Папярэдняя старонка: 2015

№ 47 (1250) 


Дадана: 25-11-2015,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 47 (1250), 25 лістапада 2015 г.


95-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну

85 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

КЕВІЧ (26 лістапада 1930, Орша, цяпер Віцебская вобласць - 25 ліпеня 1984, Менск, БССР) - беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры. Адна з найбольш яскравых постацей у беларускай літаратуры другой паловы XX ст. Першы беларускі пісьменнік, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву.

Творчасць Уладзіміра Караткевіча адрозніваецца рамантычнай скіраванасцю, высокай мастацкай культурай, патрыятычным пафасам і гуманістычным гучаннем. Пісьменнік істотна ўзбагаціў беларускую літаратуру ў тэматычных і жанравых адносінах, напоўніў яе інтэлектуальным і філасофскім зместам. Найбольш вядомыя такія творы аўтара, як аповесці "Дзікае паляванне караля Стаха", "Сівая легенда", раманы "Каласы пад сярпом тваім", "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", "Чорны замак Альшанскі", эсэ "Зямля пад белымі крыламі".

Продкі Караткевіча былі шляхецкага стану і паходзілі з беларускага Падняпроўя, з Рагачова, Мсціслава, Магілёва і іншых гарадоў. Адзін са сваякоў пісьменніка па матчынай лініі, паводле сямейнай легенды - Тамаш Грынкевіч (Грыневіч), браў удзел у паўстанні 1863-1864 гг. Паўстанцы пад яго камандаваннем былі разбіты, а яго самога расстралялі ў Рагачове. Гэтую гісторыю Караткевіч апісаў у эпілогу рускамоўнай аповесці "Предыстория" (бел.: Перадгісторыя), і ў пралогу рамана "Нельга забыць" ("Леаніды не вернуцца да Зямлі").

Як паэт Караткевіч дэбютаваў у 1951 г. - апублікаваў у аршанскай раённай газеце "Ленінскі прызыў" два вершы: "Тут будет канал" (на рус. мове) і "Якубу Коласу" (на бел. мове). За 30 гадоў стаў самым любімым пісьменнікаў некалькіх пакаленняў беларусаў.

Вікіпедыя.


У салонах 12-ці тралейбусаў г.Менска на маршрутах № 33 і № 44 з'явіліся ўлёткі, прысвечаныя 85-м угодкам з дня нараджэння беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча.

На ўлётцы змешчаны радкі з верша Ул. Караткевіча "Бацькаўшчына" (са зборніка вершаў пісьменніка "Матчына душа", 1958):

А вакол травіцы роснай рай

І бярозак белая сям'я.

Мой чароўны беларускі край,

Бацькаўшчына светлая мая!

Прапанавалі гэтую ідэю і ахвяравалі на яе сродкі сябры Фрунзенскай раённай арганізацыі Менскай гарадской арганізацыі ТБМ.

Павел Чайкоўскі.


"Белпошта" выпусціла памятны канверт да ўгодкаў Уладзіміра Караткевіча

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў зварот памятны спецштэмпель, які будзе выкарыстоўвацца 26 лістапада 2015 года для правядзення адмысловага памятнага гашэння, прысвечанага творчасці Уладзіміра Караткевіча.

Месца гашэння - аддзяленне паштовай сувязі № 11 г. Оршы Віцебскай вобл.

Колер масцікі - чорны.

Дызайн спецштемпеля Вольгі Бабундзіной.

Да гэтай падзеі РУП "Белпошта" падрыхтавала мастацкі маркіраваны канверт з літарнай маркай "А".

Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з установай культуры "Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны".

У аснове спецштемпеля экслібрыс У. Караткевіча; на канверце намаляваны партрэт У. Караткевіча, ілюстрацыя да рамана "Каласы пад сярпом тваім".

Наш кар.


100 гадоў з дня нараджэння Вадзіма Жучкевіча

Вадзім Андрэевіч ЖУЧКЕВІЧ (19.11.1915, г.п. Лоеў Гомельскай вобл. - 28.2.1985), беларускі географ. Стваральнік тапанімічнай школы Беларусі. Доктар геаграфічных навук (1971), прафесар (1972). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1977).

Скончыў Менскі пед. інстытут (1939). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Працаваў у сістэме народнай асветы і вышэйшай адукацыі. З 1964 у БДУ, з якім было звязана ўсё яго жыццё і дзейнасць. Прайшоў шлях ад дацэнта да загадчыка кафедры (1976).

Больш за 30 гадоў займаўся тапанімікай БССР, эканамічнай геаграфіяй. Правёў тапанімічнае раяніраванне Беларусі. Апублікаваў каля 350 навуковых работ. Найбольш вядомай з'яўляецца яго кніга "Агульная тапаніміка" (1968). Аўтар "Кароткага тапанімічнага слоўніка Беларусі" (1974).

Вікіпедыя.


90 гадоў з дня нараджэння Юрыя Семянякі

Юрый Уладзіміравіч СЕМЯНЯКА (26 лістапада 1925, г. Менск - 16 ліпеня 1990) - беларускі кампазітар. Народны артыст Беларусі (1974). Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1962).

Закончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класу кампазіцыі (1957, клас А. Багатырова). У 1947-63 канцэртмайстар Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Беларусі. Член Саюза кампазітараў Беларусі з 1957. У 1978-80 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Беларусі.

У яго творчасці пераважалі два асноўныя кірункі - музычны тэатр і песня. Музыцы Ю. Семянякі ўласцівы лірызм, яркі меладызм, шчырасць выказвання; інтанацыйны склад грунтуецца на беларускай народнай песеннасці і асаблівасцях сучасных масавых жанраў.

Сярод твораў: оперы "Калючая ружа" (паст. 1960), "Калі ападае лісце" (1968), "Зорка Венера" (1970), "Новая зямля" (1982), аперэты "Рабінавыя каралі" (1964), "Пяе жаваранак" (1969, 2-я рэд. 1971), "Паўлінка", "Тыдзень вечнага кахання", дзіцячая "Сцяпан - вялікі пан", кантаты, у т.л. "Ясныя дарогі" (1957), "Памяці Канстанціна Заслонава" (1958), "Горад юнацтва" (1964), "Велічальная Мінску" (1967), "Зямля мая" ў 4-х частках (1979, для народнага хору і народнага аркестра), "У вянок Максіму Баідановічу" (1980), сюіты "Родныя песні" (1979, для хору і народнага аркестра) і інш.

Аўтар шматлікіх песень, у т.л. "Ой, шумяць лясы зялёныя", "Беларусь - мая песня", "Люблю цябе, Белая Русь", "Расцвітай, Беларусь", "Явар і каліна", "Ты мне вясною прыснілася", "Не за вочы чорныя", "Журавіны", "Беларусачка" і інш. Значнае месца ў творчасці займалі харавыя творы (хары а капэла "Вы чулі, як плачуць дрэвы", паэма-рэквіем "Хатынскія званы", цыкл на словы Я. Коласа), вакальныя дуэты, трыо, квартэты, музыка да драматычных спектакляў ("Трэцяе пакаленне" паводле К. Чорнага, "Над хвалямі Серабранкі" і інш.

Вікіпедыя.


БЕЛАРУСКАЯ МОВА ЯК АСНОЎНЫ ФАКТАР ЗАХАВАННЯ НАЦЫІ І НЕЗАЛЕЖНАСЦІ КРАІНЫ

5-6 лістапада 2015 г. у Кіеўскім нацыянальным універсітэце адбылася 10-я Міжнародная канферэнцыя "Мова як свет светаў: граматыка і паэтыка тэкставых структур".

На канферэнцыю было пададзена звыш ста дакладаў, якія былі заслуханы падчас пленарнага паседжання, а таксама на паседжаннях у 10-ці секцыях.

На канферэнцыі прысутнічалі навукоўцы з розных гарадоў Украіны: Львова, Чарнаўцоў, Сумаў, Палтавы, Данецка, Харкава і і нш., а таксама з Польшчы, Славакіі. Ад Беларусі былі заяўлены два ўдзельнікі: Т. Піваварчык з Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і А. Анісім з ДНУ "Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі".

На пленарным паседжанні выступілі з дакладамі: Л. Мацько, доктар філ. навук, прафесар, акадэмік АПН Украіны, Нацыянальны педагагічны ўніверсітэт імя Міхайла Драгаманава - "Дзяржаўна-творчая функцыя ўкраінскай мовы ў грамадстве", М. Мозер, прафесар, дырэктар Інстытута славістыкі Відэньскага ўніверсітэта, Прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі ўкраіністаў - "Суржык у статыстыках моў Украіны", Л. Расліцка, дырэктар стратэгічнага развіцця "Ukraine Today" - "Англійскамоўны тэлеканал "Ukraine Today" як інфармацыйны шчыт у нацыянальнай бяспецы Украіны", А. Анісім, супрацоўнік ДНУ "Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі" - "Украіна і Беларусь у моўна-культурных сувязях", Л. Краўчанка, канд. філ. навук, дацэнт, Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт імя Тараса Шаўчэнкі - "Анамасіялагічны аспект аналізу пазыўных украінскіх байцоў - удзельнікаў баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны".

У межах канферэнцыі былі арганізаваны таксама паседжанні 2-х круглых сталоў: "Мова як чыннік нацыянальнай бяспекі" і "Корпус украінскай мовы: www.mova. info - база філалагічных даследаванняў".

Сп. А. Анісім выступіла на паседжанні круглага стала "Мова як чыннік нацыянальнай бяспекі" з дакладам "Беларуская мова як асноўны фактар захавання нацыі і незалежнасці краіны". Тэкст выступу прапануецца чытачам "Нашага слова".

Артыкул прысвечаны асвятленню гістарычнага працэсу станаўлення дзяржаўнасці Беларусі. У гэтай працы робіцца спроба асэнсаваць змяненні моўнай палітыкі ў розны час праз раскрыццё ўзаемадачыненняў улады і мовы. Акцэнт робіцца на вызначэнні ролі мовы ў захаванні нацыі.

Ключавыя словы: незалежнасць, моўная палітыка, станаўленне дзяржаўнасці, першаэлемент нацыянальнай культуры.


На ўсім працягу існавання чалавецтва суправаджае маўленне - як асноўная прыкмета чалавека разумнага, як вылучэнне яго з шэрагу іншых жывых істот. У сваім развіцці чалавецтва выпрацавала формы розных моў, якія забяспечваюць разуменне паміж членамі аднаго грамадства. Першасная функцыя мовы, такім чынам, палягала ў тым, каб выконваць ролю сродка камунікацыі.

Аднак на кожным новым вітку развіцця грамадства да гэтай функцыі дадаецца яшчэ шэраг іншых. На цяперашні момант "беларуская мова, як і любая іншая натуральная мова, выконвае ў грамадстве тры асноўныя функцыі: сродку зносін (камунікатыўную, якая аб'ядноўвае цэлы шэраг канкрэтных функцый), культурную (часткі нацыянальнай духоўнай культуры і яе сродку) і ідэнтыфікацыйную (сродку нацыянальнай ідэнтыфікацыі і самаідэнтыфікацыі)" [3, с. 14]. Паспяховасць і аб'ёмнасць выканання гэтых функцый, у сваю чаргу, залежыць ад іншых фактараў. А менавіта ад дзяржаўнай палітыкі, і яе складовай часткі - моўнай палітыкі. Выразна абазначаная моўная палітыка якраз такі спрыяе або абмяжоўвае правы грамадзян карыстацца роднай мовай у розных сферах грамадскага жыцця. Акрамя таго палітычныя прыярытэты эліты ў моўнай сферы вызначаюць сутнасць самой дзяржавы. Пра гэтую ўзаемаабумоўленасць вядомы беларускі філосаф В. Акудовіч, які грунтоўна займаецца пытаннямі развіцця беларускай нацыі і ўзаемадачыненняў мовы і ўлады, выказаўся наступным чынам: "Палітыка, як форма ўлады - гэта перадусім мова" [1, с. 203].

Разгледзім, як гэтыя дачыненні праяўляліся ў гісторыі станаўлення незалежнай краіны Беларусь. Нагадаем асноўныя гістарычныя этапы.

1. Полацкае княства, дзейнасць Еўфрасінні Полацкай, беларускай асветніцы.

2. Вялікае Княства Літоўскае, мова старабеларуская з'яўляецца афіцыйнай мовай - яна выкарыстоўваецца як мова дыпламатыі, юрыдычных і рэлігійных дакументаў, мова культуры.

3. Знаходжанне этнічных беларускіх земляў спачатку ў складзе Рэчы Паспалітай, затым Расійскай імперыі і забарона на карыстанне беларускай мовай у афіцыйных стасунках некалькі стагоддзяў.

4. Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 г.

5. Існаванне БССР у складзе СССР.

6. Заходняя Беларусь у складзе Польшчы.

7. Распад СССР і абвяшчэнне самастойнай дзяржавы - Рэспублікі Беларусь у 1991 г.

У кожным з гэтых этапаў мы можам бачыць, якую ролю адыгрывала беларуская мова ў грамадстве - ужывалася яна афіцыйна, была мовай дзяржавы і яе эліты, ці выкарыстоўвалася досыць шырока, але выключна ў гутарковым побыце. (Умоўна называем "беларуская мова", хоць у розныя гістарычныя адрэзкі яна магла мець іншую назву і функцыянаваць не толькі як літаратурная мова ў нашым сённяшнім разуменні, а як моўная плынь разнастайных дыялектаў).

Правядзенне выразнай моўнай палітыкі, якая мела прамыя наступствы для развіцця беларускай мовы, мы можам адзначыць з канца ХVІІ ст., калі ў складзе шматнацыянальнай дзяржавы Рэч Паспалітая была прынята адзіная дзяржаўная польская мова, на якую адразу перайшла тагачасная эліта. У выніку беларускі народ і яго мова аказваюцца па-за палітычным дзяржаўным кантэкстам. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у складзе Расійскай імперыі пэўны час праводзілася палітыка паланізацыі, а затым русіфікацыі. Вынікам гэтага сталася поўнае ігнараванне наяўнасці асобнага народа, знікненне назвы "Беларусь" і замена яе на безаблічны "Северо-Западный край". У навуковым асвятленні гэта таксама мела свае праявы. У ХІХ ст. "паралельнае выкарыстанне рускай і польскай моў з'яўлялася адной з прычын, якія перашкаджалі замацаванню беларускай мовы ў пісьменнасці. Ідэолагі як рускага вялікадзяржаўнага шавінізму, так і польскага сепаратызму адмаўлялі беларускаму народу ў праве на развіццё сваёй мовы і стварэнне на ёй літаратуры, лічачы беларускую мову толькі мясцовым дыялектам, непрыгодным для літаратурнай апрацоўкі" [2, c.81]. Аднак, як міфічная птушка Фенікс паўстала з попелу, так і беларуская нацыя пачала сваё адраджэнне. І пачалося яно з беларускай мовы, праз якую наша эліта - асветнікі і барацьбіты за лепшую долю - выказвалі сваю лучнасць з простым народам. Тут мы можам назваць шмат імёнаў, але перадусім Кастуся Каліноўскага і Францішка Багушэвіча, чые словы гучалі і гучаць як запавет і прароцтва для многіх пакаленняў беларусаў: "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі". Безумоўна, размова ідзе не пра фізічнае выміранне, а пра духоўнае знікненне і гістарычны нябыт еўрапейскай нацыі. Услед за Каліноўскім і Багушэвічам прыйшла вялікая грамада іх духоўных нашчадкаў - найперш паэтаў і пісьменнікаў: В. Дунін-Марцінкевіч, Ядвігін Ш., Якуб Колас, Янка Купала, М. Багдановіч, браты Луцкевічы і інш. Няспынная апантаная самаахвярная праца некалькіх пакаленняў навукоўцаў, паэтаў, грамадскіх дзеячаў урэшце прывяла да таго, што назвы "беларуская мова" і "беларускі народ" пачалі пранікаць у агульнапалітычны кантэкст тагачаснай Расійскай імперыі і займаць сваё месца. Гэтаму, безумоўна, паспрыяла першая руская рэвалюцыя 1905 г., у выніку якой быў прыняты Закон аб свабодзе друку. І хоць не было беларускіх школ, тым больш універсітэта з беларускай мовай навучання, аднак грамадскія дзеячы, што атрымалі пэўную адукацыю на расійскай ці польскай мове, знаходзілі фундатараў, ахвяравалі свае сродкі, каб друкаваць газеты на беларускай мове, яны засноўвалі выдавецтвы і апекаваліся выданнем кніг на роднай мове. Найбольш выразны след у гэтай справе пакінулі газета "Наша Ніва" і выдавецтва "Загляне сонца ў наша ваконца". Гэта дзейнасць, нягледзячы на шалёны супраціў з боку розных апалегатаў заходнерусізму і вялікадзяржаўнага шавінізму, садзейнічала агульнаму росту нацыянальнай свядомасці беларусаў. У выніку розных аб'ектыўных абставін, але найперш дзякуючы асветніцтву і культурніцкай працы вышэйназваных дзеячаў, 25 сакавіка 1918 г. прадстаўнікамі новай беларускай эліты была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Гэту падзею В. Акудовіч ахарактарызаваў так: "Першае злучэнне (вельмі кароткае па часе) беларускай мовы і ўлады адбылося ў 1918 годзе, калі была створаная Беларуская Народная Рэспубліка. Затым гэтае задзіночанне паспрабавалі аднавіць бальшавікі ў БССР (вядомая "беларусізацыя" 20-х гадоў), але неўзабаве яны пад корань вынішчылі ўсіх, хто выявіўся свядомым адэптам роднай мовы. Менавіта тады беларуская мова ператварылася са знаку бядоты ў знак бяды (бяды рэальнай, бязлітаснай і татальнай)" [1, c. 206-207]. Варта дадаць, што ў Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Польшчы, змаганне за беларускую мову і права "людзьмі звацца" праходзіла ў не менш жорсткіх умовах. Такім чынам, у новых гістарычных рэаліях беларускай мове (як і ўкраінскай, дарэчы, бо працэсы адбываліся падобныя) чарговы раз было вызначана месца, якое адпавядала выключна інтарэсам тагачаснай камуністычнай эліты ў БССР і ўладным колам панскай Польшчы. Неўзабаве ў СССР, які дэклараваў роўнасць ўсіх нацый, быў узяты курс на зліццё ўсіх нацый і народнасцей у адзін народ, а значыць, і на пашырэнне адной мовы - мовы міжнацыянальных зносін - рускай. Гэты курс праводзіўся няўхільна і, на жаль, паспяхова. Пра гэта сведчаць, да прыкладу, наступныя дадзеныя па агульнай колькасці вучняў, якія навучаліся на беларускай мове ў гарадах: "у іх агульнай колькасці ўдзельная вага беларускамоўных устаноў зменшылася з 32,0 % у 1987/88 н.г. да 20,6% у 1988/1989 н.г." [4]. Напрыканцы ХХ стагоддзя, у 1991 г. у Беларусі ў гарадах фактычна не існавала школ з беларускай мовай навучання, вышэйшыя навучальныя ўстановы функцыянавалі выключна на рускай мове. Хіба што асобныя выкладчыкі свае курсы чыталі па-беларуску. Так несамавіта выглядала наша сітуацыя ў моўным плане падчас абвяшчэння незалежнай Беларусі.

Аналізуючы стан грамадства напярэдадні адраджэння нашай дзяржаўнасці ў 1991 г. нельга абысці той факт, што на грунце паважлівага стаўлення да роднай мовы і любві да Бацькаўшчыны раз-пораз у Беларусі ўзнікалі суполкі, згуртаванні моладзі і інтэлектуалаў, якія сваёй дзейнасцю пашыралі ў грамадстве веды пра гістарычнае мінулае, выводзілі з небыцця постаці выбітных дзеячоў беларускага народа. У часы татальнай камуністычнай ідэалогіі ўдзельнікаў такіх згуртаванняў пераследавалі, навукоўцаў звальнялі з працы, студэнтаў, якія заяўлялі пра сваё жаданне навучацца на беларускай мове, выключалі з універсітэтаў. На нейкі час гэта застрашвала, але кожнае пакаленне дадавала новых прыхільнікаў шырокага выкарыстання беларускай мовы і фармавання беларускай патрыятычнай ідэі. У сувязі з гэтым можам прыгадаць дзейнасць маладзёвых нефармальных аб'яднанняў "Майстроўні" (1980), "Талакі" (1983), "Тутэйшых" (1987), якія аказвалі непасрэдны ўплыў на грамадска-палітычнае жыццё краіны найперш тым, што шырока карысталіся беларускай мовай. У выніку гэтага працэсу і асабліва праз выступы вядомых пісьменнікаў стала відавочным, што ў Беларусі існуе вялікая колькасць прадстаўнікоў розных слаёў грамадства, незадаволеных моўнай палітыкай. Усё гэта прывяло да таго, што ў 1989 г. пры падтрымцы тагачаснай партнаменклатуры было створана Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". Напачатку яно мела суполкі на ўсіх прадпрыемствах, установах адукацыі і г.д. Фактычна, дзейнасць арганізацыі ахоплівала ўсю Беларусь. Таму адраджэнне дзяржаўнасці Беларусі ў канцы ХХ ст. было заканамерным, паколькі рыхтавалася працай многіх пакаленняў на ніве беларускай мовы. Аднак, мусім яшчэ зазначыць, што наўрад ці з'явілася б Беларусь у найноўшым часе як самастойнае дзяржаўнае ўтварэнне, каб не дзейнасць беларуска-моўнай палітычнай эліты, якая здолела аб'яднаць патрыятычныя сілы і схіліць на свой бок парламенцкую большасць падчас прыняцця гістарычнага рашэння аб Дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь.

На самым пачатку дзяржаўнага будаўніцтва моўнаму пытанню надавалася вялікая ўвага. Быў узяты курс на беларусізацыю ўсяго грамадскага жыцця, найперш у сістэме адукацыі. Выразным дакументам моўнай палітыкі можа служыць Закон аб мовах, які быў прыняты парламентам яшчэ ў часы БССР. Паводле яго поўны пераход усіх сфераў грамадскага жыцця на дзяржаўную беларускую мову павінен быў заняць 10 гадоў.

Аднак, не ўсе палітычныя дзеячы былі гатовы да асабістай адказнасці ў справе пабудовы незалежнай краіны. І тым больш не да канца ўсведамлялі ролю беларускай мовы, мовы тытульнай нацыі, у гэтым працэсе. Таму і стаўся магчымым адразу пасля першых прэзідэнцкіх выбараў рэферэндум 1995 г., у выніку якога была задэкларавана роўнасць дзвюх дзяржаўных моў, а па сутнасці распачалася чарговая шалёная хваля русіфікацыі, якая не спыняецца па сённяшні дзень. У выніку такой мэтанакіраванай моўнай палітыкі ў Беларусі склалася наступная сітуацыя: няма ніводнага тэлеканала з беларускай мовай вяшчання, адсутнічае сістэма вышэйшай навуковай адукацыі на дзяржаўнай беларускай мове, у агульнаадукацыйных школах на беларускай мове навучаецца ўсяго 15% школьнікаў. На падставе такіх дадзеных Міжнародная арганізацыя ЮНЕСКА ўнесла беларускую мову ў спіс знікаючых моў.

Моўнае пытанне чарговы раз абвастрылася ў сувязі з новай геапалітычнай сітуацыяй, калі пад выглядам абароны правоў рускамоўных грамадзян адбыўся захоп Крыма. Такім чынам, быў створаны прэцэдэнт у найноўшай гісторыі, калі юрыдычныя аспекты існавання дзяржавы былі праігнараваны, а на першы план выйшлі сумніўныя ідэалагічныя ўстаноўкі. Для нашай краіны, у якой апошнія 20 гадоў незалежнасці ігнаруюцца правы беларускамоўных грамадзян у розных сферах жыцця і ў той жа час дэкларуецца адданасць інтарэсам усходняга суседа, найперш праз наданне рускай мове статусу дзяржаўнай, гэта з'яўляецца рэальнай пагрозай поўнай страты незалежнасці. У сітуацыі, калі дзяржаўныя структуры працуюць па інерцыі, не разумеючы небяспекі, грамадства (у каторы раз!) распачало сваю дзейнасць па пашырэнні беларускай мовы: узнікаюць курсы па яе вывучэнні, з'яўляецца рэкламная прадукцыя па-беларуску, ствараюцца адмысловыя сайты і старонкі ў інтэрнэце. У апошні час набываюць папулярнасць вырабы фірмаў, якія займаюцца вытворчасцю нацыянальнаарыентаваных прадуктаў, - вышыванкі, вышымайкі, сувенірная прадукцыя з адпаведнай сімволікай. Такімі дзеяннямі значная частка грамадства дэманструе сваю нязгоду з моўнай палітыкай, якую праводзіць дзяржаўная ўлада, і пазіцыянуе сябе патрыётамі краіны. Такі негвалтоўны супраціў прыносіць свой плён. Аднак, як лічыць ужо згаданы філосаф В. Акудовіч, "сітуацыю з паўсюдным адраджэннем беларускай мовы ўскладняе той факт, што сёння чалавецтва на злом галавы кінулася ў глабалізацыю, якая канцэптуальна мяняе ролі і значэнні нацыянальных моваў у камунікатыўным алгарытме сучаснага жыцця - натуральна не на іхнюю карысць" [1, с.124.].

Апошняе сцверджанне можна разглядаць як песімістычнае датычна перспектыў развіцця беларускай мовы, а можна як рэальную ацэнку агульнай сітуацыі і сусветнай тэндэнцыі. Таму ўзнікае заканамернае пытанне: калі працэсы няўхільныя, то што можна ім супрацьпаставіць? Кароткі агляд станаўлення і пазнейшага працэсу аднаўлення беларускай дзяржаўнасці адназначна сведчыць пра тое, што асноўным фактарам захавання нацыі і незалежнасці нашай краіны можа служыць толькі беларуская мова, "якая з'яўляецца асновай і першаэлементам нацыянальнай культуры, вызначае ўсіх грамадзян нашай краіны як беларускі народ, урэшце, абумовіла з'яўленне на карце свету незалежнай дзяржавы Беларусь" [5, с. 66]. З'яўляючыся сродкам нацыянальнай ідэнтыфікацыі, менавіта мова можа сыграць ролю абаронцы ў той татальнай інфармацыйнай вайне, што вядзецца зараз з боку Расійскай Федэрацыі. Але для гэтага трэба змяніць моўную палітыку, рэальна ўсвядоміўшы, наколькі яна ўплывае на стан нацыянальнай бяспекі.

"Менавіта фарміраванне культуры моўных адносін і моўнай адукацыі, прававой граматнасці насельніцтва ў сферы моўнага жыцця <...>, высокай адказнасці і карэктнасці дзяржаўных органаў і дзяржаўных службоўцаў за выкананне моўнага заканадаўства, такім чынам, павінна стаць адным з прыярытэтаў дзяржаўнай ідэалогіі на наступным этапе развіцця і паглыблення беларускай дзяржаўнасці. Толькі ў такім выпадку Беларусь зможа захаваць сваё нацыянальнае аблічча і прэтэндаваць на дастойнае месца ў сусветнай супольнасці" [3, с. 31-32].

1. Акудовіч В. Код адсутнасці. - Мн., 2007. - 216 с.

2. Баханькоў А. Я. Лексіка перыяду беларускай нацыі: дакастрычніцкі перыяд // Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы / Пад рэд. А. Я. Баханькова. - Мн. : "Навука і тэхніка", 1994. - С. 80-99.

3. Лукашанец А. А. Беларуская мова ў ХХІ стагоддзі. - Мн. : "Беларуская навука", 2014. - 396 с.

4. Лыч Л. Таварыству беларускай мовы - 25 гадоў // http://tbm-mova.by/monitoring 26.html.

5. Падлужны А. І. Мова і грамадства - Мн., 1997.- 74 с.

Алена Анісім , навуковы супрацоўнік Дзяржаўнай навуковай установы "Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі"


Літаратурная сустрэча па ініцыятыве ТБМ

У Сенненскай сярэдняй школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, адбылася сустрэча з літаратарамі, сябрамі Саюза беларускіх пісьменнікаў Францам Сіўко і Міхасём Мірановічам. Ініцыятарам і арганізатарам яе стаў Іосіф Навумчык, старшыня Віцебскай абласной рады Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Пачынаючы размову з гаспадарамі, ён прызнаўся:

- Гэтай восенню мяне ўразіла выстава вашай школы на абласным кірмашы ўстаноў адукацыі. І не толькі шматлікімі экспанатамі. Подпісы да іх, афармленне выставачнай пляцоўкі было зроблена па-беларуску. Менавіта таму захацелася сустрэцца з вамі. Мяне падтрымалі вашы сённяшнія госці. У прыязных адносінах да роднай беларускай мовы ў сценах навучальнай установы сёння яшчэ раз пераканаліся, пахадзіўшы па школе.

Коратка пазнаёміўшы з дзейнасцю ТБМ, Іосіф Навумчык перадаў слова літаратарам. Яны гаварылі не толькі пра ўласныя творчыя справы. Франц Сіўко пад уплывам свайго настаўніцкага мінулага, супрацоўніцтва з каталіцкім часопісам "Наша вера", распачаў размову з разважанняў пра духоўнасць, маральныя прынцыпы, якія так неабходны чалавеку, каб не страціць карані. З задавальненнем слухалі дзеці Міхася Мірановіча, яго пародыі на калег, "фрашкі" і "міранізмы". У іх не толькі гумар і сатыра. Калі глыбей удумацца, - філасофская адметнасць беларусаў іх стаўлення да жыцця. Міхась Мірановіч нарадзіўся на Ушаччыне, якая дала беларускай літаратуры Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна і Еўдакію Лось, іншых знаных літаратараў. Цікавасць да асобы госця дадаў той факт, што па бацькоўскай лініі сатырык паходзіць з Сенненшчыны.

Цікавасць да кнігі, у тым ліку да беларускамоўнай, захоўваецца. Выхаванцы школы-інтэрната цікавіліся фактамі біяграфіі літаратаў, творчай "кухняй", дзе можна набыць зборнікі іх твораў, чаму яны выходзяць невялікімі накладамі.

Франц Сіўко і Міхась Мірановіч папоўнілі бібліятэку школы-інтэраната зборнікамі сваіх твораў, якія выйшлі апошнім часам, у тым ліку са сваімі аўтографамі. Не з пустымі рукамі прыехаў Іосіф Навумчык. Ён прывёз кнігі іншых сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Сустрэчы з беларускімі літаратарамі для Сенненскай школы-інтэрната, можна сказаць, традыцыя. У пачатку года ў навучальнай установе пабываў Уладзімір Ліпскі, вядомы беларускі дзіцячы пісьменнік, рэдактар часопіса для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў "Буся". Яго творы таксама ёсць у бібліятэцы. На часопіс, як, дарэчы, і на газету "Наша слова", аформлена падпіска.

Словы ўдзячнасці гасцям за сустрэчу, за кнігі гучалі з вуснаў дзяцей. А завуч навучальнай установы Ала Саржыцкая, бібліятэкар Кацярына Кручок не хавалі, што кантактаў, сустрэч з творчымі людзьмі дзецям усё-такі не хапае. А яны неабходны, бо прыносяць станоўчыя эмоцыі, разнастайную, новую інфармацыю, абуджаюць цікавасць да беларускай літаратуры, нарэшце, ствараюць беларускамоўны асяродак.

Аляксандр ЛАЗЮК.

На здымках: у час сустрэчы з літаратарамі; фота на памяць.



Адукацыйныя паслугі Школа асобаснага росту "ШАР". Псіхолаг Людміла Дзіцэвіч

Семінар - трэнінг

"Траўмы і маскі"

04.12.2015 а 18-ай у сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13.

Для кантактаў:

сл. тэл. (+375 17) 327-60-88; х.тэл. (+375 17) 281-04-35

МТС (+375 29) 769-29-78; velcom (+375 29) 960-14-53

e-mail spadarl@yandex.ru

Заняткі ў школе асобаснага росту "ШАР" праходзяць кожную 2-ю і 4-ю пятніцу месяца а 18-ай гадзіне (звяраць з абвесткамі) у сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13.

Наступныя заняткі - 18.12.2015.


Звонкі рэй вядзе беларуская песня

Ансамбль народнай музыкі "Свята" 19 лістапада адзначыў 31 год са дня стварэння чарговай сустрэчай са слухачамі. Адзін з першых прафесійных фальклорных калектываў, ён быў заснаваны пры Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў 1984 годзе з мэтай захавання і папулярызацыі народнай песеннай спадчыны. Што-год ансамбль дае каля 60 канцэртаў, у тым ліку дабрачынных.

Беларуская народная песня займае пачэснае месца ў рэпертуары калектыва. Канцэртныя праграмы ансамбля ўключаюць у сябе сінтэз розных жанраў мастацтва: вакал, інструментальнае суправаджэнне, харэаграфію. Гучаць народныя песні ў арыгінальных апрацоўках, аўтарскія песні, якія бадзёраць і натхняюць сваім імпэтам.

Прыгожыя стройныя паненкі і дзяўчаты ў чырвона-белых строях заліхвацкі скачуць кадрылі і полечкі. Кружаць вялікімі каляровымі коламі жоўтыя і чырвоныя тканыя спадніцы. Кавалеры танчаць, жартуюць. Граюць цымбалы, скрыпкі, гучаць акардэон і дуда, звіняць бубны. Музыка перадае спрадвечнае хараство душы народнай. Працавітыя, шчырыя і вынаходлівыя беларусачкі доўга сумаваць не будуць - залагодзяць і прыўкрасяць жыццё, якія б смутныя часы не былі!

У святочным канцэрце прагучалі песні " Цячэ вада ў ярок", "Ночка-чараўніца", "Рэчанька" ў аранжыроўцы А. Кашталапава, "Кадрыля", "Народныя прыпеўкі". Тэмы бацькоўскай хаты, роднай вёскі, матчынай ласкі чуліся ў песнях на словы Т. Маслоўскай "Не пакідайце матуль", "Дуда", "Мая краіна".

Канцэртная праграма пабудавана на музычным фальклоры Палесся - скарбніцы духоўнай культуры славян. Наігрышы і песні, запісаныя непасрэдна ў народных музыкаў і выкананыя на старадаўніх інструментах з захаваннем манеры і каларыту гучання, выклікаюць замілаванне ў слухачоў.

Спалучэнне музыкі і танцу дае магчымасць ствараць яркія канцэртныя праграмы, якія з поспехам прымаюцца як на Беларусі, так і далёка за яе межамі. Ансамбль "Свята" не раз прымаў удзел у фестывалях мастацтваў, выступаў з канцэртамі ў Канадзе, Аўстрыі, Германіі, Італіі, Польшчы, Індыі, Францыі. За час свайго існавання Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі "Свята" даў больш за 20000 канцэртаў. Ансамбль удзельнічае ў рэспубліканскіх акцыях "Мастацтва - працаўнікам сяла", "Беларусь - гэта мы", у Днях беларускага пісьменства. У складзе калектыва выступаюць заслужаная артыстка РБ Марыя Пятроўна Маршак (вакал), заслужаны артыст Беларусі Анатоль Міхайлавіч Кашталапаў (мастацкі кіраўнік), артыстка Таццяна Сушчэня (цымбалы).

На святочным канцэрце гледачам прыйшліся да спадобы выступленні артыстаў Вячаслава Статкевіча, Наталлі Нарэйкі, Анастасіі Касцовай, Андрэя Барыкіна, Ірыны Краўцовай і іншых.

Э. Дзвінская , фота аўтара.


Зорка Віктара Шылко

10 лістапада 2015 года ў Мастацкай галерэі "Беларт" адкрылася выстава графікі Віктара Шылко, які нарадзіўся ў 1952 годзе на Віцебшчыне.

У 1974 годзе хлопец закончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута. З 1976 года ён - удзельнік абласных, рэспубліканскіх і ўсесаюзных выставаў. З 1986 года - у Саюзе мастакоў СССР. З 1987 па 1997 год - у творчым аб'яднанні "Квадрат". У 1994 годзе мастак стаў лаўрэатам І Міжнароднага пленэра, які быў прысвечаны Марку Шагалу. З 2002 года займаецца канцэптуальным жывапісам. Прымаў удзел у выставах у Германіі, Латвіі, Расіі, Славеніі, Арабскіх Эміратах. Працы славутага мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі сучаснага мастацтва, Абласным мастацкім музеі, Музеі Марка Шагала (Віцебск), Музеі сучаснага еўрапейскага мастацтва (Сеул, Карэя), а таксама ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Латвіі, Аўстрыі, Германіі, ЗША, Іспаніі, Польшчы, Канады, Фінляндыі.

На мерапрыемстве выступалі: Рыгор Сітніца, Уладзімір Савіч, Мікола Паграноўскі. Было цікава.

Аляксей Шалахоўскі


Да ведама сяброў Рады ТБМ

Паважаныя сябры Рады ТБМ!

У адпаведнасці з рашэннем Сакратарыяту ТБМ чарговае паседжанне Рады адбудзецца 29 лістапада ў сядзібе ТБМ.

Пачатак: 11.30.

Папярэдні парадак дня:

1. Абмеркаванне плана працы ТБМ на 2016 год.

2. Пастанова аб памеры складак на 2016 год.

3. Падвядзенне вынікаў выбарчай прэзідэнцкай кампаніі 2015 г.

4. Аб удзеле сяброў ТБМ у будучых парламенцкіх выбарах.

5. Аб падпісцы на "Наша слова".

6. Рознае.

Чакаем вашы прапановы да праекту плана дзейнасці на наступны 2016 год.

Сакратарыят ТБМ.


Пастанова Рады ТБМ імя Ф. Скарыны "Аб уплаце сяброўскіх складак (узносаў) на 2016 год"

Праект

Менск 29 лістапада 2015 г.

Рада ТБМ пастанаўляе вызначыць наступныя памеры сяброўскіх складак з 1 студзеня 2016 года:

1. Для тых, хто працуе - 100 тыс. руб.

2. Для беспрацоўных - 50 тыс. руб

3. Для студэнтаў - 20 тыс. руб.

4. Для пенсіянераў - 50 тыс. руб.

5. Для вучняў школ, ліцэяў і гімназій - 10 тыс. руб.

6. Для грамадзян Расіі - 500 расійскіх рублёў.

7. Для грамадзян іншых краін - 10 $ альбо 10 еўра.


Бона Івянецкая

У Івянецкім музеі традыцыйнай культуры экспануецца выстаўка нумізматыкі і баністыкі: "Скарбы роднай зямлі" з прыватных калекцый Алега Буткевіча, Яўгена Паплаўскага, Валерыя Мазуры.

Выстава адметная тым, што дае магчымасць візуальна судакрануцца да гісторыі грашова-гандлёвых стасункаў на беларускіх землях ад часоў Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай Імперыі, Савецкага Саюза да картак спажыўца, чэкавых кніжак, талонаў і папяровых банкнотаў назалежнай Беларусі.

Феерычны россып старадаўніх манет ад задымленага гаршка сімвалізуе скарбы, якія нашы продкі захоўвалі ў роднай зямельцы ў часы шматлікіх ваенных ліхалеццяў, з'яўляецца ўводнай часткай у экспазіцыю.

Адным з рарытэтаў, які вылучаецца з мноства артэфактаў экспазіцыі, з'яўляецца Івянецкая Бона наміналам 10 грошаў адчаканеная з цынку спажывецкім кааператывам 6-га батальёна Корпуса памежнай аховы "Івянец". Такія боны-знакі выкарыстоўваліся з сярэдзіны 20-х гадоў ХХ стагоддзя для аплаты розных паслуг і тавараў мясцоваму насельніцтву на былых Крэсах Усходніх.

Дзякуючы скурпулёзнай працы супрацоўнікаў музея праведзена навуковая класіфікацыя экспанатаў, падрыхтаваны своеасаблівы каталог-дапаможнік для наведальнікаў, што стварае перадумовы дэталёва прааналізаваць і змястоўна ўспрымаць складаны матэрыял.

Алег Раманоўскі. Фота: манеты прадастаўлены Івянецкім музеем традыцыйнай культуры.

P.S. Амаль усе матэрыялы выяўлены на тэрыторыі былога Івянецкага графства.


Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"

Шаноўныя сябры, ідзе падпіска на першае паўгоддзе 2016 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 73. Цана змянілася нязначна. У 2016 годзе мы працягнем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.


Беларускі нацыянальны касцюм

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Безрукаўнае адзенне выкарыстоўвалася як дапаўненне да святочнага касцюма. Яно адрознівалася ад іншых прадметаў адзення больш складаным і разнастайным кроем. Выказваюць меркаванне, што безрукаўнае адзенне з'явілася ў вясковых жыхароў пад уплывам гарадской культуры і з'яўляецца запазычаным. Назвы прадметаў гэтага тыпу адзення самыя мелі самыя розныя назвы: "кабат", "гарсет", "гарсетка", "кітлік", "камізэлька" (Віцебскі край); "кітлік", "шнуроўка", "станік", "лейбік", "нагруднік", "безрукаўка", "каптан", "танічак" (Гарадзенскі край); "шварка" (Добрушскі раён); "халадайка", "безрукаўка", "шніроўка". Гэтыя назвы не звязаныя з асаблівасцямі крою, а вызначыліся мясцовымі традыцыямі. У XIX - пачатку XX ст. безрукаўнае адзенне апраналася на сарочку, мела адкрыты ліф з выкраенымі па канфігурацыі рукі проймамі, скосамі плечавога шва, бакамі ці падрэзамі, што прыводзіла да шчыльнага абляганне па таліі. Спераду полы сцягваліся шнуроўкай ці зашпільваліся на гузікі. Полачкі (пярэдняя частка пінжака) упрыгожваліся нашыўкамі каляровых тканін, стужкамі, дэкаратыўнай тасьмой, якія укладваліся ў дэкаратыўную зубчастую стужу ці ў выглядзе кветкавых руж з палосак каляровых тканін. Край борта, проймы, выраз гарлавіны падкрэсліваліся кантрасным па колеры кантам. Упрыгожвалі таксама металічнымі і касцявымі гузікамі.

Гарсэты былі кароткімі (звычайна да таліі) і шыліся з фабрычных, пакупных тканін. Сустракаліся суконныя кабаты, аксамітныя, расшытыя ўзорам, з шаўковых тканін з багатым усходнім малюнкам, які выкладваўся металізаванымі ніткамі па простай аснове, якія стваралі эфект перелівання золата ці срэбра ў прамянях сонца тканіны.

Паясное адзенне

У XIX-XX стст. у беларусаў у якасці паяснога адзення існавалі "панёва", "саян", "андарак", "спадніца" і інш. Слова "спадніца" мела ўсеагульнае значэнне, ім ўвогуле называліся ўсе пералічаныя прадметы.

Тэрмін "панёва" выкарыстоўваўся для абазначэння як тканіны, так і нясшытага жаночага адзення. У XIX ст. так называлі нясшытую жаночую спадніцу. У XX ст. панёвай называлі ўжо і звычайную спадніцу, але яна мела ўстаўку на пярэднім палотнішчы, якая выдзяляецца па колеры ці сшытая з тканіны з характэрным малюнкам і структурай у ткацтве.

(Працяг у наст. нумары.)


Случчына, 1920-ты

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Своеасаблівым праграмным дакументам можна лічыць Дэкларацыю Беларускай рады Случчыны, якую яна выдала 21 лістапада 1920 года, і якая была пашырана 28-29 лістапада, калі Рада ўжо знаходзілася ў мястэчку Семежава (цяпер вёска ў Капыльскім раёне). У Дэкларацыі было сказана: "У момэнт самаадзначэньня ўсіх народаў і барацьбы іх за сваю самастойнасьць і свабоду Беларуская Рада Случчыны, выпалняючы волю сялянства, паслаўшага яе і даверыўшага ёй абарону незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны Беларусі, падымае сьцяг барацьбы за свабодную незалежную Беларусь і заяўляе ўсяму міру:

1. Беларусь павінна быць вольнай незалежнай Народнай Рэспублікай у яе этнаграфічных межах.

2. Асноўныя законы Беларускай Народнай Рэспублікі будуць выпрацаваны Белар[ускім] Устан[оўчым] Соймам, сазваным на аснове агульнага, роўнага, простага, патаемнага і прапарцыянальнага выбарчага права.

3. Прызнаваючы, што зямля павінна належаць працоўнаму народу і што прыватная ўласнасьць на зямлю касуецца, Рада Случчыны думае, што нормы землекарыстаньня (землепользование) маюць быць выпрацаваны толькі Бел[арускімі] Уст[аноўчы]мі зборамі. Да разьвязаньня ж гэтага пытаньня ў Уст[аноўчым] Сойме ўсе пастановы Часовай улады павінны згаджацца з вышэйпаказаным прынцыпам. Усе ж лясы і нутра зямлі павінны быць уласнасьцю Рэспублікі.

4. Да сазыва Устан[оўчага] Сойму павінны быць прыняты самыя шырокія меры для абароны правоў і інтарэсаў працаўнікоў, як, напрыклад, аб увядзеньні найбольшага 8-мі гадзінавага дня, кантроля над дабрабытам, мінім[ума] зараб[отнай] платы і г. д.

5. У мэтах барацьбы з вырастаючай спэкуляцыяй і ўпарадкаваньня тавараабмену паміж местам і вёскаю Рада Случчыны прыме меры к разьвіцьцю на шырокіх пачатках усіх відаў коопэрацыі.

6. Уперад да скончаньня развязваньня гэтага пытаньня ў Уст[аноўчы]м Сойме прызнаем на тэрыт[орыі] Бел[арусі] свабоду слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў, рэлігій, незачэпнасьць асобнасьці і памяшчэньняў.

7. Прыдаючы першаступеннае значэньне народнай прасьвеце, РС будзе старацца к агульнаму абучэньню ў самым шырокім маштабе.

8. У рубяжох БНР прызнаюцца правы ўсіх меншасьцяў на нац[ыянальную] пэрсан[альную] аўтаномію.

Абвяшчаючы аб гэтым і зьяўляючыся выразіцельніцай волі народа, Рада Случчыны дакляруе цьвёрда стаяць за незалежнасьць і свабоду роднае Беларусі і бараніць інтарэсы сялянства ад насільляў з боку чужаземных захватчыкаў, у выпадку патрэбнасьці нават сілаю аружжа, нягледзячы на лічэбную перавагу праціўніка, думаючы, што наша справа - справа праўдзівая, а праўда заўсёды закрасуе".

У тыя ж лістападаўскія дні 1920 года праходзіў запіс добраахвотнікаў у вайсковае фарміраванне, якое атрымала назву: "1-я Слуцкая брыгада стральцоў войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі". У склад брыгады ўваходзілі 1-ы Слуцкі полк і 2-і Грозаўскі полк, якія складаліся з чатырох і трох батальёнаў адпаведна, а тыя ў сваю чаргу - кожны з трох рот. У брыгаду, якая была пяхотнай, уваходзілі таксама конны атрад, палкавыя абозы і збройная майстэрня. Быў сфарміраваны і асобны ад брыгады атрад з дзвюх рот.

Беларуская рада Случчыны прызначыла камандзірам 1-й Слуцкай брыгады стральцоў войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі капітана Анастаса Анцыповіча (пазней польскімі ўладамі быў выдадзены бальшавікам, якія яго расстралялі). Камандзірам 1-га Слуцкага палка быў прызначаны капітан Генеральнага штаба расійскай арміі Павел Чайка, які да "другой польскай акупацыі" працаваў намеснікам ваеннага кіраўніка Слуцкага павятовага ваеннага камісарыята. Павел Пятровіч Чайка нарадзіўся ў 1889 годзе ў вёсцы Лютовічы Вызнянскай воласці Слуцкага павета (цяпер у Капыльскім раёне), удзельнічаў у Першай сусветнай вайне, за мужнасць узнагароджаны ордэнамі Святой Ганны 3-й і 4-й ступеняў, Святога Уладзіміра 4-й ступені, Святога Станіслава 3-й ступені. Да камандавання 2-ім Грозаўскім палком прыступіў капітан Лукаш Семянюк, ураджэнец вёскі Траянаўка Халопеніцкай воласці Барысаўскага павета (цяпер у Барысаўскім раёне), удзельнік Першай сусветнай вайны. Пры штабе 1-й Слуцкай брыгады стральцоў войскаў БНР дзейнічалі аддзелы разведкі і контрразведкі, палявы шпіталь, вайсковы суд, школа для падрыхтоўкі камандзіраў.

Дарэчы, беларускія афіцэрскія кадры Польшча дазволіла рыхтаваць у ваенных школах Варшавы, Быдгашча, Лодзі. Кандыдатаў для вучобы ў школе падхарунжых набіралі ў асноўным з навучэнцаў старэйшых класаў Слуцкага рэальнага вучылішча і Слуцкай агульнай земскай (беларускай) гімназіі. Былы курсант Піліп Лемеш (ураджэнец вёскі Падлессе) пазней пісаў: "В 1920 г., когда пришли поляки, я не отступил с красными. Снова стал учиться. К нам в реальное училище пришёл офицер Белорусской белой армии (1-й Слуцкай брыгады. - А.Ж.) и предложил ехать в офицерскую школу, после его предложения начали записываться...".

А вось сведчанне ўраджэнца вёскі Іграева (цяпер вёска Працавічы Слуцкага раёна) Андрэя Чыжа, які ў 1920 годзе вучыўся ў сёмым класе Слуцкай гімназіі: "К нам в гимназию начали приходить офицеры и агитировать гимназистов поступать в офицерскую школу. Многие начали записываться... Когда мы записались, то всех из города Слуцка отвезли на станцию Синявка на автомобилях. Было всего около 80 человек. Оттуда пошли в город Барановичи. В Барановичах посадили на поезд и направили в город Лодзь".

З успамінаў ураджэнца вёскі Селішча Кірылы Пратасевіча: "Поляки ночью оставили нашу местность, но красные ещё не пришли... Меня разбудил односельчанин и сказал: давай убегай, а то придут красные и нас расстреляют. В подтверждение сказал, что его свояк был в Слуцке и видел объявления о том, что расстреливают тех, кто не служил в Красной Армии, как дезертиров...".

Заўважу, што Піліпа Лемеша, Андрэя Чыжа і Кірылу Пратасевіча ў 1929 годзе арыштавалі, абвінавацілі ва ўдзеле ў контррэвалюцыйнай арганізацыі і шпіянажы на карысць Польшчы. Усе трое ў адзін і той жа дзень, 10 лістапада 1929 года, асобай нарадай былі прыгавораны да трох гадоў папраўча-працоўных лагераў, рэабілітаваны ў 1992 годзе.

Тым часам з 22 лістапада 1920 года пачаўся вывад са Случчыны польскіх войскаў паводле мірнага дагавора і падпісанага 14 лістапада 1920 года спецыяльнага пагаднення. 24 лістапада палякі пакінулі Слуцк. Уладзімір Пракулевіч пазней пісаў пра падзеі тых дзён на Случчыне: "Ставился вопрос, как организовать оборону. Группа Павлюкевича - Самусевича настаивала на организации партизанщины как более действенного способа борьбы против превышающего силами противника. Незалежницкая группа (да яе адносіўся і У. Пракулевіч. - А.Ж.), которая, главным образом, ставила целью не реальный результат, а демонстрацию, настояла на организации регулярных войск... 23 ноября польские власти уведомили нас, что завтра очищают Слуцк. В городе поднялась невообразимая паника, а вместе с тем страшное возмущение и разговоры о том, что белополяки нарочно спровоцировали нас, не дав стать на ноги националистическому движению...".

Надвячоркам 24 лістапада 1920 года Беларуская рада Случчыны, камандаванне 1-й Слуцкай брыгады і шэраг яе падраздзяленняў пакінулі Слуцк і размясціліся ў мястэчку Семежава. Яно знаходзілася ў 15-кіламетровай нейтральнай зоне з расійскага боку. Такая ж нейтральная зона ў 15 кіламетраў была і на польскім баку. У нейтральнай зоне агульнай шырынёй 30 кіламетраў у адпаведнасці з падпісаным у Рызе дагаворам не павінны былі знаходзіцца ні расійскія, ні польскія войскі.

У Семежаве закончылася фарміраванне 1-й Слуцкай брыгады стральцоў войскаў БНР. У яе складзе былі супрацоўнікі слуцкай міліцыі, кадравыя афіцэры, дэзерціры з чырвонаармейскіх і белагвардзейскіх воінскіх частак, сяляне навакольных вёсак, вучні старэйшых класаў навучальных устаноў. Неўзабаве запіс добраахвотнікаў спынілі, бо адсутнічала рэальная магчымасць забяспечыць стральцоў неабходным узбраеннем.

Рада мела штат інструктараў, якія ў навакольных вёсках вялі агітацыю сярод насельніцтва і збіралі ахвяраванні прадуктамі. Многія вяскоўцы ахвотна дзяліліся ежай. Старшыня Беларускай рады Случчыны Уладзімір Пракулевіч сведчыў: "Что касается мяса, то эта повинность была принудительная; по раскладке то или иное селение доставляло 2-3 головы крупного скота, или соответственно заменяло его мелким, причём шкура возвращалась владельцу назад, а на мясо выдавались Радой реквизиционные квитанции, которые и являлись обязательствами Рады. Питание было нормальное, семежевские кулаки кормили нас из 2-3 блюд. Однако запасов никаких не было заготовлено, просто не догадывались. Ни Рада, ни хозяйственная часть бригады никаких мер к этому не предпринимали. В конце концов обвинили Раду, что озаботиться заготовками - дело гражданских властей. Спешно принялись за заготовки. В оставленных помещиками имениях оказалось много зерна и сена. Молотьбой занялись наши пленные...". Узгадваючы іх, У. Пракулевіч заўважыў, што палонных і перабежчыкаў было больш за 100 чалавек. Ураджэнцаў беларускіх мясцовасцяў рэгістравалі і адпускалі на свабоду, а небеларусаў адпраўлялі ў польскія канцэнтрацыйныя лагеры. Каб забяспечыць асабовы склад брыгады харчаваннем, праз некаторы час, па словах У. Пракулевіча, "пришлось прибегать к реквизициям у населения".

Пакінуты палякамі Слуцк падраздзяленні Чырвонай Арміі занялі 29 лістапада 1920 года. Пасля гэтага, як сведчыць выдадзены ў 1921 годзе ў Магілёве "гісторыка-стратэгічны нарыс" 16-й арміі, 22-я брыгада (яе штаб размяшчаўся ў Слуцку) 8-й стралковай дывізіі выйшла на лінію Пясочнае - Тутараўшчына - Кучынка - Капыль - Ванялевічы - Чыжэвічы - Кажушкі - Заляддзе - Лядна - Дашнова - Жываглодавічы - Вызна. Больш на поўдзень заняла пазіцыі 23-я брыгада той жа 8-й дывізіі: Старчыцы - Замагілле - Вёска - Паварчыцы - Капацэвічы - Яскавічы - Беразнякі - Залюцічы - Ленін. Да канца лістапада польскія войскі ў паласе дзеянняў 16-й арміі выйшлі на лінію: Андрушы - Сейлавічы - Нясвіж - Клецк - Чарніца - па рацэ Лань - Лактышы - Дзяніскавічы - Чучэвічы - Красная Воля - Лахва - Давыд-Гарадок - Драздова.

Слуцкі збройны чын

Падраздзяленні 1-й Слуцкай брыгады стральцоў войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі пачалі баявыя дзеянні супраць частак Чырвонай Арміі 27 лістапада 1920 года. Гэты дзень лічыцца пачаткам Слуцкага збройнага чыну. У той дзень, як сведчыў начальнік штаба брыгады Антон Борык, "аддзелы 6 роты Слуцкага палка пад камандаваньнем ппр. К. у часе разьведкі ў раёне вёсак Быстрыца, Верабеічы, Васільчыцы і Чарнагубава спаткаліся з бальшавіцкай разьведкай каля вёскі Васільчыцы. Ад дапрошаных палонных даведаліся аб распалажэньні бальшавікоў. Нашы аддзелы выбілі бальшавікоў з вёскі Васільчыцы. Бальшавіцкія страты: 3 забіты, 3 ранена і 1 папаўся ў палон. У нас 1 цяжка ранены. Мы захапілі шмат стрэльбаў, набояў (патронаў. - А.Ж.) і інш. вайсковага матэрыялу. Аддзелы 5 роты Слуцкага палка пад камандаваньнем ппр. Клішэвіча ў стычцы з ворагам пры вёсцы Дашнова занялі вёску, забраўшы ў палон 5 чырвонаармейцаў. Вёска Лютовічы ў нашых руках. 7 і 8 роты таго ж палка занялі вёску Мацкевічы. Нашы аддзелы ў Капыльскім напрамку занялі м. Цімкавічы. У баі пад м. Капыль у нас цяжка ранен 1, чырвонаармейцаў забіта 12".

У наступныя дні аддзелы 1-й Слуцкай брыгады нападалі на падраздзяленні 8-й дывізіі 16-й арміі расійскіх войскаў, асабліва актыўна - на мясцовасці паміж населенымі пунктамі Капыль, Цімкавічы, Вызна. Найбольш значныя баі адбываліся каля вёсак Садавічы, Быстрыца, Лютовічы, Морач, Дашнова, мястэчак Капыль, Вызна.

Тым часам з кожным днём яшчэ больш абвастраліся супярэчнасці паміж членамі Беларускай рады Случчыны і камандаваннем 1-й Слуцкай брыгады. Як адзначыў пазней У. Пракулевіч, "взаимоотношения между штабом бригады и Радой были ненормальны, отличались недоверчивостью". Справа дайшла да таго, што старшыню Беларускай рады Случчыны Уладзіміра Пракулевіча камандаванне брыгады не дапускала да абмеркавання ваенных пытанняў. Сёння цяжка вызначыць, што ляжала ў аснове такіх адносін (няўжо недавер?). Гэта не магло садзейнічаць узаемаразуменню і каардынацыі дзеянняў у ходзе ўзброенага выступлення.

Сітуацыю значна ўскладнілі падзеі, звязаныя з камандзірам 1-га Слуцкага палка Паўлам Чайкам. Ён як быццам спрабаваў перадаць на расійскі бок сакрэтныя дакументы, аднак гэта яму не ўдалося. П. Чайку арыштавалі і абвінавацілі ў здрадзе, але ўначы з 2 на 3 снежня ён здолеў уцячы з-пад арышту ў горад Слуцк. Праз некаторы час там яго арыштавалі, абвінавацілі "в измене Советской власти и организации белогвардейского полка" і па пастанове "тройкі" асобага аддзела 16-й арміі расстралялі 9 студзеня 1921 года.

3 снежня 1920 года Беларуская рада Случчыны правяла надзвычайнае пасяджэнне і канстатавала, што "высшее командование оказалось не на высоте возложенных на него задач, что оно не проявило достаточной деятельности и решительности, что в нём отсутствует дисциплина, а также охранение военных тайн". З улікам гэтага Рада пастанавіла: "1) Устранить капитана Анцыповича от занимаемой им должности командира бригады. Капитана Борика и поручика Арцишевича оставить в штабе как технических работников. 2) Назначить командира 2-го батальона 1-го полка стрельцов капитана Сокола-Кутыловского командующим бригадою, с предоставлением ему временно диктаторских полномочий. 3) Поручика Мироновича отстранить от занимаемых им должностей и нарядить судебное следствие в составе капитана Якубецкого и следователя А. Кобычкина по делу о побеге капитана Чайко с личным задержанием поручика Мироновича до окончания следствия. 4) Вместо поручика Мироновича на должность начальника контрразведки назначить временно поручика Янушенко".

Прызначаны камандзірам брыгады Антон Андрэевіч Сокал-Кутылоўскі нарадзіўся на хутары Красная Горка Лунінецкага павета, меў вопыт баявых дзеянняў у Першай сусветнай вайне, баёў супраць Чырвонай Арміі ў войсках генералаў А.І. Дзянікіна і М.М. Юдзеніча. Замест капітана П. Чайкі камандзірам 1-га Слуцкага палка прызначылі ўраджэнца вёскі Дзюдзева Грэскай воласці Слуцкага павета (цяпер вёска Маяк Слуцкага раёна) падпалкоўніка Ахрэма Гаўрыловіча, які да таго камандаваў 1-м батальёнам гэтага палка.

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

Анатоль ЖУК


УНІВЕРСІТЭТ ЗОСЬКІ ВЕРАС

У выдавецтве "Лімарыус" выйшла ў свет кніга ўспамінаў і лістоў Зоські Верас (1892-1991) "Пакуль рука пяро трымае". Працягваецца публікацыя творчай спадчыны пісьменніцы і грамадскай дзеячкі, распачатая "Гарадзенскай бібліятэкай" у 2013 годзе (гл.: Зоська Верас. Я помню ўсё: успаміны, лісты). Публікуем тут адрывак з прадмовы да новага выдання, аўтар якой - Міхась Скобла (ён жа ўклаў кнігу і напісаў каментары).

Проста дзіву даешся - як Зоська Верас усё паспявала рабіць, як яна ўсюды паспявала! У міжваеннай Вільні яе, рухавую і энергічную, чакалі ў Лукішкаўскай турме - з прадуктовымі перадачамі, на віленскім паштамце - з пакункамі беларускіх перыёдыкаў, з неадменнай гатовасцю да працы ў рэдакцыях грамадаўскіх газетаў, дзе яна была і адміністратарам, і бухгалтарам, і кальпартэрам. І так - у гушчыні падзей - Зоська Верас пражыла ладную частку жыцця. Таму для пакаленняў пазнейшых яна была найперш жывой сведкай нашай гісторыі, і як жа добра, што Бог падараваў ёй так багата гадоў. Усё, што ведала, усё, што памятала, яна паспела сказаць для будучыні, асабліва ёй рупілі ці не самыя сфальшаваныя ў савецкай гістарыяграфіі гады (1917-1920-я).

Жывучы ў зацішным Панарскім лесе, застаючыся цэлымі днямі ў сваёй лясной хатцы на самоце, яна толькі ў 70-я гады адважылася даверыць свой жыццёвы досвед паперы. Няспешна пісаліся ўспаміны пра Гарадзенскі гурток беларускай моладзі, пра Першы Усебеларускі з'езд у Мінску, пра Максіма Багдановіча, Гальяша Леўчыка, Аркадзя Смоліча, братоў Луцкевічаў і братоў Родзевічаў…

Успаміны пісаліся, але мінскія рэдакцыі ставіліся да іх насцярожана - у друк праходзіла толькі самае бяскрыўднае. Часцей Зоську Верас друкавалі беластоцкія выданні - беларускія календары і тыднёвік "Ніва", але і там тэксты былой нашаніўкі (пра гэта ведалі ўсе) і сяброўкі Рады БНР (пра гэта ведалі хіба ў адпаведным ведамстве) часам ляжалі гадамі.

І тады Зоська Верас пра ўсё, што помнілася, пачала расказваць у прыватным парадку - у лістах. Ахвотнікаў ведаць праўдзівую гісторыю знайшлося нямала: у Мінску і Гародні, у Зэльве і Пружанах, у Германавічах на Віцебшчыне і Гудзевічах на Гарадзеншчыне, на Беласточчыне за заходняй мяжой і на Стаўрапольшчыне за мяжой усходняй, у Варшаве і Маскве.

Сама аўтарка пазней спрабавала падлічыць колькасць тых лістоў-успамінаў - выходзіла больш за 6000. З іх пакуль што апублікавана каля 800 (улічваючы і эпісталярны раздзел гэтай кнігі), і з іх, нібы з мазаічных шкельцаў, паступова складаецца вялікая панарама беларускага жыцця ХХ стагоддзя.

Сучасныя сродкі камунікацыі дазваляюць імгненна перадаваць на любыя адлегласці любую інфармацыю (тэкставую, фота, аўдыё і відэа). А ў часы Зоські Верас адзіным перадатчыкам была звычайная, надзвычай марудная з гледзішча сённяшняга пошта. Лісты з Панарскага лесу ішлі тыднямі - можна здагадвацца, як чакалі іх усе тыя, хто стала карэспандаваў з гаспадыняй Лясной хаткі. Ніводзін ліст не пакідала яна без адказу.

Гісторыку Юрыю Туронку Зоська Верас дасылала звесткі пра ягонага бацьку, вядомага ў Заходняй Беларусі лекара Браніслава Туронка, пра братоў Іваноўскіх, якія ўзбагацілі сваёй дзейнасцю тры культуры - беларускую, польскую і літоўскую.

Паэтцы Дануце Бічэль падказвала, як найпаўней і змястоўней паказаць жыццяпіс Максіма Багдановіча ў наваствораным музеі.

Дырэктару Мінскага абласнога музея (знаходзіўся ў Маладзечне) Генадзю Каханоўскаму расказвала пра свайго прадзеда Ігната Кулакоўскага, педагога і асветніка, які яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя дамагаўся ад царскіх уладаў вывучэння ў школах беларускай мовы…

А колькі ў Лясную хатку прыходзіла лістоў удзячнасці! Краязнавец з вёскі Германавічы Шаркаўшчынскага раёна Клімент Кожан пісаў: "Я ў сваім жыцці закончыў два ўніверсітэты - Беларускі дзяржаўны і Універсітэт Зоські Верас". Вольным слухачом таго "ўніверсітэта" быў і Уладзімір Караткевіч, які з удзячнасцю за падказаныя спрадвечна беларускія назвы раслінаў аднойчы, звяртаючыся да Зоські Верас, эмацыйна ўсклікнуў: "Вы наш батанічны бог!". А як палічыць усіх наведнікаў Гудзевіцкага этнаграфічнага музея, якія практычна скарысталіся з рэцэптаў, і сёння даступных у экспазіцыі "Лекавыя зёлкі", што стваралася пад цярплівую "дыктоўку" Зоські Верас…

На жаль, пры жыцці яна заставалася як бы за спінамі сваіх вялікіх сучаснікаў - найперш Максіма Багдановіча, гербоўнік гонару якога быў яе заўсёдным і першачарговым клопатам. І гора было тым, хто з тых ці іншых прычынаў кідаў на яго цень, пляміў няпраўдай. І трэба прызнаць: шмат у чым той Багдановіч, якога мы сёння ведаем і прымаем, увідочніўся для нас дзякуючы Зосьцы Верас. Каб сабраць усё напісанае ёю пра паэта, атрымаўся б важкі дадатак да персанальнай энцыклапедыі "Максім Багдановіч", ідэя якой узнікала і акрэслівалася ў двух месцах адначасова: у выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя" (дзе працаваў яшчэ адзін энцыклапедыст - Янка Саламевіч) і ў той жа Лясной хатцы.

Сталася так, што мемуарыстка засланіла сабой паэтку, аўтарку арыгінальных празаічных імпрэсій, друкаваных яшчэ ў "Нашай ніве" і пазнейшых заходнебеларускіх перыёдыках. Прачытаўшы іх, чалавек з трымя вышэйшымі адукацыямі і добрым літаратурным густам Аркадзь Смоліч усклікнуў: "Няхай вам Найвышні дае сілаў! Тое, што робіце і зрабілі вы ў гэты глухі час, доўга памятаць будуць беларусы, для будучыні яно будзе прыкладам".

Прыкра пра гэта гаварыць, але ўдзячнай памяці, у якой быў так упэўнены аўтар першай геаграфіі Беларусі, хапіла толькі на тоненькую, з выгляду як вучнёўскі сшытак, кніжачку "Каласкі", якая выйшла ў свет у 1985 годзе, прынёсшы мала радасці пісьменніцы. Праўда, яе тут жа прынялі ў Саюз пісьменнікаў, прызначылі пенсію, прапанавалі рыхтаваць другую кнігу.

Але заместа яе Зоська Верас падрыхтавала кнігу Фабіяна Шантыра - свайго першага мужа, таленавітага публіцыста, расстралянага бальшавікамі яшчэ ў 1920 годзе… У выніку ні Шантыр, ні Зоська Верас у мінскія выдавецкія планы больш не траплялі. Пражыўшы без малога цэлае стагоддзе, яна так і адышла ў лепшы свет аўтаркай адзінай, замаскаванай у выдавецтве "Юнацтва" пад дзіцячую, кніжкі. І гэта пры тым, што пісала, пакуль бачылі вочы. Ужо на самым схіле жыцця імкнулася дагаварыць недагаворанае, дапісаць недапісанае. Амаль страціўшы зрок, на адмыслова разлінееных аркушах, звяртаючыся да аднаго з сяброў, навослеп выводзіла: "Чуюся вельмі дрэнна, але стараюся яшчэ сёе-тое зрабіць, пакуль рука пяро трымае".

Мала хто з беларускіх літаратараў так напоўніцу адпрацаваў дадзены яму звыш талент. Самаахвярна, з пачуццём адказнасці перад будучыняй. Зоська Верас і тут паказала прыклад. У дзевяноста чатыры гады яна яшчэ пісала пранікнёныя элегічныя вершы!

Калі ў 2013 годзе тэлеканал "Белсат" здымаў пра пісьменніцу дакументальны фільм, асабліва не трывожачы ценяў яе вялікіх сучаснікаў, мы са здымачнай групай наведалі тады дзве дарагія для гераіні фільма мясціны: фальварак Альхоўнікі, што на паўдарозе паміж Гародняй і Беластокам, і той Панарскі лясок, які на віленскіх мапах чамусьці пазначаны як вуліца Рэвоню. У Альхоўніках Людвіка Сівіцкая (дзявочае імя Зоські Верас; па мужу - Войцік) засынала малою пад беларускія калыханкі, прачыналася дзяўчынай пад выбухі Першай сусветнай, там яна гадавала свайго першынца Антося, адтуль выхапіў яе і панёс у шырокі свет вір імклівага грамадскага жыцця. А Панарскі лес, затулены ад гаманлівага горада прыўзнятым каўняром чыгункі, стаў зацішнай прыстанню, дзе добра думалася і пісалася без аглядкі на ідэалагічныя павевы, ад якіх пісьменніку за савецкім часам схавацца было дужа няпроста.

У замежных Альхоўніках з захаванымі старымі будынкамі акурат рыхтаваліся да жніва, там дбайна гаспадарыў фермер і пчаляр Рыгор Кульмачэўскі - праўнук Антона Кульмача, які амаль сто гадоў таму набыў фальварак у Сівіцкіх. За мураванай стадолай у расквітнелай грэчцы гула шматвуллевая пасека. (Вось бы парадавалася колішняя рэдактарка часопіса "Беларуская борць" і заснавальніца таварыства "Пчала"!)

А ў такім жа замежным (толькі за другой мяжой) Панарскім лесе мы ледзве адшукалі тую мясціну, дзе калісьці стаяла Лясная хатка. Яна згарэла ў 1990 годзе, калі гаспадыня ў ёй ужо не жыла, мы пра гэта ведалі, але каб так змяніўся памятны для многіх ландшафт! Здзічэлы, змізарнелы сад, паляна перад хатай, ледзь бачныя пад крушнямі закуранай цэглы падмуркі - усё было захоплена лесам. Самотныя яблыні частавалі нас гаркаватымі яблыкамі, колішняга падворка было не пазнаць, перыметр хаты (якой прасторнай яна здавалася мне ў 1987 годзе!) пад наступам змрочных ялінаў сціснуўся і выглядаў нерэальна маленькім. А прайшло ўсяго нейкіх дваццаць пяць гадоў…

Адзняты відэаматэрыял ужо мантажаваўся, калі спатрэбіўся нейкі вобраз, які перадаваў бы галоўную сутнасць гераіні фільма. Кадры з ім і мусілі пачынаць стужку. І неяк сам па сабе ў нашай калектыўнай памяці праявіўся вобраз пчалы. Курсы пчалярства, пасека ў Альхоўніках (дзядоўскіх і сучасных), таварыства "Пчала", часопіс "Беларуская борць", кніжка "Мёдадайныя расліны", выдадзеная ў міжваеннай Вільні… Пчаліны рой трапіў нават на экслібрыс Зоські Верас!

І самае галоўнае - яна ўсё жыццё працавала, як тая пчала, у поце чала свайго. Дабрачынна і самаахвярна, без гарантаваных заробкаў і ўласцівых творчым людзям амбіцый. Чорнарабочай беларускай культуры назваў яе ў белсатаўскім фільме Арсень Ліс, чыё маленства было асветленае верасаўскай "Заранкай".

За чатырыста з гакам гадоў да тае яснай "Заранкі" над Вільняй узышло сонца маладзіковае Францішка Скарыны. Калі нашаму слаўнаму першадрукару ў прадмове да кнігі "Юдзіф" спатрэбіўся вобраз-сімвал адданасці роднаму краю, ён таксама ўзгадаў пчолаў, што бароняць вуллі свае. Думаецца, нездарма ў той прадмове сказана: птушкі ведаюць гнёзды свае, рыбы адчуваюць віры свае, а пчолы свае вуллі - бароняць.

Зоська Верас - яшчэ і бараніла. Цягам амаль цэлага ваяўнічага ХХ стагоддзя. І за гэта мы ёй у стагоддзі ХХІ павінны і за гарою пакланіцца. Так, паводле народнай мудрасці, выяўляецца найвялікшая людская ўдзячнасць. Аўтарка гэтай кнігі такую ўдзячнасць, без сумневу, заслужыла.

Міхась СКОБЛА.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX