Папярэдняя старонка: 2015

№ 36 (1239) 


Дадана: 09-09-2015,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 36 (1239), 9 верасня 2015 г.


Мова, культура, пісьменнасць - ахоўная грамата беларускай дзяржаўнасці

ХХІІ Дзень беларускага пісьменства ў Шчучыне

У Шчучыне (Гарадзенская вобласць) 5 верасня распачаўся ХХІІ Дзень беларускага пісьменства, а асноўныя дзеі адбываліся ўжо 6 верасня.

У 11.00 адчыніў свае дзверы пасля рэканструкцыі архітэктурны помнік Беларусі - былы палац Друцкіх-Любецкіх, у якім цяпер размесціцца Палац творчасці дзяцей і моладзі.

Урачыста прайшла святочная цырымонія адкрыцця, удзел у якой прымалі намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь М.І. Русы, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь І.І. Бузоўскі, старшыня Гарадзенскага аблвыканкама У.В. Краўцоў, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь М.А. Жураўкоў, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Л.С. Ананіч, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Б.У. Святлоў, члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады, дыпламатычнага корпуса, устаноў і прадпрыемстваў, грамадскіх аб'яднанняў, духавенства.

Шчырыя словы падзякі выказаў усім, хто мае дачыненне да адраджэння палаца, міністр адукацыі М.А. Жураўкоў.

Пад дроб барабанаў чырвоную стужку перарэзалі ганаровыя госці свята: І.І. Бузоўскі, М.І. Русы, У.В. Краўцоў, С.В. Ложачнік і дырэктар Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі І.П. Дзегцярова.

- Сёння мы з'яўляемся сведкамі значнай падзеі не толькі для нашага горада, але і ўсёй беларускай культуры, - вітаючы ўдзельнікаў святочнага мерапрыемства, адзначыў старшыня Шчучынскага райвыканкама С.В. Ложачнік. - Наша дзяржава ўкладвае значныя сродкі ў захаванне і аднаўленне мінуўшчыны. Шчучынскі палац - гэта яшчэ і ўдалы прыклад інвестыцыі ў культуру.

Палац гасцінна расчыніў свае дзверы. Госці свята прайшліся па прыгожых, адрэстаўраваных залах, якія па-сапраўднаму ўражваюць сваёй веліччу, наведалі ўнікальныя выставы, музейную экспазіцыю Гарадзенскага дзяржаўнага гістарычна-археалагічнага музея, фотавыставу "Беларусь у першай сусветнай вайне", а таксама пазнаёміліся з лепшымі кнігамі Беларусі.

У адноўленым палацы плануецца размясціць краязнаўчы музей, канферэнц-залу для дзелавых і культурных сустрэч.

Урачыстае шэсце ад палаца Друцкіх-Любецкіх рушыла да цэнтральнай пляцоўкі свята.

"Квітней, Беларусь наша родная!" Пад такім дэвізам прайшла ў Шчучыне цырымонія адкрыцця Дня беларускага пісьменства.

Урачыстае адкрыццё свята ў 22-ой літаратурнай сталіцы стала маштабным і яркім дзействам. На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы сабралася мноства гасцей з блізкага і далёкага замежжа. Прысутныя прывіталі на свяце дзяржаўных дзеячаў, дыпламатаў, пісьменнікаў, журналістаў. У Шчучын прыехала шмат гасцей з іншых краін - Расіі і Украіны, Казахстана і Таджыкістана, Азербайджана і Арменіі, Літвы і Малдовы, Сербіі і Чарнагорыі, Босніі і Герцагавіны, а таксама Злучаных Штатаў Амерыкі.

Пад гукі фанфараў і песні Нацыянальнага акадэмічнага хору імя Цітовіча "плылі" да сцэны харугвы з гербамі гарадоў Беларусі, у якіх у мінулыя гады праходзіла свята беларускага пісьменства. У ролі вядоўцаў выступілі Алена Спірыдовіч і Яўген Лашкоўскi.

І вось ён - урачысты момант адкрыцця свята. На сцэне - намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Іванавіч Бузоўскі, намеснік прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіл Іванавіч Русы, старшыня Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Васільевіч Краўцоў, старшыня Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Васільевіч Ложачнік і архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемій.

Ігар Іванавіч Бузоўскі зачытаў удзельнікам свята прывітальнае слова Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі.

- Мову, культуру, пісьменнасць можна назваць ахоўнай граматай беларускай дзяржаўнасці, - заявіў Ігар Бузоўскі. З прывітальнымі словамі звярнуліся да прысутных і ганаровыя госці свята.

Штогод папаўняецца залатая скарбніца беларускага кнігавыдання новымі фаліянтамі. Беларуская літаратура атрымлівае шырокае прызнанне, сведчанне таму - заснаванне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. На свяце беларускага пісьменства адбылося ўшанаванне сучасных празаікаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, публіцыстаў - пераможцаў першай Нацыянальнай літаратурнай прэміі, якая была прысуджана за найлепшыя творы 2014 года. Усяго на конкурс было прадстаўлена 45 работ.

- Да таго, як кніга ўбачыць свет, яна нараджаецца ў думках і марах аўтараў, паэтаў, журналістаў, - заўважыла падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілея Станіславаўна Ананіч. - Кнігі адлюстроўваюць нашу гісторыю і нашу сучаснасць. Вельмі важна цаніць і любіць нацыянальную літаратуру. Сведчанне таго, што дзяржава праяўляе клопат пра беларускіх аўтараў, - уручэнне першай Нацыянальнай літаратурнай прэміі.

Лаўрэатамі Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі "Проза" стаў Уладзімір Саламаха са сваёй кнігай "І няма шляху чужога" , у намінацыі "Паэзія" перамагла Тамара Краснова-Гусачэнка са зборнікам "Встреча". А вось у намінацыі "Дзіцячая літаратура" лепшай стала Ганна Скаржынская-Савіцкая і яе зборнік казак "Надзейка-Чарадзейка". У намінацыі "Публіцыстыка" перамогу заваяваў Міхаіл Шыманскі і яго кніга "Мы этой памяти верны", у намінацыі "Крытыка і літаратуразнаўства" - Дзяніс Марціновіч з кнігай "Жанчыны Уладзіміра Караткевіча", у намінацыі "Драматургія" перамагла Наталля Голубева і яе цыкл сцэнарыяў для перадачы "Обратный отсчёт" (АНТ).

Канцэртнымі нумарамі парадавалі шчучынцаў і гасцей свята Дзяржаўны ансамбль танцу Беларусі "Крывічы", ансамблі "Классік-авангард" і "Верасы", Нацыянальны акадэмiчны народны хор iмя Г. Цiтовiча, гурт "Чысты голас" і іншыя. Цудоўным падарункам стаў гімн свята "Дзень беларускага пісьменства", аўтарамі якога з'яўляюцца кампазітар Алег Елісеенкаў і паэт Алесь Бадак.

Святочныя мерапрыемствы праходзілі на розных пляцоўках. Выступалі творчыя калектывы як з Гарадзеншчыны, так і ўсёй Беларусі. Працаваў Горад майстроў, а таксама былі арганізаваны майстар-класы па ганчарстве. На вуліцах горада ішоў гандаль рознымі вырабамі. Святкаванні скончыліся позна ўвечары цырымоніяй перадачы эстафеты і канцэртам майстроў мастацтва. У наступным годзе гэтае свята адбудзецца на Гомельшчыне, у горадзе Рагачоў.

Паводле карэспандэнтаў "Дзянніцы".


У Шчучыне адкрыта кнігарня-кавярня

У Шчучыне 31 жніўня да Дня беларускага пісьменства адчынілася першая кнігарня-кавярня. Як інфармуе БЕЛТА, кнігарня "Несцерка" размясцілася каля будынка Дома гандлю.

Раней шчучынцы маглі купіць кнігі толькі ў невялікіх кніжных аддзелах іншых крамаў. Цяпер у кнігарні яны могуць не толькі купіць кнігі, але і выпіць кавы.

У адкрыцці кнігарні прыняла ўдзел міністр інфармацыі Лілея Ананіч, кіраўніцтва "Белкнігі" і Шчучынскага райвыканкама. Дарэчы, міністр стала першай пакупніцай крамы.


Раённая бібліятэка імя Цёткі адкрылася ў Шчучыне пасля капітальнага рамонту

Гэта прыемная падзея 5 верасня адкрыла шэраг мерапрыемстваў у гонар Дня беларускага пісьменства ў літаратурнай сталіцы 2015 года. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прыняла ўдзел міністр інфармацыі Беларусі Лілея Ананіч.

- Бібліятэка - гэта храм ведаў, а без ведаў немагчыма ствараць будучыню. Менавіта таму пры падрыхтоўцы літаратурнай сталіцы 2015 года аргкамітэт асаблівую ўвагу надаў тым аб'ектам, якія звязаны з культурай і адукацыяй. Літаральна тыдзень таму Міністэрства інфармацыі сумесна з "Белкнігай " адкрыла тут магазін-кавярню "Несцерка". ". І вельмі прыемна, што амаль усе кнігі, завезеныя ў першы дзень, адразу ж знайшлі свайго чытача. Гэта значыць, што кнігі і слова сапраўды маюць сілу, - сказала Лілея Ананіч.

У дар бібліятэцы Міністэрства інфармацыі і Саюз пісьменнікаў Беларусі перадалі больш за 3 тыс. новых кніг беларускіх пісьменнікаў.

У абноўленай бібліятэцы размесцяцца асноўныя фонды, чытальная зала, абанемент, цэнтр прававой інфармацыі, іншыя аддзелы бібліятэкі. На будынак ўстаноўлена бронзавая мемарыяльная дошка, прысвечаная Элаізе Пашкевіч (Цётцы), імя якой і носіць бібліятэка.

"Звязда."


70 гадоў з дня нараджэння Рыгора Семашкевіча

Рыгор Міхайлавіч СЕМАШКЕВІЧ пражыў няпоўных трыццаць сем гадоў. Яго нядоўгае па сучасных мерках жыццё знешне выглядае даволі звычайна і сціпла. Але яно было напоўнена напружанай унутранай, духоўнай працай, якая дала свой прыкметны плён. І ён, трэба думаць, застанецца надоўга.

Нарадзіўся Рыгор Семашкевіч у хуткім часе пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны - 12 верасня 1945 года ў в. Дамашы каля Маладзечна. "вайны не бачыў. А чуў, што туляецца па завуголлях" - такія штрыхі свайго дзяцінства падае паэт у вершы з празаічнай назвай "Аўтабіяграфія".

Маці, Алена Дзмітрыеўна, 1917 года нараджэння працавала даяркай.

Бацька, Міхаіл Філіпавіч, 1912 года нараджэння, працаваў доўгі час у зеленгасе г. Маладзечна. У сям'і было трое дзяцей.

Вайна ў тыя гады нагадвала пря сябе на кожным кроку. Жылося нялёгка ўсім - і дарослым, і дзецям. Але ніхто не скарздіўся на цяжкасці. Пра гэта ў Рыгора Семашкевіча ёсць такія шчырыя радкі:

Не наракаю на цябе, мой лёс,

За тое, што не раз

над родным небам

Гарэлі ногі ад сцюдзёных рос,

Што ў хаце часам

не хапала хлеба.

Вучыўся Р. Семашкевіч у Лебедзеўскай сярэдняй школе. Потым паступіў на філалагічны факультэт БДУ. У 1966 годзе скончыў універсітэт. Працаваў дырэктарам Малінаўскай васьмігадовай школы Смаргонскага раёна.

У 1967-1969 гадах - аспірант кафедры беларускай літаратуры БДУ, абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме: "Браніслаў Эпімах-Шыпіла і беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе".

З 1970 года выкладаў беларускую літаратуру ва ўніверсітэце. Чытаў гісторыю беларускай дакастрычніцкай літаратуры, вёў спецсемінар па сучаснай беларускай паэзіі, кіраваў падрыхтоўкай студэнцкіх курсавых і дыпломных работ, выконваў шматлікія іншыя абавязкі, звязаныя з выкладчыцкай працай.

А яшчэ Рыгор Семашкевіч знаходзіў час і на паэзію, і на прозу, і на крытычныя выступленні, і на літаратуразнаўчыя даследаванні. Літаратурную працу пачаў ў 1961 годзе.

