НАША СЛОВА № 30 (1233), 29 ліпеня 2015 г.
Зварот Сакратарыяту ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" да ўдзельнікаў прэзідэнцкай кампаніі
Шаноўнае спадарства!
Найважнейшы складнік нацыянальнай культуры і незалежнасці нашай краіны - беларуская мова - перажывае надзвычай складаны перыяд.
У сувязі з гэтым мы заклікаем усіх патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты ўключыць у свае выбарчыя праграмы наступныя пункты:
1. Прыняць Закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы.
2. Адкрыць у Мінску Нацыянальны ўніверсітэт імя Францішка Багушэвіча з выкладаннем усіх прадметаў на беларускай мове.
3. У кожным раённым цэнтры адкрыць школу або гімназію з выкладаннем усіх прадметаў на беларускай мове.
4. Вярнуць выкладанне гісторыі і геаграфіі ва ўсіх школах краіны па-беларуску.
Гэта будзе найлепшым спосабам сцвердзіць свой патрыятызм і праявіць сапраўдны клопат пра незалежнасць і культуру Беларусі.
Сакратарыят ТБМ.
22 ліпеня 2015 года
"Наш Грунвальд" у Дудутках
25-26 ліпеня ў музейным комплексе "Дудуткі" праходзіў VII міжнародны фестываль сярэднявечнай культуры і музыкі "Наш Грунвальд", прысвечаны 605-й гадавіне легендарнай Грунвальдскай бітвы.
Гледачы ўбачылі турніры збраяносцаў і рыцараў, спаборніцтвы лучнікаў і алебардыстаў, бугурт (масавая бітва), выступленне танцавальных калектываў, майстар-класы, старадаўнія гульні.
Цэнтральнай падзеяй фестывалю стала рэканструкцыя бітвы, якая адбылася 15 ліпеня 1410 года на ўзгорыстым полі каля мястэчка Грунвальд паміж войскамі Тэўтонскага Ордэна і войскамі саюзнікаў - Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага.
У рэканструкцыі бітвы ўзялі ўдзел прадстаўнікі клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы.
Канстанцін Чармошанцаў, навуковы супрацоўнік музейнага комплексу "Дудуткі" адзначыў:
- Фестываль "Наш Грунвальд" сабраў больш за 600 удзельнікаў з Беларусі, Украіны, Расіі, Літвы, Польшчы. Фестываль праходзіць сёмы раз, рэканструкцыя бітвы - традыцыйная. Прысвечана падзеям, якія адбыліся 15 ліпеня 1410 года пад Грунвальдам, калі войскі саюзнікаў Каралеўства Польскага і ВКЛ разграмілі кааліцыю Тэўтонскага ордэна і тым самым вызначылі дамінантнае становішча ў рэгіёне. Паколькі большая частка прадстаўнікоў ВКЛ была беларусамі, то мы справядліва лічым, што гэта мерапрыемства варта адзначаць не толькі ў Польшчы, але і ў Беларусі. І вось ужо сем гадоў так і робім.
БелаПАН.
175 гадоў з дня нараджэння Юльяна Крачкоўскага
Юльян Фаміч КРАЧКОЎСКІ (руск.: Ульян Фомич Крачковский; 25 ліпеня 1840, в. Азяты, цяпер Жабінкаўскі раён - 25 ліпеня 1903) - беларускі этнограф, фалькларыст, археограф.
Скончыў Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію (1861). Адмовіўся ад духоўнага сану, займаўся педагагічнай дзейнасцю. Працаваў выкладчыкам рускай мовы Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, інспектарам народных вучылішч Тульскай губерні і Віленскай навучальнай акругі, дырэктар Полацкай настаўніцкай семінарыі і Віленскага настаўніцкага інстытута, Туркестанскай настаўніцкай семінарыі. У 1884 высланы з Туркестанскай настаўніцкай семінарыі з-за выяўлення там падазроных беларускіх гурткоў. Вярнуўся ў Вільню, у 1888-1902 старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі. Бацька вядомага савецкага ўсходазнаўца І.Ю. Крачкоўскага (1883-1951). Пахаваны на Еўфрасіннеўскіх могілках у Вільні.
Аўтар "Нарысаў быту заходнерускага селяніна" (1869) - першага падрабязнага даследавання сямейных і каляндарна-аграрных абрадаў беларусаў і выхавання дзяцей, зборніка "Быт заходнерускага селяніна" (1873) з апісаннем беларускага вяселля, характарыстыкай абрадаў каляндарна-гадавога цыкла, дзе змешчана больш за 200 песень, 90 прыказак, некалькі народных паданняў і казак, звесткі пра народную медыцыну, народныя стравы і народны каляндар беларусаў, пра пахавальныя абрады. У працы выкарыстаны шматлікія крыніцы па беларускай этнаграфіі. Ю. Крачкоўскі складальнік 16-га і 20-га тома, аўтар прадмовы да іх і да 25-га тома Актаў Віленскай археаграфічнай камісіі. У 1900-1902 пад рэдакцыяй і з прадмовамі Ю. Крачкоўскага выйшлі 12-ы і 13-ы тамы Археаграфічнага зборніка дакументаў. Таксама Ю. Крачкоўскі аўтар прац "К истории старой Вильны" і "Топография г. Вильны в XVI и XVII века". Апублікаваў шэраг этнакрафічных артыкулаў у "Виленском сборнике", этнаграфічнага артыкул "Вясельныя абрады заходнерускіх сялян" (1868) у газеце "Виленский вестник", а таксама некалькіх артыкулаў па гісторыі царкоўнай Уніі і г.д.
Вікіпедыя.
125 гадоў з дня нараджэння Язэпа Рэшаця
Язэп РЭШАЦЬ (1890-1958), каталіцкі святар заходняга абраду, бенедыктынец, місіянер, доктар філасофіі і тэалогіі, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, вучоны, педагог, пiсьменнiк, драматург і публіцыст. У беларускiм друку выступаў пад псеўданiмам Я. Рушчанец.
Нарадзіўся 28.7.1890 г. у в. Рушчаны Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і беларусаў-католікаў: бацькi - Ян i Ганна (з дому Баброўскiх) Рэшацi. Скончыў Беластоцкую гарадскую гiмназiю (1910). У гэтым жа годзе паступіў у Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. На правах сябра ўваходзіў у культурна-асветны гурток беларускіх студэнтаў. Прадоўжыў вучобу ў Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме (1913-1919), які скончыў са ступенню доктара філасофіі і тэалогіі. Падчас побыту ў Вечным горадзе адначасова наведваў заняткі ў папскім Усходнім інстытуце (1919-1921) і ў Collegium Germanicum. Пасвечаны ў святары 2.12.1917 у Рыме. Пасля вяртання на бацькаўшчыну ў 1921 г. кароткi час служыў вiкарыем-кааператарам у Гародні. Працаваў у Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі на пасадзе прафесара філасофіі і апалагетыкі. Адначасова выкладаў патрыстыку ў мясцовым універсітэце імя Стэфана Баторыя і Закон Божы ў Віленскай беларускай гімназіі. Прымаў удзел у заходнебеларускім нацыянальна-рэлігійным жыцці. У складзе беларускай дэлегацыi ўдзельнiчаў у працы 5-га Унiяцкага кангрэсу ў Велеградзе (Чэхаславакiя, 20-24.7. 1927). Супрацоўнічаў з каталіцкімі перыядычнымі выданнямі ("Chryscijanskaja Dumka"). З прыходам на пасаду кіраўніка Віленскай дыяцэзіі біскупа Р. Ялбжыкоўскага пераведзены ў Беластоцкую настаўніцкую семінарыю, а пазней - на душпастырскую дзейнасць у в. Даўнары на Мазурах (з 1931). У 1938 г. выехаў у Паўночную Амерыку, дзе ўступіў у ордэн св. Бенядыкта ў абацтве св. Пракопа ў мясцовасцi Лайл, недалёка ад Чыкага. Памёр 15.2.1958. Адзін з відных тэолагаў і вучоных у гісторыі беларускага хрысціянскага руху XX ст. Аўтар рэлігійных і навуковых кніг "З Хрысьціянскай Аполёгэтыкі", "Сьвятыя", "Кароткі Катэхізм для Беларусаў-Каталікоў".
Вікіпедыя.
Алесь Каўрус: Чаму я выпісваю "Наша слова"?
Чарговы нумар штотыднёвіка (ад 8.07.2015 г.) засмуціў паведамленнем на першай старонцы.
"Знакамітыя", "слынныя" асобы, "рупліўцы"... Такімі эпітэтамі "Наша слова", як і "Роднае" слова", не скупіцца ганараваць тых, хто воляй лёсу звязаў сваё жыццё і працу з беларушчынай. Сярод іх толькі дыпламаваных спецыялістаў - дактароў і кандыдатаў навук, выкладчыкау ВНУ і настаўнікаў - напэўна не адна тысяча.
I ... "усяго па краіне" 684 падпісчыкі на газету "Наша слова". Ці ж гэта не экзамен на шчырасць, на грамадзянскую сталасць?
Але змагаю апалы настрой і чытаю далей: "90 гадоў з дня нараджэння Міхася Клышкі". Ужо? А, здаецца, не так даўно і я чытаў (рэцэнзаваў) яго рукапіс "Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў" перад здачай у друк. Добра, што сучаснікі не забываюцца на гэтую працу і яе аўтара.
I ўжо зусім неспадзявана бачу: "Лявону Юрэвічу - 50". Якому? Глянуў на фотаздымак, прачытаў даведку. Так, гэта і мой колішні студэнт. Успамінаючы яго, адчуваю, калі не віну, дык прыкраспь. Некалі я паказаў сябе экзаменатарам "строгім без меры" - паставіў яму "добра" па стараславянскай мове. Не ўбачыў у маладым чалавеку перспектыўнага навукоўцы. Суцяшае тое, што ён плённа працуе дзеля Беларусі, хоць і за яе межамі. Нездарма яго павіншаваў сваімі вершаванымі радкамі Янка Запруднік.
Інфармацыйнасць, псіхалагічная напоўненасць прачытаных старонак... То, можа, пакуль досыць мне, старому, чытання? Але ж во нешта новае прапануе Яўген Гучок: "Хай-рэ! Хайрэ-тэ!" Пэўна, апавяданне, бо тэкст прозай, аж на дзве газетныя старонкі. Дагэтуль я прывык бачыць (і чытаць) яго кароценькія строфы, радкі. Зірнуў пачатак - і ўжо не мог адарвацца.
На пытанні журналіста ў сувязі з выхадам на беларускай мове "Новага Запавету" адказвае перакладчык Анатоль Клышка. Гэты чалавек на Беларусі "вядомы амаль у кожнай сям'і". I ўсё ж Я. Гучок нагадвае звесткі пра шматгранную і вялікую працу А. Клышкі ў галіне філалогіі і педагогікі, каб, відаць, памацніць, пацвердзіць яго аўтарытэт, пазіцыі ў нехаванан спрэчцы з абаронцамі іншых варыянтаў перакладу "Новага дапавету".
Галоўны вывад, да якога падводзіць чытачоў (і апанентаў) А. Клышка: трэба дапільноўвацца адэкватнасці перакладу Евангелля - максімальна асэнсоўваючы ("асягаючы") тэкст арыгіналу і знаходзячы натуральныя, дакладныя лексічныя, граматычныя, стылістычныя сродкі беларускай мовы, паказвае гэта на яскравых прыкладах.
Грэцкай мовы я не ведаю, але прылучаюся да ацэнкі А. Клышкі перакладу асобных слоў, зробленага іншымі аутарамі і ім самім. У вачах чытача ягоныя заўвагі, меркаванні паўстаюць як навукова абгрунтаваныя (дарэчы "задзеены" асаблівасці грэцкай мовы), выклікаюць давер. У вялікай меры дзякуючы таму, што пераклад ажыццёўлены з грэцкага тэксту "паводле найаўтарытэтнейшага апошняга штутгарцкага выдання" (Я. Гучок).
Праблема, якую ўздымае і вырашае А. Клышка, актуальная не толькі для працы з рэлігіймнмі тэкстамі, але і ў цэлым для беларускай літаратурнай мовы, Прынамсі, іх разглядае і скіроўвае нас на сур'ёзны, адказны пошук.
Дазволю сабе спаслацца на асабісты аўтарскі досвед. Рэлігійную лексіку крыху закранаў і я: назвы святаў ( Ражджаство, Раство , і інш.), барадулінскае словаўжыванне ў творах духоўнай тэматыкі... А словы дабравесце, дабраславіць і падобныя змясціў у "Словакладзе" (2013). Выступіў (з М. Круталевічам) як аўтар дапаможніка для студэнтаў "Стараславянская мова" (2005).
Тэкст перакладу А. Клышкі (нават толькі паводле каментару) дапаўняе дадзеныя для выбару слова, яго варыянту. У адпаведнаці з імі лепш ужываць амін, госпад, ліхое (а не злое ), лячыць (а не цаліць ), грэцкі, Ісус, Ганна . Вартыя ўвагі прапановы слова агнец замяняць беларускім баранчык , а зваротак ойча радзімым словам татухна .
У гаворцы вакол праблемы - сувязь беларускай мовы з царкоўнаславянскай і стараславянскай - названа і маё прозвішча (ў пазітыўным плане). На жаль прыведзены прыклад, што словы волот і колокол дзеля нацання ўзвышанасці ў рускай мове перарабляліся ў влот, клакол - не з маіх тэкстаў. Тут нейкі недагляд (ці недачут).
Вось колькі думак (і пачуццяў) абудзіла і разварушыла знаёмства толькі з часткаю матэрыялаў аднаго нумара "Нашага слова".
Дык хіба можа абыходзіцца без гэтага выдання той, каго яно залічвае ў шэрагі сваіх прыхільнікаў?
Адзіная польская ліцэістка, якая здавала выпускны экзамен па лемкаўскай мове
Ганна Шмайда адзіная на ўсю Польшчу здавала экзамен па лемкаўскай мове.
Лемкі - этнаграфічная група ўкраінцаў, што жыве ў Бяскідах. Паводле апошняга перапісу, іх 10,5 тысяч. Яны гавораць своеасаблівым дыялектам.
Большасць лемкаў пераехала на Ўкраіну ў 1945-1946. Продкаў Ганны, як і ўсю рэшту лемкаў, у 1947 годзе выселілі з гор на ўзбярэжжа Балтыкі, каб знішчыць сацыяльную базу ўкраінскага незалежніцкага падполля Украінскай паўстанцкай арміі. З часам лемкі атрымалі магчымасць вярнуцца, але вярнуліся не ўсе.
Экзаменацыйная камісія апранула на іспыт святочныя нацыянальныя строі. Сёлета пісьмовы экзамен па нацыянальнай мове тут здавала толькі адна выпускніца.
Сяргей Гезга , Радыё Рацыя.
Добры дзень, паважаная рэдакцыя!
У № 27 "Нашага слова" быў надрукаваны артыкул сп. Яўгена Гучка "Хайрэ! Хайрэтэ!". Дзякую рэдакцыі і сп. Яўгену за ўзнятае пытанне і выказваю сваю падтрымку. Хачу таксама абмеркаваць некаторыя, ўжо дастаткова наспелыя пытанні рэлігійнай тэрміналогіі і выказаць ўласныя прапановы.
Адразу заўважу, што веравызнання я каталіцкага. Пераклад Дабравесця на беларускую мову для католікаў таксама мае, на мой погляд, свае хібы. У дадатак да сказанага ў вашым артыкуле, дадам яшчэ, што згодна з афіцыйнымі патрабаваннямі каталіцкай царквы рэлігійнае выхаванне павінна адбывацца на грунце і ў рамках нацыянальнай культуры. А калі так, то як у такім разе быць са словам "блага"?! У адносінах да ўсяго, што толькі існуе ў нашым свеце, гэтае слова ў беларускай мове мае выразна адмоўны сэнс, а вось што тычыцца Евангелля - Добрай весткі, раптам усё пераварочваецца з ног на галаву. Было дрэнным, стала добрым. Замест "дабраслаўлення" мы атрымліваем "благаслаўленне" - амаль што праклён па-беларуску. Ну як можна з гэтым пагадзіцца? I як такое становішча можна ўціснуць ў рамкі нацыянальнай культуры? Заўважу таксама, што замена "благаслаўлёны" на скарочанае "бласлаулёны", або "богаслаўлёны" як гэта іншы раз прапануецца, не мяняе сутнасці, а толькі надае слову бессэнсоўнасць. Спасылкі на тое, што, маўляў, так вырашыла тэрміналагічная камісія, якая, як мне помніцца, засядала ў Маскве (?) зусім не аргумент, калі ўсё тут пярэчыць логіцы і здароваму сэнсу. Калі не памыляюся, то на той час, калі працавала тэрміналагічная камісія, ужо існавала Біблія на беларускай мове (выданне 1992 г., Мінск). Пераклад зрабіў наш выдатны вучоны Васіль Сёмуха для аўтакефальнай праваслаўнай царквы Канады, ў якім словы "блага" і "дабро" знаходзяцца на сваіх месцах і ў рамках нацыянальнай культуры. Не верыцца, што сябры камісіі гэтага не ведалі. Таму, відавочна, гэта не філалагічная памылка, філалогія, хучэй за ўсё, тут ні прычым. Як, дарэчы, і нацыянальная культура. А што пры чым - застаецца толькі здагадвацца.
Адносна слова яўрэй ці іудзей маё меркаванне такое. Не варта ламаць язык ды чарговы раз прыстасоўвацца, каб некаму дагадзіць. Аж сорамна за такое халуйства. Існуе даўно вядомае, лёгка вымаўлянае беларусае слова юдэй . Не разумею, што ў гэтым слове каго не задавальняе, і каму яно можа быць крыўдным?
На шчасце ў католікаў не існуе праблемаў з іменем Збаўцы, якое вымаўляецца на лацінскі манер - Езус Хрыстус , або ласкава - мой Езу . I хаця гэта крыху нібыта не па-беларуску, тым не менш, мяне і абсалютную большасць гэта цалкам задавальняе. Працэс узаемапранікнення моўных тэрмінаў у краінах цалкам зразумелы і ўзбагачае мову, калі ўпісваецца ў яе будову і стылістыку. Аднак, калі тэрміны навязваюцца, то ператвараюць мову ў трасянку. Таму я спачуваю праваслаўным беларусам Маскоўскага патрыярхату. У ягоным перакладзе біблейскія імёны гучаць цалкам не па-беларуску, язык зламаць можна. Іаан можна, а Ян нельга. Быццам Янка Купала , ці Ян Баршчэўскі не беларускія імёны. Дзіўна.
Яшчэ адно пытанне, якое я хачу закрануць, тэалагічна сэнсавае. Шкада, што сп. Гучок не звярнуў на гэта ўвагу. Я маю на ўвазе радок з малітвы "Ойча наш", а менавіта: "...не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога..." У вышэйзгаданай Бібліі перакладу В. Семухі ён падаецца як "не дапусці нас да спакусы, але збаў ад ліхога...", сыходзячы са слушнага меркавання, што Пан Бог у спакусу не ўводзіць, а наадварот, засцерагае ад яе. Вось прыклад асэнсаванага падыходу да перакладу. Таму, я лічу, што гэтую, існую сёння ў Дабравесці хібу перакладу, трэба неадкладна выправіць. Бог даў нам розум, сумленне і патрабуе, каб мы былі дакладнымі і на "не" казалі "не", а на "так" казалі "так".
Зараз час бяжыць вельмі хутка. Яшчэ хучэй мяняецца навакольны свет. На асэнсаванне перамен таксама не хапае часу, як і на змену метадаў і падыходаў, якія як і псіхалогія чалавека засталіся недзе ў далёкім мінулым. Вынік такіх падыходаў мы і бачым у вышэйзгаданых памылках. Ужо дастаткова доўгі час гэтыя пытанні нерухома вісяць ў паветры. Трэба ўрэшце-рэшт зварушыць іх з месца і пачаць выпраўляць становішча. Чаму гэта не робіцца? Зноў жа пытанне, на якое не маем адказу.
Згадайма: першым было Слова, Словам створаны Сусвет, Слова, нарэшце, галоўны інструмант царквы. Чаму ж ерархі царквы такія да яго няўважлівыя? Хіба ж не ведаюць, што якім словам карабель назавеш, так ён і паплыве?
З павагай і зычаннем поспехаў В. Савіч , г. Пінск.
Каму цікавая беларуская мова?
Віталь Хоміч - адзін студэнтаў курсаў "Мова нанова". Ён нарадзіўся 14 лютага 1991 года ў Санкт-Пецярбургу, а потым у 1992 годзе пераехаў з бацькамі ў Мазыр. Хлопец мае сястру Вольгу, якая вучыцца ў Менску (спецыяльнасць - "лагістыка"), а сам ён пайшоў у школу № 12 г. Мазыра. У школьныя гады праз музыку зацікавіўся беларускай мовай. У школе захапіўся таксама гаджытамі і кампутарамі. Бацькі - Зміцер і Святлана шмат зрабілі, каб хлопец стаў інтэлектуалам.
Віталь у 2008 г. паступае вучыцца ў Менск у Вышэйшы дзяржаўны каледж сувязі па спецыяльнасці "Лінейна-кабельныя прыстасаванні", які скончыў у 2011 г. з сярэднім балам "6". Здаў дзяржіспыты і паехаў па размеркаванні ў Мазыр на раённы вузел электрасувязі "Белтэлекам", дзе адпрацаваў два гады.
Далей паступіў у ВДКС на вышэйшую ступень на завочнае навучанне, дзе апошнім часам працаваў над дыпломам.
Чытае беларускую літаратуру. Падабаюцца Караткевіч, Купала, Быкаў. Курсы "Мова нанова" пачаў наведваць у верасні 2014 года.
Курсы яму падабаюцца нефармальнасцю, выкладаннем з жартамі, а таксама Віталь паважае музычную частку.
Хлопец часам падарожнічае (Украіна, Літва, Турцыя, Расія). Віталь марыць, каб краіна была для людзей.
Спадар Хоміч працуе ў фірме "Атлант Тэлекам". Здымае кватэру. Пажадаем Віталю поспехаў, здароўя, а таксама здзяйснення мар і задум.
Аляксей Шалахоўскі.
Прозвішчы Беларусі. Частка III. Найменні знакамітых людзей (паводле беларускага друку)
(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)
Калаур (Сцяпан К.) - семантычны вытвор ад (рэг.) каравул з перастаноўкай гукаў (Насовіч).
Калацей і Калацэй (Аляксандр К., Віктар К.) - семантычны вытвор ад апелятыва калацей (дэрывата з суфіксам -ей ад калаціць 'малаціць снапы, не развязваючы іх, абіваючы толькі каласы (для захавання цэлымі сцёблаў расліны - падрыхтоўкі кулёў саломы, для пакрывання страхі ў будынках) -'адмысловы малацьбіт', 'нарыхтоўшчык кулёў саломы'. Форма Калацей захоўвае беларускае напісанне ў расійскамоўных тэкстах.
Калд у н (Ігар К.) - семантычны вытвор ад апелятыва калдун , які мае розныя значэнні: а) касматы чалавек (ад калдуны 'касматыя валасы'); б) вядзьмак, чараўнік (< рас. колдун ), в) адэкват літарат. каўтун 'валасы, зліплыя ў камяк').
Календа (Барыс К.) - семантычны вытвор ад календа < польск. kolеda 'каляда', калядны падарунак (для ксяндза)'.
Калечыц (Алена К.) - другасная форма, першасная Калечыч - вытвор з суфіксам - ыч ад антрапоніма Кал е ка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Калеч(к/ч)-ыч . ФП: кал е ка ('знявечаны, пакалечаны чалавек'; 'інвалід') - Калека (мянушка, затым прозвішча) - Калечыч - Калечыц (дысіміляцыя чч - чц ).
Кан ю та (Вераніка К.) - семантычны вытвор з фармантам -юта і значэннем экспрэсіі ад к а ня 'птушка, сямейства ястрабіных, якая жыве на балотах, сырых лугах; кнігаўка'.
Кар а гін (Уладзімір К.) - вытвор з суфіксам -ін ад антрапоніма Кар а га і значэннем 'нашчадак названай асобы': Карагін . ФП: карага (< рас. коряга 'корч, карчага') - Карага (мянушка, затым прозвішча) - Карагін .
Карал е віч (Марына К.) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Кароль і значэннем 'нашчадак названай асобы': Каралевіч . Або семантычны вытвор ад апелятыва каралевіч 'сын караля' (ТСБМ, ТСБЛМ). Структура і семантыка апелятыва карал е віч ( карал- е віч ) пацвярджае правамернасць вылучэння фарманта -евіч з значэннем 'бацькайменне' ('сын названай асобы').
Карпыза (Іосіф К.) - семантычны вытвор ад апелятыва карпыза (першаснае: капр ы за (з метатэзай зычных пр - рп ) 'капрызны чалавек', 'капрызнае дзіця'.
Карчэўскі (Андрэй К.) - вытвор фармантам -эўскі ад тапоніма Карчы і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці': Карчэўскі .
Карыцкі (Іван К.) - вытвор з фармантам -скі (-цкі) ад тапоніма Карыта і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Карытскі - Карыцкі .
Кар э нда (Мікалай К.) - семантычны вытвор ад апелятыва карэнда (утварэнне з фармантам -энда ад к а ры 'карычны, чорны' (пра колер вачэй) 'чырнавокі'. Параўн. сляпенда 'сляпаваты', крывенда 'крывы' (П.У. Сцяцко. Беларускае народнае словаўтварэнне. 1977, с. 98) .
Кас а ч (Андрэй К.) - семантычны вытвор ад апелятыва кас а ч , які мае розныя значэнні: 1) травяністая расліна з доўгімі лістамі і вялікімі кветкамі (жоўтымі, сінімі, фіялетавымі); 2) цецярук-самец.
Каўган (Рыма К.) - семантычны вытвор ад апелятыва каўган (рэг.) 'няўмека', 'нечысцёха'.
Каханоўскі (Ігар К.) - вытвор з фармантам -скі / -оўскі ад тапоніма Кахан ы / Каханоўка і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Каханоўскі / Каханоўскі.
Кацяловіч (Ірэна К.) - вытвор з акцэнтаваным фармантам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Кацёл і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кацяловіч . ФП: кацёл ('вялікая металічная пасудзіна круглай формы (для награвання вады, прыгатавання ежы і пад.') - Кацёл (мянушка, затым прозвішча) - Кацёлавіч - Кацяловіч .
Качурка (Іван К.) - вытвор з фармантам -ка ад антрапоніма Качур і значэннем 'жонка (ці дачка) названай асобы': Качурка . ФП: качур (тое, што і качар 'самец качкі') - Качур (мянушка) - Качур (прозвішча) - Качурка .
Кашчэй (Вадзім К.) - семантычны вытвор ад апелятыва Кашчэй , які мае розныя значэнні: 1) злы і худы стары, уладальнік багацця (казачны эпас); 2) пра вельмі худога і скупога чалавека (ТСБЛМ). ФП: косць ('асобная, складовая частка шкілета пазванковых жывёлаў і чалавека') - кашч а вы ('такі схуднелы, што вытупаюць косці') - кашчэй (пра кашчавага чалавека: кашчэй ) - Кашчэй (мянушка) - Кашчэй .
Кір'янка (Зміцер К.) - вытвор з фармантам -ка ад антрапоніма Кір'ян і значэннем 'асоба жаночага полу (дачка, жонка)': Кір'янка . ФП: Кір (імя) - Кір'ян (прозвішча) - Кір'янка .
Клюня (Зінаіда К.) - семантычны вытвор ад апелятыва клюня - утварэнне ад клюнуць 'кляваць' (пра рыбу) - 'час, калі добра бярэцца рыба ( клюе )'.
Клюцкі (Сяргей К.) - семантычны вытвор ад рэгіянальнага апелятыва клюцкі - эквівалента літаратурнага клёцкі 'галушкі цеста' (з мукі, дранай бульбы), звараныя ў вадзе або малацэ'). ФП: клёцкі (белар., рас.) + kluska (польск.) у выніку кантамінацыі (рэг.) набыло форму клюцкі - Кл ю цкі (мянушка) - Клюцкі .
Крамарэнка (Кацяры-на К.) - вытвор з фармантам - энка ад антрапоніма Кр а мар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Крамарэнка . ФП: крама ('магазін, лаўка') - крамар ('крамнік, лавачнік, уладальнік, прадавец у краме, лаўцы') - Крамар (мянушка, затым прозвішча) - Крамарэнка .
Красоўскі (Яўген К.) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Красоўка і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясціны, паселішча': Красоў(к)-скі .
Кручкоўскі (Зыгмунд К.) - вытвор з фармантам -оўскі ад тапоніма Кручкі і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Кручкоўскі . Або прэстыжны вытвор з -оўскі ад антрапоніма Кручок і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кручкоўскі . ФП: кручок ('металічнае прыстасаванне з загінам на канцы для рознай мэты', 'чалавек, схільны для кручкатворства (канцылярскай валакіты, цяганіны, прыдзіркі', 'мера гарэлкі, роўная 250 г.) - Кручок (мянушка) - Кручок (прозвішча) - Кручкоўскі .
Крывенка (Аляксандр К.) - вытвор з фармантам -енка ад антрапоніма Крывы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Крывенка . ФП: крывы ('выгнуты, не просты', 'пакалечаны, ненармальны (пра часткі цела)', 'з пашкоджанай нагой, кульгавы') - Крывы (мянушка) - Крывы (прозвішча) - Крывенка .
Крыжэвіч (Ілья К.) - вытвор з акцэнтаваным фармантам -эвіч ад антрапоніма Крыж і значэннем 'нашчадак названай асобы': Крыжэвіч . ФП: крыж ('фігура з дзвюх ліній, якія перасякаюцца пад прамым вуглом', 'сімвал хрысціянскага культу - прадмет у выглядзе стрыжня з перакладзінай пад прамым вуглом', 'знак узнагароды, ордэн такой фігуры'; 'пра цяжкі лёс'; 'малітоўны жэст рукой ад ілба да грудзей, да правага і левага пляча', 'ніжняя частка хрыбетніка') - Крыж (мянушка, затым прозвішча) - Крыжэвіч .
Крынчык (Павел К.) - вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Крынь і значэннем 'нашчадак названай асобы': Крыньчык - Крынчык . ФП: крынь ('крыніца') - Крынь (мянушка) - Крынь (прозвішча) - Крыньчык - Крынчык . Або як памян.-ласк. ад Крынь (Крын) .
Крыцкі (Андрэй К.) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Крыт / Кр ы ца і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча'): Крыт-скі, Крыц-скі - Крыцкі .
Крэмка і Крамко (Іван К., Ягор К.) - семантычны вытвор ад апелятыва крэмка (памян.-ласк. форма ад крэм 'дрэва, прыдатнае для бортнага пчалярства') - Крэмка (мянушка, затым прозвішча) - Крамко (для адмежавання ад апелятыва і арыентацыяй на прэстыжнасць формаў з фінальным "о" .
Крэнь (Галіна К., Іван К.,) - семантычны вытвор ад апелятыва крэнь 'гнутае дрэва', 'санны полаз ці калёсны вобад', а таксама 'скупы чалавек'.
Кузікевіч (Іван К.) - вытвор з акцэнтаваным фармантам -евіч ад антрапоніма Кузік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кузікевіч . ФП: Кузьма (імя) - Кузя - Кузік - Кузікевіч.
Куксевіч (Здзіслаў К.) - вытвор з акцэнтаваным фармантам -евіч ад антрапоніма Кукса і значэннем 'нашчадак названай асобы': Куксевіч . ФП: кукса ('частка канечнасці, якая засталася пасля ампутацыі або калецтва') - Кукса (мянушка) - Кукса (прозвішча) - Куксевіч .
Кулецкі (Уладзіслаў К.) - вытвор з фармантам -ецкі ад тапоніма Кулі і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Кулецкі . ФП: куль 'сноп абмалочанага жыта' - Куль (мянушка, затым прозвішча) - Кулі (тапонім з прозвішчам Куль ) - Кулецкі .
Куніцкі (Іван К.) - вытвор з фармантам -скі/-цкі ад антрапоніма Куна/Куніца і значэннем 'нашчадак названай асобы': Куніцк/Куніцскі - Куніцкі . Або ад тапоніма Куны / Куніцы і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці': Куніцкі .
Кунцэвіч (Фелікс К.) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам -эвіч ад антрапоніма Кунец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кунцэвіч . ФП: куна - ('куніца - звярок з каштоўным футрам') - кунец ('самец куны', суф. -ец ) - Кунец (мянушка, затым прозвішча) - Кунцэвіч .
Купарв а с (Іван К.) - семантычны вытвор ад апелятыва купарв а с 'назва некаторых соляў серкавай кіслаты'.
Курк а ч (Сяргей К.) - семантычны вытвор ад апелятыва куркач (утварэнне з суф. -ач ад куркаць 'склікаць курэй на здабычу') 'певень-вытворнік'.
Лабажэвіч (Дар'я Л.) - вытвор з акцэнтаваным фармантам -эвіч ад антрапоніма Лаб о жа і значэннем 'нашчадак названай асобы': Лабажэвіч . ФП: лабожа ( < лабжа < лабза 'падхалім, падліза, абманшчык') - Лаб о жа (мянушка, затым прозвішча) - Лаб о жавіч - Лабаж э віч.
Лагун (Віктар Л., Сяргей Л.) - семантычны вытвор ад апелятыва лагун 'невялікая пасудзіна', 'бочка (піўная)'.
Лазінскі (Зыгмунд Л.) - вытвор з фармантам -інскі ад тапоніма Лозы і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці': Лазінскі .
Лапцёнак (Ігар Л.) - вытвор з фармантам -ёнак ад антрапоніма Лапаць і значэннем 'нашчадак названай асобы': Лапцёнак . ФП: лапаць ('сялянскі абутак, плецены з лыка, бяросты ці вяровак', а таксама 'пра адсталага, некультурнага чалавека') - Лапаць (мянушка) - Лапаць (прозвішча) - Лапцёнак .
Ларын (Аляксей Л.) - форма прыметніка з суфіксам -ын ад антрапоніма Лара і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ларын . ФП: Лара (< Ларыса , імя) - Лара (мянушка, затым прозвішча) - Ларын .
Лаўскі (Вячаслаў Л.) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Лавы і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці': Лаўскі . ФП: лава ('прадмет хатняга абсталявання - шырокая дошка на ножках для сядзення', 'шырокі аднастайны масіў чаго-небудзь', 'расплаўленая вулканічная маса') - Лавы (тапонім) - Лаўскі .
Леанцюк (Ігар Л.) - вытвор з фармантам -юк ад антрапоніма Леонцій і значэннем 'нашчадак названай асобы': Леанцюк . ФП: Леан (імя) - Леонцій (імя) - Леанцюк (мянушка) - Леанцюк .
Ліпінскі (Цімафей Л.) - вытвор з фармантам -інскі ад тапоніма Ліпы і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці': Ліпінскі .
Лычкоўскі (Іван Л.) - вытвор з фармантам -оўскі ад тапоніма Лычкі і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясціны, паселішча': Лычкоўскі . ФП: лыч ('выцягнутая пярэдняя частка галавы ў некаторых жывёл') - лычок (памян.-ласк. суф. -ок ад лыч : лычок ) - Лычок (мянушка, затым прозвішча) - Лычкі (паселішча з прозвішчамі Лычок - мн. л. Лычкі ) - Лычкоўскі .
Лябедзька (Іван Л.) - вытвор з фармантам -ка ад антрапоніма Лебедзь і значэннем 'асоба жаночага полу (жонка, дачка)': Лебедзька - Ляб е дзька .
Лябецкая (Алена Л.) - вытвор з фармантам -ская (> -цкая) ад тапоніма Лебедзі і значэннем 'народзінка, жыхарка названага паселішча': Лебе-дзь-ская - Лябец-ская - Лябе-цкая . ФП: лебедзь (птушка) - Лебедзь (прозвішча) - Лебедзі (тапонім) - Лябедзкая - Лябецкая.
Ляхавец (Алена Л.) - вытвор з фармантам -ец ад тапоніма Ляхавічы і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Ляхав-(ічы) - ец . ФП: лях ('паляк') - Лях (мянушка, затым прозвішча) - Ляхавіч (бацькайменне з суф. -авіч ) - Ляхавічы (тапонім) - Ляхавец .
Ляшэнка (Ігар Л.) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Лях і значэннем 'нашчадак назвнай асобы': Ляш(х/ш) энка . ФП (гл. Ляхавец ).
Маліцкі (Ягор М.) - вытвор з фармантам -скі/цкі ад тапоніма Малікі і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Маліц(кс/ц)-кі . ФП: малы ('нязначны па велічыні, памерах; невялікі', 'меншы, чым патрэбна', 'малалетні') - Малы (мянушка) - Малы (прозвішча) - Малік ('нашчадак малога', суфікс -ік ) - Малікі ('мясцовасць, паселішча з прозвішчамі Малік ') - Маліцк і. Або як прэстыжная форма з фармантам - цкі ад Малік з тоесным значэннем: Малік - Маліцкі .
Малько (Іван М.) - вытвор з фармантам -ко ад антрапоніма Малы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Малько . ФП: гл. Маліцкі .
Мартысюк (Зоя М.) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Мартысь і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мартысюк . ФП: Мартын (імя) - Мартысь (экспрэсіў з суф. -сь ) - Мартысюк .
Маскаленка (Ігар М.) - вытвор з фармантам -енка ад антрапоніма Маскаль у значэнні 'нашчадак названай асобы': Маскаленка . ФП: маскаль (непахв. 'расіянін') - Маскаль (мянушка, затым прозвішча) - Маскаленка .
Маскальчук (Міхаіл М.) - вытвор з суфіксам -чук ад антрапоніма Маскаль і значэннем 'нашчадак названай асобы': Маскальчук . Або з значэннем 'малады маскаль'.
Мілінкевіч (Аляксандр М.) - вытвор з акцэнтаваным фармантам -евіч ад антрапоніма Мілінка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мілінкевіч . ФП: Міліна (жан. імя) - Мілінка (пам.-ласк. да Міліна ) - Мілінка (мянушка, затым прозвішча) - Мілінкевіч .
