацыянальнай мовы ў дзвюх яе разнавіднасцях - рэгіянальнай і агульнанароднай (літаратурнай), выяўлена і апісана шмат дэрывацыйных тыпаў, не засведчаных у акадэмічнай Граматыцы беларускай мовы 1962 года. Вынікі доктарскай дысертацыі (абаронена ў Акадэміі навук Беларусі ў 1980 г.), яе здабыткі сталі асновай раздзела "Словаўтварэнне" новай кнігі Беларуская граматыка (1985). Да гэтага была апублікавана манаграфія аўтара Беларускае народнае словаўтварэнне. Афіксальныя назоўнікі (1977).
Вялікую цікавасць для прафесара П. Сцяцко на працягу ўсёй яго навуковай дзейнасці мае праблема культуры літаратурнай мовы, асабліва ў варунках білінгвізму. Гэтай тэматыцы аўтар прысвяціў больш за 200 публікацый, у іх ліку кніжныя выданні: Праблемы нормы, культуры мовы (1998), Культура мовы (2002), Мовазнаўчы досвед (2005), Нарысы культуры мовы (2010).
З 2010 года працы П. Сцяцко даступныя шырокай аўдыторыі інтэрнэт-карыстальнікаў, напрыклад, артыкул прафесара Калькі-калекі змешчаны на сайце часопіса перакладной літаратуры "Прайдзі-Свет".
Прафесар П. Сцяцко падрыхтаваў і выдаў (аднаасобна ці ў суаўтарстве) падручнікі і навучальныя дапаможнікі для вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў (гімназіяў, каледжаў): Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы (1969, разам з М.С. Яўневічам, дапрацаваныя выданні ў 1980, 1987, 2006), Беларуская мова (1970, разам з М.Ц. Кавалёвай), Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія (1973, суаўтар), Сучасная беларуская літаратурная мова: Лексікалогія. Лексікаграфія. Фаналогія. Арфаграфія (1976, суаўтар), Сучасная беларуская літаратурная мова. Частка І (1982, суаўтар, дапрацаваныя выданні: 1992, 1998, 2001, 2004), Беларуская граматыка. Частка І. Фаналогія. Арфаэпія. Марфалогія. Словаўтварэнне. Націск (1985 (суаўтар), Пачатковы курс мовазнаўства (1993), Уводзіны ў мовазнаўства (2001).
Міжмоўныя дачыненні асвятляюцца ў публікацыях Паланізмы ў лексіцы паўднёва-заходніх беларускіх гаворак (1963), Немецкие слова в современных белорусских народных говорах (1965), Словаўтваральныя тыпы з суфіксамі -ін, -іна, -іня ў славянскіх мовах (1967), Соотношение некоторых типов субстантивной деривации русского и белорусского языков (1975), Словаўтваральныя рэгіяналізмы беларускай мовы, агульныя з украінскай (1978), Беларуска-ўкраінскія моўныя паралелі (1982), Да пытання аб балтыйскім паходжанні некаторых беларускіх прозвішчаў (1986), Словообразовательная соотносительность русского и белорусского языков (1986), Об экспрессивах с суффиксом -иц-а в восточнославянских и польском языках (1986), О сходствах и различиях в словообразовательных системах славянских языков (1986), Агентивные отглагольные существительные в современном русском и белорусском литературных языках (1988), Однокорневые существительные общего рода в русском и белорусском литературных языках (1989), О функциях приставки наи-//най- в современном русском и белорусском литературных языках (1989), Польска-беларускае лексічнае ўзаемадзеянне (1994), Намінацыі з фармантамі -іска/-isko ў беларускай і польскай мовах (1994), Намінацыі прадметаў матэрыяльнай культуры Гродзеншчыны як адбітак кантактаў розных этнасаў (1994), Беларуска-польскія моўныя кантакты ў галіне намінацыі адзення і абутку (1996), Przezwiska і przydomki w jezykach slawianskich (1999), Славянскія каляндарныя найменні месяцаў (2003), Беларуская і балгарская (разам з македонскай) мовы: рысы супольнасці і падабенства (2004).
Прафесар П. Сцяцко - удзельнік многіх навуковых форумаў у Беларусі і за яе межамі: ІХ Міжнародны з'езд славістаў (Кіеў), Усяпольскі моўны кангрэс (Варшава), канферэнцыі па лексіцы і словаўтварэнні (Беласток, Валгаград, Гомель, Гародня, Львоў, Менск, Ужгарад). Рэгулярна друкуе П. Сцяцко аглядныя артыкулы і рэцэнзіі, з'яўляецца аўтарам шматлікіх навуковых матэрыялаў у энцыклапедыях і даведніках. Быў адказным рэдактарам навуковага альманаха "Гарадзенскія запісы. Старонкі гісторыі і культуры", уваходзіў у склад рэдкалегіі навуковых выданняў Беларусі і Польшчы. Яго імя як рэдактара пазначана ў 23 кнігах і як рэцэнзента - у 22.
Прафесар П. Сцяцко кіруе навуковай школай па праблемах дэрывацыі ў беларускай, славянскіх і германскіх мовах, якая налічвае 20 чалавек, сярод іх два дактары навук (заснавальнік школы П. Сцяцко і яго былы аспірант А.Ф. Рогалеў, прафесар Гомельскага ўніверсітэта) і 18 кандыдатаў навук, падрыхтаваных пад кіраўніцтвам П. Сцяцко. Яны працуюць на 12 кафедрах у Гарадзенскім і Гомельскім універсітэтах.
У перыяд 2008-2013 гг. прафесар Сцяцко П.У. узначальваў Савет па абароне кандыдацкіх дысертацый па спецыяльнасці "10.02.20 - параўнальна-гістарычнае, тыпалагічнае і супастаўляльнае мовазнаўства": абаронены кандыдацкія дысертацыі навукоўцамі з Віцебска, Гародні, Менска.
Апошнім часам прафесар П. Сцяцко актыўна працуе ў галіне беларускай анамастыкі - даследуе словаўтваральную семантыку, структуру, паходжанне прозвішчаў Беларусі. Падрыхтавана манаграфія па гэтай праблематыцы. Асобныя антрапанімічныя эцюды рэгулярна публікуюцца на старонках перыядычнага рэспубліканскага выдання "Наша слова" (2012-2014) і ў выданні "Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны".
Працягвае П. Сцяцко, прафесар кафедры раманскай і германскай філалогіі, падрыхтоўку кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Рыхтуюцца да абароны чарговыя кандыдацкія дысертацыі, выкананыя пад яго кіраўніцтвам.
Вядомы навуковец і педагог П.У. Сцяцко ўганараваны знакам Выдатніка народнай асветы Беларусі. За высокія дасягненні ў прафесійнай дзейнасці, значны ўклад у развіццё і памнажэнне духоўнай і культурнай спадчыны беларускага народа прафесар П.У. Сцяцко ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Артыкулы-персаналіі пра прафесара П.У. Сцяцко змешчаны ў 5 энцыклапедыях Беларусі.
Да 85-годдзя прафесара П.У. Сцяцко ў Гарадзенскім дзяржаўным ўніверсітэце імя Янкі Купалы рыхтуецца кніга Беларуская мова ў супольнасці моў. Прымеркавана да юбілею выданне Руска-беларуска-нямецка-англійскага фізічнага слоўніка , а таксама Слоўніка прозвішчаў Гродзеншчыны .
Шчыра віншуем Паўла Уладзіміравіча Сцяцко з 85-годдзем і зычым яму моцнага здароўя, бадзёрасці і аптымізму на доўгія гады!
Кацярына Барысевіч , кандыдат філалагічных навук, г. Менск.
Жыхары 32 краін прачыталі верш Караткевіча
Акцыя прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы
Беларуская кампанія Gurtam, якая мае шырокую геаграфію партнёраў ва ўсім свеце, падрыхтавала відэаролік "32 акцэнты беларускай мовы". Людзі з розных месцаў планеты чытаюць па-беларуску верш Уладзіміра Караткевіча "Дзе мой край".
Галоўны офіс Gurtam знаходзіцца ў Менску, але геаграфія партнёраў гэтай кампаніі, якая распрацоўвае софт на базе навігацыйных сістэм, складаецца з 90 краін свету. У рамках бізнэс-кантактаў да Gurtam у Беларусь прыязджаюць шматлікія госці і часта пытаюцца пра беларускую мову і культуру краіны.
"З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы (21 лютага) у нас паўстала ідэя: як пазнаёміць нашых замежных сяброў з роднай для беларусаў мовай. Мы выбралі самы прыгожы, на наш погляд, беларускі верш "Дзе мой край" Уладзіміра Караткевіча і папрасілі нашых партнёраў прачытаць яго на відэакамеру. Мы загадзя падзялілі верш на радкі, транслітаравалі, расставілі націскі, увогуле, зрабілі ўсё магчымае, каб партнёры змаглі здзейсніць задуманае і атрымаць ад гэтага задавальненне", - апісваюць працэс стварэння свайго роліка аўтары.
За два тыдні да Дня роднай мовы кампанія разаслала партнёрам прапанову паўдзельнічаць у рэалізацыі ідэі. Адмаўляліся нямногія: большасць з энтузіязмам пагадзілася далучыцца да беларускай мовы. У выніку ў стварэнні роліка ўзялі ўдзел партнёры з 32 краін: кожнаму дастаўся свой радок з верша.
Як распавёў Аляксандр Куўшынаў, амаль ні ў кога не атрымалася запісаць з аднаго дубля, але ў выніку выйшла зусім нядрэнна. Партнёры з Афрыкі распавядалі, што відэакамеру прыйшлося везці ледзь не з суседняй вёскі.
Беларусы пераклалі ўсім змест радкоў, каб замежнікі разумелі, пра што ідзе гаворка.
"Апошнім, хто даслаў відэа, быў партнёр Gurtam з Расеі. Для яго выбралі самы спецыфічны радок, каб больш не ўважалі, што беларуская і расейская мовы - аднолькавыя", - адзначаюць у Gurtam.
"Усе ўдзельнікі відэа-роліка вельмі стараліся, за што ім вялікі дзякуй. Гэтым ролікам мы хацелі распавесці беларусам, што нашы дзеці ніколі не пачнуць размаўляць на мове, пакуль бацькі не дадуць ім прыклад.
І калі замежнікі, зусім чужыя нашай культуры людзі, не пасаромеліся і сказалі некалькі слоў на беларускай, чаму баімся мы? Варта ўсё ж паспрабаваць. Хаця б у гэты Міжнародны дзень роднай мовы давайце паабяцаем сабе гаварыць па-беларуску", - заклікаюць супрацоўнікі Gurtam.
Generation.by.
У КУПЕ РОДНАСНЫХ АДНОСІН
Існуе народная прымаўка: "Калі робіш у купе, то не баліць у пупе". Менавіта на аснове такіх адносін 20 лютага 2015 г. была праведзена сходка-вечарына сяброў Салігорскай суполкі ТБМ, прысвечаная Дню роднай мовы.
Напачатку правялі дыктоўку на верш Генадзя Бураўкіна "Я не ганю землі чужыя". Затым аматары роднага слова дэкламавалі вершы як уласныя, так і вядомых нашых паэтаў. Свае вершы чыталі Ніна Ярмалінская, Уладзь Масакоўскі і аўтар гэтых радкоў. Аб стане роднай мовы і ў яе падтрымку прагучалі вершы нашых Народных паэтаў Ніла Гілевіча і Рыгора Барадуліна, а таксама Уладзя Паўлюкевіча і Алеся Ціхахода.
Пасля гэтага была заслухана мая справаздача аб праведзенай суполкай рабоце за перыяд з 2011 па 2014 год. У прыватнасці акрамя непасрэднай працы з сябрамі суполкі праводзіўся шэраг мерапрыемстваў з сябрамі Клуба беларускай мовы, які дзейнічае пры Незалежным прафсаюзе Беларусі: напісанне дыктовак; збор ахвяраванняў і подпісаў па розных падставах, у падтрымку той ці іншай патрэбы часу; адведвалі Юрася Дубовіка - змагара за нацыянальную адметнасць - і памятныя мясціны з ускладаннем кветак: штогод у гонар Слуцкага збройнага чыну ў Грозаве, Семежаве, Вызне і Слуцку; у гонар паўстанцаў 1863 г. у Пагосце на Салігоршчыне; у гонар загінуўшых ад нямецкіх акупантаў у вёсцы Калодзежнае на Капыльшчыне; у гонар юбілею мясцовага пісьменніка Івана Кудраўцава ў вёсцы Сіцянец; у гонар трагічна загінуўшага мясцовага паэта Леаніда Якубовіча ў вёсцы Радкава; у гонар загінуўшай у 1943 г. ад бальшавіцкай навалы сям'і Алдара Нікалаені ў вёсцы Даматканавічы Капыльскага раёна і інш.
Акрамя таго ў адрас дзяржаўных устаноў рознага ўзроўню пасылаліся заўвагі, прапановы, прашэнні ці патрабаванні з той ці іншай нагоды, а ў адрас рэспубліканскіх газет пасылаліся артыкулы на розную тэматыку з крытыкай сучаснага стану ў грамадстве. Так, напрыклад, у траўні 2011 г. да міністра інфармацыі РБ Праляскоўскага А.В. пасылаўся Зварот аб спыненні справы па закрыцці газет "Народная Воля" і "Наша Ніва". Зварот быў апублікаваны ў "Нар. Волі" 26.5.2011. Зыскі аб закрыцці газет былі адкліканы. У ліпені 2014 г. у адрас Канстытуцыйнага суда РБ быў адпраўлены Зварот за подпісам 15 сяброў нашай суполкі ТБМ у падтрымку ініцыятывы праваабаронца Гары Паганяйлы па абароне беларускай мовы ад дыскрымінацыі на прыкладах яе ігнаравання і нігілізму ў практычнай дзейнасці на мясцовым узроўні. У рэшце рэшт, як стала вядома, Канстытуцыйны суд вырашыў зрабіць нейкія захады па ўмацаванні роднай мовы і ў юрыдычнай сферы ("Наша слова" № 4, 2015).
Як правіла, многія пытанні па адраджэнні роднай мовы і ідэнтыфікацыі нацыі былі пакладзены ў аснову публікацый у газетах як рэгіянальных ("Праўда - ў кожнага, а Беларусь - адна", "Інфа-Кур'ер" ад 24.3.2011), так і ў рэспубліканскіх ("Іншага выйсця я не бачу", "Нар. Воля" ад 23.3.2012; "Пятая калона" дыктатуры ў дзеянні", "Нар. Воля" ад 4.5.2912; "Як нашыя гісторыкі змагаюццаа за чыстату нацыянальнай ідэнтычнасці" ("Наша слова" № 39, 2012) і многія іншыя. Усе публікацыі (а іх каля паўсотні) змешчаны ў кнізе "Аб стане ідэнтыфікацыі нацыі" (2014) і навуковым трактаце "Крытычны погляд на ўласнае жыццё як аўтабіяграфічная споведзь ліцьвіна" (2013). Свае філасофскія думкі я выклаў у паэтычным зборніку "Ў пагодзе часу" (2014), а таксама ў кніжках: "На хвалі Адраджэння" (2009), "На скрыжалях часу" (2011), "На ветразях Хрыстовай веры" (2013) і "Ў пошуках арыяднінай ніці" (2013).
Трэба яшчэ дадаць, што 28 студзеня 2011 г. я выступаў на навукова-практычнай канференцыі рэдакцыі альманаха "Дзяды" з тэзісамі па пытаннях этнагенезу беларусаў і паходжанні беларускай мовы пад агульнай назвай "На шляху да ісціны". А на 7-ай Асамблеі недзяржаўных арганізацый, якая праводзілася 16-17 траўня 2012 г. мной быў прэзентаваны стэнд "За адраджэнне нацыі", прысвечаны юбілеям народных паэтаў Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка з падборкай артыкулаў і вершаў на тэму "Ўратуем нацыю". Стэнд здадзены ў музей рэспубліканскага ТБМ. Пры правядзенні юбілейнага з'езду ТБМ мая праца была адзначана Дыпломам з выказваннем Падзякі за адраджэнне і пашырэнне беларускай мовы ў духоўным і грамадскім жыцці народа.
Справаздача была прынята адзінагалосна. У сувязі з пагаршэннем майго стану здароўя было прапанавана выбраць новы склад кіраўніцтва суполкі. Па выніках галасавання старшынём Салігорскай супокі ТБМ абраны Ўладзь Масакоўскі. А ў склад кіраўнічага органа ўвайшлі Ўладзь Шыла, Ігар Казакоў і Алесь Валабуеў. Жадаю ім плённай працы на карысць адраджэння нацыі.
Былы старшыня Салігорскай суполкі ТБМ імя Ф. Скарыны, сябар Саюза беларукіх пісьменнікаў Мікалай Шаравар.
2-гі тыдзень роднай мовы на Лідчыне
Перш, чым гаварыць пра другі тыдзень роднай мовы на Лідчыне, трэба падвесці вынікі папярэдняга.
На тым тыдні тыдні роднай мовы прайшлі ва ўсіх 34 школах Лідскага раёна. Па зместу яны уключалі:
- класныя гадзіны, прысвечаныя Дню роднай мовы;
- кніжныя выставы "Жыві, мая мова, жыві, мой народ", "Ты будзеш звінець, мая родная мова" і іншыя;
- тэматычныя вечарыны (літаратурна-музычныя кампазіцыі) для вучняў старэйшых класаў ("Мова - душа народа", "Наша спадчына", "Мой родны кут, як ты мне мілы", "Люблю мой край, старонку гэту" і іншыя);
- конкурсы на лепшага дэкламатара твораў, прысвечаных роднай мове;
- выставы дзіцячых малюнкаў да твораў беларускіх пісьменнікаў
- віктарыны ("Моўныя скарбы роднага краю", "Знаўца беларускага фальклору", "Чароўны свет беларускай казкі" і іншыя);
- завочныя экскурсіі "Вандроўка па родным краі";
- вусныя часопісы, прысвечаныя творчасці беларускіх пісьменнікаў;
- газеты (фотагазеты);
- радыёперадачы;
- прэзентацыі;
- інсцэніраванне твораў беларускіх аўтараў;
- фальклорныя святы і г.д.
Безумоўна, у розных школах былі свае асаблівасці, але агульная тэндэнцыя зразумелая. Лідскія школы пачыналі адзначаць Дзень роднай мовы ў 2010 годзе. З леташняга года ўсе школы адзначаюць Тыдзень роднай мовы.
Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі толькі ў Ходараўскай школе. Пераможцамі там сталі:
- Мінкоўскі Юрый;
- Кохан Ілья;
- Дудзіч Віталь.
Усе яны ўзнагароджаны падпіскай на газету ТБМ "Наша слова" на чатыры месяцы. Падпіскай на "Наша слова" ўзнагароджаны і вучні лідскіх школ, якія занялі прызавыя месцы на лідскай дыктоўцы. Гэта:
Росенік Маргарыта;
Бароўская Ксенія.
На гэтым тыдні падключыўся да Дня роднай мовы Лідскі каледж, пра што асобны рэпартаж.
25 лютага чарговае мерапрыемства прайшло ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. Тут адбылося ўрачыстае адкрыццё бюста Янкі Купалы, які зрабіў бярозаўскі скульптар Яўген Лукашэвіч. Трэба адзначыць актыўную ролю ў гэтым бярозаўскай арганізацыі ТБМ, бо бюст выкананы на дабрачыннай аснове і падараваны Лідскай бібліятэцы.
На імпрэзе прысутнічалі вучні трох 8-х класаў СШ № 1 г. Ліды. Актыўны ўдзел у імпрэзе бралі сябры Лідскай гарадской арганізацыі. Пра повязь Купалы з Лідай распавядаў старшыня арганізацыі Станіслаў Суднік, песні на словы Я. Купалы спяваў намеснік старшыні Сяржук Чарняк.
Але асноўны цяжар мастацкай часткі імпрэзы лёг на плечы навучэнцаў Лідскага музычнага каледжа, якія дружна падтрымалі свята сваім мастацкім выкананнем твораў на словы Янкі Купалы.
У канцы ібыла спроба напісаць дыктоўку, але школьнікі спяшаліся на факультатывы. Тым не менш засталіся чатыры хлопцы: Малахоўскі Яўген, Жамойда Марк, Пазняк Данііл і Гургановіч з 8-га "В" класа, якія ўсё такі напісалі пад дыктоўку верш Янкі Купалы "Роднае слова", далучыўшы, хоць і малымі сіламі, 1-ю школу да дыктоўкі.
Лепш напісалі Марк Жамойда і Данііл Пазняк.
А вечарам 25 лютага ўжо самь Лідскі музычны каледж уласнымі сіламі зладзіў вялікі канцэрт з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы. Увесь канцэрт прайшоў па- беларуску.
26 лютага старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік узяў удзел у раённым педсавеце, праведзеным аддзелам адукацыі з мэтай узнагароджання настаўнікаў, якія падрыхтавалі пераможцаў абласных прадметных алімпіяд. Дарэчы па гэтым паказчыку Лідскі раён у чарговы раз стаў лепшым у вобласці.
Станіслаў Суднік ад імя Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ узнагародзіў настаўніцу беларускай мовы Лідскай гімназіі № 1 Пільчук Таццяну Канстанцінаўну, якая ў рускамоўнай гімназіі падрыхтавала трох пераможцаў абласной алімпіяды па беларускай мове, а адна з гімназістак стала абсалютным пераможцам. Сёлета ТБМ удзельнічала ў такім мерапрыемстве ўпершыню.
У выніку за два тыдні ў мерапрыемствах з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы на Лідчыне ўзялі ўдзел 8-10 тысяч чалавек. Застаецца спадзявацца, што ў іншых раёнах не горш.
Яраслаў Грынкевіч. На здымках: бюст Янкі Купалы; слова мае скульптар Яўген Лукашэвіч; у актавай зале бібліятэкі; кампазіцыю "Мой родны кут" выконваюць навучэнцы Лідскага музычнага кааледжа.
Міжнародны дзень роднай мовы ў Лідскім каледжы
21 лютага ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. Але для беларусаў - гэта сапраўдны Дзень беларускай мовы.
Навучэнцы Лідскага каледжа актыўна прынялі ўдзел у святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы. У сувязі з гэтым, у каледжы ўжо не першы год праводзіцца Усебеларуская дыктоўка.
Сёлета для напісаня дыктоўкі быў прапанаваны тэкст Францішка Багушэвіча "Прадмова да зборніка "Дудка беларуская". Тэкст у навучэнцаў не выклікаў цяжкасці, таму і пісалі яго з вялікім задавальненнем.
У гэтым мерапрыемстве прымалі ўдзел групы І-ІV курсаў. Вынікі не могуць не радаваць. Пераможцамі Агульнанацыянальнай дыктоўкі сталі навучэнкі: Шпакоўская Ганна, Кнутовіч Лізавета, Малішэўская Ульяна, Савіцкая Таццяна, Сівак Юлія, Прылоцкая Марыя, Пасцярняк Кацярына, Кашко Вераніка, Вашчыла Гражына, Янцэвіч Анастасія, Пятрашка Алеся, Бешцень Ніна, Чарняўская Анжэла, Мікульчык Любоў, Муліца Гражына.
