НАША СЛОВА № 16 (1219), 22 красавіка 2015 г.
Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін у Магілёве
Каля сотні ўдзельнікаў экскурсіі па Магілёву пабачылі свой старажытны горад, ад былых архітэктурных славутасцяў якога засталіся толькі гістарычныя звесткі, ўспаміны ды падмуркі.
Вандроўку па старому месту ў межах штогадовага ўсебеларускага фэсту экскурсаводаў арганізавала мясцовая суполка Таварыства беларускай мовы. Фэст прысвечаны міжнароднаму Дню аховы помнікаў і памятных мясцінаў, які адзначаецца 18 красавіка.
На працягу дзвюх гадзін удзельнікі экскурсіі прайшліся па знакавых гарадскіх мясцінах, якія не адно стагоддзе рабілі Магілёў адметным.
Пачалі з Замкавай гары, якую магілёўцы называюць Магілай льва. На ёй, паводле гарадской легенды, пахаваны праслаўлены Янкам Купалам Машэка. У часы, калі гарадскі замак яшчэ ўзвышаўся над Дняпром, у ім гасцявала нямала вядомых асобаў. Сярод іх, паводле экскурсавода, лідара мясцовых тэбээмаўцаў Алега Дзьячкова, быў і Вітаўт - вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага.
- Штогод мы пачынаем экскурсію з Замкавай гары, бо многія ня ведаюць, што такая гара ёсць у Магілёве. А што такое Замкавая гара - гэта тое месца, адкуль пачыналася наша гарадская гісторыя, - даводзіць Алег Дзьячкоў. - І, калі людзі даведваюцца, то разумеюць, што гораду пад тысячу гадоў. Распавядаю заўжды пра нашага Машэку. Не кожны горад мае такую легенду. Замкавая гара захавалася. Калі на яе турыстаў прыводжу, то ў іх захоплівае дух. Яны кажуць: "Які ў вас рэльеф і чаму вы гэтым не карыстаецеся. Замкавая гара - гэта адзін з сімвалаў нашага горада.
Наведалі вандроўнікі Гандлёвую плошчу, якую ў кожную эпоху пераназывалі. Цяпер яна Плошча Славы. На ёй адзіны на ўсім маршруце экскурсіі адбудаваны наноў будынак ратушы, які падкрэслівае еўрапейскасць Магілёва. Дубровенскую браму, касцёлы святога Ксаверыя ды Антонія, Багаяўленскі і Спаскі манастыры, Пакроўскі пасад удзельнікі вандроўкі пабачылі толькі на ілюстрацыях.
Экскурсія завяршылася на беразе Дняпра, на якім быў касцёл святога Антонія і Пакроўская царква. Святыні знішчаныя.
Радыё Свабода. На здымках : 1. Экскурсанты каля ратушы, 2. Экскурію вядзе старшыня абласнога ТБМ А. Дзьячкоў.
Наўздагон юбілею "Нашага слова"
Некалі Ніл Гілевіч слушна выказаўся - можа, трохі палемічна завострана - супраць празмернага захаплення пісьменнікаў уласнай словатворчасцю, вядома ж, не адмаўляючы яе ролі ў развіцці мовы. Пра значэнне літаратурнай працы і грамадскай дзейнасці Паэта ў зберажэнні роднай мовы захацелася і мне сказаць неяк па-свойму. Няхай даруе Ніл Сымонавіч, як гэта сказалася.
Паэтава слова
... Пакуль паэты будуць пець -
Не быць Радзіме безыменнай,
Зямлі бацькоў не анямець!
Ніл Гілевіч
Каб не знямелася ў бязмоўніччы
Зямля бацькоў, дзядоў зямля,
Ратоўчым словам Ніл Сымонавіч
Яе гаворку ажыўляў.
У маладых нязменна верачы,
Усё пра гэта дбае, дбаў:
Каб новыя ўзыходы-нерушы
Давала родных слоў сяўба.
Каб мы бяздум'ем і прымусамі
Не аддалі мову на здзек...
І зычна, горда: "Беларусы - мы!"
Гучэла спевам-гімнам век.
Нам не зняімець, не знямовіцца,
Не будуць намі пагарджаць,
Калі сыноў, як Ніл Сымонавіч,
Радзіма будзе нараджаць.
Алесь Каўрус.
БЕЛАРУСКАЯ ЖАЛОБА ПАД РАДУНІЦУ
Не стала Аляксандра Надсана
15 красавіка ў Лондане на 89-ым годзе жыцця памёр уніяцкі святар, апостальскі візітатар для беларусаў-католікаў у замежжы Аляксандр Надсан . Айцец Аляксандр Надсан з пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя доўгі час заставаўся адзіным беларускім грэка-каталіцкім святаром у беларускай каталіцкай місіі ў Вялікай Брытаніі. Ягоны папярэднік біскуп Чэслаў Сіповіч памёр у 1981-м годзе. Айцец Аляксандр Надсан - незвычайная постаць з пакалення паваеннай эміграцыі, якое зрабіла неацэнны ўнёсак у беларускае жыццё ў замежжы і ў самой Беларусі.
Аляксандр Антонавіч Надсан, сапраўднае імя Аляксандр Антонавіч Бочка, нарадзіўся 8 жніўня 1926 года ў Гарадзеі, цяпер Нясвіжскага раёна, у сям'і настаўнікаў. Падчас нацысцкай акупацыі вучыўся ў настаўніцкай семінарыі ў Нясвіжы (скончыў у 1943). Скончыў курсы кіраўнікоў Саюза беларускай моладзі ў Альберціне, менскую афіцэрскую школу Беларускай краёвай абароны.
З 1944 года - на эміграцыі. Удзельнік Руху Супраціўлення ў Францыі. Ваяваў у 2-м Польскім корпусе генерала Андэрса, паранены ў бітве пад Монтэ-Касіна (Італія). З 1946 жыў у Вялікабрытаніі. Выпускнік матэматычнага факультэта Лонданскага ўніверсітэта (1953). Стваральнік, кіраўнік (1951-53) Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі. Магістр багаслоўя рымскай грэчаскай калегіі (1953-58). У 1958 годзе прыняў святарскае пасвячэнне. Дырэктар школы-інтэрната імя Кірылы Тураўскага пры Беларускай каталіцкай місіі (1966-75). Заснавальнік і кіраўнік бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане (з 1971). Кіраўнік беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі (з 1981). Апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы (з 1986). Старшыня Беларускага камітэта дапамогі ахвярам радыяцыі ў Вялікабрытаніі (з 1989). Ганаровы доктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Вільня). Ведаў 9 моў.
Аўтар больш за 250 навуковых публікацый, кніг па гісторыі Беларусі і гісторыі беларускага хрысціянства ХХ стагоддзя.
Вечная памяць.
Памёр Уладзімір Содаль
У сённяшнім нумары "Нашага слова" на 8-й старонцы ў спісе рэдакцыйнай калегіі абведзены чорнай рамкай імя і прозвішча Ўладзіміра Содаля, бо 15 красавіка яго не стала паміж нас. Было сябру Рады ТБМ і пастаяннаму аўтару "Нашага слова" 78 гадоў. Сп. Уладзімір апошнім часам цяжка хварэў, яго шпіталізавалі з праблемамі нырак, дадаўся цукровы дыябет і інфаркт.
Уладзімір Содаль даследаваў творчасць Францішка Багушэвіча, В. Дуніна-Марцінкевіча, Я. Купалы, Зоські Верас.
Шлях яго да Беларушчыны быў пакручастым. Пасля заканчэння Мормальскай беларускай сярэдняй школы У. Содаль працаваў электрыкам у Мурманску (Расія) на караблерамонтным ваенным заводзе. Пасля вучыўся ў Менскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя Максіма Горкага, працаваў педагогам у дзіцячым туберкулёзным санаторыі "Астрашыцкі гарадок" і рэдактарам Беларускага тэлебачання, дзе ўзначальваў студыю "Ліцэй" і быў адным з заснавальнікаў навучальнага тэлебачання. За 34 гады працы на БТ падрыхтаваў шэраг асветніцкіх праграм, у тым ліку "У кожнага была свая вайна".
Першыя сваё апавяданні У. Содаль апублікаваў у 1955 годзе ў газеце "Піянер Беларусі".
Напісаў кнігі: "Людзьмі звацца" (1977), "Пуцявінамі сейбіта" (1982), "Кушлянскі кут" (1990), "Сцежкамі Мацея Бурачка" (1990), "Жупранская старонка" (1992), "Тут бачу свой край" (1994), "Свіранскія крэскі" (1995), "Карпілаўка" (2001). У 2007 выдаў кнігу "Волат з Мігаўкі", прысвечаную жыццю грамадска-палітычнага дзеяча Беларусі Аляксандра Ўласава.
Пахавалі Ўладзіміра Содаля ў так любімай ім вышыванцы, пакрыўшы бел-чырвона-белым сцягам, на могілках у Астрашыцкім Гарадку, каля маці.
У Ўладзіміра Содаля засталіся жонка, сын, дачка, чацвёра ўнукаў і праўнук.
Лёгкіх яму пуцявін у нябеснай Беларусі.
Ці ўсякае адхіленне - памылка?
Рэгулярна знаёмлюся з публікацыямі Юрася Бабіча ў "Нашым слове".
Нядаўна прачытаў яго артыкул, у якім разглядаецца выкарыстанне беларускай мовы на старонках мясцовых газет, што выдаюцца на Віцебшчыне (НС, 11.02.2015) .
Заўвагі пра мову газет, зробленыя кваліфікавана, даступна чытачам, датычаць ужывання слоў, словаформаў, сінтаксічных канструкцый. Навуковец-філолаг паказвае найбольш пашыраныя, тыповыя памылкі, дае парады, рэкамендацыі, як іх пазбегнуць, нагадвае правілы з марфалогіі і сінтаксісу.
Напрыклад: "У месным склоне неабходна размяжоўваць асабовыя назоўнікі і неасабовыя. Асабовыя маюць канчатак у (ю) , неасабовыя - е, і, ы . Павінна быць: пры дырэктару, пры бібліятэкару, пры Андрэю, пры Міхасю, на дубе, на аўтамабілі, у Гомелі, у продажы " . Апошні прыклад выклікае ці не найбольшыя праблемы, бо ўжываецца бадай што часцей з канчаткам у , што зумім няправльна (выдзелена намі. - А.К.)".
Адносна "апошняга прыкладу" выкажу сваё меркаванне. Вядома, можна было б безагаворачна пагадзіцца з такой фармулёўкай "зусім няправільна", калі б слоўнікі і граматыкі былі бездакорныя. Але гэтага няма (пра што не раз пісалася ў друку). Па-першае, таму, што хібы ў навуковых працах непазбежныя. Па-другое, мова развіваецца, і некаторыя словы, словаформы, сінтаксічныя канструкцыі выходзяць за нарматыўныя рамкі, акрэсленыя граматыкамі і слоўнікамі. З'яўляюцца новыя моўныя факты, якія належыць асэнсоўваць і ацэньваць. І рабіць гэта трэба з улікам рэальных варункаў фукнцыянавання беларускай мовы, канкрэтна - так званага білінгвізму.
Як ведаем, у беларускай і рускай мовах ёсць шмат блізказначных, блізкагучных назоўнікаў аналагічнай марфемнай будовы. Некаторыя з іх пры ўжыванні найбольш падпадаюць пад міжмоўнае ўздзеянне. Значыць, да іх павінна быць асаблівая ўвага моўцаў і пісьмоўцаў.
Што да слова продаж . Каб правільна ўжываць яго словаформы, трэба перш усведамляць, што гэты назоўнік - мужчынскага роду, тым часам як рускі адпаведнік - жаночага роду ( продажа ). Частае ўжыванне назоўніка продаж з канчаткам у ў месным склоне якраз і сведчыць, што ў моўнай практыцы гэты назоўнік схіляецца, далучаецца да тых, якія здаўна маюць варыянтныя канчаткі ў месным склоне: у ценю - у цені, у болю - у болі, у рукапісу - у рукапісе і інш.
Такім чынам, напісанне (і вымаўленне) у продажу паказвае на месны склон назоўніка мужчынскага роду, дапамагае адрозніваць яго ад рускага в продаже .
На цяперашнім этапе функцыянавання беларускай мовы словаформу ў продажу варта было б разглядаць як дапушчальную.
Паўстае пытанне: ці ўсякае адхіленне ад кадыфікаванай нормы - памылка?
Шукаючы адказу, звернемся яшчэ да некаторых фактаў з моўнай практыкі. У нататцы, што перад чытачом, я напісаў адразу, напэўна з навыку: "Адносна апошняга прыкладу..." , а потым, перадрукоўваючы тэкст, завагаўся: можа, трэба ... прыклада ? Паглядзеў у слоўнік. А слова ж, заўважым, частаўжывальнае ў беларускай мове, надта ў навуковай і навучальнай літаратуры. Тут істотна зазначыць, што аўтар - беларускамоўны, з паўстагоддзевым стажам.
Якая ж прычына ўзнікнення гэтай праблемнай сітуацыі? Няздольнасць (недапісьменнасць) аўтара ці недасканаласць правіла?
Цяжкасць пры вызначэнні правільнай словаформы падобных назоўнікаў мужчынскага раду зазнаюць многія, калі не ўсе, карыстальнікі беларускай мовы.
Пытаецца знаёмая бібліятэкарка: "Як пісаць: іміджу ці іміджа . У слоўніках даецца то з канчаткам у , то з канчаткам а ?" Момант падумаўшы, адказаў: "Іміджу". Пасля, ужо дома, вярнуўся да гэтага слова. Паставіў яго ў шэраг з падобнымі лексічнымі запазычаннямі: характар - характару, тэмперамент - тэмпераменту і інш., якія замацаваліся ў беларускай мове з канчаткам у ў родным склоне. Да гэтых даўніх назоўнікаў арганічна далучаецца і адносна новы ў беларускай мове імідж .
У маім допісе (НС, 25.03.2015) надрукавалася: "Кантэкст сказу не дае падстаў..." замест "кантэкст сказа ..." З гледзішча слоўніка, дапушчана памылка. Адчуў няёмкасць, нават прыкрасць. Але хутка супакоіўся: ужываюцца ж у беларускай мове формы роднага склону: адказу, выказу, пераказу. .. Дык чаму тады павінна быць абавязкова сказа ? Выходзіць, пры падачы ў слоўніках нарматыўных канчаткаў не рэалізаваўся паслядоўна прынцып іх вызначэння, не пазбегнута супярэчнасць. Так, у "Тлумачальным слоўніку беларускай мовы" /1977-1984/ даецца: рад - рада, шэраг - шэрага . Але ні ў адным прыкладзесказе /з 15-ці/ не прыводзіцца назоўнік шэраг у форме роднага склону, каб паказаць, што ў пісьмовай мове ён ужываецца з канчаткам а .
Назоўнік рад ілюструецца 12 аўтарскімі сказамі - і толькі адно ўжыванне пацвярджае канчатак а : каля крамнага рада (Ц. Гартны) .
А вось у паясняльным тэксце да "Тлумачальнага слоўніка..." самі лексікографы пішуць: ... з сінанімічнага раду /т. І, с.ІІ/. Параўнаем у гэтым слоўніку: Разрад, -у , м. (т. 4, с. 622).
Моўная практыка ў адпаведнасці з агульным правілам ужывання назоўнікаў мужчынскага роду ў форме роднага склону адзіночнага ліку аддае перавагу канчатку у : шэрагу, раду . З улікам гэтага ў "Вялікім слоўніку беларускай мовы" (2012) Ф. Піскунова назоўнік шэраг пададзены толькі з канчаткам у ( шэрагу ), а рад - з канчаткам а і у ( рад - рада, рад - раду ). Дык як жа не заблытацца карыстальнікам слоўнікаў (розных), у тым ліку аўтарам і рэдактарам, карэктарам!
У сувязі з аб'ектыўнай цяжкасцю размяжоўваць значэнні, улоўліваць адценні слоў пры выбары формы роднага склону (з канчаткам а ці у ), беручы пад увагу тэндэнцыю да паступовага замацавання канчатка у , было б мэтазгодна "дазволіць" абодва канчаткі некаторым назоўнікам з шэрагу тых, пры ўжыванні якіх найчасцей назіраецца ваганне.
Гэта маглі б зрабіць прафесійныя ўкладальнікі слоўнікаў і граматысты, абгрунтавана вызначыўшы рэестр такіх праблемных назоўнікаў. Дзеля гэтага не трэба чакаць чарговай рэформы правапісу (канчаткі - не з яго абсягу).
"Апраўдваючы" разгляданыя моўныя адхіленні (а па сутнасці, мяркуючы, як іх пазбягаць), мы, зразумела, не ставім пад сумненне агульнавядомае: неабходна пільнавацца правілаў граматыкі і правапісу. Але таксама не забываемся, што памылка памылцы не роўная, і, ацэньваючы іх, нельга быць "строгімі без меры" (Е. Лось). У той жа час мы выразна адмяжоўваемся ад прыхільнікаў так званай трасянкі.
Алесь Каўрус.
"Будзьма!"
27 красавіка (панядзелак) на сядзібе ТБМ адбудуцца чарговыя заняткі ў гістарычнай школе "Гісторыя ў падзеях і малюнках" з Алегам Трусавым
Пачатак 18.30. Уваход вольны.
Калі будзе дазволена вучыцца на роднай мове?
Хачу пачаць размову пра стан беларускй мовы ў школах горада, раёна словамі гераіні апавядання Кандрата Лейкі "Таклюся-сухотніца", дзе аўтар пісаў: "Перад Таклюсяй цяпер неразгаданаю загадкаю стаялі тры цікавыя пытанні" адно з іх: калі ўсім людзям будзе дазволена вучыцца на сваёй роднай мове? Такое пытанне цікавіла гераіню амаль праз сто гадоў пасля таго, як у 1796 годзе расійская імператрыца Кацярына ІІ загадала: "Велікае Княжество Літовское впредь именовать Белой Русью, а народ - белорусами, чем на века привяжем её к Россіі. Замирить Белую Русь сілой не возможно. Эту миссию мы возложим на русского чиновника, русского учителя и русского попа. Меновито они отнимут у белорусов не только их язык, но и саму память про самих себя".
Вось так. Рускі настаўнік болей за два стагоддзі адбірае у беларусаў не толькі іх мову, але і саму памяць пра саміх сябе.
А што ж у сёняшняй Рэспубліцы Беларусь? Беларуская школа выконвае запаветы расейскай імператрыцы. Манкуртызацыя ліцвінскага народа працягвалася не толькі імперскай Расіяй, яна вялася мэтанакіравана і савецкай уладай. І спрадвечная мара сялянскай жанчыны, каб простыя людзі вучыліся на роднай мове, заствалася доўгія гады толькі марай.
Для нашага народа, які воляй імператрыцы пачаў называцца беларусамі, адводзіліся маленькія прамежкі ў гісторыі новага ладу жыцця пасля звяржэння царскага рэжыму ў Расіі, каб вучыцца на роднай мове. Мара сялянскай жанчыны пакутніцы Таклюсі, каб усе людзі вучыліся на роднай мове, станавілася яўнаю толькі двойчы ў мінулым стагоддзі: дваццатыя і пачатак дзевяностых гадоў. Далей адраджэнне беларускасці было спынена сумнавядомым і трагічным для нашага народа рэферэндумам 1996 года. З таго часу для нацыянальнай мовы і культуры склаліся неспрыяльныя ўмовы: руская мова паступова пачала выціскаць беларускую мову з ужытку ва ўсіх сферах грамадскага і дзяржаўнага жыцця краіны.
Аб тым, як рускамоўны чыноўнік у нашай дзяржаве робіць сваю чорную справу па знішчэнні беларускасці ў незалежнай суверэннай Беларусі, мы ўжо гаварылі не раз. Сёння мы павядзём гутарку пра тое, як загад імператрыцы Расіі дзейнічае на абрусеўшага настаўніка ў асобным рэгіёне нашай краіны.
Палессе. Піншчына. Як мне здаецца, тут руская мова ўладарыць найбольш паспяхова. Палескім Таклюсям хоць быццам і не забаронена вучыць сваіх дзяцей на роднай мове, але практычна нацыянальная мова беларусаў выціснута са школ і дашкольных дзіцячых устаноў не толькі воляй дзяржавы, але і самімі людзьмі. Тут уладарыць напоўніцу ўжо не рускі настаўнік, а свой, тутэйшы, які даўно абрусеў, і загад імператрыцы Кацярыны выконвае так старанна, што нават дае фору рускаму настаўніку. Каб не быць галаслоўным, трэба нагадаць чытачу некаторыя лічбы і факты. У Пінску амаль два дысяткі школ і гімназій, шэсць каледжаў і адзін універсітэт - гэта дзесяткі тысяч вучняў і студэнтаў. Толькі няма ніводнай беларускай вучэбнай установы. Няма беларуска-моўных класаў, груп. Дык чаму ж тутэйшыя беларусы не навучаюцца на роднай мове? Мабыць, гэтае пытанне з ліку цяжкіх.
Горад, які налічвае болей за 130 тысяч жыхароў, не мае такого аб'яднання, як Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Менавіта яно ставіць сваёй мэтай адрадзіць беларускасць у дзяржаве. Ставіць задачу аб'яднаць усіх людзей для барацьбы за нацыянальную мову, культуру. Па просьбе Рады ТБМ я паехаў у навучальныя ўстановы горада, каб сярод настаўнікаў, у першую чаргу - роднай мовы стварыць суполку ТБМ. Бо яны, як ніхто, павінны найбольш быць зацікаўлены лёсам роднай мовы. Толькі мой паход у асяроддзе адукацыі пакуль што марны. Настаўнікі, з якімі я ўжо паспеў сустрэцца і пагутарыць, прынялі мяне насцярожана і нават з яўнымі прыкметамі страху. Бо ж у маёй асобе яны ўбачылі нацыяналіста ў горшым сэнсе гэтага слова, бэнээфаўца...
Канешне, гэта трагедыя людзей, якія ўсяго баяцца. Толькі не баяцца страціць сваю мову, сваю ідэнтычнасць, страціць чалавечае аблічча, нацыянальную свядомасць.
У раёне штогод скарачаецца колькасць вучняў, зачыняюцца школы. На сёняшні дзень у раёне недзе 4,5 тысячы вучняў. Калі раней вясковая школа была практычна носьбітам беларускасці, то цяпер школьныя ўстановы толькі юрыюычна з'яўляюцца беларускамоўнымі. А практычна яны зрусіфікаваныя амаль цалкам.
Што здзіўляе: настаўнікі гарадскіх і вясковых школ, якія вядуць родную мову, па-за ўрокамі і ў школе, і дома беларускай мовай не карыстаюцца. Таму на ўроках дапускаюць шмат памылак, ужываючы рускамоўную лексіку. Такая мова нагадвае трасянку. Настаўнікі не з'яўляюцца носьбітамі беларускасці, не з'яўляюцца прыкладам для вучняў у карыстанні роднай мовы беларусаў.
Не лепшае становішча і ў дашколных дзіцячых установах. У многіх дзіцячых садках нават шыльды з назвамі ўстаноў аформлены па-руску. А што ўжо казаць пра беларускую мову ў працэсе выхаваўчых мерапрыемстваў.
Якую ж выснову з гэтага можна зрабіць? Сучасная школа дарабляе тое, што рускі настаўнік не паспеў зрабіць з часоў царствавання ў нашай старонцы імператараў і імператрыц Расіі.
Тысячы педагогаў-настаўнікаў горада і раёна ў тым ліку і сотні настаўнікаў-беларусаў працягваюць знішчэнне беларускасці ў душах сваіх выхаванцаў, так рыхтуюцца рабы-манкурты, якія забудуць не толькі родную мову, але і згубяць памяць пра саміх сябе, пра свае нацыянальныя карані. Тысячы настаўнікаў горада і раёна выхоўваюць і вучаць будучае пакаленне беларусаў. Не цяжка здагадацца, якім будзе будучыня роднай мовы беларусаў, якой будзе беларуская нацыя. Тысячы настаўнікаў-выхавальнікаў і ніводнага сябра ТБМ. Парадаксальна - трагічны факт. Некалькі разоў пабываў на секцыях настаўнікаў-беларусаведаў раёна. Пазнаёміў іх са Статутам ТБМ, раздаў бланкі заяў і папрасіў уступіць у ГА ТБМ, якое ўжо 25 гадоў вядзе нястомную барацьбу за жыццё нашай мовы, за выжыванне нацыі беларусаў. А ў выніку - абсалютны нуль. Нават мне не пашанцавала дастукацца да сэрцаў настаўнікаў - майстроў, лепшых педагогаў-настаўнікаў роднай мовы і літаратуры, якіх ведаю даўно. Абяцалі падумаць. Вось да гэтай пары так і думаюць. Мабыць, страх і абыякавасць перамаглі нацыянальную свядомасць. Гэтак жа безпаспяхова спрабую дайсці да свядомасці настаўнікаў-беларусаведаў навучальных устаноў горада. І зноў безвынікова. Праўда, знайшоўся адзін сумленны беларус, але ён зусім не мовавед. Упарта чакаю адказу ад настаўнікаў роднай мовы і літаратуры. Шчыра веру, што дачакаюся ад іх станоўчага адказу, бо вера і надзея паміраюць апошнімі.
Сябар ТБМ імя Ф. Скарыны Уладзімір Гук , Пінскі раён.
АБ'ЯВА
У красавіку сядзіба ТБМ працуе штодня з панядзелка па пятніцу з 15 да 19 гадзін.
Кніжная выстава працуе з 15 да 19 гадзін. У суботу і нядзелю не працуем.
Беларуская мова ў беларускіх універсітэтах
Старшыні Грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны" Трусаву А.А.
Паважаны Алег Анатольевіч!
Адукацыйная дзейнасць і справаводства Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам і Законам "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", забяспечвае рознабаковае развіццё і функцыянаванне беларускай мовы ў сферы сваёй кампетэнцыі.
Ажыццяўляліся даследванні (НДР "Распрацоўка інавацыйнай мадэлі моўнай падрыхтоўкі ("Беларуская мова: прафесійная лексіка") спецыялістаў у галіне дзяржаўнага кіравання" ў рамках задання 4.1.07 "Слоўнікавы склад і граматычны лад сучаснай беларускай мовы ў аспекце інавацыйных тэхналогій і новых метадалагічных падыходаў" дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў "Гісторыя, культура, грамадства, дзяржава" на 2011-2015 гады).
Праводзілася распрацоўка беларускай юрыдычнай тэрміналогіі (НДР "Юрыдычная тэрміналогія ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму Беларусі: упарадкаванне і лексікаграфічнае апісанне" ў рамках Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў "Гуманітарныя навукі як фактар інавацыйнага развіцця беларускага грамадства і дзяржаўнай ідэалогіі" (гісторыя, культура, грамадства, дзяржава), зацверджанай Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 9 чэрвеня 2010 года № 886).
Сярод мерапрыемстваў таксама адзначым удзел супрацоўнікоў Акадэміі кіравання ў якасці вядоўцаў пастаянных рубрык у газеце "Звязда": "Родныя тапонімы", "100 славутых прозвішчаў", а таксама ў праекце Беларускага партала TUT.ВУ "Profi.tut.by" (задай пытанне прафесіяналу) у рамках форуму "Беларуская мова", працу філалагічнай секцыі студэнцкага навуковага клуба "Дыялог", студэнцкія акцыі "Размаўляй па-беларуску", напаўненне беларускамоўнай версіі афіцыйнага сайта, публікацыю артыкулаў на беларускай мове ў акадэмічнай газеце "Зеркало" і перыядычным выданні Студэнцкага савета "Студэнцкі веснік", правядзенне пасяджэнняў органаў самакіравання і ўрачыстасцяў з выкарыстаннем беларускай мовы.
Першы прарэктар А.У. Іваноўскі.
Старшыні грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны" Трусаву А.
вул. Румянцава, 13, 220034, г. Мінск
На Ваш ліст паведамляем наступнае. На дадзены момант па-беларуску выкладаюцца 3 дысцыпліны I і II ступеняў вышэйшай адукацыі.
Дысцыпліна "Беларуская мова (прафесійная лексіка)" ўключана ва ўсе вучэбныя планы па ўсіх спецыяльнасцях. Дадзеная дысцыпліна забяспечана вучэбна-метадычнай літаратурай, выкладанне ажыццяўляецца педагагічнымі кадрамі вышэйшай кваліфікацыі.
У 2013/2014 н.г. падрыхтаваны і абаронены 1 дыпломны праект на беларускай мове па спецыяльнасці 1-36 04 02 "Прамысловая электроніка", плануецца абарона яшчэ 2-х дыпломных праектаў на беларускай мове ў 2014/2015 н.г.
Акрамя навучальных дысцыплін праводзіцца беларускамоўны конкурс тэхнічнай эрудыцыі "Політэхнічная крыжаванка", прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы (адзначаецца 21-га лютага).
В 2014 г. была праведзена X міжнародная навукова-тэхнічная канферэнцыя "Сучасныя праблемы машыназнаўства", на якой былі прадстаўлены тэзісы 2 дакладаў на беларускай мове.
У бліжэйшы час плануецца стварэнне тэрміналагічнага руска-англа-беларускага слоўніка прафесійнай лексікі ў галіне радыёэлектронікі, аўтаматыкі і інфармацыйна-вымяральнай тэхнікі.
Беларуская мова ўжываецца і ў справаводстве: на ўсе запыты арганізацый, складзеныя на роднай мове, пішуцца адпаведныя адказы.
Рэктар універсітэта С.І. Цімошын.
Старшыні грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны" ТРУСАВУ А.
Установа адукацыі "Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт" інфармуе аб тым, што ўніверсітэт поўнасцю выконвае закон "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" (са зменамі і дапаўненнямі) ад 26.01.1990, паводле якога адбываецца забеспячэнне вывучэння дысцыплін на адной з дзвюх дзяржаўных моў. Установай вышэйшай адукацыі ствараюцца ўсе ўмовы для ўжывання ў адукацыйным працэсе беларускай мовы.
Ва ўніверсітэце функцыянуюць дзве кафедры - філалогіі і агульнага і прыкладнога мовазнаўства, якія выкарыстоўваюць беларускую мовы для выкладання дысцыплін вучэбных планаў усіх спецыяльнасцей універсітэта (найперш праз дысцыпліны "Беларуская мова (прафесійная лексіка)" і "Беларуская мова (культура маўлення)". Так, па кафедры агульнага і прыкладнога мовазнаўства ў 2014/2015 навучальным годзе замацавана 28 вучэбных дысцыплін, 21 з каторых (75%) выкладаюцца толькі па-беларуску. Па вучэбнай дысцыпліне "Культура маўлення" вучэбных планаў спецыяльнасцей "Пачатковая адукацыя", "Дашкольная адукацыя", "Сацыяльная педагогіка", "Практычная псіхалогія" кафедрай агульнага і прыкладнога мовазнаўства забяспечваецца выкарыстанне дзвюх вучэбных праграм - на беларускай і рускай мовах навучання. Многімі студэнцкімі групамі ўніверсітэта абіраецца менавіта беларуская мова навучання. Аднак і пры чытанні дадзенай дысцыпліны на рускай мове адна з тэм вучэбнай дысцыпліны мае назву "Культура маўлення ва ўмовах беларуска-рускага білінгвізму" і выкладаецца выключна на беларускай мове.
Хацелася б адзначыць, што і справаводства дзвюх кафедраў вядзецца ў асноўным на беларускай мове (пратаколы пасяджэнняў кафедры, планы работы і інш.).
Шырока выкарыстоўваецца беларуская мова і ў пазавучэбнай дзейнасці студэнтаў. Так, у 2014 годзе кафедрай агульнага і прыкладнога мовазнаўства быў праведзены навукова-метадычны семінар "Талерантнасць - шлях да свету і асобы", прысвечаны выхаваўчаму кампаненту цярпімасці ў адносінах да нацыянальных меншасцей сярод студэнтаў. Мова семінара - беларуская. У ім актыўна прынялі ўдзел як студэнты ўніверсітэта, так і выкладчыкі розных устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь, якія ў сваіх выступленнях падтрымлівалі ідэю ўжывання беларускай мовы ў прафесійнай дзейнасці. Шматлікія выхаваўчыя мерапрыемствы вучэбных груп (беларускія вячоркі, інфармацыяйныя гадзіны па праблемах здаровага ладу жыцця, нацыянальнай сімволікі Рэспублікі Беларусь і інш.) праводзяцца на беларускай мове.
Студэнты факультэтаў славянскіх і германскіх моў і педагогікі і псіхалогіі, якія вучацца ў новых корпусах вучэбнага комплекса па вуліцы Паркавая, д. 62, уводзяцца ў беларускамоўнае асяроддзе ў сувязі з тым, што ўсе інфармацыйныя дошкі, таблічкі аўдыторый аформлены на беларускай мове, Дадзеная тэндэнцыя павышае ўзровень валодання беларускай літаратурнай мовай.
Беларуская мова ў апошнія гады прыцягвае да сябе ўвагу не толькі ў студэнтаў, грамадзян Рэспублікі Беларусь, але і студэнтаў, грамадзян замежных дзяржаў. Так, па просьбе студэнтаў з Туркменістана ў 2015 годзе запланавана стварэнне зборнікаў тэкстаў для чытання "Студэнту-замежніку пра беларускую мову". Вядома, што мова выкладання матэрыялу - руская, аднак на ёй у спрошчанай і даступнай форме будзе паведамляцца пра асноўныя рысы беларускай мовы, пададзены невялікі перакладны руска-беларускі слоўнік асноўных ідыём і выразаў.
30 кастрычніка 2014 года студэнтка факультэта эканомікі і права, грамадзянка Туркменістана, Гулынат Какаджанава прадставіла даклад "Канцэпт "дзеці" ў нацыянальнай карціне свету туркменаў, беларусаў і расіян". Прапанаванае паведамленне выклікала шырокі рэзананс у слухачоў, калі праз фразеалагізмы, прыказкі і прымаўкі студэнтка зрабіла вывады пра розныя погляды на дзяцінства і дзіцячыя наіўныя ўяўленні ў трох розных народаў.
Такім чынам, можна прызнаць, што беларуская мова ва ўстанове вышэйшай адукацыі "Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт" выкарыстоўваецца на належным узроўні як у вучэбна-адукацыйным працэсе, так і ў пазааўдыторным жыцці студэнтаў.
Што да перспектыў стварэння беларускамоўных патокаў або груп, то на сённяшні дзень іх вылучэнне з'яўляецца праблемай для ўніверсітэта, бо на ўсіх факультэтах прысутнічаюць студэнты, грамадзяне замежных дзяржаў, мова навучання якіх - руская. I чытанне шэрагу дысцыплін на беларускай мове пазбавіць іх права атрымліваць адукацыю на той мове, якую яны вывучаюць як мову міжнацыянальных зносін на падрыхтоўчым аддзяленні факультэта да-ВНУ-шнай падрыхтоўкі.
Аднак можна з упэўненасцю сцвярджаць, што тыя адукацыйныя праграмы, якія накіраваны на вывучэнне беларускай мовы як будучай спецыяльнасці, атрымліваюць падрыхтоўку па пераважнай колькасці дысцыплін толькі на беларускай мове навучання.
У адпаведнасці з часткамі 2 і 3 артыкула 2 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" кафедра агульнага і прыкладнога мовазнаўства і кафедра філалогіі забяспечваюць усебаковае ўжыванне беларускай і рускай моў у навуковай і адукацыйнай сферах.
На Ваш запыт можам падаць наступную інфармацыю:
1) кафедра агульнага і прыкладнога мовазнаўства:
- працэнт дысцыплін кафедры, які выкладаецца па-беларуску - з 29 дысцыплін 14 выкладаецца па-беларуску - 48,3%;
- колькасці вучэбна-метадычных комплексаў па-беларуску - 1 (3,4%);
- справаводства па-беларуску: пратаколы пасяджэнняў кафедры, план работы кафедры, справаздача кафедры за год, план і справаздача кафедры па навуковай і інавацыйнай дзейнасці, размеркаванне нагрузкі кафедры - 50% ад усяго справаводства кафедры;
- працэнт беларускамоўных матэрыялаў, выдадзеных на кафедры ў 2014 годзе -1 дапаможнік з 4 - 25%.
2) кафедра філалогіі:
- працэнт дысцыплін кафедры, які выкладаецца па-беларуску - 79% (агульная колькасць дысцыплін - 33, з іх выкладаецца па-беларуску 26);
- працэнт вучэбна-метадычных комплексаў, выдадзенных на беларускай мове - 100% (агульная колькасці ВКМ - 3, з іх на беларускай мове -3);
- працэнт справаводства, якія вядзецца па-беларуску у адпаведнасці з наменклатурай спраў кафедры філалогіі - 45%;
- працэнт беларускамоўных матэрыялаў, выдадзеных на кафедры філалогіі ў 2014 годзе - 100% (4 выданні).
Рэктар універсітэта В.І. Качурка.
Свет герояў Уладзіміра Содаля
"12 сакавіка памёр аўтар цыклу " Плоскі свет" з 40 кніжак англійскі пісьменнік Тэры Прачэт. Гэты свет насяляюць розныя расы: тролі, гномы, эльфы, вампіры, пярэваратні, зомбі. Разам з нябожчыкам адышла эпоха аўтараў, якія нарадзіліся падчас ці пасля Другой сусветнай вайны. Вельмі сціплыя бытавыя умовы тых часоў кампенсаваліся ў дзяцей багатым унутраным светам. "(З перыядычнага друку.)
15 красавіка на 78 годзе жыцця адышоў у вечнасць беларускі літаратуразнавец і даследчык Уладзімір Ілліч Содаль. 34 гады ён працаваў на тэлевізіі, кіраваў студыяй "Ліцэй", вёў перадачу " Роднае слова". Яго пяру належаць кнігі, альбомы і зборы фотаздымкаў: "Сцежкамі Мацея Бурачка", "Жупранская старонка", "Святы куточак фальварак Свіраны", "Волат з Мігаўкі". "Вінцэнт Якуб Дунін-Марцінкевіч: жыццё і творчасць" і іншыя, якія адкрывалі невядомыя старонкі жыцця нашых літаратурных класікаў. Радавалі і ўсцешвалі чытачоў кніжачкі "Умей слухаць", " Анекдоцік ў роцік" з народнымі апавяданнямі, досціпамі, пацешкамі.
Яго героямі былі народны заступнік, адвакат і паэт Францішак Багушэвіч, яго жонка Габрыэля Шклёнік, яго дзеці - Туня і Тамаш, унучка песняра - Станіслава Тамашэўская. Ён ездзіў і хадзіў сцежкамі Мацея Бурачка, пуцявінамі Дуніна-Марцінкевіча. Кола яго герояў мела высакародныя мэты і пачуцці. Ён цікавіўся не толькі роднай старонкай Янкі Купалы - Вязынкай, але і адшукаў унука кабеты, якая бабіла маленькага Яся і, магчыма,была павітухай у яго маці. Кнігі былі аздоблены фотаздымкамі, у якія хацелася доўга ўглядацца.
Францішак Багушэвіч
- Было гэта ў годзе шэсцьдзесят дзевятым… - пазначаў даследчык. - Я тады толькі шчэ пачынаў на тэлевізіі. Быў якісь пачатак, штуршок, імпульс. Я пацягнуўся да Багушэвіча, інтуітыўна адчуў якуюсь гарманічнасць гэтай асобы з яго словам, думкай, настроямі. Памятаю, склаў сцэнар, уключыў у яго Багушэвічавы творы.
- За колькі апошніх дзесяцігоддзяў я намножыў такі багаты матэрыял пра Францішка Багушэвіча, яго асяроддзе, што сам патанаю ў ім. Гэтых папак у мяне за дзвесце. У адных - фотаздымкі, у іншых - копіі розных дакументаў, юрыдычныя, радаводныя, у трэцяй - копіі аўтографаў F.B. У чацвёртай - матэрыялы пра ўсе мясціны, з якімі звязаны яго жыццёвыя і творчыя пуцявіны,- казаў У. І. Содаль ў 2005 годзе.
"Мая апантанасць Багушэвічам вынікае з высокіх грамадзянскіх пазіцыяў Францішка Багушэвіча. І не толькі. Яна з адчування гарманічнай цэльнасці гэтай асобы. Гэтую цэльнасць адчувалі і яго сучаснікі. Да яго асобы гарнуліся людзі самых розных заняткаў - прадпрымальнікі, юрысты, літаратары, мастакі, журналісты. Для усіх ён быў непаўторным аўтарытэтам. Францішак Багушэвіч, яго літаратурная і юрыдычная спадчына - гэта той грунт, на якім я прарос як даследчык, можа нават падсвядома я жыву па яго маральных прынцыпах.
Кушляны - найпрыгажэйшы куточак Смаргоншчыны. Гэтую ціхую і надзвычай вабную мясціну аблюбавалі не толькі людзі, але і рознае птаства. А найбольш - бацяны. Дужа вольна ім жылося.
Сімвалічна: Францішак Багушэвіч вярнуўся з сям'ёй сваёй у родную старонку ў 1844 годзе разам з кушлянскімі бусламі на Звеставанне. Гэтак ён і напісаў у 1885 годзе: "Прыбылі мы сюды на Звеставанне 1844 года, як буслы" .
Дык вось яна, песнярова зямля, калыска яго натхнення! Пагоркавая, зялёная, уся пад шатамі старасвецкіх дрэў! Нізкія, з прыземістымі стрэхамі вялізныя аборы, свірны, пуні, шырока і ўладарна, нібы бабы - векавухі, парассядаліся на сваіх адвечных лапіках.
Гожыя кушлянскі кут! Гожыя і яго ваколіцы! Высокае, як акіян неба. Глыбокія, з ярамі ды далінамі далягляды. Куды ні кінь вокам - на Трыколі, на Ваўкелы, на Трахімы, на Вадапеч, на Дубелішкі - усё бачыцца з паэтавай сядзібы выразна, акрэслена." ("Блаславёныя Кушляны")
Аляксандр Уласаў
"Постаць Аляксандра Ўласава з успамінаў яго колішніх мігаўскіх суседзяў і знаёмых, паўстае самабытная. Але наколькі яна самабытная, нагэтулькі і глыбінная. Праз яго, побач з ім прайшлі жыцці сотняў беларускіх постацяў не меншай велічыні. Сярод іх - Эпімаха-Шыпілы, Вацлава Ластоўскага, Фабіяна Шантыра, Алеся Бурбіса, Зміцера Жылуновіча, Рыгора Шырмы. Але, на вялікі жаль, амаль усе згаданыя постаці былі рэпрэсаваны. Іхнія светлыя імёны былі кінуты на забыццё. Але засеяныя імі палеткі не зараслі дзірваном. Змарнець ім не дае наша самахвярная моладзь. Гэта яе высілкамі адноўлена ў 1991 годзе легенда беларускага друку "Наша Ніва". Ці думаў хоць калі, ці спадзяваўся яе першы легендарны рэдактар Аляксандр Уласаў, што ягоныя засеўкі аж да гэтае пары будуць даваць плён беларускай грамадзе?!" ("Волат з Мігаўкі") .
Янка Купала
"Першы Купалаў верш у "Нашай Ніве" быў надрукаваны 11 траўня 1907 г. - на першай старонцы, адразу пад назвай газеты. А з верасня 1908 г. Янку Купалу мы бачым ужо ў Вільні: працуе бібліятэкарам у прыватнай бібліятэцы "Веды" і адначасова супрацоўнічае з "Нашаю Ніваю". От з гэтага часу Янка Купала пачаў блізка ведаць А. Уласава, амаль штодня сустракацца з ім.
Хоць яны былі людзі вельмі розныя: Купала - увесь у сонцы, малады рамантык, Уласаў - марудны, але напорысты, як вол, зямны прагматык. Але абодва аднолькава разумелі, за якую працу ўзяліся. І гэта іх яднала, рабіла аднадумцамі, паплечнікамі, пабрацімцамі. Янка Купала разам з Уласавым шчыраваў у "Нашай Ніве" да кастрычніка-лістапада 1910 г. Гэтай парою Купала пакідае "Нашу Ніву" і з парады Б. Даніловіча едзе ў маёнтак Беніца Наваградскага павета, але праз пару месяцаў вяртаецца ў Вільню. Адчувае, што на працу ў газеце не стае ведаў і практыкі, - едзе ў Пецярбург папоўніць сваю адукацыю. Але й там з "Нашай Нівай" сувязі не парывае, дасылае свае вершы, нататкі, допісы. Уласаў таксама клапоціцца пра Купалаў талент, высока ацэньвае ягоны верш "А хто там ідзе?" - выдае нават асобным буклетам з нотамі. І ўвесь наступны час імя Янкі Купалы, ягоныя творы заўсёды жаданыя на старонках "Нашай Нівы". (22 ліпеня 2002 года, № 28 НН.)
Прататыпы
"Народны паэт Беларусі Якуб Колас амаль шэсць гадоў - з 1921 па 1927 жыў у двары колішняга мінскага домаўладальніка пана Вільгельма Русецкага, - пісаў у адным з нарысаў Уладзімір Содаль. - У згаданым двары, апрача сям'і Якуба Коласа, жыла сям'я Язэпа Лёсіка і краўца Алеся Самахвала і шмат іншага цікавага люду.Усе тубыльцы двара пана Русецкага сталі прататыпамі апавядання "У двары пана Тарбэцкага". Якуб Колас напісаў яго ў 1925 годзе.
Галоўная дзейная асоба апавядання, вядома ж, сам пан Русецкі - у апавяданні пан Тарбэцкі. Ён быў домаўласнік. Меў у так званым Старажоўскім тупіку тры ці чатыры драўляныя дамкі і адзін мураваны на два паверхі. Цікавіўся беларускім рухам. Дзе і як мог спрыяў яму.
Пан Русецкі меў досыць вялікі сад. У ім апрача звычайных дрэў, гадаваліся і экзатычныя. У садзе адной парой праходзілі рэпетыцыі Ждановічавых актораў. От такі быў патомны шляхціц Вільгельм Русецкі. У 1916 годзе яму было шэсцьдзесят два гады. У Мінску ён жыў з 1890 года. Савецкая ўлада хоць і нацыяналізавала маёмасць Русецкага, але адно крыло дамка пакінула за ім. Затое якіх жыхароў падсяліла! Сям'ю Лёсікаў, Якуба Коласа. Адну пару ў дамку пана Русецкага жыў і Аркадзь Смоліч. Якуб Колас пра ўсіх іх узгадваў у сваім апавяданні - дасціпна, з гумарам. З гумарам ён падаў і пана Русецкага - пана Тарбэцкага." ("У двары пана Тарбэцкага".)
Пісьменнік пайшоў, а яго творы ўвайшлі ў скарбонку нацыянальных каштоўнасцяў. Вечная яму памяць!
Святар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцец Леанід Акаловіч маліўся за супакой душы слугі Божага, беларускага і вялікалітоўскага пісьменніка Уладзіміра Содаля ў прысутнасці родных, пісьменнікаў, сяброў ТБМ і праводзіў яго ў апошні шлях.
Спадар Уладзімір паказаў нам прыклад, як трэба любіць Беларусь і яе народ, шанаваць яе гісторыю і культуру, як годна несці сваю веру па жыцці, як трэба шчыра па-сапраўднаму сябраваць!
Эла Оліна. Фота аўтара: 1. Ул. Содаль. 2. Ул.Содаль з жонкай у Бычках. 3. Ул.Содаль і В. Быкава ў Бычках. 4. Пісьменнік у музеі Янкі Купалы, фота з архіва.
Смуткуем з нагоды смерці Уладзіміра Ільіча Содаля - сапраўднага Беларуса, які да апошніх дзён быў адданы пачэснай справе свайго жыцця: расказваць аб роднай зямлі і яе славутых земляках.
Выказваем шчырае спачуванне сям'і, якая страціла дарагога і любімага мужа, бацьку, дзядулю.
Пятро Русаў, старшыня менскага культурна асветніцкага клуба "Спадчына".
* * *
Шчыра спачуваю сям'і Ўладзіміра Ільіча Содаля ў сувязі з напаткаўшым вялікім горам - смерцю дарагога і любімага мужа, бацькі і дзядулі.
Ведаў яго звыш пяцідзесяці гадоў. Ён быў таленавітым пісьменнікам і тэлевядоўцам, вучоным, карпатлівым даследчыкам жыцця і творчасці знакамітых беларусаў - Ф. Багушэвіча, В. Дуніна-Марцінкевіча, А. Уласава, З. Верас, Я. Купалы і іншых выбітных постацей зямлі беларускай.
Анатоль Валахановіч, гісторык, пісьменнік.
"Белпошта" выпусціла марку з выявай Скарыны і прадмовай да кнігі "Юдыф"
16 красавіка 2015 г. Міністэрства сувязі і інфарматызацыі выпусціла ў абарачэнне паштовы блок "525 гадоў з дня нараджэння Францішка Скарыны" мастака Івана Лукіна. Тыраж блоку - 15 тысяч. Намінал маркі - 20 тысяч руб. Як піша shoskin.by, марка надрукаваная на мелаванай, гумаванай паперы, выкарыстаны афсетны поўнаколерны друк.
Гэта не першыя маркі са Скарынам. 18 гадоў таму, 7 верасня 1997 года, былі выпушчаныя 4 маркі, прысвечаныя 480-годдзю беларускага кнігадрукавання. На марках адлюстраваны Віленскі, Пражскі, Полацкі і Кракаўскі перыяды дзейнасці Скарыны.
Марку ўрачыста пагасілі 16 красавіка ў дзень адкрыцця XI Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў.
Радыё Свабода.
Фёдар Поўны перайшоў на беларускую мову, бо ў яе трапляе ўсё больш паланізмаў
Праваслаўны святар Фёдар Поўны ўжо дзесяць гадоў выступае з пропаведзямі на тэлеканале АНТ. Апошнім часам некаторыя ягоныя праграмы выходзяць па-беларуску. З чым гэта звязана?
- Пераход (частковы) на беларускую мову быў выкліканы агульнай тэндэнцыяй страты класічнай нормы мовы. Зараз у беларускую мову пранікае ўсё больш паланізмаў, якія выдаюць за спрадвечныя беларускія словы, - тлумачыць Фёдар Поўны. - Становіцца крыўдна, што мы губляем сапраўднае, прымаючы падробку за праўдзівасць. Я нарадзіўся ў Беларусі, у месцах, дзе шмат хто гаварыў на беларускай мове, гэта мая родная мова. Хоць мяне часам чамусьці ўспрымалі як праціўніка роднай мовы.
Так, ёсць меркаванне супраць беларускай мовы як літургічнай, таму што Боская літургія мае сваю царкоўна-славянскую мову, зразумелую ўсім усходнім славянам. Але мне бачыцца важным ведаць сваю нацыянальную мову, таму што гэта нашы карані.
Сайт НН.
Барадулін гасціў ў Караткевіча
Так вобразна я назваў бы тую прыгожую, змястоўную і вельмі карыстую дзею, якую арганізавалі супрацоўнікі Аршанскага музейнага комплексу і кіраўнік нашай раённай суполкі ТБМ Юры Нагорны ў музеі Уладзіміра Караткевіча 31 сакавіка гг. Невялікая зала музея была перапоўнена: людзі не толькі сядзелі, але і стаялі - у холах, рэкрэзацыях, на балконах. І не дзіва! Паспяшылі месцічы ў музей свайго любімага пісьменніка - земляка яшчэ і таму, што вечарына была прысвечана 80-годдзю Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.
А называлася літаратурна-музычная дзея "Песні матчыны з Вушаччыны", якую здзейсніў на выездзе невялікі калектыў філармоніі для дзяцей і юнацтва Белдзяржфілармоніі пад кіраўніцтвам Сяржука Доўгушава, які, дарэчы, вельмі ярка і таленавіта дэманстраваў прысутным і сваё майстэрства на дудках і ў спевах. У сваім звароце да прысутных, адкрываючы мастацкае свята, аўтар і кіраўнік праекту С. Доўгушаў сказаў:
- Рыгор Барадулін - гэта нацыянальны геній сусветнага маштабу. Гэта наш гонар, наш цуд, наш Паэт. А таму ці можам маўчаць мы?
Падчас вечарыны прагучалі народныя песні, якія Рыгор Іванавіч пераняў ад сваёй матулі Акуліны Андрэеўны. Аўтар "Вушацкага словазбору", у якім паэт ашчадна захаваў для булучых пакаленняў багацце самабытнага крывіцкага слова, збярог для вечнасці і непаўторную вушацкую песню, мелодыю, напеўнасць і мілагучнасць, якую з вялікім натхненнем, стараннасцю і талентам данеслі да прысутных мілыя дзяўчаты Стася Кульміч і Галіна Трубіна з удзелам самога Сяржука, які віртуозна і самааддана суправаджаў спевы ігрой на дудках і з умелай напеўнасцю пеў разам з імі. Зала замірала, услухаўваючыся ў кожны гук. Кожнае слова, кожную мелодыю знаёмых нам з дзяцінства матчыных усходне-славянскіх напеваў.
Трэба адзначыць, што не менш уразліва выконваў Барадулінскія вершы і чытальнік Вячаслаў Пяцько, які, дарэчы, і распрацаваў канцэпцыю гэтай вечарыны, у якой увесь час удзельнічалі таксама Я. Курыльчык ды Л. Паўлёнак (баян і бубен).
Адным словам моладзевы калектыў Белдзяржфілармоніі падараваў прысутным прафесійную, змястоўную і вельмі карысную музычна-літаратурную дзею, якую аршанцы доўга не забудуць.
І хаця ад Оршы па прамой да Вушач не многа больш за сотню кіламетраў мы яшчэ цясней прыблізіліся і да блізкага нам Віцебскага краю і да дарагога ўсім нам Дзядькі Рыгора.
Дзякуй усім - і музыкам, і арганізатарам!
Мінай Карніенка, г. Орша.
"Беларусь партызанская"
У рамках імпрэзы да 70-годдзя з дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь праводзіць шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне памяці пра абаронцаў Радзімы, прапаганду патрыятычных ідэй і духоўна-маральных каштоўнасцяў у грамадстве.
"Беларусь партызанская" - так завецца перасоўная выстава, прадстаўленая Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, якая будзе дэманстравацца ў бібліятэцы да 11 траўня 2015 гады. Экспазіцыя прадстаўлена фатаграфіямі ўдзельнікаў ваенных падзей, здымкамі баявых дзеянняў, ваеннымі агітацыйнымі плакатамі і іншымі ўнікальнымі дакументамі пра гісторыю партызанскага руху на акупаванай ворагам тэрыторыі.
Асноўныя часткі выставы: "Зараджэнне партызанскага руху", "Героі падполля", "Баявая дзейнасць", "Жыццё і побыт у партызанскіх зонах" і інш.
Запрашаем усіх ахвотных азнаёміцца з экспазіцыяй.
Наш кар.
Нашы дрэвы
Міхал Шымялевіч
Сасна1
Сасна - самае паспалітае дрэва ў нашым краі. Расце на пясчаных грунтах, якія не могуць выкарыстоўвацца ў сельскай гаспадарцы. Лес, які складаецца са старых сосен завецца борам , такі ж малы лес - барком . Маладыя сасновыя бары наш люд называе сасняком ці саснячком . На паўночны ўсход ад Ліды, каля гасцінца на Дворышча знаходзіцца лясны абшар, які да 1842 г. належаў калегіюму піяраў у Лідзе і да нашага часу (канец 1930-х гг. - Л.Л. ) завецца "Піярскі бор". На захад ад Ліды, сярод сасновых лясоў якія належаць маёнтку Заполле, ёсць фальварак Бароўка . На паўночны захад ад Ліды мясцовасць каля дарогі на Крупава мае назвы Бары . Відочна тут некалі быў бор.
Амаль што ўсе могілкі Лідскай зямлі месцяцца ў месцах, якія не маюць каштоўнасці для земляробства - а менавіта на пясчаных пагорках, якраз там, дзе растуць сасновыя баркі. Такія тыповыя могілкавыя баркі на пагорках ёсць у Тракелях, Востраве, Дубінцах і г.д., яны бачны за 15-20 км.
У XVII ст. на поўдзень ад горада Ліды, на замкавай зямлі і зямлі шляхецкага засценка Кузьмішкі паноў Вісмантаў паўстаў прыгожы бор. У 1798 г. частка гэтага бору, якая знаходзілася на замкавай зямлі была выдзелена пад парафіяльныя могілкі. Другая частка бору на зямлі шляхты праіснавала да 1892 г., калі пасля вялікага пажару Ліды трэба было адбудоўвацца, і дрэвы спілавалі. У свой час я лічыў гадавыя кольцы вялікіх пнёў, якія пазаставаліся на месцы гэтых сосен і налічыў 240 кольцаў. Гэта былі пні дыяметрам ў паўтара метры. Прыгожы бор на парафіяльных могілках таксама быў выразаны для будаўніцтва даходных дамоў.
А колькі прыгожых і каштоўных бароў на Лідчыне знішчыла вайна? 2 Дастаткова прыпомніць бары маёнтка Вялікае Мажэйкава, каля вёскі Коўшыкі ці слаўны Шаўдзінскі бор над Нёманам 3, каб зразумець, якія вялікія страты панеслі лясныя багацці ў часе той акупацыі.
Сталая сувязь сасны з могілкамі адбілася на мясцовым фальклоры і для людзей сасна стала ўвасабленнем смутку.
Некалі Кастусь Кароль у Брындзянятах запісаў мне песеньку якая пачынаецца гэтак:
Ой у полі, сосна,
не шумі галосна,
Бо мне
ў чужым краю тошна ...
У іншай песні, якую чуў у Крупаве, маладая замужняя жанчына звяртаецца да сасны:
Не хіліся сосна,
Бо мне жыцці тошна ...
На пытанне ў спеве - "Ад чаго ты сасна ды не зялёна?" прыдарожная сасна апавядае смутную гісторыю свайго жыцця:
Дык як мне, сасне,
зялёнай быць? ...
Маё карэнне гарэла,
Маё вяццё смалела ...
Юлька Завала (Завалаўна) ў Гарнях спела мне апавяданне пра тое, як два чужаземцы намовілі вясковую дзяўчыну да уцёкаў з дому, а потым хацелі ад яе пазбавіцца:
Павялі дзяўчыну
барамі, лясамі,
Прывязалі дзяўчыну
да сасны касамі,
Запалілі сасну
з верху аж да долу.
Ато ж зараз дзяўчына
вярніся да дому!
Тодар Нарбут (Dzieje, I, 195.) залічыў сасну да дрэваў, якія старажытныя ліцвіны ўважалі святымі і дадаў, што "ліцвінская песня з адной з гмін узгадвае святую сасну, якую пасадзіў бацька воіна Эйшы ў дзень яго нараджэння" . Вядома, што летапісцы і хранікёры прыпісвалі Эйшы заснаване Эйшышак. Змест гэтай песні зараз не вядомы, і таму немагчыма сцвярджаць, што ліцвіны асацыявалі сасну не з магілай, як сучасныя беларусы, а з нараджэннем дзіцяці і лічылі сасну не сумным, а радасным дрэвам.
На паўночным баку замкавага ўзгорка ў Лідзе растуць дзве старыя сасны з прыродна сплясканымі і выцягнутымі да замкавых муроў - у бок поўдня, да сонца - кронамі. Чуў з вуснаў Эвеліны Сегень 4, якая жыве на Зарэччы, і якая - я ўпэўнены - ніколі не бачыла ніякія старыя дакументы, а апавядала так, як чула ад старых людзей, што некалі каля тых дзвюх соснаў расла і трэцяя, якаю "лідскі бургамістр Перхур сто, а можа і дзвесце гадоў таму сцяў. Быў пакараны - сам Перхур памёр, і ягоны род загінуў" . З старых папер я даведаўся, што ў Лідзе яшчэ ў XVII ст. жыў род Перхураў, месцічаў лідскіх, з якіх каля 1717 г. лідскім бургамістрам быў Стэфан Перхур, а другі Перхур, імя якога не ведаю, таксама быў бургамістрам ў Лідзе каля 1740 г. Перад тым Перхурам бургамістрам Ліды каля 1730 г. быў Якуб Урбановіч а ў 1759 г. - Казімір Бараноўскі. З паловы XVIII ст. усялякія ўзгадкі пра Перхураў у метрыкальных актах Лідскай фары знікаюць. Адзіным напамінам пра гэты род засталася назва дзялкі гарадской зямлі "Перхураўскі клін", на якой зараз заснаваныя парафіяльныя рыма-каталіцкія могілкі на Слабадзе.
Праз сорак гадоў, калі на месцы сучаснага мураванага дома (па завулку Гедзімінаўскім у Лідзе), у каторым знаходзіцца агульнаадукацыйнай школа № 5 5, стаяла старое драўлянае гумно - склад усялякай вайсковай старызны, а завулак Гедзімінаўскі - вузкі, балоцісты і цёмны ўсімі месцічамі абмінаўся. Тут не раз здаралася, што жаўнер, які ўначы стаяў на варце, стрэлам з карабіна ўздымаў трывогу, тлумачачы, што сярод старых, таямнічых соснаў яму нешта здалося і настрашыла. У той час на вуліцах не толькі электрычнасці не было, а нават і звычайнай аляёвай лямпы на слупе. Старыя бабы, лежачы на цёплых ляжанках, умелі апавядаць і вельмі цікава апавядалі пра розныя страшныя рэчы, якія рабіліся ў замку і пад замкам: пра замкнутага у замкавай вежы невінаватага чалавека, пра скрыні на ланцугу са скарбам, пра страшнага сабаку, які пільнуе ўваходы ў замкавыя падзямеллі, пра замкавыя лёхі і ходы, якімі можна ехаць чацвёркай коней да Вільні і Наваградка, пра каралеву, якая раз у год выходзіць з замкавых падзямелляў і просіць ў першага ж сустрэтага ёй лідзяніна, каб замовіў набажэнства за ўратаванне яе пакутнай душы - набажэнства павінна адбыцца толькі ў замку, і ксёндз павінен не забыць прынесці ўсё патрэбнае з касцёла, але ксёндз заўсёды нешта забываў, ці яму перашкаджала паліцыя, пра зачараваных у тых соснах дзвюх каралеваў і г.д. У тыя часы лідзяне свята верылі, што ў пэўны дзень, у 12 гадзін у поўдзень, а можа ўначы, калі зрабіць насечкі на кары соснаў, з іх будзе пырскаць кроў. Хто з нас не спрабаваў гэта на практыцы? Колькі на кары нічым не вінных сосен засталося знакаў ад нашых сцізорыкаў?
Ксёндз Вайшвіла, экспіяр лідскі, у сваіх успамінах, напісаных у 1853 г. пераказаў нам рэлігійную легенду пра тыя сосны: "Мне вядома легенда, якую я чуў, што дзве сасны, якія і зараз растуць на самым вале замкавага мура, на галоўнай вуліцы горада, былі пасаджаны хрысціянамі на парэштках двух капланаў, забітых на гэтым месцы паганцамі. Аднак, сам узрост тых соснаў паказвае беспадстаўнасць гэтай пагалоскі".
Тыя дзве акружаныя таямніцай сасны - найвялікшая і самая паважаная легенда лідзян, могуць мець па 150-200 гадоў (у пры канцы 1930-х гг.) і таму былі пасаджаны паміж 1740 і 1790 гг.
У 1754-66 гг. лідскім падстарастам і адміністратарам Лідскай эканоміі (ўладальнікам якой быў лідскі стараста дэ Кампа Сцыпіён), г.зн. фактычным гаспадаром Лідскага замка і старшынём гродскага суда быў Францішак Гадэмбскі (герб Гадземба) - у 1754 г. тытулярны лоўчы, а ў 1762 г. лідскі войскі. Герб Гадземба Каспер Нясецкі апісаў так: "Мае сасну з трыма зялёнымі вяршынямі, ці галінамі, з якіх адна ў сярэдзіне а две па яе баках, пад імі дзве абсечаныя галіны, адна з аднаго боку, другая з другога, дрэва мае пяць каранёў, поле чырвонае".
Хіба ж на тле калісьці чырвонага замкавага мура тры зялёныя сасны не былі натуральным гербом Гадземба?
У 1929 г. магістрат горада Ліды прычыніўся да належнага ўмацавання каранёў нашых дзвюх соснаў і ўладаваў для іх неабходную агароджу на стромкім замкавым вале.
Дуб6
У Дакудаве над Нёманам мне спявалі калісьці маладыя дзяўчаты (зараз ужо старыя бабы) надта жалобныя песні-думкі пра птушку-рыбалова 7, якую злапалі два лебедзі на сваім "ціхім Дунаі", і жадаюць яго ўтапіць, але спярша пытаюцца - кто ён такі? Злоўленая птушачка адказвала:
Ціхі Дунаёк -
то май татанька,
Сыра зямля - мая матанька,
Зялёны дубок -
то мой брацейка .
У іншым спеве вясковы хлопец хоча бліжэй пазнаёміцца з дзяўчынай, якая яму падабаецца і звяртаецца да яе з трывожным пытаннем:
Казалі, дзяўчына -
з зялёнага дуба?
На што дзяўчына яму адказвае:
Я не з зялёнага дуба,
мяне маці радзіла
Ў шчасліву гадзіну
і ў пялёнкі спавіла ...
У паўночным Палессі на вясковым вяселлі маладыя жанчыны і дзяўчаты танцуюць "казака" і весела прыпяваюць:
Ой, чы не гарна?
Ой, чы не люба?
Выцесала мяне маты
З зялёнага дуба.
Выцесала, шчэй намалявала,
Дала мэне за краўчука,
Шчоб я пановала!
Агульна вядома легенда пра Лідзейку "варажбіта і найвышэйшыга святара паганскага" пра якога ліцвінскія хранікёры сцвярджалі, "што быў у арліным гняздзе ў лесе знойдзены, і меў веды, і варажыў аб будучыні" . Згодна з Мацеем Стрыйкоўскім Лідзейку знайшоў вялікі князь Віцень "у арліным гняздзе ў адной з пушчаў пры гасцінцы, а некаторыя апавядалі, што ў чыстай калысцы, павешанай на дрэве" 8. Летувіскае слова lizdas - гэта гняздо а verksmas - плач. Гэты варажбіт і архіпастыр паганскай Літвы тлумачыў Гедзіміну значэнне сну пра жалезнага ваўка! З гульні слоў паўстала фабула пра Лідзейку, гняздо, крыўду дзіцяці, пра заснаванне Вільні і нават пра паходжанне прозвішча роду, продак якога радзіў Гедзіміну заснаваць Вільню 9. Гэта ўсё старыя рэчы. Ці Веркі 10 атрымалі сваю назву ад дзіцячага плачу - можна спрачацца. Але і ў нашым краі каля Тракеляў, у Ліпнішскай гміне, таксама ёсць урочышча Веркі.
Гэтыя некалькі ўзгадванняў наводзяць на думку, што аповяды пра зялёны дуб раней разумеліся, можа толькі ў нас, як метафара пра пазашлюбнае нараджэнне чалавека. Мажліва, што нейкая ахвяра нешчаслівага кахання пакінула сваё дзіця ў лесе ці пры гасцінцы, дзесьці пад дужым зялёным дубам, аднак там, куды прыходзілі людзі для нейкіх рэлігійных практык, напрыклад, для малітвы, ці для ахвяравання, ці для варажбы альбо наадварот, для збору харчавання - напрыклад, жалудоў. Такія месцы мусілі быць вядомы мясцоваму люду, паважацца ім і стала наведвацца. "У аповядах стала згадваюцца дубы-варажбіты", - пісаў Тодар Нарбут. "Дубы мелі голас і адказвалі на пытанні. Пэўна для гэтага, ў дуплах, якія часта бываюць у такіх дрэвах, мусіў жыць нейкі ашуканец. Такі дуб называўся Баўбліс" . Аўтар гэтага радка ў якасці крыніцы падае "Гмінную аповесць з-над берагоў Пелясы" 11. Слаўны дуб Баўбліс упаў у маёнтку Бардзі (3 мілі ад Расіен) у 1811 г., ён меў 700 выразных гадавых кольцаў акрамя тых, якія былі сапсаваны. Пень Баўбліса меў у абхопе 19 літоўскіх локцяў і 6 цаляў, дыяметр 7 локцяў.
Не рэдка ў ваколіцах Ліды сустракаліся такія ж старыя і магутныя дубы як Баўбліс, але яны былі знішчаны падчас Вялікай вайны 12. У садзе маёнтка Тарнова, 16 км на паўднёвы захад ад Ліды быў дуб дыяметрам 2,5 м. Адзін бок яго прагніў і, дзякуючы гэтаму, у часы Дзмітрыя Маўраса, каля 1880 г., у гэты дубе была зроблена альтанка.
Не меншы дуб рос на пашы каля вёскі Навасёлкі, за 2 км на паўночны ўсход ад Ліды, таксама струхнелы і выпалены з аднаго боку. У садзе маёнтка Чахаўцы, Яна Петрусевіча, за 4 км на поўнач ад Ліды яшчэ зараз прыгожа зелянее дужы дуб дыяметрам у 2 м. У 1909 г. афіцэры адной з дывізій, якая была ў нас на манеўрах, увекавечылі свой побыт тут срэбнай таблічкай з надпісам, што гэты дуб мае 500 гадоў і памятае Вітаўта і Ягайлу. На зямлі былога маёнтка Нача ў Лідскім павеце расце вялікі дуб са зрослымі тоўстымі галінамі - гэта асаблівасць у старажытнай Літве лічылася адзнакай агульнай ласкі багоў, якой яны атачалі такое дрэва.
Слаўнымі былі раней дакудаўскія дубовыя гаі - дубравы. Парэшткі такой дубравы ў выгіне ракі Нёман каля Дакудава, на Пажарове, захаваліся да нашага часу (да канца 1930-х гг. - Л.Л. ).
Дубы, як самыя моцныя і даўгавечныя дрэвы, служылі межавымі знакамі паміж зямельнымі ўладаннямі. Не рэдка такія межавыя дубы мелі сваю назву. Маю напісаны ў Беліцы 14 сакавіка 1554 г. межавы акт паміж землямі вёскі Леснікі, якая належала маёнтку Лебяда пана Гераніма Хадкевіча, кашталяна Троцкага, і гаспадарчымі землямі беліцкіх падданых вялікага князя літоўскага. У гэтым размежаванні, белічане лічылі сваёй зямлю ажно да зблянскай мяжы "до дуба прозываемаго Плешывого" . Пан Хадкевіч праводзіў мяжу "ку пню дубоваму сожжоному и поведил, же в том дубе рубежы были, а беличане яго для тых рубежов сожгли" . На мяжы з Пацюкамі "оказал яго милость дуб ново посечены и поведил, же в ним рубежы были, а беличане яго для тых рубежов дня вчорашного порубили и рубежы высекли. Подданые господарские белицкие тот дуб менили своим Давидовским ..." . "Переехавшы речку Солодкую прывел яго милость пан Троцки ку дубу край поля, которы з одного боку до половицы выжжон, и поведил, иж в ним камень был на знак границ положон, и беличане казячы границы яго сожгли и камень выкинули …" . Дуб Пляшывы ўзгадваецца ў пазнейшым межавым акце паміж землямі зблянскімі князя Мікалая Радзівіла і землямі голдаўскімі пана Трызны, акт напісаны ў Беліцы 3 снежня 1586 г.: "Идучы дорогой, которая идет мимо дуб Плешывы з Белицы" . У межавым акце паміж землямі Гераніма Хадкевіча, яго маёнтка Лебяда і маёнткам Радзівонішкі Яна Камаеўскага, напісаным у Лебядзе 15 сакавіка 1554 г. адзначана: "осмый копец недалёка от того копца в Лесанце под дубом Розсохатым ..." .
З прыведзеных тэкстаў бачна тая акалічнасць, што амаль што кожны з дубоў выпалены з аднаго боку. Неяк так адбывалася, што дубовы пень служыў сталым месцам для раскладання агню. Ці выпадак, ці нейкая больш важкая нагода прычынілася да таго, што ў спісе жмудскіх і летувіскіх багоў які склаў Лелявель і пракаментаваў М. Акялевіч, знаходзіліся "Аспелене, бог дамашняга вугла, ці капца межавога ... Ужпеленіс, вогнішча, месца, дзе распальваюць агонь ў каміне ці печы" .
Да гэтай інфармацыі Акялевіч дадаў: "Аспелене, слова перакручаные, павінна быць "ужпелене" альбо "ужпеленіс" (даслоўна: месца з попелам), вогнішча. Бо агонь у летувісаў як першааснова жыцця быў часткай святла, таму і ужпелене, вогнішча, мела пэўную святасць. Бога з такім імем не было" (Polska, dzieje I rzeczy jej (1859), ІІ, 458.).
Як матэрыял, дуб заўжды ўжываўся для будоўлі мастоў, плацін, млыноў, цэхаў, караблёў і г.д., і, як будаўнічы матэрыял заўжды высока цаніўся. Літоўскія пушчы штогод выдавалі на сплаў за мяжу вялікую колькасць усялякіх драўляных матэрыялаў, і ў гэтым сплаве дуб займаў вельмі значанае месца. Дубовыя пні, якія праз тысячу год праляжалі ў рэчышчы Нёмана былі чорныя, як эбенавае дрэва, і цвёрдыя, як жалеза. Жыхары Дакудава, Руды, Багданава каля Беліцы і іншых наднёманскіх вёсак, з даўніх часоў вырабляюць розныя драўляныя рэчы: падойнікі, збойнікі масла, вёдры, кадушкі для квашання капусты і буракоў і іншыя рэчы. Усё гэта вырабляецца з дубовых клёпак - чорных і белых.
Мясцовы люд устрымліваецца ад насаджэння дуба каля сваіх дамоў, бо ведае, што дуб - небяспечнае дрэва, у якое найчасцей б'е маланка. У засценку Паддуб'е, 8 км на поўдзень ад Ліды, на працягу апошніх пяцідзесяці гадоў пад адным і тым жа дубам было забіта маланкай тры чалавекі.
У старажытнасці дуб быў прысвечаны Юпіцеру.
Бярозавы сок13
У суботу будзе адчынена Cafe Cluba - тут будуць віны вермут, lais-prite, стравы з грыля і specialites de la maison - закускі a la Weber.
(З аб'явы ў "Варшаўскім Ганцы")
Прызнайцеся, панове, знаўцы смакаў і кшталтаў розных напояў, ці пілі калі бярозавы сок?
Увесну, калі ад прагрэтай сонечнымі промнямі зямлі ідуць ва ўсе часткі раслін жывячыя сокі, з нашай каханай, белай бярозы, з кожнай ранкі яе зломанай галінкі, пачынаюць крапаць на зямлю чыстыя, як слёзы, кроплі соку. Таму людзі кажуць, што бяроза плача, і таму садзяць гэтае чыстае, мілае і вясёлае, як маладая дзяўчына, дрэва на магілах каханых асоб, каб дрэва там плакала ў найпрыгажэйшую пару года - увесну.
Нашы мясцовыя людзі трактуюць гэты паэтычны цуд празаічна і больш практычна. Бярозавы сок, які ў некаторых ваколіцах называецца асколай , ёсць нешта саладкавае і годнае для браджэння. Здабываюць яго нібы каштоўную гуму: пад бярозай выграбаецца невялікі дол, агаляецца корань дрэва, надсякаецца сякерай да паловы таўшчыні і пад гэтую насечку падстаўляецца гарлачык, збанок ці нешта іншае. Часта такую насечку робяць на тоўстай галінцы, да якой далазяць на драбіне ці свідруюць дзюру ў пні дрэва і ўбіваюць у дзірку абструганы драўляны жалабок. З раны на корані, галінцы ці з жалабка сочыцца сок дрэва і падае дужымі, празрыстымі кроплямі ў падстаўленае начынне. Так можа накрапаць некалькі літраў соку. Некалі ў тоўстым бярозавым корані, які выступае над зямлёй альбо нават у нахіленым пні выдзёўбвалі шырокім долатам паглыбленне ў некалькі дзясяткаў сантыметраў шырынёй і некалькі сантыметраў глыбінёй і потым гэта паглыбленне чысты сок запаўняў да берагоў. Вясковыя дзеці звыкла палююць на гасцінцы, абсаджаным бярозамі, ці ў лесе-беразняку і выпіваюць з розных начынняў сабраны сок, а з паглыбленняў сок смокчуць праз саломінку. Кожны прагнучы прыхадзень можа не пытаць ніякага дазволу і выпіць сок з лепшага зборніка.
Ва ўспамінах маршала Рыдз-Сміглага, які быў камандзірам 2-й дывізіі легіёнаў пад час Віленскай выправы 1919 г., калі польская армія ішла старым трактам з Ліды на Вільню, здарыўся такі выпадак: "Доўгая калона маршыравала сярод бяроз, да якіх для збору соку былі прымацаваны малыя збаночкі. Крапаў у іх бярозавы сок, сок вясны. Нейкі жаўнер з калоны, схапіў збаночак, напоўнены чысцюткай вадкасцю і падаў яго мне. Не пакараў пехацінца за парушэнне дысцыпліны на маршы - малады рэкрут, вясковы маладзён, а не жаўнер - але падарунка не прыняў. У Вільні ён быў забіты".
Сабраны сок зліваюць у большае, драўлянае начынне, запраўляюць мёдам ці цукрам і ён пачынае брадзіць. Прынята таксама ўсыпаць у сок некалькі жменяў аўсу ці ячменю. Усыпанае зерне прарастае, з'яўляюцца парасткі і карэньчыкі і яно пры канцы так збіваецца ў адну масу, што ўтварае сабой шчыльную накрыўку. Калі пад гэтай накрыўкай бярозавы сок перабродзіць і стане бярозавым квасам, тады ў накрыўцы нажом выразаюць круглую дзірку, праз якую і чэрпаюць квас. Квас п'юць замест вады, і асабліва яго любяць цяжарныя жанчыны. З бярозавым квасам увесну гатуюць супы з маладой крапівы ці лебяды, якая дзіка расце каля платоў ці на сухіх лугах. Часам такі квас удаецца захаваць да касьбы сена ці нават да жніва. Тады гаспадар прывозіць яго ў малым бачку на луг ці поле і тут частуе шыпучым і смачным напоем касцоў ці жней.
Увесну, селянін мае шмат бярозавага соку, а хлеба ўжо не мае, увосень мае хлеб, але ўжо не мае соку, і таму ў нас шырока распаўсюджана прымаўка: "Ёсць хлеб - няма соку, ёсць сок - няма хлеба" . Прымаўка гэта смутна характарызуе нашу тутэйшую вясковую бядоту і галізну: селянін ніколі не пакаштуе хлеба з сокам.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.
1 Szymielewicz Michal. Nasze drzewa. Sosna // Ziemia Lidzka № 1-1938. S.7-8.
2 Маецца на увазе Першая сусветная вайна.
3 Верагодна, бор каля вёскі Шаўдзюны.
4 Эвеліна Сегень (1867-1942), родная сястра Яна Сегеня, аўтара мемуараў "Успаміны пра Ліду канца ХІХ стагоддзя", сябра і суседа Міхала Шымялевіча, дзеда майго сябра Януша Сегеня (Варшава). Да 1915 г. была таемнай настаўніцай польскай мовы.
5 Гэтага будынку каля замка зараз няма, да 1915 г. у ім месцілася павятовая вучэльня, у якой у свой час вучыўся аўтар артыкула.
6 Szymielewicz Michal. Nasze drzewa. Dаb // Ziemia Lidzka № 4-5-1939. S.133-138.
7 "Рыбалоў жа мае памеры ястраба, галаву мае лысую і толькі шчаціннем рыжага колеру зарослую, а хвост белы. Па вялікіх лясах у Літве над вадой жыве паўсюдна, умее па-майстэрску лавіць самую вялікую рыбу" - Ladowski S.P. Historya naturalna, ІІ, 1804 r, 190. - да старажытный песні - старажытны каментар ...
8 M. Stryjkowski. Kronika (1766 r.). 355.
9 Маецца на ўвазе Радзівіл, у сэнсе "радзіў-Вільню".
10 Мястэчка каля Вільні.
11 Рака ў Лідскім павеце.
12 Першая сусветная вайна.
13 Szymielewicz Michal. Sok brzozowy // Ziemia Lidzka №4-5-1939. S.144-145.
Бацьку беларускай нацыі
ІІІ Лідскія чытанні да 175-х угодкаў з дня нараджэння Францішка Багушэвіча
15 красавіка ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшлі ІІІ Лідскія чытанні, прысвечаныя 175-годдзю з дня нараджэння бацькі беларускай нацыі Францішка Багушэвіча.
У чытаннях прынялі ўдзел прадстаўнікі Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"; навуковыя супрацоўнікі ДУ "Лідскі гістарычна-мастацкі музей"; бібліятэкары ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы"; школьныя краязнаўцы Лідскага раёна; настаўнікі гісторыі школ г. Ліды.
Пасля прывітальнага слова загадчыка аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" Ненартовіч С.К. выступіў педагог дадатковага навучання А.У. Блахіна, які ў гонар першай кніжкі Францішка Багушэвіча "Дудка беларуская" зайграў на трох тыпах беларускіх дудак.
Першай з дакладам "Айчына, праўда і свабода як мастацкі ідэал паэзіі Францішка Багушэвіча" выступіла кандыдат філалагічных навук, БДУ, г. Менск, Багдановіч І.Э. Затым з дакладам "Немец" і "жыд" як кантэкстуальныя сінонімы ў творчасці Францішка Багушэвіча" выступіў кандыдат філалагічных навук, БДУ, г. Менск, Запрудскі І.М. Наступнае паведамленне на тэму: "Багушэвіч у Доцішках" зрабіла Юрго В.М., метадыст ДУК "Воранаўская раённая бібліятэка". Спавешчанне на тэму: "Папулярнасць творчасці Францішка Багушэвіча ў Лідзе" зрабіў краязнавец з г. Ліды Леанід Лаўрэш. Наступны даклад "Вывучэнне творчасці Францішка Багушэвіча ў школьнай праграме" прачытала настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 г. Ліда Велькашынская Г.А. Даклад "Францішак Багушэвіч у паўстанні 1863 года: легенды, здагадкі і факты" зачытаў рэдак-тар часопіса "Лідскі летапісец", г. Ліда, Суднік С.В. "Лідскія матывы ў творчасці Францішка Багушэвіча" раскрыў навуковы супрацоўнік літаратурнага аддзела ДУ "Гістарычна-мастацкі музей"Алесь Хітрун. Напрыканцы з мультымедыйнай прэзентацыяй "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай…" выступіла галоўны бібліёграф ДУК "Лідская раённая бібліятэкі імя Янкі Купалы Курбыка Г.Р. Завяршыў чытанні бард Сяржук Чарняк песнямі на словы Францішка Багушэвіча і іншых беларускіх паэтаў.
Падчас чытанняў на экране змянялі адзін другі кадры з відамі Кушлянаў і экспазіцыі тамашняга музея Францішка Багушэвіча. Дыск перадаў у Лідскую бібліятэку дырэктар кушлянскага музея Алесь Жамойцін. Другі відэашэраг быў створаны ў Лідзе па выніках паездкі Станіслава Судніка і Алеся Хітруна па Багушэвічавых мясцінах у Кушлянах і Жупранах. Не карэктна было праводзіць чытанні і не пабыць у Кушлянах і Жупранах, не паглядзець, як ушаноўваецца памяць чалавека, які абвясціў усяму свету Беларусь.
Падчас чытанняў прагучала заўвага, што Багушэвіч у нас не даўшанаваны. Так, да 175 угодкаў па ўшанаванні Ф. Багушэвіча зроблена не шмат. "Белпошта" выдала мастацкую марку, 21 сакавіка правяла спецгашэнне маркі і канверта першага дня. Было некалькі мерапрыемстваў па Беларусі (у тым ліку ў Гародні). "Беларускі кнігазбор" выпусціў грунтоўны том выбраных твораў. Падтрымліваюцца ў прыстойным стане помнікі ў Смаргоні і Жупранах.
Аднак трэба згадаць яшчэ адзін вельмі важны момант, а менавіта - у касцёле ў Жупранах на пачэсным месцы вісіць партрэт Ф. Багушэвіча. На тэрыторыі Беларусі ў касцёле вісіць яшчэ толькі адзін партрэт пісьменніка - партрэт Уладзіслава Сыракомлі ў Нясвіжы. Таму можна смела гаварыць, што як бы там ні было, а Францішак Багушэвіч у Беларусі не занядбаны, сведчаннем чаму і праведзеныя ў Лідзе на высокім узроўні чытанні.
З кожнымі чытаннямі калектыў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкі арганізоўвае іх усё лепш і лепш, а сёлета асаблівую падзяку хочацца выказаць навукоўцам з БДУ Ірыне Багдановіч і Ігару Запрудскаму, якія прыехалі ў Ліду за ўласны кошт, у той час як Гарадзенскі ўніверсітэт ад удзелу ў чытаннях ухіліўся.
Яраслаў Грынкевіч.
Заўважаю... час адчуць сябе паэтам
Пра новую кнігу "Карані і карэньчыкі" паэта А. Корнева
У Баранавічах і ў шмат якіх іншых мясцінах з'явілася дваццаць другая па ліку паэтычная кніга найвядомага беларускага творцы, лаўрэата дзвюх літаратурных прэмій - Мядовай і імя Ўладзіміра Калесніка - Алеся-Аляксандра Касьянавіча Корнева. Будучы сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, чалец літаратурнага аб'яднання "Ліра" пры Баранавіцкім ГДК, мастак-аматар, у якога адбыліся тры выставы, нарадзіўся 30.ХІ.1935 г. у прыгарадзе Лупалава г. Магілёва, першыя дзіцячыя гады прайшлі ў вайну на Клеччыне і Чаўсаўшчыне, а далей у Новамышскім раёне ў в. Малахоўцы, дзе атрымаў у школе атэстат сталасці і накіраваўся ў Менск, у якім скончыў у 1960 г. дзяржмедінстытут. Год прапрацаваў у Мазыры і прыехаў у Баранавічы, каб даглядаць хворую маці і працаваць па спецыяльнасці. Што цікава, у дзяцінстве, юнацтве і на працы Алесь жыў у суладзі з паэзіяй, але як ён піша, толькі "ўзяў з ёю шлюб у сталыя гады".
Падкрэслю, што я быў сведкам гэтай "жаніцьбы", якая адбылася ў яго ў 66 гадоў. Бо якраз у 2001 годзе выйшла ў свет першая ад гэтага саюзу кніжка "Услед за ластаўкай". А за ёй пакрочыла - пабегла яшчэ 21-но выданне. Таму, мабыць, на Ганцавіцкім раённым свяце паэзіі ў в. Малькавічы ў гонар 75-годдзя паэта, дарэчы, сябра Алеся Корнева, Івана Лагвіновіча з вуснаў аднаго выступоўцы паважліва прагучала, што на сёння на Берасцейшчыне сярод літаратараў няма каго параўнаць з Аляксандрам Касьянавічам па плоднасці яго здабыткаў, па шырыні і глыбіні яго паэтычнага майстэрства.
Другі раз я ўжо гэтыя словы пачуў на прэзентацыі кнігі "Калі не побач я..." ярка адоранай паэтэсы Галіны Ліс з гутаркі знанага паэта і выдаўца Міколы Трафімчука.
22-гі паэтычны зборнік Алеся Корнева мае назву "Карані і карэньчыкі", пабачыў свет у гэтым годзе ў слаўным Берасці ў выдавецтве "Альтэрнатыва", тыраж 110 экз., рэдактар А. Шумаева. Мастацкае аздабленне, афармленне выдання ўнука паэта Арсеня Корнева. Аб чым паэтычны зборнік? Чытаем у анатацыі: "У чарговай кніжцы Алеся Корнева змешчаны паэмы "Карані і карэньчыкі", "Першая Сусветная вайна ў маім радзімым краі" і лірычныя вершы на тэму сяброўства, кахання, духоўнага выхавання, любові да Радзімы, а таксама філасафічныя разважанні".
Першая частка выдання "Карані і карэньчыкі - жыццяпіс - паэма", пачынаецца вельмі адметна з малюнка паэта, дзе напалову сам Алесь Корнеў, а ніжэй ад паясніцы - карані і карэньчыкі, якія так моцна ад яго ўраслі ў беларускую зямлю, што адарваць творцу ад яе аніяк немагчыма, бо ён так сцэментаваны з роднай глебай, нарадзіўся на ёй вучыўся, працаваў, плодзіць яе паэтычнымі здабыткамі...
У вёсцы мы
зваліся ўсе Каранямі,
Хадзілі ў аборках,
а не ў пазументах.
Дый так называлі
сябе мы і самі,
А Корневымі былі
па дакументах.
У гэтай паэме ўклалася вершаваная аўтабіяграфія аўтара. Мне так здаецца, што ён пераняў традыцыю нашага класіка Якуба Колася. Алесь Касьянавіч піша:
Мінулае ўбілася ў памяць,
Але збераглося не спрэс,
А тое, што моцаю раніць,
Што боль прынясло
альбо стрэс.
Аб тым, што паліла душу,
Сягоння я з болем пішу.
Услед за жыццяпісам - паэмай ідуць "Імгненні жыцця ў невялічкіх адсотках, / На радасць мне, адлюстраваліся ў фотках!" , асабліва ў іх запамінаецца вясковы здымак будучага паэта ў сялянскіх ботах пасля заканчэння Малахоўскай сярэдняй школы ў 1954 г. Перад вачыма, як кадры ў кіно, ілюстрацыйна праходзяць дзяды, бацькі, родныя, блізкія, сям'я, свае дзеці, дзеці яго дзяцей...
Другая частка мае назоў "Жыццёвы крыгаход; у ёй - хвалюючы верш "У моры людскім растаюць, нібы крыгі, загнаныя мовы з Чырвонай кнігі" . Гэта яркі напамін нашай уладзе аб нашай роднай мове!
У трэцяй частцы зборніка паэзіі Алеся Корнева "Першая Сусветная вайна ў маім радзімым краі /гістарычная паэта/" , яна пачынаецца з празаічнай аўтарскай "Прадмовы": "Аналізуючы ўсе войны, можна заўважыць, што асноўнай прычынай іх узнікнення з'яўляецца бясконцая, неабмежаваная сквапнасць кіруючых колаў розных дзяржаў, імкненне знішчыць канкурэнтаў, захапіць і прысвоіць іх багацце, прастору і нетры іх краін" . Немагчыма з гэтым не пагадзіцца. Якія беларускія мясціны і асобы тут прадстаюць перад намі? - Каўпеніца, Баранавічы на пачатку вайны ў іх была Стаўка Расійскай Імперыі, цар Мікалай Другі, вялікі князь Мікалай Мікалаевіч, Янушкевіч, Палонка, Слонім, Пружаны, Берасце, Гародня:
А ворага лашчыць
удача - разумніца,
У тактыцы зараз -
казырная карта!
Таму на ўсход ён
паспяхова так сунецца,
Вайсковыя клешчы
прасоўвае ўпарта.
Аўгустоўскі лес.
Корпус 20-ы акружаны,
Без патронаў, зняможаны,
сонны, галодны...
Прабіваўся штыкамі
пранізлівай сцюжаю
І загінуў увесь на шляху
да Гародні.
Магілёў, Аляксееў, Свянцяны, Нарач, Свір, Княгінін, Смаргонь, Моўчадзь, Новая Мыш, Шчара, Піна, Вільня, Скробава, Дарава, Колас, Цётка, Гарун...
Алесь Касьянавіч пра тую вайну сведчыць:
Пранёсся абсурд
над знявечаным краем...
Мінулае ў памяці перабіраем:
То ў чымсьці жывыя,
то мёртвыя вінны...
Даўно ўжо разбіта
варожая зграя -
Адмерла...
Адно толькі не памірае
Любоў да маёй
запаветнай краіны.
Чацвёртая частка - гэта "Толькі духоўнае звеку ахоўнае" , а пятая - "Праз прызму лірызму ", з якой карціць прывесці напрыканцы два апошнія радкі з верша "Пасля дажджу".
Заўважаю,
што чамусь ахвота
Ў гэты час
адчуць сябе паэтам.
Міхась Угрынскі.
Пра ліхалецце і стварэнне
У выдавецтве "Кнігазбор" выйшла кніга прозы Мікалая Мікалаевіча Гарбачова "Ліхалецце і стварэнне". Аўтар нарадзіўся 10 жніўня 1955 года ў горадзе Лепелі Віцебскай вобласці. Дзяцінства і школьныя гады правёў у вёсцы Аношкі Лепельскага раёна. У 1977 годзе закончыў гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Працаваў настаўнікам сярэдняй школы, інструктарам райвыканкама, кансультантам кабінета палітасветы райкама КПБ. З 1986 года працуе журналістам на Лепельшчыне: карэспандэнтам - арганізатарам раённага радыё, загадчыкам аддзела радыё інфармацыі раённай газеты, галоўным рэдактарам рэдакцыі раённага тэлерадыёвяшчання, карэспандэнтам газеты "Лепельскі край". У 2003 - 2006 гадах выдаваў рэгіянальную газету - штотыднёвік, якая распаўсюджвалася ў Лепельскім, Докшыцкім, Бешанковіцкім, Чашніцкім і Ўшацкім раёнах...
Празаічныя творы і вершы аўтара друкаваліся ў калектыўным зборніку літаратараў Лепельшчыны "Наступіць дзень" 1992 г., раённай газеце "Лепельскі край".
Пры афармленні вокладкі кнігі была выкарыстана карціна мастака Ігара Будрэвіча - разьба па дрэве, якая з'яўляецца творчым увасабленнем герба горада Лепеля. Наклад літаратурна-мастацкага выдання - 100 асобнікаў. Аўтар з цікавасцю расказвае пра сяброўства з Уладзімірам Арловым, а таксама пра адкрыццё ў вёсцы Камень музея - бібліятэкі імя Тодара Кляшторнага... У кнізе змешчаны краязнаўчыя нататкі аб гісторыі, і прыродных асаблівасцях роднага краю... Вялікая ўвага надаецца адлюстраванню падзей Вялікай Айчыннай вайны, пошуку шляхоў вырашэння праблем сучаснага жыцця, знаходжання кожным чалавекам свайго месца ў ходзе змагання за свабоду і незалежнасць Беларусі...
Кніга знойдзе свайго чытача. Чытаючы яе, я узгадаў падобную кнігу В. Раманцова "Зведаная зямля" пра Светлагорск, якая выйшла ў 2011 годзе. Кніга каштуе 85 тысяч. Яе можна набыць у сталічных кніжных крамах.
Аляксей Шалахоўскі.
Адукацыйныя паслугі
Школа асобаснага росту "ШАР". Псіхолаг Людміла Дзіцэвіч. Трэнінг
" Захаванне граніц свайго "Я". ІІ частка. 24 красавіка а 19-ай гадзіне ў сядзібе ТБМ па адрасе вул. Румянцава, 13. У праграме трэнінгу:
1. Захаванне межаў свайго "Я": пераход ад здрады сабе да вернасці, ад адыходу да вяртання, ад ігнаравання да прыняцця сябе, ад прыніжэння да ўзвышэння сябе, ад несправядлівасці да аб'ектыўнай ацэнкі сябе.
2. Аналіз формаў сваіх залежнасцяў і сузалежнасцяў: табакакурэнне, алкагалізм, наркаманія, булімія, анарэксія, любоўная, сезонная, гульневая, інфармацыйная, працоўная, фінансаавая, шопінгавая, эмацыйная і іншыя віды залежнасцяў.
3. Выкарыстанне разнастайных тэхнік для адмаўлення ад залежнасцяў і сузалежнасцяў.
4. Выкананне гульняў і практыкаванняў для замацавання.
Для кантактаў:
сл. тэл. (+375 17) 327-60-88
х.тэл. (+375 17) 281-04-35
МТС (+375 29) 769-29-78
velcom (+375 29) 960-14-53
e-mail spadarl@yandex.ru
Заняткі ў Школе асобаснага росту "ШАР" праходзяць кожную 2-ю і 4-ю пятніцу месяца а 18-ай гадзіне (звяраць з абвесткамі) ў сядзібе ТБМ па адрасе вул. Румянцава, 13.