НАША СЛОВА № 25 (1228), 24 чэрвеня 2015 г.
Лаўрэатам прэміі "За свабоду думкі" стаў Народны паэт Ніл Гілевіч
Народны паэт Ніл Гілевіч стаў уладальнікам прэміі "За свабоду думкі" імя Васіля Быкава. Цырымонія ўручэння адбылася 20 чэрвеня ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна, на малой радзіме Васіля Быкава. На ўрачыстасць з'ехалася больш за дзвесце чалавек з усёй Беларусі, сярод якіх шмат вядомых асобаў. Прэмія заснаваная лідарам Руху "За Свабоду" Аляксандрам Мілінкевічам у 2008-м годзе. Ёй узнагароджваюцца асобы, якія праявілі сябе ў грамадскай і творчай дзейнасці на карысць Беларусі і Свабоды. Як кажа Аляксандр Мілінкевіч, людзей заслужаных у нас многа, а ўзнагароджаных мала, таму важна, што ў гэтым годзе прэмію атрымаў Ніл Гілевіч:
- Часта бывае, што чалавек пры жыцці мала чуе добрых словаў. Ну так, ён вялікі, значны і ўсё такое, але ён сядзіць адзін, як Гілевіч. Ён даўно не выходзіць з дому, яму цяжка маральна. І калі яму сказалі пра гэтую прэмію, ён заплакаў. Проста ён казаў: "Не чакаў". Таму важна было паспець сказаць "вялікі дзякуй" за такі лёс і за столькі працы, колькі ён зрабіў на карысць Беларусі. На ўрачыстасці выступілі літаратары А. Вярцінскі, М. Скобла, А. Хадановіч і іншыя. А ўзнялі настрой усім прысутным музыкі Юры Станкевіч, Таццяна Матафонава, Лявон Вольскі ды народны калектыў "Рада".
Радыё Рацыя.
БЫКАЎСКАЕ СВЯТА Ў БЫЧКАХ
У суботу, 20-га чэрвеня, на малой радзіме Васіля Быкава, у вёсцы Бычкі Ўшацкага раёна, адбыліся чарговыя Літаратурныя чытанні, прымеркаваныя да дня нараджэння вялікага пісьменніка. Віцебская абласная арганізацыя ТБМ штогод ладзіць такое мерапрыемства, якое карыстаецца вялікай папулярнасцю ў землякоў і сваякоў Васіля Уладзіміравіча, аматараў яго творчасці, проста неабыякавых да беларускага слова людзей.
Раннім суботнім днём віцебскія актывісты ТБМ усклалі кветкі да Мемарыяльнай дошкі на будынку, дзе ў свой час вучыўся будучы пісьменнік.
А другой гадзіне ля роднай хаты Васіля Быкава, у Бычках, пачалася галоўная частка імпрэзы. Літаратурныя чытанні адкрыў старшыня Віцебскай абласной рады ТБМ І.А. Навумчык. У сваім кароткім слове ён акцэнтаваў увагу на важнасці падзеі, згадаў пра неабходнасць захоўваць тыя маральныя каштоўнасці, якія вызнаваў Быкаў.
У выступленні нашага земляка, славутага паэта і грамадскага дзеяча Анатоля Вярцінскага прагучалі кранальныя словы пра Васіля Быкава, яго вялікую ролю ў жыцці Беларусі не толькі як творцы, але і як асобы ўвогуле. А літаратар і журналіст Міхась Скобла, згадваючы старонкі вайсковай біяграфіі Быкава, правёў паралелі з цяперашняй сітуацыяй ва Украіне. І гэта сапраўды выглядае сімвалічным.
Віцебскі паэт і перакладчык Уладзімір Папковіч таксама гаварыў пра асобу Васіля Быкава, яго неацэнную ролю ў паказе праўды вайны. Дарэчы, сп. Папковіч нядаўна адзначыў свой 80-гадовы юбілей. З гэтай нагоды ад імя абласной рады і пад гучныя воплескі прысутных атрымаў сімвалічны падарунак.
Намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ Юрась Бабіч распавёў пра сяброўства трох землякоў, трох славутых постацяў беларускай літаратуры - Быкава, Бураўкіна і Барадуліна. У працяг тэмы выступіла сябра ТБМ з Полацка кандыдат філалагічных навук Святлана Лясовіч, якая пранікнёна прадэкламавала верш, прысвечаны Быкаву.
Літаратурныя чытанні выдатна аздобіла цудоўным выкананнем вядомых песень наша папулярная спявачка Таццяна Матафонава. Прысутныя з замілаваннем слухалі "Малітву", "Ave Maria", "Паланез", не шкадавалі далоняў на воплескі. А потым парадаваў удзельнікаў і гасцей імпрэзы сваім пэтычным і выканальніцкім майстэрствам паэт і бард з Бешанковічаў Георгі Станкевіч.
Ветэран працы з Полацка Кірыл Маеўскі павесяліў аматараў беларускага слова дасціпнымі вершаванымі радкамі на надзённыя тэмы, што надзвычай спадабалася прысутным.
Сакратар Віцебскай абласной рады ТБМ Алена Сакалова прапанавала ўсім ахвотным прыняць удзел у віктарыне, прысвечанай творчасці Васіля Быкава. "Назавіце апошні прыжыццёвы твор Быкава", "Які свой твой аўтар назваў найбольш аўтабіяграфічным?", "Якія творы Быкава адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР?" - гэтыя і іншыя пытанні, да гонару ўдзельнікаў чытанняў, не выклікалі вялікіх цяжкасцяў. А найбольш дасведчанымі ў быкаўскай творчасці паказалі сябе нашы сябры з Полацка.
У другой частцы імпрэзы адбылося ўрачыстае віншаванне рэдакцыйных калектываў - пераможцаў агляду-конкурсу рэгіянальнага друку "З беларускім словам" (гл. "Наша слова", № 6, 11 лютага 2015 г.) - з уручэннем дыпломаў і памятных падарункаў ад ТБМ. Па выніках абласнога агляду-конкурсу па ўжыванні беларускай мовы сярод раённых выданняў ў 2014 годзе быў уганараваныя шэраг перыядычных выданняў Віцебскай вобласці: дзяржаўныя раённыя газеты з Мёраў, Ушачаў, Паставаў, Докшыцаў, Шаркоўшчыны, Браслава і Шуміліна. Да гэтага ліку адносяцця і дзве недзяржаўныя газеты "Вольнае Глыбокае" і "Каталіцкі Веснік", якія абедзве выдаюцца ў Глыбокім. Усе згаданыя вышэй выданні атрымалі дыпломы і поўныя выданні твораў Васіля Быкава для сваіх рэдакцыйных бібліятэк. Узнагароды ўручыў старшыня Віцебскай абласной аорганізацыі ТБМ Іосіф Навумчык.
У слове ў адказ рэдактары, журналісты дзякавалі за ўвагу да іх працы, запэўнівалі, што і надалей будуць трымацца беларускага слова. І калі літаратурныя чытанні, прысвечаныя Васілю Быкаву, праводзяцца Віцебскай абласной радай рэгулярна, то ўганараванне рэдакцый-пераможцаў у такім фармаце адбывалася ўпершыню. Але гэта прыклад, варты безумоўнага пераймання.
Напрыканцы імпрэзы старшыня абласной арганізацыі ТБМ І.А. Навумчык падзякаваў удзельнікам і гасцям чытанняў за памяць пра Васіля Быкава, а Ўшацкаму райвыканкаму - за спрыянне ў правядзенні імпрэзы. Мясцовыя ўлады арганізавалі выязны буфет, стварылі імправізаваную кавярню пад адкрытым небам, дзе кожны ахвотны мог падсілкавацца і папіць кавы або гарбаты. Думаецца, што гэта выдатны прыклад супрацоўніцтва органаў дзяржаўнай улады і грамадскіх арганізацый.
Можна смела сцвярджаць, што імпрэза ўдалася! І гэта не прыватнае меркаванне аўтара артыкула, а агульная думка ўдзельнікаў чытанняў. А каб усё атрымалася, надзвычай вялікую арганізацыйную працу правёў старшыня Віцебскай абласной рады І.А. Навумчык. А ўшанаванне найлепшых перыядычных выданняў рэгіёна стала адмысловай цікавінкай свята.
Развітваючыся, аматары творчасці Васіля Быкава, прыхільнікі беларускага слова, шматлікія госці выказвалі спадзяванне на новую сустрэчу ў Бычках. Ужо ў наступным годзе.
Юрась Бабіч , намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ. На здымках: Бычкі 20.06.2015. І. Навумчык уручае дыплом рэдактару "Вольнага Глыбокага" У. Скрабатуну; Насця Адамовіч (унучка рэдактара "Вольнага Глыбокага") і Зміцер Лупач, тэхнічны рэдактар "Каталіцкага Весніка" - з узнагародамі.
110 гадоў з дня нараджэння Петруся Броўкі
Пятрусь (Пётр Усцінавіч) БРОЎКА (25 (12) чэрвеня 1905, в. Пуцілкавічы, Барысаўскі павет, Менская губерня, цяпер Ушацкі раён, Віцебская вобласць - 24 сакавіка 1980.) - беларускі грамадскі дзеяч, пісьменнік, паэт і перакладчык. Нарадзіўся ў беднай сялянскай сям'і (9 дзяцей і 2,5 дзесяціны зямлі). Бацька, Усцін Адамавіч, рабіў куфры, шафы і толькі гэтым прырабляў на пражытак сям'і. Маці, Алена Сцяпанаўна, была занята хатняй працай, клопатамі пра дзяцей (у час нямецкай акупацыі вывезена ў Асвенцым, дзе і загінула, ёй прысвечана паэма "Голас сэрца" (1960)).
Псеўданімы: Аўлас (з Я. Скрыганам); Бандылевіч; Лукаш Вандылевіч (з П. Глебкам); Баравы; Юр. Баравы; Юрка Баравы; П. Далецкий; Дзед Аўлас (з Я. Скрыганам); Дзед Тарас; Дзядок Аўлас; Пятрусь Звычайны; Андрэй Прыгода; Сымон Ракіта; Стары дзядок Аўлас.
Акадэмік АН БССР (1966, член-карэспандэнт з 1953). Герой Сацыялістычнай Працы (1972). Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонай Зоркі, Дружбы народаў, "Знак Пашаны" і многімі медалямі. Народны паэт БССР (1962). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1975). Герой Сацыялістычнай Працы (1972). Ганаровы грамадзянін Менска (1980). Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1934. Лаўрэат Сталінскай прэміі 2-й ступені за паэму "Хлеб", вершы "Думы пра Маскву", "Брат і сястра", "Народнае дзякуй", "Каб мне стаяць…", "Спатканне" (1947), Сталінскай прэміі 3-й ступені за зборнік вершаў "Дарогі жыцця" (1950), Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа за раман "Калі зліваюцца рэкі" (1959), Ленінскай прэміі за кнігу вершаў "А дні ідуць…" (1962), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы за паэму "Заўсёды з Леніным" і за кнігу вершаў "Між чырвоных рабін" (1969), Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за ўдзел у стварэнні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.
У Менску (вул. К. Маркса, 30) створаны літаратурны музей Петруся Броўкі. На доме, дзе ён апошні час жыў, і ў вёсцы Пуцілкавічы ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі, у БелЭн і Вялікадолецкай сярэдняй школе Ушацкага раёна адкрыты мемарыяльныя пакоі, у Пуцілкавічах - хата-музей, каля якой устаноўлена стэла памяці маці паэта. Імя П. Броўкі прысвоена выдавецтву "Беларуская Савецкая Энцыклапедыя", калгасу "Новае жыццё" і Вялікадолецкай школе; яго імем названы вуліцы ў Менску, Віцебску, Полацку, Гомелі, Бешанковічах, Ушачах. Для студэнтаў філалагічнага факультэта БДУ ўстаноўлена стыпендыя імя Петруся Броўкі.
Вікіпедыя.
Аўтэнтычнае Купалле на Гомельшчыне
Гомельская "Талака" зладзіла старажытнае язычаскае свята, звязанае з днём летняга сонцастаяння. На месцы язычаскага капішча Гецаў Яр, што пад Веткай, адбылося Купалле. Некалькі дзясяткаў чалавек усю ноч спявалі купальскія спевы, плялі вянкі, вадзілі карагоды і скакалі цераз вогнішча. Маршалак "Талакі" Марыся Тульжанкова адзначае, што Купалле з'яўляецца самым эратычна насычаным святам:
- Купалле - гэта такое спецыфічнае па сваёй атмасферы свята. Так бы мовіць, з эратычнай афарбоўкай, калі закаханыя людзі ўтвараюць пары. Купалле святкуецца ў перыяд летняга сонцастаяння. Гэта тры дні. Кола, якое мы падпальваем, - гэта сімвал касмічнага пералому, калі дзень пасля купальскай ночы памяншаецца, а ноч павялічваецца. Гэта новы этап у жыцці Сусвету. Важным элементам Купалля сталася спаленне пудзіла ведзьмы, якое сімвалізуе ўсё старое і кепскае. Скончылася свята спусканнем у раку вяночкаў.
Юлія Сівец , Беларускае Радыё Рацыя. Фота: Мікола Бянько.
З'ехаць, каб застацца. Валійская эміграцыя ў Патагонію дзеля захавання ўласнай нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці
Як пісала амерыканская пісьменніца Шырлі Джэксан: "Ніводзін жывы арганізм не здольны доўга выносіць абсалютную рэчаіснасць і заставацца здаровым; нават птушкі і конікі, відаць, часам мараць" . І беларуская рэчаіснасць, прынамсі, з пункту погляду свядомага чалавека, не выключэнне. Таму не дзіва, што часам узнікае жаданне ад гэтай рэчаіснасці абстрагавацца і заснаваць штосьці кшталту беларускай калоніі - здаецца, калісь бачыў падобныя ідэі і ў прэсе. Такія думкі могуць быць мрояй, відам псіхалагічнай абароны. Нават дзіўна, што беларуская літаратура канца 19 - пачатку 20 стагоддзя не дала нам плеяду пісьменнікаў кшталту Жуля Верна, Майн Рыда ці Бусенара, якія б пісалі пра прыгоды выгнаннікаў-беларусаў, гэткіх ужо непалескіх рабінзонаў, у дэкарацыях Тыбета ці Барнэа.
Але калі ідэя беларускай калоніі нават і мроя, то гэта не значыць, што да яе не варта прыглядзецца. Як той казаў, калі ў вас манія пераследу, гэта яшчэ не значыць, што за вамі ніхто не сочыць. У гісторыі здаралася, што перасяленне прадстаўнікоў прыгнечаных супольнасцяў у далёкія землі прыводзіла да заснавання там незалежных дзяржаў. Прыгадаем Ізраіль і Ліберыю, заходнеафрыканскую калонію былых амерыканскіх неграў-рабоў, якая стала краінай.
Свет, вядома, мяняецца, але, магчыма, што тым, хто задумаецца пра беларускую каланізацыю, будзе цікавы досвед валійскага засялення Патагоніі ў 19 стагоддзі. Гэтая хваля эміграцыі можа быць цікавай, у прыватнасці, яе матывамі. Людзі з'язджалі не столькі па эканамічных прычынах, колькі дзеля захавання сваёй мовы, культуры і рэлігійнай свабоды.
Што неабходна для эміграцыі? У прыватнасці, незадаволенасць склаўшайся на радзіме сітуацыяй і перакананне, што рашыць праблемы на месцы нерэальна. Чаму такая сітуацыя склалася ў Уэльсе? Уэльс - гэта адзін з аскепкаў і нашчадкаў старажытнай брыцкай, даангласаксонскай і дарымскай Брытаніі. У паслярымскі перыяд на тэрыторыі сучаснага Уэльса ўтвараецца шэраг каралеўстваў, якія некалькі разоў аб'ядноўваліся пад уладай аднаго манарха. У канцы 13 стагоддзя Англія канчаткова скарае краіну, хаця Уэльс і захоўвае фармальна аўтаномны статус да 1536 года, калі афіцыйна замацоўваецца саюз з Англіяй, і на Уэльс распаўсюджваецца англійскае заканадаўства.
На валійскай мове Уэльс называецца Cymru (Камры), а яго беларуская назва паходзіць ад слова, якім германцы абазначалі замежнікаў. Ад яго ж, дарэчы, паходзяць словы Валахія і Валонія. А гэта германскае слова запазычана з лацінскай назвы італійскага племені Вольскаў.
Валійская мова належыць да брыцкай падгрупы кельцкіх моў і найбольш блізкая да корнскай і брэтонскай. На ёй існуе старажытная літаратура, адкрыўшая свету, у прыватнасці, караля Артура. Не гледзячы на панаванне англічан, Уэльс доўга заставаўся пераважна валійскамоўным рэгіёнам, але на пачатак 20 стагоддзя валійская ў Уэльсе стала мовай меншасці. Сёння ёй у той ці іншай ступені валодаюць 27% больш чым трохмільённага насельніцтва. Напэўна, чытач ведае словы коргі (парода сабак) і кромлех , якія паходзяць з гэтай мовы.
Напярэдадні эміграцыі валійцаў у Патагонію, у першай палове 19 стагоддзя, у Ўэльсе адбыліся паўстанні чартыстаў, патрабаваўшых роўных выбарчых правоў, а таксама бунты збяднелых фермераў, выкліканыя высокімі падаткамі, зборамі і невыгоднай для іх цэнавай палітыкай. А пасля паўстанняў прагучала меркаванне, што прычына сацыяльнай напружанасці - у недахопе адукацыі. У 1846-ым у Ўэльс была накіравана камісія для вывучэння стану мясцовай адукацыі. Ініцыятар стварэння камісіі, дэпутат парламенту, народжаны ў Уэльсе Ўільям Уільямс выказаўся наступным чынам: "Маральная моц школьнага настаўніка была больш эканамічным і эфектыўным шляхам кіравання гэтымі людзьмі, чым штых" . Гэты ж парламентар назваў валійскую мову перашкодай на шляху ажыццяўлення правасуддзя ў Уэльсе, а англійскую - адзіным шляхам да цывілізацыі для беднага валійца.
Камісія склала рэзанансную справаздачу. З аднаго боку, у справаздачы крытыкаваліся цялесныя пакаранні за выкарыстанне валійскай мовы, што практыкавалася, прынамсі, у некаторых рэгіёнах. Але з іншага боку, аўтары зняважліва выказваліся пра маральныя якасці валійцаў і нонканфармізм (нонканфармісты - прадстаўнікі пратэстанцкіх веравызнанняў, якія не падпарадкоўваліся дактрыне і практыкам англіканскай царквы: кальвінісцкія метадысты, кангрэгацыяналісты, баптысты і іншыя). Валійскую мову ў справаздачы назвалі перашкодай на шляху да маральнага прагрэсу і эканамічнага дабрабыту. Адзначаецца, што аўтары не былі цалкам самастойнымі ў сваіх сцверджаннях, а агучвалі стэраэатыпы мясцовых землеўладальнікаў-англікан і часткі англіканскага духавенства. Аўтарамі дакумента былі тры англічаніны, якія не валодалі валійскай мовай, не былі спецыялістамі ў сферы адукацыі і належалі да англіканскай царквы.
На працягу 19 стагоддзя прыніжанасць нонканфармістаў у правах у параўнанні з англіканамі паступова пераадольвалася. Тым не менш, большасць землеўладальнікаў у Ўэльсе былі англіканамі, а ад арандатараў (большасць якіх англіканамі не былі) патрабавалася плаціць дзесяціну на карысць англіканскай царквы. Хаця трэба таксама адзначыць, што многія англіканскія святары зрабілі надзвычай вялікі ўнёсак у валійскамоўную культуру і выступалі супраць антывалійскіх настрояў у сваёй царкве.
У сярэдзіне 19 стагоддзя да нонканфармісцкіх цэркваў належала 4/5 насельніцтва Ўэльса. Гэтыя цэрквы былі ў асноўным валійскамоўнымі, а іх пастары прапагандавалі нацыянальныя каштоўнасці, выдавалі валійскую літаратуру і адкрывалі валійскамоўныя школы.
Цікава, што валійскамоўнасці царквы і ўвогуле захаванню валійскай мовы ў свой час паспрыялі самі англічане. Хаця валійскую мову выдалілі з адміністратыўнай сферы, у 16 стагоддзі Лізавета Першая запатрабавала, каб у кожнай валійскай царкве былі Бібліі як на англійскай, так і на валійскай мовах. Меркавалася, што гэта паспрыяе распаўсюду пратэстантызму і знаёмству з англійскай мовай.
Хаця справаздача сапраўды прымусіла многіх людзей паверыць, што валіец можа дасягнуць поспеху ў жыцці толькі праз англамоўную адукацыю, яна справакавала і хвалю пратэстаў, а за ёй і ўздым валійскай палітычнай і культурнай актыўнасці.
У 19 стагоддзі ў прамысловыя раёны Уэльса прыязджае шмат англамоўных працаўнікоў з іншых частак Брытаніі. Акрамя таго, валійскамоўны друк не можа на роўных спаборнічаць з шырокім распаўсюдам англійскіх СМІ. У 1870-ым увогуле ўводзіцца абавязковае навучанне ў школах на англійскай мове. І хаця праз 20 год зноў пачынаюць засноўвацца валійскія школы, англійская мова ў сферы адукацыі дамінуе. Гэткім быў фон для валійскай эміграцыі ў Патагонію.
Частка прадстаўнікоў валійскага нацыянальнага руху лічыла, што на радзіме англізацыя зайшла ўжо занадта далёка, таму варта пакінуць яе і заснаваць валійскую дзяржаву ў іншым месцы. Трэба сказаць, што ў 19 стагоддзі эміграцыя на Амерыканскі кантынент не была для валійцаў чымсьці новым. Існуе легенда пра валійскага прынца Мадока, які быццам бы дасягнуў берагоў Амерыкі яшчэ ў 12 стагоддзі і заснаваў там калонію, жыхары якой урэшце асіміляваліся з індзейцамі. Публікаваліся нават сведчанні аб валійскамоўных індзейцах. Валійскія паселішчы засноўваліся ў Паўночнай Амерыцы ў 17 - 19 стагоддзях. Ёсць звесткі, што 16 чалавек з падпісантаў Дэкларацыі незалежнасці ЗША былі валійскага паходжання, у тым ліку Томас Джэферсан.
Для заснавання калоніі патрэбныя натхняльнікі і арганізатары. Для валійцаў адным з такіх людзей стаў вялебны Майкл Даніэл Джонс. Джонс, кангрэгацыяналісцкі пастар і загадчык тэалагічнага каледжа, марыў аб заснаванні самакіраванага валійскага паселішча, дзе будуць квітнець аўтэнтычная мова і культура. Наведаўшы ЗША ў сярэдзіне 19 стагоддзя, ён быў расчараваны асіміляцыяй тамтэйшых валійцаў у амерыканскае грамадства, у тым ліку і страту роднай мовы. Ідэя заснавання новай калоніі шырока абмяркоўвалася ў валійска-амерыканскай прэсе. Валійскія дзеячы, у тым ліку і Джонс, засноўвалі ў ЗША і Брытаніі таварыствы з мэтай прасоўвання праекту новай эміграцыі.
У 1861 годзе ў Ліверпулі засноўваецца каланізацыйнае (пасяленцкае) таварыства, старшынём якога робіцца Майкл Джонс. Па канцэпцыі яго стваральнікаў у будучых перасяленцаў павінны быць псіхалагічныя і фізічныя бар'еры для асіміляцыі. Першы бар'ер павінна забяспечыць развітая нацыянальная свядомасць каланістаў, а другі - ізаляцыя калоніі ад знешняга свету. Быў разгледжаны шэраг варыянтаў: ад Каліфорніі да Брытанскай Калумбіі і ад Аўстраліі да Святой зямлі. Можна толькі здагадвацца, як склалася б гісторыя Палестыны, калі б калонію сапраўды заснавалі там.
Урэшце выбар лёг на Патагонію, паўднёвую частку Паўднёвай Амерыкі. З геапалітычнага пункту погляду месца ўдалае. На тэрыторыю, абраную для калоніі, распаўсюджваўся суверэнітэт Аргентыны, якая была вельмі зацікаўлена ў прытоку імігрантаў. На Патагонію мела прэтэнзіі і суседняя Чылі, такім чынам, новая калонія магла узмацніць там аргентынскі суверэнітэт, што абяцала ёй дадатковую падтрымку. Пры гэтым Патагонія была амаль незаселена еўрапейцамі, бліжэйшае да калоніі аргентынскае паселішча было за сотні кіламетраў.
У арганізатараў праекту не атрымалася заснаваць акцыянернае таварыства для фінансавання калоніі, і многія расходы аплаціў сам Майкл Джонс.
У 1862 годзе два прадстаўнікі каланізацыйнага таварыства, у тым ліку будучы першы кіраўнік калоніі Льюіс Джонс, выправіліся ў Аргентыну, каб атрымаць афіцыйны дазвол на перасяленне і ацаніць прыдатнасць зямлі. Непасрэдна ў Патагоніі яны правялі ўсяго каля тыдня, і сённяшнія навукоўцы спрачаюцца, наколькі іх справаздачы аб прыдатнасці тэрыторыі адпавядалі рэчаіснасці.
А вось перамовы з міністрам унутраных спраў Аргентыны Роўсанам былі доўгімі. Згодна дасягнутай дамоўленасці, каланісты атрымалі зямлю, унутранае самакіраванне, а таксама матэрыяльную дапамогу. Але, на жаль, перамоўшчыкам так і не ўдалося дамагчыся для калоніі той ступені незалежнасці, якой яны жадалі.
(Працяг у наст. нумары.)
Дзяніс Тушынскі, намеснік старшыні ТБМ
Зварот да беларускіх патрыётаў
Шаноўнае спадарства! Год назад адна вельмі вядомая на Беларусі жанчына ў маёй прысутнасці, калі абмяркоўвалі палітычную сітуацыю ў краіне, прапанавала Алене Анісім вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду Прэзідэнта Беларусі. Алена крыху падумала і пагадзілася, а я згадзіўся яе падтрымаць.
За гэты час адбылося шмат розных падзей, і сп. Алена паказала сябе як чалавек, які можа годна і дасціпна прадстаўляць нацыянальна-патрыятычныя сілы Беларусі. Пра гэта кожны з вас можа даведацца, калі ў інтэрнэце ў пошукавай сістэме Гугл набярэ два словы "Алена Анісім".
Зараз надышоў момант, калі ёсць новая магчымасць стварыць вялікую і ініцыятыўную групу (2000-2500 асоб), зарэгістраваць яе і спакойна сабраць за месяц 100 000 тысяч подпісаў, каб сп. Алена змагла данесці да грамадзян Беларусі наша бачанне краіны пасля 2015 года. Пры гэтым мы не заклікаем людзей абавязкова ісці на выбары і галасаваць за нашага ці іншага кандыдата. Мы толькі прапануем не браць удзел у датэрміновым галасаванні, калі ўлада літаральна прымушае вялікія групы людзей гэта рабіць, выкарыстоўваючы адміністрацыйны рэсурс. Кожны можа прыняць канчатковае рашэнне, ісці або не ісці на выбарчы ўчастак, напярэдадні, за дзень да галасавання. Такім чынам, і прыхільнікі "байкоту" маюць магчымасць далучыцца да нас з мэтай дапамагчы нам данесці нашу праграму да людзей і свету.
Паколькі сп. Алена чалавек беспартыйны, яна не прасіла дапамогі ў палітычных партый і рухаў, тым больш, што яны ўжо назвалі сваіх кандыдатаў і працаваць на іх полі зараз не варта. Я таксама за тое, каб сп. Анісім была беспартыйным лідарам беларускіх патрыётаў, якія хочуць жыць у заможнай незалежнай дэмакратычнай Беларусі, дзе шануюць беларускую культуру і мову, дзе можна спакойна жыць і працаваць за сумленна заробленыя грошы і адчуваць сябе сапраўдным еўрапейцам. Таму я запрашаю беларускіх патрыётаў далучыцца да 1 ліпеня гэтага года да нашай ініцыятыўнай групы праз звычайную пошту або праз інтэрнэт.
У першую чаргу я звяртаюся да моладзі, найперш беларускіх студэнтаў. Зараз лета, скончылася сесія, і вы - на канікулах, значыць маеце вольны час і зможаце прыняць без перапынку ўдзел у зборы подпісаў за рэгістрацыю нашага кандыдата. Дарэчы, мы выступаем за адмену гвалтоўнага, прымусовага размеркавання студэнтаў і за павелічэнне колькасці бюджэтных месцаў для студэнтаў у дзяржаўных ВНУ.
Беларускія настаўнікі! Вы таксама зараз у летніх адпачынках. Далучайцеся да нас, і мы разам з вамі будзем змагацца за тое, каб слова "настаўнік", як і раней, у першай палове ХХ ст., гучала ганарова, а вашы заробкі былі не меншымі, чым у вайскоўцаў ці міліцыянтаў.
Людзі сталага ўзросту, дарагія беларускія пенсіянеры! Вы ўсё жыццё працавалі на дабрабыт Беларусі і ў выніку маеце жабрачую пенсію, на якую, асабліва ў горадзе, пражыць немагчыма. Ідзіце да нас, і мы будзем патрабаваць пенсійную рэформу, каб не было ў некаторых любімчыкаў улады пенсій па 10-15 мільёнаў рублёў на фоне вашых 2-3 мільёнаў. Вы заслужылі значна большага!
Беларускія медыкі і людзі, якім трэба медычная і сацыяльная дапамога!
Разам мы будзем патрабаваць ад уладаў Беларусі падпісання Канвенцыі ААН па правах інвалідаў, змяншэння коштаў на лекі і годныя заробкі медыкам, якія самаахвярна працуюць за мізэрныя (у параўнанні з цывілізацыйнымі краінамі) грошы.
Беларускія журналісты і блогеры! Вялікая надзея на вас. Вы можаце стаць сапраўднай чацвёртай уладай у краіне, калі мы аб'яднаемся разам і прымем новы дэмакратычны закон аб СМІ, каб правы дзяржаўных і недзяржаўных медыя сталі роўнымі. Я вельмі прашу вас, асабліва тых, хто даўно мяне ведае, размясціць гэты зварот на сваіх блогах ці старонках (у Фэйсбуку, напрыклад), бо калі нашу каманду зарэгіструюць, у вас будзе пра што пісаць у "ціхі" летні сезон.
Беларускія бізнесмены і прадпрымальнікі! Далучайцеся да нашай групы, каб праз нашу праграму зрабіць беларускі бізнес прывабным і сумленным заняткам, без карупцыі і адкатаў, і каб ніхто і ніколі не называў вас "вашывымі блохамі".
Шаноўныя сябры! Чакаем вашых заяў у нашую ініцыятыўную групу абавязкова з пашпартнымі дадзенымі да 1 ліпеня ўключна. Падрабязную інфармацыю можна атрымаць на tbm-mova.by/pubs94.html, запоўненыя бланкі можна даслаць на адрас alenaanisim gmail.com або звычайнай поштай: 220116, Мінск, а/с 94.
З павагай да Вас, Алег Трусаў , дэпутат ВС Беларусі ХІІ склікання.
Уступныя экзамены ў выглядзе Цэнтралізаванага тэсціравання - аптымальная сістэма
Старшыні грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Трусаву А.А.
Паважаны Алег Анатольевіч!
Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь разгледзела Ваш зварот, накіраваны ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, аб неабходнасці ўключэння ў парадак арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання абавязковых уступных іспытаў па вучэбным прадмеце "Беларуская мова" і паведамляе наступнае.
Вывучэнне беларускай мовы, арганізацыя адукацыйнага працэсу на беларускай мове ва ўстановах адукацыі, парадак арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання здзяйсняецца ў адпаведнасці з заканадаўствам. Аб гэтым Вам паведамлялася ў лістах Міністэрства адукацыі ад 14.01.2015 №05-24/3/юл, 04.03.2015 № 08-17/526.
Абітурыенты, якія ўдзельнічаюць у конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі, у адпаведнасці з Правіламі прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы маюць права здаваць уступныя іспыты ў форме цэнтралізаванага тэсціравання толькі па трох вучэбных прадметах: па беларускай або рускай мове (на выбар) і па двух вучэбных прадметах (далей - профільныя іспыты) у залежнасці ад выбранай групы спецыяльнасцей. Профільныя іспыты абітурыенты таксама маюць права здаваць на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь (на выбар).
Як паказвае практыка і аналіз правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, а таксама сустрэчы с грамадскасцю па пытаннях прыёму абітурыентаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы, такая сістэма ўступных іспытаў з'яўляецца аптымальнай.
Міністэрства адукацыі лічыць мэтазгодным захоўваць існуючы парадак прыёму асоб для атрымання вышэйшай адукацыі I ступені.
У выпадку нязгоды з дадзеным адказам Вы маеце права абскардзіць яго ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.
Міністр М.А. Жураўкоў.
Беларуская мова ў беларускіх універсітэтах
Старшыні ГА" Таварыства беларускай мовы" Трусаву А.А.
Аб беларускай мове
Паважаны Алег Анатольевіч!
Вялікі дзякуй за зацікаўленасць дзейнасцю ўстановы адукацыі "Палескі дзяржаўны ўніверсітэт" і слушныя прапановы па пашырэнні выкарыстоўвання беларускай мовы.
Паведамляю Вам, што пытанні вывучэння моў у ПалесДУ, у тым ліку і беларускай мовы, рэгулююцца ў адпаведнасці з нарматыўнымі прававымі дакументамі Рэспублікі Беларусь. Студэнтам забяспечваецца права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь і створаны ўсе ўмовы для рэалізацыі гэтага права.
У мэтах усебаковага развіцця і ўжывання дзяржаўнай беларускай мовы ў ПалесДУ на беларускай мове выкладаецца шэраг дысцыплін сацыяльна-гуманітарнага цыклу і цыклу спецыяльных дысцыплін, функцыянуе студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя "Спадчына" (дзейнасць якой ажыццяўляецца на беларускай мове).
У мэтах папулярызацыі беларускай мовы праводзіцца шэраг мерапрыемстваў. На працягу ўсяго года пастаянна экспануюцца кніжныя выставы, у тым ліку і на беларускай мове. Так, напрыклад, да Дня беларускага пісьменства былі падрыхтаваны выставы: "Далучыся да роднага слова", "Адкуль наш род і наша мова" і інш. Да Міжнароднага дня роднай мовы была падрыхтавана кніжная выстава беларускай прозы "Беларуская кніга ў вашым доме". Студэнты і супрацоўнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з творчасцю беларускіх празаікаў-класікаў і маладых аўтараў. Да Сусветнага дня паэзіі бібліятэка прадставіла кніжную выставу беларускай паэзіі.
Збор статыстычнай інфармацыі аб працэнтных суадносінах дысцыплін, якія выкладаюцца на беларускай мове, на жаль, не ажыццяўляем.
Для прадстаўлення інфармацыі на беларускай мове на сайце ўніверсітэта, па Вашай прапанове, мы выкарысталі тэхнічныя сродкі. У бліжэйшы час будзе распрацавана паўнавартасная беларускамоўная версія сайта, дзякую за параду.
З павагай, Рэктар універсітэта К.К. Шабека.
Беларуская мова на ЦТ у Беларусі і на Лідчыне
14 чэрвеня прайшло Цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове, на якое прыйшлі 24 % абітурыентаў, што менш, чым у папярэднія гады. Летась было 25 %, пазалетась - 29 %, у 2012 годзе - 32%, у 2011 годзе - 35 %.
У Лідзе сёлета на ЦТ па беларускай мове зарэгістраваліся 923 чалавекі, на ЦТ па рускай мове - 1236 чалавек. Прыйшлі на ЦТ па беларускай мове 905 чалавек, па рускай мове - 1211 чалавек. Такім чынам у Лідскім рэгіёне ЦТ па беларускай мове праходзілі 42,77%, што без малога ў два разы больш чым па краіне, але трохі горш, чым летась. У 2014 г. у Лідзе на ЦТ па беларускай мове зарэгістраваліся 1070 чалавек, на ЦТ па рускай мове - 1220 чалавек., у працэнтах у Лідскім рэгіёне беларускую мову выбралі для ЦТ 46,72%. За год страчаны 4 %, што больш, чым па краіне. У 2013 г. у Лідзе на беларускую мову зарэгістраваліся 1268 чалавек, а на рускую - 1100 чалавек. Гэта значыць, што на беларускую мову зарэгістравалася 53,55%. У 2012 г. на тэставанне па беларускай мове ў Лідзе прыйшло 59% удзельнікаў. Тэндэнцыя відавочная. Падзенне на 4-7% штогод.
У Лідзе тэсціраванне праходзяць дзеці з Лідскага і прылеглых раёнаў (Воранаўскага, Івейскага, часткова Дзятлаўскага і Шчучынскага). Найбольш слабое звяно ў плане беларускасці - безумоўна 100-тысячная Ліда, дзе ўсе 16 школ рускамоўныя ды плюс горад Бярозаўка. Выдзеліць з дадзеных тэсціравання Лідскі раён праблематычна, але ёсць звесткі пра здачу выпускных экзаменаў.
Усяго беларускую і рускую мову ў Лідскім раёне сёлета здавалі 843 выпускнікі. З іх беларускую мову ў якасці асноўнага экзамена выбралі 294 чалавекі, што склала 34,88%. Рускую мову ў якасці асноўнага экзамена выбралі 549 чалавек. Летась выпускнікоў у Лідскім раёне было 831 чалавек. З іх беларускую мову ў якасці асноўнага экзамена выбралі 256 чалавек, што склала 30,80%. Рускую мову ў якасці асноўнага экзамена выбралі 554 чалавекі. Аднак яшчэ 273 чалавекі выбралі беларускую мову ў якасці экзамену па выбары. Такім чынам, усяго беларускую мову здавалі 529 чалавек, што складала 63,66% ад колькасці выпускнікоў. Да слова ў якасці экзамену па выбары рускую мову абраў толькі 61 чалавек. Усяго рускую мову на Лідчыне здавала на 86 чалавек больш, чым беларускую. Сёлета быў абавязковы экзамен па гісторыі, а экзамен па мове на выбар быў адменены. Таму дадатковага прыліву вучняў, якія здавалі б беларускую мову на экзамене па выбары, сёлета не стала. Але калі глянуць на лічбы абавязковага экзамену па беларускай мове, то мы маем рост на 38 чалавек або на 4 %. Вельмі хочацца парадавацца, аднак паглядзім, куды хіснуцца шалі ў наступным годзе.
Пазалетась выпускнікоў у Лідскім раёне было 838 чалавек. З іх беларускую мову ў якасці асноўнага экзамена выбралі 395 чалавек, што склала 47,14%. Яшчэ 195 чалавек выбралі беларускую мову ў якасці экзамена па выбары. Такім чынам, усяго беларускую мову здавалі 590 чалавек, што склала 70,41%. Да слова ў якасці экзамену па выбары рускую мову абралі толькі 98 чалавек. Усяго пазалетась рускую мову на Лідчыне здавала на 49 чалавек менш, чым беларускую.
Такім чынам сёлета на экзаменах беларускую мову ў Лідскім раёне выбрала больш адной трэці выпускнікоў.
Лідскі рэгіён на ЦТ па беларускай мове сабраў каля 43 % выпускнікоў.
Што маем, тое маем.
Станіслаў Суднік.
З любоўю і даверам да людзей
Падышоў пад канец год сустрэч і трэнінгаў Школе асобаснага росту "ШАР" на сядзібе ТБМ у Менску. Яе вядоўца, Людміла Мікалаеўна Дзіцэвіч, педагог, псіхолаг, грамадскі дзеяч, пяшчотная матуля напаўняе прастору вакол сябе аптымізмам і пазітывам. У яе асобе акумулююцца добрая энергетыка, чуллівасць і гуманнасць, чалавечнасць і спагада, патрабавальнасць і дабрыня, прыгажосць душы і мастацкі густ. Мы сустрэліся са сп. Людмілай і ўзгадалі пра розныя праявы яе дзейнасці.
- Лепшыя рысы беларусаў, добрае і пазітыўнае перадалі Вам бацькі?
- Я нарадзілася 4 лістапада 1953 года ў вёсцы Погіры Дзятлаўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сям'і настаўніка Мікалая Міхайлавіча Дзіцэвіча. Маці звалі Юлія Бенедыктаўна (у дзявоцтве Дзядовіч), у сям'і нарадзілася шасцёра дзяцей, засталіся жыць трое з іх. Бацька працаваў настаўнікам пачатковай школы. Мне падабалася, як ён, высокі, мажны прыходзіць дадому з кніжкамі і сшыткамі, я кручуся каля яго, гляжу, якія ён ставіць адзнакі. Я бачыла, як ён выкладае: спакойна, разважліва. І мне захацелася быць настаўніцай.
Мы атрымалі класічнае выхаванне. Нас выхоўвалі гарманічна, бацькі ніколі не казалі брыдкіх слоў і не лаяліся, гаварылі па-беларуску, важна было пачуць прыгожую лексіку. Увечары бацька збіраў нас з братамі, мы садзіліся, і кожны дакладваў, што ён зрабіў за дзень. Бацькі хвалілі і ўшчувалі. Прысутнічала фізічнае выхаванне: мы вельмі шмат працавалі. Усю работу, якую робяць на вёсцы, я умею рабіць: даіць карову, касіць траву, вязаць лён, даглядаць сена. Я ўдзячна цудоўнаму працоўнаму і спартыўнаму выхаванню. Бацька адвёў кавалачак, дзе расце бульба, пад спартыўныя прылады, у нас былі гантэлі, эспандэры. Ён быў моцны, упэўнены, прынцыповы.
Матуля выхоўвала ўласным прыкладам: мяккая, праўдзівая, сумленная. У нас заўсёды быў мёд, і мама заахвочвала ўсім дзяліцца з людзьмі. Запомнілася яе прыслоўе: "Адзін з'еш хоць вала - адна хвала!". Мы жылі грунтоўна, багата. Бацькі пабудавалі цёплую ўтульную хату, дзе нам было так добра! Далі нам гаспадарчую загартоўку, усе мы ўтраіх хораша трымаемся ў жыцці. У школе я заўсёды была лідарам, арганізатарам. Закончыла Дзятлаўскую СШ № 2 у 1971 годзе. Мая стрыечная сястра вучылася на філфаку, і я пайшла за ёй. Ва ўніверсітэце мне было добра, усюды ўдзельнічала, артыстка ад прыроды, я іграла ў тэатры. Потым стварала тэатры на розных месцах працы.
Скончыла філфак БДУ (1976), аспірантуру Інстытута літаратуры АН БССР (1983). Працавала ў Інстытуце гісторыі АН БССР малодшым навуковым супрацоўнікам (1973), у Сцяпянскай СШ №2 Менскага раёна была настаўніцай, вяла заняткі ва ўсіх класах: з 5-га па 10-ты, а пазней працавала намеснікам дырэктара (1976-1991). Працавала старшым выкладчыкам Беларускага камерцыйнага ўніверсітэта кіравання (1995-1997), старшым выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры (1997-2008). Выкладала па сумяшчальніцтве ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, Жаночым інстытуце "Энвіла", ТАА "Прапілеі", Інстытуце сучасных ведаў, Менскім інстытуце кіравання. З захапленнем займалася рэдагаваннем сцэнараў на тэлеканале "Лад", напісаннем сцэнараў па культуры мовы, удзельнічала ў здымках тэлеперадач па моўных і культурніцкіх пытаннях.
- Вы сумяшчалі педагагічную дзейнасць з асветніцкай працай, з абаронай беларускай мовы, папулярызацыяй гістарычных ведаў?
- Прысвячаю час метадычнай і навуковай працы, маю каля 20 публікацый навуковага характару, прымаю ўдзел у навуковых канферэнцыях у нашай краіне, а таксама за яе межамі. У коле навуковых зацікаўленняў знаходзіцца гісторыя беларускай мовы, сучасны яе стан, а таксама пытанні псіхолага-педагагічнай і выхаваўчай работы.
Займаюся публіцыстыкай, надрукавала каля 70 артыкулаў у газетах "Наша слова", "ЛіМ", "Новы час", часопісе "Вышэйшая школа" і іншых навукова-папулярных і асветніцкіх выданнях. З'яўлялася першым намеснікам старшыні ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны", сябрам рэдакцыйнай калегіі газеты "Наша слова".
У 2011 годзе атрымала другую адукацыю ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы па спецыяльнасці "Псіхолаг. Выкладчык псіхалогіі". З сакавіка 2013 года працую ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце педагогам-псіхолагам. Займаюся ажыццяўленнем праекту "Студэнцкі псіхалагічны тэатр мініяцюр", Школай асобаснага росту "ШАР".
- Моладзь ідзе да Вас па падтрымку, з даверам, бо Вы імкнецеся кожнага падтрымаць, падбадзёрыць.
- Моладзь горнецца да мяне таму, што я бачу ў кожным асобу. Некалі і не адразу я ўбачыла асобу ў сабе. Спачатку я лічыла, што ўсе вакол вышэйшыя за мяне, дасканалыя, што трэба ўсім дапамагаць, ратаваць, спрацоўвала ўстаноўка "ратаўніка", якую дала наша матуля. Мама ратавала ўсіх абяздоленых, няшчасных, - увесь свет.
Вера дапамагла мне асэнсаваць, што мы - моцныя, магутныя, мы можам усё, толькі трэба захацець, сабраццца, сканцэнтравацца. Хочаш - рабі! Гэта стала для мяне дэвізам. Захацела стаць настаўніцай - стала, захацела несці асвету - стала асветніцай. Пайшла ў ТБМ, пісала артыкулы пра гісторыю зямлі і мовы, несла гістарычныя веды пра Беларусь. Праца ў камісіі па асвеце, канферэнцыі, канцэрты, вечарыны, шэсці - усе формы дзейнасці прыносілі плён і натхнялі. Захацела стаць псіхолагам - скончыла РІВШ, у 57 гадоў атрымала дыплом і ў 59 стала псіхолагам. Іншыя ўжо на пенсію ідуць, а мне трэба было дасягнуць мэты. Паўтары гады працую псіхолагам у Беларускім тэхналагічным універсітэце, кансультую па розных пытаннях.
Я ўсё жыццё любіла дзяцей, любіла беларускую літаратуру, любіла выкладаць. Я давала вучням заданне, загружала, заўсёды старалася падтрымаць і пахваліць, і яны вырасталі ў ведах. Калі я вяла педагагічную практыку ў настаўнікаў, вяла мятодыку выкладання беларускай мовы і літаратуры, казала настаўнікам, што ісці да дзяцей трэба з эмоцыямі дабразычлівасці, любові, павагі, упэўненасці, з усмешкай. Заўсёды трэба пахваліць. Я і да сябе так стаўлюся, зраблю што-небудзь і пахвалю сабе. Я называю гэта "любоў-тэрапіяй". Калі мы маленькім дзецям кажам: "Ты - малайчынка, ты - разумніца!", абдымаем, цалуем, - на гэтым створана цэлая школа псіхолагаў. Я інтуітыўна да гэтага ішла.
У мяне быў нават залік па ўсмешцы, каб гэта была не крывая ўсмешка, а адкрытая і вясёлая! Вячка Станкевіч з Вільні прыехаў да нас у ТБМ, і я дапамагала яму пісаць падручнік. Ён складзены на аснове самых сучасных методык. Пасля я вяла семінар на ТБМ "Я магу жыць лепей" з 2000 года, і вось там я выкарыстоўвала свой досвед. Зараз на сядзібе ТБМ дзейнічае школа асобаснага росту "ШАР" цягам усяго навучальнага года кожную першую і трэцюю пятніцу.
- "Люблю, дзякую, прабачаю!" - гэта галоўныя словы для Вас. Ці не так?
- Кажу студэнтам, што ўсё ідзе ад даверу да сябе. У савецкі час мы баяліся гэтага "я", каб не быць эгаістамі і нарцысістамі, зараз "я" выходзіць на першае месца, акрамя сусветнага "Я". Хто я? Дзе я? З кім я? Калі чалавек гэтага не разумее, ён можа патрапіць у залежнасць. Нельга страчваць ні аднаго гігібайта сваёй індывідуальнасці. А ўсяго нашыя непаўторныя рысы скаладаюць 60 гігоў.
Людзям, якія трапілі ў цяжкія сем'і, з антыпедагагічнымі паводзінамі, трэба выпрацаваць стрыжань сваёй асобы з цяжкасцямі, цераз пакуты, цераз выбар. Стрэсы і крызісы спрыяюць росту асобы, у тым ліку і нацыянальнай асобы. Трава з-пад асфальту прабіваецца, бо яна жывая. Мова - жывая, нацыя - жывая, яна праб'ецца! Я не думаю, што з мовай будзе бяда. Калі я была ў Ірландыі, бачыла ва ўсёй вялізнай бібліятэцы ў Дубліне толькі тры кніжкі на ірландскай мове, і то яны ўпэўненыя, што ў іх усё адродзіцца. А ў нас ёсць Караткевіч, Барадулін, Бураўкін - поўныя кнігарні. Не трэба лямантаваць і жаліцца, енчыць і стагнаць, а годна несці ўсё як мае быць! Калі ў бацькі згарэла хата, і ён хацеў пажаліцца, мама яму сказала: "Колечка! У цябе ёсць дзеці, яны табе дапамогуць! Толькі чалавека не можна перастварыць нанава."
Але можна і чалавека! Калі клетка жывая, то і чалавек можа стаць здаравейшы. У мяне ёсць даследванне "Псіхілагаічныя прычыны фізічных захворванняў". Чалавек здаравее на любові, на дараванні, на прабачэнні, на дабразычлівасці.
- Вы дапамагалі ў аздараўленні дзяцей за мяжой. Як пачалося Ваша супрацоўніцтва з ірландцамі, адлюстраванае ў "Ірландскім дзённіку"?
- У 1993 годзе, калі пачалі засноўваць розныя фундацыі ў дапамогу дзецям Чарнобыля, унучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч стварыла фонд "Сакавік", і мы пайшлі працаваць у фонд. На працягу многіх гадоў я працавала з ірландскай арганізацыяй Kilbeggan Friends of Belarus з горада Кілбэген графства Вестміт па аздараўленні беларускіх дзяцей: дзяцей-інвалідаў, сірот з розных школ-інтэрнатаў, а таксама са звычайных сем'яў. Я вазіла дзяцей ў Італію, Ірландыю, Уэльс на працягу 20-ці гадоў.
У Ірландыі першы раз я пабывала летам 1997 года, калі з групай беларускіх дзяцей адпачывала ў невялічкім ірландскім горадзе Мільтаўн-Мэлбі ў графстве Клер. Жыла я ў сямідзесяцігадовай Бэры Фокс, цудоўнай, па-мацярынску клапатлівай, незвычайна добрай і рухавай. Гатавала яна так, што праз месяц у Менск я прыехала на пару кілаграм круглейшай. Тады я яшчэ не здагадывалася, што гаючымі былі не лекі і прадукты, а любоў і дабрыня, якіх так шмат у сэрцах ірландскіх людзей.
Вочы беларускіх дзяцей свяціліся радасцю, знік з твару адбітак адчаю, суму. У Ірландыі мы адчувалі на сабе дэмакратычны стыль выхавання, бачылі свабоду ў дзеянні. Там мы праходзілі навуку дапамагаць іншым і быць валанцёрамі. Мы бачылі сем'і з вялікай колькасцю дзяцей і вучыліся разумець іх. Там мы вучыліся верыць і любіць.
У 2003 годзе я зноў трапіла ў Ірландыю па запрашэнні сяброў з Кілбэгена і ўжо магла ўсвядоміць, як многа значыць сяброўская рука дапамогі, сяброўскае слова падтрымкі.
- У Вашым жыцці важнае месца займае творчасць. Вершы і песні нараджаюцца з любові да блізкіх асобаў?
- Пісаць вершы я пачала з 1 курса, на жаль, захавалася не шмат. З 2009 года пішуцца песні, у асноўным, прысвячэнні людзям - сябрам, зяцю, сваім сватам. Да сустрэчы з выпускнікамі сваёй школы напісала верш пра родную вёску. Дзятлаўскаму святару Алегу чытала ў касцёле верш. Дачушцы Юліі прысвяціла некалькі вершаў і эсэ "Эфектыўныя бацькі".
На залатое вяселле стрыечнай сястры напісала вітальныя словы. Цётцы Алене на гадавіну адыходу з жыцця (не дажыла да 93) прысвяціла верш. Другая цётачка сказала: "Ты мне таксама напішы, я хачу пакінуць сваім сынам". Калі рыхтавалася да свайго 60-годдзя, узгадвала ўсё, пісала аповеды пра дзяцінства, пра сям'ю, усё сабрала ў альбомы. Важна і дзецям паказваць прыклад. Дачка таксама паспела шмат чаго зрабіць, яна працуе рэжысёрам у "Белтэлерадыёкампанніі". Пішу для студэнтаў на стэнды для псіхалагічнай асветы, у вершаванай форме тэма лепш зразумелая. Калі вучылася на псіхолага, то адказвала вершамі.
- У Вас ёсць яшчэ шмат захапленняў?
- Мае хобі: люблю спяваць і танцаваць; пішу апавяданні пра свой радавод; пішу вершы і песні; займаюся арганізацыяй і правядзеннем імпрэз на беларускай мове, у тым ліку беларускіх вяселляў з захаваннем этнаграфічных асаблівасцяў. Люблю вандроўкі, кантакты з самымі разнастайнымі людьмі, работу. Умею афармляць прычоскі, накладваць макіяж і навучаю гэтаму іншых. Захоўваю здаровы лад жыцця, прапагандую валеалогію; люблю плаванне, настольны тэніс. Ахвотна займаюся хатнімі справамі, люблю гатаваць, шыць, рабіць закаткі. А самае галоўнае хобі - я люблю любіць, любіць усё і ўсіх, што мяне атачае.
Мама мяне прывучыла да веры. Я яшчэ больш умацавалася ў веры, калі біскуп Тадэвуш Кандрусевіч бежмаваў нас у Менску. Той падзеі прысвяціла верш аб сакраманце бежмавання, верш падзячны, напісала песню "Духу Святому", песню "Нашчадкам".
Гутарыла Эла Дзвінская. Фота аўтара: 1. Людміла Дзіцэвіч у працоўным кабінеце псіхолага. 2. На занятках у школе асобаснага росту " ШАР".
ДЗЕНЬ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ПАМЯЦІ Ў ЛІДЗЕ
17 чэрвеня ў Лідзе ў чарговы раз адзначаны Дзень нацыянальнай памяці. Тры гады назад ініцыятыву адзначэння яго была перанята Беларускай праваслаўнай царквой.
Традыцыйна гэты дзень адзначаецца 14 чэрвеня і прымеркаваны да дзён памяці дзеячоў Беларускай незалежніцкай партыі Юльяна Саковіча і Леаніда Маракова, якія былі застрэлены АКА-ўцамі 13 чэрвеня 1943 года ў Васілішках (Юльян Саковіч быў забіты на месцы, а Леанід Маракоў быў смяртэльна паранены і памёр 14 чэрвеня).
Сёлета па тэхнічных прычынах 14 чэрвеня адзначыць Дзень памяці не атрымалася, а 17-га ліцію па загінуўшых за Бацькаўшчыну адслужылі па-беларуску айцец Уладзімір Камінскі - святар Свята-Георгіеўскага храма-помніка, каля якога знаходзіцца пахаванне Ю. Саковіча і Л. Маракова, і айцец Аляксей Глінскі.
Падчас ліціі згадваліся і іншыя імёны, у тым ліку і імя Кіпрыяна Кандратовіча - міністра БНР, імя Ларысы Геніюш, на чые 105-я ўгодкі праз паўтара месяцы нехта з лідскіх святароў абавязкова наведае Зэльву.
У Свята-Георгіеўскім храме вялікая ўвага надаецца беларускасці, і хоць рух да беларускай мовы вельмі павольны, але ён ёсць. У іншым справа выглядае вельмі прыстойна - шырока выкарыстоўваецца выява крыжа Ефрасінні Полацкай. Крыж Ефрасінні Полацкай ад моманту рэканструкцыі храма знаходзіцца на вітражах на ўсіх вокнах. Навіной стала, што і бланкі царкоўных запісак выкананы з ужываннем крыжа Святой Ефрасінні. Пакуль самі запіскі яшчэ надрукаваны па-расейска-царкоўна-славянску, але прысутнасць Крыжа робіць іх беларускімі, прынамсі па сутнасці.
Нельга не нагадаць, што менавіта на гэтым храме ўстаноўлены медальён гетману найвышэйшаму Канстанціну Астрожскаму.
Яраслаў Грынкевіч.
Ушанавалі памяць паэта
... О Беларусь!
Старонка дарагая
Мне без цябе -
як дрэву без вады...
Леанід Якубовіч.
(21.03.1948 - 08.06.1970 гг.)
Леанід Яўгенавіч Якубовіч нарадзіўся і жыў у вёсцы Радкаў Старобінскага (цяпер Салігорскага) раёна Менскай вобласці.
Працаваў паштальёнам, літсупрацоўнікам у Салігорскай раённай газеце "Шахцёр" і рабочым у шахце Другога калійнага камбіната, з 1967 года вучыўся завочна на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
8 чэрвеня 1970 года трагічна загінуў у шахтавым ствале 2 СКК (цяпер Другое рудакіраванне ААТ "Беларуськалій").
Леанід Якубовіч вельмі любіў жыццё, свой родны кут, сваю сінявокую Беларусь і сваю цудоўную родную мову, на якой пісаў пранікнённыя лірычныя вершы, што друкаваліся ў мясцовым і ў рэспубліканскім друку. З нагоды трагічнай смерці таленавітага паэта з шахты ў газеце "Літаратура і мастацтва" ад 12 чэрвеня 1970 года быў надрукаваны некралог падпісаны беларускімі паэтамі і пісьменнікамі Міколам Аўрамчыкам, Анатолем Вярцінскім, Нілам Гілевічам, Еўдакіяй Лось і Аляксеем Кулакоўскім.
У Салігорску журналісты ў мясцовым друку, работнікі раённай бібліятэкі і прыхільнікі творчасці вясковага лірыка, паэта Леаніда Якубовіча пастаянна ўшаноўваюць яго памяць.
8 чэрвеня 2015 года сябры Салігорскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Уладзімір Масакоўскі, Мікола Шаравар і Ніна Ярмалінская з нагоды 45 - ай гадавіны з дня трагічнай гібелі Леаніда Якубовіча ўшанавалі яго памяць паездкай у вёску Радкаў з ускладаннем жывых кветак на магілу паэта.
Лёс адвёў таленавітаму паэту ўсяго 22 вясны, але памяць пра Леаніда Якубовіча будзе жыць у нашых сэрцах і ў яго вершах.
Уладзімір Масакоўскі, г. Салігорск.
ГАРОХ ПРЫ ДАРОЗЕ
Паміж пустак балот
і ліхіх гадзін,
Між драпежнай Еўропай
і Азіяй
Рэхам крокі вякоў,
што ў нябыт адцяклі...
…Там шэпт
патрачаных былін,
Духмяны хлеб на ручніках
І той стары замшэлы тын…
Старэнькі ЛАЗ натужна гуў рухавіком, брынчаў і ляскаў усім сваім гаротным нутром, але ж зацята і нястомна прадзіраўся скрозь жнівеньскую спёку па маршруце Масты - Багатырэвічы.
Я сядзеў на адзінокай сядушцы збоку, прытрымліваў два заплечнікі - задумаўся.
Коля размясціўся насупраць, хутка стаў цэнтрам увагі маладой кампаніі: расказваў анекдоты, кур'ёзныя выпадкі; тут так заразна смяяліся, што пажылыя людзі, якія сядзелі наперадзе, часта адварочваліся назад, таксама ўсміхаліся і ківалі ад здзіўлення галавой.
У Колі талент - быць душой кампаніі: з хітрынкай прастадушны, яскрава шчыры і кемлівы, на першы погляд несур'ёзны, але за знешняй несур'ёзнасцю хавалася натура творчая і разважлівая, пры тым тонкая, добрая і душэўная. Таксама сябруючы з гумарам, я, бывала, прымаў актыўны ўдзел у гутарцы, і тады на мясцовай трасянцы разыгрываўся тэатр. На гэты раз Коля змагаўся адзін. Мяне апанавалі ўспаміны. З Колем мы ехалі на месца апошняга прыстанішча паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Ехалі да дзеда Мікулы.
У дзяцінстве, у час школьнага паходу на Нёман, дзед Мікула, у якога затрымаліся на начлег, распавёў гісторыю на першы погляд казачную. Нібыта паўстанцы нешта важнае схавалі перад тым, як былі разбітыя царскай арміяй. Схавалі дзесьці на тэрыторыі маёнтка пана Камінскага.
Каб схованка не трапіла ў чужыя рукі, каб данесці праўду нашчадкам, пра яе ведаў толькі адзін паўстанец. Месца сховішча перадавалася з пакалення ў пакаленне, нібы спадчына, толькі аднаму надзейнаму чалавеку. Паўстанец гэты быў прапрадзед дзеда Мікулы. Ён гаварыў унуку - бацьку дзеда Мікулы, што ёсць схованка паўстанцаў і, калі прыдзе час, пакажа тое месца. Здарылася так, што бацька пагнаў плыты ў Прусію, а прапрадзед нечакана памёр. Потым, дзесьці ў пачатку 60 гадоў, калі саджалі калгасны сад у Багатырэвічах, сам дзед Мікула, капаючы чарговую ямку для яблынь, натрапіў на нейкае скляпенне. Прыкмеціўшы месца, вырашыў у вольны час пакапаць тут глыбей, але ж у клопатах сялянскага жыцця вольнага часу так і не знайшлося. Потым сад вырас, і месца забылася.
Мы ехалі з мэтай адшукаць скляпенне. Я маўчаў, перакручваў у памяці дзяцінства, школьныя гады, першае ўражанне ад блізкага знаёмства з Нёманам. Помніцца, калі перапраўляліся на лодцы на другі бераг, набілася нас столькі, што лодка па край борта схавалася ў ваду. Мясцовы рыбак, вопытны і адважны, нікога не высадзіў, толькі папярэдзіў: "Сядзець ціха". Мы і зусім прыціхлі, калі на сярэдзіну Нёмана выплылі. Потым плавалі ў затоцы, варылі юшку.
Успомніўся нядаўні выпадак з аварыяй, калі згубіў прытомнасць і, вярнуўшыся, як кажуць, з таго свету, я, напэўна, трошкі змяніўся, стаў больш маўклівы. Пасля аварыі стаў заўважаць нешта, што не ўкладвалася ў рамкі звычайнай логікі. Успаміналася, як аднойчы на мясцовы лес наляцеў віхор, смерч. Вецер выкарчаваў і паламаў шмат дрэў. Сярод буралому жудасна ўпіраліся ў неба аголеныя, паламаныя ствалы хвоек. І тут упершыню прыйшло пачуццё, што я гэта ўжо бачыў. Напружыўшы памяць, успомніў, што бачыў гэта за дзень-два да буры. Успаміналася, як мроіліся блікі, прывіды сярод дрэў нечага страшна паламанага. Потым прывіды, нібыта цені, пачалі даймаць мяне часцей і часцей. Складвалася ўражанне, што трапіў у вузел часу, дзе будучае пераплятаецца з мінулым, дзе прысутнічае нешта незразумелае, нешта, што не магчыма растлумачыць, як кажуць, анамальнае. Але ж на анамальныя летуценні і прывіды я стараўся не звяртаць увагі і нікому не паведамляў - успрымуць, як набытак кантужанай псіхікі.
Ехаць у Багатырэвічы настаяў Коля. Ён у Гудзевіцкім краязнаўчым музеі адшукаў усё магчымае пра паўстанне Каліноўскага і амаль сілай зацягнуў мяне ў гэтую экспедыцыю. Я не цешыўся надзеяй адшукаць сховішча, ехаў трошкі адпачыць, пабыць сярод прыроды і, чаго грэх таіць, у рэшце рэшт вырашыў прыгледзецца і прааналізаваць усе неверагодныя і відавочныя абставіны, разабрацца ў гэтым асабістым анамальным. Стараўся абхапіць свядомасцю непрыкметныя абрысы і пачуцці, трымаць у полі зроку дробязі, на якія ў мітусні жыцця не звяртаеш увагі.
Аўтобус праехаў скрыжаванне Чарлёна, дзе калісьці да вайны быў аэрадром, і ўжо пад'язджаў да новага луненскага моста. Праплывалі шэрыя ад пылу прыдарожныя кусты і дрэвы, вецер заносіў у адкрыты люк зверху пах бітуму ад нагрэтага свежага асфальту, дарога пачала падымацца па насыпе ўверх, на мост. Вось-вось мільгане хуткая плынь Нёмана. Раптам у аўтобусе ззаду, дзе рухавік, нешта моцна загрукатала, у салон паваліў сіні дым. Аўтобус па-маленьку спыніўся, але рухавік не замоўк, а яшчэ мацней загрукатаў. Старэйшыя людзі, асабліва пажылыя жанчыны, кінуліся ў адчыненыя пярэднія дзверы. Нейкая тоўстая Пэлька завязла ў дзвярах. Падняўся гвалт:
- Ой, божухна, гарым! Пусціце!...
- Ратуйце!...
- Пэлька, каб цябе трасца, вылазь хутчэй!
Коля выйшаў праз свабодныя заднія дзверы і падаўся ўперад каб дапамагчы.
Моладзь ззаду працягвала сядзець, не гледзячы на дым, толькі нейкі белабрысы хлапец адкрываў вокны, раздражнена злосна закрычаў:
- Ды заглушы ты матор! - і ўжо спакойна, нібыта апраўдваючыся, дадаў, - незнарок Пэльку задушаць.
Бабкі паціху супакоіліся, выйшлі з аўтобуса, уздыхалі, ахалі, баязліва азіраліся.
Хтосьці пачаў жартаваць:
- Пражылі век, а паміраць баяцца, вунь маладым - хоць бы што.
Памалу з аўтобуса выйшлі апошнія пасажыры.
Кіроўца, пакорпаўшыся ў рухавіку, заявіў:
- Усё, далей не паедзем.
Падышоў Коля, запытаў:
- Што рабіць будзем? Там у яго выкідны калектар лопнуў, і частка адвалілася.
Я адказаў, не задумваючыся, неўсвядомлена, машынальна:
- Пасярэдзіне гэтай ракі адказ на тваё пытанне. Пойдзем на мост, а там прыкінем.
Закінуўшы заплечнікі, паволі рушылі.
Уздоўж дарогі пацягнуліся людзі з аўтобуса, пажылыя, маладыя, кучкамі і па адным.
Моладзь замарудзіла ля аўтобуса, трошкі адстала. Нечакана каля іх спыніўся трактар, які ехаў спадарожна. Малады трактарыст (відаць, пазнаў сваіх землякоў), высунуўшыся з трактара, закрычаў:
- У каго ёсць закурыць?!
Моладзь загаманіла, пачуліся галасы:
- Сашка, падвязі!
Для трактарыста Сашкі не існавалі правілы дарожнага руху. Хутка ўсе маладыя людзі сядзелі ў прычэпе, а трактарыст з цыгарэтай у зубах, такі важны і бадзёры, ліха крануўся і папёр па мосце, але нечакана кінуў руль і замахаў каля твару рукамі. Як аказалася, сунуў цыгарэту ні тым канцом у рот і апёк язык. Трактар, пазбавіўшыся ад рук спяца-трактарыста, стукнуўся пярэднім колам аб правы бардзюр і рэзка павярнуў налева. Перасёк сустрэчную паласу і ўрэзаўся ў левы бардзюр, падскочыў і спыніўся, але не заглох.
Я, прапусціўшы Колю ўперад, у гэты момант азірнуўся, кінуў развітальны погляд на аўтобус і цяпер ужо з жахам назіраў за разгортваючай драматычнай сцэнай, пра сябе зазначыўшы: "Гэта ж добра, што сустрэчнай машыны няма і бардзюр высокі."
Сашка, як шкадівы кот, хуценька вывернуў руль і выехаў на сваю паласу руху. Не гледзячы на перапалох, ніхто з прычэпа не злез. Хлопцы на прычэпе дапамагалі падняцца дзяўчатам, чуліся галасы: "Яму толькі дровы вазіць". Той жа белабрысы хлопец, што адчыняў вокны ў аўтобусе, з гумарам тлумачыў: "Мост высокі. Трактарыст ад жаху да поручняў прытуліцца хоча."
Трактар з прычэпам, загружаны не дровамі, праехаў каля мяне і ўжо "асцярожна" рушыў па мосце.
Коля загледзеўся на наваколле, відаць моцна захапіўся краявідамі і на дарогу не звяртаў увагі. Пасярэдзіне маста прыпыніўся, абапёршыся на поручні, разглядваў берагі Нёмана.
- Ну вось, глядзі, - я падышоў і таксама прыпыніўся. - Багатырэвічы ўніз па цячэнні. Правым берагам бездарожжа кіламетраў пятнаццаць будзе. Левым берагам па дарозе, напэўна, трошкі больш.
Коля моўчкі глядзеў на правы бераг, парослы лесам, потым кінуў позірк налева, дзе на другім беразе сярод дрэў праступалі дахі хат мястэчка Луна.
- Вось каб лодку, - прамовіў ён, гледзячы на ваду.
Я таксама задумаўся пра лодку. Лодку кінь на ваду і адпачывай, захапляйся дзівоснымі краявідамі, рака сама цябе прынясе да месца прызначэння. Раней надзімныя гумавыя лодкі былі ў пракаце, але гэта было раней, цяпер усё стала прападаць. (Наша экспедыцыя выпала на момант перабудовы і плюралізму, калі бюракратаў было больш, чым народу, і на прасторах вялікай, цяпер ужо легендарнай дзяржавы, усё гублялася і прападала).
Трошкі падумаўшы і разважыўшы, прапанаваў:
- Пойдзем левым берагам, там дарога, глядзіш - спадарожна што натрапіцца.
- Скажыце, калі не сакрэт, куды вы ідзеце?
Мы з Колем адарвалі позірк ад вады і даволі сінхронна павярнуліся. Стаяла дзяўчына. Па выразу Колі, "усе мы трошкі ад ветру, некаторыя яшчэ і ад туману", а тут…. Дзяўчына як дзяўчына, толькі ў абліччы праступала нешта ад прастаты і наіўнасці, нешта вельмі лёгкае, кволае, недарэчнае, нешта адарванае ад рэальнага існавання. Хацелася адказаць, але не было слоў, тых слоў, якімі можна завязаць гаворку і не пакрыўдзіць такога чалавека.
- Па праўдзе кажучы, сакрэт, але вам адкрыемся, усё раскажам, як на споведзі - ідзём капаць скарб, - змоўніцкі прамовіў Коля.
- Вы смяяцеся, а я сур'ёзна.
- Мы таксама сур'ёзна, - я яшчэ раз змерыў позіркам дзяўчыну, між волі ўсміхнуўся і дадаў: - Ведаеце, сталыя палітыкі ў сваіх мемуарах часта прызнаюцца, што ў большасці людзей схільнасць верыць хлусні, а калі кажаш праўду, не вераць. Вы, напэўна, падпадаеце пад гэту большасць?
- Скарб - гэта цікава. Вазьміце мяне з сабой.
У вачах, у абліччы дзяўчыны адчувалася разгубленасць, няўпэўненасць, але ж разам з тым непрыкметна ўжо праступала бескампраміснае рашэнне, нейкая незразумелая неразважная настойлівасць.
- Чаму ж не ўзяць, але шукаць скарб - справа вельмі тонкая. Скарб у рукі даецца толькі святым людзям. Напрыклад, Васю. Пазнаёмцеся, Вася, - Коля паказаў рукой на мяне, - а я - Коля.
- Іна, - прамовіла дзяўчына, трошкі прысеўшы.
- Дык вось, Васі, сінод праваслаўнай царквы дазваляе пісаць абразы. А мне…- Коля раптам змоўк, азірнуўся, нібыта ў роспачы і страсе перад адкрыццём вельмі важнай таямніцы.
Манера размаўляць з прастадушнай недамоўленасцю, пры гэтым непрыкметна сачыць за тым, чым цікавіцца апанент, мае рацыю пры небяспечных абставінах у кампаніі з хітрымі незнаёмымі людзьмі. Тут жа ўсё наадварот. Нават на першы погляд было зразумела, што Коля зацікавіўся спадарожніцай і хоць знешне трымаўся з напускною абыякавасцю, у вачах ужо блішчэлі гарэзлівыя агеньчыкі ашуканца.
Дзяўчына ў разгубленасці маўчала, потым, уздыхнуўшы, прамовіла:
- Я маляваць умею, але пісаць абразы мяне ніхто не вучыў.
- Пісаць абразы навучыць немагчыма, - сур'ёзнасць спадарожніцы, ды і сама тэма, патрабавалі павагі, і я спантанна перайшоў на сур'ёзны настаўніцкі лад, - да гэтага трэба прыйсці самому. Трэба вырасціць, выхаваць унутры, у душы нешта вельмі добрае, светлае, як кажуць, вырасціць Бога, тады ўсё , што ні зробіш, - абраз.
- Давай возьмем, - трошкі памаўчаўшы, прапанаваў Коля і прадоўжыў, - помніцца ў святым пісанні гаворыцца, што тры лепш, чым два.
- Куды возьмем?
Паламаны аўтобус, бесшабашны трактарыст, недарэчныя здарэнні, а тут яшчэ гэтая дзяўчына. Адкуль яна ўзялася? Уся моладзь на прычэпе паехала. Настрой у мяне быў няважны, і прамова атрымалася калючай: "Як гэта можна ехаць абы-куды і потым, нічога не ведаючы, кудысьці прасіцца".
- Я не абы-куды, я да цёткі еду.
- А дзе жыве цётка? - запытаў я ўжо больш спакойна.
- Там, - Іна махнула рукой уніз па цячэнні.
Коля павярнуўся да Нёмана, нібыта хацеў убачыць цётку.
- Нам таксама туды.
- А ну вас, - я паправіў заплечнік і пайшоў па мосце.
Іна і Коля ішлі следам.
- Ён у нас кіраўнік экспедыцыі, а кіраўнікі трэба, каб былі сур'ёзныя, - не сунімаўся, ідучы следам, Коля.
Я слухаў, як стукаюць абцасікі дзяўчыны, думаў: "Куды ж гэта можна прыйсці на такіх абцасах, і навошта ехаць у вёску ў такім абутку? Навошта гэты выпадак з аўтобусам? Нешта не тое робім? Рана калупацца ў мінулым? Ці перш, чым калупаць, трэба добра разглядзець наваколле? Ну, што ж - разглядзець наваколле ёсць рацыя, разам з тым адчуць нашу расхлябанасць, абыякавасць і бяспечнасць."
За мостам па насыпе спусціліся ўніз на старую луненскую дарогу.
Тут Іна прапанавала:
- Давайце заплечнік, дапамагу несці.
Я спыніўся, шукаючы словы ў адказ. Потым прамовіў з ноткамі сарказму, ад раздражэння трошкі неўпапад:
- Прабачце, калі ласка, мне заплечнік несці за радасць, не магу не нацешыцца, - і пра сябе падумаў: "Хутка цябе прыйдзецца несці." Падумаў і спахапіўся: "Чаго злаваць? У такіх людзей ёсць нешта ад Бога, з імі запланаваная справа можа спорыцца, а можа, наадварот. Гэта ж цікава. Унутраная патрабаванасць і прынцыповасць нечакана адышлі, змяніліся настроем душы, які характарызуе адзін трапны выраз "плыві па цячэнні". Пакуль у галаве круціліся розныя думкі, затрымаў позірк на плыні Нёмана.
Коля зняў заплечнік.
- Ты едзеш да цёткі. Можа, тапкі прыхапіла? - звярнуўся ён да Іны.
- Прыхапіла.
- Паказвай, - і Коля бесцырымонна палез у сумку. Між іншым, Іна не абуралася, а пачала дапамагаць.
Я ўздыхнуў, гледзячы, як яны капошацца ў сумцы, і пра сябе зазначыў, што стыхійныя абставіны выходзяць за рамкі тэорыі верагоднасцей. Калі пачынаеш запланаваную справу, дык стыхійныя абставіны павінны складвацца "за" і "супраць" з раскладам пяцьдзесят на пяцьдзесят. Выхад за рамкі такога паказчыка на мове матэматыкаў характарызуе тэрмін "умешваецца знешні фактар". Які тут знешні фактар - цяжка разабрацца, але што адхіленне пайшло ў бок "супраць" - відавочна.
У сумцы знайшліся тапкі, майка і штаны ад спартыўнага касцюма. Іна пераапранулася. Заднікі ў тапках Коля прарэзаў нажом і шнурам ад заплечніка прывязаў да ног. Рушылі далей.
Са словамі: "Калі нацешыцеся, скажаце", - Іна забрала ў мяне доўгі тонкі металічны штыр. Яна не ведала, навошта гэтыя прылада, але ўжо і не пыталася.
Прайшлі Луну, ішлі па дарозе ўздоўж Нёмана. Колю зноў, як прарвала, завёў размову пра паўстанне, пра Каліноўскага, што мы не ведаем сваіх землякоў, а яны былі смелыя хлопцы. З натхненнем паведамляў, што вакол вёсак Мінявічы і Багатырэвічы ў той час раслі дрэвы ў два абхваты. У гэтым лесе размяшчаліся паўстанскія палкі. У мясцовым маёнтку ўдзельнікі паўстання трымалі амуніцыю і прадукты. Найміты генерал-губернатара Мураўёва выявілі, што каля Мінявіч дзейнічаюць паўстанцы. Да Нёмана прыйшло вялікае войска. Многіх паўстанцаў забілі, многіх саслалі ў Сібір. У Мінявіцкім парку ў патаемным склепе схавана шмат зброі. "Вось каб знайсці сховішча, - услых марыў Коля, - зброю, канечне, аддамо ў музеі, асабліва ў Гудзевіцкі, але ж дзве шаблі я абавязкова вазьму сабе і павешу на сцяне ў хаце".
(Працяг у наст. нумары.)
Зміцер Грабавіцкі
Эйлат-Барысаў-Менск
У Менскай кнігарні "Логвінаў" адбылася сустрэча з беларуска-ізраільскім пісьменнікам Давідам Шульманам. Яго творчасць прадстаўлялі старшыня беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч і сябар Рады СБП Уладзімір Арлоў.
Габрэй літоўска-польскага паходжання, Давід Шульман, бадай што, адзіны пісьменнік ў Ізраілі, які піша творы на беларускай мове. Яго візітоўка ўтрымлівае на розных баках "Пагоню" і ізраільскую мінору (сямісвечнік). Д. Шульман - аўтар пяці кніг, дзвюх апошніх - на беларускай мове.
Новая кніга невялікіх апавяданняў і абразкоў носіць назву "З вялікай літары "Б". З папярэдняй кнігай, якая назывался "Дзе ўзяць крыху шчасця?", яны ўтвараюць два паралельныя тамы. Да гэтага выдання прадмову напісаў Валянцін Тарас. Аўтар адлюстроўвае ў апавяданнях драматычныя старонкі габрэйскай гісторыі, разважае над сэнсам быцця, піша на сямейныя тэмы.
- Новая кніга - пра Беларусь, пра Бярэзіну, пра Барысаў і пра вуліцу Берагавую ў ім, - сказаў нядаўна Давід Шульман, выступаючы ў горадзе свайго маленства. - У старым горадзе на вуліцы Дзяржынскага, ля моста, быў наш дом. Я ніколі не забываюся пра сваіх бацькоў, пра сваё дзяцінства. І, канешне, пра Барысаў, дзе нарадзіўся і рос. Тут на могілках у старым горадзе пахаваны мой бацька.
У Барысаве я вучыўся ў школе № 1, якой больш няма. Беларуская мова была са мной заўсёды, усё маё жыццё. Для мяне гэта шыкоўная мова. Размаўляць па-беларуску мне вельмі падабаецца. На жаль, амаль няма з кім, і я вельмі аб гэтым шкадую. Думаю, беларусы павінны гаварыць на сваёй мове. Я называю сябе "габрэйскі беларус".
Дваццаць чатыры гады пісьменнік жыве ў ізраільскім горадзе Эйлаце на беразе Чырвонага мора. Ён прыехаў на Радзіму, каб адпачыць, сустрэцца з роднымі і падзяліцца сваёй творчасцю.
Уладзімір Арлоў з цеплынёй узгадаў юначыя гады, калі чуў размовы суседзяў на ідыш ў родным Полацку, прыгадаў сяброўства з габрэйскімі паэтамі і пісьменнікамі. Лявон Баршчэўскі адзначыў падабенства апавяданняў Давіда Шульмана з матывамі Змітрака Бядулі і Ісака Бабеля. Сп. Баршчэўскі падзяліўся ўласным перакладам на беларускую мову вядомай песні "Тумбалалайка".
Э. Дзвінская , фота аўтара. На здымку: У. Арлоў і Д. Шульман на сустрэчы з чытачамі.
Пра лёс беларускай кнігі разважалі ў Слоніме
19 чэрвеня сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл сустрэліся з менскімі літаратарамі, бардамі і выдаўцамі. У Слонім на сустрэчу завіталі вядомыя ў Беларусі асобы Зміцер і Ўладзімір Коласы, Лявон Баршчэўскі, Уладзімір Сіўчыкаў, Андрэй Хадановіч і Зміцер Бартосік. Менскія госці прывезлі з сабой вязанку беларускіх кніг, сярод якіх шмат дзіцячай літаратуры, перакладной, кніг сучаснай паэзіі і прозы. Адкрыў сустрэчу слонімскі літаратар і гісторык Сяргей Чыгрын, які пазнаёміў слонімцаў з гасцямі. А потым выступалі Зміцер Колас і Ўладзімір Сіўчыкаў, якія расказалі пра выдавецкія справы, пра новыя кнігі і планы на бягучы год. Андрэй Хадановіч чытаў вясёлыя вершы і для дарослых, і для юных чытачоў. А Лявон Баршчэўскі прачытаў некалькі сваіх перакладаў з ангельскай мовы. Падчас сустрэчы адбылася і гутарка пра лёс беларускай кнігі, пра яе пашырэнне на тэрыторыі краіны, пра тое, што ў многіх райцэнтрах Беларусі адсутнічаюць кнігарні, з кожным годам у краіне становіцца менш і менш бібліятэк, беларускамоўных школ і класаў. Людзям у правінцыі немагчыма нідзе набыць беларускую кніжку. Гутарку пра кнігі суправаджаў бард Зміцер Бартосік. А сама сустрэча адбылася на панадворку прыватнай сядзібы на адной з гарадскіх вуліц Слоніма.
Барыс Баль , Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.
Аляксей Шэін: "Мы марылі мець трох сыноў"
Маладыя крэатыўныя бацькі на гэтым тыдні ў Менску шчыра дзяліліся кніжкамі для дзяцей з аўтографамі. Андрэй Хадановіч прапаноўваў вершаваную складанку "Нататкі для таткі" у кнігарні "Логвінаў", Глеб Лабадзенка падпісваў новы выпуск "Дзіцячай замовы".
Аляксей Шэін прэзентаваў у цэнтры Imaguru прыгодніцкі твор "Сем камянёў", у якім важнае месца займаюць пытанні веры, свабоды і любові. Праграма вечарыны была разнастайнай: акторы Купалаўскага тэатра Ганна Хітрык і Сяргей Рудзеня прачыталі адрыўкі з кнігі пра краіну Эферыю, якая нагадвае Беларусь. Мастак Раман Сустаў распавёў пра працу над вокладкай і ілюстрацыямі для кнігі. Для гасцей была прапанавана віктарына на веданне твораў прыгодніцкага, дэтэктыўнага і іншых жанраў беларускай літаратуры. За лепшы слоган, які заахвочвае шанаваць родную літаратуру быў уручаны спецыяльны прыз. Ініцыятыва "Альтанка для чытанкі" Таццяны Крыцкай займала дзетак вырабам каляровых закладак. Спявала Кацярына Ваданосава з музыкамі.
Дзецям Андрэя Дынько, якія ўжо прачыталі кніжку, прыпала да душы мова твора. Ёсць у ёй нешта няўлоўна прывабнае. У "Сямі камянях" дзецям падабаюцца старыя беларускія словы, раскіданыя па тэксце. Напрыканцы вечарыны мы пагутарылі з аўтарам новага фэнтэзі для падлеткаў Аляксеем Шэіным.
- Аляксей, мы ведалі Вас як аднаго з заснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Зараз Вы праявілі сябе як пісьменнік. Раскажыце, калі ласка, больш пра сябе.
- Я нарадзіўся ў Менску ў 1976 годзе. Праз тры гады мы пераехалі ў Гародню. Мая маці была журналісткай, ёй прапанавалі працу на абласным тэлерадыёцэнтры. Бацька таксама шмат чытаў. З дзяцінства я любіў чытаць прыгодніцкую літаратуру, захапляўся Жулем Вернам, марыў пісаць кнігі. У Гародні я скончыў школу з мастацкім ухілам. Потым ў 1991 годзе я паступіў у Менску ў ліцэй пры БДУ ў клас беларускай філалогіі і застаўся тут. Скончыў беларускае аддзяленне філфака БДУ. Займаўся журналістыкай, працаваў фрылансерам, рабіў у газеце "Літаратура і мастацтва" ў аддзеле публіцыстыкі пад кіраўніцтвам Барыса Пятровіча Сачанкі ў 1995. Потым працаваў у кампаніі Белапан.
-Як Вы прыйшлі да веры?
-На філфаку ў мяне было некалькі вернікаў студэнтаў. Яны выдзяляліся сярод іншых добрай вучобай і сяброўскімі адносінамі паміж сабой.
У цяжкі перыяд, калі ў мяне "пасыпалася" ўсё тое, што мне было дорага, я ўспомніў размовы з гэтымі людзьмі. Тады, у сваім інтэрнаце я стаў на калені і звярнуўся з просьбай: "Божа, калі ты ёсць, дапамажы мне, калі ласка". І я адчуў, што ёсць Бог, які мяне любіць. У той вечар да мяне зайшоў хлопец з 9-га паверха, сведчыў пра Бога і запрасіў у касцёл св. Роха на Залатой горцы. Зараз гэта грэка-каталіцкі святар у Лідзе, айцец Андрэй Буйніч.
З Паўлам Севярнынцам мы пазнаёміліся ў 1996 годзе. Мы жылі ў сёмым інтэрнаце БДУ на вул. Кастрычніцкай, толькі на розных паверхах. Абодва пачалі ўдзельнічаць у дзейнасці моладзевай фракцыі БНФ. Вясной 1996 года хлопец зайшоў у наш пакой і запрасіў на вулічную акцыю. Гэта і быў Павел. Праз год узнік "Малады Фронт".
Я далучыўся да супольнасці імя Яна Хрысціцеля ў касцёле Св. Роха на Залатой горцы. Праз некаторы час гэта супольнасць стала асобнай пратэстанцкай царквой "Ян Прадвеснік".
- Раскажыце, калі ласка, пра Вашу сям'ю.
- Мы з Наташай вучыліся разам на філфаку, былі знаёмыя 10 гадоў, але праходзілі міма. Да аднаго цудоўнага моманту, калі я ўбачыў Наташу ў нашай царкве іншым зрокам і паглядзеў на яе вачыма закаханага чалавека. Мы спадабаліся адно аднаму і ўзялі шлюб ў 2008 годзе. Калі мы сустракаліся перад вяселлем, абодва казалі: хочам, каб у нас было трое хлапцоў. Бог пачуў нашыя мары, нашыя ўяўленні, колькі б мы хацелі дзетак. Так у нас з'явіліся Якуб, Ян. Мы назвалі трэцяга сына Сымон (Шымон), што з дрэўнегабрэйскай мовы перакладаецца як "Бог пачуў".
Кніжку мы з Наташай прачыталі старэйшаму сыну Якубу, яму 6 гадоў. Ён упрасіў перачытаць яшчэ раз увесь вялізны раман. Мы былі трохі здзіўлены, што ў такім узросце яму было займальна. Дзеці маіх сяброў самастойна адолелі кнігу і сказалі: " Дзядзя Лёша, пішыце яшчэ, бо вельмі цікава!". Адна жанчына пенсійнага ўзросту, якая хадзіла да мяне на курсы "Моваведа", сказала, што як раз у такім узросце ёсць час чытаць такія кнігі. Спадзяюся, што дзеці, падлеткі і дарослыя кнігу з задавальненнем прачытаюць.
- Хто для Вас аўтарытэт у беларускай літаратуры?
- Як гэта не банальна, я люблю Быкава і Караткевіча. Караткевіч моцны як белетрыст, паэт і празаік. Вельмі падабаецца паэзія Максіма Багдановіча. Я хацеў бы, каб з'яўлялася добрая прыгодніцкая літаратура ў розных жанрах (фэнтэзі, дэтэктывы), якасная беларускамоўная белетрыстыка. Тут дзялянка яшчэ не дапрацаваная.
Я бачу, што ёсць шмат людзей ў хрысціянскіх супольнасцях, якія маюць пакліканне да творчасці. Некалькі гадоў мы праводзілі хрысціянскі літаратурны клуб. Я стараўся заахвоціць людзей з розных цэркваў, каб яны свае таленты не зарывалі ў зямлю.
Э. Дзвінская, На здымках: 1. А. Шэін прадстаўляе новы твор. 2. Аляксей і Наталля Шэіны з дзецьмі.
Жыве Беларусь на Лідчыне
12 чэрвеня намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны Сяржук Чарняк выступаў на выпускным вечары ў Лідскім ліцэі. Калі ён, улічваючы момант, спакойна закончыў выступ і сыходзіў у залу, насустрач прагучала:
- А чаму Вы нам не сказалі "Жыве Беларусь"?
13 чэрвеня ў лідскім Паўднёвым гарадку прымалі прысягу маладыя жаўнеры. З 68 чалавек каля 5 прынялі прысягу на беларускай мове. Як сказаў адзін з афіцэраў, ніхто цяпер гэта не забараняе. Праўда, мабыць, ніхто і не заахвочвае. Усё ідзе "самапасам", па ўласнай ініцыятыве, але ж ёсць тая ініцыятыва, хоць і не масавая.
14 чэрвеня старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны Станіслаў Суднік і яго намеснік Сяржук Чарняк выступалі ў школьным летніку "Эрудыт" для найбольш адораных дзяцей у пасёлку Дзітва Лідскага раёна. Адбылася прэзентацыя часопіса "Лідскі летапісец". Станіслаў Суднік распавёў пра выданне, правёў невялікую віктарыну, падчас якой дзеці павінны былі адгадаць месцазнаходжанне гістарычных аб'ектаў, фатаграфіі якіх змешчаны на вокладках часопісаў. Потым С. Суднік прачытаў свой "Спеў пра Міхайлу Гілігінавіча", ваверскага баярына, удзельніка Грунвальдскай бітвы, балазе тая самая Вавёрка ці Ваверка знаходзіцца зусім недалёка, праўда на другім беразе Дзітвы.
Сяржук Чарняк спяваў патрыятычныя песні, а пасля развучваў з дзецьмі папулярныя сярод моладзі беларускія гіты. І трэба адзначыць: многія дзеці ведаюць словы.
Удзельнікам сустрэчы былі раздадзены буклеты ТБМ, і кожнаму, хто прыйшоў па аўтограф, Станіслаў Суднік напісаў на буклеце: "Жыве Беларусь!"
Калі б вось так і паўсюль са дня ў дзень змаглі прабівацца хоць кволыя парасткі Беларушчыны, то нешта, пэўна, памянялася б.
Яраслаў Грынкевіч. На здымках: 1. Спявае Сяржук Чарняк. 2. Удзячныя слухачы з летніка "Эрудыт".
Адукацыйныя паслугі
Школа асобаснага росту "ШАР". Псіхолаг Людміла Дзіцэвіч.
Семінар - трэнінг " Лячэнне псіхатраўм метадамі імплазіўнай тэрапіі" 26 чэрвеня ў 18.00 ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13.
У праграме семінару-трэнінгу:
1. Сутнасць імплазіўнай тэрапіі.
2. Віды імплазіўнай тэрапіі: уяўленне, віртуальнасць, рэальнасць.
3. Пазбаўленне ад страху метадамі імплазіўнай тэрапіі.
4. Пазбаўленне ад гневу і іншых негатыўных эмоцый метадамі
імплазіўнай тэрапіі.
5. Пазбаўленне ад шкодных звычак метадамі імплазіўнай тэрапіі.
6. Выкананне гульняў і практыкаванняў для замацавання.
Для кантактаў:
сл. тэл. (+375 17) 327-60-88, х.тэл. (+375 17) 281-04-35,
МТС (+375 29) 769-29-78, velcom (+375 29) 960-14-53
e-mail spadarl yandex.ru
Заняткі ў Школе асобаснага росту "ШАР" праходзяць кожную 2-ю і 4-ю пятніцу месяца а 18-ай гадзіне (звяраць з абвесткамі) у сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13.
"Верасень" прэзентавалі ў "Лясным"
16 чэрвеня ў школьным аздараўленчым лагеры "Лясны" Слонімскага раёна вучні і настаўнікі сустрэліся з беларускімі літаратарамі Леанідам Дранько-Майсюком, Эдуардам Акуліным і Сяргеем Чыгрыном. Падчас сустрэчы адбылася першая прэзентацыя № 12 літаратурна-мастацкага часопіса "Верасень". № 12 "Верасня" нядаўна выйшаў з друку. Ён багаты на вершы, прозу, пераклады, публіцыстычныя эсэ. Сяргей Чыгрын сказаў, што свежы нумар "Верасня" адметны тым, што ў ім апублікаваны вершы малавядомага паэта Заходняй Беларусі з вёскі Юхнавічы Слонімскага павета Леаніда Клёна, які за беларускія справы сядзеў у турмах, захварэў на сухоты і памёр ва ўзросце 21 года. Часопіс апублікаваў яго вершы. Леанід Дранько-Майсюк чытаў свае паэтычныя радкі, а таксама разам са школьнікамі і настаўнікамі выконваў асобныя строфы пра Беларусь. Эдуард Акулін пад гітару праспяваў некалькі лірычных песень, прачытаў свае новыя вершы. Вельмі цікавай атрымалася гутарка літаратараў з настаўнікамі і вучнямі, якія задавалі пытанні гасцям, а таксама адказвалі і самі на пытанні пісьменнікаў. Сустрэча сябрам "Ляснога" запомніцца на доўга. Аб ёй будуць нагадваць і аўтографы на кнігах аўтараў.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён. Фота аўтара.
Ала Петрушкевіч прэзентавала "Старонкі Гарадзеншчыны літаратурнай"
17 чэрвеня ў Гародні, у мясцовай бібліятэцы імя акадэміка Яўхіма Карскага, прайшла прэзентацыйная вечарына новай кніжкі пра літаратурныя працэсы Панямоння. Назва кнігі аўтарства сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Алы Петрушкевіч "Старонкі Гарадзеншчыны літаратурнай". Пра аўтара кажа прафесар Аляксей Пяткевіч:
- Яна і сама пісьменніца - і празаік, і паэтка. У кнігу, якую яна прэзентавала, увайшоў шэраг розных матэрыялаў. Вельмі цэласная тым, што яна аб'яднаная гарадзенскай пляцоўкай. І вельмі змястоўная, асабліва арыгінальнымі, змястоўнымі, прыгожымі, па-жаночы далікатнымі, назіраннямі літаратуразнаўцы, які піша пра літаратуру нашай Гарадзеншчыны. На імпрэзе ўдзельнікі пераканаліся, што такія навуковыя па форме кніжкі могуць знайсці ўдзячнага чытача. Для гэтага патрэбны толькі літаратурны талент, якім валодае Ала Петрушкевіч. У выкананні былых навучэнцаў Алы Петрушкевіч па ўніверсітэце гучалі вершы, песні на словы літаратараў, герояў прэзентаванай працы. А кніга выйшла ў выдавецтве "ЮрсаПрынт".
Якуб Сушчынскі , Беларускае Радыё Рацыя.