Рыгор Семашкевіч далёка не поўнасцю здзейсніў тое, на што ён наважваўся, што дазваляў ажыццявіці яго талент. Але і зрабіў ён нямала. Ён выдаў два зборнікі вершаў - "Леснічоўка" (1968 г.) і "Субота" (1973 г.). Дачакаўся ён і кніжкі ў перакладзе на рускую мову. Гэтая кніжка пад загалоўкам "Золото соломы" выйшла ў 1974 г. у выдавецтве "Маладая гвардыя". Усе пераклады Семашкевічавых вершаў зрабіў Дзмітрый Кавалёў.

Рыгора Семашкевіча - крытыка прываблівала пераважна паэзія. Пра яе ён таксама ўмеў сказаць шчыра, добразычліва, але і патрабавальна. І сёння з цікавасцю перачытваюцца ў розны час напісаныя яго артыкулы пра паэзію Рыгора Барадуліна, Алега Лойкі, Яўгеніі Янішчыц, Ніны Мацяш.

Так імкнуўся рабіць Рыгор Семашкевіч. Памёр 11 чэрвеня 1982 года. Пахаваны на Паўночных могілках г. Менска.

Вікіпедыя.


Жыццё ў імя любові да Беларусі

Сёлета 11 верасня спаўняецца 160 гадоў з дня нараджэння выбітнага беларускага этнографа, фалькларыста, гісторыка, археолага Еўдакіма Раманавіча Раманава, жыццё якога супала з перыядам актыўнага вывучэння беларускай этнаграфіі, калі востра паўстала пытанне пра этнічную прыналежнасць карэннага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю, як называлі Беларусь у Расійскай імперыі. Адказваючы на пастаўленае пытанне, адны вучоныя лічылі беларусаў і іх мову адгалінаваннем польскага народа і мовы; другія сцвярджалі, што беларусы - гэта частка велікарускага народа, а іх мова ёсць вынік паланізацыі; трэція (іх было менш) разглядалі беларусаў як самастойны народ, які валодае магчымасцямі незалежнага развіцця. Вядомы айчынны этнограф В.К. Бандарчык небеспадстаўна адказвае, што ў гэтым роскідзе думак Е. Раманаў "адстойваў правы беларускага народа на развіццё нацыянальнай культуры, мовы, навукі і літаратуры", а велізарная работа, выкананая ім "пры інертных, а часам варожых адносінах да яго навуковай дзейнасці з боку царскай адміністрацыі, характарызуе яго як нястомнага працаўніка-патрыёта, як вучонага, які не шкадаваў сваіх сіл для вывучэння культуры і быту свайго народа і абуджэння яго нацыянальнай самасвядомасці". Некаторыя даследчыкі, зыходзячы з таго, што Е. Раманаў ужываў тэрміны "западнорусский народ", "русская народность", лічаць яго прыхільнікам заходнерусізму. Безумоўна, ён, дзяржаўны службоўца, быў вымушаны рабіць саступкі гэтай дактрыне, лічыцца з такой сітуацыяй. Да ўсяго ж, у выдавецтвах, дзе друкаваліся беларускія творы, цэнзары імкнуліся пазбягаць тэрміну "Белоруссия" і, як паведамляе А. Цвікевіч, нават выгаворвалі тым аўтарам, якія пісалі словы "Западная Россия" з вялікай літары. Баючыся нашкодзіць сваёй справе, Е. Раманаву неяк прыходзілася дэманстраваць сваю лаяльнасць рэжыму, адсюль наяўнасць у ягонай спадчыне асобных слядоў заходнерусізму. Рэальныя ж узаемадносіны Е. Раманава з апалагетамі заходнерусізму (М. Каяловічам, А. Пшчолкам) мелі выразны характар супрацьстаяння. Яго пазіцыя, творчыя пошукі накіраваны на тое, каб "адкрыць свету душу беларуса" насуперак патрабаванню М. Каяловіча глядзець на Беларусь "з цэнтра расійскай дзяржавы", "ведаць і разумець яе па-расійску". Усім багаццем этнаграфічных матэрыялаў, іх духам і сэнсам Е. Раманаў сведчыў пра адваротнае, супярэчыў гэтым прынцыпам заходнерусізму. А вострая, непрымальная крытыка Е. Раманавым Пшчолкі, яго поглядаў на беларусаў поўнасцю не супадае з асноўнымі пастулатамі заходнерусізму. Прынамсі, уздзеянне ідэалогіі заходнерусізму на Е. Раманава было нязначным, не замінала яму быць прыхільнікам ідэі нацыянальнага адраджэння беларускага народа. Адказваючы на закіды заходнерусістаў, Е. Раманаў даводзіў, што "стагоддзямі тэндэнцыйна нагрувашчаныя гістарычныя прымхі рассыпаюцца дашчэнту пры адным толькі дотыку бесстаронняй гістарычный крытыкі". З гэтага вынікае, што Е. Раманаў не быў прыхільнікам самадзяржаўя, а ўсёй сваёй працай, яе духам адстойваў яе вялікасць Праўду. Аб'ектыўна ацэньваючы працу Е. Раманава, А. Луцкевіч у некралогу пісаў: "Цяпер толькі з падзякаю і пашанаю скажам, што разам з другімі этнографамі ён не даў загінуць і навекі захаваў нашу родную песьню, казку, прыказку, загадку і паказаў усім нам, якія багатыя духоўныя сілы тояцца ў душы беларуса. <> Гэта быў у поўным значанні слова беларус-самародак, які з беднасьці, з невуцтва, без усякае падмогі і пратэкцыі, толькі дзякуючы сваім прыродным здольнасьцям і рупнай, безумоўнай самаадукацыі дасяг усебаковага разьвітку, вялікае веды і выбіўся на шырокае поле навуковай дзеяльнасьці". "Любячы беларускі народ, вывучаючы беларускі фальклёр, яны (заходнерусы - З.П.) не маглі не радавацца ўзнікненню ў краі беларускай літаратуры, не маглі не адчуваць яе прыгажосці, яе свежасці і блізкасці да народа, - даводзіў А.Цвікевіч і дадаваў: - Іх этнаграфізм быў пэўнай ступенню да разумення беларускае культуры наогул, і мы бачым сапраўды, што шмат хто з тых, хто залічыў сябе да "западноруссов" стаялі тады на мяжы "западно-руссізма" і беларускага нацыянальнага руху". Дадзенае сцверджанне як найлепш стасуецца да дзейнасці Е. Раманава. Імператывам беларускасці Е. Раманава стаў яго зварот да студэнтаў пецярбургскага "Беларускага навукова-літаратурнага гуртка", у якім ён заклікаў "перш за ўсё ратаваць творы душы роднага народу, якія гінуць штодзённа па ўсёй лініі", прапанаваў разгорнутую праграму збірання фальклору, тапонімаў, матэрыялаў для слоўніка, якога ў нас яшчэ не было, "каб зменшыць пыл вялікіх вучоных, якія адбіраюць у беларусаў ледзь не палавіну слоў і аддаюць іх літоўцам, латышам, палякам, нават фінам". Сваё жыццёвае крэда Е. Раманаў выразна сфармуляваў у лісце да А. Пыпіна: "Я перш за ўсё беларус, і мэта маёй працы - уратаваць хоць што-небудзь з помнікаў роднае мне славеснасці ад гібелі, на якую яны асуджаны". За гэтымі словамі стаіць чалавек глыбока свядомы ў сваім грамадзянска-патрыятычным пакліканні, у імкненні апрацаваць занядбаныя, удзірванелыя аблогі беларушчыны, вяртаць у шырокі грамадскі ўжытак багатыя духоўныя скарбы. Зрэшты, сярод сучаснікаў цяжка знайсці асобу больш значную па шматграннасці і размаху навуковай, збіральніцкай і выдавецкай дзейнасці. Гэта была натура моцная, надзеленая розумам, чуйным сэрцам, талентам, невымернай энергіяй, пачуццём і асэнсаваннем уласнай вартасці, уменнем праявіць іх там, дзе гэта патрабавалася. Бадай, можна пагадзіцца з І. Марзалюком, які піша: "Постаць Еўдакіма Раманава стаіць у адным шэрагу з такімі волатамі беларускага духу, як Міхаіл Баброўскі, Яўхім Карскі, Мітрафан Доўнар-Запольскі. Лёс быў не надта літасцівы да гэтага чалавека, рана спазнаўшага галечу і нястачу. Але імя Еўдакіма Раманава - гэта яшчэ і сімвал нястомнай, рупнай працы на навуковай ніве ў імя самай вялікай любові ў яго жыцці - любові да Беларусі". Сапраўды, ён не захапляўся непатрэбнымі праектамі, не пісаў танную дысертацыю, не хлусіў дзеля кавалка хлеба, не сядзеў склаўшы рукі, а настойліва, бесперапынна працаваў, маючы перад сабой дакладна асэнсаваную мэту. Ён быў чалавекам веры і пэўна акрэсленага намеру, працаваў не дзеля вучоных званняў, займаўся збіральніцкай і выдавецкай дзейнасцю, каб абудзіць у тагачасным грамадстве цікавасць да беларушчыны, ушляхетніць яе. Е. Раманаў натхніўся ідэямі братоў Грым, якія зразумелі, што індустрыяльная эпоха заб'е народную спадчыну і што зараз "самы час збіраць і ратаваць старыя паданні, каб яны не выпарыліся пад гарачым сонцам, не згаслі, як агонь у студні, не змоўклі навек у трывогах нашых дзён" (Я. Грым). Закасаўшы рукавы ён доўжыў іх традыцыю, збіраючы каліва да каліва, зерне да зерня тое, што збераглося ў народнай памяці, перадавалася з пакалення ў пакаленне. Да ўсяго ж, перад ім быў прыклад П. Шпілеўскага, яго настаўленне: "Беларуская мова, паданні, павер'і і казкі беларусцаў вартыя таго; беларуская мова такая самастойная, такая характарыстычная ў археалагічных і філалагічных адносінах, паданні, павер'і і казкі яго такія арыгінальныя, да таго напоўнены старажытнай паэзіяй славяна-рускай, што пры сапраўдным накірунку і развіцці ў нас філалогіі і археалогіі з'яўляецца неабходным даследаваць і адшукаць галоўнае сховішча старажытнай рускай славяншчыны і пазнаёміцца выразна з родапачынальнымі яе элементамі, якія захаваліся ў Беларусі: Вывучаючы беларускую мову, паданні, павер'і і казкі беларускага народа, мы вывучаем мову, паняцці і вераванні сваіх продкаў". Е. Раманаў паслядоўна і настойліва даказваў, што і пад небам Беларусі, у яе блізкіх і далёкіх кутках, схавана багатая духоўная культурная спадчына.

Не выпадкова, падводзячы вынікі сваёй працы за пяць гадоў, у прадмове да пятага выпуску "Беларускага зборніка" ён як асоба незвычайная, выказвае не толькі ўсвядомлены гонар за выкананую працу, але і боль за тое, што не ўсё давершана, веру ў тое, што яго справа не прападзе марна, не знікне на пыльных сцежках гісторыі. "Гэты зварот мой да чытача, вельмі верагодна, будзе маёй лебядзінаю песняй. Таму дазволю сабе азірнуцца некалькі назад", - пачынае ён. Пасля, пералічыўшы здзейсненае, паведамляе, што мае вялікую колькасць матэрыялаў рознага характару як этнаграфічных, так і лінгвістычных, і, занепакоены іх лёсам, дадае:

"Хацелася б верыць, што матэрыялы гэтыя рана ці позна ўбачаць свет і што мае працы і працы паважаных маіх супрацоўнікаў не загінуць для навукі.

Яшчэ больш хацелася б верыць, што з маім інвалідствам з'явяцца своечасова прадаўжальнікі пачатых мною прац, якія калі не больш за мяне любяць радзіму, то больш шчаслівыя.

Я зрабіў усё, што мог".

Гэтым выказваннем завяршаецца ці не самы напружаны этап яго жыццяпісу, дзейнасці, якая перапынялася рознымі абставінамі, тут таксама гучыць пачуццё незадаволенасці зробленым. Бачна, што ўжо тады Е. Раманаў вёў размову з сучаснікамі, звяртаўся да нашчадкаў, узважваў зробленае, клапаціўся пра справу свайго жыцця, каб яна не пакрылася попелам забыцця, не згубілася на сцежках гісторыі. Збіраючы беларускі фальклор, Раманаў з юнацтва быў захоплены ўсім беларускім, гэтая любоў была ўсвядомленай, шчырай, самаадданай і пацвярджаецца словамі: "Я блізка стаю да народа…". У прадмове да VІ выпуску Е. Раманаў выказвае ўпэўненасць, што змешчаныя ў ім матэрыялы будуць " каштоўнымі для мовы, асабліва калі будуць выдадзены з захаваннем характэрных рыс беларускай мовы". Ягоныя працы даўно сталі класікай, увайшлі ў падручнікі па фалькларыстыцы, этнаграфіі, аднак амаль не звярталася ўвага на погляды Е. Раманава пра мову, таму паспрабуем ліквідаваць гэты прабел.

Абараняючы беларусаў, іх права на самастойнасць у царскай Расіі, Е. Раманаў раіць сваім апанентам: "Вазьміце самага бесстаронняга сведку - мову зямлі - і вы пераканаецеся, што тут няма нічога ні польскага, ні літоўскага ў назвах урочышчаў і паселішчаў, за выключэннем пазнейшых, якім дэманстратыўна даваліся чужыя назвы". І далей: "Для мяне не з'яўляецца загадкай і лішак паланізмаў у тэкстах тых твораў народнай літаратуры, нават у запісах добрасумленных. Я ведаю з уласнага досведу, што беларускі пясняр або казачнік прыкладвае вялікія намаганні да таго, каб перадаць твор цалкам даступнай і зразумелай яго слухачу мовай, і ў выніку гэтага з велікарусам гаворыць па-руску, з палякам па-польску, "з панам па-панску" і г.д. Гэтае імкненне да такой ступені моцнае, што нават збіральніку-беларусу, - які ў вачах апавядальніка з'яўляецца ўсё ж такі "панам", - прыходзіцца пільна сачыць за мовай твора, каб унікнуць спярэшчання яго формамі і словамі, неўласцівымі для беларускай мовы. Таму рабіць высновы на падставе такіх запісаў неабходна з вялікай перасцярогай, інакш можа атрымацца такі непажаданы факт, што за мову народа будзе прыняты той немажлівы жаргон, які выдуманы аўтарам або запісвальнікам". Аналізуючы мову казак, ён заўважыў, што іх слоўнікавы склад не заўсёды адлюстроўваў усе багацці беларускай мовы і тлумачыў гэта "імкненнем казальнікаў патрапіць пану-збіральніку, гаворачы на мове больш высокай, перасыпаючы яе велікарускімі формамі". Клопат пра чысціню мовы, імкненне пазбегнуць памылак падштурхнулі Е. Раманава да стварэння своеасаблівай методыкі запісу: ён прымушаў казальнікаў яшчэ раз пераказаць твор. Пасля гэтага мова казальніка лілася больш свабодна і, захапіўшыся, забыўшыся на пана-збіральніка, ён, непрыкметна для сябе, гаварыў, як звычайна ў штодзённым жыцці, на чыстай беларускай мове. "Такім чынам, прапанаваныя ўвазе чытача казкі прайшлі гэты двайны фільтр, і калі ў іх маюцца нейкія недакладнасці беларускай мовы, то толькі лексічныя: саромеючыся гаварыць "хуста", казачнік ужываў слова "платок"; замест "чоўна", "гарэлкі" фігуравалі "лотка", "водка" і да т.п., але граматычныя і фанетычныя асаблівасці беларускай мовы перададзеныя ў казках з дасканалай дакладнасцю, і ў гэтых адносінах рэдакцыя іх, на маю думку (Е. Раманава - З.П.), не пакідае пакуль нічога лепшага", - канстатаваў вучоны. Патрабуючы ад збіральнікаў фальклору захавання аўтэнтычнай мовы апавядальнікаў, ён раіў з усёй дакладнасцю запісваць яе, не мудрагеліць з формамі і словамі і настаўляць казальнікаў на карыстанне сваёй мовай, а не замяняць беларускае слова велікарускім.

Выключна моўным праблемам прысвечана праца "Гаворкі Магілёўскай губерні", надрукаваная ў перакладзе на беларускую мову асобным артыкулам Інбелкультам, у якой Е. Раманаў развівае свае нататкі, змешчаныя ў прадмове да ІІІ выпуску "Беларускага зборніка". На пачатку артыкула ён гаворыць: "Зараз зноў узнімаецца пытанне, якое месца сярод гаворак рускіх неабходна аддаць гаворцы беларускай, і пра тое, куды, у прыватнасці, неабходна аднесці гаворку беларусаў Магілёўскай губерні", - і вылучае тэзіс, што "Магілёўская губерня ў найбольшай чысціні захавала беларускі тып і беларускую мову. Аддзеленая ад усходняй і паўднёвай Расіі віцебскімі, смаленскімі і чарнігаўскімі беларусамі і знаходзячыся у большай аддаленасці ад Палесся, яна падпала пад чужыя ўплывы меней, чым якаясьці з іншых беларускіх губерняў". Затым ён даволі падрабязна разглядае гаворкі гэтага рэгіёна, дэталёва апісвае іх фанетычныя, акцэнталагічныя і марфалагічныя асаблівасці і робіць выснову, што яны з'яўляюцца прыналежнасцю беларускай мовы і няма ніякіх падстаў адносіць іх да маларускай мовы. Мовазнаўчыя абсягі раманаўскай спадчыны пашыраюць грунтоўныя працы па вывучэнні ўмоўных гаворак дрыбінскіх шапавалаў і жабракоў Магілёўскай губерні, адпаведна "Катрушніцкі лемязень" і "Любецкі лемент", да якіх прыкладзены слоўнікі гэтых арго.

Асноўная лінгвістычная выснова Е. Раманава ўтрымліваецца ў рэцэнзіі на граматыку Ф. Буслаева, дзе ён не без здзіўлення заўважае адсутнасць у ёй прыкладаў з "найбагацейшай скарбонкі беларускай мовы, якая нагадвае мову Нестара і ўяўляе, або па крайняй меры ўяўляла зусім нядаўна, невычэрпны запас рысаў старажытнарускай мовы. Балюча стала майму беларускаму сэрцу за такое незнаёмства вучоных з маёй роднай мовай, і таму я, ведаючы беднасць літаратуры беларускай, узяўся за збіральніцтва". Гэтая думка становіцца лейтматыўнай і неаднойчы вар'іруецца вучоным. Захапленне Е. Раманава беларускасцю, уменне слухаць носьбітаў нацыянальнай памяці, якім з'яўляецца фальклор, дазволіла яму ажыццявіць унікальныя выданні. Далучыўшыся да збірання вусна-паэтычнай народнай творчасці, ён падарожнічае па Беларусі, адкрывае гаючыя крыніцы жыватворнай вады. Глыбокае знаёмства з імі дало яму падставу ў прадмове да 5 выпуска "Беларускага зборніка" не без гонару сцвярджаць: "Чытачы, верагодна, будуць здзіўленыя, сустрэўшы сярод беларускіх вершаў такія класічныя творы, як Галубіная кніга, Ягорый, Цірон, Дзмітрый Салунскі, Мікіта, Васілій, Барыс і Глеб і г.д., і пры тым нярэдка ў больш поўнай рэдакцыі, чым велікарускія варыянты".

Заўважце, і гэта пасля з'яўлення грунтоўных выданняў расійскага фальклору А. Афанасьева, Ул. Даля. Сказаць такое мог толькі чалавек, глыбока перакананы ў сваёй праваце, у падрабязным веданні народнай спадчыны. Крыху пазней у "Витебских губернских ведомостях" ён канстатаваў, што, "дзякуючы беларускім зборнікам шэрагу збіральнікаў (Шэйн, Нікіфароўскі, Ляцкі, Раманаў, Доўнар-Запольскі, Косіч і шмат інш.), беларуская народная літаратура шырокай хваляй увайшла ў сусветны народны абарот, нароўні з літаратурай усіх іншых народаў, і заняла там пачэснае месца, дзякуючы вялікаму багаццю свайго зместу"

Некалькі слоў пра прыказкі і прымаўкі Е. Раманава. Як і ў Насовіча, яны пададзены ў алфавітным парадку. З прадмовы да зборніка прыказак вынікае, што Е. Раманаў высока цаніў іх глыбокі маральна-этычны, філасофскі сэнс. Праўда, у параўнанні з Насовічам, яны маюць значна менш тлумачэнняў значэнняў, а калі гэта і робіцца, то вельмі сцісла. Напрыклад: Дзивицца, як воўк на казу. Глядзіць злосна. Была колись праўда, да заржавела. Пра хлусню. Ён на етым собаку з'еў. Знае справу. Даволі часта ён адсылае да слоўніка Насовіча або параўноваўе з адпаведнай адзінкай у яго слоўніку. Напрыклад: Дуть на все заставки. У Носов. означает быстрое совершение работы. И козы сыты, и сено цело. У Носов. конь сыт, истолковано очень узко. Кинь хлеб-соль назад, а яна папераду опынетца. Ср. Нос. На вовка помовка, а поела рыбку лисичка. Ср. у Носовича. Зрэдку падаваліся варыянты фразем ( Ну дык ну, а не ну, дык домов пойду: и ноги позябли, и таты боюсь. Или: и ноги позябли, и мамка сваритца), сінонімы ( Бог не дасть, свиння не з'есть. Бог не целя, ён забачыць и круцеля; Боюсь як заяц кобылы. Боюсь як леташняго снегу; Насмеявся шалудивый паршивому. Насмеявся лысый плешивому; Отдам на святый Адам. Отдать на святыя нигды. Потеряй надежду на получение долга). Некаторыя тлумачэнні бываюць разгорнутыя: Большое штось у лесе здохло. Выраж. неожиданную перемену, в роде щедрости скупого, смирения городого и т.п. Б'ють да плакать не дають. Первоначально о солдатской службе; затем о тяжелой жизни вообще. Цікавая прыказка пра мову, у якой утрымліваюцца ўказанні на найбольш яркія арфаэпічныя рысы беларускай мовы ў параўнанні з рускай: Як наша мова: гдзе да идзе, идзи да хадзи, а як московская мова: бяре да дяре, да й чорт не разьбяре, хто кого дяре.

Голас Е. Раманава гучаў у абарону бацькаўшчыны, яе народа. Выкрывальны пафас з асаблівай сілай выявіўся ў публіцыстычна-палемічных артыкулах, у якіх ён даваў вострую водпаведзь сумна вядомаму Пшчолку, які бачыў у беларусах паўжывёлін, зубаскаліў з іх і таптаў у гразь. Адказваючы на гэты брудны паклёп, Е. Раманаў зазначаў, што беларускі народ шмат вынес за сваю гісторыю, аднак, не гледзячы на нішто, "здолеў пранесці праз усе пакуты і захаваць у чысціні і сваё славянскае аблічча, і сваю праваслаўную веру, і сваю стараславянскую мову, і цудоўныя творы сваёй вуснай славеснасці - то найглыбейшай павагі заслугоўвае гэты стойкі народ, які падае багатыя надзеі, а не танненькага зубаскальства і не рабскага таптання яго ў гразь". Ён бачыць беларусаў людзьмі, надзеленымі ад прыроды розумам, здольнасцямі, вернасцю сваёй зямлі, прадзедаўскай веры, стойкасцю, не прымае такое абразлівае стаўленне да іх, імкненне строіць кпіны, насміхацца. Падхапіўшы паходню сваіх папярэднікаў, Е. Раманаў імкнуўся асвятліць цемру пагарды і абыякавасці да беларусаў, іх мовы, культуры, пастаянна даказваў, што ёсць такая зямля, ёсць такі народ, ёсць такі багаты, невычэрпны фальклор.

