НАША СЛОВА № 33 (1236), 19 жніўня 2015 г.
У Белавежы прагучала "Рознагалоссе"
Завершыўся цыкл музычных прэзентацый беларускай нацыянальнай меншасці "Рознагалоссе". Мэта мерапрыемства - прасоўванне беларускай культуры праз канцэрты беларускіх аматарскіх калектываў з Падлесся.
- У Белавежу прыязджае шмат турыстаў, якіх цікавіць беларуская культура, - кажа арганізатар мерапрыемства Марэк Зубрыцкі з Таварыства сяброў Белавежы: - Мы павінны тут папулярызаваць гэтую культуру, рабіць штосьці такое, каб прыцягваць турыстаў, якіх мусіць зацікавіць наш рэгіянальны беларускі акцэнт. На белавежскай сцэне паказалі сябе чатыры калектывы. Гэта быў апошні, трэці ў гэтым годзе канцэрт пад назвай "Рознагалоссе".
Давід Гайко , Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара
Першыя хрысціны па-беларуску ў Чарнігаве
Упершыню ў гісторыі сучаснага Чарнігава тут адбыліся хрысціны цалкам на беларускай мове. У Кацярынінскай царкве хрысцілася Кацярына - маленькая жыхарка Рэчыцы.
Бацькі Кацярыны - карэнны жыхар Рэчыцы і жыхарка Шосткі, што ў Сумскай вобласці. Хроснымі бацькамі таксама сталі беларус і ўкраінка. Сам хрост праводзіў святар Кацярыненскай царквы Кіеўскага патрыярхату, протаіерэй айцец Яўген (Орда) - нашчадак слыннага роду Ордаў, з якога паходзіць беларускі мастак, музыка і грамадскі дзеяч Напалеон Орда. Са словаў бацькоў, яны абралі менавіта Украінскую праваслаўную царкву Кіеўскага патрыярхату з тае прычыны, што царква гэта не толькі патрыятычная для ўкраінцаў, але і з вялікай павагай ставіцца да прыхільнікаў беларускай незалежнасці і да беларускай культуры. Паводле айца Яўгена, напярэдадні хросту ён дбайна вывучаў беларускі пераклад Святога пісьма, а таксама беларускія спевы і малітвы.
Марцін Война , Беларускае Радыё Рацыя, Чарнігаў. Фота аўтара.
200-годдзе св. Яна Боскі
16 жніўня ў Менскай парафіі св. Яна Хрысціцеля адбылася ўрачыстасць ў гонар 200-годдзя св. Яна Боскі. Па традыцыях, якія заклаў святы ў Італіі ў 19-тым стагоддзі, на Беларусі ў 1990 годзе адрадзілася каталіцкая Салезіанская супольнасць, арганізацыі якой дзейнічаюць у Менску, Бараўлянах, Смаргоні, Жупранах, Дзятлаве. Салезіянская сям'я перажыла юбілейны год, які падсумавала сённяшняе свята. Дэвізам свята былі словы: "Як ксёндз Боска: з моладдзю і для моладзі".
У праграме свята была св. імша, якую цэлебравалі біскупы і святары на чале з мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам, канцэрт маладых прадстаўнікоў з розных гарадоў, тэатральная пастаноўка, конкурс на лепшую песню для дона Боскі. Увесь фэст адбываўся на беларускай мове.
Ян (Джавані) Боска нарадзіўся ў мястэчку Бэкі каля Турына 16 жніўня 1815 года. Ён лічыцца апякуном моладзі, кнігадрукароў, рэдактараў. У дзяцінстве Джавані бачыў сон, што будзе апякуном кінутых падлеткаў. Ён адкрыў для моладзі першы араторый, навучыў моладзь маліцца, працаваць і радасна праводзіць вольны час, кожным момантам штодзённасці праслаўляючы Бога. А каб і надалей аб моладзі было каму клапаціцца, святы заснаваў у 1854 годзе новую кангрэгацыю святароў у гонар Францішка Сальскага, а потым сясцёр законных і запрасіў да супрацоўніцтва таксама свецкіх людзей - салезіянаў - супрацоўнікаў. У 1862 годзе араторый Я. Боскі наведвалі 1200 дзяцей, 600 з іх пражывала там. Пры араторыі былі адкрыты 6 майстэрняў і друкарня. Яна Боску вызначала адкрытасць да дасягненняў свайго часу, ён быў першым святаром, які падрыхтаваў экспазіцыю на нацыянальнай прамысловай выставе і першым каталіцкім святым, які даў інтэрв'ю газеце.
Тэатралізаваную гісторыю жыцця ўпадабанага святога прадставіў калектыў араторыя з Менска.
- Сцэнар пастаноўкі напісаў клерык Артур, які вучыцца на ксяндза-салезіяніна ў Польшчы. Два гады ён быў у Менску на практыцы і зноў ад'язджае на вучобу, - распавёў яго сябар Уладыслаў, які з'яўляецца свецкім супрацоўнікам і таксама выконвае адмысловую місію клапаціцца пра моладзь.
- Мы святкуем 25-годдзе адраджэння нашай харызмы, - падзяліўся думкамі настаяцель Салезіянскай супольнасці кс. Віктар Гайдукевіч. - Я сам родам з парафіі ў Жупранах. Вучобу праходзіў у Польшчы і Германіі. Я распачаў сваю фармацыю з 1995 года, быў на павышэнні кваліфікацыі, з 2006 года працаваў у Смаргоні, потым - у Менску.
Бацькі бачаць вялікую выхаваўчую карысць у нашай дзейнасці і прыводзяць сваіх дзетак да нас, і яны растуць, або маладыя людзі прыходзяць праз сваіх прыяцеляў. Мы адкрытыя для ўсіх, працуем і з праваслаўнай моладдзю. Мы стараемся распаўсюджваць беларускую мову ў касцёле, імкнемся прывіць родную мову моладдзі. Мы маем усе літургічныя кнігі, усе сакраманты па-беларуску.
- У Смаргонскі Салезіянскі араторый ходзіць каля 1000 дзяцей і моладзі, - распавяла Вераніка Рогач, школьны псіхолаг са Смаргоні, - Гэты араторый за 10 гадоў змяніў мае жыццё. Вялікая праца вядзецца ксяндзамі і сёстрамі з дапамогай аніматараў, якія зацікаўліваюць моладзь, праводзяць музычныя, тэатральныя мерапрыемствы, імкнуцца ў кожнай асобе знайсці тое зярнятка, якое трэба развіваць. Араторый замяняе сям'ю дзецям, якіх занядбалі бацькі. На канікулах для іх арганізуюцца летнікі.
Я таксама з'яўляюся хрысціанскім аніматарам на працягу пяці гадоў і заўважыла, як дзеці мяняюцца да лепшага. У гэтым годзе, 27 чэрвеня мы з Эдуардам узялі шлюб і мелі вялікую падтрымку нашага араторыя. Наша Смаргонская гімназія ставіцца з прыязню да дзейнасці моладзевай Салезіянскай супольнасці.
- Наш касцёл носіць імя Найсвяцейшай панны Марыі, нашай парафіяй кіруе ксёндз Здзіслаў, - кажа Антон Вайтушка з Дзятлава. - Я пачаў хадзіць у касцёл з ранняга дзяцінства. У гэтым годзе скончыў школу, буду вучыцца на святара ў Польшчы. Араторый у нас малады, заснаваны ў лістападзе 2014 года.Да выступлення на свяце мы рыхтаваліся разам з сябрамі.
На завяршэнні мерапрыемства кс. Віктар Гайдукевіч адзначыў:
- Мы дзякуем пану Богу за развіццё нашай харызмы і ўсім, хто з энтузіязмам і ахвярнасцю працаваў 25 гадоў для таго, каб адрадзіць хрысціянскія традыцыі выхавання моладзі, заахвоціць юнакоў да літургічнага жыцця, развіваць іх таленты і здольнасці, гуртаваць вакол касцёла.
Сёння мы зазіраем ў будучыню і спадзяёмся, што наша кангрэгацыя будзе развівацца на Беларусі і выхоўваць верных духоўных сыноў і дачок св. Яна Боскі, якія будуць служыць бліжнім і сваёй краіне.
Удзельнікі свята атрымалі падарункі за лепшую песню і тэатральную пастаноўку, узялі ўдзел у латарэі, кожны напрыканцы фэсту трымаў у руках святочнае печыва, да якога была прымацавана выява святога з яго словамі: "Нашай падтрымкай нахай будзе радасць, малітва і Святая Камунія".
Эла Дзвінская , фота аўтара. 1-2-3. На святкаванні 200-годдзя з дня нараджэння св.Яна Боска 4. Група вернікаў з Дзятлава з кс. Здзіславам.
Якім можа быць беларускі школьны строй
Якім можа быць беларускі мадэрны нацыянальны строй для школьнікаў паказалі ў Гародні. Мадэльеры Алёна Маркоўка і Наталля Кажушкова з менскай майстэрні "ElenCarotte" прэзентавалі паўсядзённую школьную форму. У планах майстэрні стварэнне святочнага строю, які могуць набыць для маленькіх беларусаў іх бацькі.
Пра саму ідэю майстэрні, распавядае Алена Маркоўка:
- Увядзення ў паўсядзённасць беларускага строю, яго развіццё, каб людзі маглі адчуваць сябе беларусамі ў кожным моманце свайго жыцця. Таму мы прапануем цэлую лінейку вопраткі ад немаўлят да самых старых. Адна з ідэй - гэта школьная форма, што ўжо цяпер вельмі актуальна.
Прэзентацыя школьнай формы прайшла ў гарадзенскай "Краме Ц".
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня.
ГЭТА БЫЛО, БЫЛО ...
Дакладна ўжо не помню, але падаецца мне, што дзесьці каля двух гадоў назад я адкрыў свежы нумар "Народнай Волі" і пабачыў на яе старонках вядомае пісьмо Аляксандра Салжаніцына "Жыць не па хлусні". Тады ж з задавальненнем і нават з пачуццём гонару за сябе надумаў: "А я вось апярэдзіў паважаную "Н.В." на два дзесяцігоддзі, бо яшчэ ў 1991-м годзе пераклаў гэты мужны зварот да савецкай інтэлігенцыі і моладзі на беларускую мову і змясціў яго на старонках тагачаснай івацэвіцкай райгазеты "Кастрычнік", намеснікам рэдактара якой працаваў. І атрымалася так, што ў аўторак 20 жніўня таго ж года, калі ўсе савецкія людзі жылі падзеямі ў Маскве і намагаліся спасцігнуць, што ж гэта за новая з'ява ГКЧП, і што яна прынясе краіне, амаль восем тысяч падпісчыкау івацэвіцкай раёнкі, узяўшы ў рукі яе нумар, разгубіліся яшчэ больш.
Дый было тут чаму. На першай старонцы пад агульнай шапкай "У інтарэсах савецкага народа" (рэдактарская творчая, а, дакладней, угодніцкая знаходка) яны пабачылі Ўказ віцэ-прэзідэнта Янаева аб зыходзе па стану здароўя з пасады прэзідэнта СССР Міхаіла Сяргеевіча Гарбачова і адпаведную заяву з гэтай нагоды новага кіраўніцтва краіны. А вось на другой старонцы раённай газеты пад рубрыкай "Перабудова і мы" і з маім уступным словам да чытачоў, у якім я назваў пісьмо А. Салжаніцына "Жыць не па хлус ні" няйнакш як малітвай для кожнага сумленнага чалавека, добрых паўстарокі заняў гэты зварот, у якім вядомы пісьменнік-дысідэнт заклікаў савецкіх людзей, і ў першую чаргу інтэлігенцыю і моладзь, процістаяць усялякай палітычнай хлусні і адстойваць дэмакратыю ў краіне.
Днём раней, г.зн. 19 жніўня на раніцу я прыехаў у райцэнтр са сваёй роднай вёскі Быцень, дзе правёў выходныя дні, прыйшоў у рэдакцыю, якая месцілася побач з аўтавакзалам, і быў вельмі здзіўлены: праз адкрытыя дзверы рэдактарскага кабінета пабачыу свайго "шэфа", якому яшчэ належала працягваць водпуск. Ужо тое-сёе ведаючы пра падзеі ў Маскве з майго вясковага рэпрадуктара, я адразу ж здагадаўся, чым выклікана гэтае заўчаснае ягонае з'яўленне на працы. Не марудзячы паспяшаўся ў сакратарыят, папрасіў адказнага сакратара Аляксандра Лаўранюка пададь мне макеты 2-й і 3-й старонак з арыгіналам матэрыялаў заўтарашняга нумара (сам унутраны разварот ужо быў аддрукананы на той час у Баранавіцкай друкарні і чакаў астатнія дзве старонкі, якія звычайна адпраўляліся ў Баранавічы за дзень да выхаду газеты ў свет) і забраў адтуль тое салжаніцынскае пісьмо. Атрымалася, як у ваду глядзеў. Праз некалькі хвілін у кабінет адказнага сакратара літаральна ўляцеў з незвычайна засяроджаным выглядам ужо сам рэдактар і сурова запытаў, што за матэрыялы размешчаны на 2-й і 3-й старонках. Не чакаючы адказу, сам пачаў разбіраць арыгіналы і, не знаійшоўшы нічога крамольнага, вярнуўся да сябе.
- Здаецца, пранесла, - з палёгкай уздыхнулі мы з А. Лаўранюком і весела пераглянуліся: у сваім дзелавым "запале" наш шэф не здагадаўся зірнуць на макет другой старонкі, інакш нам бы не пазбегнуць скандалу з боку звышасцярожнага, а можна яшчэ і сказаць: занадта палітычна пільнага нашага кіраўніка.
Сёння застаецца толькі здагадвацца, што б было ў адваротным выпадку. Хутчэй за ўсё ўжо гатовы ўнутраны разварот газеты парэзалі б, замяніўшы ў ім зварот А. Салжаніцына "Жыць не па хлусні" на нейкі іншы матэрыял. Несумненна, што так і здарылася б, калі б не падвяла тады нашага рэдактара ягоная пільнасць. Ды яшчэ ў такі адказны час! Хоць ён і вызначыўся тады сярод сваіх калегаў-рэдактараў тым, што не толькі змясціў на першай старонцы перададзеныя БелТА ўсе дакументы ГКЧП, але і аб'яднаў іх пад гэтакай напышлівай газетнай шапкай "У інтарэсах савецкага народа". Вось тут, як аказалася потым, ён і перастараўся са сваім гэткім наватворам і жаданнем дагадзіць раённай уладзе. Праз колькі дзён, калі ГКЧП ужо праваліўся, наш бедны рэдактар трапіў у спіс паўтара дзесятка адказных асоб рэспублікі, хто адкрыта падтрымаў, як ужо тады фармулявалася, спробу антыдзяржаўнага, антыканстытуцыйнага перавароту ў краіне саветаў. У рэспубліканскім друку ў гэтым спісе пасля больш высокіх начальнікаў рознага рангу самым апошнім гэтак сціпла значылася і прозвішча рэдактара нашай івацэвіцкай раённай газеты "Кастрычнік".
Потым было нешта накшталт разбіральніцтва ў раённай пракуратуры. Не забуду шчодрых слёз рэдактара з адзіным пытаннем да мяне: "Што са мной будзе, Мікалай Мікалаевіч? Што будзе?.."
- Ды нічога не будзе, як працавалі, так і будзеце працаваць, - супакойваў тады я яго і дадаў, - А вось, каб перамог ГКЧП, тады магло б нешта здарыцца са мной і Нінай Чыкітай, бо мы, хоць і мелі партыйныя білеты, не ўтойвалі сваіх дэмакратычных поглядаў і ўслых казалі, што надышоў ужо час да сапраўднага рэфармавання як КПСС, так і дзяржаўнага ладу ў СССР. Ці засталіся б мы на сваіх пасадах, калі б дамогся ўлады ГКЧП, сёння пытанне няйначай, як рытарычнае...
... Але вярнуся да падзей 20- га і 21-га жніўня 1991-га года. Відаць, два дні раней, раённае партыйнае кіраўніцтва было занята клопатамі па вызначэнні сваёй далейшай дзейнасці ў новых умовах, інакш кажучы, пры новай уладзе. А вось у сераду я ўжо стаяў у кабінеце першага сакратара райкама С. Пісарэвіча перад высокім аэрапагам у складзе яго самога, ягонага намесніка па ідэалогіі У. Макара і майго рэдактара, з гонарам выканаўшага свой рэдактарскі абавязак перад уладамі. Допыт пачаўся з пытання, з якой гэта мэтай я змясціў у райгазеце Салжаніцына? Не ўтойваючы свайго шчырага здзіўлення гэткім пытаннем, я адказаў, што не бачу тут анічога крамольнага,бо ўсё, што напісаў Аляксандр Салжаніцын, сёння не толькі друкуецца ў часопісах і газетах, але і выдаецца, асобнымі кніжкамі. Маім суддзям, відавочна, не было чым парыраваць у адказ, і яны нечакана пацікавіліся маім асабістым стаўленнем да падзей у Маскве.
- Я лічу ГКЧП незаконным, антыканстытуцыйным пераваротам, які павінен скончыцца правалам", - не раздумваючы адказаў тады.
Сакратары прамаўчалі на такі мой упэўнены адказ, і толькі рэдактар не ўтрымаўся і нечакапа выпаліў:
- Я папярэджваў вас пра ягоныя антысавецкія настроі, папярэджваў!.
Райкамаўскія начальнікі прапусцілі гэты дзіцячы лепет міма вушэй, нават паблажліва паўсміхаліся мне на развітанне, папярэдзіўшы, каб больш не дазваляў сабе аніякай адсябеціны, і я пакінуў райкам партыі, адчуваючы сябе няйнакш як пераможцам. Усмешка у тыя хвіліны не сходзіла з майго твару і таму, што літаральна развесялілі мяне кінутыя на развітанне словы тагачаснага галоўнага ідэолага раёна У. Макара:
- Ты, Мікалаевіч, ці не агент ЦРУ, бо адкуль ведаў, што менавіта 19 жніўня адбудзецца ГКЧП і падрахаваў да гэтай падзеі салжаніцынскі "Зварот"?
Не стаў я тлумачыць высокаму партыйнаму суду, што пераклаў на беларускую мову "Жыць не па хлусні" А. Салжаніцына яшчэ год назад, маючы намер апублікаваць гэтае пісьмо, якое, дарэчы, упершыню прачытаў у "самвыдаце" падчас вучобы ў вышэйшай партыйнай школе, на старонках газеты, як толькі застануся за рэдактара, які пойдзе ў свой чаоговы водпуск. Тады з-за першачарговасці іншых матэрыялаў, якія я спяшаўся даць у газеце, пакуль "шэф" адпачывае, у мяне не атрымалася ажыццявіць свой намер. Затое на старонках "Кастрычніка" быў апублікаваны мой артыкул "Будзе ў Івацэвічах царква", будаўніцтва якой у райцэнтры не вельмі віталася тады раённымі ўладамі, пра што сведчыла доўгая валакіта з выдзяленнем зручнага месца пад будаўніцтва. Менавіта тады ж спецыяльны нумар раёнкі амаль цалкам быў прысвечаны пратэстам жыхароў раёна супраць будаўніцтва завода кармавых дражджэй, ці па-іншаму біявітамінных дабавак, які, засмечваючы наваколле сваімі адходамі, уяўляў вялікую шкоду для здароўя людзей. А завод, да ўсяго, плананалася пабудаваць за дзесяць-пятнаццаць кіламетраў ад дзіцячага санаторыя "Сасновы Бор", у якім круглы год лячыліся і вучыліся дзеці, што пакутавалі на астму і іншыя захворванні верхніх дыхальных шляхоў. Зразумела, што і тады не прамінулі мяне выклікаць у райкам, і тады папракалі мяне за "самаўпраўства". Але, зноў-такі, папракалі не сярдзіта, бо, відаць, і самі разумелі абсурднасць такога будаўніцтва ды не маглі пярэчыць сваім вышэйшым партыйным начальнікам. Гэта ў савецкія часы не толькі не віталася, але і магло каштаваць пасадаў.
Вось, здаецца, і ўся мая гісторыя з артыкулам А. Салжаніцына "Жыць не па хлусні", змешчаным на старонках раённай газеты амаль 24 гады назад. Я не тое што ніколі не шкадаваў, што зрабіў так, але наадварот, я да сёння ганаруся гэткім сваім учынкам. Пра адно хіба шкадую, што той ГКЧП не пратрымаўся яшчэ гэтак са дні тры-чатыры. Бо, мяркую, што спачатку быў бы пазбаўлены працы, а потым, пасля правалу ГКЧП, зноў вернуты на сваю пасаду намесніка рэдактара. Да гэтага дня мяне цікавіць, як гэта ўсё выглядала б. Забаўляльнае было б гледзішча...
У тым жа годзе пераканаўся, што нічога не мяняецца ў нашым "каралеўстве крывых люстэркаў", і што ўжо немагчыма ажыццявіць маю асабістую мару зрабіць "раёнку" плюралістычнай газетай, каб на яе старонках на роўных маглі выказваць свае меркаванні як камуністы, так і дэмакраты (на той час у райцэнтры ўжо існавала аб'яднанне дэмакратычных сіл, якое пазней стала калектыўным сябрам Беларускага Народнага Фронту), ды потым прыйшло разуменне: так не атрымаецца. Хаця КПСС хутка загадала доўга жыць, але яе верныя "члены", ачомаўшыся ад часовага перапуду і выйшаўшы з акопаў, не толькі засталіся пры ўладзе, але і прадоўжылі тую ж закаснелую палітыку, не жадаючы нічога бачыць далей свайго носа ці мо сваёй улады. Паназіраўшы некаторы час за гэткім развіццём падзей, я зрузумеў, што не змагу больш працаваць у такой газеце і ўхваляць тое, што не адпавядае майму разуменню і маёй пазіцыі. Тады ж, не буду ўтойваць, пасля некаторых ваганняў, напісаў заяву на звальненне па ўласным жаданні і хутка паехаў у Баранавічы на курсы па падрыхтоўцы аператараў газавай кацельні. У кацельні і сустрэў свой пенсійны ўзрост.
Тыя гады аператарства запомняцца мне мітынгамі жыхароў нашага райцэнтра з нагоды 75-ці годдзя абвяшчэння Баларускай Народнай Рэспублікі і ў абарону незалежнасці Беларусі, пікетам каля так званага Дома саветаў таксама ў абарону беларускай незалежнасці, паездкамі ў Менск для ўдзелу ў маніфестацыях і іншых імпрэзах дэмакратычнай грамадскасці, з'ездах і соймах БНФ. Тады ж жыхары раёна змаглі стаць чытачамі першай дэмакратычнай раённай газеты "Наш голас", якой па незалежных ад нас прычынах выйшла толькі чатыры нумары, але якая тым не менш, дзякуючы свайму чатырохстаронкаваму зместу ўпамінаецца ў артыкуле пра Беларускі Народны Фронт у першым томе Энцыклапедыі гісторыі Беларусі. Іншымі словамі жыццё працягвалася...
А на заканчэнне хачу сказаць, што мой некалішні рэдактар раённай газеты яшчэ доўга кіраваў ёю, рашуча асуджаючы на працягу ўсяго свайго рэдактарства "дэрмакратаў" і нацыяналістаў, не ўтойваючы свайго гонару за тое, што адстаяў некаліі газету ад замахаў розных бэнээфаўцаў і экстрэмістаў. Даставалася ад яго і мне, і тыя публікацыі я беражліва захоўваю ў сваіх альбомах як узнагароды.
Што ж, кожнаму, як кажуць, сваё. Не сказаў яшчэ апошяга слова бескампрамісны суддзя - Час, але ж пэўна, скажа, што і будзе найсправядлівым прысудам кожнаму з нас, тагачасных і сённяшніх беларусаў. З верай у гэта я заканчваю свой успамін.
Так было, а як будзе - пабачым. Веру: усё стане на свае месцы. На якія - здагадацца не цяжка.
Мікалай Рымач , г. Івацэвічы.
Прозвішчы Беларусі. Частка IV. Найменні знакамітых людзей
(паводле беларускага друку)
Працягваем аналiз антрапонімаў Беларусi. У гэтых нарысах разглядаюцца новыя сямейныя онiмы знакамiтых людзей Беларусi, выбранныя з беларускамоўных выданняў (энцыклапедый, "веснiкаў", часопiсаў, газет). Як i раней, антрапанiмічныя эцюды падаюцца з захаваннем алфавiтнай паслядоўнасцi онiмаў i ранейшых падыходаў да аналiзу антрапанiмiчнай лексiкi (глядзі "Роднае слова", 2015, № 2 "Антрапонімы Гарадзеншчыны").
Аве рчанка (Мiкалай А.) - вытвор (= утварэнне) з фармантам -анка ад антрапонiма Аверка i значэннем 'нашчадак названай асобы': Аверч (к/ч) -анка. ФП: Аверкий (даўнейшае iмя, сучасныя слоўнікi яго не падаюць) - Аверка - Аверченко - Аверчанка.
Агеявец і Агіявец (Святлана А.) - вытвор з суфiксам - ец ад тапонiма Агеява i значэннем 'жыхар, народзiнец названага паселiшча': Агеяв-ец. ФП: Агей (iмя) - Агее(я)ў (нашчадак Агея, дэрыват з суфiк-сам -еў) - Агеева (Агеява) ('уладанне Агея') - Агеявец / Агiявец.
Адашчык (Мiхась А.) - вытвор з суфiксам -чык ад антрапонiма Адась i значэннем 'нашчадак названай асобы': Адась-чык - Адашчык. ФП: Адам (iмя) - Адась (сучаснае нарматыўнае асабовае iмя) - Адась-чык - Адаш(с/ш)чык.
Альшэўскi (Якуб А.) - вытвор з фармантам -скi ад тапонiма Альшэўка i значэннем 'жыхар, народзiнец названага паселiшча': Альшэў(ка)-скi. ФП: альха (вольха) - альшэўка ('зараснiк альхi') - Альшэўка (паселiшча) - Альшэўскi.
Амяльковiч (Iгар А.) - вытвор з суфiксам бацькаймення -овiч ад антрапонiма Амелька i значэннем 'нашчадак названай асобы': Амяльк-овiч. ФП: Емельян (iмя) - Амяльян - Амелька - Ам елькавiч - Амяль-ковiч. Або: Амелiя (жаночае iмя) - Амелька (памян.-ласк. форма) - Амелька (прозвiшча) - Амелькавiч - Амяльковiч.
Андрукевіч (Фёдар А.) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Андрук і значэннем 'нашчадак названай асобы': Андрук-евіч. ФП: Андрэй (імя) - Андрук (раз-моўная форма з суфіксам -ук і значэннем 'нашчадак Андрэя') - Андрукевіч.
Апока (Лявон А.) - семантычны вытвор ад апелятыва апока 'гультай' (Матэрыялы да слоўніка Магілёўшчыны).
Арля (Фердынанд А.) - семантычны вытвор ад апелятыва арля 'арляня' ( арол - мн. арл-ы - арл-я - суфікс недаросласці -я: параўн. жараб-я.
Ашмянец (Кароль А.) - вытвор з суфіксам -ец ад тапоніма Ашмяны і значэннем 'жыхар, народзінец названага паселішча': Ашмян-ец.
Барадзей (Іван Б.) - семантычны вытвор ад апелятыва барадзей ( барада - барадз-ей) 'барадаты чалавек, барадач' (Шаталава Л.Ф. Беларускае дыялектнае слова).
Барздова (Вольга Б.) - форма прыметніка з фармантам -ова ад антрапоніма Борзды і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Барзд-ова. ФП: борзды ('хуткі, жвавы') - Б орзды (мянушка, затым прозвішча) - Барздова.
Барковіч (Аляксандр Б.) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Борка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Барк-овіч. ФП: Барыс (імя) - Борка (памян.-ласк. форма) - Борка (мянушка, затым прозвішча) - Б оркавіч - Барковіч.
Борматава (Алена Б.) - прыметнікавая форма з фармантам -ова ад антрапоніма Бормат і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Бор-мат-ава. ФП: бормат (вытвор ад барматаць (мармытаць) 'мармытун') - Бормат (мянушка, затым прозвішча) - Борматава.
Батвіннік (Міхал Б.) - семантычны вытвор ад апелятыва батвіннік ( батвінне - батвіннік) 'бацвінне'.
Будзіла (Іосіф Б.) - се-мантычны вытвор ад апелятыва будзіла 'той, хто будзіць' / 'тое , што будзіць' ( будзі-ла).
Бул а к (Павел Б.) - семантычны вытвор ад апелятыва булак 'калодачка', 'тронак' (Шаталава Л.Ф. Беларускае дыялектнае слова).
Б у рдзель (Іван Б.) - семантычны вытвор ад апелятыва бурдзель 'посная кіслая страва' (Матэрыялы да слоўніка Магілёўшчыны).
Бурдзілоўская (Наталля Б.) - вытвор з фармантам - оўская / -ская ад тапоніма бурдзілы ці бурд ылава і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясціны, паселішча': Бурдзіл-оўская / Бурдзілоў-ская.
Бурлак (Вадзім Б.) - семантычны вытвор ад апелятыва бурлак (даўней) 'рабочы ў арцелі, якая цягнула паўз бераг супраць цячэння караблі'.
Бялінскі (Даніэль Б.) - вытвор з фармантам -(ін)скі ад тапоніма Бель / Беліна і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясціны': Бел-інскі / Бялін-скі.
Валадковіч (Алесь В.) - вытвор з фармантам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Валадзько (Валодзька) і значэннем 'нашчадак названай асобы': Валодзьк-овіч - Валад-ковіч. ФП: Валадзімер (імя: Арфаграфічны слоўнік беларускай мовы. 2010) - Валадзь-ко (памян.-ласк. форма) - Ва-ладковіч.
Варанец (Віктар В.) - вытвор з суфіксам -ец ад тапо-німа Вароны і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Варон -ец - Варанец. Або вытвор з -ец ад антрапоніма Воран і значэннем 'нашчадак названай асобы': В оранец - Варан ец.
Варанцоў (Іван В.) - прыметнікавая форма з суфіксам -оў ад антрапоніма Варанец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Варанц-оў.
Вара я(Валянціна В.) - семантычны вытвор ад апелятыва вара я (утварэнне з суфіксам -ай-а ад варыць 'гатаваць') 'жанчына, якая варыць, гатуе', 'повар', 'кухар'.
Вар о нька (Адам В.) - семантычны вытвор ад апелятыва варонька 'вараны конь' (дэрыват з фармантам -к-а: варонь-ка; параўнаем вараняк 'тс').
В е нгер (Адам В.) - семантычны вытвор ад апелятыва в енгер 'канавал' (Л.Ф. Шаталава. Беларускае дыялектнае слова). Такое значэнне мае на Зэльвеншчыне слова в енгрын / вэнгрын і звязваецца з энтнонімам венгры 'прадстаўнікі Венгрыі, якія прыязджалі сюды на заробкі, пакладалі (займаліся кастрацыяй) самцоў свойскай жывёлы (жарабцоў, быкоў, кнуроў)'. Адсюль, па версіі некаторых даследчыкаў-краязнаўцаў, і назва вёскі Угрын (< Венгрын). Сінонімам да наймення венгрын стала сваё слова пакл эдыч ( паклад- ач - пакл эдыч) 'той, хто пакладае (кастрыруе)'.
Верч (Іван В.) - семантычны вытвор ад апелятыва верч 'скрутак лыка, лёну, дроту' (Л. Шаталава. Беларускае дыялектнае слова). Гэтае найменне дало прозвішча Вярцінскі (гл. нашыя ранейшыя нарысы "Прозвішчы Беларусі" (2013 - 2014 гг.): Верчы (тапонім) - Вярцінскі.
Ветах (Алесь В.) - семантычны вытвор ад апелятыва ветах 'месяц у апошняй квадры, на зыходзе'. Найменне (псеўданім) знакамітага літаратара і даследчыка - літаратуразнаўцы Бельскага Алеся Іванавіча паходзіць ад праславянскага vetъхъ 'стары, састарэлы, старадаўні'.
Вольскі (Мікалай В.) - вытвор з фармантам -скі ад та-поніма Воля і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Воль-скі.
Воранава (Галіна В.) - форма прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Воран і значэннем 'нашчадак названай асобы': Воран-ава. ФП: воран (рас. 'крумкач') - Воран (мянушка) - Воран (прозвішча) - В оранава.
В у сель (Андрэй В.) - семантычны вытвор ад апелятыва вусель 'вусач, вусаты чалавек' (дэрыват з суфіксам -ель ад вусы: вус-ель; параўнаем: барадзель 'барадач').
В ы рвіч (Кароль В.) - вытвор з суфіксам бацькаймення -іч ад антрапоніма Вы-рва і значэннем 'нашчадак названай асобы': Вырв-іч. (Параўнаем: Кузьміч - ад Кузьма). ФП: в ырваць ('рэзкім рухам, рыўком выдаліць, дастаць, узяць') - в ырва (працэс і вынік названага дзеяння) - Вырва (мянушка) - Вырва (прозвішча) - В ырвіч (бацькайменне) - В ырвіч.
Вярнігор (Іван В.) - семантычны вытвор ад апелятыва вярнігор 'асілак' (утварэнне ад словаспалучэння вярнуць горы).
Габрыловіч (Станіслаў Г.) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Габрыла і значэннем 'нашчадак названай асобы': Габрыл-овіч. ФП: Габрыэль (імя катал. = правасл. Гаўрыіл) - Габр ыла (Гаўрыла) - Габрыловіч.
Гайд а й (Іван Г.) - семантычны вытвор ад апелятыва гайдай 'гандляр коньмі', а таксама 'паганяты жывёлы' (Л.Ф. Шаталава. Беларускае дыялектнае слова). Слова паходзіць з украінскай мовы, дзе паралельна выкарыстоўваюцца апелятывы гайдай / гайдар і адпаведныя прозвішчы: Гай-дай / Гайдар (Этымал. слоўнік белар. мовы, Т. 3, с. 16). Або сваямоўныя вытворы ад выклічніка г айда 'хутка', 'пойдзем' ці дзеяслова гайд ацца / г ойдацца (з суфіксам -ай): гайд-ай 'той, хто гайдае/гойдае'.
Галав а р (Якуб Г.) - семантычны вытвор ад апелятыва галав ар (галав-ар) 'галавасты чалавек', 'галавач' (Л.Ф. Шаталава. Беларускае дыялектнае слова).
Гоеўская (Марына Г.) - вытвор з фармантам -еўская (-эўская) ад антрапоніма Гой і значэннем шляхетнасці: Гой-эўская. Або ад тапоніма Гоі і значэннем 'жыхарка, народзінка названага паселішча': Гой-эўская / Гоеўская. ФП: гой (у іудзеяў 'іншаверац' - "Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова) - Гой (мянушка) - Гой (прозвішча) - Гоеўская.
Гойда (Ніна Г.) - семантычны вытвор ад апелятыва г ойда (утварэнне ад гойдаць 'рытмічна хістаць з боку ў бок або зверху ўніз') 'той хто гойдае / гойдаецца'.
Гомалка (Андрэй Г.) - семантычны вытвор ад апелятыва г омалка 'засушаны сыр хатні' (Матэрыялы да слоўніка Магілёўшчыны).
Горская (Святлана Г.) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Горск і значэннем 'народзінка, жыхарка названага паселішча': Горск-ск(ая) - Горская (накладанне суфіксаў -ск-).
Гусоўскі (Мікола Г.) - вытвор з фармантам -оўскі ад: 1) антрапоніма Гус і значэннем 'нашчадак названай асобы', 2) тапоніма Гусы і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Гус-оўскі. Або як дэрыват з фармантам шляхетнасцi -оўскi да першаснага Гус (параўнаем гус - гусак - Гусак - Гусакоўскi).
Грыцук (Марына Г.) - семантычны вытвор ад апелятыва грыцук 'птушка слонка' (Л. Шаталава. Беларуская дыялектнае слова.) Або: утварэнне з суфiксам -ук ад антрапонiма Грыц i значэннем 'нашчадак названай асобы': Грыц-ук. ФП: Грыгорый - Грыц - Гры-цук.
Даманаўскi, Даманоўскi i Даманеўскi (Ян Д., Фабiян Д.) - вытвор з фармантам -оўскi/-aўскi/-еўскi ад антрапонiма Дамон i значэннем 'нашчадак названай асобы': Даман-аўскi, Даман-оўскi, Да-ман-еўскi. Або як прэстыжная форма з фармантам -оўскi ад першаснага Даман: Даман-оўскi. ФП: Дамиан (iмя) - Да-ман (прозвiшча) - Даманоўскi/Даманоўскi/Даманеўскi.
Дамейка (Iгнат Д.) - вытвор з фармантам -ейка ад антрапонiма Дам (< Дамиан) i значэннем 'нашчадак названай асобы': Дам-ейка. Або семантычны вытвор ад апелятыва дамейка (дэрыват з памян.-ласк. суфiксам -ейк-а ад дом 'прыгожы, прывабны дом' ( як i сон-ейка).
Добрык (Лiлiя Д.) - семантычны вытвор ад апелятыва добрык 'грыб баравiк' (< добры грыб - добр-ык).
Дубавец (Мiхаiл Д.) - вытвор з суфiксам -ец / -авец ад тапонiма Дубы / Дубава i значэннем 'народзiнец, жыхар названага паселiшча': Дуб-авец, Дубав-ец. Або дэрыват з суф. - ец ад антрапонiма Дубовы i значэннем 'нашчадак названай асобы': Дубав-ец. ФП.: дуб (дрэва) - д убава ('зараснiк дубу') - Дубава (тапонiм) - Д убавы ( Дуб овы) - Дубавец.
Дубавiцкi (Яуген Д.) - вытвор з фармантам -скi (-цкi) ад антрапонiма Дубавiк i значэннем 'нашчадак названай асобы'. Або форма прэстыжнасцi: Дубавiк+скi - Дубавiцкi.
Дубянецкi (Фёдар Д.) - вытвор з фармантам -скi ад тапонiма Дубянец i значэннем 'народзiнец, жыхар названага паселішча': Дубянец-скi - Дубя-нецкі.
Дурэц (Сцяпан Д.) - семантычны вытвор ад апелятыва дурэц, якi мае нeкалькi значэнняў: 1) 'дурань, дурны' (П.У. Сцяцко. Слоўнiк народнай мовы Зэльвеншчыны); 2) 'палявы асот' (Л. Шаталава. Беларускае дыялектнае слова) i iнш.
Ж а ба (Iгнацы Ж.) - семантычны вытвор ад апелятыва жаба, якi мае шмат значэнняў, асноўнае (праславянскае) 'земнаводная жывёлiна'; iншыя: 'хвароба горла', 'дэталь у плузе' i пад.
Жаброўскi (Томаш Ж.) - магчымы шляхетны варыянт да народнага Жабр ак з фармантам прэстыжнасцi -оўскi: Жабр-оўскi. Або вытвор ад тапонiма Жабраўка з фармантам -скi i значэннем 'народзiнец, жыхар названай мясцiны, паселiшча': Ж абраў-скi - Жабрoў-скi.
Жлоб (Адам Ж.) - семантычны вытвор ад апелятыва жлоб 'скупы чалавек, скнара' (Л. Шаталава. Беларускае дыялектнае слова).
Журка (Iван Ж.) - семантычны вытвор ад апелятыва журка 'грыбны суп' (Л. Шаталава. Беларускае дыялектнае слова). Нярэдка набывае форму Журко.
Жылка (Мiхась Ж.) - семантычны вытвор ад апелятыва жылка 'жыла' (памян.-ласк.), 'праслойка у горнай пародзе', 'у дрэве', 'у лiстах дрэў', а таксама 'схiльнасць, здольнасць да якой-небудзь дзейнасцi'.
Завальнюк (Уладзiмiр З.) - вытвор з суфiксам -юк ад антрапонiма Завальня i значэннем 'нашчадак названай асобы': Завальн-юк. ФП: завальня ('прызба') - Завальня (мянушка) - Завальня (прозвiшча) - За-вальнюк.
Загнет (Якуб З.) - семантычны вытвор ад апелятыва загнет 'прыпечак'.
Загнетава (Данута З.) - форма прыметнiка з фармантам -ава ад антрапоніма Загнет i значеннем 'нашчадак названай асобы': Загнет-ава. ФП: заг-нет ('прыпечак') - Загнет (мянушка, затым прозвiшча) - За-гнетава.
Загурскi (Антонi З.) - семантычны вытвор ад апелятыва загурскi 'той , якi жыве за гарой' (польск. gora), за гурай - Загурскі.
Залускi (Лукаш З.) - вытвор з фармантам -скi ад тапонiма Залужжа i значэннем 'народзiнец, жыхар названай мясцны': Залуж-cкi - Залускi.
Запольскi (Мiхаiл З.) - вытвор з фармантам -скi ад тапонiма Заполле i значэннем 'народзiнец, жыхар названага паселiшча': Заполь-скi.
Кадол (Фёдар К.) - семантычны вытвор ад апелятыва кадол 'вяроўка цi жэрдка пры студнi', 'канат', 'тонкая вяроўка ў рыбнай снасцi'.
Кaлiноўскi (Алесь К.) - вытвор з фармантам -скi ад тапонiма Калiнаўка i значэннем 'народзiнец, жыхар названага паселiшча': Калiнаў-скi - Калi-ноўскi.
Калта я (Адам К .) - семантычны вытвор ад апелятыва калта я 'цапільна' (Л. Шаталава. Беларускае дыялектнае слова).
Карацінская (Дар'я К.) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Кароціны і значэннем 'народзiнка, жыхарка названага паселішча': Карацін-ская.
Карбулевіч (Фёдар К.) - вытвор з фармантам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Карбула і значэннем 'нашчадак названай асобы': Карбул-евіч. ФП: карбула ('нарыў') - Кар-була (мянушка, потым прозвішча) - Карбулевіч.
Карзюк (Іван К.) - семантычны вытвор ад апелятыва карзюк 'кныр' (Матэрыялы да слоўніка Магілёўшчыны).
Карн а ч (Фёдар К.) - семантычны вытвор ад апелятыва карнач 'малы ростам чалавек' (ад карнаць 'укарочваць, абцінаць' - карн-ач).
Качук (Пятро К.) - семантычны вытвор ад апелятыва качук 'качаня' ( кач-ук).
Качур (Іван К.) - семантычны вытвор ад апелятыва качур 'самец качкі; качар') ( качур).
(Працяг у наст. нумары.)
І пасяліліся Панізьнікі на рэчцы Волта
У Гугле вычытаў спасылку на прозвішча прапаведніка з Паўднёвай Італіі (Калабрыі), імя якога запісана ў манастырскай кнізе (пропавядзяў) у г. Шырокі Брыег (Боснія і Герцагавіна): "sv. Poniznik iz Kalabrije, franjevac, cudotvorac (1582-1637)". Потым у Гугле мо на сербска-харвацкай мове знаходзіў словы - нібы эпітэты: skromnik i poniznik srca,...kao Poniznik i Sluga,...potkazivac i poniznik, a poniznik je to hrabrij i smjeliji,....kao poniznik і ucenik...
Так вось прапаведнік - францысканец з італьянскай Калабрыі, якая была ў свой час акупаваная грэкамі, і які трапіў на Балканы (на бацькаўшчыну?) - мой аднафамілец? А хто прышчапіў такое прозвішча і данёс яго з Балканаў праз горы і рэкі на Волту, прыток Дзвіны? У Мёрскім раёне, на маёй радзіме, ля рэчкі Волты (чую падабедства з пражскай Валтавай, ракой Олт, якая ўпадае ў Дунай, з львоўскай Полтвай; Палтава раней называлася так - Олтава, тут "роднасна" гучыць і наш Полтэск на рэчцы Палата...) Гэтае "олт" тлумачыцца як вада... Дык вось, ля рэчкі Волта была вёска Панізьнікі. Маіх аднафамільцаў многа ў раёне, многа Паніз(ь)нікаў, Паніжнікаў у Польшчы, жывуць Паніз(ь)нікі на прасторах Расіі, Канады, прабіраліся і ў Аўстралію. (Днямі вычытаў, што ў Львове ад нядаўняга часу абслугоўвае кавярню шэф-повар з Італіі Дарыо Панізі...Сумеўся і жартам падумаў: гэта "родзіч" таго св. Панізьніка з італьянскай Калабрыі?). А калі ўсур"ёз, то як мне вытлумачыць такое найменне - Панізьнік, ды яшчэ на Волце? Мяркую, што мае далёкія продкі ішлі дарогай перамяшчэння славян з палабскіх земляў праз Падунаўе - на Падзвінне. Напаткалі дзесьці чалавека, які назваўся Панізьнікам, узбагаціліся яго досведам, каб разам шукаць райскія мясціны. І захавалі ў сваёй памяці многія назвы, а рэха гукаў пасялілі на бераг прытульнай рачулкі, даўшы ёй назоў Олты-Волты.
Гэта толькі для гумару можна вымавіць: быў Пан - і зьнік. Просценька сказаць і так: людзі жылі па нізіне каля ракі, па нізу берага ... А даўней у нас быў яшчэ майстар ткацтва: панізь. Ён дапамагаў ткаллі наладзіць аснову для запраўкі яе ў кросны. Работа цяжкая, вымагала ўмельства, каб вывесьці аснову аж у бёрды кроснаў. Такое тлумачэнне фаміліі-прозвішча - побытавае. А хочацца і паэтыкі! Мо дапаможа аднафамілец з Калабрыі? Сербска-харвацкую старадаўнюю мову трэба разумець...Таму і прашу дапамогі ў дасведчаных людзей разузнаць: дзе Волта пачула пра Панізьнікаў і адкуль Панізьнікі дазналіся пра Волту? А на заканчэнне адрывак з верша "Радаводная радасць", прысвечаны пляменніцы Жанне Панізьнік з Краснаярска:
Разбегліся Панізьнікі
па свеце, як па садзе.
Адны - на волі лісцікі,
другія пры пасадзе...
..............................
Няхай глядзяць капрызнікі
на нашы амулеты...
Мы, смелыя Панізьнікі,
яднаем кантыненты.
Сяргей, сын Сцяпана з роду Панізьнікаў.
Да 70-годдзя Валерыя Слюнчанкі
Валерый Слюнчанка нарадзіўся 25 жніўня 1945 года ў Старадубе на Браншчыне. Вучыўся на архітэктурным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута. Студэнцкія праекты Слюнчанкі зацікавілі пісьменніка Ўладзіміра Караткевіча, які натхніў Валерыя на далейшую творчую працу. Ад пачатку 1970-х гадоў Слюнчанка працаваў у навукова-рэстаўрацыйных майстэрнях. Аўтар праектаў рэстаўрацыі такіх знакавых для беларускай культуры помнікаў, як Сафійскі і Богаяўленскі саборы, а таксама цэрквы Спаса- Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку, гарадзенская Каложская царква, касцёл святога Станіслава ў Магілёве, кармеліцкі касцёл у Мсціславе, сядзіба Францішка Багушэвіча ў Кушлянах. Быў сябрам Саюза архітэктараў. Лаўрэат прэміі Беларускіх прафсаюзаў у галіне архітэктуры. Аўтар навукова-папулярных кніг і эсэ, прысвечаных помнікам нацыянальнай архітэктуры. Пісаў вершы. Плённа займаўся графікай і мастацтвам выцінанкі.
Пакінуў гэты свет 21 чэрвеня 1992 года. Пахаваны на могілках каля вёскі Слабада паблізу Плешчаніцаў.
Спіс асноўных праектаў Валерыя Слюнчанкі:
1. Праект рэстаўрацыі і прыстасавання Сафійскага сабора ў Полацку.
2. Праект рэстаўрацыі і прыстасавання Богаяўленскага сабора ў Полацку.
3. Праект рэстаўрацыі і прыстасавання Крыжаўзвіжанскай царквы ў Полацку.
4. Праект рэстаўрацыі і прыстасавання Еўфрасіннеўскай (цёплай) царквы ў Полацку.
5. Праект рэстаўрацыі і прыстасавання кармеліцкага касцёла ў Мсціславе.
6. Праект рэгенерацыі гістарычнага цэнтра Полацка.
7. Праект рэстаўрацыі касцёла святога Станіслава ў Магілёве.
8. Праект рэстаўрацыі мемарыяльнай капліцы ў вёсцы Лясная Слаўгарадскага раёна.
9. Праект рэстаўрацыі сядзібы Францішка Багушэвіча ў вёсцы Кушляны Смаргонскага раёна.
10. Праект рэстаўрацыі і прыстасавання Барысаглебскай (Каложскай) царквы ў Гародні.
11. Праект хрысцільні для царквы святога Аляксандра Неўскага ў Менску.
12. Праект рэстаўрацыі і прыстасавання гандлёвых радоў у Магілёве.
13. Праект кансервацыі Ніжняй царквы ў гарадзенскім Старым замку.
14. Праект аднаўлення Магілёўскай ратушы.
15. Праект рэстаўрацыі і прыстасавання дома № 4 па вул. Свярдлова ў Менску пад Музей гісторыі беларускага кіно.
16. Праекты прыдарожных знакаў да 100-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа ў Вязынцы і Мікалаеўшчыне.
Спіс асноўных публікацый Валерыя Слюнчанкі
Полоцкнй Софнйскнй собор. Минск, 1987. Архитектурные памятники Полоцка. Минск, 1988.
Барысаглебская (Каложская) царква ў Гродне. Мінск, 1992.
Народны пясняр у Ляўках // ЛіМ. 1980. 2 мая.
Роднае для нас імя // Маладосць. 1981. № 9.
Храм-птушка // ЛіМ. 1981. 18 верасня.
Дзве Сафіі (у суаўтарстве з А. Трусавым) // ЛіМ. 1982. 28 мая.
Регенерация исторического центра Могилева (в соавторстве с М. Федоровой) // Строительство и архитектура Белоруссии. 1982. №3.
Новая жизнь архитектурных памятников Полоцка // Строительство и архитектура Белоруссии. 1984. № 2.
Главная площадь Полоцка //Строительство и архитектура Белоруссии. 1990. № 1.
Да 70-годдзя з дня нараджэння Валерыя Слюнчанкі сябры, калегі і сваякі: Уладзімір Арлоў, Вадзім Гліннік, Аляксандр Канаваленка, Вольга Кукуня, Юрась Маліноўскі, Алена Мартынава (Elena Pikowski), Уладзімір Ракіцкі, Ігар Раханскі, Валянціна Слюнчанка, Сяргей Тарасаў, Маргарыта Цёрушкіна (Margaret Beaty), Яўгенія Ханіна падрыхтавалі і выдалі кнігу "Валерый Слюнчанка. Ляцеў з аблокамі я побач".
Укладанне Валянціны Слюнчанка, Уладзіміра Арлова і Вадзіма Глінніка. Прадмова Вадзіма Глінніка. У кнізе ўмершыню змешчаны артыкул В. Слюнчанкі "Фрэскі Мсціслава".
Наш кар.
АБ'ЯВА
З 3 па 21 жніўня сядзіба ТБМ працуе па летнім раскладзе: штодня з панядзелка па пятніцу з 17 да 19 гадзін. Субота і нядзеля не працуем. Кніжная выстава пачынае працаваць з 24 жніўня з 15.00 да 19.00.
Іван Шэга: Калі вы адмаўляецеся ад роднае мовы, то каго вы наогул з сябе ўяўляеце…
Кіраўнік Слонімскай арганізацыі БНФ Іван Шэга звярнуўся з лістом да старшыні райвыканкама Алега Таргонскага з прапановай увесці на афіцыйным сайце Слонімскага райвыканкама беларускую мову. Цяпер сайт райвыканкама працуе на расейскай і ангельскай мовах. Адказ не прымусіў сябе доўга чакаць, старшыня райвыканкама напісаў Івану Шэгу, што зараз дзеля гэтага няма тэхнічнай магчымасьці, паколькі сайт райвыканкама не можа падтрымліваць тры мовы.
Карэспандэнт: "Наколькі я разумею вы невыпадкова напісалі такі ліст старшыні райвыканкама?"
Шэга: "Мы апошнім часам праводзім маніторынг узаемадачыненняў улады і апазіцыйных структураў у нашым горадзе. Таму часта даводзіцца заходзіць на сайт райвыканкама, аналізаваць інфармацыю і заўсёды рэжа вока тое, што сайт можна прачытаць альбо па-расейску, альбо па-ангельску, а беларускай мовы няма. Я і напісаў ліст да старшыні райвыканкама з тым, каб ён патлумачыў, чаму няма беларускай мовы, бо такое ўяўленне, што ў Слоніме жывуць толькі расейцы і брытанцы. Ці сайт наагул разлічаны толькі на іншаземцаў, а сваім людзям інфармацыя не патрэбная?"
Карэспандэнт: "Вы чакалі такога адказу, які атрымалі, ці ўсё ж на нешта спадзяваліся?"
Шэга: "Шчыра кажучы, я меў надзею, што яны выправяць гэта, бо сапраўды гэта не цяжка зрабіць. Я сам маю ўласны сайт і ведаю, што гэта не складана, але адказ мяне ўразіў. Яны пішуць, што няма тэхнічнай магчымасці, але гэта смешна. Я скантактаваўся з адмыслоўцамі ў гэтай сферы, і яны адназначна сказалі, што такі адказ - проста адмазка, бо, відаць, не хочуць проста гэтага рабіць. Што яшчэ ўразіла ў гэтым адказе чыноўніка, дык тое, што ён піша маўляў "расейская мова таксама з'яўляецца дзяржаўнай і, улічваючы найбольш частае яе выкарыстанне жыхарамі нашага раёна для зносін, на сайце выкарыстоўваецца менавіта яна. Выкарыстанне ж ангельскай мовы абгрунтоўваецца тым, што яна лічыцца міжнароднай і забяспечвае найбольш шырокі доступ да апублікаванай на старонках сайта інфармацыі для замежных наведнікаў, што спрыяе пашырэнню міжнародных зносін і турызму…"
Карэспандэнт: "Як вы расцанілі такі адказ?"
Шэга: "Я расцаніў гэта найперш як непавагу ўласна да мяне. Як непавагу да тых жыхароў раёна, якія размаўляюць штодня на беларускай мове. Зрэшты, гэта і непавага да таго, хто гэта пісаў, бо людзі таксама жывуць у Беларусі, называюць сябе беларусамі. А мова - гэта адзінае, што можа аб'ядноўваць людзей у краіне, усё астатняе - другаснае. І калі вы адмаўляецеся ад гэтае мовы, то якая вы тады краіна, каго вы наогул тады з сябе ўяўляеце."
Карэспандэнт: "Вы не сталі болей працягваць дыскусію з раённым чыноўнікам, не пісалі яму болей лістоў?"
Шэга: "Ведаеце, я быў вельмі ўзрушаны і напісаў ліст старшыні Гарадзенскага аблвыканкама. Я напісаў яму, што не лічу такі ліст адказам, бо ён па-просту ўтрымлівае хлусню. Мне, па-першае, схлусілі, што няма тэхнічных магчымасцяў. А па-другое, я яшчэ раз напісаў, што такое стаўленне - гэта дыскрымінацыя беларускага народа, што мне няма справы да таго, хто паміж сабой на якой мове размаўляе. Мая справа ў тым, што я тут жыву, нарадзіўся і хачу атрымліваць інфармацыю на роднай мове, якая з'яўляецца ў краіне дзяржаўнай. А беларусы - гэта тытульная нацыя ў краіне і ва ўсіх дзяржаўных установах павінна быць беларуская мова."
Карэспандэнт: "У вас ёсць надзея на тое, што зверху нехта патрасе пальцам на раённага чыноўніка?"
Шэга: "Ведаеце, я тут не адзін такі, і калі майго ліста будзе мала, пачнём збіраць подпісы. Я думаю, што мы свайго даможамся. На маю думку, у гэтых пытаннях трэба быць настойлівымі."
Карэспандэнт: "А як наогул выглядае сітуацыя з беларускай мовай у Слоніме?"
Шэга: "Ды такая ж як і была… У мяне язык не паварочваецца, каб сказаць, што людзі ці тыя ж чыноўнікі размаўляюць сёння на расейскай мове. У іх звычайная непісьменная расейская трасянка. Лепш бы яны размаўлялі па-беларуску, бо гэта наогул прэ з іх, калі яны выступаюць альбо даюць інтэрвію - з іх папросту прэ гэтая беларускасць, асабліва праз акцэнт.
Карэспандэнт: "А мясцовыя СМІ ў Слоніме якой мовай карыстаюцца?"
Шэга: "Раённая дзяржаўная газета "Слонімскі веснік" выходзіць выключна на расейскай мове. Нават незалежная "Газета Слонімская" большасць матэрыялаў друкуе па-расейску. У Слоніме нядаўна пачаў ізноў працаваць тэатар, але беларускай мовы ён не дадаў, большасць пастановак па-расейску, хаця людзі туды ідуць. І гэта не чыста беларускі тэатар, зрэшты, як і ўсё астатняе ў нашым грамадстве: школы, паліклінікі, іншыя ўстановы - куды ні зайдзі, усюды толькі па-расейску. А пасля мне кажуць, што большасць людзей у зносінах ужывае расейскую мову. І як тут быць, калі паўсюль па-расейску, а ты са сваёй беларускай мовай… Некаторыя людзі, самі беларусы, ужо папросту не разумеюць беларускай мовы, глядзяць на цябе вялікімі вачыма. Дайшло да таго, што беларус ужо не разумее, калі ты гаворыш з ім па-беларуску.
Паводле Радыё Свабода.
Святло. Прастора. Час
4 жніўня 2015 года Мастацкая галерэя "Беларт" адкрыла выставу віцебскага мастака Аляксея Пшанко пад назвай "Святло. Прастора. Час". Мерапрыемства арганізавана Беларускім саюзам мастакоў у сувязі з 60-годдзем таленавітага творцы.
У экспазіцыю ўвайшлі найбольш яскравыя творы мастака апошняга дзесяцігоддзя!
Аляксей Яўгенавіч Пшанко нарадзіўся 21 чэрвеня 1955 г. ў г. Лепелі. У 1973 - 1978 гг. - вучоба на мастацка-графічным факультэце ў г. Віцебску. Прымаў удзел у гарадскіх абласных і рэспубліканскіх выставах.
З 1992 года адбылося больш за 10 персанальных выстаў у розных гарадах Беларусі... У 2005 г. творца быў прыняты ў Беларускі саюз мастакоў! Творы знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Беларусі, Расіі, Іспаніі, Германіі, Польшчы, Англіі.
Аляксей Шалахоўскі , гісторык культуры.
Людзі высокіх абавязкаў
" З міласэрнасцю ў сэрцы" - так называецца новая кніга, якую на аснове архіўных крыніцаў і ўласнага досведу напісаў галоўны лекар Расонскай раённай паліклінікі Андрэй Пуртоў. Выданне адлюстроўвае гісторыю медыцыны Расонскага краю Полаччыны ад старажытных часоў да сёняшніх дзён.
Ва ўяўленні аўтара медык - гэта "верасаеўскі" ці "булгакаўскі" земскі лекар, дабразычлівы і ўважлівы, з цёплымі рукамі, які гатовы прыйсці на дапамогу справай і парадай, з шырокай душой і гарачым міласцівым сэрцам. Сем гадоў таму, працуючы лекарам Краснапольскай вясковай амбулаторыі, Андрэй Пуртоў упершыню пачуў аповеды ад кіроўцы і мясцовых жыхароў пра фельчараў, медсёстраў, фармацэўтаў, якія ў лютую зімовую сцюжу на грузавіку ці на санях дабіраліся са сваімі валізкамі да хворых, лекавалі іх, вярталі ім жыццё і здароўе. Ён вырашыў напісаць кнігу, у якой засталіся б аповеды пра лёсы дактароў, фотаздымкі, сведчанні іх самаадданай працы для нашчадкаў. Атрымалася грунтоўная дакументальная кніга, багатая на факты.
У шматмільённым Менску лекар на кіраўнічай пасадзе, заклапочаны вялікім тлумам пацыентаў, разборам іх патрабаванняў і прэтэнзій, наўрад ці знойдзе час для карпатлівай літаратурнай дзейнасці.
Доктар з рэгіёна бачыць у кожным са сваіх калегаў асобу, вартую добрых успамінаў. Выданне ўтрымлівае шмат звестак пра лекарскую дапамогу ў краі з даўніх часоў. Кніга блізкая па гуманістычнай скіраванасці фундаментальнаму твору Леаніда Маракова "Рэпрэсаваныя медыкі". У ёй ёсць раздзел, прысвечаны рэпрэсаваным медыцынскім працаўнікам Полацкага краю. Прапануем увазе чытачоў адрыўкі з асобных раздзелаў кнігі.
Медыцына Расонскага раёна ад старажытнасці да ХІХ стагоддзя
Першымі прататыпамі медыцынскіх установаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі былі прытулкі для інвалідаў, жабракоў, хворых, сіротаў, падкідышаў. Гэтыя прытулкі адкрываліся пры кляштарах або на сродкі феадалаў. Наступным этапам развіцця ў справе медыцынскага абслугоўвання насельніцтва была арганізацыя шпіталёў, якія адкрывалі рэлігійныя грамады, магістраты, цэхі рамеснікаў. У шпіталях таго часу пражывалі ад васьмі да 20 чалавек.
Звесткі аб адкрыцці шпіталяў ў Вялікім Княстве Літоўскім датуюцца 1495, 1503, 1508 гадамі. У 1780 годзе ў Полацкай і Магілёўскай губернях налічвалася 66 шпіталяў на 489 чалавек.
Спачатку, у такіх установах галоўным быў догляд за пастаяльцамі. Шпіталі з лячэбнымі мэтамі з'явіліся значна пазней, толькі ў XVIII стагоддзі. Лячэннем хворых займаліся грамадкі сясцёр міласэрнасці, манахі, нанятыя лекары. У выніку частых войнаў, пастаянных баявых дзеянняў, на тэрыторыі Беларусі пачалі з'яўляцца ваенныя лазарэты, дзе лячылі параненых і хворых салдат. У Полацку да 1642 года цырульнікі - хірургі вылучаліся з ліку іншых медыкаў у самастойны занятак - цэх. Гэта было аддзяленне цырульнікаў Віленскага цэха. У арганізацыі працавала сем-восем майстроў (братоў), сем-восем падмасцер'яў і ўдвая больш вучняў. Віленскі цэх, у адрозненне ад іншых, вызначаўся вялікай дэмакратычнасцю. У яго маглі ўступаць габрэі.
У старых крыніцах, летапісах і манускрыптах можна сустрэць згадкі пра беларусаў, якія валодалі лекарскімі здольнасцямі. Пачынаючы наша апавяданне, нельга не сказаць пра выдатнага сына Беларусі, першадрукара і асветніка Францішка Скарыну. Ён быў адным з першых вядомых людзей сваёй эпохі, які атрымаў дыплом лекара.
Ураджэнец Полаччыны (нарадзіўся каля 1490 ), Францішак меў радавы маёнтак, які дастаўся яму ад бацькі, у вёсцы Тродавічы Расонскага раёна. Пасля смерці бацькі сядзіба перайшла яму і яго брату. Пра яго медычную практыку вядома значна менш , чым пра яго асветніцкую дзейнасць.
Устаноўлена, што ў лістападзе 1512 г. Францішак Скарына атрымаў навуковую ступень доктара медыцыны Падуанскага ўніверсітэта .
Да іспыту на ступень доктара медыцыны дапускаліся толькі тыя, хто тры гады правучыўся на медыцынскім факультэце, затым не менш года стажыраваўся пад кіраўніцтвам вядомага лекара.
5 лістапада 1512 года ў 10 гадзін раніцы адбылося паседжанне калегіі дактароў вольных мастацтваў і медыцыны. Экзамен праходзіў у два этапы: сумоўе і дыскусія. Пасля сумоўя Скарына паспяхова здаў і сам іспыт. На ім ён атрымаў аднадушнае адабрэнне ўсіх прысутных навукоўцаў без выключэння і быў прызнаны ў валоданні годнымі ведамі ў галіне медыцыны. Ф. Скарына атрымаў доктарскую мантыю і барэт - знакі адрознення лекара.
Ф. Скарына быў асабістым лекарам Віленскага біскупа Яна. Як лекар ён служыў у г. Кенігсбергу пры двары прускага герцага Альбрэхта. Вадзяныя знакі на старонках яго кніг таксама маюць медыцынскую тэматыку - крыж абвіты змяёй, які стаіць на галаве быка.
Фармацэўтычныя традыцыі ў г. Полацку былі моцныя. Адной з першых ўзгадваецца ў дакументах аптэка ў г. Полацку, адкрытая ў 1761 годзе. Дазвол на яе адкрыццё быў атрыманы ордэнам бернардынаў ад караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта Аўгуста III.
Да сярэдзіны XIX ст. у Полацкім павеце Віцебскай губерні сфармавалася некалькі дзяржаўных інстытутаў, якія курыравалі ахову здароўя.
Губернскія і павятовыя камітэты грамадскага здароўя былі ўтвораны 14 снежня 1851. У склад Губернскага Камітэта грамадскага здароўя ўваходзіў губернатар, губернскі і павятовы правадыры дваранства, віца-губернатар, інспектар медычнай управы, гарадскі галава, паліцмайстар старшы ветэрынарны ўрач, прадстаўнік духавенства, справавод.
У Віцебскай губерні Камітэт грамадскага здароўя пачаў функцыянаваць з 1852 года. Камітэты займаліся распаўсюджваннем медыцынскіх ведаў сярод насельніцтва, санітарнай асветай. Таксама яны супрацоўнічалі з медычнай управай.
Беларуская медычная ўправа была заснавана 19 студзеня 1797 года
З 1 траўня 1797 г. яна пачала працаваць у г. Полацку, а ў верасні таго ж года была пераведзена ў г. Віцебск. Яна кантралявала павятовых лекараў і лекараў, якія служылі ў войсках, усе лячэбныя ўстановы і вольныя аптэкі.
У г. Полацку ў склад медычнай управы ў 1862 г. ўваходзілі: павятовы лекар, калежскі асэсар Рыгор Віктаравіч Корсак, малодшая бабка-павітуха Алена Іванаўна Малеўская, лекар пры павятовым Дваранскім настаўніцкім вучылішчы - Іван Васільевіч Скіба, а таксама акружны лекар Палаты дзяржаўных маёмасцяў Дамінік Дамінікавіч Кучынскі, старшы лекар пры кадэцкім корпусе штаб - лекар стацкі дарадца Аляксей Пятровіч Грыгор'еў, малодшы лекар пры кадэцкім корпусе Мікалай Восіпавіч Уверскі, а таксама вольна-практыкуючыя лекары і кіраўнікі аптэкаў. Павятовыя лекары выконвалі галоўным чынам медыка-паліцэйскія функцыі і праводзілі прафілактычныя мерапрыемствы супраць эпідэміяў. Першая бальніца ў сельскай мясцовасці з'явілася ў Полацкім павеце ў 1865 годзе.
У 1867 г. Расія падпісала Жэнеўскую канвенцыю аб абароне ахвяр вайны, і тады ўпершыню было арганізавана Таварыства апекі хворых і параненых, а праз некаторы час яно было пераіменавана ў Расійскае Таварыства Чырвонага Крыжа. Чырвоны Крыж у Віцебскай губерніі, у тым ліку і ў г. Полацку, пачаў сваю дзейнасць менавіта пад назвай Таварыства апекі хворых і параненых. У 1876 г. у г. Полацку быў адкрыты лазарэт для тых, хто пацярпеў на вайне, а ў в. Свольна была адкрыта лякарня. У 1898 было адкрыта Віцебскае кіраванне Дзяржаўнага Таварыства Чырвонага Крыжа.
Яшчэ адна медыцынская ўстанова, якія існавала ў той час - суполка сясцёр міласэрнасці. У гэтую суполку ўваходзілі: апякунка, галоўны лекар, сестра-апякунка, сёстры міласэрнасці, настаўнік Закона Божага. Пры грамадзе сясцёр міласэрнасці існавалі стацыянарная і амбулаторная лякарні, у якіх працавалі лекары-ардынатары і аптэкар.
Расонская ахова здароўя ў перыяд станаўлення савецкай улады і да 1941 года
1 ліпеня 1918 года дэкрэтам Савета Народных Камісараў быў заснаваны Народны камісарыят аховы здароўя. У тым жа годзе быў створаны Віцебскі губернскі аддзел аховы здароўя.
Галоўны падыход да справы аховы здароўя насельніцтва заключаўся ў прафілактычным поглядзе медыцыны. Стары лозунг: "Папярэдзіць лягчэй , чым лячыць", робіцца асноўным у маладой савецкай медыцыне. Развіваюцца новыя медыцынскія галіны: ахова здароўя дзяцей, ахова мацярынства і маленства, барацьба з сацыяльнымі хваробамі, санітарная асвета.
З 1919 г. асігнаванні ў ахову здароўя ўзраслі. Пачалі будавацца новыя і аднаўляцца старыя медыцынскія ўстановы. Аднак узнікалі праблемы з забеспячэннем медыцынскіх установаў і насельніцтва лекамі - яны закупляліся невялікімі партыямі з прычыны іх дэфіцыту і высокіх коштаў.
Першачарговай задачай мясцовай службы аховы здароўя была барацьба з п'янствам, з сухотамі, дзіцячай смяротнасцю, пранцамі. У 1919 г. у розных месцах узнікалі эпідэміі сыпнога тыфу, натуральнай воспы. Для барацьбы з імі ў сельскую мясцовасць адпраўляліся спецыяльныя супрацьэпідэмічныя атрады.
У 1929 годзе ўсе дзяржаўныя арганізацыі, у тым ліку і медыцынскія ўстановы, пераходзяць на беларускую мову ў справаводстве ў рамках праводзімай Нацкамісіяй беларусізацыяй рэспублікі. Падчас атэстацыі выяўлена, што 85% медработнікаў валодаюць беларускай мовай задавальняльна, а астатнім 15%, якія валодаюць слаба, дадзены тэрмін для падрыхтоўкі да новай атэстацыі. У гэты ж час лячэбныя ўстановы пераводзяць на бесперапынны пяцідзённы тыдзень. У сувязі з вялікай загружанасцю бальніц прапануецца шпіталізаваць без маці дзяцей, старэйшых за 2 гады.
У 1928 нагрузка на адну акушэрку складала 55,5 родаў. І гэта ўлічваючы, што да 1923 года гінекалогіі, як асобнай медыцынскай галіны не існавала. Між тым, у 1924 г. у сельскай мясцовасці Полацкага акругі з 100 народжаных, 29 дзяцей паміралі ў першыя чатыры гады жыцця. Праца лекара сельскага медычнага ўчастка заключалася ў амбулаторным прыёме, які доўжыўся з 9.00 да 14.00 і абслугоўванні выклікаў пасля абеду. Аднак, калі выклік здараўся экстранным, ён абслугоўваўся ў любы час сутак. Задачамі лекара на ўчастку былі: догляд цяжарных, патранаж дзяцей груднога ўзросту, аказанне парадзіхам дапамогі ў радзільні і ў хаце, выяўленне, ўлік, рэгістрацыя ўсіх інфекцыйных захворванняў, мерапрыемствы па папярэджанні распаўсюджвання іх, правядзенне ахоўных прышчэпак супраць воспы, брушнога тыфу, барацьба з сухотамі, забеспячэнне калгасаў аптэчкамі за іх ўласны кошт.
Праца лекара заключалася таксама ў кантролі санітарнага стану ўчастка, аглядзе і ўліку калодзежаў, санітарным аглядзе і ўліку лазняў, ліквідацыі бытавой вашывасці, агляд двароў і жылых памяшканняў.
Галоўныя лекары Расонскай бальніцы
Ханойх Давыдавіч Гінзбург нарадзіўся ў 1915 годзе ў Вільні, ён жыў у Свянцянах, вучыўся ў габрэйскай школе, а пасля - ў гімназіі. У 1940 годзе ён скончыў Львоўскі медыцынскі інстытут і працаваў лекарам ў Свянцянах. Немцы акупавалі Свянцяны ў першыя дні вайны. Ханойх Давыдавіч патрапіў у канцлагер у Нова-Свянцянах, а потым у гета Свянцян.
Нямецкая камендатура накіравала доктара Гінзбурга ў мястэчка Відзы Браслаўскага раёна ў гета, у якім распачалася эпідэмія сыпнога тыфу. На тыф захварэлі каля 10 чалавек, і іх удалося ізаляваць. Праз некаторы час Х.Д. Гінзбург вырашыў уцячы з гета з сябрамі да партызанаў. Свой лекарскі дыплом ён схаваў у бутэльку і закапаў глыбока ў зямлю да часоў вызвалення. Калі ўцячы пашчасціла, ён патрапіў у партызанскую брыгаду імя Сталіна, дзе быў прызначаны лекарам агульнабрыгаднага шпіталя. У атрадзе ён быў да лістапада 1943 года. Пасля вызвалення раёна Х.Д. Гінзбург быў прызначаны галоўным лекарам Расонскай бальніцы.
Ягоны калега Мікалай Васільевіч Бугаёў нарадзіўся ў сялянскай сям'і ў вёсцы Навасёлкі Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці 30 студзеня 1919 года. Пасля заканчэння зубаўрачэбнай школы ў 1937 годзе ён працаваў зубным лекарам Віцебскага дзіцячага дыспансэра да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
З ліпеня 1941 па травень 1944 ён знаходзіўся на часова акупаванай тэрыторыі і працаваў у паліклініцы зубным лекарам. У 1944 годзе, каб не быць вывезеным у Германію, Мікалай Бугаёў вучыўся ў медыцынскім інстытуце ў г. Нова-Вільня. У чэрвені 1944 быў мабілізаваны ў 203 армейскі запасны стралковы полк 3-га Беларускага фронта. У верасні пасля дэмабілізацыі ён працягнуў вучобу ў Віцебскім медыцынскім інстытуце, які скончыў у 1950-тым годзе. Быў накіраваны загадчыкам Якубаўскім лекарскім участкам Полацкай вобласці. Прайшоў спецыялізацыю па хірургіі. Пасля гэтага стаў загадчыкам аддзялення Падсвільскай раённай бальніцы. З 1953 па 1957 год Мікалай Бугаёў працаваў галоўным лекарам Расонскага раённага шпіталя.
Залаты перыяд Расонскай раённай бальніцы прыйшоўся на час працы галоўным лекарам Яўгена Восіпавіча Непакойчыцкага. Пасля заканчэння Віцебскага медынстытута і працы ў Лёзненскім раёне, яго з жонкай - тэрапеўтам Кацярынай Паўлаўнай накіравалі ў Расоны.
Пад яго кіраўніцтвам былі пабудаваны шпіталі ў вёсках Павалішана і Клясціцы, збудаваны новы корпус раённай бальніцы. Потым энергічны і напорысты доктар быў запрошаны ў Віцебскую абласную бальніцу. У час працы хірургам ён абараніў дысертацыю і з 1971 года перайшоў на выкладчыцкую працу на кафедру ў Віцебскі медынстытут, дзе выкладаў 28 гадоў.
Падрыхтавала Эла Дзвінская. Архіўныя здымкі з кнігі " З міласэрнасцю ў сэрцы": 1. Гінзбург Х.Д. 2. Бугаёў М.В. 3. Лекары Расонскай бальніцы. 4. Дактары Расонскай бальніцы з М.В. Бугаёвым ў 50-тыя гады. 5. Аўтар кнігі - Андрэй Пуртоў.
Кніга пра беларускага паэта з Беластока
Новае выданне
У менскім выдавецтве "Кнігазбор" выйшла з друку кніжка Сяргея Чыгрына "Мора Віктара Шведа". Яна прысвечана жыццю і творчасці найстарэйшага беларускага паэта з Беластока (Польшча) Віктара Шведа, які сёлета ў сакавіку адзначыў сваё 90-годдзе.
У кнігу ўвайшлі артыкулы аўтара пра творчасць Віктара Шведа, а таксама гутаркі з ім у розны час.
Віктар Швед нарадзіўся ў вёсцы Мора на Гайнаўшчыне. Вучыўся ў беларускіх школах у Гайнаўцы і Бельску-Падляскім (Польшча). Закончыў Акадэмію палітычных навук у Варшаве (1951), аддзяленне журналістыкі (1955) і аддзяленне беларускай філалогіі (1969) Варшаўскага ўніверсітэта.
Працаваў журналістам у беларускім тыднёвіку ,,Ніва" (Беласток), рэдактарам у выдавецтве ,,Ksiаzka i Wiedza" ў Варшаве (1960-1988). Пасля выхаду на пенсію жыве ў Беластоку.
Дэбютаваў 24 сакавіка 1957 г. вершам ,,Я беларус" у беларускім тыднёвіку ,,Ніва". Піша на беларускай і польскай мовах. Яго творы перакладаліся на англійскую, эсперанта, польскую, расійскую, украінскую і венгерскую мовы.
Апублікаваў 16 зборнікаў вершаў: "Жыццёвыя сцежкі" (Беласток, 1967), "Дзяцінства прыстань" (Беласток, 1975), "Дружба" (Менск, 1976), "Мая зялёная Зубровія" (Менск, 1990), "Родны схоў" (Беласток, 1991), "Вясёлка" (Беласток, 1991), "Вершы Натальцы" (Беласток, 1998), "Выбраныя вершы" (Беласток, 2000), "Мае Айчыны" (Беласток, 2003), "Смяшынкі" (Беласток, 2009), "Адплываем з Мора" (Беласток, 2010). У перакладзе аўтара на польскую мову выйшлі кніжкі: "Wiersze wybrane" (Bialystok, 1997), "Lata wiatr skrzydlaty" (Bialystok, 2000), "Smiech nie grzech" (Bialystok, 2000), "Przemijanie" (Bialystok, 2006), "Smieszynki" (Bialystok, 2010).
Рэдактар выдання (у сааўтарстве з Яшам Буршам, Аляксандрам Баршчэўскім) "Белавежа. Літаратурны альманах" (Беласток, 1965). Аўтар падручнікаў: "Дружба і праца. Хрэстаматыя для VІІІ класа" (у суаўтарстве з Аляксандрам Баршчэўскім, Варшава, 1967), "Насустрач жыццю. Хрэстаматыя для VІІІ класа" (у суаўтарстве з Аляксандрам Баршчэўскім), Варшава, 1974.
Перакладае з беларускай, рускай, украінскай моў на польскую, з польскай - на беларускую.
Яго вершы ўвесь час друкуюцца на старонках беластоцкага беларускага тыднёвіка "Ніва". На дзіцячай старонцы "Зорка" гэтага тыднёвіка вядзе пастаянную рубрыку "Вершы Віктара Шведа", а таксама друкуецца ў "Беларускіх каляндарах" (Беласток) і ў іншых выданнях Польшчы і Беларусі. Аўтар правёў звыш тысячы аўтарскіх сустрэч. Многія творы Віктара Шведа пакладзены на музыку.
Сябар Саюза польскіх пісьменнікаў і ганаровы сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў. Сузаснавальнік і шматгадовы старшыня Беларускага літаратурнага аб'яднання "Белавежа". Пастаянны сябар Беларускага грамадска-культурнага таварыства (БГКТ). У 1958-1969 і 1976-1988 гадах быў сябрам Галоўнага праўлення БГКТ, у 1958-1960 гадах - яго адказным сакратаром, а ў 1984-1988 гадах - сябрам Прэзідыума, з'яўляўся таксама сябрам розных камісій БГКТ.
Узнагароджаны Крыжамі Кавалерскім і Афіцэрскім Ордэна Адраджэння Польшчы, сярэбраным медалём "Заслужаны культуры Gloria Artis", медалём Францішка Скарыны, адзнакай "Заслужаны дзеяч культуры Польшчы", нагрудным знакам "За ўклад у развіццё культуры Беларусі", ордэнам Святых Роўных Апосталам Кірылы і Мяфодзія, грамадскім ордэнам "За вернасць Бацькаўшчыне".
Кніга Сяргея Чыгрына "Мора Віктара Шведа" ужо паступіла ў менскую кнігарню "Акадэмічная кніга".
Барыс Баль, г. Слонім.
"Звычайны шоў-бізнес" у Магілёве
Першую сваю кнігу прэзентаваў у Магілёве музыка, бард, літаратар і наш сябар з Бялынічаў Юры Несцярэнка 13 - га жніўня. Кніга выйшла як раз да 50-ці гадовага юбілею аўтара, і ў ёй Юры сабраў стос сваіх кароткіх апавяданняў, у асноўным заснаваных на рэальных падзеях са свайго жыцця, прасякнутых тэмай музыкі і бізнесу ды пададзеных трохі ў іранічным выглядзе, нават назва кнігі - "Звычайны шоў-бізнес" у нашай "стабільнай" рэчаіснасці ўспрымаецца хіба што як смех скрозь слёзы. Магілёўцы з цікавасцю паслухалі падрабязнасці розных выпадкаў, апісаных у кнізе і, канешне, песні ў выкананні госця, нават адну з апошніх - пераклад на родную мову знакамітай "Have You Ever Seen The Rain" праспявалі разам, бо тэкст загадзя раздрукавау Сяржук Дымкоў.
Дадам, што кніга выйшла ў выдавецтве "Кнігазбор" у серыі "Кнігарня пісьменніка" Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў, а вечарыну ў Магілёве зладзіла гарадская суполка ТБМ у фармаце свайго штотыднёвага "Беларускага гуртка" пад дахам грамадскага цэнтра "Кола".
Алесь Сабалеускі , г. Магілёў.
З РАБРА БЕЛАРУСКАЙ ВЯРБЫ
8 жніўня ў Зэльве Міхась Скобла прэзентаваў кнігу "Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах і архіўных матэрыялах". Прапануем прадмову з гэтай кнігі.
У юбілейным 2010-м, калі адзначаліся 100-я ўгодкі Ларысы Геніюш, у менскай сядзібе ТБМ імя Францішка Скарыны прайшла вечарына памяці паэткі. Адметная яна была тым, што прысутныя на вечарыне вядомыя людзі (пісьменнікі, мастакі, гісторыкі) чыталі невядомыя, не публікаваныя раней геніюшаўскія вершы. Выцягнутыя незадоўга перад гэтым са шматгадовай архіўнай цішы, яны першапублікаваліся галасамі, прыходзілі ў свет духам, а не літарай.
Вершаў пятнаццаць тады прагучала - пазней чытачы сустрэліся з імі на старонках геніюшаўскага двухтамовіка, з якім паспела да юбілею выдавецтва "Лімарыус".
Пасля чытання я папрасіў удзельнікаў проста на аркушах з вершамі запісаць сваё ўражанне пра толькі што агучаны твор ці кароткую подумку пра яго аўтарку. У гамане і мітусні не ўсе здолелі выканаць просьбу, але напісанае засталося. Экспромты, вядома ж. Але хіба тэкст, занатаваны похапкам, саступае па шчырасці напісанаму пасля працяглых разважанняў? Хутчэй наадварот. Зрэшты, у кожнага творцы свае спавядальні, і лепей туды без пільнай патрэбы не лезці.
Памятаю, з якім хваляваннем на той вечарыне чытаў верш "Хрыстос васкрос, і свет прачнуўся…" мастак Аляксей Марачкін. Імпрэза адбывалася акурат на Звеставаннне, і гэта стварала адпаведны ўзнёслы настрой у цеснаватай зале. А пад вершам чытальнік напісаў: "Ларыса Геніюш - наша Жанна д'Арк. Яна патрабавала ад нас, сваіх сяброў, быць свабоднымі. Яна жывіла нас энергетыкай супраціву, каб мы супрацьстаялі цемры, падману і здрадніцтву. Яна і сёння ў Беларусі самая актуальная паэтка".
Гісторык Міхась Чарняўскі выбраў для чытання верш на гістарычную тэму: "Топчуцца коні тэўтонаў па землях адвечных прусаў…" Хоць якія там тэўтоны з прусамі - алегорыя верша відавочная, таму і не аддавала яго аўтарка ў друк, таму і праляжаў ён у архіве амаль паўстагоддзя. Блізкі сябар паэткі і публікатар яе знакамітай "Споведзі" на палях верша напісаў коратка і ясна: "Да спасціжэння Ларысы Геніюш нам яшчэ ісці ды ісці. Дойдзем да Геніюш - дойдзем да Беларусі".
Паэт Васіль Зуёнак агучыў на вечарыне верш "Лёг світаннем на стол позні ранак барвовы…", а водгук свой разгарнуў у цэлае міні-эсэ, згадаўшы другую, таксама ж доўгія гады апальную, паэтку: "Калі б вы зналі…" - споведна прызналася аднойчы Ганна Ахматава. І кожны раз, калі я кранаюся душой паэтычных радкоў Ларысы Геніюш, хочацца ўсклікнуць таксама: "Калі б вы зналі, з чаго нараджаліся яе вершы!" Яна сама расказала аб гэтым у сваёй вялікай - перад Богам і людзьмі - "Споведзі". І расказалі аб тым, расказваюць і расказваць будуць сведкі гэтай споведзі - вершы. Няйначай сам лёс дыктаваў радкі непакоры паэтычнай музе Ларысы Геніюш. Яны абедзве - і Геніюш, і Ахматава - ніколі духам сваім не былі вязнямі. Яны паўставалі трыумфатарамі, пераможцамі над светам цемрашалаў і катаў".
Тры водгукі (а можна было б прывесці і больш) - і ў кожным удзячнасць чытача, суайчынніка, нашчадка. Кніга "Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах і архіўных матэрыялах", што выйшла ў слыннай серыі "Беларуская мемуарная бібліятэка", - таксама найперш праява людской удзячнасці, бо менавіта ўдзячнасці ў ёй найбольш - і ў пасмяротных згадках, і ў прыжыццёвых лістах. Успаміны Рыгора Барадуліна, Адама Мальдзіса, Масея Сяднёва, Паўліны Мядзёлкі, Міхася Чарняўскага, Вольгі Іпатавай, Зянона Пазняка, Аляксея Марачкіна, Дануты Бічэль, Уладзіміра Арлова ўжо друкаваліся ў першым на Беларусі "персанальным" біяграфічным альманаху "Асоба і час" (№3), а чатырнаццаць аўтараў прыгадалі той даўні ўжо час адмыслова для новай кнігі. Сярод іх вільнянка Леакадзія Шышэя (была з Ларысай Геніюш у адным лагеры ў Комі АССР), зальвянка Яніна Шматко (запісала галасы зэльвенскіх знаёмых паэткі), мастак Уладзімір Басалыга (аздабляў зборнік паэткі "Невадам з Нёмана")…
У эпісталярнай частцы кнігі - таксама людская ўдзячнасць. Чытаючы яе, разумееш, чаму нешматслоўны і дакладны ў выказваннях Міхась Стральцоў назваў лісты "ашчадкніжкамі дружбы". Асабліва гэта тычыцца архіўных лістоў, якія доўга праляжалі "на дэпазітах" і ад гэтага сталі яшчэ больш каштоўнымі.
Львавянка Аксана Сенатовіч у сваіх пасланнях у Зэльву сярод іншага дзякавала беларускай паэтцы за "спогады" аб пражскіх украінцах. Былы гулагавец Мікола Канаш - за вершы, што дапамагалі выжыць на "беласмертнай поўначы". А поўны вялікіх задум трыццаціпяцігадовы Уладзімір Караткевіч - за цяпло і беларускі дух зэльвенскай хаты, дзе ён "моцна адагрэўся душою".
Бываючы ў Зэльве, стараюся і я не мінаць тае хаты - на былой Царкоўнай вуліцы, колішняй Юзафа Пілсудскага, сённяшняй Савецкай, у будучыні (хочацца спадзявацца!) - імя Ларысы Геніюш. Збудаваная ў далёкім 1895 годзе, яна цудам ацалела ў міжваенным пажары, выстаяла пад бомбамі Другой сусветнай, каб улетку 1956-га прытуліць Ларысу Антонаўну і Івана Пятровіча, якія вярнуліся з савецкай няволі. За сто дваццаць гадоў неаднойчы перабудаваная, яна і да гэтай пары ўсё ж тоіць у сабе патаемны дух даўніны і, здаецца, гатовая адгукнуцца на покліч сваёй былой гаспадыні: "О сям'я Генюшоў, блаславёная хата!"
Ці не ўсе аўтары кнігі "Духу магутныя чары…" пабывалі ў той "блаславёнай хаце". Ехалі ў Зэльву і тыя, каму проста бракавала дазволенай бээсэсэраўскай беларушчыны, якую ўлада старанна лімітавала, пачынаючы ад дзіцячага садка і заканчваючы сталічнымі тэатрамі ці музеямі. З тае "блаславёнай хаты" згаданы ўжо Міхась Чарняўскі выносіў пад покрывам ночы рукапіс "Споведзі" і дзеля засцярогі ад чужых вачэй даваў кругаля праз стары мост над Зальвянкай і зарэчны лес. З той хаты ў 1971 годзе Васіль Быкаў вывез яшчэ адзін смелы па тым часе тэкст, пасля прачытання якога можна было падумаць, што ў ціхамірнай Зэльве выспявае антысавецкае паўстанне, падбухторшчыкамі якога выступаюць… намеснік рэдактара мясцовай газеты і дэпутатка пасялковага савета, якія (так, прынамсі, выглядала) паставілі свае подпісы пад артыкулам, дзе крытыкавалася нацыянальная палітыка ЦК КПБ. Той напісаны, як падаецца, самой Ларысай Геніюш артыкул пад назвай "Ці наступіць гэты доўгачаканы рашучы паварот?" (ён змешчаны ў раздзеле "Dubia") Быкаў тады ж, падалей ад ліхіх вачэй, перадаў на захаванне Нілу Гілевічу, а народны паэт (праз сорак з гакам гадоў!) уручыў аўтару гэтых радкоў - для публікацыі.
Адзін з карэспандэнтаў паэткі, мовазнавец Фёдар Янкоўскі ўспамінаў, як аднойчы ў правінцыйнай кнігарні набыў адразу 11 кніг "На чабары настоена" і пасля з радасцю дарыў іх сябрам. Быў распаўсюднікам Слова Ларысы Геніюш. Відаць, не памылюся, калі скажу, што і ўсе аўтары кнігі "Духу магутныя чары…", каму пашчасціла пры жыцці ведаць паэтку (а іх ажно 64!), таксама неслі ў беларускі свет тое духаўздымнае Слова. А часам і цярпелі за яго, рызыкавалі за яго сваёй свабодай ці кавалкам хлеба, цярпліва перахоўвалі да лепшых часоў. І тут ужо сваю ўдзячнасць мусім выказаць ім мы - чытачы гэтай кнігі.
Сярод архіўных знаходак, якія трапілі ў кнігу, не выпадае абмінуць увагай і перапіску Ларысы Геніюш з Канстанцінам Езавітавым. Датуецца яна 1943 годам, калі паэтка ўжо была аўтаркай вядомай сярод беларусаў на чужыне кнігі "Ад родных ніў". Энергічны Езавітаў адным з першых ацаніў талент Геніюш, настойліва рэкамендаваў яе вершы кампазітару Аляксею Туранкову, паэтцы раіў засесці за напісанне гістарычнай паэмы, распаўсюджваў, дзе толькі мог, немалы наклад кнігі (найперш рупіўся, каб як мага больш асобнікаў трапіла ў беларускія школы). А адзін з лістоў закончыў шчырым сяброўскім заклікам: "На той зямлі, дзе мы праводзілі першую баразну, зараз Вы мусіце сеяць. Сейце, мая даражэнькая, сейце лепшае, што знойдзецца ў Вашым сэрцы. Сейце зярняткі ўсхожыя, каб зарунела і закаласавала як найхутчэй, як найбуйней!"
На жаль, час для сяўбы быў неспрыяльны. Усяго праз два гады савецкія спецслужбы схопяць Езавітава і вывезуць у Менск, дзе ён і загіне ў турэмных засценках. Тады ж пачнецца паляванне і на Ларысу Геніюш, якую ўрэшце не абароніць і спехам прынятае чэхаславацкае грамадзянства...
Чытаеш кнігу "Духу магутныя чары…", і міжволі прыгадваецца апавяданне "Цуды ў хаціне" Янкі Брыля. Бо і ў зэльвенскай хаце адбываліся цуды. І найпершы з іх - цуд пасвячэння ў беларусы, калі наведнік пасля гутаркі з Ларысай Антонаўнай выходзіў на вуліцу чалавекам іншай якасці. А хіба не цуд тое нацыянальнае яднанне, якое здаралася на Геніюшавых шматлюдных днях народзінаў, ці той факт, што аднойчы пасля пабыўкі ў Зэльве гісторык Мікола Ермаловіч пачаў пісаць вершы? Таленавіты са школьнай лаўкі Алесь Разанаў пісаў іх і раней, але сустрэчу з Геніюш таксама запомніў на ўсё жыццё - энергетыка яе была настолькі адчувальнай, што ён мусіў перапыніць размову. Сучасныя парапсіхолагі, магчыма, вытлумачаць гэта фенаменальным біяполем ці чымсьці яшчэ, але нас у дадзеным выпадку цікавіць найперш сама з'ява.
Феномену Ларысы Геніюш, яго паходжанню і станаўленню прысвечана ўжо нямала розных па якасці тэкстаў, у будучай Беларусі ім зацікавяцца новыя пакаленні даследчыкаў, якія зададуцца "гарэцкаўскім" пытаннем - што яно?
І сапраўды, усё з нечага ўзнікае, усё ў нешта вытлумачальна пераходзіць: смала-жывіца - у каштоўны бурштын, пясчынка на дне марскім - у бліскучую перліну, жоўты пясочак - у празрыстае шкло…
У чалавека, як істоты адушаўлёнай, паходжанне больш складанае, яго самае разгалістае радаводнае дрэва не ахопіць. Як не здолее прадпісаць самы ганаровы гербоўнік ступень годнасці для паэта. Вось які "радавод" - па мячы і па кудзелі - вызначыла сама для сябе Ларыса Геніюш:
З беларускай учэпістай гліны
І з рабра прынямонскіх вярбін,
Я галінка ля белага тыну
Незабыўных
адвечных святынь.
З гліны Бог стварыў першачалавека Адама, з ягонага рабра - Еву. У радках паэткі біблейская гісторыя перамяшалася з канкрэтна-быццёвай, гліна месапатамская - з глінай беларускай, прынямонская вярба перагукнулася з лацінскім verba (слова). Дарэчы, вярба, паводле падлікаў даследчыкаў, часцей за іншыя дрэвы называецца ў беларускай паэзіі. Самае непераборлівае і жыццёваўстойлівае дрэва - дзе ў зямлю ні ўткнеш, там і вырасце.
Вярба, што аддала сваё рабро для містычнага акта паэтатварэння, і сёння паўсюдна расце на Зэльвеншчыне. Яна прарасла ўжо і ў свет святочна-сакральны, хто ж не ведае прыказкі-прыпеўкі: "Не я б'ю - вярба б'е, праз тыдзень - Вялікдзень…"
У сувязі з гэтым як не прыгадаць і гісторыю будзённа-празаічную. Неяк папрасіла мяне маці прыехаць і пасекчы на дровы спілаваныя дарожнікамі ўзбоч вясновай вясковай вуліцы вербы. Цэлае лета прыехаць не выпадала, а пад самую восень падышоў я з сякерай да курганка напілаваных калодак і - сумеўся. Даўжынёй усяго па локцю, бязлітасна і канчаткова адарваныя ад пажыўнай зямлі, яны павыганялі да сонца мятровыя парасткі! Толькі сваёй унутранай сілай!
Тыя парасткі, што так праглі ўкараніцца ў родную зямлю, я тады перасадзіў з дрывотніка на азёрны бераг. Як яны там пайшлі ў рост - на вачах проста!
Максім Багдановіч " чуў у цішы, як расце трава", а мне хацелася засведчыць, што бачу, як расце вярба...
Паэзія - не скіданае ў стажкі бібліятэк шматкніжжа, не выпадковы збор рыфмаў, эпітэтаў і метафар. У ёй закадаваныя сэнсы, да якіх людзі мусяць прыслухоўвацца і прыглядацца.
Беларуская паэзія падае нам вярба льны знак. І знак гэты адназначна вітальны - мы мусім выжыць, мы павінны расці - сілкуючыся з роднай зямлі ці (на скрайні выпадак) толькі з назапашаных аўтаномных рэсурсаў. Як тая непераборлівая вярба, што расце на голых сухадолах, пры балоце-чароце ці на гліне пры даліне. Расце, каб нехта з паэтаў і ў наступных стагоддзях наўслед за Ларысай Геніюш мог сказаць: я з рабра беларускай вярбы.
І будуць вербы шумець каля грэблі, і пад вярбой Алена мыцьме ручнікі, і на перадвелікодную Вербніцу нас - так небалючаласкава - будзе біць тая вярба… Жыццялюбна-неўміручая, як і яе спаконвечны сузямельнік - беларускі народ.
Міхась Скобла.