НАША СЛОВА № 49 (1252), 9 снежня 2015 г.
85-годдзе Уладзіміра Караткевіча ў Магілёве
Да 85-й гадавіны з дня народзінаў Уладзіміра Караткевіча магілёўская суполка ТБМ імя Ф. Скарыны арганізавала і правяла ўрачыстую вечарыну памяці нашага выбітнага творцы, заснавальніка беларускай прыгодніцка-гістарычнай літаратуры, пісьменніка, творы якога абуджаюць нацыянальную самасвядомасць ужо не аднаго пакалення беларусаў. Караткевіч, можна сказаць, наш сучаснік, бо той час, што аддзяляе нас ад перыяду яго жыцця і творчай працы вельмі нязначны ў параўнанні з усёй айчынай гісторыяй, а людзі, якія яго ведалі, і сёння жывуць сярод нас.
Падчас вечарыны магілёўцы ўзгадалі цікавыя звесткі з біяграфіі пісьменніка і ягоных продкаў, цесна звязаных з нашай Магілёўшчынай, праглядзелі шэраг адрыўкаў з вядомых і не вельмі фільмаў, паслухалі яго выдатныя вершы. У выкананні дзіцячых музычных калектываў - ансамбля народнай песні "Медунічка" і маленькіх выхаванцаў дзіцячага садка №103 прагучалі цудоўныя песні на вершы Уладзіміра Караткевіча, а Народны тэатр Дома культуры вобласці прадставіў урывак са спектакля "Выйсце крыніц" паводле твораў Караткевіча.
Не абышлося і без невялічкай віктарыны з пытаннямі па біяграфіі і творах пісьменніка, якую правёў вядоўца імпрэзы Алег Дзьячкоў, а прызам для пераможцы была кніга "Ладдзя роспачы", выдадзеная некалі на прыватныя ахвяраванні. Перамагла ў віктарыне, што не дзіўна, лепшая настаўніца беларускай мовы спадарыня Ганна Бандарэнка. І на заканчэнне вечара ўсе прысутныя разам праспявалі вядомы твор Караткевіча "Дзе мой край?", музыку да якога некалі напісаў Зміцер Вайцюшкевіч, радкі гэтага верша настолькі кранальныя, настолькі прасякнуты любоўю да роднай Беларусі, што іх немагчыма слухаць спакойна, ды яшчэ ў аздабленні гэткай цудоўнай музыкі.
На жаль, час імпрэзы, як і магчымасці ў грамадскага аб'яднання, якім з'яўляецца ТБМ, былі абмежаваныя, бо ўсе гэткія мерапрыемствы яно ладзіць выключна на добраахвотна-безвыдаткавых пачатках, абапіраючыся на неабыякавых ініцыятыўных людзей. А вось дзяржаўна-афіцыйныя ўстановы Магілёва такую значную дату біяграфіі класіка сучаснай беларускай літаратуры праігнаравалі, бо ніякіх падзей ці нават абвестак, прымеркаваных да юбілею Караткевіча не было, у гэтыя дні прайшлі толькі традыцыйныя Сіманаўскія чытанні. Але ж ігнараваць сваё, нацыянальнае - гэта вельмі вялікая памылка ў справе як патрыятычнага выхавання моладзі, так і ўздыму гонару і павагі да сваёй гісторыі, свайго народа, ад чаго наўпрост залежыць і моц дзяржавы, яе надзейная будучыня і незалежнае развіццё, бо як можна любіць і будаваць сваю краіну без шанавання сваіх жа продкаў, без ведання сваіх вытокаў, нацыянальных герояў і гістарычных падзей?
І, канешне, хочацца выказаць асобную падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы і правядзенні вечара рэжысёру Народнага тэатра Дома культуры вобласці Але Кусковай і ягоным акторам, Кацярыне Саламянікавай за падрыхтоўку кампутарнай прэзентацыі, выступоўцам - ансамблю народнай песні "Медунічка" пад кіраўніцтвам Крысціны Бабіцкай, музычнаму калектыву дзіцячага садка № 103, яго маленькай салістцы Дашы Каплуновай і іх кіраўніку Алене Моўлевай, Ніне Майстровай і усім іншым удзельнікам і гледачам.
Алесь Сабалеўскі.
Міхасю Кавылю - 100
КАВЫЛЬ Міхась (сапр. Лешчанка Язэп), нарадзіўся 01.11.1915 г. у вёсцы Покаршаў Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў Грэскую сямігодку. Вучыўся на пазашкольным аддзяленні Беларускага педагагічнага тэхнікума ў Менску (1930-1933). Быў сябрам "Маладняка". 23.02.1933 г. арыштаваны і асуджаны на 3 гады няволі. Адбываў пакаранне на Далёкім Усходзе (чацвёртае аддзяленне Дальлага). У канцы кастрычніка 1935 г. датэрмінова вызвалены "за ўдарную працу і добрыя паводзіны". Жыў у Варонежы (1935-1938), вучыўся ў педагагічным інстытуце на літаратурным факультэце (1936-1938), працаваў настаўнікам у пасёлку Ваўчок Варонежскай вобласці (1938-1941). З першых дзён вайны - на фронце. Ваяваў на Украіне, у траўні 1942 г. трапіў у акружэнне. З 1944 г. - у Германіі. У 1950 г. выехаў у ЗША, дзе жыве і цяпер.
Першы верш апублікаваў у 1929 г. (газета "Беларуская вёска"). Друкаваўся ў "Піянеры Беларусі", у дадатку да бабруйскага "Камуніста" - "Вясне", у часопісе "Маладняк". У эміграцыі выдаў зборнікі паэзіі "Ростань" (Рэгенсбург, 1947), "Пад зоркамі белымі" (Нью-Ёрк, 1954), "Першая рана" (Манчэстэр, 1960), "Цяжкія думы" (ЗША, 1961), "Міжагнёўе" (Нью-Ёрк, 1990).
Перакладае творы расейскіх, украінскіх, ангельскіх, польскіх паэтаў на беларускую мову.
Са 100-годдзем юбіляра павіншаваў нават прэзідэнт ЗША Барак Абама.
Вікіпедыя.
Міхась Кавыль на старонках "Баявой Ускалосі"
Свой 100-гадовы юбілей сустрэў у Саўт-Рыверы (ЗША) беларускі паэт і выдавец Міхась Кавыль. Міхася Кавыля заўсёды вельмі паважалі і сёння паважаюць на эміграцыі. Сябраваў ён з многімі беларусамі-эмігрантамі, у тым ліку і з паэтам, выдаўцом часопіса "Баявая Ўскалось" Сяргеем Хмарам (1905-1992), які быў родам з вёскі Казлоўшчына цяперашняга Дзятлаўскага раёна. Тым больш, што з Хмарам не так проста было сябраваць. Але яны знаходзілі паразуменне, ліставаліся, сустракаліся. Сяргей Хмара ахвотна друкаваў ягоныя вершы на старонках уласнага часопіса "Баявая Ўскалось" (выйшла 18 нумароў). У № 8 "Баявой Ускалосі" (1969 г.) рэдактар друкуе некалькі вершаў Міхася Кавыля, у тым ліку і верш "Пагоня", які пачынаецца так:
"… Першы раз мне
паштоўку з Пагоняю -
Вянок, БНР…
Паказала следчая… з іроніяй Сказала: "Цяпер Ты не будзеш
мне болей адбрыквацца:
"Не знаю, не я…"
Прызнавайся, буржуйскі
прыхвасцень:
Пагоня … твая!?.
Мы знайшлі
ў цябе пад падушкаю…
Не смейся, дурак!
Ты не быў яшчэ,
мабыць, пад мушкаю?
Кажы, што ды як!..".
У гэтым нумары надрукаваныя таксама вершы Міхася Кавыля "Ліст маме", "Сакавіковыя матывы", "Лісты" і "Слаўны мой род". У апошнім вершы паэт з гонарам піша і згадвае сваіх родных братоў і сясцёр: Рагнеду, Еўфрасінню, Скарыну, Каліноўскага, Міцкевіча, Купалу, Багдановіча, Дубоўку, Чарота… У № 9 "Баявой Ускалосі" (1970 г.) друкуецца верш Міхася Кавыля, які так і называецца "Верш", у якім паэт разважае, што такое верш і прыходзіць да думкі, што "верш - гэта рытмы жыцця, тыя, што ў вечнасць стукаюць, з болю адлітымі гукамі". № 10 "Баявой Ускалосі" (1970 г.) адкрываецца вялікай падборкай вершаў Міхася Кавыля, сярод якіх і верш, прысвечаны Уладзіміру Клішэвічу (1914-1978). Падчас акупацыі Уладзімір Клішэвіч жыў у Слуцку, рэдагаваў "Газету Случчыны". У 1944 годзе выехаў у Нямеччыну. З 1948 года жыў у ЗША, рэдагаваў ратапрынтны часопіс "Беларусь" (1949), працаваў выкладчыкам у каледжы ў штаце Індыяна. Некалькі разоў прыязджаў у БССР. Але сувязь Клішэвіча з БССР не вельмі радавала беларусаў на эміграцыі, пра гэта і кажа ў сваім вершы Міхась Кавыль. Добрая падборка вершаў надрукавана была і ў № 11 "Баявой Ускалосі" (1971 г.). Але гэтая падборка ўжо мела палітычны падтэкст, даволі смелы і адкрыты. Шмат паэтычных радкоў былі апублікаваныя ў № 12 "Баявой Ускалосі" (1972 г.). Але прыцягваюць увагу сёння радкі пад агульнай назвай "Сілуэты". Гэта двухрадкоўі - эпіграмы на беларускіх паэтаў. Вось некалькі з іх. А. Кучар ( У клубку гадзючым з гадаў гад, шыпучы), П. Броўка ( Вось таму ён і "народны", бо народу не прыгодны). У. Дубоўка ( Разумная галава, але дурням дасталася). Р. Бярозкін ( Паспытаўшы сталінскае розгі, стаў палохацца бярозкі…) і г.д.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя.
"Беларуская" дзейнасць Мiкалая Мiкалаевiча Сакалова
(Да 140-годдзя з дня нараджэння i да 100-годдзя знакамiтай Карты МДК)
Рускi i савецкi вучоны-фiлолаг Мiкалай Мiкалаевiч Сакалоў (прозвiшча дастаткова распаўсюджанае) нарадзiўся 10 снежня (ст. ст.) 1875 г. у г. Трубчэўску Арлоўскай губернi (зараз - Бранская вобласць) у сям'i тытулярнага дарадцы Мiкалая Iванавiча Сакалова i яго жонкi Аўдакеi Iванаўны. Мiкалай Iванавiч Сакалоў быў надворным дарадцам i iнспектарам Трубчэўскай гарадской вучэльнi. Праваслаўны. Меў ордэны св. Станiслава 3-й ступенi i св. Ганны 3-й ступенi. Можна дапусцiць, што ён сам быў родам з Калужскай губернi.
Чытач, напэўна, памятае, што на карце вядомага савецкага этнолага Дзм. Канст. Зяленiна "Карта русского языка в Европе" (Берлiн, 1927) горад Трубчэўск з наваколлямi паказаны чыста на тэрыторыi беларускiх гамонак. Зазначу, што Дз. Зяленiн проста скапiяваў выданне Рускага Геаграфiчнага Таварыства 1914 г. ў Санкт-Пецярбургу. Яшчэ адно выданне з "беларускiм" Трубчэўскам - гэта карта беларускага гiсторыка i грамадскага дзеяча Мiтр. Вiкт. Доўнар-Запольскага "Карта Беларускай Народнай Рэспублiкi" (Гродна, 1919). Яна некалькi палiтызаваная (на мяжы з Нямеччынай), але таксама паказвае падобную карцiну распаўсюджання беларускай мовы. Далей, Трубчэўск "даў беларусам" не толькi Мiкалая Мiкалаевiча Сакалова-лiнґвiста, але i вядомага (асаблiва сваiмi падлiкамi беларускага насельнiцтва ў сяр. XVII стагоддзя) гiсторыка Афроiма Майсеевiча Карпачова.
Мiкалай Сакалоў-малодшы вучыўся ў Арлоўскай гiмназіi з 1886 па 1894 гг. Затым паступiў у МДУ, дзе займаўся з 1894 па 1899 гады. Вучыўся ён на гiстарычна-фiлалагiчным факультэце па славесным ад-дзяленнi. Атрымаў дыплом Мiкалай 31 траўня 1899 г. Па рэкамендацыi Ф. Фартунатава быў пакiнуты пры ўнiверсітэце для падрыхтоўкi да прафесарскага звання - на кафедры параўнальнага мовазнаўства i санскрыту. Нават на тры гады. З 20 студзеня 1903 г. прызначаны на пасаду зверхштатнага выкладчыка рускай мовы ў Настаўнiцкiм iнстытуце.
На працягу 1902 - 03 навучальнага года Мiкалай здаў магiстарскi экзамен. Вытрымаў магiстарскае выпрабаванне па санскрыцкай мове i па параўнальнай граматыцы iндаеўрапейскiх моваў. Затым на працягу 1904 - 08 гг. ён быў настаўнiкам, выкладчыкам у розных сярэднiх навучальных установах г. Масквы i займаўся рускай i лiтоўскай мовамi. Летам 1901 г. ажыццявiў паездку ў Ковенскую губерню, летам 1908 г. - у Гарадзенскую i суседнiя часткi Вiленскай губернi. Галоўным чынам Мiкалай займаўся вывучэннем беларускага намоўя. Дакладней, вывучаў беларускую мову.
У 1908 - 09 навучальным годзе быў камандзiраваны Аддзяленнем рускай мовы i славеснасцi (АРМiС) Iмператарскай АН у Нямеччыну i слухаў лекцыi прафесараў Карла Бругмана, Аўгуста Лескiна, Эдуарда Сiверса i Эрнста Вiндзiша ў Ляйпцыгу. Прабыў два семестры ў Ляйпцыгскiм унiверсітэце. З 29 траўня 1909 г. Мiкалай (пасля здачы магiстарскiх iспытаў) быў прыняты ў лiк прыват-дацэнтаў Маскоўскага ўнiверсітэта па кафедры параўнальнага мовазнаўства i санскрыту. А затым быў у званнi прафесара, атрымаў гэта апошняе па дэкрэце аб трохгадовым выкладчыцкiм стажы.
Выкладаў рускую мову ў жаночых гiмназіях Масквы, на Маскоўскiх Вышэйшых Жаночых Курсах. Гэта прыкладна 1910 - 11 гг. Далей выкладаў у сярэдняй Механiка-Тэхнiчнай вучэльнi, у Слясарна-Рамеснiцкай вучэльнi. Мы ведаем, што з Маскоўскiх Вышэйшых Жаночых Курсаў быў створаны ў 1918 годзе II-гi Маскоўскi дзяржаўны ўнiверсітэт.
М.М. Сакалоў здзейснiў чатыры паездкi ў Лiтву. Першую мы ўжо ўзгадалi - летам 1901 г. ён даследаваў намоўi ваколiцаў Коўні (Каўнаса) i Вiлькамiра (Укмерге) - па большасцi гэта аўкштайцкiя намоўi; 2 - летам 1912 г.; 3 - у 1913 г.; 4 - у 1914 годзе - на тэрыторыю жэмайцкага намоўя лiтоўскай мовы. Тры (наступныя) - у Шавельскi, Цяльшэўскi i Расiенскi паветы Ковеншчыны i Гробiнскi павет Курляндыi (зараз гэта - Цяльшайскi, Клайпедскi i Каўнаскi паветы, без падрабязнасцяў). Усе паездкi - для вывучэння лiтоўскай мовы.
Працуючы выкладчыкам, Мiкалай Мiкалаевiч ажанiўся. Меў жонку Ганну Паўлаўну i двух сыноў. Мiкалай нарадзiўся ў 1915 г., Уладзiмiр - у 1917 г.
З кастрычнiка 1918 г. М.М. Сакалоў - прафесар I Маскоўскага ўнiверсітэта (перайменаваны ў прафесара).
На пачатку 1919 г. ён быў абраны прафесарам рускай i стараславянскай моваў нядаўна створанага Варонежскага ўнiверсітэта. З сакавiка 1919 г. запрошаны ў Варонеж выкладчыкам. Ужо тут, ва ўнiверсітэце ён замяшчаў прафесараў па трох свабодных кафедрах: рускай i стараславянскай моваў, славяназнаўства i параўнальнага мовазнаўства i санскрыту. Быў штатным выкладчыкам дзяржунiверсітэта.
Ён быў таксама прафесарам Варонежскага аддзялення Маскоўскага Археалагічнага iнстытута па рускай мове, лектарам Варонежскага народнага ўнiверсітэта па рускай мове i параўнальным мовазнаўстве, лектарам Варонежскай тэатральнай студыi па мастацтву вымаўлення i лектарам Варонежскiх стэнаґрафiчных курсаў па гiсторыi пiсьменнасцi. М.М. Сакалоў быў таксама выкладчыкам рускай мовы на рабочым факультэце Варонежскага ўнiверсітэта.
У Варонежы можна дапусцiць нейкія кантакты М.М. Сакалова з Антонам Мiкiтавiчам Ясiнскiм (1864 - 1933). У 1911 - 1919 гг. А.М. Ясiнскi - дырэктар Педагагiчнага iнстытута iмя Шалапуцiна ў Маскве, адначасова - прыват-дацэнт, затым прафесар Маскоўскага ўнiверсітэта, у 1920 - 1922 гг. - прафесар Маскоўскага археалагiчнага iнстытута. У Варонежы ён бываў наездамi, жывучы ў Маскве i працуючы ў МДУ. У 1922 - 28 гг. ён - прафесар Белдзяржунiверсітэта. У 1929 - 1933 г. А.М. Ясiнскi працаваў у Iнстытуце гiсторыi Беларускай АН.
Вельмi важнай (але для мяне i зараз - загадкавай) з'яўляецца iнфармацыя самога М.М. Сакалова аб тым, што яго вучоныя працы "знаходзяцца ў Сергiевым Пасадзе Маскоўскай губернi, там захоўваецца яго бiблiятэка" (запiс 1921 г.). Мне, як аўтару артыкула, невядомыя матывы знаходжання таленавiтага лiнгвiста ў горадзе Сергiеў Пасад.
Пастановай Прэзiдыюма I Маскоўскага дзяржаўнага ўнiверсітэта ад 26 траўня 1921 г. ён iзноў залiчаны ў лiк прафесараў МДУ. Але ў 1922 годзе М.М. Сакалоў быў яшчэ ў Варонежы. Дату яго пераезду ў Маскву (1921 цi 1922 г. ?) неабходна правяраць. Матэрыялаў для развагаў сабрана мной многа, але не дастаткова для канчатковай высновы. I ўсё ж, здаецца, у рэшце рэшт М.М. Сакалоў апынуўся напрыканцы 1922 года ў II Маск. дзярж. ун-це (зараз - Педагагiчны ўнiверсітэт).
Навуковыя заняткi М.М. Сакалова былi накiраваныя галоўным чынам: 1) на вывучэнне параўнальнага мовазнаўства, у прыватнасцi адмыслова лiтоўскай мовы i 2) на вывучэнне рускай мовы, пераважна яе дыялекталогii. Ён вывучаў i беларускую мову. У 1908 годзе ў Мiкалая Мiкалаевiча была летняя паездка ў Беларусь (матэрыялы аб ёй друкавалiся ў 1909 годзе, нават са схемай маршруту яго паездкi). Хаця ён планаваў займацца вывучэннем беларускiх i паўночна-маларускiх гамонак пры паездцы ў межы Ковенскай i Гарадзенскай губернiй. Як успамiнае сябар, чалец МДК А.М. Селiшчаў, М.М. Сакалоў ездзiў у Лiтву i Беларусь назiраць узаемаадносiны рускiх групаў насельнiцтва з лiтоўскiмi i польскiмi.
Напрыклад, у пiсьме ад 2 студзеня 1909 г./ 20 снежня 1908 г. (пiсьмо напiсана з Ляйпцыгу) ён пiша: "Пасля 1 лiпеня [1909 г.] мог бы суправаджаць [жаданне!] А.А. Шахматава ў якасцi памочнiка ў месцах з пераходнымi гамонкамi. На мяжы маларускага намоўя з беларускiм - цiкава!".
Ад сябе хачу зазначыць (П.А.), што ён не горш за Яўхiма Карскага паказаў у 1915 годзе абсягi беларускай мовы ў Масальскiм i Жыздрынскiм паветах Калужскай губернi. У выдадзенай у 1914 - 15 гг. "Карте русского языка в Европе" М.М. Сакалову належыць беларуская частка i некаторыя раздзелы вялiкарускай часткi - да прыкладу, разгляд пераходных гамонак ад беларускiх да паўночнавялiкарускiх.
Iм надрукаваны (за час яго дзейнасцi) справаздачы амаль па ўсiх сваiх дыялекталагiчных экскурсіях. Яму належыць складанне Праграмы для збору звестак па беларускiх гамонках i (часткова) па паўночнавялiкарускiх (выдадзеная МДК). Напiсаны цэлы шэраг нататак, рэцэнзiй, надрукаваных галоўным чынам у розных лiтоўскiх часопiсах.
Пры ўсiм пры гэтым - з супольнiчання з праўнукам Я.Ф. Карскага Аляксандрам Аляксандравiчам выходзiць, што Яўхiм Фёдаравiч не меў цесных кантактаў з Мiкалаем Мiкалаевiчам Сакаловым. Апошнi прыносiў свае артыкулы ў "Русскiй Филологическiй Вестникъ". Але ...
Больш падрабязна мы можам пра гэта прачытаць у газеце "Lietuva" за 17 чэрвеня 1923 г. (пiсьмо М. М. Дурнаво К. Бугу як некралог на М.М. Сакалова): "У сваiх надрукаваных артыкулах у М.М. здаралiся рэзкiя сцверджаннi i [з-за гэтага] у яго бывалi вялiкiя непрыемнасцi: [так] Я.Ф. Карскi пакрыўдзiўся на водгук аб яго "Белоруссахъ" у часопiсе "Rocznik slawistyczny" i адмовiўся ад артыкулаў, што адпраўляў [яму М.М. Сакалоў], акрамя тых, што давала Маскоўская Дыялекталяґiчная Камiсія".
Цi вось пiша сам М.М. Сакалоў А. А. Шахматаву: ""Русскiй Филологическiй Вестник" зараз для мяне недаступны (дзякуючы рэцэнзыi "Белоруссов")" - лiст ад 13 лiстапада 1912 г. Пакрытыкаваўшы пачатак шматтомнай працы Я. Ф. Карскага "Беларусы" (гл. "Rocznik slawistyczny", t. III, Kr-w, 1910), Мiкалай Мiкалаевiч абмежаваў сябе ў магчымасцях друкаваць свае працы i даследваннi. Ведама - далёка не кожнае выданне мела ў той час магчымасцi друкаваць, напрыклад, лiтоўскiя тэксты.
Але як бы там ні было - нам важна iншае. Самае галоўнае для нас, пав. чытач, што беларусам добра ведамыя Этнаграфiчныя карты "беларускага племенi" беларускага вучонага i акадэмiка Я.Ф. Карскага (1903 i 1917 гадоў выдання). Гэта - з аднаго боку. З другога ж боку - вонкава незалежная Маскоўская Дыялекталагiчная Камiсія паказвае абсягi гэтай жа мовы ў 1915 годзе прыкладна такiмi ж. I робiць гэта - М.М. Сакалоў. Хто зараз будзе папракаць, што пав. Я.Ф. Карскi "цягнуў коўдру" ў родны бок?
Да таго ж, Мiкалай Мiкалаевiч не прыняў да прыкладу сцверджанне Ул. Мiх. Папова (1887 - 1970) аб тым, што на сучаснай Цвершчыне адсутнiчае чыстая беларуская мова па правым баку р. Мёжа.
На працягу сваёй выкладчыцкай дзейнасцi ў вышэйшай школе М.М. Сакаловым былi прачытаны курсы па рускай, стараславянскай, новых славянскiх мовах, па лiтоўскай мове, па санскрыце, па параўнальнай граматыцы iндаеўрапейскiх i славянскiх моваў, па параўнальным сінтаксiсе рускай, лiтоўскай i iншых iндаеўрапейскiх моваў.
Працаваў М. М. Сакалоў - у 1909 - 19 гг. i надалей - у сферы мовазнаўства, выкладаў i лiтоўскую мову. Даследаваў намоўi рускай, беларускай, лiтоўскай моваў. Мiкалай Мiкалаевiч чытаў лекцыi па лiтоўскай мове, на курсах агульнага мовазнаўства распавядаў аб роднасцi балцкiх i славянскiх моваў.
Успомнiм даклады М.М. Сакалова, звязаныя з беларускай тэматыкай, на паседжаннях Маскоўскай Дыялекталагiчнай Камiсіi (МДК):
"Размеркаванне i ўзаемныя адносiны пераходных гамонак паўночнавялiкарускага намоўя ў паўдзённа-заходняй частцы Цвярской губернi" - 1904 г.
"Вызначэнне межаў гамонак наогул i беларускiх у прыватнасцi" - 1905 г.
"Аб занятках па даследванні гамонак (i межаў беларускiх i паўночнавялiкарускiх гамонак) у Арлоўскай губернi" - 1906 г.
"Досвед аб летнiх занятках па дыялекталогii Трубчэўскага павета Арлоўскай губернi. [Аб гамонках Трубчэўскага павета Арлоўскай губернi]" - 1906 г.
"Размеркаванне беларусаў на мяжы Чарнiгаўскай, Арлоўскай i Смаленскай губернi" - [? г.].
"Аб беларускiм аканнi" - 1907 г.
"Гамонкi Пскоўскай i трох паўдзённа-заходнiх паветаў Наўгародскай губернi" - 1910 г.
"Даклад аб летнiх паездках. У Астроўскi, Апочацкi, Вялiкалуцкi i Новаржэўскi паветы Пскоўскай губернi" - 1911 г.
"Праграма для збiрання асаблiвасцяў беларускiх гамонак" (праект). На працягу траўня 1913 г. - траўня 1914 г. - не завершана сумеснае абмеркаванне.
Навуковыя працы М.М. Сакалова:
"Справаздача - З паездкi ў Лiтву, летам 1901 г. (дыялекталагiчныя i этнаграфiчныя назiраннi ў Ковенскiм, Вiлькамiрскiм i Новааляксандраўскiм паветах Ковенскай губернi)" - 1902 г.
"Справаздача аб паездцы ў Цвярскую губерню (паўдзённа-заходнiя паветы) з дыялекталагiчнай мэтай летам 1904 г." - 1907 г.
"Справаздача аб паездцы ў Трубчэўскi павет Арлоўскай губернi (паўдзённая частка) летам 1907 г." - 1908 г.
Летнiя экскурсіi М.М. Сакалова ў 1908 г.
"Справаздача аб паездцы ў Беларусь (паўдзённа-заходняя частка - Менская i Гарадзенская губернi)" - 1909 г.
"Разбор сач. Карскага "Белоруссы", т. 1; т. 2, вып. 1" - (Rocznik slawistyczny, t. III, Krakow, 1910).
"Праграма для збiрання звестак па беларускiх гамонках" (лiтаґрафiя).
"Справаздача аб паездцы ў Чухламскi павет Кастрамской губернi i паўдзённыя паветы Пскоўскай губернi" (рукапiс).
"Гамонкi Пскоўскай губернi" - 1919 г.
"Сляды лiтоўскiх паселiшчаў у Трубчэўскiм павеце Арлоўскай губернi". Варонеж, 1920 г. (рукапiс).
[Ён просiць даслаць з Пецярбурга праграму для збiраньня беларускiх гамонак]. "Ёсць некалькi падыходзячых знаёмых у павеце". Лiст ад 18 красавiка [?] год А.А. Шахматаву, Трубчэўск.
Ранняя смерць не дала магчымасці таленавiтаму рускаму лiнґвiсту закончыць фiлалагiчную работу. Раптоўная смерць - у ноч з 27 на 28 траўня 1923 г. - вырвала яго з шэрагаў таленавiтых даследчыкаў-фiлолагаў. Як адзначалася на 149-м паседжаннi МДК (2 лiстапада 1923 г.), памёр сябар-сузаснавальнiк i былы сакратар МДК, прафесар II МДУ. Яго вызначалi цвярозасць думкi, стойкiя i цвярозыя адносiны да ўсялякiх няўдачаў жыцця, чэснае выкананне свайго абавязку. Каштоўныя ўспамiны пакiнулi пра яго М.М. Дурнаво, I.Р. Галанаў, В.М. Каменеў, М.М. Петэрсан. Мiкалай Мiкалаевiч быў адным з найгалоўнейшых кiраўнiкоў Камiсіi.
У жыццi М.М. Сакалоў адрознiваўся аскетычнай адданасцю навуцы, вернасцю акадэмiчным традыцыям, праўдзiвасцю i роўнасцю характару. Добры таварыш i вельмi чулы i аднолькава роўны з усiмi. Пасля яго засталася без сродкаў жонка з двума малагадовымi дзецьмi. Рупiўся i хадайнiчаў аб сям'i навукоўцы некалькi больш малады, але таленавiты фiлолаг i сябар МДК Iван Галанаў.
Для тых, хто блiжэйшым часам будзе даследаваць жыццё i творчасць М.М. Сакалова-лiнґвiста, хачу зацемiць - былi яшчэ ў XX стагоддзi майстры слова i пры тым масквiчы Мiкалай Мiкалаевiч Сакалоў-стэноґраф i Мiкалай Мiкалаевiч Сакалоў-паэт. А на некалькiх паседжаннях МДК быў студэнт М.М. Сакалоў (2-гi). Нядрэнна было б адшукаць радню М. Сакалова-лiнґвiста i месца яго пахавання.
Для свайго роднага беларускага чытача хачу згадаць некалькi слоў i яшчэ пра аднаго чалавека, якi стварыў, заснаваў Гурток для вывучэння рускай мовы ў яе гiсторыi i дыялектах, які перарос (з цягам часу, каб замацавацца пры Iмп. Акадэмii Навук) у "Маскоўскую дыялекталагiчную камiсію". Фiлолаг (а ўвогуле - лiнгвiст, фалькларыст i гiсторык лiтаратуры) Аляксандр Дзмiтрыевiч Грыгор'еў нарадзiўся ў 1874 г. ў Варшаве, дзяцiнства правёў у м. Белая Сядлецкай губернi, вучыўся i працаваў ужо ў Маскве, у Расii, а з канца 1922 г. вярнуўся ў Польшчу, працаваў пэўны час у сярэднiх школах i гiмназіях у г. Берасці, затым быў у Вужгарадзе, Прэшаве. Памёр у 1940 г. (па iнш. дадзеных, у 1945 г.) у Празе.
На некалькiх паседжаннях МДК (здаецца, на шасцi) у канцы 1906 - пачатку 1907 гг. прысутнiчаў вядомы мовазнаўца П.А. Растаргуеў. Камiсія праводзiла комплекснае вывучэнне рэгiёнаў Еўрапейскай Расii. Да прыкладу, на лета 1909 г. планавалася, што М.М. Сакалоў паедзе на мяжу беларускага i паўночнавялiкарускага намоўя, П.А. Растаргуеў - у Чарнiгаўскую губерню, а сп. Шчарбак - на мяжу памiж маларусамi i беларусамi. П.А. Растаргуеў вызначыўся ехаць у Старадубскi павет Чарнiгаўшчыны.
Маскоўская дыялекталагiчная камiсія стала шырока вядомай дзякуючы знакамiтай "Дыялекталагiчнай карце рускай мовы ў Еўропе" - першым картаграфiраваным масштабным выданнi ўсходнеславянскiх гамонак у еўрапейскай частцы Расii. I тут - некаторыя малавядомыя падрабязнасцi чытачу. Як можна даведацца з пратаколу 85-га паседжання МДК (ад 24 траўня 1915 г.), Карта надрукаваная Аддзяленнем Этнаграфii (АЭ) Iмп. Рускага Геагр. Тав-ва (РГТ) яшчэ напрыканцы 1914 г. без ведама Камiсіi. Вырашана прасiць АЭ РГТ прыпынiць продаж гэтай карты да выхаду ў свет "Нарыса рускай дыялекталогii", што ў гэты час рыхтуецца да друку. Звернутая ўвага на многiя дэфекты карты, з якiх значная колькасць тлумачыцца няўважлiвымi адносiнамi выканаўцы Карты да паправак i заўвагаў складальнiкаў. Пастаноўлена давесцi аб гэтым АЭ РГТ, а ў "Нарысе ..." агаварыць недахопы, што адбылiся па незалежачых ад Камiсіi абставiнах.
Мной (П. А.) зроблены каляровы варыянт Карты МДК 1915 г. (на падставе заўвагаў i паправак Камiсіi) фармату А1 (594 на 841 мм) у папяровым i электронным варыянтах. Ахвотным пакарыстацца гэтай картай просьба звяртацца да аўтара артыкула на адрас:ambrasovitsh@mail.ru. Будзьма даследаваць далей жыццё i творчасць незаслужана забытага вучонага.
П.А. АМБРОСАВIЧ , сябар Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу.
Гісторыя ў падзеях і малюнках. 15 снежня (аўторак) на сядзібе ТБМ адбудуцца чарговыя заняткі ў гістарычнай школе "Гісторыя ў падзеях і малюнках" з Алегам Трусавым. Пачатак 18.00. Уваход вольны.
Штампы МУС могуць быць беларускамоўнымі
Грамадскае аб'яднанне
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
Аб вырабе беларускамоўных штампаў
у пашпартах грамадзян
Рэспублікі Беларусь
У Міністэрстве ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь разгледжаны Ваш зварот адносна вырабу і ўвядзення на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь штампаў, якія ўносяцца ў пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, на беларускай мове.
Паведамляем, што згодна з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы.
Згодна з артыкулам 8 Закона Рэспублікі Беларусь ад 26.01.1990 "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" у Рэспубліцы Беларусь мовамі справаводства і дакументацыі, а таксама мовамі ўзаемаадносін дзяржаўных органаў і іншых арганізацый з'яўляюцца беларуская і (або) руская мовы.
Тэксты на пячатках, штампах, штэмпелях, фармулярах, афіцыйных бланках дзяржаўных органаў і іншых арганізацый выконваюцца на беларускай і (або) рускай мовах.
Зыходзячы з прадпісанняў пункта 15 Інструкцыі аб парадку арганізацыі работы падраздзяленняў па грамадзянству і міграцыі органаў унутраных спраў па выдачы, уліку, абмену, прызнанні несапраўдным, канфіскацыі, захоўванні і знішчэнні пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, зацверджанай пастановай МУС Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2010 г. № 200 (далей - Інструкцыя), графы на старонцы 31 пашпарта запаўняюцца на беларускай і рускай мовах ("Прозвішча/Фамилия", "Імя/Имя", "Імя па бацьку/Отчество", "Месца нараджэння/Место рождения", "Орган, які выдаў пашпарт/Орган, выдавший паспорт"), а рэквізіты на трэцяй старонцы вокладкі пашпарта запаўняюцца на англійскай мове.
Згодна з пунктам 18 Інструкцыі запісы і адзнакі ў пашпарце робяцца на беларускай або рускай мове фіялетавым або чорным чарнілам (пастай).
Акцэнтуем Вашу ўвагу, што адзнакі аб заключэнні шлюбу, аб нараджэнні дзяцей уносяцца ў пашпарт органам, які рэгіструе акты грамадзянскага стану. Узоры гэтых штампаў зацверджаны пастановай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 29.10.2008 № 60 "Аб парадку ўнясення і анулявання органамі, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану, адзнак у дакументы, якія засведчваюць асобу".
Разам з тым, пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь з'яўляецца дакументам для выезду за межы Рэспублікі Беларусь. Вопыт выкарыстання нацыянальнага дакумента пацвярджае, што пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, адпавядае міжнародным стандартам, садзейнічае спрашчэнню атрымання замежных віз і перасячэнню дзяржаўных межаў.
Тым не менш, разумеючы ўсю важнасць закранутых Вамі праблем, Міністэрства ўнутраных спраў сумесна з Міністэрствам юстыцыі прапрацоўваюць пытанне ўнясення ў пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь адзнак як на рускай, так і на беларускай мовах.
У выпадку прыняцця станоўчага рашэння аб вырабе дадатковых (дубліруючых) штампаў на беларускай мове, якія ўносяцца ў дакументы, што засведчваюць асобу, у нарматыўна прававыя акты Рэспублікі Беларусь будуць унесены адпаведныя карэктыроўкі.
Дзякуем Вам за актыўную грамадзянскую пазіцыю, за клопат аб развіцці нацыянальнай мовы.
З павагай
Намеснік Міністра Н.А. Мельчанка.
Беларусь павінна бачыць і чуць сваіх герояў
Старшыні Нацыянальнай
дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі
Давыдзьку Г. Б.
вул. Макаёнка, 9,
Мінск, 220807
Шаноўны Генадзь Браніслававіч!
10 снежня гэтага года ў Швецыі будуць уручаць Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры грамадзянцы Беларусі, таленавітай журналістцы і пісьменніцы Святлане Алексіевіч.
Улічваючы значнасць для нашай краіны гэтай падзеі і шматлікія просьбы грамадзян Беларусі, просім Вас ажыццявіць прамую трансляцыю гэтай падзеі на Першым тэле- і радыёканалах Вашай кампаніі.
З павагай,
Старшыня ТБМ А.А. Трусаў.
Замест адной - прэзентацыя дзвюх кнігаў
Цікавыя дыскусіі ў Таварыстве беларускай мовы выклікала прэзентацыя напрыканцы лістапада кнігі Валера Санько "Сучаснае беларускае літаратурнае жыццё", 2015, 280 с., 99 экз.
Аўтару практычна не прыйшлося пашырана апавядаць пра задуму нечаканай кнігі, распрацоўку тэматыкі, павароты сюжэту. У аснове выдання рэдакцыйная праўда-матка. З горыччу ўзгадваў ён пакручастую дарогу кожнага артыкула, апавядання, аповесці, змешчаных у другой частцы кнігі. Лёс любога ўзгаданага твора - своеасаблівая характарыстыка былых і цяперашніх парадкаў/непарадкаў у беларускіх рэдакцыйных калектывах. Не толькі літаратурных.
Вылучаюць творчасць ураджэнца Случчыны важныя тэмы, арыгінальная мова, багатая лексіка, выкарыстанне шматлікіх дыялектызмаў, глыбокія жыццёвыя разважанні. У кнізе Валер Санько доказна і аргументавана расказаў пра амаль татальнае непрыманне навізны і арыгінальнасці рэдакцыямі беларускіх выдавецтваў, газет і часопісаў - тымі самымі, якія любяць крытыкаваць іншых, вучыць, маралізаваць.
У першай частцы кнігі, "Беларускае літаратурнае самаедства", параўнальна нядаўняя перапіска пісьменніка з рэдакцыямі. Аўтар сцвярджае: ва ўсіх беларускіх газетах і часопісах, радыё- і тэлестудыях, выдавецтвах працуюць старанныя, талковыя спецыялісты; хочуць, каб іх выданне, перадача, кніга прыносілі карысць люду, карысталася аўтарытэтам у чытачоў, слухачоў, гледачоў. Нават у раскрытыкаваных рэдакцыйных калектывах, упэўнены Санько, ёсць нямала станоўчага.
Размова ў кнізе ў асноўным ідзе пра местачковасць літаратурнага мыслення ў рэспубліканскіх выданнях (і абласных), іх прадузятасць, закасцянеласць. Замест дапамогі аўтару адкрытым і закамуфляваным патокам ідзе суцэльнае цэнзарства, "асадзі назад", шэрасць, усярэдненасць. Пяцьдзясят гадоў зведаных літаратурных уціскаў даюць яму права так сцвярджаць.
Аўтар гаворыць не толькі пра боль уласных літаратурных сцяжынаў - узорвае пласты беларускага сучасся. Прыводзіць факт: у Беларусі на 1 студзеня 2015 года зарэгістравана 1577 друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, з якіх 684 рускамоўныя і 33 беларускамоўныя. Цытуем кнігу: "…у раўнапраўнай двухмоўнай дзяржаве на асноваўтваральнай мове нацыі, на беларускай - усяго 33 выданні, 2,09%. Два і адна дзясятая працэнта! Скажыце каму пра такое раўнапраўства - доўга смяяцца будуць…".
Назавіце, пытае аўтар, у якой дзяржаве такое мажліва: не надрукаваць матэрыял на галоўнай мове дзяржавы, беларускай, бо рэдактар рускамоўніцы за такое надрукаванне атрымае наганяй. Смех і грэх.
Хоць раз хто за дваццаць гадоў прааналізаваў, колькі беларускамоўных і рускамоўных матэрыялаў на старонках таго ці іншага двухмоўнага выдання?
У пасляслоўі кнігі прафесар Анатоль Грыцкевіч выказаўся адназначна: "Сумненні аўтара, ці варта выносіць на вочы любога чытача дзесяцігоддзямі твораную беларускую літаратурную нізасць, - я катэгарычна адрынуў. Неабходна. Чытаеш перапіску паміж В.А. Санько і рэдакцыямі, поўную гора, бюракратычных вывертаў, намёкаў, узаемнай з'едлівасці - і асяляецца ў душы лагічны вывад. Так не можа быць… Яму нельга было цярпець футбольную беларускую літаратурную нізоту пяцьдзясят гадоў. Даўно патрэбна расказаць пра гэта народу. Толькі святло праўды выжане цемру невытлумачальнай з'едлівай прадузятасці і неасветнасці з нашых рэдакцыйных падвалаў, закуткаў. Усеагульны паказ злыбедстваў В.А. Санько паможа не дапусціць такога з маладымі расткамі. Яны стануць хутчэй прабівацца на шырокі прасцяг…"
Калі б ён паболей лічыўся з чужымі заўвагамі, нават недарэчнымі, як робіць большасць нашых літстараннікаў, хаўрусаваўся ў літшабашках і тусоўках, як раіў яму Юрась Свірка (стар. 61), лёс твораў быў бы меней пакручасты.
"Адхіленыя творы" - другая палова кнігі - змяшчае частку таго, што не прабілася праз рэдакцыйныя заслоны. Чытаеш іх і міжволі задаеш пытанне: калі такое адхіляць, то што друкаваць у газетах і часопісах? Прымушаюць задумацца лічбы ў канцы публікацый другой часткі. Яны паказваюць, колькі разоў твор не прымалі ў дзяржаўных і недзяржаўных выданнях. Напрыклад, фаталістычнае апавяданне "Самазабойства - грэх апраметны", 7 стар. і 5 стар., адфутболілі ў сталіцы і абласцях за пяць гадоў 44 разы. Фактычна болей.
"Сорамна за родную Беларусь. Я спецыяльна зменшыў лічбу", - прызнаўся аўтар. Доктар і магістр народнай медыцыны зняў з неба, выцягнуў з кніжных сховішчаў, вытанцаваў у ведуноў і шаптуноў практычна невядомыя прыкметы супраць гвалту над сабой, сістэматызаваў, выклаў іх у найпрыдатнай для чытача форме - апавяданнем. А рэдакцыйныя спяцы прыкметы забіваюць. Матэрыялам пра кошачак, сабачак месца на старонках ёсць, абярэжніцтву, хаця яно ратуе чалавечае жыццё - няма. Тры тысячы чалавек самагубнічае ў Беларусі, робіць спробу на такое дурноцце, у Расіі - пад 60 тысяч. Азнаёмленыя з тэкстам выратаваныя асудзяць сябе за агідную спробу парушыць волю Бога, перапыніць нітку жыцця, а беларускім докам пры друкаваных карытах не да чалавечага лёсу.
Тое ж і з артыкулам "Развал рэактара і судовай справы 19-73", 6 стар., пра суд у 1987 г. над вінаватымі ў няправільным праектаванні, канструяванні, будаўніцтве Чарнобыльсай АЭС, бяздарнай яе эксплуатацыі. Дакументальны артыкул са спасылкамі на тамы і лісты справы не змясціла ніводнае тыражнае выданне Беларусі. Выключэнне - надрукавала газета "Наша слова", у якой невялічкі тыраж.
Працяглыя станоўчыя ацэнкі кнігі таленавітай паэткі Аляксандры Грыцкевіч (нават прачытала прысвечаны Валеру верш) мусіў перапыніць аўтар.
Прафесар Леанід Лыч у сваім аб'ектыўна крытычным стылі выказаў погляды на літаратурны беларускі працэс і яго служкаў, дзяржаўных і недзяржаўных. Славуты паэт, колішні адважны рэдактар ЛіМа Анатоль Вярцінскі размову з абмяркоўванай кнігі перавёў на другую кнігу Санько - дакументальны раман пра ЧАЭС "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе", 2013, 612 стар.
Блізіцца горкі юбілей, 30-годдзе аварыі на ЧАЭС, працягваў грамадскі дзеяч Вярцінскі, патрэбна болей асвятляць катастрофу.
Выступленні і рэплікаванні актывісткі ТБМ Ніны Багінскай, прафесара Міколы Савіцкага, эколага Міколы Бамбізы, перакладчыка дацэнта Васіля Ермаловіча, агранома Марыі Цялюк незаўважна пераключыліся на шчырую зацікаўленую размову пра другую кнігу Валера Санько.
19 гадоў пайшло ў яго на збор фактуры, сумоўі з ліквідатарамі, пераселенымі, пацярпелымі, навукоўцамі, арганізатарамі, пошукі ў архівах, перыёдыцы. Занатаваў супрацьлеглыя ацэнкі ЧАЭСнага каламуцця. Доказна выказаў усё ў кнізе, напакутніўся з друкаваннем. Тры гады шукаў ён мажлівых спонсараў на друк чарнобыльскага рамана.
Самую большую ганьбу і сорам аўтар зведаў пры перамовах/сустрэчах з так званымі фінансавымі людзьмі. Уражвае стандартная аднолькавая абыякавасць іх да чарнобыльскай тэмы. Не можам, няма мажлівасці фінансава дапамагчы з друкаваннем рамана - чулася ад беларускіх банкаў, прадпрыемстваў, АТ, фізічных асобаў, кіраўнікоў адміністрацый. Просьбы адхіляліся пісьмовыя і вусныя - пры сустрэчах, тэлефанаваннях. Яны далёкія ад ЧАЭСнай тэмы, ні пры чым.
Спадзяваўся на дапамогу замежных арганізацый. Як-ніяк ЧАЭСная бяда закранула ўсю Еўропу. Пяць еўрапейскіх пасольстваў у Беларусі атрымалі праўдзівую аргументацыю, танную калькуляцыю. Вынік той жа. Ні адно не змагло знайсці хоць адзін фонд, таварыства, арганізацыю, каб дапамаглі фінансава з друкам чарнобыльскай дакументалістыкі.
У Браціславе разумныя кіраўнікі Вышаградскага фонду абвясцілі: дапамагаюць арганізацыям і калектывам, пісьменнікам і гарэтнікам, - калі іх тэма важная, патрэбная.
Афармляліся дакументы на трох мовах, сума невялічкая. Пэўніўся аўтар - будзе хоць якая дапамога. Вынік - нулявы. Яны ні пры чым.
Тое ж паўтарылася з Варшаўскім фондам/ініцыятывай МАТРА. Яны таксама ад чарнобыльства далёка, ні пры чым.
Куды звяртацца незалежнаму аўтару? Еўропа, планета вісяць на валаску знішчэння ад новага выбуху на ЧАЭС. Нікога гэта не турбуе. Ні-ко-га. Затое ўсе выгалошваюцца - за праўду, правы, справядлівасць і аб'ектыўнасць. Да якога часу беларускае/еўрапейскае грамадствы будуць сляпыя, злуе В.А. Санько.
...Размовы на прэзентацыі зайшлі нават пра помнік Васілю Быкаву, пра нечаканыя жорны на магіле Рыгора Барадуліна. Характэрная асаблівасць сумоўя - нядаўнія спрэчнікі Юрась Пацюпа і Валер Санько паразумеліся.
...Пры падпісванні кніг аўтар выказваў шкадаванне на беднасць ягоных сваякоў і сяброў - спонсараў выданняў. Была б мажлівасць, кнігі выйшлі б большым тыражом, ён бы мог іх дарыць, як рабілі і робяць пісьменнікі-ўлюбёнцы грантадаўцаў з Захаду і Усходу.
А. Жук.
Новы каляндарык ТБМ
ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" выпусціла каляндарык на 2016 год з партрэтам Кастуся Тарасава, слыннага пісьменніка, публіцыста, колішняга рэдактара газеты ТБМ "Новы час". Дызайн Ігара Марачкіна.
Наш кар.
У МЯДЗЕЛІ ВЕСЯЛІЛІСЯ З "БУЛЁНАМ"
У сераду, 18 лістапада, у Мядзельскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Танка было мнагалюдна і весела. Тут праходзіла прэзентацыя новай гумарыстычнай кнігі пісьменніка і краязнаўца з Паставаў Ігара Пракаповіча "Булён: вершыкі і гісторыйкі для вясёлых людзей". На сустрэчу з творцам сабраліся бібліятэкары раёна, аматары літаратуры, сябры і знаёмыя аўтара. Спачатку перад прысутнымі выступіла супрацоўніца Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі, актыўны сябар мясцовай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Людміла Сяменас. Яна прадставіла ўдзельнікам сустрэчы аўтара кнігі, распавяла пра яго творчую біяграфію, акцэнтуючы ўвагу на кнігах І. Пракаповіча (а іх выйшла ўжо каля 40) і яго грамадскай дзейнасці на пасадзе старшыні Пастаўскай ТБМ.
Затым аўтар прадставіў гледачам камп'ютарную прэзентацыю па асноўных раздзелах кнігі: "Лепш, чым у Баклаях", "Не ўсё ладна ў Парыжы", "Дзіва Балдукова", "Хірургічная адысея дзядзькі Антона", "Дзе сэнс? Дзе логіка?", "Рыбалка ў Юшкавічах", "Апошняя лыжка". Падчас выступлення І. Пракаповіч расказваў пра тое, як збіраўся матэрыял для гэтага выдання, часткова пераказваў і цытаваў некаторыя творы, чытаў гумарыстычныя вершы. Некаторыя народныя гісторыі былі разыграныя ў форме інтэрмедый, "акцёрамі" ў якіх выступілі сам аўтар, Людміла Сяменас і мясцовы паэт, лаўрэат мінулагодняй прэміі "Залаты Купідон" Аляксандр Быкаў.
Вялікі зарад пазітыўнай энергіі атрымалі ўдзельнікі сустрэчы ад выступлення цікавых вясковых творцаў Уладзіміра Каўруса і Аляксей Капцюга, з якімі І. Пракаповіч пазнаёміўся летам у час вандровак з сябрамі ТБМ па Мядзельшчыне. Абодва яны пенсіянеры, жывуць у невялікіх вёсачках, але актыўна займаюцца творчасцю, пішуць вершы, апавяданні, песні. А У. Каўрус яшчэ і выдатны спявак - многа гадоў ён быў салістам тэатра оперы і балета ў Менску.
Увогуле, сустрэча прайшла на высокім душэўным уздыме, шчыра і аптымістычна. Многія бібліятэкары выказалі жаданне правесці падобныя прэзентацыі ў сваіх аграгарадках і вёсках. Так што, працяг будзе.
Юлія Пракаповіч.
Сустрэча сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў у Лідзе
5 снежня ў Лідзе адбылася працоўная сустрэча гарадзенскіх і лідскіх сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў ды лідскага літаб'яднання "Суквецце". З Гародні прыехалі новаабраны старшыня Гарадзенскага абласнога аддзялення СБП Валянцін Дубатоўка, былы старшыня Юрка Голуб, паэт Рычард Бялячыц. З лідскага боку ў сустрэчы ўзялі ўдзел сябры СБП Алесь Стадуб, Уладзімір Васько і Станіслаў Суднік, а таксама цяперашні кіраўнік "Суквецця" Алесь Хітрун і былы кіраўнік Міхась Мельнік. Гэтая прысутнасць разам цяперашніх і былых кіраўнікоў літаратурных арганізацый яскрава падкрэслівае пэўнае суладдзе, якое пануе ў гарадзенскай і лідскай арганізацыях. Менавіта літаратурныя арганізацыі - гэта тыя структуры, дзе ў цяперашні час ніхто вельмі да ўлады не рвецца, а кожная пасада - гэта лішня нагрузка, якая адбірае значны час на розныя арганізацыйныя мерапрыемствы.
Падчас працяглай і зацікаўленай размовы госці распавялі пра планы абласнога аддзялення, пра задумкі, якія будзе імкнуцца рэалізаваць новае кіраўніцтва.
Гаспадары распавялі пра літаратурнае жыццё на Лідчыне. Быў прадстаўлены лідскі літаратурны альманах "Ад лідскіх муроў" і былі выказаны пажаданні, каб гарадзенскі альманах "Новы замак" не замыкаўся на Гародню, а не толькі даваў месца, а і заахвочваў лідскіх літаратараў да друку сваіх твораў у "Новым замку".
Ішла гаворка і пра паўнавартасны літаратурны часопіс Гарадзенскага рэгіёна. Пра гэта гаворка толькі пачалася і будзе працягнута на наступных сустрэчах.
Прысутныя пагадзіліся і з тым, што пасля рабочай сустрэчы павінны стаць рэгулярнымі і творчыя сустрэчы з тым, каб гарадзенскіх літаратараў пабачыць у лідскіх аўдыторыях, а лідзяне змаглі прадэманстраваць сваё майстэрства і ў абласной Гародні таксама.
Яраслаў Грынкевіч.
Ахвяраванні на ТБМ
1. Марк Бругеман - 300 000 р., Германія
2. Бусел Мікола - 50 000 р., в. Дубрава, Светлагорскі р-н
3. Невядомы - 100 000 р., г. Менск
4. Чыгір Е.А. - 50 000 р., г. Гародня
5. Кукавенка Іван - 100 000 р., г. Менск
6. Васілючак Міхась - 200 000 р., г. Гародня
7. Шкірманкоў Фелікс - 100 000 р., г. Слаўгарад
8. Сівы Сяргей - 30 000 р.
9. Пятровіч Аксана - 30 000 р.
10. Збірэнка Алена - 30 000 р.
11. Бацян Валянціна - 30 000 р.
12. Трапашка Марыя - 20 000 р.
13. Панкратава Наталля - 30 000 р.
14. Таўгень Людвіка - 40 000 р. - усе Валожын
15. Валер Санько - 100 000 р., г. Менск
16. Чэчат Алесь - 100 000 р., г. Менск
17. Зміцер Санько - 100 000 р., г. Менск
18. Гарэцкі Радзім - 30 000 р., г. Менск
19. Доўнар Павел - 130 000 р., г. Менск
20. Лапкоўская Б.М. - 10 000 р., г. Баранавічы
21. Падгайскі М.В. - 20 000 р., г. Баранавічы
22. Падгайская Л.Л. - 20 000 р., г. Баранавічы
23. Богдан Наталля -0 250 000 р., г. Берасце
24. Лабыка Зміцер - 100 000 р., г. Менск
25. Лягушаў Алег - 100 000 р., ст. Ясень, Асіповіцкі р-н
26. Прылішч Ірына - 100 000 р., г. Менск
27. Рабека Мікола - 100 000 р., г. Менск
28. Рындзевіч Вячаслаў - 150 000 р.
29. Кулік Анатоль - 100 000 р.
30. Фарнэль Кастусь - 50 000 р.
31. Кунцэвіч Святлана - 100 000 р.,
32. Кунцэвіч Уладзя - 100 000 р.,
33. Цвяцінскі Антось - 100 000 р.
34. Рымша Алесь - 300 000 р.
35. Сідараў Сяргей - 100 000 р.,
36. Паўловіч Віктар - 100 000 р.,
37. Гацкі Уладзімір - 100 000 р.,
38. Пожанька Ігар - 100 000 р.
39. Мудроў Алег - 100 000 р.,
40. Пісарэнка Алесь - 50 000 р.,
41. Марцінкевіч Андрэй - 50 000 р.,
42. Гняткоў Валеры - 100 000 р.,
43. Шэвяка Аляксандр - 100 000 р. - усе Наваполацк.
Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.
Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.
Беларускі нацыянальны касцюм
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Галаўныя ўборы
Жаночыя галаўныя ўборы мелі важнае сацыяльнае і абрадавае значэнне. Па іх выглядзе можна было вызначыць сямейнае становішча, узрост і матэрыяльнае становішча. Галаўныя ўборы выкарыстоўваліся ў абрадах і рытуалах. Напрыклад, на вяселлях дзяўчыне ўрачыста змянялі дзявочы ўбор на жаночы.
Карэнныя адрозненні існавалі паміж жаночымі і дзявоцкімі галаўнымі ўборамі. Паколькі жанчынам паводле няпісанных норм забаранялася знаходзіцца на людзях з непакрытай галавой, жаночыя галаўныя ўборы па сваёй будове былі больш складаныя і разнастайныя, каб схаваць валасы. Дзяўчаты ж не хавалі валасоў на галаве і насілі вянкі, вузкія рознакаляровыя стужкі ("скідачка", "шлячок").
Сярод тыповых жаночых убораў былі каптуры, наміткі і хусткі. Таксама вядомыя рагацістыя - галовачка ці каптуровыя - каптур, чапец, падвічка - галаўныя ўборы.
Існавала вялікая колькасць спосабаў завязвання намітак. Вясельная намітка часта захоўвалася жанчынай ўсё жыццё і апраналася на яе пры пахаванні. Заможныя жанчыны выраблялі свае наміткі з дарагога тонкага палатна і ўпрыгожвалі іх карункамі, вышыўкай залатымі і срэбнымі ніткамі, а жанчыны больш беднага матэрыяльнага становішча выкарыстоўвалі таннейшыя тканіны і прасцейшыя ўпрыгожванні, пры гэтым разнастайнасць арнаменту, як правіла, захоўвалася.
(Працяг у наступным нумары.)
Р О З Д У М
(паэма)
У нас суседка ёсць Марыя -
Цудоўны, шчыры чалавек.
Жыве як ўсе жывуць старыя,
Свой дажывае доўгі век.
Пад сто гадоў ужо кабеце.
У маршчынах твар, нібы кара,
Ўсяго пабачыла на свеце,
Ды болей гора, чым дабра.
З маленства многа працавала,
Пазнала долю сіраты,
Але на лёс не наракала -
Характар мела залаты.
Ніколі злога не казала
Яна пра бліжняга свайго.
Не чулі мы, каб праклінала
Ці абгаворвала каго.
Нішто яе не паламала,
Ні цяжкі лёс і ні вайна,
На ногі дзетак падымала
Пасля вайны амаль адна.
Яна дагэтуль памяць мае
І розум ясны ў галаве,
I шмат чаго апавядае,
Бо ўспамінамі жыве.
Чамусьці часта ўспамінала,
Калі ў слонімскіх жыдоў
Падлеткам нянькай працавала
Ў свае чатырнаццаць гадоў.
I гаспадар яе багаты,
Не малады, ужо пажыў,
Таўсматы, чорны, барадаты
На Маню "вока палажыў".
Яе ён часта дамагаўся,
Калі люд хатні моцна спаў.
Але без гвалту, бо баяўся,
То на ўгаворы налягаў.
Ды дзякуй Богу, што змагло
Адбіць дзяўчо ўсе дамаганні,
А так ці не яно было -
На слова трэба верыць Мані.
Ды асабліва ўспамінае
Пра мілы сэрцу родны край,
Дзе ў хвоях вецер песні грае,
Як завітае ў светлы гай.
Дзе ёсць рачулка без наймення
З празрыстай чыстаю вадой,
Калі глядзіш у яе струмені -
На сэрцы радасць і спакой.
Дзе азярынкаю сінее,
Квітнеючы на полі лён.
Ячмень і жыта побач спее,
А каля хаты вербы, клён,
І васiлькі ж у гэтым жыце
Квітнеюць зрэдку там і тут,
І што пра іх вы ні кажыце
Не пустазелле гэта - цуд.
Дзе жоўты лотаць на балотах
Вясною цёплаю цвіце,
I бусел у чырвоных ботах
Жаб ловіць спрытненька ў вадзе,
А потым радасна клякоча
Ў сваёй буслоўцы, быццам ён
Данесці ўсім на свеце хоча,
Які ад гэтай працы плён.
Дзе жаўранак у небе чыстым
Званочкам радасным звініць
У паветры ранішнім, празрыстым,
Нібы на нітачцы вісіць.
Забыўся ён пра страх і стому,
Ў дарозе доўгай, што цярпеў,
Калі ён з выраю дадому
На крылах радасці ляцеў.
Дзе цёплым летам вечарамі
Дзяўчаты хораша пяюць
I над маўклівымі палямі
Далёка песні іх лятуць.
I льецца ціхая пяшчота
Ў сэрца чулае людзей,
Кахання радасць ці маркота,
Жыцця няспраўджаных надзей.
О, тыя песні, што спявала
Яшчэ жанчынай маладой,
Марыя помніць дасканала
І не забыла ні адной.
Там на магілах яе продкаў
Стаяць замшэлыя крыжы,
І ад сяла за сотню крокаў
Лясы, балоты без мяжы.
А ў тых лясах сунічны водар,
Чарніц, брусніц не пазбіраць.
І там любы лайдак ці лодар
Без стомы мог кашэль набраць.
І журавін расло багата
Там у балоцістых лясах
Жанкі, бывала, ці дзяўчаты
Свой збор вазілі на вазах.
Іх позняй восенню збіралі,
Калі падмерзнуць. Вось тады
За водар, смак іх набывалі
Ахвотна ў Слоніме жыды.
(Ды і гадзюкі на балоце
На зімку ў спячку заляглі,
І перашкодзіць той рабоце
Ніякім чынам не маглі.
Цяпер балот амаль не стала,
І журавіны не растуць,
А дзе і ёсць, дык вельмі мала,
Іх недаспелымі грабуць.
Такія ягады не варты
Ні працы вашае, ні мук,
А рызык ёсць, і то не жарты -
Актыўнасць велькая гадзюк.)
Кабеты іх няслі на горад,
Каб там прадаць на кірмашы.
Ды не заробак гэта - гора,
Бо прадавалі за грашы.
Але для тых, хто жыў у галечы
Хто рэдка грош у руцэ трымаў,
І той заробак быў дарэчы,
Бо неяк выжыць дазваляў.
А пра грыбы няма гаворкі,
Другiх мясцін такіх няма.
Баравікі ці назву Боркі
Тут вёскі маюць не дарма.
Не ўсе грыбы тут шанавалі,
Вышэй за усіх - баравікі.
А ўсіх астатніх называлі
Агульным словам - казлякі.
Там і цяпер не ўсё прапала,
Але не тое, што тады -
Раней лісічкі Маня брала
У неўрадлівыя гады.
Жыло ў лясах жывёлін безліч
Бо мала хто іх паляваў.
Была ва ўсім прыроды веліч -
Жыццю ніхто не замінаў.
У лесе птушкі шчабяталі
Цецерукі жылі, рабцы,
Вясной у пушчах такавалі
Чырванабровыя глушцы,
А жураўлі авёс тапталі,
Што рос на полі ля ракі.
Начамі совы рагаталі
Ды днём луналі шулякі.
Яны кружылі, вострым зрокам,
Мышэй шукалі, зайчанят,
А не было ахвяр пад бокам,
То кралі ў вёсцы куранят.
Зайцы на вёску забягалі,
У бульбу лазілі дзікі,
А ў хмызняках ласі, казулі,
Алені ў лесе, барсукі.
У полі лісы мышкавалі,
Куніц, вавёрак было шмат.
Ваўкі з хлявоў у вёсцы кралі
Гусей, авечак, парасят.
А ёсць спрыяльныя умовы,
Дык іх ваўкі не абмінуць,
Каня зарэжуць, ці карову...
Адно што рогі не з'ядуць.
А хто з вас чуў, як яны выюць
У марозны снежань па начах?
Ад іхняй песні жылы стынуць
І нейкі холад у плячах.
Ці хто з вас бачыў, як блукае
Ланцуг агеньчыкаў у начы?
То зграя воўчая шукае
Сабе ахвяру на харчы.
Бягуць, як здані, моўчкі, ціха,
Галлё пад імі не трашчыць.
У іх вачах, як водбліск ліха,
Агонь бязлітасны гарыць.
І гора хвораму, слабому,
Як на такога набрыдуць:
Яму не быць ужо жывому,
Парвуць задушаць і з'ядуць.
Канавы, рэкі, азярыны...
Ваду раней з іх бралі піць.
Хлапец кашом за паўгадзіны
Мог торбу рыбы налавіць.
****
Куды ж прапала за паўвеку
Багацце тое, прыгажосць?
А ўсё бяздушша чалавека,
Ды неахайнасць,
сквапнасць, злосць.
Раней народ наш паспаліты
Быў значна лепшы, чым цяпер:
Разумны, мужны, працавіты
І не "закладваў за каўнер".
Цяпер бязбожнікі кіруюць,
Ды больш чужынцы, чым свае.
Усё беларускае руйнуюць,
Бо адзін тлум ў галаве.
Касцёлы, цэрквы зруйнавалі,
Згнаілі ў тундры святароў,
Маёмасць, волю адабралі,
Ушчэнт звялі гаспадароў.
Што застаецца чалавеку,
Які народжаны ў хлусні,
І ў ёй жыве да скону веку
Апроч жыццёвай мітусні?
І ён, разгублены, шукае,
Хто дасць упэўненасць яму.
Хто хлусіць больш, ці абяцае -
Таму ён верыць, а чаму?
Бо гэтак зроблены ўжо людзі,
Такая псіхіка людзей.
Пакуль хлусіць улада будзе -
Няма на лепшае надзей.
Ад той ідэйнае атруты,
І ад хлусні, і ад маны
Пладзяцца нелюдзі, манкурты-
Пагроза нацыі яны.
Культура нашая ў няволі
І мову гоняць адусюль,
Каб мы не ведалі ніколі
Хто мы, навошта і адкуль?
Жывую сувязь пакаленняў
Народа нішчаць не дарма -
Манкурт не ўздымецца з каленяў,
Бо волі, памяці няма.
Ці ж мы не варты спачування?
Бо не віна то, а бяда,
Што на мяжы мы выжывання
Стаім як нацыя. Шкада,
Што нашы стогны ад пакутаў,
Ахвяр у войнах нам чужых,
Лязг кайданоў і боль ад путаў
Ужо людскі не рэжуць слых.
Не будзяць іхняе сумленне,
Даюць спакойна ноччу спаць.
Мы ж з пакалення ў пакаленне
Павінны мучыцца, трываць.
Няўжо народ мой улюбёны,
Прынёсшы ў якасці ахвяр
Сваіх сыноў, дачок мільёны
Дзеля свабоды на алтар,
Крыві іх чыстае ракою
Чыюсьці смагу не заліў?
Няўжо яму не мець спакою?
Ці ён яго не заслужыў?
Хачу спытацца я ў Творцы,
Чым мы пакрыўдзілі Яго?
Калі прыпыніць штых бясконцы
Пакут народа Ён майго?
Нікога мы не рабавалі,
Заўсёды працаю жылі,
Яго законы шанавалі,
Чужой не прагнулі зямлі.
Чаму ж тады маю краіну
Пасля вайны Ты пакараў,
Калі зямель яе часціну
Суседзям нашым перадаў?
А на этнічныя абшары,
Жыве яшчэ дзе беларус
Паслаў, напэўна, дзеля кары
З Чарнобля попелу абрус.
Я добра ведаю і веру!
Любой бяды на нас напад
Лягчэй адбіць у значнай меры,
Калі б народны правіў лад.
Але і тут нам не шанцуе
Як той Чарнобыль, наш урад
Усё беларускае руйнуе -
Не ўперад крочым, а назад.
Я аптыміст - жыву і мару
І думкі светлыя мае -
Нам Бог іспыты, а не кару
Сваім любімцам выдае.
****
Дадаць было б зусім не кепска
Пра нашу мову колькі слоў.
Былі даследванні Юнэска
Пра мілагучнасць многіх моў.
І той камісіі выснова
Нам права гонару дала:
Другое месца наша мова
У тых іспытах заняла.
А італьянская на першым,
На ёй прыемна размаўляць
І як на нашай, зручна вершы
І песні добрыя складаць.
Тым, хто не дружыць
з мовай роднай,
Я нагадаю факт такі,
Што наша мова міжнароднай
Была ў сярэднія вякі.
Не верце выдумкам маскоўскім,
Што наша мова для сяла,
Ў Вялікім Княжастве Літоўскім
Яна дзяржаўнаю была.
І што б яны там ні казалі,
(Яны ж не можуць без маны),
Не мы ж у іх культуру бралі,
А бралі, кралі ў нас яны.
Даўно, аж трэцяе стагоддзе
Супроць яе ідзе вайна.
Але жыве яна ў народзе
І будзе вечна жыць яна.
А тыя, хто дабра не зычаць
Майму народу, зноў і зноў
Нягоднай мову нашу лічаць.
Адкуль такая нелюбоў?
Што так упарта намагае
Іх нашу мову задушыць?
Яна ім, можа, замінае
На белым свеце добра жыць?
У гэтым крыецца нагода,
Бо свет даўно ўжо прызнае,
Што мова ёсць душа народа,
Якую Бог яму дае.
Таму прамая тут выгода
Ім нашу мову руйнаваць:
Няма душы - няма народа,
Лягчэй натоўпам кіраваць.
Ва ўсе часы, ва ўсе народы,
Плямёнам, узятым у палон,
Каб знішчыць дух іх назаўсёды
Быў іхняй мове забарон.
І ўжо праз шэраг пакаленняў
Народ зыходзіў у нябыт.
Не мог падняцца ён з каленяў
І прападаў, бы ў моры плыт.
На жаль чужынцам памагае
У выкананні гэтых спраў
Усе, хто гонару не мае
Ці Бог свядомасці не даў.
Ды горш за ўсё, калі абраны
Народам нашым галава,
Нібы чужынец апантаны
Яе нікчэмнай абзываў.
Якая сіла кіравала
Ім, калі ў шэрагу прамоў,
Нагаварыў ён і нямала
Аб нашай мове дрэнных слоў?
Што наша мова, ён мяркуе,
Ужо адстала ад жыцця -
Ёй новых тэрмінаў бракуе
І не хапае развіцця.
Ужо каму, а яму ведаць
Патрэбна прымаўку адну,
Каб потым сораму не зведаць,
Яе казалі ў даўніну.
Хачу параіць, бачыць Неба,
А не пакрыўдзіць, Божа крый:
"Адкрыўшы рот - падумаць трэба,
Калі падумаў - рот закрый".
Яму б спытаць у навукоўцаў
Пра нашу мову хоць азы,
Тады б ён ведаў, што ў маскоўцаў,
Слоў менш ад нас у два разы.
Уявіць спрабую, што ў палякаў
Такое б ляпнуў кіраўнік…
Ён бы даўно ўжо горка плакаў,
Або навек з краіны знік.
Яму б на чэхаў падзівіцца
Або жыдоў у прыклад ўзяць -
Вось у каго б нам павучыцца,
Як сваю мову шанаваць.
Жыды, як вынік ад выгнання,
Амаль забылі свой іўрыт
І існавала меркаванне,
Што адышоў ён у нябыт.
Калі жыдам, як на замову
Далі дзяржаву аднавіць,
То вельмі хутка сваю мову
Ім удалося адрадзіць.
І хоць сучасных слоў замала
Было ў іўрыце на той час,
Ды тое ім не замінала -
І ў гэтым прыклад ёсць для нас.
Але прыпынім разважанні
Пра рэчаіснасці быцця.
Вярнуцца трэба нам да Мані,
Да яе лёсу і жыцця.
****
На свет з'явілася Марыя
Перад сусветнаю вайной.
Дзяцінства, годы маладыя
Цяклі няспешна чарадой.
Яе вяскоўцам шанцавала -
Вайна мінула іх сяло.
З людзей нікога не забрала,
Вайны, як быццам, не было.
Людзей у бежанцы не гналі.
Ніхто іх хаты не паліў,
Маёмасць іх не адбіралі,
У вёску немец не хадзіў.
А ўсё таму, што ў глухамані
Паводдаль шляхаў, гарадоў
Стаяла вёска цёткі Мані
Пад абаронаю лясоў.
А вось з тых вёсак, што стаялі
Уздоўж гасцінцаў і шляхоў,
Людзей у бежанцы пагналі
Аддзелы царскіх казакоў.
Яны прымусілі ў падводы
Пакласці вопратку, харчы,
А не даваў хто-небудзь згоды -
Маглі нагайкай прыпячы.
Ці па спіне прайсціся шашкай,
На першы раз тупым канцом,
Таму спрачацца было цяжка
З чубатым вершнікам-данцом.
Стаялі ў вёсках плач і енкі,
Бо пакідалі людзі тут
(А шмат хто з іх ужо навекі),
І хаты родныя, і кут.
Бывалі выпадкі нямоглых
Не выпадала з сабой браць.
Іх пакідалі, нерухомых,
У адзіноцтве паміраць.
Ці ўзяць, напрыклад, маю маці:
Каля Старых Дарог яна
Свет Божы ўбачыла не ў хаце,
А ноччу ў возе. Навіна
Была не ў радасць для абоза,
Бо не маглі яны чакаць
Адну сям'ю - была пагроза
Да немцаў трапіць. Даганяць
Было загадана дзядулі,
А самі рушылі на ўсход.
Дзед суткі даў маёй бабулі
На адпачынак - і ў паход
Дзед зноўку рушыў раніцою.
Праз колькі дзён сваіх дагнаў
З жывымі жонкай і дачкою
І сам, даў Божа, не прапаў.
А тых, хто з'ехаў, раскідалі
Па розных рускіх валасцях
Яны там часта гаравалі,
Былі ў выгнанні, не ў гасцях...
(Працяг у наст. нумары.)
Аркадзь Курыс
Рэцэнзыі
"Martin S" - віртуальны росквіт эпохі заняпаду "Martin S" - "Першы", Мн., 2015, "Vigma".
Альбом "Першы" - ён у гурта "Martin S" насамрэч другі. Пра дэбютнік мне давялося пісаць 05.07.2014 у часопісе "Верасень" № 1 (10) ды ў іншых выданнях. Калі трапіў на прэзентацыю навінкі ў клубе "Re:Public", найперш запытаў музыкаў: "Гэта сур'ёзнае выданне на дысках заводскага ліцця ці кампутарнае капіяванне на CD-Rах?" Вакаліст пераконваў: "Гэта Vigma - сур'ёзная фірма. Новы альбом значна больш сур'ёзны за дэбютнік". У той жа дзень падыходзіў і лідэр гурта "Hurma", прапаноўваючы "эксклюзіўную копію" і свайго дэбюту, але я ад самарэзу адмовіўся, хоць творчасць гурта Мікіты Найдзёнава мне больш цікавая. Але цяпер наступіла нейкая эпоха самарэзаў, якая найперш б'е па гонары калекцыянэраў (яны самаробак катэґарычна не купляюць. За апошні час самарэзным шляхам кампутарнага капіявання выйшлі патэнцыйна цікавыя многім дыскі "Tonqi Xod", "Omut", "Unia" і нават вялікі ":B:N:", пра якія гавораць многія, але мала хто купляе, бо кампутарную балванку можна шматкроць таней самому з сеціва спампаваць, гарантуючы сабе нетрывалую якасць на пару гадоў. З меламанаў выхоўваюць бамжоў самі музыкі і выдаўцы: "Welcome to звалка на абед". На халеру такое ў калекцыі? І вось прыходжу дамоў з канцэрту, распакоўваю дыск "Martin S" №2 і… адкладаю ў дальнюю шуфляду на выкід. Навошта такое слухаць, калі гурт сам не верыць у тое, што здольны прадаць няшчасныя паўтысячы асобнікаў сур'ёзнага выдання? Чаму нават зусім нераскручаны гурт "Мерада" здолеў летась рызыкнуць на заводскі наклад? І за першы месяц першая сотня фірменных кружэлак разышлася на сціплых камерных канцэртах у маленькіх клубах, бібліятэчных акустычных салонах. Лепш бы я прыслухаўся да фанаґрафічнага канцэпту "Hurma", ён хоць пасвяжэй. Але настала і хвіліна знаёмства з "Першым" балванікам майго цёзкі па прозвішчы.
Калісьці яны (сапраўдныя імёны шукаць у сеціве лянота, а на дыску яны нічога такога не пішуць, гуляючы ў дзіцячую таямнічасць) гучна заявілі: "Узровень гуртоў у нашай краіне не надта высокі. Мы хочам узняць планку". Але дэбютны безназоўнік толькі паабяцаў нейкія пошукі ў сферы мэйстрыма, але нейкай канцэпцыі ў другім альбоме "Першы" так і не выявілася. Чым здзівіць хацелі? І каго - міфічных калекцыянераў трасцянецкіх адвалаў? На фірмовым дэбютніку хоць імёны былі: вакаліст, кампазітар і аўтар тэкстаў Уладзімір Боська, асноўны кампазітар - амаль цёзка па прозвішчы, клавішнік і бэк-вакаліст Ілля Басько, бас-гітарыст Аляксей Канцавы, гітарыст Вячаслаў Усцінаў, бубнар і віяланчаліст Цімафей Чабунін, скрыпаль і бэк-вакаліст Яўген Шэлепень, студыйная бэк-вакалістка Мар'яна Шэндзелева. Калісьці некаторыя з іх працавалі ў гурце "moZart". Але хто з іх браў удзел у другім "Першым" - самавыдаўцы адказу не даюць. Няма там згадкі і пра студыю, саўндпрад'юсара, а адсутнасць сур'ёзнай назвы перасцерагае і шукальнікаў канцэпцыі. Так, чарговая ананімная зборачка мэйнстрым-песенек на нашым рынку. Пра што песенькі? "Маглане змагла, любіў-недалюбіў, кеды-паўкеды". Хіба не пра тое гавораць назвы "Як ёсць", "Так і трэба", "Уцякалі" (хто куды - няважна), "Позна", "Дэманы", "Дэльфіны", "Матывацыя". Вам штосьці запомнілася? Раскажыце сябрам, яны стануць фанатамі такога кірунку, бо лепш позна, чым як ёсць, а хіба так і трэба, калі дэманы ўцякалі ад дэльфінаў.
Зрэшты, разумею адкуль гэта: стандарты FM-радыё, дзе заўжды нешта гучыць і нікога не цікавіць што, пра што, як, дзеля чаго. Неяк у гарадскім парку меў сустрэчу з чытачамі сваіх музычных кніг, падпісваў аўтоґрафы, а ў шапіку сувеніраў маладая прадавачка раптам зацікавілася: "А што можна пісаць пра музыку?" Перапытваю: "А вы любіце музыку, што слухаеце?" Адказ быў шакуючы: "Музыку я слухаю, але не ведаю што. Уключаю радыё, што перадаюць, тое і слухаю". А вы кажаце "Metallica" чымсьці адрозніваецца ад Саладухі... На FM-радыё гэта адна ананімная гукавая плынь, нібы "Железный поток" Серафімовіча. Мо галоўнай мэтай творчасці "Martin S" і было ўпісацца ў гэтую безыменную плынь зажыва пахаваных.
І ўсё ж уключаем дыск, ловім настрой… Ён той самы, што і на дэбютным альбоме, таму ў краме я спыніў бы выбар на трывалым заводскім асобніку, які надоўга захавае якасць гуку. Гук мо насамрэч стаў крыху больш выразным, але прыблізна як зяленіва клёна пераўзыходзіць зяленіву ясеня. Спроба злавіць нейкі запамінальны настрой на працягу альбома ператвараецца ў паглынанне цябе нуднай безыменнай хваляй FM-эфіру. Нішто, ні для кога, нідзе. І музыкі ж нібыта не бяздарныя, навошта абралі такі шлях? Гэты альбом я паслухаў адзін раз і наўрад ці паўтару, бо цягне прасякнуць глыбокія канцэпцыі праґрэсіў-металу "Re1ikt", паспрачацца ці асэнсаваць гукавыя арґументы кантры-фольку "Мерада". Прыгадваю псеўданавуковыя сентэнцыі савецкага часу: "Умейце слухаць цішыню". Здаецца, героі FM-эфіру як-раз і навучаць гэтаму. Кшталту, затыкай вушы наглуха.
Зрэшты, не ўсё гэтак кепска. Давайце хоць паслухаем спачатку. Эх, mamma mia, а самарэзік-то яшчэ і кароткі - 33'33''. Ну ды добра, слухаем:
Ты кажаш, што ізноў
згубіла галаву,
І што адно са мной -
пляваць на гэту музыку.
Нібыта ўсё вакол яснее
і блішчыць,
Калі я тут з табой, ты толькі
пачынаеш жыць.
Ну дык нічаво так песенька для рыдаёфарматаў. Але ж хіба яны плацяць за плённую творчасць. Яны толькі бяруць грошы за права трапіць "у фармат". Бедныя музыканцікі, змушаныя ўпісвацца ў варожыя законы шоўбізнесу. Яны марнуюць свой Божы талент на марныя чаканні падачкі, дасягаючы толькі шырокай вядомасці ў вузкіх колах. Бо змарнаваны базісны прынцып: сэнс творчасці не ў фарматах, а ў тым, каб стаць носьбітамі надзённых ідэй, плённых рэцэптаў, неверагодных адкрыццяў. Пішу гэта не дзеля зласлоўя, а дзеля змены статусу. Прыгадваю свой творчы лёс, калі не раз пісаў: "Каб не плённыя ідэі майго сябра Анатоля Мяльгуя, я б таксама застаўся банальным абаронцам прыгнечанай плыні рок-музыкі, а нічога не ведаў бы пра творчае маўчанне ўласнага народа". Разам з Мяльгуем мы паднялі сапраўдную плынь нацыянальнага маскульту, усё жыццё уплываючы адзін на аднаго. Няўжо гурт "Martin S" асэнсаваў сваю місію ў гэтай плыні толькі на ўзроўні чужынскіх фарматаў?
Некалі параўноўваў "Martin S" з украінскім гуртом "Эндорфіни", якія таксама імкнуліся стварыць музычны стымулятар, але закапаліся ў састарэлых схемах, дык "Martin S" ці не ўдалося дасягнуць такой мэты: іх музыка кранае, стымулюе і зусім не загружае, балансуючы на лёгкіх тэмах сучаснага неарамантызму, але ці гэта музыка нашага часу?
Праўда, гэта не прысуд. Калі НЕХТА (!?) здолее адрадзіць рэальную Беларусь, дык песні "Martin S" маглі б стаць ідэальнымі прыладамі новых радыёфарматаў, матэрыялам будучых беларускіх дыскатэк, але ў поп-музыцы ўсё так хуткаплынна, што трапіць у абарот такія зоркі змогуць толькі ў стылі рэтра. Але і тады не абыдзецца без папрокаў: "Чаму гэтыя першапраходцы нацыянальных фарматаў торгаліся ў русабельскай лексіцы? Чаму ім не ставала словаў роднай мовы?":
Не выключай музыку,
зрабі грамчэй,
Хай вецер у твар дуе нам,
вокны адкрый.
Ну вокны, скажам, нашае пакаленне адчыняла, а не адкрывала, не адкаркоўвала і тым больш не разгортвала, хоць усё гэта сінонімы, дзе ў кожнага сваё прызначэнне, часам вельмі адрознае. Ну а вецер ніколі не дуе, а дзме, бо "дую сьпік інґліш".
Зрэшты, лаўлю сябе на думцы, што камусьці побаку крыху трасянкаўскі лексікон лёгкіх, светлых фонавых песенек. І такому слухачу новы альбом гурта "Martin S" стане добрым рэлаксам у аўтападарожжы, на клубным жывым канцэрце пад добрае піва з воблай… sorry,.. не з воблай, а з якімі чыпсамі або французскім блакітным сырам кшталту "Bleu d'Auvergne". Але ж хто верне такую Беларусь, як не мастацтва, не маскульт. Тады шкада, што ў "Martin S" больш сціплая задача - скарыць сучасныя чужынскія фарматы, а ці ўдалося - кажуць рэальныя наклады фарматнай музыкі тут. Хто тут скажа нешта накшталт вялікага Багдановіча: "Беце ў сэрцы іх, беце мячамі, не давайце чужынцамі быць". Але пад музыку "Martin S" лепш ідуць словы пра іхнія больш сціплыя мары, хоць і не пустыя:
Напрыканцы доўгай вясны
ціха спускаецца ноч.
Твой горад маўчыць,
яму так хочацца сказаць,
Што мы заблыталіся
сярод вайны няспыннай,
І марыць штодня:
гэта ўратуе нас.
Ну вось так яны спрабуюць "ушчэнт разбіваць, уголас маўчаць" "усе твае дэманы", "я плачу над табою, я табе даваў шанец - позна" (мо гэта нават галоўны гіт альбома, але не для мяне). Праўда, на прэзентацыйным канцэрце не было пуста, сабралі ж яны нейкіх меланхолікаў, дзякуй Богу. Дый настраёвае музляцо, прызнацца. Толькі дзеянняў малавата. Не дачакаемся Вольнай Беларусі ў гэтых фарматах, хоць прага ёсць нават у іхніх песнях: "Мы дэльфіны, мы ляцім туды, дзе не будзе лёс марнаваць наш час, а гэта значыць, што ўсе мы вольныя, толькі не трымай ты нас, воран"; "Няхай ўсё ціха спіць, не будзі, не трэба: усе дзверы зачыніць і ключы на сметнік". Акурат логіка меланхоліка, хоць і ім трэба свая песня ў радыёфармаце. "У парках і ў халодных пад'ездах мы вырашаем, хто будзе першым. Хай скардзяцца дурныя суседзі, каханне каханнем, але ты ведаеш: кожны сам за сябе, ты маўчыш, я маўчу і знікаю ў акне, і няхай гэты рытм б'ецца ў галаве, і кожны толькі сам за сябе". В опшчэм, капут, а цяпер весяліся, калі можаш.
Вітаўт МAРТЫНЕНКА, музычны крытык.