Працаздольнасць Е. Раманава была здзіўляльнай. І гэта не гледзячы на шматлікія чыноўніцкія перашкоды, на пастаянную дзейнасць па выкананні прафесійных абавязкаў, на хваробу. Лёс быццам бы выпрабоўваў гэтага прамога і сумленнага чалавека на трываласць, ставячы нярэдка ў безнадзейныя, складаныя сітуацыі. Неадступнасць ад пастаўленай мэты, настойлівасць дазволілі яму сабраць цягам 5 гадоў 2000 беларускіх слоў і на гэтай аснове падрыхтаваць "Вопыт беларускага слоўніка", а ва ўводзінах да яго кароткую беларускую граматыку. Слоўнік быў разгледжаны АН, аднак не надрукаваны як самастойны, яго прапанавалі выдаць як дадатак да слоўніка Насовіча. З водгуку акадэміка Пецярбугскай АН А.Ф. Бычкова бачна, што Е. Раманаў паслядоўней за Насовіча перадаваў асаблівасці беларускай мовы, крытыкаваў Насовіча за выкарыстанне асобных слоў, якія "нельга лічыць здабыткам беларускага племені", напрыклад, актыкацыя, акцыдэнцыя, выкспэнсоўваць і інш., канстатуючы, што "ўсе такія словы беларусам невядомы. Я, напрыклад, карэнны прыроджаны беларус, не мог пачуць іх ні разу пры ўсім сваім жаданні". Нарэшце, ён стварыў падручнік рускай граматыкі, каб аблегчыць вывучэнне рускай мовы беларускімі дзецьмі і пакончыць "з тымі "камянямі спатыкнення", якімі ўсыпаны для нашых вучняў (беларусаў - З.П.) шлях вывучэння рускай граматыкі". Пазней на гэтыя камяні-перашкоды зверне ўвагу М. Багдановіч, больш выразна і глыбока паказаўшы адмоўныя наступствы такой палітыкі: "Пры навучанні па-велікаруску з ужытку беларускага дзіцяці выкрэсліваецца маса своеасаблівых, чыста беларускіх слоў, вобразаў, зваротаў і, значыць, усе знітаваныя з імі жывыя, ясныя і звыклыя ўяўленні і перажыванні. Гэта - бясспрэчнае збядненне дзіцячай псіхікі. Адначасова беларускае дзіця сустрэне доўгі шэраг ніколі не чутых велікарускіх слоў, вобразаў і зваротаў, якія напоўняць яго псіхіку цёмнымі, заблытанымі, нетрывалымі і ў многіх выпадках дарэшты памылковымі ўяўленнямі. <> Напаследак - што мне падаецца асабліва небяспечным - ёсць словы, агульныя беларусам і велікарусам, якія, аднак, маюць зусім адрознае значэнне. <> Лёгка ўявіць сабе, якую забойчую блытаніну ўнясе ў душэўны свет беларускага дзіцяці любая велікаруская кніга, пачынаючы ад буквара <> адно зразумела - тое, што прапаноўваць беларускаму дзіцяці такую кнігу - значыць даваць яму замест хлеба камень і замест рыбы змяю <> выдаляючы беларускую мову са школы, мы прыводзім да страты вынікаў аграмаднай, шматвяковай духоўнай працы цэлага народа, збіваем думку дзіцяці са звычных псіхалагічных сцежак і груба ўрэзваем яго душэўны свет". Вельмі шкада, што гэтая выдатная выснова нашага класіка дагэтуль не заўважана айчыннай педагогікай і чыноўнікамі ад адукацыі.

У агульнае рэчышча творчай спадчыны Е. Раманава арганічна ўпісваецца яго зацікаўленасць беларускай мастацкай літаратурай. Прынамсі, ён быў няблага абазнаны з творамі В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча. Так, пазнаёміўшыся з "Дудкай беларускай" Мацея Бурачка, ён у "Витебских губернских ведомостях" надрукаваў рэцэнзію, у якой з задавальненнем адзначаў: "Радасная з'ява гэта не павінна прайсці незаўважанай намі. Скажу больш: ва ўсведамленні сваёй сілы мы павінны дапамагчы ёй развіцца, павінны падтрымаць слабых і хісткіх і па-сяброўску працягнуць руку аблудным братам, якія зноў стукаюцца ў дзверы роднай маці Русі". Захапленне і падтрымку Е. Раманава выклікалі словы Багушэвіча пра беларусаў-адступнікаў, пра мову - адзежу душы народа, пра неабходнасць ведаць сваю мову. "Прадмова" падалася яму "цёплай" і надзвычай актуальнай.

Асаблівую зацікаўленасць выказваў Е. Раманаў да паэмы "Тарас на Парнасе", якую некалькі разоў перавыдаваў. У прадмове да віцебскага выдання паэмы ён пытаецца: "Чым жа так люб беларусам "Тарас?" - і адказвае: "Невучоныя любяць яго за тое, што лёгка можна зразумець, бо напісаны ён на роднай іх прадзедаўскай мове, беларускай, ды за тое, што шчырую праўду гаворыць у ім аўтар пра тутэйшае жыццё-быццё, якое яно было калісьці тут". Пасля ён рэкамендуе, як "яе чытаць, гэту байку": "А вось як: калі чытач тутэйшы, беларус, няхай чытае так, як гаворыць у сваім двары. Наша мова вядомая старажытная: дзе ды ідзе, хадзі ды ляці! А чытачу ненаскаму, велікарусу або іншаму, трэба чытаць так, як чытаюць па-славянску: як напісана. Толькі трэба помніць, што ў беларусаў о ненаціскное кажацца заўсёды, як а: дарога, маланьня; затым в беларускае не чытайце па-руску - як ф: знав, а не - знаф, пятухов - а не пятухоф і г.д.; беларускае г кажыце ўсюды, як h: hара, друhоhа, а не - gара, друgоgа і г.д. Трэба заўважыць яшчэ, дзе у ды и доўгія, а дзе кароткія: ў, й; і дзе стаіць націск". Каторы раз ён называе беларускую мову нашай, прадзедаўскай, роднай, старажытнай, звяртае ўвагу на спецыфічныя вымаўленчыя асаблівасці. Ці гэта не сведчанне патрыятызму, адданасці свайму народу, любові да Айчыны?!

Пільную ўвагу даследчыка прыцягвалі творы старой беларускай пісьменнасці. Дарэчы, ён разам з М. Доўнар-Запольскім распачаў выданне і навуковую распрацоўку Баркалабаўскага летапісу і здзейсніў 5 перавыданняў твора, зверыў тэкст, падаў свае каментарыі, правёў палеаграфічнае апісанне, дакладна вызначыў час і месца напісання летапісу, яго шлях у Маскву, калі арыгінал быў захоплены падчас аблогі і рабавання Быхава казацкімі загонамі і маскоўскімі войскамі. Гэтую думку падзяляе большасць пасляраманаўскіх даследчыкаў. Цікавым быў і пошук Е. Раманавым аўтара твора. Гаворачы пра яго інфармаванасць, даследчык зазначае, што летапісец - "асоба духоўная, якая мела зносіны з Магілёвам і блізкая да баркалабаўскіх магнатаў Корсакаў, Саламярэцкіх і іх сваякоў Сапегаў, Жыземскіх і інш." Такой асобай, на думку Е. Раманава, быў духоўнік князя Б. Саламярэцкага айцец Фёдар Філіповіч, а яго папярэднікам у справах культавых і летапісных - айцец Аляксей Мсціславец. Апошні, лічыў вучоны, быў "аўтарам першапачатковых запісаў", магчыма, зробленых на царкоўных кнігах і выкарыстаных Фёдарам Філіповічам пры непасрэдным складанні летапісу (пасля 1592 г.). На жаль, гэтая версія пра двух аўтараў дагэтуль застаецца па-за ўвагай спецыялістаў. Акрамя таго, зроблены шэраг слушных заўваг пра крыніцы летапісу, моўныя асаблівасці.

Е. Раманаў не пабаяўся адкрыта выказаць сваё крытычнае стаўленне да таго, што многія народныя абрады знікаюць праз пераслед з боку дзяржавы і царквы, "асабліва гэта датычыць сівых даўніною вясельных абрадаў і калядных ігрышчаў. Нават такія нявінныя забавы, як гуканне вясны і ігрышчы, становяцца забароненымі, так як залічаны ў разрад рэштак язычніцтва", - здзіўляецца ён. У творы "Плач беларускай зямлі", падобна да Багушэвіча, звяртаеццца да дзяцей беларускай зямлі вярнуцца, пакуль яшчэ не позна ў лона маці сваёй Белай Русі, крытыкуе палітыку царскіх улад, якія пасля ўключэння беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі прадоўжылі палітыку паланізацыі краю, а затым змянілі яе на палітыку русіфікацыі, пратэстуе супраць залічэння беларусаў-католікаў да палякаў. У гэтым ён не быў адзінокім. Так, А. Сапуноў, выступаючы ў Дзяржаўнай думе, заявіў: "Залічваць у лік палякаў беларусаў-католікаў ёсць папросту этнаграфічнае грабежніцтва".

Грамадзянская пазіцыя Е. Раманава, яго імкненне разбурыць стэрэатыпы афіцыйнай палітыкі і навукі ў дачыненні да беларуса і Беларусі на ўвесь голас гучаць у першай частцы "Матэрыялаў па гістарычнай тапаграфіі Віцебскай губерні. Павет Веліжскі. Памятная кніжка Віцебскай губерні на 1898 год." (Віцебск,1898). На пачатку ён выкрывае расійскіх вялікадзяржаўнікаў-шавіністаў, якія абражаюць беларусаў, "закідваюць іх гразёю", характарызуюць наш народ недавяркамі, разумова адсталым і г.д., не разумее сэнсу русіфікатарскай палітыкі царызму, які не цэніць гістарычнай ролі беларускага народа, які выцерпеў "такую жудасную гісторыю" і адстаяў у векавой барацьбе сваю мову і культуру". Ён не прымае такой неаб'ектыўнай, нявыверанай ацэнкі гістарычнай ролі нашага народа, яго духоўных набыткаў. У другой частцы падрабязна апісаны і сістэматызаваны па пэўных прыкметах назвы ўрочышчаў і населеных пунктаў. Ён устанаўлівае, што на Віцебшчыне амаль адсутнічае польскі ўплыў на тапанімічную сістэму, робіць выснову, што гэты павет "з'яўляецца выключным па чысціні аазісам славянскага племені". Паводле моўных асаблівасцяў ён падзяліў гаворкі Віцебшчыны на тры групы: цвёрдаэрыя, мяккаэрыя і змешаныя. Пазней гэтая выснова была пацверджана айчыннымі дыялектолагамі. Рэцэнзуючы працу, Я. Карскі адзначаў, што яе тапанімічныя раздзелы напісаны ўмелай рукой і што гэта выданне "вядомай аўтару мовы зямлі". Нарэшце праца Е. Раманава была пэўным чынам ацэнена: за зробленае ён быў рэкамендаваны да ўзнагароды прэміяй П. Бацюшкава, аднак, па жаль, не атрымаў яе.

Яўхім Карскі, разглядаючы спадчыну Е. Раманава, прынамсі казкі, змешчаныя ў VІ выпуску "Беларускага зборніка", і справядліва крытыкуючы Е. Раманава за непаслядоўную перадачу на пісьме дзекання, цекання, зацвярдзелых зычных, напісанне ь пасля губных, заўважыў, што дадзенае выданне "вельмі каштоўнае і для характарыстыкі мовы пэўнай мясцовасці, асабліва калі выдаліць з іх тыя вялікарусізмы, якія нярэдка тут трапляюца".

"Энтузіязм і мэтанакіраванасць, з якімі Е. Раманаў вывучаў свой народ і яго культуру, варты пераймання даследчыкамі Беларусі і ў нашы дні", - гэтая высокая ацэнка працы Е. Раманава, дадзеная В.К. Бандарчыкам больш за паўстагоддзя таму, не падаецца састарэлай.

Самая галоўная заслуга Е. Раманава заключаецца ў тым, што ён зрабіў шмат, каб адкрыць свету душу беларуса, аддаў свой талент, жыццё ў імя любові да Беларусі.