Місарэвіч (Яўген М.) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам -эвіч ад антрапоніма Місар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Місарэвіч . ФП: Міхаіл (імя) - Місар (нар.-гут. форма яго) - Місар (мянушка, затым прозвішча) - Місарэвіч .
Мішкова (Таццяна М.) - вытвор з акцэнтаваным фармантам -ова ад антрапоніма Мішка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мішкова . ФП: Міхаіл - Міша - Мішка - Мішкава - Мішк о ва .
М о жджар (Рэгіна М.) - семантычны вытвор ад апелятыва можджар 'ступа', 'марціра' (Падручны гістарычны слоўнік субстантыўнай лексікі. Мінск, 2013, т. 1, с. 404) , мажджэр 'металічны таўкач' (ТСБМ) .
Мурзіч (Люся М.) - вытвор з суфіксам бацькаймення -іч ад антрапоніма Мурза і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мурзіч . ФП: мурза ('мурзаты або неахайны чалавек', а таксама мурз а 'тытул татарскай феадальнай знаці ў 15 ст./асоба з такім тытулам') - Мурза (мянушка, затым прозвішча) - Мурзіч .
Мышко (Данута М.) - семантычны вытвор ад апелятыва мышка (пам.-ласк. да мыш: мышка ). ФП: мыш ('невялікі грызун з вострай мордачкай і доўгім хвастом') - мышка ('невялікая мыш') - Мышка (мянушка) - Мышка (прозвішча) - Мышко (для адмежавання ад апелятыва).
(Працяг у наст. нумары.)
Павел Сцяцко
Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў жніўні
Адамін Іван Адамчык Валеры Зянонавіч Азаранка Аляксандр Іванавіч Акіменка Антаніна Акрамава Іна Акрушка Яўген Анатольевіч Альхіменка Лідзія Альховік Надзея Васільеўна Аляксандровіч Валянціна Анацка Алег Андросенка Сяргей Андрэевіч Андрэеў Ілля Аляксандравіч Антановіч Кастусь Уладзімір. Антанюк Раіса Рыгораўна Анціпенка Алесь Ілліч Арлоў Уладзімір Аляксеевіч Арэшкава Марыя Астапенка Анатоль Уладзімір. Бандарчык Уладзімір Банцэвіч Ілья Сямёнавіч Барадзіна Інга Мікалаеўна Бардашэвіч Яна Валер'еўна Барысік Таццяна Іванаўна Басанец Анастасія Ільінічна Басін Якаў Зіноўевіч Бахметава Святлана Белахвостава Людміла Ігараўна Більскі Ілья Андрэевіч Блоцкая Ірына Мікалаеўна Бранішэўская Света Бубешка Антаніна Бут-Гусаім Святлана Феадос. Вайноўскі Міхаіл Валатоўскі Вячаслаў Валянц. Варапееў Уладзімір Васіляўскайце Таццяна Васько Яніна Мікалаеўна Ваўранюк Ірына Ільінічна Воўк Яўген Вуек Ул. Ул. Вырвіч Барыс Іванавіч Вячорка Аляўціна Сямёнаўна Габец Ягор Валер'евіч Галаўнёў Мікалай Іванавіч Галубовіч Ксенія Леанідаўна Гаплічнік Аксана Мікалаеўна Гаравая Ніна Віктараўна Гарэлікаў Уладзімір Марат. Глазырын Сяргей Грудніцкая Тамара Грыгенча Вераніка Грынюк Вольга Віктараўна Грышкіна Аксана Аляксандр. Грышуніна Наталля Губскі Ўладзімір Гудкова Вольга Ўладзіміраўна Гундар Марына Юр'еўна Гядрэвіч Валянціна Дабравольскі Андрусь Дабрадзей Алеся Пятроўна Дакурна Генрых Фабіянавіч Дарафяюк Міхаіл Дваранчук Юры Дзергачова Любоў Рыгораўна Дзешчыц Алена Аляксандр. Дзьячкова Ларыса Дзянісік Алена Догелева Ала Доўгі Уладзімір Драздоў Юры Дрыгайла Зміцер Ісаакавіч Дычок Сяргей Уладзіміравіч Ерашэня Раман Віктаравіч Жаркоў Аляксандр Іванавіч Жаўрыд Марына Аляксандр. Жлабовіч Мікалай Уладзімір. Жукоўская Алеся Іванаўна Зайка Аляксандр Фаміч Запрудскі Сяргей Мікалаевіч Зверава Тамара Іваноў Мікалай Аляксеевіч Іскарцкая Марына Каваленка Анастасія Уладзім. Кавалец Аляксей Паўлавіч Казак Алег Казлянка Людміла Мікалаеўна Кайдаў Алег Леанідавіч Камарова Алена Аляксандр. Камароўскі Мікалай Міхайл. Камароўскі Мікола Іванавіч Камбалава Анжаліка Набіл. Камянецкая Ірына Кананенка Тамара Міхайлаўна Канкаловіч Вера Кануннікава Ніна Паўлаўна Капціловіч Тамара Карабельнікава Алена Кароль Алег Карповіч Андрэй Уладзімір. Касаты Людвіг Канстанцінавіч Касьяненка Антон Кірвель Юзаф Юзафавіч Князева Часлава Вячаславаўна Коваль Альвіна Козіч Ганна Леанідаўна Колесень Ірына Копыл Ілля Піліпавіч Корбут Аляксандр Іванавіч Косінец Анатоль Краснік Вольга Краснова Наталля Краўчанка Пётр Кузьміч Крокас Ірына Круглая Марына Віктараўна Кручонак Ігар Мікалаевіч Крывецкая Наталля Аляксан. Кузьміч Леанід Пятровіч Кузьмянкоў Дзмітры Ўладзім. Куксар Наталля Куль Дзмітры Кунцэвіч Святлана Купава Вітаўт Мікалаевіч Куплевіч Віталь Эдуардавіч Курловіч Аляксандр Адамавіч Кушаль Глафіра Васільеўна Леановіч Алена Георгіеўна Лемеш Яўген Вікенцьевіч Лойка Тамара Ляскоўскі Ўладзіслаў Канстан. Ляшкевіч Таццяна Макарэвіч Віталь Сяргеевіч Малашчанка Уладлена Малей Кацярына Маліноўскі Макар Мальдзіс Адам Восіпавіч Мандрык Наталля Мандрыкін Раман Аляксандр. Марцынкевіч Андрэй Марчанка Дзяніс Васільевіч Марчык Віктар Машчэнская Алена Мінчук Уладзімір Міхайлоўская Анастасія Вяч. Міхайлоўская Таццяна Васіл. Міцкевіч Марыя Міхайлаўна Мішкевіч Аліна Міхайлаўна Мудроў Алег Муха Барыс Ібрагімавіч Мыслівец Андрэй Аляксанд. Мялешка Аляксей Аляксеевіч Мясніковіч Юры Навумец Яўген Часлававіч Наліўка Лідзія Вячаславаўна Неткачава Валянціна Алякс. Нікіценка Мікалай Оліна Эла Ігараўна Пабірушка Надзея Палівода Святаслаў Мікітавіч Панамарова Жанна Сцяпан. Папова Варвара Сяргееўна Пархімчык Святлана Мікал. Патапчук Леанід Піваварчык Сяргей Аркадз. Плевака Валеры Сцяпанавіч Плотнікаў Уладзімір Правалінскі Віталь Пухоўская Юлія Аляксандр. Пучынскі Ўладзімір Станісл. Пушкін Алесь Пшэннік Тамара Францаўна Пятровіч Ева Іванаўна Раманава Юльяна Ігараўна Раманчык Надзея Дзмітрыеўна Рамук Андрэй Раткевіч Лілея Рачко Віктар Рачко Таццяна Рыгораўна Русакевіч Юры Яўгенавіч Руснак Ганна Вітальеўна Рынкевіч В. У. Рысявец Уладзімір Аляксанд. Рэйда Святлана Юр'еўна Сабаленка Алесь Савіцкая Ірына Канстанцінаўна Савосценка Ігар Садаўнічы Дзмітры В. Садоўская Анастасія Раман. Сак Міхал Міхалавіч Салодкіна Святлана Самайлюк Тамара Андрэеўна Санько Валер Аляксеевіч Сапуноў Уладысь Сармант Сяргей Аляксандр. Саўко Марыя Сафонава Вольга Віктараўна Сека Васіль Сенькавец Ганна Сідарэвіч Наталля Скрыган Ігар Генадзевіч Скрыпаль Аляксей Сяргеевіч Сом Алена Ўладзіміраўна Стамінок Наталля Стаціўка Алесь Канстанцінавіч Сташкевіч Яна Ігараўна Стукала Алена Субоцін Аляксандр Супрановіч Віталь Канстанц. Сушчэўскі Алесь Аляксанд. Сцефановіч Здзіслаў Уладзіс. Сцяцэнка Наталля Валер'еўна Торап Аляксандр Валер'евіч Трафімчык Дамініка Сярг. Трубач Таццяна Георгіеўна Трусаў Алег Анатольевіч Трухановіч Ларыса Тупянец Дзмітры Валянцінавіч Туронак Людміла Данатаўна Тэжык Ірына Утачкіна Людміла Фёдарава Таццяна Дзмітр. Федуковіч Васіль Філіпчык Васіль Іванавіч Форнэль Кастусь Іванавіч Халіпскі Рыгор Веніамінавіч Хітрун Алесь Часлававіч Царук Вольга Іванаўна Цвірко Іван Яўгенавіч Цімашэвіч Уладзімір Максім. Цупранава Кася Цыганкова Анастасія Дзмітр. Чабанава Таццяна Аляксандр. Чарнякоўскі Віталь Радзівон. Чэчат Алесь Віктаравіч Шаранінская Ірына Віктараўна Шаўчук Ігар Іванавіч Шумскі Андрэй Мікалаевіч Шчэрбіч Мікола Аляксандр. Шыла Святлана Іванаўна Шымко Лілея Канстанцінаўна Юч Галіна Ясюк Іван Вітальевіч Яцкоўская Святлана Анатол.
"Будзьма!"
3 жніўня (панядзелак) на сядзібе ТБМ адбудуцца чарговыя заняткі ў гістарычнай школе "Гісторыя ў падзеях і малюнках"з Алегам Трусавым. Пачатак 18.00. Уваход вольны.
Фэст у гонар Святой Ганны
Фэст у гонар Святой Ганны адбыўся ў Лучаі Пастаўскага раёна. Урачыстую імшу ў касцёле цэлебраваў дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай дыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі. У час свята адбылося асвячэнне аўтатранспарту праз заступніцтва святога Крыштафа, апекуна кіроўцаў і пілігрымаў. Дзеля гэтага ў Лучай з'ехаліся аўтааматары і байкеры з Пастаўскага і суседніх раёнаў. Кажа задумца і арганізатар разнастайных фэстаў у Лучаі ксёндз Мікалай Ліпскі:
- Бывае так, што спантанна нешта атрымаецца, нехта нешта параіць, думаеш нейкі час, як гэта ажыццявіць, і нешта з гэтага атрымоўваецца. Усё робіцца на хвалу Божую і для людзей. А ўжо як атрымоўваецца, то ацэньваюць тыя, хто прыязджае, разам з намі святкуе, моліцца і духоўна і культурна адпачывае.
Вернікі прайшліся з працэсіяй вакол касцёла, біскуп Аляксандр Яшэўскі асвяціў барэльефы з біблейскімі выявамі святых. Скончыўся фэст канцэртам, у якім прынялі ўдзел акардэаніст-віртуоз Дзмітры Корсак, спевакі Лявон Вольскі, Валянціна Альшанская і іншыя. Фаершоў і феерверк падагульнілі свята.
Таццяна Смоткіна , Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.
Памяці паўстанцаў 1863 года
Больш за 20 гадоў на Лідчыне праводзяцца святочныя мерапрыемствы да 27 ліпеня - дня прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі ў 1990 годзе.
Воляй гістарычных абставін праходзіць гэтая ўрачыстасць у форме ўшанавання памяці паўстанцаў 1863 года, што ў значнай ступені сімвалічна. Менавіта пад 27 ліпеня 1995 года былі ўстаноўлены мемарыяльныя крыжы на магілах паўстанцаў 1863 года паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы, на месцы колішняй Ольжаўскай пушчы, дзе цяпер голае поле, і пра пушчу даўно няма ніякага ўспаміну.
19 разоў тут адпраўлялася святая імша. Летась лідскія ўлады набажэнства ў полі не дазволілі, і імша адбылася ў Белагрудскім касцёле.
Сёлета лідскія ўлады ізноў не дазволілі імшу, таму прадстаўнікі грамадскасці з Ліды і Бярозаўкі змянілі фармат, каб і свята адзначыць, і не нарвацца на парушэнне. Быў арганізаваны аўтапрабег па мясцінах, звязаных з паўстаннем, наўмысна малымі сіламі, і толькі ў канцавым пункце сабралася больш людзей.
Падчас прабегу былі запалены знічы на магілах паўстанцаў ва ўрочышчы "Крыжы", якое на пэўным этапе нашай гісторыі называлася "Шчытнікі" па назве фальварка, што знайходзіўся непадалёку. Затым знічы былі запалены каля мемарыяльнай дошкі Людвіку Нарбуту ў мікрараёне Індустрыяльны, на месцы расстрэлу ксендза Адама Фалькоўскага ў Лідскім гарадскім парку. У канцы зніч быў запалены на магіле ўдзельніцы паўстання Валерыі Цехановіч на Лідскіх каталіцкіх могілках. Яшчэ адзін зніч запалілі на магіле Камілы Макрэцкай - маці камандзіраў Літоўска-Беларускіх дывізій генералаў Адама і Сэфана Макрэцкіх. Стэфан Макрэцкі пэўны час быў прэм'ер-міністрам Сярэдняй Літвы. Магіла Камілы Макрэцкай была знойдзена некалькі гадоў таму назад і адноўлена. Дарэчы, малымі дзецьмі будучыя генералы насілі харчы паўстанцам, у паўстанні ўдзельнічалі іхнія сваякі - Макрэцкія другой лініі. Тая лінія пад час рэпрэсій была амаль цалкам вынішчана.
Такім чынам памяць пра паўстанцаў 1863 года на Лідчыне не губляецца, а дзень 27 ліпеня шануецца нараўне з днём 25 сакавіка. І ніхто тут не сумняваецца, што праз некаторы час абедзве гэтыя даты стануць дзяржаўнымі святамі ў беларускай Беларусі.
Яраслаў Грынкевіч.
Сведчыць гісторыя
Лідскі краязнавец Леанід Лаўрэш, гартаючы старыя польскія газеты ў "Наваградскім жыцці" ў дадатку "Лідскае жыццё" за 1927 год знайшоў зацемку без подпісу наступнага зместу.
"Ушанаванне палеглых у 1863 годзе.
Дня 5 жніўня ў Шчытніках Тарноўскай гміны адбылося ўрачыстае асвячэнне магілы палеглых герояў, удзельнікаў баёў 1863 года.
Крыж і надмагільны камень зафундаваў вайсковы асаднік п. Кілінскі. Яго стараннем пры дапамозе асаднікаў п. Бердаўскага і палкоўніка Ардылоўскага была арганізавана ўрачыстасць.
Прыгожую і ўзнёслую прамову сказаў ксёндз Гародька, звяртаючыся да баёў 1863-64 гадоў.
Ва ўрачыстасці брала чынны ўдзел люднасць, мясцовая Белагрудская школа са сваёй харцэрскай дружынай і дзятва з Горнага Шлёнска, якая прыбыла ў Белагруду ў летні лагер."
Той крыж прастаяў да канца 90-х гадоў, на ім была пазначана дата: 1925 год, і старыя людзі апавядалі пра камяні з надпісамі, якія пры саветах патапілі ў балоце, і месца паказалі. Такім чынам можна лічыць, што першы крыж на магілах паўстанцаў паміж Малым Ольжавам і Мохавічамі, каля якога былі пастаўленыя новыя крыжы ў 1995 годзе, быў пастаўлены ў 1925 годзе, а надмагільны камень, якога няма - у 1927 годзе. Аўтэнтычны камень 1863 года захаваўся на адной з магіл праз усе часы і ўлады.
Таму яшчэ раз трэба адзначыць, што сённяшнія намаганні лідскай грамадскасці па ўшанаванні гэтага месца грунтуюцца на сур'ёзнай гістарычнай аснове.
Дарэчы польская грамадскасць таксама ўшаноўвае гэтую мясціну. Да беларускіх уладаў дойдзе, як заўсёды, апасля.
Яраслаў Грынкевіч.
У Канадзе памерла беларуская дзяячка Марыя Ганько
Марыя Ганько памерла 20 ліпеня ў Таронце ва ўзросце 85 гадоў, паведамляе "Наша Ніва".
Марыя Ганько (дзявочае прозвішча Кулеш) нарадзілася ў 1930-м у Вілейскім раёне - тады гэта былі заходнебеларускія землі ў складзе Польшчы. Пасля прыходу саветаў сям'ю раскулачылі, адных выслалі ў Сібір, астатнія былі на чарзе.
У 1944 г. Марыя разам са сваякамі падалася на Захад. Пад Беластокам Марыя скончыла школу, тэхнікум, працавала ў арганізацыі, якая займалася пастаўкамі харчоў у вёскі.
У 1957-м наведала Беларусь, як яна пісала, "маючы надзею застацца на радзіме", да таго ж там заставалася мама. Але галеча беларускай вёскі моцна ўразіла. У вясковай краме амаль нічога нельга было купіць:
- Толькі-толькі скончылася сталінскае рабства, калі не было пашпартоў, і ўсе маладыя і працаздольныя кінуліся ў гарады. Заставацца ў вёсцы азначала прызнаць, што ты ўжо нічога не варты.
Марыя вярнулася ў Польшчу, а ў 1959-м прыйшоў выклік ад брата, які жыў у Канадзе, і маладая жанчына наважылася на пераезд.
У царкве св. Кірылы Тураўскага ў Таронце яна пазнаёмілася з адным з лідараў беларускай грамады, шматгадовым старшынём Згуртавання беларусаў Канады Міколам Ганьком (малодшым братам лідара СБМ Міхася Ганька).
- Назаўтра, у нядзелю, была багаслужба. Пасля набажэнства Мікола запрасіў мяне паехаць на Ніягару. Шмат разоў я бывала на Ніягары, але першага ўражання я не забуду ніколі... З той паездкі іншыя людзі для мяне не існавалі. Новы год мы сустракалі разам, і ў адказ на прапанову Міколы стаць ягонай жонкай, я згадзілася. Дзень вянчання памятаецца, як учора.
Марыя ўладкавалася ў краму. Яна размяркоўвала па крамах тавар са склада. Заробак быў невялікі, муж зарабляў някепска. Урэшце ён сказаў:
- Хопіць, лепей цалкам сканцэнтравацца на грамадскай працы. І тады я з галавой акунулася ў грамадскае жыццё.
Марыя Ганько брала ўдзел у працы ЗБК, парафіі св. Кірылы Тураўскага, была доўгачасовым скарбнікам царкоўнай парафіі.
- Не скажу, што мы з мужам былі фанатыкамі, але беларуская справа была ў нас у крыві.
Марыя Ганько падтрымлівала розныя беларускія справы і праекты. Выпусціла ў гонар мужа, які памёр у 1999-м, кнігу "Каб сьведчылі пра Беларусь" (2005). У 2009-м заснавала "Прэмію імя Міколы Ганько", якая ўручаецца за ўнёсак у справу даследавання ці прапаганды беларускай справы. Сярод лаўрэатаў - Вольга Іпатава, Віялета Кавалёва, ЗБС "Бацькаўшчына", настаўніца з Асіповіцкага раёна Надзея Сакава.
Марыя Ганько актыўна займалася беларускімі грамадскімі і царкоўнымі справамі ў парафіі Св. Кірылы Тураўскага. 11 гадоў таму, адказваючы на пытанне Свабоды пра далейшы лёс парафіі, калі адыдзе старэйшае пакаленне, яна разважала:
- Ёсць адзінкі вельмі зацікаўленыя, якія працуюць цяпер, але, бальшыня кажуць: "А што гэта нам дасць?" Але ў такіх людзей будзе кароткае жыццё ў Канадзе таму, што калі яны не будуць належаць да нейкай этнічнай групы, нідзе не будуць мець добрага прытулку. Тут кожная група, усе людзі між сабою жывуць, а калі хто чужы прыходзіць, то хутка зразумее, што ён тут не патрэбны. Калі чужы, то няхай сабе ідзе да сваіх. Так і з нашымі будзе і было раней, некаторыя пайшлі да расейцаў, украінцаў, але з часам вярнуліся.
Калі яны пастарэюць, яны прыйдуць да Бога. Я ўжо бачу цяпер, крышку ёсць змена. Калі ў некага нехта адыдзе ў Беларусі, і тады прыходзяць у царкву памаліцца і свечку паставіць. Людзі, якія прыязджаюць, не былі выхаваныя ў царкоўным духу.
Я веру ў тое, што нават калі мы адыдзем, нашае пакаленне. застанецца можа не столькі, колькі было, але будуць трымаць таму, што зразумеюць, што трэба мець нешта сваё, каб сабрацца, пабыць разам. Чалавек у сваёй хаце не можа жыць увесь час адзін, ён мусіць быць з людзьмі. І гэтыя, якія цяпер мала прыходзяць, але бачна, што яны ўжо адчуваюць, што мусяць сустракацца са сваімі людзьмі.
Вікіпедыя.
Лёс вясёлкі
(Памяці Майі Львовіч)
13 ліпеня 2015 г. ва ўзросце 82 гадоў у Харкаве памерла Майя Давыдаўна Львовіч, сябар Саюзаў пісьменнікаў Украіны (з 1984 г.) і Беларусі (з 1996 г.), паэт і перакладчык, чалавек унікальнага творчага лёсу. Габрэйка па нараджэнні, яна засвоіла з малаком маці рускую мову, але вершы пачала пісаць на ўкраінскай і беларускай.
Майя Львовіч пераклала на ўкраінскую практычна ўсю беларускую літаратуру. Нездарма ў братэрскай краіне яе ведаюць лепш, чым ва Ўкраіне і ў Харкаве, дзе яна жыла. І нездарма імя Майі Львовіч знайшло сваё месца ў "Энцыклапедыі літаратуры і мастацтвы Беларусі".
Як жа ўкраінская і беларуская, дзве вывучаныя мовы, прыйшлі ў творчасць паэткі? Звернемся да яе біяграфіі.
Нарадзілася М.Д. Львовіч 23 красавіка 1933 г. у Адэсе. Яе бацька і маці ў 1930 г. перасяліліся ва ўкраінскі горад з Беларусі, калі пад рэпрэсіі патрапілі іх сем'і. Бацька, скончыўшы Адэскі інстытут сувязі, атрымаў накіраванне на працу ў Харкаў. Туды ў 1938 г. і пераехалі Львовічы з пяцігадовай дачкой.
У 1940 г. у іх нарадзілася другая дачка, Ларыса. Але ціхае сямейнае жыццё скончылася, калі пачалася вайна. Бацька пайшоў на фронт. У верасні 1941 г. маці з дочкамі адправілася ў эвакуацыю. Яны аселі ў мястэчку Алга Акцюбінскай вобласці ў Казахстане, дзе правялі каля двух гадоў.
Практычна не было сям'і, якая б у гады вайны не страціла некага з блізкіх - на фронце, на акупаваных тэрыторыях і нават у эвакуацыі. І калі Давыд Цадзікавіч жывым вернецца дахаты, то праклятая заканамернасць усё адно не міне сям'і Львовічаў: вайна забярэ маленькую Ларысу.
Не гледзячы на голад і холад, Майя хадзіла ў школу. Тут вучыліся дзеці ўсіх, хто воляю лёсаў апынуўся ў Алзе: апроч мясцовага насельніцтва, тут пражывалі ссыльныя, якія патрапілі сюды яшчэ да рэвалюцыі; тыя, хто быў раскулачаны ў 1930-х гадах; эвакуяваныя ў гады вайны. Тут можна было пачуць казахскую, рускую, украінскую гаворку. У Майіны рукі патрапіла хрэстаматыя па ўкраінскай літаратуры, дзе былі сабраны вершы Тараса Шаўчэнкі, Лесі Украінкі, Івана Франка і многіх іншых таленавітых аўтараў. Чытанне гэтай кнігі стала падзеяй у жыцці дзяўчынкі: упершыню ў далёкім казахскім сяле яна пазнаёмілася з украінскаю моваю, цікавасць да якой аказалася настолькі глыбокай, што паўплывала на ўвесь яе далейшы асабісты і творчы лёс.
Як толькі быў вызвалены Харкаў, маці з дачкой вярнуліся з эвакуацыі. А ў 1946 годзе, прайшоўшы ўсю Еўропу, вярнуўся і бацька.
Майя давучвалася ў харкаўскіх школах. Не здавольваючыся навучальнай праграмай, яна перачытала ўсю ўкраінскую літаратуру, якую зараз ведала дасканала, глыбока вывучала ўпадабаную ёй мову, і ў яе творчасці руская мова паступова пачала саступаць месца ўкраінскай. У 1951 годзе, скончыўшы школу са срэбным медалём, яна падала дакументы на ўкраінскае аддзяленне філалагічнага факультэта Харкаўскага ўніверсітэта. Але была змушана ісці на нямецкае аддзяленне інстытута замежных моў, таму што на філалагічны факультэт яе не ўзялі (такая была сакрэтная разнарадка: "ідэалагічны" факультэт - не месца для "бязродных касмапалітаў").
Для Майі гэты змушаны выбар усё адно азначаў: не дыхаць, не жыць. Жыццём для яе была ўкраінская мова. І дзяўчына рашаецца на адчайны крок - піша ліст таварышу Сталіну. Яна пераконвае Іосіфа Вісарыёнавіча, што не можа не вучыцца на філалагічным факультэце, паколькі не ўяўляе свайго жыцця без украінскай мовы.
Ліст пайшоў у Маскву, а пакуль што трэба было наведваць заняткі ў інстытуце замежных моў. Вучылася яна на выдатна, нямецкую мову схоплівала хутка, але перажыты стрэс і неадольная дэпрэсія зрабілі сваю справу: адвучыўшыся адзін семестр, Майя злегла ў лякарню: у яе выявілі рэўматычны парок сэрца.
Увесь другі семестр дзяўчына правяла на бальнічным ложку. Яе гняла бяздзейнасць, якую навязваў бальнічны рэжым, і Майя знайшла для сябе выйсце: занялася перакладамі - з нямецкай і польскай моваў, якія вывучала ў ВНУ.
І калі ўжо ў наступным навучальным годзе яна працягнула вучобу ў інстытуце замежных моў, з Масквы прыйшоў станоўчы адказ: "бацька ўсіх народаў" дазваляў дзяўчыне перавесціся на ўкраінскае аддзяленне філалагічнага факультэта.
З якім запалам яна акунулася ў вучобу на філфаку! Была старастай гуртка ўкраінскай мовы і дыялекталогіі, намеснікам старшыні студэнцкага навуковага таварыства філфака. Займалася мовазнаўчымі даследаваннямі. Выступала з дакладамі на студэнцкіх навуковых канферэнцыях, а яе даклад на канферэнцыі 1955 года "О.О. Пацябня як даследчык украінскай мовы" быў ганараваны прэміяй. Была галоўным рэдактарам філфакаўскай насценгазеты, дзе змяшчала і свае вершы, напісаныя на ўкраінскай мове. Друкавалася і ва ўніверсітэцкай газеце "Сталінскія кадры". Наведвала літаратурную студыю пры ўніверсітэце, якую вёў выкладчык украінскай літаратуры В.Н. Баяновіч.
Пасля заканчэння філфака Майя атрымала чырвоны дыплом, але ў аспірантуру, куды яна так імкнулася, яе не ўзялі (прычына - усё тая ж пятая графа). Улічваючы стан здароўя (з-за перажытага стрэсу развіўся парок сэрца), ёй далі вольны дыплом.
Некалькі гадоў яна не магла знайсці працу. Хвароба прагрэсавала, Майі зрабілі аперацыю на сэрца. У гэты цяжкі для яе перыяд яе падтрымлівалі былыя ўніверсітэцкія выкладчыкі. Адна з іх, М.І. Кенісберг, паслала Майіны пераклады з польскай вядомаму ўкраінскаму паэту і перакладчыку Р.П. Кочуру. Кочур збіраў перакладчыцкія сілы Ўкраіны - пад яго кіраўніцтвам выходзілі паэтычныя анталогіі розных народаў. Рыгор Парфір'евіч зацікавіўся маладым талентам і пачаў даваць Майі даручэнні перакладаць для розных анталогій вершы. Такім чынам, М. Львовіч брала ўдзел у шматлікіх перакладных выданнях нацыянальных літаратур, якія курыраваў Р.П. Кочур.
У 1963 г. дзяўчына нарэшце такі ўладкавалася карэктарам у выдавецтва "Прапор", але па стане здароўя працавала, галоўным чынам, на хаце.
Напачатку 1960-х гадоў Майя зацікавілася вершамі сербскай паэткі Дэсанкі Максімавіч (1898-1993), народнага паэта Югаславіі. Маладая перакладчыца пераклала найболей упадабаныя ёй вершы і адправіла іх Д. Максімавіч для аўтарызацыі. У тыя гады паэзія класіка югаслаўскай літаратуры Дэсанкі Максімавіч яшчэ не перакладалася на ўкраінскую мову. Д. Максімавіч дасланыя пераклады прыйшліся па душы. Завязалася перапіска. Падборкі вершаў выбітнай сербскай паэткі ў перакладзе М. Львовіч пачалі з'яўляцца на старонках украінскіх рэспубліканскіх часопісаў, пасля ўвайшлі ў зборнік вершаў Д. Максімавіч "Лірика" (Кіеў, 1985).
Прывядзём па-беларуску верш Дэсанкі ў перакладзе Майі Львовіч на ўкраінскую мову.
Толькі птахі адгукнуліся,
Я клікала на дапамогу.
Толькі птахі адгукнуліся.
З дрэваў і хмар
прымчалі да мяне.
Можа, думалі: я - галубка,
і мяне засмуціла вясна.
Можа, ім падаўся крык мой
трывогаю берасцянкі,
ціўкатам ластаўкі.
Можа, думалі: я птах спеўны
ў кіпцюрах каршуна.
Толькі птахі адгукнуліся.
Сполохана, як да гнязда ў агні,
уляталі ў запазуху.
Можа, думалі: сэрца маё -
полымем ахопленае птушаня.
Плённае супрацоўніцтва падмацоўвалася далікатным сяброўствам. Дэсанка вызвалася і Майіны вершы перакласці на родную мову. Так, фактычна, яны ўпершыню і былі апублікаваны - у югаслаўскай перыёдыцы ў перакладзе на сербскую Дэсанкі Максімавіч.
Кола перакладчыцкіх зацікаўленняў М. Львовіч пашыраецца: яна перакладае з рускай - Іллю Сяльвінскага, Валерыя Брусава, Маргарыту Алігер, Вольгу Берггольц, Яўгенія Еўтушэнку, з ідыш - паэта Гірша Рэлеса, габрэйскія народныя песні.
Напачатку 1960 гг. выявілася цяга М. Львовіч і да беларускай мовы - пасля знаёмства з трохтамовай анталогіяй паэзіі братэрскага народа. Цікавасць падагравала памяць пра тое, што яе бацькі - выхадцы з Беларусі. І адзін за адным пачалі з'яўляцца пераклады з беларускай. За сорак з лішнім гадоў перакладніцкай дзейнасці Майя Львовіч знаёміла ўкраінскага чытача з паэзіяй беларускіх класікаў: Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, сучаснікаў: Максіма Танка, Аляксея Пысіна, Ніны Мацяш, Генадзя Бураўкіна, Рыгора Барадуліна, Анатоля Сербантовіча, Уладзіміра Караткевіча, Сцяпана Гаўрусёва... Пераклады публікаваліся ў перыядычных выданнях ("Всесвіт", "Прапор" (цяпер - "Березіль"), "Жовтень"), у літаратурна-мастацкіх зборніках і альманахах, у анталогіях "Беларуская савецкая паэзія", "На нашай, на сваёй зямлі", "Калінавыя масты", у дзясятках персанальных зборнікаў.
Асобнымі выданнямі выйшлі дзве кнігі прозы - "Світанок, побачений здаля" ("Світанне, убачанае здалёк") Янкі Брыля, "Я з вогненого села" ("Я з вогненай вёскі") Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка. Часткі з рамана Івана Мележа "Хуртовини. Грудень" ("Завеі. Снежань") былі апублікаваны ў часопісе "Прапор". У зборніку "Беларускае савецкае апавяданне" і ў рэспубліканскай перыёдыцы з'явіліся пераклады аповядаў Алены Васілевіч, Вячаслава Адамчыка, Анатоля Кудраўца, Янкі Сіпакова і іншых.
А апошнія чвэрць стагоддзя цяпер ужо на старонках беларускага друку з'яўляліся яе ўласныя гарачыя радкі "беларускаю моваю" - пра любоў да другой радзімы.
Не ў Літве я нарадзілася ,
Не ў Літве я.
Але Літва -
Маё то ўлоньне прадаўнае,
Мая мэлёдыя сапраўдная,
Мая то мова пітаманная.
І выбрала ня я Літву,
Літва сама мяне.
Абедзве радзімы - Украіна і Беларусь - стануць ёй аднолькава блізкія.
Баліць краін маіх,
і дальняе, і бліжняе,
Баліць тое і гэтае маці,
Баліць і іхняе цяперашняе,
і колішняе,
Баліць прадчуванне і памяць.
Тым болем жыць выпадае.
Тым болем,
Які яшчэ называецца
любоўю, -
Жывая я.
Майя Львовіч жыла любоўю і вершамі. Любоўю да людзей і да прыгнечаных народаў і моваў, за якія пакутавала душой. І калі яна казала, што яе лёс - гэта лёс вясёлкі, "што два берагі святлом яднае", то насамрэч гэтых берагоў было тры, таму што Майя Давыдаўна прысвячала габрэйскай тэме нямала вершаў і называла сябе ўкраінска-беларускай габрэйкай.
А калі, а калі,
А калі тры?!
Калі тры нада мною ўзышлі,
Тры зоркі?!
А што першая,
то украінская,
А што другая,
то беларуская,
А што трэцяя,
а што трэцяя -
То габрэйская.
Усе тры,
Усе тры мяне цешаць,
Старую вішню.
І ўсім тром, і ўсім тром
Нясу ягады - вершы.
Гэтых "ягад" аказалася шмат - багаты ўраджай за ўсё жыццё. Апроч шматлікіх перакладаў, апублікаваны шэсць паэтычных зборнікаў - адзін на ўкраінскай мове - "Земле моя" (Харкаў, 1985), пяць на беларускай і ўкраінскай мовах (вершы ў гэтых кнігах люстрана размешчаны): "Цяпельца" ("Вогник", Харкаў, 1995), "У Зязюльчыным у Барку" ("У Зозульчинім у Борку", Кіеў, 2002), "Жывая" ("Жива", Харкаў, 2008), "Балагола" (Харкаў, 2012), "Мелодыя шчасьця" ("Мелодія щастя", (Харкаў, 2014). І сотні вершаў засталіся не апублікаванымі.
Майя Львовіч усё жыццё непакоілася за свой родны край, перажывала за яго нешчаслівы лёс:
"Ой, не аднакава мне".
Прыспалі край мой.
Мой край аглух,
мой край знямеў.
Мой край абкрадзены.
Ой, не аднакава мне,
Ой, не абыякава.
Мой край прыспалі, і ўва сне
Праспаў ён душу.
Не першая, не першая
Ліхая прыгода,
Што выдыхаецца душа,
Душа выходзіць.
Мой край прыспалі і звялі.
Я не засну ўжо.
Ці верне хто маёй зямлі
Жывую душу?
І прадчуванне яе не падвяло. Летась, калі бяда абрынулася на Ўкраіну, Майя Давыдаўна напісала:
Хай і не абвешчана,
тая страшная,
у Украіне ідзе вайна
за Ўкраіну.
Гінуць людзі. І я гіну.
Гіну разам з людзьмі.
Хто переможа? Мы.
У вайне, якой сотні год,
перамогуць тыя,
хто палёг за волю.
За волю роднай краіны змагалася і яна - СЛОВАМ. Яе імя будзе сярод тых, хто пераможа ў гэтай барацьбе. Як і раней, пры жыцці, яна будзе аб'ядноўваць душы і народы, якія імкнуцца да волі і святла, вясёлкай сваёй паэзіі.
Святлана Зайцава.
"Разам з ім пасмяёмся і разам паплачам…"
(25 ліпеня - 35 год з дня смерці Ўладзіміра Высоцкага)
Падрыхтаваны да выдання зборнік твораў У. Высоцкага ў перакладах М.Булавацкага (папраўлены і дапоўнены) поруч з арыгіналамі. Плануецца прыгожае падарункавае выданне кішэннага фармату. Перакладчык шукае фундатараў, прозвішчы якіх будуць змешчаны ў кніжцы.
Тэл.: +375 444 779 222 - Velcom.
Прапануем два пераклады ад Міхася Булавацкага.
Вясёлая нябожчыцкая
Едзеш аўтобусам, аўтамабілем
Ці шпацыруеш,
глытнуўшы вінца, -
Ды пры сучасным
машынным засіллі
Цяжка прайсці
па жыцці да канца.
Вось вам аварыя:
тут па суседству
Везлі кагосьці хаваць, а далей
Ўсе, і шафёр,
атрымалі калецтвы,
Толькі адзін - у труне - ацалеў.
Бабы па найме
рыдалі праз зубы.
Дзяк верхніх нот
не выцягваў, басіў.
Гучна фальшывілі
медныя трубы.
Толькі, каторы ў труне -
не хлусіў.
Нейкі начальнік -
таемны разбойнік -
Чмокаў у лоб і…
гідліва пляваў.
Кожны прыклаўся.
А сціплы нябожчык
Ні аднаго і не пацалаваў.
Ды грымнуў гром,
выклікаючы страхі.
Сілам прыроды
на казань пляваць.
Ўсе пазабеглі пад пліты і дахі,
Толькі нябожчык
не стаў уцякаць.
Што яму дождж!
З ім нічога не будзе.
Вось пра закалку жывых -
то брахня.
А ў дамавіне мінулыя людзі -
Смелыя людзі і нам не раўня.
Як ні спяшай, цябе апераджае
Клейкі ярлык,
бы кляймо на чале.
Мабыць, нішто табе
не пагражае,
Толькі калі ты
ў дубовай труне.
Разам? Асобна? -
Не стане драць горла:
Мёртвых пытанне
жытла не кране.
Вось малайцом
гэты самы памёрлы:
Што ні рабі - ён цябе не кляне.
Ў царстве фантомаў -
суровым і строгім -
Ні небяспекі, ні нейкіх трывог.
Мы тут жывыя
ўсе ходзім пад Богам.
Толькі ў труне
не шукаем дарог.
Чую папрок:
"Ён нябожчыкаў хваліць!"
Не, я крыўдую
на лёс злы ў мяне:
Некалі ўсіх нас
хто-небудзь заваліць,
За выключэннем таго,
хто ў труне.
Свет напаўняюць
і войны, і бойкі -
Чорныя сілы
заўжды з трэнажом!
Так што ў патэнцыі
кожны - нябожчык,
За выключэннем таго,
хто - ужо.
В ы б а р
Шлях ці труна?
Ізгой ці небыццё?
Так, выбар небагаты
перад намі.
Нам прапануюць
марнае жыццё.
Мы з ім скаваны
моцна кайданамі.
І нехта ж выбірае наўздагад
З бязглуздай верай,
як зачараваны.
Але ж хіба жыццё -
што ў ланцугах?
Які ж той выбар -
калі ты скаваны?
Падступная спагада нам такая,
Як зелле ведзьмы ці як міражы.
Смерць ад сваіх
хаваецца за камень.
І ззаду - смерць,
але ўжо ад чужых.
Здранцвела цела,
згвалцілі душу,
І мы маўчым,
як падстаўныя пешкі.
Ды ў лабавым шкле
бачым не шашу,
А ганьбы выскал
і крывыя ўсмешкі.
Калі б аковы тыя разарваць,
То й горла перагрызці
не замнога
Таму, хто здагадаўся
прыкаваць
Нас ланцугамі
да жыцця такога.
Няўжо мы спадзяемся
шчэ на штосьці?
Ці, можа, не па сілах
нам ланцуг?
Чаму ж у браму раю
аж да млосці
Мы грукаем,
пакуль не зойме дух?
Канчаць вайну?! -
Якое адкрыццё!
Але ж цану якую закруцілі!
Нам прапануюць
доўгае жыццё
Ў віне, брыдоце,
здрадзе, ганьбе, гнілі.
Ці ж вартае жыццё такой цаны?
Дарозе не канец,
яшчэ - спакойна!
Паўзбоч тае - Вялікае - вайны
Яшчэ магчыма
паміраць прыстойна!
І рана нас раўняць
з балотнай тванню!
Мы гнёздаў сабе ў гнілі
не саўём!
Мы не памром
пакутным існаваннем!
Мы лепш надзейнай
смерцю ажывём!
Пераклад прысвечаны Міхаілу Жызнеўскаму.
Народная варажба
Заканчваецца халодны, вільготны і змрочны лістапад. Дні такія кароткія і панурыя, - ночы такія доўгія. Страшныя і цёмныя сілы апанавалі прыроду. Сонца на цэлыя тыдні схавалася за хмары. Жыццё замерла. Падышоў канец сонечнаму году. Не зважаючы на каляндар ці на афіцыйнае вызначэнне часу, наш сялянскі люд захаваў ў глыбіні сваёй душы нейкую падсвядомую, атавістычную памяць пра лістапад, як пра апошні месяц года ў прыродзе і пра снежань, як пра пачатак новага года. Таму ў гэты час найчасцей варожаць пра будучыню. Варажба пра надвор'е ў наступным годзе, пра ўраджай, здароўе, багацце, вайну жыцця са смерцю. Моладзь жа варожыць пра свой будучы лёс, пра жаніцьбу, пра замуства. Старая прымаўка кажа: "Хлопец жэніцца, калі хоча, а дзяўчына замуж ідзе, калі бяруць". Таму хлопцы варожаць мала. Нашто яму варажыць, ён жа "свянцоная костачка", а жэніцца з кім і калі хоча. Іншая рэч - дзявочая доля.
Сезон варажбы пачынаецца для хлопцаў на вігілію Св. Кацярыны - 23 лістапада. Спосабаў мужчынскай варажбы няшмат, прынамсі ў блізкіх ваколіцах Ліды. А менавіта:
1) На ноч пад галаву кладзецца жаночая спадніца. Тая, з якой жэніцца, павінна яму прысніцца.
2) Кладзецца спаць на голай лаве. Пад галаву бярэ цэглу. Тая дзяўчына якая ў сне прыйшла слаць ложак, і будзе ягонай жонкай.
3) На абрыўках паперы піша імёны знаёмых дзяўчат і ўсе лісткі кладзе пад падушку. Як толькі прачнецца, адразу бярэ наўдачу адзін лісток з імем той, якая будзе жонкай.
Рэпертуар жаночай варажбы значана багацейшы. Дзяўчаты варожаць на вігілію Св. Андрэя, г.зн. 29 лістапада. А менавіта:
1) Увечары, калі прыцямнее, дзяўчына са жменяй сем'я канопляў выбягае на падворак і некалькі разоў абягае вакол студні. Пры гэтым пасыпае зямлю канапляным сем'ем і паўтарае:
Андрэй, Андрэй
Я каноплі сею,
Дай мне знаць
З кім буду век каратаць.
Часам верш заканчваецца:
З кім на шлюбе стаяць.
Вярнуўшыся дахаты, пасыпае каноплі на вокны, за печчу і на свой ложак. Старыя бабы апавядаюць, што раней дзяўчаты сеялі каноплі цалкам голыя. А ўначы дзяўчыне, якая варажыла, абавязкова павінен быў прысніцца будучы муж.
2) На ноч дзяўчына пад сваім ложкам ставіць місу з вадой, а на місе кладзе лучыны. Павінна ёй прысніцца, што мужчына пераводзіць яе на другі бок ракі па кладцы. Той мужчына, натуральна, і будзе яе мужам. Перад сном павінна прамовіць пацеры да Св. Андрэя. А якія ж гэта пацеры? "От звычайныя, трэба наперад прысягнуць, а потым сказаць: Ахвярую гэты пацярок да святога Андрэя. Ойча наш, каторы ёсць ... ".
3) Падобна, як хлопец спадніцу, дзяўчына кладзе на ноч пад галаву "мужчынскія порткі" і ноччу ёй павінен прысніцца муж.
4) Піша на кавалках паперы імёны знаёмых ёй хлопцаў і г.д.
Найчасцей варажба адбываецца падчас куцці, на вігілію Божага нараджэння, г.зн. 24 снежня. Варожаць перад вячэрай, пераважна, дзяўчаты:
1) Бяжыць на двор, хапае бярэмя дроў, нясе ў хату і тут лічыць палены. Калі колькасць іх цотная - выйдзе замуж, калі не - застанецца ўдома.
2) Дабягае да плоту і шырока расстаўленымі рукамі абдымае шэраг лясак (лёстак, штыкецін). Лічыць, колькі лясак абняла, калі колькасць іх цотная - выйдзе замуж, калі не - дык не.
3) Пракрадаецца пад вакно чужога жытла і падслухвае. Калі ўчуе, што хтосьці кажа пад час размовы: "ідзі", "бяры", "руш" і г.д. - выйдзе замуж. Але, ратуй Божа, калі ўчуе: "сядзі", "каб ты пацуком села", "стой, каб ты слупом стаяла!" - застанецца паннай.
4) Калі ўжо сядаюць да вячэры, дзяўчына тайком выходзіць у сені і праз адтуліну клямкі ў дзвярах заглядае ў хату. Абавязкова ўбачыць на тым месцы, дзе яна сядзела каля стала, таго, за каго мае выйсці замуж: ён прыйдзе нябачны для іншых да яе на куццю.
5) Падчас вячэры дробкі і кавалкі яды хавае каля сябе, каб ніхто не заўважыў. Калі пойдзе спаць, паложыць гэта ў сябе пад падушку. Уначы, прысніцца суджаны і прыйдзе да яе на куццю.
6) Кожная, знятым з нагі чаравічкам, мерае адлегласць ад сцяны да парога хаты. Калі да парога выпадзе насок - выйдзе замуж, каля пятка - яшчэ год будзе у паннах.
7) Варожаць на пацерках, пярсцёнках і г.д. У малое сіта (у якім жанчыны ачышчаюць крупы) складваюць свае пярсцёнкі ці пацеркі і пачарзе пачынаюць трэсці. Тая, чые пацеркі альбо пярсцёнак выскачыць з сіта - тая першай выйдзе замуж.
8) У хаце на зямлі раскладаюць пярсцёнкі і ў кожны насыпаюць зерне ячменю. З-пад печы пушчаюць курэй. З якога першага пярсцёнка курыца выдзеўбе зерне - тая раней знойдзе сабе мужа.
9) Робяць складкі: па лыжцы мукі, тлушчу, солі. З гэтага цеста кожная робіць круглае печыва з сваім знакам. Усё печыва кладуць у выпаленую печ. На раніцу выпечанае печавы дзяўчаты кладуць на парог хаты і выклікаюць сабаку. У якой паслядоўнасці сабака з'есць печыва - гэтак жа дзяўчаты павыходзяць замуж. Ну, а калі сабака не захоча есці - дык ніхто з іх у гэтым годзе не справіць вяселле.
10) У металічную лыжку кладуць кавалкі васковай грамнічнай свечкі і грэюць лыжкі над міскай з вадой. Калі воск растопіцца, выліваюць яго ў міску. Гнуць кавалкі паперы, падпальваюць іх на талерцы і хутка гасяць. Асмалкі паперы выгладжваюць. Потым васковыя фігуры і асмалкі паперы падстаўляюць пад святло лучыны ці грамнічнай свечкі і прыглядаюцца да ценяў на сцяне. У гэтых ценях угадваюць грошы, вянкі, кветкі, свіней і г.д. - гэта добрыя знакі. Часам жа бачаць труну, бутэльку, кайданкі, ланцуг і г.д. - гэта дрэнныя знакі.
11) Бяжыць на сметнік ці на кастрышча дзе смалілі забітага парсюка і слухае, з якога боку даляціць брэх сабакі - з гэтага боку ці вёскі і будзе муж.
12) У поўнач з грамнічнай свечкай у руцэ выходзіць голая падмятаць сені. Будучы муж павінен з'явіцца нават праз зачыненыя дзверы. Паўліна з Траццякоўцаў такім чынам бачыла будучага мужа. Моцна напужалася, але на "мясапуст" выйшла замуж за таго самага, каго ўбачыла падчас варажбы, хоць не ведала яго да гэтага і нічога пра яго не чула. Нарачоны пад час гэтай варажбы быў у сябе ў доме за сем кіламетраў ад Траццякоўцаў.
13) Падмятае ў хаце і ў поўнач выносіць смецце на сметнік. Каго спаткае - той возьме яе у жонкі.
14) Лезе голай на страху і тры разы абходзіць комін: калі убачыць труну - памрэ, дзіцячую калыску - будзе мець дзіця, вянок - выйдзе замуж і г.д. Некаторыя варожаць у цемры, некаторыя ж бяруць грамнічную свечку ў руку. Часам з'яўляецца цень будучага мужа і дапамагае дзяўчыне злезці са страхі.
15) Калі ўсе пойдуць спаць, дзяўчына ў хаце сядае адна пры стале, ставіць каля сябе грамнічную свечку і два люстэркі і пачынае ў іх глядзець. Мусіць абавязкова убачыць ў люстэрку таго, хто возьме яе ў жонкі.
16) Праз увесь адвент (пост) збірае недапалкі лучын, агаркі свечак і нават запалак і пасля куцці бярэ дзіцё і чорнага пеўня і ідзе ў камору ці спіжарню. З забраных недапалкаў раскладае вогнішча. Да гэтага вогнішча прыйдзе абагрэцца будучы муж. У часе такой варажбы нейкай дзяўчыны з-пад Ліды, з'явіўся злы дух: бядачка пазнала яго па рагах, укрытых пад шапкай. Спужалася і адразу захварэла, а потым з'ехала з глузду і павесілася. Пэўная пані мела служку, якая навучылася гэтай варажбе. Да распаленага служкай кастра ў каморы прыйшоў абагрэцца муж пані. Пасля варажбы дзяўчына прыйшла да сваёй пані і пажалілася, што тая пакпіла з яе, бо дзеля жарту прыслала свайго мужа. Мужа ў гэты час не было ў горадзе, і таму пані моцна расхвалявалася, захварэла і на працягу года памерла, а ўдавец, відочна, ажаніўся са служкай. Было гэта дзесьці пад Лідай. Распавядалі пра гэта кабеты ў Няцечы, Крупаве і Цыбарах 30 гадоў таму, распавядаюць і зараз.
17) Пасля куцці дзяўчына кладзецца спаць у абутку і з заплеценай касой. Ноччу ёй прысніцца хлопец, які прыйдзе яе разуваць і пасплятаць касу. Ён і стане яе мужам.
18) Нехта з сям'і (маці ці сястра) замыкае звычайны навясны замок на ключ і кладзе дзяўчыне пад падушку, каб яна не заўважыла, ключ забірае з сабой. Ноччу да той, у каго ключ прыходзіць хлопец і просіць, каб "адчыніла дзяўчыну". Гэта прыходзіць муж "замкнёнай".
Хлопцы варожаць мала. Найчасцей падглядваюць за дзяўчатамі, калі тыя варожаць, ці нават перашкаджаюць ці кпяць з іх. Тым не менш, пасля куцці нават хлопцы могуць зацікавіцца варажбой:
1) Становіцца задам да стала, патаемна дастае з-пад абруса трохі сена, на якім елі куцю, незаўважна выходзіць з хаты да найбліжэйшага крыжа за вёскай. Ідучы - не аглядаецца і патроху кідае сена за сабой. Пад крыжам сустракае сваю будучую жонку. Кажуць, што такім чынам наваражыў сабе жонку муж Альбіны з Цыбараў. Не жадаў бядак жаніцца, але варажба так яго ўразіла, што не змог адмовіць сваёй нарачонай.
2) Пасля куцці збірае косці селядца і рыбы і нясе туды, дзе сходзяцца два платы. Калі тут кінуць косці - сустрэнеш дзяўчыну, якая стане тваёй жонкай.
За эфектыўнасць гэтых варожбаў не ручаюся, зычу тым, хто будзе варажыць і чакае сваю палавінку, каб іх жаданні споўніліся. Галоўнае - каб усе дзяўчаты павыходзілі замуж, і маладыя сужэнцы пачаставалі мяне смачнай гарэлкай.
Міхал Шымялевіч
Пераклад Леаніда Лаўрэша.
Залаты запас душы
Не часта трапляецца ў рукі кніга, якая толькі два тыдні таму была падпісана ў друк у Менскім выдавецтве " Чатыры чвэрці". Новенькая, у глянцавай вокладцы. Кніжачку прыслаў са Слаўгарада шаноўны ветэран, самаадданы і шчыры сябар Таварыства беларускай мовы Фелікс Уладзіміравіч Шкірманкоў. Аўтар дзеліцца з чытачамі вершамі, напісанымі ў 2013-15 гадах, якія ўздымаюць тэмы мовы і нацыянальнай годнасці, патрыятызму і ваеннай памяці.
Адзначаючы гадавіну вызвалення Слаўгарада ад фашысцкіх захопнікаў і 70-годдзе Вялікай Перамогі франтавік перадае сведчанне свайго пакалення і дае запавет берагчы любоў да Беларусі. Паэт заклікае нашчадкаў пачуць голас ветэранаў як рэха свяшчэннай вайны, пакуль яны яшчэ стаяць у шыхце непахісных верных сыноў Радзімы. Герой, які бараніў Айчыну ад фашысцкай навалы, прайшоў у пошуках радовішч Калыму, застаўся моцным і бадзёрым духам.
"Каб слова было ў славе, - пісаў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, - яно павінна быць забяспечана залатым запасам душы паэта". Менавіта такі скарб любові да роднай зямлі, светлых пачуццяў і ўражанняў назапасіў за доўгае жыццё Фелікс Уладзіміравіч Шкірманкоў.
"Ёсць сапраўднае багацце, якім патрэбна даражыць", - піша аўтар. Гэта - знайсці дарогу да храма, быць удзячным Усявышняму за дар жыцця, за сваіх родных, за шчасце жыць адным дыханнем са сваёй любай палавінкай.
У вершах паэта адчуваецца роздум над балючымі супярэчнасцямі сучаснасці, над сацыяльнай няроўнасцю, занядбаннем вёскі, клопат пра родную мову. У зборнік увайшлі вершы, прысвечаныя Анатолю Вярцінскаму, Нілу Гілевічу, сябрам з Магілёўскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў, Святлане Калінкінай.
Паклон зямны табе,
Калінкіна Святлана,
За мужнасць, праўду, прыгажосць.
У Беларусі будучыня будзе,
Бо у ёй сумленню прыклад ёсць.
У кніжачцы знойдзеш назіранні, не даступныя гарадскому чалавеку: сустрэць у двары вужаку ці пачаставаць малачком вожыка, заўважыць жабянятка пад смародзінным лістком, пад зоркамі чакаць ранішняга клёву ля рэчкі, адчуваць удзячнасць працаўнікам сяла, якія сваечасова сабралі ўраджай з палёў.
- Дзень Незалежнасці 3 ліпеня сёлета прайшоў у нас як ніколі выдатна, - сказаў у тэлефоннай размове Фелікс Шкірманкоў. - Усе выступленні гучалі на беларускай мове.
Паэт верыць, што для дзяржавы прыдзе зорны час, калі людзі вернуцца да роднай мовы.
Там будзе водар роднай мовы,
Там будуць хораша гучаць
Славутых продкаў нашых словы
І гістарычны сцяг лунаць.
Чытачы шчыра ўдзячныя шаноўнаму ветэрану за яго жыццёвы подзвіг, за словы замілавання сінявокай Беларуссю, якія натхняюць і надаюць веру ў будучыню.
Эла Дзвінская , фота аўтара. На здымку: Ф.У. Шкірманкоў з жонкай.
Фелікс Шкірманкоў
Блакітная крыніца
З вадой свянцонай бруіцца крыніца,
Над ёй абярэгам паўстала капліца.
Далёкія продкі, як сведчыць паданне,
Пайшоўшы аднойчы на паляванне,
Убачылі: у пушчы пад дубам бруіцца
З празрыстай вадой
незямная крыніца.
Блакітнай за колер крыніцу назвалі,
Галубкай ручай ад крыніцы празвалі.
Сваёй жыватворнай цудоўнай вадой
У душы людскія прыўносіць спакой.
Прыгожа вясной
салавей тут спявае.
Буслоў карагод у вышыні праплывае.
Зязюля адлічвае людзям гады,
Як вып'юць
з блакітнай крыніцы вады.
Яна і старых, і малых наталяе,
На добрыя справы нябачна натхняе.
Вясенняй парой каля гэтай крыніцы
Бяруць непрыкметна
ў палон чараўніцы.
Ад Бога даецца ім гэта заданне.
Каб таямніцу пазналі кахання.
1 снежня 2013 г.
"Скрыжалі" Тамары Аўсяннікавай
23 ліпеня на беларускім гуртку магілёўскай суполкі ТБМ новую кнігу сваіх вершаў "Скрыжалі" прэзентавала паэтка і педагог Тамара Пятроўна Аўсяннікава. Чытаючы ўласныя вершы і размеркаваўшы іх па асобных сэнсавых раздзелах, Тамара Пятроўна праз іх расказвала пра ўласны лёс, перажыванні і ўспрыманне гэтага супярэчлівага, але цудоўнага свету. Назва зборніка - "Скрыжалі" - і сімвалізуе, што ў змешчаных тут вершах захавалася самае патаемнае, самыя дарагія скарбы душы і самыя гарачыя перажыванні. Расказала Тамара Пятроўна і пра свой радавод, пра характары сваіх родных і пра тое, як перажываліся не вельмі лёгкія ранейшыя часы. У маляўнічым атачэнні беларускай прыроды і вясковых хатак этнафальварка "Зялёны рай" гучалі не толькі цудоўныя вершы і цікавы расповед пра жыццёвы і творчы шлях, але і некалькі народных песень, ну і канешне, пра абставіны сяброўства са знакамітымі беларускімі творцамі, такімі, як Ніл Гілевіч, Яўгенія Янішчыц ды іншымі. На заканчэнне, традыцыйна для такіх сустрэч, кожны ахвотны атрымаў памятны подпіс пісьменніцы ў набыты асобнік вершаў.
Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ.
Фота Алеся Сабалеўскага.
Вясковы самародак
Любіць мову, так, як і радзіму !
Якая ж сіла прыцягальная зямлі, святой, бацькоўскай, па якой хадзілі дзяды і прадзеды, дзе родныя магілы, шляхі - дарогі.
Не магла быць абыякавай да гэтай тэмы вясковая літаратарка Людміла Ардынская. Яна па крупіцах збірае тое, што пачуе ад старых людзей і занатоўвае. Затым сама развівае думку, змяшчае матэрыялы ў перыядычным друку.
Наша жыццё так зладжана, што пакуль працуем, нам няма часу азірнуцца назад, асэнсаваць, што было раней, як жылі нашы продкі. Так і Людміла Іосіфаўна, пакуль працавала на розных пасадах у сельскай гаспадарцы, маючы здольнасці пісаць, часам магла напісаць толькі, у большасці сваёй, вершы "па заяўках" для сяброў, а на больш сурёзнае не хапала часу. І вось цяпер, калі пайшла на заслужаны адпачынак, Людміла Іосіфаўна, як кажуць, з галавой акунулася ў літаратуру: піша вершы і прозу, захапляецца краязнаўствам. Ёй хочацца, каб яе творы друкавалі газеты і часопісы, аднак яшчэ не адчувае таго, наколькі гэта складана. Але, дзякуючы яе напорыстаму характару, у нейкай ступені гэта ёй удаецца. Літаратарка зрабіла вялікую працу па краязнаўству, пра гісторыю сваёй роднай вёскі Радзюкі. Вялікі, дакладны, значны матэрыял на гэтую тэму надрукавала газета "Вольнае Глыбокае". Людміла Ардынская не спыняецца на дасягнутым. Адно атрымаецца, бярэцца за іншую працу. Яна прымае ўдзел у выяўленні на тэрыторыі яе вёскі Радзюкі яўрэйскіх пахаванняў…
Не менш таленавітымі атрымліваюцца ў Людмілы Іосіфаўны вершы. Некалькі соцень захоўваецца ў яе рукапісным зборніку, бо камп'ютара яна не мае і ўсё піша ад рукі.
Самы "ўраджайны" для вясковага самародка быў мінулы год.
Людміла Ардынская прыняла ўдзел у выданні калектыўнага альманаха "Талент" - літаратурна - мастацкае выданне, падрыхтованае ў выдавецтве "Смэлтак". Падборку сваіх вершаў яна назвала "Рамонак белы на мяжы", куды ўвайшлі вершы "Бярозаўка", "Бацькаўшчына"і "Рамонак белы". Вось задушэўныя радкі:
Белая Русь мая свежая, чыстая!
Рэчкі, азёры, бярозавы гай,
Поле жытнёвае, ліпы вячыстыя -
Дадзены Богам
бацькоўскі мой край…
На прыканцы мінулага года ў тым жа выдавецтве выйшла першая кніга выбраных твораў пад назвай "Гаманлівае дрэва любові". У ім самабытная паэтка змясціла вершы пад рубрыкай "На крылах лебядзінай песні". Яе хвалюе тэма любові да роднай зямлі, знітаванасць свайго лёсу з любымі сэрцу мясцінамі. Вершы Людмілы Ардынскай нясуць выразную адзнаку часу.
Лічы, наколькі я багата -
Мой скарб вялікі - вось які!
На мове вершы мае й хата
У вёсцы з назвай Радзюкі…
За дзяржаўныя сродкі надрукавацца немагчыма і Людміла Ардынская прымае ўдзел у выданні сваіх твораў на платнай аснове. Лёс яе звязвае і з Полаччанай. Паэтка даведалася, што ўдзельнікі літаратурнага аб'яднанне "Наддзвінне" выдаюць чарговы зборнік пад назвай "Між крутых берагоў", і яна туды даслала свае вершы.
Я купалавы вершы чытаю,
Хоць вячэрняй зары водсвет згас,
Нібы папараць - кветку шукаю,
Што надзеяю цепліцца ў нас…
Людміла Іосіфаўна бярэцца і за больш сур'ёзныя справы. Яна занялася перакладам вершаў знакамітай беларускай паэткі Тамары Красновай - Гусачэнкі. Частка іх была змешчана на старонкай рэспубліканскай газеты "Літаратура і мастацтва".
У нашым раёне на працягу больш 20 гадоў дзейнічае народнае літаратурна - музычнае аб'яднанне "Світанак". У ім Людміла Ардынская прымае самы актыўны ўдзел.
Кацярына Сосна , паэтка, кіраўнік народнага літаратурна - музычнага аб'яднання "Світанак", Шаркаўшчына.