Таксама патрэбна выказаць падзяку выкладчыкам Лідскага каледжа Чарняк Тамары Анатольеўне, Мальцавай Ганне Валянцінаўне, якія правялі куратарскія гадзіны на тэму "Дзень роднай мовы", прысвечаныя гэтаму патрыятычнаму святу, за добрую арганізацыю і належнае правядзенне дадзенага мерапрыемства - выкладчыкам філалагічных дысцыплін Ліпскай Святлане Аляксееўне, Яныш Марыне Уладзіміраўне, Некраш Людміле Міхайлаўне, Калпінскай Наталлі Станіславаўне.
Кафедра філалагічных дысцыплін рада супрацоўніцтву з Таварыствам беларускай мовы горада Ліды і актыўна ўдзельнічае ў розных мерапрыемствах, якія праводзяцца гэтай арганізацыцяй.
"Беражыце мову сваю, каб не ўмёрлі!" - пісаў Францішак Багушэвіч Менавіта гэтыя словы знакамітага пісьменніка памяталі, памятаюць і будуць памятаць навучэнцы Лідскага каледжа.
Я. Г.
Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў сакавіку
Адаміна Алена Азарчык Раман Уладзіміравіч Анацка Ганна Андрэас Анатоль Антонава Алена Аляксеўна Арочка Ларыса Іванаўна Асіпчук Аксана Мікалаеўна Аскерка Анатоль Астаповіч Галіна Канстанц. Астроўскі Аляксандр Алякс. Аўсяннікава Тамара Аляксан. Бабко Таццяна Аляксандраўна Баброўская Людміла Бажыцка Алег Аляксандравіч Бандарэнка Юлія Дзмітрыеўна Бараноўскі Сяргей Бародзіч Ганна Сцяпанаўна Баршчэўскі Лявон Пятровіч Барэль Таццяна Ўладзіміраўна Баўсюк Мікола Бахцізіна Кацярына Георгіеўна Белякоў Аляксандр Бермант Раіса Барысаўна Богдан Вадзім Бубула Вольга Бугай Казімір Іосіфавіч Булак Аляксандр Бутылін Міхась Уладзіміравіч Бяляева Наталля Уладзімір. Васільчанка Мікола Рыгоравіч Вашкевіч Ігар Пятровіч Владыкевіч Алеся Міхайлаўна Войшніс Фаіна Сцяпанаўна Вянгура Ніна Фёдараўна Вячорка Францішак Валянцін. Гапеенка Анатоль Мікалаевіч Гарасюк Аляксандр Гардзей Н. М. Гаркавая Людміла Гарэлікава Ларыса Эдуардаўна Герасімовіч Валянцін Іванавіч Гіль Лілея Эдмундаўна Гук Ганна Іванаўна Гуркоў Канстанцін Уладзімір. Дабратвор Ілля Мікалаевіч Дайлідка Юры Дапкюнас Жанна Казіміраўна Дзіцэвіч Рычард Мікалаевіч Дзмітруковіч Вольга Фёдар. Другакова Марына Ўладзім. Дрык Людміла Дубіцкі Ўладзімір Пятровіч Дыдышка Ніна Дэц Алена Георгіеўна Занкевіч Сяргей Міхайлавіч Згірскі Міхаіл Францавіч Здзітавец Алена Ўладзіміраўна Зімніцкая Валянціна Кірыл. Зінавенка Сяргей Леанідавіч Зянькевіч Барыс Барысавіч Іванова Бярнарда Пятроўна Ішчанка Галіна Мікалаеўна Каваль Ірына Віктараўна Кавальчук Дзмітры Леанід. Кадушка Вера Ўладзіміраўна Казлова Аляксандра Віктар. Каліновік Вольга Фёдараўна Калоша Аляксандр Аляксан. Камінскі Сяргей Сяргеевіч Капковіч Вольга Карабач Марыя Каралёва Таццяна Іванаўна Карась Ганна Аляксандраўна Караткевіч Таццяна Мікал. Карпіцкі Максім Юр'евіч Кашкур Іосіф Станіслававіч Кечанкоў Мікалай Мікалаевіч Кірылаў Герман Іларыёнавіч Кіслая Вольга Юр'еўна Клімавец Яўгенія Антонаўна Клімус Андрэй Клінава Дарыя Козел Ларыса Міхайлаўна Конічава Галіна Корань Вольга Красніцкі Віктар Яўгенавіч Крол Цімур Аляксандравіч Крук Ларыса Васільеўна Крукоўскі Ўладзімір Кулеўскі Ўладзіслаў Ігаравіч Кулішча Эдуард Францавіч Кунцэвіч Уладзімір Курбацкі Аляксандр Міхайл. Кухаронак Валянціна Іванаўна Кухто Васіль Іванавіч Лазіцкі Дзяніс Андрэевіч Лапенка Аляксей Купрыянавіч Лапіцкі Аляксей Іванавіч Латушка Ірына Латыш Аліна Лявонаўна Леўшукоў Андрэй Ліннік Мікалай Міхайлавіч Лісоўскі Станіслаў Аляксанд. Лісоўскі Тарас Станіслававіч Ліцьвінчук Наталля Лукашук Марыя Пракопаўна Лукашэвіч Аляксей Пятровіч Луханіна Алена Альбінаўна Лысюк Станіслаў Сцяпанавіч Мазанік Аляксадр Віктаравіч Майсеёнак Алена Макакеў Аляксандр Віктар. Макар Юры Уладзіміравіч Макарэвіч Сяргей Іосіфавіч Малажай Галіна Мікалаеўна Малахава Людміла Віктараўна Малашанка Зміцер Васільевіч Мамонька Алена Мамчыц Эдуард Іосіфавіч Марачкін Аляксей Антонавіч Марус Алена Мельнікава Анжэла Мельнікава Святлана Мельнікава Таццяна Мінава Вера Місевіч Мар'ян Міхалькевіч Віталь Генрых. Міхалькевіч Віталь Паўлавіч Міхалькевіч Уладзіслаў Генр. Міхнавец Дзіна Мікалаеўна Мухіна Надзея Аляксандраўна Мярцалава Надзея Фёдараўна Мяцюн Таццяна Мар'янаўна Несмяянава Людміла Данілаўна Носава Галіна Падгайскі Мікалай Вячаслав. Пазняк Марыя Пальчэўскі Юры Леанідавіч Панкевіч Аляксандр Паўлавец Зміцер Паўлюковіч Ніна Пацюпа Юры Пералайка Мікалай Уладзімір. Петрашэвіч Надзея Анатол. Праконіна Вера Ўладзіміраўна Пяткевіч Аляксей Міхайлавіч Рабчынская Лідзія Аляксееўна Раманоўская Ганна Леанідаўна Раманоўская Яніна Рамашкевіч Ірына Георгіеўна Рамашэўская Людміла Алякс. Родзік Анатоль Леанідавіч Рулевіч Алена Валяр'янаўна Руткоўская Антаніна Фадз. Рыбакоў Яўген Юр'евіч Рымша Ангеліна Савіцкі Максім Садоўская Алена Станіслав. Садоўскі Раман Салдаценка Ігар Пятровіч Санько Зміцер Хведаравіч Саракавік Анатоль Вячаслав. Сарнацкі Аляксандр Балясл. Саўчанка Марыя Ўладзімір. Севасцьянава Ганна Сяргееўна Сідаровіч Ала Рамуальдаўна Сідарэвіч Святлана Рыгораўна Сідарэнка Сяргей Уладзімір. Сінькевіч Сяргей Алегавіч Смаль Вячаслаў Мікалаевіч Старавойт Наталля Юр'еўна Стаўбун Ірына Іванаўна Стахоўскі Станіслаў Аляксан. Стаціўка Мікалай Страха Соф'я Валянцінаўна Стэпусь Васіль Суравіцкі Віталь Анатольевіч Сурскі Ягор Дзмітрыевіч Сухарава Любоў Васільеўна Сушко Вера Іванаўна Сцямпкоўскі Сяргей Сцяцко Павел Уладзіміравіч Сырыца Віктар Антонавіч Сянкевіч Васіль Іванавіч Табушава Ірма Алегаўна Тамулёнак Мікалай Іванавіч Толсцік Вольга Трайнель Віктар Траццякова Алена Ўладзімір. Трацяк Іван Іванавіч Трашчанка Ўладзімір Яўхім. Турок Марыя Аляксандраўна Уазіз Амін Узлоўскі Валянцін Федаровіч Валеры Васільевіч Філіпаў Мікалай Альбертавіч Хабян Вольга Хамрэнка Ірына Алегаўна Харашылава Тамара Пятроўна Храпавіцкі Васіль Сяргеевіч Цвяткова (Русак) Надзея Іван. Цурпанава Ірына Цыркуноў Аляксандр Іванавіч Чарняўская Святлана Чашчына Наталля Мікалаеўна Чэчат Сяргей Аляксандравіч Шагулін Алег Іванавіч Шадыра Вадзім Іосіфавіч Шарах Генадзь Мікалаевіч Шаргаева Святлана Міхайл. Шарэйка Вольга Шахоўская Святлана Ўладзім. Шышук Андрэй Іванавіч Шэга Іван Шэметава Алеся Аляксандр. Якубоўская Таццяна Якубук Наталля Раманаўна Яноўская Марыя Януковіч Вікторыя Эдуард. Янчанка Алена Рыгоаўна Яўдошына Ларыса Іванаўна
Паседжанне рады Ўсебеларускага кангрэсу за незалежнасць
28 лютага ў Менску абылося чарговае пасяджэнне рады Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць. Падчас яго разглядаліся працоўныя пытанні правядзення сесіі кангрэсу па эканамічных пытаннях. У парадак дня сесіі ўключаны наступныя пытанні: эканамічны стан Беларусі: праблемы і прапановы; прыватны бізнес у сучасных умовах; першыя вынікі і далейшыя наступствы дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС). Паступіла таксама прапанова абмеркаваць праблему прадпрымальніцтва і маралі.
Да ўдзелу ў сесіі запрошаны эканамісты - навукоўцы і практыкі, прадпрымальнікі, лідары палітычных партый і грамадскіх рухаў, а таксама журналісты.
Падчас сесіі будуць абагульненыя думкі айчынных спецыялістаў і палітыкаў па эканамічнай праблематыцы, а таксама агучаны прапановы па эканамічным развіцці краіны. Пасля сесіі гэтыя прапановы мяркуецца выкласці ў адпаведным дакуменце рады кангрэсу.
Сесія кангрэсу адкрыецца 14 сакавіка а 11.00 у Менску, у сядзібе Партыі БНФ.
Пачаў працаваць сайт Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць. Зайсці на яго можна па спасылцы: manifest.tbm-mova.by.
Наш кар.
Творчае і навуковае дасягненне Алега Трусава
26 лютага на сядзібе ТБМ адбылася прэзентацыя кнігі кандыдата гістарычных навук, старшыні ТБМ Алега Анатольевіча Трусава "Кароткая гісторыя архітэктуры Беларусі". Кніга прысвечана гісторыі беларускай архітэктуры ў яе розных праявах. У ёй часавыя рамкі даследвання ўпершыню ахопліваюць перыяд ад каменнага веку да 1991 года.
Упершыню гаворка ідзе пра архітэктуру на тэрыторыі Беларусі ад эпохі палеаліту да канца савецкай эпохі. Акрамя культавага і абарончага дойлідства аўтар разглядае жыллё вяскоўцаў і гараджан у розныя эпохі, будаўніцтва прадпрыемстваў, дарог, мастоў, каналаў. Кніга выйшла ў выдавецтве "Харвест" накладам у 1000 асобнікаў. Рэдактар выдання Анатоль Тарас даў высокую адзнаку зместу новай кнігі.
Кніга з'яўляецца працягам даследванняў, адлюстраваных у ранейшых працах Алега Трусава "Старонкі мураванай кнігі" (1990), " Беларускае кафлярства" (1993) "Манументальнае дойлідства Беларусі ХI - XVIII стагоддзя" (2001). Алег Анатольевіч Трусаў узгадаў пра гады плённай працы даследчыка.
- Калі летам 1971 года я прынёс свае дакументы на гістфак БДУ, пацікавіўся, ці магу я стаць археолагам. У БССР археолагаў не рыхтавалі, але я стаў вучнем Эдуарда Загарульскага, які працаваў на гістфаку. У 1973 годзе была створана кафедра археалогіі, і я быў яе першым выпускніком. Тады археалогія была дамангольская - да сярэдзіны ХІІІ -га стагоддзя, а культуру ВКЛ (польскія паны, літоўскія князі, шляхта) капалі бульдозерам і выкідвалі ў смецце, а потым капалі Старажытную Русь. Пётр Фёдаравіч Лысенка, перад тым, як адкрыць старажытнае Бярэсце, скідваў па 2 метры грунту. Лёс падараваў мне пасаду навуковага супрацоўніка ў Спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных майстэрнях Міністэрства культуры БССР. Я прыйшоў на працу ў архітэктурны савет і зразумеў, што, не гледзячы на мой "чырвоны дыплом", праводзіць раскопкі я не ўмею і не ведаю архітэктурную тэрміналогію.
Я паехаў у камандзіроўку ў Полацк, пазнаёміўся з вядомымі архітэктарамі Паўлам Рапапортам і Рыгорам Штэндарам, удзельнічаў у абмерах Спаса-Прэабражэнскай царквы ХII cтагоддзя. Упершыню я пабачыў, як працуюць навукоўцы з сусветным імем, і мне вельмі захацелася быць падобным да іх. Павел Рапапорт стаў маім нефармальным кіраўніком і дарадцам. Я паступіў у завочную аспірантуру і ў снежні 1981 года ў Ленінградзе паспяхова абараніў працу па методыцы архітэктурна-археалагічных даследванняў на прыкладзе помнікаў беларускага дойлідства ХI-ХVII cтагоддзя.
Далей па веды я паехаў у Літву, дзе атрымаў вялікую падтрымку ад археолагаў з Вільні і Коўні. Маім сябрам стаў даследчык архітэктуры Летувы Вітаўтас Левандаўскас. Пазней я атрымаў магчымасць прайсці стажыроўку ў польскіх рэстаўратараў і археолагаў з Кракава і Варшавы.
Першыя мае самастойныя раскопкі адбыліся ў 1977 годзе (у Лідскім замку) і доўжыліся да 1994 года. За гэты час я праводзіў раскопкі замкаў, ратуш, храмаў, кляштароў і манастыроў ад ХІІ да ХVIII ст. у розных гарадах роднай Беларусі. Шмат часу патраціў на вывучэнне і вяртанне ў штодзённы ўжытак старажытнай беларускай архітэктурнай тэрміналогіі. У нас гавораць: "мур" і "муроўка" (а не "кладка"), "дах" і "дахоўка" (а не "черепица"), і такіх слоў шмат. Напрыклад, "гзымс" (карніз) многія і не ведаюць. Пяць гадоў я агучваў тэрміны на Радыё Свабода, яны друкаваліся і ў "Нашым слове".
Папрацаваўшы 10 гадоў, я вырашыў напісаць першую кніжку па архітэктуры па-беларуску. У 1990 годзе выйшлі " Старонкі мураванай кнігі". Мне ўдалося адрадзіць каляндар "Родны край", заснаваць серыю "Помнікі архітэктуры Беларусі". Напісаў кніжачку пра Лідскі замак на дзвюх мовах накладам 20.000 асобнікаў па ўзору літоўскіх. Іншыя аўтары пісалі пра іншыя помнікі. У 2013 годзе пісьменнік і выдавец Анатоль Тарас прапанаваў мне напісаць на грунце гэтага рукапісу новую кнігу па гісторыі беларускай архітэктуры, ад каменнага веку да 1991 г. Ён жа прасіў змяніць назвы асобных раздзелаў, прапанаваўшы структуру выдання. Гэта мяне зацікавіла, і я ўзяўся за працу. Прышлося прагледзець і выкарыстаць сотні розных пісьмовых і архіўных крыніц, ад асобных манаграфій да газетных артыкулаў. Істотна дапамагалі мне ў напісанні, наборы і рэдагаванні гэтага выдання Станіслаў Суднік, Алена Анісім, Юлія Бажок і Таццяна Навасельская. У кнізе 300 ілюстрацый, якімі падзяліліся Ігар Марачкін, Ігар Чарняўскі, Віктар Сірыца.
З 1995 года я працую дацэнтам, выкладчыкам у БДУКіМ. Два гады я працаваў дэканам, ствараў новую спецыяльнасць "музейшчыка", у план я ўставіў і гісторыю архітэктуры, і польскую мову, і латынь, і нават філатэлію. Усё гэта чытаецца і зараз. Выкладаю курс "Гісторыя архітэктуры" і зараз два семестры, студэнты здаюць іспыты.
Эла Оліна , фота аўтара.
Нацыянальны геній не адыходзіць
На мінулым тыдні з глыбокай павагай і ўдзячнасцю грамадскасць спасцігала глыбіню літаратурнай спадчыны Рыгора Барадуліна. Творчасць у жывапісе, графіцы, скульптуры была блізкай народнаму паэту Рыгору Барадуліну. Ён падтрымліваў сяброўскія адносіны з мастакамі і скульптарамі, не аднойчы прысвячаў вершы Язэпу Драздовічу, Аляксею Марачкіну, Барысу Забораву, невядомым творцам.
Рыгор Барадулін удзельнічаў у шэрагу мастацкіх пленэраў, якія ладзіў культурна-асветніцкі Цэнтр імя Язэпа Драздовіча пад кіраўніцтвам Ады Эльеўны Райчонак ў Бычках на Вушаччыне.
- Рыгор Барадулін быў мне блізкім па душы і родным па духу чалавекам, - успамінае Ада Эльеўна Райчонак. - Нас пазнаёміла калісьці дырэктарка фонду " Сораса" Валянціна Кірылава. Мой сын Міхась, справу якога я працягваю, таксама сябраваў з дзядзькам Рыгорам. Рыгор прысвячаў мне вершы, якія друкаваліся. Мне давялося наведаць майго дарагога сябра ў апошнія тыдні яго жыцця, і ён частаваў мяне цукеркамі.
Усяго мы правялі 22 пленэры, прысвечаныя слынным сынам і дочкам Беларусі: Яну Баршчэўскаму, Пётру Сергіевічу, Язэпу Драздовічу, І.П. Сікору. Сёлета ў ліпені мы будзем праводзіць пленэр каля хаты дзядзькі Рыгора ў Вушачах, будзем ставіць там намёты.
Вольныя сустрэчы мастакоў у 2000-я гады былі прысвечаны творчасці Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна. Па матэрыялах пленэра быў выдадзены буклет з рэпрадукцыямі карцін і фотаздымкамі "Каб рунела душа". Туды ўвайшлі лепшыя партрэты шаноўнага паэта.
- Пленэр 2006 года быў непасрэдна прысвечаны самому Рыгору Барадуліну. Творы, скіраваныя да яго, былі зусім не ілюстрацыямі яго жыцця, а спробай артыкуляваць з дапамогай выяўленчай мовы сутнасць барадулінскай жыццёвай пазіцыі, яго думкі і пачуцці. Жывапісныя і графічныя творы мастакоў з розных куткоў Беларусі выглядалі як спробы надаць паэзіі Барадуліна прасторавыя, выяўленчыя формы і сэнсы, як жаданне наблізіцца да ўзроўню яго вобразнасці і паэтычных метафар,- адзначаў кандыдат мастацтвазнаўства Міхась Цыбульскі.
Партрэтны жанр быў прадстаўлены разнастайнымі па настроі і пластыцы алейнымі партрэтамі народнага паэта ў выкананні Віктара Крука, Уладзіміра Сулкоўскага, Алега Скавародкі, Аляксандра Шыёнка. Упрыгожвалі агульны паэтычны кантэкст усёй выставы тэматычныя творы Алеся Мары, Янкі Рамановіча, габелен і нацюрморты Святланы Баранкоўскай. Ва ўзаемадзеянні двух вялікіх духоўных і творчых сфераў - мастацтва слова і мастацтва жывапісу - схаваны вялікі сэнс і бясконцая сутнасць на шляху, якіх нараджаецца Вялікае мастацтва.
24 лютага 2015 года Ада Эльеўна Райчонак правяла вечарыну, прысвечаную народнаму паэту, у Шаркаўшчыне. На ёй дэманстраваўся дакументальны фільм А. Матафонава пра Рыгора Барадуліна, была прадстаўлена выстава кніг з яго аўтографамі, альбом з фотаздымкамі, карціны В. Крука і В. Шамшура. На вечарыне выступіў Віктар Крук, мясцовая паэтка прачытала верш "Мова".
25 і 26 лютага руплівая маці пленэраў арганізавала дзве вечарыны памяці дзядзькі Рыгора ў Германавічах і Лужках.
27 лютага адбылася вечарына памяці Рыгора Барадуліна ў Менскім палацы мастацтва. На вечарыне былі прадэманстраваны дакументальныя кадры, фотаздымкі, гучаў голас народнага паэта, чыталіся яго вершы і прысвячэнні яму. "Напачатку было Слова. Мова - душа нацыі. Беларуская мова павінна быць першай у дзяржаве", - гэтыя асноўныя тэзісы гучалі па-за кадрамі.
Творчы лёс Рыгора Барадуліна быў шчаслівы - ён выдаў больш 100 кніг. 30 з іх складаюць зборнікі перакладаў. З чытаннем вершаў, прысвечаных сябру, выступілі паэты яго пакалення Анатоль Вярцінскі і Васіль Зуёнак.
- Паэт кантактаваў з такімі майстрамі як Уладзімір Вішнеўскі, Генадзь Асташонак, Юры Будзіновіч і іншымі, - распавёў старшыня Саюза беларускіх мастакоў Рыгор Сітніца. - Я меў сапраўднае шчасце сябраваць з дзядзькам Рыгорам каля 20 гадоў. Калі я ў вясковай школе вучыў яго вершы, хіба ж я думаў, што мне будзе дадзена пастаяць з ім побач ды і моцна пасябраваць! Мне давялося пасяліцца ў менскім двары побач. Ён дзесяткі разоў быў у маёй майстэрні, падарыў мне свае вершы і эпіграмы. Адзін з вершаў я змясціў у альбоме мастацкіх твораў.
- Рыгор Барадулін выявіў бясконцыя магчымасці беларускай мовы і паказаў усяму свету, што можа наша мова, - адзначыў у выступленні на вечарыне Сяргей Законнікаў. - Яго клопатам было, каб мове было найлепш жыць на зямлі. Ён быў прыродным, а не сацыяльным паэтам, гарманічна суіснаваў з сусветам, не зважаў на побыт.
Старшыня ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч прааналізаваў рознабаковыя праявы таленту Барадуліна: кнігі духоўнай паэзіі, зборы маміных песень, вершаваныя лісты ў замежжа, байкі і калыханкі для дзетак. Мудрым жыццялюбным беларусам ён застаўся ў памяці Барыса Пятровіча і яго калегаў.
Уладзімір Някляеў узгадаў пра апошнія сустрэчы з Рыгорам Іванавічам і яго жонкай Валянцінай Міхайлаўнай у лютым 2014 года. Сяргей Шапран падзяліўся шчымлівымі аўдыёзапісамі, якія ўжо знямоглы паэт надыктоўваў для Генадзя Бураўкіна і іншых сяброў. Наталля Давыдзенка пазнаёміла прысутных з выданнем "Дзённікаў і запісаў" (1951-1969). Зміцер Вайцюшкевіч выканаў песні " Арыстакратка кахання" і " Элсе" у перакладзе Барадуліна са шведскай мовы.
Э. Дзвінская. Здымкі : 1. З пленэру 2006 года. 2,3. З вечарыны памяці Р. Барадуліна ў Белдзяржфілармоніі 24 лютага "Песьні матчыны з Вушаччыны", арганізатар Сяржук Доўгушаў. (Фота А. Шаўлюгі).
Дзень роднай мовы адзначылі ў Магілёве
20 лютага , напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, магілёўская сярэдняя школа № 8 сустракала гасцей: да вучняў завіталі пісьменнікі, сябры СБП Міхась Булавацкі, Яраслаў Клімуць, Сяргей Украінка, Мікола Яцкоў, а таксама сябра СПБ Алесь Казека.
Утульны пакой беларускай мовы і літаратуры аб'яднаў вучняў 5-11-х класаў разам з настаўніцамі Святланай Грахольскай, Святланай Рабавай, Наталляй Прасаловіч і з'явіўся сведкам цікавай размовы пра беларускасць, родную мову і яе значэнне ў нашым жыцці.
Яраслаў Клімуць пазнаёміў з альманахам магілёўскіх літаратараў "Брама" і заахвоціў вучняў да стварэння ўласных твораў, якія маглі б з'явіцца на старонках выдання.
Міхась Булавацкі распавёў пра беларускае пяціборства, якім кіруе шмат гадоў, запрасіў вучняў да ўдзелу ў ім і правёў літаратурную бліц-віктарыну па творах Максіма Багдановіча і Янкі Купалы. Перамог у віктарыне вучань 7 класа Ілля Белавусаў, які атрымаў з рук спадара Міхася ягоную кнігу з аўтографам.
Гучалі вершы і празаічныя творы ў аўтарскім выкананні. Пісьменнікі адказалі на пытанні вучняў і перадалі падарункі - альманах "Брама", часопіс "Дзеяслоў" і свае кнігі. Завяршыла сустрэчу аўто-графсесія.
Ул. інф. Магілёўскага абласнога аддзялення СБП. На фотаздымках Святланы Грахольскай: 1. Мікола Яцкоў, Яраслаў Клімуць, Сяргей Украінка, Алесь Казека, Міхась Булавацкі. 2. Падчас імпрэзы.
Больш за 60 чалавек пісалі беларускую дыктоўку ў Магілёве
Больш за шэсцьдзесят чалавек пісалі пад дыктоўку верш Васіля Матэвушава "Пліска-вандроўніца" ў Магілёве. Ёю мясцовыя рупліўцы беларускай мовы адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы. Праходзіла імпрэза ў Палацы культуры вобласці.
- Сёлета дыктоўку мы будзем пісаць паводле твору нашага земляка, таленавітага паэта, які, да жалю, забыты на Магілёўшчыне, Васіля Матэвушава. Яму сёлета спаўняецца сто гадоў, - казаў на пачатку імпрэзы старшыня суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў.
- На дзяржаўным узроўні беларускую мову не падтрымліваюць, а на дыктоўку збіраюцца людзі, якія клапоцяцца пра яе, - выказаўся адзін з маладых удзельнікаў імпрэзы. - Гэта сімвалічнае мерапрыемства, якое заклікае беларусаў задумацца пра лёс роднай мовы.
Дыктоўку ў Магілёве праводзілі ў сёмы раз. Традыцыйна для яе выбіраюць творы мясцовых літаратараў альбо творы, у якіх згадваецца Магілёўшчына. У мінулыя гады такімі творамі былі Багдановічаў "Летапісец", "Магіла Льва" Янкі Купалы. Летась пісалі пад дыктоўку адну з "Нататак салдата 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы" М. Гарэцкага.
- Я ўдзельнічала ўва ўсіх дыктоўках, бо беларуская мова гэта маё жыццё, - патлумачыла свой удзел у дыктоўцы спадарыня сталага веку Раіса Мікалаеўна. - Я стараюся хоць гэтым удзельнічаць у адраджэнні мовы. Хачу падаць прыклад тым, хто баіцца прыйсці на дыктоўку. Я прыводзіла на яе і расейцаў, і яны яе пісалі. Заставаліся задаволеныя.
Радыё Свабода.
Усенародны рух за наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай
(да 25-годдзя Закона "Аб мовах у Беларускай ССР" - 26 студзеня 1990 г.)
(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)
Падрыхтоўкай яго займаліся самай высокай кваліфікацыі прафесіяналы - юрысты, вучоныя-філолагі, гісторыкі, прадстаўнікі мастацкай інтэлігенцыі. Іх працай кіравала намеснік Старшыні Савета Міністраў БССР Ніна Мазай. У гэты адказны час яна ўзначальвала створаную на адзінаццатай сессіі Вярхоўнага Савета БССР Камісію па падрыхтоўцы прапаноў аб заканадаўчым урэгуляванні статусу беларускай, рускай і іншых моў, якімі карысталася насельніцтва рэспублікі. У Камісію ўваходзілі прадстаўнікі амаль ад усіх пластоў беларускага грамадства, што пазітыўна адбівалася на яе працы. Колькасна ж пераважалі прадстаўнікі творчай навуковай інтэлігенцыі. Падкрэслівалася, што дзеля правільнага развязвання моўнай праблемы ў БССР трэба ўважліва вывучаць вопыт іншых саюзных рэспублік, дзе ўжо меліся каштоўныя напрацоўкі, багатую практыку Вялікабрытаніі, Францыі, краін Скандынавіі па складанні асноўных заканадаўчых актаў датычна дадзенай сферы.
Паседжанні Камісіі пачаліся з першай паловы 1989 года. Неўзабаве ў яе адрас паступілі прапановы па заканадаўчым рэгуляраванні моўных працэсаў ад калектыву АН БССР і ад шэрагу грамадскіх арганізацый (адказны Пётр Садоўскі ). Сакратар Менскага гаркама партыі Пётр Краўчанка прапанаваў ужо ў бліжэйшыя дні "стварыць магутную матэрыяльна-тэхнічную, кадравую базу для развіцця беларускай мовы, арганізаваць выпуск неабходнай літаратуры для самастойнага яе вывучэння, стварыць усе ўмовы для таго, каб новы закон адразу ж стаў працаваць не на канфрантацыю, а на кансалідацыю" (Літаратура і мастацтва. 1989. 15 верасня. С. 3) .
Такое актыўнае падключэнне адказнай партыйнай кіраўнічай асобы беларускай сталіцы да развязвання складаных моўных вузлоў адыграла станоўчую ролю ў дзейнасці Камісіі.
Пэўныя звесткі пра стварэнне, працу названай Камісіі хаця і станавіліся вядомымі людзям, але канкрэтна пра яе пазіцыю па моўным пытанні пакуль што нічога не паведамлялася. Адсюль становіцца зразумелай іх трывога за лёс роднага слова. Нярэдка прычынай яе з'яўляліся і змешчаныя на старонках перыядычнага друку матэрыялы негатыўнага характару. Многія рэдакцыі газет ахвотна давалі ім месца. Не мог не выклікаць занепакоенасці вельмі ўжо асцярожны паварот да павышэння сацыяльнай ролі беларускай мовы многіх адказных партыйных і савецкіх функцыянераў, бо аднымі ж высілкамі сяброў ТБМ нельга было прымусіць іх заняць узгодненую з нацыянальным інтарэсам пазіцыю. Дзякуючы СМІ, шырокі рэзананс ў рэспубліцы выклікала праведзеная ў жніўні 1989 года ў Мядзелі нарада з настаўнікамі. Усе ўдзельнікі яе выступалі толькі па-беларуску. А вось запрошаны на канферэнцыю высокі госць (ён жа і ўраджэнец гэтага раёна) Георгій Таразевіч карыстаўся рускай мовай (Літаратура і мастацтва. 1989. 3 лістапада. С. 3). Заўважу, што на той час ён быў за старшыню Камісіі Вярхоўнага Савета СССР па нацыянальных пытаннях і міжнародных адносінах, а да гэтага знаходзіўся на пасадзе Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. Лішнім было б казаць, як станоўча паўплывала б на стаўленне мядзельскіх настаўнікаў да роднай мовы, калі б яна прагучала з вуснаў такога высокага палітыка. Дарэчы, пазней у многіх выпадках такое і сапраўды назіралася за ім. У тэлефоннай размове з аўтарам гэтых радкоў Г. Таразевіч дзякаваў яму за паслядоўнае адстойванне ў СМІ права беларускага народа мець родную мову ў статусе дзяржаўнай.
Вялікую пагрозу для трансфармацыі беларускай мовы з закінутай бальшавіцкімі ідэолагамі на задворкі ў сапраўды дзяржаўную ўяўляла пранікненне ў шэрагу месцаў у склад ТБМ партыйных і савецкіх работнікаў прарускай арыентацыі з мэтай усяляк стрымліваць, перашкаджаць яго дзейнасці. Яны, як толькі маглі, стараліся не дапусціць правядзення сябрамі ТБМ растлумачальнай працы з народам пра неабходнасць надання беларускай мове статусу дзяржаўнай, паўсюднага выкарыстання яе ў афіцыйным жыцці рэспублікі.
Усіх, каго не задавальняла каланіяльнае становішча беларускай мовы ў роднай хаце, хто жадаў, імкнуўся карэнным чынам змяніць яго, вельмі цешыла прагрэсіўная пазіцыя вераснёўскага (1989) Пленума ЦК КПСС па нацыянальных пытаннях ("Правда". 20 сентябра 1989) . На пленуме з грунтоўным дакладам "Аб нацыянальнай палітыцы партыі ў сучасных умовах" выступіў Генеральны Сакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў. Вынясенне на парадак дня партыйнага форуму нацыянальнага пытання вельмі наспела. У саюзных і рэспубліканскіх сродках масавай інфармацыі рэгулярна паведамлялася пра сур'ёзныя парушэнні яго, у т. л. і ў духоўнай сферы, ад якой так многа залежыць ва ўсталяванні дружбы паміж народамі любой поліэтнічнай дзяржавы. Адзначыўшы пэўныя дасягненні СССР у гэтай сферы, партыйны лідар яго не абмінуў і нявырашаных тут прынцыпова важных задач. "Асабліва востры характар, - заяўлялася ім, - набылі праблемы развіцця моў і ўсяго, што з імі звязана, - навучання, выдавецкай дзейнасці, магчымасці выкарыстання ў розных сферах дзяржаўнага і грамадскага жыцц я (як усё гэта і сёння ўпісваецца ў рэаліі Рэспублікі Беларусь! - Л.Л. ). Пад уплывам эканамічных, сацыяльных і дэмаграфічных фактараў адбывалася пэўнае скарачэнне сферы дзеяння нацыянальных моў (у Беларусі не пэўнае, а буйнамаштабнае! - Л.Л. ), што трактавалася на карысць распаўсюджаных у мінулым тэарэтычных пастулатаў аб фарсіраваным зліцці нацый, якія былі на ўзроўні праграмных установак. І хоць гэтыя працэсы выклікалі законную трывогу і занепакоенасць у грамадстве, цвярозыя спробы больш глыбока ў іх разабрацца і знайсці рацыянальнае рашэнне нярэдка кваліфікавалася як нацыяналізм… Вынікам такой практыкі стала падзенне ролі нацыянальных моў некаторых народаў. І зразумела іх імкненне да захавання і развіцця роднай мовы, памнажэння каштоўнасцяў сваёй культуры"
Вышэй прыведзеныя словы Міхаіла Гарбачова мелі самае прамое дачыненне да беларускай мовы, бо амаль поўная адсутнасць яе ў грамадскім жыцці была вынікам адпаведнай дзяржаўнай палітыкі, а не гістарычнай заканамернасці, на якую так любілі спасылацца партыйна-савецкія палітыкі. Зараз яны ўжо не маглі не прыслухацца да сказанага М. Гарбачовым: "Нам надзвычай важна выпрацаваць чоткую пазіцыю па гэтай жыццёва важнай праблеме (культурна-моўнай. - Л.Л. ), якая набыла палітычны характар… Прычым пазіцыю, заснаваную на ўліку ўсіх справядлівых спадзяванняў, на ўсеагульнай згодзе".
Не толькі рашуча, але і з поўнай усвядомленасцю выступаць за вяртаннне беларускай мовы ў грамадскі ўжытак давалі беларусам падставу наступныя словы М. Гарбачова: "Адбярыце ў чалавека магчымасць гаварыць і пісаць на роднай мове (на той час у дачыненні да беларусаў партыйныя і савецкія органы вельмі многага дамагліся ў гэтым плане. - Л.Л. ), ведаць гістарычны шлях, эпас свайго народа, і ён, якіх бы вялікіх поспехаў не меў у матэрыяльных адносінах, ужо бязродны, а значыцца і бездухоўны" . Заставацца такімі, думаецца, не было асабліва жадання нават і ў дарэшты адарваных ад роднай глебы беларусаў.
У адначассе да многага і абавязвала, і адкрывала партыйным і савецкім уладам шырокія магчымасці займацца канкрэтнай нацыянальнай дзейнасцю такое палажэнне з даклада М. Гарбачова: "… карэннае насельніцтва ўсіх рэспублік, безумоўна, мае поўнае права зацвердзіць сваю мову ў якасці дзяржаўнай, інакш кажучы стварыць прававыя ўмовы для яе захавання і развіцця. Гэта не толькі… юрыдычнае пытанне. Гэта пытанне палітычнае, паколькі размова ідзе пра самаадчуванне нашых народаў, іх зразумелае імкненне захаваць сваю нацыянальную самабытнасць". Дакладчык пагадзіўся з выказанымі ў СМІ меркаваннямі, што рускай мове неабходна прыдаць "статус агульнадзяржаўнай у маштабах СССР" . БССР не мела аніякай неабходнасці ў правядзенні якіх-небудзь дадатковых практычных захадаў, каб на яе тэрыторыі рускай мове надаць статус агульна-дзяржаўнай у маштабах СССР. Для яе гэта быў учарашні дзень. Галоўнае ж заключалася ў тым, каб юрыдычна ўзвесці беларускую мову ў статус дзяржаўнай і рэальна забяспечыць яго на практыцы. На час правядзення разгляданага пленума ЦК КПСС развязванне гэтай праблемы ў БССР знаходзілася толькі ў зародкавым стане і не адчувалася ў партыйна-савецкіх вярхах асаблівага жадання рабіць якія-небудзь канкрэтныя захады. Але ў беларускага народа цяпер з'явіліся правы патрабаваць ажыццяўлення такіх захадаў, абапіраючыся на цвёрдыя запэўніванні дакладчыка, што ў нас будзе ўрэгулявана моўная праблема "і атрымаюць прастору для свайго развіцця ўсе мовы нашай шматнацыянальнай Радзімы" , на што ўдзельнікі пленума адказалі апладысментамі.
Несумненна, адукаваныя колы беларускага грамадства былі знаёмыя з матэрыяламі вераснёўскага (1989) пленума ЦК КПСС, чыталі і выступленне на ім першага сакратара ЦК КПБ Яфрэма Сакалова. І тое, што ён не закрануў такой абвостранай для Беларусі моўнай праблемы, не магло не весці да роздуму, да пэўнай трывогі за ход правядзення дзяржаўнай палітыкі ў дадзенай сферы. Пакідаць тут усё без змяненняў ніяк нельга было, бо роднае слова беларусаў памірала на вачах. Пленум адкрыў магчымасці для яго выратавання. Паставіць развязванне архіскладанай моўнай праблемы ў БССР на прававую аснову аблягчала прынятая 20 верасня 1989 года на Пленуме ЦК КПСС платформа "Аб нацыянальных культурах і мовах". Зафіксаваўшы, што ў СССР "асаблівае значэнне набываюць пытанні нацыянальна-моўнай палітыкі" , іх прапаноўвалася вырашаць толькі праз заканадаўчае рэгуляванне. Адраджэнцы, усе нацыянальна свядомыя беларусы толькі віталі наступнае палажэнне з платформы: "Мэтазгоднасць прызнання дзяржаўнай мову нацыянальнасці, якая дала назву саюзнай або аўтаномнай рэспубліцы, - кампетэнцыя саміх рэспублік. Статус дзяржаўнай мовы не павінен весці да моўнай дыскрымінацыі, ён азначае пашырэнне яе грамадскіх і культурных функцый…" , чаго так не ставала ў беларускай мове.
Дадзеная М. Гарбачовым ацэнка моўнай праблемы ў СССР знайшла поўную падтрымку ва ўдзельнікаў пленума, як і тое, што ён прапаноўваў дзеля кардынальнага выпраўлення моўнай сітуацыі. Зараз ужо адкрыта супраціўляцца ўкараненню беларускай мовы ў практыку не мог ніхто нават з партыйных вярхоў. Упарціцца можна было толькі ўпотай, аднак не забываючыся на сваё прэстыжнае месца ва ўладных кабінетах і пры параўнальна высокую зарплату. Словам, умовы для актывізацыі распрацоўкі новага, у належнай ступені спрыяльнага для беларускай мовы заканадаўства складваліся неблагія і што вельмі важна, яны ў многіх выпадках вынікова выкарыстоўваліся, прыносілі добры, жаданы плён.
Аднак у разгляданым раздзеле платформы вераснёўскага пленума ЦК КПСС утрымлівалася і такое, што перашкаджала, а можа і не дазволіла б нацыянальным мовам саюзных і аўтаномных рэспублік стаць па-сапраўднаму дзяржаўнымі. Гэта: "дабраахвотны выбар мовы навучання" ; прапанавана заканадаўча замацаваць рускую мову ў якасці агульнадзяржаўнай і выкарыстоўваць як як на тэрыторыі ўсёй краіны, так і кожнай рэспубліцы нараўне з яе дзяржаўнай мовай.
Адукаваным людзям Беларусі было добра вядома, да якіх трагічных вынікаў прывяло яе карэннае насельніцтва паралельнае выкарыстанне ў афіцыйным жыцці і беларускай, і рускай моваў. Але толькі адукаваным. Таму існавала неабходнасць вядзення з масамі глыбока прадуманай растлумачальнай працы па розных аспектах моўнай праблемы. Сапраўдная роля роднай мовы ў жыцці нацыі далёка не ўсімі разумелася і асабліва маладымі пакаленнямі, узгадаванымі рускамоўнай сістэмай адукацыі.
Гістарычны досвед сведчыць, што нацыянальна-культурнае адраджэнне ў любым выпадку не можа стаць жаданай рэальнасцю, даць станоўчыя вынікі без актыўнага ўдзелу ў ім моладзі, таму ў той час у нас многае рабілася дзеля падключэння яе і да развязвання моўнага пытання. Пераканаўчы доказ таму вынясенне яго ў верасні 1989 года на парадак дня VІІІ пленума ЦК ЛКСМБ. У рамках гэтага форуму працавалі дыскусійныя цэнтры, на адным з іх разглядаліся тагачасны стан і перспектывы развіцця беларускай мовы. У працы яго браў удзел і аўтар дадзеных радкоў. Гэтае пытанне найбольш падрабязна асвятліў і выклікаў ажыўленную дыскусію па ім выкладчык Менскага дзяржпедінстытута імя Максіма Горкага, член рабочай групы Камісіі Вярхоўнага Савета БССР па распрацоўцы моўнага заканадаўства Пётр Садоўскі. Паводле яго справядлівых слоў, адным толькі заклікам да захавання беларуска-рускага двухмоўя ў рэспубліцы ніяк не ўдасца спыніць далейшага звужэння сферы выкарыстання беларускай мовы. Навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства АН БССР Сяргей Запруднік пераканаўча давёў удзельнікам пленума, што толькі наданнем беларускай мове статусу дзяржаўнай можна дамагчыся авалодвання ёю ўсім насельніцтвам рэспублікі. З прынятай на пленуме рэзалюцыі "Аб беларускай мове" ў першую чаргу варта прывесці такую вытрымку: "Страта беларускай мовы народам ідзе поруч з заняпадам нацыянальнай культуры і вядзе за сабою да паступовага знікнення народа як самабытнай этнічна-культурнай супольнасці… Ужо сёння неабходна стварыць умовы для актыўнага функцыяніравання беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадска-палітычнага і культурнага жыцця, развіцця нацыянальна (беларуска - Л.Л. ) - рускага двухмоўя, тым самым рыхтуючы ўмовы для прыняцця закона БССР аб мовах". А вось прапанова інструктара ідэалагічнага аддзела Менскага ГК ЛКСМБ С. Шэлега "аб абавязковым карыстанні беларускай мовы, пачынаючы ад ЦК і заканчваючы пярвічнымі арганізацыямі… не была падтрымана пленумам" (Літаратура і мастацтва. 1989. 29 верасня. С. 2). Зразумела таму, што яшчэ не прыйшоў той жаданы час, каб даць поўную волю роднаму слову беларусаў, якога яго зацятыя ворагі стагоддзямі не выпускалі ў людзі. А не прыйшоў той час з-за моцнай зрусіфікаванасці народа, у т. л. яго маладых пакаленняў.
У той час як даволі шырокія пласты грамадства жылі ў думках пра лёс роднай мовы, шукалі надзейнага паратунку дзеля выратавання яе ад пагібелі, у самых высокіх эшалонах улады БССР, найперш у ЦК КПБ, на спяшаліся па-сур'ёзнаму брацца за развязванне гэтага лёсавызначальнага для тытульнай нацыі пытання, асабліва за наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай у рэспубліцы. Усе яны былі нібыта зацыклены на праблеме афіцыйнага беларуска-рускага двухмоўя. Прыхільнікаў апошняга было нямала і сярод людзей самых розных прафесій. Таму і зразумела, чаму так часта на старонках газет, падчас правядзення рознага роду мерапрыемстваў адраджэнцкага характару ўзнімалася гэтае досыць складанае пытанне. Шчырых рупліўцаў роднага слова гэта ніколі не задавальняла, бо яны ведалі, што пры пэўных абставінах чынавенства без асаблівых цяжкасцяў зможа афіцыйнае двухмоўе звесці да аднамоўя, пакінуўшы тую з іх, якую ім па тых ці іншых умовах зручней выкарыстоўваць.
(Працяг у наст. нумары.)
Леанід Лыч
Той, хто перамагае смела і адважна
(Да 125-годдзя Вінцука Адважага)
Я ўглядваюся ў жыццёвы шлях беларускага духоўніка, паэта, празаіка, перакладчыка, мемуарыста, падзвіжніка Язэпа Станіслававіча Германовіча (Вінцука Адважнага) (4.03. 1890, мястэчка Гальшаны сучаснага Ашмянскага раёна Гарадзенскай вобласці - 26.12. 1978), думаю, шукаю адпаведныя яго дарогі, на якіх мог быць, толькі праз вялікія дзесяцігоддзі. А пачаць мне карціць іх з мястэчка Парэчча, у якім першымі на Беларусі былі пабудаваны чыгуначны вакзал, дэпо, прыстанцыйная структура разам з невялікім паркам. Так здарылася, што ў гэтым дзівосным пасяленні ля возера Малочнага (Малотва) пасля вайны месцілася аж два дзіцячыя дамы. Мястэчка ляжыць на чыгуначных шляхах з Гародні на Вільню і Друскенікі. Як мне казалі, сёння ў гэты курортны горад ужо цягнікі не ходзяць. Вінцук Адважны па маіх падліках каля дзесятка разоў праязджаў міма станцыі Парэчча і, мабыць, быў знаёмым з тутэйшай мясціны паэтам і пісьменнікам І. Піліпавым. Дык вось у 1960 годзе ў маім прытулку ставілася "Казка пра рыбака і рыбку" А.С. Пушкіна, зразумела, на мове арыгіналу. У ёй я іграў галоўную ролю. Як аказваецца, гэтую вечную ді павучальную казку Вінцук Адважны спецыяльна пераклаў для дзетак і апублікаваў у нашай гістарычнай сталіцы Вільні яшчэ ў 1935 годзе, а тры на гады яшчэ раней у тым жа месцы ў сваім ператлумачэнні ён выдаў на свет "Канька-Гарбунка" П. Яршова.
Гальшаны, у якіх нарадзіўся Я.С. Германовіч, мне таксама вядомыя. Больш за 20 разоў у розных кірунках мне прыходзілася праязджаць гэтую дзівосную і ўнікальную мясціну і нават быць у гасцях у мясцовага каталіцкага святара ў славутым Гальшанскім кляштары францысканцаў, якраз тады ў ім ішла рэстаўрацыя яго касцёла. Але, на жаль, калі размова зайшла пра Вінцука Адважнага, то кіраўнік мясцовай духоўнасці анічога не мог сказаць пра яго, ён быў прысланы з Польшчы.
У Гальшанах Я. Германовіч у 1902 г. скончыў парафіяльную каталіцкую школу. Яго сям'я рамесніка падтрымоўвала свайго сына ў цязе да асветы і духоўнасці.
У 1961 г. быў зачынены першы, а праз год - і другі мой дзіцячы дом у Парэччы, а паколькі ў 8-м класе па віне нашага шафёра я патрапіў у аўтааварыю, і каля двух месяцаў мяне ва ўчастковай бальніцы цягнулі да жыцця, то пасля накіравалі ў Ашмянскую школу-інтарнат, дзе каля двух гадоў я нават меў ключы ад Ашмянскага раённага краязнаўчага музея імя Ф. Багушэвіча (1962-1964); мясцовымі ўладамі ён быў зачынены, а бібліятэка разам з яго экспанатамі былі вывезены і згружаны на двары ўстановы. Пры разборцы той кучы і аднаўлення музея на грамадскіх пачатках мне тады анічога не патрапіла пра Вінцука Адважнага. Зараз мне вядома, што ў 1906 г. ён скончыў у Ашмянах гарадскую каталіцкую парафіяльную школу. У 2014 г. я быў некалькі дзён у сценак роднай школы - інтэрнага і тады рабіў вышук школы, якую скончыў Я. Германовіч, але ўсе мае спробы не далі анічога.
Сёння Ашмянскі раённы краязнаўчы музей імя Ф. Багушэвіча знаходзіцца ўжо ў трэцім будынку, а той моцны, мураваны з тоўстымі с ценамі дом у школе-інтэрнаце супрацоўнікамі музея быў даведзены да катастрафічнага стану, аб іх абыякавасці тады і сведчыла шыльда ўстановы імя нашага класіка на рускай мове. Калі пабачыў такую жахлівую карціну, то мне былому "дырэктару" яе прапала ўсякая ахвота адведаць той музей.
Што самае недарэчнае. З гісторыі музея мяне зусім выкінулі, бо я тады школьнік і працаўнік яго ў адной асобе мабыць быў бы стрэмкай у вачах шматлікіх сучасных супрацоўнікаў яго.
Вільня - казачная, непаўторная і трагічная гісторыя нашай краіны, да якой прыклалі руку Пілсудскі і Сталін. Апошні ў 1939 годзе канчаткова падарыў яе Ліетуве, з якой паімчалі ў Сібір цэлыя эшалоны беларусаў, тады ж былі і перададзены з Парэцкага раёна (маё дзятдомаўскае мястэчка) Друскенікі і Марцінканцы якія ў Ліетуве сталі Друскінінкаем і Марцінканісам, а сам раён быў ліквідаваны. Застаўшаяся яго тэрыторыя была перададзена ў Гарадзенскі раён тадышняй Беластоцкай вобласці, а Вільня была ліетувісамі пераназвана ў Вільнюс.
У першы раз у Вільнюсе я пабываў у 1958 годзе, а потым яшчэ каля 30 разоў, апошні раз у 1991 годзе, да раскідання Савецкага Саюза. Нават на адзін з латарэйных мастацкіх білетаў, прыдбаных у сталіцы Савецкай Ліетувы, выйграў альбом і маю і сёння каля 40 кніжных закладак-вышыванак на ліетувіскай мове. У 1913 г. Язэп Германовіч скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю, стаў кляндзом. У 1936-38 гадах ён ізноў у Вільні.
Вёска Луконіца Зэльвенскага раёна, у 1936 г. цяжка захварэў мой брат Пётр у вёсцы Угрынь (зараз Вялікая Угрынь ранейшыя гістарычныя назвы Угрын, Угрын Вялікі), я еду з Ашмянаў да яго, на 8-ы дзень ён акрыяў, а ў мяне былі яшчэ тры дні ў запасе, то я наведваю наваколлі, у т.л. і вёску Луконіца, а ў ёй паўразбураны, закінуты Міхайлаўскі касцёл, а пры ім у такім жа стане званіцу. У 1920-23 гадах тут служыў ксяндзом Язэп Германовіч.
У 1975-86 гг. мая служба ў Забайкаллі і на Далёкім Усходзе, у Амурскай вобласці, у Благавешчанску атрымоўваю завочна трэці дыплом з адзнакай, а за Амурам - Кітай, а ў ім з 1930 г. у Харбіне місіянерам, дырэктарам гімназіі, выхавальнікам у інтэрнаце па 1936 год - Язэп Германовіч. У 1939 г. ён яшчэ атрымоўвае накіраванне ў Харбін, дзе мацуе сваю місіянерскую працу, аддае свае сілы, здароўе беспрытульным дзецям, выкладае ў ліцэі. У 1948 г. духоўнік арыштоўваецца кітайцамі і пад вартай перадаецца ў Савецкі Саюз, дзе знявольваецца на 25 гадоў, але ў 1955 годзе яму даюць волю. Ад'язджае ў Польшчу.
Не было жыцця Я. Германовічу пры белапанскай Польшчы пасля пераследу ў 1938 годзе, як і потым у 1955-59 гг. Ён ад'язджае ў Рым, але найболей жыў у Вялікабрытаніі, у ёй ён і скончыў свой падзвіжніцкі шлях. Рэдагаваў часопіс "Божым шляхам".
Дадамо, што ён служыў у розныя гады на Беласточчыне, Гарадзеншчыне, сярод марыянаў у Друі на Віцебшчыне.
Вінцук Адважны пачаў друкавацца з 1919 г. з баек, гумарыстычных вершаў, артыкулаў, гутарак з чытачамі, прозы, вершаваных інтэрпрэтацый з Бібліі. Друкаваўся ў газетах "Сын беларуса", "Беларуская крыніца", іншых выданнях - "Хрысціянская думка", "Калоссе", "Шлях моладзі", "Божым шляхам", "Зьніч"... Сярод яго друкаў "Як Казюк сабраўся да споведзі", "Казюкава жанімства", "Беларускія цымбалы", "Хлопец", "Гануліны клопаты", "На Далёкі Ўсход", "Добраму і Бог дапамагае", "Унія на Палессі", "Пакутныя псальмы", "Князь і Лапаць", "Байкі і іншыя вершы", "Кітай-Сібір-Масква, успаміны місіянера з савецкіх лагераў"...
Выдаваліся гэтыя кнігі ў Вільні, Альберціне (сёння чыгуначны прыпынак Фабрычны ў г. Слоніме), Рыме, Мюнхене, Лондане... Быў у яго і яшчэ псеўданім Лявон Ветрагон .
У маю свядомасць Вінцук Адважны ўвайшоў у Слуцку ў 1990 г. пасля публікацыі І. Ласкова 9 лютага у "ЛіМе" "Шлях пакутніка: Па старонках адной малавядомай кнігі". Дадаў у гонар В. Адважнага і Аляксей Пяткевіч сваім даведнікам "Людзі культуры з Гродзеншчыны".
Яээп Германовіч абраў для сябе галоўнай літаратурную мянушку Вінцук Адважны , раскадзіруем яе: Вінцук -Вікенцій (пераклад з латыні: той, хто перамагае), на Беларусі мае яшчэ размоўныя формы Вінцэнты, Вінцэнт, вытворныя імя - Вінцук, Вінцучок, Вінцуль, Вінцусь, Вінцэк. Вінцэсь, Віняк, Віначка, Вінка, Вінусь. Імяніны праваслаўныя - 24.11. каталіцкія - 22.01, 20.03, 5.04, 19.07, 27.09, 9.10, 27.10.
Адважны . Без сумненняў, - гэта смелы, рашучы, мэтанакіраваны чалавек, найболей слова выкарыстоўваецца на вайне да ваяроў, у крытычныя моманты паводзін да асобы наогул. Выходзіць, што імя Вінцук Адважны поўнасцю адпавядае яму - як сапраўднай Постаці!
Міхась Угрынскі , г. Баранавічы.
Дзень роднай мовы "па-пастаўску"
У Паставах ужо стала традыцыяй, што наша мясцовая суполка ТБМ імя Ф. Скарыны рэгулярна рыхтуе да Міжнароднага дня роднай мовы якія-небудзь мерапрыемствы. І калі агульнанацыянальную дыктоўку мы праводзім ужо адносна даўно, то канцэртную дзейнасць мы толькі пачалі асвойваць. Спачатку паспрабавалі нешта ладзіць, абапіраючыся на свае мясцовыя, пастаўскія рэсурсы. А пасля вырашылі крыху пашырыць нашы "межы" на рэспубліканскі ўзровень і запрасіць беларускамоўных выканаўцаў з іншых гарадоў.
Адразу ж трэба выказаць вялізарную падзяку грамадскай культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі". Дзякуючы ёй мы можам ажыццяўляць самыя розныя мерапрыемствы і ініцыятывы. У тым ліку і нашыя канцэрты на Дзень роднай мовы.
У мінулым годзе мы падрыхтавалі сапраўдны беларускамоўны рок-нон-стоп. Разам з нашым мясцовым гуртом "Скіфы", які дапамагае нам тэхнічна, усяго было 5 гуртоў. Гэта было, безумоўна, феерычна, але так доўга, што слухачы нават крыху стаміліся. Ды і нам арганізаваць такі маштабны канцэрт было крыху цяжкавата. Таму ў гэтым годзе мы вырашылі крыху скараціць праграму і запрасілі толькі адзін гурт. Але затое які! Самаго Андруся Такінданга і яго "Рэха". І акурат 21-га лютага , роўна ў Дзень роднай мовы, мы правялі наш святочны канцэрт. Першымі, па традыцыі, выступілі нашыя "Скіфы", якія прадставілі сваю новую вакалістку Вераніку Сілуанаву.
А пасля невялічкай віктарыны з прызамі ад "Будзьма" пачалася галоўная частка нашага канцэрту - выступленне гурта "Рэха". Я не чакаў, што атрымаецца настолькі эмацыянальна і весела. Андрусь не проста сам спяваў, але і пастаянна прымушаў гледачоў спяваць разам з сабой. Улічваючы тое, што мы, беларусы, даволі такі закамплексаваныя людзі, Андрусь узяўся за цяжкую справу. Але яму гэта ўдалося - зала пачала падпяваць.
Пад канец сваёй праграмы Андрусь "запаліў" залу так, што тая раўла ў адзін голас: "Брава". А як толькі канцэрт скончыўся, і музыкі сыйшлі са сцэны, то за кулісы рынуўся натоўп дзяўчынак, каб сфатаграфавацца з Андрусём і ўзяць у яго аўтограф. Задаволенымі засталіся ўсе: і музыкі, і слухачы, і мы, бо нам адносна лёгка ўдалося зрабіць сапраўды моцны і запамінальны канцэрт.
Але гэта была толькі першая частка нашых мерапрыемстваў да Дня роднай мовы. На наступны дзень, 22-га лютага, у нас па плане павінна была адбыцца агульнанацыянальная дыктоўка. Як і ў папярэднія гады, мы сабраліся ў будынку дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі. Тэкст узялі з газеты "Наша слова" і чытала яго па традыцыі Аліна Латыш, настаўніца беларускай мовы і сябра нашай суполкі. Людзей у гэтым годзе на дыктоўку прыйшло крыху менш, чым у мінулым, але акрамя нашых ТБМ-аўцаў былі і новыя людзі, што не магло нас не парадаваць.
Але і на гэтым нашы мерапрыемствы не скончыліся. Адразу ж пасля дыктоўкі ў будынку Цэнтральнай раённай бібліятэкі кіраўнік нашай суполкі ТБМ і адначасова настаўнік, краязнавец і паэт Ігар Пракаповіч прэзентаваў сваю чарговую краязнаўчую кніжку "Спорскі край". На прэзентацыі ён падрабязна распавёў пра тое як збіраў матэрыялы для гэтай кнігі, а таксама асноўную сутнасць зместу: інфармацыя па геаграфіі апісаных мясцін і па іх гісторыі. Скончылася прэзентацыя па традыцыі тым, што аўтар, як заўсёды, падарыў вялікую колькасць экзэмпляраў сваёй кніжкі прысутным.
Вось так насычана і разнабакова адзначылі мы ў Паставах Дзень роднай мовы. Калі ж нехта з чытачоў жадае больш падрабязна пазнаёміцца з тым, што адбывалася на нашых мерапрыемствах, то шмат фотаздымкаў і відэазапісаў з іх вы можыце пабачыць на нашай старонцы ў сацыяльнай сетцы: vk.com/tbm_u_pastavah.
Вадзім Шышко, г. Паставы.
"Дзякуй вам за тое, што прыйшлі…"
18 лютага ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі адбылася літаратурна-музычная вечарына, прысвечаная 65-годдзю з дня нараджэння паэта Віктара Бачарова. Мерапрыемства прайшло ў рамках праекту "Дзень нараджэння ў музеі".
Віктар Бачароў вядомы першапачаткова як творчая асоба, як адзін са значных паэтаў нашага горада, аўтар шматлікіх кніг паэзіі і прозы, гумарыстычных мініяцюр і баек ("Разговор", "Пора брать!", "Калі адзвінеў званок", "Дембель неизбежен", "Стихи из прошлого века"). Ведаюць яго і як прафесійнага педагога (працаваў арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай работы СШ № 5, СШ № 9, а таксама дырэктарам СШ № 13). На словы Віктара Мітрафанавіча створана мноства музычных твораў, якія з'яўляюцца візітнай карткай горада Ліды і выконваюцца тэатрам песні "Ліда-мюзікл", а таксама хорам пад кіраўніцтвам дырыжора і кампазітара Сяргея Бугасава. Творчая дзейнасць В. Бачарова неабдымная. З ім сябравалі як кіраўнікі калектыўных гаспадарак, так і кіраўніцта горада. Спадчына, якая засталася пасля яго з'яўляецца неад'емнай часткай нашага прынёманскага краю. Не гледзячы на тое, што паэт нарадзіўся ў Краснаярску (Расія), ён сваёй радзімай лічыў Беларусь, у чым аднойчы і прызнаўся: "Не тая маці, што нарадзіла, а тая, што выхавала".
Віктар Бачароў быў рускім, пісаў па-руску, але быў беларускім незалежнікам і не аднаго беларуса навярнуў да беларушчыны, у тым ліку і аўтара гэтых радкоў.
Віктар Мітрафанавіч быў актыўным сябрам літаратурнага аб'яднання "Суквецце", якое дзейнічае пры "Лідскай газеце", а таксама быў вядоўцам "Суботняй гумарынкі" у раённым выданні, у газеце "Принеманские вести" вёў гумарыстычную рубрыку, пад якой падпісваўся Папа Лідскі .
Аб гэтым добра ведае сённяшні чытач. Але ж не кожнаму вядома, што свой першы верш Віктар напісаў ва ўзросце 10 гадоў і змясцілі яго ў рэспубліканскай газеце "Зорька". Гэтым паспяховым дэбютам юны паэт праклаў шлях у літаратуру. І ўжо ва ўзросце 14 год ён свае вершы кладзе на музыку. Яго здольнасці заўважае заслужаны дзеяч БССР Аркадзь Чоп-чыс, а вядомы кампазітар Дзмітры Кабалеўскі за верш і музыку песні "Мой Артек" надае яму званне лаўрэата ІІ Усесаюзнага злёту юных карэспандэнтаў у Артэку і ўручае медаль.
…. Вучоба ў Гарадзенскім педінстытуце, знаёмства з пісьменнікамі Васілём Быкавым, Аляксеем Карпюком, Вольгай Іпатавай, Юркам Голубам, выступленне на Гарадзенскім тэлебачанні і ягоны друк у "Гродзенскай праўдзе" - усё гэта паспрыяла яму ў далейшай творчай дзейнасці.
Віктар Бачароў напісаў нямала. А колькі яшчэ мог бы напісаць. У 2002 годзе паэт перасяляецца ў Менск, уладкоўваецца на працу загадчыка аддзела выхаваўчай работы Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Рыхтуе да выдання чарговую кнігу. Але ж… 3 кастрычніка 2004 года, як раз на дзень настаўніка ў 55-гадовым узросце паэт памірае. Пахаваны ў Менску.
З тых пор мінула нямала часу. На грошы бацькоў і сына Дзмітрыя была выдадзена пасмяротная кніга "Золотая тёлка или по следам золотого телёнка", а пазней - у Лідзе выйшаў зборнік вершаў "Птица из Персидского залива".
Такія творцы не забываюцца…. У гэтым можна было пераканацца на арганізаванай вечарыне, куды прыйшлі шматлікія прыхільнікі творчасці паэта, сярод якіх паэты-аднадумцы, сябры літаратурнага аб'яднання "Суквецце", калегі па працы (педагогі), бібліятэкары, журналісты, былыя кіраўнікі прадпрыемстваў горада, сябры і таварышы, якія ў свой час былі знаёмыя з творчай асобай, а таксама прадстаўнікі з Лідскага раённага выканаўчага камітэта. Усе яны падзялілася ўспамінамі. На вечарыне гучалі вершы-прысвячэнні як паэта так і паэту, праслухвалася музыка, пакладзеная на яго словы, праглядаліся фотаздымкі, а таксама гарталіся кнігі незабыўнага чалавека. Адметнасцю было тое, што ўся вечарына ў памяць рускамоўнага паэта прайшла па-беларуску. Па-руску чыталіся толькі самі вершы, аднак вельмі шмат гучала беларускіх перакладаў.
І быццам з нябёсаў пачуліся словы паэта: "Дзякуй вам за тое, што прыйшлі…"
Што ж, музей робіць добрую справу. Акрамя працы з архіўнымі дакументамі, збірання каштоўнай інфармацыі пра наш край, адкрыцця выставак і правядзення экскурсій, супрацоўнікі гэтай установы наладжваюць цікавыя і запамінальныя сустрэчы і вечарыны, якія, хочацца верыць, будуць праводзіцца яшчэ не адзін раз.
Аўтар-арганізатар, навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алесь ХІТРУН. Фота: супрацоўніка Лідскага гістарычна-мастацкага музея Мікалая ІОДЫ .
Дзень беларускай музыкі і паэзіі на Слонімшчыне
Гэты дзень у пятніцу, 27 лютага, правялі беларускі бард Андрэй Мельнікаў і літаратуразнавец, паэт і гісторык Сяргей Чыгрын. Спачатку яны выступілі на Дні навукі ў Слонімскай гімназіі № 1, а потым іх шчыра віталі настаўнікі і вучні Новадзявяткавіцкай і Рахавіцкай сярэдніх школ.
Сяргей Чыгрын прэзентаваў сваю кнігу "Слонім і ваколіца", а Андрэй Мельнікаў спяваў песні са свайго апошняга музычнага альбома "Зубы на далоні". Госці шчыра адказвалі на пытанні настаўнікаў і вучняў, а таксама правялі шмат конкурсаў на веданне гісторыі і літаратуры Беларусі.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.
Сустрэча з літаратуразнаўцам
12 лютага 2015 года ў бібліятэцы № 5 г. Менска адбылася сустрэча з паэтам, літаратуразнаўцам, крытыкам, доктарам філалагічных навук Валерыем Аляксандравічам Максімовічам. Ён нарадзіўся 21 сакавіка 1962 года ў Вёсцы Траянец Лагойскага раёна Менскай вобласці. Вучыўся ў Бялянскай васьмігадовай школе (1969-1977). Пасля заканчэння Завішынскай СШ (1979) навучаўся ў тэхнічным вучылішчы № 76 электронікі, працаваў слесарам-інструментальшчыкам вытворчага аб'яднання "Інтэграл". Служыў у войску (1980-1982).
У 1989 годзе скончыў філалагічны факультэт БДУ па спецыяльнасці "Беларуская і руская мова і літаратура.
Педагагічную працу распачынаў у Зарэчанскай базавай школе Лагойскага раёна. У 1989-1992 гг. з'яўляўся аспірантам кафедры беларускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. У 1993 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму "Паэзія "Узвышша: эстэтыка слова і асаблівасці паэтычнага майстэрства". Са снежня 1992 па верасень 2003 года працаваў на кафедры беларускай літаратуры БДУ.
У 2006 годзе выконваў абавязкі намесніка дэкана філфака БДУ.
У 2002 годзе абаронена доктарская дысертацыя "Тэндэнцыі мадэрнізму ў эстэтычнай ідэнтыфікацыі беларускай літаратуры пачатку ХХ ст. "
З кастрычніка 2003 па студзень 2006 г. займаў пасаду першага прарэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Са студзеня 2006 па люты 2008 выконваў абавязкі дырэктара Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі.
З лютага 2008 г. па студзень 2015 г. выконваў абавязкі намесніка дырэктара Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі. У дадзены час выконвае абавязкі намесніка дырэктара па навуковай рабоце Інстытута філасофіі НАН Беларусі.
Першы верш быў надрукаваны ў завадской шматтыражцы "Інтэграл" у 1983 годзе. у рэспубліканскім друку выступіў у 1991 годзе ў газеце "Літаратура і мастацтва". Аўтар паэтычнага зборніка "Мяцежнай споведзі скрыжалі" (2012). Асобныя вершы выконваюцца Беларускім дзяржаўным ансамблем "Песняры" (мастацкі кіраўнік В.В. Шарапаў).
Чытачы бібліятэкі азнаёміліся са зместам новай кнігі паэта "Сярод блукаючых планет", якая выдадзена ў "Каўчэгу" ў 2014 г. Было цікава!!!
Аляксей Шалахоўскі.