Зміцер Паўлавец, г . Гомель


125 гадоў з дня нараджэння Мікалая Шатэрніка

Беларускі мовазнавец Мікалай Васільевіч ШАТЭРНІК нарадзіўся 11 верасня 1890 г. ў в. Старына цяпер Чэрвеньскага раёна Менскай вобласці. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1914). Працаваў у школах на Меншчыне. Пасля заканчэння ў 1933 г. педагагічнага інстытута ў Менску выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Аршанскім педтэхнікуме. Памёр 2 снежня 1934 г.

М. В. Шатэрнік выступаў у друку з артыкуламі на педагагічныя і метадычныя тэмы, займаўся краязнаўчай работай, уклаў і выдаў "Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны" (1929), у аснову якога пакладзена лексіка, сабраная ў 35 населеных пунктах 3 раёнаў былога Ігуменскага павета - Пухавіцкага, Смілавіцкага і Шацкага. Пераважная большасць лексем (прыкладна 90 %) зафіксавана ў в. Старына, дзе нарадзіўся і вырас аўтар і гаворка якой была яму найбольш знаёмай і блізкай.

"Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны" змяшчае каля 9 тыс. слоў. Гэта і словы агульнанародныя, вядомыя на тэрыторыі ўсёй Беларусі, і словы вузкамясцовыя, уласцівыя толькі гаворкам Чэрвеншчыны. У асобныя слоўнікавыя артыкулы вылучаны і некаторыя фразеалагічныя звароты: балясы тачыць, даць драпака, духі выняць, за блізкі свет, узяць на цугундзер. Загалоўныя словы і фразеалагічныя звароты ў слоўніку падаюцца паводле тагачаснага правапісу з абазначэннем націску. Лексічныя значэнні тлумачацца рускімі літаратурнымі адпаведнікамі, а калі іх няма - апісальна, прычым таксама па-руску. Калі слова ці фразеалагічны зварот мае некалькі лексічных значэнняў, яны прыводзяцца асобна пад парадкавымі лічбамі ад найбольш агульнага да прыватных. Кожнае са значэнняў ілюструецца прыкладамі звязнага тэксту ў фанетычным запісе з указаннем населенага пункта, дзе яны зафіксаваны. У якасці ілюстрацыйных прыкладаў выкарыстаны прыказкі і прымаўкі. З дублетных і варыянтных слоў, змешчаных у розных артыкулах, тлумачыцца толькі адно, найбольш ужывальнае, а іншыя падаюцца са спасылкай на яго. Пры гэтым спасылачныя словы звычайна ілюструюцца тэкстам...

"Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны" стаў значным укладам у беларускую дыялектную лексікаграфію.

І. К. Германовіч.


У Гародні не застаецца ніводнага класа са статусам беларускага

У мэтах "рэарганізацыі" малаколькасныя класы, якія ў сярэдняй школе № 34 насілі беларускі статус, уліваюцца ў камплектныя расейскія класы. Беларускія дзеці будуць вучыцца па асобных беларускіх маршрутах у рамках расейскамоўнай адзінкі класа. Кажа старшыня абласной рады ТБМ Алесь Крой:

- У 32-ой школе адразу была сітуацыя, што яны ўваходзілі ў рускамоўныя класы, бо там было па 1-2-3 чалавекі - не шмат, і гэтая сітуацыя была апрабаваная. Гэта было зроблена ў Баранавічах - па гэтым прынцыпе была вучоба. Потым у Ленінскім раёне Гародні. Зараз чарга дайшла да Кастрычніцкага. Гэта эканомія сродкаў для бюджэту адукацыі. Перавага больш індывідуальнага навучання беларускамоўных дзяцей цяпер адпадае сама сабой. Некаторыя такую "інавацыю" адукацыі па гарадзенску звязваюць з маючым адбыцца візітам расейскіх лідараў у Гародню ў верасні.

Беларускае Радыё Рацыя.


У Лідзе два першыя беларускія класы

Сёлета ў Лідзе адкрыліся два першыя беларускія класы з вывучэннем польскай мовы як прадмета. Класы адкрыліся ў школах № 14 і № 16. У класах адпаведна 7 і 8 чалавек. Пры гэтым ў школе № 16 цяпер ёсць 1-шы, 2-гі, 3-ці і 4-ты беларускія класы. У школе № 14 былі таксама спробы адкрыць беларускі клас раней, але не набіралася патрэбнай колькасці заяваў. Сёлета адміністрацыя і настаўнікі папрацавалі больш эфектыўна.

Абедзве школы знаходзяцца ў мікрараёне "Слабада" і стаяць практычна побач.

Беларускія класы ёсць у Лідзе яшчэ ў трох школах.

Яраслаў Грынкевіч.


Пяты беларускамоўны клас у Берасці

У новым навучальным годзе беларускамоўны пяты клас створаны ў сярэдняй школе № 29 г. Берасця. Пакуль у ім толькі пяцёра вучняў, якія пажадалі атрымліваць веды па-беларуску, паведамляе ПЦ "Вясна".

Раней адзіны ў Берасці клас, дзе ўсе прадметы выкладаліся на роднай мове, быў сфармаваны ў 2011 годзе і знаходзіўся ў пачатковай школе № 34. Аднак сёлета дзеці скончылі чацвёрты клас, пасля чаго павінны пачацца заняткі па профільных прадметах. Лёс далейшага беларускамоўнага навучання ў горадзе заставаўся нявызначаным, і існавала верагоднасць таго, што яно наогул знікне.

Бацькі 10-гадовага Францішка Вялічкіна прыклалі вялікія высілкі, каб захаваць беларускамоўны клас, і абышлі шэраг школ у Маскоўскім раёне Берасця. У выніку яны знайшлі паразуменне з настаўнікамі СШ № 29: гэта навучальная ўстанова адрозніваецца высокім узроўнем выкладання і паглыбленым вывучэннем матэматыкі, ангельскай мовы і эканомікі.

- Адміністрацыя і настаўнікі 29-й школы вельмі пазітыўна паставіліся да ідэі з'яўлення ў ёй беларускамоўнага класа, і гэта паўплывала на канчатковае рашэнне з выбарам школы, - распавяла Маргарыта Вялічкіна.

Па яе словах, шукаць патэнцыйных аднакласнікаў для свайго сына прыйшлося самастойна праз аб'явы і сацыяльныя сеткі, бо ўлады хоць і не замінаюць працэсу з'яўлення беларускамоўных класаў, але прапануюць дамаўляцца непасрэдна з настаўнікамі, якія часам проста баяцца пераходзіць на выкладанне сваіх прадметаў на роднай мове. Наогул, сёлета ўмовы для стварэння адпаведнага класа лепшыя, чым гэта было чатыры гады назад, бо зараз можна набыць і беларускамоўны дзённік, і замовіць у Міністэрстве адукацыі адпаведныя падручнікі.

Хартыя-97.


У Бельску больш за 700 дзетак вывучаюць беларускую мову

1 верасня, на Падляшшы амаль 150 тысяч вучняў пачалі новы навучальны год. У Комплексе школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Бельску-Падляшскім сёлета будзе вучыцца 741 вучань. Кожны з іх будзе вывучаць беларускую мову.

- Ніякіх праблем з наборам у першыя класы ў нас не было, - кажа намесніца дырэктара Комплекса школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы імя Яраслава Кастыцэвіча ў Бельску-Падляшскім Барбара Скепка: - У пачатковую школу № 3 прыйшло 518 вучняў. Усяго ў комплексе школ вучыцца 741 вучань. Прыйшло да нас 125 першакласнікаў. І ў тым ліку - 75 вучняў-шасцігодкаў, і 50 - семігодкаў. У гэтым навучальным годзе падляшскіх вучняў чакае 188 дзён навукі ды 100 свабодных дзён.

Давід Гайко , Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.


Рэдактар расійскай "Раман-газеты": - Беларуская мова мае шанцы на вялікую будучыню

Беларуская мова мае ўсе шанцы на вялікую будучыню. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА пісьменнік, галоўны рэдактар расійскага часопіса "Раман-газета" Юрый Казлоў, які прыняў удзел у міжнародным круглым стале "Сугучча: літаратурны працэс і інфармацыйнае грамадства".

- Я з глыбокім павагай стаўлюся да беларускай літаратуры. У мяне выклікае вялікую сімпатыю тое, як ваша дзяржава ставіцца да развіцця беларускай мовы. Будучы носьбітам беларускай культуры, пісьменнік цесна датыкаецца і з рускай, і ў такім сінтэзе літаратура выходзіць на новыя рубяжы, - адзначыў Юрый Казлоў.

- Натуральна, я ведаю беларускіх класікаў - Купалу, Коласа, Танка, але таксама і некаторых сучасных беларускіх пісьменнікаў - Трахімёнка, Саламаху, з велізарным задавальненнем чытаю беларускую паэзію. Беларуская мова такая вобразная, прыгожая і бярэ за душу. У яе можа быць вялікая будучыня, калі яна будзе правільна развівацца. І сёння сярод славянскіх моваў яна займае годнае месца, - лічыць суразмоўца.

Галоўны рэдактар "Раман-газеты" выказаў меркаванне, што ад беларускіх пісьменнікаў чытачы сёння чакаюць больш твораў менавіта пра жыццё сучаснай Беларусі.

- Мы шмат пра гэта ведаем з навінаў, але тыя творы, якія адлюстроўваюць духоўнае жыццё беларуса ва ўсёй паўнаце, на мой погляд, расійскаму чытачу пакуль недаступныя, - лічыць ён.

БелТА.


Беларуская мова ў польскім супермаркеце

У беластоцкай краме Real усе назвы аддзелаў дублююцца на беларускай мове.

Суполка "Мая краіна Беларусь".


Пачатак навучальнага года ў Лунінецкай гімназіі

5 верасьня Міхась Скобла і Таццяна Матафонава выступалі ў Лунінецкай гімназіі, дзе новы навучальны год традыцыйна пачынаецца з беларускай паэзіі і песні.

Фэйсбук.


Не стала Уладзіміра Кішкурны

У аўтамабільнай аварыі загінуў сябар партыі БНФ і сябар ТБМ (быў пэўны час старшынём Рэвізійнай камісіі ТБМ) грамадскі актывіст Уладзімір Кішкурна. Ён памёр ранкам 4 верасня ў раённай бальніцы ў Івацэвічах, куды яго прывезлі пасля трагічнага здарэння. Напярэдадні аўтамабіль, якім кіраваў актывіст, сутыкнуўся з грузавіком. Кіроўца атрымаў цяжкія траўмы, ад якіх неўзабаве памёр.

Як паведаміў Свабодзе Мікалай - сын Уладзіміра Кішкурны, ягоны бацька ехаў у санаторый на Берасцейшчыне:

- Ён меў накіраванне на лячэнне і павінен быў трапіць у санаторый на дзень раней, але затрымаўся. Пра іншыя падрабязнасці казаць пакуль цяжка.

Мікалай - адзін з трох сыноў Уладзіміра Кішкурны. На пытанні адказвае па-беларуску і кажа, што бацька для яго - перадусім актывіст і грамадскі дзеяч:

- Так склалася, што ад пяці гадоў не меў магчымасці жыць разам з татусем. Але мы заўсёды з ім кантактавалі. Гэта быў чалавек, на дапамогу якога заўсёды можна было спадзявацца, ён заўсёды падтрымліваў у цяжкую хвіліну. Мы былі з ім аднадумцамі, і для мяне ён перадусім грамадскі дзеяч, які шчыра любіў сваю радзіму і непакоіўся за яе лёс.

Уладзімір Кішкурна нарадзіўся ў 1938 годзе ў вёсцы Прылепцы, цяпер гэта Плешчаніцы. Скончыўшы ВНУ, працаваў інжынерам-канструктарам на заводзе аўтаматычных ліній, іншых прадпрыемствах Менска. Напрыканцы 1980-х гадоў, калі распачаўся масавы рых нацыянальнага Адраджэння, Уладзімір Кішкурна стаў у першыя ягоныя шэрагі. Узгадвае мовазнавец і грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка:

- У мяне такое ўражанне, што Уладзіміра Кішкурну ведаў заўсёды. Бо ён, з ягонай жыццёвай энергіяй і прынцыпамі, адразу вызначыўся яшчэ ў тагачаснай сітуацыі і заўсёды заставаўся ў ліку самых трывалых, самых надзейных і самых прынцыповых фронтаўцаў. Ён ніколі не прымаў маны і "загульванняў" з несвабоднай уладай. Заўсёды быў прынцыповым і ўпартым беларускамоўным беларусам і заўсёды адстойваў гэтае права - быць беларусам у самых розных жыццёвых сітуацыях. Быў жыццялюбам, жыццярадасным, крыніцай энергіі для ўсіх. І ён вельмі шмат рабіў менавіта арганізацыйных спраў. І калі здавалася, што справа зусім безнадзейная, прыходзіў Уладзімір Герасімавіч і сваёю ўсмешкаю і аптымізмам адраджаў да жыцьця і дзеяздольнасці ўсіх. Заўсёды быў хуткі, трымаўся прынятых рашэнняў. І вось на гэтай хуткасці і загінуў, што ёсць трагедыяй для ўсіх.

Уладзімір Кішкурна быў заўсёдным удзельнікам мітынгаў, шэсцяў, розных вулічных акцыяў. Шмат разоў яго затрымлівалі, каралі зняволеннем і штрафамі. І пры гэтым актывіст заўсёды заставаўся чалавекам, які ніколі і нічога не прасіў, кажа яшчэ адзін сябар нябожчыка, рэжысёр Валеры Мазынскі:

- Мы пачалі сябраваць з ім са сваркі: ён прыйшоў да мяне ў тэатр "Вольная сцэна". Не памятаю ўжо, з якой менавіта патрэбы, але ён штосьці патрабаваў у справах фронтаўскіх. А я не люблю, калі ад мяне адразу нешта патрабуюць, і яго "афіцыйна" выставіў. А Уладзімір чалавек быў гарачы і ніколі не ўмеў прасіць: ён прыходзіў і казаў, што трэба. З таго часу мы "зачапіліся" адзін за аднаго ў фронтаўскіх справах. Ён быў рухавіком гэтага ўсяго. Проста рухавіком: адкрыты, шчыры, апантаны. Мы разам аўдыёкнігі выдавалі, на пачатку 90-х нейкія фірмы арганізоўваў, нешта зарабляў і спускаў гэтыя грошы на фронтаўскія справы - шмат што. Нам такіх людзей не хапала. Калі б больш такіх людзей было, то нешта ў нас было б па-іншаму.

Сябры і паплечнікі мяркуюць, што, магчыма, спадару Уладзіміру падчас руху стала кепска, і ў выніку ягоны легкавік урэзаўся ў грузавы аўтамабіль. Зрэшты, дарога для актывіста была рэччу звыклай, кажа сябар і паплечнік Уладзіміра Кішкурны ў партыі БНФ Аляксей Кавалец:

- Я багата з ім праехаў, і багата мы зрабілі разам працы рознай. З ім было заўсёды цікава - цікава і страшна, бо ён заўсёды быў эксцэнтрычны, заўсёды лёгка сябе паводзіў. Ён заўсёды прыходзіў на дапамогу, і гэта была суперовая якасць. На яго заўсёды можна было спадзявацца да апошняга: калі да Валодзі звернешся - дапаможа. І ён вельмі шмат рабіў менавіта арганізацыйных спраў. У ягоныя гады ён, як малады хлопец, быў актыўны. Але вось гэтая энергічнасць - яна ў выніку падрывае сілы ў людзей, якія актыўныя, шмат перажываюць за штосьці - сэрца іх і падводзіць. Калі апошні раз з ім сустракаліся, то ён казаў, што вось паеду ў санаторый у Берасці і там адпачну. І вось гэтая паездка і спрычынілася да трагедыі.

Акрамя іншага, Уладзімір Кішкурна таксама заўсёды стаяў у шэрагу актывістаў, якія ў розныя часы ўставалі на абарону Курапатаў, кажа Вінцук Вячорка:

- Ён ад самага пачатку раскрыцця курапацкай трагедыі быў перакананы, што Курапаты закранулі і ягоных блізкіх. Ён ненавідзеў таталітарны бальшавіцкі рэжым, ад якога пацярпела і ягоная сям'я. Ён ставіў крыжы ў памяць сваіх блізкіх. І калі была памятная абарона Курапатаў ад захопніцкага будаўніцтва дарогі, ён быў адным з арганізатараў тэхнічнай часткі. Вось гэтыя намёты, сілкаванне для абаронцаў - гэта была ягоная праца. Ён асабліва ніколі пра гэта не нагадваў, але людзі гэта памятаюць. І вось цяпер, калі зноў абвастрылася сітуацыя вакол Курапатаў у сувязі са змяншэннем ахоўных зонаў, з будаўніцтвам "Бульбаш-холу", ён стаў адным з ключавых людзей, якія арганізоўвалі там акцыі і талокі: высаджваў дэкаратыўныя расліны, ставіў крыжы - ва ўсіх сэнсах замяніць яго няма кім.

Развітанне з Уладзімірам Кішкурнам адбылося ў ягонай прыватнай сядзібе ў Менску, у раёне вуліцы Арлоўскай. Над сядзібай традыцыйна лунаў бел-чырвона-белы сцяг.

Развітацца з актывістам прыйшлі паплечнікі і сябры. Сярод іх - Валер Мазынскі, Вінцук Вячорка, Аляксей Марачкін, Пётра Садоўскі, Аляксей Кавалец, Алесь Бяляцкі, Кася Камоцкая, Вольга Мікалайчык, фермер Уладзімір Матусевіч, Сяргей і Тамара Мацкевічы ды іншыя. Знакаміты цымбаліст Аляксандар Лявончык зайграў беларускія і класічныя сусветныя журботныя мелодыі, спяваў хор пад кіраўніцтвам Аляксея Галіча.

Беларускага дзеяча адпявалі паводле евангелічна-рэфармацкага абраду.

Уладзіміра Кішкурну пахавалі на могілках вёскі Строчыцы Менскага раёна.

Радыё Свабода.


У Магілёве ўшанавалі памяць Валянціна Ермаловіча

У пятніцу, 4 верасня, педагогу, тэатральнаму рэжысёру, заслужанаму дзеячу культуры Беларусі, які стаяў ля вытокаў адраджэнцкага руху на Магілёўшчыне, Валянціну Ермаловічу (1925-2004) у Магілёве на доме, дзе ён жыў, на Першамайскай вуліцы адкрылі мемарыяльную шыльду. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел каля сотні чалавек. Урачыстасць распачаў намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Андрэй Кунцэвіч. Пра Валянціна Ермаловіча шчыра прыгадвалі гісторык Ігар Пушкін, унук Валянціна Ермаловіча Зміцер Ермаловіч-Дашчынскі, рэжысёр Алег Загароўскі і іншыя асобы. Яны і адкрылі ўрачыста мемарыяльную шыльду, якую зрабіў скульптар Уладзімір Конанаў. Дарэчы, на мемарыяльную шыльду грошы жыхары Магілёўшчыны збіралі талакой. Ахвяравалі сродкі на шыльду каля 500 чалавек. Валянцін Ермаловіч усё пасляваеннае жыццё пражыў у Магілёве. Ён скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, быў акцёрам Пінскага (1950-1954) і Магілёўскага (1954-1956) абласных драматычных тэатраў, выкладчыкам Магілёўскага вучылішча культуры (1956-1985). Адначасова кіраваў Магілёўскім народным тэатрам Палаца культуры завода штучнага валакна (1961-1969), тэатральным калектывам медыцынскіх работнікаў Магілёўскай абласной псіхіятрычнай бальніцы (1971-1977), Краснапольскім народным тэатрам (1978-1992), рэжысёрам Бялыніцкага народнага тэатра юнага гледача (1993-1998), а з 1992 года быў кіраўніком народнага тэатра "Валянцін" Магілёўскага гарадскога Цэнтра культуры і вольнага часу. Валянцін Ермаловіч шчыра любіў Беларусь, усё жыццё размаўляў толькі на роднай мове. Калі яго родны брат Мікола Ермаловіч сваё жыццё звязаў з гісторыяй Беларусі, то Валянцін Ермаловіч - з тэатральным мастацтвам.

Барыс Баль , Беларускае Радыё Рацыя.


Ушанаванне памяці паўстанцаў Ігната Будзіловіча

Беларускія патрыёты з Віцебшчыны наведалі месца гібелі атрада Ігната Будзіловіча. Касінеры, аб'яднаныя ў Аршанскі атрад, налічвалі каля 50 асобаў і прымалі ўдзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага ў 1863 годзе. 26-га красавіка таго года каля вёскі Пагосцішча сучаснага Лёзненскага раёна паўстанцы пад кіраўніцтвам Будзіловіча былі дагнаныя расейскімі войскамі ў колькасці 90 чалавек. Інсургенты былі змушаныя адступіць за дом, дзе яны апынуліся на маленькай пляцоўцы, з якой было складана весці далейшы бой. У выніку бою быў узятыя ў палон 21 чалавек, 6 былі забітыя, 3 параненыя. Частцы атрада ўдалося ўцячы, але зноў яны ўжо не сабраліся. З боку расейцаў былі забіты 2 чалавекі і адзін паранены. Сам кіраўнік Аршанскага атрада Ігнат Будзіловіч быў расстраляны ў Аршанскай турме 28 жніўня 1863 года. Дзеля ўшанавання памяці паўстанцаў у Пагосцішча прыехалі людзі з Оршы, Барані, Лёзны, Бешанковічаў. Спачатку ўдзельнікі паездкі адправіліся на поле, дзе адбыўся сам бой. Непадалёк у тыя часы знаходзіўся маёнтак шляхціца Пюро, дзе атрад правёў сваю апошнюю спакойную ноч. Пасля госці Пагосцішчаў прыйшлі на месца, дзе ўсталяваны памятны крыж у гонар паўстанцаў. Гэты крыж быў пастаўлены дзякуючы ініцыятыве і намаганням настаўніцы з Лёзны Алены Грачышнікавай 19 жніўня 2006 года. Каля помніка выступіў бард з Бешанковічаў Георгій Станкевіч.

Кастусь Багушэвіч , Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара.


Музею беларускага кнігадрукавання - 25 гадоў

8 верасня 1990 года ў слаўным горадзе Полацку (менавіта так называў свой родны горад Францішак Скарына) быў урачыста адкрыты Музей беларускага кнігадрукавання. Падзея была прымеркавана да святкавання 500-годдзя з дня нараджэння першага беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукара.

Рашэнне аб стварэнні такога музея ў Полацку было прынята Міністэрствам культуры БССР яшчэ ў 1987 годзе. З гэтай нагоды быў даследаваны і адрэстаўраваны помнік архітэктуры канца XVIII ст. - былы жылы корпус Богаяўленскага манастыра, пабудаваны паводле праекту знакамітага італьянскага архітэктара Джакома Кварэнгі.

З'яўленне такога музея менавіта ў Полацку было заканамерным. Гэта не толькі радзіма Францішка Скарыны. Полацк - адзін з самых старажытных гарадоў усходніх славян, самая першая наша сталіца. Ён заўсёды быў важным цэнтрам духоўнай і матэрыяльнай культуры - дойлідства, іканапісу, прыкладнога мастацтва і, вядома ж, кніжнасці. Тут перапісвала кнігі Еўфрасіння Полацкая, якая стала святой апякункай Беларусі. Можна ўзгадаць бібліятэку Сафійскага сабора, што існавала ў ХІ-XVI стст., а таксама бібліятэку пры Полацкім езуіцкім калегіюме, якая на пачатку ХІХ стагоддзя налічвала больш за 23 тысячы тамоў. У Полацку таксама нарадзіўся і пачынаў сваю літаратурную дзейнасць выдатны паэт, драматург, педагог XVIІ стагоддзя Сімяён Полацкі.

Праўда, на момант прыняцця рашэння аб стварэнні Музея беларускага кнігадрукавання горад ужо не меў тых кніжных багаццяў, якімі мог пахваліцца ў мінулым. Шматлікія пажары, войны, рэвалюцыі сталі прычынай гібелі або вывазу кніжных скарбаў. Пачалося мэтанакіраванае камплектаванне калекцыі будучага музея. У яго фонд перадаваліся кнігі з абменна-рэзервовых фондаў бібліятэк, набываліся кнігі ў букіністычных крамах, дарылі кнігі і прыватныя асобы.

У выніку быў створаны музей, якім Полацк па праву можа ганарыцца! Прайшоўшы па яго 15-ці залах, наведвальнік здзяйсняе захапляльнае падарожжа ў кніжны свет. Тут можна пазнаёміцца з рознымі матэрыяламі для пісьма і з гісторыяй алфавітаў, з рукапіснай кнігай на беларускіх землях і гісторыяй беларускага кнігадрукавання. Галоўная частка экспазіцыі, вядома ж, - адлюстраванне жыццёвага шляху і дзейнасці першадрукара Францішка Скарыны. Асвятляецца таксама дзейнасць яго паслядоўнікаў - Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Пятра Мсціслаўца і інш. Паказаны газеты, часопісы, календары, альбомы рознага часу. Завяршае экспазіцыю паказ паліграфічнага абсталявання і сучасных кніг ХІХ - пачатку ХХ стагоддзяў лаўрэатаў розных конкурсаў.

Пры гэтым наведвальнік мае магчымасць убачыць, як стваралася кніга ў скрып-торыі (майстэрні перапісчыка) і ў друкарні ХVІ-ХVІІ стагод-дзяў, пазнаёміцца з кабінетам вучонага ХVІІІ стагоддзя і май-стэрняй сучаснага мастака-графіка.

Сярод найбольш каш-тоўных экспанатаў музея - ру-капісныя кнігі на пергаменце ("Тора") і на паперы ("Гадавы рымскі цырыманіял"), бела-рускія і заходнееўрапейскія выданні ХVІ-ХVІІІ стагоддзяў. У тым ліку такія рарытэты, як "12 прамоў" Іераніма Фалец-кага (Венецыя, 1558) і "Еван-гелле вучыцельнае" (Вільня, друкарня Мамонічаў, 1595).

Вялікую цікавасць выклікаюць выданні твораў беларускіх пісьменнікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі, Максіма Багдановіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Журбы, Змітрака Бядулі і інш., падручнікі Максіма Гарэцкага, Браніслава Тарашкевіча, Язэпа Лёсіка, слоўнікі Вацлава Ластоўскага, Яна Станкевіча, календары пачатку ХХ стагоддзя, газета "Наша ніва", часопісы "Наш край", "Маладняк", "Полымя", "Узвышша" 1920-30-х гадоў.

Супрацоўнікамі музея сабрана нямала цікавых і каштоўных матэрыялаў, але праца па збіранні працягваецца. Часта ў музей перадаюцца кнігі сучасных аўтараў з дароўнымі надпісамі. Так, даўнім і шчырым сябрам Музея беларускага кнігадрукавання з'яўляецца Уладзімір Арлоў. Вядомы пісьменнік, які нарадзіўся ў Полацку, кожную сваю новую кнігу абавязкова перадае музею. А не раз здаралася і так, што музей атрымліваў у падарунак і вельмі каштоўныя старыя выданні. Напрыклад, некалькі гадоў таму Андрэй Макагон (палачанін, які жыве зараз у Маскве) перадаў у музей "Рымскі імшал", выдадзены ў 1826 годзе ў Полацку ў былой езуіцкай друкарні каталіцкім ордэнам піяраў. Зараз гэтае выданне можна ўбачыць у экспазіцыі.

Музей на працягу ўсіх дваццаці пяці гадоў існавання карыстаецца вялікай папулярнасцю ў наведвальнікаў. За год праз яго праходзяць да 45 тысяч чалавек.

У гэтым годзе Музей беларускага кнігадрукавання адзначае 25-годдзе. З гэтай нагоды 10 верасня плануецца правесці круглы стол "Кніжная спадчына ў музейным адлюстраванні", падчас якога музейшчыкі і навукоўцы абмяркуюць самыя розныя пытанні, звязаныя з кніжнай тэмай. А яшчэ на верасень запланавана аж дзве выставы. Адну прывязуць да нас з Вялікага Ноўгарада. На ёй будуць прадстаўлены каштоўныя выданні XVI-XІХ стагоддзяў, звязаныя з беларускімі землямі.

А другая дасць магчымасць палачанам на працягу верасня ўбачыць сапраўдныя выданні Францішка Скарыны, якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Гэта "Кніга царстваў" і "Эклезіяст".

Запрашаем усіх палачан і гасцей горада выкарыстаць унікальную магчымасць прыйсці на спатканне з кніжнымі скарбамі.

Вера АШУЕВА , ст. навуковы супрацоўнік Музея беларускага кнігадрукавання.


Адам Міцкевіч у памяці наваградцаў, 1921 - 1939 гг.

З Дня беларускага пісьменства

У Шчучын на Дзень беларускага пісьменства прывезлі шмат кніг, у асноўным выдадзеных у апошні час, а то і навінак, якія яшчэ пахлі друкарскай фарбай. "Лідская газета" прэзентавала кнігі сяброў літаб'яднання "Суквецце", якое афіцыйна працуе пры газеце. Можна было паразмаўляць і з лідскім паэтам Алесем Мацулевічам, які прэзентаваў сваю кнігу гістарычных мініяцюр "Леў і ключы". А ля стэнда наваградскай газеты "Новае жыццё" можна было пагутарыць з Міколам Гайбам, дырэктарам Музея Адама Міцкевіча, які ласкава перадаў у рэдакцыю "Нашага слова" сваю кнігу "Сэрцу мілая Айчына. Вобраз Радзімы ў жыцці і творчасці Адама Міцкевіча".

Што праўда кніга выйшла ў 2011 годзе, але застаецца надзвычай актуальнай. У ёй шмат цікавых раздзелаў. Адзін з іх "Адам Міцкевіч у памяці навагрудчан" Мы возьмем з яго для друку перыяд 1921-1939 гг., у якім апісваецца, як ушаноўвалі памяць Адама Міцкевіча ў ваяводскім горадзе Наваградку. Тут трэба сказаць, што Наваградак і стаў ваяводскім горадам, дзякуючы ўсеагульнай павазе да Адама Міцкевіча і яго радзімы, хоць Баранавічы, якія таксама прэтэндавалі на гэты статус, мелі больш шанцаў: былі далей ад мяжы, мелі больш насельніцтва, тут была вузлавая чыгуначная станцыя. Аднак жа паэзія Міцкевіча пераважыла ўсе прагматычныя і нават вайскова-стратэгічныя довады.

Так жа з павагі да Радзівілаў быў утвораны Нясвіжскі павет, бо да Першай сусветнай вайны Нясвіж быў заштатным горадам, а землі сённяшняга Нясвіжскага раёна былі падзелены паміж Наваградскім і Слуцкім паветамі.

Вяртаючыся да Наваградка, трэба сказаць, што наваградцы аказаліся ўдзячнымі нашчадкамі вялікага вешча (песняра, вешчуна) нашай Бацькаўшчыны, пра што сведчыць гэты раздзел кнігі.

Станіслаў Суднік.

З 1921 г. па 1939 г Наваградак знаходзіўся ў складзе польскай дзяржавы, з'яўляўся цэнтрам вялікага па памерах Наваградскага ваяводства, у склад якога ўваходзілі павятовыя гарады Шчучын, Наваградак, Ліда, Валожын, Стоўбцы, Слонім, Нясвіж, Баранавічы. У гэты перыяд часу шмат было зроблена для вяртання імя Адама Міцкевіча на радзіму і ўвекавечвання яго памяці. Штуршком для гэтага паслужыў чарговы прыезд у Наваградак сына Адама Міцкевіча Уладзіслава 13 траўня 1922 г. Было яму на той час 86 гадоў. Пад уплывам гэтага візіту ў Наваградку было створана добраахвотнае навуковае таварыства - Міцкевічаўскі камітэт пад кіраўніцтвам ваяводы У. Рачкевіча і пад апекай прэзідэнта Польшчы С. Вайцяхоўскага. Першай справай, якую пачаў ажыццяўляць камітэт, стала будаўніцтва помніка Міцкевічу. Паколькі ў той цяжкі пасляваенны час былі пэўныя складанасці з пабудовай высокамастацкага скульптурнага помніка, было вырашана зрабіць помнік у выглядзе насыпанага кургана згодна з даўняй славянскай традыцыяй. На добраахвотныя ахвяраванні наваградцаў у мясцовага землеўладальніка быў куплены на Малым замку пляц для будучага Кургана.

27 траўня 1924 года адбылася вялікая ўрачыстасць з нагоды пачатку работ па яго будаўніцтве. Біскуп Зыгмунт Лазінскі зачытаў перад прысутнымі Устаноўчы акт, складзены прафесарам Віленскага універсітэта Станіславам Пігонем і падпісаны чальцамі Міцкевічаўскага камітэта. У ім гаварылася: "У імя Айца, і Сына, і Святога Духа. Аман. Адбывалася ў горадзе Наваградку дваццаць сёмага траўня ў аўторак у пяты тыдзень пасля Вялікадня, года ад нараджэння Хрыста тысяча дзевяцьсот дваццаць чацвёртага і шостага ад адраджэння вольнай і аб'яднанай Польшчы, калі прэзідэнтам Рэчы Паспалітай Польскай быў Станіслаў Вайцяхоўскі, а наваградскім ваяводам Уладзіслаў Рачкевіч. На вечнае сведчанне павагі і любові, якую польскі народ уваскрашае для свайго прарока Адама Міцкевіча, сына гэтай зямлі, узнесенага веліччу сваёй геніяльнасці над людзьмі і часам, каралеўскага духу, які ў найгоршы час раздробленнасці правёў мінулыя пакаленні нашых дзядоў і бацькоў праз панурае пекла няволі, кіруючыся нязгаснай верай у народ і ў зорку яго прызначэння. I будучым пакаленням прысвячаючы, сёння, калі ўжо спраўдзілася паводле яго веры, калі ўсемагутны Кіраўнік Народаў, Бог Айцоў нашых, пачуў малітвы аб абароне, калі надышлі жаданыя часы пасля спякоты тугі, калі ўжо над польскай зямлёю прагучалі рыкі ільвінай помсты - спаўняючы гэта згодна волі народа, Наваградскі камітэт увекавечвання памяці Адама Міцкевіча пастанавіў насыпаць курган у Наваградку на Замкавай гары, каб ён праз вякі перадаваў удзячную памяць землякоў".

Затым гэты акт, які быў напісаны на пергаменце, падпісалі ўдзельнікі ўрачыстасці, паклалі ў алавянную скрынку і забетанавалі на месцы будучага кургана-помніка. Першую жменю зямлі ў яго аснову кінуў прэзідэнт Польшчы С. Вайцяхоўскі, а за ім астатнія прысутныя: чальцы камітэта, наваградцы і госці з розных рэгіёнаў Польшчы.

Зямлю для насыпання Кургана бралі большай часткай з суседняй Замкавай гары. На ёй у 1924-1930-м гадах праводзіліся раскопкі рэшткаў замкавых умацаванняў і работы па іх кансервацыі. У пабудове Кургана ўдзельнічала моладзь, работнікі розных устаноў і арганізацый, салдаты. Прывозілі зямлю са сваіх родных мясцін і шматлікія турысты, якія наведвалі радзіму А. Міцкевіча. Жаданне прыняць удзел у будаўніцтве Кургана было такім вялікім, што адзначаліся выпадкі, калі зямлю дасылалі поштай з розных рэгіёнаў Польшчы, робячы на пасылцы надпіс: "Наваградак. Зямля для ўшанавання памяці Адама Міцкевіча".

У 1927 г. вайскоўцы залогі з Баранавіч устанавілі ў Завоссі памятную стэлу з тэкстам аб нараджэнні тут Міцкевіча. (У 1955 г. стэла была абноўлена, і тэкст заменены на беларускамоўны. Праіснавала стэла да 1998 г.).

У лістападзе 1930 г. наваградцы адзначылі 75-ю гадавіну з дня смерці А. Міцкевіча. У Наваградку адбылася прадстаўнічая канферэнцыя з удзелам вучоных, пісьменнікаў, паэтаў з Вільні, Варшавы, Торуня, Кракава і іншых гарадоў. Тады ж у фарным касцёле Наваградка была ўстаноўлена мармуровая памятная дошка з надпісам аб хрышчэнні тут 12 лютага 1799 г. Адама Міцкевіча.

У сувязі з гэтай памятнай датай ваявода З. Бячковіч прыняў рашэнне, каб у наступным годзе завяршыць будаўніцтва Кургана-помніка. З мэтаю прыцягнуць грамадскасць да гэтай акцыі, было вырашана правесці ў чэрвені 1931 г. "Міцкевічаўскія дні". Адкрыліся яны 1 чэрвеня мітынгам ля падножжа Кургана. 7 чэрвеня прайшло ў Наваградку свята песні, у якім узялі ўдзел школьныя калектывы і вясковая моладзь з тэрыторыі ўсяго ваяводства. 21 чэрвеня прайшоў з'езд чальцоў арганізацыі вайсковай падрыхтоўкі. На працягу ўсяго чэрвеня шматлікія турыстычныя групы і жыхары Наваградчыны актыўна ўдзельнічалі ў завяршэнні работ па насыпанні кургана. Кожны з іх запісваўся ў спецыяльную памятную кнігу і атрымліваў трохвугольны картонны значок зялёнага колеру з надпісам: " Удзельніку насыпання кургана Адама Міцкевіча ў Наваградку 1-31.VI.1931. 1855-1930".

Завяршыліся ўрачыстасці "Міцкевічаўскіх дзён" 28 чэрвеня. У Наваградак у гэты дзень прыехалі прадстаўнікі ўраду, універсітэцкія вучоныя, пісьменнікі, прадстаўнікі многіх арганізацый і ўстаноў. У фарным касцёле, дзе калісьці хрысцілі А. Міцкевіча, прайшла ўрачыстая служба. Пісьменнік Вацлаў Серашэўскі ўзвёз на курган апошнюю ганаровую тачку зямлі. І Курган - помнік быў перададзены пад апеку горада. Вышыня яго склала 17 метраў, а шырыня ля падножжа - 30 метраў. У гэты ж дзень у будынку Наваградскага ваяводства адбылася выстава аб жыцці і творчасці Адама Міцкевіча, на якой было прадстаўлена 512 экспанатаў. Сярод іх - 26 рукапісаў, 49 розных выданняў пісьмаў А. Міцкевіча, 65 перакладаў яго твораў на замежныя мовы, 45 нотных запісаў да паэзіі А. Міцкевіча, 9 пісьмаў філаматаў, 70 партрэтаў А. Міцкевіча, 18 розных кніг, у тым ліку найважнейшая з іх - парафіяльная кніга з фарнага касцёла з запісам аб хрышчэнні Адама Міцкевіча. Мерапрыемствы гэтага дня закончыліся ўрачыстым паседжаннем у зале гарадскога тэатра і народнымі гуляннямі на замку. На наступны дзень госці "Міцкевічаўскіх дзён" наведалі мясціны Наваградчыны, звязаныя з жыццём А. Міцкевіча.

Распрацоўкай турыстычных маршрутаў займаўся "Камітэт па ўвекавечванні памяці А. Міцкевіча" і мясцовае аддзяленне Польскага краязнаўчага таварыства. Распрацаваны імі маршрут па мясцінах Адама Міцкевіча працягласцю 74 км. праходзіў праз Чамброва, воз. Свіцязь, Міратычы, Плужыны, Варончу, Туганавічы, Гарадзішча, Калдычэва, Завоссе, Баранавічы. Акрамя маршрута "Міцкевічаўскага" было яшчэ пяць турыстычных маршрутаў, якія ў пэўнай ступені, таксама датычыліся асобы А. Міцкевіча:

Маршрут 1: Наваградак-Воўкавічы-Карэлічы-Турэц-Мір-Гарадзея-Нясвіж - працягласцю 79 км.

Маршрут 2: Наваградак-Кашалёва-Наваельня-Дзятлава-Слонім - 89 км.

Маршрут 3: Наваградак-шклозавод у Бярозаўцы-Агароднікі-Ліда- Беняконі - 92 км.

Маршрут 4: Наваградак-Іўе-Ліпнішкі-Жэмыслаў - 74 км.

Маршрут 5: Наваградак-Шчорсы-воз. Кромань- Налібокі-Івянец-Валожын-Гародзькі - 123 км.

Экскурсіі па маршрутах праводзіла Наваградская ліга падтрымкі турызму. Для патрэб прыезджых у Наваградку мелася некалькі гасцініц, хаця і невялікіх па колькасці нумароў, але з гучнымі назвамі: "Еўропа", "Бразілія", "Швейцарыя", "Італія", "Віленская", "Гандлёвая", "Парыж". У цэнтральнай часцы горада адна з вуліц атрымала назву Міцкевіча.

Уключэнне Наваградчыны ў склад Польшчы абудзіла цікавасць да гэтай зямлі з боку польскіх даследчыкаў. У перыядычным друку 1920-х гадоў з'явіўся шэраг публікацый аб этнаграфічных, моўных, архітэктурных і інш. асаблівасцях Наваградчыны. У 1930-я гады выйшла з друку некалькі кніг па краязнаўству, у якіх галоўная ўвага была скіравана на мясціны, звязаныя з творчасцю Адама Міцкевіча. Наваградскім аддзяленнем Польскага краязнаўчага таварыства выдадзены кніга Ю. Жмігродскага "Наваградак і ваколіцы", В. Ляруя "Над блакітным Нёманам", У. Абрамовіча "Наваградскі край", у Лідзе выйшла кніга Ю. Снежкі "Дом Адама Міцкевіча ў Наваградку" (усе на польскай мове).

Міцкевічаўскі камітэт арганізаваў і выдаў шматтысячнымі тыражамі 12 кніг з паэтычнымі і празаічнымі творамі А. Міцкевіча пад рэдакцыяў Тадэвуша Піні. Кнігі выходзілі ў 1931-34 гадах, былі прыгожа аформленыя, змяшчалі ўсе асноўныя паэмы, празаічныя творы, пісьмы, некалькі партрэтаў і аўтографаў Адама Міцкевіча. Разнастайныя мерапрыемствы, прысвечаныя памяці знакамітага земляка, час ад часу арганізоўваў клуб "Оgniskо", у якім збіралася ў асноўным, мясцовая інтэлігенцыя. Сапраўднай падзеяй для наваградцаў былі прыезды ў горад на гастролі віленскага тэатра "Рэдута", у рэпертуары якога былі творы А. Міцкевіча. Святочныя вечары з прадстаўленнямі аматарскага драмгуртка сістэматычна наладжваліся ў дзяржаўнай польскамоўнай гімназіі, якая з 1921 г. насіла імя А. Міцкевіча.

I ўсё ж, бадай, галоўнай справай наваградцаў па ўвекавечванні памяці свайго славутага земляка было адкрыццё ў Наваградку Дома-музея паэта. Рашэнне аб яго ўтварэнні прыняў Міцкевічаўскі камітэт 10 траўня 1930 г. Камітэт звярнуўся да ўладальніка былога дома Міцкевічаў Антона Дамброўскага з просьбай здаць дом у арэнду. Аднак гэта аказалася немагчымым, бо яшчэ дзейнічала права яго арэнды за Марыяй Вяжбоўскаай. Тым не менш, 28 чэрвеня 1931 г. у дзень адкрыцця Кургана на гэтым доме была ўстаноўлена мемарыяльная дошка з надпісам: "Тут на зары жыцця раскрыў крылы для ўзлёту Адам Міцкевіч". У чэрвені 1936 г. невялікая часовая экспазіцыя была размешчана ў флігелі, дзе знаходзілася бюро будучага музея.

Адкрыццё Дома-музея Адама Міцкевіча адбылося 11 верасня 1938 г. і прайшло ў рамках традыцыйных "Міцкевічаўскіх дзён", якія доўжыліся з 11 па 22 верасня. Іх правядзенню быў прысвечаны выпуск газеты "W Nowogrodskiej stronie". Згодна з яе інфармацыяй, у першы дзень пасля ўрачыстага набажэнства ў Фарным касцёле быў высвечаны і афіцыйна адкрыты Дом-музей, а пасля пачалася рэлігійная выстава. На наступны дзень у гарадскім тэатры быў паказаны фрагмент паэмы "Дзяды", а над возерам Свіцязь праведзены інсцэніроўкі балад А. Міцкевіча, дэкламацыя яго твораў і ігра народных музыкаў.

17 верасня на Наваградчыне прайшлі спартыўныя спаборніцтвы, а таксама зорны рэйд матацыклістаў. Шматлюдна было ў Наваградку 18 верасня, калі з усіх паветаў Наваградскага ваяводства і многіх ваяводстваў Польшчы сюды прыехала моладзь на розныя масавыя мерапрыемствы, у тым ліку і на ваяводскія дажынкі. Дзень 19 верасня быў прысвечаны агляду сельскагаспадарчых дасягненняў. Акрамя гэтага, штодзённа курсіравалі на "Сцежках Міцкевіча" некалькі дзясяткаў аўтобусаў і машын, якія маглі развезці да 700 турыстаў.

Першапачатковая экспазіцыя Дома-музея А. Міцкевіча размяшчалася ў трох залах. Вось як апісаў яе ў сваёй кніге У. Абрамовіч: "У першай зале - шматлікія выданні, газеты і ілюстрацыі, партрэты А. Міцкевіча - рэпрадукцыі розных часоў. Асаблівую ўвагу наведвальнікаў звяртала, безумоўна, мадэль наваградскай хаты з жураўлём ля калодзежа. Гэта - звычайная страха, па якой паэт уздыхаў на далёкай чужыне, жадаючы, каб яго паэмы чыталі пад ёй... Прайшоўшы хол, упрыгожаны гербамі ўсіх гарадоў Наваградчыны, звяртае на сябе ўвагу макет помніка паэту, устаноўленага ў Парыжы, аўтара А. Бурдэля. Адліты ў бронзе вялікі макет, размешчаны ў цэнтры залы, ёсць сапраўднае ўпрыгожанне ўсяго музея. У апошняй зале знаходзяцца памяткі пра Марылю: старасвецкі куфар, акаваны масіўнымі абручамі, люстэрка, шаль і крыж, які вісеў у яе спальні, розныя фатаграфіі".

Сярод дакументаў, змешчаных у музеі, былі судовыя акты бацькі і дзеда, напісаныя гусіным пяром: пісьмы Адама да сяброў і Марылі, некалькі кніжак з хатняй бібліятэкі ў Парыжы. Першым дырэктарам музея стаў Уладзіслаў Ляруй, а ці не першымі яго наведвальнікамі былі ўнучка Марылі - Сафія Путкамер і праўнучка Яніна Жалтоўская з Больценік.


Шаноўнае спадарства!

Запрашаем Вас на творчую сустрэчу з героямі кніг Элы Дзвінскай "Беларускае слова ад спеву", "Алесь Пушкін", "Носьбіты вольнага слова".

У праграме: прагляд слайд-фільмаў і выступленні творчых асобаў - музыкаў, мастакоў і пісьменнікаў, лаўрэатаў прэміі " За свабоду думкі".

Сустрэча прысвечана 50-годдзю Алеся Пушкіна і юбілею аўтара-ўкладальніка кніг.

Вечарына адбудзецца 18 верасня на Менскай сядзібе ТБМ імя Ф. Скарыны па вул. Румянцава, 13 у 18.00.


"Будзьма!"

15 верасня (аўторак) адбудуцца заняткі гістарычнай школы з Алегам Трусавым "Гісторыя ў падзеях і малюнках". Пачатак - 18.00 гадзін. Румянцава, 13. Уваход вольны.


Дарагія сябры!

Часопіс "ПрайдзіСвет" запускае краўдфандынгавую кампанію, каб выдаць другую кнігу апавяданняў Артура Конана Дойла пра Шэрлака Холмса па-беларуску.

Спадзяёмся, многія з вас чыталі першую кнігу апавяданняў "Прыгоды Шэрлака Холмса" ў нашым перакладзе. Цяпер мы збіраем грошы на наступны зборнік - "Нататкі пра Шэрлака Холмса".

Дзе камандзе перакладчыкаў-валанцёраў узяць сродкі на падрыхтоўку макету, паперу, працу друкарні, рэдактараў і карэктараў - вось загадка ХХІ стагоддзя, якую не пад сілу вырашыць нават легендарнаму дэтэктыву. Таму чытачы - сёння нашая адзіная надзея і апора.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX