Папярэдняя старонка: 2015

№ 38 (1241) 


Дадана: 25-09-2015,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 38 (1241), 23 верасня 2015 г.


26 верасня - Еўрапейскі дзень моў


20 гадоў БАЖ

Годнасць, салідарнасць, чалавечнасць

Гэтыя рысы ўласцівыя найбуйнейшай журналіцкай арганізацыі - БАЖ, якая адзначыла 16 верасня 20-годдзе. Беларуская асацыяцыя журналістаў была створана 16 верасня 1995 года. Ад моманту стварэння 19 гадоў яе нязменна ўзначальвала Жанна Літвіна.

ГА БАЖ была адзначана прэміяй за абарону правоў журналістаў на фестывалі "Залатое пяро" ў Дубліне (Ірландыя). Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала прэмію Еўрапарламента " За Свабоду думкі" імя А. Сахарава ў 2004 годзе.

Святочная вечарына да юбілею арганізацыі адбылася у менск ім бізнес-цэнтры "ІMAGURU" з удзелам сяброў Рады, заснавальнікаў ГА БАЖ, прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу Нямеччыны, Польшчы і ЗША. Госці прагледзелі відэашэраг з яскравымі момантамі дзейнасці беларускіх журналістаў. З успамінамі пра агульныя падзеі ў гісторыі БАЖ выступілі Святлана Калінкіна, Андрэй Дынько, Любоў Лунёва і іншыя. Акцыі салідарнасці з журналістамі і ў абарону свабоды слова праходзілі ў Гародні, Менску, Віцебску. Стала добрай традыцыяй праводзіць улетку творчы і аздараўленчы фестываль "БАЖынкі". Сёлета ён праходзіў у Глыбокім.

Прысутныя на мерапрыемстве ўзгадалі закрытыя газеты "Свабода", "Пагоня", "Згода", " БДГ", ушанавалі памяць загінулых і адышоўшых калег Змітра Завадскага, Веранікі Чаркасавай, Віктара Івашкевіча, Аляксея Караля і іншых.

Кіраўнік Беларускага дома правоў чалавека (Вільня) Таццяна Равяка пажадала незалежным журналістам таго, каб роля БАЖ як праваабарончай арганізацыі як мага хутчэй скончылася, а сама арганізацыя магла больш займацца прафесійнымі пытанням.

Падкрэсліваючы пераемнасць традыцый арганізацыі, Жанна Літвіна з падачы вядоўцы імпрэзы Віктара Шалкевіча перадала сімвалічны звон новаму старшыню арганізацыі Андрэю Бастунцу.

Э. Дзвінская , фота БАЖ і "Радыё Рацыя".


На "Еўрабачанне" ў наступным годзе паедзе песня на беларускай мове

Пра гэта kp.by распавёў кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька.

- Вядома, Беларусь будзе ўдзельнічаць у наступным "Еўрабачанні! - сказаў ён. - Як асноўны фундатар нацыянальнага адбору, мы маем намер шукаць у гэтым годзе кампазіцыю на беларускай мове. Мы не выключаем, што выканаўцы могуць прапаноўваць песні на англійскай, рускай, французскай, хоць нават хіндзі, але перавагу будзем аддаваць песням на беларускай мове.

Такі паварот наўрад ці хтосьці чакаў, піша kp.by, бо за 12-гадовую гісторыю ўдзелу нашай краіны ў гэтым еўрапейскім музычным конкурсе Беларусь яшчэ ні разу не адпраўляла ўдзельніка з кампазіцыяй на роднай мове.

І не важна, ці сваім розумам Белтэлерадыёкампанія дайшла да разумення відавочнага, ці пачула такі шматгадовыя заклікі ТБМ павярнуцца тварам да беларускай мовы, адной з самых мілагучных у Еўропе і скарыстаць гэты безумоўны плюс, але загадзя можна сказаць: поспех будзе, бо са сваёй мовай наш артыст будзе прадстаўніком вялікага беларускага народа, а не нейкіх там поп-тэхналогій.

Наш кар.


70 гадоў з дня адкрыцця Літаратурнага музея Янкі Купалы

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы - літаратурны і мемарыяльны музей, прысвечаны жыццю і творчасці класіка беларускай літаратуры, народнага паэта БССР Янкі Купалы. Заснаваны ў 1944 годзе. Адкрыты для наведвальнікаў 20 верасня 1945 года. Музей знаходзіцца ў Менску па вул. Янкі Купалы, 4, на месцы былога дома паэта. Мае філіялы ў вёсках Акопы, Вязынка, Ляўкі і Яхімоўшчына. Адзін са найстарэйшых літаратурных музеяў Беларусі, які даследуе, збірае і інтэрпрэтуе літаратурную спадчыну народнага паэта, класіка беларускай літаратуры.

Заснаваны музей у Менску ў адпаведнасці з пастановай Савета народных камісараў БССР ад 19 траўня 1944 года пры Акадэміі навук БССР і да 1962 года ўваходзіў у яе сістэму. Збіральнікам музейных рэліквій была жонка Янкі Купалы - Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, стваральнік і першы дырэктар музея. Ёй належыць вялікая заслуга ў пошуках і захаванні рукапісаў, фотаздымкаў, першадрукаў, асабістых рэчаў пісьменніка і яго паплечнікаў. Гэтыя матэрыялы і паклалі пачатак фондавым калекцыям музея. Яго дзейнасць з 1945 года была накіравана на камплектаванне матэрыялаў і прадметаў музейнага значэння з мэтай стварэння пастаяннага музейнага збору, фарміравання экспазіцый і выставак, складання бібліяграфічных даведнікаў і правядзенне навукова-даследчай работы, звязанай з жыццём і творчасцю класіка беларускай літаратуры.

Спачатку музей размяшчаўся ў будынку былога Дома прафсаюзаў. Тут 20 верасня 1945 года і была адкрыта першая экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці Янкі Купалы, якая дала магчымасць азнаёміць наведвальнікаў са спадчынай паэта. 9 лістапада 1959 г. музей пераехаў у спецыяльна пабудаваны для яго будынак па вуліцы Янкі Купалы (архітэктары І. І. Валадзько, В. М. Волчак).

Вікіпедыя.


У Гародні можа з'явіцца музей ВКЛ

У Гародні плануюць стварыць музей Вялікага Княства Літоўскага. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшыня Гарадзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой. Музей ВКЛ, аналагаў якому няма пакуль у Беларусі, можа размясціцца ў цэнтры Гародні - у старым будынку Нацыянальнага гістарычнага архіва на плошчы Тызенгаўза. Будынак, пабудаваны ў другой палове XVIII стагоддзя, у мінулым дом гарадзенскага віцэ-адміністратара, пасля нядаўняга пераезду адтуль архіва, пустуе - яго лёс вырашаецца, да пошуку найбольш аптымальнага рашэння далучаныя гісторыкі, архітэктары, шырокая грамадскасць.

- Мы вывучаем грамадскую думку. Хацелася б выкарыстоўваць будынак найбольш эфектыўна і ў той жа час адмысловым чынам. Разам з літоўскімі калегамі абмяркоўваем магчымасць стварэння ў будынку музея ВКЛ. Гэтая ідэя вельмі добрая для Гародні, якая ў складзе ВКЛ з'яўлялася фактычна другой сталіцай. Да таго ж такога музея пакуль у краіне няма, і стварэнне яго ў Гародні прыцягне турыстаў, станоўча паўплывае на імідж горада, - сказаў Гой.

Ідэя стварэння музея ВКЛ нарадзілася са зносін старшыні Гарадзенскага гарвыканкама з мэрам Друскенік.

- Нас падзяляе ўсяго 35 км, у нас агульная гісторыя. Мы сапраўды можам зрабіць гэта сумеснымі намаганнямі па адным з праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Ідэяй вельмі зацікавіліся абодва бакі, мы плануем шчыльна прыступіць да яе распрацоўкі, каб падаць заяўку ў праграмы на маючы адбыцца фінансавы перыяд, - адзначыў Мечыслаў Гой.

БелТА. Фота darriuss.livejournal.com


Моўны канфлікт у Беларусі

Перавага рускай мовы над роднай беларускай ва ўсіх сферах жыцця супярэчыць не толькі Канстытуцыі Беларусі, страта нацыянальнай мовы пагражае незалежнасці краіны. У падрыхтаваным праваабарончым цэнтрам "Вясна" артыкуле - спроба яшчэ раз звярнуцца да моўнага канфлікту і важнасці яго вырашэння.

Мова як сродак камунікацыі з'яўляецца аб'яднальнай прыкметай народа, падмуркам нацыянальнай культуры, нацыянальнай самасвядомасці і яе перадачы нашчадкам. Пакуль жыве мова, жыве народ. Па дадзеных ЮНЭСКА беларуская мова адносіцца да тых моваў, якім пагражае знікненне. І справа тут не ў неспрыяльных культурна-лінгвістычных абставінах альбо натуральнай асіміляцыі. Тое, што адбываецца з беларускай мовай - вынік свядомай дзяржаўнай палітыкі, скіраванай на вынішчэнне роднага слова з усіх сфераў грамадскага жыцця. "Нечуваная ў свеце дзяржаўная моўная дыскрымінацыя беларусаў мае вельмі працяглую гісторыю, якая вымяраецца не дзесяцігоддзямі, а стагоддзямі," - адзначае доктар гістарычных навук Леанід Лыч і дадае, што "гэтак паслядоўна, як у Беларусі, нідзе больш такая дзяржаўная дыскрымінацыя мовы не праводзілася". Калі гаварыць пра сучасны гістарычны этап, то знакавай падзеяй стала прыняцце ў 1990 годзе "Закону аб мовах", які павінен быў спрыяць адраджэнню мовы беларускай нацыі. У 2-м артыкуле закону беларуская мова абвяшчалася адзінай дзяржаўнай у Беларусі, расійская мова кваліфікавалася ў законе як "мова міжнацыянальных зносін народаў Саюза ССР". Увядзенне закону мусіла ажыццяўляцца паступова, на працягу некалькіх гадоў. Пры гэтым ён не рэгламентаваў ужывання моў у неафіцыйных зносінах. З 1990 па 1995 год беларускамоўных выданняў было надрукавана больш, чым за папярэднія чатыры стагоддзі. У сярэдніх школах у 1994-1995 гадах навучалася па-беларуску ўжо больш за 75% вучняў. Стаўленне да беларускай мовы, як мовы непатрэбнай, неразвітай, неўжытковай, мовы малаадукаваных сялян змянілася. На беларускай мове праводзіліся сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь і многіх гарсаветаў, з'яўлялася ўсё большая колькасць афіцыйных дакументаў, паступова пераводзілася справаводства. На беларускай мове загаварылі і дэпутаты, і міністры, і выкладчыкі ВНУ, і выхавацелькі дзіцячых садкоў. У беларускай мовы з'явілася перспектыва паступовага адраджэння і паспяховага развіцця. 15 сакавіка 1994 года першая Канстытуцыя Беларусі абвясціла беларускую мову адзінай дзяржаўнай мовай нашай краіны. Аднак ужо праз год сітуацыя рэзка змянілася. Аляксандр Лукашэнка, абраны ў 1994 годзе першым прэзідэнтам краіны, ініцыюе рэферэндум, у выніку чаго вяртае постсавецкую сімволіку - герб і сцяг, а беларуская мова страчвае статус адзінай дзяржаўнай мовы. Уводзіцца дзвюхмоўе. У 1998 годзе ў "Закон аб мовах" уносяцца такія праўкі, якія дазволілі распачаць татальную русіфікацыю, асабліва ў сферах адукацыі і дзяржаўнага кіравання. Закон дазваляў весці дакументацыю на расейскай мове. Артыкул 26 Закона аб мовах гаворыць: "У Рэспубліцы Беларусь мовамі ў сферы культуры з'яўляецца беларуская і (або) руская мова". Такім чынам былі скасаваныя набыткі незалежнай суверэннай беларускай дзяржавы ў вырашэнні моўнага пытання. Акрамя таго, па меры нарастання канфлікту паміж прэзідэнтам Лукашэнкам і дэмакратычнай супольнасцю краіны, аўтарытарная ідэалогія і прапаганда ператварылі беларускую мову з нацыянальнай каштоўнасці ў "апазіцыйную" з'яву, а яе актыўных носьбітаў - у прадстаўнікоў "5-й калоны". Такі падыход тычыўся не толькі грамадска-палітычнага жыцця краіны. У сферы культуры беларуская мова таксама стала прыкметай процістаяння прэзідэнцкай уладзе. На сёння ў Беларусі існуе па два прафесійныя творчыя аб'яднанні ў літаратуры і журналістыцы - афіцыйнае і незалежнае: Саюз пісьменнікаў Беларусі і Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі саюз журналістаў і Беларуская асацыяцыя журналістаў. Для сяброў незалежных творчых аб'яднанняў стасункі з афіцыйнымі дзяржаўнымі структурамі носяць абмежаваны характар - чыноўнікі адмаўляюцца даваць журналістам каментары альбо не дапускаюць на афіцыйныя паседжанні, пісьменнікі не атрымліваюць дазвол на правядзенне мерапрыемстваў, сустрэч з чытачамі. Практыка забароны канцэртаў, радыё- і тэлеэфіру ў дачыненні да шэрагу беларускамоўных гуртоў і выканаўцаў выкарыстоўвалася ўладамі краіны ў 2004-2007 гадах і аднавілася ў 2011 годзе. Існавалі нават "чорныя" спісы дзеячоў культуры, згадка пра якіх у дзяржаўных СМІ была непажаданая. У сакавіку 2011 года адзін такі спіс без подпісаў і пячатак стаў вядомы шырокай грамадскасці, яго змясціў у сваім акаўнце супрацоўнік адной з радыёстанцый. Атрымаць "забароненым" музыкам у мясцовых дзяржорганах гастрольнае пасведчанне было малаверагодна, але і запланаваныя канцэрты нярэдка зрываліся. Яшчэ адна прыкмета яўнай русіфікацыі - гэта шыльды, на якіх напісаны назвы вуліц у гарадах. Да 2010 года ў Беларусі назвы геаграфічных аб'ектаў (абласцей, гарадоў, вёсак, вуліц і г.д.) наогул заканадаўча не рэгуляваліся. Толькі ў Менску назвы вуліцаў напісаны па-беларуску, у абласных цэнтрах вонкавае аздабленне вуліц ў большасці сваёй рускамоўнае. Калі ж закрануць пытанне гарадской тапанімікі больш глыбока, то тут выяўляецца спадчына перш за ўсё савецкай эпохі. Як прыклад, аналіз "персаніфікаваных" вуліц Гомеля, другога па велічыні горада краіны: 69 вуліц з 209 названыя ў гонар герояў Вялікай Айчыннай Вайны, 50 - рэвалюцыянераў (пры гэтым толькі 22 з іх маюць дачыненне да Гомеля ці Беларусі), 37 - дзеячоў культуры (8 звязаныя з беларускай культурай), 11 - дзеячаў навукі (2 нарадзіліся і працавалі ў Беларусі), 7 - асобы дакастрычніцкай палітычнай ды ваеннай гісторыі (2 мелі дачыненнне да Беларусі, але негатыўнае), 7 вуліц носяць імёны міліцыянтаў, якія загінулі пры выкананні службовых абавязкаў, 6 вуліц названыя ў гонар савецкіх лётчыкаў ды касманаўтаў (1 звязаны з гісторыяй Гомеля). У той жа час, дамагчыся належнага ўшанавання памяці сусветна вядомага творцы, Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава ў сталіцы грамадскасці так і не ўдалося, не гледзячы на сабраныя 105 тысяч подпісаў грамадзян. Яшчэ ў 2010 годзе падпісныя лісты за наданне адной з вуліц горада імя беларускага класіка былі перададзены ў Менгарвыканкам. Але гэта не дало ніякага выніку, бо Васіль Быкаў не падтрымліваў аўтарытарную ідэалогію, выступаў супраць палітыкі русіфікацыі ў Беларусі. Аналагічная сітуацыя адбываецца зараз з ушанаваннем памяці Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, намінанта на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры. Сёння беларуская мова фактычна выцеснена з грамадскага ўжытку, гэта тычыцца дзяржаўнага кіравання, адукацыі, судавытворчасці, справаводства. І гэта не гледзячы на тое, што па дадзеных перапісаў насельніцтва Беларусі і сёння больш за палову насельніцтва краіны лічыць роднай менавіта беларускую мову. Так, у 1989 годзе роднай беларускую мову назвалі 65,6% насельніцтва краіны, пасля некалькіх гадоў беларусізацыі ў 1999 - ужо 73,7%, а падчас перапісу 2009 года - толькі 53% рэспандэнтаў. Асноўным паказчыкам таго, што беларуская мова не з'яўляецца ў поўнай меры дзяржаўнай, а мае дэкаратыўны статус - гэта адсутнасць на ёй законаў і іншых нарматыўных актаў. Усе Кодэксы ў Беларусі прынятыя на расійскай мове, а паколькі афіцыйнага перакладу на беларускую мову няма, то фармальна суддзі, як і астатнія суб'екты працэсу, не маюць права адвольна перакладаць нормы закону. Такім чынам, адсутнасць законатворчасці на беларускай мове з'яўляецца сур'ёзнай перашкодай для абароны і адстойвання сваіх інтарэсаў для беларускамоўных грамадзян у судзе ды іншых дзяржаўных органах. Так, на прававым партале pravo.by немагчыма знайсці нарматыўна-прававыя акты на дзяржаўнай беларускай мове, рэсурс змяшчае бягучую інфармацыю на рускай і англійскай мовах, а тэксты нарматыўна-прававых актаў і законапраектаў размяшчаюцца на ім выключна на рускай мове. Паводле Беларускага Хельсінкскага камітэта, у эталонным банку прававой інфармацыі каля 200 тысяч заканадаўчых актаў і толькі 3,1% нарматыўнай дакументацыі - на беларускай мове. У 2014 г. Саветам Міністраў прынята 1297 пастаноў, з іх на беларускай мове - толькі 170, што складае 13 %. У 2014 г. з усіх законаў, прынятых Палатай прадстаўнікоў, на дзяржаўнай беларускай мове былі прыняты толькі 2. Праўленне Нацыянальнага Банка Рэспублікі Беларусь у 2014 г. прыняло толькі 9 пастаноў на беларускай мове. Грамадскія і праваабарончыя арганізацыі неаднаразова звярталіся ў розныя дзяржаўныя ўстановы, каб звярнуць увагу на праблему моўнай дыскрымінацыі. Так, Таварыства беларускай мовы заклікала Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі з 1 верасня 2014 г. усе законы і іншыя нарматыўныя прававыя акты Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь адразу прымаць на дзвюх дзяржаўных мовах, а таксама зрабіць афіцыйны пераклад дзейных законаў, якія былі прынятыя толькі на рускай мове, на дзяржаўную беларускую мову і апублікаваць іх у прадугледжаным законам парадку. Юрыдычны эксперт Беларускага Хельсінскага Камітэта Гары Паганяйла ў сваім звароце прасіў Канстытуцыйны суд Беларусі разабрацца з нявызначанасцю рэальнага статусу беларускай мовы, былі прапанаваны 25 пунктаў, што абгрунтоўваюць неабходнасць выпраўлення ў моўным заканадаўстве прабелаў, выключэння ў ім калізій і прававой нявызначанасці. У сваю чаргу намеснік старшыні ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч звяртаўся ў Канстытуцыйны суд Беларусі, а таксама Палату прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Вярхоўны суд, Вышэйшы гаспадарчы суд, Савет Міністраў і Адміністрацыю прэзідэнта, якія паводле арт. 116 Канстытуцыі маюць права накіроўваць прапановы ў Канстытуцыйны суд аб адпаведнасці законаў нормам Канстытуцыі, з просьбай прызнаць арт. 7 Закона "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" не адпаведным Канстытуцыі і прапанаваць Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу ўнесці змены ў гэты артыкул, заканадаўча замацаваўшы абавязак дзяржаўных органаў выдаваць усе нарматыўна-прававыя акты (уключаючы тэксты законапраектаў) на дзвюх дзяржаўных мовах - беларускай і рускай. Аднак адказы насілі альбо фіктыўны характар - старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Генадзь Пальчык не ўбачыў падставаў для звароту ў Канстытуцыйны Суд, альбо проста ўражвалі - начальнік галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта А.Ф. Мaцельскі прапануе карыстацца перакладам на сайце Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі, а ў Савеце рэспублікі ўвогуле мяркуюць, што дзяржава мае права выбару, на якой мове выдаваць нарматыўна-прававыя акты. Што тычыцца перакладу, то па інфармацыі начальніка ўпраўлення рэдакцыйна-выдавецкай работы Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі (НЦПІ) Наталлі Судзілоўскай, на сайце прававой сістэмы "Эталон" прадугледжваецца аўтаматычны пераклад законаў на беларускую мову. Аднак гэтыя пераклады не з'яўляюцца афіцыйнымі, у іх шмат памылак і недарэчнасцяў. Да таго ж анлайн сістэма "Эталон" платная. Калі ж у грамадзяніна на гэта сродкаў няма, Наталля Судзілоўская раіць запісацца ў публічную бібліятэку, дзе сэрвісам можна скарыстацца бясплатна.

У сувязі з апошнімі геапалітычнымі выклікамі (агрэсіўная палітыка Расіі ў адносінах да Ўкраіны і Грузіі), рыторыка вышэйшага кіраўніцтва краіны пакрысе мяняецца, але ж далей гэтага справа не ідзе. Так, у студзені 2015 года старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч заявіў, што лічыць мэтазгодным выдаваць законы на беларускай і рускай мовах. Але ніякіх канкрэтных захадаў дзеля гэтага не было прынята. Не гледзячы на тое, што ў адпаведнасці з арт. 26 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь" і арт. 4 Закону "Аб мовах" дзяржслужбоўцы абавязаны валодаць дзвюма дзяржаўнымі мовамі, гэтая норма ў справаводстве і судавытворчасці практычна не працуе. Установы адукацыі як першая прыступка ў кірунку паўнавартаснага існавання беларускай мовы, яе валодання грамадзянамі краіны павінны былі б выконваць гэтую функцыю, выхоўваць павагу да нацыянальных каштоўнасцяў, гісторыі і культуры беларускага народа. Але, на жаль, з кожным годам сітуацыя ў сферы адукацыі толькі пагаршаецца. У дзіцячых садках і сярэдніх школах беларуская мова амаль не гучыць. Недастатковая колькасць гадзін вывучэння беларускай мовы, закрываюцца беларускія школы. І калі раней некаторыя прадметы выкладаліся выключна на беларускай мове, то ў 2006 годзе, калі міністрам адукацыі быў Аляксандр Радзькоў, адбыўся пераход выкладання такіх прадметаў, як гісторыя і геаграфія Беларусі на расійскую мову, хаця раней яны выкладаліся па-беларуску. Патрабаванні ж грамадскасці вярнуць беларускую мову гэтым прадметам станоўчых вынікаў не даюць. У 2012 годзе тагачасны міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч запэўніваў, што "задача ўжо пастаўлена і мы будзем імкнуцца да таго, каб ужо з новага навучальнага года беларуская мова вярнулася на ўрокі па гісторыі і геаграфіі роднага краю". Прайшло тры гады - ніякіх зменаў. І вось ўжо новы міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў выказаў меркаванне, "што мы прыйдзем да таго, што ў нас больш за палову прадметаў будзе на беларускай мове". Праз тры месяцы на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка заявіла, што Міністэрства адукацыі не будзе "сілавым метадам" пераводзіць выкладанне школьных прадметаў на беларускую мову. Русіфікацыя ў сферы адукацыі прагрэсуе. Вось толькі некаторыя дадзеныя. Паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у вышэйшых навучальных установах Беларусі на рускай і беларускай мове, хоць гэта мог быць адзін прадмет з ўсяго навучальнага цыклу, у 2014/2015 навучаліся больш за 149 тысяч студэнтаў - гэта 41%, на рускай мове - каля 212 тысяч - гэта 58%. На беларускай мове навучаліся 300 студэнтаў - гэта 0,1% ад агульнай колькасці, у 2013/2014 іх было 600, а ў 2012/2013 - 700, што складала 0.2%: У дашкольных установах адукацыі на беларускай мове выхоўваліся 43 тысячы дзяцей (10%). На рускай мове - амаль 368.000 дзяцей - 90%. Лічбы па ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў дынаміцы адлюстраваны ў прыведзенай ніжэй табліцы: колькасць навучэнцаў, якія вывучаюць усе прадметы на беларускай мове за чатыры гады знізілася з 19% да 14%: У 2001-2002 навучальным годзе колькасць вучняў, якія атрымліваюць сярэднюю адукацыю на беларускай мове, складала 400.869 чалавек супраць 135.100 у 2014/2015. Толькі з 2010 года па 2015-ы год колькасць беларускамоўных вучняў зменшылася на 43 тысячы. Варта адзначыць, што ў асноўным беларускія школы засталіся ў сельскай мясцовасці, але з кожным годам яны паступова скарачаюцца з прычыны нізкай укамплектаванасці вучнямі, а дзяцей пераводзяць ў больш буйныя школы, навучанне ў якіх часта вядзецца на рускай мове. У гарадах сітуацыя з выкладаннем на беларускай мове ў школах катастрафічная. Няма ніводнай цалкам беларускамоўнай школы ў абласных цэнтрах ці ў іншых буйных гарадах краіны. У двухмільённым Менску толькі 5 гімназій і 1 школа паводле сваіх статутаў маюць беларускую мову навучання. У Гародні ў 2014/2015 разам у дзвюх школах і гімназіі навучаліся па-беларуску 26 дзяцей. Дваццаць гадоў таму каля 80% школ у Гародні былі беларускімі. Пасля рэферэндуму 1995 г. аб роўным статусе рускай мовы з беларускай, сітуацыя рэзка змянілася на карысць рускай. У Магілёве - адзін клас з беларускай мовай навучання, у якім адна вучаніца. У Віцебску і Гомелі беларускамоўныя класы наогул адсутнічаюць. У Берасці ўпершыню ў гэтым 2015/2016 навучальным годзе адкрылі клас з беларускай мовай навучання, які складаецца з чатырох хлопчыкаў. Назіраецца тэндэнцыя скарачэння колькасці ахвочых здаваць моўны тэст па-беларуску. У 2015 годзе - на 3% менш у параўнанні з 2014 годам. Таксама скарачаецца колькасць абітурыентаў, якія абралі беларускую мову на цэнтральным тэставанні. У 2015 годзе беларускую мову здавалі толькі 24% выпускнікоў. 76% выпускнікоў школаў здавалі рускую мову. Яшчэ 8 гадоў таму, у 2007 годзе, суадносіны былі значна бліжэйшымі: 42% выпускнікоў здавалі тэст па беларускай мове і 58% па рускай. За апошніх пяць гадоў (2012-2015) больш як ў два разы скарацілі набор на беларускую філалогію. У 2010 годзе БДУ на дзённую форму навучання набіраў 60 студэнтаў (48 бюджэт і 12 на платнай аснове). У 2012 - 25 (адпаведна 20 і 5). У 2015 ужо толькі 20 і толькі на бюджэт. У 2015 годзе на кітайскую філалогію ў БДУ набор вышэйшы за беларускую - 30 месцаў, з іх 10 бюджэтных і 20 на платнай аснове. У Беларусі не існуе ўстановы вышэйшай адукацыі з беларускай мовай навучання. 20 год таму Таварыства беларускай мовы з дапамогай экспертаў распрацавала канцэпцыю нацыянальнага ўніверсітэта, дзе выкладанне вялося б на беларускай мове, і сабрала 50 тысяч подпісаў за яго стварэнне. Аднак гэтая ініцыятыва не была падтрыманая на дзяржаўным узроўні. Скарачаюцца навуковыя даследванні і папулярызацыя беларускай мовы і літаратуры. У 2008 годзе дзве асобныя ўстановы Акадэміі навук: Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа і Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы аб'ядналі ў адзін - Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы. Гэтае аб'яднанне прывяло да скарачэння кадраў навукоўцаў і адназначна не ўзняло навуковыя гуманітарныя даследаванні на якасна новы ўзровень. А ў 2012 годзе ліквідавалі яшчэ адну самастойную адзінку - Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы, утварыўшы новае аб'яднанне Цэнтр даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. Цяпер гэтыя інстытуты існуюць у складзе Цэнтра ў якасці філіялаў. Доля беларускай мовы на нацыянальным тэлебачанні і радыёвяшчанні мізэрная, у краіне няма нават аднаго беларускамоўнага тэлеканала. Паводле дадзеных Белстата, у 2013 годзе ў Беларусі на рускай мове было выдадзена 82,8 % кніг і брашур, на беларускай - 10,1%. Выходзіла 654 газеты, з іх на беларускай мове - 189. У рэальнасці ж часта такія газеты маюць толькі беларускамоўную назву, а журналісцкія матэрыялы і рэкламу размяшчаюць па-руску. З 921 часопіса на беларускай мове выпускалася 133, і ў дачыненні да мовы тая ж сітуацыя, што і з газетамі. Так, назва грамадска-палітычнага і навукова-папулярнага часопіса адміністрацыі прэзідэнта "Беларуская думка", але ўсе матэрыялы ў ім выключна на рускай мове. На беларускай мове зусім не выпускаюцца мастацкія стужкі. Далёка не ў кожным музеі краіны можна замовіць экскурсію на беларускай мове. Аўдыё-гіды маглі б у пэўнай ступені вырашыць гэтую праблему, але, за рэдкім выключэннем, у музеях і іх няма. Не лепшым чынам выглядае сітуацыя з беларускамоўнай рэкламай. І хоць многія сусветныя брэнды пачалі выкарыстоўваць у рэкламе сваіх тавараў і паслуг беларускую мову, па некаторых падліках, доля беларускамоўнай рэкламы ў нашай краіне не перавышае 1-3 працэнтаў. У той жа час паводле даследавання міжнароднага агенцтва сацыяльных і маркетынгавых даследаванняў МАСМД, заказчыкам якога выступіла грамадская кампанія "Будзьма беларусамі!": 56% беларусаў пазітыўна ацэньваюць беларускую мову ў рэкламе, 60% падтрымліваюць выкарыстанне роднай мовы ў афармленні гарадоў і вітрын. З 1 ліпеня 2010 года ў Беларусі дзейнічае пастанова "Палажэнне аб парадку функцыянавання інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый", якім вызначаны парадак функцыянавання афіцыйных сайтаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, іншых дзяржаўных органаў і дзяржаўных арганізацый. У пункце 3 дадзенага дакумента ўтрымліваецца патрабаванне аб прадстаўленні інфармацыі на дзяржаўных мовах Рэспублiкi Беларусь, а пры неабходнасці таксама на адной або некалькіх замежных мовах. Аналіз вынікаў маніторынгу прадстаўленасці інфармацыі на 45 афіцыйных сайтах дзяржаўных органаў і арганізацый, праведзенага Цэнтрам прававой трансфармацыі Lawtrend, паказаў, што ні адзін з іх не мае паўнавартаснай беларускамоўнай версіі. Толькі 8 сайтаў маюць беларускамоўныя версіі, якія ў большасці выпадкаў з'яўляюцца ўрэзанымі варыянтамі рускамоўных і прадстаўляюць толькі частку абавязковых для размяшчэння катэгорый інфармацыі. Беларуская мова амаль цалкам адсутнічае ў працы ўсіх іншых дзяржаўных заканадаўчых, выканаўчых органаў: у міліцыі і пракуратуры, у міністэрствах і дзяржаўных камітэтах, у прэзідэнцкай вертыкалі ўлады. Моўная стандартызацыя ў рамках ЕўрАзЭС таксама яшчэ больш абмежавала правы беларускай мовы на таварах, якія вырабляюцца ў Беларусі. Для выпраўлення катастрафічнага становішча з беларускай мовай у Беларусі патрэбная спецыяльная комплексная дзяржаўная праграма ўратавання беларускай мовы, якая прадугледжвала б кардынальныя змены ў дзяржаўнай палітыцы русіфікацыі, што праводзіцца сённяшнімі ўладамі Беларусі. Беларускай мове неабходная дзяржаўная падтрымка, інакш яна загіне.

Беларускае Радыё Рацыя.


120 гадоў з дня нараджэння Ванды Лявіцкай

Ванда ЛЯВІЦКАЯ (па мужу Лёсік; 25 верасня 1895, Радашковічы, цяпер Маладзечанскі раён - 8 снежня 1968, пас. Татарка, Стаўрапольскі край, Расія) - беларуская пісьменніца, педагог.

Ванда Лявіцкая была адзінай дачкою пісьменніка Ядвігіна Ш. (Антона Лявіцкага). Пасля вышэйшага пачатковага вучылішча ў Радашковічах яна рыхтавалася да экзаменаў на вясковую настаўніцу, але гэтаму перашкодзілі каталіцкае веравызнанне і пачатак Першай сусветнай вайны.

21 траўня 1909 апублікавала ў газеце "Наша Ніва" свой дэбютны абразок "Бацькаўшчына".

З 1914 года ў Менску, працавала ў "Беларускай кнігарні" і гарадской бібліятэцы імя А. Пушкіна, куды яе рэкамендавала А. Пашкевіч (Цётка), таксама у часопісах "Саха" і "Лучынка". Потым была выхавацелькай і выкладчыцай у беларускіх дзіцячых прытулках і ў Першай менскай беларускай школе. У 1917 Ванда Лявіцкая стала жонкай палітыка, вучонага і пісьменніка Язэпа Лёсіка. У 1919 свой грамадзянскі шлюб Ванда і Язэп Лёсікі асвяцілі ў менскім Касцёле Святога Роха. Напісала ў 1922 успаміны пра бацьку. Таксама займалася літаратурнай творчасцю: друкавала вершы і апавяданні ў "Нашай Ніве", газетах "Беларусь" і "Вольная Беларусь". Калі ў 1930-х Лёсіка арыштавалі па справе "Саюзу вызвалення Беларусі", працавала пасудамыйкаю, разносчыцай тэлеграмаў, а як толькі стала магчымым, паехала да высланага мужа, з 1933 дзяліла з ім ссылку.

Мела з Язэпам Лёсікам траіх дзяцей: сына Юрку (28 жніўня 1919, Карпілаўка - 9 чэрвеня 1997) - інжынер энэргетык, жыў у Армавіры; Люцыю (нар. 8 сакавіка 1921) - настаўніца ў Ліпецку і Алесю (нар. 22 лютага 1923) - настаўніца ў мястэчку Татарка Стаўрапольскага краю.

Хрышчоным бацькам дзяцей Ванды - Люцыі і Алесі - быў Янка Купала. У 1992 годзе Люцыя і Алеся прыязджалі на месца колішняга радавога маёнтка Карпілаўкі. Сын Юры на Беларусь не вяртаўся.

Улетку 1959 В. Лявіцкая прыязджала ў Менск, дзе яе прыняла Уладзіслава Луцэвіч на Омскім завулку, 7.

Вікіпедыя.


Прэзідэнт Беларусі ўзнагародзіў польскіх беларусаў

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 390, якім узнагародзіў дзеячаў беларускай культуры ў Польшчы.

Так, ордэн Францыска Скарыны атрымалі прафесар кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта Аляксандр Баршчэўскі, а таксама паэт, перакладчык, публіцыст і грамадскі дзеяч Віктар Швед. Медалём Францыска Скарыны адзначаны старшыня Беларускага літаратурнага аб'яднання "Белавежа" Ян Чыквін.

Узнагароды ім нададзены за актыўную дзейнасць па папулярызацыі беларускай культуры, мовы і літаратуры, значны асабісты ўнёсак у развіццё міжкультурных сувязяў і ўмацаванне добрасуседскіх адносін паміж Беларуссю і Польшчай.

БелТА.


140 гадоў з дня нараджэння Сяргея Паўловіча

25 верасня 1875 г. у в. Асавец Кобрынскага павета Гарадзенскай губерні нарадзіўся багаслоў, педагог, перакладчык, дзеяч у галіне царкоўнай асветы Сяргей Канстанцінавіч ПАЎЛОВІЧ.

Скончыў Літоўскую духоўную семінарыю ў Вільні, пасля вучыўся ў Кіеўскай духоўнай акадэміі. Тэмай кандыдацкай дысертацыі абраў уніяцкі Замойскі сабор 1720 года. У 1900 г. скончыў акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя.

Выкладаў Закон Божы ў духоўнай вучэльні. У 1904 г. "Гродненские епархиальные ведомости" надрукавалі дапрацаванае ім кандыдацкае сачыненне пад назвай "Опыт истории Замойского униатского провинциального собора (1720 г.)", а потым яно выйшла асобным выданнем у 254 старонкі.

У 1909-1912 гг. выкладаў Закон Божы ў настаўніцкай семінарыі і жаночай гімназіі Рагачова (Віленская навучальная акруга). У 1913-1918 гг. быў прызначаны інспектарам народных вучэльняў у Ваўкавыску. Потым выехаў як бежанец у Калужскую губерню. Там займаў пасаду загадчыка фінансавага аддзялення ў аддзеле народнай адукацыі, а яго жонка Марыя Мікалаеўна працавала памочнікам бухгалтара ў Калужскім аддзяленні Дзяржаўнага банка.

Паўловічы вярнуліся з Расеі на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Пасля пераезду ў Вільню Паўловіч працаваў выкладчыкам Закона Божага ў Віленскай беларускай гімназіі, а ў 1927-1928 гг. навучальным годзе займаў пасаду дырэктара гэтай гімназіі.

Педагагічная і грамадская дзейнасць Паўловіча была цесна звязаная з Таварыствам беларускай школы, некаторы час ён уваходзіў у склад кіраўніцтва гэтай культурна-асветнай арганізацыі. Ён рэдагаваў часопісы "Летапіс Таварыства беларускай школы" (з 1936 г. - "Беларускі летапіс") і "Беларускі каляндар", якія выдаваліся гэтым Таварыствам. Акрамя таго, Паўловіч дапамагаў Беларускаму выдавецкаму таварыству, быў сябрам Беларускага навуковага таварыства, выступаў з рэфератамі па гісторыі хрысціянства на яго паседжаннях.

16 кастрычніка 1930 г. і ў 1933 г. Паўловіч быў арыштаваны і сядзеў у турме на Лукішках.

З канца 1920-х гг. рэзка ўзмацнілася паланізацыя школы. Міністэрства веравызнанняў і грамадскай асветы запланавала на 1929-1930 гг. навучальны год увядзенне ў беларускія школы падручніка "Лемантар" Ст. Любіч-Маеўскага. Паўловіч крытычна аналізаваў яго; выкрыў шкоднасць гэтага дапаможніка для нацыянальнай свядомасці дзяцей. Прыкмечаныя Паўловічам 88 арфаграфічных памылак вымусілі чыноўнікаў зняць лемантар з карыстання, але ў наступным годзе "выпраўлены" падручнік усё ж такі быў уведзены ў навучальны працэс.

У 1929 г. у Вільні, у беларускай друкарні імя Ф. Скарыны быў выдадзены падручнік С. Паўловіча "Пішы самадзейна. Разьвіццё навыку самастойнага пісьма. Пасобнік для беларускае школы і самавукаў. Ч. 1: першы год навучання (пасля азбукі)". У тым жа годзе выйшлі ў свет і "Мэтадычныя ўвагі" да пасобніка "Пішы самадзейна". Яны былі дапушчаны Міністэрствам асветы ў настаўніцкія бібліятэкі пачатковых школ з беларускай мовай навучання.

У 1936 г. у Вільні быў надрукаваны лемантар Паўловіча "Першыя зерняткі". Нацыянальнай абэцэдай беларусаў С. Паўловіч лічыў кірыліцу і абгрунтоўваў гэта прычынамі гістарычна-культурнага характару. Ва ўмовах паглыблення паланізацыі ён быў вымушаны надрукаваць другое выданне лемантара лацінкай пад назовам "Zasieczki". Не гледзячы на гэта, наклад быў канфіскаваны.

У 1926 г. была надрукавана падрыхтаваная ім "Свяшчэнная гісторыя Старога Завету. Для беларускіх пачатковых школ і малодшых класаў гімназій". Сінод дазволіў увесці гэты падручнік у навучальны працэс. Пад рэдакцыяй Паўловіча ў 1933 г. быў выдадзены "Праваслаўны малітваслоў" на царкоўнаславянскай і беларускай мовах, які часова быў дапушчаны да ўжывання ў беларускіх пачатковых школах Віленскае акругі.

Вялікая папулярнасць падручнікаў С. Паўловіча і высокі ўзровень яго ведаў былі прычынай таго, што ў адной з пастаноў Варшаўскага Сінода яго асоба прапаноўваецца ў якасці адзінага кандыдата ў камісію з адмыслоўцаў-багасловаў і мовазнаўцаў па стварэнні падручнікаў Закону Божага на беларускай мове. На рэкамендацыю Віленскай камісіі па беларускіх падручніках Закону Божага выйшла ў свет апрацаваная Паўловічам "Першая навука Закону Божага. Падручнік для пачатковай школы (I-V аддзелы)" (Варшава, 1935 г.) і "Свяшчэнная гісторыя Новага Завету. Падручнік для беларускіх школаў і самаадукацыі" (Вільня, 1936 г.).

Паводле некаторых звестках, у 1937 г. жыў у Варшаве, дзе рэдагаваў дзіцячы ілюстраваны царкоўна-культурны часопіс "Снапок", які быў дадаткам да газеты праваслаўнай мітраполіі "Слово". 16 верасня 1940 г. памёр ад хваробы сэрца і быў пахаваны на Літоўскіх могілках у Вільні.

Спадчына асветніка-патрыёта, яго маральны аўтарытэт і праз семдзесят гадоў пасля смерці Настаўніка застаюцца актуальныя для сённяшняга беларускага грамадства.

Вікіпедыя.


Адукацыйныя паслугі Школа асобаснага росту "ШАР". Псіхолаг Людміла Дзіцэвіч

Семінар - трэнінг "Як дасягнуць сваёй мэты, або мой выбар і заказ".

25 верасня а 18-ай ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13.

Для кантактаў:

сл. тэл. (+375 17) 327-60-88

х.тэл. (+375 17) 281-04-35

МТС (+375 29) 769-29-78

velcom (+375 29) 960-14-53

e-mail spadarl yandex.ru

Заняткі ў Школе асобаснага росту "ШАР" праходзяць кожную 2-ю і 4-ю пятніцу месяца а 18-ай гадзіне (звяраць з абвесткамі) у сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13. Наступныя заняткі - 09.10.


18-годдзе Яніны Асіпцовай

Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ імя Францішка Скарыны віншуе з 18-м днём нараджэння сваю даўнюю знаёмую, маладую паэтку Яніну Асіпцову. З імянінніцай магілёўскую арганізацыю звязваюць даўнія шчырыя сяброўскія адносіны. Два апошнія беларускія гурткі нашай суполкі 10 і 17 верасня, прысвечаныя дню Аршанскай бітвы, а таксама творчасці Ніла Сымонавіча Гілевіча, праводзіла сама Яніна. Прысутныя на сходах беларускага гуртка разам з арганізатаркай прыгадалі і падзеі бітвы пад Оршай (дарэчы, Яніна Асіпцова нарадзілася менавіта 8 верасня), і даўно і горача любімыя вершы Ніла Гілевіча. Дзякуем Яніне за цікавы расповед і зычым ёй поспеху ў жыцці і творчасці!

Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ.


425 гадоў з дня надання гораду Лідзе Магдэбургскага права

17 верасня 1590 года кароль і вялікі князь Жыгімонт ІІІ Ваза надаў гораду Лідзе Магдэбургскае права. Сёлета спаўнялася 425 гадоў гэтай падзеі ў гісторыі горада, і грамадскасць (ТБМ і інш.) вырашыла годна адзначыць гэтую дату.

За паўгода да юбілею даволі лёгка ўдалося знайсці паразуменне з уладамі. Адным з довадаў было тое, што да 450-х угодкаў многія проста не дажывуць.

На дзвюх нарадах у намесніка старшыні выканкама В.Ф. Пранюка быў выпрацаваны комплекс мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да гэтага дня. Улады нават праявілі ініцыятыву і змясцілі Дзень горада з акрэсу 8 ліпеня (дзень вызвалення Ліды ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў) у акрэс 17 верасня (дзень надання гораду Магдэбургскага права), што, магчыма, застанецца і на далей.

Са свайго боку сябры ТБМ распрацавалі і выканалі макет Лідскай ратушы. Удзел бралі Станіслаў Суднік, Вадзім Вераб'ёў, Сяргей Трафімчык, а макет выканаў скульптар з горада Бярозаўкі Яўген Лукашэвіч, той самы, які стварыў для Лідскай бібліятэкі бюст Янкі Купалы.

Быў распрацаваны і выдадзены ў Лідскай друкарні мастацкі буклет, прысвечаны ўгодкам Магдэбургскага права, у тым ліку адну старонку займае Лідскі каляндар на 2016 год з шэрагам датаў лідскай гісторыі.

Былі распрацаваны, выкананы і ўстаноўлены два банеры, на якіх пададзены макет Лідскай ратушы, упісаны у пейзаж горада, на тое месца, дзе грамадскасць мае планы дабіцца яе аднаўлення.

"Белпошта" з ініцыятывы ТБМ выдала мастацкі канверт да 425-х угодкаў надання гораду Лідзе Магдэбургскага права.

Кульмінацыяй мерапрыемстваў мусіла стаць навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная ўгодкам Магдэбургскага права. Канферэнцыю рыхтавалі Лідскі гістарычна-мастацкі музей і Лідская гарадская арганізацыя ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны". Пры тым, што да апошніх дзён Гарадзенскі ўніверсітэт ухіляўся ад удзелу, былі падрыхтаваны 8 дакладаў. Сярод дакладчыкаў мелі быць доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч з Гародні, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Алесь Агееў, выкладчыца БДУ Ірына Грыбко, хацеў выступіць на канферэнцыі малодшы навуковы супрацоўнік інстытута гісторыі НАН Беларусі Кірыл Сыцько, плюс супрацоўнікі музея і лідскія краязнаўцы. Мела быць сур'ёзная, змястоўная канферэнцыя, але недзе за тры дні да пачатку Лідскі выканкам адмяніў канферэнцыю. Фармальна нібыта перанёс на нявызначаны час, але на справе тых дакладчыкаў, якія мелі выступіць, мы больш не збяром.

Музей, безумоўна здольны арганізаваць канферэнцыю па-новаму, але гэта фактычна трэба ўсё пачынаць спачатку, зноў пісаць лісты, зноў усё ўзгадняць і г.д.

Што перашкодзіла правесці канферэнцыю? Адказ на гэтае пытанне хаваецца недзе ў нетрах лідскіх уладных структур і ёсць таямніцаю пакуль неразгаданаю.

Яраслаў Грынкевіч.


"Будзьма!"

29 верасня (аўторак) адбудуцца заняткі гістарычнай школы з Алегам Трусавым "Гісторыя ў падзеях і малюнках". Пачатак - 18.00 гадзін. Румянцава, 13. Уваход вольны.


З нараджэннем маладой беларускай сям'і

Віншуем з вяселлем нашых сяброў - Алеся Петухова і Святлану Глухаву!

4 верасня ў Магілёве нарадзілася новая беларуская сям'я, цырымонія адбылася ў нацыянальных строях і на беларускай мове. Магілёўская суполка ТБМ даўно ведае Алеся і Святлану як добрых людзей і надзейных шчырых сяброў. Зычым ім радасці ў будучым жыцці і святла ў кожным новым дні. Будзьце шчаслівыя!

Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Лазарук Тамара - 50000 р., г. Менск

2. Віцень Вадзюш - 500000 р., г. Менск

3. Касяк Канстанцін - 30000 р., г. Менск

4. Панамароў Сяргей - 150000 р., г. Менск

5. Асаула Рыгор - 200000 р., г. Менск

6. Джэйгала Уладзімір - 130000 р., г. Менск

7. Шкірманкоў Фелікс - 100000 р., г. Слаўгарад

8. Прылішч Ірына - 50000 р., г. Менск

9. Бубен Л. К. - 50000 р., г. Менск

10. Кукавенка Іван - 100000 р., г. Менск

11. Дыро Кірыл - 80200 р., г. Менск

12. Зылькоў С.П. - 600000 р., г. Гародня

13. Рабека Мікола - 150000 р., г. Менск

14. Лягушаў Алег - 100000 р., ст. Ясень, Асіповіцкі р-н

15. Лазарук Тамара - 100000 р., г. Менск

16. Ляўшун Дзяніс - 140000 р., г. Менск

17. Кісляк Васіль - 119000 р., г. Менск

18. Копыл Ілля - 100000 р., г. Менск

19. Кульбака Алесь - 70000 р., г. Менск

20. Лабыка Зміцер - 200000 р., г. Менск

21. Капарыха Мікола - 100000 р., г. Менск

22. Ахрамчук В. Г. - 50000 р. г. Светлагорск

23. Віцень Вадзюш - 500000 р. г. Менск

24. Раманюк Таццяна - 200000 р., г. Менск

25. Аніскевіч Ганна - 100000 р., г. Баранавічы

26. Пракаповіч Ю. - 300000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Бела-русбанк.


Беларускі нацыянальны касцюм

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Кароткая гісторыя касцюма

Умерана кантынентальны клімат, працяглая зіма і негарачае лета вымушалі жыхароў тэрыторыі сучаснай Беларусі карыстацца закрытым і цёплым адзеннем. Рэгіянальныя асаблівасці адзення тут пачалі назірацца ўжо ў I тыс. н.э. У пачатку II тыс. н.э. адбыўся пераход ад пахаванняў па абрадзе трупаспальвання да пахаванняў па абрадзе трупапалажэння (пры якім захоўваецца шмат прадметаў), што дазволіла вучоным лепей вывучыць гэты перыяд. Самым важным этнавызначальным элементам касцюма таго часу былі галаўныя ўборы, у першую чаргу, жаночыя скроневыя кольцы, якія прымацоўваліся да галаўнога ўбору, упляталіся ў валасы або насіліся як завушніцы. Картаграфаванне такіх аздабленняў дазволіла акрэсліць межы пэўных абшараў, якія былі блізкія да асноўных этнаграфічных групаў, хоць самыя простыя дротавыя пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы былі распаўсюджаны амаль па ўсёй Усходняй Еўропе.

Вялікую цікавасць для даследчыкаў уяўляе касцюм XI-XII стст., калі на тэрыторыі сучаснай Беларусі вельмі актыўна ішлі працэсы славянізацыі мясцовага балцкага насельніцтва і працэсы культурнага ўзаемадзеяння.

Фарміраванне ўласна беларускага традыцыйнага касцюма і яго асаблівасцей пачалося ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Патрыярхальны лад жыцця ў беларускіх паселішчах і вядзенне натуральнай гаспадаркі спрыялі таму, што многія тыповыя рысы традыцыйнага касцюма (простыя формы адзення, прамалінейны крой, перавага белага, чорнага і чырвонага колераў у аздабленні і ромба-геаметрычнага арнаменту) захаваліся ад старажытных часоў да канца XIX - пачатку XX ст.

Лакальныя разнавіднасці сялянскага строя

На тэрыторыі Беларусі даследчыкі вылучаюць больш за 30 разнавіднасцяў традыцыйнага сялянскага касцюма, даволі строга прывязаных да пэўнай мясцовасці.

Апісанне мужчынскага касцюма

Гісторыя змен мужчынскага касцюма на Беларусі дазваляе больш глыбока зразумець патрэбы, эстэтычныя густы, сімволіку духоўнай і матэрыяльнай культуры і побыт беларусаў, якія адлюстроўваюць характар таго ці іншага перыяду гісторыі і ўмовы прыроднага асяроддзя.

Плечавое і паясное адзенне

Самай старажытнай часткай мужчынскага плечавога адзення беларусаў з'яўляецца кашуля ("сарочка", "рубаха", "лянка", "срачыца"). Найболей тыповым узорам мужчынскай кашулі была тунікападобная льняная кашуля без швоў на плячах, якая не мела каўняра, але мела разрэз пасярэдзіне грудзіны. На шыі кашуля зашпільвалася на гузік альбо завязвалася стужкай, тасёмкай. Тунікападобная кашуля была таксама найболей старажытным відам мужчынскай нацельнай вопраткі ў народаў Прыбалтыкі, Паволжа і Дагестана.

Пачаткова ва ўсходніх славян мужчынская кашуля была доўгай, часам нават да калена, і яе насілі разам са штанамі. Па сцёгнах яна была падпяразана поясам, якія са старажытных часоў былі ільняныя ці суконныя.

У розных рэгіёнах Беларусі ў канцы XIX - пачатку XX ст. мужчынскае паясное адзенне мела свае назвы: "штаны", "нагавіцы", "ганавіцы", "парты", "порткі", "учкуры", "майткі". Мужчынскія штаны ў раннім Сярэднявеччы былі нешырокімі і іх кроілі з прамых палотнішчаў, перагнутых па аснове. Паміж палотнішчамі ўшываліся ўстаўкі ці кліны. Пояс быў нешырокі і завязваўся вакол таліі.

У якасці ўпрыгожвання да адзення ў X-XIII стст. дадавалі нашыўныя металічныя спіралькі, бляшкі ці пранізкі. Неабходным элементам мужчынскага касцюма быў скураны, тканы, плецены ці шаўковы пояс, да якога прымацоўваліся падвескі-амулеты.

У ліку хатняга і вулічнага кароткага адзення гараджан і шляхты ў часы ВКЛ выступалі жупіцы, казыянкі, кабаты, сукенкі, камізэлі. Жупіца - кароткі лёгкі каптан з рукавамі ці без іх, а казыянка - разнавіднасць кароткага лёгкага каптана, якая шылася з рукавамі ці без іх. Кабат - кароткі, да паловы сцёгнаў каптан з рукавамі і без рукавоў.

Вулічным і хатнім плечавым адзеннем мяшчан і шляхты ВКЛ, якое апраналася паверх кашулі, быў жупан - даўгаполая вопратка з сукна ці шаўковых тканін, пашыраная ўніз ад лініі таліі, якая ад каўняра да таліі зашпільвалася на гузікі. Зімовыя цёплыя жупаны рабілі на падкладцы з ваўняных тканін, часам падбівалі ватай. Жупаны падпяразваліся суконнымі, скуранымі, а пазней і шаўковымі замежнымі ці мясцовага вырабу паясамі. Спінку жупана рабілі прыталенай, а полы суцэльнымі. З сярэдзіны XVII ст. жупан пачалі насіць разам з кунтушом. Па гэтай прычыне пояс ужо завязваўся не на жупане, а на кунтушы. Змяніўся таксама і крой жупана, які пачалі прызборваць ззаду. Шырокія рукавы жупаноў часта мелі каля запясця шчыльныя фігурныя манжэты даўжынёй амаль да пальцаў. Жупан звычайна шылі аднаго колеру, а кунтуш - іншага. Кунтушы таксама насілі і мяшчане ў часы ВКЛ, але для іх гэта быў толькі святочны ўбор.

У 1764 г. сойм Рэчы Паспалітай упершыню зацвердзіў каляровую гаму шляхецкіх мундзіраў (барвы) для кожнага рэгіёна дзяржавы (ваяводства і павета), якой шляхта павінна была прытрымлівацца ў час афіцыйных мерапрыемстваў.

(Працяг у наступным нумары.)


З цікавасцю да літаратурнага жыцця

16 ваерасня ў Лідскім літаратурным музеі на чарговым паседжанні літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры "Лідскай газеце" адбылася прэзентацыя новай кнігі сябра Саюза беларускіх пісьменніка Валера Санько, які апошнія гады стала жыве ў Лідзе і арганічна ўмісаўся ў тутэйшы літаратурны працэс.

Пра гэты самы літаратурны працэс і сучаснае беларускае літаратурнае самаедства і распавядае кніга В. Санько пад нейтральнай на першае прачытанне вокладкай "Сучаснае беларускае літаратурнае жыццё".

Пачытаўшы ці пагартаўшы кнігу, разумееш, што ключавое слова ў назве кнігі - першае "Сучаснае...".

Менавіта гэтае слова вызначае вастрыню і надзённасць кнігі, бо большасць герояў і "антыгерояў" кнігі жывыя, займаюць тыя самыя пасады і прадаўжаюць "есці" іншых аўтараў. А сказаць вострыя словы ў твар у талерантным беларускім грамадстве адважваюцца не многія.

Напісаць прыдумку пра беларускую шляхту, якая нібыта прапіла ўсю слаўную Рэч Паспалітую, гэта лёгка, а напісаць пра нешляхетныя паводзіны мажнаўладцаў у сучасных выдавецтвах і рэдакцыях значна цяжэй. Але для гэтага і ёсць на Беларусі такія праўдалюбы, як Валер Санько.

Што праўда, пазіцыі, акрэсленыя ў кнізе, на імпрэзе падтрымалі не ўсе. Гучалі і добрыя словы ў адрас "адмоўных" герояў кнігі. Прыводзіліся факты чулых адносінаў тых самых рэдактараў выдавецтваў і часопісаў да маладых аўтараў, у тым ліку і да лідскіх.

Ну то і слава Богу, што не ўсё так адназначна дрэнна. Бо перайшоўшы да апошняга слова ў назве кнігі "...жыццё", мы можам канстатаваць, што гэтае самае літаратурнае жыццё ў Беларусі ёсць і ёсць у шматграннасці сваіх праяўленняў, пра якія трэба пісаць і пісаць.

Яраслаў Грынкевіч.


Паэт як астэроід

У кнігарні я набыў дэбютны зборнік Ігара Канановіча "Астэроід"... Літаратурна-мастацкае выданне з'явілася ў выдавецтве "Кнігазбор" і мае наклад 200 асобнікаў. Рэдактарам і карэктарам кнігі з'яўляецца славутая паэтка Наталля Кучмель!

У трох раздзелах "Мір, падобны да раю", "На арбіце тваёй", "Бог ёсць зіма" змешчаныя вершы, створаныя ў класічнай манеры, якія напоўніцу раскрываюць унутраны свет шчырай душы паэта, што гартуецца ў пакутах, спасцігаючы вечныя ісціны: паклікання, кахання і зямнога прызначэння чалавека...

Аўтар зборніка нарадзіўся 22 ліпеня 1983 года ў Клецку. У 2000 годзе скончыў Заастравецкую СШ Клецкага раёна. У 2003 годзе паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ.

Пасля заканчэння з 2008 па 2013 год працаваў настаўнікам беларускай і рускай моў у школах Клецкага раёна...

Друкаваўся ў часопісах "Дзеяслоў" і "Верасень", газетах "Літаратура і мастацтва", "Настаўніцкая газета", "Да новых перамог".

Асабіста мне спадабаліся вершы: "Твой рэзон". "Бог", "Любай", "Апошняя куля"...

Трэба адзначыць, што аўтар чытаў свае вершы на юбілейным мерапрыемстве Леаніда Галубовіча (65 год), якое адбылося ў галерэі "Ў". Было вельмі цікава!

Будзе добра, калі аўтар правядзе самастойную творчую сустрэчу з чытачамі! Чакаем!

Аляксей Шалахоўскі, гісторык, журналіст.


Еўрапейскі дзень моў у Ходараўцах

26 верасня адзначаецца Еўрапейскі дзень моў. Ён быў абвешчаны Радай Еўропы (і падтрыманы Еўрапейскім саюзам) падчас Еўрапейскага года моў - 6 снежня 2001 г. Паняцце еўрапейскія мовы больш шырокае, яго не трэба блытаць з афіцыйнымі мовамі краін-членаў Еўрасаюза. Асноўная мэта дня - заахвочванне вывучэння і засваенне розных моў як у школах, так і па-за іх межамі на працягу ўсяго жыцця чалавека.

Захаванне і развіццё моў, уключаючы малыя, дэкларуецца ў якасці афіцыйнай моўнай палітыкі Еўрасаюза. Сярод спосабаў дасягнення гэтага звычайна называюцца вывучэнне больш чым адной замежнай мовы і працяг вывучэння моў у спелым узросце. Асабліва падкрэсліваецца неабходнасць вывучэння некалькіх замежных моў, а не толькі англійскай, якая абсалютна дамінуе з пачатку 1990-х, засмечваючы шматлікія мовы непатрэбнымі запазычаннямі.

Беларусь не стаіць у баку. Еўрапейскі дзень моў адзначаецца ўжо не першы год рознымі мерапрыемствамі. З гэтай нагоды ў СМІ мільгаюць то Ліда, то Магілёў, то іншыя гарады.

Сёлета рэй зноў павяла Лідчына. Літаратурна-музычная сустрэча да Еўрапейскага дня моў прайшла 19 верасня ў школе вёскі Ходараўцы. Гэта адна з самых далёкіх вёсак Лідскага раёна, але паэты і пісьменнікі едуць сюды ў апошнія гады вельмі часта і ахвотна.

Гэтым разам у Ходараўцы завіталі паэт, перакладчык, літаратуразнавец Міхась Скобла і спявачка Белдзяржфілармоніі Таццяна Грыневіч-Матафонава.

Імпрэза была пабудавана вакол кнігі "Галасы з-за небакраю", укладальнікам якой з'яўляецца Міхась Скобла. У гэтай кнізе змешчаны творы 658 замежных аўтараў, якія з 57 моваў свету пераклалі на беларускую мову 198 перакладчыкаў. У кнізе 896 старонак, і прысутны на сустрэчы Станіслаў Суднік выказаў пажаданне, каб такія ж фаліянты беларускай паэзіі выйшлі на гэтых 57 мовах. Тады б культурны абмен быў паўнавартасным, бо ў нас "імпарт" пераважае над "экспартам", і беларускую мову ў свеце ведаюць яшчэ далёка недастаткова.

Падчас сустрэчы праводзіліся літаратурныя віктарыны, і пераможцы атрымоўвалі прызы ад кампаніі "Будзьма беларусамі". І ёсць пэўная надзея, што пры тым настаўніцкім калектыве, які ёсць у Ходараўскай школе, гэтая беларуская школа будзе і далей спраўна выпускаць у самастойнае жыццё падрослых беларусікаў.

З вакон Ходараўскай школы відны тры буслянкі, то дзе ж яшчэ расці сапраўдным беларусам, калі не пад крыламі сімвала Беларусі - нашага адвечнага бусла.

Яраслаў Грынкевіч.


Дзяліцца творчасцю ад душы

Сябры ТБМ сустрэліся з мастаком-манументалістам, рэстаўратарам, перформерам Алесем Пушкіным з нагоды яго 50-годдзя на творчай вечарыне Э. Дзвінскай, з якой яны нарадзіліся ў адзін дзень.

Госці пазнаёміліся са станкавымі жывапіснымі працамі, партрэтамі Васіля Быкава, Янкі Быліны, Вінцэнта Гадлеўскага, роспісамі і абразамі ў касцёлах ў Магілёве, Міхалішках, Вішневе. У 2013 годзе пра дзейнасць мастака была выдадзена невялікім тыражом кніга "Алесь Пушкін". Знайсці і прачытаць яе можна ў электроннай бібліятэцы KAMUNIKAT.org

"Можа, у тым і ёсць загадка прыцягальнасці творчасці Пушкіна - у здольнасці сказаць пра надзённае і важнае асабістым, уласцівым толькі яму, але зразумелым для многіх голасам - падкрэсліўшы пры гэтым першынство адвечных чалавечых і нацыянальных каштоўнасцяў ", - пісаў адзін з аўтараў, Аляксей Хадыка.

У сваім слове Алесь Пушкін падзякаваў выдаўцам, складальнікам кнігі, журналістам якія ажыццявілі гэты праект. Таксама мастак распавёў пра тое, як ідзе праца над роспісам спаленай царквы ў яго роднай вёсцы Бобр, якая зноў адбудавана. А таксама пра акалічнасці знаходкі вельмі рэдкіх дакументаў і графічных замалёвак, якія ён адшукаў падчас рэстаўрацыйных работ у касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Вішнева, над аздабленнем якога ў свой час працаваў вядомы беларускі мастак Фердынанд Рушчыц.

- Усе ўнікальныя дакументы, малюнкі, планы перададзены намі ў Дзяржаўны нацыянальны гістарычны архіў. З гэтымі знаходкамі ўсе зацікаўленыя змогуць пазнаёміцца на адмысловым сайце, які хутка пачне працу. Яго адрас у інтэрнэце: www.vishneva.by, - на завершанні свайго асповеду дадаў Алесь Пушкін.

Запамінальным было песеннае вітанне ад Змітра Вайцюшкевіча. Як адзначалася ва ўступным слове да яго творчасці, якой прысвечана кніга Э. Дзвінскай і іншых аўтараў "Беларускае слова ад спеву", каб песня кранала слухачоў, спявак павінен быць добрым кампазітарам, чуйна разбірацца ў паэзіі, быць прафесіяналам-выканаўцам. Такімі якасцямі напоўніцу валодае Зміцер Вайцюшкевіч. Мо таму, з такой цеплынёй і замілаваннем успрымалі слухачы такія песні З. Вайцюшкевіча, як "Зоркі нашыя" на верш Р. Барадуліна ці "Месяц - жоўтая лодка" на верш Г. Бураўкіна…

Трэба адзначыць, што лірычны настрой, які перадаўся прысутным падчас выканання песень на вершы выдатных беларускіх паэтаў, заахвоціў сталых паэтаў і пачаткоўцаў, якія прысутнічалі на вечарыне, падзяліцца сваімі паэтычнымі здабыткамі. Гучалі грамадзянскія і публіцыстычныя творы А. Грыцкевіч, вядомы паэт Я. Гучок прадэкламаваў свой верш, паэтычныя творы прадставілі выкладчыца БДТУ Л. Дзіцэвіч і ўдзельніца традыцыйнага этна-фолк-гурта GUDA Любоў Сівурава. Таксама, было цікава даведацца, што, пасля працы і выдання дыска "Вяселле", Любоў працуе над сольным праектам "SIVA love"…

Цудоўным завяршальным акордам творчай вечарыны Э. Дзвінскай і герояў яе кніг, стала выступленне на "біс!" Змітра Вайцюшкевіча. Яго песні "Гітара", "Маці" абуджалі лепшыя пачуцці, зачароўвалі меладычнасцю спеваў і нашай мовы.

Э. Оліна, А. Мяльгуй, фота аўтараў. На здымках: 1 - 2. Маці Божая Ружанцовая. Роспіс А.М. Пушкіна ў касцёле ў Міхалішках. 3. Алесь Пушкін, Любоў Сівурава і госці вечарыны. 4. Выступае Зміцер Вайцюшкевіч.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX