НАША СЛОВА № 10 (1213), 11 сакавіка 2015 г.
25 гадоў таму назад было заснавана ЗБС "Бацькаўшчына"
"БАЦЬКАЎШЧЫНА", згуртаванне беларусаў свету. Засн. 6.3.1990 у Менску прадстаўнікамі творчай і тэхнічнай інтэлігенцыі Беларусі. На ўстаноўчай канферэнцыі 10 - 11.9.1990 прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх (апрача Крымскага) беларускіх зямляцтваў і суполак з рэспублік СССР, беларускіх арганізацый з Беластоцкага ваяводства (Польшча), Беларускага дэмакратычнага аб'яднання, Беларускага грамадска-культурнага таварыства, Беларускага аб'яднання студэнтаў, тыднёвіка "Ніва", замежныя госці юбілею Ф. Скарыны. Ідэя стварэння "Бацькаўшчыны" падтрымана на 19-й сустрэчы беларусаў Паўн. Амерыкі (верасень 1990, Кліўленд). "Бацькаўшчына" вядзе рознабаковую дзейнасць: культурна-асветніцкую, гаспадарча-эканамічную, рэлігійную, краязнаўчую, замежны турызм і інш. Асноўныя задачы: адраджэнне культуры і мовы, нацыянальнай свядомасці і традыцый беларускага народа, кансалідацыя і аб'яднанне беларусаў свету незалежна ад іх палітычных поглядаў, сацыяльнага і маёмаснага стану, веравызнання, устанаўленне патрэбных для Беларусі сувязяў з замежжам, духоўнае, арганізацыйнае, эканамічнае яднанне ў адзіную супольнасць усіх беларусаў, што жывуць па-за межамі Беларусі і на Бацькаўшчыне, захаванне і паглыбленне іх беларускасці.
Аддзяленні "Бацькаўшчыны" створаны ў абласных цэнтрах і гарадах Беларусі, за мяжой. "Бацькаўшчына" прымае ўдзел у патрыятычных акцыях, ажыццяўляе дабрачынную дзейнасць. Ініцыятар склікання і арганізатар Першага сходу беларусаў блізкага замежжа і Першага з'езду беларусаў свету.
Першым Прэзідэнтам ЗБС "Бацькаўшчына" ў 1990 быў абраны Васіль Быкаў, Старшынём Рады - Яўген Лецка. Першы з'езд беларусаў свету адбыўся 8-10 ліпеня 1993 г. ў Менску. На ім прэзідэнтам ЗБС "Бацькаўшчына" абраны акадэмік Радзім Гарэцкі, Старшынёй Рады - Ганна Сурмач.
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" аргнаізоўвае з'езды беларусаў свету раз на 4 гады, пачынаючы з 1993 года.
На чацвёртым з'ездзе беларусаў свету, які прайшоў у Менску 16-17 ліпеня 2005 г. кіраўніком згуртавання абраны знаны мастак Аляксей Марачкін.
Пяты з'езд беларусаў свету адбыўся 18-19 ліпеня 2009 ў Менску. Кіраўніком ЗБС "Бацькаўшчына" абрана Алена Макоўская, старшынёю Рады - Ніна Шыдлоўская.
Шосты з'езд беларусаў свету адбыўся 23-24 ліпеня 2013 ў Менску.
ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" цесна супрацоўнічае з ЗБС "Бацькаўшчына" ў справе пашырэння Беларушчыны ў краіне і ў свеце.
Вікіпедыя.
Канверт да 80-годдзя Рыгора Барадуліна
"Белпошта" выдала мастацкі канверт да 80-годдзя з дня нараджэння Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.
Наш кар.
АЛЯКСЕЮ МАРАЧКІНУ - 75
Аляксей Антонавіч МАРАЧКІН (Псеўданімы: Алесь Мара; нар. 10 сакавіка 1940, в. Папоўшчына, цяпер Новая Слабада Чэрыкаўскага раёна) - беларускі жывапісец, педагог. Сябар Рады ТБМ многіх кадэнцый.
Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута (1962), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1972, цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў). Член Саюза мастакоў (з 1974). Працаваў у Менску, пэўны час як вольны мастак, пасля - галоўным мастаком Мастацкага фонду. У 1988-1997 г. працаваў у Беларускай акадэміі мастацтваў, выкладаў, загадваў кафедрай жывапісу. Член БНФ (з 1989). Адзін з заснавальнікаў і першы старшыня мастацкай суполкі "Пагоня". Быў кіраўніком ЗБС "Бацькаўшчына" з 2005 па 2009 г.
Удзельнік мастацкіх выставак з 1966 года. Працуе пераважна ў станкавым жывапісе ў жанрах партрэта, тэматычнай карціны, пейзажу і нацюрморту. Тэматыка яго твораў прысвечана гістарычным падзеям мінулага і сучаснасці, раскрывае багацце духоўнай культуры беларускага народа. Для ранніх твораў характэрны рэалістычная манера адлюстравання ў спалучэнні з аб'ёмна-пластычным, рэльефным пісьмом і сімволіка-алегарычнымі матывамі. З 1990 творы набываюць характар фармалістычных кампазіцый з камбінаванай манерай выканання і ўмоўнай перадачай аб'ёму.
Стварыў партрэты выдатных дзеячаў беларускай гісторыі і культуры: "Цётка" (1976), "Пачатак. Францыск Скарына" (1978), "М. Гусоўскі" (1980), "Вераніка і Максім" (1981), "Рагнеда" (1982), "Кірыла Тураўскі" (1987), "Сымон Будны" (1989), "Канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега" (1994), "Мікола Ермаловіч" (1994), "Я. Кулік" (1999) і інш., серыю партрэтаў "Мае сучаснікі" (1980); філасофска-алегарычныя трыпціх "Размова аб вечнасці. Скарына і Парацэльс" (1989-90), цыкл твораў "Народныя легенды і паданні" (1990-91). Сярод тэматычных кампазіцый: "Мара пра палёт" (1974), "Жанчына з бульбай" (1975), "Гуканне вясны" (1976), "Чаканне" (1979), "Чароўныя арэлі" (1980), "Суладдзе" (1983), "Хто з вас без граху?" (1989), "Цяжар" (1991). Аўтар шматлікіх пейзажаў: "Адліга" (1974), "Дарога" (1976), "Абуджэнне" (1978), "Імкненне" (1979), "Рэчка Мнюта. Па мясцінах Я. Драздовіча" (1978) і інш. Чарнобыльская тэма адлюстравана ў творах "Планета Палын" (1987), "Хадора" (1989), "Маці Божая ахвяр Чарнобыля" (1990), "Палеская мадонна" (1991) і інш. Да тэм беларускага фальклору звярнуўся ў творах "Прывіды зімы", "Святаяннік" (абодва 1991), "Жывы куст", "Кароль птушак", "Начны прывід" (усе 1992).
Эксперыментуе ў матэрыяле. Аўтар шматлікіх маляваных дываноў.
Працы А. Марачкіна захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у музеях і прыватных галерэях Беларусі, Польшчы, Германіі, ЗША.
Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны за высокія дасягненні ў справе нацыянальнага адраджэння, прапаганду культурнай спадчыны беларускага народа (1992). Двойчы адмовіўся ад ганаровага дзяржаўнага звання "Заслужаны мастак".
Вікіпедыя.
Юбілей Алены Калечыц
КАЛЕЧЫЦ Алена Генадзеўна (н. 12.3.1940, г. Нальчык), беларускі археолаг, кандыдат геаграфічных навук (1972), доктар гістарычных навук, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі (Менск).
Працавала на гадзіннікавым заводзе механа-зборшчыцай. Паступіла на геолагагеаграфічны факультэт БДУ, скончыла ў 1964 г. Студэнткай дабраахвотна паехала на раскопкі ў Юдзінава Бранскай вобласці.
Скончыла аспірантуру, напісала дысертацыю і стала кандыдатам геаграфічных навук. З 1971 у Ін-це гісторыі АН Беларусі.
Доктарскую дысертацыю абараняла адразу па дзвюх спецыяльнасцях. І стала доктарам і гістарычных навук, і геаграфічных. Але аказалася, што ў пераліку ВАКа няма сумяшчэння дзвюх прафесій. Давялося выбіраць. Паколькі працавала ў Інстытуце гісторыі, то вырашыла быць доктарам гістарычных навук. Даследавала пытанні палеагеаграфіі, экалогіі плямён каменнага веку. Асноўныя даследаванні праводзіла ў басейнах Сожа і Ясельды. З яе імем звязана вывучэнне мноства вядомых археалагічных аб'ектаў, у прыватнасці, Бердыжскай стаянкі ля вёскі Подлужжа Чачэрскага раёна (абсалютны ўзрост 23 430 (плюс-мінус 180) гадоў), і стаянкі ў Юравічах. Яна - аўтар мноства прац па гісторыі палеаліту і публікацый у кнігах серыі "Памяць". Займалася тэмай першапачатковага засялення тэрыторыі Белавежскай пушчы - вывучала матэрыялы раскопак шматпластавага пасялення ў раёне вёскі Камянюкі.
Вікіпедыя.
125 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Савіча
САВІЧ Аляксандр Антонавіч [1(13).3.1890, в. Лапеніца Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Ваўкавыскі р-н Гарадзенскай вобл. - 22.10.1957], бел. гісторык. Доктар гістарычных навук (1937), прафесар (1928). Скончыў Пецярбургскую праваслаўную духоўную акадэмію (1914) і Маскоўскі ун-т (1917). У 1917-20 стажыраваўся ў Саратаўскім ун-це. З 1921 у Менску, член Архіўнай камісіі Акадэмцэнтра пры Наркамасвеце БССР. Выкладаў у БДУ (1921-23, 1944-47), Пермскім ун-це, педагагічных інстытутах Яраслаўля і Масквы. З 1930-х г. супрацоўнік Дзяржаўнага гістарычнага музея Інстытута гісторыі АН СССР. Пры напісанні доктарскай дысертацыі "Дачыненні Масковіі з Рэччу Паспалітай у час Смуты 1600-1619 гг." выявіў у Петраградскай дзяржаўнай бібліятэцы перапіску Жыгімонта III Вазы з канцлерам ВКЛ Л. Сапегам (пачынаючы з 1598), матэрыялы, якія датычацца перагавораў Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай адносна прыналежнасці Смаленска (1615-16). Асэнсоўваючы гісторыю Беларусі, паступова адыходзіў ад пазіцый заходнерусізму, схіляўся да нацыянальнай дзяржаўнай канцэпцыі. 17.6.1922 з патрыятычна настроенымі праваслаўнымі святарамі і прадстаўнікамі бел. інтэлігенцыі падпісаў адозву да праваслаўных беларусаў БССР з заклікам стварэння нацыянальнай (аўтакефальнай) праваслаўнай царквы Беларусі. У 1923 абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці. Арыштаваны і высланы ў Пермь У 1944 вярнуўся ў Менск. Да 1947 выкладаў у БДУ. Даследаваў пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця Расійскай дзяржавы ў сярэднявеччы, гісторыю яе адносін з ВКЛ і Рэччу Паспалітай у 15-17 ст., гісторыю асветы і грамадска-паліт. думкі ў краінах Усх. Еўропы 16-19 ст. і інш.
Вікіпедыя.
Сайт 16-й акругі Парыжа перакладзены на беларускую мову
Як паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Францыі, мэрыя 16-й акругі Парыжа і Гістарычнае таварыства Атэй і Пасі вырашылі перавесці афіцыйны сайт акругі на 74 замежныя мовы - па колькасці нацыянальнасцяў, прадстаўнікі якіх жывуць у акрузе.
У пасольстве адзначылі, што ганаровае месца на сайце заняла і беларуская мова, паколькі на тэрыторыі акругі знаходзіцца дыпламатычная місія Беларусі і пражываюць беларускія грамадзяне, паведамляе БЕЛТА.
У сувязі з гэтым амбасадар Беларусі ў Францыі Павел Латушка ў лісце выказаў падзяку мэру 16-й акругі, прэзідэнту Гістарычнага таварыства Атэй і Пасі Клоду Гоасгену і даў згоду на правядзенне ў будынку амбасады канферэнцыі аб гісторыі 16-й акругі Парыжа.
krynica.info.
Моўны летнік: пагружэнне ў мову
Адукацыя з'яўляецца ці не самым цяжкім кірункам працы для ТБМ. У пачатку 2014 года Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў лічбы, якія сведчасць аб далейшым скарачэнні працэнту вучняў беларускамоўных навучальных устаноў. За апошні навучальны год колькасць вучняў у беларускамоўных школах скарацілася з 16,4% да 15%. Колькасць дашкольнікаў ва ўстановах, што выхоўваюць па-беларуску, скарацілася з 11,4% да 11%. Нарэшце, калі летась па-беларуску вучылася 700 студэнтаў, то ў гэтым навучальным годзе - дзесьці 600, гэта 1 з 640 студэнтаў.
У межах маніторынгу моўнай сітуацыі ў Беларусі мы чарговы раз накіруем Міністэрству адукацыі запыты і прапановы на гэты конт. У прыватнасці, варта запытаць ці з'яўляецца гэтае скарачэнне вынікам мэтанакіраванай палітыкі міністэрства. Калі не, то якая канкрэтна палітыка (мэты, тэрміны, сродкі, адказныя асобы) маецца ці плануецца, каб выправіць сітуацыю.
Але патрабаванні да дзяржавы распрацаваць і рэалізаваць паўнавартасную палітыку пашырэння беларускамоўнай адукацыі - гэта толькі адзін з патрэбных кірункаў дзейнасці. Трэба папулярызаваць беларускую мову сярод саміх дзяцей і іх бацькоў. Пагатоў, ёсць цудоўныя прыклады. Усім вядомая папулярнасць шэрагу арыгінальных курсаў беларускай мовы, напрыклад, "Мовы нанова". Нядаўна "Радыё ..." змясціла рэпартаж аб прыватных беларускамоўных курсах для дашкольнікаў у Менску: школе ранняга развіцця "Крынічка", бацькоўскім клубе "Крочым разам", "Школе традыцыйнага мастацтва" ды іншых. У гэтым годзе і ТБМ распрацавала праект беларускага пазашкольнага цэнтра, але ён не знайшоў фінансавай падтрымкі. Пры нагодзе праект будзе прасоўвацца і далей.
Яшчэ адным кірункам дзейнасці ў галіне беларускамоўнай адукацыі можа стаць заснаванне летнікаў па вывучэнні беларускай мовы ці па ўдасканаленні валодання мовай. Не выключана, што такіх сёння ў Беларусі няма. Таму гэтую, пакуль свабодную нішу, можа першай заняць менавіта ТБМ. Моўныя летнікі - вельмі распаўсюджаная ў свеце з'ява. Часта яны арганізоўваюцца для вывучэння нейкай замежнай мовы. Але ёсць і традыцыя моўных летнікаў, мэта якіх - засваенне роднай мовы, якая не ўжываецца ці мала ўжываецца ў штодзённым побыце. Напрыклад, такія лагеры распаўсюджаны ў некаторых плямёнах карэнных амерыканцаў у ЗША.
У прынцыпе, арганізацыя летнікаў не новая справа для асобных арганізацый ТБМ. Трохдзённае мерапрыемства для юнакоў ладзілася Гомельскай арганізацыяй. У 2014-ым годзе Нясвіжская арганізацыя стала сузаснавальнікам турыстычнага летніка на радзіме Якуба Коласа, дзе дзецям прапаноўвалася размаўляць выключна па-беларуску. Тым не менш, гэта не былі летнікі, спецыяльна накіраваныя на ўдасканаленне валодання мовай.
Для заснавання такога летніка трэба будзе прадумаць шмат арганізацыйных момантаў: як узаемадзейнічаць з мясцовымі ўладамі, дзе знайсці спонсараў і памяшканне, як арганізаваць харчаванне і г.д. Гэта складаныя але вырашальныя задачы. Ёсць багата людзей, якія маюць досвед падобнай працы, а таксама спецыяльнай літаратуры. Маюцца нават дапаможнікі па арганізацыі як летнікаў па замежнай мове, так і лагераў, мэта якіх - адраджэнне мовы роднай. Зараз спынімся толькі на некаторых аспектах праблемы.
Працягласць змены ў такім летніку можа быць рознай. Моўныя летнікі прапануюць шырокі дыяпазон варыянтаў: ад тыдняў да двух выходных дзён. Летнік можа быць арганізаваны не толькі для дзяцей, але і для сем'яў з дзецьмі. У прынцыпе, можна арганізаваць не толькі ўласна летнік, але і "зімнік" і г.д.
Запатрабаваным можа быць летнік з мэтай "натуралізацыі" мовы, развіцця зносінаў на беларускай мове ў побыце. Такі летнік будзе прызначаны для дзяцей, якія маюць моўныя веды ў межах школьнай праграмы, але ў штодзённым побыце мову не выкарыстоўваюць. Дадатковай мэтай летніка можа быць пашырэнне лексічнага запасу. Верагодна, магчыма арганізаваць і летнік для людзей з вельмі нізкім узроўнем валодання мовай. Можна прапанаваць і варыянт выязнога моўнага клубу, мэта якога не ўдасканаленне мовы, а проста зносіны на беларускай мове, напрыклад, у кантэксце нейкай тэматычннай дзейнасці.
Ёсць летнікі, дзе засваенне мовы з'яўляецца адзінай галоўнай мэтай. Але паколькі мова можа засвойвацца і ў кантэксце іншай дзейнасці, летнік можа быць спартовым, прыродаахоўным, краязнаўчым, гістарычным і г.д. Уявіце, напрыклад, этнабатанічны ці прыродаахоўны летнік. Дзеці ідуць у паход у лес, а кіраўнік распавядае ім пра расліны, падкрэсліваючы іх беларускія назвы. У час адпачынку ладзіцца абмеркаванне ўбачанага, і дзеці самі выкарыстоўваюць тэматычную лексіку. Тут можна прапанаваць цэлы шэраг актыўнасцяў на замацаванне, напрыклад, напісанне кароткіх нататак для сценгазеты на "тэму дня" і г.д.
Урокі мовы ці семінары па мове ў тэматычным летніку могуць як праводзіцца, так і адсутнічаць. У апошнім выпадку засваенне мовы будзе адбывацца толькі ў кантэксце іншай дзейнасці. Але калі ў летніку ставіцца мэта ўдасканалення выкарыстання мовы, то метадычны аспект павінен быць прапрацаваны на высокім узроўні. Нават калі ўрокі мовы ці семінары не праводзяцца, і калі летнік тэматычны, для кожнага дня ці тэмы трэба сфармуляваць дакладныя дыдактычныя задачы: які моўны матэрыял і ў які тэрмін дзеці павінны засвоіць. Трэба аргументавана падабраць адпаведныя віды дзейнасці. Напрыклад, трэба падрыхтаваць спісы слоў і фраз для засваення з ілюстратыўным матэрыялам, практыкаванні на замацаванне матэрыялу (якія будуць выкарыстоўвацца ў спецыяльна вылучаныя для гэтага моманты тэматычнай актыўнасці), тэсты і іншыя формы праверкі засвоенага і іншае. Адной з такіх формаў праверкі могуць стаць тэксты з заданнямі, выкананне якіх патрабуе разумення інструкцыі на мове, кшталту гульні "пошук скарбаў па карце". Натуральна, можна выкарыстоўваць і шэраг моўных гульняў, напрыклад, крыжаванкі, анаграмы, паліндромы, рэбусы і шмат чаго іншага.
Этнаграфічны ці гістарычны летнік можна правесці ў выбітных з пункту гледжання гісторыі мясцінах. Ён можа суправаджацца экскурсіямі, сустрэчамі са спецыялістамі, пісьменнікамі, інсцэніроўкамі гістарычных падзеяў, тэатральнымі пастаноўкамі, інтэлектуальнымі гульнямі на пэўную тэматыку і г.д. Магчымыя варыянты моўна-літаратурнага і моўна-тэатральнага летнікаў, а яшчэ тэмай летніка можа стаць журналістыка.
Часта ў моўных летніках выкарыстоўваецца "метад пагружэння". Згодна яму мова, якой навучаюць, выкарыстоўваецца паўсюдна ці амаль паўсюдна. Некаторыя з перавагаў метаду пагружэння наступныя. Засваенне мовы можа ісці лягчэй і натуральней у кантэксце паўсядзённай дзейнасці. Пэўныя фразы і словы паўтараюцца кожны дзень, што спрыяе іх замацаванню, а ў нашым выпадку і "натуралізацыі". Гэта, напрыклад, распаўсюджаныя маўленчыя формулы, тыпу вітанняў, а таксама лексіка са сфер дзейнасці, якімі займаюцца ў летніку, напрыклад, спорт ці ахова прыроды. Метад пагружэння дазваляе ледзь не ўвесь час у летніку выкарыстаць для засваення мовы.
Метад пагружэння звычайна ўключае акультурацыю, пагружэнне у культуру, звязаную з мовай, якая вывучаецца. Гэта актуальна і ў нашым выпадку, бо дзеці нярэдка інтэграваныя ў беларускую культуру хіба фармальна. Возьмем для прыкладу "акультурацыйныя" летнікі некаторых супольнасцяў карэнных амерыканцаў, якія працуюць па прынцыпе "моўных гнёздаў". Моўныя гнёзды - гэта варыянт метаду пагружэння, пры якім дзеці, а таксама і іх бацькі, якія не выкарыстоўваюць родную мову ці выкарыстоўвюць яе абмежавана, жывуць пэўны час у асяроддзі прадстаўнікоў старэйшага пакалення носьбітаў мовы. Паміж пакаленнямі адбываецца натуральная камунікацыя, у ходзе якой мова і засвойваецца.
У згаданых амерыканскіх летніках навучанне адбываецца падчас назірання за традыцыйнымі відамі дзейнасці старэйшын і слухання іх тлумачэнняў на мове, а потым пры спробах дзяцей самастойна ажыццяўляць гэтую дзейнасць. Тэмамі дня ў такіх летніках могуць быць рыбалка і апрацоўка рыбы народнымі метадамі, выраб макасінаў, традыцыйныя гульні і г.д.
Мы таксама можам выкарыстаць метад "моўных гнёздаў", арганізаваўшы летнік у мясцовасці, жыхары якой захавалі як мову, так і традыцыйныя віды дзейнасці. Дзеці могуць наведваць вёскі, слухаць, гутарыць, назіраць і ўдзельнічаць.
Ёсць меркаванне, што чым глыбейшым будзе пагружэнне, тым лепей, таму можна падключаць усе даступныя элементы культуры: кулінарыю, музыку і г.д. Напрыклад, можна арганізоўваць частаванне нацыянальнымі стравамі, кулінарныя спаборніцтвы і паказы строяў, саматужныя канцэрты і выступы запрошаных калектываў, караоке-клубы і г.д. Ёсць навучальныя курсы тыпу "Гісторыя пэўнай краіны ў песнях" - мы таксама можам зрабіць такі.
Увогуле, летнік з выкарыстаннем метаду пагружэння рашае шэраг праблем нашай моўнай сітуацыі. Напрыклад, для многіх дзяцей, нават тых, хто добра валодае мовай, дзякуючы школе, не з'яўляецца натуральным размаўляць па-беларуску ў кантэксце штодзённай актыўнасці. Акрамя таго, дзеці не аточаны асяродкам людзей, з якімі можна на гэтай мове паразмаўляць. Прычым летнік дапаможа наладзіць камунікацыю ў нязмушанай форме, калі ніхто не наракае за памылкі, праз гульню і ў кантэксце захапляльнай дзейнасці.
Трэба прадумаць, як спрыяць пагружэнню ў мову і ў вольны час. У прыватнасці, у лагеры мусяць быць беларускамоўныя бібліятэка і відэатэка, у тым ліку мастацкія фільмы, мультфільмы і вучэбныя відэаматэрыялы.
Дзяцей варта заахвочваць выкарыстоўваць мову і пасля летніка. Напрыклад, можна прапанаваць стварыць беларускамоўную суполку ў сацыяльных сетках ці збірацца дзеля сумеснага правядзення пэўных мерапрыемстваў.
У летніку можна выкарыстаць палажэнні Інтэгратыўнага лінгва-псіхалагічнага трэнінгу І. М. Румянцавай. Ён быў распрацаваны для выкладання замежнай мовы, але можа быць прыдатным і для ўдасканалення мовы роднай. Адно з палажэнняў заключаецца ў тым, што мова павінна засвойвацца ў кантэксце развіцця псіхічных працэсаў навучэнцаў (памяці, мыслення і г.д.), а таксама развіцця іх асобасных якасцяў, напрыклад, упэўненасці ў сябе, настойлівасці і г.д. Гэта важна, бо робіць засваенне любой мовы падобным да засваення першай, якое, натуральна, працякала ў кантэксце агульна-псіхічнага развіцця.
З гэтай нагоды на ўроках мовы па названым метадзе шырока выкарыстоўваюцца элементы псіхалагічнага трэнінгу: практыкаванні па развіцці пазнавальных працэсаў і асобасных якасцяў. Можна распрацаваць спецыяльную праграму, паводле якой такія практыкаванні будуць праводзіць выкладчыкі мовы, а можна запрасіць і псіхолага. Напрыклад, калі казаць пра развіццё мыслення, то выкладанне мовы можна спалучыць з развіццём уменняў рашэння лагічных задач, трэнінгам крэатыўнасці, інтэлектуальнымі гульнямі і г.д.
Пры нашай моўнай сітуацыі дзеці могуць адчуваць сябе няёмка, ненатуральна, размаўляючы па беларуску не на ўроку. Таму ў летніку можа быць карыстным праводзіць наступныя практыкаванні з арсеналу псіхалагічных трэнінгаў: практыкаванні на разняволенне, зняцце псіхалагічных бар'ераў для зносін, развіццё лідарскіх якасцяў і г.д. Натуральна, варта развіваць камунікатыўныя ўменні: рытарычныя (у тым ліку праз арганізацыю дэбатаў), уменні актыўнага слухання, самарэпрэзентацыі, вядзення перамоваў і г.д.
Для ажыцццяўлення задумы летніка ТБМ можа аб'яднаць намаганні з іншымі арганізацыямі. Гэта могуць быць структуры, што працуюць па тэматыцы летніка: спорт, этнаграфія і г.д.; ВНУ (напрыклад, можна запрашаць студэнтаў-педагогаў у летнік на практыку); моўныя курсы і іншыя.
Дзяніс Тушынскі, намеснік старшыні ТБМ
Беларуская мова ў беларускіх універсітэтах
Грамадскае аб'яднанне
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
Установа адукацыі "Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна" накіроўвае інфармацыю аб выкарыстанні ў адукацыйным працэсе і справаводстве беларускай мовы.
Пры рэалізацыі адукацыйных праграм вышэйшай адукацыі I ступені навучанне студэнтаў беларускай мове ажыццяўляецца ў межах вучэбнай дысцыпліны "Беларуская мова (прафесійная лексіка)" у аб'ёме 34 аўдыторных гадзін на ўсіх нефілалагічных спецыяльнасцях універсітэта. Для ўсіх студэнтаў (акрамя замежных) на беларускай мове таксама выкладаюцца дысцыпліны "Гісторыя Беларусі", "Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)".
На філалагічным факультэце на беларускай мове выкладаюцца ўсе спецыяльныя дысцыпліны спецыяльнасці "Беларуская філалогія (літаратурна - рэдакцыйная дзейнасць)", большая частка спецыяльных дысцыплін спецыяльнасцяў "Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)" і "Беларуская мова і літаратура. Гісторыя". На спецыяльнасці "Журналістыка (друкаваныя СМІ)" на беларускай мове выкладаецца 50% спецыяльных дысцыплін і дысцыплін спецыялізацыі, што дазваляе падрыхтаваць студэнтаў да працы ў сітуацыі білінгвізму.
На гістарычнам факультэце на беларускай мове выкладаюцца 35% дысцыплін, сярод якіх "Асновы археалогіі", "Краязнаўства і этналогія Беларусі", "Дапаможныя гістарычныя дысцыпліны", "Гісторыя першабытнага грамадства", "Гісторыя Беларусі", " Крыніцазнаўства гісторыі Беларусі", "Гісторыя культуры Беларусі", "Мастацкая культура Беларусі", "Нацыянальна-культурны працэс у Беларусі", "Метадалогія гістарычнай навукі", "Гістарыяграфія гісторыі", "Міфалогія", "Стан і праблемы развіцця беларускай культуры ў міжваенны перыяд", " Культура гаворкі", "Уводзіны ў культуралогію", "Архівазнаўства", "Музеязнаўства", "Гісторыя ўсходніх славян".
На біялагічным факультэце на беларускай мове выкладаюцца такія дысцыпліны, як "Гісторыя і метадалогія хіміі", "Элементаарганічная хімія" "Будова рэчыва", на геаграфічным - "Фізічная геаграфія мацерыкоў і акіянаў" "Агульная сацыяльна-эканамічная геаграфія", "Сацыяльна-эканамічная геаграфія замежных краін", "Метады геаграфічных даследаванняў". На факультэце фізічнага выхавання на беларускай мове выкладаюцца наступныя дысцыпліны: "Тэхніка і тактыка ў спартыўных гульнях", "Кіраванне трэнерскім працэсам". На факультэце замежных моў, а таксама на юрыдычным факультэце на беларускай мове ажыццяўляецца выкладанне дысцыпліны "Культуралогія", на сацыяльна-педагагічным - "Фарміраванне паспяховай кар'еры".
Пры рэалізаціі адукацыйнай праграмы падрыхтоўкі асоб да паступлення ва ўстановы адукацыі Рэспублікі Беларусь на вячэрніх падрыхтоўчых курсах факультэта давнуўскай падрыхтоўкі слухачы вывучаюць прадмет "Беларуская мова" ў аб'ёме 72 аўдыторных гадзін.
Аспірантам дзённай і завочнай формаў атрымання адукацыі выкладаецца дысцыпліна "Беларуская мова" ў аб'ёме 60 аўдыторных гадзін.
У межах адукацыйнай праграммы павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў распрацаваны вучэбна-тэматычны план і вучэбная праграма курсаў "Беларуская мова ў прафесійнай культуры бібліятэчных работнікаў". Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі ўніверсітэта гатовы прадоўжыць практыку правядзення мэтавых курсаў павышэння кваліфікацыі па беларускай мове (у тым ліку па заяўках арганізацый). У 2014 годзе заявак ад юрыдычных і фізічных асобаў на вывучэнне беларускай мовы не паступала.
На жаль, выкладанне на пэўных спецыяльнасцях цалкам на беларускай мове не магчыма з-за наяўнасці замежных навучэнцаў, для якіх тыпавыя вучэбныя планы ўвогуле не прадугледжваюць вывучэнне беларускай мовы.
Штогод рэдакцыйна-выдавецкім аддзелам друкуюцца выданні на беларускай мове (15-20% ад агульнай колькасці выданняў на дзяржаўных мовах). З мэтай забяспечвання адукацыйнага працэсу ў 2014 годзе выйшлі наступныя выданні выкладчыкаў універсітэта:
1. Калавур, М.А. Элементарная матэматыка і практыкум па рашэнні задач. Планіметрыя [Тэкст]: вучэбна-метадычны комплекс для студэнтаў фізіка-матэматычнага факультэта / М. А. Калавур; рэц. В.Ф. Саўчук, 2014. - 48 с.
2. Беларуская мова (прафесійная лексіка): вучэбна-метадычны комплекс для студэнтаў факультэта фізічнага выхавання / УА "Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна", 2014. - 89 с.
3. Беларуская мова: дапаможнік для падрыхтоўкі да абавязковага цэнтралізаванага тэсціравання / Г.М. Малажай, Л.І. Яўдошына, А.А. Радзевіч. - Мінск: Аверсэв, 2015. - 512 с.
4. Кісель, Т.А. Беларуская мова. Біялагічная лексіка: практыкум: дапушчана МА РБ у якасці вучэбнага дапаможніка для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па спецыяльнасцях "Біялогія", "Аздараўленчая і адаптыўная фізічная культура", "Фізічная рэабілітацыя і эргатэрапія" Т.А. Кісель, Л.П. Місюкавец; МА РБ, УА "Палескі дзяржаўны ўніверсітэт". - Пінск : ПалесДУ, 2014.- 160 с.
5. Мова і культура: зб. навук. арт. / рэдкал. В.М. Касцючык [і інш.]; пад агул. рэд. Л.В. Леванцэвіч. - Мінск: РІВШ, 2014.
6. Беларуская літаратура ў 10 класе: вучэб.-метад. дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / З.П. Мельнікава [і інш.]; пад рэд. З.П. Мельнікавай, Г.М. Ішчанкі. - Мазыр: Белы Вецер, 2014.- 189 с.
7. Беларуская літаратура ў 11 класе: вучэб.-метад. дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / З.П. Мельнікава [і інш.]; пад рэд. З.П. Мельнікавай, Г.М. Ішчанкі. - Мазыр : Белы Вецер, 2014. - 190 с.
8. Мельнікава, З.П. Культура літаратуразнаўчага даследавання: вучэбна-метадычны дапаможнік / З. П. Мельнікава; рэц.: Т.М. Тарасава, З.М. Заіка, 2014. - 94 с.
9. Леванцэвіч, Л.В. Беларуская дыялекталогія: вучэбна-метадычны комплекс [для ВНУ] / Л.В. Леванцэвіч; рэц.: В.Б. Пераход, Н.М. Борсук, 2014. - 122 с.
Выкладчыкі ўніверсітэта прымаюць актыўны ўдзел у паляпшэнні якасці выкладання беларускай мовы ва ўстановах, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі. У 2014 г. грыф Нацыянальнага інстытута адукацыі атрымалі наступныя выданні выкладчыкаў БрДУ:
Кавальчук, Т.А. Чалавек і свет // Пачатковая школа: 1 кл.: прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне : дапам. для настаўнікаў / В.І. Цірынава і інш. - Мінск: НІА, 2014.
Ішчанка Г.М., Кавалюк А.С., Мельнікава З.П., Сенькавец Ул.А., Швед І.А., Шчэрба С.М. Беларуская літаратура ў 10 класе: вучэб.-метад.дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання // Кузьма Чорны / Іван Мележ / Пятрусь Броўка / Стэфан Цвэйг / Пімен Панчанка. Мазыр, 2014.
Ішчанка Г.М., Мельнікава З.П., Сенькавец Ул.А., Швед І.А., Шчэрба С.М. Беларуская літаратура ў 11 класе: вучэб.-метад. дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання // Ніл Гілевіч / Васіль Быкаў / Георгій Марчук / Эрнэст Хемінгуэй / Генрых Бёль / Рыгор Барадулін / Аляксей Дудараў. Мазыр, 2014.
Яніцкі М.І., Смаль В.М. Беларуская літаратура ў 11 класе: вучэб.-метад. дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання // Іван Шамякін / Сяргей Кавалёў / Уладзімір Бутрамееў / Іван Чыгрынаў. Мазыр, 2014.
Яніцкі М.І., Смаль В.М. Беларуская літаратура ў 10 класе: вучэб.-метад. дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання // Андрэй Макаёнак / Янка Брыль. Мазыр, 2014.
Акрамя друкаваных выданняў адукацыйны працэс забяспечваецца электроннымі дапаможнікамі. У 2014 годзе ў электроннай бібліятэцы ўніверсітэта размешчаны наступныя выданні выкладчыкаў на беларускай мове:
1. "Жанраўтваральная роля антрапонімаў у гістарычнай прозе берасцейскіх пісьменнікаў": вучэбна-метадычны дапаможнік (С.Ф. Бут-Гусаім);
2. "Уводзіны ў мовазнаўства": метадычны дапаможнік (Т.А. Кісель, Н.Р. Якубук);
3. "Беларуская дыялекталогія": вучэбна-метадычны комплекс (Л.В. Леванцэвіч);
4. "Гісторыя Беларусі ў кантэксце еўрапейскай цывілізацыі": вучэбна-метадычны комплекс (П.С. Рамановіч, Л.І. Ермаковіч).
Беларуская мова ва ўніверсітэце выкарыстоўваецца і ў справаводстве. Штогод на беларускай мове выдаецца План работы Установы адукацыі "Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна", у якім вызначаюцца асноўныя напрамкі дзейнасці ўніверсітэта. Таксама існуюць іншыя лакальныя дакументы, распрацаваныя на беларускай мове: Палажэнне аб конкурснай камісіі пры Савеце ўніверсітэта, Палажэнне аб адукацыйна-асветным цэнтры імя Ўладзіміра Калесніка, Палажэнне аб вучэбна-метадычнай камісіі філалагічнага факультэта, Парадак вырашэння пытанняў накіравання навучэнцаў БрДУ імя А.С. Пушкіна на вучобу за мяжу, а таксама для ўдзелу на працягу навучальнага года ў спартыўных, культурных і іншых масавых мерапрыемствах, Палажэнне аб прысваенні звання "Ганаровы доктар Установы адукацыі "Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна", Этычны кодэкс навучэнцаў Установы адукацыі "Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна". Каля 20% загадаў і распараджэнняў выдадзены на беларускай мове.
На ўсе зарэгістраваныя ў аддзеле дакументацыйнага забеспячэння лісты адказ даецца на мове іх выканання, у тым ліку і на беларускай.
На працягу навучальнага года ва ўніверсітэце праводзяцца мерапрыемствы рознага накірунку на беларускай мове. На 2014/2015 навучальны год планам правядзення вучэбна-метадычных, навукова-метадычных мерапрыемстваў універсітэцкага і рэгіянальнага ўзроўняў запланаваны наступныя: навукова-метадычны семінар "Праблемы арганізацыі і правядзення вучэбных практык навучэнцаў гуманітарных спецыяльнасцяў", рэгіянальны навукова-метадычны семінар "Актуальныя праблемы выкладання літаратуры ў сучаснай школе", вучэбна-метадычныя семінары "Філалагічная адукацыя ў сістэме "Школа - ВНУ", "Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі ў філалогіі", завочны рэгіянальны конкурс творчых сачыненняў вучняў 10-11 класаў і студэнтаў, прысвечаны 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, конкурс эрудытаў "Слова і нацыянальная культура", адкрыты конкурс "Таямніцы слова і думкі", універсітэцкая прэзентацыя "Слова за словам". Планы работы факультэтаў таксама прадугледжваюць правядзенне мерапрыемстваў на беларускай мове. На філалагічным факультэце амаль усе навуковыя канферэнцыі праводзяцца на беларускай мове.
На беларускай мове праведзены таксама шэраг мерапрыемстваў у межах рэалізацыі Комплексу мер па папулярызацыі гісторыка-культурнай, духоўнай спадчыны беларускага народа і дасягненняў Рэспублікі Беларусь:
- інфармацыйныя гадзіны "Да 75-годдзя ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР", "1939 у гістарычным лёсе беларускага народа", "Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі ў 1920-30 гг.", "Беларуская мова: праблемы і рэальнасць", "Жыву ў Беларусі, тым ганаруся", "У. Калеснік - літаратуразнаўца, пісьменнік, крытык";
- прэзентацыі "Слова за словам", "Мой родны кут";
- фальклорныя і тэатралізаваныя святы "Піліпаўскія вячоркі", "Неруш роднага слова", "Беларускія вячоркі. Выкуп нявесты (фрагмент беларускага вяселля)";
- літаратурная гасцёўня "Дзень памяці У. Калесніка";
- конкурсы сачыненняў, эсэ "Як жыць - дык жыць для Беларусі", "Мая Радзіма - Беларусь", "Твае героі, Беларусь", "Адна ў нас калыска - матчына мова", "Словам славім родны край!", "Мая малая Радзіма";
- акцыі "Квітней, Беларусь", "Я кожную хвіліну беларус";
- інтэрактыўны перапынак "Размаўляй па-беларуску";
- творчы конкурс сацыяльнай рэкламы "Размаўляй па-беларуску".
На сённяшні дзень у фондзе бібліятэкі ўніверсітэта налічваецца больш за 100000 асобнікаў кніг на беларускай мове, што дазваляе цалкам задаволіць патрэбы адукацыйнага працэсу.
Работа па якасным беларускамоўным напаўненні інтэрнэт-сайта ўніверсітэта вядзецца супрацоўнікамі цэнтра інфармацыйных тэхналогій сумесна з выкладчыкамі філалагічнага факультэта.
Выконваючы абавязкі рэктара ўніверсітэта - першы прарэктар С.А. Марзан.
"Беларуска-польскі тэматычна-тэрміналагічны слоўнік" Лявона Баршчэўскага
Пры падтрымцы Амбасады Рэспублікі Польшча у Рэспубліцы Беларусь у выдавецтве Зміцера Коласа выйшаў "Беларуска-польскі тэматычна-тэрміналагічны слоўнік".
Гэта першае выданне такога тыпу на кніжным рынку. Яно ёсць своеасаблівым працягам "Польска-беларускага тэматычнага слоўніка для школьнікаў і студэнтаў", які выйшаў з друку ў 2012 г. Гэты слоўнік ствараўся ў супрацоўніцтве з грамадскім аб'яднаннем "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" і з выкладчыкамі беларускага гуманітарнага ліцэя, якія працуюць у складзе навукова-творчай лабараторыі "Еўрапейская школа - XXI стагоддзе" Таварыства беларускай школы.
У слоўніку змешчана больш за 40 тысяч беларускіх і польскіх тэрмінаў, паняццяў, выразаў, назваў і ўласных імёнаў, у тым ліку так званай "лексікі пашырэння". Загалоўныя словы і версіі іх перакладу на польскую мову выбіраліся з існых падручнікаў для сярэдняй школы і ВНУ, са спецыяльных слоўнікаў і іншых выданняў, спіс якіх пададзены у кнізе. Слоўнік разлічаны на шырокае кола карыстальнікаў, але ў першую чаргу можа быць карысны школьнікам і студэнтам (перш за ўсё гуманітарных кірункаў) Беларусі і Польшчы. Ён можа быць таксама прыдатны ў працы магістрантам, аспірантам і дактарантам, а таксама тым, хто займаецца навуковымі даследаваннямі ў галіне гуманістыкі. Пры гэтым аўтар і сябры рэдакцыйнай рады гэтага слоўніка таксама добра ўсведамляюць патрэбу стварэння, напрыклад, беларуска-польскага політэхнічнага слоўніка або беларуска-польскага слоўніка спартовай тэрміналогіі.
Корпус "Беларуска-польскага тэматычна-тэрміна-лагічнага слоўніка" аб'яднаны ў дзевяць шырэйшых тэматычных груп: навуковая і агульна-дыдактычная лексіка; тэрміны з філалогіі, рыторыкі, эстэтыкі, культуралогіі і мастацтвазнаўства; тэрміны з філалогіі, рыторыкі, эстэтыкі, культуралогіі і мастацтвазнаўства; тэрміны, паняцці і назвы з гісторыі; тэрміны і назвы з іншых грамадскіх навук; тэрміны і назвы з фізічнай геаграфіі, геалогіі, гідралогіі, глебазнаўства, метэаралогіі, кліматалогіі; тэрміны з біялогіі, экалогіі і медыцыны; хімічная тэрміналогія; тэрміны з фізікі і астраноміі; тэрміны з матэматыкі і інфарматыкі. У Дадатку змешчаны некаторыя гістарычныя і міфалагічныя імёны, прозвішчы, мянушкі.
У кожным раздзеле слоўніка загалоўныя тэрміны, паняцці, назвы і імёны падаюцца (з некаторымі выняткамі) у алфавітным парадку. Укладакльнік імкнуўся не ўключаць у корпус слоўніка тыя лексічныя адзінкі, якія, не гледзячы на розніцу алфавітаў і іх марфалагічныя асаблівасці, з'яўляюцца агульнымі для абедзвюх моў і вымаўляюцца ў іх калі не аднолькава, то вельмі падобна, напрыклад: балерына - baleryna; батаніка - botanika; вуха - ucho; эстэтыка - estetyka і г.д. У той жа час, у слоўніку знайшлі сваё месца тыя інтэрнацыянальныя словы, якія ўжываюцца пераважна ў адной з моў: гарызантальны - poziomy; герой - bohater; сінтаксіс - skladnia ды інш.
Рэдакцыйная рада: Уладзімір Колас (агульнае кіраўніцтва), доктар філалагічных навук Валянцін Голубеў і кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў (гістарычная тэрміналогія), доктар філалагічных навук Міхась Тычына (тэрміны з філалогіі), Ягор Сурскі (тэрміналогія грамадскіх навук), Ірына Сідарэнка (тэрміналогія фізічнай геаграфіі і геалогіі), Людміла Марозава (тэрміналогія біялогіі, медыцыны і экалогіі), Павел Бураўкін (хімічная тэрміналогія), Уладзімір Багач, Міхась Булавацкі, Алена Леановіч, Надзея Сцепанчук (тэрміналогія фізікі, астраноміі, матэматыкі і інфарматыкі).
Напісаць прадмову дапамагалі прафесары кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта Ніна Баршчэўская і Мікалай Цімашук.
Наш кар.
Адукацыйныя паслугі Школа асобаснага росту "ШАР". Псіхолаг Людміла Дзіцэвіч.
Трэнінг " Знаходжанне свайго рэальнага і ідэальнага "Я".
13 сакавіка а 19-ай гадзіне ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13.
У праграме трэнінгу:
1. Знаходжанне свайго рэальнага і ідэальнага "Я".
2. Паўтарэнне негатыўных канструкцый рэальнага "Я" праз многія пакаленні: здрадніцтва, пакінутасці, ігнаравання, прыніжэння, несправядлівасці.
3. Развіццё ўмення прымаць і адпускаць рэальнае негатыўнае "Я".
4. Развіццё ўмення актуалізаваць ідэальнае "Я": ставіць свае мэты і дасягаць іх; развіваць сваю творчасць і ініцыятыву, пераходзіць ад выканальнасці да лідарства, фарміраванне пачуцця свабоды, пераход ад ратавання другіх да працы для сябе, зняцце пачуцця ахвярнасці, адыход ад пачуцця бунтарства і агрэсіі да спагадлівасці і любові.
5. Выкананне гульняў і практыкаванняў для замацавання.
Для кантактаў: сл. тэл. (+375 17) 327-60-88; х.тэл. (+375 17) 281-04-35;
МТС (+375 29) 769-29-78; velcom (+375 29) 960-14-53; e-mail spadarl@yandex.ru.
Заняткі ў Школе асобаснага росту "ШАР" праходзяць кожную 2-ю і 4-ю пятніцу месяца а 18-ай гадзіне (звяраць з абвесткамі) ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13.
АДКРЫТЫ ЛІСТ ЗАКАЎМЛЫЧАНАМУ КРЫТЫКАНЦУ АД НЯСЛУХНІКА-РЭДАГАВАНЦА
Калі даведаўся, што ў "Нашым слове" з'явілася аб'ёмная рэцэнзія на кнігу Ядвігі Рай "Сцежкі пілігрыма на скрыжаваннях часу", парадаваўся за аўтарку, бо ведаю, што ў нашай літаратуры "самацёк" - выпадак рэдкі. І нават намёк на тое, што рэцэнзент ледзь не з захліпваннямі ўхваліў аўтара-дэбютанта і "не зусім тактоўна" напісаў пра рэдактара, асабліва не напружыў: публічнасць прывучыла, што свой розум не ўставіш, а ў рэдакцыях нават пры крытычным становішчы некаторых выданняў ёсць хоць адзін чалавек, здольны адрозніць крытыку ад грэблівай пагарды.
Пры знаёмстве з тэкстам артыкула з'явілася асацыяцыя, што яго аўтар Валер Санько вырашыў асядлаць сукаватую палку, узяць у рукі драўляную шабельку і пагойсаць, як у дзяцінстве. Толькі не па надворку, а па літаратурным полі. Ну - той бяды: чытачы "Нашага слова" людзі талковыя і неабыякавыя, літаратараў як асоб трохі ведаюць - разбяруцца.
Вядома, што свабода беларуса - лаяць надвор'е і ганьбіць бліжняга, бо на іншае духу не хапае. І калі першае - рэч небяспечная ў прынцыпе, то для другога маюцца два абарончыя панцыры: знешні (былыя або ўяўныя заслугі) і ўнутраны (узрост, хваробы). Таму гарачыя галовы адразу заскокваюць за межы маралі, а пасля - заклікаюць да талерантнасці. Таму і тут успомнілася, што пасыл: "Хвалу и клевету приемли равнодушно и не оспаривай глупца", - ніхто не адмяніў. Зрэшты, гэта сказаў чалавек з сярэдняй адукацыяй (ліцэй). Такія для Валерыя Аляксеевіча - не аўтарытэт.
Аднак "Наша слова" "запіярыла" матэрыял у Сеціва. Тады і з'явілася думка, што вышэйшай субстанцыі хопіць і смяротных грахоў, а з драбязой трэба разбірацца ў гэтым жыцці. Бо вядома: адзін збрэша, другі падбрэша, а трэці скажа, што так і было. А "пачынальнік варагавання" павінен прадбачыць, што на драўляную шаблю можа знайсціся пластмасавы пісталет з шарыкамі для пінг-понга.
Пачынае Санько, якому хранічна не хапае існуючай мовы, з агульных разваг пра "самаўпэўненцаў", якія бяруцца за любую справу, у тым ліку - рэдагаванне, хоць і не прайшлі "трохступеневае вучнёўства". І вось гэтыя "саступлівыя, мяккія людзі" "сядзяць на павучальным крэсле". Ці не пра супрацоўнікаў "Нашага слова" выказаўся Валерый Аляксеевіч?
Схільны да сітуацыйнага гумару, уявіў, як Санько ў маім узросце ўдзячна і сарамліва выслухоўвае парады "літаратурнага зубра" з сацрэалістычных 70-х, каб актыўна прымяняць іх у гвалтоўныя 90-я.
Даводзілася сустракаць і інжынераў, якія забылі формулу плошчы квадрата, і журналістаў, якія не ведаюць, што такое "інфармацыйная нагода", і філолагаў, у якіх адна рука правая, другая - іншая, а вочы адчыняюцца, замест таго, каб расплюшчвацца. І "накаўт клоўну" для іх - натуральнае беларускае вымаўленне. Падобнага "франкенштэйна" намагаецца стварыць і Валерый Аляксеевіч. А няма вучняў - і школа гіне. Можа, адсюль і нападкі на дрэннага рэдактара, які сапсаваў добрую кнігу? Маўляў, гецьма да мяне - навучу, як трэба? Няма, шаноўны, у падобных праектах (калі чалавек робіць кнігу сумленна і якасна, а ўсё ж - малатыражна: для сваіх і тых, хто спрычыніўся) канкурэнцыі - захоплівайце рынак, няхай ад вашых моўных выкрутасаў думкі "закаўмлычваюцца"…
Зрэшты, сённяшні беларус, якому мову пастаянна мяняюць-генерыруюць, даўно зразумеў, што тыя, хто да яе бліжэй, ні з кім ёй дзяліцца не збіраюцца: як толькі мова стане агульнаўжывальнай, высветліцца, хто колькі важыць. Таму лепш трымаць эксклюзіўнае права на валоданне ёй, каб астатнія пачуваліся "наязджанцамі" і "бязродавічамі". А для гэтага актыўна развіваць яе ў асабістай прабірцы або ў акрэсленых колах: прыдумляць лексічныя выкрутасы, мяняць правілы, зацягваць польскія і ўкраінскія адпаведнікі як спрадвечна беларускія, выкідваць сінонімы як русізмы, забываючы, з якіх летапісаў суседка-імперыя ўзяла аснову сваёй сённяшняй мовы.
"Прадметныя заўвагі" Санько ў артыкуле я разгледзеў і не знайшоў у іх ніякага рэзону: нават аднолькавая назва розных вершаў - з'ява ў паэзіі звыклая: можа, "няўсміхны рухлівец" прапануе кожнай тэменастрою прысвячаць па адным вершы або нумараваць іх? Ды і падвойнасць беларускай тапанімікі спадару Санько, несумненна, вядома. А прозвішча "Печанко" на той жа мове, што і "Санько", можна было б хоць тут падумаць, а не "выстарвацца" падбаёдваць…
Відаць, каб знайшлася пара апісак на 150 тысяч знакаў, то з вялікім задавальненнем тыцнуў бы ў іх неўтаймоўны "крытыканец", як гэта робяць інтэрнет-тролі! Амбіцыйнасць заўваг, дарэчы, маглі б заўважыць і супрацоўнікі рэдакцыі, замест таго каб патураць свайму сталаму аўтару.
Рэдактуру сапраўды лічу не рамяством, а творчасцю - да кожнага літаратурнага праекта выпрацоўваюцца свае крытэрыі. І пакуль усе пытанні не закрыты, рукапіс застаецца рукапісам. Гэта так званы аб'ёмны падыход, у якім улічваецца ўсё, а не толькі традыцыі і тэндэнцыі мовы, не кажучы пра фармальную граматыку. Гэтаму не навучыш. Але што зробіш, калі спадар Санько інтэгралы кручкамі лічыць?
Кампраміснасць пры рабоце з аўтарамі, несумненна, прысутнічае, бо ў падобных выпадках менавіта яны - асноўныя карыстальнікі. Рэдактар павінен павысіць ўзровень зборніка ў аўтарскіх межах, можа пашырыць кола чытачоў, пазначыць пэўную перспектыву. І пры гэтым не мае права перапісваць, рабіць матэрыял чужым. Таму і ўкладанне зборніка пры неабходнасці карэктуецца, аднак рэдка выкідаецца пластамі. Тут адразу ацэньвай: ці здольны з першапачатковага матэрыялу нешта прымальнае зрабіць? Не, дык не псуй сабе настрой і аўтару здароўе. Так, то адразу пазначай патрабаванні і аргументуй іх. Трэба ўлічваць, што жыццё ў звычайных людзей адно, і сродкі на выданне - хутчэй ад эканоміі, чым ад вялікіх здабыткаў. Менавіта таму сярод розных жанраў у кнізе "Сцежкі пілігрыма…" змешчана асацыятыўная рэцэнзія "Неўміручасць паэта", дзе разам з творчасцю Янкі Купалы разглядаецца кніга "Грэх на іх нязмыўны" Валера Санько.
Можна меркаваць, што калі неўтаймоўны Валерый Аляксеевіч размахнуўся артыкулам на дзве траціны паласы, то ўсё ж гэты матэрыял у яго ўнутранага супраціву не выклікаў. Прызнаюся, гэта сапраўды была самая праблемная і рызыкоўная частка кнігі, хоць і тут цэнтр раўнавагі быў даволі хутка знойдзены. І ў цэлым кніга атрымалася, якой і павінна быць.
Юрась Нераток.
Гісторыя ў падзеях і малюнках "Будзьма!"
16 сакавіка (панядзелак) адбудуцца заняткі гістарычнай школы з Алегам Трусавым "Гісторыя ў падзеях і малюнках".
Пачатак - 18. 30 гадзін. Румянцава, 13. Уваход вольны. Наступныя заняткі адбудуцца 23 сакавіка.
Свята беларускай мовы ў аграгарадку Чаркасы
28 лютага ў Чаркаскім сельскім Доме культуры Дзяржынскага раёна адбылося штогадовае раённае "Свята беларускай мовы", якое складалася з некалькіх частак і пачалося 21 лютага з песеннага конкурсу: "Родная мова - душы аснова", прымеркаванага да Міжнароднага дня роднай мовы. У пятніцу 27 лютага быў прадэманстраваны мультфільм "Тарзан" дубляваны па-беларуску, на працягу тыдня ў Чаркаскай сельскай бібліятэцы працавала кніжная выстава як сучасных аўтараў, так і класікаў беларускай літаратуры, якую мог наведаць кожны ахвотны.
Вядоўцамі свята былі Віктар Цыбін і Таццяна Суднік, мастацка-дэкаратыўным афармленнем займаліся Вікторыя Дзем'яновіч, Марына Мальцава, Віялета Марцінкевіч, гукарэжысёр Яўген Лойка, усе яны студэнты кафедры рэжысуры абрадаў і свят УА "Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў", якія знаходзяцца на практыцы ў Чаркаскім Доме культуры. Кожны з пералічаных студэнтаў займаўся і рэжысёрска-пастановачнай работай, асабліва Віктар Цыбін, якому была даручана сцэнарная частка. Фотакарэспандэнтам выступіў мастацкі кіраўнік Дома культуры Яўген Сідаровіч. Галоўным рэжысёрам і ідэйным натхняльнікам свята з'яўляецца дырэктар Чаркаскага Дома культуры Кірыл Шык.
28 лютага перадсвяточны настрой свята ў Доме культуры стваралі беларускія народныя песні, якія гучалі з дынамікаў гукаўзмацняльнай апаратуры, кніжная выстава, якая зацікавіла кожнага сваёй разнастайнасцю, дзеці ў народных касцюмах, якія раздавалі паштоўкі з серыі "Не маўчы па-беларуску" і аўдыёкасеты гурта "Крама". Свята пачалося традыцыйна, можна сказаць, нават сімвалічна, з напісання дыктоўкі, якая была прысвечана 80-годдзю з дня нараджэння Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна і 70-годдзю Вялікай Перамогі над гілераўскай Германіяй. Афіцыйная частка свята пачалася ўрачыста і ўзнёсла з выканання ансамблем "Сяброўкі" песні "Радзіма", мясцовага аўтара і кампазітара Надзеі Камаровай.
- Родная мова нясе ў сабе жывую памяць народа, яго духоўнасць, з'яўляецца скарбніцай звычаяў і традыцый, перадаваных з глыбіні стагоддзяў ад пакалення да пакалення. Гэта тая вечная спадчына, да якой трэба ставіцца сур'ёзна і беражліва, захоўваючы і развіваючы яе - адкрываючы свята адзачыў дырэктар Чаркаскага Дома культуры, дэпутат Фаніпальскага сельскага Савета Кірыл Шык. - Мова гэта тое, што найперш адрознівае беларусаў ад іншых народаў - здабытак і скарб, які ўвабраў у сябе ўсё багацце і разнастайнасць духоўна-культурнай спадчыны Беларусі, генетычны код нашага народа. Напрыканцы выступлення Кірыл Шык прачытаў верш Васіля Жуковіча "Мір, Радзіма, мама - усяму аснова!", які стаў яго жыццёвым крэдам з дзяцінства.
Падчас мерапрыемства ганаровымі дыпломамі свята і падарункамі ад ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" і МГА Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" былі адзначаны ансамбль народнай песні "Сяброўкі" мастацкі кіраўнік Ніна Капусціна, пераможца песеннага конкурсу "Родная мова-душы аснова" Кацярына Зянько, пераможца дыктоўкі Кацярына Капыловіч, сёстры Рашэтнік Ксенія, Паліна і Яна за творчае, яскравае, душэўнае прачытанне вершаў Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна, якім на свяце быў прысвечаны адмысловы блок. У канцэртнай частцы прымалі ўдзел калектывы Чаркаскага дома культуры: ансамбль народнай песні "Сяброўкі", дзіцячая вакальная студыя "Вясёлыя ноткі". Асаблівым падарункам для ўсіх прысутных стаў канцэрт артыста Зміцера Вайцюшкевіча, які адбыўся ў межах грамадскай-культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі". Ягоны выступ уразіў публіку не толькі песнямі на вершы класікаў, а яшчэ і добрым гумарам, які прыйшоўся да спадобы людзям, што было бачна па апладысментах і добрым настроі. Такія песні як "Калыханка" на верш Генадзя Бураўкіна і "Бывайце здаровы" на тэкст Адама Русака спявала ўся зала. Прысутныя на свяце настолькі былі прасякнутыя і ўражаныя дзеяннем, што перастаў існаваць падзел паміж гледачамі і артыстамі. У чарговы раз "Свята беларускай мовы" парадавала сваёй цікавай праграмай і падкрэсліла багацце і значнасць роднай мовы і культуры ў сучаным грамадстве.
Наш кар.
Дзень беларускамоўя ў Оршы
У Оршы нядаўна прайшоў чарговы "Дзень беларускамоўя" - гэдак мы называем стаўшыя ужо традыцыйнымі сустрэчы мясцовых прыхільнікаў беларускай мовы з нашымі пісьменнікамі, паэтамі, ды іншымі творцамі, а яны адбываюцца ў нас часта. Раней, мы сустракаліся з паэтамі Ўладзімірам Някляевым, Уладзімірам Арловым, Георгіем Станкевічам, Міхасём Мірановічам ды іншымі.
На гэты раз, як раз у дзень народзінаў Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна да нас завіталі Леанід Дранько-Майсюк, ды Эдуард Акулін. Усе ўспаміналі, вядома, пра знакамітага "Дзядзьку Рыгора", пра сумесную працу з ім, пра розныя выпадкі сустрэч, пра яго творчасць: літаратурны стыль, яго вялікія чалавечыя і літаратурныя здольнасці. Гаворка пра вядомага заслужанага чалавека вялася доўга, але не забыліся госці расказаць і пра сябе, і сваю творчасць, чыталі свае вершы, расказвалі пра гісторыі іх стварэння.
Вельмі ўразілі слухачоў вершы пра знакамітага Хомку, пра тое, які ён добры, знаходлівы, як добра ўжываецца з усімі і як любіць дзяцей. Як кажуць, "Леаніда Васільевіча мы доўга не адпускалі", кожны яго верш ішоў пад апладысменты. Мы, як і ён, закахаліся ў яго гераінь - каралеву Бону, ды Спадарыню Эл. Нездарма, і кніжку гэтую многія купілі.
Эдуард Акулін паўстаў перад намі ў некалькіх іпастасях: рэдактар часопіса "Верасень", адзінаццаты нумар якога і прэзентаваў, і паэт, які добра чытаў свае добрыя вершы. А пакарыў нас усіх сваім цудоўным выкананнем на гітары ("жывы гук") бардаўскіх песень. Адным словам, таленавіты паэт, здольны выдавец і рэдактар, цудоўны музыка-бард.
Наша аршанская суполка ТБМ яшчэ вельмі слабая і гэта трэба прызнаць. Але мы плануем пашырыцца і ў колькасным і ў якасным сэнсе. Мы ўжо склалі і зацвердзілі план сваіх дзеянняў на 2015 год, будзем прымаць у свае шэрагі больш прыхільнікаў беларушчыны, ды ладзіць розныя карысныя дзеі. Мы радыя, што ў нашых радах вядомы на Аршаншчыне прадпрымальнік, гаспадар аграсядзібы, старэйшына вёскі Стаўры Ігар Грышанаў. Мы збіраемся калі-нікалі ў яго на сядзібе і ладзім беларускамоўныя сустрэчы, з цікавасцю аглядаем яго дагледжаную гаспадарку, прыемна адчуваем сябе на яго падворку, з захапленнем знаёмімся з яго музеем беларускага народнага побыту. У нашых планах - гэтым летам таксама пабыць у яго ў гасцях і наладзіць творчую імпрэзу.
Мінай Карніенка, г. Орша.
Урок роднай мовы ў Ветцы
Урок роднай мовы адбыўся ў 10 класе сярэдняй школы № 1 імя А. Грамыкі ў Ветцы. Сустрэча адбылася, дзякуючы супрацоўніцы Цэнтральнай бібліятэкі Валянціне Бава.
Урок вёў паэт Генадзь Лапацін. Ён прачытаў вершы слынных паэтаў - Рыгора Барадуліна, Анатоля Сербантовіча, Ніны Мацяш, Алеся Пісьмянкова і іншых творцаў.
Адбылася прэзентацыя кніжкі Генадзя Лапаціна "Варвара Грэцкая як з'ява ў беларускай культуры".
Ул. інф. Гомельскага абласнога аддзялення СБП. На здымку: Генадзь Лапацін і Валянціна Бава.
Слоўнік гідронімаў Браслаўшчыны
25 лютага 2015 г. у ТБМ (г. Менск) адбылася творчая сустрэча з вядомым навукоўцам Раісай Іллінічнай Аўчыннікавай з нагоды выдання кнігі "Гідронімы Браслаўшчыны" (Слоўнік), якая пабачыла свет у выдаўца Віктара Уладзіміравіча Хурсіка. Наклад навуковага выдання 55 асобнікаў.
Гідронімы - гэта назвы розных водных аб'ектаў: рэк, ручаёў, праток, канаў, каналаў, азёр, заліваў, сажалак і вадасховішчаў. Вывучае гідронімы навука гідранімія, назва якой утворана ад грэчаскіх асноу НУДОР "вада" і ОНУМА "імя". Мова гідронімаў - гэта самая старажытная мова тэрыторыі Браслаўшчыны. Пакінулі нам свае словы продкі старажытных балтаў і славян, варагаў і фіна-вуграў. Гідранімія раёна багатая і разнастайная як у гістарычным, так і ў лінгвістычным плане.
Збор і сістэматызацыя гідронімаў у межах аднаго раёна былі праведзены ў 90-х гадах упершыню ў рэспубліцы. Змястоўныя звесткі ўзяты з энцыклапедычных даведнікаў.
Пры правядзенні лінгвістычнага аналізу былі скарыстаны працы па тапаніміцы В. Жучкевіча, Э. Мурзаева, Р. Агеевай, У. Топарава, А. Трубачова, А. Мацвеева, А. Папова, Аванагаса, К. Буга, Я. Эндзеліна, В. Дамбе, А. Катонавай, Н. Мацкевіч, А. Грынавецкене і іншых аўтараў.
Аб гідронімах басейна Заходняй Дзвіны і Браслаўшчыны аўтарам публікаваліся артыкулы ў газетах "Браслаўская звязда", "Віцебскі рабочы", "ЛІМ", "Вячэрні Мінск", "Звязда", "Новы час", у часопісах", "Спадчына", "Родная прырода", "Падарожнік", "Веснік БДУ" і іншых выданнях.
Рэцэнзентамі кнігі з'яўляюцца доктар геаграфічных навук, прафесар Пётр Сцяпанавіч Лопух (БДУ) і доктар геаграфічных навук, прафесар Барыс Паўлавіч Уласаў (БДУ).
На мерапрыемстве прысутнічалі: журналіст Таццяна Трубач, экскурсавод Таццяна Шчытава, археолаг Вадзім Шадыра і настаўніца Надзея Малаковіч, а таксама гісторык - журналіст Аляксей Шалахоўскі. Кніга, безумоўна, зацікавіць навукоўцаў.
Аляксей Шалахоўскі.
Усенародны рух за наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай (да 25-годдзя Закона "Аб мовах у Беларускай ССР" - 26 студзеня 1990 г.)
(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)
У моцна зрусіфікаванай Беларусі стаць такой шчаслівай мовай найбольш усяго шанцаў было ў рускай: ёю непараўнальна лепш, чым беларускай, валодалі ўсіх рангаў чыноўнікі, ідэолагі, яна непадзельна панавала ва ўсіх сферах афіцыйнага жыцця БССР, што абавязвала нацыянальных адраджэнцаў вельмі адказна ставіцца да праблемы дзяржаўнага двухмоўя, бачыць у ім наравістага траянскага каня.
Небяспеку № 1 уяўляла сабой суцэльнае неразуменне шырокімі коламі людзей з-за іх малой дасведчанасці ў моўным пытанні і моцнай зрусіфікаванасці тых негатыўных наступстваў, з якімі абавязкова давядзецца сутыкнуцца роднай мове беларусаў пры ўвядзенні афіцыйнага беларуска-рускага двухмоўя. Бо і сапраўды, ці ж магла яна вытрываць жорсткую канкурэнцыю з практычна адзінай на той час мовай службовага справаводства, навукі, педагагічнага працэсу сярэднеспецыяльнай і вышэйшай школы, прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў, гарадскіх агульнаадукацыйных школ, г. зн. з рускай мовай. Па гэтых прычынах яна стала і асноўнай мовай камунікатыўных зносін беларускага грамадства. Вялікі гонар усім, хто ў гэтых без перабольшвання экстрэмальных варунках выступаў супраць афіцыйнага беларуска-рускага двухмоўя, за наданне статусу адзінай дзяржаўнай толькі беларускай мове, як роднай мове тытульнага насельніцтва БССР. Толькі дзякуючы старанням такіх беларускіх нацыянальных патрыётаў не магло хоць трохі не парупіцца пра беларускую мову тагачаснае чынавенства.
Занадта не марудзіць партыйныя і савецкія органы БССР з наданнем беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай вымушаў і вопыт шэрагу саюзных рэспублік, дзе ўжо нацыянальныя мовы былі ўведзены ці вось-вось іх збіраліся ўвесці ў такі законны для іх ранг. У канцы лістапада 1989 года, да прыкладу, гэтую праблему знялі з парадку дня Азербайджан, Арменія, Грузія, Латвія, Літва, Эстонія, Малдавія, Узбекістан. Што ж датычыць Расійскай Федэрацыі, тут руская мова фактычна заўжды з'яўлялася дзяржаўнай нават пры адсутнасці адпаведнага нарматыўнага акта.
Сваё ўпартае нежаданне ўзвесці беларускую мову на дзяржаўны п'едэстал бальшавіцкія ідэолагі рэспублікі тлумачылі самымі рознымі прычынамі, у тым ліку і адсутнасцю прыкметнага масавага руху саміх людзей за ўвядзенне роднага слова ў грамадскае жыццё, дзе яму пакуль што не знаходзілася аніякага месца. На жаль, многія людзі і сапраўды змірыліся, звыкліся з такімі дэфармацыямі ў моўнай сферы, што толькі было на руку партыйна-савецкаму апарату. Спатрэбілася нямала высілкаў ад нацыянальна зарыентаваных тэарэтыкаў, каб усё-такі прымусіць улады штосьці карыснае рабіць дзеля роднай мовы тытульнага народа. Слушныя рэкамендацыі наконт гэтага даваў доктар філасофскіх навук, прафесар Анатоль Яцкевіч: "Без стварэння неабходных умоў для выкарыстання беларускай мовы ў прафесійнай дзейнасці, - пісаў ён, - усе іншыя меры застануцца паўмерамі і самі па сабе жаданага эфекту не дадуць.
Першымі крокамі тут можа стаць прымяненне беларускай мовы як рабочай у дзейнасці апарату Вярхоўнага Савета БССР, міністэрства народнай адукацыі, культуры, сельскай гаспадаркі, а ўслед за імі і ў адпаведных органах выканкамаў, мясцовых Саветаў народных дэпутатаў" (Літаратура і мастацтва. 1989. 10 лістапада. С. 15). Прыведзеныя вышэй прапановы можна лічыць за эталон і для сучаснага чыноўніцкага апарату, які так упарціцца беларусізацыі сваёй дзейнасці.
Прыемнай нечаканасцю для многіх рупліўцаў беларускай мовы стала абмеркаванне звязаных з ёю праблем на старонках вядучага ў рэспубліцы партыйнага перыядычнага органа "Коммунист Белоруссии". Вядома, выступалі ў ім не работнікі партыйнага апарату, а пераважна прадстаўнікі навуковай, творчай, педагагічнай інтэлігенцыі. Сваёй беларускасцю добра вызначаўся трэці нумар часопіса "Коммунист Белоруссии" за 1989 год. У ім актуальным праблемам беларускай мовы прысвечаны артыкул загадчыка аддзела Інстытута літаратуры АН БССР, доктара філалагічных навук Адама Мальдзіса "Давайте, наконец заговорим…", выкладчыцы беларускай мовы і літаратуры СШ № 2 г. Слоніма, выдатніцы народнай адукацыі БССР Е. Руцкай "Родная речь - это бесценный клад". Думаю, што не толькі два, але і год таму гэты часопіс не дазволіў бы першаму з названых аўтараў ужыць такія трывожныя словы: "Город… сегодня не говорит по-белорусски… на нас смотрят как на аномалию (с. 73) …следует придать (по примеру других республик) белорусскому языку статус языка государственного…" (с. 75).
Яшчэ не так даўно да перабудовы, кіраўнікі агульна-адукацыйных школ выхваляліся адзін перад адным сваімі дасягненнямі ў выкараненні элементаў беларушчыны з навучальнай і выхаваўчай працы, а Е. Руцкую такое зусім не задавальняла. Ёю "Задача… школы видится в том, чтобы в сознании учеников построить новую школу приоритетов, среди которых должен быть родной язык…" (с. 78), г. зн. тое, што ўжо амаль цалкам адсутнічала ў гарадскіх агульна-адукацыйных школах і не выклікала якой-небудзь трывогі ў кіраўнікоў народнай асветы, у партыйных і савецкіх уладаў.
Не абмяжоўваў сябе ў фармулёўках дзеля вызначэння спосабаў, як вярнуць масы тварам да беларускай мовы пісьменнік Уладзімір Юрэвіч у сваім артыкуле "Через совершенствование национального…" (Коммунист Белоруссии, 1989, № 4, с. 86 - 90) . Вось яго думкі наконт гэтага: "Только решительными мерами по реанимации национального языка белорусов можно развенчать до конца декларированную Сталиным и живущую до сих пор идею "слияния языков" или одноязычия будущего человечества (с. 87)… сильно заблуждаются те, кто думает, что одним для всех языком можно заменить национальный язык в родной этнической среде" (с. 90).
Праблему беларускай мовы не абышлі і ў пятым нумары часопіса "Коммунист Белоруссии". Яго рэдакцыя дазволіла кандыдату гістарычных навук Алегу Трусаву выказаць і такое, з чым далёка не ўсе згаджаліся ў высокіх эшалонах улады: "… для того, чтобы белоруский язык имел перспективу своего развития, нужно его конституционно наделить правами государственного языка, и в течение десяти лет… полностью перевести на него все учреждения, организации и учебные заведения" (с. 15).
Падобнага роду публікацыі не былі пустым стрэлам, бо будзілі гушчы народа ад летаргічнага сну, вымушалі палітыкаў, ідэолагаў, нацыянальную эліту штосьці практычнае рабіць у інтарэсах беларускай справы. Цешыла, абнадзейвала на дасягненне поспеху, што флагманам агульнанацыянальнага змагання за выратаванне ад усіх узваленных русіфікатарамі на беларускую мову бед, як і трэба было спадзявацца, увачавідкі станавіўся горад Менск, не гледзячы на амаль франтальны адрыў яго насельнікаў ад колішняга самабытнага ладу жыцця. Адраджалася ж яно не самапасам, а пры самым актыўным удзеле сталічных партыйных і савецкіх уладаў, што вельмі радавала, натхняла да актыўнай стваральнай працы найперш прадстаўнікоў творчай, навуковай, педагагічнай інтэлігенцыі. Упэўнены, што і сёння такую адказную адраджэнцкую місію ахвотна ўзялі б на сябе мінчане, каб толькі для гэтага наспеў час. У нас ужо даўно стала за правіла за ўсе нацыянальныя беды абвінавачваць дзяржаўна-партыйны чыноўніцкі апарат. І такога яны заслугоўваюць. Але, дзякаваць богу, былі і прыемныя выключэнні з такой руйнавальнай нацыянальнай практыкі. Ад яе, як пачалося выкліканае перабудовай беларускае нацыянальна-культурнае Адраджэнне, вельмі хутка і рашуча адмовіўся Менскі гаркам КПБ. Па-сутнасці, гэта ім была распрацавана ўласная гарадская праграма "Родная мова". І не толькі распрацавана, але і актыўна ўвасаблялася ў практыку, асабліва ў сферы дашчэнту зрусіфікаванай, нацыянальна абяскроўленай народнай адукацыі. У 1987 годзе праз вялізныя намаганні і афіцыйных уладаў, і грамадскасці, найперш настаўнікаў, у Менску удалося стварыць толькі два беларускамоўныя класы. Затое ў наступным годзе да іх дадалося ўжо 15 такіх класаў. На пытанне падчас правядзення ў лістападзе 1989 года ў Менску "круглага стала" па праблемах мовы: "Што галоўнае ў працы мінчан?", інструктар Ідэалагічнага аддзела ЦК КПБ М. Фядзеня даў такі адказ: "Вялікая растлумачальная праца з бацькамі з удзелам партыйных, савецкіх органаў, вучоных, пісьменнікаў, грамадскасці, самадзейных аб'яднанняў.
І ў першую чаргу звярнуліся да асновы, дзе закладваецца моўны фундамент чалавека - да дзіцячых садоў" (Звязда. 1989. 14 лістапада). І даволі вынікова: у 1988 годзе ў Менску працавала 70 беларускамоўных груп у 40 дзіцячых садах, якія станавіліся базай для заснавання беларускамоўных класаў. У 1989/90 н. г. іх адкрыта 85, прычым у сямі школах усе першыя класы беларускамоўныя (Звязда. 1989. 14 лістапада) . Сёння гэтым ніяк не выпадае пахваліцца Менску, хоць і з'яўляецца сталіцай незалежнай (відаць, толькі на словах) Рэспублікі Беларусь. Ёсць чым ганарыцца Прэзідэнцкай вертыкалі! І яна з такім расхлябаным нацыянальным жыццём нават у самой сталіцы краіны гэтак неўтаймоўна, ашалела рвецца ў саюзную з Расійскай Федэрацыяй дзяржаву?!
У 1989 годзе ў Менску ўжо меліся такія ўстановы і арганізацыі, дзе самі калектывы без усялякага знадворнага ўплыву тэрытарыяльных партыйных органаў трывала станавіліся на шлях беларусізацыі сваёй дзейнасці. З належным разуменнем ставіліся да развязвання моўнай праблемы кіраўніцтва і партыйная арганізацыя вытворчага аб'яднання "Белрэстаўрацыя". На праведзеным у лістападзе 1989 года адкрытым партыйным сходзе было падтрымана рашэнне бюро Менскага гаркама партыі ўвайсці ў Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР з прапановай аб прыняцці Закона аб дзяржаўным статусе беларускай мовы на тэрыторыі рэспублікі. У гэтым аб'яднанні многія з кіраўнічых работнікаў займалі правільную пазіцыю ў пытаннях развязвання моўнай палітыкі як у рэспубліцы ў цэлым, так і ў сваім калектыве ў прыватнасці. Бальшыня стаяла за тое, каб руская мова з'яўлялася толькі сродкам міжрэспубліканскіх зносін. Наданне ж ёй, як пісаў начальнік аддзела кадраў ВА "Белрэстаўрацыя" М. Кійка, "паралельна з нацыянальнымі мовамі статусу дзяржаўнай у нацыянальных рэспубліках, што прапануюць некаторыя таварышы, ёсць па сваёй сутнасці кансервацыя той моўнай сітуацыі, якая пакінута нам у спадчыну адміністратыйна-бюракратычнай сістэмай, ёсць тармажэнне развіцця нацыянальных культур, згортванне працэсу дэмакратызацыі" (Звязда. 1989. 23 лістапада). Сказанае не падлягала тады, не падлягае і сёння аніякай крытыцы.
Спраўджваліся надзеі на павышэнне адраджэнцкай актыўнасці народа праз яго ўдзел у распрацоўцы доўгатэрміновай праграмы "Роднае слова". У красавіку 1989 года гэтае пытанне спецыяльна разглядала Ідэалагічная камісія ЦК КПБ і дала каштоўныя ўказанні па завяршэнні яе распрацоўкі.
Ход падрыхтоўкі праграм рэгулярна разглядаўся на "круглых сталах" з запрашэннем на іх пасяджэнні самых аўтарытэтных у пытаннях мовы тэарэтыкаў і практыкаў. У лістападзе 1989 года такі стол арганізаваў загадчык аддзела газеты "Звязда" А. Шагун. У ім бралі ўдзел акадэмік-сакратар АН БССР М. Бірыла, дырэктар Інстытута мовазнаўства АН БССР А. Падлужны, прафесар, загадчык кафедры беларускай мовы БДУ Л. Шакун, намеснік міністра народнай адукацыі БССР Г. Бутрым, інструктар ідэалагічнага аддзела ЦК КПБ М. Фядзеня, галоўны інспектар Міністэрства народнай адукацыі БССР Т. Саўчук. Склад удзельнікаў, як бачым, досыць кампетэнтны. Цалкам апраўдана, што сярод разгледжаных імі пытанняў было і самае актуальнае: аб наданні беларускай мове статусу дзяржаўнай, якім, заяўлялася, у нас пакуль што карыстаецца толькі руская мова (Звязда. 1989. 23 лістапада) . А вось, што дзеля выратавання беларускай мовы ад заняпаду, павышэння яе прэстыжнасці ў грамадстве ёй трэба абавязкова надаць статус адзінай дзяржаўнай у рэспубліцы, ніхто з гэтых аўтарытэтных прадстаўнікоў афіцыйнай інтэлігенцыі не выказаўся, хаця такі пункт гледжання даволі часта абмяркоўваўся ў СМІ і атрымаў станоўчую ацэнку. Да лістапада 1989 года ўсю працу па складанні праграмы "Родная мова" закончылі і перадалі яе ў Вярхоўны Савет БССР і ў Савет Міністраў (Звязда. 1989. 14 лістапада) , што не толькі паспрыяла хутчэйшай падрыхтоўцы праекту Закона "Аб мовах у Беларускай ССР", але і скласці яго на больш высокім прафесійным узроўні, лепш улічыць законныя правы свайго тытульнага, дзяржаўнага народа. Непасрэдны ўдзел яго самога ў распрацоўцы праграмы "Роднае слова" - базы праекту Закона можа разглядацца як факт непасрэднага дачынення шырокіх мас людзей да моўнага заканадаўства, з чым не павінен быў не лічыцца любы палітычны рэжым, любы дзяржаўны лідар.
Пераканаўчым доказам агульнанароднага характару распрацоўкі моўнага заканадаўства трэба прызнаць непасрэдна датычную яго шырокую перапіску заклапочаных лёсам роднага слова грамадзян з дзяржаўнымі і партыйнымі ўладамі. Асабліва высокай ацэнкі заслугоўвалі дасланыя на адрас самога Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР лісты. Усе яны без выключэння вельмі ўважліва аналізаваліся ў яго пастаянных камісіях. Ад іх імя перад дэпутатамі ХІV-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР было заяўлена наступнае: "У большасці сваёй працоўныя з разуменнем ставяцца да прыняцця закона, выяўляючы пры гэтым сапраўдны інтэрнацыяналізм у падыходзе да вырашэння моўнага пытання ў рэспубліцы" . Адзначалася, што і многіх рускіх "трывожыць лёс беларускай мовы" . Зусім натуральна, што ў дасланых лістах узнімалася і праблема афіцыйнага беларуска-рускага двухмоўя. Немалая заслуга ў гэтым дзяржаўных СМІ. Пазіцыя пастаянных камісій Вярхоўнага Савета БССР наконт прапаноў аўтараў некаторых лістоў надаць статус дзяржаўнай і рускай мове была такой: "…статус дзяржаўнай мовы вызначаецца нацыянальна-дзяржаўным утварэннем, якім у адносінах да беларускай мовы з'яўляецца суверэнная Беларуская ССР. У яе складзе няма якіх-небудзь аўтаномных нацыянальных абласцей" (Звязда. 1990. 31 студзеня) . Як бачым, усё лагічна, па-навуковаму абгрунтавана, цалкам адпавядае моўнай практыцы цывілізаваных краін з адной дзяржаўнай нацыяй.
Характэрны для таго часу нацыянальны патрыятызм беларускага народа наглядна праглядаецца праз нечуваны да гэтага рост попыту на літаратуру ў роднай мове. Выдадзеныя да 1989 года беларуска-рускі і руска-беларускі слоўнікі імгненна знікалі як з гарадскіх, так і вясковых кнігарняў. Купляць жа іх ніхто не прымушаў. Людзі самі бачылі ў іх патрэбу, жадалі хутчэй наблізіцца да адабранага ў іх слова. Увосень 1989 года ў выдавецтва рэспублікі паступіла больш за 150 тыс. заявак (!) на руска-беларускі слоўнік (Звязда. 1989. 14 лістапада) .
Такога роду даведачная літаратура цікавіла і тых нашых суродзічаў, што жылі за мяжой свайго краю. Вось што значылі ўжо толькі самі спробы зрабіць беларускую мову патрэбнай грамадству. Без усялякага бізуна людзі браліся за авалодванне ёю. А вось сёння, калі ўлады свядома вывелі беларускую мову з грамадскага ўжытку, і пад руляй пісталета не прымусіш людзей купляць даведачную літаратуру па ёй, не кажучы ўжо пра мастацкую і публіцыстычную. Нездарма зараз тыповы наклад кніг на беларускай мове 100 - 300 паасобнікаў.
(Працяг у наст. нумары.)
Леанід Лыч
Жывая народная мова ў творчасці шаркоўшчынскага паэта Віктара Лагуна
1. "І перад вечнай роднай мовай, як прад бацькамі, я ў даугу".
В. Лагун.
Духоўнасць народа вызначаецца захаваннем нацыянальнай гістарычна-культурнай спадчыны, нематэрыяльнай часткай якой з'яўляецца родная мова. Той, хто завецца беларусам, павінен яе ведаць, шанаваць і зберагаць для спадкаемцаў. Асаблівую каштоўнасць уяўляе жывая народная мова. Гэта невычэрпная крыніца, якая сілкуе літаратуную мову, узбагачае яе. Вучоныя-мовазнаўцы не прыпыняюць даследаваць каштоўнасці моўнай скарбніцы. На жаль, носьбіты жывой народнай мовы паступова сыходзяць з жыцця, і тое моўнае багацце, якім яны валодалі, у поўнай меры ўжо не пераймаецца нашчадкамі.
У глыбінцы, удалечыні ад вялікіх гарадоў яшчэ можна пачуць яркую, самабытную, адметную для кожнай мясцовасці мову. Менавіта ў ёй адлюстравана еднасць чалавека і прыроды, назіральнасць, кемлівасць, народная мудрасць - усе тыя асаблівасці, якія абумоўліваюць і фармуюць менталітэт народа.
Больш за два дзесяцігоддзі існуе ў г.п. Шаркоўшчына, што на Віцебшчыне, народнае літаратурна-музычнае аб'яднанне "Світанак", створанае пры раённым цэнтры культуры. Яго сябры - таленавітыя творчыя асобы, паэты, празаікі. Літаратурныя здабыткі "світанкаўцаў" адлюстраваны ў створаным літаратурным музеі. Наведвальнікі, якіх цікавіць беларуская літаратура, могуць пазнаёміцца са шматлікімі паэтычнымі зборнікамі мясцовых паэтаў, перыядычнымі выданнямі, міжнароднымі літаратурнымі праектамі, дыпломамі за ўдзел у розных конкурсах, у тым ліку і рэспубліканскіх. "Світанак папулярызуе беларускую літаратуру на роднай мове ў школах, на розных культурных мерапрыемствах. Некалькі разоў на год раённая газета "Кліч Радзімы" адводзіць тэматычную паласу для "світанкаўцаў." Кацярына Сосна і Міледзь Кукуць - сябры СПБ.
Таленавітага паэта Віктара Лагуна ведаюць далёка за межамі Шаркоўшчынскага краю. Галоўны інжынер Глыбоцкага РЭСа, энергетык, улюбёны ў сваю прафесію, ён - выдатны майстар мастацкага слова, які дорыць святло людзям не толькі ў прамым сэнсе, але і сваёй паэзіяй. За гады літаратурнай дзейнасці паэт выдаў некалькі зборнікаў вершаў. Жанры творчасці Віктара Лагуна вельмі ранастайныя: вершы, санеты, оды, паэмы, гумарэскі, байкі, памфлеты. Апошнія выдадзеныя кнігі - "На палатне жыцця", "Кнігазбор", 2012 г. (выткана яно яркім самабытным моўным узорам) і "Ракурс", Мінск, "Кнігазбор", 2013 г. Мова яго твораў падкупляе пракаветнай чысцінёй, нерушу, як і прырода Прыдзісеншчыны.
Лагуноўскі ракурс - погляд і ўменне мастака слова паказаць з'явы жыцця, у тым ліку і негатыўныя, у грамадстве наогул, вузей - у працоўным калектые, суседстве, сям'і такімі, як ёсць. Творы, асабліва гумарыстычныя і сатырычныя, дасягаюць выразнасці, трапнасці, вастрымі, дзякуючы ўжытку жывой каларытнай народнай мовы, "яркай і пахкай", як адзначаецца ў анатацыі да кнігі "Ракурс". Менавіта яна дапамагае аўтару ствараць яркія вобразы і характары. Моўныя сродкі твораў начэрпаны з моўнай скарбніцы роднага краю, дзе нарадзіўся і вырас творца. Невялікая вёска "Сталіца" на беразе "нястомнай маладой Дзісны - ракі", у атачэнні лясоў і журавінных балот - малая радзіма Віктара Лагуна пэўны час тут жыў і працаваў мастак і фалыларыст Язэп Драздовіч. У спадчыну ад продкаў В. Лагун атрымаў мову, яе багаце і прыгажосць, адметнасць і самабытнасць. Ён - паэт-грамадзянін з глыбокім мысленнем, тонкі лірык, яркі гумарыст і сатырык.
2. Устойлівыя выразы (фразеалагізмы) у творах Віктара Лагуна: "На палатне жыцця", "Ракурс".
Усунуць тры грошы.
Біцца ілбом у дол.
Церабіць цемя.
Падставіць патырчаку.
Карагодзіць чарку.
Уліпнуць па вушы.
Вушы віснуць.
Вушы пухнуць (у курцоў).
Насіць жар у шапцы.
Назіраць, як шышок (злодзей).
На плаху.
Жыць, як набяжыць.
Быць у шаўках.
Гарадзіць гараду.
Абуць у лапці.
Абуць вас у лапці.
Даць лазы.
Корчыць бервяна.
Хіхікаць у кулак.
Гнаць мульку.
Запяваць рэпку.
Паўзці смаўжом.
Ехаць да далмана*.
Ламаць аглоблі.
Ставіць рубам (пытанне).
Не ісці рукой.
Вылятаць у трубу.
Складаць у панчоху (грошы).
Залезці ў доўг да бацянка
(зацяжарыць).
Узняць цяжар на плечы.
Вочы на лоб.
Галава кругам.
Біць у лыч.
Строіць вочкі , (мордачкі, міны).
З галовачкі (вельмі патрэбна, неадкладна).
Цягнуць за язык.
Гады ў рады.
Пераставіць рамень на дзірку.
Гнуць дугу.
Біцца, як дзяцел аб ствол.
Далоў з капытоў.
Лапкі ўгору.
Біць стракача.
Ціснуць капейку.
Валачы на гарбу.
Стачыць канцы з канцамі.
Церабіць шлях.
Паласкаць косці.
Мыліць вока.
Пакласці вока.
Трымаць хвост трубой.
Язык як цясак.
Папала шляя пад хвост.
Звясці на клін.
Сесці ў лужыну.
Даць па плешку (да адказу),
"выціснуў па плешку газ".
Скруціць у рог.
Уліваць з пустога ў парожняе.
Палажыць на лапаткі.
Ляжаць мёртвым грузам.
Спраў да дуры.
Віхляць хвастом.
Біць лынды.
Падаслаць саломкі.
Устаўляць мазгі.
Закон як дышла.
Быць на повадзе.
Адлежваць бакі.
Варушыцца ў труне.
Вынесці нагамі наўпярод.
Спаць у шапку.
* Далман - некалі вядомы лекар на Глыбоччыне. Лячыў замовамі на вадзе, "чытаў" думкі. Прозвішча стала адымёнавым назоўнікам з жартоўным значэннем "доктар": "Хоць ты да далмана едзь".
3. Дыялектызмы і рэгіяналізмы.
Абмішуліцца - ашукацца: "Абмішуліўся крыху, неяк адкуплюся".
Агальны - агульны: "Што мне лом агальны, ці там пару кос?"
Апрачацца - паміраць: "Як не апрэчся да дыплома".
Аскялёпкі - асколкі: " З бутлі - толькі аскялёпкі"
Ачмурыць - абвара-жыць: "Так ачмурыла яго шчасце".
Басці - несці лухту: "Пра якія ты працэнты, што ўгору лезуць, баў?"
Беркавец - мера вагі (10 пудоў): "Ведаў я з дашкольных класаў, што за "беркавец", "капа".
Вандолле - мясцовасць: "За возам - воз... па ўхабах і вандоллях"
Віхаць - узмахваць: "Ускінуліся рукі ўгору віхам".
Волка - вільготна: "Знізу сыра, зверху волка".
Выражджацца - выкручвацца, вырабляцца: "Чорт выражджаўся, як мог".
Гадавацца - жыць: "Як гадуешся?"
Гарэліца - гарэлка самаробная: "Хто дзе ў свеце ў ахвоту гнаў гарэліцу?"
Груца - нацыянальная страва з ячменных крупаў і гароху: "Кісне груца..."
Гугніць, гундосіць - гаварыць "у нос": "Загундосіў мікрафон..."
Дараць - быць да твару, пасаваць: "Дарае сукня"
Дастаўляць - лаяцца, абражаць: "Дастаўляў мяне, як мог".
Джгаць - хутка імчаць: "Прыджгаў Мікола на базар".
Дрэнчыць - дрыжаць: "Дрэнчаць мерцы..."
Збэсціць - папсаваць, абразіць: "Прабяруць наскрозь па-руску, збэсцяць, матам распякуць".
Зімна - сцюдзёна: "Словамі зімнымі раніцу зімнюю я намалюю".
Зломак - няздатны, няздольны: "Што я, зломак?"
Змора - стома, знясіленне: "Пастаіць і садзіцца ў зморы".
Канка - бідон: "Канку з-пад мігролу выкінуў пад куст".
Капа - мера ліку (60 шт): "Капу дываноў кожны год рука мастака малявала".
Каршэнь - верхняя частка плячэй: "Шыя лезе ў каршэнь".
Кассё - касавільна: "Хай кассё гнілое, будзе палка дроў".
Кіха - гумовая камера (з польск.): "Бы надзьмутая кіха".
Клады - могілкі: "Тут свае аралі соткі, тут на клады паляглі".
Крумялі - рачная рыба: "Даложым рыбам у вадзе, і засмяюцца крумялі".
Лабякі - участкі поля з рэдкай травой: "Гарыць трава на лабяках".
Лахаць - выглядаць, вышукваць штосьці: "Па гравейцы промень лахаў!
Лёсткі : трапны: "Лёсткія красамоўства пералівы".
Ляк - клад (дроў): "Пасякуць бабульцы дровы. Зложаць ляк - адно ажур".
Мальцы - хлопцы: "Крумялі, як кабаны. Во б іх мальцы набрадзілі!"
Матуз - тасемка, завязка: "Вяжы наўлечку на матуз".
Мітульга - мітусня: "Па моры мітульгі і тлуму..."
Назола - навязлівасць: " Ужо надалучыла назола".
Насупор - насуперак: "Ганю машыну і трасе, і надвор'ю насупор...".
Нашармака - дарма, "нахаляву": "З'еў нашармака з суседняй тумбы гусака".
Нішто - нядрэнна: "Цягнем мы на "нішто", "па-ціхаму".
Нядошласць - слабасць: "Пята - нядошласць Ахілеса".
Паказка - малюнак, выява: "Бачылі паказку ў небе людзі".
Панадворак - гаспадарчы двор: "Вынось кор(а)м на панадворак".
Пашанотны - шаноўны: "Пашанотны мой чытач".
Пігулкі - таблеткі, пілюлі: "Засыпала ў рот пігулкі".
Пільніца - неадкладная справа: "У пільніцу часу на роздум не знойдзеш" (сенакос).
Плевіць - зарастаць пустазеллем ("плевелы"): "Плевіць агарод".
Плясці - гаварыць нешта няўцямнае: "Што ты, Пеця, пра трываласць курса плёў?!"
Празванкі - мянушкі: "Звычна падбіраць празванкі".
Пранцы - састарэлае слова, азначае хваробу, ужыв. незласліва: "Каб яго прамцы".
Прыгаворкі - прымаўкі.
Разноска - плеценая з лазы сумка з ручкамі: "Дастае з разноскі - сумкі...".
Рата - частка: "Ёсць рата і маёй віны".
Рубмік - цясляр: "Рубміковіч: бацька - рубмік".
Рэзгіны - прылада (вяровачная сетка з ручкамі) для пераноскі сена, саломы: "Рэзгіны саломы валаку дадому".
Садануць - моцна ўдарыць: "Аб асфальт як саданулі сорак кіль".
Сёрбанка - вадкая страва (зацірка, булён): "Такую сёрбанку згатуем!"
Сноўдаць - хадзіць узад-уперад: "Па ім (базары) ён сноўдаўня, бадзяўся".
Стотны (ад "стоць") - круты: "Стотны, стотны бераг Мнюты".
Сунуцца - ісці нетаропкай хадой: "Тэкля з елкаю пад пахай суне па балоце ўглыб".
Сцісна - цесна, ушчыльную: "Сцісна зваджу далоні нараўні".
Усё чыста - літаральна ўсё: "На ўсім чыста эканоміць".
Цальнік - некранутае месца (ягаднік): "Там цалеюць цальнікі".
Цяўпсці - навязвіва даказваць, растлумачваць свой пункт гледжання: "Што ты гэтак, Пеця, клёва пра рубель народу цёўп?"
Чаўрэць - марнець: "Без вады чаўрэюць будні".
Чохнуць - выліць вадкасць раптоўна, адным махам ("чохнула з вядра"): "Ёсць парадкі, дзе не чохам..."
Чэзнуць - згасаць: "Караценькі дзень у снежні да абеду чэз і чах".
Шклумак - клунак, звязанае ў штосьці адзенне, рэчы: Прысядзе пасля шклумак-сетак".
Шпарак - дэкаратыўная расліна, бат. - аспарагус: "Шпаракам упрыгожаны букет вяргіняў".
Шумёлы - сабраныя разам званочкі (у кальцо), чаплялі пад дугой у час вяселля, калі маладыя на конях ехалі да шлюбу. Шумёламі суправаджалася гранне на народных музычных інструментах: "Пад ціхмяны шумёлаў пазвон".
Аўтарскія прымаўкі:
Ці нашыюць людзям ботаў напаўбосыя шаўцы?
Лёгкі смех - мая мікстура.
Горка ў горле - ты не плач.
Не наеўся, не ліжы.
Хлеб з вадою есці лепш, чым мёд з бядою.
Дні бягуць, як зайцы, гады сплываюць, як самы.
Каб абуць нагу другую, трэба нечыю разуць.
Спешка трэба ў двух выпадках: першы з іх - пры лоўлі блох.
Людміла Ардынская ,сябра народнага літаратурна-музычнага аб'яднання "Світанак", г. п. Шаркоўшчына Віцебскай вобл.
БЕЛАРУСКІЯ ФЕСТЫВАЛІ і ВЫСТАЎКІ Ў ШТАЦЕ НЬЮ ДЖЭРСІ
Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью Ёрку выдаў кнігу Янкі Запрудніка "Беларускія фестывалі і выстаўкі ў штаце Нью Джэрсі. Палітычная інфармацыя моваю мастацтва (1948-2011 гг.)".
Кніга гэтая двухмоўная, але англамоўны і беларускамоўны тэксты ў ёй хоць і паралельныя зместам, ды не ідэнтычныя.
У кнізе дакументуюцца і апісваюцца беларускія фестывалі і выстаўкі ў штаце Нью Джэрсі ды рэакцыя на іх у амерыканскім друку і палітычнай сферы, не кажучы ўжо пра беларусаў у іншых краінах Захаду. Аўтар абмежаваўся адным штатам Нью Джэрсі, каб зрабіць тэму больш падатлівай для апрацоўкі. Падзеі ў суседнім Нью Ёрку або ў суседняй Пенсільваніі згадваюцца толькі тады, калі ў іх бралі ўдзел беларусы з Нью Джэрсі (як прыкладам, у ньюёркскім Міжнародным кірмашы ў 1964 г.). Выбар Нью Джэрсі абумоўлены яшчэ і тым, што ў гэтым штаце беларускія фестывалі і выстаўкі адбываліся найчасцей і ў найбольшым маштабе. Тут фестывальная дзейнасць праклала беларускаму імю найшырэйшую дарогу ў сродкі масавай інфармацыі і амерыканскае грамадства.
Падзеі мінулых дзесяцігоддзяў адыходзяць усё глыбей і глыбей у мінуўшчыну. Да старых газет, у якіх засталося найбольш слядоў дзейнасці па-ваеннай хвалі беларусаў-імігрантаў, ніхто апрача рэдкіх даследнікаў, не будзе звяртацца. Таму важна было пазнаходзіць у раскіданых архіўных залежах найбольш цікавыя і павучальныя факты пра грамадскае жыццё папярэднікаў, апісаць ды асэнсаваць яго. Ведаць пра гэта належыць кожнаму беларускаму амерыканцу, кожнаму беларусу, каб усведаміць сабе, наколькі самаахвярнымі ў дачыненні да патрэбаў нацыянальна-вызвольнае справы былі паваенныя імігранты-беларусы; якімі патрыятычнымі пачуццямі яны кіраваліся ў працы на ніве беларушчыны, на полі змагання за выхад Беларусі ў шырокі свет з затхлай расейска-савецкай імперыі.
Думка пра падобнае выданне хадзіла даўно. Гэтак, у дзённікавых запісах Зоры Кіпель 1980 году чытаем: "Тумаш /др. Вітаўт/ сказаў пра альбом, - што варта выдаць падобны каляровы альбом з фестываляў. В. Тумаш і Ал. Сільвановіч хацелі такі альбом выдаць, але кошты - каля 40-50 тысячаў даляраў - пахавалі гэтае жаданне." І вось кніга з ілюстрацыямі выйшла.
Актуальнасць гэтай публікацыі таксама ў тым, што ў ёй паказана вялікая роля мастацтва, асабліва мастацтва народнага, як выразніка нацыя-нальнай душы і як камунікацыйнага сродку ў іншамоўным асяроддзі.
Наш кар.
Пастаўскі краязнаўчы дэсант
Эпізод ІІ: Глыбокае
Мінулая наша дэсантная высадка ў Мядзел надта спадабалася і нам, і мясцовай публіцы. Таму мы вырашылі паўтарыць эксперымент, і сваёй наступнай мэтай зрабілі нашых усходніх суседзяў - Глыбокае.
На гэты раз, праўда, склад нашай каманды крыху змяніўся. Ганна Пракаповіч не змагла з намі паехаць, бо на дадзены момант яна вучыцца ва ўніверсітэце ў Менску. Але краязнаўцаў на Пастаўшчыне хапае на ўсе выпадкі жыцця, і вакантнае месца заняў выдатны знаўца Дунілавічаў і іх ваколіц - Франц Хоміч. Астатнія ўдзельнікі засталіся тыя ж самыя: кіраўнік пастаўскай суполкі ТБМ імя Ф. Скарыны і ўсіх пастаўскіх краязнаўцаў - Ігар Пракаповіч, настаўнік Гуцкай школы і краязнавец тых мясцін - Мікалай Арэх, я і верная наша спадарожніца, настаўніца Пастаўскай музычнай школы - Юліяна Янцэвіч.
Як і ў першы раз, папярэдне дамовіліся з Глыбоцкай бібліятэкай і 20 лютага паехалі да іх у госці. Па прыездзе ў нас яшчэ заставалася вольнага часу да прэзентацыі і супрацоўніцы бібліятэкі паказалі нам свой глыбоцкі "храм" кнігі. Шчыра кажучы, уразіла. Будынак вялікі і выдатна абсталяваны пад бібліятэчныя патрэбы. Але забавы - забавамі, а прыехалі мы па справе. І роўна ў 15.00 мы пайшлі ў бібліятэчную актавую залу. Як і ў Мядзеле, вольных месцаў амаль што не засталося, і гэтаксама прысутнічалі гледачы самых розных узростаў. Плюс да таго ўсю прэзентацыю яшчэ і на відэа здымалі. Ну чым мы не зоркі міжраённага маштабу?
Як і ў мінулы раз прывітальнае слова ўзяў наш правадыр - Ігар Пракаповіч. Прадставіў глыбачанам усіх нас па чарзе і распавёў пра свой краязнаўчы падручнік "Чароўны край - Пастаўшчына". На гэты раз ён не знаёміў гледачоў з усімі пастаўскімі краязнаўцамі, бо глыбачане і самі могуць пахваліцца сваімі даследчыкамі, і да таго мы яшчэ былі абмежаваныя па часе, бо ехалі цягніком.
А ў перапынках паміж нашымі выступленнямі прыгажунька Ляначка з дапамогай сваёй чароўнай скрыпкі гэтую актавую залу на кароткі час рабіла камернай. І на гэтыя кароткія хвіліны промень медыяпраектара незаўважна ператвараўся ў святло сцэнічнага сафіта.
Наступным па чарзе быў я. Мне ўдалося знайсці сваю асабістую прэзентацыю па кніжцы пра вайну 1812 г. на Пастаўшчыне, і таму на гэты раз у сваім дакладзе я зрабіў асаблівы ціск на тое, што ў вывучэнні сваёй гісторыі мы павінны заўсёды зыходзіць са сваіх нацыянальных інтарэсаў, а не кіравацца меркаваннямі нашых суседзяў.
Пасля мяне за кафедру стаў Мікалай Арэх са сваёй кніжкай пра Рымкі. І яго гісторыя пра Віталеву курыцу, напрыканцы дакладу, зноў нікога не пакінула сумным.
І ў завяршэнне нашага краязнаўчага "марафону" быў наш новы спадарожнік - Франц Хоміч. Ён распавёў аўдыторыі пра гісторыю Дунілавічаў з самых даўніх часоў, выкладзенай у яго кніжцы, пачынаючы аж ад Нальшчанскага княства. А калі наблізіўся да нашых дзён, то пачаў распавядаць розныя містычныя легенды, звязаныя з былой сядзібай каля Дунілавічаў - Крыкаламі. Тут Франц, безумоўна, трапіў у цэль, бо амаль уся публіка была жаночага полу, таму пры першых узгадках аб містычных падзеях усе слухачкі пільна навастрылі свае вушкі.
Напрыканцы нашых прэзентацый зноў, як заўсёды, былі апладысменты, шмат цёплых слоў і пажаданняў. Але доўга затрымлівацца мы не маглі, бо трэба было спяшацца на цягнік. Ідучы ўжо на вакзал па горадзе раптам заўважыў вялікую, у некалькі паверхаў, краму будаўнічых і гаспадарчых тавараў. Такіх крамаў і ў Паставах шмат. Але гэта была цалкам аформлена на беларускай мове, а такіх у нас няма. Таму Глыбокае варта наведаць ужо хаця бы дзеля таго, каб пабачыць іх шыкоўную бібліятэку і, напэўна, калі і не адзіную ў Беларусі, то адну з некалькіх, на ўсю краіну, крамаў будаўнічых матэрыялаў на беларускай мове.
У цэлым, гэта наша падарожжа нам спадабалася не менш, чым першае ў Мядзел. Таму, едучы назад у цягніку, мы ўжо абмяркоўвалі, куды б нам накіравацца ў наступны раз, да якіх суседзяў.
Вадзім Шышко.