Папярэдняя старонка: 2015

№ 11 (1214) 


Дадана: 17-03-2015,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 11 (1214), 18 сакавіка 2015 г.


"НАШАМУ СЛОВУ" - 25 гадоў

17 сакавіка - 25 гадоў "Нашаму слову". Якая канкрэтна падзея, звязаная з "Нашым словам", адбылася ў гэты дзень, ужо ці хто можа сказаць. У першым нумары тады яшчэ бюлетэня "Наша слова", рэдактарам якога быў Ніл Гілевіч, пазначаны час выхаду - сакавік 1990 года . Сам Ніл Сымонавіч, які напісаў першую перадавіцу новай газеты, а менавіта - зварот да чытача, не бярэцца сцвярджаць, што дакладна ў гэты дзень выйшаў першы нумар. Але ва ўсіх календарах замацавалася гэтая дата, і, як казаў ваверскі ксёндз, не мы яе туды запісвалі - не нам і перапісваць. А ёсць жа магчымасць для гісторыкаў дакапацца да сапраўды і сказаць, што ж такое адбылося 17 сакавіка.

Разам з тым чвэрць стагоддзя "Наша слова" ідзе да чытача, нясе людзям беларускае слова, беларускую мову і беларускі клопат пра іх. Сёння мы перадрукоўваем той зварот да чытача з першага нумара. Дык ён, "як бы цяпер пісаны". За 25 гадоў не зменшылася колькасць праблем, якія стаяць перад нашым народам у пытаннях захавання, адраджэння і росквіту беларускай мовы. І хоць за 25 гадоў шмат чаго змянілася, а і сёння першымі словамі, якія бачаць людзі, узяўшы ў рукі "Наша слова", ёсць несмяротныя словы Францішка Багушэвіча: "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! " Але ж усе гэтыя 25 гадоў "Наша слова" несла і будзе несці далей цвёрдую веру ў тое, што "не пакінем і не ўмром" . Мы вечныя, як гэты белы свет!

ДАРАГІ ЧЫТАЧ!

У тваіх руках першы нумар "Нашага слова" - выдання Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Яшчэ адно сціплае пацверджанне таго, што працэс вяртання законных правоў роднаму слову на Беларусі патроху набірае сілу. А ці пачуецца наша мова на сваёй зямлі гаспадыняй - на гэта адказ адзін: толькі тады, калі клопат пра яе лёс стане ўсенародным.

Першы выдатны крок на гэтым шляху зроблены - прыняты Закон, якім беларускай мове нададзены статус дзяржаўнай. Але гэта менавіта крок першы і не самы цяжкі. Галоўнае, у тым ліку і найбольшыя цяжкасці - наперадзе. Закон прымаецца для таго, каб ягоны змест стаў жыццёвай рэальнасцю. Мяркуючы па тым, з якім боем праходзіў ён на камісіях і на сесіі Вярхоўнага Савета, практычнае ўвядзенне артыкулаў Закона ў дзеянне можа выклікаць моцнае супраціўленне. Зразумела, з боку тых, хто на словах і за дэмакратыю, і за перабудову, і за інтэрнацыяналізм, і за росквіт Беларусі - але толькі каб усё гэта... без беларускай мовы, а значыць - і без беларускай нацыянальнай культуры. Адным словам - за Беларусь без беларусаў. Бо калі ў народа няма сваёй мовы, сваёй мастацкай культуры, сваёй гістарычнай памяці, свайго ўласнага духоўнага аблічча, то а што тады ў яго ёсць, каб называцца народам?

Дык вось найпершы і найважнейшы сёння абавязак кожнага сябра ТБМ - усімі сіламі садзейнічаць таму, каб наша родная мова вярнула сабе страчанае пад ударамі лёсу становішча мовы дзяржаўнай. Вядома ж - спосабамі і шляхамі, якія будуць характарызаваць нашу нацыю як сапраўды культурную, цывілізаваную. Вядома ж - у добрым узаемаразуменні і сяброўстве з мовамі ўсіх іншых нацыянальных груп насельніцтва, якія здаўна жывуць на тэрыторыі Беларусі.

Гэта ж ёсць найпершым і найгалоўным заданнем бюлетэня ТБМ "Наша слова". Усе яго рубрыкі і публікацыі будуць працаваць на ўздым аўтарытэту і прэстыжу беларускай мовы, на выхаванне павагі і любові да яе, на тое, каб яна паўнапраўна, свабодна і смела гучала на зямлі яе вялікага стваральніка - беларускага народа. Як наша выданне будзе спраўляцца з гэтым - перш за ўсё залежыць, дарагі чытач, ад цябе. Ад таго, як ты будзеш падтрымліваць і прапагандаваць "Наша слова", як будзеш забяспечваць яго цікавымі, змястоўнымі, мэтанакіраванымі допісамі і артыкуламі. На вялікую творчую дружбу з табою і разлічваем мы, верачы ў доўгае жыццё "Нашага слова". Верачы ў вечнае жыццё Нашага Слова!


175 гадоў з дня нараджэння Францішка Багушэвіча

Францішак Бенядыкт Казіміравіч БАГУШЭВІЧ (21 сакавіка 1840, фальварак Свіраны, Віленская губерня - 28 красавіка 1900; псеўданімы: Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава) - беларускі грамадскі дзеяч, паэт, празаік, публіцыст і перакладчык. Адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, яе класік.

Літаратурная творчасць і грамадская дзейнасць Ф. Багушэвіча абуджалі нацыянальную самасвядомасць беларусаў, яго ідэйная спадчына з'явілася фундаментам ідэалогіі беларускага нацыянальна-вызвольнага руху пачатку XX ст.

Францішак Багушэвіч нарадзіўся ў сям'і выхадцаў з дробнай шляхты Казіміра і Канстанцыі (у дзявоцтве - Галоўня) Багушэвічаў. Доўгі час лічылася, што двор гэты арандаваўся бацькам паэта. Але Свіраны належалі Галоўням, з роду якіх паходзіла маці, Канстанцыя. Яна і паехала да сваіх бацькоў-дзядоў нараджаць ім чарговага ўнука (першым быў сын Уладзіслаў-Антон, старэйшы за Францішка на чатыры гады).

У перыяд паміж 1841 і 1846 гг. сям'я перабралася ў спадчынны маёнтак Кушляны Ашмянскага павета, які належаў Багушэвічам з сярэдзіны XVIII ст. Паводле купчай, запісанай у актавыя гродскія кнігі Ашмян 13 сакавіка 1749 г., продак паэта Антон Багушэвіч за 450 польскіх злотых "набыў маёнтак Кушляны або Мігуцяны" з сялянамі ад Кунцэвічаў.

Пачатковую адукацыю Ф. Багушэвіч атрымаў у Віленскай гімназіі, якую скончыў 26 ліпеня 1861 года. Падчас навучання асаблівую цікавасць выказваў да славянскіх моў, матэматыкі і заканадаўства.

У тым жа годзе паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт, аднак праз 2 месяцы быў выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях.

Вярнуўся на радзіму, працаваў настаўнікам у в. Доцішкі, Лідскага павета (цяпер - Воранаўскі раён) у школцы, адкрытай уладальнікам маёнтка Аляксандрам Звяровічам. Уступіў у мясцовае рэвалюцыйнае таварыства "пянтковічаў".

Актыўны ўдзельнік паўстання 1863-1864, быў паранены ў баі ў Аўгустоўскіх лясах. Яго бацька, сястра і брат Апалінар дапамагалі паўстанцам.

Ратуючыся ад рэпрэсій, вымушаны быў хавацца, а потым пераехаў на Украіну. 7 траўня 1865 года ён падаў заяву з просьбай аб навучанні ў Нежынскім юрыдычным ліцэі. Вучоба скончылася 26 ліпеня 1868 г. Працаваў на Ўкраіне.

25 сакавіка 1883 года кавалер ордэна Св. Станіслава 3-й ступені, калежскі дарадца Ф. Багушэвіч вяртаецца ў горад сваёй маладосці - Вільню. Цяпер ужо не адзін, а з жонкай Габрыэляй з дому Шклёнікаў, менчанкай, з якой узяў шлюб у 1874 г., меў дачку Канстанцыю (Туньку) і сына Тамаша Вільгельма. Зарабляў адвакацкай практыкай.

Увосень 1891 г. у Кракаве выходзіць першы зборнік паэта "Дудка беларуская" пад псеўданімам Мацей Бурачок . Пры жыцці паэта пад псеўданімамі былі надрукаваны вершаваны зборнік "Смык беларускі" (Познань, 1894) і апавяданне "Тралялёначка" (Кракаў, 1892). Лёс іншых твораў Багушэвіча - зборнікаў "Скрыпачка беларуская" і "Беларускія апавяданні Бурачка" дагэтуль не высветлены.

Ф. Багушэвіч канчаткова замацоўвае ў грамадскай свядомасці тэрміны "Беларусь" і "беларуская мова". Ён адзін з першых аўтараў беларускай нацыянальнай ідэі.

Вікіпедыя. (Пра Ф. Багушэвіча чытайце на ст. 4.)


Ці з'яўляецца рускамоўная літаратура, напісаная грамадзянамі Беларусі, беларускай?

У інтэрнэце і ў іншых СМІ працягваецца спрэчка, распачатая Віталем Цыганковым, наконт сітуацыі, што склалася ў беларускім ПЭН-цэнтры ў сувязі з абвяшчэннем новага праекта "Кніга года". Было абвешчана, што на конкурс можна падаваць кнігі, выдадзеныя пісьменнікамі на працягу апошніх пяці год. Спрэчкі выклікаў наступны сказ: "Кніга павінна быць напісана беларусам ці ў Беларусі на любой мове, якой карыстаюцца беларусы" .

Пасля сходу сяброў ПЭН-цэнтра з'явілася публікацыя ад імя ПЭН-цэнтра, у якой было напісана, што беларускі ПЭН-цэнтр звяртае ўвагу на пэўную дыскрымінацыю рускамоўных аўтараў у Беларусі, якія не маюць сваіх прэмій і новы праект павінен яе ліквідаваць.

Віталь Цыганкоў першым звярнуў на гэта ўвагу на сваім блогу і правёў апытанне на гэтую тэму некаторых сяброў ПЭН-цэнтра. Прыхільнікаў беларушчыны абурыла такая пазіцыя кіраўніцтва ПЭН-цэнтра, і яго кіраўнік Андрэй Хадановіч папрасіў прабачэння за гэтыя спрэчныя выказванні.

Тым не менш, у выніку дыскусіі на тэму, ці ёсць у Беларусі "дыскрымінацыя рускамоўных аўтараў" спачатку пакінуў ПЭН-цэнтр вядомы журналіст і літаратар Сяргей Дубавец, а потым паэт і эсэіст Алесь Аркуш, пісьменнік і журналіст Вінцэсь Мудроў, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

У сувязі з гэтым ізноў паўстае пытанне: ці ёсць пісьменнікі, якія стала жывуць на Беларусі, з'яўляюцца яе грамадзянамі, але прынцыпова пішуць свае творы толькі па-руску - беларускімі? Некаторыя вельмі хочуць так лічыць і таму падымаюць гвалт наконт іх так званай "дыскрымінацыі".

Аднак прывяду некалькі канкрэтных прыкладаў з гэтай нагоды. Спачатку вазьму маю малую радзіму Мсціслаўшчыну. З тэрыторыі былога Мсціслаўскага павета паходзяць тры славутыя пісьменнікі: Максім Гарэцкі, Айзек Азімаў і Аляксандр Твардоўскі. Мая радзіма для іх агульная, а вось адносіны да беларускай літаратуры - розныя. Айзек Азімаў - славуты амерыканскі, а не беларускі ці яўрэйскі пісьменнік, бо пісаў па-англійску. Твардоўскі, не гледзячы на сваё беларускае шляхецкае паходжанне і цудоўнае веданне беларускай мовы - класік толькі рускай літаратуры, бо пісаў па-руску.

Усе пісьменнікі, якія жылі ў Беларусі, але пісалі толькі па-польску, класікі толькі польскай літаратуры, найперш Адам Міцкевіч і Элаіза Ажэшка. А вось Уладзіслава Сыракомлю нават у школьных падручніках называюць польска-беларускім паэтам, бо ён пісаў на дзвюх мовах, а не на адной.

Самуіл Плаўнік (Змітрок Бядуля) - класік беларускай літаратуры, бо пісаў па-беларуску, а не на ідыш ці на іўрыце. Таму і славутую Святлану Алексіевіч, прэтэндэнтку на Нобелеўскую прэмію, можна назваць беларускай пісьменніцай толькі ўмоўна. Дакладней, гэта савецкая ці постсавецкая пісьменніца, такая ж як Чынгіз Айтматаў, бо ён пісаў па-руску і стаў славутым савецкім рускамоўным пісьменнікам.

Ці ёсць класікі рускай літаратуры, якія б жылі ў Расіі, але не пісалі па-руску? Украінца Гогаля не назавеш украінскім пісьменнікам, не гледзячы на ўкраінскія тыпажы ў яго творах.

Аляксандр Пушкін пачынаў пісаць свае вершы па-французску, Янка Купала - па-польску, а Якуб Колас - па-руску. Але потым яны зрабілі свой канчатковы выбар і сталі носьбітамі тых нацыянальных літаратур, на мову якіх яны перайшлі.

Таму я звяртаюся да сваіх рускамоўных сяброў ПЭН-цэнтра. Хочаце, каб беларуская мова не знікла, хочаце, каб Беларусь не стала чарговай ахвярай "русского мира", пераходзьце на беларускую мову, як гэта ў свой час зрабілі Андрэй Хадановіч і Алесь Марціновіч.

Можна таксама згадаць заклік рускамоўнага паэта з Менска Дзмітрыя Строцава, сябра ПЭН-цэнтра, да прадстаўнікоў рускай культуры да свядомага "самаўмалення" дзеля адраджэння беларускасці. Ён прапануе таксама, як і аўтар артыкула, расейскамоўным аўтарам Беларусі перайсці з рускай мовы на беларускую і лічыць, што гэта па-хрысціянску.

Наша пазіцыя, пазіцыя сапраўды паліткарэктных беларускіх патрыётаў у тым, што мы на тэрыторыі Беларусі на іншых мовах размаўляем толькі з тымі замежнымі грамадзянамі, якія не ведаюць беларускай мовы. З усімі беларускімі грамадзянамі, а яны паводле дзейнай Канстытуцыі павінны валодаць абедзвюма дзяржаўнымі мовамі, размаўляем толькі на беларускай мове. Прычым не прымушаем нашых суразмоўцаў размаўляць з намі па-беларуску, бо мы добра разумеем рускую мову.

Дык у чым тады дыскрымінацыя рускамоўных?

Алег Трусаў , старшыня ТБМ, сябра беларускага ПЭН-цэнтра, спецыяльна для партала ТБМ.


СВЯТКУЕМ ДОМА

Традыцыйная ўжо ў Міжнародны дзень роднай мовы сімвалічная акцыя ўдзелу ва Ўсебеларускай дыктоўцы прайшла ў нас гэтым разам у крыху непрывычным фармаце. Сабраліся мы ўсе, хто выказаў жаданне прыняць гэты ўдзел, сваім вузкім колам у хатніх умовах - на кватэры гасціннай гаспадыні, спадарыні Шостак Марыі Рыгораўны. Ініцыятарам такой сустрэчы выступіў наш сябра і сусед, вядомы паэт і публіцыст Яўген Гучок. Чытанне тэксту ён ўзяў на сябе, выкарыстаўшы для гэтай мэты адзін са сваіх вершаў - "Каб па-людску, каб ладна жыць..." А пісалі дыктоўку людзі розных узростаў і прафесій (спадары Іна і Валянцін - выкладчыкі музыкі ў вышэйшай школе, Галіна - медык, Ганна - спецыяліст па будаўнічым праектаванні, сама гаспадыня Марыя Рыгораўна - у мінулым выкладчыца матэматыкі. Сведчу, што з заданнем усе выдатна справіліся. Узніклі некаторыя пытанні да аўтара верша. Хто такі Сяргей Сідор, якому прысвечаны верш? ("Светлай памяці Сяргея Сідора"). Сп. Яўген распавёу пра гэтага выдатнага чалавека, якога ўжо даўно няма сярод нас, доктара педагагічных навук, прафесара, да таго ж - географа, вялікага патрыёта, які ўсёй сваёй дзейнасцю спрыяў беларушчыне.

Выклікала пытанні і тое, што дадзены верш Яўгена Гучка як бы палемізуе з вядомым, да таго ж пакладзеным на музыку кампазітарам І. Лучанком вершам Рыгора Барадуліна "Трэба дома бываць часцей". Возьмем пачатак верша:

Каб па-людску,

каб ладна жыць,

Каб душою

не быць абдзёртым,

Не бываць трэба дома,

а быць,

Не часцей, а заўжды -

і жывым, і мёртвым.

Ці можна так разумець, што сп. Гучок у сваім узнёслым, грамадзянскага і патрыятычнага гучання вершы спрачаецца з народным паэтам Рыгорам Барадуліным, дэманструючы як бы больш высокі градус таго ж беларускага патрыятызму? У кожным разе, паэты і пісьменнікі нярэдка палемізуючы паміж сабой, атрымліваючы, дарэчы, у тым дадатковыя імпульсы для сваёй творчасці.

На тым і пагадзіліся.

Гаворка ж натуральна пайшла пра Рыгора Барадуліна, пра блізкі ўжо (24 лютага) 80-гадовы юбілей паэта. Сумны юбілей, бо без юбіляра, які ўжо амаль год, як пайшоў ад нас у лепшы свет. Але з намі яго творы - і даўно вядомыя, і зусім новыя. Паэта няма, а кнігі з яго апошнімі вершамі выходзяць адна за адной, усё ідзе да людзей святло барадулінскага чарадзейнага слова, нібы святло ад патухлай зоркі.

Тут жа ўдзельнікі сустрэчы мелі магчымасць пазнаёміцца з толькі што выдадзенай кніжкай апошніх вершаў Рыгора Барадуліна "У неба пехатою". Пачыталі па чарзе вершы з кніжачкі, абмеркавалі, пасмакавалі, пазахапляліся зграбнымі і трапнымі, далікатнымі і афарыстычнымі барадулінскімі радкамі. Парадаваліся вобразнасці, ёмістасці, невычарпальнасці беларускага слова, якое зайграла ўсімі сваімі барвамі пад пяром такога майстра.

Наступным пунктам парадку дня нашага святочнага сходу з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы быў марыін яблычны пірог з гарбатай.

Тэмы ж далейшай размовы вызначаліся ў першую чаргу тым, што з намі за сталом быў, можна сказаць, "жывы класік" - вядомы і цікавы паэт Яўген Гучок, да таго ж у кампаніі - вастраслоў, таленавіты імправізатар, чалавек з аналітычным складам мыслення і фенаменальнай памяццю. Тут мы мелі ўнікальную магчымасць паслухаць у аўтарскім чытанні ягоныя новыя, яшчэ не апублікаваныя вершы, дасціпныя, выкрывальныя, вострыя, эмацыйныя часам да брутальнасці (пірог быў, вядома, для канспірацыі). Астатнія госці таксама не маўчалі, выказвалі свае меркаванні. Хто-ніхто меў таксама вершы пачытаць, выпісаныя з інтэрнету. Так што свята адбылося. Ніхто не сумаваў, людзі правялі час цікава і з карысцю для сябе. А так-сама з верай, што наша родная мова не загіне. Бо мы ніколі гэтага не дапусцім.

Вось так можна праводзіць цікавыя тэматычныя сустрэчы ў хатніх умовах. А як яшчэ? Тут ёсць свабода для творчасці. Будзем дзяліцца і натхняцца цікавымі ідэямі.

Святлана Багданкевіч.


Пра гультаёў і багацце беларускай мовы

Ёсць пара расейскіх дзеясловаў "закрыть - открыть" , якую многія беларусы перакладаюць як "закрыць - адкрыць", у лепшым выпадку яшчэ ведаюць "зачыніць - адчыніць". Слоўнікі, што праўда, прадугледжваюць яшчэ некалькі параў у гэтым кантэксце, але ні адзін з беларускіх перакладных слоўнікаў не ахоплівае ўвесь лексічны спектр.

Так перакладны руска-беларускі слоўнік 1993 года да рускага слова "закрыть" дае наступныя беларускія адпаведнікі: "зачыніць", "закрыць", "загарнуць", "згарнуць", "скласці", "заплюшчыць". Да рускага слова "открыть" гэты ж слоўнік дае адпаведнікі: "адчыніць", "адкрыць", "пачаць", "распачаць", "пусціць", "даць", "разгарнуць", "расплюшчыць", "раззявіць".

Разам з тым беларусы:

установу "закрываюць" і "адкрываюць";

невядомую краіну ці нешта новае "адкрываюць";

пры тым нешта новае могуць "знайсці" ці "вынайсці";

але:

дзверы "зачыняюць" і "адчыняюць";

дзверы на замок "замыкаюць" і адпаведна "адмыкаюць";

дзверы на завалу "завальваюць" і "адвальваюць";

дзверы на кручок або зашчапку "зашчапляюць" і "адшчапляюць";

печ засланкай "засланяюць" і "адсланяюць";

юшку ў коміне "засоўваюць" і "адсоўваюць";

бутэльку "закаркоўваюць" і "адкаркоўваюць";

бутэльку яшчэ "затыкаюць" і "адтыкаюць";

вочы "заплюшчваюць" і "расплюшчваюць";

кнігу "загортваюць" і "разгортваюць";

пакунак "запакоўваюць" і "распакоўваюць";

канверт "заклейваюць" і "адклейваюць";

рух "заканчваюць" і "распачынаюць";

рух можна "спыніць" і "перапыніць";

заслону на сцэне "засланяюць" і "адсланяюць";

заслону на гузікі ці аплікі "зашпіляюць" і "адшпіляюць";

партфель ці чамадан "зашпіляюць" і "расшпіляюць";

фіранкі на акне "засоўваюць" і "адсоўваюць";

мех ці торбу "завязваюць" і "развязваюць";

мех ці торбу яшчэ "зашываюць" і "расшываюць";

імпрэзу "распачынаюць" ("пачынаюць") і "заканчваюць" або "завяршаюць";

рот "раззяўляюць", а вось назад ужо ніяк не "ззявіць" трэба "закрываць";

воду можна не толькі "адкрыць", а і "пусціць", "даць" ці "падаць", можна "закрыць" і "перакрыць" і г.д.

Безумоўна, у рускай мове можна абмежавацца парай "закрыть - открыть", але як быць беларусам, куды падзець яшчэ 18 пар і некалькі няпарных дзеясловаў жывой беларускай мовы, на якой, ці ведаеце, нельга сказаць нічога вартага. Канешне, каб сказаць па-беларуску нешта вартае якасна і прыгожа, трэба мець слоўны запас у 18 разоў большы, чым маеш у рускай мове, а гэта не кожнаму пад сілу. І як гультаю на на вёсцы сёння не трэба лішняя зямля, так і духоўнаму гультаю ў цяжкасць лішнія веды. Навошта ведаць 18 пар дзеясловаў, калі дастаткова адной

Станіслаў Суднік, спецыяльна для партала ТБМ.


Беларуская мова ў беларускіх універсітэтах

Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"


У адказ на Ваш ліст ад 19 студзеня 2015 № 26 Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфармуе, што ў 2014-2015 навучальным годзе на беларускай мове выкладаюцца дысцыпліны па спецыяльнасцях:

1-19 01 01 "Дызайн (па напрамках)" - 1%,

1-21 02 01 "Філасофія" - 1%,

1-21 03 01 "Гісторыя (па напрамках)" беларускамоўная плынь - 98%,

1-21 03 01 "Гісторыя (па напрамках)" рускамоўная плынь - 10%,

1-21 04 01 "Культуралогія (па напрамках)" - 2%,

1-21 05 01 "Беларуская філологія (па напрамках) - 95%,

1-21 05 02 "Руская філалогія (па напрамках)" - 12%,

1-21 05 04 "Славянская філалогія" - 50%,

1-21 05 05 "Класічная філалогія" - 25%,

1-21 05 06 "Рамана-германская філалогія" - 10%,

1-21 05 07 "Усходняя філалогія" - 10%,

1-21 06 01 "Сучасныя замежныя мовы (па напрамках)" - 1%,

1-23 01 03 "Лінгвакраіназнаўства" - 1%,

1-23 01 04 "Псіхалогія" - 1%,

1-23 01 05 "Сацыялогія" - 1%,

1-23 01 01 "Міжнародныя адносіны" - 2%,

1 -23 01 06 "Паліталогія (па напрамках)" - 2%,

1 -23 01 07 "Інфармацыя і камунікацыя" - 6%,

1-23 01 08 "Журналістыка (па напрамках)" - 23%,

1 -23 01 09 "Журналістыка міжнародная" - 18%,

1-23 01 10 "Літаратурная работа (па напрамках)" - 46%,

1-31 04 08 "Камп'ютарная фізіка" - 2%;

1-31 05 02 "Хімія лекавых злучэнняў" - 2%;

1-31 05 03 "Хімія высокіх энергій" - 2%;

1-31 05 04 "Фундаментальная хімія" - 2%;

1-31 02 02 "Гідраметэаралогія" - 11%;

1-31 02 03 "Космааэракартаграфія" - 7 %.

З 2014 года ўсе студэнты незалежна ад спецыяльнасці і мовы навучання складаюць анатацыі сваіх дыпломных прац і магістарскіх дысертацый па-беларуску. Гэтыя анатацыі размяшчаюцца ў Электроннай бібліятэцы БДУ.

Для замежных студэнтаў уведзены спецыяльны курс "Беларуская мова (уводзіны)".

2. Сярод падрыхтаваных за апошнія гады на асноўных факультэтах вучэбна-метадычных комплексаў прыкладна 4-5 % складаюць комплексы на беларускай мове. Разам з тым, на на гістарычным факультэце гэтая лічба складае 45%, на філалагічным - 38%, на факультэце журналістыкі - 60%.

3. Па-беларуску ў БДУ вядзецца 1% справаводства.

4. У 2014 годзе "Выдавецтвам БДУ" была надрукавана больш за 6 % беларускамоўных матэрыялаў (падручнікаў, вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў).

Акрамя таго на беларускай мове друкуеца газета "Універсітэт", асобныя серыі і артыкулы "Весніка БДУ".

Рэктар акадэмік С.У. Абламейка.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны" Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

Інфармуем Вас, што ў дадзены час у ДУА "Гомельскі інжынерны інстытут" Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь на беларускай мове выкладаецца дысцыпліна "Беларуская мова (прафесійная лексіка)", забяспечаная вучэбна-метадычным комплексам "Беларуская мова (прафесійная лексіка)".

Сістэма службовай і адукацыйнай дзейнасці, складзеная ў інстытуце, дазваляе навучэнцам і работнікам свабодна і ў поўнай меры выкарыстоўваць беларускую мову ў паўсядзённай дзейнасці побач з рускай мовай. Якія-небудзь бар'еры, што перашкаджалі б выкарыстанню і развіццю беларускай мовы ў нашай навучальнай установе, адсутнічаюць.

З павагай, в.а. начальніка інстытута І.І. Сутарма.



Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны, Трусаву А.А.

вул. Румянцава, 13, 220034, г. Мінск

Паважаны Алег Анатольевіч!

У адказ на Ваш ліст ад 27 студзеня 2015 г. паведамляем наступнае.

У БДПУ моўнай падрыхтоўцы будучых спецыялістаў-настаўнікаў надаецца павышаная ўвага. Так, на гістарычным, прыродазнаўчым, фізічным, матэматычным факультэтах, на факультэце дашкольнай адукацыі, на факультэце пачатковай адукацыі і інш. 42 вучэбныя дысцыпліны традыцыйна выкладаюцца па-беларуску ("Матэматычны аналіз", "Методыка выкладання матэматыкі", "Эканамічная і сацыяльная геаграфія", "Бяспека жыццядзейнасці чалавека" і інш.).

У адпаведнасці з існуючымі адукацыйнымі стандартамі на ўсіх факультэтах БДПУ выкладаецца вучэбная дысцыпліна "Беларуская мова (прафесійная лексіка)", на вывучэнне якой адведзены 34 аўдыторныя гадзіны (8 лекцыйных і 26 практычных). Яна скіравана на далучэнне студэнтаў да багаццяў нацыянальнай культуры і фарміраванне камунікатыўна развітых асоб, якія могуць наладжваць зносіны на нацыянальнай мове ў сваёй прафесійнай сферы, ствараць і перакладаць вузкаспецыяльныя тэксты, весці справавую дакументацыю, выступаць з навуковымі дакладамі і публічнымі прамовамі. Дадзеная дысцыпліна практыка-арыентаваная: перад выкладчыкамі пастаўлена задача, каб любы выпускнік БДПУ валодаў сістэмай тэрмінаў сваёй галіны. Кафедра беларускага мовазнаўства, якая адказвае за выкладанне дысцыпліны "Беларуская мова (прафесійная лексіка)", на 100% укамплектавана спецыялістамі з вучонымі ступенямі і званнямі.

На ўсіх спецыяльнасцях, па якіх вядзецца падрыхтоўка студэнтаў у БДПУ, ёсць дысцыпліны, што вывучаюцца на беларускай мове. Найбольшы працэнт беларускамоўных дысцыплін - на спецыяльнасцях "Дашкольная адукацыя", "Гісторыя", "Гісторыя. Геаграфія", "Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны", "Гісторыя. Сацыяльна-палітычныя дысцыпліны", "Беларуская мова і літаратура", "Пачатковая адукацыя. Беларуская мова і літаратура", "Беларуская мова і літаратура. Руская мова і літаратура", "Беларуская мова і літаратура. Замежная мова", "Беларуская мова і літаратура. Журналістыка", "Замежная мова. Беларуская мова і літаратура", "Сусветная і айчынная культура. Рытміка. Харэаграфія", "Сусветная і айчынная культура. Фальклор".

На сённяшні дзень ва ўніверсітэце маюцца неабходныя ўмовы для вывучэння практычна ўсіх прадметаў па-беларуску.

За апошнія тры гады выкладчыкамі БДПУ на беларускай мове створана звыш 40 вучэбна-метадычных комплексаў.

Справаводства ў БДПУ вядзецца на беларускай і рускай мовах. На беларускай мове надрукаваны "Статут Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка" і "Калектыўны дагавор паміж работнікамі БДПУ і БДПУ на 2014 - 2016 гг.". Выключна на беларускай мове праводзяцца пасяджэнні Савета ўніверсітэта і афармляюцца пратаколы.

За 2014 г. вучэбна-выдавецкім цэнтрам універсітэта было надрукавана 7 выданняў на беларускай мове (дапаможнікі, практыкумы, курсы лекцый). У навукова-метадычным часопісе "Весці БДПУ" ў 2014 г. на беларускай мове апублікавана 40 артыкулаў.

Рэктаратам БДПУ прынята рашэнне аб распрацоўцы ў бліжэйшы час паўнавартаснай беларускамоўнай версіі інтэрнэт-сайта ўніверсітэта.

Рэктар А.I. Жук.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны",

кандыдату гістарычных навук, дацэнту Трусаву А.А.

вул. Румянцава, 13, 220034, г. Мінск

Паважаны Алег Анатолевіч!

Паведамляю Вам, што працэнт выкладаемых на беларускай мове дысцыплін па спецыяльна-сці 1-24 01 02 "Правазнаўства" складае каля 6,9 %. У інстытуце ўсяго вывучаецца каля 86 дысцыплін, выкладанне на беларускай мове праводзіцца ў рамках дысцыплін "Беларуская мова: прафесійная лексіка", "Рэлігіязнаўства", "Інтэграваны модуль "Філасофія", "Інтэграваны модуль "Эканоміка", "Гісторыя органаў унутраных спраў", "Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы".

Для забеспячэння адукацыйнага працэсу на беларускай мове падрыхтаваны электронны вучэбна-метадычны комплекс "Беларуская мова: прафесійная лексіка".

Справаводства ў інстытуце вядзецца на рускай мове ў адпаведнасці з загадам Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 22.05.2013 года № 205 дск "Аб зацвярджэнні Інструкцыі па справаводству ў сістэме органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь".

У 2014 годзе ў інстытуце не было запланавана беларускамоўных выданняў.

Аднак у 2013 годзе быў выдадзены вучэбны дапаможнік "Беларуская мова. Юрыдычная лексіка", які атрымаў грыф Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Распрацоўка паўнавартаснай беларускамоўнай версіі сайта інстытута запланавана на 2015 год.

Начальнік інстытута В.М. Палішчук.


Да юбілею Францішка Багушэвіча

У Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава "Францішак Багушэвіч. Адвакацкая і пісьменніцкая дзейнасць" . Экспазіцыя прымеркавана да 175 - годдзя з дня нараджэння грамадскага дзеяча, паэта, празаіка, публіцыста Францішка Бенядзікта Багушэвіча (1840-1900). На выставе размешчаны матэрыялы, якія распавядаюць пра жыццёвы і творчы шлях вядомай асобы. Ф. Багушэвіч скончыў Віленскую гімназію, Нежынскі юрыдычны ліцэй. Працаваў судовым следчым у гарадах Расіі і Украіны. У 1884 г. пераехаў у Вільню, дзе быў адвакатам пры акруговым судзе. Браўся за самыя складаныя і цяжкія справы. Захаваліся звесткі аб яго дабрачыннай адвакацкай дзейнасці, калі Ф. Багушэвіч абараняў сялян у судзе бясплатна.

У 1891 г. выйшаў першы зборнік паэзіі Ф. Багушэвіча "Дудка беларуская" (Кракаў) пад псеўданімам Мацей Бурачок . Пры жыцці аўтара ўбачылі свет апавяданне "Тралялёначка" (Кракаў, 1892) і вершаваны зборнік "Смык беларускі" (Познань, 1894). Творы друкаваліся пад псеўданімамі Сымон Рэўка з-пад Барысава, Demos, Ten, Tamten і інш. Творчая спадчына Ф. Багушэвіча яркай старонкай увайшла ў класіку беларускай літаратуры.

Сярод прадстаўленых на выставе матэрыялаў ёсць прыжыццёвае выданне Ф. Багушэвіча "Дудка беларуская" (Кракаў, 1896), перавыданні твораў пісьменніка ў ХХ ст. Працы С. Александровіча, Г. Кісялёва, А. Мальдзіса, У. Содаля, К. Цвіркі і іншых вядомых літаратуразнаўцаў і даследчыкаў даюць магчымасць больш поўна зразумець адметнасць Францішка Багушэвіча як асобы і творцы для свайго часу і асэнсаваць значэнне яго спадчыны для будучых пакаленняў.

Супрацоўнік аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Святлана Паўлавіцкая


Сустрэча з аднадумцай!

Неяк раз - было гэта на пачатку траўня, у першых днях, падчас першамайскіх святаў - адна наша дачная гаспадынька надта завіхалася на сваім агародчыку. Я павітаўся з ёю, сказаў ёй звыклае: "Памагай, Божа!" I тут жа нагадаў ёй, што сёння свята. Людзі ладзяць шэсці, радуюцца. усе святочныя, вясёлыя, радасныя. I тут нечакана пачуў ад яе:

Чым то дзеецца на свеце,

Што няроўна дзеля Бог.

Адзін ходзіць у саеце,

У золаце з плеч да ног...

Гэтае цытаванне, паверце, мяне, таго, хто цікавіцца спадчынай Францішка Багушэвіча, кранула да глыбіні душы. Быў 2011 год. На прысталічным лецішчы, за сорак кіламетраў ад Менска на фоне маёвых святаў Беларусі, у сваім гародчыку гаспадынька цытуе Багушэвічаў верш з "Dudkі Bielaruskaj". Ці не дзіва гэта? Падумалася, згаданая гаспадынька ці не з Смаргоншчыны, з Кушлянскіх ці Ашмянскіх абшараў, зямлячка F.В. Знаёмлюся. Высвятляецца, і блізкіх ніякіх адносінаў не мае ні да Ашмяншчыны ці Смаргоншчыны. Яна з Ельшчыны, з-пад Ельска. Там упершыню прачытала згаданы верш Мацея Бурачка. Прачытала яго неяк раз і на ўсё жыццё ён запаў ёй у душу, што і цяпер трымаецца ёй ў галаве. І от дагэтуль памятае яго.

Завуць яе Соня, Софа. Прозвішча яе бацькоўскае Філанчук. Замужняе - Французава. Працавала таваразнаўцам. Рознага ёй у жыцці давялося перажыць і на гэтым фоне не адзін раз ёй згадваўся верш Мацея Бурачка. У ім гэтак красамоўна і праўдзіва апісана жыццё простага люду на фоне заможнага


20 ліпеня 2011 года, у сераду, праз шмат часу, напаткаў зноў на сваім лецішчы тую жанчынку, што неяк вясною, корпаючыся на сваіх градах, натхнёна і асэнсавана прачытала мне з памяці верш Мацея Бурачка "Чым то дзеецца на свеце..." Завуць Соня. Яна з 1933 года. Дзіця вайны, згаданы верш Мацея Бурачка ведае з школьных гадоў. Выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры яе была - Бобрык.

Дамовіліся: наступным разам я вазьму з сабою на лецішча "Dudku Bielaruskuju"' і пагамонім пра ўсё больш падрабязна. балазе "Dudcy Bielaruskaj" мелася споўніцца сто дваццаць гадоў.

Уладзімір Содаль.


90 гадоў з дня нараджэння Валянціна Ермаловіча

Валянцін Іванавіч ЕРМАЛОВІЧ (17 сакавіка 1925, в. Малыя Навасёлкі, Койданаўскі раён, Менская акруга, БССР - 22 снежня 2004, Магілёў, Беларусь) - акцёр. Заслужаны работнік культуры БССР (1988).

Да вайны закончыў 9 класаў Дзяржынскай СШ. У 1944 годзе мабілізаваны ў Чырвоную армію, з баямі прайшоў Заходнюю Беларусь, Польшчу, Усходнюю Прусію, Германію. Чатыры разы быў паранены. У 1946 г. закончыў 10 класаў Дзяржынскай СШ і паступіў вучыцца ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут на акцёрскі факультэт. У 1950-1956 гг. акцёр Пінскага, потым Магілёўскага абласных драматычных тэатраў. З 1956 г. выкладчык асноў рэжысуры і майстэрства акцёра Магілёўскага культурна-асветнага вучылішча. З 1978 г. рэжысёр Краснапольскага народнага тэатра Магілёўскай вобласці. Працаваў рэжысёрам многіх тэатральных калектываў. Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, 9 медалямі, Граматай Вярхоўнага Савета БССР (1978) і інш. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамолу Беларусі (1986), лаўрэат Усесаюзных фестываляў самадзейнай мастацкай творчасці (1988; 1991) і інш. Брат Міколы і Лявона Ермаловічаў. Быў актыўным сябрам ТБМ.

Вікіпедыя.


Аляксандру Булыку - 80

Аляксандр Мікалаевіч БУЛЫКА (нар. 18 сакавіка 1935, в. Селішча Наваградскага р-на) - беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук (1981), прафесар, член-карэспандэнт АН Беларусі (1994).

Скончыў БДУ (1959). Настаўнік (з 1959), у Інстытуце мовазнаўства АН (з 1962), загадчык аддзела.

Член Навуковага савета "Мова і грамадства" аддзялення мовы і літаратуры АН Расіі, навуковы сакратар Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры АН Беларусі, член камітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь за навукова-тэхнічныя дасягненні, член савету экспертаў Беларускага вышэйшага сертыфікацыйнага камітэта, член двух саветаў па абароне навуковых прац у галіне мовазнаўства. Член рэдакцыйнага савету бюлетэню АН "Беларуская лінгвістыка".

Галоўная тэма даследаванняў: гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Так-сама: аналіз мовы помнікаў старажытнай беларускай літаратуры (мастацкай, дзелавой, канфесіянальнай), даследаванні старабеларускай графікі, арфаграфіі, фанетыкі, марфалогіі, лексікалогіі, моўных кантактаў беларускай мовы з іншымі мовамі.

Асноўныя працы.

Асабістыя:

"Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы" (1970).

"Даўнія запазычанні беларускай мовы" (1972).

"Лексічныя запазычанні ў беларускай мове 14-18 стст." (Мінск, 1980).

"Слоўнік іншамоўных слоў" (1993).

"Слоўнік іншамоўных слоў" (1999, у 2 тамах).

"Беларуска-рускі слоўнік для школ",

"Руска-беларускі слоўнік для школ",

"Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка" (2005).

У суаўтарстве:

"Гістарычная лексікалогія беларускай мовы" (1970).

"Гістарычная марфалогія беларускай мовы" (1979).

"Мова выданняў Скарыны" (1990).

Вікіпедыя.



"Будзьма!"

23 сакавіка (панядзелак) адбудуцца заняткі гістарычнай школы з Алегам Трусавым

"Гісторыя ў падзеях і малюнках". Пачатак - 18. 30 гадзін. Румянцава, 13 Уваход вольны.


120 гадоў з дня нараджэння Тамаша Грыба

Тамаш Тамашавіч ГРЫБ (19 сакавіка 1895 в. Паляны, Астравеччына - 25 студзеня 1938, Прага) - беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч.

Нарадзіўся ў беднай сялянскай сям'і. Навучаўся ў Пецярбурскім псіханеўралагічным інстытуце, дзе зблізіўся з беларускім рухам.

З 1916 года - у войску, удзельнік Першай сусветнай вайны на Румынскім фронце. Дэлегат І Усебеларускага з'езду (снежань 1917 года), на якім быў арыштаваны бальшавікамі. Адзін з аўтараў Устаўных грамат БНР, сябар Рады БНР і яе Выканкама ў 1918 г., займаў пасады міністра земляробства і міністра ўнутраных справаў.

Уваходзіў у Цэнтральную Беларускую вайсковую раду. Адзін з лідараў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

Удзельнік 3-га Ўсерасійскага з'езду Саветаў у 1918. У 1918 годзе чытаў лекцыі на курсах беларусазнаўства ў Менску. На пачатку 1919 года выдае ў Вільні газету "Грамадзянін". З красавіка 1919 года - у Гародні, дзе супрацоўнічае ў газеце "Родны край", затым - у Менску. Двойчы ў 1919 годзе зняволены польскімі ўладамі за беларускую незалежніцкую дзейнасць. Інтэрнаваны ў лагеры Домбэ пад Кракавам, адкуль уцёк.

Напрыканцы 1920 года выязджае ў Коўню, удзельнічае тут у выданні газеты "Сялянская доля". Удзельнік Усебеларускай палітычнай канферэнцыі (Прага, 1921). З 1922 года - у Чэхіі. Скончыў філасофскі факультэт Карлава ўніверсітэта (1928). Абараніў доктарскую дысертацыю на тэму "Паляне: Пытанне народа і нацыі".

Стварыў у Празе Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф. Скарыны. Актыўна працаваў у суполцы Беларускага студэнцкага саюза. Удзельнічаў у працы Беларускай Рады ў Празе. З 1930 году працаваў тут у Славянскай бібліятэцы.

У 1934-1938 гадах - загадчык беларускага замежнага архіва ў Празе. Друкаваў артыкулы на тэмы гісторыі, грамадскай думкі, нацыянальна-палітычнага жыцця Беларусі ў часопісах "Студэнцкая думка", "Золак", "Iskry Skaryny". Перакладаў публіцыстыку з расейскай і чэшскай моваў. Складаў бібліяграфію беларусазнаўства.

Не вытрымаў цяжкіх камплікацыяў грыпу і памёр. Пахаваны на Альшанскіх могілках у Празе.

Вікіпедыя.


100 гадоў з дня нараджэння Васіля Матэвушава

МАТЭВУШАЎ Васіль Іванавіч нарадзіўся 19.03.1915 г. у вёсцы Княжыцы ў сялянскай сям'і. Беларускі паэт. Скончыў літаратурны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута (1937). Настаўнічаў у Обальскай сярэдняй школе на Віцебшчыне (1937-1939). Служыў у Савецкай Арміі (1939-1946). У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у чыгуначным палку, працаваў на ваенных курсах. У 1946-1948 гг. - выкладчык Омскага фінансавага тэхнікума, 1948 - 1971 гг. - супрацоўнік абласной газеты "Магілёўская праўда". Апошнія гады жыцця (1971-1974) працаваў сакратаром Магілёўскага абласнога аддзялення СП БССР. Член СП СССР з 1948 г. Узнагароджаны медалямі.

У друку пачаў выступаць у 1932г. Аўтар кніжак вершаў: "Магілёўскі шоўк" (1957), "Зорны шлях" (1959), "Сярэбраная кладка" (1965), "Начны дождж" (1969), "Верасы" (1972), "Крынічны луг" (1976). Асобнымі выданнямі выйшлі нарысы "Магілёўскія льнаводы" (1949), "Сяргей Ільіч Слабадзян" (1949), "Даярка Яўгенія Дарашкова" (1950).

Памёр 6.03.1974 г.

Вікіпедыя.


Лёсам не зломлены

17 сакавіка 2015 года 50-годдзе адзначыў спявак, фалькларыст і актывіст руху інвалідаў Мікола Кечанкоў. Ён нарадзіўся ў вёсцы Дзям'янкі, што на Гомельшчыне. У 1984 годзе ён пахаваў бацьку. Мае 92-гадовую маці.

Першапачаткова Мікола атрымаў адукацыю біёлага. А трохі пазней - бібліятэкара ў БУК.

Мікола выкладаў біялогію ў школе. Але Чарнобыль зрабіў шкоду. У 33 гады хлопец стаў інвалідам 1 групы (эпілепсія). З 2009 года Мікола жыве ў гарадскім псіханеўралагічным інтэрнаце састарэлых інвалідаў № 2 г. Менска, што ў Дражні. Але хаваць сабе не збіраецца! Мікола актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці інвалідаў, спявае ў мясцовым ансамблі, піша вершы і вышывае. Ён з'яўляецца пераможцам розных спеўных конкурсаў у Маскве і ў Еўропе. Мікола Кечанкоў - сябар ТБМ (2005 г.), а таксама сябар Беларускага саюза фалькларыстаў. Спадар Мікола добра валодае беларускай мовай, чытае беларускамоўную прэсу, якую прывозяць. Мікола Кечанкоў, як сапраўдны артыст, выступае з канцэртамі. Спадар Мікола змагаецца са сваёй хваробай і марыць пра вяртанне дадому ва ўласную кватэру ў Серабранцы.

Міколам Кечанковым ганарыцца медперсанал, яго паважаюць жыхары сацыяльнай установы. Віншуем Мікалая Мікалаевіча з 50-гаддзем і жадаем яму творчых поспехаў і моцнага здароўя!

Аляксей Шалахоўскі.


IІ сесія Ўсебеларускага кангрэсу за незалежнасць

Беларусь павінна перайсці ад каманднай да адкрытай эканомікі з прыватнай уласнасцю на зямлю і правядзеннем аграрнай рэформы. Пра гэта ў Менску на IІ сесіі Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць, прысвечанай эканамічным праблемам краіны, заявіў кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў.

Леанід Злотнікаў звярнуў увагу на тое, што пасля атрымання краінай незалежнасці айчынная наменклатура адвярнулася ад рыначных рэформаў і ўзяла курс на захаванне каманднай эканомікі згодна з германскай мадэллю сацыялізму перыяду 1930-х гадоў, заснаванай на асабістай залежнасці кожнага ад дзяржавы. Аднак сусветны вопыт сведчыць, што магчымасці каманднай эканомікі даволі абмежаваныя. Так, апошнія 20 год у СССР адсутнічаў тэхналагічны прагрэс і пад'ём сельскай гаспадаркі.

Прыкладна такая ж сітуацыя сістэмнага крызісу ў апошнія 10 год складваецца ў Беларусі, дзе ўліванні вялізных сродкаў у мадэрнізацыю прамысловасці і сельскай гаспадаркі не даюць належнай аддачы. Прычым з кожным годам прадукцыя беларускай прамысловасці становіцца ўсё менш канкурэнтаздольнай. Захоўваюць попыт толькі карысныя выкапні і прадукцыя першаснай перапрацоўкі (у тым ліку драўніна і металы), якую цяжка сапсаваць. Краіна ў прынцыпе не ўспрымае тэхналагічны прагрэс. Падаюць заробкі.

Навукоўца бачыць адзінае выйсце ў здзяйсненні ліберальнага праекту - пераходзе ад каманднай да адкрытай сацыяльна-арыентаванай рыначнай эканомікі згодна з мадэллю, якую ажыццявіла ФРГ ў пасляваенныя гады.

На думку доктара эканамічных навук Барыса Жалібы, беларуская эканоміка заўсёды знаходзілася ў перманентным крызісе, а зараз назіраецца яго чарговае абвастрэнне. Калі ў 2008-2009 гадах адбываўся сусветны эканамічны крызіс, дык сёння эканамічны крызіс ахоплівае толькі краіны СНД і ідзе ад Расіі.

Асаблівасцю сённяшняй сітуацыі ў Расіі і краінах СНД з'яўляецца ўзаемасувязь эканамічнага і ваенна-палітычнага фактараў. Анексія Крыма прывяла да санкцый Захаду, зніжэнню ўдвая сусветных коштаў на нафту, абвалу эканамічнай сітуацыі ў Расіі і краінах СНД, у першую чаргу - эканомікі Беларусі, найбольш звязанай з расійскай.

Выхад з крызісу Жаліба бачыць у пакрокавым адыходзе ад расійскай эканамічнай залежнасці. Гаворка ідзе пра дыверсіфікацыю рынку вуглевадародаў, пра дыверсіфікацыю экспарту праз вяртанне айчыннай прамысловасці да формулы "прымальная якасць і невысокі кошт", а таксама пра сур'ёзную мадэрнізацыю традыцыйных для краіны галінаў машынабудавання з дапамогай заходняга капіталу, які дае не толькі грошы, але і сучасныя тэхналогіі. Апроч таго, як лічыць Барыс Жаліба, дзяржава павінна адмовіцца ад палітыкі ўціску на айчынны прыватны бізнэс, каб ён змог паглынуць залішнія працоўныя рэсурсы.

Доктар эканамічных навук Станіслаў Багданкевіч гаворыць, што не ўсё так кепска ў айчыннай эканоміцы. Зацверджаны бюджэт на бягучы год з прафіцытам у 1 трл рублёў, нізкім узроўнем беспрацоўя, ураўнаважаным знешнегандлёвым балансам і стабілізаваным курсам беларускага рубля. Мае месца дыялог спецыялістаў з уладай. Урад распрацаваў праграму дзеянняў на 2015 год з цудоўным дэкларацыямі і слушнымі палажэннямі па ўсіх кірунках развіцця эканомікі.

Аднак важны недахоп праграмы - няма аналізу праблемы рэнтабельнасці прадпрыемстваў і шляхоў яе вырашэння. На думку навукоўца, неабходна мяняць базавую мадэль эканамічнага развіцця Беларусі, для зніжэння коштаў забяспечыць дэцэнтралізацыю эканомікі і свабодную канкурэнцыю малога і сярэдняга бізнэсу, вырашыць праблему стабільнага валютнага курсу праз скарачэнне інфляцыі да 3-5 адсоткаў, дзеля чаго ўстанавіць жорсткі кантроль за ростам грашовай масы.

Марат Гаравы.


Адукацыйныя паслугі

Школа асобаснага росту "ШАР"

Псіхолаг Людміла Дзіцэвіч

Трэнінг: " Прымірэнне са сваім агрэсіўным "Я". Лячэнне псіхатраўмаў".

27 сакавіка а 19-ай гадзіне ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13, г. Менск.

У праграме трэнінгу:

1. Сутнасць агрэсіі і прычыны яе з'яўлення.

2. Псіхатраўма здрадніцтва як форма страты свайго "Я" і шляхі яе лячэння.

3. Псіхатраўма пакінутасці як форма страты свайго "Я" і шляхі яе лячэння.

4. Псіхатраўма ігнаравання як форма страты свайго "Я" і шляхі яе лячэння.

5. Псіхатраўма прыніжэння як форма страты свайго "Я" і шляхі яе лячэння.

6. Псіхатраўма несправядлівасці як форма страты свайго "Я" і шляхі яе лячэння.

7. Выкананне гульняў і практыкаванняў для замацавання.

Для кантактаў: сл. тэл. (+375 17) 327-60-88, х.тэл. (+375 17) 281-04-35,

МТС (+375 29) 769-29-78, velcom (+375 29) 960-14-53, e-mail spadarl yandex.ru.

Заняткі ў Школе асобаснага росту "ШАР" праходзяць кожную 2-ю і 4-ю пятніцу месяца а 18-ай гадзіне (звяраць з абвесткамі) ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13.


Усенародны рух за наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай (да 25-годдзя Закона "Аб мовах у Беларускай ССР" - 26 студзеня 1990 г.)

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

У духу часу з 1989 года беларускамоўныя матэрыялы пачалі з'яўляцца ў рускамоўным перыядычным друку: "Советская Белоруссия", "Сельская газета", "Знамя юности", "Заря" (Брэст), менскіх ведамасных газетах "Трактор", "Автозаводец" і іншых (Звязда. 1989. 21 кастрычніка) . Актывізацыю намаганняў беларускага народа па выратаванні роднай мовы не магло не ўлічваць камандаванне пагранічнай акругі БССР. З яго згоды рэдакцыя акруговай газеты "Советский пограничник" пачала з 1989 года выпускаць спецыяльныя нумары на беларускай мове (Настаўніцкая газета. 1990. 3 лютага) .

Адзначаныя дасягненні ў павышэнні сацыяльнай ролі беларускай мовы пададуцца яшчэ больш уражлівымі, калі ўлічыць, што здабываць іх было надзвычай цяжка не толькі ў 1986 - 1987, але і ў 1988 - 1989 гадах, хаця ўжо партыя не магла адкрыта выступаць супраць нацыянальна-культурнага адраджэння. Агітаваць, дамагацца ад народа згоды на ўвядзенне беларускай мовы на дзяржаўны п'едэстал патрэбна было - без усялякага перабольшвання - у архіскладаных варунках, выкліканых у першую чаргу татальным панаваннем рускай мовы не толькі ў афіцыйным жыцці, але і ў зносінах людзей. Ёю валодала 82 працэнты з агульнага ліку дарослых жыхароў, на ёй навучалася 73 працэнты школьнікаў (Настаўніцкая газета. 1990. 31 студзеня) . Думаць, што такія людзі з лёгкасцю пойдуць на моўную трансфармацыю дзеля карысці беларускага слова, маглі толькі зусім неспрактыкаваныя жыццём асобы. Цяжкасці сустракаліся на кожным кроку, але важна, што нацыянальнай арыентацыі частка грамадства не пасавала перад імі, рабіла ўсё, што толькі магла, дзеля іх пераадолення.

За самую вялікую небяспеку трэба прызнаць няспыннае навязванне народу зацятымі праціўнікамі беларускага слова яшчэ і ў 1989 годзе чыстае вады хлусні, што сапраўднай панацэяй развязвання моўнай праблемы ў БССР можа быць толькі афіцыйнае беларуска-рускае двухмоўе. І самае страшнае: многія з-за сваёй недасведчаннасці пагаджаліся з такой байкай.

Аднак трэба прызнаць, што пераадоленню палярызацыі поглядаў на беларускую мову крайне недастаткова спрыяла ўсё тое, што рабілася і на афіцыйным, і на грамадскім узроўні па раскрыцці яе сапраўднай сацыяльнай ролі ў рэспубліцы, па павышэнні прэстыжнасці ў гушчах народа. Сказанае пацвярджаецца і аглядам супрацоўніка газеты "Звязда" Валянцінам Жданкам зместу дасланых ёй лістоў. Так, калі мянчанін В. Васілевіч піша: "Ніхто не даруе нам, калі з шасцімільярднай сям'і знікне беларуская нацыя" , дык яго апанент з Мастоўскага раёна Л. Дуброўскі выказаў такую пазіцыю: "Выцясненне беларускай мовы - заканамерны працэс. І не трэба ісці на ўступкі "нефармалам", траціць сілы і сродкі на адраджэнне таго, што нельга адрадзіць" (Звязда. 1989. 13 кастрычніка) . Зусім не апраўдана, што журналіст не патлумачыў шкоднасці памылковага погляду Л. Дуброўскага, бо хтосьці з чытачоў мог падхапіць ад яго добрую долю нацыянальнага нігілізму і папоўніць сабой шэрагі ворагаў беларускай мовы. Не выключаю, што пазіцыя названага карэспадэнта была цалкам ні чым іншым, як адлюстраваннем поглядаў самой газеты "Звязда" на дадзеную праблему.

Па ўсім відаць было, што ў сям'і саюзных рэспублік СССР Беларусі бясконца заставацца белаю варонаю ў развязванні моўнай праблемы ніяк не выпадала. Выкліканыя перабудовай пазітыўныя перамены ў нацыянальна-культурным жыцці савецкіх народаў вымушалі і яе спыніць далейшы ход русіфікацыі свайго ўласнага народа. Нарэшце ў канцы лістапада 1989 года на сумесных паседжаннях Камісіі заканадаўчых меркаванняў, Камісіі па нацыянальных пытаннях і міжнацыянальных адносінах, Камісіі па народнай адукацыі і культуры Вярхоўнага Савета БССР быў разгледжаны, прадстаўлены Нінай Мазай праекта Закона "Аб мовах у Беларускай ССР". Удзельнікі таго паседжання пачулі ад яе такія вельмі праўдзівыя словы: "…праблемы, якія накопліваліся дзесяцігоддзямі і сталі пагражаць самому існаванню беларускай мовы (падкрэслена мною. - Л. Л.) прапануецца пачаць вырашаць заканадаўча" і цалкам пагадзіліся з такім падыходам. Ніхто з прысутных не пярэчыў, што неабходна "рэгуляваць выкарыстанне моў у дзяржаўным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці" , што, дарэчы, пасля ўсталявання ў Рэспубліцы Беларусь прэзідэнцкага кіравання зусім не практыкаваў яе чыноўніцкі апарат, даўшы такім чынам поўную волю рускай мове захоўваць забяспечанае ёй за савецкім часам бесканкурэнтнае панаванне ў абслугоўванні ўсіх сфераў афіцыйнага жыцця. Не пярэчылі прысутныя на паседжанні і такому палажэнню з прапанаванага ім праекту Закона, што "ніводзін з кіраўнікоў і іншых работнікаў дзяржаўных устаноў, партыйных, грамадскіх органаў, прадпрыемстваў… не можа займаць сваю пасаду, не валодаючы ў дастатковай меры беларускай і рускай мовамі" (Літаратура і мастацтва. 1989. 1 снежня. С. 1). Травеньскім 1995 года рэферэндумам, ініцыяваным Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам, чыноўнікі ўсіх рангаў, на іх вялікую радасць, былі вызвалены ад гэтага інтэрнацыяналістычнага, па праву святога абавязку. Добра, калі сёння хоць пяць працэнтаў ад іх агульнай колькасці ў стане ажыццяўляць сваю службовую дзейнасць раўналежна на дзвюх дзяржаўных мовах - беларускай і рускай. Ступень абруселасці сучаснага чынавенства проста ўражвае, не мае нічога падобнага за ўсю гісторыю савецкай і постсавецкай Беларусі.

Не выклікалі пярэчанняў такія словы з праекта Закона: "Мова справаводства, узаемаадносін розных арганізацый і ўстаноў, прадпрыемстваў - беларуская. Руская - пры неабходнасці (відаць распрацоўшчыкі праекту Закона не пажадалі дражніць гусей, бо ва ўсіх аднанацыянальных краінах у гэтых мэтах ужываецца толькі мова дзяржаўнага народа. - Л.Л .). На з'ездах, канферэнцыях, пленумах, паседжаннях, нарадах і г. д. у рэспубліцы рабочай мовай з'яўляецца беларуская. Іншую мову могуць выбіраць удзельнікі міжрэспубліканскіх, усесаюзных або міжнародных форумаў" (ну проста ўсё так, як у цывілізаваных краінах! - Л.Л. ).

Падобным чынам прапаноўвалася ставіцца да развязвання моўнага пытання пры разглядзе і вядзенні "судаводства, натарыяльнай і арбітальнай спраў, пракурорскага нагляду, юрыдычнай дапамогі" . Усе пагадзіліся і з такім пунктам праекта Закона: "У сферы культуры беларускай мове забяспечваецца перавага (падкрэслена мною. - Л.Л. ) пры захаванні і развіцці культуры на мовах прадстаўнікоў іншых народаў, якія жывуць у Беларусі" (Літаратура і мастацтва. 1989. 1 снежня. С. 1) , бо ў той час назіралася прама процілеглае ў гэтай асноўнай нацыятворнай сферы: практыкавалася з дазволу дзяржавы неапраўдана шырокае выкарыстанне рускай мовы ў культурнай сферы Беларусі, што вяло да павальнай русіфікацыі яе карэннага насельніцтва, страты апошнім сваёй этнічнай ідэнтычнасці.

Матэрыялы аб абмеркаванні і ўхваленні дэпутатамі праекта "Закона аб мовах у БССР" на сумесным паседжанні Камісіі заканадаўчых меркаванняў, Камісіі па нацыянальных пытаннях, міжнацыянальных адносінах Вярхоўнага Савета БССР друкаваліся ў шэрагу газет, дзякуючы чаму сталі вядомымі шырокаму колу чытачоў, садзейнічалі далучэнню іх да ўдзелу ў абмеркаванні такога надзённага пытання. Гэтай жа цалкам законнай, жаданай магчымасці людзі былі пазбаўлены ад пачатку 1930-х гадоў, калі па ініцыятыве Маскоўскага крамля партыйныя ўлады рэспублікі забілі асінавы кол у самае сэрца дзяржаўнай нацыянальнай палітыкі - у беларусізацыю.

У такой сітуацыі не мог не пагадзіцца на наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай у рэспубліцы самы высокі орган партыйнай улады. Такое ўпершыню зафіксавана ў прынятай 27 снежня 1989 года пастанове ХVІ пленума ЦК КПБ "Аб платформе кампартыі Беларусі да выбараў народных дэпутатаў Беларускай ССР, мясцовых саветаў рэспублікі". Пайсці на такое КПБ проста не магла, улічваючы тагачасную моўную палітыку КПСС - палітыку цалкам узважаную і інтэрнацыяналісцкую, якую зусім нядаўна сфармуляваў Міхаіл Гарбачоў на вераснёўскім (1989) Пленуме ЦК КПСС у дакладзе "Аб нацыянальнай палітыцы партыі ў сучасных умовах".

Такі прагрэсіўны паварот вышэйшых партыйнага і савецкага органаў рэспублікі да моўнай праблемы вельмі абрадаваў кіраўніцтваТБМ і яго сяброў, што толькі актывізавала ўсю іх дзейнасць у той адказны для лёсу беларускага народа час, калі вырашалася быць ці не быць яго роднай мове адзінай дзяржаўнай. Каб быць, трэба было працаваць да сёмага поту. І так працавалі, прычым і ў саміх нізах, у самых гушчах людзей, ад якіх вельмі шмат у чым залежала будучыня беларускай мовы.

5. Усенароднае абмеркаванне праекта Закона "Аб мовах у Беларускай ССР"

Не толькі сябры ТБМ, але і бальшыня нацыянальна актыўных людзей з вялікім нецярпеннем і з не меншым хваляваннем чакалі таго дня, калі ў сродках масавай інфармацыі з'явяцца звесткі пра завяршэнне працы над моўным заканадаўствам. Што яна вядзецца, ведалі вельмі многія і ёю надзвычай цікавіліся. Не памылюся ў сваім сцвярджэнні, што мала хто, як сябры ТБМ імя Ф. Скарыны, з такой радасцю ўспрыняў вестку аб апублікаванні ў рэспубліканскім друку праекта Закона БССР "Аб мовах у Беларускай ССР". Створаная для падрыхтоўкі гэтага па-сапраўднаму вялікай гістарычнай важнасці дакумента Рабочая група на чале з Нілам Гілевічам паспяхова справілася з ускладзенымі на яе нялёгкімі адказнымі абавязкамі. Калі распрацаваны ёю праект Закона "Аб мовах у Беларускай ССР" ухваліла Камісія па падрыхтоўцы прапаноў аб заканадаўчым урэгуляванні статусу беларускай, рускай і іншых моў, ён быў пададзены на разгляд пастаянных камісій Вярхоўнага Савета БССР: Камісіі заканадаўчых меркаванняў, Камісіі па нацыянальных пытаннях і міжнацыянальных адносінах і Камісіі па народнай адукацыі і культуры. Свядома пералічваю іх, каб пераканаць чытача, з якой вялікай сур'ёзнасцю ставіліся на ўсіх стадыях падрыхтоўкі дакумента № 1 па моўным заканадаўстве. Як і трэба было спадзявацца, камісіі падтрымалі праект і яго вынясенне на ўсенароднае абмеркаванне.

На свет нарэшце з'явілася тое, да чаго так імкнуліся актывісты. Таварыства беларускай мовы, чаго з такой вялікай нецярплівасцю чакалі мільёны жыхароў рэспублікі з прычыны і трывогі, і абуджэння ў іх заканамернай зацікаўленасці да лёсу роднага слова. Адбылося такое ў першай дэкадзе снежня 1989 года. З мэтай лепшага ўсведамлення шырокімі масамі людзей зместу названага дакумента, да яго прыкладаўся падрыхтаваны Прэзідыумам Вярхоўнага Савета БССР вельмі грунтоўны дадатак "Да праекту Закона БССР "Аб мовах у Беларускай ССР". Многія яго палажэнні так актуальны для моўнай сітуацыі сучаснай Рэспублікі Беларусь, што ёсць прамы сэнс не пераказваць іх, а перадрукаваць дакумент цалкам. Такое апраўдваецца яшчэ і тым, каб паказаць злачынны характар праведзенага ў траўні 1995 года рэферэндуму з мэтай адмены самага прагрэсіўнага з усіх прагрэсіўных законаў БССР па моўным пытанні.

Да праекта Закона БССР "Аб мовах у Беларускай ССР"

Шырокія колы грамадскасці занепакоены тым станам, у якім апынулася беларуская мова. На сходах, у друку, у зваротах да кіруючых органаў выказваюцца меркаванні аб тым, што трэба выпраўляць становішча, а менавіта - стварыць неабходныя ўмовы для захавання, развіцця і пашырэння сферы ўжывання мовы карэннага насельніцтва Беларусі. Адной з галоўных мер можа быць наданне беларускай мове статусу дзяржаўнай. Улічваючы гэта, Вярхоўны Савет Беларускай ССР утварыў камісію для падрыхтоўкі прапаноў аб заканадаўчым урэгуляванні статусу беларускай, рускай і іншых моў, якімі карыстаецца насельніцтва рэспублікі. Камісіі было даручана вывучыць прапановы і пажаданні, выказаныя на старонках друку, у пісьмах і на сходах, і з улікам іх распрацаваць праект Закона "Аб мовах у Беларускай ССР". Такі праект быў падрыхтаваны, абмеркаваны і ўхвалены на сумесным пасяджэнні Камісіі заканадаўчых меркаванняў, Камісіі па нацыянальных пытаннях і міжнацыянальных адносінах, Камісіі па народнай адукацыі і культуры. Цяпер ён выносіцца на народнае абмеркаванне.

Праект Закона "Аб мовах у Беларускай ССР" быў распрацаваны пры ўдзеле народных дэпутатаў СССР, Вярхоўнага Савета БССР, навуковых супрацоўнікаў Акадэміі навук і вучоных ВНУ рэспублікі, супрацоўнікаў партыйных і савецкіх органаў, органаў адукацыі, культуры, юстыцыі, Саюза пісьменнікаў, Таварыства беларускай мовы і грамадскіх арганізацый, прадстаўнікоў розных нацыянальных груп насельніцтва Беларусі.

У аснову працы над праектам Закона былі пакладзены ідэі ленінскай канцэпцыі функцыяніравання моў у многанацыянальнай дзяржаве, рашэнні ХХVІІ з'езда КПСС і ХІХ Усесаюзнай партканферэнцыі, платформа КПСС "Нацыянальная палітыка партыі ў сучасных умовах і пастанова І З'езду народных дэпутатаў Саюза ССР "Аб асноўных напрамках унутранай і знешняй палітыкі СССР". Пры распрацоўцы праекта былі ўважліва вывучаны заканадаўчыя акты аб мовах, падрыхтаваныя або прынятыя ў іншых саюзных рэспубліках, а таксама шматлікія прапановы, што паступілі на адрас Вярхоўнага Савета БССР, у партыйныя органы, грамадскія арганізацыі, у рэдакцыі перыядычных выданняў, на радыё і тэлебачанне. Выкарыстаны і навуковыя публікацыі па моўных праблемах у саюзным і рэспубліканскім друку.

Праект Закона скіраваны на ахову і развіццё мовы як неацэннага скарбу народа і чалавецтва. Ён зыходзіць з маральнага абавязку людзей любіць і шанаваць родную мову, паважліва ставіцца да моў іншых народаў. Пры гэтым падкрэсліваецца, што наданне беларускай мове статусу дзяржаўнай не закранае канстытуцыйных правоў грамадзян іншых нацыянальнасцей карыстацца рускай і іншымі мовамі. Наадварот, заканадаўчае ўрэгуляванне грамадскіх адносін у моўнай сферы будзе садзейнічаць далейшаму ўмацаванню дружбы і ўзаемаразумення людзей розных нацыянальнасцей, якія жывуць і працуюць у Беларусі.

Наданне беларускай мове статусу дзяржаўнай забяспечыць яе функцыяніраванне ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, створыць спрыяльныя ўмовы і стымулы для павышэння яе прэстыжу, сацыяльнай значнасці, актывізацыі як сродку зносін і неад'емнага элемента духоўнай культуры народа, для яе ўсебаковага развіцця і навуковага вывучэння. Беларуская мова такім чынам стане афіцыйнай мовай - мовай справаводства і дакументацыі дзяржаўных, партыйных органаў, прадпрыемстваў, устаноў і грамадскіх арганізацый, а таксама мовай іх узаемаадносін. Значыць, дзяржава бярэ на сябе абавязкі гаранта паўнацэннага і паўнакроўнага функцыяніравання мовы карэннага насельніцтва рэспублікі і тым самым забяспечвае існаванне і будучыню беларускага народа як нацыі, захаванне гістарычных дасягненняў яго самабытнай культуры і традыцый, якія з'яўляюцца незаменнай і непаўторнай часткай духоўных набыткаў чалавецтва.

Праект Закона замацоўвае статус рускай мовы як мовы міжнацыянальных зносін народаў Саюза ССР. У адпаведных раздзелах праекта падкрэсліваецца, што і беларускай, і рускай мовай павінны валодаць кіраўнікі, супрацоўнікі дзяржаўных устаноў, партыйных, савецкіх, прафсаюзных органаў, грамадскіх арганізацый і прадпрыемстваў. Праект Закона забяспечвае роўнае права кожнаму звяртацца ў афіцыйныя ўстановы, выступаць на сходах, вучыцца ў школах, сярэдніх і вышэйшых навучальных установах на беларускай і рускай мовах. Артыкул 9 праекта прадугледжвае вядзенне дзелавой, афіцыйнай перапіскі з саюзнымі органамі і ўстановамі на рускай мове. Дэмакратычна даецца права нароўні з беларускай карыстацца і рускай мовай у тэхнічнай і праектнай дакументацыі, пры афармленні вынікаў навукова-даследчых прац і, вядома, у працоўных калектывах.

Згодна з праектам Беларуская ССР праяўляе дзяржаўны клопат аб свабодным развіцці і ўжыванні ўсіх нацыянальных моў на тэрыторыі рэспублікі. У месцах кампактнага пасялення прадстаўнікоў адной нацыянальнасці гарантуецца права ствараць дзіцячыя дашкольныя ўстановы, школы або класы на іх нацыянальных мовах, магчымасць падрыхтоўкі выхавацеляў дзіцячых садоў і настаўнікаў роднай мовы. Ім гарантуецца таксама права карыстацца сваёй мовай у зносінах з афіцыйнымі ўстановамі, у судзе, пры атрыманні юрыдычнай дапамогі і г. д.

Зразумела, пераход да новай моўнай практыкі з улікам рэальнай сітуацыі ў рэспубліцы, будзе ажыццяўляцца паступова, паэтапна, у розныя больш і менш працяглыя тэрміны, - у залежнасці ад сферы грамадскага жыцця, ступені валодання мовай, стану падрыхтоўкі кадраў. Таму толькі некаторыя артыкулы ўводзяцца ў дзеянне адразу ж пасля прыняцця Закона, астатнія ж - на працягу аднаго, трох, пяці і нават дзесяці гадоў. Там, дзе ёсць рэальныя магчымасці, можна пераходзіць на дзяржаўную мову і раней, не чакаючы сканчэння вызначаных тэрмінаў; у іншых жа выпадках даецца магчымасць непаспешліва, па-належнаму авалодаць ёю. Тэрміны ўстаноўлены рэальныя, яны даволі працяглыя і не даюць падстаў для неспакою, хваляванняў і трывогі тым жыхарам рэспублікі, якія на сёння дрэнна ведаюць ці зусім не валодаюць беларускай мовай. Так, напрыклад, у судаводстве, пры разглядзе спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, пры юрыдычнай дапамозе, у натарыяльным справаводстве прадугледжваецца дзесяцігадовы тэрмін. Такі ж тэрмін устаноўлены і ў сістэме адукацыі, дзе, зразумела, запатрабуецца адпаведная падрыхтоўка кадраў, стварэнне падручнікаў, неабходнай матэрыяльна-тэхнічнай базы. Зусім іншае, калі размова ідзе пра кіраўнікоў і супрацоўнікаў афіцыйных устаноў, якім на авалоданне дзяржаўнай мовай даецца тры гады - тэрмін больш чым дастатковы, асабліва, калі ўлічыць, што мы доўгі час жывём у асяроддзі практычнага беларуска-рускага двухмоўя. Што ж да такіх сфер, як, напрыклад, афармленне дакументацыі аб статусе грамадзян Беларускай ССР або дакументаў па выбарах народных дэпутатаў, то двухмоўе тут дзейнічае фактычна ўвесь час і цяпер толькі ўзаконьваецца.

Арганізацыя выканання Закона "Аб мовах у Беларускай ССР" ускладаецца на Савет Міністраў БССР і Саветы народных дэпутатаў. Савет Міністраў Беларускай ССР павінен распрацаваць і да 1 ліпеня 1990 года прыняць "Дзяржаўную праграму развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларускай ССР на перыяд да 2000 года", у якой вызначаны канкрэтныя меры, накіраваныя на рэалізацыю кадравага, матэрыяльнага, арганізацыйнага забеспячэння ўсіх палажэнняў Закона.

Прэзідыум Вярхоўнага

Савета БССР.


На такую важную ў гісторыі нашага нацыянальна-культурнага Адраджэння падзею, як надрукаванне ў перыядычных выданнях праекта Закона БССР "Аб мовах у Беларускай ССР" рэдакцыя газеты "ЛіМ" адгукнулася ўжо 8 снежня адмысловым артыкулам пад назвай "Быць закону аб мове!" У ім была выказана ўпэўненасць - і не безпадстаўна - "што наданне беларускай мове статусу дзяржаўнай забяспечыць яе функцыяніраванне ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, створыць спрыяльныя ўмовы і стымулы для павышэння яе прэстыжу, сацыяльнай значнасці, актывізацыі як сродку зносін і неад'емнага элемента духоўнай культуры народа, для яе ўсебаковага развіцця і навуковага вывучэння. Беларуская мова такім чынам стане афіцыйнай мовай - мовай справаводства і дакументацыі дзяржаўных, партыйных органаў, прадпрыемстваў, устаноў і грамадскіх арганізацый, а таксама іх узаемаадносін. Значыць, дзяржава бярэ на сябе абавязкі гаранта паўнацэннага і паўнакроўнага функцыяніравання мовы карэннага насельніцтва рэспублікі і тым самым забяспечвае існаванне і будучыню беларускага народа як нацыі, захаванне гістарычных дасягненняў яго самабытнай культуры і традыцый, якія з'яўляюцца незаменнай і непаўторнай часткай духоўных набыткаў чалавецтва" . Спадзявацца, пісаць такое меліся ўсе падставы ў рэдакцыі, бо і сапраўды рэальная дзяржаўнасць любой мовы адкрывае не толькі ёй шырокія прасцягі развіцця, але і самым пазітыўным чынам уплывае на духоўнае сталенне носьбітаў роднага слова, робіць іх устойлівымі ад любой формы культурна-моўнай асіміляцыі - вечнай спадарожніцы беларусаў.

(Працяг у наступным нумары.)

Леанід Лыч


Па матэрыялах архіва Смолічаў

Да дня народзін Смоліч Аляксандры Ігнацьеўны (12 сакавіка 1897 года па ст. ст.).

2011 год быў багаты на падзеі ў культурным жыцці Беларусі. Шырока адзначалася 120-годдзе класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, святкаваўся юбілей яго сябра - Смоліча Аркадзя Антонавіча.

У 1916 годзе, калі Максім Багдановіч прыехаў у Менск, першым, хто сустрэў яго на чыгуначнай станцыі, быў Аркадзь Смоліч. І на працягу пяці месяцаў яны падтрымлівалі цесныя стасункі, безумоўна, аказваючы ўплыў адзін на аднаго. Равеснік Максіма Багдановіча і яго сябра, ініцыятыўны і свядомы грамадскі дзеяч, педагог, вучоны, публіцыст, Аркадзь Смоліч стаяў ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. Ён прымаў актыўны ўдзел у Першым усебеларускім з'ездзе, пазней быў прызначаны народным сакратаром асветы, намеснікам старшыні Рады БНР, быў абраны старшынём Цэнтральнага бюро краязнаўства Беларусі, быў рэдактарам газеты "Грамада", стаў першым прафесарам геаграфіі БДУ.

У 2012 годзе лёс падарыў мне шчаслівую сустрэчу з вельмі цікавымі людзьмі: унукам Аркадзя і Алесі Смоліч - Віталем Бяртгольдавічам Моасам і яго жонкай Нінай Пятроўнай. Гэта вельмі сціплыя, сардэчныя людзі. Яны перадалі ў фонды Літаратурнага музея М. Багдановіча ўнікальны архіў сям'і, які на працягу дзесяцігоддзяў захоўвала Алеся Ігнацьеўна Смоліч. Асабістыя дакументы, перапіска перыяду ссылкі Аркадзя Смоліча, фотаздымкі, аўдыёзапіс успамінаў Алесі Смоліч пра стварэнне лемантара "Зорка", кнігі (беларускія выданні 1920-х гадоў), у тым ліку з аўторгафамі Якуба Коласа, навукова-даследчыя работы А. Смоліча па геаграфіі Беларусі - усё гэта найкаштоўнейшыя матэрыялы для даследчыкаў, навукоўцаў.

Дзесяцігоддзі перавозячы з горада ў горад рукапісы навуковых работ А. Смоліча па геаграфіі Беларусі, Алеся Ігнацьеўна спадзявалася, што яны будуць надрукаваны. Яшчэ ў 1924 годзе Аркадзь Смоліч распачаў навуковае даследванне па раянаванні тэрыторыі Беларусі (асобнае выданне 1929 года работы "Размяшчэньне насельніцтва на тэрыторыі Беларускае ССР" перададзена ў фонды Літаратурнага музея М. Багдановіча). Да 1927 года Аркадзь Смоліч ажыццяўляе даследчыцкую экспедыцыю па вывучэнні Ўсходняга Палесся. Сабраныя звесткі абагульняе ў табліцы і робіць пазнакі на шматлікіх картах, укладае некалькі раздзелаў навуковай работы (рукапісны і машынапісны варыянты), а таксама прывозіць 54 фотаздымкі палесскіх краявідаў. Навукоўцы і сёння лічаць работу А. Смоліча па раянаванні Беларусі фундаментальнай - яна стала асновай для шматлікіх далейшых даследванняў. Тыя мясцовасці, па якіх калісьці праязджаў Аркадзь Смоліч, па большасці апынуліся ў "зоне адчужэння", і многія вёскі, мястэчкі зніклі зусім. Таму работа, прысвечаная даследванню Ўсходняга Палесся 1920-х гадоў, на сёння з'ўляецца ўнікальнай крыніцай інфармацыі.

Не магу не напісаць некалькі слоў і пра захавальніцу архіва - Алесю Смоліч. Дзякуючы яе старанням захаваліся найкаштоўнейшыя матэрыялы. Безумоўна, толькі неверагодна смелая жанчына магла адважыцца ў час рэпрэсій і вайны захаваць архіў рэпрэсаванага мужа.

Адкрываю старонкі афіцыйнай біяграфіі, якую Алеся Смоліч напісала ў 1950 годзе: "Аўтабіяграфія. Я, Смоліч Аляксандра Ігнацьеўна, нарадзілася 12 сакавіка 1897 гады ў горадзе Менску. Бацька - канторшчык на чыгунцы - у 1904 годзе быў пераведзены на ст. Бахмач Чарнігаўскай губ. Там жа, з 8 гадоў я і пачала вучыцца ў Бахмачскай чыгуначнай школе. У 1905 годзе бацька ўдзельнічаў у чыгуначным штрайку і быў арыштаваны. Сям'я вярнулася на радзіму ў Менск, дзе я паступіла ў 4-х класную вышэйшую пачатковую вучэльню, якую скончыла выдатна ў 1912 годзе, а ў 1914 году скончыла Менскія жаночыя педагагічныя 2-х гадовыя курсы, якія далі мне права настаўніцы пачатковай школы. Педагагічную працу пачатку гадоў з 14-15 (давала прыватныя ўрокі), а з 1914 года пасля курсаў была прызначана настаўніцай 2-х класнай вучэльні ў г. Менску.

У 1916 г., калі менскія школы не працавалі з-за эвакуацыі, я паехала ў Маскву вучыцца ў народным універсітэце імя Шаняўскага на нат.пед. аддз. У 1917 годзе вярнулася ў Менск, выйшла замуж і працягвала працаваць у школе, але па хваробе з 1922 года працу ў школе павінна была пакінуць. Займалася хатняй гаспадаркай і выхоўвала траіх дзяцей.

У 1928-30 годзе вучылася на завочным аддзяленні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1930 года працавала па статыстыцы ў Саўнаргасе БССР, а ў 1931 годзе паехала ў горад Ішым да мужа, які працаваў там выкладчыкам геаграфіі. Да 1934 года я працягвала працаваць па статыстыцы і аператыўным ўліку ў Ішыме, а з 1934 года была прызначана ў Ішымскую ПСШ выкладчыкам біялогіі і хіміі. Працуючы ў школе, працягвала павышаць сваю кваліфікацыю. У 1935 годзе скончыла курсы біяхімікаў пры Ленінградскім ІПКНА, а затым паступіла на завочнае аддз. біялагічнага ф-та Омскага педагагічнага Інстытута, які скончыла ў 1940 годзе; у 1949 годзе скончыла вячэрні ўніверсітэт марксізму-ленінізму пры Омскім гаркаме ВКП (б). У Омску працую з 1938 года, спачатку лабаранткай кафедры педагогікі, а з 1939/40 г. асістэнткай Омскага педагагічнага інстытута. Адначасова працавала выкладчыкам біялогіі і хіміі ў школах г. Омска № 10 і 11 да 1946/47 вуч. года. З 1947 г. працую па сумяшчальніцтве ў тэхнікуме фізкультуры выкладчыкам педагогікі. Чалец прафзвязу з 1919 года. Узнагароджана медалём "За доблесную працу ў гады Айчыннай вайны".

Па навуковай працы мяне больш за ўсё цікавіць ужыванне кіно ў выкладанні, пазакласная праца па прыродазнаўстве і працоўнае выхаванне школьніка ў сям'і. Па гэтых пытаннях маю некаторы матэрыял з досведу працы ў школе і назіранні падчас педагагічнай практыкі студэнтаў, якой я кірую ў педагагічным інстытуце з 1939/40 года па цяперашні час.

г. Омск, вул. Рабіновіча, № 29. 1 жніўня, 1950 г. А.І. Смоліч". (Пераклад з рускай, рэд.)


Віталь Бяртгольдавіч Моас (сын старэйшай дачкі Аркадзя Смоліча - Ганны) паведаміў, што пасля 1958 года Алеся Ігнацьеўны выйшла па стану здароўя на пенсію ў Омску, а ў 1967 годзе была вымушана пераехаць у пасёлак Немяшаева, што пад Кіевам, у сувязі з хваробай унука - самога Віталя Бяртгольдавіча, які быў на той час маленькім хлопчыкам.

(Працяг у наст. нумары.)

Людміла Сасонка, загадчык сектара ўліку і захавання фонду М. Багдановіча


У друку - Першая сусветная вайна

Учора ад музея - сядзібы "Пружанскі палацык" атрымаў навуковае выданне "Навукова-практычная канферэнцыя "Падзеі Першай сусветнай вайны ў лёсе Заходняй Беларусі" (да 100 - годдзя з пачатку Першай сусветнай вайны). Зборнік дакладаў 25-26 красавіка 2014 г."

Адразу ж адзначу ў выхадзе ў свет гэтага зборніка "вінаваты" адказны за яго выпуск, сустаршыня навуковага камітэта, дырэктар музея - сядзібы "Пружанскі палацык" Юрый Зялевіч, тыраж выдання - 100 экземпляраў, а здзейсніла яго друкаванне выдавецтва Берасцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Так сталася, што ва ўсіх адбыўшыхся сусветных войнах найбольшыя страты нясла наша краіна, успомнім Першую - тады адхоплены былі нашы спрадвечныя землі Польшчай, Расіяй, што і гаварыць, калі беларускай сталіцай 1 студзеня 1919 г. быў вызначаны Смаленск, Літвой, Латвіяй, Украінай; Другую - Польшчай, Літвой...

Гэта мы пішам аб стратах тэрыторый, а пра людскія, матэрыяльныя, культурныя мусім маўчаць, бо тое дасюль не палічана, і аніхто ў Беларусі не прадставіў свае разлікі, хто і як павінен быў хоць неяк іх кампенсаваць... А прыклады ўсё-такі ёсць, успомнім хоць бы ізраільцян!

Таму мяне дужа зацікавіў матэрыял у зборніку А.В. Трафімчыка, кандыдата гістарычных навук, супрацоўніка Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі: "Тэма падзелу Беларусі ў творчасці беларускіх паэтаў да 1921 г." на прыкладах твораў З. Бядулі, І. Дварчаніна, К. Сваяка, А. Гаруна, С. Шыманоўскага:

Не будзем мы служыць нікому,

Не будуць нас кляваць крукі...

Збудуем бацькаўшчыну самі,

І свет лічыцца будзе з намі,

Мы ўжо... не парабкі.

("Зорка").

Я. Коласа, Я. Купалы:

Рынкам жывога

тавару няслава

Край ўвесь зрабіла,

загнала на ўбой,

Дзе ўжо лет сотні

Масквва і Варшава

Торг гругановы вядуць

між сабой.

("Над Нёманам").

Просім папросту

кіньце нас мучыць,

Ляхі, маскалі!

("Папросту").

Па публікацыі бачна, якім згустоўным быў даклад Н. С. Пракаповіч, бакалаўра педагагічных навук, галоўнага захавальніка фондаў музея-сядзібы "Пружанскі палацык" "Этнічнае вызначэнне і тэрытарыяльнае размежаванне ў Пружанскім павеце напярэдадні і ў гады Першай сусветнай вайны".

З тэмай "Фенамен "забытай" вайны ў грамадскім успрыяцці і навуковых даследаваннях" выступіў І.М. Грабёнкін, доктар гістарычных навук, прафесар кафедры Расіі Разанскага дзяржуніверсітэта імя С.А. Ясеніна.

Абвострана і цікава былі пададзены ў выданні і іншыя працы іх дакладчыкаў - П. Акульшына (Разань), А. Вабішчэвіча (Берасце), С. Васовіча (Берасце), І. Грабёнкіна (Разань), А. Гронскага (Менск), У. Дадзіёмава і С. Рабчука (Пружаны), Н. Пракаповіч і С. Рабчука, Л. Паўлава (Гародня), А. Цумаравай (Магілёў), М. Шчаўлінскага (Менск), С. Піваварчыка (Гародня), Р. Альшэўскай (Берасце), М. Мязгі (Гомель), Н. Магер (Масква), Ю. Латушковай (Менск), А. Куксы (Менск), А. Кісялёва (Менск), А. Загорнава (Берасце)...

Некалькі словамі: правінцыяльны музей у Пружанах сваім выданнем і навуковымі канферэнцыямі яскрава гаворыць, сведчыць, што яму па сілах і яшчэ больш праблемныя задачы. Доказам таму і папярэні зборнік дакладаў з канферэнцыі па падзеях на Беларусі 1863-1864 гадоў.

Як вядома, першае і глыбокае ўражанне ад кожнай з кніг ад іх вокладак, то на гэтым выданні здымак помніка Першай сусветнай вайны ў в. Слабодка Пружанскага раёна.

Міхась Угрынскі, г. Баранавічы.


"Спадарыня - сялянка" ў Гудах

На мінулым тыдні, 8 сакавіка ў Міжнародны жаночы дзень, у Гудскім цэнтры творчасці і вольнага часу прайшла святочная конкурсная шоў-праграма "Спадарыня-сялянка". Удзел у конкурсе прымалі шэсць прывабных жанчын, увішных гаспадынь, таленавітых асоб: Кісялёва Яўгенія Юр'еўна - аператар машыннага даення МТФ "Траццякоўцы" СВК "Ёдкаўскі", Мяткоўская Юлія Ўладзіміраўна - аператар свінагадоўчага комплекса ЛРСУП "Саўгас "Лідскі", Грыцай Алена Уладзіміраўна - кухар ЛРСУП "Саўгас "Лідскі", Валейша Наталля Генадзеўна - аграном участка "Гуды" ЛРСУП "Саўгас "Лідскі", Дамброўская Марыя Міхайлаўна - кухар ЛРСУП "Саўгас "Лідскі" і Фінашына Наталля Аляксандраўна - ветэрынарны лекар ЛРСУП "Саўгас "Лідскі".

Конкурсная праграма складалася з шасці іспытаў, падчас якіх "спадарыні-сялянкі" дэманстравалі журы і гледачам свае творчыя здольнасці. Першым конкурсам стала традыцыйная візітная картка. Разнастайнасці ў гэтым іспыце не было: амаль усе канкурэнткі ў вершаванай форме расказалі пра сябе і сваю прафесію.

Падчас конкурсу "Прарэкламуй сваю прафесію" ўдзельніцы адкрылі гледачам творчыя грані сваёй асобы. Напрыклад, Алена Грыцай запрасіла ўсіх на гумарыстычнае кулінарнае ток-шоў "Як вызначыць, якая страва лепшая", дзе была прадстаўлена еўрапейская, азіяцкая і славянская кухня. І ў гумарыстычнай форме было вызначана, што самая лепшая кухня ў славян.

Пасля творчага конкурсу здавалася, што яшчэ больш здзівіць журы ў канкурсантак не атрымаецца, але ж і ў конкурсах "Хто надоіць больш малака" і "Хто збярэ больш яек" было не толькі што паспытаць, але і на што паглядзець. Кожная з канкурсантак прадстаўляла сваю хуткасць і здольнасць даення кароў і па хуткаму збору яек. Ад таго як жанчыны даілі кароў і збіралі яйкі, гледачы былі ў захапленні.

У адным з прадстаўленых конкурсаў ўдзельніцы відовішчна дэманстравалі, якія яны цудоўныя рукадзельніцы: прышывалі і вышывалі кветкі на майцы.

Дзве гадзіны конкурснай шоў-праграмы праляцелі як адно імгненне. Старшыня журы, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканкама Ўладзімір Самсонаў агучыў рашэнне. У намінацыі "Спадарыня - адмысловасць" перамагла Ю. Мяткоўская, "Спадарыня-чарадзейка" - А. Грыцай, "Спадарыня-гаспадыня" - Я. Кісялёва, "Спадарыня-творчасць" - Н. Фінашына, "Спадарыня-шчырасць"- Н. Валейша, "Спадарыня-спрытнасць" - М. Дамброўская.

Выдатнае відовішча змагло адбыцца дзякуючы намаганням супрацоўнікаў Гудскага цэнтра творчасці і вольнага часу, якія яго падрыхтавалі. Вядоўцы конкурснай шоў-праграмы - дырэктар Гудскага ЦТіВЧ Андрэй Колышка і Тамара Зенюкевіч - разыгралі на сцэне сапраўдны спектакль. Словы падзякі - таксама артыстам Дварышчаснскага цэнтральнага Дома культуры і салісту Яўгену Міндзюлю, якія ўнеслі ў праграму добры настрой і настрой вясенняга жаночага свята (музычныя нумары прадстаўлялі толькі мужчыны).

У падарунак за свае цудоўныя выступленні таленавітыя жанчыны атрымалі кветкі, падарункі, шчырыя ўсмешкі і шчодрыя апладысменты гледачоў.

Н. ВАЙЦЮКЕВІЧ, метадыст па этнаграфіі і фальклоры Лідскага раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці. Фотаздымкі аўтара.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX