Папярэдняя старонка: 2015

№ 12 (1215) 


Дадана: 25-03-2015,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 12 (1215), 25 сакавіка 2015 г.


97-я ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі

З ДНЁМ ВОЛІ!

Дарагія суродзічы-беларусы! Дарагія сябры!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, віншую вас з нашым вялікім святам - Днём Волі - угодкамі таго слаўнага 25-га сакавіка 1918 года, калі беларускі народ абвясціў свету, што ён "скідае апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасці", і што "ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка - незалежная, вольная дзяржава".

Дзякуючы адвазе і рашучасці нашых продкаў, мы ўвайшлі не як расейская губерня ў склад Савецкага Саюза, а - прынамсі на паперы - як асобная рэспубліка, а ў 1991-м годзе мы дамагліся Незалежнасці, і Рэспубліка Беларусь як дзяржава заняла сваё адметнае месца на паверхні Зямлі.

Народу нашаму прышлося перажыць шмат бедаў, і мы яшчэ іх далёка не пераадолелі. Але Беларусь жыве, і Беларусь ёсць часткай сям'і незалежных народаў.

Нажаль, імперскі цмок, на якога шмат нашых людзей перастала звяртаць увагу пад уплывам штодзённага прамывання мазгоў маскоўскай і прамаскоўскай прапагандай, зноў разбудзіўся. Незалежнасць Беларусі зноў апынулася пад пагрозай, і ў сённяшніх умовах мы не здолеем яе абараніць без дапамогі цывілізаванага свету.

Дарагія суродзічы, любоў да свайго краю, салідарнасць між намі і нашыя паводзіны ёсць адзінай зброяй, якой валодаем, каб захаваць незалежнасць нашай Бацькаўшчыны. Толькі, калі цывілізаваны свет зразумее, што мы ёсць стары еўрапейскі народ, які нічым не розніцца ад іншых еўрапейскіх народаў, і што мы таксама заслугоўваем на еўрапейскія ўмовы жыцця ў сваёй уласнай вольнай дзяржаве, ён зверне ўвагу на нашую нядоло.

Але дзеля гэтага трэба, каб іншыя народы бачылі, што мы заслугоўваем на іхні давер і іхнюю павагу. Вольны свет не паможа маскоўскім паплечнікам ці саюзнікам. Нават калі мы ўважаем, што дапамога, якую аказаў Захад Украіне, была недастатковай, каб абараніць яе тэрытарыяльную цэласнасць, без салідарнасці Захаду палова Ўкраіны была б у руках маскоўскага агрэсара. Без гэтае салідарнасці не дамо рады і мы.

Караткевіч казаў: "I адзін можа!" Дык заклікаю сёння кожнага з вас, мае дарагія суродзічы - зрабіце сваёй мэтай спрычыніцца да волі зямлі вашых продкаў і да лепшай долі вашых унукаў і праўнукаў. Каб усе мы маглі разам марыць пра тую Беларусь, пра якую марыў і Беларускі народ, калі прыняў Акт 25 сакавіка 1918 года.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвіла, Старшыня Рады БНР.

Сакавік 2015 г.


28 сакавіка 2015 г.

ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" праводзіць

Міжнародную канферэнцыю "Моўныя правы і іх абарона"

Канферэнцыя адбудзецца ў г. Менску па адрасе: праспект газеты "Праўда", 11,

Менскі Міжнародны адукацыйны цэнтр імя Йаханэса Рау.

Праезд да ст. метро "Пятроўшчына".


Пытанні для абмеркавання:

1. Праблемы моўнага заканадаўства.

2. Тэхналогіі і практыкі грамадзянскай супольнасці па абароне лінгвістычных правоў.

3. Моўная палітыка і актуальныя пытанні развіцця нацыянальных моў.

Падчас канферэнцыі плануецца выстава ідэяў і праектаў: Тэхналогіі моўнага адраджэння.

Пачатак канферэнцыі 28 сакавіка ў 10.00.

Рэгістрацыя ўдзельнікаў з 9.00.

Па пытанні ўдзелу ў канферэнцыі зацікаўленых асоб просьба звяртацца па тэлефоне: 8-029-6616598 (Алена Анісім).

Аргкамітэт.


150 гадоў з дня нараджэння Старога Ўласа

Уладзіслаў СІВЫСІВІЦКІ (пс. Стары Ўлас; 22 сакавіка 1865, Валожын - 30 верасня 1939, Вільня) - беларускі паэт, публіцыст, збіральнік беларускага фальклору.

Асірацеўшы ў десяць гадоў, пайшоў працаваць памочнікам кухара да пана. Быў кухарам, аб'езнікам, ляснічым у маёнтку Сужаны на Віленшчыне. Жыў у вёсцы Варняны Астравецкага раёна, у Вільні. У 1910 заснаваў школу пісьменнасці, у якой разам са сваімі дочкамі вучыў дзяцей грамаце. Своеасаблівым летапісам працы і побыту сялянства з'яўляецца паэма "Год беларуса" (1911).

У 1920 пераехаў у вёску Сужаны, а пазней у Шашэльгішкі Віленскага павета, дзе займаўся земляробствам.

З 1907 друкаваўся ў "Нашай Ніве", потым - у заходнебеларускіх выданнях. У беларускіх календарах змяшчаў вершы і вершаваныя апавяданні. Выступаў і як публіцыст. Шэраг вершаў надрукаваны ў "Анталогіі беларускай паэзіі" (1961) і ў зборніку "Беларуская дакастрычніцкая паэзія" (1969). У 1990 выдадзена кніга збораў яго публіцыстыкі "Год беларуса".

Пра Старога Ўласа трапна сказаў Максім Гарэцкі: "Такія паэты маюць у нашай паэзіі літаральна маральнае значэнне як песняры з мазольнаю рукой, што не толькі народу", але і "сам народ". Яго творы часам не вельмі складныя, але чуецца ў іх сіла самае зямлі, непасрэдны павеў самога жыцця беларускай вёскі. Яны - натуральны адростак народнай паэзіі, казак і гутарак, легендаў і жартаў" .

Пахаваны ў Вільні на могілках Росы. На яго магіле паставілі дубовы крыж без надпісу.

У Валожыне на доме па вуліцы Савецкай, 49 змешчана мемарыяльная дошка ў гонар самабытнага паэта-земляка Старога Ўласа.

Вікіпедыя.


ВІКТАРУ ШВЕДУ - 90

Віктар Мікітавіч ШВЕД (нар. 23 сакавіка 1925, в. Мора, Гайнаўскі павет Падляскага ваяв., Польшча) - беларускі паэт, перакладчык, публіцыст, грамадскі дзеяч. Заслужаны дзеяч культуры Польшчы (1971). Сябар ТБМ.

Выпускнік Беларускага ліцэя ў Бельску-Падляскім (1946). Закончыў Акадэмію палітычных навук у Варшаве (1951), аддзяленне журналістыкі (1955) і аддзяленне беларускай філалогіі (1969) Варшаўскага ўніверсітэта. Працаваў журналістам у "Ніве", рэдактарам у выдавецтве "Ксёнжка і ведза" ў Варшаве (1960-1988). Пасля выхаду на пенсію жыве ў Беластоку. Сябра Саюза польскіх пісьменнікаў, літаратурна-мастацкага аб'яднання "Белавежа".

Дэбютаваў на старонках "Нівы" ў 1957 г. Піша на беларускай і польскай мовах. Апублікаваў зборнікі вершаў "Жыццёвыя сцежкі" (1967), "Дзяцінства прыстань" (1975), "Дружба" (Менск, 1976), "Мая зялёная Зубровія" (Менск, 1990), "Родны схоў" (1991), "Вясёлка" (1991), "Вершы Натальцы" (1998). У яго паэтычных зборніках раскрываецца тэма вернасці роднай зямлі і мове, адлюстравана драма беларускай вёскі і роднай мовы ў выніку дэнацыяналізацыі і гратэскавай правінцыйнай урбанізацыі. Піша для дзяцей.

Перакладае з беларускай, рускай, украінскай моў на польскую, з польскай - на беларускую. У перакладзе на польскую мову выйшла кніжка В. Шведа "Выбраныя вершы" (1997). Некаторыя яго вершы пакладзены на музыку.

Вікіпедыя.



23 сакавіка 2015 года ў Менску ў сядзібе ТБМ па вул. Румянцава, 13 адкрылася выстава твораў мастака Алеся Цыркунова да 97-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі.


У Юзафа Пілсудскага ў кішэні ляжала "Дудка беларуская" Францішка Багушэвіча

У віленскай газеце Kurjer Wilenski № 180(4498) 3 lipca 1938. у Літаратурнай калонцы, якую рэдагаваў лідзянін Юзаф Маслінскі змешчаны артыкул без подпісу "Францішак Багушэвіч ва ўспамінах З. Нагродскага" наступнага зместу:

"Віленскі адвакат Францішак Багушэвіч, які пісаў вершы пад псеўданімам Мацея Бурачка адыграў вялікую ролю ў беларускім адраджэнцкім руху. На яго творчасці ідэйна вырасла пакаленне беларусаў, якое выкавала для беларускага руху арганізацыйныя формы і зрабіла яго сталым і масавым.

Нядаўна з'явіліся ў друку "Запісы" Бел. Т-ва Навук., у якіх знайходзіцца цікавая жменя ўспамінаў пра гэтага чалавека ў артыкуле Ант. Луцкевіча пад назвай "Жыццё і творчасць Францішка Багушэвіча ва ўспамінах яго сучаснікаў". У гэтым артыкуле аўтар звяртаецца да запісаных ім успамінаў нядаўна памерлага ў Вільні вядомага сімпатыка беларусаў Зыгмунта Нагродскага.

Нагродскі пазнаёміўся з Фр. Багушэвічам у годзе 1893 ці 1894. Жыў Нагродскі ў той час на Бяльмонце. Недалёка ад Бяльмонта, на беразе Віленкі, было месца канспіратыўных сустрэч Нагродскага з рэвалюцыйнымі дзеячамі, у тым ліку з Юзафам ("Зюкам") Пілсудскім. Аднойчы падчас такога спаткання Пілсудскі сказаў Нагродскаму, які здаўна цікавіўся беларушчынай, што мае для яго навінку, і выняў з кішэні толькі што прывезеную з-за мяжы "Dudku bielaruskuju". Нагродскі з вялікай цікавасцю накінуўся на беларускія вершы і запытаў Пілсудскага, хто іхні аўтар?

- От, такі сабе адвакацік, называецца Багушэвіч, - адказаў "Зюк".

Нагродскі прасіў Пілсудскага, каб пазнаёміў яго з Багушэвічам, і "Зюк" абяцаў яму гэта зрабіць.

Але знаёмства адбылося пры іншых акалічнасцях.

Група дэмакратычнай інтэлігенцыі, да якой належаў і Нагродскі, сістэматычна збіралася ў розных месцах на літаратурна-музычна-дыскусійныя вечары. На тых вечарах удзялялася месца і беларушчыне: адна пані вельмі прыгожа спявала беларускія народныя песні, дэкламавала адрыўкі з беларускіх вершаў Дуніна-Марцінкевіча. На адным з такіх вечароў у доме пані Дмахоўскай неспадзявана выступіў нехта невядомы да таго часу Нагродскаму, дэкламуючы беларускі верш, які пачынаўся са слоў: "Хмаркі цёмныя, мае братанкі...". Нагродскі быў зачараваны дэкламацыяй.

- Хто гэта? - запытаў.

Быў гэта Багушэвіч, і Нагродскі тут уласна з ім і пазнаёміўся.

Сталі прыяцелямі. Сустракаліся прынамсі раз на тыдзень, у нядзелю, калі Нагродскі не з'яўляўся ў нядзелю да Багушэвіча, той заглядваў да яго на тыдні.

Ужо з таго вынікае, што Багушэвіч у Вільні падтрымліваў кантакт з радыкальным элементам. Калі Пілсудскі прывозіў "Dudku bielaruskuju" з-за мяжы, належыць думаць, што і друкаванне яе за мяжой было арганізавана такім самым чынам. У выбары знаёмстваў Багушэвіч быў вельмі пераборлівы. Паводле слоў Нагродскага Багушэвіч, займаючыся ў Вільні адвакацкай практыкай, не меў блізкіх сувязяў ані са светам адвакатуры, ані наогул з сучасным яму грамадствам. Акрамя Нагродскага, адваката Адама Карповіча і свайго крэўнага Радзевіча блізкіх стасункаў ні з кім не падтрымліваў. Выступаючы ў судзе бараніў выключна правы сялян, будучы цесна звязаным з беларускім народам.

Як выспела ў Багушэвіча яго беларуская ідэалогія?

Паводле слоў Нагродскага былі для таго дзве падставы. Перш за ўсё яго грамадскі радыкалізм, яго "хлопаманства" ("мужыкаманства", рэд. ), як у той час гаварылі, не супярэчылі польскай палітычнай незалежніцкай ідэалогіі. Багушэвіч належаў да тыпу крэўнага Каліноўскаму. Ці ў час паўстання сутыкаўся ён непасрэдна з Каліноўскім - не вядома...

Другая падстава, на якой фармавалася беларуская ідэалогія Багушэвіча, былі ўкраінскія ўплывы. Багушэвіч - як гаварыў Нагродскі - пачаў пісаць вершы падчас свайго побыту на Ўкраіне і пісаў тады па-ўкраінску. І калі вярнуўся на радзіму, яму заставаўся толькі адзін крок да беларускага самаўсведамлення. І Багушэвіч гэты крок зрабіў. Тут, на радзіме, пачаў пісаць беларускія вершы, а свае даўнія ўкраінскія вершы спаліў, лічачы іх за малавартасныя. Тут, на радзіме - засведчыў з усёй дасведчанасцю Нагродскі - у гэтай працы Багушэвіч "знайшоў сябе" і "нацыяналізаваўся", што аднак не зменшыла яго сімпатыі да польскай дзяржаўнасці.

Зыходзячы з далейшых слоў Нагродскага гэтыя сімпатыі вырасталі ў Багушэвіча з антыпатыі да Расіі і ўсялякай маскоўшчыны. Багушэвіч быў палымяным прыхільнікам адраджэння Польшчы ў шырокіх межах, марыў пра тое, каб і Беларусь была з Захадам (у яго польскім аспекце) і дрыжаў ад думкі, што яна магла б застацца пад расейскім панаваннем...

Палітычная дзейнасць Багушэвіча закончылася ў 1863 г. і потым ужо не праяўлялася ні ў чым. На віленскай зямлі ён выйшаў на дарогу выключна беларускай культурна-нацыянальнай працы.

Пазбягаючы расіян і ўсяго, што расейскае, не ўваходзячы ў блізкія асабістыя стасункі і з палякамі, Багушэвіч аднак цікавіўся ўсімі справамі польскага грамадска-культурнага жыцця. І гэта цалкам зразумела. Беларускага грамадства, беларускага культурнага жыцця ў той час яшчэ не было."

Тэкст знайшоў Леанід Лаўрэш.

Тэкст пераклаў Станіслаў Суднік.


Магда Дарбут, Міхал Валадковіч і Пранціш Вырвіч

Пасля пазнавальнай экскурсіі па Менску сябры ТБМ з Магілёва 15 сакавіка сустрэліся ў Чырвоным касцёле з паэткай, пісьменніцай і літаратурным крытыкам Людмілай Рублеўскай, якая зацікавіла падарожнікаў мінуўшчынай горада.

Пісьменніца нарадзiлася ў Менску ў 1965 годзе. Пасля 8 класаў яна паступіла ў архiтэктурна-будаўнiчы тэхнiкум на аддзяленне архiтэктуры, пасля сканчэння якога два гады працавала тэхнiкам-архiтэктарам, аздабляючы працоўныя iнтэр'еры. Друкавала вершы і прыйшла да беларушчыны пад уплывам Багдановiча, Караткевiча i ўласнага рамантызму.

У 1986-м годзе Людміла Рублеўская паступiла ў Лiтаратурны iнстытут iмя Горкага ў Маскве на аддзяленне паэзii, адкуль вярнулася праз год ужо разам з мужам, паэтам Вiктарам Шнiпам i перавялася на беларускае аддзяленне фiлфака БДУ. Працавала ў газеце "Наша слова", часопiсе "Першацвет", тыднёвiку "Лiтаратура i мастацтва". У "ЛiМе" займала пасаду рэдактара аддзела крытыкi i рэгулярна збiрала дыскусiйны клуб "За гарбатай".

Людміла Рублеўская была аўтарам серыi радыёперадач пад назвай "Дзеяслоў" на канале "Культура", у якiх расказвалася пра гiсторыю i сучаснасць беларускай мовы. Яна стала лаўрэатам прэмii часопiса "Дзеяслоў" "Залаты апостраф" за паралельны раман "Золата забытых магiлаў" (2006), дзеянне ў якiм адбываецца ў часы паўстання Кастуся Калiноўскага i ў нашым часе.

Выйшлі амаль два дзесяткi кнiг у розных жанрах - паэзiя, проза, драматычныя творы, эсэ, крытыка, творы для дзяцей. Людміла Рублеўская - аўтар кніг прозы "Старасвецкія міфы горада Б" (2002), "Сэрца мармуровага анёла" (2003), "Пярсцёнак апошняга імператара" (2006), кніг казак для дзяцей "Прыгоды мышкі Пік-Пік" (2000, 2008), "Карона на дне віра" (2008), зборніка гістарычных эсэ "Беседы о философах"(2006), кнігі краязнаўчых артыкулаў "Я - мінчанін" (2006), зборніка архіўных даследванняў па гісторыі беларускай літаратуры "Время и бремя архивов и имен" (2009) , у сааўтарстве з гісторыкам В. Скалабанам.

Людміла Рублеўская таксама выяўляе сябе як паэтэса, яна аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў: "Крокі па старых лесвіцах"(1991), "Замак месячнага сяйва"(1992), "Над замкавай вежай" (2003), "Балаган"(2000), "Рыцарскія хронікі" (2002), "Шыпшына для пані" (2008) і др., а таксама аўтар драматычных паэм і п'ес. Па драматычнай паэме "Апошняя з Алелькавічаў" зняты аднайменны відэафільм (БТ, 1999). Людміла Іванаўна выступае ў друку як крытык і літаратуразнаўца. Яе творы перакладалiся на рускую, польскую, англійскую, нямецкую і іншыя мовы.

Апошнiм часам пісьменніца займаецца тэмай рэпрэсiй 1930-х гадоў, якой яна прысвяціла шмат артыкулаў i раман "Забiць нягоднiка, альбо Гульня ў Альбарутэнiю", надрукаваны ў №№ 33-34 часопiса "Дзеяслоў". Людміла Рублеўская - аўтар раманаў "Скокі смерці" (2006), "Сутарэнні Ромула" (2010), містычнай аповесці "Ночы на Плябанскіх млынах" (2007). На сустрэчы пісьменніца адказала на пытанні чытачоў.

- З чаго Вы пачыналі? Дзе Вы знаходзіце час, каб працаваць у рэдакцыі, займацца сям'ёй і пісаць раманы?

- Я пачынала з вершаў, потым у мяне былі драматычныя паэмы. Я старалася выбіраць тэмы, на якія яшчэ ніхто не пісаў. Першая паэма была прысвечана Актавіяну Аўгусту. Я начыталася хронік Святонія і вырашыла, што ў беларускай літаратуры не хапае антычнай тэмы. На фоне антычных дэкарацый я даследвала тэму, як улада псуе чалавека. Чаму прэтэндэнты на імператарскі трон ў жыцці былі харошыя і душэўныя, але калі іх выбіралі, то атрымліваліся Калігулы?! Фон быў антычны, алюзіі былі скіраваны на рэальнасць.

Потым я пачала пісаць для дзяцей. У нас нарадзіліся дзве дачкі, адной зараз - 25, другой - 21 год, яны абедзве мастачкі. Калі яны былі маленькія, я ім сачыняла казачкі. Арганізоўвала хатнія спектаклі, падарожжы, збірала дзетак нашых знаёмых. Я хацела, каб дзеці жылі ў незвычайным свеце, і гэты свет быў беларускі, каб існавалі свае казачныя персанажы. У мяне ёсць патрэба пераўтвараць свет вакол сябе. Лічу, што так павінны рабіць усе бацькі для дзяцей.

Тое самае я адношу да роднага горада. Калі я чытала ў школе раманы Вальтара Скота, Дзюма, то мне было крыўдна, што ў нас не было захапляльных гісторый, не было мушкецёрскіх двубояў. На змену прыйшло разуменне, што ўсё было і ў нас: сваё Адраджэнне, сваё сярэднявечча, пачыналася эпоха Асветніцтва. Тут, у Менску, усё мелася. Я люблю паказваць свой горад і распавядаць пра яго.

Напрыклад, Міхал Валадковіч быў рэальны персанаж, моцны, дужы, таленавіты, бясстрашны, які спалалучаў станоўчыя і адмоўныя рысы. Я неаднойчы выкарыстоўвала яго гісторыю. Яна мае пачатак у XVIII-тым стагоддзі. Ён быў прыбліжаным Пані Каханку. Аднойчы захацеў, каб яго выбралі ў магістрат. У яго былі досыць экстравагантныя ўчынкі, якія скончыліся дрэнна. Пранціш Вырвіч яго папярэджваў, але Валадковіч не з'ехаў з горада, каб паказаць сваю смеласць. Яго арыштавалі пасадзілі ў сутарэнне, расстралялі.

Кажуць, што прывід з нераскаянай душой пасяліўся ў ратушы. Ратушу нашу зруйнавалі па загадзе цара Мікалая І, па яго рэзалюцыі, каб яна не напамінала месцічам пра вольнасці горада. Прыгналі жаўнераў і яны выканалі загад. Зараз ратуша адноўлена па тым самым праекце. Аповеды пра скарбы езуітаў, якія схаваны ў сутарэннях, - таксама рэальнасць. Мае героі іх знайшлі, але насамрэч, яны ляжаць дзесьці пад пляцам Волі.

Проза пачалася ў мяне з апавяданняў. Першую аповесць я назвала "Сэрца мармуровага анёла". Яна ўвайшла сёння ў школьную праграму, хаця я скіроўвала яе да людзей старэйшага ўзросту.

- Аўтабіяграфічны матэрыял Вы выкарысталі для сваёй гераіні Магдалены Дарбут. А можа Вы, насамрэч, спаткалі прататыпа Івана Хмеля, сведку гістарычных і літаратурных падзей, у якога захоўваўся рукапіс невядомых твораў?

- Сапраўды, ў Маскве мы наведвалі старыя кватэры. Знешні партрэт Івана Хмеля я спісала з рэальнага чалавека. Але тую рэдкую кнігу падараваў мне Максім Лужанін з пакалення "Маладняка". Рамантычныя вершы на польскай мове. Атрамантам там быў напісаны верш невядомага аўтара. Даследчыкі так і не змаглі вызначыць яго аўтарства. Далей спрацавала фантазія.

Мяне асабліва цікавяць два гістарычныя перыяды: XVIII стагоддзе і 30-тыя гады ХХ стагоддзя, хвалюе тэма рэпрэсій. Адчуваю вялікую крыўду і боль! Цэлае пакаленне беларусаў было бязлітасна знішчана, і пра іх нічога не засталося. Калі на з'езды "Маладняка" збіраліся ад 500 да 1000 чалавек, якое гэта было таленавітае пакаленне! Як бы ўсквітнела ніва праз гады, колькі магутных пісьменнікаў было б! Ясна разумееш маштабы нацыянальных стратаў. Перад вайной у спісках Саюза пісьменнікаў засталіся толькі дзесяткі аўтараў. Колькі архіваў знішчана, папалена. Усё гэта заслугоўвае ўвагі, трэба шукаць, аднаўляць. Павінна быць павага да папярэднікаў!

"Сутарэнні Ромула" таксама мелі рэальную гістарычную глебу? - Адзін з герояў рамана Корб-Варановіч меў сапраўднага прататыпа, вучонага, філолага Воўк-Левановіча. Архівіст Віталь Скалабан, знайшоў багаты матэрыял, на аснове якога быў створаны артыкул і раман.

- Вы вядзеце калонку ў "СБ" пад назвай "Кніжны навігатар". Якія аўтары і выданні Вас найбольш зацікавілі, што варта чытаць у першую чаргу?

- Літаратурны крытык сёння не мае права схіляцца ці ў адзін, ці ў другі бок. Я б вызначыла аповесці Андрэя Федарэнкі "Ціша", "Ланцуг", "Нічыё". Яго творчасці ўласцівы псіхалагічны аналіз, гуманістычны погляд на чалавека, драматызм, элементы фантастыкі, мастацкай ўмоўнасці, эмацыянальнасць, спавядальнасць.

Меня прыцягвае феміністычная проза Алены Брава. Заслугоўвае ўвагі Юры Станкевіч, які ў сваёй творчасці так-сама закранае нацыянальную тэматыку, Альгерд Бахарэвіч. Вартая ўвагі кніга "Язэп Драздовіч. Праз церніі да зорак", укладзеная пісьменнікам і краязнаўцам Міхасём Казлоўскім. Кніга выйшла ў выдавецтве "Мастацкая літаратура", была прадстаўлена на ХХІІ Міжнародным кніжным кірмашы. Упершыню пад адной вокладкай сабраны практычна ўсе самыя змястоўныя матэрыялы пра геніяльнага мастака, а так-сама яго ўласныя творы. 640 старонак, нестандартны павялічаны фармат… Той, хто прачытае гэты важкі том, атрымае поўнае ўяўленне пра шматгранны талент Язэпа Драздовіча.

- Адзін з Вашых апошніх герояў, Пранціш Вырвіч, стаў папулярным?

- Я думала, што пішу для падлеткаў. Гэта такое "Рублеўская-лайт"- аўтар адпусціў на волю фантазію, стварыў нешта вясёлае і захапляльнае, без прэтэнзіі на дакладнасць. Зараз гісторыкі закідваюць мяне пантофлямі - аказалася, з задавальненнем чытаюць кнігу філосафы, філолагі, гісторыкі, - людзі дарослыя.

Эла Дзвінская. На здымку аўтара: Людміла Рублеўская.


Беларуская мова ў беларускіх універсітэтах

Старшыні ТБМ Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

У адказ на Ваш ліст ад 19.01.2015 г. за № 30 накіроўваем інфармацыю аб забеспячэнні ў нашым універсітэце функцыянавання беларускай мовы.

1. У БНТУ наступныя дысцыпліны выкладаюцца на беларускай мове:

- "Беларуская мова (прафесійная лексіка)", тэрмін навучання - адзін семестр, форма кантролю - залік; дысцыпліна чытаецца на ўсіх спецыяльнасцях;

- "Гісторыя Беларусі", на ўсіх спецыяльнасцях, акрамя спецыяльнасцей "Архітэктура", "Архітэктурны дызайн", "Бізнес-адміністрыраванне", "Кіраванне інавацыйнымі праектамі прамысловых прадпрыемстваў", "Кіраванне дызайн-праектамі", "Гандлёвае абсталяванне і тэхналогіі";

- "Філасофія", на ўсіх спецыяльнасцях профіляў "Энергетыка", "Педагогіка", "Будаўніцтва";

- "Логіка", на ўсіх спецыяльнасцях профіляў "Энергетыка", "Педагогіка", "Будаўніцтва";

- "Матэматычныя задачы энергетыкі", "Пераходныя працэсы ў энергетычных сістэмах" (для спецыяльнасцей "Рэлейная ахова і аўтаматыка" і "Электрычныя станцыі");

- "Мантаж, наладка і эксплуатацыя сродкаў аўтаматызацыі"; "Праектаванне прылад рэлейнай аховы", "Матэматычнае мадэляванне сродкаў аўтаматызацыі" (для спецыяльнасці "Рэлейная ахова і аўтаматыка").

Такім чынам, сярэдні працэнт дысцыплін, якія выкладаюцца на беларускай мове, на спецыяльнасцях профіляў "Энергетыка", "Педагогіка", "Будаўніцтва" складае 14,8 %; на спецыяльнасці профілю "Энергетыка" - "Рэлейная ахова і аўтаматыка" - 33 %, на спецыяльнасці профілю "Энергетыка" - "Электрычныя станцыі" - 22 %. Сярэдні працэнт дысцыплін, якія выкладаюцца на беларускай мове, па БНТУ складае 7,4 % па ўсіх спецыяльнасцях.

2. Пачынаючы з 2002 г., у БНТУ падрыхтавана 127 вучэбна-метадычных комплексаў, у тым ліку на беларускай мове: 1 - у электронным выглядзе і 4 на папяровых носьбітах, што складае 3,9 % ад агульнай колькасці.

3. У сферы справаводства на беларускай мове ў БНТУ рыхтуюць дакладныя запіскі аб узнагароджанні супрацоўнікаў універсітэта (ганаровымі граматамі, падзякамі і г.д.), што складае каля 8 % ад сярэдняга гадавога ўнутранага дакументазвароту.

4. У 2014 г. выдавецтвам БНТУ выдадзена 242 найменні, з іх 4 на беларускай мове, што складае 1,65 % ад усёй друкаванай прадукцыі.

У 2014 г. у выдавецтва БНТУ здадзены рукапіс вучэбнага дапаможніка "Беларуская мова (прафесійная лексіка). Курс лекцый па тэрміналогіі", рукапіс атрымаў грыф Міністэраства адукацыі РБ. У 2015 г. дапаможнік будзе надрукаваны.

5. На кафедры беларускай і рускай моў БНТУ штогадова праводзіцца пасяджэнне секцыі "Беларуская і руская мовы" ў рамках правядзення ўніверсітэцкай канферэнцыі "Навука - адукацыі, вытворчасці, эканоміцы".

5-6 снежня 2014 г. у гонар 50-годдзя кафедры беларускай і рускай моў БНТУ была праведзена II Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Этнакультурны і сацыялінгвістычны аспекты тэорыі і практыкі выкладання моў", на канферэнцыі было заслухана каля 70 дакладаў, з іх - 16 на беларускай мове.

Двойчы на год, г.зн. у першым і другім семестры, кафедрай беларускай і рускай моў праводзіцца конкурс творчых работ на беларускай мове сярод студэнтаў БНТУ, якія праходзяць курс "Беларуская мова (прафесійная лексіка)". У 2014 г. у конкурсе прынялі ўдзел каля 200 навучэнцаў, якія прадставілі вершы, апавяданні, эсэ на прапанаваныя тэмы; пераможцы былі адзначаны граматамі і прызамі. У 2014 г. у выдавецтве "Права і эканоміка" выйшаў зборнік творчых работ студэнтаў БНТУ "Студэнцкі Парнас. Вып. 1", у які ўвайшлі лепшыя работы студэнтаў за 2007-2011 гг. (гл. ксеракопію, якая прыкладаецца), плануецца працягваць выданне.

6. Праца па стварэнні беларускамоўнай версіі інтэрнэт-сайта БНТУ знаходзіцца на стадыі завяршэння. Версія пачне працаваць у чэрвені 2015 г.

Першы прарэктар БНТУ Ф.І. Панцялеенка.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

вул. Румянцава, 13,

220034, г. Менск

Аб прадстаўленні інфармацыі

Інфармую Вас, што 100% курсантаў, якія навучаюцца ва ўстанове адукацыі "Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь" вывучаюць дысцыпліну "Беларуская мова (прафесійная лексіка)".

Начальнік установы адукацыі

"Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь" генерал-маёр С.В. Бобрыкаў.


МІХАІЛУ КАСЦЮКУ - 75

26 сакавіка 2015 г. адзначае сваё 75-годдзе шчыры і добразычлівы чалавек - Міхаіл Паўлавіч Касцюк , доктар гістарычных навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Нарадзіўся Міхаіл Паўлавіч у вёсцы Масцішча Наваградскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і, дзе і прайшло яго ваеннае і пасляваеннае дзяцінства. Вызначальны ўплыў на выбар ім жыццёвага шляху зрабіла багатая сваімі гістарычнымі традыцыямі Наваградская зямля.

Атрымаўшы грунтоўную базавую адукацыю ў школе і Наваградскім педагагічным вучылішчы, М.П. Касцюк у 1958 г. паступае на гістарычна-філалагічны факультэт Гарадзенскага педагагічнага інстытута і ў 1963 г. атрымлівае дыплом з адзнакай. Выдатныя інтэлектуальныя і арганізатарскія здольнасці абумовілі накіраванне маладога спецыяліста на працу дырэктарам Касадворскай васьмігадовай школы ў в. Баярская Наваградскага раёна.

У 1964 г. ён быў прызваны на армейскую службу, якую праходзіў у Менску. Пасля дэмабілізацыі Міхаіл Паўлавіч каля двух гадоў працаваў сакратаром камітэта камсамолу Гарадзенскага педагагічнага інстытута.

Амаль 50 гадоў адлічвае стужка часу на навуковым шляху Міхаіла Паўлавіча. Пачаўся гэты шлях у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук БССР, калі М.П. Касцюк паступіў у снежні 1966 г. у аспірантуру дадзенай навуковай установы. Пад кіраўніцтвам акадэміка Івана Сяргеевіча Краўчанкі ён натхнённа займаецца распрацоўкай даволі складанай праблемы - вывучэннем працоўнай актыўнасці калгаснага сялянства Беларусі на працягу 1933-1940 гг. і ў 1969 г. паспяхова абараняе кандыдацкую дысертацыю.

У 1970 г. малады таленавіты навуковец быў прызначаны на адказную пасаду вучонага сакратара Інстытута гісторыі АН БССР. На працягу 1975-1981 гг. Міхаіл Паўлавіч працуе на той жа пасадзе, толькі ўжо ў Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ.

Надзвычайная працаздольнасць у спалучэнні з творчым пошукам прыносіла свой плён. 7 снежня 1979 г. Міхаіл Паўлавіч паспяхова абараняе доктарскую дысертацыю "Дзейнасць Кампартыі Беларусі па ідэйна-палітычным выхаванні сялянства ў перыяд будаўніцтва сацыялізму". Навуковым кансультантам пры выкананні гэтага дысертацыйнага даследавання з'яўляўся акадэмік НАН Беларусі Іларыён Мяфодзьевіч Ігнаценка. Сярод навуковых зацікаўленняў М.П. Касцюка ў той час, безумоўна, асноўнае месца займала гісторыя беларускага сялянства. На працягу 10 гадоў Міхаіл Паўлавіч публікуе тры манаграфіі: "Идейно-политическое воспитание крестьянства. Из опыта работы Компартии Белоруссии в период строительства социализма (1926-1937 гг.)" (Мн., 1979); "Трудовой вклад крестьянства в победу и упрочение социализма (по материалам БССР)" (Мн., 1986) і "Социалистические ценности тружеников села: история, современность, перспективы" (Мн., 1989), у якіх разглядае складаныя праблемы гісторыі беларускага сялянства, вызначае яго месца ў грамадска-палітычным жыцці рэспублікі.

З ліпеня 1981 г. ён працуе намеснікам дырэктара па навуковай працы Інстытута гісторыі АН БССР. З лютага 1988 г. на працягу амаль 12 гадоў М.П. Касцюк узначальваў вядучую беларускую навуковую гістарычную ўстанову - Інстытут гісторыі. Ва ўмовах станаўлення суверэннай Рэспублікі Беларусь калектыў Інстытута гісторыі НАН Беларусі пад кіраўніцтвам М.П. Касцюка праводзіў даволі плённае даследаванне "белых плямаў" айчыннай гісторыі: пытанняў палітычнага і культурнага развіцця ВКЛ, розных аспектаў рэлігійнага жыцця, гісторыі беларускай эміграцыі, палітычных рэпрэсій 1920-1950-х гг. Актыўная распрацоўка шмат якіх праблем стала магчымай у той час дзякуючы пашырэнню доступу гісторыкаў да архіўных крыніц.

Важным этапам у развіцці беларускай гістарычнай навукі пачатку 1990-х гг. стала выданне "Нарысаў гісторыі Беларусі" ў дзвюх частках (Мн., 1994-1995). Галоўным рэдактарам і адным з асноўных аўтараў гэтага выдання з'яўляецца М.П. Касцюк.

За час плённай працы Міхаіла Паўлавіча на пасадзе дырэктара істотна пашырыліся міжнародныя навуковыя сувязі Інстытута гісторыі НАН Беларусі з навуковымі цэнтрамі іншых дзяржаў. Былі заключаны дагаворы пра творчае супрацоўніцтва з Інстытутам расійскай гісторыі і Інстытутам усеагульнай гісторыі Расійскай акадэміі навук, наладжаны навуковыя сувязі з Інстытутам гісторыі Польскай акадэміі навук. Супрацоўніцтва з вучонымі Інстытута гісторыі Сібірскага аддзялення РАН па вывучэнні гісторыі беларускай дыяспары ў Сібіры прынесла добрыя вынікі: былі выдадзены два зборнікі артыкулаў "Белорусы в Сибири", а ў 2002 г. - калектыўная манаграфія "Очерки истории белорусов в Сибири в ХІХ-ХХ вв." У 2003 г. гэтая манаграфія была адзначана прэміяй імя акадэміка В.А. Капцюга, лаўрэтам якой разам з іншымі аўтарамі стаў і акадэмік М.П. Касцюк.

Яго пяру належыць звыш 250 навуковых прац, якія прысвечаны вывучэнню актуальных праблем айчыннай гісторыі, у тым ліку каля 20 індывідуальных і калектыўных манаграфій.

Вялікую цікавасць навуковай грамадскасці як у Беларусі, так і Расіі выклікала манаграфія Міхаіла Паўлавіча "Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі" (Мн., 2001), перавыдадзеная ў 2002 г. Інстытутам расійскай гісторыі РАН.

Ён - кіраўнік творчага навуковага калектыву і адзін з аўтараў "Гісторыі Мінска" (Мн., 2006). Падрыхтаванае аўтарскім калектывам пад кіраўніцтвам Міхаіла Паўлавіча навуковае даследаванне "Беларусь у сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных працэсах 1946-2006 гг." (Мн., 2007) адрозніваецца глыбінёй навуковага аналізу, даволі дэталёвай і грунтоўнай прапрацоўкай даследваных праблем.

М.П. Касцюк з'яўляецца галоўным рэдактарам і адным з асноўных аўтараў шасцітомнай "Гісторыі Беларусі". Ва уступе да першага тома гэтага выдання Міхаіл Паўлавіч адзначае: "Максімальна поўнае, аб'ектыўнае, непалітызаванае даследаванне мінулага беларускага народа ... паспрыяе павышэнню аўтарытэту беларускага народа сярод сваіх суседзяў, а таксама і ў ... свеце" .

Ён удзельнічаў у падрыхтоўцы дакументальных тэлевізійных фільмаў "Зваротны адлік", знятых на АНТ і прысвечаных розным этапам гісторыі БССР, а таксама дакументальнага тэлевізійнага фільма, прысвечанага 90-годдзю БССР, тэлеканала СТБ.

Акадэмік М.П. Касцюк робіць важкі ўклад і ў падрыхтоўку навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Пад яго навуковым кіраўніцтвам былі падрыхтаваны 2 дактары і 19 кандыдатаў навук. Даволі часта М.П. Касцюк выступае ў якасці высокакваліфікаванага эксперта і апанента ў працэсе падрыхтоўкі да абароны і абароны шматлікіх дысертацый у навукова-даследчых і адукацыйных установах краіны.

Паспяховая рознабаковая дзейнасць М.П. Касцюка прынесла яму заслужаную вядомасць, аўтарытэт і прызнанне ў Беларусі і за яе межамі. У 1989 г. Міхаіл Паўлавіч быў абраны членам-карэспандэнтам, а ў 1996 г. - акадэмікам НАН Беларусі. У 1998 г. ён атрымаў дыплом сапраўднага акадэміка Цэнтральнай Еўрапейскай Акадэміі навук і мастацтва. У 2010 г. М.П. Касцюку прысвоена званне "Ганаровы грамадзянін г. Наваградка". Таксама ён быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Паводле А.А. Кавалені.


На філалагічным факультэце ВДУ імя Машэрава адбылася цікавая імпрэза

13 сакавіка на філалагічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава адбылася важная патрыятычная акцыя пад назвай "Праз дыялог моў - да душы, да сэрца". Імпрэза мела агульнагарадскі характар, усе ахвотныя маглі напісаць дыктоўку - на выбар па-беларуску ці па-руску. Ініцыятарам акцыі выступіў дэкан філалагічнага факультэта дацэнт С.У. Нікалаенка. Гэта ўжо не першае падобнае мерапрыемства, накіраванае на абуджэнне патрыятызму і выхаванне нацыянальнай самасвядомасці. Прыгадаем хаця б "Фестываль беларускага слова", які з поспехам прайшоў на філфаку ВДУ ў снежні мінулага года.

На пачатку імпрэзы артысты Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа паказалі фрагмент са спектакля "Прымакі". Потым сваімі творчымі набыткамі падзяліліся ўдзельнікі "Паэтычнага тэатра на філалагічным".

Больш за шэсцьдзясят чалавек выказалі жаданне напісаць беларускамоўную дыктоўку. Тэкст "Урокі вайны" паводле Васіля Быкава чытаў рэжысёр-пастаноўшчык, артыст коласаўскага тэатра Міхась Краснабаеў.

Сярод тых, хто пісаў быкаўскі тэкст, быў і сам спадар Нікалаенка, і кіраўнікі Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ, студэнты, школьнікі, выхавальнікі дзіцячых дашкольных устаноў, пенсіянеры. Кожны ахвотны змог даведацца пра свае вынікі, зайшоўшы потым на ўніверсітэцкі сайт. Але ж не гэта галоўнае. Самае важнае - гэта магчымасць далучыцца да роднага слова, пабыць у коле аднадумцаў, пракансультавацца ці проста пагаварыць з прафесійнымі філолагамі. І ў гэтым сэнсе важнасць названай падзеі цяжка пераацаніць.

Плануецца, што падобная грамадская патрыятычная акцыя стане традыцыйнай. Можна не сумнявацца, што і колькасць удзельнікаў імпрэзы будзе павялічвацца.

Юрась Бабіч , намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ.


Да 25-годдзя "Нашага слова"

17 сакавіка ў Лідскім бібліятэчным філіяле № 3 была адкрыта мінівыстава да 25-годдзя "Нашага слова". Чыста музейных экспанатаў там не шмат: пячатка рэдакцыі газеты "Наша слова" 1990-х гадоў, вуглавы штамп рэдакцыі газеты "Наша слова" тых жа гадоў, копія першага Пасведчання аб рэгістрацыіі газеты "Наша слова", друкарская машынка тых часоў, некалькі нумароў "Нашага слова" за 1993-94 гг.

Але асноўнае, што зроблена - тут на пастаянна размешчана поўная падшыўка "Нашага слова" лідскага перыяду выдання: з лістапада 1997 года па канец 2014 года. 17 гадавых падборак. Гадавыя падшыўкі амаль поўныя, не хапае некалькіх нумароў (недзе 3-4 за 17 гадоў). Аднак трэба спадзявацца, што падшыўкі будуць дапоўнены хоць бы ксеракопіямі страчаных асобнікаў.

Другая такая ж падшыўка будзе размешчана ў Лідскім літаратурным музеі.

Такім чынам у Лідзе будуць два месцы, дзе можна будзе пачытаць любы лідскі нумар "Нашага слова".

Акрамя "Нашага слова" зроблены падшыўкі двух перыядаў выдання (2001 - 02 гг. і 2004 - 05 гг.) лідскай газеты "Тэлескоп", якая так-сама выдавалася Лідскай гарадской арганізацыяй ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны", але банальна не вытрымала канкурэнцыі з дзвюмя іншымі лідскімі газетамі (дзяржаўнай і недзяржаўнай) і мусіла закрыцца.

Да стварэння выставы прыклалі рукі работнікі 3-га бібліятэчнага філіяла і старшыня Лідскай рады ТБМ Лявон Анацка.

Воляй лёсу гэты лідскі куток, дзе размешчаны бюст Ларысы Геніюш, напаўняецца беларушчынай.

Наш кар.


Любы юбілей - заклік да новай паспяховай працы

Мала выданняў у гісторыі, якія з першага і ва ўсіх наступных нумарах настойліва дбалі і дбаюць пра мову свайго народа. Асаблівы недахоп такіх на Беларусі.

"Наша слова" адважна сцяжыць па цяжкай дарозе адраджэння і захавання роднай мовы ў дзяржаве. У сакавіку 2015 адсвяткавала 25-годдзе.

З часоў рэдактарства Уласава і Купалы ў "Нашай Ніве", калі з аднолькавай паслядоўнасцю тапталі першую беларускую газету рускамоўныя і польскамоўныя калектывы і службоўцы, да сённяшняга дня беларускім выданням цяжка жывецца.

На словах, з кім ні загавары, якую б пасаду суразмовец не займаў, усе за беларускі народ, а значыць - за адзіны стрыжань беларускасці, яго мову.

На справе ўсё болей двурушнікаў, а то і прамых нападнікаў на прамоўленае і напісанае беларускае слова ў вольнай незалежнай Беларусі. Свядома/несвядома ўтвараюцца ўмовы чалавеку для аддалення ад беларускасці. Пацвярджэнне - усяго адзін студэнт з 640 сёлета вучыцца на беларускай мове.

Дажыліся, радуемся калі ў раёне/вобласці адкрываюцца 2-3 беларускамоўныя класы. Не школа вярнулася ў беларускасць - клас. Ах які поспех у тамашніх кіраўнікоў асветы і культуры!

Прыемна, што ўсё-такі жыватворыць у дзяржаве газета, якая мэтанакіравана і цэльна, спакойна і вытрымана падтрымлівае беларускамоўныя плыні на палетках і гонях беларускіх.

Менавіта па-гэтаму "Наша слова" і яго заснавальнік Таварыства беларускай мовы павінны крыніцовіць і крыляць. Іх неабходна падтрымліваць кожнаму дзяржаўцу, любому неабыякаваму да існавання нацыі чалавеку.

Няхай звонка адзначыць "Наша слова" 50-гадовы і 100-гадовы юбілеі, з вялікай чытацкай аўдыторыяй, масавай тыражнасцю.

Валер Санько, пісьменнік.


Напісана пяром... Сякеры не бяром?

Часам дзеля навуковых патрэб і проста з цікавасці гартаю "Слоўнік мовы Нашай Нівы". Матэрыял багаты і каштоўны.

Але, на жаль, у кнізе трапляюцца прыкрыя хібы. Зноў гэты злашчасны дзеепрыметнік! Вось адзін з артыкулаў.

ВЫДАВАНЫ дзеепрым . Які выдавалі; адпушчаны. У Вітэбску с прычыны дарагоўлі горад стараецца аб павялічэньні выдаванага сем'ям пакліканых на вайну казённага пайка (дапамогі) з 3-х руб. 25 кап да 4-х руб. у месяц на душу. 1915, 7, с. 3.

Кантэкст сказу не дае падстаў пагадзіцца з такою дэфініцыяй (тлумачэннем слова).

Паводле фармальнай адзнакі, суфікса -н- , укладальнікі (і рэдактар) зразумелі гэтае слова як дзеепрыметнік залежнага стану прошлага часу і адпаведна растлумачылі. Па-праўдзе ж выдаваны мае значэнне "які выдаюць, які адпушчаюць".

Яшчэ некалькі прыкладаў.

НАЗЫВАНЫ дзеепрым . Выкліканы. … пачала памалу заміраць, не, не заміраць, а толькі засыпаць народная душа і разам з ей счэзае памалу вызываная гэтай душой жывая краса. 1913, 37, с. 1.

І гэты дзеепрыметнік належыць тлумачыць аналагічна да вышэй пададзенага: "які выклікаецца", то бок адносіць паводле-дзеяслоўную прыкмету да цяперашняга (граматычнага) часу.

Пэўна ж, можна было б пагадзіцца і з варыянтам, прапанаваным у "Слоуніку...", але толькі пры ўмове, што націск у слове выкліканы прыпадае на суфіксальнае а (гэтага, відаць, не мелі на ўвазе ўкладальнікі).

ЗАЧЫНЕНЫ.., ZAСYNIENY.., ЗАЧЫНЯНЫ дзеепрым.

У гэтых словах паказваюцца тры значэнні. Апошняе "які спыніў работу, дзейнасць; закрыты" ілюструецца ў тым ліку і сказам: "Міністэр фінансаў загадаў, каб казённые шынкоўні, апрача тых, у каторых адбываецца або будзе адбывацца продаж дэнатураванаго спірту, былі адна за аднэй зачыняны, а служычых разлічываць. 1915, 9, с. 4 .

Выказнік былі зачыняны перадае сэнс: каб шынкоўні былі не адразу зачыненыя, а паступова, "адну за аднэй" іх зачынялі.

Звяртаем увагу на правапіс. Дзеепрыметнік зачыняны (з галосным я ) адрозніваецца ад дзеепрыметніка зачынены (з суфіксам -ен- ), які ўжыты ў астатніх сказах-ілюстрацыях у разгляданым слоўнікавым артыкуле.

ВЫРАБЛЯНЫ дзеепрым . Выпрацаваны, выпушчаны. У суконных фабрыках маець быць выраблянае сукно на патрэбы арміі. 1914, 41, с. 4.

Насамрэч тут выказнік абазначае: павінна вырабляцца (але яшчэ не "выпрацавана", не "выпушчана").

Такія дзеепрыметнікі сустракаюцца і ў сказах-ілюстрацыях да розных рэестравых слоў.

Аналагічныя формы дзеясловаў усё часцей бачым на старонках сучасных беларускіх выданняў, у тым ліку "Нашага слова". Іх не варта хаваць ад чытачоў, як гэта зрабілася (незнарок?) у выпадку з "Слоўнікам мовы Нашай Нівы".

Алесь Каўрус.


Чатыры гады разам і з мовай

На пачатку сакавіка Клуб красамоўства "ПраМова" пры ТБМ адсвяткаваў чацвёрты год сваёй дзейнасці.

За гэтыя гады клуб набыў шмат сяброў, што стала моцным падмуркам яго існавання. Вось, што кажуць пра клуб некаторыя з іх:

" Галоўнае навучыцца размаўляць вольна і без сарамлівасці, без комплексаў, павялічваць культуру, быць больш цярплівым да асяроддзя і да сябе" , - Алесь Букаты.

"ПраМова" дорыць сустрэчы з цікавымі людзьмі, майстрамі сваёй справы і дух яднання паміж людзьмі, дух беларушчыны, які дапамагае жыць у рускамоўным (пакуль) асяроддзі " , - Наталля і Таццяна Мяцельскія.

"Клуб "Прамова" - цудоўны асяродак беларускамоўных сяброў Людзі вучацца правільна і прыгожа гаварыць па-беларуску, пісьменна, разумна і змястоўна выступаць з прамовамі на розныя тэмы. Як пойдзе далей? Спадзяюся, што з'явіцца шмат цікавых ідэй, бо перад намі - мора магчымасцяў! Вучымся тут быць шчаслівымі. Зычу клубу новых цікавых , незвычайных сустрэч! Новых здзяйсненняў!" - Святлана Багданкевіч.

За чатыры гады свайго існавання мы зладзілі каля 140 сустрэч, больш за 10 вандровак па Менску, трошкі меней экскурсій у разнастайныя музеі, шмат сустрэч з самымі рознымі і самымі цікавымі людзьмі нашай краіны, разам удзельнічалі ў разнастайных імпрэзах і вандроўках па Беларусі.

Вялікі дзякуй усім, хто цягам гэтых гадоў быў і застаецца з намі, дапамагае і падтрымлівае клуб. Дзякуй за віншаванні і пажаданні.

Беларуская мова жыве, а з ёй жыве беларуская культура і беларускі народ.

Аляксандр Давідовіч.


Даведнік пра падзеі і людзей Меншчыны

Напрыканцы мінулага 2014 года ў Менску пабачыў свет краязнаўчы даведнік "Міншчына-2015. Мінская вобласць у асобах і падзеях": аўтар - вядомы краязнавец, журналіст, гісторык Анатоль Жук - экс-рэдактар газеты "Слуцкі край. У даведніку, скіраваным на юбілейныя даты 2015 года, узгадваюцца каля шасьцісот фактаў, датычных да пэўных гістарычных падзей і канкрэтных вядомых асоб Меншчыны ад далёкай мінуўшчыны і да нашых дзён, вылучэнне Слуцкага ўдзельнага княства з Тураўскай зямлі, Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчынай вайны, 25 гадоў з часу заснавання мастацкага музея Анатоля Белага ў г. Старыя Дарогі, 430 гадоў з дня нараджэння Сафіі Слуцкай - рэлігійнай дзяячкі, беларускай праваслаўнай святой з роду Алелькавічаў, 175 гадоў з дня нараджэння ў в. Калацічы Глускага раёна А.Р. Абуховіча - паэта, мемуарыста, удзельніка паўстання 1863 г; жыў і пахаваны ў г. Слуцку, 155 гадоў з дня нараджэння ў в. Станькава Дзяржынскага раёна Э.К. Чапскага, дзяржаўнага дзеяча, міравога пасярэдніка Менскага павета, прадпрымальніка, філантропа і інш. Гэта, несумненна, з'яўляецца сведчаннем, што зямля Меншчыны мае багатую ў сваёй гераічнасці і драматызме гісторыю.

Выданне аб'ёмам 10,8 ум. друк. арк. Добра праілюстравана партрэтамі выдатных людзей, рэпрадукцыямі з выяваў помнікаў архітэктуры. Кожнаму месяцу папярэднічае свой каляндар з адпаведнымі знакамі задыяку. На першай і чацвёртай старонках вокладкі змешчана карта Менскай вобласці і каляндар на 2015 год. Мастацкае афармленне здзейсніў мастак Уладзімір Хвораў.

Для зручнасці карыстання і арыентацыі чытача ў канцы даведніка змешчаны імянны паказальнік.

Няма сумневу, што выданне будзе цікава і карысна як спецыялістам у гісторыі, краязнаўстве і інш., так і паспалітаму чытачу.

І на заканчэнне застаецца павіншаваць аўтара "Міншчыны - 2015 ..." з гістарычна-літаратурнай удачай у беларускай інтэлектуальна-духоўнай прасторы і пажадаць яму далейшага плёну ў яго росшуках і здзяйсненнях на карысць Бацькаўшчыне. Адначасова віншуем і чытачоў з мажлівасцю карыстацца такой цікавай кнігай, набыць якую можна на сядзібе ТБМ у Менску.

Яўген Гучок.


Пішы, як Янка Купала

Дызайнер Павел Мінкевіч стварыў шрыфт на базе почырка Янкі Купалы. Ён назваў новы шрыфт - Рiasniar. Каб стварыць шрыфт, спатрэбілася некалькі месяцаў. Праект прысвечаны 110-годдзю творчасці Купалы, якое будзе адзначацца ў траўні. Асновай для стварэння шрыфту стаў рукапісны варыянт трэцяга зборніка вершаў Купалы "Шляхам жыцця", які захоўваецца ў фондах Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.


Еўрарадыё.

17 сакавіка газеце "Наша слова" споўнілася 25 гадоў. Што праўда, віншаванняў з гэтай нагоды мы атрымалі не густа. То ўжо, калі так, рэдакцыя вырашыла павіншаваць сябе сама, а заадно апрабаваць новы шрыфт. Калі ўжо няма тых высокіх віншаванняў, то няхай будзе хоць адно, нібыта з-пад рукі Янкі Купалы.

Рэд.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Ялугін Эрнест - 30000 р., г. Менск

2. Міцкевіч Марыя - 130000 р., г. Менск

3. Дзягілеў Лявон - 100000 р., г. Менск

4. Тарэлка М. - 100000 р., г. Менск

5. Сакалоўскі Віктар - 200000 р., г. Ваўкавыск

6. Прылішч Ірына - 50000 р., г. Менск

7. Рабека Мікола - 200000 р., г. Менск

8. Касцюковіч Зміцер - 100000 р., г. Чэрвень

9. Грышан Мікола - 20000 р., г. Мазыр

10. Мацюшэўская Зінаіда - 100000 р., г. Фаніпаль

11. Баброўнік Мікола - 100000 р., г. Менск

12. Глебік Юры - 200000 р., г. Свіслач

13. Кукавенка Іван - 100000 р., г. Менск

14. Шкірманкоў Фелікс - 100000 р., г. Слаўгарад

15. Шынкевіч Сяргей - 170000 р., г. Орша

16. Ляўшун Дзяніс - 145000 р., г. Менск

17. Астравецкі А.А. - 50000 р., г. Берасце

18. Навумовіч Іван - 10000 р., г. Менск

19. Цехановіч Святлана - 150000 р., г. Менск

20. Мамчыц Эдуард - 400000 р., г. Віцебск

21. Кушнір Васіль - 60000 р., г. Дзяржынск

22. Краўцоў Васіль - 200000 р., г. Гомель

23. Зылькоў С.П. - 200000 р., г. Гародня

24. Лабыка Зміцер - 200000 р., г. Менск

25. Пухоўская Юлія - 100000 р., г. Менск

26. Раманюк Таццяна - 120000 р., г. Менск

27. Лазарук Таццяна - 50000 р., г. Менск

28. Панамароў Сяргей - 150000 р., г. Менск

29. Кавальчук Галіна - 70000 р., г. Менск

30. Восіпава Аляксандра - 100000 р., г. Гомель

31. Лабыка Зміцер - 200000 р., г. Менск

32. Ляўшун Дзеніс - 195000 р., г. Менск

33. Залацілін А.В. - 200000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Усенародны рух за наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай (да 25-годдзя Закона "Аб мовах у Беларускай ССР" - 26 студзеня 1990 г.)

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

Як бачым, першы месяц зімы 1989/90 года прынёс значнае пацяпленне ў асяроддзе арганічна звязаных з роднай мовай людзей. Зараз ужо ў іх з'явілася рэальная магчымасць выказацца і пра яе гаротны стан, абмеркаваць шляхі вяртання на законны толькі ёй адной на беларускай зямлі дзяржаўны п'едэстал. І людзі не маўчалі. Практычна адразу ж пасля надрукавання ў перыядычных выданнях рэспублікі праекта Закона "Аб мовах у Беларускай ССР" пачалося яго абмеркаванне як у пісьмовай, так і вуснай формах. Гэтае надзённае пытанне выносілася і на старонкі рускамоўнай прэсы, даволі шырока было прадстаўлена ў газетах і часопісах негуманітарнага профілю, г. зн. набыло агульнанацыянальнае гучанне, што для многіх з'яўлялася дзіўнай неспадзяванкай. Зразумела, самымі актыўнымі ўдзельнікамі дыскусій паказалі сябе сябры ТБМ імя Ф. Скарыны, бо яны былі найбольш дасведчанымі ў гэтым пытанні і займалі па ім прынцыповую прабеларускую пазіцыю. Адным з першых адгукнуўся на яго (і ў найвышэйшай ступені прафесійна) старшыня праўлення Рады ТБМ імя Ф. Скарыны Маскоўскага раёна горада Менска Віктар Навуменка. Разглядаючы моўнае пытанне ў агульнапланетарным зрэзе, што цалкам апраўдана, аўтар выказвае такія прагрэсіўныя, слушныя меркаванні: "Дзеля будучыні, дзеля Чалавека ўся моц дзяржавы павінна быць накіравана на захаванне і адраджэнне моў, і ў першую чаргу тых моў, якім пагражае забыццё. Для гэтага трэба, каб на мове размаўляў народ. Ён жа будзе размаўляць на гэтай мове толькі тады, калі ў яе будзе перспектыва Таму ўсе дзяржаўныя ўстановы павінны карыстацца толькі беларускай мовай. На этапе адраджэння мовы да таго часу, пакуль беларуская мова не стане пераважнай у сваёй рэспубліцы, гэта правіла павінна быць катэгарычным". Такой думцы ніяк нельга запярэчыць, бо іншага шляху адраджэння, узняцця беларускай мовы на дзяржаўны п'едэстал на этнічнай тэрыторыі яе носьбітаў проста не існавала і існаваць не магло ў самой прыродзе. Свой ліст у рэдакцыю "ЛіМа" яго аўтар закончыў такімі словамі: "Патрабуецца поўная дзяржаўная падтрымка ўсіх захадаў грамадскасці па падняцці самасвядомасці беларусаў, актыўная прапаганда мовы і гістарычных каштоўнасцей нашага народа" (Літаратура і мастацтва. 1990. 5 студзеня. С. 2). І трэба сказаць, што ў гэтым плане штосьці і сапраўды карыснае рабілася партыйнымі і савецкімі ўладамі. Абавязвала перабудова. На вялікую радасць адраджэнцаў, лёд пакрысе пачынаў кранацца, рухацца ў жаданым для іх кірунку.

Як ніколі раней, моўнай праблеме вялікую ўвагу пачало надаваць само кіраўніцтва КПБ. Відаць гэта і са зместу прынятай ёю платформы да выбараў народных дэпутатаў Беларускай ССР і мясцовых Саветаў рэспублікі (адбыліся 4 сакавіка 1990 г.). Неспадзявана для большасці людзей у гэтым дакуменце кампартыя выказалася за "наданне беларускай мове статусу дзяржаўнай пры поўным забеспячэнні права карыстацца рускай мовай - мовай міжнацыянальных зносін народаў СССР, свабоднага і раўнапраўнага развіцця іншых нацыянальных моў насельніцтва рэспублікі, распрацоўку і прыняцце дзяржаўнай праграмы развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў БССР" . Раней жа нічога падобнага зусім не здаралася ў практыцы КПБ па рэгуляванні моўнага працэсу. А каб здаралася, беларускі народ на час перабудовы не апынуўся б у такім страшэнным стане дэнацыяналізацыі з-за планамернага вываду яго роднай мовы з афіцыйнага жыцця і замены яе рускай. Змест прыведзенай цытаты пераканаўча сведчыць пра прызнанне КПБ свайго непасрэднага ўдзелу ў ажыццяўленні на працягу ўсіх пасляваенных гадоў заганнай палітыкі русіфікацыі беларусаў і жаданне загладзіць перад імі сваю віну.

Ад першых дзён 1990 года больш спрыяльныя перспектывы адкрыліся для плённай дзейнасці Таварыстыва беларускай мовы імя Ф. Скарыны, пра што патурбаваўся і самы высокі партыйны орган рэспублікі. У вышэй згаданай Платформе Камуністычнай партыі Беларусі да выбараў народных дэпутатаў Беларускай ССР і мясцовых Саветаў рэспублікі ЦК КПБ выказаўся за "ўсямерную падтрымку дзейнасці Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і іншых культурна-асветных таварыстваў, якія ставяць на мэце прапаганду беларускай мовы (сённяшнім палітыкам Рэспублікі Беларусь такое і ў сне не прыйдзе ў голаў!) і моў людзей іншых нацыянальнасцяў, што пражываюць на тэрыторыі Беларусі" (Літаратура і мастацтва. 1990. 5 студзеня. С. 2).

Сродкі масавай інфармацыі, асабліва ў папяровым варыянце, яшчэ ніколі так багата не давалі матэрыялу па моўнай праблеме, як на рубяжы 1989 - 1990 гадоў. Глыбокім аналізам сучаснага стану беларускай мовы, правільным выбарам шляхоў павышэння яе сацыяльнай ролі праз рэалізацыю праекту Закона вызначаліся многія прысланыя ў рэдакцыю газеты "Літаратура і мастацтва" лісты. Так, у яе нумары ад 12 студзеня 1990 года былі змешчаны слушныя меркаванні прафесараў менскіх ВНУ Івана Мірончыка, Міколы Савіцкага, дацэнта Анатоля Шастаковіча, супрацоўніка Навукова-даследчага інстытута педагогікі МНА БССР Яўгена Лаўрэля, выкладчыка Полацкага педвучылішча, заслужанага настаўніка БССР Мікалая Пятрэнкі. Яны нібыта дамовіліся паміж сабой, і ўсе ў адзін голас заяўлялі пра расцягнутасць тэрміну пераводу сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў з рускай на беларускую мову, папярэджваючы, што на адведзеныя на гэта 5 - 10 гадоў яе можна зусім страціць. Словам, гэтыя кампетэнтныя ў сваёй сферы дзейнасці, сапраўдныя беларускія нацыянальныя патрыёты, як у ваду глядзелі, бо каб нам удалося завяршыць такую цалкам рэальную моўную трансфармацыю ў дадзеным звяне народнай адукацыі да ўсталявання ў краіне ў ліпені 1994 года прэзідэнцкай сістэмы кіравання, не выключана, што яна не так агрэсіўна выступала б супраць беларускамоўнага навучання ў сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай школе. За больш кароткія тэрміны пераводу педагагічнага працэсу ва ўсіх тыпах навучальных устаноў з рускай мовы на беларускую выказваліся і ўсе астатнія аўтары лістоў таго нумара "ЛіМа". А іх было больш за 30 ды плюс 14 подпісаў пад лістом студэнтаў Менскага інстытута фізкультуры і 27 ад навучэнцаў Ваўкавыскага педвучылішча. яшчэ, - паведамлялася ў тым жа нумары газеты, - у рэдакцыйнай пошце праекту Закона аб мовах - каля двухсот паштовак, у якіх некалькі кароткіх, як тэлеграмы, радкоў - аб тым, што ў Беларусі дзяржаўнай мовай павінна быць беларуская мова. Пералічыць тут прозвішчы ўсіх, хто прыслаў нам гэтыя паштоўкі-тэлеграмы проста немагчыма".

На высокім узроўні прайшло абмеркаванне праекту Закона аб мовах у пачатку студзеня 1990 года ў Гародні на Рэспубліканскай канферэнцыі выкладчыкаў і метадыстаў беларускай мовы і літаратуры ў школах усіх узроўняў. З усіх раёнаў Беларусі прыбыло сюды каля 300 спецыялістаў. Адкрыла і вяла канферэнцыю першы намеснік міністра народнай адукацыі Людміла Сухнат. Ад рэспубліканскай Рады ТБМ выступілі дырэктар Інстытута мовазнаўства АН БССР Аляксандр Падлужны, метадыст Менскага інстытута ўдасканальвання настаўнікаў Валянціна Раманцэвіч, настаўніца беларускай мовы з Менска Вольга Кузьміч. У прынятым звароце да Вярхоўнага Савета БССР стан беларускай мовы характыразаваўся, як трагічны, таму прапаноўвалася больш інтэнсіўна ўводзіць яе ва ўсе сферы грамадскага жыцця: у службовае справаводства (не пазней як за тры гады), ва ўсе тыпы навучальных устаноў (ад аднаго да трох гадоў). Даволі слушна прапаноўвалася: увесці грашовыя надбаўкі настаўнікам за беларускамоўнае выкладанне сваіх прадметаў; устанавіць персанальную службовую адказнасць кіраўнікоў дзяржаўных органаў, устаноў і прадпрыемстваў, а таксама грамадскіх арганізацый рэспублікі за своечасовае і поўнае выкананне адпаведных іх сферы дзейнасці артыкулаў (Літаратура і мастацтва. 1990. 19 студзеня. С. 7).

Праект Закона "Аб мовах у Беларускай ССР" не мог не абмяркоўвацца на адкрытым партыйным сходзе пісьменнікаў рэспублікі, праўда, з некаторым спазненнем. Першым выступіў член рабочай групы Камісіі Вярхоўнага Савета БССР па падрыхтоўцы праекту Закона Барыс Сачанка і выказаў вялікае здзіўленне, што ў гэты заканадаўчы орган "не паступіла ніводнага водгуку ці прапановы ад пісьменнікаў" . Безумоўна, такога ніяк нельга апраўдаць, бо іх голас (а ён, напэўна, быў бы пазітыўным) шмат што значыў бы, прынёс бы вялікую карысць сябрам Камісіі. Удзел у абмеркаванні праекту бралі Генадзь Далідовіч, Васіль Жуковіч, Георгій Марчук, Анатоль Жалязоўскі, Янка Саламевіч, Нічыпар Пашкевіч (адзін з усіх, хто ўсумніўся ў рэальнасці выканання Закона нават тады, калі яго прыме Вярхоўны Савет БССР - выходзіць, не памыліўся). Апошнім выступіў на сходзе сакратар Менскага гаркама КПБ Пётр Краўчанка, заключыўшы, "што ёсць толькі адна ўмова выратавання роднай мовы - наданне ёй статусу дзяржаўнай" (Літаратура і мастацтва. 1990. 19 студзеня. С. 3).

Як і трэба было чакаць, у той адказны для роднай мовы час, а разам з ёю і для ўсяго беларускага народа, ніхто не выявіў такой актыўнасці ў змаганні за наданне ёй статусу дзяржаўнай, як многія з майстроў нацыянальнага мастацкага слова. У поглядзе на дадзенае лёсавызначальнае пытанне яны не падзяліліся на два процілеглыя лагеры (саюзы), як гэта ім характэрна сёння. Шырокую магчымасць выходзіць на людзі са сваімі поглядамі на мову давала пісьменнікам газета "Літаратура і мастацтва", якая ў нашыя дні абмінула сваёй увагай і 25-годдзе ўтварэння ТБМ імя Ф. Скарыны, і 90-годдзе пачатку дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі, і 25-годдзе прыняцця Закона "Аб мовах у Беларускай ССР". Для сучаснай рэдакцыі газеты "ЛіМ" проста не існуе анічога вартага з надзённай нацыянальна-культурнай праблематыкі, разумным асвятленнем якой можна было б хоць трохі стрымаць абароты магутнага дзяржаўнага рухавіка русіфікацыі духоўнага жыцця краіны. Такога трухлявага нацыянальнага падмурка, як сёння, яшчэ ніколі не было ў яго. І гэта ўсё з-за паганай мураўёўскай дзяржаўнай моўнай палітыкі кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь. Разам з рэдакцыяй газеты "Літаратура і мастацтва" не жадаюць ці баяцца выносіць моўную праблему на свае старонкі і ўсе іншыя афіцыйныя перыядычныя выданні. Іх журналістам хацелася б пажадаць, калі не прачытаць, дык хоць пагартаць газеты, што выходзілі ў рэспубліцы ў лістападзе - снежні 1989 года, а вось можа ўзнікла б жаданне, з'явілася б смеласць стаць у абарону роднай мовы тытульнага народа. Зараз жа яе становішча намнога горшае, чым у апошнія гады Савецкай Беларусі. Калі ў сувязі з гэтым у каго-небудзь узнікне жаданне пазнаёміцца з тагачаснай практыкай змагання сваіх калег за роднае слова, рэкамендую ў першую чаргу чытаць газету "Літаратура і мастацтва". Бадай ніводная з газет не мела такой багатай пошты з матэрыяламі датычна праекту Закона "Аб мовах у Беларускай ССР", як "Літаратура і мастацтва", прычыну чаму, лічу лішнім было б тлумачыць. Газеце моцна пашчасціла на галоўнага рэдактара. Ім быў добра вядомы на той час паэт і публіцыст Анатоль Вярцінскі. Сваю любімую архіадказную на той час пасаду, ён пакінуў толькі тады, як быў абраны ў сакавіку 1990 года дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Гэтак жа сама пашчасціла на выдатных асобаў і рэдкалегіі газеты ўвогуле. У ёй не знайсці аніводнай незацікаўленай у беларускім нацыянальна-культурным Адраджэнні асобы, што выступала б супраць надання беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай у рэспубліцы.

Толькі пазітыўна можна характарызаваць працу тагачаснага галоўнага рэдактара "Настаўніцкай газеты" Алега Куліцкага. Беларускае нацыянальна-культурнае Адраджэнне падзяляў і як толькі мог садзейнічаў яму сродкамі сваёй газеты. Ён свядома не шкадаваў месца ў газеце для артыкулаў па самых актуальных аспектах моўнай праблемы, бо шчыра жадаў, каб настаўніцтва і глыбока разумела, і актыўна змагалася за ўвядзенне беларускай мовы ва ўсе звёны народнай адукацыі. Пры іншым стаўленні да гэтай праблемы магло б узнікнуць нямала дадатковых перашкод на шляху ў інтарэсах як беларускай мовы, так і нацыянальнай адукацыі ў цэлым.

Думаю, ніхто не запярэчыць, што і ў разгляданы мною час лёс беларускай мовы вельмі ў многім залежаў ад стаўлення да яе саміх настаўнікаў. Усім шчырым адраджэнцам жадалася, каб яно было такім прыхільным, як у гады міжваеннай беларусізацыі. Шмат дзе такое і сапраўды назіралася. Але не спрэс. Нельга забывацца, што на самы пік змагання за адраджэнне беларускай мовы сярод педагогаў, асабліва старэйшых класаў агульнаадукацыйных школ, тэхнікумаў і ВНУ, колькасна пераважалі тыя, хто спецыяльнасць атрымаў у рускамоўных навучальных установах, што не магло не паўплываць у негатыўны бок на іх стаўленне да беларускай мовы, уводу яе ў навучальна-выхаваўчы працэс. З усім гэтым не магла не лічыцца рэдакцыя "Настаўніцкай газеты". У апошнія месяцы 1989 года, г. зн. калі ішло абмеркаванне (па праву ўсенароднае) праекту Закона "Аб мовах у Беларускай ССР", не выйшла ніводнага нумара газеты без артыкула па дадзеным пытанні. Для лепшага разумення яго ўвагу чытача свядома адводзілі і ў больш раннія часы гісторыі, каб паказаць традыцыйны характар змагання перадавых людзей краю за сваё роднае слова. Не сумняваюся, росту яго аўтарытэту для многіх настаўнікаў належна паспрыяў артыкул пісьменніка Міколы Базарэвіча "Навучыўся я слоў беларускіх ад маці" ("Настаўніцкая газета". 25.11.1989) . Размова ў ім ішла пра тое, як на родную мову глядзеў наш слынны пясняр Янка Купала. Сама ж і назва згаданага артыкула ўзята са слоў аднаго з яго вершаў - "Мая навука".

Савецкая дзяржаўная русіфікатарская палітыка дашчэнту адарвала значную частку інтэлігенцыі, не выключаючы і педагагічнай, ад беларускага слова, зрабіла яе не толькі абыякавай, але і варожай да гэтай неацэннай каштоўнасці. А вось у свае параўнальна маладыя гады Янка Купала зусім інакш глядзеў на яе, жывучы і ў Пецярбургу. Тут ён у ліпені 1910 года напісаў артыкул "Ці маем мы права адракацца ад роднай мовы?" (у газеце "Наша ніва" надрукаваны толькі ў 1914 г.), як гэта многім было характэрна на час разгляданай мною хвалі беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння. Паводле слушнага меркавання Янкі Купалы: "Самы важнейшы і непераможны закон жыцця - гэта людская мова, праз каторую чалавек стаў найвышэй ад усяго стварэння пад сонцам " Для беларусаў жа па віне царскіх уладаў іх мова не стала такой. Беларусы апынуліся "на самым апошнім месцы, ніжэй парога, паміж усіх чыста славянскіх народаў, асталіся мы, як блудныя авечкі, без пуцця, без веры ў новую светлую будучыню". Сумленных людзей, у тым ліку і настаўніцтва, не магло не кранаць, што становішча беларускай мовы ў грамадстве заставалася такім жа і на пераломе 80-х - 90-х гадоў ХХ ст. І самае страшнае, архітрагічнае, што яго (становішча) далёка не ўсе жадалі мяняць, далёка не ўсе верылі, што моўную сітуацыю льга палепшыць, падпарадкаваць яе нацыянальнаму інтарэсу. А без пераадолення такога недаверу немагчыма было дамагчыся жаданага поспеху. Рэдакцыя "Настаўніцкай газеты" заслугоўвае высокай пахвалы за глыбокае, аб'ектыўнае асвятленне моўнай праблемы на сваіх старонках з улікам досведу папярэдніх пакаленняў.

(Працяг у наступным нумары.)

Леанід Лыч


Па матэрыялах архіва Смолічаў

Да дня народзін Смоліч Аляксандры Ігнацьеўны (12 сакавіка 1897 года па ст. ст.).

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

У гэты перыяд Алеся Смоліч часта прыязджае ў Менск прыглядаць за стрыечнымі сёстрамі Яўгеніяй Міхайлаўнай і Аленай Міхайлаўнай Жмако. А ў 1971 годзе Алеся Смоліч паспела сустрэцца з Зоськай Верас, якая прыязджала ў Немяшаева да яе ў госці.

Алеся Ігнацьеўна спрабавала аднавіць адносіны з сябрамі, што былі абарваныя арыштам мужа. Але рабіла яна гэта вельмі асцярожна, бо баялася нашкодзіць тым людзям, з якімі раней сябравала. У артыкуле Г. Гулінай "Старому другу Алесе Смолич" , які друкаваўся ў газеце "Омская правда" № 28 за 1963 год змешчаны ўспаміны: "Аляксандра Ігнацьеўна запрасіла мяне да стала і неўзабаве на ім з'явіліся кнігі, газетныя выразкі, лісты, фатаграфіі. Вось жоўклая ад часу фатаграфія класіка беларускай літаратуры. На зваротным боку рукой Коласа напісана: "На памяць старому сябру Алесі Смоліч " ...". (Пераклад з рускай, рэд.) Падчас размовы Аляксандра Ігнацьеўна ўзгадвае пра знаёмства з Якубам Коласам: 1922 па 1931 год мы жылі ў Менску Мой муж быў прафесарам беларускага ўніверсітэта, а я настаўніцай пачатковай школы. Жылі мы па суседстве з Якубам Коласам, і нашы сем'і сябравалі. Колас часцяком заходзіў да нас. Часам прыносіў свае новыя вершы і іншыя літаратурныя творы, чытаў, прасіў выказаць сваё меркаванне. Вельмі часта ў нашых гутарках закраналіся пытанні педагоікі, методыкі выкладання. Бо знакаміты паэт тады выкладаў у педагагічнай вучэльні, ён быў аўтарам "Методыкі беларускай мовы." (Пераклад з рускай, рэд.)

Сяброўства Якуба Коласа са Смолічамі працягвалася каля 15 год - да арышту Аркадзя Смоліча і яго ссылкі ў Сібір, куды следам за мужам разам з дзецьмі перабралася і Алеся Ігнацьеўна. А праз некаторы час Аркадзя Антонавіча зноў арыштавалі. Распачалася перапіска Алесі Ігнацьеўны з мужам праз цэнзуру наглядчыкаў. У асноўным пісалі на штодзённыя бытавыя тэмы: дзе Алесі лепей шукаць працу, аб надахопе бялізны і адзежы ў турме - толькі гэта тэма была дазволена. Амаль кожны ліст Аркадзя Антонавіча пачынаецца: "Дарагая Шурачка! Я здароў " . Смоліч спрабуе ўпэўніць жонку, што гэтыя цяжкасці спыняцца, і жыццё іх вернецца ў спакойнае рэчышча. Самі лісты вельмі адрозніваюцца па почырку: часам ён роўны, добра чытэльны. Але ёсць некаторыя лісты, калі Аркадзь Антонавіч, верагодна, развітваўся з жыццём, тады почырк рэзка мяняецца: літары становяцца зверху завостраныя, розныя па вышыні - яны літаральна "скачуць" па радках. У матэрыялах архіва ёсць ліст, які асабліва вылучаецца - гэта фактычна некалькі радкоў, напісаных алоўкам чырвонага колеру на маленькім кавалку паперы: "На разьвітаньне прашу шмат разоў не злуйся на мяне. 12.ІІ.33 г.". Верагодна, у лютым 1933 года Аркадзь Смоліч развітваўся з жыццём і змог падабраць толькі некалькі слоў прабачэння для самага блізкага чалавека - "дарагой Шурачкі" .

Апошнія лісты жонкі да Аркадзя Антонавіча Смоліча датуюцца красавіком 1938 года, але яны засталіся без адказу. Алесі Смоліч афіцыйна не перадавалі ніякай інфармацыі, і невядомасць была найстрашнейшым выпрабаваннем. Старэйшая дачка Смолічаў Ганна ўзгадвала, што побач з домам у Омску, дзе яны жылі з маці, быў закінуты будынак завода. Дзецьмі яны забіраліся туды гуляць. Раптам Ганна адчула, што яе нібыта падкідвае на адным месцы. Яна паклікала сябровак, але тыя сказалі, што нічога не адчуваюць. Толькі праз некалькі год стала вядома, што тэрыторыя завода была месцам расстрэлу і пахавання зняволеных Омскай турмы. Алесі Ігнацьеўне так і не паведамілі, дзе і калі згінуў яе муж, толькі ў 1950-ыя гады прыйшлі весткі аб рэабілітацыі. Але колькі гора вынесла на сваіх жаночых плячах Алеся Смоліч: падазронае стаўленне да жонкі рэпрэсаванага, цяжкасці і нястачы Вялікай Айчыннай вайны - яна засталася адна з трыма дзецьмі на руках. Гэта былі складаныя гады і напружаная, цяжкая праца, якой Алеся Ігнацьеўна запаўняла адзіноту. Чужы горад, чужыя людзі…

А што ж сябры маладосці, з якімі ў Менску столькі марылі і спадзяваліся ажыццявіць? Пра шчаслівыя гады, планы і памкненні часта ўспамінала Алеся Ігнацьеўна. Па просьбе школьнікаў, якія знайшлі на гарышчы дома зачытаны экземпляр лемантара "Зорка", выдадзенага Алесяй Смоліч у 1918 годзе, аўтарка зрабіла аўдыёзапіс і занатавала ўспаміны пра стварэнне ў Менску ў 1917-18 годзе лемантара "Зорка". Цяпер сведчанні гісторыі напісання чытанкі для беларускіх дзетак захоўваюцца ў Літаратурным музеі М. Багдановіча.

А рукапіс успамінаў распачынаецца наступнымі радкамі: "Пазваніў да мяне Уладзімір Караткевіч:

- Цётачка Алеся, ці гавораць вам што вось гэтыя сказы:

І ён пачаў чытаць: "Бабы жалі жыто. Гусі пілі з карыта. Татавы боты тут. Ветрык калышэ жыто. Браты вазілі ў ток снапы. Коні стукалі капытамі".

Што такое, думаю. Нешта знаёмае. Асабліва прыпамінаецца фраза: "Татавы боты тут", - крычыць бывала мой сын Максімка, або дачка Котка

- Ды гэта ж з майго старога лемантара "Зорка", - адказываю Караткевічу".

Улічваючы тое, што ўспаміны нідзе раней не друкаваліся, змяшчаю большую іх частку:

" У мяне момантам, маланкай, успыхнулі часы, дні і месяцы працы над "Зоркай". Складена яна была ў свой час са шчырасцю і непамернай любоўю да беларускіх дзетак. Настаўніцкі вопыт у 1917 годзе ў мяне яшчэ быў невялікі Вучылі мы ў тыя часы грамаце па рускаму буквару Флёрава У красавіку 1917 года прыехала да бацькоў у Менск. На Радзіме зацікавілась беларускім рухам, які пасля звяржэння царызму захапіў частку моладзі і некаторую інтэлігенцыю. У "Беларускай хатцы" глядзела Купалаўскую "Паўлінку", пазнаёмілася з Лявіцкімі - Ядвігін Ш. і яго дачка Ванда Антонаўна (потым жонка Язэпа Лёсіка), Бядуляй Змітраком, Фларыянам Ждановічам, Фальскім. Дачулася, што ў зале былога кінатэатра "Гігант" на Захараўскай вуліцы (цяпер праспект імя Леніна), адбудзецца сход беларускага студэнцкага зямляцтва. Не памятаю: ці мела запрашэнне, ці так, сама, з настаўніцай Міхневіч пайшла на гэты сход Гаварылася, што цяпер нам - беларусам - трэба мець свае школы. Што пасля беларускай пачатковай, павінны даць дзецям магчымасць вучыцца далей на роднай мове. Трэба, каб беларускімі былі таксама школы сярэднія. Прамоўцы заклікалі інтэлігенцыю, настаўнікаў, студэнтаў, пісаць школьныя беларускія падручнікі, а таксама перакладаць, што ёсць лепшае ў навуцы рускай, польскай, з іншых моваў. Там жа пачула я першы раз агністае выступленне студэнта Аркадзя Антонавіча Смоліча - будучага беларускага вучонга, першага аўтара "Геаграфіі Беларусі". А ў незабаве, пазнаёміла мяне з ім Ванда Лявіцкая і адрэкамендавала Смоліча так: крыштальна чыстай душы чалавек. І ў гэтым я пераканалася за 20 гадоў сумеснага жыцця з ім, калі бачыла яго працавітасць, сумленнасць і бязмерную любоў да Радзімы, да беларускага народа. У тыя ж часы пачалі выдаваць ў Менску газету "Грамада", і я працавала там сакратаром рэдакцыі. А на Захараўскай, 18, пры Беларускім камітэце, быў арганізаваны гурток моладзі "Вянок". З дзяўчат, памятаю, уваходзілі ў гурток: Людвіка Сівіцкая (Зоська Верас), Чэрня Плаўнік (сястра Змітрака Бядулі), Ванда Лявіцкая (дачка Ядвігіна Ш.), і, калі не памыляюся, Вера і Люба Тарасік. У гуртку "Вянок" і ў рэдакцыі "Грамады", якая змяшчалася ў "Беларускай хатцы" на Захараўскім завулку, былі частыя гутаркі аб лёсе нашага народа, аб дарагім, любімым, хворым на сухоты паэце - Максіме Багдановічу, які паехаў лячыцца ў Ялту і памёр там у адзіноце 17 мая 1917 года. Часта гаварылі аб школе, якую наперадзе бачылі - беларускаю, аб падручніках для яе. Смоліч Аркадзь Антонавіч даўно марыў аб кнізе "Географія Беларусі" і некалькі гадоў збіраў адпаведны матэрыял для гэтага падручніка. Ён жа, Смоліч, і мне запрапанаваў заняцца беларускім лемантаром. Я ўзялася за гэтую працу".

Успаміны Алесі Смоліч праліваюць святло на падзеі культурнага, грамадскага жыцця Беларусі ў 1917 годзе. Цяпер ў фондзе Літаратурнага музея М. Багдановіча захоўваюцца перададзеныя сям'ёй Моас два арыгінальныя асобнікі лемантара "Зорка" Аляксандры Смоліч, 1918 і 1924 гадоў выдання. Мы ведаем, што ідэяй напісання лемантара на беларускай мове быў апантаны і Максім Багдановіч - менавіта над чытанкай для беларускіх дзетак працаваў ён ў апошнія дні свайго жыцця ў Ялце.

Ва ўспамінах аб працы над лемантаром "Зорка" Аляксандра Ігнацьеўна падрабязна распавядае пра доследы папярэдніх выданняў: Цёткі (1906 года) і Вацлава Ластоўскага ("Piersaja cytanka"). Яна ўлічвае меркаванні па методыцы беларускай мовы Якуба Коласа, часта звяртаецца да Браніслава Адамавіча Тарашкевіча, даследуе рускія і польскія выданні.

Першы лемантар "Зорка" быў выдадзены ў Менску ў 1918 годзе пад цэнзурай кайзераўскай Германіі. Сама Алеся Ігнатаўна паспела папрацаваць са сваім лемантаром у школе і была не вельмі задаволена. Недахопы кніжкі трэба было выправіць, а таксама напоўніць выданне больш якаснымі ілюстрацыямі. Цікава, што да другога выдання большая частка малюнкаў была выкарыстана з віленскай друкарні Б. Клецкіна: "Зрабіла гэта я так: запрапанавала я Клецкіну надрукаваць малюнкі са ўсіх клішэ, якія былі ў друкарні, у іх натуральным размеры. Я атрымала ад Клецкіна з дзесятак аркушаў З іх я магла выбраць тое, што падыходзіла да лемантара" . Аляксандра Смоліч сама размяркоўвала рукапісы для друкарні на кожнай старонцы, уклейвала малюнак паміж тэксту (выразанае з аркушаў клішэ, што было ў друкарні), і карэктуру адбіткаў рабіла сама.

У гэты час Аркадзь Смоліч працаваў над сваёй "Геаграфіяй Беларусі". Жыла сям'я тады ў Вільні - наймалі кватэру насупраць цяністага зялёнага бору - Віленскага Закрэта. Гэта быў шчаслівы і плённы перыяд у сям'і Смолічаў - навуковая праца над выданнямі, якія пісаліся літаральна ў бары: "Возьмем бывала з сабой пасцілку, кніжкі, сшыткі, нейкую ежу і цацкі для дзіцяці, і на цэлы дзень забіраемся пад сосны. Была ў нас адна любімая, дакладней, дзве старыя, злучаныя паміж сабой аднэй тоўстай галінай у паўтара-два метры даўжынёй. Як зрасліся гэтыя сосны, было незразумела. Можа ў іх маленстве хлапчанё якое, жартуючы, прымацаваў галінку да ствала сасны-суседкі, і зрасліся яны, і сталі мяняцца сваімі сокамі. Вось пад гэтымі злучанымі соснамі мы звычайна і працавалі. Раскладаліся навокал падручнікі, а на каленях, на падложанай кніжцы мы пісалі: Аркадзь сваю географію, а я працавала над "Зоркай". Котка мела сваю работу: збірала шышкі, абкручвала іх хустачкай - рабіла лялькі, лавіла лясных кузюрак, альбо проста качалася па зямлі і дрыгала нагамі. Яна ўжо ўмела гаварыць і, гледзячы на нас, звычайна напявала: "Мама піса амітал, тата піса глафію". Матэрыялы архіва, перададзеныя Віталем Бертгольдавічам (сынам той самай дачуші Коткі) - яскравая ілюстрацыя найшчаслівейшых дзён у жыцці Смолічаў.

(Працяг у наст. нумары.)

Людміла Сасонка, загадчык сектара ўліку і захавання фонду М. Багдановіча


Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін на Лідчыне

11 сакавіка з прэзентацыяй 11-га ж нумара часопіса "Верасень" Лідчыну наведалі Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін. На гэты раз слынных беларускіх паэтаў і папулярызатараў беларускай літаратуры ды беларускай мовы прымалі Ваверская і Дзітвянская школы.

Вавёрка або Ваверка захавала ўсе рысы адвечнага беларускага мястэчка з цудоўнай беларускай школай і цудоўнымі беларускімі дзеткамі, якія з радасцю і захапленнем успрымалі аповяды і вершы Леаніда Дранько-Майсюка, песні Эдуарда Акуліна і ўсю беларускую атмасферу сустрэчы.

Ваверская школа - адна з аддаленых. Некаторыя дзеці казалі, што да іх паэты прыехалі ўпершыню, але на тое яна і школа, каб кожны дзень нешта было ўпершыню, і, безумоўна, для малодшых класаў такая сустрэча магла быць першай, але вельмі карыснай, бо ў школе засталося не толькі шмат часопісаў, кніг і аўтографаў, але і ладны скрыдлік беларускасці высокага гатунку.


У Дзітве ад моманту заснавання і ўжо сорак гадоў школа руская, бо сама Дзітва - гэта схаваны за старажытнай назвай малады пасёлак побач з аднайменным торфапрадпрыемствам і вёсачкай Кульбакі, якую ператварылі ў вуліцу Саўгасную, а маглі б проста пакінуць назву Кульбакі ці на крайні выпадак - Кульбацкая.

У гэтай рускай школе ў цэнтры беларускага абшару відавочна беларускасці не хапае, і тут яе дапаўняюць, дабіраюць як толькі могуць. Тут створаны недзе 20 гадоў назад выдатны этнаграфічны музей, у якім і сустрэлі менскіх паэтаў на пачатку.

Тут Дзень роднай мовы сёлета ішоў з усім размахам аж два тыдні. Тут і ў школьнай зале дзеці ў нацыянальных строях прывіталі і правялі паэтаў беларускімі песнямі. Каб жа ва ўсіх рускамоўных школах недахоп беларускасці кампенсавалі хаця б так, як у Дзітве.

За такі прыём госці не маглі не аддзячыць гаспадароў высокім беларускім паэтычным словам, а і песнямі і заклікамі да маладых дзітвянцаў пісаць у моладзевы літаратурны часопіс "Верасень".

Яраслаў Грынкевіч. На здымках: Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін у Ваверскай школе; у Дзітвянскім музеі; з дзітвянскімі дзецьмі.


На Лідчыне пачалі сяўбу са старадаўняга абраду "Засеўкі"

Упершыню на Лідчыне старт пасяўной даў старадаўні земляробчы абрад "Засеўкі", арганізаваны спецыялістамі Лідскага раённага цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры.

На свята прыехалі кіраўнікі райвыканкама і ўсіх гаспадарак раёна. Да іх звярнуліся клірык Храма Усіх Святых горада Ліды айцец Леанід і ксёндз Валерый з Беліцы. Яны заклікалі Божае дабраслаўленне на працу людзей, адслужылі малебен і акрапілі святой вадой прысутных і сельгастэхніку. А затым адбылося сімвалічнае засяванне першай паласы, дзе ўдзельнічалі галоўныя сейбіты ўсіх калгасаў Лідскага раёна.

Нават тыя людзі, якія не ведаюць народных традыцый, вераць што ўраджай залежыць ад рукі таго, хто сеяў. Таму, як і па народных традыцыях выбар чалавека з "лёгкай рукой" праходзіў па лёсіку. І выбар выпаў на галоўнага гаспадара раёна - першага намесніка старшыні Лідскага райвыканкама начальніка кіравання сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргея Сяргеевіча Чаркоўскага. Прадстаўнікі ўсіх калгасаў усыпалі ў агульную сявеньку Лідчыны па жмені свайго зерня. І пасля таго, як галоўны сейбіт кінуў першую жменю, да сяўбы далучыліся ўсе астатнія прадстаўнікі гаспадарак.

Нашы продкі верылі, што прырода садзейнічае чалавеку, калі ён ставіцца да яе з вялікай павагай. Традыцыйныя беларускія песні (песні-вяснянкі), якія перадаюць гэтую мудрасць, прагучалі ад удзельнікаў фальклорнага калектыву "Талер" Лідскага РЦРіТК. Замовамі і песнямі звярнуліся самадзейныя артысты да поля і ўдзельнікаў пасяўной.

"Засеўкі" прайшлі, але наперадзе вельмі адказная пара - сяўба ў гаспадарках Лідчыны. Ад таго, наколькі зладжана пройдзе пасяўная кампанія, шмат у чым будзе залежаць будучы ўраджай - у гэтым упэўненыя ўсе кіраўнікі сельскіх гаспадарак раёна.

Н. ВАЙЦЮКЕВІЧ , метадыст па этнаграфіі і фальклоры Лідскага раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці. Фотаздымкі аўтара.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX