НАША СЛОВА № 14 (1223), 20 траўня 2015 г.
Міжнародны дзень музеяў
18 траўня работнікі музеяў на ўсёй планеце адзначылі сваё прафесійнае свята. Упершыню гэты дзень пачалі святкаваць у 1977 годзе.
Менавіта ў гэтым годзе на пасяджэнні Міжнароднай рады музеяў прынялі рашэнне аб устанаўленні Міжнароднага дня музеяў. Ужо на наступны год яго адзначылі больш за 150 краін свету. Музеі - гэта наша гісторыя, гэта тыя месцы, дзе захоўваюцца самыя каштоўныя рэчы, якія калі-небудзь вынайшаў і стварыў чалавек. Таму музеі павінны быць бліжэй да грамадства і поўнасцю для яго адкрытымі. Беларускія музеі шырока адзначылі гэты дзень.
Наш кар.
НОЧ МУЗЕЯЎ
Большасць беларускіх музеяў у ноч з 16 на 17 траўня прыняла ўдзел у Міжнароднай акцыі "Ноч музеяў". Яркую дзею арганізаваў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы - свята "Вакол свету за адну ноч!". Арганізатары пазнаёмілі гледачоў з песеннай і танцавальнай культурай 15 краін, з якімі звязана імя народнага паэта Беларусі Янкі Купалы: Расія, Украіна, Літва, Славакія, Чэхія, Грузія, Арменія, Кітай, ЗША, Ізраіль, Бразілія, Індыя, Татарстан, Польшча і, вядома, Беларусь.
"Святло ў акне" - тэма ночы ў музеі Якуба Коласа
На першым паверсе гасцей чакаў тэатр-фрай: чытанне літаратурнай кампазіцыi паводле паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка» пад акампанемент скрыпкі. Пасля выступiў ўзорны духавы аркестр «Фанфары Нямігі», пабавілі майстэрствам студыя дзіцячай харэграфіi, Менскі фестываль вулічных тэатраў ды iншыя.
Атмасферу рэзідэнцыі Радзівілаў XVI, XVIII і XIX стагоддзяў адначасова можна было адчуць у Нясвіжы. Ва ўнутраным дворыку замка можна было паўдзельнічаць у прыдворных забавах...
І так па ўсёй краіне.
Наш кар.
75 гадоў з дня нараджэння Міколы Вяршыніна
Мікалай Пятровіч ВЯРШЫНІН нарадзіўся 20 траўня 1940 г. у Чэрвені.
У дзяцінстве з бацькамі пераехаў на радзіму маці ў Рудзенскі раён (цяпер Пухавіцкі раён). У пачатку Вялікай Айчыннай вайны бацькі Вяршыніна загінулі пад бамбёжкай, выхоўваўся спачатку ў цёткі, пасля ў дзіцячым доме. У 14 гадоў падаўся ў Менск на вучобу, потым служыў у пагранічных войсках. Скончыў Менскі аўтамеханічны тэхнікум (1958), гістарычны факультэт БДУ (1970). Працаваў інжынерам Менскага падшыпнікавага завода, старшым інжынерам Менскага трактарнага завода, вядучым інжынерам навуковавытворчага аб'яднання "Прагрэс". Кіраваў літаратурнымі адзеламі рэдакцый завадской, абласной і рэспубліканскай газет.
Літаратурную дзейнасць пачаў падчас службы ў арміі, тады адбыўся і дэбют у друку. Пісаў байкі, фельетоны, гумарэскі, мініяцюры, каламбуры, эпіграмы. Аўтар зборнікаў сатырычнай паэзіі "Без віны вінаватыя" (1972), "Не сышліся характарамі" (1977), "Дагуляўся" (1981), "Нашто мне жаніціся" (1982), "У чужым воку" (1991), "Свой чалавек" (1993), "Сваё месца" (1994) і інш. Творы М. Вяршыніна ўвайшлі ў больш чым 20 калектыўных зборнікаў сатырычнай паэзіі і прозы. Пастаянна друкаваўся ў газетах і часопісах, у тым ліку і ў "Нашым слове", часта выступаў на радыё і тэлебачанні.
Памёр у траўні 2010 г.
Вікіпедыя.
Заява Сакратарыяту ТБМ з нагоды 20-годдзя першага рэферэндуму ў Беларусі
14 траўня (мая) - 20 год першаму беларускаму рэферэндуму.
Адным з пытанняў было пытанне аб наданні рускай мове роўнага статусу з беларускай.
Згодна з афіцыйнымі дадзенымі ў рэферэндуме прынялі ўдзел 64,8% жыхароў Беларусі, з іх за роўнасць дзвюх дзяржаўных моў прагаласавала 4017273 чалавекі, альбо 51,81%. Дваццаць гадоў - дастатковы час для таго, каб увасобіць волю народа на практыцы і ў штодзённым жыцці. Але дзе абяцаная роўнасць моў? Мусім канстатаваць, што была штучна зменшана інфармацыйная прастора на дзяржаўнай беларускай мове ў сферы тэле- і радыёвяшчання, у дзяржаўных друкаваных сродках масавай інфармацыі, у сістэме адукацыі, у беларускім войску, сістэме МУС і дзяржаўным апараце. Такая недальнабачная палітыка ставіць пад пагрозу само існаванне беларускай дзяржавы. Настаў час зрабіць высновы і вярнуць дзяржаўную беларускую мову ва ўсе сферы грамадскага жыцця.
Кожнаму беларускаму патрыёту варта памятаць: будзе свабодна развівацца беларуская мова ў незалежнай Беларусі - будзе жыць беларускі народ!
13.05.2015 г.
Паседжанне рады Ўсебеларускага кангрэсу за незалежнасць
16 траўня (мая) у Менску абылося чарговае пасяджэнне рады Ўсебеларускага кангрэсу за незалежнасць.
У ім узялі ўдзел А. Трусаў, М. Пастухоў, М. Грыб, Л. Дзейка, Р. Кастусёў, У. Колас, А. Мех, С. Суднік, С. Багданкевіч, М. Курыльчык. А. Анісім.
Падчас паседжання разглядаліся працоўныя пытанні, датычныя правядзення сесіі кангрэсу па палітычным становішчы.
У парадак дня сесіі было прапанавана ўключыць наступныя пытанні: палітычная сітуацыя ў свеце, палітычная сітуацыя ўнутры Беларусі. Прысутныя таксама выказалі меркаванне аб неабходнасці прыняцця выніковых дакументаў сесіі. Папярэдне было прынята рашэнне аб распрацоўцы заяў, датычных палітычнага становішча ў Беларусі і аб зменах у выбарчай сістэме Беларусі.
Сесія кангрэсу запланавана на 7 чэрвеня 2015 г. Пачатак рэгістрацыі аб 11.00.
Сесія пройдзе ў Менску, у сядзібе Партыі БНФ.
Наступнае паседжанне рады прызначана на 23 траўня.
Працуе сайт Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць. Зайсці на яго можна па спасылцы: manifest.tbm-mova.by.
Наш кар.
Навіны моўнай разнастайнасці
Эканамічны рост звязаны са зніжэннем моўнай разнастайнасці
Па пэўных падліках, кожныя чатырнаццаць дзён знікае адна з моў свету. Нядаўна Кэмбрыджскія навукоўцы правялі комплекснае даследаванне фактараў, якія звязаныя з іх знікненнем. Выявілася, што самая вялікая небяспека пагражае мовам у найбольш эканамічна развітых рэгіёнах, а таксама ў тых, якія найбольш актыўна развіваюцца. Аказалася, што валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва прама прапарцыйны страце моўнай разнастайнасці.
Часта здараецца, што ў рэгіёнах, якія перажываюць эканамічны бум, адна мова пачынае дамінаваць у эканамічным і палітычным жыцці. Каб не застацца "за бортам" насельніцтва вымушана кідаць родныя мовы і пераходзіць на дамінантную.
Даследаванне выявіла і шэраг фактараў, што супрацьдзейнічаюць страце моўнай разнастайнасці. Яна больш павольна ідзе ў тропіках і горных раёнах, у параўнанні з рэгіёнамі з памяркоўным кліматам. Гэта, верагодна, абумоўлена цяжкасцямі перамяшчэнняў і распаўсюду глабалізацыі.
Афіцыйныя дакументы на мове з усяго 750 носьбітамі
У Перу афіцыйныя акты грамадзянскага стану нядаўна сталі даступныя на карэннай мове, на якой размаўляюць усяго 750 чалавек. Мова жакару распаўсюджана ў высакагорным раёне недалёка ад сталіцы краіны, Лімы. Гэтай мове пагражае знікненне, і свой крок улады тлумачаць неабходнасцю выратаваць яе. Дзвюхмоўнымі (на жакару і на іспанскай) сталі пасведчанні аб нараджэнні, шлюбе і г.д., а так-сама бланкі заяў, неабходныя для іх атрымання.
У ЗША плануюць адкрыць школу з навучаннем на мове, на якой не размаўлялі з 19 стагоддзя
У жніўні 2015 года ў штаце Масачусэтс палануецца адкрыццё пачатковай школы з выкладаннем большасці прадметаў на мове карэнных жыхароў краю - вампаноаг .
Мова вампаноаг (так-сама вядомая і пад іншымі назвамі, напрыклад, масачусэт ) належыць да алганкінскай моўнай сям'і. Калісьці яна была распаўсюджана на паўднёвым усходзе цяперашняга штата Масачусэтс. Вампаноаг, верагодна, была першай мовай карэнных амерыканцаў, на якой была цалкам надрукавана Біблія. Гэта зрабіў святар і місіянер Джон Эліёт у 1663 годзе. Гэта, відаць, была першая поўная Біблія, надрукаваная ў заходнім паўшар'і ўвогуле.
У канцы 17 стагоддзя даволі вялікі адсотак індзейцаў-хрысціян мог чытаць і пісаць на гэтай мове. Але асіміляцыя, войны, хваробы, рабства і законы супраць ужывання мовы зрабілі сваю справу, і на ёй перасталі размаўляць прыкладна ў сярэдзіне - канцы 19 стагоддзя, хаця ў пачатку 20 стагоддзя некалькі чалавек яшчэ помнілі мову.
Вампаноаг пакінула свой адбітак у англійскай мове, праз якую пэўныя словы з яе прыйшлі і да нас. Гэта, напрыклад, словы сквош, макасін (пакрывае ўсю нагу), скунс (ад суконк - выдзяляе вадкасць з цела). На мове захавалася багата юрыдычных і асабістых дакументаў, якія дапамаглі яе адрадзіць.
Адраджэнне вампаноаг пачалося з містычнага здарэння. У 1993 годзе Джэсі Літл Доў Бэйрд (Ферміно) (Jessie Little Doe Baird), маці чатырох дзяцей і сацыяльны работнік, пачала бачыць паўторныя сны. У снах людзі, падобныя да прадстаўнікоў яе племені Машпі (аднаго з плямёнаў народа Вампаноаг, якое жыве на паўвостраве Кэйп-Код), размаўлялі з ёй на мове, якой яна тады не разумела. Здагадваючыся, што гэта мова яе продкаў, Джэсі распачала ўласнае лінгвістычнае даследаванне тэкстаў на ёй і захапілася ідэяй адрадзіць мову. Гэтай ідэяй яна зацікавіла і прадстаўнікоў свайго народа. Граматыка, слоўнік і фанетыка мовы быў узноўлены на падставе аналізу дакументаў і параўнання з іншымі алганкінскімі мовамі, якія захаваліся да нашага часу. У 2000 годзе Джэсі атрымала навуковую ступень па лінгвістыцы ў знакамітым Масачусэтскім тэхналагічным інстытуце.
Сёння ў Масачусэтсе жыве больш за дзве тысячы індзейцаў народа Вампаноаг, і прыкладна чвэрць з іх наведвала ці наведвае моўныя курсы. Існуюць пазашкольныя моўныя курсы для моладзі, рознаўзроўневыя курсы для дарослых, летнік з пагружэннем у мову. Курсы праходзяць у некалькіх гарадах, у тым ліку ў Бостане, сталіцы штата. Выпушчана багата адукацыйных матэрыялаў, падрыхтаваны 15 настаўнікаў і два лінгвісты-даследчыкі мовы. Працягваецца праца над вампаноаг-англійскім слоўнікам, які ўжо налічвае больш за 11 тысяч слоў. Дачка Джэсі Бэйрд, Мэй Эліс, стала першым чалавекам за шмат пакаленняў, для каго вампаноаг стала першай мовай.
Праект па адраджэнні мовы рэалізуецца сумесна некалькімі плямёнамі народа Вампаноаг. Ён фінансуецца федэральным грантам для моваў карэнных амерыканцаў і супольнасцю Вампаноаг. Арганізатары праекту плануюць у канцы лета адкрыць пачатковую школу (1 - 3 класы), якая будзе працаваць па прынцыпе пагружэння ў мову. Мяркуецца, што па-англійску будуць праводзіцца два ўрокі з шасці ў дзень. У далейшых планах - адкрыць у гэтай школе як мінімум і сярэднія класы.
Дарэчы, зараз у ЗША працуе больш 50 школ ці класаў, дзе мовы карэнных амерыканцаў вывучаюцца шляхам пагружэння. Паведамляецца, што ў Каліфорніі адраджаецца мова чачаньё , на якой не размаўлялі з 30-х гадоў 20-га ст.
Дзяніс Тушынскі , па матэрыялах ці адпіхваючыся ад матэрыялаў бюлетэня "Огміёс" № 55.
ЛОБАН
Пра паходжанне прозвішча
Сёлета своеасаблівыя юбілеі знакамітых пісьменнікаў - нараджэнцаў Случчыны: Кузьме Чорнаму - 115 гадоў, Яну Скрыгану - 110, Міколу Лобану - 105. Успомнілася гэта, відаць, найперш таму, што мне давялося мець пэўнае дачыненне да слынных майстроў слова.
У 2014 - 2015 гг. я напісаў і апублікаваў некалькі артыкулаў пра мову твораў Кузьмы Чорнага. З Янам Скрыганом было кантактаванне ад канца 60-х, калі ён працаваў у БелСЭ.
У той далёкі час, у 1968 годзе, я быў прыняты на пасаду старшага навуковага супрацоўніка інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН Беларусі.
Працаваў і ў аддзеле лексікалогіі і лексікаграфіі, якім загадваў М. Лобан. Памятаю, іншы раз мой старэйшы калега А. Баханькоў у неафіцыйных абставінах жартоўна вымаўляў прозвішча загадчыка сектара з націскам на другім галосным: можа, і гэтая згадка падштурхнула пазнаёміцца з паходжаннем прозвішча пісьменніка і мовазнаўцы: Лобан .
Пачаў гартаць публікацыі П. Сцяцко ў газеце "Наша слова". І знайшоў, здавалася, што трэба - артыкул:
Лобан (Мікола Л.) - семантычны дэрыват ад апелятыва лабан прамысловая рыба сямейства кефалей; перанос націску з суфікса -ан- на каранёвую марфему ( лабан - лобан ) абумоўлены неабходнасцю адмежаваць прозвішча ад апелятыва (...) Можна бачыць тут і ўплыў графічнай формы расійскай мовы: "Лобан І. Прост. Лабач, -ча м.; 2. зоол. Лабан, - на м. (Русско-белорусский словарь, 1993, т. І, с. 730) ".
Але ці ёсць патрэба крыніцы гэтага прозвішча шукаць дзесьці далёка. Ля мора? Яго вытокі, карані няцяжка заўважаюцца на беларускім прасцягу. Нават на маёй вузкай жыццёвай пляцоўцы - падчас працы ў АН БССР, у БДПУ імя Максіма Танка - сустрэліся прозвішчы адной сямейкі: Лабовіч, Лобач, Лобань ... і з класічнага твора Лабановіч.
Доктар філалагічных навук, прафесар В. Шур лічыць: "У аснове прозвішча Лабановіч апелятывы лабасты, лобан , якія ўжываюцца для апісання чалавека не толькі з вялікім ілбом, а і разумнага, кемлівага (аналогія на падставе антрапаметрычных характарыстык і параметраў). У трылогіі Я. Колас выкарыстоўвае разнавіднасці гэтага прозвішча: Лабуня, Лабанок..." . / Анамастычная лексіка ў беларускай мастацкай літаратуры. 2002, с. 98/.
В. Шур таксама прыводзіць цытату з успамінаў Міколы Лобана: "Кажуць, калі дзед (пісьменніка. - В.Ш. ) першы раз пайшоў у школу, настаўнік запытаў яго: "Як прозвішча?" - "Лабановіч". - адказаў хлапчук. - "Як - Лабановіч? Мужык ды шляхецкае прозвішча носіш? Лабан тваё прозвішча", - запярэчыў настаўнік і запісаў "Лабан Васілій".
Гэтых звестак, напэўна, дастаткова, каб зрабіць вывад пра паходжанне разгляданага прозвішча.
Алесь Каўрус.
ЗГАДАЙМА
У "Нашым слове", гадоў 15-20 таму, быў надрукаваны чытачоўскі ліст, у якім пісалася, што ў нейкай беларускай гаворцы (гаворках) жаночыя прозвішчы на -ін не скланяюцца.
Шкада, у маіх паперах не захаваліся звесткі пра гэтую публікацыю. Спадзяюся, што аўтар той нататкі ці нехта з чытачоў акажацца, адгукнецца.
Запомніўся ж допіс, відаць, таму, што і ў маёй роднай гаворцы (в. Брусы Мядзельскага раёна) прозвішча такой мадэлі, ужытае ў дачыненні да асобы жаночага полу, таксама не змяняла родавай формы, не набывала канчатка. У нас казалі і пісалі: Ходзін Марфе, у Рэні Ходзін, да Ходзін Лёдзі, з Ходзін Тамарай .
Праўда. Калі ў 60-я гг. у васьмігадовай школе з'явіўся новы настаўнік рускай мовы Васіль Іванавіч Голікаў (нараджэнец Расіі), дык гэтае прозвішча ў школьным ужытку пачалі скланяць: Ходзінай ... Тым часам я ўжо выехаў з вёскі на новае месца вучобы і працы - у горад.
Цікава было б даведацца "з месцаў" - ад вяскоўцаў (а можа і гараджан) - пра адзначаную асаблівасць беларускага прозвішчаўжывання. Кваліфікаваны адказ на ўзнятае пытанне мог бы даць (праз "Наша слова") Павел Уладзіміравіч Сцяцко. Ён ужо нібы і нарыхтаваны гэта зрабіць: у ягоных публікацыях, прысвечаных беларускім прозвішчам, сустрэўся падобны прыклад. Падаю яго ў аўтарскай рэдакцыі (афармленні), каб пазбегнуць недакладнасці.
Злобін (Лідзія З.) - форма прыметніка з фармантам - ін ад антрапоніма Злоба і семантыкай нашчадак названай асобы: Злобін . ФП (формула прозвішча. - А.К .): Злоба (тое, што і злосць, пачуццё варожасці, жаданне прычыніць зло) Злоба (мянушка, потым прозвішча) - Злобін (НС, 19.11.2014).
Мо ёсць падставы (і рацыя) да гэтага шэрагу нескланяльных жаночых прозвішчаў далучыць і іншыя, напрыклад: Жамойцін (Святлана), Літвін (Жана), Чыгрын (Маня)?
Мы толькі ставім пытанне...
Алесь Каўрус.
На Лідчыне жаночыя прозвішчы Логвін, Сонгін (Сангін), Ліцвін, Жамойцін традыцыйна не скланяюцца. Калі скланенне дзе ўзнікла, то гэта з ласкі савецкіх сакратароў сельсаветаў.
Станіслаў Суднік.
Беларусь далучылася да Балонскага працэсу
Беларусь далучылася да Балонскага працэсу і ўвайшла ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі (ЕПВА). Пра гэта было аб'яўлена 14 траўня ў Ерэване на Канферэнцыі міністраў адукацыі краін ЕПВА і форуме па Балонскай палітыцы. Падчас дыскусіі аб уваходжанні Беларусі некаторыя ўдзельнікі канферэнцыі выказалі занепакоенасць. Міністры адукацыі Нарвегіі, Швецыі, Нідэрландаў і Ісландыі заявілі пра неабходнасць выканання Беларуссю ўмоў дарожнай карты па далучэнні да Балонскага працэсу. Прадстаўнік Швецыі, у прыватнасці, падкрэсліла, што адчувае сваю адказнасць за пашырэнне студэнцкіх і акадэмічных свабод у Беларусі, таму, на яе думку, "вельмі важна, каб краіна кіравалася гэтай дарожнай картай". А міністр адукацыі Ісландыі заявіў: "Дарожная карта - гэта не прапанова, а патрабаванне, якое павінна быць выканана. Важна, каб усе яе ўмовы былі выкананы як мінімум. Мы павінны вельмі ўважліва сачыць за падзеямі ў Беларусі, ці выконваюцца там акадэмічныя свабоды, прынцыпы мабільнасці і ў цэлым правы чалавека".
Заяўку на далучэнне да Балонскага працэсу і далучэнне да ЕПВА Міністэрства адукацыі Беларусі накіравала ў 2014 годзе. У пачатку красавіка гэтага года стала вядома, што беларускае пытанне ўключана ў парадак дня, і кіраўнік Мінадукацыі Міхаіл Жураўкоў атрымаў запрашэнне на канферэнцыю ў Ерэван. Беларусь увайшла ў Балонскі працэс з другой спробы. Першую заяўку меркавалася разгледзець яшчэ ў красавіку 2012 года на саміце міністраў адукацыі ЕПВА. Аднак пры падрыхтоўцы саміту Балонская рабочая група вырашыла зняць заяўку Беларусі з парадку дня ў сувязі з невыкананнем краінай такіх прынцыпаў Балонскага працэсу, як акадэмічная свабода, інстытуцыянальная аўтаномія і студэнцкі ўдзел у кіраванні вышэйшай адукацыяй. Кіраўніцтва Мінадукацыі Беларусі, са свайго боку, неаднаразова заяўляла, што прэтэнзіі "ляжаць не ў сферы адукацыі, а ў іншай сферы", і што Беларусь даўно гатовая да ўваходжання ў Балонскі працэс. Пры гэтым міністр адукацыі не сумняваўся ў тым, што чарговая спроба далучэння будзе паспяховай.
- Мне здаецца, я нават упэўнены, што сёлета ў нас усё атрымаецца. І мы спакойна, без мітусні станем членамі Балонскага працэсу, - заявіў Міхаіл Жураўкоў незадоўга да паездкі ў сталіцу Арменіі. Каментуючы прынятае сёння ў Ерэване рашэнне, ён назваў далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу "важным і адказным крокам у развіцці нацыянальнай сістэмы адукацыі", які "адлюстроўвае высокі ўзровень беларускай сістэмы адукацыі і ставіць перад намі велізарныя задачы па яе развіцці і абнаўленні".
"Уключэнне нас у Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі адлюстроўвае прызнанне сусветнай грамадскасцю беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі і пацвярджае факт таго, што нацыянальная мадэль канкурэнтаздольная і зможа інтэгравацца ў сусветную адукацыйную прастору", - цытуе міністра прэсслужба Мінадукацыі Беларусі.
Жураўкоў падкрэсліў, што "стратэгія развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі заснавана на міжнароднай інтэграцыі, уцягванні ў працэс абнаўлення нацыянальнай сістэмы адукацыі максімальна шырокага кола зацікаўленых бакоў, уключаючы работадаўцаў, прадстаўнікоў студэнцкага самакіравання і міжнародных экспертаў". Балонскі працэс - працэс збліжэння і гарманізацыі сістэм вышэйшай адукацыі краін Еўропы з мэтай стварэння адзінай Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Афіцыйнай датай пачатку працэсу лічыцца 19 чэрвеня 1999 года, калі прадстаўнікі 29 краін дакументальна аформілі ў Балонні (Італія) сваё рашэнне ўдзельнічаць у добраахвотным працэсе стварэння ЕПВА. На сёння працэс уключае ў сябе 47 краін з 49 дзяржаў, якія ратыфікавалі Еўрапейскую культурную канвенцыю Савета Еўропы (1954). Балонскі працэс адкрыты для далучэння іншых краін.
belapan.by.
Беларуская мова ў беларускіх універсітэтах
Старшыні грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны" Трусаву А.А.
Аб інфармацыі
Паважаны Алег Анатольевіч!
У адказ на Ваш ліст ад 19 студзеня 2015 г. № 34 паведамляем, што ўстанова адукацыі "Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў" (далей - БДАМ) зацікаўлена ў свабодным развіцці і ўжыванні ўсіх нацыянальных моў, якімі карыстаецца насельніцтва нашай краіны. У той жа час, як установа адукацыі, што рыхтуе кадры ў галіне нацыянальнага мастацтва, БДАМ надае вялікую ўвагу развіццю менавіта беларускай мовы.
У блоку сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, які ідэнтычны для ўсіх спецыяльнасцей БДАМ, па-беларуску выкладаюцца 25 % дысцыплін.
Наша ўстанова адукацыі мае сваю спецыфіку ў сувязі з падрыхтоўкай спецыялістаў у галіне мастацтва. Гэта і невялікая колькасць студэнтаў у групах, і наборы на пэўныя спецыяльнасці не штогадова, а раз на некалькі год, і практыка запрашэння вузкіх спецыялістаў-практыкаў для выкладання адмысловых дысцыплін. Таму ў БДАМ склалася традыцыя прадастаўлення права выбару мовы, на якой выкладаецца дысцыпліна, выкладчыкам блоку агульнанавуковых і агульнапрафесійных дысцыплін і блоку спецыяльных дысцыплін. Як правіла, выкладчык узгадняе гэты выбар з канкрэтнай групай студэнтаў. Таму вызначыць дакладны працэнт дысцыплін, якія выкладаюцца па-беларуску ўсім спецыяльнасцям і напрамкам спецыяльнасцей немагчыма. Трэба адзначыць, што падрыхтоўка па некаторых спецыяльнасцях і напрамках спецыяльнасцей у БДАМ вядзецца пераважна па-беларуску, напрыклад, "Мастацтвазнаўства (выяўленчае мастацтва)", "Графіка", "Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (вырабы з тэкстылю)".
У БДАМ вядзецца праца па падрыхтоўцы ВМК адпаведна новым станадартам трэццяга пакалення. На дадзены момант 20% з падрыхтаваных да выдання ВМК выкананы на беларускай мове.
Справаводства ў БДАМ вядзецца пераважна па-беларуску (прыкладна 80%). Выключна на беларускай мове вядзецца дакументацыя Савета Акадэміі, Навукова метадычнага савета БДАМ.
У 2014 годзе рэдакцыйна-выдавецкім аддзелам БДАМ былі падрыхтаваны выданні на беларускай (20%), рускай (30%), англійскай мовах(10%), часопісы і зборнікі матэрыялаў канферэнцый на беларускай і рускай мовах (40%).
Неабходна адзначыць і тое, шго інфармацыя, якую Вы просіце прадставіць, не ў поўнай меры адлюстроўвае працу БДАМ па развіцці і папулярызацыі беларускай мовы. Напрыклад, у 2014 годзе з 229 дыпломных рабог БДАМ 78 (21%) абараняліся па-беларуску, у вучэбных работах студэнтаў кафедры графікі і кафедры графічнага дызайну перавага аддаецца ілюстраванню твораў менавіта беларускіх пісьменнікаў, студэнты і педагогі БДАМ на працягу года праводзілі шматлікія мерапрыемствы з мэтай прапаганды нацыянальнай культуры.
Рэктар М.Р. Баразна.
Старшыні Грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
Трусаву А.А. 220034, г. Мінск, вул. Румянцава, 13
Паважаны Алег Анатольевіч!
Галоўнай мэтай навучання ва ўстанове адукацыі "Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітет" з'яўляецца падрыхтоўка высокакваліфікаванага спецыяліста ў галіне аховы здароўя.
Навучанне ва ўніверсітэце ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пажаданнямі айчынных і замежных студэнтаў на трох мовах (рускай, беларускай, англійскай).
Прафесарска-выкладчыцкі склад кафедр універсітэта праводзіць рэгулярны маніторынг метадычнага забеспячэння вучэбнага працэсу і ў адпаведнасці з яго вынікамі ажыццяўляе падрыхтоўку вучэбна-метадычных комплексаў і вучэбных выданняў на рускай, беларускай і англійскай мовах.
З павагай, рэктар БДМУ А.В. Сікорскі.
Старшыні грамдскага
аб'яднання "Таварыства
беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
Трусаву А.А. 220034, г. Мінск, вул. Румянцава, 13
Паважаны Алег Анатольевіч!
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Камандна-інжынерны інстытут" Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь у межах рэалізацыі навучальнага працэсу на аснове адукацыйных праграм па падрыхтоўцы спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі надае ўвагу развіццю і функцыянаванню беларускай мовы як адной з дзяржаўных моў нашай краіны.
У адпаведнасці з адукацыйнымі стандартамі па цыклу сацыяльна-гуманітарных дысцыплін у сістэме вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь для вышэйшых навучальных устаноў негуманітарнага профілю ў інстытуце распрацаваны і выкладаецца курс "Беларуская мова (прафесійная лексіка)", асноўная мэта якога - авалоданне сацыяльна-асобаснымі кампетэнцыямі, у тым ліку моўнай кампетэнцыяй у сферы прафесійнай дзейнасці. У вучэбны працэс у якасці электроннага рэсурсу ўведзены арыгінальны матэрыял тэрміналагічнага руска-беларускага слоўніка па надзвычайных сітуацыях. Распрацаваны і функцыянуе электронны вучэбна-метадычны комплекс па дысцыпліне "Беларуская мова (прафесійная лексіка)", які размешчаны на афіцыйным сайце Камандна-інжынернага інстытута.
Рэгулярна праводзіцца навукова-метадычнае кіраўніцтва курсантамі ў мэтах падрыхтоўкі для выступленняў на міжнародных навукова-практычных канферэнцыях. Штогод курсанты прымаюць удзел у алімпіядзе па беларускай мове, змест якой складаецца з заданняў агульнамоўнага і прафесійна арыентаванага характару.
Сучасны стан функцыянавання беларускай мовы ў інстытуце сведчыць аб дастатковай інтэграцыі мовы у сферы падрыхтоўкі спецыялістаў вышэйшай адукацыі ў ВНУ негуманітарнага профілю.
Намеснік начальніка інстытута А.М. Камлюк.
Старшыні грамадскага
аб'яднання
"Таварыства
беларускай мовы
імя Ф. Скарыны" Трусаву А.
Рэктарат УА "Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія" на Ваш запыт № 53 ад 27.01.2015 г. паведамляе, што акадэмія мае магчымасць весці падрыхтоўку спецыялістаў па адкрытых у ВНУ спецыяльнасцях на беларускай мове пры ўмове напаўнення акадэмічных груп у межах спецыяльнасцей. Камплектаванне вучэбных груп для навучання на дзяржаўных мовах ажыццяўляецца па заяўным прынцыпе.
На сённяшні дзень у акадэміі на беларускай мове чытаецца на ўсіх патоках інтэграваны модуль "Гісторыя", а таксама дысцыпліна "Беларуская мова (прафесійная лексіка)". Метадычнае суправаджэнне вышэйадзначаных дысцыплін, у тым ліку вучэбна-метадычныя комплексы, выдадзены на беларускай мове.
Справаводства ў акадэміі вядзецца пераважна на рускай мове, за выключэннем адказаў на ўваходную карэспандэнцыю на беларускай мове.
Праца над стварэннем сайта акадэміі на беларускай мове праводзіцца ў цяперашні час і будзе скончана ў сакавіку бягучага года.
Рэктар акадэміі П.А. Саскевіч.
Лёс беларускай мовы пасля Люблінскай уніі
Пасля Крэўскай уніі, калі Ягайла стаў Польскім каралём і са сваім беларускім дваром пераехаў у Кракаў, старабеларуская мова значна паўплывала на польскую і дапамагла ёй пазбавіцца ад шматлікіх нямецкіх запазычанняў.
У сваю чаргу на Беларусь пашырыла свой уплыў каталіцкая царква, якая прынесла нам латынь, і мы маем шмат лацінізмаў, асабліва ў XVI - XVIII стст., калі існавала лацінамоўная сістэма адукацыі. У гэты час з'явілася так званая беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы, што прыкметна адрознівала мову беларускіх тэкстаў ад мовы рэлігійных помнікаў тагачаснай Маскоўскай дзяржавы.
Асноўнымі цэнтрамі беларускай юрыдычна-дзелавой пісьменнасці з'яўляліся дзяржаўныя, прыватнаўласніцкія і магістрацкія канцылярыі.
Найважнейшыя дзяржаўныя акты, прывілеі і іншыя дакументы зацвярджала вялікакняская канцылярыя ў Вільні, якая мела свой уласны архіў (Метрыку). Большасць актаў і грамат Вялікага Княства Літоўскага ў ХІV - ХVІ стст. былі напісаны кірыліцай, на старабеларускай мове.
У пачатку XVI ст. Ф. Скарына ўвёў родную беларускую мову ў Біблію і гэтым самым паказаў яе раўнапраўе з класічнымі кананічнымі мовамі - лацінскай, грэчаскай, старажытнаяўрэйскай.
З усіх жанраў беларускай літаратуры перыяду яе станаўлення найбольш дынамічна развіваліся летапісы.
Упершыню грунтоўны аналіз гэтых і іншых летапісаў зрабіў знакаміты беларускі гісторык Мікалай Улашчык.
Аднак пасля Люблінскай уніі, калі ВКЛ страціла Беласточчыну і Ўкраіну сітуацыя стала пагаршацца. У гэты час Польшча зрабіла польскую мову дзяржаўнай. Паступова і польскі касцёл перайшоў з латыні на польскую мову. Сярод беларускіх магнатаў і шляхты польская мова праз каталіцкі касцёл стала мовай зносінаў і ў прыватным жыцці. Вялікі ўдар нашай мове нанесены вайной з Масковіяй у 1654 - 1667 гадоў, калі быў знішчаны беларускі горад, а яго жыхары альбо загінулі, альбо былі вывезены ў Расію, як палонныя.
Пэўную ролю ў захаванні роднай мовы адыграла ўніяцкая царква, але і яна паступова паланізавалася. У 1697 годзе адзінай дзяржаўнай мовай у ВКЛ стала польская, а Рэч Паспалітую суседзі, асабліва Расія пачалі называць Польшчай. У XVIII ст. беларуская эліта называла сябе ліцвінамі, але гаварыла і пісала па-польску. Носьбітамі беларускай мовы заставаліся сяляне і мяшчане (асабліва праваслаўныя і ўніяты). Але горад наш пасля трагедыі XVII ст. перастаў быць беларускім, бо больш паловы гараджан складалі яўрэі, а культурная эліта паступова апалячылася.
Цікава, што пасля раздзелаў Рэчы Паспалітай у Расійскай імперыі на беларускіх землях праводзілася да 1830 - 1831 г. татальная паланізацыя, асабліва ў сістэме адукацыі, пачынаючы з Віленскага ўніверсітэта. Пасля задушэння паўстання паланізацыю спынілі і пачалі з'яўляцца першыя літаратурныя творы на беларускай мове, прычым напісаныя "лацінкай".
Новы этап у развіцці сучаснай беларускай мовы адыгралі дзве падзеі XІХ ст., 1861 год - год адмены прыгону і новае паўстанне 1863 - 1864 гг., якое прынесла на Беларусь татальную русіфікацыю. Былыя "ліцвіны", нашчадкі старабеларускай эліты ВКЛ падзяліліся на "красовых палякаў", беларусаў і літоўцаў.
Трэба сказаць, што частка беларускай шляхты, асабліва дробнай, акрамя польскай ведала і мову сваіх сялян - беларускую. Пра гэта сведчаць вынікі перапісу 1897 года. Напрыклад, нават у Віленскай губерні трэцяя частка ўсіх дваран, прызнала сваёй роднай мовай беларускую.
Вялікую ролю ў станаўленні беларускай нацыянальнай свядомасці адыграла першая Руская рэвалюцыя і Першая Сусветная вайна.
25 сакавіка 1918 года новая беларуская эліта, у асноўным беларускамоўная, у Менску абвясціла БНР. Беларуская мова стала дзяржаўнай спачатку ў БНР, а потым і ў БССР. Пасля падзелу Беларусі ў 1921 годзе паміж Расіяй і Польшчай склаліся дзве эліты, якія гаварылі па-беларуску. Заходнебеларуская - з цэнтрам ў Вільні, якая стварыла Таварыства беларускай школы, і савецкая - у БССР, што стварыла Інбелкульт і пачала беларусізацыю ў другой палове 20-х гадоў мінулага стагоддзя.
Аднак ужо ў 30-я гады ХХ стст. пачаліся сталінскія рэпрэсіі ў БССР і пераслед беларускіх патрыётаў у Польшчы.
Другая сусветная вайна спачатку правяла да прымусовага аб'яднання Беларусі ў верасні 1939 г., потым да страты Віленшчыны і Беласточчыны, да шматлікіх ахвяраў сярод беларускіх эліт і да халакосту, калі значна змяняўся нацыянальны склад насельніцтва ў беларускіх гарадах і мястэчках.
Пасля вайны адбылося масавае перасяленне спаланізаванага, каталіцкага насельніцтва Беларусі ў ПНР, а беларускія гарады, і асабліва сталіцу Менск, пачалі засяляць вяскоўцамі з розных рэгіёнаў Беларусі. На кіраўнічыя пасады прысылалі рускамоўных прадстаўнікоў з іншых рэспублік СССР, якія не мелі сваёй нацыянальнай адметнасці і лічылі сябе савецкімі людзьмі.
Значную частку вясковай беларускай моладзі вывезлі на пастаяннае жыццё ў Калінінградскую вобласць, Данбас, Карэлію, Казахстан, на шматлікія камсамольскія будоўлі. Беларусь ператварылася ў вялікую вайсковую базу з атамнай зброяй, сюды прыехалі тысячы вайскоўцаў з сем'ямі, якія варожа ставіліся да ўсяго беларускага.
У 1959 годзе пачалася новая хваля русіфікацыі, быў зменены закон аб адукацыі ў БССР, бацькі маглі вызваляць сваіх дзяцей, асабліва, калі яны аднекуль прыехалі ў Беларусь, ад вывучэння беларускай мовы і літаратуры. Усе беларускамоўныя школы да 1961 года ў вялікіх і малых беларускіх гарадах былі зачынены, а ў ВНУ ўжо з 30-х гадоў ХХ ст. усе прадметы выкладаліся толькі па-руску. Аднак ужо ў 70-х пачалі з'яўляцца прыкметы і асобы будучага нацыянальнага адраджэння, асабліва ў Менску. Гэта былі беларускія пісьменнікі, журналісты, філолагі, гісторыкі і краязнаўцы, а таксама мастакі.
Савецкая таталітарная сістэма нанесла ўдар па "беларускіх нацыяналістах" у 1973 годзе. Некаторых зволілі з працы, некаторым не дазвалялі працаваць па спецыяльнасці, але дзякуючы палітыцы кіраўніка Беларусі Пятра Машэрава нікога не зняволілі і справу, як кажуць, "паклалі пад сукно". У пачатку 80-х гадоў да старэйшага пакалення, сімвалам якога былі пісьменнікі Уладзімір Караткевіч, Ніл Гілевіч, гісторыкі і археолагі Мікола Улашчык, Міхась Чарняўскі, Міхась Ткачоў, мастакі Яўген Кулік і Мікола Купава, краязнавец Мікола Ермаловіч, мастацтвазнавец Зянон Пазняк далучалася студэнцкая моладзь. Узніклі моладзевыя аб'яднанні "Майстроўня", "Талака", "Паходня" і іншыя.
Новыя зрухі ў свядомасці беларускай эліты пачаліся ў часы "перабудовы" у СССР, калі аслабла цэнзура, і пачалося нацыянальнае адраджэнне ў прыбалтыйскіх рэспубліках.
У 1988 годзе ўзнік БНФ, а ў 1989 годзе - ТБМ. Лідары і большасць сяброў гэтых арганізацый не баяліся гаварыць і пісаць па-беларуску. Яны пачалі ствараць у гарадах беларускамоўныя класы і школы. У Менску ўзнік першы ў краіне беларускамоўны гуманітарны ліцэй.
У пачатку 1990 года быў прыняты "Закон аб мовах у БССР", і беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай. Пасля выбараў у Вярхоўны Савет БССР ХІІ склікання ў савецкім беларускім парламенце загучала беларуская мова, прычым не фармальна як раней, а нязмушана, як мова палітычнай і культурнай эліты, якая імкнулася да незалежнасці сваёй краіны.
Пасля атрымання незалежнасці беларуская мова паступова пашыраецца ва ўсіх сферах грамадскага і культурнага жыцця Рэспублікі Беларусь. У 1994 - 1995 гг. 70% усіх першакласнікаў у Беларусі ўжо вучыліся па-беларуску. Аднак у краіне знайшліся сілы, якія атрымалі вялікую падтрымку ў суседняй Расіі, якая ўжо тады праводзіла русіфікатарскую палітыку не толькі сярод шматлікіх народаў на сваёй тэрыторыі, але і ў суседніх краінах.
Так стварылася постсавецкая, рускамоўная, "кампрадорская" буржуазія з ліку былых камуністычных і камсамольскіх лідараў. Яны ў свой час пакінулі калгасную вёску, перасяліліся ў савецкія рускамоўныя гарады і вельмі хацелі стаць не толькі "тоже рускімі", але "рускімі са знакам якасці".
Як гэта нагадвала "красовых палякаў" на "крэсах Усходніх" у перыяд "санацыі"!
Захапіўшы ўладу ў 1994 годзе, яны правялі т.зв. рэферэндум у 1995 годзе, знішчылі дзяржаўную гістарычную сімволіку, падралі на шматкі бел-чырвона-белы сцяг. У 1998 годзе ўнеслі такія змены ў "Закон аб мовах", што можна было зусім не карыстацца дзяржаўнай беларускай мовай. За гэта з Расіі ім ішла танная нафта і газ, а таксама бясконцыя крэдыты.
Аднак 20 год незалежнасці прывялі да значнай змены ў самасвядомасці насельніцтва Беларусі, асабліва сярод моладзі, якая не жыла ў СССР і ніколі не імкнулася жыць і працаваць у Расіі, у адрозненне ад сваіх бацькоў. Беларуская мова і культура страціла свой "вясковы", "калгасны" характар, а стала элітным гарадскім "брэндам", асаблівай прыкметай элітнасці на фоне "трасянкі" і правінцыйнай рускай мовы і яе ненарматыўнай лексікі.
Зараз мы маем у нашым грамадстве такую з'яву, як у XVII ст., калі беларуская эліта звярнула ўвагу на польскую мову і польскую культуру як заходнееўрапейскую традыцыю, традыцыю больш блізкую і зразумелую чым усходнюю маскоўскую, ці паўднёва-турэцкую.
Пасля падзеяў на Украіне, калі рускую мову зрабілі зноў імперскай прыкметай "збірання рускіх земляў" і калі дзейнічае лозунг: "Дзе гучыць руская мова, там і ёсць Расія", - наша эліта з мэтай свайго захавання павінна зразумець, што яе асноўная мова, мова ў сям'і і побыце - гэта менавіта беларуская мова.
Толькі беларуская мова можа аб'яднаць усіх грамадзян Беларусі незалежна ад рэлігіі і сацыяльнага паходжання ў справе захавання сваёй незалежнасці і дабрабыту. Таму лёс нашых дзяцей і ўнукаў залежыць ад таго, на якой мове будзе размаўляць будучая беларуская эліта, пасля таго, як яна неўзабаве зменіць сённяшнюю, якая ўжо не ў стане адэкватна ўспрымаць геапалітычную сітуацыю, што склалася ў Еўропе ў мінулым годзе.
Алег Трусаў , спецыяльна для парталу ТБМ.
Чалавек, які нёс веды
1860 год - год нараджэння Івана Гарбачэўскага.
Незвычайна мне падабаюцца віншаванні, у якіх ёсць такія словы - няхай вам - табе - шчасціць і шанцуе ва ўсім! Але, што гаварыць, не кожны мае шчасце, шанец увайсці ў гісторыю з поўнымі дадзенымі, дзе ёсць і дзень, і месяц, і меца яго нараджэння, ці адыходу ў лепшы свет, каб мы аддалі свае належныя ўвагу, павагу, удзячнасць той ці іншай Постаці, Асобе, Чалавеку, які заслужыў усё гэта сваёй Працай, Падзвіжніцтвам, Любоўю, Служэннем самаадданым, самаахвярным свайму народу, сваёй Бацькаўшчыне.
Сярод гэтых зорных людзей і Іван Данілавіч Гарбачэўскі. Мы і сёння не навучыліся як след любіць, шанаваць сваіх герояў, сваіх лепшых прадстаўнікоў...
Мы толькі ведаем гады нараджэння і смерці Івана Данілавіча: 1860-1914. даследчыкі выявілі, што ён быў беларускім настаўнікам, журналістам, краязнаўцам, гісторыкам, пісьменнікам, этнографам, фалькларыстам.
Няма сумненняў, што крэдам жыцця, працы, дзейнасці І. Гарбачэўскага была яго палкая, непагасная, генетычная любоў да сваёй Беларусі. Гэта яна, як аўтара гэтага верша Уладзіміра Караткевіча, вяла, імкнула да стваральнасці:
О любоў мая, Беларусь!
Над туманным
начным стаўком
Пралятае самотная гусь,
Разразаючы люстра крылом.
...............................................
Разразаючы неба крылом.
У 17 гадоў Іван Данілавіч атрымаў дакумент аб заканчэнні Полацкай настаўніцкай семінарыі, у 1885 г. - Віленскага настаўніцкага інстытута. Відавочна, у сценах гэтых устаноў панавалі пальшчызна і русчызна, і было забаронена ўсё беларускае, але гукі роднай зямлі, гісторыя, прасторы былі тутэйшымі, і яны заклалі ў юнака асновы свайго пазнання сваёй ідэнтычнасці.
Выкладаў Іван Данілавіч на Невельшчыне Віцебскай губерні спачатку ў Далынскім народным вучылішчы, а потым у павятовым вучылішчы, супрацоўнічаў у газеце "Витебские губернские ведомости" (1894-1898 гг.). Атрымаў прызначэнні на Каўказ і Кубань, дзе рабіў інспектарам народных вучылішчаў. Вяртаецца на Бацькаўшчыну ў Рагачоў у 1912 г. і выкладае ў вышэйшым рамесным вучылішчы.
Шмат, вельмі шмат у пазнанні жыцця і дзейнасці І.Д. Гарбачэўскага здзейсніў і, як нам здаецца, гэта будзе рабіць і далей неўтаймоўны наш даследчык В. І. Скідан. Вось што ён піша пра яго ("Энцыклапедыя гісторыі Беларусі", 2 том, стар. 486): "У гіст. - этнаграфічных нарысах на падставе гіст. звестак, шматлікіх фактаў, помнікаў і легенд даказваў пра існаванне на тэр. Старажытнай Беларусі, апрача агульнавядомых, карацейшых водных шляхоў зносін ( "Пра волакі Вялікага воднага шляху з варагаў у грэкі" , 1894). Апісваў нас. пункты па Зах. Дзвіне, 1895, флору, фаўну, стан промыслаў, адукацыі ў Лепельскім пав. ( "Лепельскі павет Віцебскай губерні" , 1895 г.); язычніцкія вераванні, рэлігійныя абрады, звычаі продкаў палешукоў (" Старына старадаўняя" , 1897), гісторыю ўзнікнення і бытавання бел. мовы разгледзеў у працы "Старажытнасць беларускіх песень і іх напеваў " (1896) ".
Чытаеш усё гэта і думаеш, што нават у тыя часы, калі не было аніводнага афіцыйнага беларускага выдання, усё-такі знаходзіліся людзі, якія думалі - дбалі і пра "ўзнікненне і бытаванне" нашай роднай мовы, як не дасыпаў і пісаў па начах, у часы свайго адпачынку падзвіжнік Іван Данілавіч Гарбачэўскі. Пара сабраць у адно ўсе творы Гарбачэўскага, выдаць іх, альбо правесці навукова - практычную канферэнцыю, чытанні ў яго гонар, каб мы не адрываліся ад сваіх векавечных традыцый, скарбаў народнай мудрасці, цанілі іх, бераглі і неслі іх далей у Сусвет, бо толькі і тады застанецца наша краса, наша адметнасць, нашы непаўторныя гукі!
Відавочна, што гэтая цяжкая праца толькі па сілах энтузіястам і бяссрэбранікам выдавецтва "Беларускі кнігазбор". А мы ізноў шчыра і ўдзячна цытуем даследчыка В.І. Скідана пра І.Д. Гарбачэўскага: "У сваіх мастацкіх творах падкрэсліваў, што маральнае аблічча людзей, іх сумленне, адчуванне залежаць ад іх адносін да зямлі ("Зямля і араты", нап. 1894), а вайсковая служба працаўніка - селяніна жахлівай салдацкай муштрой, ганьбай і знявагай чалавечай годнасці ператварае яго ў хворага, знямоглага чалавека (аповесць "Не дайшоў да роднай хаты", нап. 1899). Пісаў апвяданні для дзяцей. Прыхільнік стварэння пры школах садоў і агародаў, пчальнікоў, майстэрняў і інш." .
Максім Горкі, які ў зародку пабачыў, ацаніў і даў добры шлях нашым тытанам-адраджэнцам Я. Купалу, Я. Коласу, які быў у сваяцтве з бацькам Максіма Багдановіча Адамам Багдановічам пакінуў нам у спадчыну: "Трэба любіць тое, што робіш. І тады праца - нават самая грубая - узвышаецца да творчасці" . Менавіта такім і паўстае перад намі ў даследаваннях В.І. Скідана Іван Данілавіч Гарбачэўскі.
Як тут не адзначыць і яшчэ аднаго юбіляра дзекабрыста І.І. Гарбачэўскага (1800-1869), які адзначаны назвай вуліцы і мемарыяльнай шыльдай у Віцебску, бюстам, мемарыяльнай шыльдай, назвамі вуліцы і бібліятэкі ў г. Пятроўск-Забайкальскі, у ім я быў у 1976 г. і запомніў усё гэта.
І проста так успомнім вучонага - архівіста, крыніцазнаўца, педагога М.І. Гарбачэўскага 1804 - 1879, але ён, як і І.Д. Гарбачэўскі, аніяк не адзначаны нашай пашанай, не ўганараваны ні бюстамі, шыльдамі, назвамі ўстаноў, вуліц ці сквераў...
Міхась Угрынскі.
Яну Чыквіну - 75
Ян ЧЫКВІ Н (па-польску: Jan Czykwin; нарадзіўся 18 траўня 1940, Дубічы Царкоўныя, Гайнаўскі павет, цяпер Падляскае ваяводства, Польшча) - беларускі паэт, які жыве ў Польшчы, гісторык беларускай і расейскай літаратуры, перакладчык, доктар гуманітарных навук, прафесар, грамадскі дзеяч. Скончыў русістыку ў Варшаўскім універсітэце ў 1964 г. Ад 1969 г. навуковы супрацоўнік філіі Варшаўскага ўніверсітэта ў Беластоку, у 1985-1997 - Варшаўскага ўніверсітэта, ад 1998 - Беластоцкага ўніверсітэта. Пачаў друкаваацца ў 1957 г. на старонках "Нівы". Ад 1969 г. сябар Польскага таварыства русістаў, ад 1970 - Саюза польскіх пісьменнікаў, ад 1991 - Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, ад 1996 - беларускага ПЭН-цэнтра. Ад 1989 года - прэзідэнт Беларускага літаратурнага таварыства "Белавежа", ад 1990 - рэдактар выдавецкай серыі "Бібліятэка беларускага літаратурнага аб'яднання "Белавежа", ад 1998 - часопіса "Тэрмапілы".
Ян Чыквін з'яўляецца аўтарам зборнікаў вершаў між іншымі: "Іду" (1969, Беласток), "Святая студня" (1970, Беласток), "Неспакой" (1977, Беласток), "Светлы міг" (1989, Менск), "Кругавая чара" (1992, Беласток), "Свет першы і апошні" (1997, Беласток), "Крэйдавае кола" (2002).
У перакладзе на польскую мову выйшлі зборнікі: "На парозе свету" (1983, Варшава), "Сонечнае спляценне" (1988, Ольштын), "Адпачынак ля засохлай крыніцы" (1996).
Вікіпедыя.
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры Літаратурны музей Максіма Багдановіча мастацка-дакументальная выстава "Максімаў сад", прымеркаваная да 100-годдзя надрукавання вершаванай казкі Максіма Багдановіча "Мушка-зелянушка і камарык - насаты тварык"
Максім Багдановіч - адзін з самых любімых беларускіх паэтаў. Значны ўплыў на яго творчасць аказалі беларускія казкі і песні, якія ён чуў ад сваіх цётак у дзяцінстве. Пасля, ужо будучы прызнаным беларускім пісьменнікам, Максім Багдановіч звярнуўся да напісання твораў у беларускім народным стылі. Адным з такіх твораў стала вершаваная казка "Мушка-зелянушка і камарык - насаты тварык", упершыню апублікаваная ў газеце "Наша Ніва" 7 траўня 1915 года. Сюжэт казкі быў узяты М. Багдановічам з народных песень.
У падзагалоўку да паэмы "Мушка-зелянушка і камарык - насаты тварык" аўтар адзначаў: "Вельмі жаласная гісторыя, выкладзеная згодна з праўдай беларускім вершам". Сапраўды, паэма ўсімі сваімі ідэйна-эстэтычнымі вартасцямі арганічна звязана з народнымі творамі, але ў той жа час гэта арыгінальны і самабытны мастацкі твор: ён носіць яскравы адбітак характэрных своеасаблівасцяў творчай індывідуальнасці паэта. Казка Максіма Багдановіча напісана і для дзяцей і для дарослых, такім чынам, на выставе раскрываецца шматграннасць і рознабаковасць творчай лабараторыі паэта.
На выставе прадстаўлены ілюстрацыі да кніжкі "Мушка-зелянушка і камарык - насаты тварык" вядомых мастакоў А. Волкава, Н. Гурло і Ул. Пашчасцева. А таксама ўпершыню ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча свае мастацкія работы прэзентуюць навучэнцы Менскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава.
Мастацкае афармленне выстаўкі зроблена дзякуючы дапамозе студэнта 4-га курса БНТУ архітэктурнага факультэта Антона Мурашкі.
Пад час экспанавання выставы плануецца праводзіць музейна-педагагічныя заняткі для школьнікаў, інтэрактыўныя гульні для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.
Адкрыццё выставы адбылося 16 траўня 2015 года ў 14.00 пад час акцыі "Ноч музеяў".
Выстава працуе з 16 траўня да 1 снежня 2015 года з 09.00 да 17.30 (панядзелак - пятніца) у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (Траецкае прадмесце, вул. М. Багдановіча, 7а).
Лідскі адказ
на 20-годдзе травенскага рэферэндуму 1995 года
14 траўня 2015 года, калі па ўсіх сродках масавай інфармацыі стаяў усебеларускі плач з нагоды 20-годдзя травенскага рэферэндуму 1995 года, на Лідскай абутковай фабрыцы створана новая суполка грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".
Ініцыятыва стварэння суполкі належыць старшыні Лідскай арганізацыі ТБМ Лявону Анацку.
У кнізе заўваг і прапаноў ААТ "Лідская абутковая фабрыка" некалькі месяцаў таму назад Лявон Анацка зрабіў два запісы. Гэта былі прапановы пашырыць ужыванне беларускай мовы. Пісьмовыя адказы кіраўнікоў Л. Анацку не задаволілі, і ён вырашыў стварыць на фабрыцы суполку ТБМ, каб калектыўна дабівацца беларусізацыі фабрыкі.
Лявон Анацка вырашыў правесці ўстаноўчы сход суполкі 14 траўня і папрасіў дазволу размясціць абвестку пра гэта на дошцы аб'яў. Размясціць абвестку яму не дазволілі, тым не менш вырашана было праводзіць сход у прызначаны дзень
І вось надышло 14 траўня (20-я ўгодкі рэферэндуму). Перад пачаткам рабочага дня сабраліся 12 чалавек рабочых (слесары, токары і інш.) аднаго з цэхаў фабрыкі. Сабраныя аднадушна прагаласавалі за стварэнне суполкі ТБМ і абралі старшынём Генадзя Краўцова. Дарэчы 5-6 чалавек ужо значны час хадзілі па фабрыцы са значкамі ТБМ.
Паколькі на фабрыцы прапускны рэжым, ніхто з сяброў ТБМ гарадскіх суполак у сходзе не ўдзельнічаў, але падходзілі рабочыя з іншых цэхаў і выказвалі жаданне ўступіць у суполку. Аднак было прынята рашэнне ў іншых цэхах пры наяўнасці там ахвотных ствараць асобныя суполкі ТБМ.
Пасля сходу Лявона Анацку прыняў дырэктар фабрыкі У.У. Чыжык. Гаворка адбылася пра будучую дзейнасць ТБМ на фабрыцы, пра пытанні пашырэння выкарыстання беларускай мовы ў рэкламаванні прадукцыі фабрыкі.
Дырэктар прапанаваў ТБМ-аўцам супрацоўніцтва і першае, што папрасіў - яркі беларускамоўны слоган для Лідскай абутковай фабрыкі.
Дарэчы, гэта не першая суполка ТБМ на лідскіх прадпрыемствах. Шмат гадоў існуе суполка з пяці чалавек на прадпрыемстве "БелТэксОптык". Была сулолка ў Лідскіх электрасетках, але спыніла сваё існаванне з-за выхаду яе сяброў на пенсію.
Такім чынам на ўсебеларускі плач па загубленай на рэферэндуме мове Ліда адказала павелічэннем колькасці сяброў Таварыства беларускай мовы. І гэта не апошняе слова. На многіх прадпрыемствах ёсць групы рабочых, якім баліць за беларускую мову, не хапае канкрэтных мясцовых лідараў, якія б рашуча і пісьменна павялі работу на арганізацыю іх у суполкі.
Канешне, стварэнне адной суполкі ТБМ у нейкай там Лідзе не мяняе сітуацыю ў краіне ў цэлым, ды варта зрабіць адну заўвагу: у Лідзе большасць насельніцтва глядзіць у будучыню з аптымізмам, з верай у незалежнасць і канчатковую перамогу. А так лягчэй жыць, бо хоць праблемаў не менш, чым у іншых месцах, але ў роспач ніхто не ўпадае, рук не апускае, вера ў Беларусь тут моцная.
Яраслаў Грынкевіч.
Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства, "Наша слова"!
Шаноўныя сябры, пачалася падпіска на другое паўгоддзе 2015 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 66. Цана змянілася нязначна. У 2015 годзе мы працягнем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.
З практыкі дзяржаўнай моўнай палітыкі: міжваенная беларусізацыя і сучаснае беларуска-рускае афіцыйнае двухмоўе
З абвяшчэннем 1 студзеня 1919 года Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ўпершыню пасля некалькіх стагоддзяў узнікла рэальная магчымасць дзяржаўнага рэгулявання моўнага працэсу найперш у інтарэсах беларускага народа, які, дзякуючы такому абвяшчэнню, стаў у сваёй краіне і тытульным, і дзяржаўным народам. Было б памылковым думаць, што рэгуляванне моўнага працэсу дзяржава не праводзіла раней, калі Беларусь не па сваёй волі знаходзілася ў складзе Расійскай імперыі. Яно праводзілася, але выключна толькі ў чыста каланізатарскіх мэтах: усяляк не пускаць беларускую мову ў сферу грамадскай дзейнасці людзей, спрэс укараняючы тут рускую мову. Дзяржаве ўдалася такая злачынная задума. Падобным шляхам пайшла - і досыць паспяхова - руская праваслаўная царква. Беларуская мова заставалася сродкам камунікацыйных зносін толькі вясковага люду, г. зн. не мела аніякіх перспектыў для развіцця і нават захавання. Цалкам пазбавіць яе жыцця ўсё ж не ўдалося да Кастрычніцкага перавароту 1917 года, і яна стала галоўным інструментам у руках нацыянальна-патрыятычных сіл краю, каб патрабаваць у бальшавікоў Савецкай Расіі права на стварэнне на яго тэрыторыі самастойнай дзяржавы. Калі б на гэты час беларусы засталіся без сваёй роднай мовы, карысталіся паміж сабой рускай, што якраз і задумвалася царскай уладай, яны б не мелі аніякага права прэтэндаваць на ўласную дзяржаву. Яны такога дамагліся ад расійскіх бальшавікоў і на законнай падставе стварылі Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку.
Значэнне галоўнай, вырашальнай ролі беларускай мовы ў дзяржавастваральным працэсе разумелася тады палітыкамі нават сярэдняга рангу, не кажучы пра тых, хто знаходзіўся ў самых высокіх эшалонах улады. Вось чаму ў першыя гады пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў практыцы дзяржаўнага рэгулявання моўнага працэсу такое важнае значэнне адводзілася беларускай мове. Гэта апраўдана не толькі тым, што апошняя з'яўлялася маткаю беларускай савецкай дзяржаўнасці, а і тым, што яна (беларуская мова) была роднай мовай карэннага насельніцтва рэспублікі, гэтай мовай у сваіх паўсядзённых зносінах карысталася пераважная бальшыня яе жыхароў. Падобны цалкам справядлівы, дэмакратычны падыход дзяржавы да развязвання моўнай праблемы не вызваляў улады ад абавязку дбаць і пра родныя мовы этнічных супольнасцяў рэспублікі. Такая практыка ўсталявалася ўжо ў першыя ж дні існавання БССР і захоўвалася тады, калі апошняя з лютага 1919 года аб'ядналася з Літвой ў Літоўска-Беларускую Сацыялістычную Рэспубліку (ЛітБел). Яе афіцыйнымі мовамі з'яўляліся: літоўская, беларуская, руская, польская і яўрэйская. Не гледзячы на цяжкі стан вайны з польскімі войскамі яе ўрад рабіў усё магчымае для захавання і працы беларускамоўных школ, створаных пераважна яшчэ ўладамі Беларускай Народнай Рэспублікі, як след не ацэненай і па-сёння палітыкамі і ідэолагамі Рэспублікі Беларусь. Нацыянальны фактар у іх дзейнасці заўжды быў на вышыні. Лёс наканаваў ЛітБелу кароткае жыццё. Паспяховае наступленне польскіх войскаў вымусіла яго ўлады 21 красавіка 1919 года пакінуць свой сталічны горад Вільню, а праз тыдзень і Менск, спыніўшыся ў Бабруйску. Канцавым пунктам эвакуацыі стаў Смаленск, г. зн. той горад, дзе нядаўна адбылося першае, як бачым, няўдачнае, абвяшчэнне БССР. Цяпер ужо гэты ў значнай ступені этнічна беларускі горад, дзякуючы старанням савецкіх і партыйных органаў Расійскай Федэрацыі, належаў ёй, а не беларускай дзяржаве.
У гэты неспакойны час ушчыльную займаліся развязваннем моўнага пытання на захопленых беларускіх землях польскія ўлады. За афіцыйную мову прызнавалі толькі польскую мову. Урадавыя польскамоўныя распараджэнні маглі перакладацца і на мову мясцовага насельніцтва, аднак вырашальным з'яўляўся польскі тэкст. Усё знадворнае і ўнутранае візуальнае афармленне рабілася толькі на польскай мове, што вяло да страты беларускай зямлёй свайго прыроднага нацыянальнага аблічча. Некаторыя камандзіры польскіх вайсковых частак забаранялі сваім афіцэрам і жаўнерам выкарыстоўваць у зносінах з мясцовымі жыхарамі іх мову. У гэтых мэтах павінны былі ўжываць толькі польскую мову. Так у Беларусь вярталася тыповая дзяржаўная палітыка паланізацыі часоў Рэчы Паспалітай. Нічога іншага нам, беларусам, не маглі прапанаваць нашы заходнія суседзі палякі. Абыходзіліся з гаспадарамі зямлі жорстка, але польская мова ад гэтага толькі выйгравала. З беларускай мовай нічога падобнага ніколі не здаралася.
У самым заходнім горадзе Расійскай Федэрацыі Смаленску ўлады БелЛіта адчувалі сябе не вальней, як кватаранты. Але беларускую мову, г. зн. той чыннік, што зрабіў нашую краіну дзяржавай, яны ўсяляк шанавалі, не давалі ў крыўду, вазілі неразлучна з сабой па неабсяжных дарогах баявых баталій і пасля вялікіх пакут, суровых выпрабаванняў нарэшце прыбылі разам з ёю ў Смаленск. Калі ва ўладаў сучаснай Рэспублікі Беларусь хапае імпэту, жадання ў сваіх перыядычных выданнях выкарыстоўваць родную мову толькі ў іх назвах, у паасобных рубрыках і зрэдку ў артыкулах, дык заклапочаны сваім выжываннем урад ЛітБела прымае проста гераічнае на той час рашэнне: з 1-га лютага 1920 года выдаваць цалкам на беларускай мове газету "Савецкая Беларусь". Гэтае рашэнне не засталося на паперы. З абвешчанай даты яна і сапраўды пачала выходзіць, будучы рабочым органам ЦК Кампартыі Літвы і Беларусі, а з 15 жніўня таго ж года - органам Рэўкама БССР, з 19 снежня - органам Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта і Савета Народных Камісараў БССР, што можна разглядаць у якасці доказу вялікай павагі самых высокіх эшалонаў улады да беларускай мовы, цвёрдага намеру надаць ёй на справе статус дзяржаўнай пакуль што яшчэ да прыняцця адпаведнага заканадаўчага акта. Не сумняваюся, каб Рэўкам БССР, ЦВК і СНК БССР дзеля сваіх службовых патрэб выкарыстоўваў рускамоўны друкаваны орган, у беларускіх нацыянальна-патрыятычных сіл заставалася б мізэрная надзея на аднаўленне, стварэнне ўласнай дзяржавы пасля поўнай ліквідацыі ЛітБела, якая якраз і дажывала свае апошнія дні. Рускамоўная газета з суперінтэрнацыяналісцкай, рэвалюцыйнай назвай "Звезда" абслугоўвала патрэбы партыйных органаў ЛітБела. У заслугу рэдакцыі паставім, што пасля ўтварэння БССР яна ўжо не рабіла, як раней, нападак на беларускі нацыянальна-адраджэнцкі рух, бо карэнным чынам змянілася сама сітуацыя. Насуперак жаданню рэдакцыі беларускі народ, дзякуючы захаванню, наяўнасці ў яго адметнай ад іншых моваў роднай мовы, аднавіў гістарычную справядлівасць, стаў дзяржаўным, нягледзячы на ўсе вялізныя перашкоды. Шчасце аднавіцца ў статусе дзяржаўнага не прыйшло само па сабе, а было здабыта неверагоднымі высілкамі, праз праліццё высакароднай нацыянальнай крыві многімі пакаленнямі нашага народа.
У перадавым артыкуле першага нумара газеты "Савецкая Беларусь" былі такія па-сапраўднаму нацыянальна-патрыятычныя радкі: "Мы, прыступаючы сягоньня да працы па выданьню нашай газэты, газэты беларускіх сялян і рабочых, апавяшчаем: мы хочам быць, мы будзем выявіцелямі волі беларускага народу…" І пэўны час газета "Савецкая Беларусь" з'яўлялася такім выявіцелем, пра што належным чынам пастараліся найперш яе рэдактары і адначасова вядомыя грамадска-палітычныя, культурныя дзеячы: Алесь Бурбіс, Вільгельм Кнорын (пасля ўтварэння БССР адмовіўся ад сваіх поглядаў на беларусаў, як на несамабытны народ), Аляксандр Чарвякоў, Фабіян Шантыр, Сцяпан Булат, Змітро Жылуновіч (літ. псеўданім Цішка Гартны), Усевалад Ігнатоўскі, Міхась Кудзелька (літ. псеўданім Міхась Чарот). Каб такія асобы сёння ўзначальвалі рэдкалегіі афіцыйных газет, яны б не толькі сваімі загалоўкамі, але і зместам не былі б так адарваны ад надзённых нацыянальных праблем, выходзілі б на прыроднай, а не на занесенай звонку мове, хоць бы яе нейкім сілам і ўдалося ўвесці ў ранг другой дзяржаўнай мовы. Адцуранне газеты "Савецкая Беларусь" ад сваіх прагрэсіўных пазіцый адбылося ў канцы 20-х - пачатку 30-х гадоў ХХ стагоддзя, калі па ўказцы агульнасаюзных ідэалагічных і спецыяльных службаў пачаўся адлоў уяўных беларускіх буржуазных нацыяналістаў - нацдэмаў. Выкрыццю, барацьбе з імі абавязвалі і рэдакцыю газеты "Савецкая Беларусь". Каб зручней было рабіць такое, яе ў 1933 годзе перавялі з беларускай мовы на рускую. Дарэчы, такое практыкавалася з дзяржаўным перыядычным друкам і ў першыя гады існавання ў Рэспубліцы Беларусь прэзідэнцкай сістэмы ўлады. Паколькі ён (друк) усяляк абыходзіў вострыя нацыянальна-адраджэнцкія праблемы, свядома не жадаў дапамагчы народу разабрацца ў прычынах яго катастрафічнага этнакультурнага становішча, дык проста нелагічна было далёкія ад такіх праблем матэрыялы друкаваць па-беларуску. Дзіву даешся, як пазней з усім гэтым змірыліся рэдакцыі вядучых афіцыйных беларускамоўных газет "Звязда" і "Літаратура і мастацтва". Ужо не першы год іх роля ў фармаванні нацыянальнай свядомасці беларусаў, пераадоленні мільённымі пластамі карэннага насельніцтва заскарузлага нацыянальнага нігілізму зведзена ледзь не да мінімуму, што тлумачыцца практычна татальным выключэннем самой жа дзяржавай беларускай мовы з афіцыйнага жыцця. Парадаксальна, што такое адбывецца ў краіне, улады, грамадскасць якой маюць найбагацейшы досвед эфектыўнага рэгулявання моўнага працэсу. Прычым, такая разумная, узважаная практыка складвалася ў найскладанай, не ў прыклад сучаснай, сітуацыі, калі БССР яшчэ толькі асвойвала азы не ў поўнай меры самастойнага палітычнага жыцця. Пра тое, як гэта адбывалася пасля першага абвяшчэння БССР, мною ўжо ў самай сціслай форме сказана.
Другое абвяшчэнне БССР - і лічу трохі больш шчаслівае - адбылося ў Менску 31 ліпеня 1920 года ва ўмовах польска-савецкай вайны, калі на значнай частцы беларускай тэрыторыі панаваў даволі жорсткі акупацыйны рэжым суседняй заходняй дзяржавы. Бязбожна абкарнаная з усіх бакоў БССР паводле тэрытарыяльнай прыкметы ўяўляла сабой не больш як толькі колішнюю Менскую губерню царскай Расіі. У такіх варунках падавалася зусім нелагічным, што ўлады БССР тэрмінова зоймуцца развязваннем моўнага пытання. А яны заняліся, і не ў апошнюю чаргу таму, каб у той экстрэмальнай сітуацыі не выпусціць з-пад сваёй увагі беларускай мовы - мовы, якая нарадзіла саму дзяржаву ў форме БССР. У прынятай 31 ліпеня 1920 года Дэкларацыі быў такі надзвычай інтэрнацыялістычны пункт: "Устанавіць поўнае раўнапраўе моваў (беларускай, рускай, польскай і яўрэйскай) у зносінах з дзяржаўнымі ўстановамі і ў арганізацыях і ўстановах народнай асветы і сацыялістычнай культуры". Вось так: з-за царскай русіфікатарскай палітыкі ў беларускай мовы нулявая практыка ў абслугоўванні грамадскага жыцця, а кіраўніцтва БССР пры пераліку сваіх афіцыйных моваў беларускую, ні перад кім не здымаючы шапку, ставіць на першае месца. Тагачасных палітыкаў лёгка зразумець: яна ж свая і ў дадатак, паўтаруся, яшчэ родная маці беларускай дзяржаўнасці. Само жыццё падказвала, што беларускую мову, не гледзячы на процьму праблем з трансфармацыяй яе ў здольны інструмент абслугоўвання ўсіх сфер дзейнасці чалавека, неабходна рабіць правафланговай у сям'і ўсіх астатніх моваў рэспублікі. Рабілася гэта без спеху, з розумам, дэмакратычна, каб не пакрыўдзіць у першую чаргу афіцыйных карыстальнікаў рускай, яўрэйскай, польскай моваў. Калі ў лютым 1921 года на другім Усебеларускім з'ездзе Саветаў разглядалася пытанне аб арганізацыі народнай адукацыі, дык ажыццяўляць такое прапаноўвалася на ўсіх чатырох асноўных мовах, не выдзяляючы з іх беларускую. Але калі на апошняй вітаў удзельнікаў з'езду ад імя Цэнтральнага Бюро Кампартыі Беларусі адзін з яго членаў Сцяпан Булат - гэта ўжо сведчыла пра вельмі і вельмі многае. Прысутныя ў зале не маглі не зразумець, што ад гэтага часу беларуская мова ў сваёй хаце становіцца гаспадыняй, запатрабаванай нават пры правядзенні такога надзвычай важнага дзяржаўнага мерапрыемства, як Усебеларускі з'езд Саветаў. А вось сучасны Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь амаль два дзесяцігоддзі не адважваецца зрабіць такі нацыянальна-патрыятычны ўчынак, задавальняючы свае патрэбы мовай суседняй дзяржавы - рускай, што крайне негатыўна ўплывае на ўяўленне тытульнага народа датычна прэстыжу яго роднай мовы. Ён так нізка ўпаў, што многія не адважваюцца карыстацца ёю ў публічных месцах.
Неўзабаве пасля з'езду ў лютым 1921 года праходзіла ІІ сесія Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Беларусі, дзе так-сама не абміналі ўвагай такіх лёсавызначальных і тады, і сёння пытанняў, як народная адукацыя. Вось толькі дзяржаўныя падыходы да іх, як ні дзіўна, вызначаюцца сваёй дыяметральнай процілегласцю: у першым выпадку яны цалкам адпавядалі беларускаму нацыянальнаму інтарэсу, у другім катэгарычна скіраваны на захаванне прыярытэту рускага пачатку ў такой важнай, адказнай нацыястваральнай сферы, як народная адукацыя. Разглядаючы пытанне аб мясцовых мовах (беларускай, рускай, яўрэйскай і польскай), ЦВК БССР прадпісаў Народнаму камісарыяту асветы рэспублікі "зрабіць захады да ўзмацнення працы на мове пераважнай большасці працоўнага сялянства Беларусі - мове беларускай. Наркамасветы павінен у сваёй працы зыходзіць з няўхільнай перспектывы планамернага і паступовага пераходу ўстаноў, у якіх навучаюцца і выхоўваюцца дзеці беларусы, на іх матчыну беларускую мову выкладання. За выкананне гэтага задання павінны ўзяцца яшчэ ў бягучым годзе" . У прынятай на сесіі прапанове адзначалася, што "выданне падручнікаў, дзіцячага часопіса, навуковай, папулярнай і палітычнай літаратуры на беларускай мове павінна быць пастаўлена як ударная задача" . Тут ужо, як бачым, дзяржава ў адкрытую заявіла пра свой намер узняць аўтарытэт беларускай мовы ў грамадстве, справядліва выбраўшы дзеля гэтага сферу адукацыі. Надаўшы ёй і па форме і па змесце беларускі нацыянальны характар, дзяржава разлічвала, што школа будзе рыхтаваць маладыя пакаленні крэннага насельніцтва у духу яго культурнамоўных традыцый, што пойдзе толькі на карысць захаванню этнакультурнай самабытнасці, адметнасці краю, зробіць яго жыхароў устойлівымі ад любых формаў культурнамоўнай асіміляцыі.
Хоць і не так смела, але ўсё ж на наданне прэстыжнасці нацыянальнаму фактару адважыліся і ўлады БССР у апошнія гады Гарбачоўскай перабудовы. Апагеем яе ў нашай рэспубліцы, несумненна, стала прыняцце 26 студзеня 1990 года Закона "Аб мовах у Беларускай ССР". Менавіта гэтаму гістарычнай важнасці нарматыўнаму акту беларуская мова абавязана набыццём так неабходнага ёй і карэннаму насельніцтву рэспублікі статусу адзінай дзяржаўнай.
(Працяг у наступным нумары.)
Леанід Лыч, доктар гістарычных навук, прафесар
Да 170-годдзя з дня нараджэння
Цэлая плеяда выдатных даследчыкаў 80-90-х гадоў ХІХ стагоддзя зрабіла дзейсны ўклад у развіццё беларускай этнаграфіі. Працы Адама Ягоравіча Багдановіча, Уладзіміра Мікалаевіча Дабравольскага, Мітрафана Віктаравіча Доўнар-Запольскага, Мікалая Якаўлевіча Нікіфароўскага, Еўдакіма Раманавіча Раманава, Мікалая Андрэевіча Янчука і іншых навукоўцаў спрыялі выяўленню і захаванню багатай беларускай культурнай спадчыны. Вядомыя дзеячы сваімі працамі па этнаграфіі, фальклоры, гісторыі сцвярджалі права беларускага народа на самастойнае нацыянальнае развіццё.
Да 170-годдзя з дня нараджэння вядомага этнографа, фалькларыста, асветніка М.Я. Нікіфароўскага (1845-1910) у Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь створана выстава "Славутыя імёны ў гісторыі", дзе прадстаўлены ўнікальныя выданні, якія звязаны з жыццём і дзейнасцю таленавітай асобы.
За дваццацігадовы перыяд самастойнай навуковай працы (1890-1910) М. Нікіфароўскі выдаў і падрыхтаваў да друку каля дваццаці работ па этнаграфіі, фальклоры і гісторыі Віцебшчыны, якія маюць значную каштоўнасць. Грунтоўныя выданні "Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў і ўжытку" (1895), "Нарысы Віцебскай Беларусі" (1892-1899), "Простанародныя прадметы і павер'і, забабонныя абрады і звычаі, легендарныя паданні аб асобах і мясцінах" (1897), а таксама фальклорныя зборнікі "Простанародныя загадкі" (1898), "Беларускія песні-частушкі" (1911), "Паўпрыказкі і паўпрымаўкі, якія ўжываюцца ў Віцебскай Беларусі" (1911-1928) з'яўляюцца неад'емнай часткай культурнай спадчыны нашага народа.
Вядома, што над зборнікам "Беларускія песні-частушкі" М.Я Нікіфароўскі працаваў на працягу ўсёй сваёй творчай дзейнасці. Аднак выдаць яго пры жыцці вучоны не паспеў. Кніга выйшла з друку толькі ў 1911 г. У выданні змешчаны 2356 частушак, сабраных як самім М. Нікіфароўскім, так і яго карэспандэнтамі - настаўнікамі і вучнямі народных школ. Сабраны запісы ў розных губерніях беларускага краю. У Віцебскай - 1357, у Віленскай - 624, у Менскай - 375. У прадмове да гэтай кнігі выканавец абавязкі інспектара Віленскай 2-ой гімназіі А.Ф. Занкевіч адзначае, што частку матэрыялаў са шматлікіх этнаграфічных збораў М. Нікіфароўскі перадаваў вядомаму этнографу П.І. Шэйну. Аўтар прадмовы таксама распавядае, што Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі, сам беларус па паходжанні, усё сваё жыццё бескарысна і самааддана збіраў вусныя творы роднага народа, вывучаў асаблівасці яго быту і светаўспрымання. Пазней даследчыкі будуць адзначаць, што гэты зборнік даў багаты матэрыял, з дапамогай якога можна прасачыць працэс развіцця частушачнага жанру з сярэдзіны ХІХ да пачатку ХХ ст.
Дзейнасць М. Нікіфароўскага была даволі плённай. Яго працы і сёння з'яўляюцца каштоўнай і багатай крыніцай усебаковага вывучэння матэрыяльнай і духоўнай спадчыны беларусаў.
Больш чым сорак гадоў М. Нікіфароўскі працаваў настаўнікам у вучэбных установах Віцебшчыны. На экспазіцыі прадстаўлены ўнікальныя друкаваныя матэрыялы, якія датуюцца 80-90 гг. ХІХ стагоддзя, дзе адлюстроўваецца развіццё сістэмы школьнай адукацыі на беларускіх землях у той час. Безумоўна, прыцягвае ўвагу прыжыццёвае выданне М. Нікіфароўскага "Сельско-школьное обучение в юго-восточной окраине Витебской Белоруссии, каким застает его реформа 19 февраля 1861 года" (Віцебск, 1893). У прадмове да кнігі аўтар зазначае, што наведаў добраўпарадкаваную царкоўна-прыходскую школу на Віцебшчыне. Пасля яго агарнулі тужлівыя ўспаміны пра сваю вучобу ў дзяцінстве, калі даводзілася атрымліваць веды праз шматлікія перашкоды. Згадкі сталі асновай для азначага выдання. Аўтар выказвае меркаванне, што яго асэнсаванне ў друку ранейшага сельскага школьнага навучання, да перыяду адраджэння народных школ, паспрыяе шэрагу публікацый на гэту тэму ад іншых асоб і ў далейшым такія матэрыялы будуць мець гістарычную цікавасць.
Працы А. Падліпскага, Г. Пятроўскай і іншых даследчыкаў, якія прадстаўлены на экспазіцыі, даюць магчымасць глыбей зразумець значэнне дзейнасці М. Нікіфароўскага для развіцця беларускай этнаграфіі на мяжы ХІХ і ХХ ст.ст. і яго ролю па выяўленні, захаванні і папулярызацыі багатай культурнай спадчыны беларусаў для будучых пакаленняў.
Святлана Паўлавіцкая , супрацоўнік аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў
Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.
Шклоў - горад Магдэбургскага права
Магдэбургскае права, як форма гарадскога самакіравання, узнікла ва ўсходненя-мецкім горадзе Магдэбургу яшчэ ў 13 стагоддзі і ўяўляла звод правоў і прывілеяў для жыхароў еўрапейскага горада. Юрыдычныя нормы, замацаваныя адпаведным дакументам, спрыялі развіццю эканамічнай і грамадска-палітычнай дзейнасці гараджан, вызначалі іх стан і маёмасныя правы. Гэта забяспечвала гарадам развіццё рамяства і гандлю, бараніла іх ад уціску шляхты і адміністрацыі, спрыяла саслоўнаму адзінству. Горад, які атрымліваў Магдэбургскае права, меў магчымасць ствараць выбарчы орган - магістрат і самастойна вызначаць дзейнасць усяго гарадскога жыцця. Непасрэдна Шклоў атрымаў адпаведную магчымасць амаль адначасова з Магілёвам - так званае малое Магдэбургскае права Шклову надаў кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь Літоўскі Стэфан Баторы ў 1577 годзе. "Бурмистр места Шкловского Исай Зенович" згадваецца ў дакуменце 1577 года адначасова з войтам, радцамі і лаўнікамі. У той жа час згадваюцца і прадстаўнік адміністрацыі Старога Шклова "подвойский старошкловский Ермак Меткович" , а таксама пушкар Анікей Старашклоўскі.
Самакіраванне ў адпаведнасці з Магдэбургскім правам безумоўна садзейнічала росквіту горада, і, як вынік, Шклоў у першай палове 17 стагоддзя займаў сёмае месца па памерах і колькасці насельніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім, уступаючы толькі сталічнай Вільні, а таксама Магілёву, Бярэсцю, Слуцку, Менску і Полацку.
Сіла мясцовага магістрата заключалася ў асаблівых, галоўным чынам грашовых, узаемаадносінах паміж Шкловам і ўладальнікамі горада, якім шклоўцы плацілі толькі арэнду. Узровень дабрабыту гараджан быў такі, што іх камерцыйную дзейнасць крэдытавалі нават віленскія і рускія купцы. Своеасаблівы лібералізм у Шклове абараняў гараджан ад злоўжывання адміністрацыі, што спрыяла развіццю рынкавых адносін - гэта быў час найбольшага росквіту горада, якога дасягнуць потым так і не ўдалося ніводнай уладзе.
Разам з тым, у 18 стагоддзі Шклоў яшчэ заставаўся прыватнаўласніцкім горадам. 10 красавіка 1762 года кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст Сас пацвердзіў Магдэбургскае права, абавязковым атрыбутам якога былі герб і пячатка. Герб быў наступны: у блакітным полі рука трымае бязмен. На гарадской пячатцы Шклова 1767 года адлюстраваны адразу два гербы. На шчыце, размешчаным уверсе пячаткі - герб "Пагоня", які канстатуе прынадлежнасць горада Вялікаму Княству Літоўскаму, унізе - уласны герб горада - рука, якая трымае бязмен. Гэты адбітак не выпадковы - Шклоў у той час насамрэч быў вялікім гандлёвым цэнтрам.
Сімвалам гарадскога самакіравання з'яўлялася ратуша, у якой пасля абрання на пасаду ўсе выбарныя асобы: бурмістр, войт, пісар, радцы і лаўнікі прыносілі прысягу і толькі пасля гэтай урачыстай працэдуры яны лічыліся дапушчанымі да выканання сваіх абавязкаў. У ратушы праводзіліся паседжанні магістрату, тут жа адбывалася і ўрачыстая передача ўлады новаму складу рады.
Шклоўская ратуша вядома з 17 стагоддзя і была найцікавейшым у гістарычным і архітэктурным плане будынкам, які напрыканцы 1970-х гадоў быў уладамі закінуты і паступова разбураўся. Але, дзякуючы агульным намаганням і сапраўднаму энтузіязму шматлікіх прыхільнікаў адраджэння шклоўскай ратушы, у лістападзе 1999 года яе будынак зноў паўстаў прыгожым архітэктурным ансамблем.
Аб ролі самакіравання, аб гісторыі Магдэбургскага права на шклоўскай зямлі хацелі расказаць удзельнікі круглага стала, які намерваліся правесці ў Шклове Магілёўская абласная арганізацыя ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны" і чальцы грамадзянскай ініцыятывы "Шклоўскі магістрат". У Шклоўскі райвыканкам была адпраўлена адпаведная прапанова для сумеснага правядзення мерапрыемства, але заяўнікі ў асобе старшыні Магiлёўскай абласной арганiзацыi ГА "Таварыства беларускай мовы iмя Ф. Скарыны" Клiмуця Я.I. замест таго атрымалі даволі цікавы ліст за № 483-ву ад 10/04/2015 г.
"На Ваш зварот па пытаннi правядзення грамадскага круглага стала на гiстарычную тэматыку "Магдэбургскiя традыцыi на Магiлёўшчыне" ў Шклове 18 кpacaвiкa 2015 года Шклоўскi раённы выканаўчы камiтэт у адпаведнасцi з артыкулам 5 Закона Рэспублiкi Беларусь ад 30 снежня 1997 г. № 114-З "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспублiцы Беларусь" вымушаны адмовіць.
Baмi не выкананы патрабаваннi ў частцы належнага афармлення заявы, а менавіта: не пазначаны канкрэтнае месца правядзення, крынiца фiнансавання дадзенага масавага мерапрыемства, iмя па бацьку, дата нараджэння i грамадзянства арганiзатара. На падставе вышэйадзначанага Вам неабходна падаць заяву ў Шклоўскi райвыканкам у адпаведнасцi з патрабаваннямi вышэйназванага Закона, пасля чаго яна будзе разгледжана i вынесена па ёй рашэнне."
З якой пары круглы стол пачаў лічыцца масавым мерапрыемствам, ці гэта выдумкі мясцовай бюракратыі? Насамрэч, грамадскасць ад адміністрацыі чакала кроку насустрач і прапанову правесці "мерапрыемства" у будынку ратушы ці ў мясцовым краязнаўчым музеі. Адказалі і адказалі... але ж асаблівая пікантнасць сітуацыі ў тым, што ў адраджэнні ратушы актыўны ўдзел прымаў будучы Прэзідэнт краіны А. Лукашэнка. А можа мясцовыя гісторыкі і чыноўнікі не ведаюць аб гэтай знамянальнай падзеі ў жыцці Шклова?
Круглы стол ўсё ж адбыўся, у ім прынялі ўдзел не толькі мясцовыя грамадскія актывісты, але і госці з Магілёва, Менска і нават французскі карэспандэнт.
Удзельнікі сустрэчы адзначалі, што беларусам важна памятаць не толькі сваю нядаўнюю гісторыю, якая мала чым адрозніваецца ад гісторыі былой Расійскай імперыі або Савецкага Саюза, але і гісторыю, якая падкрэслівае адметныя асаблівасці ў культуры і традыцыях беларусаў, садзейнічае росту іх нацыянальнай самасвядомасці.
У працэсе абмеркавання тэмы быў прадэманстраваны фільм, зняты магілёўскім гарадскім тэлеканалам пра ратушу ў Магілёве як сімвал мясцовага самакіравання і традыцый Магдэбургскага права. Аб цікавых фактах з гісторыі Магдэбургскага права на Магілёўшчыне, аб умовах фармавання гарадской эліты, выпрацоўцы механізмаў абароны сваёй маёмасці распавёў гісторык Уладзімір Лапцэвіч. Шклоўскі краязнавец Аляксандр Грудзіна прадставіў падрабязную ілюстраваную інфармацыю пра родны горад у перыяды сярэднявечча і новага часу, гісторыю аднаўлення гарадской ратушы, якая, паводле яго слоў, была першай адноўленай на тэрыторыі Беларусі.
На круглым стале быў створаны грамадскі аргкамітэт па святкаванні дня атрымання Шкловам Магдэбургскага права, у склад якога ўвайшло пяць чалавек. Аргкамітэт ставіць перад сабой мэту дабівацца ад мясцовых уладаў аб'яўлення гарадскім святам даты атрымання горадам Магдэбургскага права, а таксама выступае за тое, каб адна з вуліц горада насіла назву Магдэбургская.
П. Мігурскі , "Шклоў-Інфо" № 111.
"Гаманлівае дрэва любові: Выбраныя творы"
О! Мой белагруды бусел!
Мая мроя.. Маё летуценне...
Калі ты над Беларуссю -
То святыя, ад Бога імгненні.
Ціна Хутаранка
(Валянціна Карпеш)
"Мой бусел".
Паэт Мікола Трафімчук, калі глядзець з пункту гледжання даведніка "Кніга рэкордаў Гінеса", ужо павінен увайсці ў гісторыю нашай літаратуры не толькі як знаны мастак слова, але і ў якасці дзіватворнага галоўнага рэдактара самага выдатнага на Беларусі альманаха "Гоман", як працалюбівы ўкладальнік шматлікіх літаратурна-мастацкіх праектаў і іх здзяйсняльнік. Да прыкладу, прывяду толькі некаторыя з іх - "Сучасная літаратура Беларусі" ў прозе, у паэзіі, а на днях мною атрымана пякельна-водарнае па жарсці выданне "Гаманлівае дрэва любові: Выбраныя творы. Кніга першая" (Мінск, ТАА "Смэлтак", 2014, 285 старонак).
У складзе рэдакцыйнай калегіі шматтомніка - Мікола Трафімчук (галоўны рэдактар), яго намеснік Вячаслаў Атрахімовіч, Міхась Башчук, Мікола Панасюк, Павел Баянкоў, Надзея Парчук, Галіна Ліс, Юля Савіцкая, Кацярына Сосна.
Як гаворыць анатацыя кнігі: "Творчасць кожнага пісьменніка выпраменьвае столькі дабрыні і любові, што не пакідае абыякавым кожнага, хто чытае напісанае. А калі пад кніжнай вокладкай творы амаль сотні аўтараў - энергія дабра і любові памнажаецца ў дзесяткі разоў..."
Што заўважана ў першай выдадзенай кнізе, што гэтую энергію дабра і любові, увагі і павагі да кожнага аўтара розных падборак у паэзіі, прозе, драматургіі, публіцыстыцы, крытыцы і літаратуразнаўстве па-добраму, пяшчотна нясе сваімі ўступным словам "Кроны і карані" і беражна-ўдумнымі каментарамі ад першага і да апошняга творцы зборніка сам Мікола Мікалаевіч Трафімчук.
Адкрываю наўзгад выданне на старонцы 194, дзе адчуваю асабіста мне незнаёмага аўтара Яўгена Дарафеева з Талачына, нараджэння 1946 г., але добра знаёмага мне сваёй творчасцю па публікацыях Ганаровага грамадзяніна Талачынскага раёна Анатоля Шнэйдара, па альманахах "Гоман" і іншых сродках друку.
Яўген Дарафееў усё сваё пасляшкольнае жыццё працуе токарам і з'яўляецца сапраўдным носьбітам беларушчыны. Дык вось, як яго прадстаўляе М. Трафімчук: "Самабытны паэт, якога хвалююць і сучаснасць, і мінулае. Майстар не толькі лірычнага, але і гумарыстычнага верша. А тэмы для іх ён бярэ з гушчы народнага жыцця..." . Яўген Дарафееў у гэтай кнізе прадставіў для чатачоў нізку вершаў пад агульнай і ёмістай назвай "Вяртаюцца з выраю душы..."
Другой паэтэсе з "Гаманлівага дрэва кахання" Галіне, якая на пачатку гэтага года адзначыла сваё 50-годдзе, альманах "Гоман" даў на сваіх старонках прадюбілейны матэрыял, а потым і рэпартаж з гэтай нагоды. Тады на ўрачыстасці прысутнічала многа гасцей, у тым ліку і сам галоўны рэдактар "Гомана" Мікола Трафімчук, які ў гонар юбіляркі ўзнёсла падарыў у прысутнасці ўсіх яе прыхільнікаў у Баранавіцкай цэнтральнай гарадсой бібліятэцы імя В. Таўлая свой твор "Песня для Галіны" (словы і музыка) і сам праспяваў пад уласны акампанемент:
Ёсць песні пра Галіну ў нас
Душэўныя, пашчотныя...
І я сваю пакіну ёй,
Як мару незваротную.
Як сонейка гарачае,
Як зорку зіхацістую...
Аддам імпэт юначы ёй
І думкі свае чыстыя.
Запамінаюцца са зборніка такія паэтычныя імёны, як Ігар Субоцін, Павел Станевіч, Валянціна Цехановіч, Эдуард Цімафееў, Аляксандра Лятыцкая, песенныя словы Івана Адамовіча:
Над зямлёй устане сонца
І развее цемру ночы.
Зазірні ў сваё ваконца -
І заслоніць сонца вочы...
Промні сонца абагрэюць
Залатую ніву, травы.
Так цудоўна ўсё навокал,
Прыгажэйшай няма з'явы.
("Усход сонца")
Усхвалявана ў "Прызнанні Радзіме" прызнаецца Надзея Парчук:
О Беларусь! Ты - песня маці,
Малітва прашчураў - дзядоў!
Ты - мова родная ў хаце,
Па - над сялом - кругі буслоў.
Міхась Башчук у сваёй нізцы "Пра векапомнае пяю..." ў вершы "Гімн каханню" гаворыць:
Сёння дзень
Шчыра зярняткі сее
Прыгажосці,
Натхнення, дабра.
Люты сціх,
Не злуецца завеяй...
Хай пануе
Кахання пара!
А гэтым радкі ўзяты мною ад творцы Ўладзіміра Гетманчука з яго верша "Памяці Яўгеніі Янішчыц":
Знікла ў лузе каня,
Кнігаўка над полем...
Ў горле - нібы камень
Сцята сэрца болем.
Са службоўкай Савецкай Арміі (яна тады працавала ў бібліятэцы) Яўгеніяй Янішчыц я служыў у адным і тым жа гвардзейскім артпалку, а яе муж доблесны гвардыі капітан Сяргей Панізнік быў адказным сакратаром дывізіённай газеты "Патриот Родины". Яны шмат дапамагалі ва ўзбраенні салдат і сяржантаў магутным беларускім словам .
У 1988 годзе, калі я ўрэшце рэштаў пасля Забайкалля, Далёкага Усходу, Арэнбургшчыны вярнуўся ў родную Беларусь і збіраўся да яе, непрыручанай птушкі паэзіі , Яўгеніі Янішчыц, то ранкам пачуў, што яе не стала...
Птушка загалосіць
Аб жаночай долі,
І не зіркне ў далеч,
І не ўзніме бровы...
(Ул. Гетманчук.)
Не магчыма не адзначыць у гэтым зборніку і такіх аўтараў, як Людміла Шувалава, Раіса Раманчук, асабліва такога працаўніка пяра, як Мікола Панасюк, Бенядзікт Грыёў, Іван Петрашовіч, Гала Гару (Галіна Пахолку), Яніна Грыгаровіч, Вольга Вярбіцкая, Марыя Якімук, Іван Сагановіч, Міхаіл Мяцеліца, Аляксандр Хітроў ды іншых.
А закончыць свае аглядныя нататкі мне карціць чатырма радкамі ад верша Людмілы Ардынскай з яе нізкі "На крылах лебядзінай песні".
Лічы, наколькі я багата -
Мой скарб вялікі вось які!
На мове вершы мае й хата
У вёсцы з назвай Радзюкі.
Гэта так, на беларускай мове не толькі вершы Л. Ардынскай, але і найкаштоўнейшы, падзвіжніцкі, без усялякай падтрымкі нашай дзяржавы наш скарб, наша слова!
Міхась Угрынскі ,
г. Баранавічы.
У Баранавічах адбылася прэзентацыя новай кнігі гісторыка і краязнаўца Андрэя Ляхновіча
Гэта не мільёны людзей былі ворагамі Савецкай улады і Савецкай дзяржавы!
Гэта Савецкая ўлада і дзяржава былі ворагамі мільёнаў людзей!
Т. Малевіч (беларускі гісторык).
У Баранавічах 14 траўня 2015 года адбылася творчая сустрэча сяброў Таварыства беларускай мовы з гісторыкам і краязнаўцам Андрэем Ляхновічам, які прэзентаваў сваю "Хроніку палітычнага тэрору: 1918 - 2008, Крупскі рэгіён/Малое Палессе/Друцка-Бярэзінскі край". Адразу трэба адзначыць, што Андрэй Аляхновіч і яго паплечнікі збіралі матэрыял для сваёй кнігі амаль 25 год. Ён адзначыў, што рэдактарам выдання і аўтарам эсэ, змешчаных у кнізе, з'яўляецца рэдактар "Радыё Свабода" Сяргей Дубавец. "Хроніка палітычнага тэрору" - гэта 504 старонкі шчыльна набранага тэксту з шматлікімі ілюстрацыямі пра лёсы дзвюх тысяч незаконна рэпрэсаваных жыхароў Крупскага рэгіёна на Меншчыне, як пазначана ў кнізе, Малога Палесся. Дарэчы, гэтая мясцовасць паміж Бярэзінай і Друццю атрымала назву Малога Палесся, на думку Андрэя Ляхновіча, таму, што тут такія ж, як на Піншчыне, балоты і пералескі, такая ж цудоўная прырода. Гэтую назву ўзгадваў у сваіх творах вядомы навуковец і палітычны дзеяч, першы беларускі прафесар геаграфіі, аўтар кнігі "Геаграфія Беларусі" Аркадзь Смоліч.
Пэўна, цікавым у выданні з'яўляецца і тое, што ў кнізе паказаны не толькі лёсы пацярпелых ад савецкіх рэпрэсій, але і прыводзяцца звесткі пра тых, хто катаваў людзей, хто быў тады "пры ўладзе" ў гэтым рэгіёне, працаваў у сельскіх саветах, органах НКУС, зацятых "актывістаў", якія пісалі даносы на сваіх землякоў.
Аўтар кнігі звярнуў увагу прысутных, што ў афіцыйнай кнізе "Памяць" змешчана інфармацыя толькі пра 278 рэпрэсаваных у Крупскім раёне, а творчы калектыў гэтай кнігі сабраў за 25 гадоў звесткі пра лёсы больш за 2000 незаконна асуджаных грамадзян гэтай зямлі. Усе ўдзельнікі імпрэзы пераканаліся, што афіцыйныя дадзеныя аб рэпрэсіях зменшаны як мінімум ў 7 разоў! Падчас дыскусіі аматары гісторыі адзначалі, што ў нас заўсёды дзяржаўным ўстановам і краязнаўчым музеям забаранялася вывучэнне тэмы рэпрэсій, бо цяпер у модзе "лінія Сталіна" і імперскія стужкі. Таму функцыю па аб'ектыўным даследаванні тэмы рэпрэсій, як лічыць Андрэй Ляхновіч, павінна ўзяць на сябе грамадзянская супольнасць. І ў Баранавічах такая праца вядзецца, і ёсць выданні, прысвечаныя рэпрэсіям. Вялікі дзякуй баранавіцкаму гісторыку і пісьменніку Аляксандру Татаранку, якія смела ўзняў тэму рэпрэсій у сваёй кнізе "Недазволенная памяць" і які працягвае збіраць інфармацыю для сваёй новай кнігі пра рэпрэсіі савецкага часу на тэрыторыі Баранавіцкага краю.
Да ўкладальніка кнігі было шмат пытанняў з боку прысутных, а паміж людзьмі старэйшага ўзросту нават узнікла гарачая дыскусія па агучаным матэрыяле.
Усе прысутныя з цікавасцю праглядалі і набывалі кнігу Андрэя Ляхновіча пра палітычны тэрор ў савецкі і постсавецкі перыяды.
Віктар Сырыца , старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ.
"Будзьма!"
25 траўня (панядзелак) адбудуцца заняткі гістарычнай школы з Алегам Трусавым
"Гісторыя ў падзеях і малюнках". Пачатак - 18.30 гадзін. Румянцава, 13 Уваход вольны.