Папярэдняя старонка: 2015

№ 46 (1249) 


Дадана: 18-11-2015,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 46 (1249), 18 лістапада 2015 г.


95-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну

Беларускае радыё: 90 гадоў у эфіры

15 лістапада 1925 года адбылося ўрачыстае адкрыццё шырокавяшчальнай радыётэлефоннай станцыі. Упершыню ў эфіры прагучалі запаветныя словы: "Гаворыць Мінск!..". Быў наладжаны серыйны выраб радыёпрыёмнікаў, але транслявацца перадачы маглі толькі ў радыусе 300 вёрстаў і гучалі толькі 30 хвілін на суткі. Так гісторыя пачыналася… А сёлета Беларускае радыё адзначае ўжо сваё 90-годдзе. Цяпер гэта сучасная высокатэхналагічная структура, якая ўключае ў сябе два агульнанацыянальныя каналы (Першы нацыянальны канал Беларускага радыё і радыё "Культура") і 3 радыёстанцыі ("Сталіца", "Радыус-FM", міжнароднае радыё "Беларусь"). Напярэдадні юбілею журналісты, якія працуюць на радыё падзяліліся сваімі ўспамінамі і разважаннямі пра эфірныя будні, урокі прафесіі, а таксама пра мінулае і сучаснасць у гісторыі Беларускага радыё.

Алена ДАВІДОВІЧ, намеснік галоўнага дырэктара - дырэктар дырэкцыі інфармацыйнага і грамадска-палітычнага вяшчання Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё:

- Калі коратка казаць, то Беларускае радыё сёння - гэта сучаснае радыё з багатымі традыцыямі. Як і раней, яно пазіцыянуе сябе як радыё для ўсіх і для кожнага. Слоган Першага нацыянальнага - "Будзем разам!". Яго мы выбралі свядома, і ён акрэслівае нашу мэту: заўсёды быць цікавым для слухача, разам з ім абмяркоўваць важнае, актуальнае і разам з карысцю праводзіць час.

Да 90-гадовага юбілею ў эфіры Першага нацыянальнага канала распачаты праект "Радыёлетапіс краіны", у якім мы звяртаемся да нашай багатай фанатэкі, архіўных запісаў, дзе можна пачуць галасы людзей розных часоў, успамінаем тых, хто працаваў у нас раней, расказваем і пра сённяшняе сучаснае радыё. Зразумела, разам з краінай Беларускае радыё расло, мянялася, мадэрнізавалася. Момантам адліку сучаснага радыё можна лічыць 90-я гады мінулага стагоддзя. Гэта новы час, новыя магчымасці.

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ, галоўны дырэктар міжнароднага радыё "Беларусь", радыёвядовец:

- У маё жыццё радыё прыйшло вельмі рана. У дзяцінстве ў нас дома была чорная "талерка", якую любіла слухаць мая бабуля. Радыё ў нас не выключалася. І сам я слухаў казкі па радыё і нават, калі гуляў, браў кніжку і казаў: "Добры дзень, я вам зараз прачытаю казку". Але ніколі не думаў, што буду працаваць на радыё. Аднак так атрымалася, што на працу ў полацкую газету "Хімік" мяне не ўзялі, але запрасілі на вытворчае аб'яднанне "Палімір", і там была пасада "Рэдактар заводскага радыё". З таго часу я перад мікрафонам. Ужо тады, пазнаёміўшыся з радыйнай працай, прапанаваў свае паслугі Беларускаму радыё. А калі вызвалілася месца ўласнага карэспандэнта, то з 2 сакавіка 1981 года стаў працаваць на гэтай пасадзе на Беларускім радыё, і гэта доўжылася амаль 16 гадоў. Кожны дзень я павінен быў перадаваць сюды, на Чырвоную 4, тэкставую інфармацыю, рабіць рэпартажы… А з пераездам у Менск, ужо працуючы ў часопісе "Вожык", я працягваў прыходзіць на радыё. Аднойчы мяне, як пісьменніка, запрасіла на інтэрв'ю Галіна Шаблінская. І вось я зайшоў у студыю і думаю: "Няўжо ніколі больш не сяду да мікрафона?". Таму, атрымаўшы ў 2002 годзе прапанову зноў працаваць тут, амаль што не раздумваючы, згадзіўся. Праз нейкі час мне прапанавалі ўзначаліць замежную рэдакцыю. За мяжой беларускае радыё ў той час вяшчала 4 гадзіны на 4 мовах. Для параўнання - сёння ў нас 8 моў і вяшчаем круглыя суткі.

Уладзімір ТРАПЯНОК, загадчык аддзела навін культуры дырэкцыі канала "Культура" Беларускага радыё:

- Я пачаў працаваць на радыё "Культура" ў 2003 годзе. Тады каналу споўнілася крыху больш за год. Я быў сведкам таго, як тут з'яўляліся новыя праекты, фарміравалася сетка праграм. Ведаю, што многія перадачы ўзнікалі пасля нашых творчых нарад. Цяпер "Культура" гучыць суткі ў эфіры і прапаноўвае слухачам самыя разнастайныя праграмы, навіны культуры і іншае - усё для духоўнага ўзбагачэння нашага слухача... Для мяне прыходзіць на радыё - гэта радасць.

Вольга ВЕНСКАЯ, радыёвядоўца "Радыус-FM":

- У радыё ёсць свая бясспрэчная перавага перад тым жа тэлебачаннем: мы можам тут і цяпер уплываць на жыццё, настрой і рэагаваць на запыты слухачоў. І так пачэсна адчуваць сябе тым чароўным звяном, якое дапамагае кагосьці знайсці, падзяліцца чымсьці, можа пазнаёміць з цікавымі людзьмі, параіць нешта, аказаць дапамогу ў складанай сітуацыі… У наш час радыё прадракаюць часам не самыя "вясёлкавыя" перспектывы, але па-ранейшаму яно лідзіруе па аператыўнасці распаўсюджвання інфармацыі. Радыё,як вечны рухавік, - заўсёды гучыць, падбадзёрвае галасамі дыджэяў, любімымі песнямі і цікавымі выпускамі навін. А нашы ўдзячныя слухачы - лепшы доказ таго, што кожны з нас на сваім месцы робіць сваю працу ад душы!

Паводле Алены ДРАПКО ("Звязда").


110 гадоў з дня нараджэння Яна Скрыгана

Ян (Янка) СКРЫГАН, сапр. Іван Аляксеевіч Скрыган (16 лістапада 1905, в. Труханавічы (цяпер Капыльскі раён, Менская вобласць) - 18 верасня 1992). Псеўданімы: Аўлас, Відук, Я. Відук, Ян Відук, Дзед Аўлас (з П. Броўкам), Крушына, Я. Крушына, Пірат) - беларускі пісьменнік, паэт, навеліст, нарысіст, публіцыст і крытык.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовай царкоўнапрыходскай школе, потым вучыўся ў Слуцку ў Беларускай гімназіі і сельскагаспадарчым тэхнікуме.

У 1924 г. Ян Скрыган стаў супрацоўнікам слуцкай акруговай газеты "Вясковы будаўнік". Пасля ліквідацыі акругі і пераезду ў Расоны працаваў загадчыкам Народнага дома пры выканкаме, затым - у рэдакцыі газеты "Чырвоная Полаччына", дзе пазнаёміўся з П. Броўкам. У 1932 г. закончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне БДУ. Быў членам літаратурных аб'яднанняў "Маладняк" і "Літаратурна-мастацкая камуна". Будучы студэнтам, займаўся грамадска-палітычнай работай: у 1929 г. выязджаў у Магілёўскую вобласць на калектывізацыю, у 1930 г. з брыгадай супрацоўнікаў газеты "Звязда" працаваў на Гомсельмашы па наладжванні сістэмнай арганізацыі заводскага жыцця, назіранні над якім перададзены ў кнігах нарысаў. У 1933-1936 гг. працаваў у рэдакцыі газеты "Літаратура і мастацтва".

13 лістапада 1936 г. Яна Скрыгана арыштавалі па абв-навачанні ў "контррэвалюцыйнай дзейнасці" і засудзілі на дзесяць гадоў пазбаўлення волі з высылкай у Сібір (Кемераўская вобласць). У 1946 г. ён быў вызвалены, аднак пазбаўлены грамадзянскіх правоў на пяцігадовы тэрмін. Працаваў на пасадзе бухгалтара на гідролізным заводзе ў Фергане, на сланцахімічным камбінаце ў Эстоніі, куды пераехаў, каб быць бліжэй да Беларусі, дзе яму было забаронена жыць. 25 чэрвеня 1949 г. зноў арыштаваны і высланы ў Сібір, у Суха-бузімскі раён, дзе працаваў бухгалтарам у райкамгасе і МТС.

У снежні 1954 г. з Івана Аляксеевіча Скрыгана былі зняты ўсе абвінавачанні, ён быў поўнасцю рэабілітаваны і адноўлены ва ўсіх правах. Пасля вяртання ў Менск пісьменнік актыўна ўключыўся ў літаратурную дзейнасць: працаваў рэдактарам у Дзяржвыдавецтве БССР, літкансультантам Саюза пісьменнікаў, рэдактарам і намеснікам галоўнага рэдактара часопіса "Полымя". Як добры знаўца мовы быў запрошаны галоўным рэдактарам выдавецтва "Беларуская савецкая энцыклапедыя" П. Броўкам на пасаду загадчыка літаратурна-кантрольнай рэдакцыі (1967-1975). Працаваў адказным сакратаром камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1975-1985).

Вікіпедыя.


90 гадоў з дня нараджэння Кастуся Акулы

Кастусь АКУЛА (да эміграцыі Аляксандр Качан, 16 лістапада 1925, Верацеі, Дзісненскага павета Віленскага ваяводства (цяпер Крулеўшчынскі сельсавет, Докшыцкі раён, Віцебская вобласць) - 29 студзеня 2008, Таронта, Канада) - беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч.

Маці пісьменніка цяжка захварэла і памерла напрыканцы жніўня 1939.

Падчас нямецкай акупацыі настаўнічаў, з вясны 1944 года - курсант Менскай афіцэрскай школы БКА. З лета 1944 года на эміграцыі. Ваяваў у складзе 2-га польскага корпуса Брытанскай арміі. У 1946-1947 гадах жыў у Вялікабрытаніі. Браў удзел у заснаванні Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі. У чэрвені 1947 года пераехаў у Канаду. Адзін з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Канады, першы ягоны старшыня. Рэдагаваў газету "Беларускі Эмігрант", часопіс "Зважай" (1974-1997).

На Канадскай зямлі Кастусь Акула працягнуў сваю літаратурную дзейнасць. Першай кнігай стала дакументальная аповесць "Змагарныя дарогі". Другая кніга "Tomorrow is Yesterday", затым раман "Гараватка" у трох кнігах, раманы "За волю", "Заўтра ёсць учора", "Усякая ўсячына" (Проза, паэзія, п'еса) і інш.

У 1990-я гады наведаў Беларусь.

Вікіпедыя.


Прэзентацыя зборніка матэрыялаў канферэнцыі "Моўныя правы і іх абарона" ў 2-х тамах

13 лістападаў сядзібе ТБМ у Менску прайшла прэзентацыя зборніка матэрыялаў канферэнцыі "Моўныя правы і іх абарона" у двух тамах.

У першы том ўвайшлі ўласна тэксты дакладаў і выступленняў, якія прагучалі на самой канферэнцыі: на пленарным паседжанні і ў дзвюх секцыях.

У другі том ўвайшлі матэрыялы маніторынгу моўнай сітуацыі ў Беларусі, які быў праведзены сябрамі ТБМ на этапе падрыхтоўкі да канферэнцыі, а таксама рэальныя прапановы ТБМ па паляпшэнні гэтай сітуацыі.

На прэзентацыі прысутнічалі некаторыя аўтары артыкулаў зборніка, выказваліся прапановы пра далейшае прасоўванне моўных правоў і арганізацыі новых канферэнцый і фестываляў мовы сумесна з рознымі ўстановамі (напр., Акадэміяй навук Беларусі).

Трэба меркаваць, што наступная канферэнцыя ТБМ будзе прысвечана моўнай бяспецы Беларусі, бо патрэба шырокага абмеркавання ў грамадстве гэтай праблемы вісіць у паветры, а ва Украіне канферэнцыя з такой тэматыкай толькі што прайшла.

Наш кар.



Міністру інфармацыі

Рэспублікі Беларусь

Ананіч Л.С.

Пр. Пераможцаў, 11,

220004, г. Мінск

Шаноўная Лілія Станіславаўна!

Як Вам, безумоўна, вядома, нядаўна беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры.

Беларускія СМІ сцвярджаюць, быццам дзяржаўныя выдавецтвы за апошнія 20 гадоў не выдалі ніводнай кнігі Святланы Алексіевіч.

Мы думаем, што Міністэрства інфармацыі неяк будзе рэагаваць на гэтую сітуацыю, і прапануем наступнае:

- выдаць усе кнігі Святланы Алексіевіч за дзяржаўны кошт на дзяржаўнай беларускай мове годнымі накладамі, каб у кожнай бібліятэцы Беларусі і ў кожнай кнігарні былі кнігі Нобелеўскага лаўрэата па-беларуску.

Такія дзеянні будуць цалкам адпавядаць наступнаму выказванню Кіраўніка нашай краіны: "Беларуская мова з'яўляецца важнейшым нацыянальным культурным здабыткам".

З павагай,

Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" А. Трусаў.



Старшыні

ГА "Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб звароце

Паважаны Алег Анатольевіч!

Ваш зварот ад 13 кастрычніка 2015 г. № 176 разгледжаны ў Міністэрстве інфармацыі. Прапанова аб перавыданні кніг С. Алексіевіч будзе разгледжана выдавецтвамі пры фарміраванні тэматычных планаў пры ўмове згоды з боку аўтара.

Намеснік Міністра У.У. Матусевіч.


"Радыё Марыя - Беларусь" загучыць у красавіку 2016

У красавіку 2016 года плануецца запуск беларускамоўнай праграмы каталіцкай радыёстанцыі "Радыё Марыя".

Як паведамляе сайт catholic.by, беларуская версія радыё будзе мець назву "Радыё Марыя - Беларусь" і спачатку з'явіцца ў інтэрнэце. Сайт піша: "Праграмы радыёстанцыі, якая будзе вяшчаць на беларускай мове, дадуць магчымасць слухачам пазнаёміцца з хрысціянскім вучэннем, пачуць трансляцыі набажэнстваў з розных каталіцкіх храмаў па ўсёй Беларусі; будуць гучаць перадачы культурнай, хрысціянскай і сацыяльнай тэматыкі, музыка, рэпартажы пра важныя падзеі з жыцця Касцёла ў розных краінах свету. Таксама ў эфіры будуць інтэрактыўныя праграмы, падчас якіх слухачы змогуць атрымаць адказы на свае пытанні ў спецыяльна запрошаных гасцей. (...) Духоўную апеку над новым радыё па даручэнні Мітрапаліта Менска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча вядзе кс. Аляксандар Тарасевіч, пробашч парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Капылі".

"Радыё Марыя" ўзнікла ў 1982 як парафіяльная ініцыятыва ў Італіі; у 1987 радыёстанцыя пачала вяшчаць на ўсю Італію; у 1998 італьянская асацыяцыя "Радыё Марыя" стала заснавальніцай Міжнароднай асацыяцыі "Сусветная сям'я Радыё Марыя". Цяпер гэтае радыё вяшчае на пяці кантынентах, у 75 краінах свету, у тым ліку ў Расеі і ва Украіне.

Радыё Свабода.


За помнікі беларускай мове

У ТБМ прыйшоў ліст падтрымкі ад жыхаркі Віцебскай вобласці Людмілы Ардынскай (сябра народнага музычна-літаратурнага аб'яднання "Світанак" з г.п. Шаркаўшчына, Віцебск. вобл.). Сп. Людміла ўхваляе ідэю стварэння помніка беларускай мове і непакоіцца за лёс помніка, прысвечанага літары "Ў". І нават напісала вершы з гэтай нагоды.

"Ў"

"У" беларускае, "У" нескладовае -

Літара мовы і гук адмысловы,

Што нам спрадвеку гучаннем кароткім

Перадалося ў маўленні ад продкаў.


Чуецца ён у бязмежжы палётаў,

У гушчары пракаветных лясоў.

Сягае выгінаў рачных берагоў

Над роўняддзю белых бліскучых снягоў.


Поўню трымае ў зоркавым небе,

У ніўцы ўрадлівай, што корміць нас хлебам.

Ёсць у вялікай колькасці словаў

Гукам і літарай матчынай мовы.

Помнік у гонар беларускай мовы

Які ў гонар твой паставяць помнік,

"Самаадданая да самазабыцця,

Ахвярная, пакутлівая мова"*,

Ласкава-сціплая, пяшчотная мая?


Ці будзе сумнаю калінаю пахілай

Каля вясновае вірлівае ракі?

Ці птушкай, у якой звязалі крылы,

Забаранілі песні на вякі?


Ці крыжам на зямлі яна паўстане,

Што па жыцці Мацей нёс Бурачок?

Ці зоркай сіняю на золку прад світаннем

Паэту, што асвечвае радок?


У помніку хай птушкаю лунае

Крылатай спеўнаю над вольнаю зямлёй!

У каго Мацея крыж, хай акрыляе.

Народны вечны помнік будзе той.

* П. Севярынец "Беларуская глыбіня" (раздзел "Мова любові")


У Менску адбылася прэм'ера спектакля пра Браніслава Тарашкевіча

У тэатры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта "На балконе" аматарская трупа правяла прэм'еру спектакля "Браніслаў. Сцэны з жыцця ды сноў" паводле аднайменнай п'есы Эльдара Бякірава.

Цягам некалькіх месяцаў акторы-аматары рэпетавалі разам з рэжысёрам і аўтарам п'есы. Эльдар Бякіраў напісаў п'есу пра рэфарматара беларускага правапісу яшчэ ў 2012 годзе, але рэалізоўваецца пастаноўка толькі цяпер - пры падтрымцы Арт Сядзібы і Асамблеі няўрадавых арганізацыяў.

Перад прэм'ерай Эльдар Бякіраў сказаў Свабодзе, што рэжысёр ніколі не павінен быць задаволены вынікам сваёй працы - у тэатры заўсёды застаецца прастора для ўдасканалення.

- Кастынг правялі летам, а рэпетыцыі праходзілі ўвосень. Можна сказаць, што спектакль быў зроблены за паўтара месяца. Пры гэтым мы не мелі магчымасці рэпетаваць кожны дзень - акторы не прафесіяналы, а аматары, у кожнага свае клопаты, вучоба, праца. Але я лічу, што за гэты час мы прысвяцілі сябе спектаклю, ужыліся ў яго. Пасля спектаклю я разлічваю пачуць водгукі гледачоў, на падставе якіх, магчыма, будуць зробленыя нейкія змены. Гэта спектакль-канструктар, пабудаваны са сцэнаў такім чынам, што іх можна мяняць месцамі, нешта выкідаць, нешта дадаваць.

У спектаклі паўстае вобраз мовазнаўца Браніслава Тарашкевіча, яго любімай, маці-Беларусі, а таксама некалькі персанажаў, якія ўвасабляюць рэаліі таго часу, калі жыў навуковец, - савецкі следчы, польскія камісары, савецкі вучоны.

Як патлумачыў рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Эльдар Бякіраў, у вобразе Тарашкевіча можна пабачыць і сучаснага чалавека, які мае сваё ўяўленне пра будучыню краіны і вымушаны сутыкацца з рознымі выпрабаваннямі на сваім шляху.

- Каб не страціць нацыю, трэба мець мову. Пакуль ёсць надзея, я не пахіснуся. Але я бачыў кепскі сон - нібыта ў Менску праз 100 гадоў усё будзе на расейскай мове, - гаворыць галоўны герой у спектаклі.

Як адзначыў пасля прэм'еры мовазнавец Вінцук Вячорка, папярэдні падобны паказ у сценах БДУ адбыўся ў 1982 годзе:

- Беларуская Майстроўня ставіла ў БДУ спектакль "Цар Максіміліян", які быў фармальна народнай драмай, а фактычна - пра тое, як вызваліцца з-пад чужацкіх культаў. І вось толькі праз 33 гады ўніверсітэцкія муры пабачылі наступны спектакль, пастаўлены студэнтамі, які перакідвае масток у тую эпоху, калі светлыя людзі разумелі, што такое каштоўнасці. Прайшоў пэўны гістарычны цыкл, і мы нікуды не падзеліся без гэтага мосціка, - адзначыў Вінцук Вячорка.

Ён таксама сказаў, што да рэальнага Тарашкевіча і яго біяграфіі п'еса мае дачыненне пастолькі, паколькі ён быў адным з многіх, хто цягнуў на сабе мроеную Беларусь і хто зазнаў праз гэта экзыстэнцыйную трагедыю:

- Гэта паказана праз кліпы, якія адлюстроўваюць у спектаклі выпадкі з жыцця Тарашкевіча і яго сны, і архетыпы. Рэальны Тарашкевіч праходзіў праз свае выклікі.

Гледачы пасля спектакля мелі магчымасці падзяліцца з рэжысёрам і акторамі ўражаннямі і задаць ім пытанні:

- Гэта было моцна. У нас расейскамоўная сям'я, але пасля спектакля мы з жонкай пачалі абмяркоўваць, што трэба нашу дачку аддаць у беларускамоўны садок. Ды і з біяграфіяй Тарашкевіча захацелася пазнаёміцца, - сказаў адзін з гледачоў.

У межах прэм'еры запланаваныя яшчэ чатыры паказы спектакля.

Радыё Свабода.


"Струны сэрца чыстага"

Канцэрт памяці паэтаў Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна адбыўся 10 лістапада ў Белдзярфілармоніі. Ідэя правесці мемарыяльную вечарыну належыць народнаму артысту Беларусі, дырыжору Міхаілу Казінцу, лаўрэату прэміі "За духоўнае адраджэнне". У вялікую залу Філармоніі сабраліся родныя, сябры і аднадумцы двух паэтаў.

Ад творчага калектыва і ўсіх прысутных глыбокую пашану і ўдзячнасць выказала любімым паэтам вядоўца канцэрту Вольга Брылон. Асветнікі, сыны Полацкай зямлі, яны ішлі па жыцці поруч, служылі роднаму слову, іх хвалявалі адны і тыя ж праблемы.

У канцэртнай праграме ўдзельнічалі Народны аркестр імя І. Жыновіча, Дзяржаўны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы. Са спевамі выступілі Ігар Задарожны, Зміцер Вайцюшкевіч, Андрэй Коласаў, Анастасія Рачыцкая. Да спадчыны Генадзя Бураўкіна і Рыгора Барадуліна звярталіся многія кампазітары-песеннікі: Юры Семяняка, Ігар Лучанок, Уладзімір Мулявін, Эдуард Ханок, Васіль Раінчык, Ігар Палівода.

У 1-м аддзяленні вечарыны шчыра, залівіста, пад звон цымбалаў, флейтаў, скрыпак гучала папулярная песня "Конь незацугляны" у выкананні Андрэя Коласава, "Зачараваная" - ад Сяргея Якуша.

Зміцер Вайцюшкевіч у чорным фраку, бадзёры і поўны энергіі, выканаў песні "Дачакайся, матуля", "Зоркі нашыя", "Пані трошкі ў гадах", "Месяц, жоўтая лодка" пад акампанемент лепшага баяніста Беларусі Аляксандра Шувалава і партыі фартэпіяна Канстанціна Гарачага.

Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч заспявалі "Завіруху" 70-тых гадоў, узгадаўшы, што з ёй было ў людзей звязана шмат спатканняў і прызнанняў у каханні. Дзяўчынкі і хлопчыкі з Узорнай эстраднай студыі "Спяваем разам" з Маладэчна кранальна зацягнулі " Калыханку", якую любяць усе дзеці.

У выкананні саміх паэтаў слухачы пачулі іх вызначальныя вершы "Народ мой, дзякую табе", "Малітва", "Трэба дома бываць часцей". З барадулінскай жыццясцвярджальнасцю, гумарам і весялосцю заспяваў песню "Будзьма" Эдуарда Зарыцкага Андрэй Коласаў.

У 2-м аддзяленні прафесар Міхаіл Казінец дырыжыраваў Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам. Была выкананая Шостая сімфонія Андрэя Мдзівані "Полацкія пісьмёны". Постаці вялікіх паэтаў сучаснасці пастаўлены ў адзін шэраг з выдатнымі дзеячамі беларускай Асветы.

- Вельмі прыемна сёння бачыць сяброў нашых народных паэтаў, бо, безумоўна, Генадзь Бураўкін таксама заслугоўвае звання "народнага", - адзначыў журналіст Сяргей Шапран, укладальнік зборніка "Тры мяхі дзядзькі Рыгора". - Шкадаванне выклікае тое, што такой пашаны не было пры жыцці абодвух паэтаў. У іншай цывілізаванай краіне яшчэ пры жыцці паэтаў на дзяржаўным узроўні аддавалася б належнае іх творчасці і іх асобам. "Самы галоўны запавет, - казаў дзядзька Рыгор: не прадаць душу д'яблу, захаваць сваю душу і застацца сумленным". Генадзь Мікалаевіч у апошнія дні пакінуў запавет берагчы Беларусь і працягваць справу папярэднікаў.

- На гэтых днях выходзіць другі том кнігі нататкаў Рыгора Барадуліна "Дзённікі і запісы", - звярнула ўвагу ўкладальніца зборніка, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Наталля Давыдзенка. - Кніжка прыгожая і вельмі змястоўная, наклад яе складае 250 асобнікаў. Там будуць раней не друкаваныя вершы, эпіграмы, шмат запісаў рознага кшталту: паездкі па ўсіх краінах, сяброўскія стасункі.

- У мяне засталося больш за 300 негатываў чорна-белых фотаздымкаў пра кожнага з паэтаў, - падзяліўся ўспамінамі вядомы фотамайстар Яўген Коктыш.- Я ставіўся да іх з вялікай павагай. Мы разам едзілі на сустрэчы з чытачамі, у падарожжы. Генадзю Мікалаевічу было дастаткова знайсці кажух, каб спакойна застацца начаваць у хаце ў Бярэзінскім запаведніку ці ў іншым месцы.

- Я вельмі люблю творчасць Генадзя Бураўкіна, яна мне блізкая па духу.- сказаў Міхась Міцкевіч, сын Якуба Коласа, які наведаў канцэрт. - Мякка, паслядоўна, з выдатнай інтанацыяй Бураўкін сам чытаў вершы. Мы былі знаёмыя асабіста, сустракаліся. Ён мне дарыў свае кніжкі, а я - яму свае. Недаўна я напісаў успаміны пра свайго стрыечнага брата Юрку Коласа. Кніжачка выйшла асобна.

Э. Оліна. На здымках: 1. Народны аркестр імя І. Жыновіча 2. Радзім Гарэцкі, Міхась Міцкевіч, Кастусь Цвірка на імпрэзе.


Віктара Сырыцу пахавалі пад бел-чырвона-белым сцягам

Больш за сотню чалавек прыйшлі 13 лістапада развітацца з кіраўніком баранавіцкай суполкі ТБМ Віктарам Сырыцам, які памёр у 62-гадовым узросце.

На пахаванні прысутнічалі вядомыя палітычныя і грамадскія дзеячы, два экс-кандыдаты на прэзідэнта - Аляксандар Мілінкевіч і Алесь Міхалевіч, палітыкі Павел Севярынец, Юрась Губарэвіч, першы намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім ды іншыя. Шмат было дзеячаў культуры, навукоўцаў, пісьменнікаў як з Баранавічаў, так і з іншых гарадоў.

Адпяваў Віктара Сырыцу баранавіцкі грэка-каталіцкі святар Яўген Маліноўскі.

На развітанні было шмат людзей з бел-чырвона-белай сымболікай - стужкамі, сцягамі, накінутымі на шыю, многія вянкі былі ўпрыгожаныя бел-чырвона-белымі стужкамі, Віктар Сырыца ў труне быў накрыты бел-чырвона-белым сцягам, з якім яго і пахавалі. На могілках актывісты ўзнялі два нацыянальныя сцягі.

У часе развітання некалькі разоў спявалі беларускі рэлігійны гімн "Магутны Божа", чыталі псалмы.

На могілках выступіла жонка Віктара Сырыцы Таццяна, якая заклікала мясцовых актывістаў збірацца і працягваць справу яе мужа:

- Каб ён радаваўся, працягніце, калі ласка, яго справу. Усё ў яго кампутары засталося, таму, мае каханыя, працягваем справу, каб жыла нашая Беларусь, каб жылі мы з вамі і каб жыла памяць аб ім.

Аляксандар Мілінкевіч распавёў пра сваё сяброўства з Віктарам Сырыцам ды пра тое, як ён яднаў людзей:

- Гэта сапраўдная трагедыя. Віктар меў Божы дар. Ён быў лідэрам не таму, што ён гучней казаў. Ён быў лідэрам, таму што ён любіў людзей, Беларусь любіў. Праз гэтую любоў ён заваёўваў нашы сэрцы. Ён шмат зрабіў, і, на наша гора, не паспеў зрабіць яшчэ многага. Ён умеў яднаць людзей. Заклікаю ўсіх зрабіць яшчэ больш, працягнуць яго важную справу.

Алена Анісім апавяла, што для Таварыства беларускай мовы смерць Віктара Сырыцы - цяжкі ўдар:

- Цяжка пераацаніць важнасць гэтай постаці. Тое, што рабіў адзін Віктар Сырыца, магла рабіць вялікая суполка людзей. Спадар Віктар будзіў людзей, ён не даваў забыцца, хто яны ёсць. І з-за гэтай сваёй дзейнасці ён шмат пацярпеў. Таварыства беларускай мовы панесла вялікую страту.


Лідэр баранавіцкай дэмакратычнай супольнасьці, гісторык, кіраўнік суполкі ТБМ Віктар Сырыца памёр 9 лістапада ў 62 гады. Ягонае сэрца спынілася на пероне чыгуначнага вакзала. Лекары рэанімабіля не змаглі ўратаваць актывіста ды канстатавалі смерць.

Віктар Сырыца быў старшынём Баранавіцкай рады Таварыства беларускай мовы, мясцовым лідэрам руху "За свабоду". На сядзібе ТБМ у Русінах пад Баранавічамі Віктар Сырыца ладзіў розныя культурніцкія імпрэзы, як фэст "Баранавіцкая вышыванка", краязнаўчыя чытанні, прысвечаныя Першай усясветнай вайне ды іншыя.

У 2013 годзе, на юбілей паўстання 1863 года, Віктар Сырыца зладзіў "Мілавідскі фэст", прысвечаны найбуйнейшай бітве паўстання. Тады ўлады палічылі фэст несанкцыянаванай акцыяй ды пакаралі Віктара Сырыцу штрафам.

Браў удзел Віктар Сырыца і ў палітычным жыцці ў Баранавічах. На сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах ён быў сябрам тэрытарыяльнай выбарчай камісіі ў Баранавічах і адзіны прагаласаваў супраць зацвярджэння выніковага выбарчага пратаколу, пратэстуючы супраць фальсіфікацый. Калі Мікола Статкевіч быў за кратамі, Віктар Сырыца адведваў ягонага бацьку Віктара Статкевіча, які жыве ў Баранавічах.

Але найбольшы ўклад у жыццё рэгіёна, у адраджэнне Беларушчыны Віктар Антонавіч унёс як сябар Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і нязменны старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ, якую ўзначальваў 18 год.

За палітычныя погляды Віктара Сырыцу ў часе перадвыбарчай кампаніі 2006 году звольнілі з пасады выкладчыка ў баранавіцкім каледжы.

У Віктара Сырыцы засталіся жонка, дзве дачкі і трое ўнукаў.

Радыё Свабода.


Сябры клуба "Спадчына" ўспомнілі Анатоля Белага

На мінулым тыдні культурна-асветны клуб "Спадчына" ўшаноўваў памяць свайго паплечніка і сябра, кіраўніка і таленавітага арганізатара беларускай справы Анатоля Белага. На сядзібе БНФ адбылася прэзентацыя другога тома мемарыяльнага выдання, прысвечанага памяці гэтага выдатнага чалавека, які выдаўцамі названы "Жыццё ў імя Бацькаўшчыны".

Нагадаю, што ў 2014 годзе ўбачыў свет першы том выдання, прысвечанага кіраўніку гэтага клуба, - "І паўстала "Спадчына". Гэтая кніга па сваёй структуры з'яўлялася своеасаблівым летапісам дзейнасці "Спадчыны", змяшчала звесткі пра яго сяброў і іх унёсак у шматграннае грамадскае жыццё краіны, прадстаўляла дакументы пра ўзнагароды, якімі шанаваліся сябры клуба за кожнадзённую працу на карысць нацыянальнага Адраджэння ў канцы ХХ - пачатку ХХІ стагоддзяў. Таксама, цікаўныя і даследчыкі змогуць знайсці ў кнізе шмат іншых звестак па гісторыі клуба "Спадчына", напрыклад, пазнаёміцца са спецыяльнай, сапраўды нацыянальнай, сістэмай узнагарод. Ці прачытаць публікацыі, прысвечаныя "Спадчыне", якія з'яўляліся ў рэспубліканскай прэсе і шмат іншых унікальных звестак.

Новы том памятнага выдання "Жыццё ў імя Бацькаўшчыны" адкрывае перад чытачамі іншы бок характару Анатоля Белага - гуманістычны. Бо часта за пералікам спраў Белага, шанаваннем яго ўнёску ў непадцэнзурную беларускую культуру сучаснасці, у вяртанне нашаму народу імёнаў яго найвыдатнейшых сыноў і дачок, мы забываемся пра яго чалавечыя рысы: таварыскасць, імкненне дапамагчы ў бядзе, ветлівасць, мудрасць у адносінах з блізкімі па духу людзьмі і з тымі, хто ў той час, калі паўставала "Спадчына", быў "па той бок барыкад".

Сябры клуба "Спадчына", удзельнікі прэзентацыі дзяліліся думкамі пра фенамен Анатоля Белага, распавядалі пра яго ўменне знайсці агульную мову з любым чалавекам, пра тое, што "ён умеў заахвоціць нават непрыяцеля працаваць на карысць беларушчыны".

Вось што ў характары Белага адзначыў пісьменнік Васіль Якавенка:

- Знаёмства з Анатолем Белым у мяне адбылася падчас сумеснай паездкі ў Злучаныя Штаты Амерыкі, куды мы выпраўляліся з мэтай інфармавання сусветнай грамадскасці пра Чарнобыльскую трагедыю ў Беларусі. Характар Белага і тады ўжо вызначаўся ўпартасцю ў дасягненні пастаўленых мэтаў. І ў тых умовах гэта было апраўдана, бо без націску, асабліва на бюракратаў розных масцей, у той час нічога нельга было вырашыць ці зрабіць: ні помнік ці скульптуру вялікага беларускага дзеяча паставіць, ні выдаць кнігу, ні апублікаваць гістарычны матэрыял у дзяржаўных СМІ… Думаю, - зазначыў В. Якавенка, - што новая кніга заслужана і годна прадстаўляе Анатоля Белага, як адну з нямногіх тагачасных асобаў нацыянальнага фармату. Ён не чакаў запрашэння нешта здзейсніць на карысць нацыянальнай культуры, а ствараў сам і клікаў за сабою іншых, каб сумесна рабіць гэтую высакародную і вельмі патрэбную для Радзімы справу. Таму я віншую ўсіх сяброў клуба з гэтай падзеяй і, думаю, што памяць пра гэтага незвычайнага чалавека надоўга і будзе служыць прыкладам адднага служэння Айчыне. Лічу, таксама, што памяць пра А. Белага будзе жыць пакуль будзе працаваць Музей выяўленчага мастацтва ў Старых Дарогах.

Гэтыя словы пісьменніка выклікалі апладысменты і гарачае абмеркаванне ў асяродку сяброў клуба "Спадчына", якія пастанавілі часцей наведвацца ў Музей і працягваць адукацыйную працу, якую пры жыцці вёў Анатоль Яўхімавіч.

Сваімі думакамі адносна кнігі ўспамінаў пра кіраўніка "Спадчыны" з прысутнымі падзяліліся мастакі А. Зіменка і У. Мелехаў, якія ахвяравалі для Музея ў Старых Дарогах свае новыя творы медальернага мастацтва, пра свайго кіраўніка ўспаміналі і ветэраны культурна-асветнага клуба "Спадчына" Ян Антанюк, Надзея Сармант, Анатоль Валахановіч, Мікола Несцярэўскі, Мікола Лавіцкі, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка і іншыя спадчынаўцы. Дарэчы, Ганна Вячаславаўна паведаміла, што ў музеі ўжо створаны асобны фонд Анатоля Белага. І хутка з ім змогуць знаёміцца даследчыкі і ўсе цікаўныя.

Узвышаную ноту ў праграму прэзентацыі новага кніжнага выдання клуба "Спадчына", прысвечанага памяці А. Белага, ўнесла добра вядомая ў краіне спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава. Таццяна эмацыянальна, з кранальным пачуццём і артыстызмам выканала шэраг знакамітых беларускіх патрыятычных песень, пачынаючы ад песняроўскай "Спадчыны", на верш Я. Купалы і знакамітай багдановічаўскай "Пагоні" да паланэза "Развітання з Радзімай" (музыка М.-К. Агінскага, верш С. Сокалава-Воюша). Гэтыя творы і спевы ўсхвалявалі тых, хто прысутнічаў на прэзентацыі, нагадалі пра наш абавязак захоўваць памяць пра чалавека, які так шмат зрабіў для Айчыны, ахвяраваў сваім здароўем і жыццём справе ўмацавання яго гістарычнай памяці.

Ну а ўражанні ад новага выдання і прэзентацыі кнігі можна праілюстраваць словамі дачкі Антоля Белага Святланы, якая зазначыла:

- Мяне вельмі кранула тая шчырасць і любоў у адносінах да таты, якая гучыць ва ўспамінах, што змешчаны ў новай кнізе. Калі я чытала гэтыя радкі, перада мной узнікаў жывы чалавек. І ў мне былі вельмі змешанныя пачуцці, я плакала, бо тата паўставаў перада мной як жывы. Яго характар адлюставаны ў гэтых успамінах вельмі даклада. Я шчыра ўдзячная сябрам "Спадчыны", усім тым, хто спрычніўся да выдання гэтай кнігі!".

Нельга не далучыцца да словаў Святланы, бо прыжыццёвая дзейнасць гэтага чалавека заслугоўвае пачэснага месца ў аналах беларускага Адраджэння ХХ-ХХІ стагоддзяў!

Анатоль Мяльгуй.



Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры Літаратурны музей Максіма Багдановіча

ІНФАРМАЦЫЙНЫ ЛІСТ

КРУГЛЫ СТОЛ "ПРАБЛЕМЫ І ПЕРСПЕКТЫВЫ БЕЛАРУСКАЙ ДЗІЦЯЧАЙ ЛІТАРАТУРЫ"

Творчасць сапраўднага таленту ўніверсальная: гэта пацвярджаецца ў тым ліку і прыкладам самага маладога класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Нягледзячы на тое, што ён не пісаў адмыслова для дзяцей, нямала твораў пісьменніка аднолькава цікавых як для дарослых, так і для маленькіх чытачоў. Асабліва тут хацелася б згадаць паэму Максіма Багдановіча "Мушка-зелянушка і камарык - насаты тварык", якая ўпершыню была надрукавана ў газеце "Наша Ніва" 7 траўня 1915 года і за стагоддзе неаднаразова перавыдавалася асобнымі кніжкамі.

Безумоўна, за гэты час у краіне з'явілася значная колькасць твораў і аўтараў, якія працуюць адмыслова на дзіцячую аўдыторыю. Наколькі запатрабавана сёння дзіцячая літаратура па-беларуску? З якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца сучасным беларускім дзіцячым пісьменнікам? Над гэтымі і іншымі пытаннямі прапануем паразважаць падчас круглага стала "Праблемы і перспектывы беларускай дзіцячай літаратуры", які будзе праходзіць 27 лістапада 2015 года ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.

Тэмы для абмеркавання:

- запатрабаванасць беларускай дзіцячай літаратуры;

- кнігі для дзяцей ва ўмовах рынку;

- праблемы перакладу дзіцячай літаратуры;

- літаратура для падлеткаў па-беларуску: чаканні і прапановы.

Месца правядзення: Літаратурны музей Максіма Багдановіча,

Адрас: г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 7а.

Дата і час правядзення: 27 лістапада 2015 года, 14.00. - 18.00.

Выдаткі на праезд і пражыванне - за кошт удзельнікаў.

Заяўкі на ўдзел прымаюцца да 23 лістапада 2015 года.

Электронны адрас музея - maksimbagdanovich@gmail.com

Куратар - загадчык культурна-адукацыйнага сектара Мацук Юлія Багуславаўна , тэл. (8-017) 334-42-69.



Заяўка

на ўдзел у круглым стале

"Праблемы і перспектывы беларускай дзіцячай літаратуры"

27 лістапада 2015 года

(Літаратурны музей Максіма Багдановіча, г. Мінск, вул. М. Багдановіча,7а)


Прозвішча, імя, імя па бацьку____________________________

_____________________________________________________

Месца працы__________________________________________

Пасада _______________________________________________

Тэма выступу __________________________________________

______________________________________________________

Адрас ________________________________________________

E-mail:_________________________________________________

Тэлефон:______________________________________________


Душа, у якой месціцца цэлы свет

Людміла Мікалаеўна Дзіцэвіч падзялілася сваім жыццёвымі і творчымі здабыткамі з сябрамі Таварыства беларускай мовы. Праца выкладчыцы беларускай мовы, былой першай намесніцы старшыні ТБМ, асветніцкая і дабрачынная дзейнасць зрабілі яе шчаслівай і багатай на сяброў.

Людміла Дзіцэвіч з'яўляецца аўтарам публіцыстычных твораў "Мова, адукацыя і час", " Чужыя ва ўласнай краіне","Закон аб адукацыі: набыткі і страты" і 97-мі іншых артыкулаў, якія друкаваліся ў газетах " Наша слова" і "Новы час", 79-ці навукова-метадычных распрацовак, з-пад яе пяра выйшлі 22 песні і пяць казак. Апавяданне-успамін " Матуліна кура" нарадзіўся ў яе далёка ад дому, у Ірландыі.

Бадай, галоўнае, што адчулі прысутныя на вечарыне: любоў да бацькоў і ўсіх крэўных з'яўляецца непахісным падмуркам асобы аўтаркі. Яна звяртаецца ў вершах да матулі і таткі, да братоў Рычарда і Барыса, да любых сямейнікаў, з якімі яны збіраюцца на святы і важныя падзеі.

Сёння мама сваім рукамі ў святым дараванні

Нас усіх на жыццё і на вечнасць дабраслаўляе.

І на Погірскіх могілках у спакоі

і светлай пашане

Дабраславенна і ціха сярод сваіх спачывае.

Першыя вершы сп. Людміла пачала пісаць пры наведванні літаратурнага клуба на філфаку БДУ. Яна прысвячала вершы Нілу Гілевічу, Алесю Камоцкаму, Эдуарду Дубянецкаму і іншым, рыфмаваныя радкі сваёй дачцы, цётачкам і склала паэтычнае пасланне нашчадкам.

Адзіноцтва спачатку пякло і трывожыла,

Я ўцякала ў сяброўства, работу і творчасць,

А яно - Дар нябёсаў, на радасць памножаны,

Радасць Духу і сілы Сусветнага Творцы.

І дачушка анёлам увайшла ў жыццё маё,

І вярнула ў свет пекнаты й прыгажосці,

Каб з наборам сваіх тонкіх струн пачуццёвых,

Стала я ў жыцці гаспадыняй, не госцем!

З адказнасцю ставілася Людміла Мікалаеўна да сваёй місіі па аздараўленні беларускіх дзяцей у Ірландыі, Англіі, Італіі, працуючы з 1992 года разам з фондам " Сакавік", заснаваным унучкай Якуба Коласа. Завязвала і падтрымлівала міжнародныя стасункі, каб дапамагчы беларускім сем'ям пераадолець наступствы Чарнобыля, агарнуць хлопцаў і дзяўчат з забруджаных рэгіёнаў ласкай і клопатам. Пра паездкі і сяброўства з ірландцамі яна напісала асобную кнігу - "Ірландскі дзённік".

Яна падыходзіць з высокім прафесіяналізмам да падрыхтоўкі семінараў і лекцый на ТБМ па культуры мовы і псіхалогіі, выбірае актуальныя тэмы для заняткаў у школе асобаснага росту " ШАР", - адзначылі сталыя наведвальнікі мерапрыемстваў. "Жанчына з ветлівай усмешкай", як назвалі яе ў друку, з ахвотай робіць майстар-класы па пляценні купальскіх вяночкаў, арганізуе і праводзіць фальклорныя святы, ладзіць канцэрты.

На вечарыне выступілі даўнія сяброўкі і паплечніцы галоўнай гераіні - Марыя Міхайлаўна Міцкевіч, Святлана Багданкевіч і яе новыя знаёмыя - Аляксандра Грыцкевіч, Маргарыта Пісарчык, якіх натхняюць аптымізм, жыццялюбнасць і жаночая прывабнасць Людмілы Дзіцэвіч.

Спадарыня Людміла пазнаёміла гасцей менскай сядзібы ТБМ з прэзентацыямі і відэа-фільмамі, прысвечанымі яе сям'і, яе асветніцкай і дабрачыннай дзейнасці. Больш таго, са шчырасцю і пяшчотай яна заспявала ўласныя песні, прысвечаныя дарагім ёй людзям. У яе рэпертуары ёсць і песня пра тры найважнейшыя словы, што дапамагаюць найлепш будаваць стасункі з людзьмі: " Люблю. Дзякую. Прабач." "Калі мы спяваем,- кажа сп. Людміла, - то гэта дапамае вывесці з душы крыўду, жаль, маркоту, страхі, прасвятліць нашае жыццё."

Э. Оліна, фота аўтара. На здымках: 1. Алена Анісім, Алег Трусаў і Людміла Дзіцэвіч 2. Марыя Міцкевіч, Людміла Дзіцэвіч і яе дачка Юлія.

Нашчадкам

Не парві ланчужок

паміж продкамі і нашчадкамі,

Род наш прымае ўсіх - мужчыну й жанчыну,

Мы ўваскрэснем з табой

і шчодрымі, і ашчаднымі,

Каб ніводнай хвіліны нябыту дарма не пакінуць.


Мы з любоўю складзем радаводы

з імёнамі родзічаў.

Усяму свету пакажам іх велічнае ўсяслаўе.

Ажывуць у лягендах Цыльвікі,

Серады і Дзядовічы,

А Глыбокія і Дзіцэвічы ўстануць у славе.


На варштаце вякоў

вытчам посцілку для нашчадкаў -

Куст шыпшыны ўквеціць

мужчынскі магутны клінок.

А жанчынам з любові, вернасці і парадку

Мы спляцём з хрызантэм

і валошкі гаючы вянок.

Хай шыпшына натхняе сыноў у баі суровым.

Хрызантэма й валошка загояць крывавы след.

І ў спляценні гадоў, у радасці і ў горы,

Хай нашчадкі выконваюць наш векавы запавет.

Людміла Дзіцэвіч.



Гісторыя ў падзеях і малюнках 24 лістапада (аўторак) на сядзібе ТБМ адбудуцца чарговыя заняткі ў гістарычнай школе "Гісторыя ў падзеях і малюнках" з Алегам Трусавым. Новы гістарычны цыкл - Беларусь у XХ ст. Пачатак 18.00. Уваход вольны.


У Менску адкрылі выставу "Праўда пра Курапаты"

У менскім Палацы мастацтваў адкрылася дакументальна-мастацкая выстава "Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні". Ініцыятарам імпрэзы выступіла грамадская ініцыятыва "Эксперты ў абарону Курапатаў" пры падтрымцы шэрагу грамадскіх арганізацыі і ініцыятыў.

Гэта першая ў Беларусі выстава, якая расказвае праўду пра гісторыю адкрыцця, абароны і захавання Курапатаў ад часу іх першай публічнай згадкі ў 1988 годзе. Экспазіцыю выставы складаюць творы мастацтва: жывапісныя, графічныя і скульптурныя работы, інсталяцыі, фотаздымкі, копіі дакументаў, рэчы абаронцаў Курапатаў 2001-2002 гадоў, газеты, судовыя матэрыялы у справе Курапатаў.

На адкрыццё імпрэзы прыйшло больш за сотню чалавек: вядомыя навукоўцы-гісторыкі, археолагі, мастакі, літаратары, палітыкі, былыя абаронцы Курапатаў і нашчадкі рэпрэсаваных, людзі, неабыякавыя да трагічнай мінуўшчыны сваёй краіны.

Вядоўца імпрэзы - адзін арганізатараў выставы журналіст Марат Гаравы - першаму слова даў былому рэдактару газеты "Літаратура і мастацтва" Анатолю Вярцінскаму, які згадаў пра ўмовы, у якіх упершыню была апублікаваная праўда пра Курапаты ў артыкуле Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва "Курапаты - дарога смерці": пра ціск і пераслед з боку тагачасных камуністычных уладаў савецкай Беларусі.

Слова браў таксама мастак Васіль Шаранговіч, які ўзгадаў пра першую спробу ўшанаваць урочышча сіламі грамадскасці - творчы конкурс на мемарыялізацыю Курапатаў, які адбыўся ў 1989 годзе і пра патрэбу ўзнавіць гэтую працу.

Слова бралі Рыгор Сітніца, старшыня Саюза мастакоў і Аляксей Марачкін, сябар творчай суполкі "Пагоня", Паэт Уладзімір Някляеў і інш.

Удзел у адкрыцьці выставы прыняў таксама павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд.

Радыё С вабода.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Качаноўская Наталля - 20 000 р., г. Менск

2. Ганцэвіч Вольга - 70 000 р., г. Менск

3. Паўловіч Валянціна - 40 000 р., г. Менск

4. Паўловіч Іван - 40 000 р., г. Менск

5. Бурлевіч Людміла - 660 000 р., г. Менск

6. Рабека Мікола - 200 000 р., г. Менск

7. Восіпава Аляксандра - 100 000 р., г. Гомель

8. Невядомы - 100 000 р., г. Менск

9. Шкірманкоў Фелікс - 100 000 р., г. Слаўгарад

10. Фадзеева Таццяна - 30 000 р., г. Менск

11. Дзіцэвіч Людміла - 100 000 р., г. Менск

12. Курава Тамара - 50 000 р., г. Менск

13. Масакоўскі Уладзімір - 100 000 р., г. Салігорск

14. Ляўшун Дзяніс - 190 000 р., г. Менск

15. Кукавенка Іван - 100 000 р., г. Менск

16. Лабыка Зміцер - 150 000 р., г. Менск

17. Плакса Уладзімір - 200 000 р., г. Менск

18. Пухоўская Юлія - 100 000 р., г. Менск

19. Касцюковіч Зміцер - 50 000 р., г. Чэрвень

20. Кухаронак А.Д. - 50 000 р., Смілавічы

21. Прылішч Ірына - 100 000 р., г. Менск

22. Раманюк Таццяна - 120 000 р., г. Менск

23. Лягушоў Алег - 100 000 р., ст. Ясень, Асіповіцкі р-н

24. Дзягель Наталля - 40 000 р., г. Менск

25. Віцень Вадзюш - 500 000 р., г. Менск

26. Панамароў Сяргей - 150 000 р., г. Менск

27. Бойса І.Б. - 150 000 р., г. Ліда

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Бела-русбанк.


Беларускі нацыянальны касцюм

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Апісанне жаночага касцюма

Жаночы касцюм прайшоў на працягу стагоддзяў значную эвалюцыю. Менавіта сялянскае насельніцтва Беларусі захавала найбольшую частку архаічных элементаў і прадметаў касцюма, а сялянскі жаночы касцюм працяглы час захоўваў традыцыі ў касцюме, якія надавалі яму асаблівую важнасць з боку этнічнай характарыстыкі нацыянальнай матэрыяльнай культуры. Да XIX ст. часу ўжо трывала склаліся характэрныя асаблівасці і структура беларускага сялянскага жаночага касцюма, якія цяпер лічацца традыцыйнымі. А жаночы касцюм знаці, наадварот, яшчэ больш, чым мужчынскі касцюм знаці, век ад веку страчваў і не захаваў выразна нацыянальных рыс, а заўсёды імкнуўся быць сугучны з агульназаходнееўрапейскімі тэндэнцыямі.

Прадметы адзення сялянскага жаночага касцюма застаюцца дастаткова ўстойлівымі. У розных рэгіёнах Беларусі яны нязначна адрозніваюцца па кроі. У аснове крою - прамавугольныя кавалкі матэрыі розных памераў, якія сшываюцца ўручную. Толькі ў канцы XIX - пачатку XX ст. пачалі шырока выкарыстоўвацца швейныя машыны, што прывяло да змянення ўпрыгожвання жаночага касцюма.

Класіфікацыя адзення па этыялогіі:

Група плечавога адзення ("сарочка"/"кашуля", "кофта"/"каптан" і "горсет"/"гарсет"/"гарсэт", "кабат");

Група паяснога адзення ("панёва", "саян", "андарак", "спадніца");

Галаўныя ўборы;

Абутак;

Упрыгожванні;

Дапаўненні.

Плечавое адзенне

Сарочка з'яўляецца адным з асноўных кампанентаў комплекса і магла быць адзіным адзеннем. У мінулым гэтая частка жаночага адзення мела ўніверсальнае прызначэнне. Гледзячы на гістарычныя крыніцы, крой сарочкі ўяўляў сабой прамавугольны кавалак тканіны, складзены ўдвая па нітцы скрутка, а ў месцы перагіну рабіўся выраз для гарлавіны.

Да XIII ст. для ўпрыгожвання жаночага адзення выкарыстоўвалі металічныя пласціны, дрот, спіралькі. Яны нашываліся на тканіну ці проста ўтыкаліся ў яе. Таксама выкарыстоўвалася ўпрыгожванне нашыўкай з выкарыстаннем металічнай ніткі. Пачынаючы з XIII ст. металічныя нашыўкі на адзенні былі паступова заменены на вышыўку з выкарыстаннем чырвоных і чорных нітак, якая стала самым папулярным і асноўным спосабам упрыгожвання тканага адзення. Вышыўка рабілася двума спосабамі - "гладдзю" і "ў прыкрэп".

Пачаткова жанчыны насілі кароткае і доўгае адзенне, а з XIII ст. крой змяняўся ад простага да больш складанага. Самая простая форма сарочкі мела пазушны разрэз, які замацоўваўся завязкамі ці фібуламі. Каўнер быў самастойнай накладной дэталлю, якая рознымі спосабамі мацавалася да стану рукава.

У беларусаў існуе некалькі тэрмінаў для абазначэння нацельнага адзення: "сарочка", "рубашка", "кашуля", "чэхлік". Тэрмін "срочька" (сарочка) сустракаецца яшчэ ў летапісах часоў Кіеўскай Русі. Тэрмін зафіксаваны і ў ранніх славянамоўных летапісах часоў ВКЛ, але яго змест не раскрыты. Некаторыя аўтары праводзяць паралелі са скандынаўскім словам "sorka" (па-фінску "sarka" - грубае сукно). Адносна паходжання слова "рубашка" існуе шмат меркаванняў. І. Сразнеўскі лічыў, што яно паходзіць ад дзеясловаў - "рваць", "рубіць". А.В. Арціхоўскі лічыць, што гэтае слова выкарыстоўвалася ў значэнні "беднае, грубае, старое адзенне". У гэтым жа значэнні слова сустракаецца ў пісьмовых крыніцах XVI ст. У старажытна-беларускіх тэкстах ёсць адрозненні паміж "срачыцай" - доўгім адзеннем - і кароткім - "кашуляй". "Чэхлік" зафіксавана ў помніках канфесійнай літаратуры, што дазваляе лічыць слова не характэрным у мінулым для свецкага грамадства. Шылі гэтыя прадметы адзення з дарагой тканіны.

У XIX-XX стст. існавалі адрозненні паміж тэрмінамі "сарочка" і "кашуля" ў розных рэгіёнах Беларусі. Болей за іншыя выкарыстоўваўся тэрмін "сарочка", але ў некаторых рэгіёнах існавалі назвы "рубашка" і "кашуля". Выкарыстоўваўся таксама тэрмін "рубашачка" для абазначэння кароткага, да таліі, жаночага адзення. А вось "чэхлікам" называлі верхнюю частку сарочкі да пояса з тонкай, больш якаснай матэрыі.

Да найбольш распаўсюджаных сярод беларусаў адносяцца жаночыя сарочкі з плечавымі ўстаўкамі. Такую сарочку шылі з прамавугольных кавалкаў тканіны, якія злучаліся ў вобласці пляча дэталямі таксама прамавугольнай формы. Памеры гарлавіны рэгуляваліся за кошт зборкі: зрэзы, якія звернутыя да гарлавіны, збіраліся на нітку па памеры шыі. Палік злучаўся са станам, утвараючы лінію проймы. Рукаў прышывалі гладка ці з мяккімі зборкамі простым ці дэкаратыўным швом. Унізе проймы ўстаўлялі клін. Такія сарочкі былі прасторнымі, больш свабоднымі па лініі грудзей і сама лінія сілуэта зверху была больш пластычнай.

(Працяг у наступным нумары.)


Случчына, 1920-ты

"Другая польская акупацыя"

У пачатку кастрычніка 1920 года часткі расійскай 16-й арміі Заходняга фронту пад націскам польскіх войскаў адступалі да гарадоў Менска і Слуцка. На слуцкім кірунку да 5 кастрычніка падраздзяленні 17-й стралковай дывізіі 16-й арміі адышлі на лінію Грэск - Бранава - Селішча - Пагост. Пасля непрацяглага зацішша на гэтым участку расійска-польскага фронту чырвонаармейцы, якія абаранялі блізкія подступы да Слуцка, пасля вулічных баёў у горадзе супраць польскай 21-й пяхотнай брыгады 11-й дывізіі адступілі 11 кастрычніка 1920 года. Назаўтра яны зрабілі адчайную спробу выбіць праціўніка са Слуцка, нават змаглі ўварвацца на некаторыя гарадскія вуліцы. Аднак пасля няўдачных вулічных баёў праз некалькі дзён чырвонаармейскія падраздзяленні былі ўжо за 25 кіламетраў на ўсход ад горада. На Случчыне пачалася так званая "другая польская акупацыя" (першая была са жніўня 1919 года па ліпень 1920 года).

З уступленнем у Слуцк польскіх войскаў "в городе замерла всякая жизнь, глубокая тишина царила на улицах, общественные и государственные учреждения не функционируют, прекратилась и торговая деятельность. Город обезлюдел". Так пісаў пазней Уладзімір Міхайлавіч Пракулевіч, які пасля аднаўлення савецкай улады з ліпеня 1920 года займаў у Слуцку пасаду суддзі.

У першыя дні "другой польскай акупацыі" Слуцкага павета аднавіў дзейнасць Беларускі нацыянальны камітэт Случчыны. З яго сяброў у Слуцку на той час знаходзіліся Павел Жаўрыд (старшыня), Улас Дубіна (сакратар), Уладзімір Пракулевіч, Станіслаў Петрашкевіч. Беларускі нацыянальны камітэт Случчыны паступова пераўтварыўся ў цэнтр грамадскага жыцця ў павеце, у сельскай мясцовасці пачаў адкрываць школы, да яго пачалі звяртацца гараджане і вяскоўцы са скаргамі на прыцясненні і рэквізіцыі палякаў.

Сябры Белнацкама Случчыны не мелі аб'ектыўнай інфармацыі аб падзеях у Беларусі, аб сітуацыі, што складвалася ў той час. Распаўсюджваліся розныя чуткі, у тым ліку і пра тое, што Слуцкі павет па дагаворы аб перамір'і, падпісаным у Рызе, нібыта адыходзіць да Польшчы. Тэндэнцыйную інфармацыю падавалі і прадстаўнікі польскай акупацыйнай адміністрацыі ў Слуцку.

Каб разабрацца ў палітычнай сітуацыі, на паседжанні Белнацкама Случчыны, як пісаў пазней П.Я. Жаўрыд, "было решено послать меня в Варшаву на разведку, так как нам было известно, что в Варшаве находится Белорусская Найвышейшая Рада (Найвышэйшая рада Беларускай Народнай Рэспублікі - палітычная структура ў 1919-1921 гадах. Беларуская Народная Рэспубліка абвешчана ў сакавіку 1918 года. - А. Ж.) и Белнацком. Городской Управой Слуцка мне были выданы деньги на дорогу с тем, что обратный проезд мне оплатят Варшавские Белорусские организации. В Варшаве я застал Смолича, Тарашкевича, Дубейковского и, кажется, Терещенко и Трепку, которые и занялись выяснением судьбы Слуцкого уезда, причём и тут ничего определённого им не удалось узнать".

Палякі знайшлі сярод жыхароў Случчыны сваіх прыхільнікаў і пры іх садзейнічанні, а таксама з дапамогай агентаў Таварыства стражаў крэсовых арганізавалі ў населеных пунктах Слуцкага павета збор подпісаў за далучэнне мясцовых жыхароў да Польшчы. Для гэтага яны распаўсюджвалі загадзя падрыхтаваныя "ўхвалы" з папярэдне надрукаваным тэкстам: "Мы, жыхары (было пакінута месца для напісання назвы вёскі і воласці), прызнаём за нашу родную маці Польшчу і просім Польшчу прыняць нас ва ўлонне сваё".

Такія антыбеларускія паводзіны палякаў выклікалі пратэст і актыўныя процідзеянні Белнацкама Случчыны. Ён арганізаваў перахоп польскіх "ухвал", даў указанне супрацоўнікам беларускай міліцыі затрымліваць іх распаўсюджвальнікаў. У адказ польскія ўлады арыштоўвалі міліцыянераў, але потым адпускалі іх, калі Белнацкам даказваў незаконнасць польскай агітацыі сярод насельніцтва павета.

Беларускія нацыянальныя дзеячы ў Слуцку адрозніваліся паміж сабой па сваіх палітычных поглядах і нярэдка па адным і тым жа пытанні не маглі знайсці паразумення, дамовіцца аб магчымых сумесных дзеяннях і скаардынаваць іх. Гэта наклала негатыўны адбітак на далейшыя падзеі ў нашым краі. Да таго ж пры аналізе тагачаснай сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў Слуцкім павеце трэба мець на ўвазе, што з лета 1920 года ў горадзе Слуцку дзейнічаў павятовы камітэт Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Яго ўзначальваў ураджэнец Слуцка Марк Аляксандравіч Асвяцімскі, які быў выбраны ў склад Цэнтральнага камітэта партыі.

У пачатку лістапада 1920 года члены адной з груповак слуцкіх нацыянальных дзеячаў, па словах У. Пракулевіча, "решили обновить, если не ликвидировать, старый состав Нацкомитета. С этой целью 5 ноября они организовали сход, который назвали "съездом Слутчины". Для Нацкомитета это было полнейшей неожиданностью, и повестку на "съезд Слутчины", с разрешения польских военных властей, я получил только утром 5-го. Моментально переговорил с Петрашкевичем и другими, решено было пойти на "съезд" и только с информационными целями".

У сходзе ўдзельнічалі не менш як 500 чалавек, якія правялі давыбары ў склад Беларускага нацыянальнага камітэта Случчыны. Надвячоркам таго ж дня, 5 лістапада, у памяшканне Беларускага нацыянальнага камітэта Случчыны прыйшлі выбраныя сходам Арсень Паўлюкевіч, Іван Мацэля, Аляксей Кабычкін, Трафім Раковіч, Анастас Анцыповіч і запатрабавалі прызнаць правільнасць іх выбрання ў склад камітэта. Старыя члены Белнацкама перагаварылі між сабой і пагадзіліся кааптаваць у яго склад А. Паўлюкевіча, І. Мацэлю і Т. Раковіча, якія ад удзельнікаў сходу атрымалі большасць галасоў сярод гэтых пяці чалавек.

Новыя сябры Белнацкама Случчыны былі прыхільнікамі саюзу з Польшчай. Яны патрабавалі абмеркаваць пытанні: аб адносінах да Рэчы Паспалітай і камандзіра Беларускага асобнага атрада генерала С.Н. Булак-Балаховіча, які разам з польскімі войскамі ваяваў супраць Чырвонай Арміі; аб стварэнні ўласных узброеных сілаў; аб арганізацыі народнай міліцыі.

Як успамінаў У. Пракулевіч, "пару дней мы упорно сопротивлялись тенденциям признать Балаховича и прочее, но в конце концов единения среди нас не было, нажим со стороны оккупационных властей чувствовался, мобилизация шла своим чередом, и мы не в состоянии были противодействовать ей. Не желая брать на себя ответственность за всё происходящее и вместе с тем как бы капитулируя, мы (Уладзімір Пракулевіч, Станіслаў Петрашкевіч, Мікалай Смольскі. - А. Ж.) вынуждены были 7 ноября выйти из комитета".

Польскія вайскоўцы ў пачатку лістапада 1920 года перадалі цывільную ўладу ў Слуцку і Слуцкім павеце Беларускаму нацыянальнаму камітэту Случчыны, кіраўніком якога быў выбраны сын слуцкага святара лекарр Арсень Восіпавіч Паўлюкевіч. Белнацкам Случчыны арганізаваў працу па стварэнні адміністрацыйных падраздзяленняў і органаў кіравання мясцовай гаспадаркай. У валасцях польскіх войтаў замянілі беларускія камітэты, якія былі выбраны вясковымі жыхарамі. Працягвалася фарміраванне павятовай міліцыі, колькасць асабовага складу якой разам з рэзервістамі меркавалася ў пяць тысяч чалавек. Міліцыю ўзначаліў ураджэнец вёскі Малая Млынка Цараўскай воласці Слуцкага павета паручнік 1-й роты Менскага рэзерву Беларускай вайсковай камісіі Іван Мацэля. Вынікам праведзеных пераўтварэнняў у Слуцкім павеце стаў пачатак дзейнасці дэмакратычнай (наколькі гэта было магчыма ва ўмовах акупацыйнага польскага рэжыму) формы мясцовага кіравання.

Беларуская рада Случчыны

У складзе Беларускага нацыянальнага камітэта Случчыны, валасных і сельскіх камітэтаў у выніку падтрымкі вясковымі жыхарамі было нямала прадстаўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Яны прынялі рашэнне аб правядзенні з'езду Случчыны, каб вызначыцца з устанаўленнем легальнай беларускай улады ў Слуцкім павеце, маючы на ўвазе сваю незалежніцкую пазіцыю ў адносінах як да Рэчы Паспалітай, так і да Савецкай Расіі. А яшчэ яны разлічвалі, што на сход будзе выбрана нямала іх прыхільнікаў як вынік арганізатарскай работы эсэраў - сяброў Беларускага нацыянальнага камітэта Случчыны.

З'езд Случчыны праходзіў 14-15 лістапада 1920 года ў Слуцку ў доме (знаходзіўся на вуліцы Шырокай прыкладна насупраць будынка гімназіі; да цяперашняга часу дом не захаваўся) грамадскага і палітычнага дзеяча, прадстаўніка старажытнага беларускага шляхецкага роду, аднаго з найбуйнейшых абшарнікаў у Беларусі, шматгадовага ганаровага суддзі Слуцкага павета Эдварда Адамавіча Вайніловіча. Як сведчылі відавочцы, у доме, дзе пачаўся з'езд, "зеляніна ў перамежку з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі запаўняла залю і трыбуну. У прысутных панаваў сьвяточны, прыўзьняты і ўсхваляваны настрой".

На з'езд былі выбраны па пяць чалавек ад горада Слуцка і кожнай воласці павета, па два чалавекі прадстаўлялі культурна-асветніцкія, эканамічныя і іншыя беларускія арганізацыі, па адным прадстаўніку было ад прафесіянальных груп юрыстаў, настаўнікаў, ад праваслаўнай, каталіцкай, іудзейскай рэлігійных канфесій, у поўным складзе прысутнічалі стары і новы Белнацкамы Случчыны. Агульным лікам 107 дэлегатаў з правам вырашальнага голасу і 10 дэлегатаў з дарадчым голасам прымалі ўдзел у з'ездзе. У якасці гасцей і проста гледачоў прысутнічала нямала прадстаўнікоў польскіх вайсковых уладаў. Арганізатары з'езду анкет не вялі, так што сацыяльны склад яго дэлегатаў вызначыць немагчыма.

Старшынём з'езду дэлегаты выбралі Васіля Русака, віцэ-старшынём - Уладзіміра Пракулевіча, які ўспамінаў: "Весь первый день съезда прошёл в информациях с мест. Коротко, деловито, в весьма сдержанных тонах делались доклады. Чувствовалась недоговорённость, сдержанность, чрезвычайная осторожность ввиду неопределённости положения, националистические чёрточки часто проглядывали...".

14 лістапада з'езд Случчыны прыняў ухвалу, у якой вітаў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі і заявіў, што "ўсе свае сілы аддасьць на адбудову сваёй Бацькаўшчыны. Зьезд катэгорычна пратэстуе проці акупацыі родных зямель чужацкім наездам і проці самазванай Савецкай улады, як урад Кнорына і іншыя, якія паўтвараліся на Беларусі…".

У першы дзень з'езду яго дэлегаты выбралі Беларускую раду Случчыны, у якую ўвайшлі 17 чалавек: Пракулевіч (старшыня), Анцыповіч, Бабарэка, Барысавец, Біруковіч, Дубіна, Жаўрыд, Каўпак, Лістапад, Мацэля, Няронскі, Паўлюкевіч, Рабы, Радзюк, Раковіч, Русак, Сасноўскі. Кандыдатамі ў склад Беларускай рады Случчыны былі выбраны Валодзька, Дзятловіч, Маліноўскі, Міхайлоўскі, Мяшэчак. У прэзідыум Рады ўвайшлі Пракулевіч, Паўлюкевіч, Жаўрыд, Мацэля, Біруковіч, Русак, Сасноўскі.

У складзе выбранай на з'ездзе Беларускай рады Случчыны былі беларускія эсэры і тыя, хто ім спачуваў, прыхільнікі генерала С. Булак-Балаховіча і ідэі супрацоўніцтва з палякамі, прадстаўнікі нейтральных груп. Пры выбарах старшыні Беларускай рады Случчыны галасаванне праводзілася па дзвюх кандыдатурах - Уладзіміра Пракулевіча і Арсеня Паўлюкевіча, за якіх удзельнікі з'езду падалі аднолькавую колькасць галасоў. Правялі закрытую перабалаціроўку, у выніку якой У. Пракулевіч атрымаў на адзін голас больш.

Парадак дня з'езду прадугледжваў абмеркаванне дакладу Беларускага нацыянальнага камітэта Случчыны і пытання аб сучасным моманце. Перад дэлегатамі мелі слова Арсень Паўлюкевіч, Іван Мацэля, капітан Антон Самусевіч, Уладзімір Пракулевіч, Васіль Русак, Анастас Анцыповіч, Павел Жаўрыд, Юльян Сасноўскі і некаторыя іншыя ўдзельнікі з'езду.

Бурную дыскусію сярод удзельнікаў з'езду выклікала пытанне: аб'яўляць Случчыну незалежнай рэспублікай ці толькі як часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У выніку быў прыняты другі варыянт, які адстойвалі беларускія сацыялісты-рэвалюцыянеры (эсэры). Ён быў не вельмі прыемны для палякаў, бо яны і ў думках не маглі дапусціць незалежнасці Беларусі, значная частка тэрыторыі якой была пад іх акупацыяй.

Беларуская рада Случчыны заявіла пратэст ураду Савецкай Расіі, які падпісалі У. Пракулевіч, П. Жаўрыд, В. Русак, Ю. Сасноўскі, Ю. Радзюк. У пратэсце было сказана: "У часе сусьветнай вайны, якая збурыла адны магутныя дзяржавы і вызваліла іншыя, абудзілася Беларусь да дзяржаўнага жыцьця. Пасьля 350 гадоў няволі ізноў на ўвесь сьвет чуцен голас Беларускага Народу аб тым, што ён жыве і жыць будзе. Вялікае Нацыанальнае Сабраньне - Усебеларускі Конгрэс 5-17 сьнежня 1917 году, дбаючы аб лёсе Беларусі, устанавіў на яе землях рэспубліканскі лад і абвесьціў незалежнасьць і непадзельнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Стоячы на гэтым грунце, зьезд сялянскіх прэдстаўнікоў Случчыны ў ліку 107 асобаў выбраў Беларускую Раду Случчыны, якой даручыў часова ўсю цывільную ўладу ў павеце. Беларуская Рада Случчыны, паведамленая аб намерах савецкіх войскаў, якія пасьля выйсьця польскіх аддзелаў хочуць заняць Слуцк і павет, зневажаючы гэтым волю народу, - энергічна пратэстуе проці агрэсыўных намераў Савецкага Ўраду з Кнорыным на чале, лічучы, што гэтая акцыя Саветаў спрэчна таксама з пастановамі міравой конферэнцыі…".

Па сведчаннях сучаснікаў, Слуцк пасля з'езду бурліў цэлы тыдзень. І было ад чаго: горад і павет акупіраваны польскімі войскамі, але вось-вось іх панаванне закончыцца, заяўляе пра сябе Беларуская рада Случчыны, сярод сяброў якой няма адзінства, дзесьці знаходзіцца павятовы ваенна-рэвалюцыйны камітэт (перад уступленнем у Слуцк палякаў ён перабраўся ў мястэчка Старыя Дарогі Бабруйскага павета), а ёсць жа яшчэ і Савецкая Расія, якая наўрад ці пакіне Беларусь і Случчыну як яе частку па-за сферай свайго ўплыву. З улікам гэтых і некаторых іншых акалічнасцяў і пастаўце сябе на месца тагачаснага жыхара горада Слуцка ці, напрыклад, вёскі Валаты або Хінолаўкі. Каму верыць? За кім ісці? Каго падтрымліваць?

З 16 лістапада 1920 года Беларуская рада Случчыны пачала сваю дзейнасць, сфарміраваўшы юрыдычную, фінансавую, зямельную і харчовую камісіі, якія ўзначалілі члены прэзідыума Рады. У сваёй першай пастанове прэзідыум Рады аб'явіў аб нацыяналізацыі на тэрыторыі Слуцкага павета ўсіх лясоў, нагляд за якімі быў ускладзены на валасныя рады. Тая ж пастанова прэзідыума Рады забараняла вывозіць за межы Слуцкага павета збожжа, жывёлу, сельскагаспадарчы інвентар і іншае дабро. Аднак за кароткі тэрмін знаходжання ў Слуцку ні Беларускай радзе Случчыны, ні яе камісіям не ўдалося зрабіць што-небудзь істотнае па наладжванні мясцовай гаспадаркі.

З'езд Случчыны не апраўдаў надзей, якія ўскладвала на яго польская акупацыйная адміністрацыя. Ён выявіў наяўнасць антыбальшавіцкіх настрояў сярод жыхароў павета, што было выгадна палякам. Але ў той жа час з'езд паказаў сваю незалежніцкую пазіцыю, а гэта ў палітычных адносінах не задавальняла Польшчу.

(Працяг у наступным нумары.)

Анатоль ЖУК


З ВУЧНЯМІ - ПРА РОДНУЮ МОВУ І КУЛЬТУРУ

Напрыканцы кастрычніка, па запрашэнні літаратурнага гуртка Будслаўскай сярэдняй школы Мядзельскага раёна гэтую навучальную ўстанову наведалі сябры Пастаўскай раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы краязнавец, пісьменнік, педагог Ігар Пракаповіч і бібліятэкар Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі, аўтар сцэнарыяў відэафільмаў і літаратурна-мастацкіх вечарын Людміла Сяменас. Яны пазнаёміліся з экспазіцыяй выдатнага школьнага краязнаўчага музея і выступілі перад настаўнікамі і вучнямі. Падчас сустрэчы ўзнімаліся пытанні сучаснага стану і перспектыў развіцця беларускай мовы, магчымых шляхоў папулярызацыі яе ў грамадстве, а таксама неабходнасць збору краязнаўчых матэрыялаў, асабліва пра вёскі, якія імкліва знікаюць з карты Беларусі. Гаварылі выступоўцы і пра важнасць самарэалізацыі кожнага чалавека, развіццё ўласных здольнасцей праз заняткі літаратурай, спевамі, тэатрам, танцамі, рознымі відамі ўжытковага мастацтва.

Падчас сустрэчы дэманстраваліся прэзентацыі, адрыўкі з фільмаў і відэаролікі, якія адлюстроўвалі творчыя здабыткі сяброў Пастаўскага ТБМ. І. Пракаповіч расказаў пра свае паэтычныя, празаічныя і краязнаўчыя кнігі, якіх выдадзена каля 40, акцэнтуючы ўвагу на выданнях, якія напісаны разам з вучнямі. Л. Сяменас распавяла пра здымкі фільмаў пра Я. Купалу, М. Багдановіча, У. Дубоўку, пастаноўку спектакля "Як мужык жонку шукаў".

Свае вершы і вершы І. Пракаповіча са сцэны прачыталі ўдзельнікі літаратурнага гуртка "Выток", якім кіруе Валянціна Грыбовіч. Дарэчы, гэта настаўніца шмат робіць у справе развіцця творчых здольнасцей вучняў і захавання мясцовай спадчына. Сведчанне таму - калектыўныя самадзейныя зборнікі вучнёўскіх твораў "Выток" і адноўленыя экспазіцыі школьнага музея.

У гэты ж дзень адбылася сустрэча і ў Крывіцкай школе. Арганізавала яе настаўніца гісторыі Ала Ермаковіч. У вялікім кабінеце фізікі для настаўнікаў і вучняў старэйшых класаў былі паказаны прэзентацыі, відэаролікі і адрыўкі з фільмаў пра краязнаўчыя і паэтычныя выданні Пастаўшчыны, пра знакаміных дзеячаў беларускай культуры нашага рэгіёна. Усе гэтыя мультымедыйныя матэрыялы перададзены ў падарунак школе.

Напрыканцы сустрэчы І. Пракаповіч правёў з вучнямі забаўляльную гульню - анонс сваёй новай кнігі, якая рыхтуецца да выдання. Ён чытаў геаграфічныя лімэрыкі, а прысутныя павінны былі паказаць на карце тыя аб'екты, пра якія ў іх распавядалася. За правільныя адказы вучні атрымлівалі салодкія ўзнагароды - цукеркі.

Хочацца спадзявацца, што гэтыя сустрэчы не прайшлі марна і будуць мець пэўны вынік: магчыма, хтосьці з вучняў пачне пісаць вершы, хтосьці памкнецца збіраць краязнаўчыя матэрыялы, хтосьці задумаецца пра стан беларускай мовы і стане яе актыўным прыхільнікам і носьбітам.

Юлія Пракаповіч. На здымках: 1. І. Пракаповіч, Л. Семенс, Л. і В. Грыбовічы з сябрамі літаратурнага гуртка Будслаўскай школы; 2. У актавай зале Будслаўскай школы; 3. Вучні Крывіцкай школы.


Да ведама сяброў Рады ТБМ

Паважаныя сябры Рады ТБМ!

У адпаведнасці з рашэннем Сакратарыяту ТБМ чарговае паседжанне Рады адбудзецца 29 лістапада ў сядзібе ТБМ.

Пачатак: 11.30.

Папярэдні парадак дня:

1. Абмеркаванне плана працы ТБМ на 2016 год.

2. Пастанова аб памеры складак на 2016 год.

3. Падвядзенне вынікаў выбарчай прэзідэнцкай кампаніі 2015 г.

4. Аб удзеле сяброў ТБМ у будучых парламенцкіх выбарах.

5. Аб падпісцы на "Наша слова".

6. Рознае.

Чакаем вашы прапановы да праекту плана дзейнасці на наступны 2016 год.

Сакратарыят ТБМ.


БЕЛАРУСКАЕ ПАЭТЫЧНАЕ СЛОВА Ў КОЖНУЮ ШКОЛУ

11 лістапада чарговы літаратурны дэсант на Лідчыну арганізавалі беларускія паэты Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін. Літаратурныя сустрэчы праходзілі пад знакам прэзентацыі 12-га нумара часопіса "Верасень", рэдактарам якога з'яўляецца Эдуард Акулін, а Леанід Дранько-Майсюк цесна супрацоўнічае з выданнем.

Станіслаў Суднік, які традыцыйна суправаджаў сталічных гасцей падчас сустрэч прадстаўляў мясцовы літаратурны альманах Ад "Лідскіх муроў".

Першая сустрэча адбылася ў Тарноўскай школе. Гэтая школа вядомая тым, што яе ў свой час закончыла слынная беларуская паэтэса, рэдактар часопіса "Наша вера" і газеты "Авэ Марыя" Крысціна Лялько, а таксама саліст ансабля "Свята" Вячаслаў Статкевіч. Таму і ўзровень сустрэчы быў адпаведны. Хаця, што тут казаць, усе сустрэчы з удзелам Эдуарда Акуліна і Леаніда Дранько-Майсюка праходзяць на самым высокім мастацкім і інтэлектуальным узроўні.

Другая сустрэча ў гэты дзень адбылася з вучнямі Ёдкаўскай школы. У сферу адказнасці гэтай школы трапляюць і Біскупцы - радзіма Дануты Бічэль, і Дакудава, непадалёк ад якога ў Баневе стаяў дом бацькоў Ежы Путраманта, генеральнага сакратара Саюза пісьменнікаў народнай Польшчы, і Навіцкія, дзе на сёння, можа, адзіная ў Беларусі вясковая вуліца носіць імя Кастуся Каліноўскага. Таму і для гэтага кутка Лідчыны паэзія з'ява натуральная і арганічна ўпісваецца ў штодзённасць.

Гэтыя сустрэчы мелі і яшчэ адну адметную рысу. За некалькі гадоў паездак з часопісам "Верасень" па Лідчыне Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк выступалі ў Лідскім каледжы, Лідскай бібліятэцы, Палацы творчасці. А яшчэ яны аб'ехалі ўсе вясковыя школы Лідскага раёна акрамя базавай школы ў Гудах. Як сказалі самі паэты, такіх раёнаў на Беларусі толькі тры: Лагойскі, Пухавіцкі і вось Лідскі.

Пачаўшы некалі з Крупаўскай школы, часопіс "Верасень" пабываў у самых далёкіх закуточках раёна, пакідаючы ўсюды веру ў тое, што жыве беларуская мова і жыве прыгожае беларускае паэтычнае слова, жыве беларуская песня. То поспеху спадарам Э. Акуліну і Л. Дранько-Майсюку ў іхняй місіянерскай дзейнасці ў славу Беларусі.

Яраслаў Грынкевіч.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX